Папярэдняя старонка: 2012

№ 14 (1061) 


Дадана: 26-09-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 14 (1061) 4 красавіка 2012 г.

З Вялікім Днём!


29 сакавіка 2012 г.

Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь

праф. С.А. Маскевічу,

вул. Савецкая, 9

220010, Мінск

Паважаны Сяргей Аляксандравіч!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" вітае Ваша рашэнне вярнуць з першага верасня гэтага года выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў рускамоўных школах і некаторых ВНУ на дзяржаўную беларускую мову. Аднак у нашай арганізацыі назбіраліся звароты грамадзян Беларусі, якія скардзяцца на праявы дыскрымінацыі беларускамоўных вучняў і настаўнікаў у сферы адукацыі, і мы просім Вас уважліва аднесціся да іх, і па магчымасці, выправіць гэтыя недахопы да 1 верасня.

У наша грамадскае аб'яднанне неаднаразова звярталіся і працягваюць звяртацца бацькі вучняў беларускамоўных класаў, чые дзеці вывучаюць у 10 класе прадмет "Геаграфія Беларусі". Ужо працяглы час яны не могуць набыць у гандлёвай сетцы ні "Атласа па геаграфіі Беларусі", ні "Контурных карт па геаграфіі Беларусі", якія былі б выдадзеныя на беларускай мове. Між іншым, і геаграфічная тэрміналогія, і беларускія геаграфічныя назвы маюць абсалютна спецыфічны характар і адметнае беларускае гучанне. Выглядае недарэчным і несправядлівым, што маладыя людзі, якія вывучаюць геаграфію роднай краіны на той мове, на якой ствараліся і зафіксаваліся ў народнай памяці геаграфічныя назвы, цяпер павінны запамінаць іх у іншамоўным афармленні.

Прадстаўнікі Вашага міністэрства неаднаразова і на вельмі высокім узроўні рабілі публічныя заявы наконт таго, што беларуская мова ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь мае тыя самыя правы, што і мова руская. Між тым, да гэтай пары не выдадзеныя беларускамоўныя версіі новых падручнікаў або вучэбных дапаможнікаў па інфарматыцы для 6 класа, па англійскай мове для 10 класа, па нямецкай мове для 11 класа, па французскай, іспанскай і кітайскай мовах для ўсіх класаў сярэдняй школы; у продажы няма беларускамоўных атласаў па геаграфіі, сусветнай гісторыі, астраноміі, беларускамоўных рабочых сшыткаў па геаграфіі, сусветнай гісторыі, біялогіі (для 9, 10 і 11 класаў), не кажучы пра рабочыя сшыткі па замежных мовах, якія існуюць выключна ў рускамоўных версіях (хоць іх лёгка было б рабіць трохмоўнымі). У серыі "Школьная бібліятэка" праграмныя творы замежнай класікі ў апошнія гады таксама выдаюцца амаль выключна на рускай мове, хоць беларуская школа мастацкага перакладу мае прызнанне не толькі ў нашай краіне. Адсутнічае таксама беларускамоўны варыянт білетаў для экзамена па прадмеце "Грамадазнаўства"

Тыя ж беларускамоўныя вучэбныя дапаможнікі, што ўсё ж рэалізуюцца ў гандлёвай сетцы, як правіла, каштуюць даражэй (і часам істотна), чым іх рускамоўныя адпаведнікі.

Усё гэта стварае дыскрымінацыйнае становішча ў дачыненні да беларускамоўнай сярэдняй адукацыі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і не робіць гонару Вашаму паважанаму міністэрству.

Мы былі б вельмі Вам удзячныя, калі б маглі атрымаць ад Вас адказ па сутнасці справы і праінфармаваць аб ім зацікаўленых бацькоў.

З павагай, Старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" А.А. Трусаў.


Шаноўныя сябры! ТБМ звярнулася з такім лістом да міністра адукацыі, але зусім верагодна, што ў лісце паднятыя далёка не ўсе надзённыя і балючыя праблемы па пытаннях блізкіх да разгляданай праблемы. Мы просім зацікаўленых грамадзян самім пасылаць свае прапановы і патрабаванні міністру адукацыі і паралельна накіроўваць копіі лістоў у ТБМ.

Разам з тым ТБМ не збіраецца абмяжоўваецца ў сваёй дзейнасці пытаннямі выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах па-беларуску. Наступны блок дысцыплін і прадметаў, выкладанне якіх павінна быць ва ўсіх школах Беларусі пераведзена на беларускую мову - гэта прыродазнаўчыя прадметы і дысцыпліны: прыродазнаўства, батаніка, заалогія, біялогія, анатомія і следам прыкладныя дысцыпліны - агранамія, ахова раслін і г.д.

У выніку шматгадовага паўсюднага выкладання гэтых прадметаў па-руску беларусы не ведаюць назваў раслін і жывёл на роднай мове, а як што і ведаюць, то блытаюць роды, склоны і г.д. І калі не так страшна, што 99,99% беларусаў не ведаюць як будзе па-беларуску "галстук-бабочка", бо калька "гальштук-матылёк" або слоўнікавае "бабачка" не праходзяць, нашыя засценкі мелі сваё слова, то тое, што ў многіх дзіцячых садках 100% дзяцей наогул не ведаюць, хто такі ці што такое матылёк ці буслік або шпак , - страшна. Гэтыя ж, да дзікунства неадукаваныя дзеці, хутка становяцца дарослымі і робяць сваю неадукаванасць агульнанацыянальнай праблемай, бо не могуць ні мыла "Сунічнае"ў краме падаць ні без памылак помнік падпісаць, а ўжо, як выйдуць у дэпутаты і пачнуць законы па-беларуску прымаць, будзе пацеха для парадыстаў.

Алегу Шагуліну - 75

29 сакавіка, споўнілася 75 год Алегу Іванавічу ШАГУЛІНУ , таленавітаму інжынеру-навукоўцу, патрыёту, актыўнаму ўдзельніку нацыянальна-адраджэнцкага руху, старшыні Першамайскай арганізацыі ТБМ г. Менска.

Вайсковая служба бацькі і лёс краіны вызначылі складаную і доўгую адысею Алега Іванавіча па маршрутах жыцця: Менск, Масква, Тамбоў, Берлін, Уладзімір-Валынскі, Гародня, дзе ў 1954 годзе ён з медалём скончыў СШ №1, а ў 1960 годзе - Ленінградскі інстытут авіяцыйнага прыборабудавання (ЛІАП).

Шмат гадоў працаваў у навукова-даследчых арганізацыях Ленінграда, распрацоўваючы тэму "Радыёлакацыйныя сістэмы ў ракетна-касмічным узбраенні СССР". Мае званне "Ганаровы вынаходнік СССР".

З моманту вяртання ў родны Менск падчас распаду СССР - сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне". Нястомны барацьбіт з маскоўска-імперскімі міфамі пра нашу гісторыю. Ягоная прынцыповая пазіцыя - адраджэнне лепшых статутна-дзяржаўных дасягненняў ВКЛ у сучаснай дзяржаве.

Адданы прыхільнік высокага мастацтва, музыкі і літаратуры, Алег Іванавіч з'яўляецца для моладзі прыкладам шляхетных паводзін, дабразычлівасці і шчырай любові.

Багаты дзед-прадзед, ён у сваіх дарагіх Арцёмкаў і Паўлінак выхоўвае любоў і павагу да сваёй Радзімы, яе мовы, гісторыі і культуры. У шматлікіх парафіяльных і турыстычных паездках яны з маленства пазнаюць непаўторную прыгажосць і сівога Полацка, і каралеўскай Гародні, і Віцебска, і Магілёва, і ўсяе чароўнай прыроды, падоранай нам Богам.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя "Нашага слова" віншуюць Алега Іванавіча з шаноўным узростам і зычаць плёну на ніве служэння Бацькаўшчыне.


Сакавіцкі "Верасень"

Выйшаў з друку чарговы нумар літаратурна-мастацкага часопіса " Верасень ". Шосты нумар атрымаўся павясноваму "сакавіты" на паэзію. У ім друкуюцца вершы Дар'і Кабаковай, Паўла Баяркі, Марыі Магдалены Палхоўскай, Багдана Агрэста, Юліі Бажок, Арцёма Сітнікава, Алесі Птушкі, Дзмітрыя Лавіцкага, Юркі Буйнюка, Ігара Канановіча. Паэтычны майстар-клас для маладых творцаў падборкай "Знаёмы дождж" дае Рыгор Сітніцы . Проза прадстаўлена творамі Кацярыны Глухоўскай, Таццяны Дземідовіч, Міколы Касцюкевіча, Анатоля Бароўскага, Віктара Казько . У раздзеле "Пераклады" Аксана Данільчык знаёміць чытачоў з постаццю італьянскай паэткі Антоніі Поццы , а Сяргей Панізнік па-беларуску агучыў вершы ўкраінскай паэткі Аксаны Шалак . "Крытыку " ў нумары прадстаўляюць артыкулы Ірыны Хадарэнка , Юнэлі Сальнікавай , Асі Паплаўскай і Алы Петрушкевіч . З літаратурнымі эцюдамі на старонках часопіса выступае Васіль Зуёнак , а Леанід Дранько-Майсюк дзеліцца сваімі запісамі з "Памятнай кніжкі". Аб гісторыі стварэння кнігі "Зведаная зямля" з яе аўтарам Віктарам Раманцовым гутарыць журналіст Марына Яўсейчык . Агляд заходнебеларускай дзіцячай перыёдыкі робіць Арсень Ліс . У артыкуле "Былі тады змеі" Ларыса Раманава аналізуе архітып змея ў фальклорнай прасторы Веткаўшчыны. Крытыкі Таццяна Мацюхіна і Анатоль Трафімчык рэцэнзуюць новыя зборнікі паэзіі Васіля Жуковіча і Аксаны Данільчык . У музычным раздзеле "Верасня" сакрэтамі сваёй творчасці з чытачамі дзеліцца "жывая легенда беларускага хіп-хопу" Vinsent . На пытанні музычнага аналітыка Альдоны Мартыненка адказваюць удзельнікі рок-гурта ":B:N: ". Заканчваецца нумар аглядам навінак айчыннай дыскаграфіі, які па традыцыі робіць вядомы знаўца беларускай музычнай культуры Вітаўт Мартыненка .

Пытайце часопіс "Верасень" № 6 на сядзібе ТБМ, у Акадэмкнізе, кнігарні выдавецтва "Логвінаў".

Чытайце часопіс "Верасень" на старонках Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі kamunikat.org а таксама на сайце СБП: lit-bel.org

Дасылайце свае творы ў "Верасень"


Чэшская перакладчыца: "У Беларусі буду размаўляць толькі па-беларуску"

Ужо больш за месяц на Тэлеграфе існуе рубрыка, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, рэспандэнтамі якой з'яўляюцца грамадзяне іншых краін, якія адмыслова і самастойна вывучылі беларускую мову. Сёння вашай увазе мы прапануем гутарку з чэшскай перакладчыцай, арнітолагам Святланай Вранавай (Svetlana Vranova).

- Чым вас зацікавіла беларуская мова?

- Першае, што мяне зацікавіла, было тое, што я яе нідзе не чула. Я прыехала ўпершыню ў Беларусь і паўсюль чула толькі расейскую. Гэта было вельмі дзіўна, і мне гэта не падабалася.

Другое, чым яна мяне зацікавіла, было тое, што я магла адразу ўсё разумець. Калі я ўрэшце сустрэла беларускамоўных людзей, у мяне не было ніякіх праблемаў іх разумець.

І трэцяе, што я заўважыла з вялікім здзіўленнем, было тое, як шмат у чым беларуская мова падобная да польскай! Я вельмі добра ведаю расейскую, але таксама і польскую мову. Раней я чула (а на самой справе, сустракаюся з гэтым меркаваннем пастаянна), што беларуская мова - гэта такая "дзіўная" расейская. Але, на мой погляд, калі ўжо казаць, што яна "дзіўная" (але я яе дзіўнай зусім не лічу!), то яна хутчэй "дзіўная польская".

- Чаму вы вырашылі вывучаць беларускую мову?

- Беларусы мне расказвалі аб сваёй слаўнай гісторыі. Расказвалі таксама пра крыўды, выкліканыя рускімі. Гаварылі, што рускія скралі ў беларусаў гісторыю, культуру, рэлігію, мову, частку краіны... Гаварылі, што яны вельмі добра разумеюць, як сябе адчувалі чэхі пасля 1968 году, таму што Беларусь знаходзіцца пад пастаяннай акупацыяй. Для мяне гэта ўсё было вельмі цікава, але я не магла зразумець, чаму яны мне пра ўсё гэта кажуць на мове сваіх, як яны гавораць, ворагаў?

Калі я іх запытвала, чаму яны гавораць, што любяць сваю краіну, шануюць гісторыю, не любяць рускіх - але размаўляюць па-расейску, а не па-беларуску, я чула вельмі дзіўныя адказы: гэта ўжо немагчыма... Задоўга працягваецца русіфікацыя... Сёння ніхто ўжо не размаўляе на беларускай мове, трэба з гэтым прымірыцца... Мова не важная, важна адчуваць сабе беларусам... У школе нас беларускай вучаць замала...

Я не магла з гэтым пагадзіцца. Я не веру ў патрыятызм без роднай мовы, не веру ў адраджэнне нацыі з замежнай мовай і не веру ў тое, што чалавек, які атрымаў хоць нейкія асновы беларускай мовы ў школе, не можа размаўляць па-беларуску, калі хоча. Я перакананая, што кожны беларус можа ў любы момант прыняць рашэнне і пачаць размаўляць па-беларуску. Думаю, што правільны адказ тут не "гэта немагчыма", але "нам не хочаца".

Ну, і таму я вырашыла вывучыць вашую мову. Каб паказаць, што нават за мяжой, нават іншаземец, які не мае ніякіх асноваў са школы, можа навучыцца. Калі я была другі раз у Беларусі, я сказала, што наступным разам я буду размаўляць ужо толькі па-беларуску. А калі беларусы не будуць мяне разумець, гэта іх праблема.

Навучылася я даволі хутка - менш чым за два гады. Вучылася толькі самастойна, чытаючы Біблію ў беларускім перакладзе, слухаючы Свабоду, гледзячы Белсат... Вельмі шмат я вучуся праз ліставанне са сваімі беларускімі сябрамі. У мяне ёсць супрацьлеглая праблема, якая, як правіла, бывае з замежнай мовай: я магу цалкам без праблемаў чытаць, разумеючы практычна ўсё, магу даволі без праблемаў пісаць - але маю праблему з размоўнаю мовай. Таму што, на жаль, у большасці няма з кім практыкавацца.

- Як вы ацэньваеце моўную сітуацыю ў Беларусі?

- На жаль, я бываю ў Беларусі не часта і не ведаю дакладную сітуацыю. Вельмі шмат маіх сяброў беларускую ведаюць і многія ёй карыстаюцца. Іншыя, хоць па-беларуску не размаўляюць, вельмі добра ведаюць, што гэта ненармальна, нядобра і трэба гэта змяніць. Я ведаю прынамсі трох чалавек, якіх мне ўдалося натхніць, і яны сапраўды пачалі карыстацца беларускай.

Мне здаецца, што сітуацыя ў вас нагадвае сітуацыю ў Чэхіі ў пачатку XIX стагоддзя. Тады ў нас амаль увесь народ размаўляў па-нямецку, чэшская мова лічылася "вульгарнай", прымітыўнай, школы былі нямецкія, па-нямецку друкаваліся кнігі і газеты, па-нямецку прапаведвалі ў цэрквах... Усё паказвала на тое, што чэшская мова мёртвая і ўжо не можа вярнуцца. Як гэта скончылася, можаце бачыць. Мы жывыя і мова жывая. З'явілася група інтэлектуалаў, чыя дзейнасць распаліла пажар нацыянальнага адраджэння. Раптам аказалася, што "мёртвая" мова зусім не такая ўжо і мёртвая! На працягу некалькі гадоў сітуацыя зусім змянілася: калі раней была сорамна размаўляць па-чэшску, цяпер усе, хто хацелі сябе лічыць важнай персонай, размаўлялі па-чэшску. Чэшская мова ды чэшскі дух ніколі не спынялі сваё існаванне. Толькі на некаторы час "заснулі" і чакалі "лепшых часоў". І мне здаецца, што ў вас тая ж сітуацыя. Беларуская мова і беларускі дух вогуле не такія мёртвыя, як можа падавацца. Думаю, што дачакаемся часу, калі яны раптам прачнуцца.

- Якой вы бачыце будучыню беларускай мовы?

- Часткова я адказала раней. Я цалкам упэўнена, што беларуская мова зноў загучыць у беларускім народзе. Да сваіх сяброў я гавару: зараз час падрыхтавацца. Калі зменіцца сітуацыя ў краіне, і гэта можа здарыцца ўжо заўтра..., беларуская мова зноў атрымае свой гонар, і ты будзеш шкадаваць, што яе не ведаеш добра. Вучыся зараз. Прымі рашэнне і пачні гаварыць!

telegraf.by.


Што рабіць, калі няма з кім гаварыць па-беларуску?

Шаноўны малады беларус! Калі табе няма з кім гаварыць па-беларуску, калі ніхто ў тваёй кампаніі не размаўляе на роднай мове, не ўмее або не хоча, калі ты не можаш знайсці беларускамоўных сяброў, то зрабі наступнае - сам стань цэнтрам беларушчыны, няхай цябе знойдуць такія разгубленыя і няўпэўненыя, якім ты сам быў раней. Пакажы ўсяму наваколлю - рэальнаму і віртуальнаму - сваю беларускасць, будзь у ёй цвёрды і паслядоўны. Гавары ўсюды і з усімі толькі па-беларуску, не прагінайся пад гэты свет, як спяваецца ў вядомай песні, хай свет прагнецца пад цябе. Займі цвёрдую нацыянальную пазіцыю, вучыся беларускасці, вучыся кожны дзень і вучы навакольных, і, павер, зусім хутка табе не толькі будзе з кім пагаварыць па-беларуску, а і ўсё жыццё навокал цябе набудзе беларускую форму і змест, гэта будзе жыццё, якое ты створыш сабе сам.

Адась Ліпніцкі.


Трэці этап 5-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў сядзібе ТБМ

23 сакавіка, напярэдадні Дня Волі ў сядзібе ТБМ у Менску па Румянцава, 13 прайшоў трэці, заключны этап 5-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Пісалі верш Максіма Танка "Родная мова". Чытала дыктоўку Юля Бажок.

Гэтая дыктоўка і дыктоўка ў Гародні 25 сакавіка завяршылі месячны цыкл напісання 5-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

На жаль сёлетнія палітычныя падзеі не далі магчымасці шырока прыцягнуць да дыктоўкі дыпламатычныя колы сяброўскіх краін, толькі тры амбасадары паспелі напісаць дыктоўку 21 лютага, слабаватая была актыўнасць дыяспраў у Еўропе і Новым свеце, але краіна не падвяла - дыктоўку пісалі ва ўсіх абласных гарадах, у многіх раённых, пісалі ў вёсках. Усё больш рэгіёнаў краіны пішуць дыктоўку не толькі з дазволу ўладаў, а і пры наўпроставай падтрымцы. Безумоўна, што дыктоўка стала з'явай у грамадскім жыцці Беларусі. У многіх месцах у дыктоўцы бяруць удзел настаўнікі школаў, выкладчыкі каледжаў і ВНУ. Трэба спадзявацца, што наступная 6-я дыктоўка будзе працягам і развіццём 5-й.

Наш кар.


Слуцкія вуліцы, пара займець вам нашанскія назвы!

Вулічная тапаніміка у Слуцку складвалася, як і паўсюль у Беларусі у 20-30 гады мінулага стагоддзя, а пазней і ў 40-я гады, на рэвалюцыйным "падмурку", калі ўвекавечваліся імёны бальшавіцкіх правадыроў, ваеначальнікаў часоў грамадзянскай вайны, рассейскіх і савецкіх пісьменнікаў. У горадзе, у цэнтры Слуцка вуліцу Шырокую, на якой стаіць найстарэйшая ў краіне гімназія, назвалі Камсамольскай. Астраўную, што вяла ад цэнтра горада да Свята-Міхаўлаўскай царквы (а назву вуліцы жыхары далі таму, што гэты раён горада сапраўды знаходзіцца на востраве, які ўтвораны двума рукавамі ракі Случ) назвалі Сацыялістычнай. Віленскую, якая брала пачатак з цэнтра горада і вяла да Свята-Троіцкага праваслаўнага ансамблю - з саборам, манастыром, царквой Іаана Багаслова - разбуранага бальшавікамі ў пачатку 30-гадоў, назвалі імем нямецкага камуніста Карла Лібкнехта. Не выклікала пярэчанняў у мясцовай інтэліненцыі, запужанай рэпрэсіямі энкэвэдыстаў, увекавечванне ў назвах дзвюх магістральных вуліцаў горада імёнаў чэкістаў рэвалюцыйнай пары Урыцкага і Валадарскага, рукі якіх ужо ў 1918 годзе былі па локці ў крыві расстрраляных рабочых Петраграда і Масквы.

Пасля вызвалення ў чэрвені 1944 году ад нямецкіх акупантаў горад на 80 адсоткаў быў разбураны ў ходзе жорсткіх баёў. На папялішчах, на пустэчах усходняй і паўднёвай ускраінах пачалі закладвацца жылыя мікрараёны з вуліцамі і завулкамі, дзе пераважна будаваліся аднапавярховыя дамы - былых партызанаў, дэмабілізаваных франтавікоў, збеглых з вёсак калгаснікаў, якія не жадалі працаваць за пустыя працадні. І новая хваля імёнаў людзей, якія і блізка не стаялі да гісторыі Случыны і нашай Бацькаўшчыны, захліснула тыя мікрараёны са згоды мясцовай улады. Яны і па сённяшні дзень застаюцца нязменнымі! Вуліцы Чапаева, Баўмана, Чкалава, Ясеніна, Лермантава, Жукоўскага, Багдана Хмяльніцкага, Пугачова. Тургенева, Някрасава, Кутузава, адмірала Нахімава, Максіма Горкага, Суворава. А яшчэ - Рэвалюцыйная, Ленінская, Леніна, Розы Люксембург, Тэльмана. І нават ... Ржаная.

Апошняй назву далі ўжо пасля распаду СССР. І не расейцы - нашы браткі-беларусы, што забылі ужо слова "жыта"!

Ці былі у кароткі перыяд нацыянальнага Адраджэння 1990-1994-х гадоў спробы нешта змяніць у гэтай наскрозь чужой па духу вулічнай тапаніміцы? Так, былі. У 1992 годзе на пасяджэнні гарвыканкама было вырашана вярнуць вуліцам Урыцкага, Валадарскага, Карла Лібкнехта іх дарэвалюцыйныя назвы - Капыльская, Віленская, Валадарскай даць назву Максіма Багдановіча, нашага слыннага паэта. Можа ўспомнілі яго знакаміты верш "Слуцкія ткачыхі".

На большае ўлады не адважыліся. Можа таму, што у грамадстве яшчэ не склалася нацыянальная самасвядомасць, у душах тысяч пажылых людзей яшчэ бруяла настальнія па СССР.

Што ж? У вуліцы Капыльскай засталіся непарушанымі аж 4 завулкі Ўрыцкага. У вуліцы Максіма Багдановіча - 3 завулкі Валадарскага. Хоць на кожным з іх не болей чым па 15-20 прыватных дамоў. І калі пад "Дажынкі - 2005" шыльды вуліц у цэнтры горада выпісалі па-беларуску, то на ўсіх астатніх, ускраінных і не вельмі, у новых мікрараёнах, дзе за апошнія дваццаць гадоў вырасла не меней 2-х тысяч катэджаў, назвы спрэс рускамоўныя. Госці з Украіны, што нярэдка заглядваюць у горад, здзіўляюцца: "Што ж у вас, случакі, сваего, рыднамоўнаго - куды ні глянь, шыльды, назвы вуліц - нібыто мы ў расейскую глыбінку прыехалы".

Каб нешта змяніць у гэтым кірунку, трэба дзейнічаць па-біблейскаму запавету "стукайце - і вам адчыняць". Але ж у горадзе фактычна няма апазіцыі, тых пятнаццацьдваццаць чалавек, пераважна пажылога ўзросту, што летам мінулага году выходзілі на цэнтральную плошчу горада, каб пастаяць у маўчанні, міліцыянты адпраўлялі ў пастарунак, здымалі адбіткі пальцаў, складвалі пратакол і адпускалі. Некаторых, маладзейшых, затрымлівалі па тры-чатыры разы. Каб запужаць! Вось і ходзяць абыякавыя людзі па вуліцах Калініна, Ржаной, Крупскай, Тэльмана, Чапаева, Суворава.

Не скажу, што нікога са слынных беларускіх пісьменнікаў не ўвекавечылі у назвах хоць "бакавых" вуліцаў. Яшчэ ў савецкія часы паявіліся вуліцы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага, Анатоля Алешкі.

А на чарзе стаяць слынныя людзі-слуцакі Альгерд Абуховіч, Рыгор Крушына, Павел Місько, заснавальнік першага ў Слуцку нацыянальнага тэатра Уладзіслаў Галубок, а яшчэ растраляны ў 1920 годзе бальшавікамі 16-арміі пісьменнік, атыўны грамадскі дзеяч Юрка Лістапад, пісьменнік, літаратуразнавец Фабіян Шантыр, растраляны ў 1920 годзе толькі за тое, што, будучы прызваным у дзейную Чырвоную Армію, ён запазніўся у полк на пару гадзінаў. А хіба не час увекавечыць імя настаяцеля Свята-Міхайлаўскай царквы Мікалая Шамяцілы, расстралянага у 1938 годзе ў засценках НКВД?

Міхась Кутнявецкі ,сябар ТБМ імя Ф. Скарыны .


І ПОШУКІ, І ЗНАХОДКІ…

"Упоравень з часам" (Гродна: "ЮрСаПринт", 2012. - 177 с.) - так называецца чарговы зборнік артыкулаў знакамітага беларускага мовазнаўца І. Лепешава - прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, апублікаваных у 2011 годзе ў перыядычным друку (часопісах "Роднае слова", "Дзеяслоў", штотыднёвіках "Наша слова", "Краязнаўчая газета", "Літаратура і мастацтва" і інш.).

Артыкулы, а таксама абразкі, водгукі (усяго 29) прысвечаны актуальным пытанням беларускага мовазнаўства, мовы мастацкай літаратуры, культуры маўлення, а так-сама некаторым праблемам літаратуразнаўства, якія не знайшлі адназначнага вытлумачэння ў спецыяльнай навуковай літаратуры.

У адным з артыкулаў закранаецца дыскусійнае пытанне: як правільна пісаць - у Беларусі ці на Беларусі , ва Украніне ці на Украіне? У сучаснай беларускай мовазнаўчай літаратуры адназначнага адказу няма. На думку загадчыка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесара доктара філалагічных навук Віктара Іўчанкава, "у роднай мове прыназоўнік на ў прасторава-лакальным значэнні больш ужывальны, чым у рускай: на Беларусі " ("Народная газета", 29 жніўня 2009 г.). Адказваючы на пытанне аднаго з чытачоў, "як правільна пісаць: на Украіне , ва Ўкраіне ці ў Украіне ?", прафесар В. Іўчанкаў, які цягам апошніх гадоў вядзе ў "Народнай газеце" рубрыку "Пішам па-беларуску", дзе ў "Зваротнай сувязі" дае адказы чытачам на зададзеныя імі пытанні, прытрымліваецца адназначнага меркавання: "Арфаграфічна карэктна [пісаць]: на Украіне ". Праўда, даючы адказ, прафесар робіць істотную агаворку: "Пасля распаду Савецкага Саюза ў склонава-прыназоўнікавай форме на Украіне была ўгледжана этымалагічная сувязь з рускай формай на окраине , якая быццам не давала лінгвістычнага абгрунтавання суверэнннасці дзяржавы, бо па рускай традыцыі назвы дзяржаў афармляюцца пры дапамозе прыназоўнікаў в(во) і из: в Англию, из Англии ".

Як адзначае І. Лепешаў, у часопісе "Роднае слова" (1999. № 10. С.92-94) робіцца спроба даказаць, што "словазлучэнне на Беларусі - натуральная, заканамерная адмысловая сінтаксічная канструкцыя ў беларускай мове", што яна шырока выкарыстоўваецца ў сучасным нацыянальным друку і што ўжыванне ў Беларусі замест на Беларусі - гэта "механічнае перанясенне з рускай мовы канструкцый з прыназоўнікам в " (с. 4).

Каб "паставіць кропкі на «і»", І. Лепешаў звяртаецца да гісторыі гэтага няпростага пытання. У прыватнасці, ён канстатуе, што "ў Статуце ВКЛ, Літоўскай метрыцы і іншых пісьмовых крыніцах нашай дзяржавы мінулых эпох прыназоўнікава-склонавыя канструкцыі са значэннем 'унутры чаго-небудзь' фіксуюцца толькі з прыназоўнікам в (с. 6). І далей дадае, што спалучэнне на Беларусі ці на Белоруссии нідзе не сустракаецца і ў 2-й палове ХІХ стагодддзя - ні ў творах В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, ні ў працах фалькларыстаў і этнографаў (П. Шэйна, Е. Раманава, Я. Ляцкага, І. Насовіча). Здаецца, ужо гэтага факта дастаткова, каб зрабіць выснову - прыназоўнік на чужародны ў спалучэнні з назоўнікам Беларусь . Аднак, як выяўляецца, крыху пазней, пасля рэвалюцыі 1905 года, у беларускіх газетах (у прыватнасці, на старонках "Нашай нівы"), якія пачалі легальна выдавацца, у творах Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі зрэдку сустракаецца і спалучэнне на Беларусі . На думку прафесара І. Лепешава, "можна з упэўненасцю сцвярджаць, што прыназоўнікава-склонавае спалучэнне " на Беларусі з'явілася не ў жывым народным маўленні, а кніжным шляхам [вылучана намі. - В.Р.] - пад уплывам рускіх і ўкраінскіх кніг, газет, фільмаў, радыё" (с. 6). Пра гэта сведчыць той факт, што самі ўкраінцы ў дасавецкія часы не гаварылі, што яны жывуць на Украіне (ужывалі толькі в Україні ). Што ж да прыназоўніка на ў лакальна-прасторавым значэнні ('унутры чаго-небудзь'), то, як пераканаўча паказвае І. Лепешаў, ён характэрны менавіта для рускай мовы, здаўна ўжываўся ў яе помніках, сустракаецца ён і ў мастацкіх творах ХІХ ст., пра што сведчыць прыведзены ў артыкуле фактычны матэрыял. Абмяжуемся толькі некалькімі прыкладамі: " На Москве кони ржут, трубы трубят на Коломне " (сярэдневяковая руская "Задонщина", 1470-я гады); " Буду царем на Москве! " (А. Пушкін, трагедыя "Борис Годунов"), " Царь вернулся на Москву " (А.К. Талстой, п'еса "Смерть Иоана Грозного"), " Кому на Руси жить хорошо " (назва паэмы М. Някрасава).

Робячы падагульненне, І. Лепешаў лічыць, што спалучэнне ў Беларусі "ўсё ж пераважала ў творах нашых аўтарытэтных аўтараў (1950-2000 гг.)". Сярод іх - Я. Брыль, П. Панчанка, В. Быкаў, Н. Гілевіч, Р. Барадулін, Г. Гарэцкі, А. Вярцінскі і інш.

У артыкуле "Паняцце «вобразнасць моўных адзінак" на багатым фактычным матэрыяле абвяргаецца думка, што вобразнасць з'яўляецца адной з асноўных, адметных рыс прыказкі. Як адзначае І. Лепешаў, "найбольшы каэфіцыент вобразнасці" маюць тыя прыказкі, якія на фоне адпаведнага свабодна арганізаванага сказа "ўспрымаюцца як разгорнутыя метафары", напрыклад: Груган гругану вока не выдзеўбе ('людзі, звязаныя якімі-небудзь агульнымі, звычайна карыслівымі інтарэсамі, дзейнічаюць заадно і не здрадзяць, не зробяць кепскага адзін аднаму'); Яблык ад яблыні недалёка падае ('свае недахопы ці станоўчыя рысы дзеці пераймаюць ад бацькоў'). У "Слоўніку беларускіх прыказак" (Мінск: Навука і тэхніка, 2002) І. Лепешава і М. Якалцэвіч з апісаных 1500 найбольш ужывальных прыказак на долю алегарычных, пераносных прыпадае толькі 460.

Што ж да іншых устойлівых адзінак (фразеалагізмаў), то вобразнасць маюць толькі фразеалагічныя адзінствы - выразы з жывой унутранай формай (вобразам, які ляжыць у аснове наймення). Іх каля 1800 (з прыкладна 7000 фразеалагізмаў, апісаных у двухтомным "Слоўніку фразеалагізмаў"; Мінск: БелЭн, 2008) І. Лепешава, напрыклад: апусціць крылы ('станавіцца пасіўным, страчваць энергію, бадзёрасць') , дойная карова ('крыніца матэрыяльных даброт, якой можна несумленна карыстацца ў асабістых мэтах') , хадзіць на задніх лапках ('паддобрывацца да каго-небудзь'), падтуліць хвост ('спалохаўшыся чаго-небудзь, станавіцца больш асцярожным, траціць самаўпэўненасць'). Таму як цалкам абгрунтаванае ўспрымаецца адмаўленне І. Лепешавым сцвярджэння, з якім сустракаемся ў адным з вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў-філолагаў: "большасці фразеалагізмаў уласціва вобразнасць" (с. 56).

І. Лепешаў, як гэта і належыць сапраўднаму навукоўцу, крытычна ставіцца да некаторых недаглядаў у сваіх працах, у прыватнасці ў двухтомным "Фразеалагічным слоўніку беларускай мовы" (Мінск: БелЭн, 1993). Часам у гэтым слоўніку сустракаюцца недакладнасці пры падачы трывальных пар. На думку вучонага, з якой нельга не згадзіцца, "паміж вадзіць за нос і павадзіць за нос няма трывальнай суадноснасці, - як няма яе і паміж дзеясловамі вадзіць і павадзіць " (с. 92). Тлумачыцца гэта тым, што павадзіць за нос - гэта самастойны выраз са значэннем шматкратнасці, ён мае ў сваёй сэнсавай структуры семы (мінімальныя адзінкі зместу) 'нейкі час, звычайна працяглы' і 'неаднаразова': Павадзіла партызанка тых фашыстаў за насы (П. Панчанка). Гэта датычыць і шмат якіх іншых фразеалагічных адзінак. Ранейшыя недакладнасці ў падачы трывальных пар дзеяслоўных фразеалагізмаў выпраўлены ў згаданым вышэй двухтомных "Слоўніку фразеалагізмаў".

Значную навуковую каштоўнасць мае артыкул пра паходжанне прыказак. Выказваецца слушнае меркаванне, што пераважная большасць іх ўзнікла не з баек, анекдотаў і казак (як гэта часам сцвярджаецца і сёння), а з індывідуальнага маўлення, з дыялогаў. Хоць ёсць, зразумела, і выключэнні. Асобныя прыказкі ўтвораныя з баек, казак, песень, загадак. Напрыклад: Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала ('праўду не схаваеш') - з байкі К. Крапівы "Сава, Асёл ды Сонца"; З рога ўсяго многа (гаворыцца пра вялікае мноства ўсялякай усячыны) - з аднайменнай беларускай народнай казкі; З мілым /з любым рай і ў шалашы/ у будане ('з любым чалавекам усюды добра, нават у цяжкіх умовах') - з рускай народнай песні на словы паэта Н.М. Ібрагімава; Сам худ, а галава з пуд (пра разумнага чалавека) - прыказка склалася на аснове такой самай загадкі пра бязмен.

Цікавасць выклікаюць найперш сваямоўныя (уласна-беларускія) прыказкі. Вось адзін з узораў поўнага іх апісанння. Дай божа, каб усё было гожа, а што нягожа - не дай божа. Уласна беларуская. Ужываецца як застольны тост або як найлепшае пажаданне каму-небудзь. - З потам прыйшла хвароба, з потам хай пойдзе, - шаптала маці, - пральецца на зялёную траву, на чыстую расу… Дай божа, каб усё было гожа, а што нягожа - не дай божа… (В. Шырко). Прыказка пабудавана паводле прыёму сінтаксічнага паралелізму, супрацьпастаўлення аднакаранёвых, але антанімічных слоў ( гожа, нягожа ) і двух сэнсава супрацьлеглых выклічнікавых выразаў: дай божа - выказванне пажадання чаго-небудзь і не дай божа - выказванне засцярогі ад чаго-небудзь непажаданага.

Заслугоўвае ўвагі артыкул, у якім падаюцца ўласна беларускія прыказкі, аўтарства якіх вядомае: называецца іх стваральнік, твор, з якога выказ пачаў сваё жыццё, значэнне, ужыванне. Напрыклад: Дум не скуеш ланцугамі ('мысленне, думкі чалавека не могуць быць падуладныя каму-небудзь') - з паэмы Я. Купалы "Курган"; Забілі зайца не забілі, а гуку многа нарабілі ('хоць вынікі і нязначныя, але водгалас ад якіх-небудзь дзеянняў вялікі') - з паэмы Я. Коласа "Новая зямля"; Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай (ужываецца з незадавальненнем да тых кіраўнікоў, якія занадта любяць указваць, камандаваць) - з верша К. Крапівы "Едзе крытык малады"; Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай уплывае ('нельга вярнуць ці паўтарыць тое, што прайшло, што было ў мінулым') - з паэмы Я. Коласа "Новая зямля"; Няма таго, што раньш было (гаворыцца пра адсутнасць, непаўторнасць, а то і немагчымасць былога, таго, што было раней) - з верша М. Багдановіча "Ізноў пабачыў я сялібы…"; Як свінню не кліч, яе заўсёды выдасць лыч ('па манеры паводзін, па звычках, знешнасці адразу відаць, што гэта за чалавек') - з байкі К. Крапівы "Заява".

Дарэчы, і каля 120 фразеалагізмаў (як уласна беларускіх, так і запазычаных ці скалькаваных з іншых моў) утварылася ў выніку фразеалагізацыі крылатых выразаў, аўтарства якіх вядомае. Абмяжуемся некаторымі ўласна беларускімі фразеалагізмамі: Асадзі назад! ('прэч! - як патрабаванне пазбавіцца ад каго-небудзь') - з аднайменнага верша Я. Коласа; Жаба ў каляіне ('нікчэмнасць, асуджаная на пагібель'); Людзьмі звацца ('быць вольнымі, шчаслівымі') - з верша Я. Купалы "А хто там ідзе?"; Ружовы туман ('стан ілюзорнага, таталітарна-савецкага ўспрымання рэчаіснасці') - з аднайменнага апавядання В. Быкава; Як дзядзька ў Вільні ('збянтэжана, непрывычна, ніякавата [адчуваць сябе]') - выраз склаўся на аснове эпізодаў з паэмы Я. Коласа "Новая зямля" (раздзел "Дзядзька ў Вільні").

Прыказкі як моўныя адзінкі, як правіла, не звязаныя са строга акрэсленай сітуацыяй. Аднак сярод прыкладна 2000 прыказак, якія належаць да найбольш частотных, што ў "Тлумачальным слоўніку прыказак" (Гродна: ГрДу, 2011) і пацвярджаецца іх ужываннем у сучасных беларускіх літаратурных крыніцах (мастацкіх і публіцыстычных творах, часопісах, газетах), толькі больш як 30 абмежавана пэўным тыпам кантэксту. Такія прыказкі І. Лепешаў не без падстаў называе кантэстуальнымі. Як адзначае даследчык, яны "рэалізуюцца толькі ў дыялагічным маўленні звычайна як адмоўная рэакцыя на якое-небудзь слова ў папярэднім выказванні суразмоўніка" (с. 144). Так, прыказка Бывала варона лапці абувала, а цяпер грак ходзіць так ('няма чаго ўспамінаць тое, што было калісьці') ужываецца як іранічная рэакцыя на слова бывала , калі суразмоўнік спрабуе супаставіць што-небудзь даўнейшае з сучасным. Напрыклад: "- Даўней такога не здаралася. Бывала, неяк шанавалі, паважалі адзін другога. - Бывала. варона лапці абувала, а цяпер грак ходзіць так, - перадражніла Маланку Варка " (Л. Калодзежны).

Падамо яшчэ колькі кантэкстуальных прыказак разам са словам-стымулам: дарам, задарам - Задарам і скулка не сядзе; думаць, па-думаць - Індык думаў, думаў ды здох; каб - Каб ды кабы, дык у роце б раслі грыбы; так - Так нічога не бывае <усё за грошы>.

Некаторыя прыказкі ўжываюцца як адмысловае рэагаванне на толькі што пачуты ад суразмоўніка фразеалагізм. Напрыклад, на фразеалагізм памагай бог ('выказванне пажадання поспеху, удачы ў працы, у якой-небудзь справе') нярэдка адказваюць жартаўлівай рэплікай-прыказкай Казаў бог, каб і ты памог.

Аўтар паказвае "зрухі" ў статусе прыказак - ад адзінак маўлення да адзінак мовы. Так, у п'есе К. Крапівы "Партызаны" ў адным з эпізодаў (перад прыходам польскіх акупантаў у вёску) кулак Маргун пытаецца ў Батуры: " А табе ж чаго баяцца? Гэта ж вашы… Ты ж паляк, здаецца?" Батура адказвае, загадкава падміргваючы, рыфмаваным выразам-неалагізмам з іранічным адценнем: " Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы ". Гэтая прыказка-наватвор ('бывае, што даводзіцца цярпець пабоі ці іншыя непрыемнасці не ад чужых людзей, а ад сваіх жа'), як вобразна адзначае І. Лепешаў, "зрабіла крок па дарозе ў літаратурную мову" (с. 162). Яна з тым самым значэннем, без спасылкі на аўтара, ужывааецца ў кнізе У. Калесніка " Доўг памяці": "Неўзабаве па нашай пазіцыі пачала прыстрэльвацца [наша] артылерыя. Андрэй [камандзір] … не ведаў страху. Ен і цяпер пачаў смяяцца з таго, што не пазналі сваіх нашы, даюць бярозавай кашы ". Такім чынам, гэтая прыказка, выйшаўшы за межы аўтарскага (крапівоўскага) тэксту, заняла годнае месца (як паўнацэнная прыказка) у названым вышэй "Тлумачальным слоўніку прыказак".

Не засталіся па-за ўвагай таленавітага даследчыка пытанні культуры мовы і маўлення, якім ён прысвяціў некалькі дапаможнікаў і не адзін дзесятак артыкулаў. Так, у артыкуле "Унікальны…" паказваецца недарэчнае, недакладнае ўжыванне гэтага слова. Не толькі ў перыядычным друку, але (што яшчэ горш) у навуковых і навучальных выданнях. Напрыклад, у вучэбным дапаможніку для студэнтаў-філолагаў "Сучасная беларуская мова: фразеалогія" (2010) слова ўнікальны ўжываецца, паводле падлікаў І. Лепешава, 21 раз, прычым у дачыненні да "ўсіх фразеалагізмаў агулам, а не да асобнага, пэўнага выразу, пра які (напрыклад, малоць не падсяваючы - 'пустасловіць'; грушы на вярбе - 'недарэчнасць, несусвеціца') сапраўды, асабліва калі ўпершыню пачуеш, можна сказаць, што ён унікальны" (с. 174).

Вядома, што назоўнік пункт у "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (т. 4, с. 519) ва ўсіх сямі значэннях ужываецца ў родным склоне з канчаткам . У складзе ж фразеалагізма з пункту гледжання (погляду), пададзенага ў гэтым слоўніку, здаўна і трывала замацаваўся канчатак . Аднак у некаторых перыядычных выданнях апошніх двух гадоў пачалі парушаць усталяваную норму - ужываць першы назоўнікавы кампанент гэтага выразу з канчаткам . Напрыклад, у часопісах "Маладосць": з пункта гледжання кар'еры (2010, № 12, с. 27), з пункта гледжання рэдакцыі (2011, № 3, с. 40), "Полымя": з пункта гледжання літаратуразнаўцы (2011, № 4, с. 191), з пункта гледжання статыстыкі (2011, № 5, с. 30).

Разглядаючы некаторыя больш-менш тыповыя змены, унесеныя ў правапіс (артыкул "Новае ў беларускім правапісе"), І.Лепешаў спыняецца, у прыватнасці, на спалучэнні Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі , у якім два першыя словы рэкамендуецца пісаць з вялікай літары. На яго думку, наўрад ці лагічна ўжываць малую літару ў першым слове спалучэння лютаўская рэвалюцыя . Нягледзячы на нязначныя "лагічныя нестыкоўкі", "новы правапіс, паводле вучонага, пакладзе канец таму разнабою, які апошнім часам назіраўся ў сродках масавай інфармацыі і наогул у друку" (с. 159).

Матэрыялы, змешчаныя ў зборніку прафесара І. Лепешава, вызначаюцца актуальнасцю даследаваных у іх праблем (пытанняў), кваліфікаваным іх разглядам і аргументаванымі высновамі. Зборнік з цікавасцю і карысцю для сябе пачытаюць усе, хто неабыякавы да беларускай мовы, яе гісторыі і сучаснага стану.

Васіль Рагаўцоў, загадчык кафедры беларускай мовы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, доктар філалагічных навук, прафесар.


125 гадоў з дня нараджэння Янкі Пазьняка

Янка Пазьняк (26 лютага 1887, мястэчка Суботнікі Лідскага павету Віленскай губерні, цяпер Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласці - пасля кастрычніка 1939, НКУС, Менск) - беларускі грамадска-культурны дзяяч, выдавец і публіцыст. Дзед беларускага палітыка і грамадскага дзеяча Зянона Пазьняка.

Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-каталікоў: бацькі - Аляксандар і Ганна (з роду Тучкоўскіх) Пазьнякі.

Атрымаў агульную сярэднюю і музычную адукацыю. Рана далучыўся да беларускага руху. У 1909-1912 гадах браў удзел у працы беларускіх хрысціянска-асветніцкіх гурткоў. У 1913-1915 гадах разам з А. Бычкоўскім, Б. Пачопкам і А. Лявіцкім (Ядвігіным Ш.) выдаваў віленскую газету «Bielarus». Служыў арганістам у Лаварышках каля Вільні, у касцёле Святога Яна ў Вільні (1918-1920).

З 1917 году актыўна ўдзельнічаў у беларускім хрысціянска-дэмакратычным руху. Быў з 1928 году сакратаром Прэзыдыюму ЦК Беларускае хрысціянскае дэмакратыі, з 1936 году - старшынём Прэзыдыюму Беларускага народнага аб'яднання. Арганізоўваў на вёсцы беларускія мастацкія калектывы, рупіўся пра адкрыццё беларускіх школаў. У 1928-1936 гадах рэдагаваў газету «Bielaruskaja krynica». З пачатку 1930-х гадоў - старшыня Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту. За рэдактарска-публіцыстычную і палітычную дзейнасць пераследаваўся польскімі ўладамі Віленшчыны. Некалькі месяцаў правёў у вязніцы, штрафаваўся. Напрыканцы 1938 году, у звязку з закрыццём газеты «Biełaruskaja krynica», рэдактар часопіса «Хрысьціянская думка».

З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войскаў у верасні-кастрычніку 1939 году арыштаваны органамі НКУС, вывезены з Вільні і неўзабаве расстраляны.

Друкаваўся з 1920 году. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра палітычнае, рэлігійнае, культурнае жыццё Заходняе Беларусі, пра падзеі ў свеце. Пісаў вершы, апавяданні.


70 гадоў Джыму Дынглі

Прафесар-славіст, старшыня Англа-беларускага таварыства Джым Дынглі , які 24 сакавіка адзначыў свой 70 дзень народзінаў загаварыў па-беларуску, пасябраваўшы з прадстаўнікамі дыяспары ў Вялікай Брытаніі, якія прыехалі ў краіну адразу пасля Другой Сусветнай вайны. І жыццёвы шлях Дынглі шчыльна пераплёўся з нашай краінай. Штуршком да гэтага, як сам ён кажа, сталася сустрэча з айцом Аляксандрам Надсанам. Тады, у 1965 годзе, скончыўшы Кембрыджскі ўніверсітэт, ён працаваў асістэнтам у аддзяленні славістыкі бібліятэкі Брытанскага музея. Ад айца Аляксандра малады навуковец упершыню пачуў пра Вялікае Княства Літоўскае і пра тое, што першым усходнеславянскім друкаром быў не Іван Фёдараў, як вучылі яго ў Кембрыджы, а невядомы яму дагэтуль Францішак Скарына.

Ад таго моманту Дынглі пачаў шукаць крыніцы па гісторыі Беларусі і паступова адкрыў для сябе новы свет. Гэтая зацікаўленасць беларускай тэматыкай застанецца з ім на доўгія гады.

У 70-я Джым Дынглі ўзначаліў Англа-беларускае таварыства і стаўся рэдактарам Journal of Byelorussian Studies.

У сярэдзіне 1970-х Джым стаў сакратаром рады бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане і з'яўляецца ім дагэтуль.

На полацкай канферэнцыі ў гонар 500-годдзя Скарыны, Дынглі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Элай, таксама філолагам.

Цяпер Джым з Элаю жывуць у мястэчку Маргейт на ўсходзе Англіі, і маюць дзвюх дарослых дачок. Алена - студэнтка-першакурсніца, вывучае ангельскую літаратуру і філасофію, Аляксандра - сканчае школу. Зусім нядаўна Аляксандра пачала гаварыць па-беларуску.

Нядаўна Джым Дынглі скончыў пераклад кнігі Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь» на англійскую мову.

Памажы яму, Божа!


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў красавіку

Абакунчык Галіна Абрамовіч Віталь Мар'ян. Адынец Сяргей Аксак Валянціна Іванаўна Аляхновіч Андрэй Пятровіч Анацка Дзмітры Юр'евіч Андрэенка Таццяна Пятр. Апяцёнак Мікалай Мікалаев. Арлоў Сяргей Аляксеевіч Астапенка Аляксандр Астапеня Рыгор Яўгенавіч Астраўцоў Сяргей Аляксан. Атрашэнка Сяргей Нікіфар. Багдановіч Юры Уладзімір. Балушэўская Ірына Барскі Віктар Яўгенавіч Барысевіч Даніла Андрэевіч Басякова Аліна Болтак Аляксандр Брылеўская Наталля Міхайл. Будай Людміла Бульянкова Яніна Бухоўская Яніна Быль Віталь Анатольевіч Вайцэховіч Зінаіда Афанас. Вайцэховіч Эдуард Антон. Вайцяховіч Марыя Вакар Людміла Уладзіміраўна Валадзько Вадзім Пятровіч Валахановіч Анатоль Іосіф. Валынец Алена Варган Віталь Васільеў Павел Аляксеевіч Ваўкавец Яўген Вераб'ёў Віталь Войкель Павел Анатольевіч Вярбоўская Ірына Вячорка Ірына Паладзеўна Гагалінская Людміла Гапановіч Іван Гарадовіч Ала Леанідаўна Гарэлікава Тамара Пятроўна Гасюк Марына Гладкая Анастасія Мікал. Гоеўская Алеся Грыгаркевіч Вадзім Юр'евіч Грынявецкая Надзея Канст. Грынявіцкі Юры Анатол. Данільчанка Іна Уладзімір. Дарафейчык Ганна Даўгашэй Галіна Аляксандр. Дземідзенка Анастасія Алякс. Дзенісевіч Ніна Дзінгілеўскі Віталь Віктар. Дзьячкоў Алег Уладзіміравіч Дзябёлая Алена Віктараўна Дзягілева Галіна Доўкша Ірына Драйліх Алена Уладзіміраўна Дубіцкая Сцяпаніда Дулько Вольга Дундалевіч Людміла Ельяшэвіч Ірына Ермаловіч Канстанцін Уладз. Завадская Алена Міхайлаўна Занкевіч Вольга Захарэвіч Алена Міхайлаўна Зіноўева Святлана Іванова Ніна Ільніцкі Кірыла Іўчына Таццяна Сяргееўна Казловіч Алена Камлюк Алесь Антонавіч Канановіч Аляксандр Караленя Жанна Сямёнаўна Карповіч Алесь Аляксандр. Касая Ганна Касьянчык Святлана Васіл. Кацэвіч Ірына Мікалаеўна Качан Алена Станіславаўна Кашалькова Марыя Якаўл. Кашэль Кастусь Кез Андрэй Леанідавіч Краснасельскі Дзяніс Красюк Фёдар Крэцкі Віталь Кузьміна Дар'я Міхайлаўна Кузьняцоў Канстанцін Канст. Кулак Віктар Уладзіміравіч Кулаковіч Уладзімір Уладзім. Кульбака Аляксандр Пятр. Курачыцкі Андрэй Кусянкова Любоў Яўгенаўна Лавіцкі Мікола Емельянавіч Латушка Раман Андрэевіч Леановіч Аляксандра Леванцэвіч Лена Васільеўна Лічко Уладзімір Яўгенавіч Лука Алена Вячаславаўна Лысая Наталля Львова Ганна Леанідаўна Ляхоцкая Алена Ляшчоў Віктар Макарэвіч Пётр Рыгоравіч Максімовіч Кацярына Малец Надзея Малічэўскі Павал Віктаравіч Мамантава Любоў Манько Алеся Марачкіна Ірына Леанідаўна Марозава Наталля Анатол. Марчук Дзмітры Іванавіч Маслюкоў Тэльман Віктар. Мацвеева Ганна Мельнікава Ала Міцкевіч Вольга Уладзімір. Міцынская Валянціна Алякс. Несцяровіч Антаніна Андр. Пазнухова Васіліса Міхайл. Паклонская Людміла Панкоў С.А. Папоў Ігар Селівёрставіч Парэчына Зінаіда Паўлаўна Плахатнюк Святлана Паўл. Пракаповіч Георг Дзмітр. Пушкіна Яніна Пшанічны Юры Пяткевіч Дзяніс Пятроўская Лізавета Райчонак Ада Эльеўна Рудакоў Алег Васільевіч Русецкі Сяргей Васільевіч Савельева Тацяна Анатол. Савіч Валер Уладзіміравіч Сагановіч Ларыса Уладзімір. Саладкевіч Ганна Міхайлаўна Санько Яна Сяргееўна Сацута Іван Уладзіміравіч Селуянава Ала Сівук Кацярына Сідараў Сяргей Сільнова Людміла Данілаўна Сіўковіч Валянціна Мікал. Скідан Аляксандр Пятровіч Соркіна Іна Валер'еўна Станіславенка Ганна Рыгор. Статкевіч Андрэй Ігаравіч Сташулёнак Іван Іванавіч Стрыжак Андрэй Сяргеевіч Сулецкая Ніна Андрэеўна Сцянук Валянціна Андрэеўна Сяцко Таццяна Сяргееўна Таболіч Алена Уладзіміраўна Тарарака Алена Труноў Віктар Іванавіч Тушынскі Дзяніс Міхайлавіч Усціновіч Юры Федуковіч Вольга Мікал. Філіпчанка Дзяніс Уладзімір. Фінагенаў Антон Аляксандр. Фурс Антон Віктаравіч Фясенка Іван Іванавіч Хаданёнак Марыя Іванаўна Хадаровіч Ганна Уладзімір. Хлапянюк Наталля Андр. Царук Юлія Целеш Лявонці Сцяпанавіч Цехановіч Зміцер Цярохін Уладзімір Станіслав. Цярэшка Васіль Яўгенавіч Чаеўская Ала Канстанцінаўна Чарняўская Святлана Сярг. Чарткоў Алег Алегавіч Чырэц Дзмітрый Аркадзьев. Шапялевіч Валянціна Рыгор. Шаўра Юры Міхайлавіч Шаўцоў Раман Ігаравіч Шашкель Ніка Пятроўна Шруб Васіль Ануфрыявіч Шук Надзея Шут Павел Васільевіч Шчукін Міхаіл Уладзіміравіч Шчыракова Ларыса Яблонскі Зміцер Міхайлавіч Яловік Павел Ірэніюшавіч Яфімовіч Юлія Паўлаўна Яцэнка Вольга


Сустрэча ў Магілёве

26 сакавіка старшыня ТБМ Алег Трусаў наведаў Магілёў у межах выканання праекта "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці". З дапамогай Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ і Магілёўскага абласнога музея імя Раманава ў памяшканні музея адбылася сустрэча, прысвечаная 100-м угодкам з дня нараджэння магілёўскага краязнаўца Іераніма Філіповіча. На сустрэчы выступілі кандыдаты гістарычных навук Ігар Пушкін і Аляксандр Агееў, якія расказалі пра гісторыю краязнаўчага руху ў г. Магілёве. Сп. Агееў паказаў унікальныя дакументы, звязаныя з магілёўскім рухам у падтрымку БНР, знойдзеныя ім нядаўна ў віленскіх архівах. Напрыканцы сустрэчы быў паказаны фільм, прысвечаны гісторыі рэстаўрацыі беларускіх помнікаў архітэктуры, зняты супрацоўнікамі тэлеканала АНТ. Так-сама былі распаўсюджаны календары з выявамі выбітных помнікаў архітэктуры г. Магілёва і нумары газеты "Наша слова".

Наш. кар.


Тыдзень беларускай дзяржаўнасці ў Літве

У Літве святкаванню 94-тай гадавіны заснавання БНР быў прысвечаны тыдзень беларускай культуры, арганізаваны беларускімі дэмакратычнымі арганізацыямі, Літоўскім парламентам, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам.

20 сакавіка падзеі распачаліся ў Віленскім гарадскім самакіраванні выступленнем мэра Вільні Артураса Зуокаса. Потым адбылося адкрыццё мастацкай выставы Таццяны Дзянісавай.

21 сакавіка ў Літоўскім сойме прайшоў круглы стол па пытаннях беларуска-еўрапейскіх дачыненняў.

22 сакавіка сябры ініцыятывы "Беларуская нацыянальная памяць" ушанавалі памяць К. Каліноўскага, ўскладаннем кветак каля крыжа на Лукішскім пляцы ў дзень, калі ён быў забіты. Пры гэтым слова ўзялі гісторыкі і навукоўцы. Са сцягамі і са знічкамі ў руках моладзь рушыла на гару Гедзіміна. "Некалькі студэнтаў-каліноўцаў прыехалі з Варшавы на аўтамабілях. Да нас далучыліся літоўцы, якія выказваюць цікавасць да нашых агульных герояў, - распавёў кіраўнік ініцыятывы Анатоль Міхнавец. - У Беларусі ёсць 27 вуліц, прысвечаных К. Каліноўскаму, ёсць такая ж вуліца ў Вільні. Верым, што ў перспектыве будуць заснаваныя памятным знакі і помнікі, прысвечаныя нацыянальным героям."

23 сакавіка ў вучэбным корпусе ЕГУ адбылося адкрыццё гістарычнай і мастацкай выставы "Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка". На выставе экспануюцца дакументы, датычныя гісторыі Беларусі 1918 - 1919 гадоў, нядаўна адкрытыя Інстытутам гістарычных даследанняў Беларусі ў Літоўскім дзяржаўным архіве. Доўгія гады дакументы ляжалі проста стосам, іх ніхто не бачыў.

Гэта тагачасныя архіўныя фонды, якія былі закладзены для незалежнай беларускай дзяржавы. Змястоўную экспазіцыю з 17 стэндаў з рэдкімі фотаздымкамі і дакументамі, партрэтамі братоў Антона і Івана Луцкевічаў і генерала Станіслава Булак-Балаховіча аздобіў мастак Алесь Пушкін. Выстава будзе працаваць цягам месяца па адрасе: г . Вільня, Валакупіў, 5 . Потым мяркуецца экспанаваць яе ў іншых еўрапейскіх сталіцах, дэманстраваць на Беларусі з запрашэннем гісторыкаў і краязнаўцаў. Пра падзею распавёў магістрант Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Кірыл Атаманчык.

24 сакавіка адбыўся ўрачысты прыём у Віленскай гарадской ратушы, арганізаваны мэрыяй Вільні, Літоўскім парламентам і прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Прыём адкрыў дырэктар грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва ў Вільні Алег Мяцеліца. Прадстаўнікі Віленскай мэрыі выказалі сваю падтрымку і салідарнасць з тымі, хто на Беларусі працягвае змагацца за правы грамадзянаў, за магчымасць быць вольнай краінай. Яны выказалі ўпэўненасць, што настане такі дзень, калі з такой жа годнасцю і ўрачыстасцю свята заснавання дзяржаўнасці будзе адзначацца на Беларусі на самым высокім узроўні.

Да прысутных звярнуўся дэпутат Літоўскага парламента Эмінуэліс Зінгерыс. "Мы хочам, каб і вы сябры, далучыліся да нармальнага жыцця еўрапейскіх краінаў, каб вы патрапілі ў зону, дзе дзейнічаюць справядлівыя і маральныя прынцыпы ў жыцці ў палітыцы."

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сходу выступіў сябар Рады БНР спадар Хведар Нюнька. Прарэктар па вучэбнай рабоце ЕГУ Аляксандр Каўбаска павітаў выкладчыкаў універсітэта, якія на працягу 20-ці гадоў развіваюць незалежную адукацыю, фармуюць сучасную гуманітарную думку ў духу еўрапейскіх свабодаў і правоў чалавека.

Прыём ў ратушы дапоўніў святочны канцэрт. Напоўненае моцай і прыгажосцю выступленне мужчынскага хору "УНІЯ", які ўзнёс хваласпеў Богу і Беларусі, натхніла ўсіх прысутных.

25 сакавіка адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак сігнатарам акту абвяшчэння незалежнасці братам Луцкевічам на могілках Росы.

Святкаванне 94-тай гадавіны БНР завершылася аўтапрабегам з бел-чырвона-белымі беларускімі і літоўскімі нацыянальнымі сцягамі па вуліцах старажытнай сталіцы ВКЛ.

Імпрэзы і набажэнствы ў гэтыя дні адбыліся ў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, святочныя мерапрыемствы прайшлі таксама ў Нямеччыне, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, іншых краінах Еўропы і ў Амерыцы.

Эла Дзвінская. На здымках : На Лукішскім пляцы, выступае хор "Унія"; на могілках "Росы".


Пераможац агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Лідзе атрымаў спадарожнікавую талерку

Агульнанацыянальную дыктоўку, якая пачалася 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, падтрымаў тэлеканал «Белсат». Сёлетнюю дыктоўку традыцыйна арганізоўвала Таварыства беларускай мовы (ТБМ). Любы ахвотны мог прыняць удзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы. Тэлеканал "Белсат" забяспечыў дыктоўку фірмовымі бланкамі, а так-сама асадкамі з партрэтамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка, а пераможцы дыктоўкі ў гарадах Гародня, Магілёў, Віцебск, Баранавічы і Ліда атрымалі ад незалежнага тэлеканала каштоўныя прызы - спадарожнікавыя антэны.

30-гадовы жыхар вёскі Крупава Лідскага раёна і адначасова паэт Алесь Хітрун упершыню ў жыцці браў удзел у напісанні агульнанацыянальнай дыктоўкі ды стаўся пераможцам у Лідзе. Дзякуючы веданню мовы, Алесь Хітрун атрымаў спадарожнікавую талерку ад тэлеканала.

Пераможца дыктоўкі запэўніў, што ў наступным годзе таксама возьме ўдзел у акцыі:

- Гэта і мой абавязак. Мы, беларусы, павінны адчуць штосьці беларускае - хаця б падчас дыктоўкі. Бо беларускую мову наогул мала дзе пачуеш, - гаворыць Алесь.

Акрамя асноўнай працы Алесь кіруе мясцовым літаратурным аб'яднаннем «Суквецце». Дагэтуль, прызнаецца пераможца, «Белсату» ён не глядзеў. А сакрэт перамогі - зусім і не сакрэт, Алесь Хітрун - студэнт-завочнік выпускнога курса філфака ГрДУ імя Янкі Купалы, а, як сведчаць вынікі, вучаць там не дрэнна.

Наш кар. На здымку: падчас напісання дыктоўкі, Алесь Хітрун - крайні злева.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Ялугін Эрнэст - 10000 р., г. Менск

2. Невядомы - 400000 р., г. Менск

3. Невядомы - 150000 р., г. Менск

4. Лукашонак Т.А. - 100000 р., г. Менск

5. Фурс Антон - 50000 р., г. Паставы

6. Восіпава Аляксандра - 40000 р., г. Гомель

7. Караленка Мікола - 20000 р., г. Менск

8. Бабраўнічы М.Я. - 50000 р., г. Менск

9. Чачотка М. - 15000 р., г. Менск

10. Павідайка В.М. - 70000 р., Менск

11. Барцэвіч Іван - 20000 р., г. Менск

12. Слабчанка Дар'я - 35000 р., г. Менск

13. Джэйчака Уладзімір - 100000 р., Менск

14. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

15. Восіпава Аляксандра - 40000 р., г. Гомель

16. Фурс А.П. - 5000 р., г. Менск

17. Птушка Сяргей - 15000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н

18. Садоўскі М.П. - 35000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Касцёл у Начы

Згодна з даследаваннямі заснавальніка краёвай археалогіі, жыхара Начы Вандаліна Шукевіча, людзі тут жылі ужо 4 - 4,5 тысячы гадоў таму. У ваколіцах Начы ім былі знойдзены шматлікія могільнікі, стаянкі і прылады старажытнасці.

У пісьмовых крыніцах Нача упершыню згадваецца на пачатку XVI ст. У 1517 г. Нача -айчызная ўласнасць Венсела Станьковіча і Марціна Радзівілавіча, якую яны потым прадалі баярыну Радуньскага павету Шымку Міктавічу. З 1526 г. уласнасць Януша і Марыі Касцевіч.

Першы касцёл Бязгрэшнага зачацця ў Начы быў пабудаваны Марыяй, у той час ужо ўдавой Януша Касцевіча, дзедзічкай на Вагруве (у Падлескім ваяводстве) і асвечаны 29 снежня 1529 г. Касцёл быў пабудаваны для зручнасці жыхароў Начы, якія да гэтага былі прыпісаны да касцёла вёскі Дубічы. Фундатарка прыпісала да касцёла кавалак зямлі для плябаніі, сенажаці каля Начы і Раклішак пры дарозе на Араны, лес пры Радуньскай дарозе, 7 сялян з зямлёй, 2 сяляніны без зямлі. (Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912. S. 212-213.)

Пасля 1559 г. Нача належала Кішкам і Радзівілам. Пасля 1631 г. тут пасяляюцца татары, нашчадкі якіх і па сённяшні дзень жывуць у суседняй вёсцы Некрашунцы. З 1690 г. маёнтак з'яўляецца ўласнасцю Людвіка Даўгірда.

Наступны драўляны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пабудаваў за свой кошт пробашч у Начы ксёндз Юзаф Курчэўскі ў 1750 г. Касцёл пабудаваны ў традыцыях народнага дойлідства з рысамі барока. Першапачаткова ён быў вельмі невялікім - 18 метраў у даўжыню і 10 метраў у шырыню, меў неф працягласцю 14 м. Касцёл быў збудаваны у форме крыжа, з паўкруглай апсідай і дзвюмя вежамі. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляла бэлька з крыжам і анёламі па баках. У вялікім алтары, выразаным з дрэва ў стылі ракако, у срэбных шатах знаходзіўся абраз Панны Марыі з дзіцем (фігура стаіць на зямным шары ў атачэнні анёлаў). Гэты абраз трапіў у Начу ў XVII ст. Пасля скасавання касцёла ў Дубічах у 1869 г. і пераносу усёй касцельнай рухомасці ў Начу, абраз Панны Марыі быў змешчаны ў вялікім алтары над фігурай Ісуса.

Парафія мела філіі ў Дубічах і Марцінканцах, а так жа дапаможныя капліцы у Рудні і Чаплішках, дзе набажэнствы адпраўляліся па святах. Капліцу ў Рудні фундаваў лідскі падкаморы Францішак Александровіч у час, калі валодаў Каняўскім староствам, капліца мела сталага ксяндза, але ўжо ў 1804 г. набажэнствы ў гэтай капліцы не праводзіліся, бо новы гаспадар Рудні граф Людвік Тышкевіч не дбаў пра падтрымку капліцыі. Да таго часу прыйшла ў заняпад і капліца ў Чаплішках. (Szukiewicz Wandalin. Stary kosciolek w Naczy // Kuryer Litewski №152 - 1910.)

У куце бутавай агароджы ў 1832 г. пастаўлена 3-х ярусная 4-х гранная званіца. Першы ярус выкладзены з бутавага каменю, другі цагляны і атынкаваны з арачнымі прасветамі, трэці зрубны, накрыты шатровымі дахамі. (Кулагін А.М. Каталіцкія храмы. Мінск. 2008. С. 256.)

У 1860-х гадах пробашч ксёндз Ежы Готаўт і вікарый Дамінік Готаўт перабудавалі касцёл павялічыўшы неф касцёла да 28 метраў у даўжыню. Былі пабудаваны некалькі пабудоў каля касцёла. Менавіта на дзейнасць ксяндзоў Готаўтаў прыпалі гады паўстання 1863-1864 гг., калі іх парафіянін Людвік Нарбут кіраваў паўстаннем на Лідчыне.

Прыкладна з 1872 г. пробашчам касцёла стаў Адам Сакалоўскі. Ен кіраваў парафіяй да 1909 г. У 1891 г. з сасновага дрэва на каменным фундаменце ён пабудаваў новую плябанію, крытую гонтай, будынак якой захаваўся да нашага часу.

Хутка новы павялічаны драўляны касцёл стаў замалым для парафіі, таму ў 1900-1910 г. ксёндз - пробашч Адам Сакалоўскі пабудаваў новы мураваны касцёл, які з'яўляецца помнікам неаготыкі і мадэрну. Калі ўлады далі дазвол на пабудову касцёла невядома, але Віленская рымска-каталіцкая кансісторыя дазволіла будаваць новы мураваны касцёл ўказам ад 21 красавіка 1900 года за № 3051. 15 жніўня 1900 г. быў закладзены і асвечаны ксяндзом Каралем Любянцом (прафесар Віленскай Духоўнай Семінарыі) закладны камень. Па успамінам парафіян будоўляй кіраваў адзін майстар і пры ім было некалькі парафіян, якія падавалі цэглу і рошчыну. Імя гэтага майстра не захавалася ў памяці. Цэгла для будоўлі выраблялася на спецыяльна арганізаванай для гэтай мэты цагельні пры касцёле. Прычым, паводле традыцыйнай для амаль усіх знакамітых будоўляў Беларусі легенды, для трываласці да рошчыны з якой рабілася цэгла дадаваліся яйкі. На зіму, каб не патрэскаліся ад марозу, недабудаваныя сцены касцёла прыкрываліся саломай а будоўля спынялася. Калі сцены павялічыліся на значную вышыню, цэглу і рошчыну прыносілі па спецыяльных прыступках. (Па матэрыялах Мікялевіч Н.)

Новы касцёл быў асвечаны у 1910 г. Гэты сучасны касцёл з'яўляецца трохнефавай, 2-х вежавай базілікай з 5-ці граннай апсідай і бакавымі сакрыстыямі, пакрыты цынкаванай бляхай. Вежы ўзносяцца на вышыню 33 м., заканчваюцца крыжамі. Касцёл мае 3 нефы - галоўны і 2 бакавыя. (Кулагін А.М. Каталіцкія храмы. Мінск. 2008. С. 256.) У кожным бакавым нефе знаходзяцца па 2 спавядальні. У правым нефе касцёла знаходзіцца грот Маці Божай Лурдскай. У канцы бакавых нефаў знаходзяцца алтары. Алтары ў раманскім стылі фундаваны ў 1933 г. Элеонай Ізварцэвіч. На ўзвышэнні з двух 2 прыступак знаходзіцца галоўны алтар у гатычным стылі. У верхняй частцы галоўнага алтара ёсць абраз Прасвятой Дзевы Марыі Святога Зачацця, які застаўся са старога касцёла. Крыху ніжэй змешчана скульптура Пана Езуса ў рост чалавека, у белым убранні, якая была прывезена і ўсталявана у 1915 г. у дзень Св. Апосталаў Пятра і Паўла. Скульптура зроблена ў віленскай майстэрні ў знакамітага скульптара і архітэктара Антона Вівульскага (1877-1919, Antoni Wiwulski, найбольш вядомыя працы мастака гэта капліца ў Шылуве, помнік "Тры крыжы" (1916 г.) у Вільні, пачаты ў 1913 г., але не завершаны касцёл Сэрца Езуса ў Вільні - першы ў Літве сакральны будынак з жалезабетону. Па яго праекту быў выраблены драўляны крыж, устаноўлены на Замкавай гары ў Вільні, непадалёк ад вежы Гедзіміна, на месцы, дзе ў 1916 г. былі выяўлены парэшткі пакараных па загадзе Мураўёва - вешальніка удзельнікаў паўстання 1863 г.). Скульптура выкананая Вівульскім засланяецца абразом св. Юрыя Пакутніка (па матэрыялах Мікялевіч Н.) .

Другі раз касцёл быў асвечаны арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім 26 красавіка 1927 г.

Вандалін Шукевіч апісвае ўмовы у якіх існаваў касцёл у Начы (Szukiewicz Wandalin. Stary kosciolek w Naczy // Kuryer Litewski № 152 - 1910.). У часы ксяндза Кручэўскага і адразу пасля яго парафія мела трохі больш за 4 000 парафіян. Потым лічба парафіян паменшылася да 2 700, так сказалася ваеннае ліхалецце якое спустошыла край у канцы XVIII - пачатку XIX ст. У апісаннях касцёла у той час, заўжды наракаецца на спусташэнне парафіі і нэндзны стан будынка. Рамонты рабіліся за асабістыя грошы пробашча а парафіяне рабілі вельмі малыя ўнёскі на утрыманне храма. З візітацый касцёла бачна, што і пробашчы не заўжды маглі выдаткоўваць грошы, хоць і валодалі добрым фальваркам (10 валок) з сялянамі.

На пачатку 20 ст., падчас пабудовы мураванага касцёла парафія складалася ўжо з 7 000 чалавек і новая дасканалая святыня ў асноўным была пабудавана за іх складкі (Шукевіч піша пра кошт новага касцёла ў некалькі дзесяткаў тысяч рублёў). Падчас будовы новага касцёла, частка нацкай парафіі была далучана да новаўтворанай Калесніцкай парафіі, дзе таксама будаваўся новы касцёл на грошы парафіян. І акрамя таго у той жа час было вырашана аднавіць святыню ў Дубічах, і гэта таксама рабілася самімі парафіянамі.

Жыхары некаторых вёсак, запісаных за Дубічамі, вырашылі, што ім далёка хадзіць да касцёла і пастанавілі прасіць дазвол на пабудову касцёла ў вёсцы Рудня. Пасля атрымання дазволу, за грошы парафіян тут быў пабудаваны чацвёрты касцёл. Дзеля гэтага ў Рудню за некалькі сотняў рублёў быў куплены стары драўляны касцёл з Начы. Сучаснікі заўважалі, што дрэва захавалася так добра, як быццам паслужыла ўсяго некалькі гадоў.

Такім чынам эканамічны пад'ём канца XIX - пачатку XX ст. дазволіў самім парафіянам амаль адначасова пабудаваць чатыры касцёлы.

У касцельнай агароджы знаходзяцца магілы гісторыка Теадора Нарбута, паўстанцаў 1863-64 гг., Ежы Готаўта і Паўла Дабулевіча - ксяндзоў якія служылі ў Начы.

У 2009 г. святкавалася стагоддзе касцёла і 480 год Нацкай парафіі.

Лаўрэш Леанід


Загадка "Пагоні" Слуцкага збройнага чыну

У бальшыні ўсе, хто цікавіцца нашай Беларускай гісторыяй, ведаюць, разумеюць і ганарацца сімвалічным знакам "Пагоні". Адны з іх лічаць, што досыць дасканала яе ведаюць, а іншыя сцвярджаюць, што мы спасціглі толькі яе сярэдзіну, а не выток, умоўна кажучы. Зараз гэтай тэме прысвечана даволі розных матэрыялаў, у тым ліку і з прэтэнзіяй на выключную вычэрпнасць. Магчыма яно і так, але тэма гэтага артыкула - часткова спасцігнуць выкарыстанне гэтага сімвала нашымі прашчурамі ў лёсавызначальныя часіны і гісторыя стварэння аднаго з іх. У прыватнасці маю увагу, як мастака, прывабіла выява "Пагоні", якая, як пазней стала вядома, яшчэ ў 1920 годзе належала слуцкім змагарам.

Упершыню выяву гэтай "Пагоні" я убачыў на кватэры вядомага нашага паэта і паліткатаржаніна, незабыўнага Сяргея Новіка-Пяюна. Тады, пры яго жыцці, гэта быў сапраўдны музей, дзе ўсё было гісторыяй і сведчыла аб нашай неўміручасці, дзе ён уласна быў яе першым экспанатам і экскурсаводам. Там яна вісела побач з графічным партрэтам Адама Міцкевіча выкананым самім гаспсдаром. У той час, пранікшыся асобай гэтага тытана нацыянальнага духу, я працаваў над яго партрэтам і таму ўсё, што атачала яго мяне вельмі цікавіла, а гэта быў самы цудоўны дарунак да вырашэння тэмы. Калі ёсць прынцыповае рашэнне кампазіцыі, то жывапісны твор рэалізуецца даволі хутка. Партрэт быў здзейснены, як кажуць, - на адным дыханні, але ў мазгах загваздкай засталося пытанне аб паходжанні і прызначэнні гэтай "Пагоні", пэўна ж не дзеля аздобы сцяны яна была задумана і створана.

Як тады я не спрабаваў даведацца ў яго аб паходжанні той выявы, дзе, калі і як яна да яго трапіла, яе лёс і гісторыю, - усё было марным, ён нічога не распавёў. Магчыма, як дасведчаны канспіратар ён наўмысна стаіўся. Адзінае зазначыў, што над яе стварэннем калісьці працавала ягоная сястра Марыя. Уважлівае сузіранне яе выклікае захапленне і асалоду ад высокамайстэрскага выканання, дзе і вышыўка гладдзю, і бісер, і срэбна-металічныя бляшкі укладзены з бездакорнай дакладнасцю, усё гэта, утвараючы суладнае цэлае, бясспрэчна з'яўляецца шэдэўрам.

Чым больш ён мне падабаўся, тым цікавейшым рабіўся пошук аўтара такога экспрэсіўнага, дынамічнага малюнка, бо сама вышывальшчыца, нават калі была і не адна, гэткае не рэалізуе. Дзеля такой мэты патрэбны добра дасведчаныя ў мастацкім штукарстве майстры, надзеленыя нацыянальнай свядомасцю і гартам.

Спадзяюся, што з маім меркаваннем пагодзіцца кожны, хто добра дасведчаны ў творчасці непараўнальнага Язэпа Драздовіча і фотахронікай ягонага жыцця. Так на некалькіх фотаздымках, віленскага перыяду яго жыцця, трапляе бачыць створаную ім выяву Пагоні дзе шмат якія дэталі пазней былі скарыстаны і ўдасканалены для стварэння паўстанцкай. Аналагічную інтэрпрэтацыю некатарых элементаў гэтай выявы можна назіраць і ў ягоных жывапісных творах. Усё азначанае сведчыць аб тым, што вызначаны твор быў цалкам падуладны і ўласцівы толькі гэтаму майстру.

Калі ў 1991 годзе, у Менскім грамадска-асветніцкім клубе "Спадчына" узнікла неабходнасць мець сваю харугву, і мне было запрапанавана стварыць яе, я, усведамляючы дзейнасць клуба, даволі хутка ўсё выканаў. Цэнтральнае месца там, як і належала, займала тая самая Пагоня, запазычаная ад сп. Новіка-Пяюна. Гэты самы эталон потым быў выкарыстаны і для стварэння Граматы, і для іншых клубных ушанаванняў.

Крыху пазней, гадоў мо праз 2 ці 3, у гістарычна-краязнаўчым музеі Беларусі была арганізавана фотавыстава па Слуцкім збройным чыне з выкарыстаннем рарытэтаў таго перыяду. Час быў адліжны і ідэямі Адраджэння былі прасякнуты ўсе, хто не лянівы, не манкурт ці не герастрат. Хоць і існавала яшчэ якое ні ёсць цэнзурнае абмежаванне ды разам з гэтым, актыўна ўтвараліся і музычныя канцэрты адпаведнага зместу, і ўсебеларускія мастацкія і фотавыставы, публікавалася і карысталася попытам, шмат навукова-гістарычнай, мастацкай ды іншай адраджэнцкай літаратуры. Якім было маё здзіўленне і ўражанне, калі на адным са здымкаў, побач з постацямі трох чалавек, вісеў разгорнуты штандар слуцкіх стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі з выявай у цэнтры, да болю знаёмай Пагоні.

Пазней, усе мае спробы адшукаць між імі хоць якую повязь, нічога не далі. Нават вядомая паэтка і палітвязень Надзея Дземідовіч, якая была блізка знаёмая са спадаром Новікам-Пяюном, ведала шмат якія ягоныя жыццёвыя варункі, нічога істотнага тут высвятліць не здолела. Але ж зазначыла, што быццам акурат такую, памерам 70х50 см яна бачыла ў ягоным беларускім музеі ў Слоніме. Узгадвала як калісьці і сама зрабіла з яе малюнак, за што потым васьмікласніцай паплацілася 25 гадамі савецкіх канцлагераў. Як бачна і апрычнікі ад антыбеларускіх органаў вельмі высока цанілі і разумелі вартасць гэтага сімвала ў Адраджэнні і стварэнні нацыянальнай дзяржавы, тым больш, што ім там нічога добрага не свяціла.

Урэшце я прыйшоў да высновы, што як толькі паўстанне было задушана непараўнальна пераўзыходзячым войскам чырвоных і перад іх прыходам, сцяг быў уратаваны хутчэй за ўсё тымі, хто шчыраваў над яго стварэннем. Затым, з мэтай захавання яго, была выдалена цэнтральная частка і перададзеная усё- і ўсіхведнаму спадару Новіку-Пяюну. Пазней, калі ўжо над Домам Ураду гойдаўся бел-чырвона-белы сцяг і зіхцела выява нескаронай Пагоні, ён, узгадваючы свой пройдзены жыццёвы шлях, быў невычэрпна шчаслівы і шчыра прызнаваўся, што такога відовішча ён не бачыў і ў сне і ўспрымае яго зараз як дарунак Божы.

P.S. Згодна са звесткамі Вікіпедыі стала вядома, што: «Напрыканцы снежня 1920 паўстанцы Першага Слуцкага палка атрымалі свой сцяг, які каштаваў 156 000 марак. Яго ахвяравалі палку беларускі-патрыёткі Гародні.

Сцяг быў залацістага колеру. 2 метры даўжыні і 1 метар ушыркі. Пасярэдзіне Пагоня каля 45 см а навокал надпіс «1-шы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі».

Сцяг жаўнеры палка мелі з сабою, калі знаходзіліся ў польскіх лагерах для ваенна-палонных. Пасля яго забраў з сабою камандзір палка Антон Сокал-Кутылоўскі.

Ен перахоўваў сцяг да 1931 году пакуль пад час вобшуку польская паліцыя не знайшла яго і не канфіскавала.

Да таго Сокал-Кутылоўскі ўлетку 1921 году хацеў перадаць на перахаванне сцяг Пінска-Наваградскаму япіскапу Панцеляймону, які жыў на той час у Наваградку. Але апошні адмовіўся браць.»

Урэшце,… рабіце высновы самастойна! Слова за дасціпнымі даследчыкамі.

Мастак Алесь Цыркуноў.


Юбілей мастачкі

28 сакавіка 2012 года ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь "Гасцёўня Ўладзіслава Галубка" адбылося адкрыццё выставы "Свет лялечнага тэатра", прымеркаванай да юбілею мастака Фаміной Аліны Рыгораўны.

На выставе паказаны экспанаты фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь і музея Дзяржаўнага тэатра лялек: лялькі, тэатральныя касцюмы, эскізы, макеты дэкарацый, афішы, бутафорыя.

Фаміна Аліна Рыгораўна з 1962 года працавала мастаком-пастаноўшчыкам, а ў 1975-1988 гг. - галоўным мастаком Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. З'яўлялася мастацкім кіраўніком курса "Мастак тэатра лялек" у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Для творчай практыкі Фаміной А.Р. характэрны жанравая і стылістычная разнастайнасць, пошук новых візуальна-мастацкіх сродкаў сцэнічнага ўвасаблення.

Асаблівае месца ў яе дзейнасці займае афармленне пастановак паводле твораў беларускіх аўтараў: "Дзед і жораў" В. Вольскага, "Дзякуй, вялікі дзякуй!" і "Скажы тваё імя, салдат" А. Вярцінскага, "Сымон-музыка" Я. Коласа, "Цар Ірад" Г. Барышава ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек і "Рыгорка - ясная зорка" А. Вярцінскага ў Люблянскім тэатры лялек (Славенія).

Спектаклі Фаміной А.Р. адметны высокім мастацкім узроўнем і арыгінальным падыходам да трактоўкі літаратурнай першакрыніцы. Выкананыя паводле эскізаў Фаміной А.Р. лялькі і дэкарацыі адрозніваюцца тонкасцю і вытанчанасцю формаў, арыгінальнасцю, яркасцю і лаканічнасцю.

У Беларусі выдатнае майстэрства Фаміной А.Р. у 1988 годзе было адзначана званнем заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР, а ў 1992 годзе - прэміяй імя Л. Мазалеўскага.

На мерапрыемстве выступілі: Яўген Клімакоў, Уладзімір Чарнышоў, Валеры Рачкоўскі, Зміцер Мохаў. Было адзначана, што 27 сакавіка Аліна Рыгораўна была ўзнагароджана найвышэйшым прызам ГА "БСТД" - "Крыштальны анёлак"

Аляксей Шалахоўскі.


Хто ты, Жан Содзель?

У леташнім жніўні на тэлевізійным экране БТ у праграме інфармацыйнага вяшчання АТН з'явіўся-засвяціўся малады, вельмі актыўны, эмацыйны малады чалавек. Ен заінтрыгаваў тэлевізійнага гледача не толькі сваёй эфірнай актыўнасцю, але і сваім прозвішчам. Тэлевізійныя цітры, набраныя па-расейску, сведчылі, што новы тэлевізійны каментатар завецца "Жаном Соделем" - Жан Содзель. Усе, хто ведае мяне, былі заінтрыгаваныя: хто ён мне гэты Жан Содзель - унук, ці які іншы сваяк? Цікаўнасць натуральная. Я ж больш за трыццаць гадоў аддаў тэлевізізійнай музе! Дый за гэты час сцвердзіўся ў Беларусі і як знаны даследчык Багушэвічавай спадчыны. То з тае пары, як на тэлевізійным экране з'явіўся згаданы Жан Содзель, менавіта ў такой беларускамоўнай арфаграфіі ён перадае сваё прозвішча, усе мае знаёмыя не даюць мне праходу, цікавяцца, хто ён мне гэты Жан Содзель. Натуральна, я і сам Жан Содзель зацікавіліся адзін адным. Першы праявіў ініцыятыву Жан. Ен адной парой вучыўся і працаваў у "Вячэрнім Мінску". Вось тады ён завітаў і да мяне і падрыхтаваў са мной інтэрвію. Мусіць, тое інтэрвію мала каму запомнілася. Але вось яго з'яўленне на блакітным экране абудзіла ў маіх знаёмых агульную цікавасць: дык хто ж ён гэты Жан для мяне? Пры першай сустрэчы падчас яго рупнасці ў "Вячэрнім Мінску" я не пацікавіўся заглыблена, адкуль гэты Жан Содзель, адкуль яго род паходзіць. Але з цягам часу з паслядоўнай цікаўнасці маіх знаёмых, хто ж гэты Жан, я пацікавіўся, адкуль яго продкі, найперш, адкуль тата паходзіць. І пачуў:

- З Палесся, з Гомельшчыны, з-пад Петрыкава.

Гэта ўжо цікава, але калі пачуў, што і яго тата завецца Жанам, а сам ён Жан Жанавіч, дык і зусім растварыўся ў дагадках. Тата ягоны з 1963 года, а сам Жан з 1988. Адначасова вучыўся ва ўніверсітэце і працаваў у "Вячэрнім Мінску". Матулі, завуць яе Тамара, ужо сорак сем. Адной парой Жан практыкаваўся і на радыё. Так што яго з'яўленне на тэлевізійным экране зусім натуральнае. Для тэлевізійнай працы ён прайшоў усебаковую падрыхтоўку. У школьныя гады спрабаваў сябе ў розных гуртках вядомага тэтразнаўца Мікалая Панігіна. Па ўсіх характарыстыках і якасцях Жан адпавядаў тэлевізійнаму экрану: актыўны, жвавы, лагічны, напорысты. Толькі моўна не сугучны ён з тым прозвішчам, якое носіць ён і нашу я. Я цалкам беларускамоўны. Ен жа пачувае сябе рускамоўным. З гэтай нагоды мы неяк сабраліся і пагутарылі. Ад яго пачуў:

- Беларускую мову я вывучаў. Пісьмова авалодаў ёю сяк-так. А вось гутарковай мовай валодаю кепска. Размаўляю на ёй напружана, замаруджана. Вядома, я вучыўся ў менскіх расейскіх школах.

Я слухаю гэтыя Жанавы развагі і кажу яму пра Таварыства беларускай мовы, пра курсы беларускай мовы пры ім, пра школу красамоўства, якую наведвае шмат хто, каб удасканаліць маўленне з надзеяй, што яго зацікавяць гэтыя курсы. Жан маўкліва праслухаў маё памкненне, але не выказаў жадання хоць раз завітаць у ТБМ і пацікавіцца, як і чым яно жыве. А шкада! Можа так стацца, што кіраўніцтва тэлебачання аднойчы запатрабуе, прапануе вяшчанне на нашай роднай мове. Тым больш, што ў "Нашым слове" з'явілася не гэтак даўно такая публікацыя "Генадзь Давыдзька абяцае беларускамоўны канал" ("Наша слова", 16 лістапада 2011 г.). Тады што? Жан развёў рукамі:

- Не ведаю.

А шкада! Усе мае Содалі - былі яны і Содзелі, і Содэлі, і Садэльскія, колькі я памятаю, шанавалі родную мову, былі настаўнікамі, вучылі дзяцей нашай роднай мове. А адзін з іх - Уладзя Ліпскі - стаўся беларускім пісьменнікам, рэдактарам вядомага папулярнага часопіса "Вясёлка". Ен выйшаў з-пад крыла маёй цётачкі Марыі Паўлаўны Содаль з Узнажскай школы. Так што, Жан, ты толькі на самым пачатку свайго творчага шляху. Падумай пра адданасць нашага роду сваёй роднай мове

Уладзя Содаль-Садэльскі.

Анёлы мае!

Я кладуся спаць,

Пра гэта Богу трэба знаць.

Стойце, будзьце пры мне,

Беражыце мяне,

Што будзе вам,

Тое будзе і мне.

Пачуў і запісаў ад Люсі Войніч Ул. Содаль.


У Менску адкрылі помнік святой Сафіі Слуцкай

Адкрыццё помніка святой праведнай Сафіі Слуцкай адбылося на тэрыторыі аднайменнага праваслаўнага прыходу ў Менску. Каб дэталёва адлюстраваць залагоджаную выяву праведнай абаронцы Зямлі Беларускай, скульптар Міхась Іньков і архітэктар Мікалай Лук'янчык цэлы год працавалі над манументам, вывучаючы не толькі іканаграфічную літаратуру, але і жыццё княгіні. Важыць бронзавы сілуэт больш за тону, а ростам каля трох метраў.

У гонар адкрыцця помніка Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі правёў Боскую літургію і высвянціў выяву святой княгіні.

Наш кар.


У Маладзечне з'явіцца скульптура Янкі Купалы

Да 130-годдзя нараджэння Янкі Купалы, якое адзначаецца сёлета 7-га ліпеня, у Маладзечне будзе ўстаноўленая скульптура Янкі Купалы, паведамляе "Рэгіянальная газета". З такой прапановай аддзела культуры сёння пагадзіўся гарвыканкам на сваім пасяджэнні, расказаў начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч

Аўтар работы - скульптар Валяр'ян Янушкевіч.

Раней гэта скульптура планавалася да ўсталявання ў праграме "Дажынак-2011", аднак з-за недастатковасці фінансавання праект вырашана было рэалізаваць у юбілейны купалаўскі год.

Скульптура можа заняць сваё месца побач са школай №1, якая носіць імя Янкі Купалы.


Помнік М. Багдановічу ўпрыгожыць гарадзенскі парк Жылібера

У гарадзенскім парку Жылібера неўзабаве з'явіцца помнік Максіму Багдановічу. Недалёка ад парку знаходзіцца дом-музей Багдановіча, дзе і жыў паэт.

Каб вызначыцца з помнікам Багдановічу ў Гародні адбыўся конкурс. На суд прафесійнага журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты па горадабудаўніцтву, архітэктуры і культуры, было прадстаўлена больш за дваццаць работ. Як адзначылі члены журы, усе работы ўяўляюць сабой мастацкую і архітэктурную цікавасць. Усе аўтары ўлавілі лірычнасць паэта, яго ўзнёслую натуру і тонкасць душэўных перажыванняў. Пераможцам стала праца «Вянок» аўтарскага калектыву з г. Менска - Гумілеўскага Льва Мікалаевіча, Гумілеўскага Сяргея Львовіча і Мядзько Яўгена Уладзіміравіча.

Наш кар.


Як застацца пісьменніцай у Беларусі?

Семінар на тэму "Жанчына ў сучасным літаратурным працэсе: праблемы і перспектывы", арганізаваны ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", прайшоў у суботу 24 сакавіка ў Менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Еханэса Раў.

У сваім вітальным слове да ўдзельнікаў семінару, сярод якіх былі не толькі пісьменніцы, але і пісьменнікі, старшыня СБП Барыс Пятровіч акрэсліў тэму больш канкрэтна:

- У літаратуры вельмі шмат дзяўчат, але другую, трэцюю кнігу мала хто з іх выдае. Як застацца пісьменніцай у Беларусі? Чаму жанчыны, якія пачынаюць як літаратаркі, не застаюцца ў творчасці, з якіх прычын і куды сыходзяць?

Спецыяліст са Швецыі Ванья Хермеле крыху расказала пра тэорыю гендэрных пытанняў у культурнай сферы, растлумачыла, што такое гендэрная сістэма, якая складаецца з гендэрнай роўнасці і гендэрнай перспектывы. Калі гендэрная роўнасць выяўляецца ў колькасных паказчыках, напрыклад, адсотку жанчын у кіраўнічых органах рознага роўню, ліку жанчын, якія выдаюць кнігі і г.д., то гендэрнарная перспектыва звязаная з тэмамі, якія закранаюць жанчыны ў сваіх творах.

Выступ сп. Хермеле ў вялікай ступені перагукаўся з тым, пра што казала паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева, якая таксама займаецца гендэрнай праблематыкай. Апроч іншага сп. Вольга адзначыла, што да самога слова "фемінізм" у Беларусі стаўленне дагэтуль вельмі неадназначнае нават сярод жанчын, і з гэтым паняткам яшчэ трэба працаваць.

Пра тое, як яны патрапляюць спалучаць сямейнае жыццё і літаратуру распавялі творчыя сем'і: Галіна Дубянецкая і Сяргей Сыс, Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. Паэтка Аксана Данільчык паразважала пра спецыфіку творчага жыцця ў сям'і, калі муж не творца. Цікавую гісторыю свайго жыцця расказала Антаніна Хатэнка, выказаліся таксама Вера Буланда, Людміла Паўлікава-Хейдарава.

Да гутаркі далучылася і мужчынская частка ўдзельнікаў: Эдуард Акулін, Валер Стралко, Алесь Пашкевіч, Анатоль Івашчанка, агучыўшы самыя розныя меркаванні ад традыцыйна патрыярхальных да "гендэрна чуллівых".

Каб падвесці вынікі дыскусіі ўдзельнікі семінару выканалі практычнае заданне, паспрабаваўшы даць адказы на пытанне "Што рабіць, каб творчая праца жанчыны была больш плённай", а потым абмеркавалі іх у групах і паспрабавалі падказаць СБП шляхі вырашэння гэтых праблемаў.

Тое, як неабыякава паставіліся ўдзельнікі да тэмы абмеркавання, паказала, што падобныя мерапрыемствы запатрабаваныя. Як адзначыла Аляксандра Дынько, адна з аўтарак канцэпцыі семінару, "Гендэрная роўнасць - гэта азбука дэмакратыі. Гэта пытанне, якое хвалюе ўсіх, і, пакуль будуць існаваць розныя формы гендэрнай прыналежнасці, яно будзе ўзнімацца… Паколькі гэта праблема датычыць усіх, усяго грамадства, вельмі важна яго абмяркоўваць з тымі людзьмі, якія ствараюць культуру, асабліва гэта важна ў нашай цяперашняй сітуацыі, паколькі культура - гэта, можа быць, адзінае, што яднае, ці мае патэнцыял нашага яднання".

Прэсавая служба СБП.

На здымках: 1. Госці са Швецыі Ан Вікстром і Ванья Хермеле; 2. Слова бярэ Аляксандра Дынько.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX