НАША СЛОВА № 15 (1062) 11 красавіка 2012г.
З Вялікаднем!
180 гадоў з дня нараджэння Альфрэда Ромера
Альфрэд Ізідор Ромер (16 красавіка 1832, Вільня - 24 студзеня 1897, Каралінава) - беларускі жывапісец, скульптар, мастацтвазнавец, этнограф. Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў.
Паходзіў са старажытнага рыцарска-шляхецкага роду Ромераў, які вядзе свой пачатак з XV стагоддзя, з Саксоніі і перасяліўся ў Вялікае Княства Літоўскае праз Курляндыю. Сын Эдварда Яна Ромера, удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, унук прэзідэнта Вільні (1812 год) - Міхала Ромера.
Вучыўся ў Віленскім універсітэце. Браў ўрокі малявання ў Канута Русецкага. Удасканальваў сваё майстэрства ў педагогаў «сярэдняй рукі» Л. Бана і А. Аляшчынскага ў Парыжы. Напрыканцы 1850-х гадоў вярнуўся з-за мяжы ў жыў у спадчынным маёнтку Крэўна (Нова-Аляксандраўскі павет), актыўна супрацоўнічаў з часопісам «Каласы», які друкаваўся ў Вільні, дасылаў туды свае гравюры і малюнкі на тэму жыцця і побыту мясцовых беларусаў і літоўцаў.
Браў удзел у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1863-1864 гадоў, пасля паражэння быў арыштаваны і пасаджаны ў Дынабургскую цвердзь. Неўзабаве прадаў маёнтак Крэўна і выехаў у Германію, дзе працягнуў навучанне ў мюнхенскай Акадэміі мастацтваў. Са сваім педагогам Артурам Георгам фон Рамбергам, які разам з Людвігам фон Хагнам аказалі на яго значны ўплыў, і Альбертам Келерам наведаў Італію. У Італіі галоўным чынам быў заняты заказнымі партрэтамі арыстакратаў і садова-паркавымі пейзажамі, таксама капіяваў Веранезэ. Выстаўляў свае гравюры, партрэты і скульптуры ў розных еўрапейскіх гарадах: Мюнхене, Кракаве, Парыжы. У сярэдзіне 1870-х вяртаецца на Віленшчыну. З 1874 жыў і працаваў у маёнтку Каралінава, які належаў яго жонцы графіні Вандзе Сулістроўскай. Гэты этап лічыцца найбольш плённым у яго творчасці: у Каралінаве Ромер падрыхтаваў манаграфію аб вытворчасці слуцкіх паясоў, робіць этнаграфічныя замалёўкі («Сялянская хата», «Сялянская дзяўчына», «Ля карчмы», «Сялянскі двор», «Мешчанін з Віленскай губерні», «Сялянкі з Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні», «Стары храм у Кабыльніках Свянцянскага павета», «Вішнева. Двор. Від з фасада», «Царква ў Камаях»).
Альфрэд набывае старажытныя рукапісы і дакументы, якія потым перадаў у музеі Кракава. Туды ж пераехаў у 1884-м, стаў членам «Камісіі гісторыі мастацтва Акадэміі навук» і зрабіў памятны даклад «Да гісторыі Віленскай школы прыгожых мастацтваў», а так-сама надрукаваў працу «Польскія паясы. Іхнія фабрыкі і знакі».
Памёр 24 студзеня 1897 года ў Каралінаве, пахаваны ў радавой капліцы касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках.
Імя А. Ромера носяць вуліцы ў вёсках Камаі і Каралінова, а таксама Пастаўская дзіцячая мастацкая школа. Планавалася ў 2009 годзе, да 600-годдзя раённага цэнтра, недалёка ад школы ўсталяваць помнік мастаку.
15 жніўня 2001 годзе ў Каралінаве быў ўсталяваны помнік жонцы Альфрэда Ромера, мясцовай асветніцы Вандзе Ромер (1850-1944; скульптар А. І. Цыркуноў.
17 красавіка у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца вечарына памяці Якуба Якубоўскага. Пачатак - 17. 00 гадзін. Уваход вольны. Румянцава, 13.
19 красавіка ТБМ у Інтэрнеце у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя партала ТБМ. Пачатак - 17. 00 гадзін. Уваход вольны. Румянцава, 13.
Эдуард Арочка: ці застанемся мы беларусамі?
Я, сталы чытач "НС" на працягу апошніх годоў. Чытаю амаль усё, што друкуецца і хочацца назаўсёды заставацца Вашым аднадумцам.
У пазамінулым годзе Вы апублікавалі мой даволі змястоўны артыкул у абарону беларускай мовы і з прапановай уладам аб'явіць наступны год Годам беларускай мовы. У вярхах мая прапанова, як і многіх іншых і афіцыяльна ад ТБМ не была пачута.
Хачу ізноў выказацца на тэму лёсу беларускай мовы і нацыянальнай культуры ў незалежнай і суверэннай Беларусі.
У некалькіх апошніх нумарах "НС" публікуецца абшырны матэрыял аб змаганні беларусаў Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1919-1939 г.) за беларускія школы, гімназіі і семінарыі, аб дзейнасці тагачаснай беларускай інтэлігенцыі і ТБШ супраць паланізацыі.
Заканадаўствам міжваеннай Польшчы прадугледжвалася дзейнасць беларуска-моўных навучальных устаноў. Беларускамоўныя школы ўлады пачалі закрываць, калі вакол іх сталі групавацца кіраваныя з Усходу рэвалюцыйныя камуністычныя сілы (КПЗБ, камсамол), якія непасрэдна ўздзейнічалі на вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў. Можна зразумець як пазіцыю шчырых беларусаў, так і польскіх уладаў.
Гэта наша гісторыя і яна больш зразумелая, чым стан, пазіцыі беларускай мовы ў беларускай дзяржаве.
Дажыліся мы да таго, што ў нашай вольнай і незалежнай цяжка ўбачыць нешта сваё, роднае беларускае ў любым горадзе, нават у сталіцы. Рускамоўныя шыльды, аб'явы, рэклама, кнігі, газеты, часопісы, руская мова на вуліцах, у транспарце, у магазінах, установах. Рускамоўная ўлада, армія, міліцыя, практычна ўся без выключэння асвета - ад дашкольнай да ўніверсітэтаў і акадэмій.
Руская мова на вытворчасці, на транспарце, у бальніцах і клініках, на рускай мове у ЗАГСах рэгіструюць шлюбы і нараджэнні, па-руску молімся ў царкве. А даволі часта не абыходзімся без сочнай рускамоўнай лаянкі.
Разам, паралельна з роднай мовай гіне наша нацыянальная культура. Расійская культура не дапаўняе нашу родную, а яе выцясняе. Усюды ў нас у значнай большасці адносна нашых беларускіх, рускамоўныя кнігі рознай мастацкай вартасці, рускія песні, прыказкі, казкі, абрады, анекдоты, звароты, тосты і многае іншае.
Мы перастаем быць беларусамі. Нярэдка чуем выказванні нашых дзеячоў высокага рангу:
- Беларусы і рускія гэта адзін народ - адна мова. Адна культура, адна рэлігія.
- Беларус - гэта рускі са знакам якасці
- Наша Расія...
- У нас фактычна адна агульная армія
Палітыкі, асабліва расейскія, у якіх захаваліся імперскія амбіцыі могуць разважаць - а ці патрэбны аднаму народу две незалежныя дзяржавы: велізаная РФ і адносна невялікая Беларусь. Даўным-даўно В. Пуцін прапанаваў Беларусі аб'яднацца з Расіяй.
Хачу сканцэнтраваць увагу чытачоў на перапісцы сакратарыяту ТБМ з кіраўнікамі розных нашых дзяржаўных органаў, якая публікуецца амаль у кожным нумары "НС", адносна пашырэння выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы ў нашым паўсядзённым жыцці.
Усе адказы на просьбы і запыты абсалютна правільныя і адпаведныя Канстытуцыі РБ і законам па моўных пытаннях. Усюды падкрэсліваецца, што мовы і беларуская і руская раўнапраўныя, што імі аднолькава свабодна могуць карыстацца і грамадзяне, і ўстановы, дзеці могуць па жаданні бацькоў вучыцца ў беларускамоўных ці рускамоўных навучальных установах. Фармальна ўсё законна і справядліва.
Але ж згодна з Канстытуцыяй улады дзяржавы выбралі для карыстання ва ўсіх сферах дзейнасці, на ўсёй тэрыторыі Беларусі рускую мову. Дзе ж тут знайсці патрыятызм, любоў да свайго, роднага, блізкага.
Вядома, ніхто не забараняе беларусу жыць у Беларусі і гаварыць па-беларуску. Але ж пытанне - з кім гаварыць на роднай мове? Дома? У курылцы? За сталом пры бутэльцы віна? Хіба так. А яшчэ дзе? На рабоце рускамоўныя кіраўнікі, рускамоўныя інструкцыі, памяткі, настаўленні, назвы матэрыялаў, інструментаў, аперацый. Так што толькі па-руску. Дзеці прыходзяць з рускамоўнай школы з падручнікамі і дзённікамі на рускай мове і вядома самі русіфікаваныя і вядома, ім трэба, як кажуць, паддакваць па-руску.
У грамадскіх месцах, дзе цябе не ведаюць, лепш не высоўвацца са сваёй беларускасцю, не быць "белай варонай", каб навакольныя цябе не палічылі нейкім нацыяналістам, апазіцыянерам ці "недалёкім" калгаснікам.
Пытанне беларусізацыі Беларусі падымаецца і адзінай штодзённай беларускамоўнай газеце "Звязда". Газета дзяржаўная, і яна цераз сваіх карэспандэнтаў і чытачоў выказваецца аб тым, што лёс роднай мовы ў большасці залежыць ад нас грамадзян-беларусаў. Што ж, гэта праўда. Гістарычна так склалася, што доўга, доўга ўлада ў нас была не свая нацыянальная і прыходзілася размаўляць з рускім па-руску, з палякамі па-польску. Разам з тым ужо ў наш час, у вольнай і незалежнай Беларусі мы не можам ці не хочам патрабаваць ад нашых уладаў, якіх мы выбіраем і паважае, каб змянілі свае адносіны да роднай мовы, нацыянальнай культуры, каб адмовіліся ад усеагульнай русіфікацыі нашага жыцця. Ганьба нам і нашым уладам, што беларуская мова багатая, меладычная, добра распрацаваная, мова 10-міліённай дзяржавы ў цэнтры Еўропы занесена органамі ААН у спісы выміраючых моў свету.
Ужо доўно ТБМ дамагаецца, каб наш парламент абмеркаваў праект закона РБ "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь". Падрыхтавана і апублікавана канцэпцыя гэтага закона.
На запыт у Парламент сп. Трусава па гэтым пытанню адказаў пісьмова У. Здановіч - старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры, навукцы і тэхнічнаму прагрэсу ("НС" №10).
З тэксту адказу мы бачым, як няпроста дамагчыся, каб законапраект трапіў на разгляд у парламенце.
Па закону законатворчую ініцыятыву маюць Прэзідэнт, Урад ды палаты Нацыянальнага Сходу, дэпутаты парламенту і 50 тысяч грамадзян, якія маюць выбарчае права.
Суб'ект законатворчай ініцыятывы падае праект у парламент, потым праект трапляе ў нац. цэнтр заканадаўства і прававога даследвання, дзе ён разглядаецца і зноў накіроўваецца ў парламент. Калі паступіць у парламент да 1 верасня бягучага года, то можа быць уключаны ў план работы парламента на будучы год. План работы можа зацвердзіць, ці не зацвердзіць Прэзідэнт.
Застаюцца пытанні - ці адобрыць праект цэнтр? Ці будзе праект уключаны ў план работы парламента? Ці Прэзідэнт план зацвердзіць? Ці вырашыцца пытанне пры абмеркаванні ў парламенце?
Вядома, такое пытанне, як моўнае вырашаецца (ці можа вырашыцца) на самым высокім узроўні.
Цяжка прадказаць, ці будзе ў нас прыняты закон аб падтрымцы беларускай мовы. Русіфікацыя зрабіла сваю справу. Уплыў яе на свядомасць беларусаў вельмі адчувальны.
У гутарках са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі часта ўзнікаюць абмены думкамі на самыя розныя тэмы, у тым ліку наконт адносін з Расіяй, палітычных праблем у суседняй краіне і не меней чым справамі ў нас у Беларусі. Выказваюцца думкі, разважанні аб магчымым з'яднанні РБ і РФ, прыводзяцца параўнанні, здагадкі, хто і што чуў аб памерах зарплаты, пенсій, аплаты паслуг ЖКГ, беспрацоўя, магчымасцяў вучыцца, аховы здароўя, карупцыі, злачыннасці, алкагалізму і многага іншага ў нас у Беларусі і ў Расіі. Людзі хочуць ведаць, ці пасля з'яднання нашы хлопцы будуць адбываць вайсковую службу ў Беларусі, ці ў Расіі ў т.л. ў Сібіры, на Далёкім Усходзе, на Поўначы ці Каўказе.?
Вельмі рэдка можна пачуць разважанні патрыятычнага зместу, кірунку. Мала хто гаворыць што з'яднанне зусім непатрэбна што наша Беларусь добра загаспадарана, што ў нас магутная прамысловасць, моцная сельская гаспадарка, выдатныя дарогі, масты, транстпарт, школы, бальніцы, клубы, выдатная прырода адукаваныя, працавітыя і мірныя людзі. За савецкім часам Беларусь была донарам у СССР, і тым больш у незалежнай Беларусі мы можам жыць не горш, а можа і лепш, чым суседзі.
Далёка не ўсе мы разумеем нашу і расійскую рэчаіснасць. Мы не горшыя за іншых. Нейк выходзім з крызіснай сітуацыі. Асабіста я разумею палітыку нашых уладаў у галіне эканомікі, вырашэння сацыяльных праблем. Безумоўна ёсць памылкі, недапрацоўкі: яны былі, ёсць і будуць і не толькі ў нас. Наша суседняя Украіна, якая мае багатыя прыродныя рэсурсы, высокаўраджайныя глебы, магутную сучасную прамысловасць і энергетыку, мае праблемы суб'ектыўнага характару больш цяжкія, чым Беларусь.
Невялікая Грэцыя атрымоўвае ад ЕС падтрымку фантастычных памераў больш за 100 мрд. еўра, каб пазбегнуць краху эканомікі. А каб не было гэтай падтрымкі?
У Расіі таксама праблем больш, чым у нас.
Гэта для прыкладу, што мы не горшыя за іншых, што мы беларусы здольныя выдатна працаваць і годна жыць у сваёй незалежнай краіне.
Хочацца верыць, што мы, беларусы ў складаны час глабалізацыі, розных саюзаў, уній, садружнасцяў, суполак, інкарпарацый захаваем сваё адзінства, годнасць, незалежнасць дзяржавы, родную мову, культуру, традыцыі, гістарычную спадчыну, усю сваю нацыянальную ідэнтычнасць.
Вельмі сумна, што стан нацыянальнай свядомасці многіх нашых грамадзян блізкі да таго, каб, калі запатрабуецца, прагаласаваць на рэферэндуме за ўвядзенне ў Беларусі расійскага рубля, а затым і за ўступленне Беларусі ў склад РФ.
Дзяржава са сваім моцным кіраўніцтвам, вялікімі магчымасцямі, з ідэалагічным апаратам, з аўтарытэтам сярод грамадзян не павінна дапусціць самагубства беларускай нацыі і знікнення з карты Еўропы Беларускай дзяржавы ў такім маладым узросце.
Мовазнаўчы досвед
Пазоўнік, ісцец . "Калі галоўны пазоўнік свайго абвінавачання зракаецца, дык і Статут пераслед судовы спыняе". (Маладосць. 2011. №7. С.61). Слоўнікі падаюць толькі другое слова - ісцец , супольнае з усесаюзным стандартам (истец) . Пазаслоўнікавае пазоўнік - утварэнне ад позва (позаў) : пазоўнік . Утваральнае слова занатавана ў "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926, с.214): " Позва ж - повестка в суд» . Абодва словы тоесныя значэннем, толькі паходзяць ад розных асноў (каранёў): пазоўнік - ад пазваць , ісцец - іскаць . У жывой беларускай народнай мове слова іскаць мае вузкае значэнне - 'шукаць ў галаве'. Дарэчы, як і ва ўкраінскай, польскай, славацкай і іншых славянскіх мовах (Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Том 3. С.399).
Ва ўкраінскай мове (яна пэўны час - у Вялікім Княстве Літоўскім - мела супольную для беларусаў і ўкраінцаў пісьмова-кніжную мову) таксама выкарыстоўваюцца словы з названай утваральнай асновай: пузов - іск, позувний - іскавы; позивбч, позувник, позивальник - ісцец . (Беларуска-ўкраінскі слоўнік. - Кіеў. Выдавецтва "Довіра", 2006, с.185).
Прамінулы, прошлы. "Машынка шоргала гісторыю майго роду, і залаты арол распроствае крылы над прамінулым стагоддзем" (Маладосць. 2010. № 7. С. 14). Сучасныя слоўнікі не падаюць слова прамінулы , хоць бачым у іх дзеяслоў з адпаведнай асновай: "Прамінуць, зак. Прайсці, мінуць (пра час, здарэнне і пад.). Прамінуў яшчэ адзін дзень" . (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996. С. 496). У "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926, с. 246): "Прамінулы - давнопрошедший" . Сучасны нацыянальны друк выкарыстоўвае гэтае слова як адпаведнік рас. прошлый . Гэта засведчана ў згаданым тэксце з твора Людмілы Рублеўскай "Гісторыі пані". У 30-80 гадах ХХ стагоддзя небеларускае слова "прошлы" нярэдка выкарыстоўваецца ў беларуска-моўных тэкстах пад уплывам граматык, дзе мінулы (час) было замацавана прошлы (час). У савецкага часу слоўніках і іх перавыданнях, здзейсненых у незалежнай краіне Рэспубліка Беларусь, усё яшчэ чытаем: "Прошлы. У выразе прошлы час (грам.)" , хоць у самой лінгвістычнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца даўномінулы час. Падае гэты прыметнік і аднакнігавы "Тлумачальны слоўнік" (1966, с. 172): "Даўномінулы, -ая, -ае. Які існаваў, адбыўся ў далёкім мінулым".
Натуральна было б выкарыстоўваць свой тэрмін "мінулы" (час) і ў лінгвістычнай тэрміналогіі. Тым больш, што яго бачым у складзе тэрміналагічнай намінацыі "даўномінулы час" . Засведчана слова і перакладнымі акадэмічнымі слоўнікамі: "Даўномінулы - давнопрошедший; д. час - грам. давнопрошедшее время" (Беларуска-рускі слоўнік. Рэдактар акадэмік АН БССР К.К. Атраховіч (Кандрат Крапіва). Т. 1. Мінск, 1988. С. 330. У гэтым жа слоўніку беларускаму мінулы якраз адпавядае згаданае расійскае слова: "Мінулы - прошлый, прошедший". (Тамсама, с. 693)
Самаскід , самазвал . "Праз два тыдні ў Пелагеі Катавод загавела душою рабая курыца … пакаштавала салетры, якую надоечы вазілі на самаскідах ды рассыпалі па дарозе" (Дзеяслоў. 2011. № 2. С. 22).
Слова самаскід як адпаведнік рас. самосвал засведчаны перакладнымі беларускімі слоўнікамі трыццацігадовай даўніны. "Руска-беларускі слоўнік" пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) (Мінск: выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі, 1982, т. 2, с. 351) падае: "Самосвал техн. 1. (выгрузка целиком) самаскід, 2. (вид разгрузочной машины)" самаскід". Грузовик - самосвал - грузавік - самаскід." Гэта фіксуецца пазнейшымі перавыданнямі слоўніка (РБС 1993, т. 3, с. 287 і іншымі).
Самаскід - натуральнае слова з матывацыяй 'сам скідае' , яго сінонім самазвал - "сам звальвае" : утварэнне ад словазлучэння сам + зваліць /звальваць , дзе дзеясловы маюць адценне непахвальнасці. Мадэль утварэння наймення самаскід - даўняя, параўн.: самаход (калька пазычання аўтамабіль), самалёт і пад. Другая частка складаных слоў - утварэнні ад стылёва нейтральных дзеясловаў - хадзіць > ход; ляцець, лётаць > лёт.
Набелнст. "30 чэрвеня 2011 г. спаўняецца 100 гадоў Чэславу Мілашу (1911 - 2004), выбітнаму польскаму паэту і празаіку, эсэісту і перакладчыку, нобелеўскаму лаўрэату 1980 г. … З'явіцца - і ўжо з'яўляецца безліч перакладаў польскага набеліста " (Дзеяслоў. 2011. № 2. С. 185) . На месцы аналітычнай назвы "лаўрэат прэміі Нобеля" - аднаслоўнае найменне (кандэсант) набеліст : утварэнне з суфіксам -іст ад наймення заснавальніка прэміі Нобель : нубеліст - набелнст . На ўзор: медаль - медаліст - утваральная аснова ў абодвух выпадках аналагічная: двухскладовая з фінальным санорным "л" .
Павел Сцяцко
Беларуская сістэма адукацыі, якая яе мэта?
Ужо дваццаць гадоў, як наша краіна выпала з калыскі СССР. Але не ўсё савецкае мы здолелі абтрэсці з сябе за гэты час, асабліва ў галінах, якія занадта марудна паддаюцца зменам. Напрыклад, у сістэме адукацыі. Сёння беларуская сістэма адукацыі выглядае жорсткай пародыяй на савецкую, пераняўшы адтуль і самае заганнае, і нібыта найлепшае, істотна перайначыўшы (чытай: сапсаваўшы) яго, а таму патрабуе перагляду і «капітальнага рамонту», пачынаючы з падмурку.
Савецкая сістэма адукацыі зазначыла ў якасці асноўнай мэты: чалавек усебакова развіты . Нават лёгкая спроба аналізу названага тэрміну выяўляе яго недарэчнасць. Усебакова - значыць, ва ўсе бакі. А колькі іх? І што, калі чалавек развіўся не ва ўсе бакі? Чаму чалавека, неразвітага, напрыклад, у матэматычны бок, трэба лічыць непаўнавартасным? Ен жа можа быць віртуозным піяністам ці выдатным артыстам.
Да таго ж, у слове «развіты» адчуваецца нейкая завершанасць дзеі, нібыта чалавека можна развіць да пэўнай «нормы» і далей спыніць тое развіванне, паставіць кропку (бо куды ж развіваць, калі ўжо «развіты»).
Роздум аб асноўнай мэце адукацыі прывёў мяне да наступнай высновы. Мэтай адукацыі трэба пазначыць: чалавек свабодны . Калі разумець свабоду не прымітыўным «што хачу, тое раблю», а ў вывераным стагоддзямі філасофскім разуменні: свабода ёсць асэнсаваная неабходнасць жыць і дзейнічаць у межах законаў, якія аб'ектыўна існуюць у прыродзе і грамадстве.
Вось уявіце: чалавек патрапіў у невядомае цёмнае памяшканне. Ен не можа свабодна перасоўвацца па гэтым памяшканні, бо можа наткнуцца на нешта ці спатыкнуцца аб выступ. Ен пачынае асцярожна абследаваць тое памяшканне, пазначаючы, дзе якая мэбля стаіць, дзе няроўнасці ў падлозе і г.д. І чым болей інфармацыі ён атрымлівае са свайго абследавання, тым болей свабодна ён пачынае сябе паводзіць.
Так усюды: чым болей законаў прыроды ведае чалавек, тым болей свабодны ён у гэтай прыродзе - інакш прырода будзе варожай яму. Чым болей законаў грамадскага жыцця (не прыдуманых нейкім «парламентам», а законаў існых аб'ектыўна) спасцігае чалавек, тым болей свабодна паводзіць ён сябе ў тым грамадстве.
У 1990 годзе ў Казані праходзіла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам адукацыі (цікава: канферэнцыю назвалі міжнароднай, а не ўсесаюзнай - хаця дакладчыкаў з-за межаў СССР там не было; мабыць, арганізатары канферэнцыі ўжо тады прадчувалі рэфармацыю «адзінага савецкага народа»). Маё паведамленне пра пераасэнсаванне асноўнай мэты адукацыі выклікала жывую і гарачую дыскусію. Слова «свабода» ў тыя часы яшчэ шмат каго пужала. Урэшце дыскусію вырашана было спыніць патаемным галасаваннем. Удзельнікам былі раздадзены аркушыкі, на якіх патрабавалася закончыць фразу «мэта адукацыі - чалавек …». Сярод блізу 60 прысутных (прафесары, выкладыкі ВНУ, супрацоўнікі міністэрстваў і ніжэйшых органаў адукацыі) толькі два пазначылі мэту «чалавек свабодны» . Астатнія шукалі больш нейтральныя словы: «чалавек разумны», «чалавек адукаваны», «чалавек актыўны», «чалавек, здольны да развіцця», «чалавек, здольны да самаўдасканалення», «чалавек паспяховы» (?) ды інш. Лепшыя з тых варыянтаў добра пасавалі да азначэння «чалавек свабодны» . І ніхто не пазначыў савецкую мэту «чалавек усебакова развіты» , тым самым прызнаўшы няслушнасць такой мэты. Ініцыятар дыскусіі застаўся вельмі задаволеным: усё ж «чалавек свабодны» выйграў у «чалавека ўсебакова развітага» з лікам 2:0.
І калі паставіць у чырвоны куток адукацыйнай сістэмы мэту «чалавек свабодны» (у пазначаным вышэй разуменні), то адразу ўзнікае неабходнасць пераасэнсавання іншых элементаў падмурку. У прыватнасці - прынцыпаў, на якіх грунтуецца сістэма адукацыі.
Напрыклад, прынцып даступнасці ведаў у савецкай школе прывёў да таго, што веды павінны ўспрымацца лёгка, таму навучальны матэрыял дзяліўся на маленькія «порцыі», якія ўсе вучні павінны за пэўны тэрмін лёгка засвоіць. Слабейшыя ўсё адно не засвойвалі, а больш здольныя мусілі сумаваць, слухаючы, як настаўнік чарговы раз тлумачыць іншым тое простае, што палова класа ўжо даўно зразумела. Навучанне і для адных, і для другіх пераўтваралася ў непрыемную «цягамоціну».
Спробы перагледзець падмурак найлепшыя мысляры савецкай педагогікі рабілі раней (напрыклад, Леанід Занкоў). Віктар Шаталаў, прад'яўляючы сваю метадычную сістэму, дапоўніў савецкія педагагічныя прынцыпы трыма новымі (прынцып рэгулярнай зваротнай сувязі, прынцып хуткага руху наперад і прынцып навучання на высокім узроўні складанасці), якія акадэміяй педагагічных навук СССР успрымаліся ў штыкі, бо ў звыклае для акадэмікаў разуменне працэсу навучання зусім не ўкладваліся.
Тут няма магчымасці гаварыць пра кожны савецкі прынцып грунтоўна. Спынюся на адным з іх.
Найбольш руцінна выглядае сёння прынцып роўнасці (калі, натуральна, не ўспамінаць аб прынцыпе камуністычнага выхавання). Роўнасць - гучыць прыгожа, але ў савецкім варыянце яна ператварылася ў аднолькавасць. Школы аднолькавыя, праграмы аднолькавыя, падручнікі аднолькавыя («да наступнага ўрока прачытаеце ад старонкі 156 да старонкі 159»), у класах аднолькавыя па ўзросце дзеці (неаднолькавымі былі толькі другагоднікі), адзнакі аднолькавыя і г.д. Нейкіх магчымасцяў для выяўлення сваіх індывідуальных здольнасцяў, якія ў кожнага свае, вучні амаль не мелі. Здараліся нейкія выключныя выпадкі, пра якія пісалі ў газетах, як пра нейкія дзівы: хлопец N у 14 гадоў скончыў школу і стаў студэнтам. І ніхто чамусьці не думаў, што такое дзіва можа стварыць мінімум кожны трэці, калі не стрымліваць яго жорсткімі рамкамі школьных планаў і праграм.
Сёння прыйшла пара грунтоўна думаць аб гэтым. Есць настаўніцкія напрацоўкі ў краінах былога СССР (напрыклад, у таго ж В. Шаталава) і за мяжой. Калі спалучыць іх з новымі камп'ютарнымі тэхналогіямі, то вынік можа быць уражлівым. Хацелася б лічыць гэта прапановай нацыянальнаму міністэрству адукацыі для пачатку працы ў гэтым кірунку. Пры станоўчым стаўленні міністэрства да такой ідэі я бачу і сваю сціплую ролю ў новым працэсе. Мяркую, аднак, што міністэрства такую прапанову сёння не прыме. Бо іншадумства ў нашай краіне не ў пашане.
А ідэя ўжо так ці інакш рэалізуецца. У хатніх настаўнікаў, «рэпетытараў».
Міхась Булавацкі
Асіміляцыя ў адукацыі
Не будзем удавацца ў падрабязнасці, на якой дакладна стадыі знішчэння і самазнішчэння цяпер нацыянальная культура, мова беларусаў, але тое, што яна знаходзіцца ў даволі крытычным стане і набліжана да клінічнай мяжы - не выклікае сумнення.
Пасля так званай школьнай рэформы сярэднія адукацыйныя ўстановы згубілі прадмет «Айчынная і сусветная культура», які прадугледжваў вывучэнне спецкурсаў і факультатываў фальклорна-этнаграфічнага кірунку. Акрамя таго, школы былі пазбаўлены паглыбленага і профільнага навучання, г. зн. зніклі этнакласы, дзе можна было развіваць мастацкія навыкі, нацыянальную свядомасць. Закрываюцца адпаведныя факультэты і кафедры ва ўніверсітэтах. Развіваецца іншая ідэалогія.
Прааналізуем дапаможнік «Народная педагогика», рэкамендаваны рэдакцыйна-выдавецкай радай БДПУ (Воронецкая Л.Н., Мелешко Ю.В. Народная педагогика. Минск: Красико-Принт, 2007).
Дапаможнік напісаны на рускай мове і рэкамендаваны настаўнікам-прадметнікам, класным кіраўнікам, выкладчыкам ВНУ, студэнтам педагагічных спецыяльнасцей, аспірантам.
Ва ўступным артыкуле робіцца абстрактная спроба абгрунтавання псіхалагічна-педагагічных перадумоў фармавання нацыянальнай свядомасці асобы. Дэкларуецца, што аўтары засноўваюцца на высновах беларускіх вучоных, якія займаюцца праблемай нацыянальнай самасвядомасці (і ўказваюцца сапраўды беларускія крыніцы), але асноўны раздзел «Методика формирования национального сознания школьников на материале народной педагогики» ім супярэчыць.
У дапаможніку пададзена праграма з дзесяці тэмаў і метадычна-тэхналагічнае забеспячэнне. У першай з іх («Народная педагогика: ее воспитательный потенциал») аўтары ўмудрыліся абысці няёмкае наўпростае пытанне: свядомасць якой нацыі яны будуць фармаваць у беларусаў, чыю культуру будуць ім насаджаць? У сцэнары занятку прысутнічаюць звычайныя пытанні пра Радзіму, продкаў у трэцім калене, народныя святы і культуру, а таксама прыводзіцца выраз: "Народ осуждал тех, кто по своей воле очутился на чужой стороне - «Кто язык и веру менял, тот мать предавал»".
У другой тэме «Славянский фольклор как средство воспитания личности» нават са спісу літаратуры можна прыйсці да высновы, што славяншчына - гэта толькі руская культура.
У сёмай тэме пра гісторыю рускага этыкету, які, як вядома, адрозніваўся ў розных фармацыях і эпохах, педагог даведаецца пра сенсацыйныя падзеі: Кастрычніцкая рэвалюцыя адмяніла этыкет… і рэабілітаваны ён у савецкую эпоху ў 30-я гг. - гады «адлігі», калі пачалі наладжвацца міжнародныя сувязі.
Іншыя тэмы проста ўказваюць на рускую народную музыку, харэаграфію і г.д. Усё гэта падаецца як роднае.
Зразумела, што вывучэнне чужой культуры не з'яўляецца заганай, а наадварот, мерылам выхаванасці, а вось насаджэнне праз адукацыю ў свядомасць дзяцей чужой культуры і свядомае перавыхаванне ў іншую нацыянальнасць - гэта і ёсць гвалтоўная асіміляцыя.
На жаль, такое здараецца ў краіне, калі ў аснову дзяржаўнага кіравання закладваюцца недэмакратычныя прынцыпы, якія спараджаюць непрафесіяналізм і карупцыю.
Ва ўніверсітэтах выявіўся сёлета вялікі недабор на спецыяльнасцях беларускай філалогіі, таму многія з іх проста закрываюцца. Будзе выпускацца больш спецыялістаў рускай мовы і літаратуры, якія вывучаюць, дарэчы, рускі фальклор. І вось прыходзяць падобныя «спецыялісты» у школы і пачынаюць вывучаць і ставіць на школьнай сцэне святы рускага гадавога кола і забываць матчыны калыханкі, бабуліны песні і дзедавы казкі.
Як бы адрэагавалі на свядомую асаміляцыю свайго этнасу бацькі народнай педагогікі: чэх Ян Амос Каменскі, англічанін Джон Лок, француз Жан Жак Русо, швейцарац Іаган Генрых Песталоцці, рускія Канстанцін Ушынскі, Леў Талстой? Пытанне рытарычнае…
Алесь Лозка
Падручнік для бацькоў
Сярод шматлікіх спраў, якімі займаецца ТБМ, нам трэба знайсці час і сродкі яшчэ для адной справы. Яна непасрэдна датычыцца нашай будучыні, дакладней кажучы, тых дзетак, якія хутка народзяцца і будуць размаўляць па-беларуску.
Справа ў тым, што многія маладыя бацькі, нават пры вялікім асабістым жаданні, не ведаюць, як зрабіць першыя крокі ў выхаванні свайго дзіцяці, каб выхаваць яго беларусам. Бо самі бацькі жывуць у такім асяродку, дзе яны пазбаўлены магчымасці нават чуць родную мову. А жаданне ў іх, каб дзеткі пачалі гаварыць на роднай мове, ёсць, толькі бацькі часта не ведаюць, з чаго пачаць. Пазней, калі ў дзіцяці ўжо сфармаваны асновы светаўспрымання на чужой мове, гэта зрабіць значна цяжэй, а парой і немагчыма.
Вось мне і падумалася: а ці не скласці ТБМ кніжку, якою трэба надзяліць усе ЗАГСы краіны. Кожная маладая пара, якая б заключала шлюб, атрымоўвала б яе ў падарунак. У гэтай кніжцы на першай старонцы мусіць быць спіс беларускіх імён хлопчыкаў і дзяўчынак, якімі традыцыйна называліся беларусы, і якімі, несумненна, будуць называцца нашы дзеткі ў будучыні. На наступных старонках - першыя словы, якімі мусіць авалодаць дзіця пасля нараджэння ( татуля, мамуля, дзядуля, бабуля і г. д.) з малюнкамі, якія некалі паслужаць і дзеткам у якасці першай кніжкі-чытанкі. Далей мусяць быць прыклады ўжывання некалькі дзесяткаў найбольш распаўсюджаных дзеясловаў, якім трэба навучыць дзіця найперш. (Напрыклад: дай, вазьмі, не чапай і г.д.) Далей - усе правілы беларускага этыкету: як правільна прывітацца і развітацца, пажадаць смачна есці і шчаслівай дарогі, як пачаць размову па тэлефоне і як запытаць нешта ў незнаёмага. А яшчэ ў кніжцы можна намаляваць хату і яе пакоі і надпісаць, як што ў пакоях называецца па-беларуску. А таксама што і як называецца ў аўтамабіля і камп'ютара, як называецца мэбля і сталовыя прыналежнасці, грыбы, ягады, травы, птушкі і звяры і г.д.
Кніжку трэба ўпрыгожыць вершыкамі, беларускімі прыказкамі і прымаўкамі. На першых старонках мусяць абавязкова быць розныя беларускія калыханкі, казкі. Далей дзіцячыя вершыкі-загадкі пра жывёл і птушак, пра надвор'е і - усё тое, чаго сёння не мае беларуская сям'я, каб выхоўваць сваіх дзетак на беларускай мове, з улікам усіх беларускіх традыцый.
Кніжку трэба зрабіць з густам. Да распрацоўкі яе трэба падключыць нашых вядомых пісьменнікаў, знаўцаў беларускіх традыцый, усіх тых, хто адчувае, што ён можа паспрыяць справе. Яна павінна стаць бестселерам і карыстацца попытам. Выдаць яе можна за народныя грошы.
Георгій Станкевіч, Бешанковіцкі раён, в. Старыя Ранчыцы.
Не стала Ірыны Марачкінай
Увечары 3 красавіка ў ТБМ прыйшла трагічная вестка: не стала Ірыны Сяргееўны Марачкінай, адданай і самаахвярнай працаўніцы на ніве беларушчыны.
Ірына Марачкіна нарадзілася ў жніўні 1941. Са свайго дзяцінства яна прыгадвала: «Любілі гуляць у школу. Я пераважна была за настаўніцу. Мусіць, з гэтага і пачалася мая прафесіяналізацыя. Памятаецца і такое: як толькі вызвалілі Беларусь, мы, дзеці, бегалі па хатах і вучылі ўсіх непісьменных, бабулек і дзядулек чытаць і пісаць, каб хоць распісвацца маглі...»
Ірына Марачкіна ўсё жыццё была асветніцай: працавала метадысткай Міністэрства асветы, сакратаром Таварыства Беларускай Мовы, потым намеснікам старшыні ТБМ, сакратаром Управы. Яе інтэрвію са шматлікімі дзеячамі культуры друкаваліся ў розных выданнях. Ірына Ляксеева - сціпла падпісвалася яна пад сваімі публікацыямі на старонках «Народнай волі» ці «Нашага слова». І ўсе чытачы ведалі, хто гэты Ляксей, і хто гэтая Ірына. Яна жыла, каб вышэла беларускае неба.
Родавае, дзявочае, яе прозвішча Грыдзюшка. Ірынай Марачкінай яна сталася з тае пары, як са знаным цяпер мастаком Аляксеем Марачкіным шлюбам пабраліся. З тае пары яны абодва аднадумцы, глыбока адданыя Беларусі, апантаныя Беларуссю. Толькі на гэтай глебе яны пачувалі сябе паўнавартаснымі грамадзянамі Беларусі. У гэтым рэчышчы рупіцца і іхні сын Ігар. Ірына Марачкіна ахвяравала сваё жыццё сям'і, мастацтву і Беларусі. Дзе б яна ні з'яўлялася, там абавязкова ўзнікала своеасаблівая аўра шчырасці і любові. Не менш за жывапіс яна любіла беларускую літаратуру. Не проста чытала, дапільноўвала новыя творы - любіла. Вельмі рэдкая якасць у наш затузаны, знерваваны і паспешлівы час.
На такіх людзях, якой была Ірына Марачкіна, і якой застаецца яе сям'я, трымаецца духоўнае жыццё Беларусі.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім Ірыны Сяргееўны і кажуць ёй апошняе "Дзякуй" за шматгадовую працу на ніве Беларушчыны. Хай будзе суцяшэннем, што спачыла яна ў незалежнай краіне Беларусь, якая спачатку была яе марай, а апошнія дваццаць гадоў - пастаянным клопатам.
Які ён сучасны стан беларускага краязнаўства?
Запрашаем на канферэнцыю
Паважанае спадарства!
16 красавіка 2012 г. у межах выканання праекта "Захаванне гістарычнай спадчына праз удзел у краязнаўчай дзейнасці" адбудзецца Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух" у памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (Мінск, вул. К. Маркса, 12). У праграму канферэнцыі ўключаны ўсе дасланыя матэрыялы выступаў.
Просім удзельнікаў канферэнцыі адразу купіць білеты туды і назад і перадаць нам для аплаты білет да Менска і ксеракопію зваротнага білета.
Просім пацвердзіць свой прыезд па электроннай пошце siadziba gmail.com да 13 красавіка 2012 г.
Друкуем у гэтым нумары праграму канферэнцыі (гл. таксама tbm-mova.by).
Тэрмін на дапрацоўку матэрыялаў для публікацыі да 1 мая 2012 г.
Нагадваем Вам патрабаванні для публікацыі: да 5 старонак, шрыфт памер 14, Times New Roman.
Аргкамітэт канферэнцыі.
Праграма Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух"
16.04.2012, г. Мінск
10.00-10.55 - Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
11.00 - Пачатак канферэнцыі.
Вітальныя словы:
11.05-11.10 - І.М. Чарняўскі, начальнік упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
11.10-11.15 - Н.У. Калымага, в.а. дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.
11.15 -11.20 - А.М. Анісім, першы намеснік старшыні ТБМ.
Пленарнае пасяджэнне
11.20-13.00
11.20-11.30 - А.А. Трусаў. Рэгіянальныя музеі і турызм (Роля гістарычна-культурнай спадчыны ў фармаванні беларускай ментальнасці).
11.30-11.40 - А. Крой. Праз краязнаўства да спробы стварэння турыстычнага праекта.
11.40-11.50 - П.А. Каралёў. Прыцягненне ўвагі грамадства да гісторыі і помнікаў праз святка-ванне 18 красавіка (Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін) Фэста экскурсаводаў.
11.50-12.00 - І.І. Бубновіч. Мікратапонімы - скарбніца ведаў пра вёску.
12.00-12.10 - Г.В. Чэрнік. Навуковая спадчына Мікалая Іванавіча Каспяровіча як падмурак для папулярызацыі краязнаўства на сучасным этапе.
12.10-12.20 - Ю.В. Маліцкі. Лінгвакраязнаўчая дзейнасць як найбольш эфектыўны метад збі-рання дыялектнай эмацыянальна-ацэначнай і экспрэсіўнай лексікі.
12.20-12.30 - Н.В. Сівіцкая. Народныя назвы асобы: міфалагічныя ўяўленні і сацыякультурны статус.
12.30-12.40 - І.Л. Капылоў. Беларуская рэгія-нальная гідранімія: лінгвакультуралагічны і нарматыўны аспект.
12.40-12.50 - В.М. Курцова. Нацыянальнае краязнаўства: месца і роля ў стварэнні фунда-ментальных лексікаграфічных прац.
12.50-13.00 - Г.С. Бародзіч. Тапаніміка як складовая частка краязнаўства.
13.00-14.00 - Перапынак на каву.
Дэманстрацыя фільма.
Секцыйныя пасяджэнні
14.00-17.00
Секцыя 1. Зала 12. Тапаніміка
як складовая частка краязнаўства.
1. І Пракаповіч. Досвед даследавання тапаніміі Пастаўскага раёна.
2. С.В.Гаўрылава. Гаданімія г. Полацка ў рэтра-спектыве часу (ХІV - ХХІ ст.)
3. Я.К. Адамовіч. З тапанімікі рабочага пасёлка Градзянка і прылеглых да яго вёсак Каменіцкага і Пагарэльскага сельсаветаў...
4. М. Мацельскі. Тапонімы Барысаўшчыны.
5. І.Г. Згрундо. Тапанімічная спадчына Смалявіцкага краю.
6. В.У Міцкевіч. Гідранімія "Рэвізія пушчаў і пераходаў звярыных" у кантэксце рэгіянальнага краязнаўства паўднёва-заходняй Беларусі.
Секцыя 2. Зала зброі.
2.1. Ахова і выкарыстанне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны: досвед і перспектывы развіцця.
2.2. Валанцёрскі рух на адбудове помнікаў архітэктуры.
1. В.М. Сямашка. Праблемы аховы аб'ектаў гістарычна-культурнай спадчыны аграгарадка Крэва.
2. М.Я. Ганчарык. Этапы архітэктурнага развіцця гатэля "Еўропа".
3. М.В. Півавар. З досведу працы па мемарыялізацыі гістарычна-культурных каштоўнасцей у Віцебскім раёне.
4. В.А. Ермалёнак. Гістарычна-культурныя каштоўнасці рэгіёну ў змесце дзейнасці гіста-рычнага музея ДУА "Мёрская СШ № 3".
5. Н.М. Волкава. Старыя могілкі ў Радашковічах: невядомая каштоўнасць.
6. С. Суднік. Легендарнае і рэальнае вакол фігуркі Ісуса Хрыста ў в. Сейлавічы Нясвіж-скага раёна.
7. С.У. Чысцякоў. Крыпта князёў Радзівілаў у Нясвіжскім фарным касцёле: гісторыя, праблематыка захавання і аховы помніка.
8. Т.В. Маслюкоў. Удзел добраахвотнікаў у археалагічных даследаваннях у Жлобінскім і Светлагорскім раёнах Гомельскай вобл. у 1997-2011 гг.
9. М.В. Півавар. Помніказберагаючая дзейнасць гістарычна-культурнага клуба "Узгор'е" ў Віцебску ў канцы 1980 - пач. 90-х гадоў.
10. І.І. Галуза. Краязнаўчы рух пач. ХХ ст. і роля Я. Драздовіча ў ім.
Секцыя 3. Зала 14.
3.1. Фармаванне турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю краязнаўства.
3.2. Лінгвістыка як аспект краязнаўства.
1. А.Г. Сакалова. Фармаванне турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю краязнаў-ства (на прыкладзе гістарычнай спадчыны Браслаўскага р-на.)
2. В.В. Дайлід. Творцы сучаснай гісторыі. Краязнавец - Аляксандр Фаміч Зайка.
3. Л. Лаўрэш. Гісторыя чыгункі на Лідчыне.
4. Ю. Шэлег. Гістарычна-культурны патэнцыял Стаўбцоўскага раёна ў кантэксце развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь.
5. Т.М. Маракуліна. Публіцыстычныя нарысы Ядвігіна Ш. "Лісты з дарогі" ў кантэксце мемуарнай літаратуры к. ХІХ - пач. ХХ ст: краязнаўчы і лінгвістычны аспекты.
6. А.М. Лапцёнак. Рэгіянальныя асаблівасці ўжывання сінтаксічнай канструкцыі: па грыбы ці ў грыбы ?
7. Н.А. Снігірова. Беларуска-яцвяжскія ўзаемадачыненні як аспект краязнаўства.
8. А.М. Анісім. Краязнаўчая тэматыка ў "Нашай Ніве" (1906-1915гг.).
9. А.А. Марозава. Лексемы веласіпед-ровар : спецыфіка рэгіянальнага ўжывання.
Дыктоўка ў Пружанах
Пружанская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны кожны год удзельнічае ў агу-льнанацыянальнай дыктоўцы. 21 лютага 2012 года актыў нашай арганізацыі сабраўся на прыватнай кватэры на станцыі Аранчыцы Пружанскага раёна. Для напісання мы абралі тэкст верша М. Танка "Родная мова", а пасля дыктоўкі адбылося абмеркаванне і абмен думкамі па пытаннях захавання аб'ектаў культурна-гістарычнай спадчыны ў нашым раёне. Старшыня ААТ "Отечество" аддаў загад бульдозерам зруйнаваць рэшткі капліцы Крашэўскіх ля вёскі Доўгае. Акрамя таго высякаюцца і знікаюць цікавыя прыродныя аб'екты.
Пасля гарачых абмеркаванняў і спрэчак, што рабіць, мы раптам заспявалі нашы беларускія песні, якія ўспомніліся на той час. Упершыню ў нашым асяроддзі загучала песня, узнік дзіўны настрой, прыйшло разуменне, што нашы людзі ўжо даўно перасталі спяваць, і што, каб адчуць сябе часткай адзінай беларускай нацыі, трэба часцей спяваць нашыя народныя песні.
Перад Днём канстытуцыі мы звярнуліся да жыхароў горада і раёна з прапановай прыняць удзел у дыктоўцы і тым самым выступіць у абарону роднай мовы. Аб'ява была зроблена ў газеце "Раённыя будні", а запрашалі мы людзей прыйсці на дыктоўку 17 сакавіка ў 15 гадзін у дзіцячую раённую бібліятэку.
Прыйшлі і прынялі ўдзел у дыктоўцы ў гэты дзень 15 чалавек, гэта сябры Таварыства і толькі дзве жанчыны з горада па аб'яве ў газеце. Праўда парадавала тое, што прыйшла моладзь школьнага ўзросту. Дзеці аздобілі наша мерапрыемства. Напачатку прагучаў вальс у выкананні на скрыпцы Жэгалавай Беаткі, вучаніцы 4 класа Пружанскай школы № 1. Пасля напісання дыктоўкі мы паслухалі дэкламацыю вершаў М. Танка ў выканані вучняў 7 класа СШ № 3 Шпарлы Улада і Пятраня Арцёма, а таксама настаўніка беларускай мовы СШ №1 спадара Жытко Кастуся і абмеркавалі стаўленне пружанскай грамадскасці да роднай мовы. Вельмі прыемна было пачуць шчырыя, ўзнёслыя выказванні вучаніцы 10 класа Параслянскай сярэдняй школы Сысаляцінай Арыны.
25 сакавіка, у час святкавання Дня Волі, мы традыцыйна сабраліся ля помніка нашаму земляку Р.Р. Шырму, усклалі бела-чырвоныя кветкі да помніка, падвялі вынікі дыктоўкі, у якой прынялі ўдзел акрамя вышэй пералічаных людзей яшчэ і вучні Белаляскоўскай базавай школы і вучні СШ №1 у колькасці 26 чалавек. Юным удзельнікам дыктоўкі, якія прыйшлі і на свята да помніка Р. Шырму, вучаніцы 10 класа Параслянскай школы Сысаляцінай Арыне, чацвертакласніцы СШ №4 Жэгалавай Беаце, сямікласнікам СШ №3 Шпарлу Ўладу і Петраню Арцёму былі ўручаны памятныя кнігі беларускага выдання. На мітынгу ля помніка прысутнічала 16 чалавек. Мы ўспомнілі змагароў за волю ў далёкія 20-тыя гады XX стагоддзя, дзеячоў БНР і тых людзей, якія сёння церпяць за ўдзел у змаганні за вольную Беларусь.
Тарэса Жэгалава , старшыня рады Пружанскай арганізацыі ТБМ.
Дзякуй за кнігі ў Год кнігі
Мае шаноўныя глыбоцкія выдаўцы, з рэдакцыі рэкламнай газеты "Прэфект-інфо" (адказны за выпуск Яраслаў Берніковіч і вярстальшчык Зміцер Лупач) апярэдзілі ўсіх мясцовых рупліўцаў у Год кнігі. Яны ўжо выпусцілі ў свет мае два паэтычных зборнікі: "Камень смутку" і "Прымі, душа, таямніцу".
30 сакавіка кнігі прэзентаваліся ў Глыбоцкай раённай бібліятэцы. І я вельмі ўдзячна выдаўцам не толькі за ўзмацненне маёй паэтычнай вядомасці, але і за патрыятычны рух.
Рупліўцы - Зміцер, Яраслаў!
Да неба рукі я ўзнясла -
За кнігі гэтыя ў Год кнігі,
Што растапілі ў лёсе крыгі.
За вас малюся ў крыгаходзе -
Я, нібы хваля на свабодзе.
За мову родную малюся
На Беларусі.
Марыя Баравік , сябра СБП, м. Падсвілле. На здымках: падчас прэзентацыі.
Баранавіцкі тэатральны фэст
Баранавіцкія сябры ТБМ 2 красавіка 2012 года арганізавалі калектыўны прагляд музычнай драмы "На Купалле". У гарадскім доме культуры мясцовы народны тэатр "Эксперымент" прэзентаваў свой новы музычны спектакль для дарослых "Ніхто не бачыў, як Купала плача" паводле вядомай драмы Міхася Чарота "На Купалле". Рэжысёр-пастаноўшчык драмы Яўген Рэкеш, а музычны кіраўнік - вядомы ў горадзе музыкант Фёдар Жыляк. Усім прысутным спектакль вельмі спадабаўся, бо быў насычаны народнымі песнямі і вершамі, каларытнымі сцэнамі беларускіх абрадаў і купальскіх гульняў.
Асноўная дзея драмы адбываецца падчас святкавання народнага язычніцкага свята - Купалля. Дзяўчына Алеся (акторка Людміла Слівіна), і хлопец Андрэй (тэатральны артыст Яўген Гурын) паходзяць з простых сялянскіх сямей, але маладыя моцна кахаюць адзін аднаго. Аднак на шляху іх шчасця паўстае малады паніч Уладзік (Яўген Рэкеш). Ен захапляецца прыгажуняй Алесяй, але жадае пабрацца шлюбам з багатай паннай Ядзяй (акторка Роза Шышко). Шкада, але любоўная купальская казка скончылася для Алесі і Андрэйкі трагічна.
Усе гледачы былі ўражаны каляровымі дэкарацыямі, прафесійнай гульнёй актораў, танцамі і спевамі, цудоўнай музыкай і беларускай мовай. Сапраўды ніхто не бачыў, як Купала плача, але па праўдзе доўно ўжо таксама ніхто не бачыў у Баранавічах такога выдатнейшага тэатральнага фэсту.
Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.
Да гісторыі Цэнтральнага беларускага праваслаўнага камітэта па беларусізацыі царквы
Пашырэнне сферы ўжытку роднай мовы было адным з галоўных патрабаванняў беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ ст. Не абмінала яно і рэлігійныя структуры, асабліва праваслаўныя. Панаванне з часоў Расійскай Імперыі ў Праваслаўнай царкве рускай мовы прыводзіла да асіміляцыі беларусаў і запавольвання нацыятворчых працэсаў. Гэтая ж праблема перайшла і ў міжваенную Польшчу, у склад якой паводле Рыжскай дамовы 1921 г. уваходзілі заходне-беларускія землі. Тут сітуацыя яшчэ больш ускладнялася актыўным умяшаннем польскіх уладаў у справы Праваслаўнай царквы, што прадвызначыла паступовае пранікненне ў апошнюю польскай мовы і культуры. Таму абарона роднага слова ў царкве стаяла на парадку дня набіраючага моц беларускага нацыянальнага руху.
У Заходняй Беларусі ў міжваеннае дваццацігоддзе праблемам беларусізацыі царквы надавалася значная ўвага. Беларускі рух імкнуўся выкарыстаць новыя ўмовы, калі Праваслаўе было пазбаўлена ўплыву з боку расійскіх імперскіх уладаў. Такія святары, як Міхаіл Галянкевіч, Аляксандр Коўш і Міхаіл Пліс пачалі актыўна заклікаць праваслаўнае духавенства адмовіцца ад старых "абрусіцельных" функцый і хутчэй уключыцца ў беларускую культурна-нацыянальную працу. Са святарамі былі салідарны беларускія грамадскія дзеячы Вячаслаў Багдановіч, Янка Пачопка, Аляксандр Назарэўскі і г.д. У сваіх поглядах яны абапіраліся на адмысловы ліст патрыярха Ціхана, у якім той дазволіў карыстацца беларускай мовай у казаннях, катехізацыі і дадатковых набажэнствах. На палітычнай арэне ўвядзенне беларускай мовы ў царкоўны ужытак адстойвалі партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб'яднанне, створанае ў 1927 г. Ажыўленне руху па беларусізацыі царквы назіралася ў 1930 г., што было звязана са спробамі склікання праваслаўнага Сабора ў Польшчы
Адным з актыўных удзельнікаў беларускага праваслаўнага адраджэння ў Заходняй Беларусі з'яўляўся Тодар Вернікоўскі - вядомы беларускі грамадскі дзеяч, у мінулым сябра ўраду БНР, рэдактар беларускіх паланафільскіх газет "Беларускае слова", "Грамадзянін", "Беларускі радны". З канца 1920-х гг. ён займаў пасаду акружнога кіраўніка культурна-асветнага таварыства "Прасьвета". Знаходзячыся на гэтай пасадзе, Вернікоўскі 12 лютага 1930 г. накіраваў варшаўскаму мітрапаліту Дыянісію мемарыял, дзе ўказваў на "ненармальнае" становішча праваслаўя ў Заходняй Беларусі. Ен прапаноўваў правесці шэраг карэнных рэформаў, якія зрабілі б царкву нацыянальна блізкай да беларускага народа. Аднак культурніцкі характар "Прасьветы", не даваў Вернікоўскаму магчымасці шырэй займацца рэлігійнымі праблемамі. Неабходна было стварыць асобную арганізацыю, якая змагла б актыўна весці працу ў нацыянальна-рэлігійным кірунку. Таму 22 лютага 1930 г. была ўтворана ініцыятыўная група па справах Праваслаўнай царквы, старшынём якой стаў сам Т. Вернікоўскі. Галоўнай мэтай групы была падрыхтоўка і правядзенне з'езду беларускага праваслаўнага грамадства, на якім павінна была быць закладзена новая нацыянальнарэлігійная арганізацыя. Дзеля гэтага старшыня групы заручыўся падтрымкай віленскага архіепіскапа Феадосія.
І вось 14 сакавіка 1930 г. у Вільні адбылася канферэнцыя (у іншых крыніцах з'езд) прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацыяў, праваслаўных прадстаўнікоў ад беларускіх культурна-асветных інстытуцыяў, прадстаўнікоў ад беларускага праваслаўнага насельніцтва і прыходаў Віленскай і Гарадзенскай епархій. Нягледзячы на гучную назву, у канферэнцыі ўдзельнічала невялікая колькасць людзей. Некаторыя беларускія праваслаўныя дзеячы праігнаравалі гэтае мерапрыемства з-за згодніцкай пазіцыі яго арганізатараў да аўтакефаліі Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Акрамя гэтага, архіепіскап Феадосій перад самым пачаткам канферэнцыі рэзка змяніў свой погляд і адмовіўся дабраславіць духавенства на ўдзел у яе працы. Таму святары, у тым ліку і А. Коўш, не змаглі з'явіцца ў зале паседжанняў, але даслалі свае прывітальныя лісты, у якіх асуджалі рэзкі крок архіепіскапа.
Адкрыў канферэнцыю Тодар Вернікоўскі. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што беларускае праваслаўнае духавенства горача адгукнулася на запрашэнне ініцыятыўнай групы, але не змагло прысутнічаць з-за пазіцыі кіраўніка епархіі. Таксама Вернікоўскі зачытаў лісты з правінцыі аб барацьбе з "русафільскім" духавенствам, сярод якога значыліся архімандрыт Марозаў, прат. Кушнёў і ішыя.
Пасля слова ўзяў публіцыст і грамадскі дзеяч Усевалад Більдзюкевіч, які ў сваім дакладзе аб сучасным стане Праваслаўя ў Заходняй Беларусі адзначыў, што царква паступова адыходзіць ад народа, аказвае на яго дэмаралізуючы ўплыў. Прамоўца зрабіў вынік: калі гэта не зменіцца, то Праваслаўе на Беларусі чакае аслабленне і пагроза ўпадку. Выйсце бачылася яму толькі ў навучанні маладога пакалення Слову Божаму на роднай беларускай мове. Акрамя гэтага, Більдзюкевіч закрануў і праблему канфіскацыі праваслаўных храмаў Каталіцкім касцёлам, якую назваў "спробай параджэння сварак і рэлігійнага антаганізму". Будучая беларуская праваслаўная арганізацыя павінна будзе вырашыць гэтую праблему шляхам зваротаў і хадатайніцтваў у належныя органы духоўнай і свецкай улады.
Далей на канферэнцыі выступалі розныя прадстаўнікі правінцыі, гарадоў і нацыянальна-культурных арганізацый. М. Шораг указваў на вялікія падаткі, якія духоўная кансісторыя накладае на вернікаў. Змушанае прымусова спаганяць гэтыя падаткі з прыхаджан, духавенства ўсё болей і болей аддаляецца ад народа. Р. Падагель прапаноўваў дамагацца перадачы беларускім вернікам Мікалаеўскай царквы ў Вільні. Апошнім выступаў студэнт С. Сарока, які прыводзіў прыклады амаральных паводзінаў духавенства, што адпіхвала народ і ад духаўніка, і ад царквы.
Пасля заслухвання ўсіх дакладаў і выступленняў, з'езд адзінагалосна прыняў пастанову аб утварэнні Цэнтральнага беларускага праваслаўнага камітэта па беларусізацыі царквы (далей ЦБПК). Быў адразу ўтвораны прэзідыюм камітэта, ў склад якога ўвайшлі Т. Вернікоўскі (старшыня), А. Коўш (1-ы віца-старшыня, абраны на пасаду завочна), У. Більдзюкевіч (2-і віца-старшыня), С. Сарока (сакратар), М. Маскалік (скарбнік) і іншыя дзеячы. Дзеля пашырэння ідэй беларусізацыі царквы сярод духавенства і вернікаў, новаўтвораны прэзідыюм ЦБПК абавязаўся ў хуткім часе склікаць беларускі Праваслаўны з'езд. Меркавалася таксама накіраваць асобную дэлегацыю да мітрапаліта Дыянісія, міністраў і віленскага ваяводы, легалізаваць камітэт і стварыць сетку яго аддзелаў у прыходах. Напрыканцы была прынята агульная рэзалюцыя, у якой, па сутнасці, быў адлюстраваны шэраг задачаў для ЦБПК. У ёй прызнаваўся шкодным для царкоўна-нацыянальнай справы існы склад праваслаўнага духавенства. Уздымалася пытанні аб скліканні Усяпольскага праваслаўнага сабору, замене многіх пастыраў на свядомых беларускіх святароў. Духавенству неабходна было прытрымлівацца загаду Свяшчэннага Сіноду ад 1923 г. аб беларускамоўных казаннях для мясцовага насельніцтва. Аднак пры гэтым мовай набажэнстваў прызнавалася царкоўна-славянская. Беларуская мова павінна прысутнічаць у зносінах святароў з народам, пры выкладанні Закона Божага, у пропаведзях для беларусаў-вайскоўцаў. У найбліжэйшым часе павінны быць вырашыны пытанне аб падатковым уціску і справа канфіскацыі цэркваў. Цікава, што ў выпадку ігнаравання гэтых патрабаванняў, рэзалюцыя прадугледжвала правядзенне акцый маральнага і матэрыяльнага байкоту духавенства.
На канферэнцыі таксама быў прыняты і статут ЦБПК па беларусізацыі царквы. У першым пункце гэтага дакумента адразу ж прызнавалася лаяльнасць камітэта да мітрапаліта Дзіянісія і Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У сваёй працы ЦБПК ставіў наступныя мэты: узмацніць паміж праваслаўнымі беларусамі хрысціянскую мараль на нацыянальным грунце, зблізіць духавенства з народам шляхам прызначэння на духоўныя пасады асобаў беларускай нацыянальнасці, правесці беларусізацыю духоўных кансісторыяў і Віленскай семінарыі. Дзеля дасягнення гэтых мэтаў была выпрацавана адмысловая страгэгія. Камітэт абавязаўся клапаціцца аб нацыянальнай беларускай асвеце ў царкве, адчыняць школы, бібліятэкі, бараніць і адстойваць правы беларускага духавенства і праваслаўных беларусаў перад дзяржаўнымі ўладамі. Падняцце эканамічнага дабрабыту беларускага насельніцтва і падтрымка кааперацыі таксама ўваходзілі ў сферу інтарэсаў ЦБПК. Паводле статуту, камітэт пашыраў сваю дзейнасць на ўвесь абшар з беларускім насельніцтвам. Яго сябрамі маглі быць асобы праваслаўнага веравызнання беларускай нацыянальнасці, а таксама асобы іншых нацыянальнасцей, калі яны "прынясуць асаблівую карысць справе беларусізацыі царквы". Скарб ЦБПК фармаваўся праз сяброўскія складкі (2 злотыя ў год), ахвяраванні, даходы ад выдавецкай, асветніцкай і канцэртнай дзейнасці, дапамогу ад урадавых устаноў. Структура камітэта была наступнай: кіраўнічы Прэзідыюм з 7 асоб на чале са старшынём, Прэзідыюм Мясцовых Камітэтаў (3 асобы) і Рэвізійная Камісія. Раз у год праходзіў Агульны сход ЦБПК, які з'яўляўся правамоцным пры наяўнасці 1/4 сяброў г. Вільні і 1/10 сяброў з правінцыі.
Камітэт меў і свой друкаваны орган - часопіс "Сьветач Беларусі", які неперыядычна выходзіў у 1930-1936 гг. Асноўным яго аўтарам і рэдактарам быў У. Більдзюкевіч. На старонках часопіса прадстаўнікі арганізацыі выказвалі свой погляд на самыя розныя пытанні нацыянальна-рэлігійнага характару. Напрыклад даволі цікавымі і нестандартнымі з'яўляюцца думкі аўтараў "Сьветача" наконт уніяцкай справы ў Заходняй Беларусі. У артыкуле "З кім змагацца?" нейкі М. падкресліваў, што "вунія яшчэ ня так страшна пагражае нам, як бязьверра, сэктанства, духовая і фізычная распуста, пьянства, прафанацыя сьвятасьцяў, хцівасьць і інтрыганства духавенства…" . У пашырэнні ўніі на Беларусі, на думку публіцыста, не трэба вінаваціць агрэсіўнасць каталіцтва, неабходна наўпрост спыніць усе спрыяльныя для гэтага варункі, звязаныя з "аддалёнасцю" праваслаўнага духавенства ад народа. Такі ж самы погляд быў у дзеячоў ЦБПК і на "сектанства". "Праваслаўе у той форме, у якой яно цяпер існуе на Беларусі, - адзначалася ў адным з праграмных артыкулаў "Сьветача", - не задавальняе больш рэлігійных патрэбаў нашага народу, і сэктанцкія вучыцеля лёгка ўлаўліваюць яго ў свае сеці…" . Таму ЦБПК праз свой орган заклікаў ўсіх святароў падыйсці бліжэй да народа, не цурацца яго мовы і абараніць праваслаўную царкву на Беларусі ад ворагаў праваслаўя. "Чаму там, дзе сьвяшчэньнік беларус, Царква поўная?" - ставіла рэтарычнае пытанне рэдакцыя часопіса.
ЦБПК імкнуўся пашыраць свой уплыў і сярод "надзеі народа" - беларускай моладзі. Адразу пасля стварэння камітэта ў Віленскім універсітэце была ўтворана Беларуска-праваслаўная група студэнтаў. У лісце да сакратара ЦБПК С. Сарокі гэтая група адзначыла, што ўсе варожыя выступленні супраць ідэі беларусізацыі царквы яна ўважае за выступленні супраць беларускай праваслаўнай моладзі. Акрамя гэтай групы існаваў Хаўрус беларуска-праваслаўнай моладзі. Да кастрычніка 1931 г. у склад ЦБПК уваходзілі таксама і прадстаўнікі Віленскай беларускай гімназіі. Аднак трэба заўважыць, што вышэйадзначаныя моладзевыя арганізацыі характарызаваліся нязначнай колькасцю сяброў. Яны не змаглі разгарнуць шырокай грамадскай дзейнасці, і іх патрабаванні заставаліся толькі на паперы.
Утварэнне Камітэта па беларусізацыі царквы выклікала негатыўную рэакцыю з боку праваслаўных духоўных уладаў. Віленская руская газета "Наша Жизнь" (субсідыявалася Віленскай кансісторыяй) і часопіс "Воскресное Чтение" (афіцыйны орган Варшаўскай мітраполіі) спрабавалі скампраментаваць не толькі камітэт, але нават і саму ідэю беларусізацыі Праваслаўнай царквы. Гэта прымусіла ЦБПК перагледзець сваю пазіцыю адносна польскага праваслаўнага кіраўніцтва.
Для правядзення неабходных рэформаў у Праваслаўнай царкве, камітэт адмовіўся ад супрацоўніцтва з духоўнымі ўладамі і вырашыў абаперціся "на народ, які змусіць гэтыя духоўныя ўлады правесці рэформы ў жыцьцё" . Аднак гэты тэзіс быў напоўнены абстрактнасцю і няўпэўненасцю. Таму ў будучым дзеячы ЦБПК так і не зрабілі канструктыўных крокаў у гэтым кірунку.
Пачалася дыскрэдытацыя ЦБПК і з боку некаторых беларускіх дзеячоў, асабліва тых, якія належалі да групы Астроўскага - Луцкевіча. У канцы 1931 г. гэтая група пачала выдаваць месячнік "Голас праваслаўнага беларуса", дзе актыўна крытыкавалася дзейнасць камітэта і святара А. Каўша. Асабліва "даставалася" ЦБПК за памяркоўнае стаўленне да ўніяцтва. Аўтары "Голаса праваслаўнага беларуса" пісалі: "Маем на мэце… выразную пропаганду вуніі, якую вядзе гэты "Комітэт" (ЦБПК - А.Г.) - пад фірмай "абароны беларускага праваслаўя". Не патрабуем тутака высьветляць шкоднасьці такой акцыі, якая дае падставы лічыць "Комітэт" экспозытурай іншых, схаваўшыхся за яго плячыма, чыньнікаў, якіх называць нават непатрэбна" . Адмоўна да ЦБПК ставіліся і прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Нягледзячы на станоўчую рэцэнзію на часопіс "Сьветач Беларусі", хадэкі называлі царкоўную дзейнасць камітэта, як і групы Астроўскага - Луцкевіча, "вяселлем бесаў у царкоўнай званіцы" . Узаемныя сваркі, даносы і абвінавачванні не спрыялі развіццю арганізацыі і аслаблялі яе ўплыў у грамадстве.
Трэба адзначыць, што ў цэлым ЦБПК па беларусізацыі царквы не змог разгарнуць сур'ёзнай працы сярод духавенства і вернікаў. Яго дзейнасць у асноўным абмяжоўвалася складваннем хадатайніцтваў да дзяржаўных і царкоўных структур, а таксама выданнем свайго друкаванага органа. Гэтае грамадска-царкоўнае аб'яднанне заставалася нешматлікім, хоць і ахапіла сваім уплывам тэрыторыю большасці праваслаўных епархій Заходняй Беларусі. Схільнасць камітэта да супрацоўніцтва з польскімі ўладамі адштурхнула ад яго многіх беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячоў. Разам з гэтым, варожасць асноўнай масы праваслаўнага духавенства ўвогуле да ідэі беларусізацыі царквы не давалі ЦБПК разгарнуцца ў поўную моц. Таму гэтыя фактары абумовілі заняпад дзейнасці камітэта яшчэ да сярэдзіны 1930-х гг. У 1933 г. прыпыніўся выхад часопіса "Сьветач Беларусі" (у 1936 г. У. Більдзюкевіч выдаў два апошнія нумары выдання). У тым жа годзе Сінод епіскапаў па прапанове віленскага архіепіскапа Феадосія пастанавіў спыніць выступленні беларусаў, якія толькі пашыралі "смуту и расстройства" ў царкоўным жыцці. Фактычна пасля гэтага камітэт перастаў існаваць, хаця спробы рэанімацыі ЦБПК мелі месца ў другой палове 1930-х гг.
Аляксандр Горны
РЭСТАЎРАЦЫЯ I КАНСЕРВАЦЫЯ КЕРАМІКІ, ЯК УМОВА ЯЕ ЗАХАВАННЯ
Кожная гістарычная эпоха, якая адыходзіць у мінулае, пакідае за сабой след у выглядзе матэрыяльнай і духоўнай культуры. На яе падставе складаецца грамадскі гістарычны досвед, а яго сведчаннямі назаўсёды застаюцца помнікі гісторыі і культуры.
Матэрыяльная культура - гэта вынік і ўмова дзейнасці людзей. Яна перадае сацыяльны досвед, таму змяшчае нацыянальны пачатак, па якому можна ўстанавіць яе паходжанне, адлюстроўвае працэсы ўзаемаўплыву народаў, іх культур. Аб'екты матэрыяльнай культуры спецыфічныя для эпохі, сацыяльнай групы, нацыі і нават для індывідыюма, яны могуць выступаць і як сацыяльны знак, і як помнікі культуры. Матэрыяльная культура развівалася ва ўзаемасувязі з культурнай спадчынай - гэта ўсё гістарычнае ў культуры, якое стваралася ў папярэднія эпохі, матэрыяльныя каштоўнасці мінулага, якія маюць агульнанацыянальную ці агульначалавечую вартасць. Чалавек на працягу свайго жыцця асэнсавана, а часам інстынктыўна атачае сябе прадметамі матэрыяльнага свету. Адны з іх неабходны для выканання пэўных утылітарных функцый, некаторыя служаць сродкам эстэтычнай асалоды, а некаторыя нейкім таемным чынам спалучаюць у сабе звычайную ўтылітарнасць і багаты ўнутраны свет.
Адным з цікавых відаў матэрыяльнай культуры з'яўляецца кераміка, якая сваімі каранямі адыходзіць у глыбокую старажытнасць. Значныя радовішчы сыравіны, адносна простыя спосабы вырабу і неабходныя фізіка-тэхнічныя якасці - высокая воданепранікальнасць і механічная трываласць, тэрмічная ўстойлівасць і цеплаправоднасць - забяспечылі прадметам з абпаленай гліны шырокае распаўсюджанне. Доўгі і цяжкі шлях развіцця парадзіў багатую разнастайнасць і многаслойнасць форм і матываў. Кераміка - найстаражытнейшы штучны матэрыял, які быў створаны чалавекам у выніку яго практычнай дзейнасці. Гістарычныя змяненні керамікі абумоўлены асаблівасцямі развіцця таго ці іншага грамадства. Менавіта таму яна з'яўляецца каштоўнай крыніцай вывучэння старажытнай вытворчасці, крыніцай этнаграфічнай, мастацкай і тэхналагічнай інфармацыі. Унутры кожнай культуры, ў свой час, адбываўся працэс назапашвання рэгіянальных асаблівасцяў і кераміка як адзін са структурных элементаў матэрыяльнай культуры па прычыне сваёй масавасці і кансерватыўнасці цудоўна дэманструе і нацыянальны каларыт, і рэгіянальныя адметнасці.
Керамічныя вырабы, як і іншыя помнікі гісторыі і культуры, з'яўляюцца матэрыяльнымі крыніцамі ведаў аб савакупным досведзе чалавецтва, без ведаў якога далейшае развіццё грамадства немагчыма. Яны дастаюцца нам не проста так, і каб мы маглі любавацца імі, вывучаць іх і ўспрымаць закладзеную ў іх інфармацыю, неабходна на высокім узроўні і своечасова праводзіць усе працэсы кансервацыі і рэстаўрацыі.
Кансервацыя праводзіцца для захавання керамічных вырабаў шляхам стварэння адпаведнага рэжыма захавання, яна запавольвае працэсы іх натуральнага старэння. Для вызначэння дакументальнай вартасці артэфакта, першапачатковай структуры і матэрыялаў; ступені разбурэння, зменаў і страт, а таксама дакументацыя ўсяго выяўленага, праводзіцца даследаванне. Трэба сказаць што, дарэстаўрацыйныя даследаванні павінны папярэднічаць любой кансервацыйнай апрацоўцы, а тым болып рэстаўрацыі. У тым выпадку калі керамічныя вырабы маюць страты, пашкоджанні ці пазнейшыя дапаўненні, якія зніжаюць іх каштоўнасць як крыніцы семантычнай інфармацыі, праводзіцца рэстаўрацыя.
У сучаснай рэстаўрацыйнай практыцы існуе шмат матэрыялаў для ўспаўнення страчаных фрагментаў на кераміцы, але не ўсе яны валодаюць у дастатковай ступені неабходнымі якасцямі, якія адпавядаюць патрабаванням сучаснай навуковай рэстаўрацыі і гарантуюць стабільнасць і доўгачасовасць успаўненняў. Так, з практыкі даследавання музейных калекцый вядома, што ўспаўненні страт на кераміцы, зробленыя гіпсам без дабаўлення гіпсапалімера, з прычыны гіграскапічнасці гэтага матэрыялу і нізкай механічнай трываласці, з цягам часу страчваюць устойлівасць да механічных уздзеянняў і павышанай вільготнасці. Гэта выклікае дэструкцыю ўспаўненняў, з'яўленне шматлікіх пашкоджанняў у выглядзе сколаў, шчылін, лушчэння таніраваннага слою.
А вось, напрыклад, такі матэрыял як даробачная маса - молатая керамічная крошка на аснове 5 - 10% рас-твору БМК-5 (супалімер бутылметакрылата з метакрылавай кіслатой) у ацэтоне, падабраны рэстаўратарамі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту для кансервацыі і папаўнення страт керамічных экспанатаў, добра зарэкамендаваў сябе ў нестабільных тэмпература-вілоготнасных умовах гэтага музея. Ен характарызуецца не толькі большай у параўнанні з іншымі матэрыяламі біяўстойлівасцю, але і павышанай света-, вільгаце- і тэмператураўстойлівасцю, абарачальнасцю і захаваннем растваральнасці пасля старэння.
Кожны метад рэстаўрацыі керамікі павінен ужывацца ў залежнасці ад умоў яе экспанавання і захавання. А сам працэс кансервацыі-рэстаўрацыі керамікі, і не толькі яе, павінен суправаджацца валоданнем вельмі добрымі тэарэтычнымі ведамі і багатай практыкай ў гэтай галіне.
Г. Б. Саўко.
Фальшывыя асігнацыі Напалеона
Папяровыя. грошы ў Расеі з'явіліся толькі ў 1768 годзе (яшчэ да таго, як Расея "праглынула" Беларусь) пры імператрыцы Кацярыне II. Называліся яны асігнацыямі.
А ў Еўропе карысталіся папяровымі купюрамі, так знаёмымі нам па сённяшнім жыцці яшчэ з 1656 г. (Швецыя). Японцы пазнаёміліся з папяровымі грашыма ў 1337 годзе. Кітайцы - і таго раней, - каля 900-га года нашай эры...
Ва ўсе часы, колькі існуюць грошы, іх падраблялі. Таварышы, якія падрабляюць грошы называюцца фальшываманетчыкамі.
Грошы падрабляюць не ад беднасці, а ад ... сквапнасці. I першымі фальшыва-манетчыкамі былі самі правіцелі, якія выпускалі грошы. Каб грошай нарабіць паболей, яны ў срэбра пачалі падмешваць медзь, цынк, свінец, волава...Але гэтыя дамешкі моцна змянялі колер манет, цмянілі іх. Тады правіцелі пачалі зверху серабрыць свае фальшывыя манеты. Але гэта ратавала не на доўга. I серабрэнне сціралася...
Падрабляць манеты цяжка. Трэба мець цэлую майстэрню, розны інструмент, прыстасаванні, метал, ціглі, печы-плавілкі, штэмпелі...
Папяровыя грошы падрабляць лягчэй: узяў пачку паперы, фламастэры - і паехалі...
Так, напэўна, думаў і Напалеон Банапарт...
Пры чым тут Напалеон?
Гэта я так хутчэй хачу падвесці да факта падробкі расейскіх асігнацыяў Напалеонам перад яго паходам на Расею ў 1812 годзе.
Я не думаю, што да гэтага Нагалеон датумкаў сам. Яму, лічу, гэта падказаў нехта з яго прыбліжаных. I ва ўрадзе Напалеона было дастаткова прахадзімцаў.
А як можна перамагчы праціўніка ў вайне? Есць два спосабы: або сілай (жаўнеры, кулі, снарады...), або хітрасцю.
Напалеон (відаць, каб з гарантыямі) вырашыў скарыстаць абодва спосабы адразу.
Балазе, расейскія асігнацыі друкаваліся ў асноўным (а буйныя наміналы - асабліва) на белай паперы, то падрабіць іх, вырашыў Напалеон, будзе лягчэй лёгкага. I закруцілася машына...
А пакуль што Напалеон захапіў усю Еўропу, везучы з сабою у абозе фальшывыя грошы амаль усіх яе дзяржаў. А ў Варшаве ён нават усталяваў свой "манетны двор" і спешна друкаваў расейскія грошы ў аграмаднай колькасці.
Перайшоўшы Нёман 23 чэрвеня, Напалеон "сумленна" і шчодра разлічваўся з беларускім насельніцтвам за прадукты, фураж, коней і вазы расейскімі асігнацыямі ўласнай вытворчасці. Дзякуючы (і) гэтаму, ён лёгка і хутка дайшоў да Масквы. I ў Маскву Напалеон уступіу са станком для выпуску фальшывых грошай...
Усю бы Расею захапіў (да самага Уладзівастока) таленавіты, і не толькі палкаводзец Напалеон, калі б не ... граматыка. А, можа, і адсутнасць у Парыжы рускіх школаў!?
Сёння ў калекцыях баністаў (калекцыянераў папяровых грошай) Расеі сустракаецца больш напалеонаўскіх асігнацый, чым сапраўдных - расейскіх. А справа ў тым, што французская папера (ёсць - французская папера!) фальшывак аказалася ў многа разоў лепшай за расейскую "с умноженным количеством шелка", і, вядома, захавалася лепей. I насельніцтву грошы падабаліся сваёй трываласцю, толькі вельмі хутка выявіліся граматычныя памылкі.
На фальшыўках замест "государственной" французскі гравёр выразаў "госуларственной" . Такога няведання расейскай мовы дараваць французам не маглі нават беларусы... Вось у чым прычыны партызанскага руху ў 1812 годзе.
Вывучайце мовы! Вывучайце старанна!
Міхась Вераціла, п. Краснасельскі.
КЛІЧ ЛІТВЫ
Ганна Матусевіч, шчырая і ўтрапёная абаронца ды прапагандыстка Літвы і Ліцвіншчыны выдала кніжку "Кліч Літвы". Кніга выйшла накладам усяго ў 100 асобнікаў, утрымоўвае абразкі, думкі, развагі, вершы. Прапануем нашым чытачам некалькі спрошчаны варыянт аднаго з абразкаў гэтай кнігі.
КАЯТАН ТАТУР
Каятан Татур нарадзіўся на Куццы, што ў Сверынаве цяпер, 17.VI.1917 і памёр 19.VI.2011. Кожны чалавек жыве столькі, колькі хоча сам. Каятан Татур жыў гэтак доўга, бо ён хацеў і шукаў, каму б перадаць скарб, які насіў у сабе. Быў ён захавальнікам шляхецкай культуры засценка Сверынава і спаўняў сваё прызначэнне да самага астатку жыцця. Яшчэ за дзесяць дзён да сыходу, 9.VI.2011, якраз на 208 гадавіну народзінаў Адольфа Янушкевіча, калі мы з карэспандэнтам радыё «Свабоды» Змітром Бартосікам прыязджалі да Сверынава, Каятан Татур даваў інтэрвію Бартосіку. У нашым хатнім архіве захоўваецца запіс таго «Падарожжа Свабоды», ёсць і даўнейшыя аўдыёзапісы доўгіх гутарак з Каятанам Татуром - так што можам падзяліцца з тымі, каму гэта цікава. Фотаздымкі, якія мы змяшчаем у гэтай кнізе, зроблены падчас таго «Падарожжа Свабоды». На вокладцы спераду - дарога, па якой мы ехалі да Сверынава: пакінулі Ўзду, мінулі Сямёнавічы, імчым сярод нашых вёсак, палёў, лясоў... I раптам - гэткія раскошныя шаты дрэў, што Зміцер ня вытрываў, спыніў самаход і сфатаграфаваў гэтую красу. Мы вельмі ўдзячныя яму шмат за што, і за тое падарожжа, і за той фотаздымак... Гэтыя шаты ёсць брамаю да Тоўстага Лесу - дарагога нам куточка, дзе нарадзілася мая бабуня, а Вераніччына прабабуня па кудзелі Адальфіна Матусевічоўна. Далей за Тоўстым Лесам ляжыць тая самая Літва, якой валодалі Янушкевічы, Адольфавы бацькі. Сямёнавічы таксама іхныя былі. А дзе ж Святы Двор, што на Немне стаяў, і аб якім Адольф успамінаў у Ішыме на Сібіры?..
На адваротным баку вокладкі змешчаны здымак свераноўскай брукаванкі. Тут жа, у сярэдзіне кнігі - фотаздымкі самога Каятана Татура, якім ён быў у той дзень, і ягонай адметнай, як і сам гаспадар, хаты, бо тут хораша ўжываюцца паганства ў выглядзе Перуновай стралы на вільчыку і хрысціянства з крыжом між вокнамі. Папраўдзе, няма чаго сварыцца. I хрысціянства, калі яно як праўдзівая навука Пана Езуса, і паганства, калі яно як шчырая вера ў Натуру - роўныя прад Адным Богам.
Каятан Татур нарадзіўся на Адольфавы імяніны, якія даўней адзначалі заміж дня народзінаў. Пэўна гэта і невыпадкова, бо ён стаяў як вартаўнік на нябачнай для абывацеляў мяжы між Старой і Новай Літвой. Можа ў той дзень, 9.VI.2011, Каятан перакінуў для нас праз мяжу пас і так адбылася нарэшце ПЕРАЕМНАСЦЬ ад часоў Адольфа Янушкевіча, калі філаматы і філарэты нанава адбудоўвалі ўжо разбураную Літву, і да нашага часу, калі зноў, як птушка Фенікс, паўстае з попелу заўсёды жывая Літва.
Дык вось яшчэ да вайны ў Сверынаве існаваў хор, куды хадзілі дзяўчаты і Каятан, пэўна адзін з мужчынаў. Каятана вабілі музыка і спевы, ён меў музычны і паэтычны талент, добры голас. А ў вайну ў 1942 ксёндз Антоні Леўш арганізаваў касцельны хор, але ксёндз не меў таленту да спеваў, таму Каятан Татур, здольны і дасведчаны ўжо, быў вадзірэем гэтага хору (слоўца якое файнае падараваў Каятан - дзякуй, дзякуй!). У хоры спявалі песню паводле верша «Wiezien sybirski» Тэафіля Ленартовіча - удзельніка Лістападаўскага gаўстання 1830-31 гадоў. Але Каятан грунтоўна перапрацаваў тэкст, так што песня сталася народнай. Мы яе назвалі «Zdejmciez kajdany», бо ў Каятана яна была без назвы і без аўтара. Цяпер у нас ёсць аўдыёзапісы аж трох выканаўцаў песні - маёй мамы, самога Каятана і Яна Зялінскага, які на нашую просьбу выконваў песню на розных вечарынах, дзе ўшаноўвалі імя Адольфа Янушкевіча. У песні спяваецца пра асуджаных за ўдзел у паўстанні выгнанцаў, якіх этапавалі ў Сібір - лёс нашага земляка, ліцвіна Адольфа Янушкевіча, праўнука Тадэвуша Касцюшкі, які склаў ахвяру за Літву.
(Нажаль, пераклад песні на беларускую мову ў кнізе не пададзены, а падаць яе на польскай няма тэхнічнай мажлівасці, рэд.)
Шляхецкі засценак Сверынаў поўніўся адметнымі людзьмі, але Каятан Татур быў сярод іх Асобай. Пры самай першай сустрэчы з намі ён сказаў, што паходзіць са шляхты, у якой не было прагі да зямлі, але былі коні, зброя, скрыпкі... 3 часоў Міцкевічавай шляхетнай Літвы шмат чаго змянілася, ды не ў лепшы бок, і тванню зарос людскі дух. Але Каятан Татур заставаўся шляхціцам, ліцвінам, не прызнаваў таго бязладдзя, у якім мусіў жыць, з-за чаго меў шмат ворагаў, якія не пакідаюць зласловіць і пасля ягонага сыходу. Ен неадступна бараніў нашую культуру: умеў напамяць чытаць "Pana Tadewusza", глыбока ведаў свой радавод і гісторыю Сверынава, на ўсё меў свой погляд і ані не паддаўся бальшавіцкай агітацыі. Ен нарадзіўся і памёр на Літве.
8.ІІІ.2012.
Нізка духоўных вершаў М. Магдалены
Ружанец
Я веру ў Бога, і Богу я веру,
Малю я штодзённа ў Нябёсах Айца,
Каб даў мне і болю, і радасці ўмеру,
I з годнасцю шлях свой прайсці да канца.
Прашу я штодзённага хлеба на ранні,
Увечары даць адпушчэнне грахоў,
Будзь воля Твая ў жыцці маім, Пане,
Аб самым галоўным малю я ізноў.
Да Маці маёй скіраваныя словы:
"Будзь прывітана Марыя, Нябёсаў Дачка!"
Ратуй нас ад згубы, ратуй нас ад змовы
Ад грэху заслоніць малітва Твая.
Няхай будзе хвала Стварыцелю Неба
I Духу Святому, Хрысту Ўладару,
Няхай усе праславяць Найвышшага ў Хлебе,
I сэрцы ў ахвяры ўзнясуць угару.
Так пацерка з пацеркай
I думка за думкай
Сплятаю малітву ў моцны ланцуг,
У Ружанцы шукаю жыцця паратунку,
Знаходжу,
Цішэю,
Уліваюся ў цуд...
Твая міласэрнасць
Твая міласэрнасць...,
Багатая тэма для роздумаў,
Сцякае, сплывае агністымі промнямі рознымі.
Аблічча змяняе зямлі і аблічча маё.
Твая міласэрнасць спаўняецца цудамі,
Прадказаная, паспрабаваная вуснамі многімі
Мой Бог, Ты Сваю міласэрнасць пралі
На аблічча зямлі.
Твая міласэрнасць ратуе ад згубы,
Калі паміж пеклам і Небам іду па лязу,
Разбі, разламі марны страх недаверу
Праз Свой запавет і Сваю дабрыню.
Адплюшч мае вочы,
Змяні маё сэрца,
Зрабі маю волю нібыта Сваю,
Раструшчы...,
Спалі маю грэшную сутнасць,
Абмый, аднаві ў міласэрнай Крыві..!
I з ласкі Сваёй,
Апрануўшыся ў белае,
Да Новай зямлі,
Я прашу,
Уваскрасі!
Не схіляйся
Не азірайся
Калі не хочаш сустрэцца з мінулым,
Не схіляйся,
Калі б варта было б стаміцца.
Не пераставай зіхацець
Нават, калі пылам пакрыўся
Твой увесь небасхіл.
Прымушай сваё сэрца гарэць
Нават, калі ты жывы не зусім.
Не схіляйся,
Бо тады не ўбачыш уверсе Неба.
Не азірайся назад,
Бо толькі наперадзе мэта.
Не стамляйся ісці,
Бо жахліва спазніцца,
Калі на цябе чакае
Гаспадар усяго Сусвету.
Розныя мы
Ты адбітак у маіх вачах,
Я спакой у тваіх неспакойных снах,
Ты майго дакранаешся ціхага сэрца,
Я шукаю твае жыццёвыя дзверцы.
Ты знаходзіш рашэнне, ты робіш высновы,
Я шукаю ў пачуццях пачатак умовы.
Ты спрабуеш крылы, ты імкнешся да Неба,
Я іду па зямлі, мне тое самае трэба.
Ты на беразе правым чытаеш наказы,
Я на іншым шукаю пытанняў адказы.
Я б магла быць адною, ты бы іншым быць мог,
Але нас злучае Вялікі Бог.
Жыццё
Усе мы імкнемся да лепшага,
Усе мы шукаем святла,
Зламанае дрэва спрадвечнага
Спрабуем вярнуць да жыцця.
I цягнуцца мроі штодзённыя
I сон пераходзіць у яў,
Клапоцяць хлябы нас надзённыя,
А ноч аддаём салаўям.
I вырвацца з кола замкнёнага
I хочаш, і нібы і не,
Са стану таго акрылёнага
Выходзіш нібыта ў сне,
Хапаеш гарачым сэрцам
Кроплі шчасця, як ротам расу,
Шукаеш сустрэчы з Вечным,
Як Айцец у Нябёсах чакае Сваю дачку.
Я і Ты - 11
На маёй далоні святло,
На тваёй кавалачак сэрца,
Ты змяняеш маё жыццё,
Я свячу ў тваё вакенца.
Ты прыходзіш да мяне праз сон,
Я ў марах тваіх адбіваюся,
Ты маё існаванне і скон,
Я ж з агнём у тваім сэрцы злучаюся.
I каханне, як зорны пыл
Ахінае маю асобу,
Ты любоўю мой страх абмыў
І я "Дзякуй" кажу Усемагутнаму Богу
Тацяна Палхоўская.
У Тэль-Авіве прайшоў першы ў гісторыі Ізраіля беларускамоўны канцэрт
28 сакавіка ў Тэль-Авіве прайшоў першы ў гісторыі Ізраіля беларускамоўны канцэрт сучаснага беларускага выканаўцы. Зміцер Вайцюшкевіч правёў у клубе "ПраРок" кватэрнік, выканаўшы свае лепшыя песні.
Кватэрнік аказалася больш чым знакавым. Па-першае, сучасная беларуская музыка ў Ізраілі яшчэ ніколі да гэтага не гучала. Па-другое, у клуб прыйшлі беларускамоўныя ізраільцяне. Па-трэцяе, гэты кватэрнік можа стаць добрым пачаткам для культурнага дэсанту, для беларускіх музыкаў.
Гледачы цёпла сустракалі беларускага выканаўцу. Большасць песень былі добра вядомыя. Многія пасля канцэрту прызналіся, што было вельмі прыемна чуць у цэнтры Тэль-Авіва беларускую гаворку. Амаль як дома, толькі ніхто ніякія канцэрты не забараняе, што сапраўды прыемна.
Наш кар.
Дарагія сябры "Нашага слова"!
У гэтым квартале адбылося чаканае сезоннае павышэнне колькасці падпісчыкаў, але яно аказалася б не такім значным, калі б узмоцнена не папрацавала Салігорская арганізацыя, і не з'вілася 20 новых падпісчыкаў у Кіраўску. І вось нарэшце адбылася доўгачаканая перамога мясцовага значэння, падпіска перасягнула 1000 асобнікаў. Разам з тым раёнаў, дзе "Наша слова" не выпісваюць зусім, не стала менш.
Студзень Красавік
Берасцейская вобласць:
Баранавічы р.в. 16 18
Бяроза р.в. 10 11
Белаазёрск р.в. 1 -
Бярэсце гор. 16 17
Ганцавічы р.в. - -
Драгічын р.в. - -
Жабінка р.в. - -
Іванава р.в 2 2
Івацэвічы р. в. 12 9
Камянец р.в. 2 2
Кобрын гор. - -
Лунінец гор. 2 2
Ляхавічы р.в. 1 1
Маларыта р.в. - -
Пінск гор. 14 13
Пружаны р.в. 8 7
Столін р.в. - -
Усяго: 84 82
Віцебская вобласць:
Бешанковічы р.в. 1 2
Браслаў р.в. 2 2
Віцебск гор. 27 28
Віцебск РВПС 3 2
Верхнедзвінск р.в. 4 5
Глыбокае р.в. 8 5
Гарадок р.в. 5 5
Докшыцы р.в. 2 1
Дуброўня р.в. 1 -
Лёзна р.в. 1 1
Лепель р. в. 2 2
Міёры р.в. 2 2
Новаполацк гор. 22 21
Орша гор. 1 3
Полацк гор. 8 9
Паставы р.в. 8 12
Расоны р.в. 1 1
Сянно р.в. 2 2
Талочын р.в. 1 1
Ушачы р.в. 2 2
Чашнікі р.в. 1 1
Шаркоўшчына р.в. 6 7
Шуміліна р.в. 1 1
Усяго: 111 115
Менская вобласць:
Беразіно р.в. 2 2
Барысаў гор. 5 7
Вілейка гор. 3 2
Валожын гор. 8 9
Дзяржынск р.в. 6 6
Жодзіна гор. 6 6
Клецк р.в. 1 2
Крупкі р.в. 2 2
Капыль р.в. - 4
Лагойск 2 3
Любань р.в. 1 1
Менск гор. 288 288
Менск РВПС 14 15
Маладзечна гор. 15 15
Мядзель р.в. 2 3
Пухавічы РВПС 5 5
Нясвіж р.в. 1 1
Смалявічы р.в. 2 2
Слуцк гор. 15 22
Салігорск гор. 11 69
Ст. Дарогі р.в. 1 1
Стоўбцы р.в. 2 4
Узда р.в. 2 2
Чэрвень р.в. 5 4
Усяго: 397 475
Гомельская вобласць:
Буда-Кашалёва 1 2
Брагін р.в. 1 2
Ветка р.в. 1 1
Гомель гор. 35 35
Гомель РВПС 1 1
Добруш р.в. - -
Ельск р.в. - -
Жыткавічы р.в. 12 9
Жлобін гор. 1 2
Калінкавічы гор. - -
Карма р.в. 2 2
Лельчыцы р.в. 1 1
Лоеў р.в. 1 1
Мазыр гор. 2 1
Акцябарскі р.в. 1 1
Нароўля р.в. 1 1
Петрыкаў р.в. - -
Рэчыцца гор. - -
Рагачоў гор. 2 1
Светлагорск гор. 3 4
Хойнікі р.в. 1 1
Чачэрск р.в. 2 4
Усяго: 68 69
Гарадзенская вобласць:
Бераставіца 4 4
Ваўкавыск гор. 10 10
Воранава р.в. 5 5
Гародня гор. 40 40
Гародня РВПС 10 10
Дзятлава р.в. 15 16
Зэльва р.в. 4 4
Іўе р.в. 5 5
Карэлічы р.в. 7 9
Масты р.в. 5 5
Наваградак гор. 6 5
Астравец р.в. 5 6
Ашмяны р.в. 8 8
Смаргонь гор. 8 8
Слонім гор. 15 10
Свіслач р.в. 5 5
Шчучын р.в. 5 7
Ліда 14 11
Усяго: 171 168
Магілёўская вобласць:
Бабруйск гор. 3 3
Бялынічы р.в. - -
Быхаў р.в. 1 1
Глуск р.в. - -
Горкі гор. 1 1
Дрыбін р.в. 1 1
Кіраўск р.в. 1 21
Клічаў р.в. 1 2
Клімавічы р.в. 1 1
Касцюковічы р.в. 1 1
Краснаполле р.в. 1 1
Крычаў р.в. 1 1
Круглае р.в. 1 1
Мсціслаў р.в. 1 1
Магілёў гор. 51 45
Магілёў РВПС 3 1
Асіповічы гор. 9 9
Слаўгарад р.в. 1 1
Хоцімск р.в. - -
Чэрыкаў р.в. - -
Чавусы р.в. 1 1
Шклоў р.в. 7 3
Усяго 88 95
Усяго на краіне 919 1004