НАША СЛОВА № 16 (1063) 18 красавіка 2012 г.
18 красавіка - Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін
Нясвіжскі замак ужо з новай вежай!
Будаўнікі скончылі мантаж купала на вежы Нясвіжскага замка якраз напярэдадні праваслаўнага Вялікадня
Гісторыя з няправільнай вежай-цыбулінай цягнулася 8 гадоў - ад ліпеня 2004 года, калі на замку, адноўленым на канец XVIII стагоддзя, з'явіўся купал з пачатку XVI. Усе гэтыя гады грамадскасць і адмыслоўцы выказвалі пратэсты супраць такой гістарычнай неахайнасці.
На новую-старую вежу збіралі грошы ўсім светам - ад беларускіх фізічных асобаў і прадпрыемстваў да прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Новая вежа разам з работамі па яе мантажы абыйшлася прыкладна ў 1,5 мільярды рублёў. Яе вага 15 тон. Адмысловы кран працаваў на замку крыху больш за двое сутак - аператыўна разабралі стары купал і паднялі ўгару новы.
Ад гэтага моманту ўсе сувеніры, здымкі і паштоўкі з вежай-цыбулінай робяцца рарытэтамі, а замак нарэшце здабыў свой сапраўдны выгляд - якім яго памяталі многія пакаленні князёў Радзівілаў. Праўда, на месцы славутага замкавага гадзінніка, на рамонт якога паводле мясцовай легенды прапаноўвала грошы Жаклін Кенадзі, пакуль што - вокны.
Паволе Еўрарадыё.
На здымках Юрася Язвінскага - сучасная вежа; старая вежа, да рэстаўрацыі 2004 года.
Адзе Райчонак - 75
Заснавальніца Культурна-адукацыйнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, арганізатарка шматлікіх краязнаўчых канферэнцыяў і пленэраў, стваральніца двух музеяў, вядомая грамадская актывістка з вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёна, сябар Рады ТБМ адзначыла 75-я ўгодкі.
Ада Райчонак нарадзілася 10 красавіка 1937 года ў Віцебску, у час вайны загінуў яе бацька. Разам з маці маленькай дзяўчынцы давялося перажыць гады акупацыі і канцлагер.
Пасля вайны сям'я пасялілася ў Полацку. Тут у 1957 годзе Ада Райчонак скончыла пэдвучэльню. Працаваць пачала ў Слабадской сярэдняй школе, кіравала мастацкай самадзейнасцю.
У 1965 годзе скончыла завочна філалагічны факультэт Пскоўскага педінстытута. У 1971 годзе разам з мужам пераехала ў вёску Германавічы Шаркоўшчынскага раёна, дзе жыве і дагэтуль. Працавала настаўніцай расейскай мовы і літаратуры ў мясцовай школе, займалася краязнаўствам. Шмат гадоў аддала збіранню ды прапагандзе спадчыны мастака, этнографа і асветніка Язэпа Драздовіча.
Разам з сынам Міхасём, які пайшоў з жыцця ў 25 гадоў, стварыла ў сваёй вёсцы аж два музеі - дзякуючы Адзе Райчонак вёска мае Музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны Літаратурна-мастацкі музей імя Міхася Райчонка.
У 1996 годзе грамадская арганізацыя «Культурна-адукацыйны цэнтар імя Драздовіча» правяла першы Драздовіцкі мастацкі пленэр.
Вадзім Баршчэўскі, таксама сябар цэнтра імя Драздовіча, лічыць, што Аду Райчонак невыпадкова называюць «маці пленэраў»:
- Я далучыўся да гэтае працы падчас падрыхтоўкі ўжо да другога пленэру, тады іх Ада Элеўна ладзіла з малодшым сынам Міхасём, што заўчасна пайшоў з гэтага жыцця. Яна сапраўды заўсёды была і ёсць "маці пленэраў", "душой пленэраў". Бо яна душэўны чалавек, і да яе цягнуцца людзі.
Мы супольна правялі ўжо больш за два дзясяткі пленэраў, у тым ліку для дзяцей і моладзі, для дарослых мастакоў і літаратараў. І кожны быў прысвечаны выбітным асобам - Рыгору Барадуліну, Васілю Быкаву, Уладзіміру Караткевічу.
Дзякуючы пленэрам у мясцовым музеі з'явілася больш за сотню карцінаў, апавядае актывіст з Глыбокага Зміцер Лупач, які неаднойчы бываў у Германавічах:
- Гэта, вядома, дужа незвычайна - прыватная мастацкая галерэя і музей у вёсцы. Германавічы цяпер - аграгарадок, тут пад тысячу жыхароў, але Ада Райчонак - бадай што самая знакамітая ў наваколлі асоба. Пэўна, кожны мясцовы жыхар пабываў у музеях Ады Элеўны, а колькі народу прыязджае, каб іх паглядзець - увогуле цяжка падлічыць.
А яшчэ сям'я Райчонкаў трымае адзіную ў гэтай мясцовасці фермерскую гаспадарку. І Ада Элеўна частуе ўдзельнікаў мастацкіх пленэраў сваёй бульбай і малаком. Як гаспадыня ўвіхаецца на кухні, зняў стваральнік фільма «Галерэя Ады» педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас, і гэты фільм атрымаў галоўную ўзнагароду на VІІІ Міжнародным фестывалі крэатыўных дакументальных фільмаў «Escales Documentaіre» у французскім горадзе Ля-Рашэль.
Ада Элеўна таксама мае шмат узнагародаў - перадусім за настаўніцкую і краязнаўчую дзейнасць. Але самай важнай для сябе ўзнагародай яна лічыць уганараванне прэміяй «За свабоду думкі», якую ёй уручылі ў чэрвені 2010 года на малой радзіме Васіля Быкава.
Не стала Міхася Тычыны
На мінулым тыдні не стала Міхася Тычыны - слуцкага краязнаўцы, журналіста, сталага і актыўнага аўтара "Нашага слова".
Міхась Тычына нарадзіўся ў 1927-м годзе ў вёсцы Боркі на Случчыне. Калі ў 1950-я ў Кранштаце служыў мараком, супрацоўнічаў са штодзённай флоцкай газетай «На вахце». Ад таго часу захапіўся журналістыкай. Пазней скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Усе свае творчыя сілы ён аддаў роднай Случчыне: больш за трыццаць гадоў адпрацаваў рэгіянальным карэспандэнтам «Мінскай праўды». Друкаваўся таксама, часта пад псеўданімам Міхась або Мікола Кутнявецкі.
Паводле беларускага гісторыка Анатоля Сідарэвіча, Міхась Тычына быў адным з першых краязнаўцаў і журналістаў, хто дасканала даследаваў гісторыю Слуцкага збройнага чыну:
- Я мяркую, што цяперашнія і будучыя краязнаўцы, якія будуць даследаваць праўдзівую гісторыю Случчыны, абавязкова будуць карыстацца публікацыямі Міхася Адамавіча. Ен нямала расказаў пра сваіх землякоў. І менавіта ён першы пачаў публікаваць матэрыялы пра слуцкіх паўстанцаў. Гэта было яшчэ ў 1960-я, калі іншыя случакі баяліся адзін аднаму расказваць.
Пахавалі Міхася Тычыну 10 красавіка ў Слуцку на гарадскіх могілках ля вёскі Селішчы.
Міхась Тычына рэгулярна змяшчаў у "Нашым слове" матэрыялы, прысвечаныя праблемам беларускай мовы, беларускай культуры. Апошні матэрыял, прысвечаны слуцкім вуліцам быў надрукаваны ў "Нашым слове" за 4 красавіка. А ў рэдакцыі засталіся яшчэ дзве нізкі абразкаў, падпісаныя псеўданімамі Міхася Тычыны. Іх мы сёння і друкуем.
Замовы на мову
* * *
Рэдактар раённай газеты запрасіў мяне на сустрэчу са слухачамі школы маладога журналіста падзяліцца ўспамінамі сваёй шматгадовай працы ў друку, у раённай, абласной, а зараз і супрацы з незалежнымі газетамі. На сустрэчу прыйшло ўсяго сем чалавек. Шэсць дзяўчынак і хлапец, вучні 9-11-х класаў сярэдніх школаў горада. Калі ў канцы гутаркі спытаў маіх слухачоў: "Узніміце руку, хто з вас дома размаўляе з бацькамі па-беларуску?" - адгукнулася дзяўчына-дзевяцікласніца. Яна адказала, што размаўляе на мове, калі прыязджае ў сваю вёску да бацькоў. Дзве дзяўчыны - адзінаццацікласніцы прызналіся, што хочуць паступаць сёлета у БДУ на факультэт журналістыкі, пішуць допісы ў раёнку. "На якой мове?" - пацікавіўся я. Адказ быў прадказальным: "На рускай". Не дзіва: усе 13 сярэдніх школаў і 3 каледжы ў горадзе рускамоўныя, там родная мова трымаецца на дзвюх гадзінах у тыдзень. Але я параіў ім усё ж пісаць свае допісы ўжо зараз па-беларуску, каб наша мова канчаткова не вымерла. А з ёю і дзяржава.
* * *
Загляніце на апошнія старонкі раённых газет - яны перад выхадным днём запоўнены вершаванымі віншаваннямі з днём нараджэння родных і блізкіх ад дзяцей, унукаў, сваякоў. І ўсе спрэс рускамоўныя! Рэдка калі, мо адзін раз у паўгода, з'яўляецца такое віншаванне ад кагосьці з інтэлігентаў сталага пакалення на беларускай мове. І сумна, і горка робіцца, калі чытаеш віншаване вясковай 90-гадовай бабулі з юбілеем на расейскай мове, хоць яна вырасла ў сям'і, дзе ў тыя далёкія 30-я гады ў вёсцы людзі яшчэ размаўлялі па-беларуску. І па раённаму радыё гэтыя віншаванні гучаць на чужой мове. Хоць 87 адсоткаў жыхароў горада і раёна-беларусы.
А завітаў гэты набор рыфмаваных віншаванняў у Беларусь з няблізкага Растова на Доне.
Там у 90-я гады нейкае камерцыйнае выдавецтва аддрукавала томікі вершаў тысячнымі накладамі. Трапілі яны і ў кнігарні Слуцка. Рэдактары раёнак хутка раскупілі, бо за тыя вершыкі-віншаванні можна мець пэўны грашовы прыбытак. Плата за адзін - ад 25 да 100 тысяч рублёў, у залежнасці ад памеру віншавання.
Вось і падумалася: няўжо ў Менску не знайшлося за столькі гадоў паэта, які б падобныя віншаванні напісаў па-беларуску і выдаў накладам хоць 500 асобнікаў да патрэбаў рэдакцый раённых газет і тутэйшых радыёстудый. Думаю, што Міністэрства культуры змагло б выдзеліць яму неабходныя сродкі. Пара ўжо нам навучыцца паважаць сябе!
* * *
Вось ужо трэці год на ўсіх 22-х маршрутах горада ў пасажырскіх аўтобусах, а іх болей за 40, абвесткі пра чарговы прыпынак, пажаданні ўступаць месца жанчынам з малымі дзецьмі, інвалідам, асобам састарэлага ўзросту і іншыя патрэбныя парады праз магнітафон у кабіне кіроўцы гучаць па-беларуску. Прыемна чуць, калі ведаеш, што на вуліцы, у магазінах вельмі рэдка (у горадзе 60 тысяч жыхароў, большасць - беларусы) пачуеш роднае слова. І калі прыглядваешся да твараў пасажыраў, калі ў салоне аўтобуса гучыць тое роднае слова, бачыш абыякавасць, хоць і чакаеш, што хтосьці са знаёмых выкажа мне ўслых радасць ад такога магнітамоўнага, любага сэрцу, гучання.
Міхал Кутнявецкі, г. Слуцк.
Абразкі за мову
З прыхаджанамі - гутаркі па-беларуску
У царкве прападобнага Святога Сямёна Стоўпніка, што у вёсцы Барок, набажэнства ўжо каторы год вядзе айцец Георгій (у міры-Пятроўскі), па адукацыі - філолаг-беларусказнавец. Як і ўсе святары у вясковых храмах, у гарадскіх таксама, службу ён вядзе па-руску, а з прыхаджанамі, аднавяскоўцамі сам-насам размаўляе па-беларуску. На прапанову рэдактара раённага радыёвяшчання выступіць па мясцовай сетцы з казаннем айцец Георгій даў згоду і девяць разоў, у суботнія вечары, распавядаў слухачам Боскія запаветы з Бібліі па-беларуску. Дарэчы, праз тры гады царква, дзе ён служыць, адзначыць сваё 100-годдзе.
Сталі у модзе "дарожныя" раманы
Зайшоў неяк па патрэбе ў камісійную краму. На бар'ерчыку, што адгароджвае паліцы для адзення, абутку і іншых рэчаў, убачыў стосік школьных падручнікаў і некалкі кніжачак кішэннага фармату.
- А творы рускіх, беларускіх пісьменнікаў-класікаў прыносіць хто-небудзь? - пацікавіўся ў прадаўшчыцы.
- Прыносілі как-то, но нікто не брал даже па заніженнай цене. Берут дарожныя повесті і раманы на рускам языке.
- Што значыцца "дарожныя"? - спытаў я.
- Ну, каторыя в мяккіх бумажных абложках, в карман іх можна влажіть. Чашчэ переводныя несут.
У раённай бібліятэцы ў абанеменцкім аддзеле быў сведкам, як такія "дарожныя" раманы і аповесці, што штабяльком ляжаць пад рукамі бібліятэкаркі, жанчыны сярэдняга ўзросту, пенсіянеркі, радзей мужчыны, набіралі абярэмямі - як дровы для печы, па шэсць-восем кніжак. І столькі здавалі папярэдне. Аўтары? Эсейкі Ро, Амандэ Квік, Кэрэл Трэё, Эні Мейджэр і іншыя, перакладныя. Зрэдку бяруць расейскіх сучасных аўтараў - Топаля, Акуніна. Паблізу паліцы з беларускай літаратурнай. Але да іх рэдка хто падыходзіць. Дажыліся!
А было нядаўна, а было калісьці...
На юбілей вядомай беларускай пісьменніцы, случчанкі па нараджэнні, у яе на радзіме ў Дом культуры сабралася сотні дзве вяскоўцаў, дзяцей - школьнікаў. Завітаў і загадчык аддзелу адукацыі райвыканкаму, віншаваў з трыбуны юбілярку на добрай беларускай мове - як і ўсе выступоўцы, што цешыла сэрца не аднаго мяне.
Гадоў праз чатыры ў канцы лета ў гарадскім Доме культуры на жнівеньскай настаўніцкай нарадзе той жа загадчык РайАНА ўжо рабіў даклады па-руску, пад яго падлагоджваліся і выступоўцы (хоць гэта былі адзінкі) з гарадскімх рускіх і сельскіх беларускамоўных школаў, хіба што два настаўнікі ўсё ж гаварылі з трыбуны на роднай мове. Нібы напаміналі сядзеўшым у зале, што мы жывём у цэнтры Беларусі, а не ў Разанскай губерні.
"Ты наверно націоналіст?"
Такое пытанне я пачуў гады два ці тры таму летам, завітаўшы у сваю вёску, ад яшчэ не старога мужчыны, які прыехаў з горада, дзе жыве, да сваёй сястры ў госці. Калі я запытаў, што ты ўкладваеш у свой запыт, пачуў адказ: "Потому что ты гаварыш па-беларуску, как бэнээфаўцы." "А вось ты, адказваю, забыў, што твае бацька і маці, калі ты пад стол пехам хадзіў, размаўлялі ў хаце і на вуліца па-беларуску." Сястра яго пенсіянерка змоўчала, бо і яна забыла родную мову.
Мікола Кутнявецкі, г. Слуцк.
Ластаўка нашага Адраджэння
Памяці Ірыны Марачкінай
Памятаю Ірыну маладой, прыгожай, поўнай аптымізму. Яна працавала тады ў Навукова-метадычным кабінеце Міністэрства асветы. Прыгадваю наша даўняе супрацоўніцтва з ёю ў падрыхтоўцы навучальных тэлевізійных перадач. Гэта былі ўрокі па біялогіі для сярэдняй школы. Ішла другая палова 70-х гадоў - час, калі ў беларускіх гарадах даўно ўжо не было ніводнай беларускай школы, калі шырока распаўсюдзілася практыка вызвалення дзяцей ад беларускай мовы па заявах бацькоў. І вось у гэты змрочны для нашай Бацькаўшчыны час Ірына, наколькі было змогі, ішла насуперак русіфікацыйнай плыні. Тэлевізійныя ўрокі яна пастанавіла рабіць на беларускай мове.
Сёння думаю, колькі мужнасці і вытрымкі трэба было мець, каб процістаяць шавіністычнай хеўры, якая лічыла сваім абавязкам, кажучы словамі паэта, "язык тутэйшым прышчаміць". Брудныя інтрыгі, паклёпы, даносы - якія толькі спосабы яны не ўжывалі. Дайшло да таго, што яе выклікаў "на гутарку" тагачасны міністр асветы Мінкевіч. Ушчуваў за неразуменне нацыянальнай палітыкі камуністычнай партыі і савецкага ўраду, за празмерную і шкодную ініцыятыўнасць. Калі ж ўбачыў, што ўгаворы не дзейнічаюць, раздражнёна кінуў: "На вашым сцягу, Ірына Сяргееўна, больш зялёнага, чым чырвонага!" Міністру было няўцям, што ў руках яго падначаленай зусім іншы сцяг. Я захапляўся яе непахіснасцю.
У той суполцы, што гуртавалася на "Паддашку", не было жанчыны больш дзейнай і энергічнай, чым Ірына. Беларуская справа з'яўлялася асноўным зместам яе жыцця. Яна, нібыта ластаўка, веставала вясну нашага Адраджэння. Не памятаю ніводнай грамадскай акцыі, ніводнай імпрэзы, у якіх бы наша сяброўка не брала чыннага ўдзелу. Гэта і распаўсюджанне славутага звароту Мацея Бурачка напярэдадні VII пісьменніцкага з'езда (1976 год), гэта і збор подпісаў пад вядомым лістом беларускіх інтэлектуалаў да Гарбачова ў 1986 годзе ("Ліст 28-мі"), гэта і ладжанне велічна-агністай вечарыны ў Доме літаратара 25 сакавіка 1992 года. А колькі душы было ўкладзена Ірынай, калі яна працавала ў Бюро па прапагандзе беларускай літаратуры, у Камісіі па гісторыі і культуры Беларускага Народнага Фронту "Адраджэнне", у Таварыстве беларускай мовы імя Ф. Скарыны! Усюды яна выяўляла выдатныя арганізатарскія здольнасці, уменне згуртоўваць людзей вакол канкрэтнай справы. Пры гэтым была надзвычай сціплай, не было ў яе ні каліўца ганарыстасці. Ніколі не выстаўлялася, не падкрэслівала сваіх заслуг. І часам, мабыць, камусьці здавалася, што ўсё робіцца само сабою.
Апошнімі гадамі Ірыну дужа прыгнятала хвароба. Але не менш за хваробу яе прыгнятала наша рэчаіснасць. Як чалавек з абвостраным пачуццём справядлівасці і нацыянальнай годнасці, яна не магла прымірыцца з той хлуснёй, крывадушнасцю і здрадай, з тым фальшам і цынізмам, што пануюць навокал. Ей вельмі балела. І ейнае сэрца не вытрывала…
3-га красавіка я намерыўся заехаць пасля працы да Марачкіных. Патэлефанаваў у майстэрню. Унучка сказала, што бабулі ўжо няма… Спазніўся… Наша ластаўка паляцела ў вырай.
Зміцер Санько. На здымках : Ірына Марачкіна і Яўген Кулік; у Зэльве.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць шчырыя спачуванні першаму намесніку старшыні ТБМ Алене Анісім у сувязі з напаткаўшым яе горам - смерцю маці.
Пайшла з жыцця Арына Вячорка
Арына Вячорка памерла ў Вільні 9 красавіка.
5 красавіка ў аэрапорце Вільні ў 50-гадовай Арыны здарыўся інсульт. Ад таго часу яна заставалася ў коме.
Беларускі педагог, грамадская і культурная дзяячка, ініцыятарка адраджэння рыцарскага руху і гістарычнай музыкі Беларусі.
Па адукацыі матэматык. Скончыла аспірантуру пры БДУ па спецыяльнасці «гісторыя педагогікі»; Вышэйшую школу грамадскіх прафесій па спецыяльнасці «мэнэджарка культуры» (Познань).
Працавала ў беларускіх школах Менска, у Лабараторыі філасофіі і гісторыі адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. Аўтарка артыкулаў па гісторыі беларускай педагогікі, гісторыі матэматыкі і тэхнікі Беларусі для «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», «Гісторыі беларускай навукі і тэхнікі». Укладальніца двухтомавай бібліяграфіі гісторыі беларускай педагогікі.
Сузаснавальніца першага беларускага нефармальнага згуртавання новага часу «Беларуская спеўна-драматычная майстроўня» (1980-1985). Удзельніца руху за адраджэнне беларускай школы з 1983 года. Сузаснавальніца моладзевага адраджэнцкага згуртавання «Талака» (1986-1988).
Адна з арганізатарак дзіцячага летніка «Грунвальд» (1992).
З 1993 заснавальніца рыцарскага руху Беларусі. Стваральніца і кіраўніца Беларускага рыцарскага клуба, пазней клуба «Вялікае княства» (1996-2007).
А ў беларускамоўным класе ў Менску яна была старшынёй савету бацькоў. І змагалася, каб Леніна прыбралі са сценаў класа, а замест яго Марачкін прынёс якую "птушачку". Змагалася, каб дзеці не ўступалі ў "акцябраты", а прымалі іх у суполку "Пагоня" і давалі значкі.
Арганізатар першага рыцарскага турніру ў Лошыцкім парку, моладзевага этнагістарычнага свята «Лошыцкі фэст»; выездаў на рыцарскі турнір у Голуб-Добжынь (1995); на інсцэніроўку Грунвальдскай бітвы (1996), у Чэхію (Млазавіцэ, 1997), першай паездкі дэлегацыі беларускіх рыцарскіх клубаў на Грунвальдскую бітву (Ольштын, 1998), святкавання ўгодкаў Грунвальдскай бітвы у Менску з 1996 па 1999 гг. Стваральніца першага праекта гістарычнай музыкі «Легенды Bялікага Kняства» (2000-2001), альбома гістарычнай музыкі «Старажытная зямля» (2005), серыі «Беларуская музычная калекцыя»: «Постфольк», «Музыка Вялікага Княства Літоўскага», «Беларускі музычны авангард», «Спевы Беларусі», «Медыеваль», «Вясковая лірыка» (2007-2009) і шэраг іншых.
Арганізатарка больш як ста канцэртаў старадаўняй і фальклорнай музыкі «Легенды Вялікага Княства», «Старадаўняя музыка Беларусі і Еўропы» ды іншых. Прадусарка гурту «Стары Ольса», музычнага праекту «Вір». Кансультантка музычнага праекту «Гістарычны эпас», фільма «Старадаўнія музычныя інструменты Беларусі».
Адна з арганізатараў нацыянальных конкурсаў маладых выканаўцаў старадаўняй музыкі «У гонар каралевы Боны» (Менск, Наваградак, 2005-2006).
Адна з заснавальнікаў Беларускага клуба лютністаў (2008).
Намесніца дырэктара ААТ «Новая музычная кампанія» (2007-2009), намесніца дырэктара выдавецтва «Каўчэг» (з 2009). Каардынатарка міжнародных праектаў Дома сустрэчаў «Мікушэва» (Польшча, з 2011). Адна з кіраўнікоў этнагістарычнага цэнтру «Явар», супрацоўнічала з Белдзяржфілармоніяй, «Моладзевым тэатрам эстрады». Аўтар праекту «Ноч музыкі» ў Белдзяржфілармоніі (2010).
І пры жыцці Арыны было відавочна, што яна робіць сваю справу "на будучыню". Бо сёння адпаведнай рэакцыі на тое, што робяць такія людзі, проста не можа быць, альбо толькі ў вузкім коле людзей.
Дзеці - Радаслава, юрыст; Франак - журналіст, грамадскі актывіст; Ружана - школьніца. Унук Даніла.
Калі ж мы прыйдзем да беларускасці?..
Артыкул Міхася Кутнявецкага "Слуцкія вуліцы, пара займець вам нашынскія назвы!" ("Наша слова" за 4.04. 12 г.) абудзіў мае ранейшыя разважанні аб назве вуліц у маім гарпасёлку Івянец Валожынскага р-на, якія я некалькі месяцаў таму адрасаваў сваёй "раёнцы" і мясцовай уладзе. У гэтай справе з назвамі вуліц у нашых пасёлках і гарадах непакоіць тое, што сённяшняя ўлада не хоча і, ёсць усе падставы сцвярджаць, - не будзе нічога рабіць дзеля таго, каб вярнуць гістарычныя назвы калісьці пераіменаваным вуліцам, вёскам, гарадам і прысвойваць новыя назвы з улікам гістарычнай спадчыны, тапанімічнай сістэмы, прапаноў саміх жыхароў. На жаль і сёння, як і за савецкім часам, улада не разглядае гэтую справу як культурную і гістарычна важную, не ўлічвае нацыянальныя асаблівасці, дзейнічае як і раней - абы як.
Некалькі месяцаў таму ў Валожыне адкрылі новую гасцініцу, якую назвалі па-руску "Корона". Не зразумела, якімі гістарычнымі, ці нацыянальнымі, ці тапанімічнымі фактарамі кіраваліся мясцовыя чыноўнікі, калі давалі такую назву гасцініцы? Чаму менавіта "Корона"? Чаму назвалі па-руску? Няўжо у Валожын прыязджае так многа людзей з Расіі, якія не разумеюць беларускую мову? На маю думку, калі які - небудзь іншаземец і заедзе часам у Валожын, дык яму было б цікавей убачыць шыльду на гасцініцы па-беларуску. Родная мова - адметнасць любой краіны, гонар яе насельніцтва, Гэта як архітэктура будынкаў, хараство сквераў, паркаў, вуліц. Гэта як чысціня, утульнасць у нашых дварах, кватэрах. Найперш па гэтых відавочных паказчыках госць ацэньвае гаспадара. А ў чым сэнс слова "карона"? У "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" слова "карона" тлумачыцца як галаўны ўбор, улада манарха. Цікава, уладу над Валожынам якога манарха яно прапагандуе?
Няўжо кепска гучала б назва гасцініцы па-беларуску, напрыклад, "Ялінка"? І слова мілагучнае, і сэнс ёсць - побач пушча. А хіба горш гучала б "Крынічка"? Напэўна многім наведвальнікам гасцініцы ўспомнілася б коласаўскае:
...Вось як цяпер, перада мною Устае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькае ложа
І елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою...
Мне прыпомнілася назва плошчы ў сталіцы Чачні - "Мінутка". Проста, па-каўказску мудра, без палітычных штампаў.
У нашым гарпасёлку 23 вуліцы названы ў гонар знакамітых палітычных і грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў і паэтаў. Гэта добра, калі жыве памяць аб людзях, якія пакінулі ў гісторыі яскравы след. Вось толькі мне не зразумела логіка тых, хто прымаў рашэнні аб назве вуліц у гонар знакамітасцяў. Мне думаецца, што найперш трэба ўшаноўваць імёны сваіх землякоў, тых, хто нарадзіўся, жыў і працаваў на Валожыншчыне, хто быў звязаны з гэтым краем жыццёвым лёсам. А якое дачыненне да валожынскай зямлі маюць Максім Горкі, Міхаіл Калінін, Валяр'ян Куйбышаў?
Есць у Івянцы вуліцы, якія носяць толькі прозвішчы людзей, без іх імёнаў. Гэта, на маю думку, недапушчальна. У чалавека найперш ёсць імя, якое яму даецца бацькамі пры нараджэнні. На шыльдзе адной з вуліц напісана: "Улица Островского". Адразу ж узнікае пытанне: якога Астроўскага? Беларуская энцыклапедыя распавядае аб васьмі Астроўскіх - пяці беларусах і трох расіянах. Беларусы па паходжанні - жывапісец Марцін, палітычны дзеяч Радаслаў, біяхімік Юрый, скульптар Ян і марфолаг, доктар медыцынскіх навук Алесь. Усе яны насілі прозвішча Астроўскі, як і яшчэ трое расіян: літаратуразнаўца і перакладчык Арсен, драматург і тэатральны дзеяч Аляксандр, і пісьменнік Мікалай. Чыё ж імя з усіх гэтых Астроўскіх носіць вуліца ў Івянцы? Ніхто не ведае. Ніякіх дакументаў на гэты конт у Івянецкім выканкаме няма.
Такая ж недарэчнасць і з вуліцай, якая носіць прозвішча Барысевіч.
Вельмі балюча і крыўдна беларусу чытаць назвы вуліц, плошчаў, якія носяць імёны і прозвішчы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў напісаныя па-руску. Усе свае творы яны пісалі выключна на беларускай мове, змагаліся за яе, цярпелі, пакутвалі, прынцыпова адстойвалі беларускае слова ў дзяржаўных установах, прапагандавалі яго ўсюды, куды б не закідваў іх лёс. Некаторых з іх расійскі царызм кідаў нават за краты за іх беларускасць, а пазней камуністычныя ідэолагі цкавалі іх маральна, нават забаранялі ім друкаваць свае творы на роднай мове. І сёння мы, іх нашчадкі, абавязаны ўшанаваць іх па-беларуску. Адказныя за гэтую справу ўладныя асобы мне, безумоўна, запярэчаць, што ў нашай краіне двухмоўе. Мяркую, што справа тут не ў двухмоўі. Наша грамадства, у большасці сваёй, захварэла. Захварэла на бяспамяцтва і абыякавасць. Як ёсць, так ёсць, абы ціха - вось філасофія жыцця большасці нашых людзей. Іх не цікавіць мінулае нашай краіны, сваіх продкаў. Яны не ганарацца сваімі прапрадзедамі. У мяне, часам, складваецца ўражанне, што гісторыя Беларусі, нават роднага горада, пасёлка пішацца толькі сёння і толькі з чыстага ліста. З людской памяці зніклі цэлыя стагоддзі. Стагоддзі жыцця беларусаў, іх барацьбы за сваю дзяржаўнасць, за сваю свабоду, незалежнасць, за беларускасць, за беларускую мову, культуру, традыцыі. Шкада, што нашы людзі сёння не бачаць свайго, беларускага, ва ўласным побыце, культуры, гістарычным мінулым, шмат што прыпісваюць іншаму народу. Яны вельмі памыляюцца, адмаўляючыся ад шматвяковай гісторыі сваіх продкаў, ад беларускасці. Яны здраджваюць продкам - і ў гэтым іх вялікі грэх. Застаецца толькі спадзявацца, што калі-небудзь да іх прыйдзе прасвятленне. Вось толькі каб яно не спазнілася: краіна можа стаць іншай.
Як жа нам прыйсці да беларускасці? Думаю, што ў кожнага, хто хоча гэта зрабіць, будзе свой шлях. У мяне ён пачаўся ў 90-х гг., калі я вярнуўся ў Беларусь з Расіі. Найперш выпісаў беларускамоўныя газеты, прыдбаў арфаграфічныя слоўнікі, пачаў чытаць кнігі на беларускай мове, цікавіцца гісторыяй Беларусі. Ужо крыху навучыўся пісаць і размаўляць па-беларуску. У тыя, 90-я, я канчаткова вырашыў для сябе, што буду ісці гэтым шляхам усё сваё жыццё і агітаваць, зваць да беларускасці сваіх родных, сяброў, знаёмых.
Многае могуць зрабіць, пры жаданні ступіць на гэты шлях, - да беларускасці - чыноўнікі, розныя адміністратары, дырэктары ва ўстановах, на прадпрыемствах, і, безумоўна, мясцовая ўлада. Першы іх крок, на маю думку. павінен быць такім: напісаць усе шыльды па-беларуску. Думаю, што многа сродкаў для гэтага не спатрэбіцца.
Пытанні аб назвах вуліц, плошчаў і інш. трэба абмяркоўваць з грамадскасцю на мясцовых рэферэндумах, сходах грамадзян. Можна толькі здагадвацца, якія назвы былі б прапанаваны жыхарамі і як яны цешылі б наш слых, былі б мілы нашым сэрцам.
Усе чыноўнікі абавязаны не па закону, а па сумленні размаўляць на той мове, на якой да яго звярнуўся наведвальнік. І калі інакш - гэта трэба кваліфікаваць як знявага чалавека.
Рашэнні выканкамаў павінны прымацца на дзвюх мовах. Інакш як можна тлумачыць раўнапраўе двухмоўя?
Усе гэтыя і многія другія пытанні на шляху да беларускасці можна вырашаць на мясцовым узроўні без усялякіх грашовых і матэрыяльных выдаткаў, было б толькі жаданне.
Хочацца на аптымістычнай хвалі закончыць гэты ліст, але ж я цвяроза ацэньваю рэчаіснасць. Людская абыякавасць, неразуменне моўнай праблемы і, галоўнае, нежаданне яе вырашаць схіляюць мяне, на вялікі жаль, да песімізму.
Сто гадоў таму Янка Купала пытаўся, хто ж гэта ідзе ў агромістай грамадзе, і чаго гэтыя беларусы хочуць? І сёння мы яшчэ крочым гэтым шляхам, каб трапіць у новае жыццё, дзе будзем людзьмі звацца, і ў якім беларуская мова зойме сваё пачэснае месца, і дзе будуць звінець, пяшчотна ліцца па наваколлі нашы мілагучныя беларускія словы.
Міхаіл Спірыдовіч, сябар Івянецкай суполкі ТБМ ім. Ф. Скарыны.
Беларускі татарын Якуб Якубоўскі
Сёлета Якубу Адамавічу Якубоўскаму споўнілася б 80 гадоў. Нарадзіўся ён 20 красавіка 1932 года у Камаях (Пастаўскі раён, Віцебская вобласць) у татарскай мусульманскай сям'і, але як ураджэнец беларускай зямлі ён быў яе вялікім і гарачым патрыётам. Падзіцячаму чысты і, можа, нават крыху наіўны, Я. Якубоўскі быў мудрым чалавекам. Да ўсяго быў яшчэ і інтэлектуалам. Меў тры вышэйшыя (універсітэцкія) адукацыі (геафак, беларуская філалогія і гістфак). Пры ўсім гэтым і пасля гэтага пастаянна займаўся самаадукацыяй. Увогуле ён быў вялікі працаўнік. А таму - чаго ён толькі не ведаў і не дзіўна, што, як настаўніка дзеці, яго вучні вельмі любілі яго. З дня заснавання выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя" (пазней імя Пятруся Броўкі) працаваў загадчыкам навукова-галіновай рэдакцыі геаграфіі, геалогіі і геафізікі. Пры яго чынным удзеле ў названым выдавецтве пабачылі свет такія салідныя навуковыя, ды адначасова, без перабольшання, і папулярныя выданні, як "Чырвоная кніга Беларускай ССР" , "Раслінны свет Беларусі", "Жывёльны свет Беларусі", "Геалогія і карысныя выкапні Беларусі" і інш. Як падагульненне пералічанаму і, вядома, як новае выданне ў 1983-1986 гг. там выйшла ў пяці тамах "Энцыклапедыя прыроды Беларусі". Зноў жа творчая прысутнасць у ёй Я. Якубоўскага - відавочная.
Свабодна валодаючы рускай, польскай і нямецкай мовамі, Я. Якубоўскі ў сям'і, на працы і ў іншых месцах карыстаўся абсалютна мовай беларускай. Ен з'яўляўся адным з галоўных ідэёлагаў татарскага адраджэння ў Беларусі. Ім фармаваўся і рэдагаваўся кожны нумар штоквартальнага часопіса "Байрам", дарэчы - на беларускай мове. Таксама на беларускай мове ім стваралася "Энцыклапедыя татар Беларусі". Заўважым, што беларускія татары ў свой час страцілі сваю мову і таму перайшлі на мову карэннага насельніцтва іх новай Радзімы.
Дома над ложкам Я. Якубоўскага месціўся бел-чырвона-белы сцяг з поўмесяцам. Да канца жыцця ён заставаўся сябрам ТБМ і заўсёды рэгулярна плаціў сяброўскія складкі, плюс да іх часта рабіў грашовыя ахвяраванні на развіццё беларускай мовы. Пакуль былі сілы, не прапускаў ні аднаго мітынгу ў падтрымку беларускай незалежнасці і дэмакратыі.
Апошнія гады свайго жыцця Я. Якубоўскі цяжка хварэў, але ніколі і нікому не скардзіўся на нездароўе. Як сапраўдны мусульманін пераносіў гэта цярпліва, стойка, па-філасофску, мудра.
Памёр Якуб Адамавіч 14 верасня 1998 г. у Менску. Пахаваны на татарскім мізары ў Смілавічах.
На помніку на яго магіле напісана па-арабску і па-беларуску:
"Алаху належым,
Да Алаха вяртаемся"
Я. Якубоўскі быў глыбока веруючым чалавекам. У маёй памяці ён застаўся вялікай асобай, асобай сціплай. Ва ўсіх сэнсах шчодрай, гатовай заўсёды прыйсці на дапамогу, гатовай раздзяліць з табой тваю сапраўдную радасць, не здольнай пакрыўдзіць чалавека, прынізіць яго годнасць. І яшчэ: ён быў здольны глядзець на свет гэты і жыццё трансцэндэнтна - быў здольны глянуць за межы жыцця зямнога, людскога.
Памяці майго незабыўнага старэйшага таварыша прапаную свой верш.
Светлай памяці Якуба Адамавіча Якубоўскага
Я сёння ў сне
Якубоўскага бачыў,
Ен мілай усмешкай
Мяне азадачыў.
А змест той усмешкі
Гранічна быў просты,
Што мудрасць людская -
Як птах і бяскрылы,
й бясхвосты.
Яўген Гучок
Тэкст Канвенцыі з пачуццём нацыянальнай талерантнасці
Офіс па правах асобаў з інваліднасцю, які працуе на працягу года ў Менску, ініцыяваў конкурс пераклада на беларускую мову Канвенцыі па правах інвалідаў.
Да конкурсу праявілі вялікую цікавасць прафесійныя перакладчыкі, знаўцы беларускай мовы з Інстытута беларускай мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН РБ, выкладчыкі БДУ, студэнты Інстытута журналістыкі, аспіранты ВНУ, супрацоўнікі рэспубліканскага друку.
Усяго ў моўным спаборніцтве ўзялі ўдзел 62 чалавекі з Менска, Вільні, Полацка, Кобрына, Баранавічаў, Ліды і Жупранаў. Шырокае прадстаўніцтва ўдзельнікаў конкурсу сведчыць пра актуальнасць дадзенай тэмы для грамадства. Падвядзенне вынікаў адбылося 10 красавіка ў галерэі "Ў".
- Канвенцыя аб правах асобаў з інваліднасцю была прынята ў 2006 годдзе, але наша краіна пакуль не далучылася да яе, - пракаментаваў конкурс юрыст і праваабаронца Сяргей Драздоўскі. - Мы ставілі мэтай змяніць стаўленне грамадства да жыцця людзей з інваліднасцю, узняць павагу да чалавечай годнасці. Пераклад дадзенага дакумента на расейскую мову, на думку нашых сяброў, прадстаўнікоў Украіны і Казахстана, выклікае нараканні. Кожная краіна лічыць сваім абавязкам перакласці тэкст Канвенцыі на родную мову. Нам важна, каб дакумент адпавядаў высокім міжнародным нормам і адначасова ўлічваў нацыянальную спецыфіку.
Для многіх удзельнікаў гэта быў не проста тэхнічны пераклад, а спроба пераасэнсаваць змест сусветнага падыходу да правоў інвалідаў. Гэта крок да таго, каб Беларусь наблізілася да прыняцця Канвенцыі.
- Пераклад такога дакумента важны для культуры і саміх людзей, - зазначыў філолаг Аляксей Шэін. - Паколькі ёсць мова, ёсць дзяржава, гэты дакумент, як і шэраг іншых, неабходны для беларускага грамадства. Кожная мова з'яўляецца выразнікам жыцця народа. У нашым народзе здаўна закладзена пачуццё талерантнасці, суперажывання чужому болю, стаўленне да чалавека як да Божага стварэння. У сучасны момант распрацоўваецца, удасканальваецца новая тэрміналогія, што знаходзіць адлюстраванне ў дакументах.
Журы конкурсу, якое ўзначальвала дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ, кандыдат філалагічных навук Анжаліка Садоўская, падвяло вынікі. Журы ўлічвала пісьменнасць і спецыфіку беларускага навуковага тэкста, асаблівасці юрыдычнай тэрміналогіі. Найлепш удаліся тыя пераклады, якія зрабілі прафесійныя юрысты. Пераможцам стала маладая спецыялістка Марына Каліноўская, юрыст-консульт Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Менавіта ёй будзе даручана выканаць увесь пераклад тэкста Канвенцыі на беларускую мову.
- Праца над перакладам для мяне была адказным крокам. Канвенцыя падаецца мне важнай. Напачатку года, калі я планавала сваю дзейнасць, то мне трапілі словы прарока Ісайі з Бібліі: "Каб чалавек быў даражэйшым за чыстае золата ". Змест Канвенцыі блізкі да гэтых словаў. Спадзяюся, што мне хопіць сіл зрабіць годны пераклад дакумента, - зазначыла спадарыня Марына.
М. Каліноўскай - 29 год, яна атрымала адукацыю юрыста ў БДУ, удасканальвала свае веды ў магістратуры ў г. Брэмэне. Зараз яна працуе ў моладзевай арганізацыі, якая апякуецца дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі. Пераможца конкурсу атрымала ў падарунак ноўтбук.
Э. Дзвінская.
125 гадоў з дня нараджэння Анатоля Дзяркача
Дзяркач Анатоль (сапр. Зіміёнка Анатоль), нарадзіўся 18.04.1887 г. у мястэчку Турэц Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і фельчара.
Скончыў Наваградскую гарадскую навучальню (1904). Служыў пісарам у Менскай гарадской і земскай управах. Удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, быў зняволены ў турму, адбываў ссылку. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у рэдакцыях газет «Беларуская вёска», «Піянер Беларусі», быў рэдактарам сатырычна-гумарыстычнага часопіса «Дубинка» (1924, дадатак да газеты «Звезда»). Быў кандыдатам у сябры СП СССР. 16.10.1936 г. арыштаваны. Расстраляны 05.09. 1937 г.
Справа перагледжана і спынена Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 04.05. 1957 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1904 г. на расейскай мове. Выйшлі зборнікі сатырычных і гумарыстычных вершаў «Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў» (1925), «Бог удвох» (1930), «Качаргой па абразох» (1930), «Усім патроху...» (1930), паэма «Міколава гаспадарка» (1927) і зборнікі для дзяцей «Нашы прыяцелі» (1928), «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Працавітая дзяўчына» (1928), «Звяры нашых лясоў» (1929)
Аўтар працы «Интервенция и оккупация в Белоруссии» (Масква, 1932).
Пераклаў на беларускую мову зборнікі вершаў У. Маякоўскага «Кім быць?» (1932), Дз. Беднага «Пра папоў» (1931), К.Чукоўскага «Мыйдадзір» (1928 і 1935), С. Маршака «Пошта» (1937), А. Барто «Брацікі» (1935), раманы А. Дарагойчанкі «Вялікая Каменка» (1932), Л. Корыса «Кіруй, Брытанія» (1932), аповесці А. Чумачэнкі «Клуб даследнікаў» (1932), Д'Эрвільі «Прыгоды дагістарычнага хлопчыка» (1937), працу А. Ферсмана «Наш апетыт» (1931), паасобныя творы А. Пушкіна, С. Міхалкова, М. Асеева, П. Тычыны, Н. Забілы, П. Усэнкі і інш.
100 гадоў з дня нараджэння Леаніда Прокшы
Прокша Леанід , нарадзіўся 19.04.1912 г. у горадзе Полацку ў сям'і рабочага.
Скончыў Менскі педагагічны тэхнікум (1931). Працаваў загадчыкам Кустаўніцкай пачатковай школы Мазырскага раёна (1931-1934), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сямігодцы і на рабфаку ў Барысаве. Служыў у Чырвонай Арміі (1935-1937). Быў літработнікам у газеце «Віцебскі рабочы» (1937-1940), у польскай газеце «Штандар вольносці» (Менск, 1940-1941), рэдактарам польскай рэспубліканскай дзіцячай газеты «Піянер» (1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны - ваенны журналіст. Скончыў Ваенна-палітычную акадэмію (1955). У 1956-1958 гг. - загадчык аддзела часопіса «Коммунист Белоруссии», у 1958-1969 гг. - рэдактар газеты «За вяртанне на Радзіму» (з 1960 «Голас Радзімы»), у 1969-1972 гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Сябар СП СССР з 1961 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і двума - II ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім Залатым крыжам заслугі.
Выступаў у друку з 1937 г. (газета «Віцебскі пралетары»). Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар зборніка апавяданняў і нарысаў «Источник красоты» (1960), кніжак гумарыстычных апавяданняў, памфлетаў «Каб жылося-вялося» (1961), «Камедыянты» (1961), «Кантроль сумлення» (1963), «Праз туманы» (1964), «След вядзе за мяжу» (1965), «Інтрыгі прэзідэнцкага двара» (1967), «Не ў тым поездзе» (1971), «Самадзейнасць у ліфце» (1972), «Зося смяецца» (1982), «Призраки и президенты» (1988), аповесцей «Ці варта было жаніцца» (1968), «За Добрыцай-рэчкай» (1975), нарыса «Герои Олерона» (з В. Андрэевым і Ў. Сасінскім, 1965), кніг публіцыстыкі «По обе стороны океана» (1968), «Туман развеецца» (1970), «Візітная картка народа» (1972), раманаў «Пакуль жывеш на свеце» (1980), «Туника Несса» (1986). «Урокі любові і нянавісці» (1990). Выйшлі аповесці для дзяцей «Мальчик в больших башмаках» (1963), «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі» (1973), «Стрэлы над ярам» (1974, дапоўненае выданне 1979).
Мерапрыемства ў бібліятэцы
Прэзентацыя кнігі Адама Ягоравіча Багдановіча "Я ўсё жыццё імкнуўся да святла" адбылася ў актавай зале менскай абласной бібліятэкі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі Уладзімір Содаль, Вадзім Салееў, Анатоль Валахановіч. З цікавымі прамовамі выступілі: Анатоль Бутэвіч, дырэктар музея М. Багдановіча Шэляговіч Таццяна Эдуардаўна, аўтар мастацкай канцэпцыі музея Агуновіч Эдуард Канстанцінавіч, галоўны захавальнік фондаў музея Гарэлік Ніна Уладзіміраўна, супрацоўнік часопіса "Маладосць", аўтар кнігі "Максім Багдановіч вядомы і невядомы" Ціхан Чарнякевіч, першы дырэктар музея М. Багдановіча Міхась Пазнякоў, а таксама стрыечная ўнучка Адама Багдановіча Дашкоўская Вольга Паўлаўна і Мікола Мятліцкі. Паміж выступамі прагучалі музычныя нумары ў выкананні Аляксандра Пятровіча Вашчанкі "Сівы конь бяжыць" і "Паляпелі гусанькі за сяло". Наклад кнігі 1100 асобнікаў. Яна пабачыла свет у выдавецтве "Літаратура і мастацтва".
На мерапрыемстве прысутнічала шмат моладзі. Усім было вельмі цікава.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, жураналіст.
18 красавіка - Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін
Маркі з выявамі трох замкаў
Старшыні Грамадскага аб'яднання
«Таварыства бсларускай мовы імя
Францішка Скарыны».
Трусаву А.А.
вул. Румянцава, 13
220034, г. Мінск
Аб выпуску паштовых марак
Паважаны Алег Анатольевіч!
Вашы прапановы наконт выпуску паштовых марак з выявамі замкаў Беларусі разгледжаны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Паведамляецца, што ў 2011 годзе РУП "Белпошта" плануе ажыццявіць новы стандартны выпуск паштовых марак. Гэты выпуск прадугледжвае 12 паштовых марак, а тэма выпуску - помнікі архітэктуры.
Улічваючы Вашу прапанову, прынята рашэнне тры паштовых млркі з гэтай серыі прысвяціць замкам Беларусі - Мірскаму, Нясвіжскаму і Лідскаму.
З павагай, Намеснік міністра М.М. Струкаў.
ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЛІСТ МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ ЯНКІ КУПАЛЫ МІЖНАРОДНЫ ФОНД ЯНКІ КУПАЛЫ
20-21 чэрвеня 2012 года
Запрашаем прыняць удзел у X Міжнародных купалаўскіх чытаннях "Янка Купала. Дыялог з XXI стагоддзем", прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца навукоўцы (літаратуразнаўцы і мовазнаўцы. культуролагі, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, музейныя работнікі і іншыя спецыялісты). сфера навуковых інтарэсаў якіх звязана з вывучэннем і інтэрпрэтацыяй розных аспектаў жыцця і творчасці Япкі Купалы.
Асноўнымі мэтамі канферэнцыі з'яўляюцца аналіз творчасці народнага паэта Беларусі і яе ролі ў фармаванні беларускай філасофскай і эстэтычнай думкі, беларускай літаратуры і культуры: яе ўплыў на станаўленне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і дзяржаўнасці, разгляд і абмеркаванне фундаментальных праблем, звязаных з успрыманнем творчасці Янкі Купалы ў сучасным свеце. тэатральных, мастацкіх і мўзейных інтэрпрэтацый.
Праблематыка канферэнцыі:
Літаратуразнаўства:
- Творчая спадчына Янкі Купалы ў гістарычна-літаратурным і культурным кантэксце канца XIX - пачатку XX стст.
- Янка Купала і сучаснікі: творчыя кантакты, паралелі, палеміка, узаемаўплыў.
- Мастацкае ўспрыманне прасторы і часу ў творах Янкі Купалы.
- Літаратурная спадчына Янкі Купалы ў міжнародным аспекце
- Сучасныя інтэрпрэтацыі жыцця і творчасці Янкі Купалы.
- Купалаўскія традыцыі ў сучаснай літаратуры;
- Купала і сучаснасць: новыя аспекты вывучэння спадчыны паэта.
- Эпісталярная спадчына, нататкі, службовыя і асабістыя дакументы Янкі Купалы як крыніца вывучэння літаратурнай эпохі.
Музеялогія:
- Інтэрпрэтацыя актуальных праблем жыцця і творчасці паэта ў новай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
- Праблемы захавання і экспанавання дакументальнай і мемарыяльнай спадчыны Янкі Купалы.
- Ушанаванне памяці песняра музейнымі сродкамі.
- Мультымедыйныя тэхналогіі ў сучасным літаратурным музеі.
- Праблемы і перспектывы захавання і музеефікацыі мемарыяльных купалаўскіх мясцін.
- Мадэлі музейнай камунікацыі ў практыцы літаратурнага музея.
- Літаратурныя музеі: тэндэнцыі развіцця і аспекты дзейнасці.
- Архіўная і музейная спадчына Янкі Купалы.
Праграма канферэнцыі прадугледжвае правядзенне пленарнага пасяджэння, сесій і дыскусіі.
Рабочыя мовы - беларуская, руская.
Па выніках работы будзе выдадзены зборнік матэрыялаў канферэнцыі.
Камандзіровачныя выдаткі ажыццяўляюцца за кошт установы, якая накіроўвае на канферэнцыю.
Заяўкі на ўдзел у рабоце канферэнцыі (гл. дадатак 1) і тэксты дакладаў на любой з рабочых моў просім дасылаць у Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы да 1 мая 2012 года на электронны адрас: kupalamuzeum mail.ru. muzei-kupal kultura.by.
Аб'ём матэрыялаў даклада - да 6 старонак.
Патрабаванні да афармлення даклада
- файл МS Word.
- шрыфт Times New Roman.
- кегль - 14; інтэрвал - 1,5 пт; усе палі - 2 см; абзац - 1,25 см.
- уверсе - імя, імя па бацьку, прозвішча аўтара, пасада, месца працы, горад, краіна.
- зноскі ў тэксце ў квадратных дужках, дзе першая лічба - нумар у спісе літаратуры, а другая - нумар старонкі. Напр., [4, с. 78-79], [4, с. 78, с. 85]; [4; 20].
- спіс літаратуры ў канцы даклада ў алфавітным парадку (нумарацыя спіса толькі аўтаматычная).
- файл павінен быць названы прозвішчам аўтара лацініцай і захаваны ў двух фарматах - doc i rtf.
Заяўкі на ўдзел будуць разгледжаны аргкамітэтам канферэнцыі і ў тэрмін да 15 мая 2012 года будуць накіраваныя запрашэнні.
Аргкамітэт пакідае за сабой права адхіляць заяўкі, якія не адпавядаюць тэматыцы канферэнцыі.
Арганізацыйны ўнёсак - 50 тыс. рублёў.
Даведачная інфармацыя: Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, вул. Янкі Купалы, 4, Мінск, 220030. Тэл.+ 375(17)226 08 39. Факс: + 375(17)227 78 66. Е-mail: kupalamuzeum mail.ru.
Каардынатары канферэнцыі:
Стрыбульская Наталля Сяргееўна,
Дражына Ала Станіславаўна.
Гісторыя Нацкай парафіі ў дакументах і фотаздымках
1. ГІСТОРЫЯ ПАРАФІІ НАЧА
Парафія і касцёл у Начы ўзніклі ў 1529 годзе. Заснавальніца парафіі - Марыя, удава па Янушу Касцевічу, з Падлескага ваяводства. Яна была абшарніцай на Вангрове, фундавала касцёл і клапацілася аб павелічэнні парафіі дзеля зручнасці нацкіх католікаў, якія мелі цяжкі доступ праз раку да бліжэйшага касцёла ў Дубічах. Новы касцёл быў пад назвай Успення Прасвятой Дзевы Марыі. Быў абсталяваны Марыяй Касцевіч шляхам перадачы зямлі Канклеўшчына, якая былы вызначана пад плябанію, сенажаці Ланкішак над Начай і Раклішак пры Аранскай дарозе, а таксама лесу пры Радуньскай дарозе. Фундатарка прызначыла да працы на той зямлі 7 падданых сялян, 2 беззямельных, 10 снапковых земляробаў з Начы, Якушак і Вярсокі.
У 1756 годзе на месцы старога касцёла быў пабудаваны новы касцёл, таксама драўляны, ксяндзом Юзафам Кучэўскім. У 1861г. пробашч - ксёндз Ежы Готаўт перабудаваў гэты касцёл і крыху павялічыў. Віленская Рымска-Каталіцкая Духоўная Кансісторыя 21 красавіка 1900 г. дазволіла пабудаваць новы касцёл з цэглы ў Начы. 15 жніўня 1900 г. быў пасвенчаны краевугольны камень, акт пасвянчэння ўчыніў ксёндз Кароль Любянец, прафесар Віленскай Духоўнай Семінарыі. І быў закладзены новы цагляны касцёл пад назвай Прасвятой Дзевы Марыі Святога зачацця і св. Юрыя Пакутніка. Быў пабудаваны ў 1909 г. дзякуючы намаганням і старанню нацкага прабошча- ксендза Адама Сакалоўскага і яго вікарыя - ксендза Роха Геляжунаса, а таксама дзякуючы ахвяраванням вернікаў-парафіян. Касцёл з дзвюма вежамі ў раманскім стылі ўвесь пабудаваны з чырвонай цэглы, падлога выканана з цэменту. Даўжыня касцёла складае 76 аршынаў (54,0512 м.), шырыня - 30 (21,336 м.). Дах касцёла і вежы пакрыты і ацынкаваны бляхай. Амбон (казальніца) драўляны, выкананы з дубу. Арган пабудаваны ў 1909 г. Вячаславам Бярнацкім.
Асвячэнне касцёла адбылося ў 1910 г. і было ўчынена Арцыбіскупам Мітрапалітам Віленскім Рамуальдам Ялбжыкоўскім.
У 1910 г. парафія налічвала 5142 вернікаў.
Плябанія была пабудавана ў 1891г. ксяндзом-пробашчам Сакалоўскім. Пабудавана яна з новага хваёвага дрэва. Даўжыня гэтай плябаніі складае 30 метраў, а шырыня - 14. Дах крыты гонтай. У гэтай плябаніі было 8 пакояў. Плябанія была ў добрым стане да 1950 г., да смерці ксяндза-пробашча Часлава Дабулевіча. Калі памёр ксёндз (а быў ён вельмі заможны), камуністы, калі даведаліся, канфіскавалі плябанію пад кантору, а ўсе матэрыяльныя даброты, якімі распараджаўся ксёндз Дабулевіч, забралі ў сваю ўласнасць. Плябанію аддалі пад дзіцячы садок. Цяпер будынак пустуе.
Усе надзелы зямлі, якія належалі нацкаму касцёлу (а было той зямлі 30 га), былі злучаны з сенажацямі і землямі, якія апрацоўваліся. 8 га той зямлі былі прададзены па распараджэнні ксендза Шылэйкі, а сродкі ўкладзены ў будову "Народнага дома" ("Дома людовага") для таго, каб моладзь мела месца, дзе праводзіць вольны час. Савецкія ўлады таксама забралі "Народны дом" і прызначылі пад клуб. Даўжыня дома - 27 метраў, шырыня - 17, вышыня - 4. Урад Радуньскай гміны (воласці) дазволіў будову "Народнага дома" 11 сакавіка 1932 г., а адпаведны дакумент быў выдадзены войтам гміны (воласці) Станіславам Шосткам.
З 1950 г., калі саветы забралі ў сваю ўласнасць "Народны дом", да цяперашняга часу ён служыць як клуб і бібліятэка. Калі мінуў час пераследаванняў, прадстаўнікі касцелнага камітэту дабіваліся, каб улады аддалі клуб, але ўлады нават не хацелі слухаць, што гэта калісьці была парафіяльная ўласнасць. Таксама дабіваліся, каб улады аддалі плябанію, у якой знаходзіўся дзіцячы сад. Старшыня сельсавета даў такі адказ: "Ксёндз багаты і можа пабудаваць сабе новую плябанію."
Да распаду СССР нацкая парафія была даволі вялікая. Яна налічвала 45 вёсак, з іх 18 вёсак на літоўскіх землях і 27- на беларускіх.
У 1935 г. парафія налічвала 6606 вернікаў. Аднак ужо ў той час заўважаўся рост міграцыі моладзі з Нацкай парафіі ў горад. Выклікана гэта было тым, што моладзь выязджала на працу і вучобу ў літоўскія, беларускія, а таксама польскія гарады. Закончыўшы вучобу, знаходзілі там працу, пасяляліся ў гарадах і не вярталіся ўжо ў сваю родную парафію. Горш было з тымі, хто пераходзіў польска-расійскую мяжу з надзеяй на больш поўную рэалізацыю сваіх планаў, што датычацца навукі і працы. Аднак гэтыя іх планы хутка знікалі, калі яны, схопленыя памежнікамі, траплялі ў савецкія турмы і лагеры. Некалькі такіх здарэнняў перажылі парафіяне з Начы, якія хацелі трапіць у Расію.
Восенню 1939 г., а дакладней 1 верасня 1939 г., пачалася Другая Сусветная вайна. Нямецкія войскі напалі на Польшчу. А 17 верасня таго ж года з другога боку ў Польшчу ўступіла савецкае войска і заняло Заходнюю Беларусь. На занятай савецкім войскам тэрыторыі знаходзілася Нацкая парафія. Прыйшла новая ўлада і адразу пачала ўсталёўваць новыя парадкі. Асаблівую ўвагу звярнулі новыя ўлады на ксендза. Прымушалі яго да сплачвання вялікіх падаткаў, а таксама да публічных "работ". Таксама пагражалі ксендзу, што калі ён не будзе плаціць падаткаў і не будзе працаваць, то трапіць у турму. Але парафіяне вельмі клапаціліся пра свайго ксяндза Вяжбоўскага і ксендза-вікарыя Цялкоўскага, які ў той час быў у парафіі. Яны дапамагалі плаціць падаткі, а таксама працавалі замест іх.
Але неўзабаве прыйшоў 1941 год. 22 чэрвеня нямецкае войска перайшло мяжу СССР. Тэрыторыя Заходняй Беларусі ў хуткім часе была занятая нямецкімі войскамі. Прыйшла новая ўлада, якая адразу пачала ўводзіць новыя парадкі. Да касцёла ў Начы нямецкая ўлада адносілася даволі лаяльна. Аднак адразу пачалося пераследаванне людзей яўрэйскай нацыянальнасці. Для большасці схопленых немцамі гэта было раўназначна смерці. Яўрэі ўцякалі ў лес і жылі ў выкапаных у зямлянках. Некаторыя яўрэі з Начы, хаваючыся ад пераследаванняў з боку немцаў, рушылі пешшу ў Ізраіль.Аднак мала магчыма, што ўсе яны дасягнулі мэты свайго падарожжа. Недалёка ад касцёла перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся савецкі аэрадром, які быў знішчаны нямецкай авіяцыяй у першы дзень вайны. Нямецкая ўлада пастанавіла адрамантаваць гэты аэрадром і выкарыстоўваць для нямецкіх самалётаў. З гэтай мэтай сюды былі прывезены ўзятыя ў няволю савецкія вайскоўцы, якія знаходзіліся ў Астрынскім канцлагеры. Да гэтых работ таксама прымушалі і парафіян з Начы. Самую цяжкую працу выконвалі палонныя салдаты. Немцы амаль што не кармілі іх, а працай даводзілі да фізічнага знясільвання. З гэтай прычыны салдаты паміралі, як мухі. Памерлых і паміраючых нямецкія салдаты кідалі ў трупярню, якая знаходзілася каля касцёла. Нямецкі камендант сказаў ксендзу, каб ён арганізаваў парафіян для пахавання ўсіх памерлых салдатаў. Ксёндз быў супраць гэтага і казаў, што нельга так адносіцца да зняволеных, даводзячы іх да смерці, а затым абавязак пахавання скідваць на парафіян. Аднак камендант прымусіў ксендза выканаць гэты загад.
У 1944 годзе Чырвоная Армія вызваліла тэрыторыю Беларусі ад нямецкіх агрэсараў. Адразу пасля вызвалення зноў актывізаваў сваю дзейнасць НКВД. Усе, хто хоць як-небудзь супрацоўнічаў з нямецкімі ўладамі, былі арыштаваныя. Арыштоўвалі людзей нават за тое, што яны знаходзіліся на тэрыторыі СССР з польскім грамадзянствам.
Хваля арыштаў прайшла таксама і па нацкай парафіі. Арыштоўвалі ўсіх, на каго падаў хоць найменшы цень падазрэння або тых, на каго данеслі. Не звярталі ўвагі на тое, якія даносы былі праўдзівыя, а якія не. Пасля правядзення кароткага следства ўсе былі вывезены ў лагеры ў Сібір. Сталінскія рэпрэсіі праводзіліся таксама і па рэлігійных матывах. Арыштоўвалі рэлігійных актывістаў і простых вернікаў. Пасляваенныя сталінскія рэпрэсіі існавалі з 1945 да 1953 года, амаль што 9 год. У гэтым годзе памёр Сталін і неўзабаве на яго месца прыйшоў М. Хрушчоў. З яго прыходам да ўлады пачалася "хрушчоўская адліга". Былі скончаны пераважна беспадстаўныя пераследаванні , распачатыя ад Леніна, крытыкаваўся культ асобы Сталіна. Аднак, нягледзячы на пазітыўныя бакі, атмасфера падазронасці засталася, а амністыя не ахапіла ўсіх пацярпелых. Арганізацыя, назва якой была зменена з НКВД на КДБ, працягвала сваю дзейнасць, хоць і не так яўна. Пасля Хрушчова яго месца заняў Л. Брэжнеў. Здавалася, што ён будзе працягваць рэформу, пачатую Хрушчовым. Але Брэжнеў задаволіўся тым, што засталося пасля Хрушчова. Далей ішла запланаваная атэізацыя. Вернікаў не дапускалі да важных пасад, прымушалі да ўступлення ў кампартыю. Настаўнікі атрымалі загад не дапускаць дзяцей і моладзь да касцёла. Тых дзяцей, якія хадзілі ў касцёл, высмейвалі перад усім класам і нават перад усёй школай. Такія выпадкі здараліся і ў Начы. Так Галіну Навіцкую выклікалі ў кабінет дырэктара, калі настаўнікі заўважылі, што яна ў нядзелю была ў касцёле. У кабінеце былі сабраны ўсе настаўнікі, якія прымушалі яе адгаварваць пацеры пры ўсіх. Але гэта стойкая дзяўчына, нягледзячы на тое, што настаўнікі яе абражалі, адказала ім: "Дзе мне трэба, там я і адгаворваю." Выклікалі таксама бацькоў і пагражалі ім, што калі яны будуць пускаць дзяцей у касцёл, то на гэта будуць ужыты адпаведныя санкцыі. Санкцыі былі розныя: ад пагрозы, што паставяць дрэнныя адзнакі ў атэстат сталасці, да пазбаўлення правоў мацярынства. Моладзь, якая вучылася ў школе, прымушалі да ўступлення ў адзіную дзяржаўную моладзевую арганізацыю "Камсамол". Камсамольская арганізацыя таксама была і ў Начы. Адным з асноўных правіл была прапаганда і практыкаванне атэізму. Уступленне ў камсамол было абавязковым для атрымання атэстату сталасці аб заканчэнні школы. Кожны, хто намерваўся пасля заканчэння сярэдняй школы ісці на далейшую вучобу, павінен быў уступаць у камсамол. Таксама і моладзь Начы вымушана была паступаць паводле гэтага правіла. Многія такія "камсамольцы" з каталіцкіх сямей Начы трактавалі ўступленне ў арганізацыю як выйсце да паступлення на вучобу ў ВНУ. Сакратар камсамолу кожную нядзелю пасылаў камсамольцаў, каб яны стаялі перад касцёлам і сачылі за тым, хто будзе ісці ў касцёл. Такімі спосабамі старалася савецкая ўлада адбіць у людзей, а асабліва ў дзяцей і моладзі, жаданне да наведвання касцёла і ўшанавання Бога. Як паказалі пазнейшыя гады, атэістычныя тэндэнцыі і страх страціць становішча, кар'еру вельмі распаўсюдзіліся сярод людзей, а асабліва ў моладзі. Калі на чале партыі стаў Гарбачоў, ён распачаў вядомую "перабудову". Самай важнай прыкметай гэтай перабудовы было абвяшчэнне свабоды веравызнання.
Змена ўлады прынесла вельмі пазітыўныя вынікі для нацкай парафіі. Гэтая парафія з 1968 г. не мела свайго ксендза. Парафіяне ездзілі ў ведамства па справах рэлігіі, якое знаходзіцца ў Гародні. Аднак усе петыцыі і візіты парафіян не прынеслі ніякіх вынікаў. Найчасцей пазбаўляліся ад іх запэўніваннямі ў тым, што прышлюць ксендза, і каб моцна аб гэтым не клапаціліся. З такой ўпэненасцю і надзеяй яны вярталіся дадому. Але міналі дні і месяцы, а гэтыя абяцанні не выконваліся. Яны зноў прыязджалі да начальніка па справах рэлігіі з просьбай пра ксендза. Нарэшце было дазволена, каб ксёндз з францысканскага касцёла прыязджаў раз у месяц адпраўляць святую імшу ў нацкім касцёле. Пазней гэты абавязак прыняў ксёндз Банкоўскі, які быў прызначаны ксендзам у Асаве. Ен таксама прыязджаў у касцёл раз у месяц, каб адправіць набажэнства. Аднак парафіяне Начы не затрымаліся на гэтым і, выслухаўшы парады ксендза Банкоўскага, паехалі ў Рыгу, што ў Латвіі, да ксендза-біскупа Нюкша з просьбай, каб прыслалі ім ксендза для іх парафіі. Ксёндз-біскуп Нюкша не мог поўнасцю выканаць гэтай просьбы. Даў прызначэнне для ксендза Яна Пецюна, маладога пасвенчанага каплана, які працаваў у парафіі Забалаць, каб адначасова прыязджаў у гэтую парафію. І так ён з 1986 г. прыязджаў з пастырскай паслугай да часоў цяперашніх. І калі ксёндз Ян Пецюн пачаў сістэматычна прыязджаць у парафію, стала яўнай атэістычная дзейнасць савецкіх улад. Нягледзячы на намаганні ксендза Яна, моладзь і сярэдняе пакаленне, а таксама дзеці (хоць і ў малой колькасці) прыходзілі ў касцёл і выконвалі рэлігійныя абрады. Ксёндз Ян звярнуў увагу на катэхэзы для дзяцей перад першай Святой Камуніяй. Дзяцей увесь год вучаць бацькі дома, а кожную нядзелю ксёндз правяраў, як яны рыхтуюцца да першай споведзі і паяднання з Хрыстусам у Святой Камуніі . У 1991 г. Літва, Латвія і Эстонія аддзяліліся ад СССР і атрымалі асабістую незалежнасць. Устанавіліся новыя граніцы. 18 вёсак нацкай парафіі аказаліся на тэрыторыі Літвы і былі далучаны да літоўскіх парафій. Цяпер парафія налічвае 28 вёсак і 1500 вернікаў.
29 чэрвеня 1992 г. у парафіі адбылася вельмі важная падзея. У гэты дзень у парафію прыбыў з пастырскім візітам ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гарадзенскі, а таксама ксёндз-прэлат Міхал Варанецкі, духоўны айцец ў семінарыі, пазнейшы генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі. У час святой імшы ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч надзяліў вернікаў сакрамантам бежмавання.
2. КАСЦЕЛ СВЯТОГА ЗАЧАЦЦЯ Ў НАЧЫ
Парафіяльны касцёл меў сваю сядзібу ў вёсцы Нача. Пабудаваны з брусавага дрэва, звычайнай структуры з сенцамі. Касцёл быў закладзены ў снежні 1529 г. удавой Марыяй Касцевіч. Гэты касцёл служыў вернікам больш, чым 200 гадоў. Аднак быў зруйнаваны ў 1753 г.
У 1756 г. на месцы знішчанага касцёла быў пабудаваны новы ксендзам Юзафам Кучэўскім, нацкім прабошчам. Новы касцёл меў даўжыню тую ж, што і папярэдні - 33 метры, шырыню - 18 метраў. Невядома, калі ён быў пасвенчаны. Касцёл быў закладзены пад назвай Святога Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі. Быў пакрыты і ашаляваны дошкай. Хор простай работы. Дзверы знаходзіліся на фасадзе касцёла, падвойныя, з жалезнай клямкай, на завесах. Другія - з бабінца да касцёла, таксама падвойныя, без замка, трэція - уваходныя з касцёла ў правую захрыстыю, з замком, сталярскай работы, з ўнутранай акоўкай. У гэтай захрыстыі знаходзілася шафа, прызначаная для захавання касцельнага абсталявання; чацвёртыя вядуць ад старой да новай захрыстыі, таксама сталярскай работы, з акоўкай, без замка, з клямкай. Пятыя вядуць з захрыстыі на могілкі; на завесах, з клямкай і жалезнай засаўкай. У гэтай захрыстыі знаходзіліся шафы з шасцю шуфлядамі, з якіх 4 меншыя прызначаны для захавання касцельнай бялізны і рызаў. Таксама знаходзілася там старая шафа, у якой захоўваліся касцельныя кнігі. Шостыя дзверы вялі з касцёла ў левую захрыстыю. Гэтыя дзверы таксама былі сталярскай работы на жалезных завесах і з жалезнай засаўкай. У апошнім нефе новай захрыстыі быў змешчаны алтар св. Вінцэнта Пауло. У гэтым нефе была змешчана новая камода з 5 шуфлядамі для складу літургічных пергаментаў. У захрыстыі стаяла таксама печ, выкананая з кафлі. У абоіх новых захрыстыях усе вокны былі забяспечаны аканіцамі на завесах з жалезнымі засаўкамі. Першая новая захрыстыя была дабудавана ў 1851г., другая - у 1856 г., калі прабошчам у Начы быў ксёндз Ежы Готаўт. Увесь гмах касцёла абапіраўся на вялікія камяні, пакладзеныя на спосаб бруку, на даху над хорамі была зроблена невялікая вежачка, над прэзбітэрыюмам была павешана сігнатурка, у якую званілі пад час Паднясення ў час св. імшы. Касцёл меў 3 алтары. Алтар вялікі, маляваны. У цэнтры гэтага алтара знаходзіўся абраз Прасвятой Дзевы Марыі Святога Зачацця, аздоблены срэбным убраннем. З аднаго боку знаходзіўся алтар св. Ганны, з другога боку алтар Пана Езуса Укрыжаванага. Усе алтары былі аздоблены ліхтарамі. У прэзбітэрыюме былі павешаны два абразы: з аднаго боку - абраз св. Сымона Апостала, з другога - абраз св. Барбары.
У 1872 г. у касцёле быў праведзены рамонт. Галоўны алтар быў перанесены з Дубіцкага філіяльнага касцёла, які быў закрыты ў 1869 г. Алтар быў сталярскай работы, пафарбаваны на белы колер, аздоблены пазалочанай разьбой, меў чатыры фігуры, пакрытыя срэбрам, двухпавярховы. На першым паверсе была змешчана цудоўная фігура Езуса з Назарэта, якая перад гэтым была ў Дубіцкім касцёле. На другім паверсе быў змешчаны абраз Святога зачацця. Гэты абраз быў у пазалочаных рамках у срэбнай абалонцы. Унутры касцёл быў пабелены, на ўзроўні 2 метраў сцены былі пафарбаваны ў бронзавы колер.
У касцёле кожную нядзелю і ў святы расклад набажэнстваў адбываўся ў такім парадку: першая св. імша была ў 7 гадзін раніцы, перад якой людзі спявалі "Гадзінкі" пад кіраўніцтвам арганіста. Пасля св. імшы вернікі маліліся на Ружанцы, спявалі рэлігійныя песні. У 10 г. ксёндз спраўляў св. імшу "ціхую". У 11 г. спраўлялася "сума". У канцы св. імшы была працэсія вакол касцёла ў кожную першую нядзелю месяца і на парафіяльныя святы. Пасля евангеліі ксёндз-пробашч аглашаў казанне для людзей на зразумелай мове, г. зн. на польскай і літоўскай. Пасля святой імшы спявалі суплікацыі, пасля якіх верныя маліліся за імператара і ўвесь яго дом, і гэтым заканчвалася набажэнства. Кожную нядзелю святая імша спраўлялася за жывых і памерлых парафіян, а таксама за фундатараў касцёла. Далей прыводзіцца апісанне касцёла, пабудаванага ў 1756 годзе ад 20 верасня 1892 года № 7992 паводле цыркулярнага прадпісання Віленскай Рымска-каталіцкай Духоўнай кансісторыі для Варшаўскай страхавой камісіі ад агню.
Паводле дадзенага цыркуляра, складзенага 20 верасня 1892 года, Нацкі драўляны касцёл уяўляў сабой комплекс збудаванняў, куды ўваходзілі:
1. Нацкі прыходскі Рымска-каталіцкі касцёл, драўляны, трывалы, пабудаваны ў 1756 годзе з сасновага дрэва на каменным фундаменце, крыты гонтаю, у даўжыню 42 (29,8704 м), у шырыню 16 (11,3792 м) і ў вышыню 9,5 аршынаў (6,7564 м) з дзвюмя рызніцамі, крытымі таксама гонтаю, на каменным фундаменце ў даўжыню і шырыню па 9 аршынаў (6,4008 м) і вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 5000 рублёў (кошт па цэнах 1892 года і далей).
2. Званіца з 1832 года, трывалая, трэць скаладаецца з каменю, а частка драўляная. У вышыню складае 12 аршынаў (8,5344 м), а ў шырыню і даўжыню па 6 аршынаў (4,2672 м). Ацэньваецца ў 200 рублёў.
3. Памяшканне №1 для касцельнай прыслугі ад 1876 года. Драўлянае, трывалае, на каменным фундаменце, крытае гонтаю, у даўжыню 27 аршынаў (19,2024 м), у шырыню 9,5 (6,7564 м.), вышыню 4 аршыны (2,8448 м), складаецца з двух жылых памяшканняў. Ацэньваецца ў 200 рублёў.
4. Памяшканне №2 для касцельнай прыслугі ад 1884 года. Драўлянае, трывалае, на каменным фундаменце, крытае дошкамі, складаецца таксама з двух жылых памяшканняў у даўжыню 23 аршыны (16,3576 м), у шырыню 8 аршынаў (5,6896 м) і ў вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 200 рублёў.
5. Жылы плябанны дом ад 1891 года, новы драўляны, пабудаваны з сасновага дрэва на каменным фундаменце, крыты гонтаю. У даўжыню 30 аршынаў (21,336 м), шырынёй 14 аршынаў (9,9568 м), вышынёй у 4,5 аршыны (3,2004 м). Ацэньваецца ў 2000 рублёў.
6. Жылы дом для размяшчэння прыслугі з 1862 года, драўляны, трывалы, на каменным фундаменце, крыты гонтаю, з нежылымі памяшканнямі, у даўжыню 24 аршыны (17,0688 м), у шырыню 11 аршынаў (7,8232 м), і вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 300 рублёў.
7. Хлебны свіран з 1865 года, драўляны, трывалы, на каменным фундаменце, крыты гонтаю, з нежылымі памяшканнямі, у даўжыню 21 аршын (14,9352 м.), у шырыню 11 аршынаў (7,8232 м), і вышыню 5,5 аршына (3,9116 м). Ацэньваецца ў 300 рублёў.
8. Хлебная адрына з 1850 года, драўляная, старая, крытая саломаю, на каменным фундаменце. У даўжыню 48 аршынаў (34,1376 м), у шырыню 21 аршын (14,9352 м), і вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 200 рублёў.
9. Прыбудова, у якой знаходзяцца стайня, адрына для скаціны пад адным саламяным дахам. Прыбудова з 1866 года, драўляная, трывалая, пакрытая саломаю, на каменным фундаменце, у даўжыню 92 аршыны (65,4304 м), у шырыню 21 аршын (14,9352 м) і вышыню 4 аршыны (2,8448 м). Ацэньваецца ў 400 рублёў.
10. Будынак для размяшчэння розных гаспадарчых прыпасаў і (або) прылад са стайні. З 1864 года, драўляны, крыты саломаю, на каменным фундаменце, трывалы. У даўжыню 29 аршынаў (20,6248 м), у шырыню 9,5 аршына (6,7564 м),) і вышыню 3 аршыны (2,1336 м). Ацэньваецца ў 200 рублёў.
11. Лазня з 1877 года, драўляная, трывалая, на каменным фундаменце, пакрытая дошкамі. У даўжыню 18 аршынаў (12,8016 м), у шырыню 9 аршынаў (6,4008 м) і вышыню 3 аршыны (2,1336 м). Ацэньваецца ў 100 рублёў.
12. Паселішча Нача ў Віленскай губерніі Лідскага павету.
13. Бліжэйшая паштовая станцыя - Эйшышкі, таго ж павету.
14. Нацкі касцёл і астатнія прыбудовы пабудаваны на ўскраіне сяла і не стыкуюцца з паселішчам.
15. Гарадская хата з драўлянага будаўнічага матэрыялу, менавіта сасновага, у даўжыню 9 аршынаў (6,4008 м.) і ад 6-7 аршынаў у шырыню (4,26-4,9 м.), капа бярвёнаў ацэнена ў 120 рублёў.
16. Ручны план пабудоў, з адлегласцю адной пабудовы ад другой, якія будуць страхавацца.
17. Агульная ацэнка касцёла і прылеглых пабудоў ацэньваецца ў 9100 рублёў.
Затым гэты касцёл быў перавезены на Літву, калі ў Начы быў пабудаваны новы касцёл, той стары касцёл служыў як капліца для вернікаў літоўскай парафіі.
(Заканчэнне ў наступнным нумары.)
Наталля Мікялевіч, Антон Янкоўскі
Сэрцаграма Змітрака Куніцкага
Перада мною пятая кніжка Змітрака Куніцкага (хутчэй зборнік, бо ў ёй сабраны беларускамоўныя вершы апошніх гадоў, таксама проза, вершы на расейскай мове, якія аўтар пісаў да таго часу, пакуль стала не перайшоў на родную беларускую і пераклады з рускіх паэтаў Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, Уладзіміра Высоцкага, Яўгена Яўтушэнкі, Ганны Ахматавай, Віктара Бокава, Мікалая Трапкіна, Васіля Фёдарава, Уладзіміра Фірсава. Перад перакладамі Змітрок прыкмеціў: "Я не краду, не пазычаю, а што люблю - перакладаю". І перакладае з любоўю, індывідуальным падыходам да кожнага аўтара, захоўваючы яго інтанацыю, настрой і манеру пісьма, творчую адметнасць. Сам ён, Змітрок Куніцкі (ад нараджэння Уладзімір Пятровіч Стральцоў), прызнаецца,што праца над перакладамі дапамагае яму глыбей і больш дасканала пазнаваць родную мову, адчуваць яе шматграннасць і неабмежаваную змястоўнасць.
Жыццёвы досвед у яго багаты (1929 г.н.).Скончыў Рыжскую мастацкую вучэльню, дзе атрымаў спецыяльнасць альфрэйшчыка (мастака афармляльніка). Адпрацаваў на аздабленні і афармленні будынкаў на поўдні і ў Падмаскоўі. Служыў у войску. Гады вучобы і службы былі самымі светлымі палосамі ў яго жыцці. "А вось праца ў падмаскоўным Любліно ў 1951-1952 г.г. на рэстаўрацыі будынка для бальніцы імя Сямашкі прыадкрыла вочы на старанна прыхаваны тадышнімі ідэолагамі цёмны бок жыцця, яго сапраўднасць: 600 сталінскіх рублёў за працу ад цямна да цямна, гразюка, бязладдзе ў прамым і пераносным сэнсе. У далейшым пераконваючыся ва ўсім гэтым, дайшоў да таго, што напрыканцы 50-х на камканферэнцыі дабраахвотна паклаў свой білет.
З тае пары ні да якіх партыяў і рухаў не прымыкаў. Не бачыў адпаведнасці свайму светапогляду. А сімпатыі ёсць! I партыя ёсць! І завецца яна, па вобразным найменні майго слыннага земляка з Расоншчыны паэта Генадзя Бураўкіна, - Беларусь! Быць сапраўдным шчырым яе сябрам лічу за вялікі гонар."
І ў гэтых словах, якія ідуць з глыбіні закаханай у Бацькаўшчыну душы - увесь Змітрок Куніцкі.
Ен не мае вышэйшай адукацыі. А я лічыў і лічу,што адукацыя і адукаванасць не адно і тое ж. Адукаванасць не месціцца ў рамкі дыпломаў ВНУ, яна намнога шырэй і ёмісцей, чалавек пашырае яе ўсё жыццё. Гэта той, хто не можа стаяць на месцы, а імкнецца пашыраць рамкі свайго кругагляду. А колькі ў нас, асабліва зараз, калі ў ВНУ большасць месцаў платныя, дыпламаваных бараноў. Менавіта бараноў, а не баранаў. Ад такога параўнання жывёліна пакрыдзіўцца. Менавіта такім «адукаваным» Змітрок адказвае:
"Хай мянташасць бэсці:
"Недавучка».
Мой дыплом і ВНУ-Жыццё!
І яно дало мне ў рукі ручку-
Навык вершавання
ў набыццё."
"Навык вершавання", - сказана задужа сціпла. Змітрок Куніцкі шырокафарматны таленавіты паэт, якому падуладны шматлікія тэмы, што кранаюць разнастайныя бакі няпростага жыцця і міжчалавечых стасункаў.
Не буду больш цытаваць паэта, няхай за сябе скажуць назвы некаторых вершаў "Маналог непрычасанага паэта", "На могілках надзеяў", "Запраданцу", "Вязням сталінскіх ГУЛагаў", "Лялькі", " Lai dsivo, Rigas!", "Усяроўныя", "Памяці сябра", "Брыдота", "Сабе, сынам і дурням мужыкам", "Безнадзёга", "Пра еўрапейскі пуп"... Але ці не задужа я захапіўся пералікам? У яго ж яшчэ шмат лірычных і філасофскіх мшіяцюр у два, чатыры радкі. Без назваў. У якіх словам цесна, а думкам прасторна, саланаватых частушак.
Я напачатку сказаў, што гэтая кніжка - зборнік. Вось мы дайшлі да чарговага яе разделу-празаічнага, які пачынаецца з трывіяльнага: "Як я, Змітрок Куніцкі (Стральцоў Уладзімір Пятровіч), трапіў у "Наддзвінне", літаб'яднанне, існаваўшае пры полацкай аб'яднанай газеце, якія б яна назвы не насіла. З самага яе заснавання ў ёй працавалі і паэты. Калі не было свайго прысылалі з Менска як, напрыклад, Алеся Дудара. I калі я перавёўся ў "Новую газету", літаб'яднаннем у "Полацкім весніку" не стала каму кіраваць. Яго ўзначаліў Герман Кірылаў, які на той час быў ужо пенсіянерам.Літаб'яднанне ўзяў пад сваё крыло Цэнтр нацыянальных культур і рамёстваў. Не буду гаварыць, як яму жывецца зараз, гэта тэма асобнай размовы."
Проза Змітрака Куніцкага, гэта тое, што прапушчана праз чуллівае, рана пасталеўшае "дзякуючы" вайне, дзіцячае сэрца і пазней асэнсаванае сталым, здольным глыбока аналізаваць і дакладца асэнсоўваць убачанае, перажытае і рабіць дакладныя вывады. Хаця ж бы пра абраз, ці пра дрэва, якое не хацела паміраць, ці пра прысуд. Або з гумарком "Калодзеж" і "Канцэрт".
Асобна хочацца спыніцца на карацельках апавяданнечках пад агульным загалоўкам «Немцы». Іх, гэтых карацелек, 261 ў іх паказаны сапраўды немцы, а не фашысты. Гэтыя немцы не здзекваліся з тубыльцаў, не пускалі ў ход зброю, а даваалі магчымасць месцічам нармальна, наколькі гэта было магчымым у ваенных умовах, жыць. Напрыклад, давалі ўзамен літра казінага малака літр алею, кармілі хлапчукоў, якія дапамагалі на палявой кухні і давалі яшчэ з сабою харчы, частавалі цукеркамі, не здзекваліся з ваенна-палонных, якіх гналі ў Баравуху-1 і г.д.
Адны ўспрымаюць гэтыя карацелькі, як меўшую месца праўду. Бо на пачатку вайны, пакуль партызаны не паднялі хвост і да справы не прыступілі карнікі, абозныя немцы былі лаяльныя, бо бальшыня з іх былі або добрасумленнымі баўэрамі, або звычайнымі рабочымі, якія трапілі на гртую бойню супроць сваёй волі і не хацелі ні забіваць, ні быць забітымі. Другія, ідэйна камуністычна сталінічна падкаваныя - у штыкі, як калісьці тыя, што стаялі за шарэнгамі ідучых у атаку штрафнікоў з аўтаматамі напагатове.
І апошні раздзел зборніка - "Артэфакты". У ім сабрана багата рускамоўных вершаў, якія Змітрок Куніцкі пісаў да таго часу, пакуль не прыйшоў у «Наддзвінне». Яны таксама разнапланавыя, рознатэмавыя, не аднолькавыя па глыбіні і па зместу. Але вось як ён сам сказаў пра іх: "В моих стихах предательства не сыщешь и даже капли фальши не найдешь. А если в них я в чем-то и ошибся, то это не моя, а жизни ложь."
Напрыканцыхочацца сказаць,што Змітрок Куніцкі адносіцца да слова як сапраўдны творца, і яму часцяком удаецца ў адпаведнасці з правіламі словаўтварэння роднай мовы ствараць свае, стральцоўскія, неалагізмы. Першы - у назве зборніка, а далей у тэкстах знойдзем: "думалом", "жэстаслоў", "тадьшачных", "нашасвет", "смеццедайная", "прыплечыць" (званне), "межакрай", "першасвет", "аднагалоссе" (адзінагалосна) і г. д.
А закончыць гэтыя нататкі варта радкамі з "Маналога непрычасанага паэта": "Бо як быў я, так і застануся БЕЛАРУСАМ і мову сваю зберагу. І маёй Беларусі з часам годную песню спяю."
Юрась Касцюк, сябар ТБМ, былы старшыня літаб'яднання "Наддзвінне".
Нізка духоўных вершаў
Багдана Агрэста
* * *
I навошта мне ўсё гэта трэба,
I навошта прыйшоў я сюды, Пад нагамі маімі ёсць глеба, Як да неба мне імі дайсці.
Як зрабіць тыя першыя крокі Ў бясконцасць, прастору,
у час,
Асэнсую сябе па-трохі,
Не спытаўшы дазволу ў вас.
Не пакіну слядоў на падлозе, Адпусціўшы сябе
ў далячынь,
Як паэт несвядомы ў прозе, Спасцігаю адвечную плынь.
А калі зразумею ўсё тое,
Што ўкажа кірунак нагам, Гэту Добрую Вестку,
на сконе,
Я, прыйшоўшы, пакіну вам!
* * *
Дай мне моцы, Божа,
Моцы дай Сваёй, Божа,
Ты ўсё можаш,
Я ж - па-за гульнёй.
Храм Свой зруйнаваны Адродзіш за тры дні,
Уваскрэснуць, Божа,
Усё можаш Ты.
Я - слабы і хворы,
Спакусы - кожны крок.
Ты ўсё даруеш, Божа,
I зноўку цягне змрок,
I зноўку ўсё па колу:
Ежа, здрада, сон.
Быццам з д'яблам у змове Хтось наклаў праклён.
Я разумею, Божа,
Дзе - зло, а дзе - дабро, Прабач, не маю моцы, Увасобіць у жыццё.
Моцы, што патрэбна
Розуму з душой.
Дай мне моцы,
Божа, Моцы дай Сваёй...
* * *
Пляскаецца ў далонях
Вадкая прастора
Нібыта павуціннем
Ахопленая мной.
Празрыстым аксамітам Захопленае мора
Зняволенае целам,
Свабоднае душой.
Драбінка акіянаў,
Часцінка Усясвету,
Рухомая прыродай,
Захопленая мной.
Выконваць ролю ката
Не варта чалавеку,
Вада бяжыць скрозь пальцы Свабоднай і жывой.
* * *
Скіруй сябе да Вечнасці
Удыхні Любоў,
і адары бліжэйшых
Дыханнем вынішчай ільды
Грахоў вялікіх,
і правінаў меншых,
Прымі ў сябе Святло,
Стань Светам для тутэйшых,
Разбі на вокнах шкло,
З-за кратаў выйдзі
Будзь сьмялейшы!
Кіруйся ў шлях
А ён не будзе лёгкім,
Пакінь свой страх,
Уздыміся за аблокі
Самотны ў небе птах,
Адвечная дарога
Твой лёс
У тваіх руках
А ты -
Ў руках у Бога.
* * *
Я сваю люблю Радзіму,
Нарадзіўся тут і жыву,
Тут сталею, старэю і згіну, Лягу ў глебу і адпачну.
Я Дзяржавы сваёй не маю,
Не губляў, без мяне прадалі,
Зубы сціснуўшы ўспамінаю Гонар пушчаны на шматкі.
Я люблю сваю Краіну Прыгажосць,
хараство, чысціню...
Услед буслу,
што ляціць у вырай,
Як дзіцё ў вочы маці гляджу.
Я ў Дзяржаву сваю не веру,
Я не веру
ў бяздумствы, падманы,
У людзей, што згубілі веру,
У народ пад назовам - Хамы!
Я Айчыне даю прысягу,
А яна ў жыцці адна,
Трэба будзе - косткамі лягу За зямлю пад уладай Крыжа.
Я Дзяржаве сваёй узгадаю
Усіх зняволенных,
зніклых, забітых.
Быццам Хлеб і Віно, жадаю
Тых імёнаў
вяртання з нябыту.
Я Краіну, Айчыну, Радзіму
У сваім сэрцы
нашу ўвесь час,
Дзе падзелі сваю Дзяржаву? Пра тое спытаю не я,
пра тое спытаюць нас.
Даруй, Госпадзі...
* * *
Паміж небам і зямлёй
Тонкая праслойка
Жывога.
* * *
А што такое смерць?
Мяжа і мытня
На шляху ў Вечнасць.
* * *
Я змог бы ўсё, калі б захацеў.
Калі б Ен захацеў,
Каб я змог усё.
Вадзім Мінчук.