НАША СЛОВА № 18 (1065) 2 траўня 2012 г.
290 гадоў з дня нараджэння Станіслава Радзівіла
Станіслаў Радзівіл (3 траўня 1722, мяст. Дзятлава, Слонімскі павет (цяпер Дзятлаўскі раён, Гарадзенская вобласць) - 22 красавіка 1787 - дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Унук Дамініка Мікалая Радзівіла, сын Мікалая Фаўстына Радзівіла, наваградскага ваяводы.
Генерал-лейтэнант кавалерыі, маршалак Трыбуналу ВКЛ. Крайчы ВКЛ з 1752 г., падкаморы літоўскі з 1759 г. Кавалер Ордэна Белага Арла. Пасол на соймы 1750, 1760, 1762, 1767, 1776 гадоў. Быў кіраўніком группоўкі Радзівілаў у Навагародскім ваяводстве, Слонімскім, Ваўкавыскім і Лідскім паветах, адказваў за выбары радзівілаўскіх прыхільнікаў на мясцовых сойміках. Ваяваў з прыхільнікамі Барскай канфедэрацыі. Меў маёнткі ў Навагародскім, Віленскім і Троцкім ваяводствах.
Быў у шлюбе з Каралінай Пацей, ад шлюбу меў дзвюх дачок: Ганну і Францішку.
Першы адказ дэпутата
Старшыні Асіповіцкай раённай рады
ГА «Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны»
Бародзічу С.Дз.
Паважаны Сямён Дзмітрыевіч!
Па Вашаму звароту ў дачыненні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь» адзначаю наступнае.
З матэрыяламі Вашага звароту накіравана канцэпцыя праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь», у адпаведнасці з якой для разгляду ва ўстаноўленым парадку Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь» неабходна ажыццявіць унясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Згодна з часткай першай артыкула 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Палата прадстаўнікоў разглядае толькі па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
Акрамя таго згодна з палажэннямі праекта спатрэбіцца ўнясенне змяненняў і дапаўненняў амаль што ва ўсе заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым праекты законаў, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць на аснове часткі другой артыкула 99 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Пры ўнясенні законапраектаў ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў яны будуць разгледжаны ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь С.І. Крыжэвіч.
Адказ дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.І. Крыжэвіча не ёсць юрыдычна бездакорным. Канцэпцыя праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь» створана ў развіццё "Закона аб мовах..." і ніякіх змен у Канстытуцыю на погляд распрацошчыкаў рэальна не патрабуе. Патрабуе толькі адвагі і жадання.
Івану Будніку - 75
Буднік Іван Фёдаравіч нарадзіўся 2 траўня 1937 г. у вёсцы Лікоўка Гарадзенскага раёна. У 1958 г. скончыў гістарычна - філалагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута імя Я. Купалы, працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара Капцёўскай сярэдняй школы, з 1973 г. звыш дваццаці гадоў - інспектарам Гарадзенскага раённага аддзела адукацыі.
У гады работы ў аддзеле адукацыі адным з кірункаў яго куратарства былі арганізацыя турыстычнай работы ў школах, кіраўніцтва школьнымі музеямі і стварэнне новых.
У 70-80-я гады школьныя турыстычныя каманды Гарадзенскага раёна былі пастаяннымі пераможцамі і прызёрамі абласных турыстычных спаборніцтваў, удзельнічалі ў рэспубліканскіх. З 26 сярэдніх і 28 базавых школ раёна ў 1980 - 84 гадах у 15 школах працавалі школьныя гістарычна-краязнаўчыя і этнаграфічныя музеі, у 12 школах - краязнаўчыя пакоі, у астатніх - куткі па краязнаўству. Іван Фёдаравіч быў сябрам тапанімічнай камісіі Гарадзенскага раёна па ўдасканаленні беларускіх геаграфічных назваў.
Іван Буднік актыўны ўдзельнік грамадска-палітычнага жыцця раёна. Пад час выбараў розных узроўняў у 90-я гады мінулага стагоддзя займаўся каардынацыяй працэсу назіранняў за выбарамі, за што меў праблемы на працы. Узначальваў раённую кампанію каманды С. Домаша на прэзідэнцкіх выбарах 2001 г.
Актыўны ўдзельнік ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", займаючы пасады ад старшыні раённай арганізацыі ТБМ да намесніка старшыні абласной рады ТБМ. Яшчэ ў 1989 г. ён разам з З.М. Воўчакам, В.І. Варанцом стварылі раённую арганізацыю Таварыства беларускай мовы, гісторыі і культуры, якая займалася папулярызацыяй сярод настаўнікаў і вучняў роднай мовы, культуры, беларускай гісторыі. Як-раз за гісторыю і адказваў сустаршыня раённай арганізацыі Іван Буднік. Дзесяткі розных мерапрыемстваў па вяртанні імёнаў славутых постацей беларускай гісторыі і культуры было праведзена сябрамі арганізацыі. Без прымусу шырылася і кола прыхільнікаў роднай мовы. У Гарадзенскім раёне тады налічвалася 11 першасных суполак ТБМ. Запрашаліся вядомыя паэты і пісьменнікі Г. Бураўкін, У. Арлоў, М. Скобла і шмат іншых.
Асноўнымі кірункамі яго цікавасці, пошукаў і даследаванняў было і застаецца краязнаўства - гісторыя і культура Гарадзеншчыны. Ен уваходзіў у склад раённай камісіі па складанні кнігі "Памяць. Гродзенскі раён", у 1989-90 г. у выніку працы ў архіве Міністэрства абароны СССР у Падольску склаў для дадзенай кнігі каля трэцяй часткі спісу воінаў Савецкай Арміі, загінуўшых пры вызваленні раёна ў 1944 г. У 2006-07 гг. на аснове працы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гародні і Гарадзенскім абласным архіве сабраў матэрыялы для стварэння ў Грандзіцкай базавай школе (цяпер - школа № 14 г. Гародні) гістарычна-краязнаўчага музея і распрацаваў яго праект (рэалізаваны няпоўна з-за недахопу памяшканняў). У 2009 - 10 гг. працаваў над зборам матэрыялаў, укладаннем і рэдагаваннем двухтомнай кнігі заслужанага настаўніка Беларусі краязнаўца А.П. Цыхуна "...Улюбёны я ў сваю зямлю", для яе напісаў два артыкулы. Першая кніга, якая вельмі хутка разышлася, выйшла ў 2010 г. у серыі "Гарадзенская бібліятэка" ў Беластоку, другі том знаходзіцца ў друку. Сумесна з А.І. Кроем у 2010 г. распрацаваў турыстычны праект "Шляхамі акадэміка Я.Ф. Карскага", адзін маршрут якога з картай-схемай часткова надрукаваны ў газеце "Перспектива" (г. Гародня) № 99 за 2010 г. Маршрут №1 турпраекта таксама можна знайсці ў інтэрнэце ў турпаслугах турфірмы "Мерцана". У ліпені 2010 г. па радыё "Рацыя" зрабіў краязнаўчую перадачу пра гісторыю роднай вёскі Лікоўка, што паблізу в.Лаша - малой радзімы акадэміка Я. Карскага.
Гісторык-краязнавец, патрыёт свайго краю, піша прыгожыя вершы і краязнаўчыя артыкулы. На малой радзіме ў в. Лікоўка мае невялічкі пчальнік, сад. Любіць пачаставаць сяброў сваімі смачнымі яблыкамі. Знаходзіць час для працы ў архівах, шукаючы невядомыя старонкі нашай мінуўшчыны. Пасля адкрыцця ў Гародні "Універсітэта залатога веку" стаў адным з актыўных яго ўдзельнікаў, узвышаючы беларускае слова.Там удасканальвае свае веды ў кампутарнай працы, польскай мове і культуры, наведвае экскурсійныя вандроўкі па Гародні. І гэта маючы 75 гадоў! А загартавала так Івана Фёдаравіча найперш сялянская праца, заняткі ў маладосці цяжкой атлетыкай. І зараз штодзённыя фізічныя практыкаванні, хадзьба дапамагаюць трымаць фізічныя і інтэлектуальныя нагрузкі. Прадаўжальнік справы А. Цыхуна па вывучэнні культурнай спадчыны Гарадзенскага раёна, разам з якім працаваў у Гарадзенскім РАНА, бярэ прыклад са свайго старэйшага сябра, які нават у 90 гадоў яшчэ актыўна працаваў на ніве беларушчыны.
Сябры Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ сардэчна віншуюць з Днём народзінаў і зычаць сп. Івану Будніку моцнага здароўя, дабрабыту, жыццёвых радасцяў і натхнення для адкрыцця новых духоўных скарбаў Прынёманскага краю.
Алег Трусаў: Адрозненне беларусаў ад расейцаў значна вырасла
(Інтэрвію карэспандэнту Радыё "Свабода"Сяргею Абламейку)
Абламейка: "На мінулым тыдні кіраўнік сайту «Западная Русь» Ігар Зелянкоўскі заявіў, што беларусы належаць да вялікай рускай цывілізацыі, што ў іх дзве мовы - расейская і беларуская, і што беларускай мове быў нанесены значны ўдар падчас беларусізацыяў 20-х і 90-х гадоў, у яе тады трапіла шмат польскіх словаў, і таму народ не хоча на ёй гаварыць. Зелянкоўскі сказаў, што сапраўдная беларуская мова - гэта трасянка, і, маўляў, беларусы павінны адмовіцца ад літаратурнай мовы і перайсці на трасянку. Давайце па парадку. Ці сапраўды беларускі народ не хоча гаварыць на літаратурнай беларускай мове таму, што ў 20-я гады ў яе трапілі нейкія паланізмы? Здаецца, што і да 20-х гадоў газеты выходзілі на той самай мове, што і ў 20-я."
Трусаў: "У любым этнасе на літаратурнай мове размаўляе толькі эліта. Няма такога народу, які б увесь размаўляў на літаратурнай мове. У суседняй Расеі жыхары Волагды наўрад ці зразумеюць жыхароў Разані, ад гэтага расейская мова не знікла. Любая літаратурная мова - штучная, яна ствараецца элітай. Напрыклад, старабеларускую мову стварылі ў 13-15 стагоддзі, новабеларускую стварылі ў канцы 19-пачатку 20, а новая руская мова створана ў пачатку 19-га."
Абламейка: "«Западнарусы» сцвярджаюць, што рускі народ - трыадзіны і складаецца, з расейцаў, украінцаў і беларусаў. А як з пункту гледжання навукі? Наколькі важныя аргументы мовазнаўцаў, этнографаў, антраполагаў і гісторыкаў наконт гістарычнай самастойнасці беларускага народу?"
Трусаў: "Гістарычная самастойнасьць даказаная яшчэ ў 19 ст., і пра гэта сведчыць расейскі перапіс 1897 году, дзе ўпершыню была ўведзеная нацыянальнасць «беларус». Дарэчы, дзякуючы тым жа «заходнерусам» на чале з Карскім. Так што расейцы прызналі нас за народ у канцы 19 ст., і пасля гэтага нічога не змянілася - больш за тое, за гэтыя 100 гадоў нашы адрозненні ад расейцаў, асабліва ў апошнія 20 год, значна выраслі, паколькі мы зноў аднавілі сваю незалежнасць."
Абламейка: "А калі браць 13-15-16 стагоддзі - як суадносіліся гэтыя тры часткі «трыадзінага» народу?"
Трусаў: "Тут «заходнерусы» трохі не дамоўліаюць: спачатку было не 3, а 4 часткі. Быў яшчэ наўгародскі народ, славянскі, які меў сваю дзяржаву, што называлася «Гаспадзін вялікі Ноўгарад». Там была свая мова, свая пісьмовасць на берасцяных граматах, і пакуль маскавіты не знішчылі гэты народ, то было чатыры.
А потым маскавіты ўзяліся за суседзяў. І асабліва вялікія намаганні па знішчэнні ўкраінцаў і беларусаў былі зробленыя ў 19 ст., тады і была прыдуманая гэтая тэорыя пра «тры народы - тры браты». Чамусьці расейцы ўзялі сабе тытул старэйшага брата, хаця найстарэйшыя - украінцы, потым ідуць беларусы, а расейцы пачалі фармавацца толькі ў 12 стагоддзі. Калі ўкраінцы пачалі фармавацца ў 9-10, беларусы ў 10-11, то расейцы - самы малады з трох народаў. Больш за тое: ён самы неславянскі з трох народаў, і фармаваўся ён на базе фіна-угорскага субстрату, а потым - 250 год Залатой Арды. Так што гаварыць аб іхнім славянстве можна ў нейкай ступені ўмоўна.
Абламейка: "Тэорыя пра трыадзіны рускі народ атрымала навуковыя абгрунтаванні ў 19 стагоддзі, дык сённяшнія заходнерусы выкарыстоўваюць аргументы 19 ст.?"
Трусаў: "Не толькі. Гэтая тэорыя была адноўленая сталінскімі гісторыкамі ў канцы 30-х, і асабліва ў канцы 40-пачатку 50-х гадоў. Бо Ленін спачатку гэтую тэорыю адкінуў як варожую. Ленін з Троцкім заяўлялі аб вялікадзяржаўным шавінізме, пачалі беларусізацыю і ўкраінізацыю, а калі да ўлады прыйшоў Сталін, пачалося вяртанне да «трыадзінага народу», і менавіта сталінскія гісторыкі прыдумалі тое, чаго не прыдумалі заходнерусы: так званую міфічную «древнерусскую народность». І росквіт гэтага міфу - 48-50 гады. Пры Сталіне і далей у савецкай гістарыяграфіі гэтае «трыадзінства» ўзмацнілася і было ўбітае ў галовы кожнага савецкага чалавека.
«Заходнерусы» - гэта маргіналы, невялічкія групы людзей, якія настальгуюць па рускім імперыялізме, у Беларусі іх адзінкі. А вось у «вялікай і недзялімай» іх не адзінкі, там на чале з Пуціным цэлая плынь адраджэння расейскага імперыялізму, так што там сілы моцныя."
У Бабруйску русіфікавалі тралейбусы
Непрыемным расчараваннем для неабыякавых бабруйчан зрабіліся паездкі ў тралейбусах. Пры гэтым тралейбусы ў слаўным горадзе, як і раней, ходзяць спраўна, бабруйскія тралейбуснікі заўсёды дэманстравалі добрую працу, годны ўзровень абслугоўвання, ці не самы лепшы ў краіне. Аднак ужо пару тыдняў інфармацыя ў тралейбусах абвяшчаецца па-руску.
З моманту ўкаранення абвяшчэння прыпынкаў радыёінфарматарам некалькі гадоў таму, тралейбусы самага, бадай, русіфікаванага горада Беларусі «размаўлялі па-беларуску». І вось, да Вялікадня бабруйчане атрымалі «падарунак». Пры гэтым, страчана не толькі мова, але і спецыфічны бабруйскі каларыт, любоўна ўкладзены ў абвесткі мінулай, беларускай, рэдакцыі. Уздымала настрой, паляпшала паездку, калі чуў такія фразы, з'інтанаваныя не без гумару, прыязні, невядомай жанчынай з прыемным голасам - «Сумленне - лепшы кантралёр», «Павага - лепшы падарунак» ці абсалютна бабруйскае, з дасціпнасцю і пазітыўнай прэзумпцыяй: «Каб пазбегнуць непрыемнай сустрэчы з кантралёрам, праверце, ці не запамятавалі Вы аплаціць праезд». Зараз усё суха, без лірычных адхіленняў, без аніякага ўяўлення пра культуру маўлення, але "опшчапанятна".
Наш кар.
Таямніцы ў назвах краін
Паходжанне назваў краін уяўляе даволі цікавую тэму для гісторыі, геаграфіі і мовазнаўства. Часта прыходзіцца мець справу з некалькімі версіямі. Ды што хадзіць далёка за прыкладамі: колькі разнастайных меркаванняў існуе пра вытокі слова "Беларусь"!
Разгледзім факты аб паходжанні назваў некаторых сучасных дзяржаў. У шэрагу выпадкаў прыводзяцца толькі некаторыя з версій.
Алжыр - ад аднайменнай назвы сталіцы краіны. Франц. Alger < араб . al Jazair - астравы .
Аргенціна < лац. аrgentum - срэбра .
Аўстралія < лац. terra australius incognita - невядомая паўднёвая зямля .
Афганістан - магчыма ад санскрыцкага upa-ghana-stan - краіна аб'яднаных плямёнаў .
Багамы < іспан. baja mar - неглыбокае мора .
Балівія - у гонар Сімона Балівара (1783-1830), ваеннага дзеяча, які змагаўся за вызваленне калоніі ад іспанскага панавання.
Бангладэш < санскр. bangha - людзі, якія гавораць на мове бенгалі , "дэш" - краіна .
Барбадос < іспан. los barbados - барадатыя (пра знешні выгляд фігавых дрэў на востраве).
Бацвана - ад этноніму цвана , асноўнаму насельніцтву краіны.
Боснія і Герцагавіна . Раней краіна складалася з дзвюх частак. Большая - Боснія - на рацэ Босне. Меншая - ад слова "герцаг". Гэты тытул у 1442 г. імператар Фрыдрых IV прысвоіў вярхоўнаму ваяводзе краіны Стэфану Вікчычу.
Бразілія < партуг. brazil - раскаленыя вуглі . З-за распаўсюджанага ў краіне дрэва з чырванаватым колерам драўніны.
Брытанія - ад племя брытаў.
Ватыкан - ад назвы пагорка mons Vaticanus < лац. vaticanari - прароцтваваць .
Венесуэла - магчыма ад іспанскага "маленькая Венецыя" , бо тубыльцы будавалі свае дамы на палях.
В'етнам - з в'етнамскай мовы перакладаецца як "паўднёвая зямля" .
Габон < партуг. gabao - паліто з капюшонам , з-за своеасаблівай формы вусця ракі Габао (Мбэ).
Гаіці - на мове індзейцаў таіна "высокая гара" .
Гватэмала - на мове ацтэкаў guanthemallon - месца, пакрытае лесам.
Гвінея - магчыма: на мове бербераў aguinaoni - чорны .
Германія < ням. Ger - дзіда + Man - чалавек . Славянскія назвы Нямеччына, Немцы - ад слова "нямы" , г. зн. людзі, якія не разумеюць па-славянску. Самі немцы называюць сваю краіну Дойчлянд.
Грузія < турэц. гурз, гурдж - грузіны. Самі грузіны называюць сваю краіну Сакартвэла - ад назвы племя картаў. На еўрапейскіх мовах краіна называецца Джорджыя, Георгія - у гонар св. Георгія, які лічыцца заступнікам Грузіі.
Данія (Denmark) < праіндаеўрапейск. dhen - нізкі + mark - памежная зямля .
Дамінікана < лац. Dies Dominica - дзень нядзеля . У гэты дзень тыдня Х. Калумб высадзіўся на востраў.
Емен - магчыма ад араб. yamin - па правы бок (адносна Мекі, свяшчэннага месца мусульман) або yumn - шчасце, дабраславенне .
Ізраіль - ад старажытна-сяміцкага Jsr al El - прамы шлях да Бога .
Індыя - ад назвы ракі Інд (на мове хіндзі Sind).
Ірак - ад старажытна-сяміцкага uruk - паміж рэкамі (Міжрэчча Тыгра і Еўфрату, Двухрэчча).
Іран - ад старажытна-іранскага "зямля арыеў" . Arya- свабодны, высакародны .
Ірландыя < Eire < Iweriu - урадлівае месца .
Ісландыя - зямля льдоў .
Іспанія < фінікійск. "і - шпанім" - бераг, дзе водзяцца трусы (звяркі).
Італія - магчыма ад лац. vitulus - цяля . З-за багацця рагатай скаціны на паўвостраве ў старажытнасці.
Каба-Вердэ < партуг. cabo verde - зялёны мыс .
Калумбія - у гонар Х. Калумба.
Камерун < партуг. Rio de cameroes - рака краветак .
Каморы < араб. Jazir al Camar - востраў Месяца .
Карэя - у гонар дынастыі Каро. Саманазва Ханчук (дзяржава Хан) або Часон ( Краіна ранішняга спакою ).
Кіпр < лац. cuprum - медзь .
Кітай - ад назвы паўночнага племені кідані.
Коста-Рыка < іспан. costa rica - багаты бераг .
Куба - на мове індзейцаў таіна cuba nacan - сярэдзіннае месца .
Кувейт < араб. cut - фартэцыя, цвердзь .
Латвія - ад нямецкай зборнай назвы тамтэйшых плямёнаў Latvis.
Лесота - ад назвы плямёнаў сота .
Ліван < яўр. lyban - белыя горы .
Ліберыя < лац. liber - свабодны . Дзяржава была ўтворана вызваленымі чарнаскурымі рабамі з Амерыкі.
Ліхтэнштэйн < ням. lichten - яскравы + Stein - камень .
Люксембург < кельц. lucilem - маленькі + ням. Burg - цвердзь .
Мальта - магчыма ад грэц. melitta - мёд .
Маўрыкій - у гонар галандскага правіцеля прынца Маўрыцыўса (Морыса) Аранскага.
Намібія - па назве пустыні Наміб на паўднёвым захадзе Афрыкі.
Нарвегія < northr veg - паўночны шлях .
Нідэрланды < ням. "нізкія землі" .
Пакістан < санскр. рak - чысты + stan - краіна . Іншая версія: П - Пенджаб + А - афганцы-пуштуны + К - Кашмір + І - Інд + stan - краіна .
Панама - на мове індзейцаў куэва "месца, дзе багата рыбы" .
Партугалія < лац. portus - порт + паселішча Gale.
Расія - калька з грэц. Πξρ³ΰ - Русь. Такая назва Маскоўскай Русі распаўсюдзілася на рубяжы XV-XVI стст, а ў XVIII ст. стала афіцыйнай назвай дзяржавы. А вось пра паходжанне слова "Русь" існуюць наступныя версіі:
1. Ад варажскага племя русь .
2. У візантыйскіх крыніцах "русь" - назва паўночных германцаў (варагі, нарманы, вікінгі).
3. Фінскае ruosti азначала наёмных дружыннікаў, а варагі - не этнонім, а назва воінаў-наймітаў.
4. Ад назвы востава Руснэ ў дэльце Нёмана, дзе ў VIII ст. знаходзілася апорная база вікінгаў.
5. Ад назвы ракі Рось, прытоку Дняпра, у сённяшняй Кіеўскай вобл. Украіны.
6. Ад балтыйскага "русянці" - павольна цячы.
7. Па прычыне русых валасоў старажытных усходніх славян…
Румынія < лац. romane або rumane - рымляне . Румыны лічаць сябе нашчадкамі стажытных рымлянаў. Саманазва Раманія.
Сальвадор < ісп. Salvador - Збаўца . У гонар Ісуса Хрыста.
Сан-Марына - у гонар св. Марына, які, паводле падання, заснаваў гэты горад-дзяржаву ў 301 г.
Саўдаўская Аравія . Аrab - магчыма: прыгожы . Саўдаўская - у гонар Мухамада ібн Сауда, заснавальніка дынастыі саўдытаў.
Сейшэлы - у гонар Жана Маро дэ Сешэла, міністра фінансаў Францыі пры Людовіку XV.
Сербія - магчыма ад лац. sorbus - рабіна . Саманазва Србия.
Сінгапур < санскр. Simhapura - горад львоў .
Славакія, Славенія < славян. "слова" або "слава" .
Судан < араб. bilad assudan - зямля чорных .
С'ера-Лявонэ < пар-туг. sierra-leoa - ільвіная гара .
Тaйланд < тайск. tai - свабодны + лац. land - зямля .
Танзанія - камбінацыя з назваў двух штатаў - Танганьіка і Занзібар.
Тога - на мове народа эве to - вада + gо - бераг .
Трынідад - у гонар трох горных вяршыняў і хрысціянскага Бога-Тройцы (іспан. Trinidad - Тройца).
Філіпіны - "Зямля караля Філіпа" (іспан., у XVI ст.).
Фінляндыя - магчыма ад старажытнагерманскага Fenn - падарожнікі. Саманазва Suomi < фін. suo - дрыгва + maa - зямля .
Францыя - Зямля франкаў . Франк < лац. frank - свабодны .
Цімор < малайск. timur - усход .
Чарнагорыя - названа венацыянскімі заваёўнікамі Montenegra - чорная гара (з-за знешняга выгляду цёмных хваёвых лясоў на гары Lovcen). Саманазва - Црна Гора, што азначае тое ж самае.
Чылі - магчыма: на мове індзейцаў кечуа "мяжа свету" , бо знаходзіцца на вузкай палосцы паміж Андамі і Ціхім акіянам.
Швейцарыя < ням. Schweiz - балота .
Шры-Ланка < санскр. "бліскучы востраў" .
Эквадор < іспан. "экватар".
Эрытрэя - грэц. Erythrea Thalassa - Чырвонае мора .
Эфіопія < лац. aethiopia - Зямля чорных .
Японія < кітай. "жыбеньга" - "Краіна ўзыходзячага сонца" (бо знаходзіцца на ўсход ад Кітая).
Уладзіслаў ЛУПАКОЎ , настаўнік СШ № 10, г. Берасце.
ПРЫМУШАЙ СВАЕ СЭРЦА ГАРЭЦЬ!
Даведаўся з газеты "Наша слова", што ТБМ распрацавала праект Закона РБ "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь" і ўжо даўно дамагаецца, каб парламент абмеркаваў гэты праект Закона. Усе мы, прыхільнікі беларускасці, вельмі спадзяемся, што гэта адбудзецца калі-небудзь, але ж асабіста я сумняваюся, што гэты крок зробіць сённяшняя ўлада.А быў жа час... Яшчэ не сцерліся з маёй памяці тыя першыя 90-я гады мінулага стагоддзя. Я якраз вярнуўся ў Менск з Расіі, дзе пражыў амаль 30 гадоў і, безумоўна, увесь гэты час не чуў родную мову, не размаўляў і не пісаў па-беларуску. У першы дзень паехаў у Масюкоўшчыну і ў аўтобусе, амаль усю дарогу, міжволі слухаў размову двух вайскоўцаў. Зацікавіла не тэма яе, а мова: афіцэры (!) размаўлялі па-беларуску(!). Прычым не на трасянцы, а, наколькі я разумеў, на добрай літаратурнай мове. Для мяне гэта было настолькі нечакана, настолькі прыемна, што я паверыў: зрухі да адраджэння - мовы, культуры - абавязкова будуць!
Сёння ў друку часта можна прачытаць выказванні, што "зверху" нельга адрадзіць беларускую мову. Я з гэтымі меркаваннямі не згодзен. Добра памятаю, як тады, у пачатку 90-х, па-беларуску пачыналі размаўляць з людзьмі чыноўнікі апаратаў рознага ўзроўню, адкрываліся беларускамоўныя школы, ва ўладных структурах абмяркоўваліся шляхі пераводу справаводства на беларускую мову. Мне, як старшыні камітэту грамадскага самакіравання, часта даводзілася прысутнічаць на сесіях дэпутатаў Фрунзенскага раёна сталіцы, на пасяджэннях райвыканкаму. Тагачасны старшыня Леанід Іванавіч Радкевіч імкнуўся весці іх выключна на беларускай мове. Тое ж, ведаю, адбывалася і ў Менскім гарвыканкаме. Яшчэ б крыху волі, прынцыповасці вышэйшай улады, і тады б наша мова нізавошта не апынулася ў сённяшнім стане! Аднак тагачасныя дарадцы Прэзідэнта, чыноўнікі вышэйшых уладных структур, адстаўныя генералы і афіцэры былой Савецкай Арміі, сярод якіх беларусы - толькі адзінкі, эліта грамадства спужаліся, што ім трэба будзе вучыць мову карэннага насельніцтва, як у Літве, Латвіі, Эстоніі, а гэтага ім так не хацелася, і яны ў адзін голас залямантавалі: "нацыяналісты", "БНФаўцы", а сёння - "пятая калона". Гэта яны аб тых, хто дамагаўся беларускасці. А потым мне непасрэдна давялося назіраць, як выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс на "моўным" рэферэндуме 1995 года. Праз колькі часу дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сказалі сваё сумнавядомае "або". Хіба ж яны мелі на ўвазе раўнапраўе двухмоўя? Наўрад ці! Раўнапраўе дзяржаўных моў для бюджэта любой краіны каштуе нятанна, бо яно прымушае на абедзвюх мовах прымаць усе законы і іх друкаваць, на абедзвюх весці выкладанне ва ўсіх навучальных установах, друкаваць падручнікі, на абедзвюх пісаць усе назвы вуліц, устаноў, прадпрыемстваў і г.д., на абедзвюх весці справаводства. Магчыма, таму і з'явіўся гэты злучнік "або", які прывёў да фактычнага знікнення ў дзяржаўным справаводстве, ды і ў паўсядзённым ужытку, беларускай мовы, а можа прывесці і да знікнення краіны. Можа так здарыцца, што ўжо ўнукі маіх аднагодкаў назавуць сваю краіну Белай Расіяй, а сябе будуць называць белымі расіянамі...Сорамна, брыдка! Так і хочацца крыкнуць на ўсю Беларусь: "Людзі, што ж мы нарабілі?!" А што цяпер рабіць нашым дзецям з гэтай спадчынай?
Большасць грамадзян краіны ў 1995 годзе на Рэферэндуме зрабілі, на маю думку, вялікую памылку: не падумаўшы аб наступствах, далі згоду на двухмоўе. Большасць, на жаль, можа памыляцца і ў сусветнай гісторыі можна знайсці таму пацвярджэнне.
Я часта ў думках разважаю над тым, што можна зрабіць сябру ТБМ, простаму неабыякаваму да беларускай мовы чалавеку, каб зрушыць з месца моўную праблему. Толькі заклікамі і асабістым прыкладам размаўляць па-беларуску вельмі мала чаго можна дамагчыся. Прапаную кожнаму сябру ТБМ накіраваць зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў сваёй выбарчай акругі аб разглядзе ў Парламенце праекта Закона РБ "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь". Упэўнены, што калі б такіх зваротаў было тысячы, дзясяткі тысяч, нейкія дзеянні дэпутаты вымушаны былі б зрабіць. Сакратарыяту ТБМ пажадана распрацаваць і надрукаваць у газеце "НС" прыкладную форму звароту.
На будучых выбарах у Палату прадстаўнікоў трэба галасаваць выключна за тых кандыдатаў у дэпутаты, якія вылодаюць беларускай мовай і размаўляюць на ёй. Агітаваць за гэта грамадзян у час выбарчай кампаніі.
Можна паспрабаваць сабраць 50 тысяч подпісаў грамадзян, каб ТБМ атрымала законатворчую ініцыятыву і змагло падаць у Парламент упамянуты праект Закона для абмеркавання.
Кожны сябра ТБМ павінен зрабіць так, каб нашу газету "НС" чыталі як мага больш людзей. Я мяркую, што кожны сябра нашага таварыства яе выпісвае і калі прачытае сам, дык трэба перадаць газету ў якое-небудзь грамадскае месца.
Гэта можа быць чытальная зала бібліятэкі, фае Дома быту, зала пошты - там дзе бывае многа людзей, якія часам чакаюць сваёй чаргі і могуць чытаць нашу газету.
У нашых гарадах, пасёлках дзейнічаюць суполкі іншых грамадскіх арганізацый, некаторым з іх мясцовыя ўлады нават аддаюць памяшканні для іх грамадскай дзейнасці. Чым грамадскія суполкі БРСМ, Белай Русі, ветэранаў лепшыя за за сяброў суполкі ТБМ? Напрыклад, у Івянцы пасвыканкам аддаў адно памяшканне мясцоваму Савету ветэранаў. Чаму менавіта суполка гэтай грамадскай арганізацыі мае прывілеяванае становішча? Трэба дабівацца ад мясцовых улад, каб такімі памяшканнямі карысталіся і суполкі ТБМ.
У нашай грамадскай працы нам не гожа сядзець і чакаць міласці ад улады. Ва ўсіх справах трэба праяўляць актыўнасць і настойлівасць. Мы маем права па Канстытуцыі на роднае слова! Але ж трэба, каб у нас саміх сэрца гарэла за беларускасць. І толькі нашы гарачыя сэрцы змогуць растапіць лёд ляноты і абыякавасці ў грамадстве.
"Ніколі ў заваяваным ці забраным народзе,- пісаў у свой час Янка Купала,- не можна выдзерці яго душы і яго роднага слова"...
Беларусы за сваю гісторыю перажылі многае: і адлучэнне ад мовы, і адлучэнне ад царквы, і брацкія "абдымкі" суседзяў.
Але ж душа беларуская і наша роднае слова жывуць! І будуць жыць! Вечна!
Міхаіл Спірыдовіч , сябра Івянецкай суполкі ТБМ.
Спроба Быкавазнаўства Роздум над апублікаваным гарадзенскім архівам Васіля Быкава
Роздум гэты нялёгкі, гнятлівы балючы... хоць і неадназначны. Адсюль і думкі мае розныя, і далёка не ўсе з іх хацелася б мовіць услых, хоць і трэба. І не таму, што нічога не зменіцца, не паправіцца, а таму што стэаратып такога падыходу і ацэнкі людзей ужо глыбока засеў у галовах нават саміх тых жа цаніцеляў і пастаўлены ў нашым грамадстве, як кажуць, на паток. І паспрабуй дакажы, што я, ты - гэта ты, а не паравоз...
У нас ужо не толькі прывыклі, але і ўзаконілі мераць пад адзін капыл ўсіх.. А кожны ж чалавек, а не толькі пісьменнік - гэта свая вялікая ці малая непаўторная планета. І глабальна катком цывілізацыі нельга прыкатваць усіх аднолькава. Заганяць у асфальт. Так мы не толькі ўтопчам, панішчым таленты, а ўсё добрае ў чалавеку. І ў нас тады нічога не застанецца людскага, нармальнага ні ў сям'і, ні ў калектыве, ні ў дзяржаве, Зямля наша стане планетай не людзей, а нейкіх бяздушных істот, робатаў. Душа чалавека як бы ні была начыненая электронікай усё роўна будзе путстапарожняй...
Скажаце, куды хваціў, якую нам перспектыву на будучыню малюе? А тут і маляваць не трэба, ужо сёння многае і многім, а не толькі вучоным ці нейкім там асобным празарліўцам бачна. Бачыў і адчуваў гэта і наш вялікі беларускі зямляк, а шырэй - зямлянін Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Ен ніколі не называў сябе аптымістам, але заўсёды хацеў людзям толькі лепшага. Аптымістычнага будучага, якое хоць позна, праз мукі і выпрабаванні, нявер'е і памылкі, але прыйдзе і абвергне, хоць і нялёгкай цаною пакутаў і расчараванняў яго песімізм... Мо якраз будучы адным з тых празарліўцаў, прадбачлівы Васіль Быкаў гэта тонка адчуваў і праз слова Праўды стараўся тое даводзіць іншым. Прыўкрашваць ён ніколі не любіў і не толькі ў сваіх творах пра вайну, а пра жыццё ўвогуле. Ен падаваў яго такім, якое яно ёсць... Дык як жа павінны цяпер мы ашчадна і ўдумліва адносіцца да яго архіваў, да ўсяго ім напісанага, сказанага, ці толькі ўсяго адной крэскай коратка занатаванага ў сваім нататніку ці на асобным шматку паперы...
Зразумейце, што архіў гэта не нейкі парадны касцюм асобы, гэта хутчэй за ўсё адваротны бок яе медаля, але ж медалі адваротным бокам наперад перад людзьмі не носяць і не выстаўляюць. Мажліва, іншая справа, калі архівы дзяржаўныя розных кірункаў, службовых структур ды няхай хоць і тых жа грамадскіх арганізацый... Але ж трапіўшы ў любы з іх з мэтай раскрыць яго ў друку перш варта ўстрымацца ад пагоні каб падаць усё. Тым больш, што чытачу патрэбна не голая фіксацыя фактаў і пераказ усяго матэрыялу ў схронах, а глыбокае грунтоўнае яго даследванне, аналіз, асабістае пранікненне ў сутнасць факта, падзеі... Інакш нельга ўваходзіць у святая святых таямніц, і фактаў нечага жыццёвага храма шырока рашчыніўшы туды дзверы для ўсіх ахвотнікаў невядомага і вось так з лёгкасцю турыста крочыць па жыцці і творчасці таго ж Васіля Быкава ды і любога на яго месцы, калі ў цябе на руках і дазвол-допуск і нават гарантыя выдаць у друку сабраны такім чынам матэрыял... Так што, гэтак проста, раскрыўшы чамадан архіву, на мой погляд, нельга нам падаваць тым больш ранняга Васіля Быкава, а мо і ўвогуле выдаваць цэлай кнігай яго літаратурную кухню з незавершынымі пры жыцці, а таксама толькі з накрэсленымі творамі, а то і проста толькі з задумкамі, накідадамі і планамі напісання новых рэчаў, пазначаных у яго запісах. Ды і многа яшчэ якіх рабочых паметак, неакрэсленых, інтымна-асабістых, можна прачытаць ў кнізе гарадзенскага архіву пісьменніка. А ўсё гэта скопам хоць і пры яўнай перавазе станоўчых момантаў і мясцін, асобных рэчаў і раздзелаў гэтага выдання ўсё ж ніяк не дадае вялікасці чалавеку такога маштабу сапраўды вялікаму беларускаму празаіку, хацелі б таго ці не хацелі абнародвальнікі яго гарадзенскага архіву...
Тым болей, што падрыхтаваны гэтыя публікацыя не нейкім выпадковым і далёкім ад журналістыкі і літаратуры чалавекам, а, лічы, прафесіяналам у гэтай справе, Сяргеем Шапранам, вядомым ужо шырокаму колу чытачоў Быкава адкрывальнікам, мяркуючы на яго двухтомніку "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах". Дзеля ісціны зазначу, што аўтарам двухтомніка ўзнята цэлая вялікая глыба, можна сказаць, багацейшы пласт матэрыялаў па Быкаву. Так што пры ўсіх плюсах і мінусах гэта значны ўнёсак аўтара ў Быкавазнаўства і адчувальная дапамога многім, у тым ліку і мне, у працы па захаванні фонду і афармленні экспазіцыі музея Васіля Быкава ў Гародні...
Але я не хацеў бы замыкацца толькі ў коле гэтай дзейнасці. Правільней будзе, калі глядзець усім нам на постаць В. Быкава шырэй ў кантэксце не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры. Хоць тут і не мне, мажліва, быць нейкім трэцейскім суддзём і прамаўляць ментарскім тонам што да чаго, асабліва калі разглядаць выдадзены асобный кніжкай гарадзенскі архіў Васіля Быкава, прэзентацыя якой адбылася ў Гародні.
Але ж з пункту гледзішча журналіста, літаратара ды і са свайго чыста педагагічнага і проста чалавечага чытацкага памкнення я хачу толькі нагадаць можа нават і зусім азбучныя ісціны вядомай кожнаму адукаванаму чалавеку агульнапрпрынятай этыкі і маральнасці чалавечых адносін, хоць сёння многае, калі не ўсё, скрозь парушаецца. Таму вакол безліч прыкладаў. Кіньце пагляд у той жа кінематограф - што там і як часам паказваюць, або ў той жа інтэрнэт і г.д.
Дык вось згодна з ужо самой этыкай раскрыцця архіву - гэтай своеасаблівай каморы чалавечага жыцця - нельга выдаваць, усё падрад... Есць рэчы ў тым жа запісках вельмі асабістыя, прытым мо і не дакладныя, не даведзеныя да ладу і зусім не разлічаныя на іх друкаванае ці якое іншае абнародаванне. Вось таму мяжа адкрытасці таго ж пісьменніка патрабуе ад яго біёграфа, крытыка і проста журналіста прытрымлівання некаторых правілаў дазволенага, інакш так можна непрыкметна скаціцца ад высокачалавечнага да антычалавечнага... Тым болей калі самога аўтара літаратурнага твору і яго архіву ўжо няма ў жывых, каб даць сваё дабро ці ў нечым запярэчыць. Таму вось так патрабавальна абачліва трэба ставіцца да архіваў і ўсёй літаратурнай спадчыны, што нам пакінуў сусветнавядомы народны пісьменнік зямлі беларускай Васіль Быкаў, а не выносіць на агледзіны ледзь не ўсю яго літаратурную чарнавую кухню, як тыя ж канспекты і розныя чарнавыя даведачныя запісы, планы па самаадукацыі, як працаваць над сабой, пра што чытаць і пісаць, задумкі на заўтра і г.д. Гэтым самі пісьменнікі нават калі ўжо напішуць, то не надта і заўсёды хваляцца... Наколькі я ведаю быкаўскі сціплы характар, яго далікатны этыкет, асцярожнасць і нешматслоўнасць, тым болей, калі гаворка заходзіла пра самога сябе і сваю пісанку, то Васіль Уладзіміравіч не быў тут ахвотнікам асабліва расчыняцца. Ен многа пісаў і мала гаварыў, асабліва калі мець на ўвазе яго гарадзенскі перыяд.
У цэлым па-рознаму можна ўспрымаць як у літаратурных, так і чытацкіх колах сам факт апублікавання гарадзенскага архіву вялікага і дарагога ўсім нам Васіля Быкава. З архіўнай фактурай цяжка спрачацца, а падчас і немагчыма, а можа нават і не заўсёды трэба... Важна тое, як гэта падаецца і ўспрымаецца, як працуе на Быкава. Пры ўсім гэтым варта заўсёды мець на увазе: што б пра яго не гаварылі, што б не пісалі, гэта не заўсёды на сто адсоткаў можа быць той Быкаў, якім ён быў на самай справе. Падчас ён падаеццца такім, якім яго хацелі і маглі б бачыць розныя людзі, нярэдка зусім далёкія ад ісціны. Ці не адсюль і артыкулы з'явіліся ў друку тыпу "У кожнага свой Быкаў"... і таму падобныя. Можа гэта ўсё на паверку і бяскрыўдныя сентэнцыі, адзінкавыя, і ад іх на быкаўскім фронце ў беларускай літаратуры, як кажуць, ні холадна, ні горача, але яны ў скарбонку быкавазнаўства нічога істотнага не дадаюць, а мо толькі распыляюць Быкава па розных грамадскіх утварэннях і суполках, асобах, якія называюць сябе ледзь не сябрамі Васіля Уладзіміравіча, хоць імі ніколі не былі...
Канешне, робячы тую ці іншую ацэнку, тут ніхто не застрахованы ад памылак і суб'ектыўных меркаванняў, як і аўтар выказаных тут думак далёкі ад таго, каб даказваць каму што з катэгарычнасцю нейкага суддзі. Толькі Бог нам усім тут суддзя!
Напрыканцы толькі хацеў бы яшчэ патлумачыць па просьбе малодшага сына народнага пісьменніка Васіля Васільевіча Быкава, што званок старшыні Гарадзенскага гарадскога грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл і кіраўніка ягонага музея Васіля Быкава Міколы Мельнікава малодшаму сыну пісьменніка Васілю Васільевічу Быкаву мажліва атрымаўся ў яго не зусім этычны, а некалькі па салдацку катэгарычны і не вельмі паважлівы, маўляў: "Вы абакралі наш Гарадзенскі музей, проста так аддаўшы гарадзенскі архіў Васіля Быкава на выданне іншым..." Гэтыя словы былі, канешне, успрыняты ім як нейкае абвінавачванне, у чым М.А. Мельнікаў перад ім ужо раскаяўся... На самай справе сказанае ім трэба разумець не ў прамым сэнсе, а ў тым, што абабралі, збяднілі гэтым самым Гарадзенскі музей Васіля Быкава, што нічога з гэтага архіву не перадалі ў наш музей ці непасрэдна ў Менск прызнанаму ўжо распарадчыку і захавальніку архіваў В.У. Быкава Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Як бы там ні было, але за ўсё лепш будзе калі вырашальнае слова, як і цяпер, будзе ў яго родных і блізкіх людзей, і калі ўсе мы будзем з пашанай ставіцца да яго памяці і багатай літаратурнай спадчыны, паважаць яго хоць мёртвага, калі не ўсе рабілі і выказвалі гэта дастаткова і поўна ў адносінах да жывога.
Аляксей Дземідовіч, г. Гародня .
Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы
Моўная сітуацыя і моўная палітыка ў Шатландыі: гісторыя і сучаснасць Уступ: канферэнцыя ў Эдынбургу
Да спісу міжнародных кантактаў ТБМ нядаўна дадалася Шатландыя. Прадстаўнік Таварыства беларускай мовы быў запрошаны на канферэнцыю "У ценю глабальных моў: моўны менеджмент у Шатландыі і Беларусі". Канферэнцыя адбылася 15 сакавіка 2012 года ў сталіцы Шатландыі, Эдынбургу.
Канферэнцыю арганізаваў Рускі цэнтр імя князёўны Дашкавай Эдынбургскага ўніверсітэта. Увогуле, цэнтр займаецца даследаваннямі ў галіне рускай мовы ў яе культурным і сацыяльным кантэксце. Напрыклад, цэнтр ажыццяўляе даследчы праект "Глабальная руская мова". У яго межах даследуюцца, у тым ліку, праблемы самасвядомасці прадстаўнікоў рускамоўных меншасцяў у постсавецкіх краінах, моўныя палітыкі ў дачыненні да рускай мовы і ўзнікненне яе разнавіднасцяў. Цэнтр з'яўляецца рухавіком культурнага абмену паміж Расіяй і Шатландыяй.
Канферэнцыя складалася з дзвюх пленарных сесій і круглага стала. На першай сесіі гучалі выступы, прысвечаныя Беларусі, на другой - Шатландыі. Увогуле, канферэнцыя была выдатна арганізавана. Пасля асноўнай часткі удзельнікаў запрасілі на ганаровую вячэру ў Стары каледж Эдынбургскага ўніверсітэта, дзе абмеркаванне было працягнута.
Ад Беларусі прысутнічаў намеснік амбасадара Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі сп. Валер Курдзюкоў і доктар філалагічных навук, прафесар, загадчыца кафедры агульнага мовазнаўства МДЛУ Зінаіда Харытончык. Выступ на беларускую тэматыку зрабіла і вядомая даследчыца Алена Гапава з Заходнемічыганскага ўніверсітэта (ЗША). Запрошаны быў так-сама рэктар Інстытута культуры Іван Крук, але ён прыехаць не змог. У першай пленарнай сесіі выступіў таксама сп. Карл Вулхайзер з Брандэйскага ўніверсітэта (ЗША).
Спадар Уілсан Мак-Леод з універсітэта Эдынбурга распавёў пра сучасную палітыку ў дачыненні да шатландскай гэльскай мовы. Спадарыня Крысціна Робінсан, прадстаўніца Цэнтра слоўнікаў мовы скотс, расказала аб напрацоўках і перспектывах у галіне шатландскай лексікаграфіі. Спадар Дэрык Мак-Клюэр з універсітэта Абердзіна зрабіў нарыс сённяшняй сітуацыі з мовай скотс.
Акрамя мяне, падчас круглага стала выступ зрабіў сп. Курдзюкоў, а таксама два прадстаўнікі аддзелаў шатландскага ўраду, якія займаюцца пытаннямі гэльскай мовы і скотс. Таксама выступіў Майкл Хэнс, прадстаўнік Цэнтра мовы скотс, у пэўнай ступені аналага нашай арганізацыі.
Падрабязны аналіз выступаў не з'яўляецца мэтай гэтага артыкула. Спадзяюся, што матэрыялы канферэнцыі неўзабаве будуць апублікаваныя. У любым выпадку, праз некаторы час мы плануем стварыць на партале ТБМ адмысловую старонку, прысвечаную нашым міжнародным кантактам, дзе размесцім, у тым ліку, прынамсі, некаторыя тэксты, прадстаўленыя на канферэнцыі.
З поўным тэкстам майго выступу на англійскай мове зараз можна азнаёміцца на інтэрнэт-партале нашай арганізацыі. Выступ пад назвай "Агляд моўнай палітыкі ў Беларусі" змяшчае аналіз і ацэнку сучаснай моўнай палітыкі і яе перадумоў, закладзеных ў 90-я гады. У ім раскрываюцца асноўныя тыпы парушэнняў лінгвістычных правоў, датычных беларускай мовы, аналізуюцца вынікі сацыялагічных даследаванняў моўных практык і стаўлення да беларускай мовы, расказваецца пра асноўныя дасягненні ТБМ і іншых арганізацый у гэтай сферы за апошнія гады. Выступ суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй. Мы загадзя паклапаціліся пра тое, каб не толькі ўдзельнікі, але і госці канферэнцыі атрымалі падарункі ад ТБМ: нашы англа-беларускія размоўнікі, нумары часопіса "Верасень" і календары. Быў распаўсюджаны друкаваны тэкст майго выступу, а таксама буклет з інфармацыяй пра дзейнасць ТБМ.
Спадарыня Харытончык прадставіла рэтраспектыву моўнай сітуацыі ў сучаснай Беларусі. Яе выступ ў пэўнай ступені аспрэчваў тэзіс аб мінарытарнасці беларускай мовы. Трэба сказаць, што арганізатары канферэнцыі ад самага пачатку называлі беларускую мову, таксама як і скотс, і гэльскую, мовай меншасці. Натуральна, я не мог не запярэчыць такой пастаноўцы пытання, хаця для яе, магчыма, маюцца падставы. Так, на літаратурнай беларускай мове штодзённа размаўляе невялікі працэнт насельніцтва. Але, па выніках нядаўняга апытання, 96% адказваюць, што больш-менш валодаюць беларускай, большасць называе яе роднай і г.д.
Вельмі цікавае параўнанне сучаснай моўнай сітуацыі і моўнай палітыкі ў Беларусі і Шатландыі, а таксама сацыяльнай гісторыі беларускай мовы і мовы скотс зрабіў у сваім выступе сп. Вулхайзер. Зрэшты, ён з'яўляецца адным з кіраўнікоў Паўночнаамерыканскай асацыяцыі беларусістаў і размаўляе па-беларуску так, што можна падумаць, што гэта яго родная мова. Беларускую сп. Вулхайзер вывучыў у Беларусі ў 90-я гады. Ен лічыць, што паміж моўнымі сітуацыямі ў Беларусі і Шатландыі маецца нямала падабенстваў.
Намеснік амбасадара нашай краіны засяродзіўся на тых сферах, у якіх становішча беларускай мовы можна лічыць прымальным. Напрыклад, было згадана, што ў Менску назвы вуліц напісаны не на дзвюх мовах, а толькі па-беларуску. Была зроблена выснова аб новай хвалі беларусізацыі, якая зараз пачынаецца ў Беларусі.
На канферэнцыі прысутнічала і багата гасцей з ліку выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта, у тым ліку і замежнікі, напрыклад, з Нарвегіі і Кітая. Быў там і карэспандэнт канала АНТ.
Вядома, што самасвядомасць чалавека складваецца ў тым ліку ў выніку аналізу ім паводзін іншых людзей. Верагодна, гэты тэзіс можна распаўсюдзіць і на моўную самасвядомасць. Таму мэта асноўнай часткі артыкула - азнаёміць чытача з моўнай сітуацыяй і моўнай палітыкай у Шатландыі і іх гісторыяй, якія маюць як падабенствы, так і адрозненні ад беларускіх. Магчыма, такое знаёмства дапаможа глыбей усвядоміць айчынныя рэаліі. Да таго ж, пэўныя тактыкі моўнага адраджэння, якія выкарыстоўваюцца ў Шатландыі, можна пераняць і ўжыць у Беларусі.
Аўтар не з'яўляецца спецыялістам у галіне сацыялінгвістыкі, таму мэта артыкула хутчэй паведаміць інфармацыю, а не прааналізаваць яе. Некаторыя цікавыя пытанні, напрыклад, узаемаадносіны мовы і нацыянальнай самасвядомасці, засталіся па-за ўвагай. Хаця пры напісанні артыкула, акрамя матэрыялаў з канферэнцыі, выкарыстана некалькі дзясяткаў крыніц інфармацыі, гэтай колькасці, безумоўна, недастаткова для сапраўды поўнага і глыбокага раскрыцця такой вялікай тэмы.
Старажытная гісторыя
У Шатландыі першага тысячагоддзя нашай эры жыло некалькі народаў, у прыватнасці, пікты на поўначы і брыты на поўдні. Пікты і брыты размаўлялі на кельцкіх мовах брыцкай групы, роднасных сучасным валійскай і брэтонскай мовам. У пікцкай мове, верагодна, быў і больш старажытны, неіндаеўрапейскі элемент. Паўднёвая Шатландыя ўваходзіла ў склад Рымскай імперыі.
Затым паўднёва-ўсходняя Шатландыя стала часткай англа-саксонскага каралеўства Нартумбрыя. Яе насельніцтва размаўляла на паўночным дыялекце англа-саксонскай мовы, якая зараз таксама называецца стараанглійскай. На Шэтландскіх і Аркнейскіх астравах на поўнач ад Шатландыі рассяліліся скандынавы, нашчадкі якіх размаўлялі на мове норн да дзевятнаццатага стагоддзя.
У 5 стагоддзі нашай эры на ўсход Шатландыі перасяліліся ірландцы-скоты, якія размаўлялі на кельцкай мове гэльскай групы. Гэта мова потым пераўтворыцца ў сучасную шатландскую гэльскую мову. Скоты - гэта рымская назва гэламоўных з Ірландыі. Да 10 стагоддзя каралеўства скотаў аб'ядноўваецца з піктамі, у выніку чаго ўзнікае каралеўства Альба, піктская ж мова знікае. Неўзабаве каралеўства Альба падпарадкоўвае сваёй уладзе каралеўства брытаў на паўднёвым захадзе Шатландыі і насельніцтва паўночнай Нартумбрыі. Межы каралеўства цяпер супадаюць з межамі сучаснай Шатландыі. Гэльская мова распаўсюджваецца па тэрыторыі дзяржавы. Верагодна, да 15 стагоддзя на ёй размаўляла большасць насельніцтва Шатландыі. Дарэчы, складаным узаемаадносінам названых народаў прысвяціў цыкл апавяданняў у жанрах альтэрнатыўнай гісторыі, фэнтэзі і жахаў амерыканскі пісьменнік Роберт Говард, аўтар вядомага "Конана-варвара".
Зараз трэба расказаць аб гісторыі назваў тых моў, якія распаўсюджаны ў Шатландыі. Як і ў Беларусі, у Шатландыі мелі месца метамарфозы назваў моў. Акрамя таго, у дачыненні да адной мовы выкарыстоўваюцца розныя назвы. Прыгадаем толькі некаторыя ранейшыя і сучасныя назвы беларускай мовы ў беларусаў і іх суседзяў: руская, літоўская, нават готская (gudu kalba - па-літоўску). Што датычыцца мовы скотс, то такая разнастайнасць прыводзіла і прыводзіць да блытаніны і непаразуменняў.
Нашчадкі англа-саксаў да канца 15 стагоддзя называлі шатландскую гэльскую мову Scottis, шатландскай. Пры гэтым, сваю мову яны называлі Inglis - англійскай. Паколькі паўночныя англа-саксы жылі і на тэрыторыі Шатландыі, тэрмін Inglis можа ўжывацца ў дачыненні як да англійскай мовы, так і да мовы скотс пэўнага перыяду. Пра скотс будзе расказана пазней. Носьбіты шатландскай гэльскай мовы называлі тады мову англа-саксаў Beurla Shassanach - мова саксаў, па-сутнасці, англійская мова. Ніжэй мы яшчэ вернемся да далейшых зменаў у назвах згаданых моў.
Англа-саксы ў складзе шатландскага каралеўства захавалі сваю мову і законы. Больш таго, пасля заваявання Англіі нарманамі, у Шатландыю перасялілася шмат людзей з паўночнай Англіі.
Пазней, у 12 стагоддзі, шмат земляў ў Шатландыі было перададзена англа-нарманскім феадалам, а таксама фламандцам і брэтонцам. Таму некаторыя вядомыя шатландскія прозвішчы маюць кантынентальнае паходжанне, напрыклад, Брусы - англа-нарманскае, Дугласы - фламандскае, а Сцюарты - брэтонскае. Простыя людзі, якія суправаджалі феадалаў, у асноўным размаўлялі зноў жа на паўночным дыялекце англійскай, які, да таго ж, утрымліваў шмат рыс дацкай мовы. Праўда, частка нарманаў, асеўшых у Хайлэндзе, наадварот гэлізавалася. Прыкладам таму шатландскія кланы нарманскага паходжання, напрыклад, Фрэзеры і Гранты.
Вырашальным фактарам распаўсюду Inglis стала заснаванне протагарадоў-бургаў, насельніцтва якіх размаўляла на гэтай мове. Папулярнасць яе расла, а арэал гэльскай мовы паступова звужаўся да Хайлэнду, паўночна-заходняй часткі Шатландыі. У канцы 14 стагоддзя паняцці хайлэндэр (горац) і гэламоўны чалавек робяцца сінанімічнымі. Носьбіты гэльскай мовы, якія перасяляліся ў бургі, пераймалі мову гараджан. Адзначаецца, што сёння шмат хто з насельнікаў паўднёва-ўсходняй Шатландыі мае кельцкія карані і носіць кельцкія імёны, хаця гэльская мова там амаль зусім не ўжываецца.
У літаратуры паведамляецца, што вызначыць, на якой мове размаўлялі шатландскія каралі і двор, даволі цяжка. Часта дапускаецца, што ўсе шатландскія манархі размаўлялі на гэльскай як мінімум да 14 стагоддзя. Роберт Брус, кароль з 1309 па 1329 (паказаны ў фільме "Адважнае сэрца"), верагодна, сярод іншых валодаў і гэльскай мовай. Апошнім каралём, які дакладна размаўляў па-гэльску, быў Джэймс Чацвёрты (1473 - 1513). Адна крыніца паведамляе, што мовай двара ў яго час была гэльская. Адзін артыкул у Вікіпедыі паведамляе, што гэльская перастала быць асноўнай мовай шатландскага двара ўжо пры Давідзе Першым (гады праўлення 1124-1153) ці нават раней.
Вядома, што каралева Маргарыта (1045 - 1093), пазней кананізаваная, спрыяла распаўсюду тагачаснай англійскай мовы пры двары і ў царкве. Англійская хроніка сярэдзіны 13 стагоддзя паведамляе, што тагачасныя шатландскія каралі перанялі французскую мову і культуру. Адзначаецца. што французская была літаратурнай і куртуазнай мовай Шатландыі ў канцы 13 - пачатку 14 стагоддзя. Пры Роберце Другім (гады праўлення 1371 - 1390) адміністратыўныя і юрыдычныя дакументы пачалі пісаць на скотс. Маюцца сведчанні таго, што скотс была роднай мовай Джэймса Першага (гады праўлення 1406 - 1437), які першым запатрабаваў, каб акты парламенту выдаваліся на гэтай мове. Іншыя крыніцы адзначаюць, што скотс робіцца мовай двара ў 15 - 16 стагоддзях.
Шатландская гэльская мова
Зараз сканцэнтруемся на пазнейшай гісторыі і сучаснасці шатландскай гэльскай мовы. Гэта мова з гэльскай падгрупы кельцкіх моў, роднасная ірландскай, з якой яна мае каля 75% агульных слоў.
Напэўна, чытач ведае некалькі гэльскіх слоў, у прыватнасці, клан, плед, лох (прыгадайма Лох Нэсс), віскі і слоган. Слова клан паходзіць ад гэльскага слова са значэннем "дзеці" . Слова віскі паходзіць ад гэльскага словазлучэння uisce beatha , што значыць вада жыцця . Слоган - ад 'sluagh-ghairm' , што значыць баявы кліч.
Хаця гэльская мова адступала з поўдня і ўсходу, на поўначы і захадзе Шатландыі многія людзі скандынаўскага і скандынаўска-гэльскага паходжання, нашчадкі вікінгаў, наадварот асіміляваліся гэльскім грамадствам. У канцы 12 стагоддзя адзін з іх, Сомэрлед, заснаваў Гаспадарства (каралеўства) астравоў, гэламоўнае дзяржаўнае утварэнне, у якое ўваходзілі Гебрыдскія астравы на захад ад Шатландыі, яе заходняе ўзбярэжжа, а таксама востраў Мэн. Гаспадарства было падпарадкавана Шатландыяй толькі ў канцы 15 стагоддзя.
(Працяг у наступным нумары.)
Паважаныя жыхары Гарадзенскай вобласці і бацькі будучых першакласнікаў!
З кожным годам паступова павялічваецца колькасць беларусаў, якія жадаюць вучыць сваіх дзетак у школе на роднай мове.
Упершыню ў мінулым годзе даспелі перадумовы і з'явілася рэальная магчымасць стварыць у Гародні і раённых цэнтрах Гарадзенскай вобласці 20 новых беларускіх класаў. У Гародні, па розных прычынах з 15 пададзеных бацькоўскіх заяў на навучанне сваіх дзетак па-беларуску не ўсе вучыліся на роднай мове. Заканчваюць навучальны год ў першых беларускіх класах 3 вучні. Колькасць вучняў была б большай каб бацькі пагадзіліся вазіць сваіх дзетак з суседніх школ. Па Гарадзенскай вобласці на канец першай чвэрці 2011 г. было 169 вучняў.
Хутка набліжаецца 1 чэрвеня - час падачы бацькоўскіх заяў ў першыя беларускія класы. Пра гэта ў гарадскім транспарце Гародні павінна з'явіцца інфармацыя. Патрэбна, каб і ў раённых цэнтрах арганізацыі ТБМ і ТБШ дамовіліся са сваімі аддзеламі адукацыі пра гукавую, ці візуальную інфармацыю ў транспарце аб наборы дзетак у першыя беларускія класы.
Шаноўныя жыхары Гарадзеншчыны, калі Вашыя родныя, сябры, знаёмыя павядуць сваіх дзетак у першы клас, азнаёмце іх, калі ласка, з магчымасцю вучыць дзяцей на беларускай мове. Дзяржаўныя навучальныя ўстановы павінны гарантаваць Вам нармальныя ўмовы навучання як па-руску, так і па-беларуску. Мінулагодняя праца ўстаноў адукацыі, настойлівасць з боку бацькоў і грамадскіх арганізацый дала свой плён. У Гародні - гэта найперш у школе №32 (Ленінскі раён) і школе №34 (Кастрычніцкі раён) былі адкрыты беларускія класы. Школы знаходзяцца ў цэнтры сваіх раёнаў. Яны сталі базавымі, каб заявы бацькоў не расцярушваліся па іншых школах, а была магчымасць стварыць беларускі клас з большай колькасцю вучняў. Верагодна з 1 чэрвеня будзе працягнуты дадатковы набор у 2 і 3 беларускія класы школы №32 і 2 клас школы №34.
Па іншых раёнах Гарадзенскай вобласці дадаецца табліца з пазначанымі нумарамі школ і вучняў у іх. Раім Вам удакладніць сённяшнюю сітуацыю ў мясцовых аддзелах адукацыі і звязацца з актывістамі ТБМ і ТБШ , якія прымалі ўдзел у стварэнні беларускіх класаў у мінулым годзе.
Калі Вы сапраўды хочаце каб Вашыя дзеткі ведалі нароўні з рускай і беларускую мову-Вы маеце рэальную магчымасць гэта зрабіць, напісаўшы заяву ў беларускі клас.
Выдатнае валоданне, як мінімум дзяржаўнымі мовамі - гэта паказчык талерантнасці грамадства і еўрапейская норма для ўсіх дзяржаўных службоўцаў, а павага да роднай мовы-гэта павага і да сябе! Калі ласка, далучайцеся!
Гародня.
СШ №32 (Ленінскі раён)
Тэлефон сакратара школы №32: 41-31-92(Баярчык Гелена Вацлаваўна).
Завуч пачатковай школы №32: МТС- 787-43-54 (Багдановіч Валянціна Іванаўна).
E-mail: Sh32 mail.grodno.by.
Прадстаўнік бацькоўскага камітэта беларускіх класаў: 70-62-89, пасля 18.00 (Астроўская Аксана Барысаўна).
СШ №34 (Кастрычніцкі раён)
Тэлефон сакратара школы №34: 56-73-13.
Завуч пачатковай школы №34: 56-25-46 (Вітко Алена Антонаўна).
Е-маіl : Sh34oktroo mail.grodno.by.
Тэлефон начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58 (Блажэй Сяргей Валер'янавіч).
Тэлефоны гарадзенскай абласной ТБМ: Вэлкам- 943 -58-09 (Крой Аляксандр Ільіч), МТС-285-93-07 ( Буднік Іван Фёдаравіч).
Табліца (2011 г.)Першыя беларускія класы, адкрытыя ў рускамоўных школах Гарадзенскай вобласці
№ Раён Колькасць Колькасць Назва населенага пункта, нумар школы,
п/п класаў вучняў колькасць вучняў
1 Астравецкі -
2 Ашмянскі 2 25 г. Ашмяны, сш № 2-9, сш № 3-16
3 Бераставіцкі -
4 Ваўкавыскі 3 26 г. Ваўкавыск, гімн. № 1-14,
сш № 4-7, г.п. Краснасельскі - 5
5 Воранаўскі -
6 Гарадзенскі 1 6 г. Скідзель, сш № 1-6
7 Дзятлаўскі -
8 Зельвенскі 1 14 г.п. Зельва, сш № 2-14
9 Іўеўскі 1 10 г.п. Іўе, сш - 10
10 Карэліцкі 1 8 г.п. Мір, сш -- 8
11 Лідскі 2 7 г. Ліда, сш № 12-3, сш № 15-4
12 Мастоўскі -
13 Наваградскі 2 7 г. Наваградак, сш № 4-3, сш № 5-4
14 Свіслацкі 2 11 г.п. Свіслач, сш № 2-6,
г.п. Поразава, сш - 5
15 Слонімскі 2 41 г. Слонім, сш № 3-18, сш № 8-23
16 Смаргонскі 1 11 г. Смаргонь, сш № 1-11
17 Шчучынскі -
Гародня (2)
18 Кастрычніцкі 1 2 сш № 34-2
19 Ленінскі 1 1 сш № 32-1
УСЯГО: 20 169
Усяго ў 20 першых беларускіх класах на кастрычнік 2011 года вучылася 169 чалавек. Сёння сітуацыя трохі змянілася .Напрыклад у Гародні на 1 вучаніцу 2 класа школы №32 стала больш.У раённых цэнтрах і гарадах , дзе актыўна працавалі адміністрацыя і настаўнікі школ, а аддзелы адукацыі не пусцілі справу на самацёк па папулярызацыі навучання па-беларуску, дзе грамадскія актывісты актыўна супрацоўнічалі са школамі, бацькамі, аддзеламі адукацыі - там былі і вынікі.
Пераможная тройка раённых цэнтраў: - сш № 3, сш № 8 г. Слоніма ; сш № 2, сш № 3 г . Ашмян ; гімн. № 1, сш № 4, г . Ваўкавыска . Ці захаваліся гэтыя класы да канца года?
На жаль, аддзелы адукацыі В. Бераставіцы, Воранава, Дзятлава, Мастоў, Шчучына і Карэліч па невядомых прычынах у раённых цэнтрах не адкрылі ніводнага класа. Няўжо ў 2011 годзе не было ахвотных? Пішыце, калі ласка, на эл.адрас: tbm.garodnia@tut.by
Алесь Крой, Іван Буднік , Гарадзенская абласная арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны".
Каб не расла лебяда
19-га красавіка у зале Бешанковіцкага раённага дома культуры адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 130-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сіламі выкладчыкаў музычнай школы быў арганізаваны канцэрт, асноўнымі нумарамі якога сталі неўміручыя словы класікаў. У выкананні вучняў і вядоўцы Н. Бондар гучалі вершы Купалы і Коласа. Бешанковіцкі народны ансамбль народных інструментаў выканаў некалькі твораў беларускіх кампазітараў на тэмы творчасці Купалы і Коласа. Са сваімі творамі выступаў ўзорны фольк-гурт "Званіца". Цягам больш гадзіны са сцэны гучала беларуская мова.
У паўнюткай зале гледачамі былі вучні розных класаў Бешанковіцкай СШ №2 і іх класныя кіраўнікі. Яны не шкадавалі апладысментаў для кожнага выканаўцы, і, думаецца, панеслі дадому самыя цёплыя пачуцці.
Я таксама меў гонар выступаць у гэты дзень са сцэны. Стоячы на ёй перад вучнямі, мне прыгадаўся доўгі шлях да беларускага слова мяне самога. Нягледзячы на тое, што я скончыў васьмігодку беларускамоўнай школы, за гады, праведзеныя ў старэйшых класах і асабліва ў БСГА, беларуская мова грунтоўна падзабылася. І тое потым прыйшлося пераадольваць, прыкладаючы значныя намаганні. Тых жа, хто сядзеў у зале, свядома фармавалі на чужой беларусам мове з першага класа. Яны разумеюць па-беларуску, але не больш. Дзве ці тры гадзіны на тыдзень роднай мовы і літаратуры зрабіць большага не дазваляюць. У цалкам зрусіфікаваным грамадстве, кіраўніцтва якога ставіць сабе задачу толькі накарміць народ, нібыта нейкае быдла, інакшага быць і не можа. Гэтым вучням любоў да беларушчыны, карыстанне родным словам могуць прывіць толькі ў сям'і - бацькі, калі яны свядома ставяць такую мэту. Але і тым прыйдзеца пры гэтым пераадолець не адну перашкоду.
Здаецца, у нашым грамадстве абсалютную бальшыню грамадзян кранае толькі адно пытанне - матэрыяльны дабрабыт. Многія з іх аніяк не ўсвядомяць, што моўнае пытанне звязанае з ім наўпрост. Бо толькі тады мы станем па сапраўднаму багатымі, калі нашы дзеці загавораць на роднай мове. Толькі тады адваліцца ўсё нанасное, прышлае: мацюкі, п'янства, самагубствы і г.д., што ліпучым павуціннем аблытала ўсё грамадства.
Пустога месца ў чалавечай душы не бывае. Калі не клапаціцца, каб там было пасеяна нешта добрае, то ў ёй анічога і не вырасце. Так як і на полі: на пустым полі расце толькі лебяда.
Георгій Станкевіч , Бешанковіцкі раён, в. Старыя Ранчыцы.
Моладзь - за чыстыя сэрцы
Лектар - кансультант Грамадскага дабрачыннага аб'яднання "Абарона жыцця ля яго вытокаў" Ганна Тарасевіч распавяла пра "Рух чыстых сэрцаў".
Ганна вучыцца ў Дзяржаўным універстэце культуры і мастацтва на факультэце культуралогіі і выконвае свае служэнне ў якасці лектара-кансультанта грамадскай арганізацыі.
У канцы 90-тых гадоў перад Белым Домам 250.000 маладых людзей (сярод іх былі каталікі, праваслаўныя, пратэстанты) склалі сваю дэкларацыю аб тым, што яны выбіраюць беззганны шлях жыцця. Так узнік Рух чыстых сэрцаў , удзельнікі якога абяцаюць захоўваць чысціню да шлюбю, у знак чаго носяць срэбныя пярсцёнкі.
У Польшчы Рух быў падтрыманы ксяндзом Мечыславам Пятроўскім.
На Беларусі ў Чырвоным касцёле ёсць шмат маладых прыхільнікаў гэтага руху.
Створана група v.kontakte сярод такіх, хто даў абет захоўваць сябе для сям'і і шлюбу.
Каб падтрымаць свае намеры, юнакі і дзяўчаты імкнуцца часцей прыступаць да споведзі і прычасця. Хто цвёрда вырашыў стаць удзельнікам "Руху чыстых сэрцаў", накіроўваюць свае лісты ў рэдакцыю часопіса " Любіце адзін аднаго" і просяць малітваў за іх братоў і сёстраў.
Маладыя людзі ўпэўненыя, што важна не толькі клапаціцца пра знешнюю прыгажосць, але важна захоўваць душу ў чысціні і рыхтаваць сябе да шчаслівага і здаровага шлюбу.
Чалавек нічога не робіць спантанна: не набывае першую абыякую кватэру, машыну ці лекі.
Не можа ён безразважліва рэалізаваць і сваю здольнасць да нараджэння дзяцей, якая дадзена Творцам, і за карыстанне якой Ен наклаў на нас вялікую адказнасць. Цнатлівасць не з'яўляецца абмежаваннем волі. Яна дае ўладу над самім сабой.
Ігар Якімаў з'яўляецца лектарам -кансультантам ГДА "Абарона жыцця ля яго вытокаў". Ігар з'яўляецца служкам евангельскай царквы, бацькам трох дзяцей. У вольны час ён вядзе заняткі з вучнямі Менскіх каледжаў па тэме абароны ад СНІДу. Ен хоча папярэдзіць маладых людзей ад халатнага стаўлення да свайго жыцця і здароўя. Лектар дэманструе вучням фільм " Цяжкая праўда", расказвае выпадкі з жыцця моладзі.
У служэнні яму дапамагае глыбокая вера ў Госпада. У Менскім індустрыяльна-педагагічным каледжы з ім разам вядзе заняткі сястра Ірына. Яны чытаюць лекцыі і разам моляцца за студэнтаў і выкладчыкаў каледжа.
Э. Дзвінская. На здымках аўтара:
1. Ганна Тарасевіч, 2. Ігар Якімаў.
Фестываль беларуска-моўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! праходзіць у 2012 годзе ўжо трэці раз. Штогод ён збірае вялікую колькасць прафесіяналаў і аматараў у сферы рэкламы і маркетынгу, а таксама неабыякавых да беларушчыны людзей.
Галоўная мэта Фестывалю ў 2012 годзе - даць новы штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі, даць магчымасць кампаніям па-іншаму паглядзець на свае брэнды і на свайго спажыўца, па-іншаму зірнуць на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з аўдыторыямі. Фестываль мае на мэце запаліць агонь у вачах рэкламістаў і дазволіць ім убачыць больш яркія і сучасныя праекты ў розных кірунках і формах масавай камунікацыі.
Наш кар.
Гісторыя Нацкай парафіі ў дакументах і фотаздымках
(Заканчэнне. Пачатак у па-пярэдніх нумарах.)
Парафія Нача засталася без духоўнага пастара на 5 гадоў. У 1980 г. савецкія ўлады дазволілі прыязджаць ксендзу Антонію Банкоўскаму , які працаваў пробашчам парафіі Асава. Ксёндз Антоні ў 1936 г. атрымаў капланскае пасвячэнне. Працаваў пробашчам у Крамяніцы. У 1947 г. быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў зняволення. Спачатку быў адасланы ў Варкуту, а пазней у Марыянск. У 1957 г. была абвешчана амністыя і пасля 10 гадоў зняволення ксёндз Антоні быў вызвалены. Калі вярнуўся ў парафію, дзе працаваў, улады не дазволілі яму выконваць капланскія функцыі. Яму было дазволена абслугоўваць парафію Асава. У 1980 г. ксендзу было дазволена абслугоўваць тры парафіі: Забалаць, Нача, Асава. Абслугоўваў парафію Нача да 1985 г. Пасля зняволення пагоршыўся стан яго здароўя. Але нягледзячы на гэта, доўга выконваў капланскія функцыі.
Ксёндз Антоні Банкоўскі памёр 24 верасня 1996 г. і быў пахаваны на касцельных могілках у Асаве.
У 1986 г. духоўным пастарам стаў ксёндз Ян Пяцюн . Нарадзіўся ў 1952 г. Ен быў выхаванцам ксендза Банкоўскага, прыслугоўваў пры алтары, іграў на арганах, працуючы разам шафёрам у райкаме ВЛКСМ. Маладым хлопцам адчуў прызванне да капланства. Ніхто не ведаў, што ён хоча стаць ксендзам, акрамя яго маці і ксендза. У семінарыю было цяжка паступіць. Ксёндз Ян чакаў 5 гадоў, каб улады дазволілі паступіць. Калі яго супрацоўнікі даведаліся, што ён паступае ў семінарыю, былі вельмі ўражаны, што ў іх арганізацыі знайшоўся такі, які хоча прапаведваць навуку Хрыстуса, якую яны "категорически запрещали". Рознымі спосабамі яго ад гэтага адгаворвалі. Але ксёндз Ян, не слухаючы сваіх начальнікаў і калегаў, у 1980 г. паступіў у семінарыю, атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1985 г. ад ксендза Віскупа Нюкшы. Год працаваў у Латвіі ў парафіі Даўгапілс. Затым быў прызначаны на тры парафіі ў Беларусі: Новы Двор, Забалаць, Нача.
Прыязджаў у Начу кожную нядзелю і на ўрачыстасць. Святую імшу адпраўляў у 10 гадзін. Пачынаў працаваць, калі яшчэ доўжыліся пераследаванні. Не раз яго выклікалі ў сельсавет за тое, што ў касцёл ходзяць дзеці і моладзь. За гэта нават улады накладалі на яго штраф. Верачы ў магутнасць Бога і чакаючы лепшых часоў, ксёндз пробашч далей выконваў свае капланскія функцыі. Штогод пад час канікул у школе праводзіў для дзяцей катэхэзы перад першай камуніяй святой. Запрашаў сёстраў законных з Польшчы для таго, каб яны вучылі дзяцей. Прыняў на працу людзей для рамонту касцёла. Пад яго кіраўніцтвам быў адрамантаваны дах, выкладзены паркет, ачышчаны могілкі. Ксёндз Ян і далей выконваў капланскія функцыі ў парафіі Нача. Сярод людзей паважаны як чалавек пабожны. Заўсёды быў гатовы дапамагчы чалавеку, які мае ў гэтым патрэбу. З запалам прапаведаваў слова Божае і ўчыняў Найсвяцейшую Ахвяру.
Надалей пастарскія абавязкі спраўляў ксёндз Алег Дуль . Ен нарадзіўся 19.08.1973 года ў вёсцы Падгалішкі Шчучынскага раёна. Скончыў Забалацкую школу і ў 1991 годзе паступіў у Гарадзенскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1997 годзе. У 1999 годзе атрымаў капланскае пасвячэнне ад гарадзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча. 2 ліпеня 2000 года ксёндз Алег прыбыў у парафію Нача, дзе прабыў да чэрвеня 2007 года. Нацкая парафія нарэшце атрымала свайго асабістага ксендза. За гэты час было зроблена вельмі шмат: пабудавана новая плябанія, адрамантаваны дах касцёла і могілкі пры касцёле, пры дапамозе Вількеля Анатолія збудавана капліца ў вёсцы Салтанішкі, зроблены галоўны алтар у вёсцы Доцішкі і інш. Ксёндз Алег Дуль садзейнічаў духоўнаму развіццю моладзі. Пры ім былі наладжаны суботнія спатканні моладзі, выезды моладзі на "Дні моладзі", паходы ў пілігрымку, экскурсіі ў Гародню.
Сёння духоўным настаўнікаў нацкіх парафіян з'яўляецца ксёндз Аляксандар Адамовіч . Нарадзіўся 21.06.1980 у вёсцы Казляны, Забалацкай парафіі. Скончыў Забалацкую школу і ў 1997 годзе паступіў у духоўную семінарыю, якую скончыў у 2003 годзе. У 2004 годзе 13 лістапада атрымаў капланскае пасвячэнне ад гарадзенскага біскупа Александра Кашкевіча. У нацкую парафію прыбыў 06.06.2007 г., дзе і цяпер з'яўляецца ксендзам. Ксёндз Аляксандар хоча пажадаць нацкім парафіянам і ўвогуле ўсім верным людзям ўмацавання веры ў сэрцах людзей, шанавання сваёй святыні, свайго храма духоўнага, зычыць усім Божага дабраславенства, дабраславенства маці Божай і жадае веры, надзеі і любові ў іх сем'ях.
Заключэнне
Здавалася б, чым можа ўразіць адзін са шматлікіх касцёлаў на тэрыторыі краіны? Ну хіба што толькі архітэктурай. Архітэктура касцёла цікавая. Аднак Нацкі касцёл багаты на гісторыю.За 480-гадовае існаванне шмат таленавітых святароў было у Начы. Яны адыгрывалі галоўную ролю ў справе фармавання духоўнасці сярод парафіян Нацкага касцёла. Святары, як маглі, выконвалі гэтую ролю. Вельмі часта ксяндзы сустракаліся з перашкодамі настаўлення парафіян на шлях добрасумлення, ісціны, спагадлівасці, але не з боку саміх парафіян, а з боку ўлад. Так было ў царскай Расіі, у гады Вялікай Айчыннай вайны і асабліва ў гады існавання Савецкай улады. Але дзейнасць святароў Нацкага касцёла заўсёды была накіравана не толькі на паляпшэнне маральнага стану мясцовага насельніцтва, але і на арганізацыю іх вольнага часу (ксёндз Казімір Шылэйка, які пабудаваў "Народны дом"). Яны стваралі гурткі (ксёндз Кузьмінскі, які арганізаваў "Ружанцовы гурток "), выхаванне дзяцей-сірот (ксёндз Ян Кузьмінскі, кс. Павел-Часлаў Дабулевіч). Цяпер іх працу працягвалі і працягваюць ксяндзы Ян Пяцюн, Алег Дуль, Аляксандр Адамовіч.
Гісторыя Нацкага касцёла і парафіі была ў большай ступені трагічнай, як і гісторыя астатніх касцёлаў. У першую чаргу, гэта гісторыя трагічная з-за нямецка-фашысцкай акупацыі, калі на тэрыторыі касцёла фашысты арганізавалі трупярню з ваеннапалонных, не зважаючы на пратэсты кс. Паўла-Часлава Дабулевіча. Па-другое, гэта гісторыя існавання парафіі ў гады Савецкай улады, калі святары абкладаліся непамернымі падаткамі, не дазвалялі праводзіць абрады або наогул не дазвалялі мець святара. І доўгі час Нацкая парафія абыходзілася без духоўнага пастара.
29 чэрвеня 2009 года касцёл адсвяткаваў свае юбілеі. Па падрыхтоўцы святыні да такой значнай падзеі намаганнямі жыхароў і адміністрацыяй было зроблена шмат, каб прывесці святыню ў годны стан. На свята з'ехалася шмат народу не толькі з ваколіцы, але, наогул, з краіны, было шмат гасцей з-за мяжы. А гэта гаворыць аб тым, што пярліна Начы не застаецца без увагі, яе гісторыю ведаюць, помняць і шануюць.
Аўтары даследвання
Мікялевіч Наталля нарадзілася 14 студзеня 1994 года, наччанка. У 2011 годзе скончыла школу з залатым медалём. У старэйшых класах з'яўлялася экскурсаводам школьнага музея імя Т. Нарбута. Зараз студэнтка БДЭУ.
Янкоўскі Антон нарадзіўся 29 сакавіка 1986 года ў вёсцы Енчы Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. У 2003 годзе скончыў Нацкую сярэднюю школу Воранаўскага р-на Гарадзенскай вобл. У 2008 г. - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці "Рэжысура народных абрадаў і свят". Зараз працуе выкладчыкам тэатральных дысцыплін у Гарадзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Піша вершы, прозу, публіцыстыку. Друкаваўся ў дзяржаўных і абласных выдавецтвах. Аўтар зборнікаў вершаў "Анёл з васільковымі вачыма" (2010 г.) і "Белыя рамонкі" (2012 г.
ЦАРКОЎНАЯ УНІЯ І ГІСТОРЫЯ НЕКАЛІ ГАЛОЎНАГА ХРАМА ШКЛОВА
Менавіта на Беларусі, у канцы 16 стагоддзя, пасля няўдачы ўсяленскай Фларэнційскай Уніі 1439 года, была заключана унія рэгіянальная. Праваслаўныя і католікі зноў парадніліся.
Прыхільнікі унійскай ідэі - людзі высокаадукаваныя, якіх перастала задавальняць культурная канцэпцыя праваслаўя і прываблівала жыццяздольнасць каталіцкага Захаду. Задуманная царкоўная рэформа абяцала, без страты дзяржаўных пасад, выхад з праваслаўнага ізаляцыянізму і далучэнне да багатых інтэлектуальных і культурных набыткаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.
Унія была прынята не паспешна і бяздумна, а пасля працяглых роздумаў і шматлікіх сустрэч. Яе падрыхтоўка доўжылася шэсць гадоў. Упершыню іерархія Кіеўскай метраполіі зрабіла заяву аб з'яднанні з каталіцкім касцёлам на сінодзе 1590 года. Тады ж паўстала і пытанне аб гарантыях забяспячэння самабытнага аблічча, асобнасці, правоў і прывілеяў сваёй царквы. На сінодах і нарадах, у розных дакументах і пастановах наступных гадоў выкрышталёўваліся патрабаванні да дзяржаўных улад Рэчы Паспалітай і Ватыкана, пры ўмове выканання якіх кіраўніцтва беларускай і ўкраінскай праваслаўнай царквы згаджалася прыступіць да Уніі. Заходняя пазіцыя навязвання нераўнапраўнага саюзу была разбіта на перамовах 1590 - 1596 гадоў.
Звесткі пра існаванне хрысціянскіх храмаў у гэты час у Шклове можна знайсці ў даследванні польскага навукоўца Марыі Тапольскай. Яна піша, што ў сярэдзіне 17 стагоддзя ў Шклове існавала Уваскрасенская царква, на прадмесці Задняпроўскім - Троіцкая, а на прадмесці Аршанскім - Св. Прачыстай з манастыром. Так-сама яна паведамляе, што два храмы належылі да уніяцкай плыні. Згадваюцца прозвішчы жыхароў Шклова: Прасаловічава, Мазурычава, Касабуцкай, Грасулевіч, - якія ў 1726 годзе "хадзілі да касцёла ўніяцкага замест рыма-каталіцкага".
Сёння адносна месца знаходжання гэтых храмаў дакладна можна сцвярджаюць толькі пра два з іх. Захаваліся муры Ўваскрасенскай царквы на сучасным паўднёвым "Рыжкаўскім" ускрайку горада і муры Троіцкай царквы на Вялікім Зарэччы. Пра Троіцкую царкву захаваліся вельмі сціплыя звесткі. Вядома, што будынак яе быў драўляны, галоўны фасад быў прадстаўлены порцікам з франтонам. Драўляныя калоны дарычаскага ордэна, антаблемент, франтон імітавалі камень. Пад камень распісаны і драўляныя сцены царквы. Такія формы культавай архітэктуры назіраліся ў перыяд устанаўлення класіцызму на Беларусі. Звесткі пра тое, што Троіцкая царква мае нейкае дачыненне да Уніі, у гістарычнай літаратуры не сустракаюцца.
У сваю чаргу Ўваскрасенская царка доўгі час была галоўным шклоўскім храмам і, безумоўна таму, пра яе існаванне захавалася значна больш паведамленняў. Пачнем з таго, што існуе два паданні пра ўзнікненне Ўваскрасенскай царквы ў Шклове. Былы старажыл рэлігійнага жыцця Шклова Хрысціна Іванаўна Краснагорская (яе расказ быў запісаны яшчэ ў 1993 годзе) распавядала, што штуршком для пабудовы царквы былі наступныя падзеі. У старадаўнія часы ў Шклове, на беразе Дняпра, быў стары сасновы лес. Тут заўсёды любілі гуляць у свае гульні мясцовыя дзеці. Аднойчы яны закінулі чаравік у дупло дрэва і колькі потым не стараліся, не змаглі яго адтуль дастаць. Паклікалі на дапамогу дарослых, і тыя ўбачылі, што на дне гэтага дупла ляжыць дзівосны Божы абраз. Запрасілі да дрэва святара, аднак выцягнуць абраз знутры дрэва ніхто не змог. Вырашыла тады мясцовая грамада па-будаваць на гэтым месцы царкву. Дрэва з абразом захавалі, і яно засталося ўнутры памяшкання пабудаванага храма. Абраз атрымаў назву "Утоли моя печали". Пры храме дзейнічаў манастыр. Манахі пачалі рабіць копіі гэтага абраза, якія потым пачаў разыходзіліся па іншых мясцінах.
У пабудаваным будынку храма ўнутры памяшкання сапраўды існавалі дзве калоны з выявамі святых. Безумоўна, ў першую чаргу гэтыя калоны выконвалі будаўніча-архітэктурныя функцыі і дадаткова, ў сваю чаргу, маглі нагадваць вернікам і пра існаванне тут некалі дзівоснага дрэва. Абраз з назвай "Утоли моя печали" сапраўды мае вядомасць у хрысціянскім свеце. Кніга "Земная жизнь Пресвятой Богородицы и описание святых чудотворных её икон", якая ўпершыню пабачыла свет у 1897 годзе, дае пералік святых цудадзейных абразоў Прасвятой Багародзіцы і паведамляе, што абраз "Утоли моя печали" знаходзіцца ў Шклове Магілёўскай епархіі. Таксама кніга паведамляе і пра іншыя абразы з аднолькавай назвай. Абраз "Утоли моя печали" быў прывезены ў Маскву казакамі ў 1640 годзе ў час праўлення цара Аляксея Міхайлавіча. У маскоўскай царкве Мікалая Цудатворца нават захоўваліся пісьмовыя сведкі пра цудадзейнасць гэтага абраза, аднак пасля чумы 1771 года ўсе паперы былі знішчаны агнём. У кнізе таксама паведамляецца, што акрамя Масквы абразы з аднолькавай назвай захоўваюцца ў Санкт-Пецярбурзе, у манастырах Арлоўскай і Падольскай епархій. Выява гэтага абраза прадстаўляе Божую Маці, якая правай рукой трымае Правечнае Дзіця, а левую руку прытуліла да сваёй галавы, некалькі нахіленай на бок. Божы сын трымае перад сабой разгорнуты звітак. У сучасны момант адна з копій гэтага абраза захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Шклова.
Другое паданне расказвае, што штуршком для пабудовы Уваскрасенскай царквы стаў іншы выпадак. Аднойчы гандляр спяшаўся дамоў, і яму прыйшлося плысці па Дняпры ноччу. Пачалася навальніца, ды такая моцная, што карабель разбіўся, а сам гаспадар цудам ацалеў і выбраўся на бераг. У гонар свайго выратавання ён і распачаў справу пабудовы царквы непадалёк ад месца, дзе ён з Божай ласкі выбраўся на бераг. І сапраўды, Уваскрасенская царква знаходзілася непадалёк ад ракі. Паданне таксама сцвярджае, што нібыта ў царкве існавала шыльда, або пліта з прозвішчам гэтага гандляра.
А зараз звернемся да гістарычных крыніц. У "Магілёўскай хроніцы Трафіма Раманавіча Сурты і Юры Трубніцкага" паведамляецца, што ў 1690 годзе "Пан Бог адведаў агнём горад Шклоў, амаль увесь замак з вялікай вежай, фарны касцёл і крамы пагарэлі". "Магілёўская хроніка" паведамляе таксама пра Ўваскрасенскую царкву, што пасля пажару 1690 года "... месяца 15 га панамар Данііл запамятаваў патушыць у царкве свечкі, ад якіх згарэла багатая шклоўская царква з усімі скарбамі, кнігамі, начыненнем, званамі, нічагусенькі не засталося. І так гэты здраднік ўцёк, бо быў бы сам спалены." І чытаем далей, што ў 1701 годзе: "Шклоўская царква змуравана і дакончана панам Базылём Аўсяевічам, шклоўскім купцом, ягоным коштам, толькі падобна, не без дапамогі іншых".
Пра гэтага чалавека крыніцы паведамляюць, што ў 1670-1680 гадах Аўсяевіч займаўся буйнымі гандлёвымі аперацыямі. Скупляў лес, пяньку, каноплю ў мяшчан Магілёва, Шклова, таксама ў духавенства і шляхты. У яго былі свае стругі, эканомы, слугі.
К гэтаму часу новая царква ў Шклове паўстала, безумоўна, ва ўніяцкай традыцыі, і новы велічны мураваны храм быў асвечаны ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла. Пры ўвядзенні Уніі не было радыкальнай ломкі рэлігійных традыцый і звычаяў, якая б груба і балюча закранула рэлігійную свядомасць вернікаў. У адваротным выпадку яе творцы засталіся б у ізаляцыі. Вера ўтваралася шляхам трансфармацыі праваслаўя з захаваннем дастатковай пераемнасці. Яна аддалілася ад праваслаўя і не злілася з каталіцтвам - у гэтым яе спецыфіка. Гэта была спроба ўзгадаваць новую форму рэлігіі на візантыйска-ўсходне-славянскай аснове з выкарыстаннем заходніх традыцый. Яна складвалася, не адмаўляючы і не разбураючы папярэднюю, а толькі дабудоўваючы яе.
Унія была з'ява беларуская не толькі тэрытарыяльна. Пасля пастановы Сойму 1696 года, калі на тэрыторыі Княства быў афіцыйна замацаваны статус дзяржаўнай мовы выключна польскай, толькі ўніяцкае духавенства захавала вернасць Беларусі. Вось што пісаў выдатны пісьменнік Максім Гарэцкі - вялікі знаўца гістарычных рэаліяў: "Палажэнне нашай мовы ў 17 - 18 стагоддзях у школе было добрае толькі ў школах уніяцкіх. У праваслаўных жабрацкіх школах вучыліся ёй мала дзе, а часам дык забаранялі вучням гаварыць на лекцыях "па-просту". …наша кніжная мова існавала і далей, аж да канца 18 века. Найперш у уніяцтве… Уніяцкія ж духоўнікі, хоць і дужа падпалі пад уплыў польскай мовы, цвёрда дзяржаліся мовы свае паствы, казанні казалі і навуку ў школе выкладалі па-беларуску…" Няцяжка зразумець, якое вялікае значэнне ў свядомасці беларусаў і захаванні іх нацыянальнай ідэнтычнасці мела мова ў самай шматлюднай на той час (к 1795 году да Уніі належыла 72% вернікаў) царкве на Беларусі.
Расійскае самадзяржаўе ўвесь час мэтанакіравана праводзіла барацьбу з уніяцкай царквой і ў 1839 годзе царкоўная Унія на землях Беларусі была скасавана. Пасля гэтых падзей, гістарычныя крыніцы, называюць царкву Пятра і Паўла як Уваскрасенскую царкву, пры якой дзейнічае адпаведна Уваскрасенскі манастыр.
У 19 стагоддзі гэты духоўны прыстанак у Шклове вядомы тым, што ігуменам Шклоўскага Уваскрасенскага манастыра двойчы прызначаўся знакаміты Арэст - Летапісец. Першы раз з ліпеня 1818 года па люты 1820 года і другі раз з 7 жніўня 1837 года магілёўскім архіепіскапам Смарагдам Арэст зноў прызначаецца ў гэты манастыр. Ігумен Арэст вядомы тым, што пакінуў унікальны матэрыял па гісторыі, культуры, побыту Магілёва і наваколля ад старажытнасці да сярэдзіны 19 стагоддзя. "Запіскі ігумена Арэста" знаходзяцца ў адным шэрагу з такімі вядомымі артэфактамі па гісторыі Магілёўшчыны, як Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, "Магілёўская хроніка" і іншыя. У 1841 годзе ігуменам уласнаручна быў складзены спіс пад назваю "Формулярная ведомость Шкловского Воскресенского монастыря, с показанием оной числа братіи (игум., 2 свящ., 4 посл.), их поведенія и принадлежащих оному монастырю угодий." Праіснаваў Шклоўскі Ўваскрасенскі манастыр да 1847 года. Праз тры гады ў 1850 годзе ў Аршанскім Богаяўленскім манастыры адышоў у іншы свет у якасці іераманаха і сам Арэст.
Савецкая ўлада з першых дзён свайго існавання вяла барацьбу з рэлігіяй. Пачаліся ганенні на святароў, а з 1930 года "изъятие культовых сооружений у верующих."
З успамінаў Аляксандра Андрэевіча Рэвякі, хата якога знаходзіцца непадалёк ад адпаведнага храма: "У мясцовых жыхароў была вельмі моцная рэлігійнасць. Пры закрыцці тутэйшай Уваскрасенскай царквы ў гады ваяўнічага атэізму 30-х годоў жыхары баранілі храм і нават скінулі са званіцы аднаго з актывістаў-бязбожнікаў. Царкоўныя абразы і кнігі вернікі абаранілі і захоўвалі ў сваіх хатах. У пачатку вайны (лета-восень 1941 года) на Рыжкаўскім ускрайку фашысты зрабілі яўрэйскае гета. Людзей размяшчалі не толькі па хатах, а і проста на прыдняпроўскім лузе побач з будынкам Уваскрасенскай царквы. Царкоўны будынак быў адзіным прытулкам для гэтых змучаных людзей у непагадзь. Пад час вайны, нямецкія акупанты, так-сама выкарыстоўвалі будынак царквы як майстэрню па рамонту зброі і іншых гаспадарчых патрэб" .
У пасляваенны час мураваны будынак Уваскрасенскай царквы са званіцняй па-ранейшаму ўзвышаўся над наваколлем. Вышэй згаданая Хрысціна Краснагорская распавядала выпадак, які здарыўся з яе родным братам. На вайне ён страціў нагу і ў пасляваенны час уладкаваўся на працу ў мясцовы калгас вартаўніком агародаў, якія знаходзіліся непадалёк ад царквы. Аднойчы ноччу ўзнялася страшэнная бура. Вецер вельмі моцна гуў і пачаў выкідваць з храма сена, якое напярэдадні тут злажылі працаўнікі калгаса. Потым над царквой засвяцілася выява Божай Маці. Напалоханы мужчына пачаў маліцца. Аб тым, што яму ўдалося ўбачыць у тую ноч, ён падрабязна расказаў тагачаснаму шклоўскаму святару айцу Уладзіміру.
Шклоўскія старажылы сцвярджаюць, што ў 50-х гадах на будынку храма яшчэ знаходзілася нават шыльда, якая паведамляла, аб архітэктурнай каштоўнасці збудавання. Але дзесьці ў пачатку 60-х гадоў царкву ўзарвалі. Тагачаснаму кіраўніцтву напрыканцы 50-х гадоў вельмі карцела ўсё знішчыць, што не адпавядала "истинно русской истории". Гэта зразумела, калі пазнаёмішся з асобнымі архіўнымі дакументамі Дзяржаўнага архіву Магілёўскай вобласці. Як прыклад, гісторыя замаху на славуты касцёл кармелітаў у горадзе Мсціславе ў 1959 - 1962 гадах. Дакумент паведамляе, што архітэктура будынка (Мсціслаўскі касцёл) і роспісы "не маюць гістарычнай каштоўнасці для беларускага народа і яго нацыянальнага развіцця". І гэта напісана пра найцікавейшы помнік архітэктуры барока і ракако рэспубліканскага значэння, храм, які закладзены яшчэ ў 17 стагоддзі і рэканструяваны вядомым архітэктарам І. Глаўбіцам. І чытаем далей: "…У сувязі з выказанымі абставінамі нямэтазгодна трымаць на ўліку, як помнік архітэктуры …падлягае зняццю". Подпіс: Упаўнаважаны савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце міністраў СССР пры Магілёўскім аблвыканкаме К. Вярбіцкі". Прыкладна так напэўна і была знішчана Ўваскрасенская царква ў Шклове, якая таксама не адпавядала "русской истории".
Аб тым, як выглядала Уваскрасенская царква, успамінае жыхарка вёскі Загор'е Марцянкова Марыя Андрэеўна. Яна распавядала, што ў храме знаходзіліся дзве калоны, на якіх знаходзіліся фрэскі з выявамі ў поўны рост Мікалая Цудатворца і прарока Іллі. Таксама была распісана алтарная частка, іканастас выраблены з дрэва. У нутры купала-барабана знаходзілася фрэска "Недреманное Око Спасово" і выявы чатырох святых евангелістаў: Мацвея, Іаана, Лукі і Марка. У вокнах знаходзіліся рознакаляровыя вітражы, а падлога царквы была мармуровая. Левая частка (прыдзел) храма была асвечана ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Тут знаходзілася фрэска з выявай "Страшны суд», а каля памянальнага стала знаходзілася распяцце Ісуса Хрыста. Правы прыдзел з фрэскай "Спас на водах" быў асвечаны ў гонар Мікалая Цудатворца. Побач з храмам была драўляная званіца, на якой знаходзілася шэсць званоў. Доўга, амаль да 70-х гадоў, абраз Мікалая Цудатворца з гэтага храма на рэлігійныя святы пераносілі ў наваколлі з хаты ў хату. Між тым, старажылы Шклова, да гэтага часу памятаюць, што раней царква была ўніяцкая і згадваюць "старую назву" - Святых Пятра і Паўла. Не згасла ў беларусаў і мара пра аб'яднанне хрысціан. Прайшло больш за два дзесяцігоддзя як Уніяцкая (грэка-каталіцкая) супольнасць афіцыйна аднавіла сваю прысутнасць на Беларусі.
Дзякуючы Абраму Наліваю, больш вядомаму як Анатоль Аляксандравіч Наліваеў, захаваўся знешні выгляд царквы. Чалавек неверагоднага лёсу. Яўрэй па маме, беларус па бацьку і адначасова ўнук шклоўскага праваслаўнага святара Філіпа Налівая па мянушцы "Поп-маслёнка". Менавіта дзед у 1941 годзе ўратаваў сваю нявестку і маленькага Абрама за паўгадзіны да таго, як нямецкія карнікі ўжо вялі калону мясцовых яўрэяў на расстрэл. Святар змог пераканаць нямецкага афіцэра, што ў яго не можа быць унук-яўрэй. І вось у 1945 годзе, яшчэ будучы падлеткам, Абрам зрабіў малюнак храма, які зараз захоўваецца ў Шклоўскім раённым гістарычна-краязнаўчым музеі.
У верасні 2008 года Абрам Налівай, ужо вядомы мастак, наведаў родныя мясціны. Захоўваючы памяць пра свайго дзеда Філіпа Налівая, памяць пра жудасныя падзеі пачатка вайны, ён перадаў Спаса-Праабражэнскай царкве Шклова чатыры абразы. Абразы напісаны ў даволі рэдкім старадаўнім стылі. Менавіта гэтага кірунку напісання абразоў, прытрымліваўся ў свой час і яго дзед айцец Філіп. З'яўляючыся сынам двух народаў, беларускага і яўрэйскага, Абрам Налівай стаў не толькі вядомым мастаком, але і выканаўцам старадаўніх яўрэйскіх кантарскіх спеваў, самыя раннія з якіх адносяцца да 16 стагоддзя.
У 2003 годзе на месцы былога храма (зараз вуліца Замкавая) праводзіліся археалагічныя даследванні навукоўцамі з Акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара, доктара гістарычных навук Вольгі Ляўко. Быў закладзены шурф на плошчы 8 квадратных метраў з унутранага боку на паўднёва-усходнім участку храма. Навукоўцы выявілі манеты першай паловы-сярэдзіны 17 стагоддзя, рэшткі пліткавай падлогі, вялікую колькасць цвікоў і металічных пласцін, якія нагадваюць прыстасаванні да трунаў. Драўляныя вуглі, якія знаходзіліся амаль на ўсёй плошчы распрацоўкі, сведчылі аб адбыўшымся тут пажары. Амаль на ўзроўні мацерыка былі выяўлены тры пахаванні. Як лічаць навукоўцы, верагодней усяго гэтыя пахаванні належаць часу, калі тут знаходзілася яшчэ драўляная царква да пажару 1690 года.
Па-ранейшаму на месцы былога храма ўзвышаюцца курганы. Безумоўна, гэта не адзінае месца былога духоўнага асяродка Уніі на Шклоўшчыне. Таксама ў невялікай адлегласці знаходзяцца курганы былога касцёла і кляштара каталіцкага ордэна Дамініканцаў, а праз штучны роў, бліжэй да ракі Днепр, некалі мясціўся старажытны замак. Усе гэтыя мясціны патрабуюць далейшых навуковых даследванняў.
У Шклоўскім раёне, прыблізна адначасова з будынкам Уваскрасенскай царквы, быў знішчаны і велічны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Фашчаўка. Пасля знішчэння храма, ў Фашчаўцы, як і над Уваскрасенскай Царквой, нібыта з'явіўся вобраз Божай Маці, якая плакала. Шмат каго ўсхвалявалі тады гэтыя падзеі. Праз пэўны час ў раённай газеце "Ударны фронт" з'явіўся артыкул Яўгена Меркушэвіча-Саськаўскага пад назвай "Рэквіюм Фашчаўскаму касцёлу". Аўтар з смуткам і горыччу распавядаў пра мясцовую святыню, знішчэнне якой, на яго думку, стала вялікай духоўнай стратай мясцовага люду. Ен піша: "Прайшоў праз лясок і ўбачыў вялізную кучу цэглы і смецця - гэта былі руіны касцёла. Вёска Фашчаўка выдалася не той. Стаялі маленькія, жабрацкія хацінкі, пуні, хадзілі куры, мычэлі каровы, снавалі людзі. Але гэта здавалася шэрым, змрочным, бессэнсоўным і нікому непатрэбным. Я заплакаў …". На прыканцы артыкула артыкула аўтар піша вершаваныя радкі:
И я прошу: прости нас, Боже,
Мы в чем-то виноваты тоже,
Что не смогли тот храм спасти.
Прости нас, Господи, прости.
Гэтую людскую споведзь можна лічыць як рэквіем усім хрысціянскім святыням знішчаным на Шклоўшчыне.
А.П. Грудзіна
Гісторыя ўніяцкай царквы на Лідчыне
Грэка-каталіцкая парафія святапакутніка Язафата ў Полацку выдала кнігу Леаніда Лаўрэша з Ліды "Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне" Кніга выйшла пад рэдакцыяй прафесара, доктара гістарычных навук С.В. Марозавай.
У прадмове ад рэдактара гаворыцца:
"Нам часта здаецца, што гісторыя робіцца ў сталіцах і буйных палітычных, культурных, рэлігійных цэнтрах. На матэрыяле аднаго кутка Беларусі Леанід Лаўрэш паказвае, як нашыя продкі - ад князёў і царкоўных ерархаў - да сялян і шараговых святароў "круцілі" гэта кола гісторыі.
Аўтар у сваёй працы на шматлікіх фактах раскрывае царкоўнарэлігійныя працэсы, якія адбываліся на Лідчыне ў кантэксце аналагічных усходнееўрапейскіх працэсаў. Спачатку падаюцца малавядомыя сюжэты і факты аб распаўсюджванні хрысціянства ў краі. Далей паказана выспяванне ідэі царкоўнай уніі у Вялікім Княстве Літоўскім, стварэнне і дзейнасць у Лідскім павеце ў XVIІ-XVIII ст. уніяцкіх прыходаў і базыльянскіх манастыроў. Потым адлюстраваны падзеі рэфармавання і ліквідацыі ў першай палове ХІХ ст. уніяцкай царквы на Лідчыне. Завяршае працу сюжэт пра аднаўленне ўніяцкіх прыходаў у канцы ХХ ст. і іх сучаснае жыццё. Побач са штодзённасцю і мікрагісторыяй у кнізе прысутнічае і "вялікая" гісторыя: у людскіх дзеях, гістарычных постацях, гісторыка-культурных рэліквіях.
Аўтар не абыходзіць ўвагай некаторыя дыскусійныя пытанні далёкай мінуўшчыны, якія не страцілі сваёй актуальнасці і сёння: аб часе заснавання Маламажэйкаўскай царквы-цвердзі, аб адносінах святара з Дзікушак - бацькі Іосіфа Сямашкі - да сынавай палітыкі ліквідацыі ўніяцкай царквы.
Кніга напісана на аснове багацейшага фактычнага матэрыялу, вышуканага Леанідам Лаўрэшам, як правіла, з недаступных шырокаму чытачу крыніц і літаратуры ХІХ-ХХ ст. Большасць гэтых выданняў з'яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю. Хоць фрагментарнасць захаваных дакументальных звестак месцамі ператварае кнігу ў своеасаблівы даведнік пра храмы і прыходы Лідчыны, тым не менш, выкарыстаная крыніцавая база дазволіла даследчыку-краязнаўцу рэканструяваць шэраг унікальных малавядомых і зусім невядомых фактаў з гісторыі свайго краю. Абраны аўтарам храналагічны падыход - даць важнейшыя вехі гісторыі прыходаў ад найбольш ранняга выяўленага ім сведчання аб царкве да сённяшняга дня - звязвае мінулае з сучаснасцю і дае адчуванне свайго месца ў ланцугу пакаленняў.
Безумоўна, прыведзеныя ў кнізе звесткі можна дапаўняць з улікам найноўшых даследаванняў. Гэта ж праца, першая такога роду, раскрывае далёка не вычарпаныя магчымасці беларускага царкоўна-гістарычнага краязнаўства наогул і акрэслівае кірункі далейшага даследавання канфесійнай гісторыі Лідчыны. Кніга, якую вы трамаеце ў руках, нібы па-пярэджвае людзей - вернікаў і атэістаў, святароў і прыхаджан: ведайце, пра ўсе вашыя добрыя і дрэнныя ўчынкі даведаюцца нашчадкі, як і мы даведваемся пра справы і намеры сваіх далёкіх і нядаўніх папярэднікаў, дзякуючы закаханым у гісторыю даследчыкам мясцовай даўніны, з кагорты якіх паходзіць Леанід Лаўрэш."
У Лідзе плануецца шэраг прэзентацый гэтай кнігі, бо цікавасць да гісторыі ўніяцкай царквы тут заўсёды была вялікай. І сённяшнія паважныя і добразычлівыя адносіны паміж хрысціянскімі канфесіямі на Лідчыне ў могім грунтуюцца на традыцыях і звычаях, закладзеных у часы уніі.
Наш кар.
ПАСТЫР ДОБРЫ ЗЯМЛІ НЯСВІЖСКАЙ
«Жыві так, як быццам бы табе сёння памерці; дзейнічай так, як быццам ты вечна жыць будзеш».
Кірыл,
епіскап Мелітопапьскі
У менскім выдавецтве "Четыре четверти" стараннямі прыхаджан нясвіжскай Свята-Георгіеўскай царквы выйшла кніга "Пастыр добры зямлі нясвіжскай. Жыццяпіс. Пропаведзі. Успаміны сучаснікаў" , прысвечаная памяці протаіярэя Дзмітрыя Хмеля. Укладальнік кнігі Валянціна Шчарбакова .
У прадмове пазначана:
"Наша жыццё пабудавана так, што мы ўвесь час павінны рабіць выбар - паміж дабром і злом, святлом і цемрай, верай і нявер'ем. I ад гэтага выбару будзе залежаць не толькі наш лёс, але і лёс тых, хто прыйдзе пасля.
На Нясвіжчыне нямала людзей, з якіх хацелася ўзяць прыклад, на каго могуць раўняцца прадстаўнікі розных пакаленняў. Думаю, ніхто не стане спрачацца, калі я ў першую чаргу ўзгадаю ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, былога настаяцеля Свята-Георгіеўскага храма протаіярэя Дзімітрыя Пятровіча Хмеля. Аб высокіх маральных якасцях гэтага чалавека, аб яго вялікім подзвігу служэння Богу і людзям сведчаць шматлікія матэрыялы ў раённым і рэспубліканскім друку, дакументальныя фільмы, радыёперадачы, а так-сама ўспаміны тых, хто быў побач са святаром і ў хвіліны ганенняў на царкву, і ў хвіліны ўсеагульнага шанавання.
Пра бацюшку Дзімітрыя пісалі многія: прафесійныя журналісты і аматары, настаўнікі і іх вучні. Пісалі і пра яго жыццёвы лёс, і пра перажытае ў ваеннае ліхалецце.
А сам святар найбольш клапаціўся, каб "ніхто не адышоў ад яго пакрыўджаным". Гэтыя словы - жыццёвае крэда дарагога несвіжанам і ўсім, хто яго ведаў, пастыра, якія, як духоўны запавет, перадаў яму былы камандзір Мікалай Іванавіч Крылоў, так-сама сын святара...
... Айцец Дзімітрый - чалавек высокай духоўнасці і веры, якая здольна змяняць лёсы, паказваць усім дарогу да Бога, да Храма, да Вечнасці. У гэтым можа ўпэўніцца кожны, хто прачытае гэту кнігу."
Нясвіжскай легендай стала сяброўства нясвіжскага бацюшкі Дзмітрыя Хмеля з нясвіжскім ксендзам Гжэгажам Каласоўскім. Вось як распавядаў пра гэта сам бацюшка:
- Першая наша сустрэча з ксяндзом адбылася тут у далёкім 1957 годзе. Я прыехаў у Нясвіж, адслужыўшы перад гэтым 8 гадоў у Лагойску, і ведаў, што тут ёсць паважаны каталіцкі святар па прозвішчы Каласоўскі. Іду аднойчы ў пашпартны стол, а насустрач мне, па другім баку вуліцы, - ксёндз. Я павіншаваў яго і адразу пытаю: "Айцец, мы з вамі, як два вокі: глядзім у адзін бок, а адзін другога не бачым? Як далей будзем?". Ксёндз усміхнуўся, перайшоў на мой бок, і мы падалі адзін другому рукі. З таго часу моцна падружыліся. Сустракаліся часта, хадзілі адзін да другога ў госці - на святы, на дні нараджэння, і нам заўсёды было аб чым успамінаць - я прайшоў вайну з III Беларускім фронтам ад Віцебска аж да Усходняй Прусіі, быў ранены, куля і сёння сядзіць у пазваночніку, а ксёндз, не тоячыся, расказваў, якім рэпрэсіям падвяргаліся святары тут. Кожную мінуту я мог загінуць, бо быў франтавы салдат (святаром стаў ужо пасля вайны), а салдат Хрыста Каласоўскі мог загінуць тут - ці ад нямецкай кулі, ці ад савецкай... Бомбы і снарады падалі, не выбіраючы, хто пасля будзе плакаць, - праваслаўны ці католік... У цэнтры Нясвіжа была каменная царква, у вайну таксама пацярпела, а ў 1954 годзе яе зусім закрылі. Намаганнямі святара, які служыў да мяне, пабудавалі драўляны храм, пакрылі дранкаю. Пасля я ўжо мяняў дах на бляшаны, зрабіў купал, аблажылі сцены цэглаю... Намаганнямі святароў і вернікаў аднаўляліся храмы, а камуністычныя ўлады з рэлігіяй ваююць! Прычым як ваююць! За шлюб, хрысціны або пахаванне блізкага са святаром не адзін хрысціянін быў звольнены з работы. Той, хто хацеў пахрысціць дзіця, павінен быў падаць заяву ў райвыканкам. Але хто ж хацеў пасля гэтага быць звольненым? Таму людзі імкнуліся ўсё рабіць тайна. Застаўся ў памяці такі выпадак. Аднойчы ў скверыку, насупраць хаты ксяндза Каласоўскага, сядзеў упаўнаважаны па справах рэлігіі аблвыканкама і бачыў, як пад вечар паняслі да Каласоўскага на руках немаўля. I што вы думаеце - не паспелі кумы выйсці на вуліцу, як у ксяндза забралі рэгістрацыйную даведку, якая давала права на аказанне душпастырскіх паслуг. Разгублены, прыходзіць да мяне Каласоўскі, расказвае. А як яму дапамагчы, як тую даведку назад забраць? I паехаў я ў Мінск, у Савет Міністраў. Знайшоў патрэбны кабінет, а ў мяне там са здзекам пытаюць: "Вы да біскупа ці да архірэя?". "Я не прыехаў да вас жартаваць, - адказаў. - Ці вы яшчэ не разумееце, што нарабілі? Вось гэты чалавек (і я дастаў з партфеля фотапартрэт Маршала Савецкага Саюза, галоўнакамандуючага ракетнымі войскамі, намесніка міністра абароны Мікалая Іванавіча Крылова, які ў вайну камандаваў 5-й арміяй, і з якім я быў асабіста знаёмы, а пасля падтрымліваў перапіску) даручыў мне будаваць добрыя адносіны паміж людзьмі. А цяпер я напішу яму, хто перашкаджае рабіць гэта". Пасля такой заявы ніхто з прысутных не задаў мне ніводнага пытання, і дакумент, па які я прыбыў, вярнулі адразу. Дарэчы, маршал Крылоў сам быў сынам святара і вельмі станоўча аднёсся да майго рашэння стаць душпастырам.
Ксёндз Каласоўскі быў добрым, памяркоўным і бескарыслівым чалавекам, які моцна апекаваўся сваімі вернікамі і цяжка перажываў расстанне з роднымі. Часамі яго агортвала роспач... У пэўны момант, у 60-я гады, ён нават быў блізкі да таго, каб ад'ехаць у Польшчу, дзе жылі яго дзве сястры і бацька. Я пачуў гэтую навіну, і мне стала неяк не па сабе. Думаю, трэба мне пайсці да яго. Заходжу у той яго домік, а ён, сабраўшы касцельны савет (у той дзень адслужыў сваю апошнюю службу і звязаў вузлы), дакладае, якая маёмасць касцельная застаецца, колькі грошай у касе... Я пасядзеў, паслухаў, тады адзываю яго ўбок і пытаю: "Ойча, а што ты скажаш Хрысту? Што ваўкі набеглі, авечак разагаалі, а ты адзін уратаваўся? А калі Хрыстос адкажа - навошта мне такі пастыр? Падумай, браце, у Польшчы, напэўна, знойдзецца табе месца ў парафіі, але гэтыя твае авечкі..." Каласоўскі падумаў і свае вузлы развязаў. У 80-я гады ў Мінск па запрашэнні царкоўных уладаў прыязджаў з Польшчы кардынал Юзаф Глемп і, вяртаючыся дадому, заехаў у Нясвіж да Каласоўскага. З удзелам высокага госця адбылася святая імша, пачалі збірацца на абед, і я вырашыў ісці дадому: чаго буду ім перашкаджаць? А тут ляціць за мною захрысціян: вярніцеся, бацюшка, вярніцеся, Глемп наказаў! Я вярнуўся.
Кардынал Глемп пасадзіў з аднаго боку мяне, з другога - Каласоўскага і пытае: «Як між сабою дружыце?». А я - жартам: «"Кохаем" адзін другога!». - «О, так, - узрадаваўся кардынал. - Так мусіць быць!»...
Дзе знайсці кнігу?
Пра гэта ведаюць у Нясвіжскай раённай бібліятэцы.
Наш кар.
На здымках: бацюшка Дзмітрый Хмель, можа адзіны святар у Беларусі, які насіў на святарскай расе баявыя ўзнагароды, у тым ліку медалі "За адвагу" і "За баявыя заслугі".
- Нашых духоўных настаўнікаў - ксяндза Гжэгажа і бацюшку Дзімітрыя - мы прывыклі ўсюды бачыць разам, - расказвала Тэрэса Быліновіч, якая была побач са святаром у апошнія дні яго зямнога жыцця. - Бацюшка, каб звярнуцца да нас, католікаў, прыходзіў у касцёл, а наш ксёндз Гжэгаж са словамі хрысціянскага паразумення ішоў да праваслаўных у царкву. I было гэта прыемна і радасна - на адной зямлі жывём, нясвіжскай! I няма ніякай у тым выпадковасці, што ім абаім (ксяндзу Каласоўскаму пасмяротна) мясцовыя ўлады прысвоілі званне ганаровых жыхароў Нясвіжа - усім людзям нашага старажытнага горада яны неслі Слова Божае.
Раіса СУШКО