Папярэдняя старонка: 2012

№ 22 (1069) 


Дадана: 26-09-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 22 (1069) 30 траўня 2012 г.

1149 год славянскага пісьменства

24 траўня - Дзень славянскага пісьменства.

У праваслаўнай царкве свята яшчэ вядомае як дзень памяці святых Кірылы і Мяфодзія. Браты не толькі стварылі азбуку, кірылічны алфавіт, якім карыстаюцца ўсе славянскія народы, але і заклалі аснову літаратуры, пісьменства і культуры. Канстанцін Філосаф і Мяфодзій пераадолелі сусветны дагмат кананічнага трохмоўя і зрабілі славянскую мову чацвёртай кананічнай мовай хрысціянства.

Беларускія эліты даволі абыякава адносяцца да гэтага свята, але ўжо гучаць галасы (гл. ст. 2) менавіта гэты дзень абвясціць Днём беларускай мовы, як першай кананічнай з новых усходнеславянскіх моваў.

А сёлета ў Гомелі прайшла V-я Міжнародная навуковая канферэнцыя "Менталітэт славян і інтэграцыйныя працэсы: гісторыя, сучаснасць, перспектывы". Вучоныя блізкага і далёкага замежжа абмяркавалі найбольш актуальныя праблемы развіцця славянскага згуртавання.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі - філосафы, сацыёлагі, палітолагі, правазнаўцы, эканамісты, этнографы, культуролагі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Славакіі.

Шлях кірыліцы па стагоддзях быў няпростым, і беларусы зрабілі шмат на гэтым шляху. Прынамсі, першую друкаваную кнігу на кірыліцы выдаў беларус і сённяшнюю грамадзянскую кірыліцу стварыў таксама беларус.


15-годдзе выкладання беларускай мовы ў школах Беластока

15-годдзе выкладання беларускай мовы у школах святкуюць у Беластоку. Дзякуючы намаганням беларускіх бацькоў у сталіцы Падлесся ўпершыню ад часоў Другой Сусветнай вайны беларускія дзеці змаглі вывучаць родную мову.

Нашы намаганні па стварэнні сістэмы беларускай адукацыі ў Беластоку ўжо даюць свае плёны, кажа старшыня Аб'яднання ў карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову АББА, Барбара Пякарская.

- Пятнаццаць, а дакладней сямнаццаць, гадоў назад, бо тады пачалі працу групы ў беларускім садку, у Беластоку ніводная асоба не вучылася беларускай мове. А пасля гэтых пятнаццаці гадоў у школах беларускай мове вучацца звыш 250 вучняў. Так што вынік, напэўна, добры. Вынік, якога дасягнулі бацькі, зразумела, пры дапамозе настаўнікаў. Але сіламі, энергіяй, энтузіязмам бацькоў пачыналася і шмат чаго робіцца па сённяшні дзень.

Святкаванні 15-годдзя навучання беларускай мовы ў школах Беластока распачаліся тэатральнымі выступамі вучняў беласткоцкіх школаў. З нагоды юбілею пройдзе так-сама шэраг іншых мерапрыемстваў, якія завершацца 23-га чэрвеня спектаклем ў Тэрамісках.

Зміцер Косцін.


Дарагія сябры!

Калі Вы хочаце азнаёміцца з дзейнасцю ТБМ і яго рэгіянальных арганізацый, даведацца пра распаўсюджанне беларускай мовы ў розных сферах жыцця нашай краіны, запрашаем наведаць партал ТБМ!


Вітаўту Кіпелю - 85

Вітаўт Кіпель (нар. 30 траўня 1927 г. у Менску) - беларуска-амерыканскі грамадскі дзяяч і публіцыст. Адзін з кіраўнікоў скаўцкага руху беларусаў у эміграцыі і амерыканскага скаўцкага руху.

У 1933 г. Вітаўт Кіпель разам з маці пераехаў у г. Налінск (пазней Молатаўск) Вяцкай вобласці, каб быць бліжэй да бацькі, Яўхіма Кіпеля, якога арыштавалі ў 1930 г. (быў асуджаны на 5 гадоў высылкі як "нацдэм"). У 1935 г. яго сям'я пераехала ў Арол (паколькі ім было забаронена вяртацца ў Беларусь). У тым самым годзе бацьку паўторна арыштоўваюць і засуджваюць яшчэ на 5 гадоў лагераў у Байкала-Амурскім Краі.

У 1936 г. маці зарэгістравала Вітаўта пад прозвішчам Зубкоўскі (яе дзявочае прозвішча), каб пазбегчы магчымых далейшых пераследаў сям'і ды мець магчымасць паслаць сына ў школу без таўра сына "ворага народу". Прозвішчам Зубкоўскі Вітаўт карыстаўся ўсе свае школьныя гады да 1942 г.

У г. Арле, дзе ён навучаўся з 1935 г., закончыў 6-ты клас у 1941 г. Далей, у 1942-44 гг., вучыўся ў Менску чаргова ў народнай школе, настаўніцкай семінарыі і прагімназіі.

У 1945-48 гг. вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, у горадзе Рэгенсбургу, Баварыя (матурыст ІІІ выпуску). У 1948-49 гг. вучыўся на медычным факультэце Цюбінгенскага ўніверсітэта, а ў 1949-53 гг. на геалагічным факультэце Лювенскага ўніверсітэта ў Бельгіі. У 1953 г. атрымаў ступень магістра, а ў 1955 г. абараніў доктарскую дысертацыю па мінералогіі з суправаджальнай ("меншай") тэзай з палеанталогіі. У тым самым годзе выехаў ў ЗША. У 1956 ажаніўся з Зорай Савёнак (сяброўка яшчэ па гімназіі і ўніверсітэце).

У ЗША Вітаўт Кіпель нейкі час працаваў ў галінах геалогіі і геахіміі, супрацоўнічаў са спецыялізаванымі навуковымі часопісамі "Chemical Abstracts", "Engineering Index", "Economic Geology". У 1962-63 гг. закончыў бібліятэказнаўства ў Ратгерскім універсітэце ў штаце Нью-Джэрсі. Кіпель 26 гадоў працаваў на розных пасадах у навуковым аддзеле Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі (пачынаючы ад найніжэйшай прафесійнай прыступкі да пасады загадчыка навуковага аддзела), ён укамплектаваў гэты аддзел звыш стотысячным зборам новых навукова-тэхнічных выданняў. У 1982-85 гг. рэдагаваў месячны бібліяграфічны бюлетэнь "New Technical Books". Разам са сваёй жонкай Зорай Вітаўт разбудаваў і папоўніў беларускі збор у славянскім аддзеле бібліятэкі.

В. Кіпель увесь час дапасоўваў сваё жыццё да грамадскіх вымогаў беларускай дыяспары. У ЗША ягоная грамадская дзейнасць толькі пашырылася...

У 1993 г. Вітаўт Кіпель атрымаў тытул доктара honoris causa Гарадзенскага ўніверсітэта.


Міхаілу Бічу - 75

Міхаіл Восіпавіч БІЧ (27 траўня 1937, в. Мілявічы, цяпер Мастоўскі раён Гарадзенскай вобл. - 17 траўня 1999) - беларускі гісторык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і Восіпа Пятровіча і Ганны Антонаўны Бічоў. Скончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, у 1953 г. праз конкурс 8-м чалавек на месца паступіў на гістарычны факультэт БДУ, які скончыў з адзнакай у 1958 г. Працаваў настаўнікам у сельскіх школах Пастаўскага і Мастоўскага раёнаў. Паступаў у аспірантуру пры Інстытуце гісторыі, дзе на іспытах не хапіла аднаго бала. Рэферат і адказы на іспытах спадабаліся загадчыку сектара гісторыі Беларусі эпохі капіталізму прафесару К.І. Шабуні, які прыняў М. Біча на працу на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. М. Біч распрацоўваў тэму "Грамадска-палітычны рух у Беларусі ў 1900-1917 г.". У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: "Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883-1903 г.", якая ў 1973 г. выйшла манаграфіяй. У 1971 г. М. В. Біч быў абраны на пасаду старшага навуковага супрацоўніка. Пасля публікацыі манаграфіі амаль дзесяцігоддзе вывучаў рабочы рух у Беларусі ў 1861-1907 г. У 1984 г. у вынікам даследаванняў выйшла манаграфія "Рабочее движение в Белоруссии в 1861-1904 г.", якая была абароненая як доктарская дысертацыя (1984). З ліпеня 1983 г. М. В. Біч - загадчык сектара гісторыі Беларусі перыяду капіталізму. Потым сектар змяніў сваю назву і быў пераўтвораны ў аддзел гісторыі Беларусі кан. 18 - пач. 20 ст. З 1989 г. кіраваў аддзелам на грамадскіх пачатках, бо быў абраны намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР па навуковай рабоце. Даследаваў дзейнасць буржуазных і дробнабуржуазных партыяў і груповак, а таксама народніцкі рух, перыядычны друк Беларусі і праблемы нацыянальнага Адраджэння пач. 20 ст.

Адначасова быў намеснікам старшыні вучонага Савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацыяў, створанага пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, сябрам Савета па абароне дысертацый пры Дзяржпедуніверсітэце, уваходзіў у склад навуковага Савета інстытута. Апроч гэтага, М. В. Біч на працягу 4 гадоў узначальваў экспертны савет Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь па гістарычных навуках і мастацтвазнаўству.


Пра родную мову

Шануйце родную мову,

каб не ўмёрлі.

Адной з найгалоўнейшых праблем, з якой у наш час сур'ёзна сутыкнулася маладая суверэнная і незалежная Рэспубліка Беларусь, стала родная беларуская мова.

Беларуская мова цяпер на самым высокім дзяржаўным узроўні стала Папялушкай - сапраўднай выгнанніцай з нашай дзяржавы. У "Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь" у артыкуле 17 запісана: "Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы".

Хаця гэта і прадэкларавана ў асноўным законе нашай краіны, на практыцы беларуская мова з кожным годам скарачаецца ў моўным ужытку - у гаворках і вучэбных праграмах школ, каледжаў, ліцэяў, універсітэтаў, інстытутаў, акадэмій. Справаводства ва ўсіх навуковых і навучальных установах за малым выключэннем вядзецца на рускай мове.

На беларускай сцэне ставяцца п'есы па беларускай тэматыцы на рускай мове, на дзяржаўнай кінастудыі "Беларусьфільм" здымаюцца беларускія мастацкія і дакументальныя фільмы на рускай мове.

Беларускае тэлебачанне - 1-я і 2-я дзяржаўныя праграмы - вядуць беларускае вяшчанне на рускай мове. АНТ раніцай па хвіліне і не больш праз ужо нам добра вядомых Андруся і Алену Анісім вучаць нас, беларусаў, беларускай мове і тлумачаць пра паходжанне і значэнне таго ці іншага беларускага слова, у асноўным беларускага дыялекта.

Беларускае радыё ў рубрыцы "Роднае слова. Моўная хвілінка" тлумачыць нам значэнне таго ці іншага беларускага слова і як яго ўжываць у моўнай практыцы.

У асноўным Беларускае радыё пакуль што не здае свае пазіцыі і намагаецца размаўляць на беларускай мове са сваім слухачом, які жыве ў Беларусі. Праўда, некаторыя перадачы на беларускай мове рыхтуюцца не вельмі дэталёва і акуратна, праскаквае шмат рускіх слоў і розных дыялектных выразаў.

Калі карэспандэнт задае пытанне па-беларуску, то ў сваёй большасці інтэрваваныя асобы адказваюць на рускай мове.

Беларускія дзяржаўныя газеты на 70-90 % сваёй плошчы - цэнтральныя, абласныя, гарадскія і раённыя друкуюць матэрыялы на рускай мове - так выхоўваюць свядомых грамадзян Рэспублікі Беларусь, пачынаючы ад садка і вучняў пачатковых класаў на рускай мове.

У бібліятэках краіны кнігі на беларускай мове засоўваюцца ўглыбіню кніжных паліц, далей "ад чалавечых вачэй" і цікаўных чытачоў.

Кнігарні Менска, абласных і раённых цэнтраў завалены разнастайнай мастацкай літаратурай на рускай мове расійскіх і беларускіх выдавецтваў з тэматыкай, якая, мякка кажучы, не зусім адпавядае ідэйна-патрыятычнаму выхаванню грамадзян Рэспублікі Беларусь, пачынаючы ад вучняў малодшых класаў. Рэклама ў краіне ў гарадах, населеных пунктах, шыльды розных устаноў у асноўным напісаны на рускай мове.

У сувязі з правядзеннем Алімпіяды ў Сочы на Беларусі з 2012 года ад польска-беларускай дзяржаўнай мяжы ўсе шыльды на аўтамагістралях устанаўліваюцца на англійскай і рускай мовах.

Так што шаноўныя госці з краінаў Заходняй Еўропы ўязжаюць з тэрыторыі Польшчы адразу ў Расійскую Федэрацыю, "мінаючы" Рэспубліку Беларусь, хаця па ёй едуць некалькі соцень кіламетраў да Смаленшчыны, Браншчыны, Пскоўшчыны і ў іншых кірунках па тэрыторыі Беларусі.

Трапіўшы з-за мяжы адразу ў моўную прастору Расійскай Федэрацыі, госці не адразу зразумеюць, што яны едуць па тэрыторыі Беларусі.

Вось так! Такія рэаліі нашага жыцця!

Старанна вывучыўшы ўсе аспекты моўнай праблемы ў Беларусі, я прыйшоў да высновы, што трэба зрабіць для беларускай мовы, каб вярнуць яе ў лона першаснай, першай роднай беларускай мовы, як тытульнай мовы нашай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь, і склаў найгалоўнейшыя моўныя Запаветы свядомых грамадзян Рэспублікі Беларусь .

Вось яны:

1) Мова - сэрца Народа, гіне мова - гіне Народ. Тысячу разоў мае рацыю вялікі Беларус - Францішак Багушэвіч, які, адыходзячы ў лепшы свет, пакінуў нам свой крылаты запавет-тастамант: "Шануйце родную мову, каб не ўмёрлі";

2) Хто цураецца роднай мовы, той у самае сэрца раніць свой Народ;

3) Беларуская літаратурная мова - галоўны рухавік развіцця духоўнай культуры Народа, яго наймацнейшы фундамент і грунтоўная аснова;

4) Ужыванне ў літаратурнай мове толькі дыялектнай размоўнай мовы моцна шкодзіць культуры і аб'яднанню беларускай Нацыі на агульным фундаменце яе развіцця;

5) Народ, які не стварыў сваю літаратурную мову не можа звацца свядомай Нацыяй;

6) Для аднаго Народа павінна быць толькі адна літаратурная мова і толькі адзін правапіс галосных, зычных, мяккага знака і апострафа, абрэвіятур, некаторых марфем, вялікай і малой літар;

7) Для гістарычна-літаратурных твораў у абмежаваным парадку можна ўжываць правапіс беларускіх граматык Тарашкевіча, Лёсіка і "трасянку";

8) Галоўны абавязак кожнага свядомага грамадзяніна нашай краіны, які размаўляе на беларускай мове, працаваць над павышэннем культуры сваёй літаратурнай мовы;

9) Які стан літаратурнай мовы ў краіне, такая сутнасць культуры Народа. Нам, беларусам, пакуль што няма чым ганарыцца;

10) Пра духоўную сталасць асобнага чалавека і пра сталасць цэлага Народа мяркуюць найперш па стану культуры яго літаратурнай мовы;

11) Кожны свядомы грамадзянін нашай краіны павінен практычна ведаць літаратурную мову, правапіс, размаўляць на беларускай мове, ведаць і выконваць абавязкі па вывучэнні мовы свайго Народа;

12) Размаўляць і пісаць на беларускай мове - галоўны абавязак кожнага сумленнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;

13) Той - свядомы грамадзянін нашай краіны, хто добра ведае і валодае сваёй літаратурнай мовай і дапамагае яе развіццю;

14) Кожны грамадзянін краіны абавязаны ўжываць ў гутарках і пісьмова толькі беларускую літаратурную мову і заахвочваць да гэтага сваіх сяброў, паплечнікаў і знаёмых;

15) Устанавіць агульнадзяржаўную дату - "Свята беларускай мовы" ("Свята роднай мовы") - 24 траўня - Дзень памяці "апосталаў роднай мовы" - святога Кірыла і святога Мяфодзія. Дзякуючы ім мы маем нашу мову і наш правапіс.

Я думаю, што мае Запаветы свядомых грамадзян Рэспублікі Беларусь знойдуць паслядоўнікаў і дапамогуць грамадзянам Рэспублікі Беларусь перайсці на вывучэнне, гаворку і пісьмо на роднай мове і мы, як Народ і як Нацыя, не загінем.

І хай жа, па-добраму, не спраўдзяцца словы Францішка Багушэвіча пра беларусаў і пра іх мову!

Анатоль ВАЛАХАНОВІЧ, пісьменнік, гісторык-журналіст, краязнавец, культуролаг, ганаровы сябар Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.


Знайшлося Рашэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь

Старшыні Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь

Міклашэвічу П.П.

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 32

Паважаны Пётр Пятровіч!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" у сваёй дзейнасці звярнулася да афіцыйнага сайта Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь www.ks.gov.by з мэтай знайсні тэкст Рашэння Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", якое было прынятае ў 2003 годзе.

Падчас карыстання сайтам высветлілася, што "архіў Рашэнняў Канстытуцыйнага суда" не ўтрымлівае вышэйзгаданага дакумента. Агульны пошук праз названы сайт таксама не даў вынікаў.

У сувязі з гэтым, прашу Вас паведаміць, ці было Рашэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання" апублікавана ці агалошана публічна, калі так, то як і ў якіх выданнях, а таксама ў сваім адказе прашу Вас назваць прычыны, чаму афіцыйны сайт Канстытуцыйнага суда не змяшчае тэксту вышэйзгаданага Рашэння.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А.А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш зварот на падставе артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Бсларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў і ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Об обращениях граждан и юридических лиц" разгледжаны ў Сакратарыяце Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Згодна з часткай першай артыкула 7 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь" (далей - Закон) Канстытуцыйны Суд мае права ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, палатам Парламента Рэспублікі Беларусь, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзяржаўным органам у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці ўнясення ў акты дзеючага заканадаўства змяненняў і дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных актаў.

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", аб якім ідзе размова ў Вашым пісьме, унесена 5 снежня 2003 г. у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у парадку артыкула 7 Закона.

Дадзенае рашэнне размешчана ў даведачна-прававой сістэме "КонсультантПлюс: Беларусь".

У адпаведнасці з Палажэннем аб Інтэрнэт-сайце Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь пытанне аб размяшчэнні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда на ўказаным сайце вырашаецца Канстытуцыйным Судом пры прыняцці рашэння.

Першы намеснік Начальніка Сакратарыята В.І. Селядзеўскі.


Свята беларускай мовы

У менскай гімназіі № 29 адбылося свята беларускай мовы для трэціх класаў.

Дзеці разгадвалі беларускія загадкі, тлумачылі прыказкі, спявалі песні і разыгрывалі невялічкія сцэнкі са школьнага жыцця. Пад канец свята на сцэне з'явіўся гурт "Тутэйшыя", які выконвае старажытную беларускую музыку. Адметна, што гімназія гэта - з расейскай мовай навучання.

Гімназія знаходзіцца ў цэнтры сталіцы і лічыцца прэстыжнай. Трэціх класаў там ажно шэсць. Навучанне вядзецца па-расейску. Дзяцей з беларускамоўных сем'яў амаль няма. Таму ідэю свята, сцэнар і арганізацыю ўзяла на сябе мама трэцякласніка Мсціслава Алена Церашкова. Дарэчы, у Церашковых у сям'і трое дзяцей, з якіх Мсціслаў старэйшы. Дома размаўляюць толькі па-беларуску. Сама Алена - сківічна-тваравы хірург, піша таксама творы для дзяцей, выдала некалькі кніг.

На жаль, у нашых сем'ях на сённяшні дзень гэта вельмі рэдка сустрэнеш. Таму такія школьныя святы вельмі і вельмі патрэбныя і як мага часцей, бо мова павінна быць не толькі ў кнігах, яна павінна гучаць.

Наш кар.


Журналіст, гісторык, настаўнік…

(да 75-годдзя С.В. Барыса)

У траўні 2012 г. адзначыў сваё 75-годдзе вядомы беларускі журналіст, гісторык-краязнавец, загадчык аддзела рэдакцыі "Беларускага гістарычнага часопіса" Сымон Вікенцьевіч Барыс.

Наша першая сустрэча з гэтым неардынарным чалавекам адбылася гадоў 15 таму ў БДУ, на хімічным факультэце, дзе тады знаходзілася рэдакцыя. Памятаю, як я баязліва зайшла ў кабінет, спадзяючыся ўбачыць там масцітых вучоных "з партфелямі", не ведаючы, як яны прымуць настаўніцу з правінцыі. Двое сімпатычных маладых мужчын (а гэта былі В. Кушнер і С. Барыс) нічым не нагадвалі намаляваны маім уяўленнем вобраз. Мы міла пагутарылі аб сумеснай працы, а затым я з Сымонам Вікенцьевічам спусціліся ўніз на першы паверх таго ж факультэта.

Ніколі б не падумала, што тая паездка ў ліфце можа выліцца ў вострую навуковую дыскусію! Зараз ужо даволі складана ўзнавіць тую размову, але агульнае адчуванне роднасці душ засталося да гэтага часу. Хоць мы і глядзелі на некаторыя рэчы па-рознаму, але было зразумела адразу, што нашы душы баляць за родную Беларусь і за яе будучыню.

Такая кароткая сустрэча вызначыла нашы далейшыя стасункі. Сымон Вікенцьевіч стаў нашым дарадчыкам ва ўсіх справах. У ім ёсць адна з самых каштоўных якасцей настаўніка-метадыста - чалавечнасць, глыбокая павага да людзей, любоў, у якой спалучаецца шчырая ласка з мудрай строгасцю і патрабавальнасцю. За кожнага свайго педагога ён хварэе душой. Нельга здаць распрацоўку ўрока С.В. Барысу з першага разу, але калі ўжо выпраўленыя ўсе заўвагі, дык можна быць упэўненым у яго якасці.

У рэдакцыі "Беларускага гістарычнага часопіса" Сымон Барыс ажыццявіў шмат задумак, аднак не ўсе яго прапановы былі рэалізаваны. Варта нагадаць, што ён прынцыпова і адкрыта адстойвае свае погляды. Так, ён у 2008 г. падтрымаў тых настаўнікаў, якія выступалі за захаванне ў школах гісторыі Беларусі як прадмета. Шчыра і адкрыта выказваецца за аборону беларускай мовы, спадчыны і культуры.

Сярод настаўнікаў Сымон Барыс вельмі папулярны. Яго публікацыі выклікаюць шчырую цікавасць вастрынёй, нестандартнасцю мыслення, арыгінальнымі падыходамі да публікаваных матэрыялаў. Яны прыцягваюць у тым ліку і клопатам аб сваіх пастаянных аўтарах, добрымі словамі, сказанымі ім пра настаўнікаў гісторыі.

Напэўна, жыццёвы шлях гэтага чалавека вызначыў яго лёс, яго светапогляд, яго аўтарытэт сярод вучоных-гісторыкаў і педагогаў нашай краіны.

Доўга цягнецца час пакуль закончым школу. Аж 11 - 12 гадоў. А тады трэба знайсці месца ў нашым жыцці, выбраць прафесію, набыць спецыяльнасць. Вось так было і ў Сымона Вікенцьевіча, калі ён у 1957 г. закончыў сярэднюю школу ў вёсцы Рускае Сяло, што ў Вілейскім раёне. Яму ўжо 20, а ён толькі сярэднюю школу закончыў. Праўда, за гэты час ён паспеў закончыць Кілійскую мараходную школу. І пасля плаваў на параходзе "Краснодон" па Чорным моры і на цеплаходзе "Челюскин" на Дунаі. А завочна вучыўся ў дзявятым класе ў горадзе Ізмаіле.

Пасля сямігодкі ён ездзіў паступаць у Гомельскі рачны тэхнікум, а пасля сярэдняй школы - у Ленінградскае пажарна-тэхнічнае вучылішча МУС. І двойчы перадумаў паступаць. У Ленінградзе здаў вусны экзамен па матэматыцы на выдатна, хоць і здаваў на беларускай мове. Кожнае правіла давялося гаварыць двойчы. Тыя ж экзаменатары (настаўнікі ленінградскіх школ) параілі яму паступаць ва ўніверсітэт. У яго атэстаце сталасці ўсе адзнакі былі выдатныя, апрача рускай, беларускай і нямецкай моваў, па якім меў "добра".

Пасля службы ў авіяцыі (меў званне яфрэйтара) ён паступіў са сваёй жонкай Яўгеніяй у Наўгародскі педагагічны інстытут на вячэрняе аддзяленне, дзе разам вучыліся 5 гадоў на гістарычна-філалагічным факультэце. У той жа час служыў у наўгародскай міліцыі сяржантам. У час вучобы у іх нарадзілася дачка Света. Ноўгарад Вялікі канчаткова зрабіў яго гісторыкам. Выкладчыкамі ў інстытуце працавалі былыя ленінградскія выкладчыкі, якія вярнуліся пры М.С. Хрушчове з Сібіры з лагераў ГУЛАГу, і якім не знайшлося ў Ленінградзе месца, яны вымушаны былі ўладкоўвацца ў Ноўгарадзе. Іх уплыў на студэнтаў быў вялікі.

Затым была школа і рэдакцыя. Сергаўская васьмігадовая школа Наўгародскага раёна (1965 - 1967 гг.) - настаўнік гісторыі. Рэдакцыя шматтыражнай газеты "За рулём" Наўгародскага абласнога аўтаўпраўлення - літаратурны супрацоўнік.

У 1969 г. пераехаў у Беларусь у сувязі з паступленнем у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР па спецыяльнасці фалькларыстыка. Вучыўся завочна. Ён вядомы і як фалькларыст, але апошнім часам няма яму часу займацца фалькларыстыкай.

У 1969 - 1975 гг. выкладаў гісторыю і геаграфію ў Браўкоўскай васьмігадовай школе Мінскага раёна. Будучы настаўнікам актыўна займаўся краязнаўствам-запісваў фальклорныя творы і ўспаміны былых партызан быгад "Штурмавая" і імя Фрунзе, якія дзейнічалі ў гады вайны на тэрыторыі Заслаўскага, Маладзечанскага і Ільянскага раёнаў. Сабраў багаты архіў, які патрабуе апрацоўкі, але часу для таго не хапае.

У 1975 г. быў абраны выкладчыкам Берасцейскага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна, дзе два гады выкладаў на філалагічным факультэце рускі фальклор і старажытнарускую літаратуру, а на падрыхтоўчым аддзяленні - рускую літаратуру. У 1977 г. яму прапанавалі паехаць выкладаць рускую літаратуру ў адзін з польскіх універсітэтаў, але ён адмовіўся і паехаў у Менск працаваць этнографам у Рабочую групу па стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Быў старшым навуковым супрацоўнікам, затым загадчыкам навукова-экспазіцыйнага аддзела. Экспазіцыя ў хатах і будынках сектара "Цэнтральная Беларусь" Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту зроблена пад яго кіраўніцтвам. У музеі ён адпрацаваў 10 гадоў. Тут ён разам з архітэктарам Аляксандрам Лакоткам напісаў кнігу этнаграфічных нарысаў для вучняў "Сцежкамі дзядоў", якая ўбачыла свет у 1986 г. Гэта кніга вызначыла яго далейшы лёс. С.В. Барыс пайшоў у журналістыку.

У 1987 - 1992 гг. працаваў навуковым рэдактарам аддзела культуры ў рэдакцыі часопіса "Беларуская мова і літаратура ў школе" (цяпер часопіс "Родное слова"). Назву часопіса "Роднае слова" ён прыдумаў, а галоўны рэдактар Міхась Шавыркін падтрымаў.

З 1992 г. С.В. Барыс - загадчык аддзела методыкі выкладання гісторыі рэдакцыі "Беларускага гістарычнага часопіса". Тут ён працуе з часу яго адкрыцця, ужо амаль 20 гадоў. Ён лічыць, што ў беларускую школу неабходна браць усё лепшае, што было ў савецкай школе.

С.В. Барыс уваходзіў у групу аўтараў па напісанні кнігі "Гісторыя Мінска" (2006). Ім напісана значная частка раздзела "Мінск - сталіца Рэспублікі Беларусь". Ён напісаў і выдаў кнігі "Сцежкамі дзядоў" (Мінск,1986), "Сыны і пасынкі Беларусі"/Уклад. і аўтар (Мінск, 1996), "Беларускія імёны. Дапаможнік для маладых бацькоў" (Мінск, 2001), "Як у нас клічуць. Беларускія імёны" (Мінск, 2010), Струменскі Сымон. "Страты Беларусі, або Доля беларускага народа". Зборнік матэрыялаў (Мінск, 2005).

У 2012 г. выходзяць дзве яго кнігі: "Адзінкі вымярэнняў: даўнія і сучасныя" (Мінск, "Адукацыя і выхаванне", 2012) і "Беларускія песні і гімны" (Мінск, 2012). У дадатку апошняй змешчаны ўсе славянскія гімны. Ужо звярстана кніга "Каляндар гісторыі Беларусі" і напісана кніга (у суаўтарстве з Анатолем Рогачам) "Нарачанка і яе берагі". Амаль падрыхтавана да друку кніга "Праўда аб Беларусі". У апошнюю сабрана ўсё, чым Беларусь можа ганарыцца як краіна. Напісаны першы варыянт кнігі "Ўлада і ўладальнікі на Беларусі". Усе яго кнігі разлічаны на вучняў і настаўнікаў. Ім складзены праект кнігі "Настаўнік пасля ўрокаў".

Мала каму вядома, што Сымон Барыс як пісьменнік піша апавяданні, якія друкуюцца пад псеўданімам Сымон Струменскі. Ён задумаў выдаць два зборнікі празаічных твораў "Нарачанскія салаўі" і "Бліскавіцы над Заслаўем". У іх маральна-этычная, педагагічная і ваенная тэматыка. Дай Бог ажыццявіцца яго планам!

Пазнаёміўшыся з яго біяграфіяй у мяне ўзніклі пытанні: хто яго бацькі і як яны выхоўвалі сына? Чаму захапляючыся гісторыяй, ён пакінуў Ноўгарад Вялікі і паехаў настаўнічаць у беларускую вёску? Чаму ў Берасцейскім педагагічным інстытуце працаваў толькі 2 гады? Як ён выбраў свой жыццёвы шлях? Мне хацелася атрымаць адказы на гэтыя пытанні, бо яны раскрываюць сутнасць характару ў розных жыццёвых акалічнасцях. Мой суразмоўца шчыра расказаў пра выкрунтасы яго лёсу.

- Мае бацькі - вясковыя сяляне. Бацька Вінцук мог толькі напісаць ліст, бо меў адукацыю адзін клас школы пісьменства, часта гаварыў мне, што ад чытання кніг хлеб есці не будзеш. Маці Соня зусім непісьменная, бо ў бацькі было шмат дзяцей. Ды яшчэ - Першая Сусветная вайна, калі тут вучыцца. Мой дзед Іллюк Варановіч выехаў у вайну ў бежанства ў Сібір, у Енісейскі край, дзе быў са сваёй сям'ёй каля 5 гадоў. Дзед Іллюк быў грамацей, чытаў кнігі і быў астролагам. Маці Соня хоць і была непісьменная, але мела добрую памяць, прыгожа спявала. А яшчэ яна любіла слухаць апавяданні Чэхава. Памятаю, што апавяданне пра нявесту я чытаў ёй некалькі разоў, а яна чуць не плакала. Маці хацела, каб я вучыўся. Я ўдаўся ў дзеда і маці. Са школьнай парты селькор вілейскай раённай газеты "За савецкую Радзіму". Аднойчы напісаў заяву ў Вілейку аднаму начальніку Падшыбякіну, ён выклікаў мяне, пагаварыў са мной і сказаў: "З чаго бы ты не пачынаў, але ты будзеш журналістам у любым выпадку". Бачыце так і здарылася. А тады я яму не паверыў, бо і не ведаў, што гэта такое.

Чаму пакінуў Ноўгарад? Я і сёння люблю і шкадую той горад. Фактычна мая сям'я засталася там, і я з ёй падтрымліваю добрыя стасункі.

Я як педагог па адукацыі маю радасць у тым, што мая дачка Святлана не толькі знешне падобна на бацьку, але і па характару і па занятках. Яна працуе ў Ноўгарадзе Вялікім завучам у школе і выкладае матэматыку. На жаль, мае сыны Валодзя і Яраслаў далёкія ад школы. Праўда, Яраслаў атрымаў вельмі лёгка вышэйшую адукацыю і працуе праграмістам. Шкадую, што выхаваннем Валодзі займалася толькі маці, а я навукай.

Гэта песні маёй мамы вярнулі мяне ў Беларусь. Будучы студэнтам я захапіўся беларускім фальклорам. Паказаў свае запісы песень ў 1963 годзе ў Менску вядомаму кампазітару Рыгору Шырме. Пазнаёміліся. Завязалася перапіска. Я стаў яго карэспандэнтам. Мае запісы трапілі ў яго зборнік "Беларускія песні" (Т.4). Пасля сканчэння педінстытута я прыехаў у Беларусь, шукаў тут працу і хацеў паступіць у аспірантуру. Трэба дзякаваць маёй жонцы, яна не перашкаджала, згадзілася пакінуць у Ноўгарадзе адных сваіх бацькоў і паехаць са мной у Вілейскі раён.

Пяць гадоў настаўнічаў у беларускай вёсцы пад Менскам, маючы магчымасць вярнуцца ў Ноўгарад. Я адчуваў сябе высланым і цешыў сябе тым, што гэта часовая з'ява, пакуль я пішу дысертацыю.

У жыцці ў мяне не ўсё было радаснае. Нават калі не браць пад увагу бамбёжкі ў 1944 годзе і партызаншчыну з 1942 па 1950 год. Так, аж да 1949 ці 1950 года.

Двойчы пісаў дысертацыю: спачатку на беларускай мове, а затым - на рускай. І нарэшце адмовіўся выходзіць на яе абарону, бо валтузні шмат, а дыплом кандыдата філалагічных навук мне нічога не даваў. Двойчы мяне скарачалі на працы, але не па сваёй віне. У 1969 годзе закрылі газету, а ў 1977 годзе ў педінстытуце скарацілі набор на філфак. Мяне выручала тое, што я згаджаўся ісці на горшую работу. Трэба ж было неяк жыць…

Я яшчэ хачу сказаць, што свет не без добрых людзей. Мне многія дапамаглі, а фактычна яны вырашылі мой лёс, а мяне нясло па свеце, як адарваны ветрам лісток. Мне хочацца ўсіх назваць, бо менавіта ім я абавязаны сваімі поспехамі. Дырэктар школы Віктар Валчанкоў, які ўзяў мяне з трэцяга класа ў пяты. Рыгор Шырма - накіраваў у аспірантуру, а дырэктар акадэмічнага інстытута Пятро Глебка - прыняў. Пісьменнік Уладзімір Калеснік уладкаваў у Берасцейскі педінстытут, намеснік міністра культуры Аляксандр Ульяновіч даў месца ў інтэрнаце ў Менску і накіраваў на работу ў музей этнографам. Потым нельга не назваць метадыста беларускай мовы і літаратуры Рэспубліканскага інстытута ўдасканалення настаўнікаў Марыю Антонаўну Невядомскую, якая працавала ў Доме настаўніка. Менавіта яна і прапанавала маю кандыдатуру як фалькларыста і этнографа на работу ў рэдакцыю часопіса "Беларуская мова і літаратура ў школе", які толькі ствараўся ў 1987 годзе. Галоўныя рэдактары педагагічных часопісаў Міхась Шавыркін і Васіль Кушнер узялі мяне да сябе ў свае рэдакцыі, і яны засталіся задаволены маёй працай. Кожнага з іх я ніколі не забуду за іх ласку, бо яны бралі да сябе незнаёмага чалавека, які чымсьці ім спадабаўся. Дзякую ўсім Вам.

Успамінаю сустрэчу ў кабінеце намесніка міністра Аляксандра Язэпавіча Ульяновіча. Некалькі хвілін пагаварылі, ён паверыў мне і паабяцаў уладкаваць ў музей. Паабяцаў і стрымаў сваё слова. Люблю людзей справядлівых і змагаюся за справядлівасць і праўду. Вы, Неаніла Львоўна, па характару такая ж. Дзякую Вам за цвёрдую пазіцыю, што адстаялі гісторыю Беларусі як прадмет у школе ў 2008 годзе.

Вось, што пачула я на свае пытанні.

У рабоце Сымон Вікенцьевіч дастаткова строгі чалавек, які не церпіць зазнайства, расхлябанасці, безадказнага стаўлення да справы. У нефармальных жа абставінах -- таварыскі і вясёлы чалавек. Па стаўленні да жанчын (іх сярод педагогаў большасць) ён вельмі галантны і абыходлівы, ветлівы, далікатны мужчына. Сымон Вікенцьевіч ўмее дакладным словам падкрэсліць прыгажосць і прывабнасць жанчыны, што, на жаль, стала рэдкай з'явай у сучасных маладых мужчын.

Ёсць людзі, якія ўжо да 50-ці гадоў і выглядаюць, і думаюць, як старыя дзяды. А ёсць такія, пра якія можна сказаць: яны "сталага ўзросту", але нельга зразумець, колькі ж ім гадоў на самай справе. Нездарма ў пачатку артыкула я сказала, што ў БДУ мяне сустрэлі двое маладых мужчын. Супольна працуючы з Сымонам Вікенцьевічам, над метадычнымі матэрыяламі я і ўявіць сабе не магла, што яго так-сама можна аднесці да людзей "сталага ўзросту". Ён заўсёды па-сучаснаму разважае, сочыць за падзеямі, за ім проста фізічна цяжка паспець… Падцягнуты, акуратны, элегантны з запалам - хіба можна сказаць, што гэтаму чалавеку ўжо 75?!

Мне не верыцца.

Не, толькі 75!

Ад імя ўсіх настаўнікаў гісторыі Асіповіцкага раёна жадаю нашаму дарагому Сымону Вікенцьевічу Барысу моцнага здароўя і творчага даўгагоддзя!

Н.Л. Цыганок, метадыст аддзела адукацыі Асіпoвіцкага райвыканкама.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы


Моўная сітуацыя і моўная палітыка ў Шатландыі: гісторыя і сучаснасць

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Прыблізна дзве трэціх апытаных лічаць, што скотс актуальны для сучаснай Шатландыі.

29% больш-менш згодныя, каб скотс вывучаўся ў школах, тады як 55% хутчэй не згодныя з гэтым. Але пры гэтым 64% хутчэй згодныя з тым, каб шатландскія дзеці заахвочваліся выкарыстоўваць скотс, супраць - 31%. Тры асноўныя аргументы праціўнікаў заахвочвання: трэба вучыць дзяцей англійскай (правільнай англійскай) мове, скотс непатрэбная, скотс гучыць як слэнг.

На канферэнцыі з боку шатландцаў выказвалася скептычнае меркаванне адносна вынікаў сацыялагічных апытанняў. Адзін аўтар адзначае, што паўсюднае выкарыстанне англійскай мовы ў навучанні вядзе да таго, што людзі, якія размаўляюць на скотс, думаюць, што яны няправільна размаўляюць па-англійску. Гэта, у сваю чаргу, можа прыводзіць да нянавісці да ўласнай гаворкі і пачуццю сораму. У выніку, пэўная частка носьбітаў скотс ў апытанні можа адказваць, што яны англамоўныя.

У літаратуры часта прыводзяцца вынікі двух даследаванняў 1995 і 1996 гадоў з мэтай вызначыць колькасць людзей, якія размаўляюць на скотс у Шатландыі. Адно даследаванне паказала 30%, а іншае - 57% носьбітаў скотс. Пытанні даследавання, якое паказала 57%, прызнаны арганізатарамі іншага даследавання больш дэтальнымі. Інтэрв'ю ў даследаванні з большым вынікам праводзіліся на мове, якая найбольш падыходзіла для той грамады, з якой быў рэспандэнт. Тое, што людзям задавалі пытанне на скотс, называецца адной з прычын атрымання высокай працэнтнай долі носьбітаў скотс у гэтым даследаванні.

У абодвух даследаваннях сярод носьбітаў скотс пераважалі прадстаўнікі рабочага класу і людзі старэйшага пакалення (заўважце адрозненне ад вынікаў 2010 года).

Пытанні пра мовы ў перапісах насельніцтва

Даследаванне, якое дало вынік у 30%, было спецыяльна прымеркавана да перапісу насельніцтва 2001 года і павінна было вызначыць, ці прыдатнае адпаведнае пытанне ў межах перапісу для вызначэння колькасці носьбітаў скотс. Даследчыкі зрабілі выснову аб тым, што дакладнае вызначэнне колькасці носьбітаў патрабуе больш глыбокіх інтэрвію і большай колькасці пытанняў адносна выкарыстання мовы ў розных сітуацыях, але такі падыход для перапісу насельніцтва непрымальны. Да таго ж, было адзначана, што людзі ўсё яшчэ думаюць, што размаўляюць на кепскай англійскай мове, а не на скотс, што таксама не дазволіць атрымаць падчас перапісу дакладныя дадзеныя. Даследчыкі рэкамендавалі не задаваць пытанне пра скотс у межах перапісу з-за праблем рэспандэнтаў з азначэннем тэрміну "скотс".

Нягледзячы на прапановы прыхільнікаў адраджэння скотс, пытанне пра валоданне гэтай мовай у перапісныя лісты ў 2001 годзе ўключана не было, хаця там было адпаведнае пытанне пра гэльскую мову. Адмова ўключаць гэта пытанне крытыкуецца і называецца паказчыкам адсутнасці схільнасці да развіцця і нават да падтрымкі скотс.

Пытанні пра мовы ў перапісе 2011 года выглядалі наступным чынам. Было зададзена пытанне, якую мову: англійскую, гэльскую ці скотс - рэспандэнты разумеюць, на якой з іх яны могуць размаўляць, чытаць і пісаць.

Другое пытанне было пра тое, наколькі добра рэспандэнты валодаюць англійскай мовай. Нарэшце, трэцяе пытанне датычылася таго, ці выкарыстоўваюць рэспандэнты дома якую-небудзь мову, апроч англійскай. Варыянты адказаў: "Не, толькі англійскую", "брытанскую жэставую мову", "Так, іншую" (трэба было пазначыць, якую).

Па некаторых ацэнках у Шатландыі жыве 2% імігрантаў, напрыклад, з Пакістана, Індыі, Кітая, Польшчы і г.д., якія таксама робяць пэўны ўнёсак у шатландскую моўную сітуацыю.

Шатландцаў здзівіла, што ў нашых перапісных аркушах у якасці роднай можна было пазначыць толькі адну мову.

Перад перапісам 2011 года Цэнтрам мовы скотс быў запушчаны сайт www.ayecan. com. Як адзначыў дырэктар цэнтра, сп. Майкл Хэнс, многія людзі размаўляюць на скотс штодня, але могуць не ўсведамляць гэтага, думаючы, што іх гаворка - гэта слэнг ці кепская англійская мова. Сайт тлумачыць, што такое мова скотс, дае адказы на найбольш частыя пытанні пра яе, прапануе ўзоры пісьмовай і вуснай скотс для таго, каб чалавек мог вызначыцца, як адказваць на пытанне перапісу, датычныя гэтай мовы.

Моўнае пытанне ва ўрадавай і партыйнай палітыцы

Шатландцы, з якімі я размаўляў на гэту тэму, задаволены сваім цяперашнім урадам. Большасць у ім складаюць прадстаўнікі Шатландскай нацыянальнай партыі. Агучвалася, што, нягледзячы на назву, раней гэта партыя ігнаравала пытанні мовы і культуры.

У 90-я гады кансерватыўны ўрад і апазіцыйныя партыі Шатландыі праводзілі палітыку падтрымкі гэльскай мовы, якая ў некаторых партый была сфармулявана ў выглядзе спецыяльных дакументаў. Што да падтрымкі скотс, то ў шэрагу партый не было ніякіх дакументаў на гэтую тэму, хаця ўрад выдаткоўваў на гэта грошы (значна менш, чым на падтрымку гэльскай), а прадстаўнікі іншых партый пазітыўна выказваліся па гэтым пытанні. Шатландская нацыянальная партыя была адзінай, якая згадвала скотс у сваіх дакументах, хаця і ў іх палітыка ў дачыненні да гэльскай была больш выразнай. Адна крыніца 2005 года адзначае, што шатландскімі ўладамі тэма скотс разглядаецца як дадатак да гэльскай тэматыкі. Практычныя крокі ў кірунку развіцця скотс называюцца абмежаванымі. Але, як было адзначана на канферэнцыі, сёння ўсе партыі, за выключэннем Кансерватыўнай, падтрымліваюць развіццё мовы скотс.

У парламенце ёсць міжпартыйная група, якая лабіруе развіццё скотс. У абмежаваным аб'ёме скотс выкарыстоўвецца на сайце парламента, на яе перакладзены некаторыя дакументы.

У 90-я гады ў Шатландыі праводзіліся цікавыя даследаванні сувязі паміж роднай мовай і сімпатыямі да пэўных палітычных партый. Шмат рэспандэнтаў адзначыла, што моўная палітыка кандыдата вырашальным чынам уплывае на іх выбар. Уражвае, што ніводны носьбіт скотс не быў згодны падтрымаць кандыдата, які б праводзіў палітыку, накіраваную супраць гэльскай мовы. Таксама і ніводны гэламоўны не прагаласаваў бы за палітыка, які выступае супраць развіцця скотс.

У гэтым годзе ў Шатландыі павінен прайсці рэферэндум па пытанні незалежнасці. Але прадстаўнікі шатландскага боку не маюць пэўнага погляду на тое, якім чынам незалежнасць можа адбіцца на моўнай палітыцы. Прынамсі, не прагучала меркавання, што гэта прывядзе да адназначна пазітыўных наступстваў.

Рознае

Паміж адраджэнцамі мовы скотс і гэльскай мовы назіраецца пэўнае непаразуменне ў пытанні моўнага афармлення навакольнага асяроддзя. Справа ў тым, што ў Шатландыі расце колькасць шыльдаў і дарожных знакаў на дзвюх мовах: англійскай і гэльскай. Здараецца, што Гэльская рада стварае назвы для мясцін, якія раней гэльскіх назваў не мелі, але маюць назву на скотс. Таму, вітаючы пашырэнне ўжытку гэльскай, прыхільнікі скотс патрабуюць не забывацца і на гэтую мову.

Адно даследаванне паказала, што значны працэнт як носьбітаў скотс, так і носьбітаў гэльскай мовы жадаў бы вывучыць і іншую шатландскую мову.

Мяне здзівіла, што прыхільнікі моўнага адраджэння не маюць намеру распрацоўваць агульнашатландскі закон аб мовах, які мог бы ўрэгуляваць у тым ліку і спрэчкі наконт знакаў.

Цікава, што прыхільнікі адраджэння як скотс, так і гэльскай мовы не ўспрымаюць сённяшнюю сітуацыю як дыскрымінацыйную. Яны сцвярджаюць, што ўціску з боку англамоўных няма. Вінаватымі ў праблемах скотс называюцца самі яе носьбіты, якія не праяўляюць дастатковай актыўнасці. Адзначалася, што ўрад ідзе насустрач пажаданням, калі яны падтрымліваюцца дастатковай колькасцю насельніцтва.

Больш таго, ад прыхільнікаў адраджэння скотс можна было пачуць, што яны рады быць адначасова і часткай англамоўнага свету. У якасці пазітыўнага прыкладу прыводзілася Італія, дзе многія людзі дзвюхмоўныя: валодаюць стандартнай італьянскай і мясцовым варыянтам мовы. Прычым мясцовая ўлады дбаюць пра развіццё гэтых мясцовых варыянтаў.

Увогуле, прадстаўнікі шатландскага боку адзначылі, што ў справе адраджэння беларускай мовы ў нас зроблена значна больш, чым у іх - са скотс і гэльскай. Напрыклад, ім вельмі спадабалася ідэя конкурсу беларускамоўнай рэкламы, які праводзіцца ў нас ўжо другі год запар. Відавочна, аднак, што ў пэўных сферах мы адстаем. Напрыклад, электроннага корпусу беларускай мовы дагэтуль няма, тады як шатландскі корпус існуе. Заўважце, гэта корпус тэкстаў на шэрагу моў, якія выкарыстоўваюцца ў Шатландыі. У продажы ёсць шмат варыянтаў мультымедыйных курсаў гэльскай мовы.

Тым, хто жадае атрымаць больш інфармацыі пра гэльскую мову і мову скотс, можна рэкамендаваць шэраг інтэрнэт сайтаў, у прыватнасці, наступныя.

Пра мову скотс:

lallans.co.uk/ - Таварыства шатландскай мовы,

scotslanguage.com/ - Цэнтр шатландскай мовы,

dsl.ac.uk/dsl/ - Слоўнік скотс,

ayecan.com/,

scots-online.org/.

Пра шатландскую гэльскую мову:

gaidhlig.org.uk/ - Гэльская рада,

ceantar.org/Dicts/search.html - Слоўнікі шатландскай гэльскай мовы,

bbc.co.uk/alba/ - БіБіСі-Альба.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абужынская Ганна Аляксанд., Ажар Таццяна Мікалаеўна, Акудовіч Валянцін Васільевіч, Алёшка Вячаслаў Часлававіч, Аляхновіч Леанід Адамавіч, Аляхновіч Ніна Паўлаўна, Анапрыенка Юры, Анацка Ганна, Анацка Яўген, Арэхаў Аляксандр Сяргеевіч, Асмыковіч Міхась Мікалаевіч, Афанасьева Раіса Іванаўна, Баеў Дзмітры Уладзіміравіч, Баеў Павел Віктаравіч, Базык Вольга, Барысава Сафія Міхайлаўна, Белавусава Валянціна Валянц., Бельская Ірына Казіміраўна, Біза Юльян Сцяпанавіч, Бурачонак Аляксандр Вячас., Бязмацерных Дар'я Аляксанд., Бязмен Васіль Канстанцінавіч, Бяласін Яўген Аляксандравіч, Вайтовіч Сяргей Уладзіміравіч, Валошчык Лідзія Рыгораўна, Валынец Таццяна Сяргееўна, Варонік Святлана Аркадзеўна, Васілевіч Наталля Мікалаеўна, Васільева Анастасія Вячаслав., Гайдук Ірына Эдуардаўна, Галіч Аляксей Эдуардавіч, Гашко Ірына Аляксееўна, Глушко Аляксей Віктаравіч, Грыгор'ева Ірына Людвігаўна, Грышко Людміла, Гудкова Дар'я Уладзіміраўна, Давыдчук Сяржук, Данільчык Зінаіда Пятроўна, Дземідовіч Ганна, Дзічкоўская Настасся, Дзюсекаў Павел Аляксандр., Дробыш Вадзім Міхайлавіч, Дрожджына Ала, Дуброўскі Валер Леанідавіч, Жалдака Васіль Станіслававіч, Жамойда Алена, Жарнасек Вітаўт, Ждановіч Таццяна Міхайлаўна, Жук Ігар Васільевіч, Заблоцкая Алена Аляксандр., Завадская Алена Аляксандр., Запалянская Вольга Васіл., Золаў Юры Георгіевіч, Іваноў Сяргей, Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна, Ільіна Анастасія Аляксандр., Ішуціна Таццяна Вікенцьеўна, Кавалёва Кацярына, Кавалеўская Наталля Леанід., Кавалеўская Стэфанія Сярг., Кальчугін Віктар, Канкоўская Святлана, Капціловіч Іван, Карашчанка Ігар Віктаравіч, Каўко Зміцер, Кісель Сяргей Леанідавіч, Кісляк Васіль Сяргеевіч, Кляпкоў Дзмітры, Кобрусеў Дзяніс Аляксандр., Комар Юры Мікалаевіч, Конік Юлія Андрэеўна, Косава Ганна Валер'еўна, Кочман Тарэса, Красоціна Тамара Іванаўна, Краўчук Зміцер, Краўчук Ірына, Крол Аляксандр Уладзіміравіч, Крываротаў Міхаіл Юр'евіч, Кудрашова Лілея, Кузікевіч Алена, Кукуць Алена Аляксандраўна, Кукуць Уладзімір Часлававіч, Куляшоў Дзмітры Віктаравіч, Куніцкая Ганна Уладзіміраўна, Курдо Павел Аляксандравіч, Кутас Святлана, Кухарчык Людміла, Лабаты Алег Анатольевіч, Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч, Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч, Лендзянкоў Ігар, Макарэвіч Іна, Макрыцкі Яраслаў Янавіч, Максімава Наталля, Малашчанка Аляксей Юр'евіч, Маневіч Аляксей, Манкевіч Таццяна Пятроўна, Мароз Кацярына Мікалаеўна, Мароз Уладзімір Вікенцьевіч, Марозава Людміла Уладзімір., Мархотка Леанід Андрэевіч, Махлай Кастусь, Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна, Машкала Іосіф, Мельнічук Сяргей, Міхайлоўская Данута Канст., Міхальчук Вераніка Пятроўна, Міхноўская Наталля Вячасл., Мішчанкоў Уладзімір Алякс., Нішчык Алесь Уладзіміравіч, Носаў Андрэй, Палухін Уладзімір Мікалаевіч, Палянскі Андрэй Валер'евіч, Панкевіч Юлія Аляксандраўна, Парчынскі Яўген, Патапава Дзіяна Сяргееўна, Паўловіч Анатоль, Праневіч Кацярына Генадзеўна, Пукель Алена Адамаўна, Рабчэня Таццяна Васільеўна, Рагойша Вячаслаў Пятровіч, Радзюк Валянціна, Радэнка Кацярына Уладзім., Раеўскі Аляксандр, Разжалавец Іван, Разжалавец Сяргей, Разумава Галіна Уладзіміраўна, Рак Вольга Рыгораўна, Раманава Ганна Аляксееўна, Раманішка Вікторыя Уладзіл., Ролік Міхаіл Міхайлавіч, Рудак Наста Юр'еўна, Русць Максім Часлававіч, Рэўтовіч Кірыла Васільевіч, Савіч Сяржук, Сакава Ніна Леанідаўна, Сакалова Ніна, Сакун Алена Васільеўна, Салаўёва Людміла Мікалаеўна, Салоха Надзея, Самстыка Сяргей Алегавіч, Свізуноў Вячаслаў, Свірко Наталля, Сігаеў Алксей Уладзіміравіч, Сідляр Андрэй, Сіліч Аляксандр Анатольевіч, Сільнова Ніна, Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна, Славута Ніна, Спасюк Рыгор Віктаравіч, Спірыдовіч Міхаіл Аляксеевіч, Станько Галіна, Старавойтава Надзея, Сямашка Ала Уладзіміраўна, Сяменас Генадзь Мар'янавіч, Сянкевіч Святлана Анатол., Сярова Зося, Таўгень Людвіка, Трухан Л, Траццяк Дзмітры Вітальевіч, Туровіч Ірына Уладзіміраўна, Урбан Аляксандр, Філічонак Ларыса, Фурс Юры Антонавіч, Хадзінскі Павел Сяргеевіч, Харужая Вера, Хашылёва Таццяна Аляксанд., Хвацік Іван Міхайлавіч, Хевук Ігар, Цімафеева Ядвіга В., Цімошак Зінаіда Вячаславаўна, Ціханаў Аляксандр Валер'евіч, Ціхановіч Вольга Віктараўна, Чабатарэўскі Барыс Дзмітр., Чагаева Ірына Вільданаўна, Чарановіч Ніна Мікалаеўна, Чаркасава Галіна Ільінічна, Чашчына Вольга Мікалаеўна, Шандроха Нона Эдмундаўна, Шарман Аліна, Шаўцоў Генадзь Уладзіміравіч, Шахлевіч Юлія Віктараўна, Шпілеўскі Вячаслаў Віктар., Шубіна Дар'я Алегаўна, Шчарбачэня Вячаслаў Сярг., Шыпіла Уладзімір Аляксанд., Юркевіч Сяргей Іванавіч, Юшкевіч Андрэй Андрэевіч, Якаўлеў Юры Генадзевіч, Яскевіч Алесь Юр'евіч, Яшкіна Надзея Алегаўна


Сёмуха на паштовым канверце

РУП "Белпошта" папоўніла калекцыю канвертаў да розных святаў, выданнем, прысвечаным Сёмусе.

Сёмуха - завяршальнае веснавое свята, якое супадае з перыядам самага актыўнага росту земляробчых культур, дрэў і расліннасці. 3 прыходам хрысціянства яго святкавалі разам з Тройцай на сёмым тыдні пасля Вялікадня.

У гэты дзень, каб забяспечыць добры ўраджай і моцнае здароўе, дзяўчаты "куміліся" - запляталі ў вянок галінкі бярозкі. Плялі вянкі з кветак, галінак бярозы, аеру і пускалі па вадзе - варажылі.


Вынікі віктарыны

Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны падвяла вынікі віктарыны, прысвечанай 130-м угодккам з дня народзінаў бацькі беларускага вандроўнага тэатра, першага народнага артыста БССР Уладзіслава Галубка. Пераможцам віктарына стаў жыхар Баранавічаў Андрэй Арцыменя (часова не працуючы), другое месца - гісторык з Менска Аляксей Шалахоўскі. Трэцяе месца падзялілі: Кірыл Баравік і Паліна Лашкоўская - вучні Дварэцкай СШ (Дзятлаўскі раён). Пераможцы атрымалі грашовыя ўзнагароды, каштоўныя падарункі і цікавыя кнігі, выдадзеныя ў выдавецтве "Наша ніва".

Віктар Сырыца. На фота: Кірыл Баравік і Паліна Лашкоўская - вучні Дварэцкай СШ (Дзятлаўскі раён), сябры гістарычнага клуба "Спадчына", прызёры віктарыны, прысвечанай 130-м угодкам з дня народзінаў Уладзіслава Галубка


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другое паўгоддзе 2012 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана, падрасла, але далёка не ў тэмпе інфляцыі. Увесь 2012 год мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Сын нарачанскага рыбака

(Да 120-х угодкаў са дня нараджэння Мялешкі Міхаіла Вінцэнтавіча)

У вёсцы Скары на Мядзельшчыне 9 траўня 1892 года ў сям'і рыбака нарадзіўся будучы знакаміты гісторык, публіцыст, архівіст, краязнавец. пісьменнік і педагог Мялешка Міхаіл Вінцэнтавіч. Пасля вучобы ў вясковай школе паспяхова скончыў двухкласную вучэльню ў Мядзелі, дзе атрымаў добрыя веды і адпаведнае выхаванне. У аўтабіяграфіі Міхаіл Вінцэнтавіч цёпла ўспамінаў аднаго са сваіх настаўнікаў, які меў выключныя педагагічныя і філасофскія веды і адкрыў юнаку свет прыгажосці і высокароднасці чалавека, а таксама дзядулю Антона, які расказваў яму доўгімі зімнімі вечарамі казкі і быліны, пра падзеі мінуўшчыны.

У 1911 годзе родны дзядзька Габрыель забраў Міхася ў Пецярбург, каб арганізаваць яго дальнейшае навучанне. Міхась сам зарабляў сабе на хлеб, працуючы ў розных канторах, а вечарамі садзіўся за кнігі. У выніку паспяхова здаў экстэрнам экзамены за курс гімназіі.

У час вучобы ў Пецярбургу ўступіў у студэнцкі Беларускі навукова - літаратурны гурток, дзе адным з кіраўнікоў быў яго аднагодак будучы аўтар "Беларускай граматыкі для школ" Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч. Тут пазнаёміўся з неафіцыйным кіраўніком гэтага гуртка беларускім шляхціцам, вучоным супрацоўнікам бібліятэкі Пецярбургскага ўніверсітэта Браніславам Эпімах-Шыпілам, які быў патронам выдавецкага таварыства "Загляне сонца і ў наша ваконца". У гэты час у Б. Эпімах - Шыпілы кватараваў будучы паэт Янка Купала, з якім быў знаёмы М. Мялешка. У дачкі Міхаіла Мялешкі, артысткі Сакаловай Людмілы, маюцца фотаздымкі, на якіх сфатаграфаваны Міхаіл Вінцэнтавіч з Янкам Купалам, Уладзімірам Дубоўкам, Цішкам Гартным. Юнак захапіўся вывучэннем беларускай літаратуры і этнаграфіі, пачаў дасылаць свае вершы ў альманах "Маладая Беларусь", газегы "Дзянніцу", "Вольны час", "Нашу ніву".

- Разгані па небе,

Вецер, чорны хмары,

Разнясі па полі

Мае сумны думы,-

так пачынаўся верш, апублікаваны ў газеце "Наша ніва" № 23 за 1914 год, напісаны Мялешкам Міхаілам Вінцэнтавічам пад псеўданімам Міхалка Скарэўскі. Такі псеўданім абраў ён сабе па назве роднай вёскі Скары.

З пачаткам Першай Сусветнай вайны М. Мялешку прызвалі ў войска, служыў пісарам у штабе Дзвінскай ваеннай акругі. Тут з 22 верасня 1915 года ён пачаў пісаць свой дзённік. Унікальнасць гэтага дзённіка ў тым, што гэта, бадай, адзін з першых аўтэнтычных беларускіх запісаў тых часоў. Пагартаем старонкі дзённіка М. Мялешкі. Не прымае салдат Міхал Мялешка крывавую бойню, у яго адно жаданне і адна просьба да Бога, каб наступіла мірнае жыццё. Ён піша:

"Даў бы Бог умірэнне. было б тады лепей. Надта ж многа жалю вайна нарабіла. Збэсцілі Беларусь, доўга не ўваскрэсне мая старонка; бедна і так ты была, убогі куточак на зямлі твой быў....Дай жа. Божа. долю лепшую нам".

Ён разважае пра сваё цяжкае жыццё. I не толькі сваё, а і ўсяго народа: "Я аджыў на свеце 23 гады і не меў шчасця ў жыцці: век свой б'юся, гарую, працую, а за працу сваю што я маю. Крыўду, здзек, насмешку, як увесь наш народ ад тых. каго мы кормім хлебам сваім".

У запісе 29 верасня аддаецца марам пра мірнае жыццё, выражае веру і надзею. што Беларусь не загіне: " Гэй, не плачце, хлопцы, збяромся ізноў у сваю старонку, пабудуем хаткі, зайграюць скрыпкі, дзеўкі запяюць. Уваскрэсне старонка, будзе жыць Беларусь".

На многіх старонках падае звапісы казарменнага жыцця, змяшчае назіранні за жыццём цывільных людзей: "Нядзеля. Сёння свята, але разбору ад будня не відаць. Па вуліцах гуляюць прыбраўшыяся паненкі, на іх тварах гуляе ўсмешка і жывы інтарэс да жыцця. Лятуць самакаты з афіцэрамі, запрогшы парку ў карафашку, праязджае пан, праходзяць салдаты з песнямі пад каманду, спяваюць. А глянеш у твары іх: чорныя. высмактаныя, забітыя, прыніжаныя, замардаваныя, у кожнага на твары лягло кляймо жальбы, чуць не ідуць слёзы, а спяваюць. Каля рынку бродзіць галацьба, абарвышы, прадаюць, разлажыўшы торбачкі, бедныя кабеты арэхі. Усё гэта неяк кідаецца ў вочы пры яснай пагодзе". У другім месцы піша: "Што ў роднай старонцы? ...ці жывы ўсе родныя. У паўднёвай частцы возера Нароча ідуць бойкі".

Наступіў люты 1917 года. Служыў Міхаіл тады ў Віцебску, уступіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду, удзельнічаў у шматлікіх беларускіх з'ездах, дасылаў артыкулы ў газету "Вольная Беларусь". Кастрычніцкую рэвалюцыю ён прыняў станоўча, пачаў працаваць у савецкіх установах. З 1918 па 1921 год вучыўся ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута на археаграфічным факультэце, які закончыў на "выдатна".

З 1923 года працаваў у Цэнтральным архіве горада Менска, у 1937 годзе пераведзены ва ўпраўленне, дзе займаў высокую пасаду намесніка загадчыка Цэнтрархіву Беларусі, кіраўніком якога быў Зміцер Жылуновіч. У гэты час Міхаіл Вінцэнтавіч меў рэпутацыю аўтарытэтнага гісторыка, літаратара, этнографа, аднаго з арганізатараў архіўнай справы Беларусі. У рукі Міхаіла Вінцэнтавіча сцякаліся ўсе звесткі з краіны. Работа гісторыёграфа - ведаць усё аб усім, сістэматызаваць звесткі пра падзеі і людзей. Будучы адным з арганізатараў архіўнай справы ў Беларусі, Міхаіл Мялешка яшчэ займаўся педагагічнай працай. На двухгадовых Менскіх адукацыйных курсах выкладаў беларускую мову і літаратуру, у Віцебскім вышэйшым педінстытуце чытаў курс лекцый па беларусай этнаграфіі, у Беларускім Камвузепа гісторыі Беларусі, супрацоўнічаў з Інстытугам беларускай культуры і Беларускай Акадэміяй навук.

У дакладзе на секцыі этнографаў у траўні 1924 года ён выказаў думку, якая актуальная і сёння. У прыватнасці ён заклікаў паставіць этнаграфічную работу ў такую каляіну, каб яна мела большы жыццёвы ўхіл, каб этнаграфія прыносіла практычную карысць. Ён падкрэсліваў, што, вывучаючы працэсы і прылады працы, дамашні побыт, жыллё, ежу, землеўпарадкаванне, этнографы змогуць даць звесткі дзяржаўным органам, якія дапамогуць пабудове жыцця.

18 ліпеня 1930 года, на прыгараднай дачы "Зара" яго арыштавалі, абвінавацілі ў прыналежнасці да неіснай так званай арганізацыі "Саюза вызвалення Беларусі". На допыце 2 жніўня Мялешка заявіў: "Ні аб якай тайнай арганізацыі мне не было вядома, ні ў якой нацдэмаўскай арганізацыі я не быў, ніякай антысавецкай работы не праводзіў" . Але яго трымалі пад арыштам. Тады ён 22 кастрычніка гэтага ж года напісаў, што не адчувае за сабой віны, але чацвёрты месяц мучаецца ў падвалах ДПУ ў неверагодна цяжкіх умовах. "Усведамленне сваёй праваты дае мне маральнае права катэгарычна пратэставаць супраць свайго такога працяглага заключэння і пастаяннага фізічнага мардавання. Я катэгарычна патрабую неадкладнага свайго вызвалення з-пад арышту".

Праз дзевяць месяцаў следства ў красавіку 1931 года па пастанове Калегіі АДПУ БССР яго выслалі ў Куйбышаў тэрмінам на 5 гадоў. I ў высылцы Міхаіл Вінцэнтавіч працягваў займацца навуковай дзейнасцю. Выдаў кнігу "Славуты настаўнік, краязнавец і эксперыментатар Г. Дз. Смагін". (Самара, 1936), склаў бібліяграфічныя даваеднікі "Перыёдыка Сярэдневолжскага краю ў 1930 г." і "Орская прамысловая акруга". Разам з акадэмікам Ю. Гацье і прафесарам П. Праабражэнскім склаў бібліяграфічны паказальнік літаратуры пра карысныя выкапні Сярэдняй Волгі (больш за 1500 назваў), быў аўтарам публікацый у часопісе " Советское краеведенне".

24 лютага 1938 года ён зноў быў арыштаваны органамі НКУС Куйбышаўскай вобласці. Яму інкрымінавалі, што ён "устанавіў арганізацыйныя сувязі з іншымі ўдзельнікамі нацыянал-дэмакратычнай арганізацыі і разам са ссыльным Іванам Краскоўскім арганізавалі нацдэмакратычную арганізацыю ў горадзе Куйбышаве". Следства працягватася больш за два гады. Кампрамату не знайшлі, але ўся-роўна Асобая нарада пры НКУС СССР 4 сакавіка 1940 года яго не апраўдала. М. Мялешку "за антысавецкія выказванні" далі тэрмін роўны таму, які ён правёў у ізалятары папярэдняга зняволення, і выпусцілі з турмы. На волю выйшаў цяжка хворы. У адным з лістоў з куйбышаўскай бальніцы, які зберагаецца ў дачкі Людмілы Міхайлаўны Сакаловай, у красавіку 1941 года пісаў да жонкі: "Я прымаю смерць як збаўленне ад кашмарнага жыцця... Хацелася б, каб прах мой тлеў у роднай зямлі, дзе пахаваны мае родныя, але гэта немагчыма". Гэта быў апошні перадсмяротны ліст. Пасмяротна рэабілітаваны па першым прысудзе ў 1957 годзе, па другім - у 1962 годзе.

Вядучы гісторык-архівіст і археограф з універсальнымі ведамі, фанатычны кніжнік Міхаіл Вінцэнтавіч Мялешка належыць да слаўнай пляяды заснавальнікаў беларускай акадэмічнай навукі. На плённую працу лёс адвёў яму невялікі тэрмін. І ўсё ж ён напісаў класічную працу па этнаграфіі "Камень у вераваннях і паданнях беларусаў" (1929), нарысы па сялянскаму руху ў XIX стагоддзі, работы па архівазнаўству і краязнаўству. У 1927 годзе выдаў дакументальны зборнік "Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 года". У кнізе "Працы 1-га з'езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі" 17-18 студзеня 1926, Мн, 1926 маецца яго артыкул "Архіўная справа ў БССР да сучаснага моманту".

Нашаму земляку на жыццёвых луцявінах стрэліся знакамітыя людзі: Б. Эпімах-Шыпіла Янка Купала Уладзімір Дубоўка, Браніслаў Тарашкевіч, Тамаш Грыб, Зміцер Жылуновіч. Пра апошняга народны артыст Заір Азгур пісаў: "Цішка Гартны...Зміцер Жылуновіч...Яму першаму выпала ўзначальваць Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі. Ён - адзін з першых акадэмікаў АН БССР. Рэдактар першай савецкай газеты "Дзянніца"... Ён -паэт... быў і стваральнікам празаічных палотнаў...і дзяржаўным дзеячам". З апошнім Міхаіл Вінцэнтавіч раздзяляў сумесную стваральную працу, напісаў пра яго артыкул "З. Жылуновіч, як гісторык" (Полымя, 1928 г., №10), быў аднадумцам, яму імпанавалі радкі верша З. Жылуновіча

"Сэрца свету хоча.

Яму волі трэба-

Песень, шчасця, красак.

Шырокага пеба" ,

якія ён выкарыстаўваў часта ў якасці эпіграфа.

У Міхаіла Вінцэнтавіча быў багаты асабісты збор кніг і дакументаў, які адлюстроўваў станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Пасля яю арышту кнігі засталіся ў Менску і былі расцярушаны. Зараз адшукаць усё немагчыма. Праўда, ужо выяўлена больш за сотню найменняў кніг яго бібліятэкі і ў 1998 годзе выдадзены зводны каталог "Бібліятэка Міхася Мялешкі". Асабісты архіў М. Мялешкі зберагаецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, асобныя дакументы (у тым ліку лісты ад вядомага беларускага рэвалюцыянера Тамаша Грыба з Прагі) - у дачкі Людмілы Сакаловай. У нашчадкаў захоўваецца і жывапісны партрэт М. Мялешкі работы вядомага менскага мастака Я. Кругера, што дэманстраваўся на Першай Усебеларускай мастацкай выставе ў 1925 годзе. Унучка М. Мялешкі - кампазітар Наталля Спічко - стварыла вакальны цыкл "Самарский туесок" на фальклорныя тэксты, запісаныя ў 30-я гады дзедам. Твор у выкананні спевака А. Эйзена і аркестра рускіх народных інструментаў пад кіраўпіцтвам М. Някрасава меў вялікі поспех.

Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі Зміцер Жылуновіч, Міхаіл Мялешка працавалі на карысць Беларусі, збіралі і апісвалі яе гісторыю. Замест павагі і ўшанавання атрымалі пакаранне - іх знішчыла сталінская рэпрэсіўная машына. I не іх адных. 108 чалавек вучоных. прафесараў, пісьменнікаў было рэпрэсавана. Вынішчаліся самыя разумныя і дасведчаныя. Знішчаліся невінаватыя

Яго пляменніца, былая настаўніца Свірскай школы Мядзельскага раёна Надзея Васільеўна Качановіч (Габрусёнак), бядуе:

- Колькі зрабіў бы яшчэ для навукі Міхаіл Вінцэнтавіч, каб не беспадстаўныя рэпрэсіі. Ненапісанымі застатіся многія творы, незакончанымі даследванні.

Іван Драўніцкі, в. Камарова Мядзельскага раёна.


Дзень, які натхніў

У Гародні выйшла кніга "ДЗЕНЬ, ЯКІ НАТХНІЎ, круглы стол па творах Мікалая Мельнікава "Ведаць усім і ва ўсім праўдзівым абліччы"

Увазе чытачоў прапануецца не звычайны зборнік артыкулаў, які прысвечаны нейкай абранай тэме, а бадай што ўнікальная падборка эксклюзіўнага матэрыялу, які быў спачатку выкарыстаны на "круглым стале" з назвай "Ведаць усім і ва ўсім праўдзівым абліччы" па трылогіі Мікалая Мельнікава ("Адчай, боль і горыч", "Вяртайтеся, буслы!", "Радавод") з удзелам кафедры філалогіі ліцэя №1 г. Гародні. Адбылося гэта 1 сакавіка 2011 года ў ліцэйскім музеі "Гісторыя педагогікі Гарадзеншчыны ХІІ - ХХІ стст." з нагоды 87-годдзя з дня нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, кандыдата педагагічных навук, кіраўніка музея Васіля Быкава ў Гародні, пісьменніка Мікалая Аляксандравіча Мельнікава.

Нават сама па сабе падборка матэрыялаў "круглага стала" незвычайня, бо тут - сумесная, сутворчая дзейнасць людзей самага рознага ўзросту: сяброў-аднагодкаў і калег аўтара трылогіі, педагогаў - прадстаўнікоў некалькіх, значна маладзейшых пакаленняў і - самае адметнае! - навучэнцаў 10-х класаў ліцэя №1 г. Гародні. Таму кніга лагічна складаецца з двух частак: першая частка - выступы дарослых удзельнікаў "круглага стала", частка другая - навуковыя даследаванні ліцэістаў. Пафас дадзенага выдання значна падмацоўваецца рэфлексіяй самога "віноўніка ўрачыстасці" пад назвай "Дзень, які натхніў", якая папярэднічае галоўнаму тэксту.

І ўсё гэта разам надае выданню сапраўдную цэласнасць і глыбінную перакананасць у практычна-выхаваўчай запатрабавальнасці трылогіі Мікалая Мельнікава.

Кнігу можна знайсці ў музеі Васіля Быкава ў Гародні, а заадно яшчэ раз даткнуцца да эпохі, сведкамі якой былі і Васіль Быкаў і Мікалай Мельнікаў. Кожны напісаў пра гэтую эпоху, як ім дазволіў Бог і талент. Але і быкаўская вайна і мельнікаўскае раскулачванне - гэта неад'емныя складовыя лёсу нашага народа і нашай краіны.

Яраслаў Грынкевіч.


Слова пра сябра

Гады лятуць, а памяць застаецца...

Які ўсё ж імклівы - наш час! Хуткакрылай птушкай ляціць ён ад нас, пакідаючы пасля сябе хіба што ўспаміны. Ну і справы, зразумела. Яны, і справы і ўспаміны, бываюць розныя: добрыя і не вельмі, прыемныя і да болю шчымлівыя. Нядаўна споўнілася сем гадоў, як не наведвае мяне мой шматгадовы сябар Мікола Купрэеў. Наадварот, цяпер ужо я наведваю яго... на міхнавіцкіх могілках, што побач з нашымі Івацэвічамі. Сяду, звычайна, на невысокую мармуровую агароджу магілы і заводжу з ім, нябожчыкам, шчырую гаворку пра наша сённяшняе жыццё-быццё. Веру: слухае ўважліва мяне мой Мікола. Падчас такіх наведванняў ужо ўвесь гэты дзень я жыву ўспамінамі пра яго. Амаль 35 гадоў доўжылася наша знаёмства. Добрыя два дзесяцігоддзі нашы шляхі-дарогі даволі часта перасякаліся. Мікола Купрэеў, гэты паэт - вандроўнік, ці, як яго іншы раз называлі, бадзяжнік, знаходзіў мяне ўсюды: у маёй роднай Быцені, калі я праводзіў там свой водпуск, у Менску, падчас маёй вучобы, у Маларыце, дзе двойчы нам давялося разам працаваць у мясцовай раёнцы. Ну і, канешне, у Івацэвічах, дзе мой пакой часта станавіўся ягоным прыстанкам на некалькі дзён, а то і на тыдзень ці больш. Няма сэнсу расказваць пра наша сяброўства падрабязна, бо яно, бадай што, нічым не адрознівалася ад сяброўства іншых людзей. Тым больш, я не бяруся аналізаваць творчасць Міколы Купрэева, лічу, што гэта - справа літаратурных крытыкаў, а не такіх дылетантаў, як я.

Спынюся хіба што на некалькіх найбольш выразных эпізодах, якія пакінулі у маёй свядомасці больш - менш глыбокі адбітак.

Упершыню я пабачыў Міколу Купрэева дзесьці ў сярэдзіне 1966-га года. Рэдакцыя івацэвіцкай раённай газеты "Кастрычнік", куды вясною таго ж года я быў запрошаны на працу ў якасці карэспандэнта мясцовага радыёвяшчання, размяшчалася тады ў аднапавярховым драўляным будынку па вуліцы Камсамольскай. І зараз перад вачыма стаіць той момант, як я праводзіў запытальным позіркам незнаёмага мне стройнага, з пышнай шавялюрай на галаве, у беласнежнай сарочцы мужчыну гадоў трыццаці, які ўпэўнена кіраваў у кабінет рэдактара Феафана Іларыёнавіча Хаванскага. А праз нейкую гадзіну да мяне падышоў адказны сакратар газеты Мікалай Радзюк і з гэткай хітрынкай у вачах запытаў, ці не жадаю я пазнаёміцца з жывым пэтам..

- Чаму ж не, - без вагання адказаў я.

- Тады бяжы па пляшку. Ды як найшпарчэй, бо хутка з'едзе вандроўнік Купрэеў, - прапанаваў Радзюк. Дарэчы, як я потым даведаўся, былы аднакурснік Купрэева па Берасцейскім педінстытуце.

Мне тады быў 21 год, перамагла юначая цікаўнасць, і я без роздуму накіраваўся ў краму, якая і пасёння стаіць на прывакзальнай плошчы і вядомая ў гараджан як дзяжурны, а цяпер яшчэ і начны магазін.

Трэба сказаць, што тады мы адчувалісябе ў рэдакцыі даволі прывольна, жылі і працавалі па прынцыпу "сделал дело - гуляй смело". Пляшку "Маскоўскай" за 2.87 утраіх мы пілі не спяшаючыся, я літаральна лавіў кожнае слова Купрэева, здзіўляючыся ягонай простасці. У той час я не мог нават дапусціць думкі, што вось гэтае выпадковае знаёмства праз некалькі гадоў выльецца ў працяглае, даўжынёю больш за тры з паловай дзесяцігоддзі, сяброўства. Шчыра прызнаюся: тыя купрэеўскія вершы, якія мне даводзілася чытаць у абласной і нашай раённай газетах, мне тады не асабліва падабаліся. Настаўнікі літаратуры на сваіх уроках засяроджвалі нас, вучняў, на тым, што ў вершах павінны быць рыфмаваныя радкі з пэўнай колькасцю націскных і ненаціскных гукаў. У Купрэева ўсё гэта зусім, або амаль зусім, адсутнічала. Нас прывучылі ў школе, так бы мовіць, да "правільных" вершаў і, відаць, не асабліва настройвалі на ўдумлівы падыход да зместу, глыбіні думкі і сапраўднай паэтычнасці вершаваных радкоў. Карэнным чынам я змяніў свае адносіны да паэтычнай творчасці Міколы Купрэева падчас армейскай с лужбы ў Гародні, калі напрыканцы 1967-га года ў адзін з зімовых дзён атрымаў ад сваёй сяброўкі Ліды Піваварчык бандэроль з невялічкай па фармату кніжачкай. Гэта быў першы вершаваны зборнік майго сябра, і меў ён назву "Непазбежнасць".

Так супала, што ў гэты самы момант аб'явілі пастраенне на пляцы вайсковай часткі (не помню ўжо з якой нагоды), і я за гадзіну-паўтары, бясконца прытупваючы задубелымі ў кірзачах нагамі, паспеў прачытаць кніжку ад першага да апошняга радка. Потым, перачытваючы вершы ўжо ў салдацкай казарме, зразумеў, што вельмі памыляўся некалі, што вершы Купрэева - гэта сапраўдная паэзія, і яна, калі не самай высокай, дык дастаткова высокай пробы.

З таго часу не аднойчы даводзілася чытаць іх маім сябрам мастакам Юрасю Камяку і Мікалаю Новікаву. Чытаў іх нам і сам Мікола - і гэта атрымоўвалася ў яго больш дакладна, узвышана і лірычна. Да болю крыўдна, што тыя нярэдкія застоллі, якія неўпрыкметку ператвараліся ў літаратурныя вечары з удзелам самога паэта, больш ніколі не паўторацца. Не, мы і пасёння бяром у рукі кніжкі "Непазбежнасць" і "Правінцыйныя фантазіі". Нешта чытаем з іх. Але, як ні сумна, ужо без аўтара гэтых кранаючых за душу вершаў.

А яшчэ мне помніцца 1983-ці год, калі ў Доме культуры райсельгастэхнікі праводзілася ўрачыстасць з нагоды 80-цігоддзя пісьменніка, нашага земляка Піліпа Пестрака. Мы з Купрэевым размясціліся на самай галёрцы, а на сцэне займалі свае месцы ў прэзідыюме кіраўнікі раёна, паэты - выхадцы з Берасцейшчыны Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Зінаіда Дудзюк, гарадзенская паэтка Данута Бічэль-Загнетава. Хваляўнічым момантам, які і па сёння стаіць перад вачыма, было з'яўленне на сцэне паэта Васіля Жуковіча. Ён унёс на руках белаазёрскую паэтэсу і перакладчыцу Ніну Мацяш, у якой не дзейнічалі ногі, і асцярожна пасадзіў яе на крэсла.

- Большасць з іх - мае некалішнія вучні, - паказваючы позіркам на прэзідыюм, ціха прамовіў тады Мікалай Сямёнавіч і дадаў, - яшчэ на старонках абласной "Зары", літкансультантам якой тады быў, я рэдагаваў і рэцэнзаваў іх вершы. А сёння ў кожнага з іх па некалькі вершаваных зборнікаў, усе - у Саюзе пісьменнікаў, а я ...

Я не адчуў у гэтых словах ні крыўды, ні жалю, і не змог прыдумаць у адказ нічога іншага, як толькі прамовіць: "І Ваша месца, Мікалай Сямёнавіч, павінна быць там, у прэзідыюме. Яны ж маладыя, а вам ужо за сорак..." На той час у Купрэева быў выдадзены толькі адзін невялічкі зборнічак "Непазбежнасць". Былі публікацыі з ацэнкай ягонай паэтычнай творчасці ў беларускім, украінскім і польскім друку, і з ацэнкай даволі высокай. Нават у нейкай кніжцы, назву якой паспеў забыць, вершы Купрэева - і я гэта добра запомніў - характарызаваліся як новы і шматабяцальны павеў у беларускай паэзіі. Нягледзячы на такія станоўчыя водгукі пра вершы Міколы Купрэева, наступны яго зборнік "Правінцыйныя фантазіі" з'явіўся на свет божы ажно праз 28 гадоў пасля першай кніжкі. Гэтая, па сутнасці, таксама невялікая кніга выклікала даволі значны рэзананс у літаратурным асяроддзі сваёй глыбінёю зместу, чысцінёй і дакладнасцю паэтычна выказаных думак. Усяго нейкіх паўсотні вершай ды невялічкая па памеру паэма "З сястрой і Уладзімірам Караткевічам на Рагачоўшчыне" былі ўспрыняты літаратарамі і чытачамі настолькі цёпла і прыймальна, што хутка кніжка "Правінцыйныя фантазіі " была вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі ў галіне паэзіі, прайшла ўсе падкамісіі і камісіі, і вестка пра гэта была загадзя агучана ў некаторых берасцейскіх і дзвюх івацэвіцкіх газетах - "Івацэвіцкі веснік" і "Газета для вас". А ў Бярэсці па ініцыятыве аблвыканкама у адным з каледжаў нават было арганізавана ўшанаванне будучага лаўрэата прэстыжнай прэміі. Але здарылася так, што прэмію гэтую па нейкім недаразуменні, хутчэй за ўсё у вышэйшых кіраўнічых колах рэспублікі, як кажуць у такіх выпадках, зарэзалі, і яе атрымаў зусім іншы чалавек. Я помню, як Мікалай Сямёнавіч ніякавата адчуваў сябе у час чарговай нашай сустрэчы, быццам спрабаваў апраўдвацца, але нікога не вінаваціў і не асабліва перажываў. Шкадаваў хіба што пра тое, што напазычаў у знаёмых пэўную суму грошай, запэўніўшы іх, што вось хутка атрымае прэмію і спаўна разлічыцца з усімі. Не буду ўтойваць: і мы з Мікалаем Сямёнавічам таксама авансам добра "замачылі" будучую прэмію - як тут не парадавацца такому поспеху. І, як потым аказалася, нездарма: Саюз пісьменнікаў хуценька прыняў рашэнне і ўручыў Міколе Купрэеву Літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова. Няхай не Дзяржаўная, а ўсё ж таксама прэмія, і даецца яна, зноў-такі, не кожнаму. Тады ж Мікалай Сямёнавіч атрыаў у Пружанах, можна сказаць, першую ў сваім жыцці кватэру з камунальнымі выгодамі - аднапакаёўку на першым паверсе ў пяціпавярховым доме, пабудаваным некалі для вайскоўцаў. Яшчэ пры жыцці Міколы Купрэева аматары яго творчасці, дзякуючы часопісу "Крыніца", змаглі пазнаёміцца і з ягонай прозай.

Тут трэба сказаць, што яшчэ некалькі гадоў да гэтага, падчас адной з нашых сяброўскіх сустрэч, Мікалай Сямёнавіч абмовіўся, што мае намер напісаць некалькі аўтабіяграфічных аповесцяў. А я ведаў, што адна з іх ужо была напісана раней, ды потым, як аднойчы прагаварыўся Купрэеў, падчас ягонай чарговай вандроўкі па чыгуначных вакзалах у яго, соннага, нейкі нягоднік сцягнуў сумку, у якой побач з дзвюмя пляшкамі таннага віна ляжаў і рукапіс. Дзве ўжо апарожненыя бутэлькі ён на раніцу пабачыў у сметніцы на выхадзе з вакзала. А вось рукапіс разам з сумкай зніклі бясследна. Потым неаднойч Мікалай Сямёнавіч згадваў мне, што збіраецца ўзяцца за "аднаўленне" "уваскрэсенне" згубленай аповесці, але гэтаму было суджана збыцца толькі ў 1994 годзе, пасля таго, як аповесць "Дзіцячыя гульні пасля вайны" з лёгкай рукі пісьменніка Леаніда Галубовіча была надрукавана ў часопісе "Крыніца", за ёю нібы з таго "рога дастатку", пасыпаліся новыя празаічныя творы. Пяць з іх і склалі першую кнігу прозы Купрэева "Палеская элегія", якая сёння ўпрыгожвае маю хатнюю бібліятэку і якую, на вялікі жаль, не пабачыў і ўжо ніколі не патрымае ў руках яе аўтар. Паўтаруся: я - не літаратуразнаўца, але калі чытаў аповесці яшчэ ў часопісным варыянце, атрымліваў вялікую асалоду. Купрэеўская проза - не проста проза, а паэзія ў прозе. Даволі цяжка прасачыць у ёй сюжэт, мо яшчэ цяжэй пераказаць змест, затое чытаецца коджная з аповесцяў нібы лірычная паэма, ад якой цяжка адарвацца і немагчыма перадыхнуць. Дарэчы, у часы нашай сумеснай працы ў маларыцкай раёнцы я заўважыў, што звычайныя газетныя артыкулы Мікалай Сямёнавіча, якія б тэмы яны не закраналі, істотна адрозніваліся ад нашых зноў жа сваёй паэтычнасцю, гэткай лірычнай пявучасцю. Талент ёсць талент, і тут, як кажуць, нічога не папішаш.

Успаміны, успаміны... Яны сапраўды бываюць рознымі. Светлымі, але часта і перапоўненымі смуткам незваротнай страты нечага асабліва блізкага і дарагога, без чаго асірацелай адчувае сябе душа. У апошні раз мы пабачыліся з Мікалаем Сямёнавічам у бальніцы для састарэлых і інвалідаў у Лясной, што пад Баранавічамі, куды адвезлі яго, ужо зусім знямоглага з Пружанаў, і куды я паехаў адразу ж, як даведаўся пра гэта, са сваёй васьмігадовай дачкой Юляй, якую вельмі любіў Мікалай Сямёнавіч і заўсёды адорваў пачастункамі і падарункамі. Прывезлі мы тады вялікую звязку бананаў. Бо, як сказала мне ягоная сястра Валянціна Сямёнаўна, больш нічога ён есці не мог. І не толькі таму, што амаль не меў зубоў, а ўжо таму, што не меў сілы перажаваць нешта іншае.

Мікалая Сямёнавіча мы пазналі з цяжкасцю: глыбока запалыя вочы, жоўты колер твару і аголеных рук сведчылі, што ён знаходзіццца ў вельмі цяжкім, калі не сказаць крытычным стане. Нас з дачкою не пазнаў, гаварыў невыразна, паўтараючыся бясконца пра нейкую пападдзю і пры гэтым ледзь чутна смеючыся. І тады мною авалодала авантурная думка. Я пакінуў палату, знайшоў медсястру і папрасіў у яе дазволу прынесці бутэлечку віна, спаслаўшыся на тое, што Мікалай Сямёнавіч рэдка калі не спажываў яго. Я мог бы зрабіць гэта і без дазволу, але стан Купрэева стрымліваў мяне ад такой рызыкі. Медсястра крыху падумала і дазволіла мне пачаставаць хворага віном. Праўда, тут жа папярэдзіла: толькі не больш за сто грамаў.

Я хуценька збегаў у мясцовую краму, узяў паўлітэрку нейкага чырвонага віна і кавалачак варанай, у разліку на яе мяккасць, каўбасы. Ужо ў палаце наліў Мікалаю Сямёнавічу стограмоўку, затым - аднаногаму суседу па ложку. Літаральна праз некалькі хвілін мой сябар нібы ажыў, вочы яго засвяціліся вясёлымі агеньчыкамі і ён запатрабаваў наліць яшчэ. І я напоўніў стограмоўку. Дапамог яму данесці яе да вуснаў. Хутка Мікалай Сямёнавіч зачырванеў яшчэ больш, паспрабаваў нават узняцца з падушкі, але гэта аказалася яму не пад сілу.

- Мікалай Сямёнавіч. Цяпер вы пазнаеце, хто перад вамі? - гучна запытаўся я.

- Коля Рымач, - пачуў у адказ.

-А гэта хто? - паказваю на дачку.

- Юлечка! - з усмешкай, той самай, якая была ўласціва яму, калі быў здаровым, амаль не ўсклікнуў ён.

Не стану ўтойваць: удваіх мы дапілі рэшту бутэлькі. Мікалай Сямёнавіч ажыў па-сапраўднаму і пачаў патрабаваць, каб прынёс яшчэ. Я, канешне, не пагадзіўся, але паабяцаў, што ў наступныя выхадныя прыеду з сябрамі і мы абавязкова прывязём яму віна. А цяпер, маўляў, ані-ні, нельга дый на электрычку надышоў нам час ісці.

Мы сапраўды паспяшаліся з Юляй на цягнік, маючы цвёрды намер праз тыдзень зноў наведаць бальніцу ў Лясной. Але праз тыдзень наша паездка па нейкай прычыне не атрымалася, а яшчэ праз некалькі дзён Мікалая Сямёнавіча не стала. Гэта здарылася 19 верасня 2004 года, на 68-м годзе жыцця.

Сёння пра нябожчыка не-не дый можна пачуць: вось, маўляў, каб не залішне захапляўся ён спіртовымі напоямі, дык напісаў бы нашмат больш і вершаў, і аповесцяў. А мне ўвесь час падаецца, што магло быць і наадварот, і што Мікола Купрэеў напісаў роўна столькі, колькі яму было адведзена напісаць лёсам і Богам. Сёння, праз сем гадоў пасля ягонай смерці, не-не дый адольвае боль ад таго, што няма ўжо побач Мікалая Сямёнавіча. І гэты боль, памножаны на пранізваючую ўсё цела і свядомасць думку, што ўжо ніколі не пачую ягонага хрыплавата-мяккага голасу, не пабачу ягонай па-дзіцячаму шчырай усмешкі, у рэшце рэшт, не ўзніму з ім той жа шклянкі віна, якое было неад'емнай часткай кожнай нашай сустрэчы, робіцца асабліва нясцерпным. Асабліва я адчуваю гэта, наведваючы міхнавіцкія могілкі, дзе па помніку-камені з высечаным барэльефам пісьменніка, ягоны прозвішчам і гадамі нараджэння і смерці значацца словы апошняга радка аднаго з яго выдатных вершаў, якім адкрываеццца самая першая кніжка паэта: "О, як многа хацеў вам сказаць!" .

Мікола Купрэеў, напэўна ж, не выказаў усяго таго, што хавалася ў ягонай лірычна-тонкай душы, але ўсё ж многае паспеў нам сказаць. І сказанае, як і напісанае ім, засталося нам, жывым, застанецца і нашым нашчадкам.

Вось гэта і супакойвае.

Мікалай Рымач ,г. Івацэвічы.


"Веснаход" у Траецкім

"Ноч музеяў" у Літаратурным музеі М. Багдановіча прайшла пад знакам вясновай, поўнай прагі зменаў танальнасці. У межах акцыі "Веснаход" адбылася прэзентацыя мастацка-дакументальнай выстаўкі "Максім Багдановіч і Зоська Верас. Нечужыя людзі…", якую адкрыла загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ірына Мышкавец. Галоўным экспанатам выстаўкі стаў невялікі лісток, напісаны Максімам да Людвікі пад час гульні ў "пошту". Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіву-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка выказала ўпэўненасць, што адрамантаваныя залы музея М. Багдановіча ўбачаць яшчэ не адну выставу, наладжаную сумеснымі намаганнямі двух устаноў. Адкрыццё выставы прайшло пад цікавую музычна-танцавальную праграму, прадстаўленую этнасуполкай пад кіраўніцтвам Таццяны Пладуновай з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.

Пры падтрымцы цэнтра японскай культуры ў Менску гасцям свята была прадстаўлена магчымасць пачуць М. Багдановіча ў перакладзе на японскую мову і бліжэй пазнаёміцца з культурай Японіі.

На працягу вечара дарослыя разам з дзеткамі маглі паўдзельнічаць у інтэрактыўных праграмах "Дотык траўня" і "Фарбы траўня": ажыццявіць падарожжа ў чароўны свет вобразаў Максіма Багдановіча, памаляваць крэйдай на пляцоўцы каля музея, упрыгожыць сябе бодзі-арт малюнкам, зрабіць на памяць вясновую аплікацыю.

Завяршылася "Ноч музеяў" канцэртнай праграмай "Навальніца вясны".

Мікола Ліннік, г. Менск.

На здымках: 1. Валошка ад Ганны Запартыкі.. 2. М. Тацумі выконвае пераклад вершаў М. Багдановіча (здымак Э. Олінай). 3. Запіска М. Багдановіча да Зоські Верас. 4. Прамаўляе Ірына Мушкавец.


Выстава з Літвы

З 17 траўня па 28 жніўня 2012 г. упершыню ў Менску разгорнута выстава са збору Нацыянальнага музея Літвы "Палац вялікіх князёў літоўскіх" . Экспанаванне выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь арганізавана дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі JTI. Адкрыццё выставы адбылося напярэдадні Міжнароднага дня музеяў. У адкрыцці выставы ўзялі ўдзел намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас, намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Гаўрылава, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Ніна Калымага, дырэктар Нацыянальнага музея Палаца вялікіх князёў літоўскіх Відас Далінскас, куратар выстаўкі Далюс Авіжыніс, дырэктар кампаніі JTI Генадзь Бруснікаў.

Экспазіцыя прысвечана гісторыі палаца, жыццю і дзейнасці вялікіх князёў літоўскіх. На выставе прадстаўлены ўнікальныя ўзоры мэблі, прадметы побыту і хатняга ўжытку, габелены XVI-XVII cтст., вырабы керамічнага промыслу XIV-XIX стст., рэдкія ўзоры даспехаў, зброі, картаграфіі і атрыбутыкі часоў існавання Вялікага Княства Ліітоўскага.

Нацыянальны музей "Палац вялікіх князёў літоўскіх" адчынены менш, чым тры гады назад - 6 ліпеня 2009 года. Адноўлены палац павінен стаць сімвалам шматвекавой традыцыі літоўскай дзяржаўнасці, значным абъектам гістарычнай памяці для ўсіх нацый рэгіёну - пераемнікаў спадчыны Вялікага Княства Літоўскага - беларусаў, літоўцаў, палякаў, украінцаў, габрэяў, рускіх, латышоў і іншых нацыянальнасцяў, што супольна пражывалі на тэрыторыі ВКЛ.

Выстава дае магчымасць спрычыніцца да нашай спадчыны, што засталася па-за межамі краіны, нікуды не выязджаючы. Трэба падзякаваць нашым літоўскім сябрам за такую магчымасць. І за павагу да нашай мовы, таму што і спадар пасол, і дырэктар музея выступалі на беларускай мове.

Мікола Ліннік, г. Менск.

На здымках: 1. Вітас Далінскас. 2. Ніна Калымага.


Успаміны Марыі Сагановіч

Трапіліся мне ў "Акадэмкнізе" раней не вядомыя ўспаміны Марыі Сагановіч (1898 - 1995). Кніга называецца "Мае ўспаміны" і мае наклад 500 асобнікаў. Зроблена з густам, мае шмат фотаздымкаў. У ёй адлюстравалася сямейная гісторыя пачатку ХХ стагоддзя: штодзённае жыццё на Наваградчыне, падзеі Першай Сусветнай вайны, бежанства і побыт на Смаленшчыне. Навуковае рэдагаванне і прадмову да кнігі зрабіла кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры паліталогіі і гуманітарных дысцыплін Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва Наталля Гардзіенка. Каментары зрабіла Ірына Шахоўская.

Лагічным працягам тэксту кнігі выступаюць згадкі пра народныя звычаі, рэцэпты традыцыйнай беларускай кухні і запісы песень.

Кніга адрасавана гісторыкам, мовазнаўцам, этнографам, краязнаўцам і ўсім аматарам беларускай гісторыі і культуры. Трэба адзначыць, што кніга добра распрадаецца ў кнігарнях сталіцы.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX