НАША СЛОВА № 23 (1070) 6 чэрвеня 2012 г.
ТБМ просіць захаваць акадэмічны Інстытут беларускай мовы і літаратуры
Сп. У.У. Макею,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38
Аб захаванні акадэмічнага Інстытута мовы і літаратуры
Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!
Таварыства беларускай мовы вельмі непакоіць той факт, што згодна з пастановай прэзідыюма НАН Беларусі ад 28 красавіка 2012г., акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы далучаецца да акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ), а потым на іх базе будзе створаны Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Айчынныя і замежныя моваведы і літаратуразнаўцы непакояцца тым, што як асобная навуковая ўстанова ў нашай краіне знікне акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры, які займаецца фундаментальнымі даследаваннямі ў галіне беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства. Спецыялістамі вышэйназванага інстытута падрыхтавана і выдадзена шмат грунтоўных знакавых прац, у тым ліку этымалагічны і гістарычны слоўнікі, Атлас беларускай мовы, Дыялектны атлас беларускай мовы і іншыя.
Супрацоўнікі інстытута кваліфікавана вырашаюць грамадска значныя пытанні, звязаныя з геаграфічнымі назвамі, імёнамі і прозвішчамі людзей, выступаюць у якасці кампетэнтных кансультантаў для многіх дзяржаўных арганізацый, а таксама для ўсіх грамадзян краіны ў розных сродках масавай інфармацыі. Толькі ў інстытуце ёсць спецыялісты, якія могуць вырашаць пытанні, звязаныя з блытанінай імёнаў і прозвішчаў у афіцыйных дакументах, найперш у пашпартах.
Хацелася б ведаць, каму прыйшла ў галаву думка ліквідаваць адзіную ў нашай краіне навуковую ўстанову, якая аказвае сур'ёзную навуковую падтрымку шматлікім установам культуры і адукацыі. Да прыкладу, у суседніх краінах Расіі і Украіне дзейнічаюць па некалькі ўстаноў такога кірунку. Нават у цяжкія пасляваенныя гады ў нас існавалі асобныя інстытуты мовы і літаратуры ў складзе АН БССР. Не выпадкова віца-прэзідэнтам АН БССР быў класік беларускай літаратуры Якуб Колас, чарговы юбілей якога наша краіна святкуе сёлета.
Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!
Мы спадзяёмся, што з тэкстам нашага ліста азнаёміцца з Вашай дапамогай Кіраўнік нашай краіны, і будзе знойдзена магчымасць захаваць акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа як асобную структуру НАН Беларусі.
З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Сакратарыят ТБМ заклікае грамадзян і грамадскія арганізацыі Беларусі звяртацца з аналагічнымі лістамі па тым жа адрасе.
Пашырым нашу мову ў нашых школах
Зварот Сакратарыяту ТБМ
Шаноўныя бацькі і дзеці!
Давайце сёлета, у юбілейны год класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка пашырым выкарыстанне беларускай мовы ў нашых школах і падтрымаем прапанову Міністра адукацыі Беларусі, каб ва ўсіх школах нашай краіны з верасня гэтага года вярнуцца да выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі на дзяржаўнай беларускай мове.
Мы заклікаем Вас звяртацца да дырэктароў школ з пісьмовымі заявамі аб пераходзе з 1 верасня на вывучэнне гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску і аб забеспячэнні вучняў неабходнымі падручнікамі і іншымі вучэбнымі дапаможнікамі.
Прынята на Сакратарыяце ТБМ 31 траўня 2012 г.
Дарагія сябры!
Калі Вы хочаце азнаёміцца з дзейнасцю ТБМ і яго рэгіянальных арганізацый, даведацца пра распаўсюджанне беларускай мовы ў розных сферах жыцця нашай краіны, запрашаем наведаць партал ТБМ tbm-mova.by, і Вы далучыцеся да тых 20000, якія там ужо пабывалі.
ПОЛАЦКУ - 1150
З 24 траўня распачаліся святкаванні з нагоды 1150-годдзя Полацка. Начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Алена Астапава распавяла, што ў чацвер, 24 траўня, у новым мікрараёне "Аэрадром" старадаўняга горада адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка дойліду Іаану - заснавальніку полацкай архітэктурнай школы, які па загадзе Ефрасінні Полацкай узвёў у XII стагоддзі Спаса-Праабражэнскі храм. Аўтар помніка - ураджэнец Віцебшчыны Уладзімір Шапо, вучань Фелікса Гумена. Помнік выраблены за сродкі гарадскіх будаўнічых арганізацый. Старадаўняя полацкая традыцыя - арганічнае спалучэнне старадаўняй і сучаснай архітэктуры - займела чарговы працяг.
А афіцыйнае адкрыццё юбілейных мерапрыемстваў з удзелам шматлікіх гасцей адбылося 25 траўня. Па рашэнні мясцовых улад, гэты дзень у Полацку быў абвешчаны выхадным. Як распавяла Алена Астапава, толькі ў старце святаў пад назвай "Гімн Полацку - бацьку гарадоў беларускіх" прыняло ўдзел паўтары тысячы выканаўцаў з краіны, вобласці, раёна і горада.
- Гэта дата знамянальная не толькі для палачан. Яна выклікае глыбокае пачуццё нацыянальнага гонару ў сэрцы кожнага беларуса. Шанаванне слаўных старонак летапісу свайго народа - аснова патрыятызму і грамадзянскасці людзей. Як карані сілкуюць і надаюць устойлівасць дрэву, так і гістарычнае мінулае, павага да дзеянняў продкаў узвышаюць і акультурваюць чалавека, фармуюць і ўмацоўваюць нацыю, - сказаў Прэзідэнт А. Лукашэнка, які наведаў урачыстасці.
Святочная дзея разгарнулася на шасці канцэртна-забаўляльных і гандлёвых пляцоўках. А на плошчы Свабоды адбылося шанаванне лепшых у прафесіі гараджан, прайшлі канцэртныя імпрэзы. Выступілі Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", арт-група "Беларусы"… Ля помніка Сімяёну Полацкаму адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя Году кнігі.
Урачыстыя мерапрыемствы доўжыліся да 5 чэрвеня, але свята 1150-годдзя Полацка гэтым не закончылася. Свята працягваецца, як і слаўная гісторыя града Рагвалодава Полацка.
Наш кар.
Беларуская мова вяртаецца ў беларускі парламент
31 траўня на сесіі Палаты прадстаўнікоў адно з дзесяці пытанняў, вынесеных на галасаванне, вырашылі абмяркоўваць па-беларуску.
Наогул у вярхах мову пачуеш не часта. Вось і паседжанні парламента ў нас у краіне праходзяць на рускай. Але нечакана ў чацвер адно з дзесяці пытанняў, вынесеных на галасаванне, вырашылі абмяркоўваць па-беларуску. Спачатку даклад на вельмі добрай мове зачытаў першы намеснік старшыні Мытнага камітэта Сяргей Радненка, затым і дэпутаты пачалі задаваць яму па-беларуску пытанні. А напрыканцы спікер "падзякаваў" усім тым, хто ўдзельнічаў у абмеркаванні.
- Гэта, можа, новая палітыка Мытнага камітэта? Ці парламента? - пацікавілася "КП" у Сяргея Валянцінавіча.
- А што тут такога? Мы жывём у Беларусі, трэба часам і па-беларуску гаварыць. Не, гэта не прынцыповая пазіцыя Мытнага камітэта ці дэпутатаў. Проста мы разам з парламентарыямі вырашылі так зрабіць.
- А ў жыцці вы па-беларуску размаўляеце?
- Калі толькі "патрэбна", а так - не.
- Дык можа, са слоўнікам да дакладу прыйшлося рыхтавацца?
- Не, вядома, я ж заканчаў беларускую школу.
Ўльяна БАБАЕД, "Камсамольская праўда".
СЛОЎНІК ДОБРЫ, АЛЕ НЕ НАДТА...
На пачатку 1999 года быў апублікаваны акадэмічны праект новай рэдакцыі "Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". А ў кастрычніку гэтага ж года "Настаўніцкая газета" змясціла інтэрв'ю з дырэктарам Інстытута мовазнаўства акадэмікам А.І. Падлужным, пад кіраўніцтвам якога ажыццяўляўся праект новага правапісу. Аляксандр Іосіфавіч выказваў спадзяванне, што да сярэдзіны 2000 года будзе адпаведная ўрадавая пастанова аб увядзенні ў дзеянне абноўленых правілаў, а да канца года плануецца перавыдаць папраўлены і дапоўнены акадэмічны "Слоўнік беларускай мовы". Але толькі праз 10 гадоў, з 1-га верасня 2010 года, уступіў у сілу Закон "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", а памянёны вышэй "Слоўнік" толькі зусім нядаўна, у траўні, паступіў у продаж. Ужо гэты факт такога стаўлення да беларускай мовы на дзяржаўным узроўні пра многае гаворыць сам за сябе.
"Слоўнік беларускай мовы" (2012; 916 с.; 3000 экз.) з'яўляецца нарматыўным даведнікам і разлічаны на ўсіх, хто практычна карыстаецца беларускай пісьмовай мовай. Ён значна адрозніваецца ад свайго папярэдніка, які выйшаў у 1987 г. і змяшчаў 118 тысяч слоў. У новым выданні - каля 150 тысяч лексічных адзінак з неабходнымі звесткамі пра іх напісанне, месца націску, формы скланення і спражэння, напрыклад:
бунтар -ра, -ру, -роў.
глядзець незак., -джу, -дзіш, -дзіць, -дзім, гледзіце, глядзяць.
У папярэднім слоўніку (1987 г.) падаваліся нормы не толькі арфаграфічныя, акцэнтуацыйныя, словазмяняльныя, але і арфаэпічныя (вымаўленчыя); скажам, для прыметніка гарадскі паказвалася ў квадратных дужках вымаўленне той часткі гэтага слова, якая адрозніваецца ад напісання: [цк]; або: цвет [цьве], мазгі [з выбухным г], вакзал [ гз - з выбухным г]. На жаль, у новым выданні (2012 г.) не падаюць інфармацыю аб вымаўленні і матывуюць гэта тым, што "асноўнай задачай слоўніка з'яўляецца захаванне адзінства пісьмовай беларускай мовы".
Новае выданне не толькі папоўнілася больш як 30-цю тысячамі слоў, але ў яго ўнесены і шматлікія змены ў нормы пэўных слоў або спалучэнняў. Напрыклад, трохзначны акалічнасны выраз на дзіва цяпер рэкамендуецца пісаць не як прыслоўе ( надзіва), а ў два словы (як у рускай і ўкраінскай мовах). Нормай для назоўніка дыялог у родным склоне адзіночнага ліку цяпер узаконены канчатак -у ( дыялогу). Месца націску ў словах неапраўд аны, габляв аны замацоўваецца на суфіксе -ан- (замест ранейшых варыянтаў: неапр аўданы, неапраўд аны, габл ёваны, габляв аны).
Лічыцца, што назоўнік водар прыйшоў да нас з польскай мовы ( odоr), куды ён трапіў з лацінскай мовы ( odor). Адбыліся і семантычныя змены: у лацінскай мове ён абазначаў проста 'пах', у польскай - 'непрыемны пах, смурод', у беларускай - 'прыемны пах, духмянасць'. Акадэмічны "Беларуска-рускі слоўнік" і "Арфаграфічны слоўнік" М. Лобана і М. Судніка рэкамендавалі пісаць гэты назоўнік і вытворны ад яго прыметнік водарны праз "а" пасля "д". У некаторых іншых сучасных слоўніках дапускаецца дваякае напісанне і вымаўленне: водар і водыр, водарны і водырны. Думаецца, варта вярнуцца да адзінай нормы гэтых слоў, бо ў сучасным друку яны, як правіла, пішуцца праз "а" пасля "д". Улічваючы сучасную маўленчую практыку, трэба было б уніфікаваць і такія дваякія напісанні, як мачаха і мачыха, зарава і зарыва - на карысць першага варыянта ў гэтых парах.
Але ўся бяда ў тым, што складальнікі "Слоўніка беларускай мовы" не мелі пад рукамі абноўленай і папоўненай шматмільённай фундаментальнай картатэкі - як крайне неабходнай матэрыяльнай асновы даведніка. Сорамна і прыкра казаць пра гэта, але мусіш: пачынаючы з сярэдзіны 80-х гадоў, пасля таго як закончылася выданне пяцітомнага "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы", у акадэмічным Інстытуце мовазнаўства перасталі папаўняць картатэку. З таго часу ні франтальнага, ні выбарачнага распісвання сучаснай беларускай літаратуры не робіцца.
Таму даводзіцца здзіўляцца, на якой падставе ў новым "Слоўніку" асобныя словы даюцца неяк інакш, чым было ў выданні 1987 г. Да прыкладу, у СБМ-87 падаваліся як тры варыянты аднаго слова: іржаны і ржаны, часцей аржаны. У СБМ-12 на сваіх алфавітных месцах змешчаны не як варыянты, а як самастойныя словы аржаны, іржаны, а ржаны зусім адсутнічае. Гэтак жа, не як варыянты, а як асобныя лексічныя адзінкі, пададзены, напрыклад, такія словы: з агарадка, загар адка; запл еснець, заплясн ець; завербав аны, завярб ованы; зац енены, зацян ёны; п огаласка, пагал оска; мышленне, мысленне. З другога боку, у абодвух слоўніках аднолькава даюцца, скажам, тры варыянты аднаго назоўніка: к амфара, камф ара, камфар а; або: сутарга і сударга.
Значная колькасць новых слоў, якія не адлюстроўваліся ў ранейшых слоўніках і якімі папоўніўся новы СБМ-12, узяты, зразумела, не з картатэкі, а, як сказана ў "Прадмове", з "Граматычнага слоўніка дзеяслова" (2007), "Граматычнага слоўніка назоўніка" (2008), "Граматычнага слоўніка прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя" (2009), "Слоўніка новых слоў беларускай мовы" (2009).
Шмат якія новыя словы, змешчаныя ў даведніку, належаць да спецыяльнай лексікі, г.зн. ужываюцца толькі ў пэўных галінах навукі, тэхнікі, мастацтва. Напрыклад, асноўнай часткай каля 30 слоў выступае інтэрнэт ( інтэрнэт-адрас, інтэрнэт-партал, інтэрнэт-сайт і г.д.), больш як 180 слоў пачынаецца прыстаўкай анты- ( антывірус, антыдопінг і інш.), больш за 200 слоў - часткай аўта ( аўтабан, аўтадызайн і г.д.). Пераважная большасць гэтых і падобных слоў - вузкаспецыяльныя тэрміналагізмы. Няхай сабе і яны будуць у "Слоўніку беларускай мовы". Але шкада, што ў яго не трапілі сотні іншых слоў, якія ўзніклі ў апошнія дзесяцігоддзі, сталі агульнанароднымі, шырокаўжывальнымі і апісваліся ў асобных публікацыях некаторых мовазнаўцаў або нават у тым ці іншым слоўніку апошніх гадоў.
Так, у акадэмічным "Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы" (1996) ёсць словы спадар, спадарыня, спадарства. Пра гэтыя спрадвечнабеларускія словы Р. Барадулін казаў: "Яны абсалютна арганічныя! Сваёй даўніной, паважлівым гучаннем проста цешаць слых"! Па сутнасці, сёння слова спадар - адзіная форма ветлівасці і афіцыйнага звароту ці ўпамінання - пры прозвішчы, імені або званні асобы. Аднак названых трох слоў у СБМ-12 чамусьці няма.
А. Каўрус на старонках часопіса "Роднае слова" ў 1998-2005 гг. пад загалоўкам "Словы без прапіскі: пазаслоўнікавая лексіка беларускай мовы" апісаў каля 3000 слоў, якія "не трапілі ў вялікія акадэмічныя слоўнікі". Яны сабраныя аўтарам на працягу чатырох дзесяцігоддзяў з розных крыніц беларускай літаратурнай мовы. Публікацыя гэтых некадыфікаваных слоў, як пісаў аўтар, можа паспрыяць больш актыўнаму іх увядзенню ў навуковы ўжытак, у штодзённую моўную практыку. Кожнае апісанае слова праілюстравана некалькімі пашпартызаванымі ўжываннямі. Наўрад ці складальнікі СБМ-12 прымалі пад увагу гэтыя словы, бо ў даведніку няма, напрыклад, апісанага А. Каўрусам слова паўсталы ('які паўстаў, узнік, вырас, склаўся'), праілюстраванага шасцю прыкладамі, у тым ліку і з Я. Купалы.
Няма ў СБМ-12 і, скажам, такога шырокаўжывальнага сёння слова, як перадусім, сінанімічнага са словам найперш. У дадатак да ілюстрацый, прыведзеных А. Каўрусам, тут можна было б падаць яшчэ шэраг ужыванняў гэтага слова ў творах У. Дубоўкі, М. Танка, У. Калесніка, М. Мушынскага, Н. Гілевіча.
Прывядзем яшчэ толькі некалькі "слоў без прапіскі", якія так і не трапілі ў СБМ-12: дасканаліць (тое, што і ўдасканальваць), журбаваць ( 'журыцца, сумаваць'), замежнік ( 'іншаземец, іншакраінец'), паспаліты ( 'звычайны, просты'), пошар ( 'сухі корм жывёле'), смутлівы ( 'журботны, маркотны'), фазэнда ( 'дача, лецішча').
На сумежжы двух тысячагоддзяў і я таксама апублікаваў каля 200 новых слоў - у часопісах "Маладосць", "Роднае слова", у кніжках "У слоўнікавую скарбонку", "Чаму мы так гаворым". Абсалютная большасць гэтых слоў не трапіла ў СБМ-12.
Тады ў маёй картатэцы было 14 ужыванняў прыслоўя прылюдна, што значыць 'у прысутнасці людзей' - у творах Н. Гілевіча, Г. Далідовіча, І. Шамякіна, М. Воранава, Л. Галубовіча і інш. А, відаць, самае ранняе ўжыванне належыць В. Ластоўскаму, які ў 1913 г. пісаў: "… я прылюдна на ўвесь свет крычу…" Ёсць слова прылюдна і ва ўкраінскай мове. Як бачым, месца гэтага прыслоўя ў тлумачальных і іншых слоўніках беларускай літаратурнай мовы - неаспрэчнае. Павінен падавацца ў слоўніках і прыметнік прылюдны, утвораны на аснове прыслоўя. Амаль тое самае варта сказаць пра прыслоўе прынародна і прыметнік прынародны.
У СБМ-12 падаюцца толькі два словы, утвораныя ад назоўніка бомж: бамжаваць, бамжатнік. На самай справе іх значна больш: бамжыха, бомжык, бамжатня, бамжоўства, бамжоў (прыметнік), бамжацкі, бамжоўскі, бамжаваты, забамжаваць.
У паэме Я. Купалы "Курган" сустракаем слова пакрыёма: "Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей і пракляцце расло пакрыёма". Паэт стварыў яго на аснове польскага спалучэння po kryiomu, якое абазначае 'ўпотай, непрыкметна для іншых'. Гэта слова апошнім часам стала актыўна ўжывацца ў літаратурнай мове і варта таго, каб трапіць у нарматыўныя слоўнікі. У адной публікацыі я прыводзіў 9 прыкладаў яго выкарыстання іншымі аўтарамі (Н. Гілевіч, С. Яновіч, У. Арлоў, П. Місько, К. Жук і інш.). Ёсць і прыметнік пакрыёмны.
Няма ў СБМ-12 і назоўніка перакінчык ('той, хто перакінуўся на бок праціўніка, стаў яго прыхільнікам ці хаўруснікам; здраднік'). Часам у друку лічаць гэта слова наватворам Я. Купалы, які выкарыстаў яго ў артыкуле "А ўсё ж такі мы жывём!" (1914). Але гэта не так. Яшчэ раней, у 1911 г., В. Ластоўскі пісаў: "Бадай толькі адны перакінчыкі-беларусы крыва глядзелі на беларушчыну". Неаднойчы ўжылі гэта слова Я. Лёсік, А. Гарун, ужываюць і некаторыя сучасныя аўтары. Несумненна, гэты назоўнік варты ўвагі лексікографаў, тым больш што ён не страціў сваёй актуальнасці. А паходзіць ён з украінскай мовы ( перекинчик), дзе фіксуецца ў слоўніках як звычайнае нарматыўнае слова, праўда, з паметай "размоўнае".
У СБМ-12 даюцца словы накшталт і кшталтам. А між тым у друку апошніх дзесяцігоддзяў вельмі актывізавалася слова кшталту, якое выкарыстоўваецца ў трох розных значэннях. Па-першае, са значэннем прыназоўніка накшталт: "Цяперашні саюз пісьменнікаў - нешта кшалту арцелі з малымі правамі і абавязкамі" (Р. Барадулін). Па-другое, як назоўнік у форме роднага склону са значэннем 'тыпу, узору': "Арганізацыя такога кшталту так і не з'явілася" ("ЛіМ"). Па-трэцяе, як назоўнік у сэнсе 'ўзроўню': "Паэзія тут самага высокага мастакоўскага кшталту" (А. Марціновіч).
Далей прывядзем толькі некалькі з сотняў нядаўна ўзніклых і сёння шырокаўжывальных слоў, якія па невядомых прычынах не падаюцца ў СБМ-12: аб'ягорыць, адрознасць, атрымоўвацца, атрымоўваць, вальтануты, вальтануцца, велікоднічаць, вертыкальшчык, вялікдзень, выказ, гамон, грабавыя, дземянцееўка (тое самае, што трасянка), дэмакратызатар, дэмбель, дэмбельскі, зацемка, землятрус, майно, манкурцтва, мент, мянтоўскі, накірунак, напрыканцы, нататнік, параза, прыпавесць, прыхватызаваць, савок ('чалавек, выхаваны ва ўмовах савецкага таталітарызму'), саўковы, саўковасць, сексот, сексоцкі, стукацтва, стукач, стукачка, суразмоўца, сярэднявечны, сярэднявечча, тамсама, тамтэйшы, узаеміны, хваласпеў, хваласпеўны, хмарачос, хрушчоўка, хунвэйбін, членавоз ('браніраваны легкавы аўтамабіль, якім карыстаюца найвышэйшыя кіраўнічыя асобы'), шараговы, шараговец.
Часам у СБМ-12 не знойдзеш не толькі якога-небудзь не так даўно ўзніклага слова, але і спрадвечнага. Так, няма слоў шэсцьдзясят, біблеізм. Няма назоўніка воран, хоць гэта слова - агульнаславянскае, ужываецца ва ўсіх славянскіх мовах, апісваецца ў "Гістарычным слоўніку беларускай мовы". Выкарыстанне гэтага слова ў беларускай літаратурнай мове можна пацвердзіць болей як 30 прыкладамі з твораў К. Крапівы, М. Танка, М. Лужаніна, У. Караткевіча, У. Паўлава, Г. Бураўкіна, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна, Я. Сіпакова, Л. Геніюш, С. Гаўрусёва і інш. Ёсць гэта слова ў складзе прыказкі Воран ворану вока не выклюе (яе ў такой форме выкарысталі В. Дунін-Марцінкевіч, А. Якімовіч, В. Быкаў, У. Казбярук, С. Александровіч), у складзе фразеалагізма чорны воран (ёсць у творах В. Быкава, І. Новікава, В. Хомчанкі, І. Шамякіна і г.д.).
З другога боку, іншы раз у СБМ-12 змяшчаюцца словы, якіх насамрэч няма ў нашай мове. На с. 900 ёсць слова шутка, якое ў ТСБМ (т 5, кн. 2, с. 414) растлумачана як 'тое, што і жарт' і праілюстравана прыкладамі з твораў Я. Коласа, М. Танка, Ц. Гартнага. Але, як паказаў А. Каўрус у кнізе "Да свайго слова" (2011, с. 286-288), у цытаце з Я. Коласа слова шуткі ўжыта ў значэнні 'авечкі', а ў арыгіналах цытат з М. Танка і Ц. Гартнага было не шутка, а штука. А. Каўрус піша: "Ніхто не застрахаваны ад памылак. Ды ўсё ж цяжка знайсці апраўданне такім сур'ёзным хібам, якія дапусцілі мовазнаўцы".
Яшчэ прыклад. У СБМ-12 (с. 129) памылкова даецца прыметнік бязлобы, перанесены з ТСБМ (т. 1, с. 439). Пра тое, што такога прыметніка няма ў нашай мове, як і ў іншых мовах, а ў адзінай ілюстрацыі, узятай з апавядання Я. Брыля "Галя", ён на сваім месцы і яго ўжыванне там матываванае, апраўданае, - гл. падрабязна ў маёй кнізе "Лінгвістычны аналіз тэксту" (2009, с. 68).
У СБМ-12 (с. 873) даецца слова хутчэй з паметай "прыслоўе". Такое ўжыванне слова хутчэй (як вышэйшай ступені да слова хутка) можна пацвердзіць прыкладамі: "Хацелася хутчэй падзяліцца з ёй навінамі" (П. Місько); "Дзе ты? Хутчэй адгукніся!" (М. Шабановіч). Але ж у нашай мове ёсць яшчэ адно хутчэй - мадальнае слова, якое ўжываецца толькі ў ролі пабочнага кампанента са значэннем 'найбольш верагодна': "Сітуацыя ўзята для ваенных часоў не выключная, а, хутчэй, будзённа-простая" (Д. Бугаёў). Паміж гэтымі словамі існуюць аманімічныя адносіны. Хутчэй і хутчэй - поўныя лексіка-граматычныя амонімы, г.зн. словы, якія адносяцца да розных часцін мовы і супадаюць ў адзіна мажлівай для іх форме. Хутчэй, як і іншыя пабочныя словы, можа быць у пачатку або ў сярэдзіне сказа і аддзяляецца ці выдзяляецца ў яго структуры пры дапамозе коскі: "Міфы прыемна ўражваюць, але наўрад ці наталяюць. Хутчэй, спустошваюць" (В. Быкаў); "Я выбірала, хутчэй, разважала, дзе жыць" (Н. Маеўская).
Існаванне ў мове гэтых двух амонімаў, несумненна, павінна адлюстроўвацца ў нарматыўных слоўніках.
На с. 849 у СБМ-12 чытаем: усярэдзіне прысл., прыназ. Аналагічныя звесткі знаходзім і ў некаторых іншых беларускіх слоўніках. Выходзіць, што, паводле слоўнікаў, трэба заўсёды пісаць усярэдзіне разам, як адно слова. Але неяк рука не падымаецца напісаць, напрыклад, "усярэдзіне лета", "усярэдзіне сказа", бо тут сярэдзіна выразна ўспрымаецца як назоўнік, гэтак жа, як, скажам, у аналагічных прыкладах: у пачатку лета, у канцы лета, у пачатку сказа, у канцы сказа.
Складальнікі СБМ-12 узаконьваюць напісанне ўсярэдзіне разам, а ў "Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (2008), якія распрацоўваліся супрацоўнікамі гэтага ж акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, чытаем і здзіўляемся: у сярэдзіне слова (с. 20), у сярэдзіне запазычаных слоў (с. 21), у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа (с. 103), у сярэдзіне або ў канцы сказа (с. 104).
Няма прыназоўніка ўсярэдзіне. Ёсць назоўнік сярэдзіна і прыназоўнік у. ТСБМ падрабязнаму лексікаграфічнаму апісанню гэтага прыназоўніка адводзіць 6 старонак (т. 5, кн. 1, с. 586-591). З яго дапамогай перадаюцца 57 семантычных адносін і яшчэ вялікае мноства адценняў. Адно з яго граматычных значэнняў - гэта выражэнне прасторавых адносін. Ужываючыся з месным склонам, ён указвае на прастору або месца, у межах якіх хто-, што-небудзь знаходзіцца або што-небудзь адбываецца. Менавіта гэтыя семантычныя адносіны і бачым у спалучэнні ў сярэдзіне (лесу, хаты, пакоя, слова, сказа і г.д.).
У часопісе "Роднае слова" (2002, № 11) я апублікаваў артыкул "Усярэдзіне - прыслоўе і прыназоўнік?" Тут больш-менш падрабязна разгледжана гэта пытанне. Гаворыцца і пра тое, адкуль з'явілася ў слоўніках гэтае прыназоўнікавае значэнне. Хутчэй за ўсё, у выніку перакладу рускіх посреди, посредине, якія сапраўды выступаюць то як прыслоўе, то як прыназоўнік. "Руска-беларускі слоўнік" дае такія адпаведнікі згаданых слоў: прыслоўе пасярэдзіне і прыназоўнікі з родным склонам сярод (каго-чаго), пасярод (каго-чаго), пасярэдзіне (каго-чаго). А ў "Беларуска-рускім слоўніку" адпаведнікам рускіх посреди, посредине, внутри ўжо выступае ўсярэдзіне (як прыслоўе і як прыназоўнік з родным склонам). Пасля гэтае нібыта двухзначнае ўсярэдзіне перайшло і ў іншыя акадэмічныя слоўнікі.
Амаль усе мы прывыклі ставіцца з вялікай пашанай да філалагічных слоўнікаў як да нашых сяброў і надзейных памочнікаў. Але, як было паказана вышэй, часам можа надарыцца, што яны не заўсёды садзейнічаюць культуры маўлення.
Іван Лепешаў, доктар філалагічных навук
Адказ Міністэрства адукацыі
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны "
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш зварот аб выданні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Паведамляем наступнае.
Вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі забяспечаны нацыянальнымі падручнікамі на беларускай мове. У адпаведнасці з Планам выпуску падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў 2011 годзе было выдадзена 31 найменне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання агульным тыражом 469 963 экз.
Вучэбны дапаможнік "Інфарматыка. 6 клас" для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе перавыдавацца пасля заканчэння тэрміну фандавання ў 2014 годзе на беларускай і рускай мовах у адпаведнасці з Перспектыўным планам падрыхтоўкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на 2010 - 2015 гады (далей - Перспектыўны план).
Акрамя таго, пацвярджаем, што вучэбныя дапаможнікі "Англійская мова. 10 клас" аўтараў Н.В. Юхнель і інш., "Нямецкая мова. 10 клас" аўтараў А.П. Будзько, І.Ю. Урбановіч для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання былі выдадзены ў 2011 годзе і размеркаваны ў адпаведнасці з заказамі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.
У адпаведнасці з Перспектыўным планам з 2012 года запланавана выданне вучэбных дапаможнікаў па французскай, іспанскай, кітайскай мовах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання.
Да 2012/2013 навучальнага года падрыхтаваны і будуць выдадзены вучэбныя дапаможнікі па нямецкай, англійскай, французскай і іспанскай мовах для 11 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання.
РУП "Белкартаграфія" на беларускай мове былі выдадзены 10 найменняў вучэбных атласаў (інфармацыя дадаецца).
Вучэбныя атласы дастаўляюцца ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заяўкамі, якія задавальняюцца ў поўным аб'ёме. Колькасць картаграфічнай прадукцыі, якая паступае ў рознічны продаж, вызначаецца РУП "Белкартаграфія".
Контурныя карты і рабочыя сшыткі выдаюцца за кошт уласных сродкаў РУП "Белкартаграфія" і выдавецтваў. Мова выдання вызначаецца дадзеным прадпрыемствам, выдавецтвам і аўтарамі.
Кошт вучэбнай літаратуры вызначаецца выдавецтвам у адпаведнасці з тыражом кожнага выдання.
Інфармацыя, прадстаўленая ў пісьме, адпавядае звесткам сайта Навукова-метадычнай установы "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Як ужо паведамлялася Вам раней, з мэтай павышэння якасці літаратурнай адукацыі і забеспячэння аптымальнага доступу вучняў да літаратурных праграмных твораў у 2009 годзе адноўлена выданне кніг серыі "Школьная бібліятэка", якая адпавядае патрабаванням вучэбных праграм па вучэбных прадметах "Беларуская літаратура" і "Руская літаратура". На яе выданне Міністэрству інфармацыі выдзяляецца мэтавае 100% фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту. Кнігі названай серыі паступаюць у бібліятэкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі згодна з нормамі і сацыяльным заказам.
Акрамя таго, у серыі "Школьная бібліятэка" былі выдадзены наступныя кнігі замежных аўтараў:
у 2009 годзе Э. Ажэшкі "Зімовым вечарам" агульным тыражом 15,0 тыс. экз. (выдавецтва "Мастацкая літаратура");
у 2010 годзе:
"Творы замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову. Зборнік" агульным тыражом 20,6 тыс. экз. (Выдавецтва "Беларусь"). У названым зборніку змешчаны творы Т. Шаўчэнкі, Я. Райніса, Л. Украінкі, Э. Хемінгуэя, Д. Лондана, Р. Стывенсана;
"Сярэбраная манетка. Зборнік казак" агульным тыражом 18,319 тыс. экз. (выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П.Броукі"), у які ўвайшлі замежныя казкі X. Андэрсена, Братоў Грым, Д. Кіплінга, Д. Зальтэна.
Выданне твораў замежных аўтараў плануецца працягваць і ў наступныя гады.
Дадатак: на 1 л. у 1 экз.
Намеснік Міністра К.С. Фарыно.
Інфармацыя аб выданні вучэбных атласаў
Дадатак
№ Назва Год Мова Тыраж
п/п выд. выд.
Геаграфія
1. Геаграфія мацерыкоў і краін, 8-9 класы 2008 бел. 49 102
Геаграфія Беларусі, 10 клас 2009 бел. 28 680
2. Чалавек і свет, 4 клас 2010 бел. 13 090
3. Чалавек і свет, 5 клас 2010 бел. 13 155
4. Пачатковы курс геаграфіі, 6-7 класы 2011 бел. 10 985
5. Агульная геаграфія, 11 клас 2011 бел. 8 110
Сусветная гісторыя
6. Сусветная гісторыя Новага часу XVI - XVIII ст.,7 клас 2007 бел. 23 315
7. Гісторыя сярэдніх вякоў, 6 клас 2007 бел. 19 590
8. Сусветная гісторыя Новага часу (XIX - пачатак XX ст.), 8 клас 2008 бел. 26 032
9. Сусветная гісторыя Навейшага часу, 1918- 1945 г., 10 клас 2010 бел. 13 060
10. Сусветная гісторыя Навейшага часу, 1945 - пач. XXI ст., 11 клас 2010 бел. 13 105
Аналіз кожны можа зрабіць сам, але і без навукі ясна, што калі выдаць пяць гадоў назад атлас накладам каля 20 000, то дзе ж ён будзе ў тым продажы. Даўно разышоўся, яле як добра выглядае ў табліцы. Выдаваўся ж, аднак.
Яўген Гучок
На чым і як піярымся?!
Апошнім часам да галоўнага саліста і розных хораў-выканаўцаў антыбеларускай алілуйшчыны актыўна далучаюць свае галасы нібыта шчырыя прыхільнікі беларушчыны, а на самай справе - відавочныя падкопшчыкі пад яе. І, несумненна, робіцца гэта яшчэ і для самапіярання. Чаго вартыя "актуальныя" матэрыялы пра нашага нацыянальнага генія і прарока Янку Купалу Альгерда Бахарэвіча ў яго "гамбургскім рахунку (дзённіку) - бяслітасным поглядзе на беларускую літаратурную класіку" ці Анатоля Сідарэвіча (гэтага паляўнічага на дроблых блох - косак, кропак, працяжнікаў, шматкроп'яў і г.д.) у яго "Мала іх павесіць...", або як лёгка чалавека зрабіць бесчалавечным".
Першы, акапаўшыся і прыжыўшыся ў Германіі, карыстаючыся прыёмам падмены паняццяў і гістарычных сітуацый, без раскрыцця дужак і двукоссяў абставін тых часоў, абвінавачвае Я. Купалу ў сервілізме перад маскальска-камуністычным рэжымам. І ўсё гэта робіцца ад мікрафона беларускай радыё "Свабоды" (перадача ад 25.11.2011 г. "Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала "Над ракой Арэсай"). Міжвольна кідаецца ў вочы тут і яшчэ такі пасаж. А. Бахарэвіч, у пэўным сэнсе з'яўляючыся двайніком героя паэмы "Над ракой Арэсай" Модзіна, імя паэта па-вычварэнску перафасоньвае - перакручвае у Каяна Лупаку - тыпа туляжнага, плюгавага, агіднага. Але што пакзальна - эфект атрымліваецца адваротны. Названыя якасці больш праецыруюцца на вынаходніка імя Каяна Лупакі, на гнюснага падкопшчыка пад Я. Купалу. Як кажуць, Бог - не цяля - зловіць круцяля... і абразы вернуцца да абражальніка. І таму натуральна ў дадзенай сітуацыі імя А. Бахарэвіч трансфармуецца ў мянушку Б. Брахарэвіч.
Другі - адзін з лідараў сучаснай так званай беларускай сацыял-дэмакратыі, як заўсёды выстаўляючы сябе такім звышдасведчаным у многіх галінах ведаў разумнікам, гэтакім гогам і магогам, а па словах некаторых яго юных прыхільнікаў, якія яшчэ інтэлектуальна не аперыліся, з'едлівым мудрацом, на старонках "Нашай Нівы" (№5 ад 8 лютага 2012 г.) вядома, маскіруючыся пад спагадлівасць і спачуванне ў бок Я. Купалы, таксама палівае, ды яшчэ больш вытанчана-здзекліва, брудам паэта трагічнага беларскага лёсу. (Дарэчы, раней у той жа "Нашай Ніве" А. Сідарэвіч амаль па-бацькоўску папракаў-ушчуваў, вядома, пасмяротна маладога Я. Купалу за нібыта празмернае паслугаванне Бахусу). Бачыце, сёння гэты мудрэц абураецца тым, што маўляў, ганебны верш Я. Купалы мог дабавіць трагізму ў лёсах Радэка, Сакольнікава і іншых. Але не варта забывацца і на тое, што Сталін з яго прыспешнікамі і памагатымі, як павукі ў слоіку, вынішчалі адзін аднога. Ды каб жа толькі сябе, дык і народы, а больш за ўсіх - беларусаў... А таму не трэба наводзіць цень на Я. Купалу, а заадно - і на Я. Коласа. Яшчэ не зусім вядома, як пісаліся тыя "іх" ганебныя вершы і паэмы, і як яны друкаваліся. Лепш было б, каб сённяшнія разумнікі - выкрывальнікі распавядалі аб грандыёзнай ідэі па вынішчэнні, па давядзенні да суіцыду (самазабойства) да халакосту беларусаў ды яшчэ б і назваць канкрэтныя імёны распрацоўшчыкаў, носьбітаў і рэалізатараў гэтай ідэі. Дык яны вунь чым займаюцца. Бо гэта бяспечна; больш таго - такая подлая смеласць нават санкцянуеццца... А можа, гэта робіцца на яшчэ больш змрочную перспектыву, чым наша беларуская цяпершчына; можа, гэта толькі дробная актоўка глыбока эшаланаванай антыбеларускай дзеі?!...
І таму нічога дзіўнага няма яшчэ і ў тым, што ў дадзеным выпадку маўчаць, як вады ў рот набраўшы, нібыта апазіцыйныя партыі і рухі, саюзы і таварыствы, папяровыя і электронныя СМІ, плюс інстытуты, універсітэты і музеі і нават народныя і вядомыя паэты. Нібыта так яно і трэба, нібыта гэта нармальна. Наадварот, да прыкладу. Саюз беларускіх пісьменнікаў аднаго з тых "разумнікаў сённяшняга дня" намінаваў на літаратурную прэмію за межамі Беларусі. Уся гэтая актыўнасць гэтых падкопшчыкаў-самапіяршчыкаў на фоне балотнага маўчання грамадства нагадвае "Тэатр танцаў на магілах вялікіх, скокі на іх костках". Але чым усё гэта можа скончыцца для большасці беларусаў. Асабліва свядомых?! Няўжо Беларусь такое ўжо не праходзіла? А можа так стацца, што не перамаўчым, не перачакаем...
Вось жа ім і ім падобным падкопшчыкам-самапіяршчыкам (яшчэ адным з пачынальнікаў-практыкаў такіх танцулек не так даўно засведчыў сябе і Сяргей Дубавец) з улікам выразаў іх твораў і тэмбраў галасоў у тыя моманты, калі яны на прыўзнятай дыяфрагме са смакам як добраахвотныя паслугачы цемрашальства лезуць бэсціць нашу святыню, прысвячаюцца гэтыя радкі:
Для іх жа
ўласнага выратавання
Патрабуюць
пластычнага ўмяшання
Не толькі душы, а і твары
Тых, хто свае піяры
На Купалы пякельным лёсе
Пнецца па-хамску ўзносіць!
Краязнаўчы фестываль ТБМ
28 траўня ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбыўся краязнаўчы фестываль. Гэта мерапрыемства было запланавана Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў межах вялікага праекта "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці".
Навукова-тэарэтычная частка сустрэчы прысвячалася абмеркаванню некалькіх пытанняў: шляхі супрацоўніцтва грамадскасці і дзяржавы ў працы па зберажэнні архітэктурных каштоўнасцяў і гістарычных мясцін, абуджэнне цікаўнасці да нацыянальнай гісторыі і культуры, пашырэнне шэрагаў удзельнікаў краязнаўчага руху. Напачатку ўдзельнікаў вітаў прадстаўнік Нацыянальнага гістарычнага музея, затым ад Міністэрства культуры з прамовай выступіў І.М. Чарняўскі. Ён падзяліўся сваім досведам супрацы з грамадскасцю, распавёў пра планы Міністэрства культуры ў справе захавання гістарычнай і культурнай спадчыны (матэрыяльнай і нематэрыяльнай). Спадар Чарняўскі таксама звярнуўся да прысутных з прапановай далучацца да дзейнасці і дапамагаць як у выяўленні помнікаў, так і ў справе іх захавання. Ігар Чарняўскі зазначыў, што дзяржава, безумоўна, зацікаўленая ў дапамозе краязнаўцаў у розных формах. Ёсць прыклады ўдалай працы па аднаўленні замка ў Любчы, чакаюць уратавання такія знакавыя помнікі, як замкі ў Гальшанах і Крэве.
У адрозненне ад канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух", якая прайшла 16 красавіка, імпрэза 28 траўня насіла не толькі навуковы, але і практычны характар. Вырашалася пытанне, як краязнаўцы ў сваёй штодзённай дзейнасці здольныя захаваць каштоўныя аб'екты старадаўняй і традыцыйнай культуры. Размова ішла як пра матэрыяльную, так і нематэрыяльную спадчыну. Прагучалі кампетэнтныя выступы кандыдата гістарычных навук, дацэнта В. Калацэя "Валанцёрскі рух на Беларусі ў галіне фальклору: набыткі, поспехі, перспектывы", лідара групы "Палац" А. Хаменкі "Талака як форма валанцёрскага руху на Беларусі" і П. Каралёва "Перспектыўныя кірункі развіцця турызму ў Беларусі". Гутарка вялася пра традыцыі беларускай талакі і спосабы арганізацыі сучаснага валанцёрскага руху - у формах летнікаў і будаўнічых атрадаў. Што датычыць пашырэння кантактаў краязнаўцаў, пошуку новых людзей, то эфектыўным спосабам працы тут з'яўляюцца развіццё турызму, правядзенне пазнавальных адукацыйных конкурсаў, выданне даведачнай літаратуры. І як вынік - дасягненне адзінства беларускага краязнаўчага руху ў форме нацыянальнага таварыства. Пасля выступаў кожны прысутны мог задаць любое пытанне.
На завяршэнне тэарэтычнай часткі Баранавіцкая арганізацыя ТБМ узнагародзіла прызамі пераможцаў віктарыны, прысвечанай юбілею У. Галубка.
Другая частка фестывалю адводзілася выступленням народных калектываў, якія з'яўляюцца непасрэднымі носьбітамі аўтэнтычнага спеўнага, танцавальнага і абрадавага фальклору.
У Беларусі, у адрозненне ад яе еўрапейскіх суседзяў, яшчэ захоўваюцца ўнікальныя мясціны, дзе фальклорная спадчына натуральным шляхам перадаецца з пакалення ў пакаленне. Непаўторнасць народных традыцый засведчылі на фестывалі госці з Бешанковіч на Віцебшчыне (Валачобны гурт, кіраўнік - Уладзімір Казлоў) і дзвюх суседніх вёсак Веткаўскага раёна на Гомельшчыне - Свяцілавічы (дзіцячы гурт "Задорынка", кіраўнік - В. У. Самусева) і Стаўбун (фальклорна-этнаграфічны гурт "Стаўбунскія вячоркі", кіраўнік - С.І. Парашчанка.). Першыя паказалі ўзоры валачобных абрадаў - веснавых віншавальна-велічальных спеваў, другія ўразілі выкананнем цыклу абрадавых і каляндарных нумароў, густоўнай танцавальнай праграмай.
Выступленне гасцей з Гомельшчыны прываблівала тым, што побач з выканаўцамі сталага ўзросту ўдзельнічала моладзь. Старадаўняга крою строі, упэўненыя рухі ў традыцыйных польцы, кракавяку, карагодах. І сапраўдная жыццёвая энергія. У выніку арганізатары фестывалю атрымалі запрашэнне "ісці да народу" і сабраць наступны шырокі фальклорны фэст на Веткаўшчыне.
У фальклоры знаходзіцца падмурак сучаснага сцэнічнага мастацтва. Як старадаўні мелас жывой крыніцай адухаўляе фольк-рокавы эстрадны кірунак, сваім выступам на фестывалі засведчыў лідар гурта "Палац" Алег Хаменка.
Сваё разуменне і сваю інтэпрэтацыю фальклорнай спадчыны прадэманстраваў квартэт Універсітэта культуры (Ігар Расолька, Максім Гінтаў, Юля Бажок, Соня Марозава).
Першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім адзначыла важнасць рэгулярных сустрэч і супрацоўніцтва актывістаў краязнаўчага руху з усіх куткоў Беларусі: "Падняць нашу спадчыну можна толькі агульнымі намаганнямі і толькі тады, калі высілкі будуць рабіцца непасрэдна людзьмі з рэгіёнаў".
Фестываль засведчыў станоўчую тэндэнцыю ў агульнай працы на будучыню - дасягненне ўзаемаразумення і добразычлівага дыялогу грамадскасці і дзяржаўных органаў.
Наш кар.
У гонар юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа
У "Кніжным салоне" на вул. Калініна, 5 адкрыта выстава мастака Міколы Купавы "Песняры Зямлі Беларускай", прысвечаная 130-годдзю ад часу нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта выстава - творчая справаздача мастака перад ягоным гледачом творамі, якія былі створаны на тэмы Янкі Купалы і Якуба Коласа цягам звыш 30 гадоў натхнёнай творчай працы. Выставу адкрыла дырэктар "Кніжнага салона" Ала Зміёва.
- Выстава Міколы Купавы "Песняры Зямлі Беларускай" - гэта даніна аўтара юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, творчасці якіх у мастацтве графіка адведзена асаблівае, пачэснае месца. Над гэтай тэмай майстар працуе ад 1973 года, у выніку чаго з'явіўся шэраг партрэтаў - ад парадна-дакументальных, да лірычных і душэўна ўзрушаных вобразаў, запамінальных і значных для Беларускай культуры выразнасцю, высокай мастацкасцю і гістарычнай дакладнасцю.
Апрача партрэтаў пісьменнікаў мастак стварыў шэраг запамінальных вобразаў памятных мясцінаў, дзе нарадзіліся і ў розныя гады жылі і працавалі класікі беларускай літаратуры - краявіды Вязынкі і Акінчыцаў, куточкі Менска, Вільні, Лунінца, Пінска і інш.
Выдатная старонка творчасці Міколы Купавы - ілюстрацыі да твораў Янкі Купалы і ілюстрацыі з жыцця Якуба Коласа да кнігі С. Александровіча "На шырокі прастор" 1979 - ствараючы іх мастак імкнуўся не толькі давесці праз выяўленчы вобраз гістарычную праўду, дадаткова ён займаўся рэканструкцыяй многіх гістарычных з'яў, фактаў і вобразаў, таму яго мастацкія працы акрамя пераканаўчай, цікавай і адметнай мастацкай вобразнасці, нясуць праз сябе частку навуковых даследаванняў і адкрыццяў і ў гэтым набываюць асаблівую каштоўнасць.
Па меры паслядоўнасці, маштабу і грунтоўнасці грамадзянскага мыслення і пазіцыі праз мастацтва на сучасным этапе кніжная і станковая графіка ў вобразах мастацтва Міколы Купавы - яркая і адметная і не можа быць пераацэнена. У гэтым асабовы грамадзянскі вычын творцы перад суайчыннікамі і Радзімай як даніна вялікай і пакутнай гісторыі нашай краіны. Таму творчасць Міколы Купавы не можа не падабацца і не выклікаць захаплення, - адзначыла мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская.
Генадзь Тумас узгадаў сумесныя з Міколам Купавам пошукі, прачытаў верш Якуба Коласа.
Мастак Аляксей Марачкін шчыра павіншаваў творцу з выставай, пажадаў яму новых поспехаў, новых здабыткаў.
Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, сын Я. Коласа, гледзячы на працы М. Купавы, ўзгадаў і сваё маленства, і сталыя гады, Ён падкрэсліў, што на гравюрах і акварэлях М. Купавы захавана гістарычная памяць, цеплыня родных мясцін Песняроў і іх вобразаў.
Шчаслівы той, хто гэта бачыў.
Мікола Ліннік , г. Менск.
Прэзентацыя канспекта па вывучэнні Правілаў дарожнага руху па-беларуску
31 траўня ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску адбылася прэзентацыя канспекта па вывучэнні Правілаў дарожнага руху на беларускай мове.
Канспект на гэты момант запісаны на дысках, іх можна зайсці на сядзібе ТБМ У бліжэйшы час канспект будзе выстаўлены на партале ТБМ .
Па канспекце можна падрыхтавацца да здачы экзаменаў на Правы кіроўцы, а заадно і палепшыць свае веды ў "аўтамабільнай" лексіцы, якая мае сваю спецыфіку. Цяпер задача - дабіцца ад ДАІ беларускамоўных пытанняў і беларускамоўных інструктараў ды экзаменатараў, апошняе не цяжка, бо ўсё замыкаецца на кампутар, а яго навучыць беларускай мове лягчэй, чым саміх беларусаў.
Наш кар.
10 000 электронных беларускіх выданняў у адным месцы
Кнігі, аўдыё кнігі, газеты, аўдыё і відэа - усё гэта можна знайсці ў беларускай Інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org
Існуючы з 2000 года партал арыентаваны, у асноўным, на збор незалежных беларускіх выданняў, што з'яўляюцца вельмі нізкім тыражом. Ёсць і гістарычныя выданні: кнігі, газеты і часопісы, выдадзеныя ў Беларусі і ў эміграцыі.
Большая частка публікацый выстаўлена ў электронным выглядзе ўпершыню. Вы знойдзеце не толькі класікаў беларускай літаратуры, але і авангард.
Унікальнасцю гэтай калекцыі з'яўляецца тое, што за апошнія тры гады яна ўзбагацілася поўны зборам беларускай эмірацыйнай прэсы пасляваеннага перыяду і беларускіх незалежных газет з пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя.
Асобнай часткай бібліятэкі з'яўляюцца асабістыя старонкі беларускіх аўтараў, чые кнігі знаходзяцца ў нашай бібліятэцы і раздзел "Што новага", які дае магчымасць знаёміцца з навінкамі беларускага выдавецкага рынку.
Да гэтага часу на сайце сабрана больш за 10 000 беларускіх публікацыяў - кніжак, газет, часопісаў, audio- і video-файлаў, а яе рэсурсы ўвесь час пашыраюцца.
Бібліятэка карысная для студэнтаў і выкладчыкаў, вучняў і даследчыкаў. Бібліятэка спрыяе распаўсюду беларускай літаратуры, сягаючы ў самыя аддаленыя кропкі свету. Штодзённа бібліятэку адчыняюць ад 1500 да 2000 разоў.
Праект "Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org", які рэалізуе Беларускае гістарычнае таварыства, на працягу некалькіх гадоў мае фінансавую падтрымку Міністэрства замежных спраў Польшчы ў рамках праграмы "Польская дапамога".
Беражыце лес - чытайце кнігі на Kamunikat.org!
Ахвяраванні на ТБМ
1. Самсонаў Алесь - 50000 р., г. Магілёў
2. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад
3. Гвара Віктар - 15000 р., г. Лельчыцы
4. Маркевіч Вера - 50000 р., г. Барысаў
5. Талуць Станіслаў - 20000 р., г. Гомель
6. Лукашук Марыя - 50000 р., г. Брэст
7. Чайкоўскі Павел - 50000 р., г. Менск
8. Лемцюгова В.П. - 50000 р., г. Менск
9. Клуб "Прамова" - 50000 р., г. Менск
10. Навуменка Валянц. - 100000 р., г. Менск
11. Касцюковіч Сяргей - 12000 р., в. Вялікія Дварцы
12. Фурс Антон - 50000 р., г. Паставы
13. Восіпава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель
14. Казлоўская Іна - 30000 р., г. Менск
15. Клуб "Прамова" - 54370 р., г. Менск
16. Навуменка Валянц. - 300000 р., г. Менск
17. Гвара Віктар - 20000 р., г. Лельчыцы
18. Пухоўская Ю.А. - 10000 р., г. Менск
19. Прылішч І.А. - 25000 р., г. Менск
20. Талерчык Тамара - 50000 р., г. Гародня
21. Прылішч І.А. - 20000 р., г. Менск
22. Невядомы - 100000 р., г. Менск
23. Якубоўская Тацяна - 40000 р., г. Менск
24. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск
25. Доўнар Павел - 75000 р., г. Менск
26. Пухоўская Юлія - 10000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Укрыжаваны шлях Міхала Грачаніка
Зараз ужо сталася вялікай рэдкасцю сустрэць на раздарожжах Беларусі хоць якія крыжы, аздобленыя нейкай рэззю ды ачоленыя выявай Збаўцы. Наяўнасць такіх знакаў ніяк пераацаніць немагчыма. Гэта і вызначэнне маральнасці і культуры навакольнага люду. Прысутнасць ў краявідзе гэтых святых сімвалаў для далейшага існавання грамадства мае неацэннае значэнне. Таму не стану паглыбляцца ва ўсе пытанні, звязаныя са стратай гэтага складніка нашай спадчыны, і чаму так сталася, а спынімся на іншым.
Некалі мне, як мастаку, даводзілася шмат дзе бываць у розных кутках Бацькаўшчыны, але сустрэцца з укрыжаваннем, аздобленым належным чынам, было надзвычайнай рэдкасцю і ўдачай. Калі ж жыццёвыя акалічнасці вызначылі мне магчымасць прыпыніцца на больш сталае быццё ў наваколлі Нараччыны, я не мог не звярнуць увагу на наяўнасць тут своеасаблівых крыжоў з выявай Хрыста. Далейшыя росшукі і даследаванні высветлілі, што яны неяк цудам захавліся да нашага часу ў гэтых мясцінах. Усе яны былі створаны адным самабытным майстрам. Пазней на вёсках навакольных яшчэ адшукаліся і настольныя крыжы з распяццем і выявы Божае маці, якія належалі таму самаму аўтару.
Першым, хто дапамог мне адшукаць асобу стваральніка ўсіх гэтых ацалелых рэліквій, быў спадар Мікодзім Апанасевіч, жыхар в. Швакшты. Напачатку і больш вычэрпныя звесткі пра Міхала Грачаніка, які таксама жыў па-суседску ў гэтай самай вёсцы, удалося выведаць ад яго, а пазней па крупіцах і ад іншых добрых людзей і шчырых каталікоў, якія штосьці памяталі аб гэтым самабытным разьбяры ці былі з ім знаёмыя.
Сам факт наяўнасці такіх аб'ектаў, створаных без прынукі, ахвярна, суладна з духоўнымі патрэбамі самімі прадстаўнікамі народа, сведчыць аб многім і найперш аб агульнай культуры гэтага люду. Сыходзячы з такіх меркаванняў я спадзяваўся штосьці даведацца аб ім з кнігі "Памяць" па Мядзельскім раёне, якая тады толькі выйшла, але марна. Там нават згадкі аб людзях такога роду творчасці народнай не было ні слова. Зразумела, аўтараў і "архітэктараў" той кнігі падобная дзейнасць не толькі не цікавіць, яна ім супраціўна. Вядома, калі б хтосьці раней распачаў гэты росшук, дык сабраў бы значна больш. Ды гэтага, спадзяюся, даволі, каб склалася належнае ўяўленне пра гэтага шчырага патрыёта, вернага і адданага хрысціяніна, без перабольшання можна сказаць - узорнага чалавека свайго часу і люду. Такія асобы, па праву, сваім жыццём і творчасцю стваралі і ствараюць гонар нацыі, таму і наяўнасць іх заўсёды ў рознага роду беларусафобаў выклікала сверб супярэчнасці, хцівасці і зайздрасці з неадольным жаданнем іх не заўважыць, выкрасліць ці ўрэшце вынішчыць ушчэнт. Ды на ўсё воля Божая. Але наш народ з яго культурай і эпасам, і фальклорам, і мовай, як і ўсе іншыя народы, быў створаны Ягонай воляй, таму і робячы свае старанні ў памнажэнні і захаванні нашай культурніцкай спадчыны варта быць упэўненым, што мы спрычыняемся да няўміручай волі Творцы. З такім перакананнем і вераю жыў, працаваў, займаўся творчасцю і дзядзька Міхал, як звычна яго называла моладзь.
Напрыканцы лістапада 1886 года сялянская сям'я Грачанікаў папоўнілася яшчэ адным немаўлём. Паколькі бацькі былі каталіцкага веравызнання і на гэты час акурат прыпадалі святочныя дні святога Міхала, таму адпаведным сталася ягонае імя. У вёсцы Швакшты, размешчанай пры бальшаку Стэфана Батуры (Вільня - Полацак) стаяла восем хат, якія належалі Грачанікам, і гэтае сямейства было на добрым рахунку. Яно ва ўсім вызначалася шчырасцю: і ў працы, і ў веры, і ў талентах, і ва ўзаемадачыненнях з аднавяскоўцамі. Як і ўсе сялянскія дзеці Міхась, Ігнась, Вінцэсь і Марыя Юганка змалку спасцігалі тонкасці гэтага жыцця. Усялякі занятак выклікаў у хлапца пэўную цікаўнасць і стараннасць.
Асаблівую ўвагу і пытлівасць ён ужо з малога ўзросту пачаў выяўляць да ўсяго, што бачыў і чуў у касцёле святога Андрэя, які знаходзіўся ў в. Кабыльнікі (Нарач) за 3 км хады. Выгляд яго драўлянага дойлідства, надзвычай зграбна змайстраваных канструкцый, аздобленых рознымі ўзорамі і формамі, разам з мураванай брамай і вынесенай асобна званіцай, пры кожным набліжэнні проста зачароўвалі яго да галавакружэння і вабілі да сябе. Таму можна толькі ўявіць, якім сталася для яго юначага сэрца стрэсам страшэннае відовішча палаючага храма, дзе ён яшчэ дзіцём вымаўляў свае першыя поклічы душы! Магчыма тады, там, ён і даў зарок сабе і перад Богам зарок - ні ў чым і нідзе не саступаць са шляху служэння Хрысту.
Атрымаўшы першапачатковую адукацыю ў мясцовай школе і выявіўшы выключныя здольнасці пры садзеянні касцёла, у хуткім часе ён навучаецца ў духоўнай семінарыі Пецярбурга. Жаданая мара яшчэ больш поўна і аддана наблізіцца да Хрыста праз служэнне Яму ў любові, была ўжо амаль здзейснай, але … Наступіў сямнаццаты год, бальшавіцкі пераварот землятрусам скалынуў усё і ўсіх. Прыход ізувераў-антыхрыстаў і дэманаў без бачных хваста, рагоў і капытоў перапыніў ўсялякае здзяйсненне светлых мараў. Заставалася адно - вяртанне да родных людзей і мясцінаў, толькі набытая веда і цешыла яго сваімі мажлівасцямі.Той прысуд, што тут учынялі розныя часовыя ўлады-гвалтаўнікі, паступова сціх і абыякава людзі звыкліся, што гэты край сталі называць нейкімі "крэсамі". "Абы ўсё было ціха ", - казалі яны, ды махаючы рукой і дабаўляючы з уздыхам і бездапаможнасцю, - "а што мы тут зробім?" Так сталася, што ў хуткім часе скрозь чынавенства сябе пачало называць палякамі, а людзей - малымі палякамі, ды рабіць штораз большыя выгоды тым, хто прымаў каталіцтва, а разам і польскасць, ды наадварот уціскаць і абмяжоўваць астатніх. Уся гэтая кругаверць была мала зразумела чалавеку са святарскім светаўспрыманнем, і ён мала гэтым цікавіўся. Усё ж такі, хоць і шчыра, амаль да аскезы ён паслугаваў касцёлу і ягонай адміністрацыі, імкнучыся самому прыняць святарства і быць узведзеным у сан, ды так ягоная мара і засталася сама сабою. Быццам у спектаклі, учынілі яму іспыты і вызначыўшы, што слых ягоны з аднаго боку слабаваты - забракавалі.
Пэўны час было надта крыўдна, ды жыццё ўзяло сваё. Узрост ягоны быў ужо даволі сталы і як толькі ён зразумеў, што ксяндзом яму не стаць, выбраў сабе каханую дзяўчыну Тэклю і ўзяў з ёю шлюб у 1921 годзе.
З году ў год усё большала люду ў Кабыльніках, і называлі іх ужо мястэчкам. Каго тут толькі не было: бальшыня палякаў - гэта ўсе тыя, хто наведваў новы мураваны касцёл святога Андрэя; значная частка звалася рускімі, бо туліліся да праваслаўнай царквы, а вера іх звалася рускай; старавераў з асобым могільнікам і малітоўняй, якіх скрозь называлі хто кацапамі, хто маскалямі; ладны кагал тут утваралі і габрэі, што мелі найменне "жыды", якія таксама мелі свае магільнік і сінагогу, і татары з усімі належнымі атрыбутамі іхняга гуртавання, не было тут хіба што беларусаў, нават цыганам і тым месца знайшлося (гэта пацвярджае першы пасляваенны перапіс). Толькі кузняў тут грукацела пяць штук, а колькі было крамаў, дык уга! - і гарбарні, і вяндлярні, і ажываў бераг мора-возера Нарачы, да якога вялася чыгунка - скрозь штосьці дзеілася, толькі круці галавой. Знайшоў сваё месца ў гэтай каламуці і спадар Міхал. Па-ранейшаму шчыруючы ў касцёле ён распачаў працу з гандлем, знайшлося месца і для ягонай крамкі. Асабліва ягоныя даходы пайшлі нечакана ўгору пасля жудаснага здарэння, якое мясцовы люд назваў "жыдоўскім пагромам". Казалі быццам дзесьці на хутары жыдамі быў выкрадзены і замардаваны для іх рытуальных патрэбаў каталіцкі хлопчык…, але што там сталася на самай справе, то аднаму Ўсявышняму вядома.
Ягоная энергічная натура разам з пабожнасцю і разважлівасцю патрабавалі рэалізацыі. Урэшце, знайшлі сваё выкарыстанне і тыя даходы ад крамы і, са згоды касцёла, побач з ім быў усталяваны ладны будынак. Падзелены ён быў, падобна мясцовым хатам, на дзве палавіны з агульным ганкам. Калі ў адной месціліся тутэйшыя нямоглыя і адзінокія, нягеглыя бабулькі, то ў другой кіпела жыццё. Рэй ў ім вёў касцельны камітэт, тут спадар Міхал браў рупны удзел і занятак. Сярод іншага ім быў запачаткаваны тэатральны гурт, які ў кароткі тэрмін распрацаваў даволі шырокі рэпертуар. Пераважнай была хрысціянская тэматыка - драмкі, інтэрмедыі, вершы і песні са скокамі і жартамі. Усё гэта творча спрыяла значнаму абуджэнню тутэйшага грамадства, моладзь знаходзіла сабе занятак па здольнасці і прызванні. Ладзіліся розныя выправы ўжо з гастролямі і ў Мядзелі, і ў Паставах, і шмат дзе яшчэ. Урэшце няўемнае жаданне асветніцкай дзейнасці спрыяла таму, што ў родных Швакштах, якія ўжо добра пашырыліся, дамогся адкрыць пачатковую школу, дзе сам стаўся яе першым настаўнікам. Раптам усё гэтае вірлівае жыццё мусіла перапыніцца. З гідлівым шыкам, быццам шатаны, з'явіліся "вызваліцелі" з бальшавіцкага боку. За кароткі час яны так сябе тут паказалі, што ўжо з'яўлення германцаў тут ніхто, акрамя габрэяў, не спалохаўся, бо і Сібір больш нікому ўжо не пагражала.
Сапраўды, напачатку новыя акупанты выглядалі даволі прыстойнымі і руплівымі гаспадарамі, чым і выклікалі да сябе пэўны давер, пакуль не ўчынілі жудасны гвалт над мясцовымі габрэямі. З таго часу ўсім стала зразумела з якой пошасцю ім зноў трапіла сутыкнуцца. Распачаўся ўсеагульны народны супраціў, хоць у большасці і падсвядомы. Пачалі ўтварацца партызанскія групы ды атрады (савецкія, польскія і да т.п.). Паволі ў гэтую дзейнасць уключыўся і Міхал Грачанік. Напачатку стыхійна, быццам у знак пратэсту супраць таго супольнага зла і з просьбаймальбой аб заступніцтве да Пана Бога, ён пачаў спакваля вырабляць розныя настольныя крыжы ды выявы Божае Маці, затым і ўсталёўваць прыдарожныя крыжы з распяццямі, дзе з дахам дзе без яго. Праўда першы з іх быў асвечаны яшчэ ў 39-м годзе ў роднай вёсцы, падчас бальшавіцкай навалы і на ім быў урэзаны надпіс з Евангелля: "Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць."
Не доўга ён абярэгам стаяў перад вёскай, таму як прыхадні надта хутка зразумелі да каго адрасаваны гэтыя словы Збаўцы. Зараз, уключыўшыся ў антыфашыстоўскі супраціў, кіруючыся высокапатрыятычнымі пачуццямі, нават рызыкуючы ўласным жыццём, калі б ён быў выкрыты, Грачанік актыўна распачаў выраб і ўстаноўку гэтых знакаў-абярэгаў. Сэнс іх з'яўлення быў дваякі і на столькі таемны, што нават самыя блізкія людзі другога значэння тут ніяк не маглі дапетрыць. Аказваецца ён, Міхал, быў даверанай асобай партызанскага атрада "Кміціц" і, пакуль тыя не былі па-здрадніцку знішчаны савецкім партызанскім атрадам Маркава, выконваў іх заданні.
Уся таямніца іх усталявання па вёсках была яшчэ ў тым, што паказвалі на дом пры якім стаялі, як дом даверанай атраду асобы, куды партызанам можна было звяртацца ў любую часіну дня і ночы.
Адзін з такіх крыжоў з распяццем захаваўся да нашых дзён, яго і зараз можна бачыць у в. Унукі Мядзельскага раёна. Падобныя да яго стаяць і ў в. Гуменнікі, і ў в. Мельнікі ды ў іншых тутэйшых мясцінах.
Калісьці ў кожнай вёсцы гэтай парафіі стаялі падобныя крыжы, пра што сведчаць тутэйшыя доўгажыхары. Адзін з самых лепшых быў усталёваны на месцы старога перад самымі Кабыльнікамі па дарозе да касцёла, перад ручаём з боку Швакштаў. Шмат хто з людзей сталага веку і зараз узгадвае яго. Там быў чатырохсхільны дах з гонты, і дзе-нідзе праглядалася розная скульптурная ці дэкаратыўная аздоба, якая мела непасрэдна рэлігійны падтэкст і значэнне. На жаль, у 60-х гадах падчас звар'яцелай камунізацыі агалцелымі камсамольцамі ён быў раструшчаны і выкінуты ў ручай Малінаўку.
Як распавядаюць мясцовыя людзі, тое злачынства не мінулася бясследна, многія з яго выканаўцаў мелі потым шмат нядолі.
Пазней, з вяртаннем "чырвоных" з Саветамі зноў распачаліся знаёмыя ўжо прымусы з калектывізацыяй, атэізмам, вязніцамі, лагерамі ды іншай няволяй з той розніцай, што паланізацыя змянялася русіфікацыяй, а замест фашыстаў скрозь усселі яшчэ больш непрадказальныя неакамуністы. Што заставалася чакаць пры такім становішчы чалавеку з чыстым сэрцам, богалюбнай душой ды незапэцканымі рукамі і чым заняцца? Касцёл быў зняважаны і ўсе, хто яшчэ працягваў прыхільна да яго ставіцца, чакалі расправы. Здараліся выпадкі, калі людзі даведзеныя да адчаю вынішчалі агітатараў-гвалтаўнікоў ці наадварот здзяйснялі самагубства. Спадар Міхал быў пазбаўлены амаль усіх крыніц існавання, усё было адабрана і ўсё было забаронена. Інквізітары ад улады ўсведамлялі, калі не прыбраць прэч Грачаніка - калгас не ўтворыш, для людзей ён быў як маяк.
Пасля чарговага сходу сялянскай грамады калгаснымі агітатарамі была сфабрыкавана супраць яго адпаведная папера, і 19 чэрвеня 1949 года ён быў арыштаваны і асуджаны да сямі год вязніцы, а пасля яе да пяці гадоў паразы ў правах, быццам яны яшчэ тут заставаліся. Вярнуўся ў родныя мясціны ён толькі ў 1955 годзе, чаму хутчэй паспрыяў сыход галоўнага ката ўсіх народаў, чым адпакутаваны тэрмін. Здароўе было канчаткова папсаваным, надзеі на хоць якую палёгку не праглядалася, суцэльная нуда і нэндза. У хуткім часе не стала ягонай адзінай і вернай апоры - жонкі Тэклі. Узнікла праблема з яе пахаваннем, немагчыма было адшукаць ксяндза, які б правёў па ёй паніхіду (усё святарства было вынішчана). Заставалася адно, спадзявацца на сына Станіслава, які ўсё ж здзейсніў мару свайго таты і служыў святаром дзесь у Польшчы. Даведаўшыся там пра смерць маці ён такі здолеў прыбыць на пахавальнае развітанне. Як новыя "паны" не пагражалі расправай, калі штосьці распачне тут святарскае, ён усё адно высакародна здзейсніў належнае, не зганьбіўшы ні свайго сану, ні памяці прашчураў. Вядома, за здзейсненае яго душа мела святую спатоленасць, але сам быў тэрмінова, з енкам і лямантам, дэпартаваны.
Праз невялікі час, напачатку 60-х гадоў, спадар Міхал пачаў зусім кепска сябе пачуваць, патрэбны быў сталы дагляд, які тут ужо зрабіўся немагчымым. Урэшце, дзякуючы сыну, са слязьмі на сэрцы ён аказваецца за межамі сваёй любай, зняважанай ды здратаванай Бацькаўшчыны назаўжды. Дзе зараз знаходзіцца месца яго пахавання ніхто нават не ведае, ніхто і не ўзгадвае аб гэтай асобе, а каб пажадаць яшчэ неяк ушанаваць яго, дык і гаворкі такой на Радзіме няма з кім заводзіць. Гэта фактычна і ёсць дзікунства, духоўныя пранцы, бацыланосьбітамі якіх былі розныя прыхадні-ізуверы. Калі мы гэта разумеем, то павінны штосьці рабіць і годна ўшаноўваць вартасныя асобы. Верылася мне, што як толькі аб усім гэтым стане вядома цяперашняму пробашчу тамтэйшага касцёла, то неадкладна будуць прыняты належныя меры па годным ушанаванні гэтага самаахвярнага пакутніка і нястомнага рупліўцы на ніве беззаганнага служэння Хрысту.
Думалася, што самым рэальным і вартасным тут ушанаваннем будзе усталяванне на ранейшым месцы прыстойна апрацаванага Крыжа з выявай Хрыста, аналагічна таму, які стаіць у в. Чэхі, гэтай-сама парафіі ды яшчэ змясціць над ім чатырохсхільны дах, адпаведны ранейшаму. Для гэтага ўжо было выяўлена і тое месца, і сабраны неабходны спіс людзей, якія сведчылі аб наяўнасці даўнейшага Крыжа, і зроблены эскіз яго рэканструкцыі з улікам сучасных матэрыялаў і тэхналогій, заставалася звярнуцца ў мясцовы Савет па адпаведны дазвол. Вядома, такое дзейства належала па праву ўжо не столькі мне, як уласна Касцёлу. Ён мусіў у такіх спрыяльных варунках вярнуць святыню ды выправіць тую хітрамудрую крывізну і калдобіны, выштукаваныя антыхрыстамі, на нашым шляху, які вядзе да Храма. На жаль, паколькі належнага звароту мясцовым касцёлам не было здзейснена, таму ніякага станоўчага рашэння я не атрымаў і мусіў з набліжэннем юбілею майстра дзейнічаць самастойна. Мой зварот да супрацоўніцы газеты "Народная воля" Любові Лунёвай даў свой плён і 29 лістапада 2011 г. там быў змешчаны яе артыкул адпаведнага зместа "Крыжы Міхала Грачаніка". Яшчэ крыху раней, у 2010 г. у в. Жары, гэтай парафіі, айцом Аркадзіем быў асвечаны адноўлены прыдарожны крыж з адмысловым евангельскім надпісам і прысвечаны прызабытаму і непараўнальна багалюбнаму, вялікай душы чалавеку-патрыёту, які годна прайшоў свой укрыжаваны шлях.
PS: Усё, што тычыцца бясспрэчных мастацкіх вартасцяў народнага разьбярства Міхала Грачаніка і не ўвайшло ў гэты артыкул, заслугоўвае асаблівага разгляду і чакае сваіх даследчыкаў.
Мастак Алесь Цыркуноў.
ВАС ЗАПРАШАЕ Ў ГОСЦІ РЭПІНСКАЕ ЗДРАЎНЁВА
Мне часта ўзгадваюцца словы з гэтай мілагучнай песні: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…" Не можа не радаваць, што ў нашай краіне сёння ўсё больш актыўна развіваецца айчынны турызм, а на зямлі сінявока-азёрнага Прыдзвіння ёсць адно мястэчка - проста ўнікальнае і казачнае... Гэта музей-сядзіба "Здраўнёва". Сядзіба раскінулася на адлегласці 16 км на поўнач ад Віцебска, на правым беразе Заходняй Дзвіны - непадалёк ад вёскі Койтава.
Летам 2011 г. нашчадкі мастака Ільі Рэпіна ў складзе 18 чалавек, якія сёння жывуць у Францыі, наведалі музей-сядзібу "Здраўнёва". Вось што напісала у Кнізе ганаровых гасцей музея-сядзібы "Здраўнёва" прапраўнучка Рэпіна Надзін Дзяканава Аташо: "Якое хваляванне адчуваеш, калі вяртаешся да сваіх вытокаў у Беларусі, туды, дзе родныя мясціны, у дом, пра які нам расказвала бабуля. Фотаздымкі адразу ажываюць. Дзякуй за тое, што адрадзілі гэты дом Рэпіна, дзякуй за тое, што прымаеце ў ім так сардэчна…" (тут і далей пераклад з французскай на беларускую мову наш. - К.К.). А гэта ўжо занатаваў Адрыян Дзяканоф: "Цяжка ўявіць сабе больш гасцінны прыём. Вы зрабілі нам святы падарунак. Нямногія людзі маюць магчымасць прайсціся па слядах сваіх продкаў вось такім чынам. Мы перапоўнены пачуццямі ад ўсведамлення таго, кім былі нашы продкі. Дзякуй яшчэ раз за тое, што дзякуючы Вам мы перажылі гэтую цудоўную гісторыю ў часе".
У Санкт-Пецярбурзе яшчэ сем год назад ўтварыўся клуб прыхільнікаў "Здраўнёва". Ім кіруе мастацтвазнаўца і гісторык Наталля Баклан. Госці з берагоў Нявы ўжо прывезлі ў падарунак музею некалькі соцень рэчаў канца ХІХ - пачатку ХХ ст. Нядаўна пецярбуржцы зноў прывезлі новыя каштоўныя прадметы даўніны. А калі музей пастаянна наведваюць турысты, як айчынныя, так і замежныя, калі ён папаўняецца новымі цікавымі экспанатамі, - значыць, ён развіваецца, ён жыве, а творчасць Ільі Рэпіна мае сусветнае значэнне і прызнанне і ў 21 стагоддзі!
У Здраўнёве з 1892 па 1900 гг. праводзіў свае дачныя летнія сезоны мастак Ілья Яфімавіч Рэпін. Яму належалі каля 120 га зямлі і лесу. Сядзіба мастака складалася з сядзібнага і двух жылых дамоў, флігеля, гаспадарчых будынкаў, парку, саду са штучным вадаёмам. Сядзібу часта наведвалі сваякі, сябры і знаёмыя мастака, вучні, паслядоўнікі і прыхільнікі яго таленту (А.Г. Яўленскі, К.А. Вяшчылаў, І.М. Трапічнікаў, М.Я. Барысаў і інш.).
Тут Майстра напісаў каля 60 карцін і малюнкаў. Менавіта на гэтай прыгожай прыдзвінскай зямлі ён стварыў карціны "Беларус", "Восеньскі букет" (Партрэт В.І. Рэпінай), "Паляўнічы", "На Заходняй Дзвіне. Усход сонца" (усе 1892), "Касец-ліцвін" (1894), "Дуэль", "Месячная ноч", "Паненкі на прагулцы сярод статка кароў", "Партрэт сына Юрыя на тэрасе здраўнёўскага дома" (усе 1896), "На сонцы" (1900), а таксама шэраг пейзажаў і партрэтаў беларускіх сялян. Тут жа нараджалася і яго знакамітая "Пропаведзь Кунцэвіча" (1893), якая прысвечана паўстанню гараджан у Віцебску супраць уніяцкага архіепіскапа Я. Кунцэвіча. Кожную восень у музеі адбываецца прыгожае свята ў гонар самай лірычнай карціны здраўнёўскага перыяду - "Восеньскі букет".
У 1918-30 гг. у Здраўнёве жыла сям'я малодшай дачкі мастака Т.І. Рэпінай-Язевай, якая з дачкой і зяцем настаўнічалі ў пачатковай школцы, што размяшчалася ў асобных пакоях рэпінскага дома. На другім паверсе музея дэманструюцца ўзоры падручнікаў таго часу, па якіх займаліся дзеці тутэйшых сялян.
Тэма Заходняй Дзвіны надзвычай захапіла мастака. У той час рака, агульная даўжыня якой 1020 км, была важнай транспартнай артэрыяй, па ёй рухаліся параходы, сплаўлялі лес. Ды і сам мастак з Віцебска ў Здраўнёва падчас прыплываў па Дзвіне-матулі. У Траццякоўскай галярэі ў Маскве захоўваецца малюнак Рэпіна "Бурлакі на Дзвіне" - менш вядомы шырокай грамадскасці, чым яго "Бурлакі на Волзе". У Нацыянальнай галярэі ў Празе знаходзіцца малюнак "Святочнае гулянне ў Здраўнёве". Рэпін гэткае гулянне наладжваў у сядзібе 20 ліпеня, у дзень сваіх імянін, на Ільін дзень. Ён запрашаў да сябе суседзяў - памешчыкаў, святароў, сялян. Сёння ў музеі таксама адзначаецца Ільін дзень - 2 жніўня. Вядома далёка па-за межамі Беларусі знакамітая карціна Рэпіна "Беларус". Цікава, што для яе пазіраваў жыхар суседняй вёскі Сахарава - Сідар Шаўроў.
Музей па праекце менскага архітэктара Паўла Кракалёва быў адкрыты яшчэ ў 1989 г. Комплекс музея-сядзібы ўключае: дом, у якім працуе мемарыяльная экспазіцыя; дом эканома (тут размясціліся адміністрацыя і выставачная зала); склеп, сажалку, частку ліпавай прысады. Дарэчы, ліпы - самыя старажытныя ў сядзібе, яны былі пасаджаны рукой знакамітага майстра. Была ў мастака і яловая прысада, яна нанава адсаджана.
Бясспрэчна, што Ілья Рэпін - герой нашага часу, які нястомна нас вучыць Прыгажосці. З вышыні 21 стагоддзя ён бачны нам ужо ва ўвесь рост. Ёсць духоўныя каштоўнасці, без якіх не можа існаваць чалавек, і да іх адносіцца багатая спадчына нашага таленавітага папярэдніка Ільі Рэпіна. Быць светлым праменьчыкам для іншых, самому выпраменьваць святло - вось тое найвышэйшае шчасце, якое яшчэ пры жыцці спазнаў Вялікі Майстра.
Рэпін - і мой любімы мастак! Такія людзі, як зыркае полымя ў цемры ночы, прыцягваюць і прымушаюць біцца сэрцы людзей. І міжволі пачынаеш усведамляць, што, выражаючы сябе, чалавек расце. Рэпін вырас і здолеў павесці за сабой усё чалавецтва. Бо ў яго быў гонар за сваю справу!
З 1992 г. у Здраўнёве праводзяцца рэпінскія плянэры. У ліпені 2009 г. у музеі была адкрыта Школа юнага мастака краін СНД.
І як добра, што з кожным годам становіцца ўсё больш і больш наведвальнікаў музея і прыхільнікаў таленту бессмяротнага Рэпіна. Нават у час вяселля многія маладыя пасля ЗАГСа робяць падарожжа ў Здраўнёва, каб сфатаграфавацца на ўлонні рэпінскай прыроды. Упэўнены: на такой прыгожай зямлі проста не можа не нарадзіцца шчаслівай новая беларуская сям'я!
Здраўнёва - прыгожае і непаўторнае ў любы час года. Сябры! Вас заўсёды чакаюць тыя мясціны, якія абрала сэрца вялікага мастака. Прыязджайце, суайчыннікі, у госці да мастака! Спадчына Ільі Рэпіна павінна назаўсёды пасяліцца ў сэрцах удзячных нашчадкаў!
Канстанцін КАРНЯЛЮК, краязнавец.
Прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша ў Гародні
30 траўня ў зале паседжанняў Гарадзенскай абласной бібліятэкі імя Я. Карскага (Новы замак) адбылася прэзентацыя кнігі "Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне". Аўтар - вядомы лідскі краязнаўца Леанід Лаўрэш.
Прысутнічалі студэнты IV курса факультэта гісторыі і сацыялогіі, якія праходзяць спецыялізацыю "Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа" (канец Х - пачатак ХХ ст.)", а таксама магістранты і аспіранты работнікі абласной бібліятэкі, краязнаўцы Гародні, прадстаўнікі Гарадзенскай грэка-каталіцкай грамады імя св. Язафата на чале з айцом Андрэем і прадстаўнікі прэсы.
Вёў паседжанне дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Я. Купалы, кандыдат гістарычных навук Загідулін А.М. Адкрыла прэзентацыю намеснік дырэктара Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага Ігнатовіч М.Э. Выступілі Загідулін А.М., Лаўрэш Л.Л., доктар гістарычных навук, прафесар С.В. Марозава, айцец А. Крот. Выступоўцы адзначалі, што "Леанід Лаўрэш - вядомы на Гарадзеншчыне краязнавец, улюбёны ў гісторыю свайго краю. Сваімі даследаваннямі Лідчыны ён уносіць важныя штрыхі ў нашы веды пра гісторыю заходняга рэгіёна Беларусі, вяртае з небыцця незаслужана забытыя імёны ўраджэнцаў Гарадзеншчыны - вучоных, дзеячаў навукі і культуры, прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі і духавенства, удзельнікаў грамадскіх рухаў і сацыяльных выбухаў. Пяру Лаўрэша належаць тры кнігі і cем дзесяткаў артыкулаў. Усе яны грунтуюццы выключна на матэрыяле гістарычных крыніц. Кафедру гісторыі Беларусі звязве з лідскім краязнаўцам даўняе сяброўства і супрацоўніцтва. Леанід Лаўрэш - удзельнік шэрагу нашых навуковых канферэнцый і аўтар навуковых зборнікаў. Ён з'яўляецца заснавальнікам і адміністратарам сайта Pawet - першага ў Беларусі гістарычнага сайта. Гэты сайт назапасіў багацейшыя інфармацыйныя рэсурсы па гісторыі Лідчыны, Гарадзеншчыны, Беларусі і ўжо больш за дзесяцігоддзе служыць гістарычнай навуцы, краязнаўству, адукацыі і асвеце. Штодня гэтымі рэсурсамі карыстаюцца звыш адной тысячы ўнікальных наведвальнікаў.
Шэраг прац краязнаўца прадстаўлены на выставе, якую падрыхтавала бібліятэка.
Пры абмеркаванні кнігі выступілі студэнты ўніверсітэта Вераніка Кузьміч, Павел Токць, Ірына Ракоўская, гарадзенскія краязнаўцы і проста прысутныя.
Наш кар. На здымках: 1. Падчас прэзентацыі; 2. Л. Лаўрэш, С. Марозава, айцец Андрэй, А. Загідулін.