НАША СЛОВА № 25 (1072) 20 чэрвеня 2012 г.
VII справаздачна-выбарны кангрэс Асамблеі НДА
16-17 чэрвеня ў Менску працаваў сёмы кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.
На сённяшні дзень Асамблея аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах 302 арганізацыі і ініцыятывы. Форум адбыўся толькі з другой спробы - у траўні кіраўніцтва Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра адмовіла арганізатарам у памяшканні.
Кіраўнік Асамблеі Сяргей Мацкевіч канстатаваў: стаўленне дзяржавы да грамадскіх арганізацыяў толькі пагаршаецца:
"... Не спраўдзіліся спадзяванні, што рэжым пасля вітка рэпрэсіяў возьме курс на пэўныя паслабленні. Таму можна сказаць, што мы апынуліся ў новай, значна больш складанай сітуацыі з новымі выклікамі.
Пасля прыняцця рэпрэсіўнага заканадаўства ўступленне ў незарэгістраваную грамадскую арганізацыю патрабуе пэўных крокаў і праявы грамадзянскай пазіцыі. Калі ў 2003 годзе палова арганізацыяў Асамблеі былі афіцыйна зарэгістраваная, то ў 2006 годзе - зарэгістраваная засталася толькі траціна. А цяпер і таго меней - 23%".
Каб канчаткова не знікнуць, няўрадавым дэмакратычным арганізацыям патрэбна абавязкова аб'ядноўваць свае намаганні. Гэта падкрэслівалі з трыбуны старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ды іншыя. Магчыма гэтаму паспрыяе і канцэпцыя развіцця грамадзянскай супольнасьці. У канцэпцыі ёсць тры галоўныя кірункі, адзначае Сяргей Мацкевіч: "Выхаванне каштоўнаснай цэласнасці грамадства, каб пераадолець так званы раскол, які ёсць у грамадстве. Другое - гэта спрыянне самаарганізацыі грамадзянаў і павышэнне грамадзянскай мабілізацыі насельніцтва. Таму што грамадства ў нас, на жаль, у вялікай ступені ізаляванае, самаізаляванае. І трэцяе - гэта стварэнне нацыянальнага ўзроўню грамадзянскай супольнасьці. Гэта ёсць спроба ўплываць на палітычныя рашэнні ў краіне".
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў была заснаваная ў 1997 годзе. Міністэрства юстыцыі Беларусі тройчы адмовіла ёй у рэгістрацыі і Асамблея зарэгістравалася летась у Літве.
На кангрэсе кіраўніком Рабочай групы Асамблеі недзяржаўных арганізацыяваў і ініцыятыў (Асамблеі НДА) пераабраны Сяргей Мацкевіч.
Намеснікамі абраны кіраўнік грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна, кіраўнік РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак, культуролаг Вацлаў Арэшка, грамадскія актывісты з рэгіёнаў Віталь Васількоў і Ілья Заранок, а таксама віца-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, лідар незарэгістраванага праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, які адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2.
Абрана новая Рабочая група Асамблеі няўрадавых арганізацый. Усяго ў Рабочую групу Асамблеі ўвайшлі 44 чалавекі, у тым ліку і намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.
На пасадзе кіраўніка выканаўчага бюро Асамблеі НДА застаўся Сяргей Лісічонак.
Наш кар.
Клуб красамоўства "ПраМова"
Паважанае спадарства!
Мы спадзяёмся спаткацца з Вамі на нашых сустрэчах і запрашаем усіх ахвотных удасканаліць сваю мову на апошнія паседжанні сезону па серадах, 20 і 27 чэрвеня 2012 г. у 18.15 на сядзібе ТБМ, Румянцава, 13. Мы Вас чакаем. Уваход вольны.
25.06 панядзелак у 17.30-19.00 у рамках праграмы "Будзьма!"
"Праблемы беларускай рэстаўрацыі".
Сустрэча з канд. гіст. навук А. Трусавым. Адказная А. Анісім. Уваход вольны.
100 гадоў з дня нараджэння Пятра Бітэля
БІТЭЛЬ Пятро , нарадзіўся 19.06.1912 г. у мястэчку Радунь Лідскага павету (цяпер Воранаўскі раёна Гарадзенскай вобласці) ў сям'і паштовага службоўца. Хрышчаны ў лідскім Свята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы.
У 1931 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні. Працаваў настаўнікам пачатковых школ у Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах (1931-1939). Служыў у польскай арміі (1933-1934). За перыяд 1935-1939 гг. скончыў завочна Вышэйшыя настаўніцкія курсы ў Вільні (гістарычна-філалагічны аддзел). У 1939 г. удзельнічаў у польска-нямецкай вайне. У Берасці трапіў у савецкі палон. Вывезены ў Арзамас, дзе быў вызвалены. Вярнуўся ў Беларусь.
У 1940 годзе працаваў настаўнікам у Вішневе, пасля дырэктарам СШ №2 Валожына і школьным інспектарам. Пасля чэрвеня 1941 да 1942 хаваўся ад немцаў. Затым стаў настаўнікам гандлёвай школы ў Валожыне. Вывезены ў Германію (1944) і там, пасля вызвалення (1945), прызваны ў Савецкую Армію. У 1946-1947 гг. працаваў настаўнікам Забрэжскай сярэдняй школы Валожынскага раёна. Пасля звальнення з настаўніцкай працы (1947) і немагчымасці ўладкавацца на ніякую дзяржаўную працу стаў праваслаўным святаром. У 1950 г. арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Адбываў тэрмін у Альжарасе Кемераўскай вобласці, у Омску і Джэзказгане. У 1956 г. звольнены датэрмінова са зняццем судзімасці. Да 1963 г. зноў, не могучы нідзе ўладкавацца, служыў у царкве. У 1963-1974 гг. выкладаў у Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Скончыў завочна беларускае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута (1970) і Дзяржаўныя цэнтральныя курсы завочнага навучання "Иняз" у Маскве (1970). Рашэннем Вярхоўнага суда БССР ад 28.11.1978 г. па справе арышту і зняволення поўнасцю рэабілітаваны. Сябар СП СССР з 1985 г.
Друкаваўся з 1929 у часопісе "Шлях моладзі" пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм "Замкі і людзі" (1968), "Сказанне пра Апанаса Берасцейскага" (1984). Пераклаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча ("Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына", "Дзяды", "Крымскія санеты"), польскамоўныя паэмы і п'есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю. І. Крашэўскага "Хата за вёскай" (1989), паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера і інш.
Памёр 18.10.1991 г.
80 гадоў з дня нараджэння Галіны Барташэвіч
БАРТАШЭВІЧ Галіна Аляксандраўна (н. 18.6.1932, г. Слуцк), фалькларыстка. Доктар філалагічных навук (1994), прафесар (1995). Дзяржаўная прэмія Беларусі 1986. Скончыла БДУ (1956). У1957-93у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1993 у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Аўтар прац па агульных праблемах фалькларыстыкі, фалькл. жанраў, сучаснага стану фальклору, узаемасувязях вусна-паэтычнай творчасці славян, нар. педагогіцы. Сабрала больш за 10 тыс. фалькл. твораў. Многія ўвайшлі ў тамы серыі БНТ ("Радзінная паэзія" (1971), "Дзіцячы фальклор", "Загадкі" (абодва 1972), "Чарадзейныя казкі" (ч. 1-2, 1973-78), "Жартоўныя песні" (1974), "Прыказкі і прымаўкі" (кн. 1, 1976), "Балады" (кн. 1, 1977), "Вяселле. Абрад" (1978), "Веснавыя песні", "Выслоўі" (абодва 1979), "Вяселле. Песні" (кн. 1 - 3, 1980-83), "Валачобныя песні" (1980), "Восеньскія і талочныя песні" (1981), "Легенды і паданні" (1983), "Купальскія і пятроўскія песні" (1985), "Пахаванні. Памінкі. Галашэнні" (1986), "Казкі ў сучасных запісах", "Прыпеўкі" (абодва 1989), "Замовы", "Паэзія беларускага земляробчага календара" (абодва 1992), "Жаніцьба Цярэшкі" (1993) і інш. Экспедыцыйныя матэрыялы і назіранні дазволілі абгрунтаваць культ галоўнага язычніцкага бога Перуна ў веснавым абрадзе Пахаванне "стралы", што актывізавала збіральніцкую і даследчыцкую працу ў гэтым кірунку. Дала тлумачэнне каляднай гульні "Жаніцьба Цярэшкі", сувязі яе з фалічным культам. Яе манаграфія "Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору" (1976) і складзены ёю том БНТ "Дзіцячы фальклор " (1972) - першыя ў бел. фалькларыстыцы даследаванні па дзіцячым фальклоры. Стварыла праграму курса "Этнапедагогіка беларусаў" (1996). Адна са складальнікаў кніг "Чарадзейныя казкі" (ч. 1-2, 1973-78), "Веснавыя песні" (1979, аўтар уступу і каментарыяў), "Валачобныя песні" (1980), "Беларускія народныя казкі" (1981), "Казкі ў сучасных запісах" (1989) і інш. Сааўтар слоўніка "Усходне-славянскі фальклор" (1993). Аўтар (1982) артыкулаў па нар. педагогіцы, якія грунтуюцца пераважна на бел. вусна-паэтычнай творчасці ("Фальклор і дзеці", 1994; "Фальклор у сістэме выхавання", 1995; "Агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці - аснова зместу выхавання гуманістычнай асобы", 1997, і інш.)...
Беларусізацыя рускай ці русіфікацыя беларускай
(Выступ на форуме "Моўная палітыка і сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна", прысвечаным 60-годдзю ІДЛУ )
Дзень добры, шаноўныя спадарыні і спадары! Вітаю Вас удзельнікаў сходу і жадаю Вам плённай працы на карысць развіцця навукі, так-сама асабістага Вам шчасця, дабрабыту і кахання.
Я спадзяюся, у гэтай зале ўсе зразумелі мае добрыя словы, адрасаваныя ў выглядзе прывітання ўсім прысутным. Так?
Звычайна ўсё кажуць: "Так", хоць калі я прашу перакласці тады на рускую мову... што толькі тут не пачынаецца...
А чаму? Ды на мой погляд - усё вельмі проста. Хоць мы з вамі і жывём у эпоху "Моцна развітай навукі", але працягваем знаходзіцца ў палоне мноства ілжывых стэрэатыпаў, якія яшчэ і дапаўняюцца геапалітычнымі амбіцыямі.
Вось Вам першы стэрэатып : "Прынята лічыць, што беларуская мова такая ж руская, толькі са смешным "г", ды грубавата гучыць" . Вось, напрыклад, у войску мне казалі: "А, бяларус, - бяры трапку, навади парадку. Ха, смешна". На што я заўсёды адказваў. Па-першае "бяларус" гэта з нейкай незразумелай мовы. Мы завём "беларус", па-другое "трапка", няма такога белрускага слова, ёсць "ануча", а па-трэцяе, не заўсёды даслоўна можна перавесці любую фразу. Тое, што гучыць гарманічна на рускай мове, можа куцавата гучаць на беларускай і наадварот. І калі Вы жадаеце сказаць фразу: "А, беларус, бери тряпку, наводи порядок"; то пераклад на беларускую мову будзе наступны: "Га, беларус, бяры анучу ды пачынай гаспадарыць".
Выснова: беларуская мова ўнікальная, шмат у чым непаўторная, і трэба смела прызнаць часцяком незразумелая, калі, вядома ж яна будзе гучаць пісьменна, а не на "трасянцы" (як кажуць у Беларусі, маючы на ўвазе рускую мову з беларускім акцэнтам).
Другі стэрэатып : беларуская мова бліжэй да рускай, чым украінскай. А вось і не. Нават наадварот - украінская мова знаходзіцца паміж рускай і беларускай. Паміж рускай і беларускай больш адрозненняў, чым паміж рускай і ўкраінскай.
І гэтаму ёсць гістарычнае абгрунтаванне.
Руская літаратурная мова развівалася ў першую чаргу дзякуючы моцнаму ўплыву царкоўна-славянскай мовы, на якой усе манахі (а менавіта толькі яны спачатку былі адзінымі грамацеямі) пісалі свае летапісы і бібліі. Старабеларуская літаратурная мова (якая была дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскам з 13 па 18 стагоддзе [500 гадоў] ), хоць і мела напачатку таксама невялікі ўплыў ад царкоўна-славянскай, але дзякуючы мясцовым манахам і відным царкоўным дзеячам [напрыклад Кірыла Тураўскі і інш.], была максімальна набліжана да народнай мовы (галоўным чынам да "крывіцкага" дыялекту). Ужо з 11 стагоддзя мясцовыя асветнікі пісалі свае кнігі на старабеларускай.
Таксама з гісторыі вядома, што ўжо з 11 стагоддзя існавала дзве Русі - Кіеўская Русь, дзе ўжывалася ў кнігах царкоўна-славянская мова; і Полацкая Русь, дзе ўжывалася ў кнігах старабеларуская мова.
Прыйшлі манголы і на ўсю Кіеўскую Русь, уключаючы Ўладзіміра-Суздальскую і Наўгародскую землі пачалі распаўсюджвацца мангольскія запазычанні, ці словы прышлыя з манголамі (напрыклад "чай"). Але Полацкая Русь была пазбаўлена гэтага ўплыву, бо яе не змаглі заваяваць манголы, і гэта тэрыторыя пачала звацца "Белай Руссю", г.зн. "Вольнай Руссю". Беларусы ні аднаго года не былі пад уладай ці пад уплывам манголаў! Адгэтуль пайшло яшчэ большае размежаванне рускай і беларускай моў.
А што ж украінская. Яна пачала фармавацца пазней. Спачатку на Кіеўшчыне ўжывалася таксама царкоўна-славянская кніжная мова, але калі князь Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Альгерд (ядром гэтай дзяржавы была Беларусь, і дзяржаўнай мовай тут была старабеларуская мова) у 1363 годзе каля ракі "Сінія воды" разбіў войскі трох мангольскіх ханаў, то ўся терыторыя цяперашняй Украіны была далучана да ВКЛ, і з гэтага моманту тут таксама пачаў распаўсюджвацца ўплыў старабеларускай мовы. Такім чынам на Ўкраіне пачала фармавацца свая мова, якая атрымала уплыў першапачатковы і вельмі моцны ад царкоўна-славянскай, затым ад мангольскай, затым ад старабеларускай.
Беларуская ж мова мае сваю цікавую гісторыю.
Спачатку быў невялікі ўплыў царкоўна-славянскай, затым - усё ж народнага "крывіцкага" дыялекту. У выніку ўтварылася так званая старабеларуская мова. А затым пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў 1795 годзе, неўзабаве старабеларуская літаратурная мова была забаронены царскай уладай. Пісаць беларусам "дазвалялася" або на рускай мове, або на польскай. Таму з пачатку 19 стагоддзя беларускія літаратары так і рабілі (напрыклад Яўхім Карскі пісаў на рускай і стаў вялікім "рускім" навукоўцам, прафесарам; а Адам Міцкевіч тварыў на польскай і стаў вялікім "польскім" класікам). Хоць і той, і другі ў сваіх творах адназначна казалі, што яны выхадцы з Беларусі, і менавіта беларускі народ з'яўляецца іх родным народам, і менавіта яму яны прысвячалі свае працы.
Але новая беларуская літаратурная мова адрадзілася. І яна стала нават лепшай за старабеларускую, таму што канчаткова пазбавілася ад уплыву царкоўна-славянскай мовы. Ужо ў сярэдзіне 19 стагоддзі з'явіліся пісьменнікі рэвалюцыянеры-адраджэнцы (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч і многія іншыя), якія пачалі выдаваць свае працы падпольна і на беларускай народнай "мужыцкай" мове. Кастусь Каліноўскі нават пачаў выдаваць першую беларускую газету "Мужыцкая праўда". Яны пачалі, іншыя падхапілі. Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Максім Багдановіч і многія-многія іншыя стварылі новую беларускую літаратурную мову, заснаваную на народнай мове.
Такім чынам, калі б мяне, добра дасведчанага ў сучаснай беларускай літаратурнай мове закінуць "машынай часу" ў эпоху Полацкага княства 11 стагоддзя, я б спакойна меў зносіны са сваімі продкамі палачанамі. А вось калі сучаснага рускага чалавека закінуць "машынай часу", хоць бы ў эпоху Івана Грознага ў Маскву, тое яго б палічылі "бусурманінам", г.зн. нярускім, і павялі б "на дыбу" як шпіёна. (Памятаеце кінакамедыю "Іван Васільевіч змяняе прафесію" - смешна, але праўда).
А зараз пагаворым трохі пра пранікненне беларускай мовы ў рускую.
Гэты працэс пачаўся яшчэ пры жыцці і (праўда вельмі кароткім) кіраванні ў Маскоўскім царстве Алены Глінскай - жонкі маскоўскага князя Васіля III і маці Івана Грознага. Яна была родам з Беларусі і належала да вядомага шляхочага беларускага роду Глінскіх. Менавіта пры ёй (напачатку 16 стагоддзя) пачалася мода ў Масковіі на беларускія словы. А пры Барысе Гадунове гэта мода яшчэ больш узмацнілася.
Некаторыя беларускія словы пачалі ўжывацца нароўні з рускімі. Напрыклад, усім вядома, што на рукі ўзімку надзяваюць варежки , ці рукавицы . І варежки і рукавицы словы ўсім вядомыя, і аднолькава ўжытныя. Але мала хто ведае, што варежки - гэта старадаўняе рускае слова з часоў варагаў, а вось рукавицы - гэта беларускае слова. Затое праўда ніхто з рускіх не ведае іншае беларускае слова нагавіцы . А, між іншым, гэта не што іншае, як па-беларуску порткі ці штаны .
Вось такі цікавы прыклад. Рукавіцы прыйшлі ў рускую мову і сталі папулярныя, а нагавіц няма. (Напэўна, Алена Глінская не насіла нагавіц).
А вось іншыя беларускія словы і зусім выцеснілі рускія з ужывання. Напрыклад, медведь паходзіць ад беларускага мядзведзь і абазначае не што іншае, як мёд ведае (г.зн. з беларускай на рускую перакладаецца як ведае дзе мёд ). Гэтае адно са старадаўніх беларускіх слоў стала настолькі папулярным у рускай мове, што самі рускія яго ўжо адназначна лічаць сваім і зусім забыліся праўдзіва рускае абазначэнне гэтага звера - бер (адгэтуль і бярлог - г.зн. бер кладзецца ).
Вось такім чынам, яшчэ пачынальна з 16 стагоддзя, адбывалася беларусізацыя рускай мовы.
Але рускія не засталіся ў даўгу. У 20 стагоддзі адбылася русіфікацыя беларускай.
Страшнай вяхой для беларускай літаратурнай мовы стаў 1933 год, калі па загадзе "правадыра ўсіх народаў" тав. Сталіна была праведзена рэформа беларускай літаратурнай мовы. Яе максімальна наблізілі да рускай і ў правапісе і нават у плане слоўніка. Раней беларусы карысталіся так званай "тарашкевіцай" (Браніслаў Тарашкевіч выдаў у 1918 годзе "Граматыку для беларускіх школ", дзе былі сістэматызаваны ўсе моўныя нормы беларускай літаратурнай мовы). Галоўнымі прынцыпамі "тарашкевіцы" былі два пастулаты: першы - беларуская літаратурная мова павінна быць максімальна набліжанай да народнай мовы; другі - у беларускай літаратурнай мове "як чуецца, так і пішацца". Многае з "тарашкевіцы" засталося і па цяперашні дзень. Напрыклад, калі беларусы кажуць малако , то і пішуць малако . Рускія ж кажуць малако , а пішуць молоко , "зашорваючы" сваіх дзяцей рознымі праверачнымі словамі і неабходнасцю "проста запамінаць".
У 1933 годзе беларуская літаратурная мова вельмі моцна русіфікавалася, прычым часам нават без уліку мясцовых ужо напрацаваных літаратурных традыцый. Дарэчы класікі беларускай літаратуры - Янка Купала, Якуб Колас і інш. выступалі супраць гэтай рэформы, але ў "тыя гады", нязгода з "генеральнай лініяй" была на грані фізічнага знішчэння. Вядомыя беларускія мовазнаўцы Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі і многія іншыя былі арыштаваны і ў наступстве або расстраляны, або закатаваны ў турмах.
Парэформенную беларускую літаратурную мову пачалі зваць "наркамаўкай", у "гонар" правадыроў рэформы Народнага камісарыяту.
Якія ж можна прывесці прыклады гэтай русіфікацыі.
Першым чынам, у правапісе. У словах знік мяккі знак які пазначае змякчэнне. Напрыклад: песьня - песня, абранъне - абранне і інш.
Беларуская часціца ня была заменена на рускую часціцу не . Напрыклад: ня быў - не быў і інш.
Русіфікаваўся парадак скланення. Напрыклад: у садох -у садах і інш.
У выпадках запазычаных слоў знікла правіла "як чуецца так і пішацца". Напрыклад: газэта - газета, чэскі - чэшскі і інш.
Зрусіфікаваліся назвы гарадоў: Менск - Мінск, Полацак - Полацк і інш.
Многія беларускія словы наогул былі забаронены ва ўжыванні беларускай літаратурнай мовы і гвалтоўна замяняліся на рускія: гарбата - чай, асадка - ручка (шарыкавая) і інш.
Вось так масава і самае галоўнае штучна і гвалтоўна прайшла русіфікацыя сучаснай беларускай мовы ў 1933 годзе.
Праўда ў канцы 80-х пачатку 90-х беларуская інтэлегенцыя зноў прапанавала вернуцца да "тарашкевіцы" і менавіта на "тарашкевіцы" пачалі выходзіць многія беларускія газеты, часопісы і нават кнігі. Але пасля 1994 года спрэчкі з гэтай нагоды "ўлягліся" і прыхільнікаў "тарашкевіцы" ў Беларусі пачалі ацэньваць няйначай як "заўзятых апазіцыянераў".
Хочацца таксама прывесці адзін гістарычны прыклад, які падкрэслівае ўнікальнасць беларускай мовы і яе сур'ёзнае адрозненне ад рускай.
У 1563 годзе рускія войскі захапілі беларускі горад Полацак. (Праўда праз 14 гадоў яны былі адтуль выгнаны). Маскоўскі цар Іван Грозны асабіста прыбыў у старажытны горад, і арганізаваў катаванні палоннай мясцовай шляхты. Цар, як вядома, славіўся сваёй вычварнасцю і жорсткасцю. Таму катаванні былі пакутлівымі. Адзін з полацкіх шляхціцаў у паўсвядомасці раптам сказаў: "Ой блага, мне блага". Іван Грозны (дарэчы ў Беларусі яго звалі Іван Жахлівы) аж прыўскокнуў. "Благо ему...! - загыркаў цар, - Ану вока яму выкалем!" "Ну, как, благо?" - пытае Грозны. Небарака енчыць: "Блага..." Іван загадаў распароць яму жывот. А той усё адно ледзь чутно прамаўляе: "Блага мне...". Зусім было ўзвар'яваўся цар, але наперад выйшаў тлумач, які, хоць і баяўся цара, але не мог ужо абыякава глядзець на пакуты шляхціца. Дрыготкім голасам тлумач растлумачыў, што "блага" па-беларуску "дрэнна".
Гэты гістарычны прыклад апісаў у сваёй "грамаце" адзін нажаль не вядомы пісарчук, які быў прыкамндзіраваны да рускага войска і асабіста прысутнічаў на гэтых катаваннях. У гэтай "грамаце" было і шмат іншых дзіўных прыкладаў адрозненняў полацкіх беларусаў у побыце і нават ва ўяўленнях пра светаразуменне ад рускай традыцыі, якая сфармавалася да сярэдзіны 16 стагоддзя.
Але вернемся да мовы. Гэты прыклад я ўмоўна назваў так: "Што для рускага добра (благо), тое для беларуса дрэнна (блага)".
А вось яшчэ адзін прыклад з сучаснай беларускай мовы. Весялейшы. Калі беларускі юнак будзе прызнавацца ў каханні да сваёй дзяўчыны і назаве яе: "Журавінка ты мая, зязюлечка...", - то дзяўчына абавязкова растане ад такіх ласкавых слоў, і яе сэрца будзе аддадзена гэтаму хлопцу.
Ну а калі рускі юнак ужыве гэтыя ж словы, але ў рускім перакладзе і скажа сваёй дзяўчыне: "Клюква ты моя. Кукушка...", то, напэўна, ён рызыкуе, прынамсі атрымаць аплявуху.
Вось і зноў пацвярджаецца правіла, толькі зваротнае: "Што для беларуса добра, тое для рускага дрэнна!"
Ну а зараз мне хацелася б прывесці яшчэ адзін прыклад беларусізацыі рускай у нас у Іркуцку. Дакладней нават было б сказаць некалькі інакш: пра ўплыў беларускай мовы на фармаванне сібірскага іркуцкага маўлення.
Для ілюстрацыі возьмем рэальны факт з жыцця. Да аднаго майго калегі прапаршчыка з мікрараёна Зялёны прыехала яго родная сястра з Масквы (руская дзяўчына з Масквы прыехала ў рускі сібірскі горад Іркуцк). Так атрымалася, што яе ніхто не змог сустрэць, і ёй прыйшлося самой дабірацца да Зялёнага. А транспарт тады туды практычна не хадзіў, бо гэта быў вайсковы закрыты гарадок, і ўсё толькі наладжвалася (гэта быў 1989 год). І вось гэтая руская дзяўчына спытала на цэнтральным рынку мясцовую бабулю (па яе словах злёгку падобную на буратку), як дабрацца да Зялёнага. Тая ёй класічна па- па-сібірску адказала: "Ай, милая, садишься на аднёрку, доезжаешь до сварота, а там всяка-разна доберёшься!" І пайшла гэтая бабуля сваёй дарогай. А бедная дзяўчына стаяла і думала, куды садзіцца, дакуль даязджаць... і, наогул, на якой мове з ёй вось цяпер размаўлялі.
Пагадзіцеся, што такія словы як: аднёрка, сварот, всяка-разна , мы з Вамі чуем вельмі часта ў Іркуцку. Але нават масквіч іх ужо не разумее. Першы маршрут аўтобуса па-руску можна назваць "единица" , ці "первый" , але адкуль узялася "аднёрка" ? Я лічу гэта вытворная ад беларускага слова "адзінка" . Пагодзіцеся, больш падобна. Далей - "сварот" , гэта значыць па-руску "поворот" , а па-беларуску гэта гучыць як - "зварот" . То ж бо значна бліжэй іркуцкі слэнг "сварот" да беларускага "зварот" . толькі "з" перайшло ў "с" . Ну і нарэшце "всяка-разна" ўнікальнае слова. У рускай мове напэўна самае блізкае "по всякому" . А ў беларускай мове гэта значэнне можна пазначыць як " усяляка" . Таксама адчуваеце адпаведнае сугучча беларускага слова з іркуцкім.
Але, напрошваецца пытанне, чаму менавіта беларуская мова так моцна паўплываў на іркуцкі слэнг. Усё вельмі проста. Бо ў Сталыпінскую рэформу (1903-1912 гг.) з Беларусі ў Сібір перасялілася каля 500.000 беларускіх сялян, якія, безумоўна, вельмі доўга яшчэ "гаманілі" на сваёй роднай, а значыць самі падвяргаючыся русіфікацыі вольна-нявольна падвяргалі мясцовае насельніцтва беларусізацыі.
Вось зараз і думай, што адбылося з нашай мовай?
Адбылася беларусізацыя рускай ці русіфікацыя беларускай. Безумоўна, выснова адна. Гэтыя дзве мовы захоўваючы сваю самабытнасць, вельмі моцна паўплывалі адна на другую. І каб разабрацца ў гэтым грунтоўна - трэба правесці цэлы комплекс даследаванняў. А мой артыкул усяго толькі "пазначэнне тэмы".
А напрыканцы, я хацеў бы прывесці выказванне акадэміка Расійскай акадэміі навук рускага па нацыянальнасці Д.І. Языкава (1773 - 1845) пра беларускую мову:
"Сапраўдная мова беларуская ёсць вельмі цікавая. якую нашы навукоўцы павінны старанна вывучыць таму, што яна шмат тлумачыць у рускіх летапісах і філалогіі нашай мовы: яе можна назваць маці вялікарасійскаму маўленню. Гэта, верагодна, тая самая мова, якой гаварылі ў Пскове і Ноўгарадзе пры варагах. Ухіленая своечасова ад уплыву мангалізму і дагэтуль не спазнаўшая ўздзеяння вялікарасійскага маўлення, яна захавала ў многіх адносінах свой старадаўні выгляд і характар і менш пацярпела ад формы польскай мовы, чым думаюць".
Вось так лічыў вядомы навуковец у першай палове 19 стагоддзя. Дарэчы, як геніяльна-парадаксальнае можна адзначыць у гэтым выказванні тое, што Д.І. Языкаў беларускую мову называе мовай, а рускую толькі маўленнем (наречием).
Алег Рудакоў, старшыня РГА "Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага"
ЯШЧЭ ПРА СБМ-12
Нядаўна "Наша слова" (2012. № 23) змясціла мой водгук на акадэмічны "Слоўнік беларускай мовы", які некалькі тыдняў таму паступіў у продаж. Хацелася б дапоўніць гэты водгук некаторымі звесткамі пра падачу фразеалагізмаў у СБМ-12.
У нашай мове, як і ў іншых, ёсць шэраг фразеалагізмаў з кампанентам, які толькі і жыве ў складзе пэўнага выразу і па-за яго межамі не ўжываецца. Такі кампанент не мае самастойнага лексічнага значэння і, як прынята ў лексікаграфічнай практыцы, даецца на сваім алфавітным месцы - з двукроп'ем на канцы, пасля чаго прыводзіцца пэўны выраз з гэтым словам-кампанентам.
Так, у СБМ-12 знаходзім такія словы-кампаненты і выразы пры іх: аўгіеў: аўгіевы стайні; ахілесаў: ахілесава пята; гордзіеў: гордзіеў вузел; дыхт: даць дыхту; лататы: даць (задаць) лататы; лынды: біць лынды; спуд: пад спудам, з-пад спуду.
У СБМ (1987 г.) такіх слоў-кампанентаў з выразамі пры іх было значна больш. Не зразумела, чаму яны не даюцца ў СБМ-12: варфаламееўскі: варфаламееўская ноч; мафусаілаў: мафусаілаў век; пракрустаў: пракрустава ложа; танталаў: танталавы мукі; ходыр: хадзіць ходырам; храпака: даць храпака . Праўда, і ў выданні 1987 г. прыводзіліся не ўсе словы-кампаненты, неўжывальныя за межамі фразеалагізмаў. Напрыклад, не даваліся дамоклаў: дамоклаў меч; бурыданаў: бурыданаў асёл; блізір: для блізіру; панталык: збіць з панталыку; понт: браць на понт, з понтам, дзеля понту.
Слова цугундар , неўжывальнае па-за фразеалагімам браць на цугундар (каго), узнікла, паводле М.І. Міхельсона, шляхам зрашчэння двух нямецкіх слоў: zu+hundert (к+сотня), успрынятых ад немцаў як частка каманды-загаду даць каму-небудзь сто ўдараў (палак, розгаў, шпіцрутэнаў). Этымалагічная невыразнасць, нематываванасць гэтага выразу спараджае яго арфаграфічную няўстойлівасць: браць на цугундар (цугундры, цугундзер, цыгундар) . Думаецца, што нормай гэтага фразеалагізма павінна быць браць на цугундар (каго) , а не браць на цыгундар , як даецца ў СБМ-87 (у СБМ-12 не фіксуецца). Параўн., дарэчы, у рускай мове: браць на цугундер (кого); ва ўкраінскай мове: брати на цугундер (кого) .
Як у СБМ-87, так і ў СБМ-12 назоўнік мір у значэнні 'сельская грамада' пададзены з паметай "устарэлы" і канчаткам -а ў родным склоне адзіночнага ліку. Гэты ўстарэлы назоўнік у сучаснай літаратурнай мове выкарыстоўваецца толькі ў складзе дзвюх прыказак: З міру па нітцы - голаму сарочка і Што будзе міру, тое і бабінаму сыну , а таксама ў складзе трох фразеалагізмаў: з міру па нітцы , што значыць 'ад усіх патроху', у міру ('у кампаніі з іншымі людзьмі'), усім мірам ('супольна, усе разам'). Як паказваюць шматлікія прыклады ўжывання ў пісьмовых літаратурных крыніцах прыказкі З міру па нітцы - голаму сарочка і фразеалагізма з міру па нітцы , кампанент міру рэалізуецца толькі з канчаткам -у (але не - а ). І гэта варта лічыць нормай. Зрэшты, тое самае ў рускай і ўкраінскай мовах.
У СБМ-12 і ў некаторых іншых слоўніках часам назіраецца неадэкватнасць кадыфікацыі і рэальна існай нормы або разнабой пры ацэнцы адных і тых жа ці роднасных моўных з'яў. Распаўсюджваецца гэта і на напісанне фразеалагічных кампанентаў разам ці асобна. Так, у ТСБМ вынесены за ромб фразеалагізмы на віду, на воку , а на відавоку падаецца як прыслоўе ( навідавоку ); тое самае і ў СБМ-12. У літаратурных жа творах гэты выраз звычайна ўжываюць як двухэлементны, прычым са структурнай пранікальнасцю. Таму ў "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008, т. 1, с. 195) гэты двухзначны выраз аформлены такім чынам: на <самым> відавоку , што ілюструецца васьмю прыкладамі.
І яшчэ пра адзін выраз. Ёсць сінанімічны рад фразеалагізмаў: на д'ябла, на ліха, на халеру, на хваробу, на чорта . Адзін з іх - на ліха - чамусьці даецца ў СБМ-12 як прыслоўе са злітным напісаннем ( наліха ).
Іван Лепешаў.
ЦАРКОЎНАЯ ЛЕКСІКА ЎСХОДНІХ СЛАВЯН
Лексіка - слоўны запас пэўнай мовы.
Многія царкоўныя словы, асабліва запазычаныя з грэцкай мовы (Біблія, ікона, літургія і інш.), на мовах славян гучаць практычна гэтак жа. Некаторыя словы па-рознаму вымаўляюцца ў залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці чалавека: праваслаўным уласціва вымаўляць іх на грэцкі і рускі лад, католікам - на лацінскі і польскі. Напрыклад: епіскап і біскуп , літургія і мша або імша (відазмененае слова "меса" ), манастыр і кляштар … Доўгі час у слоўніках беларускай мовы прысутнічала слова анёл , але цяпер з'явілася і ангел , што для праваслаўных звычайней. У "Пачаеўскіх лістках" на ўкраінскай мове таксама пішацца ангел , хаця свецкія слоўнікі і Украінскае Біблейскае таварыства ўжываюць ангол . На рускай мове некаторыя аўтары пішуць аггел .
Дыякан або д'якан ? Першае слова мае афіцыйны ўжытак, другое -размоўны. Гэтак жа і па-руску: диакон і дьякон .
У мастацкай літаратуры можна сустрэць і больш сваеасаблівыя словы. Так, псалом Максім Багдановіч у вершы "Кніга" называе псальма :
Вось псальма слічная.
"Як той алень шукае
крыніцы чыстай,
так шукаю Бога я".
Ідэя верша ўзятая з Псалтыра: "Як лань прагне патокаў вады, так прагне душа мая да Цябе, Божа" (Пс. 41, 2).
Ніжэй прыводзяцца некаторыя царкоўныя словы на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах, чыё гучанне і напісанне больш-менш адрозніваецца.
Абраз / Образ / Образ
Адпяванне / Отпевание / Відспівування
Алтар / Алтарь / Вівтар
Ангел, анёл / Ангел / Ангел, ангол
Асвячэнне / Освещение / Освячення
Ахвярнік / Жертвенник / Жертовник
Багаславенне, блаславенне / Благословение / Благословення
Багаслоўе / Богословие / Богослов'я
Вавілонская вежа / Вавилонская башня / Вавилонська башта
Вера / Вера / Віра
Веравызнанне / Вероисповедание / Віровизнання
Вербная нядзеля / Вербное воскресенье / Вербна неділя
Вянчанне / Венчание / Вінчання
Грэх / Грех / Гріх
Грэхападзенне / Грехопадение / Гріхопадіння
Дабравешчанне / Благовещение / Благовіщення
Дабрадзея / Добродетель / Добродія
Дзеянні Святых Апосталаў / Деяния Святых Апостолов / Дії Святих Апостолів
Дыякан / Диакон / Диякон
Евангелле / Евангелие / Євангеліє, Євангелія
Елеасвячэнне / Елеосвящение / Єлеосвячення
Епархія / Епархия / Єпархія
Епіскап / Епископ / Єпископ
Еўхарыстыя / Евхаристия / Євхаристія
Запаведзь / Заповедь / Заповідь
Звон / Колокол / Дзвін
Каджэнне / Каждение / Кадіння
Кадзіла / Кадило / Кадило
Капліца / Часовня / Каплиця
Кніга Быцця / Книга Бытия / Книга Буття
Крыж / Крест / Хрест
Малебен / Молебен / Молебень
Міласціна / Милостыня / Милостиня
Мірапамазанне / Миропомазание / Миропомазання
Набажэнства, багаслужэнне, багаслужба / Богослужение / Богослужіння
Новы Запавет / Новый Завет / Новий Завіт, Новий Заповіт
Нядзельная школа / Воскресная школа / Недільна школа
Ойча наш / Отче наш / Отче наш
Падсвечнік / Подсвечник / Свічник
Паломніцтва / Паломничество / Паломництво
Памесная царква / Поместная церковь / Помісна церква
Паніхіда / Панихида / Панахида
Пост / Пост / Піст
Праваслаўе / Православие / Православ'я
Пропаведзь / Проповедь / Проповідь
Прычасце / Причастие / Причастя
Прэабражэнне Гасподняе / Преображение Господне / Преображення Господнє, Переоброження Господнє
Пяцідзясятніца / Пятидесятница / П'ятидесятниця
Радаўніца / Радуница / Радуниця
Распяцце / Распятие / Розп'яття
Раство, Ражджаство / Рождество / Різдво
Сабораванне / Соборование / Соборування
Сашэсце Святога Духа на апосталаў / Сошествие Святого Духа на апостолов / Зішестя Святога Духа на апостолів, Сходження Святога Духа на апостолів
Свята / Праздник / Свято
Святар / Священник / Священик
Сімвал веры, Верую / Символ веры, Верую / Символ віры, Вірую
Сінайскае заканадаўства / Синайское законодательство / Синайське законодавство
Споведзь / Исповедь / Сповідь
Стары Запавет / Ветхий Завет / Старий Завіт, Старий Заповіт
Стрэчанне Гасподняе / Сретение Господне / Стрітення Господнє
Сусветны патоп / Всемирный потоп / Всесвітний потоп
Тайная Вячэра / Тайная Вечеря / Тайна Вечеря
Тройца / Троица / Троїця, Трійця
Трысвятое / Трисвятое / Трисвяте
Уваскрэсенне Хрыстовае / Воскресение Христово / Воскресіння Христове
Уваход Гасподні ў Іерусалім (Ерусалім) / Вход Господень в Иерусалим / Вхід Господа в Ієрусалим (Єрусалим)
Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы / Введение во храм Пресвятой Богородицы / Введення в храм Пресвятої Богородиці
Уздзвіжанне Жыватворнага Крыжа Гасподняга / Воздвижение Животворящего Креста Господня / Воздвиження Животворящого Хреста Господнього
Узнясенне Гасподняе, Увазнесенне Гасподняе / Вознесение Господне / Вознесіння Господнє
Успенне Божай Маці / Успение Божьей Матери / Успіння Божої Матері
Успрыемнік / Восприемник / Восприемник
Харугва / Хоругвь / Хоругва
Хроснае знаменне / Крестное знамение / Хресне знамення
Хросны ход / Крестный ход / Хресний хід
Хросныя бацькі / Крёстные родители / Хрещені батьки
Хрысціянін / Христианин / Християнин
Хрышчэнне / Крещение / Хрещення
Царква / Церковь / Церква
Уладзіслаў ЛУПАКОЎ ,прахаджанін праваслаўнага храма ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці, г. Бярэсце.
Шаноўная рэдакцыя "Нашага слова"!
Ваша газета "Наша слова" з'яўляецца, на мой погляд, вельмі патрэбнай тым, каму неабыякава родная беларуская мова, і наогул, усім тым, хто лічыць сябе беларусам. У нашай краіне на аднолькавых правах суіснуюць дзве дзяржаўныя мовы - беларуская і руская. Аднак апошнім часам складваецца ўражанне, што ў нас толькі адна афіцыйная і дзяржаўная мова - руская, беларуская ж мова ў незалежнай Беларусі паступова ператвараецца ў замежную. Мяне вельмі хвалюе лёс беларускай мовы, і я б ніколі не хацела, каб нашы нашчадкі ведалі сваю родную беларускую мову як замежную! Хацела б з Вамі падзяліцца сваім вершам-развагаю. Магчыма, ён Вам спадабаецца, і Вы палічыце патрэбным, каб яго "пабачыў свет".
Мая мова
З мовай беларускаю
Мы павінны жыць.
Яна не горш за рускую
І зможа перажыць
Усе нязгоды людскія.
Каб толькі ў сэрцах быць
І песняю пявучаю
Па ўсіх прасторах плыць.
Каб кожны, хто народзіцца
На гэтае зямлі,
Змог добра ўсвядоміць:
"Мова мая, жыві !"
З павагай, Алеся Салавей, студэнтка БДУ, г. Менск.
Магілёўцы пагаварылі пра транслітарацыю і пераклад беларускіх назваў
Наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў у краіне не можа не выклікаць пэўных праблем у яе жыхароў. Як перакладаць назвы вуліц і вёсак? Як выкарыстоўваць транслітарацыю пры перакладзе імя ў пашпарце? Пра такога кшталту праблемы пагаварылі магілёўцы 11 чэрвеня на адным з мерапрыемстваў цыклу "Моўныя сустрэчы".
Вечарыну наведалі вядомыя філолагі, палітыкі і грамадскія дзеячы Вінцук Вячорка і Пётр Садоўскі. Вінцук Вячорка з'яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і ініцыятарам сучаснага выкарыстання беларускага класічнага правапісу.
На сустрэчы гаворка спачатку зайшла пра назвы вуліц, па якіх мы з вамі ходзім штодня. Шмат цікавых фактаў пра выбар назваў вуліц нашымі продкамі распавёў Вінцук Вячорка. Так, існавала некалькі прынцыпаў найменняў вуліц: рэльефны, паводле таго, жыхары якой нацыянальнасці жывуць у дадзеным раёне, па імёнах першапасяленцаў і да т.п. Аднак з прыходам савецкай улады вуліцы пачалі атрымліваць імёны вядомых людзей, чаго ніколі раней не рабілася.
Так вуліцы, па меркаванні Вінцука Вячоркі, страцілі сваю каштоўнасць, як адлюстраванне культуры і гісторыі нацыі. І вярнуць вуліцам былыя назвы зараз практычна немагчыма - вядома ўсяго некалькі прыкладаў, калі грамадскім дзеячам ўдавалася дамагчыся перайменавання.
Напэўна, многія не раз сутыкаліся з тым, што іх імёны ў афіцыйных дакументах скажаюць, а назвы вуліц не перакладаюць з беларускай на рускую, а проста карыстаюцца транслітарацыяй. Таму госці і ўдзельнікі вечарыны пагаварылі пра закон, які абавязвае перакладаць тапонімы пры дапамозе транслітарацыі з беларускай мовы на рускую. Гэта не толькі нявечыць ужо існыя назвы, але і значна абмяжоўвае кола выбару новых: даводзіцца выкарыстоўваць толькі сугучныя ў рускай і беларускай мовах словы.
Абмеркаванне тапонімаў выклікала ажыўленую дыскусію, гаворка кранула і словы "бульбаш", якое многія выкарыстоўваюць не толькі для назвы моцнага напою, але і ў якасці агульнага вызначэння беларусаў. Пётр Садоўскі распавёў прысутным пра паходжанне гэтага слова і пра яго значэнне (вельмі негатыўнае, трэба сказаць), а таксама выслухаў пытанні прысутных і адказаў на іх.
Тэма сустрэчы выклікала ў публікі нямала пытанняў і прымусіла задумацца - верагодна, на іншых мерапрыемствах цыклу "Моўныя сустрэчы" пытанне перакладу і транслітарацыі яшчэ не раз будзе паднята.
Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі , Магілёў.
Святая справа інака Мікалая
Заняткі з дзецьмі пачатковай праваслаўнай школы ў Беластоку праводзіць інак Мікалай са Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Многім ён яшчэ вядомы і як паэт Зніч, і як музыка і філосаф Алег Бембель.
У ранейшым актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху, інак Мікалай і цяпер у размовах з дзецьмі імкнецца звяртацца да тэмаў не толькі рэлігійных, этычных, але і патрыятычных.
- Я пытаю: дзеткі, ці ёсць сярод вас беларусы? Падыміце руку. Адна, другая, а потым і ўсе падымаюць. Спачатку няўпэўнена. Можа пра гэта ў іх ніхто раней не пытаў. Я кажу: цудоўна. Я кажу: перад Богам усе плямёны роўныя - і беларусы, і палякі, і ўсе астатнія - гэта божыя стварэнні. І таму Гасподзь любіць усіх нас. Але мы перш за ўсё любім сваё роднае, матчына, бацькоўскае, свайго племені.
Алег Бембель нарадзіўся ў 1939 годзе, скончыў Менскую кансерваторыю, быў аспірантам Інстытута філасофіі і права Акадэміі Навук БССР. Аднак не здолеў абараніць дысертацыю, якую прызналі "нацыяналістычнай". Пазней за выданне сваёй працы ў Лондане быў рэпрэсаваны: выключаны з партыі і звольнены з інстытута.
У канцы 1980-х Алег Бембель стаўся актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху, пад псеўданімам "Зніч" публікаваў свае вершы ў самвыдаце і незалежнай прэсе. У 1996 годзе пайшоў у послух у Жыровіцкі манастыр.
16 чэрвеня інак Мікалай прэзентаваў у Беластоку кнігу "Крэсіва"
Як распавёў аўтар, кніга ўжо была прадстаўлена "ў Айчыне ў сённяшніх дзяржаўных межах", а цяпер прадстаўляецца "ў межах нашых гістарычных абшараў, на якіх спрадвеку вырастала племя "тутэнцаў".
- Ёсць такая краіна "Тутэнія" , якая тут, а "Тамтэнія", гэта каторыя там. Дык вось тыя хто нарадзіліся і ўзраслі ў "Тутэніі", гэта "тутэнцы", а іншыя плямёны адным словам завуцца "тамтэнцы". Дык вось, ёсць такая невялічкая казка, якая так і завецца "Тутэнія".
У казцы для дзетак і бацькоў пра Тутэнію распавядаецца пра дзвюх распусных дзевак-сябровак Тадэю (дэманкратыю) і Дэмдэю (масавую дэзінфармацыю). Аднойчы яны ўпадабалі ціхую і прыгожую, невялікую і небагатую краіну "Тутэнію". Што было далей, ёсць шанец дазнацца прачытаўшы кнігу...
Яна Запольская.
Падведзены вынікі конкурсу маладых літаратараў "Экслібрыс"
У галерэі Шчамялёва, што ў Серабранцы былі падведзены вынікі конкурсу "Экслібрыс", арганізаванага Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Дыпломамі за ўдзел у конкурсе "Экслібрыс" будучыню беларускай літаратуры ўзнагароджвалі "зубры" пісьменства: паэты Андрэй Хадановіч і Віктар Жыбуль, празаікі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч і Людміла Рублеўская. Акрамя вышэй названых літаратараў, сябрамі журы конкурсу былі Эдуард Акулін, Аксана Данільчык, Ірына Багдановіч, Міхась Скобла.
На конкурс прыйшло больш за 100 твораў, 35 з якіх сябры журы адзначыла тым ці іншым чынам. Прысутныя ды адсутныя пісьменнікі-пачаткоўцы падзяліліся на тры катэгорыі: бронзавую, срэбную ды залатую. Першую склалі тыя, хто атрымаў заахвочвальныя дыпломы, у другой групе апынуліся фіналісты конкурсу, а "золата" атрымалі пераможцы "Экслібрыса".
Пачалі па завядзёнцы з "бронзавай часткі". З пятнаццаці літаратараў, якіх сябры журы "заахвоцілі", да Серабранкі дабралася ўсяго некалькі чалавек. Сярод іх Раман Абрамчук, Марына Верабей, Ганна Гараніна, Вольга Чайкоўская, досыць вядомая паэтка, аўтарка зборніка вершаў "Лупы". Сярод тых, хто да ўзнагароды не даехаў, была знакамітая паэтка Валерыя Кустава.
Фіналістаў конкурсу, як і "бронзавых" пісьменнікаў, было пятнаццаць. Свае тэксты прачыталі паэты Ганна Рудак, Алена Беланожка, якая прыйшла "без распрананняў", Алесь Емяльянаў, перакладчык Андрэй Вылінскі. Аляксандра Дварэцкая ад прэзентацыі вершаў ухілілася: "Я не ведаю, што сказаць. Я саромеюся!", затое празаік Сяргей Календа распавёў пра праект "Кантынентальны сняданак", у якім ён апісаў жыццё сталічных гатэляў. Перакладчык Андрэй Касцюкевіч прачытаў пераклад Шарля Бадлера. Абсалютна новымі імёнамі для сябраў журы і для публікі сталі дэбютанты Антось Уласенка ды Алесь Яшчанка.
Пераможцамі ж сталі перакладчыца Ганна Янкута, якая не змагла прыйсці на ўганараванне, полацкі паэт Алесь Замкоўскі, перакладчыца Юлія Цімафеева, якая выступіла як празаік пад псеўданімам Вера Стромава, паэт Антон Рудак. Апошні прачытаў канцэптуальны верш "Серабранка" (нагадваем, што вечарына адбывалася менавіта ў гэтым спальным раёне Менска). Абсалютным пераможцам конкурсу стала перакладчыца Алеся Башарымава. Яна набрала максімальную колькасць балаў.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч адзначыў, што гэта першы конкурс сярод маладых пісьменнікаў і перакладчыкаў, які ладзіць саюз. Плануецца, што канкурс стане рэгулярным. Таксама ў планах СБП - школа маладога літаратара, якая пачне працаваць восенню.
Сайт СБП.
ЮБІЛЕЙНЫЯ ЧЫТАННІ
14 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыліся юбілейныя ХХ Гарэцкія чытанні.
З уступным словам выступіла дырэктар музея Лідзія Макарэвіч. Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Віталя Скалабана, Святланы Явар, Уладзіміра Конана.
З натхнёнымі прывітаннямі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся славуты паэт Генадзь Бураўкін, пісьменніца і журналіст Людміла Рублеўская, а таксама пісьменнік, галоўны рэдактар газеты "Звязда" Алесь Карлюкевіч.
На пленарным паседжанні старшынствавалі акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі і кандыдат філалагічных навук Тарэза Голуб. З дакладамі выступілі Радзім Гарэцкі, Тацяна Дасаева, Тарэза Голуб, Роза Зінава. Вельмі цікавым быў выступ Ганны Запартыкі пад назвай "Максім Гарэцкі ва ўспамінах сучаснікаў". Усяго ў канферэнцыі прынялі ўдзел каля 35 даследчыкаў з Менска, Берасця, Віцебска, Беразіно. У другой палове дня даследчыкі падзяліліся па секцыях. Цікава было паслухаць кітаянку Гун Лі з дакладам "Вобразы харавой ды інструментальнай музыкі ў апавяданні М.І. Гарэцкага "Страшная песня", а таксама выступы Дзіны Дудзінскай, Святланы Сычовай, Алёны Садоўскай, Тамары Тарасавай, Евы Лявонавай, Генадзя Кажамякіна, Вольгі Уткевіч, Зоі Траццяк, а таксама Вольгі Козіч.
Трэба сказаць, што ўсе прысутныя сфатаграфаваліся на лесвіцы музея разам з Радзімам Гарэцккім і Генадзем Бураўкіным. І яшчэ варта адзначыць, што чытанні прайшлі ў творчай атмасферы. Было вельмі цікава.
Прысутныя мелі так-сама магчымасць набыць кнігі, прысвечаныя жыццю братоў Гарэцкіх.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст.
Збор каштоўных твораў передадзены музею Быкава
Народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін перадаў стос кніг свайго сябра Васіля Быкава музею пісьменніка на малой радзіме ў Бычках да 88-ай гадавіны з дня яго нараджэння. Кнігі гэтыя каштоўныя тым, што выдаваліся незалежна, увабралі духоўны досвед пісьменніка двух апошніх дзесяцігодзяў яго жыцця.
Сярод іх - выданні твораў пісьменніка розных гадоў. Мае вялікае значэнне змястоўны зборнік артыкулаў, эсэ і выступленняў "Крыжовы шлях". Ён змяшчае гутаркі аб суверэнітэце і незалежнасці, барацьбе з таталітарызмам, перадае глыбокае пераасэнсаванне гістарычнага лёсу беларускага народа ў час распаду савецкай імперыі і імкненне пабудаваць самастойную дзяржаву згодна з нацыянальнай ідэяй.
"Сусветны вопыт, бадай, кожнай нацыі красамоўна сведчыць, што наладзіць жыццё па справядлівасці магчыма толькі ў межах цеснай супольнасці - сям'і, роду, нацыі, згуртаваных на адзінстве веры, мовы, культуры, узроўню цывілізацыі, " - пісаў Васіль Быкаў у 1991 годзе. Зборнік прыпавесцяў "Пахаджане" быў выдадзены "Нашай Нівай" ў 1999 годзе з прадмовай Сяргея Дубаўца.
Кніга "На крыжах" складае збор выступленняў В. Быкава на з'ездах пісьменнікаў, на вечарынах і Шагалаўскіх чытаннях у Віцебску. Кніга "Сцяна" складзена з празаічных твораў пісьменніка апошніх гадоў. Кніга "Знак бяды" была выдадзена на англійскай мове ў 1989 годзе.
Мастацкая моц і відушчая яснасць быкаўскага слова адпавядаюць узроўню высокай класікі. Цяжка ўявіць сябе пісьменніка, які б так маштабна думаў пра лёс свайго народа.
"У нас ёсць Быкаў, а значыць ёсць падставы ганарыцца сваёй Беларуссю , - пісаў Міхась Тычына ў прадмове да выдання твораў Быкава. - Яго шматгадовыя намаганні ў напружаным супрацьстаянні жыццёваму абсурду, які прадэманстраваў сябе ў гісторыі людства нагляднасцю і жорсткасцю, не былі марнымі, а яго імя невыпадкова асацыюецца з паняццем сумлення беларускай нацыі."
"Творчасць Быкава - гэта не толькі адлюстраванне гістарычнай праўды пра Другую Сусветную вайну, і ўжо не адно ўсяго супрацьстаянне таталітарызму ва ўсіх яго жахлівых мадыфікацыях, - пісаў М. Тычына.- Творчасць Быкава - гэта перш за ўсё ўнікальная эстэтычная з'ява ў сусветнай літаратуры. Найвышэйшая ступень мастацкай праўдзівасці, нязвыклая нават для самага інфармаванага чытача глыбыня пранікнення ў таямніцы людской псіхалогіі."
Адно з выданняў, перададзеных у падарунак музею, прысвечана гораду Іерусаліму. Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін былі ў творчай камандзіроўцы ў Ізраілі ў 1993-94 гадах. Наведваючы вечны горад Быкаў спасцігаў тысячагадовую Біблійную гісторыю, наведваў хрысціянскія святыні, думаў аб гістарычных лёсах дзяржаваў.
"Несумненнай з'яўляецца старажытная ісціна: чалавек павінен жыць мірна і павінен жыць дома. Зразумела, перш трэба мець свой дом, гора таму, хто яго не мае. Гісторыя Ізраіля - гісторыя барацьбы за гэта боскае права. Яна ёсць прыкладам для многіх іншых: якія страцілі дом, не здолелі адстаяць яго ў сваім гістарычным існаванні. Ці не даражылі ім, не жадалі яго ўладкаваць. Габрэі адстаялі сваё важнейшае права, хоць і заплацілі за яго надзвычайную цану. Але Дом і Свабода - неацэнныя", - пісаў Васіль Быкаў ў 1994 годзе.
У сувязі з уручэннем штогадовай прэміі "За свабоду думкі" выбітным асобам, што распаўсюджвалі ідэі беларушчыны, Рыгор Барадулін прысвяціў верш Аляксандру Мілінкевічу і носьбітам вольнай думкі.
Народны паэт усцешаны тым, што прэміяй узнагароджваюцца люді сталага веку. "Тым, хто шмат самаахвярна працаваў і рупіўся дзеля Беларусі, важна адчуць маральную падтрымку і станоўчую адзнаку ўсёй дзейнасці, бо яны дажываюць свой век" ,- адзначыў ён.
Кнігі блізкага аднадумцы і паплечніка і тэкст верша Рыгор Барадулін перадаў у Бычкі праз сяброў "Руху "За свабоду", каб засведчыць сваю еднасць з грамадой, што збіраецца на штогадовую імпрэзу.
Э. Оліна.
Для ўдзелу ў ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 45 тыс. 199 абітурыентаў
Для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні (ЦТ) 2012 года зарэгістраваліся 141 тыс. 555 абітурыентаў. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч 11 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Паводле яго слоў, гэта на 8 тыс. 620 чалавек менш у параўнанні з 2011 годам. Не ўсе зарэгістраваныя на ЦТ будуць удзельнічаць ва ўступнай кампаніі. Абмежаванняў па здачы іспытаў у ЦТ у Беларусі няма, таму часта ў іх удзельнічаюць старшакласнікі, якія яшчэ не маюць атэстата аб сярэдняй адукацыі, а таксама іншыя грамадзяне, якім цікава ацаніць свае веды па прадметах тэставання, адзначыў міністр.
Найбольшая колькасць абітурыентаў зарэгістравалася на іспыты ЦТ па расійскай мове (95 тыс. 896 чалавек) і матэматыцы (95 тыс. 161).
На здачу іспытаў па беларускай мове зарэгістравалася 45 тыс. 199 чалавек; па фізіцы - 44 тыс. 119; біялогіі - 28 тыс. 636; англійскай мове - 27 тыс. 981; гісторыі Беларусі - 21 тыс. 653; хіміі - 16 тыс. 687 чалавек.
З ліку зарэгістраваных на ЦТ прыкладна 30% плануюць прайсці тэставанне ў Мінску, астатнія - у рэгіёнах па месцы жыхарства.
У адпаведнасці з зацверджаным графікам ЦТ праходзіць з 13 па 27 чэрвеня. Першым іспытам традыцыйна стала беларуская мова.
Датай рэзервовага дня для правядзення ЦТ вызначана 4 ліпеня, у гэты дзень іспыты будуць арганізаваныя ў БДУ.
Маскевіч паведаміў, што сёлета прафесійна-псіхалагічную гутарку, неабходную для паступлення на 10 спецыяльнасцяў з "асаблівымі патрабаваннямі", прайшлі 10,4 тыс. абітурыентаў. Гэта на 3 тыс. менш, чым у 2011 годзе.
БелаПАН.
Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі.
У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася прэзентацыя кнігі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча і мастака Ігара Гардзіёнка "Гедымін (1316 - 1341). Каралеўства Літвы і Русі"...
Дыхтоўны фаліянт ва ўсіх адносінах унікальны: як з пункту гледжання зместу, мастацкага афармлення, гэтак і з гледзішча паліграфічнага выканання. Сапраўдны літаратурна-мастацкі ўзор! Кніга падрыхтавана і выдадзена не дзякуючы дзяржаўнаму дбанню, а найперш прыватнаму старанню бізнэсоўца Анатоля Луневіча...
З кнігі вынікае, а тое пачарпнута з дакументальных звестак, што Гедымін паводзіў сябе як сапраўдны еўрапейскі манарх. Ягоная дзяржава ні ад каго не залежала нават фармальна: ні ад Залатой Арды, як Масква, ні ад нямецкага імператара ці папы рымскага, як Польшча ці Чэхія, ні ад Візантыі. Ён быў перадусім бліскучым дыпламатам, а не ваяром. . Мірна і непрыкметна нават для сучаснікаў князь аб'яднаў у адзінай дзяржаве ўсе старажытныя землі Беларусі.
Наш кар.
Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!
Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на другое паўгоддзе 2012 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана, падрасла, але далёка не ў тэмпе інфляцыі. Увесь 2012 год мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.
Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне
"О год, празваны ў нас і надзвычайным,І векапомным годам ураджайным!"
А. Міцкевіч (пер. Я. Семяжона.)
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Адначасова Напалеон прызначае і вайскоўвага генерал - губернатара Літвы, графа Гогендорпа (Hogendorp), як сказана ў дэкрэце, для таго, каб рашэнні ўраду мелі больш моцы бо за імі стаіць камісар Імператара.
Адразу паўсталi два галоўных кiрункi дзейнасцi: усталяванне законнага грамадзянскага ладу i стварэнне войска.
Сяляне, якія чакалі ад французаў волі, пачыналі бунтаваць і адмаўляцца выходзіць працаваць на пана. Хваляванні даходзілі да палення двароў і рабункаў. Рапарт Віленскага падпрэфекта да Часовай камісіі ад 6 ліпеня: "Сяляне хаваюцца па лесе, ... пачынаюць рабаваць, іншыя адмаўляюцца працаваць. Гэта прыводзіць да таго, што войска не атрымлівае неабходнай дапамогі якая яму неабходна, … гіне ўраджай… што можа прывесці да голаду". Расейская армія адступаючы вывозіла з сабой харчовыя магазіны ці нішчыла іх, пры тым, што харчавання было не шмат, бо 1811 г. быў неўрадлівы.
Часовы камітэт прымаў меры, каб спыніць марадзёрства жаўнераў і сялянскія хваляванні. 3 лiпеня ва ўсiх дэпартаментах былі створаныя адмысловыя камісіі з аднаго старшыні i 4 сяброў, мэтай якiх было падтрымлiваць грамадзянскi спакой. Рабаўнікоў i марадзёраў пачалі расстрэльваць на працягу 24 гадзiн. Былi утвораны "рухомыя калоны" (colonnes mobiles) па 10 чалавек кожная, пераважна з гвардзейцаў генерала Красiнскага цi з жандараў, якiя шукалі рабаўнiкоў i марадзёраў. Аднак меркаванне, што "ўжо праз 2 месяцы ў краі ўсталяваўся спакойны грамадскi лад" , верагодна, не мае рацыі, акрамя жаўнераў дзвюх армій, свой уклад у хвалю гвалтаў унеслі і мясцовыя жыхары. Асабліва небяспечнымі былі Гарадзенскі і Лідскі паветы, дзе пасля праходу арміі Жэрома Банапарта амаль не засталося войска. Вайсковец з Вестфаліі Рункель паведамляе, што ад Гародні летам 1812 г. аддаляцца было небяспечна: "Вакол горада бадзяюцца масы бандытаў" . Разбой квітнеў ўздоўж дарогі Вільня - Ліда, у навакольных лясах з'явіліся банды па 4 - 20 чалавек. Яны нападалі не толькі на падарожнікаў, але і на асобныя двары, рабавалі, забівалі і калечылі людзей. Некаторыя з іх былі схоплены і пакараны ўладамі, напрыклад за ўзброеныя рабункі шляхціц Скіндар з трыма сынамі і нехта Карэва. Сіл 14-га польскага пяхотнага палка Эўзебія Семяноўскага, вылучанага са складу 17-й (польскай) пяхотнай дывізіі Дамброўскага і размеркаванага для падтрымання парадку залогамі ў Ваўкавыску, Лідзе, Наваградку, не хапала .
2 ліпеня, Жэром Банапарт прызначыў губернатарам генерала Ражнецкага, які сабраў шляхту і стварыў Канфедэрацыю. Рада Канфедэрацыі павінна была кіраваць губерняй. Аднак днём раней сам Напалеон ў Вільні аднавіў Вялікае Княства Літоўскае і заснаваў вышэйшую уладу Княства - Камiсiю Часовага ўраду, а па губернях - Адміністрацыйныя камісіі. Таму князь Антоні Гейдрайць, упаўнаважаны Часовым урадам, прыбыў у Гародню 17 ліпеня і выказаўшы павагу да ўдзельнікаў закрыў Раду Канфедэрацыі. Ён стварыў Адміністрацыйную камісію падпарадкаваную Вільні, першае пасяджэнне якой адбылося 26 ліпеня .
Самастойна паўсталі і павятовыя рады Канфедэрацыі. У Лідскім павеце пад кіраўніцтвам маршалка Ігнацыя Скіндара рада была ўтворана 7 ліпеня. Паўстала на Лідчыне і другая рада сканфедэраванай шляхты - у Жалудку пад кіраўніцтвам графа Рудольфа Тызенгаўза. Сябрамі рады у Жалудку былі: Караль Лясковіч, Францішак Райскі, Ян Лясковіч, Ян Расудоўскі, Сымпліцыян Паплаўскі, Казімір Кастравіцкі, Адольф Шукевіч, Антоні Скіндар, Антон Крыдаль (былы харунжы Літоўскіх войскаў і былы дэпутат Літоўскага трыбуналу), Казімір Камінскі, Юзаф Сангайла, Вінцэнт Сякліцкі (стражнік Мсціслаўскага ваяводства). Сакратарамі канфедэрацыі былі выбраныя Ігнацы Чачот і Аляксандр Крыдаль (сын Антона Крыдаля). Такім чынам у адным павеце былі створаны дзве Рады. Можна меркаваць што Рудольф Тызенгаўз - чалавек французскай арыентацыі хацеў супрацьпаставіць сваю канфедэрацыю канфедэрацыі ў Лідзе, якая была па яго меркаванні прарасійскай .
Павятовыя рады Канфедэрацыі былі таксама распушчаны, кіраўніцтва паветамі перайшло да падпрэфектаў. Звычайна падпрэфектам станавіўся маршалак павету, а калі ён быў не здатны да гэтага, дык падкаморы ці харунжы павету. Падпрэфектам Лідскага павету стаў Ігнацы Скіндар. Абавязкі падпрэфекта практычна нічым не адрозніваліся ад абавязкаў маршалка. Для дапамогі ў справах падпрэфект меў 2-х павятовых радцаў, ён жа кіраваў павятовай паліцыяй. Павятовая паліцыя складалася з інспектараў і іх памочнікаў - сотнікаў і дзесятнікаў. Паліцыя павінна была падтрымліваць грамадскі спакой і права ўласнасці. У гарадах былі арганізаваны муніцыпальныя рады на чале з мэрам. У галоўных гарадах дэпартаментаў мэры падпарадкоўваліся адміністрацыйным камісіям, а ў паветах - падпрэфектам. Муніцыпальныя рады кіравалі гарадской маёмасцю, паліцыяй, расквартараваннем войска, "богадагоднымі справамі" . Адным з сяброў Лідскай муніцыпальнай рады стаў Аляксандр Крыдаль - уладальнік маёнтка Мелужын.
29 ліпеня Камісія Часовага ўраду выдала адозву аб выбарах паслоў на сойм канфедэрацыі у Варшаве. Выбары павінны былі адбыцца 15 жніўня, у дзень імянін Напалеона. У Лідскім павеце адначасова адбыліся 2 соймікі: першы ў Лідзе пад кіраўніцтвам падпрэфекта Скіндара, другі ў Жалудку пад кіраўніцтвам Рудольфа Тызенгаўза. Але паслы ад абодвух соймікаў у Варшаву так і не паехалі.
Да 1812 г. дзякуючы асабістым просьбам сенатара Агінскага і дэлегатаў Віленскай і Гарадзенскай губерняў Сулістроўскага і князя Ксавера Любецкага (са Шчучына), цар Аляксандр І дазволіў плаціць падаткі не срабрам а асігнацыямі, якія мелі значна ніжэйшы курс. З прыходам французаў падаткі зноў пачалі збіраць срабрам, што азначала іх значнае павелічэнне. Падаткі збіраліся з вялікай цяжкасцю, аднак у Гарадзенскім дэпартаменце гэтая справа ішла лепей чым у суседзяў .
Французскі імператар, указам ад 5 ліпеня загадаў стварыць войска ВКЛ, ён меў вялікую надзею на гэтае войска.
Старшыня Вайсковага камітэта Камiсiі Часовага ўраду Аляксандр Сапега запэўніў імператара, што адноўленае Вялікае Княства можа выставіць да 100 000 жаўнераў. Аднак гэта было вельмі цяжка, бо край быў знясілены рэкруцкімі наборамі расейцаў і заняпадам гаспадаркі.
Узорам для арганізацыі i ўзбраення палкоў бралася польскае войска Варшаўскага Княства. Былi ўтвораны 18, 19, 20, 21, 22 пяхотныя i 17, 18, 19, 20 кавалерыйскія палкi. У кожным пяхотным палку па штату павiнна было быць 2005 афiцэраў i жаўнераў, у кавалерыйскім (уланскiм) 940. Усяго - 14000 чалавек. Акрамя таго, па ўказу Напалеона падпiсаным у Смаленску ад 24 жнiўня, па 500 лiтоўскiх рэкрутаў папоўнiлi 129-ы лiнейны i 2-i iлiрыйскi палкi.
5 лiпеня 1812 г. Напалеон падпісаў загад аб сфармаванні 3-га гвардзейскага лёгкаконнага палка (5 эскадронаў па 2 роты, паспелi сфармаваць 4 эскадроны), якi камплектаваўся з добраахвотнiкаў - шляхты. У гэты полк запісаліся студэнты Вiленскага ўнiверсітэта. Штатны расклад палка - 1280 чалавек. У гэты полк залічваліся мужчыны ад 18 да 40 гадоў добрага росту, добраахвотнік павінен быў сам купiць сабе амунiцыю. 3-цi гвардзейскі лёгкаконны полк атрымлiваў той жа заробак што i ўсе гвардзейскія палкі французскага войска. Абмундзіраванне было аналагічным 1-му гвардзейскаму палку польскiх уланаў, аднак прыборны метал формы ўстанаўліваўся не белага а жоўтага колеру. Загадам ад 5 чэрвеня на пасаду камандзiра 3-га гвардзейскага лёгкаконнага палка быў прызначаны генерал брыгады Канопка. 4 жнiўня Вайсковая камiсiя Часовага ўраду прыняла пастанову аб наборы 1000 добраахвотнiкаў - шляхты для гэтага палка .
"Кур'ер Літоўскі" ад 24 ліпеня 1812 г. пісаў: "Больш за 300 выдатных юнакоў з'явілася ў Гародню, дзе генерал Канопка, адзін з герояў Альпухары, ужо амаль што сфармаваў полк Літоўскай гвардыі" .
За фарманне астатнiх палкоў Вялікага Княства Лiтоўскага адказваў Вайсковы камiтэт Аляксандра Сапегi (потым камітэт узначаліў Стэфан Грабоўскi). Напрыканцы жніўня Напалеон прызначыў камандаванне войска ВКЛ: генерал дывізіі князь Рамуальд Гейдройц стаў генералам - інспектарам, генералы брыгады граф Ксаверы Несялоўскi - iнспектарам пяхоты, Юзаф Ваўжэцкi iнспектарам кавалерыi. Яны склалi штаб войска. Лiтоўскiя палкi не ўваходзiлi у склад польскага войска а падпарадкоўваліся свайму кіраўніцтву, якое ў сваю чаргу падпарадкоўвалася ў вайсковым плане Галоўнаму штабу Вялiкай армii. Па адміністрацыйнай частцы, войска кіравалася Вайсковым камiтэтам, за выключэннем гвардзейскага палка Канопкi, якi быў часткай Iмператарскай гвардыі і насiў французкую трохкаляровую кукарду з белым рыцырскiм мальтыйскiм крыжам.
25 чэрвеня 1812 г. Вайсковая камiсiя Часовага ўраду прыняла пастанову аб наборы рэкрутаў у пяхоту. Неабходна было сабраць у Вiленскiм дэпартаменце - 3000 рэкрутаў, у Беластоцкiм - 1500 , у Гарадзенскiм - 2500 чалавек, у Менскiм - 3000 чалавек, усяго 10000 чалавек. Узрост - 17-34 гады, рост не менш за 2 локці i 12 вяршкоў (140 см), тэрмiн прызыву - з 5 па 30 жнiўня. 1 жнiўня была прынята пастанова, якая рэгулявала набор кавалерыстаў: кожны дэпартамент выстаўляў неабходную колькасць уланаў, забяспечваў iх коньмі ва ўзросце ад 5 да 8 гадоў, замест каня можна было заплацiць 500 злотых. Дэпартаменты былi павiнны прызваць: Вiленскi - 1327 чалавек, Гарадзенскi - 966 чалавек, Менскi - 1307 чалавек, Беластоцкi - 370 чалавек. Усяго - 4000 кавалерыстаў, узросту 18-36 гадоў, рост не меней за 2 локці і 12 вяршкоў (140 см) , тэрмiн набору - з 11 жнiўня па 25 верасня. Адзін цалкам укамплектаваны кавалерыст выстаўляўся з 75-ці дамоў уладальнікаў усіх саслоўяў. Сярод патрабаванняў да рэкрутаў было і патрабаванне каб яны былі мясцовымі, выпрабаванымі людзьмі .
Тэрмiн службы ва ўсiх вiдах узброенных сiлаў - 6 гадоў. Вялiкая ўвага звярталася на добрыя адносiны да жаўнераў з боку афiцэраў. Абшарнiкi, адпускаючы рэкрутаў на службу, абяцалi, што калi жаўнеры будуць добра служыць, даць ім па вяртанні дахаты, зямельны надзел у маёмасць.
Кожнаму жаўнеру выдаваўся паёк: 1,5 фунта хлеба, 0,5 фунта мяса, крупы, 0,1 фунта солi, 0,5 кварты гарэлкi (600 г.), на кожнага каня 2 гарнцы аўсу (10 кг.), 10 фунтаў саломы i сена (4 кг.) Збор рэкрутаў праводзiўся хутка i ужо пад канец лiпеня, меней чым праз тыдзень пасля ўказу пра набор, войска налічвала 24000 чалавек. Да сярэдзiны верасня палкi былi амаль што цалкам укамлектаваны.
Палкі фармавалiся ў наступных пунктах: 18-ы полк пяхоты - Вiльня, 19-ы полк пяхоты - Расіены, 20-ы полк пяхоты - Слонiм, 21-ы полк пяхоты - Беласток, 22-ы полк пяхоты - Менск, 17-ы полк уланаў - Купiшкi, 18-ы полк уланаў - Нясвiж, 19-ы полк уланаў - Наваградак, 20-ы полк уланаў - Пiнск.
13 чэрвеня былі прызначаны палкоўнiкі: 18-ы пяхотны полк узначаліў Аляксандр Хадкевiч, 19-ы пяхотны полк - Канстанцін Тызенгаўз, 20-ы пяхотны полк - Адам Бiшпiнг, 21-ы пяхотны полк - Кароль Пшаздэцкi, 22-ы пяхотны полк - Станiслаў Чапскi, 17-ы полк уланаў - Мiхал Тышкевiч, 18-ы ўланскі полк - Юзаф Ваўжэцкi, 19-ы ўланскі полк Канстанцін Раецкi, 20-ы ўланскі полк - Ксаверы Абуховiч. У канцы жнiўня Юзаф Ваўжэцкi быў прызначаны iнспектарам кавалерыi і атрымаў чын генерала брыгады, таму камандзірам 18-га ўланскага палка стаў Кароль Пшаздэцкi. А 21-шы пяхотны палк узначаліў палкоўнiк Антонi Гелгуд .
Палкоўнiкi павінны былі быць з багатых радоў і мець традыцыйна добры ўплыў на жыццё краю, што дадавала веры жаўнерам і палягчала мабiлiзацыю, таксама яны часткова бралі на сябе і фiнансаванне сваіх палкоў. Для шыхтавання рэкрутаў i агульнага ваеннага кiраўнiцтва ў кожным палку быў прызначаны маёр, які меў баявы досвед.
Паводле пасляваенных падлiкаў расейскага гарадзенскага губернатара, з губернi у войска пайшло каля 6400 чалавек, з iх па пастановах аб мабiлiзацыi - 2495 чалавек у пяхоту i 1103 у кавалерыю, астатнiя былі дабраахвотнiкамі .
Фармаванне войска ішло не толькi з хрысцiянскага насельнiцтва. У № 60 "Лiтоўскага курьера" была надрукавана адозва Вайсковага камiтэта ад 2 жнiўня "Да лiтоўскiх татар", дзе яны заклiкалiся фармаваць нацыянальныя аддзелы дзеля абароны супольнай Бацькаўшчыны. Амаль што за асабiсты кошт пачаў фармаваць татарскiя адзелы, падпалкоўнiк Мустафа Мурза Ахматовiч, якi 23 кастрычнiка ў № 86 "Лiтоўскага курьера" надрукаваў адозву да адзiнаверцаў. Ахматовiчу дапамагалi капiтаны Мурза Карыцкi i Самуэль Улан. Сваiх афiцэраў Ахматовiч разаслаў да татараў Лiдскага, Ашмянскага, Наваградскага, Менскага, Ковенскага паветаў для набору жаўнераў. Але Ахматовiч паспеў сфармаваць толькi адзiн эскадрон, якi ў якасці вышуковага ўлiўся ў склад гвардзейскага палка Канопкi .
Загадам ад 1 чэрвеня Напалеон распарадзіўся стварыць народную гвардыю ў Вiльнi i зацвердзіў яе штат: штаб - 22 чалавекі (6 афiцэраў, 2 унтар-афiцэры, 3 рабочыя, 2 медыкі, 9 музыкантаў), 2 батальёны (1450 чалавек) па 6 рот (у кожнай - 3 афiцэры, 14 унтар-афiцэраў, 2 барабаншчыкі, 100 шарагоўцаў, усяго - 119 чалавек). У гарадах якія раней мелі Магдэбургскае права таксама стваралася Нацыянальная гвардыя з уладальнікаў маёмасці - купцоў, рамеснікаў і г.д. У Гародні нацыянальную гвардыю ў складзе 2 рот (290 чалавек) узначаліў Шастакоўскі. У Лідзе, як і ў большасці іншых гарадоў, стварыць гвардыю не паспелі, аднак камендантам лідскай нацыянальнай гвардыі быў прызначаны гараджанін Матусевіч (адступiў разам з французамi, i на пачатку 1813 г., як службовая асоба атрымаў з iмператарскай касы 300 злотых).
Служба ў нацыянальнай гвардыi была абавязковая для ўсiх гараджан мужчынскага полу якія мелі маёмасць: уладальнiкі дамоў i iншай нерухомасцi, купцы i рамеснiкі узростам з 18 да 50 гадоў, якiя не пайшлі на службу ў Лiтоўскае войска. Трэцяя частка гвардзейцаў атрымлiвала вайсковае абмундзіраванне за кошт горада, астатнiя куплялі за асабiсты кошт. Зброя была часткова французкая, часткова - трафейная, расейская. Раз на тыдзень афiцэры павінны былі праводзiць абучэнне сваiх гвардзейцаў .
Нацыянальная гвардыя ВКЛ прызначалася для забеспячэння парадку ў гарадах і аховы важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў, удзелу ў баявых дзеяннях яна амаль што не прымала, за выключэннем віленскай, якая бараніла ў снежні 1812 года свой горад ад рускага войска.
23 ліпеня Камісія Часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага прыняла распараджэнне пра сфармаванне корпуса жандараў. У кожным дэпартаменце прызначаўся начальнiк жандармерыі ў чыне палкоўнiка, пры палкоўніку былі старшыя афiцэры ў чыне эскадронных шэфаў - па два у Вiленскім i Менскiм, па аднаму у Гарадзенскiм i Беластоцкiм дэпартаментах. У кожным дэпартаменце фармавалася адна рота жандараў. Роты камплектавалiся з шляхты, афiцэры прызначалiся Камiсiей Часовага ўраду. Афiцэрам грошы не плаціліся, а шарагоўцы мелі заробак у 1 злот, абмундзіраванне куплялася за свае грошы. Жандары насілі сінія мундзір і райтузы, памяранцавы шалік аксельбанты, чорны ківер з латуневай бляхай на якой напісана "жандар", скураныя партупея і ладунка на якой змешчаны герб "Пагоня". Хутчэй працэс фармавання жандарскіх рот ішоў у заходніх частках княства. Так, па паваенным данясенні рускага грамадзянскага губернатара Гародні штаты жандарскіх рот у Гарадзенскім дэпартаменце былі ўкамплектаваны з разліку па 107 чалавек у роце, а ўсяго - 856 чалавек. Менская жандармерыя ж налічвала ўсяго 71 чалавек і 19 коней, г.зн. 6,6% ад штатнага складу. Усяго колькасць копуса жандараў складала 1800 - 1900 чалавек замест меркаваных 3541 (10 старэйшых афіцэраў і 33 роты па 107 чалавек). Палкоўнікамі былі прызначаны: у Віленскі дэпартамент Антоні Храпавіцкі, у Гарадзенскі дэпартамент князь Міхал Радзівіл, у Менскі дэпартамент Леў Оштрап, у Беластоцкі дэпартамент Франц Арсеці.
(Працяг у наст. нум.)
Леанід Лаўрэш
У Пінску з'явілася алея герояў "Пінскай шляхты"
7 чэрвеня ў Пінску адкрыўся Х Рэспубліканскі пленэр разьбяроў па дрэве. Тэма пленэру - "Пінская шляхта". Каб удзельнікі натхніліся мясцовай атмасферай, адмыслова для іх у Палескім драмтэатры паказалі спектакль па аднайменнай п'есе.
Пасля дзесяцідзённай працы разьбяры, якія з'ехаліся ў сталіцу Палесся з усёй Беларусі, паказалі, якімі яны ўяўляюць герояў п'есы Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта".
Тут ёсць і станавы прыстаў Кручкоў з пісарчуком Пісулькіным, Ціхан Пратасавіцкі са сваімі жонкай Кулінай і дачкой Марысяй, Іван Цюхай-Ліпскі з сынам Грышкам, Харытон Кутарга, і, натуральна, сам аўтар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Прычым, на некаторых скульптурах высечаны "крылатыя выразы" з п'есы-вадэвіля.
Драўляныя постаці персанажаў камедыі занялі пляцоўку побач з мясцовым драматычным тэатрам
Еўрарадыё.
Пазнанне роднай тапанімікі падчас апошняй вайны хлопчыкам-дашкольнікам Уладзем Содалем
Не! Гэта не выдумка маёй галавы! Гэта не фантазія нейкая! Гэта суворая праўда. Напрыканцы 1943 года каля нашага мястэчка, на другім краі балотнага масіву спыніўся фронт. Мы апынуліся ў прыфрантавой паласе. Немцы чамусьці з прыфрантавой паласы пачалі пераганяць нас у свой тыл, аж пад Бабруйск. Вядома, не за адзін дзень і не за адну ноч. І от мы ўжо бежанцы перабіваемся з адной мясціны ў другую. Напачатку гэта было Залужжа. Назоў вельмі выразны: вёска за нейкім лугам або лужай. Затым былі Гармавічы і Кароткавічы, таксама з маленства знаёмыя. А вось далейшыя назовы ўражвалі сваім гучаннем... Радуша... Варатынь...
Назоў Радуша мая хлапечая душа асацыявала з радасцю душы. Вакол такая калатнеча, а тут Радуша! Радуйся душа! А Варатынь! За гэтым назовам мне бачылася брама ў самы рай. А калі і не бачылася, то ўяўлялася. І от пасля такіх святых тапонімаў раптам адкуль не вазьміся ноччу на нашым бежанскім шляху натрапілася Змёўка. Мне ад гэтага назову зрабілася няўтульна, волка. Пра гэтае гадаўё я раней чуў ад сваіх бабулек, але, каб так называлася вёска побач з такімі святымі назовамі, першы раз чую.
Нас, бежанцаў, гнаных са сваіх родных мясцін, прытуліла бабруйская вёсачка Аўсімавічы. А побач з Аўсімавічамі была вёска, з якім вы думаеце назовам? Жарабцы. І якія, вы думаеце, асацыяцыі выклікаў у мяне гэты назоў. Так, мне шасцігадоваму, найперш уявілася, што ва ўсіх жарабцоўскіх хатках зімуюць жарабкі. Галовы свае павысоўвалі ў расчыненыя вокны, стрыгуць вушамі і што маюць сілы на ўсе галасы ржуць!...
От такое было маё дзіцячае ўспрыняцце тых тапанімічных назоваў, якія трапляліся нам на нашым бежанскім шляху пад Бабруйск.
Уладзя Содаль-Садэльскі, 1937 г.н.
Паважаны Станіслаў Вацлававіч!
Да Вас звяртаецца Ірына Вітальеўна Мышкавец, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У газеце "Наша слова", у № 21 ад 23 траўня 2012 года была надрукавана нататка Элы Дзвінскай "Разам з Максімам", прысвечаная мерапрыемствам, якія арганізоўвалі музеі Менска ў межах акцыі "Ноч музеяў".
Большая частка нататкі прысвечана праекту "Веснаход", арганізаванаму супрацоўнікамі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Мы выказваем словы ўдзячнасці аўтару нататкі і рэдакцыі газеты за ўвагу да музея паэта і музейных мерапрыемстваў. На жаль, у нататцы ёсць некалькі недакладных момантаў, на якія хацелася б звярнуць Вашу ўвагу.
Аўтар нататкі паведамляе: "Дзяўчаты выканалі "Майскую песню" Максіма Багдановіча…". М. Багдановіч назваў свой верш "Маёвая песня", адпаведную назву мае песня, якую выканала на мерапрыемстве Ала Івашкевіч, навуковы супрацоўнік музея.
У нататцы прыводзяцца "мае" словы": "У нас у Музеі разгорнута невялічкая новая экспазіцыя, прысвечаная М. Багдановічу…". Аўтар нататкі падае інфармацыю недакладна, ад гэтага істотна змяняецца сэнс фразы. Гэта не новая экспазіцыя (пастаянная, стацыянарная), а часовая выстаўка, падрыхтаваная менавіта да Міжнароднага дня музеяў. У размове са спадарыняй Элай Дзвінскай, я паведаміла, што гэта невялікая выстаўка, у экспазіцыі якой размешчаны экспанаты, якія звязваюць М. Багдановіча і З. Верас і г.д.
Далей зноў прыводзяцца "мае" словы: "Максім Багдановіч сябраваў з Зоськай Верас. Яны бачыліся ў Менску, Гародні, Вільні, гэтыя гарады іх звязвалі". Пры стварэнні выстаўкі мы выкарысталі паштоўкі к. ХІХ - пач. ХХ стст. з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча з відамі Менска, Вільні, Гародні. Гэтыя гарады прысутнічалі ў лёсе М. Багдановіча і З. Верас, але ўбачыліся яны толькі ў Менску, пра што я і паведаміла карэспандэнту.
Магчыма, для кагосьці гэта зусім незаўважныя недарэчнасці і памылкі, і, калі б нататка пісалася ад свайго імя, можна было б спісаць памылкі на недахоп інфармацыі, недахоп часу. Але паколькі інфармацыя падаецца ад імя супрацоўніка музея, хацелася б, каб у будучым аўтары і карэспандэнты Вашай газеты абавязкова звязваліся з супрацоўнікамі музея для ўдакладнення ўсіх фактаў, падаваных у нататках і артыкулах.
Самая вялікая памылка, якую зрабіла аўтар нататкі, і якую прапусцілі рэдактары газеты, гэта інфармацыя аб месцы захоўвання самага галоўнага экспаната выстаўкі. Аўтограф паэта, запісачка Максіма Багдановіча да Зоські Верас, захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, а не ў Дзяржаўным мастацкім музеі, як паведамляецца ў нататцы. Дарэчы, Дзяржаўнага мастацкага музея на Беларусі не існуе, ёсць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Гэты ўнікальны экспанат быў прадастаўлены супрацоўнікамі архіва-музея. І мы выказваем самыя шчырыя словы ўдзячнасці Запартыка Ганне Вячаславаўне, дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, за магчымасць пазнаёміць усіх прыхільнікаў асобы Максіма Багдановіча з гэтым экспанатам і спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва.
Я звяртаюся да Вас, паважаны Станіслаў Вацлававіч, з вялікай просьбай, у бліжэйшым нумары газеты "Наша слова" даць дакладную інфармацыю аб тым, што аўтограф паэта, запісачка Максіма Багдановіча да Зоські Верас, які быў прадстаўлены на выстаўцы "Максім Багдановіч і Зоська Верас. Нечужыя людзі…", арганізаванай Літаратурным музеем М. Багдановіча, захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва!
Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча адкрыты для супрацоўнітва з Вашай газетай, Вашымі карэспандэнтамі, гатовы прадастаўляць інфармацыю аб усіх выставачных, культурна-адукацыйных праектах, якія арганізуюцца музеем.
Рэдакцыі газеты "Наша слова" жадаю плёну ў працы, творчага натхнення і ТОЛЬКІ ДАКЛАДНАЙ ІНФАРМАЦЫІ.
З павагай Ірына Мышкавец , загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.