Папярэдняя старонка: 2012

№ 27 (1074) 


Дадана: 26-09-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 27 (1074) 4 ліпеня 2012 г.

130 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы

ЯНКА КУПАЛА (сапр. Луцэвіч Іван Дамінікавіч), нарадзіўся 07.07.1882 г. у фальварку Вязынка Вілейскага павету (цяпер Маладзечанскі раён Менскай вобласці) у сям'і арандатара.

У 1898 г. скончыў Беларуцкую народную навучальню. Пасля смерці бацькі (1902) год працаваў на гаспадарцы, потым - хатні настаўнік, пісар у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшы эканом у памешчыка ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні (1904), практыкант і памочнік вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Менскам, на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладзечаншчыне, у маёнтку Дольны Сноў на Нясвіжчыне (1905-1908), супрацоўнік "Нашай нівы" і адначасова бібліятэкар бібліятэкі "Веды" Б.Л. Даніловіча (Вільня, 1908-1909). У 1909-1913 гг. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А.С. Чарняева ў Пецярбургу. З кастрычніка 1913 г. зноў у Вільні, супрацоўнік "Беларускага выдавецкага таварыства", рэдактар "Нашай нівы" (1914-1915). У верасні 1915 г. выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. У студзені 1916 г. прызваны ў армію. Служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Менску, Полацку, а таксама ў Смаленску, дзе сустрэў рэвалюцыю. У 1919 г. пераехаў у Менск, дзе і жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук БССР, у разгортванні выдавецкай справы. У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, у пасёлку Пячышчы каля Казані. Абіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР (1927-1929), членам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (з 1940 г.). Акадэмік АН БССР, АН УССР. Сябар СП СССР з 1934 г. Народны паэт БССР (1925). Узнагароджаны ордэнам Леніна. Трагічна загінуў 28.06.1942 г. у Маскве. Урна з прахам перавезена ў Менск у 1962 г.

Пісаць пачаў на польскай мове. Першы вядомы беларускі верш "Мая доля" датаваны 1904 г. Першы надрукаваны верш на беларускай мове - "Мужык" (15 траўня 1905 г. у менскай газеце "Северо-Западный край"). У 1908 г. пецярбургскае выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца" выпусціла першы зборнік паэта "Жалейка" (факсімільнае выданне ў 1982), у 1913 г. - зборнік "Шляхам жыцця". Зборнік вершаў "Гусляр" (1910) выдадзены ў Пецярбургу А. Грыневічам. У савецкі час выйшлі кнігі паэзіі "Спадчына" (1922), "Безназоўнае" (1925), "Апавяданні вершам" (у 2 кнігах, 1926), паэмы "Магіла льва" (1927), "Над ракою Арэсай" (1933), "Курган" (1987), зборнікі "Адцвітанне" (1930), "Песня будаўніцтву" (1936), "Беларусі ардэнаноснай" (1937), "Ад сэрца" (1940), "Беларускім партызанам" (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі выбраных вершаў, паэм (1930, 1935, 1936, 1946, 1947, 1948, 1952, 1958, 1967, 1970, 1972 - малафарматнае выданне, 1978, 1980, 1981, 1982 (4 выданні), 1987, 1988 (3 выданні), 1989 (2 выданні) і Зборы твораў у 6-ці (1925-1932), 3-х (1928-1932), 6-ці (1951-1954, 1961-1963), 7-мі (1972-1976) тамах. Многія вершы пакладзены на музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы "Хлопчык і лётчык", "Алеся" і інш.

Аўтар драматычных паэм "Адвечная песня" (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і "Сон на кургане" (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п'есы "Паўлінка" (Пецярбург, 1913, пастаўлена ў 1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я. Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 г. - аперэта), драматычнай паэмы "На папасе" (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы "Раскіданае гняздо" (Вільня, 1919, пастаўлена ў 1917, аднайменны кінафільм - у 1982), сцэнічнага жарту "Прымакі" (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936), п'есы "Тутэйшыя" (1924, пастаўлена ў 1926), драматычнага абразка "На Куццю" (Вільня, 1928, ставіўся ў самадзейных гуртках). У 1989 г. выйшлі "Паэмы. Драматычныя творы" (уключаны трагікамедыя "Тутэйшыя", паэмы "Калека", "На Куццю" і іншыя творы, якія доўгі час былі забаронены).

Выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. У 1972 г. выйшла кніга "Публіцыстыка".

Пераклаў на беларускую мову "Слова аб палку Ігаравым" (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн "Інтэрнацыянал", польскі тэкст у п'есах В. Дуніна-Марцінкевіча "Ідылія" і "Залёты", лібрэта оперы "Галька" С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна "Медны коннік", шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік "Ад сэрца".


125 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала

ШАГАЛ Марк Захаравіч (сапр. імя па бацьку Хацкелевіч) (Chagall Marc), графік, жывапісец, тэатральны мастак, ілюстратар, майстар манументальных і прыкладных відаў мастацтва. Адзін з лідараў сусветнага авангарду 20 стагоддзя, Шагал здолеў арганічна злучыць старажытныя традыцыі юдзейскай культуры з вострасучасным наватарствам. Нарадзіўся ў Віцебску 24 чэрвеня (6 ліпеня) 1887. Атрымаў традыцыйную рэлігійную адукацыю на хаце (старажыт-нагабрэйская мова, чытанне Торы і Талмуда). У 1906 году прыехаў у Пецярбург, дзе ў 1906-1909 наведваў рысавальную школу пры Таварыстве заахвочвання майстэрстваў, студыю С.М. Зайдэнберга і школу Е.Н. Званцавой. Жыў у Пецярбургу-Петраградзе, Віцебску і Маскве, а ў 1910-1914 - у Парыжы. Уся творчасць Шагала першапачаткова аўтабіяграфічная і палірычнаму спавядальная. Ужо ў ранніх яго карцінах дамінуюць тэмы дзяцінства, сям'і, смерці, глыбока асобасныя і ў той жа час "вечныя" ("Субота", 1910, Музей Вальраф-Рыхарц, Кёльн). З часам на першы план выходзіць тэма гарачага кахання мастака да сваёй першай жонкі - Бэлы Розенфэльд ("Над горадам", 1914-1918, Трацякоўская галярэя, Масква). Характэрны матывы "местачковага" пейзажу і побыту разам з сімволікай юдаізму ("Вароты габрэйскіх могілак", 1917, прыватны збор, Парыж). Аднак, узіраючыся ў архаіку, у тым ліку і ў рускі абраз і лубок (якія аказалі на яго вялікі ўплыў), Шагал прыхінаецца да футурызму і прадбачыць будучыя авангардныя плыні. Гратэскава-алагічныя сюжэты, рэзкія дэфармацыі і ірэальна-казачныя каляровыя кантрасты яго палотнаў ("Я і вёска", 1911, Музей сучаснага мастацтва, Нью-Ёрк; "Аўтапартрэт з сямю пальцамі", 1911-1912, Гарадскі музей, Амстэрдам) аказваюць вялікі ўплыў на развіццё сюрэалізму.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1918-1919 гадах Шагал служыў камісарам УКП (бальшавікоў) губернскага аддзела народнай адукацыі ў Віцебску, афармляў горад да рэвалюцыйных свят. У Маскве Шагал напісаў шэраг вялікіх насценных пано для Габрэйскага Камернага тэатра, тым самым зрабіўшы першы значны крок да манументальнага мастацтва. Выехаўшы ў 1922 у Берлін, у далейшым з 1923 жыў у Францыі, у Парыжы ці на поўдні краіны, часова пакінуўшы яе ў 1941-1947 (гэтыя гады правёў у Нью-Ёрку). Наязджаў у розныя краіны Еўропы і Міжземнамор'я, не раз пабываў і ў Ізраілі. Асвоіўшы розныя гравюрныя тэхнікі, па замове Амбруаза Волара Шагал стварыў у 1923-1930 гадах востравыразныя ілюстрацыі да "Мёртвых душ" Мікалая Васільевіча Гогаля і "Баек" Ж. дэ Лафантэна. Да сярэдзіны 20 стагоддзя яго аўтарытэт мастака - жывапісца, графіка, майстра тэатральнага мастацтва, а таксама дэкаратыўнай керамікі (якой ён займаўся з 1950) - атрымаў сусветнае прызнанне.

У 1973 Шагал наведаў Маскву і Санкт-Пецярбург у сувязі з выставай сваіх работ у Трацякоўскай галярэі.

Памёр Шагал у Сен-Поль-дэ-Ванс (Прыморскія Альпы, Францыя) 28 сакавіка 1985 года.


НА ВАГАХ ЧАСУ

Мікола Мілаш

Паэма прысвячаецца Народнаму паэту Янку Купалу (7.7.1882-1942), у "балесны лёс /якога/ шыпы і ружы ўпляліся" (Я. Янішчыц). У сугучнасці са станам яго душы заўсёды паэта суправаджала песня жалейкі, матывам якой і адкрывалася яго творчасць: назвай зборніка "Жалейка" і закрывалася вершам "свае жалейкі люд закінуў - чужым свісцёлкам месца даў" . Прычым у замене ў тэксце слова "жалейка" на дзіцячую "свісцёлку" згадваецца рэальны характар перамен у стане грамадства, які мы назіраем сёння, дзе на ўсіх дзяржаўных фэстах тыпу "Славянскі базар" яўна адчуваецца дух занядбання роднай мовы на карысць чужой. Вось на такіх вагах часу жыў і тварыў наш прарок Адраджэння, апостал Духу нацыі Янка Купала, калі панавала бяспраўе і тварыўся генацыд нацыі. Але час зробіць сваю справу. І людзі праўды даб'юцца! "Яшчэ прыйдзе вясна!"

"Не пужайся, што здрадныя хмары

Неба ўслалі з канца да канца,

Што свае цемната ўнесла чары,

Закружыўся груган над папарам:

Яшчэ прыйдзе вясна".


"Пойдзем, сушачы

вечных крыві й слёз разводдзе,

К лепшай долі, з вялікай надзеяй,

Пойдзем, пойдзем туды,

адкуль сонца ўзыходзе,

Адкуль вецер прыветлівы вее".

(З вершаў Янкі Купалы.)


"І нікому не вядомы

будзе лёс твой горкі.

І не ўчуюць спеў знаёмы

родныя пагоркі".

Якуб Колас.


Пралог

Мне лёс паэта нагадаў

Арэляў хісткае гайданне.

І, сапраўды, не раз спазнаў

Ён крыўду і выпрабаванне…


У путах рабскіх, хіжых дзей

Фарміраваўся дар прарока:

Не спраўдзіў час яго надзей -

Народ гібее ў спратах змроку.


Сугучна чуласці душы

Ў тон раздаваўся спеў жалейкі.

Матыў яго ў грудзях глушыў

Мярзотны дух… па-ліхадзейску.

1. Край у скрусе

Над краем - ноч рэакцыі -

З агнём гуляла ліхадзейка:

Знішчаўся гонар нацыі

І сумна плакала жалейка.


Уздоўж і ўпоперак расцвіў

"Сардэчнай веры" дух тэізму:

Нястомна ў душы ён сяліў

Імперскі почырк фаталізму.


Паўсюдна - выспы-курганы,

Наўсцяж ляглі ў Сібір дарогі:

Спраўлялі балі груганы -

Суіснаваў парадак строгі:


Як толькі дзе чуваць быў спеў

Ці споведзь на матыў тутэйшых,

То тут як тут жандарм прыспеў

Сфабрыкаваць данос вышэйшым…


Змяніўся яўна каларыт

Эпохі казачнай Айчыны.

Яе суровы свет адкрыў

Сюжэт аповесці Лучыны.


У скрутнай повязі падзей

Ствараўся воблік долі горкай:

Мужык пазбавіўся надзей -

Быў лёс яго фатальна колкі.

2. Зара павагі

Але над краем узышла

Зара павагі да зямелькі:

Пара на дзіва надышла -

Чуваць стаў ціхі спеў жалейкі.


Падставай узвышэння спраў

Па скарыстанні мовы продка

Быў непазбежны акт цара,

Каб жыў народ і мовы сродкам.


На вагах часу лёс прыспеў

Народу ў свет адкрыць аконца:

Нёс ветру вольнага напеў

Троп "Нівы" і "Загляне сонца..."


Тут вершы лірнік друкаваў

Як непасрэдны супрацоўнік -

На ніве моўнай выспяваў

Традыцый продкаў паслядоўнік.


Нясцерпны сэрца боль глушыў

Жывою мовай спеў "Жалейкі"

Бы "набалелы стогн душы"

На гонях роднае зямелькі.


Матыў узнёслы людцаў зваў

З "нізін санлівых" аж да сонца:

Герой містычны спазнаваў

Шчаслівых момантаў бясконца.

3. На ростанях

Ды вось над краем груганнё

Пранеслася стварэннем нейкім.

І… зноў між дзікасці агнёў

Гучэў гаротны спеў жалейкі.


Па гоням злосны лёс хадзіў

То з вэсту, то з усходу з боем -

Нямала ў весях напладзіў

Слядоў шалёнага зласлоўя.


Тут з поўным правам праявіў

Сябе звон-голас Адраджэння:

Ў рэжыме жорсткім аб'явіў

Дзяржавы дату нараджэння!


І ўсё ж лёс з злыдняў чарады

Найбольш спрыяў

брыдзе Саветаў:

Наш край - пад полагам бяды -

Ёй стаў разменнаю манетай.


За спробу неяк асвяціць

Сапраўдны твар саюзу нацый

Жыццём ахвярным заплаціў

Змагар бруду інсінуацый.


К вяршыні саркастычных з'яў

У стосе друкаваных твораў

Вёў п'есы жарт "Тутэйшыя",

Што фаталізму стаў дакорам.

4. Узлёт надзей

Зноў заблішчэў надзеі бляск

На вагах часу дабрадзейкай.

Сям-там міжвольна як-ніяк

"Знаёмы спеў" вяла жалейка.


У кругаглядзе звыклых з'яў

Лад мовы вабіў строем вольным:

Склад граматычны ўрад прыняў

Стыль Лёсікаў на здзіў супольна.


Ды і Купала - маг надзей -

Раскрыў свой талент грамадзянскі:

У вершах пафасна гудзеў

Матыў вяршэння па-славянску


Пра "сакаліную сям'ю"

Сыноў і дочак Беларусі,

І пра "Дзяды", і пра "Куццю",

І пра хвалу народу... ў скрусе.


Нарэшце вартасці ўхвала

Прыйшла к яму - было прызнанне:

Дзяржава годнасць надала -

Народнага паэта званне.


Ён рэчаіснасць успрымаў

З належнай верай ў станаўленне.

Аднак надзей чакаць дарма

Прыйшлося… Надышло зацменне.

5. Хваля тэрору

Зацята правіў бальшавік -

На майстра слоў лягла наклейка

"Нацдэм": смугой заслаўся лік

І… слёзна плакала жалейка.


На допыт орган ДэПэУ

Па справе адраджэння краю

Плеяду творцаў прыцягнуў

Нагодай бальшавіцкіх правіл.


Кіраўніком прызнаны быў

Ластоўскі, як пасланнік Веды.

У склад праўлення,- як актыў,-

Прыцягнуты майстры асветы:


Географ Смоліч - межаў Бог,

Знаток гаворкі - Некрашэвіч,

Іван Краскоўскі - педагог,

Наватар - Аляксандр Цвікевіч,


Тут Лёсік быў - спецыяліст

Па адраджэнні роднай мовы -

І… маг Купала, як стыліст

Радка - жывой страфы аснова.


Не мог хаўруснік дараваць

Яго пяра святы кірунак -

Хрысціць "Масквы

кароннай гразь"-

І… пацягнуў у пастарунак.


- Звілі тут нацыі гняздо!

Гаспадарамі тут хаціце?

Прызнайся, быдла!.. Бачыш дол?

Дык будзеш там!-

вёў вышук хцівец.

6. Упадак духу

Не перажыў паэт здзек-дзіў -

Настрой прыдаў напеў жалейкі:

Жывот сабе ён зверадзіў -

Лілася кроў жывою змейкай.


Але анёл аховы ўраз

Прыйшоў к яму на дапамогу

І… песняру надаў наказ,

Хоць супярэчыў духу многа:


- Твой божы дар мы зберажом,

Калі дзяржацца будзеш правіл -

Не лезці марна на ражон:

Заўжды мужы ў законе - правы.


І ў дэшу пасяліўся страх -

За кожным віжавала вока:

Па спісках спальвалі ў кастрах

Стос кніжак Лёсіка, Дубоўкі…


З пары той песняра пяро

Ледзь ужывалася па модзе:

Паэт - выт адчуваў нутром -

Сюжэты строіў па пагодзе.


Прыціх жалейкі родны спеў:

Паўсюдна - негадзі гаворка.

Анёл тут, як заўжды, паспеў

Бяду адвесці з вір-пагорка.

7. Вал тэрору

Па гонях шпарка вымушаў

Дух занядбання афіцыйна:

Зварот-сказ "Хто каго" рашаў

Вярхоўны… мабілізацыйна.


Экспрапрыяцыю ў штыкі

Успрынімалі людцы з гора:

Паўсюдна шасталі шпікі -

Ішоў чарговы вал тэрору.


Шмат пралівалася крыві -

Знішчалі кулака як класа.

Для гэтай мэты ў акт звялі

Стварэнне на зямлі калгасаў.


Чарговым крокам стаў працэс

Меліярацыі балотаў -

На здзірванелых землях спрэс

Сябе прытул віла галота.


Камуну з багны паднялі

На берагах ракі Арэса -

Паэмай лірніка№ ўзвялі

Яе ў ступень вясны прагрэсу.


І, тым не менш, жалейкі спеў

Не вылучаўся гукам звонкім,

Бо надта абуральны гнеў

Тачыў душэ патокам гонкім.

8. Туга па волі

Сярод знаёмых і сяброў

Паэт адводзіў долу вочы:

Вульгарны крытык змагароў

Сароміў дух яго прарочы.

______________

1. Паэма "Над ракой Арэсай" была апублікавана ў 1933 годзе.

З Купалам у сэрцы

Прарок

З вялікай павагай і ўдзячнасццю, прафесару Аркадзю Русецкаму - земляку Вялікага песняра, Прарока Беларускай зямлі - Янкі Купалы.


У кожнага народа ёсць прарокі.

Бог іх людзям шле,

каб вочы ўсім адкрыць,

Былі каб у народаў,

як у рэк вытокі,

Людзей вучылі, як у праўдзе жыць.


Яны прыходзяць у чэрствы свет

Не ў золаце і не для красы,

А пакінуты імі азораны след,

Надзею дае і ў цяжкія часы.


Радзіўся Янка ў сям'і Дамініка.

(Наш край цярпеў пакуты тады).

Вітаў бацькоў і край свой

першым крыкам

- Прымай, Радзіма.

Я твой назаўжды!


На радасць усім гадаваў яго Бог,

Быцця таямніцы адчыняў паволі,

Талент надаў, каб краю дапамог,

Дарогу - выйсце масціць да волі.


Прыняў юнак вялікі той наказ,

Пранікся моцнай праўдай Божай,

I вывёў свой народ у свет,

на агляд-паказ,

З сваёю мовай чыстай, гожай.


Старанна, шчыра і рупліва

Кідаў на глебу словы-семя,

I край ажыў, як у весну ніва,

Ажыло крывічоў гордых племя.


Прарочы голас як звон гучаў,

Надзею і моц даваў, і зваў да волі,

Ды цёмныя сілы тым злаваў

I спаць ім не даваў ніколі.


Прарок не кожны ў старасць памёр,

Іх лёс пакутны, кажуць людзі.

Але ж запалены імі касцёр,

Не згасіць ніхто і не астудзіць.


Ніколі хмарам сонца не закрыць.

Не для таго стаў Божы свег.

I так навекі мусіць быць!

Таму і будзе вечна жыць

Прарочы запавет!

Святая крыніца

Калісь з глыбінь зямлі, з вытокаў, З'явіўся светлы, чысты ручаёк. Радзіўся дзесьці пад гарой глыбока, Блудзіў у нетрах і да паверхні цёк.

Прайшоў пяскі, прайшоў граніты,

У краменяў моц зямліцы ўзяў.

I выплыў жыватворны з-пад ракіты,

Святой крыніцай называцца стаў.


К яму пайшлі звяры і людзі,

Як анёл Божы усіх лячыў:

Каму галоўку, каму грудзі,

Хто піў ваду, той доўга жыў.


Складаў аб ёй народ легенды,

Як цуд, святыню шанаваў.

Падняўся бунт - не да спагады,

Вар'ят крыніцу растаптаў.


I загнілося наваколле.

Аж покуль у сне не ўчуў унук:

"Мяне як выпусціш на волю,

Я збаўлю край ваш ад пакут''.


I забруіла зноў крыніца,

Як бруд з грудзей яе знялі,

Адмыла з краю гніль вадзіца,

Паўсюду кветкі зацвілі.


Павер, паэт, твая крыніца

Не зарасце, а забруіць,

I словы родныя пальюцца,

Як рунь вясною прарастуць.

Ад сэрца сей іх толькі шчыра,

І сам крыніцай тою будзь!

Наша слова

Наша слова - крышталь.

Чыстай крыніцай звініць,

Заве нас у светлую даль.

Мамінай песняй гучыць.

Наша слова - дзеяслоў.

Дзеі цудоўныя чыніць.

Моладзі веру дае і любоў,

Без яго і думкі застынуць.

Наша слова заклік-прызыў.

Край наш спрадвеку бароніць,

Продак далёкі першым яго ўжыў.

Пад Грунвальдам

яно крыжакаў гоніць.

Наша слова здымае боль.

Цётка Тэкля хваробы ім лечыць,

Нашай зямлі яно соль,

Перад ім -трэба ўсім укленчыць.

Свечку як будзеш

трымаць у руках,

Слова і ў свет далёкі праводзіць,

Помні свой зямны шлях,

Скінь з дарогі ўсё,

Што слову роднаму шкодзіць!

Мар'ян Даргель.

Між Шэкспірам і Байранам

Да юбілею Янкі Купалы

* * *

Не рызманнё прыйшоу я цыраваць,

А рваць яго

Ушчэнт і без агдядкі.

* * *

Слоў беларускіх - процьма.

Душ беларускіх - бездань...

А як злучыць іх, як суладзіць?!

* * *

Паэт - ёсць першая праталіна,

А далей будзе што -

Вядома толькі Творцу.

* * *

Як іх наблізіць, як з'яднаць у адно

- Паэта далягляд

І гледзішча народа?!.

* * *

Кожны радок Купалы,

Як і любога паэта,

Сярод люду шукае прыхільных.

* * *

I роднае зямлі матыў,

Калі няма ў ім гукаў неба,

Не здольны душы ўздымаць.

* * *

Дзвярэй у свет шырокі ў нас няма:

Што маем - гэта толькі дзверцы,

У якія і галава не лезе.

* * *

Такую мець душу - цяжар:

Ты грэеш-выгараеш, а яны

I блізка падыйсці не хочуць.

* * *

Магчыма б, і мелі цікаўнасць

да вершаў тваіх,

Калі б парасіўся

Ты імі.

* * *

Ад свядомасці, ад аглушанай,

Бы гарох ад сцяны,

Адлятаюць тут словы паэта.

* * *

Гарыць маё сэрца, ды стыне душа

Ад гэтага люду

І яго наваколля.

* * *

Ці верш у што тут загарні,

Ці ў верш што захіні...

О, тут паэзія не пройдзе.

* * *

На чым толькі сэрца сваё паэт

Не разбіваў, не ўкрыжоўваў,

Ды ўсё гэта часта дарэмна.

* * *

Якая грукатня ў маёй душы...

А на зямлі маёй -

Дык сумнае зацішша.

* * *

Лухтой, драбязой, бязглуздзіцай

Затавараны вашы душы...

I таму неўпрадых тут паэту.

* * *

Няма ў іх мужнасці

Сабрацца

Нат ў натоўп.

* * *

Мы ўсё носім, усё даношваем

I ніяк не даносім

Лахманы нягеглага лёсу свайго.

* * *

Я кідаў словы ім -

Выратавальныя кругі -

I ўсе яны пятлёю для паэта сталі.

* * *

Чаго не хапае натоўпу,

Каб годным народам зрабіцца?

Паэзіі і паэта!

* * *

Да Слова трэба дарасці

Паэту

I народу.

* * *

Нібыта крыніцы

праз тоўшчу зямную,

Цяжка паэту прабіцца да Творцы

Праз гушчу народа.

* * *

Над забітым народам

I верш праляціць

Ухаластую.

* * *

I ў радасці, і ў тузе

Я вершы свае адколваў

Нязменна ад лёсу свайго.

* * *

Чаму ў маленстве я

Якім чаротам не згарэў

I лёгкім дымам не пайшоў праз комін?!.

* * *

Тут і знішчыць уласнаю воляй сябе,

Паняволенага,

Не дазволядь табе, не дадуць.

* * *

Купала жадаў, каб яго народ

Не ніц, не цішком, не заплюшчана,

А свабодна, адкрыта жыў.

* * *

Нарадзіся Купала ў Англіі,

Быў бы ён між

Шэкспірам і Байранам.

* * *

Дзівак паэт!..

Пры чым тут людзі?!.

Да Творцы больш звяртайся ты!

Яўген Гучок.


Размаўляй

Да юбілеяў Янкі Купалы,

Якуба Коласа,

Максіма Танка


Размаўляй на нашай мове -

Яна з лепшых моў.

Годнасць, шчырасць ў родным слове,

Дабрыня, любоў.


У мове - повязь пакаленняў,

Для душы маяк,

Невычэрпны дух натхнення,

Будучыні знак.


Размаўляй па-беларуску,

Ты мне родны брат.

Давай памяці нагрузку,

Пасылай назад,


Дзе матулі і бабулі

У нялёгкі час

Нам спявалі люлі-люлі -

Так любілі нас.


Нам жадалі шчаснай долі,

Усё нам аддалі,

Клопат з вераю малолі:

Ідзіце па зямлі!..


Беларусь, усім ты слала

Таленты за так!

Ды йшчэ Колас ёсць, Купала,

Караткевіч, Танк.


Будзь і ты трошкі Купалам,

Юны грамацей,

Дбай, зямля каб наша стала

Багацей, чысцей...


Размаўляйце на "трасянцы":

Яна мне - пароль.

І з табой, сусед, пры чарцы

Я скажу на ёй.


З расіянінам фарсістым

За адным сталом

Заспяваю на іх, чыстым,

"Степь да степь кругом".


Калі ж лёс пашле ў Варшаву,

Хоць я не паляк,

Пахвалю я гжэчна "каву",

Станчу кракавяк.


Пачытаю pani zgrabnej

"Dziady" - урок дам.

Заяўлю, мабыць, нахабна,

Што і наш Адам.


I паўднёвага суседа

Я не абміну,

Бо на мора ўсё ж паеду

Палячыць спіну...


Размаўляйце і спявайце,

Людзі, на сваёй.

Хай гучыць у кожнай хаце,

Ляціць вышынёй.


Хай падцягваюць нам дзеці,

Ім сталець штогод.

Няхай ведаюць у свеце,

Што і мы - народ!

Георг Шундрык.


Дзякуем Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі

Старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Сп. Л. П. Козіку

220126, Мінск пр. Пераможцаў, 21

СПРАВАЗДАЧА

На падставе дагавора дабрачыннай (спонсарскай) дапамогі, заключанага на падставе рашэння выканкаму Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ад 14.05.2012 №243, Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала ад Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі грашовыя сродкі ў памеры 990 000 (дзевяцьсот дзевяноста тысяч) беларускіх рублёў.

У адпаведнасці з пунктам 3 дагавора грашовыя сродкі былі выкарыстаныя на падпіску шэрагу цэнтральных раённых бібліятэк краіны, музеяў, гімназій горада Менска, а таксама ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на беларуска-моўныя перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь. У дадатку №1 да справаздачы абазначаны суб'екты падпіскі і грашовыя сумы.

Да справаздачы дадаюцца копіі плацёжных дакументаў на дзвюх старонках.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Дадатак да справаздачы ад 25.06.2012 г. №1

№ Суб'ект падпіскі Тэрмін падпіскі Сума

1 ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" шэсць месяцаў 482622 бел.руб.

2 ЦРБ г. Белаазёрск шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

3 ЦРБ г. Рэчыца тры месяцы 12 477 бел.руб.

4 ЦРБ г. Драгічын шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

5 Добрушскі краязнаўчы музей шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

6 Чэрыкаўскі раённы гістарычна- шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

краязнаўчы музей

7 ЦРБ г. Маларыта шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

8 ЦРБ г. Ельск шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

9 ЦРБ г. Столін шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

10 ЦРБ г. Дуброўна шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

11 ЦРБ г. Петрыкаў шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

12 ЦРБ г. Бялынічы шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

13 ЦРБ г/п Хоцімск шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

14 ЦРБ г/п Глуск шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

15 ЦРБ г. Кобрын шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

16 ЦРБ г. Жабінка шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

17 ЦРБ г. Ганцавічы два месяцы 24 954 бел.руб.

18 ЦРБ г. Калінкавічы шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

19 Мсціслаўскі гістарычна- шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

археалагічны музей

20 Гімназія № 4 г. Менска шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

21 Гімназія № 23 г. Менска шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

22 Гімназія № 14 г. Менска шэсць месяцаў 24 954 бел.руб.

Агульная сума падпіскі: 994 179 бел. руб.



Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" яшчэ раз выказваюць падзяку Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі за падтрымку беларускамоўнага друку і папулярызацыю беларускай мовы.


Клуб красамоўства "ПраМова" - вынікі сезону

27 чэрвеня завяршыўся сезон 2011-2012 клуба красамоўства "ПраМова" пры Таварыстве беларускай мовы. За гэты сезон шмат цікавага адбылося ў жыцці клуба, таму хочацца падвесці пэўныя вынікі нашай дзейнасці.

Паседжанні клуба праходзяць па распрацаваным плане, які дае магчымасць кожнаму сябру актыўна ўдзельнічаць на кожнай сустрэчы і не толькі больш якасна ўплывае на за-сваенне беларускай мовы, але і дазваляе раскрыць такія рысы харак-тару як лідарства, адказнасць і ўпэўненасць.

Прайшоўшы праз гэты год, удзельнікі клуба з'ядналіся, сталі сапраўдным колам сяброў. Мы адсвяткавалі першую гадавіну з дня ўтварэння клуба, сустракаліся з такімі цікавымі асобамі, як гісторык-тапаніміст Іван Сацукевіч, пісьменнік Васіль Якавенка, музыка Алег Хаменка, старшыня Прэзідыюма Рэспубліканскага савета Грамадскага аб'яднання "Беларускае добраахвот-нае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антон Астаповіч, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, студэн-цкі тэатр "Жывое слова", пабывалі на шматлікіх вандроўках, імпрэзах і ў музеях.

У клуб прыходзіць шмат людзей рознага ўзросту, ад студэнтаў да пенсіянераў, што дазваляе павысіць паразуменне паміж пакаленнямі і заставацца ў плыні сучаснага, не забываючыся на традыцыі.

Шмат хто з наведнікаў, прыхо-дзячы да нас, на пачатку палохаўся, саромеўся і не прымаў актыўнага ўдзелу, але праз нядоўгі час гэтая баязлівасць сыходзіла, бо сяброўская атмасфера - неад'емная частка нашых паседжанняў.

Вядома, для паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці клуба трэба мець пэўную колькасць вольнага часу, але калі ёсць жаданне пачаць размаўляць штодзённа па-беларуску і далучыцца да беларускамоўнага асяроддзя, адзін вечар у тыдзень магчыма пакінуць вольным.

Падсумоўваючы вынікі сезону, мы ўжо зараз плануем сваю дзейнасць на наступны. Ёсць папярэднія дамоўленасці з пэўнай колькасцю цікавых і таленавітых асоб наведаць наш клуб, мы плануем удзел у вандроўках і рыхтуем тэмы для новых прамоў.

Мы з задавальненнем запрашаем усіх, каму бракуе моўнай практыкі, хто мае патрэбу ўдасканаліць свае моўныя здольнасці, у каго ёсць жаданне далучыцца да беларускай культуры і проста адпачыць у сяб-роўскім асяроддзі - прыходзьце ў клуб "ПраМова". Нашыя паседжанні адновяцца ў верасні 2012 года ў памяшканні Таварыства беларускай мовы.

Старшыня клуба "ПраМова" Аляксандар Давідовіч.


Да 100-годдзя Лідскага аэрадрома

Старшыні

Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"'

А.А.Трусаву

Аб стварэнні музея авіяцыі

Паважаны Алег Анатольевіч!

Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь разгледзеў Ваш зварот, які быў накіраваны Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У.У. Макею, аб стварэнні музея авіяцыі ў г. Ліда. Па дадзенаму пытанню паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з падпунктам 3.1 артыкула 10 Закона Рзспублікі Беларусь "Аб музеях і музейным фондзе Рэспублікі Беларусь" абавязковай умовай стварэння музея з'яўляецца наяўнасць культурных каштоўнасцей (музейных прадметаў, раскрываючых пэўную тэму).

Па інфармацыі Лідскага гісторыка-мастацкага музея ў яго фондах захоўваецца толькі 14 прадметаў, якія маюць дачыненне да гісторыі авіяцыі. Сярод іх: 12 дакументаў, звязаных з Малахавым М.М., Героем Савецкага Саюза, які некаторы час жыў у г. Ліда і там пахаваны; ліст Ю.А. Гагарына школьнікам в. Сялец Лідскага раёна; сувенірны гадзіннік, падараваны на юбілей горада ў 1980 годзе.

У сучасны момант у 206 цэнтры падрыхтоўкі лётнага састава ў г. Ліда аформлены пакой баявой славы, у якім на аснове тэкставай інфармацыі расказваецца аб гісторыі авіяцыі, Лідскага аэрадрома, гісторыі штурмавой авіяцыйнай базы. Прадметаў, якія раскрываюць тэму развіцця авіяцыі і Лідскага аэрадрома ў экспазіцыі няма.

У планах работы Лідскага гісторыка-мастацкага музея арганізаваць у 2014 годзе выстаўку, прысвечаную гісторыі Лідскага аэрадрома. Для збору прадметаў па гэтай тэме супрацоўнікамі будзе праводзіцца планамерная работа. Пры ўмове, што будзе сабрана неабходная для адкрыцця музея колькасць прадметаў, будзе разгледжана пытанне аб стварэнні музея побач з 116 Гвардзейскай Радамскай Чырвонасцяжнай штурмавой авіяцыйнай базай, тэрыторыя якой, з улікам яе прызначэння, не можа быць выкарыстана для стварэння музея.

З павагай,

Намеснік старшыні І.Г. Жук.



Старшыні Грамадскага

аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава,

220034, г. Мінск

Аб выпуску паштовай маркі і

мастацкага канверта

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Вашы прапановы наконт выпуску паштовай маркі і мастацкага канверта, прысвечаных першаму беларускаму аэрадрому, і паведамляе наступнае.

Выпуск паштовых марак і мастацкіх канвертаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з тэматычнымі планамі, якія фарміруюцца згодна з Інструкцыяй аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты, спецыяльных паштовых штэмпеляў Рэспублікі Беларусь. Тэматычныя планы выдання паштовых марак і мастацкіх канвертаў на 2012 і 2013 гады зацвержданы.

Трэба таксама адзначыць, што тэматычныя планы абмежаваны па колькасці сюжэтаў, таму прадугледзець у іх усе юбілеі і мерапрыемствы немагчыма.

Улічваючы вышэйпададзенае, выпусціць у 2012 годзе мастацкі канверт не прадстаўляецца магчымым.

Разам з тым РУП "Белпошта" гатова разгледзець выпуск немаркіраванай паштоўкі на гэту тэму пры ўмове прадстаўлення Вамі ілюстраванага матэрыялу.

Кантактная асоба - Шыпілава Ірына Валер'еўна (тэл. 293 55 70, электронны адрас - ship belpost.by).

Намеснік Міністра М.М. Струкаў.


Сяржук Вітушка больш не з намі

2 ліпеня раніцай у віленскай лякарні памёр Сяржук Вітушка. Ён быў кіраўніком легендарнай менскай "Талакі" - адной з першых паўпадпольных незалежніцкіх арганізацый Беларусі ў часы СССР.

Ён доўга цяжка хварэў на дыябет, страціў зрок і нагу. У пятніцу ў яго здарыўся інфаркт. Выхадныя ён правёў у цяжкім стане і памёр на руках у жонкі Людвікі і дачкі Паўліны, якія апекаваліся ім, немачным, доўгія гады ягонай слабасці.

Сяржук нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысць Маладзечанскага р-на. Скончыў гістфак БДУ. Шмат пісаў на тэмы маладзёвага руху, аховы помнікаў, краязнаўства. З 1991 года жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачанні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнае дзейнасці, у прыватнасці, арганізоўваў "сляпыя экскурсіі" для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, працягваў пісаць дзіцячыя казкі і п'есы-батлейкі. У 2011 годзе выйшла яго кніга "Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!".

Пахаваць Сяргея Вітушку павінны 4 ліпеня у вёсцы Чысць на Беларусі.

У верасні 1984 або 1985 года (не магу цяпер дакладна ўспомніць) на гістфаку БДУ з'явіўся бялявы хлопец з блакітнымі вачыма і адкрытым прыязным тварам. Я ў той год чамусьці не быў пасланы на бульбу, а мыў вокны ў аўдыторыях і вестыбюлі. І дагэтуль памятаю сваё радаснае здзіўленне, нават шок, калі пачуў, што нехта за спіною гучна і са смакам на ўвесь калідор размаўляе па-беларуску. Я, натуральна, кінуў свой занятак і пайшоў знаёміцца - у нас на гістфаку ўжо быў беларускамоўны гурток.

Гэтым новым студэнтам быў Сяржук Вітушка. Тады якраз арганізоўвалася "Талака", адбываліся першыя паседжанні, Сяржук стаў яе старшынём, і, дзякуючы яму, туды неўзабаве трапіў і я.

Цяпер часам спрачаюцца пра ролю ў апошнім адраджэнні той або іншай арганізацыі. Хтосьці кажа пра акадэмічны асяродак канца 60-х-пачатку 70-х, хтосьці пра мастакоўскі "Паддашак", хтосьці пра "Майстроўню" ці "Талаку", а нехта наогул усё пачынае з БНФ і яго фракцыі ў Вярхоўным Савеце ХІІ-га склікання. Таксама часам даводзіцца чуць, што ў 80-я гады не было беларускай моладзі, што ўсё навокал было расейскае, і што сапраўды адданая нацыянальная моладзь з'явілася толькі цяпер. Гэта, канешне, усё няпраўда. Менавіта з моладзевага руху 80-х гадоў вырас БНФ, які і прывёў краіну да новай хвалі адраджэння ў канцы 80-х пачатку 90-х гадоў. Калі ў 1987 годзе пад Ракавам мы праводзілі першы Вальны Сойм беларускіх моладзевых суполак, дык туды з'ехаліся дэлегаты ад дваццаці або трыццаці беларускіх моладзевых клубаў з усёй Беларусі, а ў другім Вальным Сойме ў Вільні праз паўтара года ўдзельнічалі ўжо прадстаўнікі ад 60 ці 70 суполак. Калі 19 кастрычніка 1988 года быў створаны аргкамітэт БНФ, дык назаўтра тысячы гэтых маладых людзей стварылі ў сваіх калектывах групы падтрымкі фронту.

І адным з нязменных лідараў усяго гэтага грамадскага працэсу быў Сяржук Вітушка. Ён - адзін з тых, дзякуючы каму, сёння на мапе свету ёсць незалежная Беларусь. Я разумею, што для гэтага працавалі, ішлі ў турмы і гінулі многія пакаленні беларусаў. Але ў 80-я гады ХХ стагоддзя - адным з лідараў беларушчыны быў ён.

Я мог бы прыгадаць шмат чаго асабістага ў нашых дачыненнях і некалі гэта абавязкова зраблю. Цяпер проста хочацца даць пару штрыхоў да гэтай выбітнай постаці нашай гісторыі ХХ стагоддзя.

Усе, хто памятае яго па талакоўскіх вандроўках, "талоках" ці паседжаннях, ведаюць, наколькі гэта быў сумленны і адданы Беларусі чалавек. Ён любіў Беларусь аддана і далюбіў яе да канца, нічога не беручы і не просячы ўзамен. У 2010 годзе, адказваючы на пытанне анкеты "Свабоды", кім з сучаснікаў вы захапляецеся, ён адказаў: "Усімі, хто арэ на ніве беларушчыны". Гэта вельмі незвычайна, бо з узростам людзі пачынаюць не толькі даваць, але і браць нешта для сябе, а некаторыя дык і наогул патрапляюць толькі браць. Вітушка аддаваў.

Ад самага моманту нашага знаёмства я здзіўляўся і другой Вітушкавай якасці - бязмежнай дабрыні. У сваім стаўленні да людзей вакол сябе ён быў абсалютным хрысціянінам яшчэ тады, калі нічога не ведаў пра Хрыста.

І яшчэ мне цяпер думаецца пра яго мужнасць. Быў ён мужны заўсёды. Напрыклад, на Дзяды 1987 года, калі мы разам стаялі з кветкамі ля помніка Янку Купалу на першым антысавецкім мітынгу ў гісторыі савецкай Беларусі, а парк Янкі Купалы быў увесь аточаны чорным "Волгамі" КДБ, і мы не ведалі, ці застанемся студэнтамі і куды пасля мітынгу трапім - дадому ці на вуліцу Камсамольскую... Быў ён мужны і тады, калі мы збіралі ў другой палове 80-х у шматкватэрных дамах на менскіх ускраінах подпісы за адкрыццё беларускамоўных садкоў і класаў. Некаторыя плявалі ў твар, некаторыя кідаліся біцца, а ён усё роўна не пераходзіў на расейскую і спрабаваў пераканаць і подпіс той здабыць... Быў ён мужны і ў змаганні са сваімі хваробамі, якія яго мучылі і звялі такі нарэшце ў магілу. Гісторыя яго мужнага змагання са сваімі нягодамі - гэта наогул прыклад усім нам.

Я перакананы, што некалі нашчадкі назавуць адну з вуліц менскай Курасоўшчыны, дзе жыў Сяржук Вітушка, яго імем. Я таксама ўпэўнены, што нашчадкі паставяць у Менску і помнік Сержуку.

А можа гэта яшчэ паспеем зрабіць і мы...

Сяргей Абламейка.


Новая кніга Сяргея Чыгрына пра лёс беларусаў

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшла з друку новая кніга слонімскага літаратара і гісторыка Сяргея Чыгрына. Аўтар цікава распавядае пра няпросты і трагічны лёс вядомых і малавядомых беларусаў нашай Бацькаўшчыны. Шмат новага чытачы даведаюцца пра генерала 1812 года Яна Канопку, пра беларускіх святароў Філафея і Паўла Лысуху, легендарнага доктара Усевалада Шырана, спявачку Яўгенію Чарняўскую-Орса, палітыка і гісторыка Міколу Шкялёнка, а таксама пра Рыгора Шырму, Якуба Міско, Вацлава Ластоўскага, Гальяша Леўчыка, Ларысу Геніюш, Янука Дарашкевіча, Валянціна Таўлая, Аляксандра Чыжэўскага, Міхала Федароўскага, братоў Артымовічаў і іншых вялікіх людзей беларускай зямлі. Лёс многіх з іх быў трагічны і няпросты. Таму новая кніга Сяргея Чыгрына - гэта даніна іх светлай памяці.

Кацярына ЯНУШЭВІЧ.


Замест рэцэнзіі

Нядаўна пабачыла свет грунтоўная праца вядомага беларускага эміграцыйнага даследчыка Лявона Юрэвіча "Шматгалосы эпісталярыум: гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні" (Мінск: Кнігазбор, 2012. - 660 с. Рэдагаванне Наталлі Гардзіенкі). Гэта ўжо дваццатая кніга, выдадзеная ў серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" Міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". І ці не да паловы з іх мае непасрэднае дачыненне Лявон Юрэвіч - няўрымслівы, апантаны навуковец, архівіст, грамадскі дзеяч.

Вось і "Эпісталярыум…" уражвае аб'ёмам зробленай працы, скрупулёзнасцю і прадуманасцю, лагічнасцю і паслядоўнасцю ў выкладзе матэрыялу… Тут варта нагадаць, што на беларускай ніве асобных выданняў эпісталярнай спадчыны пакуль не было. Хоць кожнаму студэнту-філолагу вядомы "Ліст да Абуховіча" Цыпрыяна Камунякі, "Ліст у рэдакцыю "Нашай Нівы" і "Ліст да п. В. Ластоўскага" Максіма Багдановіча. Тым, хто вывучае гісторыю нацыянальнай думкі, не абмінуць "Лісты з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага, "Ліст да рускага сябра" Аляксея Каўкі, урэшце, "Лісты да Гарбачова ад беларускай інтэлігенцыі". Прыкладаў, і досыць паказальных, можна прыводзіць шмат.

Заўважым сярод іншага, што лісты - ці не самая пашыраная форма тэксту. А непасрэдна пісанне лістоў - найбольш распаўсюджаны варыянт чалавечае дзейнасці ў літаратурнай галіне. Аўтар ліста верыць у моц свайго слова. І тут важнае ўсё: і прывітанне, і форма звароту да адрасата, і развітанне. Вось чаму "Эпісталярыум…", несумненна, цікавы і літаратуразнаўцам, і лінгвістам, і культуролагам.

У кнізе Лявона Юрэвіча мы знойдзем шмат чаго арыгінальнага. Аўтар імкнуўся не проста падаць лісты вядомых беларускіх дзеячаў, пісьменнікаў, але і адпаведным чынам скіраваць чытача праз адмыслова аформленыя загалоўкі. Прыгадаем: "Эпісталярыум як форма аўтабіяграфіі карэспандэнта і біяграфіі ягонага часу (Выпадак Юркі Віцьбіча)"; "Чаму нельга заўсёды верыць мемуарам? (Выпадак Уладзіміра Клішэвіча); "…Да прычыны царкоўнага закалоту…" (Выбраныя лісты Міхася Міцкевіча да Міхася Тулейкі). Тут ужо ў загалоўках утрымліваецца нібы нейкая інтрыга, што міжволі прываблівае чытача, прымушае як найхутчэй адгарнуць менавіта гэтыя старонкі.

Значная частка выдання прысвечана ліставанню Юркі Віцьбіча. Гэта, зрэшты, не дзіва, бо Лявон Юрэвіч шмат гадоў з асаблівым імпэтам даследуе і біяграфію, і творчасць вядомага эміграцыйнага аўтара.

Асобна адзначым, што ў выданні расшыфроўваецца кожнае імя, кожнае прозвішча, згаданае ў лістах. Гэта істотна пашырае фактычную базу прадстаўнікоў беларускай дыяспары, адкрывае часам новыя прозвішчы. Прынамсі, новыя для шырэйшага кола чытачоў. А напрыканцы кнігі змешчаны "Паказнік асобаў" з указаннем канкрэтнай старонкі, на якой згадваецца імя гэтай асобы. Без усякіх цяжкасцяў мы хутка знаходзім патрэбную старонку і можам прачытаць пра тых, хто найбольш нас зацікавіў.

"Шматгалосы эпісталярыум" Лявона Юрэвіча, без усякага сумневу, з'яўляецца адным з самых цікавых выданняў апошняга часу. Неабыякавы да беларускай культуры чалавек знойдзе тут дужа чаго новага, па-новаму ўбачыць асобныя рэчы і асобныя постаці. Праўда, наклад - усяго 200 асобнікаў - адразу робіць кнгігу бібліяграфічнай рэдкасцю. Але гэта толькі павышае цікавасць да даследавання, міжволі прымушае шукаць і - знаходзіць. І тады перад намі раскрываецца ўсё эпісталярнае багацце вядомых прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


Абвестка

У ліпені кніжная выстава не працуе.

2-4 ліпеня сядзіба ТБМ не працуе.

З 5 ліпеня па 6-га жніўня сядзіба працуе наступным чынам:

аўторак-пятніца з 10.00 да 13.00

з 14.00 да 18.00.

Па суботах з 13.00 да 19.00. Нядзеля і панядзелак - выходныя.


Фестываль "Магутны Божа" адкрылі духоўным гімнам беларусаў

З выканання гімна паэткі Наталлі Арсенневай і кампазітара Міколы Равенскага "Магутны Божа" 26 чэрвеня ў Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыццё аднайменнага міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі.

Гімн "Магутны Божа" грамада слухала стоячы, некаторыя падпявалі. Зводнымі харамі, якія выконвалі гімн, дырыжыраваў расейскі музыка, старшыня журы конкурснай праграмы фестывалю Станіслаў Калінін.

Адкрыў XVII фестываль "Магутны Божа" старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка.

- Фестываль духоўнай музыкі - яркі прыклад нацыянальнай і міжканфесійнай згоды, міру на беларускай зямлі. Важна тое, што ён аб'ядноўвае людзей розных краінаў і народаў на падставе духоўнасці, чыстаты ідэяў і намераў..., - адзначыў у выступе Станіслаў Барадаўка.

З вітальнымі прамовамі на адкрыцці фестывалю выступілі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч, епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, а таксама пастар рэлігійнай евангелічна-лютаранскай грамады Магілёва Іван Масюра.

Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў:

- Гэты фестываль, які нясе хрысціянскія каштоўнасці, ён пакліканы, каб данесці іх да людзей, каб іх развіваць. Сказаць чалавеку аб тым, што ён павінен будаваць сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях. Дзякую за аднаўленне гэтага фестывалю. Хачу пажадаць гэтаму фестывалю, голас якога магутна гучыць над магутнай ракой Дняпром, каб ён данёсся да як мага большай колькасці людзей, каб яны прынялі хрысціянскія каштоўнасці і на іх будавалі новы свет, новае жыццё - новую Беларусь. Няхай цябе блаславіць Бог.

Фестываль "Магутны Божа" не праводзіўся два апошнія гады. Як заяўляюць у аргкамітэце праз фінансавыя цяжкасці.

У сёлетнім фестывалі бяруць удзел музыкі з Беларусі, Расеі, Балгарыі, Венесуэлы, Іспаніі, Італіі, Польшчы, Сербіі, Украіны ды Нямеччыны.

Упершыню фэстываль духоўнай хрысціянскай музыкі "Магутны Божа" адбыўся ў 1993 годзе. Назва фестывалю паходзіць ад аднайменнага музычнага твору паэткі Наталлі Арсенневай і кампазітара Міколы Равенскага. Паводле палажэння, усе ўдзельнікі фестывалю павінны ведаць гімн "Магутны Божа" на мове арыгіналу.

Наш кар.


Ушанавалі памяць паўстанца Міхала Валовіча

У мінулую нядзелю, 1 ліпеня, каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў 1830-1831 гадоў у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства, прысвечанае кіраўніку паўстання 1830-1831 гадоў Міхалу Валовічу. У гэты дзень удзельнікі імпрэзы згадвалі славутага беларуса і ягоных паплечнікаў, якія загінулі за вольную Беларусь.

У пачатку прысутныя прачыталі малітву "Ойча наш", пасля гэтага кожны з ахвотных змог выступіць і сказаць словы пра Міхала Валовіча.

У канцы мерапрыемства ўсе разам памаліліся.

Потым удзельнікі свята перамясціліся на бераг ракі Шчары, дзе адбылася таварыская гульня ў шахматы.

Наш кар.


Беларускамоўныя бацькі шукаюць аднадумцаў

Працягваецца стварэнне беларускамоўнай групы з дзетак 2010-2011 гадоў нараджэння ў дзяржаўным дзіцячым садку раёнаў Сухарава і Каменнай горкі.

Запрашаем зацікаўленых тэлефанаваць па нумары (029) 701-43-22, Алена.

На сходзе бацькоў, якім было адмоўлена ў выдзяленні месцаў для дзетак у 565 садку, было вырашана звярнуцца ў грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы" з просьбай аб дапамозе, працягнуць распачатую працу на іншым узроўні.

Збор подпісаў ідзе на сядзібе Таварыства беларускай мовы, у любы дзень з 17:00 да 19:00.


Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Ваенныя дзеянні

Тым часам з усходу пачалі прыходзіць весткі з Вялікай Арміі пра ўзяцце Масквы і пажары, потым аб надыходзе з поўдня рускай Дунайскай армiі Чычагава, пагрозе Менску і камунікацыям. З паловы лістапада звесткі перасталі прыходзіць, а 28 лістапада як гром з яснага неба ўсіх ускалыхнуў слых пра адступленне Вялікай Арміі ад Масквы. Пануючым стаў прыгнечаны настрой і страта веры ў перамогу. Па загаду Часовага ўраду на месцах пачалі рыхтаваць фураж і харчаванне для войска, якое, як планавалася, павінна было зімаваць у Літве. Хочучы зрабіць усё, каб неяк змяніць сітуацыю, Часовы урад выдаў ухвалу аб "паспалітым рушэнні", але часу ўжо не заставалася.

Калi з поўдня пачала набліжацца армія Чычагава, галоўныя сілы літоўскага войска: 18-ы, 19-ы, 20-ы, 21-ы пя-хотныя, 17-ы, 19-ы, 20-ы ўланскія палкі, 21-ы конна - егерскі полк, 3-ы егерскі батальён i конна - артылерыйская рота, сканцэнтраваліся ў Вiльнi. Гвардзейскі кавалерыйскі полк Канопкi і татарскі эскадрон дафармаваліся ў Варшаве. 1-ы егерскi i 22-i пяхотны полк, а таксама частка 23-га пяхотнага i 18-га ўланскага палка, пад камандаваннем генерала Касецкага месціліся ў Менску. Усяго, да сярэдзіны лістапада, не ўлічваючы гвардзейскіх аддзелаў (уланаў Канопкi i татар Ахматовiча), лiтоўскiя войскi налiчвалi 18 батальёнаў, 15 эскадронаў, 1 артылерыйскую роту - агульным лікам, разам з жандарамі, 19 000 чалавек - за вельмі малы тэрмін было створана войска, якое па колькасці было роўным войскам іншых саюзных дзяржаваў.

Атрад генерала Касецкага (5 батальёнаў, 4 эскадроны - каля 3500 чалавек) дзеля прыкрыцця, быў накіраваны Менскім губернатарам Бранiкоўскiм да Новага Сверженя. Тут атрад быў атакаваны войскамі генерала Ламберта, якія колькасна значна пераўзыходзілі атрад Касецкага: раніцай, 13 лістапада, расейскія егеры выбілі Касецкага з занятых пазіцый, на наступны дзень пасля яшчэ адной сутычкі, войскi ВКЛ зноў адышлі (тут 18-ы ўланскі полк супрацьстаяў Жытомiрскiм драгунам). На працягу 48 гадзін атрад Касецкага быў амаль цалкам знішчаны, рэшта адышла да Менска. Вораг быў значна мацнейшы якасна і колькасна, маладыя, хутка сфармаваныя палкi ВКЛ пакуль што не маглі супрацьстаяць кадраваму войску. Тое ж бачым i ў справе каля Барысава 18 лістапада: палкоўнік Лафiт у сваім рапарце дакладаў аб 2 лiтоўскiх батальёнах з нізкай дысцыплінай і нізкай баявой загартаванасцю пад час бою.

Гвардзейскі полк генерала Канопкі быў далучаны да 7-га армейскага корпуса Рэнье. Гэты корпус спачатку дзейнічаў на Валыні, а потым адступіў на Беларусь.


У Слоніме ў 5.00 гадзін раніцы 20 кастрычніка, гвардзейскі полк Канопкі быў нечакана атакаваны расейскімі войскамі і разбіты расейскім атрадам генерала Чапліца (28-мы і 30-ты егерскія, Паўлаградскі гусарскі, данскі казачы Дзячкіна палкі, тры эскадроны Цвярскога драгунскага палка і 13-я конна-артылерыйская рота), які нечакана напаў на Слонім. Гвардзейцы не здолелі ўратавацца і былі разбіты ўшчэнт. Сам Канопка быў паранены дзідаю казачым палкоўнікам Дзячкіным і ўзяты ў палон, у палон таксама трапілі 13 афiцэраў i 253 жаўнеры. Рэшткі гвардзейцаў адступілі, перайшлі па масту цераз Нёман і спалілі мост. Канопка абвінаваціў у сваім паражэнні мясцовую адміністрацыю і жыхароў, якія не папярэдзілі яго аб надыходзе непрыяцеля. На гэта Чапліц - паляк на расійскай службе - рэзка адказаў, што Канопка сам "змарнаваў полк і згубіў людзей". Пасля перамогі Чапліц адпачываў у Слоніме ў доме Пуслоўскага. Ён жадаў развіць свой поспех і прарвацца праз Беліцу да Ліды, каб "паспець розныя палкі, якія тут фармуюцца ў розных месцах, знішчыць, таксама і магазіны іх забраць на сваю карысць". Аднак Чычагаў загадаў Чапліцу вярнуцца да Ружанаў .

Загадам ад 22 сакавiка 1813 г. гвардзейскі полк Канопкі быў расфармаваны як самастойная частка, а ў ліпені таго ж года, як 7-ы эскадрон быў далучаны да 1-га гвардзейскага польскага палка. Пасля адрачэння Напалеона, 1-шы гвардзейскі полк вярнуўся на дахаты і ўвайшоў у склад войска Царства Польскага як 4-ты ўланскi.

Татарскі эскадрон Ахматовiча таксама панёс вялікія страты пад Cлонiмам, але потым, у снежнi 1812 г., бараніў Вiльню. Ад эскадрона засталася адна рота, якая ў 1813 г. у колькасці 3 афіцэраў і 15 жаўнераў была далучана да палка польскiх уланаў Красiнскага як 15-я рота, потым, 9 снежня 1813 г. нашы татары былі далучаны да 3-га палка гвардзейскіх разведчыкаў і ў ягоным складзе прымалі ўдзел у апошняй бліскучай кампаніі Напалеона 1814 г.

18-ы i 19-ы ўланскія палкі ахоўвалі пераправу цераз Бярэзіну.

Агульную карціну фармавання палкоў пяхоты войска ВКЛ на канец лістапада дае рапарт падпісаны старшынём ваеннай камісіі генералам Стэфанам Грабоўскім.

З табліцы бачна, што да поўнага штату пяхоты (10 380) чалавек не хапала 2697 жаўнераў. Трэба аднак улічваць, што 22 полк да часу складання табліцы быў ужо разбіты і налічваў толькі 83 чалавекі. Рапарт Грабоўскага мае некалькі рэдакцый, трошкі пазнейшая версія рапарта, паказала змены ў дыслакацыі палкоў пяхоты: 18 полк - Салечнікі і ваколіцы, 19 полк - Свенцяны і ваколіцы, 20 полк - Ліда і ваколіцы, 21 полк - Кодзень і ваколіцы, 22 полк у дарозе да Вільні .

Напрыканцы лістапада 1812 г. для забеспячэння камунікацый з войскамі Рэнье і Шварцэнберга з Вільні на поўнач былі пасланы тры пяхотныя палкі. 20-ы пяхотны полк заняў Ліду, 21-ы пяхотны полк - Воранава а трэці полк размясціўся ў Рудзішках. Забеспячэнне гэтых салдат было настолькі дрэннае, што расіяне ў снежні 1812 г. знайшлі ў Лідзе 350 хворых салдат 20-га палка ВКЛ. З іх 272 чалавекі паправілася, 60 памерла, а 8 былі яшчэ хворыя нават ў лютым 1813 г. Іх лячылі доктар Янкоўскі і яго вучань Мараўскі .

З 5 на 6 снежня Напалеон перадаў камандаванне войскам аднаму са сваіх лепшых маршалаў Мюрату i ад'ехаў у Францыю ствараць новае войска. 10 снежня ў абароне Вiльнi разам з французскімі войскамі, прымала ўдзел жандармерыя, і нацыянальная гвардыя палкоўніка Казельскага i егеры. Мюрат пакінуў Вiльню і пачаў адход на Коўню. Разам з ім сталіцу пакінуў і Часовы Ўрад з архівамі.

Прэфект Лiдскага павету адступаў разам з часткамі аўстрыйскага войска генерала Мура. Войскі Мура налічвалі 3 батальёна пяхоты пры 7 гарматах і 8 эскадронаў гусараў Хесен-Хомбурскiх. Некалькі дзён аўстрыйцы стаялі для адпачынку ў Беліцы. За войскамі Мура ішлі расейскія войскі ў складзе 4-га корпуса кавалерыі генерал - ад'ютанта Васiльчыкава і казацкія палкі генерал - ад'ютанта графа Ажароўскага.

Ажароўскi 3 снежня ў Лiдзе напісаў рапарт генерал - ад'ютанту Васiльчыкаву:

"Я з атрадам якім непасрэдна камандую, знаходжуся ў горадзе Ліда, маючы два данскія палкі ў мястэчку Беліца, а адзін у Ішчалне. Аўстрыйскі генерал Мур пакінуў Беліцу трэцяга дня і пайшоў па гасцінцы да Гародні, а прыбылы сюды са Слоніма габрэй данёс мне, што там яшчэ знаходзіцца князь Шварцэнберг, але ўсе абозы і лазарэты ён накіроўвае ў Беласток.

Я ўчора атрымаў загад спыніцца ў Беліцы. Спадар генерал - лейтэнант Канаўніцын піша, што генерал Тармасаў рухаецца з атрадам генерал - маёра Тучкова ад Менска да Новасвержаня, а Ваша Правасхадзіцельства будзеце з лятучым атрадам знаходзіцца направа ад мяне, у Мастах" .

У палове снежня Ажароўскi арганiзаваў паштовую сувязь памiж мястэчкам Каменка i Вiльняй, праз Шчучын, Iшчалну, Радзiвонiшкi, Лiду, Жырмуны, Воранава.

Усiм войскам не хапала харчавання, захаваўся рапарт палкоўніка расійскіх драгунаў Дзiмiтрыя Юзяфовiча ад 1 снежня да генерал - ад'ютанта Васiльчыкава:

"Розныя часткі войскаў пачынаюць ужо паміж сабой сутыкацца... . Сёння ў Табарышках размяшчаецца пяхота 6-га карпуса, у дзвюх вёрстах ад мяне прыбыў атрад Юркоўскага, мноства каманд фуражыраў арміі Чычагава, усе наязджаюць адны на другіх ... такія тры каманды сустрэліся мне на дарозе ... не мелі яны пісьмовага дазволу, і я іх запасы адабраў для нашых войскаў. ... заўважыць трэба, што ад Нарвялішак да Вільні наогул ідуць дробныя вёсачкі ... ужо пройдзеныя ... злачыннымі натоўпамі казачых марадзёраў ... . Тым часам вельмі багатая крыніца знаходзіцца ... у абшарніка Умястоўскага, які мае двор у Жэмаслаўлі, валодае ён 10 багатымі фальваркамі" .


Што там за жаўнеры, ці ж гэта не ўланы?

Гожыя ўсе хлопцы, пышна паўбіраны.


Уланы, уланы, сівых коней многа,

Я да вас прыстану, як дасце такога.


Ты зважай, васпане, што там за пастава,

Ну а што за мужнасць, ну а што за слава.


Стануць на пастоі, ці там на кватэры,

Тышкевіча ўлана любяць тут без меры.


Крыўды ён не ўчыніць і не зробіць шкоды,

Я да іх прыстану і пайду ў паходы.


Як зсядаюць з коней, звякаюць астрогі,

А дзяўчаты гуртам следам ва ўсе ногі.


Памірала дзеўка, аб адным пытала,

А ці б на тым свеце ўлана не спаткала.


Дзеўчына-дзяўчына, вось душа адлеце,

Што ўжо з тых уланаў ды на там-тым свеце?


- І на там-тым свеце, вам хачу сказаці,

Тышкевіча ўланаў буду я кахаці.


Табліца з рапарта Грабоўскага

Палкі Месца Стан палка Колькасць адсутных ад штату

пяхоты фармавання афіцэры падафіцэры разам афіцэры падафіцэры разам

і жаўнеры і жаўнеры


18 полк Вільня 64 1854 1918 2 156 158

19 полк Расіены 51 1694 1745 15 316 331

20 полк Слонім 59 2009 2068 7 1 8

21 полк Беласток 43 1844 1887 23 166 189

22 полк Менск 30 53 83 36 1957 1993


Агулам 247 7454 7701 83 2596 2679


Маршалкам Лідскага павету зноў стаў Аляксандр Нарбут, які 26 снежня 1812 г. у Лідзе атрымаў спецыяльны ліст ад камандзіра II кавалерыйскага корпуса генерал-лейтэнанта Панчулідзева, у якім падкрэслівалася, што А. Нарбут "у дні смутнага часу паехаў у свае вёскі, не займаўся ніякімі справамі, зараз жа аказвае войску разнастайныя дапамогі".

У межах Гарадзенскай губерні пасля вайны 1812 г. знаходзілася каля 2 900 ваен-напалонных напалеонаўскай арміі. Палонныя дзяліліся на дзве катэгорыі: улічаныя вайсковымі і цывільнымі ўладамі і тых, хто адстаў пры адступленні "Вялікай арміі" і шукаў выратавання ад голаду і холаду ў мясцовага насельніцтва. Жыхары адносіліся да "французаў" лаяльна. Напрыклад, Лідскі земскі суд 23.11.1813 г. даносіў Літоўскаму генерал-губернатару Рымскаму-Корсакаву, што пры пошуку ваеннапа-лонных у Лідскім павеце ў маёнтку Крупа (зараз вёска Крупава) памешчыка Казіміра Шукевіча быў знойдзены прускі ўраджэнец Віктар Склароўскі .

Антонi Грымайла - Прыбытка ў артыкуле "Год 1812 у павеце Лiдскiм" напiсаў: "Край адданы на ласку ворага аплакваў свае мары і надзеі і чакаў страшнай помсты за свае дзеяння. Волатаўскі сон скончыўся". Нягледзячы на амністыю, якую цар Аляксандр I выдаў 24 снежня, i ў якой ён вызначыў тэрмін вяртання тых, хто ваяваў на баку Францыі ў 2 месяцы (потым гэты тэрмін быў падоўжаны), улады накладалі секвестры i канфіскоўвалі маёнткі. Асабліва вылучыліся гэтым вiленскiя генерал-палiцмайстар Эртэль і губернатар Лапiцкi. Эртэль Ф. падчас вайны праявіў сябе няздольным генералам, аднак пасля вайны ён пачаў слаць даносы ў Пецярбург і пачаў рэпрэсіі супраць мясцовай шляхты. Князь Чартарыйскi так характарызаваў гэтага чалавека: "Чалавек бяздушны, без пачуцця справядлівасці, але ад яго залежала жыццё жыхароў Лiтвы. Меў правы пакараць i выслаць кожнага, хто яму быў не да спадобы, людзi гiнулi не могучы нават даць аб сабе весткі родным".

Разрабаваны i вынішчаны край утрымліваў вялізарныя войскі Расеі. Рэпрэсіі расейскай адміністрацыі адштурхнулі насельніцтва ад супрацоўніцтва, і ў 1813 г. нават пайшлі размовы аб новым паўстанні. Але гады зацягвалі раны, жыццё ўваходзіла ў сталае рэчышча .

* * *

А армія ВКЛ працягвала ваяваць. На пачатку 1813 г. дыслакацыя літоўскіх войскаў была наступная:

- Каля Варшавы - 18-ы пяхотны полк Хадкевiча, 20-ы Бiшпiнга, 21-ы Гелгуда, рэшта 22-га палка Чапскага;

- Накіроўваліся да Варшавы - 18-ы полк уланаў Пшаздзецкага, 20-ы полк уланаў Абуховiча, рота коннай артылерыі Тызенгаўза, конна - егерскi эскадрон Манюшкi, 4-ы егерскi батальён Курчэўскага, аддзелы конных жандараў i нацыянальнай гвардыі;

- Да Кёнігсберга адступалі 17-ы i 19-ы палкі ўланаў, 19-ы пяхотны полк Тызенгаўза, рэшта егерскага палка Касакоўскага i батальён егераў Плятара, ад Кёнігсберга войскі пайшлі да Варшавы.

Уся гэтая армія налічвала каля 6000 чалавек пры 2000 коней. У сярэдзіне студзеня 1813 г. Напалеон узяў літоўскія палкі на сваё ўтрыманне: Часовы Урад паведаміў, што літоўскія палкі захоўваюць сваю нумарацыю, але пераходзяць на французскае фінансаванне. Усім чыноўнікам службоўцам адміністрацыі i жыхарам, вымушаным адступіць разам са сваімі войскамі, было прызначана грашовае ўтрыманне ажно да вяртання дахаты.

20-ы полк уланаў быў накіраваны ў Гданьск і злучаны з 9-м польскім палком уланаў. Эскадрон Манюшкi стаў часткай 5-га польскага конна-егерскага палка, артылерыйская рота Тызенгаўза ўвайшла ў склад польскай артылерыі, 17-ы i 19-ы палкі прымалі ўдзел у ваеннай кампаніі 1813-14 г. у Германіі. У ноч з 11 на 12 лютага 1813 г. 17-ы полк уланаў быў атакаваны ў мястэчку Цырк на рацэ Варце i страціў шмат жаўнераў. У палон патрапіў сам князь Рамуальд Гейдройц, генерал-інспектар літоўскага войска. Полк біўся мужна, бо расейцы нават завысілі ўзровень баявой адзінкі, назваўшы ў "Журнале баявых дзеянняў" полк "двухтысячнай дывізіяй" .

Літоўскія пяхотныя аддзелы, у тым ліку i 20-ы полк Бiшпiнга ў якім было шмат лідзян, увайшлі ў 5-ці тысячную залогу цвердзі Модлiн. Цвердзь была адбудавана ў 1811-12 гг. i мела вялікае стратэгічнае значэнне. 6 кастрычніка 1810 г. у запісцы "Аб цвердзях княства Варшаўскага" Напалеон пісаў: "Гэта будзе галоўная цвердзь княства. У ёй можна будзе захоўваць арсенал, артылерыйскія магазіны, правіянт, фураж, і ўсе запасы так, што калі б і Варшава была бы страчана, то гэтая цвердзь засталася б і панавала бы над абодвума берагамі Вiслы i Нарава". Расейскае войска ў 50 000 жаўнераў блакавала Модлін, але цвердзь здалася толькі 25 снежня 1813 г., калі войска антынапалеонаўскай кааліцыі было ўжо на берагах Рэйна і рыхтавалася да ўступлення на тэрыторыю Францыі.

17-ы i 19-ы палкі ўланаў прымалі ўдзел у славутай абароне Гамбурга, дзе непераможаныя войскі здалі горад толькі пасля адрачэння імператар Напалеона i асабістага загаду новага караля Францыі Людовіка XVIII.

Пасля вайны літоўскія войскі ўліліся ў склад арміі Царства Польскага.

* * *

Вайна 1812 г. была адной з найбольш хуткіх і разбуральных у гісторыі Беларусі. Яна доўжылася поўгода, але панесеныя страты аднаўляліся амаль чвэрць стагоддзя. Агульныя страты насельніцтва Гарадзенскай губерні ацэньваюцца гісторыкамі ў 8,6%, прычым мужчынская палова насельніцтва страціла 17,7% сваёй колькасці. У 1802 г. шляхта Лідскага павету налічвала 9809 чалавек, Гарадзенскага 6384. У 1816 г. засталося ў Лідскім павеце 5523, у Гарадзенскім 4357 шляхціцаў. Тут сказаліся ваенныя страты, эміграцыя, і ад'езд вялікай колькасці шляхты ў Варшаўскае княства. Сярод мужчынскага насельніцтва губерні па саслоўных групах страты падзяліліся наступным чынам: шляхта страціла - 43,7% сваёй колькасці, мяшчане хрысціяне - 26,67%, яўрэі - 17,64%, сяляне - 14,04%. Агульныя страты мужчынскіх рэвізскіх душ у Лідскім павеце склалі 21,4%., гэта найбольшыя страты ў губерні (другое месца па агульных стратах мужчынскіх рэвізскіх душ займаў Наваградскі павет - 14,3%.). З гарадоў найбольш пацярпелі Кобрын, Ваўкавыск і Ашмяны, якія апынуліся ў эпіцэнтры баёў. У Кобрыне з 1187 дамоў было спалена 927. У Ваўкавыску не засталося ніводнай прыстойнай пабудовы, і павятовыя ўлады вымушаны былі пераехаць у Ізабелін. Цяжка давяося Бярэсцю, Пружанам, Слоніму, дзе затрымліваліся значныя сілы. Амаль не пацярпелі Гародня і Ліда. У Гародні, як цэнтры дэпартамента падтрымліваўся адпаведны парадак, а Ліду вялікія войскі абмінулі. У Літоўска-Гарадзенскай губерні па ўказу ад 5.10.1809 г. былі канфіскаваны маёнткі 50 абшарнікаў (у Гарадзенскім, Ваўкавыскім, Наваградскім паветах - у 7 абшарнікаў, Лідскім - 19 абшарнікаў, Слонімскім - 9 абшарнікаў, Кобрынскім - 1 абшарніка). Сярод падпаўшых пад канфіскацыю на Лідчыне былі браты Іван і Ануфры Шукевічы, Леанард і Фелікс Лясковічы, Ваўжынец Путкамер. 12 (24) снежня 1812 г. Аляксандр I выдаў маніфест, у якім дараваў ліцвінам удзел у вайне на баку французаў, але папярэджваў тых, хто не вернецца на працягу двух месяцаў дадому і застанецца на службе у "нашых непрыяцеляў" пра канфіскацыю маёнткаў. 24 кастрычніка (5 лістапада) 1813 г. быў прыняты царскі ўказ пра такую канфіскацыю. У 189 уладальнікаў было канфіскавана 234 маёнткі з агульнай колькасцю сялян 42527 рэвізскіх душ мужчынскага полу. Па паветах размеркаванне склалася такім чынам: Лідскі - 101 маёнтак з колькасцю 14 287 душ; Навагрудскі - 70 маёнткаў, 15 999 душ; Ваўкавыскі - 22 маёнткі, 2 850 душ; Слонімскі - 15 маёнткаў, 3 682 душы; Гарадзенскі - 12 маёнткаў, 546 душ; Берасцейскі павет - 7, 3926 душы; Кобрынскі - 5, 1133 душы; Пружанскі - 2, 104 душы. У Лідскім павеце найбольш пацярпеў князь Дамінік Радзівіл - 18 маёнткаў з 5975 душамі. У Лідскім павеце землі канфіскавалі ў графіні Ганны Патоцкай (17 маёнткаў, 2075 душ), графаў Людвіка Паца (6, 1147), Рудольфа Тызенгаўза (7, 1001), Аляксандра Хадкевіча (1, 684), князя Міхала Радзівіла (8, 1200) .


Лепшыя сыны Вялікага Княства Літоўскага дзеля адраджэння Бацькаўшчыны сталі пад сцягі кааліцыі дзяржаў, якой кіраваў Напалеон. Але ў 1812 г. зорка Напалеона ужо схілялася. Паразай скончылася другая, пасля паўстання 1794 г., спроба адрадзіць дзяржаўнасць, наперадзе былі паўстанні 1831 i 1863 гг.


АБ БЕЛАРУСКА - ФРАНЦУЗСКІХ УЗАЕМААДНОСІНАХ ПАДЧАС І ПАСЛЯ БЯРЭЗІНСКАЙ ТРАГЕДЫІ

У гэтым годзе спаўняецца дзвесце гадоў ад тога часу, калі Напалеон здзейсніў свой паход у Расію. Гэтая падзея важная для нацыянальнай свядомасці і памяці не толькі французаў і рускіх, але і беларусаў. Для беларусаў таго часу Напалеонаўская кампанія 1812 г. вылілася фактычна ў грамадзянскую вайну. Амаль аднолькавая колькасць ліцвінаў-беларусаў змагалася як на баку Аляксандра І, так і на баку Напалеона Банапарта. Французска-расійская вайна 1812 г. прынесла нашаму краю вялікія матэрыяльныя і людскія страты. Таму ніякая іншая падзея першай паловы ХІХ ст. так глыбока не запала ў памяць беларусаў, як Напалеонаўскі паход ў Расію ў 1812 г. Шэраг падзей гэтай вайны асабліва запомніўся французам, рускім і беларусам, у тым ліку бітва і пераправа французскай арміі ў лістападзе 1812 г. на р. Бярэзіна ля в. Сцюдзёнка (рус. Студёнка). У французскай нацыянальнай свядомасці і памяці бітва і пераправа на р. Бярэзіна Напалеонаўскай арміі лічацца такімі ж важнымі, як і Барадзінская бітва.

Значная частка беларускага грамадства (шляхта, гараджане і некаторыя іншыя) спадзявалася з Напалеонаўскай кампаніяй 1812 г. адрадзіць даўняе беларускае або беларуска-балцкае гаспадарства -- Вялікае Княства Літоўскае. І ў некаторай ступені іх спадзяванні апраўдаліся: Напалеон стварыў на заходнебеларускай і часткова балцкай (або балта-славянскай) частках б. ВКЛ дзяржаўнае ўтварэнне "Вялікае Княства Літоўскае ", а на ўсходнебеларускай - "Беларусь". Праўда, гэтыя дзяржаўныя гаспадарствы знаходзіліся пад поўным пратэктаратам французскай адміністрацыі. Кажучы пра "Вялікае Княства Літоўскае" часоў Напалеона, варта заўважыць, яно мела распаўсюджанне і ў тым славяна-балцкім рэгіёне б. ВКЛ (Вільня і Віленскі край), дзе з даўніх часоў (ХI - пачатак ХІХ ст.) адчуваўся значны або вялікі славянскі (беларускі, пазней польскі, расійскі) гістарычны, культурны і моўны ўплыў, інтэнсіўна ішоў працэс славянізацыі (абеларушвання і апалячвання балтаў). У дадзенае дзяржаўнае ўтварэнне, дарэчы, не была уключана жамойцкая частка б. ВКЛ. І гэта ў пэўнай меры сведчыць, што разумелі ў той перыяд французская і беларуская эліта і грамадскасць пад Літвой. На самой справе ў ХV -- пачатку ХІХ ст. Жамойць фактычна не лічылася славянскай часткай ВКЛ, жыхары яе аж да 40-х гадоў ХІХ ст. не называлі сябе літоўцамі. На ўсходняй жа частцы беларускага этнічнага абшару было створана дзяржаўнае ўтварэнне, якое насіла найменне "Беларусь". Назвы гэтых утварэнняў сведчаць, што заходнебеларускі этнічны абшар, у тым ліку славяна-балцкі Віленскі край і Вільня, ў тыя часы насіў найменне "Літва", а ўсходнебеларускі абшар - "Беларусь".

Я. Тышкевіч у кнізе "Апісанне Барысаўскага павету" (Вільня, 1847), пішучы пра французаў, якія засталіся пасля падзей 1812 г. на нашым этнічным абшары, называе яго Літвой. Замацаванне за заходне - і цэнтральнабеларускай часткамі наймення "Літва" тлумачыцца гістарычнымі, ваенна-палітычнымі, эканамічнымі, этнічнымі і іншымі фактарамі. Калі заходне - і цэнральнабеларускія землі пачалі іграць дамінантную ролю сярод усіх беларускіх зямель у ВКЛ, то і найменне "Літва" пачало адносіцца пераважна да іх, а таксама да ўсходніх і паўднёва-усходніх зямель сучаснай Літвы. Апошнія (балцкія землі - А.Л. ), дарэчы, з даўніх часоў знаходзіліся пад моцным беларускім гістарычным, культурным і моўным уплывам.

Шмат публікацый прысвечана бітве і пераправе Напалеонаўскай арміі на р. Бярэзіна і іх наступствам для французаў, рускіх і беларусаў. Аднак сярод іх асаблівую цікавасць уяўляе гістарычна-этнаграфічны нарыс Яўстаха Тышкевіча (выйшаў у свет на польскай мове), пра які мы згадалі вышэй. Гістарычная яго частка была перакладзена на рускую мову зусім нядаўна і надрукавана ў 2008 г. (гл.: Тышкевич Е. П. Описание Борисовского уезда (историческая часть).- Борисов, 2008- 147 с.). У працах беларускіх аўтараў пры дасле даванні бітвы і пераправы французскай арміі на р. Бярэзіна ля в. Сцюдзёнка выданне Тышкевіча 1847 г. амаль не ўлічваецца.

А яно варта нашай ўвагі. Бо ў гэтай кнізе Я. Тышкевіч як ніхто іншы з польска-беларускіх даследчыкаў сярэдзіны - канца ХІХ ст. даў глыбокую і праўдзівую карціну бітвы і пераправы французскай арміі ля згаданай вышэй вёскі, паказаў страшэнныя пакуты не толькі мужчынаў-французаў, але што важна жанчын і дзяцей гэтага этнасу (а ім даводзілася найцяжэй), паводзіны і дзеянні мясцовага беларускага насельніцтва пад час бітвы і пасля яе. Але, бадай, самае важнае для нас - адлюстраваў працэс паступовай асіміляцыі французаў у мясцовае насельніцтва (беларусаў), страта імі (французамі) сваіх звычаяў, мовы, нацыянальнай самаідэнфікацыі, указаў на іх становішча ў грамадстве, прафесіі і спецыяльнасці, якімі яны валодалі або авалодалі пасля вядомых падзей 1812 г., пасільны ўклад у гістарычна - культурныя працэсы на Літве (Беларусі). На самой справе, аж да пачатку ХХ ст. у беларусаў можна было сустрэць французскія прозвішчы або славянскія прозвішчы з французскімі каранямі. Ды і цяпер яны часам трапляюцца ў нашага народа.


І гэта цікава. Бо многія з нас ведаюць пра ўдзел у беларускім народаўтварэнні літоўцаў, яцвягаў, прусаў, латышоў, украінцаў, палякаў, скандынаваў, немцаў, вугорцаў, рускіх і інш., і мала хто ведае або зусім нічога не ведае аб удзеле французаў у этнагенезе беларусаў. Удзел французаў ва ўтварэнні беларускага народа, безумоўна, быў не такі вялікі, як, напрыклад, літоўцаў або яцвягаў, і ўсё ж варта ведаць і пра гэта.

Тышкевіч вельмі праўдзіва, эмацыянальна і бязжарстна паказаў становішча французаў у час бітвы і пераправы на р. Бярэзіна. Вось што піша аўтар дадзенага выдання: "Страшны і жахлівы быў выгляд Сцюдзёнкі. Вёска дашчэнту была спаленая, жыхары яе разагнаныя, поле, моцна набрынялае крывёю, заслана трупамі і параненымі. Пакутлівыя енкі праціналі паветра, на ратунак ужо ніхто не спадзяваўся, жорсткі мароз нелітасціва скоўваў цела і прыціскаў чалавечы дух. Сто разоў быў шчаслівейшы той, хто загінуў, бо пазбавіўшыся пакут, не чуў і не бачыў тых жахлівых сцэн, якія тут адбываліся" (Тышкевіч Я. Апісанне Барысаўскага… с. 95). Аднак яшчэ цяжэй было малым французскім дзецям, падлеткам, жанчынам, якія суправаджалі Напалеонаўскую армію з самага пачатку паходу ў Расію. Хачу падаць фрагмент аб становішчы дзяцей: "Іншыя ж, згубленыя сваімі мацеркамі, былі азяблыя, плакалі, галадалі. Яны швэндаліся па гэтым полі, спатыкаючыся кожную хвіліну з трупамі. Адны з іх, шчаслівейшыя, былі прыведзеныя або прынесеныя ў бліжэйшыя двары (памешчыцкія - А.Л. ). Т рапілі ў добрыя, літасцівы рукі. Іншых жа, а гэтых было непараўнальна больш, забіралі сяляне і іх прадавалі як жывы тавар. На ўсіх рынках і кірмашах, сяляне прадавалі дзяўчынак, якія мелі па некалькі гадоў, па 10 польскіх злотых і яшчэ таней, а немаўлят збывалі задарма" (Тышкевіч Я. Апісанне Барысаўскага… С. 97). Тут трэба заўважыць, што сярод гэтых асірацелых дзяўчынак было нямала дзяцей прывілеяванага саслоўя (афіцэраў), па некаторых з іх потым нават прысылалі людзей з Францыі.

Французскія жаўнеры і афіцэры паказалі вялікую вытрымку, стойкасць і гераізм у час бітвы і пераправы на р. Бярэзіна. Гэта, а таксама палкаводчы талент Напалеона далі магчымасць перайсці на сурацьлеглы бераг ракі значнай і найбольш баяздольнай частцы французскага войска, пераправіць пэўную колькасць гармат.

Цікавым для нас з'яўляецца, па-першае, стаўленне мясцовага беларускага насельніцтва да французаў, у прыватнасці дзяцей, і па-другое, здольнасць прыстасавацца аселых на Беларусі французаў да мясцовых умоў.

Калі гаварыць у цэлым, то стаўленне да французскіх жаўнераў і афіцэраў пад час вайны 1812 г. было ў нашага народа фактычна дваякім або нават траякім. З аднаго боку, некаторым французскім вайскоўцам спагадлівыя сяляне, мяшчане і шляхціцы давалі прытулак, тым самым ратуючы іх ад немінучай смерці, дамамагалі выбрацца з чужой для іх краіны: часам забяспечвалі ядой і пітвом, паказвалі найкарацейшую дарогу для адступлення ў той ці іншы населены пункт або мясцовасць, аказвалі дапамогу разумнай парадай, спачувалі.

Аднак стаўленне беларусаў да марадзёраў было зусім іншым, чым да жаўнераў, якія не рабілі ім зла. Беларусы, перажыўшы шмат гора ў сваім мінулым, не давалі падобным "ваякам" рабаваць сялянскія хаты і гаспадарчыя памяшканні, зводзіць жывёлу, помсцілі за прычыненыя імі страты, расстрэльвалі іх з ружжаў, арыштоўвалі і здавалі пад ахову рэгулярнай расійскай арміі.

Былі і такія, якія не давалі адступаючым французам есці і не пускалі ў свае хаты (на шляху ад р. Бярэзіна да г. Вільня) і не супраць былі, па ўспамінах аднаго рускага афіцэра (гл.: Отечественная война 1812 г. в воспоминаниях современников: [сборник].- М, 2008. С. 334) распрануць і разуць мёртвых французаў. Падобнае маглі рабіць, паводле назіранняў таго ж аўтара, і рускія жаўнеры, праўда, не ў такім маштабе, як мясцовыя жыхары. Такія паводзіны беларусаў, верагодна, можна было назіраць у кожную вайну, якія нярэдка адбываліся на Беларусі, падчас акупацыі яе тэрыторыі іншаземнымі арміямі, у часы ліхалецця і інш. Усё гэта сведчыць, быць можа, не толькі пра прагматычнасць і ашчаднасць нашага народа, але і пра яго матэрыяльныя нястачы, беднасць.

Хочацца больш канкрэтна расказаць аб дзеяннях і паводзінах мясцовага беларускага насельніцтва па бітве на р. Бярэзіна ля в. Сцюдзёнка. Беларусы як прагматычны, умелы і рацыянальны еўрапейскі народ ў поўную меру выкарысталі ўсё тое, што засталося яму ад французскай арміі пасля гэтай баталіі і пераправы. Што ж яны рабілі? Нашы продкі розныя рэчы, якія знаходзілі ў гэтых месцах (амуніцыя, зброя ўсякага гатунку, мундзіры, сёдлы, конская збруя, патронныя сумкі і інш.) грузілі на брыкі і адвозілі дадому ў абшарніцкія двары або сялянскія хаты без дазволу якой-небудзь улады. Тут можна было бачыць кавалкі мундзіраў, суконную пражу рознага колеру, распушчаную з пагонаў (эпалетаў) і жаўнерскіх шнуркоў, вялікую колькасць чырвоных султанаў, кірасаў, мноства французскіх шпаг і палашоў, цесакоў, крыжоў, ордэнаў, паясоў, кніг, бомбаў, куль, дранкуль і таму падобных рэчаў. На вочы нярэдка трапляліся самыя дасканалыя гадзіннікі, малыя сталовыя падарожныя шкляныя і фарфоравыя сервізы, сярэбранае начынне, залатыя мужчынскія і дамскія пярсцёнкі, з густой пазалотай шпагі, з багатай аправай пісталеты, якія можна было набыць ў сялян за бясцэнак. Рознай формы жалезных рэчаў (шыны, абручы, восі ад фургонаў, акуцце ўсякай канфігурацыі, рамесніцкія прыстасаванні і інш.) сабралі такое мноства, што двары абшарнікаў на дамашнюю патрэбу потым на працягу дваццаці гадоў не куплялі жалеза, абыходзячыся французскім (Тышкевіч Я. Апісаннне Барысаўскага… с. 97). Практычныя і жыццяздольныя беларусы ўсякія жалезныя рэчы перакавалі на гаспадарчае начынне, палашы пайшлі на стругі, кухарскія нажы, шпагі на ражны, панцыры на патэльні і г.д. Аднак час робіць сваё. Нездарма Я. Тышкевіч зазначае, што ў яго часы ўжо мала што засталося ад Напалеонаўскай арміі, амаль усё некуды знікла.

Лёс выжыўшых французаў на новай для іх радзіме склаўся ў цэлым нядрэнна. Гэта датычыць як асоб мужчынскага, так і жаночага полу. Многія хворыя жаўнеры, якія потым паправіліся, марадзёры, палкавыя рамеснікі і іншыя назаўсёды засталіся ў Беларусі. Сярод французаўт было шмат добрых лекараў, нямала рамеснікаў, столяраў, слесараў, рымараў, механікаў і інш. Тым, хто застаўся на Беларусі, удалося някепска ўладкавацца: "амаль усе былі прынятыя ў якасці настаўнікаў у розных дамах, у некаторых школах занялі месца выкладчыкаў французскай мовы і даслужыліся да высокіх рангаў і прывілеяў, якія прысвойваліся толькі дваранам " (Гл.: Тышкевич Е. П. Описание Борисовского уезда (историческая часть).- Борисов, 2008. С. 103).

Адны з дзяўчат, падросшы, сталі пакаёўкамі, служанкамі, гаспадынямі кавярняў і інш. Іншыя ж, дасягнуўшы адпаведнага ўзросту, вывучыліся, прынялі мясцовыя звычаі, мову і выйшлі замуж за беларускіх стральцоў, лёкаяў, кухараў, афіцыянтаў, то бок часцей за ўсё людзей сярэдняга саслоўя.

Дзякуючы французам, маёнткі і сялянскія гаспадаркі Барысаўшчыны атрымалі практычна дармавых кваліфікаваных еўрапейскіх працаўнікоў розных спецыяльнасцяў, якія папоўнілі недахоп мясцовых рабочых рук.

Беларусы як прагматычны па сваёй прыродзе народ пасля пераправы французаў на правы бераг р. Бярэзіна ў матэрыяльным плане мала што страцілі, нават тое-сёе набылі. Аднак важнейшым, як мне здаецца, было не гэта апошняе, а імкненне дапагчы французам (асабліва дзецям) выжыць у надзвычай цяжкіх, экстрымальных, найскладанейшых для іх умовах. І большасць выжыўшых французаў, дзякуючы спагадзе і дапамозе карэнных жыхароў, была ім ўдзячная, усё ж выстаяла і нават пусціла свае карані на беларускай зямлі.

Падводзячы вынік сказанаму, варта заўважыць, што ўплыў раманскіх, у тым ліку французскага, народаў на этнагенез, гісторыю і культуру беларусаў быў куды меншым, чым народаў германскай моўнай сям'і (немцаў, шведаў, галандцаў і інш., асабліва першых). Яно і зразумела, бо Інфлянты, Прусія, іншыя нямецкія дзяржаўныя ўтварэнні, Швецыя (у прыватнасці в. Готланд) былі побач або недалёка ад Беларусі.

Больш-менш хуткая асіміляцыя французаў у беларусаў сведчыць пра жыццяздольнасць нашага народа, яго дзяржаватворчасць, еўрапейскую прыроду, вялікія або значныя гістарычныя і культурныя традыцыі.

Беларускі народ, хочучы або не хочучы гэтага, які, па словах М. Федароўскага, з'яўляўся, бадай, найбольш маральным сярод славянскіх, садзейнічаў выратаванню, выжыванню французаў, якія засталіся ў Беларусі пасля Напалеонаўскай кампаніі 1812 года.

Анатоль Літвіновіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX