Папярэдняя старонка: 2012

№ 30 (1077) 


Дадана: 26-09-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1077) 25 ліпеня 2012 г.

Абаронцаў украінскай мовы падтрымліваюць беларусы

У аўторак 17 ліпеня сваю падтрымку галадоўнікам на Еўрапейскай плошчы ў Кіеве выказалі беларускія грамадскія актывісты. Прадстаўнікі некалькіх беларускіх арганізацый правялі пад сценамі Ўкраінскага дому акцыю салідарнасці, распавёўшы аб практыцы двухмоўя ў іх краіне. Акцыя галадоўкі грамадскіх актывістаў у абарону ўкраінскай мовы праходзіць у Кіеве ўжо трэці тыдзень.

Беларускія актывісты разгарнулі на прыступках Украінскага дома нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Каля 10 чалавек прыйшлі з лозунгамі "Слава Ўкраіне!" і "Жыве Беларусь!", дэманструючы падтрымку пратэстоўцам на Еўрапейскай плошчы.

Паводле аднаго з арганізатараў акцыі, кіраўніка беларускага руху салідарнасьці "Разам" Вячаслава Сіўчыка, яны прыйшлі засцерагчы ўкраінцаў ад "беларускага сцэнару", паколькі бачаць паралелі паміж нядаўна прынятым украінскім законапраектам аб дзяржаўнай моўнай палітыцы і падзеямі 1995 году, калі пасля рэфэрэндуму ў Беларусь расейскую мову зрабілі другой дзяржаўнай.

Вячаслаў Сіўчык адзначыў: "На жаль, ААН некалькі гадоў таму прызнала беларускую мову адной з такіх, якія знікаюць у свеце. У 1994 годзе амаль 80 адсоткаў школьнікаў у краіне навучаліся на беларускай, цяпер гэта - 16 адсоткаў, прычым абсалютная большасць - гэта вясковыя школы. А што такое вясковыя школы? Па некалькі вучняў усяго".

Іншай праблемай у Беларусі з'яўляецца тое, што беларуская мова стала асацыявацца з прыналежнасцю да апазіцыі, адзначыў іншы актывіст Яраслаў Грышчэня. На радзіме яго прыцягвалі да адказнасці за ўдзел у незарэгістраванай грамадскай арганізацыі Малады Фронт. "Падчас выбараў, падчас нейкіх палітычных падзеяў у Беларусі, калі чалавек ідзе па вуліцы і размаўляе на беларускай мове, яго могуць арыштаваць, матывуючы гэта тым, што ён груба лаецца", - кажа актывіст.

Раней аб салідарнасьці з абаронцамі ўкраінскай мовы заяўлялі прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў шэрагу еўрапейскіх краін, Канадзе і Злучаных Штатах.

На мінулым тыдні пад Украінскім домам галадала 11 чалавек.


Адзін думае, а другі робіць

Зусім нядаўна ў беларускай сталіцы з'явіліся шыльды па-беларуску і па-англійску (пл. Незалежнасці), прычым не толькі ўказальнікі вуліц, але і назвы станцый у метро, маюць цяпер і пераклад на англійскую мову (на станцыях "Інстытут культуры", "Плошча Леніна").

Відаць, у хуткім часе такія шыльды з'явяцца па ўсім цэнтры горада, бо такое даручэнне паступіла ад мэра сталіцы.

Наш кар.


200 гадоў з дня нараджэння Юзафа Ігнацыя Крашэўскага

Юзаф Ігнацы КРАШЭЎСКІ (польск.: Jоzef Ignacy Kraszewski; 28 ліпеня 1812, Варшава - 19 сакавіка 1887, Жэнева; Псеўданімы: Б. Балеславіта; Др. Амега; К. Пастарнак) - беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст. Пісаў па-польску, лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы. Сябар Польскай АН у Кракаве (1872), Ганаровы сябар Чэшскай АМ (1873).

Брат Люцыяна Крашэўскага і Каятана Крашэўскага. Бацькі Ю. Крашэўскага паходзілі з Пружаншчыны і мелі тут родавы маёнтак. Юзаф Крашэўскі скончыў Свіслацкую гімназію, Віленскі ўніверсітэт. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гадоў, сядзеў у віленскай турме. З 1833 жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан (Берасцейская вобл.). З 1837 г. на Валыні, спачатку ў маёнтку Амельна, потым Гродэк, Губін, а ў 1853 г. - у Жытоміры. У Вільні 10 гадоў рэдагаваў часопіс "Athenaeum" ("Атэнэум"), у 1858 стаў рэдактарам "Gazety Codziennej", пазней "Gazety Polskieej". З 1859 перабраўся ў Варшаву. Калі пачалося паўстанне 1863-1864, Крашэўскі, баючыся арышту, назаўжды пакінуў Польшчу. 3 1863 у эміграцыі, жыў у розных гарадах Германіі, найбольш у Дрэздэне, дзе меў сваю друкарню. Выдаваў публіцыстычны штогоднік "Rachunki" ("Рахункі", 1866-70), часопісы. У 1884 асуджаны германскімі ўладамі за супрацоўніцтва з французскай разведкай. Вызваліўшыся пад залог, ён паехаў лячыцца ў Італію. Памёр у Жэневе.

Юзаф Крашэўскі напісаў больш за 600 тамоў твораў: 223 раманы і аповесці, навуковыя працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве, філасофіі і інш.

Наватарская канцэпцыя чалавека-працаўніка выяўлена ў цыкле аповесцей "Уляна" (1843), "Хата за вёскай" (1855), "Гісторыя калка ў плоце" (1860) і інш. Вострая крытыка шляхты і арыстакратыі ў сацыяльна-бытавых раманах "Чарадзейны ліхтар" (1843-44), "Два светы" (1856), "Могілкі" (1874) і інш. Падзеі паўстання 1863-64 адлюстраваны ў раманах "Дзіця Старога Горада" (1863), "Мы і яны" (1865), "Дзядуля" (1869) і інш. Для раманаў "Апошняя з слуцкіх князёў" (1841), "Сеймавыя сцэны" (1875), "Кунігас" (1882), "Маці каралёў" (1883), "Кароль у Нясвіжы. 1784" (1887) і інш. характэрны зварот да мінуўшчыны Беларусі, дакументальнасць. Сярод лепшых гістарычных раманаў - саксонская трылогія "Графіня Козель" (1874), "Бруль" (1875), "З часоў Сямігадовай вайны" (1876), а таксама "Старое паданне" (1876) - першы твор з цыкла 29 раманаў, прысвечаных гісторыі Рэчы Паспалітай.

Аўтар зборнікаў "Паэзія" (т. 1-2, 1838) і "Гімны смутку" (1857), паэтычнай трылогіі з гісторыі Літвы "Анафеляс" (1840-45), 20 драматычных твораў, у т.л. камедый з дзеяннем у Нясвіжы "Кастэлянскі мёд" (1860), "Пане Каханку" (1867).

У падарожных нарысах "Пінск і Піншчына" (1837), "Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву" (1840), "Карціны з жыцця і падарожжаў" (1841-42), "Друскенікі" (1848), этнаграфічным нарысе "Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан" (1860) апісаў беларускія мясціны і жыхароў Беларусі. Аўтар гістарычных прац "Вільня ад яе пачатку да 1750 г." (т. 1-4, 1840-42), "Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні..." (1847-50), "Барысаў" (1848), "Польшча ў час трох падзелаў" (т. 1-3, 1873-75) і інш.

Быў прафесійным мастаком, музыкантам. Паўплываў на творчасць Э. Ажэшкі, Б. Пруса, Г. Сянкевіча, Я. Купалы. Два вершы Юзэфа Крашэўскага пераклаў на беларускую мову Янка Купала. На беларускую мову яго творы таксама перакладалі П. Бітэль, В. Сёмуха, М. Кенька.

Юзафа Крашэўскага называюць "польскім Дзюма". Яго гістарычныя аповесці грунтуюцца на дакументальнай аснове, у іх выкарыстаныя факты з жыцця. Ю. Крашэўскі добра ведаў гісторыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, быў знаёмы з летапісамі, хронікамі, паданнямі, у час сваіх падарожжаў наведваў мясціны, дзе разгортваліся падзеі ягоных твораў. Польскі пісьменнік Стэфан Жэромскі пісаў, што Крашэўскі меў здольнасць "з археалагічнай дакладнасцю маляваць жыццё дзядоў нашых". Разам з тым, як заўважае беларускі літаратуразнаўца Міхась Кенька, ён не заўсёды пільнаваўся гістарычнай праўды, часам залішне давяраўся храністам, якія былі іншы раз суб'ектыўныя ў апісанні і ацэньванні падзей, трапляў пад уплыў польскай гістарыяграфіі, выказваў сімпатыі да адных гістарычных асоб і непрыхільнасць да другіх.



25 ліпеня у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца сустрэча з Генадзем Бураўкіным "Да Дня незалежнасці" Сустрэча праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 17. 30 гадзін. Уваход вольны.


Беларуская мова - асноўны падмурак нашай незалежнасці

На сайце БелаПАН 29.06.2012 у рубрыцы "Меркаванне" змешчана інтэрвію Старшыні ТБМ Алега Трусава, якое прагледзела звыш тысячы чалавек.

- У нашым грамадстве цікавасць да лёсу і стану беларускай мовы не зніжаецца, а наадварот, узрастае, пра што сведчаць апошнія сацыялагічныя апытанні, і нават спрэчкі ва ўладных структурах па гэтым пытанні. Дастаткова прыгадаць палеміку ў СМІ паміж міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам і яго намеснікам Казімірам Фарыно наконт выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах краіны па-беларуску, незалежна ад мовы навучання. У выніку - Казімір Фарыно, які быў супраць беларускай мовы выкладання гэтых прадметаў, пакінуў сваю пасаду.

Сучасны стан беларускай мовы

Мова вытрымала чарговы ўдар, які нанеслі ёй арганізатары моўнага рэферэндуму 1995 года. Асабліва пацярпела сістэма адукацыі, у якой колькасць вучняў, што навучаюцца у школах па-беларуску скарацілася да 18-19%. Аднак беларуская мова захавала і ўзмацніла свае пазіцыі ў галіне культуры, на транспарце, у паштовай справе і асабліва ў інтэрнэце. Напрыклад, ужо некалькі месяцаў паспяхова дзейнічае новы партал ТБМ tbm-mova.by, які ўжо наведалі каля 25 тысяч чалавек з 40 краінаў свету. Павялічылася коль-касць беларускамоўных чыноўнікаў ніжэйшага і сярэдняга ўзроўню.

- Ці праўда, што беларуская мова - мова эліты і апазіцыі?

- Значная частка беларускай эліты добра ведае родную мову і актыўна ёй карыстаецца пры нагодзе. Напрыклад, прэм'ер-міністр і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта вольна размаўляюць па-беларуску, а міністр культуры - Павел Латушка - пераважна размаўляе на беларускай мове.

У асноўным беларускамоўнымі з'яўляюцца сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў і беларускага ПЭН-цэнтра. Амаль кожны дзень адбываюцца прэзентацыі беларускіх кніг, часопісаў, зборнікаў, дыскаў і г.д.

Што датычыцца апазіцыі, то тут сітуацыя пагоршылася. У адрозненне ад фракцый БНФ і БСДГ у ВС 12 склікання, зараз да апазіцыі далучыліся рускамоўныя дэмакраты, якія не спяшаюцца размаўляць на мове тытульнай нацыі.

- Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?

- Гэта вынік трохсотгадовай паланізацыі і русіфікацыі, бо тых, хто прынцыпова размаўляў па-беларуску, пераследавалі як польская, так і руская, а пазней і савецкая ўлады. Таму беларусы размаўляюць "на мове начальства", якое часта не было беларускім па паходжанні, мовы не ведала, і ведаць прынцыпова не жадала.

Пасля 1995 года новае беларускае начальства, якое ў асноўным выйшла з калгаснай вёскі, каб спадабацца ўсходняму суседу і атрымаць танныя нафту і газ, вырашыла стаць "русскими со знаком качества". Рускімі яны не сталі, размаўляюць на трасянцы, але танныя газ і нафту маюць, і таму ўкладаць грошы ў развіццё беларускай мовы (а значыць і ў развіццё культуры ўласнага народа) не жадаюць.

Просты народ гэта бачыць і размаўляе так, як і начальства, пры гэтым даволі часта ўжываюць і рускую "ненарматыўную" лексіку, за якую прадстаўнікі апазіцыі вельмі часта атрымліваюць пэўную колькасць сутак арышту.

- Чаго нам не хапае - жадання ці магчымасці гаварыць па-беларуску?

- У першую чаргу жадання. Дарэчы, значная большасць насельніцтва добра не ведае ніякай мовы, у тым ліку і рускай. Тэсты абітурыентаў гэта добра паказваюць. З кожным годам непісьменнасць моладзі расце, прычым рускую мову ведаюць горш, чым беларускую, а гэта вынік татальнай трасянкі.

- Як выйсці з гэтай сітуацыі?

- Скласці план паступовага пераходу цалкам на беларускую мову на працягу ад 6 месяцаў да году. Кожны дзень увечары, перад сном 40-50 хвілін чытаць на беларускай мове літаратуру, слухаць беларускае радыё, песні, глядзець фільмы, быць цалкам у беларускамоўнай атмасферы. Спачатку пачаць гаварыць у сям'і, затым на дварэ, а потым і з начальствам. Абавязкова трэба наведваць беларускамоўныя імпрэзы, выставы, канцэрты, хадзіць у тэатр, каб адчуць, што вакол шмат беларускамоўных людзей, і ты - не адзін.

- Як зацікавіць мовай школьнікаў?

- Найперш аддаць дзіцятка ў беларускамоўны садок, а потым клас або школу з беларускамоўным навучаннем.

Калі гэта складана, размаўляць з ім па-беларуску дома, пазнаёміцца з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, каб разам дапамагчы пераадолець моўны бар'ер. Напісаць заяву на імя дырэктара школы, каб школьнік вывучаў па-беларуску гісторыю і геаграфію, хадзіць з ім разам на беларускія культурніцкія мерапрыемствы.

- Крыху пра свой досвед.

- Нарадзіўся на мяжы з Расіяй у старажытным горадзе Мсціславе. Акурат у 1961 годзе, калі я пайшоў у першы клас, тут закрылі апошнюю беларускамоўную школу і таму вучыўся па-руску. Выхоўвала мяне прабабуля, якая пражыла 100 гадоў і размаўляла на цудоўным мсціслаўскім дыялекце, мове слоўніка беларускай мовы Насовіча, напісанага якраз у Мсціславе. Побач з горадам - радавое гняздо братоў Гарэцкіх, вёска Малая Багацькаўка. Пашанцавала мне і з настаўніцай беларускай мовы. Гэта Клаўдзія Цярэнцьеўна Саўчанка. Яна ганарылася тым, што ведала Якуба Коласа, стварыла школьны тэатр, дзе мы ставілі п'есу "Пінская шляхта", а я са сцэны чытаў верш П. Броўкі "Пахне чабор".

Потым была вучоба ў Менску, на гістфаку, значны ўплыў Абэцэдарскага, які зацікавіў мяне гісторыяй, асабліва сваёй кніжкай "Беларусы ў Маскве", знаёмства з Уладзем Арловым і яго сябрамі, з якімі жылі ў адным інтэрнаце.

Першы беларускамоўны асяродак у маім жыцці - гэта праца ў археалагічных спецыяльных навуковых вытворчых майстэрнях МК БССР. Тут працавалі сын Максіма Танка - загадчык хімічнай лабараторыі, архітэктары Сяргей Друшчыц, Валянцін Калінін, Валер Слюнчанка, Аляксандр Канаваленка, гісторыкі Элеанора Вецер і Людміла Трэпет, археолаг Ігар Чарняўскі, фатограф Вячаслаў Дубінка. Пад іх уплывам і з іх дапамогай на працягу 1980-82 гг. я цалкам перайшоў на беларускую мову і пачаў весці на ёй усю навуковую дакументацыю. Паралельна я вучыўся ў завочнай аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР. Тут таксама гаварылі па-беларуску. Варта прыгадаць археолагаў Георгія Штыхава (кіраўнік маёй дысертацыі), Міхась Ткачоў (мой зямляк), Міхась Чарняўскі, Зянон Пазняк, Валянцін Собаль і іншыя.

У 1989 годзе далучыўся да стваральнікаў ТБМ, стаў кіраўніком ТБМ Савецкага раёна г. Менска, з 1997 - першы намеснік старшыні, з 1999 года - Старшыня ТБМ.

- Ці карысна ведаць беларускую мову?

- Так, калі вы станеце думаць штодня па-беларуску, вас будзе заўжды падтрымліваць генная памяць вашых продкаў, якія стварылі вялікую еўрапейскую краіну. Гэта дасць вам магчымасць жыць лепей, адчуваць падтрымку суседзяў не толькі па доме, але і насельнікаў усёй Еўропы. Бо менавіта ў Еўразвязе шануюць мовы ўсіх сваіх народаў, вялікіх і малых. І нам трэба вярнуцца назаўсёды ў еўрапейскую супольнасць з нашым найвялікшым скарбам - тысячагадовай беларускай мовай.

Алег Трусаў


Толькі 8,5% кніг у Беларусі выдаецца на беларускай мове

Як беларусаў адвучваюць спажываць інфармацыю на роднай мове, яскрава паказвае афіцыйная статыстыка.

Газеты

Самы высокі адсотак беларускамоўнасці сярод друкаваных выданняў у газет. З 693 газет, што былі выдадзеныя ў 2011 годзе, - 183 (26,4%) выдаюцца на беларускай мове. Аднак не выключана, што ў некаторых з іх выкарыстоўваюцца насамрэч дзве мовы - руская і беларуская. А вось рускамоўных газет - 506 (72%).

Адна газета выдавалася на англійскай мове, тры - на польскай.

Параўнайце: У 2005 годзе на беларуская мове выдавалася 27% газет, на рускай - 72,2%.

Часопісы

Сярод часопісаў ды іншых перыядычных выданняў беларускамоўных 17,4%, а рускамоўных - 81%.

Усяго ў Беларусі ў 2011 годзе выдавался па-беларуску 160 з 918 часопісаў ды іншых перыядычных выданняў. Шэсць выданняў мелі англійскую мову, чатыры - польскую.

Параўнайце: За шэсць гадоў колькасць беларускамоўных часопісаў вырасла на 40 адзінак, але з-за буйнога росту агульнай колькасці часопісаў, што выдаюцца ў апошнія гады, удзельная вага беларускамоўных перыядычных выданняў знізілася - у 2005 годзе яна складала 21,3%.

Кнігі

Вось дзе сітуацыя насамрэч крытычная. Узровень выдання беларускамоўных кніг і брашур не перавысіў у 2011 годзе 8,5% як па колькасці, так і па агульным накладзе.

Удзельная вага англамоўных кніг склала ў мінулым годзе 4,5% - больш за палову ад колькасці кніг, выдадзеных на адной з дзяржаўных моў Беларусі. Англамоўная літаратура займае трэцяе месца ў моўнай структуры кнігавыдавецтва Беларусі.

На першым месцы, зразумела, рускамоўныя выданні - 85,3%.

Параўнайце: Пры агульным росце колькасці выдаваных кніг колькасць беларускамоўнай літаратуры знізілася. У 2005 годзе ўдзельная вага беларускамоўных кніг складала 9,2%, у 2010-м - 8,6%.

Тэлебачанне

З 6745 гадзін тэлевяшчання на Першым нацыянальным канале толькі 317 гадзін (4,7%) было аддадзена ў 2011 годзе беларускамоўным праграмам. На узроўні 4,8% па-беларуску "гаворыць і паказвае" Другі нацыянальны канал (Лад) - 309 гадзін з 6420.

Усе астатнія каналы, па дадзеных Белстата, увогуле не мелі перадач на беларускай мове.

Радыё

Белтэлерадыёкампанія дабірае беларускамоўныя гадзіны передачамі радыё. Першы канал беларускага радыё прысвяціў у 2011 годзе толькі 8 гадзін рускамоўным перадачам супраць 8752 беларускамоўных.

Канал "Культура" размеркаваў перадачы гэтак: 498 гадзін на рускай мове і 6802 гадзіны на беларускай. Цалкам беларускамоўным з'яўляецца канал "Сталiца", а цалкам рускамоўнымі - Радыус-FM і Радыё АНТ.

Калі ж падсумаваць колькасць гадзін вяшчання па ўсіх радыёканалах, дык суадносіны 56/42 на карысць беларускамоўнага.

Ірына Арлова, zautra.by.


У БЕЛАСТОКУ АДЗНАЧЫЛІ 15-ГОДДЗЕ НАВУЧАННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ Ў ШКОЛАХ

15 гадоў навучання беларускай мове ў школах Беластока ўрачыста адзначылі ў чэрвені з удзелам вучняў, настаўнікаў, прадстаўнікоў мясцовай улады і падлескага самакіравання. Адмысловым госцем урачыстасці былі Агата Пасант і Ян Баркоўскі з фонду імя Агнешкі Асецкай. Госці з Варшавы прыехалі, каб пабачыць спектакль, у аснову якога ляглі вершы Агнешкі Асецкай у перакладзе на беларускую мову Аліны Ваўранюк.

Агата Пасант - дачка Агнешкі Асецкай - была ў захапленні ад спектакля і мілагучнасці вершаў на беларускай мове:

- Я вельмі хацела прыехаць у Беласток, бо ўпершыню ў гісторыі з'явіліся пераклады вершаў Агнешкі Асецкай на беларускую мову. Мне вельмі спадабалася гэтая ідэя, што хтосьці ўзяў гэтыя сучасныя і папулярныя тэксты. Думаю, што гэта добры спосаб камунікацыі з іншымі выканаўцамі з Беларусі, якія звернуцца да гэтых перакладаў, можа, гэтыя песні яшчэ будуць жыць. Вельмі добрая ідэя, акрамя гэтага мне спадабаўся сам спектакль, бо быў вельмі цудоўна зрэжысіраваны, з кожнай песенькі быў зроблены мініспектакль.

15 гадоў навучання беларускай мове ў Беластоку - гэта некалькі сотняў маладых беларусаў, якія мелі магчымасць вывучаць беларускую мову ў школе, хадзіць у тэатр, браць удзел у шматлікіх гуртках, якія прапагандавалі беларускую культуру. Плён гэтай працы моладзь і дзеці паказапі 6 чэрвеня на сцэне кіно "Форум".

Racyja.eu


У беларускай справе дробязяў няма

Сябры ТБМ звярнулі маю ўвагу на тое, што ў Менску з'явілася туалетная папера, падпісаная па-беларуску. Як высветлілася, гэтую паперу, падпісаную па-беларуску і па-англійску (па-руску - звесткі пра вытворцу), выпусціла ў Менску прадпрыемства "Інтэрпапер". Цікава, што і сайт, і электронная пошта гэтай установы мае назву "Паперка", а не "Бумажка". Хаця з першага разу не здагадацца, якім правапісам і на якой мове будзе "ОПТІМА 66", але не па-руску.

Чаму б сябрам ТБМ у першую чаргу не набываць такія тавары штодзённага ўжытку, якія аформлены з павагай да тытульнай нацыі нашай краіны, і тым самым падтрымаць людзей, якія думаюць пра развіццё нашай мовы?

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Беларусы Вільні ў беларусаў Гданьска - неперарваная традыцыя

Сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве выправіліся ў сваю традыцыйную вандроўку па мясцінах, звязаных з беларускім жыццём, якая гэтым разам стала адраджэннем старых традыцыйных сувязяў паміж беларусамі Вільні і Гданьска. Так, мы прыбылі ў Гданьск, які яшчэ з міжваеннага часу быў месцам, у якое сплываліся беларусы з розных куткоў Польшчы і Савецкага Саюза. Менавіта ў міжваенны час беларусы, якія пераследваліся ў сябе на радзіме польскімі і савецкімі ўладамі, шукалі прытулак, як ім здавалася, у гэтым, на той час, вольным горадзе. Гданьск для беларусаў стаў прытулкам і ў пасляваенны час, калі многія беларускія дзеячы спрабавалі ў ім знайсці ўратаванне ад карнай сталінскай сістэмы. Праўда, гэта было складана, найперш маральна, бо трэба было запісвацца палякам і не прызнавацца ў сваёй беларускасці, іначай чакаў палярны холад і белыя мядзведзі. Але крыху пазней, пасля смерці тырана, некаторыя ўсё ж імкнуліся захоўваць свае карані і як сведчанне гэтаму, першая беларуская арганізацыя ў Гданьску паўстала ў 1967 г. Самае цікавае і важнае: у беларускай арганізацыі Гданьска ёсць людзі, якія стаялі ля вытокаў першай беларускай арганізацыі ў Гданьску ў 1967 г. і зараз з'яўляюцца ў ёй актыўнымі дзеячамі, што сведчыць аб неперарыванні тут беларускай традыцыі.

Калі ўвогуле казаць пра беларускае жыццё Гданьска, трэба адзначыць, што яно не працякае толькі ў гэтым горадзе. Тут побач знаходзяцца яшчэ два гарады: Сопат і Гдыня, якія функцыянуюць як адзінае цэлае. У міжваенны перыяд Гданьск і Сопат былі вольнымі гарадамі, што спрыяла таму, што сюды вельмі часта прыязджалі актыўныя беларускія дзеячы. У Сопаце паўстала самая шматлікая беларуская арганізацыя ў міжваеннай Польшчы Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Вельмі часта сюды прыязджаў вядомы беларускі дзеяч, аўтар першай беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч. Вядомы такі факт, што адгэтуль ён вёз у Польшчу значную суму грошаў, якую атрымаў ад немцаў, на сваю дзейнасць, але ўжо ў Польшчы быў затрыманы паліцэйскімі і пасаджаны ў астрог. Вядомыя і такія факты, што частымі гасцямі ў Сопаце былі беларускія паслы з Варшаўскага Сойма і спыняліся ў Грант гатэлі, дзе ў казіно прагульвалі грошы.

Як і ў міжваенны час, так і зараз у Гданьску і Сопаце віруе беларускае жыццё. На дадзены момант тут дзейнічае Беларускае культурнае таварыства "Хатка", устаноўчы з'езд якога адбыўся ў Гданьску 23 траўня 1992 г. Яго ўзначальвае Алена Глагоўская. На дадзены момант сядзіба "Хаткі" знаходзіцца ў Сопаце, дзе прэзідэнт горада пагадзіўся беларусам бясплатна выдзеліць памяшканне. У ім і адбылося наша спатканне з беларусамі польскага Памор'я.

Увесь час побыту ў Гданьску і ваколіцах намі апекавалася старшыня Беларускага культурнага таварыства "Хатка" Алена Глагоўская. Яна была разам з намі ўсе дні побыту і пазнаёміла як з тутэйшым беларускім жыццём, так і з самімі гарадамі, іх гісторыяй, культурай, архітэктурай…

Але наша знаёмства з Гданьскам, Сопатам, Гдыняй распачалося з сустрэчы з тамтэйшымі беларусамі, з якімі сабраліся за сяброўскім сталом. Вядома, што кожны, хто там прысутнічаў, легенда беларускага руху ў Польшчы, чалавек неардынардым, вельмі часта з цікавым і непаўторным лёсам і з беларускім сэрцам і душой. Гэтыя людзі праз усё жыццё праняслі беларускасць і захавалі яе ў сваіх сэрцах, а гэта была вельмі небяспечная і неўдзячная справа, якая часта магла каштаваць як кар'еры, так і ўласнага лёсу. Таму вельмі прыемна было бачыць людзей, якія засталіся вернымі Беларусі і беларускай мове і не зракліся яе так, як гэта сёння робяць у сучаснай Беларусі. Таму ім, у адрозненні ад сучаснай беларускай моладзі, ёсць чым ганарыцца, і ім не будзе сорамна зазірнуць сваім продкам у вочы, калі сустрэнуцца з імі ў нябеснай Беларусі.

З вялікім хваляваннем, як трэба разумець, чакаў сустрэчы з намі, па словах спадарыні Алены Глагоўскай: "Легенда беларускага руху ў Польшчы і ўвогуле", народжаны віленчук Мацей Канапацкі, сын палкоўніка беларускага войска ў 1918-20 г.г. Гасана Канапацкага, вядомага беларускага дзеяча на Віленшчыне, удзельніка "Беларускай хаткі" ў Вільні, старшыні бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі. Яго, як і многіх дзеячаў, напаткаў лёс рэпатрыянта (пакінуў Вільню ў 1946 г.), давялося развітацца з дарагой яго сэрцу Вільняй і прысвяціць сваё жыццё служэнню Беларусі ў Польшчы. Ён актыўна супрацоўнічаў з газетай польскіх беларусаў "Ніва". Працаваў у яе рэдакцыі журналістам з 1957 г. па 1964 г. Заснавальнік і галоўны рэдактар газеты "Ніва" Георгі Валкавыцкі казаў, што Мацей Канапацкі адзіная асоба сярод супрацоўнікаў газеты, якая валодала на той час беларускай літаратурнай мовай. Спадарыня Алена таксама адзначыла, што вельмі часта ў хаце Канапацкага збіраліся гданьскія беларусы, каб адзначыць свята 25 сакавіка. У 1958 г. - 1960 г.г. М. Канапацкі быў журналістам беларускіх перадач на радыё Беласток.

Што такое для Мацея Канапацкага Вільня і што такое быць беларусам-віленчуком? У сваім артыкуле "Быць беларусам-віленчуком" ён піша так: "Гэта гонар быць ім. Не мае тут значэння, ці нехта ўраджэнец горада, ці нехта прышэлец аднекуль. Гэта адначасова імператыў, каб працягваць мясцовую беларускую традыцыю, робячы для яе нешта карыснае, узбагачаючы тым самым агульнае аблічча многанацыянальнай Вільні. У ніякім выпадку не павінна яна страціць свой фармаваны стагоддзямі характар. (…) Дык каб сама сутнасць віленскасці - яе духоўная шматмернасць - сталася трывалым здабыткам свядомасці тых, ад якіх залежаць лёсы гэтага незвычайнага горада пад паўночным небам Еўропы. А сваімі глыбінёвымі таямніцамі, сумежнымі ўжо са звышнатуральнасцю, віленскасць даступная толькі камусці містычна настроенаму."

Самая вялікая хвароба ў Мацея Канапацкага - гэта туга па Вільні. Як ён зазначаў: "Я вельмі часту бачу ў снах Вільню, асабліва маю дзіцячую Вільню, той дом у Шніпішках на Львоўскай 12, які захваўся да гэтага часу…" Разважаючы далей аб родным горадзе, ён сказаў: "Сёняшнія віленчукі - прадаўжальнікі вялікай справы, якую ўзнялі браты Луцкевічы, Сергіевіч, Аляхновіч і інш. беларусы ў міжваенны час". І зразумела, што Мацей неаднаразова сцвярджаў, што трэба ўсё зрабіць, каб гэтая справа не загінула. Кажучы пра сябе, спадар Мацей падзяліўся сваімі запаветнымі марамі: "Мая самая вялікая мара - пабываць яшчэ раз у сваім родным горадзе і быць пахаваным у роднай зямлі і ананімна, каб я атаясамляўся з гэтай зямлёй, якая мяне выхавала, з зямлёй-маці".

Мацей Канапацкі нарадзіўся 29 студзеня 1926 года ў Вільні ў мусульманскай сям'і Гасана і Гелены Канапацкіх. Пад час вайны вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Яго татарскае паходжанне не перашкаджае яму быць беларусам і любіць і шанаваць Беларусь, яе мову, гісторыю, традыцыю. І як адзначыў спадар Хведар Нюнька: "Мацей Канапацкі для Беларусі зрабіў болей, чым добры дзесятак беларусаў". Таму многім з нас сёняшніх варта было б павучыцца ў шаноўнага Мацея любіць і шанаваць свой горад, сваю зямлю і тую мову, на якой ён узрос.

На прыканцы сустрэчы Мацей Канапацкі кожнаму ахвочаму падпісаў сваю кнігу.

Цікавым і насычаным было жыццё і другога ўдзельніка сяброўскай вячэры Уладыслава Страшэвіча. Ён быў сынам павятовага агранома з Глыбокага, актыўным беларускім дзеячом пад час Другой Сусветнай вайны. Вельмі жадаў у часе вайны быць прынятым у Саюз беларускай моладзі, але на той час не падыходзіў па ўзроставых крытэрыях: быў замалады. Яго жыццё - вартае не аднаго дэтэктыўнага рамана. У часе вайны яго бацька Баляслаў Лапыр быў актыўным беларускім дзеячом. І аднойчы, як успамінае сам Уладыслаў, бацька паспрачаўся з немцам наконт лёсу Беларусі і ў выніку ўдарыў таго немца. За гэта, зразумела нічога добрага быць не магло: маглі спаліць усё Глыбокае. Але, на шчасце, сярод немцаў аказаўся ў Баляслава добры сябар, які параіў ім уцякаць і накіраваў да свайго сябра на востраў Ругэ, дзе Лапыр і далей працягваў займацца аграноміяй.

Справа ўжо ішла да канца вайны. З таго вострава падводнымі лодкамі немцы пастаўлялі збожжа ў Кёнігсберг. І Баляслаў Лапыр павінен быў саправаджаць гэтае збожжа. Малому Ўладыславу, наслухаўшыся бацькавых аповядаў вельмі захацелася таксама павандроўнічаць у той падлодцы, што ён і зрабіў, таемна ў яе забраўшыся. І толькі тады, калі ўжо адплылі паказаўся бацьку. І так здарылася, што гэтую лодку на абардаж узяло савецкае войска і камуністы паарыштоўвалі ўсіх немцаў. Бацьку Баляславу цудам удалося незаўважна ўцячы, а малы Ўладыслаў патрапіў да саветаў. І тут ён пачаў з імі размаўляць па-свойму. Для савецкіх салдат гэта было вялікім здзіўленнем, і яны яго адразу прынялі за свайго і прызначылі сынам палка. У іх яму давялося працаваць перакладчыкам нямецкай мовы. Затым Савецкая Армія паступова прасоўвалася на Захад і заняла той востраў Ругэ, дзе жыла яго сям'я. Але перад тым, як патрапіць да сваёй сям'і, яму давялося стаць сведкам расстрэлу савецкімі салдатамі нямецкай інтэлігенцыі: прафесароў, артыстаў, пісьменнікаў, якія хаваліся на гэтым востраве. Нават больш, ён сфатаграфаваў твары ўсіх растрэльваных.

На тым востраве ён устанавіў кантакты са сваёй сям'ёй. Камандаванне савецкімі войскамі вырашыла яго адправіць у Сувораўскае вучылішча, як сына палка. Уладыслаў папрасіў у іх магчымасці развітацца з сям'ёй, што і было дазволена. І пад час гэтай сустрэчы яму ўдалося ўцячы ад савецкіх вайскоўцаў.

Восенню 1945 года сям'я Лапыраў вырашыла вярнуцца на радзіму, перадусім наслухаўшыся савецкай прапаганды, якая гарантавала ім, што з імі нічога не будзе. Але ўжо ў Шчэціне бацька Баляслаў Лапыр сказаў: "Ведаю, куды нас вязуць…" Іх прывезлі ў Ваўкавыск і змясцілі ў спецыяльна-агароджанай тэрыторыі. Нягледзячы на тое, што была позняя восень і было ўжо холадна, людзей трымалі пад адкрытым небам, не было нават баракаў. Многія спалі проста пад адкрытым небам. І толькі дзякуючы таму, што ў іх была вялікая сям'я, ім дасталася зямлянка. Там ім ўдалося ўцячы з таго лагера, і яны пасяліліся ў Ваўкавыску, і бацька ўладкаваўся на працу. Але аднойчы Баляслава Лапыра забралі, і сям'я яго больш ніколі не бачыла. Затым з маці яны вярнуліся ў Глыбокае і аформілі дакументы на рэпатрыяцыю ў Польшчу. Там і змянілі прозвішча на Страшэвічы (дзявочае прозвішча маці). І так яны апынуліся ў Польшчы.

У размове з намі Уладыслаў Страшэвіч выказваў занепакоенасць тым, што ў Беларусі знікае беларуская мова, і што беларусы не хочаць на ёй размаўляць. Як ён зазначыў: "Як у 1939 годзе прыйшлі саветы, у нас з'явілася беларуская школа, і пры немцах была беларуская школа. А вось як Беларусь стала незалежнай, атрымаўся казус: беларускія ўлады ў незалежнай Беларусі губяць беларускую мову. Гэта сумная справа - у Беларусі няма беларускай мовы. У Еўропе гэта нонсэнс, і такога больш нідзе няма, каб народ адрокся сваёй мовы".

Вядомы журналіст "Нівы" Міхась Куптэль у многім падзяляў занепакоенасць, выказаную спадаром Страшэвічам. Разважаючы аб лёсе беларусаў, ён казаў, што свядомасць часам можа з'яўляцца праз адно, паўтара, ці нават два пакаленні. І магчыма, што праз пэўны час нешта зменіцца і ў Беларусі. Ён узгадаў такі момант, што яшчэ гадоў трыццаць назад уздымаў пытанне аб тым, каб на Беласточчыне шыльды былі напісаныя на польскай і беларускай мовах. Тады гэта ўяўлялася чымсьці неверагодным і фантастычным. Але час прайшоў, і мы сёння, напрыклад у гміне Орля, такія шыльды бачым. Але зараз і ў яго ўсё менш і менш аптымізму. Разважаючы нават над лёсам выпускнікоў падпольнага Коласаўскага ліцэя, казаў: "Яны ўсе павінны быць, ці хаця б большасць, свядомымі беларускімі дзеячамі. Але колькі іх такіх ёсць на самой справе? Дзе яны губляюцца пасля выпуску? Колькі сярод дзеячоў беларускай апазіцыі выпускнікоў ліцэя?". І на праканцы ён дадаў: "Сёння, калі гляжу на ўсё гэта, і ў мяне апускаюцца рукі".

На вячэры з намі прысутнічалі і прымалі ў размове актыўны ўдзел сямейства Лепінаў (Часлаў Лепін вучыўся разам з Адам Мальдзісам), Алесь Юзафовіч (заснавальнік у 1967 г. у Гданьску беларускай арганізацыі), Ганна Сабэцкая (сяброўка Янкі Брыля, перакладчыца яго твораў на польскую мову) і інш. Усе яны падзялялі занепакоенасць адносна лёсу беларускай мовы ў Беларусі.

На сустрэчы быў і студэнт-каліновец. Як адзначыла Алена Глагоўская, вельмі прыемна, што ён да іх далучыўся. Але засмучае іншы факт, нягледзячы на тое, што па праграме Каліноўскага ў Польшчы навучаецца шмат моладзі з Беларусі, да беларускага руху далучаюцца толькі адзінкі.

Алесь Юзафовіч, беларус з Беласточчыны (з-пад Крынак) у 1967 г. заснаваў беларускае таварыства ў Гданьску, і сёння, па словах Алены Глагоўскай, бадай адзіны, хто застаўся з яго ўдзельнікаў. Службы бяспекі актыўна адсочвалі ўсіх удзельнікаў гэтага таварыства. Як адзначала спадарыня Алена, якая ў архівах бяспекі знайшла справы па беларускаму таварыству, былі заведзеныя асобныя папкі нават на ўдзельніц, якім было за 80 гадоў. Здавалася, якую шкоду могуць прынесці гэтыя бабулькі, якія ўжо сваё аджылі і чакаюць адыходу ў вечнасць? Але і яны былі ворагамі для той сістэмы.

На другі дзень нашай вандроўкі спадарыня Алена Глагоўская пазнаёміла нас са славутасцямі трох узгаданых гарадоў, правяла сцяжынамі старога Гданьска і распавяла аб беларускіх слядах у гэтым горадзе.

Самымі знакавымі і, спадзяюся, прыемнымі кожнаму сэрцу беларуса, з'яўляюцца тыя знакі, якія непасрэдна звязаныя з беларускай зямлёй. У Гданьску гэта вуліца і камень Янкі Купалы, дзе пасаджаны явар і каліна, і вуліца Янкі Брыля. Таму тое, што тут ёсць беларусы і што яны не толькі фармальна лічацца, але і дзейнічаюць, сведчаць якраз гэтыя, думаю, нелёгкія, дасягненні. Многае ўдалося зрабіць дзякуючы прыязнаму стаўленню ўладаў гарадоў Гданьска, Сопата і Гдыні да беларусаў, а таксама і тыя факты, што некаторыя з чыноўнікаў мелі беларускія карані.

Камень Янку Купалу паставіць дапамагла беларуская амбасада. На яго адкрыцці прысутнічаў і тагачасны беларускі амбасадар у Польшчы Павел Латушка. Як узгадвала Алена Глагоўская, ён паставіў адну ўмову, каб на адкрыцці помніка, не было ні аднаго бел-чырвона-белага сцяга. Але такога проста не магло быць. Сябры беларускіх арганізацый прыйшлі на яго з бел-чырвона-белымі сцягамі. Самае цікавае, што жыхары Гданьска, якія праходзяць побач з каменем ведаюць, хто такі Янка Купала. Калі аднойчы выпадкова запыталіся ў праходзячай міма жанчыны, ці ведае яна хто такі Янка Купала, тая, не задумваючыся адказала, што гэта класік беларускай літаратуры.

Наведваючы гэтыя тры гарады, думаю, кожнаму беларусу варта прайсціся не толькі вулачкамі старога горада, але і зазірнуць на вуліцы Янкі Купалі і Янкі Брыля і тым самым засведчыць аб беларускай прысутнасці ў гэтым горадзе, якая, нягледзячы на шматлікія неўдзячныя ўмовы засталася тут, ператрывала шматлікія цяжкасці і засталася, каб сведчыць аб тым, што ёсць такая нацыя, як беларусы.

І на прыканцы ад імя ўсіх удзельнікаў вандроўкі і Таварыства беларускай культуры ў Літве хацелася б выказаць падзяку Алене Глагоўскай за цёплы прыём, за той асабісты час, які яна на нас патраціла і за цікавыя аповяды аб гісторыі Гданьска і яго беларускіх днях. Дзякуючы спадарыні беларускасць не толькі гісторыя, але і сучаснасць у гэтых трох гарадах. І яе руплівая праца па адшуканні беларускіх каранёў і па іх захаванні і прапагандзе павінна служыць прыкладам для многіх беларусаў, а для нас з'яўляецца надзеяй на адраджэнне нашае Бацькаўшчыны.

Алесь Адамковіч, Вільня.

На здымках: 1. Мацей Канапацкі падпісвае сваю кнігу; 2. Каля каменя Янкі Купалы; 3. На вул. Янкі Брыля; 4. Група на вуліцы Гданьска; 5. Каля гістарычнага вайсковага карабля ў Гдыні.


100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Анішчыка

Вядомаму беларускаму адраджэнцу, літаратару, грамадскаму дзеячу, віленчуку Аляксею Сцяпанавічу Анішчыку спаўняецца 100 год.

Нарадзіўся Аляксей Сцяпанавіч 19 ліпеня 1912 года у малазямельнай сялянскай сям'і хутара Мондзіна недалёка ад возера Свіцязь на Наваградчыне. У сям'і было 6 дзяцей, каля 10 га зямлі, па-гэтаму дзеці з маленства далучаліся да цяжкай сялянскай працы.

Блізка школ не было, нават у вялікіх вёсках беларускіх школ не было, толькі польскія, хаця ўсё наваколле было беларускае. Польскія ўлады стараліся асіміляваць усё насельніцтва.

Пачатковую адукацыю дзеці Анішчыкаў і суседзяў атрымоўвалі ў хаце бацькі. Бацька з суседзямі запрасілі настаўніка-салдата з інтэрнаваных польскімі ўладамі расейскіх вайскоўцаў. Вучоба Аляксею давалася лёгка. У гэты час у Наваградку адчынілася беларуская гімназія. Вось туды пасля дадатковых заняткаў бацькі вырашалі адправіць аднаго з 6-ці сваіх дзяцей - Аляксея, бо матэрыяльныя магчымасці былі вельмі цяжкія.

У Наваградскай гімназіі выкладалі высакаадукаваныя спецыялісты - Ян Цеханоўскі, Пётр Скабец, Язэп Драздовіч, др. Аляксандр Орса і шмат іншых. У часы вучобы Аляксей захапляўся творчасцю М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Тараса Пушчы, Максіма Багдановіча. Сам спрабаваў пісаць вершы, але больш захапляўся ігрой на скрыпцы і гітары. Музычную грамату спасцігаў самастойна і ў гімназійных гуртках мастацкай самадзейнасці.

Пасля атрымання матуры (атэстата сталасці, рэд. ) Аляксей працягваў вучобу ў Позненскім універсітэце на эканамічна-юрыдычным факультэце. Там жа ў час вучобы пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю, пасылаючы свае першыя творы і апавяданні у Віленскія часопісы "Шлях моладзі" і "Беларускі летапіс", апошні рэдагаваў Рыгор Шырма. Шырма запрасіў Аляксея да супрацоўніцтва з часопісам. Наведваючы Вільню Аляксей Сцяпанавіч пазнаёміўся з маладымі беларускімі патрыётамі Найдзюкамі, Янкам Шутовічам, Максімам Танкам, з ксяндзамі Адамам Станкевічам і Вінцэнтам Гадлеўскім. Узбагачаўся ведамі, уключыўся ў адраджэнцкую працу.

У 1934 годзе, здаўшы апошні экзамен ва ўніверсітэце, атрымаў працу ў другім па валічыне горадзе Польшчы - Лодзі ў бухгалтэрыі Банка Краёвага Гаспадарства. На працы паказаў сябе добрым спецыялістам і работнікам і праз некаторы час атрымаў павышэнне - быў пераведзены ў Шлёнск у Страхавое таварыства. У Шлёнску стаў супрацоўнічаць у газетах і Катавіцкім радыё, а потым у афіцыйным выдавецтве Ваяводскай управы. І тут ён зарэкамендаваў сябе не толькі як спецыяліст-эканаміст, але і як журналіст, арганізатар.

1 верасня немцы напалі на Польшчу. Вайна застала Аляксея Сцяпанавіча ў Варшаве.

Немцы хутка набліжаліся да сталіцы, на абарону якой падняліся ўсе варшавякі і войска. Варшава была акружана ворагамі. Але ўзяць горад адразу яны не змаглі. Аляксей Сцяпанавіч увайшоў дабраахвотна ў народнае апалчэнне і разам з варшавякамі абараняў горад, за што атрымаў падзяку і ўзнагароду.

Калі горад капітуляваў, Аляксей вырашыў ісці да бацькоў, якія цяпер знаходзіліся на далучанай да БССР тэрыторыі. На Наваградчыне пачалося новае жыццё - паўсюль адкрываліся беларускія школы, і Аляксей Сцяпанавіч уладкаваўся на працу ў школу, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру, быў дырэктарам школы.

У час нямецкага нападу на СССР Анішчык працаваў на Беласточчыне, але неўзабаве быў запрошаны настаўнікам у адкрытую ў Навагрудку настаўніцкую семінарыю.

Гэты час быў самы прадуктыўны ў дзейнасці Анішчыка - гадаваліся беларускія кадры для школ. Працуюць розныя арганізацыі, адраджаецца культура, навука. Хутка атрымаў запросіны прыехаць у Менск на аднаўленне часопіса "Узвышша". У Менску ў 1944 годзе праводзіцца Другі Усебеларускі кангрэс, дзе БЦР аб'явіла аб барацьбе за незалежную Беларусь. Анішчык меў прамову на гэтым кангрэсе. Але Чырвоная Армія была ўжо пад Менскам, і ўсе дэлегаты кангрэсу падаліся ў выгнанне на Захад. Анішчык з сям'ёй аказаўся ў Польшчы. Вырашыў далей не ехаць, а ўладкаваўся там.

Займеў працу журналіста, потым рэдактара, уладкаваўся з побытам, працаваў у розных гарадах Польшчы - Гданьску, Вроцлаве. Шчэціне.

Нармалізавалася жыццё, і ўсе цяжкасці здаваліся перажытымі. Але савецкія КДБ-сты разам з польскім вылаўлівалі "ворагаў народу", тых, хто у час вайны працаваў на карысць адраджэння Бацькаўшчыны. У Шчэціне ў траўні 1948 г. быў арыштаваны, і Аляксея Сцяпанавіча пасля допытаў адправілі спачатку ў менскую "Амерыканку", а потым у ГУЛаг у Комі АССР, дзе ён прабыў да 1957 года. Умовы жыцця ў савецкіх лагерах усім вядомы - выжывалі з вязняў адзінкі, якія вярталіся дамоў хворымі і пакалечанымі.

У 1957 годзе Алясей Сцяпанавіч быў выпушчаны з высылкі, вярнуўся да бацькоў, а праз нейкі малы час яго зноў арыштавалі за тое, што вырашыў ехаць жыць у Польшчу. Прабыў зноў у лагерах 5 год.

Пасля канчатковага вяртання з лагераў уладкаваўся працаваць на Гарадзеншчыне эканамістам у калгасах, а потым пераехаў жыць у Літву - спачатку ў Шырвінты, а потым у Вільню.

У Вільні наладзіліся сустрэчы з сябрамі, якія так-сама вярталіся з выгнання. Ладзілі сустрэчы. Адзначалі святы, а з пачаткам атрымання незалежнасці Літвы гэтыя людзі пачалі арганізоўваць беларускія суполкі, аб'яднанні. Аляксей Сцяпанавіч разам з паплечнікамі стварыў "Сябрыну", аднаўляў ТБШ, арганізаваў ТБК, быў арганізаваны выпуск беларукай газеты "Пагоня".

Аляксей Сцяпанавіч арганізаваў і ўзгначаліў "Звод беларускіх палітвязняў і ссыльных Літвы". Менавіта ён разам са старэйшымі віленчукамі зрабіў ўсё магчымае, каб вярнуць беларусам Вільні беларускую маёмасць - "дамкі братоў марыянаў" па вул. Жыгіманту, 12 Але гэта не атрымалася, дзякуючы. Дамкі нам не вярнулі, іх хутка прадалі, а грошы былі скрадзены.

Аляксей Сцяпанавіч прыклаў вялікія намаганні на адкрыццё беларускай школы і факультэта беларускай мовы і літаратуры ў Віленскім педуніверсітэце.

Ён прымаў удзел амаль ва ўсіх сходах і імпрэзах, з'ездах беларусаў свету і беларусаў Балтыі.

Асабліва прадуктыўнай была яго літаратурная дзейнасць. Апрача шматлікіх артыкулаў у газетах і часопісах ім выдадзены кнігі: "Выбраныя богам", "Сяргей Хмара", "Наваградская гімназія", "Мондзінская балада", "За калючым дротам", "Беларуская адысея". Кнігі выдаваў пад літаратурным псеўданімам Андрэй Чэмер.

Роднымі, блізкімі, сябрамі і беларускімі суполкамі Вільні будзе праведзена вечарына, прысвечаная 100 годдзю Аляксея Сцяпанавіча Анішчыка - Андрэя Чэмера.

Павал Саўчанка, Вільня.


Сустрэча з галоўным рэдактарам

16 ліпеня 2012 года на сядзібе ТБМ у Менску адбылася творчая сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць" Святланай Дзянісавай.

З уступным словам выступілі старшыня ТБМ Алег Анатольевіч Трусаў і ягоная намесніца Алена Анісім. Прысутных было нямнога, але было вельмі цікава! Як адзначыла спадарыня Святлана, часопіс мае наклад каля 2500 асобнікаў, а ў ім працуюць альбо славутыя журналісты (Віктар Кавалёў), альбо беларускія пісьменнікі (Анатоль Казлоў, Ірына Клімковіч, Вікторыя Трэнас, Рагнед Малахоўскі, Ціхан Чарнякевіч).

Святлана падзялілася думкамі пра змест і жызайн часопіса...

У нязмушанай гутарцы прынялі ўдзел актывісты ТБМ: Уладзімір Содаль, Ганна Хваль, Вольга Платонава. Было зададзена шмат пытанняў.

Асабіста я быў задаволены што наведаў у гэты сонечны дзень сядзібу ТБМ у Менску!

Аляксей Шалахоўскі, журналіст, гісторык культуры.


Школа традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта "GUDA"

GUDA запрашае ў Школу традыцыйнага мастацтва!

Традыдыцыйнае спеўнае мастацтва,традыцыйны беларускі танец, рамёствы, стварэнне асабістага беларускага строю.

Кожны курс суправаджаецца ўводзінамі ў філасофію і эстэтыку традыцыйнага мастацтва.

Для дзетак у праграму ўваходзіць знаёмства са старажытнымі легендамі, казкамі, гульнямі, святкаванне Калядаў, Гуканне вясны, іншыя святы традыцыйнага календара, танцавальныя ранішнікі.

Беларускамоўнае асяроддзе гарантуецца. Навучанне платнае. Гарады, у якіх праводзім навучанне - Менск, Полацк, Наваполацк. Усе выкладчыкі - спявачкі гурта GUDA, або запрошаныя намі найлепшыя знаўцы тутэйшых традыцый. Тэлефануйце: 8-029-6082556! Вольны летні час - найлепшы для таго, каб пачаць для сябе новае і цікавае жыццё.


Табло на прыпынку "Чэрвенскі рынак" стане беларускамоўным

Сп. М. А. Ладуцьку,

Старшыні Мінскага гарвыканкама,

220030, г. Мінск,

пр-т Незалежнасці, 8

Паважаны Мікалай Аляксандравіч!

У грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" паступаюць дзясяткі скаргаў ад грамадзян Беларусі на адсутнасць беларускамоўнага афармлення першага электроннага табло на прыпынку грамадскага транспарту (прыпынак "Чэрвенскі рынак").

Складваецца ўражанне, што стваральнікі табло, на якім адсутнічае дзяржаўная беларуская мова, не падзяляюць думку Кіраўніка Беларускай дзяржавы: "На Беларусі ніколі не перасохнуць крыніцы народнай мудрасці, таленту, любові да роднай мовы, культуры і традыцый Бацькаўшчыны".

Просім Вас як мага хутчэй увесці дзяржаўную беларускую мову ў інфармацыйнае афармленне новага табло.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Грамадскае абьяднанне

"Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Адказ на зварот

Паважаны Алег!

Ваш зварот па даручэнні Мінгарвыканкама разгледжаны дзяржаўным прадпрыемствам "Мінсктранс". Паведамляем Вам, што па вынікам тэставай эксплуатацыі табло ў канструкцыю і сістэму перадачы інфармацыі ўносяцца змяненні, у тым ліку прадугледжаны пераход на беларускую мову.

Генеральны дырэктар прадпрыемства Л.Т. Папянок.


Мастацтва - маё жыццё

18 ліпеня 2012 года ў Палацы мастацтва ў Менску адбылося адкрыццё персанальнай выставы Сямёна Ціханавіча Абрамава "Мастацтва - маё жыццё", якая прысвечана 75 -годдзю мастака.

Сямён Ціханавіч нарадзіўся 25.06.1936 г. у вёсцы Слабада, Гагарынскага раёна Смаленскай вобласці. Скончыў Горкаўскае мастацкае вучылішча (1957г.). Вучыўся ў М. Вядзенскага. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1961 г. працуе ў станкавым жывапісе у жанры карціны, пейзажа, нацюрморта, партрэта, акварэлі, манументальна-дэкаратыўным мастацтве.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленнікава, Чалябінскай карціннай галерэі, "Цэнтральным музеі найноўшай расійскай гісторыі" у Маскве, фондах БСМ, выставачным аб'яднанні "Цэнтральны Дом мастака" у Маскве, у музеі-сядзібе А.С. Пушкіна ў сяле Міхайлаўскае, у Бабруйскім гарадскім краязнаўчым музеі, у Менскім музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у Заслаўскім мастацка-этнаграфічным музеі. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1970 года. Жыве ў г. Бабруйску. Творчасці аўтара ўласціва майстэрскае валоданне тэхнікай акварэлі, у якой ён стварае значную частку сваіх твораў. Адметная рыса Сямёна Ціханавіча - яго высокая грамадзянская пазіцыя ў творчасці.

Ствараючы цэлую галерэю сваіх вядомых сучаснікаў, ён не толькі рэалізуе сябе як мастак, але і аддае даніну павагі гэтым вялікім людзям. На выставе прадстаўлена 70 работ (графіка, жывапіс). На адкрыцці выставы з добрымі словамі пра мастака выступілі: Рыгор Сітніца, іярэй Кірыл Шолкаў, Ларыса Фінкельштэйн, Уладзімір Савіч.

Трэба адзначыць, што мастак шмат вандруе і ўдасканальваецца.

Ён пабываў: ў Англіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Грэцыі, Мальце, Партугаліі, Польшчы і Расіі...

Трэба адзначыць, што выстава выклікала вялікую цікавасць сярод гасцей і жыхароў сталіцы!

Аляксей Шалахоўскі, журналіст, гісторык культуры.



30 ліпеня у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца творчая сустрэча з Алегам Хаменкам "Дзяжурны па краіне" Сустрэча праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 17. 30. Уваход вольны.


Поўная адлічбоўка "Нашага слова"

Kamunikat.org распачаў праект па поўнай адлічбоўцы (сканаванні і выстаўцы ў фармаце PDF) усіх нумароў газеты "Наша слова", пачынаючы з 1990 года.

Kamunikat.org ставіць перад сабой задачу адлічбаваць усё "Наша слова" да канца гэтага года. Аднак за 1990-я і да 2005 года электронныя версіі газеты не захаваныя, таму выйсце адно - сканаваць папяровыя варыянты газеты, між тым партал не мае поўнай падшыўкі "Нашага слова". Наступных нумароў у рэдакцыі няма:

1990 г. - 4 ,5, 9 і чарговыя да канца года;

1991 г. - 1, 3, 8, 9, 11-17, 20 і чарговыя да канца года;

1992 г. - няма зусім;

1993 г . - няма зусім;

1994 г. - 1-16, 20-38, 40 і чарговыя да канца года;

1995 г. - 6-7, 13, 17, 26, 39, 47, 50 і чарговыя да канца года;

1996 г. - няма зусім;

1997 г. - 1-14, 19 і чарговыя да канца года;

2000 г. - 3, 4, 28, 36, 38;

2001 г. - 2, 4, 7, 10-14, 18-28, 37, 40 і чарговыя да канца года;

2002 г. - 6, 7, 10, 27, 38 і чарговыя да канца года;

2003 г. - 12, 18, 28, 30-32, 35 і чарговыя да канца года;

2004 г. - 25, 41-44, 48 і чарговыя да канца года;

2005 г. - 1-5, 7, 9-24, 33, 48 і чарговыя да канца года;

2006 г. - 3-8, 11, 13, 19, 21-23, 40 і чарговыя да канца года;

2007 г . - 11-14, 27-28, 31-32, 43, 46, 49.

Рэдакцыя парталу Kamunikat.org звяртаецца да чытачоў "Нашага слова" ўсіх пакаленняў дапамагчы ў атрыманні папяровых асобнікаў газеты ў адпаведнасці са спісам.

Рэдакцыя лічыць матэрыял, апублікаваны за гэтыя 22 гады ў "Нашым слове", унікальным і імкнецца зрабіць яго даступным для ўсіх і за ўсе гады.

Той, хто захоча дапамагчы ў гэтай сапраўды важнай справе, можа скантактаваць непасрэдна з Kamunikat.org па электроннай пошце.

Жыхары Менска могуць прыносіць нумары "Нашага слова" ў сядзібу ТБМ па Румянцава, 13. Астатняя Беларусь можа дасылаць газету ў рэдакцыю "Нашага слова": 231282, Ліда-2, п/с 7. Асабліва важна знайсці нумары за 1990-1997 гады.


Пакой-музей драўлянай лыжкі

Беларуская мова і беларуская культура трымаюцца і развіваюцца, дзякуючы нястомнай працы сапраўдных рупліўцаў, шчырых патрыётаў Беларусі па ўсіх рэгіёнах. Нядаўна ў г. Беразіно быў створаны музей драўлянай лыжкі, а інфармацыя пра гэта і іншыя мясцовыя цікавыя імпрэзы змешчана на адмысловым сайце. Магчыма, хтосьці захоча наведаць не толькі інтэрнэт-старонку, але і сам музей.

Пакой-музей драўлянай лыжкі адкрыты 30 верасня 2010 года ў рамках рэалізацыі абласной доўгатэрміновай праграмы "Традыцыйная культура і дзеці".

У пакоі-музеі сабраны і захоўваюцца драўляныя лыжкі, вырабленыя як майстрамі Бярэзінскага раёна, так і майстрамі Менскай вобласці, удзельнікамі I абласнога свята драўлянай лыжкі "Бярэзінскія лыжкары", якое адбылося 17 ліпеня 2010 года ў горадзе Беразіно.

Ганаровае права адкрыць пакой-музей, перарэзаць чырвоную стужку было прадстаўлена майстрам Я.П. Осіпаву і В.А. Мурашку.

Наведвальнікі пакоя-музея не толькі могуць азнаёміцца з творчасцю лыжкароў, але і паспрабаваць лыжкі ў якасці музычных інструментаў або зрабіць лыжку ў тэхніцы папяровая філігрань. У пакоі-музеі захоўваюцца друкаваныя матэрыялы аб майстрах і лыжкарскім майстэрстве.

Наш кар.


Загадкі знаёмых малюнкаў - Смольгаў

Тым, хто займаецца даследаваннем свайго радаводу або краязнаўствам, добра вядома: факт нараджэння ў дадзенай мясцовасці чалавека, які з цягам часу зрабіўся знакамітым, не толькі дадае вядомасці гэтаму населеннаму пункту, але і падобны ліхтару, што ярка асвятляе нябачныя ў змроку дробныя гістарычныя дэталі, на якія, каб гэтага святла не было, ніхто не звярнуў бы ўвагі.

Можна лічыць, што радзіме маіх продкаў - вёсцы Смольгава Любанскага раёна Менскай вобласці - пашанцавала двойчы: па-першае, тут нарадзіўся вядомы беларуска-польскі паэт і пісьменнік сярэдзіны ХІХ стагоддзя Ўладзіслаў Сыракомля (Людвік Уладзіслаў Францішак Кандратовіч, 1823 - 1862). Па-другое, факт нараджэння паэта на смольгаўскай зямлі прыцягнуў увагу да гэтага месца не менш вядомага беларускага мастака-вандроўніка Напалеона Орды (1807 - 1883), аўтара шматлікіх замалёвак старадаўніх беларускіх архітэктурных краявідаў, які намаляваў месца нараджэння паэта.

Напалеон Орда, які ўдзельнічаў у паўстанні 1831 г., вымушаны быў эміграваць у Еўропу і вярнуўся на радзіму толькі ў 1856 г., пасля абвяшчэння амністыі ўдзельнікам паўстання. Нягледзячы на складаныя жыццёвыя абставіны, ён штогод здзяйсняў вандроўкі, падчас якіх рабіў замалёўкі славутых мясцін роднага краю.


Паколькі мае продкі паходзяць са Смольгава, мяне вельмі зацікавіла, што за пабудовы адлюстраваў мастак у Смольгаве, і ці могуць яны мець дачыненне да маіх продкаў?

Вёска Смольгава існуе і цяпер. Але ў тыя часы, калі там нарадзіўся будучы паэт і пісьменнік, як і ў тыя, калі Смольгава наведваў мастак Напалеон Орда, гэты населены пункт фактычна складаўся з некалькіх частак. У сярэдзіне была размешчана вёска Смольгава, у якой жылі сяляне. З абодвух яе бакоў, усходняга і заходняга, месціліся паселішча чыншавай шляхты - засценкі - Смольгаў Вялікі і Смальгавок адпаведна. І на ўскраінах - усходняй і заходняй - месціліся два фальваркі, якія зваліся таксама: фальварк Смольгаў Вялікі і фальварк Смальгавок.

Кожны фальварк быў асобнай гаспадаркай, дзе вырошчвалася збожжа і вырабляліся розныя сельскагаспадарчыя прадукты, як для патрэбы гаспадароў, так і на продаж. Акрамя палеткаў, агародаў і сенажацяў, у склад фальварка ўваходзіў комплекс гаспадарчых і жылых пабудоў, галоўнай з якіх быў панскі (жылы) дом. Смольгаўскія землі з пачатку ХІV стагоддзя і цягам наступных чатырох стагоддзяў належалі зямельным магнатам князям Радзівілам, якія аддавалі свае шматлікія маёнткі ў арэнду менш заможнай шляхце, т.зв. пасэсарам. Адным з такіх пасэсараў і быў бацька паэта - Аляксандр Каятан Кандратовіч, які арандаваў фальварк Смольгаў Вялікі.

З жыццяпісу Ўладзіслава Сыракомлі вядома, што сям'я Кандратовічаў з'ехала са Смольгава, калі паэту не было шчэ і двух гадоў. У знакамітым нарысе Сыракомлі "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" [17] аўтар не прысвяціў Смольгаву аніводнага радка: Уладзіслаў жадаў быць праўдзівым перад сваім будучым чытачом - смольгаўскіх ваколіц па малалецтву ён проста не памятаў. Адсутнічаюць звесткі аб смольгаўскім перыядзе жыцця і ў шматлікіх біяграфіях паэта. Аўтар жа найбольш грунтоўнай біяграфіі Ўладзіслава Сыракомлі польскі даследчык Фелікс Фарнальчык у сваёй кнізе "Hardy Lirnik Wioskowy" [22] у якасці ілюстрацыі жыцця сям'і Кандратовічаў у Смольгаве прапануе толькі артыкул з выдання "Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego …" [23] ды апісанне вядомага ўсім малюнка Орды.

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі (НГАБ) маецца вялікая калекцыя інвентароў смольгаўскіх фальваркаў, якія датычацца перыяду ўладання імі Радзівілаў (1713-1888 гг.).

Пашукаем жа звесткі пра жыццё сям'і Кандратовічаў у Смольгаве на старонках гэтых інвентароў, пачаўшы з вядомай нам даты ад'езду сям'і са Смольгава.

Насамрэч, у інвентары фальварка Смольгава Вялікага за 1822 г. [5] на першай старонцы адзначана, што "фальварак знаходзіцца ў арэнднай пасэсіі ў вяльможнага Аляксандра Кандратовіча", а ў наступным інвентары [6] складзеным ў ліпені 1825 г., стаіць прозвішча ўжо іншага пасэсара.

У ранейшых інвентарах пасэсія Кандратовіча пазначана ў 1818, 1816 і ў 1810 гг. [4,3,2], а ў інвентары за 1808 г. пасэсар наогул не пазначаны. Можна заўважыць, што інвентары, на якіх стаіць прозвішча Кандратовіча, напісаныя вельмі ахайна, прыгожым, каліграфічным почыркам - магчыма, гэта і ёсць почырк самога арандатара. Калі згадаць, што почырк - адна з характарыстык асобы чалавека, можна выказаць здагадку, што таксама дбайна і акуратна кіраваў Кандратовіч гаспадаркай фальварка.

Такім чынам, мы можам адзначыць факт, пацвержаны дакументамі: Аляксандр Кандратовіч быў пасэсарам смольгаўскага фальварка на працягу не менш, чым 15 гадоў: з 1810 па 1824 гг.

Хочацца адзначыць яшчэ адзін факт, які не знайшоў адлюстравання ў публікацыях пра Сыракомлю за савецкім часам. У адрозненне ад сваіх суседзяў - шляхты засценка Смольгаў Вялікі - Кандратовічы не займаліся хлебаробствам самі. На палетках фальварка працавалі "падданыя" - сяляне найблізкай вёскі Смольгава, "узятыя ў арэнду" разам з фальваркам. У інвентарах адзначана іх колькасць: у розныя часы ад сямі да дзевяці сем'яў. Няшмат, але ж гэта былі прыгонныя, прыпісаныя да фальварка.

Згаданы вышэй біёграф Сыракомлі, польскі даследчык Ф. Фарнальчык у сваёй кнізе [22]выказвае меркаванне: "Кандратовічы былі людзьмі сціплымі і не варожымі нікому. На зямлі, якую арандавалі, карысталіся, па-праўдзе, працай сялян (паэт назаве іх "работнікамі"), але няма нават падстаў дапушчаць, каб магла іх спаткаць з боку панства Кандратовічаў якая-кольвек крыўда" (тут і ў далейшым пераклад з польскай зроблен аўтарам артыкула - заўв. аўт .).

Гэты выраз можна было б лічыць проста "рэверансам" Фарнальчыка ў бок паэта, калі б аўтарам даволі нечакана не было знойдзена дакументальнае пацвердженне гэтаму выказванню ў метрычных кнігах Ярэміцкай царквы Раства Багародзіцы Бабруйскага павету. У страшэнным 1812-м, калі агульная смяротнасць насельніцтва ўзрасла ў тры разы, калі ўпершыню на ўрадлівай глебе Случчыны ў метрычных запісах цэркваў з'явіліся прычыны смерці "з голаду" і "з цынготнай хваробы", калі пра памерлых ў росквіце жыцця (ва ўзросце 15-50 гадоў) святары пісалі, што смерць іх была "натуральнаю", - у вёсцы Смольгава НІВОДЗІН селянін не памёр ад вышэй названых прычын. У 1812-м заактавана толькі дзве смерці: адно немаўля памерла "з воспы", адзін дарослы - "з гарачкі".

Вернемся ізноў да інвентароў: звернем увагу на пералік будынкаў фальварка Вялікі Смольгаў у інвентары 1816 г. [3]: "Жылы дом, пякарня, спіжарня (сховішча прадуктаў, найчасцей мукі ды круп), два гумны (месца для сабранага збожжа і малацьбы), дзве адрыны (месца для захоўвання сена, саломы), абора (памяшканне для кароў), сырніца (асобны будынак для захоўвання і прасушкі сыроў), піўніца (склеп для захоўвання піва, квасу, малака, садавіны і гародніны), сушня (будынак для сушкі збожжа і льну), крама." У 1818 г. да гэтага спісу будынкаў былі дададзеныя эканамічны дом і два свіронкі (у іх захоўвалася адборнае абмалочаннае збожжа), у 1822 г. - вазоўня (сховішча калёс і павозак), хлявочак, бровар (тут гатавалі піва і гналі гарэлку), сажалка (не толькі дзеля рыбагадоўлі ды купання, але і дзеля броварных тэхналогіяў).

Адчуваецца, што Кандратовіч быў вельмі руплівым і дбайным гаспадаром! У апісаннях гаспадаркі сустракаюцца "пні пчол старых і млодых", вабіць вока і садочак у канцы гарода, у якім "…дрэўцы вішань, колькі яблань і грушак, знаходзяцца тамака і хмельнікі…" Нават, завітаўшы сюды ў думках, хочацца пагасцяваць тут даўжэй: усё магчымае зрабіў гаспадар, каб яго жонка і будучыя дзеткі мелі неабходнае для забяспечаннага жыцця. Нават не хочацца згадваць пра тое, што сям'я праз якіх два гады раптам з'едзе з гэтага "зямнога раю" па невядомай прычыне.

З дапамогай інвентара 1822 г. [5] паспрабуем убачыць, якім быў жылы дом звонку і знутры акурат перад нараджэннем будучага паэта: "ЖЫЛЫ ДОМ стары…"

Колькі ж гадоў ён прастаяў? У інвентары 1810 г. акуратны і дакладны Кандратовіч занатоўвае: "Дом жылы з ганкам на 4-х слупах пабудаваны ў 87 (1787 - заўв. аўт. ) годзе"

"…даўжыня ў локцях 40, шырыня 18…"

Хутчэй за ўсё, ў 1822 г. у якасці меры даўжыні ўжываўся так званы "варшаўскі" локаць, роўны 0,596 м. Пераробім памеры дома ў больш звыклую для нас метрычную сістэму - атрымаем каля 24 м х 11 м - больш за 260 кв.м плошчы!

"…дранкамі крыты…"

Дранкі - доўгія і тонкія сасновыя дошчачкі, якія замацоўваліся па даху гарызантальнымі радамі. У 2011 г. аўтару пашчасціла знайсці рэшткі такога даха на старым будынку ў суседняй вёсцы недалёка ад Смольгава ( гл. фота ).

Тыповая унутраная кампаноўка панскага дома ў тыя часы была трохчасткавай. Частку даўжыні займалі скразныя сенцы, зробленыя пасярэдзіне будынка, з якіх было два выхады: з аднаго боку на ганак, з другога - у сад. Паабапал месціліся жылыя памяшканні.

"…у ім з аднаго боку пакой вялікі - 1, меншых - 2, з іх у адным - перагародка…"

Гэта апісанне "панскай" палавіны дома, якая займала траціну агульнага пляцу: па сучасных мерках, каля 80 кв. м на сям'ю з трох чалавек - зусім няблага.

"…з другога боку хата чалядная - 1, камора - 1, спіжарня - 1, сенцаў - 2"

Гэта гаспадарчая палова, дзе месціліся памяшканне для слуг, сховішча для захоўвання розных рэчаў і харчовых запасаў.

"Ва ўсёй хаце вокнаў вялікіх з шкла белага ў малых рамах - восем, вокнаў той жа велічыні з шкла дробнага - пяць.

Дзвярэй адзінарных з дошак столярскай работы - усе без якіх-небудзь вокнаў - 14, з іх на завесах і кунах жалезных - сем, на бегунах - 8 (усяго - 15! - заўв. аўт. ), пры іх клямак дзве, зашчапаў з прабоямі шэсць, гаплікоў з прабоямі пяць"

Трохі здзіўляе вялікая колькасць дзвярэй: пятнаццаць - на восем памяшканняў у доме. Мабыць, у большасці памяшканні былі прахаднымі - у тыя часы гэта не лічылася нязручным (нагадаем сучасныя тэндэнцыі рабіць кожны закутак абасобленным).

"Печаў ардынарных з кафлі зялёнай тры, печ крыжовая цагляная адна, звычайная з кафлі шэрай адна. Камінкоў малых тры."

Вядома ж, печы з прыгожай зялёнай кафлі былі на панскай палове хаты, гэтак жа, як і тры невялікіх камінкі, якія выкарыстоўваліся не столькі для цяпла, колькі для асвятлення ў вячэрні час. На гаспадарчай палавіне - крыжовая печ для гатавання ежы і звычайная - для абагравання.

"Падлога ў пакоях і адных сенцах з дошак, у астатніх з гліны. Ашалёўка сцен паўсюдна з дошак. Комінаў над дахам выведзеных два."

Традыцыя аб'ядноўваць коміны некалькіх печаў паўстала яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, калі падаткі плаціліся "падымна" - у залежнасці ад колькасці комінаў - "дымоў" у гаспадарцы.

"ГАНАК стары, на чатырох слупах усталяваны, дранкамі крыты, прыступкі з парэнчамі. Дзверы адзінарныя на бегунах (адмысловая драўляная прылада, якая замяняе дзвярныя завесы - заўв. аўт. ) і зашчапках з прабоямі."

Такі ганак з'яўляўся абавязковай прыналежнасцю абшарніцкага дома, у адрозненне ад сялянскай хаты. З ганка гаспадар мог назіраць за ходам работ ў маёнтку, улетку ганак мог служыць тэрасай.


Сярод галоўных будынкаў фальварка трэба адзначыць яшчэ адзін: дом эканамічны. Паводле апісання ў інвентары - гэта звычайная сялянская хата-пяцісценка. Падобныя старыя хаты яшчэ захаваліся ў Смольгаве і наваколлях (гл.фота) .

Кандратовічы пражылі ў Смольгаве 15 гадоў: даўжэй, чым у іншых фальварках, якія яны бралі ў арэнду пасля: у Ясковічах - 6 гадоў (1825-1831), у Кудзіновічах - 4 гады (1831-1835), у Мархачоўшчыне - 6 гадоў (1835-1841). Можна выказаць здагадку, што чыннікам, які прымусіў іх пакінуць "наседжанае" месца, было падвышэнне арэнднай платы: натуральная рэакцыя ўладальніка фальварка на рост прыбыткаў пасэсара, які надта паспяхова вёў гаспадарку фальварка.

Як жа змянялася забудова фальварка Вялікага Смольгава пасля ад'езду сям'і Кандратовічаў?

Наступны інвентар [6], складзены 9 ліпеня 1825 г. новым пасэсарам Мержыеўскім, змяшчае апісанне той самай дваровай забудовы, што і пры Кандратовічах. А вось у двух наступных інвентарах: за 1836 г. [7] і 1837 г. [8] адзначана дата пабудовы ў фальварку новага жылога дома: 1825 і 1828 гг. адпаведна. Інвентары складаліся рознымі асобамі, таму даруем ім гэтае разыходжанне ў тры гады.

Магчыма, што 38-40 гадоў (нагадаем - дом быў пабудаваны ў 1787 г.) - сапраўды вялікі тэрмін "жыцця" для хаты без падмурка, з бярвёнаў, хаця і хваёвых, але нічым не ашалёваных і не прагрунтаваных водаўстойлівым растворам? Можа, дом знішчыў пажар пасля ўдару маланкі або з-за нядбайнасці пры паленні печаў? Дакументы нічога не кажуць пра гэта.

(Працяг у наст. нум.)

Святлана Міхалоўская


У падарожжы з тым, хто захаваў сэрца Гародні

15 ліпеня ў рамках вандроўкі "Каралеўская Гародня" экскурсію па Фарным Касцёле імя Св. Францішка Ксаверыя здзейсніў лідар "Руху "За свабоду"Аляксандр Мілінкевіч.

З 1986 года сп. Мілінкевіч на працягу 9 гадоў вёў краязнаўчую перадачу "Па вулках старога горада" на Гарадзенскай тэлевізіі, распавядаў пра гісторыю, дэманстраваў старыя гравюры, паштоўкі, мапы, фотаздымкі. Месцічы нібыта нанава адкрывалі свой горад.

У 90-тыя гады А.У. Мілінкевіч ачольваў гарадскую камісію па тапаніміцы, у склад якой уваходзілі вядомыя гісторыкі, культуролагі, краязнаўцы. У Гародні першымі ў краіне былі вернуты вернікам усе храмы, на якія яны прэтэндавалі.

"Акт аб праве нашага горада на самакіраванне (Магдэбурскае права), валоданне гербам, пячаткай і будаўніцтва ратушы з гадзіннікам быў падпісаны Вялікім князем Аляксандрам у маіх родных Берштах у дзень Святога Бенедыкта ў 1496 годзе" , - распавёў спадар Мілінкевіч.

Каралеўская Гародня

Адзін з самых старых гарадоў Беларусі ўпершыню быў узгаданы ў Іпацьеўскім летапісе ў 1128 годзе. У 1376 годзе Гародня была далучана да ўладанняў князя Вітаўта.

У 1576 - 1586 гадах у Гародні знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Ініцыятыва заснавання калегіюма езуітаў у Горадні належала Стэфану Баторыю, які запавядаў у 1585 годзе для гэтага 10 тыс. польскіх злотых.

Касцёл быў закладзены па плану італьянскага архітэктара Яна Марыі Бэрнардоні на заходнім канцы рынку, побач з драўляным, пазней вымураваным, Найсвяцейшым Касцёлам Панны Марыі, які пазней доўгі час быў вядомы пад назвай "Фара Вітаўта".

Касцёл Святога Францішка Ксаверыя, буйнейшы рыма-каталіцкі храм у цэнтральнай частцы Гародні, будаваўся з 1678 па 1772 гады. Ад пачатку існавання і да 1773 году ён належаў да гарадзенскага езуіцкага калегіюма, з 1797 года стаў фарным касцёлам, з 13 красавіка 1991 года - катэдрай новаўтворанай Гарадзенскай дыяцэзіі. 15 снежня 1990 года Ян Павел II надаў храму тытул меншае базылікі.

30 траўня 1700 году ў ім была праведзеная першая імша. Ганаровае прысвячэнне св. Францішку Ксаверыю адбылося 6 снежня 1705 года біскупам хэлмскім Тэадорам Патоцкім у прысутнасці саюзнікаў у вайне супраць Швецыі - караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II і расейскага імператара Пятра I, які ўкленчыў перад прыгажосцю ўбранства алтара касцёла.

"У галоўным алтары адной з цэнтральных фігур з'яўляецца постаць св. Францішка Ксаверыя, - хрысціянскага місіянера і сузаснавальніка Таварыства Ісуса (ордэна езуітаў), - звярнуў увагу прысутных сп. Мілінкевіч.- Рымска-каталіцкая царква лічыць яго самым паспяховым місіянерам у гісторыі хрысціянства, езуіты пасвяцілі ў хрысціянства большую колькасць людзей, чым хто б там ні быў, за выключэннем, быць можа, апостала Паўла.

Францішак Ксаверы быў родам з арыстакратычнай басконскай наварскай сям'і. Ён нарадзіўся ў замку Хаўер (Навара, Іспанія) 7 красавіка 1506 г. Ва ўзросце 19 гадоў Францішак Ксаверы адправіўся вучыцца ў Парыжскі ўніверсітэт, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята ў 1530 годзе. Ён працягнуў вывучаць тэалогію і пазнаёміўся з Ігнатам Лаёлам. 15 Жніўня 1534 у капліцы Манмартра Ігнат Лаёла сумесна з Францішкам Ксаверыем, Пятром Фаберам, Якавам Лайнесам, Альфонсам Сальмеронам, Мікалаем Альфонсам Бобадзілья і Сымонам Радрыгесам прынеслі клятву прысвяціць сваё жыццё Богу. Гэта было падставай стварэння Таварыства Ісуса."

Мецэнат і фундатар

У другой палове 18 стагоддзя Гародня стала буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам не толькі Рэчы Паспалітай, але і Еўропы.

Як даведаліся падарожнікі, у правай частцы касцёла знаходзіцца барэльеф і помнік Антонію Тызенгаўзу - палітычнаму і грамадскаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, аднаму з таленавітых гарадзенскіх мецэнатаў.

Гарадзенскі стараста Антоні Тызенгаўз (1733-1785) заснаваў у Гародні і ваколіцах шмат мануфактур (суконную, палатняную, металічных вырабаў і інш).

Некаторыя мануфактуры праіснавалі да сярэдзіны 1790-х гадоў. Па ініцыятыве Антонія Тызенгаўза ў 1770-1780 быў пабудаваны жылы, адміністрацыйны і культурны комплекс Гаpадніца, заснаваныя тэатр і театpальная школа, музычная капэла, школы: акушэрская, ветеpынаpная, чарчэння і малявання, бухгалтарская і рахункаводаў, землямерная, будаўнічая, кадэцкі корпус, бібліятэка і музей гісторыі прыроды, закладзены батанічны сад - першы ў Рэчы Паспалітай і найбуйнейшы ў Еўропе.

Тут працаваў выбітны французскі вучоны Жан-Эманюэль Жылібер (цяпер яго імя носіць Стары парк ў Гародні - былы батанічны сад). У каралеўскай друкарні выдаваліся на польскай мове "Gazeta Grodzienska" (1776-1783), "Wiadomosci Grodzienskie" 1792), "Kurier Litewski" (1796-97) і "Kalendarz gospodarski".

Антоні Тызенгаўз нарадзіўся ў сям'і багатага і ўплывовага вяльможы Бенедыкта Тызенгаўза. Адукацыю атрымаў у езуіцкай калегіі ў Вільні. З ранняй маладосці ён сардэчна пасябраваў з будучым каралём Станіславам-Аўгустам Панятоўскім. Абодва разам выхоўваліся ў Воўчыне і там жа разам ўнікалі ў першыя таямніцы палітыкі. Разам засвойвалі праграму прагрэсіўных рэформаў Чартарыскіх, разам марылі аб цывілізацыі Польшчы і вызваленні яе ад саксонскай манархіі.

Уступіўшы на трон, Станіслаў-Аўгуст, які ведаў гаспадарчыя і арганізацыйныя таленты прыяцеля, адразу даверыў яму пасаду надворнага літоўскага падскарбія. Пасада гэтая значыла шмат, паколькі з ёй было звязана кіраванне велізарнымі каралеўскімі ўладаннямі ў Літве, званымі тады "сталовымі маёнткамі", або "эканоміямі". Надзелены ўладай, фінансамі і бязмежным даверам караля, Тызенгаўз прыступіў да справы. План яго быў ашаламляльна грандыёзны, велічны, патрыятычны!

Праз некаторы час абодва цэнтры літоўскіх эканомій - Гародня і Шаўляй - напоўніліся натоўпамі рознамоўных спецыялістаў, выпісаных за добрыя грошы з-за мяжы. Тысячы каралеўскіх мужыкоў, у многіх выпадках ужо вызваленых да таго ад паншчыны і певедзеных на чынш, пагналі назад на паншчыну - будаваць, ва ўмовах яшчэ горшага прыгнёту і больш суровай дысцыпліны, чым да аброку.

На гэтых фабрыках вырабляліся самыя розныя рэчы - і прадметы першай неабходнасці, і прадметы самай вытанчанай раскошы: сукно, палатно і персідскія дываны, капялюшы, панчохі і залатыя галуны для афіцэраў, шпількі, іголкі і галандскія карункі для дам, сучасныя карэты і ігральныя карты. Ён ставіў млыны, бровары, маслабойні, механічныя майстэрні, фарбавальні для тканін і скуры. Адкрываў ўласныя тэкстыльныя крамы і галантарэйныя крамы. Гэта была рэвалюцыя, якую навакольная літоўская пушча не бачыла з часоў, калі ў ёй па загадзе літоўскага князя Ягайла руйнавалі алтары паганскіх багоў. Антоні Тызенгаўз пакінуў па сабе памяць у самых разнастайных праявах. Помнікі архітэктуры, мабыць, самыя значныя.

Святы Казімір

Адзін з алтароў касцёла, як распавёў спадар А. Мілінкевіч, прысвечаны святому Казіміру .

Казімір (1458-1484) - літоўскі княжыч і польскі каралевіч, святы заступнік Польшчы і Літвы, лічыцца заступнікам моладзі. Ён быў прадстаўніком дынастыі Ягелонаў. Унук Ягайлы, сябра і сын караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра IV і Эльжбеты Ракушанкі нарадзіўся ў Кракаве 3 кастрычніка 1458 года. Да дзевяці гадоў яго выхоўвала маці, пазней ён атрымаў адукацыю ў гуманістычным духу. Сярод яго настаўнікаў былі гісторык Ян Длугаш і паэт Калімах, а таксама Станіслаў Шыдлавецкі.

Пры жыцці Казімір звяртаў на сябе ўвагу сучаснікаў адукаванасцю, сціпласцю і пабожнасцю. Аб надзвычайнай набожнасці каралевіча пісалі ўсе яго біёграфы. Ён пражыў нядоўгае жыццё, удзельнічаў у вайсковых паходах.

У 1613 годзе святы Казімір быў абвешчаны патронам Вялікага Княства Літоўскага і з тых часоў лічыцца галоўным апекуном Літвы, у 1636 годзе ён аб'яўлены заступнікам Літвы і Польшчы.

Маці Божая Кангрэгацкая

На Беларусі захавалася каля 40 абразоў Маці Божай Снежнай, намаляваных пераважна алеем на палатне ў XVII-XVIII стагоддзях. Адной з іх з'яўляецца абраз Маці Божай Кангрэгацкай, прывезены ў сярэдзіне XVII ст. з Рыма правінцыялам літоўскіх дамініканаў і падораны канцлеру Станіславу Радзівілу. З 1664 гэты абраз знаходзіцца ў катэдральным саборы св. Францішка Ксаверыя ў Гародні. У 1686 г. камісія ад віленскага біскупа прызнала абраз цудатворным. Абраз быў ўпрыгожаны шатамі і каронамі ў першай палове XVIIІ ст. Срэбная рама ў стылі ракако была выканана ў 1761 гданьскім злотнікам Крысціянам фон Гаўсенам. Свята абраза адзначаецца 5 жніўня.

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай у Гародні з'яўляецца копіяй Абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ - адной з самых вядомых і старажытных у хрысціянскім свеце. У XVII-XVIII ст. яе копіі разышліся па многіх краінах Еўропы.

28 жніўня 2009 года ў Гародні адбылася ўрачыстасць, прысвечаная каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай папскімі каронамі і 300-гадоваму юбілею асвячэння кафедральнай базілікі.

Падчас святой Імшы цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай быў укаранаваны папскімі каронамі. У той урачысты момант са слязамі на вачах вернікі слухалі эмацыйны выступ арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, з біскупскага асвячэння якога пачалося адраджэнне Каталіцкага Касцёла на Беларусі і адраджэнне культу Маці Божай Кангрэгацкай .

"Маё служэнне ў якасці святара і біскупа на Беларусі, і асабліва ў Гародні, было непарыўна звязана з гэтым храмам і гэтым абразом. Добра памятаю: калі я быў яшчэ вучнем сярэдняй школы, бацька вазіў мяне ў фарны касцёл, да абраза Маці Божай Кангрэгацкай, і гаварыў "Хочаш добра вучыцца - маліся да Маці Божай, якую яшчэ называюць Студэнцкай" .

Калі наступіла свабода веравызнання, культ Маці Божай Кангрэгацкай адрадзіўся.

Каранацыя абраза - гэта вялікі дар для мясцовага Каталіцкага касцёла, але так-сама і важнае заданне. Новы час - час рэлігійнай свабоды і пачатку трэцяга тысячагоддзя - павінен стаць часам міласэрнасці, часам духоўнага адраджэння, часам збаўлення.

Сэрца старажытнага горада

Пасля азнаямлення гасцей з інтэр'ерамі касцёла спадар Мілінкевіч даў магчымасць вандроўнікам падняцца праз 111 прыступак на вежу касцёла і агледзець механізм гадзінніка, якому звыш 500 гадоў.

У 1988 годзе да яго звярнулася наглядальніца музея фарнага кацёла Марыя Рамуальдаўна Гратулевіч з просьбай адрамантаваць самы старажытны гадзіннік. Давялося прачытаць нямала кніг з польскіх і расейскіх архіваў. Механізм быў адрамантаваны з дапамогай запрошаных віленскіх і леніградскіх спецыялістаў. Новыя цыферблаты былі выраблены па эскізе мастака-рэстаўратара Уладзіміра Кіслага. Сэрца старажытнага горада паранейшаму б'ецца.

"Мае бацькі жылі недалёка ад Каложскай царквы на вул. Лермантава, - узгадаў спадар Мілінкевіч.- Мой бацька Уладзімір Іванавіч Баран чвэрць стагоддзя быў дырэктарам школы, лепшай у Гародні. Заслужаны настаўнік рэспублікі, таленавіты педагог, ён меў урадавыя ўзнагароды.

Да вайны ён скончыў Варшаўскі Універсітэт, працаваў у элітным ліцэі Стэфана Баторыя ў сталіцы Рэчы Паспалітай. Малады праваслаўны беларус - і ў такім прэстыжным месцы.

Маці звалі Марыя Аляксандраўна Мілінкевіч. Яна была чалавекам высокай культуры і эрудыцыі, цёплай, чулай, захавальніцай хатняга агменю. Мілінкевічы жылі непадалёку ад Берштаў. Яны з ХVII стагоддзя былі на службе караля, потым - цара, наглядчыкамі ў пушчы.

У 30-тыя гады бацькі працавалі разам у Варшаве ў прытулку для дзяцей-сірот на Бялянах.

Там яны прайшлі выдатную школу ў выбітнага педагога і пісьменніка Януша Корчака."


Спадар Мілінкевіч любіць і добра ведае свой родны горад, дзе ён вучыўся, выкладаў ва ўніверсітэце і працаваў віца-мэрам.

Сёння 25 ліпеня лідар праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч адзначае 65-годдзе.


Удзельнікі вандроўкі, арганізаванай "Рухам "За свабоду", з радасцю наведалі ў Гародні Каложскую царкву, стары замак, будынак сінагогі і іншыя гістарычныя месцы.

Э. Оліна.

На здымках А. Тамковіча:

1. Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя.

2. Экскурсію па касцёле праводзіць А.У. Мілінкевіч.

3. Абраз Божае Маці Кангрэгацкай.


І сам-насам паэт застаецца

Івану Лапо - 55 гадоў!

Іван Лапо па прафесіі - журналіст, па прызванні душы - краязнавец. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Асмолавічы Клімавіцкага раёна. Скончыў Асмолавіцкую сярэднюю школу (1974 г.) і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна (1991 г.). працаваў у Клімавіцкай і Хоцімскай раённых газетах.

Член грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз журналістаў". Аўтар краязнаўчай кнігі "Асмолавічы".

Друкаваўся ў калектыўным зборніку "Дняпроўскія хвалі" (1993 г.). з літаратурнымі творамі выступаў ў часопісах "Першацвет", "Маладосць", у весніку "Надежда", а таксама ў раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах.

НАРАДЖЭННЕ ВЕРША

Перад мною - ліст чыстай паперы,

І якія прадпрыняць тутка меры.

І ўжо цешаць у думках мары,

І палоняць паэзіі чары.


І сам-насам паэт застаецца,

Прыдарожнаю стужкай

думка віецца,

І кладуцца радок за радком,

Паглядаеш на іх ты крадком.


Тут і гонар твой, і сумленне,

І чароўнае захапленне

Родным словам і табою, мой краю,

Я жыву ўспамінкам аб маю!

ЧАС

Мне мала часу застаецца,

Лічу штодня!

А ён, глядзіце, так нясецца.

Не ўгледжу я!


На працы, дома і на дачы

Бяжыць імкліва гэты час,

А той істотнай жа аддачы

Глядзіш - няма, запэўню вас!

ВЕЧНАСЦЬ

Мы ўсе на зямлі - не вечныя!

І думкі мае і твае адвечныя

Пра пражытыя дні,

Гадзіны, хвіліны, памкненні...

Адкінем у бок сумненні:

Вечнасць, яна і ў імгненні!

САМОТА

За акном - непагода

Дзён ужо колькі,

Мокрадзь на двары,

Толькі, толькі, толькі

Не для дзетвары!

Чуцен голас звонкі

З вуліцы і з дому,

Весялосць і смех,

Але мне самому

Сумна, як на грэх.

СПЕЎ ЖАЎРУКА

Спеў жаўрука -

Нібы паўнаводная рака!

Льецца песня ягоная

У жыццё ўлюбёная,

Аб вясне-красе,

Ды хуткай летняй расе.

Яшчэ аб хлебным полі

І аб нашай долі.

Няхай шчаслівай будзе,

Верце ў гэта, людзі!

Усё перамелецца,

Кожнаму адмерыцца.

СПАТКАННЕ

Спатканне,

Як чыстае ранне

Весняй парой у маі,

У нашым вясковым гаі.

Як вясёлкі на небе дуга,

Пасля - па дзяўчыне туга

І пошчык звонкага салаўя

Гэта таксама я - радзіма мая.

ПАПРОК

Ты папракаеш, а я крыўдую.

Хіба прад табою я вінаваты?

Ты размаўляеш, а я не чую.

Сумленне, дай ты мне рады!

Раблю папрок сабе самому,

Хлопцу ціхмянаму.

І ціха-ціха іду дадому

Шляхам мне аднаму вядомаму.

ВОСЕНЬ ЖЫЦЦЯ

Сівізна на скронях.

Жыццё на далонях.

Старасць напаткала,

Узор маршчын саткала

На твары маім.

Нам ужо дваім

Не зашмат патрэбна,

Бо вяселле хутка срэбна.

Пастарэў, людзі гавораць,

А гады нам дораць

Досвед вунь які,

Дарагія мае землякі.

СКАЖЫ

Дождж змывае бруд

На вуліцы і бы на душы.

Але ты скажы тут,

У вячэрняй цішы,

Куды падзецца мне

Са сваім сумленнем,

Калі ж навокал, ці ж не,

Ледзь не ўсё - у хлусліва-

Падманлівым адценні.

У СПЯКОТУ

Вось спякота і спала,

І я намалявала

Сонейка, вясёлку,

Шчаслівую сямейку.

Тут і вожык колкі,

Ваструткія іголкі,

А звяроў - вунь столькі,

Зашмат колькі!


Зайка скача хутка,

Побач, побач ён, тутка!

Грае конік у лузе,

Я ўдзячны летняй музе.

Безупынна, бы на скрыпцы.

І ўжо іскрыцца

Зіхоткі агеньчык -

Сонечны праменьчык -

Зіхаціць у лужы.

Тчэ павук свой кужаль.


Весела смяецца,

Ручаінкай льецца

Па асфальце подых,

Аж захоплівае дых,

Гарачага лета.

Добрая Зямля планета!

Вось яна якая,

Спякотная такая.

У нашым родным краі

Быццам у самым раі.

КРАЙ РОДНЫ

Зіхаціць лістоты цень.

Падае на вокны.

Свой адбітак з дня ў дзень

Пакідае край родны.


Вунь, аблокаў табуны

Паімчалі ў высі.

Пасвіцца там усе яны,

Бы Пягасы, выйшлі.


На зямлі ж, бы мурашы,

Людзі ўсё шчыруюць

І Айчыны моц яны, што ні кажы,

Справаю мацуюць.


І растуць там, бы грыбы,

Саломы сцірты, а ракою - зерне.

Льецца песня з краю ў край

Пакуль і не змеркне.


Будзе бохан на стале,

Хлеб і ўсё да хлеба,

І вясёлка ахіне

Ледзь аж не паўнеба.


Квітней, наша Беларусь, таму

Уся ты год ад году.

Пажадаць хачу свайму

Шчасця я народу!

Іван Лапо.


Да ўвагі аўтараў - землякоў !

Да кнігі пад умоўнай назвай "Літаратары Клімаўшчыны", што рыхтуемай да друку, аўтары-землякі, ураджэнцы Клімавіцкага раёна, могуць даслаць свае любімыя творы з фотаздымкам і кароткім аповедам пра сябе.

Гэтак сама для дадзенага выдання патрабуюцца фотаздымкі пісьменнікаў-землякоў Івана Бурсава, Івана Пехцерава, Пятра Кавалёва, Івана Новікава, Анатоля Вярцінскага, Паўла Пруднікава, Івана Знаткевіча, Валерыя Бысава, якія працавалі ў Клімавіцкай раённай газеце. Хто іх мае ў сябе - няхай дашле! Вяртанне гарантуецца.

Свае пісьмы, дарагія сябры. дасылайце, калі ласка, аўтару-складальніку будучай кнігі Лапо Івану Мікалаевічу на адрас: вул. Камуністычная, д. 17/12, г. Клімавічы, 213633, Магілёўскай вобласці.


Імпрэза ў сядзібе ТБК

30 чэрвеня у сядзібе ТБК адбылася чарговая традыцыйная імпрэза.

Тым разам гэта была лекцыя - дыскусія "Вавілонская вежа нумар Х ?"

З паведамленнем выступіў мастак і літаратар Алег Аблажэй. Ён заклікаў прысутных паразважаць пра лёс сучаснай цывілізацыі, куды яна рухаецца? Ці можа яе напаткаць лёс многіх папярэдніх - егіпецкай, рымскай? Што трэба рабіць і як сябе паводзіць перад абліччам шматлікіх праблемаў, як не разгубіцца і не страціць сябе? Якое месца Беларусі ў сучасным свеце, як на яе лёсе адбіваюцца глабальныя праблемы?

Аўтар пераконаваў прысутных, што, каб не страціць сябе, трэба будаваць свой уласны, прыватны незалежны свет, у якім можна карыстацца ўсімі даступнымі набыткам сучаснай цывілізацыі, не паддаючыся яе спакусам і фальшывым вартасцям.

Тэмы актуальныя для кожнага неабыякавага чалавека, а сама гутарка вартая працягу...

К. Барсучок.


"Паляванне на зубра" ў Гародні

Прэм'ерай "Паляванне на зубра" закончыўся сезон у гарадзенскім тэатры лялек. Паводле вядомай паэмы Міколы Гусоўскага спектакль стварыў галоўны рэжысёр Алег Жугжда, назваўшы пастаноўку "гістарычна-экалагічным экскурсам". Сярод гледачоў быў генеральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч.

У спектакль перанесеная гісторыя стварэння паэмы Міколам Гусоўскім, які з'яўляецца ў выглядзе лялькі. Ён распавядае гледачам пра падзеі часоў Вітаўта, да вобраза якога вяртаецца раз-пораз, а таксама спрабуе зазірнуць у будучыню, якая для беларусаў не абяцае салодкіх пернікаў. Стваральнікі якраз прапануюць гледачам "успомніць мінулае нашага краю, а таксама паразважаць пра яго будучыню".

Важным персанажам ёсць каралева Бона Сфорца. Яна прысутнічае ў спектаклі ў выглядзе трох партрэтаў па чарзе. У яе рухаюцца вочы і рукі, аднойчы яна нават перакладае з рукі ў руку кніжку, падараваную Гусоўскім. Спачатку гэта мудрая, поўная жыццёвай сілы правіцельніца. Апошні партрэт: каралева ператварылася ў старую вар'ятку, рукі акторкі вырываюць з кнігі аркушы і суюць у рот Навуцы і Мастацтву, каб жавалі. Каралева тлумачыць, што ёй было загадана, калі атрымала ў рукі кнігу: "Вазьмі і з'еш яе, і яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах будзе салодкай, як мёд. Я ўзяла кніжку і ела яе, яна была салодкая ў вуснах маіх. Але калі з'ела яе, горка зрабілася ў чэраве маім. Ён сказаў: табе трэба зноў прарочыць пра плямёны і народы, і роды, і цароў многіх..." З гэтымі словамі каралева памірае, партрэт выносяць "нагамі наперад".

Пачынаецца спектакль вельмі змрочна: сучасны час, постаці ў чорных балахонах, з капюшонамі на галовах, закідаюць чорныя мяхі са смеццем у вялізную сетчатую скрыню пасярод сцэны, у якой стаіць абцятае, нежывое дрэва. Вырашыўшы са смеццем, яны кідаюцца да шашы галасаваць. Аднак машыны не спыняюцца, ніхто іх не бярэ.

Гэтыя мяхі са смеццем потым ляжаць уздоўж сцэны, падзяляючы ўдзельнікаў дзеі і гледачоў. Побач з мяхамі паўтара дзясятка фігурак зубра, якія ў нейкі момант будуць пахаваныя.

Стваральнікі выкарысталі нямала прыёмаў, якія робяць спектакль, з аднаго боку крыху эклектычным, з другога - разнастайным. Вялікая галава зубра, якую трымае ў руках актор, мае вочы, якія заплюшчваюцца, цалкам перадае вобраз жывой жывёліны. Партрэт Маці Божай Вострабрамскай, які паміж рогаў зубра, раптам траціць твар, ён знікае. Нечаканы напамін пра будучую вайну: у драцяной скрыні кабарэтная спявачка выконвае "Лілі-Марлен". Вельмі добра зроблены нумар, які выглядае цалкам самадастатковым.

У другой палове спектаклю калейдаскоп падзей, вобразаў. Зуброў нашчэнт забіваюць цар (сведчыць архіўны здымак) ды іншыя. Ад дрэва беларускага застаецца толькі пень. Але гледачоў не пакідаюць без надзеі: палеткамі рушаць наўскапыт статкі зуброў, у небе кружляюць буслы, гучыць фанаграма "Песняроў" на расейскай мове пра Белавежскую пушчу.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX