Папярэдняя старонка: 2012

№ 35 (1082) 


Дадана: 26-09-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1082) 29 жніўня 2012 г.

Фестываль новага этна "Вольнае паветра" - пяты раз

5-ты фестываль новага этна "Вольнае паветра" адбыўся на хутары Шаблі Валожынскага раёна. Міжнародны фальклорны фестываль сабраў аматараў этнічнай музыкі Беларусі і замежжа. Сярод гасцей фэсту ў гэтым годзе са сцэны зайгралі ўкраінцы "Даха Браха", якія прадставілі свой сумесны праект з беларускім гуртом "Port Mone", а таксама госці з Нямеччыны "Di grine kuzine".

Асноўнай жа падзеяй фэсту сталі выступы беларускіх гуртоў, між якіх "Троіца", "Крыві" і "Гаротніца" на чале з Андрусём Такіндангам.

- Гэта пяты ўжо фэст, можна сказаць, юбілейны. Хочацца, каб гэта ўсё не знікла, але наадварот працягвалася. Вельмі важна пратрымацца, таму што, зразумела, ёсць і стомленасць, і розныя перашкоды і цяжкасці, але на самой справе вельмі добра, што падобныя фэсты адбываюцца ў нас у Беларусі. Дзякуй, што людзі нешта робяць для таго, каб былі такія канцэрты.

Юбілейны фестываль "Вольнае паветра" парадваў наведвальнікаў як музычнай, так і забаўляльнай дзеяй. Для гасцей фэсту былі арганізаваныя месцы адпачынку на адкрытым паветры, прапаноўваліся стравы беларускай кухні і вырабы рамеснікаў. Між публікі былі праведзеныя конкурсы ды гульні. Па сканчэнні канцэрту на галоўнай сцэне, мерапрыемства атрымала працяг на малой сцэне, дзе адбылася начная этна-дыскатэка ад лепшых беларускіх і замежных дыджэяў. Заўзятары беларускага і замежнага фольку змаглі правесці і другі дзень выходных на прыродзе ля хутара Шаблі ў арганізаваным намётавым гарадку.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя.


Юбілей Доўнар-Запольскага адзначылі ў Магілёве

23 жніўня ў Доме Польскім у Магілёве адбылася сустрэча з кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам кафедры БДУ Уладзімірам Ляхоўскім, прысвечаная 145-й гадавіне Мітрафана Доўнар-Запольскага. Арганізавала вечарыну гарадская суполка ТБМ імя Францішка Скарыны.

Азнаёміўшы публіку з навуковым і грамадскім шляхам славутага дзеяча, праца якога пачалася ў эпоху панавання ў гістарычнай навуцы на Беларусі заходнерусізму, запрошаны аўтар закрануў і тэму адной са сваіх кніг - "Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX- I-й палове XX ст. (да 1939 г.)". Прысутныя пачулі пра жыццё беларускіх моладзевых арганізацый пачынаючы з эпохі "Гомана" і да пачатку ХХ стагоддзя, часу, дух якога цудоўна перадаў Купала: "…Будаваньне незалежнасці Беларускай дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь… Набок з дарогі, панове і гаспадар з Захаду і Усходу! Беларуская моладзь ідзе!".

Падчас міжволі пачатай дыскусіі былі асветлены і іншыя пытанні, напрыклад, роля Міколы Ермаловіча ў беларускай гістарыяграфіі. Адбылася таксама імправізаваная міні-прэзентацыя як працаў запрошанага гісторыка, так і іншых выданняў, у прыватнасці, новага нумара часопіса "ARCHE", у якім Уладзімір Ляхоўскі падрыхтаваў да друку вялікія ўспаміны міністра ўнутраных спраў ва ўрадзе БНР Кузьмы Цярэшчанкі.

Аляксей Карпенка, Магілёў..


95 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі

23 жніўня споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, лаўрэата дзяржаўных прэмій СССР і БССР, ганаровага акадэміка НАН Беларусі Пімена Емяльянавіча Панчанкі (1917-1995).

Па ўспамінах паэта, яго бацькі, якія паходзілі з вёскі Гядэйкі Ашмянскага павету Віленскай губерні, як і многія тагачасныя беларускія сяляне яшчэ задоўга да Першай Сусветнай вайны з'ехалі ў Прыбалтыку ў пошуках заробку. Пасяліліся ў Рэвелі (зараз Талін). Там знайшлі працу на судабудаўнічым заводзе. А неўзабаве 23 жніўня 1917 года тут з'явіўся на свет і будучы народны паэт. У 1921 годзе маці з дзецьмі пераехала ў Бягомль, дзе пасля заканчэння Грамадзянскай вайны бацька ўладкаваўся на працу. Працаваў дзясятнікам, аб'ездчыкам, прарабам, ляснічым. Тут, у вярхоўях ракі Беразіны, прайшло дзяцінства паэта.

У Бягомлі Пімен Панчанка атрымаў сямігадовую адукацыю. З Бягомля сям'я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, дзе бацькі ўладкаваліся на працу на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Некаторы час там працаваў рабочым і шаснаццацігадовы Пімен. Потым юнак скончыў 6-месячныя курсы па падрыхтоўцы ў ВНУ ў Горках, а пазней - аднагадовыя педагагічныя курсы ў Бабруйску. На працягу пяці гадоў (1934-1939) П. Панчанка настаўнічаў у Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці, дзе выкладаў мову і літаратуру і адначасова завочна вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце, які скончыў у 1939 г.

Па заканчэнні інстытута П. Панчанка пераехаў у Менск, а ў 1939-м быў прызваны ў армію, апынуўся ў Заходняй Беларусі ў Беластоку, дзе служыў у армейскай газеце. У 1940 годзе Дзяржаўнае выдавецтва пры СНК БССР выпусціла яго другі паэтычны зборнік "Вераснёвыя сцягі".

Там жа, у Беластоку, яго напаткала і Другая Сусветная вайна. Падчас яе П. Панчанка працаваў спачатку ў франтавой газеце "Красноармейская правда", а з ліпеня, калі была створана газета "За савецкую Беларусь", стаў яе супрацоўнікам. Па ўспамінах пісьменніка, калектыў рэдакцыі быў невялікім: М. Лынькоў, К. Крапіва, І. Гурскі, П. Глебка, В. Барысенка, А. Стаховіч, але зладжаным. Пазней да іх далучыліся прыехаўшыя з Масквы М. Танк, П. Броўка, А. Кучар.

У 1944 годзе ваеннага журналіста Пімена Панчанку накіроўваюць у складзе частак Чырвонай Арміі ў Іран, дзе ён прабыў два гады. Уражанні аб знаходжанні ў гэтай краіне склалі змест цыклу вершаў пад назвай "Іранскі дзённік".

Па звароце на радзіму пісьменнік актыўна працаваў у складзе рэдакцый газет і часопісаў: "Вожык", "Літаратура і мастацтва", "Советская Отчизна" (цяпер часопіс "Нёман"), "Маладосць". У 1966 годзе быў абраны сакратаром Праўлення СП БССР, членам Праўлення СП СССР (1968), з 1989 года стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра.

Шматгранная паэтычная творчасць П. Панчанкі знайшла адлюстраванне ў больш, чым у 30 зборніках, выдадзеных у розныя часы. Некаторыя з іх былі адзначаны дзяржаўнымі і літаратурнымі прэміямі: Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы за паэму "Патрыятычная песня" (1959), Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Купалы за зборнік вершаў "Пры святле маланак" (1968), Дзяржаўнай прэміяй СССР за кнігу вершаў "Где ночует жаворонок?" (1981).

Паводле сайту СБП.


90 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Шыціка

Уладзімір Мікалаевіч Шыцік (31.08.1922 г. -15.01. 2000 г.) - беларускі савецкі празаік і журналіст. Нарадзіўся ў г. Шклове Магілёўскай вобласці. У 1940-1944 г.г. вучыўся ў Маскоўскім электратэхнічным інстытуце чыгуначнага транспарту і Куйбышаўскім індустрыяльным інстытуце. У 1944 г. вярнуўся ў Шклоў, працаваў тэхнікам-канструктарам на папяровай фабрыцы "Спартак". У 1949 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржуніверсітэта, працаваў у рэдакцыях газет "Сталинская молодёжь" ("Знамя юности"), "Калгасная праўда" ("Сельская нива"), "Літаратура і мастацтва". З пачатку шасцідзесятых пачаў актыўную пісьменніцкую кар'еру, пісаў на беларускай мове. Жыў у г. Менску. Чалец СП з 1962 г.

У шасцідзесятыя-сямідзесятыя гады Ўладзімір Шыцік - галоўная постаць у беларускай фантастычнай літаратуры. Першая навукова-фантастычная публікацыя - аповесць "Апошняя арбіта" (1962, перакладзена на рускую мову ў 1964 г.). За ёй рушылі ўслед зборнікі НФ твораў: "Майская раніца" (1963), "Абдымкі Селены" (1966), "Зорны камень" (1967), "Парсекі за кармой" (1970), "Сляды вядуць на Зямлю" (1970), "У час не вярнуліся" (1975), У 1967 г. зборнік твораў пісьменніка пад назвай "Orbita ultima" ("Апошняя арбіта") выйшаў у Румыніі. Апошнія творы аўтара, пачынальна з сярэдзіны сямізесятых, адносяцца да дэтэктыўнага жанру: "Вяртанне ў мінулае" (1977), "Па жураўля ў небе" (1983), "Ускосныя доказы" (1985), "Камандзіроўка ў сваім горадзе" (1989), "Двайная бухгалтэрыя" (1990).


Спадкаемцы Вацлава Ластоўскага

Напярэдадні Першай Сусветнай вайны ў Вільні, у друкарні знакамітага Марціна Кухты, якая знаходзілася на вуліцы Дварцовай у 1910 годзе, пабачыла свет "Кароткая гісторыя Беларусі з 40 рысункамі", напісаная Вацлавам Ластоўскім.

Гэта была першая папулярная гісторыя не Літвы, не "Ўсходніх крэсаў", ні "Северо-западного края", а менавіта, Беларусі, напісаная беларусам і для беларусаў.

Цікава, што Ластоўскі зрабіў сваю працу з ілюстрацыямі, на якіх паказаў руіны беларускіх замкаў, старыя пячаткі, старонкі беларускіх старадрукаў, партрэты гістарычных асобаў, план Полацка з XVI ст., а таксама выявы беларусаў у XIX ст. Прычым у канцы сваёй кніжкі Ластоўскі змясціў раздзел "Дапіскі да рысункаў", дзе дае падрабязнае тлумачэнне кожнаму з іх.

У 1910 годзе Ластоўскаму было толькі 27 гадоў, але ён упершыню здолеў паказаць беларускі народ не толькі як аб'ект гісторыі, але і як суб'ект, што было абвешчана з непасрэдным удзелам Ластоўскага 25 сакавіка 1918 года і канчаткова замацавана ў 1991 годзе, калі на мапах свету паўстала Рэспубліка Беларусь.

У часы сталінскіх рэпрэсій усе працы Ластоўскага былі забаронены, ажно да 1988 года, калі ён быў рэабілітаваны. Як толькі Беларусь стала незалежнай, у 1992 годзе выдавецтва "Універсітэцкае" перавыдае працу Ластоўскага з грунтоўным пасляслоўем прафесара Анатоля Грыцкевіча накладам 30 тысяч асобнікаў.

Прайшло дваццаць гадоў. І вось выходзіць у свет унікальная кніга "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", выдадзеная ў Славакіі накладам 5 000 асобнікаў, дзе адным з рэцэнзентаў зноў жа А. Грыцкевіч. Тэкст кнігі напісаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, а ілюстрацыі (іх каля 2000) падабраў і падрыхтаваў да друку мастак Зміцер Герасімовіч.

Прычым прынцып пабудовы кнігі такі, як і ў Вацлава Ластоўскага. Асобна ідуць раздзелы па гісторыі Беларусі і ВКЛ і паралельна - ілюстрацыі з падрабязным іх тлумачэннем.

Трэба сказаць, што за апошнія дваццаць-дваццаць пяць гадоў па гісторыі ВКЛ і адпаведна Беларусі як складовай часткі гэтай дзяржавы, выйшла шмат сур'ёзных і грунтоўных навуковых і навукова-папулярных публікацый. Дастаткова толькі прыгадаць працы Анатоля Грыцкевіча, Міхася Ткачова, Алеся Краўцэвіча, Генадзя Сагановіча, Тамары Габрусь, Алеся Кушнярэвіча, Валянціна Голубева, Андрэя Мяцельскага і іншых беларускіх даследчыкаў.

Тым не менш, нашы аўтары здолелі стварыць новую цікавую кнігу, у якой падвялі грунтоўную рысу пад сённяшнім уяўленнем пра гістарычную спадчыну ВКЛ і яе значэнне для беларускай нацыі.

Пасля сталінскіх рэпрэсій у пасляваеннай БССР адносіны да ВКЛ былі цалкам негатыўныя як да дзяржавы літоўскіх (летувіскіх) феадалаў, што рознымі шляхамі захапілі праваслаўную Беларусь.

У 1969 годзе аўтар падручнікаў па гісторыі БССР Лаўрэн Абэцадарскі ў бібліятэцы газеты "Голас Радзімы" выдаў брашуру "У святле неабвержаных фактаў" накладам 30 000 асобнікаў, дзе мусіў уступіць у палеміку з замежнымі беларускімі гісторыкамі, якія называлі ВКЛ беларускай дзяржавай. Дзякуючы гэтай брашуры, беларуская савецкая грамадскасць даведалася шмат цікавага пра дзяржаву нашых продкаў.

Абэцадарскі (на стар. 17) мусіў прызнаць, што беларусы складалі значную частку насельніцтва ВКЛ, і што большая частка афіцыйных актаў гэтай дзяржавы была напісана на беларускай мове (некаторыя акты - на латыні). Але далей ён сцвярджаў, што "ў сапраўднасці ні этнічны склад насельніцтва, ні мова ніколі не з'яўляліся адзнакамі дзяржавы".

"Вялікае княства літоўскае ўтварылася ў XIII ст. на тэрыторыі ўласна Літвы (Летувы - А.Т.) як дзяржава літоўскіх феадалаў". І вось самы галоўны, каронны аргумент Абэцадарскага: "Усе без выключэння вялікія літоўскія князі былі літоўскага (летувіскага - А.Т.) паходжання. На вялікакняжацкім прастоле ніколі не было князя-беларуса па паходжанні".

Такім чынам, Абэцадарскі ўзяў на ўзбраенне летувіскі міф, што Гедымінавічы і Ягелоны - выключна летувіскія дынастыі, і да беларусаў не мелі ніякага дачынення.

Цікава, што зараз пішуць у школьных падручніках па гісторыі Беларусі спадкаемцы Абэцадарскага. Возьмем падручнік пад рэдакцыяй Я.І. Трашчанка, 2008 года выдання (стар.54). "Вялікае Княства Літоўскае было федэрацыяй феадальных вярхоў двух народаў. Літоўскія (летувіскія - А.Т.) феадалы-язычнікі, якія ў старажытнарускі перыяд паступова працягвалі збліжацца з рускай (беларускай - А.Т.) знаццю. На рускіх землях яны прынялі праваслаўе, радніліся з рускімі суседзямі. Бралі шлюб з рускімі (беларускімі - А.Т.) княгінямі і Вялікія князі. Так, Альгерд Гедымінавіч быў жанаты двойчы - на Марыі Віцебскай (за яё ён атрымаў Віцебскі ўдзел), а затым на Ульяне Цвярской. З яго 12 сыноў усе, акрамя спадчынніка Ягайлы, які заставаўся язычнікам, былі хрышчоныя ў праваслаўную веру і ўспрымаліся як рускія князі". Аўтары падручніка пагаджаюцца з тым, што дзяржаўнасць ВКЛ трэба разглядаць "ужо як старабела-рускую".

Зараз, пасля выхаду кнігі Арлова і Герасімовіча, міф аб тым, што ВКЛ - дзяржава літоўскіх (летувіскіх) феадалаў, канчаткова адышоў у нябыт.

Давайце разам пагартаем гэтую працу і крытычна яе ацэнім.

Назва першага раздзела "Славяне і балты". Тут варта было сказаць, што крывічы, акрамя Полацкага і Смаленскага княстваў, выйшлі да Волгі і заснавалі вялікае княства Цвярское, а на рэчцы Вялікая ў фіна-ўгорскіх землях - г. Пскоў, пазней - незалежная пскоўская дзяржава. Менавіта гэтыя дзяржаўныя ўтварэнні ў XIII-XV стст. стануць суседзямі і саюзнікамі ВКЛ. Было б добра, каб у кнізе былі невялікія асобныя раздзелы пра гэтых непасрэдных суседзяў ВКЛ. Можна пазначыць, што радзімічы прыйшлі з захаду на Беларусь пазней, чым крывічы і дрыговічы, і мелі спачатку асобны пахавальны абрад, калі попел спаленых целаў нябожчыкаў клалі ў гліняныя гаршкі-урны і ставілі на прыдарожных слупах.

Добра напісаны раздзел "Старажытныя княствы", які мае новыя цікавыя ілюстрацыі. Шкада, што аўтары не выдзелілі ў асобную частку гэтага раздзела Гарадзенскае княства XII ст. з унікальнай архітэктурнай школай і мураванымі ўмацаваннямі гарадзенскага дзядзінца.

Наступныя раздзелы, што апавядаюць пра змаганне з крыжакамі і мангола-татарамі, амаль не маюць ніякіх заўваг. Толькі трэба адзначыць, што Рыга заснавана не ў канцы XII, а ў пачатку XIII ст. (1201 г.), а ў наступным - 1202 годзе быў створаны крыжацкі Ордэн мечаносцаў.

У папярэднім раздзеле "Культура" варта было сказаць, што ў XII - пачатку XIII стст. на беларускіх землях існавалі чатыры мясцовыя архітэктурныя школы: полацкая, віцебская, гарадзенская і смаленская.

Вельмі грунтоўна напісаныя раздзелы "Летапісная Літва" і "Літва і Летува". Шкада, што перад гэтым не з'явіўся асобны раздзел, прысвечаны назве "Русь", якая існуе з IX ст. і паходжанне гэтай назвы выклікае вялікія спрэчкі сярод навукоўцаў. Пазней (на стар. 156) аўтары вызначэнне і паходжанне тэрміна "Русь" не разглядаюць, хоць у назве раздзела слова прысутнічае. У наступных раздзелах, дзе ідзе гаворка пра стварэнне ВКЛ, ужываюць імя заснавальніка дзяржавы ў новым заходне-еўрапейскім гучанні - князь Міндаў, а не Міндоўг.

І вось аповед пра перавод сталіцы ў Вільню. Тут можна было дадаць, што польскія археолагі Галубовічы ў выніку раскопак у гістарычным цэнтры горада знайшлі рэчы XII-XIII стст. часоў Полацкай дзяржавы і потым, у 1940 годзе, надрукавалі іх выявы і апісанні ў савецкім археалагічным часопісе "Краткие сообщения института археологии АН СССР".

У часы Альгерда ў склад ВКЛ увайшла значная частка ўкраінскіх земляў - Кіеўшчына, Валынь, Ноўгарад-Севершчына і Падолле. Яны знаходзілася ў складзе ВКЛ да Люблінскай уніі з 1362 па 1569 год.

Шкада, што аўтары не прысвяцілі асобнага раздзела нашым стасункам з Украінай, бо тут ёсць шмат розных праблемаў. Па-першае, гэта ўзнікненне ўкраінскіх казакаў і Запарожскай Сечы, дзе былі беларусы і існаваў нават Менскі курэнь, па-другое, спрэчкі за беларускае Палессе, якое ўкраінцы лічаць сваім.

Возьмем да прыкладу некалькі сучасных падручнікаў па гісторыі Украіны. Адкрываем падручнік для 8 класа, выданне 2003 г. На старонцы 20 паведамляецца, што пасля Люблінскай уніі з украінскіх зямель у складзе ВКЛ засталіся толькі "Берасцейшчына і Піншчына (землі, што межавалі з Беларуссю)".

Адкрыем дапаможнік па гісторыі Украіны для старшакласнікаў і абітурыентаў, таксама выдадзены ў 2003 годзе і зацверджаны Міністэрствам адукацыі Украіны. На стар. 61 чытаем, што ў выніку Люблінскай уніі "з украінскіх зямель да Літвы адышлі Берасцейскае ваяводства і Піншчына". Таму на пытанні, дзе праходзіла мяжа Беларусі і Украіны ў XII ст. і пазней, і як яе тлумачаць украінскія гісторыкі, трэба ў будучым спыніцца асобна.

Вельмі важна, што ў раздзеле пра Крэўскую унію аўтары пазначаюць, што сам тэкст яе не захаваўся, а пазней у XV-XVI стст. палякі выкарыстоўвалі сфальсіфікаваны дакумент.

Некалькі раздзелаў кнігі прысвечаны князю Вітаўту, які запрасіў на Беларусь татараў і яўрэяў. На маю думку, варта было прысвяціць гэтым народам па асобнаму раздзелу, напоўніўшы іх дадатковымі ілюстрацыямі, найперш, архітэктурай. Напрыклад, выявы мураванай мячэці ў Менску, ці абарончай сінагогі ў Быхаўскім замку.

Шкада, што пры апісанні Грунвальдскай бітвы аўтары не згадалі імя мсціслаўскага князя Лугвена (Сямёна), брата Ягайлы, які кіраваў тымі трыма харугвамі, а таксама атрадам наўгародцаў, якія фактычна дапамаглі выйграць змаганне з крыжакамі.

У раздзеле "Царква і талеранцыя" аўтары падаюць малавядомы факт, што ў 1585 годзе католікі выдалі па-беларуску катэхізіс, які вызначаўся чысцінёй мовы.

Вельмі прафесійна і зразумела ўдалося аўтарам напісаць раздзел "Гаспадар. Рада. Сойм". Гэта гатовы матэрыял для школьнага падручніка. Тое ж можна сказаць і пра дзяржаўную мову ВКЛ. Адзінае, што можна было б пазначыць час, калі беларуская і ўкраінская мовы сталі асобнымі і адметнымі.

У раздзеле "Магнаты і шляхта" добра сказана, што больш за 80% шляхты паводле крыві былі беларусамі, але ў XIX ст. карысталіся польскай мовай. Так і просіцца тут параграф "Паланізацыя", дзе трэба згадаць і славутую "прамову Мялешкі", а таксама дзейнасць каталіцкага касцёла.

Добра напісаныя раздзелы пра гарадское жыццё. Але ёсць тут невялічкія заўвагі. На стар. 122 мірская кафля, дарэчы знойдзеная ў 1982 годзе аўтарам гэтага матэрыялу, датуецца не першай паловай, а канцом XVI ст. Выклікае сумнеў і датаванне магілёўскай кафлі на стар. 123.

Самая лепшая частка кнігі, гэта - "Вільня, сталіца нашай дзяржавы". Ніхто з сучасных беларускіх гісторыкаў не здолеў так падрабязна і грунтоўна даказаць беларускую прысутнасць у Вільні, як гэта зрабіў Уладзімір Арлоў.

Ёсць некалькі заўваг па раздзелу "Узбраенне і Рыцарства". Па-першае, шаблі на Беларусі былі вядомыя не з часоў Вітаўта, а значна раней, калі нашыя продкі сутыкнуліся з полаўцамі (XI-XII стст.).

Па-другое, міжнародныя рыцарскія фэсты (стар. 141) ужо пяты раз адбываюцца і ў Мсціславе. У гэтым годзе Мсціслаўскі рыцарскі фэст набыў статус абласнога.

Нельга пагадзіцца з аўтарам, што ў абарончым дойлідстве ў XIV ст. "па-ранейшаму пераважаў раманскі стыль". Трэба сказаць, што ў раманскім стылі спрабаваў збудаваць у канцы XI ст. царкву ў Менску князь Глеб, запрасіўшы майстроў з Польшчы. Аднак будоўлю не скончылі, і засталіся толькі падмуркі. Больш у раманскім стылі нічога на Беларусі не збудавана.

У перыяд ВКЛ панаваў гатычны стыль, які прыйшоў з нямецкіх земляў. Гэта стыль цаглянай готыкі, разам з адпаведнай тоўстай цэглай і дахоўкай.

У XV ст. у ВКЛ склаўся адметны варыянт мясцовай гатычнай архітэктуры - "беларуская готыка".

Пасля раздзелу "Жамойты" варта было б змясціць звесткі пра такіх жыхароў ВКЛ, як лівы і латгалы. Лівы былі самымі лепшымі саюзнікамі Полацкай дзяржавы яшчэ ў XI-XII стст. і служылі ў Полацкім войску. Тое ж можна сказаць і пра латгалаў, якія ўвайшлі у склад ВКЛ у выніку Лівонскай вайны.

Грунтоўна паказана вайна са Швецыяй у пачатку XVII ст. Упершыню шырокія колы чытачоў могуць даведацца пра марскую перамогу Хадкевіча пад Салісам, калі сухапутнае войска ВКЛ села на марскія караблі і разбіла флот шведаў (1608 г.).

Шкада, што адносіны з суседняй Украінай пачалі асвятляцца толькі пачынаючы з 1648 года, калі войскі Хмяльніцкага напалі на ВКЛ. Спачатку трэба было прыгадаць паход на Беларусь Севярына Налівайкі, калі ён у 1595 годзе напаў на тэрыторыю ВКЛ. Казакі захапілі і разрабавалі гарады Слуцк, Бабруйск і Магілёў.

У 1654 г. вялізарнае маскоўскае войска і 20 тысяч казакаў на чале з гетманам Іванам Залатарэнкам уварваліся на тэрыторыю ВКЛ. За два гады вайны амаль уся тэрыторыя краіны была захоплена. Аднак пасля смерці Багдана Хмяльніцкага сітуацыя ва Ўкраіне змянілася. У 1657 годзе гетманам Украіны стаў Іван Выгоўскі. Ён падпісаў саюзную дамову са Швецыяй і спыніў вайну супраць Польшчы.

У верасні 1658 г. у Гадзячы ён падпісаў з Польшчай дамову, у адпаведнасці з якой Украіна ў якасці аўтаномнай структуры - Рускага княства - далучалася да Рэчы Паспалітай. Такім чынам, у ВКЛ на поўдні з'явіўся новы сусед - Вялікае Княства Рускае. Украіна захоўвала сваю ўладу, фінансы, грошы і войска (30 тысяч казакаў + 10 тысяч наёмнікаў). Унія скасоўвалася, мітрапаліт і пяць праваслаўных епіскапаў дапускаліся на пасяджэнні вальнага сойму разам з каталіцкімі епіскапамі. Нават прадугледзелі адкрыць два ўніверсітэты і некалькі друкарняў.

Гэта не спадабалася Маскоўскай дзяржаве, і пачалася вайна. У 1659 годзе Варшаўскі сойм зацвердзіў Гадзяцкі трактат, але ваеннай дапамогі Выгоўскаму не далі. У траўні 1659 г. войскі гетмана і яго саюзніка крымскага хана разбілі пад Канатопам маскавітаў. Загінула 40 тысяч чалавек, а 15 тысяч трапіла ў палон. Аднак супраць гетмана пачалося паўстанне мясцовых палкоўнікаў, і ён мусіў пайсці ў адстаўку. Гетманам зноў стаў сын Хмяльніцкага Юры, і саюз з Маскоўскай дзяржавай аднавіўся, а Гадзяцкая дамова скасавалася.

У 1667 годзе ў в. Андрусава Рэч Паспалітая і Маскоўская дзяржава падпісалі замірэнне. Прадстаўнікоў Украіны туды не запрасілі. Без згоды гетмана Украіну падзялілі па Дняпры. Левы бераг разам з Кіевам адышоў да Масковіі, а Запарожжа адначасова кіравалася і Масквой, і Варшавай.

Перыяд XVIII ст. напісаны, на нашу думку, бездакорна, хіба што ў раздзеле "Архітэктура і мастацтва" варта было б згадаць і пра стыль ракако, які прыйшоў да нас з Францыі. У якасці прыклада можна прывесці здымкі інтэр'ераў Слонімскага касцёла Св. Андрэя.

У раздзеле "Пад расейскай уладай" варта сказаць, што ў 1778 г. была знішчана гістарычная планіроўка ўсходне-беларускіх гарадоў. Асабліва пацярпеў Мсціслаў, калі цэнтр горада перанеслі ў іншае месца. У пачатку XIX ст. знішчылі гістарычны цэнтр Бабруйска, дзе збудавалі вялізарную цытадэль. У яе будаўніцтве браў удзел Тодар Нарбут, аўтар шматтомнай гісторыі ВКЛ.

Вельмі добра напісаны раздзелы пра вайну 1812 года і вызваленчую барацьбу патрыётаў нашай краіны за вяртанне незалежнасці ў складзе Рэчы Паспалітай. Аднак варта было згадаць і пра актыўнага ўдзельніка паўстання 1831 года Напалеона Орду, а таксама пра ролю рускай праваслаўнай царквы ў задушэнні паўстання 1863-1864 гг. Не выпадкова, што Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў загадаў будаваць праваслаўныя храмы на тэрыторыі Беларусі толькі па планах, зацверджаных у Санкт-Пецярбурзе. Народ назваў гэтыя будынкі "мураўёўкамі". Вельмі добрыя ілюстрацыі маюць раздзелы пра лёс Беларусі ў канцы XІХ - пачатку XX стст.

Цікавы і малавядомы для беларускага чытача раздзел "Летувіскі нацыянальны рух", дзе можна даведацца, як літоўцы (летувісы) прыўлашчылі ўсю гістарычную спадчыну ВКЛ.

Грунтоўна пададзены гістарычныя факты ў раздзеле "Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі і Летувы". Але ёсць недакладнасці на стар. 356, дзе паказаны дзве паштовыя маркі як маркі БНР 1918-1919 гг. Аднак жа, марка "Асобны атрад БНР" надрукавана ў 1920 годзе, а марка "Беларусь" надрукавана беларускімі эмігрантамі пасля Другой Сусветнай вайны, як сувенірнае выданне.

Бадай упершыню для шырокага кола чытачоў з'явіўся раздзел "Дачыненні паміж БНР і Летувой", Можна толькі дадаць, што летам 1920 года РСФСР прызнала не толькі Летуву, але і Латвію, якой аддалі чатыры беларускія паветы (уезды) Віцебскай губерніі. Так частка Заходняй Беларусі апынулася ў складзе Латвіі і ў 1939 годзе не была далучана да БССР.

Добра ілюстраваны і раздзел пра Сярэднюю Літву, марыянеткавую дзяржаву са сталіцай у Вільні.

У раздзеле "Сталіца Заходняй Беларусі" трэба было расказаць пра ўнікальны беларускі гістарычна-этнаграфічны музей імя Івана Луцкевіча і даць выявы яго экспанатаў (музей быў зачынены ў 1945 годзе).

Шкада, што ў кнізе няма раздзелу пра сучасных беларускіх гісторыкаў, якія вярнулі беларускаму народу яго гістарычную спадчыну, а так-сама спісу іх асноўных публікацый.

Але мы спадзяемся, што аўтары кнігі, пад час яе перавыдання, улічаць нашыя заўвагі і прапановы, бо мяжы ў дасканаласці няма.

Гэтую кнігу варта мець у сваёй хатняй бібліятэцы кожнай беларускай сям'і, і таму пажадаем яе аўтарам новых перавыданняў з вялікімі накладамі.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.


БЕЛАРУСКІ НЕМЕЦ

У той час як усё больш нашых суайчыннікаў у пошуках лепшага жыцця імкнецца за межы сінявокай, грамадзянін Нямеччыны Юрген Эберхардт нядрэнна пачуваецца і ў Беларусі. За трыццаць з гакам гадоў жыцця ў Менску выхадзец Эрфурта атрымаў від на жыхарства і выгадаваў дваіх дзяцей.

ЯК МОВА ДАВЯЛА ДА МЕНСКА

Па адукацыі Юрген - інжынер-педагог. Універсітэт Магдэбурга ў свой час ён скончыў з дыпломам інжынера тэхналогіі металаапрацоўкі і машынабудавання. Але папрацаваць па спецыяльнасці толкам не паспеў - закахаўся.

У сярэдзіне 1970-х сястра Юргена вучылася ва ўніверсітэце, па праграме абмену студэнтамі да іх прыязджала моладзь з Беларусі. Каб не згубіць практыку рускай мовы, якая яшчэ ў школе давалася Эберхардту нядрэнна, хлопец упрасіў сястру перадаць студэнтам яго адрас.

"Я чакаў, што мне напіша мужчына, а напісала будучая жонка."

Аднак пераезд у савецкую краіну даўся Юргену нялёгка. Пасля цяганіны з дакументамі высвятлілася, што для немца ў Менску няма вакансій. Рускую ён ведаў тады не так добра, як сёння, аднак школьная база ратавала. "Я быў у стане сачыць за тэмай, слухаць радыё і разумець складаныя артыкулы ў газетах", - успамінае ён.

Перш Юрген уладкаваўся майстрам вытворчага навучання на адзін з менскіх заводаў, пра што сёння ўспамінае з жахам:

- Падцягнуць рускую там было складана, начальнік цэха часцей меў зносіны на шматпавярховым "дыялекце"... Нічога, акрамя страты кваліфікацыі, я там не набыў.

Калі знайшлася вакансія выкладчыка нямецкай мовы ў вучэльні, Юрген доўга не разважаў. Але затрымацца надоўга там не атрымалася - немцу вельмі хутка знайшлі замену ў асобе пажылой настаўніцы, якой трэба было дапрацаваць да пенсіі.

У выніку Эберхардт сышоў на радыё. Рэдакцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё ён прысвяціў 18 гадоў жыцця. Але аднойчы кантракт не быў падоўжаны, і працу прыйшлося шукаць нанава. Насустрач пайшло кіраўніцтва інстытута замежных моў - запрасілі на перакладніцкі факультэт МДЛУ.

"ЗНАЙСЦІ ПРАЦУ Ў ГЕРМАНІІ НЕ ТАК ПРОСТА"

Цяпер Юрген Эберхардт выкладае ва ўніверсітэце навукова-тэхнічны пераклад. Дадаткова кіруе студэнтамі, якія займаюцца перакладамі дзённікаў нямецкіх салдатаў і ўспамінамі беларускіх вязняў канцлагераў.

- Калі спытаць, што мяне тут трымае, то я адкажу: людзі - тут з імі заўсёды можна дамовіцца. Адчуваецца нейкая чалавечая цеплыня. У Менску даверліва ставяцца да замежнікаў. Што мяне яшчэ здзівіла, дык гэта стаўленне да мяне людзей, якія падчас вайны папакутавалі ад маіх землякоў, - ніякай злосці я не адчуў. Былі нават выпадкі, калі яны спрабавалі размаўляць са мной па-нямецку, - кажа Эберхардт.

Прымаць беларускае грамадзянства Юрген пакуль не спяшаецца - прызнаецца, што падобныя выпадкі ў яго знаёмых ужо былі, вось толькі наступствы часцяком пакідалі жадаць лепшага. У Беларусі мужчына атрымаў від на жыхарства - вяртацца на радзіму ён пакуль не жадае:

- Знайсці сёння ў Нямеччыне працу не так проста. Працоўны стаж у мяне там усяго пяць гадоў. Прапановы, калі і ёсць, то толькі кароткатэрміновыя. Вярніся я дахаты, калі не матэрыяльна, то маральна адчуваў бы сябе там нашмат горш, чым тут.

"КАЛІ ЎНАЧЫ ТРЭБА Ў КРАМУ, У МЕНСКУ ГЭТА НЕ ПРАБЛЕМА"

Гістарычную радзіму мужчына наведвае не часта: раз у некалькі гадоў. Затое яго дзеці, якія вольна валодаюць нямецкай, працуюць менавіта там.

- У абоіх асяроддзях я адаптаваны досыць нядрэнна, таму меркаваць пра адрозненні паміж беларускім і нямецкім грамадствам мне складана. Розніца, вядома, ёсць: у Нямеччыне ўмовы працы і проста жыцця куды больш надзейныя. З другога боку, у Беларусі больш магчымасцяў дамовіцца, знайсці індывідуальныя рашэнні па многіх пытаннях, - адзначае Эберхардт.

Кажучы пра звычкі немцаў і беларусаў, Юрген прыводзіць у прыклад крамы:

- У Беларусі я магу купіць прадукты ў любы час дня, а часам і ночы. У Нямеччыне ж, як вядома, крамы па выхадных не працуюць. Складана растлумачыць, чаму так - гэта традыцыя. У Беларусі традыцыя іншая. Калі мне трэба купіць штосьці з прадуктаў пасля паўночы, то ў Менску гэта не праблема - некаторыя гіпермаркеты адкрыты да дзвюх ночы (часам і зусім круглыя суткі).

Параўноўваючы нямецкае грамадства з беларускім, Юрген адзначае, што маладое пакаленне абедзвюх краін "усё больш становіцца падобным адзін на аднаго".

ПРА СТУДЭНТАК МДЛУ І ШЛЮБЫ З ЗАМЕЖНІКАМІ

Юрген не любіць, калі яго завуць "носьбітам мовы", куды больш яму падабаецца нямецкое "Muttersprachler". Пра сваіх студэнтаў ён адзываецца дадатна, а тэза пра тое, што дзяўчаты паступаюць у МДЛУтолькі для таго, каб выйсці потым замуж за замежніка, каментуе па-свойму:

- Я чуў размовы, што, маўляў, да 40 адсоткаў студэнтак з-за гэтага выбіраюць наш універсітэт, але не зусім гэтаму веру. Тыя, хто ідуць на перакладніцкі факультэт, такой ідэяй, як правіла, не апантаныя. Калі паглядзець, дзе працуюць сёння нашы выпускнікі, то адсотак мужчын, якія застаюцца за мяжой, ніяк не ніжэй, а часам і вышэй, чым у калегаў-дзяўчат. Міждзяржаўны шлюб сёння - звычайная з'ява, і ў спецыялістаў, якія працуюць з мовай, гэта сусветная тэндэнцыя.

"ЛАД МЫСЛЕННЯ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ НА НЯМЕЦКІ ПАДОБНЫ БОЛЬШ, ЧЫМ У РУСКАЙ"

Пражыўшы ў Менску больш за трыццаць гадоў, Эберхардт навучыўся перакладаць і з беларускай. Мова Юргену падабаецца, і часам ён спрабуе на ёй размаўляць. Пасіўныя веды беларускай мужчына лічыць перавагай:

- Парой падчас канферэнцый калегі з Расіі просяць мяне перакладаць ім асобныя словы з беларускай. Трэба сказаць, што лад мыслення, спосаб пабудовы думкі ў беларускай больш падобны на нямецкі, чым у рускай. Каля трох з паловай тысяч слоў у беларускай мове - нямецкага паходжання.

А вось студэнты "пазбягаюць беларускіх тэкстаў для перакладу", таму што "для іх гэта цяжкасць".

- Беларуская мова фактычна ўжо не з'яўляецца дзяржаўнай мовай у Беларусі , - лічыць Юрген. - Людзей, якія выключна ці пераважна размаўляюць на ёй, вельмі мала. Нажаль, гэтая мова становіцца замежнай. Аднойчы я быў сведкам таго, як людзі абураліся, калі на нарадзе хтосьці з выкладчыкаў размаўляў па-беларуску.

Юрген адзначае, што Беларусі варта было б прыгледзецца да досведу іншых краін у гэтым пытанні. Па словах Эберхардта, "для Беларусі быў бы прымальны бельгійскі варыянт", але гэта азначае, што "любая службовая асоба - ад працаўніка пошты да дзяржаўнага службоўца - павінна валодаць дзвюмя мовамі".

Ілья ЛАПАТА. Паводле "СН-плюс" ад 8.08.2012 г.


ПРАДМОВА
Клуб красамоўства

ПАВАЖАНАЕ СПАДАРСТВА!

19 верасня 2012 г. клуб распачынае свае паседжанні сезону 2012/2013.

Першае паседжанне будзе прысвечана арганізацыйным пытанням і размеркаванню роляў на наступныя.

Мы спадзяемся спаткацца з Вамі на нашых сустрэчах і запрашаем усіх ахвотных удасканаліць сваю мову па серадам а 18.45 па адрасе: вул. Румянцава, 13 (Таварыства беларускай мовы).

Мы Вас чакаем!

Уваход вольны

Калі Вы маеце пытанні, не вагайцеся, тэлефануйце:

+ 375-29-276-08-06


На Мастоўшчыне ўшанавалі паэта Міхася Явара

У Мастоўскім раёне 25 жніўня адбылася традыцыйная імпрэза па ўшанаванні памяці беларускага сялянскага паэта, актывіста ТБШ і Грамады Міхася Явара. Лёс яго быў надзвычай цяжкім і нешчаслівым. Ад сацыяльнай і нацыянальнай прыгнечанасці, а таксама з прычыны невылечнай хваробы на сухоты Міхась Явар (сапраўднае прозвішча Карась) скончыў жыццё самагубствам, застрэліўшыся на беразе Нёмана ў Мінявічах. Здарылася гэта ў 1933, калі творцу не споўнілася нават трыццаць гадоў.

Асноўным арганізатарам акцыі выступілі мастоўскія грамадскія актывісты на чале з Васілём Клімовічам. З Гародні прыехалі прадстаўнікі Партыі БСДГ. Прыехаў на ўшанаванне і Алесь Белакоз. Менавіта патрыярх беларускага руху на Гарадзеншчыне, адзін з першых сяброў ТБМ і вярнуў памяць пра Міхася Явара. Ён ушанаваў паэта ў Гудзеўскім музеі, за што ў свой час зазнаў спагнанні і пераслед з боку савецкіх чыноўнікаў, а потым адшукаў месца яго пахавання.

Удзельнікі акцыі, якая праходзіла пераважна пад моцным дажджом, сабраліся на пачатку ў Лунне на вуліцы Міхася Явара. Гэтая вуліца з'явілася ў мястэчку ў час дэмакратычнай адлігі, дзякуючы мясцовым грамадскім актывістам, найперш Уладзіміру Брыцьку, а таксама тагачаснай старшыні сельсавета Валянціне Карповіч. Пра тое, як з'явілася ў Лунне вуліца Міхася Явара расказаў краязнавец Лявон Карповіч. На вуліцы гадоў восем таму Уладзімір Брыцько пасадзіў явары. Дрэвы гэтыя зараз ужо досыць вялікія.

Пасля гэтага ўдзельнікі скіраваліся на могілкі ля вёскі Падбараны, дзе магіла паэта. Там былі ўскладзены кветкі і пастаўлены знічкі, выступіў Алесь Белакоз, які расказаў пра тое, як ён вяртаў імя Міхася Явара з нябыту. Дзяўчаты прачыталі вершы і ўспаміны пра паэта.

Заключная частка імпрэзы прайшла ў вёсцы Мінявічы, дзе нарадзіўся паэт. Дагэтуль захавалася хата, у якой ён жыў. А бліжэй да берага Нёмана некалькі гадоў таму мастоўскія грамадскія актывісты ўсталявалі памятны камень з надпісам "Марам Міхася Явара". У канцы імпрэзы маленькія дзеці пусцілі па Нёмане зробленыя папяровыя караблікі з бел-чырвона-белымі ветразямі. Кожны з удзельнікаў імпрэзы ў рамках рэкламнай кампаніі Беларускага Радыё Рацыя атрымаў камплект, складзены з кашулькі, торбы і каляндарыкаў з сімволікай радыё.

Уладзімір Хільмановіч, Радыё Рацыя, фота аўтара.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Агееў Алесь Рыгоравіч Анацка Лявон Яўгенавіч Анісім Алена Мікалаеўна Анішчанка М.І. Арэх Мікалай Уладзіміравіч Асіпенка Аляксандр Георг. Багдановіч Алена Іванаўна Барада Людміла Баран Павал Баршчун Валянціна Дзмітр. Барысенка Аляксандр Анат. Барэйка Юры Мікалаевіч Батура Людміла Віктараўна Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Белакоз Алесь Бізгень Людміла Бондар Юлія Сяргееўна Бубновіч Ніна Булатава Зоя Міхайлаўна Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варановіч Крысціна Васілеўскі Валянцін Васільева Галіна Іванаўна Васілючак Міхаіл Вікенц. Вінакурава Кацярына Войніч Вікторыя Іосіфаўна Вочка Ірына Пятроўна Высоцкая Таццяна Валянц. Вяргей Валянціна Габрусевіч Сяргей Гадзюка Юрась Аляксандр. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Валер. Гідлеўская Людміла Гілевіч Ніл Сымонавіч Грынько Вольга Ігараўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Данілюк Алег Іванавіч Даўгашэй Франц Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Ермал. Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'яненка Ванда Баляслав. Дранец Алена Дробыш Алёна Сяргееўна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Міхайлавіч Дымкоў Сяргей Анатольевіч Дэц Аксана Аляксандраўна Еўстратоўскі Уладзімір Пар. Ехілеўская Кацярына Леанід. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Жук Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі Барыс Жышкевіч Людміла Зайка Антаніна Іванаўна Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Збірэнка Алена Зяновіч Ганна Аляксандраўна Іванова Вольга Аляксандр. Ісаевіч Наталля Анатольеўна Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Кавалевіч Алена Сцяпанаўна Казак Мікалай Мікалаевіч Казакевіч Дзяніс Валер'еыіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Калашнікаў Уладзімір Іван. Калбасіна Ірына Канабраткіна Таццяна Васіл. Канановіч Алена Кануннікаў Дзмітры Сярг. Карпека Андрэй Валер'евіч Карповіч Сямён Іванавіч Карценька Алена Карэнька Зінаіда Іванаўна Касцевіч Ніна Аляксееўна Кашчэеў Алесь Квандзель Таццяна Уладзім. Кіенка Генадзь Кімбар Андрэй Уладзіміравіч Колас Уладзімір Георгіевіч Корбут Віктар Андрэевіч Котчанка Уладзімір Коўзель Ян Уладзіміравіч Кошчанка Уладзімір Алякс. Краснагір Аляксей Рыгор. Краўцоў Андрэй Краўчанка Ала Круглік Юлія Віктараўна Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Аляксандр. Купчык Мікола Курдзя Антаніна Юр'еўна Лагун Таццяна Лазко Любоў Іванаўна Лапухова Часлава Чаславаўна Лапцік Валянціна Лісай Уладзімір Аляксеевіч Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Васільевіч Ліцьвінчук Алена Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Лунёва Настасся Лызо Дмітры Сяргеевіч Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Малочка Таццяна Мандрык Канстанцін Алякс. Марзалюк Ігар Аляксандр. Маркелаў Валер Анатольевіч Маркушэўскі Ігар Марозаў Валеры Марук Мікалай Анатольевіч Марцінкевіч Ганна Масла Марыя Мацкевіч Васіль Васільевіч Мацулёў Мікалай Пракоп. Мельнікава Зоя Пятроўна Мельнікаў Мікалай Алякс. Міхайлоўская Вікторыя Люд. Міхалькова Алена Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Мурашка Надзея Мусік Святлана Валянцін. Мухін Ігар Алегавіч Мухіна Алена Аляксандр. Навумік Зінаіда Новік Марыя Іванаўна Пабірушка Таццяна Валер. Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Юр'еўна Паўлоўская Марыя Ігараўна Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валеры Міхайл. Піваварчык Ірына Вайцех. Пінчук Мікалай Фёдаравіч Піткевіч Алесь Пранікава Тамара Прасольная Вольга Анатол. Прыстаўка Яніна Ігараўна Птушка Алена Міхайлаўна Пузанкевіч Вікенці Пянкрат Пётр Аляксеевіч Пяткевіч Тамара Сымонаўна Пятроў Дзяніс Валер'евіч Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Іванавіч Рудзянкоў Сяргей Савостава Наталля Юр'еўна Саламевіч Кацярына Алякс. Салдатава Аліса Сяргееўна Сарока Надзея Свяколкін Антон Віктаравіч Севярынец Канстанцін Паўл. Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Случак Таццяна Уладзімір. Сметаненка Александр Смольнік Вольга Георгіеўна Содаль Уладзімір Ільіч Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Вячаславаўна Суднік Арцём Станіслававіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Сухаверхая Кацярына Мін. Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Сяльверстава Святлана Яўг. Таратута Аляксей Мікал. Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Усеня Уладзімір Мікалаевіч Фёдарава Ірына Пятроўна Флярко Сяргей Аляксандр. Хляба Ігар Вітальевіч Чабатарэўскі Андрэй Барыс. Чаркасаў Л.І. Чырвонцаў Леў Раманавіч Чэчат Лілея Пятроўна Шаміёнка Сяргей Эдуардавіч Шпірыч Раіса Сяргееўна Штанюк Наталля Аляксандр. Шульчанка Вольга Анатол. Шэметава Вікторыя Якавец Т. Я. Янкоў Дзмітры Уладзіслав. Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Анатольевіч Яшкін Уладзімір Уладзімір.


На вуліцу не заслужыў

Сп. Віцюнову В. У.

Старшыні Мсціслаўскага

райвыканкама

г. Мсціслаў, вул. Калініна, 21

213453

Паважаны Васіль Уладзіміравіч!

Прапаноўваем Вам ушанаваць памяць нашага земляка Лявона Іванавіча Вітан-Дубяйкоўскага, беларускага архітэктара, будаўніка, педагога, паэта і фалькларыста, які нарадзіўся ў 1867 годзе ў в. Дубейкава Мсціслаўскага раёна. Было б добра назваць у яго гонар адну з вуліц у г. Мсціславе, а таксама адлюстраваць яго дзейнасць у экспазіцыі Мсціслаўскага раённага музея.

(Дадатак на адной старонцы).

З павагай

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

На зварот па пытанню ўшанавання памяці Лявона Іванавіча Вітан-Дубякоўскага, беларускага архітэктара, будаўніка, педагога, паэта і фалькларыста, ураджэнца Мсціслаўшчыны, раённы выканаўчы камітэт паведамляе, што мсціслаўчане шануюць памяць свайго знакамітага земляка.

У раённым гісторыка-археалагічным музеі аформлены стэнд "Знакамітыя землякі", на якім размешчаны біяграфічныя матэрыялы пра Л.І. Вітан-Дубякоўскага.

У цякучым годзе пры падтрымцы Магілёўскай абласной аргзнізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" плануецца афармленне інфармацыйнага стэнда, прысвечанага жыццю і дзейнасці Л.І. Вітан-Дубякоўскага.

Імя Л.І. Вітан-Дубякоўскага ўшанавана ў кнізе "Памяць. Мсціслаўскі раён" (стар. 520).

Прысваенне адной з вуліц г. Мсціслава імя Л.І. Віган-Дубякоўскага не плануецца.

У адпаведнасці з арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь 18 ліпеня 2011 г. "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" Вы можаце абскардзіць прынятае па Вашаму звароту рашэнне ў Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта В.У. Віцюноў.


Кастусь Тарасаў - у залатой серыі "Беларускага кнігазбору"

Выбраныя творы знанага майстра гістарычнай прозы Кастуся Тарасава склалі новы том выдавецкага праекту "Беларускі кнігазбор". Кніга з'явілася з друку ў гэтак званай залатой серыі, пад чырвонымі вокладкамі якой ад 1996 году выходзяць найлепшыя творы беларускай мастацкай літаратуры.

У літаратуру ён прыйшоў даволі позна, маючы дыплом хімічнага факультэта Беларускага палітэхнічнага інстытута ды амаль дваццацігадовы досвед працы на розных прамысловых прадпрыемствах. Ды і пражыў не так шмат, раптоўна пакінуўшы гэты свет на сямідзясятым годзе. Але напісанае ім застанецца ў каштоўнай скарбонцы беларускай гістарычнай прозы, кажа адзін са складальнікаў тому галоўны рэдактар "Беларускага кнігазбору" Кастусь Цвірка. І дадае, што выбраць творы для адной кнігі Тарасава было няпроста, бо амаль усё з вялікай колькасці напісанага ім вартае залатой серыі.

- Мы палічылі, што добра будзе выдаць раман гістарычны "Пагоня на Грунвальд". І далі яшчэ "Скарб Нясвіжскага замка", паколькі ён не выходзіў асобнай кнігай, толькі друкаваўся ў "Дзеяслове". Аўтар тут расказвае пра методыку сваіх пошукаў, так як герой гэтай аповесці шукае скарб Нясвіжскага замка. Таму аповесць уяўляе шляхі пошукаў самога аўтара ў розных яго гістарычных творах.

Уключаныя ў том і гістарычныя эсэ з кнігі "Памяць пра легенды", якая адразу па выхадзе трыццацітысячным накладам у 1984 годзе зрабіла Кастуся Тарасава знакамітым.

Асобны раздзел складаюць эсэ, якія можна лічыць працягам "Памяці пра легенды", і якія былі надрукаваныя на старонках газеты ТБМ "Новы час", але не выходзілі асобнай кнігай.

Завяршаюць том аўтабіяграфічныя нататкі, якія прыўздымаюць заслону над асобай пісьменніка, які ўвесь свой час аддаваў самотным росшукам забытых старонак роднай гісторыі і настолькі не любіў публічнасці, што нават на вечарыну, зладжаную Таварыстам беларускай мовы ў гонар ягонага шасцідзесяцігоддзя, не прыйшоў.

Аўтар прадмовы да кнігі Ўладзімір Арлоў.

Выдадзены том твораў Кастуся Тарасава - шэсцьдзесят першы з задуманых двухсот у "Беларускім кнігазборы".

Наш кар.


Сыходзяць энцыклапедысты

Памёр Алесь Петрашкевіч. Яму было 82 гады.

Памёр драматург і сцэнарыст, сябар рэдкалегіі газеты "Наша слова" Алесь Петрашкевіч, аўтар п'есы "Напiсанае застаецца" і суаўтар сцэнара серыялу "Час выбраў нас".

Развітанне прайшло ў зале цырымоній лечкамісіі 26 жніўня.

Алесь (Аляксандр) Петрашкевіч нарадзіўся 1 траўня 1930 г. у вёсцы Пярэвалачня Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Аўтар сцэнароў мастацкіх і дакументальных фільмаў. Кандыдат гістарычных навук (1967), заслужаны работнік культуры Беларусі (1975), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976) за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Пра Алеся Петрашкевіча піша Анатоль Сідарэвіч:

- Сёння людзі развіталіся з Алесем Петрашкевічам.

Ягоныя гістарычныя драмы не так для пастановак, як для чытання. Зрэшты, чаму б і не паставіць іх? Трэба толькі, каб на Петрашкевіча знайшоўся свой Мікалай Пінігін.

Адзін за адным адыходзяць энцыклапедысты. Віталь Скалабан, Янка Саламевіч… Вось і Алесь Петрашкевіч падаўся за імі.

Алесь Петрашкевіч многія свае п'есы ўпершыню надрукаваў менавіта ў газеце "Наша слова". Зборнікі яго п'есаў выйшлі пазней і з улікам публікацый у нашай газеце. Гэтыя п'есы былі своеасаблівай гісторыяй Беларусі ад Петрашкевіча. Не дарэмна ж некаторыя гісторыкі прызнаюць іх за гістарычныя навуковыя творы і на поўным сур'ёзе выкарыстоўваюць як першакрыніцы. Сёння імя А. Петрашкевіча ў спісе рэдкалегіі "Нашага слова" абведзена чорнай рамкай, у наступным нумары яно знікне, але не знікне зробленае і напісанае. Гісторыя ад Петрашкевіча засталася для беларусаў.

Рэдакцыя газеты "Наша слова", сакратарыят ТБМ выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім слыннага беларуса. Мяккай зямелькі і светлых успамінаў.


Поўная адлічбоўка "Нашага слова"

Kamunikat.org распачаў праект па поўнай адлічбоўцы (сканаванні і выстаўцы ў фармаце PDF) усіх нумароў газеты "Наша слова", пачынаючы з 1990 года.

Kamunikat.org ставіць перад сабой задачу адлічбаваць усё "Наша слова" да канца гэтага года. Аднак за 1990-я і да 2005 года электронныя версіі газеты не захаваныя, таму выйсце адно - сканаваць папяровыя варыянты газеты, між тым партал не мае поўнай падшыўкі "Нашага слова".

У рэдакцыю "Нашага слова" ўжо паступілі нумары:

2000 г. - 28, 36, 38;

2001 г. - 6, 7, 10, 14, 18-28, 37, 38, 39, 40, 41, 43-49

2003 г. - 12, 18, 28, 30-32, 35-47

2004 г. - 41-44, 48-51

2005 г. - 1-5, 7, 9-13, 15-24, 33, 48-50;

2006 г. -3-8, 11, 13, 19, 21-23, 40-52;

2007 г . - 11-14, 27-28, 31-32, 43, 46, 49, за што выказваем шчырую падзяку спадару дуарду Мамчыцу з Віцебска.

Аднак наступных нумароў у рэдакцыі па ранейшаму няма:

1990 г. - 4 ,5, 9 і чарговыя да канца года;

1991 г. - 1, 3, 8, 9, 11-17, 20 і чарговыя да канца года;

1992 г. - няма зусім;

1993 г . - няма зусім;

1994 г. - 1-16, 20-38, 40 і чарговыя да канца года;

1995 г. - 6-7, 13, 17, 26, 39, 47, 50 і чарговыя да канца года;

1996 г. - няма зусім;

1997 г. - 1-14, 19 і чарговыя да канца года;

2000 г. - 3, 4;

2001 г. - 2, 4, 11-13, 50 і чарговыя да канца года;

2002 г. - 6, 7, 10, 27, 38 і чарговыя да канца года;

2003 г. - 48 і чарговыя да канца года;

2004 г. - 25, 52

2005 г. - 14, 51-52.

Рэдакцыя парталу Kamunikat.org звяртаецца да чытачоў "Нашага слова" ўсіх пакаленняў дапамагчы ў атрыманні папяровых асобнікаў газеты ў адпаведнасці са спісам.

Рэдакцыя лічыць матэрыял, апублікаваны за гэтыя 22 гады ў "Нашым слове", унікальным і імкнецца зрабіць яго даступным для ўсіх і за ўсе гады.

Той, хто захоча дапамагчы ў гэтай сапраўды важнай справе, можа скантактаваць непасрэдна з Kamunikat.org па электроннай пошце.

Жыхары Менска могуць прыносіць нумары "Нашага слова" ў сядзібу ТБМ па Румянцава, 13. Астатняя Беларусь можа дасылаць газету ў рэдакцыю "Нашага слова": 231282, Ліда-2, п/с 7. Асабліва важна знайсці нумары за 1990-1997 гады.


Руская культура ў Беларусі: праблемы гарманічнага суіснавання з нацыянальнай

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

І ў сем'ях прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з нятытульнага насельніцтва, якія працавалі на нацыянальную культуру БССР, звычайна панаваў беларускі дух. А інакш і быць не магло. Бо які ж ты беларускі творца, калі ў сям'і спавядаеш зусім іншыя духоўныя ідэалы, чым у сваёй прафесійнай дзейнасці? Каб гэта было не так, наўрад ці сын згаданага вышэй пецярбуржца Я. Цікоцкага Міхаіл (1922 - 2012) стаў бы вядомым беларускім мовазнаўцам, аўтарам шэрагу вельмі каштоўных прац па гэтай праблеме. Відаць, сам лёс ў падзяку за гэта адмераў яму доўгае жыццё: памёр на 91-м годзе. Гэта толькі сёння беларускамоўным сем'ям нават саміх пісьменнікаў нейкім цудам удаецца ўзгадоўваць змену, якая з вялікай ахвотай ідзе працаваць на розныя ўчасткі рускай культуры Беларусі, у тым ліку і ў мастацкую літаратуру. Хаця, які тут цуд? Сучасныя маладыя пакаленні беларусаў не толькі адукаваныя, але і прагматычныя, таму, не бачачы перспектыў для беларускай культуры з-за да немагчымага звужэння ў ёй ролі роднай мовы тытульнага народа, свядома выбіраюць для сябе тую ці іншую дзялянку рускай культуры Беларусі, ведаючы, што гэта найлепшым чынам адаб'ецца і на іх сацыяльным становішчы, самой творчасці, а калі пашчасціць, дык дазволіць прадоўжыць сваю прафесійную кар'еру, зрабіць сабе імя на неабсяжных прасторах Расійскай Федэрацыі.

Да таго як на рубяжы 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя пачаць ставіць палкі ў колы беларусізацыі, нават самыя закаранелыя песімісты паверылі ў нацыянальна-культурнае адраджэнне так нядаўна занядбанай Бацькаўшчыны, цвёрда ўпэўніліся, што не быць яе народу нямым у сваёй роднай беларускай мове, не цешыць сябе толькі недаедкамі з чужой культуры. Так бы яно і сталася, каб не заварушыліся ў Маскоўскім Крамлі крайне пра-рускай арыентацыі нацыяналісты. У трывалай, надзейнай апоры на рэпрэсіўныя службы ім удалося махавіку беларусізацыі даць адваротны ход. Падобнае назіралася ў нацыянальным жыцці ўсіх астатніх саюзных рэспублік. Масква ад гэтага не атрымала аніякага выйграшу, бо яно толькі ўнесла раздрай у сям'ю савецкіх народаў, падарвала іх давер да рускага народа, пахіснула веру ў пабудову шчаслівага, як ўвесь час трубілі бальшавіцкія ідэолагі, камуністычнага грамадства. Каб не было такіх сур'ёзных перакосаў у нацыянальнай палітыцы Масквы, германскаму Вермахту не ўдалося б так лёгка фармаваць з карэннага насельніцтва кожнай саюзнай рэспублікі нацыяльныя вайсковыя падраздзяленні і накіроўваць іх на барацьбу супраць Чырвонай Арміі.

Мала чаго прыстойнага, прагрэсіўнага ў міжнацыянальных дачыненнях агульнасаюзнага цэнтра з савецкімі рэспублікамі было ў другой палове 40-х - першай палове 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Замест таго, каб даць поўную прастору для развіцця нацыянальных культур і моваў, што толькі і магло забяспечыць ім сапраўдны духоўны росквіт, Кампартыя ўвесь час рупілася толькі пра павышэнне ў краіне ролі рускага фактару, не спыняючыся нават перад тым, што гэта сур'ёзным чынам дэфармуе традыцыйны ўклад жыцця савецкіх народаў. З такой трагедыяй, невядома па якіх прычынах, мірылася толькі Беларусь, асабліва яе палітыкі і інтэлігенцыя. Усе ж астатнія саюзныя рэспублікі знаходзіліся ў маўклівай апазіцыі да такой стратнай нацыянальнай палітыкі КПСС і толькі чакалі зручнага моманту, каб выйсці са складу СССР з яго сумнавядомым этнічным плавільным катлом. Рускія супернацыяналісты дарагой цаной заплацілі за сваё неўтаймаванае імкненне зрабіць падобнымі на сябе па культуры і мове ўсе савецкія народы. Не знадворны фактар, не ўтапічны характар ідэі камуністычнага будаўніцтва, не сур'ёзныя хібы ў эканамічнай сферы развалілі СССР, а цалкам апраўданае, заканамернае нежаданне савецкіх народаў страціць сваё нацыянальнае "Я". Такая неацэнная этнічная якасць адсутнічала толькі ў абсалютнай бальшыні беларусаў, прычыну чаго павінны, відаць, шукаць не столькі навукоўцы-гуманітарыі, колькі псіхолагі і псіхіятры.

Выкінутая за борт СССР Беларусь павінна была, як і ўсе колішнія саюзныя рэспублікі, шукаць уласныя шляхі свайго палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця. Ёй такое, як нікому іншаму, давалася надзвычый цяжка. А што датычыць нацыянальна-культурнай праблемы, дык дзеля яе практычнага развязвання па сутнасці і кроку не зроблена наперад, хаця часу мінула нямала. Як і за царскім, савецкім рэжымамі, сёння ва ўсіх відах службовага справаводства, у такой важнай этнаўтваральнай сферы, як адукацыя, пануе руская мова. Яна займае нават больш моцныя, чым у беларускай мове, пазіцыі у сферы культуры, што не дае права называць яе нацыянальна-беларускай. Дакаціліся, дайшлі да поўнага кур'ёзу: пры абмеркаванні праблемы захавання беларускай культуры ад канчатковай дэфармацыі адказныя за стан гэтай сферы чыноўнікі, занятая ў ёй інтэлігенцыя не могуць выказаць свае клопаты на роднай, а карыстаюцца рускай мовай. І смех, і грэх, а больш за ўсё - сорам. А яго няма. Калі ж нацыя не саромееца, што страціла здольнасць быць сама сабою і толькі цешыцца духоўнымі каштоўнасцямі іншых народаў - гэта ўжо сапраўдная трагедыя. Яна будзе неадступнай спадарожніцай беларускай нацыі да таго часу, пакуль яна не вернецца да сваёй роднай мовы. Трэба, нарэшце, рашуча выкінуць з галавы шкодную, памылковую думку, што нацыянальную культуру можна развіваць і ў чужой мове. Гэта ўтопія, бязглуздасць, якую можна дараваць толькі вучням пачатковых класаў.

У сваіх ужо занадта даўно па часе, нялёгкіх па ажыццяўленні клопатах аб выратаванні беларускай мовы ад так рэальнага канчатковага заняпаду нам не шкодзіла б часцей звяртацца да сусветнага досведу. Яго ж назапашана ой як багата, бо заўжды, калі які-небудзь народ імкнуўся без ужывання зброі давесці да магілы другі народ, апошняга ўсяляк стараліся зрабіць нямым ў сваёй роднай мове, ведаючы, што ў такіх варунках яму ўжо ніяк не выжыць. Я рэкамендаваў бы ў першую чаргу добра прыгледзецца да досведу яўрэяў, бо мала якому народу, як ім, даводзілася так зацята змагацца за сваю старажытную мову іўрыт, у тым ліку і будучы ў складзе Расійскай імперыі. Мінула ўсяго якіх-небудзь тры месяцы пасля яе падзення, як у траўні 1917 года ў Маскве адбылася канферэнцыя "Аматараў старажытнаяўрэйскай мовы". На ёй вядомы яўрэйскі паэт Х. Бялік з вялікім гонарам заявіў: "У выгнанні мы страцілі ўсё: нашу родную зямлю, Храм, але не страцілі нашай мовы…", якую ён параўноўваў з пярлінай. Не мог не згадаць паэт і пра вялікія ахвяры яўрэяў з прычыны страты многімі з іх роднай мовы. "Тысячы яўрэяў, якія выракліся ад яўрэйства ў сярэднія вякі, перш за ўсё выракліся ад іўрыту і неўзабаве перасталі быць яўрэямі… Дзе б ні выявіў ты поўнае забыццё яўрэйскай мовы, там яўрэйская нацыя прыгаворана да вымірання… Няхай будзе пракляты той чалавек, які навучае свайго сына грэцкай!". Я ад такога строгага прысуду свядома ўстрымліваюся, бо калі праклінаць беларусаў, што вучаць сваё дзіця ў чужой мове, давядзецца закрануць абсалютную большыню іх.

Можа я занадта патрабавальны, але як ні стараюся, не змагу знайсці аніводнай культурнай галіны, у якой бы мы не наламалі дроў. Прычым гэтай заганнай, страшнай практыкай займаемся, стаўшы і сувярэннай дзяржавай. Замест таго, каб самыя перадавыя рубяжы аддаваць нацыянальнай культуры, мы ўсё магчымае робім дзеля замацавання на іх рускага пачатку, што, упэўнены, не прынясе аніякай карысці і нашаму ўсходняму суседу. Святы абавязак кожнага цягнуцца, жыць сваёй культурай і мовай, быць у ладах з гістарычнай памяццю на ўласных, а не чужых матэрыялах. Хоць на працягу апошніх больш як два стагоддзі камяні раскідвалі не мы, аднак збіраць іх трэба нам. Прычым тэрмінова, бо нацыянальнае ў нашым сённяшнім жыцці год ад году не мацнее, а, наадварот, няўхільна чэзне. Гэтаму не знайсці выключэння ні ў адной са сфераў культуры.

Набліжэнню нашай культуры ў самым шырокім сэнсе гэтага слова да нацыянальнага фармату вельмі перашкаджаюць знявечаная тапанімія, а апошнім часам яшчэ і неадпаведнае яму візуальнае афармленне населеных пунктаў, шашэйных дарог, сталёвых магістраляў. З антыбеларускім намерам ў тапанімію ўмешваліся палітычныя рэжымы яшчэ Рэчы Паспалітай, а затым і Расійскай Імперыі, ідэалагічны апарат камуністычнай партыі СССР (БССР). Да таго ж апошні пры актыўнай падтрымцы мясцовых партыйных і савецкіх органаў Беларусі на яе тэрыторыі напракудзіў куды больш, чым гэта назіралася ў любой з іншых савецкіх рэспублік. У выніку сувярэнная Рэспубліка Беларусь у сваю спадчыну атрымала не тапанімію, а амаль зусім не звязаны з нацыянальнай гісторыяй, роднай культурай, мясцовымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі набор штучна надуманых назваў населеных пунктаў, іх вуліц, паркаў і сквераў. Здавалася б, усё гэта будзе падлягаць паступоваму выпраўленню. Такога не назіралася раней і не назіраецца зараз. Што ж датычыць мікратапаніміі, візуальнага афармлення гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, дык у іх адбываецца нават далейшае павышэнне ролі рускага фактару паводле зместу і мовы. Ідзеш па цэнтральных вуліцах горада, мінаеш квартал за кварталам, а на будынках і слова беларускага не ўбачыш, мо, толькі ў назве самой вуліцы. Ну ці ж гэтак трэба ставіцца да візуальнага афармлення нашых населеных пунктаў? З якой гэта мэтай мы і ад сябе, і ад гасцей праз такое чужамоўнае афармленне хаваем сваю беларускасць? Сапраўдны гаспадар зямлі, не адарваны ад уласнай культуры, пастараўся б зрабіць так: дзеля візуальнага афармлення выкарыстаў бы пераважна толькі родную мову, прычым напісаўшы тэкст вялікімі літарамі. Пад ім жа, калі гэта вымагаецца нейкімі патрэбамі, перадаў бы яго змест у два разы меншымі літарамі.

За галаву хапаешся, калі на шыльдах будынкаў бачыш не да месца прысвоеныя нашым установам культуры і адукацыі імёны Герцана, Горкага, Талстога, Пушкіна, Суворава, Някрасава, Крупскай… і так рэдка сустракаешся, а то і зусім не натрапіш на імя чалавека, што нарадзіўся на беларускай зямлі, багата зрабіў для яе духоўнага росквіту. Марна спадзявацца, што за нас гэта зробіць у сябе дома Расія, імёны славутых людзей якой мы без усякай патрэбы так ахвотна тыражуем праз прысваенне іх сваім самым прэстыжным культурна-асветным установам. Не ведаю, у якой яшчэ краіне, акрамя Рэспублікі Беларусь, могуць так неахайна, неабдумана ставіцца да гэтай зусім не шараговай справы.

Проста жахлівая неадпаведнасць тапаніміі, візуальнага афармлення населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь нацыянальнаму інтарэсу адмоўна адбіваецца на ўсіх баках яе жыцця, у тым ліку і на стане дзяржаўнага суверэнітэту, гістарычнай памяці, этнічнай свядомасці карэннага насельніцтва. Цвёрда перакананы, што мэтанакіраванае наданне тапаніміі, візуальнаму афармленню нацыянальнага характару - гэта якраз той участак дзяржаўнай дзейнасці, дзе менш за ўсё трэба лічыцца з выдаткамі матэрыяльных і фінансавых сродкаў.

Хаця мы і моцна спазніліся - а можа ўжо наш цягнік беззваротна адышоў - усё ж я рэкамендаваў бы палітыкам, інтэлектуалам тэрмінова на поўным сур'ёзе ўзяцца за распрацоўку Канцэпцыі нацыянальна-культурнага выратавання беларускага народа. Людзям трэба дапамагчы расплюшчыць вочы і зразумець рэальны стан нашага нечувана здэфармаванага нацыянальнага жыцця, акрэсліць іх абавязкі па выратаванні сябе ад культурна-моўнай асіміляцыі, якая нясе шкоду не толькі нам, беларусам, але і ўсяму цывілізаванаму свету. Многія яго народы нястомна змагаюцца супраць непажаданых негатыўных наступстваў сусветнай глабалізацыі, што ніях не апраўдвае выключную пасіўнасць, алімпійскі спакой беларусаў перад навіслай над іх галовамі нацыянальнай катастрофай у выніку масавага адыходу з лёгкай рукі ўладных структур краіны ад уласнай культуры, татальнага вырачэння ад роднай мовы.

Беларускаму народу, асабліва яго палітыкам і інтэлектуалам, нарэшце трэба канчаткова вызначыцца, якую яму належыць развіваць культуру: сваю нацыянальную беларускую ці "падараваную" ў канцы ХVІІІ - ХІХ стагоддзях царскай імперыяй рускую культуру. Усе цывілізаваныя, палітычна незалежныя народы развіваюцца, здзяйсняюцца як штосьці самадастаковае толькі ў сваёй адной нацыянальнай культуры, не стараюцца ўсесціся на двух крэслах, бо ім хапае аднаго. Сказанае спаўна характэрна і нашаму ўсходняму рускаму суседу. Двухкультурнае ярмо вісіць на карку толькі каланіяльна залежных ці толькі тых народаў, што нядаўна дамагліся палітычнай волі, яшчэ да канца не пераадолелі цяжкіх наступстваў чужацкага панавання. Зразумела, ніякая сіла на Беларусі не мае права забараніць таму ці іншаму чалавеку, той ці іншай групе людзей быць пасіўным ці актыўным носьбітам абранай імі культуры. Але гэта ўжо ў асноўным толькі іх клопат. У самым жа эпіцэнтры дзяржаўнай культурнай палітыкі краіны павінна знаходзіцца беларуская нацыянальная культура. Гэта велізарная недарэчнасць, што ўжо не першы дзясятак гадоў яна ў параўнанні з рускай культурай Рэспублікі Беларусь займае другараднае месца. Адбывалася ж такое не спантанна, стыхійна ці па волі народа, а праз мэтанакіраванае вывядзенне ўладнымі структурамі беларускай мовы з усіх сфераў грамадскага жыцця і замены яе рускай, што не магло не адбіцца на культуры ў цэлым. Дапамагчы беларускай культуры заняць свой законны пасад у краіне, трывала замацавацца на ім - гэта найперш абавязак самой дзяржавы, а не якіх-небудзь грамадскіх творчых аб'яднанняў, хаця, вядома і яны не павінны знаходзіцца ўбаку ад выратавання тытульнай нацыі краіны ад культурна-моўнай асіміляцыі. Калі мы не зможам рашуча супрацьстаяць, - абавязкова і на дзяржаўным узроўні - гэтай трагедыі, застанемся не больш як толькі мёртвым народам, трупам для цывілізаванага свету планеты Зямля.

Леанід Лыч, Інстытут гісторыі НАН Беларусі


"Сум глыбокі ў ціхім шамаценні…"

Духоўныя матывы ў паэзіі Яўгена Каршукова

Даўно не прыходзілася чытаць вершаў, якія б так моцна ўскалыхвалі душу сваёй непадкупнай шчырасцю. Таму зборнік Яўгена Каршукова "Над векавечным Бугам" (Мн.: Мастацкая літаратура, 2008) стаў для мяне прыемным адкрыццём.

На пэўным жыццёвым рубяжы чалавек часта аглядаецца назад:

Мроіцца мінулае мне часта,

Хоць яно далёка адышло…

Або:

Салдаты ўсе мае - гады,

Цяпер пенсіянеры…

І ў вершы "Старасць" чуецца сум па былому:

Жыццёвы шлях, на жаль, кароткі,

Гады патроху адшумелі.

Што за глыбіня і шчырасць прысутнічае ў радках, якія паэт прысвяціў сваім равесніцам! Вось яны:

Даўно гады ў дарогу вас абулі,

З якой ніхто не вернецца назад…

Бяскрыўдныя сівенькія бабулі,

Лаўлю я развітальны ваш пагляд.

("Віна")

Што мог чалавек зрабіць, але не зрабіў? Гэтае пытанне на працягу жыцця ў той ці іншай ступені задае сабе кожны. Але наступае час, калі яно гучыць асабліва настойліва і сурова:

Цяпер гляджу ў агонь каміна -

Свайго жыцця там бачу ранне…

Ах, успаміны, успаміны!

Запозненае шкадаванне.

("Шкадаванне")

А шкадаваць кожнаму ёсць з-за чаго. Вось, напрыклад:

Як варты жалю нейкі хлус,

Падман я клікаў на падмогу

І не ўтрымаўся ад спакус

Шукаць лягчэйшую дарогу… ...

Я вечны следчы сам сабе.

("Прызнанне")

У вершы "Асабістае" працягваецца гэты роздум:

Час на пустое змарнаваны.

Ну, што ж. Журботна уздыхні.

Сам апусціў свой шанц жаданы -

Гады мінулі, нібы дні.

А таксама:

Як ні круці, прызнаць пара

Мне ісціну святую:

Больш людзям мог зрабіць дабра,

А не зрабіў… Шкадую.

Найперш - не так цаніў бацькоў

За клопат іх, старанне…

Хай некалькі скупых радкоў

Гучаць як пакаянне.

Увогуле, пра бацькоў паэт у сваіх вершах згадвае не раз. З сыноўнай пяшчотай гучаць яго словы:

Мае самыя горкія слёзы -

Слёзы смутку па маці маёй.

("Слёзы")

Цалкам прысвяціў паэт сваёй маці верш "Бяроза". У ім, сярод іншых, ёсць і такія радкі:

"Сынок… Сыночак…

Дзякуй, што прыехаў.

У нас тут восень… Холадна і гола…"

Замест усякіх цудадзейных лекаў -

Яе дрыготкі цёплы родны голас.

Пра бацьку:

Я з болем думаю пра бацьку

У час разважлівай самоты.

("Бацька")

У дзяцінстве разам з ім будучы паэт хадзіў на пакос. Шырокае раздолле, узмахі моцных сялянскіх рук, і - напэўна - размовы бацькі з сынам сам-насам, якія назаўжды застаюцца ў памяці:

Вось раздолле паўсюль лугавое!

Я, узрушаны, нешта шапчу…

Сярод кветак на лузе - двое:

Франтавік і шкаляр-хлапчук.

Неаднаразова ў вершах Яўгена Каршукова прысутнічае тэма вайны. У 8-гадовым узросце ён сустрэў яе. Падчас касавіцы ў небе над Палессем паявіліся чужыя самалёты…

Бежанак гаротных давялося бачыць:

Йшлі ў вайну ад фронту -

змрочныя, у плачы…

("Сілуэт")

Верш "Боль" - пра палонных чырвонаармейцаў. Іх, "знядужаных і абадраных <…> гналі праз сяло".

Калону акружаў канвой,

Каб ні на крок ніхто не збочыў.

Ішлі з паніклай галавой,

І раптам я убачыў вочы…

Змарнелы, змучаны юнак

З якім зірнуў пякельным болем!

Ніхто ў жыцці ніколі болей

Не працінаў вачыма так.

Цудоўны выпадак, нейкая затрымка пазбавіла палескага хлопчыка ад сустрэчы з карнікамі:

Вось толькі у вайну спазніўся добра -

З вяскоўцамі не трапіў пад расстрэл.

("Характар")

У вершы "Далёкае" ён піша: "Ды ўсіх нас немцы не забілі". Адбылося страшнае. Тады

Жывыя плакалі:"Ёсць Бог!"

Ад успамінаў сэрца стыне…

І я, напэўна, сёння мог

Ляжаць пад плітамі Хатыні.

І вось 1944 год, вызваленне. Сярод безлічы чалавечых пакутаў было тое, што змякчала душы:

І ўсім было нам не да смеху,

Але… спявала медсястра!

Святлелі твары у салдат

Ад гэтай добрай рускай песні.

… У нашай вёсцы напрадвесні

Стаяў не доўга медсанбат.

("Медсястра")

Пражытыя многія гады. Кожны чалавек марыць пра сваё шчасце, уяўляе яго, шукае яго, нярэдка расчароўваецца ў ім. Набытая жыццёвая мудрасць набліжае да высновы:

Да шчасця я шукаў ключы,

Ды зразумеў: у звычным - шчасце.

("Жыццё")

І як мала для гэтага трэба! Вось і ў вершы "Дабрата" паэт гаворыць:

І так мне добра, так я рады,

Настрой узнёслы, як дзіцячы…

За позірк з ласкі і спагады

Гатоў я сам усіх аддзячыць.

Або ў вершы "Госць":

Жыццё? Ну, так, жыццё не тое.

Пакіньце

У душы святое,

Не ганьбіце сваю душу!

Гэта, так бы мовіць, пра душэўнае, хаця яно і блізкае да духоўнага. Згадвае паэт і пра духоўныя, рэлігійныя каштоўнасці. У вершы "Крыжык" ён піша пра тое, як маці настаўляла яго:

Усё ж галоўны ў свеце - Бог,

І забываць Яго нягожа.

А ў вершы "Не па Бібліі":

Ёсць кніга мудрая паводзін,

І гэта свет даўно зазначыў…

На жаль, з маіх сяброў ніводзін

Па ёй жыцця не перайначыў.

Дык гэта пра ўсіх. Але, на шчасце, мы маем евангельскі арыенцір. Якія б падзеі з намі не адбываліся, у нас заўжды ёсць магчымасць параўноўваць з ім сваё жыццё і рабіць належныя зрухі.

Вядома, што ў малітве можа прысутнічаць удзячнасць Богу, просьба да Яго і - услаўленне з глыбіні душы без усялякай знешняй неабходнасці, бо гэтага прагне сэрца, гэта - само жыццё сэрца. Верш "У царкве" - менавіта пра гэта:

Глядзяць святыя мудра, строга

З цагляных сцен старой царквы…

Я не прашу нічога ў Бога.

А дзякую, што я жывы <…>.

Крыху пра іншае верш "Мана", але і яго можна аднесці да духоўных разважанняў:

Наслухаўся зашмат я плётак,

Які быў мой далёкі продак:

Нікчэмны, цёмны і забіты…

Ды не! Быў продак самавіты,

Сумленны, мудры, працавіты.

Насіў ён горда галаву,

Любіў і Бога, і царкву <…>.

Слова "горда" тут не павінна засмучаць празмерных раўнiўцаў дабрачэсця. Гэта не заган пыхлівасці, які не раз папракаецца ў Свяшчэнным Пісанні, а сінонім годнасці. Годнасць - дабрадзея, калі чалавек памятае, што ён, нягледзячы на парушанае падабенства, усё роўна застаецца вобразам свайго Творцы, і гэтым вобразам даражыць.

Пра духоўнае адзінства славянскіх народаў - верш "Расіі":

Расію змалку бачыў не здаля -

Ад Гомеля да Бранска блізка…

Чароўны край, славянская зямля.

Хай будзе светлым дом суседаў!

Хто ж нам адвеку ў ім радней?


Амаль тое ж - і ў вершы "Мова":

Сплывуць сумненні, як туман,

І вечным будзе ў гэтым свеце

Моў братніх мудрае суквецце,

Адзінства гучных моў славян.

Заканчваецца зборнік паэмай "Над векавечным Бугам", якая і дала назву ўсёй кнізе. У ёй - і пра вычын пагранічнікаў у першыя дні вайны, і пра сённяшніх вартавых межаў - іхнюю службу, побыт, сустрэчы з ветэранамі.

Што прымушае аўтара брацца за пяро? Паэт сам адказвае на гэтае пытанне:

Не для славы звонкай я пішу -

Я даўно не ў дружбе з ёй, сляпою.

Проста хочацца сагрэць душу,

Зрэдку сам-насам пабыць з сабою.

("Верш")

… Згадаўся артыкул пісьменніка Уладзіміра Крупіна "Літаратура - не падручнік жыцця" (дакладней, далёка не ўсё надрукаванае на ролю такога падручніка цягне), дзе на шматлікіх прыкладах ён паказвае, як нават знакамітыя аўтары часам нядбайна абыходзіліся з вялікім дарам слова, пісалі пра пустое і неслі гэта сваім чытачам. Да гонару Яўгена Каршукова, яго вершы ўяўляюць процілеглы прыклад. Гэта ўзор той літаратуры, якую можна смела назваць падручнікам жыцця.

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, проста чытач.

Вера

Якая дзіўная эпоха!

Зноў ззяюць на царкве крыжы…

Пытаеш: верылі мы ў Бога?

Мы - верылі, што ні кажы.


Як паласнула вёску горам

У дні вайны, якраз тады

Маліцца прывучылі хорам

Дзяцей набожныя дзяды.


Быў абразок у кожнай хаце,

З выявай Боскай абразок.

І ціха мне казала маці:

"Маліся шчыранька, сынок.


Мо нас ад немца і ўратуе

Усемагутны мілы Бог…"

Не помню я малітву тую,

А веру ў Бога - я збярог.

Яўген Каршукоў.


Яскравая паэзія ад зорнай дзяўчыны

Гэтую дзяўчыну я пабачыў у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, дзе яна працуе.

Дар'я Лёсава (Лосева Дар'я Станіславаўна) была вядоўцай вечарыны памяці Янкі Сіпакова, які памёр у 2011 годзе. Мерапрыемстава працягвалася ажно 4 гадзіны. Выступалі прадстаўнікі з абодвух пісьменніцкіх саюзаў. Але яна выканала сваю місію вельмі добра! Тады мы даведаліся, што Дар'я піша вершы! Яна нарадзілася ў 1985 годзе ў Менску. Скончыла гімназію № 23, каледж мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацваў. Яе вершы друкаваліся ў часопісах "Вясёлка", "Бярозка", "Маладосць", штотыднёвіку "ЛіМ", у калектыўных зборніках і анталогіях... Творы перакладаліся на рускую мову.

Нечакана, ў адной з кніжных крам сталіцы я пабачыў першую кнігу паэзіі Дар'і Лёсавай, якая мае назву "Туга зямная" пад рэдакцыяй Рагнеда Малахоўскага. Наклад літаратурна-мастацкага выдання 500 асобнікаў. Некаторыя вершы прысвечаны знакамітым асобам: Гаўрылу Вашчанку, Сяргею Грахоўскаму, Яўгеніі Янішчыц, памяці Уладзіміра Мулявіна. У сваіх вершах Дар'я шчыра кажа пра пачуццё любові да роднай зямлі і сваёй мамы. Трэба адзначыць, што кніга Дар'і Лёсавай - адна з першых кніг з серыі - "маладая паэзія Беларусі". Вершы маладой паэткі зацікавяць аматараў паэзіі калі яны набудуць яе цудоўную кнігу.

Трэба адзначыць, што ў хуткім часе грамадскасць пабачыць магчыма раскрутку паэткі на творчых мерапрыемствах.... Асабіста я спадзяюся на гэта! Магчыма музей гісторыі беларускай літаратуры знойдзе магчымасць правесці творчы вечар яскравай паэткі, на які завітаюць як маладыя творцы, так і сталыя паэты і пісьменнікі. Творчасць Дар'і Лёсавай зацікавіць многіх. Спадзяюся гэта не апошняя кніга паэткі! Мне было вельмі цікава чытаць яе вершы... Высокую адзнаку кнігі далі сталыя паэты, а менавіта Наталля Кучмель і іншыя.

Аляксей Шалахоўскі, журналіст, старшыня суполкі ТБМ "Гісторыя".


Між светлых азёраў

"З белых ружаў

браслаўскага краю,

З чыстых сэрцаў

складаем вянок".

Паўночна-беларускi горад Браслаў на некалькi дзён i паяднаў прыхiльнiкаў каталiцкiх традыцыяў i аматараў гiстарычна-этнаграфiчных сярэднявечных рэканструкцыяў, падарожнікаў.

Кожны год, у трэццюю суботу жнiўня, тут адзначаецца свята Абраза Божае Мацi Валадаркi Азёраў, якое збiрае з усiх куткоў краiны вернiкаў, удзельнiкаў творчых калектываў, майстроў.

Этнаграфiчны фестываль "Меч Брачыслава" праходзiў на Замкавай гары i ўключаў турнiры лучнiкаў, рыцарскiя баi, выступленнi энта-фольккалектываў "Стары Ольса", "Гуда" i іншых. Тут была разгорнута выстава рамёстваў і мастацкіх вырабаў.

"Азёры з дзіўнымі летапіснымі назвамі Неспіш, Воласа, Снуды, Струста, Окменіца, Святцо абкружылі Браслаў, нібы бліскучыя каралі,"- пісаў у свой час Віталь Вольскі.

Старажытны горад Браслаў быў заснаваны ў 1065 годзе. Аб гэтым сведчыць памятны камень на Замкавай гары. Паходжанне назвы звязваюць з iмем полацкага князя Брачыслава Iзяслававiча.

Гарадзiшча "Замкавя гара" - дзядзiнец стражытнага горада, размешчаны на высокiм пагорку (каля 20 метраў) у атачэнні дрэваў, з пляцоўкай 200х100 метраў, над азёрамi Дрывяты i Нявяты.

З пачатку XIV ст. горад уваходзiў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1424 годзе першы вiленскi ваявода Войцах Манiвiд з дазволу вялiкага князя Вiтаўта, залажыў у Браславе касцёл Мацi Божай i фундаваў яго.

У 1500 г. вялiкi князь Аляксандр даў гораду прывiлей на няпоўнае Магдэбурскае права. Браславу быў дараваны герб "Нядрэмнае вока" (відарыс вока ў трохкутнiку ў абрамленні праменняў) i гарадская пячатка, згодна якой ён называўся вольным горадам.

У 1824 годзе былi завершаны работы па будаўнiцтве новага мураванага касцёла, якiм кiраваў Iгнат Навiцкi. Праз некалькi дзесяцiгоддзяў паўстала неабходнасць пабудовы новага касцёла, большага ў памерах. У час рамонтна-рэстаўрацыйных работ 1895-1897 года былi пакiнутыя старыя паўночныя i ўсходнiя сцены. Яны выкананы ў тэхнiцы разынкавай муроукi ("браслаўскай мазаiкi" - спалучэнне колатых бутавых камянёў з канцэнтрычнымi i арнаментальнымi мазаікамi з маленькiх каменчыкаў, каляровага бiтага шкла цi чарапкоў керамiчных вырабаў). Найбольш часта сустракаюцца выявы сонца, якiх спецыялiсты налiчваюць больш за 10.

На Замкавай гары на ўзвышшы знаходзiцца помнiк народнаму доктару Станiславу Нарбуту (1853-1926). Выхадзец са шляхетнага роду Нарбутаў, сын гiсторыка i краязнаўца Тодара Нарбута, ён меў прыватную лячэбную практыку ў Браславе. У памяцi гараджанаў ён застаўся дзякуючы таму, што лячыў прадстаўнiкоў усіх катэгорыяў насельнiцтва, у тым ліку і простых людзей. Яго бальнiца на той час была добра абсталяванай, i догляд за хворымі быў добра арганiзаваны. Цяпер у будынку ягонай бальнiцы з чырвонай цэглы месціцца праваслаўны Свята-Панцелеймонаў манастыр. За агароджай манастыра расце вялiзны тысячагадовы дуб, са ствала якога выходзяць некалькi ствалоў.

Мяцовы краязнаўчы музей захоўвае звесткі пра жыццё і дзейнасць Отана Гедэмана, польска-беларускага гiсторыка, краязнаўцы i педагога, якi нaстaўнiчаў у Браслaве i ў Друi ў 20-тыя гады ХХ стaгоддзя.

У пачатку 90-тых гадоў у Браслаўскiм раёне пачалi аднаўляцца святынi, а на месцах зачыненых - будавацца новыя. 13 кастрычнiка 1999 года была створана Вiцебская дыяцэзiя. У юбiлейным 2000 годзе абраз Божае Мацi Валадаркi Азёраў бiскупам Уладыславам Блiнам быў абвешчаны дыяцэзiальным санктуарыям Вiцебскай дыяцэзii.

Мясцовыя жыхары з вялікай сімпатыяй успамінаюць ксендза з Польшчы Лешака Літвіцкага, які прыклаў вялікія намаганні да рэстаўрацыі касцёла, пабудаваў побач з ім сімвалічны каўчэг-карабель, месца святкаванняў і спеваў.

Ён знайшоў падыход да старых і маладых парафіянаў, для моладзі ладзіў дыскатэкі, усіх дзяўчат і кабет абуў у зручны і густоўны польскі абутак, з далікатнасцю і веданнем псіхалогіі праводзіў спатканні на сямейныя тэмы.

Каталiцкiя асяродкi, якiя з вялiкай любоўю адбудоўвалi святары з дапамогай мясцовага насельнiцтва, сёння служаць куткамі мiралюбства, духоўнасцi i культуры, месцамi, дзе прывiваецца пашана да роднай зямлi, сямейных традыцыяў, да роднай мовы, на якой служыцца iмша.

У гэтым годдзе, 18 жнiўня, у час святкавання адбылася iмша са святарскiмi i дыяканскiмі пасвячэннямi. Апостальскi нунцый арцыбiскуп Клаўдыё Гуджэроццi павiншаваў трох новых святароў i аднаго дыякана, i пажадаў ім заўсёды быць блiзкiмi да народу, разумець патрэбы людзей, увасабляць Хрыста сваёй чуласцю, прыязнасцю, адкрытасцю, гатоўнасцю прыйсцi на дапамогу ў розных жыццёвых сiтуацыях.

"Валадарка азёраў,

Асвяцi ўсе нашы крынiцы,

Каб яны былi нам

вытокамі жывой чысцiнi,

Над сінім прасторам

Хай ясны

твой воблiк iскрыцца…" ,

- спяваў хор разам з удзельнікамі свята.

Гаспадары горада з любоўю i гасцiннасцю прымалi ўдзельнiкаў фэстаў i вандроўнікаў. Кожны двор нiбы iмкнуўся паказаць сваiх лепшых умельцаў разьбы па камені i дрэве, лепшых гаспадыняў, што са стараннасцю разводзяць гартэнзii, астры, iльвiны зеў, засяваючы iх акруглымi выспачкамi сярод вэлюму зялёнага газону. У горадзе не шмат прадпрыемстваў: хлебны i малочны завод, каўбасны цэх, рыбная прыватная гаспадарка, кансервавы рыбны завод, таму жыхары ўзбярэжжа адной з асноўных формаў развіцця гаспадаркi лiчаць турыстычны бізнэс. Улетку госцi любяць купацца i плаваць у азёрах, узiмку прыяждаюць рыбакi на падлёдны лоў.

Вада ў вялікім возеры Дрывяты халодная i празрыстая, цiхая плынь гойдае драўляныя чаўны ля берага. Тут можна пакатацца на лодках i яхтах, прайсці пад белым ветразем уздоўж узбярэжжа, пасядзець з вудай, супакойваючы позірк на роўні вады ці на кудлатых аблоках, што нізка плывуць над плёсам.

У возеры Дрывяты жывуць самы i судакі, ляшчы i падлешчыкі, у чаротах гняздуюцца качкі. Можна здалёк заўважыць у кустоўі самотную белую чаплю, якая неспешна крочыць па вадзе. Каля берага перабiраюць траўку чародкі маленькiх шпачкоў.

Госцi святаў адчулi замiлаванне супольнымi малiтоўнымi сустрэчамi, спевамi i канцэртамi, радасцю знаёмства i сяброўства, прыемнымi ўражаннямi ад прагулак на вольным прасторы азёраў.

Э. Оліна. На здымках: 1. Возера Дрывяты. 2. Кветнiк добрaй гаспадынi. 3. Фігура анёла з бутавага каменю. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX