НАША СЛОВА № 36 (1083) 5 верасня 2012 г.
Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім
1-2 верасня ў Глыбокім святкавалі Дзень беларускага пісьменства.
А напярэдадні 31 жніўня тут адкрылі памятную шыльду ў гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага, якога многія гісторыкі лічаць аўтарам бел-чырвона-белага сцяга. Паводле праграмы святкаванняў, адкрыццё мусіла адбыцца 1 верасня, але гэта здарылася за дзень да таго. Мемарыяльная шыльда з партрэтам Клаўдзія Дуж-Душэўскага з'явілася на доме № 22 па вуліцы Горкага. Дом, дзе ў 1891 годзе нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі, стаяў побач з гэтым будынкам.
Дарэчы, мемарыяльная дошка ў гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага з'явілася ўжо не ўпершыню. Чатыры гады таму, 23 сакавіка 2008 года, напярэдадні 90-х угодкаў абвяшчэння БНР, шыльду з партрэтам беларускага грамадскага дзеяча і надпісам "Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Палітык. Асветнік. Дойлід" усталявалі мясцовыя актывісты.
Гаспадар таго самага дому № 22 па вуліцы Горкага Раймунд Салодкі не меў нічога супраць. Але запратэставалі мясцовыя ўлады. Праз два дні пасля адкрыцця шыльда знікла, а аўтараў ініцыятывы ўшанавання памяці земляка выклікалі "на размову" ў міліцыю.
Чатыры гады таму шыльду ў гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага знялі паводле распараджэння Глыбоцкага райвыканкаму. Цяпер на тым самым доме, ужо са згоды ўладаў, з'явілася іншая шыльда.
"Сучаснымі" да свята сталі каля ста аб'ектаў у горадзе і раёне.
Іншы ў Год кнігі стаў і "храм кнігі". Бібліятэка ў Глыбокім значыцца яшчэ з канца XVI стагоддзя. Яе фасад зараз з дошкай, мемарыяльнай. "Чытайце!" - заклікае землякоў Лявонцій Ракаўскі, аўтар "Новых прыгод бравага салдата Швейка". Калегі савецкага пісьменніка, праўда, з ужо былога сацлагера, гэты дзень правялі за круглым сталом.
У Глыбокім сустрэліся літаратары сямі краін. Вядомыя паэты, празаікі, публіцысты - госці Дня беларускай пісьменнасці. Свае віншаванні гасцям і ўдзельнікам імпрэз накіраваў Прэзідэнт. Невыпадкова 2012 год абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі. Той, што першым, роўна 495 гадоў назад, выдаў на роднай мове Францішак Скарына.
Праграма свята мела назву "Прысвячэнне году кнігі" і была вельмі разнастайнай ды вялікай. У суботу ўсіх запрашала "Паэтычная гасцёўня", прысвечаная творчасці Я. Купалы, Я. Коласа і М. Танка; прыхільнікам гісторыі прапаноўвалі наведаць выставу "Друкаваныя рарытэты", дзе можна будзе паглядзець на старадаўнія кнігі з фондаў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Тэатральная і канцэртная праграмы таксама меліся: увечары ў Гарадскім цэнтры культуры паказвалі спектакль Беларускага тэатра "Лялька" пад назвай "Загубленая душа, ці Пакаранне грэшніка", а на цэнтральнай плошчы горада адбывалася выступленне ансамбля "Бяседа" і іншых артыстаў.
2 верасня адкрылі алею помнікаў славутым землякам. Яшчэ некалькі месяцаў таму на гэтым месцы - на Плошчы 17 верасня - стаяў помнік Леніну, які ўрэшце знеслі. У імпрэзе ўзяў удзел старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец, які ў гэты дзень прамаўляў па-беларуску.
Цяпер глыбачане маюць адмысловую алею помнікаў славутым землякам - гэта помнікі фундатару глыбоцкіх касцёлаў Язэпу Корсаку, пачынальніку беларускага тэатру Ігнату Буйніцкаму, мастаку Язэпу Драздовічу, выбітнаму дзеячу беларускага адраджэння, гісторыку, этнографу Вацлаву Ластоўскаму. Усяго ўсталявана 8 помнікаў - яшчэ ў Глыбокім вырашана ўшанаваць памяць стваральніка сучаснага іўрыту Элізэра Бэн-Ягуды, удзельніка вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, літаратара Алеся Дубровіча, авіяканструктара Паўла Сухога, Героя Савецкага Саюза, генерала-летэнанта Пятра Казлова.
Алея помнікаў славутым землякам - гэта супольны праект Міністэрства культуры і Глыбоцкага райвыканкаму. Бюсты вырабляліся ў Віцебску на камбінаце "Мастацтва", аўтары - віцебскія і менскія скульптары, сярод якіх Аляксандар Гвоздзікаў, Валеры Магучы, Азат Тарасян і Іван Казак.
Глыбокае - нібы пацверджанне лацінскай фразы genius loci (геній месца). Адгэтуль адправіўся ў Срэбнае стагоддзе літаратуры пісьменнік-містык Мікалай Менскі. Адгэтуль жа і Тадэвуш Даленга-Мастовіч. Культавага "Знахара" па яго рамане паказалі ў новым Цэнтры культуры.
У нядзелю, акрамя афіцыйных адкрыцця і закрыцця Дня беларускага пісьменства, можна было пабываць адразу на некалькіх гасцінных глыбоцкіх падворках: Тэатральным, Моладзевым, Дзіцячым, Спартыўным. Да свята ў Глыбокім "пабудавалі" і некалькі новых трактаў: "Ад агню да пяра", тракт "Шчодрыца", Альгердаў тракт, Святочны, Турыстычны і Тракт нацыянальных культур, якія ў гэты дзень прымалі і весялілі гасцей кожны на свой лад.
А фальклорныя Празарокі, у сутнасці, - першая сцэна Беларусі. Пад гэтымі дахамі дэбютаваў наш тэатр, роўна 105 гадоў назад. І сягоння вёў рэй на вёсцы зноў той самы Буйніцкі. Музей акцёра і рэжысёра адкрыла заслона Дня пісьменнасці. Справу "хвацкага Ігната" ў глубоцкім краі збіралі з пачатку дзевяностых.
2 верасня ў Глыбокім жа адбылося спецгашэнне мастацкага канверта, выдадзенага да Дня беларускага пісьменства "Белпоштай". А навуковай асновай свята сталі "Глыбоцкія чытанні".
У розныя гады Дзень беларускага пісьменства ўжо адзначаўся ў Полацку, Тураве, Наваградку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах. Дзень беларускага пісьменства ў 2013 годзе прыме Быхаў.
Паводле СМІ.
180 гадоў з дня нараджэння Людвіка Нарбута
Людвік Тодар НАРБУТ (7 верасня 1832, в. Шаўры, Лідскі павет - 4 траўня 1863, вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-64 на Беларусі і ў Літве, сын Тодара Нарбута.
Людвік Нарбут нарадзіўся ў сям'і архітэктара, інжынера і вядомага гісторыка Літвы Тодара Нарбута. Вучыўся ў Лідскай павятовай вучэльні, потым у Віленскай гімназіі, дзе ў канцы 1850 быў арыштаваны за спробу стварыць "общество патриотов с целью произвести восстание". У сакавіку 1851 публічна пакараны розгамі і аддадзены ў салдаты.
Служыў на Каўказе, атрымаў званне афіцэра рускай арміі. З 1859 у адстаўцы. Вярнуўся на радзіму ў пачатку красавіка 1860. Жыў у бацькі, вёў гаспадарку. Калі ажаніўся, пасяліўся ў маёнтку Сербянішкі, недалёка ад Шаўроў.
У час падрыхтоўкі паўстання прыхільнік партыі "чырвоных", звязаўся з К. Каліноўскім, бываў на канспіратыўных сходах. У падпольнай арганізацыі выконваў абавязкі акруговага арганізатара. Адным з першых арганізаваў партызанскі атрад на Беларусі, з якім тры месяцы (люты-красавік 1863) паспяхова вёў барацьбу супраць карнікаў. 13 лютага загадам Віленскага камітэту быў прызначаны вайсковым начальнікам Лідскага павету. Ад паўстанцкіх уладаў меў званне палкоўніка. Загінуў у баі. ( Вікіпедыя.)
(Пра Людвіка Нарбута чытайце на ст. 6.)
Найстарэйшы беларускі Буквар у Нацыянальнай бібліятэцы
Віленскі "Буквар" 1767 года прадстаўлены ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта ўнікальнае факсімільнае выданне самага ранняга беларускага буквара з усіх, што захаваліся ў нашай краіне. Буквар уключае не толькі навучальныя матэрыялы, але таксама малітвы, павучанні і гімны. Факсімільнае выданне "Буквара" падрыхтавана з захаваннем усіх асаблівасцяў арыгіналу. Пра гэта агенцтву БелаПАН распавёў супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша:
- Навуковая праца, якая суправаджала падрыхтоўку да перавыдання "Буквара" ішла на працягу некалькіх гадоў. Безумоўна такі праект не мог быць завершаны выпадкова, ён патрабаваў грунтоўнай прапрацоўкі. Як толькі мы гэта здзейснілі, як толькі паліграфія была гатовая да таго, каб якасна, паўнавартасна выпусціць яго ў свет, мы гэта і зрабілі. Таксама вельмі хацеў, каб мой сын меў гэты буквар перад сабой, каб бачыў, што беларуская культура багатая. Адукацыйная сістэма ў нас не сёння сворана, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага, і ў часы Рэчы Паспалітай тут былі разумныя людзі.
Выпуск факсімільнага выдання "Буквара" стаў вынікам сумеснай працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і прадстаўніцтва кампаніі XEROX у Беларусі.
Сядзіба ТБМ у верасні працуе з 15.00 да 19.00 штодня, акрамя суботы і нядзелі
Ніл Армстронг называў беларускую мову музыкай
Пра нашу краіну легендзе астранаўтыкі ў канцы 70-х распавядаў знакаміты беларускі навуковец
Прафесар Ігар Аляксандравіч Малевіч, мабыць, адзіны беларус, хто можа пахваліцца асабістым знаёмствам з чалавекам, які зрабіў на Месяцы першы крок, - з Нілам Армстронгам. Пасля смерці Ніла Армстронга мы пагаварылі з беларускім навукоўцам пра тое, як ён чытаў легендарнаму амерыканскаму астранаўту вершы Коласа, распавядаў пра нашу краіну.
- Як вы апынуліся ў НАСА і пазнаёміліся з Армстронгам?
- Я некалькі разоў працаваў у НАСА ў канцы 70-х па савецка-амерыканскім праекце лазернай лакацыі Месяца і касмічных аб'ектаў. Працаваў у вельмі знакамітым месцы, у даследчым корпусе № 32 касмічнага цэнтра Джэксана. Апоўдні па пятніцах там праходзіў семінар "Калі не сёння, то заўтра напэўна", дзе абмяркоўваліся адважныя навуковыя ідэі, праблемы. Па-простаму - навуковая балбатня. Праблем у НАСА было шмат. І адна з іх - праблема дакладнага вызначэння размяшчэння аб'екта. Чым дакладней вы ведаеце месца размяшчэння аб'екта ў прасторы, тым дакладней можна з ім працаваць. У першую чаргу гэта важна пры стыкоўцы і навядзенні караблёў. Я быў распрацоўнікам савецкай сістэмы лакацыі Месяца і адным з распрацоўнікаў амерыканскай мабільнай лакацыйнай сеткі для касмічных даследаванняў. На семінары паўстала ідэя пабудаваць больш магутны вымяральнік і працаваць над праектам лакацыі Венеры і Марса. Я прапанаваў пабудаваць аптычны кампутар, які працуе са святлом. А дакладней, аптычную памяць, вельмі хуткую аптычную памяць лакацыйнага поля.
Чутка пра гэта хутка пранеслася па НАСА. І на наступны семінар прыйшоў Армстронг. Нас пазнаёмілі. Ён вельмі цікавіўся новым падыходам, прасякнуўся ідэяй стварэння лазернай аптычнай памяці. Як потым аказалася, у амерыканцаў была спроба пабудаваць аптычны кампутар для касмічнага карабля, але не вельмі ўдалая. Вось так мы пачалі з ім сустракацца. Ён не разумеў, адкуль я. Для амерыканцаў мы ўсе былі савецкімі людзьмі. Я распавядаў, што я не рускі, я беларус. Мне прыйшлося шмат чаго распавядаць.
- І як? Атрымалася?
- Звычайна (усміхаецца) . За чаркай гарэлкі. Многія ў Амерыцы не разумелі, як чалавек з перыферыйнага беларускага ўніверсітэта мае такую сур'ёзную падрыхтоўку і робіць распрацоўкі часта лепш, чым амерыканцы. Усе лічылі, што я шпіён. Прыйшлося іх доўга пераконваць. Калі я гэты бар'ер зламаў, мы пачалі з Армстронгам досыць часта мець зносіны.
Я яго некалькі разоў запрашаў прыехаць у Беларусь, ва ўніверсітэт. Ён як бы загарэўся. Але ён быў чалавекам вельмі непублічным, нават замкнёным. Рэдка з кім размаўляў больш трох хвілін. Просты амерыканскі ўсмешлівы хлопец, тыповы амерыканскі ваенны лётчык. Ён вельмі цікавіўся маёй краінай. З вялікай цікавасцю выслухваў аповяды. І, дзіўная справа, ён некалькі разоў папрасіў мяне сказаць што-небудзь на беларускай мове.
- І што казалі?
- Мая мама была настаўніцай беларускай мовы. Я беларускую паэзію з дзяцінства ведаў на памяць. І прачытаў Армстронгу:
Дзень быў святы.
Яшчэ пекла рання
Блiнцы пяклiся на сняданне,
I ўжо пры печы з чапялою
Стаяла мацi... Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі
Або смяяліся, спявалі.
Амерыканскія астранаўты сказалі, што гэта не мова, гэта музыка. Былі ўзрушаны, проста вымотвалі пытаннямі і часта прымушалі мяне чытаць нейкія вершы. Я, вядома, хуліганіў. Чытаў: "Цвёрда трымаўся юнак на дапросе". Ніхто ж не разумее! Тым не менш музыка мовы чутная. Чамусьці гэта музыка мовы Армстронга вельмі прыцягвала. Беларуская здавалася яму песняй. Вось уласна, усе тыя мае зносіны з Нілам Армстронгам, якія былі. У НАСА многія былі здзіўлены, што мы з ім пра што вось маем зносіны, я яму штосьці распавядаю. Ён славіўся замкнёнасцю нават сярод калегаў-астранаўтаў.
А вось адзіная гутарка, якую Армстронг не трываў, - гэта пра высадку на Месяц. Распавядаў, што на Месяцы ў яго было пачуццё, што за яго спіной хтосьці стаіць. Кажа: "Я ўвесь час аглядаўся". І сапраўды ёсць кадры, ён увесь час аглядаецца, як бы штосьці шукае. Так, я клікаў яго прыехаць да нас у Беларусь. Але, вядома, глыбіннага разумення гэтага чалавека, сяброўства з ім не было. Я больш з Олдрынам меў зносіны (астранаўт, пілот месяцавага модуля, які ступіў на Месяц пасля Армстронга. - Рэд .). Аднойчы Армстронг і Олдрын завялі мяне ў Насаўскую кавяраньку на ланч і прапанавалі застацца працаваць. Прапанавалі ўвесь корпус № 32. А я ім: "Хлопцы, лепш вы пераязджайце. Я так-сама дам вам корпус, лабараторыю". Пасля таго як я сказаў, што заставацца ў Амерыцы не жадаю, мае адносіны з Армстронгам пачалі трошкі разладжвацца. У той час у НАСА ўжо працавалі навукоўцы з усяго свету.
- Як да яго ставіліся навакольныя?
- Калі ён прыязджаў у НАСА, усё стаялі на вушах. Яго бераглі. У яго была адпаведная сістэма аховы. Гэта ў СССР выпусцілі Гагарына лётаць на самалёце. Там гэта было выключана. Ён ім патрэбен быў як нацыянальны знак. Месяцавыя астранаўты не атрымалі мяшок грошай за той палёт, атрымлівалі звычайную зарплату лётчыкаў. Але яны чыталі лекцыі ва ўніверсітэтах. Напрыклад, наколькі мне вядома, адна двухгадзінная лекцыя Армстронга ў базавым універсітэце НАСА ў тэхаскім Остыне каштавала 300 тысяч даляраў. Высадка на Месяц, лічу, вялікая агульначалавечая значная падзея, такая як палёт Гагарына. Пры адпаведнай палітычнай раскрутцы Армстронг мог бы быць і прэзідэнтам ЗША. Лёгка. Пра гэта і казалі шмат разоў у коле навукоўцаў. Армстронг быў вельмі арыентаваны на супрацоўніцтва з СССР. Пры Рэйгане ўсе сумесныя праграмы згарнулі ў імгненне. Яшчэ склалася ўражанне, што Армстронг не верыў у сваю асабістую выключнасць. Магчыма з-за таго, што схема высадкі на Месяц не была ім вядомая перад палётам. Яны толькі па дарозе дазналіся: хто выходзіць, а хто не выходзіць.
- Чаму так зрабілі?
- Хутчэй за ўсё, каб не зламаліся псіхалагічна. Уяўляеце, як гэта цяжка, калі ведаеш, што на табе адказнасць глабальнай місіі, і ты павінен яе выканаць. Гагарын проста ляцеў. Тут іншая функцыя, трэба было дзейнічаць: ручная пасадка, аддзяленне модуля, з яго трэба выйсці, трэба зрабіць першы крок на Месяц. Ніхто не ведаў, што там.
- Што вы распавядалі амерыканцам пра краіну?
- Гэта складаны псіхалагічны момант. Калі трапляеш на Захад у адзіночку, змяняешся, увесь час ловіш сябе на думцы, што прыхарошваеш наша жыццё. Іх больш цікавіла жыццё маёй сям'і. У тыя гады зарплата савецкага прафесара была добрай. Мне лёгка было з імі размаўляць. Я жартам пералічваў ім сваю зарплату ў даляры і паказваў, што я нават жыву лепш, чым яны. Але затое мне цяжка было адказаць на пытанне, які ў мяне дом. Там жа дамы, катэджы - стыль жыцця. А ў мяне ў той час была на Веры Харужай двухпакаёвая кватэра. Ці пытанне: "Колькі ў цябе ў сям'і аўтамабіляў?" - ставіла мяне ў тупік.
Яшчэ прыйшлося доўга тлумачыць, якая рэлігія ў Беларусі. Што ў нас ёсць і праваслаўе і каталіцызм, што было ўніяцтва. Распавядаў пра сваіх бацькоў. Гэта была памяць яшчэ вайны. Пра тое, што бацька загінуў у вайну. Маці засталася адна, настаўніца пачатковых класаў, але ў сям'і ўсе атрымалі адукацыю, усе чацвёра дзяцей маюць навуковыя ступені. У маёй сям'і было цвёрдае ўяўленне, хто такія ліцвіны. Іх вельмі цікавіла гісторыя маёй краіны. Я з дзяцінства ведаў, што адбывалася ў СССР. У бабулі было 13 сыноў, з іх 11 загінулі падчас вайны, а астатнія ў канцлагерах. У маёй сям'і не было сакрэтаў, што такое канцлагер, што там за людзі сядзяць. Гэта было для мяне добра вядома.
Далей я распавядаў, што такое Нарач, якая ў краіне прыгожая зямля і людзі. Мы не абмяркоўвалі месца Беларусі ў СССР. Ім гэта было не зразумела. Казаў, што Менск досыць развіты горад. Але развіццё прамысловасці, якое было ў нас у тыя гады, было несупастаўна з тым, што было ў ЗША. У мяне бракавала сацыяльных довадаў даказаць перавагу сацыялізму перад капіталізмам. Тым больш што я быў упэўнены ў адваротным. Асабліва ў сферы новых тэхналогій і ўзроўні жыцця людзей. Я разумеў, колькі грошай траціцца на маю навуку дома і колькі на паралельную навуку траціцца там.
Ірына КОЗЛІК, КП ад 30 жніўня.
ДАСЬЕ "КП"
Ігар Малевіч - прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук, некалькі гадоў прапрацаваў у НАСА. Распрацаваў сістэму лазернай лакацыі Месяца (вельмі дакладны спосаб вымярэння адлегласці да Месяца. - Рэд. ). Прафесар Гарвардскага ўніверсітэта. Атрымаў навуковую ступень у ЗША ў вобласці сацыяльнай паліталогіі.
Беларускі дыпламат: быў дараднікам па навуцы ў пасольстве Кітая, першым амбасадарам Беларусі ў Паўднёвай Карэі. Аўтар серыі кніг пра поспехі Паўднёва-усходняй Азіі. Стваральнік нацыянальнай школы квантавай радыёфізікі, сярод вучняў яго навуковай школы - больш за 35 дактароў і кандыдатаў навук.
На здымку: прафесар Ігар Малевіч каля месяцавага модуля, на якім Армстронг спусціўся на Месяц. Фота: з архіву навукоўца.
Украіна паўтарае пагібельныя памылкі Беларусі
У траўні 1995 года ўлады суверэннай Рэспублікі Беларусь правялі першы ў яе гісторыі рэферэндум. Сярод вынесеных на яго пытанняў значылася і наданне рускай мове статусу другой дзяржаўнай. У адпаведнасці ж з прынятым яшчэ за савецкім часам 26 студзеня 1990 года Законам аб мовах у Беларускай ССР такім статусам справядліва карысталася толькі беларуская мова, як мова адзінай у краіне тытульнай, адзінай дзяржаўнай нацыі. Гэта быў выключна дэмакратычны, гуманны з пункту гледжання цывілізаванага развіцця грамадства падыход да вызначэння сацыяльнай ролі беларускай мовы. Рэспубліка Беларусь як краіна з адной тытульнай нацыяй абавязана толькі яе роднай мове надаваць статус дзяржаўнай. Дарэчы, такой узважанай, дэмакратычнай практыкі прытрымліваюцца ўсе цывілізаваныя аднанацыянальныя краіны, у адначассе не забываючыся спрыяць развіццю, выкарыстанню родных моў сваіх этнічных груп.
За пяць гадоў ад моманту прыняцця ў Беларусі згаданага вышэй Закона адбыліся пазітыўныя зрухі ў лёсе беларускай мовы, чаму асабліва не перашкодзілі высокі ўзровень зрусіфікаванасці людзей, нежаданне абсалютнай большасці чыноўнікаў перайсці з рускага на беларускае справаводства. Як толькі маглі крутым пераменам у сферы моўнай палітыкі моцна супраціўляліся прафесарска-выкладчыцкі склад вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, настаўнікі гарадскіх агульнаадукацыйных школ. Заўважу, што як у першым, так і ў другім тыпах навучальных устаноў педагагічны працэс і ў пачатку 1990-х гадоў будаваўся пераважна на рускай мове. Да ігнаравання беларускай мовы даволі шырокімі коламі беларускага грамадства падштурхоўвалі самыя негатыўныя публічныя выказванні пра яе кіраўніцтва краіны. Такога абразлівага стаўлення да родных моваў тытульных нацый практычна не назіралася і, думаю, не будзе назірацца ні ў адной з цывілізаваных краін планеты Зямля. Палітычнае ж кіраўніцтва Беларусі дазволіла сабе такую вольнасць.
Нягледзячы на непрыязнае стаўленне чынавенства, адданай яму часткі інтэлігенцыі да беларускай мовы, аўтарытэт яе працягваў расці, што асабліва добра назіралася ў практыцы агульнаадукацыйных школ. Упершыню за апошнія шэсцьдзесят гадоў тут свядома пачалі надаваць аўтарытэт беларускамоўнаму навучанню. Нямала чаго пазітыўнага рабілася ў гэтым плане кіраўніцтвам сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. У беларускага народа з'явілася рэальная магчымасць назаўжды развітацца з абрыдлай ім за стагоддзі дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі і будаваць сваё жыццё на ўласнай культурнамоўнай аснове, з чым, аднак, ніяк не маглі пагадзіцца палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і вялізны пласт дашчэнту зрусіфікаванага чыноўніцкага апарату. Ведаючы, што іх беларускамоўны нігілізм падтрымае Маскоўскі Крэмль, яны наважыліся і вырашылі даць рашучы бой роднаму слову тытульнага народа, прычым ягонымі ж уласнымі рукамі. Дзеля дасягнення гэтай злачыннай мэты было вырашана ўключыць моўнае пытанне на намечаны да правядзення ў траўні 1995 года рэферэндум. Сама ж сутнасць таго пытання заключалася ў тым, каб дамагчыся ад удзельнікаў рэферэндуму згоды на наданне ў Беларусі рускай мове статусу дзяржаўнай. За месяц да правядзення рэферэндуму афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі (неафіцыйных па сутнасці не было) разгарнулі шалёную ідэалагічную працу па перакананні беларусаў у крайне важнай неабходнасці для іх шчаслівай, паўнавартаснай будучыні мець дзяржаўнай, акрамя роднай, яшчэ і чужую ім рускую мову. Спробам жа актывістаў нацыянальна-адраджэнцкага руху, у тым ліку і аўтара гэтых радкоў, давесці беларускаму народу праз афіцыйныя СМІ, што толькі яго родная мова павінна выкарыстоўвацца ў якасці дзяржаўнай, усяляк перашкаджалі. Затое на экране тэлевізараў мо дзесяць разоў на дзень паказвалі гледачам, што ім трэба выкрасліць з бюлетэня, каб такі статус атрымала і руская. І людзей навучылі, бо вынікі рэферэндуму (у таталітарных, аўтарытарных краінах наўрад ці яны могуць быць аб'ектыўнымі) сталіся на яе карысць. Чынавенства, і дня не марудзячы пасля таго ганебнага рэферэндуму, пачало мэтанакіравана выцясняць рускай мовай беларускую з тых невялічкіх дзяляначак, куды яе нацыянальныя сілы змаглі ўкараніць да 1994 года. Распачаты ў краіне пасля рэферэндуму рускамоўны бліцкрыг досыць хутка вярнуў яе ў цяжкія ўмовы савецкага часу, калі ў роднага слова беларусаў не мелася аніякіх перспектыў на выжыванне. У новым стагоддзі нацыянальна зарыентаваным колам грамадства не ўдалося нічога вартага зрабіць дзеля выратавання беларусаў ад канчатковай страты сваёй роднай мовы. А не ўдалося таму, што ў грамадскае жыццё яе ўпарта не пускае магутнай сілы франтальна зрусіфікаваны дзяржаўны апарат. Свядома выкінутая ж такога жыцця беларуская мова няўхільна губляе прэстыжнасць у асяроддзі сваіх прыродных носьбітаў. Абсалютная бальшыня апошніх, не бачачы аніякіх перспектыў для нацыянальнай мовы, пасылае на вялікую радасць асімілятараў сваіх дзяцей у рускамоўныя навучальныя ўстановы. Асноўная этнаўтваральная сфера - адукацыя замест фармавання для краіны нацыянальна самасвядомых беларусаў калечыць, няшчадна русіфікуе іх. Нацыя паядае сама сябе. Нацыя п'е сваю кроў. І самае страшэннае, што гэтага не жадаюць бачыць ні палітыкі, ні ідэолагі, ні афіцыйнай арыентацыі інтэлігенцыя.
Травеньскі рэферэндум 1995 года пераканаўча пацвердзіў, наколькі нерэальным, шкодным з'яўляецца афіцыйнае двухмоўе ў краінах з адным тытульным народам, дарэчы, да якіх належаць і Беларусь, і Украіна. Таму зусім не здзіўляе, што ў падобнай катэгорыі краін, да прыкладу, у Германіі, Францыі, Італіі, Венгрыі, Чэхіі… ніхто не ўздымае пытанне пра афіцыйнае двухмоўе. Іншая ж справа Швейцарыя, дзе жывуць чатыры самабытныя народы.
Мэтанакіраванае навязванне звонку ці знутры рускай мовы ў якасці другой афіцыйнай дзяржаўнай створаным на постсавецкай прасторы краінам ёсць працяг дзяржаўнай абрусіцельскай палітыкі царскага самаўладдзя, камуністычнага рэжыму СССР. Шматлікія прыклады сведчаць, што ад яе не толькі не адмаўляецца, а, наадварот, усяляк падтрымлівае сучаснае кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, добра разумеючы, як эфектыўна можна ўплываць на розныя бакі жыцця краін праз распаўсюджванне на іх тэрыторыі рускай культуры і мовы. Дасягаецца такое найбольш паспяхова ў краінах з шырокім пластом зрусіфікаванага насельніцтва, асабліва, калі сказанае датычыць карэнных жыхароў. Паводле гэтага паказчыка няма роўных Беларусі з былых саюзных рэспублік. Высокі ён і ва Украіне, на што не можа не звяртаць увагі Маскоўскі Крэмль, беспамылкова лічачы, калі ў гэтых краінах будзе адсутнічаць культурна-моўны суверэнітэт, не відаць ім і палітычнага суверэнітэту, сапраўднай нацыянальнай незалежнасці. Дарэчы, з такіх пазіцый сыходзяць - ніколькі не памыляючыся - многія іншыя буйныя краіны свету. У наш век высокіх інфармацыйных тэхналогій з дапамогай культуры, мовы можна нанесці вельмі шмат шкоды народам, у якіх гэтыя неацэнныя духоўныя каштоўнасці трапляюць пад чужародны ўплыў, пачынаюць выцясняцца суседскімі.
Ва ўкраінскага народа маецца рэальны шанец пасля грунтоўнага азнаямлення з крайне негатыўным досведам беларуска-рускага афіцыйнага двухмоўя, не дапусціць такога ў сваёй краіне. Гэта нам, гаротным беларусам, не было ў каго павучыцца, таму мы і апынуліся ля разбітага карыта. Трохі суцяшае, абнадзейвае тое, што і ў гэтай нечуванай цяжкай сітуацыі ёсць у нас хоць жменька людзей, якія самаахвярна змагаюцца за захаванне этнакультурнай самабытнасці Бацькаўшчыны, яе роднай беларускай мовы. Сказаць, што такое змаганне закончыцца перамогай, не адважваюся, бо на баку чужой рускай культуры і мовы сама Прэзідэнцкая вертыкаль, падначаленая ёй шматлікая раць інтэлігенцыі. Пасля стварэння ў 2006 годзе праўрадавага Саюза пісьменнікаў Беларусі ў яе літаратурны працэс штогод стала ўлівацца куды больш маладых рускамоўных, чым беларуска-моўных аўтараў, ад чаго ніяк нельга чакаць дабра.
Усё гэта давядзецца зведаць і Украіне, калі ў яе не знойдзецца дастаткова сіл супрацьстаяць разгулу дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, якой ужо не першы год ахоплена практычна ўся постсавецкая прастора. Чаму б, скажам, не стварыць ужо ў самы бліжэйшы час сумесны Беларуска-ўкраінскі рух супраць русіфікацыі і за захаванне этнакультурнай самабытнасці. Ён адразу ж прыцягне да сябе ўвагу ўсяго цывілізаванага свету, паспрыяе стварэнню аналагічных рухаў у колішніх саюзных рэспубліках. Не будзе староннімі назіральнікамі за імі (рухамі) славянская супольнасць народаў. Для яе звядзенне русіфікацыяй у магілу двух братніх народаў - беларусаў і ўкраінцаў - успрымалася б, як уласная трагедыя. Калі не ў канцы восені, дык у пачатку гэтай зімы неабхода абавязкова закласці такі рух, папярэдне правёўшы адпаведную канферэнцыю беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных дзеячоў з запрашэннем на яе прадстаўнікоў адпаведных міжнародных арганізацый, грамадска-палітычных, культурных актывістаў з славянскіх краін. Да якой жа пары мы будзем утойваць ад сусветнай грамадскасці галоўных віноўнікаў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, маўчаць пра тую вялізную шкоду, якую яна, бязлітасна разбураючы прыродныя асновы духоўнага жыцця Беларусі і Украіны, наносіць культурнай разнастайнасці планеты Зямля?!
За супольную з беларусамі справу, дарагія сябры-ўкраінцы! Пад ляжачы камень вада не цячэ!
Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар.
Да 200-годдзя паэта Паўлюка Багрыма выпусцяць памятны канверт
Міністэрства сувязі і інфармацыі Беларусі запланавала на восень 2012 года выпуск мастацкага маркаванага канверта да 200-годдзя з дня народзінаў беларускага паэта XIX ст. Паўлюка Багрыма. Менавіта такая інфармацыя змяшчаецца ў адказе намесніка міністра сувязі і інфарматыкі Мікалая Струкава на ліст старшыні Баранавіцкай філіі ТБМ Віктара Сырыцы.
Раней мы паведамлялі, што ў сярэдзіне жніўня Віктар Сырыца звярнуўся да міністра сувязі і інфарматыкі з просьбаю выпусціць памятную паштоўку або канверт з нагоды 200-годдзя Паўлюка Багрыма. Як паведамляецца ў адказе, выпуск такога мастацкага канверта прадугледжаны тэматычным планам выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь. Плануецца, што юбілейны канверт пусцяць у паштовы зварот 14 кастрычніка - за месяц да 200-х ўгодкаў Паўлюка Багрыма.
Спадзяемся, што канверт, прысвечаны нашаму земляку Паўлюку Багрыму будзе прыгожым і запамінальным.
Цяпер Віктар Сырыца чакае адказу на свой аналагічны зварот да старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзеі Ермаковай з просьбаю выпусціць памятную манету да 200-годдзя паэта Паўлюка Багрыма.
Вітусь Свабодскі, г. Баранавічы.
Беларускамоўны ветэран
Яўген Парфёнавіч Старавойтаў нарадзіўся на Гомельшчыне ў 1925 годзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнам Славы ІІ ступені... Пасля вайны скончыў Інстытут замежных моў. Валодае ангельскай, нямецкай, рускай мовамі. Размаўляе па-беларуску. Выхаваў чацвярых дзяцей. Працаваў на выкладчыцкай працы ў Пінску, а таксама ва Узбекістане. Жыве ў Лунінцы. Асвоіў кампутар, прынтар, відэакамеру. Спявае ў хоры "Спадчына". Гэты калектыў аб'ядноўвае ветэранаў вайны і працы. Таксама дзядзька Яўген любіць тынчыць лязгінку. Мае добрае пачуццё гумару! На кніжнай паліцы ў яго кватэры можна пабачыць творы Міколы Аўрамчыка і Фелікса Шкірманкова.
Аляксей Шалахоўскі , журналіст. Мінск - Лунінец - Мінск
Прайшла прэзентацыя зборніка паэзіі "Разам з Табою" Яна Твардоўскага
У Гародні прайшла прэзентацыя зборніка паэзіі "Разам з Табою" ксяндза Яна Твардоўскага - аднаго з прадстаўнікоў сучаснай рэлігійнай лірыкі. Гэта першая яго кніжка, перакладзеная на беларускую мову.
Вершы ксяндза Яна Твардоўска на беларускую мову пераклалі Данута Бічэль і Крыстына Лялько. У зборніку, выдадзеным выдавецтвам "Про-Хрысто" вершы пададзены ў арыгінале і ў перакладзе.
Наш кар.
Магілёўскі летапісец ХХ стагоддзя
У жніўні гэтага года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння вядомага магілёўскага краязнаўца Іераніма Філіповіча. Ён нарадзіўся ў Магілёве, скончыў там школу і два курсы даваеннага Палітасветінстытута, доўгі час працаваў у музеі і ў Магілёўскім гістарычным архіве. Яшчэ да вайны, з 1930 года, стаў цікавіцца гісторыяй роднага горада, а з 1958 года, калі працаваў інжынерам тэхнічнага нагляду на будаўніцтве дарог і мастоў, пачаў збіраць матэрыялы па гісторыі Магілёва, каб напісаць яго гістарычны летапіс з ХІІІ па ХХ стст.
У Ленінградзе ў бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ён знайшоў арыгінальны рукапіс Хронікі горада Магілёва Трафіма Сурты і Трубніцкіх і цалкам перапісаў яго сваёй рукою, бо зняць копію са спарахнелага арыгінала было немагчыма. Філіповіч звольніўся з працы і 8 месяцаў днямі рабіў гэтую тытанічную працу. Усе факты па магілёўскай гісторыі ён выпісваў на асобныя карткі (12 тысяч картак), а таксама не выпускаў з рук фотаапарат і пакінуў у спадчыну Магілёўскаму абласному краязнаўчаму музею 2390 фотанегатываў.
Я пазнаёміўся са спадаром Іеранімам у верасні 1979 года, калі пачаў раскопкі магілёўскай ратушы. Ён вельмі зацікавіўся археалагічнымі раскопкамі і мы пачалі абменьвацца інфармацыяй пра гістарычны цэнтр Магілёва, бо я перад раскопкамі сабраў цікавы матэрыял па гісторыі ратушы ў розных бібліятэках і архівах Вільні, Менска, Магілёва, Масквы і Ленінграда. Запрашаў сп. Філіповіч мяне і дахаты, дзе паказваў сваю ўнікальную калекцыю і хроніку гісторыі сучаснага Магілёва, якую ён пісаў штодня, не прапускаючы ніводнай падзеі ў жыцці горада і ўсё фіксуючы на фотастужку.
Неяк ён заўважыў, што я дэтальна абмяраю цэглу з падмуркаў магілёўскай ратушы XVII ст., і пацікавіўся, навошта гэта трэба. Калі даведаўся, што гісторыя беларускай цэглы - гэта адна з тэмаў маёй будучай кандыдатскай дысертацыі, паказаў мне і дазволіў карыстацца сваёй калекцыяй старой магілёўскай цэглы, якую ён збіраў і прыносіў з розных месцаў горада, калі руйнаваліся старыя будынкі ці праводзілі каля іх земляныя работы. Каля цаглянага падмурка яго драўлянай хаты ляжаў стос добра памытай цэглы, прычым кожная цаглінка мела паперку-пашпарт свайго паходжання.
Такім чынам, дзякуючы дапамозе Іераніма Іосіфавіча, я здолеў добра вывучыць цэглу з помнікаў магілёўскай архітэктурнай школы, што склалася ў XVІІ ст. Гэта была тонкая цэгла, таўшчынёй 4,5-5,5 см, на сваёй паверхні яна мела некалькі неглыбокіх баразёнак, размешчаных наўкос адпаведна бакавых граняў шырокай часткі цаглінаў.
Наша знаёмства доўжылася некалькі гадоў і мела ўзаемную цікавасць.
Да юбілею Філіповіча ў Магілёўскай абласной бібліятэцы зроблена выстава, дзе можна пабачыць яго кнігі і асобныя артыкулы. Грунтоўны артыкул пра краязнаўчую і навуковую дзейнасць І. І. Філіповіча надрукавала ў "Краязнаўчай газеце" (№ 31 (432) жнівень 2012 года) Тамара Калініна. Было б добра, каб у Магілёве з'явілася вуліца, названая ў гонар знакамітага краязнаўцы і даследчыка.
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.
Экскурсія па Магілёве: каб ведаць карані свае
Традыцыйная пешаходная бясплатная экскурсія па старажытным Магілёве, якую ладзіць Магілёўская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, даўно стала традыцыйным мерапрыемствам не толькі для сяброў агранізацыі. Прыходзяць паслухаць расповед пра далёкіх продкаў неабыякавыя да гісторыі роднага Магілёва працаўнікі мясцовых прадпрыемстваў, выкладчыкі і настаўнікі, вучні і пенсіянеры, студэнты і госці горада.
Не стала выключэннем краязнаўчая сустрэча, якая адбылася 22 жніўня. Паслухаць пра самыя значныя падзеі далёкага мінулага малой радзімы прыйшлі амаль 50 экскурсантаў. Старонкі гісторыі слаўнага горада на Дняпры яны пачалі гартаць на Замкавай гары (сёння парк Горкага). Дзве гадзіны не хапіла нават на тое, каб нагадаць гісторыю самай старой часткі горада. "Пра Магілёў можна расказваць бясконца, былі б слухачы, - упэўнены экскурсавод па прафесіі і старшыня філіялу Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў. - Экскурсіі могуць быць абсалютна рознымі, таму што горад наш вельмі старажытны, таямнічы і наскрозь загадкавы. Прыемна, што і магілёўцам ён цікавы, таму, я думаю, гэтыя экскурсіі будуць працягвацца і ў будучыні".
Пасля экскурсіі яе ўдзельнікі далучыліся да дабрачыннай акцыі па зборы сродкаў для выкупу кнігі "Вялікае мастацтва артылерыі" беларускага шляхціца ВКЛ, ваеннага тэарэтыка, інжынера і гуманіста Казіміра Семяновіча, якую аб'явіў Музей гісторыі Магілёва. Выданне датуецца 1651 годам. На працягу двух стагоддзяў кніга была вучэбным дапаможнікам для артылерыстаў усяго свету. Па ёй спасцігалі ваенную навуку Ньютан, Напалеон і Пётр I. "Ні адна дзяржаўная ўстанова Беларусі не мае падобных экзэмпляраў кнігі, а аналагічныя выданні налічваюць 27 асобнікаў ва ўсім свеце. Яшчэ ў XIX стагоддзі яны сталі букіністычнай рэдкасцю, а ў XXI-м практычна зніклі з кніжных кірмашоў", - павядамляе афіцыйны ліст адміністрацыі музея.
Фаліянт прадае за 15000 еўра прыватны калекцыянер з Менску. Грошы за кнігу трэба ўнесці да 1 верасня, інакш унікальнае выданне можа пакінуць Беларусь.
Галіна Хітрыкава, Магілёў.
У беларусаў Іркуцка
Рэгіянальная грамадская арганізацыя "Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага" і Іркуцкая моладзевая гарадская грамадская арганізацыя "Моладзевы Клуб Крывiчы" пачынаюць "новы грамадска-актыўны" год, пасля летняга зацішша.
І першае знакавае мерапрыемства адбудзецца ўжо 7 верасня 2012 г.
У Доме афіцэраў пры садзейнічанні АГКУ "Цэнтр сацыяльных і інфармацыйных паслуг для моладзі", дырэктарам якога з'яўляецца Юткілітэ Ганна Іванаўна, у 19 гадзін адбудзецца свята "Моладзевыя вячоркі".
У гэты раз "Вячоркі" будуць з "разыначкамі".
Па-першае, невялікі канцэрт паднясуць нам Ансамбль аўтэнтычнай песні "Крывiчы", створаны тры гады назад актывістамі нашага Моладзевага клуба (кіраўнік Воля Галанова).
Другой "разыначкай" будзе ў нас госць з Краснаярскага краю Зміцер Крэчат, музыка, выканаўца на сярэднявечных прыладах старадаўнія беларускія кампазіцыі.
Ну, і ўжо традыцыйна, на "Моладзевых Вячорках" будзе танцавальны блок.
Алег Рудакоў.
Беларускамоўнымі "Правіламі дарожнага руху" можна карыстацца без абмежаванняў
Старшыні ГА "Таварыства
беларускай мовы імя
Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
вул. Румянцава, 13
220034, г. Мінск
Паважаны Алег Анатольевіч!
Разгледзеўшы Ваш зварот аб падрыхтоўцы і прыняцці Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2005 г. № 551 "Аб мерах па павышэнню бяспекі дарожнага руху" (далей - Указ № 551) на беларускай мове, паведамляем наступнае.
У адпаведнасці з артыкулам 54 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) упаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (або) рускай мовах. Пры гэтым згодна артыкулу 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абедзве прызначаныя мовы з'яўляюцца дзяржаўнымі.
Прымаючы да ўвагі пералічаныя заканадаўчыя нормы, распрацоўка праекта прававога акта і яго прыняцце (выданне) могуць быць ажыццяўлены на любой дзяржаўнай мове.
У мэтах рэалізацыі правоў грамадзян на роўнае выкарыстанне дзяржаўных моў у эталонным банку даных прававой інфармацыі з інфармацыйна-пошукавай сістэмай "ЭТАЛОН", распаўсюджваемым Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі, спецыяльна прадугледжаны пераклад прававых актаў, прынятых на рускай мове, на беларускую мову і наадварот. Такі пераклад можа ажыццяўляцца ў адносінах да любога прававога акта, у тым ліку Указа № 551, а доступ да гэтага банка даных можна атрымаць бясплатна ў бібліятэках краіны.
Дзякуючы магчымасці перекладаць прававыя акты з дапамогай названнага банка даных, а таксама актыўнай дзейнасці па неафіцыйнаму перакладу прававых актаў на беларускую мову такіх грамадскіх аб'яднанняў, як Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, за сем гадоў прымянення Правіл дарожнага руху на практыцы фактаў цяжкасцей выкарыстання названых Правіл у сувязі з іх выданнем на рускай мове не зафіксавана.
Улічваючы існуючыя магчымасці грамадзян бесперашкодна атрымліваць доступ да беларускамоўнай версіі Указа № 551 распрацоўку новага праекта Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мяркуем не зусім абгрунтаванай.
Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькоў.
І праекты, і сюжэты, і юбілеі, а "мяч" і "шайбу" на беларускую мову перакласці не могуць
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Шаноўны Алег Анатольевіч!
Намі быў разгледжаны Ваш зварот наконт ажыццяўлення каментароў мерапрыемстваў XXX Летніх Алімпійскіх гульняў на рускай мове.
Нагадваем Вам, што згодна з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" "массовая информация может распространяться в Республике Беларусь на государственных языках Республики Беларусь и на других языках", што таксама тычыцца і да выбару мовы спартыўных каментароў.
Таксама звяртаем Вашу ўвагу на тое, што ў Белтэлерадыёкампаніі вядзецна планамерная праца ў галіне пашырэння выкарыстоўвання беларускан мовы ў праграмах тэлеканалаў і на радыёстанцыях, асабліва напярэдадні юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Плануюцца да вытворчасці дакументальныя фільмы і праграмы, прысвечаныя гэтым знамянальным датам.
Павялічваецца колькасць сюжэтаў для навастных праграм. Ствараюцца культуралагічныя праграмы, цалкам выходзячыя на беларускай мове. Прапаноўваюцца новыя формы падачы матэрыялу з выкарыстаннем беларускай мовы, акрамя таго, некалькі беларускамоўных тэлепраектаў, у тым ліку і спартыўных, знаходзяцца ў распрацоўцы.
Дзякуй Вам за цікавасць да дзейнасці нашай кампаніі.
З павагай,
Старшыня Г.Б. Давыдзька.
Быць з моладдзю - прынцып святара
16-18 жніўня ў горадзе, які знаходзіцца на ўзбярэжжы, паміж двух блакітных азёраў Дрывяты і Навяты праходзіла дыяцэзіяльная сустрэча моладзі.
Сюды з'ехаліся юнакі і дзяўчаты з Віцебска, Паставаў, Расонаў, Гудагая і іншых гарадоў Віцебскай і суседніх абласцей. Пра ўдзел у мерапрыемствах распавёў пробашч парафіі ў Расонах ксёндз Вячаслаў Барок.
- Лічу, што такія спатканні моладзі, якія ладзяць каталіцкія супольнасці, вельмі важныя. Касцёл з'яўляецца ў нашым грамадстве менавіта тым асяроддзем, якое дазваляе маладым людзям знаходзіць саміх сябе. На працягу гэтых дзён яны ўзмацоўваліся духоўна, сустракаючыся на малітве, пазнаючы Святое Пісанне, гісторыю і традыцыі каталіцызму на Беларусі. Апрача гэтага, яны атрымлівалі скарб інтэлектуальны, дзяліліся сваім досведам, і гэта пакінула след у іхных сэрцах, будзе прыносіць плён у будучыні.
- Якая форма супрацоўніцтва моладзі Вам падаецца найбольш важнай?
- У праграме былі прадугледжаныя малітоўныя спатканні, адпачынкавыя, былі сустрэчы ў групах, танцы, футбол. Кожны мог знайсці для сябе штосьці важнае і карыснае.
У Полацкім дэканаце, да ягога мы належым, сістэматычна адбываюцца дэканальныя спатканні. Моладзь збіраецца і супольна разважае на розныя тэмы. У мінулым годзе сустрэча праходзіла пад дэвізам: "Не бойцеся!". На ёй гаварылася аб тым, як у сучасным свеце, складаным і неадназначным, не баяцца вызнаваць свае хрысціянскія перакананні, як заставацца верным сваім маральным прынцыпам.
- Можа ў Вас ёсць і свой сакрэт, як перадаць моладзі досвед веры, наблізіць да касцёла ці царквы, даць магчымасць праявіць актыўнасць?
- Тут адзін сакрэт: з моладдзю трэба быць. Калі святар будзе прысвячаць не толькі сваю плябанію, не толькі грошы, а самае дарагое - свой час, свае сэрца, тады моладзь будзе дабраславёнай. У гэтым фундаментальны сакрэт. Як аддасі сэрца, так малады чалавек застанецца побач.
У справах Божых трэба з усяго браць карысць. Таксама і Інтэрнэт можа прынесці карысць. Існуе шмат суполак у сацыяльных сетках, на "Фэйсубуку", "У кантакце", якія прапагандуюць хрысціянскі лад жыцця, і іх трэба выкарыстоўваць. Кажучы інакш, для мудрага чалавека ўсе абставіны будуць спрыяць для развіцця.
Яшчэ і тым характарызуецца цёплая атмасфера сустрэчы, што ўсе маладыя людзі, а іх было больш за 300 чалавек, былі размеркаваныя па дамах добрых гаспадыняў, па хатах Браслаўскай парафіі. Гэта значыць, што спатканне сягнула далей межаў касцёла, людзі адкрыліся да прыёму маладзёнаў, прымалі чужых людзей, дзяліліся тым, што маюць. Такі досвед ўзбагачаў тых, хто карысталіся гасціннасцю і хто ёй дзяліліся.
У Браславе такія спатканні кожны год папярэднічаюць вялікім урачыстасцям, звязаным з Абразам Божае Маці Валадаркі Азёраў.
Дыяцэзіяльныя спатканні - форма дзейнасці, якую ўпадабала беларуская моладзь. Гэта ўлюбёная форма сустрэчаў пасля пілігрымак. Маладыя людзі любяць хадзіць у пешыя пілігрымкі ў Будслаў, у Росіцу. На спатканнях моладзь можа і адпачыць крыху. Кожны год моладзевыя сустрэчы адбываюцца ў Івянцы.
- Цяпер важна адрадзіць традыцыю, каб бабулі і дзядулі дзяліліся сваім досведам і наадварот, каб маладзёны няслі святло веры тым бацькам, якія сумняваюцца. Можа ў Вашай сям'і ўжо існуе такая традыцыя?
- Для мяне непараўнальны дар, скарб, які я атрымаў - рэлігійнае выхаванне ў сваёй хаце. Мае бацькі былі і ёсць сапраўднымі веруючымі людзьмі - католікамі. Яны не цуралілся сваёй веры, дэкларавалі веру. Гэта стала той асновай, на чым узрастала мая вера.
Мае бабуля і дзядуля кожны дзень маліліся, я гэта памятаю. Я вырас ў сям'і, якая налічвала дзевяць дзяцей. Мой брат сёння - таксама святар, ён прапаведуе хрысціянства. Я магу ганарыццы тым, што мае бацькі выхавалі мяне ў веры. Мая маці Валянціна, бацька Зыгмунд жывуць у Мёрах, і я ім бясконца ўдзячны.
Эла Дзвінская.
На здымках: 1. Моладзевая супольнасць пасля ўрачыстай імшы. 2. Ксёндз Вячаслаў Барок. 3. Радасць на вачах сёстраў - удзельніц сусрэчы. Фота аўтара.
Людвік Нарбут
Хоць царскія ўлады вельмі стараліся, каб постаць Людвіка Нарбута хутка была забытая, аднак гэта ім не ўдалося. Для жыхароў Ліды і Лідчыны вайсковы начальнік студзеньскага паўстання стаў сімвалам гарачага патрыятызму і вялікай мужнасці. Пасля скону паўстання, у перыяд найвялікшых пераследаў у нашых хатах доўга апавядалася пра яго лёс а таксама пра гераічную смерць у веку 31 года. А лёс Людвіка Нарбута быў цікавы і няпросты, як і лёсы большасці жыхароў гэтых зямель у перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай.
Людвік Остык-Нарбут нарадзіўся 7 верасня 1832 года у маёнтку Шаўры ў Лідскім павеце. Яго бацька - Тодар Нарбут - быў знакамітым і прызнаным гісторыкам. Выводзіўся з вельмі старога ліцвінскага вялікакняскага роду Даўспрунгаў. Маці яго была Крысціна Падэўская. У школу Людвік Нарбут хадзіў у Лідзе. Была гэта школа папіярская. Дома, як і большасць моладзі выхоўваўся ў патрыятычным духу.
У 1850 годзе ўжо ў Віленскай гімназіі Людвік Нарбут пачаў арганізоўваць у сваім класе - відавочна таемна - патрыятычны саюз. Назваў яго "Арол і Крыж". Саюз той доўга не праіснаваў - ледзь некалькі месяцаў - да вясны 1851 года. Тады Нарбута першы раз у яго жыцці здрадзілі. Пра дзейнасць патрытяычнага саюза данеслі царскім уладам яго два таварышы. Падчас праверкі знайшлі ў Нарбута абцяжвальныя для яго матэрыялы. Быў арыштаваны. Падчас заслухвання прызнаўся ў сваёй віне і тым самым зрабіў мажлівым абараніць сваіх таварышаў з саюзу. Карай за змоўніцкую дзейнасць была публічная лупцоўка. Пры ўсім класе і прывезеных бацьках адмералі яму 25 розгаў. Царскія ўлады не дазволілі Нарбуту вучыцца далей. У якасці кары забралі яго ў войска. Як шараговец быў накіраваны на вайну з Турцыяй. Пазней яго полк Разанскіх стральцоў перавялі на Каўказ, дзе ён змагаўся з жыхарамі тых гораў. На Каўказе Л. Нарбут здабыў досвед у партызанскай барацьбе. Гэтыя навыкі ён пазней скарыстаў у часе студзенскага паўстання. Падчас баёў на Каказе Людвік Нарбут вызначыўся адвагай, за якую быў адзначаны крыжам Св. Андрэя ІV ступені.
У 1855 годзе Л. Нарбут атрымаў падафіцэрскае званне. А праз два гады прадставілі яго да прапаршчыка. У войску, дзякуючы амністыі, абвешчанай у 1858 годзе, Нарбут прабыў яшчэ толькі два гады. Войска ў званні паручніка пакінуў па ўласнай просьбе ў 1860 годзе. У наступны год вярнуўся ў родныя Шаўры. Аднак у бацькавым доме адпачываў не доўга. Вырашыў выехаць у Варшаву і Кракаў, каб паглядзець сталіцы Рэчы Паспалітай. У тым самым годзе ажаніўся з удавой Анэляй Сядліняўскай. Пасля шлюбу пасяліўся ў маёнтку а сваёй жонкі ў Сярбянішках.
Пачатак 60-х гадоў 19-га стагоддзя быў гарачым перыядам перад паўстаннем. На Лідчыне, як і на большасці тэрыторый даўняй Рэчы Паспалітай, якія ўваходзілі ў зону расійскай акупацыі, пачала нарастаць патрыятычна-канспірацыйная дзейнасць.
У 1862 годзе да Людвіка Нарбута прыехаў з Вільні яго малодшы брат Баляслаў. Ён прывёз з сабой адозву варшаўскага Цэнтральнага нацыянальнага камітэту. З тэкстам адозвы пазнаёміўся Людвік Нарбут. Папера тая найпраўда-падобней спрычынілася да таго, што ён вырашыў актыўна ўключыцца ў змоўніцкую дзейнасць. Пад канец 1862 года ён пайшоў пад каманду Правінцыйнага камітэту ў Вільні, які кіраваў канспірацыйнай дзейнасцю на Літве. З падачы Крыла чырвоных Камітэт прызначыў яго вайсковым начальнікам Лідскага павету і зрабіў адказным за падрыхтоўку да паўстання.
З ускладзеным абавязкам скрывіўся добра. Перад выбухам паўстання аб'язджаў навакольныя двары і дамаўладанні, каб будучым удзельнікам баявых дзеянняў забяспечыць тыл у часты кватэр, узбраення, правізіі, а таксама медычнай дапамогі. З апасення перад дэмаскаваннем інспекцыі гэтыя праводзіў пад выглядам падрыхтоўкі да паляванняў.
Нацыянальны ўрад або так званы Цэнтральны камітэт абвясціў у дзень паўстання 22 студзеня 1863 года зварот, у якім чытаем: "...У першы дзень адкрытага выступлення, у першую хвіліну пачатку святога змагання Цэнтральны нацыянальны камітэт абвяшчае ўсіх сыноў Польшчы, без розніцы веры і роду, паходжання і стану вольнымі і роўнымі жыхарамі краю. Зямля якую сяляне выкарыстоўвалі датуль на правах чыншчу ці паншчыны становіцца ад той хвіліны безумоўнай іх уласнасцю, вечнай спадчынай. Уладальнікам, пацярпелым ад гэтага будзе выплачана кампенсацыя з агульных фундушаў дзяржавы... Да зброі ўсе. Народзе Польшчы, Літвы і Русі да зброі! Бо, час агульнага вызвалення ўжо прабіў, стары меч наш аголены, святы штандар Арла, Пагоні і Архангела разгорнуты..."
Пасля выбуху паўстання ў Кароне Людвік Нарбут адзін з першых 2 лютага з'арганізаваў аддзел на Літве і 14 лютага з малодшым братам Баляславам і шасцю вяскоўцамі вырушыў з маёнтка Сербянішкі ў лясы ў ваколіцах Эйшышак.
У той жа дзень, па дарозе далучыліся да яго Лявон Краінскі з Грышанішак з некалькімі людзьмі. Гэта быў пачатак аддзелу Нарбута. Аддзел хутка рос, таму што Людвік Нарбут быў незвычайна папулярны сярод людзей. У Эйшышках пад канец лютага далучыўся да яго вялікі аддзел пад кіраўніцтвам ксендза Юзафа Гарбачэўскага, вікарыя Эйшышскай парафіі, які першым у Лідскім павеце абвясціў з амбона маніфест Нацыянальнага ўраду.
У лютым аддзел прамаршыраваў праз вёскі Попішкі, Калітанцы, Рудню, Салкі, Гудэлі ў кірунку Рудніцкай пушчы. Затрымаліся ў маёнтку Парадунь Ксаверага Турскага, і маёнтку Подзітва Яна Карловіча.
Нарбут са сваім аддзелам кружыў па наваколлі, зачытваючы жыхарам паўстанцкі маніфест. Віленскі камітэт вырашыў, што Нарбут са сваёй партыяй павінен перабрацца на Меншчыну, з мэтай злучэння ў большы аддзел з паўстанцкай групай, якая дзейнічала там.
Аднак загаду Нарбут не выканаў. Палічыў, што павінен застацца на тэрыторыі, якую лепей ведаў. Начальнік паўстання ў Лідскім павеце выбраў тэрыторыю дзейнасці, а ў пушчы над ракой Котра заснаваў лагер і распачаў барацьбу. Аддзел Нарбута ў перыяд найбольшай колькасці налічваў каля 300 чалавек, быў узброены пераважна паляўнічай зброяй, косамі, а пасля пераможных баёў штуцарамі і вайсковымі карабінамі. Партыя, якой кіраваў здольны правадыр і дасканалы знаўца партызанскай барацьбы, нанесла шэраг адчувальных паразаў расейскай гвардыі.
Першае ўзброенае сутыкненне аддзела Нарбута з расійскім войскам адбылося 9 сакавіка 1863 года пад Руднікамі, якія размешчаны на невялікай адлегласці ад Вільні. Сутыкнне закончылася поспехам паўстанцаў. Аддзел Нарбута налічваў на гэты момант ужо каля 100 чалавек, а ўзбраенне ў большасці складала паляўнічыя зброя. Ад'ютантам Нарбута быў яго брат Баляслаў.
Пасля 9 сакавіка пасля пераможных бітваў пад Руднікамі, у ваколіцах станцыі Рудзішкі, над рэчкай Мерачанкай да паўстанцаў далучылася група віленскіх дабраахвотнікаў пад кіраўніцтвам Эльвіра Міхала Андрыёлі. Наступныя баі адбыліся пад Новым Дваром, пад Пілоўняй, каля Бершт, пад Кавалькамі, над возерам Думбля.
Вясной партыя Нарбута дзейнічала ў Нацкай пушчы паміж Лідай і Аранамі. Знаёмасць тэрыторыі, а таксама набытыя на Каўказе навыкі вядзення партызанскіх дзеянняў дазволілі начальніку пазбегнуць многіх аблаў, арганізаваных царскім войскам. Аддзел Нарбута аднак з вайсковага погляду быў слаба ўзброены і слаба абучаны. Была гэта перш за ўсё мясцовая шляхта і мужыкі.
Уменне пазбягаць аблаў, спраўнае кіраўніцтва аддзелам, а таксама выйграныя сутычкі, як напрыклад пад згаданымі Руднікамі 9 сакавіка, ці пад Дубічамі 10 красавіка і пад Кавалькамі 20 красавіка, спрычыніліся да ўзнікнення яшчэ пры жыцці Нарбута легенды пра яго і яго партыю. За заслугі на полі бою, найпраўдападобнай 30 або 31 сакавіка Нацыянальны ўрад прадставіў яго да звання палкоўніка. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтаму пакуль не знойдзена.
Занепакоеныя ўлады спецыяльна для задушэння "бунтаўшчыкоў" прысылаюць некалькі батальёнаў, але арганізацыйныя здольнасці і веданне вайсковай справы Нарбутам, набытыя на Каўказе ў вайне з чачэнцамі, дазваляюць яму ў хвіліны небяспекі бліскавічна арыентавацца ў сітуацыі і ўхіляцца ад баёў з большымі сіламі ворага. На працягу трох месяцаў аддзел Нарбута быў сапраўдным страхам для маскалёў таму, што дзейнічаў хутка і дакладна. Добра знаёмы з тэрыторыяй размяшчэння Нарбут займаў цяжка даступныя месцы ў лесе. Акрамя таго камандзір заўсёды пільна сачыў за неабходнасцю зацірання за сабой слядоў, а пры любой аказіі шкодзіў ворагам, дзе толькі мог. Пераймаў чыноўнікаў, па дарогах, адбіваў партыі рэкрутаў, вешаў здраднікаў нацыянальнай справы, забіраў зброю ў леснікоў і да т. п. Дзейнасць Нарбута прывяла да таго, што генерал-губернатар Назімаў выдаў спецыяльны загад для сцягвання вялікіх аддзелаў лейб-гвардыі Паўлаўскага палка с трох пунктаў: з Вільні, Горадні і Ліды. Тыя аддзелы атрымалі загад любой цаной разбіць аддзел няўлоўнага "бунтаўшчыка" Нарбута. А вось, апісанне аднаго з баёў паводле Э.М. Андрыёлі:
"Акружаныя і заціснутыя маскалямі, якія мелі за справу гонару разбіццё аднаго аддзелу, што меў славу на Літве, цэлую ноч адступалі без дарог, змучаныя, галодныя, замёрзлыя. Ксёндз Гарбачэўскі, Краінскі, Нарбут і праваднік са свечкаю ў руках шукаюць дарогі па пушчы. Мы парамі, хістаючыся ад стомы і сплючы на маршы, чапляючыся за калоды і вываратні, сунемся следам за агеньчыкам. Бываюць хвіліны, што нашы праваднікі губляюцца ў велізарнай пушчы, кажуць аддзелам спыніцца, а самі разыходзяцца шукаць слядоў дарогі: тады адны стоячы, другія прысеўшы, іншыя абапёршыся зноў засынаюць чуткім сном. Зноў каманда: "Марш" і цягнецца сонная, змучаная дружына.
Пад раніцу пераканаўшыся, што кружым вакол, кідаем асцярожнасць і галодныя спыняемся недалёка ад хаты лесніка ва ўрочышчы Лакштунцы. Пра выбар пазіцыі няма мовы. Бо мы думаем, што маскалі, страпаныя нашым начным бадзяннем, пакінуць нас у спакоі. Затрымаліся ў сярэдзіне вялізнага лесу, маючы за сабой балота, а перад вачамі невялікую прасеку, цераз якую вілася сцежка да лесніка. Сонца пачынае прыпякаць, пад адзінаццаць раніцы становіцца горача. Кожны размясціўся, як мог, захоўваючы аднак баявую лінію павернутую фронтам да прасекі. Адны спяць, другія ядуць, іншыя выграваюцца на сонцы, некаторыя чытаюць кніжкі альбо лісты.
Каля другой ад паўдня зменены пікеты, цішыня ў лагеры нечуваная, чуцён піск мух і камароў. Нарбут на хвіліну адышоў за зараснік, звыклая пільнасць на гэты раз аслабла, цяпло і стома апанавалі ўсімі.
Раптам стрэл здалёку, а за ім два іншыя. "За зброю, за зброю!". Нарбут ужо паміж намі. Забурліла, як ў катле, падхопліваюцца задрамалыя... пытанні, неспакой, замяшанне. Толькі начальнік спакойны, гаворыць пасунуцца наперад на 300 крокаў і заняць баявую лінію па трое ўздоўж краю лесу і прасекі.
Пераканаліся тады, што можа халодная адвага аднаго чалавека. Усе хвіліну назад трывожныя, неспакойныя, гатовыя ўцякаць, зараз прытомныя, зручна пазаймалі прызначанае сабе месца. Касінеры з афіцэрам ў баявой калоне залеглі праз 200 крокаў за стралкамі. Тыя ж хаваючыся за пнямі і ў кустах, галавой наперад з руляй перад сабой і пальцам на спуску, чакалі каманды да стральбы, а здалёку ўжо гралі маскоўскія трубы баявы сігнал: "Рассыпались молодцы! За камни, за кусты, по два в ряд!" Знаёмы той сігнал дагэтуль гучыць ў вушах. У лесе, дзе кожны куст, кожнае дрэва хавае засаду, дзе ніколі нельга палічыць непрыяцеля, дзе кожнаму здаецца, што толькі ён і некалькі бліжэйшых яшчэ бароняцца, а рэшта ўжо ўцякла, дзе рэха сто разоў паўтарае стрэлы і рык маскалёў, а небяспека, здаецца, атачае з усіх бакоў - вайсковая труба робіць немалое ўражанне.
"Пане Пілецкі - гукае Нарбут, - вазьмі 10 чалавек і марш на рэкагнасцыроўку, - а праз хвіліну, - калі ласка, не рызыкуй". Пілецкі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, смелы, талковы, разважлівы, а прытым ветлівы і далікатны хлопец быў улюбёнцам ўсяго аддзелу.
Яму то Нарбут давяраў найрызыкоўнейшыя справы, пэўны ў тым, што з іх смела і разважліва выйдзе.
Пасля адходу Пілецкага наступіла ціша, якой, нават, маскоўская труба не перарывала. Толькі сэрцы біліся хутчэй. Нарбут перабегае ўздоўж ўсёй лініі з шашкай ў адной і шапкай ў другой руцэ, спыняецца, слухае і зноў выглядае, ці ўсе на месцы.
Страшную цішу неспадзявана разрываюць выбухі некалькі стрэлаў, загралі трубы і даляцела: "Ура-Ура!", якое лес падхапіў і на тысячу таноў паўтарыў. Зашамацелі кусты, і з стрэльбамі, якія яшчэ дыміліся, выскачылі нашы рэкагнасцыроўшчыкі. Твары белыя, дыханне прыспешанае: "Пане начальнік! Ідуць шасцёркамі, лінія вялізарная, займаюць крылы!"
- Добра! На месца! Ціха... ніякіх галасоў! Хто крыкне - растраляю! Страляць прыцэльна! Чакаць, пакуль не загадаю! Каб мне ніхто не піснуў!
А ад стрэлаў маскоўскіх здавалася, што ломіць лес, кулі капаюць землю. Ужо сям-там чуваць: "Езус, Марыя! Правядзіце мяне на воз! " Але загадана не страляць. І кожны сэрцам, што гучна б'ецца, з стрэльбай наперад чакае, пакуль яму пакажацца маскаль.
Гулка грыміць лес. Стрэлы і крыкі ў 100 раз гусцейшыя і бліжэйшыя, ломяцца галіны, чуваць марш цяжкай масы. Праз хвіліну ўбачым маскоўцаў, а перад намі прасека, ціхая аблітая сонцам.
Замігалі шэрыя шынялі, бліснула зброя і белыя акруглыя аблочкі на фоне лесу. Маскалі займаюць супрацьлеглы край прасекі. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, не гледзячы на загады афіцэраў, не рухаюцца. Відаць іх непакоіць ціш з нашага боку. Нарэшце з трэскам і стрэламі рухаюцца шасцёркамі. Была то хвіліна збавення, сэрцы біліся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў, і вытнуць ў штыхі, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: "Агонь, хлопцы, усёй лініяй!" І ад канца да канца праляцеў выбух больш сотні стрэлаў, а потым ціша і дым.
Не граюць трубы, маўчыць "Ура!"
- Добра, добра, спраўна, набіць зброю, востра хлопцы! - гукае расчырванелы Нарбут абабягаючы ўсю лінію.
Зноўку граюць трубы і чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы і "Ура, вперёд ребята!" Ломяцца кусты. Прымушаныя гнаныя сілай паслушэнства, кідаюцца маскалі галавою ўніз з штыхамі наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвіліна, і ўсе кінемся наўцёкі. Але на выгук: "Агонь, прыцэльна!" запаляюцца 150 стрэльбаў на нашай лініі. Воблака дыму закрывае ўсё, уціхае трэск чуваць толькі енкі параненых і канаючых з абодвух бакоў.
Але не доўга трывае цішыня, падходіць падмога. Зноў заенчыў лес, стрэлы, крыкі, паніка... Даём агню некалькі разоў, яшчэ трымаемся. Раптам пабегла левае крыло, зламанае націскам маскалёў, стараемся ўтрымацца, але ўжо позна. Кідаемся направа, за малое балотца дзе ўсё фармуецца вакол начальніка. Масква раз'юшана кідаецца ўсім кагалам за левым крылом міма нас, як бура, страляюць, крычаць, дратуюць раненых, агонь аддаляецца, чуваць толькі адзіночныя стрэлы, галасы ціхнуць, лес замаўкае, ціша, але як яна адрозніваецца ад ранейшай. Бітва скончылася. Пунцовае сонца села за лесам. Здалёк даходзіць да нас глухі шум размоў, водгалас трубы і ад часу да часу далёкі стрэл. Ноч..."
(Працяг у наступным нумары.)
Памяці Расціслава Лапіцкага
Мастакі суполкі "Пагоня" Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў і Алесь Пушкін разам з мясцовымі актывістамі Валянцінам Варанішчам і Ўладзімірам Шульжыцкім адзначылі чарговыя ўгодкі Расціслава Лапіцкага, кіраўніка антыкамуністычнага падполля.
Мастакі разам з мясцовымі актывістамі наведалі раніцай праваслаўны храм, дзе былі асвечаны чатыры намаляваныя імі партрэты Лапіцкага. Яны таксама замовілі малебен у памяць расстралянага юнака.
Пасля з асвечанымі карцінамі прайшлі да помніка Францішку Багушэвічу ў гарадскім парку. У гэты час за імі ўжо назіралі людзі ў цывільным. Пасля таго, як удзельнікі акцыі рушылі ў бок дома Валянціна Варанішчы, адначасова раздаючы мінакам буклеты пра Лапіцкага, іх затрымалі супрацоўнікі РАУС і завялі ў пастарунак.
Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута Вялейскага раёна. Расстраляны 28 кастрычніка 1950 года за тое, што ў пасляваенны час стварыў моладзевую падпольную арганізацыю, якая распаўсюджвала лістоўкі, скіраваныя супраць Сталіна і бальшавіцкай улады.
Наш кар.
У Польшчы адзначылі дзень нараджэння героя-антысаветчыка Расціслава Лапіцкага
1 верасня ініцыятыва "Беларуская Нацыянальная Памяць" ушанавала памяць Расціслава Лапіцкага (1928 - 1950), лідара моладзевай арганізацыі ў паваеннай Беларусі.
У дзень яго нараджэння пад адкрытым небам быў арганізаваны прагляд фільма "Як пошуг маланкі", які распавядае пра жыццё Лапіцкага. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы запалілі знічы ў памяць пра яго каля помніка палякам, якія загінулі ў Варшаўскім паўстанні.
Таксама мерапрыемствы ў памяць аб Лапіцкім прайшлі ў Гданьску і Беластоку.
Еўрарадыё
ГІСТАРЫЧНЫ БРЭНД ШКЛОВА І ПРЫВАБЛІВАСЦЬ ІНВЕСТЫЦЫЙ
Гісторыя Беларусі 16-18 стагоддзяў характарызуецца росквітам гарадоў, насельніцтва якіх імкнулася да своеасаблівай вольнасці і самастойнасці. Адпаведных мэт яны маглі дасягнуць праз атрыманне Магдэбургскага права.
Магдэбургскае права ўзнікла ва ўсходненямецкім горадзе Магдэбурзе яшчэ ў 13 стагоддзі і ўяўляла звод правоў і прывілеяў для жыхароў еўрапейскага горада. Юрыдычныя нормы, замацаваныя адпаведным дакументам, спрыялі развіцю эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасці гараджан, вызначалі іх стан і маёмасныя правы. Гэта забяспечвала гарадам развіццё рамяства і гандлю, бараніла іх ад уціску феадалаў і адміністрацыі, спрыяла саслоўнаму адзінству. Горад, які атрымліваў Магдэбургскае права, меў магчымасць ствараць выбарчы орган - магістрат і самастойна вызначаць дзейнасць усяго гарадскога жыцця.
Непасрэдна Шклоў атрымаў адпаведную магчымасць дзесьці ў 70-х гадах 16 стагоддзя, амаль адначасова з Магілёвам. "Бурмистр места Шкловского Исай Зенович" згадваецца ў дакуменце 1577 года адначасова з войтам, радцамі і лаўнікамі.
Магістрат праводзіў пасяджэнні ў спецыяльным будынку - ратушы, абавязковым элементам якой з'яўлялася вежа з гадзіннікам - сімвал гарадскога самакіравання. Слова "ратуша" паходзіць ад нямецкага "Rathaus" і азначае "дом сходаў", або месца знаходжання органаў гарадскога магістрату. Існаванне ў горадзе адпаведнага будынка дадаткова пацведжвае, што і Шклоў некалі быў самастойным еўрапейскім горадам.
Горад быў удала размешчаны на ажыўленай сухапутнай і воднай гандлёвых дарогах. Знаходзячыся ў асяродку густанаселенага рэгіёна, дзе пераважала грашовая рэнта і была слабай фальваркавая гаспадарка, Шклоў з'яўляўся яго адміністрацыйным, гаспадарчым і культурным цэнтрам. Да таго ж ён стаў рэдкім прыватнаўладальніцкім горадам, дзе адсутнічала мытная камора, што вельмі прываблівала замежных і мясцовых гандляроў і давала вялікія прыбыткі ўладальніку горада і магістрату.
Тэрытарыяльнаму, эканамічнаму росту і ваеннай магутнасці горада таксама садзейнічала моцная ўлада гарадскога самакіравання, якая стрымлівала рост у Шклове рознага роду юрыдык (суб'екты, якія не падпарадкоўваліся магістрату) - неад'емных атрыбутаў дэцэнтралізацыі.
Сіла мясцовага магістрату таксама заключалася ў асаблівых, галоўным чынам грашовых, узаемаадносінах паміж Шкловам і ўладальнікамі горада, якім шклоўцы плацілі толькі за арэнду. Узровень дабрабыту гараджан быў такі, што іх камерцыйную дзейнасць крэдытавалі нават віленскія і рускія купцы. Своеасаблівы лібералізм у Шклове абараняў гараджан ад злоўжывання адміністрацыі, што спрыяла развіццю рамёстваў.
Па дадзеных інвентару 1643 года ў Шклове налічвалася 175 (з улікам мяснікоў 188) рамеснікаў 45 прафесій. У 1650 годзе толькі колькасць мяснікоў, пекараў, алейшчыкаў, шаўцоў, скарнякоў, крухмальшчыкаў, прадаваўшых тавар у лаўках і адведзеных ім "лектевых" месцах, складала ўжо каля 300 чалавек. У горадзе працавала 36 мясных лавак, 55 хлебных, 38 лавак алейшчыкаў і 4 крухмальшчыкаў. Такім чынам, Шклоў у першай палове 17 стагоддзя быў адным з цэнтраў рамесніцкай вытворчасці на Беларусі.
Трэба сказаць, што самакіраванне ў адпаведнасці з Магдэбургскім правам безумоўна садзейнічала росквіту горада і як вынік, Шклоў у першай палове 17 стагоддзя займаў сёмае месца па памерах і колькасці насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, уступаючы толькі сталічнай Вільні, а таксама Магілёву, Бярэсцю, Слуцку, Менску і Полацку.
Пасля анэксіі беларускіх зямель расійскай імперыяй было зліквідавана Магдэбургскае права, і ў Шклове з'явіліся новыя ўладары - спачатку князь Р. Пацёмкін, а праз невялікі час (1778 г.) былы вайсковец С. Зорыч. З гэтага часу паступова пачаўся эканамічны заняпад шклоўскіх зямель.
Найцікавейшы ў гістарычным і архітэктурным плане будынак шклоўскай ратушы стаў непатрэбным імперскім уладам і выкарыстоўваўся пад гаспадарчыя патрэбы.
За савецкім часам будынак ратушы выкарыстоўваўся як аддзяленне Дзяржаўнага банка, пажарнай службы, а напрыканцы 70-х гадоў навогуле быў закінуты і паступова разбураўся..
Але, дзякуючы агульным намаганням і сапраўднаму энтузіязму шматлікіх прыхільнікаў адраджэння шклоўскай ратушы, у лістападзе 1999 года яе будынак зноў паўстаў прыгожым архітэктурным ансамблем. У адзіны комплекс "упісаны" гістарычны архітэктурны помнік і навучальная ўстанова. У час адкрыця ва ўтульным ўнутраным дворыку, дзе сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі і гасці, сімвалічны ключ тагачаснаму дырэктару школы Аляксандру Бандаруку ўручыў кіраўнік будаўнічага трэста №18 г. Орша В.С. Чайкоў. Адзін з лепшых у краіне, своеасаблівы і арыгінальны праект здзейсніўся, а ў нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыне Беларусі з'явіўся найцікавейшы аб'ект, які паранейшаму надае годнасць нашаму народу.
Зараз непасрэдна ў будынку былой ратушы створаны і працуе гістарычна-краязнаўчы музей. Галоўным стваральнікам і апантаным рупліўцам музейнай экспазіцыі з'яўляецца настаўнік гісторыі Валерый Губін. Статус школы ўзвысіўся да гарадской гімназіі. Усё гэта вельмі радуе і цешыць думкі.
Але, на наш погляд, каштоўнасць гітарычнага помніка выкарыстоўваецца не на поўную магчымасць. Галоўны гістарычны брэнд Шклова павінен, як і ў сярэдневеччы, прыносіць і эканамічныя дывідэнды. Нашы таленавітыя продкі перадалі нам у спадчыну шматлікія ўзоры гармоніі, прыгажосці і прыклады асаблівых узаемаадносін паміж уладарамі горада і простым насельніцтвам, стымуляванню прадпрымальніцкай дзейнасці, прываблівасці інвестыцыйных праектаў.
Бадай, самым актуальным у гэтым плане у нашай краіне на сучасны момант з'яўляецца павышэнне ролі самакіравання на мясцовым узроўні, што паспрыяе больш эфектыўнай працы кіраўніцтва любога ўзроўню, суб'ектаў гаспадарання, павышэнню сацыяльнай актыўнасці бальшыні насельніцтва. Галоўным элементам самакіравання з'яўляецца выбарнасць і справаздачнасць усіх структур улады, што прывядзе як да актывізацыі упраўленчых структур, так і да павялічэння адказнасці службовых асоб. І ў першую чаргу за напаўненне мясцовага бюджэту, што, у свой час, з'явіцца "лакаматывам" развіця малога і сярэдняга бізнэсу за лік максімальнага выкарыстання мясцовых рэсурсаў, што заканамерна прывядзе да росту дабрабыту насельніцтва.
Мясцоваму самакіраванню трэба прыдаць статус прыярытэту ў пытаннях вызначэння ільготаў для нацыянальных і замежных інвестыцый у сацыяльна-культурныя і вытворчыя праекты.
Зараз у Беларусі будынкі ратуш упрыгожваюць сваімі вежамі гістарычныя мясціны толькі у шасці гарадах краіны. Але выкарыстоўваюцца яны не заўсёды па прамому прызначэнню, што некалькі прыніжае іх гістарычную годнасць, а таксама як нацыянальную і еўрапейскую спадчыну.
Прапануем, як першы крок, на тэрыторыі тых горадоў, якія ў гістарычным мінулым мелі Магдэбургскае права, стварыць своеасаблівые свабодныя эканамічныя зоны, з дапамогай якіх стымуляваць адраджэнне іх гістарычнай спадчыны.
Непасрэдна ў Шклове зараз ратуша выкарыстоўваецца гарадской гімназіяй, побач знаходзіцца мемарыял "Памяць". Гэтыя аб'екты заўсёды патрабуюць фінансавай падтрымкі, таму рэалізацыя нашых прапаноў можа станоўча паўплываць на іх захаванне і развіццё.
PS: Дадзенае інфармацыйнае паведамленне было агучана на навукова-практычнай канферэнцыі "Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра", якая адбылася ў горадзе Магілёве 1 ліпеня 2012 года.
Аляксандр Грудзіна, Пётр Мігурскі
Зборнік гіпербарэйскіх вершаў
С. Багданкевіч з Рубяжэвіч, скончыла Стаўпецкую СШ № 1 (з залатым медалём) і музычную школу ў 1965 г. У гэтым жа годзе паступіла ў Менскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага (цяпер БДПУ імя Максіма Танка) на літаратурна-музычны факультэт. Пасля яго заканчэння ў 1970 годзе ўладкавалася на працу ў Менскую педагагічную вучэльню, дзе працавала да 2003 года выкладчыцай фартэпіяна і беларускай музычнай літаратуры. З 1990 года сябар Таварыства беларускай мовы, з 1997 г. - сябра Рады ТБМ і Сакратарыяту ТБМ.
У свой час на прапанову часопіса "Крыніца" (№2-3, 1999 г. праз анкету скласці сваю паэтычную мініанталогію, назваўшы 21 верш 21-га беларускага паэта ХХ стагоддзя, сярод маіх любімых вершаў пад №19 мной быў прыведзены верш Святланы Багданкевіч "Ліст" ("Яшчэ далёка спеў самотны..."). У дадзеным выпадку мой выбар грунтаваўся на такім вось падыходзе-пазіцыі: "Бязмежнасць настрояў, бясконцасць праяў жыцця, перацяканне іх з адных формаў у іншыя, а разам з тым і канстатацыя незаўважнага натуральнага пераходу радасці ў мінор і адначасова абнадзейванне ў перамогу святла - як не палюбіць за гэта паэтычныя прыгожыя яшчэ і сваёй акварэльнасцю радкі гэтага верша?!" Сказанае амаль пятнаццаць гадоў таму назад, я гатоў пацвердзіць і сёння, адносячы яго да ўсяго, што напісана і апублікавана паэткай за апошнія гады. І што паказальна да таго сказанага тады трэба дадаць, што дыяпазон і глыбіня тэматычнага і тэхнічнага (майстэрскага) узбагачэння яе паэтычных тэксаў набылі новы якасны ўзровень, або ўскладніліся ў лепшым, празрыстым сэнсе. Падкрэслім, нашы ранейшыя меркаванні базаваліся на фактуры толькі аднаго верша. Сення ж маем іх зборнік. І таму сегмент-амплітуда нашых разваг мае быць і шырэйшай, і глыбейшай аб так бы мовіць, паказчыках, якія з гадамі ўзбагаціліся і падвысіліся.
Праўда, С. Багданкевіч усе гэтыя гады, як і раней, у адрозненне ад розных шматлікіх крамнікаў ад літаратуры, юркіх (ці то на захад ці то на ўсход, часам юрлівых ці то да стану палавой разбэшчанасці, сексапаталогіі ці то да палітычна-побытавага сервінізму і прымітывізму) грантасмокаў, вельмі рэдка з'яўляецца са сваімі паэтычнымі тэкстамі ў друку. Але гэта, безумоўна, не можа сведчыць аб тым, што яна, маўляў, як асоба і прытым творчая - "рэч у сабе". Наадварот, вершы яе адкрытыя (і сэнсава, і фармальна): чытайма. А час грантасмокаў, вытворцаў розных кшталтаў дрындушак ужо пачынае пакрысе сыходзіць у нябыт, дзякаваць Богу. Закон перавагі здаровай (класічнай) традыцыі ўрэшце перамагае псеўданаватарства. Адносна ж пазіцыі нашай паэткі ў прасторы грамадска-культурнага жыцця дастаткова сказаць, што яна - сябар Рады грамадскага аб'яднання ТБМ імя Францішка Скарыны. А зусім нядаўна як наведніца "Ліцвінскага клуба" сярод яго сяброў абсалютна безпадстаўна была захоплена ахоўнікамі сённяшняга беларускага рэжыму. Але сёння наша слова пра тое, пра што не толкі пісаць, а што і чытаць прыемна - пра яе вершы і пераклады, якія літаральна днямі пад вызначальнай назвай "Напрадвесні" выйшлі асобнай кніжкай у сталічным выдавецтве "Ковчег "(аб'ём - 3,66 ул.-выд. арк.; наклад - 150 асобн.). Гэта першая кніжка С. Багданкевіч, і выдадзена яна ўласным коштам паэткі.
Агульнавядома, што паэзія - гэта кандэнсаваная духоўна-інтэлектуальная мова жыцця чалавечай душы не толькі ў сабе, але і як рэакцыя, водгулле на праявы і з'явы вонкавага свету; гэта мысленне вобразамі і, можа, яшчэ штосьці іншае. Скажам, выхад на містычнае адчуванне праз фізічнае ўспрыўманне, што часам цяжка вызначыць словам. Вось жа гэтым патрабаванням у поўнай меры адпавядаюць многія радкі, строфы верша нашай паэткі. І што паказальна - яе вершы вызначаюцца наяўнасцю ў іх душэўнай раўнавагі, гарманічнага спалучэння эмацыянальных і рацыянальных імпульсаў пры імкненні глыбей узірацца ў гэты свет і нават спробы зазірнуў за яго межы. Не меншае месца ў абсягу яе паэтычных адпраўленняў займаюць і матывы патрыятычныя якія маюць падсветку і афарбоўку душы трапяткой, пяшчотнай, далікатнай і адначасова - мужнай. Карацей, перад намі паэзія (і у гэтыя плане таксама) - без надрыву, без ляманту. Тым больш - уяўнага, паказнога, дэманстратыўнага.
З пункту гледжання паэтычных формаў і тропаў "Напрадвесні", пры аднародным, ніколькі не супярэчлівым эмацыянальным і рацыянальным гучанні, - зборнік разнастайны, шматаблічны, шматпластны, шматпланавы. Дык вось рознастайнасць, шматколернасць свайго ўласнага свету і свету свайго лірычнага героя С. Багданкевіч выказвае і праз рытмічнае шматаблічча (ямб, харэй і інш. і праз верлібр), і праз шырокі дыяпазон розных паэтычных прыёмаў і формаў (прысвячэнне, акраверш, экспромт, трыялет, васьмірадкоўе, мініяцюра і інш.).
А цяпер у святле сказанага вышэй і ў некаторай ступені ў падмацаване яго сэнсу арыгінальнымі радкамі паэткі прывядзём колькі, як кажуць, цытат з "Напрадвесні":
... Чаруе імя тваё даўніною...
Калісьці -
у славе крывавай
апета.
А сёння -
ты стала падземнай ракою
і памяць людскую нанесла з сабою...
Няміга, а можа. ты - Лета?
("Няміга")
...Цяпер чакай да лета пацяплення...
Прыходзіць час цярпення і сталення,
Час самых доўгіх, самых моцных сноў.
Зімовы свет мудрэе і сівее...
Камусь у сшытак намяце завея
Халодна-дасканалых, вечных слоў.
("Восеньская імправізацыя")
... Даведзены пляц
да парадку,
да ладу
(Бульдозер гудзеў
і стараўся каток),
І тая экзотыка,
бы "па загаду"
Знямела і збегла -
вадою ў пясок...
І толькі ўначы
ў глыбіні далягляду
Засвеціцца,
часам даступны пагляду,
Забыты
з-за нечага недагляду
З татарскай мячэці
маладзічок.
("Татарскае прадмесце").
... Што ў душы цвіло калісьці,
А цяпер баліць,
Як сухое тое лісце
Узяць бы - дый спаліць.
("Сухое лісце")
... І згушчаецца морак ілжывы,
І зацягвае вір мітусні
Тых, хто прагне ўсё толькі спажывы,
А не праўды і чысціні.
("Снежань на Беларусі")
... Дрэвам аддаўшы ўвесь свой жар,
Стамілася сонца, схавалася сярод хмар,
Бы коўдрай, ахуталася туманамі...
А дрэвы ўжо свецяцца самі.
("Восеньскае святло")
...Скрыпучыя дзверы, збуцвелы парог...
Звячэла ўжо хата, і людзі, і рэчы.
З кута пазірае зчарнелы Бог,
І вобраз Ён мае зусім чалавечы.
("Абраз")
* * *
Мне памяць вясна вяртае,
Душу адраджае гаюча.
І ўспомню: была я жывая!
І гэта было балюча.
* * *
Прачнуся - цемра сонная стаіць сцяной.
Наўкол - маўклівая пустэльня ночы...
Бяру навобмацак гадзіннік - спраўдзіць час,
А ў ім сардэчка б'ецца,
нібы ў птушаняці.
Вядома, цытаваць можна было б і яшчэ, тым больш, што ў яе паэтычнай прасторы ў тым жа святле значнае месца займаюць знакавыя фігуры культурнага жыцця розных часоў як Беларусі, так і Заходняй Еўропы (гл. вершы "Біёграфам Багдановіча", "Памяці Максіма Танка", "Санет Стэфаніі Станюце", "Краявід у галандскім стылі" і інш.
Значнае месца ў паэзіі С. Багданкевіч займае тэма музыкі і яе складнікаў - гарманічна арганізаванага гуку і вібрацыі на яго чалавечай душы ("Песня венецыянскага гандальера", "Лютніст", "Мелодыя Рахманінава", "Жыццядайнасць", "Магія музыкі" і інш.). Дарэчы, сама паэтка па адукацыі і па былой працы - выкладчык музыкі. І ці не адсюль таксама музычнасць яе вершаў. І яшчэ. С. Багданкевіч - малюе; пераважна - у акварэлі. І яе малюнкі часая не саступаюць прадукцыі некаторых мастакоў-прафесіяналаў. (Пра акварэльнасць радка яе паэзіі згадвалася вышэй). І вось жа ў кантэкст гэтай інфармацыіі і разваг да яе неабходна дадаць, што мастацкія сродкі вершаў нашай паэткі (абгрунтаваныя ўнутраныя жэсты, незвычайныя навароты і канцоўкі; параўнанні, якія не "кульгаюць"; яскравыя метафары; дастатковая, нязмушаная, немеханізаваная інтрументоўка і інш) - шчодрыя. А яе беларуская мова - устойліва крынічная. І ўсё гэта праяўляецца пад знакам здаровай, прыроднай дыялектыкі.
Як натура творчая на абсягах гукаў, фарбаў, слоў і сэнсаў С. Багданкевіч на старонках свайго "Надпрадвесні" засведчыла сябе і як таленавіты перакладчык блізкіх ёй па шматпланавасці глыбокага псіхалагізму, дакладнасці, цнатлівасці і высокай культуры верша такіх польскіх паэтаў, як Марыя Паўлюкоўска-Яснажэўска, Ян Твардоўскі, Кшыштаф Каміль Бачыньскі і Нобелеўскія лаўрэаты Віслава Шымборска і Чэслаў Мілаш. Перакладамі гэтых паэтаў наша паэтка як бы яшчэ і дапаўняе сябе. Ізноў жа аб гэтым могуць сведчыць некаторыя радкі названых аўтараў і перакладчыка-суаўтара:
...Можа, некалі нечакана
Прыйдзе ліст той. І ужо нічога.
Толькі, гледзячы ў вочы Бога,
Моўлю ціха: "Запозна, мой Пане".
(М. Паўлікоўска-Яснажэмска)
... Бог схаваўся каб свет быў бачны,
Калі б паказаўся, то быў бы толькі ён сам.
(Я. Твардоўскі)
... Страшней і чароўней
табе не прыдумаю песні.
Майго болю сэрца -
твой вобраз, самотны і босы.
Цягнік, як сляпы, у тупік увапрэцца і трэсне.
І з жудасным свістам
у раздзёртыя ўступіць нябёсы.
(К.К. Бачыньскі)
...Нікому не было добра а чацвёртай пад раніцу.
Калі мурашам добра а чацвёртай пад раніцу, -
павіншуйма мурашоў.
І няхай прыйдзе пятая, бо трэба жыць далей .
(В. Шымборска)
На смерць паэта
Зачыніліся за ім вароты граматыкі.
Цяпер шукайце яго ў гаях і пушчах слоўніка.
(Ч. Мілаш)
А сярод недахопаў, промахаў "Напрадвесні" нельга не звярнуць увагу на наяўнасць тут ў пэўнай стунені сумніўных, дакладней - незаслужаных прысвечэнняў і трыялетаў у адрас некаторых асоб. А хто тыя асобы, чытач разбярэцца сам. Але, гэта, канешне, справа густу і асабовых прыхільнасцей і, як кажуць апошнім часам, ступені прасунутасці. Астатняе, іншае - амаль незаўважна.
Відаць, наша рэцэнзаванне трохі і зацягнулася, але ў дадзеным выпадку інакш і быць не могло доўгім па часе быў шлях да чытача гіпербарэйскай (сур'ёзнай, строгай і тонкай сваёй псіхалагічнасцю, лірычнасцю і філасафічнасцю) па сваім духу кнігі "Напрадвесні".
Пажадаем жа С. Багданкевіч далейшых творчых поспехаў і новых кніг, поўных духоўнай і душэўнай абаяльнасці і мужнасці. Тым больш, можна не сумнявацца, што ў запасніках яе душы і пісьмовага стала яны - у наяўнасці.
Таго ж жадаем ёй і ў жыцці.
Галоўнае - душэўная раўнавага!
І інтэлектуальная разважлівасць!
Я. Гучок.