Папярэдняя старонка: 2012

№ 38 (1085) 


Дадана: 26-09-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 38 (1085) 19 верасня 2012 г.


Кандыдат у дэпутаты Савета Рэспублікі абяцае займацца мовай і культурай

Якія праблемы для вырашэння Вы паставілі б перад дэпутатамі парламенту новага склікання? Такое пытанне паставіла "Звязда". Вось што адказаў прафесар Магілёўскага ўніверсітэта Ігар Марзалюк, які вылучаны кандыдатам у Савет Рэспублікі ад Магілёўскай вобласці:

- Я лічу, што неабходна распрацаваць эфектыўнае заканадаўства па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, у тым ліку і помнікаў археалогіі. Гэта вельмі важная праблема, на мой погляд. "Чорныя" капачы практычна беспакарана вымаюць з нашай зямлі каштоўныя рэчы і робяць на гэтым бізнэс. Трэба правесці татальную інвентарызацыю рухомых і нерухомых помнікаў нашай гісторыі і культуры і абараніць іх. Ёсць жа добрыя прыклады: напрыклад, у Ізраілі.

І па-другое, наша беларуская мова і нацыянальныя традыцыі. Варта звярнуць пільную ўвагу на нашу моўную палітыку, на беларускую культуру. Усё ж без прасоўвання тут не абысціся. Мова - гэта візітоўка нашага народу, і трэба, каб яна захавалася. Найлепш пра гэта сказаў Алесь Разанаў: "Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор - мова".

Ігару Марзалюку 44 гады, ён прыхільнік "славянскай", крытык "балцкай" тэорыі паходжання беларусаў.

Паводле Zviazda.by | 10:31, 14 верасня 2012 г.


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ваш зварот разгледжаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і паведамляецца наступнае.

У адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 28.04.2012 №28 прынята рашэнне аб стварэнні на базе дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі" і дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі" дзяржаўнай навуковай установы "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі". Узгаданыя вышэй інстытуты будуць з'яўляцца абасобленымі структурнымі падраздзяленнямі (філіяламі) ствараемага Цэнтра і будуць выконвань адпаведныя іх профілю навуковыя даследаванні.

З павагай,

Намеснік Старшыні Прэзідыума

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У.Р. Гусакоў.



27 верасня

у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя

кнігі Святланы Багданкевіч "Напрадвесні".

Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ

па вул. Румянцава, 13.

Пачатак - 18.00 гадзін. Уваход вольны.


90 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Калесніка

Калеснік Уладзімір , нарадзіўся 17.09.1922 г. у вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1936 г. паступіў у польскую Наваградскую гімназію. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі працягваў вучобу ў Наваградскай педагагічнай навучальні. З ліпеня 1941 г. прымаў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у верхнім Наднямонні. Летам 1942 г. у складзе адной з баявых дружын уступіў у партызанскі атрад імя Чапаева. З восені 1942 г. камандаваў звязам, праз год стаў начальнікам штаба атрада "2-гі Камсамольскі" брыгады "Камсамолец" Баранавіцкага злучэння. Скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1949), аспірантуру пры гэтым інстытуце (1952). З 1952 г. - загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута, з 1956 г. - загадчык кафедры беларускай літаратуры Берасцейскага педагагічнага інстытута, узначальваў Берасцейскае абласное літаратурнае аб'яднанне (1956-1970), быў сакратаром аддзялення СП БССР (1981-1983). Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Сябар СП СССР з 1960 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, "Знак Пашаны", Дружбы народаў, медалямі. Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР (1979). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980).

У друку з літаратурна-крытычнымі, літаратуразнаўчымі і дакументальнымі творамі выступаў з 1953 г. Выдаў кнігі "Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура" (1959), "Час і песні" (1962), "Зорны спеў" (1975), "Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі" (1977), "Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці" (1981), "Лёсам пазнанае: Выбраныя літаратурныя партрэты" (1982), "Тварэнне легенды" (1987), "Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці" (1990). Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (1964), "Истории советской многонациональной литературы" (1971), "Истории белорусской советской литературы" (1977), а таксама вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для педінстытутаў і ўніверсітэтаў. Напісаў дакументальныя творы "Аповесць пра Таўлая" (часопіс "Полымя", 1964-1965), "Пасланец Праметэя" (1984), сумесна з А. Адамовічам і Я. Брылём кнігу "Я з вогненнай вёскі..." (1975). Склаў зборнікі паэзіі Заходняй Беларусі "Сцягі і паходні" (1965) і "Ростані волі" (1990).

Памёр 15 снежня 1994 года. Пахаваны ў Берасці на могілках Плоска.


АЛЕСЮ БЯЛЯЦКАМУ - 50

Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 года ў гарадку Вяртсіля Сартавальскага раёна Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі з Беларусі на заробкі. У 1964 годзе бацька Віктар Усцінавіч і маці Ніна Аляксандраўна вярнуліся ў Беларусь. Месцам жыхарства сям'я абрала малады горад Светлагорск. У Светлагорску Алесь скончыў сярэднюю школу № 5.

У 1979 годзе паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1984 атрымаў дыплом выкладчыка філалогіі. Перад паступленнем у аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі Навук БССР працаваў настаўнікам ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці. У 1984 годзе А. Бяляцкага прызвалі ў Савецкую Армію. Служыў пад Свярдлоўскам механікам-кіроўцам браніраванага цягача ў артылерыйскім знішчальным супрацьтанкавым батальёне.

У 1986 годзе Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя", потым быў абраны старшынём гэтай арганізацыі (1986-1989).

У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства "Мартыралог Беларусі", быў сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту "Адраджэньне", сакратар Управы (1996-1999), намеснік старшыні (1999-2001) БНФ "Адраджэньне". У 1990 годзе выступіў адным з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады. Актыўны сябар ТБМ.

Непрацяглы час працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі беларускай літаратуры. У выніку конкурсу ў 1989 годзе быў абраны дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. На гэтай пасадзе працаваў да 1998 года. Пад яго кіраўніцтвам была адчынена экспазіцыя літаратурнага музея і трох яго філіялаў.

У 1991-1995 гадах Бяляцкі з'яўляўся дэпутатам Менскага гарсавету. У 2000-2004 гадах - старшыня Рабочай групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі. Сябар СБП, БАЖ, Беларускага ПЭН-цэнтра.

Ад 1996 г. з'яўляеца старшынём Праваабарончага цэнтру "Вясна". У 2007 годзе Алесь Бяляцкі быў абраны віцэ-прэзідэнтам "Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека" (FIDH).


Круглы стол па праблемах краязнаўства

6 верасня 2012 года ў Баранавічах адбыўся круглы стол па праблемах краязнаўства. У ім прынялі ўдзел не толькі аматары краязнаўства, але і сапраўдныя прафесіяналы: былы дырэктар Баранавіцкага краязнаўчага музея Валер Палікарпаў, а таксама Міхась Бернат - стваральнік Русінаўскага дома рамёстваў. На наш круглы стол па праблемах краязнаўства прыехаў з Менска прафесар Адам Мальдзіс - вядомы беларускі гісторык і літаратуразнаўца, адзін з аўтараў 6-томнага даведніка "Беларускія пісьменнікі", а так-сама аўтар дзясяткаў кніг па гісторыі беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх культурных і літаратурных узаемасувязях.

Найбольш гаварылі пра страчаныя скарбы Баранавіцкага краязнаўчага музея і магчымасці іх рэальнага вяртання. У наш музей, які быў створаны яшчэ ў 1940 годзе, былі звезены каштоўныя экспанаты з навакольных шляхецкіх маёнткаў. Тут былі карціны Сальватора Роза, галандскіх мастакоў, магчыма, Рэмбрандта, якія даўно трэба было пачаць шукаць.

На круглым стале паведамлялася, што ўлетку 1942 года немцы ладзілі ў Баранавічах мастацкую выставу, верагодна, з фондаў нашага музея, дзе сярод іншага можна было пабачыць карціны вядомага ў свеце беларускага мастака Міхася Сяўрука, выразаныя з дрэва фігуры "Хрыстос з ягняткам" ішкальдскага майстра (каля 1700 года), "Святыя Пётра і Павел" майстра з Мядзведзічаў (каля 1600 года) і іншыя старажытныя каштоўнасці, у тым ліку і мэбля з Нясвіжскага замка.

Адам Мальдзіс адзначыў, што ўсе калекцыі баранавіцкага музея ў 1944 годзе былі вывезены на Захад, але кім і куды былі вывезены, мы дакладна не ведаем. Удзельнікі круглага стала пагадзіліся, што калі экспанаты былі вывезены падчас вайны, дык па законе аб рэстытуцыі каштоўнасцяў, падпісаным краінамі ААН, іх дакладна трэба вярнуць на радзіму.

Зразумела, што ў савецкі час партыйнае кіраўніцтва зусім не цікавіла буржуазнае мастацтва і ніхто не збіраўся яго шукаць і вяртаць. Таму на праблему страчаных каштоўнасцей проста махнулі рукою. Вось чаму на гэтым круглым стале прафесар Адам Мальдзіс звярнуўся да ўдзельнікаў з просьбаю дапамагчы знайсці страчаныя фонды Баранавіцкага краязнаўчага музея. На думку прысутных, больш даведацца пра баранавіцкія каштоўнасці маглі б дапамагчы звесткі пра лёс былога дырэктара музея і збіральніка ўсіх яго скарбаў Леанарда Турскага, які ў 1944 годзе выехаў ў Польшчу. Зразумела, што Турскі мог вывезці з сабою прынамсі нейкую частку каштоўных экспанатаў музея.

Адам Мальдзіс звярнуўся праз папулярную ў горадзе газету "Intex-press" да баранавіцкіх гісторыкаў, краязнаўцаў і проста аматараў гісторыі, каб яны разам паспрыялі вырашэнню праблемы: "Стары сусед кожнага з нас можа што-небудзь узгадаць пра тыя часы і неспадзявана дапамагчы адшукаць сляды да нашай спадчыны. Уважліва размаўляйце з людзьмі, шукайце і вывучайце мясцовую прэсу перыяду акупацыі…". У сваю чаргу прафесар Мальдзіс паабяцаў агучыць гэтую тэму ў газеце "Голас Радзімы", якая выдаецца для беларускай дыяспары і распаўсюджваецца ў 54 краінах свету. "А раптам хто-небудзь і адгукнецца!", - падбадзёрыў Адам Мальдзіс. Будзем шукаць!

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.

Фота: 1) Прафесар Адам Мальдзіс размаўляе з цяперашнім дырэктарам Баранавіцкага краязнаўчага музея Ірынай Станюк, былымі дырэктарамі музея Станіславам Шчарбаковым і Валерам Палікарпавым. 2) Круглы стол з удзелам прафесара Адама Мальдзіса ў садзе Яўгена Маліноўскага. 3) Кветкі Адаму Мальдзісу ад удзячных сяброў.

Павел Сцяцко


Мовазнаўчы досвед

Каляіна, каляя, пуць (чыгуначны). І тут зноў прагучала аб'ява, што цягнік ужо падходзіць на 3-ю каляіну і будзе стаяць пяць хвілін. (Наша слова. № 10 (1057). 7 сакавіка 2012 г. С. 6)

Словы каляіна і каляя як найменні чыгуначнага пуці ('пары паралельна пракладзеных рэек') засведчана слоўнікамі беларускай мовы. Гэтымі найменнямі карысталіся класікі беларускай літаратуры (Колас, Багдановіч, Чорны). Пазней, пад уплывам рускай мовы, яны заменены на пуць (чыгуначны). Слова каляіна - выразнае ўтварэнне ад кола 'след на дарозе ад колаў'. Яно мае два значэнні. Другое (пазнейшае) 'рэйкі' так-сама звязана з утваральнай лексемай колы (цягніка). Бытуе слова ў многіх славянскіх мовах (украінскае колія , польскае kolej …).

У гаворках Зэльвеншчыны мае форму кал е я (П. Сцяцко "Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны". Гродна, 2005, с. 55).

Ад лексемы кола (і яго ўтварэння калея ) узнікла і калейка з семантыкай 'чарга'. Яно таксама засведчана "Слоўнікам народнай мовы Зэльвеншчыны"; бытуе і ў народнай мове ўкраінцаў: колія (Беларуска-ўкраінскі слоўнік. 2006, с. 696).

Працаголік, працавік, працавіты. "Аляксей Карпюк быў праўдзівым працаголікам. Кожны свой твор ён перапрацоўваў неаднойчы. Аповесць "Данута" перараблялася 32 разы". (А. Петрушкевіч. Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах. Гродна, 2010. С. 58).

Наватвор працаголік узнік пад уплывам рус. трудоголик , утварэння з фармантам -голик , пазычаным з англійскай мовы. Нашыя акадэмічныя слоўнікі змяшчаюць у гэтым семантычным шэрагу і перанесенае з рускай мовы слова рабацяга . "Русско-бело-русский словарь" (1993, т. 3, с. 142) падае: "Работяга, м. и ж. разг. (о мужчине) працавік, рабацяга; (о женщине) працавічка, рабацяга". Дарэчы, слова работящий тут перакладаецца адэкватам працавіты . Гэта сведчыць пра пазычанасць з рускай мовы слова, аднакаранёвага з работящий .

Таму на месцы "рабацяга" і выкарыстана знанай аўтаркай слова з беларускім коранем прац- (працаголік).

Алканаўт, алкаголік . "Сап'ешся … Алкаголікам, ці як цяпер называюць алканаўтам , станеш" (Полымя. 2012. №1. С. 59). Сінонім да вядомага алкаголік (алкаголь + -ік) стала новае слова з фармантам -наўт (параўн. касманаўт ), утварэнне ад алкаць, алкаш 'п'яніца'.

Мянушка, клічка, абзыванка, празванне . "У нашай вёсцы кожная сям'я і кожны чалавек мае сваю мянушку. Ужо ў дзесятым класе мне ўсё-такі прысабачылі мянушку -"паганяйла" Паэт. Абзыванка не самая крыўдная, і я ўспрымаю яе абыякава" (Дзеяслоў. 2011. № 5 (54). С. 128, 129). "Паводле вонкавага выгляду чалавек мог атрымаць празванне Белы, Сівы, Кароткі, Сухі" (Роднае слова. 2011. № 11 (287). С. 34). Слоўнікі падаюць лексемы клічка, мянушка, празванне з значэннем 'жартоўнае або канспірацыйнае імя чалавека'. Пазаслоўнікавае абзыванка мае амаль тоеснае значэнне, з дадатковым адценнем непахвальнасці. Дарэчы, літаратурнае слова прозвішча таго ж кораня, што і празванне , і абзыванка . Слова прозвішча вядомае ў многіх славянскіх мовах, праўда, з неадэкватнай семантыкай. У беларускай мове - гэта "спадчыннае сямейнае найменне, якое дадаецца да ўласнага асабовага імя", у рускай мове прозвище - "назва, якая даецца чалавеку паводле якой-небудзь характэрнай для яго рысы, уласцівасці" ( Обидное прозвище ), г. зн. мае тое значэнне, што беларускія клічка, мянушка, празванне . Ва ўкраінскай мове значэнні "прозвішча" і "мянушка" перадаюцца аднакаранёвымі словамі, якія адрозніваюцца суфіксамі: прізвище 'прозвішча' і прізвисько 'мянушка'. У польскай мове слова nazwisko першапачаткова азначала і "прозвішча", і "мянушка", пазней розныя значэнні сталі перадавацца адметнымі прыстаўкамі: паzwisko "прозвішча", рrzezwisko "мянушка".

Беларусам пры кантактаванні з сваімі найбліжэйшымі суседзямі трэба ведаць гэтыя адметнасці пры выкарыстанні блізкіх гучаннем, але розных значэннем слоў ва ўкраінскай, польскай і рускай мовах, каб дакладна ўспрымаць і перадаваць сэнс выказвання.

Урач-лячэбнік, лечачы ўрач. "Скончыўшы школу з залатым медалём (Л.А. Путырскі - П.С.), вучыўся ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце па спецыяльнасці "урач-лячэбнік" (Полымя. 2012. № 4. С. 139). Перакладныя слоўнікі да рус. лечащий врач падаюць тое самае - лечачы ўрач (Русско-бело-русский словарь, 1993, т. 1, с. 720). У практычнай медыцыне, народным маўленні выкарыстоўваецца беларускамоўны эквівалент - "урач-лячэбнік" , дзе няма штучнай формы "лечачы" (як прыметніка-тэрміна).

Слова лячэбнік змяшчае "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (Т. 3, с. 77) з наступным зместам: "Лячэбнік, -а, м. Уст. Кніга, у якой апісаны папулярныя спосабы лячэння розных хвароб" - Прадубляванае з рускага слоўніка: " Лечебник , -а, м. Устар. Книга, содержащая популярные сведения о лечении различных болезней" (Словарь русского языка в четырёх томах. Изд. 2. Москва, 1982, с. 180). Згаданы вышэй руска-беларускі слоўнік 1993 года падае слова лячэбнік як стылёва нейтральнае (без паметы "састарэлае") у абедзвюх мовах. Змяшчаюцца тут і аднакаранёвая словы лячэбны і лячэбніца , апошняе мае свой лексічны варыянт - бальніца . Тэрмін урач-лячэбнік досыць выразна перадае змест адпаведнага паняцця, яго існасць, што вынікае з семантыкі ўтваральнага слова лячэбны "прызначаны для лячэння, звязаны з лячэннем" (ТСБМ, Т. 3, с. 77). І структура натуральная: лячэбн-ік (лячэбны ўрач). Пацыенты наведваюць лячэбніцу (бальніцу), урач-лячэбнік іх лечыць. Лечачы, ён сочыць за станам іх здароўя і прызначае неабходныя лекі. Форма лечачы да месца як дзеепрыслоўе - абазначэнне дадатковага дзеяння, а не дзеяслоўнай формы з атрыбутыўнай семантыкай, што нехарактэрна для беларускай мовы.

Смерцяносны, смертаносны . "Мы не ў стане разрозніваць абрысы падзей, якія сваім смерцяносным шэрагам пераўзышлі ўсе вядомыя стыхійныя бедствы …" (Дзеяслоў. 2011. № 2. С. 211). Пазаслоўнікавая форма смерцяносны мае большую выразнасць, натуральнасць параўнальна з той, што падаецца ў акадэмічных слоўніках - смертаносны (на ўзор усесаюзнага смертеносный ).

Распарадкоўвацца, распараджацца. "Як жа мы можам распарадкоўвацца нафтай на марскіх шэльфах ці энергіяй горных рэк ..." (Дзеяслоў. 2011. № 2. С. 153). Пазаслоўнікавае распарадкоўвацца тоеснае сваім значэннем слову распараджацца : абодва маюць аднолькавае ўтваральнае слова распарадак , толькі першае - адметнабеларускае, а другое супольнае з усесаюзным стандартам ( распоряжаться ).



28 верасня у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя кнігі Сяргея Дубаўца "Майстроўня" з удзелам Алены Анісім. Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18.00 гадзін. Уваход вольны.


Уладзіміру Содалю - 75

МАЯ АПОШНЯЯ МАРА

Амаль усе літаратуразнаўцы прызнаюць мяне аднагалосна адным з самых шчырых і руплівых даследчыкаў Багушэвічавай спадчыны. І гэтае прызнанне мусіць такі заслужанае справядлівае. І напраўду, я за свой жыццёвы век падрыхтаваў і выдаў найперш фотаальбом пра Францішка Багушэвіча. Пра Францішка Багушэвіча выйшлі і мае кніжкі. Сярод іх найперш ёмісты томік "Сцежкамі Мацея Бурачка" 1991 г., "Святы той куточак фальварак Свіраны" 2005 г., "Свіранскія крэскі" 1995 г., "Кушлянскі кут" 1990 г. І нарэшце, апошняя з іх "Бласлаўлёныя Кушляны" 2009 г. , прысвечаная 170-ым угодкам з дня народзінаў Францішка Багушэвіча. Толькі адна мая мара пакуль не здзейснена. Мы з Юрасём Гілем, віленскім рупліўцам, рыхтавалі яшчэ адну этапную эпапейную кнігу пра Ф. Багушэвіча "Багушэвіч у Вільні". І ўсё ішло сваім ладам. Фінансавая зарука была. Але нечаканна Юрась Гіль памёр, і мне дагэтуль невядомы лёс гэтага нашага супольнага рукапісу. Але папрашу ў Бога, каб ён паспрыяў мне здзейсніць гэтую высакародную задуму. І яшчэ ёсць у мяне адна рупнасць: падрыхтаваць і выдаць кнігу пра мой радавод, адкуль на Беларусі Содалі пайшлі. Сабраны ўжо нямалы матэрыял. Ён патрабуе шмат удакладненняў. А пакуль для самых цікаўных скажу: Содалі, Садэльскія паходзяць з прыбалтаў. Пра гэта кажа і сямейная сага. Мая матуля заўсёды казала, што Содалі паходзяць з латынцаў.

Ул. Содаль.

Да юбілею Содаля

Зямеля, зямляк

З Мормаліны, -

Светлы бы дзень Чалавек.

Семьдзесят пяць -

Адлічыў гадзіннік,

Яшчэ трошкі - і цэлы век.


А на вяку тым

Усяго хапіла:

I ліха,

А болей - дабра.

Таму і красуе,

Квіце калінай

Юбіляра Содаля

Спадарка душа.


Дзяцінства вайна

Апаліла,

I памяць -

Бы стужка кіно...

З болю ў вачах

Карціны,

I вольнага шчасця

Віно.


А вось сталасць -

Нівай буяе,

Каласоў яе -

Не злічыць!

Стаіць Содаляў дуб

Над краем

I буйной верхавінай

Шуміць.


Імя яму рэдкае -

Улад,

Сонейка лашчыць

Галіны,

Нават планеты

Стануць у рад,

Каб казырнуць

Бы асілку з быліны.


I хочацца крыкнуць:

- Жыві!

Шапаці і далей

Галавою.

Спявай песні

Аб роднай зямлі! -

Каб слава лілася

Ракою.

Хутаранка, Берасце.


ПРОЗВІШЧА З САДУ ЭДЭМА

Прозвішчам сваім я зацікавіўся з самых малых гадоў. Ці можа больш дакладна будзе сказаць, мяне ім зацікавілі нашы вясковыя дзеці - мае равеснікі, аднагодкі. Мама расказвала, дый сам трохі помню: выбегу, бывала, на вуліцу, а дзятва тут як тут апануе мяне і нараспеў: "Содаль, Содаль, дай соды!" Вельмі ж мяне крыўдзіла гэтая дражнілка. Можа не так сваім зместам, як інтанацыяй. З горкімі слязьмі бег дадому і з парога, румзаючы прасіуся - маліўся:

- Не хачу быць Содалем! Дайце мне другое слова!

Тата і мама тлумачылі мне, што Содаль - гэта не проста слова, а прозвішча, і тое, што дзеці ў мяне просяць соды, дык сода - гэта вельмі добрая і карысная рэч: без яе, без соды, ні бліна не спячы, ні пампушак, ні аладак. А пампушкі ды аладкі я вельмі любіў. I ўсё ж мне не хацелася, каб дзеці на ўсю вуліцу спявалі: "Содаль, Содаль, дай соды!".

I як старэйшы стаў, не ўсё мяне задавальняла з маім прозвішчам. Усіх: і ў школе, і на вуліцы звалі па імёнах, і толькі аднаго мяне з прозвішча. А гэтак хацелася, каб было неяк хоць трошкі цяплей: Валодзя, Вова, Уладзя, Уладзік... А то скрозь: Содаль ды Содаль. Зрэдку хто скажа Валодзя Содаль. Гэтак цягнулася да тае пары, пакуль я не з' ехаў на чужы край. Там ужо часцей звярталіся на імя. Што ж да прозвішча, то яго на чужыне калечылі як хто і як дзе. Скажам, у Мурманску мяне назвалі Сальта - з такой маркай стаяў у Мурманскім порце італьянскай фірмы партальны кран. Назвалі мяне тут і Сандалем. Па - сяброўску. У тым жа Мурманску, пачуўшы маё прозвішча першы раз, мне часта казалі:

- Вы не рускі?

- Так, - адказваў: - Я з Беларусі...

- А чаго ж у вас тады такое прозвішча?

Я не зусім разумеў пытання. Мне яго дома, на Беларусі, ніхто ніколі не задаваў. А тут раптам: "Содаль? Вы не рускі?..." Можа ўпершыню ў Мурманску я свядома задумаўся пра свае прозвішча, яго сэнс і выток, адкуль яно. Але тады яшчэ я не падышоў да яго ўшчыльную: не ставала філалагічных і агульных культуралагічных ведаў. От толькі на імгненне задумаўся і ўсё. Жыццё доўжылася. Куды ні пайду, куды ні паеду, скрозь маё прозвішча перакруцяць. У Гародні, памятаю, з Содаля зрабілі Садаля! Калі тэлефанавалі, казалі: "Калі ласка, нам Садаля". У Ялце мяне ператварылі ў Садаева. Запісваюць маё прозвішча звычайна правільна, а вось чытаюць, скланяюць яго ўжо па-рознаму. У мяне набралася цэлая калекцыя майго прозвішча у розных яго варыянтах.

Усё гэта змусіла зазірнуць у гісторыю свайго прозвішча, у яго выток. Сямейная сага, сямейнае паданне гаворыць, што мае продкі з дзедавай, прадзедаван галіны паходзяць з прыбалтаў ці, як кажа мама, з латынцаў. Што ж, вельмі верагодна. У "Нашай Ніве" за 1907 год я сустракаў нататку якогась пажарніка - інструктара за подпісам Содаліс. Затым бачылі ў Рызе, ля магілы Яна Райніса, помнічак з прозвішчам Содаль. Тое ж сямейнае паданне гаворыць, што мае продкі былі добрыя садоўнікі. Аднаго з іх нібыта князь Паскевіч узяў сабе за садоўніка, калі будаваў палац у Гомелі. З тае пары і з'явіліея на Беларусі Содалі. Асабліва шмат іх на Палессі. I ўсе яны з Прыбалтыкі. Нібыта на Палессі ім дазволілі асвоіць за грошы новыя землі. Вось яны і хлынулі з Прыбалтыкі на Беларусь. Што ж, версія пра прыбалтыйскі выток маіх продкаў і майго прозвішча Содаль вельмі верагодная. У Вільні, як толькі выйдзеш з вакзала, ёсць вуліца Соду. А гзтая Соду ёсць нішто іншак, як вуліца Садовая. Соду - Содаль - Содаліс - Содас - Соданіс. Вось той празрысты ланцужок. У жмудзінаў нават цукерка ёсць ці была з назвай "Sodu". Як сведчаць старыя геаграфічныя слоўнікі - "Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў", а таксама слоўнік А. Гашкевіча - на Літве нямала і населеных пунктау, якія маюць назвы Садэлішкі, Содалішкі, Содале, Содалі, Садолес, Садул, Садэлі... Яны параскіданы амаль па ўсей цяперашняй Літве. Скажам, у колішнім Вількавіскім павеце, Вількамірскім, Панявежскім, Росенскім, Цяльшайскім, у Нова-Вілейцы. Гэта былі пераважна засценкі, фальваркі, вёскі, вёсачкі.

Прозвішча Содаль моцна абеларусілася, моцна абеларушанае. Яшчэ мае цётачкі не гэтак даўно пісаліся: па-беларуску Содэль ці Содзель, па-расійску Содель. Збеларусілі іхняе прозвішча жыхары Мормаля, дзе мае продкі мелі паравы млын. Мае землякі цалкам падпарадкавалі наша прозвішча аканню, Яньі развялі мяне з маімі продкамі. Я стаў Содалем, а яны да скону сваіх дзён пісалі Содзель, Содэль. Гэта ужо рабілася на маіх вачах, за маёй памяццю. А ці ёсць яшчэ якія звесткі-крыніцы з далёкай гісторыі майго прозвішча?

Вядомы даследчык шляхецкіх радаводаў Л. Акаловіч знайшоу імя у ноўгарадскіх берасцяных граматах:" От мястять ко Гавоше и ко Содиль. Попытаите ми коня. А мястята ся Вамо покланя..." Гэты выпіс з берасцянай граматы саракавых-пяцідзесятых гадоў XII ст.. У перакладзе ён гучыць так: "Ад Мясцяты да Гаўшы й Садзілы. Запытайце мне каня. А Мясцята вам кланяецца..."

Згадаўшы пра шляхетнасць, прыгадаў, як адзін хлопчык з Вялікага Лесу, якісь наш сваяк, расшукваючы нас, а было гэта неўзабаве пасля вайны, назваў нас Садэльскімі. Пытаўся, дзе тут Садэльскія жывуць. Я першы раз пачуў сваё прозвішча ў такой форме. Пачуў і здзівіўся. Мама патлумачыла, што нашы сваякі з Вялікага Лесу былі шляхціцамі, то і нас падцягвалі да шляхты, называлі нас па-шляхецку. Пачуўшы свае прозвішча ў форме Садэльскі, я падумаў, што вядомы рэжысёр Станіслаў Садальскі мне сваяк, крэўны, з нашага роду. Я таксама зразумеў, што я крэўны ўсім тым людзям, у каго прозвішча Садоўскі, Садовіч, Садаўнічы. Содаль - садоўнік, і Садоўскі, Садовіч, Садаўнічы хіба ж не ад "сад"? А славуты Садко! Хіба ж, ягонае прозвішча не з адной сям'і з маім?! Паміж іншым, сярод імёнаў святых праваслаўнай царквы значаццца такія, як Садок (Садко, Садонік). Менавіта гэтыя імёны ўключаны ў "Звод імёнау "святых", якія змешчаны ў беларускім праваслаўным календары на 1995 год з паметай, што згаданыя імёны ў персідскай мове трактуюцца як "царскі сябра".

Слова "сад" індаеўрапейскае. Яно з тых часоў, калі жылі на зямлі першыя божыя людзі - Адам і Ева. А жылі яны ў садзе Эдэма - райскім садзе.

Слова "содаль" - "sodalis" ведае лацінская мова ў розных значэннях - таварыскі, сяброўскі, таварыш, прыяцель, сябра, спадарожнік, хаўруснік, саўдзельнік. А такія словы, як "sodules", "sodalicius" абазначаюць адпаведна - сябра жрэцкай калегіі, той, хто адносіцца да таварыства. Не менш цікавае значэнне слова "sodalicium" /sodalicius/. Яно абазначае гурток сяброў, сяброўскую суполку, патаемнае таварыства, тайную суполку. Гэта ўсе звесткі з картатэкі Леаніда Акаловіча. З ягонай картатэкі даведваемся, што існавала патаемная суполка - lex dicinia de sodalicius. Закон 55 года да нашай эры караў за ўдзел у патаемных таварыствах, што займаліся подкупам выбаршчыкаў. Згадаю такія формы слоў, як "sodalitas" і "sodatis" і лацінскі выраз "homo summa sodalite". Іх сэнс тлумачыцца так: садружнасць, брацтва, таварыства; чалавек, які мае шмат сяброў, гурток таварышаў, бяседная кампанія, патаемная суполка, патаемнае таварыства.

У нямецкай мове есць слова "schadel". Яно абазначае чэрап. /ЛРС, 631- 632/. У Японіі таксама пашырана прозвішча Сода. Адзін з іх Кадзуо Сода - кіраунік Усеяпонскай асацыяцыі ахвяраў атамнай зброі. /"Чыр. Змена. 6.08.86./Тут дарэчы згадаць прозвішча славутага гісторыка кіно француза Жоржа Садуля.

Як бачым, хоць і вялікі свет, але ў ім так усе цесна пераплецена, узаемна звязана. Паводле слоўніка імёнаў, складзенага Сымонам Барысам, у яурэйскай мове есць імя Садок, якое сэнсава трактуецца як прапаведнік, праведны. Цікавыя вытворныя імёны ад гэтага імя - Садзік, Садзічак. Асабліва цікавыя вось гэтыя дзве формы - Садось, Садош... Яны сваім гучаннем, сваім гукавым складам ужо бліжэй да прозвішча Содаль, Содэль, Содзель...

У міжваенныя гады на Беларусі жыў і працаваў летувіскі пісьменнік Ф. Содайніс. Ён, паміж іншым, пераклаў на літоўскую мову ў 1934 годзе /выйшла з друку у 1935 годзе/ паэму Янкі Купалы "Над ракой Арэсай".

...Кажуць, усё пачынаецца з малога. З малых гадоў мяне змусілі думаць пра сваё прозвішча, вось цяпер з гэтага маеце цэлы дослед - адкуль Содалі на Беларусі пайшлі.Я зрабіў пачатак. Нікому не забараняецца зрабіць працяг. Толькі ў менскай тэлефоннай кніжцы гэтых Содаляў - Содыляў; Содзеляў, Содэляў, Содалевых - цэлы дзесятак. Шмат іх на Петрыкаўшчыне, Жыткаўшчыне. Жывуць Содалі у Лунінцы і Рэчыцы, нават у Пецярбургу. Прозвішча адной з пецярбуржак згадаю цалкам - Содзель /Содель/ Дэля Рыхардаўна. Хай кожны з іх дадасць хоць бы радок у гэты летапіс, і мы пачуем сябе адной сям'ёй, адным родам.

Сямнаццатага красавіка 1993 года газета "Рэспубліка" надрукавала невялікую нататку "Рынок вносит коррективы". Аўтар яе Владимир Содоль. Але гэта пісаў не я. Не я, то хто?

Прозвішча Содаль, як і ўсе прозвішчы, мае свае памяншальна-ласкальныя формы. Сярод іх - Содалька, Содальчык, Садалёк.

У дваццаць першым нумары "'Аргументаў і фактаў" за 1997 год вычытаў, што у Фінляндыі існуе фірма "Sadolin", якая займаецца аптовым продажам аўтаэмаляў, аўталакаў, шпатлёўкі, растваральнікаў...

Паводле Гюмезіля, аўтара кнігі "Верховные боги индоевропейцев", прозвішча Содаль і ўсе вытворныя ад яго адносяцца да пратаіранскай групы. А знак "со" - гэта салярны знак, знак Сонца.

У беларускім друку, прынамсі у "Чырвонай Змене" пачатку шасцідзесятых гадоў, можна напаткаць прозвішча Ладос. Гэта нішто іншае як прозвішча Содаль наадварот. Гэта быў мой першы псеўданім.

Калі я жыў у Мурманску, мурманчане (мурманцы) пачуушы мае прозвішча, казалі мне: "Содаль, што ў вас за такое дзіўнае прозвішча? Вы не рускі?"

На Беларусі такога пытання мне ніхто ніколі не задаваў і не задае. Гэтая акалічнасць, думаецца, вартая акцэнту. Але на Беларусі даволі часта маю іншы клопат: розныя канцылярскія чыноўнікі ды пісары, афармляючы тыя ці іншыя мне паперы на расійскі лад, заадно імкнуцца маё прозвішча хоць як ды "аблагародзіць" - як бы абрусіць, пішуць у другой яго частцы праз "о" - Содоль. Паміж іншым, так аформлена мая метрыка аб нараджэнні, выдадзеная мне 5 чэрвеня 1951 года. А вось гэтага рабіць не варта. Усе прозвішчы на ўсіх мовах патрэбна як мага перадаваць дакладна набліжанымі да арыгіналу. Маё прозвішча не выключэнне. I па-расейску, і па-японску, і па-кітайску яно павінна мець адну форму - Содаль. I толькі так, а не інакш.


І Д Э Я

Шаснаццатага красавкіка 1998 году быў ў "ЛіМе". Там напаткаў Віктара Шніпа. Загаварыў з ім пра нашы вышыванкі як з чалавекам вельмі чуйным на ўсе праявы нашага нацыянальнага жыцця.

- А ведаеце што, - неяк таямніча, як па сакрэту, трохі з якойсь інтрыгаю загаварыў Віктар. - Мая Людміла таксама мае вышыванку. Яна нават на пашпарт сфатаграфавалася ў вышыванцы...

- І што? І ніхто з пашпартыстаў не запярэчыў? - пацікавіўся я. - Ніхто і нічога і не заікнуўся? Усё было зроблена як належна?

- Не!

- Гэта выдатна! - вырвалася ў мяне. - І ўсцешна! Гэта эўрыка! Гэта ж ідэя !

У пашпарце збіраюцца ці ўжо скасавалі графу нацыянальнасць. То хай сабе скасоўваюць. А мы сваю нацыянальнасць давайце сведчыць сваімі здымкамі ў вышыванках. Вось гэта і будзе наша беларуская графа ў пашпарце. То хай жа гэтае пачынанне надалей станецца для ўсіх беларусаў нормаю!

Ул. Содаль.


ПАЭЗІЯ АРХІТЭКТУРЫ

4 кастрычніка ў сядзібе ТБМ адбудзецца прэзентацыя кнігі "Паэзія архітэктуры" вядомай даследчыцы беларускага дойлідства, доктара навук, прафесара Тамары Габрусь. Пачатак у 18.00. Уваход вольны. Прапануем чытачам прадмову кнігі.

Архітэктура - чароўная краіна, шляхі ў якую вядомыя не кожнаму. Мэта гэтай кнігі - дапамагчы некаму адкрыць тыя шляхі і па-сапраўднаму палюбіць мастацтва архітэктуры праз паэтычнасць яе вобразаў і паэтычныя радкі, прысвечаныя ёй. Архітэктуру звычайна параўноўваюць з музыкай, але, на мой погляд, яна яшчэ больш знітавана з паэзіяй. Невыпадкова, што многія архітэктары былі так-сама паэтамі, пачынаючы ад найвялікшага з іх Мікеланджэла Буанароці да Андрэя Вазнясенскага, які выдатна перакладаў санеты гэтага тытана Адраджэння. У сваю чаргу, многія вялікія паэты па душы і па лёсе жывіліся вобразамі архітэктуры і ўзбагачалі яе моцай сваёй фантазіі.

Паэзія, музыка і архітэктура нібыта перацякаюць адна ў адно, надаючы творам мастацтва новыя сэнсы. Эдгар По адзначаў: "Музыка, злучаная з думкай, якая дае задавальненне, ёсць паэзія; музыка без думкі ёсць проста музыка; думка без музыкі ёсць проста проза з прычыны сваёй абмежаванасці". Архітэктура - гэта заўсёды думка, выяўленая музыкай формаў, і таму яна роўная паэзіі. Славуты архітэктар і тэарэтык архітэктуры Навейшага часу Фрэнк Лойд Райт сцвярджаў: - "Паэзія формы ў той жа ступені неабходная вялікай архітэктуры, як лісце дрэву, квіценне раслінам, мускулы целу" .

Вядома, што на сённяшні дзень існуе больш як 500 навуковых вызначэнняў культуры. Адзначу, што і яе важная частка, архітэктура, мае не менш ёмкіх вызначэнняў. Архітэктура, перш за ўсё, - гэта ўніверсальны спосаб крэатыўнага засваення чалавецтвам сусветнай прасторы з мэтай супрацьстаяння разнастайным, часам неспрыяльным прыродным і сацыяльным умовам. Архітэктурная творчасць як від чалавечай дзейнасці з'яўляецца надзвычай складаным соцыякультурным феноменам, абумоўленым часам і месцам свайго існавання. Твор дойлідства, па сутнасці, ёсць матэрыяльны хранатоп, у якім актуалізаваны прыродна-геаграфічныя і сацыяльна-палітычныя ўмовы пэўнай гістарычнай прасторы.

Асэнсаванне і дасканалая рэалізацыя задач архітэктурнай творчасці ўздымае яе да высокага падабенства са стварэннем Сусвету. У сярэднія вякі ўзаемасувязь Бога і чалавека-Творцы адпаведна філасофска-тэалагічнай канцэпцыі святога Аўгусціна тлумачылася такім чынам: "Тое вышэйшае мастацтва ўсясільнага Бога па якому ўсё было створана з нічога і якое названа мудрасцю выкарыстоўваецца і мастаком які стварае прыгажосць і адпаведнасць бо прыгажосць, створаная па імкненні душы мастацкімі рукамі, бярэ пачатак ад той прыгажосці, якая вышэй за ўсё"

Адпаведна рэнесанснаму светапогляду, Бог і мастак у творчасці лічыліся амаль што парытэтнымі Вось як пра гэта з вышыні свайго генія пісаў скульптар, архітэктар, жывапісец і паэт Мікеланджэла:

Калі ўзрушаны

ствараю на вякі,

Падняўшы ў руцэ

камнедрабільны молат,

То сэрца

пра адное толькі моліць,

Каб молат

мой не выпаў бы з рукі!

Напэўна так Нябесны Уладар

Ствараў Сусвет

пры ўспышках бліскавіцы,

Пад молатам Тварца

ў яго дзясніцы

Гармоніяй

хаос спрадвечны стаў.

Як бачым, мэта духу творчасці - пераўтварэнне хаосу ў гармонію. Чалавек-творца дасягае гэтага сродкамі мастацтва архітэктуры, якую паэт Восіп Мандэльштам вобразна назваў пятай стыхіяй, створанай чалавекам.

Канцэпцыя гэтай кнігі склалася ў выніку асэнсавання пэўнай звышзадачы, што аб'яднала ў адно шэраг мастацтвазнаўчых эсэ, напісаных і апублікаваных мною на працягу больш як за 20 гадоў, для якіх камертонам з'яўляецца асабістае паэтычнае ўспрыйманне архітэктурнай спадчыны. У іх асэнсоўваліся праблемы гісторыі айчыннага дойлідства, пэўныя даты і падзеі, звязаныя з помнікамі архітэктуры і выбітнымі асобамі, апантанымі гэтым мастацтвам. З бегам часу шмат чаго змянілася, адбылася пэўная "раскрутка" пастаўленых праблем, што вылілася ў рэстаўрацыю многіх помнікаў, распрацоўку турыстычных маршрутаў, ушанаванне памяці творцаў і інш., чым я маю падставы ганарыцца. Каб адлюстраваць рознаякаснасць часу, намі адзначаны час першых публікацый прыведзеных артыкулаў у перыёдыцы і навуковых выданнях.

На нашу думку, сабраныя разам навукова-папулярныя нарысы склалі некалькі мазаічную, але ўсё-такі цэласную карціну, што мае гносеалагічную каштоўнасць. Кнігу адкрывае нарыс "Пачуй тую музыку", мэтай якога з'яўляецца агульнае азнаямленне з архітэктурай як відам мастацтва, яе мовай і сродкамі выразнасці, асноўнымі этапамі развіцця ў еўрапейскім кантэсце. У першым раздзеле "Стихия, созданная человеком" сабраныя артыкулы на рускай мове, надрукаваныя ў часопісе "Архитектура и строительство", якія цалкам прысвечаны цывілізацыйнай ролі архітэктуры ў яе ўзаемадзеянні з прыродай, стыхіямі вады, агню, святла і паветра, каменю і дрэва.

Лейтматывам другога раздзела "На зямлі пад белымі крыламі" з'яўляюцца паэтычныя радкі Уладзіміра Караткевіча, для якога краявіды, гісторыя і дойлідства роднага краю былі непарыўныя. Тут сабраны мастацтвазнаўчыя нарысы, прысвечаныя мясцінам Беларусі, праз культурнае жыццё якіх чырвонай ніткай праходзіць гісторыя нашай краіны. З даволі значнай колькасці аўтарскіх артыкулаў на гэтую тэму абраны менавіта тыя, што ў найбольшай ступені выяўляюць асабістае стаўленне да адметных айчынных гістарычна-культурных кангламератаў еўрапейскага ўзроўню, якімі з'яўляюцца гарады Полацк, Наваградак, Менск, Орша, Нясвіж. Але, як вядома, "на Беларусі Бог жыве", таму genius loci, дух месца, і genius creature, дух творчасці, лунаюць тут паўсюдна. Дзе жывуць тыя духі, што апекавалі нашымі продкамі ў часы вайны і міру? І ці патрэбны яны нам зараз? Вобраз анёла "у плоці" дагэтуль застаецца важнейшым кампанентам сінтэзу пластычных мастацтваў, семантычным кодам хрысціянскай культурнай традыцыі.

Апошні раздзел "Праз церні да зорак" прысвечаны ўшанаванню памяці выдатных грамадскіх і творчых дзеячоў, якія тым ці іншым чынам паслужылі вялікаму мастацтву архітэктуры. Лёс амаль усіх з іх трагічны, знявечаны палітыкай і ідэалогіяй свайго часу. Аднак вера і шчырае служэнне архітэктуры, у якой яны бачылі высокамастацкае матэрыяльнае ўвасабленне гісторыі, уздымалі дух гэтых творцаў да зорак. Характэрна, што большасць гэтых асоб былі рознабакова адоранымі мастакамі, музыкантамі, паэтамі. Іх спадчына - як крыніца з жывой вадой для кожнага з нас.

Т.В. Габрусь.


Чарговы занятак гуртка беларускай мовы магілёўскага ТБМ

У сераду 5-га верасня адбыўся чарговы занятак гуртка беларускай мовы магілёўскага ТБМ. Тэмай гуртка было жыццё і творчасць паэта і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна, які нядаўна адзначыў сваё 76-годдзе. Таццяна Красоўская, Міхась Булавацкі, Галіна Калюжная, Аляксей Карпенка і іншыя чыталі любімыя вершы творцы. Цікавыя моманты біяграфіі ўзгадалі ўдзельнікі сустрэчы з паэтам у лютым 2012 года на менскай сядзібе ТБМ, на якую магілёўцы сабралі больш за 50 чалавек, і таму многія з удзельнікаў гуртка мелі з сабой кнігі з асабістым аўтографам спадара Генадзя. Асаблівую цікаўнасць выклікалі відэаролікі песень, якія ведае ўся краіна з самага маленства: " Конь незацугляны" у выкананні У. Мулявіна, "Калыханка", "Завіруха" . Паколькі гурток на гэты раз адбываўся ў кавярні "Пекін", то пасля прагляду відэа на ноўтбуку папрасілі бармэнаў уключыць песні на словы Генадзя Бураўкіна на ўсю ўстанову, паколькі падборку ўсіх вядомых шлягераў падрыхтавалі на флэшцы загадзя. "Беларусізацыя" магілёўскай кавярні з гучнай назвай "Пекін" адбывалася на працягу 2,5 гадзін.

Алег Дзьячкоў, Магілёў.



25 верасня у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца сустрэча з вядомым беларускім пісьменнікам Генадзем Бураўкіным. Сустрэча праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18.00 гадзін. Уваход вольны.


Народны артыст NRM

13 верасня на офісе Руху "За Свабоду" паэту і спеваку Лявону Вольскаму была ўручана прэмія "За Свабоду думкі". Павітаць шаноўнага артыста прыйшлі Аляксандр Мілінкевіч, Валеры Фралоў, Андрэй Дынько, Зміцер Вайцюшкевіч, Зміцер Бартосік, Валянціна Аксак і іншыя дзеячы культуры і мастацтва.

У віншавальным слове адзін з сяброў журы, пісьменнік Уладзімір Арлоў, адзначыў, што музычная культура мае вялікі ўплыў у грамадстве, уздзейнічае на розныя пакаленні беларусаў. Улетку, у момант традыцыйнай імпрэзы ў Бычках, Лявон Вольскі знаходзіўся ў Чарнагорыі. Цяпер ему былі перададзены дыплом лаўрэата прэміі і статуэтка "Крылатай асобы" В. Копача.

Лявон Артуравіч Вольскі, беларускі музыка, мастак, літаратар нарадзіўся 14 верасня 1965 года. Яго дзед, пісьменнік, падарожнік, краязнавец Віталь Вольскі ў 1930-тых гадах працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. Бацька, паэт Артур Вольскі, шмат пісаў для дзяцей, перакладаў з пяці моваў і стаяў у першых шэрагах нацыянальнага Адраджэння канца 1980-ых - пачатку 1990-ых. Продкі Лявона - магілёўскія немцы-лютэране, таму яго сапраўднае прозвішча - Зэйдэль-Вольскі.

У 1984 годзе Лявон Вольскі закончыў Менскую мастацкую вучэльню, падчас навучання ў якой у 1982 годзе стаў адным з заснавальнікаў групы "Мроя." У 1989 г. у разгар перабудовы "Мроя" (Алег Дземідовіч, Юрась Ляўкоў, Піт Паўлаў, Лявон Вольскі) прагучала на ўвесь СССР, запісаўшы на ўсесаюзнай студыі "Мелодыя" пласцінку "Дваццаць восьмая зорка". У 1994 г. годзе музыкі "Мроі" ствараюць новую групу - N.R.M. ("Незалежная Рэспубліка Мроя"), якая за 13 гадоў выпусціла 8 альбомаў флагманаў беларускага року.

Сумесныя праекты з удзелам Вольскага - "Народны альбом" і "Я нарадзіўся тут" - сталі ў Беларусі вельмі папулярнымі, а "Gazeta Wyborcza" нават назвала "Народны альбом" галоўнай падзеяй 1997 году ў Польшчы. 30 снежня 2009 году выйшаў дыск "Такога няма нідзе", усе песні якога сачыніў Вольскі і запісаў іх з шэрагам музыкаў (Русяй, Алегам Хаменкам, Уладзімірам Пугачам ды іншымі).

Лявон Вольскі праявіў сябе як рознабаковы дзеяч культуры, гітарыст, аранжыроўшчык, вакаліст, аўтар музыкі і тэкстаў, лідар музычных гуртоў N.R.M і "Крамбамбуля".

Ён - аўтар сольнага альбома "Белая яблыня грому" і зборніка песень на вершы класікаў беларускай літаратуры - Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Ларысы Геніюш, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна. Першае выкананне альбому прайшло ў сакавіку 2010 у Купалаўскім тэатры ў Менску.

У 2011 годзе Лявон Вольскі прыняў удзел у стварэнні беларускага мультфільма "Будзьма беларусамі!", прысвечанага беларускай гісторыі .

Лявон Вольскі выдаў дзве кнігі паэзіі і адну кнігу прозы: паэтычныя зборнікі "Калідор" (1993), "Фотаальбом" (1998), кніга прозы "Міларусь" (2011). З'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2010) . Як мастак ён - аўтар сатырычных коміксаў, друкаваных у часопісе "Бярозка" ў першай палове 1990-х гадоў, аўтар артыкулаў і коміксаў у "Нашай Ніве".

Вялікай папулярнасцю і прызнаннем карыстаўся праект Л. Вольскага "Песні праўды" ад імя народных персанажаў Саўкі ды Грышкі, на Радыё Свабода ў 2010 - 2011 гадах, у якім артыст з гумарам і дакладнасцю хутка адгукаўся на бягучыя грамадскія падзеі.

Разам з жонкай Ганнай Вольскай, музычным прадзюсарам, творчая сям'я выхоўвае дачку Адэлю. Госці імпрэзы сардэчна павіншавалі Лявона Вольскага з ўзнагародай і пажадалі яму поспехаў.

Э. Дзвінская. Фота аўтара: Лявон Вольскі гаворыць аб унутранай свабодзе творцы.


Да 500-годдзя Хойнікаў

"Белпошта" выпусціла мастацкую паштоўку да 500-годдзя Хойнікаў.


У ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ

2-га верасня кіраўніцтва Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ у асобах старшыні рады Іосіфа Навумчыка і намесніка старшыні Юрася Бабіча, а таксама прадстаўнікі рэгіянальных структур прынялі ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім. Адбыліся цікавыя сустрэчы і нефармальны абмен думкамі ў Глыбоцкай раённай бібліятэцы, у гістарычна-краязнаўчым музеі. Ад імя таварыства ў бібліятэку перададзеныя чарговыя тамы поўнага збору твораў Васіля Быкава. Дарэчы, варта сказаць, што раённая бібліятэка ў Глыбокім па-добраму ўразіла густоўнасцю афармлення, дасканалай арганізацыяй працы. Тут створаны ўсе ўмовы для наведнікаў, у чытальнай зале ёсць багаты выбар слоўнікаў, даведнікаў - таго, што запатрабаванае штодзённа. А прафесійны і добразычлівы калектыў супрацоўнікаў заўсёды гатовы аказаць кансультацыйную дапамогу чытачам.

Пазнавальнай была экскурсія ў гістарычна-краязнаўчым музеі, дзе выстаўленыя экспанаты, непасрэдна звязаныя з Глыбоччынай. Асобныя раздзелы прысвечаныя знакамітым землякам: Вацлаву Ластоўскаму, Тадэвушу Даленга-Мастовічу, Ігнату Буйніцкаму, Язэпу Драздовічу і многім іншым знакавым асобам. Натуральна, інфармацыя аформлена па-беларуску.

Урачыста была адкрытая Алея славутых землякоў, дзе ўстаноўленыя бюсты Язэпа Корсака, Ігната Буйніцкага, Язэпа Драздовіча, Вацлава Ластоўскага і іншых выбітных людзей, чыё жыццё і творчасць звязаныя з Глыбоччынай. У час цырымоніі адкрыцця кіраўнікі вобласці і раёна прамаўлялі на цудоўнай беларускай мове, што надало святу яшчэ больш яскравых фарбаў.

Для глыбачан, як і ўвогуле для ўсіх гасцей горада, атрымалася сапраўды добрае свята. Лішне казаць, што Глыбокае яшчэ не бачыла такой колькасці беларускамоўных у адзін дзень. Шкада толькі, што візуальная інфармацыя на гандлёвых кропках у большасці выпадкаў так і засталася рускамоўнай. Або ўвогуле незразумела якой. Бо як інакш можна расцаніць шыльды кшталту "Продукты. Родны кут" ці "Торговый центр. Родны кут" ? У прыватных размовах дасведчаныя людзі казалі, што спробы "дастукацца" да ўладальнікаў гандлёвых аб'ектаў у плане беларускамоўнага афармлення іх уласнасці ў большасці выпадкаў поспеху не мелі. Напэўна, гэта ў немалой ступені падкрэслівае асаблівасці, так бы мовіць, ментальнасці асобных прадстаўнікоў бізнэсу.

Але ўсё ж варта падкрэсліць, што глыбачане ў цэлым захоўваюць прыхільнасць да роднага слова і нацыянальнай культуры. Спадзяёмся, што і мясцовая суполка ТБМ будзе больш актыўна прыцягваць у свае шэрагі людзей, для якіх паняцці "роднае і "беларускае" - тоесныя.

Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Шкірманкоў Фел. - 50000 р., г. Слаўгарад

2. Бабраўнічы М.Я. - 50000 р., г. Менск

3. Пухоўская Юлія - 20000 р., г. Менск

4. Розін Дзмітры - 100000 р., г. Менск

5. Чачотка Міхась - 20000 р., г. Менск

6. Брыцько Ўладзімір 25000 р., в. Лунна, Мастоўскі р-н

7. Літвінава Людміла - 10000 р., г. Менск

8. Палхоўскі Аляксандр - 50000 р., г. Менск

9. Пяткевіч Ліза - 100000 р., г. Менск

10. Лукашук Марыя - 100000 р., г. Берасце

11. Невядомы - 100000 р., г. Менск

12. Ліннік Мікола - 40000 р., г. Менск

13. Шынкевіч Уладзімір - 50000 р., г. Менск

14. Джэйгала Ўладз. - 200000 р., г. Менск

15. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

16. Вострава Аляксан. - 50000 р., г. Гомель

17. Гуркоў К.В. - 20000 р., г. Менск

18. Прылішч І.А. - 25000 р., г. Менск

19. Ляскоўскі Ўладзіслаў - 100000 р., г.п. Шаркаўшчына

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Людвік Нарбут

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пазней да яго легандарнасці спрычынілася вайсковая дзейнасць і перш за ўсё ўменне вядзення партызанскай барацьбы. Поспехамі яго аддзела жыла ўся Лідчына. Таму не можа здзіўляць факт, што ў пахаванні ўдзельнічалі натоўпы. Паўстанцкая магіла ад самага пачатку была аточана вялікай пашанай.

Пасля зраўняння з зямлёй касцёла і магілы паўстанцаў, каб яшчэ больш зацерці след, царскія ўлады пасадзілі на тым месцы бярозы. Аднак навакольны люд увесь час памятаў, што бярозавы гаёк хавае парэшткі паўстанцаў. Праз некалькі гадоў ужо ў бярозовым лесе быў пакладзены, а, дакладней, схаваны ў высокай траве ад царскіх уладаў камень з выбітым надпісам: "SP. Leon Krainski" . Такім спосабам, дзякуючы сям'і Краінскіх - Лявон быў ад'ютантам Нарбута - было пазначана для нашчадкаў месца вечнага спачыну паўстанцкага правадыра.

Праз семдзесят гадоў гэты камень быў адзіным бачным знакам, які паказваў на месца паўстанцкай магілы. Праз увесь час няволі мясцовы люд пакрыёма клаў кветкі да каменя. У 1933 годзе, дзякуючы ініцыятыве жаўнераў і афіцэраў 76 лідскага палка пяхоты паставілі ў Дубічах помнік памяці Людвіка Нарбута і палеглых паўстанцаў. Сродкі на яго пабудову былі сабраны спецыяльным, для той мэты сабраным Камітэтам Лідчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Сміглы. Праект выканаў прафесар Універсітэта імя Стэфана Баторыя Фердынанд Рушчыц. Камень, які да тога часу сведчыў пра магілу паўстанцаў, умуравалі ў падножжа абеліска. Адкрыццё помніка 6 жніўня 1933 года было вялікай падзеяй і святам для мясцовага люду. З гэтай нагоды з'явіліся спецыяльныя публікацыі, прысвечаныя Людвіку Нарбуту і студзеньскаму паўстанню, а таксама гісторыі 76-га Лідскага палка пяхоты, якому было нададзена імя геройскага камандзіра (полк дыслакаваўся ў Гародні).

Мінула пяць гадоў - быў год 1938 - 75 угодкі студзеньскага паўстання. Жыхары Лідчыны пастанавілі ўшанаваць памяць свайго героя. За найбольш прыймальную форму прызналі ўфундаванне памятнай дошкі, якую намерыліся ўмураваць у сцяну касцёла піяраў у Лідзе. На карысць гэтага можа быць заважыў факт знішчэння раней драўнянага крыжа пастаўленага на месцы бітвы і смерці Нарбута. Крыж быў скрадзены і пушчаны найпраўдападобней на апал. На месцы скрадзенага вайскоўцы паставілі жалезны крыж.

Несумненна, гэтае смутнае здарэнне з крыжам навяло жыхароў Ліды і Лідчыны на задуму мемарыяльнай дошкі. Месца яе размяшчэння гарантавала трываласць і мела ахоўваць дошку ад вандалаў.

Далейшыя лёсы дошкі паказалі аднак, якой зменлівай можа быць гісторыя, і як, часам, цяжка прадбачыць лёс. Не будзем, аднак, апераджаць факты. У "Ziemi Lidzkiej" у нумары 5-6 з траўня-чэрвеня з'явіўся артыкул пяра Аляксандра Снежкі, названы "Людвік Нарбут - нацыянальны герой". Гэты тэкст запачатковаў падрыхтоўку да адзначэння 75-годдзя студзенскага паўстання. Аўтар паказаў у сваім артыкуле лёс Людвіка Нарбута.

У тым самым нумары знаходзіўся таксама тэкст успамінаў Юлія Грымайлы-Прыбыткі. Аўтар яго, які ў 1863 годзе быў малым хлопцам, успамінаў, што для яго і для ўсёй яго сям'і вялікай падзеяй было наведванне Людвікам Нарбутам іхняга дому. Грымайла-Прыбытка такім чынам апісаў тое спатканне: "(...) мы мелі вялікае шчасце бачыць героя, правадыра ўсяго народу...". З пададзенага фрагменту выразна відаць, якое значэнне мела ў часы паўстання і ў наступныя семдзесят пяць гадоў для жыхароў Лідчыны, і нават і ўсёй Літвы постаць Людвіка Нарбута. Належыць дадаць, што пашанай карыстаўся і ўвесь, моцна разгалінаваны род Нарбутаў. Для прыкладу можна назваць Казіміра Нарбута, аўтара падручніка логікі, сябра Таварыства элементарных кніг (Таварыства вучэбнай літаратуры) ці згадванага раней Тодара Нарбута з-пад яго пяра выйшла "Старажытная гісторыя літоўскага народу". Аляксандр Снежка ў першым нумары "Ziemi Lidzkiej" за 1937 год змясціў артыкул, які апісваў маёнтак Шаўры - радавое гняздо Нарбутаў. Ён ацалеў і не падпаў пад канфіскацыю пасля задушэння паўстання студзеньскага дзякуючы заступніцтву сярэдняга сына Тодара Нарбута, які быў паручнікам у расійскай арміі 1. У многіх перадваенных нумарах "Ziemi Lidzkiej" друкаваліся рэдакцыяй фрагменты запісак Браніслава Нарбута, які апісваў жыццё Ліды і ваколіц трыццатых і саракавых гадоў пазамінулага стагоддзя.

Справамі фундавання мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Людвіку Нарбуту актыўна цікавілася грамадскасць Ліды. У красавіцкім нумары 1937 года рэдакцыя змясціла тэкст пад загалоўкам "Толькі з годнасцю, панове" выданне інфармавала чытачоў, што Ліда і Лідчына рыхтуецца да ўгодкаў выбуху студзеньскага паўстання на наступны год. Кульмінацыйным пунктам мерапрыемстваў будзе адкрыццё памятнай дошкі, прысвечанай Людвіку Нарбуту. Каб надаць урачыстасці вагу і забяспечыць спраўную арганізацыю, быў створаны камітэт мерапрыемстваў. Апроч нагляду над ходам урачыстасці перад камітэтам паўстала складаная задача - збіранне фундушаў на пакрыццё кошту дошкі. Сябры камітэту адразу звярнуліся з гарачым заклікам аб дапамозе. Збор грошай арганізавала рэдакцыя "Ziemi Lidzkiej". Акцыя збірання ішла спраўна. Ужо ў травеньскім нумары 1937 года быў змешчаны артыкул, які прадстаўляў праект будучай дошкі. Выканаў яго мясцовы скульптар Ежы Кацешчанка. Адліў у бронзе, як запаўняў артыкул, меў быць выкананы мясцовай ліцейкай. Надпіс змешчаны на дошцы паведамляў:

"1832 - 1863.

Вучню былой школы

айцоў піяраў у Лідзе

Людвіку

Нарбуту,

правадыру студзеньскага

паўстання на Літве

у 75 - годдзе

геройскай смерці.

1863 - 1938.

З пашанай Лідчына"

Надпіс на дошцы, зроблены ў арыгінальнай форме, тлумачыў чаму вырашана было размясціць яе на сцяне касцёла. Прычына была відавочнай. Людвік Нарбут вучыўся ў той школе, хоць тады яна не належала піярам. У 1834 годзе школа была адабрана ў ксяндзоў і перададзена расейскім адукацыйным уладам. У той школе, але яшчэ піярскай, вучыўся бацька Людвіка - Тодар Нарбут, а таксама бацька Яна Аляксандра Караловіча, вядомага этнаграфа.

У гэтым месцы патрэбна тлумачэнне: касцёл, у сцяну якога ўмуравалі дошку, пабудавалі піяры, пераведзеныя ў Ліду Ігнацыем Сцыпіёнам дэль Кампа, падстолім Вялікага Княства Літоўскага. Першы касцёл, драўляны, паўстаў у 1758 годзе. у 1770 годзе ксёндз Аляксандр Вольмар купіў фальварак Пастаўшчына, дзе праз восем гадоў, г.зн. у 1778 г. было распачата будаўніцтва уласнага касцёла і калегіюма. Работы, асабліва па будаўніцтве касцёла, ішлі вельмі павольна. У 1801 годзе ксёндз Казімір Нарбут асвяціў кутні камень і фундаменты будынка. Святыня да канца была завершана і асвечана ў імя Св. Юзафа Каласантага ў 1829 годзе.

Піярам касцёл і калегіюм не належалі доўга. У 1834 годзе зачынілі школу. А ў 1843 годзе царскія ўлады аддалі касцёл і кляштарныя будынкі праваслаўнай царкве 2. Праз тры гады піяры пакінулі горад. Пасля заняцця Ліды польскім войскам у 1919 годзе святыню нанава памянялі на касцёл рымска-каталіцкі. Пасля І Сусветнай вайны піяры распачалі старанні пра вяртанне страчанай святыні: У поўнай меры ўдалося ім гэта ў 1926 годзе. Тады ж адбылося аднаўленне даўняга калегіюма. У сакавіку 1927 года, афіцыйна ад імя сходу правінцыял Тамаш Альшоўка прыняў даўнюю піярскую ўласнасць. З часам паўстаў калегіюм з пачатковай школай, гімназіяй і гандлёвым ліцэем. У верасні 1939 года касцёл быў зноў адабраны ад піяраў. Камуністычныя ўлады зрабілі ў святыні планетарый. У 1993 годзе пачаліся старанні за вярнанне касцёла айцоў піяраў. Аднак улады Беларусі пасля паразумення з папскім нунцыем у Беларусі, біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі і генералам ордэну піяраў, вырашылі ізноў перадаць яго праваслаўнай царкве.

Вернемся аднак да галоўнай тэмы. У артыкуле, які абгаворваў праект дошкі, змешчана ілюстрацыя, якая прадстаўляла яе макет, з якога і ўзяты далучаны надпіс. Відаць у ім выразная памылка ў прозвішчы Нарбута. Напісана яно праз адно "t" Памылка тая была папраўлена, і, канешне, на самой дошцы прозвішча было напісана папраўленае.

За усім комплексам падрыхтоўкі да ўрачыстасці адкрыцця дошкі наглядаў спецыяльна з той мэтай створаны Камітэт мерапрыемства пад пратэктаратам самога Эдварда Рыдз-Сміглага. Несумненна постаць маршала падавала дзейнасці камітэту характар агульнадзяржаўны. Каб падняць ранг мерапрыемства, скліканы быў - акрамя выканаўчага камітэту - таксама ганаровы камітэт. У склад ганаровага камітэту ўвайшлі ў тым ліку: Адам Сакалоўскі - наваградскі ваявода, ксёндз арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі - мітрапаліт віленскі, генерал Альшына-Вільчынскі - начальнік АК. ІІІ, М.Б. Гадэцкі - віленскі школьны куратар, Людвік Бацінскі - ваявода віленскі, Мар'ян Янкоўскі - віца-ваявода беластоцкі, прафесар доктар Вітольд Станевіч - прарэктар універсітэта Стэфана Баторыя, ксёндз Геранім Стусінскі - правінцыял піяраў; Юзаф Пшылускі - старшыня апеляцыйнага суда ў Вільні, а таксама Юзаф Ігнацы Парчэўскі - пракурор апеляцыйнага суда ў Вільні.

У склад выканаўчага камітэту ў той час увайшлі: Юльян Грымала-Прыбытка - старшыня, палкоўнік Людвік Маеўскі - віца-старшыня, ксёндз Клеменс Чабаноўскі - ІІ віца-старшыня і скарбнік, рэдактар Уладзіслаў Абрамовіч - сакратар. Чальцамі камітэту сталі: стараста Станіслаў Гусоўскі (Гансоўскі), бурмістр Юзаф Задурскі, а таксама яшчэ некалькі знакамітых жыхароў Ліды. Склад камітэту бясспрэчна сведчыў пра вялікае значэнне, якое мела для жыхароў гэтага краю ўрачыстае ўмураванне дошкі.

Як падае "Ziemia Lidzka" кошт выканання дошкі выцягнуў пад 1500 злотых, што на тыя часы складала не такую малую суму. Аўтар дошкі атрымаў ганарар у памеры 480 зл. Адліўку яе выканаў, не як пісалі ў "Ziemi Lidzkiej" за год да гэтага мясцовы адліўнік, а спецыяліст з Вільні Савул Пупко. За выкананую працу атрымаў 300 зл. Гранітную пліту, да якой была прымацавана адліўка з бронзы выканаў камнярэз з Міра - Антоні Грыневіч. Яго аплата склала 350 зл.

(Працяг у наступным нумары.)

1. У беларускай гістарыяграфіі гэты момант падаецца з дакладнасцю да наадварот - маёнтак Шаўры быў канфіксаваны, разбураны і зраўняны з зямлёй. Ні пра якога сына Тодара Нарбута на рускай службе не згадваецца.

2. Для аб'ектыўнасці трэба сказаць, што меў месца пажар, і праваслаўным была перададзена фактычна выгаралая каробка касцёла.


У дапаўненне слоў Леаніда Лыча Погляд расіяніна

Было цікава пазнаёміцца з бачаннем сп. Лыча праблем суіснавання ў незалежнай Беларусі беларускай і рускай культур ("НС", № 34-35 за г.г.). Думаю, што ў далейшым падобная размова павінна працягнуцца з абавязковым удзелам шырокіх колаў расійскай дыяспары. Тут жа, не пераацэньваючы свае сілы, паспрабую паглядзець на праблему вачыма аднаго з яе прадстаўнікоў.

Ісцінай сацыялогіі з'яўляецца той факт, што грамадства структураванае. Кожны чалавек па той ці іншай прыкмеце належыць да пэўнай сацыяльнай групы (палавой, узроставай, прафесійнай, адукацыйнай, канфесійнай, спартыўнай, гастранамічнай і г.д.). Па-рознаму людзі ўспрымаюць гістарычны досвед і бачаць далейшае развіццё. Часта гэта звязана не з веданнем (або няведаннем) нейкіх фактаў, а з асабістымі адносінамі да іх. На гэта ўплываюць традыцыі таго асяроддзя, у якім вырас чалавек, а таксама яго ўласны досвед і псіхалагічныя ўласцівасці. Так, у Грэцыі можна выдзеліць групы з сацыяльна-гістарычнымі сімпатыямі: а) пра-антычнай; б) пра-візантыйскай; в) пан-еўрапейскай. У Расіі іх, па меншай меры, пяць: а) пра-дамангольская; б) пра-дапятроўская; в) пра-пасляпятроўская; г) пра-савецкая; д) пра-глабалісцкая. Кожныя выбары на Украіне сведчаць пра структураванасць іхняга грамадства ў залежнасці ад геапалітычных сімпатый.

У беларускім грамадстве па ўсведамленні сваёй нацыянальнасці і гістарычных даляглядаў можна (у пэўнай ступені ўмоўна) выдзеліць наступныя сацыяльныя групы:

1. Нашчадкі ВКЛ.

2. Беларусы як рускія Белай Русі (заходнерусізм).

3. Беларусы як рускія са "знакам якасці".

4. Нашчадкі БССР (для многіх з іх не толькі ў ХХ ст., але і зараз слова "беларус" азначае не столькі нацыянальнасць, колькі "месца прапіскі").

Цікава, што прадстаўнікі кожнай з гэтых груп сваіх апанентаў часта кляймяць адным і тым жа словам - маргіналы. Паколькі я не беларус, то прынцыпова ўстрымліваюся ад ацэнак дадзеных груп. Хаця заўважу, што іх довады па-свойму цікавыя.

Група 3 выклікае пэўныя пытанні, бо асабіста для мяне ўсё ж такі натуральна надаваць "знак якасці" рускім з Расіі. Яе крайнія прадстаўнікі (сустракаў такіх асабіста) настолькі адмаўляюць беларускую мову, што нават прыдумалі тэорыю, быццам бы сучасная руская мова - гэта і ёсць мова нашчадкаў ВКЛ, якія навучылі ёй маскавітаў. Узаемны ўплыў нашых моў, безумоўна, быў і ёсць зараз, але ацэньваць яго трэба без эмоцый і выдавання пажаданага за сапраўднае. Дастаткова памятаць, што норма рускай літаратурнай мовы пачала распрацоўвацца Пецярбургскай Акадэміяй навук яшчэ да раздзелаў Рэчы Паспалітай. Перасяленцы з ВКЛ жылі ў Маскоўскай Русі і раней. Але каб навучыць сваёй мове суседнюю краіну, ВКЛ патрабавалася б знялюднець, чаго, аднак, не адбылося. Дый М. В. Ламаносаў у XVIII ст. пісаў: "Народ Российский, по великому пространству обитающий, не взирая на дальное расстояние, говорит повсюду вразумительным друг другу языком в городах и сёлах. Напротив того, в некоторых других государствах, например в Германии Баварской крестьянин мало разумеет Мекленбургского или Бранденбургский Швабского, хотя все того же Немецкого народа" . А вось беларускую мову мой зямляк, хоць у цэлым і разумее, але сваёй не палічыць.

Адданых беларускай мове людзей часцей за ўсё мы сустрэнем у групе 1. У групе 4 і часткова ў групе 2 тытульную мову быццам бы не адмаўляюць, але часта пакідаюць за ёй месца музейнага экспаната пад шклом і сігналізацыяй. Маўляў, "рукамі не чапаць".

У беларускім грамадстве ёсць толькі адна сацыяльная група, якая мне вельмі несімпатычная і якую я ўпэўнена называю маргінальнай. Гэта група, якая гатова бясконца ліць кракадзілавыя слёзы пра гістарычны лёс свайго народа і яго мовы, але саму гэту мову за многія гады засвоіла на ўзроўні ўсяго дзвюх слоў: "Беларусь" і "беларус". Прадстаўнікі гэтай групы - у прыватнасці А. Тарас і В. Дзяружынскі - у рускамоўных тэкстах ужываюць словы "беларус" і "беларуский". Слушна спытаў Э. Ялугін (гл. "НС", № 32 за г.г.): на каго разлічаны такія кнігі? Калі на беларусаў, то трасянка (а тут прысутнічая яна самая) - гэта іхняя гістарычная хвароба. Якая неабходнасць "узнагароджваць" сябе ёю і ў пісьмовым маўленні? Калі на гасцей з Расіі або прадстаўнікоў расійскай дыяспары, то, убачыўшы ў кнігарні рознага кшталту "Тайны беларуской истории" або "Предысторию беларусов", дзе на нашай роднай мове ў адным слове ("беларуской") ажно дзве (!!!) граматычныя памылкі, мала хто не будзе плявацца і аднясецца да напісанага сур'ёзна. Бо самавыражэнне за чужы кошт звонку заўжды ўспрымаецца як паразітызм і культурная трэцягатунковасць. Хочуць ці не аўтары падобных кніг, але фактычна яны вядуць падрыўную працу супраць прэстыжу сваёй краіны і нацыі ў вачах суседзяў, а ўнутры краіны замацоўваюць нігілізм да тытульнай мовы.

Самае недарэчнае абвінавачванне рускіх у Беларусі - у імперскасці. Тут дзейнічаюць стэрэатыпы мінулага і нават пазамінулага стагоддзяў. Асабіста я разумею імперскасць як адносіны "метраполія - калонія", пры гэтым прадстаўнік метраполіі ніяк не звязвае сябе з грамадствам калоніі. Згадайце англійскага пісьменніка Р. Кіплінга, які, хоць і цікавіўся культурай Індыі, але апраўдваў брытанскае панаванне ў ёй нейкім "цяжарам белага чалавека". Ніякага "цяжару" адносна незалежнай Беларусі руская дыяспара ў ёй не адчувае. Але трэба зразумець: з якой бы сацыяльнай групай Беларусі (што пералічаны вышэй) любы з маіх землякоў не збліжаўся, гэта адносіны ўнутры самадастатковай сацыяльнай супольнасці незалежнай дзяржавы. Тут, што хочаце, але не імперскасць. Або трэба даць нейкае іншае тлумачэнне імперскасці.

Вас, безумоўна, цікавіць блізкасць рускай дыяспары да групы 1 (нашчадкаў ВКЛ). Паміж нашымі продкамі адносіны былі складанымі. Але любая эпоха - гэта не соннае паўтарэнне таго, што ўжо было, а творчая перапрацоўка гістарычнага досведу. Сёння Расійская Федэрацыя (рус. Российская Федерация) і Рэспубліка Беларусь (рус. Республика Белоруссия) - краіны, якія прызнаюць адна адну; грамадства кожнай з нашых краін адчувае ўнутраную самадастатковасць. Узнікненне нацыянальных дзяржаў на месцы СССР прадбачылі, хоць і не зусім аднолькава, многія рускія мысліўцы - Іван Ільін, Георгій Фядотаў, Аляксандр Салжаніцын... Ідэя самастойнасці Расіі ў савецкія часы была выпакутавана. Таму для многіх выхадцаў з Расіі нашчадкі ВКЛ па меншай меры - цікавыя. А гэтым варта даражыць. Думаю, што ўзаемапаразумення паміж намі было б яшчэ больш, калі б не рэзкія і не зусім адэкватныя выказванні асобных прадстаўнікоў згаданай сацыяльнай групы, у тым ліку з шэрагаў ТБМ. Увогуле, адраджэнцам беларускай мовы, як мне падаецца, пакуль не хапае цвярозага і выразнага сацыялагічнага падыходу: на якія сацыяльныя групы разлічана іхняя дзейнасць у бліжэйшай перспектыве, на каго яны могуць абапірацца пры яе ажыццяўленні, у каго можна шукаць спачування. За спачуванне таксама трэба змагацца. Бо, акрамя вашай групы (я яе вышэй абазначыў № 1), унутры беларускага грамадства аб'ектыўна існуюць групы 2, 3, 4. Любы чалавек вольны спачуваць і ім таксама. Тут ужо больш залежыць ад вас саміх.

Расчарую некаторых аўтараў "НС", але сярод маіх суайчыннікаў цікавасць і пяшчота да беларускага слова нярэдкія. У хатніх бібліятэках рускіх сем'яў у Беларусі кнігі на вашай тытульнай мове (прычым прачытаныя!) можна сустрэць часцей, чым у многіх іх патэнцыйных чытачоў. Калі для беларусаў моўны выбар, у залежнасці ад сацыяльнай групы, адбываецца паводле прынцыпу "або - або", прычым часам агрэсіўна, то для маіх землякоў, якія жывуць сярод вас, няхай і не заўжды, але нярэдка, - "і тая мова, і другая", з павагай да абедзвюх. Гэта нялішне мець на ўвазе, а не зацыклівацца на выключэннях.

Псіхалогія прадстаўніка дыяспары мае свае асаблівасці. З аднаго боку, ён мае гарачыя пачуцці да сваёй гістарычнай Радзімы (асабліва хто пакінуў яе ў першым пакаленні), з другой - фактычна ўключаны ў сацыяльнае жыццё іншай краіны, узаемадзейнічае з яе сацыяльнымі групамі. Але прадстаўнікам дыяспараў часта ўдаецца сумясціць тое, што іншыя разглядаюць толькі паасобна. Менавіта таму, што я не звязаны комплексамі карэнных беларусаў пра іхнюю тытульную мову, мне лягчэй уключаць яе ва ўласнае жыццё. Практычнае двухмоўе для мяне даўно рэальнасць. Не раз прыходзілася чуць ад вашых супляменнікаў: "Не старайся быць большым беларусам, чым мы". Дык я, увогуле, не беларус і не маю намеру ім станавіцца. Проста сама псіхалогія дыяспары пабуджае цягнуцца да чужога, захоўваючы сваё. Каб не асімілявацца, ёсць унутраная патрэба бачыць, у чым менавіта "мы - не яны", а "яны - не мы".

Я не адмаўляю блізкасці нашых народаў, нават цаню яе. У маім артыкуле "Сум глыбокі ў ціхім шамаценні" ("НС", № 35 за г.г.), калі я цытаваў верш Я. Каршукова "Расіі", рэдакцыя "выпадкова" не ўключыла радок "Адна ж, адна у нас калыска". Адчуваецца ідэалагема пэўнай сацыяльнай групы. Не ўхваляю і не папракаю за гэта, але, як аматар сацыялогіі, прымаю як дадзенасць. І ўсё ж, не заўважыць падобны радок я не мог: у ім, калі хочаце, псіхалагічная падтрымка майго двухмоўя - "тут і зараз". Бо ў нашых продкаў, насамрэч, адна калыска. Яны прынялі хрысціянства на дзяржаўным узроўні ў Вызантыі; Канстанцінопаль і Кіеў у зямным вымярэнні былі іхнімі духоўнымі цэнтрамі. І зараз мы ўшаноўваем беларускіх і расійскіх святых як сваіх нябесных заступнікаў. Таму для праваслаўных хрысціян нашых краін калыска адна. Калі іншыя канфесіі маюць на Зямлі свае духоўныя цэнтры і сваё бачанне гісторыі, яны маюць на гэта права. Але непрыняцце "адной калыскі" для праваслаўных хрысціян усходнеславянскіх краін адназначна звужае сацыяльную базу беларускай мовы. Да гэтага можна па-рознаму ставіцца, але трэба мець на ўвазе. Канешне, гэта не адмаўляе магчымасці іншых поглядаў на гісторыю, але і такі, як засведчыў час, мае права на жыццё.

Мне хацелася б адрозніць паняцці "руская мова як частка савецкай ідэалогіі" і "руская мова як душа і аблічча рускага народа". Вось што пра гэта пісаў мой зямляк, сібірскі пісьменнік Валянцін Распуцін:

"Или тот язык, который теснил мову, был русским? Неужели не знаете вы, что нет у русских такого языка и создан он совместным нашим безродством для обозначения безродного же политического и социального имущества? Так же как над мовой, это новоречие издевалось и над русским языком, языком Пушкина и Тютчева, Тургенева и Лескова, Толстого и Бунина, Гоголя и Чехова, Шмелёва и Ильина, вытравливая в нём трепетность, чуткость, звучность, точность, глубину, самородность и облик несущего его народа. Неужели забыли вы, что, когда русские писатели-деревенщики достали этот язык из бабушкиного старья и вынесли его читателю, над ним измывались так же, как и над вашими письменниками?"

Руская мова - неад'емная частка рускага нацыянальнага жыцця. Савецкая ідэалогія па сутнасці сваёй была безнацыянальнай, ваяўніча антынацыянальнай. Калі яна карысталася ў сваіх мэтах рускай мовай, то не дзеля таго, каб іншыя народы ўвесці ва ўлонне рускага этнасу, а каб з усіх народаў, уключаючы рускі, вылепіць нейкую новую, утапічную гістарычную супольнасць. Так званы "савецкі народ" - гэта народ, адарваны ад рэлігійных каштоўнасцяў і радаводу, ад складанага ўнутранага жыцця і несанкцыянаваных перажыванняў, ад гістарычнага досведу іншых народаў. А ці вялікае месца ў гэтым эксперыменце заставалася "рускаму складніку"? Можа, памятаеце, як слова "рускі" замацоўвалася хіба што за афіцыйнай мовай, а ў астатнім мянялася на "савецкі"? Так што выкарыстоўваліся ў СССР выразы "беларускі пісьменнік", "беларуская опера", "беларускі гімн" і да т.п., а рускіх пісьменнікаў і рускай оперы нібыта не было - афіцыйна толькі "савецкія", у самым крайнім і рэдкім выпадку - "рускія савецкія" (пісьменнікі). РСФСР была адзінай з саюзных рэспублік без уласнага гімну. Беларус мог, слухаючы гімн сваёй рэспублікі, няхай і са словамі (калі не памыляюся) "Нас аб'яднала Леніна імя", з гонарам думаць "я - беларус". А вось такая ж думка "я - рускі" тады лічылася апалітычнай: толькі "савецкі". Калі ў 20-я гады савецкая ўлада стымулявала развіццё многіх моў і культур, то любы намёк на рускую самабытнасць і свядомасць жорстка караўся ўжо тады. Руская мова першай прыняла ўдар савецкага бязродства, і яе страты таксама вялікія.

Рэвалюцыйная ідэя зліцця нацый і моў нарадзілася не на нашай зямлі, але мы разам захварэлі на яе, прычым у цяжкой ступені. На сваёй радзіме, да гонару яе жыхароў, гэтая ідэя хутка аджыла. Расія, як бачыцца, хутчэй за Беларусь выздараўлівае ад бяспамяцтва, хаця ёсць і іншыя болькі. Думаю, што ўзважваць і параўноўваць гістарычныя страты народаў - справа няўдзячная і ўласцівая людзям невялікага розуму, бо калі нешта баліць, то - незалежна ад нацыянальнасці. Нам лепей карыстацца досведам адзін аднаго па пераадоленні гістарычнага нігілізму.

Разумею, што меў на ўвазе сп. Лыч, кажучы пра ўзмацненне "рускага фактару" з 30-я гг. і да т.п., хаця, як мог, я пастараўся паказаць недакладнасць падобных тэрмінаў. Прашу ўдумлівага чытача не рабіць з маіх слоў паспешных высноў, а толькі ўлавіць саму думку. Мая самасвядомасць ні ў якой ступені не вораг вашай. Мае нацыянальныя пачуцці дазваляюць зразумець іх і ў іншага чалавека.

Наш праваслаўны святы Іаан Кранштадцкі пісаў: "Глядзі на кожнага чалавека як на навіну ў свеце Божым" . Гэтаксама ж можна глядзець і на любы народ. Славутаму рускаму філосафу Івану Ільіну належаць словы: "Усякая нацыянальная сваеасаблівасць па-свойму яўляе Дух Божы і па-свойму славіць Тварца" . Не таму, што ўсім народам Творца вядомы, а таму, што сам факт існавання мноства народаў сведчыць пра ўсемагутнасць Таго, Хто вывеў іх у гісторыю.

Не ведаю, хто як, але я не бачу крыніц гарманічнага суіснавання народаў іначай як на хрысціянскіх каштоўнасцях. Ва ўсякім выпадку, для тых народаў, якім хрысціянства вядомае. Так што ідэя "адной калыскі" далёка не вораг для беларускага адраджэння і беларускай мовы. Гэта тое, на чым трымаецца суіснаванне нашых народаў. Што да суіснавання з іншымі народамі - а яно таксама павінна быць, - то тут трэба выкарыстоўваць у кожным выпадку сваю ідэйную аснову.

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, ураджэнец РФ.


У гонар земляка

Кожны народ, кожная краіна, кожны горад ці вёска заўсёды ганарыліся сваімі людзьмі, якія праславілі родны край сваім акрыццямі, сваімі творамі, складзенымі песнямі… Якія пакінулі пра сябе памяць на вякі, паказалі асабісты духоўны і творчы прыклад служэння сваёй радзіме, свайму народу, сваёй роднай зямлі.

Ёсць чым ганарыцца і нам, жыхарам Гомельшчыны, бо і ў нас багатая гісторыя, шчодрая на таленты зямля, якая дала сілы і духоўны росквіт многім слынным землякам - паэтам і кампазітарам, мастакам і дойлідам, краязнаўцам і вучоным…

Гомельская абласная грамадская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" распачала свой новы культурна-асветніцкі праект "Слынныя краязнаўцы Гомельшчыны". Плануюцца пастаянныя выступы ў розных аўдыторыях краязнаўцаў і гісторыкаў, якія раскрыюць перад слухачамі таямніцы нашай гісторыі, раскажуць пра лёсы слынных краязнаўцаў, яшчэ і яшчэ раз нагадаюць пра тое, што нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што ўзносіць на п'едэстал цудоўнага мінулага, ёсць слынныя Асобы, якія не шкадавалі свайго жыцця для таго, каб данесці да нашчадкаў тое, што яны назапасілі і адкрылі падчас свайго творчага вычыну невядомыя дагэтуль пласты нашага гераічнага мінулага…

11 верасня 1855 года ў мястэчку Нова-Беліца нарадзіўся ў збяднелай мяшчанскай сям'і хлапчук. Маці назвала яго Еўдакімам. На той час мясэчка адносілася да Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Сям'я жыла ў нястачы, не хапала адзення і яды. Але гаспадыня неяк выкручвалася, цудам знаходзіла і кавалачак мяса ці сала, варыла дзецям нейкі наедак. Дзякуй Богу, з голаду не памерлі. Маці вельмі хацела, каб яе сын стаў адукаваным чалавекам. І якая была для яе радасць, калі Еўдакім, не гледзячы што сям'я ледзве зводзіла канцы з канцамі, паступіў вучыцца ў Гомельскую прагімназію. І было яму на той час дванаццаць гадоў.

Нечакана памірае маці. Еўдакім застаецца круглым сіратой. Дапамогі ні ад каго і ніадкуль. Доўга шукае выхад з гэтага становішча - і знаходзіць яго. Дачуўся, што багаты купец Сямён Захаравіч шукае рэпетытара для сваіх дачок, прапанаваў свае паслугі. Грошай усё роўна не хапала, каб не быць галодным. Скончыў у 1870 годзе курс прагімназіі, паспрабаваў паступіць у Магілёўскую гімназію. Паспяхова вытрымаў іспыты, але… Не падыходзіў для уладаў яго статус - выхадца з простага люду, таму і "не аказалася вакансій". Спрабаваў паступіць вольным слухачом ва ўніверсітэт - тое ж самае…

Але працавітасці і апантанасці Еўдакіма можна было пазайздросціць. І ён дабіваецца свайго - здае іспыты на атрыманне звання народнага настаўніка экстэрнам.

І выпрасталася дарога перад юнаком - у 1872 годзе яго накіравалі працаваць ў Герасімаўскую народную вучэльню Хлыстоўскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні. І настаўнічаў ён чатырнаццаць гадоў, і дваццаць выконваў абавязкі інспектара народных вучэльняў…

Такое ўступнае слова сказаў, выступаючы перад настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў "Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі" намеснік старшыні абласной грамадскай арганізацыі ТБМ пісьменнік Анатоль Бароўскі.

І запытаўся ў настаўнікаў:

- Скажыце, шаноўныя, а пра каго я вам расказваю?

- Пра каго ж яшчэ, як не пра Еўдакіма Раманавіча Раманава! - падняўся з месца настаўнік Прудкоўскай СШ Мазырскага раёны Яўген Есіс. - Гэта наш славуты этнограф, фальларыст, археолаг, краязнаўца!

- Так, Яўген, усё правільна. І добра, што Вы ведаеце пра яго, веру, што і калегі Вашыя ведаюць пра гэтую славутую постаць. Так, менавіта сёння, калі мы сустракаемся з вамі, 150 гадоў назад і нарадзіўся Еўдакім Раманаў. Вось і давайце разам пройдземся па сцяжаных яго жыццёвага шляху, абазначым галоўныя вехі яго жыцця…

І разам ужо, дапаўняючы адзін аднаго, пачалі пісаць летапіс жыцця Еўдакіма Раманавіча, які ў гісторыі беларускай культуры вылучаўся як выдатны этнограф, фалькларыст, гісторык, археолаг, антраполаг, публіцыст, выдавец шматтомнага збору беларускай народнай творчасці, які сам жа і збіраў, арганізоўваў музеі, наладжваў выставы…

Калі гаварыць пра яго спадчыну, то яна шматгранная і ўсебаковая. Ён - стойкі змагар за нацыянальную годнасць беларусаў, таленавіты вучоны, патрыёт сваёй радзімы - зямлі дзядоў і бацькоў. Заслужана гаварыў пра яго А. Сапуноў, аўтар класічнай манаграфіі "Заходняя Дзвіна", аднаго з суаўтараў шырока вядомай "Расіі" (дзявяты том): "Беларус з гордасцю можа ўказаць на Еўдакіма Раманава як на аднаго з лепшых прадстаўнікоў сваёй народнасці…"

Годна дапаўнялі выступоўца Таццяна Сірачэнка - настаўніца беларускай мовы і літаратуры Прыбарскай СШ і Алена Філон - настаўніца сярэдняй школы № 9 з Мазыра…

У 1877 годзе Еўдакім Раманавіч паведамляў Расійскай акадэміі навук "За пяць гадоў настаўніцкай працы я сабраў больш, як дзве тысячы беларускіх слоў, а з гэтага матэрыялу склаў кнігу "Спроба беларускага слоўніка". Дадатак - уводзіны да яго "Кароткая беларуская граматыка".

Еўдакім Раманаў пачаў рыхтаваць да друку сваю асноўную краязнаўчую фальклорна этнаграфічную працу - "Беларускі зборнік", які, на думку калег і слынных вучоных па гэтай тэме, з'яўляўся своеасаблівай энцыклапедыяй побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў. Сябры і калегі бачылі, як навабеліцкі вучоны знясільваецца ў працы, ён меў вялікую мару - выдаць назбіраныя матэрыялы ў 15 кнігах-тамах. Пры жыцці вучонага выйшла дзевяць тамоў (1886-1912), дзясяты том выпусціў Інбелкульт (1928). На вялікі жаль, падрыхтаваныя 11-14 тамы загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. А пра пятнаццаты том нічога невядома да сённяшняга часу…


У той жа дзень, 11 га верасня, адбылася і другая сустрэча Анатоля Бароўскага са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Прадоўжылася гутарка пра этнографа і краязнаўцу Еўдакіма Раманава…

Навука ўзбагацілася грунтоўнай працай Еўдакіма Раманавіча - "Матэрыялы па гістарычнай тапаграфіі Віцебскай губерні. Павет Веліжскі". У ёй зроблены навуковыя вывады на аснове асабістых даследванняў. У той жа перыяд (1898) ён апублікаваў каля ста розных прац. Ён рэдагаваў тры выпускі "Магілёўскай даўніны", два выпускі "Матэрыялаў па этнаграфіі Гродзенскай губерні", адзін выпуск "Крыніцаў для гісторыі Магілёўскага краю".

Адзінадушна сцвярджалі калегі вучонага, іх падтрымліваюць і сённяшнія краязнаўцы, што "Еўдакіму Рамнаву належыць ганаровае месца ў гісторыі станаўлення беларускай археалогіі". Знамянальна і тое, што меў ён вялікую цікавасць і да сівой мінуўшчыны "малой радзімы" - шматгадовая пошукавая дзейнасць па збіранню звестак аб старажытнасцях Гомельшчыны не спынялася не ў якія часы.

А потым Еўдакім Раманавіч прымае ўдзел у раскопках на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерній. Робіць ён гэта самастойна, па сваёй ініцыятыве, і тады, калі выдзяляла для гэтага сродкі Маскоўскае археалагічнае таварыства, правадзейным сябрам якога ён і з'яўляўся. Даручала яму археалагічныя раскопкі і Археалагічная камісія.

Якія ў яго былі выдатныя археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі! Ні ў кога ў свеце такога не было. Яны ўзбагацілі многія айчынныя і замежныя музеі. І сёння, калі хто заходзіў у Эрмітаж, то сустракаў яго экспанаты. Цяжка паддаецца ўяўленню, але там захоўваецца больш як тысяча экспанатаў, у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі народаў СССР - болей чым 1100, у Гісторыка-этнаграфічным музеі Акадэміі навук Літвы - 242…

- А які далейшы лёс нашага земляка? - пытаюцца студэнты, будучыя чыгуначнікі.

- Пераехаў у Вільню. Там займаў пасаду інспектара народных вучылішчаў. А ў кастрычніку 1917 года вучоны пераязджае ў Стаўрапаль. Там ён апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы. І там праз пяць гадоў памірае. Пахавалі яго на Данілаўскіх могілках. Еўдакім Раманаў заўсёды вазіў з сабою найбагацейшы архіў. Яго своечасова не вывезлі, каб схаваць і захаваць, таму ён і загінуў.

Да ведама: Е.Р. Раманаў адзначаны Малым і Вялікім залатымі медалямі. Узнагроды вучоны атрымаў з рук патрыярха рускіх географаў П. Сямёнава-Цянь-Шаньскага. Узнагароджаны яшчэ некалькімі імяннымі прэміямі Расійскай акадэміі навук, і шматлікімі дыпломамі навуковых таварыстваў.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX