Папярэдняя старонка: 2012

№ 39 (1086) 


Дадана: 26-09-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 39 (1086), 26 верасня 2012 г.

У Менску адчынілася беларускамоўная кавярня

У цэнтры Менска, на скрыжаванні вуліц Першамайскай, Ульянаўскай і Чырвонаармейскай, адкрылася кавярня "Альба-кава", дзе размаўляюць толькі па-беларуску: і ўладальнік, і персанал, і наведвальнікі. Апошнім, праўда, гэта ўдаецца не заўсёды .

І ці то справа ў беларускай мове, ці то каву вараць нейкую асаблівую, але наведвальнікаў у кавярні - хоць адбаўляй!

Магчыма, прычына папулярнасці новай установы - у яе незвычайнасці. У інтэрвію карэспандэнту "Белсат" грамадзяне, якія пабылі ў кавярні "Альба-Кава", сцвярджаюць, што так і павінна быць: беларусы абавязаны размаўляць на роднай мове.

Уладальнік кавярні Аляксандр Міхнюк лічыць, што займаецца такім жа бізнэсам, як і ўсе астатнія, спраўна плаціць падаткі і хоча зрабіць нашу краіну лепшай.

- Пачынаць трэба з сябе, - кажа Міхнюк. - Не трэба крычаць: я за тое, каб было больш беларускіх школ і дзіцячых садкоў! Калі кожны бацька пачне гаварыць са сваімі дзецьмі па-беларуску, у нас усё будзе па-іншаму.

У кавярні бывае па паўтары сотні наведвальнікаў у дзень.

Паводле Белсат.



Да ведама сяброў рады ТБМ у адпаведнасці з рашэння Сакратарыяту ТБМ ад 21 верасня паседжанне чарговай Рады ТБМ адбудзецца 21 кастрычніка ў нядзелю ў сядзібе ТБМ па Румянцава, 13. Рэгістрацыя з 10.00. Пачатак паседжання ў 11.00. Асноўнае пытанне: прыняцце праекту плану дзейнасці ТБМ на наступны год. У сувязі з гэтым просім усіх сяброў ТБМ дасылаць свае прапановы ў план да 15 кастрычніка на сядзібу ТБМ.



4 кастрычніка ў межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя кнігі Т. Габрусь "Паэзія архітэктуры" . Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18. 00 гадзін. Уваход вольны.


Словы віншавання з нагоды юбілею

Сакратарыят ТБМ віншуе з юбілеем першага намесніка старшыні ТБМ Алену Анісім і жадае творчага натхнення, бадзёрасці, аптымізму, добрага здароўя і поспехаў у асабістым і грамадскім жыцці.

Пісаць віншальныя словы, адрасаваныя вельмі блізкаму табе чалавеку, з якім знаёмы не адно дзесяцігоддзе і звязаны не толькі сяброўскімі адносінамі, вытворчымі стасункамі, але яшчэ і парадніўся праз дзяцей, складана. Раптам разумееш, што дужа цяжка знайсці тое адзінае трапнае слова, якое б гучала пераканаўча і дакладна характарызавала яго не толькі як твайго прыяцеля, аднадумцу, але і шырока вядомую ў грамадстве асобу. Сённяшняе слова пра Алену Мікалаеўну Анісім, якая стаіць на парозе чалавечага поўдня. Імя спадарыні Алены ў многіх асацыюецца з рознымі праявамі культурна-грамадскага жыцця ў Беларусі. Так, вялікай частцы жыхароў Беларусі Алена Анісім вядома дзякуючы перадачы "Наша раніца", якая транслюецца на тэлевізійным канале АНТ. Адметны складнік згаданай перадачы - эцюды пра беларускую мову, дакладней, пра яе багаты слоўны скарб. На першы погляд, гучыць звычайная інфармацыя пра асобныя словы і выразы, якія спрадвеку жывуць у беларускай мове. Так, падаюцца сціслыя звесткі пра значэнне, гісторыю ўзнікнення і асаблівасці ўжывання слова, але выбар тых беларускіх слоў, і, галоўнае, як расказваецца пра кожнае з іх, правакуе эмоцыі: якое ж яно адметнае і сакаўное, гэтае беларускае слова... Як добра, што выбірае само слова і расказвае пра яго прафесійны мовавед...

Спадарыня Алена па адукацыі філолаг, яна закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля вучобы некалькі гадоў выкладала беларускую мову ў школе ў Менску, але потым, з 1991 г., перайшла на сталую працу ў сённяшні Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, дзе і працуе зараз на пасадзе навуковага супрацоўніка ў аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі. Навуковая праца Алены Мікалаеўны Анісім са словам спрычынілася да яго прапаганды на беларускім тэлевізійным экране. Спадарыня Алена даводзіць звесткі пра нацыянальную мову беларусаў праз лёс асобных слоў, але робіць гэта нязмушана, і тым абуджае не толькі цікавасць да мовы, але і да гісторыі нашай Бацькаўшчыны. І хоць робіць яна гэтую справу ўжо некалькі гадоў запар, пачынаючы з верасня 2009 г., жаданне слухаць яе лінгвістычныя аповеды пра самабытныя набыткі беларускай мовы не пакідаюць гледача.

Іншым імя Алены Мікалаеўны Анісім прыгадваецца, калі размова заходзіць пра грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Яе сталыя дачыненні з кіраўнічай радай Таварыства пачаліся ў 2001 г., якраз у той час яна была абрана намеснікам старшыні Таварыства. У 2011 г., дзякуючы ўласнай нястомнасці і асабістай актыўнасці, высокай прынцыповасці і ўменню працаваць з людзьмі рознага сацыяльнага стану і розных поглядаў, здольнасці дасягаць кампрамісу паміж дзяржаўнымі структурамі і дзейнасцю грамадскай арганізацыі, спадарыня Алена была абрана першым намеснікам старшыні ТБМ імя Францішка Скарыны. Для Алены Мікалаеўны гэтае абранне з'явілася стымулам працаваць яшчэ больш, працаваць яшчэ лепш дзеля пашырэння статусу і функцый нацыянальнай мовы беларусаў у нашай дзяржаве. Яе неўтаймоўнай энергіі, накіраванай на рэальную дзейнасць Таварыства, можна шчыра пазайздросціць. Алена ўвесь час у працы. То яна займаецца арганізацыяй сустрэч з выбітнымі асобамі, то ладзіць семінары ці лекцыі па разнастайных праблемах нацыянальнай мовы і культуры, то праводзіць навуковыя або навукова-практычныя канферэнцыі рознага рангу, то сама вучыць беларускай мове ахвочых, то бярэ ўдзел у розных акцыях, сустрэчах у дзяржаўных органах, якія павінны забяспечыць паўнапраўнае жыццё мове тытульнай нацыі Беларусі. Фактычна, там дзе спадарыня Алена, там жывая праца з людзьмі і сярод людзей, там шчыры клопат пра мову. І гэтак жа, як прапаганда роднага слова ў тэлевізійным эфіры, грамадская дзейнасць Алены Мікалаеўны з'яўляецца працягам яе працоўных мовазнаўчых заняткаў, толькі ўвасабляюцца яны па-іншаму.

Нарэшце, пэўнай частцы грамадскай супольнасці імя Алены Мікалаеўны Анісім прыгадваецца ў звязку з газетай "Новы час", галоўным рэдактарам якой яна з'яўлялася з 2002 г. па 2009 г. Тады, дзесяцігоддзе назад, спадарыня Алена ачольвала Менскую гарадскую арганізацыю ТБМ і як кіраўнік гэтай арганізацыі заснавала газету "Новы час". Колькі высілкаў вымагае любая газета, каб мець уласнае аблічча, каб стаць шанаванай і папулярнай сярод чытачоў, расказваць, відаць, не трэба. За гэтым стаіць праца - нябачная, невымерная па намаганнях і ўкладзеным у яе часе. Алена Мікалаеўна разам са сваімі паплечнікамі, калегамі, аўтарамі выдання здолела зрабіць газету, пра якую ведаюць, а, галоўнае, якую чытаюць.

Аддаваць столькі энергіі, самаахвярна працаваць дзеля роднага слова, а не дзеля рэалізацыі ўласных амбіцый здольныя, зразумела, людзі, пра якіх мы звычайна кажам: гэта асаблівы чалавек, гэта адметная асоба. Відаць, без перабольшвання, такой адметнай жанчынай у сучасным культурна-грамадскім жыцці, накіраваным на замацаванне прэстыжу беларускай нацыянальнай мовы, мы можам лічыць Алену Мікалаеўну Анісім.

Алена Мікалаеўна Анісім нарадзілася 28 верасня, у час, калі зямля багатая дарамі, калі прырода ўзнагароджвае чалавека за працу і надае моцы для жыцця далей. Ведаючы самаахвярную дзейнасць Алены Мікалаеўны на карысць грамадскай справе, часам думаеш, адкуль бяруцца сілы ў гэтай жанчыны. Потым, прыгадаўшы час нараджэння, мусіш лічыць, што сама прырода паспрыяла і спрыяе ёй.

Яе малая радзіма - славутая Стаўбцоўшчыны, вёска Савані, тут дзяўчынка нарадзілася. Бацькі Алены, настаўнікі мясцовай школы, прывілі не толькі любоў да Бацькаўшчыны, навучылі любіць родную мову, яны сфармавалі яе як прынцыповага, мэтанакіраванага і самадастатковага чалавека. Гэтыя якасці і сёння вылучаюць Алену. Яна ўмее ўступаць і саступаць, аднак сваім прынцыпам ніколі не здраджвае. Менавіта такой мы добра ведаем яе. Але спадарыня Алена яшчэ і маці траіх дарослых дзяцей і бабуля, якая мае ўнучачку. Клопат пра сям'ю яна здолела спалучыць і спалучае з актыўнай грамадскай дзейнасцю. І, як заўсёды, у яе атрымліваецца, часу хапае на ўсё.

Сёння, калі Алена Мікалаеўна Анісім святкуе свой юбілейны дзень нараджэння, усе мы, сябры, калегі па працы, былыя аднакурснікі і проста яе аднадумцы, хто добра ведае гэтага цудоўнага працавітага чалавека, абаяльную жанчыну, клапатлівую маці і пяшчотную бабулю шчыра віншуем Алену. Жадаем ёй моцнага здароўя, новых здзяйсненняў на шчодрай ніве беларушчыны.

Ад імя сяброў і аднакурснікаў Вераніка Курцова.


Варшаўскі ўніверсітэт выдаў беларуска-польскі слоўнік на 40 тысяч слоў

Беларуска-польскі слоўнік, які толькі што выйшаў у выдавецтве Варшаўскага ўніверсітэта хутка патрапіць у беларускія асяродкі Польшчы - паведамляе кіраўнік кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, прафесар Ніна Баршчэўская. У тым ліку гэта будуць і беларускія асяродкі на Падлессі.

- Да нас ужо тэлефанавалі і пыталіся з Беластока, з кафедры беларускай філалогіі. Ведаю, што ёсць зацікаўленні ў школах на Падлессі. Гэта як раз той рэгіён, тое месца, дзе і сапраўды павінна быць найбольшае зацікаўленне. Ведаю, што Люблін таксама цікавіцца гэтым слоўнікам. Гэта тыя асяродкі, дзе ёсць студэнты беларусістыкі, дзе вядзецца навучанне беларускай мове.

Над гэтым слоўнікам навукоўцы-беларусісты з Варшаўскага ўніверсітэта працавалі больш за 20 гадоў. На больш як 800 старонках сабрана звыш 40 тысяч слоў. Слоўнік ахоплівае не толькі асноўны лексічны склад сучаснай беларускай мовы, але і пэўную колькасць размоўных, рэдкіх, састарэлых ды спецыяльных словаў з розных галін навукі, мастацтва і тэхнікі. Выданне адбылося дзякуючы фінансавай падтрымцы Варшаўскага ўніверсітэта.

Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя.


Варшаўскі ўніверсітэт - рэкордны конкурс на беларусістыку

На Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта - рэкордны конкурс. Па выніках другога туру ён складае больш за 4 чалавекі на месца. На 52 навучальныя месцы прэтэндуюць 220 польскіх юнакоў і дзяўчат. Такая высокая зацікаўленасць беларускай культурай і гісторыяй стала прыемнай нечаканасцю для выкладчыкаў Варшаўскага ўніверсітэта.

Супрацоўнік Кафедры беларусістыкі доктар Яраслаў Калета лічыць, што цікавасць палякаў да беларусаў, як і ўсіх іншых усходніх суседзяў, магла вырасці дзякуючы нядаўняму футбольнаму чэмпіянату:

- Я думаю, што пасля чэмпіянату Еўропы ў Польшчы вельмі многа маладых людзей захацела вучыцца ў нас і пазнаёміцца з беларускай гісторыяй, культурай і мовай. Мы вельмі гэтаму рады.

Большасць кандыдатаў паходзіць з Варшавы, Любліна і Беластока. Вывучаць беларускую філалогію пажадалі таксама некалькі маладых людзей з Беларусі.

Radyjo.net.


Новы слоўнік ад Лявона Баршчэўскага

Філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі працягвае працаваць над слоўнікамі. Бадай самай вядомай яго працай на гэтай ніве стаў "Еўраслоўнік" на 28 еўрапейскіх моваў. Акрамя таго ён укладальнік і рэдактар шэрагу нямецка-беларускіх слоўнікаў і "Кароткай граматыкі нямецкай мовы". Апошнім часам Лявон Баршчэўскі працаваў над польска-беларускімі слоўнікамі:

- Закончыў слоўнік польска-беларускі для школьнікаў і студэнтаў, на 17 тысяч словаў. Там тэрміналогія і агульная лексіка, вось толькі закончыў.

Гэта не першая праца, прысвечаная польскай мове. У 2008 годзе пабачыла свет "Кароткая граматыка польскай мовы" аўтарства Лявона Баршчэўскага, а летась вышаў укладзены і адрэдагаваны ім "Беларуска-польскі размоўнік-даведнік".

Васіль Кроква, Радыё Рацыя.



"Белпошта" выдала мастацкі маркаваны канверт прысвечаны 375-годдзю атрымання Ружанамі Магдэбургскага права.


Новыя набыткі і старыя памылкі

Мовазнаўчы досвед

Аб е давы, аб е дзены, абедз е нны. "А час ў нас ужо абедавы. Звычайна абедаю за рулём па дарозе з работы дадому" (Дзеяслоў. 2012. № 2 (57). С.186). Слоўнікі падаюць прыметнікавую форму ад абед толькі ўсесаюзнага ўзору: аб е дзенны - об е денный . Праўда, у найноўшым перакладным слоўніку гэты прыметнік не мае суфікса -енн- , а тыповы для беларускай мовы мовы -ен- : "Аб е дзены - обідній; а. перапынак - обідня перерва, а. стол - обідній стіл" (Беларуска-ўкраінскі слоўнік. Кіеў. Выдавецтва "Довіра", 2006, с. 26).

Суфікс -енн- нехарактэрны беларускай мове (як і -онн- ), нават пры збегу зычных утваральнай асновы (з канцавымі в, м, ф ) у беларускай мове выкарыстоўваецца -ав- (-ов-) , што засведчана першым акадэмічным "Руска-беларускім слоўнікам" пад рэдакцыяй Я. Коласа, К. Крапівы, П. Глебкі (Масква, 1953): бритвенный - брытвавы, дратвенный - дратвавы, дарэформавы, воспавы, фірмавы . І тэрміналагічныя слоўнікі 1992-1999 гг. фіксуюць натуральныя для беларускай мовы формы з суфіксам -ав- : беспісьмовыя мовы, бясформавы, дарэформавы, воспавы, падэшвавы, плазмавы, фірмавы і фірмовы і інш.

Сумяшчэнне, сумяшчальніцтва. "Усходнім узбярэжжам можна трапіць у грэцкую піцэрыю, дзе таксама ёсць кухар, па сумяшчэнні гітарыст" (Дзеяслоў. 2012. № 2 (57). С.184). У слоўніках бачым сумяшчальніцтва . Калька з рус. совместительство . Лексема сумяшчэнне - выразнае беларускамоўнае ўтварэнне з высокапрадукцыйным фармантам -энне . Як і слоўнікавае ўмяшанне на месцы штучнага ўмяшальніцтва , якое нярэдка трапляецца на старонках перыядычнага друку. "Руска-беларускі слоўнік" 1993 года (і яго перавыданне 2005 г.) справядліва засведчыў: Вмешательство - умяшанне (Т.1, с.184).

Горба, г у рба і гурб а , гурм а . "Пазносіў Ён мярзоцце ў горбу, сабраў між пустак і канаў, затым напхаў плюгаўствам торбу і моцным паскам завязаў" (Полымя. 2012. № 8. С.85).

Слоўнікі не падаюць першага слова ( горба ), а толькі астатнія: г у рба 'куча снегу, намеценая ветрам'; гурб а 'група, гурт'; гурм а 'група, гурт'. Між тым слова горба 'куча' актыўна выкарыстоўваецца ў народнай мове паўднёва-заходняга рэгіёна Беларусі (Зэльвеншчына, Слонімшчына, Брэстчына). Яно зафіксавана і ў нашых лексікаграфічных працах: "Дыялектны слоўнік (З гаворак Зэльвеншчыны. - Мінск, 1970, с. 46) і "Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" (Гродна, 2005, с. 36) з значэннем 'куча': Картоплі ў горбу капаям, а тагды ў мяхе зьбіраям. Скідай камянё ў горбу. Бачым яго і ў працы Т. Сцяшковіч "Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці" (Мінск, 1972, с.125): "Горба ж. Куча. Многа горбаў гною навазілі. Горбы снегу надуло" .

Форма гурба (снегу) узнікла як вынік кантамінацыі свайго беларускага горба і пазычання з польскай мовы гура 'гара, гурба (снегу)'. Сама форма гурба разглядаецца этымолагамі (А. Булыка і інш.) як пазычанне з польскай мовы (дзе яно - германізм).

Слова горба з семантыкай 'куча' актыўна выкарыстоўваецца і знакамітымі беларускімі пісьменнікамі. Напрыклад, Віктарам Гардзеем (у легендзе "Скуль узяўся бусел" у згаданым часопісе "Полымя" (№ 8 за 2012 г.).

Вынік, следства. "Мы нават не задумваемся, што на праблемы можна глядзець такім чынам - перавярнуўшы прычыну і следства. Хачу адзначыць адну глыбокую псіхалагічную памылку: пераблытванне прычыны і следства" (Маладосць. 2012. № 4. С.87).

Беларуская мова мае свой адмысловы адпаведнік да рус. следствие . "Русска-беларускі слоўнік" (1993, Т.3, с. 370) падае: "Следствие І ср. 1. (вывод) вывад, 2. (результат) вынік. Следствие ІІ юр. следства ср. предварительное с. - папярэдняее следства ; судебное с. - судовае следства ".

Такім чынам, слова следства выкарыстоўваецца ў беларускай мове толькі як юрыдычны тэрмін - "высвятленне органамі юстыцыі абставін, звязаных са злачынствам. Весці следства" (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996, с. 608). У прыведзеным тэксце павінна быць вынік (а не следства ).

Амерыканізаваны, амерыканізіраваны . "Думка спячы гэтыя амерыканізіраваныя кексы дома падалася прасцейшай" (Дзеяслоў. 2012. № 2 (57). С.174). Беларуская мова не мае суфікса -ізірава- , а толькі -ізава- . Утварэнні з гэтым суфіксам як норма засведчаны нашымі акадэмічнымі слоўнікамі. "Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія, Арфаэпія, Акцэнтуацыя. Словазмяненне" Пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР М.В. Бірылы (Мінск, 1987, с.71) падае: амерыканізаваны, амерыканізавацца, амерыканізаваць .

Малеча, малышня. "Малышня з вамі няхай нянчыцца" (Дзеяслоў. 2012. № 2 (57). С.175). Слоўнікі не падаюць у беларускай мове лексемы малышня . Адпаведнікам гэтага рускага слова выступае сваямоўнае малеча 'маленькія дзеці'. "Малеча і старыя ... з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі кошыкамі" (Мележ) (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т.3. 1979. С. 96).

Плямісты , а не пятністы . "На табе, хлопчык, светлая, пятністая панамка... Ты прыехаў да нас у боціках з белымі плямамі" (Полымя. 2012. № 1 (987). С.11, 17). Ад беларускага пляма ўтвораны прыметнік плямісты , яму адпавядае руск. пятнистый (утварэнне ад пятно ): "Пятнистый - плямісты; пятнистый олень - плямісты алень" (Руска-беларускі слоўнік. 1993, т.3, с.141).

Называны, званы а не назыв а емы . "Грамадства сутыкнулася з праблемамі дзяцей, што жылі ў так называемых сем'ях сацыяльна небяспечных" (Полымя. 2012. № 1. С.41). Па-беларуску тут нарматыўна: так званых , што засведчана згаданым "Руска-беларускім слоўнікам" (Т.2, с. 122): "Называемый 1. прич. называны; 2. прил. званы; названы; так называемый - так званы ".

У перакладных беларускіх тэкстах нярэдка сустракаюцца штучныя, небеларускія формы слоў і сінтаксічныя канструкцыі. Так, у цудоўна выдадзенай ілюстраванай кнізе "Белавежская пушча" (аўтар Мікалай Шарай) сутыкаемся з небеларускімі выразамі (няўдалыя, даслоўна перакладзеныя ці неперакладзеныя словазлучэнні), сінтаксічнымі канструкцыямі: "І міжволі пытаеш сябе: ці не пад гэтым дубам асцярожна падкрадваўся апошні з племені ятвягаў, знікшых абарыгенаў пушчы?" (С.1.) "Тры пятыя дрэвастою старэй двухсотгадовага ўзросту..." "Аматары прыроды ведаюць Мікалая Шарая па фотаздымкам, замалёўкам, рэпартажам у часопісе "Родная прырода" і іншых выданнях" .

Кожны народ мае свае адметныя сродкі і спосабы адлюстравання навакольнага свету, сваю "карціну свету". Невыпадкова і сваяцкія мовы пра аднолькавае нярэдка кажуць па-рознаму. Беларусы: Абое рабое - расіяне: Два сапога пара ; Пераначуем - болей пачуем - Утро вечера мудренее ; У вырай збірацца - Дышать на ладан і пад.

У прыведзеным тут ўрыўку з "Белавежскай пушчы" надта адчуваецца "аднолькавае думанне" розных, хоць і сваяцкіх народаў. Расіяне кажуць: спрашиваешь себя , а беларусы: пытаешся ў сябе (а не пытаеш сябе - даслоўны пераклад, неадэкватны беларускаму маўленню); исчезнувших аборигенов - зніклых абарыгенаў (а не знікшых ). Три пятых древостоя старше двухсотлетнего возраста . Па-беларуску натуральнаю моваю так не скажуць. Гэта штучны, набліжаны да расійскага, тэкст. Чытаючы яго, беларус не адразу ўцяміць сутнасць гэтага выказвання. Хутчэй ён перакладзе гэты тэкст на сваё маўленне хоць бы так: "Тром пятым гэтых дрэў больш за дзвесце гадоў" . І небеларускія сінтаксічныя канструкцыі "старэй ... узросту" . Або: ведаюць па фотаздымкам, замалёўкам, рэпартажам. Канструкцыя " па + давальны склон" (з канчаткам -ам ) замест натуральнага беларускага " па + месны склон" (з канчаткам -ах ): па фотаздымках, замалёўках, рэпартажах.

Павел Сцяцко


Адказ маім апанентам

8 жніўня 2012 года на с. 2-3 штотыднёвіка "Наша слова" апублікаваны артыкул Юрыя Пацюпы і Крысціны Пучынскай "Лыжка мёду і бочка дзёгцю. Зноў пра "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова". Гэты артыкул з'явіўся водгукам на маю рэцэнзію "Падзвіжніцкая праца ў галіне роднай мовы", што была апублікавана ў гэтым жа штотыднёвіку 11 ліпеня 2012 года на с. 2-3.

Аўтары артыкула з самага пачатку вінавацяць мяне, што "ледзь не кожны абзац [маёй рэцэнзіі] з выкрывальніцка-абвінаваўчым зачынам". А гэта ж абсалютная няпраўда. Мая рэцэнзія напісана ў нармальным стылі для такога роду публікацый, у канструктыўным, дзелавым навуковым духу, у спакойнай манеры аналізу працы, што рэцэнзуецца. Аўтары пішуць, што гэта "рэцэнзія называецца неаб'ектыўнай, тэндэнцыйнай, замоўленай". А гэта ж абсалютна не так. Ніякай неаб'ектыўнасці і тэндэнцыйнасці ў маёй рэцэнзіі няма. Я нават, перачытаўшы гэтыя словы маіх апанентаў, доўгі час нават не мог паверыць, што яны накіраваныя менавіта ў мой адрас, а не ў чый-небудзь іншы. Сцвярджаецца апанентамі, што мая рэцэнзія нібыта мне кімсьці замоўленая. Каб я сядзеў і толькі чакаў замоўленасці рэцэнзіі, я б мог праседзець 70 гадоў і не дачакацца такой замоўленасці. Замоўленымі, як правіла, бываюць толькі рэкамендацыйныя рэцэнзіі ад выдавецтваў ці прыватных асоб на дазвол або недазвол прапускання рукапісаў прац у друк. Прапрацаваўшы 40 гадоў у беларускай акадэмічнай лексікаграфіі і лексікалогіі, я падрыхтаваў і апублікаваў у друку многія дзясяткі навуковых рэцэнзій і рэфератаў на розныя працы, а таксама рэкамендацыйныя рэцэнзіі на рукапісы для выдавецтваў. Многія з такіх маіх рэцэнзій публікаваліся ў друку нават у форме вялікіх артыкулаў, нават з працягам у некалькіх нумарах выданняў з падрабязным разборам надрукаваных слоўнікаў, даведнікаў, манаграфій і інш. (дарэчы, такія мае рэцэнзіі-агляды былі змешчаны і на старонках штотыднёвіка "Наша слова"). I ніводзін аўтар ці калектыў аўтараў, калі гэта выдадзеная ці падрыхтаваная да друку праца была калектыўнай, не выказаў мне ніколі ні пісьмовых, ні вусных прэтэнзій да маёй ацэнкі іх пладоў напісання. Наадварот, многія з такіх аўтараў прыходзілі да мяне з падзякай за падрабязны аналіз іх прац, многія са словамі: "Мікалай Нілавіч, мы многаму навучыліся з Вашых рэцэнзій і гэта нягледзячы на тое, што мы многія нашмат старэйшыя за Вас па ўзросце". Многія з аўтараў абяцалі ў далейшым улічыць мае крытычныя заўвагі ў сваёй навуковай працы ў будучым.

Мае апаненты, Юрый Пацюпа і Крысціна Пучынская, заяўляюць, што я метадычна, са сваёй галавы наўтвараў аддзеяслоўных назоўнікаў на -нне ад дзеясловаў на -ць (-цца) . Сапраўды, ад дзеясловаў на -ць (-цца) можна фармальна ўтварыць, відаць, тысячы слоў. Аўтары артыкула ўмаўчалі, што ў маёй рэцэнзіі было ўказана, што ў рэкамендацыйны спіс я ўключыў не ўсе аддзеяслоўныя назоўнікі, а толькі "жывыя" словы, словы, якія ёсць у жывой мове. Хто можа сказаць і катэгарычна заяўляць, што ў мове няма, напрыклад, слоў: выпуджванне, выстрэнчванне, вытоўкванне, даладжванне, наваксоўванне, накрышванне, настругванне, перанакіроўванне, разбалабоньванне, стрыножванне, ускудлачванне і сотні іншых, прыведзеных у маёй рэцэнзіі. Гэта першае. Другое, аўтар рэцэнзіі тут скарыстаў газетную трыбуну не столькі, каб паставіць у віну Фёдару Антонавічу Піскунову, што ён не ўключыў названых аддзеяслоўных назоўнікаў у свой лексікаграфічны даведнік, а для таго каб падаць адносна поўна іх спіс, каб іх маглі потым уключыць у рэестр будучага акадэмічнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, пра які ўзгадвалася ў маёй рэцэнзіі. Трэцяе. Акадэмічны "Руска-беларускі слоўнік" (Масква, 1953) змяшчаў 86 тысяч слоў, а двухтомны "Руска-беларускі слоўнік" (Мінск, 1982) уключае ўжо 108 тысяч слоў. I гэты колькасны прырост не толькі за кошт слоў, што з'явіліся на свет за перыяд 1953-1982 гг., а і за кошт тых, што былі жывымі і ў рускай, і ў беларускай мовах і раней, але ў Слоўніку 1953 года адсутнічаюць з-за абмежаванай магчымасці аднатомнага выдання. У Слоўнік 1982 года выдання ўключаны многія сотні, калі не тысячы, слоўнікавых артыкулаў на аддзеяслоўныя назоўнікі, якія сістэмна не падаваліся ў аднатомным выданні з-за абмежаванасці яго аб'ёму. Зацікаўлены чытач і спецыяліст гэта можа прасачыць, параўнаўшы дадзеныя выданні. Чацвёртае. Адсутнасць таго ці іншага слова ў картатэках, сеціве або ў пісьмовых крыніцах зусім не азначае, што слова не жыве ў мове і не мае права на ўключэнне яго ў той ці іншы слоўнік.

Неабходна сказаць і наступнае. У апошні час набылі пашырэнне ў беларускай пісьмовай мове (а таксама і ў іншых мовах) адпрыметнікавыя назоўнікі тыпу летуценнасць, навукападобнасць, навуковасць, ніткападобнасць і інш. Падобныя словы яшчэ з доляй асцярогі трапляюць у філалагічныя слоўнікі. Так напрыклад, аўтары і рэдактары ў аднатомным "Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы" (1996) пры слове нічыйны яго вытворнага нічыйнасць яшчэ не падавалі. А вось у рэестры Слоўніка Фёдара Антонавіча Піскунова гэта моўная адзінка ўжо ёсць. Ф.А. Піскуноў правільна зрабіў, што ўключыў яго ў свой даведнік, бо слова ўжо стала ўжывацца ў пісьмовай мове. I я, распісваючы для свайго "Слоўніка сінонімаў беларускай мовы" матэрыялы кніг паэтэсы Галіны Каржанеўскай, напаткаў вось наступнае ўжыванне слова нічыйнасць у яе мастацкім творы:

Енчыць дзесьці

нічыйная кошка,

I бяздомны сабака - бядак,

Бо нічыйнасць -

нялёгкая ношка,

Не даецца яна проста так...

(Галіна Каржанеўская. Вершаняты. Мініяцюры. Мінск. 2005, с. 107).

Аўтары артыкула "Лыжка мёду..." апраўдваюць непаўнату падачы матэрыялу ў Слоўніку Ф.А. Піскунова ў яго дадатку "Геаграфічныя назвы свету" тым, што, маўляў, такая непаўната падачы ёсць у самых буйнамаштабных геаграфічных атласах свету. Аўтар гэтых радкоў у сваёй рэцэнзіі і не патрабаваў ад шаноўнага Фёдара Антонавіча падачы ўсіх геаграфічных назваў свету. Але ж калі ён падае ў сваім слоўніку такі матэрыял з бліжэйшага геаграфічнага акружэння Беларусі, то па гэтай зоне павінен быць больш-меншы парадак, а то, як ужо адзначалася ў маёй рэцэнзіі, у даведніку Ф.А. Піскунова расійскія аўтаномныя рэспублікі Адыгея, Башкірыя, Бурація, Карэлія, Татарстан, Тыва, Хакасія ёсць, а рэспублік Інгушэція, Калмыкія, Комі, Карачаева-Чаркесія, Удмуртыя, Чувашыя, Чэчня і інш. няма. У межах Беларусі Днепр, Нёман і інш. ёсць, а Заходняй Дзвіны няма. Тое самае і з марамі: Жоўтае мора, Чорнае мора, Чырвонае мора і інш. ёсць, а назваў Баранцава мора, Белае мора, Грэнландскае мора і г.д. няма.

Апаненты пішуць: "Не амонімы падаюцца асобна, а словы (хай яны маюць і аднолькавае напісанне), якія адрозніваюцца граматычнымі характарыстыкамі. А калі артыкул выходзіць грувасткім - то і такія словы могуць быць разнесеныя". З гэтым, на жаль, нельга пагадзіцца. Тут у наяўнасці з'ява полісеміі. Гэта адно слова з многімі значэннямі, і ў перакладных, тлумачальных, арфаграфічных і граматычных слоўніках і даведніках яно і павінна афармляцца як адно слова. Так і ёсць у абсалютнай большасці акадэмічных і іншых слоўнікаў. Парушэнне толькі зроблена са словамі ложа ж. і ложа н. у "Слоўніку беларускай мовы" (1987) пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР М.В. Бірылы і ў "Слоўніку беларускай мовы" (2012). Тут два словы ложа, і яны павінны былі быць паказаны як амонімы.

Дарэчы, нядаўна выйшаў з друку "Слоўнік новай і актуальнай лексікі" К.Д. Шчаснай (Мінск. "Права і эканоміка". 2012. 102 с.). У ім класічна вытрыманы ўсе лексіка-графічныя каноны і ў тым ліку такія з'явы, як аманімія і полі-семія. У аўтара гэтых радкоў няма прэтэнзій да падачы ў названым лексікаграфічным даведніку амонімаў і полісемантычных моўных адзінак.

"Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова бярэ на сябе функцыі арфаграфічнага і граматычнага даведніка. Тлумачэнне рэестравых адзінак не ўваходзіла ў задачы згаданага слоўніка. Дэфініцыі аўтар падае толькі ў крайне неабходных выпадках. I гэта правільна. Не лішнім было б падаць яшчэ дэфініцыі пры словах, якія ўпершыню ўводзяцца ў слоўнікавы даведнік і сэнс якіх незнаёмы нават спецыялістам-мовазнаўцам, не гаворачы ўжо пра шараговых карыстальнікаў слоўнікам. Пералік такіх моўных адзінак аўтарам рэцэнзіі прыводзіўся. I гэта было сказана ў спакойнай форме, а не бесцырымонна, як гэта заяўляецца ў артыкуле "Лыжка мёду...". I аўтар рэцэнзіі ў дадзеным выпадку і не думаў перакручваць нейкі там плюс на мінус, як гаворыцца ў названым артыкуле.

Трэба сказаць яшчэ і тое, што, на вялікі жаль, аўтары артыкула ў некаторых месцах маёй рэцэнзіі не ўразумелі, дзе ў маіх заўвагах па слоўніку Фёдара Антонавіча Піскунова ёсць плюс, а дзе мінус. Так ва ўступнай частцы сваёй рэцэнзіі я прыводжу такі абзац: "Аўтар Слоўніка свядома адмовіўся на старонках свайго выдання ад памет "разм.", "абл." (або "дыял.") і розных стылістычных памет. Пры такіх моўных адзінках маецца спецыяльны надрадковы сімвал * (зорачка)" . I гэты абзац мной прыведзены ў самым адабральным сэнсе пазіцыі Фёдара Антонавіча. Тут ён, дарэчы, выбраў вельмі ўдалы шлях падачы такіх, ненейтральных лексічных адзінак. Аўтары ж артыкула "Лыжка мёду..." перанеслі гэты мой абзац у сярэдзіну маіх крытычных заўваг, сказілі сэнс гэтага майго выказвання і прыпісалі гэтым мне яшчэ адзін нейкі "грэх" і выказалі гэта ў недарэчнай па сэнсе і грубай па форме наступнай сентэнцыі: "Вось так рэцэнзент адмахнуўся ад праблемы, якой абцяжараныя акадэмічныя слоўнікі, і заадно несумленным прыёмам уеў Ф. Піскунова, маўляў, той проста замяніў такія пазнакі "зорачкай"" . Вось тут сапраўды аўтары артыкула замянілі плюс на мінус у маім адабральным выказванні пазіцыі Ф.А. Піскунова. Дарэчы, і я, таксама як і аўтары артыкула "Лыжка мёду...", лічу абсалютна няправільным зняцце абмежавальных памет пры рэестравых словах у "Слоўніку беларускай мовы" 2012 года выдання.

I нарэшце апошняя заўвага аўтараў артыкула "Лыжка мёду..." - наконт таго, што М. Крыўко шмат тыдняў уядаўся ў тэкст слоўніка Ф. Піскунова, каб вылавіць усе агрэхі, што ёсць у гэтай кнізе, і асабліва адносна правільнасці-няправільнасці размяшчэння слоў у строгім алфавітным парадку. Тут варта сказаць, што я прачытаў уважліва увесь тэкст Слоўніка Ф.А. Піскунова за тры выхадныя дні. Потым быў этап сістэматызацыі заўваг па слоўніку, а сам тэкст рэцэнзіі быў напісаны на адным дыханні за адзін выхадны дзень. Дарэчы, у тэкст рэцэнзіі не ўвайшла вялікая колькасць маіх дробязных заўваг і каментарыяў. Не ў маім стылі захапляцца ў рэцэнзіях дробязнымі заўвагамі; не было такіх і ў маіх папярэдніх рэцэнзіях на многія і многія даведнікі. Я ж пастараўся ў рэцэнзіі закрануць толькі самыя істотныя моманты гэтага лексікаграфічнага даведніка, даць самыя істотныя заўвагі.

Многія спецыялісты, якія прачыталі маю рэцэнзію на Слоўнік Ф.А. Піскунова і пазнаёміліся з самім зместам працы Піскунова, наадварот лічаць, што я надта перахваліў Фёдара Антонавіча, назваўшы яго падзвіжнікам і г.д. Маўляў, усе мы ў той ці іншай ступені падзвіжнікі, асабліва лексікографы, шчыруючы кожны дзень за сваімі рабочымі сталамі над руціннай, цяжкай працай. Але я ж не адмаўляюся ад сваёй думкі і паўтараю яе тут: падзвіжніцтва Фёдара Антонавіча Піскунова заслугоўвае самай высокай ацэнкі, а яго "Вялікі слоўнік беларускай мовы" з'яўляецца гонарам беларускай, усёй славянскай лексікаграфіі. А крытычныя, канструктыўныя заўвагі павінны быць. Я тут амаль цалкам згаджаюся са словамі слыннага расійскага лексікографа і лексіколага, прафесара Ф.П. Саракалетава, які напісаў: "Совершенных же словарей не бывает - это истина, известная всем, кто так или иначе сталкивался с лексикографической работой" (гл.: Ф.П. Сороколетов. избранные труды. Санкт-Петербург "Наука". 2011, с. 308). Наадварот, чытачоў, карыстальнікаў слоўнікамі, даведнікамі, манаграфіямі, маіх туташніх апанентаў павінна насцярожваць іншае - з'яўленне рэцэнзій на тую ці іншую працу без крытычных заўваг або з прысутнасцю аднойдзвюх заўваг і то для адчэпкі або для жарту.

У канцы свайго артыкула мае апаненты Юрый Пацюпа і Крысціна Пучынская падалі такую фразу: "Задамося пытаннем, навошта рэцэнзент абраў з самага пачатку тактыку агрэсіўнага нападу, не грэбуючы няшчырымі прыёмамі: прыцягненне нязначных аргументаў, перакручванні, замоўчванні і беспадстаўныя прэтэнзіі. Ды, пэўна ж, таму, што ў рэцэнзента ёсць звышзаданне..." ; і ў самым канцы артыкула яшчэ і такое: "... мядзведжую паслугу зрабіў М. Крыўко чытачам, уласнай годнасці і аўтарытэту ўстановы, дзе ён працуе" . Першая частка заяўленага ў гэтым артыкуле фактычна паўторана двойчы, у пачатку і ў канцы іх артыкула. Аўтары яшчэ раз хочуць запэўніць чытачоў у агрэсіўным нападзе М. Крыўко на аўтара слоўніка і на сам слоўнік Ф.А. Піскунова, у невядома якіх няшчырых маіх прыёмах, у нейкім замоўчванні невядома чаго, у нейкіх маіх беспадстаўных прэтэнзіях да аўтара слоўніка і інш. У гэтай слоўнай эквілібрыстыцы цяжка разабрацца нават мне, што тут да чаго, а як тут тады разабрацца шараговаму чытачу? Тое, што вышэй названа ў мой адрас як нейкая мая віна ў нечым, з'яўляецца абсалютнай няпраўдай. Аўтары артыкула тут нагнятаюць тэндэнцыйна жарсці, стараючыся паказаць мяне нейкім монстрам, скандальным чалавекам ці яшчэ там кімсьці, ад каго, маўляў, нават установа, дзе працуе гэты чалавек, павінна дыстанцавацца. Калі ж за аб'ектыўныя рэцэнзіі будуць беспадстаўна так біць і шальмаваць аўтараў, то ў хуткім часе пісьмовая рэцэнзія можа адмерці як навуковы, літаратурна-крытычны і публіцыстычны жанр.

Усе каноны, прынцыпы і патрабаванні, якія прад'яўляюцца да такога віду пісьмовага жанру, як навуковая рэцэнзія, мной выкананыя: уступная частка, станоўчая ацэнка працы, што рэцэнзуецца, крытычны агляд работы і заключная частка.

Як бачым з аналізу, праведзенага мной у артыкуле "Адказ маім апанентам", аўтары артыкула "Лыжка мёду і бочка дзёгцю" сапраўды вылілі цэлую бочку дзёгцю на аўтара рэцэнзіі ў выглядзе шматлікіх беспадстаўных абвінавачванняў. На вялікі жаль, бывае і такое.

Сітуацыя паказвае, што ці не набывае жыццё ў беларускай мове новы фразеалагізм лыжка мёду і бочка дзёгцю . Гэта пытанне для роздуму і даследавання мовазнаўцам-фразеолагам.

У чытачоў "Нашага слова" хачу папрасіць прабачэння, што я ўвязаўся ў гэтую скандальную і фактычна непатрэбную пісьмовую дыскусію, якая адбірае толькі дарагі час у іх, у мяне і ва ўсіх, хто ў яе ўцягваецца.

Мікалай Крыўко, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.


Славамір Адамовіч абараняе свае моўныя правы

30 жніўня 2012 г. у РДЦ № 2 ЖРЭА Кастрычніцкага раёна г. Менска ад Славаміра Адамовіча запатрабавалі, каб ён запаўняў форму заявы аб рэгістрацыі па месцы жыхарства, бланк якой меўся толькі на рускай мове, на рускай жа мове. Калі ж Славамір Адамовіч падаў пашпартыстцы форму, запоўненую па-беларуску, яна настойліва давала зразумець, што яго дакументы могуць і не быць прынятыя да разгляду. Начальнік РДЦ пры гэтым запытала, ці прынцыпова тое, што сп. Адамовіч запоўніў картку па-беларуску. Размовы з супрацоўнікамі РДЦ Славамір Адамовіч зафіксаваў на мабільную відэакамеру. У вуснай размове з пашпартысткай, якая папярэднічала падачы дакументаў, апошняя таксама настойліва патрабавала, каб паэт размаўляў з ёй на другой дзяржаўнай мове.

На скаргу, занесеную ў Кнігу заўваг і прапаноў, Славамір Адамовіч атрымаў адказ, у якім начальнік РДЦ паведамляе, што, паколькі ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, а форма заявы складзена на рускай мове, яму "было прапанавана" запоўніць яе на рускай мове. Такі адказ Славаміра Адамовіча не задаволіў, і ён будзе дамагацца прыцягнення супрацоўнікаў РДЦ да адказнасці, прадугледжанай законам за стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні беларускай мовай.

Калі ў дзяржаўных органах ці іншых установах Вам стваралі перашкоды ў карыстанні роднай мовай, альбо калі Вы заўважаеце, што пэўныя формы дакументаў маюцца толькі на другой дзяржаўнай мове, просім Вас паведамляць пра гэта ў ТБМ. Таксама ведайце, што ў гэтым выпадку для абароны сваіх моўных правоў Вы можаце дзейнічаць наступным чынам:

1) напісаць скаргу ў Кнігу заўваг і прапаноў, адказ на якую, па агульным правілы, павінен быць дадзены ў 15-дзённы тэрмін (арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб");

2) дамагацца прыцягнення парушальнікаў да адміністрацыйнай адказнасці на падставе арт. 9.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП):

"Артыкул 9.22. Парушэнне заканадаўства аб мовах.

Публiчная знявага, ганьбаванне дзяржаўных i iншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод i абмежаванняў у карыстаннi iмi, пропаведзь варожасцi на моўнай глебе - цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь."

Для таго, каб прыцягнуць да адказнасці паводле гэтай нормы, на парушальніка павінен быць складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У адпаведнасці з арт. 3.30 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях пратаколы паводле арт. 9.22 КаАП складаюць упаўнаважаныя службовыя асобы сельскіх, пасялковых, раённых, гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах. На падставе складзеных пратаколаў справа аб адміністрацыйным правапарушэнні разглядаецца адзінаасобна суддзёй раённага (гарадскога) суда.

Каб упаўнаважаныя службовыя асобы склалі пратакол, неабходна напісаць заяву ў адпаведны дзяржаўны орган з паведамленнем абставінаў правапарушэння. У заяве Вы можаце спасылацца на нормы заканадаўства, спасылкі на якія падаюцца ніжэй.

Артыкул 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму права карыстацца роднай мовай і абіраць мову зносін. У адпаведнасці з арт. 2 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" Рэспублiка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця. Артыкулам 3 гэтага ж Закона прадугледжана, што грамадзяне маюць права карыстацца iх нацыянальнай мовай i выбiраць мову зносiн. Права карыстацца роднай мовай прадугледжвае права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, установы, арганізацыі і грамадскія аб'яднанні на роднай мове. У якасці гарантыі правоў грамадзян пры разглядзе дакументаў, што падаюцца імі ў згаданыя органы, установы і арганізацыі, выступае абавязак апошніх прымаць і разглядаць звароты, што падаюцца на адпаведнай мове (арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь"). У адпаведнасці з арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" кiраўнiкi, iншыя работнiкi дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый павiнны валодаць беларускай i рускай мовамi ў аб'ёме, неабходным для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў. Артыкулам 6 згаданага Закона прадугледжана, што публiчная знявага, ганьбаванне дзяржаўных i iншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод i абмежаванняў у карыстаннi iмi, пропаведзь варожасцi на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць.

На неабходнасць наяўнасці бланкаў на беларускай мове звяртаў увагу Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у сваіх рашэннях ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання" - можна даць спасылку на ранейшы аналіз гэтага рашэння (28-05-2012) і ад 28 жніўня 2007 г. № П-218/2007 "Аб вырабе бланкаў для цэнтралiзаванага тэсцiравання на беларускай мове".

Юрыст ТБМ.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Акаловіч Леанід Аляксандр. Алейнік Іна Міхайлаўна Алейнік Юры Леанідавіч Арлова Эрыка Арлова Эсфір Віктараўна Архуцік Мікалай Арцёменка Віталь Місевіч Аляксандра Міснікова Кацярына Байдакова Ганна Дзмітрыеўна Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Барташэвіч Антаніна Барэль Васіль Бордак Наталля Васільеўна Брыцько Аляксей Бубала Антон Буйніцкая Марына Булат Алена Анатольеўна Бусел Мікалай Кліменцьевіч Бягун Рацібор Аляксандр. Бялецкі Віктар Пятровіч Валуненка Ірына Іванаўна Ваўкавыцкая Таццяна Верабей Таццяна Пятроўна Вератынскі Кірыл Віктаравіч Войніч Вераніка Гарбуль Аляксандр Васільев. Гарніцкі Янка Андрэевіч Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Глот Аляксей Грынкевіч Георгі Ігаравіч Грышчук Ганна Рыгораўна Дамарад Святлана Даніловіч М.А. Даржынкевіч Генрых Фелікс. Дзедушкова Алена Дзенісевіч Лідзія Дзеружынская Вераніка Ав. Дзіцэвіч Юлія Дзмітрыенка Анатоль Іван. Джэгайла Уладзімір Васільев. Долбік Ларыса Рыгораўна Дудар Таццяна Аляксандр. Думанская Ганна Рыгораўна Ермаковіч Леанід Іванавіч Ермаловіч Васіль Васільевіч Жаўток Уладзімір Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Зволінскі Тодар Землякоў Міхаіл Канстанцін. Зянковіч Юрась Іваноў Максім Генадзьевіч Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Кавецкая Наталля Уладзім. Казак Валянціна Казлоў Алег Яўгенавіч Каратай Уладзімір Арсеньев. Касцючэнка Ірына Каханчык Зміцер Качаноўская Наталля Качарагіна Людміла Алякс. Клундук Святлана Сяргееўна Конюх Віктар Лявонавіч Краўцоў Мікалай Крой Аляксандр Ільіч Крупіца Валянціна Кулеш Алена Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Куржалаў Алег Васільевіч Кутас Тамара Кушнер Васіль Федаравіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Лебядзевіч Д.М. Лепешаў Іван Якаўлевіч Ліс Дар'я Алегаўна Лучко Валянцін Станіслав. Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Лявонава Галіна Мазырка Аляксандр Макруш Сяргей Вячаслав. Малец Таццяна Малько Вячаслаў Аляксанд. Мальцава Ірына Масяйчук Аляксандр Мартысюк Вера Маслюкоў Іван Віктаравіч Мацвеенка Аляксандр Яўген. Мінаў Леанід Уладзіміравіч Міняйла Ганна Сяргееўна Міцкевіч Уладзімір Валянц. Мішчанчук Мікалай Іванавіч Навуменка Генадзь Навумчык Іосіф Адамавіч Несцярук Валеры Фёдар. Осіпава Аляксандра Палейка Анатоль Палсцюк Валеры Віктаравіч Палубятка Іосіф Палянскі Аляксандр Сярг. Панамарова Лізавета Сярг. Пасюкевіч Ірына Уладзіслав. Піліпенка Алена Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Праневіч Генадзь Мікалаевіч Пунько Вольга Язэпаўна Пярова Маргарыта Сярг. Пярова Наталля Юр'еўна Пяткевіч Лізавета Алегаўна Раманоўскі Валер Іванавіч Раманоўскі Уладзімір Іванав. Раманцоў Зміцер Уладзімір. Раманюк Раман Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Рудзёнак Алег Рудовіч Алена Руды Яўген Ігаравіч Русіновіч Іван Кузьміч Рындзевіч Вячаслаў Савацееў Кім Сяргеевіч Савіч Яўген Сагановіч Яніна Генадзеўна Сазонаў Віктар Паўлавіч Сакевіч Уладзімір Клеменц. Салаўёў Мікалай Святоха Генадзь Уладзімір. Сёмкіна Вольга Віктараўна Семянчук Валеры Семянчук Генадзь Сенькавец Уладзімір Адам. Сідарчук Кірыл Валер'евіч Сікора Алег Георгіевіч Скіцёў Зміцер Андрэевіч Смашная Марына Уладзімір. Спосабаў Іван Іванавіч Станеўская Людміла Станкевіч Георгі Стральцоў Алесь Уладзімір. Суднік Святлана Георгіеўна Суліменка Дзмітры Сяргеев. Сульжыц Кацярына Сярг. Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Сухарэвіч Віталь Пятровіч Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Сцежкін Кірыла Аляксандр. Сялюк Іван Сямёнава Анастасія Васіл. Сямёнаў Віталь Трафімчык Сяргей Аляксан. Угрын Аляксандр Сяргеевіч Урублеўскі Вадзім Валер'евіч Фалейчык Алесь Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Хадачок Міхаіл Хадневіч Цімафей Хархардзін Уладзіслаў Цішкевіч Юлія Іванаўна Цыхун Генадзь Апанасавіч Цюлькоў Аляксей Чайкоўскі Павел Іванавіч Чубат Аяксей Леанідавіч Шалястовіч Людміла Васіл. Шаршнёва Наталля Анатол. Швед Вячаслаў Вітальевіч Швед Іна Анатольеўна Шохан Вольга Шуй Вольга Васільеўна Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Шык Уладзімір Раманавіч Янушкевіч Станіслаў Антон. Яроменкаў Аляксандр Леан.


Год кніг Сымона Барыса

У пісьменніка, журналіста Сымона Барыса 2012 год не толькі юбілейны, але знакавы. Сапраўды ён стаў годам яго кніг. Сёлета ў яго выйшлі ў свет дзве кнігі і яшчэ дзве падрыхтаваны да друку. У траўні месяцы быў надрукаваны своеасаблівы даведнік для школьнікаў і сям'і "Адзінкі вымярэнняў: даўнія і сучасныя", а ў жніўні - "Беларускія песні і гімны". Абедзве кнігі ў большай ступені разлічаны на школьных настаўнікаў, бо сам аўтар і ўкладальнік песенніка - педагог па адукацыі.

На жаль, першая кніга мела большы поспех у кнігарнях раённых гарадоў, чым у Менску. У сталіцы, у выдавецтве "Адукацыя і выхаванне" (на вуліцы Будзёнага, 21 А), яна прадаецца яшчэ да гэтага часу і нават нядорага, без гандлёвых нацэнак - па 45 тысяч рублёў. А ў гэтай кнізе (аб'ём 240 старонак) даецца карысны даведнік для сям'і. Пра ўнікальнасць гэтай кнігі "Наша слова" пісала ў чэрвені.

Коратка раскажам пра ўнікальны змест другой кнігі.У спеўніку, які мае 380 старонак, надрукаваны 330 песень (сярод іх 230 беларускіх), 54 прыпеўкі, каля 70 фотаздымкаў і 5 навукова-папулярных артыкулаў Сымона Барыса. Зборнік песень упрыгожваюць 12 каляровых ілюстрацый. Сярод песень - народныя розных часоў і сучасныя, напісаныя паэтамі і кампазітарамі. Амаль кожная песня, якая трапіла ў гэты зборнік, мае сваю кароткую даведку: дзе запісана альбо адкуль узята.

У дадатку друкуюцца беларускія патрыятычныя вершы, якія могуць стаць або ўжо сталі песнямі, ноты да гімнаў, некаторыя рускія папулярныя песні, вядомыя на Беларусі, і ўсе дзяржаўныя гімны славянскіх народаў на нацыянальных мовах і ў перакладзе на рускую мову. Таксама друкуецца славянскі гімн "Гэй, славяне!" на 15 мовах. Атрымалася своасаблівая музычная хрэстаматыя. Паступілі першыя вусныя водгукі на гэту кнігу ад фалькларыстаў і выкладчыкаў Беларускай акадэміі музыкі. Кніга цікавая, бо ўнікальная. Але загаловак кнігі вузейшы, чым яе змест. Адным словам, загаловак прапануюць іншы: "Песні і гімны Беларусі" альбо "Песні і гімны: беларускія і славянскія".

Кніга выдадзена аўтарам за ўласныя грошы, заробленыя ў рэдакцыі "Беларускага гістарычнага часопіса", і разлічана на школьных настаўнікаў (гісторыкаў, літаратараў), работнікаў культуры і ўсіх тых, хто цікавіцца папулярнымі і гістарычнымі песнямі. Яна прадаецца толькі ў Менску, у наступных кнігарнях: "Кнігарня пісьменніка", "Акадэмкніга","Кніжны салон". Яе кошт ад 70 да 80 тысяч рублёў.

Трэцяя кніга "Нарачанка і яе берагі" (у суаўтарстве з Анатолем Рогачам) - гістарычна-краязнаўчая - будзе выдадзена сёлета за кошт ахвяраванняў сяброў і знаёмых землякоў.

Наш кар.


Персанальная выстава

5 верасня 2012 года ў Палацы мастацтва ў Менску адбылося адкрыццё персанальнай выставы Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Волкава Сяргея Анатольевіча, якая прысвечана 70-годдзю мастака.

Сяргей Анатольевіч Волкаў - прадстаўнік знакамітай мастацкай дынастыі, майстар станковай і кніжнай графікі, чыё імя даўно вядома і аўтарытэтна ў айчынным мастацтве, беларускіх і расійскіх выдавецтвах... З імем С. Волкава звязана першым чынам уяўленне як пра майстра дзіцячай кніжнай ілюстрацыі, што стварыў для маленькіх чытачоў цэлую бібліятэку - больш , чым 300 кніг, якія захоўваюць культуру і традыцыю мастацкага малявання для дзяцей.

У яго творчым актыве мноства чытанак, творы Я. Маўра, Э. Агняцвет, Міколы Маляўкі, У. Карызны, П. Кавалёва і іншых аўтараў! Мастак аўтар тэксту кнігі "Чарадзейны куфэрак".

Сяргей Волкаў некалькі дзесяткаў год супрацоўнічае з часопісамі "Вожык" і "Вясёлка". Лаканічнасцю і падвышанай завостранасцю адзначаная серыя партрэтаў беларускіх пісьменнікаў "Гратэск" 1986 года (Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак і інш.).

На адкрыцці выставы перад прысутнымі выступілі: Рыгор Сітніца, старшыня аб'яднання "Верасень" Ніна Марчанка, Алена Цітаева, галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка" Уладзімір Ліпскі, галоўны рэдактар часопіса "Вожык", Юлія Зарэцкая і іншыя творцы.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


"Яваровы людзі" - беларускі гурт з Канады

Гурт "Яваровы людзі" з'яўляецца амаль што адзінай прэзентацыяй беларускай культуры ў Канадзе. Пра гэта гаворыць удзельніца калектыву Саша Саленік, якая прадстаўляла "Яваровых людзей" на фольк-фестывалі "Камяніца". Спявачка падкрэслівае, што беларусаў у Канадзе шмат, але беларуская меншасць значна саступае па актыўнасці прадстаўнікам іншых нацый.

- Мы ладзім розныя вечарыны, розныя канцэрты, людзі прыходзяць, але гэта часцей за ўсё нейкія знаёмыя ці сваякі. Вялікага беларускага руху ўсё ж такі ў Канадзе, на жаль, няма, але ёсць невялічкія суполкі ў Таронта, у Манрэалі.

Гуртом "Яваровы людзі" кіруе Віялета Кавалёва. Зараз калектыў рыхтуецца да выдання трэцяга альбома. Ёсць надзея, што ён, як і папярэдні альбом, з'явіцца ў менскіх крамах.

Алеся Лугавая, Радыё Рацыя .


Памёр Уладзімір Пузыня

18 верасня ранкам пайшоў з жыцця славуты беларускі музыка, майстар старажытных народных інструментаў Уладзімір Пузыня. Яму было 72 гады.

Пра свайго настаўніка гаворыць лідар гурту "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі:

- Уладзімір Пузыня быў сімвалам, які звязваў аж тры пакаленьні музыкаў. Гэта тое пакаленне - Цітовіч, Лычкоўскі, Жукоўскі, - якія выраблялі народныя інструменты, адраджалі і вярталі з нябыту, у які тыя трапілі ў першай палове ХХ стагоддзя. Другое пакаленне - музыкі 80-90-х гадоў. І, нарэшце, гэта настаўнік для тых, хто граў на народных інструментах. Уладзімір Пузыня да гэтага моманту быў старэйшым жывым майстрам, які вырабляў такі сімвалічны для Беларусі інструмент, як дуда. Мы рэгулярна запрашалі яго на дударскі фэст, на канферэнцыі. Толькі аднойчы за апошнія шэсць год ён выйшаў і граў на сцэне, бо ў яго было кепскае здароўе. Але ён заставаўся сімвалам. Сімвалам, які звязваў настолькі розныя часы і настолькі розных людзей.

Нарадзіўся Ўладзімір Пузыня 26 лютага 1940 году ў вёсцы Суцін на Любаншчыне. Паходзіў са шляхецкага роду. У Магілёве скончыў школу мастацтваў, дзе вучыўся рэстаўрацыі. А ўжо ў 70-я пачаў сам рабіць старажытныя інструменты - дуды, ліры.

Ужо ў 80-я гады пашанцавала шмат якім маладым музыкам, якія траплялі да яго ў "Беларускую хатку". Гэтую лабараторыю адраджэння і вырабу беларускіх народных інструментаў Уладзімір Пузыня стварыў пры менскім Інстытуце культуры, дзе ў той час выкладаў.

Сучасную беларускую музыку ўжо немагчыма ўявіць сабе без старажытных народных інструментаў. Гучанне шмат якіх гуртоў стала ўнікальным і пазнавальным дзякуючы інструментам Уладзіміра Пузыні.

Вечная памяць.



Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць спачуванне сябру Рады ТБМ, пробашчу менскай парафіі Св. Сымона і Св. Алены кс. магістру Уладзіславу Завальнюку ў сувязі з напаткаўшым яго горам - смерцю маці. Вечны адпачынак дай ёй, Пане!


Людвік Нарбут

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У дзень адкрыцця дошкі вуліцы Ліды выглядалі выключна святочна. Увесь горад быў увешаны дзяржаўнымі сцягамі. Касцёл піяраў - галоўнае месца ўрачыстасці - быў ілюмінаваны. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел між іншых ваявода віленскі Адам Сакалоўскі, арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, генерал Альшына-Вільчынскі, куратар М. Гадлеўскі, правінцыял піяраў Геранім Стусінскі, стараста Станіслаў Гусоўскі (Гансоўскі), князь Людвік Чацвярцінскі, а таксама Эміль Томас, цесць маршала Рыдз-Сміглага. Дэлегатам ад палка імя Людвіка Нарбута быў камандзір падраздзелу, палкоўнік Станіслаў Чурыла.

Перад сабранымі пры касцёле піяраў адбыўся агляд мясцовых падраздзяленняў войска і розных арганізацый, якія дзейнічалі на Лідчыне. Сабраных ад імя арганізацыйнага камітэту прывітаў яго старшыня - суддзя Юльян Грымайла-Прыбытка. Далей вайсковы аркестр сыграў дзяржаўны гімн, пасля якога прамову сказаў прафесар Люцыян Брыльскі - выкладчык польскай мовы ў піярскім калегіюме. У сваім выступе ён нагадаў сабраным асноўныя факты з жыцця Людвіка Нарбута. Акт адкрыцця шыльды - умураванай у франтальную сцяну касцёла - здзейсніў генерал Альшына - Вільчынскі. Ад імя палка, які носіць імя героя ўрачыстасці, прамовіў палкоўнік Чурыла. Да ўдзельнікаў мерапрыемства прыйшла віншавальная дэпеша з Варшавы, прыслаў яе сваяк Людвіка Нарбута - Нестар Нарбут.

Атмасферу тых дзён перадае "Ziemia Lidzka". У справаздачы з урачыстасці рэдакцыя падкрэсліла выключна ўзняты настрой, які панаваў сярод сабраных. На вуліцы Ліды выйшла вельмі шмат жыхароў, каб удзельнічаць у мерапрыемствах.

Адкрыццё шыльды было таксама святам для лідскіх піяраў. Да ўрачыстасці ксяндзы падрыхтаваліся вельмі старанна. Занатавана гэта было ў "Кроніцы калегіюма айцоў піяраў у Лідзе". На мерапрыемства ўжо за дзень прыехаў ксёндз - правінцыял Геранім Стусінскі ў кампаніі асістэнта Польскай правінцыі - ксендза Банывентуры Кадэі, а таксама ксендза Людвіка Руска - рэктара калегіюма ў Кракаве. Лідскіх піяраў рэпрэзантаваў ксёндз Антоні Чабаноўскі. Падчас урачыстасці ксендзу правінцыялу і ксендзу Чабаноўскаму былі ўручаны адзнакі 76 палка Лідскіх стральцоў імя Людвіка Нарбута. Па паўдні, што таксама было занатавана ў "Кроніцы...", адбыўся ў калегіюме раскошны прыём, у якім узялі ўдзел годныя госці, сабраныя на ўрачыстасць адкрыцця шыльды.

У тым самым травеньскім нумары "Ziemi Lidzkaj" 1938 года, у якім пададзена справаздача з урачыстасці, быў змешчаны ліст ахвярадаўцаў на шыльду. На першым месцы ліста рэдакцыя памясціла віленскага ваяводу Адама Сакалоўскага. Ён ахвяраваў суму 100 зл. Адвакат Вішнеўскі, напрыклад, даў 30 зл., а Міхал Слюсарскі - 1 зл.

Урад горада Ліды даў на тую высакародную мэту 200 зл., а Красовы саюз земляробаў, аддзел Лідска-Валожынскі ў Лідзе сабраў і перадаў 125,50 зл. На лісце ахвярадаўцаў аказалася некалькі дзесяткаў прозвішчаў і назваў структур і арганізацый, якія пералічылі грошы. Змешчаны спіс не быў поўны. Рэдакцыя абяцала, што ў наступных нумарах будзе пададзены працяг ліста. Пералік ахвярадаўцаў паказвае нам, які вялікі водгук у супольнасці Лідчыны выклікаў праект уфундавання памятнай дошкі. Сведчыць гэта таксама пра тое, якой вялікай павагай карыстаўся сярод жыхароў тых зямель Людвік Нарбут. Быў ён несумненным героем, а жыццё яго і любоў да Бацькаўшчыны былі бяспрэчным прыкладам для моладзі. Жыхары Ліды, якія ў такой колькасці прыбылі пад касцёл піяраў і аддалі пашану кіраўніку студзеньскага паўстання, паказалі разам з гэтым свой гарачы патрыятызм і прывязанасць да ідэі свабоды. Акт адкрыцця дошкі станавіўся як бы нябачным, сімвалічным клямарам, які злучаў ідэі незалежнасці з часоў акупацыі з патрыятызмам вольнай Польшчы міжваеннага перыяду. Улады Ліды, запрошаныя госці, жыхары горада і ўсёй Лідчыны давялі, што смерць Людвіка Нарбута 75 гадоў таму назад не была дарэмнай. Ідэі, за якія ён загінуў, жылі далей ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Для ўсіх тых, для каго барацьба і смерць Нарбута былі такія важныя, словы Айчына і патрыятызм мелі адзін нязменна праз вякі сэнс. Жыхары Лідчыны даводзілі гэта як у гады акупацыі, у 1918-1919 гады ў бітвах за тую зямлю, так і ў перыяд Другой Сусветнай вайны.

У хвілю, калі дошка, прысвечаная Людвіку Нарбуту, была ўрачыста адкрытая, можна было б закончыць прэзентацыю яе лёсаў. Але і тым разам гісторыя аказалася на шмат больш складаная, чым можна было падумаць. Лёс дошкі стаўся не менш драматычным чым пакручастыя і складаныя лёсы жыхароў тых зямель. Пасля заняцця паўночна-ўсходніх крэсаў у верасні 1939 года савецкім войскам, Ліда сталася асяродкам прапольскіх маніфестацый. Падобныя маніфестацыі адбыліся і ў Дубічах - месцы смерці Нарбута. Новая ўлада ад самага пачатку паставіла сабе на мэту разгром хоць якіх праяў польскага патрыятызму. Пачалі знішчаць помнікі, якія сведчылі пра польскую прысутнасць на тых зямлях. Абеліску ў Дубічах удалося перажыць Другую Сусветуню вайну. Ён ацалеў, хутчэй за ўсё, дзякуючы таму, што мясцовасць гэтая ляжыць па ўзбоччы, здалёк ад галоўны дарог. Помнік той стаіць да сёння. З дошкай, размешчанай на пярэдняй сцяне касцёла, лёс не абышоўся так ласкава.

18 верасня 1939 г., калі да Ліды набліжаліся бальшавіцкія войскі, ксёндз Чабаноўскі вырашыў дошку затынкаваць. Неўзабаве саветы зачынілі піярскую гандлёвую школу. Людзі, вывучаныя ў іншым стылі і ў духу іншай улады не былі патрэбныя. У пэўнай меры шчасліва прайшлі гады акупацыі, падчас шматлікіх бамбардзіровак горада касцёл амаль не пацярпеў, пасля вайны быў адрамантаваны. Але ў 1958 г. улады пастанавілі яго зачыніць і зрабіць у будынку спачатку спартовую залу, а потым планетарый. Разам з касцёлам адабралі і ордэнскі дом. Было дадзена некалькі дзён, каб упакавацца і забраць мэблю. Ксяндзам не далі ніякага памяшкання ўзамен. Незаконнасць дзеянняў гарадскіх уладаў пацвярджае той факт, што афіцыйную згоду на забранне ў піяраў касцёла і плябаніі яны атрымалі толькі ў 1962 годзе.

Хоць дошка была невідочная, аднак яна існавала ў сэрцах і думках мясцовай супольнасці. Людзі ўвесь час пра яе памяталі. Была яна сімвалам гарачага патрыятызму і ўжо не толькі польскага, але і беларускага.

Католікі ніколі не перапынялі барацьбы за вяртанне касцёла. Пісаліся шматлікія петыцыі ў Менск і Маскву. Найчасцей яны заставаліся без адказу. Сітуацыя змянілася з пачаткам "перабудовы" Найперш, у 1989 годзе быў зняты тынк з дошкі. Адбылося як яе другое адкрыццё. У 1990 годзе з ініцыятывы Таварыствам беларускай мовы пад асноўнай дошкай была памешчана мармуровая дошка з перакладам тэксту на беларускую мову.

У снежні 1990 года аддзел Саюза палякаў у Лідзе разам з вернікамі прасіў улады рэспублікі і горада вярнуць святыню. Якраз тады Ціхан Аўдзеенка, тагачасны намеснік старшыні гарадскога Савета па культуры і асвеце, адказаў, упэўнены ў сабе:

- Гэта наша справа. Захочам - то аддамо вам той касцёл, захочам - не аддамо.

На грамніцы. 2 лютага 1991 г. лідскія католікі пасля набажэнства ў фарным касцёле рушылі пад касцёл піяраў. Агулам звыш 200 чалавек, укленчыўшы пад мурамі святыні, накіроўвалі да Бога малітвы аб справядлівасці.

У кастрычніку 1993 года Таварыства польскай культуры на Лідчыне (ТПКЛ) з'ініцыявала штотыднёвыя малітвы пры касцёле. У першую нядзелю прыйшло ледзь 20 чалавек. Але з кожнай наступнай іх лічба расла. Калі на малітву пачало прыходзіць да ста чалавек, быў накіраваны ліст (9.11.1993 г.) да гарадскіх уладаў з просьбай аб вяртанні святыні вернікам.

Копіі ліста былі высланы Апостальскаму нунцыю ў Менск, біскупу Аляксандру Кашкевічу, а таксама дзякану Станіславу Роеку, паколькі не было ніякай рэакцыі ўладаў на зборы вернікаў. Праз колькі дзён пасля ліста старшыня ТПКЛ быў запрошаны ў гарадскі савет, і гарадскі пракурор у прысутнасці намесніка старшыні савета паведаміў, што ТПКЛ праводзіць нелегальныя акцыі, арганізуючы малітвы пры публічным будынку. Хоць для католікаў гэты будынак заўсёды заставаўся святыняй, рацыю ў гэтай краіне заўсёды мела ўлада, і Таварыства фармальна адмовілася ад правядзення тых акцый. Але вернікі, як і сябры ТПКЛ арганізоўвалі малітвы ажно да перадачы касцёла праваслаўным. Улада фармальна не заўважала лістоў, так жа, як і лістоў-водгукаў на заклік Таварыства, надрукаваных у многіх польскіх газетах (у т.л. у "Ladzie", "Тygodniku Powszechnym", "Slowie - Dzienniku Katolickim", "Mysli Polskiej"). У "Echu Podlasia" за 15.4.1994 г. напісана: "Старшыня Таварыства польскай культуры на Лідчыне - Аляксандр Колышка ў сувязі з тым быў выкліканы ў мясцовую пракуратуру, дзе яго паінфармавалі па "нелегальнасць такіх малітоўных збораў" . Некаторыя падазраюць, што з-за гэтага ён быў звольнены з тагачаснай працы".

Адначасова перадачы будынка пад цэркву дамагаліся праваслаўныя вернікі. Са згоды каталіцкага духавенства, на знак паяднання, гарадскія ўлады рашэннем ад 7.3.1996 г. перадалі будынак праваслаўнай парафіі. Пасля перадачы касцёла адразу была знята беларуская дошка (была замацавана на шрубах). Прадбачачы пагрозу для польскай дошкі ТПКЛ з'ініцыявала шэраг дзеянняў. Супольна з беларускімі арганізацыямі і аддзелам Саюза палякаў на Беларусі (разам 7 няўрадавых арганізацый) накіравалі лісты да гарадскіх уладаў, у міністэрствы культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь, праінфармавалі старшыню Таварыства аховы помнікаў у Гародні Зміцера Аляшкевіча. Паводле яго слоў, ён таксама звяртаўся да гарадскіх уладаў і быў запэўнены, што дошка не будзе парушана і застанецца на месцы.

(Заканч. ў наст нумары.)


ЯК НАШЫ ГІСТОРЫКІ ЗМАГАЮЦЦА ЗА ЧЫСТАТУ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ

Як выказаўся Аляксей Шэін (сябар рады партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя) ў кнізе Анатоля Тараса "Беларусь вышэй за ўсё! Пра нацыянальную ідэю" (2011, стар.17): "Нацыянальная ідэя - гэта сфармуляваная місія народа, за якою людзі ідуць як за зоркай, указваючая напрамак шляху" . І далей: "Мы - маладая не да канца сфармаваная нацыя, у якой да гэтага часу не аформлены нацыянальны тыпаж. Мы ўсё яшчэ спрачаемся, якой павінна быць нацыянальная сімволіка (чырвона-зялёная ці бел-чырвона-белая), якім павінен быць нацыянальны гімн ("Мы - беларусы" ці "Магутны Божа"), як павінны называцца ў будучым мы самі (беларусы ці ліцвіны). А гэта значыць, што працэс фармавання нацыі яшчэ прадаўжаецца, на фармаванне твару краіны актыўна ўздзейнічаюць правільныя і памылковыя ідэі, прынцыпы, канцэпцыі". І я з ім згодзен, бо "калі пераважная большасць нашых грамадзян будзе ісці правераным часам і гісторыяй шляхам Дзесяці Запаветаў ("не крадзі", "не забівай", "не жадай чужога" і г.д.), усё грамадства стане больш паспяховым" .

Лічу вызначальнымі публікацыі тых гісторыкаў, якія сцвярджаюць аб ліцвінскім паходжанні нацыі. Асабліва мяне ўсхваляваў і ўсцешыў погляд прапагандыста айчыннай гісторыі Вадзіма Дзяружынскага ў кнігах "Таямніцы беларускай гісторыі" (2009) і "Забытая Беларусь" (2011). Ён грунтоўна і даступна раскрывае ілжывае ўяўленне "русістамі" нашай гісторыі, смела абвяргаючы кан'юнктурныя досведы прыўладных навукоўцаў, і паказвае, як прычынілася да гэтых міфаў палітычная і культурная эліта Расіі і тутэйшыя калабаранты з прашавіністычнай ідэалогіяй заходне-русізму. Яны, напрыклад, наўмысна пад рознымі соўсамі прышчапляюць да штучнага слова "рус" ці "рос" прыметнік" белы"(ад назвы міфічнага Бялуна - бога святла і спагады), каб штучнай назвай "Беларусь" (ст.355-367 кн."Таямніцы…, раздзел "Што такое "Белая Русь") апраўдаць свой погляд аб нейкім адзінстве маскалёў (рускіх) і ліцвінаў (беларусаў) і абгрунтаваць, такім чынам, уладу (незалежнай з 1448 г.) праваслаўнай мітраполіі "Усяе Русі", якая і спарадзіла з часоў Васіля ІІ Цёмнага (1415-62) 12 войнаў па захопу нашых зямель, пакуль у 1795 г. не здзейсніла сваю мэту канчаткова.

Трэба зазначыць, што "русін" - абагульненая назва варагаў, якая ўтворана ад фінскага слова "ruotsi" /вясляр/ і была распаўсюджана з Vст. сярод плямён Палаб'я, Панямоння, Пабужжа, Падзвіння, Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя, Волхава і Лаваці на шляху "з вараг у грэкі". Не выпадкова, што палачанін Ф. Скарына і назваўся "русінам". Аднак гэтая назва (згодна досведу гісторыка В. Чаропкі) не была этнонімам нацыі. Такім жа чынам і "палабская Русь" (брацтва варагаў-каланістаў, там жа, ст. 216)), і заснаваныя такімі ж варагамі ў ІХ ст. на Волхаве Ноўгарад і Кіеўская Русь на Дняпры не былі этнонімам народаў гэтых зямель. І тут аўтар дадаткова выбудоўвае сваю спрэчную версію паходжання "рускага" этнасу ад татэма "рысь". З чым можна і паспрачацца.

Можна, аднак, пагадзіцца з сцвярджэннем аўтара (там жа, ст. 49), што "рускія ў Расіі - гэта не славяне". Але далейшае выказванне "ўкраінцы і беларусы не славяне" - выклікае пэўныя пытанні, якія ён і спрабуе паясніць: "Так, тры гэтыя народы размаўляюць на мовах, падобных на славянскія. Аднак антрапалагічна і генетычна - яны не славяне (як і амаль усе другія народы Еўропы, якія прылічваюць сябе да славян), што "супольнасць "восточные славяне" не існуе ні ў рэальнасці, ні ў тэорыі. Яе няма таму, што так званыя "восточные славяне" - прадукт змяшэння мясцовага туземнага насельніцтва з нешматлікімі каланістамі з Палаб'я і Памор'я - з сапраўднымі (і адзінымі) славянамі.".

Аднак апошняе, падкрэсленае, выказванне аўтара, на маю думку не абгрунтавана. Агульную назву "славяне" раптоўна займелі не толькі "адзіныя славяне з Палаб'я і Памор'я", а многія народы Еўропы. Яны з'явіліся на мапе ў V-VІІ ст. пасля нашэсця готаў з-пад Уралля на балтаў, што згодна вядомай карты "Рымская імперыя ў граніцах канца ІІ ст. н.э." знаходзіліся ў вярхоўі Волгі. А балты, ў сваю чаргу, пацяснілі вянедаў, якія згодна карты Пталамея (гл. мапу №1 у кн. Я. Шыраева "Русь Белая, Русь Чорная і Літва ў картах", 1991), размяшчаліся ад вострава Готланд на Вянедзіка сена да Сярэдняга Падняпроўя, і асімілявалі апошніх. Большая частка вянедаў разышлася па ўсёй Еўропе, у т.л. аселі і ў Палаб'і. Яны нават заснавалі Вянецыю на Апянінах.

Двайная асіміляцыя (гэта мая версія) тутэйшага народа (вянедаў) на нашых землях праходзіла ў пачатку н.э. свевамі (у ІІ-м ст. Вянедзіка сена ўжо называлася Свеўскім морам, яго ж сучасная назва - Балтыйскае), а ў VІ ст. балтамі. Яна пацвярджаецца археалагічнымі раскопкамі ў даследаваннях Я. Шыраева (там жа, ст.10), хаця там гаворка ішла аб двайной асіміляцыі балтаў славянамі. Трэба зазначыць, што славянізацыя - гэта не генетычны, а лінгвістычны працэс, які звязаны з распаўсюджваннем створанай Кірылам і Мефодзіем ў ІХ ст. азбукі. Створаная імі пісменнасць і стала мовай хрысціянскай місіі. Адсюль і пайшло сцвярджэнне некаторымі навукоўцамі аб прыходзе на нашыя землі славян з Балкан.

Пацвярджаецца і здагадка В. Дзяружынскага ("Таямніцы…, ст. 221), што "наша племя вільцаў з ракі Віліі падалося разам з готамі (ў V ст.) у Еўропу, дзе засела пад назвай "вільцы на Памор'і", а потым у пач. ХІІ ст. вярнулася да нас назад ужо пад іменем "літвы". Гэтая версія вельмі праўдападобная.

У залежнасці ад веры, якую прымалі тутэйшыя народы, царква і прыдавала ім сваю назву: "Белая Русь"(на землях Масковіі рускае праваслаўе вызначалася пастулатам "манарх-ёсць бог", а вернік - яго раб); "Чорная Русь"(на землях Пскоўскай і Наўгародскай рэспублік і каталіцкіх княствах ВКЛ вернік адчуваў сябе вольным); "Чырвоная Русь"(у Кіеўскім і Галіцкім княствах - праваслаўе чыста грэчаскага толку без адхіленняў - у адрозненні ад РПЦ). Таму маскалі і назвалі Масковію "Белай Руссю", як паслядоўніцу Белай Арды з 1480 г. з яе законамі рабства (гл. мапу №2 /1507г./ і №5 /1573г./ у кн. Я. Шыраева), каб гэтай назвай (з ХVІ ст. Маскоўскае княства прыняло афіцыйную назву "Рускае царства") затым прэтэндаваць на ўсе астатнія землі, у тым ліку і на землі ВКЛ. З гэтага часу больш заўзята і распачала Масковія захопніцкія войны..

Праўда, не ўсе вядомыя дзеячы раздзяляюць пункт гледжання В. Дзяружынскага на наша паходжанне. Напрыклад, у піку мовазнаўцу прафесару Івану Лепешаву, які апублікаваў вялікую анатацыю "Пра забытую Беларусь" у газеце "Наша слова" (№29, 2012), выступіў у той жа газеце (№32, 2012) наш паважаны пісьменнік Эрнест Ялугін (ураджэнец з "беларусінскай", па яго вызначэнні, Віцебшчыны) з іранічным артыкулам "Калі ў Гісторыю стрэліць".

Каб пасеяць сярод чытачоў да названых кніг сумненне, Ялугін скарыстоўвае розныя прыёмы. Напрыклад прывёў для разгляду міфічнае слова "рос" і яго вытворныя - "нізінныя", "балотныя" людзі, спасылаючыся на раман пісьменьніка К. Сіманава "Жывыя і мёртвыя". Тут, аднак, трэба пазначыць, што слова "маскалі" паходзіць ад фінскага "мокша" - значыць балота, "макшалі" азначае - панізьнікі. Таму хай маскалі самі разбіраюцца, як сябе называць. Нам не трэба цягнуць іх коўдру на наша Палессе, насельніцтва якога сябе беларусамі доўгі час не лічыла, а многія не лічаць і сёння. Ён прыводзіць таксама ў якасці доказу прыклад, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага ў Статуце ВКЛ дзяржаўнай мовай была абвешчана "беларусінская", што Полацкая зямля (а гэта і Меншчына, і Віцебшчына, і Магілёўшчына) ніколі "Літвою" не называлася", што ніхто з нашай тутэйшай эліты (Ф. Багушэвіч, Р. Барадулін, В. Быкаў, Н. Гілевіч, Я. Колас, Я. Купала, У. Някляеў) не назваў сябе ліцвінам. Гэта ўжо - нонсенс.

У гэтай сувязі хачу прывесці досвед прафесара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Леаніда Лыча, які ў Нашым слове" (№34-35, 2012) змясціў артыкул "Руская культура ў Беларусі: праблемы гарманічнага суіснавання з нацыянальным". Як сведчыць аўтар: віца-адмірал Сяргей Пляшчэеў у сваёй публікацыі (1790) так характарызаваў жыхароў Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў (заўважым - гэта ўсходняя частка нашага краю, якая найбольш жорстка /да 75%/ знішчалася маскалямі ў годы захопніцкіх войнаў, асабліва ў 1654-67 і 1700-21): "Жители оного суть Поляки (маецца на ўвазе прыналежнасць насельніцтва да каталіцкай веры) и Литва (значыць ліцвіны) Римско-католицкого закона, из которых малое число Греческого исповедания (зн. праваслаўныя без дамешкаў ісламу), прочие - Унияты… " Гэта - яркае абвяржэнне довадаў Э. Ялугіна!

Як падкрэслівае Л. Лыч, віца-адмірал не ўжыў у дачыненні да насельніцтва нават прылеглых да самой Расіі намесніцтваў этнонімаў "беларусцы" ці "рускія". Як бачым, ні тых, ні другіх на нашых землях у 1790 г. не было. Яны існавалі пад іншым этнонімам - ліцвіны. Гэта ўжо пасля ўказу 1795 г. Кацярыны ІІ з'явіліся новыя назвы, каб імі прымацаваць нас да Русі. Спраўджваецца досвед В. Чаропкі: ліцвінаў (католікаў і ўніятаў), якія пад ціскам прымалі праваслаўную веру, каб толькі застацца жывымі, і сталі называць беларусцамі. Працэс замены веры ці этнасу праходзіў не па "спрыянні ліцвінскай шляхты". Тых, хто не згаджаўся, расстрэльвалі ці ссылалі ў Сібір. Ужо першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 г. праходзіў пад ціскам рускіх штыкоў. Дэпутаты Сойму С. Багушэвіч, С. Корсак і Т. Рэйтан галадалі, не выходзілі з залы, а апошні лёг перад дзвярыма крыжам і крычаў: "Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыны!" (Досвед У. Арлова "Імёны Свабоды", ст. 14).

Што тычыцца досведу Здзіслава Сіцькі (кн."Утроп Літвы"), які тлумачыць назву "літва" як сацыяльна-вайсковае аб'яднанне, то яму яшчэ 2 гады назад даў добры адлуп В. Мартыненкаў у артыкуле "Дакументы аспрэчваюць міфы" ("Наша слова", №45, 2010). З ім трэба згадзіцца. У дадатак, гэтая кніга была тэмай абмеркавання паходжання беларусаў на навукова-практычнай канференцыі, якая была арганізавана 28 студзеня 2011 г. даследчыкам гісторыі, аўтарам альманаха пра беларускую гісторыю "Дзяды" прафесарам Анатолем Тарасам, на якой я выступіў з судакладам "На шляху да ісціны".

А як ставіцца да гэтай праблемы Э. Ялугін? Ён, у падтрымку З. Сіцькі, піша: "літы (віны), гэтыя рознаплямённыя бежанцы (Во як бывае! І як гэта маглі розныя плямёны з Памор'я паяднацца? На якой аснове?), ратуючыся пасля паўстання ад расправы германцаў, папрасіліся ў Полацкае княства на жыхарства ў якасці ахоўнікаў памежжа з боку Прусіі і Польшчы". Вось так! Папрасіліся. Можа ад іх і заява ёсць? Гэта ж трэба так разважаць? І гэта робіцца ў той час, як Полацкая дзяржава мела ўжо сваю ахову з "Пагоняй". Дарэчы, у 1296 г. Вялікі князь Віцень зрабіў яе дзяржаўным гербам новаўтворанай Літваніі.

Тут я хачу патлумачыць, што амаль у кожнай дзяржаве былі і існуюць наёмныя воінскія фармаванні. Напрыклад: янычары - у Турцыі, крыжакі - у Прусіі і Латгаліі, казакі - на Украіне і Расіі і інш. Але яны не ўтварылі дзяржавы са сваёй назвай. А літва - стварыла. Як такое магло стацца? Слабымі Полацкае і Наваградскае княствы не былі. І войнаў паміж імі не было. Як жа так? Значыць гэтае ўтварэнне - справа самога народа, назва якому - ліцвін ці літвен, як спалучэнне слоў літ - (бераг) + венед (па Тобіну з Смалявіч). Вянеды - народы, якія пражывалі тут да прыходу варагаў на шляху "з вараг у грэкі". Выхадцамі з іх і сталі славяне: сла - (выхад) + вянеды. Вось так яны і выйшлі "з туманаў" (па Някляеву).

А тэндэнцыйную версію З. Сіцькі пра літву "ваярскую", што самастойна ўтварылася на нашай зямлі і ў Забайкаллі, то трэба разумець як міф. З'яву іх падабенства можна растлумачыць тым, што супроць царскага гнёту ў Забайкаллі паўсталі сасланыя туды ліцвіны, паланёныя маскалямі ў захопніцкіх войнах. Так што, паважаныя Эрнест і Здзіслаў, вашы версіі аб паходжанні беларусаў не спраўджваюцца. Зніміце шапку, спадары, перад сябрамі і пара прызнаць, калі вы не беларусіны са "знакам якасці", то абавязкова - ліцвіны, але і не рускія, бо гэтыя словы - не этнонімы нацыі.

У дамешак да страты народам свайго этнасу вельмі каштоўны досвед прывёў ураджэнец РФ аматар сацыялогіі У. Лупакоў ("Наша слова" № 38 гг.). аб шкоднасці створанай бальшавікамі ідэі безнацыянальнай супольнасці "савецкі народ" (новы этап заходнерусізму), бязродства якога ў часы СССР адрывала народы ад свайго радаводу, а значыць знішчала нацыі. Дык што дзіўнага: русін не стварыў свайго ўласнага гімна! Чаму? Таму што не меў таго зярняці, з якога б магла вырасці нацыя. І гэты факт яшчэ раз даказвае, што "рускі" - не нацыя, а штучны кангламерат нацый. Бутафорная Русь-Расія не мае не толькі ўласнага этнасу, але і ўласнай рэальнай гісторыі, бо яна ўся створана на сфабрыкаваных міфах, у т.л. і міфах галоўнага ідэолага заходнерусізму М. Каяловіча. Менавіта на гэтых ідэях і грунтуецца шавіністычная палітыка "пятай калоны" (войнамі ці нафтавымі прэферэнцыямі) завесці ва ўмоўнае ўлонне Ўсяе Русі штучна створаных беларусцаў і другіх народаў, якія нібыта выйшлі "з адной хрысціянскай калыскі". Так што перараджэнцам-беларусам "Белай Русі" (а іх сёння ў нас ох як многа!) і рускім беларусам "са знакам якасці", я павагі не надаю, бо яны - не шчырыя. Але падобных крытычных перлаў ці пабочных парад ("советов пастороннего") В. Дзеружынскаму будзе ісці шмат, бо тэма кансалідацыі нацыі вельмі і вельмі надзённая.

У дадатак хачу нагадаць, што ліцвінамі сябе называлі Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Леанард Іваноўскі - правадзейны дзяржаўны раднік і інш. У сваю чаргу, магу з упэўненасцю назваць вядомых знаўцаў гісторыі ў іх ліцвінскім паходжанні. Гэта - Павал Біч, Анатоль Валахановіч, Вадзім Дзяружынскі, Алег Краўцоў, Іван Лепешаў, Леанід Лыч, Вітаўт Мартыненка, Зянон Пазьняк, Ігар Тумаш, Эдуард Тобін, Вітаўт Чаропка, Васіль Якавенка і іншыя, хто не лічыць сябе ў цісках кан'юнктуры, у тым ліку і названы Ўладзімір Някляеў, бо надта ён расчараваны паходжаннем назвы народа. У паэме "Паланез" чытаем:

"Пазнаўшы зайца па губе,

вам

(усім нам, Эрнест і Здзіслаў) Жмудзь пад нос паднесла дулю, Як Беларусь вы на сябе,

на край літвінаў нацягнулі… Вы - беларусы? Хто такія?... Адкуль з'явіліся?

З балот?

З чаго зляпіліся?

З туманаў?..

Такіх падмен, такіх падманаў не ведаў ні адзін народ".

Вывад: пазнаёміўшыся з гіторыяй свайго роднага краю, я ўпэўнена сцвярджаю: этнічна я па нацыі - ліцвін, а мая Айчына - Літванія.

Мікола Шаравар, палітолаг і аматар гісторыі г. Салігорск.


Сынкавіцкія парадоксы

Напрыканцы ліпеня ў газеце "Новы час" знайшоў абвестку вядомага мастака і рэстаўратара Алеся Пушкіна, якой ён заклікаў маладых людзей да працы ў Сынкавіцкай царкве па расчыстцы ад алейнай расфарбоўкі мінулых стагоддзяў. Хаця я ўжо далёка не малады, адразу вырашыў прапанаваць сваю кандыдатуру, бо на гэты час аказаўся цалкам свабодным ды калісьці меў дачыненне да фарбаў і шпатэляў. Да таго ж у 1980-х турыстам наведваў гзтую ўнікальную царкву. Было цікава паглядзець, што ў ёй змянілася з тых часоў. Ды і заўсёды карысна больш падрабязна і дасканала пазнаёміцца з легендарнымі мясцінамі, дзе знаходзіцца гэтая царква.

Ужо познім вечарам 24 ліпеня ў складзе групы з шасці чалавек на чале з А. Пушкіным апынуўся ў вёсцы Сынкавічы. У гэтай вёсцы толькі 33 жыхары, таму большасць з нас атабарылася ў суседняй вёсцы - аграгарадку Елка - цэнтры СПК "Сынкавічы". Сама царква стаіць асобна ад Сынкавіч на адлегласці 500-700 м і 1,5-2 км - ад вёскі Елка.

Выгляд самой царквы мяне прыемна здзівіў чыстым чырвоным колерам цаглянай кладкі, адчуваннем непарушнай моцы і трываласці яе кутніх вежак-байніц і ўсёй царквы. Як быццам, яна была збудавана. не на зямлі, а вырасла з яе. Праўда, было нязвыкла бачыць на такім цагляным збудаванні светла-шэры дах з драўлянага гонту. Ды і атрутна-жоўтая цыбуліна і пакрыццё званніцы, што побач з царквой, якая адноўлена за грошы расійскага мільярдэра М. Гуцэрыева, успрымаліся нейкім штучным утварэннем. У першы мой прыезд у Сынкавічы царква ўразіла сваёй шэрасцю, сырасцю і запусценнем. У той час яна была пакрыта дахоўкай. Вакол царквы ляжалі кучы смецця і стосы дошак. У каменнай агароджы быў велізарны пралом, праз які да царквы пад'язджалі розныя падводы. За нейкі месяц да майго прыезду з царквы выгрузілі цыбулю, якая ў ёй захоўвалася, а зараз збіраліся накрыць у царкве падлогу. У сценах царквы ля ўваходу і па кутах на добры метр ад зямлі і на паўметра ўглыб не хапала цэглы. Было адчуванне, што дастаткова ткнуць пальцам у сцяну, і царква разваліцца, хаця яе сцены - таўшчынёй 1,5 метра, Вельмі добра, што памыляўся.

Расчыстка сцен алтарнай часткі царквы, якую нам належала выканаць, - гэта толькі пачатак масштабнай рэстаўрацыі пад патранатам БПЦ і міністэрства культуры Беларусі гэтай старадаўняй царквы. Ужо ў кастрычніку будуць адзначаць 605 год як яна была асвечана ў гонар арханёла Міхаіла.

Наша група расчышчальнікаў складалася з людзей самага рознага ўзросту, розных поглядаў, адукацыі і веравызнання, а таксама атэістаў. Нават мэты ўдзелу ў гэтай працы ў іх былі самыя розныя. Былі і такія, хто прыязджаў на адзін дзень, усе заробленыя грошы ахвяроўваў царкве,і з'язджаў. Склад групы ўвесь час мяняўся. Спачатку ў ёй было больш мінчукоў, якія так-сама праз нейкі час з'язджалі. Да групы далучаліся жыхары Гародні, Баранавіч, Светлагорска і іншых мясцін. Паступова аснову групы ўтварылі 18-20-гадовыя хлопцы са Слоніма, які знаходзіцца за 12 км ад Сынкавіч. Адчувалася, што падобная праца - адзіная магчымасць гэтым хлопцам зарабіць хоць нейкія грошы. Але яны не былі "маладымі людзьмі хрысціянскага веравызнання, што з павагай ставяцца да помнікаў культуры і гісторыі", якіх хацеў бачыць на іхнім месцы А. Пушкін. Яны былі далёкія нават ад прыстойных паводзін у дзейным храме.

Паколькі Сынкавіцкая царква арханёла Міхаіла дзейная: у ёй праводзяцца ўсялякія набажэнствы, адзначаюцца праваслаўныя святы, адбываюцца вянчанні не толькі мясцовых, але і грамадзян Расіі і Літвы, мы былі павінны падпарадкоўвацца вызначаным у ёй законам і правілам.

У першы ж свабодны дзень, суботу, я вырашыў пазнаёміцца з вёскай Елка і з яе жыхарамі. Са сваёй вуліцы Мічурына, пакрытай тоўстым пластом пылу і забудаванай галоўным чынам драўлянымі хатамі, сярод якіх хапае закінутых, выйшаў на прамую і заасфальтаваную вуліцу. На ёй амаль усе дамкі мураваныя, але ні на адным з іх няма надпісу назвы вуліцы.

- Як называецца гэтая вуліца? - спытаўся ў першай сустрэтай кабеты сярэдніх гадоў.

- Здаецца, Леніна, - адказала тая няўпэўнена.

- А вы на ёй жывяце?

- Так, - чую ў адказ.

Толькі ў самым цэнтры аграгарадка, там, дзе праўленне СПК, пошта, клуб з бібліятэкай, крама, ашчадная каса, на некаторых дамах з тэлевізійнымі "талеркамі" знайшоў указальнікі з назвай вуліцы. Падобнае няведанне назвы сваёй вуліцы прышлося адзначыць і ў жыхароў вуліц Пралетарскай, Міру і іншых.

Большасць жыхароў аграгарадка ўпэўнены, што яны гавораць "па-руску", хаця чуеш ад іх звычайную заходне-беларускую трасянку. Каторы за ўсм гаворку акрамя "здрасце" і "да свіданія" больш нічога "рускага" і не вымавіць. Дзіўна, горка і недарэчна чуць падобнае ў глыбінцы Беларусі.

Як горка і нават агідна ўспрымаць аповяд майго калегі - чулага, спагадлівага 18-гадовага слонімскага хлопца, які ў школе меў за беларускую "тройку", а па-сапраўднаму не ведаў яе і на "двойку", зараз не ведае беларускай і, наогул, ведаць яе не хоча. Зразумела, усе гэтыя агідныя і ганебныя дзівосы маюць месца не столькі з-за таго, што ўсе шыльды ў тутэйшых вёсках - толькі на рускай мове, колькі, у вялікай ступені пра гэта сведчаць назвы вуліц, таму што тут людзі працягваюць жыць ва ўжо далёкім мінулым. Праўда, нейкія нязначныя зрухі да свайго, да новага ўжо з'явіліся. Так, саўгас імя ХVIII партз'езду ператварылі ў СПК "Сынкавічы". Жыхары заасфальтаваных вуліц у кірунку вуліцы Мічурына грэбліва кідаюць: "Дзярэўня". Падобна, адзінае, што злучае ўсіх жыхароў гэтай вёскі - аграгарадка, дык толькі крама.

Паступова высветліў, што ў вёсцы Елка няма ніводнай яліны. На далёкім яе ўскрайку бачыў толькі некалькі сасонак.

Наведаў Елкаўскую бібліятэку. Бібліятэкарка, А.У. Дзянішчык, прыняла мяне стрымана-ветліва, аднак дазволіла пазнаёміцца з фондам бібліятэкі і перыядычнымі паступленнямі. Яна ж звярнула маю ўвагу на тое, што мясцовыя заўсёды ў словах "Сынкавічы", "сынкавіцкі" націск робяць на першы склад, адпаведна і пішуць. Хаця ў слоўніках і даведніках гэтыя словы пішуцца праз "о" з націскам на другім складзе. Цікава. Трэба высветліць. Ужо пасля вяртання дадому мае спробы высвятлення належнага напісання гэтага завяршыліся збянтэжанасцю: каму ці чаму верыць?

Калі апошняе выданне беларускай энцыклапедыі сведчыць: "Сынковіцкая царква-крэпасць ... у в. Сынковічы..." (т. 15, Мн.: "Бел. энц", 2002, стар. 320), дык нарматыўны даведнік "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Гродзенская вобласць" сцвярджае: "Сынкавіцкі сельсавет, в. Сынкавічы (Мн.: "Тэхналогія", 2004, стар. 213).

Дзякуючы бібліятэкарцы даведаўся, што ў вёсцы Елка 441 жыхар. А ў акрузе, у якую ўключаны чатыры вёскі, стала жыве 641 чалавек. З іх 420 - чытачы Елкаўскай бібліятэкі, у фондзе якой налічваецца 8.680 асобнікаў кніг. Добрую трэць з іх складаюць кнігі беларускай мастацкай літаратуры, ім адведзены цэлы стэлаж. Сярод іншых кніг шмат даведнікаў, асабліва па сельска-гаспадарчых галінах, ёсць мемуары, дзіцячыя выданні, сучасныя дэтэктывы і "жаночыя" раманы. У большасці сваёй фонд складаюць выданні да 2000 года. Сустракаацца і такія кнігі, як творы Яўхіма Карскага, у вельмі добрым стане, які толькі сведчыць, што да іх даўно ніхто не дакранаўся. Ёсць у бібліятэцы і своеасаблівае дасье на Сынкавіцкую царкву: папка са звесткамі пра царкву і пра ўсё, што звязана з ёю, якія выбраны з розных крыніц. Да таго ж бібліятэка атрымлівае больш дзесятка рускамоўных газет. Неяк не выпадае называць беларускімі абласную "Гродзенскум праўду", у кожным нумары якой у лепшым выпадку знойдзеш 1-2 беларускія артыкулы, і нават зэльвенскую раённую "Працу", у якой амаль палова тзкстаў - беларускія. З беларускіх выпіс-ваецца "ЛІМ", а галоўная дзяржаўная газета "Звязда" - чамусьці не. Амаль столькі ж ідзе ў бібліятэку часопісаў, у тым ліку "Полымя" і "Маладосць", "Здоровый образ жизни", так-сама іншая руская малатыражная перыёдыка. Чытачы, між тым, аддаюць перавагу рoзным рускім народным казкам і "жаночым" раманам, надрукаваным, зразумела, па-руску.

У чарговую суботу, 11 жніўня, паехалі ў Зэльву. Гэты гарадскі пасёлак мала чым адрозніваецца ад аграгарадка Елка. Хіба што наяўнасцю ў цэнтры царквы і воддаль касцёла ды сваімі больш значнымі памерамі. Усюды надпісы па-руску. I вуліцы з падобнымі назвамі - "Октябрьская", "Советская", "Пушкина". Наведалі царкву, дзе служылі малебен з нагоды чарговага дня народзінаў Ларысы Геніюш - вядомай беларускай паэткі, сталай жыхаркі Зэльвы. Пабывалі ў музеі літаратурнай і праваслаўнай дзейнасці гэтай шчырай верніцы, які створаны пры царкве. Потым з той жа нагоды паўдзельнічалі ў сустрэчы-сходзе журналістаў і іншых дзеячаў культуры, якія таксама прыехалі ў Зэльву, каб адзначыць такі дзень паэткі-патрыёткі. Сход адбыўся на царкоўнай тэрыторыі ля бюста-помніка Л. Геніюш. Потым падышлі да драўлянай хаткі, у якой жыла паэтка з мужам. Гэта за якіх-небудзь метраў дваццаць ад царквы, I рушылі на зэльвенскія могілкі, дзе разам з мужам Л. Геніюш здабыла сабе вечны спачын, каб у апошні раз выказаць удзячнасць і павагу гэтаму мужнаму чалавеку. Адтуль, з могілак, адкрываецца шырокая панарама усёй Зэльвы і Зэльвенскага вадасховішча.

Паказальна, што на ўсіх гэтых урачыстых дзеяннях не было ніводнага прадстаўніка адміністрацыі раёна. I не з-за няпамятлівасці кіраўнічых асоб, а з-за іхняга дэманстратыўнага ігнаравання і нават стварэння перашкод гэтым мерапрыемствам. Падобна, што ім карціць закансерваваць парадаксальны, ненармальны стан свядомасці жыхароў Зэльвеншчыны, прымусіць іх забыць не толькі сваіх славутых землякоў, сапраўдных патрыётаў Беларусі, але і сваю мову і нават сябе, сваё паходжанне. Інакш, чым яшчэ можна патлумачыць, што з года ў год падобныя мерапрыемствы людзі вымушаны праводзіць у неспрыяльных умовах, што "таямніча" знікае мемарыяльная дошка з хаткі паэткі, што ўжо два гады цягнецца ганебная валтузня вакол пажадання жыхароў вуліцы Савецкай пераіменаваць яе ў вуліцу Ларысы Геніюш.

З сумнымі думкамі вярнўліся мы ў Сынкавічы, каб завяршыць сваю працу ў царкве. I ўсё ж у душы цеплілася надзея, што нашыя старанні не марныя, што калі-небудзь, можа дужа марудна, але мясцовы люд зварухнецца ў душы, крытычна ацэніць сваё маральнае становішча і вернецца да сваіх пачаткаў. I спрыяць яму ў гэтым у нейкай ступені будзе адрэстаўраваная Сынкавіцкая царква.

Праз пару дзён мы закончылі неабходную расчыстку. Сцены і купал алтарнай часткі царквы з цёмна-сініх сталі светла-бэжавымі - набылі першапачатковы колер ХV стагоддзя. Здаецца, што зараз алтарная частка не толькі святлейшая, але і вышэйшая за астатнія часткі царквы. Пройдзе нейкі час і ў ёй узнікне выява архангема Міхаіла. Але ж гэта будзе толькі пачатак працяглага ўзнаўлення.

Генадзь Шэршань, г. Менск.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX