Папярэдняя старонка: 2012

№ 40 (1087) 


Дадана: 03-10-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 40 (1087), 3 кастрычніка 2012 г.

Віншуем Ігара Марзалюка

28 верасня 2012 г. на паседжанні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў устаноўлены вынікі выбараў чальцоў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Ад кожнай вобласці, горада Менска абрана па восем чальцоў Савета Рэспублікі. Такім чынам, чальцамі Савета Рэспублікі абрана 56 чалавек. Сярод іх: сябар ТБМ МАРЗАЛЮК Ігар Аляксандравіч,1968 года нараджэння, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін установы адукацыі "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова", прафесар, доктар навук, жыве ў г. Магілёве.

Сакратарыят ТБМ шчыра віншуе Ігара Аляксандравіча з абраннем на адказную і ганаровую пасаду і выказвае спадзяванне, што цяпер у верхняй палаце беларускага парламенту рэгулярна будзе гучаць беларуская мова.


Часопіс "Дзеяслоў" святкуе дзесяцігоддзе

23 верасня сустрэў свой дзясяты юбілей незалежны часопіс беларускай мастацкай літаратуры "Дзеяслоў". Цягам усіх гадоў выданне ўзначальвае яго галоўны рэдактар Барыс Пятровіч. Першы нумар "Дзеяслова" быў прэзентаваны ў 2002 годзе падчас 14-га з'езду пісьменніцкага саюза (тады яшчэ не падзеленага) у вельмі няпросты час.

У тлумачальнай прадмове да нумара яго стваральнікі пісалі:

"Сёння беларускіх літаратараў хочуць падзяліць на "сваіх" і "чужых". "Дзеяслоў" супраць усялякіх падзелаў. "Дзеяслоў" - выданне адкрытае для ўсіх. У гэтым можна пераканацца па першым выпуску. Усё вартае: таленавітае, адметнае, шчырае, смелае - будзе друкавацца на старонках выдання. "Дзеяслоў" пастараецца не расчараваць ні сваіх сяброў, ні сваіх ворагаў. Крытэрыем для "Дзеяслова" будзе найперш літаратурная вартасць і якасць твору, а не палітычная заангажаванасць. "Дзеяслову" імпануе адзіны неаспрэчны прынцып - служэнне на карысць роднай Беларусі: жыццё кароткае - Радзіма вечная!"

Ва ўсіх сваіх нумарах часопіс заўжды трымаўся прынцыпаў, закладзеных на самым пачатку.

У кастрычніку гэтага года пабачыць свет "Дзеяслоў" № 60.

Пачытаць тэксты "Дзеяслова", што за ўсе гэтыя гады фактычна стварылі скарбонку беларускай сучаснай літаратуры, можна са сайце - dziejaslou.by .

Віншуем нашых сяброў у "Дзеяслове" з першым юбілеем!



12 кастрычніка у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя дыска з тэставымі заданнямі па ПДР (з беларускай мовай). Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18. 00 гадзін. Уваход вольны.


Выйшаў каляндар "Родны край"

У продаж паступіў каляндар "Родны край" на 2013 год. Каляндар выйшаў у выдавецтве "Беларусь" накладам 7000 асобнікаў. Наклад календара на 2012 год быў так-сама 7000.

Для афармлення новага календара скарыстаны беларускі арнамент.Пытайце каляндар у крамах, купляйце для сябе, сяброў і блізкіх.

Наш кар.


400 гадоў з дня нараджэння Яна Антонія Храпавіцкага

Ян Антоні Храпавіцкі (1 кастрычніка 1612, вёска Падбярэззе каля Віцебска - 3 лістапада 1685, Лукішкі пад Віцебскам) - дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, аўтар дзённіка. Харужы (з 1650) і падкаморы смаленскі (з 1660), ваявода віцебскі (з 1669). Трымаў Дарагабужскае, Азярыцкае і Маркаўскае староствы, адміністратар Магілёўскай эканоміі (1684)

Прадстаўнік шляхецкага роду Храпавіцкіх гербу "Газдава", сын Крыштапа і Алены Вайнянкі з Ясянецкіх. Скончыў калегіюм Навадворскіх у Кракаве, працягваў навучанне ў Лондане і Падуі. У 1637 годзе перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва, што дало яму магчымасць займацца грамадскай і палітычнай дзейнасцю і зрабіць кар'еру.

Займаў шэраг дзяржаўных пасадаў. Быў сакратаром караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна Казіміра. Актыўны ўдзельнік палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай: браў удзел у працы 24 соймаў, маршалак соймаў 1665 і 1668 гадоў, уваходзіў у шматлікія соймавыя камісіі, а таксама ў Скарбовы трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

У сярэдзіне XVII ст. удзельнічаў у працы камісіі для размежавання Вяліжскага і Ўсвяцкага старостваў з Невельскім. Браў удзел у перамовах з Маскоўскай дзяржавай, а таксама ў падпісанні Андрусаўскага замірэння (1667).

Пакінуў дзённік за 1658-1685 годы - каштоўную гістарычную крыніцу, дзе ёсць звесткі пра палітычнае жыццё Рэчы Паспалітай, соймы, штодзённае жыццё заможнай шляхты, звычаі і норавы.

Паводле Вікіпедыі.


120 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас

Зоська ВЕРАС, сапр.: Людвіка Антонаўна СІВІЦКАЯ-ВОЙЦІК (30 верасня 1892, пас. Мяджыбаж (цяпер Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласць, Украіна) - 8 кастрычніка 1991, Вільня; Псеўданімы: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка) - беларуская пісьменніца і грамадскі дзеяч

Нарадзілася ў сям'і вайскоўца Антона Сiвiцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны ў 1892 годзе. Як і ў шмат якіх шляхецкіх сем'ях, дома размаўлялі па-польску. Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала ад бацькоў, а ў 1904 паступіла ў прыватную гандлёвую вучэльню Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах - маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павету. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гародні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве.

З 1915 у Менску. Працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярлелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. У тым жа годзе пазнаёмілася з Фабіянам Шантыром, які быў на 5 гадоў старэйшым за яе. У іх завязаліся рамантычныя адносіны. У канцы 1918 г. З. Верас пакідае Менск з прычыны хваробы маці і вяртаецца ў маёнтак дзеда - Альхоўнікі. У 1919 г. у Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, яго бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920 г. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка Антонаўна пiсала вершы, прысвечаныя найчасцей малому сыночку. У 1922 г. дзед Людвікі памёр, і маёнтак давялося прадаць.

У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з А. Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася на Украіне. У 1926 г. Зоська Верас выйшла замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў Віленскім Касцёле Святога Мікалая. У гэтым шлюбе 1 ліпеня 1927 нарадзілася дачка Галіна Антонаўна Войцік, па мужу Луцкевіч.

У 1924-1929 гг. працавала адміністратарам рэдакцыі газет Беларускай сялянска-рабочай грамады, у 1927-1931 гг. - рэдактар дзіцячага часопіса "Заранка", пісала для яго апавяданні, а ў 1934-1935 гг. - дзіцячага часопіса "Пралескі", у 1928-1939 гг. - старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства "Пчала", адначасова (1934-1938) - рэдактар "Беларускай борці" (Вільня).

У 1946 годзе Антона Шантыра арыштавалі за супрацоўніцтва ў беларускай газеце "Сцяг Працы", якая выдавалася ў Вільні ў гады вайны. У 1956 г. Антон нечакана вярнуўся дамоў са сталiнаўскiх лагераў, цяжка хворы.

Памерла ў 1991 г., пахавана на Панарскіх могілках побач з магіламі маці, мужа і сына.

Паводле Вікіпедыі.



Прыкметы глабалізацыі на моўнай глебе

З нагоды Еўрапейскага дня моў

Памяці сябра

30 жніўня дачасна пайшоў з жыцця Юры Заўгародні, вядомы ўкраіскі паэт, празаік, перакладчык і слаўны чалавек, абаронца этнічнай культуры і мовы, ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Усяго 72 гады былі яму лёсам адведзены, а жыў поўны творчых парыванняў, патрыятычных задум. Чым ён мне запомніўся? Свежасцю паэтычнага радка, чысцінёй душы, глыбокім роздумам над шляхам, па якім ідзе чалавецтва. Прапаную чытачам "Нашага слова" даволі надзённы артыкул Ю. Заўгародняга "Прыкметы глабалізацыі на моўнай глебе".

Пісьменнік Васіль Якавенка.

Не так шмат ужо вады схлынула рэчышчам Дняпра, сплыло, стачылася ўрэшце да сусветнага акіяну з таго нядаўняга часу, калі ва ўсім свеце з'явілася параўнальна новая праблема развіцця чалавецтва - глабалізацыя. Яшчэ менш прайшло часу, як балюча праявілася яна для асобных краін і асобных этнасаў, і прыйшло разуменне неабходнасці барацьбы з яе негатыўнымі праявамі. На некаторыя акцыі пратэстантаў, акурат калі недзе ладзяцца сустрэчы кіраўнікоў вядучых сусветных дзяржаў, каб абмеркаваць агульныя эканамічныя праблемы ці нават некаторыя агульныя дасягненні, збіраецца шмат тысяч актывістаў барацьбы з глабалізмам з многіх краін - ад самых багатых да самых бедных. Яны розныя людзі і па мове, і па колерах скуры, і па адукацыі, але амаль заўсёды, па законах узбуджанага натоўпу, знаходзяць разуменне ў сумесных дзеяннях.

У драматычным святле прадстаўляюць падобныя маніфестацыі з бойкамі тэлевізійныя рэпарцёры з экранаў і самавітыя аглядальнікі на старонках папяровых носьбітаў інфармацыі, як што гэтыя падзеі сёння цікавяць амаль усіх.

На сёння глабалізм ва ўсіх сваіх іпастасях і праявах падаецца і сапраўды рэчаіснасцю непераадольнай, а таму адначасова з эмацыйнымі інфармацыйнымі паведамленнямі па свежым слядах боек на лакальных франтах ўсёабдымнай сусветнай вайны (не дай Бог, ёй стаць папярэдніцай трэцяй сапраўднай), навукоўцамі дадаткова выдаецца і шмат больш сур'ёзнага матэрыялу. Для прыкладу, магу прывесці дастаткова грунтоўную працу ўкраінскага акадэмічнага Інстытута сусветнай эканомікі "Глабальныя трансфармацыі і стратэгіі развіцця", якую рыхтаваў сур'ёзны аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам вядомага вучонага і грамадскага дзеяча, былога дыпламата, а цяпер народнага дэпутата Алега Білоруса. У гэтай самавітай навуковай працы, дзе паміж іншымі часткамі ёсць нават асобны раздзел па праблемах глабальных сацыяльных (вылучана мной - Ю.З.) трансфармацый. Але я яе прывёў толькі для таго, каб зазначыць, што і ў згаданым раздзеле, як і ў цэлым у гэтай акадэмічнай працы, ніяк не закранаюцца праблемы нявечання духоўных каштоўнасцяў розных народаў праз нахабнае ўтоптванне іх глабальнымі працэсамі, глабальнымі наваламі.

Цяпер я хачу выказаць колькі меркаванняў з нагоды праяў глабалізму толькі на моўнай глебе, толькі пра невялікую частку тых праблем, якія паўсталі і абвастрыліся, на мой погляд, нягледзячы на наяўнасць некаторых і станоўчых складнікаў у інтэграцыйных працэсах паміж дзяржавамі і народамі. Хоць, варта падкрэсліць, што вострае балючае перапляценне моўных праблем сярод іншых паміж асобнымі этнасамі не з'яўлеецца чымсьці новым. Успомнім, як за 70 гадоў зусім нядаўняга панавання жорсткага таталітарнага камуністычнага рэжыму на адной шостай зямной сушы знікла больш за 70 асобных моў, а, паводле некаторых сур'ёзных крыніц, нават больш за сто. Некаторыя народы зніклі зусім без усякай пасля згадкі пра іх, а невялікая частка іх носьбітаў неяк моўчкі і амаль без актыўнага супраціву растварылася ў "новай гістарычнай супольнасці". Гэтак быў названы вядомы ў СССР імперскі амбіцыйны праект па павелічэнні сваёй тэрыторыі і колькасці на ёй "новай супольнасці", якая была толькі новым этапам бясконцай імперскай агрэсіі для захавання і ўзвялічэння пануючай нацыі.

Нельга не згадаць, што не толькі імперскія, але і некаторыя нашы родныя навукоўцы, якія ўмела топчуць сваю гісторыю і свой радавод, каб спадабацца прыхільнікам колішняй імперскай улады, могуць мне паблажліва растлумачыць, наколькі груба або проста заангажавана я памыляюся ў сваіх думках услых. І сапраўды, зыходзячы са скандальна скажонага калісьці бальшавікамі разумення вучэння Карла Маркса - дзесьці сапраўды брала верх шчырая думка аб мэтазгоднасці фармавання новай супольнасці на ідэалагічных прынцыпах. Таму нярэдка імперская пыха аб'яўляла цэлы шэраг народаў і недаразвітымі, і шкоднымі, і няўдачнікамі, а дзесьці і народамі-здраднікамі або занадта падступнымі і ахвочымі да панавання над тытульнай нацыяй. І не адышла ў мінулае на тых расійскіх абшарах ганебная з'ява і сёння, бо знікаюць і ў "дэмакратычнай абноўленай федэрацыі брацкіх народаў" асобныя этнасы. Ужо параўнальна даўно, як на жыццё асобных прадстаўнікоў зямнога царства, навукоўцы пачалі ствараць разнастайныя чырвоныя кнігі, каб прадухіліць знікненне з навакольнага асяроддзя рэдкіх на сённяшні дзень жывёл, птушак, раслін, нават адзінкавых насякомых.

Да чаго імкнуцца неабыякавыя людзі, ствараючы чырвоныя кнігі? Каб захаваць Зямлю яркай і шматаблічнай. І не толькі, бо знікненне нейкага віду або падвіду памяншае здольнасць выжываць тым, хто яшчэ застаецца, гэта не парадокс, на жаль. Чаму ж тады не ствараюцца чырвоныя кнігі знікаючых моў і народаў? Няўжо факт не простага аднаўлення, а з наданнем другога дзяржаўнага жыцця старажытнай мове народам, які два тысячагоддзі не меў не толькі ўласнай дзяржавы, але і агульнай тэрыторыі для пражывання, павінен застацца адзінкавым выключэннем, уласна - Божым цудам, які адбыўся ў свеце толькі для таго, каб падкрэсліць няўмольнасць жорсткіх і непарушных законаў светабудовы? Таму сярод навукоўцаў даўно існуе такая думка, якую ў асноўным ўспрымаюць як жарт, што ніякі закон не зможа працаваць, калі ў ім не будуць прысутнічаць выключэнні...

Найбуйнейшыя галовы, абараняючы прасоўванне глабалізму, без цвярозага дзялення на станоўчае і адмоўнае ў ім, сёння сапраўды спасылаюцца на другі закон тэрмадынамікі, фундаментальны закон Прыроды, вядомы яшчэ пад іншымі назвамі: цеплавой смерці, энтрапіі і г.д. Па ім усё калісьці павінна зраўняцца ў адной сваёй нейкай (не хачу казаць - нулявой) тэмпературы, усе вясёлкавыя колеры паглыне суцэльны шэры або і чорны. А перад тым адамруць і ўсе мовы - запануе адна, усе народы стануць адным, усе разумецьмуць адзін аднаго настолькі, што можна будзе сабраць зноў рэшткі народаў, аб'яднаных у "новай гістарычнай супольнасці" і паспрабаваць пабудаваць вежу да самага неба на выклік самому Творцы.

Я атрымаў калісьці тэхнічную адукацыю, працаваў у вобласці найбольш інтэрнацыянальнай - у энергетыцы, хоць цягу да моўных праблемаў адчуваў з дзяцінства, дома заўсёды гучалі розныя мовы, а калі выходзіў з дому, то чуў і зусім іншыя - так ужо склалася маё жыццё. Я і сёння чытаю, і не толькі забаўляльныя часопісы, рознымі мовамі, і часам доўга даходжу да зместу роднаю, учытваючыся ў "дыскусійныя дыскурсы ангажаваных мадэратараў онлайнаўскіх імпрэз на маргінэзі...". Я прашу прабачэння за штучнасць майго нязграбнага жарту, але справа нават не ў тым, што для палягчэння міжнацыянальных зносін абралі розныя дзяржаўныя установы (не самі народы, этнасы, нацыі) адну канкрэтную мову з многіх, справа ў тым, што пачалася эпідэмія вельмі засмечваць ўсе іншыя мовы і не адзінкавымі словамі або словазлучэннямі, а нават цэлымі фразамі. І гэта ўжо сапраўды дабірае характару пагрозлівай пандэміі. Каб пераканацца ў тым, дастаткова прайсціся па кіеўскіх вуліцах, нават па вуліцах невялікіх пасёлкаў ў аддаленых раёнах нашай краіны, паглядзець на назвы крам або шыльды прыватных устаноў…

Любая развітая мова, якая дажыла з найстаражытных часоў да сёння з усімі яе не толькі правіламі, а разам і выключэннямі з іх або, нават, складанасцямі ў напісанні асобных слоў, крышталізавалася стагоддзямі, набываючы ўласную дасканаласць, цэласнасць. Яна стала, калі скарыстацца сучаснай тэрміналогіяй, мовай праграмавання для пастаноўкі і вырашэння важнейшых задач быцця і далейшага развіцця свайго носьбіта. Калі да мовы праграмавання памылкова або па-зладзейску, або (выпадкова) і з добрымі намерамі ўкараняюцца не ўласцівыя ёй словы, абароты, элементы сінтаксісу з іншых праграм, то пашкоджаная праграма часцяком выдае няправільныя рашэнні, калі і зусім не адмаўляецца працаваць. Аднак ніхто не стварае антывірусных праграм для нармальнага функцыянавання мовы свайго этнасу. Магчыма, гэта сапраўды адна з шэрагу прычын, чаму большасць нашых чыноўнікаў з усіх галін улады не валодаюць як трэба ні адной з моў, якімі спрабуюць карыстацца. Таму не могуць не толькі вырашыць, але і сфармуляваць правільна задачу адносна сваіх намераў палепшыць жыццё народа.

Але не толькі дзеля гэтага трэба змагацца з любым запарушваннем або пашкоджаннем сваёй прамовы, якую калісьці сфармавалі нашы продкі. Мова з'яўляецца надта шматаблічным фактарам, адначасова і галоўным, для існавання любога асобнага народа. Фанетыка мовы ўплывае на развіццё тых ці іншых цягліц твару, аблічча, сінтаксіс - на вобраз мыслення, адным словам, на многае ўплывае структура мовы, бо перадусім, і ніяк інакш быць не можа, што менавіта дзякуючы мове адрозніваецца адзін народ ад іншых у іх разнастайнасці. Калі ў свеце працягваецца з пастаянным узмацненнем і паскарэннем татальнае нівеляванне, прычэсванне ўсяго і ўсіх пад адзін грабянец, татальная ўніфікацыя асобных культурных адрозненняў, і перш моўных, вось тады пазбаўляюцца народы права на ўласны пошук свайго кірунку, свайго месца ў развіцці агульначалавечай цывілізацыі, а разам і знікаюць любыя элементы спаборнасці (у добрым сэнсе гэтага слова) паміж асобнымі этнасамі, культурамі. Але ж усім вядома, што адсутнасць здаровага спаборніцтва (у бізнесе - канкурэнцыі) заўсёды была і з'яўляецца адным з галоўных фактараў спачатку застою, а затым і поўнай дэградацыі. Паступова знішчаецца чалавечая духоўная сутнасць...

Некаторыя народы, і не заўсёды малалікія, нават некаторыя краіны, разумеючы ўсе негатыўныя наступствы замежнага ўплыву, спрабуюць па-рознаму процістаяць наступу глабалізму на моўнай ніве, калі ўводзяць на сваіх тэрыторыях жорсткія законы па абароне нацыянальнай мовы сваёй дзяржавы. Самы яркі прыклад - Францыя з усімі яе даўнімі традыцыямі дэмакратыі, а за ёй цягнецца яе малодшая сястра - Квебек, франкамоўная правінцыя Канады. У Латвіі знайшлі ўласнае слова для абазначэння нават кампутара, у Чэхіі з даўніх часоў ствараліся ўласныя адпаведнасці тэрмінаў, якія лічацца ўсюды міжнароднымі. Я мог бы прыводзіць і прыводзіць падобныя прыклады, нават больш вагавітыя, але гэта не робіць надвор'я ў цэлым. Бо глабалізм наступае на ўсіх франтах, а на моўным - у першую чаргу: праз афіцыйныя сустрэчы дзяржаўных або грамадскіх дзеячаў, праз агрэсіўнае засілле элементаў масавай культуры, праз міжнародныя выданні забаўляльных часопісаў, праз спадарожнікавае тэлебачанне з сотнямі праграм. Калі сёння латышы з эстонцамі, нават з блізкімі да сябе літоўцамі, спрабуюць паміж сабой мець зносіны на англійскай, я не ведаю, ці ёсць у тым вялікая розніца ад таго, што ў нядаўнія часы СССР для "взаимообщения" прадстаўнікам гэтых народаў даводзілася карыстацца другой - рускай ...

Глабалізм наступае па ўсіх франтах. Што з таго, што ў многіх рэгіёнах нашай планеты, нават у аб'яднанай Еўропе, яшчэ ціха цьмеюць і сёння - у пачатку трэцяга тысячагоддзя позняй эры - сярод папялішчаў унікальныя мовы старажытных народаў (валійцаў, баскаў, фарэрцаў, фрызаў, лужычан, сорбаў, ліваў ...), якіх на здзіўленне яшчэ шмат, але то ўжо скон, як ні сумна, як ні горка гэта казаць. Ужо нават склаўся сярод журналістаў і нават сярод навукоўцаў сумны (дакладней, як па маім перакананні - трагічны) тэрмiн "ірландызацыя" для абазначэння сітуацыі ў незалежных дзяржавах, дзе спрабуюць захаваць нейкія рэшткі са старажытных звычаяў продкаў, але ўсюды, нават на побытавым узроўні, свабодныя грамадзяне незалежнай вольнай дзяржавы маюць зносіны паміж сабой пераважнана мове былых заваёўнікаў.

Ці патрэбна нейкая адзіная мова для міжнацыянальных зносін? Думаю, што тут не можа быць важкіх прычын для адмаўлення пераваг, але ёсць некалькі сваіх "але". І прабачце мне, бо гэта толькі маё цалкам суб'ектыўнае меркаванне, і я разумею ўсю прывіднасць яго ўвасаблення, як што такой мовай для раўнапраўных зносін паміж народамі магла б быць ці ўдасканаленая штучная мова эсперанта, ці адроджаная і мадэрнізаваная адна са старажытных моў, якія ўжо даўно не маюць канкрэтных носьбітаў: лаціна ці санскрыт. У многіх народаў магло б знікнуць навязанае імперцамі адчуванне сваёй непаўнавартаснасці, мог бы знікнуць сорам за сваю доўгую прыгнобленасць іншымі, больш агрэсіўнымі народамі. Але маю яшчэ і іншае, больш жорсткае "але" да праблем ўкаранення насамрэч адзінай мовы міжнацыянальных зносін - тады ўжо не будзе выратавання ні аднаму народу, бо адзіная мова знівелюе, выцесніць, пераможа ўсе іншыя асобныя, самабытныя, старажытныя і найстаражытныя мовы разам са знішчэннем асобных этнасаў, не, не заўсёды фізічна, знішчыць духоўна.

У эканоміцы ўжо даўно зразумелі, якое зло ідзе не ад глабалізму, а яшчэ ад манапалізацыі ў нейкай краіне - зараз амаль у кожнай краіне працуюць антыманапольныя службы: камітэты, бюро, агенцтвы і г.д.; прымаюцца па ўсім свеце жорсткія антытрэстаўскія законы; дзейнічае нават міждзяржаўны антыманапольны кантроль за транснацыянальнымі карпарацыямі, кантроль за дэмпінгам прадукцыі асобных дзяржаў або вытворцаў. У міждзяржаўных аб'яднаннях і арганізацыях прысутнічаюць пераважна калегіяльныя метады кіраўніцтва і (або) устаноўлена права на вета рашэнняў асобнымі ўдзельнікамі. Успомнім не толькі прыведзеныя мною прыклады стварэння розных міжнародных чырвоных кніг, але і Кіёцкі пратакол ці іншыя міжнародныя канвенцыі па абароне навакольнага асяроддзя на ўсёй планеце. І на тле ўсяго гэтага, што можна ўважаць за нейкі стрымліваючы фактар нахабнага глабалізму, у іншых сферах чалавечай дзейнасці працягваецца татальны наступ на культуру і духоўнасць, працягваецца цынічная вайна на моўнай глебе. Ідзе наступ праз транснацыянальныя сродкі масавай інфармацыі, праз адаптаваную "адзіную" мову прымітыўных па тэкстах і мелодыцы так званых песень, якія выконваюцца на спартыўных арэнах для дзясяткаў тысяч замбіраваных маладых людзей. Неўзабаве для любой размовы будзе дастаткова ужываць ўсяго некалькі дзясяткаў слоў, як цяпер для стварэння сучаснага песеннага шэдэўру "кампазітару" дастаткова двухтрох акордаў. Замбіраванне і прымітывізацыя любой асобы пачынаецца і заканчваецца праз мову, бо і гіпноз або нейкай іншай насланнё на чалавека, абы ён стаў паслухмянай прыладай, усё роўна карыстаюцца словамі-вобразамі, але ў вельмі абмежаванай колькасці. Хтосьці несвядома або свядома імкнецца падпарадкаваць чалавецтва, гэты хтосьці можа быць кім заўгодна, яго (іх) можа быць так-сама колькі заўгодна. Кірунак вядомы, паколькі іншае не прыходзіць на думку - прымаюцца за эфектыўныя акцыі прымітывізацыі чалавецтва праз адзіную спрошчаную мову для выкарыстання яго ў сваіх далейшых мэтах. Містыка, невядомая мроя, пыха, заскок ці зразумелы чалавечы боль, ці нешта іншае?..

Няўжо энтрапія ўсё ж такі пераможа, бо няма ж як ёй супрацьстаяць? А ўсё-такі пераможа, калі не змагацца з яе праявамі ўсюды, на ўсіх кірунках яе імклівага поступу. Змагацца бескампрамісна, каб не зраўнялася калісьці ў адзінай аднолькавай тэмпературы ўсё навокал, - сітуацыя з прамежкавым звяном у канцы жыцця на Зямлі, якую так па-майстэрску адлюстраваў Герберт Уэлс у сваім вядомым творы "Машына часу". Намаляваў як перасцярогу народам планеты Зямля пра магчымы трагічнага канец іх прасоўвання ў невядомую будучыню, перасцярогу задоўга да ўзнікнення рэальных пагроз ўсяму чалавецтву ад глабалізацыі ў шматлікіх цывілізацыйных працэсах.

Гэтая праблема вельмі важная, таму ёй павінны надаць больш увагі не толькі асобныя дзівакі або рамантыкі, не толькі акадэмічныя мовазнаўцы або практыкі, але і палітыкі вышэйшага ўзроўню, у першую чаргу - пануючых нацый. Бо многім народам становіцца паступова ўсё больш зразумелым сэнс уласнага існавання паміж іншымі, сабе падобнымі, больш ці менш шматлікімі. Аднойчы на паэтычнай тусоўцы ў Латвіі адзін швед ў гутарцы са мной вельмі мяне збянтэжыў, калі з паблажлівай усмешкай адказаў на мае нязграбныя заляцанні да аднолькавага колеру нашых сцягоў і нашага агульнага захаплення вялікім каралём шведаў Карлам XII. Аказалася, што шведы да гэтага часу ўдзячныя Карлу XII не за зманлівую веліч, а менавіта за паражэнне пад Палтавай, дзякуючы якому Швецыя страціла дужа рэальны шанец стаць вялікай імперыяй. Я не стаў тады працягваць гэтую тэму, таму што мне стала балюча - Швецыя сапраўды не стала, але дазволіла ператварыцца ў вялікую амбіцыйную імперыю іншай дзяржаве.

Няўжо для нашага краю было наканавана быць пад кімсьці насуперак усяму? Няўжо многім іншым народам таксама кімсьці было зроблена на згубу? Ці гэта і сапраўды самаўлюбёнае чалавецтва проста ідзе да сваёй пагібелі з заплюшчанымі вачыма толькі таму, што так патрабуюць няўмольныя законы светабудовы? Не, не для таго Творца стварыў выдатную вясёлкавую Зямлю і засяліў яе рознымі народамі, дорачы кожнаму з іх сваю мову. Прыкра, бо людзі пакуль не да канца ўсвядомілі, навошта іх, апроч розуму, Творца надзяліў і душой. Гоняць розныя народы пугай (або абяцаннямі калі-небудзь пачаставаць цукеркамі) да глабальнага аб'яднання, да нейкай незразумелай адзінай наддзяржавы, хоць на сёння пакуль што ёсць некалькі варагуючых цэнтраў, кожны з якіх марыць ашчаслівіць заваяваныя народы сваёй адзінай мовай, сваім бліскучым розумам...

Чалавецтва і д з е, але павінна ж калісьці спыніцца, задумацца, каб знайсці іншыя, больш разумныя варыянты для ўласнага развіцця, паколькі ўсё больш народаў уздымаецца на барацьбу за сваё захаванне сярод іншых. І гэта становіцца адначасова і барацьбой за лёс іншых, толькі рознамасныя трубадуры імперцаў яшчэ называюць вызвольныя рухі народаў тэрарызмам, бо ўладары не ў стане саступіць у гардыні і пайсці на раўнапраўныя перамовы з паўстанцамі для цывілізаванага паразумення. Таму барацьба становіцца ўсё больш крывавай і больш глабальнай, закранаючы ўжо тэрыторыю метраполіі. І балюча чуць паведамленні аб гібелі асобных людзей у гэтай барацьбе, як і пра гібель асобных моў, гэта значыць - пра гібель асобных народаў.

Юры Заўгародні, Кіеў

Пераклад з украінскай мовы Васіля Якавенкі.


"Лемантар" з "Пагоняй" на вокладцы выдадзены ў Польшчы

У Польшчы выйшаў падручнік па беларускім алфавіце для дзяцей. Да пачатку новага навучальнага года яго склала настаўніца Аліна Ваўранюк.

Беларуска паводле паходжання, яна выкладае родную мову ў чацвёртай школе Беластока. Як маленькія беларусы Польшчы вучаць родную мову? Пра гэта з Алінай Ваўранюк пагутарыў карэспандэнт "Свабоды".

- Аліна, як многа дзяцей займаецца па вашым падручніку?

- Лемантар толькі што надрукаваны. Сёння збіраемся высылаць яго ў Міністэрства адукацыі. Каб распаўсюдзіць падручнік па ўсіх школах, дзе выкладаюць беларускую мову, неабходна адабрэнне ад Мінадукацыі. Пакуль па лемантары займаюцца толькі мае вучні. Сёлета ў 4-й школе ў Беластоку 14 першакласнікаў і 19 другакласнікаў, якія вывучаюць родную мову.

- Якія водгукі ад першых чытачоў?

- Ім вельмі падабаецца! Я бачу, як ахвотна мае вучні з ім працуюць. Я думаю, гэта найважнейшае, каб кніга была цікавая дзецям.

- Большасць школьнікаў у Беларусі вучаць мову па "Буквары" Анатоля Клышкі. Чым "Лемантар" ад яго адрозніваецца?

- У апошнім выданні Клышкі, якое трапляла мне ў рукі, дазваляецца на адным уроку ўводзіць пару літар. Беларускія першакласнікі ўжо ведаюць літары. Беларускія дзеці, якія жывуць у Польшчы, літараў не ведаюць. Гэта для іх цалкам новае. Да рэформы адукацыі ў Польшчы выхавацелькі ў садку вучылі дзяцей літарам. Цяпер нават польскія літары дзеці пазнаюць з першага клса. Беларускія дзеці вучаць літары з другога класа. Складаючы "Лемантар", я гэта ўлічвала.

- Як выглядае змест "Лемантара"? У кніжцы толькі літары ад А да Я?

- У канцы я зрабіла слоўнік і тэматычныя старонкі - Дзень маці, Дзень бабулі, Каляды, Вялікдзень, Дзень Волі. Да тэмаў падабраныя вершы, практыкаванні і песні. Іх настаўніку можна выкарыстоўваць у любы час. Бо ў першым класе мы гуляем, спяваем, малюем. Уласна алфавіт пачынаем вучыць на наступны год.

- Вершы якіх аўтараў вы выкарыстоўвалі для ілюстрацый?

- Ёсць вершы для дзяцей беларускіх паэтаў Польшчы - Віктара Шведа, Міры Лукшы, але перадусім гэта аўтары з Беларусі: Дзяружынскі, Сокалаў-Воюш, Хадановіч.

- На вокладцы "Лемантара" намаляваны маленькі рыцар з "Пагоняй". У Беларусі такое нават цяжка ўявіць! Хто аўтар малюнкаў?

- Мастацкае афармленне рабіў Міраслаў Здрайкоўскі. Ён жыве ў Беластоку, а вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Менску. Сёлета да нас у першы клас прыйшоў ягоны сын. Твар рыцара з вокладкі вельмі падобны да яго.

- Аліна, калі вы бываеце ў Беларусі, ці многа кніжак, прыдатных для сваёй працы, тут знаходзіце?

- У найлепшыя гады, у пачатку 90-х, я купляла шмат-шмат дыдактычнай літаратуры з гульнямі, практыкаваннямі. У мяне было многа матэрыялу. Ведаю, што цяпер метадычных дапаможнікаў па беларускай мове менш і менш. Тым больш тых, якія можна выкарыстоўваць у працы.

Паводле Радыё Свабода.Фота Барбары Пякарскай.


Аліна Ваўранюк атрымала ўзнагароду

Настаўніца беларускай мовы ў пачатковай школе нумар 4 ў Беластоку Аліна Ваўранюк атрымала ўзнагароду старшыні рады горада Беластока за працу на карысць узбагачэння культуры. Кандыдатуру Аліны Ваўранюк да ўзнагароды вылучыла грамадскае аб'яднанне АББА.

Аліна Ваўранюк стала лаўрэатам ўзнагароды старшыні рады горада Беластока ўжо ў другі раз. Першая ўзнагарода была прызнана ёй за працу ў галіне анімацыі беларускай культуры за 2006 год, сёлета ўзнагарода прызнана настаўніцы за праект "Падляшскія хронікі" і за Беларускую хату, якая размешчана ў склепе пачатковай школы нумар 4 у Беластоку.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.


Гомельскі мэнаджар перакладае на беларускую мову коміксы

Амаль год 27-гадовы спецыяліст па працы з кліентамі прыватнага прадпрыемства захапляецца незвычайнай справай. У гамяльчаніна Сяргея Козырава сям'я і двое маленькіх дзяцей, але па начах, калі ўсе сямейнікі спяць, ён часцяком перакладае на беларускую мову амерыканскія коміксы.

- Я адзін пераклаў ужо больш за 60 коміксаў, але нядаўна ў мяне з'явілася памочніца. Серыю "Хадзячыя мерцвякі" мне дапамагала перакладаць Алёна Васількова, якая сама знайшла мяне праз сацсеткі і прапанавала дапамогу, - распавядае "Камсамолцы" Сяргей. - Ёсць частка людзей, якія хацелі б чытаць, размаўляць, слухаць, глядзець па-беларуску. Які ў іх ёсць выбар? Таму я вырашыў заняцца гэтай незвычайнай справай. Можа, і нечым дзецям спатрэбіцца, калі хтосьці плануе іх навучаць беларускай мове. Я сам цікавіўся коміксамі з дзяцінства, а цяпер, калі стала больш магчымасцяў атрымліваць інфармацыю, ізноў да іх вярнуўся. Раней я працаваў вярстальнікам, скончыў беларускую філалогію. Але раз ужо не працую па прафесіі, то хоць так скарыстаю свае навыкі.

Сяргей спампоўвае коміксы ў інтэрнэце і адбірае для перакладу самыя цікавыя, бо на ўсё бракуе сіл. Свае працы ён выкладвае для бясплатнай спампоўкі на старонцы "Ў кантакце" і на сваім сайце comicsby.by.

- Наведвальнасць сайта невялікая, больш карысці ад старонкі "Ў кантакце". Сярэдні узрост наведвальнікаў - 23 - 27 гадоў, некаторыя дзякуюць у каментарах. Наогул, цікавасць да коміксаў у Беларусі нізкая, таму і індустрыі такой няма. Няма і ў продажы перакладных коміксаў. Але, як вядома з гісторыі літаратуры, спачатку былі перакладныя творы, а потым пачалі з'яўляцца арыгінальныя. Галоўнае цяпер - выклікаць цікавасць да беларускамоўнаму кантэнту, няхай гэта будуць коміксы ці папулярныя серыялы. Ну і дзецям цікавей вывучаць беларускую мову па коміксах, - лічыць Сяргей.

Павел МІЦКЕВІЧ. "Камсамольская праўда ў Беларусі", 26.09.12 г.


Будзе першы беларуска-літоўскі слоўнік

Урад Літвы сумеснымі намаганнямі з пасольствам Літвы ў Беларусі вырашыў падрыхтаваць першы беларуска-літоўскі слоўнік.

У склад слоўніка ў інтэрнэце ўвойдзе каля 15 000 слоў беларускай мовы з перакладам на літоўскую. У слоўніку будуць прадстаўленыя прыклады выкарыстання слоў, граматычная і стылістычная інфармацыя. Слоўнік плануюць падрыхтаваць да 2014 года.

"Беларуска-літоўскі слоўнік будзе карысны беларускай грамадзе Літвы і літоўцам, якія жывуць у Беларусі, а таксама філолагам, перакладчыкам абедзвюх краін і ўсім, хто цікавіцца культурай, гісторыяй і традыцыямі гэтых краін", - сказана ў паведамленні літоўскага ўраду.

- Гэта лагічны працяг тых крокаў, якія рабілі да гэтага часу. У 2010 годзе пасольства выдала Граматыку літоўскай мовы па-беларуску, у 2011 годзе - размоўнік, але да гэтага часу не было прафесійных падручнікаў і слоўнікаў. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра слоўнік у інтэрнэце, што вельмі важна - даступны падыход, дэмакратычна. Гэта ініцыятыва ўраду, і мы пачалі яе ажыццяўляць у гэтым годзе і завершым ў 2014 годзе. Лічым, што траціну ўсёй працы зробім у гэтым годзе", - сказаў BNS амбасадар Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічус.

Паводле Радыё Свабода.


Аршанскія вернікі хочуць маліцца па-беларуску

Для пачатку манахіня Данііла прапанавала збірацца на беларускамоўныя малітоўныя сустрэчы ў капліцы каля Свята-Пакроўскага манастыра, помніка архітэктуры 18 стагоддзя. Першая сустрэча адбудзецца на свята Пакравоў Божай Маці.

Праводзіць паўнавартасныя беларускамоўныя службы ў Свята-Пакроўскім храме на сённяшні дзень немагчыма - у мясцовага прыходу няма ўласнага святара, і ўвогуле ў Воршы праблематычна знайсці праваслаўнага святара, які пагадзіўся б правесці набажэнства па-беларуску. Але актывісты спадзяюцца, што іхную прапанову пачуе беларускае святарства, і з часам ахвотныя знойдуцца - каб, калі не пераехаць у Воршу, дык прыязджаць да беларускамоўных вернікаў хаця б час ад часу. Таму папярэдне манахіня Данііла прапанавала праводзіць беларускамоўныя супольныя малітвы і духоўныя сустрэчы - тое, што можа адбывацца і без запрашэння святара.

Апроч таго, да манахіні Даніілы звярнуліся краязнаўцы і прадстаўнікі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, стваранай партыі БХД, а таксама грамадскіх арганізацый - з тым, каб прапанаваць дапамогу ў аднаўленні помніка, які вымагае грунтоўнай рэстаўрацыі.

Манахіня Данііла распавяла карэспандэнту Свабоды пра пэўныя зрухі, што да рэстаўрацыі помніка архітэктуры - жылога корпусу манастыра. Паводле яе, ужо распрацоўваецца праект рэстаўрацыі, прычым аднавіць будынак плануюць у першапачатковым выглядзе, пакінуўшы ўсе архітэктурныя адметнасці.

Помнік архітэктуры знаходзіцца ў занядбаным стане не адно дзесяцігоддзе, у 2003 годзе ён быў перададзены праваслаўнай епархіі, і аршанцы неаднаразова звярталіся ў пракуратуру, да мясцовых уладаў і ў Міністэрства культуры, каб рэшткі храма хаця б закансервавалі ад далейшага разбурэння.

Калі б аршанскім актывістам удалося адрадзіць гэты храм і зрабіць яго беларускамоўным, то гэта было б самым лепшым і самым важным на іхнім шляху да Беларусі.

Паводле Радыё Свабода.


КАБ НЕ ЎМЁРЛІ


Уладзіміру Содалю


Беларусі хапала заўжды разбуральнікаў,

Руйнавальнікаў, вынішчальнікаў

Яе гонару, мовы, асноў.

Ох, каб болей жа ёй - ратавальнікаў,

Шанавальнікаў, апявальнікаў,

Адраджэнцаў, рупліўцаў, шукальнікаў,

Захавальнікаў каранёў

Ды збіральнікаў камянёў!


Хто вы сёння, яе героі?

Непрыкметныя рыцары - воі,

Што па кроплях яе збераглі.

Хай абраных няшмат, іх вобмаль,

Ды сам дух яны, соль зямлі!

З іх кагорты - Уладзімір Содаль.


Ад бяспамяцтва нас ратуе,

Каб у невараць не сплылі,

Каб не ўмёрлі мы, ён шчыруе

На святой беларускай раллі.

Святлана Багданкевіч.

(Верш напісаны да яго 75-гадовага юбілею У. Содаля і прачытаны на юбілейнай вечарыне, якая адбылася 15 верасня ў кавярні "Прэм'ера".)


Samsung размясціў у Менску новыя білборды ў падтрымку беларускай мовы

На самых ажыўленых вуліцах сталіцы ўсталяваны 10 новых сіцілайтаў.

Жыхары ды госцi сталіцы зараз маюць магчымасць ўбачыць плакаты з тлумачэннем, што такое "ружа", "чырвонагаловік", "гарэзлівасць" ды іншыя.

Праект у падтрымку беларускай мовы "Багацце-Смак-Прыгажосць беларускай мовы" реалізаваны гэтым разам прадстаўніцтвам кампаніі Samsung у РБ з дапамогай беларускіх фатографаў, блогераў ды журналістаў, якія сталі аўтарамі здымкаў для плакатаў.

Новыя сіцілайты можна пабачыць тут: вул. Багдановіча - пр. Пераможцаў (каля ўваходу на станцыю метро "Няміга"), пр. Незалежнасці, 91, пр. Незалежнасці,71, таксама на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа - Сурганава, Захарава - Румянцава, Кірава - Леніна, Свярдлова - Кірава, вуліцы Максіма Танка - пл. Юбілейнай.

Паводле СМІ.


Да 100-годдзя Максіма Танка

Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 220034, г. Мінск

Аб выпуску паштовай маркі

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь падтрымлівае Вашы прапановы і паведамляе, што тэматычным планам выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2012 год прадугледжаны выпуск паштовай маркі, канверта Першага дня і правядзенне ў г. Мядзелі Мінскай вобласці спецгашэння, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка.

З павагай,

Намеснік Міністра М.М. Струкаў.


Памёр Мікалай Мельнікаў, стваральнік музея В. Быкава

Увечары 24 верасня ў Гародні на 89-ым годзе жыцця памёр Мікалай Аляксандравіч Мельнікаў, актыўны сябар ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" і СБП былы выкладчык літаратуры ў Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы, стваральнік грамадскага музея Васіля Быкава, удзельнік Другой Сусветнай вайны, чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй.

Мікалай Мельнікаў выкладаў у Гарадзенскім універсітэце філялогію. Пазней ён стварыў дэмакратычную ветэранскую арганізацыю і грамадскі музей Васіля Быкава. Сам спадар Мельнікаў паходзіць з Чавускага раёна на Магілёўшчыне.

У траўні 2006 Мікалай Мельнікаў апублікаваў аўтабіяграфічныя ўспаміны, прэзентацыя кніжкі адбылася ў Гародні. Аўтар пісаў пра тое, як у 30-я гады "раскулачылі" іх сям'ю, і яго разам з бацькамі саслалі ў лагер у Валагодскую вобласць. Сваю кнігу ён назваў "Адчай, боль і горыч".

Кніга - пра гвалт у адносінах да вялікай працавітай сялянскай сям'і, пра рабаўніцтва ўладамі яе гаспадаркі. Мельнікавых вывозілі ў канцлагер таварным цягніком, куды сагналі людзей з усяго Чавускага раёна, чые хаты задарма забірала новая ўлада. Самае ўражлівае ў гэтым сэнсе месца ва ўспамінах, калі дыхтоўную хату аднаго з родных Мікалая Мельнікава рассыпалі, перавезлі, ды так і не склалі назад, усё згніло.

Сёлета 11 траўня ў Гародні стваральніку грамадскага музея Васіля Быкава Мікалаю Мельнікаву была ўручана прэмія імя Алеся Адамовіча.

Мікалай Мельнікаў самааддана працаваў на беларускасць. Стварыўшы музей Васіля Быкава, ён пастаянна імкнуўся да павышэння яго статусу, да развіцця, да павелічэння колькасці экспанатаў і паляпшэння ўмоў іх захавання. Цяпер ужо на паплечнікаў і сяброў Мікалая Аляксандравіча кладзецца задача - давесці справу з музеем да атрымання ім дзяржаўнага статусу.


650-годдзю слаўнай перамогі прысвячаецца

У сталіцы праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 650-годдзю перамогі войска Вялікага Княства Літоўскага над татарамі ў бітве на Сіняй Вадзе і вызвалення Ўкраіны ад татарскай няволі.

Зараз працуюць дзве мастацкія выставы, прысвечаныя гэтай падзеі. У сядзібе БНФ на вул. Чарнышэўскага, 3 можна ўбачыць выставу прац сяброў Саюза мастакоў Беларусі "Віват, Альгерд! Хвала Айчыне!". На ёй прадстаўлены творы Міхася Басалыгі, Аляксандра Зімёнка, Юры Каралевіча, Міколы Купавы, Алены Мазюк, Алеся Мары, Яна Мяльніцкага, Тараса Паражняка і Ніны Сакаловай-Кубай. Адкрыццё выставы адбылося 7 верасня.

11 верасня ў сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны адкрыта выстава дзіцячай і маладзёвай творчасці "Вялікая Перамога на Сіняй Вадзе 1362 г.". На ёй прадстаўлены працы маладых творцаў Андрэя і Іллі Арлюкевічаў, Крысціны Балай, Аляксея Бука, Маргарыты Ерамеевай, Вікторыі Івановай, Паўліны Кароткай, Дзіяны Лалыка, Аляксея Лук'янскага, Дар'і Паляк, Вольгі Рымшы, Насці Сцепаненкавай, Яны Турчынскай і Вольгі Шэмшур. Маладыя творцы працавалі пад кіраўніцтвам Алены Казакевіч, Міколы Купавы, Уладзіміра Крука і Марыны Ліпскай. Выстава будзе працаваць да 20 кастрычніка.

А паміж гэтымі адкрыццямі выстаў адбылася навуковая канферэнцыя, так-сама прысвечаная 650-ай гадавіне слаўнай перамогі. У канферэнцыі ўзялі ўдзел дактары гістарычных навук Міхал Касцюк і Алесь Краўцэвіч, вучоны сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культуры Анатоль Тарас, краязнаўца Мікола Ліннік, пісменнік Валеры Стралко. Яны падрыхтавалі цікавыя даклады аб геапалітычнай сітуацыі вакол Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне XIV ст. (М. Касцюк), татарскай палітыцы Гедзіміна (А. Краўцэвіч), гістарыяграфіі бітвы на Сіняй Вадзе 1362 г. (М. Ліннік), Гістарычным значэнні перамогі Вялікага Княства Літоўскага на Сіняй Вадзе 1362 г. (А. Тарас). Валеры Стралко прачытаў верш Сні-вада-рака на беларускай і украінскай мовах, які ўжо стаў песняй, музыку да яго напісаў кампазітар Уладзімір Гаркуша.

У гэтыя дні адбываюцца святоч-ныя мерапрыемствы і на Ўкраіне. Там будуць і нашы прадстаўнікі. Аб святкаванні на Ўкраіне мы раскажам па прыездзе. На прыканцы кастрычніка мяркуецца наладзіць святочны канцэрт.

М. Ліннік.


Людвік Нарбут

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

7 траўня 1996 г. у гарсавеце абылося спатканне з прадстаўніком Міністэрства культуры, які прыбыў у горад па той справе. У спатканні ўзялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый (падпісанты лістоў) кіраўнік гарадскога аддзела культуры, настаяцель праваслаўнай парафіі. Адназначна было сцверджана, што гэты будынак з'яўляецца помнікам культуры і знаходзіцца пад аховай дзяржавы, і бацюшку абавязалі падпісаць ахоўны дакумент (аднак ён гэтага не зрабіў, а перадача будынка без гэтага дакумента не мае праўнай моцы).

Прысутныя на сходзе былі запэўнены, што з дошкай нічога не станецца. Звыш таго вяліся размовы пра паўторнае замацаванне беларускага тэксту табліцы. Аднак 17 чэрвеня 1996 г. каля 17.30 сябар ТПКЛ Мечыслаў Хвайніцкі заўважыў, што салдаты выбіваюць дошку з мура. Адразу пад будынак з'явілася некалькі іншых сяброў ТПКЛ (Аляксандр і Андрэй Сямёнавы, Ганна і Таэвуш Комінчы, Ліля Тумялевіч, Мечыслаў Хвайніцкі, Часлаў Колышка - старэйшы), якія засведчылі, што выбіты дзве дзіркі ўздоўж дошкі. Салдатаў ужо не было. Гэтыя людзі былі каля касцёла да 21 гадзіны. У гэты ж час старшыня ТПКЛ А. Колышка спрабаваў скантактаваць з прадстаўнікамі ўладаў. Аднак час працы ўжо скончыўся. Вечарам дамовіліся з старшынём гарадской рады Беларускага народнага фронту Станіславам Суднікам, што раніцай наступнага дня разам пойдуць да гарадскіх уладаў. Назаўтра перад 9 гадзінамі былі пры касцёле - дошкі ўжо не было. Гаварылі, што была вырвана недзе каля 6 раніцы. Нейкі час захоўвалася пры ўваходзе ў царкву, пазней была перанесена ў гарадскі краязнаўчы музей, дзе некаторы час ляжала каля музейнага хлевушка, пакуль на яе з большага не забыліся.

Візіт да гарадскіх уладаў быў безсэнсоўны. У гэтай сітуацыі былі напісаны заявы пракурору аб узбуджэнні крымінальнай справы, былі паінфармаваны Міністэрства культуры, а таксама Таварыства аховы помнікаў у Гародні. Адказ з аддзела ўнутраных спраў быў цікавы:

"Старшыні Лідскай рады БНФ

Судніку С.В.,

г. Ліда

В.А. Лідскага міжрайпракурора,

Дарадцу юстыцыі Скакуну В.В.,

г. Ліда

Паведамляем, што па Вашай заяве праведзена праверка. Мемарыяльная дошка як помнік удзельніку паўстання Л. Норбуту ўтрымоўвае дзяржаўную сімволіку "Белы арол з каронай і Пагоня", у непашкоджаным выглядзе вернікамі знята са сцяны храма. Пра зняцце дошкі даведзена да ведама Лідскаму гарвыканкаму, які павінен прыняць рашэнне аб пераносе яе ў дазволенае законам месца.

Гэтая дошка была ўстаноўлена на Саборы ў 1938 г. і да пабудаванага ў 1863 г. праваслаўнага храма не мае дачынення. Згодна з арт. 7 Канстытуцыі Р.Б. у месцах набажэнстваў не дапускаецца выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, правядзенне сходаў і інш.

Згодна з рашэннем Лідскага гарвыканкаму № 38 ад 07.03.96 г. будынак перададзены ў безаплатнае карыстанне праваслаўнай рэлігійнай грамадзе Свята-Міхайлаўскай царквы"

Начальнік аддзела - В.Г. Макаранка"

У чарговы раз рабілася насуперак права. У адказе на наступную заяву старшыні ТПКЛ пракурор паведаміў, што ён цалкам згаджаецца са зместам адказу Аддзела ўнутраных спраў.

Справа была скандальная, уся незалежная прэса пісала пра гэта. Гарадзенская рэгіянальная газета "Пагоня" пракаментавала здарэнне наступным чынам: "Людвіка Нарбута спрабуюць забіць у другі раз". У Лідзе з'явіліся ўлёткі на беларускай мове, надрукаваныя на звычайнай друкарскай машынцы.

"Шаноўныя жыхары. У Лідзе ўчынены чарговы акт вандалізму і бяспраўя супраць нашай гісторыі, гонару і годнасці беларусаў і палякаў, усіх патрыётаў Лідчыны. Поп Аляксандр і тыя, хто сарваў з будынка планетарыя дзве памятныя дошкі ў гонар героя паўстання 1863 г, змагара за незалежнасць Беларусі, паплечніка Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання на Лідчыне Людвіка Нарбута абразілі нашыя нацыянальныя і патрыятычныя пачуцці. Шаноўныя лідзяне, праваслаўныя і католікі, заклікаем вас пратэставаць усімі мажлівымі спосабамі супраць злачынства, учыненага ворагамі беларускасці, супраць бяспраўя і беспакаранасці злачынцаў гарадскімі ўладамі. Не слухайце тых, хто заклікае да маўчання. Ідзіце ў выканаўчы камітэт, пішыце ў газеты, звяртайцеся да пракурора пачынайце судовыя справы. Сёння яны топчуць нашую гісторыю, заўтра будуць таптаць нас".

Узнікла некалькі ініцыятыў упарадкавання справы з нарбутаўскай дошкай. Улады разумелі, што трэба нешта рабіць. Падчас будаўніцтва Дому польскага ў Лідзе была высунута прапанова, каб памясціць дошку на сцяне гэтага будынка. Аднак, што агульнага мае новы будынак Дому польскага на вул. Кірава (даўнейшай Школьнай) з той дошкай? Толькі тое, што належыць палякам. Акрамя таго супраць такой прапановы выступілі ўсе беларускія арганізацыі, якія супрацоўнічалі з Таварыствам польскай культуры, але не надта давяралі Саюзу палякаў, магчыма безпадстаўна, і апасаліся, што калі дошка трапіць у іхнія рукі, то можа быць вывезена ў Польшчу.

У сакавіку 1997 г. у лістах да старшыні лідскага гарвыканкаму У.М. Мальца Таварыства польскай культуры і Лідская гарадская арганізацыя БНФ "Адраджэньне" ўзгонена звярнуліся з прапановамі паставіць каля касцёла піяраў помнік з размяшчэннем на ім дошкі Людвіка Нарбута, а так-сама дошак : а) Валерыю Ўрублеўскаму і сям'і Далеўскіх - удзельнікаў паўстання 1863 г. на Лідчыне; б) сям'і Нарбутаў - Казіміру Нарбуту аўтару першага падручніка логікі на польскай мове, які нарадзіўся на Лідчыне і які ў 1801 годзе пасвяціў фундаменты касцёла айцоў-піяраў, а таксама Тодару Нарбуту, аўтару знакамітай гісторыі старажытнай Літвы; в) ксяндзам піярам - таму ж Казіміра Нарбуту і Станіславу Баніфацыю Юндзілу, вучню піярскай школы ў Лідзе, батаніку, арганізатару першых батанічных садоў у Шчучыне і Вільні, аўтару першага падручніка па батаніцы ВКЛ. Не атрымалі на тыя прапановы ніякага адказу.

Тым часам гісторыя з дошкай пачала патроху забывацца. У адзін з летніх вечароў да будынка музея падышла грузавая машына, дошка была загружана ў кузаў і вывезена. Ніхто яе не спахапіўся. Можна было думаць, што дошку ўкралі. На самай справе па ўзгадненні паміж Таварыствам польскай культуры і Лідскай гарадской арганізацыяй БНФ "Адраджэньне" і з вуснага дазволу супрацоўнікаў музея дошка была вывезена ў раён аднаго з касцёлаў, дзе была пакладзена да лепшых часоў.

Лепшыя часы пачалі наступаць, калі ў Лідзе на месца перададзенага праваслаўным касцёла піяраў на імя Юзафа Каласантага па вуліцы Савецкай пачалося і было завершана будаўніцтва касцёла піяраў на імя таго ж Юзафа Каласантага і мікрараёне Індустрыяльны. У 2011 годзе Таварыствам польскай культуры на Лідчыне, Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны і Лідская раённая арганізацыяй ГА БНФ "Адраджэньне" прынялі ўзгодненае рашэнне аб устаноўцы дошкі пры гэтым касцёле, як спаднаемцы былога касцёла піяраў.

Калі не ўзнікне моцных перашкодаў, то дошка ў памяць Людвіка Нарбута будзе ўстаноўлена да 150-годдзя паўстання 1863 года. Папярэдне адкрыццё і асвячэнне спланаваны на травень 2013 года.

Артыкул скампанаваны паводле матэрыялаў

Паўла Камароўскага,

Аляксандра Колышкі,

Часлава Малеўскага.


Гісторыя Слонімшчыны ад Сяргея Чыгрына

Новае выданне

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшла з друку кніга беларускага літаратара, гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына пад назвай "Слонімскія падмуркі".

Выданне ўнікальнае, саліднае і сур'ёзнае, прысвечанае Слонімшчыне, яе гісторыі і помнікам, а таксама знакамітым людзям, якія адтуль родам. Падобнага выдання пра Слонім у Беларусі яшчэ не было. Шматгадовая праца аўтара вяртае чытачоў у Слонім Льва Сапегі, Міхала Казіміра Агінскага, у Слонім 1812 і 1863 гадоў, падчас Першай і Другой сусветных войнаў.

Цікава даследчык піша пра падзеі, якія не абміналі Слонімшчыну ў 1920-1930-х гадах, пра людзей, якія там жылі, працавалі, змагаліся за родную мову і незалежнасць Беларусі.

Шмат новага і раней невядомага чытачы даведаюцца, калі прачытаюць артыкулы пра жыццёвы і творчы шлях Валянціна Таўлая, Кандрата Лейку, Сяргея Дарожнага, Лукаша Дзекуць-Малея, Генрыха Мілачэўскага, Анатоля Іверса, Якуба Міско, Міхаіла Міско, Алега Лойку і іншых вядомых і малавядомых слонімцаў.

Ёсць у кнізе і раздзел інтэрвію. Асабліва выдатна чытаецца гутарка аўтара кнігі з Янкам Саламевічам (1938-2012), якую Сяргей Чыгрын меў у 2010 годзе, яшчэ пры жыцці знакамітага слонімца-энцыклапедыста, фалькларыста, калекцыянера і літаратуразнаўца.

Прадмову да кнігі напісаў доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. У прадмове ён піша: "Слонімшчыне сапраўды пашанцавала, што на яе тэрыторыі нарадзіўся і цяпер жыве такі пісьменнік-краязнавец, як Сяргей Чыгрын. Калі будзе, можа, складацца "Гісторыя Слонімшчыны" ці "Энцыклапедыя Слонімшчыны" або новая кніга накшталт "Памяці", то цалкам мажліва, асабліва калі ўлічыць багацце матэрыялу, што вынікі росшукаў Сяргея Чыгрына, у тым ліку ўключаныя ў гэты зборнік, зоймуць там грунтоўную, а, галоўнае, адкрывальніцкую частку".

У кнізе Сяргея Чыгрына "Слонімскія падмуркі" змешчаны 106 старых і рэдкіх фотаздымкаў, многія з якіх надрукаваны ўпершыню.

Кацярына ЯНУШЭВІЧ.


З мовы думак на мову душы: творчая самабытнасць Аляксандра Бардоўскага

"Нарадзіўся ў 1946 г. у в. Бялынкавічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобласці. Вершы друкаваліся ў беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх часопісах і газетах". Вось і ўсё, што можна даведацца пра аўтара кнігі "На крыжы тваіх рук". Сціплыя два радкі на месцы аўтабіяграфіі, якая звычайна ствараецца з мэтай дапамагчы чытачу ўвайсці ў кантэкст творчасці пэўнага пісьменніка. Адсутнічае ў зборніку і прадмова. Менавіта гэта дазваляе кожнаму застацца сам-насам з вершамі і самастойна скласці меркаванне пра талент аўтара.

Значнае месца ў кнізе займае філасофская лірыка. Каб спасцігнуць сутнасць жыцця, творца часта вяртаецца ў мінулае, пераасэнсоўвае яго з пазіцый сталасці. Такія ўспаміны дазваляюць не страціць раўнавагу ў мітуслівай штодзённасці:

Я шукаю шляхі і масты

У хвіліны журбы і адчаю.

І ў касцёр успамінаў лісты,

Бы ў паштовую скрыню, кідаю.

Матыў страчанага дзяцінства па меры развіцця аўтарскай думкі ўзбагачаецца новымі адценнямі. Паэт вызначае для сябе два шляхі да спасціжэння вышэйшай ісціны - праз яднанне з малой радзімай і праз каханне. Светлым сумам поўняцца радкі, прысвечаныя роднай вёсцы над рэчкай Беседзь ("І таго, што было, не знайсці ўжо нідзе, / Не вярнуцца ў пачатак дарогі… / А па Беседзі зноў / У імклівай вадзе / Вудзіць рыбу хлапчук / Басаногі…"), бацькавай хаце ("… прамільгнула / Стрэча ў бацькавай хаце… / І замоўкла зязюля… / І заплакала маці… ). І нават тэтралогія-жарт пра візіт зухаватага Лабінскага ў родныя мясціны скончаецца экзістэнцыйнымі развагамі героя, які не здолеў спасцігнуць сэнс жыцця, аднак уцяміў, што "ад небыцця да небыцця зусім кароткае імгненне". Вершам-болем адгукаецца А. Бардоўскі на смерць земляка, паэта Алеся Пісьмянкова, праз дзесяцігоддзі не можа змірыцца са стратай бацькі… Своеасаб-лівым абярэгам-запаветам гучыць зварот да нашчадкаў, узрошчаны на ўласных перажываннях і жыццёвым досведзе аўтара:

Спяшайся ўсё паспець

І з лёсам не спрачайся…


Спяшайся добрым быць,

Шукай у спрэчках згоды…

Спяшайсяпалюбіць

Аднойчы назаўсёды.

Каханне для паэта - не толькі хвалюючая праява жыцця, але і адзін з прынцыпаў яго спазнання. Гэтае пачуццё, параўнанае з навальніцамі студзеня і снегападамі чэрвеня, не мае разбуральнай сілы, але і не песціць: "Сам сябе я распяў / На крыжы тваіх рук, / Каб пазнаць асалоду пакуты". Аднак вобраз абранніцы ва ўсіх вершах абагульнены, каханне аўтара нібыта не мае імя. Відавочна, гэта тлумачыцца падсвядомай рэўнасцю жанчыны да радзімы паэта, адрачыся ад якой ён проста не здатны і таму ўшчувае каханую:

Да цябе ж ад яе ўсе дарогі,

Усе таемныя сцежкі вялі.

Пры разнастайнасці тэматык зборніка - сярод іх філасофская і інтымная лірыка як сродак самаспазнання, гістарычныя і грамадскія падзеі - вершы аб'яднаныя лейтматывам шчырага патрыятызму, адданасці сваёй Бацькаўшчыне. Пры ўсім гэтым аўтар далёкі ад "узнёслага апявання", якім часам грашаць некаторыя паэты. Можа, таму кожны радок знаходзіць водгук у душы і лёгка западае ў памяць.

Акрамя паэтычнага майстэрства, прырода надзяліла А. Бардоўскага і талентам мастака. Кожная з ягоных карцін мае сваю энергетыку і разам з тым сведчыць пра непаўторны стыль аўтара. У пераважнай большасці палотны ўяўляюць сабой партрэты (літаратурных дзеячоў, сяброў, сваякоў), напісаныя настолькі чыста і свежа, што кожны глядач міжволі захапляецца майстэрствам аўтара, ягонай здольнасцю так незвычайна бачыць свет.

Паэт і мастак некалі сам даў азначэнне сваёй творчасці, выразна акрэсліўшы яе мэты:

Я хачу, каб мяне зберагла ты

На маёй небясконцай шашы,

І таму я пішу пераклады

З мовы думак на мову душы.

Хочацца пажадаць спадару Аляксандру Бардоўскаму і надалей натхнення і плёну, а таксама поспеху ва ўкладанні другога зборніка вершаў, які неўзабаве мусіць пабачыць свет. І няхай беларуская мова квітнее не толькі ў вуснах паэтаў!

Ганна Новік.


У дапаўненне слоў Уладзіслава Лупакова

(Погляд маргінала)

Газета "Наша слова" надрукавала 19 верасня бягучага года (№ 38) артыкул нейкага "ўраджэнца РФ" У. Лупакова "У дапаўненне слоў Леаніда Лыча". У прыватнасці, спадар Лупакоў згадаў у гэтым артыкуле мяне і Дзяружынскага, залічыўшы нас ва ўмоўную групу "маргіналаў", "гатовых бясконца ліць кракадзілавы слёзы пра гістарычны лёс свайго народа".

Што ж, няхай сабе маргінал. Праўда, я не ўпэўнены, што ўсе чытачы добра ведаюць сэнс гэтага ангельскага слова Таму прывяду азначэнне з слоўніка "маргінал (marginal) - змешчаны на баку чаго-небудзь". У пераносным сэнсе - 'малаважны, неістотны. другарадны' Нягледзячы на сваю нязначнасць і другараднасць, выкажу меркаванне адносна 'вельмі значнага' расейца, які вучыць нас розуму. (Мне здаецца, што ён усё яшчэ лічыць сябе разумнейшым і больш дасведчаным 'старэйшым братам').

У Лупакова два 'страшэнныя' абвінавачванні ў адрас Дзяружынскага і Тараса Першае - гэта выкарыстанне "трасянкі". Вось неразуменне дык неразуменне! Нашы кнігі напісаны літаратурнай расейскай мовай. Дык, у чым жа справа? А ў тым, што Лупакова абурае напісанне слоў "беларус", "беларуский" па-расейску праз "а" і з адным "с". Дык гэта не трасянка. Трасянка тады, калі чалавек змешвае дзве мовы. Напрыклад, піша "калгас Красный Акцябр" замест "Чырвоны Кастрычнік".

Што ж тычыцца слова "беларус", дык Дзяружынскі ў самым пачатку сваёй кнігі "Тайны беларускай истории" (2009 г.), у зносцы на старонцы 5 растлумачыў, чаму піша "беларус" праз "а" і з адным "с". Далей ён падрабязна разгледзеў гэтае пытанне ў раздзеле "Беларуские национальные реалии" У прыватнасці прывёў меркаванне беларускіх навукоўцаў-філолагаў Адама Мальзіса і Аляксандра Шаблоўскага, якія сцвярджаюць тое ж самае

Праз два гады Дзяружынскі вярнуўся да гэтага пытання. У яго кнізе "Забытая Беларусь" (2011 г.) першы раздзел завецца "Так "белорус" или "беларус""?

Іншая справа, што ўлады нашай дзяржавы не спяшаюцца ўводзіць гэтую норму ў правапіс. Нічога, калі-небудзь ўвядуць. А Тарас і Дзяружынскі ўжо зараз трымаюцца паказанай нормы. Толькі і ўсяго. Але, як ужо сказана, Лупакова гэты факт раз'юшвае таму ён гнеўна заяўляе:

"На каго разлічаны такія кнігі? (...) Калі на гасцей з Расіі або прадстаўнікоў расійскай дыяспары. то. убачыўшы ўкнігарні (...) "Тайны беларускай истории" або "Предысторию беларусов". дзе на нашай роднай мове ў адным слове ("беларуской") адразу дзве граматычныя памылкі, мала хто не будзе плявацца і аднясецца да напісанага сур'ёзна".

Няма тут ніякай памылкі. Мы свядома пішам і будзем пісаць "беларусы", а не "белорусы". Што ж да адносінаў чытачоў да такога правапісу, то згаданая "Предыстория беларусов" увесну гэтага года выйшла з друку ўжо трэцім выданнем. Гэты факт даказвае што далёка не ўсе чытачы салідарныя з меркаваннем спадара Лупакова

На каго разлічаны нашы рускамоўныя кнігі? Як ні дзіўна, на грамадзян нашай краіны. Бо, як сведчаць дадзеныя апытання НДІ СЭПМ, праведзенага ў 2011 годзе, толькі 2 % жыхароў Беларусі сапраўды карыстаюцца беларускай мовай у якасці сродку зносін і мовы чытэльных кніг. Спрачацца ж па пытанні, "ці стане боларуская мова адзінай мовай на Беларусі", мы не жадаем.

Што тычыцца "гасцей з Расіі" і такіх 'прадстаўнікоў расійскай дыяспары' як Уладзіслаў Лупакоў, дык мы з Дзяружынскім успрымаем іх незадаволенасць як заканамерную з'яву. Сапраўды, многіх былых "старэйшых братоў", раптам для сябе пераўтвораных у прадстаўнікоў нацыянапьных меншасцяў, распіраюць пачуцці крыўды, раздражнення, злосці. Няўхільнае пасоўванне былых калоній Расіі па шляху ўмацавання свайго суверэнітэту, адраджэння нацыянальных традыцый, фармавання нацыянальнай самасвядомасці ім катэгарычна не падабаецца.

Мы не маем намеру будаваць нейкія 'адмысловыя адносіны' з прадстаўнікамі расейскай дыяспары. Хай яны ладзяць свае жыццё пад нашы погляды, звычаі, традыцыі і каштоўнасці.

Па нашым меркаванні, усе грамадзяне ўнітарнай Беларусі павінны лічыць сябе беларусамі - незалежна ад этнічнага паходжання. Ідэю аўтаноміі для іх хоць бы ў вобласці культуры мы адпрэчваем Такая ідэя - "траянскі конь", падобны выдачы расейскіх пашпартоў жыхарам сумежных краін. Клопат аб забеспячэнні "адмысловых правоў" расейцаў непазбежна сканчаецца акупацыяй. Яркі таму прыклад - уварванне расейскіх войскаў у Абхазію і Паўднёвую Асецію.

Другая падстава для абурэння Лупакова, гаворачы яго словамі, абвінавачванне расейцаў у Беларусі - ў імперскасці. Але ён не дакладны. Усякі, хто чытаў зборнік "История имперских отношений: беларусы и русские", мог бачыць, што пафас кнігі накіраваны супраць Расіі як каланіяльнай дэяржавы, а не супраць тых этнічных расейцаў, якія жывуць зараз у нашай краіне.

Тое, што ўсе саюзныя рэспублікі СССР былі калоніяй Расіі - гэта факт які не прызнаюць толькі афіцыйныя дзеячы Масквы. Удзельнікі розных ток-шоў на расейскім тэлебачанні ўжо даўно без усякай паліткарэктнасці завуць гэтыя рэспублікі "страчанымі калоніямі Расіі".

Дзяружынскі ў сваёй кнізе "Забытая Беларусь" адзін з раздзелаў так і назваў "Ці была Беларусь калоніяй Расіі?" У ёй ён прывёў шэсць асноўных прыкмет калоніі (па азначэнні з энцыклапедыі) і пераканаўча паказаў, што ўсе гэтыя прыкметы былі ўласцівыя "Северо-Западному краю" і "Белорусской ССР". Таму нас у прынцыпе не цікавіць меркаванне былых каланізатараў па гэтым пытанні.

I апошняе, Лупакоў піша: "Мая самасвядомасць ні ў якой ступені не вораг вашай". Асабіста я раблю процілеглую выснову з яго артыкула.


Сустрэча памяці Уладзіслава Сыракомлі

26 верасня ў Магілёве адбылася чарговая сустрэча магілёўскай суполкі ТБМ, прысвечаная памяці беларускага паэта і празаіка Уладзіслава Сыракомлі. Сустрэча была распачатая магілёўскім пісьменнікам і выкладчыкам Віталём Еўмяньковым. Было распаведзена пра складаныя варункі як лёсу аўтара, так і тагачаснага культурнага жыцця Беларусі.

Што датычыць культурнага жыцця, дык для таго часу і для беларушчыны ўвогуле асоба Сыракомлі знакавая: ён - адзін з першых абаронцаў права нашай мовы на самастойнае існаванне - пакінуў у сваіх вершах, як сцвярджаецца, ранні прыклад літаратурнай беларускай мовы, амаль што той жа, што была ў побыце ўжо ў ХХ стагоддзі. Былі закранутыя і пытанні, сугучныя з сучаснасцю, напрыклад, суадносіны мовы творчасці і нацыянальнай прыналежнасці аўтара.

Цалкам можна сказаць, што ў прысутных сустрэча выклікала рэакцыю неабыякавых, зацікаўленых беларушчынаю людзей.

Аляксей Карпенка.


Вернем хутару былую назву

Бы той вецер, пралятаюць над намі гады, дзесяці - і стагоддзі. Мяняюцца людзі, аблічча зямлі. Ды толькі памяць аб былых падзеях застаецца для нашчадкаў ад продкаў у выглядзе велічных забудоў, архітэктурных, гістарычтных, літаратурных помнікаў, у легендах, паданнях. Нарэшце, у назвах геаграфічных і прыродных аб'ектаў, у вякамі склаўшыхся народных традыцыях. Увогуле - у тапаніміцы.

На жаль, у апошнія гады мінулага стагоддзя тапаніміка практычна была даведзена да прымітыву. Яна цалкам была падпарадкавана догмам ідэалогіі. І не выконвала наканаваную ёй гісторыяй функцыю. Нярэдка даходзіла да бязглуздзіцы.

Прывяду прыклад. Вёска, дзе мне пашчасціла нарадзіцца называецца Збляны. А побач, на адлегласці пару кіламетраў, яшчэ паселішча з падобнай назвай - хутар Збляны. Чамусьці два аднолькавыя паселішчы названы па-рознаму - вёска і хутар. Калі да першай няма ніякіх пытанняў, у другім выпадку ўзнікаюць пытанні і нават здзіўленне.

Сёння ў вёсцы маецца 51 гаспадарка і там пражывае 70 чалавек \афіцыйна\. На хутары - 20 гаспадарак і 24 жыхары. Раней было на шмат больш а ў слоўніку С. І. Ожагава сказана: "Хутар - абасоблены ўчастак зямлі з сядзібай уладальніка". Як тут звязаць "абасоблены ўчастак зямлі з садзібай уладальніка" і 20 гаспадарак з 24 жыхарамі?!

Акрамя таго, у сваіх сціплых даследваннях аўтару давялося пераканацца, што "хутар Збляны" ніколі хутарам і не быў. Спрадвеку гэта быў маёнтак. А нехта прыстасаваў да паселішча назву "хутар", як некалі ў вёсцы казалі: "Як да свіні кульбачку".

Паселішча, па-сённяшняму "хутар Збляны", узнікла раней чым вёска. Тады ён быў маёнткам. Валодалі ім у розныя часы вядомыя ў Беларусі магнаты: Радзівілы. Вітгенштэйны, Ільінічы, Трубяцкія. Пра гэта могуць сведчыць некаторыя забудовы таго часу, што захаваліся да сёння, больш ураджайныя глебы і большыя зямельныя надзелы жыхароў. Тады маёнтак называлі Зблянскі Двор. Такая назва паселішча захоўвалася да другой паловы ХХ стагоддзя. Нават пры маёй памяці жыхароў яго мы называлі "дварчане". А ў школьным узросце мы нават канфліктавалі са сваімі аднагодкамі на гэтым грунце.

Вёска Збляны ўзнікла пазней, як прыдатак да маёнтка, але таксама некалькі стагоддзяў таму. У ХV - ХVІ стагоддзях яе называлі "Загараднікі Зблянскія". У тэрміне, узятым з польскай мовы, "загараднік" \zagrodnik\ хаваецца адказ аб суадносінах паміж сённяшнім хутарам і вёскай і пра ўзнікненне вёскі як паселішча.

Згодна са "Статутам на валокі 1667 года" агароднікам \загараднікам - аўт.\ гаспадарамі маёнткаў давалася па 3 маргі \1 морг - 0,7 га\ зямлі і іх пасялялі па 10 - 20 двароў паблізу маёнтка. За гэты надзел "загараднік" павінен быў адпрацаваць на пана адзін дзень у тыдзень, а іх жанкі - па 6 дзён за лета. На пачатку цэнтрам грамадскага жыцця быў, натуральна, маёнтак. Але пасля пабудовы ў вёсцы ў 1671 годзе ўніяцкай царквы, грамадскае жыццё паступова пачало перамяшчацца ў вёску. Тут была адкрыта прыходская школа, у пачатку вёскі - карчма. Пасля адмены прыгоннага права роля вёскі ў гэтым сэнсе значна ўзмацнілася.

Як відаць са сказанага, мяняць назву Зблянскі Двор на Хутар Збляны ў дамарошчаных тапанімістаў не было ніякіх падстаў. Можна было б скарыстаць Малыя Збляны ці нават Старыя, ды толькі не хутар.

У класіфікацыі паселішчаў нашай краіны, асабліва ў заходніх яе абласцях, існавалі наступныя асноўныя тыпы: вёска, сяло, засценак, хутар, маёнтак, фальварак, двор, ваколіца, асада, калонія, мястэчка, горад. Кожны з іх мае свае рысы адрознення і займае сваю нішу ў гістарычным часе. Іх павінны прытрымлівацца і імі карыстацца тапанімісты, надаючы паселішчам, аб'ектам тую ці іншую назву.

"Старыну не рушым, навіны не ўводзім," - казаў стагоддзі таму назад заснавальнік Ліды вялікі князь ВКЛ Гедзімін. Іншымі словамі: будзем прытрымлівацца даўно ўсталяваўшыхся і спрадвеку існых крытэрыяў, а не толькі кіравацца застарэлымі, пазбаўленымі сэнсу ў дадзеным выпадку, ідэалагічнымі догмамі. І аддадзім мінуўшчыне тое, што некалі незаслужана адабралі.

У дадзеным выпадку лічу разумным вярнуць Зблянскаму Хутару ягоную гістарычную назву - Зблянскі Двор, або вярнуць хаця б тып паселішча і пісаць двор Збляны, а не хутар Збляны.

Такое маё асабістае стаўленне ў гэтым адказным пытанні перад нашчадкамі і гісторыяй, каб не "жыць, не адчуваючы пад сабою краіны".

Анатоль Кулеш, г. Ліда.. Акварэль аўтара.


Шоўк

Такую назву мае спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Прэм'ера (па раману Алясандра Барыка) адбылася 28 чэрвеня 2012 года. Пастаноўку ажыццявіў славуты рэжысёр Аляксей Ляляўскі!

Магчыма, гэта самая прыгожая гісторыя пра каханне. Яна падобна лёгкаму шоўку - таксама лёгка струменіцца і стварае бязважкі і вытанчыны малюнак.

"Шоўк" - і прыгодніцкі раман, і паэма ў прозе, і філасофская прытча, і нават трылер. Гэты твор стаў адным з самых запамінальных бестсэлераў канца ХХ стагоддзя.

Спектакль разлічаны на дарослую аўдыторыю! У ролі галоўнага героя - "Шанкура" можна пабачыць Віталя Краўчанку. У спектаклі заняты заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грамовіч і Алесь Казакоў. А так-сама амаль уся трупа тэатра (Алесь Васько, Іна Ганчар, Валеры Зяленскі, Наталля Кот-Кузьма, Святлана Латышава, Цімур Муратаў, Зміцер Рачкоўскі, Святлана Цімохіна. Надзея Чэча і Марс Чыгіркін.

Сцэнаграфію зрабіла таленавітая Таццяна Нерсісян, а кампазітарам з'яўляецца Ягор Забэлаў.

Трэба адзначыць, што спектакль атрымаўся відовішчны і цікавы, дзякуючы артыстам. Асабліва мне спадабаліся Уладзімір Грамовіч і Марс Чыгіркін.

У зале былі заўважаныя Аляксей Дудараў, Рычард Смольскі і Аляксандр Гарцуеў. Было вельмі цікава!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


"Бабіна лета - 2012" у Белаазёрску

У Белаазёрску прайшло свята "Бабіна лета-2012", прысвечанае дню народзінаў знакамітай паэткі Беларусі Ніны Мацяш. Ужо трэці год запар 20 верасня сюды прыязджаюць паэты-сябры з усёй Беларусі, каб пабываць у яе кватэры, доме бацькоў Ніны, на могілках, дзе пахавана паэтка. І па традыцыі адбываюцца ўспаміны і літаратурныя чытанні пры поўнай зале Дома культуры.

У кожнага паэта свае ўспаміны пра слынную дачку Берасцейшчыны, якой споўнілася б 69 гадоў. Знакамітая Данута Бічэль прызналася ў дзвюх любовях адразу:

- Я люблю Радыё Рацыя. Гэта адзінае радыё, якое я слухаю цэлымі днямі і начамі. Я вельмі шчаслівая, што я тут, я так даўно не бачыла Ніну, а сёння я шчаслівая, што я да яе прыехала.

Васіль Жуковіч:

- Ніна Мацяш - гэта нашая святыня. яна для мяне і любоў, і братэрства, і спагада, і чалавечнасць. Ніна будзе вечная, яе паэзія вечная, як святыня.

Барыс Пятровіч:

- Няхай жыве светлая памяць пра Ніну Мацяш, мы яе вельмі любім і шануем.

Міхась Скобла:

- Гэты фестываль прысвечаны Ніне Мацяш, якая для беларускай літаратуры зрабіла адна можа быць больш за некалькі дзясяткаў літаратараў, за некалькі дзясяткаў перакладчыкаў.

Ганна Васілевіч , Радыё Рацыя, Белаазёрск, фота аўтара.


На зямлі беларускай зноў вяселле спраўляюць ...

Традыцыйнае беларускае вяселле ўяўляла сабой складаны рытуальна-абрадавы комплекс. Раней у час гэтай урачыстасці выконвалася каля 200 песень і 50 разнастайных абрадаў.

У наш час вяселлем ужо лічыцца афіцыйныя рэгістрацыі ў ЗАГСе, застоллі з тамадой і дыскатэкай. Цяпер усё часцей такая "схема" падаецца звычайнай і малацікавай. Адсюль і вынікае жаданне зрабіць свята па-сапраўднаму запамінальным і арыгінальным. І дапамагчы ў гэтым могуць забытыя народныя традыцыі.

У Лідскім раёне беларускі каларыт у афіцыйнае вяселле прыносіць народны ансамбль народнай музыкі і песні "Гудскі гармонік", які працуе на базе Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу. Кіраўніком з'яўляецца Андрэй Колышка (дырэктар Гудскага ЦТ і ВЧ).

Звычайна знаёмства з абрадам доўжыцца адну гадзіну. Абрад насычаны шматлікімі цікавымі і прыгожымі старажытнымі вясельнымі дзеяннямі, кожнае з якіх мела раней вялікае магічнае значэнне для далейшага шчаслівага жыцця маладой пары. Маладых на парозе сустракаюць хлебам-соллю. Каб была багатай і шчаслівай будучыня маладой сям'і, іх абсыпаюць зернем і прапускаюць праз браму з ручнікоў. Каб каханне было моцным праводзіцца абрад - апаясванне вясельным поясам маладых у выглядзе васьмёркі, што сімвалізуе бясконцасць кахання. Пад жывую музыку артысты спяваюць народныя беларускія песні ("А ў нашай вёсцы не было вяселля", "Ой, развівайся да сухе дубе", "Цячэ вада ў ярок" і інш.), аўтарскія песні ("Каля рэчкі", "Спявайце госцікі" і інш.) і праводзяць гульні-конкурсы (гаданне, хто першы у маладых народзіцца і інш.). А таксама ўдзельнікамі калектыву падрыхтаваны іспыты для маладога і маладой, каб праверыць, ці гатовыя яны разам, як гаворыцца "не адзін пуд солі з'есці" (спавіваць ляльку, маладая павінны паказаць свой спрыт ў карыстанні бялізнавай вяроўкай і г.д.).

Пасля такога вяселля ў маладых застаюцца прыемныя ўспаміны, ёсць чым пахваліцца перад сябрамі. Акрамя таго, народны ансамбль "Гудскі гармонік" такім спосабам папулярызуе беларускія звычаі і абрады: малады, маладая і некалькі дзесяткаў гасцей, якія так-сама слухаюць і ўдзельнічаюць у гульнях.

У гэтым годзе народны ансамбль народнай музыкі і песні "Гудскі гармонік" правёў некалькі вяселляў з элементамі народных абрадаў. Лічба пакуль што невялікая, але ўстойлівая і сведчыць аб тым, што мы, хоць і няспешна, але вяртаемся да нашых традыцый.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклору Лідскага раённага цэнтра народнай творчасці.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX