Папярэдняя старонка: 2012

№ 47 (1094) 


Дадана: 22-11-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 47 (1094) 21 лістапада 2012 г.


У выніку дыялогу "беларускі народ - Беларуская чыгунка" на вакзал "Брэст - Цэнтральны" вернецца беларуская мова

Пасля таго, як грамадзяне Беларусі з ініцыятывы ТБМ масава пачалі звяртацца да кіраўніцтва Беларускай чыгункі з патрабаваннямі спыніць дыскрамінацыю беларускай мовы, з ведамства пайшлі аднатыпныя адказы наступнага зместу:

Паважаная Вольга Уладзіміраўна!

Ваш калектыўны зварот разгледжаны на Беларускай чыгунцы, паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

Адпаведна артыкулу 13 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон) на транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова, а пры неабходнасці - іншыя мовы.

Кожны жадаючы можа карыстацца як беларускай, так і рускай мовамі, але прымушаць да карыстання адной з дзяржаўных моў недапушчальна.

Артыкулам 4 Закона прадугледжана, што кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб'ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў. Аднак заканадаўства Рэспублікі Беларусь не абавязвае супрацоўнікаў чыгуначнага транспарту адказваць на беларускай мове кліентам, якія звяртаюцца да іх на беларускай мове.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам дакументацыя на Беларускай чыгунцы можа выконвацца як на рускай, так і на беларускай мовах. Выкарыстанне адной з дзяржаўных моў не ўшчамляе права на выкарыстанне іншай.

Законам Рэспублікі Беларусь "О железнодорожном транспорте" на чыгуначных станцыях, вакзалах, цягніках і іншых месцах абслугоўвання пасажыраў службовае справаводства, телефонная сувязь, прававая і навукова-тэхнічная інфармацыя, іншая інфармацыя, службовыя зносіны ў арганізацыях чыгуначнага транспарту агульнага карыстання ажыццяўляюцца на беларускай і (альбо) рускай мове.

На буйных вакзалах Беларускай чыгункі заўсёды абвяшчаюць аб прыбыцці цягнікоў на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Аб'ява прыпынкаў па сістэме ўнутрысалоннага абвяшчэння ажыццяўляецца на беларускай мове.

Са знешняга боку на галаўных вагонах электрацягнікоў нанесены лагатыпы фармату гарадскіх ліній, якія суправаджаюцца надпісамі на трох мовах, у тым ліку і беларускай.

01.03.2011 уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь "О наименованиях географических объектов", згодна якому назвы чыгуначным станцыям, аўтастанцыям, прыпынкам і іншым аб'ектам даюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову. Нормы Закона "О наименованиях географических обьектов" распаўсюджваюцца на зносіны, якія ўзніклі пасля ўступлення яго ў сілу.

Згодна заканадаўству Рэспублікі Беларусь да 01.03.2011 найменні населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і г.д. даваліся на беларускай альбо рускай мовах.

Таксама інфармуем Вас, што на фасадзе будынка вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны назва будзе выканана на беларускай мове. Візуальную інфармацыю для пасажыраў плануецца выканаць на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

У выпадку нязгоды з адказам на Ваш зварот, Вы маеце права яго абскарджання ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь па адрасу: г. Мінск, вул. Чычэрына, 21.

Намеснік Начальніка Беларускай чыгункі П.В. Стоцкі.


175 гадоў з дня нараджэння Міхала Эльвіра Андрыёлі

Міхал Эльвіра Андрыёлі (26 лістапада 1837 - 23 жніўня 1893) - мастак, графік, удзельнік вызвольнага руху ў Літве (сучасная Беларусь) і ў Жамойці.

Нарадзіўся ў Вільні ў сям'і настаўніка малявання, які паходзіў з Італіі. Першапачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у школе Герсана ў Варшаве. Паводле жадання бацькоў паступіў на медычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Аднак прафесія медыка яго не надта вабіла, і ў хуткім часе, пакінуўшы ўніверсітэт, ён паступіў у Маскоўскую вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідства.

Паспяхова скончыўшы вучэльню, у 1857 годзе паехаў удасканальваць майстэрства ў Італію, вучыўся ў Рыме ў акадэміі св. Лукаша.

Вярнуўшыся на радзіму, працаваў у Вільні. Тут ён звязаўся з рэвалюцыйнымі коламі, прымкнуў да "чырвоных", удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў, ваяваў у аддзеле Людвіка Нарбута. Пасля паразы паўстання быў пасаджаны ў вязніцу, але з-пад арышту ўцёк за мяжу. Жыў у Парыжы і Лондане. Там стварыў шмат графічных работ і ілюстрацыяў, у якіх адлюстраваў падзеі 1863 году, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі.

У 1866 годзе Андрыёлі вярнуўся на радзіму, але быў схоплены царскімі жандарамі і сасланы ў гыб Расеі "за неблагонадежность в политическом отношении". З верасня 1868 па 1872 жыў у Вятцы, дзе стаў настаўнікам будучых расейскіх мастакоў Васняцовых - Віктара і Апалінарыя. Працаваў настаўнікам малявання ў Вяцкай епархіяльнай жаночай вучэльні, удзельнічаў у размалёўцы храмаў Вяткі, пісаў на заказ партрэты.

У 1872 годзе Андрыёлі вярнуўся са ссылкі, але яму было забаронена жыць у Літве, і мастак пасяліўся ў Варшаве. Там працягваў мастацкую адукацыю ў школе Герсана, ілюстраваў часопіс "Кlоsу" ("Каласы") і "Тygodnik ilustrowany" ("Ілюстраваны штотыднёвік"). У 1883-1886 гадах працаваў у Парыжы. Толькі ў канцы жыцьця яму пашчасціла на нейкі час вярнуцца на радзіму. Памёр Андрыёлі ў 1893 годзе у горадзе Налэнчаў (цяпер Люблінскае ваяводства) і там быў пахаваны.

Паводле Вікіпедыі.


Эдварду Зайкоўскаму - 60

Эдвард Міхайлавіч Зайкоўскі нарадзіўся 18 лістапада 1952 у вёсцы Дубашы Валожынскага раёна на Меншчыне.

Бацька Эдварда Міхаіл Маркавіч пачатак Другой сусветнай вайны сустрэў у шэрагах Войска Польскага, дзе служыў у артылерыі. Пазней працаваў кавалём. Маці Ганна Дамінікаўна была хатняй гаспадыняй. У сям'і Зайкоўскіх акрамя Эдварда гадавалася і старэйшая сястра Фэля.

Дзяцінства Эдварда праходзіла як і ў большасці вясковых хлопцаў той пары: школа, работа ў полі…

Пасля заканчэння школы ў мястэчку Ракаў ён вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Разам з Уладзімірам Арловым наладзіў выпуск самавыдавецкага альманаха "Мілавіца". Тут ён друкаваў свае вершы, якія вызначаліся глыбокай лірыкай…

Пасля сканчэння ў 1975 годзе ўніверсітэта некаторы час працаваў настаўнікам у вясковай школе Валожынскага раёна.

У 1977 годзе Эдвард паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі на спецыяльнасць "археалогія". Перад гэтым, як тады практыкавалася, прайшоў школу на выпрабаванне на раскопках у Тайманаве Быхаўскага раёна пад кіраўніцтвам славутага Леаніда Побаля, дзе неад'емным кампанентам харчавання былі гарохавы суп і сала…

Кірункам навуковай дзейнасці ў аспірантуры сталі помнікі неаліту і бронзавага веку Паўночнай Беларусі. Яго настаўнікам у гэтай справе быў славуты археолаг Міхась Чарняўскі, а навуковым кіраўніком - вядомы расійскі археолаг Ніна Гурына. У 1985 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, паводле старадаўняй традыцыі, у Вільні - сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.

Апанентам на абароне выступіў вядомы археолаг, яго першы настаўнік па археалогіі, Эдуард Загарульскі. Напрацоўкі кандыдацкай дысертацыі леглі ў невялікую па аб'ёму, але змястоўную кніжку "Першабытныя помнікі Паўночнай Беларусі" , якая выйшла ў свет у 1990 годзе.

Пасля абароны дысертацыі перавёў свой позірк на духоўную спадчыну старажытнай Беларусі.

Прадметам яго навуковай увагі сталі паганскія вераванні і першабытнае мастацтва, а аб'ектамі даследавання - культавыя камяні, святыя крыніцы, капішчы, сакральная сімволіка.

Эдвард Міхайлавіч - гэта актыўны сябар ТБМ, крыніца ведаў, аналітык з душой рамантыка.

Паводле Л Калядзінскага.


Гавары са мной па-беларуску!

Успомніце колькасць людзей з вашага асяроддзя, якія размаўляюць па-беларуску. На літаратурнай мове, або хаця б на так званай "трасянцы", якая, дарэчы, зараз таксама прызнаецца і мае права быць. Шмат налічылі? Наўрад ці. Але чаму так? І ці ёсць гэта нармальная з'ява ў, здаецца, нармальным паўнавартасным грамадстве?

Расказваў адзін рускамоўны знаёмы, што неяк на вуліцы звычайным днём падыходзіць да яго сталы мужчына і спрабуе на беларускай мове запытаць, як даехаць да патрэбнай яму вуліцы. Як аказалася, сам ён рускі, а па-беларуску запытаў з наіўнай упэўненасцю ў тое, што ў Беларусі пануе мова, людзі размаўляюць па-беларуску. Ну, гэта ж нармальна. Ёсць краіна, дзяржава, нацыя, культура, людзі. Беларусы! Ну дык і размаўляць жа трэба па-беларуску.

Зразумела, пра гэтую нашу агульную праблему ў межах краіны шмат пісалі, пішуць і будуць пісаць. Як жа па-іншаму данесці да свядомасці людзей, што дзеткі, прыйшоўшы ў садок павінны гаварыць не "Здравствуйте, Анна Юрьевна", а наша беларускае "Добры дзень, Ганна Юр'еўна"; што на ўваходных дзвярах усіх беларускіх будынкаў куды лепш глядзелася б "ад сябе", а не "от себя"; што і гісторыю (гісторыю!!!) Беларусі выкладаць трэба на беларускай мове. Многія запэўніваюць, што ўжо немагчыма перабудаваць грамадства на нашу мову, бо звыкліся ўсе, так жа зручней. Абы разумелі адзін аднаго. А што там тыя традыцыі, гісторыя… Што там людзі, якія жыццё аддалі ў змаганні за нармальнае культурнае існаванне нацыі. Самастойнай, вольнай, а не прыдатка прагных суседзяў.

Напэўна, праблема гэтая часткова па віне людзей, ды і гістарычныя абставіны ўвесь час не зусім спрыяльна складваліся. Таму зараз нельга абвінавачваць кагосьці канкрэтна. Гэта і не мае сэнсу.

Загаварыць па-беларуску адразу складана, асабліва калі і сям'я рускамоўная, асяроддзе таксама. Часта можна пачуць: "Я б мо і гаварыў, але няма з кім. Сябры, знаёмыя - адно суцэльнае рускамоўе". Але ж калі кожны так гаварыць будзе, то проста ў выніку ні да чаго і не прыйдзем. Як была руская мова дамінантнай, так і застанецца. Галоўнае - пачаць. Зразумела, існуе боязь быць абсмяяным і "адсталым" дзіваком, або таго, што мова адразу будзе страшэнна недасканалай, "трасянкаватай". Ды мала гэтых страхаў! Давайце чытаць беларускую класіку, слухаць беларускамоўныя гурты. Там таксама ёсць вартыя, моцныя, цікавыя выканаўцы. Можна знайсці хоць аднаго беларускамоўнага таварыша і ўдасканальваць маўленне разам, а потым не заўважыш, як такіх аднадумцаў стане куды больш, і маўленне набудзе выразнасць, багацце і якаснасць.

Ні ў якім выпадку нельга адмаўляць мовы суседзяў, рускай мовы. Але навошта штосьці запазычваць, калі маем уласнае?! Рвёмся вывучаць замежныя, дрэнна валодаючы сваёй толькі таму, што на думку многіх яна немодная, неактуальная? Але ці разумна тое з нашага боку? Няцяжка прадказаць наступствы абыякавага стаўлення людзей да беларускай мовы. Варта падумаць.

А хіба непрыгожыя, нецікавыя словы: показка (анекдот), асадка (ручка для пісьма), скавыш (моцны, халодны вецер з завываннямі), спаруда (разваліны, руіны), валізка (сумка)… І прыгожыя, і цікавыя, але, на жаль, малаўжывальныя зараз. Спрадвечна беларускія словы выходзяць з абіходу. Мова губляе, а не набывае, бяднее, з'яўляецца усё больш запазычанняў, калькаў. А ўсё чаму? З-за недахопу носьбітаў. Менавіта па гэтай прычыне беларуская мова зараз адносіцца да ліку нестабільнах моў, існуе пагроза вымірання.

Насамрэч здорава, калі чалавек усвядомлена карыстаецца спрадвечна беларускімі, нашымі словамі, размаўляе на мове. Той, якой карысталіся дзядуля і бабуля, якую наказваў не пакідаць Багушэвіч, тая, якая не можа быць пустой і непатрэбнай зараз з-за абыякавасці або неразумення яе каштоўнасці!

Аджыве наша мова або будзе жыць-зразумела, залежыць толькі ад нас, ад беларусаў. Толькі нам вырашаць лёс неад'емнай часткі нашай гісторыі, вырашаць уласны лёс!


Вядомыя сучаснікі пра шлях да мовы:

Віталь Гуркоў , 27 год - прафесійны беларускі кік-баксёр, заслужаны майстар спорту Беларусі, шматразовы чэмпіён свету па тайландскім боксе і кікбоксінгу сярод аматараў, лепшы баец Усходняй Еўропы па версіі К-1:

"Неяк пасля першага турніру, адразу пасля бою, які трансляваўся па адным з тэлеканалаў, да мяне падышоў журналіст і пачаў задаваць пытанні па-беларуску, я і адказваў на мове. Атрымалася вельмі здорава! З таго часу і зразумеў, што мову трэба распаўсюджваць, і, як мінімум, ведаць. Ёсць шэраг сяброў, з якімі размаўляю выключна па-беларуску, вельмі рады, што ёсць людзі, якія не цураюцца роднай мовы. Я таксама не саромеюся. Значна на гэта паўплываў настаўнік гісторыі, дзякуючы якому і прызнаў, палюбіў мову. І хоць вельмі цяжка сябе перабудаваць, але я ўсё ж намагаюся больш размаўляць па-беларуску, каб паказаць людзям, што не трэба забываць родную мову і цурацца яе."

Цікава: Віталь спецыяльна змяніў пашпарат, каб у ангельскім варыянце было не Hurkov , а Hurkou .

На бой часта выходзіць пад музыку беларускага фолкавага гурта "Троіца".


Лёша Слязюк , 27 год - саліст вядомага беларускамоўнага гурта "Спрат":

" Я лічу сябе беларускамоўным. Але дайшоў да гэтага не сам: мой бацька прагнуў, каб я вучыўся ў беларускамоўным класе, спрыяў таму, каб я размаўляў па-беларуску. Наш гурт-беларускамоўны ад пачатку свайго заснавання. І гэта прынцыпова. Для сябе я адразу вырашыў, што толькі беларуская мова, інакш не буду браць удзелу у гурце. Як казаў бацька, французы спяваюць па-французку, немцы "робяць" сваю музыку на нямецкай. І гэта нармальна, так павінна быць. А ўвогуле, у большасці сваёй людзі падтрымліваюць мову, звяртаюць на гэта ўвагу. І можна сказаць, што тым самым я адзін з тых, хто яе папулізуе. Мажліва, хтосьці задумаецца і пачне таксама размаўляць на той мове, якую мы, як беларусы, усе павінны ведаць і ёй карыстацца."


Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч , 82 гады - музыкант, кампазітар-фалькларыст:

"Да 14 год размаўляў на народнай беларускай гаворцы. Далейшая вучоба, служба ў арміі - рускмоўныя мае гады, так сказаць. Але якісьці такі маленькі светлячок ува мне нязгасна цягнуўся менавіта да беларускай літаратурнай мовы. І так склалася, што пачаў складаць словы да песень, нямала вершаў. Вельмі шмат-па-беларуску. І менавіта мова стала адпраўным пунктам для стварэння маіх твораў. Дапамагла ўвесь час і думаць па-беларуску, і старацца быць большым беларусам, быць самім сабой."

Эмілія Комар.



22 лістапада у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя кнігі "К. Тарасаў. Выбранае". Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 17. 30 гадзін. Уваход вольны.


Ці вывучаюць у Гомелі дашкольнікі родную мову?

Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт нічога не робіць для павелічэння попыту на беларускамоўную адукацыю ў дзіцячых садках Гомеля. Гарадскія ўлады ігнаруюць пытанні Гомельскага аддзялення Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны аб стане беларускай мовы ў дашкольных установах адукацыі.

Яшчэ ў жніўні 2012 Гомельскае ТБМ даслала ў гарвыканкам ліст, у якім прасіла атрымаць канкрэтныя звесткі аб стане беларускай мовы ў сістэме дашкольнай адукацыі г. Гомеля. На жаль, мы не атрымалі поўнага адказу на тыя пытанні, якія нас найбольш турбавалі. Гарвыканкам не назваў колькасці садкоў (груп у садках) з поўным працэсам навучання на беларускай мове ў г. Гомелі. Мы працягнулі перапіску, задалі тыя ж самыя і новыя пытанні.

Сярод іх:

1. Колькі садкоў (груп у садках) з поўным працэсам навучання на беларускай мове існуе ў Гомелі?

2. Ці могуць бацькі знайсці інфармацыю аб колькасці і месцазнаходжанні беларускамоўных садкоў (груп у садках) у вольным доступе?

3. Што неабходна, каб у канкрэтным садку ўзнікла беларускамоўная група?

4. Што робіцца для папулярызацыі беларускай мовы сярод бацькоў дзяцей узросту дашкольнай адукацыі?

Адказ гарвыканкама на 1-ае пытанне:

"Да 1 верасня 2012 года садкоў і груп у садках з поўным працэсам навучання на беларускай мове ў Гомелі не было. З 1 верасня 2012 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі "Яслі-сад №160 г. Гомеля" (вул. Косарава, 7) пачала працаваць 1 група для дзяцей з 3 да 4 гадоў з поўным працэсам навучання на беларускай мове". Поўная інфармацыя аб гэтай групе "знаходзіцца на афіцыйным сайце аддзела адукацыі Савецкага р-на г. Гомеля".

Атрымліваецца, у вялікім горадзе з амаль 500-тысячнай колькасцю насельніцтва існуе ўсяго толькі адна дзіцячая група з поўным працэсам навучання на беларускай мове?!

Што тычыцца 3-га пытання, то, як вынікае з ліста, навучанне будзе адбывацца на той мове, якую падкрэсляць у заяве бацькі, калі будуць аддаваць ва ўстанову адукацыі сваё дзіця. Ці працуе гэта на практыцы? Адказ - не. У Гомелі ёсць выпадкі, якія прасочвае Гомельскае ТБМ, калі бацькі хацелі аддаць сваё дзіця ў беларускамоўную групу ў пэўны садок. Дырэктары садкоў звычайна адмоўна ставяцца да такой перспектывы. Галоўны іх аргумент супраць з'яўлення такой групы - выхавальнікі не валодаюць належным чынам беларускай мовай.

Адказ на апошняе пытанне:

"Для бацькоў прапануюцца кансультацыі, картатэкі беларускіх гульняў, дзіцячая літаратура… бацькі прымаюць удзел у беларускіх святах" і г. д. Збольшага зразумела, чаму адказ такі сціплы - гарадскія ўлады фактычна нічога не робяць для папулярызацыі беларускай мовы сярод бацькоў дзяцей, таму тыя і не задумваюцца пра перспектывы беларускамоўнай адукацыі. Мова не папулярызуецца належным чынам. Як вынік гэтага - у Гомелі толькі адна беларускамоўная дзіцячая група. Гэта катастрафічная сітуацыя для беларускай мовы ў Гомелі!

Амаль такая ж сітуацыя і са школьнай адукацыяй, пра якую мы таксама запытваліся ў гарадскіх улад.

Па ўсіх пытаннях наконт беларускамоўнай адукацыі ў Гомелі просім звяртацца да Гомельскага аддзялення ТБМ імя Ф. Скарыны (кантакты ёсць на сайце) і каардынатараў ініцыятывы "Бела руска мова - мова маіх дзяцей" у кантакце.

Марыя Булавінская.


Шаноўная рэдакцыя!

Распавяду Вам, як на дзяржаўным узроўні дратуецца і дыскрымінуецца наша родная дзяржаўная беларуская мова. Пасля заканчэння лячэння ў скураным аддзяленні Гомельскага абласного скурана-венералагічнага дыспансера я ў пісьмовай форме на беларускай мове папрасіў у кіраўніцтва аддзялення выдаць мне ліст непрацаздольнасці, але мне было ў гэтым адмоўлена на той падставе, што я напісаў просьбу на беларускай мове, якую старэйшая медсястра, адказная за лісты непрацаздольнасці, не разумее і таму, што справаводства ў дыспансеры па загаду міністэрства вядзецца толькі на расейскай мове. Хаця бланк лістка непрацаздольнасці надрукаваны на беларускай мове.

Начальнік медслужбы дыспансера пацвердзіў правамоцнасць дзеянняў медсястры і параіў мне прынесці з месца маёй працы хадайніцтва кіраўніцтва аб выдачы ліста непрацаздольнасці на беларускай мове.

У дыспансеры не знайшлося чалавека, каб перакласці ра насейскую мову словы: жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў № 114 г. Гомеля .

На маю скаргу ва Ўправу аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама яшчэ з 16.10.2012 г. адказу не атрымаў.

Мне, беларусу, вельмі ж крыўдна - дзяржаўныя чыноўнікі так наўмысна парушаюць Закон дзяржавы Беларусь аб мовах.

Здзекуюцца з яе і беларусаў.

Я напісаў аб гэтых парушэннях пракурору Гомельскай вобласці і Міністру аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Міхаіл Міхайлавіч Буйніч, вайсковы пенсіянер, г. Гомель.


Слонімскія інтэлігенты: Беларуская мова павінна шанавацца дзяржавай

Слонімскія інтэлігенты напісалі адкрыты ліст старшыні раённага выканкама Іосіфу Паўлюкевічу з просьбай паспрыяць развіццю беларускамоўнай адукацыі. Як распавёў Радыё Рацыя слонімскі літаратар і журналіст Сяргей Чыгрын, ініцыятыва напісання тагога ліста зыходзіла ад пісьменніка Аляксея Якімовіча, якога падтрымалі іншыя прадстаўнікі інтэлігенцыі:

- Гэта не якая-небудзь скарга ці патрабаванне - гэта просьба падтрымаць беларускамоўныя класы, садкі, школы. Каб у Слоніме з'яўлялася больш такіх садкоў, класаў і школ. На сённяшні дзень у нас у Слоніме беларускіх школ няма. Ёсць толькі некалькі беларускамоўных класаў. Ёсць, здаецца, адзін беларускамоўны садок. Але і гэта, дзякуй Богу, добра ў параўнанні з іншымі гарадамі.

Аўтары ліста нагадваюць, што беларуская мова - мова дзяржаўная і павінна шанавацца дзяржавай. У лісце гаворыцца таксама пра прыгажосць і непаўторнасць матчынага слова, без якога няма будучыні ў нацыі. Як адзначыў Сяргей Чыгрын, апошні раз з такой ініцыятывай на мясцовым узроўні выступалі ў 90-х гадах.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя


"Нас - многа", - кажа Сяргей Панізьнік

Жытні колас вякоў

нас вядзе па жыцці,

каб і ў следзе падкоў

запаветы знайсці.


І ў завеях зімы

не заблудзіцца час:

будзем памятаць мы, -

будуць помніць і нас.


На айчыннай зямлі

не ўзрасце забыццё:

ажылі кавалі,

заіскрыла жыццё.


Шлях надзеі прамы,

ёсць падковаў запас...

Будзем памятаць мы, -

будуць помніць і нас.


Юбілейны рахунак

Сёлета ў траўні наш зямляк Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік адзначыў юбілейнае 70-годдзе. Гэтай падзеі прымеркавана яго новая кніга "Нас - многа! Гадоў увершаваныя радкі". Яна выйшла зусім нядаўна ў менскім выдавецтве "Тэхналогія". 124 старонкі новага выдання - гэта падвядзенне вынікаў дзейнасці больш, чым за 50 гадоў творчасці, пошуку і доследніцтва. На першых старонках - літаратурная аўтабіяграфія пад красамоўным загалоўкам "Не толькі Гамэру...". І сапраўды, не толькі вялікаму грэку ёсць месца сярод паэтаў.

Для нас, землякоў Сяргея Сцяпанавіча, асаблівую цікавасць уяўляе першы раздзел кнігі - "На беразе жыцця, на беразе Дзвіны...".


На беразе жыцця,

на беразе Дзвіны

стаіць вялікі рум

яшчэ з часоў вайны.

Сцякае з бервяна

жывіцы даўніна.

А беражэ той рум

і Волта, і Дзвіна.


Здалёку чую гул

сасновага камля:

нібы заве мяне

прыдзвінская зямля.

А я Дзвіне - ніхто,

пакуль (як ні лаўчы)

ляжаць мае сцягі,

маўчаць мае мячы.


Здалёк свіціцца рум

бурштынавай луской -

і воляй баравой,

і доляю людской.

З яго я свой ганок

вяжу... На быстраку

спазнаць жыццё ракі,

спазнаць жыцця раку.

Байкай "Два каласы", першым паэтычным творам, надрукаваным яшчэ ў 1959 годзе ў нашай раённай газеце, пачынаецца аповед пра родныя мясціны. У кожным з 23 вершаў знаходзім назвы нашых знаёмых мясцін. Гэта Мёры, Дзісна, Лявонпаль, Бабышкі, Наўгароды, Мётлы, Узмёны, Мілашова, Ідолта, Дзедзіна, Каменполле, Каланіца, Слабада, Снегі, Міжрэчча, Чэрасы... Гэта Дзвіна, Волта, Мерыца, Вята... А яшчэ мілагучныя пералівы маляўнічай мясцовай гаворкі. Ці ж часта мы цяпер успамінаем пра жульвіцу, жэгіны ды рэзгіны, пра бэйбусаў ды вісусаў, якіх можна падлабуніць.

А колькі імёнаў знакамітых продкаў-землякоў. Сярод іх Мілашы, ушанаваныя Нобелеўскай прэміяй, мовазнаўца Мікола Крыўко, парыжскі мастак Віктар Жаўняровіч, польскі пісьменнік Ян Рышард Курыльчык, скульптар і рэвалюцыянер Генрык Дмахоўскі. Чаго вартыя пасвячэнні выдаўцам краязнаўчай газеты "Міёрская даўніна", сёстрам-пісьменніцам Наталлі Бучынскай і Алене Масла, суайчынніцы з Дзісны Вользе Грыцук, радзімазнаўцу Вітаўту Ермалёнку, ветэрану школьнай асветы Зінаідзе Лакотка і, вядома, родным людзям - сястры Ніне Янсанэ, пляменніцы Жанне Панізьнік, дзядулю па кудзелі Рыгору Селюну. Невыпадкова прыводжу гэтыя імёны: пабачце, як шмат на Мёршчыне ды і ў суседніх краінах людзей, сэрцы якіх закране паэтычны радок з новай кнігі.

І сябе Сяргей Сцяпанавіч не мінуў, паспавядаўся ў паэтычным інтэрвію.

Другі раздзел - нібы сустрэча з вялікімі творчымі людзьмі Беларусі, з нашымі помнікамі і цудоўнымі мясцінамі - "Паэты ў кожнага народа". Гэта творчае падарожжа ад Скарыны да Купалы, ад Полацка да Канады. І заўсёды праз уражанні і ўспаміны родных мясцін. Сапраўды, "О, Беларусь, твой зоўны лёс - дарога". А па ёй, дзе золь, дзе верас, прайшлі Зоська Верас, пад жывічнай Баравухай-Янка Купала, па родных мясцінах з мікрафонам - Навум Гальпяровіч, па пушчах Палесся - Іван Мележ. Закранулі творчую струну паэта сустрэчы з паэтэсай Ларысай Геніюш, з празаікам Вольгай Іпатавай, даследчыкам літаратурных сувязяў Вячаславам Рагойшам, гісторыкам Захарам Шыбекам, для ўсіх вядомымі Адамам Мальдзісам, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Караткевічам...

Ім і многім іншым прысвечаны вершы і эпіграмы. І пасвячэнні ў адказ.

А ў заключэнне слова пра паэта ад Вячаслава Рагойшы: "Ён скарбы творыць, скарбы адкрывае".

Прыемна трымаць рукатворны помнік.

Леанід МАТЭЛЕНАК .


І ЗНОЎ ПРА ЗМІЦЕРА ЖЫЛУНОВІЧА

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

* * *

Сталін не самавольна гуляў за спіной у Жылуновіча. У біяграфічнай хроніцы Леніна чытаем: "2 января 1919 г. Ленин подписывает телеграмму члену Временного рабочекрестьянского правительства Белоруссии А. Ф. Мясникову с сообщением, что в Минск для связи и взаимной информации между правительством РСФСР и Советским правительством Белоруссии командирован специальный представитель". Ёсць старшыня Часовага ўраду Беларусі Жылуновіч, але Ленін адрасуе тэлеграму не яму, а "свайму чалавеку". Жылуновіч для Леніна - не свой. І для ЦК таксама, бо Сталін заявіў, што кантактаваць з Часовым урадам Беларусі ЦК будзе праз Мяснікова. Жылуновіч тут лішні, непатрэбны.

* * *

У канцы 1918 - пачатку 1919 г. Савет Народных Камісараў РСФСР даваў пазыкі (ссуды) марыянеткавым урадам Эстоніі (50 млн. руб.), Латвіі (20 млн. руб.) і Украіны (толькі на патрэбы чыгунак 30 млн.). 14 студзеня СНК выдзяляе ўраду Беларусі 25 млн. руб. Праз дзень (16-га) Ленін падпісвае гэтую пастанову СНК для накіравання яе ў Дэпартамент дзяржаўнага казначэйства. Але Беларусі выдзяляецца не 25 млн. руб., як прадугледжвалася, а толькі дзесяць.

Усё правільна. Бо ў гэты дзень Ленін бярэ ўдзел ў паседжанні ЦК РКП(б). На паседжанні абмяркоўваюцца пытанні аб Украіне і Беларусі. Тэрыторыю яшчэ неўканстытуяванай Беларусі бальшавіцкі ЦК скарачае ўдвая: цалкам забірае ў склад Расіі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. А раз змяншаецца тэрыторыя Беларусі, змяншаецца і пазыка ёй (потым бальшавікі прыгорнуць да Расіі пэўныя часткі і Менскай губерні).

У 1989 г. яшчэ панавала КПСС, можна было крытыкаваць Сталіна, але нельга было чапаць свяшчэнную асобу Леніна. І таму ў сваёй дакументальнай аповесці Эрнэст Ялугін піша, што паседжанне ЦК, на якім вырашалася пытанне аб межах Беларусі, "праводзілася без удзелу У. І. Леніна, які хварэў пасля ранення". Ды не, Ільіч быў даўно здаровенькі і бадзёранькі.

Ад каго сыходзіла ідэя "абразання" Беларусі? Вядома толькі тое, што наркам нацыянальнасцяў Сталін разам з Дзяржынскім у студзені 1919 года знаходзіліся па-за Масквою, высвятлялі, чаму Перм апынулася ў руках "белых". Ці ўзгадняў з ім Ленін рашэнне ад 16 студзеня? Затое дакладна вядома, што адпаведны пункт у пратаколе пасяджэння ЦК РКП(б) уласнаручна рэдагаваў старшыня Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і сакратар ЦК РКП(б) Якаў Свярдлоў. Кожны можа ўбачыць фотакопію гэтага пратаколу ў кнізе "1 января 1919 года. Временное рабочее-крестьянское советское правительство Белоруссии".

* * *

Калі Масква вырашыла адарваць ад Беларусі тры ўсходнія губерні, а рэшту аб'яднаць з Савецкай Рэспублікай Літвы, у абарону тэрытарыяльнай цэласнасці і асобнасці Беларусі выступілі Мяснікян, Кнорынг ды іншыя "інтэрнацыяналісты". Супраць гэтага рашэння пратэставалі таксама Зміцер Жылуновіч, Зміцер Чарнушэвіч, Аляксандр Чарвякоў, Язэп Дыла, Ларывон Пузыроў, Фабіян Шантыр і Усевалад Фальскі. Часовы ўрад Беларусі быў падзелены на дзве часткі. Адну з іх прадстаўнік ЦК РКП(б) Адольф Іофе называў "нашымі", другую - беларусамі і лічыў, што "нашы" большыя нацыяналісты, чым беларусы. Ці маглі гэтыя дзве групы выступіць супраць рашэння Масквы салідарна? Ці дало б такое выступленне плён? Пытанні, па-мойму, рытарычныя. Асабліва калі ўзяць пад увагу, што ў Менск прыехаў Якаў Свярдлоў, і змусіў "нашых" падпарадкавацца Маскве.

* * *

Жылуновіч, калі на тое пайшло, - першы гісторык БССР. Ён не толькі кінуў у 1923 годзе кліч "Пара пісаць гісторыю рэвалюцыі!", але і сам напісаў працу пад загалоўкам "Да гісторыі Савецкае Беларусі", а потым быў шэраг публікацый, у тым ліку з падзагалоўкамі "Да гісторыі Савецкае Беларусі" і "Матар'ялы да гісторыі Савецкай Беларусі".

Эрнэст Ялугін прапанаваў нам разглядаць артыкулы Жылуновіча з гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі "перш за ўсё як пісьменніцкую публіцыстыку". Няхай так, але... Вось выдаў Алесь Жынкін творы Язэпа Лёсіка, вось выдалі Андрэй Вашкевіч і Алесь Пашкевіч грунтоўную кнігу Адама Станкевіча, вось выдаў я тры тамы твораў Антона Луцкевіча (два тамы улада нядаўна арыштавала) і адчуваю, што патрэбен том (а мо і двухтомнік) добра ўкаментаваных гістарычных, публіцыстычных і літаратурна-крытычных твораў Зміцера Жылуновіча.

Ці не ў сярэдзіне гэтага года Аляксандр Фядута сказаў мне, што ў архіве Віталя Скалабана маецца падрыхтаваная кніга твораў Жылуновіча з гісторыі рэвалюцыйнага руху. На жаль, гэта не так.

* * *

Выключаны з партыі, пазбаўлены пасад Зміцер Жылуновіч працаваў на менскім заводзе імя Варашылава. Пра тое, што акадэмік Жылуновіч "доўгі час" працаваў на заводзе, у кнізе ўспамінаў пра яго згадаў, здаецца, толькі адзін Мікола Хведаровіч.

На пачатку 1930-х некаторыя "знаўцы" марксізму спадзяваліся стварыць у Беларусі пралетарскую літаратуру, мабілізуючы ў яе "рабочых-ударнікаў". Праглядаючы зборнікі "Ударнікі", я звярнуў увагу на тое, што сярод аўтараў гэтых кніжачак не адзін чалавек з завода імя Варашылава. Ці не Жылуновіч натхніў іх на творчасць? Такое пытанне я задаў знаўцу таго перыяду ў гісторыі літаратуры Віктару Жыбулю. Цяпер чакаю адказу.

* * *

Прыехаўшы ў Піцер, малады Зміцер Жылуновіч уладкаваўся на завод "Вулкан", стаў там фрэзероўшчыкам, г. зн. кваліфікаваным рабочым.

Пралетарыят змагаўся за сваё вызваленне. Гэта праўда. І пралетарыят паступова дамагаўся пашырэння сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, паляпшэння свайго жыцця. Каб мець уяўленне пра тое, які быў матэрыяльны дастатак кваліфікаваных рабочых за царскім часам, я раю маім чытачам і суразмоўцам пачытаць знакамітую аповесць Максіма Горкага "Маці", хоць бы той яе раздзел, у пішацца аб першым заробку галоўнага героя, Паўла Уласава.

Сутнасць барацьбы пралетарыяту і яго сацыял-дэмакратычнай партыі заключалася ў тым, каб узвысіць працоўных у матэрыяльным і духоўным аспектах, каб рабочы падняўся да інжынера. (Як жылі за царскім часам інжынеры, чытайце "Блуканні па пакутах" Аляксея Талстога. Колькі пакояў было ў кватэры яшчэ нежанатага інжынера Івана Іванавіча Цялегіна?)

У нас ёсць піцерскі здымак фрэзероўшчыка завода "Вулкан" Зміцера Жылуновіча. З кадэцкай (!) газетай "Речь" пад пахай. "Просты савецкі чалавек", які не памятаў царскага часу і насіў ватоўку, зірнуўшы на гэты здымак, мог падумаць, што на ім - калі не буржуй, дык нейкі чыноўнік ці інтэлігент.

Як пачуваўся Жылуновіч, калі трапіў на завод імя Варашылава? Дзе атаварваў карткі на харчы і мануфактуру? Што ён думаў? Не мог жа ён не параўноваць узровень жыцця кваліфікаванага рабочага за савецкім і за царскім часам...

...Станіслаў Пятровіч Шушкевіч успамінаў: "Неяк восенню 1936 года (незадоўга да арышту. - А. С.) я сустрэў Цішку Гартнага на вуліцы з кошыкам. Ён ішоў прыгорблены і нёс дадому прадукты.

- Хварэю, - казаў ён, - ды і жонка з дачкою крыху занядужалі. А да гэтага яшчэ колькі непрыемнасцей. Некаторыя з тых, хто яшчэ нядаўна хіліўся да мяне, вышукваюць плямы на маім сумленні.

У вачах стамлёнага Цішкі Гартнага стаялі невыказны боль і горыч" .

3 лістапада 2012 г.

Анатоль Сідарэвіч


Пост у розных народаў свету

Пост - гэта аскетычная практыка жыцця, якая садзейнічае панаванню духоўна-маральных імкненняў над пачуццямі. Пост як феномен вядомы ва многіх рэлігіях свету, пачынаючы з найстаражытнейшых часоў.

Напрыклад, у старажытна-тыбецкай кнізе "Патымока" даюцца правілы, якімі кіраваліся манахі. Прытрымліваючыся розных абмежаванняў, ім трэба было заўсёды ўстрымлівацца ў ядзе і зусім не ўжываць спіртных напіткаў. Звычайныя манахі абавязаны былі ціха жыць з працягнутымі рукамі ў просьбе кавалка хлеба і есці абмежавана тое, што давалася, а багатым манахам катэгарычна забаранялася ўжываць мяса.

У паўночнаамерыканскіх жрацоў, бразільскіх піаі, паўднёваафрыканскіх жрацоў-фетышыстаў, аўстралійскіх і папуаскіх чараўнікоў, нойдаў лапароў, сібірскіх шаманаў так-сама існавалі свае правілы - абмежаванні. Усе гэтыя людзі павінны былі жыць у пастаянным пакаянні, у строгім посце. Сваім навучэнцам - пераемнікам яны загадвалі прытрымлівацца такіх жа правіл.

Іудаізм. Пост (3 Цар. 21,9; Неем. 9, 1; Іер. 36, 6) у іудзеяў цікавы тым, што ва ўсе часы небяспекі або агульных грамадскіх бедстваў у іх было прынята і лічылася рэлігійным абавязкам накладаць на сябе пост, г.зн. устрымлівацца ў ядзе, маліцца, прыносіць ахвяры. У Кнізе Суддзяў Ізраілевых чытаем: "Тады ўсе сыны Ізраілевы і ўвесь народ ... прыйшлі ў дом Божы і, седзячы там. плакалі перад Госпадам, і пасціліся ў той дзень да вечара, і ўзнеслі ўсеспаленні і мірныя ахвяры перад Богам " (Суд. 20, 26).

У II Кнізе Царстваў чытаем пра тое, як народ смуткаваў па прычыне гібелі першага іудзейскага цара Саула і сына яго Іанафана: "I рыдалі, і плакалі да вечара аб Сауле і аб сыне яго Іанафане, і аб народзе Гасподнім, і аб доме Ізраілевым, што загінулі яны ад мяча" (2 Цар 1, 12). З гэтай нагоды быў прыняты сямідзённы пост.

Вядома, што найстаражытнейшым і найважнейшым з'яўляецца пераклад Бібліі на грэчаскую мову. Ён быў выкананы 72-ма александрыйскімі вучонымі для егіпецкага цара Пталамея II Філадэльфа (ІІІ-ІІ стст. да Н.Х.). Аднак грэчаскі тэкст не прынялі іудзейскія равіны і дзень апублікавання перакладу Бібліі аб'явілі посным.

Да посту яўрэі ставіліся даволі строга. Посны дзень працягваўся суткі, з вечара да вечара, 24 гадзіны. Падчас посту яўрэі ўстрымліваліся не толькі ад ежы, але і іншых пачуццёвых патрэб. Пры гэтым апраналіся ў грубае адзенне, не абувалі сандалі, пасыпалі галаву попелам, не мылі рук і ўвогуле не ўмываліся. Сінагогі ў посныя дні напаўняліся стогнам, крыкамі, плачам, поўным смтку і раскаяння (Іс. 22, 12).

Хоць для яўрэяў быў прадпісаны толькі адзін пост - у вялікі дзень Ачышчэння, у дзясяты дзень сёмага месяца (Лев. 16, 29), аднак пазней, як бачым, у знак памяці тых або іншых сумных падзей былі ўстаноўлены яшчэ розныя посныя дні. Іх у еўрапейскім календары стала 28, аднак усе яны не маюць агульнай абавязковай сілы.

Іслам - рэлігія, абвешчаная прарокам Магаметам (571-632 гг. пасля Н.Х.), патрабуе веравання ў адзінага ўсемагутнага Алаха (Бога). Пры Магамеце стала забаронена мусульманам ужываць у ежу свініну і піць віно.

Спачатку быў уведзены аднадзённы пост, потым адменены і замест яго ўстаноўлены месяц посту Рамадан.

Рамадан (араб.) ці Рамазан (турэцк.) - гэта строгі пост, прыходзіцца ён на дзявяты месяц календара. Пачынаючы з таго моманту сутак, калі становіцца магчымым адрозніць белую нітку ад чорнай і да захаду сонца, мусульманам забаронена есці, піць, мець зносіны з жонкай. Каран не дазваляе ў гэты час нават ставіць клізмы, купацца, удыхаць пахучы водар, праглынаць сліну, цалаваць жанчыну. Хто прымае лякарства, павінен для ачышчэння накарміць беднага чалавека, жабрака. Падчас посту спыняюцца ўсякія гандлёвыя адносіны, і нават зніжаецца дзяржаўная дзейнасць. Самыя важныя дыпламатычныя справы пераносяцца на наступны месяц. Ад захавання посту вызваляюцца толькі парадзіхі і асобы, якія падарожнічаюць.

Заканчэнне посту адзначаецца ўрачыстым святам.

У розных мусульманскіх краінах на пост Рамадан прыходзяцца святы, устаноўленыя ад сваіх мінулых вераванняў, таму шэраг традыцый і абрадаў у кожнага народа мае свае асаблівасці.

Будызм. Адзначым, як строгае аскетычнае жыццё, устрыманне ад ежы і іншых пачуццёвых жаданняў дапамагло станаўленню заснавальніка будызму.

У палавіне VI ст. (па меркаванні іншых - у пачатку V ст. да Н.Х.) у сям'і цара індыйскага племені сакіяў Судгадана нарадзіўся хлопчык Гаўтама. Вырас у вялікай раскошы, у 19 гадоў ажаніўся. Дачакаўшыся нараджэння свайго сына, пакінуў сям'ю і стаў пустэльнікам. Абмяжоўваў сябе ва ўсім, вёў аскетычны лад жыцця, увесь час праводзіў у разважаннях аб сэнсе жыцця, аб прызначэнні чалавека на зямлі. Меў сваіх вучняў.

Некаторы час, далучыўшыся да сяброў бацькі, глыбока вывучаў асновы індыйскай філасофіі.

Не задаволіўшыся гэтым вучэннем, зноў пайшоў у пустэльныя мясціны, шмат пасціўся. I тут для яго прыйшло адкрыццё, што ён - Буда, што да яго ўжо былі 24 такія прарокі. Пасля кожнага Буды яго рэлігія развівалася, квітнела, потым забывалася.

Гаўтама паверыў, што ён - 25-ы Буда, і стаў прапаведаваць сваё вучэнне. У дрымучых лясах у суровым посце з пяццю вучнямі ён пражыў шэсць з паловай гадоў, самаўдасканальваўся. Слава аб ім разнеслася па ўсім свеце. Такім чынам, адмовіўшыся ад усіх зямных дабротаў, пры аскетычным ладзе жыцця, пастаянна захоўваючы пост, Гаўтама стаў заснавальнікам новай рэлігіі.

Набожныя будысты вераць, што быў час, калі ён, Буда, пасціўся сем разоў па сем сутак, і кожны раз архангел Брама з'яўляўся да яго на гутарку і даваў парады.

Усім сваім жыццём Гаўтама сцвярджаў, што ён, прапаведуючы свету сваю рэлігію, кіруецца пачуццём любові і спачування да бліжняга. А такога пачуцця чалавек можа дасягнуць толькі праз пост.

(Працяг будзе.)

Ксёндз-пробашч Менскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены У. Завальнюк , магістр тэалогіі.


Талака ў Багацькаўцы

Сёмага лістапада 2012 адбылася талака ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва ў Багацькаўцы на радзіме братоў Гарэцкіх. Дзевяць магілёўцаў на двух легкавіках разам з супрацоўнікамі краязнаўчага музея з Мсціслава пасадзілі ружы ў кветніку, які залажылі летась каля хаты Гарэцкіх, і разам рамантавалі памятны знак. А пасля наведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваныя Ахрасіння і Іван Гарэцкія. Неабходна было агледзець, у якім стане знаходзіцца агароджа і які аб'ём працы выпадае нам на вясну. А паколькі дарогу разаралі і на машыне немагчыма было даехаць, то на могілкі прыйшлося дабірацца на мясцовым гужавым транспарце. Апасля ўсіх гэтых прыгод магілёўцы, пачаставаўшыся прысмакамі ў Мсціслаўскай кавярні, накіраваліся на Смаленшчыну, дзе наведалі вёску Пятровічы - радзіму пісьменніка-фантаста Айзека Азімава. Калісьці гэта была тэрыторыя Магілёўскай губерні. З цяжкасцю адшукалі памятны знак і дужа былі засмучаныя, што шыльда з памятнага знака скрадзена і ўсё парасло быльнягом. Прыйшлося прыбраць крыху помнік і зараз мяркуем, як у наступным годзе вырашыць праблему з шыльдай Айзеку Азімаву.

Алег Дзьячкоў, г. Магілёў.


У Старых Дарогах усталявалі помнік Анатолю Беламу

Да гадавіны з дня смерці навукоўца, асветніка, калекцыянера Анатоля Белага ля яго сядзібы ўсталявалі помнік.

Бюст зрабіў народны мастак Беларусі Ўладзімір Лятун.

Бюст усталяваны на вялікім 12-тонным валуне, які быў знойдзены ў Старадарожскім раёне.

Помнік Беламу стаў у шэрагу іншых помнікаў выбітным дзяржаўным дзеячам, паэтам, артыстам, святым, якія ён усталяваў на сваёй сядзібе.

Дзякуючы намаганням Белага, былі знойдзеныя пляцоўкі і сродкі для ўсталявання помніка Святой Ефрасінні Полацкай ў Полацаку, Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі, Ларысе Геніюш у Зэльве, а таксама з'явіўся знакаміты ансамбаль помнікаў беларускім дзеячам у дворыку БДУ, дзе Анатоль Белы працаваў з 1968 года.

На ўрачыстае адкрыццё помніка Беламу ў Старых Дарогах, дзе ён пахаваны, прыехалі ягоная ўдава Ала Мікалаеўна, дачка Святлана, сваякі, сябры клубу "Спадчына", краязнаўцы, мясцовыя актывісты. Некалькі дзясяткаў чалавек выступілі на адкрыцці помніка, згадваючы сябра і калегу. Падчас выступаў прагучала, што і музей, які стварыў у Старых Дарогах на сваёй сядзібе Анатоль Белы, і які ўтрымлівае каля 1700 твораў выяўленчага мастацтва, і клуб "Спадчына", заснаваны ў 1984 годзе, працягваюць працаваць.

Музеем зараз апякуецца стрыечны брат Анатоля Міхась Белы, а фармальна ён належыць ўдаве Але Мікалаеўне. Як распавяла дачка А. Белага Святлана, у музей людзі прыходзяць групамі і паасобку, цікавасць да калекцыі Анатоля Белага застаецца.

Падрыхтаваны да друку Дыяруш "Спадчыны", укладзены сябрамі клубу і том успамінаў пра Анатоля Белага.

Паводле Радыё Свабода.


Уладзімір Арлоў: Беларусы маюць еўрапейскую будучыню

У аўторак, 13 лістапада, у Магілёве адбылася прэзентацыя кнігі "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае" з удзелам аўтараў - пісьменніка Уладзіміра Арлова і мастака Зміцера Герасімовіча. Гасцямі вечарыны, арганізатарамі якой сталі Магілёўскі гарадскі цэнтр культуры і адпачынку і гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны, сталі больш за 120 магілёўцаў.

Прэзентацыю новага ілюстраванага выдання пра нашу Радзіму У. Арлоў пачаў з камплімента магілёўцам: "Я вельмі рады ізноў наведаць гэты старажытны прыгожы горад, які мяне заўсёды натхняе. Імя вашага цудоўнага горада дзясяткі, можа, і сотні разоў сустракаецца ў гэтай кнізе".

Таксама пісьменнік адзначыў, што гэта фактычна другая пасля менскай прэзентацыя кнігі, якая гэтым разам прысвечана 490-годдзю заснавання друкарні Мамонічаў у Вільні - першай друкарні на этнічна беларускай тэрыторыі.

Адносна самога выдання сп. Арлоў адзначыў, што гэта кніга прысвечана дзяржаватворчай ролі нашых продкаў, якія называлі сябе ліцвінамі, паколькі "Вялікае Княства Літоўскае - гэта найперш наша дзяржава, а найменні "Літва" і "ліцвіны" на працягу стагоддзяў існавалі на нашых землях".

Адметнасць кнігі "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", якая фактычна з'яўляецца ілюстраванай гісторыяй нашай сярэднявечнай дзяржавы, - сам яе змест, які храналагічна не абмяжоўваецца межамі існавання ВКЛ. Паводле У. Арлова, 16 з 70 раздзелаў гэтай кнігі прысвечаны падзеям, што адбыліся ўжо пасля 1795 года, калі гістарычны гадзіннік адлічыў апошнія дні існавання самастойнай беларускай дзяржавы. Больш за тое, у новым выданні храналогія гістарычных падзей працягваецца фактычна да нашых дзён!

Што да мовы выдання, то, па словах Уладзіміра Арлова, аўтары імкнуліся пазбягаць сухога акадэмічнага стылю і нават змясцілі некалькі гістарычных анекдотаў.

Мастак Зміцер Герасімовіч адзначыў, што новае выданне змяшчае больш за 2000 фотаздымкаў і ілюстрацый, якія аўтары адабралі з больш чым 10 000! Яшчэ адной адметнасцю выдання з'яўляецца, паводле З. Герасімовіча, тое, што ў ім размешчаны бліскучыя мастацкія рэканструкцыі нашых сярэднявечных гарадоў і замкаў.

Уладзімір Арлоў так-сама дадаў, што ў кнізе згадваецца шмат гістарычных падзей і фактаў, малавядомых шырокаму колу чытачоў. Напрыклад, тое, што на працягу 40 дзён у 1939 г. Вільня ўваходзіла ў склад БССР, а ў самім горадзе адбываліся мітынгі і сходы, прысвечаныя "далучэнню навечна" старажытнай беларускай сталіцы да этнічна беларускіх земляў. "А маёй самай любімай ілюстрацыяй, - працягваў У. Арлоў, - з'яўляецца фотаздымак банкета ў Гародні, прысвечнага абвяшчэнню БНР".

Напрыканцы вечарыны пісьменнік зрабіў выснову: "У гэтай кнізе мы сцвярджаем, што беларусы - гістарычна, культурна, ментальна - еўрапейскі народ. У нас еўрапейская гісторыя - гэта пропуск у нашу еўрапейскую будучыню".

І хоць на самой прэзентацыі, на вялікі жаль, нельга было набыць кнігу, пасля заканчэння вечарыны да аўтараў выдання па аўтограф утварылася ладная чарга. Аказалася, што магілёўцы прыйшлі на імпрэзу з набытымі загадзя кнігамі, некалькі дзясяткаў асобнікаў якой, што паступілі ў продаж у магілёўскія кнігарні, разышліся за пару дзён! І гэта пераканаўчы сведчыць, што мае рацыю Уладзімір Арлоў, а беларусы памятаюць сваю гісторыю і хочуць мець сапраўдную еўрапейскую будучыню.

Юрась Каласоўскі, Магілёў.


Урок-свята беларускай мовы

Вершы, спектаклі, пачастункі - так выглядае ўрок беларускай мовы ў пачатковай школе № 6 у Гайнаўцы. Настаўніца Людміла Грыгарук часта ладзіць адмысловыя ўрокі-святы, каб заняткі былі цікавыя і займальныя:

- Гэта такі незвычайны, урачысты ўрок, урок-свята, можна сказаць, пад назвай "Праводзіны восені". Мы падрыхтавалі кароткую інсцэніроўку пад загалоўкам "Восень", дэкламатарскі конкурс. Дзеткі вывучылі вершы пра восень, загадкі. Запрашаем першакласнікаў. Вельмі прыемна, калі прыйдуць іншыя малодшыя вучні. Старэйшыя пакажуць ім тое, што падрыхтавалі.

На ўрок да вучняў чацвёртага класа прыйшлі першакласнікі, якія сталі гледачамі прадстаўлення. У падрыхтоўцы да свята прымалі ўдзел так-сама бацькі вучняў, якія рыхтавалі касцюмы і пачастунак.

Наталля Герасімюк , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Памяці Міхася Ткачова

На Дзяды ў Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбылася вечарына памяці галоўнага рэдактара выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя", першага старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, доктара гістарычных навук прафесара Міхася Ткачова (1942-1992). Вечарыну адкрыла першая намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім.

Успамінамі пра свайго земляка і старэйшага калегу з прысутнымі падзяліўся старшыня ТБМ, ветэран Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў. Ён расказаў пра бацькоў Міхася Ткачова і яго братоў, аб яго ролі дэмакратычным руху канца 1980-х - пачатку 1990-гг.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, былы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Мікалай Крыжаноўскі засяродзіў увагу прысутных на тым, што Міхась Ткачоў быў з тых, хто ўмее яднаць людзей, а не раз'ядноўваць. Ён выказаў упэўненасць, што беларуская сацыял-дэмакратыя пазбегла б шмат якіх праблем, калі б жывым заставаўся першы старшыня БСДГ. Мікалай Крыжаноўскі расказаў таксама пра Алеся Каралёва, брата Міхася Ткачова, настаўніка гісторыі, сацыял-дэмакрата, які таксама рана пакінуў нас.

У гісторыі бываюць такія моманты, сказаў галоўны рэдактар тыднёвіка "Новы час", былы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), кандыдат гістарычных навук Аляксей Кароль, што зваротныя рухі ў грамадскім і палітычным жыцці адбываюцца з прычыны адсутнасці ў грамадстве людзей надзеленых пэўнымі якасцямі. На думку прамоўцы, магчыма, калі б Міхась Ткачоў не памёр так рана, падзеі ў Беларусі развіваліся б інакш. Аляксей Кароль таксама падзяліўся ўспамінамі аб сустрэчах і размовах з Міхасём Ткачовым.

Пра супольную працу, сустрэчы і размовы з Міхасём Ткачовым, аб яго ролі ў патрыятычным выхаванні моладзі апавядаў малодшы калега Міхася Ткачова, археолаг, кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі.

Закрываючы вечарыну, старшыня Менскай гарадской арганізацыі БСДП Анатоль Сідарэвіч падзякаваў усім, хто прыйшоў ушанаваць памяць выдатнага гісторыка, энцыклапедыста і палітычнага дзеяча.

Наш кар.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Суша Тамара - 50000 р., г. Менск

2. Лопух Людміла - 50000 р., Наваградскі р-н.

3. Раманчык Надзея - 50000 р., Навагр. р-н.

4. Марачкін Аляксей - 40000 р., г. Менск

5. Стадуб Іван - 15000 р., г. Менск

6. Пухоўская Юлія - 20000 р., г. Менск

7. Фурс Антон - 100000 р., г. Паставы

8. Сяргееў В.П. - 95000 р., Крупскі р-н.

9. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

10. Максімчук Р.У. - 200000 р., г. Менск

11. Невядомы - 50000 р., г. Менск

12. Ражкоў Леанід - 300000 р., г. Менск

13. Лазарук Тамара - 30000 р., г. Менск

14. Краўцоў Васіль - 100000 р., г. Гомель

15. Птушко Сяргей - 30000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н.

16. Талерчык А.С. - 50000 р., г. Гродна

17. Раманік Т.І. - 100000 р., г. Менск

18. Павідайка В. М. - 70000 р., г. Менск

19. Садоўскі Мікола - 35000 р., г. Менск

20. Ліхашэрст Макар - 25000 р., г. Менск

21. Саўліч М. - 100000 р., в. Падсвілле, Глыбоцкі р-н

22. Восіпава А - 50000 р., г. Гомель

23. Раманцэвіч Валянціна - 50000 р., г. Менск

24. Шып Кірыл - 10000 р., г. Менск

25. Васільчанка Мікалай - 20000 р., г. Менск

26. Чайкоўскі Павел - 40000 р., г. Менск

27. Чэчат Алесь - 50000 р., г. Менск

28. Лемеш Алена - 20000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Цэзары Каменскі

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)

Праз нейкі час, скарыстаўшыся праездам імператара Аляксандра I праз Ружаны па Слонімскім гасцінцы, Каменскі упаўнаважыў настаяцеля Ружанскага базыльянскага манастыра Марціноўскага асабіста падаць скаргу цару ад імя ўсяго ордэна. Трэба сказаць, што на горад Слонім праз Нарву, Мітаву, Рыгу, Вільню ішоў тады самы галоўны гасцінец - дарога з Пецярбурга ў Заходнюю Еўропу. Імператар Аляксандр, які у той час шмат вандраваў, часта праязджаў праз Слонім, але ніколі там не спыняўся, бо заўжды начаваў на другой станцыі ад горада - у Ружанах, у тамтэйшага прыходскага святара Бабровіча, якога вельмі паважаў. У прашэнні прадстаўленым імператару 12 студзеня 1823 г. іераманах Марціноўскі просіць "яго вялікасць не прыводзіць у выкананне распараджэнняў міністэрства духоўных спраў, якія маюць мэтай скасаванне ордэна і дазволіць ордэну даслаць у сталіцу сваіх дэпутатаў для абароны …" . Гэта "дзёрзкая" выхадка не спадабалася цару. Ён загадаў адмовіць просьбіту. У сакавіку 1823 г. 2-гі дэпартамент запатрабаваў ад правінцыяла ордэна растлумачыць нагоду "супрацьзаконнага дзеяння".

Тлумачачы свае дзеянні, Каменскі пісаў, што ён "шчаслівы, што мае магчымасць даць ... тлумачэнне вышэйшаму ў імперыі органу, каб абараніць правы базыльянскага ордэна". Па яго меркаванні, падставамі існавання і валодання маёмасцю ордэна ёсць: 1.Унутранае пакліканне да манаства.... 2. Згодна з 4-м Халкідонскім саборам, манастыры высвечаныя біскупам, павінны заставацца манастырамі, а прыналежныя ім рэчы застаюцца за імі... , далей ён спасылаецца на Трыдэнскі, Кобрынскі і Замойскія саборы, на прывілеі каралёў Рэчы Паспалітай і ўказы цара аб тым, што манастырскія маёнткі маюць правы казённых маёнткаў. 3. Кожны павінен клапаціцца пра дабрабыт свайго ордэна (з манаскай прысягі). "Па гэтых прычынах , - працягвае Каменскі, - 12 студзеня 1823 г. я звярнуўся да заступніцтва гасудара з просьбай, але яшчэ раней, 29 кастрычніка 1822 г. я прасіў заступніцтва князя Галіцына і мітрапаліта Булгака, менавіта: пасля атрымання ўказаў з калегіі ад 16 і 31 кастрычніка, у якіх не толькі парушаюцца ўказаныя правы і прывілеі, але і прысутнічае пагроза скасавання самога ордэна. Чаго ж больш чакаць? Самыя багатыя манастыры будуць перароблены ў семінарыі, а найболей бедныя пойдуць на карысць белага духавенства" . Да рапарта правінцыяла былі дададзены 1) даверанасць, дадзеная іераманаху Марціноўскаму ад імя ўсяго ордэна, якую падпісалі: Цэзары Каменскі, правінцыял; Язафат Жарскі, літоўскі кансультар, доктар філасофіі; Тадэвуш Маеўскі, доктар філасофіі, сакратар Літоўскай правінцыі, і 2) тлумачэнне Марціноўскага ад 23 сакавіка 1823 г. пра дадзеные яму даручэнне.

6 лютага 1823 г. міністр духоўных спраў і народнай асветы даручыў 2-му дэпартаменту (духоўных спраў - Л.Л. ) на падставе архіваў вызначыць памеры манастырскіх фундушаў. Разбор архіва 2-га дэпартамента выявіў немагчымасць зрабіць гэта. Таму для праверкі капіталаў манастыроў калегія міністэрства звярнулася да епархіяльных кансісторый, г.зн. да кіраўніцтва белага духавенства, ініцыятара гэтай справы.

Кансісторыя выказала намер заняць пад семінарыю Віленскі Свята-Траецкі і Жыровіцкі манастыры. Менавіта ў гэтых манастырах былі сабраны галоўныя сілы базыльянаў, тут была вышэйшая школа ордэна. Так сама ўсе манастыры якія мелі прыход, падлягалі скасаванню, г.зн. з 39 касаваліся 23 манастыры.

У 1819 г. Берасцейскі капітул прыняў рашэнне арганізаваць у Супрасльскім манастыры семінарыю і прасіў для гэтага дапамогі ў ордэна. Манастыр знаходзіўся ў дрэнным стане, быў заняты артылерыйскімі складамі і не меў спраўных памяшканняў для планаванай семінарыі на 30 чалавек і вучэльні на 70 (дзяцей бедных святароў у Берасцейскай епархіі было болей за 100). Літоўскі правінцыял Цэзары Каменскі у сваім лісце ў кансісторыю ад 14 лютага 1823 г. пагадзіўся з меркаваннем белага духавенства. Але з-за ўрадавага рашэння пра скасаванне базыльянскіх школ, нічога не атрымалася. Быценскі манастыр кіраўніцтва базыльянаў жадала пакінуць для сваіх навіцыяў і ў гэтым пытанні прыйшло да згоды з белым духавенствам. Тараканскі манастыр, знаходзіўся на ўскраіне епархіі і таму быў нязручны для семінарыі, але яго фундушы белае духавенства жадала аддаць планаванай Жыровіцкай семінарыі ці на ўтрыманне жаночага інстытута для дачок святароў. Найболей зручным для епархіяльнай семінарыі лічыўся Жыровіцкі манастыр, у якім маглі размясціцца таксама кансісторыя і біскупская кафедра. Кіраўніцтва ордэна прапанавала для гэтых мэт Супрасльскі манастыр, а Жыровіцкі жадала пакінуць за сабой, бо ордэн ужо меў у ім публічную свецкую школу. Аднак жаданне Берасцейскай кансісторыі забраць Жыровіцкі манастыр у ордэна было цвёрдым . У сваю чаргу, Віленская мітрапалічая кансісторыя вырашыла арганізаваць сваю епархіяльную семінарыю і ў Віленскім Свята-Траецкім базыльянскім манастыры. У гэтым манастыры жылі манахі ўсіх уніяцкіх правінцый якія вучыліся ў семінарыі пры Віленскім універсітэце і знаходзілася публічная свецкай вучэльня.

П.О. Баброўскі піша што планы абедзвюх кансісторый пакуль што "не адпавядалі ні прапанове міністра, ні мэце мітрапаліта Булгака захаваць у руках базыльянскага ордэна галоўныя манастыры" . Абарону інтарэсаў базыльянскага ордэна прыняў на сябе літоўскі правінцыял, у той час яшчэ і архімандрыт Лешчынскага манастыра Цэзары Каменскі са сваімі кансульторамі і вучонымі багасловамі Свята-Траецкага Віленскага манастыра. Як пісаў П.О. Баброўскі: "З першых жа дзеянняў правінцыяла было бачна, што яны не жадалі прызнаваць распараджэнняў міністэрства" . Каменскі заручыўся падтрымкай М.М. Навасільцава, які у 1823 г. прыбыў у Вільню па справе філаматаў, базыльяне пісалі скаргі, артыкулы ў перыядычным друку і здолелі замарудзіць ліквідацыю базыльянскіх манастыроў. Напрыклад, 5 красавіка 1823 г. літоўскі правінцыял тлумачыць 2-му дэпартаменту калегіі, што на працягу паўгода ён не ў стане выканаць загаду пра манастыры і просіць падоўжыць тэрмін яшчэ на паўгода, правінцыял падае 2-му дэпартаменту скаргу на Берасцейскую і Віленскую кансісторыі: "Трэба мець на ўвазе, што 1) кансісторыя да базыльянаў становіцца ў становішча пазоўніка (у юрыдычным сэнсе - Л. Л.) і таму не можа сама быць суддзёй у справе … і 2) што кансісторыя ... ужо вызначыла свае права на манастыры, быццам бы захопленыя базыльянамі. Тым часам, разглядаючы архіў, я цяпер адшукаў сапраўдныя дакументы іншага роду: гэта - распараджэнні папы на далучэнне Антопальскага прыходскога фундуша … да манастырскага ... і дазвол мітрапалітаў на падобныя ж далучэнні бедных і нічога не значных прыходскіх фундушоў да манастырскіх … Таму 3) правінцыял мае справядлівую падставу прасіць дэпартамент вызваліць яго ад падачы дакументаў у кансісторыю, бо яна стала пазоўнікам". Скарга Каменскага мела поспех, 2-і дэпартамент калегіі зрабіў саступку: ён загадаў кансісторыям задаволіцца праверкай прабелаў складзенай у 1809 г. ведамасці пра манастыры, патрабуючы ад правінцыяла толькі дадатковых папер з абавязковым іх зваротам яму. Літоўская правінцыя была вызвалена ад неабходнасці шукаць самой на сабе кампраментуючыя дакументы. Напачатку 1824 г. Каменскі бароніць Віленскі Свята-Траецкі манастыр: "Віленская кансісторыя працягвае настойваць на высыланні дакументаў. Цалкам падпарадкоўваючыся распараджэнням урада, які прызнаецца уладай Божай на зямлі, лічу сябе змушаным спытаць: ці абавязаны я задаволіць патрабаванні епархіяльнай кансісторыі адносна высылання ўсіх дакументаў пра манастыры Віленскай епархіі, не гледзячы на цяжкасці, выдаткі і небяспеку перасылання? Тым часам, кансісторыя, з вопісу 1809 г. лічыць сваёй уласнасцю фундушы Віленскага базыльянскага манастыра. Просім усё ж пакорна калегію … прыняць нас пад сваю абарону, даць нам сродкі растлумачыць няправільнасць абвінавачвання і звярнуць увагу на нашу моладзь якая вучыцца, сабраную з усіх правінцый нашых пры Віленскім універсітэце, на немач старцаў нашых, што страцілі сілы ў грамадскай службе і змешчаны ў манастыр для збаўлення ад пакут, бо ім тут лягчэй атрымаць медычную дапамогу..., на гатовасць нашу зрабіць усякія ахвяры для свецкага кліру, толькі без уласнай згубы, і, нарэшце на адзіную аснову, на якой Пацеі, Канцэвічы, Руцкія заснавалі святое яднанне і ўзнеслі яго на вышыню …" .

Каменскі зацягнуў падрыхтоўку дакументаў пра манастыр больш чым на два гады: увесь 1824 г. і пачатак 1825 г. прайшлі складанні ім вопісаў манастыроў Літоўскай правінцыі. Першыя зробленыя ім вопісы 16 манастыроў прадстаўлены у 2-гі дэпартамент калегіі 24 верасня 1824 г., а 23-26-га красавіка 1825 г. прадстаўлены вопісы яшчэ 39 манастыроў. Аднак Віленская і Берасцейская кансісторыі выразілі недавер гэтым вопісам і зноў пачалі патрабаваць праверкі.


5 красавіка 1824 г. пакінуў пасаду апекуна навучальнай акругі князь Адам Чартарыйскі, а 15 траўня пазбавіўся пасады міністра духоўных спраў і народнай асветы князь А. Н. Галіцын Гэта былі людзі, на падтрымку якіх маглі разлічваць базыльяне. Замест іх былі прызначаны адпаведна Навасільцаў і адмірал Шышкоў. Гісторык Баброўскі П.О. пісаў: "Пасля паўстання грэкаў і іншых падзей у Еўропе рашуча спыняецца падтрымка ўрадам базыльянскага ордэна, хутка змяншаецца пратэкцыя князя Галіцына, а калі кіраванне справамі рускай грэка - уніяцкай царквы перайшло ў рукі Аляксандра Сямёнавіча Шышкова, знакамітага патрыёта ... і самага руплівага прыхільніка славянскай навукі ў Расіі, калі ... паў Галіцын і узмацнілася слава Аракчэева, базыльянскі ордэн, найболей моцны ў літоўскай Русі, які прадстаўляў энергічны правінцыял Каменскі і яшчэ падтрымоўваў Булгак, страціў раптам сваю ўстойлівасць..." .

Спачатку літоўскі правінцыял Каменскі і яго кансультары знайшлі падтрымку ў Навасільцаў М. М. і рэктара Віленскага ўніверсітэта Пелікана В.В. Цікава чытаць у Баброўскага П.О. крытыку Навасільцава за падтрымку базыльянаў. Наваісльцаў - чалавек з вельмі вызначанай рэпутацыяй, абвінавачваецца як празмерны заходнік выгадаваны ў Англіі "на неўласцівых Расіі канстытуцыйных установах"! І сапраўды Навасільцаў, спачатку, у 1826-27 гг., заступаўся за ордэн перад новым міністрам Шышковым, звяртаючы яго ўвагу на высокі ўзровень базыльянскай адукацыі ў параўнанні з "разбэшчанасцю" духавенства якое атрымала адукацыю ў епархіяльных семінарыях , але хутка ён перастаў бараніць ордэн.

З прыходам новага імператара Мікалая I у гісторыі базыльянскага ордэна і ўсёй уніяцкай царквы пачаўся новы, апошні перыяд існавання.

Пры канцы 1825 г. мітрапаліт Булгак, склікаў "вялікую кансульту", з прадстаўнікоў Берасцейскага капітула і Літоўскай базыльянскай правінцыі з мэтай пагаднення інтарэсаў ордэна і белага духавенства. У камісію ўвайшлі: старшыня біскуп-суфраган Леў Яворскі, ад белага духавенства - афіцыял Антон Тупальскі і заемец месца віца-афіцыяла Міхал Бароўскі, ад манаскага саслоўя - літоўскі правінцыял Цэзары Каменскі з кансультарамі. Нарады вялікай кансульты ў Жыровічах пачаліся ў снежні 1825 г. Верагодна апагеем вялікай кансульты, было паседжанне 21 студзеня 1826 г. на якім абодва бакі не змаглі пайсці на кампраміс, нават перад ужо відавочнай небяспекай ліквідацыі сваёй царквы, пасля чаго адбыўся канчатковы разрыў паміж белым духавенствам і базыльянамі. У лісце ад 21 студзеня 1835 г. да настаяцеля Віленскага Траецкага манастыра Віктара Басяцкага прафесар і ўніяцкі святар Міхал Баброўскі пісаў: "Падчас знаходжання цяперашняга нашага мітрапаліта ў Жыровічах ... я, як чалавек на пасадзе сурагата Берасцейскага капітула, браў ўдзел ў перамовах паміж белым духавенствам і ордэнам адносна семінарскіх фундушоў, ... на прапанову мітрапаліта, каб ордэн саступіў некаторыя манастыры і сумы на карысць семінарый белага духавенства, .... правінцыял Каменскі заявіў, што па пасадзе сваёй, ён прысягай абавязаны захоўваць у цэласці ўсё фундушы свайго ордэна, што ордэн утрымоўвае на свае сродкі семінарыю ў Лаўрышаве для тых, хто рыхтуецца ў белыя святары і што, калі ёсць у тым патрэба, ён гатовы паспрабаваць адчыніць семінарыю для клірыкаў яшчэ і ў другім манастыры" . Істотна, што ў гэтым лісце Міхал Бароўскі - аўтарытэтны святар і навуковец выказаў сваё стаўленне да праблемы: "Калі справа ішла пра адабранне вялікіх манастыроў, як Жыровіцкі і Віленскі … і калі жадалі ператварыць меншыя манастыры ізноў у цэрквы на падставе што яны паўсталі з прыхадскіх цэркваў … я ў лісце да афіцыяла Тупальскога … раіў берагчы базыльянскі ордэн, як адзіную апору нашай уніі, адняўшы ці аслабіўшы якую, адно духавенства не ў сілах будзе выстаяць у ўніі. Ордэн, які кіруецца магутнай карпарацыяй і можа знайсці дарогу да ўплывовых асобаў, валодае сілай абараніць унію, тады як … белае духавенства рассыпанае дробнымі сем'ямі, галечаю прыгнечанае, нават сваіх дабрачынных баіцца, таму пры усякіх абяцаннях паляпшэння побыту ці пад ценем пагрозы, яно, як вагаецца трыснёг пад ветрам, лёгка схіліцца на той ці іншы бок".


У лістападзе 1825 г. Каменскі, ужо вельмі хворы чалавек, пакінуў пасаду правінцыяла і ад'ехаў ў свой Лешчынскі манастыр .

9 кастрычніка 1827 г. быў выдадзены ўказ, па якім у базыльянскія манастыры маглі паступаць толькі тыя, якія: "маюць дастатковыя пазнанні ў славянскай мове і ў чыне грэцкага набажэнства..." , 24 кастрычніка міністр Шышкоў, верагодны аўтар гэтага ўказу, даручыў 2-му дэпартаменту калегіі пачаць выконваць гэты ўказ. У наступным 1828 г. базыльянскія манастыры былі перададзены ў кіраванне кансісторыям. 17 студзеня калегія вырашыла зачыніць базыльянскія манастыры, і 27 красавіка 1828 г. цар зацвердзіў гэтае рашэнне. Ордэн на тэрыторыі Беларусі быў знішчаны, базыльяне засталіся толькі ў Свята - Траецкім Віленскім манастыры, дзе была іх семінарыя, але ў 1831 г. і гэты манастыр быў зачынены, а манахі раскасіраваны. Пасля 1831 г. да шасцідзесятых гадоў у межах Расіі базыльяне засталіся толькі ў пяці манастырах Царства Польскага, а менавіта: у Варшаве, Узгорку, Белай, Любліне і Замосці.

Цэзары Каменскі памёр у 1827 г. у кляштары Лешч пад Пінскам. Віленскі прафесар батанікі Юндзіл згадваў: "Памёр 20 сакавіка 1827 г. …узорны, сціплы, у навуцы сваёй грунтоўны, пільны, руплівы аб студэнтах і славе ўніверсітэта, пакінуў службу праз слабасць здароўя. Смерцю сваёй засмуціўшы вучняў і сяброў сваіх" .

Леанід Лаўрэш


ЯШЧЭ ПРА "ЛІЦВІНАЎ"

Пакуль я рыхтаваў свой артыкул "Пра назву нашай краіны і іншае" (Наша слова. 2012. № 44), выкліканы палемічнымі матэрыяламі Э. Ялугіна, У. Лупакова, М. Шаравара, у "Нашым слове" (№ 41) Э. Ялугін даў яшчэ адзін артыкул - "Ці здымаць шапку Эрнэсту і Здзіславу?" І тут, як і раней, ён цвёрда трымаецца тых самых сваіх поглядаў на тэрміны ліцвін, беларус, русін, беларусін і г.д. Таму ёсць патрэба прывесці дадаткова некалькі аргументаў на карысць таго, што нашых продкаў называлі "ліцвінамі" (або "літоўцамі" ) не толькі самі сябе жыхары Вялікага Княства Літоўскага, але і нашы суседзі з усходу.

У 1955 годзе ў выдавецтве АН СССР выйшла кніга Аўраамія Паліцына "Сказание" (348 с.) з вялікай прадмовай і такімі ж вялікімі каментарыямі. А. Паліцын - пісьменнік Масковіі першай паловы XVII ст. Ягоная названая кніга ўпершыню з'явілася ў 1620 г. У ёй распавядаецца пра перыяд так званай "смуты", калі на баку аднаго з супрацьлеглых станаў дзейнічалі і войскі Рэчы Паспалітай (пераважна войска Вялікага Княства Літоўскага).

Ядро кнігі - гісторыя аблогі Троіцка-Сергіеўскага манастыра з 23.09.1608 г. да 12.01.1610 г. Манастыр быў першакласнай для таго часу цвердзю на шляху да Масквы з поўначы. У кнізе А. Паліцына шмат разоў сустракаюцца словы "литовцы" , "литовский" , напрыклад: асаду ўчынялі "люди литовские и русские изменники" , "множество пеших людей литовских... устремишяся к монастырю со всех сторон с лествицы и с щитами и с тарасы рублеными на колесах ".

Яшчэ такі прыклад. М.Ю. Лермантаў у 1832 г. напісаў паэму "Литвинка". Яе гераіня ліцвінка Клара - паланянка рускага баярына Арсеня. "Она должна с покорностью немой любить того, кто грозною войной опустошил поля ее отцов" . Дзеянне паэмы адбываецца ў канцы ХV - пачатку XVI ст. каля мяжы паміж Масковіяй і Літвой ("можа, нават каля майго старажытнага Гарадка", як піша У. Скарынкін, адзін з перакладчыкаў гэтай паэмы на беларускую мову). Клара ( "литвинка молодая", "гордая дева из земли чужой" ) паказана ў паэме як шчырая патрыётка і абаронца сваёй радзімы - Літвы. У паэме няма і не магло быць слоў "русин" , "белорусин" ці "белорус ", а слова "литвинка" выкарыстана 6 разоў (як сінонім да імя "Клара"), "литвин" - 2 разы, "Литва" - 2, "литовский" (на твары Арсеня "краснел рубец, литовской сабли след" ) - 1 раз.

У рамане ж А.С. Пушкіна "Дубровский" апісваюцца падзеі першай трэці ХІХ ст., калі ўжо не было ні Рэчы Паспалітай, ні Вялікага Княства Літоўскага. Не было і "литвинов", бо іх перахрысцілі ў "белорусов". Таму ў творы Пушкіна і апавядаецца "про одного белорусского небогатого дворянина" .

У 1799 і 1800 гадах сенатар (і пісьменнік) Г.Р. Дзяржавін па волі імператара прыязджаў з інспекцыяй у наш край і ў сваёй справаздачы пісаў пра тое, што ён высветліў, калі "приехал в Белоруссию". Э. Ялугін у сваім артыкуле з захапленнем цытуе Дзяржавіна: вось, маўляў, і ён, "чалавек адказны і справядлівы", называе гэтыя губерні "Белоруссией". А як жа інакш іх можна было называць, калі пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) гэта назва ўзаконьвалася за нашым краем?!

Э. Ялугін піша, што толькі "шляхта і магнаты, а не народ" [выходзіць: шляхта і магнаты - гэта ўжо "не народ"?!] звалі сябе ліцвінамі. І тут жа як бы супярэчыць свайму сцвярджэнню: "Усё ж значная частка шляхты і магнацтва ўпарта захоўвала ранейшую... саманазву - "русіны", а пазней і "беларусіны" . А яшчэ дадаецца, што ім "пасля Люблінскай уніі стала выгадна перайменавацца палякамі" . (Ці не дзівіць вас, паважаныя чытачы, такое пагардлівае стаўленне Э. Ялугіна да нашай ліцвінскай шляхты - гэта значыць дваранства, а , з другога боку, ці не здзіўляе вас яго ледзь не нізкапаклонства перад расійскімі дваранамі: сенатарам Г.Р. Дзяржавіным ці, скажам, дваранінам і "камер-юнкером Его Императорского Величества" А.С. Пушкіным? Зрэшты, з шляхецкага ж роду паходзяць і В. Дунін-Марцінкевіч, і Ф. Багушэвіч, і Янка Купала...).

А цяпер коратка пра памянёную Э. Ялугіным Люблінскую унію. Вынікам гэтай уніі было не паглынанне Вялікага Княства Літоўскага Польшчай, а стварэнне федэрацыі, каб захаваць сваю дзяржаўнасць ад яе знішчэння Масковіяй. Люблінская унія 1569 года вызначаецца ў сучасных акадэмічных працах (гл., напрыклад, выданне 2012 года: Якуб Колас. Збор твораў у дваццаці тамах. Том 17. С. 801) так: "Міжнародна-прававы акт аб'яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву - Рэч Паспалітую". А ініцыятарам аб'яднання былі не палякі. Як пісаў Вацлаў Ластоўскі ў "Кароткай гісторыі Беларусі" (Вільня, 1910), нашы продкі дзесяць разоў (з 1401 года) спрабавалі схіліць Польшчу да стварэння саюзнай дзяржавы і дабіліся гэтага толькі на адзінаццаты раз у 1569 годзе.

Зазначым, дарэчы, што "Статут Вялікага Княства Літоўскага" пабачыў свет у 1588 г., калі ўжо федэратыўная дзяржава называлася Рэччу Паспалітай. І складзены ён пад кіраўніцтвам Льва Сапегі, які ў 1589-1623 гг. быў канцлерам ВКЛ, а ў 1625-1633 гг. - гетманам ВКЛ.

Апалячванне і акаталічванне "значнай часткі шляхты і магнацтва" ВКЛ пачалося не "пасля Люблінскай уніі", як піша Э. Ялугін, а праз больш як стагоддзе, калі ў 1696 годзе варшаўскі сейм прыняў пастанову выкарыстоўваць у дзяржаўным жыцці толькі польскую мову. Гэтыя з'явы ў значнай ступені сталі наступствам трынаццацігадовай маскоўскай агрэсіі (1654-1667) супраць ВКЛ, бязлітаснай жорсткасці захопнікаў. Як дакументальна засведчана ў працах Г. Сагановіча, У. Арлова і іншых, вынікі гэтай вайны страшэнныя: больш як палова насельніцтва ВКЛ загінула ад рук акупантаў або ад голаду, холаду і эпідэміі чумы. Каля 300 тысяч рамеснікаў і сялян захопнікі забралі ў рабства. Наступіў катастрафічны заняпад дзяржаўнасці ВКЛ. Цалкам можна пагадзіцца з тым, што піша В. Дзеружынскі: "Лепшая частка нацыі загінула ў вайне", а ў тых, хто ўцалеў, адбылася сур'ёзная трансфармацыя праславутай талерантнасці", "цярпімасці і да акупантаў". Вярхушка ж Рэчы Паспалітай не магла не скарыстаць гэта ў сваіх шавіністычных мэтах. Яна стала з пагардай адносіцца да гэтага сурагату, што прыйшоў на змену ранейшым ліцвінам . Да таго ж паміж магнацкімі родамі ВКЛ ужо колькі гадоў вялася міжусобіца і ўзброеная барацьба…

Былі нам, як пісаў Янка Купала, "заломам Варшава панская і царская Масква". Апошняя і сёння не перастае быць заломам. Вось і зусім нядаўна патрыярх Рускай праваслаўнай царквы Кірыл, сустрэўшыся ў Менску з прэзідэнтам Беларусі, гаварыў аб адзінай будучыні Расіі, Украіны і Беларусі…

Іван Лепешаў.


Беларусь не мае свайго марскога гандлёвага флоту не таму, што няма караблёў і маракоў, а таму, што са сцягам разабрацца не можа

Сп. У. У. Макею,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38.

Аб стварэнні Нацыянальнага марскога флоту Рэспублікі Беларусь.

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

У Вярхоўным Савеце XII склікання я неаднаразова падымаў пытанне аб стварэнні Беларускага марскога флоту, што выклікала смех у зале і адпаведныя карыкатуры ў дзяржаўнай прэсе, бо ні Шушкевічу, ні Кебічу ніякага флоту не было патрэбна. Зараз стварэнне Беларускага гандлёвага флоту - задача, якая ўключана ў Праграму развіцця воднага і марскога транспарта Беларусі на 2011-2015 гады. Здаецца, справа зрушыла з месца. Тым больш, што ў мінулым годзе падпісаны ўказ Прэзідэнта, які можа паспрыяць вырашэнню гэтага пытання. Тым не менш, усе планы і прапановы па стварэнні флоту пад нацыянальным беларускім сцягам застаюцца на паперы, і гэта не дзіўна, бо існуюць уплывовыя колы за межамі Беларусі і, мабыць, у самой краіне, якія зацікаўлены, каб беларускі бюджэт па-ранейшаму не атрымліваў прыбыткаў ад выкарыстання Нацыянальнага флоту.

Таму я звяртаюся да Вас з просьбай разгледзець гэтае пытанне на адным з пасяджэнняў Савета Бяспекі і паспрыяць таму, каб беларускія караблі змаглі годна прадстаўляць нашу краіну ў сусветным акіяне.

Было б добра, каб месцам рэгістрацыі беларускіх судоў быў не горад Мінск, як зроблена зараз, а нейкая афшорная зона, дзе наш флот можа скласці сапраўдную канкурэнцыю на сусветным рынку.

З павагай

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы Вашу заяву ад 01.08.2012 года па пытанні стварэння беларускага марскога гандлёвага флоту, паведамляе наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 91 Канвенцыі ААН 1982 сцяг, пад якім плавае судна, разглядаецца як знешняя праява яго нацыянальнасці і дзяржаўнай прыналежнасці, якая засведчваецца рэгістрацыяй (прыпіскай) судна ў судовым рэестры канкрэтнай дзяржавы з выдачай адпаведных дакументаў. Акрамя таго, міжнароднае марское права патрабуе наяўнасці паміж дзяржавай і судамі пад яго сцягам рэальнай сувязі, якая павінна забяспечвацца шляхам ажыццяўлення дзяржавай сваёй юрысдыкцыі і кантролю над зарэгістраванымі ў ім судамі. Агульнапрынятымі крытэрыямі выканання названых абавязкаў з'яўляецца ўдзел дзяржавы або яго юрыдычных і фізічных асоб ва ўласнасці на судна, наяўнасць патрабаванняў, па якіх пэўную частку экіпажа павінны складаць яго грамадзяне, а таксама кантроль за выкананнем міжнародных нормаў і стандартаў мараплаўства і забеспячэнне падсправаздачнасці суднаўладальнікаў і аператараў судна.

Рэгістрацыя беларускіх судоў пад "зручным" сцягам афшорнай юрысдыкцыі азначае не толькі наданне гэтым судам нацыянальнасці дзяржавы рэгістрацыі, але і немагчымасць ажыццяўлення за імі Рэспублікай Беларусь юрысдыкцыі і кантролю, так як юрыдычна дзяржава можа прымаць меры толькі ў дачыненні да судна, якое ходзіць пад яго сцягам і падпарадкоўваецца яго заканадаўству. Акрамя таго, умовы рэгістрацыі судоў у любой афшорнай дзяржаве патрабуюць ўстановы судоўладальніцкай кампаніі на яго тэрыторыі і выплаты рэгістрацыйных і гадавых збораў з танажу гэтых судоў, а падатковы рэжым не прадугледжвае раскрыцця інфармацыі аб бягучых здзелках і фінансавых аперацыях, з-за чаго рэгістрацыя судоў пад "зручным" сцягам не толькі не прынясе рэспубліканскаму бюджэту ніякіх прыбыткаў, але і будзе садзейнічаць вываду з краіны валютных сродкаў.

Варта таксама адзначыць, што ў сувязі з ўпрашчэннем і заніжэннем адміністрацыямі афшорных дзяржаў патрабаванняў да забеспячэння бяспекі мараплаўства, кіравання судамі і выканання сацыяльных стандартаў практыка эксплуатацыі судоў пад "зручнымі" сцягамі сустракае негатыўнае стаўленне і процідзеянне з боку развітых марскіх дзяржаў, міжурадавых арганізацый і міжнародных прафсаюзаў .

У выпадку прадстаўлення Вамі канкрэтных прапаноў па стварэнні Беларускага марскога флоту, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, яны будуць разгледжаны з максімальнай зацікаўленасцю.

Намеснік Міністра А.А. Шышко.


"Бібліяшоў - 2012" у Лідзе

Вядомы аргенцінскі пісьменнік Хорхе Луіс Борхес аднойчы зазначыў, што з усіх вынайдзеных чалавецтвам інструментаў кніга - самы цудоўны. Калі мікраскоп ці тэлескоп - прадаўжэнне вока, тэлефон - голасу, розныя прылады і машыны - рук і ног, то кніга - нешта іншае: кніга служыць "працягам памяці і фантазіі чалавека" .

На вялікі жаль сёння падае цікавасць да кнігі, у першую чаргу ў дзяцей і моладзі. Гэта аб'ектыўны працэс, бо ў іх жыцці з'явіліся другія формы адпачынку і навучання. Сучаснае тэлебачанне прапануе мноства каналаў. Падлеткі маюць доступ да камп'ютараў, Internetу, а камп'ютарныя гульні выходзяць амаль, што на першае месца, як спосаб правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі.

Каб прыцягнуць дзяцей і падлеткаў да чытання, бібліятэкі Лідскай ЦБС шукаюць новыя сродкі і метады, удасканальваюць традыцыйныя формы бібліятэчнай дзейнасці.

Адным з такіх эфектыўных кірункаў работы з'яўляецца распрацоўка праектаў і праграм, якой займаецца аддзел бібліятэчнага маркетынгу. Так, праект "ІНФА-інтэлект, або Бібліятэка ХХІ стагоддзя" прадугледжвае для нашых чытачоў магчымасць спалучаць работу з кнігай і камп'ютарам.

А мэтай распрацаванага ў Год кнігі імідж-праекта "Кніга і бібліятэка - вечныя, як прастора і час" з'яўляецца захаванне аўтарытэту традыцыйнага друкаванага слова і падтрыманне станоўчага іміджу бібліятэкі як адкрытай установы.

Зразумела, што для паспяховай рэалізацыі праекту неабходна сацыяльнае партнёрства ў сферы падтрымкі чытання на ўзроўні мясцовых органаў улады, устаноў культуры, устаноў адукацыі і выхавання, СМІ.

У рамках праекту праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы і акцыі. Традыцыйныя Тыдзень дзіцячай кнігі і дзень беларускай пісьменнасці, праграма летняга чытання дзяцей і промаакцыі "Адкрывайце свет з кнігай!", "Кнігі - гэта маякі ў акіяне часу", "Чытаць - гэта мудра! Чытаць - гэта модна! Чытайце ж усюды! Чытайце свабодна!", "Бібліятэка - адкрыты свет ідэй", бібліямарафон "Ствары сваю будучыню - чытай!" і флэшмоб "Горад чытачоў". Не забыты і традыцыйныя прэзентацыі кніг і літіратурна-музычныя вечары.

У гэтым годзе ўпершыню працавала летняя чытальная зала ЦБ. Дарослыя і дзеці з задавальненнем праводзілі час у цяньку за чытаннем газет і часопісаў, знаёміліся з навінкамі кніжнага гандлю, прымалі ўдзел у латарэі і атрымлівалі прызы.

Папулярызацыя лепшых твораў айчыннай і замежнай літаратуры вялася з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі: у рамках тэлепраекту "Кніга - невычэрпная крыніца" на "Ліда-ТВ" запісана 29 праграм, бібліяграфічныя агляды друкаваліся ў мясцовых газетах. Акрамя таго на сайце ЦБ створаны спецыяльныя рубрыкі "Чытаем беларускую кнігу" і "Агляд беларускіх кніг".

"Бібліяшоў - 2012", якое адбылося 9 лістапада ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы, падвяло папярэднія вынікі работы бібліятэк Лідчыны. І хаця Год кнігі яшчэ не скончыўся, свята можна лічыць заключным мерапрыемствам.

На свяце адбылося ўзнагароджанне пераможцы фотаконкурсу "Заспеты за чытаннем" на сайце ЦБ - Вольгі Пінчук з Астраўца. Уручаны сертыфікат на 260 экз. кніг для ізалятара часовага ўтрымання Лідскага РАУС. Дабрачынную акцыю "Кнігі ў падарунак дзіцячаму дому", аб'яўленую ЦБ, падтрымалі вучні СШ №16, бібліятэкары Астравецкай ЦБС і нашы чытачы.

Супрацоўнікі Дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці №1 прадставілі свае работы на выставе "Мой сябар кніга".

Вучні дзіцячай мастацкай школы падрыхтавалі вернісаж кніжных вокладак і акцыю "Другое жыццё кнігі".

Для дзяцей з дзіцячага дома, СШ №16 і Гудскай СШ былі прапанаваны відэапастаноўкі "Казка ў бібліятэцы", інтэлектуальныя электронныя гульні "Ў фатэлі з электроннай кніжкай" і настольныя гульні.

На абанеменце адбылася духоўна-асветніцкая гутарка з Лідскім дабрачынным, пратаіярэем Расціславам Салаўёвым.

Усе, хто пажадаў, маглі правесці медыя-вечар у бібліятэцы - кожнаму пятаму наведвальніку - паўгадзіны бясплатнага часу ў Інтэрнеце.

"Куток вячэрняга чытання" запрашаў пачытаць любімую кнігу і паслухаць класічную музыку.

У канферэнцзале адбыліся: творчая размінка бібліятэкараў "Не хавай свой талент!", паказ бібліятэчнай моды "Модны прыгавор" і "Выстава - дэгустацыя кулінарных вырабаў".

На пляцоўцы ля бібліятэкі быў арганізаваны флэш-моб "Горад, які чытае".

На працягу ўсяго мерапрыемства можна было зрабіць на памяць фотаздымак з гістарычнымі персанажамі, пазнаёміцца з кніжнымі выставамі, праслухаць агляды, здзейсніць экскурсію па бібліятэцы, пасядзець на "Лаўцы знаёмстваў", адказаць на пытанні бяспройгрышнай латарэі "Бібліятэчны калейдаскоп".

Святочны настрой дапамаглі стварыць выступленні навучэнцаў музычнага каледжа, дзіцячай школы мастацтваў, вучняў і настаўнікаў дзіцячай музычнай школы.

Тамара Зенюкевіч , намеснік дырэктара Лідскай РЦБС.


Заспетыя за чытаннем

Няма часу і паесці,

Бо чытаю з ранку "Весці".

Так высока ставіць кнігі!

Скажыце, дзе тут рацыя?

Дзе мае правы дзіцяці?

То ж дыскрымінацыя!

Сказала мне сястрычка:

Ёсць кнігі - буквары,

Вось толькі дзе стаяць яны?

Знізу? Ці ў гары?

Кніжак верхніх роўны рад

Радуе мне вока.

Толькі вырас я малы,

Яны ж стаяць высока!

Памажыце разабрацца,

Як кнігі выбіраюцца

Па памерах? Па малюнках?

Ці ўсе падрад чытаюцца?

Змалку я была заўжды

Дзяўчынка самастойная

Таму даведацца хачу-

Кніга хоць прыстойная?

Выраслі ўнукі -

прыйшла пара растання,

Затое цяпер маем

час і для чытання.

Палічка гэтая - мая.

Прачытаў усё тут я.

А цяпер за кожну кнігу

Я хачу вялізну рыбу!

Я - аматар дэтэктыва.

Жанр люблю гэты на дзіва.

Выдам кнігу вам па густу,

Ўзамен нясіце мне лангуста.

Мяняю жывое слова на

трапяткую рыбу.

На фоне кніг, з гаспадаром

Мы - самыя гламурныя.

У вачах струменіць інтэлект.

Мы - самыя разумныя!

Гаспадар, чытай шпарчэй -

Час ісці лавіць мышэй!!!

Ну вось памянялі

позу ляжання,

Не засталося

ўжо сіл для чытання.

Нам з табой, гаспадар,

не да добрых манер.

Лічы, што цяпер

я - твой цёплы каўнер.

- Што цяпер чытаюць?

Адказ мне дай, жанчына! -

З усмешкаю пытаецца

першадрукар Скарына.

Бач! Не было камп'ютара

ў век жыцця Скарыны!

А-ёй! А чым тады займаліся ў той час усе мужчыны?!

Кнігі розныя бываюць,

кнігі розныя чытаюць,

веліканаў, у сваім родзе,

лепш чытаць

усё ж на прыродзе!

Фота Вольгі Пінчук з Астраўца. Подпісы да фотаздымкаў прыдумала галоўны бібліятэкар аддзела камплектавання Лідскай ЦРБ імя Янкі Купалы Ганна Гізоўская .

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX