НАША СЛОВА № 48 (1095) 28 лістапада 2012 г.
92-я ўгодкі Слуцкага зборойнага чыну
25 лістапада ў Беларусі адзначалі 92-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну.
Актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, а таксама неабыякавыя да беларускай гістарычнай спадчыны людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі, кветкамі, вянкамі і знічкамі традыцыйна вандравалі па месцах баёў слуцкіх паўстанцаў з войскамі Чырвонай арміі.
Удзельнікі ўрачыстасцяў наведалі вёску Грозава, дзе каля памятнага крыжа прагучала пасланне з нагоды гадавіны Слуцкага збройнага чыну ад лідара КХП БНФ Зянона Пазьняка.
Наведалі памятны крыж у вёсцы Семежава. Каля святыні заспявалі "Магутны Божа". Усклалі бел-чырвона-белыя кветкі да мемарыяльнай пліты, паставілі знічкі, якія былі запаленыя ў Курапатах.
Удзельнікі акцыі наведалі памятную мясціну ў вёсцы Вызна (цяпер Чырвоная Слабада). Тут калісьці таксама стаяў крыж у гонар слуцкіх паўстанцаў, ды 10 гадоў таму на загад тутэйшага святара яго знішчылі. На месца, дзе раней стаяў крыж, актывісты ўсклалі хваёвы вянок з уплеценымі ў яго кветкамі, а таксама запалілі свечкі.
Завяршылася акцыя ў Слуцку шэсцем і мітынгам на ганку Слуцкага краязнаўчага музея. Тут да мінчукоў далучылася шмат мясцовых жыхароў.
"Будзем памятаць мы -
Будуць помніць і нас."
Наш кар.
Зварот Івонкі Сурвілы да ўгодкаў Слуцкага зборойнага чыну
"Як і кожны год, у лістападзе думкамі я пераношуся на Случчыну. Прыпамінаюцца дзесяць тысяч адважных случчакоў, для якіх доля Айчыны была важнейшай за ўсё іншае, у тым ліку жыццё. Прыпамінаецца аповесць Васіля Быкава "На чорных лядах". Калі вы яшчэ не чыталі яе, дык прашу, прачытайце", - звяртаецца Івонка Сурвіла.
"Сэрца баліць, бо варожая сіла ў канцы перамагла герояў, дый не толькі перамагла іх, але і зняволіла наш край на 70 гадоў, і мы ўсё яшчэ не можам яе пазбавіцца, - кажа старшыня Рады БНР. - Але случчакі тады ўжо - 92 гады таму - зразумелі цану волі, тады ўжо вырашылі, што яны хочуць жыць вольнымі на сваёй зямлі, і што яны здольныя абараніць яе ад дзікіх агрэсараў.
І прыпамінаючы іх адвагу ды іх веру ў БНР і ў свае сілы, сэрца напаўняецца любоўю, удзячнасцю і надзеяй, што наш народ знойдзе і сёння ў сабе адвагу і сілу абараніць сваю Бацькаўшчыну ад новай пагрозы з Усходу".
Зварот старшыні Рады БНР завяршаецца словамі: "Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас, дарагія суродзічы, з угодкамі гэтай вялікай падзеі ў жыцці беларускага народа - Слуцкага збройнага чыну, бо ўсе мы маем права ганарыцца ім. Усе мы - случчакі ў гэты восеньскі месяц. Жыве Беларусь!"
Паводле СМІ.
Слуцкі збройны чын - гераічная старонка ў гісторыі беларускага народа
Адной з гераічных старонак гісторыі беларускага народа з'яўляецца Слуцкі збройны чын 1920 года, які адбыўся ў канцы лістапада і снежні. Гэта была спроба патрыятычна настроенага беларускага сялянства і інтэлігенцыі захаваць незалежнасць Беларусі, не далучаючыся ні да Савецкай Расіі, ні да Польшчы, якія заканчвалі вайну паміж сабой, у тым ліку і за землі Беларусі.
Слуцкі збройны чын быў падрыхтаваны папярэднімі падзеямі. Скончыліся ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Польскія войскі пасля спынення ваенных дзеянняў 18 лістапада 1920 года мусілі адступаць за новую лінію граніцы, пакінуўшы Слуцк і Менск (які занялі 15-17 лістапада). Заходняя частка Беларусі адыходзіла да Польшчы усходняя лічылася тэрыторыяй Беларускай ССР. Жыхары Слуцкага павету выступілі супраць такога падзелу, за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, якая б "не належала ні панам, ні камуністам".
На з'ездзе Случчыны, які праходзіў 14-15 лістапада 1920 года ў Слуцку ў вялікай зале дома Эдварда Вайніловіча, панавалі беларускія эсэры. Дэлегаты з'езда заявілі рашучы пратэст супраць савецкай улады на Беларусі як "чужацкай". Асноўным зместам рэзалюцыі было рашэнне падняць паўстанне "супраць акупацыі" за "незалежную Беларусь.
З'езд Случчыны абраў Раду Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі, перадаў ёй цывільную ўладу і даручыў арганізаваць нацыянальнае войска. Ад 16 лістапада пачала сваю дзейнасць Рада Случчыны з 17 сяброў і 5 кандыдатаў у сябры (прысутнічалі на паседжаннях, але не галасавалі, пры выбыцці кагосьці з сяброў замянялі яго па агульным рашэнні). Былі створаныя камісіі: юрыдычная, фінансавая, зямельная, харчовая і адміністрацыйных органаў. Быў абраны прэзідыюм з 7 чалавек. Нягледзячы на некаторыя сумненні эсэраў, у выніку ўсе сябры Рады згадзіліся на паўстанне. У гэты ж час у вёсках і валасцях адбыліся дэмакратычныя выбары ўзамен прызначаных польскай уладай кіраўнікоў.
Для паўстання былі створаныя дзве вайсковыя адзінкі 1-ы Слуцкі пяхотны полк і 2-і Грозаўскі пяхотны полк, якія дафармоўваліся ў мястэчку Семежава, дзе спачатку размяшчаўся штаб Слуцкай брыгады, якая аб'ядноўвала гэтыя палкі. Зброю (вінтоўкі) прынеслі самі паўстанцы. У баях здабылі і кулямёты
Ваенныя дзеянні пачаліся з 27 лістапада 1920 года і скончыліся ў раёне нейтральнай зоны (паміж польскімі і савецка-расійскімі войскамі, па 15 кіламетраў з кожнага боку ад новай мяжы). Скончыліся ваенныя дзеянні 28 снежня 1920 г. Яны ішлі на двух франтах. 1-га і 2-га палкоў. Паўстанцы не мелі артылерыі, і гэта паўплывала на ход падзей, хаця спачатку ваяры Слуцкай брыгады беларускага войска атрымлівалі і тактычныя перамогі ў асобных баях.
Польскае камандаванне закрыла сваю мяжу для паўстанцаў, а той, хто пераходзіў на польскі бок мяжы, мусіў здаць зброю і ў большасці накіроўваўся ў лагер. Польскае камандаванне ды і польская дэлегацыя ў Рызе пастаянна давалі дазвол часткам Чырвонай Арміі парушаць нейтральнасць нейтральнай зоны і ўводзіць туды свае войскі.
Камандаванне Чырвонай Арміі кінула супраць паўстанцаў значныя сілы і ў выніку за месяц баёў (увёўшы за згоды польскага камандавання у нейтральную зону свае войскі) выцесніла Слуцкую брыгаду на польскую тэрыторыю, дзе польскія ўлады пасадзілі паўстанцаў у лагер, папярэдне абязброіўшы іх. Выпушчаныя яны былі ў траўні 1921 года пасля падпісання канчатковага міру Расіі (і фармальна УССР) з Польшчай 18 сакавіка 1921 года. Перад адыходам слуцкіх паўстанцаў на тэрыторыю, што кантралявалі польскія войскі, адзін батальён (400 чалавек) адмовіўся пераходзіць у Польшчу і, падзяліўшыся на дзясятак груп, застаўся на Случчыне дзе вёў партызанскую барацьбу некалькі гадоў у лясах Случчыны. Ды і іншыя паўстанцы пераходзілі ў Беларусь для стварэння новых партызанскіх аддзелаў.
Ацэнку Слуцкаму збройнаму чыну дала Першая агульнанацыя-нальная канферэнцыя палітычных партый і арганізацый, што адбылася ў Празе 25-28 верасня 1921 года. У рэзалюцыі канферэнцыі было адзначана: "... народ, стыхійна паўстаўшы з аружжам у руках за незалежнасць і непадзельнасць сваёй Бацькаўшчыны, напісаў на сваім штандары: ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў" .
Далей было запісана: "Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада канстатуе, што гэтае паўстанне было задушана пераважнымі сіламі абодвух бакоў" .
Патрыятычны выступ слуцкіх змагароў увайшоў у гісторыю як акт узброенай барацьбы за самастойную дзяржаву. Аднак у тых абставінах, якія склаліся ў канцы 1920 г., без якой небудзь дапамогі звонку, пры варожай па сутнасці пазіцыі Польшчы лёс паўстання быў прадвырашаны. Тым не менш Слуцкі збройны чын 1920 года ўвайшоў у гістрыю як гераічны вычын беларускага народа.
Ад Слуцкага збройнага чыну засталіся вайсковая песня "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" (аўтар гэтага маршу Макар Краўцоў), пакладзенага на музыку кампазітарам Уладзімірам Тэраўскім. Ён стаўся не толькі гімнам Слуцкага збройнага чыну, але і нацыянальным гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дзень пачатку Слуцкага паўстання святкуецца як Дзень Герояў. Кожны год беларусы ў краіне і за мяжой адзначаюць яго.
Анатоль Грыцкевіч , доктар гістарычных навук, прафесар.
Да 1150-годдзя славянскай азбукі
Грамадскае аб'яднанне
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Аб стварэнні помнікаў
У выкананне даручэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міністэрства культуры разгледзела ліст аб стварэнні помнікаў Роўнаапостальным Мяфодзію і Кірылу ў г. Мінску і Іллі Капіевічу ў г. Слуцку і паведамляе наступнае.
Міністэрства культуры падтрымлівае ідэю стварэння названых помнікаў.
Разам з гэтым, у цяперашні час Міністэрства культуры накіравала заяўку ў Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы на стварэнне помніка Сімяону Полацкаму ў г. Маскве за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.
У сувязі з вышэйпададзеным, пытанне аб стварэнні помнікаў Роўнаапостальным Мяфодзію і Кірылу ў г. Мінску і Іллі Капіевічу ў г. Слуцку можа быць разгледжана пасля ўстаноўкі помніка Сімяону Полацкаму ў г. Маскве.
Першы намеснік Міністра У.М. Карачэўскі.
Спадару М. П. Панцялею,
Міністру сувязі і інфарматызацыі
Рэспублікі Беларусь
220050, Мінск, пр. Незалежнасці, 10
Шаноўны Мікалай Пятровіч!
У наступным годзе ўвесь славянскі свет будзе святкаваць 1150 гадоў існавання кірылічнага алфавіту.
У сувязі з гэтым ГА ТБМ прапануе выдаць дзве маркі-шчэпкі.
Адну - з выявамі Св. Кірыла і Мяфодзія, другую - з выявай унікальнай беларускай кірылічнай літары - Ў .
З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Старшыні Грамадскага
аб'яднання "Таварыства
беларускай мовы імя
Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
вул. Румянцава,13
220034, г. Мінск
Аб выпуску паштовага блока і паштоўкі
Паважаны Алег Анатольевіч!
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Вашу прапанову наконт выпуску паштовых марак з выявамі Святых Кірыла і Мяфодзія і беларускай кірылічнай літары - Ў і паведамляе наступнае.
Тэматычнымі планамі выдання пашговых марак, канвертаў Першага дня і вырабу спецыяльных паштовых штэмпеляў на 2013 год прадугледжаны выпуск паштовага блока, канверта Першага дня і спецыяльнага паштовага штэмпеля, прысвечаных 1150-годдзю з моманту стварэння Святымі Кірылам і Мяфодзіем славянскай азбукі.
Што датычыцца беларускай кірылічнай літары Ў , то гэтая тэма будзе адлюстравана на немаркіраванай паштоўцы.
Міністр М.П. Панцялей.
Як разумеюць законы на Беларускай чыгунцы
Паважанае спадарства!
У мінулым нумары "Нашага слова" мы надрукавалі адказ, што быў дасланы кіраўніцтвам Беларускай чыгункі грамадзянам Беларусі, якія турбуюцца пра стан візуальнага афармлення вакзалаў, а таксама транспарту. Наш юрыст прааналізаваў сутнасць гэтага адказу з пункту гледжання адпаведнасці дзейнаму заканадаўству. Мы прапануем вам тэкст гэтага аналізу, каб вы маглі пры нагодзе выкарыстаць змешчаную ў ім інфармацыю пры кантактах з прадстаўнікамі Беларускай чыгункі.
Сакратарыят ТБМ.
На працягу кастрычніка-лістапада бягучага года грамадзянамі Беларусі кіраўніцтву Беларускай чыгункі дасылаліся звароты, у якіх звярталася ўвага на наступныя акалічнасці: змена назваў станцый і вакзалаў з беларускай мовы на рускую; адсутнасць беларускамоўнага візуальнага афармлення электрычак некаторых ліній; прыняцце рашэння аб візуальным афармленні Брэсцкага чыгуначнага вакзала толькі на рускай і англійскай мовах; афармленне праязных дакументаў Беларускай чыгункай выключна на рускай мове.
У адказе Беларускай чыгункі ад 5 лістапада 2012 года поруч з інфармацыяй аб прынятых захадах па паляпшэнні сітуацыі ў згаданых выпадках, даюцца наступныя тлумачэнні норм заканадаўства аб мовах:
- "Кожны жадаючы можа карыстацца як беларускай так і рускай мовамі, але прымушаць да карыстання адной з дзяржаўных моў недапушчальна";
- "… заканадаўства Рэспублікі Беларусь не абавязвае супрацоўнікаў чыгуначнага транспарту адказваць на беларускай мове кліентам, якія звяртаюцца да іх на беларускай мове";
- "Выкарыстанне адной з дзяржаўных моў не ўшчамляе права на выкарыстанне іншай".
Такія выказванні Беларускай чыгункі, акрамя таго, што абсалютна не адпавядаюць сутнасці зваротаў (прынамсі, пытанне аб абавязку супрацоўнікаў чыгункі адказваць кліентам па-беларуску пакуль што не ставілася), з'яўляюцца некарэктнымі.
Кіраўніцтва Беларускай чыгункі само звяртае ўвагу на арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", якім прадугледжана, што кiраўнiкi, iншыя работнiкi дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый павiнны валодаць беларускай i рускай мовамi ў аб'ёме, неабходным для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў. У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 5 згаданага Закона, які называецца "Гарантыі правоў грамадзян пры звароце ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі", адказ на зварот афармляецца на мове звароту. Такім чынам, атрыманне адказу на зварот, незалежна ад таго, ці гэта пісьмовы ці вусны зварот, на мове звароту гарантавана грамадзянам Беларусі згаданымі законамі.
Магчыма, што выснова аб адсутнасці абавязку супрацоўнікаў Беларускай чыгункі адказваць па-беларуску кліентам, якія звяртаюцца да іх па-беларуску, - гэта своеасаблівая трактоўка нормы Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", якая прадугледжвае, што пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты даюцца на мове звароту (п. 1 арт. 18). Відаць, з гэтай нормы была зроблена выснова, нібыта ўсе іншыя формы адказу на звароты могуць давацца і не на мове звароту. Аднак такая трактоўка не адпавядае заканадаўству.
Законам Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" вылучаюцца тры віды зваротаў паводле формы: пісьмовыя, вусныя і электронныя (арт. 1). Сапраўды, адным з патрабаванняў да пісьмовых адказаў на пісьмовыя звароты з'яўляецца іх выкананне на мове звароту. Адказы на электронныя звароты, якія накіроўваюцца на адрас электроннай пошты заяўніка, павінны адпавядаць тым жа патрабаванням, што і пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты, г.зн. у тым ліку давацца на мове звароту (п. 6 арт. 25 згаданага Закона). Асобнага артыкула ці пункта артыкула, якім прадугледжваліся б патрабаванні да адказаў на вусныя звароты, у Законе "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" няма. Адпаведна, на такія адказы распаўсюджваецца патрабаванне часткі трэцяй арт. 5 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь": адказы павінны давацца на мове звароту.
Адказы на звароты кліентаў (як пісьмовыя, так і вусныя), безумоўна, з'яўляюцца часткай службовых абавязкаў супрацоўнікаў чыгункі. А паколькі валоданне беларускай і рускай мовамі ў аб'ёме, неабходным для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў, з'яўляецца патрабаваннем закона, няма прычын абмяжоўваць адказы па-беларуску толькі пісьмовай формай. Вусныя адказы на звароты па-беларуску таксама павінны давацца па-беларуску.
Такім чынам, нельга прымусіць звычайных грамадзян карыстацца адной з дзяржаўных моў, аднак у адносінах да кiраўнiкоў, iншых работнiкаў дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый гэты "прымус" замацаваны заканадаўча, прынамсі, у тым, што тычыцца адказаў на звароты.
Што да заявы аб тым, што "выкарыстанне адной з дзяржаўных моў не ўшчамляе права на выкарыстанне іншай", то ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ўжо шмат разоў звяртала ўвагу на рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", у якім гаворыцца аб тым, што пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моў на практыцы баланс іх выкарыстання не вытрымліваецца і існуе неабходнасць замацавання фактычнай роўнасці дзвюх моў.
Юрыст ТБМ.
Канверт да 150-годдзя "Буквара" А.У. Аскеркі выпусціла "Белпошта"
Аскерка Аляксандр Уладзіслававіч (1830-1911) - грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання 1863-64 гг. У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізіса "Элементар для добрых дзетак-каталікоў". На 40 старонках змяшчаўся алфавіт, пачатковыя звесткі па арыфметыцы і асноўныя рэлігійныя павучанні.
Лужыцкія сербы не вымруць і за 100 гадоў
Янак Воўчар (па-лужыцку Janek Wowcer; па-нямецку Janek Schafer) - галоўны рэдактар газеты "Serbske Nowiny", якая пяць разоў на тыдзень выходзіць на верхнелужыцкай мове ў Будзішыне (нямецкае: Bautzen). Ён распавядае ў Cafe Europa Яну Максімюку , як колькасна невялікі народ лужыцкіх сербаў у Нямеччыне стараецца захаваць сваю моўна-культурную адметнасць.
Ян Максімюк: - Спадар Воўчар, размову з вамі я хачу пачаць ад агульнага пытання, якое датычыць не толькі вашай нацыянальнай меншасці ў Нямеччыне, але і іншых малых нацменшасцяў. Што Вы лічыце галоўнай прычынай імкнення нацменшасцяў захоўваць сваю мову? Як я разумею, усе лужыцкія сербы валодаюць нямецкай мовай, і ў іх не ўзнікае ніякіх праблемаў у камунікацыі з выключна нямецкамоўнымі суграмадзянамі. Дзеля чаго тады вучыць лужыцкай мове ў школе або публікаваць газету на лужыцкай мове?
Янак Воўчар: - У падмурку памкненняў кожнай нацыі да захавання свае мовы і культуры ляжыць біялагічны інстынкт самазахавання. Гэта таксама датычыць нацыянальных меншасцяў. Яшчэ адна прычына абароны нашай мовы і культуры - у факце, што Еўропа з'яўляецца шматкультурнай. Шмат хто з палітыкаў любіць казаць, што Еўропа - каляровая і разнастайная, асабліва дзякуючы сваім мовам. І што з кожнай страчанай мовай яна робіцца крыху больш шэрай. Ну дык і мы, лужыцкія сербы, павінны нешта рабіць, каб Еўропа і ў будучыні заставалася каляровай і разнастайнай. Таму мы змагаемся за сваю мову і культуру. Гэта ўключае штодзённае карыстанне мовай, якое мы забяспечваем праз газету "Serbske Nowiny", ды іншыя прапановы ўжывання гэтай мовы ў штодзённым жыцці.
Максімюк: - Вы галоўны рэдактар газеты "Serbske Nowiny". Перш чым запытаць пра вашу працу і працу вашых калегаў, я хацеў бы, каб вы нам далі крыху асабістай інфармацыі: адкуль вы паходзіце, якая ў вас адукацыя, прафесійны досвед, веданне моваў? І якім чынам вы сталі галоўным рэдактарам?
Воўчар: - У мяне салідная адукацыя ў нямецкіх і лужыцкіх школах. Я закончыў сярэднюю лужыцкую школу у Будзішыне (Sorbisches Gymnasium Bautzen) у 1995 годзе. Выпускныя экзамены я здаваў на верхнелужыцкай мове.
Пасля гімназіі, у 1996-2001 гг., я вывучаў сарабістыку - лужыцкія мовы і культуру - ды журналістыку ў Ляйпцыгу. Прытым, пачынаючы з 1993, я працаваў на лужыцкім радыё. У 2005 годзе я закончыў завочныя курсы журналістыкі ў Дармштадце.
Да 2006 году я працаваў на лужыцкім радыё, на нямецкім радыё MDR1 Radio Sachsen і на лужыцкім тэлебачанні.
У снежні 2006 года я стаў рэдактарам аддзелу моладзі і культуры ў газеце "Serbske Nowiny". У 2010 падаў заяўку на вакантную пасаду намесніка галоўнага рэдактара і атрымаў гэтую пасаду. З прычыны сур'ёзнай хваробы галоўнага рэдактара мне адразу трэба было прыняць на сябе ягоныя абавязкі. А потым, у 2011, пасада намесніка была скасаваная, і я падаў заяўку на пасаду галоўнага рэдактара, якім стаў у верасні 2011.
Вернелужыцкая - мая родная мова, яе я ведаў раней, чым нямецкую, якой мяне пачалі вучыць у садку. У школе я вывучаў таксама расейскую і ангельскую, а ў гімназіі, цягам двух гадоў, чэшскую. Славянскія мовы вельмі блізкія да верхнелужыцкай, таму ў мяне не ўзнікае праблемаў, каб паразумецца па-расейску, па-чэшску і па-польску. Ну і мая ангельская таксама нядрэнная.
Максімюк: - Раскажыце, калі ласка, пра вашу газету. Колькі чалавек у ёй працуе, які яе наклад, хто яе фінансуе?
Воўчар : - Цяпер у нашай рэдакцыі працуе 13 чалавек: 7 рэдактараў-журналістаў, стажор, фатограф, стыль-рэдактар, 2 графічныя рэдактары, сакратарка. "Serbske Nowiny" выходзяць як штодзённая вечаровая газета на чатырох старонках, на выходныя ў нас - восем старонак. Раз на месяц выходзіць дадатак па-нямецку, у якім мы публікуем найважнейшыя навіны са штодзённага лужыцкага жыцця.
Наклад газеты набліжаецца да 2 тысяч. Газета распаўсюджваецца амаль поўнасцю праз падпіску, і купіць яе можна толькі ў адным месцы, у нашым выдавецтве ў Будзішыне. Дзве тысячы падпісчыкаў - гэта няшмат, але паводле доследу, які мы праводзілі, штодзень нашу газету бярэ ў рукі больш за 10 тысяч чытачоў. Да гэтага трэба дадаць наведнікаў нашага сайту ў інтэрнэце і нашай старонкі ў Фэйсбуку.
Газета выходзіць у выдавецтве "Domowina" ў Будзішыне. Выдавецтва атрымлівае фінансавыя сродкі з Фонду лужыцкага народу, прыблізна 2 мільёны еўра на год. У сваю чаргу, Фонд лужыцкага народу атрымлівае штогод амаль 17 мільёнаў еўра: 8,2 мільёна ад федэральнага ўраду; 5,7 мільёна ад зямлі Саксонія; 2,9 мільёна ад зямлі Брандэнбург.
Максімюк: - Верхне-лужыцкая і ніжнелужыцкая мовы - узаемна зразумелыя для іх носьбітаў? Ці ёсць нейкая газета або часопіс на ніжне-лужыцкай мове?
Воўчар: Гэта не зусім праўда, што тычыцца ўзаемнай зразумеласці лужыцкіх моваў. Верхнелужыцкая і ніжне-лужыцкая - дзве розныя мовы, як чэшская і славацкая. Верх-нелужыцкая стаіць бліжэй да чэшскай, а ніжнелужыцкая - бліжэй да польскай.
Так, ёсць тыднёвік па-ніжнелужыцку, які называецца "Nowy Casnik". Рэдакцыя, якая таксама падлягае выдавецтву "Domowina", месціцца ў Котбусе. Газета выходзіць раз на тыдзень па-ніжнелужыцку і па-нямецку.
Максімюк: - Колькі цяпер лужыцкіх сербаў? Ці ў апошнім часе ў Нямеччыне быў нейкі перапіс, у якім людзі дэкляравалі сваю этнічную прыналежнасць? І наколькі лужыцкая мова выкарыстоўваецца ў сямейным жыцці, па-за школай і афіцыйнымі мерапрыемствамі ў жыцці меншасці?
Воўчар: - У Нямеччыне каля 60 тысяч лужыцкіх сербаў - 40 тысяч у Верхняй Лужыцы і 20 тысяч у Ніжняй Лужыцы.
Апошні такі перапіс, пра які вы кажаце, быў перад ІІ Сусветнай вайной. Потым былі робленыя толькі ацэнкі колькасці лужыцкіх сербаў лідарамі нацменшасці. Няма стандартаў для такога этнічнага злічэння.
Лужыцкая мова ў сем'ях выкарыстоўваецца штораз больш. У нас ёсць вёскі, дзе людзі гавораць дома толькі па-лужыцку, таксама карыстаюцца гэтай мовай на працы, у крамах, на стадыёнах падчас футбольных матчаў. У нас у Лужыцы таксама шмат культурных і іншых таварыстваў, дзе лужыцкая мова адыгрывае важную ролю. Так што лужыцкай мовай карыстаюцца не толькі ў школе або падчас афіцыйных нагодаў. У дзвюхмоўных парафіях раз на дзень ёсць багаслужба па-лужыцку. Як бачыце, лужыцкая мова даволі жывая.
Максімюк: - Скажыце некалькі словаў пра адукацыю на лужыцкай мове. Колькі дзяцей у Лужыцы вывучае лужыцкую мову? Лужыцкая - гэта толькі прадмет у школе, ці на ёй выкладаюць і іншыя прадметы?
Воўчар: - Я не помню дакладных лікаў, але каля 5 тысяч дзяцей ходзіць у лужыцкія і дзвюхмоўныя, лужыцка-нямецкія, школы. У малодшых класах усе прадметы ідуць па-лужыцку; у старэйшых - такія прадметы як фізіка і матэматыка ідуць па-нямецку і па-лужыцку. Асабіста мяне вучылі такім прадметам, як фізіка і хімія, па-лужыцку. Тут сітуацыя залежыць і ад падыходу настаўніка.
Максімюк: - Ці лужыцкую мову чуваць на радыё і ў тэлевізіі?
Воўчар: - Так. У нас тры гадзіны штодня (ад пятай да восьмай вечарам) па-верхнелужыцку на радыё MDR Serbski rozhlos ды адна гадзіна (ад 12.00 да 13.00) па-ніжне-лужыцку на радыё RBB Bramborske serske radijo. Раз на месяц мы маем паўгадзінную перадачу па-верхнелужыцку і па-ніжнелужыцку ў тэлевізіі.
Максімюк: Ці існуе сучасная літаратура на лужыцкай мове? Можаце назваць нейкія імёны?
Воўчар: - У нас шмат пісьменнікаў. Найбольш вядомы - Кіта Лорэнц (Kito Lorenc). Ён атрымаў шмат прэмій. Таксама вядомая - паэтка Ружа Домашцына (Roza Domascyna).
Максімюк: - Што сярод лужычанаў лічыцца найважнейшай падзеяй культурнага жыцця?
Воўчар: - Найважнейшай культурнай падзеяй у Лужыцы з'яўляецца Міжнародны фальклорны фестываль, які лужыцкія сербы арганізуюць кожны другі год. На фестываль, акрамя лужыцкіх ансамбляў, кожны раз запрашаюць 10 фальклорных гуртоў з усяго свету. На кожны фестываль прыходзіць не менш за 10 тысяч гледачоў.
Максімюк: - Што варта пабачыць у Лужыцы? Калі я прыеду да вас - а я сапраўды выбіраюся ў Лужыцу са сваім рэдакцыйным калегам - дык што мне трэба пабачыць у першую чаргу?
Воўчар: - Калі ўжо будзеце у Лужыцы, дык абавязкова паглядзіце Будзішын. Гэта наша сталіца. Тут вам варта па-бачыць Сербскі дом, выдавецтва "Domowina", Сербскі музей, кафедру св. Пятра (Bautzener Dom) і шмат іншых цікавых мясцінаў. Калі захочаце, я вас правяду.
Максімюк: - Дзякую, напэўна пакарыстаемся вашай прапановай. На заканчэнне агульнае пытанне. Якую будучыню вы прадбачваеце для лужыцкай моўнай і культурнай адметнасці?
Воўчар: - Я гляджу ў будучыню з аптымізмам. Адзін мудры немец калісці сказаў: "Сербы застануцца сербамі так доўга, колькі самі захочуць". Гэта правільна. Калі паглядзець на нашу меншасць сёння, усюды можна ўбачыць як колькасны рост самой меншасці, так і якасны рост яе самасвядомасці. Я ўпэўнены, што сербы будуць жыць у Лужыцы і праз 100 гадоў.
У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходуРэспублікі Беларусь загаварылі па-беларуску
У Палаце прадстаўнікоў 15 лістапада пры абмеркаванні закона "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь" усе шэсць дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў дыскусіі, выступалі па-беларуску.
Зараз у Беларусі звыш 11 тысяч чалавек займаюцца народным мастацтвам і народнымі рамёствамі. Гэту лічбу назваў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі. Ён выказаў меркаванне, што такіх майстроў хутка стане яшчэ больш. Такая магчымасць з'явіцца пасля ўступлення ў сілу зменаў і дапаўненняў у закон "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь".
Закона "Аб народным мастацтве" прынялі ў першым чытанні.
Уладзімір Глод, Радыё Свабода
Радзіма і мова - з калыскі адной
Мая любімая Беларусь - найпрыгажэйшая на свеце зямля! Я не магу не захапляцца празрыстай чысцінёй Свіцязі і магутнай плынню сівога Дняпра, я не магу ўявіць сваю Радзіму без адвечнай Белавежскай пушчы і россыпу азёраў-дыяментаў Віцебшчыны, без маляўнічых пагоркаў Наваградчыны.
Я сню сваю зямлю, калі бываю за мяжой, - і горыч расстання з Радзімай мяшаецца з радасным пачуццём хуткай сустрэчы, з трапяткім прадчуваннем судакранання з бацькоўскай зямлёй.
У маіх снах я, гэтаксама як і ў жыцці, часта вандрую…
Вось перада мной паўстаюць муры Быхаўскага замка, вось я п'ю крыштальнай чысціні ваду з чароўнай Блакітнай крыніцы пад Слаўгарадам - адной з найвялікшых у Еўропе, вось я стаю на Замкавай гары ў старажытным Мсціславе - і чую званы з Пустынак…
Што гаворыць мне мая зямля? Што адказваю ёй я, імкнучыся глыбей спазнаць яе душу, прагнучы адчуць біццё яе сэрца, што адгукаецца ў маёй свядомасці званамі святой Полацкай Сафіі?
Яна гаворыць мне многае, гаворыць то спакойна-ўпэўненым голасам, то пяшчотна-замілаваным шэптам… Гаворыць пра сябе, пра Полацк і Магілёў, пра Нёман і Прыпяць, пра Скарыну і Багдановіча…
І раптам я пачынаю чуць толькі музыку слоў, непаўторную мелодыю наймілагучнейшай у свеце беларускай мовы, "мовы чыстых, спрадвечных славян", як пісала пра яе Ларыса Геніюш.
І тут у маёй памяці ўсплываюць чароўныя радкі Рыгора Барадуліна "лілею млявы плёс люляе…", якія проста працінаюць маю душу сваёй невымоўнай прыгажосцю, сваёй неўміручай сілай… І я адчуваю невымерную сілу роднага слова - слова, якое дайшло да нас праз вякі, праз стагоддзі прыгнёту. Слова, якое зрабіла наш шматпакутны народ неўміручым, а нашу зямлю - святой.
Крывія, Літва, Беларусь - Радзіма мая! Толькі на мове тваёй магу я спазнаць цябе, толькі на мове нашай я магу прызнацца табе ў каханні, толькі з беларускай мовай я магу быць разам з табой, я магу быць неад'емнай часцінкай цябе.
І ты ніколі не памрэш, мая любая матуля Беларусь, бо твая мова - вечная, бо твае сыны і дачкі, упэўнена, праз вякі пранясуць яе, "родную, цёплую, жывую і непаўторную".
…Я прачынаюся. Маё сэрца б'ецца разам з сэрцам Радзімы. Мая душа шэпча ёй самыя пяшчотныя ў свеце словы: жыву, люблю, кахаю…
Юрась Каласоўскі, Магілёў, Алена Радзевіч, Менск.
На здымку: Блакітная крыніца.
Вытокі хрысціянскага посту
Хрысціянскі пост бярэ свой пачатак з далёкіх часоў, з жыцця самых першых людзей на Зямлі. Гэта добра адлюстравана ў Бібліі, у Старым Запавеце. Кніга Быціе нам паведамляе, як стварыў Бог першага чалавека і даў яму імя Адам (зн. узяты з зямлі ), потым Еву (зн. жыццё, маці людзей ) і пасяліў іх у райскім садзе, дзе былі дзівосныя расіны, дрэвы і смачныя плады. I дазволіў Гасподзь першым людзям ужываць у ежу ўсё, акрамя пладоў з дрэва спазнання дабра і зла, каб не памерлі. Як бачым, ёсць першае абмежаванне ў выбары яды. Парушылі Адам і Ева Запаведзь Божую - саграшылі.
У другой кнізе Старога Запавету чытаем, як на трэці месяц выхаду з Егіпта ізраільцяне прыйшлі да гары Сінай. Маісей узышоў на яе, і Гасподзь гаварыў з ім. Маісей пераказаў усім ізраільцянам словы Божыя, постам і ўстрыманнем ад грахоўных учынкаў рыхтаваў іх прыняць Запаведзі Гасподнія. Маісей жа толькі пасля 40-дзённага посту на Сінаі прыняў Запаведзі: "І прабыў там (Маісей) у Госпада сорак дзён і сорак начэй, хлеба не еў і вады не піў; і напісаў Маісей на скрыжалях словы Запавету" (Вых. 34, 28) .
Адзначым, што пост ніколі не разглядаецца ў Бібліі асобна ад важных падзей. Бачым, што і 40-дзённы пост Маісея папярэднічаў непасрэдным зносінам з Богам і прыняццю Запаведзяў - асноўных маральна-этычных нормаў, якімі кіруецца грамадства да нашага часу.
Шмат пасціўся Давід - другі цар іудзейскі (першым царом Ізраіля пасля Суддзяў быў Саул). Менавіта цар Давід з'яўляецца вызначальнай асобай у радаводзе Госпада Ісуса Хрыста. Успомнім, як звярталіся да Сына Божага хворыя, напрыклад, два сляпыя: "Злітуйся над намі, Сын Давідаў" (Мф. 9, 27) . I пачуў Гасподзь іх просьбу, вылечыў - і яны, сляпыя ад нараджэння, сталі відушчымі. Дык вось, Давід - цар з радаводу Ісуса Хрыста, шмат пасціўся. У адным са сваіх псалмоў ён кажа: "Калені мае знемагліся ад посту, цела маё змянілася з-за яго" (Пс. 108, 24) .
А вось што сказана ў Бібліі пра Іудзіф, якая жыла падчас заваёў палесцінскіх земляў вавілонскім царом Навухаданосарам. Застаўшыся рана ўдавой, Іудзіф, прыгожая і элегантная, падчас аблогі ворагамі свайго роднага горада Ветылуі, у якім паміралі людзі ад голаду і смагі, увайшла ў давер да Алаферна, ваеначальніка Навухаданосара.
Зачараваны прыгажосцю жанчыны, Алаферн страціў пільнасць. Аднойчы пасля вясёлай вячэры, калі ваеначальнік заснуў, Іудзіф сцяла яму галаву і прынесла старэйшынам Ветылуі. Жыхары горада ўзрадаваліся, напалі на сонных ворагаў і разагналі іх, многіх знішчылі.
Потым удава Іудзіф жыла ў родным горадзе, у сваім доме спакойна. " Яна пасцілася ўсе дні ўдаўства свайго, акрамя дзён перад суботамі і субот, ... свят і ўрачыстасцяў дома Ізраілевага" (Іудзіф, 8, 6) . Карысталася вялікай славай і павагай. "І ніхто не дакараў яе злым словам, паколькі яна была вельмі набожнай" (Іудзіф, 8, 8) . Пражыла Іудзіф 105 гадоў. Пасля смерці яе пахавалі ў пячоры побач з мужам. Смерць Іудзіф аплаквалі гараджане сем дзён і пасціліся.
Можна назваць яшчэ выпадкі з жыцця выбранага народа падчас вавілонскага палону.
Каб утаймаваць пачуцці, быць паслухмяным перад Богам, шмат пасціўся Ездра. I вось у 458 г. да Н.Х. ён атрымаў дазвол перасяліцца ў Іерусалім, забраць вывезеныя вавіланянамі з Іерусалімскага храма багацці, а таксама для суправаджэння ўзяць з сабой усіх яўрэяў, хто хацеў бы вярнуцца ў сваю айчыну. Сярод ахвочых было шмат святароў, левітаў і інш. Усіх адпушчаных было 1734 чалавекі (1 Езд. 8, 32- 34) .
Вярнуўшыся ў Іерусалім, Ездра здаў каштоўнасці ў храм. А калі даведаўся, што шмат яўрэяў парушыла Закон, уступіўшы ў шлюб з дочкамі іншапляменнікаў, "хлеба не еў і вады не піў, плакаў аб дапушчаным злачынстве перасяленцаў" (1 Езд. 10, 6), бо было парушана патрабаванне захавання чысціні нацыі выбранага народа. Як бачым, Ездра прасіў літасці ў Бога, маліўся і пасціўся. Потым пытанне аб парушэнні Закона было вывучана адносна кожнага перасяленца, у выніку чаго сыны свяшчэнніцкія павінны былі адпусціць сваіх іншапляменных жонак разам з дзецьмі.
Яшчэ прыклад. Вядома, што Неямія (445 г. да Н.Х.) быў даверанай асобай пры царскім двары. Аднойчы, даведаўшыся аб разбурэнні горада Іерусаліма і храма ў ім, аб вялікіх бедствах суайчыннікаў, на працягу чатырох месяцаў плакаў, маліўся, праводзіў дні і ночы ў посце. Гэта заўважыў цар. Ён выслухаў прычыны перажыванняў Неяміі, адпусціў яго ў Ізраіль і даў яму вялікую ўладу па арганізацыі аднаўлення горада. Так за 52 дні гарадскія сцены Іерусаліма былі адноўлены. Дзень асвячэння сцен быў аб'яўлены агульнанародным святам. Затым па загаду Неяміі былі ачышчаны сем'і ад іншапляменнікаў, вернуты землі бедным. Была ўведзена забарона даваць грошы ў рост. Неямія правёў перапіс насельніцтва, загадаў многім перасяліцца ў Іерусалім, устанавіў у горадзе варту (Неям. 7, 1-5; 11, 1-2) .
У знак упарадкавання жыцця ў Іерусаліме па загаду Неяміі і Ездры быў устаноўлены пост. Пасля гэтага Неямія наведаў Вавілон. А калі вярнуўся на радзіму зноў, дабіўся вызвалення яўрэяў ад усяго чужаземнага і аднавіў парадак у свяшчэннаслужэнні.
Як бачым, пост, прычыны яго з'яўлення шырока ўпамінаюцца ў Старым Запавеце. Адзначым, што ў Старым Запавеце праз прарокаў шырока падаецца інфармацыя аб з'яўленні Месіі.
Новы Запавет паведамляе нам аб нараджэнні, зямным жыцці, смерці і Уваскрэсенні Месіі - Сына Божага Ісуса Хрыста. Тут жа, у Новым Запавеце, падаецца грунтоўная інфармацыя пра пост.
(Працяг будзе. )
У. Завальнюк, ксёндз-пробашч Менскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены , магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні
Абдулаева Святлана Іосіф. Адамоніс Валянцін Канстанц. Аксючыц Галіна Уладзімір. Аксючыц Ганна Аляксандр. Алейнік Віталь Андрасовіч Таццяна Валянц. Аношка Любоў Іосіфаўна Антаноўская Людміла Анцыповіч Мікалай Арцюшэнка Вікторыя Уладз. Атрахімовіч Вячаслаў Афанасенка Кацярына Уладз. Багінская Аўгіння Багнюк Любоў Баеў Канстанцін Генадзевіч Бандарчык Вікторыя Ігар. Бартошык Наталля Пятроўна Бацян Валянціна Бацяноўскі Аляксандр Р. Баярчук Алена Бедка Іван Берняковіч Іна Бойка Валянцін Юр'евіч Буданаў Зміцер Львовіч Букачова Алена Уладзімір. Бурак Жанна Генадзеўна Бурносаў Раман Генадзевіч Бусловіч Святлана Анатол. Вабішчэвіч Аляксандр Мік. Вайдашэвіч Жанна Пятроўна Верабей Янка Міхайлавіч Водзіч Наталля Волкава Ала Гагуліна Юлія Аляксандр. Гайдаровіч Анжаліка Галіноўская Ніна Васільеўна Галкоўскі Аляксандр Алякс. Гарох Мікалай Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Гацкі Уладзімір Венядзімавіч Гінько Марыя Уладзіміраўна Гнятуля Алег Аляксандравіч Гракун Валянціна Іосіфаўна Грамыка Алена Віктараўна Гром Ігар Віктаравіч Груздзеў Аляксандр Ігаравіч Грыневіч Ганна Грыцаў Тарас Грэйт Таццяна Міхайлаўна Грэская Браніслава Гук Уладзімір Пятровіч Гурыновіч Генадзь Аркадз. Дабрынец Аляксей Васіл. Давідовіч Дзмітры Даманава Лідзія Дзмітрыеўна Дамарацкі Аляксандр Уладз. Дашкевіч Г. С. Дзвілянская Бэла Дземідовіч Ігар Славаміравіч Дзем'яновіч Т. А. Дзяменцева Ірына Донаў Павел Пятровіч Доўжык Андрэй Ігаравіч Дрозд Юля Дунецкі Тадэвуш Віктаравіч Дучыц Людміла Егіпцава Таццяна Уладзімір. Ермалёнак Марыя Георгіеўна Еўдакіменка Святлана Жаўнярчук Ларыса Васіл. Жучкова Наталля Яўгенаўна Захарэвіч Андрэй Леанідавіч Зелянко Вольга Уладзімір. Ільініч Дар'я Сяргееўна Каваленка Святлана Пятр. Кавалеўскі Сяргей Кажан Анатоль Лазаравіч Казачок Ларыса Калыска Ірына Каляда Ірына Камароўскі Андрэй Уладзім. Кардаш Глеб Каржэўскі Віктар Мікалаевіч Каркота Анэліка Кастанаў Аляксандр Кашчэеў Аляксандр Клімковіч Ірына Яўгенаўна Клок Валянціна Конан Генадзь Краўчук Сяргей Курневіч Лізавета Васільеўна Курчынскі Браніслаў Браніс. Курыльчык Мікалай Пятров. Кутырло Віталь Эдуардавіч Лабковіч Мікалай Мікалаевіч Лашук Міхаіл Лемцюгова Валянціна Пятр. Логвінава Вольга Іванаўна Лозка Алесь Юр'евіч Лукашэвіч Алена Лук'янцаў Алег Лявіцкі Ягор Вацлававіч Макарэвіч Нікадзім Аляксан. Малахаў Зміцер Мамай Часлава Чаславаўна Марговіч Людміла Васільеўн. Матчэня Алег Мікалаеў Андрусь Васільев. Мілаш Валеры Уладзіславав. Міткавец Аляксандр Мішкевіч Інэса Вітольдаўна Мядзведзева Валянціна Мядзюта Аляксандр Ніканаровіч Генрых Нікіціна Зінаіда Новік Мікалай Аляксандр. Новік Таццяна Падгол Уладзімір Паляшчук Наталля Панцялей Аляксандр Уладз. Папека Мікалай Пархімовіч Сяргей Аляксан. Паўлавіцкі Станіслаў Пека Зоя Пятроўна Піменава Алена Анатольеўна Пішчулёнак Марына Плакса Ўладзімір Пантус Сяргей Іванавіч Поцька Віталь Станіслававіч Пракаповіч Ігар Міхайлавіч Прыбыльская Наталля Пятроўская Алена Аляксан. Раеўскі Аляксандр Аляксан. Русецкая Ала Рыжая Аляксандра Васіл. Савіцкая Тарэза Міраслав. Садовіч Юры Аляксандравіч Сакалоў Багдан Анатольевіч Свідуновіч Галіна Севярынец Павел Канстанц. Семяненка Таццяна Леанід. Сівы Сяргей Скуратовіч Аляксей Анатол. Слінько Аляксандр Віктар. Сныткіна Вольга Анатол. Станішэўскі Віталь Валянцін. Станкевіч Наталля Аляксан. Стралко Валер Васільевіч Супаненка Павел Ігаравіч Талерчык Аляксандр Сямён. Трафімчык Таццяна Уладзім. Трушко Уладзімір Урублеўская Лізавета Мікал. Фунт Аляксандра Халезіна Дзіяна Хальпукова Вольга Харак Анастасія Уладзімір. Хітыкава Галіна Уладзімір. Худанёнак Ірына Цівончык Мікалай Канстанц. Ціханчук Алена Ігараўна Цыва Андрэй Вітальевіч Цыцыліна Таццяна Міхайл. Чуйко Аляўціна Аляксееўна Шалахоўскі Аляксей Леанід. Шалкоўская Людміла Вікт. Шаравар Мікалай Лазаравіч Шаршун Алена Сяргееўна Швед Аляксандр Аляксанд. Шушкевіч Станіслаў Станісл. Шчэрбік Зміцер Васільевіч Шыманец Віржыня Шымук Марыя Дзмітраўна Шышко Іван Валянцінавіч Шэпетаў Мікалай Васільевіч Юданаў Віктар Канстанцін. Юшкевіч Міхаіл Валянцін. Яўменаў Альберт Піліпавіч
"Светлагоршчына ў пытаннях і адказах"
Я наведаў гэты цудоўны горад у 1996 г. Мяне вельмі здзівіла ў тую вандроўку, што ў цэнтры Светлагорска растуць суніцы. Потым аднойчы ў ПЭН-цэнтры я слухаў верш вядомага светлагорскага літаратараа Вадзіма Болбаса. Размаўлялі. Было таксама цікава.
Днямі ў адным з кніжных шапікаў я пабачыў першую кнігу светлагорскага літаратара, журналіста, краязнаўца Віктара Раманцова, які нарадзіўся ў 1970 годзе і скончыў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны (1996). Аўтар піша эсэ, у якіх пераасэнсоўвае гістарычныя і сучасныя падзеі, што адбыліся і адбываюцца на Светлагоршчыне. Спадар Раманцоў шукае адказ на пытанні, якое месца адведзена Светлагоршчыне ў свеце, якую місію нясе Светлагорск у якасці горада незалежнай краіны Беларусі, у чым унікальнасць і каштоўнасць раёна, горада і яго жыхароў.
Кніга мае назву "Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах", у якую ўвайшлі 50 артыкулаў. Значную частку кнігі займаюць нарысы пра славутых людзей, што нарадзіліся на гэтай зямлі. Гэта чэмпіён свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў (1989 г.) Уладзімір Мерынаў, генерал-маёр авіяцыі Пятро Стэфаноўскі (1903-1976), Алег Астроўскі - аўтар пяці сусветных рэкордаў па хуткаснай радыётэлеграфіі, Аляксандр Шыманоўскі (1850-1916) - беларускі этнограф і фалькларыст і інш.
У кожным з артыкулаў ёсць спасылкі на першакрыніцы, большасць з іх ілюстраваная чорна-белымі альбо каляровымі фотаздымкамі. Выданне аўтар прысвяціў 450-годдзю Светлагорска (да 1961 - Шацілкі), якое адзначалася ў 2010 годзе.
Кніга выйшла ў выдавецтве "Галіяфы". Яе наклад 500 асобнікаў. Рэдактарам з'яўляецца Юрась Барысевіч, а рэцэнзент у кнігі - І.В. Грабянчук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры грамадскіх дысцыплін і права Бабруйскай філіі УА "Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт".
Спадзяюся, выданне зацікавіць шырокае кола чытачоў.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык.
Менскі хлебазавод № 4 пад фірмовым знакам "Знатны пачастунак" выпускае хлеб "Чэрвеньскі"
Сыны Беларусі назаўсёды
Янка Купала і Якуб Колас займаюць пачэснае месца ў сузор'і слынных імёнаў, якімі па праву ганарыцца беларускі народ.
Купала - паэт лірычна-ўзнёслы і рамантычны, парывісты, эмацыянальны і драматычны па прыродзе свайго таленту. Песні Купалы - гэта люстэрка, у якім свеціцца сэрца беларуса, яго жыццё, яго родны край; гэта праўдзівы, непадробны голас, што выходзіць з самае глыбіні народнай душы.
Колас больш эпічны, больш зямны, чым Купала. Ён выдатны майстар апавядання, аўтар празрыстых па мове і стылю аповесцей. Ён заклаў асновы беларускага рамана. Кнігі Якуба Коласа - удумлівы летапіс настрояў і імкненняў людзей, гістарычных падзей.
Ушанаваць класікаў нацыянальнага слова, папулярызаваць іх творчасць, далучыць чытачоў да літаратурных шэдэўраў, якія ўвайшлі у залаты фонд нацыянальнага пісьменства - такая мэта літаратурна-музычнай кампазіцыі "Сыны Беларусі назаўсёды", якую зладзілі Лідская гарадская бібліятэка - філіял № 6 імя В. Таўлая і бібліятэкары СШ №16.
Зала, дзе праходзіла вечарына, была аформлена з улікам тэмы мерапрыемства. Акрамя партрэтаў Купалы і Коласа былі тут ручнікі, посцілкі, сноп каласоў і шматлікія рэчы народнага побыту. Прыцягвала ўвагу і кніжная выстава "Роднай нівы мы мільённая часцінка".
Мерапрыемства распачалося з мулявінскага запісу "Малітвы". У выкананні навучэнцаў музычнага каледжа прагучалі песні "Явар і каліна", "Спадчына", "Мой родны кут", "Янка Купала" і інш. Цудоўна гучалі цымбалы і скрыпка.
На працягу ўсяго вечара гучалі вершы, якія ўвасабляюць сілу народа, прыгажосць яго духоўнага жыцця, непаўторнасць беларускай прыроды.
Цікавым дапаўненнем да мерапрыемства стала мультымедыйная прэзентацыя "Іх імёны - сімвал Беларусі", падрыхтаваная аддзелам бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі.
Купала і Колас застаюцца ў сэрцы нарадзіўшага іх народа. Класікі беларускай літаратуры - тыя велічыні сусветнай культуры, пра якіх ніколі не будзе сказана апошняе слова, таму што кожнае пакаленне будзе зноў і зноў вяртацца да іх творчасці.
Загадчык Лідскай гарадской бібліятэкі-філіяла №6 імя В.Таўлая А. Быстрыцкая .
"Сечка" Андрэя Федарэнкі
31 кастрычніка 2012 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі Беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кнігі "Сечка", якую напісаў Андрэй Федарэнка. Літаратар нарадзіўся 17 студзеня 1964 г. у в. Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Мазырскі палітэхнікум, працаваў мулярам у Мазыры, Пінску, г.п. Мікашэвічах Лунінецкага раёна. Служыў у Савецкай Арміі. Затым працаваў транспартным рабочым у г. Калінкавічы, бібліятэкарам у в. Антонаўка Мазырскага раёна. У 1985 г. паступіў у Менскі інстытут культуры на бібліятэчна-бібліяграфічыны факультэт, які ў 1990 г. скончыў. Працаваў загадчыкам аддзела навукі, культуры, грамадскага жыцця і публіцыстыкі часопіса "Полымя", на кінастудыі "Беларусьфільм", у часопісе "Маладосць", штотыднёвіку "ЛіМ".
Аўтар кніг "Гісторыя хваробы", "Смуга", "Шчарбаты талер", "Афганская шкатулка", "Нічые", "Мяжа", "Ланцуг".
"Сечка" мабыць лепшая з кніг пісьменніка. Як адзначыла на вечарыне Аксана Бязлепкіна: "А. Федарэнка піша пра мову, пра літаратурны працэс, пра лёсы пісьменнікаў-сучаснікаў без іх грэблівага прыніжэння, пра быццё пісьменнікам і рэдактарам, пра першакрыніцы знаходак! Ён выступае як "пільны Бібліятэкар у літаратуры!": перачытваючы "тоны руды", прапануе чытачу скарб - адшуканую цікавінку..." .
Кніга выйшла ў выдавецтве "Галіяфы". Яе наклад 500 асобнікаў. Цёплыя словы пра спадара Андрэя сказалі Ірына Шаўлякова, Зміцер Вішнёў, Алесь Емельянаў і Лада Алейнік. Гучала музыка. Вечарына сабрала беларускую моладзь (у асноўным студэнцтва). Было вельмі цікава прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве ў музеі.
Аляксей Шалахоўскі.
Імпрэза ў Мірскім замку
17 лістапада 2012 года ў музеі "Замкавы комплекс "Мір" адбылося мерапрыемства, прысвечанае 20-годдзю з дня адкрыцця першай музейнай экспазіцыі ў Мірскім замку.
31 кастрычніка 1992 года ў адной з вежаў Мірскага замка была адкрыта першая музейная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі замка. На адкрыцці экспазіцыі прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, намеснік старшыні камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі археолаг, аўтар раскопак у Мірскім замку Алег Трусаў, замежныя амбасадары, прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі і жыхары Міра. Усе былі ўзрушаныя тым, што нарэшце распачатая ў 80-х гадах рэстаўрацыя помніка сусветнага значэння пачала даваць плён.
І вось праз 20 гадоў у цалкам адноўленым замку з гэтай нагоды адбылося юбілейнае мерапрыемства. На яго былі запрошаны архітэктары, археолагі, будаўнікі, якія шмат гадоў жыцця прысвяцілі аднаўленню Мірскага замка. Прысутнічалі таксама музейныя работнікі замкавага комплексу. Са сцэны гучалі ўспаміны ўдзельнікаў рэстаўрацыі, музычныя мелодыі ў выкананні артыстаў Белдзяржфілармоніі.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў уручыў прысутным насценныя календары з выявай Мірскага замка і нумары "Нашага слова", прысвечаныя юбілею аднаго з уладальнікаў замка з дынастыі Радзівілаў.
Наш кар.
На здымку: 1. Архітэктары - Сяргей Верамейчык, Валянцін Калнін, Вольга Атас, аўтары рэстаўрацыі Мірскага замка ў 70-80-я гады ХХ стагоддзя; 2. Сярэднявечная сцэна ў Мірскім замку.
Юрась Бабіч
Дыялектная лексіка і рэгіянальная тапаніміка як крыніца краязнаўчай інфармацыі
(На моўным матэрыяле Гарадоччыны)
У апошнія дзесяцігоддзі ў выніку пэўных сацыяльных змяненняў у грамадстве назіраецца ўстойлівае змяншэнне колькасці вясковага насельніцтва, якое заўсёды было галоўным носьбітам і захавальнікам шматвяковых народных традыцый. Таму надзвычай важным з'яўляецца вывучэнне асобных лексічных пластоў - дыялектызмаў, - дзе адлюстроўваныя народныя назвы, асаблівасці побыту, традыцыйны ўклад жыцця пэўнага рэгіёна. Гэта багатая крыніца не толькі выключна моўнай, але і этнаграфічнай, агульнакультуралагічнай, а таксама краязнаўчай інфармацыі. Бо "шматлікія дыялектныя словы трапна перадаюць найтанчэйшыя адценні думак, пачуццяў, перажыванняў чалавека, дакладна характарызуюць дзейнасць людзей у розных сферах жыцця" [1, с. 7]. Шмат адметных дыялектызмаў зафіксавана намі ў гаворках Гарадоччыны. Гэта ў нейкім сэнсе спецыфічны рэгіён, бо размешчаны на мяжы з Расіяй, што накладвае свой адбітак і на маўленне мясцовага насельніцтва. Заўважым, што на поўначы Гарадоцкі раён мяжуе з Невельскім і Усвяжскім раёнамі Расійскай Федэрацыі. Цікава, што на іх тэрыторыі адзначаюцца характэрныя беларускаму маўленню рысы: "аканне, фрыкатыўны заднеязычны [г], наяўнасць [т'] у дзеясловах 3-яй асобы адзіночнага ліку" [2, с. 218]. Разгледзім некаторыя адметныя ў лінгва-культуралагічным і краязнаўчым аспектах словаўжыванні жыхароў Гарадоччыны, праілюструем канкрэтнымі прыкладамі з жывога маўлення.
Так, сярод рэгіянальных найменняў асоб вылучаецца множналікавы назоўнік сінельнікі . Мяркуецца, што "гэта катэгорыя людзей займалася мастацтвам крашаніны" [3, с.164]. У сваю чаргу крашаніна - "друкаванне выяваў на тканінах пры дапамозе асобных драўляных дошак, што маюць рэльефны малюнак" [3, с. 165]. Гэтая вытворчасць была характэрная пераважна для заходняй часткі Гарадоччыны. Майстэрствам крашаніны славіліся, у прыватнасці, жыхары вёскі Маскаляняты. Паказальна, што і зараз старэйшыя вяскоўцы могуць падрабязна апісаць увесь працэс. Заўважым, што ў ТСБМ зафіксавана слова сінель - "шнурок з аксаміцістым ворсам для вышывання, упрыгожання жаночага адзення, капелюшоў і пад." . Але назоўнікі сінельнікі і крашаніна не падаюцца. Названыя лексемы якраз і адлюстроўваюць папулярны від дзейнасці прадстаўнікоў канкрэтнага рэгіёна.
Значную цікавасць уяўляе пласт лексікі, звязанай з назвамі тканіны. У в. Азярышча намі зафіксаваны множна-лікавы назоўнік скуматы . Гэта дыялектны сінонім да слова палатно . Але ніхто з жыхароў не змог патлумачыць этымалогію сваёй адметнай лексемы. Разам з тым ахвотна ўжываюць яе ў маўленні: "Нада залы наварыць, гарачай вады і залы туды ўсыпаць. Тады гэтыя скуматы - у бочку, каб адбельваліся" . У адрозненне ад дадзенага назоўніка куды больш распаўсюджаны дыялектызм гулькі са значэннем "пакрывала" : "На краваць гулькі ўсягда кідаю, каб бялізна не вымазвалася" (в. Азяркі). Ён адзначаны таксама ў вёсках Малыя Стайкі, Вялікія Стайкі, Пруднікі, Смалоўка, Вышадкі, Новы Болецк. Як бачна, і гэты назоўнік множналікавы.
Сярод мясцовых назваў абутку вылучаюцца словы шчарбанкі , пастолы і чуні . Шчарбанкі - тое, што і лапці : "Зараз ужо мала хто ведае, як робяцца шчарбанкі і з чаго трэба іх пачынаць" (в. Астраўляны); Пастолы - паводле тлумачэння мясцовых жыхароў, - "скураны абутак, які носіцца вясной ці ранняй восенню" : "Вясенні абутак раней шчэ мой дзед называў пастолы , а шчас рэдка так гаворым і завём" (в. Астраўляны). ТСБМ фіксуе варыянт пасталы - "даўні мяккі сялянскі абутак з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі" . Гаворка тут можа ісці пра фанетычны дыялектызм. У в. Новы Болецк мы выявілі назву вяровачных лапцяў - чуні : "Зараз амаль так не называем, цяпер проста лапці ці боты , раней казалі чуні і разумелі так пра абутак, сплецены, як лапці, толькі пры дапамозе вяроўкі" . Цікава, што побач з названай поўнай формай слова часта ўжываецца і памяншальна-ласкальная - чунькі . Гэта абутак, пашыты з футра ў выглядзе шкарпэтак: Чунькі абувае ў боты кожны рыбак зімой у нашай вёсцы, каб цяплей было нагам.
Асобна разгледзім мясцовыя назвы страў. Тут варта памятаць, што адметным з'яўляецца не толькі само слова, але і рэцэпт прыгатавання той ці іншай стравы. Прынамсі, свой адметны кампанент заўсёды прысутнічае ў большай ці меншай ступені. Вылучым сярод названай тэматычнай групы назоўнікі саладуха, сачні, талалуй, сяканка, цюпкі, апусканікі, ляпні, шлаган, мурцоўка, сырапеня, жураха .
Саладуха - салодкая мучная страва: "Для саладухі муку і ваду размешвалі з мёдам. Калі пачынала закісаць, дабаўлялі жменю снегу і ставілі ўправаць" (в. Азяркі).
Сачні - печыва з аржаной мукі: "Сачні ані называліся, што ані такія сочныя, пышныя былі" (в. Казінова).
Талалуй - печыва з мукі і мёду: "Талалуй - зараз пірог, толькі не на сахары, а на мёдзе" (в. Панкры).
Сяканка - пячэнне з мукі: "Унукам наравіцца сяканка, раблю ў печы" (в. Газьба).
Цюпкі - хлеб, накрышаны ў малако: "Лепш цюпкі рабіць на парным малаке, тады цёплыя" (в. Газьба).
Апусканікі - клёцкі з бульбы: "Робяцца з бульбы і варацца ў гарачым малацэ, а завем іх апусканікамі" (в. Мяжа).
Ляпні - страва з цёртых цукровых буракоў: "А ляпні рабіліся так: буракі церлі і выпякаліся з мукою" (в. Азяркі).
Шлаган - страва з бульбы і алею: "Варонаю бульбу крышылі і змешвалі з алеем і шлаганам называлі" (в. Вялікія Стайкі).
Мурцоўка - страва з селядцамі: "А гэта страва з сялёдкай, вадой, цыбуляй, хлебам і алеем у нас называецца мурцоўкай" ( в. Вялікія Стайкі).
Сырапеня - тое, што і сыракваша : "У алюміневую каструлю ўліваю сырапеню і на газ, на маленькі агеньчык, потым будзе тварог" (в. Азяркі).
Жураха - страва з аўсянкі: "Еты жур журыхай завём, матка падсалодзіць, калі ёсць чым, дак так смашна" (в. Новы Болецк).
Матэрыял паказвае, што на Гарадоччыне добра захаваліся рэцэпты прыгатавання даволі значнай колькасці страў. Некаторыя з іх можна пакаштаваць толькі тут. Яны маюць адметныя, спецыфічныя назвы, што адлюстроўвае мясцовыя традыцыі і каларыт.
Несумненную цікавасць як крыніца краязнаўчай інфармацыі ўяўляе сабой мясцовая тапаніміка. Тут важна памятаць, што назва паселішча захоўваецца і тады, калі з'явы, якія прывялі да яе ўзнікнення, ужо не існуюць. Слова, што стала тапонімам, паступова страчвае асацыятыўныя сувязі з датапанімічным сваім значэннем. А ўстойлівасці тапонімаў "садзейнічаюць наступныя характарыстыкі: працягласць існавання самога аб'екта; асацыятыўныя сувязі тапоніма з канкрэтнымі з'явамі жыццёвай практыкі; грамадская значнасць; шырокае выкарыстанне назваў у жывым маўленні; распаўсюджванне на сумежныя назвы; замацаванне назвы ў дакументах" [4, с. 7]. Кожная геаграфічная назва мае сваю перадгісторыю, таму не выпадае гаварыць пра выпадковы характар той ці іншай намінацыі. А гэта ўжо сапраўды важная прычына, каб больш уважліва ставіцца да рэгіянальных тапонімаў. Падобныя ўласныя назоўнікі, што ўжываюцца на тэрыторыі Гарадоцкага раёна, можна класіфікаваць на некалькі груп паводле семантычнай прыметы, якая ляжыць у аснове наймення. У прыватнасці, вылучаюцца назвы, што адлюстроўваюць прыродныя рэаліі мясцовасці: Лугаўскія, Вярэчча, Сутокі, Каленькава, Ключ, Віроўля, Дражня, Горкі, Беляі і інш. Асаблівасці мясцовых гаворак накладваюць свой адбітак на ўнутраную форму тапонімаў. Так, напрыклад, дыялектызм бель мае значэнне "балота з белымі імхамі - падвеем, які пасля адцвітання ўтварае пушыстае белае покрыва" . Менавіта гэты назоўнік даў назву вёсцы Беляі . Ці іншы прыклад. Вёска Вярэчча атрымала назву, паводле меркаванняў мясцовых жыхароў, ад слова вярэч - так тут называецца "нізкая балоцістая, цяжкапраходная мясціна". Як-раз з балотам звязаны і тапонім Балотніца . Так мясцовае насельніцтва называе "балотную расліну з белымі пушыстымі кветкамі" - пухоўку. Менавіта з балотам асацыюецца назва вёскі Дражня . Так мясцовыя людзі называюць "забалочанае месца ў лесе" : "Калі трапіш на дражню, не выберышся…" Тапонім Горкі атрымаў сваю назву ад адпаведнага агульнага назоўніка, які ў маўленні мясцовых жыхароў абазначае "сухую мясціну сярод балота" : "На горцы суніцы хутчэй паспяваюць і знайсці лягчэй…" Як бачна, шэраг тапонімаў мае досыць празрыстую матывацыю, заснаваную на мясцовых назвах балоцістых мясцін ці балотных раслін. Гэта выразна сведчыць пра тое, што балота - сапраўды важны канцэпт у моўнай свядомасці жыхароў Гарадоччыны.
Досыць цікавую інфармацыю дае трактоўка мясцовым насельніцтвам назвы вёскі Астраўляны . Намі зафіксаваныя два варыянты. Так, існуе легенда, што некалі тут жыў багаты чалавек, і была ў яго дачка Ляна, якая славілася сваёй прыгажосцю і розумам. Яна пакахала беднага хлопца, і за гэта бацька выгнаў дзяўчыну, загадаўшы пасяліцца на бязлюдным востраве сярод балота. З таго часу і пачалі зваць тое месца Востраў Ляны . Паступова два словы зліліся ў адно і ўтварыўся тапонім Астраўляны . А паводле другой версіі, такая назва замацавалася праз тое, што вёска знаходзіцца на ўзгорках, вакол якіх раскінуліся азёры. Гэта значыць, на своеасаблівым востраве. Безумоўна, першы варыянт выглядае больш рамантычным і можа служыць пры належным падыходзе добрай падставай для прываблівання гасцей, развіцця экатурызму. Да таго ж менавіта тут нарадзіўся адзін з удзельнікаў беларускага літаратурнага руху сярэдзіны ХІХ стагоддзя і верагодны аўтар знакамітай паэмы "Тарас на Парнасе" Канстанцін Вераніцын.
Асобна вылучым тапонімы, якія маюць у сваім складзе этымалагічны прэфікс за- . Паводле гэтай мадэлі ўтворана вялікая колькасць назваў, характэрных якраз для Гарадоччыны: Забарок, Забабуры, Забумер'е, Завань, Забарочча, Забор'е, Задрачча, Залучча, Зарэчча, Зарубы і інш. Тут значную цікавасць уяўляе тлумачэнне ўласных назоўнікаў мясцовымі жыхарамі. Не заўсёды іх матывацыя адлюстроўвае аб'ектыўныя моўныя фактары. Але ў культуралагічным і краязнаўчым аспектах акурат гэты феномен з'яўляецца важным і паказальным. Так, напрыклад, вёска Задрачча атрымала сваю назву, паводле меркавання яе жыхароў, ад дыялектнай лексемы драча - "мёрзлы снег пасля адлігі" : "Крыльцо толькі тапаром ссекчы можна, калі на дварэ драча" . А тапонім Зарубы матывуецца папулярным тут словам руба - "мяжа землеўладання ў лесе ці ў полі" : "Мая руба заўсёды абкошаная, каб не сеілася пустазелле ў агарод" . Дарэчы, прыгадаем таксама аднайменную назву буйнога населенага пункта і ў Віцебскім раёне. Можна меркаваць, што ў абодвух выпадках у аснове намінацыі ляжыць менавіта семантыка названага дыялектызму.
Пэўныя тапонімы Гарадоччыны ўтвораныя на аснове мясцовых назваў таго ці іншага гаспадарчага рыштунку. Тут сярод іншых адзначым уласныя назоўнікі Бегуны і Варахобы . Так, вёска Бегуны атрымала сваю назву, паводле меркаванняў яе жыхароў, ад дыялектызма бягун - "тоўстая вяроўка, звітая з галін бярозы ці хвоі для звязвання паасобных звёнаў плыта" : "Бралі менавіта бярозавыя ці яловыя веткі, бо яны гнуцца і сплятаюцца ў бягун лягчэй" . Лічыцца, што раней тутэйшыя жыхары былі адмыслоўцамі ў вырабе такіх вяровак. А тапонім Варахобы ўтвораны на аснове дыялектызма вароха - "вялікая драўляная лыжка, прызначаная для мяшання і разлівання стравы" : "Я і зараз варохай суп з чыгунка наліваю" . Старэйшыя жыхары вёскі сцвярджаюць, што яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя гэты від дзейнасці быў тут надзвычай распаўсюджаны, а самі вырабы карысталіся вялікім попытам.
Такім чынам, намі разгледжаны некаторыя мясцовыя лексічныя асаблівасці Гарадоччыны. Матэрыял паказвае, што названы рэгіён вызначаецца шэрагам адметнасцяў, якія ўяўляюць несумненную цікавасць і ў краязнаўчым плане. Народнае слова - гэта своеасаблівы ключ да разумення мінулага, да асэнсавання культуры і побыту насельніцтва. "Каб з лёгкасцю адкрываць старажытнасць, каб яе святло лілося ў сучаснасць, мы павінны памятаць, збіраць і захоўваць хоць маленькія, але вельмі важныя рысы, сапраўдныя асаблівасці беларускай мовы" , - слушна адзначае А. Крывіцкі [5, с. 12]. Многія пададзеныя намі лексічныя адзінкі абазначаюць адмысловыя стравы, адлюстроўваюць спецыфіку гаспадарчай дзейнасці мясцовых жыхароў у мінулым. Гэтая ж прыкмета часта выступае асновай для назвы адпаведнага населенага пункта. А ўсё згаданае ў сукупнасці з'яўляецца неацэннай крыніцай агульнакультуралагічнай, этнаграфічнай і краязнаўчай інфармацыі.
(г. Віцебск.)
Спіс літаратуры:
1. Блінава, Э. Беларуская дыялекталогія: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў / Э. Блінава, А. Мяцельская. - Мінск. - 1999.
2. Слова беларускае. З гісторыі лексікалогіі і лексікаграфіі / Рэд. А. Крывіцкі, Ю. Мацкевіч. - Мінск. - 1977.
3. Памяць. Гарадоцкі раён: гіст. дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Уклад. С.І. Садоўская. - Мн.: Беларусь. - 2004.
4. Яшкін, І.Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў. Тапаграфія. Гідралогія / І. Я. Яшкін. - Мн. - 2007.
5. Крывіцкі, А.А. Дыялекталогія беларускай мовы: дапаможнік для студэнтаў філал. спец. ВНУ / А.А. Крывіцкі. - Мінск. - 2003.
Ён шмат зрабіў для Беларусі
Даўно не збіралася столькі народу ў дворыку Старадарожскага музея выяўленчага мастацтва А. Белага, які знаходзіцца ў горадзе Старыя Дарогі Менскай вобласці (Рэспубліка Беларусь). Сюды прыехалі пакліканыя сэрцам і душою сябры культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" з Менска, госці са Слуцка, жыхары горада Старыя Дарогі, прадстаўнікі розных СМІ Менска, Слуцка, каб ушанаваць памяць вядомага беларускага грамадска-культурнага дзеяча, вучонага, калекцыянера, заснавальніка і старшыню клуба "Спадчына", сябра Саюза мастакоў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза беларускіх журналістаў, двойчы дыпламанта Міжнароднага Біяграфічнага Кембрыджскага цэнтра [Англія; 2000 найбольш вядомых навукоўцаў ХХ стагоддзя (1999) і 100 найлепшых адукатараў свету (2012)], ганаровага члена Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі - Анатоля Яўхімавіча Белага . У гэты дзень - 17 лістапада 2012 года - адбылося адкрыццё помніка А.Я. Беламу, які адышоў у іншы свет 14 лістапада 2011 года.
У дворыку музея гасцей сустракаюць словы вядомага беларускага паэта, ідэолага беларускага нацыянальнага Адраджэння Францішка Багушэвіча, якія размешчаны на сцяне злева ад цэнтральнага ўваходу ў музей : "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога дадзеная!"
Бюст Анатоля Белага (аўтар Уладзімір Лятун, скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі) ўзвышаецца на фундаменце, які стварыла сама прырода, - на магутным 12-тонным камені-валуне. Устанавіў бюст стрыечны брат Анатоля Белага Міхась Белы.
З помніка павольна спускаецца белае покрыва, і на ўсіх прысутных уважліва ўглядаецца Анатоль Белы і, нібы звяртаючыся да іх, кажа: "Ці ж працягваеце Вы, мае паплечнікі, аднадумцы і спадкаемцы, справу Адраджэння нашай шматпакутнай Беларусі?"
Да помніка кладуцца кветкі.
Пратаіярэй Свята-Залужскай праваслаўнай царквы айцец Аляксандр адслужыў малебень за спачын душы Анатоля Белага.
І стаіць цяпер помнік Анатолю Беламу ў адным шэрагу з такімі знакамітымі постацямі як класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч і яго бацька Адам Багдановіч, беларускі паэт Анатоль Бярозка, які працяглы час жыў у ЗША і быў там ушанаваны, паэтка і маральны лідар незалежнага беларускага грамадства Ларыса Геніюш, паэтка і аўтар папулярнага ў Беларусі верша-гімна "Магутны Божа", які становіцца другім поўнавартасным гімнам Беларускай дзяржавы, Наталля Арсеннева, класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў і многія іншыя.
А. Белы ведаў сілу ўздзеяння на чалавека твораў мастацтва, таму і прысвяціў сваю дзейнасць не толькі калекцыяніраванню твораў. Ён сам быў арганізатарам, аўтарам і кіраўніком праекту стварэння таго ці іншага помніка, і як вынік яго сумеснай працы з мастакамі і скульптарамі - у дворыку музея створаны пантэон знакамітых постацей беларускай гісторыі, культуры, літаратуры, мастацтва, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў мінуўшчыны і сучаснасці.
Сярод іх - класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас, паэт і ўдзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 60-х гадоў ХІХ стагоддзя Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), гісторык і адзін з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі вучоны-мовазнавец, гісторык, этнограф і фалькларыст Яўхім Карскі, беларускі і расійскі гісторык, археограф і краязнаўца Мікалай Улашчык, беларускі публіцыст і выдавец, грамадскі і культурны дзеяч Аляксандр Уласаў, палітыкі і культурныя дзеячы, ідэолагі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху браты Антон і Іван Луцкевічы, заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі (медальёны з іх выявамі змешчаны з правага боку ад цэнтральнага ўваходу ў музей). Тут жа, у дворыку, каля брамкі месціцца камень-валун - мемарыяльны помнік у памяць ваяроў Грунвальдскай бітвы 1410 года, а на страсе музея - помнікі Кастусю Каліноўскаму, героям Слуцкага збройнага чыну 1920 года. Усяго ў дворыку музея дэманструецца каля 80 помнікаў увасобленых у бронзе, метале, медзі, жалезе, гіпсе, камянях і іншых матэрыялах.
А. Белы адраджаў гісторыю Бацькаўшчыны праз стварэнне помнікаў славутым беларусам, а цяпер ён сам стаў гісторыяй і знаходзіцца сярод іх - сваіх герояў.
З успамінамі пра свайго старшыню выступілі сябры клуба "Спадчына": беларускі паэт і выдавецкі работнік Яўген Гучок (ён жа і вядовец гэтай імпрэзы), журналіст і грамадскі дзеяч Святлана Белая (дачка Анатоля Белага), сакратар клуба "Спадчына" Надзея Сармант, пісьменнік, гісторык, журналіст, культуролаг, краязнавец, ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Анатоль Валахановіч, паэт і журналіст Мікола Лавіцкі, скульптар і мастак Мікола Несцярэўскі, вучоны ў галіне эканамічнай інфарматыкі, прафесар, ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Мікола Савіцкі, пісьменнік Ілля Копыл. Цёплыя словы пра А. Белага і яго сям'ю выказалі суседзі, сябры і знаёмыя Яніна Мурашка, Віктар Шурмоўскі, Эмілія Васілевіч і інш.
Усе выступоўцы адзначалі вялікі ўклад Анатоля Белага ў адраджэнне гісторыі, культуры, краязнаўства Беларусі. Яны падкрэслівалі, што для пабудовы музея, у якім цяпер зведзены пад адну страху чатыры двухпавярховыя будынкі, з плошчй экспазіцыі каля 500 кв. м. і асноўным фондам каля 4 тысяч экспанатаў (на 2011 год) А. Белы прыклаў шмат намаганняў, ахвяраваў сваім фізічным і маральным здароўем. Не забылі выступоўцы ўспомніць, што А. Белы - ініцыятар устаноўкі помнікаў Максіму Багдановічу ў расійскім горадзе Яраслаўлі, Адаму Багдановічу ў гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна Менскай вобласці, гісторыку Міколу Ермаловічу ў горадзе Маладзечна. Некаторыя з прысутных былі па-добраму здзіўлены, што помнікі Еўфрасінні Полацкай, Францішку Скарыну, Міколу Гусоўскаму, Васілю Цяпінскаму і Сымону Буднаму ўсталяваны ў дворыку галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама дзякуючы Анатолю Беламу. Шмат мастацкіх твораў падараваў ён Старадарожскаму краязнаўчаму музею, музею БДУ і іншым музеям.
А. Белы быў прадаўжальнікам добрай справы сваіх герояў, пачэснай справы адраджэння Беларусі. Вялікую ролю адыграў ён у мастацтве і культуры пры наладжванні выставак, правядзенні навуковых канферэнцый, прысвечаных дзеячам адраджэння Бацькаўшчыны.
Анатоль Белы быў чалавекам смелым і рашучым, які ў сваёй біяграфіі напісаў адказы на тры пытанні, і трэцяе з іх гучала так: "Што я буду рабіць у апошні дзень свайго жыцця?" І ён мужна адышоў у вечнасць, так як гэта належыць чалавеку, які ўсё сваё жыццё прысвяціў адраджэнню свабоды і незалежнасці сваёй Радзімы.
А. Белы некалькі разоў быў у ЗША, дзе арганізоўваў мастацкія выстаўкі "Францішак Скарына і яго час", "Кастусь Каліноўскі - слаўны сын беларускага народа", "Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах". У сваім мастацкім музеі ён стварыў галерэю партрэтаў дзеячаў беларускага замежжа. Частка гэтай калекцыі "Беларускія Калумбы" экспанавалася ў ЗША.
Шмат у чым А. Беламу дапамагала дачка Святлана - журналістка, грамадскі дзеяч. Яна на працягу 6 гадоў выдавала ў Кліўлендзе часопіс "Полацак", дзе друкаваліся творы беларусаў Бацькаўшчыны і замежжа. Святлана Анатольеўна сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, ганаровы сябра Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Яна вывучала жыццё і творчасць Максіма Багдановіча і выдала кнігу "Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча", а кніга "Да роднага ганку" - гэта зборнік успамінаў беларусаў Амерыкі, якія да вайны былі звязаны з Вільняй і яе адраджэнцкімі традыцыямі.
Пасля адкрыцця помніка ўсе наведалі магілу Анатоля Белага, каб аддаць даніну памяці яму. І як добра гучалі словы паэта Яўгена Гучка, прысвечаныя А. Беламу яшчэ пры жыцці:
Бо, не шукай
Прызнанне ў нікчэмнасці,
Бо іх прызнанне -
На табе ж і крыж:
Трэ' памятаць:
Не можа быць ўзаемнасці
Паміж - калі яны паўзуць,
а ты - ляціш.
А раней, 11 лістапада на аграсядзібе Новы Двор Менскага раёна сябры клуба "Спадчына", радня, сваякі, блізкія адзначылі гадавіну смерці Анатоля Белага. Прысутныя змаглі паглядзець створаны Уладзімірам Раманоўскім фільм пра дзейнасць А. Белага і прысвечанае яму слайд-шоў.
Памяць пра Анатоля Яўхімавіча Белага назаўсёды застанецца ў сэрцах і памяці тых, хто ведаў і бачыў яго, сябраваў з ім!
Вечны яму спакой.
Анатоль Валахановіч, пісьменнік, гісторык, журналіст, культуролаг, краязнавец, ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
Календары ТБМ
16 лістапада ў сядзібе ТБМ адбылася прэзентацыя календароў, выдадзеных арганізацыяй на працягу 2012-га года. У імпрэзе браў удзел мастак, дызайнер Ігар Марачкін, аўтар згаданых календароў. Да гэтага мерапрыемства была аформлена насценная экспазіцыя, у якую ўвайшлі ўзоры календароў розных гадоў і рознага фармату. Азнаёміцца з гэтай экспазіцыяй зможа любы ахвотны на працягу бягучага года.
Варта зазначыць, што пры распрацоўцы сюжэтаў былі скарыстаныя працы вядомых беларускіх мастакоў Аляксея Марачкіна і Уладзіміра Басалыгі. Акрамя насценных календароў, прэзентаваліся кішэнныя, настольныя і перакідныя календары. Апошнія вось ужо тры гады выпускае Гродзенская абласная арганізацыя ТБМ. Ініцыятарам задумы і распрацоўшчыкам гэтых унікальных календароў з'яўляецца кіраўнік ТБМ Гарадзеншчыны Аляксей Пяткевіч.
Перад прысутнымі выступіў старшыня ТБМ Алег Трусаў, на пытанні адказаў Ігар Марачкін, вяла імпрэзу Алена Анісім.
У падарунак кожны з прысутных атрымаў каляндар на 2013 год.
Наш кар.
Творчая сустрэча з Тамарай Габрусь у Магілёве
У пятніцу, 23 лістапада, у Магілёве адбылася творчая сустрэча з мастацтвазнаўцай Тамарай Габрусь. Арганізатарамі вечарыны сталі Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава і Магілёўская гарадская арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".
Спадарыня Тамара - доктар мастацтвазнаўства, гісторык архітэктуры, аўтар звыш 400 публікацый па гісторыі беларускага дойлідства. Імпрэза была прымеркавана да 120-годдзя Пятра Бараноўскага, беларускарускага архітэктара-рэстаўратара, археолага, пра якога Тамара Габрусь напісала ў сваёй новай кнізе "Паэзія архітэктуры".
Дарэчы, адмыслова да вечарыны супрацоўнікі краязнаўчага музея падрыхтавалі выставу кніг Тамары Габрусь, сярод якіх дасведчаны чытач мог пазнаць і "Страчаную спадчыну", і "Саборы помняць усё", і "Харалы архітэктуры".
Пачала ж вечарыну Тамара Габрусь з расповеду пра жыццёвы і творчы шлях архітэктара Пятра Бараноўскага, дэманструючы прысутным унікальныя фотаздымкі. Так-сама сп. Т. Габрусь распавяла пра тое, як пачала цікавіцца архітэктурай, што найперш прывабіла яе ў гэтай галіне мастацтва.
Надзвычай цікавым быў аповед пра знаёмства з Уладзімірам Караткевічам і яго жонкай Валянцінай Браніславаўнай. Аказваецца, пры напісанні рамана "Чорны замак Альшанскі" Караткевіч у якасці прататыпаў многіх персанажаў выкарыстаў супрацоўнікаў інстытута, дзе працавала Т. Габрусь разам з жонкай пісьменніка.
Цікава было пачуць і пра абарону беларускай інтэлігенцыяй гістарычнага цэнтра Менска, пра спробы выратаваць Нямігу.
Напрыканцы вечарыны Тамара Габрусь уручыла пасведчанне сябра ТБМ вядомаму магілёўскаму мастаку Васілю Камарову, а таксама падзяку музея гісторыі Магілёва супрацоўніцы краязнаўчага музея Марыне Тарасавай за дапамогу ў набыцці "Часоўніка".
Скончылася ж імпрэза ўручэннем кветак сп. Тамары Габрусь, а таксама фота- і аўтографсесіяй. Дарэчы, яшчэ да прыезду Т. Габрусь яе кнігі ў магілёўскіх кнігарнях былі раскуплены, і таму асобнікі новага выдання "Паэзія архітэктуры" прыйшлося везці ажно са сталіцы.
Юрась Каласоўскі, Магілёў.
На лініі фальклору
У змястоўнай, высокакласнай навукова-папулярнай кнізе В.Я. Ляшук і Г.М. Снітко "Літаратурная Берасцейшчына" (Мінск - "Літаратура і мастацтва" - 2008 г.), дзе цікава і захапляльна распавядаецца пра літаратурна-грамадскі рух - працэс на Берасцейскай зямлі ад старажытнасці і да нашых дзён, добрым словам узгадваецца паэт з Баранавіч Алесь Корнеў. Узгадка гэтая робіцца невыпадкова, больш таго - заслужана. На сённяшні дзень А. Корнеў, па адукацыі і прафесіі - лекар, былы загадчык дыспансэрнага аддзялення Баранавіцкага скурна-венералагічнага дыспансэра - у сваім творчым актыве мае паўтара дзесяткі паэтычных кніг (эпіка, пейзажная, любоўная, філасофская, грамадзянская лірыка, гумар і сатыра і інш.), выдадзеныя ўласным коштам. Ён для гэтага бярэ крэдыты, а пасля паступова разлічваецца, што таксама, безумоўна, з'яўляецца сведчаннем самаахвярнага служэння пенсіянера з нямалым стажам роднаму слову. Вось некаторыя з яго кніг: "Пад зоркай Мілавіцай" (2008 г.), "Неўтаймоўны сексафон"(2009 г.), "Мядовы полюс" (2010 г.), "Як песня, год мінае" (2010 г.) і інш. На вялікі жаль, як і некаторыя нашы іншыя добрыя паэты, ён не вельмі аблашчаны ўвагай і клопатам з боку тых, хто нібыта апякуецца літаратурнымі з'явамі сённяшняй Беларусі. Праўда, у сваім рэгіёне паэт і яго творчасць не застаюцца незаўважанымі. Так, яго кніга "Мядовы полюс" уганаравана абласной літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка. Была і мядовая прэмія - вядро мёду - ад паэта-пчаляра, прадпрымальніка з Берасцейшчыны Міколы Папекі. Добрыя водгукі мела паэзія ад светлай памяці Ніны Мацяш.
Сёння прыхільнікі нашага паэта маюць мажлівасць пазнаёміцца з новым арыгінальным паэтычным зборнікам "Спарышы для душы", што днямі выйшаў у свет (Брэст - "Альтэрнатыва" - 2012 г.). Змест назвы зборніка паэт тлумачыць сам у сваёй прадмове да выдання: "Што такое спарыш? Гэта два спараныя прадметы, якія злучыліся ў адно цэлае, часцей усяго з самага пачатку свайго зараджэння: арэхіспарышы, каласкі-спарышы, два дрэўцы з аднаго кораня альбо камля, два гліняныя гаршчочкі з агульнай ручкай, у якіх насілі ежу у час палявых работ і інш. У дадзенай кніжцы вершы-спарышы - гэта двувершы, якія характэрныя для Беларусі ў такой жа ступені, як хоку для японскай паэзіі з той, аднак, розніцай, што апошнія не рыфмуюцца".
Дадамо, што для японскай літаратуры характэрны яшчэ і пяцірадкоўі (танка); а двухрадкоўі (бейты), як і чатырохрадкоўі (рубаі) - для некаторых літаратур Усходу (пераважна - для ірана-таджыцкай). ІІІто ж тычыцца "беларускай славеснаці, то наяўнасць у ёй двух- і чатырохрадкоўяў (пераважна - прыпевак) характэрны ў асноўным для народнай творчасці. Дарэчы, яны адначасова з'яўляюцца і ўзорам афарыстыкі. Там многія двувершы маюць асляпляльны бляск як па змесце, так і па форме (шматскладоўнікі і маласкладоўнікі). Напрыклад:
"Няма такой крамы,
Дзе купляюцца мамы";
"На чужой старонцы
Роднай рад варонцы";
"Блізак кубак да губак,
але шмат выбояў
Паміж ім і губою";
"Радня да паўдня, а як сонца зойдзе,
Сам чорт яе не знойдзе";
"Каб не ежка ды адзежка,
Была б грошай поўна дзежка";
"Забілі зайца не забілі,
А гуку многа нарабілі";
"Чым мець абыякага,
Дык лепей ніякага";
"Як мукі скрыня,
Дык і свіння гаспадыня";
"Дай бабе волю -
Завядзе ў няволю";
"На Бога спадзявайся,
Дый сам не давайся";
"Вінаваты,
Што свінаваты" і г.д . і да т.п.
Вось жа і тэксты А. Корнева ў "Спарышах..." маюць у поўнай меры адмеціны фальклору і адпаведна як зыходнае - народнай душы. Тут не а ля фальклор, менавіта набліжэнне аўтарскіх радкоў да фальклорных узораў, а часам і зліццё з імі ў сваёй непасрэднасці і нязмушанасці. I таму знаёмства са "Спарышамі...", можна не сумнявацца, будзе і ціквым, і забаўным, і карысным. А цяпер колькі аўтарскіх двувершаў:
"Краіне роднай быць да твару -
Аб іншым шчасці і не мару."
"Ды не будзем судзімы
За любоў да Радзімы."
"Не можа быць ён дыпламатам,
Бо ўпэўнівае
толькі матам."
"Сказаў, як адрэзаў.
Ніхто не пярэчыў:
Ваўка паважалі на сходзе авечым."
"Хіба калі курыца
На пеўня абурыцца?"
"Не слухае Божа просьбы мае,
І што мне не трэба,
дык з лішкам дае."
"На суседа свайго абы што не вярні,
А вачыма яго ў свой падворак зірні."
"I крыкі, і стогны ў віры асалоды,
А потым... адкінуліся, бы калоды."
"Прабач, я не зраблю паўтор...
Штось не заводзіцца матор."
"Абняў каваль куму, ды як на ліха
Бразгоча клямкай каваліха."
"Як піць - і моц ёсць, і ахвота,
Як працаваць - і слабасць, і лянота."
"Учора вы смелыя словы ўжывалі,
А сёння - каровы язык аджавалі."
"Вартавы - як мае быць:
Бесклапотна, мірна спіць."
"Кабылка шлёндаецца абы дзе.
Відаць, што ваўчаня
ў хлеў прывядзе."
"Эх, было! Мінулым часам
I я, як конік, біў абцасам!"
"То Богу, то босу патрэбна служыць,
Калі ж пашчаслівіцца
проста пажыць?"
"Накарміў дармаедаў,
А сам не паснедаў."
"Малю, прашу цябе, бо мушу,
А ты закрыў далоньмі вушы."
"Не станеш паэтычным салаўём,
Калі не будзеш рупным мураўём."
"А я Лёва з Магілёва,
Мне паўсюль заўсёды клёва."
(Дарэчы, А. Корнеў - ураджэнец Магілёўшчыны.)
"Настрой, як у небе вясёлка!
Амаль навагодняя ёлка!"
"Наша справа - правая,
Хоць кішэнь дзіравая."
"На галаве ўсё болей інею,
Але працую, не дзяцінею."
"Хоць і гнаіца ў ране вата,
Але канаць мне ранавата. "
I г.д. і да т.п.
Як бачым, фрагменты аўтарскай творчасці па многіх сваіх паказчыках (шырокі дыяпазон-спектр настрояў і праяў жыцця, іх маральная скіраванасць, вядома, з арыентацыяй на пазітыў і інш.) знаходзіцца на лініі фальклору. Складаюцца "Спарышы" з 68 невялікіх радзелаў па розных парадыгмах жыцця чалавека ("Знешнасць", "Здрада", "Хлусня", "Пажаданні" і інш. - 230 старонак пры фармаце 84 х 100 1\32). I ўсе яны, як і аўтарскія "Прадмова", "Уводзіны" і "Эпілог" да зборніка, знаходзяцца ў адным ключы - ключы фальклорнасці, а менавіта: вострай назіральнасці, узважанага тыпізавання, мудрасці, згарманізаванасці і далікатнасці. Калі ж дзе ў якім двувершы- максіме сустрэнецца быццам бы празмерная гарэзлівасць, якая, як можа чымсьці камусьці падацца як праява развязнасці, разбэшчанасці ці цынізму, дык гэта толькі быццам бы... Там проста праўда жыцця без спробы прыхарошвання, прыўкрасы яе. Часам сустракаюцца, здавалася б, стоадсоткавыя, супярэчлівыя, ацэначныя пасылы на тую ці іншую жыццёвую сітуацыю. Але ж мы гэтаму знаходзім паралелі і ў народнай творчасці, як і ў самім нашым існаванні. Напрыклад:
"Спыніць бы праўду страшную,
Бо пойдзе ў рукапашную.";
"Праўду-матку рэжце
I не прасявайце ў рэшаце."
А цяпер - народнае, праўда, не рыфмаванае:
"Пад ляжачы камень вада не цячэ.";
"На адным месцы
і камень абрастае," і інш.
Безумоўна, тут, як усюды і заўсёды, неабходна улічваць строй-уклад душы чалавека і жыццёвыя калізіі, у якія ён трапіў. Вось жа гэта тычыцца аўтара і героя "Спарышоў..." I тут, і там - карціна, пра якую можна сказаць па-народнаму, што "у лесе не ўсе дрэвы роўныя" . Некаторым вершам (а іх, на радасць, у зборніку - мізэрна) патрэбна была б рэдактура з гледзішча рытмікі і дакладнага ўжывання слова.
Напрыклад:
"Як не любіць мясціну,
дзе ў радзільнай зале
Акуратненька пупок перавязалі."
Лепей было б даць:
"Як не любіць мясціну,
дзе ў радзільнай зале
Нам рупна пуп калісь перавязалі."
Што ж тычыцца гумарыстычна-сатырычнага складніка зборніка, то ён, несумненна, ні на ёту не саступіць ні габраўскім (Балгарыя), ні аўцюкоўскім (Гомельшчына), ні "аншлагаўскім" (Расія) смехаўтваральным пярлінам. Мова "Спарышоў..." - ад душы - беларуская, народная.
Падсумоўваючы сказанае вышэй, нельга не паўтарыцца ў тым, што творчасць А. Корнева і ў гэтай кніжцы ўшчыльную набліжаецца да творчасці народнай як па змесце, так і па форме. I ўжо адным гэтым яна варта асаблівай увагі, адпаведнай ацэнкі і, безумоўна, падзякі ад прыхільнікаў нашага прыгожага пісьменства і падтрымкі ад адпаведных дзяржаўных структур.
Яўген Гучок.
"ПАСЫНКІ" Яўгена Петрашэвіча
У Гародні выйшла кніга паэзіі Яўгена Петрашэвіча "Пасынкі", вядомага дагэтуль больш у кампазітарскім амплуа высокага ўзроўню, але і слова падуладнае яму.
Петрашэвіч Яўген Канстанцінавіч (18.06.1930), вёска Падбараны Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Настаўнік музыкі, закончыў Менскую музычную вучэльню (1955). Акампаніятар Беларускай дзяржаўнай эстрады (1955-1956), выкладчык Гарадзенскай музычнай школы (клас баяна, цымбал, аркестра народных інструментаў, кампазіцыі (1956-1970), кіраўнік аркестровай групы народнага ансамбля песні і танца "Нёман" г. Гародні (1970-1976), кіраўнік аркестровай групы народнага ансамбля танца "Вянок" г. Гародні (1976-1981), кіраўнік аркестра народных інструментаў Гарадзенскага абласнога Палаца піянераў і школьнікаў (1981- 1990), кіраўнік фальклорнага ўзорнага ансамбля "Гарадзенскія дударыкі" (1990-2002). У розныя гады ансамбль з'яўлялся ўдзельнікам Сусветных фестываляў у Пінску, "Аркестрына" (г. Брыў, Францыя), у Нарвегіі, Швецыі; шмат разоў пабываў у розных гарадах Беларусі, Польшчы і Літвы.
Выдатнік адукацыі РБ, узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР і БССР, Вярхоўнага Савета БССР, граматай І-га Ўсесаюзнага фестывалю самадзейнай творчасці працоўных (1975). Дыпламант 6-га Міжнароднага фестывалю народнай музыкі. Узнагароджаны дыпломам абласнога конкурсу кампазітараў-аматараў Гарадзеншчыны за цыкл песень-балад на гістарычную тэматыку на вершы Я. Чачота. Удзельнік конкурсаў гімнаў гарадоў Гародні, Нясвіжа, Ваўкавыска, Дзятлава. Аўтар цыклу песень прысвечаных знакамітым постацям Прынямоння. Аўтар вакальна-харэаграфічных кампазіцый, песень. Сябар Гарадзенскага клуба кампазітараў-аматараў.
Яўген Петрашэвіч натхнёна выкрасае агонь мастацтва і хараства не толькі ў музыцы і ў паэзіі, але і ў такім нялёгкім пластычным жанры, як скульптура. Аўтар скульптур для літаратурна-мастацкага музея ў Гудзевічах.
Я. Грынкевіч.