Папярэдняя старонка: 2012

№ 49 (1096) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1096) 5 снежня 2012 г.


Палата Прадстаўнікоў думае пра беларускую мову

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні Старшыні Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь у Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы і ў галоўным экспертна-прававым упраўленні Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў разгледжаны Ваш ліст з прапановамі ўключыць у парадак дня бягучай сесіі Палаты Прадстаўнікоў пытанне аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", (далей - Закон аб мовах), а таксама пачаць распрацоўку Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" і прыняць яго.

Па гэтаму звароту варта адзначыць наступнае.

Змяненні, якія прапануюцца Вамі ў Закон аб мовах, накіраваны на забеспячэнне абавязковага ўжывання ва ўсіх сферах дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця адначасова беларускай і рускай мовы, што, мяркуем, не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

На наш погляд, удасканаленне Закона аб мовах у гэтым напрамку будзе спрыяць забеспячэнню фактычнай роўнасці дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь, аднак можа быць рэалізавана пры ўмове адначасовай карэкціроўкі адпаведных палажэнняў іншых законаў, якія рэгламентуюць пытанні, звязаныя з ужываннем дзяржаўных моў у розных галінах грамадскіх адносін. У той ж час, абавязковае адначасовае ўжыванне дзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх сферах грамадскіх адносін, на нашу думку, прывядзе да значнага павелічэння дзяржаўных расходаў і дакументаабароту. У сувязі з гэтым узнікае пытанне аб мэтазгоднасці падрыхтоўкі закона аб унясенні змяненняў у Закон аб мовах і Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

У адпаведнасці з артыкулам 56 Рэгламента Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у парадак дня сесіі могуць уключацца толькі тыя праекты законаў, якія ўнесены суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы ў Палату прадстаўнікоў у парадку, устаноўленым законамі, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Рэгламентам, і падрыхтаваны галаўной камісіяй да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў, а таксама іншыя пытанні, належным чынам падрыхтаваныя да разгляду.

У адпаведнасці з артыкулам 46 Закона Рэспублікі Беларусь "О нормативных правовых актах Республики Беларусь" дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць права заканадаўчай ініцыятывы асабіста.

Згодна з Правіламі падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 "О мерах по совершенствованию нормотворческой деятельности" (далей - Правілы), падрыхтоўка законапраектаў ажыццяўляецца пасля іх уключэння ў штогадовы план, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Прапановы аб падрыхтоўцы законапраектаў на наступны каляндарны год могуць накіроўвацца ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня. Законапраекты, не прадугледжаныя планам, уносяцца ў Палату прадстаўнікоў, як правіла, пасля ўключэння іх у план.

Акрамя таго паведамляем, што Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь пры распрацоўцы праекта плана таксама разглядаюцца прапановы, якія паступілі ад навуковых устаноў, грамадскіх аб'яднанняў і грамадзян. Грамадзяне маюць права самастойна рэалізоўваць права заканадаўчай ініцыятывы ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "О порядке реализации права законодательной инициативы гражданами Республики Беларусь".

Такім чынам, у выпадку ўнясення адным з суб'ектаў права заканадаўчай ініцыятывы ў Палату прадстаўнікоў адпаведнага законапраекта ён будзе разгледжаны ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Намеснік старшыні камісіі М.Г. Жылінскі.



Шаноўныя сябры ТБМ на месцах, звяртайцеся да сваіх дэпутатаў, патрабуйце ад кожнага з іх выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб распрацоўцы і прыняцці Палатай Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".


400 гадоў з дня нараджэння Януша Радзівіла

Януш Радзівіл (2 снежня 1612, мястэчка Палелі Вількамірскага павету - 31 снежня 1655, Тыкоцін) - дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (1646-1654), ваявода віленскі (з 1653) і гетман вялікі літоўскі (з 1654). У палітычных адносінах быў прыхільнікам незалежнасці ВКЛ.

Меў багатыя маёнткі, у тым ліку Біржы, Кейданы, Віжуны, Папелі і Яшуны на тэрыторыі сучаснай Летувы, Любчу ў Наваградскім павеце, Дойліды і Заблудаў у Гарадзенскім павеце, Невель у Віцебскім павеце, Себеж у Полацкім павеце. Трымаў Камянецкае, Барысаўскае, Амсціслаўскае і іншыя староствы. Князь Святой Рымскай Імперыі на Біржах і Дубінках.

Сын Крыштапа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага, і Ганны з Кішкаў. Кузен Багуслава Радзівіла. Вызнаваў кальвінізм. Скончыў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, працягваў адукацыю ў Ляйпцыгскім, Альтдорфскім і Лейдэнскім універсітэтах.

У 1633, наняўшы ў Нідэрландах 1 тыс. пяхоты і 200 драгунаў, вярнуўся на радзіму і ўзяў удзел у Смаленскай вайне. Вызначыўся ваенным талентам. Атрымаўшы ў 1646 пасаду польнага гетмана літоўскага, надзвычай паспяхова правёў свае першыя самастойныя кампаніі супраць казакаў. У ліпені 1649 разбіў пад Лоевам 15-тысячнае войска казацкага палкоўніка Крычэўскага, праз два гады тамсама - войска казацкага палкоўніка Нябабы і без бою здабыў Кіеў.

У часе Трынаццацігадовай вайны атрымаў перамогу над маскоўскім войскам у Бітве пад Шкловам (12 жніўня 1654) і паразу ў Бітве пад Шапялевічамі (24 жніўня 1654). Паранены, ледзь пазбег палону. У студзені 1655 спрабаваў адбіць Магілёў.

Па заняцці маскоўскімі захопнікамі ўлетку 1655 большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўні, ініцыяваў складанне уніі са шведскім каралём Карлам Густавам (Кейданы, 17 жніўня 1655). Паводле гэтай дамовы ВКЛ выходзіла з складу Рэчы Паспалітай і ўступала ў федэрацыйны звяз са Швецыяй. Аднак акт Кейданскай уніі не ажыццявіўся. Супраць Я. Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ўласнага войска. З рэштай адданых сілаў ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, дзе неўзабаве і памёр (паводле некаторых звестак, быў атручаны).

Вікіпедыя.


АЛЕСЮ ЛОЗКУ - 60

Алесь Лозка , дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук, сябар камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшыня ТБШ, сябар ТБМ.

Нарадзіўся 7 снежня 1952 г. у в. Прыбалавічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобл. Закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (1975) па спецыяльнасці "Беларуская і руская мовы і літаратуры". У 1990 г. у Менску абараніў кандыдацкую дысертацыю "Каляндарная і абрадавая паэзія беларускага Усходняга Палесся: сучасны стан, рэшткі старажытных вераванняў".

Сферы зацікаўленняў - беларуская фалькларыстыка, каляндар, гульні, беларусазнаўства, беларуская асвета і народная педагогіка, скаўтынг.

Публікацыі:

1. Беларускi народны каляндар - Мн.: Полымя, 1993; 2002.

2. Восеньскiя святы: Дапам. для настаўнiкаў i выхавальнiкаў (у суаўтарстве). - Мн.: Беларусь, 1995. - 110 с.

3. Беларуская батлейка. Каляндарныя i абрадавыя гульнi: Дапам. для настаўнiкаў, выхавальнiкаў, кiраўнiкоў гурткоў. - Мн.: Тэхналогiя, 1997. - 183 с.

4. Беларускі скаўтынг: Дапам. - Мн.: Полымя, 1997. - 188.

5. Зiмовыя святы: Дапам. для настаўнiкаў i выхавальнiкаў /Аўт.-уклад. А. Аляхновiч, А. Лозка. - Мн.: Бел-русь, 1999. - 159 с.

6. Беларускі каляндар у славянскім і еўрапейскім свеце. - Мн.: БДПУ, 2002. - 120 с.

7. Феномен Новага года ў беларускім фальклоры. - Мн.: БДПУ, 2004. - 165 с.

8. Тэатралізаваныя школьныя святы / Аўт.-склад. А.Ю. Лозка, І.І. Кірчук. - Мн.: БелЭн, 2004. - 176 с.

9. Феномен беларускага народнага календара ў еўрапейскай культуры // Роднае слова. - 2002. - № 12. - С. 92 - 94.

10. Рэканструкцыя язычніцкага славянскага календара // Весці БДПУ. 2005. №4. Серыя 2. - С. 102-106.


Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадара Алеся з юбілеем і зычаць яму сілаў ды імпэту на ніве служэння Беларусі і беларускасці.


Берасцейскі вакзал аформяць па-беларуску

Старшыні Брэсцкага аблвыканкама,

сп. Сумару К.А.,

г. Брэст, вул. Леніна, 11

Аб візуальным афармленні

Брэсцкага чыгуначнага вакзала

Паважаны Канстанцін Андрэевіч!

Зараз адбываецца рэканструкцыя Брэсцкага чыгуначнага вакзала, якая павінна завяршыцца да II квартала 2013 года. Распрацаваны праект рэканструкцыі, у якім цалкам праігнараваная беларуская мова. Гэта, зразумела, парушае шмат законаў Рэспублікі Беларусь і здаровы сэнс, бо Брэсцкі чыгуначны вакзал з'яўляецца галоўнымі заходнімі варотамі нашай краіны, яе візітнай карткай.

Мы атрымалі адказ ад галоўнага інжынера Брэсцкага аддзялення чыгункі У.А. Расіча, у якім адмятаюцца ўсе нашыя прапановы. Складваецца ўражанне, што мы атрымалі адказ не з Брэсцкага, а з Бранскага аддзялення чыгункі.

У сувязі з гэтым просім Вас цераз службу галоўнага архітэктара паўплываць на візуальнае беларускамоўнае афармленне новых інтэр'ераў і фасадаў вакзала.

Таксама мы прапануем:

1) усе надпісы на вакзале зрабіць па-беларуску вялікімі літарамі;

2) прадубляваць іх меншымі літарамі на англійскай, рускай, нямецкай і польскай мовах;

3) зрабіць краму па продажы беларускай літаратуры;

4) адкрыць крамы па продажы беларускіх сувеніраў, асабліва вырабаў з керамікі, саломкі, лямцу (працы дрыбінскіх шапавалаў), ільну і інш.

Мы разумеем, што чыгунка даволі самастойнае ведамства, але ж і абласны выканаўчы камітэт у Брэсце, мы спадзяёмся, нешта значыць.

З павагай,

Старшыня ТБМ А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.

Аб візуальным афармленні вакзала

станцыі Брэст-Цэнтральны

У аблвыканкаме разгледжаны Ваш зварот па пытанні моўнага візуальнага афармлення чыгуначнага вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

Аблвыканкам падзяляе пазіцыю "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб неабходнасці візуальнага інфармавання пасажыраў на беларускай мове, як дзяржаўнай, што ў сваю чаргу з'яўляецца паказчыкам развіцця культуры і нацыянальнай самасвядомасці грамадства.

Па інфармацыі РУП "Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі", падмацаванай пісьмом ДА "Беларуская чыгунка" Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь ад 29.10.2012 №20-02-17/17765, у ходзе рэканструкцыі вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны візуальную інфармацыю для пасажыраў, размешчаную ў будынку вакзала, на пасажырскіх платформах і інш., плануецца выканаць на трох мовах: беларускай - вялікім шрыфтам, рускай і англійскай. Назва вакзала на фасадзе будынка таксама будзе выканана на беларускай мове.

Прапанова зрабіць усе надпісы на пяці мовах не можа быць прынята, бо гэта прывядзе да нагрувашчвання інфармацыі і страты выразнасці элементаў візуальна-адраснага арыентавання.

Вырашэнне пытання ўладкавання магазінаў па продажы друкаваных твораў беларускай літаратуры і сувеніраў беларускай вытворчасці можа быць знойдзена пры перспектыўным будаўніцтве канкорса, у складзе якога мяркуецца выдзяленне арэндных плошчаў пад гандлёвыя кропкі.

Намеснік старшыні аблвыканкама В.Я. Сакоўскі.


Падтрымаем беларускую лацінку

Кіраўніцтва ТБМ звяртаецца да сяброў і прыхільнікаў роднага слова з просьбай падтрымаць ужыванне ў візуальным афармленні нашых гарадоў (у прыватнасці, у напісанні назваў вуліц, станцый метро і г.д.) беларускай лацінкі. Першымі пачалі шырока выкарыстоўваць традыцыйную беларускую лацінку ў назвах населеных пунктаў навукоўцы падчас стварэння адпаведнага Даведніка, які мае статус нарматыўнага. Затым кіраўніцтва метрапалітэна, грунтуючыся на афіцыйна прынятай і зацверджанай лацінцы, пачало афармляць назвы станцый метрапалітэна.

Аднак, знайшліся нядобразычліўцы беларушчыны, якія выступілі супраць ужывання традыцыйнай беларускай лацінкі і разгарнулі шырокую кампанію ў інтэрнэце з мэтай яе зганьбавання. Таму просім вас напісаць словы падзякі і падтрымкі кіраўніцтву метрапалітэна г. Мінска і іншых дзяржаўных устаноў, якія ў сваёй практыцы выкарыстоўваюць беларускую лацінку. Раім вам таксама пачытаць на гэту тэму наступныя артыкулы: газета "Наша ніва" ад 14 лістапада 2012 г. "Лацінка жывая", газета "Наша слова" № 46 ад 14.11.2012 г. "Беларуская мова ў метро падтрымана беларускай лацінкай", газета "Звязда" 17 лістапада 2012 г. "Bielaruskaja lacinka: ekzotyka ci mounaja tradycyja?"

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


НЕ ЛЕНАВАЦЦА Б ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА

Чытаючы адказ Беларускай чыгункі

Здавалася б кіраўнікам дадзена такая натуральная магчымасць - зрабіць Беларусь годнай, культурнай да захаплення, краінай. Бо такое кранальнае шчасце (умовы) у яе ёсць - незалежнасць.

І, раптам, думка, нейкая трывога і балючасць: а ці незалежная? Пры нашай унутранай грамадзянскай абыякавасці, цемнаце? Ці не залежная ад інертнасці, ляноты і страху? Дакуль будзе панаваць такі стан? І на гэтай аснове ці будзе доўга незалежнай?

Так я ўстрывожылася, чытаючы адказ на калектыўны зварот нашых жыхароў ва Управу Беларускай чыгункі. Спадар П.В. Стоцкі (намеснік Начальніка Б.Ч.) пракаментаваў свой погляд і жаданні артыкуламі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (17, 13, 4), Законам РБ "О железнодорожном транспорте", "О наименовании географических объектов". Ён патлумачыў і сваё права, і права чыгуначнага кіраўніцтва на адвольнае ўжыванне моў, мусіць, абапіраючыся на размеркавальны злучнік "або", (у сэнсе: ці тую, ці іншую), які стаіць у тэксце Закону. Начальніку прасцей (згодна жадання) апраўдацца размеркавальнай функцыяй злучніка "або". І ён адказвае: "Кожны жадаючы можа карыстацца як беларускай так і рускай мовамі, але прымушаць да карыстання адной з дзяржаўных моў недапушчальна" . Выходзіць, усе на Беларускай чыгунцы - супраць мовы. І ён не можа змусіць прыняць яе. Дык вось жа і нашы падпісанты не маюць на ўвазе змушэнне. Але хочуць нагадаць з вялікай трывогай, што адвольнасць афармлення не выяўляе твару Беларусі. А мы жывём, менавіта, у Беларусі. Чаму не клапоцімся пра загаловак духоўнага зместу краіны? Яна ж павінна выдзяляцца культурай на сваёй, асабістай, роднай, карэннай аснове. Найперш - мове. Бо мова - пачатак культуры. І разуменне гэтага кіраўнікамі - гарант незалежнасці. Бо ўжо тады кіраўнікі - гонар і сіла.

Прышлая мова пры наяўнасці роднай мае другаснае месца (калі, нават, яна і дзяржаўная ў супольнасці з карэннай). І на шыльдах дзяржаўнага значэння трэба пісаць на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Калі шыльда аднамоўная, то абавязкова беларуская. З гэтым згодзіцца кіраўнічая асоба любой нацыі. Дзіўна што толькі ад нашай, у большасці, не чуем згоды.

Ніжэй спадар кіраўнік БЧ піша, што Закон патрабуе ведання аб'ёму мовы, неабходнага для выканання службовых абавязкаў, але неабавязкова адказваць кліентам на іх мове. Аднак жа на беларускай трэба. Ды і каб чалавеку было прыемна. Бо службовыя абавязкі, на мой погляд, - гэта культура, якая зыходзіць з БЧ праз мову. Без дабразычлівасці нідзе не абыйдзешся ў чалавечым грамадстве.

І што датычыцца дакументацыі: калі на дзяржаўным узроўні, на ўзроўні шырокамаштабнасці, культурнага іміджу краіны, годнасці, адметнасці і гонару на гэтай аснове, то вядзенне - на мове народу яе. Бо Беларусь яшчэ - не калонія, не палонная, не забітая.

І праўда такая ў нас сёння: выкарыстанне толькі адной з дзяржаўных моў ушчамляе і права другой, і душыць жыццё яе. Злачынствуе.

Дакументацыя, тэксты Законаў на рускай мове, нясуць знішчэнне мовы беларускай. І для чаго гэтая транслітарацыя згодна Закона РБ "О наименованиях географических объектов", якая будзе паказваць, напрыклад, і без таго скалечаную назву прыпынку паміж Зябкамі і Кульгаямі Глыбоцкага раёну - "Палевачэ" , пераводзіць яе на "Палеваче" , калі гэты прыпынак ад прыроды - беларускае Палівачча .

І ці трэба нам размеркавальны злучнік "або", "альбо", калі дзве дзяржаўных мовы? На дзвюх і ўсё пісьменства Беларусі! Гэта і будзе выкананне Закону аб мовах.

Выкінулі мову

Ішла на станцыю, думкі роднамоўна вірыліся - шукала фабулу новай казкі ад натхнення пераможцы ў конкурсе Беларускага тэатра "Лялька".

Прыйшла. Купіла білет у дзяжурнага па станцыі спадара Маняка, які - беларус. Ды і ўсе мы тут. Выйшла з вакзала.. Захінулася ад ветру. Бачу пад сцяной службовага ўваходу родную шыльду "Падсвілле" . Няўжо? - думаю… Мы ж толькі-што звярталіся калектыўным пісьмом да аб'яднання Беларускай чыгункі, каб яна апраўдала назву "Беларуская".

Адказ мы атрымалі адмоўны ад намесніка Начальніка БЧ - спадара В.П. Стоцкага. Ды надзея не адступала - мабыць начальства задумаецца.

А тут - на табе! Прама на фасадзе… Колькі жыву ў Падсвіллі, колькі выязджала і прыязджала - сустракала роднасць. Ды, раптам, з'явілася "Станция Подсвилье" . Расія? Набліжаемся да каланіяльнай залежнасці? Ці як?.. Яшчэ ж незалежныя!

Праўда, адказ з кіраўнічай інстанцыі - на беларускай мове. Хоць і кінута рэпліка, што Закон не вымагае беларускамоўных адказаў. Мо гэта - вымова за любоў да Радзімы? Дык якраз жа кіраўнікі і павінны падаваць патрыятычны прыклад. А наш ліст - нармальны і выразны парыў запытальніка, кліч да паразумення як першаснае дзеянне суразмоўцы. Адказ жа - культура, другога суразмоўцы. Тым больш з кіраўнічай інстанцыі шырокамаштабнага дзеяння. Чыгунка ж - не кірмаш, дзе руск-груз-цыган таргуецца на расейскай ломанай паўмове. Тут - Радзіма.


Да Глыбокага чыгункай або Дзе транслітарацыя?

23-га лістапада праехала чыгункай да Глыбокага ад "расейскага" Падсвілля і пабачыла: "Замошье" , "Шипы" , "Журки" , "Глубокое" . Зірнула на "лоб" цягніка - "Поставы" . Нават транслітарацыі не назіраецца. Урачыста жывы пераклад на рускую. І абрусенне, такога характарыстычна-ёмістага беларускага слова, як "пастава" (асабовая падкрэсленасць, характэрнасць асобы, у якой адчуваецца незалежнасць, самавітасць). Значэнне гэтага слова зусім не тое, пра якое, мабыць, думаюць перакладчыкі ("паставіць" шыльду) і пішуць: "Поставы" .

Яшчэ не ехала ў бок Полацка. Як жа цяпер называецца прыпынак "Палевачэ" ? Можа "Полеваче" ? З гэткага выкрунтасу вынікае страшэннае няведанне сваіх моўных каранёў, духу, аблічча сл ова. Гэта ж - Палівачча (ад - "паліваць" ). Таксама, зборнага значэння, словы "Замошша" (месца, якое знаходзіцца за шматлікасцю мхоў). "Кульгаі" - ад слова "кульгаць" , калі нага баліць. Беларускія назовы да такой ступені гаваркія, што выклікаюць усмешку і выяўляюць адкрыццё. Бо зразумела, адкуль іх корань, на што намякаюць, падказваюць. Абы мы толькі хацелі ведаць. Транслітарацыя стварае ненатуральнасць. Напрыклад, пераклад "Заборье" нармальна гучыць, бо яно рускамоўнае слова. "Заплотье" ўсмешвае. Глыбоччына неяк не гучыць "Глуботчиной" .

За дасканаласць "Закона аб мовах..."

Перапіска з дзяржаўнымі інстанцыямі за мову на практыцы пацвердзіла недасканаласць Закону аб мовах, і апраўдвае сёняшнюю трывогу за незалежнасць Беларусі.

З гэтай прычыны ГА ТБМ імя Ф, Скарыны, як кажуць, "усім патрыятычным мірам" звярнулася да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ (тады яшчэ кандыдатаў), каб яны ў сваёй дзяржаўнай працы, праграме мелі пункт аб прыняцці ўдасканаленага Закона аб мовах. Каб вынеслі на абмеркаванне прапанаваную ГА ТБМ канцэпцы Закона РБ, "зыходзячы з таго, што беларуская дзяржава як вышэйшая форма арганізацыі беларускай нацыі нясе поўную і аднаасобную адказнасць за беларускую мову".

Праца над канцэпцыяй - трохгадовая, уважлівая, "з задачай вынясення яе на разгляд адной з сесій Палаты прадстаўнікоў НС РБ".

Я, ад нашага падсвільскага моўнага калектыву даслала канцэпцыю праекта ў Палату, на імя ранейшага і сёняшняга дэпутата, спадара Андрэйчанкі. І, яшчэ раз, для большай грунтоўнасці, перадала яму праз яго сакратара, спадара Шыпко.

Мы ахвярна працуем для духоўнай культуры Радзімы. Таму так трывожна-кранальна ўздзейнічае на нас супярэчлівая адмоўная з'ява аднамоўна-рускіх шыльдаў у незалежнай Беларусі.

Марыя Баравік.


Алег Трусаў: "Мова - гэта адзіны фактар, які трымае беларусаў як нацыю"

Які статус беларускай мовы сёння? Што робіць Таварыства беларускай мовы для таго, каб папулярызаваць беларускую мову ў грамадстве? Які узровень сённяшніх падручнікаў па гісторыі Беларусі? Ці была Вайна 1812 года "айчыннай" для беларусаў? На гэтыя і іншыя пытанні "Гістарычнай праўды" адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў .

- Алег Анатольевіч, давайце спачатку вызначым якую ролю іграе мова ў развіцці нацыянальнай свядомасці народа?

- Для кожнага народа мова з'яўляецца асноўным элементам нацыянальнай свядомасці. Беларусы ў гэтым сэнсе не выключэнне. Больш таго, у нас, на жаль, няма іншых фактараў якія аб'ядноўваюць нацыю. Напрыклад, рэлігія. Тут шмат пытанняў і часцей у выпадку беларусаў рэлігійны фактар раз'ядноўвае, чым аб'ядноўвае. Шмат пытанняў і ў сэнсе этнічнай беларускай тэрыторыі, якая не цалкам знаходзіцца ў складзе беларускай дзяржавы. Таму мова - гэта адзіны фактар, які трымае беларусаў як нацыю.

- А які статус у беларускай мовы сёння? Гэта мова горада ці вёскі?

- Дзякуй Богу, сёння статус у беларускай мовы дзяржаўны, чаго, дарэчы 200 год не было. Зараз упершыню ў беларускай гісторыі горад загаварыў па-беларуску. Найбольш добра мова адчувае сябе ў сталіцы, у Менску. Тут інтэлігенцыя, тут эліта і нават па колькасці беларускамоўных школ і вучняў Менск займае першае месца ў краіне.

Дарэчы, у сталіцы зараз працуе некалькі цалкам беларускамоўных гімназій і, што галоўнае, не зніжаецца колькасць заяў бацькоў з просьбай арганізаваць навучанне іх дзетак менавіта на беларускай мове.

Нажаль, гэтым не могуць пахваліцца іншыя беларускія гарады і перш за ўсё абласныя цэнтры. Там колькасць класаў з беларускай мовай навучання скарачаецца, і гэта сапраўды праблема, якую трэба вырашаць.

- А што сёння робіць ТБМ дзеля таго, каб папулярызаваць беларускую мову ў грамадстве?

- Мы робім усё магчымае і немагчымае. Зараз, на жаль, пра гэта многія забываюць, але мы стаялі ў пачаткаў першага незалежнага беларускамоўнага тэлеканала "Белсат". Так, ён працуе ў Польшчы, але варта разумець, што мы звярталіся да ўладаў, каб зрабіць першы беларускамоўны спадарожнікавы канал менавіта на тэрыторыі Беларусі. Быў створаны канал "Беларусь ТБ", але, на жаль, беларускамоўнага кантэнту там зусім мала.

Акрамя гэтага, мы выдалі "Правілы дарожнага руху" на беларускай мове. Ніхто не верыў, што нам удасца гэты праект, але зрабілі і ёсць плён.

На сённяшні дзень у ТБМ больш пяці тысяч сяброў і некалькі дзесяткаў тысяч прыхільнікаў. Варта падкрэсліць, што лічба людзей, якія нам сімпатызуюць з кожным годам павялічваецца.

- Вы ўзгадалі тэлеканал "Белсат". Зусім нядаўна яго дырэктар спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы заявіла пра фінансавыя праблемы телеканала, якія прымусілі да змянення сеткі вяшчання. Якую будучыню чакае гэты праект?

- У "Белсата" зараз даволі вялікая тэлеаўдыторыя і ў Беларусі, і па-за межамі нашай краіны. Гэты канал ужо добра ведаюць у Еўропе. А што датычыцца фінансавых цяжкасцяў, то яны зараз ува ўсёй Еўропе, так што няма нічога дзіўнага, што і "Белсату" прыходзіцца зацягваць пояс. Мяркую, што ўсё там будзе добра.

- Вяртаючыся да пытання аб самасвядомасці беларусаў, якія на ваш погляд перспектывы ў беларускай мовы, гісторыі, культуры? Наколькі ўвогуле гэтыя аспекты цікавяць сённяшнюю моладзь?

- Трэба падкрэсліць, што найбольш высокі ўзровень цікавасці да беларускай мовы, да нацыянальнай гісторыі і культуры назіраецца ў моладзі, якая жыве ў сталіцы. Але дваццаць гадоў незалежнасці ў пустую не прайшлі, і наша грамадства зараз ужо ўсведамляе, што мы - не Расія. Мы іншая краіна, з іншым мінулым, традыцыямі, культурай і мовай.

- Вы гісторык і мяркую, што развіццё нацыянальнай гістарычнай навукі для Вас таксама з'яўляецца важным пытаннем. Як Вы ацэньваеце перспектывы развіцця гістарычнай адукацыі ў Беларусі?

- Зараз у Беларусі ёсць добрыя, калі так можна казаць, рэгіянальныя гістарычныя школы, якія базіруюцца ва ўніверсітэтах. Менавіта яны рухаюць беларускую гістарычную навуку.

- Але ў Беларусі ёсць праблема з атрыманнем навуковых ступеняў…

- Так, сапраўды ёсць такая праблема. І тычыцца гэта перш за ўсё доктарскіх дысертацый, якія зараз абараніць вельмі цяжка. Але з другога боку узровень гісторыка вызначаюць не столькі па дыплому, колькі па індэксу цытавання. І тут, калі даследчык варты ўвагі з боку навуковай супольнасці, то яго напэўна заўважаць.

- А які ўзровень сённяшніх падручнікаў па гісторыі Беларусі?

- У Беларусі сёння даволі шмат падручнікаў і іншай гістарычнай літаратуры. І вельмі добра, што ёсць выбар якім падручнікам карыстацца. Я асабіста нават часам карыстаюся падручнікам Трашчанка (Я. Трашчанок - беларускі гісторык, які стаяў на скрайніх пазіцыях заходнерусізму і праваслаўнага фанатызму. Не прымаў беларусаў, як самастойную нацыю і разглядаў Беларусь як частку Расіі - ГП .), бо ў яго, напрыклад, упершыню ёсць такі параграф як "ліцвінства". Так, што калі мець набор усіх падручнікаў, ад тых, першых, на газетнай паперы, з бел-чырвона-белай вокладкай, да сучасных, дык можна выкладаць гісторыю на вельмі добрым узроўні. І так трэба рабіць.

- Вы ўпамянулі прозвішча Я. Трашчанка, які прытрымліваўся заходнерускіх поглядаў. Сёння так-сама назіраецца актыўная дзейнасць рознага рода дзеячоў "заходнерускай" накіравансці ў Беларусі. Як Вы лічаце, ці ёсць небяспека для нашага грамадства з боку ўсіх гэтых прыхільнікаў "адзінай і недзялімай"?

- У сённяшніх прыхільнікаў заходнерусізму на Беларусі няма сацыяльнай базы. Ідэі заходнерусізму могуць уплываць толькі на малаадукаваных людзей. Але нават людзі з невысокім узроўнем адукацыі не вельмі жадаюць, каб іх краіна стала часткай Расіі. Нават тыя, хто часта ездзіць на заробкі ў Расію, пазней вяртаюцца і кажуць: "Не, беларуская незалежнасць, яна значна лепей, чым той "маскоўскі" бардак".

У Расіі зараз шмат праблем, і нацыянальных у тым ліку. Беларусы гэта разумеюць і робяць правільныя высновы.

- У 2012 годзе адзначаюцца 200-ыя ўгодкі вайны 1812 года. Ладзяцца канферэнцыі, адбываюцца рэканструкцыі, іншыя мерапрыемсты. А якой гэта вайна была для беларусаў? Ці насіла яна характар "айчыннай"?

- Сёння нават прадстаўнікі дзяржаўнай ідэалогіі прызнаюць, што тая вайна не была "айчыннай". Амаль ва ўсіх сучасных беларускіх падручніках той канфлікт называюць проста "вайна". Глядзіце, якія сёння робяцца цудоўныя музейныя выставы. Яны яскрава дэманструюць, што для беларусаў тыя падзеі былі вельмі страшэнным выпрабаваннем.

Па сутнасці вайна 1812 г. для нашага народу насіла характар грамадзянскай. На тым жа Барадзінскім полі беларусы змагаліся супраць беларусаў. Тагачасная Беларусь стала арэнай сутыкнення інтарэсаў дзвюх імперый. І пра гэта трэба памятаць!

Ігар Мельнікаў, "Гістарычная праўда".


... А яны гавораць з намі моваю прышлых

Мяне заўсёды цікавяць матэрыялы, якія распавядаюць аб стане беларускай мовы ў нашым жыцці. У "Нашым слове" найперш чытаю публікацыі пад рубрыкай "Пагоня за мову". Некалькі месяцаў таму і мае разважанні на гэтую тэму былі надрукаваны ў ёй. У чарговы раз зацікавіў у гэтай рубрыцы артыкул Эміліі Комар "Гавары са мной па-беларуску!" ("НС" № 47 ад 21.11.12 г.). Згодзен з яе меркаваннямі. Вось толькі ў адным хачу паспрачацца. Спадарыня Эмілія сцвярджае, што сёння нельга абвінавачваць кагосьці канкрэтна ў тым, што стан беларускай мовы ў грамадстве з кожным годам пагаршаецца. Я мяркую, што вінаватыя ёсць. І гэта, найперш, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чыноўнікі найвышэйшага ўзроўню, эліта нашага грамадства. Менавіта яны зрабілі ўсё магчымае, каб ліквідаваць канстытуцыйную роўнасць двухмоўя на карысць рускай мовы. Яны вінаватыя ў тым, што ў нашай краіне ўсе законы, пастановы Ўраду, распараджэнні мясцовых органаў, інструкцыі ва ўстановах прымаюцца толькі на адной - рускай - мове. На ёй жа вядзецца ўсё справаводства ў краіне. Дзе ж тут раўнапраўе моваў? Прыкра.

Спасылкі чыноўнікаў на рэферэндум 1995 г. - гэта падман сённяшняга абывацеля. Так, людзі згадзіліся на двухмоўе, але ж на раўнапраўнае двухмоўе. Ні ў Канстытуцыі РБ, ні на рэферэндуме ніякага злучніка "або" няма, не было і не магло быць. Дзяржаўныя мовы ў нас беларуская і руская. І калі яны раўнапраўныя, дык усё ў краіне павінна быць падпарадкавана гэтым мовам у суадносінах раўнавагі: 50х50. Па-другому тлумачыць раўнапраўе немагчыма. Відавочна, што раўнапраўе двухмоўя не задавальняла чыноўнікаў, дэпутатаў, эліту грамадства, - інакш ім жа трэба было б вывучыць беларускую мову, а рабіць гэта так не хацелася, - вось яны і знайшлі выхад у злучніку "або" прыняўшы папраўкі ў "Закон аб мовах...".

Хіба ж не іх віна ў тым, спадарыня Эмілія, што з 1994 г. да сённяшніх дзён больш як у чатыры разы скарацілася колькасць вучняў у школах, якія навучаюцца па-беларуску? Яны і толькі яны на ўсе 100% задзейнічалі ў гэтай агіднай справе свой адміністрацыйны рэсурс. І апраўдваючыся сёння яны гавораць аб тым, што бацькі не жадаюць, каб дзеці вучыліся па-беларуску. Хлусня. Людзі ў нас робяць усё так, як кажуць чыноўнікі. Гэта, напэўна, ужо ў нас на генным узроўні, можа з часоў Мураўёва-вешальніка. Нездарма ж наша ўлада ганарыцца памяркоўнасцю беларусаў. Памяркоўнасць, на маю думку, можна трактаваць як абыякавасць, - не лепшая якасць чалавека. І ганарыцца тут няма чым. Людзі, у большасці сваёй, сталі абыякавымі да ўсяго, што адбываецца ў жыцці краіны. Іх не цікавяць ні палітычныя, ні эканамічныя, а тым больш моўныя праблемы. Як ёсць, так ёсць - абы ціха. Гэтую жыццёвую філасофію беларусаў усяляк падтрымліваюць чыноўнікі, называючы яе памяркоўнасцю. Абыякавы чалавек - гэта чыйсці раб. Ён ніколі не скажа слова супраць волі гаспадара. Якога ж яшчэ лепшага работніка можа жадаць гаспадар (чыноўнік), як вось такога памяркоўнага!? Як жа не ганарыцца такімі людзьмі, якія не размаўляюць на сваёй нацыянальнай мове, а праслаўляюць мову гаспадара!? Улада прыдумала і ўкараняе ў свядомасць людзей розныя штампы, накшталт такіх: Беларусь - гэта белая Русь; беларусы і рускія - гэта адзін народ і руская мова - гэта родная мова беларусаў. Асабіста мне агідна ўсё гэтае глупства слухаць і чытаць.

Нам, меншасці, нельга быць абыякавымі ў змаганні за мову, інакш сапраўды, як хочуць гэтага чыноўнікі, мова можа ўмёрці. Асабіста я, паважаная спадарыня Эмілія Комар, прыхільнік тых людзей, хто абвінавачвае сёння чыноўнікаў, дэпутатаў, эліту грамадства ў здрадзе беларускасці. Я прыхільнік Міхаіла Буйніча з Гомеля, які ў змаганні за мову піша лісты абласному пракурору, Міністру аховы здароўя (гл. "Наша слова" № 47 ад 21.11.12 г.). Некалькі дзён таму я звярнуўся да намесніка старшыні Валожынскага райвыканкама Аляксандра Бразоўскага з адной скаргай на беларускай мове, а ў адказ атрымаў ліст напісаны па-руску. Я ніколі не буду паважаць такога чыноўніка, які не паважае мяне.

Нам, сябрам ТБМ, трэба не толькі ўсюды размаўляць па-беларуску, але і актыўна прапагандаваць беларускае слова. Па месцы нашага жыхарства трэба дамагацца ад мясцовай улады, каб усе шыльды з назвамі вуліц, плошчаў, прадпрыемстваў, устаноў былі напісаны на дзвюх мовах, а найлепш на адной - беларускай, як мове тытульнай нацыі. Трэба звярнуцца да мясцовых распарадчай і выканаўчай улад з прапановамі, каб іх рашэнні прымаліся на дзвюх дзяржаўных мовах. Можна пагутарыць з актывістамі, якія працуюць на мясцовых прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі, культуры, каб яны звярталіся да сваіх кіраўнікоў з прапановамі аб напісанні службовых інструкцый на дзвюх мовах і дапамагчы ім у напісанні такіх зваротаў. Кожнаму сябру ТБМ трэба звярнуцца да свайго дэпутата Палаты прадстаўнікоў з прапановай ініцыяваць разгляд парламентам праекта Закона РБ "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", які быў распрацаваны нашым таварыствам.

Я разумею, што куды б мы не звярталіся, ў адказ атрымаем адпіскі, змест якіх будзе амаль аднолькавы: у нашай краіне двухмоўе і згодна з "Законам аб мовах..." можна ўжываць беларускую або рускую мову. Але ж, як сцвярджае народная прыказка, што нават кропля вады можа камень раскрышыць. Якім бы не было сёння зацвярдзелым рускамоўнае асяроддзе, асабліва эліта грамадства, усё ж трэба спадзявацца, што беларускае слова зможа з цягам часу перамагчы людскую абыякавасць, чыноўніцкае неразуменне праблемы і нежаданне яе вырашаць. Вельмі трапна напісаў Ніл Гілевіч аб стаўленні да беларускай мовы нашага чынавенства:

Да непрыстойнасці нізка -

і буйна, і дробна -

Хлусяць і хлусяць,

каб подлую сутнасць прыкрыць.

Быццам не знаюць,

на што гэта ў свеце падобна -

Моваю прышлых

з народам сваім гаварыць.

"Народная воля" ад 21.09.12 г.

У нас, беларусаў, ёсць свая бацькоўская, мілагучная, пяшчотная, сакавітая мова, а прышлая няхай застаецца сяброўкай. Мы ж людзі памяркоўныя...

Міхась Спірыдовіч , сябар Івянецкай суполкі ТБМ.


Якім бывае пост

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Хрысціянскі пост нясе ў сабе духоўны і маральны сэнс і з'яўляецца добрым сродкам для перамогі чалавека над уласнымі пачуццямі, сродкам пад'ёму яго на новы фізічны і духоўны ўзровень.

Абмежаванне ў ежы пачало сваё існаванне, як мы ўжо ведаем, на заранку жыцця людзей на зямлі, уведзена было для таго, каб чалавек мог гарманічна суіснаваць разам з усім, што створана Богам на зямлі. Нават пра корм для жывёльнага свету таго часу чытаем у кнізе Быція : "Усім звярам зямным, і ўсім птушкам нябесным, і ўсім паўзунам [гадам], якія поўзаюць па зямлі і ў якіх душа жывая, даў Я ўсю зелень травяную ў ежу" (Быц. 1, 30).

Многія людзі думаюць, што пост - гэта часовае адмаўленне ад скаромнай ежы і ўжыванне, галоўным чынам, толькі прадуктаў расліннага паходжання. Такія адносіны да абмежавання ў ежы вельмі падобныя да практыкі жыцця некаторых гістарычных асоб.

Напрыклад, рымскі імператар Аўгуст, які жыў у эпоху Госпада Ісуса Хрыста, еў вельмі мала, прычым толькі самую простую ежу - хлеб грубага памолу, гародніну, садавіну, зрэдку рыбу і сыр. Гісторыкі сцвярджаюць, што ён, нават запрасіўшы да сябе гасцей, рана іх пакідаў, каб тыя маглі даць волю свайму апетыту.

Гэта пост? Не, гэта вялікі клопат пра ўласнае здароўе, якое пахіснулася ў імператара ўжо к 35-ці гадам.

Нагадаем яшчэ такі факт, які захавала нам гісторыя пра рымскага імператара Нерона. Гэта чалавек верыў, што голас яго цалкам залежыць ад ежы. Паколькі, акрамя ўсяго, ён яшчэ прэтэндаваў і на сцэнічнае майстэрства, дык з мэтай паляпшчэння, умацавання галасавых звязак ён ачышчаў свой страўнік рознымі спосабамі і прамываннямі, а ў пэўныя дні тыдня еў толькі часнык і аліўкавы алей.

Цяпер паразважаем. Чым адрозніваецца ўстрыманне ад некаторых відаў ежы нашага сучасніка ад прыгаданых вышэй вядомых у гісторыі асоб? Нічым. Хіба толькі вызначанай канкрэтнай мэтай. Імператарам Аўгусту і Нерону патрэбна была дыета для падтрымання здароўя, сённяшнім нашым некаторым вернікам патрэбен пост дзеля посту.

Адзначым, што ўжо ў старадаўнія часы прарокі, цары, настаўнікі Ізраілевы, простыя людзі ўкладвалі ў паняцце посту іншае значэнне. Яны пасціліся, каб прымірыцца з Богам, пакаяцца і праз устрыманне ў ежы выявіць Госпаду Богу сваю любоў .

Такім чынам, пост бывае фізічны і духоўны .

Фізічны пост - гэта ўстрыманне ад мясной ежы і ўвогуле ад любых прадуктаў жывёльнага паходжання, часовы пераход на стравы посныя, прыгатаваныя толькі з прадуктаў расліннага паходжання. Але можна пасціцца, перайсці на посную ежу нават самага прымітыўнага віду, аб'ядацца ёю і думаць, што ўсё зроблена правільна.

Фізічны пост - гэта такі, калі чалавек устрымліваецца не толькі ў выбары ежы , але і ў колькасці яе . Гэтым ён загартоўвае сваю волю, вызваляе сябе ад пачуццёвых жаданняў, залежнасці ад іх. Такі пост вядзе асобу да аблягчэння чалавечага цела, да адухаўлення, далучае да вечных каштоўнасцей, якія існуюць у свеце.

Адзначым, што ў старажытныя часы пост меў на ўвазе ўстрыманне ад усякай ежы. Але ўжо ў III ст. вядома другая форма - устрыманне не ад ежы ўвогуле, а ад пэўных яе відаў.

Паступова ў залежнасці ад ступені строгасці посту аформілася складаная іерархія прадуктаў. На візантыйскім Усходзе пачалі адрознівацца: 1) мяса цеплакроўных жывёл; 2) яйкі і малочныя прадукты; 3) рыба і іншыя халаднакроўныя; 4) ікра; 5) алей і віно. Самая строгая форма посту - гэта ежа без алеяў, так званае сухаядзенне. Пасля такой строгай ежы магло быць толькі ўстрыманне ад усякай яды да наступнага вечара.

Градацыя ежы была абумоўлена не толькі ступенню яе каларыйнасці, але і меркаваннямі з боку эканоміі. У старажытнасці мяса каштавала даражэй, чым малако і г.д. Адмаўляючы сабе ў больш дарагой ежы, хрысціянін атрымліваў магчымасць патраціць сэканомленыя сродкі на дабрачыннасць. Справы дабрачыннасці і ўзмоцненая малітва з самага пачатку разглядаліся як неад'емныя кампаненты любога посту. Аб гэтым неаднаразова нагадвалі вернікам многія настаўнікі духоўнасці, заклікаючы не зводзіць пост толькі да абмежавання ў ядзе.

Такім чынам, фізічны пост - гэта толькі найбольш лёгкі бок. Такі пост павінен абавязкова спалучацца з духоўным.

Духоўны пост - асноўны. Гэта, перш за ўсё, малітоўнае імкненне да Бога, малітоўны подзвіг, які здзяйсняе чалавек. Таму пост павінен быць цесна звязаны з узмоцненай малітвай, з імкненнем да цеснай сувязі з Госпадам.

Духоўны пост - гэта свядомае і валявое імкненне да дабра ў любой форме, імкненне актыўна выяўляць свае добразычлівыя адносіны да бліжніх, любоў, дапамагаць ім у іх патрэбах, уважліва ставіцца да іх.

Духоўны пост - гэта абмежаванне свайго эгаізму і замена яго сапраўды чалавечымі адносінамі да людзей. Такія адносіны павінны быць не штучна выдуманымі, а сыходзіць ад чыстага сэрца, ад свядомасці ўласнай маральнай недасканаласці і сваёй грахоўнасці.

Духоўны пост - гэта шлях духоўнага самазаглыблення, правільнага аналізу самога сябе перад Богам, пакорлівага ўсведамлення сваёй грахоўнасці, яе вытокаў і шляхоў, пакаянне і прымірэнне з Богам.

Духоўны пост - гэта шлях духоўнага абнаўлення, шлях духоўнага росту ў Богу. У гэтым найгалоўнейшы і найважнейшы сэнс посту.

Духоўны пост з'яўляецца неверагодна цяжкім для чалавека, калі ён упершыню пачынае пасціцца. Ён невымерна цяжэйшы за пост фізічны. Тут могуць быць зрывы і асобныя няўдачы. Але ўжо само імкненне чалавека да духоўнага посту вядзе яго да духоўнага росту. У гэтым заключаецца глыбокі сэнс духоўнага посту.

Па словах В.В. Чарнова, кандыдата багаслоўскіх навук, фізічны і духоўны пост неразрыўныя паміж сабой. Яны з'яўляюцца неабходнымі састаўнымі часткамі аднаго цэлага. Не патрэбен фізічны пост без посту духоўнага, цяжкі духоўны пост без посту фізічнага. Гэта два бакі адной і той жа з'явы, нераздзельныя паміж сабой. I калі ёсць людзі, якія сцвярджаюць, што ім патрэбен толькі адзін пост з двух названых бакоў посту, то трэба сказаць, што гэтыя людзі або добраахвотна памыляюцца, або проста прыкрываюць сваё бяссіле ў адносінах да посту.

Пост - найвялікшая духоўная школа для чалавека, для станаўлення яго асобы.

(Працяг будзе.)

Ксёндз-пробашч Мінскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены У. Завальнюк, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук



7 снежня ў пятніцу у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя кнігі С. Панізніка "Нас - многа!" . Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 17. 30 гадзін.
Уваход вольны. Адказная А. Анісім.


З юбілеем, Данута Янаўна!

Яе пакаленне прыйшло ў літаратуру ў канцы 50-х - 60-я гады з гарачым жаданнем сцвердзіць - як самыя значныя - нацыянальна-патрыятычныя і гуманістычныя каштоўнасці жыцця. Шчыры лірызм, грамадзянскі тэмперамент вершаў тагачасных маладых, іх прага сацыяльнай справядлівасці, духоўнасці, свабоды асобы, шанаванне роднага - усё гэта было запатрабавана новымі грамадскімі настроямі, якія не прымалі афіцыёзных ідэалагічных прынцыпаў.

Д. Бічэль была адной з вялікага гурту маладых, што пайшлі ў літаратуру пераважна з філалагічных факультэтаў і праз веды, адукацыю стараліся самаідэнтыфікавацца, развіць у сабе жывую душу, каб спраўней паслужыць роднай зямлі з дапамогай слова. Паэтэса, як і яе равеснікі, хутка творча расла, фармавалася як індывідуальнасць. Яе лірыка адметная шчодрасцю пачуццяў, глыбокім драматызмам, значнасцю думак пра свой край і народ. Традыцыйная народная культура - маральная аснова яе паэзіі, у якой моцна чуецца дух беларускай даўніны, міфаў, абрадаў, песень. Арганічны сплаў народна-паэтычнай і літаратурна-кніжнай (Я. Купала, М. Багдановіч, Л. Геніюш) стыхіі вызначае вобразны лад яе твораў, маляўніча метафарычных, асацыятыўных мастацкай структуры, сакавітых прыродаапісальным матэрыялам, натуральнасцю побытавых пластоў лексікі, якую паэтэса настойліва ўводзіла ў ранг літаратурнай, паказаўшы яе шырокую эстэтычную функцыянальнасць.

Нарадзілася Данута Янаўна Бічэль (у замужжы Загнетава) 1 студзеня 1938 г. у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. Бацька, як старэйшы ў сялянскай сям'і, зямельнага надзелу не атрымаў, таму кідаўся ў заробкі. У выніку купіў кавалак зямлі і пабудаваў на ёй хату. Тут, на хутары Загасцінец, у прыгожай прыродным наваколлем мясціне прайшло дзяцінства паэтэсы. Вучылася ў школе ў няблізкіх Біскупцах, затым у Дакудаве. Скончыла на выдатна сямігодку ў Карнілках. У школьную пару пачалі прасіцца з душы вершы. Недзе з пятага класа пісала рэгулярна, але цішком, хаваючыся, "для сябе". Адкуль што бралася? Д. Бічэль успамінае: "Ад Загасцінца на поўдзень - лес. Прабегчы хвілін дзесяць - і вы ўжо каля ракі. Рака Гаўя ўпадае ў Нёман. Навокал заліўныя лугі. Лес клінком падступае да Нёмана і паўколам акаймляе луг. Праплысці па цячэнні Нёмана паўкіламетра - і тут ужо ўрочышча Казечына з векавымі дубамі, а па левы бок Нёмана пачынаюцца лясы, якія цягнуцца да Налібоцкай пушчы". Чытала тады не шмат. Сярод ранніх кніг - Я. Купала, А. Міцкевіч, Г. Сянкевіч. Найбольш паўплывала на развіццё паэтычнага светаадчування родная песня, якая часта чулася і ў хаце, і на блізкай палявой дарозе ў вячэрні час. "Спала ў юнацтве на сене. Маці не любіла маіх начлегаў: адрынка амаль што ў лесе. Засынала пад песню. Іншы раз хацелася падбегчы да песні бліжэй, заглянуць ёй у вочы" . I вершы яе былі нібы працягам песень - меладычна лёгкія, эмацыянальна адкрытыя.

У 1953 г. паступіла ў Лідскую педвучэльню. Тут выступала з вершамі са сцэны, мела ўжо два сшыткі сваіх твораў. Толькі пісаліся яны звычайна дома, у лесе нават. Педвучэльню скончыла ў Наваградку, бо Лідская была расфармавана. Хадзіла ў Наваградку на пасяджэнні раённага літаб'яднання. У 1957 г. пераступіла парог Гарадзенскага педінстытута, стала студэнткай беларускага аддзялення гістарычна-філалагічнага факультэта. Праз год газета "Літаратура і мастацтва" змясціла яе верш "Роднае слова" - распеўны, радасны, напоўнены пачуццямі любові да Бацькаўшчыны. Цяпер паэзія ўсё больш становіцца справаю жыцця.

А далей поўнае творчых удачаў і здабыткаў літаратурнае, педагагічнае, музейнае, грамадскае жыццё.

Цалкам творчая біяграфія Дануты Бічэль будзе надрукавана ў часопісе "Лідскі летапісец" № 4 (60) за 2012 г.

(Паводле belsoch.org. )


Дарагое лісцянятка

З Данутай Бічэль мне даводзілася бачыцца досыць рэдка, гады ў рады, ад выпадку да выпадку, але яе паэтычнае дыханне, прывабнае гарманічнае я адчуваў і адчываю праз усё яе творчае жыццё. У 2003 годзе я адгукнуўся на яе чарговы творчы зборнік. Свой водгук я надрукаваў у "Нашым слове". Тады ж, неўзабаве на гэты мой водгук Данута адгукнулася дарагім для мяне лісцяняткам. У ім, датаваным 9.06.2003 г., яна прынамсі пісала:

"Паважаны Уладзімір!

Дзякуй за мілую рэцэнзію на маю кніжку. Пашкадавала, што Хрысціна ў часопісе - ён называецца "Наша вера" - не звярнулася да Вас, а да бездухоўнага Галубовіча, якому ў той кніжачцы спадабаўся толькі верш пра балота і пра кроціка. Калі б я сама пісала сабе рэкламку, то лепей бы за Вас не зрабіла. Цешуся, што Вы мяне зразумелі. Бо гэтая кніжачка сапраўды этапная і важная для мяне. І радасць аўтарская ад таго, што я пра яе пакуль і не марыла. А тут пазваніла Хрысціна ў маі мінулага году і дала мне месяц на напісанне кніжкі. І я гэты шанец выкарыстала, і справілася.

У маім творчым жыцці такая сітуацыя здарылася толькі аднойчы. Пасля я спала ад стомы. Узрост дае сябе паважаць.

Увогуле я "Наша слова" не чытаю, гэта мне адна касцельная сяброўка сказала, што Вы там часта пішаце - і пахваліла Вашу работу.

Але ўсе гэтыя справы - ужо мінулае...

Памятаю, як мы з Вамі сустракаліся ў Ракуцёўшчыне. Вось Максімаў "Вянок святкуе 90 годдзе...

Дзякую Вам за ўсё.

Ваша Данута."

З таго, дарагога Дануцінага лісцяняткі, датаванага 9.06.2003 года мінула нямала часу. Я не адзін раз зазіраў у беларускія даведкі, прыкідваў якога веку наша юная душою паэтка, які і калі яна чакае свой чаргавы юбілей. І што? У даведніку "Беларускія пісьменнікі Савецкай Беларусі", выдадзеным выдавецтвам "Беларусь" (Мінск, 1970 г.) на стар. 38 вычытаў, што Данута Бічэль-Загнетава нарадзілася 1.1.1938 года.

Дануцін на юбілей вось-вось набліжаўся. Ён быў не за гарамі, і я спакваля рыхтаваўся да яго. Душою, вядома. І якое ж было мае здзіўленне, калі неўтаймонная і парывістая наша Данута напісала мне, што яна нарадзілася 3-га снежня 1937 г.

То з 75- годдзем цябе, наша неўтаймоўная паэтка, шанавальніца і апякунка нашага роднага слова і ўсёй Беларусі, прынамсі ў яе каталіцкай праяве.

Уладзімір Содаль, г. Менск.


Вандроўка па мясцінах Слуцкага збройнага чыну

1 снежня актывісты Партыі БНФ, руху "За свабоду", БХД вандравалі па мясцінах, звязаных са Слуцкім паўстаннем. Паездку зладзіў рух салідарнасці "Разам".

Удзельнікі вандроўкі наведалі вёску Грозава, дзе ля крыжа памяці слуцкіх змагароў, адбыўся імправізаваны канцэрт. Барды Андрэй Мельнікаў і Юлія Фралова спявалі песні слуцкіх змагароў, а так-сама малітвы, пакладзеныя на музыку.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў выступіў з прамовай, у якой сказаў, што цяперашняя ўлада вельмі падобная да той, супраць якой змагаліся случчакі ў 1920 годзе. Да крыжа ўсклалі вянок, паставілі запаленыя знічкі.

У вёсцы Семежава ўдзельнікі ўрачыстай вандроўкі ўсклалі вянкі і кветкі да крыжа, а таксама запалілі знічы ў гонар слуцкіх паўстанцаў. Прагучалі "Магутны Божа", "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", а таксама малітвы за Беларусь.

Намеснік старшыні руху салідарнасці "Разам" Аляксандар Макаеў, які прыехаў разам з сваімі сынамі: 13-гадовым Янам і 11-гадовым Данікам - сказаў у сваёй прамове:

- Нашая вандроўка па гэтых мясцінах - гэта традыцыйнае ўшанаванне нашых змагароў. Такім чынам мы нагадваем грамадству пра малазнаёмыя старонкі беларускай гісторыі, якія, тым не менш, з'яўляюцца прыкладам неверагоднага змагання за свабоду. Гэта найвышэйшая форма змагання - калі няма шанцу на перамогу. Але яны змагаліся. На прыкладзе случчакоў мы мусім выхоўваць і сваіх дзяцей.

Вандроўнікі прыехалі ў вёску Вызна (цяпер Чырвоная Слабада). Каля парку, дзе знаходзіцца месца ўшанавання герояў Слуцкага збройнага чыну, мясцовыя міліцыянты забаранілі ўдзельнікам трымаць бел-чырвона-белыя сцягі.

На месцы, дзе раней стаяў крыж у гонар слуцкіх паўстанцаў, традыцыйна прагучалі "Магутны Божа", "За Случчыну" і "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў:

- Мы заканчваем вандроўку ў Вызне, дзе Першая Слуцкая брыгада войскаў БНР атрымала апошнюю перамогу. Такім чынам, тут цэлы месяц трымалася ўлада БНР. Яны, па сутнасці, змагаліся за тое самае, за што змагаемся і мы.

Паволе Радыё Свабода.


Паважаныя выпускнікі!

Кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў запрашае вас на экскурсію па спецыяльнасці "Музейная справа і ахова гісторыка- культурнай спадчыны" і яе двух кірунках: музеязнаўства; культурная спадчына і турызм.

Па-першае, падрыхтоўка кадраў па гэтай спецыяльнасці адбываецца ўжо 20 гадоў і ахоплівае асноўныя кірункі развіцця музеяў свету і Беларусі, а таксама важнейшыя праблемы, звязаныя з аховай помнікаў гісторыі, культуры, прыроды, уключэння музеяў у турыстычную дзейнасць. Нашы выпускнікі запатрабаваны незвычайна: некаторыя з іх ужо працуюць дырэктарамі абласных і раённых музеяў у Віцебску, Вілейцы, Лагойску і інш., многія працуюць галоўнымі захавальнікамі музейных фондаў, вельмі многія - старшымі навуковымі супрацоўнікамі ў музеях.

Па-другое, спецыяльнасць "Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны" патрабуе глыбокіх і разнастайных ведаў, таму студэнты вывучаюць гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю, гісторыю і тэорыю культуры, гісторыю краязнаўства, такія спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны як нумізматыку, сфрагістыку, палеаграфію, адну з замежных моў (ангельская, французская, нямецкая і іспанская), а таксама лацінскую і польскую. З трэцяга курса пачынаецца самае шчыльнае знаёмства са спецыяльнасцю, таму студэнты вывучаюць гісторыю музейнай справы, навукова-фондавую дзейнасць музея, тэорыю і практыку экскурсійнай работы, інфармацыйныя тэхналогіі ў музеях, тэорыю і методыку музейнай справы, дысцыпліны, звязаныя з турыстычным кірункам.

Прымаючы да ўвагі, што праца ў музеі - гэта перш за ўсё праца з наведвальнікамі, нашым студэнтам выкладаецца сцэнічная мова, сцэнарна-рэжысёрскія асновы культурна- адукацыйнай дзейнасці музеяў. Тэарэтычныя веды замацоўваюцца падчас практыкі ў сталічных музеях.

Па-трэцяе, калі хто са студэнтаў праяўляе жаданне і здольнасць да навуковай дзейнасці, то ён мае магчымасць удзельнічаць у навуковых студэнцкіх канферэнцыях, пасля заканчэння навучання паступіць у магістратуру, затым аспірантуру, якія працуюць на кафедры, абараніць кандыдацкую дысертацыю ў Савеце ўніверсітэта.

Чацвёртае, спецыфіка нашага ўніверсітэта дазваляе студэнтам цікава праводзіць свой вольны час праз удзел у самых разнастайных мерапрыемствах другіх факультэтаў ці агульнаўніверсітэцкіх. Для студэнтаў нашай спецыяльнасці два разы ў год аргнізуюцца экскурсіі па рэгіянальных музеях і памятных мясцінах Беларусі, сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Пятае, універсітэт мае два добраўпарадкаваныя сучасныя інтэрнаты. Калі вам спадабалася наша экскурсія і ўзнікла жаданне атрымаць адукацыю ў галіне музейнай справы, запіс у дыпломе - музеязнаўца ці менеджар па культурнай спадчыне і турызму, то трэба падрыхтавацца і здаць тэсты па беларускай (рускай) мове, гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі. Паспяховая здача тэстаў - ваш пропуск да атрымання ведаў па пералічаных прадметах і дыплом па спецыяльнасці "Музейная справа і ахова гісторыка- культурнай спадчыны" з кваліфікацыяй - музеязнаўца ці менеджар па культурнай спадчыне і турызму.

Тэлефон: +375 (017) 222 83 06 (прыёмная камісія). Больш падрабязную інфармацыю глядзі на сайце ўніверсітэта buk.by.


І сёння з намі Колас і Купала

Песня мая не ўзышла сярод кветак

Кветак цвітучага вечна паўдня...

Поўначы сумнай забыты палетак

Даў ёй жыццё пасярод палыння.


Пушча і ночка яе гадавалі,

Няньчылі казкамі долі нямой;

Дождж і расіца вясною купалі,

Снежныя буры тулілі зімой. ...


Песні маёй не патрэбны святліцы

Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,

Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай

К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.


Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,

Службы лакейскай не знае яна:

Воля жывая ёй вечнай зарукай,

Волі нязмеранай - служба адна ...


Песня мая не шукае чырвонцаў -

Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям, -

Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,

Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.


Пеці, і з часам, у добрую пору,

Выклікаць водклік у сонным сяле...

Ўсю Беларусь - неаб'ятну, як мора,

Ўбачыць у ясным, як сонца, святле.

Янка Купала. Мая песня. 1911.

Янка Купала і Якуб Колас нарадзіліся ў адзін год. І мэту выбралі для сябе адну. І ўсё жыццё аддана служылі ёй. Дзякуючы ім скарбы беларускага прыгожага пісьменства ўліліся ў агульную плынь чалавечай культуры. Праз іх творы беларускі народ расказаў свету пра сваё жыццё, звычаі, гісторыю, прыроднае багацце, раскрыў свой светапогляд і норавы, прад'явіў неабвержанае мастацка-паэтычнае сведчанне аб сваім існаванні на зямлі.

На працягу ўсяго года, аб'яўленага Годам кнігі, бібліятэкі Лідскай ЦБС праводзілі мерапрыемствы, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння беларускіх класікаў. Літаратурна-музычная вечарына "І сёння з намі Колас і Купала", якую арганізавалі 28 лістапада цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы і раённы Палац культуры, стала заключным мерапрыемствам.

Госці свята, студэнты Лідскага каледжа, мелі магчымасць яшчэ раз прайсціся жыццёвымі сцежкамі-пуцявінамі Песняроў, даведацца чым яны жылі і ад чаго пакутавалі, з кім зводзіў літасцівы ці не заўсёды лёс? Напрыклад, яны даведаліся пра тое, што Луцэвічы, продкі Янкі Купалы, мелі сямейны герб, што радаводнае дрэва Купалы складаецца з 328 асоб, блізкіх, крэўных родзічаў і далёкіх сваякоў. Цікава, што нягледзячы на рознае сацыяльнае паходжанне і веравызнанне, непаўторныя жыццёвыя шляхі і чалавечыя характары, розныя творчыя манеры, Купала і Колас шчыра сябравалі, разам адпачывалі, радаваліся і хваляваліся, скарыстоўвалі любую магчымасць, каб падзяліцца ўражаннямі ад перажытага, ад прачытаных твораў, каб дапамагчы добрай парадай.

Тэма кахання стала адной з цэнтральных у літаратурна-музычнай кампазіцыі. Як вядома, Купала стварыў прыгожыя, непаўторныя, мілагучныя вершы, прысвечаныя Жанчыне, адзінай і доўгачаканай. Сярод іх шматлікіх адрасатаў былі Лаздзіну Пяледа, Паўліна Мядзёлка, Уладзя Станкевічанка... У лірычнай спадчыне Якуба Коласа тэма кахання таксама займае значнае месца, хоць твораў на гэтую тэму аўтар напісаў не вельмі багата. Многія з гэтых вершаў прагучалі на вечарыне.

У выкананні салістаў узорнай эстраднай студыі "Дамінанта" гімназіі №1 і народнага тэатра эстраднай песні "Ліда-мюзікл" прагучалі любімыя ўсімі "Явар і каліна", "Малітва", "На Івана, на Купалу" і іншыя песні. Сямейны дуэт Інэсы і Аляксандра Парфенчыкаў выканаў песню "Мой родны кут". Стварыць святочны настрой дапамог народны ансамбль скрыпачоў "Славяначка". Сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства стаў урывак з "Паўлінкі" у выкананні артыстаў народнага драматычнага тэатра Палаца культуры.

Літаратурна-музычная вечарына суправаджалася адпаведнай мультымедыйнай прэзентацыяй.

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

Ад песень дудароў,

Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё

I злучана быццё і небыццё,-

Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,

I выхаду шукаў

Адбітак родных з'яў

У словах-вобразах,

У песнях вольнаплынных.

I гэты скарб, пазычаны, адбіты,

У сэрцы перажыты

I росамі абмыты

Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,

Для вас, душою чулых,

Як доўг, як дар,

Дае пясняр.

Якуб Колас. Сымон-музыка.

Мінае час, а прарочыя словы народных паэтаў Беларусі застаюцца з намі. Мы расчытваем іх таямніцу другое стагоддзе і разумеем, што глыбіня спадчыны народных песняроў невымерная. Кожны знойдзе ў ёй тое, што шукае яго душа.

Тамара Зенюкевіч, намеснік дырэктара Лідскай РЦБС.


Пераможца ў конкурсе

Летась Віцебскі беларускі тэатр "Лялька" аб'явіў конкурс паэтычных п'есаў для дзяцей. Тэатр запрашаў да супрацоўніцтва "таленавітых айчынных паэтаў-драматургаў", бо ўзнікла неабходнасць - знайсці адпаведную патрабаванням п'есу. Меркаваўся ўзрост гледачоў - ад 4-5 гадоў; займальны дынамічны сюжэт з ненавязлівым выхаваўчым падтэкстам, у вершаванай форме ці, прынамсі, наяўнасць вялікай колькасці прыгожых і лёгкіх для ўспрыймання вершаў на беларускай мове" (меркавалася выкарыстанне на сцэне аркестра з ліку артыстаў, з выкананнем песняў пад "жывую музыку").

Сёлета, месяц назад, падвялі вынікі. Удзельнічала 9 творцаў. Перамагла ў конкурсе Марыя Баравік. Яна заняла першае месца і ўзнагароджана Дыпломам 1-ай катэгорыі, за п'есу "Казкі з вясёлага кошыка", з чым і віншуем паэтку.

Марыя Новікава.


Ліцвіны? Былі. А ёсць беларусы.

А мне яшчэ падалося, спадар Іван Лепешаў, як белы рыцар навукі мовазнаўчай, непахісна будзе падтрымліваць ісціну. Нават калі, цвяроза ўзважыўшы доказы апанента, дзеля гэтага давядзецца ўдакладніць некаторыя ўласныя меркаванні. Згодна з дыялектыкай, так бы мовіць. I што ўбачыў? Аказалася, тое ж, на што дакладна і тактычна-інтэлігентна перад тым звярнуў увагу сп. У. Лупакоў. Ды яшчэ з "даважкам", калі бярэцца меркаванне ўвогуле іншага аўтара, сэнсава перайначваецца, а затым прыпісваецца... мне! Каб на падставе гэтай маніпуляцыі паспрабаваць зрабіць з мяне недарэку. (Гл. ў "НС", № 47, 2012 артыкул згаданага спадара "Яшчэ пра "ліцвінаў".) Пра што падрабязней крыху ніжэй.

Спадар Лепешаў, відаць, ці не вырашыў "даціснуць" Э. Ялугіна, хоць той міралюбна і не адказаў на ягоныя наскокі ў папярэднім артыкуле - "Пра назву нашай краіны і іншае" ("НС", № 44, 2012), дзе ўжо і загаловак маёй публікацыі "Калі ў Гістрыю стрэліць..." чамусьці палічыў "пагрозлівым".

Не адказаў жа я, каб далейшая палеміка такога ўзроўню не ператварылася ў непрадуктыўную пікіроўку-звягу, і суцешыўшыся, што ўрэшце, хоць і нагрувасціўшы пра назву нашай Радзімы ўсяго "і з Дону, і з мора", аднак напрыканцы апанент адзначыў (праўда, усё ж не стрымаўшыся згадаць ранейшае архіспрэчнае: маўляў, нашы далёкія продкі былі калісьці ліцвінамі) самае-самае; цяпер "і сёння, і заўтра мы-беларусы!" Хоць і карцела папрасіць удакладнення: а канкрэтна "нашы" - гэта чые? Бо ні продкі маёй радні на Магілёўшчыне, ні продкі маёй жонкі з Меншчыны, ні жыхары многіх мясцін Беларусі, дзе мне надарылася пабываць у часе працы журналістам, ліцвінамі сябе не называлі. Ліцвіны часам згадваліся, але як прыхадні ці ўладальнікі маёнткаў, паны. Аднаго такога я "змясціў" у сваім рамане "Ідзі і кажы", баярына Гімбата з-пад Мсціслава, дзе і цяпер ёсць вёсачка Гімбатаўка. Дарэчы і мае продкі па бабулі па бацькоўкай лініі былі памежнымі баярамі, Бабровічы з-пад Мсціслава. Але падумалася: ну хочацца спадару паходзіць ад ліцвінаў - і няхай. Хоць прозвішча і мае, мяркую, "русінскае". Але яго выбар.

Адно ўсё ж дзівіла: спадар зноў узахлёб хваліць кнігу Дзяружынскага, і ні гуку пра тое, што аўтар асмеліўся пераўтварыць русіна з Полацка Скарыну дзеля сваёй канцэпцыі, так бы мовіць, у... ліцвіна! Мала таго, і сам сп. І. Лепешаў, яшчэ ў папярэднім вялікім артыкуле ("НС", № 29) расхвальваючы кнігу, робіць чамусьці асаблівы акцэнт на гэтым, указваючы ажно адпаведную старонку. То, выходзіць, і свядома ўхваляючы падтасоўку? А потым іранічна пытаецца: "А хто "стрэліў" у Гісторыю? Чаго гэта Ялугін?"

Дык напісаўшы і "Яшчэ пра ліцвінаў", сп. Лепешаў не толькі не скарыстаў магчымасць хоць скарэкціраваць свой, як напачатку падалося, недагляд, а не ўтрымаўся, каб у сваім духу мне і "дабавіць": ага, Э. Ялугін "з захапленнем цытуе Дзяржавіна"/?/ Калі я ўсяго толькі згадваю, палемізуючы яшчэ з адным аўтарам: "расійскі нейкі віца-адмірал у нас "беларусаў" не заўважыў, а вось дапытлівы генерал Дзяржавін Г.Р. знайшоў ажно цэлы "забраны край" - Белоруссию". Дзе тут "захапленне"? Красамоўны факт і толькі.

Хоць Гаўрыла Дзяржавін і сапраўды варты, каб пра яго ўспомніць добрым словам. Бо ратаваў нашых "забраных" продкаў ад галадамору, які справакавалі грабежнікі-дваране расійскія, за што тыя даносы цару на Дзяржавіна пісалі.

Сп. Лепешаў у дадатак абвяшчае і просіць звярнуць асаблівую ўвагу ажно шаноўных чытачоў на гэта: Ялугін такім чынам праявіў "ледзь не нізкапаклонства /!/ перад расійскімі дваранамі: сенатарам Г.Р. Дзяржавіным ці скажам, дваранінам і камер-юнкерам... А.С. Пушкіным" /!?/ Ну-у, не ведаю, як у сучасных "ліцвінаў", а для беларуса такое, мякка кажучы, дык, і не салідна.

Адносна Дзяржавіна патлумачыў, а што да Пушкіна А.С., то я яго і ўвогуле не згадваў, сам жа спадар яго ўвёў, цытуе, што той упамянуў "белорусского дворянина". Тым не меней скажу і адносна Пушкіна А.С., вялікага паэта: хоць па-майстэрску складзены ягоны верш "Клеветникам России" і мяне дзівіць шавіністычнай зашоранасцю аўтара, затое чытаючы аповесць "Капітанская дачка" ці драму гістарычную "Барыс Гадуноў", можна і ўсклікнуць у захапленні :"Ай ды Пушкін! Беларусам бы падобныя шэдэўры!"

Цяпер адносна Люблінскай уніі 1569 года. Такое ўражанне, што сп. І. Лепешаў мае пра яе даволі скажонае і павярхоўнае ўяўленне. Ды апроч шляхты-ліцвінаў, і то хіба ў апошні перыяд, не "нашы продкі" "спрабавалі схіліць Польшчу да стварэння саюзнай дзяржавы", а ўсё якраз наадварот! Пра гэта мае сэнс прачытаць у спецыяльным даследванні І.І. Лапо. I само сабой, хоць зазірнуць у "Дзённік Люблінскага сойму", ён вялікі і падрабязны.

А чым "союзнае гасударства" скончыла - вядома. Я якраз завяршаю свой апошні раман - "Перад Патопам", куды ўвайшлі і падзеі часу Люблінскай уніі 1569 г., дык давялося нямала шмат з якіх крыніц чэрпнуць - і пра тое, як у перыяд падрыхтоўкі уніі хуткацечна і загадкава памірае лідар супраціву ёй канцлер Радзівіл Чорны, 50-гадовы асілак (падковы рукамі ламаў, з маладымі мядзведзямі боркаўся), а потым, ужо ў часе сойму, і наступны лідар, князь Юры Хадкевіч, пасля таго як, згуртаваўшы вакол сябе дэпутатаў ад Вялікага Княства, абвесціў, што лепей памерці, чым дажыць да такой ганьбы "паяднання". Ну і памёр, праз суткі, зноў жа хуткацечна, пасля пачастунку ў свайго сваяка па жонцы, польскага магната. І як адбіралі маёнткі ў сенатараў Вялікага Княства, якія супрацівіліся. І як гайдукі польскія лавілі дэпутатаў ВКЛ, што разбягаліся з сойму, прымушаючы пагрозамі галасаваць за "саюзнае гасударства", якое цяпер хваліць сп. Лепешаў. Вось так "ліцвіны" і "дабіліся", калі ўжыць выраз шаноўнага І. Лепешава, на бяду сваіх нашчадкаў канчатковага разору Радзімы і крывавага Патопу. Чаго б гэта драпежнай Масковіі не скарыстаць хцівай дурасці суседзяў, так усюды было, так і засталося, нягледзячы на высілкі ААН.

Прычапіўся спадар нават да дробязі, да пазначэння, што апалячванне пачалося "пасля Люблінскай уніі", настойваючы: "Не, праз стагоддзе". Няхай бы і так, але ж і "пасля", гэта не "перад". Хоць усё ж роўна - дзякуючы якраз уніі і, звязанаму з ёй, "саюзнаму" духоўнаму і гаспадарчаму знясільванню Вялікага Княства. Хоць, калі ўжо прытрымлівацца літаральнай дакладнасці тэкста, дык у мяне ж сказана: "Пазней, пасля Люблінскай уніі , стала выгадна перайнамяноўвацца "палякамі" . Ну, за такім апанентам сачы і сачы, каб нешта не перайначыў на свой капыл.

Ці не звузіў значэнне слова ў кантэксце фразы, палічыўшы сабе выгадным. Як з паняццямі "народ" і "частка народа", у нашым выпадку - шляхты-ліцвінаў. А самае тут займальнае, што спадар прыпісаў мне выказванне іншага аўтара - доктара гістарычных навук, слыннага крыніцазнаўцы Мікалая Улашчыка, чыё прозвішча я ж указваю, цытуючы гэта: " ... наша (у кантэксце зразумела якая - Э.Я .) і літоўская шляхта вельмі зжыліся, і нашы звычайна звалі сябе ліцвінамі, шляхта і магнаты, а не народ ". Указваю крыніцу цытаты: Мікалай Улашчык. Выбранае. Мн., 2001, с. 515. Па мне, дык ясна ж бачна ў якім кантэксце і сэнсе тут ужыта слова "народ" - як цэласна жывы этнічны арганізм, куды натуральна ўваходзяць сацыяльнымі састаўнымі часткамі і мужыкі, і гараджане, і шляхта з магнацтвам, хоць апошнія і грэбавалі "смердамі", лічачы сябе нават іншым племенем, чытайце пра "сармацтва" ў тым ліку ў Польшчы. Паўтару адносна "народа", гэта выказванне і ўвогуле не маё, а сусветна прызнанага спецыяліста-гісторыка вышэйшай лігі.

Спадзяюся, з гэтым усё зразумела. Незразумелым засталося, каго спадар ужо напрыканцы артыкула называе "сурагатам", які "прыйшоў на змену ранейшым ліцвінам", і што значыць выраз "литвинов..." перахрысцілі ў "белорусов" Ці гэта, "праз губу": "Словы "Белоруссия", "белорусы" сталі ўжо прывычнымі"...

А сам заклікае дбаць пра ўмацаванне "самасвядомасці беларусаў".

P.S. У сувязі з усім вышэйадзначаным, вельмі прашу галоўнага рэдактара паважанага "Нашага слова", калі вырашыць і надалей друкаваць працы сучасных "ліцвінаў" і там будзе згадвацца пра мяне, паралельна змяшчаць мой гэты артыкульчык. Каб чытача не заблытваць, то для параўнання. Надакучылі перакруты.

Эрнэст Ялугін.


ТРЭБА БЫЦЬ РАЗАМ

На пачатку 2000, у самую калатнечу ды раздрай, што віравалі тады ў нашае сям'і, Сяргей Панізьнік, падараваў малой Веранічцы і ўсім суродзічам і крэўным сваю кніжку для дзяцей "Золкую зёлку". Надта ўдзячныя яму за гэты своечасовы дар. Ён нагадаў мне, што мастацтва ёсць адзіным жыццёвым сродкам выяўлення будучае Культуры (Жывая Этыка, Кліч, верш 333). Пазней даў мне харкаўскую адрэсу Маі Львовіч, са скрухай прамовіў на яе: "Пакутніца". Тады зачалося маё ліставанне з Маяй Львовіч, і ад тае пары ляжыць пад маім ложкам стос Маіных лістоў, а на паліцах - ейныя кнігі. У ліставанні тады памагаў мне Барыс Мускі. На пачатку 2006 мне давялося па самыя вушы ўлезці ў іншую працу: бараніла славу нашую, духовую знакамітасць нашую, як казаў ксёндз Віктар Малевіч пра Адольфа Янушкевіча; бараніла ў ягонай Асобе гонар і годнасць Нашае Літвы. Натуральна, што я ўжо не мела часу на ліставанне з Маяй Львовіч. Ды вось учора Барыс нагадаў мне, што 23 красавіка 2013 года споўніцца 80 гадоў Маі Львовіч, што Мая даслала яму асобнікі сваёй новай кнігі "Балагола" і зноў просіць разнесці іх… Гэта цяжкая праца была і для мяне, а для Барыса Георгіевіча… Я не ведаю, для каго цяжэй… І хто мусіць растузваць гэты асмолены касмічны вузел… І ў будучых школах Літвы шляхам росту духу будуць навучаць тыя, хто зведаў увесь шлях (Кліч, в. 180). Мусіць гэта будзе справядліва: калі Ганна мела адвагу гэдак перакласці Кліч - першую Кнігу Навукі Жывой Этыкі, - дык няхай яна і падыходзіць, і дакранаецца, і спрабуе ўсё ж развязаць гэты касмічны вузел… Але пра што казаць ліцвінцы Ганне - не паэтцы, не аднагодцы Маі Львовіч, не літвачцы ? Хіба што - пра Літву. Вось гэтае падабенства нашых найменняў нас і аб'ядноўвае, бо імёны сведчаць пра тое, што мы паходзім зь Літвы. І адна толькі ЛІТВА дае права Ганне Матусевіч пісаць пра Паэтку Маю Львовіч. Маю надзею, што пра Паэтку напішуць Паэты.

"Магутная сіла беларускае зямлі дала асобны духоўны і знешні воблік беларускім жыдам. Цяпер яны рожнюцца ад усіх іншых жыдоў. І іх па ўсяму свету называюць літвакамі ." (Змітрок Бядуля. Жыды на Беларусі. 1918.)

У паэтычных зборніках "У Зязюльчыным у Барку" і "Жывая" ("Жива") Паэтка прыводзіць гэтую слушную цытату Змітрака Бядулі і падмацоўвае яе сваімі вершамі. Вось адзін з іх, які гучаў па Радыё Свабода, а пасля быў апублікаваны ў паэтычным выданні "Верш на Свабоду" за 2002 год.

Адэса называла

маму Літвачка.

Дык хай, як маму,

Уся Адэса мяне кліча,

І ўся Літва - мяне.

Хто знае, дзе яго Радзіма,

Хто ведае…

Не ў Літве я нарадзілася,

Не ў Літве я.

Але Літва - маё то ўлонне

Прадаўняе.

Але Літва - мая мелодыя

Сапраўдная.

Мая то мова пітаманная.

І выбрала

Ня я Літву - Літва сама мяне.

З Літвы я.

Толькі ў "Вершы на Свабоду" чамусьці слова пітаманная зыначана на нетуманная . Ведала бы пра гэта сама Мая Львовіч!.. Дарэчы, і ў маім вершы "Літва надыдзе непрыкметна", які апублікаваны ў тым самым выданні, таксама пярэкрут. Заміж арыгіналу "І з Творцам злітыя, ствараем свет" у "Вершы на Свабоду" чытаю: "І злітыя з Тварцом, ствараем свет" . Што тут паробіш - несвабодныя яны… Але шчыры дзякуй за ўсё ўсім, асабліва літвачцы Маі Львовіч, якая нарадзілася ў Адэсе, стала жыве ў Харкаве, але трымае моцную повязь з Літвой, дзе жылі ейныя продкі. У зборніку "У Зязюльчыным у Барку" ёсць цыкл вершаў пад назовам "Літва" , дзе паэтка ахвяруе два вершы для маёй растрапанай сям'і. Ёсць гэтыя вершы і ў кнізе "Жывая" ("Жива"), толькі назва змяняецца на "Літва-Беларусь" . Ну што ж, аўтарка мае права называць сваімі найменнямі свае творы. Толькі я не люблю палавінчатасці і, як ужо сказала, да трэцяе кнігі Маі Львовіч, "Жывая" ("Жива"), не мела дачынення, таму што цалкам была занятая постаццю Адольфа Янушкевіча. Пра першую кнігу паэткі "Цяпельца" ("Вогник"), ды і наогул, пра ўсю ейную творчасць, няхай пішуць пісьменнікі, тым болей, што Мая Львовіч знаходзіцца ў іхніх шэрагах, - я пішу пра Літву як Сусвет, і пра ліцвінаў - грамадзянаў Сусвету.

Корпалася ў кнігах, старой карэспандэнцыі і наткнулася на даўнюю капэрту Алеся Пушкіна, у якой ён даслаў мне кнігу вершаў "Сыс" за 2002 год. Тамсама ляжаў і Алесеў ліст-адказ на маё пісьмо: "Мы гэткія ж нацыяналісты, як і былі… Мы любім найперш сваіх паэтаў… А Маю Львовіч не любім, бо Вы ж самі ведаеце - любоў, як і каханне, не бывае па розуму, па нейкіх правілах . Проста - любіш ці не любіш." І сканчае свой ліст заклікам вялікімі літарамі: "Жыве Беларусь!"

Думаю, што Алесь не пакрыўдзіцца на мяне за гэтае цытаванне з ягонага ліста. І шчыры дзякуй табе, Алесь, бо ты мой любы вораг, які нашмат лепшым ёсць ад брыдкага брата. Бо любыя ворагі называюць усё сваімі імёнамі і адмываюць людскія вочы, прачышчаюць іхныя вушы і тым спрыяюць пашырэнню людской сведамасці. А гэта неабходна дзеля таго, каб узняцца нам да Літвы, каб стаць ліцвінамі - грамадзянамі Сусвету. Менавіта пра гэта мой верш "Блізкаму ўжо Звеставанню", напісаны 15 лютага 2004, які я афяравала Марыне Мускай - няхай ёй будзе ясна!

Не люблю анікога,

Бо Кахаю ўсіх;

Не жадаю нічога -

Маю больш за ўсіх.

Узлятаю да Неба,

Бо хаджу па зямлі,

І не маю патрэбы

Ў славалюбстве зямлі.

Будзе тое, што БУДЗЕ,

Будзе Неба й Зямля,

Будуць роўнымі людзі,

Як і Неба, й Зямля.

Я сказала Вам многа,

Шмат сказаць не магу.

Мо стаю ля Парогу...

Мо ўсе мы - на Шляху...

А што тычыцца сваіх і чужых - тут папраўдзе трэба ўмець адрозніваць. Цяжка мне давалася супрацоўніцтва з Маяй Львовіч, і не таму, што тут іншы свет… І не мне адной… Мы ўсе і розныя, і іншыя. Але тады мы разам змагаліся за Культуру, якая не мае нацыянальнасці, разам біліся за Вашую і Нашую Вольнасць; і гэтае духовае змаганне патрабавала аддачы часцінкі душы, патрабавала пашырыць сваю сведамасць і ўзняцца прыступкай вышай. Але кожная з нас білася па-свойму, так, як умее; яна - як літвачка , я - як ліцвінка . Урэшце, дзве кнігі, што выйшлі ў свет: адна ў Харкаве - "Балагола", другая ў Менску - "Кліч Літвы" - як бы акрэслілі і становішча кожнае з нас, і занятую каля сябе прастору.

Пэўна гэта ўсё, што я маю сказаць пра надзвычай сумленную, адданую і праўдзівую паэтку Маю Львовіч. Думаю, што супольнасць і ліцвіноў , і літвакоў - а гэта будуць новыя людзі, тыя, хто ўмеюць зазірнуць у будучыню і змагацца за яе - паспрыяе адраджэнню вялікай культуры Вялікага Княства Літоўскага.

Ганна Матусевіч.



8 снежня ў суботу у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца сустрэча з галоўным рэдактарам "Лідскага летапісца" С. Суднікам

"Чытаем сваё: "Лідскаму летапісцу" - 15 гадоў" .
Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13.
Пачатак - 15. 00 гадзін. Уваход вольны. Адказная А. Анісім.


Лістападаўскае паседжанне Таварыства беларускай культуры ў Вільні

Чарговае суботняе паседжанне Таварыства беларускай культуры адбылося традыцыйна, а 15-й гадзіне, 24 лістапада 2012 г.

Уступным словам яго распачаў Алесь Адамковіч, які і быў вядоўцам усяе вечарыны.

- Дазвольце распачаць нашае паседжанне, прысвечанае гэтым разам знакавым падзеям і юбілеям, якія прыпадаюць на месяц ЛІСТАПАД-2012.

Але напачатку кароткія абвесткі:

27 Лістапада ў кавярні "HUDA" - адбудзецца вечарына барда з Беларусі Зміцера Бартосіка. Прыходзьце падтрымаць беларускую прастору ў Вільні. Уваход 10 літаў.

Сёння мы таксама вітаем гасцей, якія возьмуць удзел у нашым паседжанні: гэта паэт Міхась Скобла і архівіст, пісьменнік Язэп Янушкевіч.


Найпершай падзеяй, што прыпадае на лістапад, вядовец назваў "Слуцкі збройны чын". Колісь з гэтай нагоды ў Вільню прыязджалі навукоўцы, а цяпер віленчукі сваімі сіламі адзначаюць гэтую ўрачыстасць. Аднак супраца з беларускімі сіламі працягваецца, паколькі Дзень Волі і Слуцкі Збройны Чын - нашыя галоўныя святы.

З гэтай нагоды вядовец даў слова Старшыні ТБК у Вільні, сп. Хведару Нюньку, які зачытаў Зварот Прэзідэнта Рады БНР спадарыні Івонкі Сурвілы.

"Дарагія Суродзічы!

Як і кожны год, у лістападзе думкамі я пераношуся на Случчыну. Прыпамінаецца дзесяць тысяч адважных случчакоў, для якіх доля Айчыны была важнейшай за ўсё іншае, уключна з жыццём. Прыпамінаецца аповесць Васіля Быкава "На чорных лядах". Калі Вы яшчэ не чыталі яе, дык прашу, прачытайце… "

Заканваўся зварот моцным змагарым вобразам: "Усе мы случчакі ў гэты восеньскі месяц" .


Міхась Скобла прысвяціў свой выступ постаці Зоські Верас:

- Беларусы па абодва бакі мяжы ў даўгу перад Людвікай Антонаўнай Войцік. Гэта яна надрукавала свой першы твор яшчэ ў 1907 годзе - усяго на два гады пазней за Янку Купалу, а аўтарам легендарнай "Нашай нівы" стала ў 1911-м. Гэта яна ў 1916 годзе прывячала ў Менску Максіма Багдановіча, які абяцаўся пісаць ёй з Ялты, з "белага дома над сіняй бухтай". Гэта яна на ўсё жыццё запомніла, як бальшавікі ў снежні 1917-га разганялі ў Менску І Усебеларускі кангрэс. Гэта яна за свае сціплыя заробкі ў 1928 годзе выдала паэтычны зборнік Міхася Машары "Малюнкі" і толькі за гэта заслугоўвае не меншай пашаны, чым Магдалена Радзівіл - фундатарка неўміручага "Вянка". Гэта яна рабіла і выпускала ў свет часопісы для дзяцей "Заранка" і "Пралескі", а для дарослых - месячнік "Беларуская борць", якім карысталіся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі. Гэта яна склала і выдала ў 1924 годзе знакаміты "Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік", у які і сёння не зашкодзіць зазірнуць самым дасведчаным лексікографам, каб даведацца, як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расліна. Гэта яна, ведаючы пра пільнае цэнзураванне дванаццацітомавай "Беларускай савецкай энцыклапедыі", склала свой уласны рукапісны энцыкляпедычны даведнік, дзе змясціла жыццяпісы Аркадзя Смоліча, Станіслава Грынкевіча, Янкі Багдановіча, Міхася Забэйды-Суміцкага - двух дзясяткаў выдатных беларускіх дзеячоў, імёны якіх на той час айчынным эцыкляпедыстам згадваць забаранялася… Зоська Верас - постаць яшчэ не спазнаная і належна не ацэненая. Цяпер я рыхтую да друку яе выбранае. Успамінаў, нарысаў, лістоў назбіралася на дыхтоўны двухтомавік. З унукам пісьменніцы Яраславам Войцікам мы з'ездзілі ў Панарскі лес, на тое месца, дзе стаяла Лясная хатка. Прыкра, што мясцовыя жыхары зрабілі там сметнік. Трэба было б зладзіць там талаку і прыбраць смецце.


Наступным выступоўцам быў Андрусь Старавойтаў , які закрануў цікавую тэму - пра асаблівасці святкавання абраду "Дзядоў" на Віленшчыне. Колісь кожны рэгіён меў свае пэўныя рэгіянальныя адметнасці на Дзяды, а сёння гэтае свята пасутнасці страчанае. Пачынаючы ад пачатку ХХ ст. пераважна, ад акупацыі савецкай, святкаванне забаранялася. Гэта адмоўна адбілася і на стане захавання ўсёй беларускай культуры на Віленшчыне.

Як аднавіць тое, што было страчана? Як працягнуць гэтую традыцыю ў будучым - гэта будзе часткова залежыць і ад нас…


Тэму святкавання "Дзядоў" працягнуў Артур Юдыцкі , звярнуўшы ўвагу як прайшлі яны сёлета ў Менску. Адбыліся пэўныя знакавыя змены:

- Чаму сёння прыйшло менш народу, чым звычайна? І што будзе з ДЗЯДАМІ надалей? Ці бальшыня людзей будзе ў будчым ў пераважнай большасці адзначаць яго па сваіх рэгіянальных могілках ці будуць збірацца разам? Гэтыя пытанні трывожна павісаюць у паветры. Чым станоўчым і знакавым запомніцца святкаванне Дзядоў-2012 у Менску - гэта тое, што наперадзе малалікай калоны з бел-чырвона-белым сцягам крочыў былы палітзня-волены Сяргей Каваленка. Як гэты сімвал будзе выкарыстоўвацца надалей?


Чарговы выступоўца, студэнт Еўрапейскага ўніверсітэта ў Вільні Андрэй Строцаў расказаў пра Паўлюка Багрыма, якому ў лістападзе споўніла 200 гадоў з дня нараджэння. За гэты доўгі час у багрымазнаўстве былі свае знаходкі (архіўная справа пра "бунт у Крашыне") ды іншыя, якія спарадзілі пытанне веры: ці існаваў такі пісьменнік і чалавек? Шмат хто спрачаецца: мо навогул не пісаў….


Наступным было прапанавана выступіць Язэпу Янушкевічу , які акурат ў гэтым месяцы лістападзе-2012, да 200-годдзя П. Багрыма выдаў буклет "А ў маскалях трудна жыці…", куды цалкам увайшоў даўні артыкул даследніка "Ледзьве здымкі ўратаваў…" з новымі звесткамі пра сямейнікаў Паўлюка Багрыма і яго самога. Пераважна гэта былі метрычныя запісы хросту Паўлюка, акты смерці ягонай маці і бацькі ды інш. Дакументы ў віхурах ХХ ст. уратаваў колішні крашынскі пробашч Карусь (Караль) Жураўскі, парабіўшы фотакопіі з архіўных матэрыялаў, а напрыканцы жыцця пераслаўшы іх у Менск (1988). Вось гэтае новае настолькі было сенсацыйным, што ў многіх "даследнікаў" не вытрымалі нервы, і яны пачалі адмаўляць Паўлюку ў аўтарстве легедарнага верша "Зайграй, зайграй хлопча малы…". У юбілейным буклеце змешчаны чарговыя невядомыя матэрыялы. Учытваючыся ў іх, можна сустрэць частыя згадкі пра старэйшую Багрымаву сястру Ганну і жахнуцца ад таго, што за год да агульнавядомай Крашынскай трагедыі 1828 г. сямейства Багрымаў перажыло ўласную трагедыю, калі давялося капаць дол для васьмімесячнага Антосіка, а потым для трохгадовай Паўлінкі.... Можа, літаратуразнаўцы па-іншаму прачытаюць радкі славутага верша, даведаўшыся (упершыню) пра драму падлетка Паўлюка. Таму і на трэцім стагоддзі ад нараджэння легендарнага каваля і мастака слова нас будуць хваляваць ягонае паднявольнае жыццё і незабітая прага творцы, каб хай не ў слове, забароненым яму для публічнага ўжытку, дык у метале звінець голасам неўміручага жаваранка. І чаму дасюль аніводзін мастацтвазнавец не звярнуў увагі, якія выявы адкаваў, бы на дзяржаўнай пячатцы, на сваёй слыннай жырандолі Паўлюк Багрым? Прыгледзьцеся да ілюстрацый ў буклеце: ці гэта святы Юры? Ці гэта наша святая Пагоня? Легенды, звязаныя з імем крашынскага каваля, працягваюць раскрывацца і ў ХХІ стагоддзі, чакаючы сваіх паэтаў...

Паказаў выступоўца прысутным і іншыя выданні, што выйшлі з ягоным удзелам: пераклад лістоў Станіслава Манюшкі, рамана Сяргея Пясецкага "Пяты этап" (падзеі, апісаныя ў ім, часткова адбываюцца ў Вільні), а таксама дзвюхмоўнага паэтычнга зборніка Ул. Някляева "Развітальны жэст Жыгімонта" (на беларускай і польскай мовах).


Валеры Радзюкевіч , сябра Віленскага ТБК, расказаў пра лёс і творчасць Якуба Коласа, якому сёлета ў лістападзе таксама юбілей - 130-я ўгодкі з дня нараджэння, пра казкі, п'есы, якія ставіліся ў Менску ў 1918-1921 гг. За гады вайны атрымаў дзве Сталінскія прэміі (другая - за паэму "Хата рыбака"). Быў Колас і перакладчыкам - перастварыў па-беларуску творы Пушкіна, Шаўчэнкі, Міцкевіча.


Мастак Алег Аблажэй працянуў гаворку пра Якуба Коласа, пра паэму "Новая зямля":

- Я хацеў напісаць артыкул "Забойства Якуба Коласа" - пра тое, як запалохвалі паэта. Магчыма, яго выратавала тое, што ён меў больш пачуцця гумару, чым астатнія. Якуб Колас, як нейкі грэцкі герой, выкрыкваў свой боль у выкапаную ямку…


Мастачка з Менска Святлана Радкевіч зачытала вершы Міхася Машары пра 25-е Сакавіка і Ларысы Геніюш "Бабулька".


Хведар Нюнька расказаў пра аўстралійскага беларуса Міхася Раецкага…

- У гэтым месяцы яму споўнілася б 85 гадоў. Беларускае радыё ў Аўстраліі, пазбаўленае дзяржаўнага фінансавання, закрылася… Відныя дзеячы памерлі (Міхась Лужынскі), новых няма. Пабудавалі сваю царкву і могілкі. І там ёсць свой Данчык. Паслухайце….

І ноч даўжэй за млечны шлях.

І не магу забыцца я -

Была мая і не мая…


Аглядальнік, Вільня.


Дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча

26 лістапада ў Воршы ўшанавалі Ўладзіміра Караткевіча.

Паводле традыцыі аршанцы ўсклалі кветкі да помніка пісьменніку ў дзень яго народзінаў. Тут жа, каля помніка Ўладзіміру Караткевічу ў Прыдняпроўскім парку, адбыліся літаратурныя чытанні. У іх узялі ўдзел мясцовыя літаратары, вучні сярэдняй школы № 3, якой нададзена імя Караткевіча, і сярэдняй школы № 8, дзе пісьменнік выкладаў расейскую мову. З вянкамі і кветкамі прыйшлі прадстаўнікі Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў - Партыі БНФ, моладзевага аб'яднання "Звяз", Таварыства беларускай мовы.

У сярэдняй школе № 3 быў створаны першы музей Уладзіміра Караткевіча. Перад прысутнымі выступіла яго захавальніца, былая настаўніца, а цяпер ужо пенсіянерка Лілея Радомская. Былі на святкаванні і дырэктаркі адчыненага пазней гарадскога музея Іна Байкова і Галіна Юркевіч.

Паводле спадарыні Юркевіч, якая кіруе музеем і цяпер, імпрэзам да чарговых угодкаў Уладзімера Караткевіча прысвечаны цэлы тыдзень. Запланаваныя чытанні ў школах і бібліятэках, выстава дзіцячага малюнка і канцэрт мастацкай самадзейнасьці ў самім музеі.

Дзень нараджэння Караткевіча пры поўным аншлагу прайшоў і ў Пушкінскай бібліятэцы г. Менска.

За 20 хвілін да пачатку мерапрыемства ў невялікай актавай зале бібліятэкі ўжо яблыку не было дзе ўпасці - прыхільнікаў творчасці вялікага беларускага класіка аказалася так шмат, што некаторыя ахвотнікі патрапіць у залу змушаны былі стаяць у калідоры. І стаялі, уважліва назіраючы за дзеяй.

А паглядзець сапраўды было на што: знакамітых гасцей сабралася нямала, а праграма была вылучна насычаная. Першапачаткова планаваны як прэзентацыя адразу дзвюх аўдыёкніжак Караткевіча - дыскаў з раманам "Чорны замак Альшанскі" і аповесцямі "Ладдзя роспачы", "Чазенія", "Сівая легенда" і "Цыганскі кароль" - вечар ператварыўся ў сапраўдную феерыю літаратуры і музыкі. Ад традыцыйнай беларускай дуды да джазавай аранжоўкі знакамітых "Я нарадзіўся тут" і "Сонца нам дапаможа" ў выкананні Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна з групай The Outsiders.

Вядомы беларускі перакладнік, тэатразнавец і педагог па сцэнічнай гаворцы прафесар Андрэй Каляда, які стаў голасам аўдыёкніжак Караткевіча, уразіў прысутных незвычайна пачуццёвым выкананнем вершаў Уладзіміра Сямёнавіча.

Асабліва цешыла, што большасць прысутных - студэнты. А гэта значыць, што новае пакаленне не забывае і шануе вялікіх класікаў беларускай літаратуры. І беларуская літаратура будзе ў нашых сэрцах і нашай памяці. А па-іншаму і быць не можа, таму што, як дакладна адзначыў Уладзімір Караткевіч, "хто страціў сваю памяць, той страціў усё".

Вольга Чарных, фота Антона Сурапіна.


"Талакой" лёгка працаваць і весела адпачываць...

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

ад песень дудароў…

Ад шолаху начэй, ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё…

Якуб Колас.

Народнае мастацтва - такое ж багацце, як наша зямля, наша прырода. Бо яно мае тысячагадовую гісторыю, ідзе ад каранёў нашага роду. Шырокае кола людзей сёння мае дачыненне да народнай музыкі, беларускіх песень, танцаў, абрадаў. Гэта носьбіты традыцыйнай культуры, яе даследчыкі, знатакі і прапагандысты.

За высокія творчыя дасягненні, актыўную канцэртную дзейнасць, важкі ўклад у папулярызацыю беларускай нацыянальнай культуры 10 ліпеня 2012 года Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ансамблю песні і танцу "Талака" філіялу "Лідскія электрычныя сеткі" РУП "Гроднаэнерга" прысвоена званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь".

Толькі тры калектывы мастацкай самадзейнасці галіны энергетыкі адзначаны вышэйшай ступенню прызнання іх творчых заслуг - ганаровым званнем "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь" - народны калектыў "Бліскавіца" філіяла "Гарадзенскія электрычныя сеткі" РУП "Гроднаэнерга", аматарскі калектыў "Скарбонка" філіяла "Гомельскія цеплавыя сеткі" РУП "Гомельэнерга" і ансамбль песні і танцу "Талака".

Дзень 25 красавіка 2012 года стаў яшчэ адной вехай у гісторыі "Талакі". У Лідскім раённым Плацы культуры адбыўся творчы канцэрт-справаздача. Кампетэнтная і прадстаўнічая камісія і шматлікія гледачы змаглі яшчэ раз ацаніць праграму калектыву, як багатую і непаўторную палітру беларускіх народных песень і танцаў, поўную рэгіянальных асаблівасцей і каларыту і высокае выканальніцкае майстэрства самадзейных артыстаў.

Зразумела, што гэтай падзеі папярэднічалі доўгія гады творчых пошукаў і працы.

А пачалося ўсё ў 1995 годзе, калі аматары народнай песні і таленавітая моладзь прадпрыемства аб'ядналіся і стварылі ансамбль "Світанак". Праз 10 год калектыў атрымаў званне "народны" і новае імя - ансамбль песні і танцу "Талака".

Народны ансамбль песні і танцу прапрыемства Лідскіх электрычных сетак - неардынарны калектыў. Сведчанне таму - выступленні на галоўнай сцэне краіны - у Палацы Рэспублікі на канцэрце майстроў мастацтваў з нагоды Дня Незалежнасці, і перад дэлегатамі Трэцяга Усебеларускага народнага сходу, удзел у праграме "Спявай душа" Першага нацыянальнага канала Беларускага тэлебачання і традыцыйных музычных вечарах у Міры, фестывалі народных культур у Гародні і штогадовых рэспубліканскіх "Дажынках". Пра гэта ж сведчаць сумесныя канцэрты з Дзяржаўным ансамблем танцу Рэспублікі Беларусь і цудоўныя творчыя стасункі з Нацыянальным Акадэмічным народным хорам імя Г.І. Цітовіча.

Кожнае выступленне ансамбля захапляе гледачоў, прымушае забыцца на паўсядзённыя справы, стварае адчуванне свята, фейерверку мелодый і танцаў. Ніхто не застаецца абыякавым да таго, што адбываецца на сцэне, а кола прыхільнікаў "Талакі" ўвесь час расце. З творчасцю калектыву знаёмы не толькі лідзяне. Яго віталі апладысментамі шматлікія госці, у тым ліку дэлегацыя энергетыкаў з Францыі і ўдзельнікі Міжнародных спаборніцтваў спецыялістаў-энергетыкаў. Нязменным кіраўніком калектыву з'яўляецца Вальдэмар Захаркевіч, чалавек няўрымслівы і неабыякавы, захоплены любімай справай.

Дзякуючы Уладзіміру Гарачову, хармайстру і музычнаму краўніку, хор атрымаў новае, магутнае, выразнае гучанне. Ён жа займаецца аранжыроўкай музычных твораў і напісаннем партытур.

За харэаграфію адказвае Марына Лесагор. Дзякуючы яе намаганням танцы, цікавыя і разнастайныя, з'яўляюцца своеасаблівай візітоўкай "Талакі".

Усе яны не толькі прафесіяналы, яны творчыя аднадумцы і ўвесь час знаходзяцца ў пошуку новых ідэй, новага зместу і формы прадстаўлення музычнага фальклору: народных звычаяў і абрадаў, народнай музыкі, танцаў і песень, вершаў сучасных аўтараў.

Аснову рэпертуару ансамбля складаюць беларускія народныя песні "Як пад горкай ля вады", "Із далёкіх із краёў", "Там за рэкай за ракой", "З пад адной гары вецер вее" і, зразумела, візітнай карткай ансамбля з'яўляюцца вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі "Талака" і "Валачобнікі". А ў апошнія гады калектыў пачаў выконваць таксама рускія і ўкраінскія народныя песні.

У калектыве сустрэліся досвед і маладосць, высокае выканальніцкае майстэрства і непасрэднасць моладзі - носьбіты і пераемнікі традыцый.

Усе самадзейныя артысты не проста таленавітыя, яны поўныя творчай энергіі і ўпартасці. І робяць усё для таго, каб выступленні ансамбля радавалі прыхільнікаў народнай творчасці і каб з асобных рознакаляровых нумароў-мініяцюр, танцаў, вакалу і інструментальнай музыкі атрымаўся сапраўдны цэласны спектакль.

Глыбока-пранікнёны, шчыры і сардэчны вакал Уладзіміра Некрашэвіча, Вольгі Мезрынай, Анастасіі Каралюк, Ірыны Статкоўскай, Вікторыі Лукоўскай, віртуозная ігра інструментальнага ансамбля, лёгкасць і мяккая пластыка танцораў - гэта і ёсць неаднаразовы дыпламант і лаўрэат Рэспубліканскіх конкурсаў-аглядаў мастацкай самадзейнасці сярод прадпрыемстваў энергетычнай і паліўнай прамысловасці народны ансамбль песні і танца "Талака".

А ў паўсядзёным жыцці ўсе артысты самадзейнага калектыву працуюць на адным з перадавых філіялаў "Белэнерга", прадпрыемстве, якім амаль 30 год кіруе Пётр Пятровіч Лабан. Ён жа калісьці быў галоўным ініцыятарам стварэння ансамбля, сам прымаў актыўны ўдзел у самадзейнасці. Прыхільнік і знаўца народнай творчасці, ён перакананы, што культуру неабходна падтрымліваць і дапамагаць вырашаць яе пытанні і праблемы. Сёння ён самы строгі глядач, безумоўны аўтарытэт і для артыстаў, і для кіраўнікоў "Талакі". Так што, у прысваенні ансамблю звання "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь" ёсць і яго заслуга.

Асобныя словы ўдзячнасці ўдзельнікі ансамбля хацелі б выказаць кіраўніцтву і прафсаюзнаму камітэту РУП "Гроднаэнерга" за фінансавую падтрымку і клопат пра калектыў.

Калектыў "Талакі" разумее, што яшчэ шмат працы наперадзе: неабходна трымаць "марку", не проста несці званне "заслужаны", а ўвесь час пацвярджаць тытул і ўдасканальваць майстэрства.

У планах калектыву - стварэнне новых праграм: іскрыстых, цікавых, на аснове мясцовага музычнага песеннага фальклору, якія будуць здзіўляць сваёй прыгажосцю аматараў народнай творчасці, будуць гучаць на міжнародных фестывалях і конкурсах. Тым больш, што, і кіраўнікам, і ўдзельнікам ансамбля хапае творчай энергіі, а іх талент і майстэрства заўсёды выклікаюць захапленне ў гледачоў і прызнанне ў прафесіяналаў.

А ў нас ёсць надзея на захаванне, развіццё і пераемнасць народнай творчасці.

Тамара Зенюкевіч.


Уладзімір Васько: На хутары Хрысціны Лялько

Чыгунка. Бетонныя шпалы.

Сцяжынка на хутар вядзе,

і ветрык, ласкавы і шалы,

купае лістоту ў вадзе.

Ад рэек ідзем у нізіну,

дзе кволы туман растае.

Карціць нам убачыць Хрысціну

і цётку, Зузанку, яе.

Бярозкі, асінкі, арэшнік.

Вунь беленькі домік, платы.

Ля іх - парыжэлы алешнік

і два старажылы - каты.

Ідзем каля здатнай чарэшні,

збоч яблынькаў залатых.

Мой сябра амаль што не грэшнік,

і я поруч з ім як святы.

А восень глядзіцца карцінна,

і ветрык згубіў дзесьці злосць.

Прасілі Зузанка з Хрысцінай

на зіму ім дроў накалоць.

І вось мы ужо на падворку.

Сабачка не брэша на нас,

і куры заводзяць гамонку

пра добры і радасны час.

І выбегла з хаты Хрысціна,

сабой ажывіла ўвесь двор.

Ой, хутар! Не хутар - маліна,

для ўзнёслага духу - прастор.

Зузанка прыйшла, паглядзела...

Гамонка яе, нібы ўсхліп:

- Шкада, што вось заўтра нядзеля,

а так вы даўжэй пабылі б.

- Мо супчыку? - кажа Хрысціна.-

Ёсць моцны гарачанькі чай.

- Нам кожная ў кошце гадзіна.

Ты з чаем пакуль пачакай.

Пайшлі да дрывотні спаважна

(Люблю калоць дровы, люблю)

і шчыра, натхнёна, адважна

ўзяліся за працу сваю.

Сякеры, як птушкі, ўзляталі

з пагрозай для грознай зімы,

з сукоў высякалі медалі,

якіх заслугоўвалі мы.

Каза са здзіўленнем казіным

глядзела ўтрапёна на нас.

У ладачкі-ладкі асіны

Пастуквалі тысячы раз.

А мы ўсё калолі, калолі

сасновыя дровы ў двары

да поту на майках, да солі,

да пробліскаў сонца ў бары.

І вырас кастрог адмысловы.

(Такога нідзе не знайсці!)

Ды чуем удзячныя словы

і просьбу у хату зайсці.

На кухні забліскалі чаркі...

Мяркуем: з чаго тут пачаць?

І тосты у гонар Зузанкі

і ў гонар Хрысціны гучаць.

Прыйшоўся і суп да спадобы,

духмяны, здаровы, грыбны.

Стол поўны, нібы для аздобы.

Якой не было тут яды!

Каўбаскі, гуркі, памідоры,

кумпяк, макароны, салат.

Прызнацца, жывем не у горы.

Зашмат нават страваў, зашмат.

Ды час і развітвацца. Годзе

сядзець за гасцінным сталом.

І мы на падворак выходзім,

дзе пахне каза малаком.

Абдымкі. Журба. Пацалункі.

І толькі ні кроплі нуды.

Бывайце, ляныя малюнкі!

Яшчэ мы прыедзем сюды.

Плывуць аблачынак арэлі.

Красуецца восень наўкол.

Музычнай рукой загарэлай

махае Хрысціна Лялько.

Чыгунка. Бетонныя шпалы.

Сцяжынка у Ліду вядзе,

і ветрык, вясёлы і шалы,

на душы нам радасць кладзе.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX