Папярэдняя старонка: 2012

№ 51 (1098) 


Дадана: 23-12-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 51 (1098), 19 снежня 2012 г.


З Калядамі і Божым Нараджэннем!

У сумётах двары сядзелі.

Вырасталі дымы ўвачавідкі -

Быццам хаты пралі кудзелю,

З белых хмараў цягнучы ніткі.

Міхась Скобла.


ПАЛОМНІЦА

Паломніца зорка над імі ішла,

Вяла каралёў пакланіцца.

А зорка была

з незямнога святла,

Як зерне

з Гасподняй сяўніцы.


Яна ў Бэтлеем

каралёў прывяла.

I ў яслях Дзіцятка ляжала.

Хвала суцішала дыханне вала.

Спакора каня падкавала.


Хацелі пакінуць сябе валуны.

І ў цемры не гнулася выя.

У яслях світаў

нараджэнец зямны,

Над Сынам вачэла Марыя.


І скарбы паклалі Яму каралі -

I золата, й міру, й кадзіла.

I, ўкленчыўшы,

Іншай дарогай пайшлі.

Там іншая зорка хадзіла.


Укленчыць Дзіцятку

прыйшлі пастухі,

Прапахлыя сонцам, вятрамі.

I ціха стаялі зямныя грахі.

I чуткі слязу выціралі.


Лес цёмны людскі

Зарастаў і хлудзеў.

I зоркі ўзгараліся й гаслі.

Цярпліна спагадлівы

Бацька Глядзеў

На свет змаладзелы.

На яслі...

Рыгор Барадулін.

Калядныя маркі. "Белпошта" выпусціла марку "З Нараджэннем Хрыстовым і Калядамі".


Белсату - 5 гадоў

Першы незалежны тэлеканал у Беларусі "Белсат" адзначае сваё 5-годдзе. Канал быў задуманы Таварыствам беларускай мовы падчас распрацоўкі Стратэгіі развіцця беларускай мовы. Рэалізаваць ідэю непасрэдна ў Беларусі на той момант, ды і на сёння, было практычна немагчыма, таму ідэя была перанесена на тэрыторыю Польшчы.

Трансляцыя канала пачалася з Варшавы 10 снежня ў 2007-м годзе, у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 года. Трасляваць незалежную інфармацыю, а таксама аб'яднаць вакол сябе цікавых і значных асобаў Беларусі - такая задача стаяла перад Белсатам, кажа кіраўнік рэдакцыі інфарацыйных праграм тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі.

- 21 стагоддзе - гэта стагоддзе тэлебачання і інтэрнэту. Ведаючы пра тое, што шмат хто не мае доступу да інтэрнэту, асабліва ў малых гарадах ды вёсках, тэлебачанне аднак найбольш даступны сродак, прынамсі для тых, хто мае антэну. Мы вырашылі, што варта было б зрабіць такі прадукт, які абсалютна незалежны ад цяперашніх уладаў, каб запрасіць да такога прадукту вядомых, значных творцаў, дакументалістаў, інтэлігенцыю, таксама і журналістаў інфармацыйных, каб зрабіць агульна-тэматычнае тэлебачанне.

Цягам пяці гадоў з Белсатам пачалі супрацоўнічаць вядомыя ды аўтарытэтныя людзі ў краіне: славуты музыка Лявон Вольскі, аўтар і вядоўца культавай праграмы "Відзьмо-нявідзьмо" Сяргей Філімонаў, прызнаны дакументаліст Юры Хашчавацкі ды шмат іншых. Вырасла цэлае пакаленне маладых журналістаў. Алесь Залеўскі, журналіст, які на канале працуе ад самага пачатку, сёння так акрэслівае свой працоўны дзень на "Белстаце".

- Абы не страціць энергію і матывацыю, каб завершыць гэты дзень той жа самай энергетычнай напоўненасцю. У выніку і мае матэрыялы такімі атрымаюцца, а калі будуць мае матэрыялы, то адпаведна не пакінуць абыякавымі і гледачоў.

З 26 лістапада "Белсат" быў вымушаны скараціць трансляцыю і адмовіцца ад праграмаў у жывым эфіры - упершыню за пяць гадоў дзейнасці. Гэта вынік недастатковага фінансавання канала ў 2012 годзе, аўдыторыя якога ў Беларусі дасягае амаль 1 млн чалавек. Ад 3 студзеня паводле журналістаў "Белсат" вернецца да звыклага рэжыму працы.

У Варшаве адзначылі пяцігадовы юбілей вяшчання. У час мерапрыемства падводзіліся вынікі працы, а таксама прэзентаваліся фільмы, створаныя журналістамі "Белсата". Па словах дырэктаркі тэлебачання Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, поспех тэлеканала вызначае не толькі праца, але ідэя ды заангажаванасць:

- Такі праект не ўзнікае без ідэі. Канешне, ёсць праца, людзі павінны з чагосьці жыць, але гэта не можа быць толькі праца. Нашыя беларускія калегі рабілі гэта праз патрыятызм. А мы рабілі па старым польскім прынцыпе "За вашую і нашую свабоду".

У будынку польскага Сойму адкрылася выстава, прысвечаная пяцігадовай працы першага беларускага незалежнага канала "Белсат". Мерапрыемства ў сядзібе Сойму ўрачыста адкрыла маршалак Ева Копач. Як адзначае польскі дэпутат, старшыня Парламенцкай групы па справах Беларусі, Роберт Тышкевіч, "Белсат" - самы важны польскі праект у карысць дэмакратызацыі Беларусі.

Сакратарыят ТБМ у сваю чаргу шчыра віншуе супрацоўнікаў тэлеканала "Белсат" з 5-годдзем і выказвае глыбокую падзяку за папулярызацыю беларускай мовы.

Радыё Рацыя.


Што зменіцца на "Камунарцы" і "Спартаку"?

Сп. А.У. Кабякову,

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск, вул. К. Маркса, 38


Аб афармленні ўпаковак

беларускіх кандытарскіх вырабаў


Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

Зараз праходзяць рэформы ў беларускай кандытарскай галіне, у прыватнасці на фабрыках "Камунарка" і "Спартак".

Мы вельмі зацікаўлены, каб рэформы закранулі мову ўпаковак кандытарскіх вырабаў.

Паволе СМІ на "Камунарцы" з 500 найменняў вырабаў па-беларуску падпісана не больш за 20, на "Спаргаку" з 800 найменняў па-беларуску можна знайсці 4.

У сувязі з гэтым просім Вас звярнуць увагу на беларускамоўнае афармленне прадукцыі гэтых фабрык.

Мы ўпэўненыя, што падпісванне буйнымі літарамі назваў прадукцыі па-беларуску прывядзе да павышэння попыту на гэтыя тавары. Даўно вядома і ў нас, і за мяжой: беларускае - гэта якаснае.

Калі пакупнік здалёк будзе бачыць беларускую назву, ён зробіць выбар на карысць якаснага беларускага прадукта і ў Расіі, і ў Казахстане, і на Ўкраіне.

З павагай, Старшыня ТБМ А. Трусаў.



ГА "Таварыства

імя Францішка Скарыны"

Аб разглядзе звароту

У мэтах выканання даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 2012 года № 06/105-767 Беларускі дзяржаўны канцэрн харчовай прамысловасці "Белдзяржхарчпрам" па пытанні афармлення ўпаковак айчынных кандытарскіх вырабаў на беларускай мове паведамляе наступнае.

Кандытарскімі арганізацыямі канцэрна "Белдзяржхарчпрам" праводзіцца пастаянная работа па пашырэнні асартыменту айчыннай прадукцыі, робяцца сур'ёзныя крокі па яе распаўсюджванні як на тэрыторыі рэспублікі, так і за мяжой.

Адным з важкіх накірункаў дадзенай работы з'яўляецца падтрыманне меркавання, якое склалася ў пакупнікоў аб беларускіх кандытарскіх вырабах, як аб высокаякаснай і натуральнай прадукцыі.

Якасць новых відаў прадукцыі арганізацый кандытарскай галіны канцэрна ацэньваюцца Цэнтральнай дэгустацыйнай камісіяй.

У склад названай камісіі ўключаны прадстаўнікі канцэрна "Белдзяржхарчпрам", РУП "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні", Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, ААТ "Мінск-бакалеягандаль", УА "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання", ДУ "Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя", кандытарскіх фабрык канцэрна.

Падчас разгляду ўзораў новай прадукцыі члены камісіі ацэньваюць органалептычныя характарыстыкі (смак, пах, структуру), а таксама абмяркоўваюць фантазійныя назвы кандытарскіх вырабаў (у тым ліку і на беларускай мове).

У дадзены час СП ААТ "Спартак" і СААТ "Камунарка" зарэгістравана 19 таварных знакаў на беларускай мове. Сярод іх такія вядомыя назвы як "Белая вежа", "Галінка", Крыжачок", "Крамбамбуля", "Лявоніха", "Знічка", Малочны глячок", "Несцерка", "Папараць-кветка", "Паўлінка" і іншыя. Акрамя таго, праходзяць дзяржаўную рэгістрацыю такія знакі як "Аксаміт", "Асалодкі", "Пацеркі".

Разам з гэтым, канцэрн "Белдзяржхарчпрам" падтрымлівае меркаванне аб неабходнасці больш шырокага выкарыстання беларускамоўных брэндаў для павышэння пазнавальнасці кандытарскіх вырабаў за мяжой і будзе ўлічваць гэта падчас распрацоўкі і рэалізацыі маркетынгавай стратэгіі.

Пры гэтым неабходна адзначыць, што падчас пастаўкі кандытарскіх вырабаў на экспарт арганізацыі канцэрна "Белдзяржхарчпрам" абавязаныя ўлічваць патрабаванні заканадаўства краіны прызначэння, а таксама пажаданні пакупніка па афармленні ўпакоўкі тавару, разважвання (фасоўкі), выбару мовы выкладання інфармацыі для спажыўца.

Старшыня канцэрна А.Л. Забела.


Аб'ектыўнасць патрабуе...

У тэрміне "ўрач-лячэбнік" як адным з адпаведнікаў замацаванага слоўнікамі "лечачы ўрач" (лечащий врач) форма лячэбнік - дэрыват (утварэнне) ад прыметніка лячэбны ( лячэбнік ), які падаецца ў шэрагу спецыяльных медычных найменняў (паводле "Руска-беларускага слоўніка" 1993 г. і яго пазнейшых перавыданняў): лячэбнік (лечебник), лячэбніца (лечебница), лячэбна-гімнастычны (лечебно-гимнастический), лячэбна-дыягнастычны (лечебно-диагностический), лячэбна-аздараўленчы (лечебно-оздоровительный), лячэбна-прафілактычны (лечебно-профилактический), лячэбна-працоўны (лечебно-трудовой).

Выпускнікі лячэбнага факультэта медуніверсітэта былі ўладальнікамі дыпломаў з найменнем спецыяльнасці (спецыялізацыі) урач-лячэбнік (врач-лечебник) .

У расійскай мове яму раней адпавядала врачебник - ўтварэнне ад врачевать 'лячыць' (праз стадыю врачебный ). І ў беларускай частцы слоўніка падаецца тое ж: врачебно-консультационный - урачэбна-кансультацыйны; врачебно-контрольный - урачэбна-кантрольны; врачебно-санитарный - урачэбна-санітарны; врачебный - урачэбны; лечебный - лячэбны; медицинский - медыцынскі, медычны.

Праўда, гэты дзеяслоўны назоўнік у беларускай мове мае семантычныя адэкваты з коранем леч- : врачевание - лячэнне, врачевать - лячыць. Слова врачиха перакладаецца лекарка, доктарка .

Найбольш прыдатны беларускі адпаведнік тут урач-лекар (врач-лечебник) ці ранейшага врачебник , якое ў гэтым слоўніку мае беларускі адэкват лячэбнік .

Слова лекар - выразны і значэннем, і марфемнаю будоваю дэрыват ад лекі . Лексема лекі мае два значэнні: 'медыцынскі сродак для лячэння ці папярэджання хваробы', 'лячэнне'.

У расійскай мове лекарь кваліфікуецца як ненарматыўнае ў пісьмова-кніжнай мове (застарэлае або прастамоўнае). Гэтую "бірку" захавалі за словам лекар і беларускія акадэмічныя слоўнікі, хоць "Беларуска-расійскі слоўнік" (1926) М. Байкова і С. Некрашэвіча падае яго як нейтральнае слова: "Лекар м. доктор (мужчина)"; і Лекарка ж. - женщина-врач. Тут і прыметнік лекавы адпавядае рас. лечебный , а таксама лекарственный .

Натуральная беларуская форма лекавы здатная скрозь замяніць пазычанне (з усесаюзнага стандарту) урачэбна- і лячэбна- : лекава-аздараўленчы, лекава-прафілактычны, лекава-гімнастычны, лекава-дыягнастычны, лекава-кансультацыйны, лекава-кантрольны, лекава-санітарны і інш. Ад лекар і жаночая форма лекарка і абрэвіятура лекпам - лекар-памочнік (памочнік лекара).

У сучасныя слоўнікі, створаныя знакамітымі лексікографамі (да прыкладу, Лявон Баршчэўскі - аўтар шэрагу перакладных слоўнікаў, у іх ліку і "Еўраслоўніка"), змяшчаюць гэтыя словы. Так, у "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" (Аўт.-склад. А.Л. Баршчэўская, Л.П. Баршчэўскі. - Мінск: Радыёплюс, 2010. - 560 с.): лекава-аздараўленчы, лекава-прафілактычны, лекава-санітарны, лекавы, лекар, лекарскі, лекі (С.237).

Дарэчы тут будзе нагадаць, што і першы акадэмічны перакладны даведнік "Руска-беларускі слоўнік" пад рэдакцыяй правадзейных членаў АН БССР Я. Коласа, К. Крапівы і члена-карэспандэнта АН БССР П. Глебкі (Масква, 1953) падае адпаведнікі да рас. врач і врачебный беларускія лексемы лекар, доктар, лекарскі (С.73). Падкрэслім - без аніякіх стылістычных абмежаванняў.

Слова лекар як найменне ўрача ўласціва усім славянскім мовам. Нашыя найбліжэйшыя суседзі - украінцы, палякі, славакі, чэхі - выкарыстоўваюць гэтае найменне. Вядомае яно і германскім мовам. Некаторыя этымолагі нават лічаць, што яно пазычанне з гэтых моваў, хоць дапускаюць, што магло быць утворана ад лекі ( лекар ).

Сучасная афіцыйная лексікаграфія (і дэрываталогія) усё яшчэ ў лоне былога ўсесаюзнага стандарту. Выключэння не складае і медычная спецыяльная лексіка. У трохтомавіках "Руска-беларускі слоўнік" 1993 і 2005 у абедзвюх частках тое самае. І выпускнікі "лячэбнага факультэта да нядаўняга часу атрымлівалі дакумент з запісам "урач-лячэбнік / врач-лечебник" . Праўда, у самыя апошнія гады гэты тэрмін не выкарыстоўваецца.

Тэрмін "лечнік" фіксаваўся яшчэ ў 1920-я гады "Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" В. Ластоўскага (Коўна, 1924, с.91) падае: " Врач м. вучоны лекар : лекар, лекарскі, лякарыць, лечнік, лякарня" .

Прапанаваная А. Каўрусам форма лячэннік зусім натуральная. Дэрываты на -ннік шырока выкарыстоўваюцца на Беларусі. У родных аўтару гаворках Зэльвеншчыны такія словы з агентыўнай семантыкай магчымыя амаль ад усіх дзеясловаў актыўнага дзеяння. "Гэтыя ўтварэнні надта моцна трымаюцца ў мове жыхароў Зэльвеншчыны і скарыстоўваюцца ў значэнні слоў, утвораных з дапамогай іншых суфіксаў літаратурнай мовы" (П.У. Сцяцко. Народная лексіка і словаўтварэнне. Мінск, 1972, с. 244).

Варта падкрэсліць, што суфікс быў сектыўным словаўтваральным фармантам пры абазначэнні асобы паводле дзеяння, занятку і ў старажытныя часы. У старажытнай беларускай мове гэты прадукцыйны словаўтваральны сродак выкарыстоўваўся на месцы іншых суфіксаў: закладникъ (закладщикъ), заступникъ (заступитель), знатникъ (знатець) (Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мінск. 1970, с. 57).

Згаданыя дэрываты з -ник стаяць у адным шэрагу з аддзеяслоўнымі назоўнікамі: деланье - деланник (Тамсама).

Такая мадэль ўтварэння "дзеяслоўны назоўнік на -нне + суфіксальны фармант" (уласцівая і сучаснай літаратурнай мове: забеспячэнне - забеспячэнец, паўстанне - паўстанец ).

Дэрываты на -ннік уласцівыя беларускім гаворкам захаду і ўсходу Беларусі: абеданнік 'той, хто абедае', абіраннік 'той, хто абірае', аддыханнік 'той, хто адпачывае', адрабляннік 'адпрацоўшчык' і інш. (П.У. Сцяцко. Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны. Гродна, 2005); накіданнік 'той, хто накідае сена, салому, гной на воз', падаваннік 'той, хто падае на стог, воз, скірду салому, сена, снапы' (Ф. Янкоўскі. Дыялектны слоўнік. Мінск, 1959), грабеннік 'грабец' падаваннік 'падавальшчык' (Г. Юрчанка. Дыялектны слоўнік. Мінск. 1966).

Такія аддзеяслоўныя найменні асобы шырока выкарыстоўваліся ў мастацкіх творах 1920-х гадоў. У Максіма Гарэцкага: Асабліва спадабаўся слуханьнікам кульгавы гаршочак; загаманілі па дарожках гульньнікі, а ён доўгі час і ў гэтым разе быў толькі пабочным глядзеньнікам і ціхім думаньнікам ("Дзве душы". Вільня, 1919). Ёсць яны і ў навуковых выданнях М. Гарэцкага. Так, у кнізе "Гісторыя беларускай літаратуры" (Вільня, 1920, с.133) чытаем: "После агульнага запытання ў чытаньнікаў газэта перайшла на адзін сучасны кірылаўскі шрыфт".

У брашуры С.К. Мініна "Хто такія камуністы" (Вільня, 1920, с. 8): "Напоўніўшы яе рады свядомымі змаганьнікамі, вы пойдзеце да перамогі" .

Шмат такіх слоў-найменняў асобы паводле яе дзеяння (стану) або занятку, падаецца ў "Маскоўска-беларускім слоўніку" М. і Г. Гарэцкіх (Вільня, 1921): высыланьнік (отправитель), галеньнік і стрыжэнік (парикмахер), паручаньнік (поручитель), перайманьнік, пасьледаваньнік (последователь), купляньнік (покупатель).

Бачым іх і ў "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча (Менск, 1926): адкупнік - откупщик, бунтаўнік - бунтовщик, выведнік - разведчик, дастаўнік - доставщик, закупнік - закупщик, падказнік - подсказчик, перавознік - первозчик, супярэчнік - спорщик і іншыя.

Падаваліся гэтыя словы і "Расійска-беларускім слоўнікам" С. Некрашэвіча і М. Байкова (Менск, 1928). Выкарыстоўваліся яны і Якубам Коласам: "Змаганнікам за кастрычнік".

Але пачынаючы з 1930-х гадоў, дзеля набліжэння беларускай мовы да ўсесаюзнага стандарту - расійскай мовы, суфікс -нік стаў мэтанакіравана замяняцца на - чык / -шчык адпаведна расійскай мове. Гэта выразна засведчылі перакладныя акадэмічныя слоўнікі 1950-1980 гадоў і іх пазнейшыя перавыданні. Вось некаторыя прыклады для параўнання з "Расійска-беларускага слоўніка" (1928) С. Некрашэвіча і М. Байкова і "Русско-белорусского словаря" (1982) пад рэдакцыяй К. Крапівы: дастаўнік - дастаўшчык (доставщик), закупнік - закупшчык (закупщик), наборнік - наборшчык (наборщик), перавознік - перавозчык (перевозчик), укладнік - укладчык (вкладчик).

Кандыдат філалагічных навук Алена Цімашэнка ў артыкуле "Аб уплыве сацыяльна-палітычных фактараў на лексічную сістэму сучаснай беларускай мовы" абгрунтавана сцвярджае: "Перыяд з 20-х да 80-х гадоў уключна павінен разглядацца як перыяд збліжэння лексічных сістэм беларускай і рускай моў амаль выключна за кошт папаўнення беларускай мовы словамі, фармальна і семантычна блізкімі або тоеснымі з адпаведнымі рускімі". І ў прыватнасці заменай беларускіх агентыўных назоўнікаў мужчынскага роду з суфіксам -нік словамі, адпаведнымі рускім з суфіксам -чик /-щик (Беларуская мова і мовазнаўства на рубяжы трэцяга тысячагоддзя. - Мінск, 2000).

Падчас актыўнага адраджэння беларускай нацыянальнай мовы (канец 1980-х - першая палова 90-х гадоў) складальнікі тэрміналагічных слоўнікаў аднавілі "рэпрэсаваныя" назоўнікі на -нік як адэкваты расійскіх на -чик /-щик . Гэта пацвярджаецца нацыянальным друкам.

Дацэнт Іна Бубновіч у манаграфіі "Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю" (Гродна: ГрДУ, 2000, с.97) справядліва зазначае: "Намінацыі асобаў паводле дзеяння з суфіксам -шчык і яго мадыфікацыяй -льшчык праніклі ў беларускую мову пад уплывам рускай мовы ў часы нівеліявання адметнасці, самабытнасці беларускай мовы".

Згаданая даследчыца беларускарускіх моўных кантактаў А. Цімашэнка робіць доказную выснову: "Для беларускай мовы гістарычна больш натуральным з'яўляецца ўтварэнне назоўнікаў са значэннем асобы пры дапамозе суфікса -нік , а не -шчык .

Слушная выснова Генадзя Цыхуна, доктара філалагічных навук, загадчыка аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН Беларусі, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (АНЕ, 1994), акадэміка АНЕ (1994) (Г. Цыхун. У славянскім кантэксце // Полымя. 1987. № 12. С.206).

"Беларуская літаратурная мова ўсімі наяўнымі сродкамі, як і ўсе іншыя жывыя мовы, змагаецца за захаванне сваёй адметнасці ў сям'і славянскіх моў, што дарэчы дае ёй падставы існавання супраць параўтварэння яе ў "трасянку", карані якой схаваны глыбока ў нетрах камандна-адміністрацыйнай сістэмы".

Павел Сцяцко, прафесар, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы"


Адзін з заснавальнікаў БНФ

(Міхасю Ткачову прысвячаецца)

Гэты год - 2012 - можна смела назваць годам Міхася Ткачова. 70 гадоў назад ён нарадзіўся і вось ужо 20 гадоў прайшло, як ён пакінуў гэты свет. У друку выйшла шмат матэрыялаў, у якіх Міхась Ткачоў паказана як навуковец і грамадскі дзеяч. Зараз мы друкуем копію ўнікальнага дакумента, які ласкава прадаставіў нам сп. Хведар Нюнька з Вільні, праз які раскрываецца постаць Міхася Ткачова як палітыка, аднаго з заснавальнікаў і кіраўнікоў грамадскага руху БНФ "Адраджэнне".

У наступным годзе споўніцца 25 гадоў з дня заснавання БНФ, і наша публікацыя будзе першай у шэрагу матэрыялаў, якія з'явяцца да вышэйназванага юбілею.

Алег Трусаў, сябра аргкамітэту па стварэнні БНФ "Адраджэньне".


У Шанхаі адзначылі 130-гадовы юбілей Янкі Купалы і Якуба Коласа

Творчая вечарына прайшла ў Цэнтры вывучэння Беларусі пры Усходне-кітайскім педагагічным універсітэце ў Шанхаі. У мерапрыемстве, зладжаным генеральным консульствам Беларусі ў Шанхаі, прынялі ўдзел прарэктар Усходне-кітайскага педагагічнага ўніверсітэта, дырэктар Цэнтра вывучэння Беларусі, прафесарска-выкладчыцкі склад, беларускія і кітайскія студэнты.

На вечарыне гучалі вершы класікаў па-беларуску і па-кітайску, а таксама былі падведзеныя вынікі конкурсу перакладаў.

Цэнтру вывучэння Беларусі перададзеныя кнігі беларускіх аўтараў - 120 выданняў. Еўрарадыё.


Я ўжо ніколі не падпішу крыжа роднага на мове няроднай

Дзень добры, "Наша слова"! Некалі нешта дасылаў да Вас, некалі нешта было надрукавана, зусім мізер, і тым не менш удзячны Вам за тую ўвагу і разуменне маёй няпростай, хаця знешне мо і караватай вясковай долі.

Шлях мой аказаўся надзвычай пакручасты, круты, доўгі, і Бог ведае, яшчэ які. Прабачце, што пра сябе. Так склалася, што мой жыццёвы шлях ці не цалкам ёсць копіяй Беларусі, якую мы зараз маем. Я шмат думаў і жыў дзеля таго, каб гэта праяснілася досыць набліжана ці дакладна. Яшчэ з маладых зусім гадоў атручаны і змучаны неверагоднай імперска-бальшавіцкай аблыгай, хуснёй-прапагандай не мог даўмецца, куды мне падзецца, вучобы, натуральна, сур'ёзнай не атрымалася, хаця з іншага боку мо і надта сур'ёзнай яна ёсць, улічваючы страчаную маладосць, а мо і ўсё жыццё, дзеля таго, каб ісціну выявіць урэшце, выкінуць з галавы і душы пакуту, вярнуць арганізму чыстае і роўнае, ад нараджэння Богам дадзенае дыханне, мо перад старэннем праз чыстыя веды памаладзець нарэшце. З перабудовай, хаця і так званай, прыйшла, зусім для нас, савецкіх выхаванцаў, рэч нечаканая, ашаламляльная - гэта галоснасць бы сонца ў труну глянула, ды на лёдзе вырасла трава. Вось гэта адно толькі падштуранула да жыцця дзеля жыцця мо і не блізкага, аднак рэальнага, а не таго дзікага існавання, якое чырванню крывавай размалявала, заліла новая форма Расійскай Імперыі пад назваю камуна на чале з найбольш крывавымі у свеце сваімі выканаўцамі - бальшавікамі. У праўду нават паверыць было тады напачатку немагчыма, бо надта ж намаелася няпраўда, столькі сіл стачыла, каб сябе выставіць, апраўдаць, адзінай дзея усіх праўдаю назвацца ды яшчэ газеце такую назву даць. "Правда", "Труд" - газеты бальшавікоў, аднак і надта працавітая аблыга - ёсць тая ж, калі не большая хлусня, якая ўзвілася да нябёс ды ўсё ж з трэскам падалася. Вялізная, доўга відаць будзе трашчаць пакуль цалкам абрынецца, доўга яшчэ і ахвяры ад гэтых абломкаў будуць, аднак нейк трэба даць разваліцца гэтаму несумленнаму, дзікаму гмаху, мо не надта любавацца гэтым натуральным у прыродзе працэсам, не стаяць каля яго ўпотырч, а падымацца з калень, цягнуць іншых як нацыя, як беларусы. Адрадждацца, умацоўвацца, напаўняцца сокамі зямлі роднай, не якойсьці маскоўскай і жыць шырока, заможна і хораша, квітнець, а не марнець на чужых вятрах у чужой вопратцы сярод несканчоных пранізліва-дзікіх скразнякоў Расіі, бо Расія зусім не нагадвае ўтульнага жытла нават для ўласных расіян сваіх, што ўжо пра іншых тубыльцаў, хіба там Шайгу як экзот, ды зноў жа гэта толькі вярхі, а не асноўны народ, які праз яўнае аплёўванне - рэкламу, напрыклад, навязлівую наскрозь, бы пярлін якіх, выглядвае, вышуквае сабе для ўцехі розных гаваруноў-палітыкаў ды артыстаў, якія жартаў падсыпалі паболей, бы агурочкаў да сівухі шматградуснай. Плач тады, дзяры кашулю на сабе за Расею сваю, што яшчэ трэба? Галоўная Расея і Вася-расеец п'яны і шчаслівы ад гэтага.

З некалькімі усяго землякамі, памятаецца, загаварылася па беларуску, дакладней на "літаратурцы", трохі перакінуліся ды зніякавелі. Бо такой гаворкі, хаця і прыгожай побыт нашага часу не прымае, не прымае таму што на тым месцы досыць ніякая, скалечаная але карнямі ўжытая мова часу свайго-трасянка, якая (без сумніву) трансфармуецца у гутарковую мову развітай нацыі. Аднак роўна настолькі наколькі наогул адродзіцца і расквітнее краіна. Гэта ўсяго толькі канстатацыя загадзя відавочнага, прароцтвам не назавеш, бо сама логіка жыцця стрэлкай тлустаю паказвае на гэта. Ніякі лямант і енк аб нацыянальным заняпадзе не да месца, да месца толькі адно адшукваць дзе толькі магчыма праўду пра Беларусь і беларусаў, не выбельваць яе, але і з бруду выцягваць небывалага, з усяго набытага складзецца ядро, цэнтр, святло і цяпло, як і паказвае сонца на небе. Вакол гэтага цэнтра ўсё само сабой ажыве і загаворыць, пусціць бы вясну ў душы, а не толькі амбіцыі німаведама адкуль набытыя. Ужо даўно, дзесьці дваццаць і болей гадоў як пішу па-беларуску, па-расейску псіхалогія не дазваляе, хаця раней было наадварот. Расейскую мову ведаю і люблю, аднак у сваіх літаратурных рамках, як мову суседнюю. Тут жа на Радзіме літаратурка наша родная-першае маё і адзінае чыстае дыханне. Хаця у побыце натуральна трасяначнік, і гэта лічу вельмі нямала для мяне цяперашняга. Я ўжо ніколі не падпішу крыжа роднага на мове няроднай, як было некалі.

Ці ж гэтага цяпер мала? Я ніколі не пайду на вольную споведзь да расейскага папа і нават па нешта іншае, бо ён тут - яўна не беларус і г.д.

Здароўя Вам і ўсяго найлепшага паважаная газета!

Спадзяюся паймець болей сіл і ўвагі для вашай святой працы прычыніцца. Працы на ўваскрошанне нашае беларускае мовы.

З найлепшым да Вас!

Ваш даўні чытач - Алесь Васілеўскі, Клетнае.


ДЗЕЛЯ МОВЫ НАШЧАДКАЎ

Ілюстраваны слоўнік беларускай мовы для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў "Чую, бачу, гавару", выйшаў у выдавецтве "Асар" якраз напярэдадні навучальнага года, але атрымаў вядомасць з затрымкай. Яго аўтар - пісьменнік, мовазнавец, знаны букварыст, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Кпышка.

Вялікія старонкі і выдатныя малюнкі мастакоў М. Казлова і Н. Суставай, адзначаныя дыпломам "За лепшае выданне года" па выніках XLIV Рэспубліканскага конкурсу "Мастацтва кнігі".

Гартаем старонкі. Вось яно, дзіця, дома, і гэтыя беларускія словы напісаны на малюнках усіх пакаёвых рэчаў - на стале, крэсле, канапе, акне, шыбе, на падаконніку. Тут словывітанні і развітанні, звароты ветлівасці, здаецца, на ўсе выпадкі жыцця. Гартаем старонку за старонкай, і ўсюды россып родных слоў. Што ні прадмет - на ім роднае слова. Прыходзіш ва ўніверсам - і там вочы разбягаюцца ад ежы, пітва і, вядома, ад ласункаў. Заходзіш на пошту, і там свае словы. А такіх нагод - сустрэч з рознымі абставінамі жыцця ў кнізе аж 66! Дзіця атрымае сапраўдную асалоду ад сустрэчы з роднай беларускай мовай.

Як прыгожа ў гэтым слоўніку любяць нашы словы, сваю маму: мама, мамачка, матуля, матулька, матулечка . Не ў крыўду нямецкай ці англійскай, дзе ўсяго пару суфіксаў, а шчодра, бо ў нас шмат суфіксаў ёсць на выбар. Скажам: тата, татка, татачка, татуля, татулька, татулечка .

I як гэтак жа радасна бягуць нашы беларускія словы "з абдымкамі" суфіксаў да сваіх дзеда, бабы...

А як прыгожа па-беларуску падаюць свой голас нашы птушкі! Толькі паслухайце: салавей цёжкае, верабей чылікае, бусел клякоча, зязюля кукуе, журавель курлыкае, шпак свішча, сініца цінькае...

А як не даць разам з дзіцем волі лёгкай фантазіі. "Пра што мараць звяры?" Ды, пэўна ж, "бабёр пра электрапілу", "вавёрка пра абцугі для арэхаў", "крот пра землярыйную машыну", а заяц "аб ракеце, каб уцякаць ад лісы"...

Генадзь ШЭРШАНЬ.


Віды посту. Калядны пост. Адвент

Кніга "Вучэнне дванаццаці Апосталаў" , або "Дзідахе" , - помнік раннехры-сціянскай літаратуры пач. II ст. У гэтым важным дакуменце вызначаецца аднадзённы пост і шматдзённы. Аднадзённы рэкамендуецца пасціць кожную сераду і пятніцу ў адрозненне ад фарысеяў, якія пасціліся па аўторках і чацвяргах і надавалі посту вялікае значэнне (Мф. 9, 14; Мк 2, 18; Лк 5, 33). У Евангеллі паводле Св. Лукі чытаем, як фарысей, стоячы ў храме і параўноўваючы сябе з мытнікамі, разважае аб сваім праведным, на яго погляд, жыцці: "Пашчу я па два разы ў тыдзень, даю дзесяціну ад усяго, што прыдбаю" (Лк. 18, 12). Але на гэта Гасподзь дае такі адказ: "... хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто паніжае, будзе ўзвышаны" (Лк. 18, 14).

У хуткім часе пасля аднадзённага посту быў прыняты і мнагадзённы і таксама стаў звычайнай з'явай. Колькасць дзён у залежнасці ад свята паступова павялічылася да сарака (па прыкладзе посту Самога Ісуса Хрыста). Праўда, раней 40дзённы пост абмяжоўваўся толькі сарака гадзінамі, але потым гэта рашэнне было перагледжана.

Калядны пост , або Адвент , быў устаноўлены ў V-VІ стст. Аб ім упамінаецца ў творах Іаана Златавуста, у правілах Лерыдскага (524 г.) і Майнцкага (582 г.) сабораў. Канстанцінопальскі патрыярх ужо ў гэты час ужывае тэрмін Калядны (Рождественский) пост.

Дзень Нараджэння Ісуса Хрыста - адно з найвялікшых свят. З першых старонак Святога Пісання мы даведваемся, што Гасподзь Бог абяцае паслаць Месію, Які выбавіць род чалавечы ад смерці.

I прарокі паведамляюць наступныя факты: 1) Нараджэнне Госпада Збаўцы ад Дзевы; 2) месца нараджэння - Віфлеем; 3) уцёкі Святога Сямейства ў Егіпет; 4) забіццё віфлеемскіх немаўлят; 5) з'яўленне Прадцечы Гасподняга - Іаана Хрысціцеля; 6) грамадскае служэнне Хрыста; 7) здрада аднаго з Яго вучняў; 8) асуджэнне Госпада на крыжовую смерць; 9) пакуты, прабіццё рук і ног; 10) Укрыжаванне паміж злачынцамі; 11) падзел адзення Хрыстовага; 12) імкненне напаіць Яго воцатам; 13) прабіццё рэбраў; 14) смерць і цуды пры смерці Збаўцы; 15) пахаванне паміж багатымі; 16) Уваскрэсенне з памерлых; 17) Узнясенне на Нябёсы; 18) месца Яго з правага боку Айца; 19) Пасланне Святога Духа на Апосталаў; 20) пропаведзі Апосталаў; 21) распаўсюджанне Царквы Хрыстовай ва ўсім свеце; 22) апошнія часы свету; 23) з'яўленне антыхрыста; 24) другое Прышэсце Хрыста; 25) уваскрэсенне памерлых; 26) Страшны Суд з рашэннем лёсу праведных і грэшных; 27) Вечнае Валадарства Хрыстова.

Час ішоў. Усе прароцтвы адносна ўвасаблення Сына Божага спраўдзіліся. Іудзеі страцілі сваю палітычную самастойнасць, трапіўшы пад уладу Рымскай імперыі. Гэта было адным са знакаў прышэсця Збаўцы (Быц. 49, 10).

Перад Нараджэннем Месіі Рымскі імператар Аўгуст, у чыёй уладзе знаходзілася заваяваная Іудзея, загадаў правесці ўсенародны перапіс. Дзева Марыя і Іосіф жылі тады ў Галілейскім горадзе Назарэце. А паколькі яны былі родам з горада Давідавага Віфлеема, накіраваліся туды выканаць загад улады.

Па прычыне вялікага наплыву людзей Святая Сям'я не магла знайсці належнага месца ў Віфлееме і спынілася ў пячоры, якая служыла для свойскай жывёлы ў дрэннае надвор'е.

Тут і нарадзіўся Збаўца. Пра Яго Нараджэнне было абвешчага і простым людзям, і пастухам і мудрацам з Усходу.

Святая Царква далучала Дзень Нараджэння Ісуса Хрыста да вялікіх свят. "Хутка настане свята , - кажа свяціцель Іаан Златавуст, - якое больш за ўсе святы вартае ўшанавання і глыбокай павагі, і якое беспамылкова можна назваць маці ўсіх свят".

Адвент. Слова Адвент азначае прыход, чаканне . У Адвент Каталіцкая Царква чакае прыходу Ісуса Хрыста ў перыяд Калядных свят, чакае Нараджэння Хрыстовага. Адвент мае чатыры значэнні.

1-ае. Адвент - гэта чатырохтыднёвы пост перад Днём Нараджэння Хрыстовага. У гэты перыяд мы чакаем прыходу Ісуса Хрыста, як Яго чакала Прасвятая Багародзіца і народ, выбраны Богам.

2-ое. Адвент - прыход Ісуса Хрыста ў тваё сэрца ў Святым Прычасці кожны раз падчас набажэнства.

3-яе. Адвент - гэта момант нашай смерці і адыход са свецкага часовага жыцця ў вечнасць, калі Ісус Хрыстос пакліча нас на Суд Божы - на наша з'яўленне перад Усявышнім.

4-ае. Адвент - гэта канчатковы прыход Ісуса Хрыста на Суд Божы, каб судзіць жывых і мёртвых. Гэта час асэнсавання ўсяго свайго жыцця, адмаўленне ад многіх задавальненняў, прыемнасцей, забаў, захоўваючы пост.

У гэты час трэба больш маліцца, часцей хадзіць у храм і прытрымлівацца посту.

(Працяг будзе.)

Ксёндз-пробашч Мінскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены У. Завальнюк, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.


Дзе лунае дух высакароднага і вечнага мастацтва

У снежні 50-гадовы юбілей адзначае Рэспубліканская гімназія-каледж па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. У школе вучыліся асобы, які ўпрыгожылі нашыя выставачныя залы і музеі лірычнымі пейзажамі, захавалі памяць вялікіх асобаў у помніках, уславілі хараство нашай зямлі ў музычных творах.

Творчая ўстанова была адкрыта пастановай Савета Міністраў БССР ад 18 верасня 1962 года як Рэспубліканская 11-гадовая сярэдняя школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве.

На працягу гэтага часу змянялася назва навучальнай установы (Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, Беларускі ліцэй мастацтваў, вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка), але нязменнымі заставаліся дух захаплення творчасцю, ва ўсім - у музыцы, у спевах, у фарбах.

У 1972 годзе навучальнай установе было прысвоена імя народнага мастака БССР, заслужанага дзеяча нацыянальнага мастацтва Івана Восіпавіча Ахрэмчыка, вядомага педагога і грамадскага дзеяча.

Пачынаючы з 1968 года было ажыццёўлена 40 выпускаў навучэнцаў мастацкага аддзялення і 36 выпускаў музыкаў, падрыхтавана каля 2 тысяч спецыялістаў у галіне музычнага і выяўленчага мастацтва. У цяперашні час у гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка навучаецца больш за 500 адораных хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў Беларусі.

Светлыя, прасторныя класы і майстэрні, музычныя інструменты, абсталяванне і сама атмасфера ў "храме мастацтваў" па вуліцы Макаёнка, настройвае на творчасць.

Пастаянная экспазіцыя лепшых працаў вучняў, якія размешчаны ўздоўж калідораў вучэльні, натхняе на пошукі і самаўдасканальванне. Супольныя канцэрты пад кіраўніцтвам лепшых выкладчыкаў ствараюць святочную атмасферу і трымаюць высокую прафесійную планку.

- Заснавальнікамі школы былі Рыгор Раманавіч Шырма разам з педагогамі па мастацтву Сяргеем Іванавічам Катковым і Барысам Маісеевічам Моткіным, - узгадваюць з цяплом i ўдзячнасцю навучэнцы. На першы год навучання адбірала таленавітых юнакоў камісія, у якой былі кампазітар Уладзімір Алоўнікаў, мастак Павел Масленікаў, скульптар Сяргей Селіханаў. Яны прынялі па 25 вучняў на музычнае і на мастацкае аддзяленне.

Першым дырэктарам быў Яўген Іванавіч Марціновіч. Педкалектыў упрыгожылi верныя мастацтву асобы: скульптары Уладзімір Іванавіч Слабодчыкаў i Леанід Давыдзенка, выкладчыкi Кацярына Цюрына, Святлана Федарэнка, Роза Георгіеўна Дубар, Уладзімір Якаўлевiч Сулкоўскі. Кірыл Пятровіч Зеляной з глыбокiм веданнем знаёмiў з гісторыяй мастацтваў. Сёння з прадстаўнiкоў сярэдняга пакалення ў каледжы з моладдзю працуюць мастакi: Рыгор Сітніца, Ігар Марачкін, скульптар Святлана Гарбунова.

Навучэнцы гімназіі калежджа набывалі сталыя веды на тэарэтычным аддзяленні. На струнным аддзяленні авалодваць сугуччамі дапамагалі Я.Ф. Скубілава (скрыпка), Т.Л. Мельнікава (віаланчэль), Ю.І. Талеснік (кантрабас). Аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў узначальвае з 1998 года Святлана Іосіфаўна Сніткова.

Штогод пад iх кіраўніцтвам выпускнікі вучэльні паступаюць у Беларускую Акадэмію музыкі. Пры гімназіі-каледжы створаны два музычныя калектывы: ансамбль скрыпачоў "Сугучча" і ўзорны камерны аркестр пад кіраўніцтвам І.В. Касцяхіна.

З удзельнікаў хору гімназіі выйшлі дасведчаныя хормайстары: Жана Байкова (Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі), Віктар Шыкавец (Народны хор імя Цітовіча).

За 50-гадоў існавання школы-інтэрната выхавана цэлая кагорта ўплывовых рэстаўратараў: сярод іх рэстаўратар міжнароднай катэгорыі Уладзімір Ракіцкі, аўтар і навуковы кіраўнік аднаўлення Спаса-Ефрасініеўскай царквы. Ён даследваў усе пласты жывапісу пабудовы і адрэстаўраваў келлю святой Ефрасінні.

У школе-iнтэрнаце пачыналi сваю адукацыю Юры Міхайлавіч Маліноўскі, рэстаўратар манументальнага жывапісу, навуковы кіраўнік рэканструкцыi касцёлаў у Магілёве, Мсціславе, Полацку. Набываў веды Мікалай Міхайлавіч Залатуха - аўтар i навуковы кіраўнік аднаўлення Слонімскага касёла Св. Андрэя, Магілёўскага касёла Св. Станіслава, Полацкіх храмаў. Вучыліся ў каледжы цяперашнія кіраўнікі Саюза мастакоў Беларусі - яго старшыня - Уладзімір Савіч і намеснік - Рыгор Сітніца.

Сярод прызнаных творцаў - Павел Татарынаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за 2011 год, лаўрэат Гран-пры Міжнароднага Біенале кніжнай графікі ў Брно, станкавы графік Юры Якавенка, які ілюстраваў кнігі Шэкспіра.

Тут вучыліся лаўрэат прэміі "За духоўнае Адраджэнне" Аляксандр Ксяндзоў, Фелікс Янушкевіч, стваральнік прыватнай галерэі ў Ракаве і яго брат Валерыян, скульптар, аўтар помнікаў Адаму Міцкевічу ў Наваградку і Лідзе, і Францішку Скарыну ў Лідзе, скульптары Аляксандр Фінскі і Юрась Анушка, Канстанцін Селіханаў. У каледжы выхоўваліся: мастакі Сяргей Грыневіч і Руслан Вашкевіч, лаўрэат прэміі "За духоўнае Адраджэнне" Алесь Суша, Алесь Пушкін, скульптар Генадзь Лойка.

Прафесійнымі спявачкамі сталі Наталля Лянько, Ксенія Супруновіч (Чэхія), Вікторыя Смірнова (Масква), Ірына Мазылёва (ЗША). Гадаванцы гімназіі - каледжа сёння выступаюць у Вялікім тэатры оперы і балета ў Маскве і ў Пецярбургскай філармоніі, удзельнічаюць у прэстыжных сусветных конкурсах, нясуць прыгажосць і тонкасць музыкі ў канцэртныя залы.

Выпускнікі музычнага аддзялення спяваюць у оперных тэатрах Нью-Ёрка, Сан-Дыега, Гамбурга. З музыкаў, якія чэрпалі натхненне і авалодвалі майстэрствам у сценах каледжа: джазавы выканаўца Аляксандр Сапега, салiст гурта "Apple tea" Ігар Сацэвіч, Ігар Варашкевіч - з гурта "Крама", блюз-гітарыст Іван Маркаў, Андрусь Такінданг, заснавальнiк гурта "Рэха" i iншыя.

- Атмасфера рамантыкі, якая жыла ў сценах школы, перапаўшняе душу, - кажуць выпускнiкi. - Хвалююць успаміны пра вечарыны і спевы, калектыўныя наведванні Опернага тэатра, паходы на лыжах па парку Чалюскінцаў, паездкі ў Пецярбург у Эрмітаж.

Урачысты канцэрт, прымеркаваны да юбiлею, прайшоў 6 снежня ў Белдзяржфілармоніі ў Менску. На сустрэчу былi запрошаны выкладчыкi ўстановы i яе выпускнiкi розных гадоў. Ад імя Беларускай Акадэміі музыкі калектыў павіншаваў Пётр Фаміч Дударэнка. Для гасцей выступілі дзіцячы хор гімназіі - каледжа, ансамбль скрыпачоў "Сугучча", узорны цымбальны аркестр "Абярог" і іншыя калектывы творчай установы.

Эла Дзвiнская. Фота аўтара.

На здымках: 1.Выкладчыца В.М. Крывашэева і выхаванцы гімназіі-каледжа 2. Юныя вучаніцы 5-га класа каля выставы ў Белдзяржфілармоніі 3. Фляйцістка з аркестра "Абярог".


Нацыянальны гонар Беларусі

У Гародні прайшла навукова-практычная канферэнцыя да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа пад назваю "Нацыянальны гонар Беларусі". Канферэнцыя праводзілася як завяршэнне ўрачыстасцяў, прысвечаных беларускім песнярам, у памяшканні абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага.

Прафесар Ігар Жук мяркуе, што цяпер малая колькасць гадзінаў дадзена студэнтам універсітэта, які носіць імя Янкі Купалы, на вывучэнне творчасці юбіляраў-класікаў беларускай літаратуры, але не ўсё вымяраецца лекцыямі.

- Павінна быць пастаяннае іх вывучэнне, таму што ў іх закладзены некаторыя духоўныя якасці, якія не могуць умяшчацца толькі ў студэнцкую аўдыторыю альбо па-за студэнцкай аўдыторыяй знаходзіцца. Калі проста ўявіць сабе адсутнасць Купалы і Коласа ў нашым духоўным жыцці, што было б з намі? Уяўляеце сабе такую сітуацыю? Колькі давялося б нам ісці, дарастаць да таго моманту, каб у рэшце рэшт узняцца на вышыню, на якую яны імгненна, раптоўна і шчасліва ўзнялі і нашу літаратуру, і наш духоўны статус, і нас саміх!

Да працы канферэнцыі запрошаны літаратары, навукоўцы з Латвіі ды Польшчы. Пад час ўрачыстасцяў адбылося ўзнагароджанне пераможцаў літаратурнага конкурсу "Песнярам роднай зямлі", што прайшоў у Музеі гісторыі рэлігіі. А на другі дзень прайшоў круглы стол пра стварэнне электроннай бібліятэкі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.


Увага! Конкурс паводле твораў Міколы Купавы

Пашыраем нашы веды ў гісторыі і культуры Беларусі, у мастацтве нашай краіны праз творы мастака.


Шаноўныя землякі, жыхары Віцебска!

Cёлета адзначаецца 130-годдзе славутых беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ім ды іхняй творчасці прысвечана частка маіх карцін, што дэманструюцца цяпер у галерэі "Сцяна" (вул. Леніна, 16-2, тэл. 360279).

Большасць маіх прац выстаўлена на продаж, і 65% атрыманых грашовых сродкаў я вырашыў ахвяраваць на рэканструкцыю і ўзнаўленне комплексу Базыльянскага манастыра ў Воршы. Гэты помнік архітэктуры знаходзіцца ў бядотным стане, і таму ў кожнага з вас ёсць магчымасць далучыцца да высакароднае справы аднаўлення нашай спадчыны.

Я абвяшчаю конкурс, пераможцы якога атрымаюць магчымасць набыць мой твор за палову кошту. І пераможа той, хто напіша найбольш поўна і красамоўна пра адзін з прысвечаных творчасці Купалы ды Коласа мастацкі твор.

Гэта можа быць аповед пра асабістыя ўражанні ад паказаных ў маіх творах мясцінаў, або звязанага з імі этапу жыцця і творчасці нашых славутых літаратараў. Удзельнічаць могуць таксама ўладальнікі блогаў, якія дашлюць спасылкі на адпаведныя запісы ў блогу. Аб'ём неабмежаваны. Але дадатковую вартасць вашым конкурсным працам нададуць арыгінальныя відэа- і фота-матэрыялы, запісаныя на дыск ці дасланыя электроннай поштай.

Свае аповеды (у выглядзе файла ў фармаце Word ці на паперы) або спасылкі на блогі накіроўвайце на электронны адрас dubrouna@gmail.com ці на паштовы адрас: 220103, г. Менск, вул. Каліноўскага д.33, кв.8 не пазней за 24 снежня (выставу можна паглядзець да 20 снежня).

І не забудзьце пазначыць свае каардынаты, каб я мог паведаміць самаму дасведчанаму ды крэатыўнаму аўтару пра ягоную перамогу!

Найбольш цікавыя аповеды будуць змешчаныя на старонках рэсурса "Аршанскі інфармацыйны сайт" orshatut.by .

Поспехаў вам, паважаныя ўдзельнікі, і няхай дапаможа вам Бог!

Ваш Мікола Купава.


Не стала Антона Сабалеўскага

У Маскве пасля цяжкай працяглай хваробы памёр Антон Сабалеўскі. Ураджэнец Глыбокага, які большую палову жыцця пражыў у Расеі, да апошняга заставаўся патрыётам Бацькаўшчыны.

Антон Сабалеўскі нарадзіўся ў 1926 годзе ў Глыбокім на Віцебшчыне. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, служыў у войску і выйшаў у адстаўку ў 1981 годзе ў званні палкоўніка. З 1952 году жыў у Маскве і ахвярна працаваў на духоўнае адраджэнне Бацькаўшчыны. Узгадвае старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша:

- Гэта быў беларускі патрыёт, які ўдзельнічаў у беларускіх, грамадскіх арганізацыях Масквы, шмат рабіў дзеля добрага імя Беларусі і добрай славы беларускай культуры. Шмат дапамагаў свайму Глыбокаму, дзе ён нарадзіўся, краязнаўчаму музею. Што мог, тое і рабіў дзеля роднага горада і Беларусі.

У 1989 годзе Антон Сабалеўскі стаў адным з заснавальнікаў, а потым быў шматгадовым сябрам Рады маскоўскага Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны. У многім, дзякуючы менавіта яму, у расейскай сталіцы з'явіўся помнік беларускаму песняру Янку Купалу.

Літаратуразнавец Язэп Янушкевіч:

- Спадар Сабалеўскі запомніўся мне сваёй нейкай не па гадах няўрымслівасцю, мудрасцю, нязгаснай патрыятычнасцю. Менавіта ён выступіў з ініцыятывай і замовіў у майго малодшага брата помнік Янку Купалу, але гэтая ідэя не рэалізавалася. Спадар Сабалеўскі для мяне - з таго ж пакалення, што і спадар Каўка. Яны мне бачацца такімі маскоўскімі братамі, якія, будучы далёка ад Радзімы, слугавалі і слугуюць ёй праз усё жыццё і да апошняй хвіліны.

Антон Сабалеўскі стаўся адным з заснавальнікаў Таварыства беларусаў свету "Бацькаўшчына". На з'ездзе беларусаў свету 2005 года на трыбуну выйшаў нейкі расійскі чыноўнік у дарагім гарнітуры і неахвотна выбачыўся перад публікаю: "Я двадцать лет живу в Москве и уже забыл родную мову". Пасля ягонага выступу на трыбуну імкліва ўзыйшоў спадар Сабалеўскі і пачаў сваю прамову словамі: "Я жыву ў Маскве ўжо пяцьдзясят гадоў, але беларускую мову не забыў".

Быў кіраўніком маскоўскай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Ягоную актыўную грамадскую дзейнасць з разуменнем успрымалі дачка і сын, які пайшоў шляхам бацькі і таксама служыць у войску. Спадара Антона любілі і шанавалі ягоныя прыяцелі і сябры, гаворыць беларускі пісьменнік Яўген Лецка:

- Ён быў чалавек справы, чалавек, які верыў у Беларусь і працаваў на тое, каб Беларусь жыла. Яго пахавалі ў Маскве, і жыў ён у Маскве, але сваімі думкамі ён быў найперш на радзіме, у Беларусі. Ён шмат зрабіў для Глыбокага, і было б правільна і прыгожа, каб ягонае імя было годна ўшанаванае ў гэтым горадзе. Няхай будзе вечная памяць гэтаму чалавеку і грамадзяніну найперш Беларусі.

Антона Сабалеўскага пахавалі 7 снежня на Кунцаўскіх могілках Масквы.

Слава беларусу.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на першае паўгоддзе 2013 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана, падрасла, але далёка не ў тэмпе інфляцыі. У 2013 годзе мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


ШЭПЧАЦЦА ЯВАР З КАЛІНАЮ

Сёмага і восьмага кастрычніка 1996 года ў літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная тэме "Янка Купала і "Наша Ніва". На згаданую канферэнцыю з'ехаліся шматлікія беларускія суайчыннікі, якім лёсам самой гісторыі выпала жыць за межамі Беларусі і кожны з іх меркаваў, якую пакінуць сімвалічна адметную памятку праз згаданую канферэнцыю і адпаведна пра Янку Купалу. Былі на згаданай канферэнцыі знаныя выхадцы з Беларусі Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель. I от згаданыя спадары прапанавалі пасадзіць як памятку пра канферэнцыю і Купалу на ягонай музейнай сядзібе апетыя ў Купалавым вершы Явар і Каліну. Якраз на згаданай канферэнцыі прагучала адпаведная песня на Купалавы словы. Янку Запрудніку і Вітаўта Кіпеля як выгнаннікаў з роднага краю сваёй шчымлівасцю і крануў Купалаў твор, і яны прапанавалі на музейнай сядзібе поблізу самога музея пасадзіць згаданае дрэва, якое тужыць, асабліва явар, па тых краінах, з якіх яно трапіла ў далёкую для іх Беларусь. Сведкай і сучасніцай гэтай падзеі была колішні дырэктар Купалавага музея, паэтава ўнучатая пляменніца Жана Дапкюнас. То як ёй запомнілася згаданая падзея? Ці помніцца?

- Так, я была сведкай пасадкі таго явара, што ўзнёсся ў 1996 годзе на Купалавай музейнай сядзібе. Ідэю пасадзіць на музейнай Купалавай сядзібе явар прыйшла найперш беларускім эмігрантам. I найперш, як я ўжо згадвала, ад Янкі Запрудніка і Вітаўта Кіпеля. Нямала для гэтай ідэі пашчыраваў і Алесь Баршчэўскі з Беласточчыны. З нагоды той міжнароднай кастрычніцкай канферэнцыі была выдадзена ў 1997 годзе выдавецтвам "Хата" кніжка. На апошняй, чацвёртай старонцы вокладкі змешчаны два фотаздымкі, якія распавядаюць, як удзельнікі канферэнцыі садзілі згаданыя дрэвы на памяць пра лучнасць беларусаў свету ў любві да генія Беларушчыны - Янкі Купалы. Пасадзілі ўдзельнікі канферэнцыі і згаданыя дрэвы, і найперш явар, каб сыны гэтай зямлі ніколі не забываліся, як той залётны на Беларусь явар пра свае вытокі, адкуль яны. Між іншым, прапанова на музейнай сядзібе Янкі Купалы пасадзіць явар невыпадковая, далёка неадвольная. Яшчэ раз нагадаю: Міжнародная навуковая канферэнцыя мела назоў "Янка Купала і "Наша Ніва". А між тым, мо не ўсе ўдзельнікі канферэнцыі ўяўлялі, ўсвядомілі, што менавіта Янка Купала ўпершыню свой філасофска-раздумны верш "Явар" апублікаваў менавіта ў "Нашай Ніве". Дата публікацыі - першага кастрычніка 1909 г. Менавіта ў кастрычніку, праз шмат гадоў адбылася згаданая сёння не адзін раз Міжнародная навуковая канферэнцыя "Янка Купала і "Наша Ніва". Менавіта ў гэтыя дні ўдзельнікамі канферэнцыі і былі пасаджаны ля Купалавага музея явар і каліна. То, калі ласка, у каго слабое ці не вельмі выразнае ўяўленне, што такое явар, прыходзьце на Купалаву музейную сядзібу і вам пакажуць явар адзінокі. Дата напісання гэтага верша Янкам Купалам - 26-га чэрвеня 1909 года. Напісаў я гэтую дату і гэтак закарцела зазірнуць у Купалаў тагачасны летапіс. Гэта была адна з апошніх пабывак нашага Празорцы ў Бараўцах. Неўзабаве паэтава матуля аблюбуе сабе на арэнду новы фальварак і пачнецца ў нашага Янкі Купалы новы літаратурны віток - Акопскі. Але пра гэты Купалаў паэтычны віток мы ўсе больш-менш дасведчаныя. А зараз давайце трошкі пранікнемся ў явар. Што такое явар - на Беларусі мала хто ўяўляе, мала хто дасведчаны. Адны кажуць, што гэта такія ягады. Больш-менш філалагічна начытаныя, сведчаць, што явар - гэта паўднёвая разнавіднасць клёнавых. На Беларусі, прынамсі, на Случчыне, згаданы явар амаль не страчаецца. Але вось Янка Купала дзесь поблізу Бараўцоў угледзеў згаданую разнастайнасць клёнаў. Мо на Тышкевічавай сядзібе... Балазе, Тышкевічава сядзіба была непадалёку ад Бараўцоў і ад Астрашыцкага Гарадка, які Янка Купала зрэдку наведваў, карэспандуючы з "Нашай Нівай" праз Астрашыцкую пошту. Можа, вандруючы поблізу Тышкевічавай сядзібы і ўгледзеў на ягонай сядзібе "Явар адзінокі". Давайце згадаем сам пачатак Купалавага верша. У гэтым пачатку гэтулькі дэталяў, якія гэтак і хочацца асэнсаваць, уявіць іх наяву і, калі хочаце, намаляваць. Цытую:


ЯВАР

За пакутнай за гарою

Ўзнёсся явар адзінокі

I ківае галавою,

Усё ківае ў свет далёкі.


Колькі, бедны, крыўды мае!

Колькі жалю ў гальным шуме!

Хто падгледзе, усё згадае,

Усё прачуе ў соннай думе.

Тут што ні слова, што ні радок, кожны з іх змушае задумацца. I найперш: "За пакутнай за гарою". Чым жа тая гара была пакутная, гэтак і хочацца дазнацца, даведацца! Пэўна, за гэтым азначэннем тоіцца якаясь легенда, паданне. Дарэчы, арандаваны Луцэвічамі ў Бараўцах - Малых Бараўцах - фальварак пані Стралковай таксама туліўся на пагорку. Дык от за той пакутнай гарой узнёсся явар адзінокі. Дык мала што ўзнёсся, дык яшчэ і ківае галавою ў свет далёкі. У Янкі Купалы да таго явара адны спагады.

Сумен явар. Змагаць-біцца

Сіл замала з непагодай -

Па лісточку, па галінцы

Ўсё губляе з кожным годам.


Гэй, і явар жыў на дзіва,

Паглядаў у свет з адвагай.

Быў ён князем гэтых ніваў,

На ўсім свеце меў павагу.


Ад узгорка да узгорка -

Ці там сонейка, ці вейка,

Ці там соладка, ці горка -

Помніць явара жалейка.


I ў дзень, і ў будні, і ў нядзелю

Ён з людзямі са сваімі.

Колькі песень аб ім спелі!

Колькі ў песнях яго імя!


Збеглі леты за лятамі.

Як не нашы, нашы песні;

I мы самі, як не самі.

А наш явар? Аж балесне...


За пакутнаю за гарою

Плача хмуры, адзінокі.

I ківае галавою,

Усё ківае ў свет далёкі...

I гэтая Купалава спагада да таго явара праз увесь твор. Нагадаю, што свой першы твор пра явар Купала напісаў у 1909 годзе ў Бараўцах. У тым жа годзе надрукаваўся ў "Нашай Ніве". Не выходзіў згаданы твор з Купалавай галавы, душы і сэрца і ў Пецярбургу. Менавіта ў 1910 годзе, у Пецярбургу, падчас наведвання ім Эпімаха Шыпілы, Янка Купала піша свой славуты верш "Шэпчацца явар з калінаю", які стаўся сардэчнай, шчымліва кранальнай песняй.


ЯВАР I КАЛІНА

Песняй вясны лебядзінаю,

Скінуўшы зімнія чары,

Шэпчуцца явар з калінаю

Ў сумнай даліне над ярам.


Лісцікі зеленяй хваляцца

Небу панятлівай мовай:

Росамі мыюцца раніцай,

Песцяцца сонцам паўднёвым.


Захадам модлы пакорныя

З маткай-зямлёй адпраўляюць;

Тайна ў ночаньку чорную

Месяца, зор выглядаюць.


Слухаюць смехаў русалчыных,

Лопату крылляў начніцы,

Ветру павеваў ап'янчаных,

Плюскату шклістай крыніцы.


Чуецца музыка дзіўная

Ў повесцях сонных імшараў...

Цешыцца явар з калінаю,

Скінуўшы зімнія чары.

(Збор твораў, том 2. У шасці тамах. Выдавецтва АН Беларусі, Мінск 1961.)

Праз гэтую песню на Купалавы словы шмат хто чуў пра гэты самы явар. Але мала каму пашчасціла той явар бачыць на свае вочы. I мала хто мне даваў літаратурную трактоўку. Пераважна гэта былі слоўнікавыя трактоўкі. Лічыцца, што явар - гэта разнавіднасць клёна. Але абсалютная большасць людзей не арыентаваліся ў паняцці явар . Баравецкі люд, дзе быў напісаны згаданы верш на просьбу паказаць ці расказаць мне пра той явар, пераважна паказвалі мне балотную расліну аер. Былі і такія, што казалі, што явар - гэта якаясь ягада. Але апошнім часам нямала мне траплялася і дасведчаных людзей. Так, прыкладам, настаўніца менскай школы, Надзя, распавядаючы мне адну казачку пра Іванку, згадала: "Аж сядзіць ведзьма і явар грызе, каб той явар упаў на Іванку і забіў яго. Надта ж любіла ведзьма ласавацца маладзенькім дзіцячым мяскам. А ў той момант поблізу ляцелі лебедзі. Падхапілі Іванку і да таты з мамай перанеслі яго. Гэтак яны і паратавалі Іванку".

А не гэтак даўно на краязнаўчай фальклорнай вечарыне, якая ладзілася 29 траўня 2012 Таварыствам беларускай мовы, пачуў яшчэ адну песню пра вядомы нам явар. Знаны спявак фальклорнага гурта Алег Хаменка спяваў:

Ой пелі каліна

Чырвань ягада горкая.


Плакаў явар і каліна -

Чырвань ягада горкая.

Праважала маці сына -

Чырвань ягада горкая.

(28.05.2012, панядзелак, Алег Хаменка)

Не-не дык калі-нікалі і наша Беларускае радыё знойдзе ў сваіх фондах адну, другую народную песню пра згаданы явар. А наогул, нашы людзі вельмі кепска арыентуюцца ў явары, у тым явары, які стаўся для Янкі Купалы дрэвам-сімвалам, дрэвам-арыенцірам.

Не гэтак даўно ў Купалавай Вязынцы была Купалава свята з нагоды ягонага 130-годдзя, і я не прапусціў нагоды пацікавіцца ў шматлікіх вязынскіх гасцей пра гэгы явар. У каго і якое ўяўленне пра згаданы Купалаў явар. Старэйшыя пераважна згадвалі мне пра аер - балотную расліну. Моладзь жа наогул першы раз чуе гэта назоў. Таму я і ўзяўся давесці да ведама ўсіх Купалавых слухачоў слынныя песні на Купалавы словы "Шэпчацца явар з калінаю".

Але перш заглянем у кнігу "Раслінны свет: Тэматычны слоўнік". Мінск: Беларуская навука, 2001.

"Явар, клён ілжэплатанавы (Acer pseudoplatanus) - лістападнае дрэва роду клён сямейства кляновых.

Дрэвы вышынёй да 40 м. Крона густая, пірамідальна-шарападобная. Лісце пальчаталопасцевае, востраканцовае, чараньковае. Кветкі жоўта-зялёныя, духмяныя, у доўгіх паніклых гронках; плод - двух-крылка. Жыве да 100 і больш гадоў.

Радзіма явара - Паўднёвая Еўропа і Малая Азія.

На Беларусі вырошчваюць як дэкаратыўную расліну ў садах і парках. Мае формы з пурпуровым і беластракатым лісцем. Цвіце ў чэрвені.

У розных дыялектах беларускай мовы яварам называюць цэлы шэраг іншых дрэваў, у тым ліку асіну, таполю, лістоўніцу ."

Ідэнтыфікацыя явара тут і ў многіх іншых выданнях зроблена на грунце ўкраінскіх крыніц, дзе явар-клён расце. У Беларусі, як было сказана сам па сабе явар-клён не расце, але ён столькі разоў згадваецца ў народнай творчасці, што ўзнікае пытанне, як народ мог спяваць і баяць пра нейкі явар, ніколі яго не бачыўшы. І той жа Купала піша пра явар, як пра звыклае дрэва, а аказваецца зусім не вядома, дзе б ён яго ўбачыў, ды яшчэ так дакладна адрозніў ад звычайнага клёна.

Для Купалы гэтае дрэва павінна было быць добра ведамым і часта сустраканым. І вось тут варта звярнуць увагу на апошні абзац тэматычнага слоўніка "Раслінны свет", дзе сказана, што ў беларускіх дыялектах словам "явар" называецца іншае дрэва - не клён.

На Мастоўшчыне, у раёне вёскі Гудзевічы жыў такі заходне-беларускі паэт Міхась Явар ( Явар - псеўданім). Дык вось і ў Гудзевічах, і ў прылеглых вёсках яварам называюць менавіта серабрыстую (белую) таполю . Такая назва характэрная і для іншых мясцін Панямоння (в. Беліца Лідскага р-на).

Такім чынам прывязваць купалаўскі явар да паўднёва-еўрапейскага клёна наўрад ці справядліва, хутчэй за ўсё - гэта наша звыклае беларускае дрэва і хутчэй, што ў Купалавым выпадку, гэта таксама серабрыстая таполя , шырока распаўсюджаная ў Беларусі.

А сучасным "даследчыкам" беларускага фальклору перш, чым лезці ў замежныя крыніцы, перш, чым перакладаць валагодскія казкі і выдаваць іх за беларускія, варта глыбей вывучаць дыялекты Беларусі і фальклор рэгіёнаў

Паводле Уладзі Содаль-Садэльскага.


Час рыхтавацца да сустрэчы з ...

Для тых, хто наведаў сацыяльную выставу-кірмаш "50 Плюс" што праходзіла нясумна ў сталічным Палацы мастацтваў, многае там было цікавым і нават займальным, але калі гаварыць аб карысным, то ўзнікаюць пытанні. Асноўная мэта гэтага мерапрыемства - паказаць, што жыццё пенсіянера таксама можа быць насычаным і паўнавартасным. І вось зыходзячы з названай мэты, трэба меркаваць, з унутранага ўкладу наладжвальнікаў гэтага мерапрыемства, пенсіянераў там у асноўным вучылі быць сексі і карыстанню інтэрнэтам. Як на мой погляд, такая пазіцыя для двух бакоў - арганізатараў і арганізованых - у вялікай ступені вельмі звужае разуменні паняцця самога жыцця, асабліва - у яго духоўнай іпастасі. Відаць, таму рэдакцыя "Народнай волі" (гл. нумар ад 14 лістапада 2012 г.) падала сваім чытачам некалькі пытанняў, якія б маглі ўзбагаціць нашыя ўяўленні пра палітру чалавечага быцця. Асабіста я засярожваю сваю ўвагу на размешчаным там першым пытанні: "Як захаваць цікавасць да жыцця, калі падаецца, што лепшыя часы сышлі назаўсёды?!"

Беручы пад увагу тэзу, што жыццё - ёсць найвялікшая каштоўнасць, дык любыя яго часы - самыя лепшыя, а яшчэ болей лепшыя і высокія - наперадзе і што мы яшчэ, калі сказаць мройную, больш таго - запаветную, сакральную праўду пра і для саміх сябе, па-сапраўднаму і жыць не пачыналі. Але для гэтага душы нашы пастаянна павінны працаваць. А каб быць сапрауды шчаслівымі, неабходна зразумець, што быць шчаслівымі - гэта, у першую чаргу, быць, адчуваць сябе часткай Сусвету, часткай Творцы, які даў нам Жыццё, Волю, Радзіму, Мову і многа іншых складнікаў у гэтым шэрагу каштоўнасцей. Дык вось колькі слоў пра такую нашу каштоўнасць, як беларуская мова, каштоўнасць, якую ў Беларусі, асабліва сёння, і піхаюць, і штурхаюць, якой амаль на кожным кроку і на ўсіх узроўнях нашага соцыюму даюць выспятка... І ці не з гэтай яшчэ прычыны беларусы не адчуваюць у Беларусі сябе так натуральна-раскавана, нязмушана, незабіта, як, скажам, немцы - у Германіі, французы - у Францыі, англічане - у Англіі, грузіны - у Грузіі, літоўцы - у Літве, эстонцы - Эстоніі і г.д. і да т.п. І так па ўсім белым свеце, апроч, вядома, нашай геаграфічнай шыраты, нашай прыгнечанай і паняволенай айкумены.

Мы выракліся ці нас выраклі нашай чалавеча-грамадзянскай прыроды яшчэ ў дапенсійным узросце. Дык чаму б нам не вярнуцца, не парупіцца аб сваёй этнаіндэтыфікацыі. І чаму б нам не вывучыць Творцам дадзеную нам мову, мову нашай зямлі? Чаму б нам не скінуць з сябе чужой знак якасці? Вось дзе занятак, які напоўніць наша жыццё радасцю і гонарам. І не выключана, што многія з нас адчуюць сувязь з тым, што знаходзіцца і па-за межамі Зямлі . Час ужо збіраць каменні, час ужо станавіцца паўнавартаснымі дзецьмі сваёй Айчыны, час рыхтавацца да сустрэчы з Богам! А цяпер верш ў гэтую тэму:

Хапае адзення,

Хапае яды,

Ды толькі дарога адсюль -

Ў нікуды,


Бо мову, якую нам

Творца даў,

Амаль што тут кожны

На сметнік здаў.


Без мовы ж той

З небам гаворкі не будзе.

Без мовы той будзем

Заўсёды ў аблудзе.

Яўген Гучок


Неабходна ўдакладніць адрасы

Як і некаторыя іншыя, не раз і я думаў і пісаў аб тым што мой родны Слуцк у ліку многіх гарадоў і мястэчак Беларусі мог бы мець неафіцыйны і нават афіцыйны статус турыстычнай Мекі. Падстаў для гэтага як у імёнах славутых людзей мінуўшчыны, так і мясцін (часам са знакавымі аб'ектамі ), якія ўпрыгожвалі і ўпрыгожваюць старажытны горад на Случы, - нямала. Тэарэтычна яно то так, але да практычнага ўвасаблення гэтай мажлівасці справа пакуль што яшчэ не даходзіць. Наадварот, там больш дбаюць аб адкрыцці піўнушак і крамаў па гандлі таварамі для добраахвотнага вар'яцтва.

У горадзе, пасля таго, як там спляжылі-знішчылі многія гістарычныя будынкі ў даваенныя, пасляваенныя часы і зусім нядаўна, усё ж ёсць што паказаць, а ўжо, што распавесці пра падзеі, звязаныя з імі, - тым болей. Але гэта трэба ведаць.

Неабходна заўважыць: ёсць шмат аргументаў (і нават ускосныя пісьмовыя крыніцы), што Слуцк на сто адзінаннаць гадоў старыйшы, чым зафіксавана першае (1116 г.) упамінанне пра яго ў Іпацьеўскім спісе летапісе "Аповесці мінулых гадоў". Больш таго - ёсць матэрыяльныя доказы таму, што шлях з варагаў у грэкі праходзіў і па Случы, цераз паселішча, якое потым атрымлівала назвы: Случэск, Слуцак, Слуцк. У сувязі з нашай тэмай немагчыма абыйсці увагай такую важную дэталь. Па ўрадлівасці пераважная частка земляў на Случчыне - гэта землі першай катэгорыі, яны прыраўноўваюцца да ўрадлівых ўкраінскіх чарназёмаў. Гэта засведчыла і даўняя мясцовая прыказка "Калі не ўродзіць Слуцкая раўніна, дык не накорміць і Ўкраіна". Працавітыя і клапатлівыя людзі тут заўсёды жылі пераважна заможна.

Да ўсяго, Случчына патанала ў садах. Таму яшчэ адной з прычын выбуху Слуцкага паўстання былі дзеянні бальшавіцкіх прадразвёрстнікаў у Беларусі, якія імкнуліся рабаваць стадолы, хлявы, свірны, варыўні, гарышчы, капцы, дамы, гаспадаркі Слуцкага краю.

А пра тое, што Слуцк, з гледзішча ваеннай стратэгіі і тактыкі, быў добра разбудаваны і адпаведна абаронены, сведчыць той факт, што ён заставаўся адзіным горадам на тэрыторыі ВКЛ, які не змаглі захапіць маскоўскія заваёўнікі ў часе трынаццацігадовай руска-польскай вайны (1654-1667 гг.). Дарэчы у ХVІ - ХVІІ стст. Слуцкае княства было самым буйным на тэрыторыі Беларусі. Да гэтай вайны, у 1617 г., у горадзе быў адкрыты ліцэй, які ўжо тады назвалі Слуцкімі Афінамі. Пацверджаннем таму быў узровень адукацыі, што атрымлівалі там навучэнцы, якія пазней прыбывалі туды нават з іншых месц ужо Расійскай Імперыі. Сярод іх - будучы філосаф Ул. Ільін (не блытаць з І. Ульіным). Сярод шматлікіх работ Ул. Ільна вылучаюцца "Запечатанный гроб" (1926 г.), "Всенощное бдение" (1929 г.) і інш. Памёр філосаф у Парыжы (у эміграцыі.), пахаваны на могілках Сент-Жэнеўеў - де Буа пад Парыжам побач з Іванам Буніным. Цікавым бачыцца факт, што нямецкімі даследчыкамі даказана быццам у аснове "Вялікай дыдактыкі" выдатнага чэшскага педагога Яна Амоса Коменскага (1592-1670 гг.) ляжыць "Статут Слуцкага ліцэя". Сёння ў будынку былога ліцэя, які ў свой час быў пераўтвораны ў гімназію, знаходзіцца сярэдняя школа № 1. Сярод навучэнцаў былой гімназіі-ліцэя былі: беларускі паэт, мемуарыст, перакладчык удзельнік паўстання 1863 г. Альгерд Абуховіч (граф Бандынэлі); асветнік, перакладчык, кнігавыдавец Ілья Капіевіч, які браў чынны, актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні рэформы 1708 г. грамадзянскага шрыфту у імперыі Пятра І; дырэктар Маскоўскай (Усерасійскай) абсерваторыі Вітольд Цэраскі; беларуска-польскі паэт Адам Плуг; Пётр Карповіч, які ў знак пратэсту супраць рэпрэсій у адрас рэвалюцыйнага студэнцтва смяротна параніў міністра адукацыі Багалепава (14 лютага 1901 г.); грамадскі дзеяч і пісьменнік Язэп Дыла; пісьменнік Рыгор Бярозка, з чыімі бацкамі сябраваў Якуб Колас; выдатны спецыяліст у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў Сямён Косберг. Адзін з кратэраў на адваротным баку Месца носіць яго імя. Імем С. Косберга названа вуліца ў Слуцку. Аб'ём гэтага артыкула не дазваляе назваць яшчэ дзесяткі імёнаў былых навучэнцаў гэтай установы, якія пазначаны ў розных энцыклапедыях і даведніках. Вядома, што сярод ваяроў Слуцкага збройнага чыну былі выпускнікі і тагачашныя навучэнцы "Слуцкіх Афін".

У гэтай частцы горада можна наведаць тэрыторыю былой персіярні (фабрыкі слуцкіх паясоў), дзе ў нашы дні размешчаны завод сантэхабсталявання. А непадалёк адсюль - наўскасяк праз Случ, крыху ў правым кірунку знаходзіцца вёска Ячава, многія жыхары якой бралі актыўны ўдзел у Слуцкім паўстанні. Што ж тычыцца персіярні, то хіба не цікавы хаця б такі гістарычна-побытавы факт, які паведамляе ў сваіх "Мемуарах" літаратурны і палітычны супернік Аляксандра Пушкіна Фадзей Булгарын, калі пад час візіту ў Слуцк расійскага цара Пятра І прыём у яго гонар быў наладжаны менавіта ў персіярні. І вось жа тут Пётр І сватаў аднаго свайго мажнога, высокарослага грэнадзёра за прабабку Ф. Булгарына. Але тая адмовілася, сказаўшы, што яна не слабейшая за слугу цара. Як пісаў праўнук, прыгожая, яна была высокая ростам і моцная сілай.

Названыя гэтыя два аб'екты знаходзіліся на былой Сенатарскай, пазней пераіменаванай у Шырокую вуліцу. Сёння вуліца носіць назву - Камсамольская. Гэта - самы цэнтр, асяродак, сэрца старога горада.

Заслугоўваюць увагі месцы і збудаванні ў больш маладзейшай частцы горада - за межамі старога цэнтра. Напрыклад, гэта будынак краязнаўчага музея (вуліца Леніна, былая Шасейная, што была часткай шашы Масква-Варшава). Першапачаткова - гэта дом дваранскага сходу. Там таксама ў свой час па-свойму цікава працякала пэўная частка мясцовага жыцця слуцкага бамонду. І адлюстраваў гэта ў сваёй паэме тагачасны тутэйшы паэт Р. Скурат "Файнбергада" . Пра названага аўтара і яго паэму колькі слоў сказаць трэба. Дык вось гэты Р. Скурат сам сябе ў паэме называе "членом клуба не из важных". А важныя - гэта тыя, што збіраліся ў будынку дваранскага сходу і ўсю ноч праводзілі за гульнёй у карты на грошы. А дзе грошы, там, вядома, што ... Гулялі тут важныя асобы - прадстаўнікі тутэйшага істаблішменту. Вось некаторыя з іх: Файнберг Савеліч (па яго прозвішчы названа паэма) - уладальнік аднаго з гарадскіх паравых млыноў; Крупскі - памешчык, дзед Надзеі Канстанцінаўны Крупскай; Бярозка - бацька рускага пісьменніка Георгія Бярозкі (аўтара ў свой час шырока вядомага рамана "Ночь палководца"), у савецкія часы першы дырэктар 2-й школы; Мігдал-слуцкі "Габсэк", ліхвяр; мясцовыя памешчыкі вырашылі ў 1910 г. яго забіць, але ён выехаў са Слуцка ў Карэлічы. Дарэчы, герой паэмы "Файнбергада" Мігдал Бяйнус - бацька фізіка-тэарэтыка, акадэміка АН СССР. Паэму "Файнбергада", напісаную ў 1910 г., як кажуць пад Пушкіна і нават з эпіграфам з таго ж А. Пушкіна: "Дела давно мінувшіх дней" атрымаў з рук случакоў-старажылаў выдатны беларускі (слуцкі) краязнаўца, старэйшы сябра аўтара гэтых радкоў, Рыгор Родчанка. Старажылы ж добра ведалі Р. Скурата. Надрукавана паэма была ў грамадскім штотыднёвіку Случчыны "Айсберг" (№3, 6 чэрвеня 1991 г., а першапачаткова яна была апублікавана ў газеце "Шлях Ільіча" (26 сакавіка 1988 г.) З прадмовай публіктара Р. Родчанкі. Звернем увагу на тое, што з гэтага дому (Дома дваранскага сходу) не спяшаліся ў шэрагі слуцкіх ваяроў. Пазней тут месціўся рабоча-сялянскі клуб імя рэвалюцыянера Крэйнаса.

Аб'ектаў для пытлівых і дапытлівых у гісторыі і краязнаўстве як случакоў, так і турыстаў, вядома, не адзін дзесятак. Але мэта гэтага артыкула зусім іншая, чым, іх пералічваць, а тым болей - апісваць. Наша задача - з'арыентаваць, пераадрасаваць зацікаўленых валанцёраў, дэсантных - хто едзе па месцах Слуцкага збройнага чыну (27 лістапада - 31 снежня 1990 г.), не ведаючы дакладна, дзе распачыналася ў горадзе Слуцку галоўная падзея тых часоў - Устаноўчы сход Случчыны, а за ім - і паўстанне (Слуцкі збройны чын), блытае гарачыя адрасы (вуліцы і будынкі) тых часоў. Дык вось Рада Случчыны і штаб будучага паўстання з самага пачатку і да адыходу на месцы баявых дзеянняў знайходзіліся толькі ў доме Э. Вайніловіча па вуліцы Сенатарскай (Шырокай) насупраць знакамітай гімназіі. Дом гэты, вялікі, двухпавярховы, быў адным з найпрыгажэйшых будынкаў у Слуцку. Яго не трэба блытаць з будынкам дваранскага сходу. У хуткім часе пасля задушэння паўстання дом Э. Вайніловіча бальшавікі зруйнавалі, і на яго месцы была пабудавана электрастанцыя. Сёння там цэнтральная гарадская кацельня. Новыя гаспадары жыцця ведалі, як сціраць людскую памяць. А цяпер колькі слоў пра Э. Вайніловіча, хто ў памяць аб сваіх памерлых малагадовых дзецях Сымоне і Алене пабудаваў у Менску Чырвоны Касцёл, вядома, у сувязі са Случчынай. Тут яму належалі маёнткі Савічы, Пузаў і інш. На працягу 35-ці гадоў ён - ганаровы судзя Слуцкага павету. Ён жа - стар-шыня Таварыства дабрачыннасці гэтага павету, спрычыніўся да адкрыцця ў Слуцку гандлёвай школы. Першая яго адукацыя - Слуцкая гімназія (1865 г.), а яго далёкія продкі ўласнымі намаганнямі і на свае сродкі сфармавалі Слуцкую дружыну (харугву) якая, пад кіраўніцтвам слуцкага князя Аляксандра Алелькі годна засведчыла сваю баявую прысутнасць на Грунвальдскім полі (1410 г.).

Цікавым у той мясціне Слуцка бачыцца і такі факт з ваеннага і пасляваеннага жыцця. Непадалёку ад памянутай электрастанцыі, бліжэй да моста цераз Случ па вуліцы Валадарскай - працягу былой Маставой вуліца - (сёння вуліца М. Багдановіча) у часе вайны немцы пабудавалі чатыры дыхтоўныя драўляныя дамы. У адным з іх (першыя ад цэнтра), двухпавярховым месцілася нямецкая камендатура, пасля вайны той будынак заняў народны суд. І вось напярэдадні 50-цігоддзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі (1967 г.) гэты суд пад час яго паседжання пры вялікай колькасці народа перад ім быў падпалены жыхарамі горада, абуранымі цынічнымі паводзінамі судовай і іншых гарадскіх улад. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Хутка пасля пажару на месцы былога суда паўстаў дзевяціпавярховы жылы дом. Так паўтарылася амаль адзін да аднаго і амаль на тым жа месцы практыка сцірання з людской памяці праявы народнага гневу.

А цяпер вернемся на вуліцу Леніна (Шасейную), да музея, праўда, на другі яе бок, і крыху пройдзем у заходнім напрамку-накірунку. Праз два дамы, за гарадскім паркам, ці - як даўней яго называлі - Летнім садам прыпынімся каля двухпавярховага цаглянага будынка кансервава - сокавага завода. Да рэвалюцыі гэта камерцыйная вучэльня, пасля рэвалюцыі - беларускае культурна-асветніцкае таварыства "Папараць-кветка", самадзейны тэатр і інш. Тут быў цэнтральны ўніверсальны асяродак, дзе канцэнтравалася, рафінавалася інтэлектуальна-духоўнае жыццё патрыётаў краю. Таварыства наведалі і выступалі там Янка Купала, Якуб Колас, Уладзіслаў Галубок са сваім вандроўным тэатрам, Фабіян Шантыр, Язэп Дыла, Кузьма Чорны і многія іншыя выдатныя асобы беларускай гісторыі і культуры. І, вядома, будучыя удзельнікі паўстанцкага руху. Палякі ж з каманды "кумкі Варшавы", як назваў яе калісь Кастусь Каліноўскі, уручыўшы будучым слуцкім паўстанцам 360 стрэльбаў са збітымі прыцэламі, у лістападзе 1920 г. пакідалі Слуцк. А пакідаючы яго, яны падпалілі "Папараць-кветку". Пасля ж выдавалі паўстанцаў бальшавікам. Абодвум ім і ў аднолькавай меры не хацелася мець у суседзях незалежную, свабодную Беларусь (БНР). І яшчэ. У паняволенай Крамлём часцы Беларусі Случчына пацярпела больш за іншыя землі нашай Айчыны. Пра частку Беларусі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай - іншым разам. Дык вось, і каля гэтага будынка ("Папараць - кветкі") трэба ўскладаць кветкі. Ёсць інфармацыя, што гэта будынак мясцовыя улады маюць намер знесці. А маглі б прад'явіць рахунак Польшчы за яе колішнія падпальныя дзеянні. Ды дзе там!

Падсумоўваючы сказанае вышэй, зробім выснову: гістарычная памяць нашая, а пра слуцкіх паўстанцаў - патрыётаў асабліва, павінна быць прамяністай, асвечанай, дасведчанай і дакладна арыентаванай. А таму, хай сабе і ад нявінных, памылак усё ж трэба пазбаўляцца і ведаць сапраўдныя адрасы нашых гістарычных падзей.

Яўген Гучок, ураджэнец г. Слуцка.


Жыцця сувоі

У лістападзе 2012 года пабачыў свет новы паэтычны зборнік. Аўтар - жанчына, настаўніца.

Сціпласць гэтай паэткі праглядаецца, адчуваецца адразу, як толькі возьмеш у рукі яе кніжку. Што чалавек адразу ўбачыць? Канечне, вокладку. Тут, на першы погляд, як бы звычайны куток нашай прыроды. Прыгледзеўшыся, заўважым адлюстраванне закона: "...як на небе, так і на зямлі..." (птушкі, якія ў палёце, мастак паказаў і ў вадзе). А яшчэ прыхаванае сонца, гэты зусім жывы ружовы колер, калі яно залоціць ваду. Хаця самога сонца не бачна. Гэта вокладка першага паэтычнага зборніка Вольгі Цімафееўны Шпакевіч. Ён надрукаваны пад назвай "І тку жыцця сувоі". Кніжку хочацца ўзяць у рукі, гартаць, каб даведацца, якія ж сувоі выткала аўтарка, які набытак прапануе чытачу.

Вершы Вольга піша са школьных гадоў, тады ж пачала друкавацца. Нарадзілася яна на Палессі, і любоў да роднага куточка нясе праз усё жыццё, вяртаецца думкамі да сваіх мясцін. У вершы "Радзімае Палессе" чытаем:

І мне з зацягам чулым

Часцей бы слухаць песні...

Мой край, душы прытулак,

Радзімае Палессе.

Здольнасць таленавітай душы адчуваць родныя мясціны дае магчымасць ствараць такія чулыя радкі ў вершы "Палесская паводка":

А на Палессі зноў паводка:

Зямля ўмываецца вадой.

Палессе! Я хоць і далёка,

Але душой заўжды з табой!

І "цягну жыцця сувой" (с. 105), і "любові столку" (с. 78) - усе яе паэтычныя вобразы нарадзіліся з жыцця, ад будзённых, здаецца, спраў і з'яў. Гэта і захапленне прыгажосцю прыроды, і любоў да роднага Палесся, і тонкае адчуванне слодычу і болю кахання, і роздум над лёсам і сэнсам быцця, месцам чалавека на Зямлі і ў Сусвеце...

Скарбонка Вольгі Шпакевіч багатая на словы. Нават лексіка адрасуе чытача да народнага побыту: намітка, радно, сувой, харомы, рудыя ( карычневыя ). Аўтар добра ведае фальклор, карыстаецца гэтым багаццем, і стварае свае, адметныя творы. Адзін верш так і называецца: "З народнага"

Засалю гурочкі

Горкімі слязамі... (с.71)

Там лёгкія, жартоўна-журботныя вобразы жаночай долі, бо "не адпусціць хата", ёсць спадзяванне на лепшае і, галоўнае - "бо што скажуць людзі".

Яшчэ адзін верш "Дзве сястрыцы" як бы вяртае нас у даўніну:

Дзве сястрыцы мела я,

дзве сястрыцы,

Па ваду хадзілі мы да крыніцы...

І далей цэлы воз дзявочых перажыванняў.

А ў вершы, які прысвечаны дзеткам, з назвай -"Зярнятка", - казачны зачын:

Жыло-было зярнятка,

Такое ж, як і ўсе.

Маленечкім і гладкім

Прыйшло яно на свет...

А потым адно за адным усплываюць прыгожыя, дакладныя, вельмі блізкія і родныя словы, нават даўно не чутыя. Асабліва радасна за тое, што кожнае слова стаіць на сваім месцы, увідавочкі стварае свой, адметны малюнак. Напрыклад: "зяблася ў цяньку... тулілася ў кутку... буяла спакваля... піло спатольна сокі... а потым расквітнела..." , і канчатак у гэтым вершы адпаведны думам настаўніка (і ўвогуле добрага чалавека):

І сотні зерняў спелых-

На радасць і дабро. (с. 92)

Дарэчы, у многіх вершах прасочваецца такая думка: а што вырастае ў душы?

Сустракаюцца таксама характэрныя для вуснай народнай творчасці памяншальна - ласкальныя суфіксы: вяселлейка, галоўка, слёзкі, сястрыцы . У яе творчасці можна знайсці такія словы і спалучэнні слоў, якіх не знойдзеш у іншых аўтараў: каханне вяснуецца ў сэрцы, змаладзею, зазімела, вясна дажджлівіць, будзёншчыну не паднядзеліць, з зацягам чулым песні, гады-бегуны і іншыя.

Кажуць, усё пазнаецца ў параўнанні, таму ў вершах Вольгі Шпакевіч параўнанні як мастацкі сродак маюць адмысловую трапнасць:

Сумны снег,

як бальнічная столь (с. 111)


Адкрыты раяль, нібы рана (с. 39)


Прыйшоў у лёс, як зорка.

Пайшоу навек, як знічка (с. 75)


Як вясною зямля, змаладзею (с. 75)


Рабін чырвоныя маністы,

Нібы агеньчыкі надзей (с. 76)

і іншыя.


У вершах багата рассыпана непаўторных, свежых, трапных метафар:

Дзень і ноч памяняліся ростам (с. 80)


Мяне летні дожджык зацалуе (с. 106)


Час гады адгортваў (с. 110)


Тку адчаю сувой (с. 113) і іншыя.


Добрае веданне роднай мовы дазваляе ўжываць багата сінонімаў, ды яшчэ і такіх слоў, што ў звычайным побыце не надта і пачуеш:

Не баліць, не шчыміць у грудзях

(с. 31)


Мяне сум і журба долу гне (с. 69)


Загушкаць, суцішыць мой боль

(с.33) і іншыя.

Напеўнасць, зладжаную закончанасць некаторым вершам прыдаюць паўторы, і сплятаюцца словы ў чароўны вяночак:

І шукаю, шукаю дарогу

Да душы, чалавечай душы. (c. 107)


Парайце, я прашу, парайце,

Парайце, як Вас не кахаць.

(с. 68) і іншыя.

Жыццё не адназначнае, яно складаецца з супярэчнасцяў, таму аўтар звяртаецца да такога мастацкага сродку, як антытэза:

Час ні слодыч, ні горыч не сцёр (с. 68)


Маё жыццё з цішы і з грому,

З вясёлак, часта - з бліскавіц.

Такі цяжкі пад'ём угору

І хуткі-хуткі спуск уніз . (с. 109)


На шалях страху і адвагі

(с. 58) і іншыя.

Прафесія заўсёды кладзе адбітак на тое, што робіць чалавек. Асабліва прафесія настаўніка, бо яна адметная тым, што тут ідзе гаворка пра душы дзяцей. Верш "У школе" адлюстроўвае сучаснае становішча мовы ў грамадстве:

"Навошта мне гэта мова?"-

Гаворыць бяздумна дзятва.

Калючыя, горкія словы

З размаху кідае мне ў твар.


А я, не сцярпеўшы абразы

Да мовы, да слова свайго,

Шукаю, шукаю адказ ім

У рэчак, палёў і лугоў.


У птушак, у кветачак першых,

У музыцы весняй зямлі...

Я гукі збіраю - у вершы,

Каб вучні пачуць іх маглі.


Ім лепшыя кніжкі чытаю,

Тлумачу: што, дзе і калі?

Я душы, як сшыткі, гартаю

І сею зярняты любві. (с. 40)

Таму не выпадкова некаторыя радкі гучаць як наказ, як запавет настаўніка вучням:

Зусім няважна, хто ты,

Галоўнае - які. (с. 34)


Галоўнае на свеце -

Мець званне: чалавек. (с. 34)

А яшчэ ў яе вершах гучаць свае, адметныя выслоўі:

Надзею хаваць заўжды рана (с. 39)


Пасля слёз урадлівей душа (с. 95)


Смерць бывае заўжды недарэчы,

Смерць - заўсёды

няўтольная страта (с. 72)


...шчасце тады саладзее,

Калі доўга чакаеш яго (с. 100)

Чытаеш вершы - і заўважаеш, што аўтар ведае цану жыцця і ўмее бачыць вакол сябе прыгажосць. Яна жыве, звяраючы "шлях свой з высокаю мэтай" (с. 41). І не перастае марыць:

Як я мару, каб словы паводкаю

У душу несупынна плылі. (с. 42)

А ў вершы "Мая паэзія" яна прызнаецца:

Паэзія звонкімі струнамі

Маё аздабляе жыццё. (с. 43)

Многія радкі ўразяць чытача сваёй дакладнасцю, бо аўтар мае здольнасць перадаць стан душы ў розных жыццёвых, часам вельмі няпростых абставінах. Можа трапна паказаць прыгажосць не толькі роднай прыроды, але і прыгажосць, і складанасць унутранага жыцця чалавека. Не кожны можа дазволіць сабе такую думку:

Быць сабою заўсёды і ўсюды (с. 20)

Альбо напісаць такія словы, якімі заканчваецца верш "Мая мэта":

Колькі ж трэба пражыць і праехаць,

Каб да ісціны розум дайшоў,

Што галоўная з мэт чалавека-

Станавіцца чысцейшым душой.

(с. 15)

Дасканаласць паэтычных вобразаў уражвае сваёй разнастайнасцю. Беражлівыя адносіны да слова радуюць. Чытаеш вершы, і быццам гартаеш старонкі спачатку чужога жыцця. Потым адчуваеш, які гэта чалавек. Дык вось, паэт Вольга Шпакевіч - наша сучасніца, з уласцівай ёй існай жаноцкасцю і спрадвечнай беларускай цнатлівасцю, шчырая, здольная на вялікую любоў. Гэта чалавек, які працуе над сабой. Яна так і піша ў вершы "Майму настаўніку":

Вучуся сіле волі

І працы над сабой. (с. 110)

І ў гэтым ёй дапамагае паэзія. Дык няхай жа кросны яе жыцця будуць спраўнымі. А мы маем магчымасць пачытаць добрыя, прафесіянальна вытрыманыя вершы ў прыгожа аформленай кніжцы.

А яшчэ Вольга Шпакевіч друкуецца ў жаночым часопісе "Алеся":


Агеньчык

Я любіла ў дзяцінстве ля печы

Вечарамі сядзець і глядзець,

Як імклівы і жвавы агеньчык

У бяздонную цемрадзь ідзе.


Хоць гады адплылі мае дымам,

Захапіўшы бярэмкі надзей,

Я вачамі гляджу маладымі

На агонь, на сябе, на людзей…


І пакуль будзе полымя ў печцы

Завівацца ў таемны вянок -

Будуць іскры раіцца у сэрцы

І хмяліць маладосці віно!

* * *

Мне здалося часінай вясноваю,

Што сады на зямлі з аблачын,

І я вершы ўпарта высноўваю,

Каб душу было чым падлячыць.


Вабіць ранак расою іскрыстаю,

Вечар кветкамі ў лузе ачах.

А я вершы натхнення запісваю,

Каб магла адпачыць і душа.


Аднастайнасць пачуццяў і водгукаў,

Неадчэпны ўспамінаў палын…

Як я мару, каб словы паводкаю

У душу несупынна плылі.

Падзякуем за гэта таленавітаму аўтару - Вользе Шпакевіч!

Ядвіга Рай.


АПАКАЛІПСІС

7 снежня 2012 года ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" адбылося адкрыццё арт-праекту "Апакаліпсіс". У межах праекту былі прадстаўлены работы сучасных беларускіх мастакоў, якія ўвасобілі тэму канца свету ў жывапісе, графіцы, фота, скульптуры, арт-аб'ектах.

Мне спадабаліся творы: Хацкевіча Генадзя - "Створым Эдэм" (2001 год), Касцючэнкі Алега - трыпціх "Сігменты часу" (2011 год), Сугінтаса Стася - "Яблык" (2012 год), Слабодчыкавай Антаніны - "Яно тут" (2012 год), Хацкевіча Аляксея - "Апакаліпсіс" (2012 год), Плясанава Андрэя - "Шлях да каханай" (2011 год), а таксама Сілівончык Ганны - "Гадзіннік з Зязюляй" (2012 год).

Усе прадстаўленыя творы вызначаюцца яркай творчай індывідуальнасцю, а тэхнічнае выкананне работ уражвае сваёй разнастайнасцю. Але якімі б не былі цікавымі тэхнічныя прыёмы, не яны, не рамесны бок робіць творы ўдзельнікаў арт-праекту "Апакаліпсіс" яркай з'явай у беларускім выяўленчым мастацтве.

У творах - у філасофскім асэнсаванні ідэй, вобразаў, сюжэтаў Адкравення, алегорый і сімволікі Апакаліпсіса - ёсць думка, душа, шырокая эмацыянальная палітра, а галоўнае - любоў, тое, без чаго не нараджаецца таямніца Мастацтва...

Адсюль і агульны характар арт-праекту - напружанасць, супярэчлівасць, шматграннасць і сінтэтычнасць эсхаталагічных уяўленняў.

Зварот сучасных беларускіх мастакоў да эсхаталагічных вобрааў невыпадковы. Гэту складаную, шматгранную, шматузроўневую тэму яны вырашаюць па-рознаму.

У арт-праекце прадстаўлены работы як маладых, так і сталых аўтараў Арганізатарам хацелася, каб кожны з удзельнікаў праявіў сабе не толькі як мастак, але і як мысліцель, які шукае для сябе адказ на пытанне, што ёсць Апакаліпсіс? Вечная тэма, алегорыя, канец часоў? Як мастакі ўяўляюць сабе 21 снежня 2012 года, ці звязваюць гэту, магчыма, умоўную каляндарую дату з Адкравеннем і ці маюць сваё Адкрыццё? Чым яны могуць падзяліцца з гледачом? Якую Таямніцу прыадкрыць яму?

Трэба адзначыць, што на адкрыцці было многа людзей, у тым ліку сталічная моладзь, студэнцтва. Выстава будзе працаваць па 22 снежня 2012 года.

Куратарам арт-праекта з'яўляецца Наталля Сяліцкая.

Аляксей Шалахоўскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX