Папярэдняя старонка: 2014

№ 38 (1189) 


Дадана: 17-09-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 38 (1189) 17 верасня 2014 г.


17 верасня 1939 года - 75 гадоў назад беларускія землі ўз'ядналіся ў адно цэлае

Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну, сав. гіст. вызваленчы паход Чырвонай Арміі, вераснёўскі паход Чырвонай Арміі (1939) - вайсковая аперацыя СССР супраць Польшчы, праведзеная 17-28.9.1939, якая мела мэтай заняцце земляў Заходняй Беларусі і Ўкраіны, у адпаведнасці з падзелам сфераў уплыву паміж СССР і Германіяй паводле дамовы ад 23.8.1939. Аперацыя праводзілася ў час, калі на тэрыторыі Польшчы адбываліся ваенныя дзеянні 2-й суcв. вайны, але фармальна СССР у вайну тады не ўступаў, а аперацыя азначалася як "мера савецкага ўраду па абароне інтарэсаў беларускага і ўкраінскага народаў".

7 верасня на сустрэчы з кіраўніцтвам Камінтэрну І. Сталін акрэсліў сваё стаўленне да Польшчы наступным чынам: "Знішчэнне гэтай дзяржавы ў цяперашніх умовах значыла б адной буржуазнай фашысцкай дзяржавай менш! Што дрэннага, калі ў выніку разгрому Польшчы мы распаўсюдзім сацыялістычную сістэму на новыя тэрыторыі і насельніцтва?"

9 верасня, пасля таго як вермахт захапіў Варшаву, наркам К. Варашылаў і кіраўнік Генштаба Б. Шапашнікаў падпісалі загад № 16633 Ваеннаму савету Беларускай асобай ваеннай акругі, дзе адзначалася, што трэба да канца 11 верасня 1939 г. схавана сканцэнтравацца і быць гатовым да вырашальнага наступлення з мэтай маланкавым ударам разграміць супраціўныя войскі праціўніка

16 верасня В. Молатаў падчас сустрэчы з В. фон Шуленбургам паведаміў пра афіцыйную пазіцыю савецкага ўраду: " ...польская дзяржава распалася і болей не існуе, таму анулююцца ўсе дамовы, заключаныя з Польшчай; трэція краіны могуць паспрабаваць здабыць карысць з існага хаосу; Савецкі Саюз лічыць сваім абавязкам умяшацца для абароны сваіх украінскіх і беларускіх братоў і даць магчымасць гэтаму нешчасліваму насельніцтву працаваць спакойна".

У той жа дзень Ваенны савет БАВА выдаў загад № 005, дзе войскам Беларускага фронта загадвалася перайсці ў наступленне і "вызваліць" народ Заходняй Беларусі.

Вынікам аперацыі сталі хуткая і лёгкая перамога СССР над ужо аслабленай, палітычна і вайскова, Польшчай, далучэнне земляў Заходняй Беларусі і Украіны да БССР і УССР, падпісанне новага савецка-германскага дагавора (28.9.1939).

Фармальна аб'яднанне Беларусі адбылося толькі амаль праз два месяцы пасля "вызвалення". А фактычна яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо спачатку праз старую мяжу не дазволілі вольнага перамяшчэння. Старую мяжу па-ранейшаму моцна ахоўвалі пагранвойскі і НКУС. Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу толькі пры германскай акупацыі.

29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра ўваходжанне яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939 г. тую "просьбу" афіцыйна задаволіў Крэмль, што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубліраваў Вярхоўны Савет БССР.

Вікіпедыя.


130 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Абрантовіча

Фабіян АБРАНТОВІЧ (псеўданім у друку Фабіч); 14 верасня 1884, засценак Вераскоўшчына, Наваградскі павет - 2 студзеня 1946, Масква) - каталіцкі манах-марыянін і святар усходняга абраду, прэлат Менскай і Пінскай капітул, архімандрыт, місіянер, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, педагог. Доктар філасофіі (Каталіцкі ўніверсітэт у Лёвене), магістр тэалогіі. Паходзіў з мяшчанскай сям'і Яна і Юліі (дзявоч. Кашыц), жыхароў Наваградка.

Скончыў Наваградскае гарадское вучылішча, потым Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу; пасля яе заканчэння паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію (1906). Працягваў вучобу ў Каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен (1912-1914), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі.

Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах (Імператарскае вучылішча правазнаўства, Імператарскае камерцыйнае вучылішча, Кадэцкі корпус імператара Аляксандра II, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). Законавучыцель прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле Св. Кацярыны ў Пецярбургу (з 9.12.1910). Прафесар духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе (1.9.1914), дзе выкладаў філасофію, сацыялогію i спевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі.

Пасвечаны ў святары (9.11.1908). Быў камандзіраваны Адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Э. Ропам у Менск (30.4.1918).

Абраны рэктарам Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі, пасля яе эвакуацыі ў Наваградак і пазней у Пінск - яе выкладчык.

З 1926 г. - у Ордэне айцоў марыянаў у Друі. Узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі i Кітаі (1929-1938). Экзарх Харбіна. Удзельнічаў у пасяджэннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме.

З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу; уваходзіў у культурна-асветны гурток беларусаў-клерыкаў. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў 1-га з'езду беларускіх каталіцкіх святароў (Менск, 24-25.5.1917), дзе выступіў з рэфератам "Справа прасьветная". Член саюза ксяндзоў-беларусаў. Разам з Л. Хвецькам заснаваў Хрысціянскую дэмакратычную злучнасць, быў адным з яе кіраўнікоў у Менску. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях ("Крыніца", 1917-1920, Петраград-Мінск-Вільня; "Хрысціянская думка", 1928-1929, Вільня). Сябар Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску (з верасня 1919). Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19.9.1919 прыняў у Менску Ю. Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме.

Жыў у Пецярбургу (да 1912 і з 1914), Лёвене (1912-1914), Менску (з 1918), Польшчы (да 1929 і з лета 1939), Маньчжурыі (1929-1938). У канцы верасня 1939 быў арыштаваны савецкімі органамі бяспекі і больш за 5 гадоў правёў у зняволенні. Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме. Месца пахавання невядомае.

Вікіпедыя.


МІКОЛУ ДЗІКЕВІЧУ - 90

Мікалай Мікалаевіч ДЗІКЕВІЧ нарадзіўся 20 верасня 1924 г. у в. Дзітрыкі Беліцкай гміны Лідскага павета Наваградскага ваяводства. Да 1936 г. вучыўся у Дзітрыкаўскай чатырохкласнай школе, у 1939 г. закончыў Ганчарскую паўшэхную школу, у 1945 г. - Лідскае педвучылішча, пачаў настаўніцкую працу. Служыў у арміі (1946-1947). Закончыў Менскі інстытут фізічнай культуры (1955). 46 гадоў працаваў настаўнікам у школах Лідчыны - Цыбарскай, Дзітрыкаўскай, Папернянскай, Ганчарскай, Нёманскай, да 1993 г. З іх - 44 у Нёманскай (Сялецкай). Узнагароджаны медалямі "За доблесную працу" (1970), "За працоўную доблесць" (1981).

Аўтар краязнаўчых кніг "Дзітрыкі. Згукі заснулай цывілізацыі" (200 стар.) "Сялец. Прынёманская рэчаіснасць" (294 стар.).

(Пра Міколу Дзікевіча чытайце на ст. 3.)


Прэзентацыя першых двух тэстаў па беларускай мове як замежнай

Вечарам 25 жніўня ў Менску адбылася прэзентацыя першых дзвюх кніг цыклу "Тэст па беларускай мове як замежнай" - па пачатковым і базавым узроўнях валодання беларускай мовай як замежнай. Кніжкі выдадзены рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" невялікім накладам - па 100 паасобнікаў кожная.

Аўтары-складальнікі кніжак - выкладчыкі шэрагу вышэйшых навучальных устаноў краіны - Белдзяржуніверсітэта, Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вольга Барысенка, Ларыса Кныш, Уладзімір Куліковіч, Алеся Літвіноўская, Таццяна Рамза і Аксана Семянькевіч. Яны падрыхтавалі выданні сумесна з сябрамі ТБМ, якое ініцыявала гэты праект.

Як адзначалася на прэзентацыі, кніжкі з'яўляюцца першай у Беларусі спробай стварэння цыклу з шасці пробных тэстаў для ацэнкі валодання беларускай мовай як замежнай на розных узроўнях - ад элементарнага, побытавага да дасканалага. Выданні - складнік вялікага навучальна-метадычнага комплексу "Сертыфікат беларускай мовы як замежнай". Тэсты рыхтаваліся на аснове Агульнаеўрапейскіх кампетэнцый валодання замежнай мовай: вывучэнне, выкладанне, ацэнка (CEFR). У лістападзе 2001 года Савет Еўразвязу прыняў рэзалюцыю, у якой рэкамендаваў CEFR у якасці асновы для стварэння нацыянальных сістэм ацэнкі моўнай кампетэнцыі.

Актуальнасць гэтай працы выклікана шэрагам акалічнасцяў. На сёння ў многіх краінах свету ёсць распрацаваныя сістэмы ацэнкі ведаў нацыянальных моў. Прычым, гэта тычыцца не толькі краінаў - сябраў Еўразвязу, але і іншых міждзяржаўных утварэнняў. Так, у нядаўна створаным Мытным звязе (у які ўваходзіць Беларусь) і Расія, і Казахстан маюць распрацаваныя і зацверджаныя на дзяржаўным узроўні сертыфікаты нацыянальных моў (у Казахстане, напрыклад, гэта "Казтэст"). На жаль, Беларусь пакуль не далучылася да гэтага шэрагу. Вось чаму ў нашай краіне пытанне сертыфікацыі беларускай мовы як замежнай узяла на сябе няўрадавая структура - Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Кніжкі накіруюць на апрабацыю, якая цягам навучальнага года будзе праводзіцца ў шэрагу сталічных ВНУ, у Беластоцкім і Варшаўскім універсітэтах (Польшча), у Пражскім універсітэце (Чэхія), а таксама ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня, Літва), дзе навучаюцца замежныя студэнты. Пасля ацэнкі тэстаў замежнымі экспертамі па гэтай праблеме запланавана правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, а на працягу некалькіх наступных гадоў - падрыхтоўка і выпуск шэрагу падручнікаў па беларускай мове для іншаземцаў.

Мяркуецца, што тэсты стануць крытэрыем для ацэнкі ўзроўню валодання беларускай мовай замежнымі дыпламатамі, гісторыкамі, бізнэсоўцамі, журналістамі, культуролагамі, палітолагамі, навукоўцамі-гуманітарыямі, каб яны маглі займаць пэўную пасаду, а таксама для замежных студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову, і мігрантаў, якія пасяліліся на Беларусі і хочуць атрымаць від на жыхарства ці грамадзянства.

Астатнія чатыры кніжкі тэстаў кіраўніцтва грамадскага аб'яднання збіраецца выдаць да XII з'езду ТБМ, які адбудзецца ў Менску 26 кастрычніка бягучага года.

Марат Гаравы. Ад рэдакцыі. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, выйшла трэцяя кніжка "Тэст па беларускай мове як замежнай" для сярэдняга ўзроўню

На здымках: 1. Каардынатар выдання, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. 2. Аўтары-складальнікі тэстаў (злева направа) Вольга Барысенка, Аксана Семянькевіч (абедзве - Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт) і Алеся Літвіноўская (амбасада Швецыі). 3. Першыя тры кніжкі тэстаў па беларускай мове як замежнай.


Не стала Пятра Марцава

Вядомы беларускі журналіст і выдавец Пётр Марцаў памёр вечарам 13 верасня ў адным з менскіх шпіталёў, не прыходзячы ў прытомнасць, ад вострага лейкозу на 53-м годзе жыцця.

Нарадзіўся ў 1962 годзе. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1984). Быў вымушаны звольніцца з пасады старэйшага рэдактара БелТА пасля ўдзелу ў мітынгу ў Курапатах. Быў уласным карэспандэнтам штотыднёвіка "Коммерсант" па Беларусі, дырэктарам карпункта "Коммерсант" і агенцтва "Постфактум" (1991 - 1993).

У 1992 г. пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю: выдаваць газету "Белорусская деловая газета", штотыднёвік "Имя". У сакавіку 2006 г. выхад "Белорусской деловой газеты" быў спынены ў сувязі з забаронай на яе друк у беларускіх друкарнях і распаўсюд праз "Белпошту" і "Белсаюздрук".

Прадусар і адзін з аўтараў сцэнару дакументальнага фільма "Звычайны прэзідэнт".

У апошнія гады яго дзейнасць была звязана з рэкламай, будаўнічым і нафтавым бізнесам.

Вечная памяць!


Пра кнігу Васіля Стомы "Маё мястэчка"

У гэтым годзе ў менскім выдавецтве "Лімарыус" накладам у 300 асобнікаў выйшла кніга беларускага эміграцыйнага дзеяча Васіля Стомы пад назвай "Маё мястэчка". За такой, здавалася б, немудрагелістай назвай на самай справе хаваецца па-мастацку вытанчаны вобраз роднай аўтару старонкі - мястэчка Лужкі, што знаходзіцца ў сучасным Шаркаўшчынскім раёне на Віцебшчыне.

Да выдання кнігі спрычыніліся добра вядомыя ў беларускім культурніцкім асяродку людзі. Так, прадмову напісаў архівіст з Нью-Ёрка Лявон Юрэвіч, моўным рэдактарам выступіў Зміцер Саўка, неабходныя каментары зрабіла Наталля Гардзіенка. І ўжо ў прадмове Лявон Юрэвіч інтрыгуе чытача, кажучы, што "ёсць на эміграцыі пісьменнікі, творы якіх займаюць ладную палічку… А ёсць адзін, якога і назваць пісьменнікам не адразу надумаеш, бо пакінуў па сабе толькі адзін твор. Затое які!" І сапраўды, ужо з першых старонак кніга захоплівае нязмушанай манерай аповеду, найцікавейшымі фактамі з жыцця Лужак міжваеннага перыяду, шэрагам выдатна паказаных асобаў. І ўсё гэта добра прыпраўлена далікатным аўтарскім гумарам.

Васіль Стома, які нарадзіўся ў Лужках у 1911 годзе, па сутнасці апісаў у мастацкай форме ладны часавы кавалак жыцця беларускага мястэчка "за польскім часам", паказаў асноўныя клопаты і турботы жыхароў, адлюстраваў няпросты лёс беларуса.

Таксама хацелася б звярнуць увагу на моўныя асаблівасці выдання. Аўтар багата выкарыстоўвае дыялектызмы, што даваляе дакладна перадаць каларыт мясцовасці. Прычым амаль усе такія словы і словазлучэнні добра вядомыя і сёння жыхарам гэтага рэгіёна. Прыгадаем некаторыя толькі: стыдацца, дзесяток, на круцяля, ад слова, мяншак, еміна, унепазнакі, уроцы, збытні, ціятры, спадак і многія іншыя.

Надзвычай каштоўным матэрыялам нам падаюцца змешчаныя ў кнізе "Абрады і звычаі Дзісненшчыны", у свой час занатаваныя ці проста выдатна запомненыя аўтарам. Гэта добрая крыніцы для нашых этнографаў і фалькларыстаў, бо звычаі і абрады апісаныя Васілём Стомам дастаткова падрабязна і прафесійна.

Варта адзначыць, што твор публікаваўся ўжо двойчы, але толькі ў часопісах: "Беларускі Сьвет" (ЗША, №№ 37-38 за 1980 - 1987 гг.) і "Полымя" (1998, № 9-12). І вось нарэшце асобнае выданне. І кожны, хто прачытае "Маё мястэчка", зможа пабачыць міжваенную Беларусь, зможа насалодзіцца прыгожым беларускім словам. А для жыхароў сучасных Лужак і іх ваколіцаў - гэта проста незаменная крыніца краязнаўчай і гістарычнай інфармацыі, сярод якой магчыма даведацца нешта новае пра свае вёскі, пра сваіх дзядоў ды прадзедаў.

Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной Рады ТБМ.


Да 90-годдзя лідскага краязнаўца Мікалая Дзікевіча

Вёска Сялец у 2006 годзе адзначыла 600-годдзе. Колішні настаўнік Сялецкай базавай школы Мікалай Дзікевіч моцна перажывае, што не так даўно школа перастала існаваць. Без школы прынёманская вёска яшчэ мацней асірацела, занепадае.

Яна дарагая жыхару Сяльца з многіх прычын.

Мікалай Мікалаевіч Дзікевіч спакойна, з акадэмічнай грунтоўнасцю ў кніжцы "Сялец. Прынёманская рэчаіснасць" (Мн., 2010, 294 стар.) паказаў жыццё вёскі ад жніўня 1406 года, калі першы раз яна ўзгадваецца, да сённяшніх дзён.

Здзіву даешся, як радавы настаўнік зрабіў справу вялікага даследчыцкага калектыву - прааналізаваў штодзённае існаванне сем'яў вёскі, кожнага чалавека. Расказаў сам і ўспамінамі вяскоўцаў пра час даваенны, ваенны, пасляваенна-акаўскі, калгасны. Нельга без сардэчнай дрыготы чытаць пра нясконцыя гераічныя/недарэчныя выпадкі на працы, прыклады цярпення, змагання вяскоўцаў з абставінамі, тупымі выслугачамі, няздарствам выканаўцаў.

Нельга без болю чытаць: "На свеце няма больш пакутлівай мовы, чымсьці беларуская. Колькі разоў спрабавалі яе пахаваць!" Амаль 400 гадоў была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім. Прыгняталі яе тады, абпольшчвалі, яшчэ болей пры далучэнні ВКЛ да Расійскай імперыі.

Усе дзевяць раздзелаў - ціхая малітоўная выспаведзь сына роднай зямлі блізкім людзям, сялецкім і дзітрыкаўскім. Шкрабае за душу апісанне кладоў і кожнай магілы на іх, мовы подпісаў на плітах, нават памылак на іх.

Гэтую кніжку ўдала дапаўняе другая "Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі" (М., 2010, 200 стар.). Пісалася яна на 4 гады раней, доўга шукала спонсараў на выданне, пакуль фінансава не ацаніў гераічную працу цярпліўцы-бацькі сын Валерый Мікалаевіч Дзікевіч, знаны маскоўскі журналіст, навуковец, Медзія- і PR-менеджар, палітолаг, перакладчык, - пісалася раней, а выйшла на чатыры месяцы пазней.

Як сын навекі вечныя ўдзячыцца лёсу за генна таленавітых бацькоў Вольгу Іванаўну і Мікалая Мікалаевіча, так яны шчырацца сэрцам і светлымі думкамі Валерыю за друкаванне "Дзітрыкаў" ("Сяльца" таксама).

Другая кніга падкупляе той жа дзелавітай выключнасцю споведзі Мікалая Дзікевіча. Жыццё вёскі паказана ад саматужных гаспадарак да нашых дзён, пад стрэхамі і дахамі хат, на палетках і сенакосах. Трэба ўхітрыцца толькі, каб так цудоўна апісаць самую хату, сенцы, каморку, гумно, свіран, хлеў, найвыдатна апісаць прыгатаванне страў, пірагоў, хлеба, заціркі, дранікаў, супоў, блінцоў, сыроў.

Чытаеш пра бытаванне лідскіх вяскоўцаў на святах, гульнях, забавах, склад воза, брычкі, саняў, пра нарыхтоўку дроў, мацаванне палукашкаў і драбінаў, выкарыстоўванне прасніцы, кроснаў, спраўлянне святаў, асабліва вяселляў, нарадзінаў, хрысцінаў... - радуешся і ганарышся падобнасці лідскіх звычаяў/завядзёнкаў з маімі слуцкімі.

З сямі частак кнігі проста не ведаеш, якую лепей адзначыць, пахваліць. Хутарызацыя, праца на хутары, першыя Саветы, нямецкі "новы парадак", перамога над фашызмам, калектывізацыя і калгаснае жыццё, сённяшні дзень - проста не кеміш, што болей значнае, фарбнае ў кніжцы. Усё кранае сэрца шчырасцю, логікаю.

Да глыбіні душы ўдзячны стараннаму краязнаўцу Мікалаю Мікалаевічу Дзікевічу за стварэнне глыбокіх этнаграфічна-краязнаўчых кніг. Падобных наймала.


Абавязаны, проста абавязаны ўзгадаць асобныя кідкія эпізоды жыцця М. М. Дзікевіча.

...Вострыць яго памяць вандроўны пераезны даваенны кінатэатр.

Па Дзітрыках Беліцкай гміны Лідскага павета падвечар ідзе прыгожая пані, патрэсвае меладычным званочкам, абвяшчае:

- Прыходзьце на кіно, глядзець прыемна ўсім.

Узвароціцца галасістая звонь, у вокнах твары свецяцца. Люд нічога не мувіць, пані выдатна разуме: народу прываліць уйма.

Праз гадзіну-дзве на прадстаўленні ў вольнай шырокай хаціне стракоча апарат, па белым палатне паўзуць аўто, лоўка танцуюць спрытныя мужчыны і жанкі, фасоністыя музыкі наярваюць рытмічную музыку, сталыя дзітрыкаўцы сцішана эхкаюць, падшпаркі кшталту Мікалайкі Дзікевіча пастрахотна ўзвіскваюць ад ляцелага на іх конніка.

І пішчом, праўдаю і няпраўдаю, платна і бясплатна мосцяцца радасныя на другі сеанс, трэці.

... Страшэннымі водбліскамі перакаўмлычваюцца ў памяці Дзікевіча сцэны ўзаемазнішчэння беларусамі беларусаў, славянамі славянаў: белымі (акаўцамі) камуністаў і праваслаўных, энкавэдэшнікамі - акаўцаў. Знішчэнне любымі прыхаднямі невінаватых вяскоўцаў, рабунак іх маёмасці, жывёлы.

Самыя лепшыя выхавальнікі і сябры-настаўнікі ў жыцці хлопчыка Міколкі, падлетка Міколы, студэнта Мікалая Дзікевіча, педагога і краязнаўцы Мікалая Мікалаевіча Дзікевіча - Яраслаў Уладзіміравіч Кухарскі, Зоя Іванаўна Шуціла (беларуская мова), Канстанцін Іванавіч Буйніцкі (матэматыка), Ліда Мікалаеўна Буяк, Вячаслаў Мікалаевіч Кучынскі, Вольга Іванаўна Белянкевіч, Канстанцін Уладзіміравіч Гец, Марыя Міхайлаўна Лукашэвіч (Казёл)...

Светлымі іскаркамі ў Дзікевіча ззяюць сустрэчы і размовы з выдатнымі педагогамі Іванам Іванавічам Салаўёвым і яго жонкаю Нэляй Антонаўнай, Юльянам Іванавічам Місюкевічам (Дзітрыкаўская школа Тарноўскага сельсавета).

Колькі памятае пенсіянер з 48-гадовым працоўным стажам, столькі ў савецкай перадавой паспяховай школе недахваты, нястачы, усуцэль праблемы.

У 2009 годзе вызначыць сектары і рады магіл на старабытных вясковых кладах, паказаць размяшчэнне канкрэтных пахаванняў старому Дзікевічу было цяжкавата. Тым болей, што нават родзічы не ўсё памяталі. А ён яшчэ апісваў надмагілле нябожчыка: прозвішча, імя, бацькоўства, дзень, год нараджэння/смерці, тэкст, яго мову. Выпісваў памылкі ў надмагіллях, розніў крыжы, праваслаўны ці каталіцкі, як стаіць, дзе, куды павернуты, у якім стане агароджа.

Не раз турбоціла: навошта падрабязна ўсё апісваць, балазе, асобным вясковым абыякаўцам усё да фені. Нават кнігу, у якой узгадваюцца родзічы, апісваецца лёс сям'і, нават кнігу такому млосіцца набыць. Рубля на паўлітру знойдзе, капейку на кнігу не адшкадуе.

Усплыве раздражненне, знікне. У мудраца Дзікевіча, каторы часта ўзіраецца, ацэньвае блізкае ўжо Тагасвецце, перамагае здавённае язычніцкае, дзеля чаго жыве кожны азораны: працуй не для іншых - для сябе, атрымаецца для іншых; не забудзеш мёртвых - памогуць табе і тваім, вяскоўцам, крэўнікам. Тамашнія лепей за многіх тутэйшых дзеі твае падтрымаюць, дадзена табе - свяці, працуй.

- Сёлета прыйдзецца пераўдакладніцца на магілках. Зменаў нямала, - сказаў ён мне дзесятага верасня 2014. - Узяўся - мушу рабіць толкам. Узваліў - цягну.

У словах працавітай пчалы, якая высокакваліфікавана працуе над трэцяй кніжкай, таксама дыхтоўнай і аб'ёмнай, свая праўда.

- Трэба ісці.

Спяшыць да сваёй падтрымкі і радасці Вольгі Іванаўны. У падзім'і і ўзімку М.М. Дзікевічу лепей, прадуктыўна працуецца, на доўгія размовы няма часу.


Багата што непакоіць ураджэнца Дзітрыкаў. Абыякаўства людзей да калектыўнага, саміх сябе, рэзкае прыніжэнне сярэдняга і вышэйшага ўзроўню навукоўцаў, улазства рэлігійных канфесій у палітычныя справы...

Калі дзеці разумнейшыя за татулю - шчасце. Страх бацькам, сціха паўтарае Дзікевіч, калі перад адыходам Туды, баяцца за пакінутую ў зямным жыцці крывіну. Рабіце ўсё для здароўя дзяцей, дастойна выхоўвайце.


- Выдзеліце, калі ласка, галоўную жыццёвую праблему, - адчуваю, размова плыве да лагічнага завяршэння.

Мікалай Мікалаевіч моцна злуе ад заняпаду беларускай мовы. Ганьба, на абласны Магілёў усяго адна дзяўчынка вучыць прадметы па-беларуску. Да чаго дажыліся, на стотысячную Ліду дзесяць школьнікаў у 2014-2015 пачнуць вучыцца на беларускай, у Гародні - пятнаццаць, у Менску лічаныя.

- Ніводнага Дэкрэта і Указа аб падтрымцы беларускай мовы ў краіне за дваццаць гадоў. Ніводнага. Чаму мы коцімся ў рускасць? Няўжо нашы дзяржаўцы не асягаюць створанай гіблоты з беларускай мовай, значыць з нацыяй. Нельга далей паніжацца, - ціха-ціха прамаўляе не краязнавец і даследчык - герой.

Яго шэпат грымотнаю ляскавіцаю б'е мне сэрца.

Сорак гадоў працы над абедзвюма кнігамі. Атрымаліся выдатнымі, яны неабходныя бібліятэцы, школе, навукоўцу. Спакойны лагічны стыль. Фактура вывераная, толкам згрупаваная.

- Чаму вы не падаеце заяву на прыём у Саюз беларускіх пісьменнікаў? - сто разоў задаваў яму пытанне чатыры гады таму, летась, сёлета.

Сціплы дабрак, якіх большасць у старабытных беларускіх вёсках, ухіляецца адказу, спасылаецца на альбы-што. Нават на занятасць, здароўе.

- У вас два важкія фаліянты. Прашу, падавайце.

Залішняя сціпласць таксама нядобра.

- Прымаюць не толькі за прозу і вершы, за краязнаўчыя працы і публіцыстычныя таксама, - спрабую ўпэўніць працавіціка ў неабходнасці для Лідчыны і Гродзеншчыны яго ўступленне ў СБП.

Адказу не маю. Мікалай Мікалаевіч Дзікевіч думае.

Шчыра віншую даследчыка гісторыі, летапісца лідскіх вёсак з 90-годдзем. Наймоцна хочу, каб яго сэрца яшчэ доўга і верна служыла Бацькаўшчыне.

Валер Санько, пісьменнік. На здымках : сям'я - М.М. Дзікевіч, жонка В.І. Дзікевіч, сын Валерый, дачка Іна; юбіляр і сын Валерый; вокладкі кніг.


Лідзяне і бітва пад Воршай

У Лідзе, як і па ўсёй Беларусі ўрачыста адзначылі 500-годдзе перамогі войскаў ВКЛ у бітве пад Воршай.

7 верасня ў Свята-Георгіеўскім храме г. Ліды была адслужана паніхіда па праваслаўных ваеначальніках ВКЛ, якія ўдзельнічалі ў гэтай бітве: па гетману найвышэйшаму князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму (з Турава-Пінскіх князёў), па ваяводу Юрыю Мікалаевічу Радзівілу (Геркулесу), па ваяводу Івану Сямёнавічу Сапегу і па князю Васілю Андрэевічу Палубінскаму (Палубенскаму, з Гедзімінавічаў) і па ўсіх ваярах, якія загінулі ў той бітве. І калі за першых трох маліліся па ўсёй Беларусі, то князя Палубінскага згадалі, мабыць толькі ў Лідзе, а тым не менш пад яго камандай пад Воршаю было паўтысячы ваяроў.

Пасля набажэнства на сяброўскай сустрэчы гучалі песні пра Воршу ў выкананні слыннага барда Андрэя Мельнікава.

11 верасня адбылося асвячэнне падзячнага медальёна князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму ад грамадзян Лідскага раёна (медальён работы лідскага скульптара Вадзіма Вераб'ёва). Асвячэнне ў прысутнасці вернікаў здзейсніў дабрачынны Лідскай акругі айцец Расціслаў.

Звяртаючыся да вернікаў айцец Расціслаў сказаў:

- Ён найперш шмат зрабіў дзеля таго, каб межы нашае радзімы былі абароненыя. А для праваслаўнае царквы пры ім было адчынена шмат новых храмаў. Ён быў пасапраўднаму веруючым чалавекам, заўсёды наведваў храм, маліўся і шмат зрабіў дзеля таго, каб вера праваслаўная існавала на нашых землях. І нездарма ж яго цела пахавана ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Гэта шмат пра што сведчыць...

Пра значнасць перамогі пад Воршай гаварыў і старшыня ТБМ г. Ліды Станіслаў Суднік.

- У 1512 годзе яны ўзялі Смаленск, і Смаленск дагэтуль іхні. У 1514 пайшлі на Воршу, Віцебск, Полацк, Барысаў і Менск. Канстанцін Астрожскі спыніў нападнікаў, і гэтыя гарады і сёння нашыя.

Падзячны медальён - гэта самае малое, што ўдалося зрабіць. Беларусь чакае на велічны помнік гетману найвышэйшаму Канстанціну Іванавічу Астрожскаму. Дасць Бог прычакаем, бо вынік перамогі Астрожскага пад Воршай - гэта нашая сённяшняя дзяржава Беларусь.

Яраслаў Грынкевіч.


Князь Васіль Андрэевіч Палубінскі - паўтысяцкі ў бітве пад Воршай

Да 500-годдзя бітвы

Бітва пад Воршай адбылася 8 верасня 1514 г. Гэта была найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512-1522 гг. паміж войскам ВКЛ і маскоўцамі на рэчцы Крапіўне за 5 км ад Воршы. Нават расейскія гісторыкі пісалі пра грандыёзны разгром арміі маскавітаў колькасцю ў 80000 чалавек амаль у тры разы меншымі сіламі вялікага князя літоўскага. Падзеі апісваліся ў класічных працах М.М. Карамзіна, Н.С. Арцыбашава, С. М. Салаўёва і іншых.

Войска ВКЛ, якое падпарадкоўвалася вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Жыгімонту Казіміравічу, складалася з прадстаўнікоў абедзвюх дзяржаў. Непасрэдна ў паходзе да Воршы і ў бітве пад камандаваннем князя Канстанціна Астрожскага ўдзельнічалі каля 30 000 чалавек з неакрэсленай колькасцю гармат. Лёгкую конніцу ўзначальваў Юры Мікалаевіч Радзівіл, польскіх наймітаў - Януш Свярчоўскі, надворнае каралеўскае войска і аддзелы паноў - Войцех Сампаліньскі.

Аснову ўзброеных сіл ВКЛ складала паспалітае рушэнне, якое склiкалая напярэдадні ваеннай кампаніі. Кожны шляхціц, які меў зямельны надзел, абавязаны быў несці ваенную павіннасць.

Вядомая акруговая прызыўная грамата Жыгімонта ад 24 траўня 1514 г. аб выступленні ў паход на дапамогу Смаленску. У грамаце адзначалася, каб усе "были наготову на службу нашу на войну, и держали кони сытыи и зброи чистыи" . У ёй даваўся і тэрмін, да якога павінна прыбыць земскае апалчэнне: "…кождый со своим поветом, тогож часу, ничого не мешкаючи на кони воседали и до Менска тягнули, на рок, на день святого Ивана" . Грамата была накіравана "до князей, земян, бояр и панов" пералічаных паветаў.

З зямель ВКЛ меркавалася сабраць харугвы наступных адміністратыўных адзінак (у дужках пазначаны службовыя асобы на той момант): Віленскага ваяводства (ваявода Мікалай Мікалаевіч Радзівіл), Гарадзенскага і Ковенскага паветаў з Троцкага ваяводства (ваявода і надворны маршалак Рыгор Станіслававіч Осцікавіч), Жамойцкай зямлі (стараста Станіслаў Янавіч Гаштольд), Валынскай зямлі (маршалак Канстанцін Іванавіч Астрожскі), Дарагічынскага і Бельскага паветаў з Падляскага ваяводства (віцебскі і падляскі ваявода Іван Сямёнавіч Сапега), Берасцейскага павета (берасцейскі стараста Юры Іванавіч Іллініч), Уладзімірскага павета (уладзімірскі стараста Андрэй Аляксандравіч Сангушка), Наваградскага павета (ваявода Ян Янавіч Забярэзінскі), Камянецкага павета (князь Сямён Чартарыскі), Гарадзенскага павета (ваявода Юры Мікалаевіч Радзівіл "Геркулес"), Менскага павета, Пінскага княства (пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч). Тут няма ўсходніх тэрыторый, бо да траўня-чэрвеня 1514 г. насельніцтва прыгранічных паветаў ўжо паднялося на абарону.

У 1502 г. на сойме ў Наваградку вялікі князь Аляксандр сумесна з панамі-радамі устанавіў норму - 1 узброены вершнік з 10 службаў (г.зн. з 20-30 сялянскіх двароў). На Віленскім сойме 1511 г. было вырашана, што адзін вершнік павінен выстаўляцца не з дзесяці службаў, а з дзесяці "дымоў".

Захаваліся дакументы, верагодна 1513 г. пра колькасць вершнікаў, якіх маглі выставіць гарады ВКЛ. Ліда павінна была паставіць у войска ВКЛ 30 узброенных вершнікаў, Васілішкі - 8 (Менск - 20, Гародня - 20, Берасце - 150, Слонім, Ваўкавыск, Наваградак - па 20) .

З усіх лідзян нейкую інфармацыю пра ўдзел у бітве мы маем толькі адносна жалудоцкага дзяржаўцы князя Васіля Палубінскага (Палубенскага). Ужо 15 чэрвеня 1514 г., г.зн. за тыдзень да заканчэння тэрміну збораў войска, жалудоцкі дзяржаўца Васіль Палубінскі прыйшоў са сваім поштам колькасцю 50 коннікаў, да яго аддзела далучылі атрад у 511-526 чалавек, і князь Палубінскі з сваімі войскамі адным з першых з'явіўся ў раёне баявых дзеянняў. Па перапісу 1528 г. ён выстаўляў 43 вершнікі, што амаль што супадае з ягоным аддзелам ў 50 вершнікаў, якіх ён прывёў у 1514 г.

Князі Палубінскія маюць наўпроставае дачыненне да Лідчыны, паколькі валодалі Мажэйкаўскім ключом, ды і прозвішча паводле адной з версій паходзіць ад лідскіх Палубнікаў.

Выводзіліся паводле ўласнага радаводу ад Андрэя Альгердавіча, гэта ўскосна пацвярджаецца тым фактам, што бацька нашага героя Андрэй Палубінскі пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры побач з кіеўскім князем Уладзімірам Альгердавічам. "Левага", хай сабе і князя, побач з сынам вялікага князя літоўскага пакласці наўрад ці дазволілі б.

Князь Васіль Андрэевіч Палубінскі (каля 1480- 4.03.1551) - намеснік уладзімірскі (1505-07), дзяржаўца любашанскі і цяцерынскі (1515-16), дзяржаўца жалудоцкі (1516-35), каняўскі і дубіцкі (1527-29) маршалак гаспадарскі з 1521 г., стараста мсціслаўскі і радамскі з 1535 г. Валодаў маёнткамі Гарадзішча, Яблынь, Глыбокае, Круглае (цяпер г.п. Круглае ў Магілёўскай), Палюбічы і Мажэйкава.

У лютым 1509 г. за зносіны са "здрадцамі" Глінскімі князь Васіль Андрэевіч Палубінскі быў арыштаваны. Арыштаваныя былі таксама князь Ольбрахт Гаштольд, князь Аляксандр Хадкевіч, стайнік Мартын Храбтовіч і падскарбі Федзька Храбтовіч. З-пад арышту князь Васіль Андрэевіч Палубінскі быў вызвалены 18 траўня 1511 года. Пасля ўсе пяцёра былі апраўданы. І, як бачна, князь Васіль Палубінскі ды, мабыць, і астатнія не мог спазніцца пад Воршу.

Князь Васіль Палубінскі перажыў свайго сына Льва Васільевіча, якога пахаваў у Кіева-Пячэрскай лаўры, і сам быў пахаваны там жа. Так што ў Лаўры спачывае не толькі гетман найвышэйшы ў бітве пад Воршай князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі, а і паўтысяцкі ў той жа бітве Васіль Андрэевіч Палубінскі.

Палубінскія - адзіны, мабыць, беларускі княскі род, князі трох пакаленняў якога ляжаць у Лаўры.

Леанід Лаўрэш, Станіслаў Суднік.


Удакладненне

У № 36 (1187) газеты "Наша слова" ад 3 верасня 2014 г. на ст 6-7 быў змешчаны артыкул "Адлюстраванне Аршанскай бітвы на старонках беларускіх падручнікаў".

Па тэхнічных прычынах артыкул надрукаваны без подпісу.

Аўтарам гэтага артыкула з'яўляецца кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў .

Рэдакцыя прыносіць прабачэнні аўтару за недагляд.


"Я хачу прайсці па зямлі,

Самым верным, любімым сынам"

Вечарына памяці Генадзя Бураўкіна адбылася ў Менскім Палацы мастацваў. Яе вялі старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца і паэт Леанід Дранько-Майсюк. Зала была перапоўнена прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, сябрамі грамадскіх арганізацый, аматарамі паэзіі. Відэашэраг дазволіў убачыць Генадзя Мікалаевіча на экране падчас яго спатканняў з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Радзімам Гарэцкім, ў працоўным кабінеце на Белдзяржтэлебачанні, у прадстаўніцтве ў ААН. Можна было адчуць цяпло яго вачэй і лагоду ўсмешкі, убачыць яго з матуляй, з жонкай, дзецьмі і ўнукамі на фотаздымках, пачуць ягоны голас.

" Ён адышоў, але ён з намі", - такога зместу былі прамовы выступоўцаў. Рыгор Сітніца ўзгадаў пра сяброўства Генадзя Бураўкіна з мастакамі: Гаўрыілам Вашчанкам, Арленам Кашкурэвічам, Леанідам Шчамялёвым, Георгіем Паплаўскім і іншымі. На Леаніда Дранько-Майсюка паўплывалі словы школьнай настаўніцы, якая сцвярджала, што ў кожнага павінен быць свой абраны беларускі паэт, а яе ўлюбёным паэтам быў менавіта Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.

Дарагімі ўспамінамі пра студэнцкае сяброўства падзяліўся паэт Васіль Зуёнак. "З Генадзем мы жылі некалькі гадоў у інтэрнаце па вул. Няміга, 21. Нашы ложкі стаялі побач, галава да галавы, і я адчуваў чалавечае і паэтычнае дыханне майго сябра. Памятаю, як ён рыхтаваў зборнік лірыкі "Майская просінь". Насупраць нашага дома ўзвышаўся Свята-Петра-Паўлаўскі сабор. У нашым будынку на першым паверсе знаходзілася прадуктовая крама. Мы набывалі ў ёй ежу, і з прычыны паспяховай здачы іспытаў ці на святы таксама спускаліся ўніз, у краму.

Мы развітваліся з родным Генадзем на Нямізе, у тым жа Свята-Петра-Паўлаўскім саборы, пры спевах хору і малітвах святароў, пры запаленых свечках.

Але мне так хацелася прамовіць:" Уставай Генадзь! Пойдзем, пасядзім у нашым інтэрнацкім пакоі, дзе было так весела, гаманліва, дзе ўсе былі маладыя!"

Анатоль Вярцінскі прысвяціў верш шаноўнаму сябру. Ён сказаў пра паэтаў:

" Яны не старэюць

і не паміраюць,

Яны як высокія

зоркі згараюць…".

Песні на словы паэта выканалі Таццяна Матафонава і яе сын Адась. Вершы задушэўнага лірыка прачытала народная артыстка Зінаіда Бандарэнка. Публіцыст Віктар Казько, які браў інтэрв'ю ў Генадзя Мікалаевіча з нагоды яго 75-годдзя для "Народнай волі", узгадаў сімвалічную гісторыю: " У маладосці быў такі выпадак, калі студэнтам трэба было бегчы крос на доўгую дыстанцыю. У 50-тыя гады яшчэ не было модных красовак і бутсаў. Малады Генадзь пабег, а на нагах у яго былі цяжкія боты. Тады ён скінуў нязручныя боты і пабег босы, па калючай дарожцы, пасыпанай жвірам. Балюча было паэту бегчы па колкай трасе, рэзалі ногі яму каменчыкі. Нехта крычаў з трыбуны: "Давай, длинный, давай!". Так і ў жыцці паэту прышлося хадзіць па вастрыні ляза, браць удзел у вострых грамадскіх дыскусіях і змаганні. Але ён трываў, цярпеў і перамагаў!"

Фатограф Георгі Скрыпнічэнка падзякаваў Генадзю Мікалевічу за тое, што ён быў з грамадой сяброўскім, шчырам, даступным. Ён дазволіў быць побач з ім многім мастакам, паэтам, усім творчым асобам.

На прыканцы вечарыны песні Генадзя Бураўкіна выканаў Зміцер Вайцюшкевіч.

Э. Дзвінская. Фота аўтара: 1. Мікалай Тоўсцік, Гендзь Бураўкін, Уладзімір Содаль, 2009 г. 2. На вечарыне памяці.


Агмень нябесны не пагас

Памяці Генадзя Бураўкіна


Згарэў наш паэт, як "высокая зорка",

А ў нас, на душы няёмка і горка.

Пайшоў у святую, высокую весь,

Аддаўшы народу талент увесь.


Пакінуў для нас ён ведаў абшар,

Не знішчаць ні час, ні іржа гэты дар,

Патрэбны ён будзе краіне вечна,

На жаль, час такі хуткацечы.


Нашчадкаў, роўных таленту Купалы,

На зямлі Беларусі пакуль яшчэ мала.

А паэт, што рыфмуе слоўцы-ўздыхі,

Як снег вясною, сыйдзе паціху.


Паэзія Бураўкіна разлілася ў народзе,

Бо сябе ўсяго аддаваў ён свабодзе,

У зло цаляваў сваю вострую дзіду,

У безкультур'е, хлусню ды крыўду.


Быў дэпутатам і дзяржаўным мужам,

За сваю Беларусь змагаўся мужна,

Дарогу масціў маладой дзяржаве,

Дбаў аб яе дабрабыце, гонары, славе.


Пойдуць, я веру, па вуліцы паэта,

Чытачы - беларусы зімой і летам,

I словы ўспомняць, што ён ім гаварыў.

Вялікі дзякуй, што з намі ён жыў!..

Мар'ян Даргель.


Алесь Старыкевіч: У дэлегатаў Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць павінна быць гранічна простая мэта

30 жніўня з ініцыятывы вядомых грамадскіх дзеячоў і навукоўцаў Алены Анісім і Алега Трусава ў Менску створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасць Беларусі. Але падобны форум ужо зафіксаваны ў найноўшай гісторыі краіны. З ініцыятывы і пад кіраўніцтвам вядомага беларускага журналіста Алеся Старыкевіча 14 гадоў таму, 29 ліпеня 2000 года ў Менску адбыўся Усебеларускі з'езд за незалежнасць. Яго сустаршынямі былі паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, акадэмік Радзім Гарэцкі і гісторык Анатоль Грыцкевіч. На з'ездзе 1.376 дэлегатаў прадстаўлялі 227 арганізацый, розныя колы грамадства і ўсе рэгіёны краіны. Дэлегаты прынялі "Акт незалежнасці Беларусі". У ім адзначаецца, што рэальную пагрозу суверэнітэту краіны нясе дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, падпісаная 8 снежня 1999 года. У сувязі з гэтым акт не прызнае законнымі любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі. Акт заклікаў беларускіх грамадзянаў бараніць незалежнасць Бацькаўшчыны, а сусветную супольнасць - забяспечыць гарантыі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Грамадскасці будзе цікава пазнаёміцца з абставінамі, пры якіх рыхтаваўся і праводзіўся Усебеларускі з'езд за незалежнасць. Пра гэта карэспандэнту НЧ распавёў кіраўнік працоўнай групы аргкамітэту з'езду Алесь Старыкевіч.

- Напрыканцы 1999 года ў сувязі з падпісаннем дамовы пра стварэнне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі было адчуванне, што страта незалежнасці вельмі-вельмі рэальная. Было зразумела, што супрацьстаяць сілай гэтаму няма аніякай мажлівасці. І ўзнікла думка, што трэба прыняць адмысловы дакумент, які б засведчыў імкненне беларускага народа да дзяржаўнасці і незалежнасці. Прычым, скажу шчыра, быў не столькі разлік на тое, што гэты дакумент спыніць нейкія працэсы, колькі на тое, што ў выпадку дрэннага развіцця падзей гэты дакумент можа стаць падставай для вяртання незалежнасці праз некаторы час. Як абвяшчэнне БНР у 1918-м транзітам праз БССР дазволіла Беларусі стаць незалежнай дзяржавай у 1991-м…

Я не збіраўся займацца падрыхтоўкай з'езду, бо заўсёды працаваў журналістам і не меў нейкага досведу арганізацыйнай працы. Меркавалася, што зварот за подпісамі 15 асобаў, досыць вядомых у краіне, з ідэяй правядзення з'езду перадаецца ў партыі дэмакратычнай апазіцыі на рэалізацыю, бо ў іх ёсць неабходныя структуры для правядзення форуму. Але лідары большасці партый паставіліся да гэтай ідэі раўніва, бо гэта не сыходзіла ад іх. Паколькі ніхто з гэтых людзей не збіраўся падключацца да падрыхтоўкі з'езду, ініцыятарам ідэі самім давялося брацца за гэты гуж. Сустаршыні аргкамітэту - Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі і Анатоль Грыцкевіч прапанавалі Васілю Быкаву далучыцца да працы аргкамітэту. Але ён ветліва адмовіўся, паколькі знаходзіўся па-за межамі Беларусі. І хоць сустаршыні не займаліся штодзённай арганізацыйнай працай, аднак мушу падкрэсліць, што без іх з'езду б не было. Бо аўтарытэт гэтых выбітных людзей дазволіў невялічкай працоўнай групе з чатырох чалавек падрыхтаваць найбуйнейшае мерапрыемства апазіцыі ў закрытым памяшканні за ўсю гісторыю.

Ідэя была такая, што дэлегаты на з'езд абсалютна празрыста вылучаюцца як ад арганізацый, так і сходамі грамадзянаў. Мы ўклалі шмат намаганняў, каб спрыяць гэтаму вылучэнню. Я сам едзіў па рэгіёнах і, дарэчы, сустракаў досыць сур'ёзную падтрымку сярод тых шараговых актывістаў апазіцыі, лідары якіх ад пачатку сабатажна паставіліся да ідэі з'езду Спачатку было цяжка, тым больш, што былі спробы пэўных інфармацыйных атак супраць арганізатараў з'езду ў недзяржаўнай прэсе. Аднак адкрытая сістэма, у якой мы працавалі, падтрымка людзей на месцах і аўтарытэт сустаршыняў аргкамітэту дазволілі давесці справу да ладу.

Трэба мець на ўвазе, што тады яшчэ можна было зарэндаваць Палац культуры Менскага тонкасуконнага камбіната, што і было зроблена. І пачаўся вялікі аб'ём абсалютна простай будзённай працы. Прычым, у нашай працы не было аніякіх сакрэтаў, акрамя вялікага жадання зрабіць нешта для захавання незалежнасці. Сябры працоўнай групы рабілі гэта сумленна, з энтузіязмам і поўнай аддачай. Нечаканасці былі дзве. Першая, што спадзяваліся на падтрымку апазіцыі, а атрымалі яе ў вельмі абмежаваным выглядзе. А другая, што ўлада не перашкаджала нашай працы, бо ў краіне змянілася сітуацыя. Калі ў 1999 годзе Аляксандр Лукашэнка бачыў хворага Барыса Ельцына і пайшоў у Крэмль напрасткі, спадзяючыся, што будзе кіраўніком саюзнай дзяржавы, дык раптам на арэне з'явіўся Уладзімір Пуцін, і кіраўніку беларускай дзяржавы давялося змяніць курс. Вось чаму нашае мерыпрыемства ўладу моцна не раздражняла. Натуральна, яна не разглядала нас у выглядзе нейкіх хаўруснікаў, але і сур'ёзна не шкодзіла нашай працы. У выніку на з'езд было вылучана каля 1.500 дэлегатаў з 117 раёнаў Беларусі. Наш сход атрымаў шэраг прывітанняў з-за мяжы, у тым ліку ад тагачаснага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела і старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Сярод тых, хто дапамог ў падрыхтоўцы з'езду, трэба адзначыць Таццяну Процьку, Генадзя Грушавога, Уладзіміра Роўду, Ніну Шыдлоўскую. Яўгена Лабановіча, Валянціну Палевікову, Ірыну Германовіч, Сяржука Бахуна, Аляксея Караля, Вячаслава Сіўчыка, Іосіфа Навумчыка, Таццяну Ваніну, Юрася Беленькага і шмат-шмат-шмат іншых… Да з'езду спрычыніліся нават ліберал-дэмакраты, якія надрукавалі і прывезлі мноства ўлётак. Сам з'езд прайшоў, на дзіва, вельмі прыстойна, улічваючы, што зала была перапоўненая, і людзі занялі ўсе праходы. Паколькі з'явіліся пажарныя і прадстаўнікі сілавых структураў, якія запатрабавалі вызваліць праходы, мне давялося разрульваць гэтую сітуацыю і дамаўляцца. Аднак каманды "фас" сілавікі ўсё ж не атрымалі, таму аніякіх эксцэсаў пад час з'езду не адбылося. Я цешуся шляхетнымі паводзінамі дэлегатаў, якіх з'яднала і ўзняла ідэя незалежнасці Бацькаўшчыны.

На Дзень Волі 25 сакавіка 2001 года адбылося ўрачыстае падпісанне "Акту незалежнасці Беларусі" у прысутнасці дыпламатычных прадстаўнікоў замежных краін.

І сёння, калі створаны аргкамітэт Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць Беларусі, жадаю яго сябрам вылучыць гранічна простую, ясную і разумную мэту. Так рабілі мы. І гэта было падтрымана людзьмі.

Марат Гаравы.


Каму молімся

Усплёскі хваль памяці ў дзень 75-годдзя

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

- Ваш белорусский язык скоро отойдет, знайте это, - сказаў Машэраў праз некалькі месяцаў Сцяпану Міско на Бюро ЦК КПБ, калі разбіралі яго скаргу-нязгоду з выключэннем з кампартыі.

- Не, не адамрэ беларуская мова, - нязгібна ўрэзаў Сцяпан Міхайлавіч, фалькларыст і патрыёт.

Увойну ў іх хаце некалькі дзён хаваўся ад немцаў Сяргей Прытыцкі.

- Почему же?

- Бо ёсць не толькі мы, а і ўсе вы. Мова не адно наша, а й ваша.

Сцяпана Міско не аднавілі ў партыі, не ўзновілі на працы ў інстытуце, але словы нярушнага, смеляка доўга хадзілі па ўсіх начальніцкіх кабінетах.

... Рэшта беларускіх паслухмянікаў/начальнічкаў, у камісіях абы-хто не засядаў, падтрымалі ў 1982 ненавіджанае тады і пасля рашэнне-рэкамендацыю ЦК КПБ. Ні адзін тагдышні засядалец не дапамог таму, пра каго цяпер усе яны і дзяржаўцы звоняць гадамі, бесперастанку. Прэмію Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу геніі і аб'ектывісты з Камітэтаў прысудзілі наступны раз, ужо мёртваму, праз два гады.

Каго-небудзь з тых рашальнікаў-паслухмянцаў хоць праз гады пасарамацілі? Выставілі іх бязглуздзе і звычайную беcпрынцыповую ўслужнасць на святло ўсялюдства? Не.

Ведаюць дзеці, унукі, суседзі, саслужыўцы пра бездухоўнасць галасавальнікаў у тыя гадзіны? Безумоўна, не. Усё ў нас плыве ціхенька, адхіляем аўтара патайненька, душым дружненька. Ананімныя рэцэнзіі на падручнікі і літтворы ўсё часцей, як у колішнія савецкія часы.

Агідзела ўсё. З намеснікам рэдактара "Маладосці" мудрым Алесем Наварычам сузгаднілі ў 2007 годзе ў аповесці "Карыды вогненныя іскры", 31 стар., кожны радок і коску, знялі няўзгодкі (апрача адной), - а твор як ляжаў нярушна ў "Маладосці", так і ляжыць. З 1987 чатыры разы грукаў у гэтыя дзверы "Карыдай". Ляжыць дарэчы там і апавяданне "Іскры Алімпіяды", таксама адобранае, ні ў адной дзяржлітрэдакцыі не надрукаванае, у тым ліку ў "Полымі", "Нёмане".

Сёлета ў маі "Карыду" адхіліла чарговенькая знаўца літаратуры беларускай, рэдактар "Маладосці" Святлана Дзянісава: - Друкаваць не будзем. - Аддзел здаў. - Ну і што. Не будзем і ўсё. - Чаму? - Вы так паказалі карыду, нібы сядзелі ўнутры быка. - Гэта дрэнна? - Ну знаеце... - Такое было дзе-небудзь апісана? - Ну знаеце... - Да стылю, мовы заўвагі ёсць? - Ну знаеце...

Знаю, не тут, разумная, табе народ вучыць.

Паслухаць аргументацыю такіх кіраўнічкоў, іх падказчыкаў - мацней упэўніцца, апрача агульшчыны і "ну знаеце..." у важных выпадках у іх нічога няма. Доктар навук, прафесар чуе, калі не на месцы, не бярэцца ў рожкі, асобныя літсядзельцы ў беларускай цяпершчыне да гэтага не дараслі. Адукаваныя невукі лічацца адно з уласным вопытам і ведамі, мяркуюць, іх седалы заменяць доказнасць.

Уся матывацыя гарадскіх і вясковых аступененцаў: нам так думаецца, мы так рашылі. А мо' - ім так параілі.

Адна з прычын развалу Савецкага Саюза - абсалютная адсутнасць канкурэнцыі на заводах і фабрыках, у інстытутах і рэдакцыях. Вытваралі другаснае, адсталае, завальвалі нялепшым, а то і бракаваным гаспадаркі, склады - і радаваліся. Ад беспакаранасці. Яшчэ да Гарбачова алмаза- і золатаздабыўная краіна, з найурадлівымі глебамі, працавітым людам займела 120 млрд долараў доўгу, траціну ВУП, і вінаватых няма. Заслужыла назву чумы ХХ стагоддзя, імперыі зла менавіта з-за наплоджанай кіраўніцкай шэрасці, непрыйманні другой думкі, ідэі.

Сімпатычная ўпэўненка Дзянісава пачуваецца невінаваткаю. Доказніцца не можа, апраўдвацца не можа, аўтаматам выгуджвае чутае мною пяцьдзесят гадоў: не будзем друкаваць. Яе вінаваціць - пустое, яна як усе ў беллітпаўсюддзі. Савецкае тагачассе ў цяперашняй сучаснай акантоўцы.


Урыўкі з майго дакументальнага рамана пра Чарнобыльскую катастрофу "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", 2013, 612 стар., 50 экз., адхілялі выданні Беларусі па некалькі разоў. Старонкі не надрукавала ні адна дзяржгазета, незалежная "Народная Воля" таксама. Язычніцка-прыкметаўнае апавяданне "Самагубства - грэх апраметны", 6 стар., за тры гады 26 (!) разоў адхілілі ўсе (!) дзяржаўныя і недзяржаўныя, рэспубліканскія і абласныя газеты, так, так, і абласныя. У ім рэдкае прыкметаўства, якое не ведае люд беларускі, якое ратуе намежавых ад самагубстваў, прадоўжыць радасць/пакуты існавання, а рашальнікам - памер велікаваты, аўтар нянашанскі, ёсць слова каструбаватае, мала званіў, кланяўся...

(Надрукавалі яго "Літаратурная Беларусь", "Наша слова" і Слуцкі міжраённы "Інфакур'ер").

- Аціхні. Не рассылай. Усё роўна ніхто не плаціць рубля, - часам уздыхае жонка. А праз хвіліну: - Калі выконваеш абавязак, не можаш таіць з неба дастанае, пасылай, звані. - Праз гадзіну: - А лепей супакойся, - часцяком падагульвае мая Юльянаўна, несвядома ад самой выказвае словы маці Скуцэня (Санько) Любы Кузьмінічны, медсястры з 46-гадовым стажам (1918-2001), якая трыццаць гадоў упрошвала не займацца няўдзячнай літсправай, дакарала, што я кінуў медінстытут.

"Што б ні сказалі - лепшай літаратуры беларускія часопісы друкаваць не стануць, бо... яе няма. І лепшай крытыкі ў часопісах не будзе, бо... яе не можа быць! Каб была сапраўдная літаратура і сапраўдная крытыка, патрэбна адна ўмова: магчымасць "рэзаць праўду-матку". Пісаць без аглядкі на Галоўліт або на чыноўніка з аддзела, які дрыжыць за крэсла. Поўную праўду - ва ўсім і да канца". (16.11.83. Н. Гілевіч. Збор твораў. У 23 тамах. Т. 20, 2008, с. 290).

Дадам, і лепшыя ацэншчыкі не заявяцца.

Вераемна, настаў час пацікавіцца, а хто яны, суддзі. Можа Валер Санько прыдзіраецца, уласны боль дарэмна абагульняе, шырыць на ўсю белдзяржлітслужбу...

Фразамі кароткімі не адкажаш, болей паказваць існае аблудства на беларускіх літаратурных гонях, канкрэтнымі новымі прыкладамі высвечваць недарэкства ў "Полымі", "Маладосці", "ЛіМе", чым у прадмове да кнігі "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах", не хочацца... Гаркэчы выльецца не кропля - лыжка, шклянка.

Усё робіцца міністэрствамі, канцэрнамі, адміністратарамі для ўзбагачэння роднай мовы ў Расіі і Францыі, Украіне і Польшчы, Літве і Германіі. Нашы таксама стараюцца для пашырэння беларускай мовы. Спасылкі на адных арганізатараў рэферэндуму - адгаворкі, хітраподласць. Не знойдзеш цяпер ні аднаго вінаватага ў дзесяці- сторазовым паніжэнні яе статусу, значэння. Усе - ЗА. На словах. Фактычна ідзе змінусоўванне.

Болей за тое, вялікія і малыя адміністратары, беларускае чынавенства любых узроўняў усё часцей аргументуе, нібы ў заняпадзе беларускай мовы павінны трактарыст і фрэзероўшчык, медсястра і настаўнік. Народ, ці бачыце, адмаўляецца ад беларускасці, не хоча аддаваць дзяцей у беларускія класы. Выкруцельская нізота такіх аргументаў не мае межаў.

Гадамі кіпіць у грудзях, плача сэрца ад творанага ў дзяржаве моўнага недарэцтва. Няўжо башкавітыя адміністратары не распетраць, што ім пагражае на першым Перакрыжаванні, на якім будзе кожны чалавек, пагражае не асабіста Івану Іванавічу, Леакадзіі Тадэвушаўне, Ісаку Ізрайлевічу, а і сем'ям іхнім; як і кожнаму, хто нішчыць жывое, уплоцеванае сотнямі пакаленняў, мільёнамі стогнаў. Або падгаварвае забіваць, нішчыць. Пазайздросціць такі службовец чарвяку на распаленай скавародцы.

Хтосьці павінны не трымаць хвігу ў кішэні, спадзявацца на некага, а сам мусіць званіць, крычаць. Я стараюся, даводжу практыкай пісьма, глыбінёй развагаў герояў.

Усё жыццё гарбаціцца, маліцца, прасіць могі сабе і народу беларускаму, каб пасля баяцца прывесці народны мазольны аб'ектывізм, невядомы дасюль факт, родны дыялект… Які ты стваральнік! Не гадзіцца. Стараюся гаварыць на колькі долею шурпатую вострую праўду, выпакутаваную філасофскую тытэзу. Натуральнае аб'яднанне формаў, вобразаў, ужыванне фальклёрнасці ў маіх апісаннях падзеі, чалавека, прыроды было і, дасць Бог, будзе.

Стваральнік толькі, хто вынаходзіць , - казалі Гіём Апалінэр, Аляксандр Купрын, неаднойчы ўторыў Іван Бунін. А ў многіх малых і вялікіх беларускіх творах усё коціць пад фактурнасць і рэалію хвіліны, то бок сённяшнасць, банальшчыну.

Недасведчаны чытач змушвае аўтара падрабляцца пад сябе. А вынік? Шматаблічнае ўзаемнае эпігонцтва спараджае абмежаванасць ўсяго беларускага грамадства, нізіць культуру.

Ненатуральная, калькаваная мова, невучоба ў носьбітаў беларускасці - у вясковага люду, - другаснасць, гарадскі рускі шаблончык валодаюць многімі беларускімі пісьменнікамі.

Стваральнікі забываюць, хуткапіс дэтэктыва, лёгкасць чытання лістоўкі з часам чытачы палічаць узорам, вырастуць павярхоўнікамі. Пошаснае ўзаемаперапляценне фактографа-пісьменніка і неглыбокага чытача не прывядзе да дабра.

Дванаццаць (!) разоў я падаваў заявы на прыём у Саюз пісьменнікаў, чатыры разы абмяркоўвалі на Радзе СП. Беларускія ласкавыя справядлівыя таленавітаўцы прынялі з чацвёртага раднага абмеркавання (1997).

На пасяджэннях/абмеркаваннях секцыі прозы не быў. Чамусьці не паведамлялі пра іх. Здарылася быць на абмеркаванні 1992 г. Выступілі за прыём мяне ў СП дзевяць чалавек, салідныя, аўтарытэтныя, доказныя. Галасаванне тайнае. Асобныя невыступоўцы, паводле шчыранькіх запэўніванняў, таксама станоўчылі. Вынік: за мяне - шэсць галасоў. Хто крывадушніў, хто?

Тое ж паўтарылася ў 1993 (за - 11, супраць - 12).

Беларускія таленты і зайздроснікі паспачуваюць беднаму і небарачнаму, а не хто працуе ў выдавецтве, хто з-за няхвату часу не танцуецца з імі ў хаўрусоўствах, выпівонствах.

...Часам прыпылены хрысціянін, мусульманін, жыд, канфуцыянец, буддзіст мяркуе: сам не буду подліць іншаверцу, хаця вера мая дазваляе, я шаную Бога, ягоныя ісціны, але падвучу на зло бамжатнага пня ці наркамана, той за капейку для дозы маці прадасць. Ашукваюцца падвучальнікі, выканаўцы. Нават за думкі такія Неба карае самога і крэўных, неабвержна, як за ўсходам ідзе захад.

Не ведаюць двурушныя, любое раздвойванне (кажа адно, робіць другое) у самога аднімае сілу бачыць, нішчыць здольнасці. У самых нечаканых праявах.

Менавіта таму людзі ўсіх канфесій не жывуць тараканамі ў слоіках, пацукамі ў пограбах. Не грызуцца і другім не дазваляюць. Носяць мір, любоў, спагаду не адно ў сэрцы і мазгах - у справах, учынках.

Самі жруць сябе беларусы. Не памагаем - топчам, душым адметнае, нязвычнае.

У цудоўным беларускім літаратурным поніззі, савецкім і так званым цяперашнім незалежным, ніхто тады нікому не быў патрэбны і цяпер нікому не трэба. Нават рэцэнзентам газет, часопісаў. Многія выданні ляпаюць памылкі адну за другой, свядома і несвядома ядзяць сябе і прыяцеляў, крэўнікаў, Беларусь.

Маю аповесць пра гераізм беларускай сялянкі, грэх адмаўлення Бога - "Воўка ты знойдзеш на сваю шыю", 69 стар., - за ўсе гады адхілілі 24 разы (скарочаны варыянт так-сама). Аповесць "Карыды вогненныя іскры", 31 стар., адхілілі 12 разоў. Залежным і незалежным, прыватным усё штосьці муляе.

...У шасцітомавай энцыклапедыі "Пісьменнікі Беларусі" ўзгадалі ўсіх, хто надрукаваў хоць адну кніжку, у мяне было надрукавана да 1984 г. сем аповесцяў, сорак апавяданняў, тры кніжкі, - нават у дадатку "ПБ", апошні том, мяне не ўзгадалі. Ад СП не падалі звесткі. Такіх аплявушынаў я зазнаў мноства.

У Беларускай Энцыклапедыі пра мяне не ўзгадалі, хаця даўно быў членам СП. Распытаўся пра недарэкства, пагаварыў з галоўным рэдактарам, старанніцай Ларысай Языковіч. Толькі тады ўставілі ў Дадатак, том 18, кн.1. Рэдкі з чытачоў зазірае ў апошні том, Дадатак.

БЭ друкавала энцыклапедыю ВКЛ. Гаварыў я з загадчыкам рэдакцыі Бажэнавым. Грэх не даць радкі пра таго, хто арганізоўваў першую беларускую краязнаўчую рэдакцыю, кіраваў, хто шмат памог навукоўцам і практыкам, хто за сваё жыццё надрукаваў амаль 160 кніг па краязнаўству, гісторыі.

Прынясіце кароткую біяграфію. - Прынёс, цэлую старонку. - У другі том энцыклапедыі ВКЛ радкоў дваццаць пра вас можа ўставім, у трэці том цвёрда дадзім, паабяцаў Бажэнаў.

Абяцанні засталіся пустатой. Ні ў другім томе, ні ў трэцім пра мяне ні слова. Дапамог мноству краязнаўцаў, гісторыкаў, пісьменнікаў, дабраславіў на чытацкія полкі 1089 (!) аўтарскіх кніг, уласных 17 (Вікіпедыя, бел. Пісьменнікі), у тым ліку шмат краязнаўчых кніг, а зноў чую "так атрымалася..." Колькі можна выбачэньквацца!

У 2013 годзе выпадкова даведаўся: у БЭ выходзіць энцыклапедыя пра хакей. Пацікавіўся, ці будзе радкоў колькі пра нашу рэдакцыю. Як-ніяк з 1972 года я шмат выдаваў фізкультурна-спартыўнай літаратуры, у трох выдавецтвах, з перапынкамі. Усё жыццё спорту дапамагаў, хакею, футболу, нават калі кіраваў выдавецтвам "Хата" (1992-2006). Пісаў пра хакей і футбол у газетах, "Маладосці", кнігах.

Дыхтоўныя зборнікі "Хакей", "Футбол" выпускала толькі рэдакцыя краязнаўства, турызму, фізкультуры і спорту выдавецтва "Полымя", якую я доўга ўзначальваў (1982-1990). У савецкія часы любая галіновая літаратура выходзіла ў спецыялізаваных рэдакцыях, не было сучаснага бядламу, калі напладзілася выдавецтваў, згодных выціскаць любую тэму кожнага аўтара, - абы спонсары.

Штогод з "Хакеем" тлуму нам было мноства: падбор аўтараў, матэрыялаў, выверка фактуры... Народ ведае цяжар выдавецкай справы. Пэўніўся, цяпер у БЭ адзавуцца на нескладаную просьбу. Вынік - нуль.

Закончыў прадмову ў кнізе "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах", Мн., 2009, я так:

А мо' мае творы сапраўды не дараслі да высокіх столяў з белдзяржлітструктураў? Скажы, люд беларускі, важкае слова сваё, адзавіся.

Усё жыццё справаю і словам бараніў вас, людзі Крывіі, Літвы, Беларусі. Фельчарам у Пінскім раёне і ў арміі, санінспектарам (памочнікам санітарнага ўрача) ў Мінску, журналістам і выдавецкім работнікам, доктарам народнай медыцыны. Дабраславіў на чытацкія полкі 1089 (!) аўтарскіх кніг, уласных нямала (аўтар і суаўтар), а для гэтай асветленай (не кажу шэрай), прыкарытненай застоенасці творы дадзенай кнігі - пустата, драбяза.

Цярпець можна. Не да бясконцасці. Так казалі бацькі (царства нябеснае). Іх волю выконваю. Вось і прашу Цябе, высокагоднасць, пашанотнае гаспадарства, люд беларускі, выказацца: правільна літздзекніцтва над мною цягнецца дзесяцігоддзямі ці мне здаецца?

Усё ад цябе, народ - абярэгі, прыкметы і рэлігія, нацыя і дзяржава. Дык абзавіцеся, людцы, прашу, малю, укленчваю. Не прашу дапамогі - аб'ектыўнасці, праўды, толькі праўды.

P.S. Сябра прачытаў, без роздуму выдаў:

- Над беларусамі праляцела мноства навальніцаў. Закратвалі лёс асобных людзей, гарадоў, нацыі. Баюся, нікога не ўзварушыць твой выстагн. Народ прадстаўляюць ва ўладах лепшыя. У нас зачастую, стагоддзямі - не толькі лепшыя, а і немарач, застойнаасцярожная, ляная. Ніхто ні ў чым такім не дапаможа. Каля труны будзеце, а ў літаратурных камандзёраў усё не будзе часу. Ім не да літаратуры, культуры, асветы.

Словы прамаўляюцца рэдка, асцярожныя, прадуманыя, ад іх мароз на целе.

...Ён у ваду чыстую глядзеў. Усё спраўдзілася. Нядаўняе лёсаванне "Карыды" ў "Маладосці", апавяданняў у газетах таму пацвярджэнне.

(Працяг у наст. нумары.)

Валер Санько


Вераснёўскія падзеі 39-га ў трох нумарах "ЛіМа"

Прысвячаю ўсім беларусам, народжаным 17 верасня 1939 года ў Заходняй Беларусі.

У памятны для айчыннай гісторыі дзень 17 верасня 1939 года Савецкія войскі перайшлі дзяржаўную мяжу з Польшчаю з мэтай не дапусціць захопу яе заходнебеларускіх зямель фашысцкай Германіяй. Да таго ж яшчэ паход Чырвонай арміі на Захад абгрунтоўваўся неабходнасцю вызвалення карэннага насельніцтва гэтых зямель ад сацыянальнага і нацыянальнага прыгнёту, усталяванага Польшчай пасля падпісання ў сакавіку 1921 года ў Рызе мірнай дамовы. У савецкім друку, па радыё 17 верасня 1939 года падавалася як вялікае свята для беларусаў "усходніх крэсаў" Польшчы, у якім не маглі не прыняць удзелу і творцы культуры з БССР. У розных частках яе - савецкай і ўсходняй - ладзілася яно паасобку, пераважна толькі ў афіцыйным парадку, бо ніхто не адмяняў усталяваных давераснёўскіх парадкаў на савецка-польскай дзяржаўнай мяжы. Яна па-ранейшаму заставалася на замку. Кантакты паміж жыхарамі адсутнічалі.

Орган праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР і ўпраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР газета "Літаратура і мастацтва" выйшаў на пяты дзень пасля разгляданай мною гістарычнай у нашай гісторыі даты - 21 верасня. За гэтыя дні ўжо адбылося нямала важных падзей, шмат што праяснілася ва ўяўленнях людзей на дадзеную падзею. Першым з пісьменнікаў адгукнуўся на яе патрыятычным артыкулам "Браты Заходняй Беларусі" народны паэт БССР, ордэнаносец Якуб Колас. Заходнім беларусам ён падаваў такім жыццё ў БССР: "Дваццаць гадоў мы будуем свой дабрабыт, сваю культуру, сваё мастацтва, свае школы, навуку. Дваццаць гадоў не ведаем мы нацыянальнага гнёту… (ах, як усё гэта далёка ад рэальнасці! - Л. Л. ).

Але наша радасць не была поўнай, бо мы чулі ваш голас пакуты, мы ведаем пра вашу галечу, цемру, нацыянальны гнёт і бяспраўе, паланізацыю, асадніцтва…"

Паэт заклікае заходніх братоў з адкрытай душой паціснуць руку байцу Чырвонай арміі, бо "яна нясе вам спакой, волю і высокую годнасць чалавека" .

На першай старонцы гэтага нумара газеты "Літаратура і мастацтва" выступілі са сваімі вершамі паэты Пятро Глебка ("Родным братам") і Андрэй Ушакоў ("Заходнім беларусам"). У вершах першага ўзнёслыя радкі пра Савецкую Беларусь удала спалучаюцца з паказам гаротнага жыцця нашых братоў пад польскім прыгнётам. Зараз гэтаму прыйшоў канец, таму да кожнага з іх П. Глебка звяртаецца з такімі словамі:

Кроч у новыя, светлыя далі,

Разарваўшы прымусу ланцуг!

За цябе непакоіцца Сталін ?

Усіх прыгнечаных

бацька і друг.

На розных старонках таго ж самага нумара "ЛіМа" былі змешчаны радасныя водгукі на падзеі 17 верасня пісьменнікаў і супрацоўнікаў Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, Дзяржаўнай беларускай філармоніі, Беларускага тэатра оперы і балета, Яўрэйскага тэатра БССР, Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра, у якім тады працавала зусім юная Стэфанія Станюта. "Яна выступіла з прапановай: лічыць сябе мабілізаванымі па абслугоўванні байцоў на перадавых пазіцыях. Калектыў горача падтрымаў гэту прапанову" . Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Андрэй Бембель свой допіс у газету назваў "Слава Сталіну!" (ужыў у ім такія словы: "Слава Сталіну - бацьку нашаму!"). Старшыня Саюза савецкіх мастакоў Аляксандр Грубэ выбраў у гэтых мэтах больш сціплы загаловак "Горача вітаем беларусаў і ўкраінцаў", затое змешчаны пад ім матэрыял закончыў проста на "ўра!": "Мы, мастакі і работнікі выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі па першаму закліку рабоча-сялянскага ўрада гатовы змяніць палітры, кісці і рэзцы на зброю перамогі і разам з байцамі Чырвонай Арміі біць ворага на той тэрыторыі, адкуль ён паспрабуе на нас напасці". Рэжысёр Белдзярждрамтэатра Канстанцін Саннікаў для назвы свайго матэрыялу ў газету "ЛіМ" выкарыстаў словы, якія найбольш за ўсё адпавядалі яго асабістым пажаданням: "Мае мары збыліся". А мары ў таленавітага рэжысёра былі такія: "…паказаць сваё мастацтва маім братам - заходнім беларусам, даць ім магчымасць свабодна слухаць сваю родную мову, якая забаранялася" . Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Заір Азгур, даючы загаловак свайму звароту ў газету "Хутка сустрэнемся", таксама не ў малой ступені кіраваўся асабістым інтарэсам. Ён выказаў упэўненасць, што падобнага роду сустрэчы з заходнебеларускімі калегамі толькі паспрыяюць плённай працы, дапамогуць стварыць такія манументальныя скульптуры, што ва ўсёй сваёй велічы "будуць адлюстроўваць перамогу, урачыстасць народнага шчасця, якое дала нам партыя Леніна-Сталіна" .

Звяртае на сябе ўвагу змешчаны ў тым нумары газеты фотаздымак з надпісам пад ім: "Калектыўнае слуханне прамовы па радыё таварыша В.М. Молатава ў Доме пісьменнікаў БССР" . А ў той прамове Старшыні Савета Народных Камісараў СССР В. Молатава паведамлялася пра рашэнне Савецкага ўраду працягнуць руку дапамогі заходнім украінцам і беларусам, што не магло не радаваць нашых пісьменнікаў. Выраз іх твару на фота пераканаўча пацвярджае такое.

Узняць ролю культуры ў тым, што адбывалася пасля 17 верасня, у многім дапамагло знаходжанне прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ў шэрагах воінаў-вызваліцеляў Заходняй Беларусі. Сярод іх быў і беларускі байкапісец Кандрат Крапіва. 3 кастрычніка газета "ЛіМ" змясціла яго ліст з Ліды, з такім загалоўкам "Дух захватвае ад радасці". Падставай для аўтара даць такі загаловак падштурхнулі яго асабістыя ўяўленні пра велізарныя перспектывы для развіцця культуры з'яднанага беларускага народа, цёплыя сустрэчы мясцовымі жыхарамі савецкіх воінаў. "Сяляне і рабочыя Заходняй Беларусі вельмі рады нашаму прыходу. Яны нам актыўна дапамагаюць і ахвотна расказваюць, дзе хаваюцца польскія банды. Затое панам, фабрыкантам, польскім афіцэрам наш прыход вельмі не да смаку" .

Для ўсталявання, паглыблення культурнага дыялогу між савецкімі і заходнебеларускімі творцамі вельмі неабходнымі былі асабістыя кантакты. І з гэтым не марудзілі. Ужо 18 верасня работнікі мастацтваў Мінска звярнуліся да члена Ваеннага Савета Беларускага фронту Панцеляймона Панамарэнкі (ён жа з'яўляўся і першым сакратаром ЦК КП(б)Б) з просьбай прадэманстраваць свае дасягненні перад працоўнымі Заходняй Беларусі. Згоду атрымалі. Сюды выехалі ансамбль песні і танцу Беларускай дзяржаўнай філармоніі, група артыстаў тэатра оперы і балету, Белдзярждрамтэатра, брыгада артыстаў эстрады, Чырвонаармейскі ансамбль песні і танцу ды інш. 28 верасня выязджаў на сустрэчу з вызваленымі з-пад польскага прыгнёту супляменнікамі аркестр беларускіх народных інструментаў Дзяржаўнай філармоніі БССР у складзе 34 чалавек. Канцэрты ўсіх творчых калектываў адбываліся ў дарэшты перапоўненых залах. Так, калі ансамбль песні і танцу Дзяржаўнай філармоніі закончыў сваё выступленне (Ваўкавыск, 23 верасня), "уся зала, стоячы, бурна апладыравала ў гонар братняй дружбы народаў" . Гэтак жа радасна віталі 28 верасня ў Лідзе канцэрт Чырвонаармейскага ансамбля песні і танцу пад кіраўніцтвам Ісакова.

Актыўна далучылася да вядзення культурнага дыялогу між БССР і Заходняй Беларуссю Беларускае аддзяленне Саюзкінапракату. Для яе жыхароў дэманстравалася 36 мастацкіх гукавых фільмаў, у тым ліку "Ленін у 1918 годзе", "Чалавек з ружжом", "Чапаеў", "11 ліпеня", "Мы з Кранштадта", "Вогненныя гады". У Вільні 23 верасня савецкія фільмы пачалі дэманстраваць ужо ў 12 кінатэатрах.

У апошнія гады знаходжання заходніх беларусаў у складзе Польшчы былі вельмі сур'ёзныя цяжкасці з набыццём літаратуры на роднай мове. Каб хутчэй развязаць гэтую праблему, бібліятэчны калектыў Наркамасветы БССР тэрмінова заняўся зборам кніг для стварэння бібліятэк у Заходняй Беларусі. У пачатку кастрычніка іх ужо мелася два дзясяткі. Гэтай справай займаліся таксама Дзяржаўная бібліятэка імя Леніна, мінскія гарадскія бібліятэкі. Сярод адабраных для перадачы кніг пераважалі марксісцка-ленінскія выданні, савецкая прапагандысцкая літаратура, асабліва "Кароткі курс гісторыі ВКП(б)" (на беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай мовах). Мастацкая літаратура ўключала творы як рускіх, так і беларускіх аўтараў (Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Пятруся Броўкі, Пятра Глебкі, Кузьмы Чорнага). Усе школы сталіцы БССР былі занятыя зборам кніг, падручнікаў, школьных прылад для адпраўкі іх у Заходнюю Беларусь. Ініцыятар такой важнай патрыятычнай акцыі - калектыў настаўнікаў і вучняў сталічнай школы № 4.

Праляціць зусім мала часу і ў культурным дыялогу пачнуць актыўна ўдзельнічаць і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі. На вялікую радасць ім было з чым выступіць, бо паланізацыі, пры ўсім жаданні яе ідэолагаў і праваднікоў, не ўдалося вытруціць усё нацыянальнае з беларускіх душ. Яно жыло і хутка пайшло ў рост, як толькі з'явіліся для гэтага спрыяльныя ўмовы.

У ліку першых заходнебеларускіх пісьменнікаў падалі свой радасны, узнёслы голас Сяргей Хмара і Анатоль Іверс. Іх "Прывітанне пісьменнікам і паэтам Савецкай Беларусі" было надрукавана ў газеце "ЛіМ" 3 кастрычніка. Выступілі ж яны ад імя заходне-беларускага сялянскага літаратурнага маладняка. І сёння не могуць не кранаць, не клікаць да актыўнай стваральнай нацыянальнай працы, у якой такая вялікая патрэба ў нашай Бацькаўшчыны, наступныя радкі з іх "Прывітання…": "Голас ваш у нашыя падзямеллі не даходзіў і мы былі кінуты на волю лёсу. Але мы не палі і вобмацкам ішлі наперад у барацьбе за жыццё і навуку. Мы не кончылі ніводнае школы, мы не мелі права друкавацца. Мы былі прыдушаны" . І з гэтым нельга не пагадзіцца. Тут кожнае слова праўда. І для ўсіх сучасных беларусаў павінна быць павучальным, што і ў тых экстрэмальных умовах нашыя суродзічы не здрадзілі святой нацыянальнай ідэі, нішто так высока не цанілі, нішто так не любілі, як родную мову, пішучы на ёй свае мастацкія, публіцыстычныя творы. Пад тым "Прывітаннем…" быў змешчаны верш А. Іверса "Вітаем музыку волі". Верш надзвычай патрыятычны, нясе вялікі зарад упэўненасці ў шчаслівае заўтра, мае такую канцоўку:

І далей і глыбей

машыны ўсё едуць,

Што скуты рукою

савецкае сталі?

То нам Варашылаў

прыносіць пабеду,

То нам - беларусам -

дае яе Сталін.

Пад гэтым вершам А. Іверса газета "ЛіМ" змясціла паэтычны твор сялянкі з вёскі Жуковы Барок Стаўбцоўскага павета Ніны Крэмко "Дзякую шчыра". Ён такі дасканалы, што мог бы стаць і песняй. Аўтарка бясконца рада, што мінуў той час, калі "За родную мову // Жандары збівалі" і працягвае далей: "Я дзякую сіле // Чырвоных байцоў // І Сталіна-бацьку // Што ў пору прыйшоў" .

Пасланыя ў Заходнюю Беларусь у першыя дні пасля 17 верасня пісьменнікі, журналісты знайшлі там шмат матэрыялу цікавага і для сябе, і для чытачоў. Не памылюся, што самай любімай тэмай для майстроў пяра былі розныя пытанні з культурнага жыцця, якому ўлады Другой Рэчы Паспалітай і на сваіх "усходніх крэсах" імкнуліся надаць тыпова польскі характар. Асвятленню гэтай шкоднай з'явы належнае месца адвёў Ефім Садоўскі ў артыкуле "Вызваленае слова" ("ЛіМ", 3.Х.1939). Добра разабрацца ў той сітуацыі аўтару дапамаглі намеснік начальніка рабочай гвардыі ў Слоніме паэт С. Хмара і яго калега па пяры А. Іверс. Яны паказалі карэспандэнту добра абсталяваную дыфензівай камеру катаванняў актыўных змагароў за беларускую нацыянальную справу. Камеру, чытаем у артыкуле, "не абмінуў ні адзін з працоўных беларусаў, калі ён любіў свой народ, яго культуру і яго мову і гаварыў на гэтай мове (вось бы нам сёння ўдосталь такіх людзей! - Л.Л. ). Жывое слова (беларускае. - Л.Л. ) у Заходняй Беларусі было на замку. Калі паліцыя даведвалася, што ў пэўнай вёсцы нехта пачаў пісаць на беларускай мове і нават адважыўся прачытаць свае вершы сярод сваіх таварышаў, над "вінаватым" навісала пагроза кары, турмы, ссылкі. Яго на дзень ці на два запрашалі ў камеры катавання "пагутарыць". Гэта было законам". Так і просяцца словы: "Ратуй, Божа, нас сёння і заўтра ад такой несправядлівай, суровай кары!"

Не міне і дзесяці дзён пасля апублікавання ў газеце "Літаратура і мастацтва" згаданага вышэй "Прывітання…" А. Іверса і С. Хмары, як пра творчасць апошняга выкажацца на яе старонках малады літаратуразнаўца, загадчык аддзела літаратуры "ЛіМа" Рыгор Бярозкін. І выкажацца ў самым пазітыўным плане, аналізуючы выдадзены ў 1939 годзе ў Вільні яшчэ да прыходу Чырвонай арміі зборнік яго вершаў "Жураўліны шлях". З пазіцый сённяшняга дня асабліва прыцягваюць увагу да сябе наступныя словы з артыкула Р. Бярозкіна: "Вершы Сяргея Хмары выдадзены на працоўныя грошы заходнебеларускіх сялян, на капейкі, сабраныя галадаючымі беларусамі. Над гэтым варта задумацца, каб зноў, з асаблівай відавочнасцю, адчуць у гэтым адным невялікім факце, узятым непасрэдна з жыцця, нечакана ўзросшае значэнне і аўтарытэт паэзіі" . Аўтар артыкула небезпадстаўна зазначае блізкасць "тэм і матываў вершаў Сяргея Хмары да матываў і тэм дарэвалюцыйных вершаў Купалы і Коласа. І тыя і гэтыя вершы народжаны рознымі сітуацыямі, паднявольным становішчам беларускага народа пры рускім феадальна-капіталістычным ладзе, у адным выпадку, і ва ўмовах прагніўшай польскай дзяржаўнасці, у другім" ("ЛіМ", 11.Х.1939).

У публікацыях карэспандэнтаў БССР, пасланых у Заходнюю Беларусь, вельмі часта сустракаліся матэрыялы пра вялікую прыхільнасць яе жыхароў да сваіх нацыянальна-культурных традыцый нягледзячы на ганьбу іх польскімі ідэолагамі, адданай ім часткай творчай і навуковай інтэлігенцыі. На такую прыхільнасць звярнуў увагу, наведаўшы Слонімшчыну, і Ефім Садоўскі ў згаданым вышэй артыкуле "Вызваленае слова", пра што добра сведчаць такія радкі з яго: "Ніякія камеры катавання, ніякія хітрыкі катаў не маглі зламаць сілы народнага слова. Хоць і ў падпольных умовах, але і тут развівалася беларуская літаратура, паяўляліся новыя імёны, хаця рэдка, але выходзілі тоненькія кніжачкі. З якім натхненнем сустракаў іх народ! Беднякі адной вёскі на працягу года збіралі 100 злотых, каб дапамагчы свайму земляку - маладому песняру Сяргею Хмары выдаць зборнічак вершаў "сваім коштам"" .

Культурнаму дыялогу БССР з колішнімі "ўсходнімі крэсамі" Польшчы садзейнічала досыць хуткая арганізацыя выдання тут беларускіх газет. У ліку першых гэтую вельмі важную праблему змаглі паспяхова развязаць улады і грамадскасць Слоніма, Баранавіч, Наваградка, Стоўбцаў.

Звязаныя з 17 вераснем падзеі, як і трэба было чакаць, вельмі хутка сталі самым любімым і папулярным сюжэтам практычна для ўсіх катэгорый творчай інтэлігенцыі. Да паказу тых падзей вельмі часта звярталіся беларускія пісьменнікі і паэты. Іх творы ахвотна змяшчала на сваіх старонках рэдакцыя газеты "ЛіМ".

(Працяг у наст. нумары.)

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар


Віленскія беларусы адзначылі 500-годдзе перамогі ВКЛ над Масковіяй

Святкаванне перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над Маскоўскім княствам распачалося з ўрачыстага набажэнства ў грэка-каталіцкай Святатроіцкай царкве. Літургію адслужылі: а. Вікенцій (Васіль Яніцкі), а. Павел Яхімец і а. Даніла Сваяк.

Сімвалічным было тое, што служба праходзіла ў тым самым храме, які збудаваў Канстанцін Астрожскі ў гонар гэтай перамогі. Як кажа легенда, князь усю ноч маліўся Прасвятой Дзеве і даў абяцанне, калі пераможа маскалёў, збудуе царкву. Абяцанне гэтае ён выканаў.

Служба адбывалася на беларускай і ўкраінскай мовах, чарговае сведчанне пра братэрскасць нашых народаў і пра тое, што мова не з'яўляецца перашкодай у камунікацыі. Сёння беларусы і украінцы дамовіліся, размаўляючы паміж сабой на сваіх родных мовах.

Гэта царква звязана з адным з найбольш вядомых дзеячаў беларускага і ўкраінскага народаў: св. Язафатам Кунцэвічам, які з'яўляецца чарговым прыкладам агульнай гісторыі. Ён нарадзіўся ва Ўкраіне, служэнне распачынаў тут, у Вільні, у гэтым самым храме. А ў Віцебску, на беларускай зямлі, прыняў пакутніцкую смерць. Сваё жыццё аддаў за аб'яднанне цэркваў і народаў.

Другая частка святочных мерапрыемстваў была прысвечана прэзентацыі руху салідарнасці "Разам", якая адбылася ў сядзібе ТБК. Прыемна, што гэты Рух апошнія гады шчыльна супрацоўнічае з Таварыствам і цягам апошніх гадоў было праведзена некалькі супольных акцый, напрыклад, святкаванне гадавіны з дня смерці Каліноўскага і інш.

Галоўная задача Руху - захаванне гістарычнае спадчыны беларускага народа, а таксама перадача ведаў і памяці пра злачынствы, зробленыя камуністычным рэжымам. У сваіх прамовах Вячаслаў Сіўчык, Галіна Сіўчык, Алесь Макаеў распавялі коратка пра сваю дзейнасці, пра планы і перспектывы і, зразумела, пра шматлікія цяжкасці, якія сустракаюцца ў іх на шляху.

Заключная трэцяя частка мерапрыемстваў адбылася святочнай імпрэзай, прысвечанай гэтай ганаровай перамозе, пад час якой выступоўцы ўзгадалі не толькі важнасць і значнасць тае перамогі, якая адсунула маскоўскую акупацыю нашых земляў да 1795 года, але і пра іншыя знакавыя даты, юбілеі якіх прыпалі на жнівень-верасень.

Гісторыя павучальная, і так атрымліваецца, што цягам гэтага апошняга года многім стала зразумела, што бяспечнасць, спакой, мір - гэта ўжо не такія гарантаваныя рэчы. У гэтым годзе споўнілася сто гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны і 75 гадоў - з Другой. Але сёняшнія рэчы паказваюць, што чалавецтва мала вынесла ўрокаў з тых дзвюх вялікіх трагедый. Гітлера спрабавалі спыніць звычайнымі перамовамі, тое самае адбываецца і зараз, калі з Расеяй спрабуюць размаўляць, бачачы, што кожны раз яна падманвае і не збіраецца спыняцца. Але вялікім чыноўнікам не да гэтага, яны спадзяюцца, што хтосьці адумаецца. На жаль, калі агрэсар вырашыў ваяваць, перамовамі яго не спыніш.

17 верасня спаўняецца 75 гадоў з нібы так званага ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Захоп і падзел Польшчы адбываўся па дамоўленасці з Гітлерам і Сталінам, таму савецкія войскі прыйшлі не вызваляць Беларусь, як многія вераць да гэтага часу, а прыйшлі з мэтай падзелу свету і захопу новых тэрыторый, як гэта адбываецца і сёння. Многія вераць у казку ўз'яднання беларусаў. Але, у 1945 годзе, этнічныя землі з пераважным беларускім насельніцтвам, якія нібыта ў 1939 уз'ядноўваліся, раздаваліся проста так розным суседзям. То якое тады ўз'яднанне? Так што ніякага ўз'яднання не было, была звычайная акупацыя чарговых тэрыторый.

У жніўні споўнілася сто гадоў з дня нараджэння аднаго з найвыбітнейшых беларусаў ХХ ст. - біскупа Чэслава Сіповіча. Менавіта ён быў беларускім амбасадарам у каталіцкім свеце, праз яго свет даведваўся пра беларусаў і іх праблемы. Галоўная ягоная задача - заснаванне бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане, найбагацейшага збору беларускай спадчыны, відаць не толькі ў далёкім замежжы, але і ва ўсім свеце.

У верасні споўнілася 95 гадоў з адыходу ў вечнасць найвыбітнейшага беларуса Віленшчыны Івана Луцкевіча. Менавіта ён пачынальнік адроджанай беларускасці ў гэтым горадзе. Дзякуючы яму тут былі створаныя Віленская беларуская гімназія, а таксама беларускі музей, які пазней насіў яго імя. Зараз у Вільні на Росах знаходзіцца сімвалічная магіла братоў Івана і Антона Луцкевічаў, на якой намаганнямі ТБК быў усталяваны помнік, як сведчанне беларускай прысутнасці ў гэтым Вечным Горадзе.

Айцец Даніла Сваяк узгадаў пра дзейнасць сенатара ў польскі сойм Аляксандра Ўласава - адной з найяскравейшых беларускіх фігур міжваеннай Вільні. Імя гэтае звязана з дзейнасцю царквы метадыстаў. Менавіта Уласаў быў галоўным мецэнатам і рухавіком гэтага адгалінавання англіканскай царквы, якое на Віленшчыне актыўна ўключылася ў працэс увядзення беларускай мовы ў набажэнствы.

Васіль Акуневіч узгадаў аб жыццём шляху першага Беларускага Прэзідэнта - Пётры Крычэўскага, чые парэшткі спачываюць у Празе. Менавіта Пётра Крычэўскі выступаў за тое, што Беларусь павінна застацца незалежнай і не быць ні ў якіх саюзах з Расіяй, таму актыўна выступаў супраць БССР, якая ўрэшце рэшт і зрусіфікавала Беларусь.

Шаноўныя Беларусы, памятайма сваю гісторыю. Вяртаймася да сваіх каранёў. Гэтая ж імпрэза зблізіла беларусаў віленчукоў і з Менска. Таксама, спадзяюся, для многіх гасцей з Менска, Вільня стала яшчэ бліжэй, бо яны не толькі пачулі пра беларускіх герояў гэтага месца, але і самі сталі ўдзельнікамі беларускіх святкаванняў у калысцы беларускага адраджэння.

Памятаем і шануем сваю гісторыю!

В.а. старшыні ТБК д-р Алесь Адамковіч .


Свята Вайсковай Славы ў Магілёве

8-га верасня магілёўцы адзначылі свята Вайсковай Славы невялікай імпрэзай, якую зладзіла мясцовая суполка ТБМ на чале з Алегам Дзьячковым. У якасці ганаровых гасцей прысутнічалі Мікола Купава і Аляксандр Жучкоў - стваральнікі аргкамітэту па святкаванні юбілею Аршанскай бітвы.

Спадар Мікола нагадаў старонкі гісторыі той падзеі, распавёў пра стварэнне і сэнс знакамітай карціны "Бітва пад Воршай", якая захоўваецца зараз у варшаўскім музеі. А спадар Аляксандр яшчэ дадаў цікавыя замалёўкі з наведвання святочных урачыстасцяў, што адбываліся з нагоды юбілейнай даты ва Ўкраіне, адкуль яны толькі што і прыбылі. Вечарыну працягнулі нашыя мясцовыя выканаўцы - Васіль Аўраменка і Павел Пастухоў. Дарэчы, Павел - кіраўнік магілёўскага рыцарскага клубу "Барысфен" - прынёс на вечарыну свае рыцарскія даспехі, што можна было пабачыць на сцэне.

Аляксандр Сабалеўскі, Магілёў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX