Папярэдняя старонка: 2016

№ 13 (1268) 


Дадана: 03-04-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1268), 30 сакавіка 2016 г.


25 сакавіка Беларусь адзначыла 98-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі

Дзень Волі ў Менску

Святкаванне Дня Волі ў Менску 25 сакавіка пачалося ў двух месцах: у дазволеным уладамі месцы збору каля кінатэатра "Кастрычнік" і каля помніка Янку Купалу. У парку Янкі Купалы сабралася каля 200 чалавек, якія ўсклалі кветкі да помніка Янку Купалу, а таксама паставілі знічы. Тут аказалася даволі шмат палітыкаў: прадстаўнікоў розных рухаў, у тым ліку Вячаслаў Сіўчык, Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька, ну і сам Мікалай Статкевіч, які прапанаваў тут сабрацца, каб потым адсюль рушыць калонай да кінатэатра «Кастрычнік».

Людзі сталі ў калону і выйшлі на праспект у бок Плошчы Перамогі. Калона расцягнулася ад моста цераз Свіслач да цырка.

Калона ўвесь час колькасна расла, і калі галава яе ўжо перасякала плошчу Перамогі, дык хвост застаўся далёка ззаду і на плошчу нават не зайшоў. На падыходзе да плошчы Перамогі хлопцы, вядомыя па справе графіцістаў, запалілі фаеры з лозунгамі «Не імперыі!» Сярод лозунгаў тут і «Свабоду!» і «Работу!» і «За незалежнасць!» і «Верым! Можам! Пераможам!».

Дзень Волі перамясціўся да помніка Якубу Коласу. Там вырашылі надоўга не затрымлівацца, кароткую прамову сказаў Мікалай Статкевіч, прачытаў свой верш Някляеў і рушылі далей.

Калона дайшла да кінатэатра «Кастрычнік». Там тых людзей, што ішлі ад помніка Янку Купалу, чакалі яшчэ 300 чалавек, якія далучыліся да ўдзельнікаў акцыі.

Намеснік старшыні руху "За Свободу" Алесь Лагвінец зачытаў тэкст звароту старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ў сувязі з угодкамі абвяшчэння БНР: "... Чужакі нішчылі нашу прыгожую мову, нашу культуру, нашу веру, нашае пачуццё годнасці. Не гледзячы на ўсё гэта, мы выжылі!.."

Пасля гэтага слова ўзяў лідар БНФ Алексей Янукевіч. Дзякуючы бацькам-заснавальнікам БНР беларускі народ атрымаў шанец быць гаспадарамі своёй зямлі, але пагроза незалежнасці краіны захоўваецца, лічыць палітык.

Людзі вырашылі не ісці на Бангалор. Вячаслаў Сіўчык прапануе ісці да ўніверсама «Рыга». Віталь Рымашэўскі прапанаваў дайсці да «Рыгі» і разысціся да дамах. Удзельнікі акцыі зноў сабраліся ў калону. Наперадзе трымаюць банер «Дзень Волі» з фатаграфіямі дзеячаў Рады БНР.

На чале калоны, якая дайшла да вуліцы Сурганава, ішлі палітыкі Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Мілінкевіч.

Шэсце скончылася ля ўнівермага «Рыга».

Паводле СМІ.


Аляксею Пяткевічу - 85

Аляксей Міхайлавіч ПЯТКЕВІЧ (нар. 30 сакавіка 1931 г., вёска Новы Свержань, Стаўпецкі раён, Менская вобласць) - беларускі літаратуразнавец, краязнавец.

Нарадзіўся ў сям'і рабочага. У 1954 г. скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1957 г. - аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. Працаваў у Гарадзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы (у 1968-1974 гг. загадчыкам кафедры, затым дацэнтам), з 1978 г. - дацэнт кафедры беларускай літаратуры, з 1990 г. - дацэнт кафедры беларускай культуры Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук. Шматгадовы старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ.

Выступае ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства з 1958 г. Артыкулы, гістарычна-літаратурныя і краязнаўчыя даследаванні, рэцэнзіі друкаваліся ў альманахах, навуковых зборніках, энцыклапедычных выданнях, перыядычным друку. Выдаў кнігу "Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага" (1981). Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры" (1969), "Гісторыі беларускай літаратуры. XIX - пачатак XX ст." (1981).

Вікіпедыя. (Пра А. Пяткевіча чытайце на ст. 2-3.)


З днём нараджэння, спадарыня Крысціна!

Хрысціна Аляксееўна ЛЯЛЬКО (30 сакавіка 1956, в. Хадзюкі, Лідскі раён) - беларуская пісьменніца, перакладчыца і журналістка.

Пасля заканчэння Тарноўскай сярэдняй школы (1973) працавала бухгалтарам у Радзівонішкаўскім сельсавеце Лідскага раёна. Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва", часопісе "Беларусь". Галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў "Наша Вера" і "Ave Maria".

Першыя вершы апублікавала ў 1971 ў лідскай газеце "Уперад". Аўтар кніг прозы "Дарога пад гару", "Світанак над бярозамі" і кнігі паэзіі "На далонях любові". У яе апрацоўцы выйшаў зборнік народных казак "Хітрэй свету не будзеш". Пераклала на беларускую мову нарыс Уладзіслава Сыракомлі "Мінск", кнігі Папы Яна Паўла II "Пераступіць парог надзеі", "Дар і Таямніца", "Устаньце, хадзем!", "Памяць і самасвядомасць", энцыклікі "Fides et ratio", "Ecclesia de Eucharistia", Апостальскі ліст пра Ружанец "Rosarium Virginis Mariae", творы Яна Твардоўскага і іншыя тэалагічныя творы.

Вікіпедыя.


З родным словам

Добры падарунак сам сабе да ўласнага 85-годдзя зрабіў Аляксей Пяткевіч, узяў ды і выпусціў новую кнігу "Слова і кніга Прынёмання" (Гродна, "ЮрСаПрынт", 2016, 208 ст., наклад 120 асобнікаў). Аўтабіяграфічны артыкул "З родным словам" з раздзела гэтай кнігі "Сваё"мы прапануем сёння нашым чытачам.

Кожны раз, калі кіруюся да роднага парога, калі машына, ідучы са Стоўбцаў, перавальвае цераз чыгуначны пераезд каля Нёмана і вачам адкрываецца шырокая панарама майго мястэчка Новы Свержань, зведваю раптоўны прыліў радаснай узбуджанасці, да якой аднак прымешваецца пачуццё гаркоты і жалю - нібы шкадаванне сябе: як жа даўно ты не быў тут, як ты так мог? Нібы мой гэта голас, а можа мае роднае мясціны. А па сутнасці, мы зліліся тут у нешта адно. Бо гэта мой выток (нар. 30.03.1931 г.).

Новы Свержань - тыповае заходнебеларускае мястэчка з царквой, касцёлам, вялікім гапдлёвым радам у цэнтры, разбураным у час апошняй вайны. Вядзе сваю гісторыю з 1428 года - першага ўпамінку пра яго ў пісьмовых крыніцах. Насельнікі з часоў майго дзяцінства - беларусы, яўрэі, палякі, татары. Разлеглася ў шчодрай засені дрэў і садоў па левым беразе Нёмана, пры ўпадзенні ў ягo Жацераўкі і сталася першым пунктам колішняга карабляходства па Нёмане...

Я еду цяпер доўгай цэнтральнай вуліцаю міма лесазавода, мінаю вялікі драўляны дом доктара Енчыка, які лячыў мяне зусім малога, мінаю мураванку мясцовага настаўніка Шчорса, у якой любіў гасцяваць малады Якуб Колас, пераязджаю мосцік цераз Жацераўку і трапляю на местачковую плошчу, што даўно страціла сваё значэнне, бо вуліца, якую выраўнялі, перарэзала яе пасярэдзіне. Еду паўз каменны двухпавярховы старажытны млын, нядаўна перароблены на кафэ-гатэль. Затым машына рэзка паварочвае ўлева каля былой кузні старога Нохіма і спускаецца ўніз да рэчкі, плынь якой круціла калісьці драўлянае кола старога млына. Вось я і дома. Тут усё ў мяне пачыналася. Адсюль я назаўсёды паехаў вучыцца ў БДУ і вяртаўся ўжо толькі эпізадычна. Але ўсё жыццё любіў прыязджаць, асабліва, калі былі жывыя бацькі. Любіў падоўгу сядзець на надрэчнай кладцы, глядзець на ваду, на старую таўшчэзную разгалістую таполю і густыя зараслі алешніку па берагах і, вядома, на сваю хату, якая адказвала такім жа зычлівым позіркам двух вокнаў, што выходзілі на вуліцу. Мне нярэдка здавалася, што бачу на лавачцы перад палісаднікам малога чарнявага круглагаловага хлопчыка, які сядзіць і глядзіць на рэчку.

Я рос, можна сказаць, у адзіноце. Старэйшая сястра гуляла ў свае лялькі. У мяне ж не было ні цацак, ні сяброў Хлопчыкі-суседзі былі далекавата. Заставаліся мне толькі кнігі. Іх у хане, праўда, было мала, і то гэта былі кнігі для дарослых. Але я рос ціхім, спакойным, і з кнігамі чамусьці вельмі зжыўся. Дзесьці ў 4-5 гадоў самастойна навучыўся чытаць па-беларуску і па-польску. Гэта былі 30-я гады ў Заходняй Беларусі. Тата, які працаваў на лесазаводзе, прыносіў мне часам з "святліцы" польскія дзіцячыя часопісы "Plomyczewk" і "Maly Plomyczek". У хату зрэдку траплялі віленскія беларускія календары. Я толькі пытаўся ў бацькоў, занятых хатне-гаспадарчымі клопатамі, як называецца тая ці іншая літара. Астатняе завяршаў сам. I ў першы клас мне не давялося хадзіць. Помню, тата прывёў мяне да дырэктара нашай сямігодкі, каб параіцца. Дырэктар Пішчык пасадзіў мяне ў сваім кабінеце за бліскучы паліраваны стол і прадыктаваў па-польску даволі вялікі сказ. Праверыўшы, сказаў, што ў першым класе мне няма чаго рабіць. Так маімі аднакласнікамі сталі вучні, старэйшыя за мяне на год. Гэтак жа рана навучыўся чытаць і па-руску. У хаце быў таўшчэзны, без вокладак том М. Гогаля з дзівоснымі ілюстрацыямі П. Баклеўскага. Кніга належала дзядзьку-настаўніку Вікенцію Антонавічу, які быў нашым гонарам і нашым болем: перажыўшы афіцэрскія нягоды і раненні на франтах Першай сусветнай, ён застаўся ў Саветах, дасягнуў высокіх вайсковых чыноў, а ў 30-я знік з жыцця разам з сваёй сям'ёй. Мне ж застаўся М. Гогаль, які літаральна зачараваў. Я бясконца яго перачытваў, а пасля не раз пераказваў сябрам па пастушковай долі, натуральнай для незаможных местачкоўцаў: трэба было падтрымліваць сямейны бюджэт.

Сёння разумею, што моцна паўплываў на маё духоўнае станаўленне і прафесійны выбар бацька Міхаіл Антонавіч. Ён вырас у шматдзетнай сям'і чыгуначнага службоўца, дзе цанілі кнігу, веды, і ўсе атрымалі добрую адукацыю Акрамя яго: быў наймалодшым і не паспеў скончыць гімназію, бо пасля смерці бацькоў трэба было зарабляць на жыццё. Але застаўся неардынарным, таленавітым чалавекам з чулай душой. Шмат чытаў. Рашаў самыя складанын арыфметычныя задачы, дапамагаючы нам, школьнікам Цаніў музыку і, маючы добры голас, вельмі любіў спяваць. Артыстычна распавядаў розныя жыццёвыя гісторыі. Нават звычайныя рэаліі ўласнага дзяцінства атрымліваліся ў яго інтэрпрэтацыі ледзь не мастацкімі творамі. Іграў у маладосці на аматарскай сцэне. Яшчэ меў вельмі прыгожы почырк, і ў 1944-ым, калі прыйшлі "другія Саветы", яго не ўзялі ў войска і не адправілі на фронт, а пакінулі ў райваенкамаце працаваць пісарам. Галоўнае ж - у таты было абвостранае пачуццё справядлівасці, таму ён заўсёды заўважаў нейкія непарадкі на рабоце, крытыкаваў начальства і меў праз гэта нямала праблем Разам з тым, валодаў прыродным тактам, культурай. Я ніколі не чуў ад яго "брыдкага" слова. Тата не падказваў, куды мне трэба кіравацца ў жыцці, але я падсвядома на яго азіраўся, і мне было па душы тое, што і яму.

У школе мне лёгка даваліся мовы і літаратура. Дыктоўкі, укладанні, "сачыненні" былі радаснымі часінамі школьнага жыцця. Шанцавала і на настаўнікаў-славеснікаў. У Навасвержанскай 7-годцы, якую скончыў у 1946 годзе, - гэта М.Ф. Самахвал і М.А.Бутанаў. М. Самахвал усяляк стараўся, як сёння бачу, каб мы навучыліся любіць мастацкі тэкст. Колькі мы чыталі на ўроках "Новую зямлю" Я. Коласа! З той пары, здаецца, і засвяціла мне паэтычнае слова гэтага геніяльнага твора. У Стоўбцах, у рускай СШ № 1 (вучыўся тут у 1946-1949 гг.) настаўніцамі ад Бога былі К.А. Шадоба і Н.М. Канстанціноўская. Першая ладзіла з намі спектаклі, інсцэніруючы самыя розныя творы рускай класікі. Н. Канстанціноўская прымушала вучыць на памяць амаль усе вершаваныя творы школьнай праграмы. I мела рацыю. Ба веданне і адчуванне паэзіі немагчымае без ведання тэксту. У Стаўпецкай СШ мы прайшлі праз сіта жорсткіх школьных патрабаванняў. Настаўнікі няшчадна рэзалі і адсейвалі слабых, гультаяватых, адпраўляючы іх у вячэрнюю школу. Тады яшчэ не зважалі на працэнт вучнёўскай паспяховасці. У выніку ў школе былі спачатку два вялікія 8-я класы, затым адзін вялікі 9-ты, а пасля адзін малы (15 вучняў) 10-ты. Большасць нас, выпускнікоў, кіравалася ў БДУ. Мусіць таму, што быў гэта адзіны на той час універсітэт у Беларусі, і ён успрымаўся нашымі юнымі рамантычнымі душамі як Святыня. Паступіла нас толькі трое. Астатніх забралі, як гэта сёння ні дзіўна, інстытуты юрыдычны, замежных моваў, народнай гаспадаркі, дзе былі недаборы. Я паступаў на філфак, пра іншае і думкі не было. Здавалі тады 7 уступных экзаменаў. Конкурс быў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры недзе 10-11 чалавек на месца, хаця пра гэта мы тады не ведалі. Экзамены здаў паспяхова, калі не лічыць "4" (па тагачаснай 5-бальнай сістэме) па рускай літаратуры ("сачыненне") за тое, што работа, быццам бы, спісана. Калі прыйшоў на вусны экзамен, і выкладчыца аб'явіла гэты вердыкт, я, вядома, кінуўся пярэчыць, каб аднавіць справядлівасць, але яна - гэта была дацэнт Варвара Фёдараўна Крыўчык - адразу ж рашуча мяне спыніла, падняўшы перад сабой далонь: "I не думайце спрачацца, я знаю, што школьнік так не напіша". Давялося змірыцца. В.Ф. Крыўчык вяла ў нас пасля стараславянскую мову, і мы былі цалкам задаволены яе заняткамі. Літаратурныя дысцыпліны ў нас чыталі такія яркія асобы, як В.М. Саўсун, І.В. Гутараў, Ф.І. Куляшоў, Ю.С. Пшыркоў, Д.Я. Фактаровіч. Лекцыі іх былі цікавымі, вучылі думаць і адчуваць мастацкае слова. А якое было студэнцкае асяроддзе! Скрозь - маладыя пісьменнікі. У адзін час са мною вучыліся Алег Лойка, Уладзімір Дамашэвіч, Міхась Ярош, Мікола Арочка, Яраслаў Пархута, Ніл Гілевіч, Уладзіслаў Нядзведскі, Генадзь Кляўко, Іван Чыгрын, Анатоль Вярцінскі, Вячаслаў Адамчык, Арсень Ліс, Адам Мальдзіс, Павел Місько, Валянцін Тарас, Алесь Яскевіч, Леанід Яўменаў, Уладзімір Жыжэнка, Міхась Мушынскі. Чым не кампанія? Стала сустракаліся не толькі ў навучальным корпусе, а і ў студэнцкім інтэрнаце. Асабліва помніцца інтэрнат на Нямізе - і сам будынак, з боку якога высілася брама з металічных прутоў, што вяла ў двор, і гэтая старажытная вуліца, вузкая, выбрукаваная вялікімі камянямі.

Вучоба не была складанай. Літаратуру і мовы я любіў. Чыталіся ў нас літаратуры: беларуская, руская, замежная, народаў СССР і яшчэ асобна чытаўся курс славянскіх літаратур - польская, балгарская, чэшская. Гэта для тых, хто спецыялізаваўся на старшых курсах па літаратуры Трэба было вельмі многа чытаць, але неяк спраўляліся. З прыемнасцю выконваліся курсавыя і семінарскія работы. Праўда, першую маю курсавую, якая напісалася хутка і лёгка, Ю.С. Пшыркоў збэсціў дашчэнту. Моцна крануты за жывое, я вельмі старанна яе дапрацоўваў. Праз дзесяцігоддзі, калі ўжо выкладаў у педынстытуце, неяк, разбіраючы паперы, наткнуўся на тую курсавую і быў прыемна ўражаны: работа была зусім добраю як для першакурсніка. На 4-ым курсе Ю.С. Пшыркоў, які зноў кіраваў маёй курсавой, нейкае добрае зерне ў ёй прыкмеціў і зусім нечакана прапанаваў рыхтавацца ў аспірантуру. Увогуле роля прафесара Ю.С. Пшыркова ў маім лёсе асаблівая. Ён кіраваў і маёй дыпломнай работай, быў навуковым кіраўніком у аспірантуры БДУ (1954-1957) і трымаў добрую сувязь, усяляк мяне падтрымліваючы, калі я ўжо працаваў выкладчыкам педынстытута.

Аспіранцкія гады запомніліся вечным аднастайным сядзеннем у беларускім аддзеле "Ленінкі". Пры гэтым адносная вольніца аспіранцкага жыцця дазваляла заняцца і нейкай любімай справай. Я тады многа чытаў з сусветнай класікі. Яшчэ аднакурснік-журналіст Вячаслаў Шаціла, з якім жылі ў інтэрнацкім пакоі на Свярдлова, змог далучыць мяне да сваіх музычных захапленняў. Мы хадзілі на канцэрты сімфанічнай музыкі, складалі музычныя праграмы для рэспубліканскага радыё, цікавіліся музычнай літаратурай. Я пачаў набываць кнігі па мастацтве, асабліва нешматлікія тады выданні з гісторыі беларускага мастацтва. Увогуле пачаў збіраць уласную бібліятэку, якой цяпер ганаруся. Радаснымі ў аспіранцкія часы былі частыя паездкі ў Наваградак, дзе жонка працавала настаўніцай і дзе жыла з маленькай дачкой і бацькамі ў родным доме.

На выпускным размеркаванні аспірантаў мне прапанавалі месца ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Яно забяспечвала надзейную навуковую кар'еру. Але... Молада-зелена! Я адмовіўся. Мне чамусьці хацелася чытаць лекцыі студэнтам. Толькі вакансій у педынстытутах не было. Праўда, знайшлося выйсце - яшчэ крыху раней атрымаў накіраванне ў Гарадзенскі педынстытут аспірант-аднакурснік з Менскага педынстытута Васіль Жураўлёў. I мы з ім праз пасярэдніцтва Міністэрства асветы памяняліся месцамі, чаму былі абодва радыя. Так я трапіў з сям'ёй у Гародню, дзе прайшло ўсё далейшае жыццё. Даўно прыкіпеў душой да гэтага горада з яго архітэктурнай даўніной, вузкімі вуліцамі гістарычнага цэнтра, каштанамі і ліпамі, старажытнымі замкамі, Каложай, Нёманам, сасновым масівам "Пышкі". Тут выраслі ўжо мае ўнукі. Тут прайшлі праз маё жыццё, застаўшыся ў душэўнай памяці, сапраўдныя патрыёты свае зямлі, гарадзенцы: А.К. Шыдлоўскі, кампазітар-песеннік і нястомны папулярызатар народнай творчасці, А.І. Кіркевіч, журналіст, краязнавец, музейшчык, глыбокі знаўца тутэйшага рэгіёна, А.П. Цыхун, настаўнік, паэт, збіральнік народнай лексікі, даследчык дзейнасці Я. Карскага, С.С. Дрозд, школьны педагог-беларусіст, даследчык Я. Купалы. Яны і пазнейшыя сябры-калегі І.В. Жук, A.М. Петрушкевіч, І.І. Трацяк, Г.М. Семянчук, П.У. Сцяцко, М.А. Даніловіч дапамагалі шукаць сябе ў жыцці і прафесіі.

Працаваў спачатку на кафедры літаратуры, дзе мяне добра падтрымалі дастаткова вопытныя ўжо выкладчыкі: B.П. Казлоў, К.В. Асокіна, М.Р. Працэнка, М.А. Мельнікаў. З апошнім нямала паездзілі па вясковых школах, і я хадзіў на ўрокі, каб хоць крыху ўгледзецца ў настаўніцкую працу, бо на кафедры давялося кіраваць і педагагічнай практыкай студэнтаў. Вядома, мяне як маладога нагружалі ўсім, што трапляла пад руку. I я паступова засвойваў усе планавыя лекцыйныя курсы. Было нялёгка, але гэта дапамагала прафесіяналізацыі. У 1963 г. абараніў кандыдацкую ("Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе К. Чорнага"). У 1968 г. адкрылася кафедра беларускай літаратуры, якой я кіраваў да 1974 года. У 1969 г. атрымаў званне дацэнта. Хацелася пісаць, тым болыш, што пад бокам былі Міхась Васілёк, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк. Вырасталі на вачах студэнткі-паэткі Аўгіння Кавалюк і Данута Бічэль. Д. Бічэль усё прыносіла мне дадому свае новыя вершы, каб прачытаў і зрабіў заўвагі. Я добрасумленна выконваў гэты абавязак выкладчыка-кансультанта, але рабіў гэта неяк нясмела і асцярожна, бо адчуваў, што яна таленавітая і сама знае, як пісаць. Сапраўды, яшчэ будучы студэнткай, выпусціла першы зборнік вершаў "Дзявочае сэрца". Досыць хутка зблізіўся з В. Быкавым. Кожную новую яго аповесць, пачынаючы з "Жураўлінага крыку", мы абмяркоўвалі ў педынстытуце з студэнтамі. Я заўсёды запрашаў аўтара. Ён ахвотна адгукаўся, тым больш, што на такіх абмеркаваннях узнікалі часта вострыя спрэчкі. I вельмі важным для нас было заключнае слова пісьменніка, які заўсёды выказваў тут глыбокія думкі пра жыццё, чалавека, яго духоўны свет. Мы добра з В. Быкавым разумеліся, шмат сустракаліся, і я ўдзячны лёсу, што даў мне магчымасць быць побач з ім шмат гадоў і зведваць яго ўвагу і цёплыя адносіны. "Аднадумцу і сябру", "Са шчырасцю і ў знак дружбы" , - запісаў ён на сваіх кнігах, адрасаваных мне ў 1964 і 1970 гг. І гэта многа для мяне значыць. Свае першыя рэцэнзіі я і пісаў на кнігі В. Быкава, А. Карпюка, Д. Бічэль. Іх кнігі былі найбольш для мяне цікавымі.

У Саюз пісьменнікаў мяне "ўпіхнуў" В.Быкаў у 1971 годзе. I калі на прыёмнай камісіі І.П. Мележ па праву старшыні задаў мне паўжартам першае пытанне "Ну што, Аляксей Міхайлавіч, як вы дайшлі да жыцця такога?", я адказаў: "Я не вінаваты, гэта ўсё Быкаў". Сапраўды было так. Ён сказаў мне скласці для яго спіс маіх літаратуразнаўчых публікацый. Я не надаў гэтаму значэння: раз Быкаў гаворыць, значыць трэба.

У спісе тым было ўсяго каля 30-ці артыкулаў і рэцэнзій. Але гэта В. Быкава не спыніла. Ён напісаў мне рэкамендацыю ў СП. Параіў Д. Бічэль зрабіць тое ж (хто трэці даў рэкамендацыю, не памятаю). I вось зусім нечакана выклікаюць мяне на прыёмную камісію. Я праходжу праз сіта двух тайных галасаванняў: спрацаваў аўтарытэт В. Быкава.

У 60-70-я гады літаратурнае жыццё ў Гарадзенскім рэгіёне было прыкметным. Акрамя названых вышэй буйных пісьменніцкіх постацяў, дзейнічалі ў складзе абласнога аддзялення СП Анатоль Іверс, Юрка Голуб, Мар'ян Дукса, Марыя Шаўчонак, Гаўрыіл Шутэнка. Мы нярэдка збіраліся, выступалі групамі перад чытачамі, мелі неблагія кантакты з пісьменнікамі Польшчы і Літвы, арганізоўвалі абласныя семінары. I яшчэ - спрабавалі рыхтаваць калектыўныя рэгіянальныя выданні. У 1968 годзе выйшаў у Менску зборнік артыкулаў і нарысаў "Наднёманскія былі", суаўтарамі якога сталі літаратуразнаўцы нашага педынстытута. Гэта была салідная літаратурна-краязнаўчая кніжка, зробленая на матэрыяле Гарадзеншчыны. Трэба прызнацца, што я быў ініцыятарам яе падрыхтоўкі і напісаў для гэтага выдання вялікі аглядны матэрыял.

Літаратурным краязнаўствам я захапіўся даволі хутка па сваім прыездзе ў Гародню. I першым штуршком да гэтага стаў домік Э. Ажэшкі, што стаяў якраз насупраць педынстытута. Тады падумалася: такая выбітная літаратурная асоба і так доўга тут жыла, а пра гэта мала што знаюць. Пачаліся пошукі матэрыялаў і пра Э. Ажэшку, і пра іншых творчых людзей краю. Затым - публікацыі, кнігі. На тым шляху мяне моцна падтрымаў Генадзь Каханоўскі, з якім мы шчыра пасябравалі. Да сённяшняга часу рэгіянальны кірунак даследаванняў застаецца галоўным у навуковых справах.

Краязнаўчыя зацікаўленні прывялі ў пачатку 70-х і на абласное тэлебачанне. Па ініцыятыве Вольгі Іпатавай, якая працавала тады на Гарадзенскай абласной студыі, пачаў выступаць спачатку з кароткімі нататкамі пра людзей і падзеі мастацкага мінулага рэгіёна. А з 1973 года вёў па сваіх сцэнарыях штомесячную 30-хвілінную перадачу пра новыя кнігі пад рубрыкай "Кнігарня". Натуральна, што галоўнае месца тут займалі выданні гарадзенскіх аўтараў ці кнігі, звязаныя зместам з рэгіёнам. Рыхтаваў і вёў "Кнігарню" да сакавіка 1989 года.

У другой палове 80-х - пач. 90-х гадоў, ва ўмовах масавага грамадска-патрыятычнага ўздыму шмат часу і энергіі давялося аддаць грамадскім справам. Найперш - беларускаму школьніцтву, беларускай мове і іх становішчу ў рэгіёне. Нямала друкаваўся тады на гэтую тэму ў перыёдыцы. У канцы 1989 года на абласной устаноўчай канферэнцыі ТБМ быў абраны старшынём Гарадзенскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. З невялікім перапынкам у пачатку 2000-х працягваю выконваць гэты грамадскі абавязак да сённяшняга часу.

З 60-х пачаў ездзіць у Гудзевічы да Алеся Белакоза, які ствараў свой вядомы сёння музей, у Зэльву да Ларысы Геніюш. З 70-х - у Вільню да Зоські Верас. У 70-80-я ўсталяваліся трывалыя творчыя і сяброўскія кантакты з беларускімі пісьменнікамі ў ІІольшчы - Сакратам Яновічам, Алесем Барскім, Віктарам ІІІведам, Янам Чыквінам, Міхасём Шаховічам, таксама гісторыкамі-беларусістамі Алегам Латышонкам, Яўгенам і Антонам Мірановічамі, пазней - Аленай Глагоўскай. Сустракаліся на розных навуковых канферэнцыях, семінарах, вечарынах і ў Беластоку, і ў Гародні. Беласток з яго рэдакцыяй "Нівы", сядзібай БГКТ, універсітэтам, шматлікімі знаёмцамі, калегамі, сябрамі стаў на дзесяцігоддзі блізкім сэрцу.

На кафедры беларускай літаратуры працаваў да 1990 года. Лекцыі мае прымаліся студэнтамі вельмі добра. Гэта я адчуваў і на заняткі ішоў заўсёды з найлепшым настроем. А колькі было ўдзячных слоў і светлых студэнцкіх позіркаў! Аднак прыйшлося, хоць і з жалем, пакінуць гэтую кафедру дзеля новай, але так патрэбнай кафедры беларускай культуры. Я заўсёды лічыў, што чалавек з вышэйшай адукацыяй павінен ведаць духоўную спадчыну свайго народа. I гэта - асноўны паказчык яго інтэлектуальнай развітасці. Працуючы на кафедры беларускай літаратуры, шмат гадоў чытаў спецкурс "Беларускае мастацтва. Пытанні тэорыі і гісторыі", каб хоць крыху азнаёміць студэнтаў з нацыянальнымі мастацкімі здабыткамі. I вось нарэшце пачаў "прабіваць" ідэю культуралагічнай кафедры. Хацелася, каб беларуская культура чыталася ў кантэксце сусветнай. Але ўрэшце ў рэктараце вырашылі адкрыць у 1990 годзе

дзве кафедры - беларускай культуры і сусветнай культуры. Загадваць першай стаў мовазнавец прафесар П.У. Сцяцко, які (не без майго старання) перавёўся сюды, на радзіму з Гомельскага ўніверсітэта. Праз год кафедру ўзначаліў я і вёў яе да 2001 года. У 1991 годзе абралі мяне і на пасаду прафесара, а ў 1992 г. прадставілі на аднайменнае званне. Прадстаўленне пайшло ў Расійскі ВАК, бо ў Менску пакуль такіх званняў не прысвойвалі. Дакументы ў Маскве валяліся амаль два гады. А калі трапілі на патрэбны службовы стол, то выклікалі здзіўленне і пратэст: "Якая кафедра беларускай культуры? У нас нават такіх няма". I як вынік - на экспертызу. Мая навуковая прадукцыя пайшла на экспертнае заключэнне ў Інстытут сусветнай літаратуры імя М. Горкага, а навучальная работа - у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, на кафедру славянскіх літаратур. Кафедра прапанавала прачытаць у іх лекцыю. Ад культуралагічнай тэмы адмовіліся. Згадзіліся на тэму "Развіццё мастацкіх стыляў у беларускай літаратуры XX стагоддзя". Я, вядома, хваляваўся: усё ж - Маскоўскі ўніверсітэт. Але выявілася, што і мы не горшыя. Калі закончыў на паседжанні іх кафедры лекцыю, і пачалося абмеркаванне, пачуў такія высокія словы пахвалы ў свой адрас, якіх не чуў за ўсё сваё жыццё. Бо калегі ў Гародні на абмеркаванні адкрытых лекцый выказваліся звычайна стрымана, а пазітыўныя моманты ацэньвалі як належнае. Стаў я апошнім (у 1994 г.) беларускім прафесарам, якому гэта званне прысвоіў Расійскі ВАК.

Чытаць курс гісторыі беларускай культуры было няпроста. Адсутнічаў хоць які-небудзь звязны матэрыял, на які можна было б абаперціся. Даводзілася па крупінках збіраць факты, вышыхтоўваць іх у сістэму, ствараць навуковую канцэпцыю. Ужо ў 1994 годзе была выдадзена навучальная праграма курса, першая ў Беларусі, якую мне выпала рыхтаваць. У навуковай рабоце ўсё больш пераключаўся на культуралагічную тэматыку і рэгулярна выступаў з дакладамі на Міжнародных кангрэсах беларусістаў. З 2001 года працаваў ужо на пасадзе прафесара кафедры, якая стала называцца "беларускай культуры і рэгіянальнага турызму". З 2013-га года гэта кафедра мае назву "Турызму і культурнай спадчыны". I я ўсё трымаюся за яе, за мой універсітэт, дзе прайшло жыццё. Па-ранейшаму вывучаю літаратуру і культуру Гарадзеншчыны, іх рэгіянальныя асаблівасці. Апошнія гады стала выступаю на "Гарадзенскіх краязнаўчых чытаннях", што ладзяцца абласной бібліятэкай імя Я. Карскага. Чытанні зрабіліся ўжо міжнароднымі і набылі статус навуковых.


Горад над Нёманам і ўніверсітэт імя Я.Купалы сталі часцінай мяне самога. Так склаўся лёс. Благі ці шчасны, гэта ўжо не мне ацэньваць. Але мой уласны. I роднае беларускае слова ў ім заўсёды было са мною.

Аляксей Пяткевіч


Трэці этап дыктоўкі

Таварыства беларускай мовы правяло 25 сакавіка ў офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13) трэці этап ІХ Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Удзельнікі дыктоўкі атрымалі памятныя прызы ад ТБМ. Дыктавала Алена Анісім.

Наш кар.


Мова - гонар, а не сорам

Будзем сеяць, беларусы,

На ўсход сонца чыстым зернем.

П. Броўка.

Творчая імпрэза "Шануйце родную мову", прысвечаная 125-годдзю выдання "Дудкі беларускай", адбылася ў літаратурным музеі П. Броўкі ў Менску. На яе былі запрошаны вучні і выкладчыкі 31-ай менскай гімназіі. Вядоўца вечарыны Вера Буланда дала слова беларускім паэтам і паэткам, пісьменніку і гісторыку.

Паэт, перакладчык, этнограф і мовазнавец, які піша кнігі для дзяцей, Канстанцін Аляксеевіч Цвірка звярнуўся да вучняў з цікавымі аповедамі. Прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч ўспамінаў пра свае дзяцінства, школьныя і юначыя гады, пра свой светапоглядны выбар у сталыя гады на карысць роднай мовы. Ён прыгадаў, як вясковыя матулі прагнулі чуць родныя словы з вуснаў дзяцей, якія вяратліся дадому, а не абруселую гарадскую гаворку.

Успамінамі пра тых, хто спрыяў у творчым лёсе, падзялілася сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Галіна Каржанеўская, якая зараз збірае звесткі з гісторыі Лагойскага раёна. Лекар-атарыналарынголаг і паэтка Вера Міхно прачытала свае вершы пра каштоўнасць роднай мовы.

Брат і сястра Ігар і Ксенія Аляксандравы выканалі пранікнёныя спевы на вершы Янкі Купалы з рэпертуару "Песняроў". Сябра Рады ТБМ Святлана Багданкевіч падзялілася сваімі паэтычнымі здабыткамі. Завершыла імпрэзу яскравымі вершамі актывістка ТБМ, паэтка Аляксандра Грыцкевіч.

- На нашай мове можна выказваць самыя тонкія душэўныя пачуцці, адценні прыгажосці прыроды і навакольнага свету, з яе дапамогай можна перадаваць навуковыя ідэі і канцэпцыі, яна багатая і разнастайная, жыццядайная і неўміручая, - засведчыла паэтка.

Эла Дзвінская.

На здымках аўтара: 1. Вера Буланда і Кастусь Цвірка выступаюць перад слухачамі 2. Спяваюць Ксенія і Ігар Аляксандравы.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў красавіку

У Гародні ў Доме паломніка праваслаўнага сабора па вуліцы Акадэмічнай прайшла імпрэза, прысвечаная 70-ым угодкам Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сучасную літаратуру ствараюць больш як пяць сотняў сяброў гэтай пісьменніцкай арганізацыі па ўсёй Беларусі. У Гарадзенскім аддзяленні Саюза налічваецца толькі чвэрць сотні сяброў, але іх значнасць у літаратуры даволі высокая.

Пачалася імпрэза з гімна "Магутны Божа" ў выкананні святароў Гарадзенскай епархіі.

Валянцін Дубатоўка, сённяшні старшыня аддзялення згадаў усіх сваіх папярэднікаў, а слынны літаратуразнавец і краязнавец Аляксей Пяткевіч распавёў, як і калі на самай справе стваралася Гарадзенскае аддзяленне. І як яно выглядала, калі тут дзеялі Карпюк, Быкаў, Васілёк, Данута Бічэль, якая з той кагорты адна прысутнічала на паседжанні.

Віталі сход старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, зямляк, але цяпер жыхар Менска Міхась Скобла. Выступалі Юрка Голуб, Станіслаў Суднік і інш.

Загадам старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў "за дзейсны ўдзел у працы Гарадзенскага абласнога аддзялення СПБ і творчыя здабыткі" юбілейнымі медалямі ўзнагароджаны:

Данута Бічэль , г. Гародня;

Аляксей Пяткевіч , г. Гародня;

Міхась Зізюк , г. Наваградак;

Сяргей Чыгрын , г. Слонім;

Станіслаў Суднік , г. Ліда.

Па ходу імпрэзы адбылася прэзентацыя чарговага нумара гарадзенскага літаратурнага альманаха "Новы замак". У выдавецтве "Кнігазбор" пабачыў свет ужо чацвёрты том альманаха, які дае вычарпальнае ўяўленне пра сучасную літаратуру Гарадзеншчыны, знаёміць з новымі імёнамі, распавядае пра культурнае жыццё рэгіёна. Коратка распавёў пра нумар яго рэдактар Сяргей Астраўцоў.

Станіслаў Суднік прадставіў высокаму сходу 8-мы нумар лідскага літаратурна-мастацкага альманаха "Ад лідскіх муроў".

Паміж выступамі гучалі высокамастацкія музычныя і вакальныя творы. У тым ліку вершы паэтаў Гарадзеншчыны чыталі дзеткі.

Вельмі радуе, што гарадзенская літаратура зноў ідзе на пад'ём.

Яраслаў Грынкевіч.


25 сакавіка Беларусь адзначыла 98-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі

Дзень Волі ў Воранаве і Лідзе

Сябры палітычных партый, арганізацый і грамадскія актывісты Лідчыны традыцыйна адзначылі Дзень Волі наведваннем месцаў пахаванняў беларускіх дзеячоў. Так, у Воранове былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя знічы на магіле міністра абароны БНР - генерала Кіпрыяна Кандратовіча. Паколькі гэтым разам было шмат новых людзей, то Станіслаў Суднік распавёў ім пра міністра Кандратовіча, ягоны лёс, пра лёс іншых дзеячоў БНР.

А ў Свята-Георгіеўскай царкве ў Лідзе з нагоды Дня Волі адбыліся набажэнства "За беларускі народ", якое адправілі на беларускай мове святары Аляксей Глінскі і Уладзімір Камінскі, а таксама ліція па беларускіх нацыянальных дзеячах, сярод якіх акрамя Кіпрыяна Кандратовіча, Ларысы Геніюш, Юльяна Саковіча ўпершыню быў згаданы і генерал-маёр Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко - кіраўнік першай беларускай арганізацыі ў Лідзе ў 1918 г.

Як адзначыў пасля службы протаіерэй Аляксей Глінскі, у свой час беларускі народ зрабіў вельмі важны крок, выбраўшы незалежнасць, і ўсім важна памятаць аб гэтым.

- У тыя цяжкія часы беларусы змаглі знайсці ў сабе сілы, каб згуртавацца і зрабіць такі важны і вельмі моцны крок у бок незалежнасці і дзяржаўнасці, калі беларускі народ выходзіць на шлях самастойнасці, гэта вельмі важна, бо кожная нацыя, кожны народ мае перад Богам нейкі свой лёс, нейкі досвед, і кожны народ павінен існаваць, а не знікаць. На гэта няма Божай волі.

У сваю чаргу Станіслаў Суднік зазначыў:

- Мы хацелі паглядзець, як можна будзе прыгожа і масава адсвяткаваць 100-я ўгодкі БНР. І вось прыйшлі да высновы, што калі б у Менску адразу ў многіх касцёлах і праваслаўных цэрквах адначасна адбыліся малебны "За беларускі народ", а пасля ўсе выйшлі з храмаў і зліліся ў адну калону на адной з цэнтральных плошчаў, то святкаванне выглядала б грунтоўна і велічна.

І як бы ў адпаведнасці са сказаным пэўная колькасць лідзян пасля набажэнства рушыла на Менск і прыняла актыўны ўдзел у шэсці з нагоды Дня Волі.

Паводле СМІ.


"Беларусь - не Расея": пікет у Бярозе да Дня Волі

Больш дзясятка чалавек прыйшло на санкцыянаваны ўладамі пікет у Бярозе з плакатамі і бел-чырвона-белымі сцягамі.

Упершыню больш як за палову году ў Бярозе на Берасцейшчыне адбылася дазволеная масавая акцыя. Пікет да 98-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі прайшоў на стадыёне Паўночнага гарадка. Гэта далёка не цэнтр горада, але побач - шматпавярховікі.

Пікетоўцы трымалі плакаты з надпісамі ў гонар абвяшчэння БНР, у падтрымку прадпрымальнікаў супраць указу № 222, на адным з плакатаў было напісана "Беларусь - не Расея", на іншым - "Не - Еўразійскаму саюзу".

Большасць удзельнікаў акцыі - людзі сталага веку, хоць была і маладая жанчына з маленькім дзіцем. Часам да пікетоўцаў падыходзілі цікаўныя жыхары Бярозы, распытвалі пра акцыю. Акцыя доўжылася з 18-й да 19-й гадзіны, ніякіх інцыдэнтаў і правакацыяў не адбылося.

Радыё Свабода.


У Дзень Волі віцябляне прыйшлі да Быкава і Караткевіча

Каля дзесятка чалавек, умовіўшыся праз асабістыя кантакты, сабраліся каля помніка князю Альгерду і прайшлі па цэнтры Віцебска з букетамі белых і чырвоных кветак, з паветранымі шарыкамі. Адна дзяўчына ішла з бел-чырвона-белым сцягам на плячах.

Гэтым разам сабраліся не "запісныя апазіцыянеры" - сябры партыйных арганізацый ці грамадскіх структур, а людзі, якія ў большасці адзін аднаго раней не ведалі. Так што знаёміліся проста па дарозе.

Актывісты ўсклалі букет кветак да помніка князю Альгерду, рушылі да Успенскага сабора, а потым да мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе вучыўся Васіль Быкаў. Кветкі сюды ўскласці праблематычна - гэта не прадугледжана канструкцыяй. Аднак актывісты штогод іх ускладаюць, караскаючыся на вышыню пад тры мэтры.

Пад "пільным вокам" відэакамеры і наглядам супрацоўнікаў міліцыі віцябляне прайшлі да помніка Уладзіміру Караткевічу. Мяркуючы па кветках ля падножжа, яны тут сёння былі не першыя.

Актывісты ўсклалі яшчэ некалькі букетаў, а на галінку бліжэйшага дрэва прывязалі шарыкі - і гарадскі краявід адразу стаў больш святочны.

Радыё Свабода.


Дзень Волі ў Глыбокім

У Глыбокім святкаванне традыцыйна пачынаецца з наведвання "Алеі славутых землякоў". Грамадскія актывісты спачатку ўсклалі кветкі да бюста былога прэм'ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага. Потым наведалі дом, дзе ўсталявана памятная дошка аўтару бел-чырвона-белага сцяга Клаўдыю Дуж-Душэўскаму. Кветкі да шыльды разам з актывістамі ўсклаў цяперашні гаспадар дома спадар Раймунд Салодкі. Па словах грамадскага актывіста Змітра Лупача, хоць гэтае свята не так і шырока святкуецца, як павінна было б, але ўладам таксама не трэба забывацца на тое, дзякуючы чаму яны займаюць свае высокія пасты ў Беларусі:

- Хаця ўлада і ганяе за гэтае свята, але яны таксама займаюць свае пасады не ў малой ступені дзякуючы таму, што ў 1918 годзе была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. І гэта было падставай таму, што тагачасны бальшавіцкі ўрад пад кіраўніцвам Леніна мусіў стварыць Беларускую ССР, і дзякуючы гэтаму ў 91-ым годзе, калі распадаўся Савецкі Саюз, Беларусь атрымала незалежнасць. І цёткі, дзядзькі, якія намі кіруюць, кім бы яны былі, калі б не было незалежнай Беларусі. Сядзелі б па сваіх калгасах, і іх кар'ерны рост быў бы не выйшэй раёна.

Напрыканцы грамадскія актывісты наведалі Копцеўскі цвінтар. На магілу Альберта Бацяноўскага, студэнта Глыбоцкай педвучэльні, сябра падпольнай арганізацыі Саюза Беларускіх Патрыётаў, вязня ГУЛАГу таксама былі ўскладзеныя кветкі і прачытаная малітва.

Беларускае Радыё Рацыя.


Патрыярх беларускага мастацтва

Несцярэўскі Мікалай Лаўрэнцьевіч - вядомы беларускі мастак, кераміст, жывапісец, скульптар, сябар Беларускага саюза мастакоў. Нарадзіўся 31 сакавіка 1931 года ў вёсцы Бацюты Беластоцкага ваяводства (Польшча). Любоў да свёй малой радзімы Мікалай Лаўрэнцьевіч пранёс праз усё жыццё і прысвяціў сваёй роднай вёсцы паэму "Бацюты". З сям'і беларускіх сялян, праваслаўнага веравызнання. Бацька - Лаўрэн Маркавіч Несцярэўскі хлебароб, маці - Анастасія Лявонцьеўна Несцярэўская хатняя гаспадыня. У сям'і было трое дзяцей: сёстры Вольга і Галіна. На момант нараджэння малога Міколкі сям'я жыла заможна - 25 гектараў зямлі (18 - ворнай, астатнія - паплавы і сенакосы). Былі коні, каровы, свіні, куры, гусі.

У 1938 годзе памёр яго бацька. Усе клопаты па хатняй гаспадарцы ляглі на плечы сямігадовага Міколкі і маці. Міколка рана навучыўся касіць траву, араць зямлю, сеяць жыта, збіраць ураджай. У верасні 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, немцы акупавалі Польшчу, потым на Беласточчыну прыйшлі войскі Чырвонай Арміі, а ў чэрвені 1941 года - зноў нямецка-фашысцкія акупанты. Вучыцца не было як - школы ні пры якой акупацыйнай уладзе не працавалі. Пасля заканчэння вайны сям'ю Несцярэўскіх, як і тысячы беларусаў па нацыянальнасці, прымусова вывезлі ў Беларусь у мястэчка Дзятлава Гарадзенскай вобласці.

У 1947 годзе Мікалай Несцярэўскі пачаў працаваць вучнем, потым цесляром у арцелі "Чырвоны Кастрычнік" і адначасова вучыўся ў Дзятлаўскай вячэрняй школе рабочай моладзі. У 1953 - 1955 гадах працаваў майстрам сталярнага цэха Дзятлаўскага раённага прамкамбіната. У гэты час Мікалай Лаўрэнцьевіч актыўна удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці - іграў у духавым аркестры, спяваў у хоры, танцаваў на сцэне, рабіў першыя крокі ў выяўленчым мастацтве. З 1955 года ён - інструктар Дзятлаўскага раённага Дома культуры і ў гэтым жа годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гарадзенскага культ-асветвучылішча па спецыяльнасці арганізатар-метадыст клубнай работы, якое закончыў у 1959 годзе.

У 1959 - 1962 гадах Несцярэўскі працаваў мастаком-афарміцелем у Дзятлаўскім раённым прамкамбінаце. У гэты час ён завочна паступіў вучыцца ў Маскоўскі інстытут мясцовай прамысловасці на мастацкае аддзяленне - мастацкая кераміка.

У 1962 - 1963 гадах Мікалай Лаўрэнцьевіч - настаўнік працы, малявання і чарчэння Дзятлаўскай СШ. У 1963 - 1965 гадах - галоўны мастак Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі (Валожынскі раён).

У 1965 годзе ён перавёўся вучыцца з Маскоўскага інстытута мясцовай прамысловасці ў Менскі тэатральна-мастацкі інстытут на вячэрняе аддзяленне, які закончыў у 1969 годзе. Дыпломную работу Мікалай Лаўрэнцьевіч выканаў на "выдатна" і атрымаў спецыяльнасць мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У 1966 - 1969 гадах працаваў у Менскім тэатральна-мастацкім інстытуце вучэбным майстрам мастацкай керамікі. У 1969 - 1991 гадах мастак на Менскім мастацка-прамысловым камбінаце. У 1991 годзе выйшаў на пенсію.

Мікалай Несцярэўскі працуе ў галіне выяўленчага мастацтва, у галіне мастацкай керамікі (у асноўным шамот і тэракота), паркавай скульптуры, афармлення інтэр'ераў грамадскіх будынкаў. Значнае месца ў творчасці мастака займаюць матывы народнага жыцця, вясковага побыту, гульняў, селькагаспадарчай працы.

Асноўныя мастацкія творы Мікалая Лаўрэнцьевіча: дэкаратыўнае пано і партрэт Францішка Скарыны, пано "Лявоніха"; дэкаратыўныя скульптуры: "Каваль", "Жняя", "Птушкалоў", "Спявачкі" (тры постаці), "На кірмашы", "Поры года" (чатыры выявы), "Мацярынства", "Дзяўчынка" і многія іншыя.

У кераміцы, шамоце, паліве ім створаны бюсты "Адам Багдановіч" і "Кастусь Каліноўскі", "Партрэт Маці", "Аўтапартрэт". Ён аўтар дэкаратыўных пластоў "Дажынкі", глякаў куманцоў, "Баран", "Юбілейны" і інш.

Пано на тэму "Здароўе" размешчана ў паліклініцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пано "З народнага жыцця" - у сталовай вытворчага аб'яднання "Інтэграл" (дэманструецца каля 20 мастацкіх работ), пано "Францішак Скарына" ў гарадской бібліятэцы Салігорска, дэкаратыўнае пано (чатыры мастацкія адзінкі 2х2,5 м) "Народныя матывы Беларусі" размешчана ў гастраноме "Мінск" у горадзе Валгаград, (Расія).

Ён аўтар дэкаратыўных пано, якія ўпрыгожваюць станцыю метро "Плошча Якуба Коласа"; дэкаратыўнай скульптуры з керамікі, шамоту, палівы на тэму "Музыкі" (6 постацяў, 140х50 см) для рэстарана аэрапорта "Мінск-2". На вялікі жаль на дэкаратыўныя пласты і кафлі ў кафэ "Бульбяная" (у Менску на праспекце Незалежнасці) нечая рука паднялася, каб знішчыць іх у час рэканструкцыі памяшкання.

У 1995 годзе выканаў узоры: капітэлі, пілястры, кранштэйна, разетак, карнізаў і іншых упрыгожванняў для Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У суаўтарстве з мастаком В. І. Квасавым стварыў тры помнікі (скульптурныя барэльефы) савецкім воінам і партызанам у Валожынскім і Стаўпецкім раёнах Менскай вобласці.

Створаныя ім керамічныя партрэты (медальёны, плакеткі) знакамітых асоб старажытнай Беларусі: каралёў Польшчы, вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага - 39 постацей, партрэты ўладароў Дзятлава: Казіміра Льва Сапегі, Станіслава Солтана, Адама Солтана, Аляксандра Палубінскага; партрэты (плакеткі) народных мастакоў Беларусі: З.І. Азгура, А.А. Анікейчыка, І.В. Ахрэмчыка, А.А. Бембеля, Г.Х. Вашчанкі, В. В. Волкава, В.А. Грамыкі, Л.М. Гумілеўскага; класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, У.С. Караткевіча, В.У. Быкава, Р.І. Барадуліна; кампазітараў У.Г. Мулявіна, І.М. Лучанка; мастакоў М.І. Байрачнага, В.Г. Прыешкіна, А.А. Марачкіна, У.С. Басалыгі, М.Л. Несцярэўскага, Л.Ц. Баразны, Т.М. Паражняка, М.В. Бяляева, А.В. Бараноўскага; пісьменнікаў і журналістаў: А.І. Валахановіча, Я.С. Гучка, М.Е. Лавіцкага, С. Чыгрына; вучоных: Л.М. Лыча, М.І. Савіцкага, А.А. Саламонава; вядомых і знакамітых людзей Дзятлаўшчыны: Віктара Шымука, Івана Кануса, Міхаіла Сідара, Аляксея Мікуліча, Фёдара Красюка, Генрыха Купрыянчыка, Вольгі Сідар, Вячаслава Адамчыка, Ігната Дварчаніна, Міхаіла Петрыкевіча, Уладзіміра Тулейкі; дзеячаў беларускага нацыянальнага Адраджэння - 37 твораў і іншых. У 2013 годзе мастак напісаў карціну "Якуб Колас у Дзятлаве", як напамін аб наведванні паэтам Дзятлава ў 1954 годзе, як дэпутата Вярхоўнага Савета БССР.

Мастацкія творы М.Л. Несцярэўскага знаходзяцца і экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім саюзе мастакоў, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, Гарадзенскім гістарычна-археалагічным музеі, Дзятлаўскім дзяржаўным гістарычна-краязнаўчым музеі (асноўная колькасць яго твораў), Старадарожскім музеі выяўленчага мастацтва, у прыватных калекцыях Польшчы, у Венесуэле (керамічны партрэт нацыянальнага героя Венесуэлы Сімона Балівара).

Шматлікія дэкаратыўныя талеркі, вазы, наборы посуду, свечнікі і іншыя прыгожыя і незвычайныя дробязі, створаныя мастаком, упрыгожваюць побыт людзей і радуюць іх.

Таленавіты беларускі мастак, кераміст і скульптар, які ўносіць вялікі ўклад ў адраджэнне Беларусі. Яго медалі, медальёны - каштоўныя і высокамастацкія экспанаты. Яго ўдзел у гэтай справе сапраўды складана ацаніць.

М. Л. Несцярэўскі - сябар Беларускага саюза мастакоў, быў сябрам Саюза мастакоў СССР, удзельнік выстаў з 1969 года. У 1991, 1996, 2001, 2006, 2011 гадах у Палацы мастацтваў (Менск, вуліца Казлова, 3) і ў Дзятлаўскім музеі праходзілі яго юбілейныя выставы.

М.Л. Несцярэўскі - патрыярх беларускага мастацтва, адзін са стваральнікаў новага кірунку і стылю ў беларускім выяўленчым мастацтве - нацыянальна-гістарычнага. У Беларусі такога асобнага, самастойнага кірунку раней не было. Гэты кірунак у нашай краіне ў той час усялякім спосабам забараняўся, знішчаўся і замоўчваўся.

Мікалаю Несцярэўскаму сваімі мастацкімі творамі ўдалося выйсці за межы забароненага, забытага, патаемнага. І ў гэтым патрыятычным учынку Несцярэўскага праявілася яго магутная сіла беларуса, веліч яго духу і новае ў выяўленчым мастацтве, навізна, якая пры жыцці мастака хутка развіваецца і множыцца. Гэты кірунак неўзабаве падхапілі маладыя беларускія мастакі і зрабілі яго прыдатным для выкарыстання беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, гісторыкамі, культуралогамі, артыстамі, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі Беларусі, беларускай дыяспарай ў многіх краінах свету.

Вось так беларускае мастацтва пайшло ў народныя масы: яно вучыць, прапагандуе старажытную, новую і найноўшую гісторыю Беларусі, паказвае яе сучаснаму чытачу, гледачу, слухачу, якое духоўнае багацце мы амаль не страцілі, але ў час там, "наверсе" схамянуліся і пачалі прыглядвацца і прыслухоўвацца да разумнага разважання простых людзей і рабіць адпаведныя пазітыўныя высновы.

Мікалай Несцярэўскі глыбока і пільна бачыць і добра разумее, чым жыве яго Радзіма - Беларусь. Ведае, што хоча бачыць глядач у яго творах. І ён так гэта паказвае, што глядач кажа: я гэта бачыў, я гэта ведаю, я гэта люблю.

Нацыянальна-гістарычнае выяўленчае мастацтва цяпер хутка развіваецца, і па гэтым накірунку ідуць не толькі мастакі, але і іншыя дзеячы беларускага грамадства.

Старажытную нацыянальную гісторыю Беларусі вывучаюць, пра яе чытаюць, пішуць вершы, раманы, аповесці, п'есы, паэмы, ствараюць мастацкія палотны. Штуршок гэтаму быў дадзены ў час, і цяпер гэты кірунак заняў сваё законнае месца ў развіцці нацыянальнай гісторыі і культуры Беларусі.

І ў гэты нацыянальна-гістарычны кірунак у выяўленчым мастацтве Беларусі зрабіў свой немалы ўнёсак і наш паважаны Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі. Яго мастацкія творы ўпрыгожваюць грамадскія будынкі ў Менску, Салігорску, Слуцку і іншых гарадах.

Па слядах свайго бацькі пайшлі і яго сыны - Сяргей і Аляксандр.

Доўгіх гадоў Вам жыцця, шчасця, усяго найлепшага, і спраўджання ўсіх задумаў і мастацкіх праектаў!

Сто лят!

Анатоль Валахановіч , беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык.


У Магілёве актывісты Таварыства беларускай мовы нагадалі жыхарам вуліцы імя Каліноўскага, хто такі Кастусь Каліноўскі

ТБМ-аўцы Магілёва раздалі мінакам і раскідалі па паштовых скрынях інфармацыйныя ўлёткі пра нацыянальна-вызвольнае паўстанне 1863-64 года. Сваю акцыю актывісты прысвяцілі дню нараджэння і гвалтоўнай смерці Каліноўскага.

- Мы не першы год праводзім такія асветніцкія акцыі. Пачалі іх, як даведаліся, што жыхары вуліц, названых імёнамі славутых беларусаў, не ведаюць, хто яны такія, - апавядае старшыня магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў. - Сёння выбраліся на вуліцу імя Каліноўскага. 2 лютага ў яго быў дзень нараджэння, а 22 сакавіка яго пакаралі смерцю, - зазначае актывіст. - Вуліца, названая ў гонар кіраўніка паўстання, даволі вялікая. Давялося пабегаць, але ўсё ж нагадалі, хто ён такі, жыхарам і ўшанавалі такім чынам ягоную памяць. У 26 год ён аддаў жыццё за Беларусь і беларускі народ.

Вуліца імя Каліноўскага ў мікрараёне Казіміраўка. Гэта выезд з абласнога цэнтра ў бок Менска. Назва вуліцы на шыльдах пададзена выключна па-расійску. Інфармацыйнай дошкі пра нацыянальнага героя, у гонар якога названая вуліца, няма.

- Гэта вуліца старая і шыльды вывешваліся, відаць, яшчэ за савецкім часам па-расейску. Аднак шыльды выглядаюць новымі. Ёсць тут нядаўна створная вуліца, названая ў гонар Скарыны. Шыльды на ёй таксама расейскамоўныя, - абураецца ТБМ-авец. - Трэба будзе звярнуць увагу чыноўнікаў гарвыканкама на гэтую прыкрую акалічнасць. Калі б Каліноўскі і Скарына ўбачылі, што іх імёны пададзеныя на расійскай мове, дык пэўна дужа здзівіліся б.

- Што да інфармацыйных, ці мемарыяльных дошак, дык яны вывешаны ў Магілёве пераважна на вуліцах названых у гонар савецкіх герояў Другой сусветнай вайны, - працягвае Алег Дзьячкоў. - А вось Каліноўскі - ён жа быў не дужа шанаваным і ў савецкія часы партнаменклатурай, хоць яго імя і выкарыстоўвалі па-свойму. Цяпер жа сітуацыя іншая. Каліноўскі разглядаецца не як рэвалюцыянер, а як нацыянальны дзеяч, і да гэтага чынавенства ставіцца з перасцярогай.


Акцыя ТБМ-аўцаў доўжылася больш за гадзіну. Інцыдэнтаў ні з жыхарамі, ні з міліцыяй не было. Жыхары ў гутарцы з журналістам называлі Каліноўскага - рэвалюцыянерам, пісьменнікам, паўстанцам. Заяўлялі, што ён змагаўся за свабоду і незалежнасць Айчыны.

- Ён, здаецца, пісаў некаму лісты. Змагаўся, як я памятаю, з Расійскай імперыяй, але, за што канкрэтна, не памятаю, - паспрабавала ўзнавіць з школьных ведаў, хто такі Каліноўскі, адна з першых апытаных жыхарак вуліцы.

- Гэта беларускі пісьменнік Кастусь Каліноўскі, - упэўнена заявілі тры сяброўкі-школьніцы.

- Напісаў ён, здаецца, як я памятаю пра... "Уб'ём фашысцкую гадзіну!", - выказала здагадку адна з суразмоўніц.

- Ды не, у школе мы чыталі нейкія лісты. Здаецца, "З-пад... шыбеніцы", - умяшалася ў гутарку яе сяброўка.

- Вось таму ён і пісьменнік, - рэзюмавала яшчэ трэцяя сяброўка.

- Ён рэвалюцыянер 1863 года. Паўстанне тады было ў Беларусі. Каліноўскі, здаецца, сказаў: "Не народ для ўлады, а ўлада для народа", - зазначыў наступны суразмоўца.

Да акцыі на вуліцы Каліноўскага магілёўскія актывісты ТБМ расказалі жыхарам іншых вуліц, хто такі Віктар Тураў, Аляксей Пысін.

Радыё "Свабода".


КАРЧАВАТКА

Аповед азірання

(Працяг. Пач. у папяр. нумары.)

VІІІ

Але вярнуся ўслед за згадкай

У пору тайнаў і загадак,

У час дзяцінства - час шчымлівы,

Дзе я папраўдзе быў шчаслівы.

Чаго там думка ні кранецца -

Душа струною адзавецца,

І я ўжо - успамін не гасне -

З мужчынамі ў калгаснай лазні.

О лазня, ты - нібы твор арта,

Ты ўжо сама паэмы варта!

І сёння бачу я карціну:

У клубах пары - грудзі, спіны,

Вады плюскота, бразгатанне,

Камення ў бочках клекатанне,

І гоман, смех, і плач дзіцячы -

Ад мыла едкага няйначай.

Ўсе завіхаюцца заўзята,

Нібы за плугам ці варштатам,

Старанна мыюць рукі, ногі,

А спіну - просяць дапамогі,

І тут ніхто не пазласловіць,

У гэткай справе не адмовіць:

І пашаруе, і спалошча,

Па чыстай даланёй пахвошча.

А пра парыльню, ці духоўку,

Ужо асобная памоўка.

Туды трапляў я ці то з татам,

Ці са старэйшым якім братам,

Бо й да бяды там недалёка

Без сталага над дзіцем вока.

Прыкрыўшы аблавушкай чэрап,

Стары Матвеіч лез наўперад,

На самы верх і ўжо з-пад столі

Казаў паважна так, паволі

Уніз каму, хто быў ля печы:

- Ліні карэц! Пагрэю плечы!

У печы гулка выбухала,

І тут жа пара вылятала

Клубом вялізным, і ўжо знекуль

Адтуль плыў голас плачу-енку:

- А што ж ты робіш? А мой братка!

Спячэш мяне тут, як аладку!

На доле смех - нязлосны, дробны:

Нагрэта лазня, значыць, добра,

Што духу станецца й мужчынам,

А пасля іх - яшчэ й жанчынам,

Папарыцца, дальбог жа праўда,

І той, што прыйдзе мыцца заўтра.

Ўслед за Матвеічам памалу

Лез на цапкі хто ні папала,

Там увесь час было завозна,

Штораз там выбухала грозна,

Клубком пад столь вілася пара,

Тады даваў хто-небудзь драла,

А рэшта з войканнем і стогнам

Па спінах, па баках, па сцёгнах

Сябе сцябалі без адхлання,

І долу несліся літанні:

- Ой, як жа добранька! Як люба!

Усёй хваробе тут загуба!

- Ого, Пятрусь, пабойся Бога:

Пусці мяне адсюль жывога!

- О-ё-ё-ёй! Ай-ай! Трымайце!

Няйнакш спяку тут свае я..ы!

- А ці йшчэ трэба яны, Сцёпа?

Ты ж з Любай шэсцера насцёбаў!..

І тут пайшло ўжо быццам з меха,

Ўжо некаму й не да смеху,

Ужо чуваць і ноткі злосці,

Ужо камусьці мыюць косці:

Што ж, дух тут - ажно дух займае,

Аж да касцей ён прабірае!


І ўсе ўстаюць перад вачыма

Былымі, роднымі, жывымі -

Банук Ляксандра й дзядзька Пётра,

Бладыкі - іх ажно чацвёра:

Іван, Валодзя, Міця й Веня,

Пятрусь Драздоў, Марыльчын Геня,

Крыстынчын Косця, Каспаровіч

Міхалка, Анцік Давідовіч,

Вуйт, Васілёк, Барэйка Грыша,

Стары Банук, Сцяпанка з Мішам,

Васіль Кароль, Валодзя Ганнін -

Ніхто ў няпамяці не кане,

Як і Матвеіч, ўжо згаданы,

Іван, што Маханком празваны,

Міхалка і Юллян Ладэйшы

(Стары і трохі маладзейшы),

Якуб Смаляк і Юрка Стрыга,

Юстын - былы кулак-расстрыга,

Андрэй Мароз і Васіль Маслаў,

Якім з Іванам... Не пагасла

З іх аб ніводным мая памяць,

Не сцерла анікога замяць

Гадоў. У Маславых у родзе

Быў Мікалай і два Валодзі,

Яшчэ Ляксей - мой швагер слаўны

І брыгадзір калгасны дбайны.

Згадаць тут трэба знаных змалку

Яшчэ Антоніка й Міхалку

Шахора, Цюпціка таксама -

І ўся, бадай што, панарама.

Забыў - яшчэ Андрэй Бурбоўскі...

Народ, як кажуць, ўсё такоўскі,

Паважны, сталы люд, сур'ёзны,

Характарам, натурай розны,

Рыбак хтось шчыры і заўзяты,

А хтосьці і гультаяваты,

Хто - гаварлівы, хто - маўклівы,

Пахмуры гэты - той смяшлівы,

Адзін маруда - другі жвавы,

Ўвесь нібы жыўчык той, рухавы,

Цвярэзнік - гэты, той - ахвотна

Кульне з кім-небудзь і самотна,

Адзін - сямейнік адмысловы,

Другі - нібыта кот марцовы,

Так і бярэ хэнць на дурніцу

Крутнуцца ля чужой спадніцы -

Калгас, грамадства без халтуры,

Дзяржава ў мініяцюры!

Няма ўжо ўсіх іх, анікога.

Аж бярэ вусціш - ні аднога,

З кім пачынаў жыццё, з кім крокі

Рабіў я першыя. Далёка

Той час цяжкі, пасляваенны,

З жахлівай беднасцю нязменнай,

Але ж і шчасны, пераможны,

З надзеяй ў светлы дзень заможны!


Але найперш, калі згадаю,

Яго здалёку пагукаю, -

Той час і свет адзіным згусткам,

У поўным сэнсе беларускім

Мне паўстае. Там усё цалкам,

Суцэльным крэмневым кавалкам

Было тутэйшым, родным, крэўным,

Была там вёска - не "дзярэўня",

Быў Беларусі куток мілы,

Забыць які не маю сілы!

Нішто практычна не казала

Аб тым, што блізіцца навала

Смяртэльная. Дзяды з бацькамі,

І цёткі нашыя з дзядзькамі,

Калі б з магіл сваіх усталі,

Дык родны край бы не пазналі,

Бо ўсё кругом - не явай роднай,

А - чужаніцаю звыроднай:

Усё наўкол нібыта й тое,

Але - фальшывае, нямое,

Для вока нашага - сляпое,

Для вуха нашага - глухое,

Для сэрца нашага - чужое,

А для душы - атрутна злое;

Усё - як д'ябла па намове,

Бо не гучыць у родным слове.

Бацькі сышлі й бадай не зналі,

Не думалі і не гадалі,

Што дзеці іх, найперш унукі

Амаль ахвотна і без мукі

Адвернуцца ад роднай мовы

І загавораць на лад новы,

На рускі лад, само сабою,

Забыўшы, што сплывуць з вадою

Не толькі трэскі, а й цяжкое,

Найсутнаснае, дарагое.

Сябе самога траціць з мовай

Заўсёды чалавек, аснову

Сваю губляе, грунт, апору,

Падмуркі тыя, без каторых

Архараўцам жыве, без болю,

Бязмэтным перакаці-полем,

Ў душы не мае ён прапіскі

На ўлонні роднае зямліскі.

З такога ўсюды мала клёку,

Палёт ягоны - невысокі.

Ён пустацвет, без плоду завязь,

Пустых галін пустая навісь.

Ды ўсё ж адно тут вырастае:

Варожасць да свайго сляпая!

Як янычары, ў злосці лютай

Аддаць гатовы на пакуты

Нат сваю матку. Гэткіх зграя

Сягоння правіць ў нашым краі.

Таму нам, як нікому, цяжка:

Ва ўсім - абсурд, паўсюль - няўвязка.

Рэжым, хоць свой, - каланіяльны:

З зацятасцю маніякальнай

Знішчае ўсё, што сэрцу міла

Майму... О, Божа, дай ты сілы...

ІХ

І ўжо ў наступную хвіліну

Мкне думка ў родную мясціну

І ў час далёкі і шчымлівы,

Дзе я й папраўдзе быў шчаслівы.

Але, але, хоць і бядотны,

Хоць да жабрачасці гаротны

Пасляваенны час, ды дзейны,

Найперш - зусім не безнадзейны,

Памкненняў час і парыванняў,

І самых лепшых спадзяванняў,

Шчаслівых ўлазін-наваселляў,

А да ўсяго - і час вяселляў...


Гады вайны не тое цеста

Замешвалі, ды нявесты

Усё ж раслі і ў сваіх марах

Сваёй пары і сваёй пары

Чакалі. І прыждалі свята:

Франтавікі прыйшлі у сваты!

Вяселле сястры Ліны помню:

Браў свой пачатак сорак сёмы.

Не гнуўся стол ад пачастункаў,

Гасцям не надта цешыў шлункі:

Быў халадзец, гурок, капуста,

Скрылёчкі сала, хлеба лусты,

Яшчэ - аладкі ў цёртым маку, -

Тым часам не пыталі смаку.

Для весялосці ж - самагонка,

На крамную кішка за тонка.

Затое ж колькі напяялі!

І як жа весела скакалі!

Пакуль асвойвалісь патроху

Ў застоллі госці, ад парогу

Запелі бабы песню ўзнёсла,

А мо хутчэй жалобна-слёзна

У гонар маладой, нявесты;

Пасля, як кажуць, без прысесту

Усчалі славіць маладога,

Аднога свата і другога,

А потым сваццяў і гасціну, -

Тых песень не адну асьміну

Нашы вясковыя пяюхі

Напелі і... нагналі скрухі.

Ды так і трэба, завядзёнка

Такая: будучая жонка

Няхай паплача, пагагуліць:

Яна йдзе замуж, не на гулі.

Між тым, застолле зашумела,

Апотым і само... запела.

Спярша пра луг той зеляненькі,

Дзе брала ўдова лён драбненькі,

Да маці сына пасылала, --

Пад столлю песня залунала;

Затым пра рэчаньку няпоўну,

Пра беражкі яе няроўны;

І пра зязюльку, што кувала,

Пра маладу, што ноч не спала;

Затым пра леты маладыя,

Якіх не вернуць вараныя;

Пра тое, чаму ж не спяваці,

Калі парадак, лад у хаце;

І пра зялёную йшчэ вішню,

З-пад кораня што ўпарта выйшла...


Ах, песні родныя! Стагоддзі

Жылі вы, знаныя ў народзе!

Чаму ж вы сёння у аблудзе?

Чаму вас выракліся людзі?

На сённяшніх вяселлях модных

Вас не пачуеш аніводнай!

Папса дурная глушыць вушы

У той дзікунскай калатушы,

Вяселлем што завецца сёння...

Нясі мяне, мая Пагоня,

Назад, у леты маладыя;

Шпарчэй бяжыце, вараныя!..

Х

Час быў яшчэ амаль пячорны.

З усіх прылад - хіба што жорны.

Святло - газнічка і лучына.

Ды смуткаваць - няма прычыны.

Галоўнае - што прыйшлі "нашы",

Дык прыйдзе час і поўнай чашы!

Магутная ты штука - вера!

Што вучымся мы без паперы,

Без алаўцоў і без чарніла,

Што з голаду нам свет нямілы, --

На гэта дружна не зважаем,

Насуперак ўсяму - спяваем,

Аб Сталіне спяваем родным,

Правадыры усенародным.

І дайце веры, ўжо дзіўлюся:

Тады я мог быць беларусам.

Нам мова руская чужою

Была. Прынамсі, не сваёю.

Мы шмат у ёй не разумелі,

Хоць песні рускія і пелі.

Я пеў: "боряси побеждая"

І "колокольчик дарвалдая",

Хоць і не знаў, што за прыўкрасы

Гэтыя самыя "боряси",

Як і таго, што азначае

Абракадабра "дарвалдая".

На слых мы песні успрымалі,

А мовы рускае не зналі,

Таму й спявалі так, як чулі,

Таму й раслі на вербе дулі.

І гэта ані анармальна,

Ўсё гэта цалкам натуральна:

Тады яшчэ жыў люд вясковы

Ў стыхіі сваёй роднай мовы,

Сваёй ментальнасці, абрадаў,

Традыцый будніх дзён і святаў!

І мы раслі, людскі падлесак,

Пад шатамі, а не на ўзлеску, -

Дзяцьмі, як кон дае прырода,

Сваёй зямлі й свайго народа.

Жывём не недзе на атрусе,

Ў сваёй краіне - Беларусі.

А ў Беларусі - свая мова,

Свой звычай, лад, свая аснова.

Да ўсяго гэтага ў дзіцяці

Такая ж любасць, як да маці.

Калі ж хто выракся, сцураўся,

Той з роднай маткі насмяяўся!


Якога ж цмока-людагуба

І хто наслаў на нашу згубу?

Адкуль і хто прывёў пачвару,

Што загадала янычараў

Рабіць, выхоўваць з нашых дзетак?

Мо з Боскай волі стала гэтак?!

Мо Бог на час без сваёй ласкі

Пакінуў нас, ну а падпаскі,

Даўно чужыя нам, з імпэтам

Яшчэ і блаславілі гэта

Жахлівае перараджэнне,

А кажучы прасцей - знішчэнне?

Бо калі б Бог на Беларусі

Жыў, як заўсёды, дык спакусе

Знішчаць народ не даў бы сілы,

Не дапусціў бы, каб грамілы

Зноў пачалі махаць і рэзаць,

Зноў усё наша ў брудзе квэцаць,

Змушаць людзей забыць святое

І ўжо маліцца на чужое!..

Дык жа і моляцца. Пагляньце,

Які разгул атруты-глянцу

У шапіках і на паліцах,

Скуль пошласць прэ, ажно ільсніцца;

Кроў, мардабой ў кінатэатрах

І на малых экранах хатніх;

Дзявок вяртлявых пупы й сцёгны,

Хлапцоў нябрытых хрыпы й стогны,

Агнёў і скокаў мільгаценне,

Ад дэцыбелаў сцен дрыжэнне -

Пануе сёння на эстрадзе,

Ўсё іншае - ў глухой асадзе.

Адно ў пашане: секс і жарсці.

Ўсе мондрыя па гэтай "части''.

Дзяўчынка - проста сам анёлак!

А енчыць так, бы на пяколак

Ускочыў кот і на лучыну

Наткнуўся. Ёй жа - дай мужчыну!

Аж млее, корчыцца, трасецца,

Ў экстазе зойдзецца, здаецца;

І песенька яе такая ж -

Найсексуальна зазыўная,

З убогім прымітыўным тэкстам,

З цынічна-пошлым брыдкім зместам.

Дзяўчаткі нашы: з Магілёва,

Ці з Мінска, Віцебска, са Шклова,

Ды беларускасці пазнакі

Ні ў чым не знойдзеш аніякай:

Ні ў музыцы, ні ў словах-мроях,

Ні ў рухах "зорак", ні ў іх строях.

Клопат не ў тым, як апрануцца,

Найперш у тым, як распрануцца.

Спаднічкі-міні ўжо у скрынках:

Ужо выходзяць пець і ў стрынгах.

А прыклад падае эліта.

Пытанне ёю як закрыта:

"Вполне в культуре белорусской

Работать можно и по-русски,

Единственное, чтоб культура

Была то, не макулатура..."

І, "сраму не има", працуюць,

Манкуртаў новых нам гадуюць.

Краса эстрады беларускай

Паўсюдна шпрэхае па-руску.

Адно, бывае, на "Дажынках"

Ўлюбёнка бацькі на хвілінку

Спахопіцца і то без смаку

Лісліва гэтак скажа "Дзякуй!"

Замест звычайнага "Спасибо!"

Дык гэта беларускасць хіба?

Тут словы гожыя Купалы

Міжволі памяць узгадала:

У беларускую дзяўчыну

Ніхто йшчэ каменя не кінуў!

О так! Вядома ж, не кідалі!

На жаль, свой гонар занядбалі

Дзяўчаты нашы, дый жанчыны.

Хваробы гэтае прычыны -

Ў духоўным нашым ачмурэнні,

Душы народнай аняменні.

І хай я буду паўтарайлам,

Але скажу: усё - з Ягайлы...

Тады, тады запрацавала

Машына дзікае навалы

Па карчаванні нас з карэннем

Да цалкавітага знішчэння...

ХІ

У родным куце ёсць мясціна,

Калі папраўдзе, балаціна.

Калісьці рос там лес магутны,

За даўнім часам, ужо смутным.

Лес яшчэ прадзеды звалілі,

Пазвозілі, лаўжы спалілі.

На месцы пушчы толькі пнеўе -

Як напамін аб дрэваў гневе.

Пасля й да пнёў дапялі рукі -

Іх сталі карчаваць унукі.

Абкопвалі, падвагі бралі,

Людской і конскай сілай дралі,

Улетку й восенню дажджлівай

Пупы ўпіналі, рвалі жылы.

Накарчаваных пнёў гамарню

Вазілі ўзімку на смалярню.

Карчоўка цягам год крактала,

Заробак мужыкам давала,

І балаціна неўаглядкі

Імя займела - Карчаватка.

Калі я ў свет прыйшоў, ніякіх

Там не было ўжо пнёў ні знаку,

І мне спачатку была дзіўнай

Такая назва той мясціны.

Але само гучанне слова

Кранала вуха адмыслова.

Яно гучала надта ж "смачна",

Бы літар "ч" ажно зашмат ў ім.

Гучала глуха - і галосна,

І неяк вусцішна, аж злосна,

Ў ім чуўся чорт і яго хата, -

Ісці туды ўжо й страшнавата.

А назва ж, што тут і гадаць,

Ішла ад слова "карчаваць",

Што значыць вынішчаць дарэшты

Паганае, благое нешта, -

Як пустазелле на гародзе,

Ці патырчаку на дарозе.

(Працяг у наст. нумары.)

Мікола ГІЛЬ


Велікодная мастацкая выстава ў Лідзе

Напярэдадні свята Вялікдзень, у Аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ліды пачала дзейнічаць выстава, якая ахоплівае некалькі кірункаў жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У выставе прымае ўдзел вядомы мастак з Менска Анатоль Наліваеў. Адметная каштоўнасць твораў мастака ў тым, што яны з фатаграфічнай дакладнасцю ўзнаўляюць зніклыя панарамы беларускіх храмаў і мястэчак.

Таксама, у выставе прымаюць удзел і лідскія мастакі. Зацікавяць гледачоў вырабы розных кірункаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - выцінанка, вышыўка крыжыкам, вышыўка пацеркамі, роспіс. Наведвальнікі выставы не толькі атрымаюць прыемныя ўражанні да свята, але і натхняцца на асабістую творчасць.

ДУ "Лідскі цэнтр культуры і народнай творчасці.


У Ходараўцах гукалі вясну

У дзень вясенняга раўнадзенства 22 сакавіка ў Ходараўцах Лідскага раёна адбылося свята "Гуканне вясны" (Саракі).

ДУ "Лідскі цэнтр культуры і народнай творчасці.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX