Папярэдняя старонка: 2016

№ 16 (1271) 


Дадана: 21-04-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 16 (1271), 20 красавіка 2016 г.


26 красавіка - 30-я ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС


Праект "Чытаем па-беларуску з Velcom" ахопіць усю Беларусь

Адукацыйны праект "Чытаем па-беларуску з Velcom", які летась прайшоў у менскіх школах, сёлета будзе працягнуты ў рэгіёнах Беларусі. Асветніцкая ініцыятыва па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры ахопіць 25 школ ў кожнай вобласці краіны, belapan.by. Як паведаміла прэс-служба кампаніі Velcom, першыя рэгіянальныя ўрокі для малодшых школьнікаў будуць арганізаваны ў красавіку і траўні ў Гомелі, Брагіне, Рэчыцы, Светлагорску, Мазыры і Жлобіне. А на пачатку новага навучальнага года каманда праекту "Чытаем па-беларуску з Velcom", у якую ўвайшлі вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты, прыедзе з захапляльнымі заняткамі ў школы Берасця і Берасцейскай вобласці. Плануецца, што праект ахопіць у агульнай колькасці 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш як 15.000 вучняў пачатковых класаў атрымаюць дадатковыя веды па роднай беларускай мове, літаратуры і культуры. Настаўнікі праекту - вядомыя беларускія пісьменнікі, акцёры і тэлевядоўцы: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юры Жыгамонт, Таццяна Сівец, Алена Масла. Падчас урокаў у абласных і раённых цэнтрах вучні змогуць не толькі пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, але і атрымаюць практычныя навыкі роднай мовы ў захапляльнай форме.

- Для пісьменніка ўдзел у праекце - гэта магчымасць дапамагчы настаўнікам адкрываць для дзяцей чароўны свет роднай мовы і літаратуры, пашыраць далягляд і асабіста знаёміць дзяцей з творчасцю беларускіх літаратараў. Пасля першых заняткаў праекту "Чытаем па-беларуску з Velcom" у Менску вучні і настаўнікі пакінулі выдатныя водгукі. Таму цудоўна, што праект працягваецца: на мой погляд, кампанія Velcom пачала вельмі патрэбны праект для школ нашай краіны, - сказала пісьменніца, паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова.

Ініцыятарам праекту выступіла кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі арганізатараў, у праекце, які стартаваў у кастрычніку 2015 года, прынялі ўдзел больш за 4.000 юных менчукоў.

Беларускае Радыё Рацыя . Фота marketing.by.


У Пакістане з'явіцца "Цэнтр беларускай мовы"

Як перадае БЕЛТА, праект абмяркоўваўся разам з іншымі кірункамі двухбаковага ўзаемадзеяння ў адукацыйнай сферы падчас візіту ў Пакістан дэлегацыі на чале з першым намеснікам міністра адукацыі Вадзімам Богушам 11-15 красавіка.

Цэнтр беларускай мовы павінен адкрыцца на базе Нацыянальнага ўніверсітэта сучасных моў Пакістана пры садзейнічанні Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Бакі ўжо ўзгаднілі змястоўную частку новай структуры.

У пасольстве Беларусі ў Пакістане адзначылі, што на ўзроўні міністэрстваў адукацыі дзвюх краін прынята рашэнне скласці дамову пра ўзаемнае прызнанне дакументаў пра адукацыю, навуковых ступеняў і званняў, а таксама распрацаваць і падпісаць дарожную карту супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

Падчас перамоў абмяркоўваліся магчымасці абмену студэнтамі і выкладчыкамі, арганізацыі сумесных адукацыйных праграм і навуковых даследаванняў. У адказ на зацікаўленасць пакістанскага боку першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш пацвердзіў гатоўнасць беларускіх калегаў аказаць садзейнічанне ў стварэнні Універсітэта прыкладных кваліфікацый у Пакістане.

"Беларускі партызан".


130 гадоў з дня нараджэння Змітрака Бядулі

Змітрок БЯДУЛЯ , сапр.: Самуіл Яфімавіч Плаўнік (23 красавіка 1886, в. Пасадзец (цяпер Лагойскі раён, Менская вобласць) - 3 лістапада 1941, каля Уральска, Казахстан; псеўданімы: Саша Плік; Ясакар; Змітро Бядуля) - беларускі паэт і празаік, мовазнавец.

Нарадзіўся ў небагатай яўрэйскай сям'і. Бацька яго быў арандатарам, а зімой працаваў на лесанарыхтоўках. Часам ён займаўся дробным гандлем, любіў музыку - іграў на скрыпцы. Дзед, адзіны ў мястэчку каваль і меднік, меў уласную бібліятэку. У яго на паліцы, акрамя Талмуда і іншых рэлігійных кніг, стаялі тамы "Металічнае справы", "Геаметрыі", "Матэматыкі"… Яго дзеці - трое сыноў і чатыры дачкі, - атрымалі пачатковую адукацыю. Паміж старэйшай і малодшай дочкамі была розніца ў 25 гадоў.

Будучы З. Бядуля вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе - хедары, а пасля яе заканчэння - у школе рабінаў ешыбоце, які не скончыў. Ведаў іўрыт - старажытнаяўрэйскую мову, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і крыху польскую мовы. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыту.

З самага дзяцінства кнігі былі запалам будучага пісьменніка. Ён вышукваў іх самымі рознымі спосабамі. Выпісваў з Вільні, Масквы і Пецярбурга, выпрошваў ў паноў, шукаў у школах, якія знаходзіліся непадалёк. Як і браты, іграў на скрыпцы.

У 1912 г. быў запрошаны ў Вільню на сталую працу ў беларускія культурныя арганізацыі. Працаваў у рэдакцыі "Нашай нівы" разам з Янкам Купалам. Апавяданні, напісаныя Змітраком Бядулям у тыя гады, сталі класікай беларускай літаратуры. Першы мастацкі твор будучага пісьменніка ўбачыў свет у газеце "Наша ніва", ім стала імпрэсія на беларускай мове "Пяюць начлежнікі" ("Наша ніва", 1910).

Пасля ўстанаўлення савецкай улады некалькі год працаваў у газеце "Савецкая Беларусь" і іншых газетах, быў рэдактарам дзіцячага часопіса "Зоркі", грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса "Беларускае жыццё" (1919). У 1926 г. пачаў працаваць у Інстытуце беларускай культуры, быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса "Наш край". Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне "Маладняк", пасля - ва "Узвышша". Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў вымушаны пакінуць Беларусь. Памёр ад інфаркту ў эвакуацыі каля Уральска, дзе і быў пахаваны.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Веры Рыч

Вера РЫЧ (па-ангельску: Vera Rich; 24 красавіка 1936, Лондан - 22 снежня 2009, Лондан, Велікабрытанія) - ангельская паэтка, перакладчыца, журналістка і гісторык.

Атрымала адукацыю ў Лонданскім і Оксфардскім універсітэтах. Перакладчыцкую дзейнасць пачала з украінскіх перакладаў, але пад уплывам Часлава Сіповіча пачала перакладаць беларускія вершы. Яе першы пераклад з беларускай мовы - верш Янкі Купалы "На чужыне", надрукаваны ў часопісе "Бацькаўшчына".

Вера Рыч з'яўляецца аўтаркай зборніка "Як вада, як агонь" ("Like Water, Like Fire") - першай у свеце анталогіі перакладаў вершаў беларускіх паэтаў на заходнееўрапейскую мову (ангельскую), які быў забаронены ў СССР у 1972 годзе, і зборніка "The Images Swarm Free" - падборкі перакладаў Алеся Гаруна, Максіма Багдановіча і Змітрака Бядулі. Даследавала праблематыку яўрэйска-беларускіх адносінаў, гісторыі царквы на Беларусі, прапагандавала беларускую культуру на Захадзе. Пераклады з беларускай мовы вызначаюцца дакладнасцю і веданнем кантэксту. Пісала вершы на беларускую гістарычную тэматыку ("На ўгодкі Слуцкага паўстання", "Рэцэпт цуда" і іншыя). З 1993 года намеснік галоўнага рэдактара квартальніка "The Ukrainian Review" ("Украінскі агляд"), які з яе прыходам пачаў удзяляць значную ўвагу ўкраінска-беларускім культурным і гістарычным сувязям. Часта выступала з артыкуламі ў беларускім друку. Працавала над ангельскім перакладам "Новай зямлі" Якуба Коласа.

Вікіпедыя.


КАНФЕРЭНЦЫЯ ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ

10 красавіка, у нядзелю, адбылася Х справаздачна-выбарная абласная канферэнцыя ТБМ у Віцебску. Адметна, што ўдзел у працы канферэнцыі прынялі кіраўнікі таварыства - Алег Трусаў і Алена Анісім.

Напачатку дэлегаты і госці хвілінай маўчання ўшанавалі памяць сяброў таварыства, якія за апошні час пайшлі з жыцця.

Са справаздачным дакладам выступіў старшыня абласной рады Юрась Бабіч. Сярод іншага ён звярнуў увагу, у прыватнасці, на тое, што даўно ўжо стала своеасаблівай візітнай карткай абласной арганізацыі: традыцыйныя Літаратурныя чытанні памяці Васіля Быкава, якія штогод ладзяцца ў Бычках, на радзіме пісьменніка, і конкурс-агляд рэгіянальнага друку "З беларускім словам". Сярод нявырашаных пакуль праблем - аднаўленне дзейнасці раённых суполак ТБМ у Мёрах, Докшыцах, Браславе, Лёзне, а так-сама актывізацыя працы Віцебскай гарадской арганізацыі.

У спрэчках дэлегаты і госці канферэнцыі дзяліліся сваім бачаннем зробленага, акцэнтавалі ўвагу на тым, што патрэбна ажыццявіць найперш. Ганаровы старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Іосіф Навумчык закрануў праблему ўшанавання памяці нашых выдатных мастакоў слова - ураджэнцаў Віцебшчыны. Не гледзячы на ўсе абяцанні ўладаў, сёння няма ні ў Віцебску, ні ў іншых гарадах вобласці вуліц імя Быкава, Барадуліна, Бураўкіна. Нават ніводная бібліятэка не носіць імёнаў славутых творцаў. Дарэчы, Іосіф Адамавіч атрымаў з рук старшыні ТБМ Алега Трусава Ганаровую грамату "За адраджэнне і пашырэнне беларускай мовы". Спадар І. Навумчык па-ранейшаму застаецца актыўным сябрам абласной рады, бо яго вялікі вопыт, агульнапрызнаны аўтарытэт і выдатныя арганізатарскія здольнасці заўсёды будуць запатрабаваныя ў дзейнасці арганізацыі.

У выступе старшыні ТБМ Алега Трусава акцэнтавалася ўвага на тым, што ўсё ж супрацоўніцтва з органамі ўлады дае вынікі. Напрыклад, дзякуючы намаганням ТБМ улады Полацка прынялі рашэнне аднавіць помнік літары "Ў", аб'яўлены збор сродкаў. Прыемна было чуць з вуснаў кіраўніка таварыства, што Віцебская абласная арганізацыя ў ліку найлепшых у краіне.

Намеснік старшыні ТБМ сп-ня Алена Анісім заўважыла сярод іншага, што "мы жывём ў краіне, дзе не з'яўляемся гаспадарамі". Усюды парушаецца "Закон аб геаграфічных назвах"… "Мы павінны быць гаспадарамі на сваёй зямлі", - падсумавала сп-ня Анісім.

Дэлегат з Оршы Мінай Карніенка паведаміў, што за апошнія два гады Аршанская суполка ТБМ павялічылася ўдвая. Мясцовая арганізацыя актыўна супрацоўнічае з музеямі, заахвочваючы іх праводзіць імпрэзы па-беларуску.

Кіраўнік Бешанковіцкай раённай арганізацыі Георгій Станкевіч са скрухай казаў, што ў школах раёна беларуская мова гучыць хіба толькі дзякуючы тэбээмаўцам, бо выкладанне вядзецца звычайна па-руску, а на перапынках найчасцей чуеш трасянку.

Прадстаўніца Пастаўскай раённай арганізацыі Людміла Сяменас падзялілася досведам працы мясцовых актывістаў. На Пастаўшчыне традыцыйна ладзяцца прэзентацыі выданняў вядомых краязнаўцаў (І. Пракаповіч, М. Гіль і інш.). А нядаўна сіламі сяброў таварыства быў пастаўлены спектакль "Як мужык жонку шукаў". Яго, дарэчы, можна знайсці ў сеціве.

Кіраўніца Заронаўскай суполкі Віцебскага раёна Людміла Нікіціна выказала пажаданне, каб газета таварыства "Наша слова" ў большай ступені асвятляла падзеі з жыцця рэгіянальных арганізацый усёй краіны, а не абмяжоўвалася паведамленнямі, напрыклад, з Лідчыны. А яшчэ прывяла цікавыя прыклады правядзення экскурсій па-беларуску ў тым ліку і для расіян. Як кажа сп-ня Людміла, госці з суседняй краіны звычайна станоўча ставяцца да гэтага, выяўляюць жывую цікавасць. Яна таксама звярнула ўвагу, што часам у якасці рэкламных ці сацыяльных слоганаў выкарыстоўваюцца недаравальна памылковыя канструкцыі, якіх у нашай мове быць проста не можа. Як прыклад сп-ня Нікіціна прывяла ўбачаны нядаўна заклік: "Кахайце беларускі лес".

Сябра абласной і рэспубліканскай радаў вядомая паэтка Марыя Баравік закранула праблему ўзаемаадносін з уладамі на месцы, калі правесці беларускамоўную імпрэзу, напрыклад, у школе проста немагчыма. А можа быць і так, што табе адмаўляюць у апошні момант, калі дырэктар спасылаецца на розныя міфічныя прычыны. Цікава, а каму ці чаму служаць такія "дзеячы"?

Кіраўнік Гарадоцкай раённай арганізацыі Леанід Гаравы заклікаў рабіць усё магчымае, каб шырэй далучаць да дзейнасці ТБМ моладзь. Ён таксама звярнуў увагу, што пра паэму "Тарас на Парнасе" - гэты сапраўдны элемент беларускага нацыянальнага эпасу - падчас літаратурных чытанняў у Гарадку расказваюць па-руску прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Бо тыя, хто можа распавесці прафесійна і па-беларуску, належаць традыцыйна да Саюза беларускіх пісьменнікаў і рэдка запрашаюцца на падобныя імпрэзы. Сп. Гаравы таксама казаў пра вялікія магчымасці сацыяльных сетак, якія павінна прыхільнікамі ТБМ выкарыстоўвацца больш актыўна.

Старшыня Полацкай гарадской арганізацыі Валянціна Крук падзякавала кіраўніцтву ТБМ за актыўную пазіцыю ў адстойванні помніка літары "Ў". Яна таксама канстатавала, што апошнія некалькі гадоў у горадзе надзвычай складана правесці якую-кольвек нацыянальна арыентаваную імпрэзу, бо мясцовыя ўлады не даюць на гэта дазволу. Разам з тым свой выступ сп-ня Валянціна закончыла аптымістычным: "Беларусь будзе беларускай!"

На канферэнцыі прысутнічаў галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак. "Мова - гэта наша багацце, - сказаў Дзяніс Валер'евіч. - І калі ў рэгіёнах узнікаюць перашкоды для статутнай дзейнасці суполак ТБМ, то варта звяртацца ва ўпраўленне ідэалагічнай працы". Увогуле выступленне чыноўніка было надзвычай канструктыўным.

Пасля таго, як сваімі меркаваннямі адносна стану беларускай мовы на Віцебшчыне, працы абласной арганізацыі падзяліліся дэлегаты і госці, ацаніўшы яе, працу, як здавальняльную, адбыліся выбары рады і кіраўніцтва абласной арганізацыі. Старшынём абласной рады абраны Юрась Бабіч, намеснікам - Алена Сакалова. А І.А. Навумчык застаецца Ганаровым старшынём Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ. На канферэнцыі зацверджаны план дзейнасці на наступны перыяд, прынятая адпаведная пастанова.

Мастацкую частку канферэнцыі ўпрыгожылі сваімі спевамі ў нацыянальных строях артысты Народнага ансамбля народнай песні "Сябрына", а таксама паэт і бард Георгій Станкевіч, студэнт гістарычнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава Аляксандр Сабітаў і вучаніца адной з віцебскіх гімназій Аліна Данілава, якая, дарэчы, з'яўляецца пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па бела-рускай мове і літаратуры.

У кулуарах дэлегаты і госці яшчэ доўга абменьваліся думкамі пра стан беларускай мовы на Віцебшчыне, абмяркоўвалі новыя імпрэзы, новыя сустрэчы. Сышліся ў адным: працаваць актывістам трэба з яшчэ большай энергіяй, і тады сапраўды "Беларусь будзе беларускай!"

Юрась Бабіч , старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


Я - не вораг расейскай мовы, але не бачу сэнсу яе прысутнасці ў Беларусі

Шлях у святарства Ігар Лашук распачаў памочнікам у Нясвіжскім фарным касцёле ў канцы 80-гадоў. Да таго часу за плячыма была служба ў савецкім войску і некалькі курсаў Гарадзенскага сельскагаспадарчага інстытута. У Рыжскую духоўную семінарыю паступіў з другой спробы - першы раз навучанню перашкодзіла савецкае КДБ, узгадвае Ігар Лашук:

- Я працаваў ціха і спакойна, але, як толькі напісаў заяву ў семінарыю, адразу да мяне з'явілася цікавасць у "таварышаў" - выклікалі мяне ў ваенкамат у Нясвіж "паразмаўляць". І колькі ж мне абяцанняў і наказаў было: і што я павінны пільна сачыць, асабліва за замежнікамі ў касцёле, бо нашае месца турыстычнае, і, маўляў, могуць бомбу прынесці. І, што за настаяцелем касцёла Каласоўскім мушу таксама сачыць, бо ён "з замежнікамі вельмі добра супрацоўнічае". Я, натуральна, прыйшоў і ксендзу ўсё гэта распавёў - мы з усяго пасмяяліся разам.

Яшчэ да студэнцтва ў семінарыі Ігар Лашук арганізаваў парафію ў Новым Свержані каля Стоўбцаў і дапамог вернікам забраць у дзяржавы мясцовы касцёл Святых Пятра і Паўла. У пасёлку Сноў каля Нясвіжа дамогся вяртання не толькі касцёла, але яшчэ і царквы. Стаўшы светаром, заснаваў парафіі ў Лідзе і Менску, а таксама распачаў будаўніцтва касцёлаў. Ксёндз Ігар кажа, што размаўляць з чыноўнікамі ў справе духоўнага адраджэння напачатку 90-х было шмат лягчэй, чым гэта адбываецца цяпер:

- Тады мы працавалі з пачуццём, што, нібыта, адчыніліся дзверы са свежым паветрам. Людзі абтрэслі з сябе страх - касцёлы былі поўныя. Чыноўнікі тады былі напалоханыя і вельмі разгубленыя - яны не ведалі што рабіць, і аддавалі ўсё, што можна, іх лягчэй было і перамагаць. А цяпер працаваць шмат цяжэй: калі сёння чыноўнік скажа "так" з першага разу, што ўсё дазволена, то гэта азначала бы, што адбыўся нейкі цуд. Зараз такіх чыноўнікаў па-просту не існуе.

Духоўную семінарыю і магістратуру Ігар Лашук закончыў ужо ў Польшчы. А стаўшы святаром, працягнуў навучанне ў Італіі, Ангельшчыне. Гэтак мусіў вывучыць акрамя польскай яшчэ італьянскую, ангельскую мовы, а каб напісаць навуковыя працы, то навучыўся чытаць таксама па-грэцку і па-габрэйску. Па-беларуску святар выдаў "Кароткі Катэхізм для беларусаў-католікаў" у 1990 годзе - першы пасля Другой усясветнай вайны. З беларускай мовай звязаныя і ягоныя ўзгадкі пра першыя гады святарства:

- Мая першая Імша была ў маёй роднай парафіі, у Ішкальдзі. Прамову казаў айцец Аляксандр Надсан, натуральна, па-беларуску. Былі на гэтай Імшы таксама Зянон Пазьняк, Данута Бічэль і іншыя асобы... Але мая першая парафія, дзе я служыў ад 1993 года, была ў Лідзе. На гэты час прыйшліся першыя прэзідэнцкія выбары, і мяне неўзабаве звінавацілі ў палітычнай дзейнасці, хоць гэта была абсалютная няпраўда. У Лідзе найбольшую колькасць галасоў тады набраў Зянон Пазьняк, але ж у чым тут мая віна была?

Гэта быў час сапраўднага духоўнага адраджэння: усё было па-беларуску - і школы па-беларуску, і дзеці па-беларуску, і людзі паўсюль па-беларуску, і вывескі ў горадзе, і паперы - жылі, як у казцы. І гэта быў натуральны пераход на беларускую мову, пра які прымус і гвалт адносна выкарыстання беларускай мовы спрабавалі і спрабуюць казаць? Увогуле Ліда - гэта было цудоўнае беларускае месца: нават бел-чырвона-белы сцяг над гарвыканкамам вісеў аж да тае пары, пакуль закон аб змененай дзяржаўнай сімволіцы не набыў юрыдычную моц, хоць на той час рэферэндум даўно прамінуў.

Зараз я працую ў вёсцы Багданава ў Валожынскім раёне, і там таксама ўсе размаўляюць па-беларуску. Там іншая, не савецкая - нармальная Беларусь. І размаўляюць на прыгожай беларускай мове - і ў касцёле, і ў вёсцы. Я - не вораг расейскай мовы, але не бачу сэнсу яе прысутнасці тут, у Беларусі. І ўсё добра будзе з беларускай мовай, не зважаючы нават на тое, як вынішчалі апошнімі гадамі. У сувязі з міжнароднымі падзеямі людзі больш задумаліся і пра мову, і пра нацыянальнасць і ў гэтым кірунку развіццё будзе доўжыцца і надалей.

Гутарыла Галіна Абакунчык . Радыё Свабода (скарочана).


Творчы вечар Хрысціны Лялько прайшоў у Менску

Па ініцыятыве Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры 14 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Менску адбылася прэзентацыя новай кнігі Хрысціны Лялько "Адвячорак", якая выйшла нядаўна ў выдавецтве "Pro Christo". У кнізе сабраныя вершы розных гадоў і пераклады твораў польскіх паэтаў, прысвечаных пераважна духоўнай тэматыцы, - гэта "пярліны" паэтычнай спадчыны св. Яна Паўла ІІ (Караля Вайтылы), кс. Яна Твардоўскага, Чэслава Мілаша, кс. Яна Соханя, кс. Ежы Шыміка, кс. Вацлава Бурылы і іншых майстроў слова.

Як адзначыла сама аўтарка падчас прэзентацыі, назва "Адвячорак" для яе - сімвалічная, у ёй таямніча сплятаюцца і асэнсаванне пражытага шляху, і мелодыка адметнага беларускага слова, і нават музыка мамінага голасу… "Адвячорак - гэта яшчэ не вечар..." - піша Хрысціна Лялько ў вершы, якім адкрывае кнігу і якім нібы задае тон далейшым паэтычным разважанням.

Выхад гэтай кнігі прымеркаваны да юбілею Хрысціны Лялько, таму стаў плёнам шматгадовага творчага роздуму паэткі, выкладзенага ў шчырых, безабаронных, трымцлівых вершах, якія працінаюць душу наскрозь. Як выказаўся вядовец гэтай паэтычнай вечарыны, паэт, эсэіст і перакладчык Міхась Скобла, слова мае вялізную моц, і вершы Хрысціны Лялько - гэта нібы кароткія формулы жыццёвага роздуму, якія нават у адной фразе здольныя ўтойваць вялікі сэнс.

Уступнае слова пра Хрысціну Лялько прамовіла загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка.

Са шчырымі словамі пра новую кнігу паэткі на прэзентацыі выступілі пісьменнік і перакладчык, галоўны рэдактар серыі "Беларускі кнігазбор" Кастусь Цвірка, паэтка і перакладчыца, літаратуразнаўца Ірына Багдановіч, паэты Васіль Зуёнак і Леанід Галубовіч, літаратуразнаўца Галіна Тычко, пісьменнікі Ірына Жарнасек і Франц Сіўко, а таксама вядомы актор, дыктар Беларускага радыё Алег Вінярскі.

Высокі музычны тон вечарыне надалі творы сусветнай класікі ў выкананні Соф'і Голуб і Марыі Новікавай. Трэба адзначыць, што вершы Хрысціны Лялько таксама надзвычай меладычныя, таму не дзіва, што ўдзельнікі прэзентацыі сталі першымі слухачамі песень на яе словы, створаных і выкананых сястрой Марыяй з Кангрэгацыі сясцёр святога Дамініка.

Паколькі паэтычная творчасць - гэта толькі адна са шматлікіх граняў таленту Хрысціны Лялько, на вечарыне натуральным чынам зайшла гутарка пра яе перакладчыцкую і рэдактарскую працу. Нагадаем, што адной з апошніх кніг, перакладзеных юбіляркаю на беларускую мову, стаў "Дзённік" святой сястры Фаўстыны Кавальскай ZMBM, і, як адзначыла падчас вечарыны сама перакладчыца, яна лічыць гэта галоўнаю працаю свайго жыцця.

Ганна Шаўчэнка. Фота Віталя Палінеўскага. Catholik.by


Сейбіт роднага слова

Вечарына памяці пісьменніка, тэлевядоўца, літаратурнага даследчыка, сябра Рады ТБМ Уладзіміра Содаля адбылася 15 красавіка ў менскай сядзібе ТБМ. Калі прамінула гадавіна растання з Уладзімірам Іллічом, як з вышыні, выразней бачна веліч яго асобы, плён яго дзейнасці.

- Яго вызначала шчырасць, адданасць слову, апантанасць літаратурнымі і гістарычнымі постацямі, уменне захапляць людзей, - адзначыла яго шматгадовая паплечніца Алена Анісім. - Ён рупіўся пра спадчыну Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Ядвігіна Ш. Ён збіраў і вывучаў літаратурныя крыніцы, звесткі, лісты, быў руплівым сябрам нашага Таварыства да апошніх месяцаў жыцця.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі праглядзець дакументальныя стужкі, зробленыя на тэлевізіі і пабачыць яшчэ даволі маладога калегу Уладзю Содаля, які з натхненнем ішоў у стары будынак "Ленінскай" бібліятэкі, гартаў вялізныя старадрукі і з захапленнем распавядаў пра Максіма Багдановіча.

Іншая стужачка захавала памяць пра юбілейную вечарыну пісьменніка ў музеі Янкі Купалы. Да яго 60-годдзя там была разгорнута фотавыстава пра радавод Содаляў. На юбілеі прысутнічала маці Уладзіміра Ілліча - Аляксандра Несцераўна, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін. Былы старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Ніл Сымонавіч Гілевіч захаваў ліст, які напісаў яму 19-ці гадовы юнак Уладзя Содаль з Мурманска з балючымі пытаннямі: " Чаму ж у гарадах нашай Беларусі не пачуешь на вуліцах роднай мовы? Чаму ж у нас усё так?" .

Як жывы паўстаў перад аўдыторыяй Уладзімір Ілліч. "Мне, як даследчыку, даводзіцца падымаць пласты духоўнага, высакароднага, набліжаць людзей далёкай эпоха да нашых сучаснікаў. Часам у маёй працы ёсць элементы прыгодаў, дэтэктыва," - казаў ён.

Слынны гісторык, прафесар Леанід Лыч прысвяціў гадавіне адыходу сябра выхад сваёй новай кнігі "Беларуская мова на скрыжаванні трох палітычных рэжымаў". Леанід Міхайлавіч выступіў з ініцыятывай заснаваць штогадовыя Содалеўскія чытанні і бліжэйшую такую сустрэчу прымеркаваць да 80-годдзя пісьменніка. Родныя і сябры ўспомнілі асноўныя вехі дзейнасці літаратара: гады яго вучобы ў Менскім педагагічным інстытуце імя Горкага пад кіраўніцтвам мовазнаўцы Фёдара Янкоўскага, працу настаўнікам у дзіцячым санаторыі, 34-гадовую дзейнасць на тэлебачанні, студыю "Ліцэй", перадачу "Роднае слова". У. І. Содаль ствараў навукова-пупулярныя, навучальныя фільмы для дзяцей і школьнікаў, перадачы пра культуру і мастацтва Беларусі.

Паэт і празаік Генадзь Тумаш узгадаў важны факт з грамадскай дзейнасці паплечніка: менавіта Уладзімі Ілліч прапанаваў на паседжанні рэдкалегіі ў 1990 годзе даць назву газеце ТБМ - "Наша слова". Прапанову Содаля адразу падтрымаў Ніл Гілевіч.

Мікола Лавіцкі напомніў пра сумесныя вандроўкі з Уладзімірам Іллічом у Мігаўку, дзе жыў колішні рэдактар "Нашай Нівы", сябар Рады БНР, сенатар Польскага Сойму Аляксандр Уласаў.

- Падарожжы на роварах не былі лёгкімі для Уладзіміра Ілліча, хворага на дыябет. Даводзілася браць з сабой ваду, лекі. Але плён вандровак быў выдатны!

"Кожнае наведванне адкрывала штосьці новае пра гэты кут і пра самога гаспадара, - адзначаў тады сам пісьменнік. - Я быў натхнёны ўсведамленнем, што хаджу па тых жа сцяжынках, па якіх хадзіў колісь самаахвярны беларускі асветнік. Тады быў створаны тэлевізійны нарыс "Мігаўка альбо поле, засеянае словамі".

У 2007 годзе Уладзмір Ілліч Содаль выдаў кніжачку "Волат з Мігаўкі". З ёй ён неаднаразова заходзіў у рэдакцыю сучаснай "Нашай Нівы", бо хацеў зацікавіць яе супрацоўнікаў асобай былога рэдактара газеты.

Мастак і педагог, сябар суполкі "Пагоня" Саюза беларускіх мастакоў Алесь Цыркуноў стварыў партрэт У.І. Содаля. Ён намаляў пісьменніка ў атачэнні асобаў, якія яму былі дарагія: Францішка Багушэвіча, яго дзеда Паўла з Мормаля, сямейнікаў, унука. Карціна была ўпершыню прадэманстрава на вечарыне:

- Ён быў актыўным сябрам клуба " Спадчына", яго слова было адным з аўтарытэтных сярод такіх асобаў, як Рыгор Барадулін, Анатоль Грыцкевіч.

Графік і жывапісец Мікола Купава за гады сумеснай працы стаў вельмі цаніць такія рысы пісьменніка, як смеласць, рашучасць, адданасць беларускім справам.

- Нас злучала з Уладзімірам Содалем дзейнасць у клубе "Спадчына", у Саюзе беларускіх пісьменнікаў, удзел у літаратурных вечарынах і іншых месцах, дзе кіпела хваля Адраджэння, - сказаў айцец Леанід Акаловіч. - Дзякуючы Содалю, я працаваў над радаводам Багушэвіча.

Сяргей Чылікін, унук Уладзіміра Ілліча, напісаў артыкул пра дзядулю ў Вікіпедыю, пераклаў тэкст на рускую, украінскую, англійскую мовы. Вядоўцы і арганізатары вечарыны Марат Уладзіміравіч і Аксана Уладзіміраўна Содалі падарылі гасцям сядзібы ТБМ асобнікі кніг пісьменніка.

Сям'я творцы парупілася пра тое, каб кнігі У.І. Содаля знаходзіліся ў Нацыянальный бібліятэцы Польшчы, у бібліятэцы Кангрэса ЗША.

Сябры і калегі з цяплом узгадвалі, якім быў Уладзімір Ілліч. Высокі, асаністы, велічны, ён узвышаўся над будзённасцю, ён жыў вечнасцю, спрадвечнымі беларускімі справамі. Выкладчык, пісьменнік, тэлевізійны вядовец, журналіст Уладзмір Содаль засейваў беларускае слова на будучыя дзесяцігоддзі ў душы суайчыннікаў. Ён злучаў мінулыя пакаленні з наступнымі. І вельмі цешыць, што ствараецца кніга ўспамінаў пра яго, бо ён заслужыў добрай і вечнай памяці.

Эла Дзвінская , фота аўтара. 1. Выступаюць Марат і Аксана Содалі. 2. Пра сябра ўспамінае Мікола Лавіцкі. 3. Сяргей Чылікін-Садэльскі і карціна Алеся Цыркунова.


Памёр Вітаўт Мартыненка

Яму было 56 гадоў, ён адышоў пасля шматгадовага змагання з цукровым дыябетам.

Як паведаміў Свабодзе Анатоль Мяльгуй, яго сябар і калега памёр 17 красавіка. У Вітаўта Мартыненкі засталася 25-гадовая дачка Альдона.

- Вельмі цяжка ўсведамляць, што няма чалавека, з якім я сябрую ўжо больш за 30 год... Найперш Вітаўта ведаюць як выдатнага музычнага крытыка, але ён таксама - таленавіты журналіст і паэт, які пісаў вершы для беларускіх гуртоў. Гэта быў вельмі крэатыўны чалавек, які ставіў перад сабой вельмі розныя задачы. Напрыклад, ён адстойваў, каб у беларускай мове адрознівалася напісанне выбухнога і фрыкатыўнага "г". А яго марай было ўвядзенне асобных літар для абазначэння гукаў "дж" і "дз". Але гэта, відаць, так і застанецца яго марай.

Сышоў сапраўдны архіварыюс беларускай незалежнай музыкі. Пасля яго застаўся вялізны архіў артыкулаў як яго аўтарства, так і іншых музычных крытыкаў - ён усё гэта збіраў. Таксама ў яго грунтоўная калекцыя вінілаў. Шкада, калі гэта прападзе. Гэта ўнікальны здабытак у беларускай музычнай культуры", - сказаў Анатоль Мяльгуй.

Вітаўт Мартыненка нарадзіўся 29 верасня 1959 года ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт журналістыкі.

З 1983 да 1994 працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара моладзевай газеты "Чырвоная змена", рэдагаваў музычную рубрыку "Мелодыя" (з 1986 - "Нотны аркуш"). З 1989 да 1995 быў карэспандэнтам мюнхенскай рэдакцыі радыё "Свабода", арганізаваў там і праводзіў беларускі музычны гіт-парад. З 1994 да 1997 працаваў намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка "Кинонеделя Минска".

У 1985 разам з сябрам і музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем быў сярод стваральнікаў незалежнага музычнага рок-клуба "Няміга", які ў 1987-м стаў калектыўным сябрам каардынацыйнай рады моладзевых нефармальных суполак. У канцы 1980-х - удзельнік "Талакі", "Тутэйшых".

У 1988 стварыў у камсамольскай газеце "Чырвоная змена" адну з першых груп падтрымкі БНФ.

Аўтар музыказнаўчых кніг "Праз рок-прызму" (1989, New York, разам з А. Мяльгуем), "222 альбомы беларускага року і не толькі" (2006, Менск, разам з А. Мяльгуем), "Rock online" (2010, Менск).

Выдаў таксама ў сваёй рэдакцыі з прадмовай і каментарамі беларускі пераклад рамана Генрыка Сянкевіча "Quo Vadis" (2002) і асобным выданнем поўны тэкст названай прадмовы - "Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксендза П. Татарыновіча)" (2003).

Вітаўт Мартыненка быў актыўным сябрам ТБМ, пастаянным аўтарам газеты "Наша слова".

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім, усёй беларускай грамадзянскай супольнасці у сувязі з заўчаснай смерцю сапраўднага беларуса Вітаўта Мартыненкі.

Вечная памяць!


Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Гродзенскага абласнога звязу філатэлістаў Беларусі

Просьба аб падтрымцы

Гродзенскі абласны звяз філатэлістаў Беларусі просіць падтрымаць Прапанову звязу: уключыць у Тэматычны план выдання знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь на 2017 год марачны ліст з 40 відарысамі гравюр з Бібліі Францішка Скарыны, накіраваную ў Рэспубліканскае Аб'яднанне "Белпошта" ў сувязі з тым, што Беларуская і міжнародная грамадскасць рыхтуецца адзначыць найвялікшую дату ў гісторыі Беларускай культуры 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 500-годдзя выдання Беларускай Бібліі ў 2017 годзе і накіраваць Пісьмо аб падтрымцы ў Рэспубліканскае аб'яднанне "Белпошта"

Прыкладаем тэкст Прапановы, узор марачнага ліста і спіс гравюр на марачным лісце.

Старшыня Гродзенскага абласнога звязу філатэлістаў Беларусі

Фрэдэрык Гушча.

10. 04. 2016 г.



Рэспубліканскае аб'яднанне "Белпошта"

Гродзенскага абласнога звязу філатэлістаў Беларусі

Прапанова

6 жніўня 1517 году Францішак Скарына выдаў першую друкаваную беларускую кнігу - "Псалтыр" з перакладзенай ім на беларускую мову Бібліі.

У сувязі з гэтым Беларуская і міжнародная грамадскасць рыхтуецца адзначыць найвялікшую дату ў гісторыі Беларускай культуры 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

У Мінску створаная ініцыятыўная група па арганізацыі святкавання 500-годдзя Беларускай Бібліі ў 2017 годзе.

Створаны міжнародны грамадскі аргкамітэт па кананізацыі Францішка Скарыны.

Напярэдадні 500-годдзя выхаду Бібліі Францішка Скарыны Нацыянальны банк пачынае выпуск памятных манет серыі "Шлях Скарыны".

Зыходзячы з гэтага Беларускі звяз філатэлістаў лічыць, што гэтая дата павінна быць годна адлюстравана ў беларускай філатэліі і прапаноўвае ўключыць у Тэматычны план выдання знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь на 2017 год марачны ліст з 40 відарысамі гравюр з Бібліі Францішка Скарыны. Такі ліст стаў бы ўпрыгожваннем любой філатэлістычнай калекцыі, спрыяў бы пашырэнню ведаў аб Беларусі ў свеце і павелічэнню яе аўтарытэту.

Францішак Скарына выдаў на старабеларускай мове 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету. У кнігах змешчана 51 гравюра. У прапанаваным узоры такога ліста змешчана 40 відарысаў гравюр, зыходзячы з таго, што некаторыя гравюры ў Бібліі паўтараюцца ці не носяць біблейскага зместу.

Просім разгледзець нашу прапанову. Узор марачнага ліста і Спіс гравюр падаецца ў Дадатку.

Старшыня Гродзенскага абласнога звязу філатэлістаў Беларусі

Фрэдэрык Гушча.

"21" студзеня 2016 г.

Дадатак: 1. Узор марачнага ліста. 2. Спіс гравюр на марачным лісце.

Спіс гравюр на марачным лісце:

1. Фрагмент з кнігі "Псалтыр".

2. Гравюра з кнігі "Іоў" 10 верасня 1517 г. (ці па новым стылі 1516).

3. Гравюра з кнігі "Прытчы Саламона". Гравюра "Суд Саламона".

4. Гравюра з кнігі "Ісус Сірахаў" "Дыспут".

5. Фрагмент гравюры "Саламон і царыца Саўская" ці "Царыца Саўская з царом Саламонам" з кнігі "Еклісіаст".

6. Гравюра з кнігі "Песня песням".

7. "Хрыстос у Храме". Гравюра на тытульным лісце "Канона Ісусу" з "Малой падарожнай кніжкі Ф. Скарыны"

8. Гравюра "Памазанне на Царства" ці "Памазанне Давіда" з 1-й кнігі "Царствы".

9. Фрагмент з гравюры "Цар Давід іграе на гуслях" з 2-й кнігі "Царствы".

10. Гравюра "Цар Саламон ставіць храм" ці "Будаўніцтва храма ў Іерусаліме" з 3-й кнігі "Царствы".

11. Гравюра "Цар Вавілонскі Навухаданасар здабывае Ерусалім" ці "Аблога Іерусаліма" з 4-й кнігі "Царствы".

12. Тытульны ліст "Юдзіф".

13. Гравюра з кнігі "Ісус Навін" "Ісус Навін вядзе людзей Ізраілевых цераз Іярдан" ці "Пераход цераз Іярдан".

14. Тытульны ліст "Бібліі" Ф. Скарыны з кнігі "Быцця".

15. Партрэт Скарыны.

16. Гравюра "Дабраславенне" з кнігі "Прамудрасць Божая".

17. Гравюра "Самсон і Леў" з кнігі "Суддзі".

18. Гравюра "Дачка фараона знайшла Маісея ў вадзе" ці "Знаходжанне Маісея" з кнігі "Выхад".

19. Гравюра "Бог і Маісей" з кнігі "Левіт".

20. Гравюра "Людзі Ізраіля з палкамі сваімі" ці "Ізраілевы палкі ля храма" з кнігі "Лічбы".

21. Гравюра "Маісей навучае людзей Ізраілевых" з кнігі "Другі закон".

22. Тытульны ліст з кнігі "Руф" гравюра "Руф падбірае каласы" ці "Руф у полі".

23. Гравюра "Эсфір царыца і цар Ясвер" з кнігі "Эсфір".

24. Тытульны ліст кнігі "Плач Ераміі" гравюра "Плач Ераміі".

25. Фрагмент гравюры "Прарок Данііл з ільвамі".

26. Фрагмент тытульнага ліста "Акафіста Ісусу".

27. Гравюра "Дабравешчанне" з тытульнага ліста "Акафіста Багародзіцы".

28. Гравюра "Бог у раі" з кнігі "Быццё".

29. "Генеалагічнае дрэва Ісуса". Гравюра з "Псалтыра" 1517 г.

30. Гравюра "Аарон" з кнігі "Левіт".

31. "Стварэнне света". Гравюра з кнігі "Быццё".

32. Гравюра "Тройца" з кнігі "Быццё".

33. "Узор двух слупоў". Гравюра з 3-й кнігі "Царствы".

34. "Узор дзесяці падставак". Гравюра з 3-й кнігі "Царствы".

35. "Узор дома". Гравюра з 3-й кнігі "Царствы".

36. "Вобраз двух херувімаў". Гравюра з 3-й кнігі "Царствы".

37. "Узор мора" ці "Умывальніцы медзяной". Гравюра з 3-й кнігі "Царствы".

38. "Узор свяцільніка". Гравюра з кнігі "Выхад".

39. "Хрышчэнне ў Іардане". Гравюра на тытульным лісце "Канона Іаану Прадцечу" з "Малой падарожнай кніжкі Ф. Скарыны".

40. "Узор храма". Гравюра з кнігі "Царствы".



С.П. Папкову,

Міністру сувязі і інфарматызацыі

Рэспублікі Беларусь,

пр. Незалежнасці, 10,

220050, г. Мінск

Аб выданні марачнага ліста

з відарысамі гравюр Францішка Скарыны

Шаноўны Сяргей Пятровіч!

ТБМ падтрымлівае прапанову Гродзенскай абласной арганізацыі філатэлістаў Беларусі аб выданні марачнага ліста з 40 відарысамі гравюр Францішка Скарыны ў 2017 годзе.

У жніўні наступнага года Беларусь будзе адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У сувязі з гэтым Нацыянальны банк Беларусі пачынае выпуск памятных манет серыі "Шлях Скарыны".

Таму мы падтрымліваем прапанову гродзенскіх філатэлістаў аб уключэнні ў Тэматычны план выдання знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь на 2017 год марачнага ліста з 40 відарысамі найлепшых гравюр з Бібліі Францішка Скарыны. Такі ліст будзе ўпрыгожваннем любой філатэлістычнай калекцыі і несумненна будзе спрыяць пашырэнню ведаў пра нашую краіну.

Дадатак: на 2 ст.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


"Хто мне ліхтары верне?"

Чыноўнікі і права (этна-побытавая замалёўка)

Цяпер у Сцеркаве

"Галоўная" вуліца вёскі Сцеркава Лідскай гміны і павета, - несамавіты клубок камянёў, дзюраў, ям, запоўненых чорнай вадой і друзам Лідскай дарогі. Да гэтага часу брудная, як можа быць брудным балота ўвесну. Бо вясна ўжо, як кажуць, на парозе. Праўда, яшчэ не абвясцілі яе жаўрукі, якія, бывала, прыляталі заўчасна, у лютым, але ўжо адна дзяўчынка выйшла басанож. Выйшла і далучылася да каадукацыйнай грамады, якая з пальцамі ў носе глядзіць за нашай "таксоўкай". У гэтым відовішча можна адчуць нейкую гармонію: "таксоўка", так яны завуць кожны легкавы аўтамабіль, мае чырвоны кузаў заляпаны брудам і левымі коламі стаіць у калюжыне. Босыя ногі дзяўчынкі таксама чырвоныя (люты!) і таксама ў брудзе. Хата Станіслава Цешкі таксама калісьці была пафарбавана ў чырвоны колер і таксама зараз аточана калюжынамі, старая, занядбаная, у бурых плямах і зацёках з напалову гнілой страхой. Сонца выглядае з-за хмар як дрэнна начышчаны гузік. Але вецер вясенні.

- Дзе гаспадар?

Узрушэнне. Старыя ў кажухах збіраюцца пасярод вёскі, але ніводзін не набліжаецца. Нашто ім гэта патрэбна? Каб не наклікаць нейкай новай бяды (адзін Бог ведае якой). А дзеці не ведаюць, дзе гаспадар. На дзвярах хаты вісіць замок. Адна толькі баба пхае кулаком у карак хлопца: "Збегай па Марыю, хутка!".

І насамрэч, па вулічных ямінах, спацеўшая ад страху і хваляванняў, прыбягае Марыя. За ёй чэпае маці, жонка старога Станіслава Цешкі. Іх другая дачка, Браніслава, выйшла замуж за Баркоўскага з Яськаўцоў. Даведваемся, што сам гаспадар паехаў у Ліду да млынара і вернецца праз некалькі гадзін.

Столькі засталося сваякоў у сям'і да якой належаў сын і брат Юзаф Цешка 29-ці гадоў, забіты 6 месяцаў таму на шашы аўтамабілем лідскага старасты.

З таго часу ён галоўная асоба ўсёй справы, вакол якой круцяцца настроі цэлай гміны, крыніца рэфлексій, зімовых расповедаў на печы, грамадскіх каментароў, палітычнага згодніцтва. Як збяруцца людзі і пачнуць размаўляць пра выпадак Юзафа Цешкі, смалячы махорку, тады здаецца, што з махорачнага дыму містычна кшталтуецца над імі постаць забітага, як сімвал крыўды, гісторыі і істэрыі грамадскай несправядлівасці. Сярод духаты, шаркання і смаркання людзі кідаюць свае меркаванні нібы плявок і адразу з-за гжэчнасці ці для парадку расціраюць ботам, каб і знаку не было на падлозе хаты. Але знакі застаюцца, не сціраюцца.

14 жніўня ў Жамаслаўлі

Нешта ёсць у самой атмасферы, бо пераступіўшы парог хаты і зняўшы шапку перад абразамі, я убачыў першасны, нейкі генетычны бок смяротнага выпадку на шашы... Памятаў рознагалоссе галасоў на адкрыцці Дома адпачынку для артыстаў, вучоных і літаратараў у прыгожым фундаваным палацы графіні Умястоўскай.

Недалёка адтуль было да Сцеркава, разбітая вуліца якога выходзіць проста на Лідскую шашу.

Было гэта 14 жніўня ў Жамаслаўлі. Стол стаяў падковай, і кельнеры былі ў фраках. Прамаўляў пан рэктар і памятаю мадуляцыі ягонага голасу, ягоныя позіркі на прысутных, сарказм і афарызмы. Як сціснула сэрца, калі казаў пра таталітарызм, які душыць творчасць, як я саслабеў, калі ён раптоўна пераскочыў ... нешта казаў пра Гейне... - Не памятаў дакладна. - Потым прамаўляў іншы рэктар, паважна і ўзнёсла. Спадарства прафесура, прарэктар, мецэнаты, прэзідэнты. ... Паны, пан міністр! ... Нехта выцер вусны сурвэткай. Нехта надпіў келіх віна. ... Пан генерал! ... Потым закусвалі ў маўчанні. Гучна і адначасова грозна грукнуў нож аб бераг талеркі. Кельнеры зноў пайшлі на дыбачках. Устаў пан наваградскі ваявода, уставіў манокль у вока. Кідаў змястоўныя і глыбокія словы: "пляцоўка, бастыён, культура!", (паправіў манжэты). Другая лінія КОП! і г.д. - зноў падалі віно (перад ім былі яшчэ закускі).

І я там быў, мёд і тое віно піў.

Але гэта толькі заўвагі. Большасць вярталася ў Вільню праз Суботнікі, Дзевянішкі, Яшуны.

А наваградскі ваявода, лідскі стараста і яшчэ некалькі чалавек вярталіся праз Ліпнішкі, Бердаўку, Ліду.

Чакалі 6 месяцаў

Цяпер я сабе дазволю ўстаць, папрасіць слова і спытаць у голас:

- Пан ваявода! Пан стараста! Шаноўныя паны і пані, якія нам закідваюць Schadenfreude, пошукі дрэннага, выхватванне толькі адмоўнага, згушчэнне фарбаў, спех, непавагу да людзей, нянавісць ад якой ванітуе!...

Так, ванітуе. Гэта праўда. Але дазвольце давесці, што адразу пасля нечуванага выпадку на шашы Бердаўка - Ліда мы атрымалі лісты ад паважных і заслугоўваючых даверу асоб. Зместам гэтых лістоў мы былі да глыбіні ўзрушаны. Аднак выпадак сам па сабе перайшоў усялякую меру і быў амаль што неверагодны. Трывога грамадскай думкі была правільнай. І лісты, якія знаходзяцца ў шуфлядзе бюро галоўнага рэдактара, пацвярджаюць гэта. Але мы чакалі. Чакалі, каб нам ніхто не закінуў пошук адмоўнага, радасці да чужой бяды, выкліканай смерцю чалавека, непавагі да адміністрацыйных улад.

Чакалі шэсць месяцаў. Былі перакананы, што акалічнасці справы, грамадская думка прымусіць лакальных саноўнікаў да залатвення справы. І не дачакаліся.

Досыць! Выслухайце, як усё было.

Вярталіся з прыёму

Проста з гасціннай залы дасканалага прыёму рушылі праз Ліпнішкі - Ліду два аўтамабілі. У першым, урадавым-ваяводскім едзе ваявода з лідскім старастам, у другім урадавым аўто старасты, якім кіруе шафёр старасты Эльяш Віннічак, едуць два чалавекі: паштовы чыноўнік Снежка і Уладзіслаў Абрамовіч, рэдактар "Лідскай зямлі".

Аўтамабілі едуць усё хутчэй, значна хутчэй, чым магчыма на нашых дарогах. Ужо не едуць, а лятуць над дарогай. Як нізкія птушкі ў залатым пыле. Адзін за адным. Людзі на дарозе не паспяваюць здымаць шапак, а толькі робяць выгляд, што здымаюць.

Маем сведку, які можа пацвердзіць, што такой хуткасці не бачыў дагэтуль на Ліпнішскай дарозе. Так ездзяць уладары Лідскай зямлі ва ўрадавых аўто.

Юзаф Цешка, селянін з вёскі Сцеркава ўжо агледзеў быдла, пару разоў па-нядзельнаму ляніва пацягнуўся, і, верагодна, думаў пра сон, калі сястра Марыя намовіла яго, каб ён роварам паехаў у Бердаўку купіць ліставую паперу. Дзяўчына захацела пісаць ліст. Юзаф узяў ровар, па-гаспадарску падрыхтаваў яго, загадаў сястры пільнаваць спутанага каня і паехаў.

Аўто старасты забіла Юзафа Цешку

Вяртаўся. Сцямнела, "але яшчэ відно было". Сустрэў знаёмых (нядзеля) дзяўчат: Марыю і Юзэфу Цешкаўскіх з Ліды і Марцінкавічоўну з роднай вёскі Сцеркава. Добрая была гэта нядзеля. Злез з ровара і пайшоў левым бокам па шашы з дзяўчатамі. Як раз насустрач на ровары ехаў Кучынскі Юзаф з вёскі Бакуны. Цешка ускочыў на ровар і узяў, як належыць, управа. Ледзь паспеў адказаць на прывітанне Кучынскага ... Паміж імі доўгім цмокам прамільгнула аўто ваяводы, заліло граззю. І амаль што адразу другі аўтамабіль, старасты! Выехаў на левы бок дарогі, зачапіў дрэўца... дзяўчаты скочылі ў роў, з імі - і Кучынскі ... аўто раптоўна ўзяло ўправа ... Трах! Усё адбылося ў секунду і ў воблаку гразі. Пан рэдактар "Лідскай зямлі" потым распавядаў, што яму ўявілася: "Цешка ўзняў абедзве рукі угору ... Можа хацеў здацца, можа Бога клікаў! Пырснула фара аўтамабіля, з трэскам выгнуўся блотнік, кароткі крык, удар, зламаны ровар "пакуліўся", зламалася кіраўніца, на шашу упаў забіты чалавек! Уласна, ён, Юзаф Цешка, 29-ці гадоў, сын Станіслава, гаспадара на двух з паловай дзесяцінах.

Яшчэ жыў.

Але аўто лідскага старасты не затрымалася! Не дапамагло. Нават не зацікавілася. Збіла на зямлю чалавека і памчалася далей.

Юзаф Цешка жыў яшчэ паўтары гадзіны, ляжаў у рове перад людзьмі якія не маглі нічым дапамагчы.

Нарэшце праз тры гадзіны прыбыў санітарны аўтамабіль і забраў цела ў трупярню. Толькі тады на шашы з'явіўся 64-х гадовы стары бацька. Залез у санітарку і сказаў ехаць у пастарунак:

- Як жа так, панове, дык што ж цяпер рабіць?!

Паліцыянт узяў слухаўку і пазваніў да пана старасты. Але меў з ім, як бачна, службовую размову, бо загадаў старому выйсці, каб не чуў. Селянін чакаў на вуліцы. Апусцілася ноч.

Плач кабет

У гэтыя хвіліны ў хаце таксама было цёмна. Марыя запаліла лямпу і пачала плакаць. На куфры ля печы плача старая маці. Яшчэ адна адмысловая нагода для плачу: бацьку нават не далі пераначаваць! От як! Сабаку заб'юць, дык пратакол пішуць ... Чалавека забілі ... сына, а старому не дазволілі пераначаваць хоць бы "дзе ў пастарунку, хоць на падлозе...". Што там бабы! Хацеў сам са старым паразмаўляць. Але яго не было, сказалі што вернецца праз дзве гадзіны. Трэба чакаць у краме каля шашы.

Час быў ужо вельмі позні. Людзі вярнуліся з горада, абселі ганак. На ганак трэба было прабірацца пад конскімі ілбамі. Тут чакалі і іншыя, але старога ўсё няма. Гаспадыня крамы, ладная і здаровая (замужам за стрыечным братам забітага) забаўляла нас размовамі: рабочыя будавалі школу і пад чэснае слова войта бралі тавар у крэдыт, а цяпер ніхто не жадае плаціць. Адно бервяно не было добра зашмаравана вапнай, войт загадаў плаціць 25 злотых кары. Ну каб пяць злотых, ну каб якіх шэсць, скажы! Але дваццаць пяць! Хай пан злітуецца, ці ж так можна?

Пэўна, не. Але і слухаць таксама немагчыма. Абрыдла. Блявоціна, папросту блявоціна.

Бацька

Увайшоў з пугай, падперазаны дзяжкай, у вялікіх ботах. Пакланіўся ціха а потым прысеў бокам на лаве і распавёў:

- Забілі сына. Але што рабіць? Пайшоў у пастарунак. А яны так і ведаюць. Прасіў хоць пераначаваць да ранку, вядома да ранку, куды чалавеку падзецца. Хоць на падлозе. Не дазволілі. Выйшаў я, а яўрэйка ... .

Згорбіўся і заплакаў стары. У мяшках пад вачамі доўга слёзы трымаліся ...

- На трох войнах быў, на кітайскай, на японскай, на Вялікай. Зараз стары стаў. Доктар кажа: "Аслабленне сэрца". З гэтай зямлі не выжывеш, дзве з паловай дзесяцінкі. Пакуль сын быў... , - плача. - Яўрэйка кажа пастарункаваму: "Дайце яму дзе пераначаваць". А ён ёй: "Што я буду яму кватэру наймаць!"

Сядзіць з пугай, выпрастаўся, на сцяне малюнак выразаны з "Кіно", а слёзы напоўніўшы мяшкі пад вачамі, цякуць уніз на абвіслыя шчокі.

Змрочная легенда

У панядзелак стараста не прыняў. Праўда, 15 жніўня свята, Унебаўзяцце Найсвяцейшай панны Марыі, працаваць нельга. На трэці дзень прыняў яго стараста.

Не разумеем мы іх мыслення. Не разумеем довадаў іх праўды.

Пан стараста як быццам сказаў: "Выпадак, звыклы выпадак. Чаму ж гэта я вам маю за сына плаціць!!? А хто мне за разбітую фару заплаціць! Што?!".

Але не ў словах тут справа. Людзі, напрыклад, кажуць, што гэта "сам" ваявода кіраваў аўтамабілем. Кажу ім: "Калі б сам кіраваў, дык сваім бы аўтамабілем, а не старасты".

Ківаюць галовамі: "Ну так, сваім ... хіба ж толькі сваім". Раптам голас: "А можа хацеў спрабаваць іншае аўто?"

Ківаюць галовамі - можа быць, можа быць, хацеў спрабаваць ...

І так расце, уздымаецца моцная горыч, выліваецца цераз парог на балоцістыя дарогі вёскі, ідзе імі, паварочвае, ператвараецца ў легенду, злую легенду!

Следства ўстанавіла, што кіраваў Эліяш Віннічак, дзяржаўны шафёр, а не ваявода. Але гэта толькі ўмовы справы. Не пра іх трэба казаць, паўтараў, а пра дзіўныя акалічнасці ў гэтай справе.

Дзіўныя супадзенні акалічнасцяў

Дзяржаўнае аўто старасты, з віны шафёра ці забітага (і гэта нават не важна!), забіла Юзафа Цешку. Не дапамагло яму. Пакінула на дарозе. Да сям'і чалавека, забітага аўто старасты - выключна адмоўныя бюракратычныя адносіны. Ніхто не даў а ні злота дапамогі.

Блукае бяспраўная вёска ад чыноўніка да чыноўніка.

31 жніўня, праз два тыдні анулявана паліцэйская справа супраць шафёра старасты, які пасля забойства чалавека не спыніў сваю машыну.

Ні адзін адвакат у Лідзе не бярэцца за справу супраць шафёра старасты, як быццам супраць самога старасты.

Ніводная з мясцовых ці рэгіянальных газет не напісала пра выпадак і ніводная не паведаміла як развіваецца справа.

Насамрэч, дзіўныя акалічнасці. Згуртаваліся ўсе супраць 64-х гадовага старога, які быў на трох войнах, які мае хворае сэрца і 2,5 дзесяціны зямлі, які плача ...

А калі мне хто скажа, што ён толькі штучна той плач робіць, дык хай яму што лепшае парадзіць! Што яму акрамя плачу засталося? Бо шэсць месяцаў чакаў справядлівасці.

І чакае разам з ім і разам з ім каментуе сітуацыю цэлая гміна.

Ці трэба зноў збіраць складкі?

Калісьці распачалі мы ліст складак для пакрыўджанага лідскім старастам селяніна Гайдзіса і хоць часткова кампенсавалі яго крыўду.

Не маем шчасця з лідскімі старастамі.

Можам, відавочна, і цяпер апеляваць да чытачоў каб дапамаглі сям'і Цешкаў, якая страціла адзінага кармільца, забітага аўтамабілем старасты?

А можа людзі, якія глядзяць на наш край праз шкло ўрадавай оптыкі, а нам закідваць неаб'ектыўнасць, жадаюць, каб мы збіралі грошы на новую фару пану старасту? ...

Так ці інакш, філантропія можа толькі сцерці слёзы. Але не можа зрабіць так, каб такія выпадкі не паўтараліся з такім дзіўным збегам акалічнасцяў, як у справе Цешкі.

Здаецца, што згадзімся з уласным сумленнем, калі пойдзем не шляхам складак, а шляхам асуджэння.

Подпіс пад артыкулам J.M. (верагодна Юзаф Мацкевіч). Slowo № 52-1939.

(Пераклад Леаніда Лаўрэша.)

Замест пасляслоўя, ад перакладчыка:

Газета "Ziemia Lidzka" ў верасні 1939 года паведаміла:

"Дом адпачынку для вучоных, артыстаў і літаратараў. 14 жніўня 1938 г . кс.-пробашч Павел Багенскі ўрачыста высвяціў дом адпачынку вучоных, мастакоў і літаратараў у Жамаслаўлі Суботніцкай гміны (Лідскі павет), фундаваны графіняй Янінай Умястоўскай на сваіх землях. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел міністр сацыяльнага забеспячэння Мар'ян Зындрам-Касцялкоўскі, генерал Люцыян Жалігоўскі, наваградскі ваявода Адам Сакалоўскі, лідскі стараста Станіслаў Гансоўскі, ..., прафесары Універсітэта Стэфана Баторыя, іншыя госці з усёй Польшчы, прадстаўнікі літаратурнага, навукована, мастацкага свету" .

Ziemia Lidzka № 9, wrzesien 1938.

І ні слова пра Юзафа Цешку.


КАРЧАВАТКА

Аповед азірання

(Працяг. Пач. у папяр. нумары.)


Найбольш мяне ў іх хвалявалі

Лісты юнкораў, што змяшчалі

Ахвотна гэтыя выданні.

Не так сам змест, як друкаванне.

Няўжо ўсе пішуць гэтак самі?

Няўжо такімі малайцамі

Мае бываюць аднагодкі?

Я нейкі час, пэўна - кароткі,

Па ўсім, у гэтым сумняваўся.

Але калі надрукаваўся

Ў "Бярозцы" Ніл,

мой брат старэйшы,

Ды не з лістом, адразу - з вершам,

Я ўжо глядзеў зусім іначай

На аўтараў лістоў юначых,

Ўжо нават трошкі ім зайздросціў.

Аднойчы й сам газетным госцем

Рашыўся стаць: да "Піянера"

Паслаў свой верш,

на жаль, там дзверы

Прад ім не расчынілі. Мусіць,

Слабы ён быў. Але прымусіць

Адмовіцца ад шрайбавання,

Забіць ўва мне хэнць да пісання

Няўдача тая не здалела.

Душа мая пісаць хацела.

У "Піянеры" той часінай

Пісалі дзеці успаміны

Аб часе чорнае навалы -

Што зведалі і што трывалі.

Старэйшыя йшчэ помняць людзі

Кніжку "Ніколі не забудзем".

Яна з аповедаў паўстала

Тых, што газета друкавала.

Пад іх уражаннем і сам я

Склаў некалькі апавяданняў

(Была й з чужымі пераклічка),

І нават "выдаў" іх я кніжкай,

Перапісаўшы ўсе старанна

Не проста - шрыфтам друкаваным,

Зрабіў і вокладку, й малюнкі -

Была яна не без прыдумкі,

Нат з выдавецтвам і цаною,

Адно - без тыражу, адною

Асобінкай на свет з'явілась,

І тая ў рэшце рэшт згубілась

У нетрах часу. Ды, папраўдзе,

Яе і ўспомніў-прыгадаў я

Хіба адно, як кажуць, к слову.

Карцела ж мне сказаць пра мову

Дзіцячых тых маіх выданняў,

Лятункаў сведак і жаданняў.

Адно з іх - каб надрукавацца,

На іх старонках абазнацца,

Ажыццявілась без падвоху:

Я друкаваўся у абодвух.

Але і гэта не цікава:

Каму якая хэнць ці справа?

Мне ж тым "Бярозка" была міла,

Што родным словам гаманіла,

Яе старонак шаргаценне -

Як жаўталісця шапаценне,

А літар чорныя крапліны -

Як ствол бярозы і галіны.

На ўлонне наша яна звала,

У наш свет дзверы адчыняла,

Яна была ва ўсім сваёю -

Знаёмай, блізкай, дарагою.

Часопіс заадно з газетай,

Акром інфармацыйнай мэты,

Задачы ставілі й на полі

Асветным: каб кідаць у роллі

Зярняты ведаў і прагрэсу,

Развеяць цемры каб завесу,

Зярняты праўды і любові,

Святла зярняты, каб у новы

Свет шлях пракласці прамяністы,

Каб стаўся ён прамым і чыстым,

Прайсці па ім каб чалавекам

Пачэсна, годна, ў ногу з векам,

Абавязкова - беларусам,

Прытым пазбаўленым прымусу,

Без рабскае крыві у сэрцы,

Ўзгадованым не ў паняверцы...


Можа, крыху я і ружова

Гляджу на час той, на суровы,

Які чыніў нямала й здзекаў

З душы і цела чалавека.

Пра час я знаю, да адсоткаў,

Але, як і паэт, - і ўсё-ткі...

Было ў тым часе ўсё ж і тое,

Душу што грэе, нат - святое.

Ўсё ж мелі мову мы, - адвеку

Народа грунт і чалавека.

Другі знак моўнага пытання

Даюць і тыя два выданні,

Якія я згадаў ў тым часе:

Былі яны жывым папасам

Для тысяч беларускіх дзетак,

Быў гэта родны іх палетак -

Не крадзены, не пазычаны,

Дзядамі ім запавяданы.

Не буду класці пазалоту

На час той, але і работу

Карысную не буду блоціць:

Ўсё добрае дабром адплоціць

У прышласці. З якой рэторты

Шасцідзесятнікаў кагорты?

Вайной ўсё хрышчаныя дзеці,

Раслі - у беларускім свеце,

Хоць і скалечаным, вядома.

А сёння што мы маем дома?

І сёння ёсць у каталозе

"Бярозка". Але як у стозе

Шукаць іголку, гэтак марна

Знайсці "Бярозку" у кнігарнях;

Русіфікацыя наўкола

"Гай" выкасіла чыста, гола,

Даўно зрабіла сваю справу:

"Бярозка" сёння - як прыправа

Да нейкай экзатычнай стравы.

Такое прагнецца ім славы,

Зямелькі нашай герастратам!

Куды далей, якія страты

Нанесці краю можна болей?

Не зразумець зласліўцам болю

Душы пакутнай беларуса.

Не стрымліваюцца ад спакусы

Яшчэ й паздзеквацца пры гэтым:

Маўляў, часопісам, газетам

Няма ніякіх забаронаў;

Наадварот: крычаць з амбонаў

Аб іх падтрымцы й дапамозе.

Ах, як шумяць! Бы вада ў лозе!

А што пры гэтакім парадку

Мы бачым у сухім астатку?

А тое, што тыраж "Бярозкі"

Маленькі, як заечы хвосцік:

Тысяча трыста экземпляраў.

Во колькі стрэлаў, колькі ўдараў

Магутным беларускім словам

Падлеткаў бедных па галовах...

Усё гэта было б мо смешна,

Каб не было так сумна-грэшна!

Тысяча трыста? Дастаткова!

Для птушачкі - найадмыслова!

І ў міністэрскіх справаздачах

Вялікі поспех той адзначан:

Ці будуць, а ці не паследкі, -

А ёсць часопіс для падлеткаў!

Тысяча трыста... Красамоўна

Гаворыць лічба аб узроўні

Русіфікацыі народа...

Так, развялася ў нас парода

Дагодлівых хамелеонаў,

Якім начхаць на лёс мільёнаў,

Абы самім было уежна,

Пры гэтым жа яшчэ і ўлежна.

Ды так, што можна ўжо не бачыць

І слёз, не чуць таксама плачу

Усіх гаротных, тых, што ўнізе,

Вернападданым быць падлізам

У вышайрангавага хама,

Да слёз аслеплага таксама.


Ах, мой народ! Ты варты жалю,

Не выцерпеў ты націск хваляў

Каланізатараў. Эліты

Пазбаўлены, ты хутка збіты

Быў з панталыку і - зламаўся,

Зняверыўся, паддаўся, здаўся;

Пазбаўленыя долі дзеці

Не ведаюць, дзе сябе дзеці,

У поцемках шукаюць шчасця,

Жывуць без Божага прычасця,

Ды ўжо, бадай што, і без Бога,

Сыходзяць з роднага парога.

Ах, мой народ, мо твае ўнукі,

Паходні ўзяўшы ў свае рукі,

Усё-ткі выйдуць на дарогу,

Якая прывядзе да Бога,

А, значыць, і да роднай мовы,

Пачнуць віток жыцця нанова,

І ўжо не будуць занядбайлы,

І не паўтораць крок Ягайлы...

ХVІІ

"Сыходзіш, вёска, з яснай явы..."

Купалаўскі радок яскравы

Прыходзіць блізкім адгалоскам

Газеты назвы - "Новай вёскі".

Так звалася тады раёнка -

Не надта ціха і не звонка,

Паныла шэрая газетка,

Як яе сёстры і суседкі,

Каторыя бліжэй ці далей.

Ды з "Новай вёскі" вызнавалі

Навіны мы, у ёй чыталі

Заметкі пра суды, здарэнні,

Слупкі пра вываз угнаенняў,

Сяўбы, жніва і сенажаткі,

Распараджэнні, разнарадкі.

Так, сапраўды, яе чыталі,

Хоць часта ёй і пагарджалі,

Смяяліся і жартавалі,

"Брахалаўкаю" кпліва звалі.

Пасля вайны такое людзі

Хацелі верыць, што не будзе

Ўжо больш абману і цынізму,

Што заклікі да камунізму

Не будуць зноў гучаць фальшыва;

Што гаварыць пара праўдзіва

Пра ўсё з народам цяжкім часам;

Выхоўваць люд дабром, не пасам,

Няма дабра, каб з кулакамі...

На жаль, да шчасця бізунамі

Народ быў гнаны супастатам,

Народных мсціўцаў і салдатаў

Прыгону доля напаткала,

Свабода ж, што заваявалі,

Да іх спіною павярнулась

Ды крыва-здзекліва ўхмыльнулась...

Я ж са старонак "Новай вёскі"

Браў у душу другія ўнёскі.

Бянтэжыла і хвалявала

Мяне якраз, як падавала

Газета звычныя падзеі,

Людскую працу і надзеі:

Пісалася там пра ўсё чыста

Нейк надта ўзнёсла і ўрачыста.

Ён не араў - "ўздымаў аблогу",

Не йшоў на працу - "неслі ногі",

Не гной вазіў - "урабляў поле",

Не шырыня - "лугоў прыволле",

Хтось зруб не ставіў, а - "узводзіў",

Не запяваў, а - "спеў заводзіў",

Не молатам, а - "сэрцам грукаў",

Не ткнуў рукой -

"натхнёным рухам"...

Там, на газетачных старонках,

Усе йшлі з поля "з песняй звонкай",

Там працавалі ўсе "натхнёна,

Самааддана і ўлюбёна",

З адказнасцю кожнагадзіннай

"За партыю і за Радзіму"...

Я захапляўся, ды памалу

І нейкае сумненне брала,

Перш-наперш, калі ў "Новай вёсцы"

Чытаў я пра сваіх слабодцаў.

Тут штосьці вобраз і дэталі

Ў маіх вачах не супадалі.

Нібы напісана й культурна,

А чалавек - як на катурнах,

Такі ўжо чысты, ідэальны,

Ужо нібы і не рэальны.

Ды, зрэшты, мо гэта я сёння

Загаварыў пра дысгармонне?

Тады наўрад ці думаў гэтак,

Тады я трошкі быў паэтам,

І надрукованае слова

Мяне прыцягвала ўжо новым

Сваім абліччам строгім, вабным,

Папраўдзе - нават трошкі ўладным.

Надрукавана - гэта значыць,

Дазволена; яму, няйначай,

У людзі дадзена йсці права,

За ім стаіць сама дзяржава,

Што і пашаны дадавала,

І слову ўжо цану стварала.

Любіў чытаць я у газеце

І вершы. Думаў аб паэце

Штораз з павагай і здзіўленнем:

Трэба ж умець словапляценнем

Ствараць жыццёвыя карціны,

Людзей характары і чыны,

Малюнкі роднае прыроды,

Даваць здарэнні і прыгоды.

Найбольш пісаў Рыгор Тойсамы -

Ён быў паэтам самым знаным,

І лірыкам, і гумарыстам,

Эпіграмістам, байкапісцам...

Папраўдзе ж аўтар з "Новай вёскі"

Насіў імя - Барыс Сасноўскі.

Газетчыкам у партызанах

Сасноўскі стаў: разам з наганам

Пяром ён ваяваў з фашыстам -

Лясным быў хрышчан журналістам.

Па вызваленні тым жа летам

Прыйшоў ў раённую газету,

Якую ўрэшце і ўзначаліў,

Дзе і да пенсіі прычаліў.

Не мог яго я не замеціць

І добрым словам не прывеціць,

Адзначыць і як краязнаўца,

Ў любові да яго прызнацца,

Таксама і сказаць пры гэтым,

Што і сапраўдным стаць паэтам

Сасноўскі мог бы, каб раёнка

Не сталася "другою жонкай"...


А, тым не менш, раёнцы - брава!

Была яна ўсё ж не забавай,

А добрай госцяй хат вясковых.

Ў часінах тых, яшчэ суровых,

Была яна для нас і кніжкай,

Якіх не мелі тады лішку.

Па ёй мы і чытаць вучылісь,

І быццам з торбаю насілісь,

На ёй мы і пісалі часам

Чарнілам з бурака ці з сажы.

Што ні кажыце, а раёнка

Тады была не "газетёнка"

Дзеля прыліку ці адчэпу -

Люд меў у ёй тады патрэбу!

Не выкінуць як з песні слова,

Так нельга не сказаць аб мове.

Мова ж раёнкі была наша,

Не чужаніца "приходяша".

І тое, што на ёй гучала,

Душа спантанна залучала.

Важнейшая перадумова -

Чытаць вучыцца ў роднай мове!

Ды і, наогул, мова маткі -

Лягчэйшы шлях ў жыццё дзіцяткі.

Тады яно не касабока

Расце й зусім не аднабока

Ідзе развітак яго ведаў,

Лацвей і лыжку да абеда

Штораз знаходзіць пры патрэбе,

Дары і здольнасці ягоны

Ідуць з адным адно ў абгоны, -

Яно расце на родным хлебе,

Як дрэўца на ўрадлівай глебе.


Ды я ўжо, здэцца, захапіўся

І быццам трошкі адхіліўся,

Хоць, зрэшты, гэтакія справы,

Што тут не перасоліш стравы.

Бо "Родны край" у рукі возьмеш -

Аж дух ад болю ледзь не зойме.

(Сышла "Новая вёска" з явы -

Цяпер завецца "Родным краем".)

А што ў ім роднага, кром назвы?

Там рускі "тальник" непралазны!

Лятунак мой "Новая вёска"

Сягоння ўжо - рускагалоска.

Адно сям-там, і то з апаскай,

Прашэпча пару слоў па-наску.

Дзеля чаго? Што тут кумекаць:

Для большага, бадай што, здзеку.

Бо трэба моцна пастарацца,

Каб так з усіх нас пасмяяцца.

Галовы думалі нямала:

Там, дзе Вялікі ўзрос Купала,

Дзе беларусам стаў Бядуля,

Дзе ветразі свае надзьмулі

І Пташнікаў і Ніл Гілевіч, --

Каб іх нашчадкі продкаў веліч

Не помнілі, не шанавалі,

Каб каранёў сваіх не зналі,

Забыліся на сваю веру

І пакланяліся хімерам.


Магутны Божа, Божа крэпкі!

Мо я й не варт сухое шчэпкі,

Ды я глядзець усё ж не ў стане

Без болю на свой край прыспаны.

Сон гэты страшны, летаргічны,

Закляты, маргіналагічны.

Як быццам нейкіх чараў шаты

Наслаў вядзьмар на нашы хаты,

Што мы маўчым, адно ўздыхаем,

І ціха пакрысе канаем.


Адна з прыкмет нашага скону -

І русіфікацыя раёнак.

Яна вядзецца адмыслова:

Цынічна, подла й вынікова.

Маўляў, "не нада прынуждзенья",

Хай пішуць "па свайму хаценью".

А што чакаць з гнілога корня

Ці ад зруселай цалкам дворні?

Спачатку канула у лету

Белмова з "Сельскае газеты",

А ў час А.Л. пры дзярждаёнцы

Прыйшла пагібель і раёнцы.

Шкада мне сваёй "Новай вёскі".

А гэтак - не ў адным Лагойску,

Паўсюль па роднай Беларусі

Раёнкі дружна зарусілі.

І ўсё, як кажуць, ціхай сапай.

Нат без дэкрэтаў бацькі-папы.

Рэдактары і журналісты -

Народзец гнуткі, травяністы:

Мясцовы вертыкальшчык вякнуў -

Рэдактар на каленькі шмякнуў.

Якія прынцыпы, мой Божа?!

З датацыяй ён дапаможа!

Ў мяне ж сямейка мо і дзеткі,

Хіба ж пашкодзяць збыткі гэткі?

У страўніку усе прынцыпы:

"Абы ён, родны, быў бы сыты!

А што папоўзаць трэ на пузе...

Жылося ж добра і ў Саюзе!

Дзе яны сёння ўсе, месіі?

Ўсё роўна разам быць з Расіяй.

Пазней, раней - адна дарожка...

Ну, так, мо й сорамна мне трошкі.

Найперш прад мамай і прад татам.

Яны ж мяне не супастатам

У свет пусцілі - беларусам,

Ды ўсе мы звыкліся з прымусам.

Мы ж і ў застоллі маракуем,

Няма прымусу - дык шкадуем...

Каб жыў, дык зразумеў бы тата:

Маёй віны тут малавата..."

Такі ён, прадстаўнік эліты.

Ён з рабства й невуцтва адліты.

Стагоддзямі наша грамадства

Праходзіла шліфоўку рабствам.

Не паддаваліся - адзінкі.

Праследвалі іх безупынку,

Галовы секлі, страхам лютым

Народ каб вечна быў наш скуты,

Каб забіраў папераменна

За пакаленнем пакаленне,

Каб гадаваў рабоў пакорных,

Да працы здатных толькі чорнай,

Каб быў народ наш паслухмяным,

Найперш - сляпым, глухім, ціхмяным.

Шмат год пакорай атупляем

Душу народную, і маем

Набытак сёння небагаты:

Сваёй уласнай быццам хаты

Не як гаспадары - між намі

За стол усеўся госць нязваны.

Няўжо такі наш лёс навекі?

Няўжо усе мы недарэкі?

Няўжо на чыста ўсё чыхайлы?

Што ж натварыў ты, круль Ягайла?!

(Працяг у наступным нумары.)

Мікола ГІЛЬ


Працягваем пісаць дыктоўку

Сябры і прыхільнікі беларускай мовы сустрэліся ў раённай дзіцячай бібліятэцы на другім этапе агульнанацыянальнага праекту "Пішам дыктоўку разам". На мерапрыемства, прысвечанае 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, завітала каля паўтара дзесятка асіпаўчан, якія пажадалі ацаніць уласныя веды. Натуральна, тэкст дыктоўкі так-сама меў дачыненне да народнага пісьменніка. Арганізатарамі сустрэчы выступілі бібліятэкары і Таварыства беларускай мовы, а дыктаваў "вучням" настаўнік Дараганаўскай школы Мікалай Васільевіч Тамашоў. Пасля кожны сам мог праверыць сваю пісьменнасць, зверыўшы напісанае з арыгіналам. І, як адзначылі арганізатары, прысутныя паказалі даволі нядрэнны ўзровень валодання беларускай мовай.

У рамках сустрэчы адбылася і прэзентацыя зборніка перакладаў вершаў Уладзіміра Высоцкага "Пра жыццё, пра волю, пра сябе" магіляўчаніна Міхася Булавацкага. Акрамя таго, Міхась Пятровіч уручыў адзін з экзэмпляраў выдання 10-класніцы тутэйшай гімназіі Анастасіі Шухавай - актыўнай удзельніцы інтэлектуальных спаборніцтваў для школьнікаў "Беларускае пяціборства".

Ганна Бародзіч.



26 красавіка (аўторак) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудуцца чарговыя заняткі

ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Новы гістарычны цыкл - Беларусь у XХ ст. Пачатак 18.00. Уваход вольны.



Адукацыйныя паслугі. Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар - трэнінг " Сімптомы траўмы несправядлівасці" 22.04.2016 а 18-ай.

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88 х.тэл.

(+375 17) 231-44-35 МТС (+375 29) 769-29-78

velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl@yandex.ru

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе вул. Румянцава, 13.

Наступныя заняткі - 29.04.16


Сябры клуба "Святліца" сустрэліся са студэнтамі

Не так даўно ўдзельнікі магілёўскага гарадскога клуба "Святліца" разам з яго кіраўніком, сябрам СБП Тамарай Аўсяннікавай наведалі Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова.

Спачатку госці наведалі музей універсітэта "Літаратурная Магілёўшчына", дзе пісьменнік, сябра СБП Яраслаў Клімуць пазнаёміў з экспазіцыяй і расказаў аб знакамітых ураджэнцах Прыдняпроўскага краю.

Сябры "Святліцы" расказалі пра сябе, прачыталі ўласныя творы і адказалі на пытанні гледачоў.

У сустрэчы ўзялі ўдзел пісьменнікі, сябры СБП Віталь Еўмянькоў і Мікола Яцкоў.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП.

На здымку: Экскурсію праводзіць Яраслаў Клімуць.


Ад прадзіва да ткацтва

На рэгіянальным свяце народнай творчасці "Ад прадзіва да ткацтва", якое адбылося 14 красавіка ў горадзе Гародні, прымалі ўдзел калектывы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Фальклорнае аматарскае аб'яднанне "Ульяніца" (кіраўнік - Наталля Іодчык) філіяла "Ганчарскі Дом культуры" прадставіла анімацыйна-рэалістычнае дзеянне "Калі да лёну з паклонам, добра аддзячыць лён".

За актыўную прапаганду мясцовых народных традыцый "Ульяніца" была ўзнагароджана Падзячным пісьмом галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама. Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прадставіў на свяце калекцыю адзення для моладзі, дзе ўдала спалучаліся сучасная тканіна з ткацтвам. Аўтар калекцыі - Ірына Вашкевіч. За творчае пераасэнсаванне народных традыцый у дадзенай калекцыі, якая называецца "Колер абуджэння", калектыў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры таксама ўзнагароджаны Падзячным пісьмом галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама.

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX