Папярэдняя старонка: 2016

№ 37 (1292) 


Дадана: 14-09-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 37 (1292), 14 верасня 2016 г.


25 гадоў назад 19 верасня 1991 года былі прыняты назва нашай краіны Рэспубліка Беларусь, бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня"

19 верасня 1991 года на нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета была прынята новая назва нашай краіны - Рэспубліка Беларусь, а таксама зацверджаны дзяржаўныя сімвалы - герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг. "Радыё Свабода" ўзгадвае гэтыя гістарычныя падзеі.

У верасні 1991 года, праз некалькі дзён пасля правалу маскоўскага путчу і надання на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета "Дэкларацыі аб суверэнітэце" статусу канстытуцыйнага закону, на патрабаванне дэпутатаў Апазіцыі БНФ была склікана яшчэ адна сесія. У парадак дня было ўключана і пытанне аб назве краіны і дзяржаўных сімвалах.

Аднак настроі большасці дэпутатаў у сярэдзіне верасня істотна розніліся ад жнівеньскіх, "пасляпутчаўскіх". Дзейнасць КПБ-КПСС была прыпынена, але ва ўрадавых кабінетах заставаліся тыя ж самыя чыноўнікі, якія былі прызначаныя партыяй. Вячаслаў Кебіч, які ў грамадскай свядомасці ўвасабляў наменклатуру, заявіў пра намер заняць пасаду старшыні Вярхоўнага Савета (у верасні 1991-га ён саступіць толькі некалькі галасоў Станіславу Шушкевічу).

Калі 25 жніўня 1991 г. канстытуцыйнасць "Дэкларацыі аб суверэнітэце" набрала дзве траціны галасоў, дык праз тры тыдні атрымаць галасы дэпутатаў, неабходных для прыняцця дзяржаўнай сімволікі, выглядала праблематычна.

Акрамя таго, трэба было тэрмінова зрабіць эталон дзяржаўных сцяга і герба (як вядома, у розных крыніцах існавалі розныя (у дэталях) выявы "Пагоні"). На просьбу Зянона Пазьняка, групу мастакоў узначаліў Яўген Кулік, яму дапамагалі Лявон Бартлаў і Мікола Купава. Эталон герба і сцяга імі быў створаны.

У Доме ўраду, у фае перад Авальнай залай была зроблена выстава, прысвечаная гісторыі бел-чырвона-белага сцяга і "Пагоні". Дэпутаты Апазіцыі БНФ у прыватных гутарках тлумачылі калегам па парламенце эпізоды беларускай гісторыі; некаторыя дэпутаты-ветэраны толькі ў тыя дні ўпершыню пачулі пра Грунвальд.

19 верасня, калі падышоў час абмеркавання і галасавання, па настроях значнай часткі дэпутатаў зрабілася відавочна, што рашэнне можа і не прайсці. Тады Зянон Пазьняк патэлефанаваў акадэміку-матэматыку Уладзіміру Платонаву, папрасіў яго тэрмінова прыехаць і зачытаць афіцыйнае заключэнне навукоўцаў-гісторыкаў. Для "наменклатурных" дэпутатаў пасада Платонава - прэзідэнт Акадэміі Навук - мела аўтарытэт. Яшчэ большы аўтарытэт у наменклатуры меў Георгій Таразевіч - былы Старшыня Прэзідыума ВС БССР, а ў той момант - старшыня камісіі і член Прэзідыума ВС СССР, якога таксама папрасілі выступіць у падтрымку нацыянальных сімвалаў.

Старшыня апазіцыі БНФ у ВС 12-га склікання Зянон Пазьняк прыгадваў: "...Ужо апошняе галасаванне, і зноў не набяром адзін-два галасы. І гэта ўжо будзе канец. І тады я падышоў да аднаго наменклатурнага камуніста, нашага ворага, я бачыў, што ён галасаваў "супраць". Узяў яго за руку і, гледзячы ў вочы, сказаў: "Я Вас вельмі прашу, прагаласуйце за сцяг, дзеля нашай будучыні. Мы ж - беларусы!". Ён быў ашаломлены. Але гэта быў прыстойны чалавек, і ён сказаў: "Добра. Я прагаласую". І прагаласаваў. Трэба было набраць 231 голас. І калі на табло з'явілася лічба 231, я страціў прытомнасць. Я проста ўпаў на стол галавой...

...Прыйшоў у сябе хутка, сэрца было ў вельмі дрэнным стане, трэба было адпачыць трохі, але мяне пацягнулі на плошчу. Там стаяла тысячы дзве людзей, можа, тысяча, трэба было выступаць. І калі я прыйшоў на плошчу, я яшчэ не адышоў ад беспрытомнасці, і не мог выступаць. Я пачаў нешта лепятаць, і ў мяне пацяклі слёзы. Цякуць слёзы перад усімі, я думаю: "Ну ўсё, канец палітыку Пазьняку. Плача, як баба. Усё". І як ні дзіўна, гэтага ніхто не заўважыў. Проста ўсе жылі гэтай падзеяй. Плакалі многія, гэта здавалася натуральным, і многія проста не заўважылі майго стану. Вось як запомнілася мне псіхалагічна гэта ўсё...".

Радыё Свабода.


ТБМ у парламенце

Першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алена Анісім абрана дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе. Упершыню ў Нацыянальным сходзе будзе дэпутат ад ТБМ.

Нашыя віншаванні, пажаданні і спадзяванні спадарыні Алене!

Алена Анісім нарадзілася ў 1962 годзе ў вёсцы Савоні Стаўбцоўскага раёна. Гэта недалёка ад Мікалаеўшчыны Якуба Коласа. Бацькі працавалі настаўнікамі. Мама выкладала матэматыку, бацька - мовы. Яе дзявочае прозвішча - Амельчыц.

Пасля школы Анісім паступіла на вучобу на філфак БДУ. На той час на факультэце ўтварылася моцная суполка "Майстроўня". "У "Майстроўні" Алена кім толькі ні была - спявачкай, удзельніцай усіх імпрэзаў", - згадвае ў сваёй кнізе Сяргей Дубавец.

Ад 1991 года Анісім працуе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук. З'яўляецца намесніцай Алега Трусава ў Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны, адной з найбуйнейшых недзяржаўных арганізацый краіны. Таксама Алена Анісім нейкі час вяла перадачу "Беларуская мова" на тэлеканале АНТ. Мае трох сыноў.

"Неабходна выразная дзяржаўная праграма для прасоўвання мовы ў грамадства. Цяпер такой праграмы не існуе", - са скрухай адзначала спадарыня Алена раней.

Цяпер на пытанне, з распрацоўкі якога закону пачне сваю дзейнасць, адказала:

- Наша таварыства падрыхтавала законапраект аб падтрымцы беларускай мовы дзяржавай. І, канешне, гэты закон мы будзем праводзіць у жыццё.

Паважаныя сябры! Хачу выказаць падзяку ўсім, хто павіншаваў мяне з абраннем у Палату прадстаўнікоў. Я шчыра ўдзячная маёй камандзе, сябрам ініцыятыўнай групы, давераным асобам, усім знаёмым і незнаёмым людзям, хто падпісваўся і галасаваў за маю кандыдатуру, хто спрыяў падчас агітацыйнай кампаніі. Хачу выказаць таксама асаблівую павагу незалежным журналістам, якія сваёй зацікаўленасцю і адпаведнымі публікацыямі зрабілі важкі ўнёсак у гэты поспех. Таму гэта наша агульная перамога. Я спадзяюся, што і надалей мы зможам разам зрабіць шмат карыснага для сваёй краіны і народа.

З павагай, Алена Анісім.


Алег Трусаў: "Цяперашняе стаўленне да мовы і беларушчыны - проста цуд. 25 гадоў таму мяне ледзь не забілі за мову"

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў даў інтэрвію budzma.by пра сваю першую беларускую кнігу, 80-я, стварэнне "Пагоні" і вышыванкавы бум.

Пра беларускую мову ў 60-я

- Я нарадзіўся ў Мсціславе, за 8 кіламетраў, ад расійскай мяжы, памятаю, як закрывалі апошнюю беларускамоўную школу. У 1961 годзе хадзілі па хатах людзі ад улады, збіралі подпісы, мая бабуля, якая мяне гадавала, спачатку не хацела падпісваць заяву, але тады апошнім аргументам стала: "Вы ж разумееце, што ён не паступіць у Магілёўскі педуніверсітэт". Беларускую мову ў выніку мы пачалі вучыць з пятага класа, але мне пашанцавала, у мяне была цудоўная настаўніца, якая ў свой час слухала лекцыі Якуба Коласа. Яна ж стварыла школьны тэатр, са сцэны якога я чытаў вершы па-беларуску і па-нямецку. Напрыклад, "Пахне чабор".

Пра першую беларускую кнігу

- Першую кнігу па-беларуску, якую я прачытаў сам, мне падарылі дзяўчаты на 23 лютага. Гэта было ў восьмым класе, а кнігай была "Новая зямля" Коласа. У мяне падчас чытання тады ўзніклі пытанні, на халеру дзядзька папёрся ў Вільню, і чаму ўвогуле Вільня, а не Вільнюс.

Пра БДУ і беларусізацыю Гомеля

- Я скончыў школу з залатым медалём і паступіў у БДУ, разам са мной вучыўся хлопец Алесь, які прынцыпова размаўляў па-беларуску, што тады было амаль неверагодна. У выніку яго выгналі з універсітэта. Ён вярнуўся ў Гомель, скончыў гомельскі філфак. Урэшце стаў кіраўніком аддзела адукацыі ў Гомелі і цалкам перавёў горад на беларускую мову.

Пра пераход на беларускую мову

- У 1980 годзе я, працуючы на рэстаўрацыі, вырашыў перавесці ўсю дакументацыю на беларускую мову. Ад 82-га прынцыпова пачаў размаўляць па-беларуску. Гэта ў тыя часы было небяспечна. Бабуля, калі даведалася, пачала плакаць, казала: "Цябе заб'юць". Маці, якая лічыла сябе полькай і жыла асобна ў Кобрыне, паўгода са мной не размаўляла - была катэгарычна супраць майго пераходу. А вось жонка, якая скончыла журфак, ставілася нашмат больш прыхільна - яна валодала мовай нават лепей, чым я.

Пра беларускую мову сёння

- У нас цяпер адбываецца гэткі паўтор канца 80-х, толькі атмасфера нашмат лепшая. Адчуваю сябе як на выбарах у 90-м годзе, як 25 гадоў скінуў. Цяпер на нашыя выступы прыходзяць, вітаюцца, размаўляюць. 25 гадоў таму мяне пагражалі забіць за мову сякерай. Таму цяперашняе стаўленне да мовы - гэта проста цуд.

У Менску ў познія савецкія часы было проста варожае стаўленне да мовы: "Говори со мной на нормальном языке". Лічылася ж як: што пры камунізме ўвесь свет пачне размаўляць па-руску. У войску ў літаральным сэнсе выбівалі беларускі акцэнт. Апошняе паляванне на нацыяналістаў адбылося ў 1973 годзе, у Менску добра калі сто чалавек размаўлялі на мове не дома (дома пісьменнікі размаўлялі з сям'ёй па-беларуску, напрыклад).

Такім чынам, цяпер мы жывём проста ў ідэальных умовах. За час нашых сёлетніх пікетаў толькі адзін маладзён 26 гадоў падышоў, нешта пачаў наконт мовы абурацца, а калі мы спыталі, чаму ён сам не размаўляе, ён проста адказаў: "Мне сорамна".

Як зрабіць Беларусь беларускай за 2-3 гады

- Янка Брыль казаў: "Калі беларусу загадаюць быць беларусам - ён будзе". Рэч у тым, што ў нашай краіне прынята размаўляць на "мове начальства". Калі ў свой час я стаў дэканам, а гэта быў 1996 год, памятаеце, якія там былі падзеі, я чытаў лекцыі выключна па-беларуску і з калегамі размаўляў таксама па-беларуску. І, што цікава, усе пачалі выкладаць па-беларуску, хоць я, дальбог, нікога не прымушаў, толькі казаў, што сам заўжды буду чытаць лекцыі па-беларуску, бо мы - беларускі ўніверсітэт.

Такім чынам, калі кіраўніцтва краіны пяройдзе на беларускую мову, два-тры гады - і па-беларуску будуць размаўляць усе. І закон пра дзве дзяржаўныя мовы ніяк гэтаму не будзе перашкаджаць. Ты ж маеш права размаўляць на той мове, на якой хочаш, з дзвюх. І калі ўсе навокал будуць размаўляць па-беларуску, краіна сама беларусізуецца.

Просты спосаб загаварыць па-беларуску

- Трэба чытаць беларускія кніжкі перад сном паўгадзіны, праз паўгода вам будуць сніцца беларускамоўныя сны. Гэта добры прынцып па вывучэнні любой мовы. Чытаць перад сном кнігі альбо слухаць музыку. Мозг жа ў сне будзе працаваць. Я так вывучыў іспанскую мову за два гады. Цікава, што часам мне сняцца сны на іншых мовах - напрыклад, прачнуўся і не разумееш, на якой мове ў сне размаўляў, мо па-польску?

Пра "лупіце на трасянцы"

- Нельга пачаць размаўляць на любой мове без пераходнага этапу. Трасянка таксама розная бывае: руска-беларуская і беларуска-руская. І паступова пры пераходзе на мову вы з першай трасянкі пераходзіце да другой, а там ужо пачынаеце размаўляць на чыстай мове. Тым больш у нас варыянтаў трасянак вельмі шмат - ёсць і з польскімі слоўцамі, і з украінскімі.

Пра ТБМ

- Ролю Таварыства беларускай мовы для беларускай гісторыі яшчэ давядзецца ацаніць: заснавальнікам ТБМ быў Ніл Гілевіч, і некаторыя ўспрымалі ідэю варожа і з асцярогай, нават Васіль Быкаў. Лічылася, што камуністы вырашылі стварыць сваю беларускую арганізацыю.

А пасля высветлілася, што, калі б не ТБМ, не было б ні Пазьняка, ні мяне, ні апазіцыі - менавіта дзякуючы ТБМ мы вылучыліся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета. Ад ТБМ прайшло 13 чалавек, у мясцовыя саветы - сотні. Таму роля ТБМ у гісторыі вельмі значная.

Як стваралася "Пагоня"

- "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг зацвярджаліся без малюнкаў. Пасля была створаная камісія з найлепшых мастакоў краіны. Наша задача была ў тым ліку, каб наша "Пагоня" на сто адсоткаў адрознівалася ад літоўскай. Літоўцы, дарэчы, спецыяльна памянялі герб - да вайны "Пагоня" ў іх была іншай. Мы за ўзор узялі "Пагоню" з магілы Ягайлы - самую старажытную з вядомых. З крыжам Ефрасінні Полацкай. Літоўцы - "Пагоню" XVI стагоддзя з іншым крыжам. Атрымліваецца, што наш герб больш адносіцца да готыкі, літоўскі - да барочнага Рэнесансу. Цяпер зблытаць іх не змагло б нават дзіця.

Пра беларускую мову ў рэкламе

- Глядзіце, як беларуская мова скарае бізнес-прастору: бізнесоўцы пачалі разумець важнасць мовы. Колькі цяпер рэкламы па-беларуску? Ці афармлення этыкетак? Калі мы ў рэкламнай паўзе якога-небудзь расійскага крымінальнага фільма раптам чуем, як Вольскі і Курган разам рэкламуюць па-беларуску "Лідскае" піва, - гэта ж выдатна. Беларушчына расце як трава з-пад асфальту.

Пра вышыванкавы бум

- Гэта такі чарговы рымэйк моды на вышыванку і таксама з'ява пазітыўная. Табе размаўляць усё яшчэ сорамна, а вышыванку ўжо надзеў. Насамрэч моду на вышыванку ўводзіў у свой час яшчэ Хрушчоў, які яе надзяваў. Уся інтэлігенцыя за познім Сталіным і за Хрушчовым насіла вышыванкі. А гэта зноў рымэйк - Радзівілы пазычылі ў французскіх Людовікаў так званы "пейзанскі стыль" яшчэ ў XVIII стагоддзі. Але гэта для нас сёння гэткая станоўчая мода.

Пра новую кнігу

- Я год ствараў дапаможнік для студэнтаў і моладзі "Гісторыя Еўропы. Эпоха Сярэднявечча V-XV ст.". У выніку я напісаў гісторыю Еўропы з беларускага пункту гледжання, акцэнты там зробленыя на Беларусі. Пры тым, што пісаў пра ўсю Еўропу, пра качэўнікаў - хазараў, авараў… Гэта такі беларускі погляд на гісторыю. Калі я пішу пра Расію ці Літву, я прыводжу таксама і іх погляды - даю спасылкі на літаратуру. Пішу, прыкладам, як ставяцца літоўцы да ВКЛ і як ставімся мы. Кніга з'явіцца ў кастрычніку недзе, добра было б перакласці яе пасля на англійскую: хай бы і на Захадзе даведаліся пра беларускі погляд на гісторыю Еўропы.

Юрась Ускоў, budzma.by.


Выказваю шчырую падзяку сябрам сваёй ініцыятыўнай групы, давераным асобам і ўсім тым, хто падтрымліваў і дапамагаў мне падчас выбарчай кампаніі. Дзякуючы нашым агульным намаганням беларушчыны ў краіне стла больш і будзе большаць далей. Яшчэ раз вялікі дзякуй!

Алег Трусаў.


Шукаем чужое ў сваім. А сваё ў чужым хто пашукае?

На навіны Германіі

Шаноўны пан рэдактар!

Прачытаў у апошнім нумары "НС" скрабатуновы "Навіны Германіі" і стала мне зусім непамысна. Ну чаму мы сваю мову робім падсцілкай пад іншымі мовамі?! Усё спаборнічаем, дзе б яшчэ навышукваць у мове новых -ізмаў . І радуемся, знайшоўшы: вось тут цюркізмы, а там русізмы, а вось яшчэ германізмы, а колькі лацінізмаў! А вось слоўкі грэцкага паходжання, а вось скандынаўскага, а польскага-польскага… Хочацца схаваць апошнюю жменьку беларускіх слоў як надалей, а то і да іх дабяруцца, скажуць, што яны якога мардоўскага ці македонскага паходжання.

Ужо, выяўляецца Скрабатуном, і скібка хлеба не наша, а нямецкая (Skeebe) . Ну чаму, калі ў Польшчы кажуць skiba , то гэта мы ад іх перанялі скібу , а не яны ў нас?

Чаму нашы навукоўцы не шукаюць, колькі беларусізмаў у рускай мове, у польскай, у нямецкай. Немцы ж часта раней заглядвалі на нашы землі - і пад час войнаў, і па-за войнамі. Натуральна, што ў такім кантактаванні некаторыя нямецкія словы абжыліся ў нашай мове і добра сябе пачуваюць. Але гэты працэс заўсёды двухбаковы. Не можа быць, каб якіх пяць беларускіх слоўцаў не прытулілася ў нямецкай мове! І раптам чую ад Вінцука: "У беларускай мове тысячы германізмаў, а ў нямецкай ніводнага беларусізму." Паважаю Вінцука, але тут яму НЕ ВЕРУ. Проста ніхто не шукаў. Лягчэй жа павышукваць у сваёй мове скандынаўскае, чым у скандынаўскай наша (шведы ж таксама гулялі па нашых землях, дый фіны з нарвегамі яе не міналі).

Я вырашыў крыху дапамагчы Вінцуку. "Дай буську," - гавораць дзіцяці, выпрошваючы яго пацалунку. Не ведаю, чаму, але я з дзяцінства лічыў што буська ад слова бусел . Паглядзіце, як яны, буслы, вясновай шлюбнай парой клякочуць і буськаюцца ў гняздзе, мілуючы адно аднаго дзюбамі. Таму і дзяцей буслы прыносяць. Натуральна меркаваць, што нямецкае busseln (цалаваць) пайшло ад нашай буські. Але Вінцук палічыў гэта за жарт.

І вось чытаю і дзіўлюся ў Скрабатуна. Як можна ў немецкіх Klosschen пачуць нашы клёцкі ? Пагаджуся, брук, гандаль, дах - гэта, усім вядома, нямецкія словы. Але ж клямка - натуральнае беларускае слоўка ад гука клям-клям , які клямка робіць. Не, сцвярджае Скрабатун, і гэта мы ў немцаў пазычылі (Klinke) . Хапаюся за галаву! - і слова млын мы ў немцаў перанялі (Mulin) . Палез падзівіцца на гэты Mulin у вялікім нямецка-рускім слоўніку (165 тыс. слоў), не знайшоў, няма там такога слова. Спадар Скрабатун, беларускае слова млын - ад слова малоць (ну хоць гэта не нямецкае? - я ўжо і тут сумняюся). Пакіньце ж беларусам што-небудзь. А то ж выявіцца, што немцы не ў Германіі жылі, а вось тут, на нашых землях. Былі нямымі, пакуль не прышлі з Германіі ды навучылі гаварыць.

Я разумею, што пісьмовых крыніц з далёкіх часоў нашай мовы засталося (дый было) нашмат менш, чым з некаторых еўрапейскіх моваў. У гэтым мы прайграем тым жа немцам ці французам. Але трэба шукаць. Бо інакш выявіцца раптам, што ўсе нашы словы запазычаныя. А тады што? Тады вымушаны будзем прызнаць, што нашай мовы няма. Вось неяк назбіралі па нітачцы з усяго свету.

Міхась Булавацкі , не мовазнаўца, але з мовай нарадзіўся…


"Радыё Марыя" загаворыць па-беларуску

Праграмны дырэктар беларускага "Радыё Марыя", зарэгістраванага сёлета ў чэрвені, ксёндз Аляксандр Улас расказаў, калі вядомая каталіцкая радыёстанцыя запрацуе ў Беларусі.

- Адбыўся запуск тэставай версіі радыё. Запушчаная версія - толькі праверка нашых тэхнічных магчымасцяў, якія мы тэсціруем. Канчатковы ж выгляд "Радыё Марыя" будзе зусім іншы, - сказаў ксёндз Аляксандр Улас. Ён патлумачыў, што тэставая версія мае абмежаванне - адначасова радыё могуць слухаць толькі 30 слухачоў.

- Мы карыстаемся "аўтадыджэем". Але ўсё гэта толькі праверка. Мы вывучаем розныя варыянты, а таксама магчымасьці трансляцыяў з розных куткоў Беларусі, магчымасці скайп-трансляцыяў, - дадаў кіраўнік радыёстанцыі.

Афіцыйнай мовай новага радыё будзе беларуская. Але гэтым нацыянальны складнік не абмяжоўваецца:

- Нацыянальная спецыфіка будзе ў нашых слухачах. Слухачы - фундамент кожнага "Радыё Марыя". А слухачы - гэта перш за ўсё беларусы. Сама ідэя "Радыё Марыя" - радыё, зробленае людзьмі для людзей, - сказаў ксёндз Аляксандр Улас.

Плануецца, што праз месяц-паўтара тэхнічная апрабацыя будзе скончана, і радыё пяройдзе да трансляцыі.

У чэрвені 2016 года ў галоўным упраўленні юстыцыі Менскага гарвыканкама "Радыё Марыя" атрымала дзяржаўную рэгістрацыю. У Беларусі яго зарэгістравалі па першых літарах - "Радыё РМ".

Радыё Свабода.


"Толькі б не канчалася дарога…"

Да 80-годдзя з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна

28 жніўня споўнілася б 80 гадоў нашаму земляку, паэту, публіцысту, перакладчыку, грамадскаму дзеячу Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну. З гэтай нагоды 6 верасня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына "Толькі б не канчалася дарога...".

З імем Генадзя Бураўкіна звязаны выдатныя здабыткі беларускай паэзіі, захапленне багаццямі роднай мовы. Не будучы афіцыйна народным паэтам, Генадзь Бураўкін усё ж быў сапраўды народным па сваёй сутнасці. Гэта падкрэсліў у сваім выступленні галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак. Народная артыстка Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлана Акружная, гаворачы пра свае сустрэчы з Генадзем Бураўкіным, узгадвала дабразычлівасць, тактоўнасць паэта. Адзначаючы добрае пачуцце гумару, якое было ўласціва Генадзю Мікалаевічу, паэт-сатырык Міхась Мірановіч прачытаў літаратурныя пародыі на вершы Генадзя Бураўкіна. Увазе ўдзельнікаў вечарыны была прадстаўлена электронная прэзентацыя пра жыццёвы і творчы лёс Генадзя Бураўкіна, падрыхтаваная супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

На вершы Генадзя Бураўкіна напісана шмат папулярных песень. Падчас вечарыны прагучала знакамітая "Завіруха" ў цудоўным выкананні вучаніцы Суйкаўскай сярэдняй школы Аляксандры Гвоздзевай. З задавальненнем удзельнікі вечарыны паглядзелі кліп Зміцера Вайцюшкевіча на песню "Матуля".

Другая частка імпрэзы была прысвечана кнізе ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна "Перадусім Беларусь", што нядаўна выйшла ў серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Складальнік зборніка, журналіст Сяргей Шапран расказаў пра сваю працу над кнігай успамінаў, пра апошнiя сустрэчы з Генадзем Мiкалаевiчам, пра тое, як дзякуючы cябрам i блiзкiм людзям паэт паспеў патрымаць у руках свой апошні зборнік "Нагаварыцца з зоркамі". Прагучаў гуказапіс развітальнага звароту Генадзя Бураўкiна да ўсіх беларусаў. Выступленні старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і рэдактара часопіса "Дзеяслоў" Барыса Пятровіча, першага намесніка старшыні Алеся Пашкевіча, паэта Міхася Скоблы, паэта, празаіка Усевалада Сцебуракі былі прысвечаны сустрэчам, сяброўству з Генадзем Мікалаевічам і прасякнуты ўдзячнасцю за яго вялікую працу на карысць Беларусі. Сябра Генадзя Бураўкіна, Ганаровы старшыня рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Іосіф Адамавіч Навумчык выказаў пажаданне, каб у гонар нашых славутых землякоў Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава былі названы вуліцы, школы, установы культуры ў розных населеных пунктах Віцебшчыны. Гэтая ж думка не раз выказвалася ў выступленнях многiх удзельнiкау вечарыны.

На вечарыне прысутнічала ўдава Генадзя Бураўкіна Юлія Якаўлеўна, якая шчыра падзякавала ўсім, хто доўжыць памяць пра таленавітага паэта і сумленнага чалавека.

Напрыканцы вечарыны прагучаў гуказапіс верша Генадзя Бураўкіна "Малітва" ў выкананні аўтара.

Генадзь Мiкалаевiч Бураўкiн любiў прыязджаць у Вiцебск, дзе яго заўседы чакалi сябры, аднадумцы, прыхiльнiкi творчасцi. Вось i апошняя сустрэча паэта з чытачамi адбылася 24 кастрычнiка 2013 года ў Вiцебскай абласной бiблiятэцы. З пачатку 2016 года на галоўнай старонцы сайта Вiцебскай абласной бiблiятэкi змешчаны банер да 80-годдзя з дня нараджэння Генадзя Бураўкiна. На працягу года там змяшчаюцца матэрыялы пра розныя старонкi жыцця i творчасцi Генадзя Мiкалаевiча. Таксама са студзеня i да снежня 2016 года ў аддзеле краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii пастаянна дзейнiчаюць кнiжныя выставы, прысвечаныя Паэту.

Шчыра веру ў тое, што дарога, якую выбраў i па якой iшоў па жыццi Генадзь Мiкалаевiч Бураўкiн, не скончыцца нiколi. I вельмi хочацца, каб апошняя просьба Генадзя Бураўкiна знайшла сваё месца ў сэрцах усiх беларусаў: "Для тых, хто застанецца, у мяне адна вялiкая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабiлi i не дарабiлi яе сыны лепшыя. I cпадзявацца, што ўсе мы - i тыя, што былi,i тыя, што будуць, i тыя, што ёсць, - усе мы вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гiсторыi, вечныя ў беларускай зямлi, у беларускiм слове" .

Ларыса Рагачова, Вiцебск. На фота: 1. Удзельнікі вечарыны.


Памёр Юры Хадыка

Прафесара, палітыка, выбітнага дзеяча беларускага руху, актыўнага сябра ТБМ Юрыя Хадыкі не стала раніцай 11 верасня. Апошнія гады ён жыў у сям'і малодшага сына ў Злучаных Штатах Амерыкі. Было яму 78 год.

Партыя БНФ, ГА ТБМ імя Ф. Скарыны глыбока смуткуюць з прычыны смерці аднаго з пачынальнікаў сучаснага нацыянальна-дэмакратычнага руху і выбітнага адраджэнца, ды выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім.

- Юрась Віктаравіч адыграў значную ролю ў адраджэнні беларускай палітычнай традыцыі, быў адным з пачынальнікаў Фронту, шматгадовым намеснікам старшыні нашай партыі, арганізатарам шматлікіх фронтаўскіх акцыяў. Адыйшоўшы ад актыўнай палітычнай дзейнасці ён правёў апошнія гады жыцця ў асяроддзі сям'і. Але пры гэтым ён заўжды адгукаўся на прапановы і даваў парады па пытаннях, з якімі да яго звярталася сённяшняе кіраўніцтва нашай партыі. Мы глыбока смуткуем з прычыны сыходу з жыцця выбітнага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту Юрася Віктаравіча Хадыкі. Гэта вялікая страта для мяне асабіста і для кожнага, каму давялося ведаць спадара Юрыя Хадыку і быць ягоным паплечнікам, - сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Палітык і мовазнавец Вінцук Вячорка , калі быў старшынём Партыі БНФ, працаваў разам з Юрыем Хадыкам, які займаў пасаду намесніка кіраўніка партыі ад 1989 да 2007 года. Вінцук Вячорка ўзгадвае, што ў савецкія часы дэмакратычная моладзь наведвала лекцыі Хадыкі пра хрысціянскую культуру і старабеларускае мастацтва:

- У глухія савецкія часы нас, студэнтаў-майстроўцаў, уразіла чутка, што ў Акадэміі навук фізік (!) Юры Хадыка чытае лекцыі пра хрысціянскую культуру Еўропы і пра старабеларускае мастацтва. Гэта былі незабыўныя глыткі свежага паветра - калі сапраўдныя, а не дзьмутыя эстэтычныя вяршыні сцвярджаліся дакладнай аргументацыяй.

І ў палітыцы Юры Віктаравіч прапаноўваў рашэнне з уласцівай фізіку дакладнасцю, добрасумленна выслухоўваючы доказы апанентаў і добразычліва аргументуючы. Ягоным усячасным прынцыпам было "хто не вораг, той можа стаць саюзнікам", ён быў маторам кааліцыйных паразуменняў дэмакратычных сілаў, бо па-навуковаму разумеў: скансалідаваную дыктатуру адолець можна толькі разам.

Пры гэтым Юры Віктаравіч меў цвёрдую і маральную беларускую пазіцыю і гатовы быў за яе ахвяраваць сабою, як гэта было падчас галадоўкі 1996 года, калі яго, арганізатара акцыі пратэсту супраць знішчэння незалежнасці Беларусі, кінулі ў вязніцу. Некалі на будынку Інстытута фізікі Акадэміі навук, дзе быў Хадыкаў кабінет, ператвораны з канца 1980-х у фронтаўскае выдавецтва і ў сядзібу БНФ, з'явіцца памятны знак. Спачуваю сынам. Светлая памяць аднаму з тытанаў новага Беларускага Адраджэння.

Алесь Бяляцкі ўзгадвае пра Юрася Хадыку:

- Сэсэсэраўская гаргара перабудове не падлягала.

З занядбалых руінаў і зарослых пустазеллем беларускіх падмуркаў мы жадалі адрадзіць незалежную і дэмакратычную, нашую «залатую Беларусь»…

Тады яму было столькі гадоў, колькі цяпер мне, - 50, а мне, адпаведна, на 25 гадоў меней. Вось такая ў нас розніца ў часе, у чвэрць стагоддзя, у адно пакаленне.

Прачытаў у «Нашай Ніве» віншаванне з 75-гадовым юбілеем Юрыя Хадыкі. Я ведаў яго даўно, чвэрць стагоддзя, з 1988 года - па супольнай працы ў арганізацыйным камітэце Беларускага Народнага Фронту.

Навукоўцы-фізікі ў СССР вылучаліся вальнадумствам. Даволі згадаць акадэміка, бацьку савецкай вадароднай бомбы Андрэя Сахарава, які неўзабаве стаў адным з самых паслядоўных і цвёрдых дысідэнтаў у Савецкім Саюзе. Партыйныя бонзы пэўны час праз пальцы глядзелі на крытыку савецкай сістэмы навукоўцамі-фізікамі, бо важнейшай для іх была ядзерная дубіна, якую яны трымалі дзякуючы гэтым «летуценнікам».

Фізік Юры Хадыка спрыяў стварэнню балістычных ракет, якія ўздымалі ў космас спадарожнікі і з гэткай жа лёгкасцю маглі пераносіць ядзерныя зарады ў любую кропку зямной кулі. Таму Юрыю Хадыку таксама дазвалялі маленькія, бо Менск усё ж не Масква, вольнасці. Яму з групаю аднадумцаў ласкава дазволілі стварыць у Акадэміі Навук музей старажытнага беларускага мастацтва...

Вечная памяць Змагару за Беларусь!


Горад, які памятае Караткевіча

Такія розныя адценні Дня беларускага пісьменства

У мінулую нядзелю культурная прастора нашай краіны ўзбагацілася дзвюмя слаўнымі падзеямі: адкрыццём помніка знакамітым ураджэнцам Менска - кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу і паэту Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Другая яскравая падзея - традыцыйны Дзень беларускага пісьменства, які адбыўся ў старажытным Рагачове, што раскінуўся на месцы (на рагу) упадзення Друі ў Дняпро.

Гэтае свята было прысвечана будучай выдатнай падзеі - святкаванню 500-годдзя беларускага кнігадруку, юбілейным датам класікаў беларускай літаратуры: Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Івана Мелажа, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы.

Па традыцыі свята беларускага пісьментсва стала нагодай для шматлікіх прэзентацый, напрыклад кнігі А. Цітова "Шляхамі Францыска Скарыны", культурна-асветнымі заняткамі для дзетак "Пазітыў ад Скарыны", прадстаўленне рэспубліканскіх і мясцовых друкаваных выданняў, літарататурых твораў пісьменнікаў і паэтаў, у асноўным тых, якія ўваходзяць ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Адбылося ўрачыстае адкрыццё выдатнага па сваёй задуме Дома кнігі імя У. Караткевіча, які доўгі час жыў і працаваў у Рагачове ў хаце свайго дзядзькі. Цяпер гэты куток пазначаны помнічкам, а вуліца, на якім знаходзіцца гэты дом, носіць імя пісьменніка.

Не дзіва, што гэтае рэспубліканскае свята выклікала вялікую цікаўнасць у гараджан, якія хлебам-соллю сустракалі гасцей, наведвалі традыцыйны кірмаш народных промыслаў і рамёстваў. Як паказалі назіранні, беларускай мовы на вуліцах Рагачова ад яго жыхароў было на шмат больш, чым ў гасцей - прадстаўнікоў СПБ, артыстаў так званай беларускай эстрады і шматлікіх чыноўнікаў, чым тыя выклікалі непаразуменне дзяцей, якіх з галоўнай сцэны Дня беларускага пісьменства пастаянна заклікалі шанаваць роднае слова.

А вось вядомыя рагачоўскія прадпрыемствы выкарыстоўвалі гэтую цікаўнасць да беларускага друку ў камерцыйных мэтах - рэкламавалі і рэалізоўвалі сваю прадукцыю. Гэты факт сведчыць, што беларускае друкаванае слова шукае шляхі да манетэрызацыі свайго патэнцыялу, хоць пра яго не здагадваюцца яшчэ многія, у тым ліку і ў Рагачове. Але прыйдзе час, калі прамыславікі і прадпрымальнікі зразумеюць, што беларускае слова ў рэкламе, на таварах будзе сведчыць пра іх якасць і гонар за сваю справу.

Анатоль Мяльгуй, Рагачоў.


На Дзень пісьменства ў Рагачоў

4 верасня магілёўскія сябры ТБМ імя Францішка Скарыны ўжо ў дзясяты раз завіталі на Дзень беларускага пісьменства, які ў гэтым годзе праходзіў у Гомельскай вобласці, у невялікім горадзе Рагачове. А па дарозе наведалі некалькі цікавых мясцін. Спачатку вёску Сідаравічы, дзе пабачылі царкву 1861 г., дакладней тое, што ад яе засталося. І крыху засумавалі, бо яна развальваецца літаральна па цаглінках. Відавочна, у руінах ёсць свая прыгажосць, але хрусткія пад нагамі рэшткі велізарнай фрэскі, якая калісьці ўпрыгожвала купал, перакрэсліваюць увесь рамантычны настрой. Далей на нашым шляху паўстала Грудзінаўка і палацава-паркавы ансамбль Талстых 19 ст., які таксама паціху прыходзіць у занядбанне. Аб былой велічы яшчэ напамінаюць тоўстыя, амаль не кранутыя часам сцены, ганак з каланадай, аўтэнтычная плітка, з балкона адкрываецца від на парослы англійскі парк і даўно няспраўны фантан, а непадалёк вецер гайдае хвалі невялічкага стаўка... Вось бы апынуцца тут у часы росквіту, калі жыццё біла крыніцай...

Аднак доўга марыць не давялося, бо нас чакаў Рагачоў, куды мы паспелі якраз да самага пачатку святкавання. Мерапрыемствы былі арганізаваныя на розны густ - некалькі сцэнічных пляцовак, шмат праектаў і выстаў. Адно толькі здзіўляла - у кантраст з беларускамоўнай назвай свята і яго мэтамі адусюль чутна была толькі руская мова, вядоўцы размаўлялі па-руску, па акрузе разносіліся рускамоўныя песні. Мабыць гэта і дапамагала развіццю беларускай культуры, толькі нам вельмі цяжка было зразумець, як...

Удосталь нагуляўшыся па городзе, мы вырашылі аддаць даніну памяці вялікаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, які хоць і не нарадзіўся тут, але ж менавіта гэтыя мясціны натхнілі яго на стварэнне самых выбітных твораў - сярод іх "Каласы пад сярпом тваім", "Сівая легенда", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" ды іншыя. І пачалі з амаль самага старога месца Рагачова - Замкавай гары. Гэтая гара і падзеі, звязаныя з ёй, апісваюцца ў аповесці "Ладдзя роспачы". Цяжка ўявіць, што яшчэ на пачатку 20 ст. тут стаяў сапраўдны замак, але ж рэчаіснасць абышлася з ім неміласэрна, і зараз тут толькі памятны камень.

Немагчыма пабыць у Рагачове і не падысці да хаты па вуліцы імя У. Караткевіча. Гэтую хату ў 1914 годзе збудаваў дзед пісьменніка Васіль Грынкевіч, і сам Уладзімір тут вельмі часта бываў і любіў працаваць. Зараз тут жыве яго стрыечны брат з сям'ёй, таму трапіць унутр, каб паглядзець пакой, дзе жыў і ствараў Караткевіч, вельмі цяжка. Але нам пашанцавала, і мы змаглі не толькі зайсці, а яшчэ і нават прысесці за стол, за якім ствараліся знакамітыя мастацкія творы. Пакой гаспадары захоўваюць некранутым, таму гэта амаль што гатовы музей. Нажаль, дом не ў вельмі добрым стане, а ў мясцовых уладаў пры падрыхтоўцы да Дня пісьменства не знайшлося грошай не тое што, каб прывесці яго ў належны выгляд, а нават пакласці хаця б асфальт, бо пад'ехаць да хаты можна толькі ў сухое надвор'е. Тут варта запытацца, каго, калі не Караткевіча, патрэбна было ўшаноўваць, бо складана ўзгадаць яшчэ якого-небудзь пісменніка, які прысвяціў больш твораў Рагачоўскай зямлі.

Яшчэ адна мясціна, куды мы проста не маглі не заехаць - вёска Азярышча, яна і яе наваколле звязана са стварэннем рамана "Каласы пад сярпом тваім". Усе памятаюць гэтыя радкі: "Груша цвiла апошнi год. Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным беларужовым цветам. ... Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi....." Менавіта такім і паўстаў перад намі Дняпро. Гледзячы з берага на маляўнічы пейзаж, на прыгожы выгін ракі, зялёныя палі і лясы, на парывістыя хвалі, бераг, што паступова разбураецца, пачынаеш разумець класіка беларускай літаратуры. Душа тут вырываецца з грудзей і ляціць, дыхаць становіцца лягчэй, тут хочацца застацца назаўсёды, сядзець і назіраць... Час быццам бы спыняецца, эмоцыі перапаўняюць, і ўзнікае патрэба іх вызваліць, выразіць на паперы... Эх, пара дадому, бо рэальны час спыняцца не жадае і сонца няўхільна рухаецца да заходу, але ж забыць гэты краявід, здаецца, не атрымаецца ніколі, і думкі кожны раз будуць імкнуцца туды, на прастор, каб вечна плыць па дняпроўскіх хвалях свабоды.

І апошнім нашым прыпынкам у мясцінах Караткевіча былі легендарныя Кісцяні. У гэтым месцы на беразе Дняпра захаваўся прыгожы парк, старажытныя надмагіллі і парэшткі млына.

З пачуццём выкананага абавязку мы вярталіся дамоў, спяваючы на памяць і па спеўніку знаёмыя беларускія песні.

Яўгенія Хмуровіч, Магілёў.


Германская служба акадэмічных абменаў: Стыпендыі для маладых архітэктараў

Навіны Германіі

Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD) прапануе стыпендыі выпускнікам вышэйшых навучальных устаноў для паслядыпломнага навучання ў Германіі па наступных спецыяльнасцях:

- архітэктура;

- архітэктура ўнутраных памяшканняў;

- рэстаўрацыя;

- гарадское планаванне і горадабудаўніцтва;

- ландшафтная архітэктура і планаванне.

Памер штомесячнай стыпендыі - 750 еўра. Стыпендыятам таксама пакрываецца вандроўка, праходжанне 6-месячнага моўнага курсу, здача моўнага тэсту TestDаF.

Прадугледжана аднаразовая грашовая падтрымка: на набыццё дапаможнікаў, аплаты пражывання, частковае пакрыццё коштку навучання (пры неабходнасці).

Спіс неабходных дакументаў:

- заяўка;

- CV;

- матывацыйны ліст;

- дыплом і спіс адзнак;

- партфоліа.

Дэдлайн - 31 кастрычніка 2016 года.

Крыніца: Adukacyja.info.

АДБ "Брусель".


Інстытут імя Гётэ ў Менску запрашае на выставу постэраў пра нямецкія вынаходствы

Інстытут імя Гётэ ў Менску запрашае на выставу постэраў "Краіна вынаходнікаў - Германія".

Выстава постэраў на нямецкай мове прысвечана прыродазнаўчым вынаходствам з Германіі, якія "ўскалыхнулі свет".

Новая выстава плакатаў Інстытута імя Гётэ дае магчымасць пазнаёміцца з гістарычнымі адкрыццямі і зазірнуць у будучыню. Тэмы экспазіцыі: інфарматыка, энергія, мабільнасць, камунікацыя, медыцына, оптыка і сыравіна. Дапаўненнем да выставы плакатаў служыць вэбсайт "Erfinderland" з гульнямі, фільмамі і матэрыяламі для заняткаў нямецкай мовай, а таксама інфармацыя пра вучобу і навуковыя даследаванні ў Германіі.

Выстава працуе з 9 да 18 гадзін па 20 снежня 2016 года па адрасе: вул. Веры Харужай, 25/3, 4 паверх, Інстытут імя Гётэ ў Менску. Уваход вольны.

Даведкі па тэл.: (017) 237 71 19, праз электронную скрыню: Nelly.Golenischtschewa-Kutusowa Minsk.goethe.org.

АДБ "Брусель".


Фестываль кнігі і прэсы ў Лідзе

15 верасня ў Лідзе перад Цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы пройдзе фестываль "Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова". З 11.00 да 13.00 удзельнікам будзе прадстаўлена самая розная праграма, у тым ліку можна будзе набыць рэдкія і цікавыя кнігі. У 14.00 адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Міхася Скоблы "Саркафагі страху". Уваход вольны і пажаданы.


Да ведама сяброў ТБМ

Падпісана дамова на арэнду памяшкання сядзібы ТБМ па адрасе: г. Менск, вул. Румянцава, 13 на наступныя тры гады. Можна спакойна працаваць.


Кніга вершаў беларускіх паэтаў, прысвечана Слонімшчыне

Слонімшчыне пашанцавала. Пра яе заўсёды пісалі і пішуць беларускія паэты. Ёй прысвячаюць вершы, паэмы, балады, у творах адлюстроўваюць гісторыю Слонімскай зямлі, апяваюць знакамітых слонімцаў, помнікі, падзеі. Прыйшоў час сабраць пад адну вокладку лепшае з напісанага. Так атрымалася паэтычная кніга з назвай "Слонімскія настроі", якую падрыхтаваў і напісаў да яе прадмову і выдаў слонімскі літаратар Сяргей Чыгрын. Кніга пабачыла свет у менскім выдавецтве "Кнігазбор". У кнігу ўвайшлі лепшыя паэтычныя творы беларускіх аўтараў, напісаныя ў розны час і прысвечаныя Слонімшчыне: гораду, вёскам, рэкам, помнікам, людзям Слонімскай зямлі. Гэта вершы Алега Лойкі, Міколы Арочкі, Ларысы Геніюш, Анатоля Іверса, Сяргея Новіка-Пеюна, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Сучка, Віктара Шымука, Алеся Пісьмянкова, Васіля Супруна, Эдзі Агняцвет, а таксама вершы тых паэтаў, якія сёння жывуць у розных гарадах Беларусі: Міколы Аўрамчыка, Дануты Бічэль, Юркі Голуба, Міхася Скоблы, Сяргея Панізьніка, Алеся Чобата, Леаніда Дранько-Майсюка, Алены Руцкай, Алы Петрушкевіч, Андрэя Хадановіча, Віктара Шніпа, Міколы Канановіча і многіх іншых паэтаў. Кніга цікавая яшчэ і тым, што амаль да кожнага верша Сяргей Чыгрын напісаў каментар, зрабіў сваеасаблівую гістарычна-краязнаўчую даведку, каб чытачы зразумелі, каму і чаму прысвечаны той ці іншы верш.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на чацвёрты квартал 2016 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 78. Цана не змянілася. У 2016 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Ранейшае Наваградскае ваяводства

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Войцех Вялёндка ў "Геральдыцы ці апісанні гербаў", выдадзенай у 1792 г., падаў наступны спіс урадоўцаў Наваградскага павета:

Падкаморы Адам Вайніловіч.

Стараста Міхал Несялоўскі , ваявода.

Харунжы Міхал Вайніловіч .

Суддзя земскі Феліцыян Данэйка .

Суддзя земскі Францішак Яблонскі.

Суддзя земскі Міхал Бярновіч.

Войскі Казімір Яблонскі.

Стольнік Міхал Гінтар .

Падстолі Адам Вярэўскі.

Падваявода судовы Юзаф Абуховіч .

Суддзя гродскі Антон Туханоўскі .

Суддзя гродскі Яўхім Кміта.

Пісар гродскі Адам Вярнеўскі.

Падчашы Вінцэнт Райкевіч.

Чашнік Юзаф Корбут .

Гараднічы Юзаф Каневіч.

Скарбнік Дыянізі Раецкі.

Лоўчы Стэфан Верашчака .

Мечнік Ежы Гардына .

Канюшы Францішак Пратасовіч.

Абозны Антон Корсак .

Стражнік Юзаф Яблонскі.

Крайчы Францішак Пласкоўскі.

Будаўнічы Марціян Хмялеўскі.

Мастаўнічы Францішак Равінскі .

Крайчы Якуб Чачот .

Рэгент земскі Юзаф Трацінскі .

Рэгент гродскі Каэтан Абуховіч.

Рэгент гродскі Леан Гадачэўскі.

Чатырохгадовы сойм 1791 г. падзяліў вялікі Наваградскі павет на два:

Наваградскі, у склад якога увайшлі парафіі: Наваградская, Уселюбская, Нягнявіцкая, Сенненская, Гарадейская, Варанчанская, Стараельнінская, Сталовіцкая, Мышская, Дараўская, Ішкальдзьская, Крошынская, Мірская, Мікалаеўская, Паланецкая, Свержанская, Сноўская, Стаятыцкая, Задзвейская, Нясвіжская і Крывошынская.

Слуцкі, у склад якога увайшлі парафіі: Глуская, Слуцкая, Капыльская, Цімкавіцкая, Клецкая, Ляхавіцкая, Нядзеведская. Соймікі ў тым павеце мелі быць у Слуцку, у парафіяльным касцёле і так сама павінны былі абіраць двух паслоў на сойм.

На тым жа сойме былі створаны цывільна-вайсковыя камісіі: у Наваградку для паветаў Наваградскага і Слуцкага, у Слоніме для Слонімскага і ў Ваўкавыску для Ваўкавыскага.

Аднак расійская акупацыя перашкодзіла поўнаму выкананню ўсіх планаў, у тым ліку і стварэнню Слуцкага павета. Генерал-маёр Кнорынг у сваім універсале аб арганізацыі судоў у акупаваным краі, выдадзеным 21 красавіка 1793 г. наказаў адначасова перайсці на стары каляндар, ён пісаў: "Што да Слуцкага павета, паколькі ў ім ніколі не было павятовых управаў, таму жыхары гэтага павета і надалей будуць жыць у Наваградскім ваяводстве, далучаным да Расійскай імперыі, але для выбараў упраў і стварэння судовых устаноў павінны сабрацца на сойміку ў Слуцку. З гэтай мэтай, гэтым універсалам, прызываю маршалка Бяршовіча, кавалера ордэна Св. Станіслава, у Нясвіж для падрыхтоўкі сойміка". Слуцкі павет хутка стаў часткай новаўтворанай Менскай губерні. 14 красавіка 1794 г. у слуцкім гродскім судзе лічыліся старшыня Пётр Строўскі (?), Юзаф Трацінскі і Рох Сіпайла - гродскія суддзі 45.

З 1794 г. Случарэцкі павет (ранейшая назва - Л.Л. ) пачалі называць Слуцкім. Імянным указам ад 3 траўня 1795 г., выдадзеным генерал-губернатарам Туталміным, было ўтворана Менскае намесніцтва, у склад якога увайшлі наступныя паветы (у гэтым указе яны названыя акругамі): Менскі, Вілейскі, Пастаўскі, Докшыцкі, Дзісненскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Бабруйскі, Мазырскі, Давыд-Гарадоцкі, Пінскі, Нясвіжскі і Слуцкі. Іншым указам ад 8 жніўня 1796 г., выдадзеным генерал-губернатарам князям Рапніным, былі створаны два намесніцтвы: Віленскае і Слонімскае, пры чым у склад Слонімскага намесніцтва ўвайшлі паветы: Слонімскі, Наваградскі, Гарадзенскі, Ваўкавыскі, Лідскі, Берасцейскі, Кобрынскі і Пружанскі. 12 снежня 1796 г. Віленскае і Слонімскае намесніцтвы аб'яднаны ў адзіную Літоўскую губерню, а 9 верасня 1801 г. гэтая губерня падзелена на Віленскую і Гарадзенскую. З 1 ліпеня 1843 г. на царскім указе Наваградскі павет далучаны да Менскай губерні. Слонімскі і Ваўкавыскі павет з 1801 г. уваходзілі ў склад Літоўска-Гарадзенскай губерні, якая потым звалася проста Гарадзенская.

V.

Самае старое апісанне межаў Слонімскага павета захавалася ў лісце караля Жыгімонта Аўгуста ад 30 красавіка 1565 г. Згодна з гэтым дакументам тыя межы "пачыналіся на поўнач ад вусця ракі Зельвы ў Нёмана і ішлі ўверх супраць яе цячэння, потым ракой Ражанкай, потым па дарозе, якая ішла на Бярозу, адкуль праз раку Ясельду да возера Спораўскага. Ад возера да пачатку ракі Палонкі і далей рэчышчам ракі Моўчадзі ажно да яе вусця ў Нёмане, вусцем Нёмана праходзім да першай кропкі - да ўпадзення Зельвы ў Нёман" 46. У апісанні межаў паветаў ВКЛ ад 1566 г. пра Слонімскі павет пазначана, што мяжуе з паветамі Гарадзенскім, Ваўкавыскім, Наваградскім, Пінскім і Берасцейскім 47.

Пра мяжу з Гарадзенскім паветам ведам з таго ж апісання, бегла яна па Воўпе да Нёмана вышэй Лунна, потым да вусця ракі Зельвы, потым уверх па Зельве, потым вышэй Мастоў да Нёмана і Нёманам уверх да ракі Тур'і, якая ўпадае з другога боку Нёмана. Па Тур'і уверх да дарогі з Наваградка да Гародні 48. На карце Rizzi Zannoni 1772 г. мяжа Слонімскага павета супадае з апісаннем межаў 1566 г.: ад Бярозы на мяжы Берасцейскага ваяводства да вытокаў ракі Зельвы і ўздоўж Зельвы да вусця з Нёманам. Нёманам уверх да вусця ракі Тур'і каля Ражанкі, а потым на поўдні ад Жалудка да Нёмана і ўверх па Нёмане да вусця ракі Моўчадзі. Па Моўчадзі ўверх і ад яе пачатку да Шчары насупраць Быценя, потым на поўдні да мяжы Берасцейскага ваяводства. Згодна з гэтай картай Дзятлава знаходзілася ў Слонімскім павеце, у тым жа павеце і Масты.

Што датычна Мастоў, дык на карце Rizzi Zannoni яны пазначана на левым беразе Тур'і хоць рэальна, яны знаходзяцца далёка ад правага берага гэтай ракі. Адсюль пайшлі памылкі і на больш пазнейшых іншых картах (напрыклад Глогера). Ад даўніх часоў Масты былі часткай Гарадзенскай эканоміі і ўваходзілі ў Гарадзенскі павет. Частка мастоўскіх абшараў знаходзіцца на левым беразе Нёмана насупраць Мастоў, паміж вусцямі Шчары і Зельвы. Таму картографы, не разумеючы апісанне межаў 1566 г. перасунулі межы Слонімскага павета ў ваколіцы Мастоў - на правы бераг Нёмана.

(Заканчэнне ў наступным нумары)

(Пераклад Леаніда Лаўрэша)

Міхал Шымялевіч

45 Сборник докум. Импер. Екатерины II, Вильно (1903.). 135.

46 M. Balinski. Starozytna Polska. III. 679.

47 Рос. Истор. Библ. Т. ХХХ. 886.

48 Ibid.


Свята беларускай вайсковай славы пад Лідай

На аграсядзібе "Гасціна" пад Лідай прайшоў фэст патрыятычнай беларускай песні. Такім чынам лідзяне і госці фестывалю адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы. Па словах паэта Міхася Скоблы, фэст пад Лідаю стаў добрай альтэрнатывай аналагічнаму фестывалю на Крапівенcкім полі, правядзенню якога сёлета зноў перашкодзілі ўлады.

- Перааралі тое поле Крапівенскае, перакапалі ўсе пад'езды, але заараць беларускую памяць нікому не ўдасца. У адказ на тое, што поле ўлада зрабіла недаступным, хай гэтыя Дні беларускай вайсковай славы адзначаюцца вось так, па ўсёй Беларусі, хай яны размнажаюцца, хай беларускі вольны дух лунае ў дзясятках і сотнях вось такіх сімвалічных Крапівенскіх палёў.

А пачаўся фэст з самага старажытнага беларускага ваярскага гімну "Багародзіца", гімну, які гучаў на Грунвальдскім полі ў 1410 г. і на Крапівенскім полі ў 1514 г., гімну, які не забылі, дзякуючы таму, што ён быў надрукаваны на старабеларускай мове ў шмат якіх выданнях, ад Статута Яна Ласкага з 1506 года пачынаючы. Гімн слухалі стоячы.

Пасля вітальнага слова Станіслава Судніка першым на сцэну выйшаў дзіцячы гурт "Гасціна", які пад кіраўніцтвам Сержука Чарняка выканаў некалькі вядомых песень.

І наступіла чарга бардаў і паэтаў. З гістарычнай песні пра Аршанскую перамогу распачаў свой выступ Андрэй Мельнікаў, які ніколі не прапускае свята 8 верасня і, што б там ні было, едзе ці на тое зааранае Крапівенскае поле, ці на новае кожны год.

З цудоўнымі вершамі выступіў ці не найлепшы на сёння паэт Беларусі Міхась Скобла, які па ходу выступу падарыў сваю новую кнігу "Саркафагі страху" Станіславу Судніку.

І нечаканка фэсту. Без плану і цырымоній завітаў на фэст сам Зміцер Вайцюшкевіч. Мабыць згукі свята дабеглі да Вайцюшкоў, да якіх не так і далёка, як па Дзітве і Нёману то кіламетраў з 10, ну, можа, з гакам. А гак - самая дакладная мера даўжыні ў Беларусі.

А далей вершы Зміцера Захарэвіча, які гэтым разам быў без гітары, і песні лідскага барда Алеся Мацкевіча. Тут таксама не абышлося без нечаканкі. Раптам у адной з песень прагучала назва газеты "Наша слова". Пра "Наша слова", здаецца, яшчэ не спявалі, і таму мы проста мусілі папрасіць у аўтара тэкст, каб апублікаваць. Бо ўжо калі пра "Наша слова" пачынаюць спяваць, то хаваць яго рана і можна не плакаць з нагоды малой падпіскі. Дарэчы, падчас фэсту была арганізавана падпіска на "Наша слова", і некалькі чалавек падпісаліся такі.

Акрамя падпіскі на "Наша слова" была арганізавана выстава твораў бярозаўскіх мастакоў, у т.л. жывапісных партрэтаў Яўгена Лукашэвіча, а таксама выстава вопраткі і аксесуараў работы лідскага майстра Наталлі Красновай. Каму не хапіла часу набыць вышыванку раней, той мог зрабіць гэта цяпер.

Гасцінны гаспадар Віталь Карабач па беларускаму звычаю вырашыў яшчэ усіх і пачаставаць. Галоўнай стравай стала верашчака, адносна якой можна было пачуць цэлую лекцыю пра тое, чым яна адрозніваецца ад мачанкі, хаця па сутнасці нічым не павінна адрознівацца, проста ў залежнасці ад кампанентаў можна прыгатаваць не адзін гатунак той самай верашчакі ці мачанкі. Была і юшка, і дранікі, і кумпяк. А гаспадар раз за разам кіраваўся да склепа, каб паднесці гурочкаў ці капусты.

Тым часам канцэрт не заканчваўся. З шыкарнай кампазіцыяй на вершы Станіслава Судніка выступіў Алег Лазоўскі. Новыя і любімыя ўсімі даўнія свае песні выконваў Зміцер Бартосік, які меўся завяршаць фэст, але на сцэну падняўся гурт Bar Akaryna, і канцэрт атрымаў новае дыханне.

Вядовец імпрэзы Сяржук Чарняк, які ўвесь час быў "у засадзе", нарэшце таксама выбраў момант і паспеў адспяваць некалькі песень, а завяршала канцэрт "Пагоня" ў выкананні Ўладзіміра Мулявіна і агульная песня, для якой на сцэну падняліся ўсе, хто дабыў да канца пяцігадзіннага канцэрту.

Трэба дадаць, што арганізатарам фэсту выступала Ёдкаўская суполка ТБМ Лідскай арганізацыі, аргкамітэт узначальваў старшыня суполкі Валер Мінец.

Такога фэсту на Лідчыне не было гадоў 20, але да наступнага чакаць так доўга ніхто не збіраецца.

Яраслаў Грынкевіч.


Развагі

(акорды С Аm F G)


Заўтра будзе сонца - будзем спяваць,

Заўтра будзе сонца - будзем спяваць,

А хтосьці на жыццё са смерцю,

А хтосьці на жыццё са смерцю

Будзе гуляць, будзе гуляць.


Хтосьці гуляе ў каханне, хтосьці ў вайну.

Хтосьці гуляе ў каханне, хтосьці ў вайну.

А хтосьці з космасу глядзіць,

А хтосьці з космасу ляціць

Да нас на зямлю, да нас на зямлю.


Ён там гадамі сядзеў у касмічнай карчме,

Ён там гадамі сядзеў у касмічнай карчме,

А тут ён будзе сядзець на троне,

А тут ён будзе сядзець на троне,

А можа ў турме, а ў Беларусі ў турме.


А ты субірай ураджай,

А ты ўраджай субірай сваіх учынкаў.

Быў справядлівы - вырасце дабро,

А быў злыднем сляпым - будзе зло, будзе зло.


Хтосьці верыць у Алаха, хтосьці - ў Хрыста,

Хтосьці верыць у Алаха, хтосьці - ў Хрыста,

А хтосьці сядзіць на гранаце,

А хтосьці сядзіць на гранаце

І лічыць да ста, і лічыць да ста.


Хтосьці слухае Цімаці, хтосьці Кіно,

Хтосьці слухае Саладуху, хтосьці Кіно,

А хтосьці дапіў у пад'ездзе,

А хтосьці дапіў у пад'ездзе

Чужое віно, чужое віно.


Хтось чытае Быкава, хтосьці СБ,

Хтосьці чытае "Наша слова", хтосьці СБ,

Хтосьці глядзіць праўдзе ў вочы,

Хтосьці глядзіць праўдзе ў вочы,

А хтосьці сумленна глядзіць БТ,

А хтосьці сумленна глядзіць БТ.


А ты субірай ураджай,

А ты ўраджай субірай сваіх учынкаў.

Быў справядлівы - вырасце дабро,

А быў злыднем сляпым - будзе зло, будзе зло.


Злыя чыноўнікі сталі крыху дабрэй,

Злыя чыноўнікі сталі крыху дабрэй,

Проста на іх замежных аўшорах,

Проста на іх замежных рахунках

Стала больш нулёў,

Стала больш нулёў.


Поўніцца жыццё разнастайнымі фарбамі,

Чорна-белымі і каляровымі.

І хтосьці нават гатовы аддаць

За каханне жыццё, за краіну жыццё.


Жыццё, сяброўства, любоў

Не змераць нічым і ніяк, ніяк і нічым.

А мы нават можам лётаць

Але толькі ў снах, але ж толькі ў снах.


А ты субірай ураджай,

А ты ўраджай субірай сваіх учынкаў.

Быў справядлівы - вырасце дабро,

А быў злыднем сляпым - будзе зло, будзе зло.

Алесь М.


Свята беларускага пісьменства ў Мінойтах

7 верасня кіраўнікі Лідскай гарадской арганізацыі ГА ТБМ імя Ф. Скарыны паэт Станіслаў Суднік і бард Сяржук Чарняк наведалі Мінойтаўскую СШ. На гэты раз з нагоды Дня пісьменства, які ўжо традыцыйна не замыкаецца на горад, вызначаны дзяржавай для агульнанацыянальнага свята, а рассыпаецца знічкамі беларускасці па ўсёй краіне. Без асаблівай сістэмы, без строгіх праграм беларусы ў пачатку верасня паварочваюцца да беларускага слова, беларускай кнігі, беларускага верша і беларускай песні.

Станіслаў Суднік традыцыйна звярнуўся да гісторыі Мінойтаў, якой у літаратуры проста не існуе, а разам з тым двор Мінойты яшчэ ў 1750 годзе купіў граф Юзаф Антоні Салагуб, слынны ў беларускай гісторыі тым, што ў свой час, пасля першага падзелу Рэчы Пкаспалітай адмовіўся прысягнуць Кацярыне ІІ на сваіх усходніх землях.

Не прайшлі і міма постаці першадрукара Яна Карцана родам з Вялічак, паводле Адама Мальдзіса менавіта тых, якія побач з Мінойтамі, а таксама згадалі і Ежы Путраманта, які едучы з Вільні амаль заўсёды злазіў на станцыі Мінойты і ішоў адсюль у няісную цяпер асаду Банева, дзе жылі яго бацькі. Ежы Путрамант пазней стаў генеральным сакратаром Саюза польскіх пісьменнікаў у Польскай Народнай Рэспубліцы.

Сяржук Чарняк традыцыйна ператварыў сваю частку выступу ў урок спеваў і развучваў з дзецьмі песні "Простыя словы" ды "Тры чарапахі", а таксама выканаў і некалькі лірычных песень.

Мінойты блізка ад Ліды, і вельмі важна, каб яны не аказаліся ў "мёртвай зоне", каб лідскія творцы ў паездках па вёсках не рваліся ўсё далей і далей, а прыпыняліся і ў бліжніх весях і аграградах.

Яраслаў Грынкевіч.


Да ведама чытачоў "Нашага слова"

11 жніўня Лідская акруговая камісія № 55 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты рэдактара газеты "Наша слова" Судніка Станіслава Вацлававіча.

У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Суднік Станіслаў Вацлававіч з 12.08.2016 г. па 11.09.2016 г. знаходзіўся ў адпачынку. З 12.09.2016 г. Станіслаў Суднік знайходзіцца на працы і прыступіў да выканання абавязкаў рэдактара газеты "Наша слова".


Музы Багдановіча і Мулявіна сышліся ў Лідзе

Музы дзвюх вялікіх постацей у беларускай культуры сустрэліся, сышліся 8 верасня ў фае Палаца культуры горада Ліды: тут адбыўся літаратурна-музычны вечар "Дзе Музы сышліся…", прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння нязгаснай зоркі беларускай літаратуры Максіма Багдановіча і 75-годдзя з дня нараджэння заснавальніка легендарных "Песняроў" Уладзіміра Мулявіна. Незабыўны вечар быў арганізаваны аматарскім аб'яднаннем аўтараў, кампазітараў і выканаўцаў песень "Муз-Альянс".

- Два вялікія імені ў праграме мерапрыемства мы аб'ядналі не выпадкова, - адзначае кіраўнік аб'яднання Рэгіна Снітко. - Уладзімір Мулявін быў вельмі захоплены творчасцю Максіма Багдановіча і запісаў канцэртную праграму "Вянок Багдановічу" ў выкананні свайго ансамбля. Так, Багдановіч і Мулявін жылі ў розныя эпохі, але іх аб'ядноўвала любоў да Беларусі, да беларускага слова. Абодва класікі сваёй творчасцю вучаць нас шанаваць родную зямлю, мову і культуру, далучаюць да скарбаў беларускага слова.

У ходзе літаратурна-музычнага вечара ў фае Палаца культуры дэманстраваліся тэматычныя слайды, дзейнічала адпаведная выстаўка кніг, кожны ахвотны мог пагартаць альбом з малюнкамі навучэнцаў Лідскай дзіцячай мастацкай школы, прысвечанымі Максіму Багдановічу і яго творчасці.

Як адзначыла вядоўца мерапрыемства, Багдановіч сярод беларускіх паэтаў свайго часу вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, літаратурны талент яго быў шматгранны: паэт, празаік, крытык, публіцыст, перакладчык, гісторык літаратуры. Такога чалавека можна назваць гонарам і сумленнем нацыі, а яго бессмяротныя творы - узорам грамадзянскасці, патрыятызму, самаадданага служэння Бацькаўшчыне. Па волі лёсу паэт жыў далёка ад Радзімы, але гэтая акалічнасць не перашкаджала яму чэрпаць натхненне з крыніц мудрасці беларускага народа.

Пра вялікую значнасць постаці Максіма Багдановіча ў беларускай літаратуры і ўвогуле ў беларускай культуры гавораць хаця б наступныя факты, прыведзеныя вядоўцай імпрэзы: у праекце "100 беларускіх кніг XX стагоддзя" зборнік вершаў Багдановіча "Вянок" быў выбраны лепшай кнігай (з вялікім адрывам ад усіх прадстаўленых); выдадзена "Энцыклапедыя Максіма Багдановіча" (сярод прадстаўнікоў беларускай літаратуры, акрамя Багдановіча, асобныя энцыклапедыі прысвечаны толькі Францішку Скарыну і Янку Купалу).

Безумоўна, у той вечар у фае Палаца культуры гучалі песні на вершы зоркі беларускай паэзіі ў выкананні Галіны Піваварчык, Славаміра Шкленніка, Сяргея Чарняка і іншых лідскіх выканаўцаў. Дзякуючы відэазапісам можна было паслухаць пакладзеныя на музыку несмяротныя вершы і ў выкананні легендарных "Песняроў". Дзякуючы работнікам і ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці Палаца культуры (Алегу Лазоўскаму, Ірыне Сільчанка, Інне Альшэўскай, Наталлі Шчалканогавай і іншым) прысутныя паслухалі таксама асобныя кароткія апавяданні Багдановіча.

Кожны, хто наведаў імпрэзу, яшчэ раз упэўніўся ў жанравай разнастайнасці творчасці класіка, багатай палітры, тонкасці і глыбіні перададзеных у яго творах пачуццяў, дакрануўся да скарбаў беларускай культуры, далучыўся да святкавання значных у культурным жыцці ўсёй краіны юбілеяў бягучага года - Года культуры.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX