Папярэдняя старонка: 2017

№ 02 (1309) 


Дадана: 11-01-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 2 (1309), 11 студзеня 2017 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале адбылося такое чаканае павышэнне колькасці падпісчыкаў, якое звычайна бывала з восені. Склаліся многія фактары, і падпіска павялічылася на 175 нумароў. Можна доўга гаварыць пра прыроду гэтых фактараў, але фактам застаецца тое, што яны ёсць і яны не вычарпаны, таму мы можам рэальна змагацца за далейшы рост падпіскі, і гэтае змаганне павінна даць плён.

Кастрычнік Студзень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 16 16

Бяроза р.в. 8 8

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 6 9

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 3 3

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 2 1

Ляхавічы р.в. 1 1

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 7 6

Пружаны р.в. 5 18

Столін р.в. 1 -

Усяго: 56 69

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - -

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 19 19

Віцебск РВПС 2 1

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 9 11

Гарадок р.в. 4 4

Докшыцы р.в. 3 2

Дуброўна р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 19 19

Орша гор. 7 10

Полацк гор. 3 3

Паставы р.в. 10 9

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 5 5

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 97 99

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 2 1

Барысаў гор. 6 6

Вілейка гор. 1 2

Валожын гор. 8 12

Дзяржынск р.в. 7 12

Клецк р.в. - 1

Крупкі р.в. 5 4

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 3 5

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 222 246

Менск РВПС 7 9

Маладзечна гор. 10 12

Мядзель р.в. 5 4

Пухавічы РВПС 3 4

Нясвіж р.в. 6 25

Смалявічы р.в. 2 3

Слуцк гор. 8 9

Салігорск гор. 6 7

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 4 32

Узда р.в. 2 1

Чэрвень р.в. 3 3

Усяго: 312 400

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. - -

Ветка р.в. 2 1

Гомель гор. 21 22

Гомель РВПС - -

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 16 15

Жлобін гор. 2 2

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. - 1

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 1 3

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 1 1

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. 2 2

Усяго: 57 59

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 4

Ваўкавыск гор. 8 8

Воранава р.в. 4 20

Гародня гор. 34 35

Гародня РВПС 16 20

Дзятлава р.в. 13 11

Зэльва р.в. 3 1

Іўе р.в. 3 3

Карэлічы р.в. 3 3

Масты р.в. 4 4

Наваградак гор. 3 3

Астравец р.в. 2 3

Ашмяны р.в. 2 3

Смаргонь гор. 3 4

Слонім гор. 10 17

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 2 2

Ліда 9 49

Усяго: 126 194

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 3 3

Бялынічы р.в. 1 1

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. 1 -

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 33 31

Магілёў РВПС - -

Асіповічы гор. 11 15

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 2 2

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 1 2

Усяго 62 64

Усяго на краіне: 710 885


Да ведама сяброў Рады ТБМ

Паважаныя сябры Рады ТБМ!

У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыяту ТБМ чарговае паседжанне Рады адбудзецца 22 студзеня 2017 г. у сядзібе ТБМ.

Пачатак паседжання - 11.30.

Пачатак рэгістрацыі - 10.00.

Парадак дня Рады ТБМ 22 студзеня 2017 года:

1. Справаздача аб дзейнасці ТБМ за 2016 год.

2. Зацвярджэнне Плану дзейнасці ТБМ на 2017 год.

3. Вызначэнне даты чарговага З'езду ТБМ.

4. Вызначэнне квоты дэлегатаў на З'езд ТБМ.

5. Вызначэнне кандыдатур ад Рады ТБМ на пасаду старшыні і намеснікаў старшыні ТБМ.

6. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.

7. Рознае.

Сакратарыят ТБМ.


80 гадоў - Міхасю Верацілу

Міхаіл Уладзіміравіч ВЕРАЦІЛА (н. 11.01.1937, в. Навасёлкі Ваўкавыскага р-на Гарадзенскай вобл.), беларускі краязнавец, калекцыянер.

З 1955 г. працаваў у вытворчым аб'яднанні "Ваўкавыскцэментнашыфер" (маляр, мастак). Збірае калекцыі па нумізматыцы, філатэліі, у т.л. беларускіх марак, рэдкія кнігадрукі, мясцовы фальклор, вывучае народную медыцыну, выступае з краязнаўчымі нарысамі.

Удзельнічаў у археалагічных экспедыцыях Ін-та гісторыі АН БССР.

Выявіў і абследаваў шэраг старажытных помнікаў на Ваўкавышчыне: могільнік культуры шарападобных амфар, крэмнездабыўныя шахты каля г.п. Краснасельскі, старажытна-славянскае паселішча каля в. Навасёлкі, сярэднявечны могільнік каля в. Мінеўшчына, уніяцкую драўляную царкву на могільніку в. Калантаі і інш. Адрэстаўраваў шматлікія археалагічныя экспанаты для музеяў Менска, Гародні, Ваўкавыска, Гудзевічаў.

Вікіпедыя.


75 гадоў з дня нараджэння Веры Вярбы

Вера ВЯРБА нарадзілася 14 студзеня 1942 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям'і службоўцаў. Сапраўднае імя - Гертруда Сакалова. У 1958 г. скончыла сярэднюю школу ў Менску і паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1964. Працавала пазаштатным карэспандэнтам часопіса "Маладосць" (1964-1969), старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры Кіравання кніжнага гандлю Дзяржкамітэта СМ БССР па друку (1969-1971). З 1972 г. - літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва", з 1977 г. - пазаштатны карэспандэнт часопіса "Работніца і сялянка", з 1980 г. - у часопісе "Беларусь". Член СП СССР з 1964 г., абіралася членам бюро секцыі паэзіі СП БССР. Памерла 15 ліпеня 2012 г.

Верш "Ручнікі", пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў папулярнай песняй.

Вікіпедыя.


Справаздача аб дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў 2016 годзе

У 2016 годзе праведзена наступная работа:

1. 28 лютага адбылося паседжанне-круглы стол, дзе была прэзентавана кніга сябра таварыства Пятра Мігурскага: "Праект стратэгіі развіцця Круглянскга раёна да 2030 года", выдадзеная грамадзянскай ініцыятывай "Падворак".

2. У жніўні-верасні сябар таварыства Рыгор Кастусёў прымаў актыўны ўдзел у якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90. Усе друкаваныя матэрыялы, артыкулы, паведамленні і выступленні ў СМІ Рыгор Кастусёў рабіў выключна па-беларуску.

3. 20 лістапада сябры таварыства адзначылі 115-годдзе з дня нараджэння пісьменніка Міхася Зарэцкага. Была зладжана экскурсія па Зарэчным Шклове, дзе прайшло дзяцінства будучага пісьменніка і нарадзіўся пісьменніцкі псеўданім.

4. У бягучым годзе сябар таварыства Аляксандр Грудзіна выступіў на V раённых краязнаўчых чытаннях імя М.Ф. Ільюшэнкі "Асоба ў гістарычна-культурным развіцці Шклоўскага раёна" з паведамленнем "Аўтар шклоўскага гімну", на раённым семінары настаўнікаў-гісторыкаў з паведамленнем "Зведаў гаротнае жыццё сіраты", на раённым семінар-практыкуме пад назвай "Нематэрыяльная гістарычна-культурная спадчына Шклоўшчыны" з паведамленнем "Эпітафіі на яўрэйскіх помніках (асаблівасці яўрэйскіх могілак Шклова)", у якасці аднаго з вядоўцаў, прыняў удзел у телеперадачы "Шклоў знаёмы і незнаёмы" тэлекампаніі "Магілёў".

5. Праведзены некалькі беларускамоўных экскурсій для турыстычных груп з горадоў Магілёва і Менска

6. Ад імя раённай арганізацыі ТБМ агучаны прывітальныя словы і ўручаны падарункі сябрам ТБМ Уладзіміру Алейнікаву і Пятру Мігурскаму ў сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння.

7. Асобныя матэрыялы сяброў таварыства: Л. Анціпенкі, А. Грудзіны, Р. Кастусёва, П. Мігурскага грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага кірункаў друкаваліся ў газеце ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны" "Наша слова", а таксама ў выданнях: "Настаўніцкая газета", раённай газеце "Ударны фронт", рэгіянальным інтэрнэт-партале www.6tv.by "Магілёўскі рэгіён" і іншых беларускіх інтэрнэт-выданнях.

8. Сабраны і пералічаны фінансавыя ахвяраванні на дзейнасць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

Старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ

А. Грудзіна. На фота: 1. А Грудзіна; 2. П. Мігурскі; 3. 115 год пісьменніку М. Зарэцкаму; 4. Экскурсія на славутую папяровую фабрыку.


Маніфест беларуса

Мы - унікальная і непаўторная нідзе на Зямлі сумесь генаў, культур, моў і народаў

Рух гісторыі - гэта бесперапынны працэс, які разбіваецца на адрэзкі рознай працягласці існаваннем розных дзяржаўных утварэнняў, але гэта не значыць, што паміж гэтымі перыядамі разрываецца і сувязь чалавечых пакаленняў. З часоў масавага перасялення славянскіх плямёнаў (да VII-IX стст.) на нашай зямлі не было ніякіх іншых масавых перасяленняў.

А гэта значыць, што мы - беларусы - нашчадкі балцкіх плямёнаў, тых якія жылі да прыходу славян на гэтыя землі, якія не стварылі сваіх дзяржаў, былі часткова асіміляваны, а часткова захавалі свае "выспы" сярод славянскага насельніцтва аж да канца Сярэднявечча і пасля.

Мы - беларусы - нашчадкі людзей, якія жылі ў Полацкім (горад упершыню згадваецца ў 862 годзе!), Тураўскім, Пінскім, Менскім, Гарадзенскім, Смаленскім, Слуцкім, Мсціслаўскім і іншых княствах, размешчаных на нашай зямлі, якія ўвайшлі ў сусветную гісторыю і культуру арыгінальнымі помнікамі архітэктуры, пісьменства і рэлігійна-духоўнага жыцця.

Мы - беларусы - нашчадкі людзей, якія жылі ў створаным намі Вялікім Княстве Літоўскім , адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў з больш чым 500-гадовай гісторыяй, што ўвайшло ў склад канфедэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Тых, хто не толькі пакрыў сябе вечнай славай на полі бою, атрымаўшы перамогі над наймацнейшымі войскамі крыжакоў, турак, татараў і масквіцінаў, але былі першымі ці аднымі з першых сярод суседзяў і ў свеце ў кнігадрукаванні, перакладзе Бібліі на нацыянальную (старабеларускую) мову, у законатворчасці, праве, паэзіі, навуцы, рамёствах і іншых сферах чалавечага жыцця.

Нашчадкі тых, хто пасля падзелаў і акупацыі жыў у Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Віленскай губернях, якія пад 150 гадоў уваходзілі у склад Расійскай імперыі, насельніцтва якіх падвяргалася ўсеагульнай русіфікацыі, але па дадзеных перапісу 1897 года на 80 % размаўляла на беларускай мове. Тых, хто даў свету дзесяткі геніяў літаратуры (на жаль, часцей на іншых мовах), музыкі, жывапісу, навукі і ваеннага мастацтва.

Мы - беларусы - нашчадкі людзей, якія ў 1918 годзе зрабілі спробу стварэння нашай нацыянальнай дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі, але тады нашая мара была растаптаная больш магутнымі суседзямі, а народ падзелены.

Мы - беларусы - нашчадкі людзей, якія жылі ў БССР (што 70 год уваходзіла ў склад СССР) і Польскай Рэчы Паспалітай (1921-1939), дзе падвяргаліся нацыянальнай дыскрымінацыі: русіфікацыі, саветызацыі і паланізацыі, а таксама рэпрэсіям, якія забралі жыцці сотняў тысяч беларусаў. З-за злачынных планаў Гітлера і Сталіна па дасягненні сусветнага панавання наш край стаў арэнай самай кровапралітнай у зямной гісторыі вайны, якая забрала жыцці ад 2,5 да 3 мільёнаў жыхароў Беларусі, і ў 1945 годзе БССР стала адной з краін заснавальніц ААН.

Нашыя продкі маглі называць сябе ці быць названымі суседзямі: літва, яцвягі, крывічы, дрыгавічы, радзімічы, ліцвіны, тутэйшыя, беларусы , а маглі і зусім ніяк не называцца. Акупанты ці суседзі, якія мелі планы на нашую зямлю, называлі нашых продкаў рускімі або палякамі, або ў сваіх шавіністычных ідэалогіях зусім адмаўлялі нашае існаванне як народа. Але мы - тыя, хто ў 1991 годзе пасля нашага непаўторнага 1000-гадовага шляху дасягнулі вяршыні развіцця любой нацыі, таго, за што дзясяткі народаў стагоддзямі вядуць барацьбу - стварэння сваёй Незалежнай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь .

Мы - унікальная і непаўторная нідзе на Зямлі сумесь генаў, культур, моў і народаў - нашых продкаў, але мы - не яны. Мы жывём тут і цяпер, і па гэтым шляху мы можам рухацца толькі наперад. Мы не можам адкруціць час назад і стаць тымі, хто жыў тут 1000 або 500 гадоў таму, стаць крывічамі або ліцвінамі. І любая падобная спроба, тым больш, такая, што суправаджаецца абразлівымі і недапушчальнымі метадамі, мае прымусіць нас працаваць замест стварэння рэальнай моцнай дзяржавы над утапічнымі пражэктамі, выгаднымі толькі ворагам Беларусі.

Мы павінны разумець, што існаванне нашай дзяржавы - гэта не рэчаіснасць, дадзеная раз і назаўсёды, што былі і будуць напалеоны і гітлеры, якія будуць разглядаць нашу зямлю, як сваю "спрадвечную вотчыну". Мы павінны зрабіць усё, каб спыніць нават думкі аб магчымасці анексіі ці падзеле нашай краіны па "крымскім", "данецка-луганскім" або любым іншым сцэнары. Патрэбна кожны дзень працаваць на тое, каб наша дзяржава заставалася незалежнай і суверэннай, не дапускаць ніякіх ідэй аб перадзеле свету і межаў. Не дазваляць нікому вырашаць за нас, вызначаць нашае мінулае (стварэннем і навязваннем нам сваіх кропак гледжання на нашую гісторыю), сучаснасць і будучыню, тым больш, абражаць нашу нацыянальную годнасць.

Беларусы - гэта народ з непаўторнай тысячагадовай гісторыяй, Беларусь - гэта наша нацыянальная дзяржава, і толькі ў ёй мы зможам дасягнуць максімальнай рэалізацыі, свабоды, культурнага і эканамічнага развіцця ўсіх разам і кожнага паасобку, а таксама нашых дзяцей і нашчадкаў. Страта дзяржаўнасці або ўваходжанне ў склад іншай дзяржавы - гэта крок на стагоддзі назад, гэта б зноў стала вымушаным падпарадкаваннем рашэнню чужых мэтаў, працай на чужую эканоміку, культуру, навуку, рэалізацыю чужых геапалітычных праектаў па перадзелу свету, што заўсёды каштавала нам - беларусам - сотняў тысяч жыццяў лепшых сыноў і дачок нашай Радзімы. Толькі незалежная Беларусь - гарантыя існавання нашага асабістага і нашых нашчадкаў.

Жыве Беларусь!

Зміцер Дрозд, bydc.info.


Сустрэча з юбілярам

27 снежня 2016 года ў сядзібе Таварыства беларускай мовы ў г. Менску адбылася ўрачыстая сустрэча з былым старшынём Салігорскай суполкі ТБМ і сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Шараварам Мікалаем Лазаравічам (творчы псеўданім - Мікола Мілаш), з нагоды яго 80-годдзя і прэзентацыі новай цікавай кнігі пад назваю "Ідэнтыфікацыя нацыі як нацыянальная ідэя". Арыгінальная навукова-публіцыстычная праца мае наклад усяго 50 паасобнікаў. На шмацтытуле - карціна мастака ЗША Барыса Вальеха перуанскага паходжання "Мінатаўр і Арыядна" (ідэя вызваленння народа з рабства).

У кнізе мажліва знайсці шмат карыснай інфармацыі. Яна аздоблена каляровымі фотаздымкамі. Усе прысутныя атрымалі ад аўтара гэтую кнігу бесплатна.

На імпрэзе прысутнічалі: прафесар Леанід Лыч, прафесар Мікола Савіцкі, мастак Алесь Цыркуноў, Ілля Копыл, Ільяс Хусаінаў, Мікола Бамбіза, а таксама госці юбіляра з горада Салігорска. Мерапрыемства працягвалася дзве гадзіны. Было цікава.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.


Слонімскія хрысціянскія дэмакраты ўшанавалі Адама Станкевіча

Слонімскія хрысціянскія дэмакраты ўшанавалі аднаго з заснавальнікаў і лідараў партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, каталіцкага святара, публіцыста, літаратара, выдаўца Адама Станкевіча, якому 6 студзеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння. Ушанаванне адкрыў кіраўнік слонімскай суполкі БХД Іван Бедка, якія распавёў пра Адама Станкевіча, пра тое, што ў канцы 1938 года ён быў сасланы польскімі ўладамі ў Слонім, дзе праслужыў амаль год у касцёле Бязгрэшнага зачацця святой Панны Марыі ў цэнтры Слоніма. Пра Адама Станкевіча прыгадвалі іншыя сябры БХД. Слонімцы запланавалі шэраг мерапрыемстваў на 2017 год, звязаных са 100-годдзем БХД.

Беларускае Радыё Рацыя.


Слонімская ссылка Адама Станкевіча

6 студзеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча. Да пачатку Другой сусветнай вайны ён пэўны час жыў у Слоніме і вёў богаслужэнне ў касцёле бернардзінак, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. А выслалі яго сюды з Вільні за тое, што быў беларускім святаром і вёў службу на беларускай мове: "Варожа ставіцца да польскай дзяржаўнасці і апошнім часам на тэрыторыі Вільні і Віленшчыны разгарнуў барацьбу беларусаў за аўтаномію, імкнучыся да дасягнення поўнай незалежнасці Беларусі. Над дзейнасцю кс. Станкевіча ўстанавіць патаемнае назіранне" (З ліста следчага аддзела ў Вільні ў Наваградак у справе высялення кс. Адама Станкевіча ў Слонім 14 студзеня 1939 года).

Так, 27 снежня 1938 года выехалі з Вільні выселеныя з прымежнай паласы на пяць гадоў рашэннем віленскага ваяводы кс. Адам Станкевіч, кс. Уладзіслаў Талочка і інжынер Адольф Клімовіч. Уладзіслаў Талочка пасяліўся ў Беластоку, Адольф Клімовіч - у Варшаве, а Адам Станкевіч - у Слоніме. Праўда, ён яшчэ паспеў перад высяленнем выдаць у Вільні кніжку "Беларускі хрысціянскі рух". Новы 1939 год ксёндз Адам Станкевіч сустрэў у Слоніме. Акрамя службы ў касцёле бернардзінак (служыў па-польску, па-беларуску польскія ўлады не дазволілі), шмат пісаў на роднай мове, перапісваўся з беларусамі з Вільні, Беластока, Варшавы, Прагі, Менска, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў. Тут, у Слоніме, ён нават пісаў свае "Каляндарныя нататкі", якія ажно ў 2004 годзе (№ 9) упершыню апублікаваў часопіс "Куфэрак Віленшчыны". У Слоніме Адам Станкевіч напісаў і вялікую працу "З літуанізмаў у беларускай мове" і надрукаваў яе ў алфавітным парадку ў некалькіх нумарах квартальніка "Калосьсе". Праца гэтая выклікала вялікі рэзананс. Многім яна не падабалася. Так, напрыклад, у газеце "Беларускі фронт"(15.5.39 г., № 10) з'яўляецца вялікі артыкул "Аб "літуанізмах" Адама Станкевіча" нейкага Ш-ць. Ён моцна крытыкуе аўтара, абражае яго, наводзіць паніку і г.д. Прачытаўшы гэта, спадар Станкевіч дасылае са Слоніма ў "Калосьсе" тактоўнае пісьмо-адказ: "Паважаны грам. рэдактар, не адмоўце памясьціць у "Калосьсі" гэтых некалькі слоў: дужа ўдзячны гр. Ш-ць ("Бел. Фронт" 10, 15.6. 39) за крытычныя і фаховыя ўвагі да маёй працы літуанізмаў у беларускай мове"; падчырківаю - за крытычныя й фаховыя, характару языкаведнага, бо-ж, апрача гэтага, чаго там толькі няма!? Але transeat! Мне йдзець аб дасьледжаньне літуанізмаў у беларускай мове й з слушных ня ўсе так гэткія!) заўвагаў у гэтай праблеме я ахвотна скарыстаю, калі праца мая будзе выходзіць асобнай адбіткай. Тады выкажу такжа свой пагляд і што да тых заўвагаў гр. Ш-ць, з якімі я не згаджаюся. Прыміце, Гр. Рэдактар, словы маёй да Вас пашаны. Ад. Станкевіч. Слонім, 17.5.39 г." .

Жывучы ў Слоніме, Адам Станкевіч пільна сочыць за выхадам новых беларускіх кніг. 27 красавіка 1939 года ён піша грунтоўную рэцэнзію на кніжку беларускага паэта і даследчыка Хведара Ільяшэвіча "Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575-1622)" і друкуе яе ў часопісе "Калосьсе" (1939, № 2). Крытык спыняецца на кожным з пяці раздзелаў працы Хведара Ільяшэвіча, указвае на іх каштоўнасць і значэнне. "Кніжка Хведара Ільяшэвіча, - адзначае Адам Станкевіч, - гэта значны ўклад у маладую беларускую навуку. Агульнай, аднак, нястачай кніжкі з ' яўляецца нявыразны яе воблік беларускі. Мамонічы - гэта беларускія патрыёты й беларускія культурнікі, й кніжкі іх прызначаны для беларускага народу. Тымчасам гэта ў Хв. І. ня толькі што з націскам не адзначана, але нават як-бы сарамліва прыхавана пад бліжэй неазначанымі тэрмінамі: "Русь, рускі, патрыёт, Вял. Кн. Літоўскае" і інш. Я разумею, што да гэткай "саромлівасьці", што да беларускасьці прымушалі аўтара абставіны, у якіх праца была пісана й выдана. Затое цяпер аўтар павінен сваю цэнную працу пералажыць на беларускі язык, паставіць "беларускія точкі" над усімі "і", раскрыць усе "дужкі", паставіць, дзе трэба, "беларускія націскі" і па-беларуску выдаць. Але хто выдасьць? Гэтая кніжка мусіць праявіць сваю беларускую "душу" й мусіць прыадзецца ў сваю беларускую "вопрадку"".

За слонімскі перыяд жыцця кс. Адамам Станкевічам быў напісаны яшчэ шэраг артыкулаў і рэцэнзій. Тут, у Слоніме, ён дапамог мясцоваму паэту Анатолю Іверсу (Івану Міско) (1912-1999) наладзіць сувязі з Вільняй наконт выдання яго першага паэтычнага зборніка "Песьні на загонах". Пра гэта пры жыцці не раз расказваў старэйшы слонімскі паэт. Яны сустрэліся ў Слоніме ў 1939 годзе. І была на гэта нагода. Выдавецтва "Калосьсе" рыхтавала да друку зборнік вершаў Анатоля Іверса "Песьні на загонах". Рэдактар выдавецтва Ян Шутовіч, ведаючы, што паліцыя на вёсцы правярае, а часам і забірае карэспандэнцыю, карэктурныя лісткі зборніка прыслаў у касцёл у Слонім Адаму Станкевічу, а паэту напісаў пісьмо, каб той абавязкова зайшоў да ксяндза, што Іверс і зрабіў. Гаспадар доміка, які знаходзіўся на касцельнай тэрыторыі, сустрэў слонімскага паэта ў сваім пакоі па-хатняму, без сутаны:

- Ведаю, ведаю пра вас. Вось карэктура вашай кнігі, уважліва прачытайце і зрабіце папраўкі, калі знойдзеце памылкі.

Малады Анатоль Іверс усхваляваўся, убачыўшы надрукаваныя на лістках свае вершы. Вочы сталі вільготнымі, і ён хутчэй па памяці, чым зрокава, пачаў чытаць вершаваныя радкі. Сям-там на палях ужо былі вынаскі літар, зробленыя Адамам Станкевічам. Першы раз слонімскі паэт спасцігаў карэктарную мудрасць і, бадай, не знайшоў ні адной незаўважанай і не папраўленай памылкова набранай у тэксце літары. Пасля яны яшчэ доўга гутарылі, а напрыканцы сустрэчы Адам Станкевіч спытаў, ці надакучвае паліцыя.

- Яшчэ як дакучае, - сказаў Іверс, - лазіць па пятах, забірае з паштовага агенцтва беларускія і ўкраінскія газеты. Арыштоўвае хлопцаў перад святамі, рэдка абыходзіцца без катаванняў у дэфензіве. Забараняе ставіць беларускія спектаклі…

- Вось што, браток, не трэба лезці на ражон, - параіў Адам Вікенцевіч. - Хоць, праўда, і я не ўсцярогся, бачыце, саслалі з Вільні ў Слонім. І тут не дазволілі ў касцёле праводзіць службу на беларускай мове…

На развітанне Адам Станкевіч запрасіў слонімскага паэта заходзіць часцей. Але больш ім сустрэцца не ўдалося, хоць пражыў ён у горадзе над Шчарай амаль год. На працягу года Адаму Станкевічу са Слоніма і Адольфу Клімовічу з Варшавы пару разоў усё ж дазволілі наведаць Вільню. Пры чым адзін раз Адам Станкевіч выступаў нават сведкам абароны ў судзе па справе Г. Дэмбінскага, заснавальніка газеты "Poprostu" (Chryscijanskaja Dumka.1939 г. № 13. С.7).

3 кастрычніка 1939 года Адам Станкевіч назаўсёды развітаўся са Слонімам і прыехаў у Вільню. Тут ён аднавіў выданне "Крыніцы", сустракаўся з прэзідэнтам Літвы А. Сметанам, узначальваў Беларускі цэнтр у Літве, выдаваў свае кнігі і брашуры, стварыў "Камісію Аховы Культурных Памятнікаў Беларусі", займаўся педагагічнай дзейнасцю. Але 3 красавіка 1949 года яго арыштавалі органы НКУС, а 31 жніўня асобая нарада пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі СССР прысудзіла яму 25 гадоў лагера па артыкуле 58 УК СССР (здрада Радзіме). А ў канцы лістапада 1949 года Адама Станкевіча не стала. Яго чэкісты проста забілі. Пахаваны беларускі святар у вёсцы Шаўчэнка Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці Расеі.

Мікалай Якімец, Беларускае Радыё Рацыя.


100 гадоў з дня нараджэння Міхася Калачынскага

Міхась КАЛАЧЫНСКІ (12 студзеня 1917, г.п. Крупкі Менскай вобласці - 10 жніўня 1990) - беларускі паэт, дзеяч культуры. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1974).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1934 скончыў Крупскую сярэднюю школу і пачаў працаваць у мястэчку Бобр старшым піянерважатым, потым літработнікам у крупскай раённай газеце "Камуністычны шлях". Скончыў курсы пры Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С.М. Кірава ў Менску (1936), у 1937-38 быў адказным сакратаром рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва". У 1938-53 - у Савецкай Арміі. Удзельнік савецка-фінляндскай вайны (1939-40), у Вялікую Айчынную вайну - армейскі журналіст на Закаўказскім, Стэпавым, 2-м і 3-м Украінскіх франтах. У пасляваенныя гады працаваў спецкарэспандэнтам акруговай вайсковай газеты "Защитник Родины" (Адэса, 1945-47), літаратурным сакратаром газеты Беларускай вайсковай акругі "Во славу Родины" (Менск, 1947-53). Пасля дэмабілізацыі прызначаны галоўным рэдактарам альманаха "Советская Отчизна". З 1954 - адказны сакратар, а з 1958 - намеснік старшыні праўлення СП БССР. У 1960-78 - галоўны рэдактар часопіса "Беларусь". У складзе дэлегацыі БССР у 1971 удзельнічаў у рабоце XXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Член СП СССР з 1940.

Першы верш апублікаваў у 1932 г. (часопіс "Іскры Ільіча"). У даваенны час выдаў паэмы для дзяцей "Косця-чэкіст" (1938) і "Пакет" (1940). Рукапіс зборніка вершаў "На Выбаргскай дарозе" згарэў у час вайны ў Менску. Пасля вайны выйшлі зборнікі паэзіі "Сонца ў блакіце" (1949), "У вялікім паходзе" (1952), "Прыпар" (1956), "Сосны і дзюны" (1960), "Гронка рабіны" (выбранае, 1964), "Паясы" (1968), "За палямі, за лясамі" (1969), "Докшыцкі каравай" (1974), "Кніга дружбы" (1975), "Суквецце" (выбранае, 1977), "Ля берагоў запаветных" (1983). Аўтар кніжак паэзіі для дзяцей "Насустрач жыццю" (1951), "На лясным паўстанку" (1955), "Прыгоды Патапкі" (1958), "Лясныя казкі" (1967), "Мая мазаіка" (1971), "Рэха зямлі" (1978), "Снежная казка" (паэма, 1986). У 1971 і ў 1982 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Шэраг вершаў пакладзены на музыку.

Перакладаў творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, балгарскіх і мангольскіх паэтаў.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені і "Знак Пашаны", медалямі.

Вікіпедыя.


Бібліёграф на скрыжаванні шляхоў

Спаўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Юліі Іосіфаўны БІБІЛЫ (10.01.1897-9.12.1974). З 1922 г. працавала загадчыкам беларускага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. Пасля заканчэння БДУ ў 1925 г. займалася складаннем краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі. З наробкаў Юліі Іосіфаўны - бібліяграфія твораў Цішкі Гартнага, надрукаваныя старонкі біяграфіі Цёткі...

З 1937 па 1959 працавала галоўным бібліёграфам Саратаўскага ўніверсітэта. Вярнуўшыся з выгнання працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР.

Юлія Іосіфаўна была чуллівай асобай, старалася ўзгадваць радасныя падзеі жыцця. Я быў запрошаны ў яе невялічкую, але ўтульную кватэрку, аздобленую ёю ж створанымі карцінамі. Захавалася фота 1968 года, з якім я ўзгадваю 120-гадовы юбілей Ю.І. Бібілы.

Сяргей Панізьнік.


100 гадоў з дня нараджэння Віктара Ярмалковіча

Віктар Ярмалковіч - сябар БХД, гісторык, краязнавец, юрыст і вязень канцлагера ў Картуз-Бярозе.

Нарадзіўся Віктар Адамавіч Ярмалковіч у сялянскай сям'і 4 студзеня 1917 года ў вёсцы Юшкі пад Вільняй. Змалку гарнуўся да навукі. Вучыўся ў гімназіі айцоў-марыянаў у Друі, дзе ўпершыню пазнаёміўся з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі. У 1938 годзе скончыў Віленскую беларускую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Як свядомы беларус, неўзабаве далучыўся да Беларускага студэнцкага саюзу, дзе вялі рэй хадэкі.

Разам з ксендзам Адамам Станкевічам Віктар Ярмалковіч рэдагаваў часопіс "Хрысціянская думка".

2 верасня 1939 года, з пачаткам вайны, Віктар быў арыштаваны дэфензівай разам з хадэкамі Вячаславам Багдановічам, Язэпам Найдзюком, Янкам Шутовічам, і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер у Картуз-Бярозе. Зазнаў здзекі і катаванні. Пасля таго, як Заходнюю Беларусь акупавалі Саветы і лагерная паліцыя разбеглася, дабраўся да Вільні. Выжываў, як мог, шукаў працу ў дзяржаўных установах - літоўскіх, а потым і савецкіх.

З пачаткам вайны апынуўся ў Лідзе, у 1941-42 юрыст-практыкант у павятовым судзе. У 1942-44 гг. - у Шчучыне, дзе працаваў у павятовым судзе. Працаваць даводзілася ва ўмовах жорсткасці немцаў, свавольства паліцыі, тэрору АК і чырвонай партызанкі. У 1944 годзе выехаў з сям'ёй у Варшаву, дзе апынуўся ў віры Варшаўскага паўстання. Здолеў выбрацца з горада пасля паразы паўстання і асеў у горадзе Біскупец каля Жэшува, дзе быў арыштаваны камуністычнай службай бяспекі. Першую высылку "за прыналежнасць да антысавецкіх арганізацыяў" (Студэнцкі Саюз і БХД) адбываў ва ўсоллі (Сібір). Затым, у 1952 годзе, быў арыштаваны паўторна і засуджаны на 25 гадоў лагераў. Вызвалены ў 1956-ым. Працаваў дантыстам у Біскупцы.

Пісаў кнігі аб родным краі: "Ліда і Лідская зямля", "Шчучынскі раён", "Іўеўскі раён". Аўтар манаграфіі "Летапіс Віленскай беларускай гімназіі", "Кароткага нарысу гісторыі Беларусі". Выдаў кнігу ўспамінаў "На жыццёвых хвалях", дзе апісаў увесь трагізм жыцця свайго пакалення беларусаў.

Памёр Віктар Ярмалковіч 15 снежня 1997 года ў Варшаве.

4 студзеня ў аграсядзібе "Гасціна" ў Лідскім раёне прайшла вечарына ў памяць пра гісторыка, краязнаўца, дзеяча беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віктара Ярмалковіча, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася ў гэты дзень. Да юбілею беларускага патрыёта партыяй БХД быў выпушчаны адмысловы буклет. А пра яго жыццё і дзейнасць распавёў сустаршыня Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Павел Севярынец.

- Віктар Ярмалковіч, якому споўнілася 100 гадоў - гэта краязнавец, які напісаў кнігі пра тры раёны: Шчучынскі, Івейскі і Лідскі. Гэта чалавек, які сядзеў у ГУЛАГу і Картуз-Бярозе, які ахвяраваў сабой за Беларусь і Бога. Таму мы, канешне, будзем спрабаваць надаць імя Віктара Ермалковіча і вуліцы ў Лідзе, і паспрабуем ушанаваць яго памяць у касцёлах, сярод католікаў.

На сустрэчы прысутнічалі сябры грамадскіх арганізацый з Ліды, Бярозаўкі, Гародні, Беліцы і іншых вёсак Лідскага раёна.

Былі абмеркаваны асноўныя мерапрыемствы, якія плануюцца на Лідчыне ў 2017 годзе. Сярод мерапрыемстваў ёсць і тое, каб надрукаваць частку з творчай спадчыны Віктара Ярмалковіча, балазе ў Лідзе ёсць копія аднаго з машынапісаў В. Ярмалковіча, у якім значная частка прысвечана падзеям 20-га стагоддзя ў Лідзе, сведкам якіх і быў Ярмалковіч

На завяршэнне слынны лідскі бард Сяржук Чарняк выканаў некалькі патрыятычных песень, у т.л. на словы Наталлі Арсенневай.

Наш кар.


Віншаванні ТБМ

Шаноўныя сябры!

Віншуем вас з Калядамі і Новым годам! Зычым, каб ваш 2017 напоўніўся гармоніяй, яркімі фарбамі і плённымі справамі.

Абудзіце ў сабе творцу і расфарбуйце ўласную будучыню на нашай паштоўцы! У рэшце рэшт, вы самі выбіраеце колеры.

З павагай,

Выканаўчае бюро Асамблеі НДА Беларусі.



Шчыра віншуем Вас з 2017 годам - годам Францішка Скарыны і 500-годдзя Беларускай Бібліі!

Зычым Вам, Вашым родным і блізкім здароўя, шчасця і ўсялякага дабра. Няхай промні Скарынавай навукі грэюць Вашы сэрцы і асвятляюць дарогу да шчаслівай будучыні нашай дарагой Айчыны!

Ад калектыву выдавецтва "Тэхналогія" галоўны рэдактар Зміцер Санько.



Паважаныя сябры "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"!

Прафесійны футбольны клуб "Тарпеда" Мінск шчыра віншуе Вас з Новым годам і Раством Хрыстовым!

Няхай 2017 год прынясе Вам як мага больш радасці, усмешак і шчаслівых дзён!

Зычым поспеху, дабрабыту і рэалізацыі ўсіх вашых ідэяў і планаў. Са Святамі!

З павагай, супрацоўнікі і футбалісты ПФК "Тарпеда" Мінск.



Шаноўны сп. Алег!

Віншую Вас са святам Нараджэння Хрыстовага!

Больш як дзве тысячы год таму анёл абвясціў пастухам у ваколіцах Бетлеема пра нараджэнне Госпада: "Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе ўсім людзям!" Бог паслаў у свет Свайго Сына, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае.

500 год таму Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу па-беларуску - Біблію, каб Слова Божае стала падмуркам жыцця нашага народа, каб кожны чалавек мог пазнаць, што неабходна для збаўлення душы яго. Няхай у 2017 годзе, калі мы будзем адзначаць 500-годдзе беларускай Бібліі і 500-годдзе Рэфармацыі, Госпад дасць Вам дабраславенне ва ўсякай добрай справе і напоўніць Вашыя сэрцы радасцю!

Антоні Бокун.


Спасцігаючы гісторыю Магілёўшчыны

4 снежня 2016 г. чатыры магілёўцы і адзін бабруйчанін здзейснілі "марш-кідок" у былы Бабруйскі павет. Па-зімоваму марозна і снежна было ў гэты дзень. Нашай мэтай былі забытыя мясціны выбітных дзеячоў. Пераважна тых дзеячоў, у якіх сёлета юбілейныя даты. І маршрут склаўся наступны: Магілёў - Чабусы - Глуша - Вяззе - Дуброва - Жорнаўка - Лапічы - Магілёў.

У мястэчка Чабусы Любанскага раёна Менскай вобласці, а калісьці Бабруйскага павета, нас прывяла постаць гісторыка Тодара Забелы. Забелы - старажытны беларускі род, які даў мноства выбітных постацяў.

Тодар Забела нарадзіўся ў 1896 годзе, навучаўся ў БДУ і быў вучнем і аспірантам Уладзіміра Пічэты.

Быў старшынём культурна-гістарычнай секцыі краязнаўчага таварыства ў Магілёве, арганізоўваў драматычныя і антырэлігійныя гурткі. Першы з беларускіх гісторыкаў, хто падрабязна даследаваў феадальны маёнтак і быт прыгоннага сялянства. Старшыня культурна-гістарычнай секцыі Магілёўскага таварыства БАН. Арыштаваны 24 ліпеня 1930 па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Яму прыгадалі ўсё: і тое, што ён сын абшарніка і былы дваранін, і тое, што служыў у асабістым гетманскім канвоі ў Кіеве. Але самае галоўнае абвінавачванне заключалася ў арганізацыі Забелам філіяла "Саюза вызвалення Беларусі" ў горадзе на Дняпры, што катэгарычна адмаўляў падсудны. Калі ў яго на допыце спыталі, што яму вядома пра нацыянал-дэмакратаў, Тодар Іванавіч адказаў: "Вядома мне наступнае: імкненне нацдэмакратаў нацыянальныя пытанні ставіць вышэй за класавыя, вывядзенне тэорыі самабытнасці, сцягванне аграрнай палітыкі партыі ў бок капіталізму, што адлюстравалася ў хутарызацыі і пасялкоўшчыне, ідэалізацыя мінулага Беларусі".

Асуджаны "тройкай" за "шкодніцтва і антысавецкую агітацыю" на 5 гадоў высылкі ў г. Елабуга. Вызвалены 27 ліпеня 1935. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 10 ліпеня 1957.

Калі мы ў жыхароў Чабусаў пыталіся пра Тодара Забелу, як у старэйшых, так і ў маладзейшых, то яны сказалі, што пра такога нічога не чулі. Ведаючы такую сітуацыю з ушанаваннем памяці выбітных дзеячоў па ўсёй Беларусі, мы загадзя раздрукавалі некалькі абвестак з біяграфіяй Забелы і аддалі іх тубыльцам з просьбай чытаць і перадаваць іншым гэтыя ўлёткі.

У Чабусах удалося адшукаць некалькі старажылаў, якія нам сёе-тое распавялі пра "паноў Забелаў". У 1920-х гг. тут жылі трое братоў Забелаў, якія трымалі вялікую гаспадарку: вялізарны сад, пуні, стайні, квятнік. І ў кожнага з братоў быў свой маёнтак. У адным з маёнткаў, або гаспадарчых будынкаў была школа, якую знеслі гадоў 6 таму. Нам удалося адшукаць адзін фатаздымак тае школы разам з вучнямі. Засталіся яшчэ старыя яблыні антонаўкі, якія месцічы так і называюць "Забелаўскія". На мясцовых могілках засталося некалькі векавых дубоў. Калісці пры ўваходзе на клады былі дзве драўляныя капліцы: з правага боку была праваслаўная, а з левага каталіцкая бажніца.

Далей наш шлях ляжаў па лясных заснежаных дарогах праз Глуск на Глушу. У Глушы каля трасы на Асіповічы знаходзяцца мясцовыя могілкі, на якіх спачыў вядомы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч. Тут прайшло юнацтва пісьменніка, тут ён быў падчас вайны. Зараз грамадскасцю збіраюцца сродкі на стварэнне музея Адамовіча ў гэтым мястэчку, бо 2017 г. юбілейны год пісьменніка і засталася хата, дзе жылі Адамовічы ў Глушы. На магіле грувасціцца вялізарны валун, аб якім калісці парупіўся акадэмік Радзім Гарэцкі.

Наступны наш прыпынак быў у вёсцы Вяззе, у сённяшнім Асіповіцкім раёне. Гэтае прыгожае паселішча раскінулася на беразе вадасховішча і па сённяшніх мерках з'яўляецца досыць вялікім населеным пунктам, у якім можна нават і заблукаць. Мы папыталіся ў некалькіх жыхароў і нават аднаго школьніка, дзе знаходзіцца будынак з памятнай шыльдай Максіму Багдановічу. Ніхто з мясцовых нічога пра яе не ведаў, і мы інтуітыўна адшукалі мясцовае лясніцтва, на якім і была невялічкая шыльда, дзе паведамляецца наступнае: "На гэтым месцы знаходзіўся дом, у якім з сакавіка па ліпень 1895 года разам са сваёй сям'ёй адпачываў знакаміты беларускі паэт Максім Багдановіч".

Далей мы рушылі ў вёску Дуброва, дзе знаходзіца заказнік мясцовага значэння "Жорнаўскі дэндрасад". Плошча дэндрасаду невялікая - усяго адзін гектар, але колькасць гатункаў раслін уражвае, а іх больш за сотню: кедр сібірскі, лістоўніца еўрапейская і японская, дуб звычайны і чырвоны…

Праз 800 метраў ад Дубровы захаваліся прыгожыя і ўнушальныя прысады былога ўладальніка маёнтка ў Жорнаўцы - Магдалены Радзівіл.

Старажытныя дрэвы высаджаныя ў форме правільнага чатырохкутніка, як цвердзь акаляюць тэрыторыю былога ўладання. Некаторыя дубы ў два абхопы стаяць роўнымі радамі па перыметры былога маёнтка. У былым драўляным маёнтку месцілася школа. З нагоды юбілею Магдалены Радзівіл у 2016 г. тут быў усталяваны памятны камень з наступным зместам: "Уладальніцы маёнтка Жорнаўка. Слыннай дзяячцы беларускага адраджэння пачатку 20 стагоддзя, мецэнатцы і асветніцы Магдалене Радзівіл з роду Завішаў (1861-1945) ад удзячных патомкаў" . Ініцыятарамі ўсталявання помніка былі: Алег Вараненка, Іван Бараноўскі, Антон Астаповіч, Вячаслаў Васіленка, Зміцер Яцкевіч, Павел Жумар, Сяргей Жумар, Сяргей Бяспанскі, калектыў Асіповіцкага раёнага гістарычна-краязнаўчага музея, Лапіцкі сельвыканкам.

Напрыканцы 19 ст. паміж Жорнаўкай і вёскай Малая Грава знаходзіўся хутар Лявонаўка, дзе 6 лістапада 1891 г. нарадзіўся Язэп Воўк-Левановіч - беларускі савецкі мовазнавец, якога некаторыя даследчыкі разам з Яўхімам Карскім і Сцяпанам Некрашэвічам лічаць заснавальнікам сучаснай беларускай мовы.

Ад хутара да нашага часу нічога не засталося, і толькі прыцярушаныя снегам палеткі і лес удалечыні памятаюць крокі гэтага непаўторнага чалавека.

І апошняй кропкай у нашым маршруце былі Лапічы. Пры ўпадзенні ў Свіслач маленькай рачулкі старажытнымі насельнікамі мястэчка ў часы жалезнага веку былі пабудаваныя ўмацаванні. Абарончы вал дагэтуль добра праглядаецца, і зараз тут знаходзяцца мясцовыя могілкі. Прычым, дакладна прасочваецца старажытная частка могілкаў з каменнымі старажытнымі надмагіллямі у самым сутоку рачулкі і сучасныя могілкі па-за абарончым валам.

Калі мы рушылі на Магілёў, то праз марозную далеч нас праводзіла чырвонае вечаровае сонейка. І мы ў чарговы раз з захапленнем і са здзіўленнем узгадвалі, як шмат таямніц з гісторыі Магілёўскага краю нам яшчэ варта адкрыць для сябе і для нашых паплечнікаў.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. На здымках: 1. Школа ў Чабусах; 2. Фота Іосіфа Воўк-Левановіча; 3. Дубы ў сядзібе Магдалены Радзівіл.


Памёр адзін з патрыярхаў беларускай эміграцыі Антон Шукелойць. Ён пражыў 101 год

7 студзеня ў Нью-Ёрку памёр дзеяч беларускай эміграцыі Антон Шукелойць.

Пра гэта паведаміў Вітаўт Кіпель. Апошнія дні сп. Шукелойць паўтараў словы Купалы:

Прыстаў я жыць

на белым свеце,

Хоць столькі ўвокала жыцця;

Завялі думкі на расьцьвеце,

Душа жадае небыцця.

Антон Шукелойць нарадзіўся 16 ліпеня 1915 г. на Ашмяншчыне, скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні (1939). Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза. Пасля прыходу саветаў працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне быў загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.

Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Менскай гарадской управы, быў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея. З лета 1944 г. на эміграцыі.

У пачатку 1950-x гг. пераехаў у ЗША. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, шматгадовы старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання, сябар рэдакцыі газеты "Беларус", сябар Беларускага інстытута навукі і мастацтва.

Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, некралогаў, апублікаваных у газетах "Бацькаўшчына" і "Беларус".

У 2015 г. у ЗША вельмі шырока адзначалася яго 100-годдзе.

Янка Запруднік з нагоды 100-гадовага юбілею сп. Шукелойця пісаў: "Для яго сэрцавінай нашага грамадскага жыцця былі - як тая вось у гіраскопе - дэмакратычнае права асобы на сваю думку і разам з тым справа свабоды і незалежнасці Бацькаўшчыны-Беларусі. У імя гэтых двух ідэалаў-прынцыпаў - права мець свой погляд на рэчы і дбаць пра волю Бацькаўшчыны - наш юбіляр садзейнічаў згодзе з людзьмі і паміж людзьмі. Я блізка супрацоўнічаў з ім на грамадскай ніве, пачынаючы з 1957 года, і магу з поўнай падставай засведчыць ягоны дабрадзейны, стабілізацыйны ўплыў на жыццё нашай грамады".

Пахаваны Антон Шукелойць будзе на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі).

nn.by.



Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Падзеі старадаўняй гісторыі англасаксаў знайшлі сваё ўвасабленне ў міфалагічна-гераічным эпасе, паэме "Бэўвульф", створанай прыкладна ў VIII ст. невядомым аўтарам (сёння вядомы рукапіс, запісаны каля 1000 г.).

2. Дзяржава франкаў. Імперыя Карла Вялікага

У V ст. розныя германскія плямёны рассяліліся на тэрыторыі Галіі і паступова пачалі ствараць тут свае варварскія каралеўствы.

У сярэдзіне V ст. узнікла каралеўства бургундаў са сталіцай Ліёне. Бургунды былі падзелены на тры станы: вышэйшы - знаць, дружыннікі караля і біскупы; сярэдні (асноўны) стан - вольныя ваяры -земляробы; ніжэйшы - вольныя беззямельныя сяляне. Ніжэй стаялі нявольнікі. Шлюбы паміж рымлянамі, якія жылі паводле сваіх законаў, і германцамі, былі забароненыя.

Аднак у VI ст. у Галіі перамаглі франкі. Разбіўшы вестготаў і захапіўшы ў 507 г. іх сталіцу ў Тулузе, франкі ў 534 г. заваявалі каралеўства бургундаў. Лідарам франкаў стаў кароль Хлодвіг , які нарадзіўся каля 465 г. У 497 г. яго войскі разбілі атрады алеманаў , потым занялі тэрыторыі вестготаў і бургундаў. У 508 г. яго ўладу прызнала Візантыя. Менавіта Хлодвіг прыняў хрысціянства, што спыніла варожасць паміж рымлянамі і франкамі і забяспечыла яго падтрымку мясцовага духавенства. Пасля ягонай смерці ў 511 г. да ўлады прыйшлі яго сыны ды іх нашчадкі. Да сярэдзіны VI ст. франкі заваявалі землі баварцаў, цюрынгаў і алеманаў. Дынастыя каралёў франкаў, якая паходзіла ад Хлодвіга, атрымала назву Меравінгскай і кіравала краінай да сярэдзіны VIII ст.

Паступова вольныя сяляне-землеўласнікі пачалі залежаць ад багатых землеўласнікаў. Гэтая залежнасць атрымала назву камендацыя . У гэтую залежнасць вольныя сяляне траплялі тады, калі прасілі абараніць сябе і сваю маёмасць у свецкага ці духоўнага магната. Даволі часта яны атрымлівалі ад яго і зямельны надзел. Вольнасць селяніна захоўвалася, але калі ён адмаўляўся ад падтрымкі свайго патрона, то губляў сваю маёмасць і зямельны надзел. Пра гэта сведчыць збор законаў франкаў, што атрымаў назву "Салічная праўда".

Кароль франкаў меў амаль неабмежаваную ўладу і перадаваў яе сваім нашчадкам. Усё насельніцтва каралеўства, якое дасягала ўзросту 12 гадоў, прыносіла прысягу вернасці каралю, калі ён займаў трон. Любое парушэнне загадаў караля каралася аж да вынясення выраку смерці. Кароль выдаваў свае законы, якія называліся эдыктамі, ці дэкрэтамі. Паступова вакол караля ўзнік каралеўскі двор, які стаў цэнтральным апаратам кіравання. Узніклі пасады міністраў, якія кіравалі слугамі і нявольнікамі. Першы, галоўны міністр караля, меў тытул маярдома .

Франкская дзяржава складалася з асобных адміністрацыйных адзінак - графстваў . Імі кіравалі графы, якія прызначаліся каралём. З пачатку VII ст. графамі прызначалі толькі магнатаў. Уся ўлада ў графстве належала графу, які меў узброены атрад. Сабраныя падаткі і штрафы граф пасылаў у каралеўскую казну, пакідаючы сабе трэцюю частку ад усіх прыбыткаў. На базе графства ўтвараліся і большыя адміністрацыйныя адзінкі - герцагствы на чале з герцагамі, якія кіравалі вайсковымі атрадамі графаў падчас вайны. Самі графствы дзяліліся на сотні . Сотнікаў прызначаў кароль ці граф.

У VIII ст. дзяржава франкаў паступова распалася на амаль незалежныя дзяржавы, прычым рэальную ўладу там мелі не каралі, а іх маярдомы. Паступова маярдомы пачалі перадаваць сваю ўладу ў спадчыну і нават прызначаць каралёў. Сярод самых уплывовых маярдомаў франкаў вызначыўся Піпін . Яго сын Піпін ІІ пачаў аб'ядноўваць асобныя дзяржаўныя ўтварэнні франкаў у адзінае каралеўства. Гэтую нялёгкую працу завяршыў сын апошняга Карл Мартэл (ад франц. "молат"). Менавіта ён у 732 г. разбіў войска арабаў каля Пуацье. Карл Мартэл здзейсніў бенефіцыяльную рэформу з мэтай стварэння моцнага коннага войска. З мэтай умацавання сваёй улады кароль пачаў раздаваць свае землі слугам не ў прыватную ўласнасць, як гэта было раней, а ва ўмоўнае і часовае ўладанне ў выглядзе бенефіцыя . Калі ўладальнік бенефіцыя паміраў, яго зямля вярталася каралю, і той мог перадаць яе іншаму слузе. Такім чынам пачала складацца класічная феадальная сістэма. Пасля смерці Карла Мартэла ў 741 г. да ўлады прыйшоў яго сын Піпін III , з мянушкай "Кароткі" (меў маленькі рост). У 751 г. ён абвясціў сябе каралём, што пацвердзіў Рымскі Папа ў 754 г. Так была юрыдычна аформлена новая каралеўская дынастыя - Каралінгаў .

У 768 г. Піпін III памірае. З 768 па 814 г. каралеўствам кіруе яго сын Карл Вялікі . Гэта быў адукаваны чалавек, які ведаў лаціну і крыху грэцкую мову, вучыўся рыторыцы, матэматыцы і граматыцы. Рэзідэнцыяй свайго двара ён зрабіў горад Ахен . Карл Вялікі правёў шмат паспяховых паходаў. Ён заваяваў землі язычнікаў-саксаў і змусіў іх прыняць хрысціянства. У 796 г. яго войскі разбілі армію качэўнікаў-авараў, а таксама захапілі дзяржаву лангабардаў у паўночнай Італіі. На поўдні ён адваяваў у арабаў частку Пірэнейскага паўвострава. Гэтая тэрыторыя атрымала назву "Іспанская марка" . Стварыўшы вялікую дзяржаву, Карл Вялікі з дапамогай Рымскага Папы Льва III 25 снежня 800 г. у Рыме быў каранаваны Папам як "імператар рымлян". У 812 г. імператар Візантыі назваў Карла "імператарам франкаў".

У краіне была праведзена адміністрацыйная рэформа. Амаль усе герцагствы былі ліквідаваныя. Краіна была падзеленая на графствы і сотні на чале з графамі (іх намеснікамі - вікарыямі) і сотнікамі. На ўскраінах дзяржавы былі створаны спецыяльныя вайскова-адміністрацыйныя акругі - маркі, на чале з маркграфамі . Існаваў інстытут каралеўскіх пасланнікаў, якія кантралявалі дзейнасць графаў, прызначаных каралём.

Карл Вялікі вялікае значэнне надаваў адукацыі і развіццю культуры, адвёўшы пры гэтым галоўную ролю царкве заходняга абраду. Афіцыйнай мовай дзяржавы стала лацінская. Да каралеўскага двара было запрошана шмат навукоўцаў з розных краін Еўропы, якія стварылі школу інтэлектуалаў і асяродак падрыхтоўкі каралеўскіх чыноўнікаў. У 798 г. у Ахене пачалі будаваць мураваную святыню, якая была асвечана ў 805 г. як Палацавы храм . Будынак добра захаваўся і ўяўляе сабою шаснаццацівугольны ў плане аб'ём, у які ўпісана васьмівугольная ў плане ўнутраная зала, аздобленая шматлікімі мазаікамі. Пасля смерці (814 г.) Карл Вялікі быў пахаваны ў гэтым храме. Мармуровы магільны склеп з яго мошчамі і цяпер знаходзіцца тут. Чэрап імператара быў умураваны ў залаты бюст Карла Вялікага, што захоўваецца ў скарбніцы цяперашняга Ахенскага сабора. Эпоха Карла Вялікага і яго паплечнікаў, звязаная з іх цікавасцю да антычнай культуры, атрымала назву "Каралінгскае адраджэнне" .

Аднак вялікая імперыя Каралінгаў, якая складалася з мноства народаў, не была трывалай і неўзабаве распалася. Пасля смерці Карла ягоным спадкаемцам стаў яго сын Людовік Набожны" (814-840 гг.). Ён пры жыцці падзяліў дзяржаву паміж сваімі сынамі, якія, урэшце, паўсталі супраць бацькі, разбілі яго войскі і ўзялі яго ў палон. Пазней ён, аднак, зноў вярнуўся да ўлады. У 843 г. у Вердэне браты падзялілі імперыю бацькі на тры часткі. На абломках гэтай дзяржавы склаліся такія краіны, як Германія, Францыя і Італія . Паміж імі існавалі каралеўствы Бургундыя, Праванс і Латарынгія .

3. Заходняе хрысціянства

У канцы IV ст. у Рымскай імперыі хрысціянства было абвешчана адзінай афіцыйнай рэлігіяй. Язычніцтва ва ўсіх яго праявах было забаронена. Таксама забаранілі і тыя плыні хрысціянства ( ерасі) , якія не прызнавалі некаторых догматаў афіцыйнага хрысціянства.

Самым моцным ерэтычным рухам у ІV-ХІ стст. было арыянства . Яго заснаваў александрыйскі святар Арый у IV ст. Ён лічыў, што Хрыстос не сапраўдны Бог, а толькі ўвасабленне Бога-Айца. На Нікейскім саборы ў 325 г. Арыя адлучылі ад царквы, а яго прыхільнікаў абвясцілі ерэтыкамі.

ІІІмат якія варварскія плямёны, што прыйшлі на тэрыторыю Рымскай імперыі, прынеслі туды спачатку менавіта арыянства. Таму ў варварскіх каралеўствах суіснавалі дзве хрысціянскія царквы: арыянская - германцаў і традыцыйная (пазней каталіцкая) - мясцовага рымскага насельніцтва. Арыянамі кіравалі каралі, яны ж прызначалі біскупаў. Арыянскае духавенства выкарыстоўвала родную мову германцаў, на ёй жа чыталася і Біблія. Гоцкі прапаведнік, біскуп Вульфіла ў IV ст. пераклаў Біблію на гоцкую мову.

Аднак на працягу V ст. значная частка варварскіх каралёў у палітычных мэтах перайшла ў традыцыйную (пазней - каталіцкую) веру. Апошнімі арыянамі заставаліся вандалы ў Афрыцы да той пары, пакуль іх не знішчылі візантыйцы. Вялікую ролю ў пашырэнні традыцыйнага хрысціянства адыгралі франкі, якія адразу ад язычніцтва перайшлі ў гэтую веру. Хрысціянамі заходняга абраду з часоў Рымскай імперыі зрабіліся і кельты, асабліва ірландцы. Сярод іх галоўным місіянерам стаў св. Патрык (390-460). Зрабіўшыся біскупам, Патрык узначаліў ірландскую царкву. Ірландскія манахі сталі місіянерамі і распаўсюдзілі хрысціянства заходняга ўзору ў VII ст. у Шатландыі і Англіі.

Усталяванне вяршэнства рымскіх папаў у заходнім хрысціянстве. Першыя хрысціяне лічылі, што самым першым біскупам Рыма быў вучань Хрыста, апостал Пётр, і таму пасада рымскага біскупа была вельмі шанаванай. Менавіта біскупа Рыма пачалі называць Папам (Айцом ). Пачынаючы з канца III ст., Рым паступова страціў значэнне сталіцы імперыі. З 330 г. сталіцай Рымскай імперыі стаў горад Канстанцінопаль . Пасля падзелу імперыі на Заходнюю і Усходнюю імператары Заходняга Рыма мелі сваю рэзідэнцыю ў горадзе Равене. У сувязі з гэтым рымскія біскупы зрабіліся першымі асобамі ў Рыме: яны вялі перамовы з варварамі, баранілі насельніцтва горада ад іх гвалту. Пасля прыходу лангабардаў становішча Рыма зрабілася вельмі небяспечным. У гэты час Папа Рыгор I (Вялікі) стаў першым сапраўдным кіраўніком Рыма, і яго ўладу прызналі хрысціяне не толькі Італіі, але Сіцыліі і нават Галіі.

Вельмі істотна ўмацавалася ўлада рымскіх папаў пасля іх альянсу з франкамі. Пасля таго як Рымскі Папа Стэфан II правёў абрад каранацыі Піпіна Кароткага, той у 756 г. разбіў лангабардаў і перадаў іх землі ва ўласнасць Рымскага Папы. Так узнікла папская дзяржава ў цэнтры Італіі, дзе Папа быў адначасова і духоўным лідарам заходніх хрысціян, і свецкім уладаром. Аднак сваю ўладу Папа не мог перадаць у спадчыну, бо не меў права мець сям'ю і дзяцей (абрад цэлібату ). Таму новага Папу абіралі найвышэйшыя святары (кардыналы) .

Пасля таго як у 800 г. Рымскі Папа каранаваў Карла Вялікага як імператара, Заходняя (будучая каталіцкая) царква стала цэнтралізаванай арганізацыяй на чале з Рымскім Папам, які кіраваў ёю як сапраўдны манарх. Для кіравання царквою ў Рыме была створана бюракратычная структура - курыя . Галоўную ролю ў ёй адыгрывалі кардыналы, асноўныя паплечнікі і радцы Папы. Кардыналы з'явіліся ў VI ст., калі папы пачалі запрашаць на набажэнствы біскупаў з суседніх гарадоў. Далей за Папам і кардыналамі ішлі архібіскупы, біскупы, прэсвітары і дыяканы . Архібіскупы і біскупы кіравалі дыяцэзіямі (тэрыторыямі) заходніх хрысціянскіх краін. Прэсвітары кіравалі асобнымі царкоўнымі адзінкамі вернікаў - прыходамі (парафіямі) . Ім дапамагалі дыяканы. Для мясцовага духавенства абавязковымі былі не толькі загады Папы, але і яго пасланнікаў - легатаў .

Манаства ў Заходняй Еўропе. Першыя манахі з'явіліся ў Егіпце і на Блізкім Усходзе на мяжы III-IV стст. Слова "манах" на старагрэцкай мове абазначала "адзінокі" . Спачатку гэта былі пустэльнікі, якія асобна і вельмі аскетычна жылі на бязлюддзі: яны ўвесь час маліліся і думалі пра Бога. Некаторыя з іх замуроўвалі сябе ў пячорах або будынках ці сяліліся ў драўляных калонах, з якіх гадамі не выходзілі. Іх называлі стоўпнікамі ("слупнікамі"), бо яны жылі на слупах (паміж небам і зямлёю).

Некаторыя манахі пачалі жыць супольна, групамі пад кіраўніцтвам больш сталага манаха, якога звалі абатам (ад старагабр. "абба" - "бацька"). Першы такі манастыр узнік у Егіпце ў 328 г. Неўзабаве ўзніклі і жаночыя манастыры, але пустэльніцтва было выключна мужчынскай справаю. У V ст. манастыры (кляштары) з'явіліся і ў Заходняй Еўропе. Кожны вернік мог стаць манахам. Але дзеля гэтага ён павінен быў даць тры зарокі: жабрацтва, жыццё без шлюбу, паслушэнства абатам. Манахі павінны былі працаваць і забяспечваць саміх сябе ўсім неабходным.

Кожны манастыр меў ўласныя правілы, запісаныя ў статутах. Манахі тых манастыроў, што жылі паводле аднолькавых статутаў, аб'ядноўваліся ў манаскі ордэн. Адным з першых быў створаны ордэн бенедыктынцаў , што дзейнічаў паводле статута, напісанага Бенедыктам Нурсійскім (V-VI стст.).

Роля царквы і манаства ў эканамічным і культурным жыцці Заходняй Еўропы. Шмат якія манахі і святары зрабіліся хрысціянскімі прапаведнікамі ( місіянерамі ): яны праводзілі агітацыю сярод язычнікаў, каб пераканаць іх прыняць хрысціянства. Прапаведнікі сцвярджалі, што ўсякая ўлада дадзена Богам і людзі павінны падпарадкоўвацца сваім уладарам. Гэта прываблівала да хрысціянства каралёў варварскіх дзяржаў, і таму адным са шляхоў пашырэння хрысціянства ў Сярэднявеччы было прымусовае насаджэнне яго дзяржаўнай уладай. Распаўсюджвалася хрысціянства і сілаю зброі, калі ў ходзе частых войнаў пераможцы-хрысціяне прымушалі прымаць сваю рэлігію тых, каго яны заваявалі.

Асабліва важным было прыняцце хрысціянства франкамі Заваяваўшы большую частку Заходняй Еўропы, франкі садзейнічалі ўмацаванню там хрысціянскай рэлігіі.

Неўзабаве манастыры зрабіліся багатымі землеўласнікамі. Зямлю ім дарылі вернікі-хрысціяне з надзеяй, што манахі будуць за іх маліцца і іхнія душы патрапяць пасля смерці ў рай. Таксама шмат зямлі атрымала і духавенства, асабліва біскупы. Заходняя царква мела таксама дзесяціну - спецыяльны падатак у выглядзе дзясятай часткі ад усіх даходаў верніка, які ён абавязкова плаціў царкве. Ужо ў Раннім Сярэднявеччы царква ў Заходняй Еўропе мела каля трэцяй часткі ўсіх земляў, якія ўраблялі залежныя ад яе сяляне.

Вызваленыя ад цяжкай фізічнай працы, святары і манахі пачалі займацца адукацыяй, навукай, літаратурай і мастацтвам. Пры кожным кляштары (манастыры) былі школы, дзе вучылі дзяцей. Міжнароднай мовай асветы і царкоўнай службы зрабілася лацінская мова, якую ведалі ўсе святары, незалежна ад сваёй нацыянальнасці. Цікава адзначыць, што радзімай царкоўнай лаціны была Паўночная Афрыка, а яе стваральнікамі - біскупы Карфагена. Адтуль паходзілі такія знакамітыя дзеячы царквы, як Тэртуліян, Кіпрыян, вышэйзгаданы Аўрэлій Аўгусцін і інш. Але арабскае заваяванне практычна знішчыла карфагенскую царкву.

Манахі чыталі і перапісвалі кнігі, пры гэтым прыгожа іх размалёўвалі. Асноўным матэрыялам для пісьма быў пергамент. У раннім Сярэднявеччы яго часта фарбавалі, асабліва ў пурпур, пісалі літары не толькі чарнілам, але золатам і срэбрам. Выраблялі пергамент таксама кляштары. Паколькі пергамент быў дарагі, часта выкарыстоўвалі стары пергамент (палімпсест), з якога саскрабалі стары тэкст і пісалі новы. Так было знішчана шмат каштоўных, у першую чаргу антычных, тэкстаў. Пісалі звычайна птушынымі пёрамі, а чарніла выраблялі з дубовых нарастаў (чорных арэхаў), сульфату медзі і гуміарабіку. Рукапісныя кнігі мелі ілюстрацыі ды іншыя дэкаратыўныя элементы і таму каштавалі вельмі дорага. Ілюстрацыі да кніг называюць мініяцюрамі. Часта іх малявалі адмыслова навучаныя мастакі. Майстэрні пры кляштарах, дзе пісалі кнігі, атрымалі назву скрыпторыі. Дзякуючы адукацыі і маючы кнігі і бібліятэкі, кляштары сталі асяродкамі, дзе жылі і працавалі пісьменнікі, навукоўцы і багасловы. Пры гэтым амаль усе сяляне заставаліся непісьменнымі. Шмат непісьменных людзей было і сярод феадалаў, асабліва варварскага паходжання.

У асяроддзі манахаў з'яўляецца і новая архітэктура . Напрыканцы існавання Рымскай імперыі, калі хрысціянства стала адзінай дзяржаўнай рэлігіяй, хрысціяне выйшлі са сваіх таемных храмаў, якія былі пад зямлёй, у катакомбах, шахтах, дзе здабывалі камень-вапняк, для будаўніцтва, занялі язычніцкія храмы-базілікі. Пасля варварскага разгрому Заходняй Рымскай імперыі мураванае будаўніцтва там надоўга спынілася. Таму доўгі час новыя хрысціянскія храмы былі драўлянымі, але сваёй формай нагадвалі мураваныя базілікі. Склаліся цэлыя манастырскія комплексы, дзе побач з кляштарным храмам былі жылыя і гаспадарчыя будынкі манахаў.

На грунце паганскага культу багоў і герояў у раннім Сярэднявеччы ўзнікае пашыраны культ святых, сярод якіх былі як міфічныя, так і рэальныя асобы. Да святых адносілі выбітных царкоўных іерархаў, заснавальнікаў манастыроў і свецкіх уладароў. У мастацкай літаратуры развіваецца гераічна-рыцарская тэма, дзе гаворка ідзе пра побыт, норавы і гераічныя ўчынкі германскіх і французскіх рыцараў.

Вялікія змены адбыліся і ў музычнай сферы. На грунце спеваў раннехрысціянскіх грамадаў узнікае грыгарыянскі харал (названы так у гонар Папы Рыгора I). Свайго росквіту грыгарыянскі харал дасягнуў у часы Карла Вялікага. Веліч і дасканаласць грыгарыянскіх харалаў вядомая нам не ў апошнюю чаргу дзякуючы дзейнасці італьянскага музыканта і музычнага тэарэтыка Гвіда д'Арэца , які ў першай палове XI ст. распрацаваў першасную форму нотнага запісу музыкі.

4. Народы Скандынавіі ў VІІ-ІХ стст.

На поўначы Еўропы на Скандынаўскім паўвостраве, на востраве Готланд і на тэрыторыі сённяшняй Даніі жылі германскія плямёны. Сярод іх найбольш магутнымі былі даны і свіёны. Сябе яны называлі вікінгамі. Жылі яны на берагах халоднага мора, а таксама ў гарах, парослых густымі лясамі. Ворнай зямлі было вельмі мала, і таму асноўнымі заняткамі вікінгаў былі рыбалоўства і кітабойны промысел . Жылі вікінгі не суседскімі грамадамі, а хутарамі - асобнымі гаспадаркамі, якія былі на значнай адлегласці адна ад адной. Вікінгі былі добрымі мараплаўцамі і смелымі ваярамі і таму любілі займацца пірацтвам. Таксама сярод іх былі і гандляры, якія мянялі сушаную рыбу і футра каштоўных звяроў на збожжа, сукно ды зброю.

У V-VІ стст. у вікінгаў з'яўляюцца племянныя саюзы, якімі кіравалі конунгі . Паступова ўзнікаюць раннія дзяржавы: Данія, Швецыя і Нарвегія . Вярхоўная ўлада ў кожнай з іх належала каралю, які лічыўся сынам Бога. Карона пераходзіла ў спадчыну ў межах каралеўскага роду, але караля выбіралі на сходах ваяроў. Пры каралі існавала рада з багатых ваяроў. Асноўная эканамічная адзінка ў народаў Скандынавіі, - одаль , спадчыннае ўладанне вялікай сям'і. Зямля спачатку належала племені, а потым - каралю.

У VIII ст. назіраецца развіццё земляробства і рамёстваў. Здабываюць жалезную руду, пашыраецца кавальства, з'яўляюцца асобныя протагарадскія паселішчы ( вікі ), дзе жылі гандляры і рамеснікі. Самае вядомае з іх - вік Бірка ў Швецыі. Гэта паселішча існавала з 800 да 975 г. Паселішча мела земляныя ўмацаванні (валы) і побач - вялікі могільнік. Археолагі падчас раскопак Біркі знайшлі кітайскі шоўк, егіпецкае шкло, упрыгожванні з Візантыі, Сярэдняй Азіі і Кіеўскай дзяржавы.

Скандынаўскае грамадства складалася з вольных сялян-ваяроў. Таксама былі хатнія нявольнікі і залежныя людзі з ваеннапалонных. Імі кіравала радавая знаць ( эрлы ) на чале з конунгамі. Кожны конунг меў пры сабе служылых людзей (дружыннікаў).

Паходы вікінгаў. У канцы VIII ст. вікінгі пачалі ваенныя паходы на краіны і плямёны Заходняй і Усходняй Еўропы. Яны стваралі дасканалыя караблі, якія маглі плыць як па рэках, так і ў адкрытым моры. Карабель вікінгаў ( дракен ) меў мачту з ветразем, а таксама хадзіў і на вёслах. Даўжыня карабля - да 23 м, шырыня - да 5 м. Нос упрыгожвала галава змяі або цмока. Карабельная каманда мела 60-100 добра ўзброеных ваяроў. На карабель грузілі коней, запасы вады і харчавання. Ваенным паходам, які складаўся з некалькі дзясяткаў, ці нават сотняў дракенаў, кіраваў кароль. Пачатак паходаў на Захад - гэта чэрвень 793 г., калі вікінгі захапілі кляштар св. Куберта на востраве каля берагоў Англіі.

Жыхары Заходняй Еўропы называлі нападнікаў нарманамі (паўночнымі людзьмі) . У 795 г. пачалося заваяванне Ірландыі, якое закончылася ў 30-я гг. IX ст.Каля 800 г. даны напалі на дзяржаву франкаў. У 809 г. іх караблі з'яіліся ў Ла-Маншы Ад іх шгогадовых нападаў пацярпелі шматлікія гарады і кляштары Германіі і Францыі. У 845 г. быў абрабаваны Парыж. У 844 г. нарманы аблажылі Лісабон і потым дабраліся да італьянскага горада Пізы. У 60-я гг. IX ст. на Заходнюю Еўропу напала "Вялікая армія" вікінгаў. У 865 г. іх войскі захапілі некалькі англійскіх каралеўстваў на ўсходзе вострава. У 885-886 гг. каля 40 тысяч ваяроў на 700 караблях спрабавалі захапіць Парыж, аднак гэта ім не ўдалося. У пачатку X ст. узнікла Нармандыя, тэрыторыя на поўначы Францыі, захопленая нарманамі. У 874 г. нарвежскія вікінгі адкрылі Ісландыю і пачалі яе засяляць. Першае іх паселішча атрымала назву Рэйк'явік. Неўзабаве нарвежскі вікінг Эйрык Рыжы адкрыў вялікі востраў Грэнландыю. Яго сын Лейв Эйрык Шчаслівы каля 1000 г. даплыў да ўсходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі і назваў краіну Вінланд (край дзікага вінаграду) .

Доўгі час вікінгі былі язычнікамі і вельмі варожа ставіліся да хрысціян. Захавалася апісанне іх святыні ў Старой Упсале , што існавала з VI да XI ст. Храм быў аздоблены золатам і меў статуі трох галоўных багоў Тора, Водана і Фрыга . Тор кіраваў громам і маланкай, дажджом, надвор'ем і ўрадлівасцю. Водан - бог вайны, а Фрыг - бог міру і асалоды. Доўгі час праца хрысціянскіх місіянераў сярод нарманаў вялікага плёну не мела, і толькі пасля 830 г. яны змаглі збудаваць першы касцёл у Бірцы , аднак язычнікі неўзабаве яго спалілі. Храм быў адноўлены толькі ў 852 г. Таму можна лічыць дзейнасць католікоў-місіянераў да канца IX ст. наогул малаэфектыўнай.

Вікінгі на Усходзе. Стварэнне шпяху варагаў у грэкі". З'яўленне вікінгаў на абшарах Усходняй Еўропы мела свае асаблівасці. На паўднёвых берагах Балтыйскага мора жылі шматлікія плямёны балтаў, фіна-уграў і славян. Прычым эпоха вікінгаў гістарычна супала з шырокім рассяленнем славян, якія занялі былыя германскія землі на ўсходзе сённяшняй Германіі (заходнія славяне) і рассяліліся сярод балцкіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў (усходнія славяне). Славяне называлі вікінгаў варагамі . Такая назва спачатку адносілася да скандынаўскіх ваяроў з наёмнай варты візантыйскіх імператараў, а потым яна распаўсюдзілася на ўсіх вікінгаў, якія кантактавалі са славянамі. Балтыйскае мора славяне называлі Варажскім.

(Працяг у наст. нум.)


Ангарыя на Лідчыне 1

Міхал Шымялевіч

У 1381 г., калі Кейстут заняў Вільню Ягайлы 2, "Паслаў тады - апавядае Мацей Стрыйкоўскі - конна да Вітаўта, сына, у Гародню, каб даць ведаць яму што адбылося. Вітаўт прыехаў у той жа дзень з Гародні ў Вільню на размеркаваных па дарозе конях" 3. Пасля забойства вялікага князя ВКЛ Жыгімонта 4 у Троцкім замку ў 1440 г. адзін з дваран яго "Narbut pryiechawszy zywym mostom, y zasiade wysoki horod Wolenski na Michaluszka" 5 (сына Жыгімонта). Відочна, у абодвух выпадках адбылася язда на расстаўленых канях. Вялікі князь рабіў падарожжа на канях, расстаўленых у тых ягоных валасцях, праз якія ён праязджаў. Для пераездаў пасланцаў вялікага князя і паслоў чужаземных дзяржаў служыла "падвода". Падвода - гэта павіннасць усіх гарадоў і валасцей, яны павінны былі даваць вазы і коней для каралеўскіх слуг 6. У даўняй юрыдычнай тэрміналогіі гэта павіннасць мела назвы "ангарыя" ці "перангарыя" (angaria, perangaria). Павіннасць неслі не толькі маёнткі вялікага князя, але і прыватныя маёнткі і паселішчы: баяраў, людзей гаспадарскіх і панскіх. Павіннасць гэта была шырока распаўсюджана ў паганскай частцы Літвы. Кароль Уладзілаў Ягайла ў адным з першых сваіх прывілеяў пасля прыняцца хрысціянства, а менавіта ў прывілеі ад 22 лютага 1387 г. звольніў маёмасць, наданную рыма-каталіцкаму духавенству ад усялякіх службаў і павіннасцяў дзеля дзяржавы: "serviciis, angariis, praeangariis, podvodis, viarum custodibus, viis expeditionalibus, stationibus" . Кароль Казімір Ягелончык у земскім прывілеі ад 2 траўня 1457 г. увогуле звольніў падданых княжых, панскіх, баярскіх і мяшчанскіх Літвы ад усялякіх выплат пабораў, ад цяжару перавозаў які зваўся "падводамі" - "ab omni onere vectigalium que dicintur podvode" 7. Чацкі тлумачыць, што: "Паштовыя падводы якія даваліся, гэта: воз і коні, альбо толькі коні, і гэта называлася перавод, ці перавоз ... . Падарожныя выдавала каралеўская канцылярыя" 8.

Барон Гербенштэйн, імператарскі пасол, у 1515 г. ехаў "падводамі" з Любліна да Вільні праз каралеўскія воласці: Бельск, Гародню, Алькенікі і Руднікі, а праз некалькі год другі раз - з Берасця ў Вільню праз Ваўкавыск, Пескі, Масты, Шчучын, Васілішскі, Радунь, Эйшышкі і Руднікі. Пры гэтым сцісла запісваў адлегласці ў мілях да адной да другой станцыі.

Абавязак давання "падвод" абцяжарваў адзіна гаспадарскіх падданых і яго выкананне сведчыла пра прыналежнасць да ніжэйшага класа насельніцтва. Баяры і шляхта прывілеямі, якія часта няслушна парушалі каралеўскія чыноўнікі, усімі спосабамі ратаваліся ад выканання павіннасцяў, якія парушалі іх права. Часта справы гэтага роду даходзілі да караля і сярод актаў не рэдка можна сустрэць каралеўскія выракі па такім спрэчкам паміж, з аднаго боку, каралеўскімі чыноўнікамі і баярамі, шляхтай ці сялянамі з другога боку. Так у 1514 г. кароль Жыгімонт І пацвердзіў, што гаспадарскія эйшышскія людзі Якуб і Станкуць Міцковічы, таксам як і раней, не маюць даваць падвод і на талаку не хадзіць. У 1515 г. маршалкоўскі суд па загаду караля разбіраў справы эйшышскіх баяр Мацка Пранковіча, Багуміла Станковіча, Юхна Нарушэвіча і Барталамея Якубовіча. Суд прызнаў іх баярамі-шляхтай, якія абавязаны служыць земскую службу разам з іншымі эйшышскімі баярамі - на вайну хадзіць конна і збройна, не хадзіць на работы да гаспадарскага двара і "падвод" не даваць. Падобны дэкрэт выдаў земскі маршалак пан Ян Мікалаевіч Радзівіл у 1516 г. у справе радунскіх баяр: Пятра Радсковіча, Мікалая Рымтовіча і Якуба Міхновіча, якія скардзіліся на радунскага прыстава Івашку і на дзясятніка Наца, якія прыказвалі ім "дзякло" даваць і ў "падводы" хадзіць. Сваім дэкрэтам земскі маршалак прызнаў слушнасць скаргі і прызнаў, што баяры павінны выконваць толькі земскую службу, як і раней. У адказ на чалабітную слонімскіх баяр Мардаса Васюковіча, Мацэка Мяжэвіча, Яневіча і інш. Кароль Жыгімонт І 22 траўня 1544 г. прызнаў іх вольнымі ад цяглавай службы, у тым ліку яны не павінны былі хадзіць у "падводы" 9.

Каралеўскія чыноўнікі і панства не бераглі чалавека горшага гатунку - падуладнага ім падданага і аскубвалі яго, як толькі маглі. Адным са спосабаў уціску насельніцтва і ўзбагачэння чыноўнікаў было злоўжыванне павіннасцямі "падвод". Кароль Жыгімонт І у 1522 г. быў змушаны пісаць да жмудскага старасты і забараніць яго чыноўнікам і сваім цівунам выязджаць у воласці з жонкамі і асабістымі поштамі 10. Гэта ж той самы кароль пацвердзіў ва ўставе для Жмудскай зямлі ад 8 студзеня 1529 г. забарніўшы сваім цівунам частыя выезды ў воласці з непатрэбным асабістым атачэннем: мают ездити не в множе, але в малом почте слуг своих для тяжкости людей нашых"11. Не было ў тых загадах міласэрнасці, а толькі звычайная засцярога гаспадара перад забурэннем яго падданых, што адбілася б на каралеўскіх даходах. Такія самы стасункі, відавочна, панавалі і ў іншых рэгіёнах старой Літвы, аж пакуль вальны віленскі сойм у 1551 г. не замяніў натуральныя павіннасці даваць "падводы" на грашовыя складкі. Складкі тыя ў пэўнай ступені тычыліся і тых панскіх падданых, якія паходзілі з каралеўскага надання 12. Трэба зразумець, што шляхце гэта не магло спадабацца, і на наступным віленскім сойме 1554 г. яна пабачыла ў гэтым наступ на свае свабоды і звярнулася да караля з петыцыяй аб поўным звальненні шляхты ад пастояў і "падвод". Кароль аднак, баронячы інтарэсы дзяржавы паставіўся да гэтай пятыцыі негатыўна 13. Справа "падвод" была ўрэгулявана агульнымі законамі, выдадзенымі каралём Жыгімонтам Аўгустам па "намове" паноў-рады 20 ліпеня 1558 г. 14. Згодна з тымі законамі месцічы ў гарадах і падданыя караля а таксама некаторыя падданыя шляхты, якія жылі каля вялікіх дарог, былі абавязаны трымаць коней і па-чарзе, па-тыдні, выконваць перавоз пасланцаў па каралеўскіх і земскіх справах. Сабраныя з гарадоў складкі на "падводы" звыкла адсылаліся ў каралеўскі скарб, з якога пасланцы атрымлівалі ў рукі на праезд "ліст падводны" і патрэбную для аплаты праезду суму авансам. Грошы плаціліся ўладальнікам коней на кожнай станцыі - па 1 літоўскім грошы за мілю.

Кніга VII Спраў публічных Метрыкі Літоўскай, апублікаваная ў Т. ХХХ. РИБ утрымлівае шмат запісаў 1563-1566 г. аб рассылцы каралеўскіх дваран з урадавымі лістамі ў справе падтрымкі арміі, якая ваявала на поўначы. На падставе гэтых запісаў мы можам даведацца пра кірункі ўсіх вялікіх дарог - гасцінцаў, якімі каралеўскія дваране ехалі з Вільні, галоўнага адміністратыўнага цэнтра таго часу. А менавіта:

1. На Шырвінты і Вількамір.

2. На Няменчын, Свенцяны і Браслаў (Інфлянцкі тракт).

3. На Свір і Дунілавічы (Полацкі тракт).

4. На Немяж, Меднікі, Ашмяны, Крэва і Менск.

5. На Салечнікі, Геранёны, Наваградак і Нясвіж.

6. На Рудаміну, Жырмуны, Ліду, Беліцу, Слонім.

7. На Эйшышкі, Радунь, Васілішкі, Масты, Ваўкавыск.

8. На Руднікі, Алькенікі, Мерач, Ож і Гародню.

9. На Трокі, Высокі Двор, Аліту, Сярэе і Ладзее.

10. На Еўе, Жыжморы і Коўню.

Не маем спісу станцый на гэтых дарогах, гэта значыць месца змены коней "падводных". Адзінае ведаем, што аб станцыях адбываліся спрэчкі паміж землеўладальнікамі ці гарадамі. У 1507-1509 гг. княгіня Слуцкая судзілася перад каралём Жыгімонтам І з князем Фёдарам Яраслававічам аб тым, што ён не мяняе слуцкія ці капыльскія "падводы" ў Клецку. На віленскім сойме 1551 г. разглядалася справа: васілішскія і ваўкавыскія "падводы" змяняліся ў Мастах, а "падводы" ваўкавыскія і камянецкія ў Шарашаве. Зацвердзіць гэта павінна была каралева-маці, як дзяржаўца Гарадзенскай эканоміі і іншых валасцей, таму кароль перадаў справу ёй. Вынікі разгляду каралевай-маці не вядомыя 15.

Залацвіўшы справы "падвод" ў ВКЛ, кароль Жыгімонт Аўгуст выдаў два ўніверсалы: 28 сакавіка 1564 г. "Падводны варшаўскі" і 14 траўня 1565 г. "Пра падводы універсал петрыкаўскі", якімі справа падвод на ўзор Літвы была ўрэгулявана і ў Кароне. Усталяваны раз і на заўсёды парадак дажыў да ўпадку Рэчы Паспалітай. Каралеўскія гарады раз у год збіралі складкі вызначаныя ўніверсалам караля, якія адсылалі ў каралеўскі скарб. З гэтых складак аплачваўся кошт урадавых пераездаў. Згодна з універсалам караля Аўгуст ІІ ад ліпеня 1699 г. для пакрыцця "падводных" сум збіраліся наступныя квоты: Ашмяны - 30 злотых, Ліпнішкі - 40 злотых, Ліда - 30 злотых, Новы Двор - 20 злотых, Эйшышкі - 16 злотых, Радунь - 30 злотых, Васілішкі - 20 злотых, Астрына - 30 злотых і г.д.

Пры канцы XVIII ст. у Лідскім павеце былі зроблены вялікія паштовыя тракты з Пецярбурга на Вільню, Ліду да Гародні, а таксама з Ліды на Наваградак і далей праз Слонім да Пінска і Брэст-Літоўска.

На гэтых трактах на пачатку ХІХ ст. функцыянавалі паштовыя станцыі: Ядліна, Беняконі, Сакалы, Ліда, Лупеніца, Навіны, Наваградак, Карэлічы, Мір, Нясвіж, Беліца, Дзятлава, Задвор'е, Слонім, Місявічы, Ружаны, Радзівонішкі, Ішчална, Шчучын, Каменка, Скідаль, Жыдомля. Потым расклад станцый быў зменены.

У 1849-1860 гг. на паштовых станцыях Лідчыны утрымлівалася наступная колькасць коней.

Праз станцыі адбываўся рух прыватных і дзяржаўных пасажыраў, ішла карэспандэнцыя і пасылкі. Чыноўнікам за праезд па службовых справах плацілі звыклыя "прагонныя", па 3 кап. за вярсту, прыватным асобам праезды выходзіў даражэй. Яшчэ можна была ехаць у сваім экіпажы. Як з Вільні ў Аўстрыю і Італію ехаў Міхал Баброўскі ў 1817 г. Ён запісаў у сваім ў сваім дзённіку: "Жнівень. 1817 г. а 4-й гадзіне пасля поўдня 5/17 жніўня карэтай выехаў з Вільні разам Шымонам Паразінскім, кап. каад. Крашэўскага, прэзідэнтам Бярозскай камісіі. Пасля 1/2 мілі дарогі развіталіся з Ю. Кант. Ходанем, прафесарам маральнай тэалогіі, дэканам аддзела навук маральна-палітычных, са Знамероўскім кап. каад. Дадэркі і Шымкевічамі - сакратарамі, сярод узгоркаў. ... Ехалі ўсю ноч. 6. У Лідзе. Пасля ранішняга абеду ў Новым Двары (?) рана спаткаліся з рэгентам галоўнай семінарыі Лясневічам, кап. каад. Смольскага. Да Слоніма а 1-й прыбылі. 7. Пасля позняга абеду і візіту канонікаў рэгулярных, смутнага выгляду Яноўскага, які дагарае з воднай пухліны, а 8-й спыніліся з Жыровічах, дзе міла прынятыя сурагатам Дылеўскім" 16.

А. Карэва, капітан генеральнага штаба, аўтар вядомай кнігі 17, які вывучаў край у 1857-1859 гг. пісаў, што паштовыя станцыі пераважна па-конкурсе атрымлівалі яўрэі. Лепшы ці горшы парадак на станцыі залежаў ад заможнасці і пачцівасці поштхалтэра. Капітан Карэва падчас сваіх выездаў па губерні заўважыў, што станцыі лепш утрымліваюцца на дыстанцыі паміж Вільняй і Лідай: коні лепшыя, вопратка фурманоў чыстая, вупраж і экіпажы ў парадку. Хуткасць язды была 10 вёрст ў гадзіну 18.

Паштовыя пасажырскія тракты функцыянавалі да 1885 г., калі пасажырскі рух быў перанесены на новапа-будаваную чыгунку Вільня - Ліда - Баранавічы.

Інакш адбывалася язда паштовым трактам. У моц артыкула 186 Закона аб павіннасцях земскіх (Збор законаў, Т. IV.) жыхары Лідчыны, як іншых паветаў, былі абавязаны выконваць для дзяржавы наступныя абавязкі: выстаўляць падводы, рамантаваць дарогі і даваць пастой войску. Што датычыць падвод, дык яны прызначаліся чыноўнікам паліцыі і афіцэраў жандармерыі - бясплатна, для іншых асоб па 3 капейкі за вярсту і каня. Гэтымі павіннасцямі кіраваў "уездный распорядительный комитет" якім кіраваў павятовы спраўнік (начальнік паліцыі). Той жа капітан А. Карэва гэтак апісвае такі спосаб камунікацыі: "Для выездаў ў справах службовых па-за паштовыя тракты, губернская ўлада выдае "открытый лист" па якім жыхары вёскі абавязаны даваць каня за аплату, якая выдзялялася для поштаў. Язда такім спосабам адбывалася наступным чынам: падарожнік паказваў свой "открытый лист" пяцісотніку, сотніку ці дзясятніку, які даваў каманду выдзеліць коней. У гэтым паданні былі схаваныя ўсялякія праблемы такога роду пошты. Сяляне вельмі неахвотна даюць вазы і кожны з іх стараецца неяк пазбегнуць гэтай долі. Увесну і ўлетку - у рабочы час - выдумляюцца любыя нагоды, каб не ехаць. Толькі пасля доўгіх спрэчак вызначаецца той, хто будзе ўласнымі конямі везці чыноўніка. Але ўвесну і ўлетку, звычайна, коней няма пры хаце, і на зборы сыходзіць шмат часу. А на замену коней у прамежкавай вёсцы ідзе 3 - 4 гадзіны. А калі коні далёка ад вёскі, дык і 7 гадзін. ... Таму камандзіраваны чыноўнік нават самых прыхільных умовах часта не можа праехаць нават 40 вёрст за суткі".

Апрача тройкі коней з экіпажам і фурманам, выдзеленых для выездаў павятовага спраўніка ў Лідзе, па пары коней з брычкай з фурманам ужо ў 1860-х гг. меў кожны з станавых прыставаў: у Жырмунах да 1876 г., у Воранаве з 1906 г., у Эйшышках, Васілішках, Шчучыне, Жалудку (да 1876 г.), у Дзевянішках з 1904 г., у Суботніках (1904-1908 гг.), у Іўі (з 1908 г.) і Беліцы (з 1906 г.). Для службовых выездаў іншых чыноўнікаў, пасля адмены прыгону, пры кожнай гміне адбывалі свой тэрмін па-чарзе гаспадары-сяляне з сваім канём. І калі чыноўніка везлі парай коней, дык на воз сядала два фурманы - уладальнікі коней. У 1896 г. віленскі губернскі распарадзіцельны камітэт увёў парадак утрымання апрача паліцэйскіх, яшчэ і дадатковую колькасць коней з брычкай і фурманам пры гмінных управах, чыгуначных станцыях, і г.д. Коней гэтых праз гандлі трымалі прыватныя асобы. Гандлі (конкурс) сярод ахвочых быць трымальнікам коней праводзіўся пры ўправе паліцыі ў Лідзе. Тыя хто выйграў ганді, атрымлівалі звыклую аплату ад пасажыраў у памеры 3 капейкі за вярсту, акрамя таго атрымлівалі даплату з дзяржаўных грошай ("губернского земского сбора") Віленскай губерні.

У 1896 г. у вызначаных пунктах Лідскага павета стаяла 34 кані. Кантрактавы кошт утрымання аднаго каня быў 260 рублёў штогод.

У 1911 г. коні меліся ў наступных пунктах:

Ліда, пры ўправе павятовай паліцыі - 16 коней.

Жырмуны, пры гміннай управе - 5 коней.

Беняконі, пры гміннай управе - 2 кані.

Эйшышкі, пры гміннай управе - 5 коней.

Белагруда (Тарнова), пры гміннай управе - 3 кані.

Мыто, пры гміннай управе - 4 кані.

Васілішкі, пры гміннай управе - 4 кані.

Лебяда, пры гміннай управе - 4 кані.

Жалудок, пры гміннай управе - 2 кані.

Шчучын, пры гміннай управе - 5 коней.

Сялец, пры чыгуначнай станцыі - 2 кані.

Суботнікі, пры гміннай управе - 2 кані.

Іўе, пры гміннай управе - 3 кані.

Мацкавічы, з 1901 г., пры гміннай управе - 3 кані.

Ліпнішкі, з 1901 г., пры гміннай управе - 2 кані.

Дуброўня, з 1902 г., пры гміннай управе - 2 кані.

Беліца, пры гміннай управе - 3 кані.

Канява, пры гміннай управе - 2 кані.

Орля, пры гміннай управе - 2 кані.

Ражанка, пры гміннай управе - 2 кані.

Нарашы, пры гміннай управе - 3 кані.

Дэмбрава, пры гміннай управе - 2 кані.

Радунь, пры гміннай управе - 2 кані.

Забалаць, пры гміннай управе - 2 кані.

Пакроўскае (Сабакінцы), пры гміннай управе - 2 кані.

Ганчары, пры гміннай управе - 3 кані.

Дакудава, пры гміннай управе - 2 кані.

Скрыбаўцы, пры чыгуначнай станцыі - 4 кані.

Воранава, пры чыгуначнай станцыі - 2 кані.

Апрача гэтых, дзяжурных коней, кожная гміна утрымоўвала па пары коней для выездаў гмінных чыноўнікаў. Звычайна як дзяжурных, так і гмінных коней трымаў адзін і той жа чалавек - той хто выйграў гандлі.

Такі стан рэчаў дажыў да 1915 г.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


1 Szymielewicz Michal. Angaria w Ziemi Lidzkiej // Ziemia Lidzka №10-1938. S. 125-128.

2 У 1381 г. Кейстут заняў Вільню, і ўзяў Ягайлу ў палон. Яго выпусцілі на волю пасля таго, як ён пісьмова прызнаў Кейстута вялікім князем - Л. Л.

3 M. Stryjkowski. Kronika etc. II. 63.

4 Жыгімонт Кейстутавіч (1365? - 1440), брат Вітаўта - Л.Л.

5 Летопись Быховца. ПСРЛ. XVII. 535.

6 Ks. A. Kurczewski. Kosciol Zamkowy. II. Палаціне. J. Danilowicz. Skarbiec. I. №540 у перакладзе польскім. У часы Ягайлы на лідчыне касцельнай уласнасцю былі наступныя вёскі Дуброўна (Дуброўня), Біскупцы, Любары, Германішкі, Каладяжышкі.

7 Danilowicz. Skarbiec. II. №1915.

8 T. Czacki. O litewskich i polskich prawach. I (1861.). 72.

9 РИБ. ХХ (1903.), 157. 224-226. 349. 444.

10 Любавский М. Обл. дел. дадатак № 35.

11 РИБ. ХХХ. 72.

12 Ibid. 218-219.

13 Ibid. 235-236.

14 Ibid. 592-598.

15 Ibid. 219.

16 Ibid. 219.

17 А. Корево. Виленская губерния. 1860. 185.

18 10 вёрст - 10,925 км.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX