НАША СЛОВА № 10 (1317), 9 сакавіка 2017 г.
4 сакавіка прайшоў ХVІІ з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў
Больш за дзве з паловай сотні літаратараў сабраліся 4 сакавіка ў менскім Палацы мастацтваў, дзе адбыўся XVII справаздачна-выбарчы з'езд ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". На сходзе абралі кіраўніцтва і новы склад Рады СБП, а таксама прынялі шэраг дакументаў па надзённых пытаннях у сферы культуры.
На адкрыцці ўдзельнікаў з'езда павіталі Уладзімір Някляеў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, старшыня Кіеўскай арганізацыі Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны Уладзімір Даніленка, член Праўлення Літоўскага саюза пісьменнікаў Вітаўтас Дэкшніс, кіраўнік МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская. Анатоль Івашчанка зачытаў прывітальнае слова ад пісьменніцкай арганізацыі Швецыі.
З асноўным дакладам на з'ездзе выступіў старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч.
За час, які прайшоў з мінулага з'езда напрыканцы 2011 года, Саюз беларускіх пісьменнікаў павялічыўся на 79 чалавек і стаўся адной з найбуйнейшых грамадскіх арганізацый краіны, цяпер у яго ўваходзіць 470 літаратараў - паэтаў і празаікаў, перакладчыкаў і крытыкаў, драматургаў. Саюз выдае і падытрымлівае кніжныя серыі "Кнігарня пісьменніка", "Каляровы ровар", "Пункт адліку", а таксама "Бібліятэка часопіса "Дзеяслоў". Вакол часопіса "Дзеяслоў" і газеты "Літаратурная Беларусь" гуртуюцца найлепшыя літаратурныя сілы краіны. Многія сябры Саюза пісьменнікаў за гэты час былі ўганараваныя прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі, а Святлана Алексіевіч стала адзінай на постсавецкай прасторы лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры. За пяць гадоў адбыліся тысячы літаратурных імпрэзаў, праходзілі літаратурныя фестывалі памяці Міхася Стральцова, пры непасрэдным удзеле СБП былі заснаваныя літаратурныя прэміі імя Ежы Гедройца, Максіма Багдановіча, Карласа Шэрмана, Цёткі. Штогод для моладзі праводзіўся Літаратурны конкурс "Экслібрыс", а з 2012 года пры СБП пачала працу Школа маладога пісьменніка, першы ў Беларусі адукацыйны праект creative writing, дзе прайшлі падрыхтоўку каля сотні маладых літаратараў.
Галоўным вынікам з'езду сталася распрацоўка і ўхваленне дакументаў па найбольш праблемных пытаннях нацыянальнай культуры. Удзельнікі з'езду прынялі выніковую рэзалюцыю да беларускіх уладаў, у якой, сярод іншага, адзначылі важнасць паслядоўнай абароны незалежнасці ва ўмовах расійска-ўкраінскага ваеннага канфлікту; прапанавалі распрацаваць і ажыццявіць стратэгію па пашырэнні арэалу ўжывання беларускай мовы на ўсіх узроўнях грамадскага жыцця; падкрэслілі неабходнасць ільготнага падаткаабкладання для выдаўцоў беларускамоўнай літаратуры; заклікалі даць належную ацэнку злачынствам таталітарнай савецкай сістэмы, правесці інфармацыйную кампанію па пытаннях дэкамунізацыі грамадства, запатрабавалі ўшанавання мемарыяла "Курапаты", а дзень 29 кастрычніка абвясціць афіцыйным Днём памяці ахвяр сталінскага тэрору.
Акрамя асноўнай рэзалюцыі, былі прынятыя заявы XVII з'езда "З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання", "Па сітуацыі з літаратурнымі музеямі", "Па сітуацыі ў Курапатах"
Пасля прыняцця выніковых дакументаў былі праведзены выбары кіруючых органаў ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Старшынём ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" быў пераабраны Барыс Пятровіч Сачанка. Таксама быў абраны новы склад Рады СБП, які, у сувязі з узбуйненнем арганізацыі, з 35 чалавек павялічыўся да 39.
Прэс-служба ГА СБП. Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч Сачанка ( Барыс Пятровіч ). Празаік-мадэрніст. Аўтар кніг «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998), «Шчасце быць» (2004), «Жыць не страшна» (2008), «Піліпікі» (2009), «Плошча» (2010), «Спакушэнне» (2013), «Спачатку была цемра» (2013), «Пуціна» (2015). Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», куратар і рэдактар сямі дзясяткаў кніг. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес» 2008 года.
За Кодэкс аб адукацыі па-беларуску
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францыска Скарыны"
Трусаву А.А.
220034, г. Мінск,
вул. Румянцава, 13
Аб распрацоўцы новай версіі
Кодэкса Рэспублікі Беларусь
аб адукацыі
Паважаны Алег Анатольевіч!
У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш зварот аб распрацоўцы новай версіі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей - Кодэкс аб адукацыі) на дзяржаўнай беларускай мове.
Міністэрства адукацыі падзяляе Вашу пазіцыю па дадзеным пытанні і зацікаўлена ў наяўнасці ў навучальных установах Кодэкса аб адукацыі, выдадзенага на дзвюх дзяржаўных мовах.
На працягу трох год Міністэрствам адукацыі праводзілася грунтоўная работа па распрацоўцы нормаў законапраекта, які ўносіць змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адукацыі. На сёняшні дзень законапраект, які распрацаваны на рускай мове ў адпаведнасці з Планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2014 год (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2014 года № 572), удасканальваецца з улікам заключэння Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь і ў бліжэйшы час будзе накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, а потым ва ўстаноўленым парадку - у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Міністэрства адукацыі плануе падчас працы над законапраектам у Палаце прадстаўнікоў выйсці з прапановай аб ажыццяўленні афіцыйнага перакладу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі на беларускую мову і яго апублікаванні на дзвюх дзяржаўных мовах.
Міністр І.В. Карпенка.
75 гадоў з дня нараджэння Міхася Ткачова
Міхась Аляксандравіч ТКАЧОЎ (10 сакавіка 1942, Мсціслаў - 31 кастрычніка 1992, Менск) - беларускі гісторык, археолаг, грамадска-палітычны дзеяч. Доктар гістарычных навук (1987), прафесар (1989).
Нарадзіўся ў настаўніцкай сям'і Алеся Рыгоравіча і Дамінікі Сямёнаўны. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасля вайны будучага гісторыка выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю атрымаў у родным Мсціславе ў сямігодцы № 3. У 1959 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Пасля размеркавання па заканчэнні вучобы ў 1964 амаль пяць гадоў настаўнічаў у Жодзіна, быў завучам. Пры падтрымцы Пятра Глебкі паступіў ў 1968 годзе ў аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. У 1978 годзе прыняў запрашэнне з Гародні, дзе адкрываўся ўніверсітэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983-1985 - загадчык кафедры. 1 сакавіка 1986 года ў Гародні з асветніцкімі мэтамі быў створаны гістарычна-культурны клуб "Паходня", адным з заснавальнікаў і кіраўніком якога быў М. Ткачоў. Тут збіраліся аматары гісторыі і культуры Беларусі, запрашаліся вядомыя навукоўцы.
Па вяртанні ў Менск у 1989 годзе М. Ткачоў працаваў у рэдакцыі "Беларускай Савецкай Энцыкляпедыі": спачатку з 1989 - загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992 - галоўным рэдактарам "Беларускай Энцыкляпэдыі".
Напрыканцы 1980-х М. Ткачоў уключыўся ў актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць. Пасля пераезду ў Менск ён удзельнічаў ва ўтварэнні "Мартыралогу Беларусі", уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, зрабіўся намеснікам старшыні Сойму БНФ. Ткачоў быў ініцыятарам аднаўлення ў Беларусі сацыял-дэмакратыі - з сакавіка 1991 году ён старшыня Цэнтральнай рады адноўленай БСДГ.
Прэзідыум БСДП прыняў пастанову па ўшанаванні памяці Міхася Ткачова. Поўны тэкс пастановы можна знайсці на сайце партыі.
Вікіпедыя.
Дзень роднай мовы
Нясвіж
Шырока адзначыла 21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы.
Пачаўся дзень з эрудыт-марафона з вучнямі школ горада "Мая непаўторная родная мова".
Наступны этап адкрыццё выставы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа "Якуб Колас. Чалавек. Эпоха. Час". Прадставіў выставу ст. навуковы супрацоўнік філіяла ў в. Мікалаеўшчына Сямён Пятровіч Корсік.
Пасля абеду настала чарга Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі для ўсіх ахвотных. Ва ўтульнай зале бібліятэкі дыктоўку чытала бібліятэкар 1-й катэгорыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Наталля Антонаўна Богдан.
На працягу дня наведвальнікам бібліятэкі прапаноўваліся імпрэзы:
- "Вывучаем беларускую мову": выстава-крыжаванка;
- "Гавары са мной па-беларуску": дзень беларускамоўных зносін;
- "Для мяне беларуская мова - гэта…";
- "Кніжны джэм": банк рэкамендацый твораў беларускіх аўтараў.
У фае бібліятэкі на экране дэманстраваліся відэаролікі пра родную мову і беларускіх пісьменнікаў - юбіляраў 2017 г.
Завяршаў дзень паэтычны дыліжанс "Жыві, наша мова!" з удзелам літаратурна-музычнага аб'яднання "Валошкі".
Дыліжанс рушыў у дарогу з інсцэніроўкай верша Віктара Трусевіча (з Затур'і) "Родная мова". Ролю мовы выконвала Наста Азарка, у ролі аўтара выступаў Аляксей Сачко. На прыпынках дыліжанса свае вершы чыталі Ўладзімір Жылка, Настасся Азарка, Алег Пракарына, Валянціна Шчарбакова, Алена Шаблоўская, Галіна Макаўчык, Наталля Бордак. Гучалі вершы Веры Маславай
Краязнавец Наталля Плакса прадставіла падрыхтаваную да друку кнігу "Кунтуш Радзівілаў або 100 эцюдаў новага Нясвіжазнаўства". Адзін з эцюдаў - гэта слоўнік мовы Нясвіжчыны. Нават не бачыўшы таго слоўніка можна даваць станоўчую адзнаку, бо да гэтай тэмы даўным даўно трэба было звярнуцца.
Падчас імпрэзы гучалі песні Тамары Прыгун, у т. л. "Хай жыве Беларусь" у выкананні гурта "Аксэль". А завяршылася дзея "Малітвай" Янкі Купалы.
Усё гэта адбылося ў цэнтральнай бібліятэцы, а цэлы шэраг мерапрыемстваў рознага кшталту прайшоў і па раёне, бо жыве на Нясвіжчынеі родная мова і будзе жыць.
Наш кар.
Х Агульнанацыянальная дыктоўка
Баранавічы
У суботу 25 лютага сябры ТБМ з Баранавічаў прынялі ўдзел у дзесятай Агульнанацыянальнай дыктоўцы. Пісалі прадмову да кнігі "Эклізіяст" Францішка Скарыны. Прафесійна дыктавала і рабіла праверку настаўніца з вялікім стажам Дуброўка Галіна Дзмітраўна.
Пад час праверкі тэкст дыктоўкі дэманстравалі на экране, таму правяраць сябе маглі і самі ўдзельнікі. Пасля спявалі песні, абмяркоўвалі планы працы на лета.
Мікалай Падгайскі.
Слонім
У Міжнародны дзень роднай мовы слонімцы пісалі дыктоўку па кнізе свайго земляка Алега Лойкі "Францыск Скарына або Сонца маладзіковае". Дыктоўку чытаў былы настаўнік роднай мовы, а цяпер 86-гадовы пенсіянер Мікалай Ракевіч. Перад пачаткам дыктоўкі Мікалай Ракевіч прачытаў верш "Родная мова" Максіма Танка. А потым усе пісалі дыктоўку, прыгадваючы свайго земляка Алега Лойку і яго кнігу пра Францішка Скарыну. Падчас дыктоўкі слонімцам патэлефанавала з Менска ўдава доктара філалагічных навук, паэта і літаратуразнаўца Міколы Арочкі Марыя Арочка і ўсіх шчыра павіншавала з Днём роднай мовы.
Беларускае Радыё Рацыя.
Міжнародны дзень роднай мовы на Лідчыне
1-шы бібліятэчны філіял
21 лютага ў бібліятэцы-філіяле № 1 прайшла гадзіна роднай мовы "Мова народа - яго святыня". У атмасферы добразычлівасці адбылася размова пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы. Прысутныя прынялі ўдзел у Х Агульнанацыянальнай дыктоўцы.
Рыхтавала імпрэзу бібліятэкар Гушчынская Святлана Іванаўна.
Наш кар.
2-гі бібліятэчны філіял
Беларуская мова найстаражытнейшая сярод славянскіх і, паводле даследаванняў, самая мілагучная пасля італьянскай. Моўная культура беларусаў надзвычай багатая і самабытная. Яна ўвасоблена ў песнях, прыказках і, вядома ж, у творах мастацкай літаратуры Таму далучыліся да Міжнароднага дня роднай мовы і маленькія лідзяне. Для іх у 2-м бібліятэчным філіяле горада быў арганізаваны ўрок пад назвай "Прыгарніся ды роднага слова". Другакласнікі восьмай школы чыталі вершы і спявалі песні на беларускай мове, адказвалі на пытанні віктарыны.
2-гі бібліятэчны філіял размешчаны ў мікрараёне "Раслякі". Тут ёсць рускамоўная СШ № 8, лёдавы палац, спорт-комплекс "Алімпія", але іншых устаноў культуры акрамя бібліятэкі няма. Таму бібліятэцы і яе гаспадыні Рамук Алене Браніславаўне наканавана роля асноўнага правадніка беларушчыны ў мікрараёне. Трэба спадзявацца, што мерапрыемствы з такой нагоды тут будуць пастаяннымі і частымі.
Наш кар.
Тарнова
Імпрэзу "Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся" ў Міжнародны дзень роднай мовы правяла бібліятэкар Тарноўскай бібліятэкі Ашмяна Таццяна Валянцінаўна.
Наш кар.
Гарадская дзіцячая біблітэка
22 лютага ў Лідскай гарадской дзіцячай бібліятэцы прайшла імпрэза да Міжнароднага дня роднай мовы. Арганізатар - Ягорава Тарэса Леанідаўна.
Наш кар.
Бярозаўка
Дзень роднай мовы "Роднай мовы гук чароўны" правялі супрацоўнікі ГДК г. Бярозаўкі сумесна з Бярозаўскай дзіцячай бібліятэкай. Да свята бібліятэкары аформілі кніжнаілюстацыйную выставу "Мову матчыну шануйце" і правялі квэст-гульню з прыпынкам "Ужываем фразеалагізмы", а таксама агляд літаратуры, размешчанай на выставе.
Наш кар.
Домік Таўлая
22 лютага падчас тыдня роднай мовы ў лідскім Доміку Таўлая прайшоў чарговы ўрок у рамках праграмы "Ў школу да Цёткі". Урок быў прысвечаны ўнікальнай літары беларускага алфавіта "Ў нескладовае".
На ўрок прыехалі каля 25 чалавек са школы № 12 г. Ліды. Школа знайходзіцца далёка, часу на дарогу патрэбна шмат, таму кожная хвіліна ўрока выкарыстоўвалася напоўніцу. Дзеці паслухалі пра гісторыю ўнікальнай беларускай літары, асаблівасці яе выкарыстання на пісьме. Потым выконвалі розныя заданні, разгадвалі красворды з выкарыстаннем ў . Слухалі музычныя кліпы і глядзелі відэасюжэты па тэме. Тэхзабяспячэнне тут выдатнае.
Сама тэма ўрока кожны месяц мяняецца, але любы папярэдні ўрок можна замовіць, і ён будзе паўтораны.
Наш кар.
Х Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне
Лідскі каледж
21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы, а ў нашай краіне натуральна - Дзень беларускай мовы.
Лідскі каледж не першы раз прымае ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных гэтай знамянальнай даце. Так навучэнцы 1 курса гуманітарнага аддзялення правялі гульню "Размаўляем па-беларуску", якая вельмі папулярная на сучасны дзень паміж школьнікаў і навучэнцаў. У гэты дзень у каледжы заняткі па большасці прадметаў вяліся на роднай мове, а таксама ў час перапынкаў гучала беларуская гутарка.
У гэтым годзе праводзілася юбілейная Х Агульнанацыянальная дыктоўка. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі і навучэнцы Лідскага каледжа. Дыктоўку пісалі юнакі і дзяўчаты 1-4 курсаў гуманітарнага і будаўнічага аддзяленняў, аддзяленняў механікі і электронікі. Агульная колькасць пісаўшых дыктоўку склала 280 чалавек. У асноўным навучэнцы пісалі тэкст "Усмешка" Янкі Брыля.
Сёлета да напісання дыктоўкі далучыліся выкладчыкі і работнікі каледжа, якія пісалі прадмову Францішка Скарыны да кнігі "Эклізіяст". Хочацца адзначыць, што большасць выкладчыкаў напісала дыктоўку на "выдатна".
Трэба сказаць, што кафедра філалагічных дысцыплін Лідскага каледжа на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з ТБМ горада Ліды і прымае актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца гэтай арганізацыяй.
Наш кар. На здымку: Дыктоўку чытае выкладчык беларускай мовы Ліпская Святлана Аляксееўна.
Гімназія №1 горада Ліды - крок да роднай мовы
Ужо з ранку 21 лютага горад Ліда пачаў святкаваць Міжнародны дзень роднай мовы. Так, так! У гімназіі № 1 у гэты дзень адбылася сустрэча з лідскім літаратарам, навуковым супрацоўнікам літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея, кіраўніком літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Алесем Хітруном. Напачатку выхаванцы зачыталі вершы госця, у якіх закладзены матыў любові да роднай мовы і малой радзімы. Чым не асалода для паэта! З вуснаў запрошанага госця гімназісты дазналіся пра гісторыю святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, пра гісторыю ўзнікнення літаратурнай суполкі "Суквецце", якая між іншым, у гэтым годзе адзначыць 50-годдзе з дня заснавання. Алесь распавёў пра запланаваныя мерапрыемствы (выставы, заняткі музейна-адукацыйнай праграмы "Ў школу да Цёткі" і інш.), якія праходзяць і будуць арганізаваны ў літаратурным аддзеле музея, запрасіў вучняў прыняць у іх удзел і часцей наведваць дом паэта В. Таўлая. Не абышлося і без твораў. Алесь Хітрун зачытаў свае гумарыстычныя карацелькі, вершы. На памяць аб незабыўнай сустрэчы Алесь пакінуў дарчы подпіс у літаратурна-мастацкім зборніку № 8 "Ад лідскіх муроў". У гэты ж дзень два класы гімназіі (43 чалавекі) пісалі Х Агульнанацыянальную дыктоўку.
Гімназія № 1 рускамоўная, але менавіта тут у большасці класаў гісторыя Беларусі выкладаецца па-беларуску.
Наш кар.
Шаноўныя чытачы.
Прыносім прабачэнне за памылку дапушчаную ў папярэднім нумары. Безумоўна, мы віншавалі тых, хто нарадзіўся ў сакавіку.
Рэд.
Установы адукацыі
Штогод 21 лютага ва ўсіх установах адукацыі Лідскага раёна адзначаецца Сусветны дзень роднай мовы, праводзяцца розныя акцыі: "Гавары са мной па-беларуску", "Мае любімыя беларускія словы", "Напішы СМС па-беларуску", "Вітаемся па-беларуску", "Мы за родную мову" і інш.
З мэтай папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы на класных гадзінах настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, класнымі кіраўнікамі ўстаноў адукацыі праведзены дыктант, у якім прынялі ўдзел 5008 вучняў II - XI класаў.
Дыктоўкі прайшлі ў 33 установах адукацыі раёна. Некаторыя школы ўдзельнічаюць у дыктоўцы трэці раз (Ходараўцы), а асноўная маса - у другі.
Найбольш масавыя дыктоўкі прайшлі ў СШ № 17 - пісалі 585 чалавек; у СШ №12 - пісалі 529 чалавек; СШ № 1 - пісалі 405 чалавек; СШ № 15 - пісалі 342 чалавекі; СШ № 9 - пісалі 336 чалавек і г.д.
У гімназіі № 1 г. Бярозаўкі, бярозаўскіх СШ № 2 і СШ № 3 у дыктоўцы ўдзел узяла прыкладна роўная колькасць вучняў: 127, 118 і 121 чалавек адпаведна.
Сярод сельскіх школ 181 чалавек пісаў дыктоўку ў Першамайскай СШ, 179 чалавек - уДзітвянскай СШ, 101 чалавек - у Ёдкаўскай СШ; 92 чалавекі - у Ваверскай СШ і г.д. Дыктоўкі праводзіліся па класах, магчыма недзе ў сельскіх школах класы аб'ядноўвалі, але ў цэлым у школах прайшло ка каля 240 дыктовак.
Параўнанні паміж школамі праводзіць нельга, у кожнай свая колькасць вучняў, свае ўмовы, але адназначна можна сказаць, што большасць лідскіх устаноў адукацыі аднесліся да напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі з поўнай адказнасцю. Другі год школьная Лідчына ў агульнабеларускую скарбонку дадае 5 тысяч удзельнікаў дыктоўкі.
Традыцыйным ва ўстановах адукацыі Лідскага раёна стала правядзенне ў лютым Тыдня беларускай мовы. У планы святочных мерапрыемстваў ва ўсіх установах адукацыі ўключаюцца разнастайныя тэматычныя вечарыны; конкурсы на лепшага дэкламатара твораў, прысвечаных роднай мове; віктарыны; завочныя экскурсіі; вусныя часопісы, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў і мовазнаўцаў; кніжныя выставы. У кабінетах беларускай мовы і літаратуры арганізаваны выпуск насценных газет, прысвечаных жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў, пытанням развіцця беларускай мовы і культуры. У бібліятэках пастаянна дзейнічаюць кніжныя выставы рознай тэматыкі.
Наш кар.
Лідскі раён
Можна падвесці агульныя вынікі напісання Х Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Лідскім раёне.
Дыктоўка арганізоўвалася на дзяржаўна-грамадскім узроўні. Праводзілі яе ўстановы адукацыі, культуры, грамадскія структуры. Усяго ў дыктоўцы прынялі ўдзел каля 6 000 чалавек. Асноўную масу (5008) чалавек далі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.
Дыктоўкі былі праведзены ў 20 населеных пунктах на 47 пляцоўках. Усяго напісана прыблізна 270 дыктовак.
270 разоў перад аўдыторыямі рознага ўзросту выходзілі настаўнікі, літаратары, сябры ТБМ. 270 разоў гучалі беларускія тэксты. Самыя юныя ўдзельнікі дыктовак - вучні 2-іх класаў, самыя сталыя - дзеці вайны, людзі якія нарадзіліся ў 30-я гады 20-га стагоддзя.
Такая масавая дыктоўка праводзіцца на Лідчыне ўжо ў другі раз. У адрозненне ад леташняга года сёлета дыктоўка ішла ў рамках праекта Лідскага райвыканкама "Беларусь - мая мова і песня".
Падвесці вынікі ўсяго Тыдня роднай мовы на Лідчыне ў адзін прысест немагчыма. Паводле планаў гэта не адна сотня мерапрыемстваў.
Можа, так і павінен выглядаць дзяржаўны падход да пытання падтрымкі і развіцця роднай мовы ў краіне, да выхавання патрыятызму.
Яраслаў Грынкевіч.
Чаму праз 500 гадоў пасля пачатку беларускага кнігадрукавання друкаванае слова ў Беларусі не беларускае
Грамадскае аб'яднанне
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Аб разглядзе звароту
Міністэрствам інфармацыі разгледжаны Ваш зварот адносна выкарыстання беларускай мовы ў дзяржаўных друкаваных сродках масавай інфармацыі.
Сапраўды, гэтая тэма заслугоўвае асэнсавання. I найперш, у дзейнасці рэдакцыйных калектываў.
Згодна з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", масавая інфармацыя можа распаўсюджвацца на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь, якімі з'яўляюцца руская і беларуская, а таксама іншых мовах.
Па стану на 1 лютага 2017 года ў дзяржаўным рэестры сродкаў масавай інфармацыі зарэгістравана 1602 друкаваныя СМІ. Больш за 500 з іх зарэгістраваны на дзвюх мовах - рускай і беларускай.
Урадавая і парламенцкая штодзённая газета "Звязда" выходзіць на беларускай мове. Вядучыя рэспубліканскія СМІ - газеты "Рэспубліка", "Сельская газета", "Народная газета" - рыхтуюць свае публікацыі на дзвюх мовах.
На беларускай мове выходзяць дзяржаўныя літаратурна-мастацкія часопісы "Маладосць", "Полымя", "Бярозка", газета "Літаратура і мастацтва", а таксама газета "Культура" і часопіс "Мастацтва".
Беларускамоўнымі з'яўляюцца і "Настаўніцкая газета", часопісы "Роднае слова", "Беларускі гістарычны часопіс", "Народная асвета", газета для падлеткаў і дзяцей "Раніца", часопісы "Вясёлка", "Буся" і іншыя выданні.
Амаль трэцяя частка двухмоўных рэгіянальных дзяржаўных СМІ аддае перавагу публікацыям на беларускай мове.
Разам з тым лічым, што, выданні, зарэгістраваныя як двухмоўныя, павінны надаваць большую ўвагу выкарыстанню беларускай мовы.
Трэба заўважыць і тое, што ў адпаведнасці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі не дапускаецца незаконнае ўмяшанне ў дзейнасць рэдакцыі. Пытанні публікацый матэрыялаў на старонках друкаваных СМІ на той ці іншай мове вызначаюцца заснавальнікамі і кіраўніцтвам сродкаў масавай інфармацыі.
Намеснік Міністра А.М. Карлюкевіч.
Улюбёныя песні дзядзькі Рыгора
26 лютага ў менскім Доме ветэранаў адбылася прэзентацыя новага супольнага музычнага альбома "Песні матчыны з Вушаччыны". Вынікам працы стаў зборнік песень, які аб'яднаў беларускіх музыкаў вакол асобы Рыгора Барадуліна - народнага паэта Беларусі. Падзея была прымеркавана да 82-гіх угодкаў з дня нараджэння паэта. Перад пачаткам канцэрта прагучаў голас самога дзядзькі Рыгора.
Арганізатар праграмы Сяржук Доўгушаў прадставіў удзельнікаў праекта. Горача вітала поўная зала слухачоў хор " Салютарыс", гурты "Re1ikt" і "Vuraj","Harmonic Style Project". Фальклорный гурт " Варган" з Полацка пад кіраўніцтвам Вольгі Емельянчык выканаў абрадавыя песні. У праекце прынялі ўдзел Ірэна Катвіцкая, Вера Саламонік і Ілона Лесь, Віктар Сямашка і іншыя выканаўцы.
Зборнік "Песні матчыны з Вушаччыны" - пераасэнсаванне і аднаўленне народных песень з малой радзімы Рыгора Барадуліна, якія паэту ў дзяцінстве спявала яго маці. Гэтыя песні натхнялі і суправаджалі паэта ўсё жыццё. Новая музычная складанка - сваеасаблівы праваднік па роднай для паэта Вушаччыне. На СD-дыску можна знайсці абрадавыя песні, напеўкі, смяшынкі-казытушкі: шчымлівыя і гуллівыя, дасціпныя і каларытныя, сціплыя і скаромныя.
Сябры паэта, ягоныя чытачы і ўсе, хто яго ведаў, з удзячнасцю успаміналі ў гэты вечар выдатнага майстра слова і чалавека шчырай душы.
Э. Дзвінская, фота аўтара 1. Выступае гурт " Варган" з Полацка.
КАФЕДРА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ I МУЗЕЯЗНАЎСТВА
ЗАПРАШАЕ ВАС АТРЫМАЦЬ ВЫШЭЙШУЮ АДУКАЦЫЮ ПА СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ "МУЗЕЙНАЯ СПРАВА I АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ", КІРУНАК "КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА I ТУРЫЗМ"
Падрыхтоўка кадраў па гэтым кірунку спецыяльнасці пачалася ў 2012 годзе. Зместам яго з'яўляецца вывучэнне гісторыі і геаграфіі турызму, арганізацыі і эканомікі турызму, а таксама турыстычнага патэнцыялу Беларусі і найбольш актуальных пытанняў уключэння музеяў у турыстычную дзейнасць.
Кірунак "культурная спадчына і турызм" патрабуе глыбокіх і разнастайных ведаў, таму студэнты вывучаюць гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю, гісторыю і тэорыю культуры, агульнае і рэгіянальнае краязнаўства, дадаткова да класічных замежных моў - лацінскую і польскую, а таксама спецтэрміналогію на замежнай мове.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Казлоўская Іна - 5 р., г. Менск
2. Таццянін Артур - 10 р., г. Магілёў
3. Асыўна Рыгор - 10 р., г. Менск
4. Прылішч Ірына - 10 р., г. Менск
5. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск
6. Восіпава Аляксандра - 10 р., г. Гомель
7. Максімчук Раман - 10 р., г. Менск
8. Ляпёшкін Андрэй - 10 р., в. Зара, Круглянскі р-н
9. Чыгір Яўген - 5 р., г. Гародня
10. Панюціч К.Г. - 10 р., г. Менск
11. Лагуноў Яўген - 10 р., г. Менск
12. Бакарэвіч А.В. - 5 р., г. Менск
13. Шуканаў А.Г. - 5 р., г. Менск
14. Асіпцова Алена - 10 р., г. Магілёў
15. Таццянін Артур - 10 р., г. Магілёў
16. Герашчанка І.А. - 20 р., г. Менск
17. Давідоўскі Ігар - 20 р., г. Менск
18. Ахрамчук Віктар - 5 р., г. Светлагорск
19. Грос Ірына - 4 р., г. Магілёў
20. Вайдалевіч - 10 р., г. Менск
21. Раманоўскі - 2,5 р., г. Менск
22. Гасанаў - 3 р., г. Менск
23. Гнятуля А.А. - 20 р., г. Менск
24. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад
25. Хадоркін Мікола - 5 р., г. Гомель
26. Казакоў Ігар - 10 р., г. Менск
27. Градзіцкі - 10 р., г. Гомель
28. Лягушаў Алег - 20 р., ст. Ясень
29. Жылевіч Сяргей - 20 р., г. Асіповічы
30. Жылач Т.М. - 10 р., в. Аколава, Лагойскі р-н
31. Кот Валер - 15 р., г. Гародня
32. Сінькевіч Вольга - 5 р., г. Наваполацк
33. Півавар Кацярына - 30 р., в. Лужасна, Віцебскі р-н
34. Жыдаль Дз.У. - 10 р., г. Баранавічы
35. Блеянюк Павел - 10 р., г. Менск
36. Кротаў Аляксандр - 20 р., г. Менск
37. Шарлан Казімір - 50 р., г. Ліда
38. Бойса І.Б. - 15 р., г. Ліда
39. Сп. Андрэй - 100 р., г. Менск
40. Рабека Мікола - 15 р., г. Менск
41. Ляўшун Дзяніс - 12,5 р., г. Менск
42. Сутулаў Глеб - 5 р., г. Менск
43. Чайкоўскі Павел - 20 р., г. Менск
44. Несцераў Віктар - 50 р., г. Варшава
45. Мікалайчык Вольга - 2 р., г. Менск
46. Бакіноўскі Валянцін - 10 р., г. Менск
47. Анікееў М.Н. - 15 р., г. Менск
48. Анісім Алена - 100 р., г. Менск
49. Бусел Мікола - 10 р., в. Дуброва, Светлагорскі р-н
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Праходы паміж асобнымі будынкамі выкладаліся дошкамі, з якіх рабілі насцілы. Усе вуліцы ў гарадах мелі драўляныя грэблі-маставыя. Іх папярэчныя насцілы клаліся з шырокіх і тоўстых сасновых дошак. Насцілы вуліц абапіраліся на дзве ці тры лагі, якія былі пакладзеныя ўздоўж вуліц. Пад лагі падводзілі бярвенні-падкладкі. Праз пэўны час, калі насціл вуліцы заносіўся брудам і смеццем, зверху клалі новы вулічны насціл.
Ацяпляліся жылыя будынкі XII-XIII стст. глінабітнымі печамі на слупавых апечках. Большасць печак палілася "па-чорнаму": комінаў не было, і дым ішоў цераз адтуліну ў даху будынка, які не меў столі.
Аднак дамы вельмі багатых людзей у XII-XIII стст. ужо мелі печы з комінамі. Самыя багатыя дамы знойдзены падчас раскопак у Наваградку. Яны былі вялікія, драўляна-глінабітныя, двухкамерныя плошчай 70-75 кв. м і нават 120 кв. м. Іх вокны мелі шкляныя шыбы дыскападобнай формы дыяметрам 20-22 см. Падчас будаўніцтва гэтых будынкаў, акрамя дрэва, выкарыстоўвалі камень-вапняк і цэглу. У кутах будынкаў ці каля сцен стаялі печы. Сцены адной з пабудоў XII ст. былі атынкаваныя і распісаныя фрэскамі. У гэтых дамах жылі наваградскія баяры, а побач з імі рамеснікі-ювеліры. Паводле свайго багацця і колькасці імпартных прывезеных рэчаў Наваградак не мае сабе роўных не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе.
Таму не выпадкова, што ў XIII ст. Наваградак стаў першай сталіцай новай еўрапейскай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Важным элементам палітычнага жыцця ўсходнеславянскага горада (асабліва ў Ноўгарадзе і Пскове) было веча - агульны сход гараджан (мужчын), на якім вырашаліся важныя пытанні, у тым ліку запрашэнне ці вызваленне ад пасады князя - кіраўніка не толькі горада, але і цэлай зямлі (феадальнай краіны).
5. Магдэбургскае права
Магдэбургскае (майдэборскае) права ўзнікла ва ўсходненямецкімі горадзе Магдэбургу ў ХІІІ ст. і было зводам правоў і прывілеяў жыхароў еўрапейскага феадальнага горада. Замацаваныя ў магдэбургскім праве юрыдычныя нормы спрыялі развіццю грамадска-палітычнайі і, асабліва, эканамічнай дзейнасці гараджан, вызначалі іх стан і маёмасныя правы. Потым яно распаўсюдзілася на розныя гарады Паўночнай Еўропы і Прыбалтыкі, паступова прыйшоўшы на тэрыторыю Польшчы і ВКЛ.
Першым з сённяшніх беларускіх гарадоў магдэбургскае права атрымала старажытнае Бярэсце (1390 г.). За некалькі гадоў да гэтай падзеі, у 1387 г., Ягайла адпаведным прывілеем надаў магдэбургскае права сталіцы ВКЛ гораду Вільні.
У XVI - першай палове XVII ст. яго мелі ўсе вялікія, сярэднія і большая частка дробных беларускіх гарадоў. Магдэбургскае права забяспечвала гарадам развіццё рамяства і гандлю, вызначала месца і стан гараджан у феадальным грамадстве, бараніла іх ад уціску шляхты і вялікакняскай адміністрацыі, спрыяла саслоўнаму адзінству.
Горад, які атрымліваў магдэбургскае права, меў магчымасць ствараць выбарны орган самакіравання - магістрат . У склад магістрата ўваходзілі заможныя гандляры і рамеснікі. Магістрат кіраваў усім жыццём у горадзе і звычайна размяшчаўся ў спецыяльным будынку ратушы . Ратуша ў перакладзе з нямецкага азначае "дом радаў". Першыя такія "дамы" з'явіліся ў Заходняй Еўропе ў XII ст. і з часам набывалі ўсё больш манументальныя формы. Будынак ратушы, звычайна прамавугольнай формы, будаваўся ў цэнтры горада, пасярэдіне плошчы, дзе адбываліся кірмашы. Ратушу амаль заўсёды ўпрыгожвала вежа, якая выконвала ролю назіральнай вышкі (у выпадку пажару або варожага нападу). Галоўным памяшканнем ратушы была зала паседжанняў магістрата на другім паверсе асноўнага будынка. Вакол ратушы мясціліся гандлёвыя рады і крамы.
К канцу XVI ст. усе вялікія беларускія гарады мелі ратушы, у асноўным драўляныя. У час шматлікіх пажараў яны часта гарэлі, і таму там, дзе магістраты мелі значныя сродкі, ставіліся мураваныя будынкі.
6. Візантыйскія гарады
З Х ст. у візантыйскіх гарадах пачалі абкладаць падаткам нерухомую маёмасць, спаганяць гандлёвыя зборы з рамеснікаў і гандляроў, а так-сама зборы з гандлёвых здзелак.
У XI ст., у выніку развіцця шаўкаткацтва, пачалі развівацца некаторыя правінцыйныя гарады ( Афіны, Фівы, Карынф ). Рост сталіцы прыпыніўся. У XII ст. у гарадскую эканоміку прыйшлі італьянцы, што спрыяла развіццю рамёстваў. Аднак уздым эканомікі быў нядоўгі, бо італьянскія тавары былі больш танныя, чым візантыйскія, і мясцовыя рамеснікі не вытрымалі канкурэнцыі з італьянцамі. Пасля захопу крыжаносцамі ў 1204 г. сталіцы Канстанцінопаля гарады Візантыі паступова заняпалі. Тым не менш, Канстанцінопаль заставаўся найважнейшым цэнтрам гандлю на шляху паміж Еўропай і краінамі Ўсходу. Другім паводле велічыні горадам Візантыі былі Салонікі важны гандлёвы пункт паміж паўднёваславянскімі краінамі, Заходняй Еўропай і Ўсходам.
АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ
Бургамістр - выбарная асоба, якая ўзначальвала мясцовае самакіраванне ў сярэдневяковых гарадах, у якіх дзейнічала магдэбургскае права. У феадальных гарадах (местах) Беларусі называўся "бурмістрам".
Веча (гарадское) - агульны сход жыхароў усходне-славянскага горада, на якім вырашаліся дзяржаўныя і грамадскія справы.
Гарадская (месцкая) рада - орган гарадскога самакіравання.
Гільдыя - аб'яднанне гарадскіх купцоў.
Горад (град, места) - умацаванне паселішча з пастаянным гандлёва-рамесным насельніцтвам, цэнтр рэлігійнага жыцця.
Замак - умацаванне, пабудаванае як у горадзе, так і ў вясковай мясцовасці, месца пражывання феадалаў.
Камуна - у сярэдневяковай Заходняй Еўропе гарадская грамада, якая дамаглася правоў самакіравання.
Магістрат - орган гарадскога самакіравання ў гарадах заходняй і цэнтральнай Еўропы і на тэрыторыі Беларусі.
Магдэбургскае права (майдэборскае права) - феадальнае гарадское права. Склалася ў г. Магдэбургу ў XII-XIII стст.
Ратуша - будынак, дзе знаходзіўся магістрат.
Тавар - рэчы і прадукты, вырабленыя спецыяльна на продаж.
Цэх - аб'яднанне гарадскіх рамеснікаў адной прафесіі.
НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ
756 г. - Рым - сталіца Папскай вобласці, царкоўна-палітычны цэнтр Заходняй Еўропы.
805 г. - заснаваны г. Магдэбург. З 968 г. - цэнтр Магдэбургскага арцыбіскупства.
862 г. - першая згадка ў пісьмовых крыніцах пра г. Полацк.
996 г. - першае згадванне г. Кракава арабскім падарожнікам Ібрагімам ібн-Якубам.
1067 г. - першая згадка ў пісьмовых крыніцах Мінска (Менска).
1147 г. - першае згадванне ў летапісе г. Масквы.
1201 г. - першае згадванне г. Рыгі як горада і галоўнай апоры нямецкай каланізацыі ў Прыбалтыцы.
1203 г. - узнікненне з двух паселішчаў горада Берліна.
1323 г. - першая згадка ў пісьмовых крыніцах пра г. Вільню. Вільня стала сталіцай ВКЛ.
1387 г. - Вільня атрымала Магдэбургскае права.
1453 г. - захоп туркамі-асманамі Канстанцінопаля.
РАЗДЗЕЛ VI. ПРАЦЯГ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫІ ЕЎРОПЫ
1. Пашырэнне хрысціянства ў Еўропе ў Х-ХІІІ стст.
2. Роля царквы ў адукацыі і асвеце.
3. Царкоўны раскол 1054 г. і ўзмацненне каталіцкай царквы ў Заходняй Еўропе.
4. Крыжовыя паходы.
5. Рух альбігойцаў (катарызм). Стварэнне інквізіцыі.
1. Пашырэнне хрысціянства ў Еўропе ў Х-ХІІІ стст.
З мэтай пашырэння свайго ўплыву, а таксама атрымання немалых прыбыткаў з новых вернікаўу ІХ-Х стст. як заходняе, так і ўсходняе хрысціянства актыўна пашырала свой уплыў у Паўночнай і Ўсходннй Еўропе і мірным, і ваенным шляхам.
Перадавым атрадам Заходняй царквы былі нямецкія каралі (імператары) і біскупы, якія пачалі захопліваць землі заходніх славян, якія былі язычнікамі. Гэта быў так званы "Паход на Ўсход" , у выніку якога нямецкія і дацкія рыцары захапілі землі палабскіх славян, знішчылі іх самабытную культуру і гвалтам ахрысцілі заваяваныя народы, якія былі анямечаныя. На месцы былых капішчаў паўсталі касцёлы. У 966 г. польскі князь Мешка I добраахвотна прыняў хрысціянства заходняга ўзору, каб умацаваць сваю ўладу. У IX ст. пачалося змаганне паміж рымскімі папамі і канстанцінопальскімі патрыярхамі за хрышчэнне чэхаў і мараванаў. Спачатку перамагала Візантыя, якая, як ужо гаварылася раней, паслала ў Вялікую Маравію сваіх місіянераў Кірыла і Мяфодзія. Яны прынеслі сюды стараславянскую пісьмовую мову, новы алфавіт і набажэнства на зразумелай славянам мове. Прычым сваю дзейнасць яны здолелі ўзгадніць з Рымам. Аднак, у пачатку X ст. качэўнікі-язычнікі венгры (угры) знішчылі Вялікую Маравію, засялілі заваяваную тэрыторыю і прынялі хрысціянства заходняга абраду. Таксама хрысціянамі, будучымі каталікамі, сталі чэхі, славакі, славенцы і харваты.
Візантыя захавала свой рэлігійны ўплыў сярод балгараў і сербаў. З цягам часу зрабіліся хрысціянамі і ваяўнічыя нарманы, якія спачатку вельмі варожа ставіліся да хрысціян. Але паступова яны, у залежнасці ад свайго месцазнаходжання, яшчэ ў IX стагоддзі сталі або каталікамі, або праваслаўнымі. Да XII ст. канчаткова сталі каталікамі і жыхары Скандынавіі.
У 988 г. кіеўскі князь Уладзімір прымае ўсходняе хрысціянства ад Візантыі і распаўсюджвае яго сярод славянскіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі.
На мяжы XII-XIII стст. нямецкія святары і рыцары з'явіліся ў землях Прыбалтыкі, гвалтам ахрысцілі мясцовых балтаў і фіна-ўграў і стварылі тут дзяржавы, якія непасрэдна прызнавалі ўладу Рымскага Папы. На Пірэнейскім паўвостраве працягвалася Рэканкіста, і землі, занятыя арабамі, паступова станавіліся хрысціянскімі.
2. Роля царквы ў адукацыі і асвеце
Асноўная асаблівасць сярэднявечнай культуры - гэта яе рэлігійнасць, або "тэацэнтрызм" : светапогляд, у якім галоўную ўвагу звяртаюць толькі на Бога. Асноўнымі рысамі тагачаснай культуры былі сімвалізм і алегорыя (іншасказальнасць), а таксама ананімнасць большасці твораў мастацтва. У грамадстве існавалі і нават супернічалі дзве плыні: адна - царкоўная, вучоная, афіцыйная, а другая - народная, якая захоўвала шмат элементаў былога язычніцтва. У гарадах народная плынь мела асаблівыя, карнавальныя, нават гумарыстычныя формы. На скрыжаваннях дарог, кірмашах, а так-сама падчас усеагульных рэлігійных святаў можна было бачыць вандроўных актораў- гістрыёнаў (у франкамоўных краінах іх найчасцей называлі жанглёрамі , у германамоўных - шпільманамі , у славянамоўных - скамарохамі ), якія дэманстравалі сваё мастацтва ў самых розных жанрах, ад фокусаў і практыкаванняў з вучонымі жывёламі да паказу спектакляў-фарсаў. Літаратары, найчасцей ананімныя, сачынялі вершаваныя і празаічныя творы ( лэ, фабльё, шванкі ), у якіх высмейваліся заганы ў тым ліку царкоўных служак.
У хрысціянскай царкве за асноўныя пастулаты выдаваліся "сакрамэнты" , асобныя рэлігійныц таямніцы, такія як хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства. Актыўна выкарыстоўваліся і "сакрамэнталіі" - асвечаная (святая) вада, хлеб (аблаткі) і свечкі. Хрысціянства адмаўляла антычную (язычніцкуні) мастацкую культуру і нават знішчала яе. Галоўная мэта хрысціянства ў Сярэднявеччы - гэта пабудова Града Божага на Зямлі - такой духоўнай супольнасці, дзе пануе любоў да Бога. Важным элементам хрысціянства стала манаства. Асаблівую ролю яно мела ў заходнім (каталіцкім) хрысціянстве, дзе існавалі каталіцкія ордэны.
У сферы дзяржаўнага будаўніцтва існаваў адзіны прынцып: уся ўлада паходзіць толькі ад Бога. Калі ж улада была дрэннай, то яе называлі "Біч Божы" і лічылі пакараннем за грахі. Таму ў Заходняй Еўропе ішла барацьба за вяршэнства паміж свецкай і духоўнай (царкоўнай) уладамі. Вядомыя заходнія багасловы і філосафы. вышэйзгаданы Аўрэлій Аўгусцін і Фама (Тамаш) Аквінскі даказвалі, што духоўная ўлада павінна быць вышэйшай за свецкую. У раннім і высокім Сярэднявеччы існавала і "царкоўнае права", або Божы суд, калі чалавека выпрабоўвалі агнём, халоднай вадою ці кіпнем, або і гарачым жалезам.
(Працяг у наст. нумары.)
Дзяліцца верай на старонках кніг і часопіса
26 лютага ў менскім Чырвоным касцёле выступіла пісьменніца Ірына Жарнасек, редактар каталіцкага часопіса "Маленькі рыцар Беззаганнай". Пасля сустрэчы яна адказала на пытанні чытачоў.
Яна звярнулася да навучэнцаў нядзельнай школы, іх бацькоў і катэхэтаў. Сёлета "Маленькаму рыцару" спаўняецца 20 гадоў. Сам часопіс для дарослых "Рыцар Беззаганнай" быў створаны апякуном пісьменнікаў і журналістаў св. Максімільянам Кольбэ ў 20-тыя гады мінулага стагоддзя ў Гародні.
Пачынаўся сучасны "Маленькі рыцар Беззаганнай" са старонкі ў часопісе "Аве Марыя", якую вяла І.Ф. Жарнасек. Ілюстрацыі да выпускаў рабіў яе сын Аляксандр. Спадарыня Ірына з любоўю імкнулася расказаць дзецям пра Хрыста. Стыль адроджанага часопіса выпрацаваўся не адразу, а праз стварэнне апавяданняў, збор вершаў і дзіцячых малюнкаў, допісаў юных чытачоў, якія захацелі распавесці пра мясцовыя храмы, пра традыцыі веры ў сваіх сем'ях. Падчас размовы з дзецьмі яна старалася зацікавіць іх дасылаць ў часопіс свае творы, а бацькоў - выпісваць ці набываць дзецям выданне, на стронках якога святары на сучасных прыкладах тлумачаць дзецям сэнс Божых прыказанняў.
Ірына Францаўна нарадзілася на Глыбоччыне. Пасля заканчэння Менскага інстытута культуры яна працавала бібліятэкарам, а затым - карэспандэнтам шматыражных газет, дзе пачала друкаваць свае апавяданні. Яна піша вершы, прозу, перакладае з польскай мовы.
Пісьменніца распавяла пра свае кнігі прозы "Ліст да сына", "Гульні над студняй", "Гадара", аповесць-казку "Спрэчка анёлаў". Старэйшы сын спадарыні Ірыны Аляксандр вучыўся ў мастацкай школе і марыў быць мастаком. Але пасля пілігрымкі ў Будслаў ён перамяніў свае рашэнне. Скончыўшы семінарыю, ён далучыўся да айцоў-марыянаў, і зараз служыць у касцёле св. Язэпа ў Воршы і арганізуе там шматлікія рэкалекцыі, сужанскія сустрэчы, "вінаграднікі" і іншыя імпрэзы, увесь час прысвячае сваім парафіянам.
Прамаўляючы да дзяцей, пісьменніца звярнула ўвагу на тое, што ў жыцці ідзе выбар паміж дабром і злом, і варта рабіць свой выбар на карысць дабра. Такі выбар зрабілі героі яе кнігі "Будзь воля Твоя" росіцкія святары-марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Калі вёска Росіца падчас карніцкай аперацыі фашыстаў супраць партызанаў была акружана і яе насельнікі замкнутыя ў будынку касцёла і гаспадарчых забудовах, толькі два чалавекі мелі права пакінуць тэрыторыю вёскі - гэта былі святары. Але яны вырашылі паклапаціцца пра лёс тых, каго можна вызваліць, і дапамаглі некаторым сёстрам пазбегнуць спалення ці высылкі ў канцлагер. Ксяндзы-марыяне засталіся з жыхарамі вёскі. Яны выконвалі свае абавязкі: адпраўлялі святую імшу, спавядалі, хрысцілі дзяцей і дарослых, дабраслаўлялі, суцяшалі тых, хто быў у роспачы, прыносілі дзецям хлеб. У лютым 1943 года яны прынялі пакутніцкую смерць разам з і іншымі людзьмі.
Праз гады пісьменніца сустракалася з асобамі, якім удалося выжыць у канцэнтрацыйных лагерах. Штогод яна наведвае памятныя дні ў Росіцы. У савецкія часы гэтыя старонкі гісторыі былі невядомыя, бо яны датычыліся менавіта вычыну вернікаў. Пісьменніца палічыла сваім абавязкам распавесці сучаснікам аб падзеях ў сваім рамане "Будзь воля Твая".
- Ірына Францаўна, як Вам удаецца зрабіць Ваш часопіс прыцягальным, а не сумным, казкі і апавяданні - цікавымі?
- Я люблю дзяцей. Трэба акунацца ў свет дзіцяці. Я выгадавала двух сыноў і ведаю, чым яны жылі. У дзіцячым доме ў Друі мы зрабілі бібліятэчку нашага выдавецтва " Pro Christo" для маленькіх і для выхавацеляў. Там працуюць манахіні, сёстры-еўхарысткі, якія апякуюцца дзецьмі, і мы наладзілі з імі кантакты. На старонках часопіса некалькі гадоў запар мы рабілі для дзяцей пераказ кніжкі польскай пісьменніцы пра Максімільяна Кольбэ.
- Вы самі захавалі веру з дзяцінства?
- Я - з вёскі з Глыбоччыны. У нас быў вельмі прыгожы касцёл у Задарожжы. У нашым касцёле быў ахрышчаны Вацлаў Ластоўскі. Калі я была дзяўчынкай, нам афіцыйна не дазвалялася хадзіць у касцёл. Настаўнікі прыходзілі і правяралі, ці ёсць дзеці на набажэнстве. Калі дзеці раптам былі, на бацькоў вельмі сварыліся. Ксяндза маглі пазбавіць права служыць. Бабуля вадзіла нас да споведзі патаемна ў рабочы дзень. Ксёндз сябраваў з нашым бацькам. Вялікдзень нам забаранялася святкаваць. Дырэктар быў ворагам нашага святара, якога мы вельмі любілі. Аднойчы дырэктар казаў: "Калі каго на свята ўбачу ў новай сукенцы, то вы ў мяне атрымаеце!" Абноўкі ў нас рэдка спраўляліся, а мама да свята Вялікадня шыла мне новую сукеначку з паркалю. Я баялася настаўнікаў і маму не хацелася крыўдзіць, тады мы з ёй вырашылі, што я пайду ў новай сукенцы ў чацвер. Добра памятаю гэтую чырвоную сукенку, абшытую бліскучымі цясёмкамі. Хлопцы адразу мяне "раскусілі". У панядзелак на другі дзень Вялікадня я прыйшла з поўным правам у новай сукенцы. Чырвонае шалупінне ад яек мы загортвалі ў прамакаткі.
- Раскажыце, калі ласка, як Вы збіралі матэрыял для кнігі " Будзь воля Твая"?
- Я шмат паездзіла, сустракалася з людзьмі, сабрала дакументы, праца была цяжкая. У лютым 1943 года людзей замыкалі ў хатах і палілі. Апошнюю групу спалілі ў канюшні. Потым сваякі хацелі прыйсці туды памаліцца і паставіць свечачку. У касцёле пасля вайны было зернесховішча, і па ім ездзілі трактары. Некаторыя сведкі падзей выжылі і вярнуліся з канцэнтрацыйных лагераў. Доўгі час мы сябравалі з адной маёй гераіняй Ганкай (Ганнай Дзмітрыеўнай Жураўлёвай). Яна прайшла праз Асвенцым, Бухенвальд, Майданек. Вельмі хацелася расказаць пра яе і іншых.
- Якія якасці Вы перадалі Вашаму сыну, што ён змог стаць святаром?
- Трэба моцна любіць Бога і любіць людзей. Калі мой сын быў яшчэ дзіцём, аднойчы цётка на яго пасварылася: "Што ты ходзіш цэлы дзень галодны, прыйшоў бы дадому?!" А ён ёй сказаў: "Ты ведаеш, каб мне дазволілі, я б зусім не выходзіў з касцёла, а ты кажаш пра ежу!" У яго выхаванні не толькі мая заслуга, так скіраваў яго Дух Святы. Мой сын скончыў семінарыю ў Любліне і далучыўся да закона айцоў-марыянаў. Я вельмі часта бываю ў яго на служэнні ў Воршы. Да яго ездзяць з розных гарадоў. Нядаўна ён дапамагаў у здымках фільма" Шлях" пра заснавальніка кангрэгацыі айцоў-марыянаў Станіслава Папчынскага.
Эла Дзвінская, фота аўтара. Ірына Жарнасек выступае ў касцёле св. Сымона і Алены.
"На маім балконе ластаўка жыве..."
Не так даўно пабачыў свет паэтычны зборнік вядомага паэта і краязнаўца Яўгена Гучка "У родным краі. - Кніга выбранай лірыкі".
У яго ўвайшлі некаторыя вершы розных гадоў і радкі апошняга часу. Змест зборніка складаюць тэксты патрыятычнага, грамадска-палітычнага, філасофскага, пейзажнага, любоўнага, сатырыка-гумарыстычнага і іншага пісьма - у асноўным спавядальнага характару.
У кожным вершы, у кожным яго радку закладзена неабыякавасць аўтара да ўсіх жыццёвых праяў. Асабліва трывожна гучаць словы пра Радзіму, стан роднай мовы і экалогіі душы.
Справядлівы адказ тым, што імкнуцца прынізіць мову беларускага народа на яго роднай зямлі, чытачы знойдуць у вершы:
На гэтай мове
Уркі не гавораць,
На гэтай мове
"Мурку" не пяюць,
На ёй баявікоў
Не падбухторваюць,
Каманды тэрарыстам
Не даюць.
Таму яна ў няміласці
Ў падонкаў;
Яна для іх -
Бы дзірка у страсе,
Таму цераз Сусвет
Па лёдзе тонкім
Яна сябе
Да сонца данясе.
Мова - гэта адметны нацыястваральны фактар любога народа, у тым ліку і беларускага. Паэт гэта разумее і не прыніжае другіх моў, а ўпэўнена заяўляе:
А іншыя мовы - у свет акно,
Ну, хто ж
гэта стане аспрэчваць.
Аўтар - чалавек прынцыповы, мае свой пункт гледжання на любую праблему, яго цяжка, а можа і немагчыма, прымусіць каму-небудзь кланяцца. Але з вялікай павагай адносіцца ён да людзей, якія шануюць яго родную мову:
Мітрапаліту Мікалаю
Я крыж і руку цалаваў,
Бо ён для роднага, для краю
Ў чужыне мову захаваў.
У сваёй паэзіі (маюцца на ўвазе і іншыя зборнікі) аўтар узносіць свае думкі да вышэйшай духоўнай нябеснай сілы, якая, па перакананні аўтара, і дае магчымасць дасягнення раўнавагі і суладдзя паміж духоўным і зямным.
Чужыя словы мне не трэба:
Хапае ўласных сэнсаў мне,
Што йдуць
з падвышанага неба
У маёй роднай старане.
***
І ўжо лунаю я,
Быццам бесцялесны...
Случчына - любоў мая,
Край ты мой нябесны!
***
Не ведаў я,
што я - высакародны,
Пакуль у сэрцы
не адчуў Айчыны;
Яшчэ не ведаў,
што - і бессмяротны...
Вось толькі б заслужыць -
быць Творцы сынам.
Не можа абыйсці паэт такой вечнай і ўсё яшчэ невырашальнай з'явы, як супрацьстаянне дабра і зла, святла і цемры:
Яно здавён паўсюль вядзецца
З смугі і далечы вякоў:
Перш, чым святло
на што пральецца,
Дык вельмі доўга льецца кроў.
Заклікае:
Вы са святлом жывіце людзі,
Каб не згінуць у вяках.
І робіць выснову:
Што каршун салавейкам
Пажывіўся,
Не значыць гэта,
Што ў драпежніку
пяюн з'явіўся.
Непарыўная сувязь духоўнага і прыроднага пачаткаў адчуваецца ў такіх лірычных радках:
Вярбовая галінка
І коцікі на ёй -
Зусім бы ланцужынка
Між небам і зямлёй.
***
Радасціцца сэрца,
Светла ў галаве.
На маім балконе
Ластаўка жыве.
Не меншы клопат у творчасці Я. Гучка займаюць праблемы захавання першароднасці роднай зямлі - беларушчыны, беларускай духоўнасці ў прасторы мінуўшчыны, сучаснасці і будучыні.
Хочацца прывесці верш, прысвечаны светлай памяці выдатнага навукоўца, доктара педагагічных навук, прафесара Сяргея Іванавіча Сідора, у якім аўтар сфармуляваў, можна сказаць, для нас, беларусаў, духоўную праграму-мінімум:
Каб па-людску,
каб ладна жыць,
Каб душою
не быць абдзёртым,
Не бываць трэба дома,
а быць,
Не часцей, а заўжды -
і жывым, і мёртвым.
Трэба памятаць,
што твой дом -
Беларусь уся:
фізічная і духоўная,
А не толькі мясціна,
дзе пад акном
Цётка Тэкля
таўчэцца з воўнаю.
Трэба помніць,
што родны край
Ад прадвеку мяжуе з Богам...
Дык у сэрцы тваім няхай
Патрыёта жыве трывога.
Пачувацца тут трэба
гаспадаром,
А не жыхаром рэзервацыі;
А інакш - да канца твой дом
Сілы цёмныя
возьмуць пад акупацыю.
Каб па-людску,
каб ладна жыць,
Каб душою
не быць абдзёртым,
Не бываць трэба дома,
а быць,
Не часцей, а заўжды -
і жывым, і мёртвым.
Для паэзіі Я. Гучка ўласціва спроба інтэлектуальна-маральнага асэнсавання многіх парадыгмаў жыцця, асабліва яго таямнічасці.
Для людзей ёсць адно
Вызначэнне Бога -
На зямлі каб была
Іх сумленнай дарога.
***
Жыццё маё!
Мой дзень апошні
Хай будзе тою круцізной,
Дзе б лёгка цела я пакінуў
І ў вечнасць там сышоў душой.
***
Жыву я на два светы -
На гэты і на той...
І тут, і там прыкметы,
Як цяжка быць сабой .
Але які гэта быў бы паэт, каб не закрануў неўміручую тэму - тэму кахання. Тут чытач знойдзе і пяшчотныя словы апявання гэтага пачуцця, і гарэзліва-іранічныя:
Бяжыць рака
і сінь струменіць,
Сабой злучае берагі;
Ніхто цябе мне не заменіць,
Мой любы, шчыры, дарагі.
***
Ой вы, ясень, клён і дуб,
Сокал, дрозд і крыжадзюб,
Хай бы штосьці вы зрабілі,
Каб трымцеў, як я, мой мілы.
Не скупіцца паэт і на гумарыстычна-сатырычныя ацэнкі праяў навакольнага жыцця. Вельмі арыгінальную прапанову дае аўтар тым людзям, якім не ўласцівы самааналіз і самакрытычнасць:
Пакуль не пакрыўся ты
Поўсцю,
Дык сам сабе за нелад у сабе
Адпомсці!
У наступных радках выказана перакананне, што амбіцыйнасць і самаўпэўненасць можа загубіць добрую справу:
Ён праўду рэзаў,
Рэзаў, рэзаў...
І ў рэшце рэшт
Яе й зарэзаў.
Напрыканцы павіншуем аўтара, чытачоў са з'яўленнем кнігі шчымлівай лірыкі, якую выдаў Інстытут беларускай гісторыі і культуры. А яшчэ мы, чытачы, будзем чакаць выдання новых кніг і пажадаем паэту заўсёды заставацца са сваёй дамай, якой ён прысвяціў першыя радкі зборніка:
Той дамы імя -
не з тутэйшых - Паэзія,
А месца жыхарства ёй -
сэрца маё;
Яна для яго і бальзам,
і магнэзія,
А папярэдне - быцця вастрыё.
Надзея Сармант.
Пятае "Свята беларускай мовы" на Дзяржыншчыне
Пятае традыцыйнае "Свята беларускай мовы" з вялікім размахам прайшло ў аг. Чаркасы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці. У гэтым годзе імпрэза набыла новыя рысы і ператварылася ў тыдзень роднай мовы ў Дзяржынскім раёне, які праходзіў з 20 па 26 лютага. Па ўсім раёне адбылася расклейка плакатаў з выказваннямі вядомых дзеячоў пра беларускую мову.
У межах свята 21 лютага жыхарам Дзяржыншчыны былі падараваныя паштоўкі з серыі "Не маўчы па-беларуску" і сімвалічныя значкі "Са мной можна размаўляць па-беларуску", у тым ліку і супрацоўнікам у крамах і іншых установах сацыяльнага абслугоўвання як элемент форменнага адзення. Мэта зняць моўны бар'ер, з якім сутыкаецца кожны, хто ўпершыню пачынае размаўляць па-беларуску, паказаць, што гэта нашая мова і яе няма чаго саромецца і ў кожнай установе гэта падзяляюць. Тэкст не носіць абавязковага, загаднага характару, тым самым не выклікаючы супраціву, а наадварот абазначаючы спрыяльнасць.
Інтэрнэт фотаконкурс "Мая беларуская кніга" прыцягнуў вялікую цікавасць, бо для ўдзелу дастаткова было сфатаграфавацца з любімай кнігай на беларускай мове і размясціць са сваім каментаром у сацыяльнай сетцы на сваёй старонцы з абавязковым хэш-тэгам: #Святамовы , флэш-акцыя "Любімая газета на роднай мове", сутнасць якой заключалася ў тым, каб людзі рабілі масавыя фотаздымкі за чытаннем газет. Мэта акцыі была зацікавіць іншых чытаць па-беларуску і звярнуць увагу на тое, што беларускамоўныя выданні актуальныя і папулярныя. Таксама не абыйшлося без традыцыйнага конкурсу на лепшае чытанне вершаў і выкананне песень на роднай мове, але ў гэтым годзе не праводзілася спецыяльных адбораў, а ўдзельнікі конкурсу запісвалі свае выступы на камеру і размяшчалі на сваёй старонцы з абавязковым хэштэгам: #Святамовы .
Асаблівай увагі заслугоўваюць круглыя сталы, адкрытыя размовы, гутаркі з моладдзю на тэму беларускай мовы ў якіх прынялі ўдзел паэт Антон Анісовіч, вядомы крыжаваншчык Лявон Целеш, музыка і паэтка Таццяна Казановіч, арганізатар "Свята беларускай мовы" Кірыл Шык.
Паказ беларускамоўнага спектакля "Як мужык жонку шукаў" артыстамі Лагавішчанскага сельскага клуба на базе Чаркаскага і Чэрнікаўшчынскага ДК.
Па традыцыі ў Чаркаскім Доме культуры 25 лютага працаваў горад майстроў, моўная латарэя і шмат розных прыемных падарункаў для ўсіх удзельнікаў і гасцей свята, імпрэза падводзіла вынік тыдня роднай мовы. Распачалося "Свята беларускай мовы" напісаннем Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая была прымеркавана да юбілею беларускага кнігадруку. Рэжысёры свята: Вікторыя Манько, Іван Давыдзенка, Віктар Цыбін і Марына Лісанская. Вядоўцы свята Іван Давыдзенка і Таццяна Баркоўская. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел ансамбль народнай песні "Сяброўкі" кіраўнік Ніна Капусціна, студыя эстрадных спеваў "Вясёлыя ноткі" кіраўнік Вікторыя Манько, моладзевы гурт "Чыкага" кіраўнік Яўген Сідаровіч, а таксама вядомы музыкант, вядовец, мастак Андрусь Такінданг і гурт "Рэха" з новай музычнай праграмай. Падчас свята па трыдыцыі былі ўзнагароджаны падзякамі за папулярызацыю беларускай мовы дзеячы Дзяржыншыны, якія штодзённа робяць шмат карысных спраў, каб беларуская мова гучала і развівалася.
Арганізатары выказваюць падзяку грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі", мясцовым актывістам ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", раённаму камітэту ГА "БРСМ", супрацоўнікам Чаркаскага Дома культуры і ўсім неабыякавым жыхарам Дзяржыншчыны, якія прынялі ўдзел у тыдні роднай мовы.
Віталь Чахоўскі.
СМАК РОДНАЙ МОВЫ
На працягу лютага ў сельскіх установах культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", да Міжнароднага дня роднай мовы, рэалізоўваўся праект "Успомнім мову і карані свае". Кожная ўстанова выбірала на свой густ форму правядзення - адсюль іх разнастайнасць. Так, у філіяле "Мажэйкаўскі Дом культуры" сумесна з бібліятэкай прайшоў тэматычны вечар "Гімн роднай мове". Паміж вучнямі Крупаўскай сярэдняй школы і Гудскай школай-садам на базе "Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу" прайшла віктарына "Дакраніся да роднага слова". Гадзіна паэзіі "Радком сваім, яны Беларусь праславілі", прайшоў у Голдаўскім клубе-бібліятэцы, дзе чыталіся вершы пра мову Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Ларысы Геніюш. Філіял "Ганчарскі Дом культуры", разам з сярэдняй школай гэтай вёскі, правялі літаратурна-музычную віктарыну "Самая мілагучная, самая трапная, самая пявучая…". Свой талент, у літаратурнай частцы, раскрылі ўдзельнікі фальклорнага аматарскага аб'яднання "Крынічка" названай установы. Госцем на мерапрыемстве быў гісторык-краязнавец Мікалай Дзікевіч. Яго аповед пра зямлю ганчарскую, пра шанаванне роднай мовы дзеці слухалі з непадроленай цікавасцю. У гэтых мясцінах змаганне за мову ідзе яшчэ з царскіх часоў.
У філіяле "Дзітвянскі Дом культуры" прайшло мерапрыемства з назвай "Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!". Гледачы з задавальненнем адказвалі на пытанні Дзеда Ўсяведа, слухалі беларускія народныя песні, байкі, вершы ў выкананні ўдзельнікаў аматарскіх аб'яднанняў установы. Вучні пачатковых класаў чыталі таксама вершы пра родную мову, з уласцівай ім непасрэднасцю, чым заваявалі сімпатыю ў гледачоў.
Шмат дзе ва ўстановах пісалі дыктоўкі на роднай мове. Так, удзельнікі аматарскага аб'яднання "Вяртанне да вытокаў " філіяла "Беліцкі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" пісалі дыктоўку па тэксту з рамана Якуба Коласа "На ростанях" (першая частка "У палесскай глушы"). Таксама быў праведзены урок-гульня "Як жылі нашы продкі".
Наогул, пералічыць спіс праведзенага, проста немагчыма. Ды, мабыць, і не патрэбна. Галоўнае, як паказала прэзентацыя праекта, што мы не толькі абуджаем павагу да роднай мовы, але і паказваем на справе, што трэба берагчы гэты бясцэнны дар.
А дзякуючы Таварыству беларускай мовы, кожны ўдзельнік праекта атрымаў памятную паштоўку з выявай Лідскага замка і помніка Францішку Скарыну, на фоне якіх напісаны словы: "Краіна, Дзяржава, Радзіма, Бацькаўшчына".
Ганна Некраш. На здымках: Свята роднай мовы ў Гудах, Мажэйкаве, Беліцы.