НАША СЛОВА № 19 (1326), 10 траўня 2017 г.
З Днём Перамогі!
З беларускай мовай ў шырокі свет
У Кіеве 7 траўня прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця "Еўрабачання-2017". Дэлегацыі 42 краін-удзельніц прайшлі па чырвонай дарожцы, прадэманстраваўшы свае ўборы. Напярэдадні да ўкраінцаў звярнуўся прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка.
Беларускія ўдзельнікі "Еўрабачання" Naviband выступяць падчас другога паўфіналу 11 траўня. Яны спяюць па-беларуску песню "Гісторыя майго жыцця", а 8 траўня конкурсная песня NaviBand прагучала ў еўравёсцы, паведамляе БЕЛТА.
Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук сёння вечарам выступілі перад прыхільнікамі музычнага конкурсу "Еўрабачанне", кіяўлянамі і гасцямі ўкраінскай сталіцы, якія сабраліся ў еўравёсцы. Тут шматлюдна, святочны вечар спрыяе да такога прыемнага баўлення часу.
Выканаўцы з Беларусі спелі для кіяўлян песню са свайго рэпертуару "Бяжы" і конкурсную "Гісторыю майго жыцця". Калі першую кампазіцыю музыкаў слухалі ўважліва, то другую падхапілі. Пасля выканання артысты пагутарылі з кіяўлянамі, якія выказалі ўхвалу і падтрымку.
У Кіеве ў гэтыя дні шмат прыхільнікаў конкурсу "Еўрабачанне" і групы Navi-Band з Беларусі. Гэтым вечарам падтрымаць музыкаў прыйшоў Саша Мінёнак - прадстаўнік краіны на дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2016".
Еўравёска размясцілася на цэнтральнай вуліцы Кіева Крэшчаціку.
Паводле БелТА.
135 гадоў з дня нараджэння Ўладзіслава Галубка
Уладзіслаў ГАЛУБОК, сапр.: Уладзіслаў Іосіфавіч Голуб (15 траўня 1882, станцыя Лясная, Наваградскі павет, Менская губерня, цяпер Баранавіцкі раён - 28 верасня 1937, Менск, НКУС) - беларускі драматург, празаік, рэжысёр, акцёр, мастак. Народны артыст Беларусі (1928). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934). Дзед Уладзіслава Тамаш Голуб быў удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Вольнымі поглядамі вызначаўся і бацька Іосіф - памочнік паравознага машыніста, а потым слесар у дэпо, - які (магчыма з-за сваёй рэвалюцыйнай дзейнасці) быў забіты невядомым злачынцам.
Пачатковую адукацыю Ўладзіслаў атрымаў у царкоўна-парафіяльнай школе ў Менску. Пазней, нягледзячы на матэрыяльныя нястачы ў шматлікай сям'і, бацькі ўладкавалі яго ў Менскае гарадское вучылішча. Скончыць яго Ўладзіславу не давялося: перашкодзіла трагічная смерць бацькі. На руках у маці, Галіны Уладзіславаўны, засталося шасцёра дзяцей. Уладзіслаў як старэйшы сын быў вымушаны зарабляць на хлеб.
Тэатр прысутнічаў у жыцці Галубка з самага ранняга ўзросту: ужо з дзесяці гадоў Уладзіслаў не прапускаў, бадай, ніводнага спектакля, што паказвалі ў Менску вандроўныя трупы. Нават часова працаваў у адным такім тэатры бутафорам і выконваў эпізадычныя ролі хлапчукоў у спектаклях. А ў 1896 годзе Уладзіслаў Галубок упершыню трапіў у сапраўдны тэатр.
Юнацтва Ўладзіслава Галубка было насычана вельмі разнастайнай дзейнасцю і шматлікімі захапленнямі: ён граў у аркестры добраахвотнага пажарнага таварыства на барытоне і трамбоне, вучыўся ўпраўляцца з гармонікам, браў урокі жывапісу ў вядомых менскіх мастакоў. Мастацкая дзейнасць стала захапленнем на ўсё жыццё і адыграла асаблівую ролю ў час вандравання ўласнага тэатра: Уладзіслаў Іосіфавіч выступаў не толькі як рэжысёр і акцёр-выканавец, але і як адзіны ў трупе мастак-дэкаратар.
У1906 годзе на старонках "Нашай Нівы" з'явіліся яго першыя вершы і апавяданні, у т.л. і "Апошняе спатканне".
Вікіпедыя.
110 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Жыновіча
Іосіф Іосіфавіч ЖЫНОВІЧ (Жыдовіч) (14 траўня 1907, в. Арэшкавічы, Ігуменскі павет, Менская губерня, Расійская імперыя, цяпер у Пухавіцкім раёне Менскай вобласці, Беларусь, сям'я земляроба - 13 студзеня 1974, Менск) - музыкант-цымбаліст, дырыжор, кампазітар і педагог, народны артыст БССР (1955) і СССР (1968), прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Да 15-гадовага ўзросту ён жыў у Арэшкавічах.
У 1922 г. юнака прынялі салістам-цымбалістам у БДТ-1 (зараз тэатр імя Я. Купалы ў Менску). Іосіф прадоўжыў адукацыю ў менскай школе № 11 (цяпер № 42). У 1927 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Вучобу ў БДУ спалучаў з вучобай у Менскім музычным тэхнікуме.
У 1930 г. кіраўнік, у 1938-1941 гг. саліст, канцэрт-майстар і педагог створанага Дзяржаўнага ансамбля народных інструментаў БССР.
У 1931 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ. У 1935 г. быў выключаны з кансерваторыі за тое, што яго бацькі "кулакі". Бацькі незадоўга да гэтага былі пазбаўленыя выбарчых правоў, а пасля высланыя з канфіскацыяй маёмасці.
У 1939 г. адбыўся Першы Ўсесаюзны агляд выканаўцаў на народных інструментах, лаўрэатам якога стаў І.І. Жыновіч (другая прэмія). Падчас вайны быў накіраваны ў Казахскую філармонію, адкуль у складзе канцэртнай брыгады выязджаў на фронт. Пасля вайны вярнуўся ў Менск.
З 1946 г. Жыновіч прызначаны мастацкім кіраўніком і дырыжорам Дзяржаўнага народнага аркестра БССР (з 1974 г. імя Жыновіча). У Беларускай кансерваторыі Жыновіч заснаваў клас цымбалаў і кафедру народных інструментаў, загадваў ёю да 1963 года.
Сам Іосіф змяніў прозвішча на Жыновіч. Тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне Беларускай кансерваторыі скончыў у 1941 годзе.
Вікіпедыя.
Валанцёр Беларушчыны
Івану Будніку - 80!
(Працяг у наст. нумары.)
А.К: Працягваючы Вашу думку, раскажыце, калі ласка, падрабязней як у Гарадзенскім педінстытуце прайшло азнаямленне студэнтаў з дакладам М. Хрушчова? І якія адкрыліся новыя магчымасці і жаданні ў студэнтаў пасля гэтай лекцыі ў Гародні? І ці памятаеце Вы рэпрэсіі ў Гарадзенскім педінстытуце супраць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў тае пары?
І.Б: У адзін з цёплых дзён кіраўніцтва факультэта і інстытута сабрала студэнтаў і выкладчыкаў у самай вялікай аўдыторыі, і было заяўлена:
- Зараз вам зачытаюць даклад М.С. Хрушчова ХХ-аму з'езду партыі. Ніякіх запісаў весці нельга.
Такая таямнічасць насцярожыла і настроіла на ўвагу. Прызнаюся, што гэтай забароны я не выканаў і занатаваў, трымаючы на каленях, некаторыя імёны і факты. Хто чытаў даклад, ужо не помніцца, а слухалі ўважліва, стараліся запомніць. Уражанне ад пачутага было раўназначна выбуху бомбы, пераварочвала веру ў святасць і адзінства правадыроў, паводзіны якіх нагадвалі грызню павукоў у слоіку. Гэта была моцная прышчэпка ад усякага культу на ўсё жыццё. З гэтага часу, нібы праз прарваную плаціну, пайшла літаратура крытычнага зместу, якую мы спрабавалі адшукаць у абласной бібліятэцы. Штосьці знаходзілі ў "Новом мире", у "Литературной Москве", чыталі "Не хлебом единым" У. Дудзінцава, "Районные будни" В. Авечкіна, потым з'явілася аповесць "Один день Ивана Денисовича" А. Салжаніцына, адшуквалі апавяданні, артыкулы і вершы, дзе крытыкавалася савецкая сістэма. Гэтыя і іншыя творы фармавалі ў нас дэмакратычныя антыкамуністычныя погляды, і мы ўжо крытычна адносіліся да раздування прапагандай культа асобы М. Хрушчова. А ўлада пільна сачыла за тым, каб не дапусціць умацавання крытычных поглядаў. Таму і адбылася расправа з нашым аднакурснікам Жыгярэвічам І., якога "органы" абвінавацілі ў польскім нацыяналізме за намер выехаць у Польшчу. Яго выключылі з інстытута ў 1957 г., і ён летам пакінуў Беларусь. Мы былі ў гэты час на цаліне ў Казахстане. Другая расправа ў тым жа годзе адбылася з выкладчыкам беларускай літаратуры Браніславам Ржэўскім, таксама абвінавачаным у нацыяналізме - ужо беларускім. Звольнены з работы і асуджаны судом, ён правёў больш за пяць гадоў у мардоўскіх лагерах. Цяжка змагацца з пасеянымі ідэямі, якія падмацоўваюцца фактамі, а яшчэ і анекдотамі аб савецкай рэчаіснасці. І нельга сказаць, што мы былі антысаветчыкамі. Наадварот, заставаліся савецкімі людзьмі, якія верылі ў асноўныя пастулаты камунізму, толькі лічылі, што трэба іх трохі падправіць, рэфармаваць: калгасы, выбарчую сістэму, усеагульны вышук, пазбавіцца культу правадыра і інш. Так склалася і існавала пакаленне людзей з двайным дном: на рабоце, афіцыйна - адны; у хаце, з сябрамі - іншыя. І так цягнулася дзесяцігоддзі.
А.К.: Іван Фёдаравіч, дзякуючы "Адлізе" і Перабудове, у Вас таксама адбывалася трансфармацыя поглядаў на ўсё мінулае. Вы шмат чыталі "перабудовачнай літаратуры" і калі малады гарадзенец і былы настаўнік рускай мовы і літаратуры А. Фядута спачатку ўступіў у кампартыю, а пазней стаў першым сакратаром ЦК Саюза моладзі Беларусі, то Вы амаль у гэты час адважыліся разам з дырэктарам Гожскай школы напісаць заяву аб выхадзе з КПСС і пачалі хадзіць на Гарадзенскую "Паходню", на паседжанні "фронту" і, вярнуўшыся да сваіх каранёў, "захварэлі" на беларускую мову і культуру? Раскажыце, як гэта было?
І.Б.: Працуючы настаўнікам, а потым у райана, я быў прапагандыстам у сістэме палітвучобы. Нават у КПБ давялося ўступіць, толькі не для кар'еры, у познім для гэтага ўзросце - у 35 гадоў. На гэта нават звярнуў увагу адзін з членаў бюро райкама, спытаўшы, чаму так позна ўступаю ў партыю. Такога пытання я чакаў, бо, сапраўды, для кар'еры трэба ў яе ўступаць у гадоў 22 - 25. Гэты член бюро чакаў ад мяне дзіцячага лепету і апраўдання. Адказаў я сур'ёзна і з доляй гумару:
- Партыя, мне здаецца, не адыходзячы цягнік, куды трэба хутчэй ускочыць і не спазніцца. А гэта - важная арганізацыя, куды ўступаюць, калі адчуваюць сваю падрыхтаванасць для работы ў ёй. Іншыя члены бюро, усміхнуўшыся, пагадзіліся з адказам: сапраўды, уступаць трэба падрыхтаваным.
І працаваў на ўмацаванне савецка-партыйнай сістэмы: выконваў заданні райкама КПБ, з'яўляўся прапагандыстам у сістэме палітвучобы і пад канец існавання кампартыі ў часы перабудовы нават быў выбраны ў члены райкама.
Але калі ДКНС (ГКЧП) паспрабаваў вярнуць таталітарызм і ўчыніць пераварот, напісаў заяву аб выхадзе з КПСС разам з дырэктарам Гожскай СШ А. Антановічам. Толькі з сярэдзіны 80-х гадоў перабудова і галоснасць прымусілі задумацца і па-новаму ацаніць свае погляды, заняткі і работу. У другой палове 80-х гадоў пачаўся перабудовачны працэс у краіне і ў нашай свядомасці. Як саюзная прэса і тэлевізія, так і беларускія і мясцовыя падзеі прамывалі мазгі і ачышчалі нашу свядомасць ад камуністычнага ачмурэння. Цяпер цяжка пералічыць прачытаную літаратуру, прагледжаныя тэлеперадачы і фільмы, наведаныя лекцыі, мітынгі і сходы-паседжанні, якія паўплывалі на складванне нацыянальных і дэмакратычных поглядаў. Але хочацца назваць адкрыццё З. Пазняком Курапатаў, расправу над шэсцем у Курапаты, правядзенне выбараў і трансляцыя работы І з'езду народных дэпутатаў СССР, працяглая работа ў Гародні клуба "Паходня", дзейнасць Гарадзенскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту, стварэнне і работа Таварыства беларускай мовы.
Мне хочацца найбольш выдзеліць уплыў "Паходні" і валанцёрскую работу ТБМ. Ва ўмовах дэмакратызацыі ў краіне ў другой палове 80-х гадоў у многіх гарадах Беларусі пачалі ўзнікаць розныя грамадскія арганізацыі і рухі, адкрываюцца клубы дэмакратычнага кірунку. У Гародні такім клубам была "Паходня", створаная актыўнай дэмакратычнай інтэлігенцыяй. На першых паседжаннях клуба я не быў з-за няведання аб ім, а на наступных - амаль на кожным: было цікава, нязвыкла, свабодна; паседжанні вяліся на беларускай мове. Кіраваў клубам доктар гістарычных навук малады, энергічны, даступны ў адносінах Міхась Ткачоў, нязменным памочнікам быў Мікола Таранда. Паседжанні праходзілі па чацвяргах пасля работы то ў Доме культуры на Дзяржынскага, то ў Доме навукі і тэхнікі. Заўсёды было шматлюдна, збіралася ад 50 да сотні чалавек, заўважаліся ўжо пастаянныя наведвальнікі, складваліся таварыскія адносіны. Для паведамленняў і абмеркавання прапаноўваліся заўсёды цікавыя і актуальныя тэмы з беларускай гісторыі, культуры, тагачаснага палітычнага жыцця ў краіне і горадзе. Гісторыя Беларусі, поўная міфаў і фальсіфікацыі, была ў цэнтры ўвагі "Паходні". Таму прапаноўвалася чытаць даследаванні Міколы Ермаловіча, ягоную кнігу "Па слядах аднаго міфа" і наступныя, датычныя гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, а на паседжаннях яны і абмяркоўваліся. Гэтыя кнігі былі глытком чыстай вады ў мутнай атраве савецкай гісторыі Беларусі, якая сцвярджала, што Беларускай дзяржавы не існавала да 1917 г. і яна ўзнікла толькі пасля бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту, што на тэрыторыі Беларусі адбываліся такія ж падзеі, што і ў Расіі, толькі ў горшым выглядзе. А тут мы даведваліся, што маем звыштысячагадовую багатую цікавую гісторыю самастойнай дзяржавы, што не Масковія несла культуру ў Беларусь, а, наадварот, Беларусь далучала Масковію да перадавой культуры Еўропы. На паседжаннях "Паходні" з паведамленнямі выступалі М. Ткачоў, А. Пяткевіч, і многае давялся пачуць упершыню. Да прыкладу, ад прафесара А. Майсяёнка мы пачулі грунтоўны аповед пра выдатнага беларуса, гонар нацыі, Барыса Кіта, які сваімі адкрыццямі дапамог амерыканцам пракласці дарогу да Луны. Даведаліся пра выдатных дзеячоў беларускай культуры замежжа Наталлю Арсенневу, Масея Сяднёва, аб стваральніках Беларускай Народнай Рэспублікі. Пад час выбараў у саветы розных узроўняў абмяркоўвалі кандыдатаў у дэпутаты: іх праграмы, асабістыя якасці, магчымасці падтрымаць дэмакратычных кандыдатаў. У гэтыя гады быў вялікі попыт на літаратуру дэмакратычнай накіраванасці (брашуры ад Беларускага Народнага Фронту, улёткі), і яе часам можна было знайсці падчас паседжанняў клуба. Прыемна ўражвала, што паседжанні часта пачыналіся са спеўкі прысутнымі верша "Пагоня " М. Багдановіча або "Магутны Божа" Н. Арсенневай. Актыўнасць клуба "Паходня" падтрымвалі сябры БНФ, якія наведвалі клуб. Сама арганізацыя была створана ў Вільні ў сярэдзіне 1988 г. і хутка ажывіла грамадскае і палітычнае жыццё ў краіне і ў Гародні - у прыватнасці. Фронтаўскія мітынгі выклікалі цікавасць у жыхароў і заўсёды збіралі шмат удзельнікаў. Не прапускаў іх і я і ў канцы рабочага дня спяшаўся то на плошчу, то на стадыён, то на паседжанне арганізацыі БНФ. Як і многія сябры Фронту, збіраў у пачатку 90-х гадоў подпісы за роспуск намеклатурнага Вярхоўнага Савета і правядзенне новых выбараў. Я падаў лісты з подпісамі звыш 80 чалавек. Вядома, што было сабрана звыш 440 тыс. подпісаў, лісты былі пададзены ў ВС, але партнаменклатура самазабойчага рашэння не прыняла. Фронт актыўнічаў у выбарчых кампаніях, вылучаючы сваіх кандыдатаў у ВС Беларусі і на З'езд Саветаў у Маскву. У перадвыбарчых кампаніях удзельнічаў і я. Наведваючы паседжанні Фронту або "Паходні", набіраў улёткі, праспекты, плакаты і іншыя матэрыялы ў падтрымку дэмакратычных кандыдатаў і пасля ў аддзеле адукацыі раздаваў настаўнікам і кіраўнікам школ для распаўсюджання ў вёсках. Калі М. А. Ткачоў быў вылучаны кандыдатам у народныя дэпутаты СССР у красавіку 1989 г., арганізаваў з дапамогай настаўнікаў Сапоцкінскай СШ яго сустрэчу з жыхарамі мястэчка ў школе. У ёй удзельнічаў і А. Карпюк, вядомы жыхарам як загадчык Сапоцкінскага райаддзела адукацыі у пачатку 50-х гадоў. За гэтае маё самаўпраўства ў падтрымку М. Ткачова на мяне была зроблена інфармацыя старшыні райвыканкама Р. Алізаровічу, але ён не даў ёй ходу. Перад выбарамі ў красавіку - траўні на Савецкай вуліцы, у парку праходзілі гарачыя спрэчкі паміж прыхільнікамі кандыдытаў у дэпутаты М. Ткачова і У. Сямёнава. Для адной з іх пасля работы надрукаваў некалькі дзясяткаў асобнікаў верша супраць У. Сямёнава, і яго разнеслі імгненна:
Он пятнадцать лет в обкоме
Нам о благах говорит.
А в итоге в каждом доме
Поселился дефицит.
Будут сахар, и колготы,
Паста, туфли, колбаса -
Заживёте без заботы,
Будет всё за голоса…
Я дивлюсь: четвёртый год
Безмятежно спит народ.
Але дэпутатам у рэшце рэшт стаў Уладзімір Сямёнаў: моцная вера ў начальства была ў выбаршчыкаў. А выбарчыя кампаніі ўсё больш уцягвалі. У 1990 г. праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет БССР, і права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты мелі некаторыя грамадскія арганізацыі, у тым ліку і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. У Гарадзенскім раёне арганізацыя была створана ў кастрычніку 1989 г., і дэмакратычна настроеная частка яе кіраўніцтва настаяла на вылучэнні кандыдата ад раённай арганізацыі. Мы настойвалі на кандыдатуры прадстаўніка БНФ Уладзіміра Кісялевіча, агранома з Раціч, але большасць раённай рады падтрымала загадчыцу аддзела культуры райвыканкама Людмілу Кадзевіч, прыхільніцу беларушчыны. У 1995 г. раённая арганізацыя падтрымала намесніка старшыні раённай рады Аляксандра Барысевіча, дырэктара Абухаўскага Дома культуры, які вылучыўся кандыдатам у дэпутаты ВС Рэспублікі Белапрусь па месцы жыхарства. Але абодва кандыдаты праігралі, а дэпутатамі сталі абраннікі ад улады. Мне давялося ўдзельнічаць у розных перадвыбарчых сходах, сустрэчах з кандыдатамі, а ў 1994 г. быў членам раённай акруговай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 1995 г. - членам акруговай камісіі па выбарах у Вярхоўны Савет. Назіранні за работай раённай камісіі з участковымі паказалі, што патрэбныя ўладам вынікі ў асноўным робяцца ўчастковымі камісіямі, куды падбіраюцца правераныя старшыні, іх намеснікі і сакратары. Пры здачы пратаколаў галасавання старшыня акруговай камісіі папярэдне праглядваў пратакол вынікаў галасавання участковай камісіі пад відам таго, ці сходзяцца ўсе лічбы. Калі штосьці не спадабалася, то адпраўляў у калідор, каб старшыня паставіў патрэбныя лічбы. Асабліва масава гэта рабілася пры здачы пратаколаў у час рэферэндуму 1995 года, калі ва ўсім файе райвыканкама сядзелі такія "перапісчыкі" - старшыні ўчастковых камісій. Для сваёй работы яны мелі чыстыя пратаколы сваёй камісіі з подпісамі членаў сваёй участковай камісіі, а калі не хапала якога-небудзь подпісу, то распісваліся за іх самі. Перад канчатковым запаўненнем акруговага пратакола старшыня раённай (акруговай) камісіі ішоў да старшыні райвыканкама і там узгадняў патрэбныя лічбы. А ЦВК і сп. Ярмошына, суміраваўшы такія "паказчыкі" раённых камісій, агалошвалі вынікі "элегантных перамог"(з 1996 г., А.К.). У 2001 годзе - ізноў прэзідэнтскія выбары. Маю кандыдатуру ў склад раённай выбарчай камісіі, вылучаную Таварыствам, райвыканкам не ўключыў. Але я ізноў удзельнічаў у выбарах ужо ад дэмакратычных арганізацый ў якасці кіраўніка і арганізатара сістэмы назірання за выбарамі, арганізацыі сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі ў Гарадзенскім раёне. Мы працавалі сумесна з У. Кісялевічам і Т. Гавіным, якія курыравалі адпаведна паўднёвую і паўночную часткі раёна. На двух выбарчых участках - Каробчыцкім і Азёрскім - мы арганізавалі, нягледзячы на перашкоды ўчастковых камісій, прапанаванае нам суцэльнае назіранне па працягу ўсяго часу галасавання ад датэрміновага да апошняга дня. Паспяхова прайшло яно ў Каробчыцах, а ў Азёрах назіральнік пасля некалькіх дзён работы адмовіўся прадоўжыць далейшую працу.
Пры фарміраванні ўчастковых камісій раённая арганізацыя ТБМ вылучыла 7 чалавек у члены камісій, але райвыканкам іх не ўключыў, паставіўшы патрэбных людзей. Акрамя гэтага раённая арганізацыя Таварыства накіравала назіральнікамі 17 сяброў арганізацыі, у тым ліку і ў раённую камісію. У дзень галасавання раніцай міліцыя "замяла'" некаторых актыўных арганізатараў выбарчай кампаніі, каб падарваць работу, а я не патрапіў у гэтыя сеткі, вельмі рана сышоўшы на дамоўленую кватэру з тэлефонам. Днём падтрымліваў сувязь з наглядальнікамі і сваімі памочнікамі, а пад вечар аб'ехаў да дзясятка выбарчых участкаў ад Путрышак да Скідзеля для сустрэчы з наглядальнікамі, вылучанымі ад Таварыства. Выбарчая кампанія яшчэ раз яскрава выявіла беспрынцыпнасць і заангажаванасць участковых камісій, іх старшынь, якімі часта былі кіраўнікі школ. Такая актыўная пазіцыя Таварыства мясцовым уладам была не да спадобы, і яны выкарысталі кампанію перарэгістрацыі грамадскіх арганізацый для зняцця раённай арганізацы ТБМ з рэгістрацыі пад відам адсутнасці юрыдычнага адраса, г. зн. фактычна яе закрылі. А са мной не працягнулі рабочы кантракт з новага, 2002-га навучальнага года. Будучы на пенсіі яшчэ раз паўдзельнічаў у выбарчай кампані і пабачыў, як розныя выбарчыя камісіі і дзяржорганы вычышчаюць няўгодных прэтэндэнтаў на дэпутацкае месца. У 2005 г. у час выбарчай кампаніі па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Нацыянальнага Сходу паспрабаваў вылучыцца ў Гарадзенскім раёне Тадэвуш Гавін, і я ўключыўся ў збор подпісаў за яго. У вёсках Баранава, Квасоўка, Лікоўка, Ніжнія Пагараны, дзе людзі ведалі мяне або маіх бацькоў і адносіліся з даверам, назбіраў каля ста подпісаў. Парадак складання і афармлення спісаў я добра ведаў; іх правяраў, працуючы ў акружных камісіях. Аб праверцы подпісаў акружной камісіяй мне пазней расказвалі некаторыя знаёмыя падпісанты. Звычайна прыходзіла група правяральшчыкаў у складзе члена акружной камісіі, старшыні сельсавета і начальніка вытворчага ўчастка (з калгаса) або міліцыянера і прапаноўвала напісаць адмову ад подпіса па розных прычынах. Залежны ад уладаў чалавек бачыў, што з патрабаваннем трэба пагадзіцца, каб не мець непрыемнасцяў. Так сярод лістоў маіх і іншых зборшчыкаў камісія атрымала неабходны працэнт несапраўдных подпісаў і не зарэгістравала Т. Гавіна кандыдатам, а ім стала вылучаная ўладамі Лілея Кашанкова, "абраная" ў дэпутаты.
(Працяг у наст. нумары.)
Этнаграфічны тлумачальны слоўнік
Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Калаўрот (самопрялка) - 1) ручная прылада для прадзення нітак; 2) народная гульня.
Калёсы (телега) - конная чатырохколавая павозка.
Калода (колода) - 1) адрэзаны кавалак бярвяна; 2) вулей свойскіх пчолу калодзе, якую ставілі ў садзе або ў лесе.
Калодзеж, калодзезь, студня (колодец) - вузкая глыбокая яма, умацаваная з бакоў зрубам або бетоннымі трубамі, для здабывання вады з ваданосных пластоў зямлі.
Калоднік (колодник) - арыштант, закаваны ў калодкі.
Калыска, зыбка, люлька (колыбель) - невялікі дзіцячы ложак для немаўля, можа мець розную форму (ад палатна нацягнутага на абруч да карзіны і драўлянага маленькага ложка на ножках з дужкамі).
Калонія (колония) - вёска, у якой жывуць перасяленцы з іншай вобласці або краіны.
Калінкі, салодкая гарэлка (калинки) - абрад першай шлюбнай ночы на вяселлі.
Каліноўнік (кулага) - кулага з расцёртымі ягадамі каліны, "путра" з ягадамі каліны на Тураўшчыне. (Молчанова Л.А. Материальная культура белорусов. Мн., 1968. С. 194.)
Калдуны, пызы, ладонікі (клёцки) - клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам.
Калдуны (клок) - зблытаныя скудлачаныя валасы.
Кадоўб, кадаўб, кузуб, кадаміна, ліпаўка (кадолбь) - ёмкасць, выдзяўбаная са ствала дрэва, для захоўвання збожжа.
Калышка - паясное адзенне дзяўчат.
Каляды (рождество Христово) - свята нараджэння Ісуса Хрыста.
Калядаванне (колядование) - звычай хадзіць па хатах і віншаваць гаспадароў са святам Каляды.
Калядніца (колядница) - калядная пара (ад Калядаў да Вадохрышча).
Камасацыя (камосация) - ліквідацыя цераспалосіцы звядзеннем сялянскіх зямель у адзін участак з наступным выхадам на хутары; састаўная частка аграрнай рэформы ў Заходняй Беларусі, якая праводзілася польскімі ўладамі паводле закону 1923 г.
Камізэлька (жилетка) - мужчынская безрукаўка.
Камінок (камелёк) - вольнае месца на краі прыпечка, якое можна было выкарыстаць каб нешта хуткаспячы або зварыць, увечары можна было тут асвяціць хату лучынай. Дым ад камінка ішоў у маленькі комін, які злучаўся з вялікім (у вёсках Бучацінскага сельсавета Капыльскага раёна).
Камора (клеть) - 1) клець; 2) (таможня) мытня ў ВКЛ; 3) кантора ў лясніцтве ў ХІХ ст.; 4) абрад першай шлюбнай ночы.
Каморнік - землямер.
Камунікацыі (ад лац. сommunicacion - сувязь) - шляхі зносін.
Камы, клёцкі (клёцки, картофельное пюре) - мучная страва з цеста круглай формы ў выглядзе яек.
Камяга - 1) выдзёўбанае карыта з доўгай калоды дрэва для вадапою свойскай жывёлы; 2) выдзяўбаны вузкі човен у выглядзе карыта.
Канавал (коновал) - народны лекар жывёлы без спецыяльнай адукацыі.
Канапа (диван, оттоманка) - шырокая лаўка з падлакотнікамі і спінкай.
Канцлер (канцлер) - начальнік канцылярыі вялікага князя ў ВКЛ.
Канун (канон) - абрадавая страва, якой пачыналі памінкі. Гэта разбаўленая мёдам вада (сыта), у якую крышылі прэсны корж, булку ці абаранкі.
Канькі (конёк) - разныя верхнія канцы закрылін, якія маюць выгляд караяных рагоў альбо птушыных галоў і т. д.
Канявая (коневая) - тонкае бярвяно, якое кладуць на слупы, якія стаяць на падоўжнай бэльцы (ляжыць на зрубе, на гарышчы) і служыць для замацавання крокваў.
Капа (покрывало) - льняная посцілка з перабіраным узорам (в Сямёнава Шылавіцкага с/с Ваўкавыскага раёна).
Капа (копа) - 1) мера ліку, роўная 60 адзінак; 2) невялікая сцірта сена.
Капаніца, капачка, капыл (мотыка) - прылада працы для ручной апрацоўкі зямлі.
Капец - 1) насып вакол межавага слупа (межевой знак); 2) даўні спосаб захавання на зіму бульбы і агародніны ў яме на пяску (бурт).
Капітула (капитул) - зямельнае ўладанне каталіцкага епіскапства.
Капліца (часовня) - невялікая цэркаўка без алтара.
Каплук - страва у паляшукоў. Ачышчаную бульбу вараць з цыбуляй, перцам, соляць, затым працэджваюць, а ў гэтую працэджаную гарачую масу кідаюць скарыначкі хлеба і ядуць.
Капота - мяшчанскае верхняя вопратка, пашытая з простага сукна, з адкладным каўняром, з укарочаным нізам.
Каптан (кафтан) - двухбортная верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі.
Каптур, чапец (капор, чепец) - галаўны ўбор дзіцяці або замужняй жанчыны, які завязваецца па падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар.
Каптур - 1) сплеценая з дубцоў і абмазаная глінай труба для адводу дыму; 2) верхняя частка печы ў выглядзе двух сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай; 3) невялікі дах, навес конусападобнай формы, які звісае над чым-небудзь.
Капуста - звараная вадкая страва з кіслай капусты (елі з бульбай і хлебам).
Капуза (кучма) - высокая мужчынская аўчынная шапка цыліндрычнай або канічнай формы.
Капшук (кисет) - мяшочак для тытуню, махоркі, які сцягваецца шнурком.
Капшчына (капщина) - падатак, які спаганяўся за гатаванне піва, мёду і гандаль гарэлкай.
Капыл (колодка) - кавалак дрэва ў форме ступні, па якім робяць абутак.
Капытка - страва з дранай бульбы.
Капялюш (шляпа) - летні галаўны ўбор з палямі (з лямцу або сплецены з саломы).
Каралі (бусы, ожерелье) - упрыгожванне з каштоўных камянёў, якое надзяваецца на шыю.
Карабейнік (коробейник) - дробны гандляр, які насіў свой тавар па вёсках і прадаваў.
Каравай (каравай) - 1) вясельны абрадавы пірог; 2) абрад выпечкі каравю для вяселля.
Карагод, танок (хоровод) - ход па кругу з песнмі і танцамі.
Карнавал (карновал) - маскарад з танцамі і гульнямі.
Карніз (карниз) - гарызантальны выступ, які завяршае сцяну, дзверы.
Каробачка (коробейники) - бытавы танец сельскай моладзі на вечарынцы.
Каробка (коробка) - 1) кош для зімняй лоўлі ўюноў; 2) сявенька.
Картуз (картуз) - мужчынскі летні галаўны ўбор з аколышкам і цвёрдым казырком.
Карункі (кружево) - ажурныя вырабы з нітак.
Карчма (корчма, шинок) - заездны дом, харчэўня; хата, дзе падарожнік мог паесці і пераначаваць.
Карчмар (корчмарь) - гаспадар карчмы.
Карчага, вушкавенка - керамічны посуд вялікіх памераў (часам да 16 л).
Кары (дровни) - сані-лесавозы.
Карэц, кварта (кружка) - коўшык з ручкай.
Каса (касса) - месца, дзе захоўваюцца грошы.
Каса (коса) - 1) прылада для касьбы травы; 2) сплеценыя валасы на галаве жанчыны.
Касавіца (сенокос) - касьба сенажацей.
Касаўё, кассё, акоссе, касільна (косовище) - ручка касы.
Каснік (ленточка) - невялікі кавалак каляровай стужкі або тканіны.
Катанка (куртка) - куртка з валенага сукна. У Ашмянскім павеце катанку насілі толькі кабеты.
Катуля, котка (чурка) - кароткая драўляная чурка з выемкай па сярэдзіне, у якую клалі ручку пячных вілак.
Катух, яслі (закут, ясли) - адгароджаны закутак у хляве, куды кладуць сена і трасянку.
Катрынка (шарманка) - механічны музычны інструмент, які мае выгляд скрынкі з ручкай.
Каўбаса, кілбаса (колбаса) - мясны выраб круглай прадаўгаватай формы, раней гэта была свіная кішка, напхнутая парэзаным і прыпраўленым мясам.
Каўня - тое, што і малатаўня (в. Волкаўшчына Новапагосцкага с/с Міёрскага раёна).
Кафля (кафля) - керамічны выраб для абліцоўкі сцен і печаў у выглядзе пліткі.
Кацуба (кочерга) - драўляная качарга для даставання вуглёў з печы (в. Лукава Маларыцкага раёна).
Качадык (шило) - гнутае шыла.
Качалка - 1) палка для раскачвання цеста або разгладжвання бялізны качаннем; 2) крэсла з выгнутымі палазамі, на якіх яно качаецца.
Качалкі (рубель с катком) - прыстасаванне драўніны для разглажвання і качання бялізны і лёгкага адзення.
Качар (селезень) - самец качкі.
Качарга (кочерга) - палка з загнутым жалезным наканечнікам на канцы для выграбання попелу з печы і даставання вуглёў.
Кашар - той, хто пляце кашы.
Кашара (кошара) - адгароджанае месца на выгане або ў лесе, дзе летам трымаюць жы-вёлу.
Кашуля (рубаха) - сарочка, рубашка.
Кашчэй (Кощей) - міфічны персанаж казак, стары, які валодае тайнай даўгавечнасці і незлічоным багаццем.
Кашэль, вярэнька (корзина) - вялікая кашолка, звычайна з лучыны.
Каюк (каюк) - рачны вёслава-ветразевы грузавы карабель.
Кварта (кварта) - 1) даўнейшая мера вадкіх і сыпучых рэчываў, роўная чацвёртай часцы гарнца (0,7 л.); 2) грашовая плата ў дзяржаўную казну арандатарам або дзяржаўцам гадавога даходу са скарбовага ўладання.
Кватэрка - 1/4 кварты (0,176 л.).
Квас (квас) - квашаны хлебны напітак, падрыхтваны на вадзе з хлеба, сухароў або жытняй мукі з соладам.
Кваска (бочка) - 1) вялікая бочка пад збожжа (в Будча Ганцавіцкага раёна); 2) дзяжа (квашня) у в. Хабавічы Дзівінскага с/с Кобрынскага раёна.
Кваша - посная квашаная страва на Тураўшчыне. Рыхтавалі ржаны солад, яго змешвалі з грэцкай мукой і варылі.
Квашаніна (холодец, студень) - страва, звараная з свінных ног, вушэй, затым астуджаная.
Кветнік (полисадник) - агародчык з кветкамі каля хаты.
Келіх (бокал) - маленькая шкляная чарка.
Келля (келья) - пакой, дзе жыве манах або манашка.
Кельня (кельма) - прылада муляра, тынкоўшчыка ў выглядзе трохвуголнай лапаткі.
Керат - манеж.
Кірмаш, фэст (ярморка) - парафіяльнае свята каля царквы з невялікім рынкам.
Кісель (кисель) - кіслая страва, падрыхтаваная з аўсянай мукі.
Кіслае малако (простокваша) - сквашанае малако.
"Кішка" - нацёртая бульба і крупы з дабаўленнем тлушчу і солі запякаецца наскварадзе ў тоўстай кішцы заколатай свіні. Была вядома ў Заходняй Беларусі.
Кладка (перекладина, кладка) - перакінутая адна або дзве дошкі ці брус з берага на бераг невялікай рэчкі для пераходу.
Клемры сталярскія - інструмент для сцягвання дошак дзвярэй (в. Дайнова Жылёўскага с/с Іўеўскага раёна).
Клець, свіран (клеть) - зрубнае памяшканне для захоўвання абмалочанага збожжа.
Кломля, комля, браднік, баўтуха (кломля, бредень) - прыстасаванне ў выглядзе даўгой сеткі для лоўлі рыбы.
Клуня (клуня) - 1) гумно ў Кобрынскім раёне і іншых вёсках Заходняга Палесся; 2) пуня.
Клумбня - прыстасаванне для лоўлі рыбы ў в. Глінка Столінскага раёна.
Ключнік (ключник) - слуга ў панскім маёнтку, у распараджэнні якога знаходзіліся прадукты харчавання і ключы ад месца іх захоўвання.
Клявец - малаток для кляпання касы.
Клямар (скоба, скрепа) - 1) драўляныя пласціны, якія ставяцца з двух бакоў сцяны і сцягваюцца жалезнымі прутамі для яе выраўноўвання і мацавання; 2) спражка на папрузе.
Клямка (скоба, щеколда) - прыстасаванне, з дапамогай якога адчыняюць і зачыняюць дзверы.
Кляновік (кленовый сок) - напітак з кляновага соку.
Кляпцы, жалезы - пастка на звера.
Кляштар (монастырь) - каталіцкі манастыр.
Коварaт, вешніцы - вароты ў канцы вясковай вуліцы, якія закрывалі ўезд і выезд з яе (в. Міластаў Ігуменскага павета).
Коварат - доўгая жэрдка з грузам на тоўстым канцы, якая закладваееца ў развіліну калодзежнага жураўля (в. Садавічы Капыльскага раёна).
Козачка (самопрялка наклонная) - калаўрот-ляжак (в. Куколкі Шылавіцкага с/с Ваўкавыскага раёна).
Комін (дымоход) - дымаход (цагляны, керамічны).
Конаўка, кварта (кружка) - бандарны кубак для піцця вады, аб'ёмам каля паўлітра.
Конік - паліца, у якой ніжнія часткі бакавін выпілоўваліся ў выглядзе коніка (Палессе).
Кораб (короб) - ёмістасць для прадуктаў, сплеценая з саломы або лазы.
Коўганка - ступка з ручкай і таўкачыкам, нагадвае коўшык з ручкай (в. Ісерна Слуцкага раёна).
Коўдра (одеяло) - 1) адзеяла з кудзелі; 2) посцілка.
Кош - 1) (корзина) кошык: 2) (кузов) сплецены з лазовых дубцоў кузаў для калёс.
Кошка (кошка) - шнур з чатырма перпендякулярнымі кручкамі для даставання ўтопленага ў студні вядра.
Кошык (кошёлка) - карзіна авальнай формы, сплеценая з дубцоў.
Кравец (портной) - рамеснік, які шые вопратку.
Крайка (пояс) - жаночы пояс (Палессе).
Кракавяк (краковяк) - бальны танец, які бытаваў на вечарынах у мінулым стагоддзі. Узнік у 14 стагоддзі ў Кракаве.
Крама (лавка) - у мінулым беларуская назва магазіна прамысловых тавараў.
Крамнік (лавочник) - гаспадар крамы.
Крамніца (лавочница) - гаспадыня крамы.
Красала, крэсіва (кресало) - металічнае прыстасаванне, якім высякалі іскры з крэменя, здабывалі агонь.
Краўчыха (портниха) - швачка, якая шые вопратку.
Кросны, ставы (ручной ткаческий станок) - ручны ткацкі стан.
Крохва (стропила) - тоўстая жэрдка для мацавання на ёй лат пры будоўлі страхі.
Кругі (мотушка) - вітушка для наматвання пражы з калаўрота (в. Студзёнікі Новадворскага с/с Свіслацкага раёна).
Крук (крюк) - драўляная палка з сукамі на канцы або з двухзубым наканечнікам, для скідвання гною з воза.
Крупнік, крупы, крупеня (крупяной суп) - вадкая страва з круп.
Круцілька - прыстасаванне для для наматвання вяровак (в. Марозавічы Лапацінскага с/с Пінскага раёна).
Крыга (бредень) - рыбалоўная прылада ў выглядзе двух рухомых палазоў з сеткамі, якой ловяць рыбу ў неглыбокіх вадаёмах.
Крылатка (полотенце) - невялікакі ручнічок затканы чырвонымі ніткамі, якім прыкрываюць дзіця і рукі нябожчыка.
Крынка (кувшин) - ганчарны посуд накшталт збанка без ручкі.
Крыннік, краннік - рамачны вулей.
Кубак, кухлік (кружка, чашка) - невялікая гліняная або фарфоравая пасудзіна з ручкай для піцця. Вісеў каля вядра.
Кубел (кадка с крышкой) - бандарны посуд у выглядзе цэбра з вечкам і запорам. У ім захоўваліся розныя тканыя рэчы, вопратка або сала і каўбасы.
(Працяг у наст. нумары.)
Алег Трусаў: "Беларусізацыя не скончылася, яна нават пачала ўзмацняцца"
Чарговым героем перадачы "Інтэрвію тыдня" на Радыё Свабода быў старшыня ТБМ Алег Трусаў. Ён адказаў на пытанне, ці скончылася ў краіне "мяккая беларусізацыя", распавёў пра беларускую нацыянальна-патрыятычную групоўку ва ўладзе і абвінаваціў Радыё Свабода ды іншыя незалежныя СМІ ў спрыянні рэжыму. З ім гутарыў Віталь Цыганкоў.
- Пасля 25 сакавіка аналітыкі загаварылі пра тое, што адносная "лібэралізацыя" ў краіне скончылася. І адной з ахвяраў гэтага працэсу можа стаць і "мяккая беларусізацыя". Ці вы згодныя з такой ацэнкай?
- Я так не лічу. Беларусізацыя працягваецца. Больш за тое, апошнімі днямі яна нават пачала ўзмацняцца. Мала таго, што мы дабіліся, што на Еўрабачанне ад Беларусі паедзе беларускамоўны гурт. Але днямі было абвешчана, што і тэлетрансляцыя будзе весціся па-беларуску.
Павялічылася колькасць гадзін на беларускую мову ў розных класах, цяпер яе ўраўнавалі з расейскай. Рэзка павялічылася ў райцэнтрах колькасць беларускамоўных шыльдаў. Прывяду ў прыклад Нясвіж. Яшчэ пару гадоў таму там было дзве ці тры беларускамоўныя шыльды. А зараз я на трох вуліцах налічыў каля пяцідзесяці.
- З іншага боку, можна прыгадаць і "справу патрыётаў", і апошнія затрыманьні людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі.
- Хапалі ўсіх - і са сцягам, і без сцягоў. У Берасці хапалі людзей з белымі аркушамі паперы. Выйшаў на недазволеную акцыю, не важна, з чым - ідзі ў кутузку. Пры чым тут сцяг? Гэта не паляванне на сімволіку, гэта проста паляванне на ўсіх грамадзян, хто нечым сябе праяўляе.
- Але звернемся да "справы патрыётаў". Арыштавалі людзей, якія вызнавалі беларускія патрыятычныя каштоўнасці. Беларускамоўных, удзельнікаў патрыятычных клубаў. Чаму ўлада не арыштавала прадстаўнікоў прарасейскіх суполак, якіх хапае ў Беларусі?
- Апошнім часам улада раскалолася на вялікія групоўкі, якія ваююць паміж сабой. Адна - умоўна кажучы, нацыянальна-патрыятычная, яна і пачала "мяккую беларусізацыю". Другая групоўка выступае за анексію Беларусі. Яе прадстаўнікоў найбольш у розных спецслужбах. Невыпадкова ў іх і сімволіка расейская ў кабінетах вісіць, на аўтамабілях.
Ідзе змаганне паміж дзвюмя гэтымі групоўкамі. Заўважце, нацыянальная групоўка дабілася арышту аўтараў Regnum'а, нават хацелі Баранчыка забраць. У адказ атрымалі арышт патрыётаў. Так што - баш на баш.
- Я б сказаў, вельмі нераўнацэнны "абмен".
- Разумееце, прыхільнікаў Расеі ў калідорах улады значна больш. Дарэчы, далёка не ўсе там па-беларуску гавораць, там вельмі розныя людзі. Тым больш што палітыкаў яны выпусцілі - Дашкевіча і ягонага сябра. Астатнім затрыманым успомнілі мінулае - як калісьці Сталін белагвардзейцаў арыштоўваў. Яны ўжо гадоў 15 не былі ані ў партыях, ані ў ТБМ. Сказаць, што яны былі палітычна актыўныя, нельга.
- Калі вы кажаце пра розныя групоўкі ва ўладзе, то многія ставяць гэтую схему пад сумнеў. У беларускай сістэме ўлады ўсе асноўныя кірункі задае Аляксандар Лукашэнка, а астатнія, незалежна ад сваіх поглядаў, вымушаны пад гэта падладжвацца.
- Тыя, хто так гаворыць, не разумеюць, што такое палітыка ў аўтарытарнай краіне. Адзін чалавек не можа ўсё вырашаць. Хто цяпер падтрымлівае Лукашэнку? Чынавенства, іхнія сем?і - іх прыкладна 300-500 тысяч чалавек. Пакуль яны ва ўладзе - гэтая ўлада і стаіць. І яны маюць карт-бланш на любыя пытанні ў межах сваёй кампетэнцыі.
Я добра ведаю раённыя ўлады. У адным раёне ідзе беларусізацыя, а ў іншым усё беларускае знішчаюць. Бо ў адным раёне кіраўнік - прыхільнік незалежнасці, а ў другім - прыхільнік інтэграцыі з Расеяй. Лукашэнка прызначыў чалавека і забыўся на яго. Пра яго ўзгадаюць, толькі калі ён нешта ўкрадзе альбо адкат не дасць.
Лукашэнка вырашае толькі самыя галоўныя замежнапалітычныя моманты, эканамічныя. Астатняе вырашае наменклатура.
- Чаму ўлада не вытрымала гэтага курсу на "лібералізацыю" і пайшла на разгром дэмакратычных сілаў?
- Я не лічу гэта разгромам. У параўнанні з 2010 годам ніякага разгрому не было. Гэта проста запалохванне. Чаму? Бо ўлада прайграла "дармаедаў", дэкрэт давялося фактычна скасаваць. Упершыню электарат Лукашэнкі выйшаў на вуліцу з патрабаваннем ягонай адстаўкі. І ўлада вырашыла запалохаць. Таму і хапалі ўсіх, хто трапляўся. Ім трэба была карцінка.
Ніякіх палітычных зняволеных няма, даюць Статкевічу 5 сутак. Яны змагаюцца не з апазіцыяй, а з сваім электаратам. Яны запалохвалі, стваралі карцінку - і дабіліся сваёй мэты. Дзякуючы ў тым ліку і вам, бо вы паказвалі ўсе гэтыя жахі, бясплатна папрацавалі на рэжым.
- Вы прапануеце ўсё гэта не паказваць?
- Ну, не выпячваць. Яны нейкага інваліда хапаюць, і адразу дваццаць журналістаў, ад "Белсата" да "Рацыі", гэта паказваюць. Людзі глядзяць, палохаюцца і не ходзяць на акцыі. Можна ж паказаць па-рознаму. Я калі гляджу "Белсат" - то думаю, што людзі на гэта паглядзяць і ніколі больш не пойдуць. Каму хочацца сядзець на сутках альбо - самае страшнае - плаціць штрафы?
- Сёлета будзе з'езд ТБМ, і вы ўжо заяўлялі, што не будзеце вылучацца на пасаду старшыні...
- Так, не буду. Трэба своечасова прыйсці, а самае галоўнае - своечасова сысці. Не чакаць, пакуль струхнееш ці памрэш у крэсле. Таму - будзе змена.
- У вас ужо ёсць кандыдатура пераемніцы альбо пераемніка?
- На сёння вылучана чатыры кандыдатуры. Гэта Лявон Баршчэўскі, Людміла Дзіцэвіч, Алена Анісім і Ўладзімір Колас, але ён днямі адмовіўся. Праходзяць сходы. Кандыдатаў абмяркоўваюць, мы не робім з гэтага ніякай таямніцы. Вылучалі ўвогуле 7 чалавек, але астатнія з розных прычын сышлі з дыстанцыі.
- Раней вы заяўлялі, што ТБМ - гэта непалітычная арганізацыя. І гэта дазваляе вам паспяхова працаваць. Але вы самі вылучаліся летась на парламенцкіх выбарах, а Алена Анісім нават стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. То бок, цяпер такая сувязь з палітыкай ужо патрэбная? Гэта нейкі новы этап у дзейнасці ТБМ?
- І так, і не. Анісім ішла шляхам збору подпісаў, яна ніколі ні ў якіх партыях не была. Іншая справа, што ТБМ усё зрабіў, каб яна стала дэпутатам. Людзі ў Нясвіжы і на Стаўпеччыне яе ведаюць, яны за яе галасавалі. У Менску выбары фактычна не адбыліся, а там людзі ходзяць на выбары, з розных прычын.
Што тычыцца палітыкі. Сам факт, што чалавек размаўляе па-беларуску - гэта ўжо палітыка. І гэтай палітыцы ўжо гадоў 350. Але мы не прымыкаем да палітычных кааліцыяў, не ўваходзім у прамыя альянсы з палітычнымі партыямі - і тут наша пазіцыя застаецца нязменнай.
Што для мяне беларуская мова?
Гомельскае ТБМ праводзіла конкурс-эсэ сярод школ на тэму "Што для мяне беларуская мова?", у якім паўдзельнічала больш за 30 вучняў. Пераможцам у намінацыі сярод 9-11 класаў стаў Станіслаў Яменеў, вучань 10 "А" класа сярэдняя школы № 17 г. Гомеля імя Франсіска дэ Міранды. Публікуем ягонае эсэ і віншуем з перамогай.
Што для мяне беларуская мова?
Кожнаму чалавеку патрэбна нешта, што б дапамагала яму расказваць пра сябе, пра сваю сям'ю, краіну. Як птушцы патрэбна шчабятанне, так і мне неабходна мая мова, на якой бы я мог дзяўчыне прызнацца ў каханні ці матулі сказаць, як я яе люблю. Для мяне гэтае шчабятанне - беларуская мова!
Так павялося, што кожны этнас, кожны народ мае сваю культуру,традыцыі і, канешне, мову. Мова - гэта багацце, сапраўдны скарб і спадчына, якую можа перадаць бацька - сыну, маці - дачцэ. Толькі мовай чалавек можа перадаць самыя розныя пачуцці.
Для мяне мова - гэта ўсё. Мне вельмі шкада, што толькі маленькая частка беларусаў хоча карыстацца беларускай мовай. Я зайздрошчу тым людзям, якія ў дасканаласці ведаюць мову і валодаюць ёй. Я зайздрошчу ўсім народам на Зямлі, якія карыстаюцца сваёй, роднай мовай. Гэта не пустыя словы, а хуткі бег ручкі па паперцы ад ўсёй шчырай душы беларуса, які галосіць па загубленай мове. Нам родная зямля дала ўсё, што патрэбна, а галоўнае - мову, якую мы адштурхнулі. Мы б'ём тую руку, якая нас корміць і якая нас гадуе. Ва ўсім вінаваты людзі. Мову трэба ратаваць!
У краіне існуе толькі ТБМ, якое займаецца пытаннем ратавання мовы. Але я лічу,што кожны чалавек, які мае права называцца беларусам, павінен займацца гэтым пытаннем. Павінны існаваць дзяржаўныя камітэты, якія б займаліся пытаннем захавання мовы.
На жаль, спеў салаўя, пах чабору, мелодыя мовы не перадаліся нам з малаком матулі. І я па гэтым вельмі сумую. Я лічу, што кожны носьбіт беларускай мовы - барацьбіт за яе жыццё, сапраўдны салдат.
У маім сэрцы толькі нядаўна загарэлася полымя Мовы. Я быў быццам звар'яцелы, не адчуваў гэтага, але заўсёды заставаўся патрыётам Радзімы. І з кожнай хвілінай і гадзінай пачуццё любові да мовы і Радзімы расце.
Надзея на тое, што мова мая выстаіць і будзе жыць, будзе існаваць у маім сэрцы і думках назаўжды. Маё апошняе слова ў жыцці будзе на беларускай мове!
Жыве Беларусь!
Жыве беларуская мова!
Беларуская мова - народа багацце,
Раніцай спеў салаўя,
Бо наша мова - сапраўдная маці,
Родная маці - зямля.
Бо наша мова - спадчына продкаў,
Слаўнае рэха імёнаў,
Яна засталася і застанецца годнай,
Колькі б ні чула праклёнаў.
Ведаю, чую: жыць - быць Беларусі
З мовай сваёй і багаццем,
Бо наша мова - сапраўдная маці,
Мовай, зямлёй ганаруся!
ТБМ, г. Гомель.
Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
Паэтычная Скарыніяна Лідчыны
У лідскай СШ № 11 выдадзены зборнік вершаў " Паэтычная Скарыніяна Лідчыны". Складальнік К. Бальцюкевіч, рэдактары С.Л. Бяляўская і Т.І. Зенюкевіч, адказная за выпуск Г.А. Хвайніцкая. Назва гаворыць сама за сябе. У зборнік уключаны вершы лідскіх паэтаў Дануты Бічэль, Ірыны Бараздзіной, Алесі Бурак, Алеся Гямбіцкага, Зоі Гіль, Івана Гушчынскага, Ларысы Канчэўскай, Юрыя Карэйвы, Пятра Макарэвiча, Іосіфа Масяна, Міхася Мельніка, Веранікі Мікулкі, Васілісы Пазнуховай, Яраслава Пазнухова, Ірэны Сліўко, Алеся Стадуба, Станіслава Судніка, Валянціна Таўлая, прысвечаныя Францішку Скарыну, або вершы, у якіх згадваецца імя нашага першадрукара. Вершы ў зборніку пададзены без усякай цэнзуры. Некалькі вершаў са зборніка:
Словам Скарыны
Данута Бічэль
Ад маленства за працу берымося старанна,
каб закрэсліць да нас непавагі прысуд!
У шаснаццатым веку Францішак Скарына
несмяротнай душой узвышае наш люд.
Колькі ж можна губляць,
каб людзьмі называцца?
Вось Скарына сумеў засланіць сабой сам
годнасць роднага слова без гучных авацый,
што ў прадмове да кніг друкаваных сказаў.
Ці ж з блакады вякоў не здалеюць унукі
між братоў яго Кнігу ў вечнасць пусціць!
Патрымаемся, узяўшыся моцна за рукі
на высокіх пляцоўках і ў вёсках пустых,-
працавітыя, смелыя, моцныя духам!
На віхуры сядайце, за руль, за стырно.
I не страшны ніякія нам завірухі.
Наша роднае слова далёка чутно.
Прыклад чыстай любові, якой не скарылі,
даў Скарына... Праз пяць мімалётных вякоў
у праслаўленым Полацку, мовай Скарыны
уваскрошаны з праху, спаткаемся зноў...
Францішак Скарына ў Лідзе
Ліда, чароўная і маладая,
Лёгкай дзяўчынкай усё падрастае.
Трэба ж і хлопца талковага Лідзе.
Можа, у Еўропу, у свет вольны выйдзе.
Гэта ж вандруе Францішак Скарына.
Бачыць: даліна, тут - Ліда - дзяўчына.
Раптам Скарына спыняецца ў Лідзе.
Як бы спыняецца Сонца ў Зеніце.
Скарына з намі
Алеся Бурак
У самым цэнтры горада,
Ля важных дзвюх дарог,
Скарыны постаць гордая
Стаіць як абярог.
Асветнік і вучоны,
Філосаф і друкар,
Са славай заручоны
Слоў мудрых уладар.
Ён кніжкі найкарысныя
Для нас надрукаваў.
I словамі агністымі
Дагматы крыжаваў.
Ён раіць нам: Радзіму
Не кідаць у бядзе,
Вучыцца, свае імя
Не ганьбіць анідзе.
I спасцігаць навукі,
Каб быць адукаваным,
Каб да старэйшых ўнукі
Аднесліся з пашанай.
Асветлены агнямі
I сонейкам удзень,
Скарына шчыра з намi
Гутарку вядзе.
"ШУЛЬЦ-ЭФЕКТ" ЗНОЎ НЕ СПРАЦАВАЎ. ПАРТЫЯ АНГЕЛЫ МЭРКЕЛЬ ЗНОЎ ДАСЯГНУЛА ПОСПЕХУ
Навіны Германіі
"Kopf an Kopf". Так каментавала Suddeutsche Zeitung сітуацыю няпрэдадні зямельных выбараў у Шлезвіг-Гальштайне.
І вось цяпер, калі выбарчыя ўчасткі зачыніліся, высвятляецца, што "Kopf an Kopf" было пяць гадоў таму, калі сацыял-дэмакраты на выбарах у ландтаг набралі 30,4 працэнта галасоў, а хрысціянскія дэмакраты - 30,8. Сёлета ж хадэкі істотна адарваліся ад сваіх саюзнікаў-канкурэнтаў. Паводле падлікаў на 23 гадзіны 7 траўня, колькасць галасоў, пададзеных за Хрысціянска-дэмакратычны саюз, павялічылася не на шмат - на 1,2 адсотка - і дасягнула паказчыка 32. А вось сацыял-дэмакраты страцілі 3,3 працэнта галасоў і, атрымаўшы падтрымку 27,1 адсотка выбаршчыкаў, адсталі ад хадэкаў на 4,9 працэнта. У пераліку на мандаты гэта азначае, што ХДС будзе мець у зямельным парламенце 24 месцы, а Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі - 20.
Разрыў, здавалася б, неістотны, але тут важна, з якім вынікам да фінішу выбарчага марафону прыйшлі саюзнікі сацыял-дэмакратаў - зялёныя і SSW (Саюз выбаршчыкаў Паўднёвага Шлезвіга, які аб'ядноўвае мясцовых датчан, надзеленых - як этнічная меншасць - пэўнымі прывілеямі). Зялёныя страцілі неістотна (0,4 працэнта галасоў). Атрымаўшы падтрымку 12,8 адсотка выбаршчыкаў, яны будуць мець у ландтагу 9 месцаў. Датчане таксама страцілі няшмат - 1,1 працэнта галасоў - і з 3,5 адсотка падтрымкі будуць мець 3 дэпутацкія крэслы. Такім чынам, ранейшая ўрадавая кааліцыя на чале з эсдэкамі ў Шлезвіг-Гальштайне немагчымая, бо ў суме СДПГ, зялёныя і SSW атрымалі толькі 32 мандаты, а ўсяго ў ландтагу 69 месцаў.
Каму пайшлі галасы СДПГ, зялёных і SSW? Само сабой, хадэкам. Умацавала пазіцыі і Свабодная дэмакратычная партыя, якая ўжо даўнавата перастала быць урадавай у Германіі. Падтрымка лібералаў пабольшала на 3,3 працэнта. Атрымаўшы 11,5 працэнта галасоў выбаршчыкаў, яны будуць мець у ландатагу 9 крэслаў.
І нарэшце ўжо ў дванаццатым зямельным парламенце будуць засядаць прадстаўнікі правапапулісцкай Альтэрнатывы для Германіі. У Шлезвіг-Гальштайне гэтую партыю падтрымалі 5,8 працэнта выбаршчыкаў, і яна будзе мець 4 мандаты. Сацыялогія яшчэ пакажа, хто падтрымаў ультраправых, але ўжо цяпер ясна, што ў Шлезвіг-Гальштайне страцілі не хадэкі і не лібералы. Страты панеслі сацыял-дэмакраты і іх саюзнікі па ўрадавай кааліцыі.
І яшчэ дзве сумныя навіны для сацыял-дэмакратаў.
Першая. "Шульц-эфект", на які так спадзяваліся эсдэкі, зноў не спрацаваў. Раней, нагадаю, папулярнасць новага лідэра СДПГ не прынесла ніякай карысці сацыял-дэмакратам Саара. Ці будзе з яе якая карысць на выбарах у ландтаг Паўночнага Райна - Вестфаліі, якія адбудуцца 21 траўня, пабачым.
Другая. Асаблівасцю сёлетніх выбараў у Шлезвіг-Гальштайне было тое, што ўпершыню на выбарчыя участкі прыйшлі 16-гадовыя грамадзяне. Праўдападобна, у большасці гэтыя юныя немкі і немцы галасавалі не за сацыял-дэмакратаў і не за зялёных.
Паводле прэс-службы БСДП НГ.
У Берасці запрацавала крама нацыянальнага адзення і сувеніраў "Князь Вітаўт"
Пакуль для адных 1 траўня было выходным днём, для ўладальнікаў і прадаўца "Князя Вітаўта" гэтая дата стала кропкай адліку іх дзейнасці. Цяпер берасцейцам больш не трэба будзе ездзіць па нацыянальныя сувеніры ў Менск: самае галоўнае можна набыць на месцы.
Адкрыць краму з сапраўднымі беларускімі світ-шотамі, майкамі, сукенкамі ды посудам вырашыў Сяргей Бахун з сябрамі-аднадумцамі Алегам і Сяргеем.
- Я вырас і сфармаваўся ў Берасці, удзячны гораду за тое, што я размаўляю па-беларуску. Але крыўдна, што нацыянальныя традыцыі тут амаль не падтрымліваюцца: няма беларускамоўных школ і гэтак далей. Прыязджаеш у Берасце і не разумееш, ці ты ў заходняй Беларусі, ці недзе яшчэ. Пахваліцца добрым выбарам сувеніраў для турыстаў ён таксама не мог: тут можна было ўбачыць нешта кітайскае, расійскае, але толькі не беларускае. Мы параіліся з сябрамі і амаль адразу вырашылі запоўніць гэты прабел, - распавёў "НН" Сяргей Бахун.
Не адкладаючы справу ў далёкую скрыню, хлопцы адразу заняліся зборам патрэбных дакументаў і выбарам месца. З апошнім пашанцавала: на папулярнай Савецкай вуліцы кропку вызвалялі іншыя прадпрымальнікі, якую зараз і будзе займаць каманда "Князя Вітаўта". Куды больш часу пайшло на тое, каб вызначыцца з назвай. Але, улічваючы, наколькі значнай гістарычнай асобай для гэтых мясцін быў Вітаўт, у выніку ўсе сышліся на гэтым варыянце.
Крама будзе працаваць штодзённа з 10.00 да 20.00. Зараз там можна набыць адзенне ад такіх брэндаў, як "HONAR", "LSTR", Symbal.by, сувеніры вытворчасці Vitaem.by ды мясцовых рамеснікаў, аўтарскія заколкі ды ўпрыгожванні ад "Прыгожы анёлак". У будучыні бізнэсмены хочуць прадаваць у сябе і кніжкі.
Кацярына Карпіцкая, фота Зміцера Гадзюкі.
Шаноўныя радныя і актывісты ТБМ, запрашаем вас 14 траўня (нядзеля) а 15.00 на сустрэчу ў гасцёўню спадарыні Сафіі, на адрас: вул. Суворава д. 19, кв. 8 (тралейбус № 7, 14, аўтобус № 6 - першы прыпынак пасля тытунёвай фабрыкі).
Бутэрброды, салодкае і інш. узятыя з сабою - вітаюцца.
1. 15.00. Справаздача за І паўгоддзе. Планы на лета. Прызначэнне даты абласной справаздачна-выбарчай канферэнцыі...
2. Паэтычная частка. Кожны рыхтуе 1-2 любімыя вершы, прысвечаныя мове (можна прачытаць).
З павагай, Алесь Крой.
Памёр Мікола Аўрамчык
8 траўня ў Менску пасля цяжкай працяглай хваробы памёр найстарэйшы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Мікола Аўрамчык. Яму было 97 гадоў.
Мікола Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў Плёсах Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў школы ў Плёсах і Цялушы. У 1938 годзе паступіў на філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты "Піянер Беларусі", пазнаёміўся з Янкам Купалам, Кузьмом Чорным, Алесем Салаўём, пра якіх пакінуў успаміны.
Быў ветэранам Другой сусветнай, удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. У чэрвені 1942 года трапіў у акружэнне і ў палон да іспанцаў, пасля немцамі быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.
Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1949). Працаваў у рэдакцыях газет "Чырвоная змена", "Літаратура і мастацтва", у часопісе "Полымя", у 1953-1980 - рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Маладосць". Член Саюза пісьменнікаў з 1947 года.
Дэбютаваў вершамі ў 1937 г. у бабруйскай газеце "Камуніст". Аўтар кніг паэзіі "Пярэдні край" (1949), "Шляхамі дружбы" (1952), "Ключы жураўліныя" (1960), "Сустрэча былых канагонаў" (1963), "Універсітэцкі гарадок" (1967), "Агледзіны" (1969), "Як на далоні" (1970), "Дрэва дружбы" (1973), "Вадовішча" (1976), "У падзямеллі" (раман, 1986), "Анкета: Выбранае" (1990), зборніка вершаў для дзяцей "Дружба" (1950). Аўтар кнігі успамінаў "Знаёмыя постаці" (2004), прысвечанай беларускім дзеячам. Толькі ў апошнія гады стала вядома, што гэта Мікола Аўрамчык разам з Нілам Гілевічам склаў "Сказ пра Лысую гару" - культавую ананімную паэму 1980-х.
Прэс-служба СБП.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Жыдаль Дзяніс - 20 р., г. Менск
2. Чыгір Яўген - 5 р., г. Гародня
3. Гром Яська - 10 р., г. Менск
4. Афанассева Раіса - 40 р., г. Менск
5. Ерамёнкаў Аляксандр - 10 р., г. Менск
6. Разумейчык Юры - 12 р., г. Менск
7. Ільючык Мікола - 5 р., г. Менск
8. Давідоўскі Ігар - 20 р., г. Менск
9. Якімовіч Алег - 20 р., г. Менск
10. Бамбіза Мікола - 60 р., г. Менск
11. Жаўняровіч П.П. - 5 р., г. Менск
12. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад
13. Савіч Надзея - 10 р., г. Менск
14. Ляпёшкін Андрэй - 10 р., в. Зара, Круглянскі р-н
15. Іванова - 5 р., г. Менск
16. Шундрык Георг - 10 р., г. Дзятлава
17. Лягушаў Алег - 20 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н
18. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск
19. Сутулаў Глеб - 5 р., г. Менск
20. Плакса Ўладзімір - 5 р., г. Менск
21. Кукавенка Іван - 15 р., г. Менск
22. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск
23. Кісляк В.С. - 28 р., г. Менск
24. Кот Валер - 5 р., г. Менск
25. Мікіта В. - 50 р., г. Менск
26. Русакоў Максім - 20 р., г. Менск
27. Лагуціна Марына - 5 р., г. Менск
28. Грынько Сяргей - 10 р., г. Магілёў
29. Чайка Сяргей - 70 р., г. Менск
30. Ермаловіч-Дашчынскі Зміцер - 5 р., г. Менск
31. Гапановіч Васіль - 50 р., г. Менск
32. Кісель Яніна - 5 р., г. Гомель
33. Каральчук Аляксандр - 5 р., п. Кастрычніцкі
34. Кануннікава Н.П. - 80 р., г. Гародня
35. Гасанаў - 5 р., г. Менск
36. Прылішч І. - 10 р. г. Менск
37. Пачопка Андрэй - 10 р., г. Менск
38. Жучкоў Ягор - 25 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк. З 4 ліпеня рахунак № BY84BLBB30150100129705001001, банкаўскі ідэнтыфікацыйны код у фармаце IBAN - BLBBBY2X
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
2. Першая беларуская дзяржава - Полацкая зямля
Полацкае княства ўзнікла яшчэ да стварэння Кіеўскай Русі, было яе канкурэнтам і амаль увесь час захоўвала сваю самастойнасць. Пачатковы росквіт нашай першай дзяржавы адзначаецца ў другой палове X ст., калі ёй кіраваў князь Рагвалод, які "прыйшоў з-за мора". Адны даследчыкі лічаць, што радзіма Рагвалода - сярэдняя Швецыя, другія называюць Данію і землі палабскіх славян. Саюз з Полацкам, які кантраляваў важную частку воднага шляху " з варагаў у грэкі", адначасова шукалі кіеўскі князь Яраполк і ноўгарадскі князь Уладзімір у перыяд 975 і 978 гадоў. Летапісец піша, што вышэйзгаданыя князі пасваталіся да дачкі князя Рагвалода - Рагнеды. Яна адмовіла ў зняважлівай форме Ўладзіміру (назвала яго сынам рабыні) і выбрала Яраполка. Тады Ўладзімір з моцнай варажскай дружынай знянацку напаў на Полацк, захапіў яго, знішчыў княжацкую сям'ю, а Рагнеду гвалтоўна ўзяў у жонкі. Пазней ён забіў Яраполка і тады 20 гадоў адначасова валодаў Ноўгарадскім, Кіеўскім і Полацкім княствамі.
Але пасля спробы замаху Рагнеды на яго жыццё Ўладзімір па нарадзе з кіеўскімі баярамі вяртае пасля 988 г. Рагнедзе яе вотчыну і адпраўляе з сынам у горад Ізяслаўль на Полаччыне (цяпер Заслауе ў Менскім раёне). Пазней полацкае веча запрасіла маладога князя Ізяслава на княжанне, і ўлада полацкай дынастыі была адноўленая Гэтая дынастыя атрымала назву Рагвалодавічаў. Другі сын Рагнеды стаў кіеўскім князем Яраславам Мудрым, а яго нашчадкі склалі дынастыю Яраславічаў.
Полацкія і кіеўскія князі лічылі сябе незалежнымі і вялі шматгадовае змаганне за кантроль над асноўнымі гандлёвымі шляхамі. Адначасова полацкія князі ваявалі з Ноўгарадам, які быў васалам кіеўскіх князёў. Сын Ізяслава князь Брачыслаў (1003-1044) паспяхова ваяваў з Ноўгарадам за волакі. Як ужо згадвалася, у 1021 г. войска Брачыслава захапіла і абрабавала Ноўгарад, але па дарозе назад яго здабычу адабраў кіеўскі князь Яраслаў. У выніку Полацк і Кіеў заключылі саюз, у адпаведнасці з якім да Полацкай дзяржавы далучыліся гарады Віцебск і Ўсвяты, а таксама волакі паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром.
Усяслаў Чарадзей. Найбольшага росквіту Полацкая дзяржава дасягнула пры князі Усяславе (мянушка - Чарадзей; 1044-1101). Каб паказаць сваю значнасць, ён будуе новы дзядзінец Полацка на беразе Дзвіны і на ім ставіць першы мураваны храм на Беларусі - Сафійскі сабор. Прычым, пасля паспяховага нападу на Ноўгарад ён здымае званы з Ноўгарадскай Сафіі і прывозіць іх у Полацк для свайго храма.
На працягу 1065-1078 гг. ішла вайна паміж Полацкам і Кіевам. Самай жорсткай бітвай у гэтай вайне была бітва на рацэ Нямізе каля Менска ў 1067 г. Бітву гэтую Ўсяслаў прайграў, і пераможцы знішчылі Менск. Пасля адыходу Ўсяслава з рэшткамі сваёй дружыны да Дняпра кіяўляне ўступілі з ім у перамовы і падманам захапілі ў палон. Больш за год сядзеў ён у кіеўскай турме ("порубе"), адкуль яго вызваліў народ, які паўстаў і абраў яго вялікім кіеўскім князем. Аднак неўзабаве Ўсяслаў пакінуў Кіеў і вярнуўся ў родны Полацк. У 1097 г. князі роду Рурыкавічаў на сваім з'ездзе ў Любечы падзялілі землі Кіеўскай Русі паміж сабою. Аднак Усяслава туды не запрашалі і, такім чынам, цалкам прызналі незалежнасць яго дзяржавы. Полацкая зямля межавала з Наўгародскай зямлёй на поўначы, са Смаленскай - на ўсходзе, з Тураўскай - на поўдні. На захадзе жылі розныя балцкія народы, якія трапілі ў залежнасць ад полацкіх князёў. Так, на Заходняй Дзвіне на землях, дзе жылі латгалы, былі створаны два васальныя княствы Герцыке і Кукенойс. Плаціў даніну Полацку і фіна-ўгорскі народ ліваў, якія нават служылі ў полацкім войску. У XII ст. палачане на балцкіх землях заснавалі г. Вільню, якая тады называлася Крывічгорадам. Апорным пунктам Полацка на захадзе быў горад Браслаў, заснаваны як памежная цвердзь. Насельніцтва дзяржавы называла сябе крывічы-палачане і адрознівала сябе ад іншых славян. Беларускія гісторыкі вызначаюць спосаб кіравання ў Полацкай дзяржаве як княжацка-вечавы лад. Полацкае веча - агульны сход мужчын гараджан - мела вялікія паўнамоцтвы. Яно запрашала князя і магло яго прагнаць, вызначала падаткі, абвяшчала вайну і заключала мір.
Полацкі князь кіраваў войскам, збіраў падаткі і клапаціўся пра абарону краіны. Даследчыкі падлічылі, што ў канцы XI-XIII стст. Полацкую дзяржаву насяляла 270-350 тысяч чалавек, з іх 68-70 тысяч было баяздольных мужчын. Князь меў вялікую дружыну (вершнікаў) колькасцю 3,4-3,5 тысяч чалавек, якую складалі прафесійныя ваяры. Падчас вялікай вайны далучалася і пяхота - народнае апалчэнне ў колькасці 17-17,5 тысяч чалавек, а таксама атрады саюзнікаў ліваў і летапіснай літвы, колькасцю ад некалькіх сотняў да 15 тысяч чалавек. Насельніцтва плаціла князю даніну натуральнымі прадуктамі. Разам з Кіевам палачане прынялі хрысціянства, а Рагнеда стала манашкай і заснавала ў Заслаўі адзін з першых манастыроў. Пасля смерці Ўсяслава ў 1101 г. Полацкая дзяржава была падзелена яго нашчадкамі на 6 удзельных княстваў: Полацкае, Друцкае, Віцебскае, Менскае, Лагойскае і Ізяслаўскае. Адным з самых моцных стаў Менскі ўдзел. Яго князь Глеб Усяслававіч праводзіў актыўную знешнюю палітыку, запрасіў майстроў з Польшчы, якія пачалі будаваць на Менскім замчышчы мураваную царкву. Аднак гэта не спадабалася кіеўскім князям, якія напалі на яго ў 1119 г., захапілі ў палон і пасадзілі ў кіеўскую турму, дзе ён і памёр. Новы паход кіеўскіх князёў на Полацк адбыўся ў 1127 г. У 1129 г. некаторых полацкіх князёў Кіеў выслаў у Візантыю, а ў Полацку паставіў свайго князя.
Аднак у 1132 г. жыхары Полацка ўзнялі паўстанне і на вечы прынялі рашэнне вярнуць да ўлады сваіх былых князёў з Візантыі. У 1158 г. адмовіўся плаціць даніну Кіеву і тураўскі князь Юрый, які адбіў напад варожага войска. Так Тураўская зямля зрабілася незалежнай.
Першым хрысціянскім князем Полацка стаў сын Рагнеды і Ўладзіміра князь Ізяслаў, які быў вельмі набожны і ўмеў чытаць богаслужэбныя кнігі. У 992 г. узнікла Полацкая епархія са сваім епіскапам, якога звалі Міна.
Культура Полацкай зямлі. У першай палове - сярздзіне XII ст. у Полацку склалася самастойная архітэктурная школа. Полацкія дойліды выпрацавалі сваю будаўнічую тэхніку і форму будынка. Яны захавалі старадаўнюю муроўку са "схаваным радам", хаця ўсе суседнія княствы ад яе на той час ужо адмовіліся. Была выпрацавана падоўжная форма плана, цікава вырашалася і алтарная частка. Звонку выступала толькі адна галоўная апсіда, а дзве бакавыя, як правіла, былі схаваны ў тоўшчы ўсходняга муру. Адметнай рысай полацкай школы з'яўляецца своеасаблівае рашэнне верхняй часткі культавых пабудоў.
Асноўныя рысы, выпрацаваныя полацкімі дойлідамі, увасабляе адзіны цяпер у Полацку помнік XII ст. - Спаса-Праабражэнская царква Ефрасіннеўскага манастыра. Храм знаходзіцца на высокім беразе ракі Палаты за 2,5 км ад Верхняга замка, дзе была пабудавана Полацкая Сафія.
Гісторыя данесла да нас імя дойліда, які пабудаваў Спаса-Праабражэнскую царкву. Ім быў манах Іаан, або Іван, "приставник над делатели церковными" (г. зн., кіраўнік арцелі полацкіх рамеснікаў-будаўнікоў). Некаторыя даследчыкі не без падстаў лічаць, што менавіта ён збудаваў некалькі храмаў у Бельчыцах - загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў.
Вялікі досвед будаўнікоў і добрая арганізацыя працы дазволілі Івану пабудаваць Спаса-Праабражэнскі сабор за 30 тыдняў. Пра гэта гаворыцца ў "Жыціі Ефрасінні Полацкай", напісаным, хутчэй за ўсё, у XIII ст. Менавіта Ефрасіння Полацкая, якая шмат зрабілн для развіцця пісьменнасці ў Полацку, і была ініцыятарам будаўніцтва гэтай царквы.
Храм мае невялікія памеры: 9,8x18,2 м. Яго бакавыя нефы вельмі вузкія, бо ўвесь цяжар асновы барабана прыпадае на шэсць падкупальных слупоў. Сабор мае толькі адну выступную апсіду і дзве бакавыя, не надта вялікія. Інтэр'еры храма захавалі ўнікальныя фрэскі XII ст. На адной з іх ёсць выява св. Ефрасінні, якая трымае ў руках мадэль будучага храма. У 2015 г. археолагі знайшлі рэшткі былой галерэі вакол гэтага храма, а таксама свінцовую пячатку Ефрасінні Полацкай.
Вядомыя 10 мураваных храмаў, збудаваных у Полацку старажытнымі дойлідамі. Знойдзены рэшткі мураванага княскага палаца, пабудаванага ў XII ст. на Верхнім замку непадалёк ад Сафіі. Але, пачынаючы з 80-х гадоў XII ст., у выніку розных знешніх і ўнутраных акалічнасцяў культурнае жыццё ў Полацку пачала занепадаць. Будаўніцтва ў горадзе спынілася. Менавіта на гэты перыяд прыпадае ўдзел полацкіх дойлідаў у будаўніцтве Смаленска і Ноўгарада.
Акрамя Полацка, у першай палове - сярэдзіне XII ст. мураванае будаўніцтва вялося і ў іншых гарадах Полацкай зямлі, якія імкнуліся адасобіцца ад Полацка. Тады была пабудавана царква Дабравешчання ў Віцебску. Будынак мае падоўжаную форму (11x21 м). Усярэдзіне ён падзяляецца шасцю апорнымі слупамі на тры доўгія нефы, а з усходу канчаецца масіўнай апсідай. Дзве бакавыя апсіды звонку нічым не вылучаюцца і схаваны ў вуглавых частках усходняй сцяны. Сцены будынка былі складзены з абчасаных блокаў мясцовага жаўтаватага вапняку. Паміж іх гарызантальных радоў - па два-тры рады плінфы. Такі тып муроўкі, акрамя Беларусі, не быў вядомы ва Ўсходняй Еўропе. Спалучэнне абчасаных блокаў з пракладкамі плінфы ўласціва для будаўніцтва Візантыі і Балканаў. Таму можна пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія лічаць, што гэтую царкву будаваў візантыйскі дойлід. У час даследаванняў на Верхнім замку Віцебска археолагі знайшлі кавалкі плінфы і паліваныя пліткі падлогі (дзве стрэлападобныя і адну трохвугольную). Калі ўлічыць, што падлога ў царкве Дабравешчання выкладзена з дробных кавалкаў абчасаных камянёў, то несумненна, што ў Віцебску існавала яшчэ адна мураваная бажніца.
У астатніх гарадах Полацкай зямлі ўся забудова была драўляная, у тым ліку і цэрквы. Некаторыя з іх, напрыклад, у Лагойску і Друцку, мелі падлогу з паліваных керамічных плітак.
Роля вышэйзгаданай Ефрасінні Полацкай (каля 1120-1173) у нашай гісторыі вельмі вялікая. Яна заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, адкрыла школу і бібліятэку, перапісвала багаслоўскія кнігі. На яе замову ў 1161 г. полацкі ювелір Лазар Богша стварыў своеасаблівы сімвал нашай дзяржавы - крыж Ефрасінні Полацкай. Менавіта выява гэтага крыжа адлюстравана на першай паштовай марцы Рэспублікі Беларусь. Ефрасіння Полацкая была вядомай асобай і за мяжой, яе ўрачыста прымалі пры двары візантыйскага імператара падчас яе падарожжа ў Ерусалім да "Гасподняй дамавіны", дзе яна і памерла 23 траўня 1173 г. Пазней яе кананізавалі і ўключылі ў лік святых беларускай зямлі праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Мошчы Ефрасінні Полацкай захоўваюцца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Ефрасінеўскага манастыра ў Полацку.
У XII ст. былі напісаны таксама першыя вядомыя нам творы беларускай хрысціянскай музыкі - "Песняспевы ў гонар Ефрасінні Полацкай", якія ўяўляюць сабою збор харавых і сольных рэлігійных гімнаў.
(Працяг у наст. нумары.)
Памяць у новым фармаце "сТАЎЛенне": лідскімі сцежкамі Валянціна Таўлая
22-23 красавіка па ўсёй Беларусі прайшоў шэраг бясплатных экскурсій для ўсіх ахвотных. Праходзілі яны ў рамках "Фэсту экскурсаводаў" - традыцыйнай штогадовай рэспубліканскай акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін. Сёлетні "Фэст экскурсаводаў" праходзіў пад дэвізам "Складзі свой маршрут". Далучыліся да акцыі і склалі свае маршруты экскурсій і некаторыя экскурсаводы Ліды. У іх ліку - навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна мастацкага музея Алесь Хітрун, які распрацаваў маршрут "сТАЎЛенне" - па аб'ектах нашага горада, звязаных з лідскімі старонкамі біяграфіі беларускага паэта, публіцыста, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая. На аснове гэтага маршруту Алесь плануе ў далейшым праводзіць аднайменную гульню-квест. Аб гэтым унікальным для Ліды праекце ён і расказаў карэспандэнту.
- Падобныя гульні-квесты, прысвечаныя таму ці іншаму класіку беларускай літаратуры, даўно практыкуюцца літаратурнымі музеямі Менска, - пачынае нашу гутарку Алесь. - Напрыклад, літаратурны музей імя Петруся Броўкі праводзіць гульню-квест "ДАБРОўкі". Я і вырашыў: а чаму б нашаму літіаратурнаму аддзелу, доміку Таўлая, не праводзіць аналагічную гульню, прысвечаную Валянціну Таўлаю? Сугучная з прозвішчам Таўлай назва праекту - "сТАЎЛенне" (прыдуманая мною па аналогіі з назвай "ДАБРОўкі") - як бы падкрэслівае неабыякавае стаўленне, неабыякавыя адносіны ўдзельнікаў гульні да паэта, яго жыцця і літаратурнай спадчыны.
- Раскажы крыху аб правілах гульні.
- Гульня разлічана на школьнікаў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, але могуць удзельнічаць у ёй і дарослыя. Кожны ўдзельнік гульні-квеста атрымлівае фрагмент карты Ліды, на якім пазначаны "таўлаеўскія" аб'екты нашага горада. Па карце гульцы знаходзяць гэтыя аб'екты і фатаграфуюцца побач з імі (робяць сэлфі), пацвярджаючы тым самым, што пабывалі ў той ці іншай кропцы, пазначанай на карце. У кожным з пазначаных месцаў гульца чакае лісток паперы з зашыфраваным фрагментам верша Валянціна Таўлая. Пабываўшы ва ўсіх патрэбных месцах, удзельнік гульні знойдзе ўсе фрагменты крыптаграмы і расшыфруе яе з дапамогай "ключа" - лістка з беларускім алфавітам, які будзе дадзены яму разам з картай (пад лікамі ў крыптаграме зашыфраваныя літары, з якіх і складаецца тэкст верша). Магчыма, акрамя фрагментаў зашыфраванага верша, трэба будзе сабраць і нейкія прадметы (што характэрна для такой формы гульні, як квест) - напрыклад, пяро для пісьма, сшытак і г. д.
- І якая ўзнагарода чакае ўдзельнікаў?
- Хто поўнасцю справіцца з заданнем - вяртаецца да зыходнай кропкі маршруту (доміка Таўлая па вуліцы Замкавай, 7). Кожны, хто абыдзе ўвесь маршрут, расшыфруе крыптаграму, збярэ ўсе прадметы, будзе ўзнагароджаны дыпломам-падзякай як бы ад самаго Валянціна Таўлая (з сапраўдным аўтографам паэта), атрымае запрашальны білет на выстаўкі, што працуюць у доміку Таўлая. Такім чынам, удзельнікі праекту і пагуляюць у цікавую гульню, і пройдуць па Лідзе шляхамі Валянціна Таўлая, і больш даведаюцца пра "лідскі след" паэта.
- Якія пункты пазначаны ў "таўлаеўскім" маршруце?
- Пра зыходную і канцавую кропку маршруту - домік Таўлая - я ўжо згадваў. Недалёка ад доміка, за паўночнай сцяной замка, знаходзіцца другая кропка - месца, дзе некалі стаяла школа № 5 (там Таўлай атрымліваў пачатковую адукацыю, менавіта ў той час ён напісаў свой першы верш). Дзесьці ў раёне сучасных бульвара Гедыміна і вуліцы Труханава жылі бацька і мачаха Валянціна Таўлая - у тым раёне я змясціў чарговы пункт "таўлаеўскага" маршруту. На жаль, дзе дакладна стаяў той бацькоўскі дом, сёння можна толькі меркаваць. Як можна толькі меркаваць і аб тым, дзе перад самай вайной месцілася рэдакцыя газеты "Ўперад", у якой працаваў Валянцін Таўлай, - дзесьці на поўнач ад завода харчканцэнтратаў (гэты раён таксама трэба будзе наведаць удзельнікам гульні). І, канешне ж, у маршрут я ўключыў і сучасны будынак рэдакцыі "Лідскай газеты" па вуліцы Ленінскай, на якім змешчана мемарыяльная дошка ў памяць аб паэце.
Цяжэй будзе наведаць тэрыторыю мэблевай фабрыкі, дзе знаходзілася фашысцкая турма, куды быў кінуты Валянцін Таўлай, - тут трэба папярэдне дамаўляцца з кіраўніцтвам фабрыкі, падаваць заяўку на наведванне. Ёсць у нас яшчэ бібліятэка-філіял імя Таўлая па вуліцы Фурманава, але ў сувязі за значнай аддаленасцю гэтага пункта ад доміка Таўлая я яго ў маршрут не ўключыў - пра бібліятэку я толькі коратка раскажу ўдзельнікам праекту.
- Маршрут гульні і так, як бачу, складаны…
- Так, складаны. Калі да месца колішняй 5-й школы ля замка ці да вуліцы Труханава ад адпраўной кропкі маршруту можна дабрацца хутка, то ў месцы, звязаныя з працай Таўлая ў газеце, з яго зняволеннем, так хутка не трапіш, ды і знаходзяцца яны ў розных кірунках. Да таго ж, на тэрыторыю мэблевай фабрыкі, як я ўжо казаў, трапіць больш складана, тым больш гульцу-школьніку, гэты момант яшчэ трэба прадумаць. Магчыма, гэтая гульня будзе доўжыцца не адзін дзень. Але яно таго варта.
P. S. У заканчэнне нашай гутаркі Алесь пазнаёміў мяне з новымі рэчамі, якія нядаўна папоўнілі фонд літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея і якія датычацца Валянціна Таўлая. Так, сястра паэта Ніна Паўлаўна, якая жыве ў Літве, праз лідскую сваячку перадала ў домік Таўлая сшытак з успамінамі аб перыядзе жыцця ў Лідзе, а таксама радавод Таўлаяў. Шмат чаго перадаў паэт і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын, які прыязджаў у наш горад на "Пятыя лідскія чытанні". Гэта і фотаздымкі, на якіх можна ўбачыць Валянціна Таўлая з першай жонкай Кірай (як выглядала Кіра, да гэтага мы не ведалі), Валянціна Таўлая ў двухгадовым узросце, і таўлаеўскія рукапісы, і кніга паэта "Выбранае", выдадзеная ў 1947 годзе, хутка пасля яго смерці, і макет вокладкі кнігі "Шляхі і краты", якую паэт падрыхтаваць не паспеў.
Як бачым, памяць пра Валянціна Таўлая ў Лідзе падмацоўваецца новымі экспанатамі доміка паэта. Будзе падмацавана яна і гульнёй-квестам "сТАЎЛенне".
Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.
Лідская Тарбут-школа
Леанід Лаўрэш
Я больш за 15 гадоў хацеў даведацца, якому будынку належала дзіўная сцяна (падобная на барочную) якая стаяла ў цэнтры горада і да якой быў прылеплены сціплы будынак 1950-х гг. У 2001 г. першай лічбавай камерай, якая патрапіла мне ў рукі, зрабіў здымак гэтай сцяны, з тых часоў яна не змянілася, толькі сцяну разам з будынкам адрамантавалі і пафарбавалі ў іншы колер. А да рамонту заходні край сцяны знізу не меў тынку і была добра бачна цэгла, адну я нават выняў і патрымаў у руках. Гэты была вялікапамерная гладкая цэгла даўжынёй прыкладна 30 см. На жаль я не зрабіў абмеру цэглы.
І толькі нядаўна, пад час аналізу пабудоў старога цэнтра горада пры стварэнні 3D мадэлі, гэтую загадку праясніў мой добры знаёмы Віталь Бурак, за што аўтар выказвае яму шчырую падзяку. На гэты месцы, па вуліцы Садовай з 1920-х гг. знаходзілася лідская Тарбут-школа другой ступені. Тарбут ( яўр. - культура) - яўрэйская свецкая асветніцка-культурная арганізацыя, пад эгідай якой у перыяд паміж дзвюмя сусветнымі войнамі была створана сетка свецкіх адукацыйных устаноў на іўрыце.
Яўрэйская свецкая Тарбут-школа ў горадзе стала выконвала ролю культурнага цэнтра. У канцы кастрычніка 1931 года ў "яўрэйскай школе "Тарбут" па вуліцы Садовай лектарам з Вільні быў зачытаны рэферат на тэму гісторыі сіянізму за апошнія 50 гадоў. Падчас дыскусіі абмяркоўваліся яўрэйска-арабскія стасункі ў Палесціне і справы каланізацыі. Прысутнічалі 60 чалавек - у большасці яўрэйская моладзь з сіянісцкіх арганізацый". 26 ліпеня 1932 года ў зале Тарбут-школы (вуліца Садовая, 11) адбыўся сход навуковага яўрэйскага таварыства горада Ліды. Была абрана новая ўправа таварыства ў складзе: Гірша Палячака, Абрама Гурвіча, Адольфа Левінсона, Гірша Альпяровіча і Ільі Зайгера і рэвізійнай камісія. У 1933 годзе заснаваны гістарычны камітэт, які збіраў матэрыялы па гісторыі лідскіх яўрэяў для выдання манаграфіі, аднак гэта праца не была выканана да канца.
Па адарсе: Садовая, 11 знаходзіў пляц вядомай і разгалінаванай лідскай сям'і Ілютовічаў. Якаў Ілютовіч пісаў: "Мой бацька Ерамія Ілютовіч па сваёй маці належаў да сям'і Пупко - "Ханчыкаў", ад імя заснавальніка сям'і, чыё імя было Хана. Усе Ханчыкі мелі вялікую вагу ў справах кагалу. З-за свайго радаводу мой бацька нават змог выслізнуць ад каманды лаўцоў рэкрутаў, якія павінны былі выхапіць яўрэйскіх дзяцей у салдаты на 25 гадоў. Гэта такая гісторыя: "Калі мой бацька быў яшчэ толькі маленькім хлопчыкам, ён зімовым вечарам выйшаў з ешывы, дзе вучыўся. Раптоўна камандаў лаўцоў, якая толькі што ўвайшла ў горад акружыла яго. Мясцовы паліцэйскі, які прымаў удзел у лоўлі, асвятліў яго твар ліхтаром, і сказаў: "Адпусціце яго. Ён адзін з Ханчыкаў".
Сам Якаў Ілютовіч быў адным з заснавальнікаў руху сіяністаў у Лідзе. Самі сіяністы лічылі, што самае галоўнае яны зрабілі ў сферы адукацыі - іхнім ідэалам была поўная яўрэйская школа. Піянерамі яўрэйскай школы ў Лідзе былі малады студэнт Матаціс Рубін, сын Руба-Хана Рубіна, і пазней - яго будучая жонка Нота, да замуства - Рабіновіч. Яны першымі адкрылі клас на іўрыце. У іх не было грошай на арэнду памяшкання, і яны з адабрэння папячыцеляў сінагогі вучылі ў пакоі для абслугоўчага персаналу пры малельным доме канторы пахаванняў. З гэтага вырасла школа на іўрыце, якая вучыла да 6-га класа па праграме гімназіі. Далей павышаць узровень адукацыі не дазволілі фінансавыя абмежаванні, бо асноўныя высілкі засяроджваліся на ўмацаванні становішча класаў Народнай школы для непісьменных.
Такім чынам, можна з адноснай упэўненасцю сказаць што ў Лідзе захавалася сцяна малельнага дома пры канторы пахаванняў Ілютовічаў. Гэтая сцяна былой сінагогі - адзінае, што засталося ад пабудоў старога цэнтра горада. Дырэктарам Тарбут-школы быў Ханан Ілютовіч. Яе наведвала 500 вучняў, у канцы 1930-х стары будынак стаў замалы, і яўрэйская грамада пачала будаваць трохпавярховую новую Тарбут-школу ў іншым раёне горада, гэты гмах захаваўся да нашага часу.
Сцяна малельнага дома мае рысы характэрныя для яўрэйскіх сінагог Беларусі. Асабліва яна нагадвае так званую "халодную" сінагогу ў Менску, якая з'явілася ў XVІІ ст. "Халодная" сінагога на былой вуліцы Школьнай - невялікі па аб'ёму будынак, доўгі час яна з'яўлялася адной з самых старых мураваных пабудоў у горадзе. Некаторыя даследнікі лічаць, што спачатку гэта была капліца Петрапаўлаўскага манастыра. Аднак да XІX ст. бажніца належала яўрэйскай грамадзе. У 1965-1966 гг. пад час разбурэння гістарычнай забудовы вуліцы Нямігі будынак сінагогі быў знішчаны.
Цікава, што вуліца Садовая ў Лідзе, па якой знаходзілася Тарбут-школа, з'явілася толькі пасля вялікага пажару 1891 г., яна была прарэзана ад галоўнай Сінагогі да вуліцы Каменскай. На ўсім участку дзе яна ішла, раней быў вялікі фруктовы сад, які належаў фармацэўту Юстыну Шымкевічу. За плотам з невялікіх драўляных пралётаў, стаяла аптэка фармацэўта і яго дом. Пасля пажару фармацэўт страціў сад і прадаў свой участак для забудовы яўрэям. У 1899 г. Шымкевіч атрымаў 35 рублёў за зямлю якая адчужалася ў яго для правядзення Садовай вуліцы. А пасля пажару 1941 г. вуліца знікла.
Для нашага горада гэты адзіны парэштак "затануўшай Атландыты" яўрэйскага свету, мае культурнае значэнне, і трэба думаць пра ахову яго дзяржавай.
Ільняныя дзівосы Зінаіды Сяргееўны Ляўчэні
У народных казках героі заўсёды шукаюць скарб у зямлі і не звяртаюць увагі на тое багацце, якое тоіцца ў душах людзей. Людзей не звычайных, а таленавітых, з шырокай творчай душой і шчырым сэрцам. Адна з такіх - Зінаіда Ляўчэня, вядомая народная мастачка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашай краіны, сябар Таварыства беларускай мовы. У чацвер, 27 красавіка, гурток ТБМ быў прысвечаны яе жыццю і творчасці. Старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі "Таварыства беларускай мовы" Алег Дзьячкоў паведаміў, што Зінаіда Сяргееўна не толькі добры сябар, але ўвогуле чалавек, з якім можна размаўляць на любую тэму, і гады тут абсалютна ні пры чым, назваўшы майстрыню "соллю беларускай зямлі".
- Я паляшучка. Я вырасла ў гэтай прыродзе, і таму стварала вырабы на гэтую тэму, - так пачала свой расповед Зінаіда Ляўчэня.
На Палессі яна вырасла і захавала ў сваёй душы багацце фарбаў навакольнай прыроды, самабытную культуру жыхароў той мясцовасці, прыгажосць і мілагучнасць матчынай мовы. Дзяцінства прыйшлося на цяжкія гады вайны і пасляваеннай адбудовы. Пасля заканчэння школы нейкі час працавала ў мясцовым клубе бібліятэкарам. Праз некаторы час разам з мужам выехала ў г. Маладзечна, дзе ўладкавалася на працу на фабрыку мастацкіх вырабаў, бо яшчэ з дзяцінства мела схільнасць да малявання, захаплялася вышываннем.
Напрыканцы 1960-х гадоў у Беларусі ўзяліся адраджаць народныя промыслы. На той момант майстроў, якія б маглі вырабляць нацыянальныя сувеніры, амаль не засталося, галіна была цалкам занядбаная. А партыйная наменклатура мела патрэбу ў сувенірах, каб у замежных камандзіроўках дэманстраваць нацыянальную адметнасць беларусаў.
Зінаіда Сяргееўна Ляўчэня - адна з тых, каму давялося адраджаць занядбанае. Яна распрацавала тэхналогію вырабу сувеніраў з лёну і саломкі. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў і стала базай для вырабу беларускіх сувеніраў. Здольную работніцу заўважылі і даручылі ўзначальваць участак па вытворчасці сувеніраў. Узнікла ідэя вырабляць арыгінальны беларускі сувенір на аснове выкарыстання пластычных і дэкаратыўных уласцівасцяў ільну, прымяняючы традыцыйныя прыёмы народных умельцаў. Дарэчы, дзявочае прозвішча Кудзелька, па меркаванні Зінаіды, арганічна яднае яе з працай і вымушала звярнуцца да вытокаў культурнага багацця продкаў.
Першыя лялькі "Пастушок", "Несцерка", "Ян і Яніна" сталі падмуркам для далейшага развіцця майстэрства. Сувеніры пачалі карыстацца вялікім попытам у пакупнікоў, асабліва ў замежных гасцей і турыстаў. Ды і нашы айчынныя дэлегацыі ў час паездак за мяжу бралі з сабою сувенірную прадукцыю, як найлепшы падарунак. Пазней у энцыклапедычных даведніках напішуць: "Зінаіда Ляўчэня - заснавальніца тэхналогіі вырабу з лёну і саломкі. Беларускі край багаты на мастакоў, вытокі майстэрства якіх зыходзяць ад роднай зямлі. Такім самародкам па праву можна лічыць Зінаіду Сяргееўну".
У 1978 годзе мастачка пераехала ў Магілёў, уладкавалася на фабрыку мастацкіх вырабаў, дзе таксама была арганізавана вытворчасць сувеніраў з ільну. Ляўчэня распрацоўвала шмат арыгінальных узораў сувеніраў. Сярод іх пано "Сланечнікі", "Вясна", "Лялькі". Да 40-годдзя Перамогі - "Васіль Цёркін", "Беларусь", сувеніры да Алімпійскіх гульняў у Маскве.
У льняных уборах лялек, па задумцы іх аўтара, лаканічна акрэсленых нешматлікімі дэталямі, знаходзяць сваё адлюстраванне багатыя традыцыі беларускага народнага касцюма, ткацтва, вышыўкі. Натуральны лён узбагачаюць чырвоныя, сінія, чорныя колеры дэкаратыўнай тасьмы, стужкі, якія стылізавана перадаюць матывы традыцыйнага арнаменту. Укараняла новыя тэхналагічныя прыёмы вырабу. Разам з валакном выкарыстоўвала льняны жгут і саломку на драўляных і картонных рамах.
Яе сувеніры і пано распавядаюць пра шматграннае жыццё нашага народа, герояў народных казак, персанажаў нацыянальнага побыту, удзельнікаў сцэн гумару падчас святочных кірмашоў і гулянняў. Яны захапляюць сваёй жыццярадаснасцю, непасрэднасцю характараў і вобразаў. Сярод іх "Хлеб-соль Беларусі", "15 Рэспублік", "Гаспадыня", "Конь", "Бярозка", "Прыгажуня", "Гномы". Творы Зінаіды Сяргееўны знаходзяцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы, у іншых музеях сталіцы і абласных цэнтраў.
Сувеніры па эскізах народнага мастака Ляўчэні набывалі і набываюць многія людзі. Яны становяцца неад'емнай часткай кватэрнага інтэр'еру, атрымліваюць сусветнае прызнанне. Многія вырабы былі прадстаўлены на выставах у Канадзе, Чэхаславакіі, Індыі, Германіі, Балгарыі, Югаславіі.
Але ж найбольш складаным у творчасці магілёўскай майстрыні дэкаратыўна-прыкладного мастацтва Зінаіды Ляшчэні было атрымаць дазвол на стварэнне таго, што хацелася.
Мастацкая годнасць яе твораў была адзначана залатым і срэбным медалямі ВДНГ СССР, дыпломам першай ступені Ўсесаюзнай выстаўкі "Самадзейныя мастакі - народу".
Зінаіда Сяргееўна паказвала альбомы. У іх фотаздымкі працаў, калегаў, узнагародаў. Сярод грамат - савецкі ордэн Працоўнай Славы. А галоўная яе ўзнагарода - высокае прызнанне народнага майстра "Залатыя рукі". У вялікім альбоме Зінаіда Сяргееўна апісвае свой жыццёвы шлях ды згадвае сваіх продкаў. Казала, што ўнукам ейныя занатоўкі прыдадуцца. "Радавод трэба ведаць", - сцвярджае яна пераканана.
На нашай сустрэчы Зінаіда Сяргееўна выглядала жвава, была добразычлівай у зносінах і распавядала, што калі прыходзіць час натхнення, дык свае пачуцці выказвае яна вершаванымі радкамі. Прачытала ў час свайго выступлення нашая госця ўласны верш:
Мой родны кут
Таксама і ў мяне,
Як у Коласа і Купалы,
Сосны гонкія і садок,
На хату ўзятыя
старыя шпалы.
У вершаваных радках яна распавядае, што талент дадзены ёй ад роду, ён ад Бога, і абраная жыццёвая дарога з матуляй знітаваная ў душы. Балюча аўтарцы за тое, што людзі не шануюць прыгажосць роднай прыроды, і яна чулым сэрцам заклікае не пакідаць на целе прыгажуні-бярозкі след нажа. Бо з дрэва затым выцякаюць сокі. Яно, знямелае, не можа гаварыць, каб перадаць свой самотны стан. У прыродзе ўсё прыгожа так, што не перадаць словамі. За шчодрасць, дабрыню роднай зямлі, за журавоў у блакіце неба, шапкі людзі з галавы здымаць павінны.
У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава была адкрыта персанальная выстава прац Зінаіды Ляўчэні, прымеркаваная да 75-годдзя мастачкі. На ёй прадстаўлена каля паўсотні рукатворных вырабаў з ільну і саломкі. Па словах самой мастачкі, зараз яе працы знаходзяцца ў музеях і калекцыях 24 краін. Аднак самая вялікая калекцыя вырабаў Ляўчэні, захоўваецца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Еўдакіма Раманава.
Зінаіда Сяргееўна - адораны ад прыроды чалавек, летуценнік-фантазёр, таленавіты самародак-мастак. Кожны яе твор сведчыць пра мастацкі густ, пра добрае сэрца, пра шчырую душу Зінаіды Сяргееўны. Па іх бачны трапяткія адносіны да нашай прыроды, да нашай прыгожай Беларусі. Майстэрства прыходзіць толькі тады, калі чалавек жыве сваёй справай і штодзённа ва ўпартай працы ўдасканальвае прыроднае ўменне.
Гэтая сустрэча дала нам магчымасць зразумець, што мы адкрылі для сябе малавядомую старонку жыццёвага і творчага шляху нашай таленавітай зямлячкі, творчыя здабыткі якой вядомы за межамі Беларусі.
Н.М. Шамянкова.
Адраджэнне традыцый беларускай капэлы
25-годдзе адзначыла музычная капэла Менскай вобласці "Sonorus", што азначае "сугучнасць". Яна была створана ў Маладзечне ў 1992 годзе вядомым дзеячам культуры Аляксеем Шутам, выхаванцам беларускай харавой школы.
З 90-тых гадоў Аляксей Аляксандравіч Шут складаў музычную палітру калектыва. У склад капэлы ўваходзяць камерны хор, аркестр і група салістаў, што набліжае яе да капэлы 17-18 стагодзя.
Рэпертуар музычнага калектыва складаюць больш за 700 твораў розных жанраў: оперы, кантаты, араторыі, камерныя канцэрты салістаў-вакалістаў, літаратурна-музычныя кампазіцыі і спяктаклі. Капэла выконвае творы духоўнай і свецкай музыкі беларускіх і замежных кампазітараў мінулых стагоддзяў, прапагандуе нацыянальнае музычнае мастацтва ў кантэксце сучаснай еўрапейскай і сусветнай культуры.
Капэла "Sonorus" выступала ў Польшчы, Германіі, Швейцарыі, Даніі,Францыі, Сербіі, Партугаліі. Калектыў пастаянна прадстаўляе Менскую вобласць на рэспубліканскіх мерапрыемствах і розных канцэртных пляцоўках краіны. Артысты атрымалі званні лаўрэатаў на фестывалях "Магутны Божа", "Менская вясна", "Музы Нясвіжа", "Гайнаўка" і іншых.
Міністр культуры Барыс Святлоў выказаў падзяку дырыжору капэлы Марыне Траццяковай на юбілейным канцэрце ў Белдзяржфілармоніі.
Марына Мікалаеўна Траццякова з'яўляецца дырыжорам музычнай капэлы "Sonorus" з 1997 года, удзельнічае ў гастролях калектыва на Беларусі і ў замежжы, з'яўляецца дырыжорам-пастаноўшчыкам музычных праграм для дзяцей і юнацтва. У 2013 годзе калектыў узначаліў кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Хумала, выпускнік аддзялення харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і аддзялення оперна-сімфанічнага дырыжыравання Ротэрдамскай кансерваторыі ( Нідэрланды).
Галоўны дырыжор капэлы Аляксандр Хумала - лаўрэат міжнародных дырыжорскіх конкурсаў, стыпендыят прэміі "Gaude Polonia" Міністэрства культуры Рэспублікі Польшча, узнагароджаны прэміяй Каралеўства Нідэрланды "Нuygens" за музычныя дасягненні за час навучання ў Ратэрдамскай кансерваторыі. Беларускі саюз кампазітараў і Беларускі саюз музычных дзеячаў павіншавалі ўдзельнікаў капэлы "Sonorus" з юбілеем.
Эла Дзвінская, фота аўтара. На юбілейным канцэрце музычнай капэлы "Sonorus".