НАША СЛОВА № 36 (1343), 6 верасня 2017 г.
Дні беларускага пісьменства ў Полацку
Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства праходзілі ў Полацку з 1 да 3 верасня. У самым старажытным горадзе Беларусі святкавалі адразу тры святы: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, Дзень пісьменства і 1155-годдзе горада
Намеснік Прэм'ер-міністра Васіль Жарко зачытаў прывітанне гасцям Дня беларускага пісьменства, накіраванае Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Ад сябе асабіста віцэ-прэм'ер таксама звярнуўся да гасцей мерапрыемства, у тым ліку, каб павітаць тых, хто адмыслова прыбыў на святкаванне з іншых дзяржаў.
Васіль Жарко, у прыватнасці, адзначыў, што Дзень беларускага пісьменства з'яўляецца амаль аднагодкам суверэннай і незалежнай Беларусі.
- Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаем даніну павагі ўсім тым, хто стварыў нашы дзяржаўнасць, культуру, адукацыю, высокі ўзровень нацыянальнага мастацтва, - сказаў ён.
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў сваю чаргу выказаў меркаванне, што цяперашняе свята - гэта падстава для таго, каб азірнуцца на гістарычнае мінулае беларускага народа і падумаць, што было б, калі б не было святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, першадрукара Францішка Скарыны. "Цяжка сабе ўявіць, але гэта падстава для разважання", - лічыць іерарх. На яго думку, гэтыя людзі, якія ўнеслі гэтакі важкі ўклад у беларускую гісторыю і культуру, далі такі зарад энергіі, які і дагэтуль натхняе іншых на вялікія творчыя справы.
- Хачу сказаць, што літаральна некалькі тыдняў таму яшчэ адзін выдатны плод быў прынесены Беларускай праваслаўнай царквой нашаму народу. Больш за 25 гадоў нашы навукоўцы, лінгвісты, славісты, перакладчыкі працавалі над перакладам кніг Святога Пісання Новага Запавету. І сёння ў Полацку мы прэзентавалі Новы Запавет на сучаснай беларускай мове. Хачу сказаць, што гэта таксама гістарычная падзея, яшчэ адзін крок для таго, каб нашы людзі спазнавалі Бога, вучыліся любіць адзін аднаго, маглі бачыць жыццё ў міры, згодзе і аднадумстве, - перакананы мітрапаліт Павел.
Ганаровымі гасцямі сёлетняга Дня пісьменства былі старшыня ТБМ Алег Трусаў і першы намеснік Алена Анісім.
Адкрыццё памятнага знака «Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці» сталася адной з самых важных святочных імпрэзаў 2 верасня. Скульптар Уладзімір Піпін.
Адразу пасля адкрыцця каля памятнага знака адбылася яшчэ адна ўрачыстасць - цырымонія ўганаравання лаўрэата літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Яна была заснаваная ў 1993-м годзе пісьменнікам Алесем Аркушам. Ёй уганароўваюцца аўтары беларускіх кніг, выдадзеных на працягу апошняга года. Селета лаўрэатам прэміі быў прызнаны Міхась Скобла.
БелТА, Радыё Свабода.
185 гадоў з дня нараджэння Людвіка Нарбута
Людвік Тэадор НАРБУТ (7 верасня 1832, в. Шаўры, Лідскі павет - 4 траўня 1863, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-64 на Беларусі і ў Літве.
Людвік Нарбут нарадзіўся ў сям'і архітэктара, інжынера і вядомага гісторыка Літвы Тодара Нарбута. Вучыўся ў Лідскім павятовым вучылішчы, потым у Віленскай гімназіі, дзе ў канцы 1850 быў арыштаваны за спробу стварыць "общество патриотов с целью пронзвести восстание". У сакавіку 1851 публічна пакараны розгамі і аддадзены ў салдаты.
Служыў на Каўказе, атрымаў званне афіцэра рускай арміі. З 1859 у адстаўцы. Вярнуўся на радзіму ў пачатку красавіка 1860. Жыў у бацькі, вёў гаспадарку. Калі ажаніўся, пасяліўся ў маёнтку Сербянішкі, недалёка ад Шаўроў.
Падчас падрыхтоўкі паўстання прыхільнік партыі "чырвоных", звязаўся з К. Каліноўскім, бываў на канспіратыўных сходах. У падпольнай арганізацыі выконваў абавязкі акруговага арганізатара. Адным з першых арганізаваў партызанскі аддзел на Беларусі, з якім 3 месяцы (люты-красавік 1863) паспяхова вёў барацьбу супраць карнікаў. 13 лютага загадам Віленскага рэвалюцыйнага камітэта быў прызначаны ваенным начальнікам Лідскага павета. Ад паўстанцкіх улад меў званне палкоўніка. Загінуў у баі.
Вікіпедыя.
100 гадоў з дня нараджэння Язэпа Сажыча
Язэп САЖЫЧ (5 верасня 1917, в. Гарадзечна, сёння Наваградскі раён - 19 лістапада 2007, Эн-Арбар, штат Мічыган, ЗША) - беларускі грамадска-палітычны дзяяч, вайсковец. Скончыў польскую гімназію ў Наваградку, дагэтуль пэўны час навучаўся ў беларускай гімназіі. У 1938 мабілізаваны ў польскае войска, дзе быў пасланы навучацца ў школе падхаружых у Торуні, якую скончыў у званні сяржанта.
Удзельнік нямецка-польскай вайны 1939 г. ад самага яе пачатку, камандзір звяза. 14 верасня быў цяжка паранены ды трапіў у нямецкі палон. Быў пераведзены ў шпіталь у Лодзі, адкуль праз Беласток і Баранавічы вярнуўся ў Наваградак. Працаваў скарбнікам у сельпо, пасля паступіў на ўлікова-эканамічны факультэт Львоўскага ўніверсітэта. З нападам Германіі на Савецкі Саюз быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, але дэзертыраваў і вярнуўся ў Львоў. Супрацоўнічаў з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў, працаваў у харчовай краме.
Пазней вярнуўся ў Наваградак, дзе ўдзельнічаў у арганізацыі беларускіх вайсковых адзінак. Служыў у Беларускай дапаможнай паліцыі. Улетку 1942 прызначаны камендантам падаафіцэрскай школы Беларускае народнае самапомачы. Напачатку 1944 увайшоў у Беларускую краёвую абарону, кіраваў ротай. У чэрвені 1944 г. удзельнічаў у ахове Другога Ўсебеларускага кангрэсу, тады ж уступіў у Беларускую незалежніцкую партыю. Канец вайны сустрэў у Цюрынгіі, там і ажаніўся з Барбарай Мазурай. Перабраўся з сям'ёй у Гесэн. Там у яго нарадзілася дачка Алена. Вывучаў медыцыну ў Марбургскім універсітэце, адначасова працаваў на сухотнай станцыі. У 1950 г. з дыпломам лекара выехаў у ЗША. Працаваў анестэзіёлагам. У 1961 г. у яго нарадзіўся сын Язэп. Стаў адным з заснавальнікаў аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў штаце Мічыган. У 1952 г. прызначаны палкоўнікам беларускага войска. З 1953 г. - сябар Рады БНР. Заснаваў аддзел Згуртавання беларускіх ветэранаў у Дэтройце, выконваў абавязкі сакратара ў справах ветэранаў пры Радзе БНР. У 1982-1997 - старшыня Рады БНР. У сакавіку 1993 удзельнічаў у святкаванні 75-й гадавіны незалежнасці Беларусі ў Менску.
Вікіпедыя.
Пайшоў ад нас Беларус
Памяці Ўладзіміра Масакоўскага
Уладзімір Масакоўскі з самага пачатку перамен у Беларусі мроіў аб суверэнітэце сваёй дзяржавы. Будучы інжынерным работнікам, Уладзімір рабіў працоўныя справаздачы выключна на роднай мове, стаў адным з першых сяброў Беларускага Народнага Фронту, Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі, сябрам ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Уладзімір пісаў вершы, збіраў матэрыялы па гісторыі роднага краю, збіраўся выдаць кнігу...
Светлая памяць аб гэтым чалавеку захаваецца ў сэрцах людзей, з якімі Ўладзімір працаваў на карысць нашай Бацькаўшчыны.
Сябры ТБМ Салігорска.
Няпросты шлях ТБМ
(Развагі напярэдадні з'езду)
Наша арганізацыя, заснаваная з ініцыятывы Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, была створана на піку савецкай перабудовы ў 1989 г. Падчас стварэння існавалі розныя думкі наконт мэтаў і задачаў арганізацыі, але вызначальным стала тое, што ў яе маглі ўступіць любыя грамадзяне БССР і СССР, якія любілі і шанавалі беларускую мову незалежна ад іх партыйнасці, канфесійнасці, нацыянальнасці і сталага месца жыхарства.
Неўзабаве былі абвешчаныя выбары ў ВС БССР у лютым-сакавіку 1990 г., і тады многія ацанілі ролю ТБМ у гэтым працэсе, бо гэтая арганізацыя атрымала права на вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў і ў ВС БССР. Так сталася, што ў ВС БССР ХІІ склікання ад ТБМ трапіла 13 дэпутатаў, у тым ліку Зянон Пазьняк, Ніл Гілевіч і Алег Трусаў (аўтар гэтых радкоў). У мясцовыя саветы, асабліва ў Менскі гарадскі савет, прайшло некалькі сотняў дэпутатаў, якія прынцыпова гаварылі і працавалі на роднай беларускай мове.
Яшчэ перад выбарамі, у канцы 1989 г. і ў студзені 1990 г., сябры ТБМ падрыхтавалі важны заканадаўчы акт і паспрыялі таму, што ВС БССР ХІ склікання прыняў вельмі неабходны закон "Аб мовах у БССР" і абвясціў беларускую мову дзяржаўнай на тэрыторыі БССР.
У 1991-1994 гг. назіраецца росквіт ТБМ. Арганізацыя мела свае структуры ў большасці раёнаў краіны, выпускала кнігі, брашуры і іншую друкаваную прадукцыю, наладзіла выпуск сваёй газеты "Наша слова", якая фінансавалася ў асноўным з дзяржаўнага бюджэту, мела фінансавыя льготы ў розных сферах сваёй дзейнасці. Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. і, асабліва, пасля травеньскага рэферэндуму 1995 г. для ТБМ надышлі цяжкія часіны. Арганізацыю пазбавілі ўсіх ільготаў, абклалі рознымі падаткамі, выставілі велізарныя рахункі за арэнду офіса ТБМ па вул. Румянцава ў Менску. На некалькі месяцаў спыніўся выпуск газеты "Наша слова", бо з-за адсутнасці грошай звольнілася ўся былая рэдакцыя газеты.
У самы цяжкі час, у 1997 г., кардынальна змянілася кіраўніцтва ТБМ, і на яго чале стаў вядомы беларускі паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін. Новаму кіраўніцтву ТБМ у неверагодна складаных умовах з дапамогай беларускай дыяспары ўдалося знайсці грошы, каб сплаціць даўгі, вярнуць апячатаны пусты офіс ТБМ, адкуль усю маёмасць за запазычанасць вывезлі ў нейкі падвал, або разабралі па хатах на захоўванне актывісты ТБМ.
У Лідзе, дзякуючы Станіславу Судніку, быў адноўлены выпуск газеты "Наша слова". Да 1999-2000 гг. былі адноўленыя і зноў зарэгістраваныя мясцовыя структуры ТБМ у колькасці ад 60 да 65 арганізацый.
У 1999 г. на чарговым з'ездзе Раду ТБМ узначаліў аўтар гэтых радкоў Алег Трусаў. Больш падрабязна пра гісторыю дзейнасці ТБМ за апошнія 25 гадоў можна прачытаць у двух выданнях "Летапіс ТБМ 1989-2009" і "Летапіс ТБМ 2009-2014 гг."
Сёння ТБМ з'яўляецца заснавальнікам дзвюх газет "Наша слова" і "Новы час", часопіса "Верасень", некаторых рэгіянальных выданняў, мае свой сайт, офіс у цэнтры Менска, дзе штодня па буднях адбываюцца розныя мерапрыемствы і выставы, выдае паштоўкі, буклеты, календары, зборнікі навуковых канферэнцый, здымае відэа-фільмы і, галоўнае, ужо год як у беларускім парламенце ёсць наш прадстаўнік Алена Анісім.
Пасля праведзенай у апошнія гады перарэгістрацыі ўсіх сяброў ТБМ у базе дадзеных зарэгістравана больш за шэсць тысяч сяброў, значная частка якіх мае пасведчанне сябра ТБМ. Ва ўсіх абласцях Беларусі актыўна дзейнічаюць нашыя арганізацыі і суполкі.
І можна падумаць, што ўсё бясхмарна, але ёсць вельмі вялікія праблемы, пра якія я хачу распавесці.
Першая праблема - гэта праблема пакаленняў. У апошнія гады адышлі ў лепшы свет дзясяткі актыўных сяброў і заснавальнікаў ТБМ, сярод іх два першыя кіраўнікі нашай арганізацыі Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін. Значная частка кіраўнічага органа, Рады ТБМ, якая зараз налічвае 54 чалавекі, гэта людзі пенсійнага ўзросту, прытым некаторыя ўжо пераадолелі восьмы дзясятак свайго няпростага жыцця. Тая ж праблема і ў рэгіёнах. Таму нам трэба ўжо на гэтым з'ездзе правесці ратацыю кіраўнічых кадраў і абраць у нашую Раду людзей энергічных і значна маладзейшых.
Другая, яшчэ большая праблема - гэта вялікая пасіўнасць нашага грамадства, дзякуючы шматгадовым намаганням дзейнай улады. З шасці тысяч сяброў ТБМ актыўных людзей толькі некалькі сотняў. Астатнія жывуць сваім штодзённым жыццём, не спяшаюцца выпісваць нашыя газеты, каб іх чытаць і адначасова падтрымаць, не імкнуцца плаціць сяброўскія складкі, ужо не кажучы пра ахвяраванні. Аднак ад сяброўства ў ТБМ яны не адмаўляюцца, перыядычна наведваюць нашыя мерапрыемствы, актыўна ставяць свае подпісы пад нашымі зваротамі, распаўсюджваюць сярод знаёмых нашыя ўлёткі і газеты, што таксама нядрэнна, але ў лепшым выпадку толькі для новых сяброў арганізацыі, а не для сталых яе чальцоў.
У адрозненні ад іншых партый і грамадскіх арганізацый, якія ўжо даўно маюць тысячу сяброў толькі на паперы, больш за тры-чатыры тысячы сяброў ТБМ існуюць рэальна і працягваюць з'яўляцца сябрамі арганізацыі (паколькі база вялікая і звесткі на некаторых сяброў былі пададзены няпоўныя, то не з усімі сябрамі можна звязацца і спраўдзіць іх статус у арганізацыі). З гэтымі людзьмі трэба працаваць, шукаючы новыя формы грамадскай работы, магчыма, больш актыўна выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі.
Паколькі я ўжо даўно аб'явіў аб сваім сыходзе з пасады старшыні ТБМ, я заклікаю вас прыняць актыўны ўдзел у чарговым з'ездзе ТБМ, вылучаць для ўдзелу ў ім актыўных і разумных дэлегатаў і абраць новае кіраўніцтва, якое здолее не толькі захаваць тыя здабыткі, якія даўно мае наша арганізацыя, але і пашырыць наш уплыў у грамадстве, асабліва ў рэгіёнах.
Для правядзення з'езду патрэбныя грошы, а гэта як мінімум дзве-тры тысячы новых беларускіх рублёў. Калі хоць палова нашых сяброў дашле на нашыя рахункі ў верасні па адным рублі ахвяраванняў (падкрэсліваю, толькі па адным рублі), ці заплоціць сяброўскія складкі за гэты год (хто не паспеў гэта зрабіць), мы зможам правесці наш з'езд на добрым, прафесійным узроўні.
Я спадзяюся на вашую актыўнасць, дасведчанасць і руплівасць.
З вялікай павагай і пашанай да вас,
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Лідскай і Лідскай гарадской арганізацый ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
2 верасня 2017 г. на Лідскім бібліятэчным філіяле № 3 прайшлі справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Лідскай і Лідскай гарадской арганізацый ТБМ.
На канферэнцыях прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх асноўных структур ТБМ Лідскага раёна, а таксама сябар ТБМ з Радуні Віталь Куплевіч.
Асноўны даклад аб дзейнасці лідскіх арганізацый ТБМ рабіў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік, дадатковае паведамленне зрабіў старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка. Даклад зрабіў старшыня рэвізійнай камісіі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Міхась Бурачэўскі, паведамленне - рэвізор Лідскай арганізацыі ТБМ Юрась Дзяшук. Выступілі намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Чарняк, старшыня Ёдкаўскай суполкі ТБМ Валер Мінец і інш.
У выніку дзейнасць Лідскай арганізацыі ТБМ і Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ была прызнана здавальняльнай. Даклады старшыні рэвізійнай камісіі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ і паведамленне рэвізора Лідскай арганізацыі ТБМ прыняты да ведама.
Праведзены выбары кіраўніцтва лідскага ТБМ на новую кадэнцыю.
Рада Лідскай арганізацыі ТБМ абрана ў складзе.
1. Анацка Лявон (г. Ліда), старшыня;
2. Трафімчык Сяргей (в. Беліца), намеснік старшыні ;
3. Суднік Станіслаў (г. Ліда);
4. Мінец Валер (в. Шырокае);
5. Дычок Сяргей (г. Бярозаўка).
Рэвізорам абраны Юрась Дзяшук (г. Бярозаўка).
Рада Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ абрана ў складзе:
1 Суднік Станіслаў, старшыня;
2. Чарняк Сяргей, намеснік старшыні;
3. Мальцава Ганна, намеснік старшыні;
4. Лазоўскі Алег;
5. Мельнік Міхась;
6. Гузоўская Яніна.
Рэвізійная камісія Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ абрана ў сладзе:
1. Бурачэўскі Міхась, старшыня;
2. Круцікаў Уладзімір;
3. Сідарэнка Сяргей.
Кіраўнікамі суполак ТБМ г. Ліды зацверджаны:
- Цэнтральная - Круцікаў Уладзімір;
- Слабадская - Сідарэнка Сяргей;
- Маладзёжная - Мельнік Міхась;
- Паўднёвая - Суднік Алена;
- Паўночная - Мальцава Ганна;
- "Белтэксоптык" і Раслякоўская - Гузоўская Яніна;
- Абутковай фабрыкі - Краўцоў Генадзь.
Абраны дэлегаты на з'езд ТБМ 29 кастрычніка:
сябры Рады -
1. Суднік Станіслаў;
2. Чарняк Сяргей;
ад Лідскай гарадской арганізацыі -
3. Лазоўскі Алег;
4. Мальцава Ганна;
ад Лідскай арганізацыі -
5. Анацка Лявон;
6. Дычок Сяргей;
7. Дзяшук Юрась;
ад Ёдкаўскай суполкі -
8. Мінец Валер.
Справаздачныя сходы Бярозаўскай і Ёдкаўскай суполак пройдуць у належныя для іх тэрміны.
Асаблівасцю канферэный можна лічыць, што ўпершыню была выказана падзяка Лідскаму выканкаму за падтрымку беларускай мовы. Падзяка была выказана і Лідскаму піўзаводу.
Наш кар.
Справаздача Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" за 2014-2017 гады, 2 верасня 2017 г. г. Ліда
Папярэдняя канферэнцыя адбылася 18 верасня 2014 года.
Колькасць сяброў, якія стаялі на ўліку ў Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" мянялася ад 50 чалавек да 100. Агульная база сяброў ТБМ па Лідзе ўключае каля 500 чалавек, намеснік старшыні Сяргей Чарняк узяў яе ў работу, каб вярнуць да актыўнай дзейнасці хаця б частку сяброў.
У гарадской арганізацыі дзейнічалі суполкі:
- Паўднёвая (6 чал.);
- Цэнтральная (30 чал.);
- Слабадская (5 чал.);
- Паўночная (5 чал.);
- Раслякоўская (3 чал.);
- Маладзёжная (3 чал.);
- "Белтэксоптык" (5 чал.);
- Абуткотвая фабрыка (12 чал.).
Нам не ўдалося аднавіць дзейнасць ТБМ у Лідскім каледжы. Праца з кіраўніцтвам каледжа па арганізацыі далейшай дзейнасці ТБМ у каледжы поспеху не мела. Усе абяцанні адміністрацыі засталіся абяцаннямі. Парадаксальна, але там няма ні аднаго выкладчыка беларускай мовы, які праявіў бы ініцыятыву і ўзначаліў ТБМ каледжа. Тым не менш па Лідскім каледжы мы рукі не апускаем. Будзем спрабаваць аднавіць арганізацыю. Працягваюцца і мерапрыемствы ў каледжы: ідуць агульннанацыянальныя дыктоўкі, праводзяцца літаратурныя сустрэчы, студэнты каледжа запрашаюцца на мерапрыемствы ў бібліятэку. Абазначылася магчымасць аднавіць дзейнасць ТБМ у Музычным каледжы.
Стараннямі Лявона Анацкі была створана суполка ТБМ на Абутковай фабрыцы.
У 2011-2014 гадах Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўзаемадзейнічала з Бярозаўскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" (старшыня Сяргей Дычок). Вынікам гэтага ўзаемадзеяненя стала аднаўленне дзейнасці Ёдкаўскай суполкі ТБМ (стаіць на ўліку ў выканкаме). Старшынём суполкі абраны Валер Мінец. Суполка вядзе вельмі актыўную дзейнасць.
Пра ўзаемадзеянне з Лідскай арганізацыяй (старшыня Лявон Анацка) мы не гаворым, паколькі структурна мы частка гэтай арганізацыі.
Арганізацыя знайходзілася ў рэжыме дыялогу з органамі ўлады, у першую чаргу з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, аддзелам адукацыі, а таксама з іншымі ўладнымі структурамі. Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры Лідскім райвыканкаме.
У справаздачны перыяд усталяваліся самыя цесныя адносіны з Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы, Лідскім цэнтрам культуры і народнай творчасці, Лідскім дабрачыннем Беларускай праваслаўнай царквы. Захаваліся цесныя стасункі з Лідскім музеем і асабліва з літаратурным філіялам. З грамадскіх арганізацый найбольш цеснае супрацоўніцтва было з літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры "Лідскай газеце", Таварыствам польскай культуры, рухам "За свабоду", ГА БНФ "Адраджэнне".
Па асобных мерапрыемствах адбывалася супрацоўніцтва з іншымі структурамі.
Асноўнай задачай, якую вырашала арганізацыя - гэта забеспячэнне выдання газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец". І хоць фармальна газету і "Лідскі летапісец" выдае Установа інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", гарадская арганізацыя вырашае ў гэтым працэсе свае задачы, а менавіта, развязвае некаторыя пытанні фінансавання.
Паколькі папярэдняя канферэнцыя праходзіла 18 верасня 2014 года, то за гэты перыяд выйшла 154 нумары "Нашага слова". Выйшла 12 нумароў "Лідскага летапісца". У 2017 годзе выйшаў 1000-ны нумар "Нашага слова" ў Лідзе. Мы выправілі сітуацыю з "Лідскім летапісцам", ліквідавалі адставанне, якое вісела над часопісам. Зараз фармальнае адставанне адзін нумар.
Актыўна абнаўляўся сайт газеты "Наша слова" naszaslowa.by, дзе размяшчаецца таксама і "Лідскі летапісец".
Выйшаў 8-мы нумар літаратурна-мастацкага альманаха "Ад лідскіх муроў".
Акрамя таго сябры арганізацыі выдалі шэраг кніг
У Лідзе рыхтаваліся краязнаўчыя календары на матэрыяле Гарадзеншчыне на 2015, 2016 і на 2017 гады. Укладальнік А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік. Рыхтуецца каляндар на 2018 год. Выдадзены насценны каляндар на 2017 г., прысвечаны гісторыі "Нашага слова".
Па замове цэнтральнай сядзібы ТБМ у Лідзе былі выдадзены:
"Летапіс дзейнасці грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", 2009 - 2014";
"Моўныя правы і іх абарона", матэрыялы Міжнароднай канферэнцыі 28 сакавіка 2015 г. Т. 1 і 2.
Мелі месца іншыя выданні.
Асноўным партнёрам Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны была Лідская бібліятэчная сістэма: Лідская раённая бібліятэка і філіялы.
У справаздачны перыяд ішлі Лідскія чытанні:
- 15 красавіка 2015 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі ІІІ Лідскія чытанні, прысвечаныя 175-годдзю з дня нараджэння бацькі беларускай нацыі Францішка Багушэвіча. У чытаннях прынялі ўдзел прадстаўнікі Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"; навуковыя супрацоўнікі ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей"; бібліятэкары ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"; школьныя краязнаўцы Лідскага раёна; настаўнікі гісторыі школ г. Ліды.
- "Афіцыйнай беларускай школе на Лідчыне - 100 год" - менавіта так гучала тэма навукова-практычнай канферэнцыі "IV Лідскія чытанні", якая адбылася 27 красавіка 2016 г. у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, і на якую былі запрошаны гісторыкі, краязнаўцы, музейныя работнікі, настаўнікі, метадысты, навучэнцы. На працягу трох гадзін гаворка вялася не толькі аб гісторыі беларускай школы ў нашым рэгіёне, але і ўвогуле аб гісторыі ўстаноў адукацыі на Лідчыне.
Да 500-годдзя ад пачатку беларускага кнігадрукавання была прымеркавана навуковая канферэнцыя "Пятыя лідскія чытанні", якая адбылася 19 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На мерапрыемства былі запрошаны работнікі бібліятэк, мясцовыя краязнаўцы, а таксама краязнаўцы са Слоніма і Дзятлава. Падчас работы навуковай канферэнцыі ў канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала кніжная выстава "Узрасло буйным коласам зерне Скарыны", прысвечаная гісторыі друкаванай кнігі на Беларусі.
Быў заснаваны літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя дзецям". Прайшлі два этапы:
- 17 снежня 2014 г. у канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылося падвядзенне вынікаў 1-га конкурсу. Кампетэнтнае журы вырашыла, што ў конкурсе будуць вызначаны два пераможцы. Імі сталі Ўладзімір Васько і Станіслаў Суднік. Акрамя дыпломаў, пераможцам былі ўручаны і сапраўдныя прэміі. Астатнія ўдзельнікі конкурсу былі заахвочаныя дыпломамі за ўдзел, а Ірына Сліўко атрымала спецыяльны дыплом за папулярызацыю творчасці Смарагда Сліўко. 1-я прэмія сёлета не ўручалася.
- 21 снежня 2016 г. у раённай бібліятэцы адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў 2-га літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя дзецям", на якое былі запрошаны яго ўдзельнікі. Прэміяй III ступені быў узнагарожданы Ўладзімір Васько, які даслаў на конкурс фантастычнае апавяданне "На залатой планеце" пра касмічныя прыгоды двух школьнікаў, прэміяй II ступені - Ганна Рэлікоўская (вершы пераважна на школьную тэматыку), прэміяй I ступені - Святлана Цішук (вершы і п'еса "Каток-футбаліст"). Пераможцам конкурсу, акрамя дыпломаў, былі ўручаны грашовыя прэміі.
Адзін з арганізатараў конкурсу імя Веры Навіцкай, лідскі паэт, краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік пераклаў на беларускую мову адну з кніг Веры Навіцкай - "Добра жыць на свеце" (напэўна, гэта першы выпадак перакладу твораў Навіцкай на беларускую мову). Пакуль што адзіны асобнік гэтай перакладзенай кнігі ён перадаў у фонд Лідскай раённай бібліятэкі.
Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі Валянціна Троцкая, Валянцін Бярэсціч, Ала Мась, Аляксандр Бойка, Уладзімір Руль. Апошні - жыхар Воранаўскага раёна (нагадаем, што конкурс адкрыты).
15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк. Да гэтага дня ў рамках фестывалю "Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова", які праводзіла Лідская цэнтральная раённая бібліятэка ў 2016 г. пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на тарцавой сцяне бібліятэкі размешчаны банер з пазнакай "500 год ад пачатку беларускага кнігадрукавання".
15 верасня 2016 г. фестываль лідскай прэсы і кнігі "Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова" пры вялікім зборы народу правяла Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на ганку бібліятэкі.
15 верасня 2016 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў рамках фестывалю прайшла першая прэзентацыя новай кнігі слыннага беларускага пісьменніка, вядомага паэта і журналіста Міхася Скоблы. Зборнік "Саркафагі страху" стаўся 84-м выпускам Бібліятэкі СБП "Кнігарня пісьменніка".
15 верасня 2016 г. падчас фестывалю ў чытальнай зале бібліятэкі была адкрыта партрэтная галерэя супрацоўнікаў даваеннай рэдакцыі газеты "Ziemia Lidzka" - Уладзіслава Абрамовіча, Міхала Шымялевіча, Аляксандра Снежкі, Антона Грымайла-Прыбыткі. Выстаўлены рэпрадукцыі малюнкаў лідскага мастака Вадзіма Вераб'ёва.
Бібліятэчная сістэма брала актыўны ўдзел у Агульнанацыянальных дыктоўках і святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы,
Па прыкладу Лідскай бібліятэчнай сістэмы мы выйшлі крыху за межы нашай тэрыторыі і наладзілі стасункі з Наваградскай бібліятэкай і Нясвіжскай бібліятэкай імя Паўлюка Пранузы. Там сёлета прайшлі Агульнанацыянальныя дыктоўкі, прычым у Нясвіжскім раёне яны прайшлі ў некалькіх бібліятэках раёна.
Чаму бібліятэкі найбольш удзячнае поле дзейнасці, бо туды год за годам ідуць выпускнікі самага беларускага ўніверсітэта Беларусі - Універсітэта культуры і мастацтваў.
Развіваліся адносіны з Лідскім цэнтрам культуры і народнай творчасці. Мы выступалі спонсарам першага конкурсу касцоў. Зараз узаемадзейнічаем па арганізацыі фестывалю песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага ў Мажэйкаве. "Наша слова" вельмі актыўна асвятляе працу гэтай установы. За тры гады прайшло пад 30 публікацый.
На новы этап выйшла ўзаемадзеянне з Аддзелам адукацыі, спорту і турызму.
Асабліва нас хвалявалі беларускія класы. Што-небудзь зрабіць ТБМ не магло. Нават ідэя пра збор подпісаў за беларускую гімназію завісла. І прычына не ў ляноце. Атмасфера ў краіне вакол гімназій дрэнная. Будзе пустая праца, пакуль усё не стабілізуецца. Некаму гэтыя элітныя навучальныя ўстановы не даюць спакою. Каму?
У 2015 годзе беларускія класы адкрыліся ў лідскіх СШ № 14 і № 16. У класах адпаведна 7 і 8 чалавек.
У 2016 годзе беларускі клас адкрыўся ў СШ № 16.
Сёлета мы маем інфармацыю пакуль што пра клас у СШ № 16. І мы маем тут ужо беларускамоўную паралель. Ужо з 1-га па 6-ты клас сёлета дзеці будуць вучыцца тут па-беларуску. Класы былі спачатку невялікія, але сёлета ёсць ужо 10 чалавек, а мо за апошнія дні і больш.
На лідскія школы сістэматычна арганізоўваецца падпіска газеты "Наша слова". Газета падпісваецца і на абодва каледжы. Мы правялі не адзін дзесятак розных імпрэзаў у школах, у асноўным вясковых, але гэтага катастрафічна мала.
26 лютага 2015 г. старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік узяў удзел у раённым педсавеце, праведзеным аддзелам адукацыі з мэтай узнагароджання настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў абласных прадметных алімпіяд. Дарэчы па гэтым паказчыку Лідскі раён у чарговы раз стаў лепшым у вобласці.
Станіслаў Суднік ад імя Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ узнагародзіў настаўніцу беларускай мовы Лідскай гімназіі № 1 Пільчук Таццяну Канстанцінаўну, якая ў рускамоўнай гімназіі падрыхтавала трох пераможцаў абласной алімпіяды па беларускай мове, а адна з гімназістак стала абсалютным пераможцам. ТБМ удзельнічала ў такім мерапрыемстве ўпершыню.
У 2016 годзе мы вырашалі пытанне з адкрыццём беларускамоўнай змены ў летніку "Эрудыт" для асабліва адораных дзяцей. За тры дні да пачатку змены адкрыццё яе было адменена.
Былі сарваны тры турыстычныя летнікі, якія мы спрабавалі правесці сёлета. Арганізоўваў летнікі сябар Лідскай арганізацыі ТБМ Сяргей Трафімчык. У выніку турыстычны летнік прайшоў на возеры Свіцязь у Наваградскім раёне.
Тым не менш аддзел адукацыі запрасіў ад нас прапановы па арганізацыі беларускамоўнага лінгвістычнага летніка ў 2018 г.
Сёлета мы выйшлі з прапановай аб арганізацыі конных спаборніцтваў на кубак барона фон Эксе (унука ўладальніка Тарнова графа Маўраса і ўдзельніка 5-х Алімпійскіх гульняў у 1912 г., неаднаразовага пераможцы Кубка караля Эдуарда ў Англіі).
Арганізацыі ТБМ вялі зацятае змаганне за вяртанне беларускай мовы на ўпакоўкі беларускіх тавараў. Тут рэй мела Лідская арганізацыя ТБМ.
28 жніўня 2015 г. у Лідзе адбылося судовае паседжанне па позве старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявона Анацкі да ААТ "Лідскае піва" з нагоды негатыўнага стаўлення на прадпрыемстве да беларускай мовы. Прайшлі касацыйныя суды ў Гародні.
І вось 24 студзеня 2017 г. ААТ "Лідскае піва" перавяло свой сайт на беларускую мову і абвесціла аб пераходзе ўсёй дзейнасці на беларускую мову. ААТ "Лідскае піва" выпусціла тры гатункі піва "Менскае", у тым ліку да 100-годдзя БНР. 24 чэрвеня 2017 г. ААТ "Лідскае піва" правяло ў Менску дыктоўку па беларускай мове. Па-беларуску ідзе рэклама сёлетнега піўнога фэсту
У лютым 2017 г. старшыня Ёдкаўскай суполкі ТБМ Валер Мінец пачаў кампанію па беларусізацыі "Твайго радыё".
Вясной 2017 г. сябры ТБМ пачалі кампанію па беларусізацыі Лідскага малочна-кансервавага камбіната...
Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага і напісанне Агульнанацыянальных дыктовак набылі на Лідчыне непараўнальны ні з чым размах.
2015 год.
Першы тыдзень роднай мовы 2015 года на Лідчыне пачаўся 18 лютага. Менавіта першы тыдзень, бо лідзяне ў адзін тыдзень укласціся не змаглі. У гэты дзень адбылася імпрэза ў Бярозаўскай гімназіі. У ёй узяў удзел намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, бард Сяржук Чарняк.
20 лютага імпрэза адбылася ў Ходараўскай школе Лідскага раёна. У Ходараўцы прыехалі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк.
21 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Бярозаўскай гарадской бібліятэцы. На дыктоўку прыйшло 8 чалавек. Прадмову да "Дудкі беларускай" Ф. Багушэвіча чытаў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.
21 лютага літаратурная імпрэза да Міжнароднага дня роднай мовы адбылася ў Лідскай СШ № 14. Удзел у імпрэзе браў сябар Лідскай гарадской рады ТБМ, першы старшыня Лідскага ТБМ, паэт Міхась Мельнік.
22 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На дыктоўку сабралася каля 20 чалавек. Чытаў прадмову да "Дудкі беларускай" Ф. Багушэвіча кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце", сябар Лідскай рады ТБМ Алесь Хітрун. З мастацкім словам па творах Янкі Купалы і Францішка Багушэвіча выступіў актор народнага тэатра Алег Лазоўскі
21 лютага навучэнцы Лідскага каледжа актыўна прынялі ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. У сувязі з гэтым, у каледжы ўжо не першы год была праведзена Усебеларуская дыктоўка.
25 лютага чарговае мерапрыемства прайшло ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста Янкі Купалы, які зрабіў бярозаўскі скульптар Яўген Лукашэвіч. Трэба адзначыць актыўную ролю ў гэтым Бярозаўскай арганізацыі ТБМ, бо бюст выкананы на дабрачыннай аснове і падараваны Лідскай бібліятэцы.
На імпрэзе прысутнічалі вучні трох 8-х класаў СШ № 1 г. Ліды. Актыўны ўдзел у імпрэзе бралі сябры Лідскай гарадской арганізацыі. Пра повязь Купалы з Лідай распавядаў старшыня арганізацыі Станіслаў Суднік, песні на словы Я. Купалы спяваў намеснік старшыні Сяржук Чарняк.
А вечарам 25 лютага ўжо сам Лідскі музычны каледж уласнымі сіламі зладзіў вялікі канцэрт з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Увесь канцэрт прайшоў па-беларуску.
У выніку за два тыдні ў мерапрыемствах з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы на Лідчыне ўзялі ўдзел 8-10 тысяч чалавек.
2016 год.
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў 2016 г. у Лідзе ўстаноўлены тры білборды ў падтрымку беларускай мовы. Два пано ўстаноўлены па праспекце Перамогі - каля кнігарні і "архітэктуры". Трэцяе пано ўстаноўлена ў пачатку вуліцы Камуністычнай адразу за мостам на Слабаду.
Да Міжнароднага дня роднай мовы 2016 г. Лідская гарадская арганізацыя ТБМ выпусціла камплект паштовак пад адзіным заклікам: "Не забывайма беларускія словы". Агульны наклад - чатыры тысячы асобнікаў.
У 2016 г. на Лідчыне Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў новым фармаце. У пачатку лютага Лідскі райвыканкам накіраваў ліст ва ўстановаы культуры і адукацыі, у якім рэкамедаваў усім установам правесці 9-ю Агульнанацыянальную дыктоўку. З 19 лютага дыктоўка пайшла па Лідчыне. Мерапрыествы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы цягнуліся два тыдні. У ім узялі ўдзел большасць бібліятэк Лідчыны і грамадскаія арганізацыі, у першую чаргу структуры ТБМ.
Моцны клічнік у лідскім марафоне з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы паставілі ўстановы адукацыі Лідскага раёна. Быў праведзены цэлы шэраг мерапрыемстваў у кааледжах, гімназіях, ліцэях і школах. Такім чынам у выніку магутнай падтрымкі аддзела адукацыі 9-ю Агульнанацыянальную дыктоўку на Лідчыне пісалі больш за 5,5 тысяч чалавек у каля 20 населеных пунктах Лідчыны. Гэта яшчэ не поўны ахоп раёна, але лік ужо пайшоў на тысячы, і рэзервы таксама яшчэ ёсць.
2017 год.
Х Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне арганізоўвалася на дзяржаўна-грамадскім узроўні. Праводзілі яе ўстановы адукацыі, культуры, грамадскія структуры. Усяго ў дыктоўцы прынялі ўдзел каля 6 000 чалавек. Асноўную масу (5008 чалавек) далі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.
Дыктоўку на Лідчыне распачала 18 лютага 2017 г. Мінойтаўская бібліятэка. Сюды прыйшлі вучні суседняй Мінойтаўскай СШ.
Дыктоўкі прайшлі ў 33 установах адукацыі раёна. Некаторыя школы ўдзельнічалі ў дыктоўцы трэці раз (Ходараўцы), а асноўная маса - у другі.
Найбольш масавыя дыктоўкі прайшлі ў СШ № 17 - пісалі 585 чалавек; у СШ № 12 - пісалі 529 чалавек; СШ № 1 - пісалі 405 чалавек; СШ № 15 - пісалі 342 чалавекі; СШ № 9 - пісалі 336 чалавек і г.д.
У гімназіі № 1 г. Бярозаўкі, бярозаўскіх СШ № 2 і СШ № 3 у дыктоўцы ўдзел узяла прыкладна роўная колькасць вучняў: 127, 118 і 121 чалавек адпаведна.
Сярод сельскіх школ 181 чалавек пісаў дыктоўку ў Першамайскай СШ, 179 чалавек - у Дзітвянскай СШ, 101 чалавек - у Ёдкаўскай СШ; 92 чалавекі - у Ваверскай СШ і г.д. Дыктоўкі праводзіліся па класах, магчыма недзе ў сельскіх школах класы аб'ядноўвалі, але ў цэлым у школах прайшло ка каля 240 дыктовак.
У Лідскім каледжы дыктоўку пісалі 280 чалавек. Пісалі дыктоўку ў Лідскім ліцэі (завод "Оптык").
Дыктоўкі былі праведзены ў 20 населеных пунктах на 47 пляцоўках. Усяго напісана прыблізна 270 дыктовак. 270 разоў перад аўдыторыямі рознага ўзросту выходзілі настаўнікі, літаратары, сябры ТБМ. 270 разоў гучалі беларускія тэксты. Самыя юныя ўдзельнікі дыктовак - вучні 2-іх класаў, самыя сталыя - дзеці вайны, людзі якія нарадзіліся ў 30-я гады 20-га стагоддзя.
Такая масавая дыктоўка праводзіцца на Лідчыне ўжо ў другі раз. У адрозненне ад леташняга года сёлета дыктоўка ішла ў рамках праекту Лідскага райвыканкама "Беларусь - мая мова і песня".
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у малой зале Палаца культуры горада Ліды адбыўся творчы вечар лідскага барда і кампазітара, намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Сяргея Чарняка "Пявучае роднае слова".
У справаздачны перыяд Лідская гарадская арганізацыя ТБМ мэтанакіравана займалася пытаннямі захавання гістарычнай спадчыны і гістарычнай памяці.
- 28 лістапада 2014 г. у Лідзе прайшла навуковая канферэнцыя да 230-годдзя з дня нараджэння "Бацькі беларускіх гісторыкаў" Тодара Нарбута (нарадзіўся 8 лістапада 1784 года). Канферэнцыю арганізоўваў Лідскі гістарычна-мастацкі музей пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.
- 13 снежня 2014 года ў чытальнай зале Лідскай бібліятэкі-філіяла № 3 на ўрачыстае паседжанне з нагоды 25-годдзя Лідскага ТБМ сабраліся дзве лідскія і Бярозаўская рада ТБМ, а таксама ветэраны ТБМ і госці. Сярод гасцей - старшыня ТБМ Алег Трусаў, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім і інш.
- 17 сакавіка 2015 г. у Лідскім бібліятэчным філіяле № 3 была адкрыта мінівыстава да 25-годдзя "Нашага слова". Чыста музейных экспанатаў там не шмат: пячатка рэдакцыі газеты "Наша слова" 1990-х гадоў, вуглавы штамп рэдакцыі газеты "Наша слова" тых жа гадоў, копія першага Пасведчання аб рэгістрацыіі газеты "Наша слова", друкарская машынка тых часоў, некалькі нумароў "Нашага слова" за 1993-94 гг.
Але асноўнае, што зроблена - тут на пастаянна размешчана поўная падшыўка "Нашага слова" лідскага перыяду выдання: з лістапада 1997 года па канец 2014 года. 17 гадавых падборак. Гадавыя падшыўкі амаль поўныя, не хапае некалькіх нумароў (недзе 3-4 за 17 гадоў). Аднак трэба спадзявацца, што падшыўкі будуць дапоўнены хоць бы ксеракопіямі страчаных асобнікаў. Другая такая ж падшыўка размешчана ў Лідскім літаратурным музеі.
Такім чынам у Лідзе ёсць два месцы, дзе можна будзе пачытаць любы лідскі нумар "Нашага слова".
Акрамя "Нашага слова" зроблены падшыўкі двух перыядаў выдання (2001 - 02 гг. і 2004 - 05 гг.) лідскай газеты "Тэлескоп", якая таксама выдавалася Лідскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", але банальна не вытрымала канкурэнцыі з дзвюмя іншымі лідскімі газетамі (дзяржаўнай і недзяржаўнай) і мусіла закрыцца.
- Да верасня 2015 г. сябар ТБМ з Бярозаўкі Яўген Лукашэвіч зрабіў макет Лідскай ратушы да 425-годдзя з дня атрымання г. Лідай Магдэбургскага права (17 верасня 1590 г.). Быў распрацаваны і выдадзены ў Лідскай друкарні мастацкі буклет, прысвечаны ўгодкам Магдэбургскага права, у тым ліку адну старонку займае Лідскі каляндар на 2016 год з шэрагам датаў лідскай гісторыі.
Былі распрацаваны, выкананы і ўстаноўлены два банеры, на якіх пададзены макет Лідскай ратушы, упісаны у пейзаж горада, на тое месца, дзе грамадскасць мае планы дабіцца яе аднаўлення (арганізатар сябар ТБМ Сяргей Трафімчык).
"Белпошта" з ініцыятывы ТБМ выдала мастацкі канверт да 425-х угодкаў надання гораду Лідзе Магдэбургскага права.
Навуковая канферэнцыя ў Лідскім музеі была сарваная.
- 3 кастрычніка 2015 г. на этнаграфічнай сядзібе "Пескі" пад Лідай прайшоў краязнаўчы "круглы стол", прысвечаны 425-м угодкам надання г. Лідзе Магдэбургскага права. Сабраліся краязнаўцы з Ліды, Бярозаўкі, Ёдак, Дворышчаў. З Менска прыехаў малады гісторык Кірыл Сыцько. Арганізоўвала імпрэзу Лідская гарадская арганізацыя ТБМ.
- 27 лютага 2016 г. у актавай зале СШ № 2 г. Бярозаўкі прайшла Гістарычна-краязнаўчая канферэнцыя "Гэта мой горад!" (г. Бярозаўка, Лідскі р-н). На канферэнцыю было падрыхтавана 11 дакладаў.
31 ліпеня 2016 г. адбыўся патрыятычны фэст на аграсядзібе "Гасціна", што ў вёсцы Пескі, непадалёк ад Ліды. Гаспадар сядзібы, сябар Ёдкаўскай суполкі ТБМ Лідскай арганізацыі Віталь Карабач добра папрацаваў, каб прыдаць усёй мясціне яскравы нацыянальны выгляд.
- 9 верасня 2016 г. на аграсядзібе "Гасціна" пад Лідай прайшоў фэст патрыятычнай беларускай песні. Такім чынам лідзяне і госці фестывалю адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы.
- 18 студзеня 2017 г. у актавай зале Лідскай раённай бібліятэкі была прачытана адукацыйна-пазнавальная лекцыя "Крыніцы па генеалогіі (на прыкладзе Лідчыны)".
- 22 красавіка 2017 г. сябры Таварыства беларускай мовы з Ліды і Бярозаўкі зладзілі суботнік у вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна на сядзібе Зянона Пазьняка.
Арганізацыя рэгулярна адзначала даты 25 сакавіка і 27 ліпеня.
Арганізацыя займалася пытаннямі гістарычна-краязнаўчай адукацыі. У сваіх выданнях мы публікуем масу гістарычных і краязнаўчых артыкулаў. Найбольш актыўныя аўтары - Леанід Лаўрэш.
Краязнаўчая праца арганізацыі канцэнтруецца вакол часопіса "Лідскі летапісец".
Арганізацыя вяла працу па наданні лідскім вуліцам беларускіх назваў. Не дабіліся тут нічога, хаця, здаецца, што ўсе чыноўнікі згодныя з наданнем імя Янкі Купалы праезду паміж выканкамам і касцёлам у бок Раслякоў.
Палітыка.
У 2016 годзе ўсё ТБМ прыняло ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Ад лідскіх арганізацый былі вылучаны 6 кандыдатаў. Гэта:
Мінец Валер Уладзіміравіч, старшыня Ёдкаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе № 49.
Бурачэўскі Міхаіл Уладзіміравіч, старшыня рэвізійнай камісіі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54.
Суднік Станіслаў Вацлававіч, сябар Рады ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Лідскай выбарчай акрузе № 55.
Ашурак Вітольд Міхайлавіч, сябар Бярозаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Дзятлаўскай выбарчай акрузе № 56.
Круцікаў Уладзімір Уладзіміравіч, старшыня Цэнтральнай суполкі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Наваградскай выбарчай акрузе № 57.
Трафімчык Сяргей Аляксандравіч, сябар Бярозаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Кандыдат у дэпутаты па Шчучынскай выбарчай акрузе № 60.
Мы закрылі палову вобласці. І хоць ніхто з нас не перамог і блізка, але беларушчыны стала больш. Усе кампаніі ішлі па-беларуску. Ну і фактычна мы стварылі тую крытычную масу, з якой улады мусілі былі прапусціць хоць аднаго кандыдата ад ТБМ.
Дзейнасць у літаратурным асяроддзі і праца з літаратарамі была значнай дзялянкай у дзейнасці арганізацыі.
Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце" ўзначальвае сябар ТБМ Алесь Хітрун. "Суквецце" аб'ядноўвае каля пяці дзесяткаў літаратараў, прынамсі за пяць гадоў у "Лідскай газеце" былі апублікаваны творы 101 аўтара.
Быў праведзены цэлы шэраг літаратурных сустрэч. Паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін аб'ехалі ўсе вясковыя школы Лідчыны. Шмат разоў выступалі на Лідчыне Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч-Матафонава.
Новыя ініцыятывы.
У 2017 г. Лявон Анацка панёс беларускую мову па ўсім свеце. Ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у марафонах.
1 ліпеня 2017 г. сябры ТБМ з Бярозаўкі, Ліды і Ёдкаўскай суполкі ўстанавілі ТБМ-аўскую альтанку на Замкавым гасцінцы і паспяхова яе трымаюць.
У справаздачны перыяд Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк былі сябрамі рэспубліканскай Рады ТБМ і рэгулярна ўдзельнічалі ў паседжаннях Рады. Станіслаў Суднік удзельнічаў ва ўсіх паседжаннях. Сяргей Чарняк прапусціў адно паседжанне.
Лявон Анацка 11 чэрвеня 2017 года абраны ў склад Гарадзенскай абласной рады ТБМ і ўжо актыўна там працуе.
Сябры ТБМ удзельнічалі таксама ў многіх мерапрыемствах рэгіянальнага і агульнанацыянальнага характару.
(Надрукавана ў скарочаным варыянце. Поўны варыянт гл. на сайце naszaslowa.by і партале ТБМ siadziba.gmail.com.)
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні
Агееў Алесь Рыгоравіч Анацка Лявон Яўгенавіч Анісім Алена Мікалаеўна Анішчанка М.І. Арэх Мікалай Уладзіміравіч Асіпенка Аляксандр Георг. Асіпцова Яніна Аляксандр. Багдановіч Алена Іванаўна Барада Людміла Барадаўкіна Ірына Сяргееўна Баран Павел Баршчун Валянціна Дзмітр. Баршчэўская Алеся Барысенка Аляксандр Анат. Барэйка Юры Мікалаевіч Батура Людміла Віктараўна Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Бізгень Людміла Бондар Юлія Сяргееўна Бубновіч Ніна Булатава Зоя Міхайлаўна Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варанец Міхаіл Адамавіч Варановіч Крысціна Васілевіч Дарына Аляксандр. Васілеўскі Валянцін Васільева Вераніка Міхайл. Васільева Галіна Іванаўна Васілючак Міхаіл Вікенцев. Вінакурава Кацярына Віняцкі Ягор Змітравіч Войніч Вікторыя Іосіфаўна Волкаў Міхаіл Уладзіміравіч Вочка Ірына Пятроўна Высоцкая Таццяна Валянцін. Вяргей Валянціна Сяргееўна Вярцінская Вольга Ўладзім. Гадзюка Юрась Аляксандр. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Галоцік Ганна Дзмітрыеўна Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Валер. Ганчар Марыя Іосіфаўна Гарбузова Аліна Канстанцін. Гідлеўская Людміла Канстан. Гнётаў Віталь Мікалаевіч Гойшык Аляксандр Рыгор. Грыб Мечыслаў Іванавіч Грынько Вольга Ігараўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Данілюк Алег Іванавіч Даўгашэй Франц Дзежыц Аляксандр Альфрэд. Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Ермал. Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'янка Ванда Баляслав. Дранец Алена Дробыш Алёна Сяргееўна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Міхайлавіч Дымкоў Сяргей Анатольевіч Дэц Аксана Аляксандраўна Ермаловіч Людміла Іванаўна Еўстратоўскі Ўладзімір Пар. Ехілеўская Кацярына Леанід. Жбанкова-Стрыганкова В. Г. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Жук Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі Барыс Жыгалка Ўладзіслаў Сярг. Жышкевіч Людміла Заверуга Вольга Яраславаўна Зайка Антаніна Іванаўна Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Збірэнка Алена Зелянкевіч Аляксандра Ігар. Зелянкевіч Павел Ігаравіч Зімін Мікалай Васільевіч Зяльвовіч Алена Аляксандр. Зяновіч Ганна Аляксандраўна Іванова Вольга Аляксандр. Івашка Ірына Алегаўна Ісаевіч Наталля Анатольеўна Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Кабушка Уладзіслава Ўладз. Кавалевіч Алена Сцяпанаўна Казак Мікалай Мікалаевіч Казакевіч Дзяніс Валер'еыіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвар. Калашнікаў Уладзімір Іван. Калбасіна Ірына Канабраткіна Таццяна Васіл. Канановіч Алена Канановіч Віталь Антонавіч Кандраценка Артур Сяргеев. Кануннікаў Дзмітры Сяргеев. Капусціна Святлана Валянц. Карпека Андрэй Валер'евіч Карповіч Сямён Іванавіч Карценька Алена Карэнька Зінаіда Іванаўна Касцевіч Ніна Аляксееўна Касцян Кастусь Дзянісавіч Каўшырка Наталля Паўлаўна Качук Уладзіслаў Ігаравіч Кашчэеў Алесь Квандзель Таццяна Ўладзім. Кіенка Генадзь Кліменцьева Марыя Андр. Кляўцэвіч Іван Віктаравіч Колас Уладзімір Георгіевіч Корбут Віктар Андрэевіч Котчанка Ўладзімір Коўзель Ян Уладзіміравіч Кошчанка Ўладзімір Алякс. Крамко Ганна Іосіфаўна Краснагір Аляксей Рыгор. Краўцоў Андрэй Краўцэвіч Аляксандр Канст. Краўчанка Ала Крот Кацярына Міхайлаўна Круглік Юлія Віктараўна Крэнць Максім Кудзелька Віктар Яўхімавіч Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Аляксандр. Купчык Мікола Курган Дзяніс Аляксандравіч Курдзя Антаніна Юр'еўна Курдо Антон Васільевіч Лагун Таццяна Лазко Любоў Іванаўна Лапато Валянціна Уладзімір. Лапухова Часлава Чаславаўна Лапцік Валянціна Лізуноў Андрэй Іванавіч Ліпскі Міхаіл Аляксандравіч Лісай Уладзімер Аляксеевіч Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Васільевіч Ліцвінчук Алена Лобан Ірына Фёдараўна Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Лунёва Настасся Лызо Дмітрый Сяргеевіч Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Майсюк Вольга Мікалаеўна Малец Надзея Генадзеўна Малочка Таццяна Маляўка Андрэй Фёдаравіч Мандрык Канстанцін Алякс. Марзалюк Ігар Аляксандр. Маркелава Марыя Дзмітр. Маркелаў Валер Анатольевіч Маркушэўскі Ігар Марозаў Валер Уладзімір. Марук Мікалай Анатольевіч Марцінкевіч Ганна Масла Марыя Мацкевіч Васіль Васільевіч Мацулёў Мікалай Пракоп. Мезяк Віктар Віктаравіч Мельнікава Зоя Пятроўна Мельнікаў Мікалай Алякс. Міхайлоўская Вікторыя Люд. Міхалоўская Вольга Міхалькова Алена Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Мурашка Надзея Мусік Святлана Валянцін. Мухін Ігар Алегавіч Мухіна Алена Аляксандр. Мяцельская Наталля Іван. Навумік Зінаіда Наздрына Ларыса Паўлаўна Новік Дзіяна Новік Марыя Іванаўна Пабірушка Таццяна Валер. Панкрат Пётр Аляксеевіч Папова Марыя Парфёненка Віктар (Вітаўт) Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Юр'еўна Паўлоўская Ганна Генрых. Паўлоўская Марыя Ігараўна Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валеры Міхайл. Петрычэнка Аніта Аляксанд. Півавар Кацярына Сяргееўна Піваварчык Ірына Вайцех. Пінчук Мікалай Фёдаравіч Піткевіч Алесь Пранікава Тамара Прасольная Вольга Анатол. Прывалаў Васіль Уладзімір. Прыстаўка Яніна Ігараўна Птушка Алена Міхайлаўна Пузанкевіч Вікенцій Пянкрат Пётр Аляксеевіч Пяткевіч Тамара Сымонаўна Пятровіч Карней Ізідоравіч Пятроў Дзяніс Валер'евіч Пятроў Іван Сяргеевіч Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Іванавіч Савостава Наталля Юр'еўна Салавей Лія Мацвееўна Саламевіч Кацярына Аляксан. Салдатава Аліса Сяргееўна Сармант Надзея Сцяпанаўна Сарока Надзея Саскавец Ала Мікалаеўна Свяколкін Антон Віктаравіч Севярынец Канстанцін Паўл. Севярынец Таццяна Яўгенаўна Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Случак Таццяна Ўладзімір. Сметаненка Александр Смольнік Вольга Георгіеўна Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Вячаславаўна Суднік Арцём Станіслававіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Сухаверхая Кацярына Мінаўна Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Сцяцэнка Яўгенія Валер'еўна Сяльверстава Святлана Яўг. Таніня Наталля Мікалаеўна Тарасевіч Пётр Пятровіч Таратута Аляксей Мікалаевіч Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Тычына Андрэй Уладзіміравіч Уласюк Юры Уліцкая Ганна Ўладзіміраўна Усеня Ўладзімір Мікалаевіч Усцімчук Мікалай Мікалаевіч Усціновіч Васіль Віктаравіч Фёдарава Ірына Пятроўна Флярко Сяргей Аляксандравіч Хляба Ігар Вітальевіч Цімохаў Сяргей Цыбулька Аляксандр Георг. Чабатарэўскі Андрэй Барыс. Чайкова Ірына Аляксандраўна Чаркасаў Л.І. Чарнавус Мікалай Дзмітр. Чарноў Павел Фёдаравіч Чырвонцаў Леў Раманавіч Чэчат Лілея Пятроўна Шабар Маргарыта Сяргееўна Шпірыч Раіса Сяргееўна Штанюк Наталля Аляксандр. Шульчанка Вольга Анатол. Шутаў Аляксандр Эдуардавіч Шыбкоўскі Сяргей Георгіевіч Шэметава Вікторыя Якавец Т. Я. Якіменка Кацярына Мікал. Янкоў Дзмітры Ўладзіслававіч Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Анатольевіч Яшкін Уладзімір Уладзіміравіч
1-е верасня на радзіме Цёткі
Пашкевіч (Цёткі), у Астрынскай СШ Шчучынскага раёна, як і па ўсёй Беларусі, пачаўся новы навучальны год.
Пасля афіцыйнай лінейкі каля пормніка Цётцы адбыўся тэатралізаваны экскурс у гісторыю Шчучынскага раёна. Дарэчы, сёлета споўнілася 60 гадоў з дня надання школе імя Цёткі.
На ганак школы па чарзе выходзілі то Сцыпіён дэ Кампа, то Станіслаў Баніфацый Юндзіл, то князь Друцкі-Любецкі, то Ігнат Дамейка, іншыя героі гісторыі Шчучыншчыны. Вяла ж імпрэзу, канешне, сама Цётка.
Пасля імпрэзы на ганку адбылася літаратурная сустрэча ў актавай зале. На сустрэчу прыехалі сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" і ТБМ з Ліды Алесь Хітрун і Станіслаў Суднік. Лідзяне нагадалі тубыльцам, што Астрына - гэта таксама колішні Лідскі павет, і што яны не робяць вялікай розніцы паміж школамі Лідскага і Шчучынскага раёнаў. Алесь Хітрун прачытаў некалькі сваіх твораў і распавёў пра праект "У школу да Цёткі", які рэалізуецца ў Лідскім літаратурным музеі, і перадаў распрацоўкі ў музей Цёткі, што працуе ў школе. Станіслаў Суднік прачытаў "Баладу пра беларускую школу", прысвечаную Цётцы, а таксама іншыя вершы. Застаецца адзначыць гасціннасць гаспадароў і выказаць спадзяванне, што лідзяне тут не апошні раз.
Наш кар.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Пасля яго смерці Казімір захапіў Львоў і разам з венграмі заняў Перамышльскую і Саноцкую землі. У 1349 г. ён заняў і ўсю Галіцкую Русь. Але тут узнікла спрэчка за Валынь з ВКЛ. У выніку некалі вялікую дзяржаву падзялілі. ВКЛ атрымала Валынь і Падляссе (сённяшняя Беласточчына), а астатняя тэрыторыя адышла да Польшчы.
У 1351 г. Казімір далучыў да сваіх земляў некалькі суседніх незалежных польскіх княстнаў, а Мазовія стала яго васалам. Казімір прыняў асобныя судовыя законы (статуты) для Малой і Вялікай Польшчы, якія зрабілі шляхту асобным станам. Пры Казіміры ў польскіх гарадах з Германіі пасяліліся яўрэі, якія атрымалі асобныя прывілеі. Ён заснаваў шмат новых гарадоў, надаў ім Магдэбургскае права. Старыя гарады ён умацаваў мурамі, а таксама збудаваў шмат мураваных замкаў, касцёлаў і жылых дамоў у гарадах Ён стварыў дзяржаўнае казначэйства ("скарб"), куды ішлі падаткі ад дзейнасці саляных копій і яго асабістых земляў, а таксама мытныя зборы і зямельныя падаткі. Пры ім актыўна дзейнічаў транзітны і гандлёвы шлях Уроцлаў - Кракаў - Львоў - Чорнае мора, а таксама шлях з Венгрыі праз Кракаў у Гданьск. У Кракаве кароль у 1364 г. заснаваў Кракаўскую акадэмію - другую пасля Прагі вышэйшую навучальную ўстанову на славянскіх землях. У часы Казіміра ў Польшчы запанавала готыка. Будаваліся высокія трохнефавыя касцёлы з вялікімі вокнамі, аздобленыя вітражамі. Пры касцёлах існавала шмат парафіяльных школаў.
2. Людовік Венгерскі і яго дачка Ядзвіга
Пасля смерці апошняга Пяста ў Польшчы пачала кіраваць Анжуйская дынастыя (1370-1386 гг.). Першым каралём гэтай дынастыі стаў унук Лакетка - кароль Людовік Венгерскі (1370-1382). Паколькі Казімір не пакінуў прамых нашчадкаў, каб стаць каралём, Людовік ныў павінен атрымаць згоду польскай шляхты, пагатоў сыноў у яго не было. У 1374 г. Людовік дамовіўся са шляхтай, што польскі трон пяройдзе яго дочкам. За гэта шляхта атрымала ад яго Кошыцкі прывілей, які амаль што вызваляў шляхту ад падаткаў. Новыя падаткі кароль таксама быў павінен узгадняць са шляхтай. Шляхта, каб абараняць Польшчу ад ворагаў, павінна была ўдзельнічаць у паспалітым рушэнні (народным апалчэнні). Большую частку свайго ўладарання Людовік жыў у Венгрыі і польскімі справамі займаўся мала. З гэтай пайперш прычыны Польшча страціла Галіцкую Русь і некалькі памежных замкаў у Вялікапольшчы. У 1384 г. пасля смерці Людовіка польскія феадалы абралі каралевай (а афіцыйна - "каралём Польшчы"!) яго малагадовую дачку Ядзвігу. Каб умацаваць пазіцыі Польшчы ў змаганні з крыжакамі, польскія магнаты вырашылі аддаць Ядзвігу за вялікага князя літоўскага Ягайлу і, такім чынам, аб'яднаць войскі абедзвюх краін. Ягайла вельмі хацеў атрымаць польскую карону, таму пагадзіўся з польскімі ўмовамі шлюбу, падпісаў у Крэўскім замку (1385 г.) адпаведную унію і ў 1386 г. ажаніўся з Ядзвігай, прыняў каталіцтва і стаў каралём Уладзіславам II.
Аднак і пасля гэтага Ядзвіга захавала свае каралеўскія правы і палітычны статус. Яе двор стаў вялікім рэлігійным і культурным цэнтрам. Ядзвіга імкнулася вярнуць Галіцыю з Венгрыі ў Польшчу.
У 1390 г. яна аднаўляе Кракаўскую акадэмію і перадае ёй значную частку сваёй маёмасці. Але ў 1399 г. каралева заўчасна памірае.
4. Польшча ў часы дынастыі Ягелонаў
Дынастыя Ягелонаў, якая мела літоўска-беларускае паходжанне, кіравала Польшчай на працягу двух стагоддзяў. У XV ст. Ягелоны адначасова займалі венгерскі і чэшскі троны. Парадніўшыся са шматлікімі еўрапейскімі манархамі, Ягелоны сталі разам з Габсбургамі адной з наймагутнейшых каралеўскіх дынастый у Еўропе.
Уладзіслаў II Ягайла (1336-1434). Узамен за атрыманне права стаць польскім каралём Ягайла ў Крэве паабяцаў палякам ахрысціць усіх сваіх падданых на тэрыторыі ВКЛ, далучыць ВКЛ да Польшчы і вярнуць Польшчы страчаныя землі (Памор'е і Сілезію). Аднак магнаты ВКЛ не захацелі далучацца да Польшчы і зрабілі сваім кіраўніком стрыечнага брата Ягайлы - Вітаўта. Пасля розных канфліктаў паміж сабою Ягайла і Вітаўт у 1401 г. падпісалі Віленска-Радамскую унію. Паводле яе Вітаўт пажыццёва кіраваў ВКЛ, ён даваў Ягайлу васальную прысягу як вялікаму князю. Пасля смерці Вітаўта Ягайла зноў атрымліваў ВКЛ пад непасрэднае ўладаранне. Гэта задаволіла абодвух, і яны разам пачалі рыхтавацца да Вялікай вайны з Ордэнам, якую паспяхова выйгралі. Але Польшча ў выніку атрымала мала - фактычна толькі Дабжынскую зямлю. Некалькі наступных войнаў з крыжакамі на працягу 1414-1432 гг. поспехаў не прынеслі.
У 1413 г. Ягайла і Вітаўт падпісалі чарговую, Гарадзельскую унію, якая ўвяла асобны інстытут вялікага князя для ВКЛ, але выбірацца ён павінен быў пры ўдзеле польскіх магнатаў. У ВКЛ на польскі ўзoр з'явіліся ваяводствы, а 47 самых буйных баярскіх родаў ВКЛ былі далучаныя да польскіх гербаў і атрымалі прывілеі, як у польскай шляхты.
Да Люблінскай уніі Гарадзельская унія была юрыдычнай падставай афіцыйных зносін ВКЛ і Польшчы. Ягайла дапамагаў Вітаўту ў атрыманні каралеўскай кароны, каб потым перадаць трон у спадчыну сваім сынам. Аднак Вітаўт каралём так і не стаў.
Ягайла падчас свайго ўладарання здолеў павялічыць тэрыторыю Польшчы. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. ён забраў у ВКЛ частку Падолля і разам з горадам Камянцом-Падольскім перадаў яе Польшчы як каронны лен. У 1432 г. быў далучаны да краіны і Спіш на мяжы і Аўстрыяй. Ягайла не шкадаваў грошай на дзейнасць Кракаўскай акадэміі, якая ў пазнейшыя часы атрымала назву Ягелонскага ўніверсітэта. Разам з Ягайлам з Беларусі і Ўкраіны прыехала шмат вядомых майстроў і мастакоў. Дарэчы, двор Ягайлы, і сам ён зносіліся на старабеларускай мове, якая была адзінай дзяржаўнай мовай у ВКЛ. У той час двор Ядзвігі размаўляў на латыні або на нямецкай мове, а польская мова ў пашане не была. Калі польская шляхта пачула вельмі зразумелую для іх мову Ягайлы і яго атачэння, то сярод іх узняўся польскі патрыятызм, і пры Ягелонах расквітнела мова і культура, менавіта польская, і практыка анямечвання польскай шляхты, якая ажыццяўлялася з часоў Казіміра, спынілася.
Уплыў усходнеславянскай культуры павялічыўся, калі Ягайла чарговы раз ажаніўся, гэтым разам з маладой беларускай князёўнай, пляменніцай Вітаўта, Соф'яй (Сонькай) Гальшанскай, якая нарадзіла яму двух сыноў, Уладзіслава і Казіміра. У 1418 г. на загад Ягайлы майстрамі, прывезенымі з ВКЛ, была распісана фрэскамі капліца Св. Тройцы ў Люблінскім замку. Фрэскавы роспіс даволі добра захаваўся, і мы можам тут убачыць выяву самога Ягайлы ў вобразе ваяра на белым кані. Дзякуючы Ягайлу шмат гатычных польскіх касцёлаў былі аздобленыя фрэскамі ў візантыйскім стылі. Да нашых дзён дайшлі іх фрагменты ў касцёле св. Марыі ў Вісліцы, у касцёле св. Марыі ў Сандаміры і ў капліцы Святпога Крыжа кафедральнага касцёла на Вавельскім замку ў Кракаве. Кракаўскія фрэскі адносяць да перыяду ўладарання сына Ягайлы Казіміра (каля 1470 г.).
Пахаваны Ягайла ў крыпце Вавельскага касцёла. На яго надмагіллі высечана самая старажытная з вядомых нам выява герба ВКЛ "Пагоні".
Прычым, на шчыце вершніка змешчана выява "патрыяршага крыжа ( "крыжа Еўфрасінні Полацкай"), што яшчэ раз сведчыць аб беларускім паходжанні дынастыі Ягелонаў. Дарэчы, менавіта гэтая выява "Пагоні" лягла ў аснову першага дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, прынятага 19 верасня 1991 г.
Уладзіслаў III Варненчык (1434-1444). Старэйшы сын Ягайнм і яго беларускай жонкі Соф'і Гальшанскай стаў каралём у 9 гадоў. Яго вылучылі на польскі трон магнаты Малапольшчы на чале з кракаўскім біскупам і кардыналам Збігневам Алясніцкім, які і кіраваў краінай ад імя непаўнагадовага караля. Пасля смерці венгерскага караля Альбрэхта II у 1440 г. Уладзіслаў адначасова становіцца таксама венгерскім каралём і актыўна займаецца венгерскімі справамі. У 1443 г. ён з дапамогай Рымскага Папы арганізаваў крыжовы паход супраць Турцыі. У яго войска ўваходзілі венгры і польскія добраахвотнікі. У Сербіі кароль атрымаў перамогу і нават заняў Сафію. Аднак другі паход, падтрыманы Рымскім Папам і венецыянскімі купцамі, скончыўся яго поўнай паразай. 10 верасня 1441 г. у бітве пад Варнай туркі разбілі хрысціян, а кароль загінуў, атрымаўшы пасмяротную мянушку "Варненчык".
Казімір IV Ягелончык (1447-1492). Малодшы сын Ягайлы Казімір у 1440 г. стаў вялікім літоўскім князем. У 1447 г. пасля смерці брата ён пагадзіўся стаць адначасова і польскім каралём, але пры ўмове раўнапраўя абедзвюх краін. Ён ажаніўся з Альжбетай, дачкою Альбрэхта II Габсбурга, і меў з ёю шэсць сыноў, прычым чацвёра з іх сталі каралямі Венгрыі, Чэхіі і Польшчы. Малодшыя сыны сталі духоўнымі асобамі. Казімір стаў духоўным патронам Літвы, а Фрыдэрык - кардыналам і прымасам Польшчы. У 1454 г. Казімір IV уключае ў склад Польшчы Прусію і абвяшчае вайну Ордэну. У 1457 г. польскія войскі захапілі Мальбарк. Вайна доўжылася 13 гадоў і закончылася перамогай Польшчы. У 1466 г. падпісаны другі Торуньскі мір. Польшча забрала Гданьскае Памор'е, Мальбарк, Эльбланг і іншыя тэрыторыі. Гэтая былая частка Ордэна атрымала назву: Каралеўская Прусія. Вармінскае біскупства стала польскім дамініёнам. Рэшткі Ордэна са сталіцай у Круляўцы (Кёнігсбергу) зрабіліся васалам Польшчы.
У 1456 г. Казімір купіў Асвенцімскае княства, а потым далучыў да Польшчы частку Мазовіі. У 1485 г. малдаўскі гаспадар Стафан III Вялікі стаў польскім васалам, і Польшча атрымала выхад у Чорнае мора. Аднак у 1476 г. туркі захапілі ў Крыме генуэзскую калонію Кафа, што была пад пратэктаратам Казіміра, а таксама падпарадкавалі сабе Крымскае ханства. З гэтых часоў пачалося шматвекавое змаганне Польшчы і Асманскай імперыі.
У часы Казіміра актыўна развіваецца польская навука, літаратура і мастацтва. Вялікі ўнёсак у польскую гістарычную навуку зрабіў Ян Длугаш, выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта, які напісаў "Гісторыю Польшчы да 1480 года". Ён быў першым еўрапейскім гісторыкам, які падрабязна апісаў Грунвальдскую бітву. Пасля з'яўлення ў Еўропе друкаванай кнігі (каля 1455 г.) яна неўзабаве (1473 г.) з'явілася і ў Польшчы. Пачала друкавацца мастацкая літаратура на польскай мове. У Польшчы ў XV ст. працавала шмат замежных майстроў.
У Польшчы разьбяр Віт Ствош з Нюрберга ў Кракаўскім касцёле Дзевы Марыі стварыў унікальны рухомы разьблёны алтар.
Ян I Ольбрахт (1492-1501). У яго часы канчаткова склаўся польскі сейм, дзе поруч з Сенатам з'явілася дэпутацкая палата - Пасольская ізба. Новы кароль рабіў стаўку на падтрымку гарадоў.
У 1495 г. пасля смерці бяздзетнага князя да Польшчы далучылі Плоцкае княства. Ян Ольбрахт арганізаваў ваенны паход супраць Малдовы, якая перад тым перайшла на турэцкі бок. Аднак сталіцу Малдовы, горад Сучаву, палякі ўзяць не змаглі, а ў 1497 г. былі разбітыя пад Козьмінам на Букавіне. У 1499 г. у Вільні падпісалі чарговую унію з ВКЛ, у якой абяцалі падтрымліваць супрацоўніцтва у барацьбе са знешнімі ворагамі. Каб умацаваць сваю пазіцыю ў краіне, Ян Ольбрахт раздаў частку каралеўскай маёмасці магнатам. Праз гэта яны маглі аказваць вельмі значны ўплыў на ўладу ў краіне.
АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ
Вялікая вайна - вайна Польшчы і ВКЛ супраць Тэўтонскага ордэна 1409-1411 гг.
Ваяводства - буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Польшчы і ВКЛ.
Гетман - кіраўнік войска ў Польшчы і ВКЛ.
Кашталян - камендант замка.
Талер - срэбная манета (першапачаткова чаканілася ў Нямеччыне як "ёахімсталер"); у ХІІ-ХVІІ стст. была срэбным грашовым стандартам у Еўропе.
НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ
1300 г. - каранацыя ў Гнезне Ўладзіслава Лакетка.
1 333-1370 гг. - гады ўладарання Казіміра I Вялікага.
1366 г. - Казімір Вялікі захапіў Валынь і Падолію.
1364 г. - заснаванне Кракаўскага ўніверсітэта.
1370 г. - канец дынастыі Пястаў.
1370-1382 гг. - польская карона перайшла да Людовіка Венгерскага.
1384 г. - каранацыя Ядзвігі ў Кракаве.
1385 г. - Крэўская унія.
1386 г. - шлюб Ядзвігі і Ягайлы - вялікага князя ВКЛ; пачатак дынастыі Ягелонаў.
1410 г. - бітва пад Грунвальдам.
1413 г. - Гарадзельская унія.
1444 г. - бітва з туркамі пад Варнай, у якой загінуў кароль Польшчы і Венгрыі Ўладзіслаў Варненчык.
1447-1492 гг. - уладаранне Казіміра Ягелончыка.
1460 г. - другі Торуньскі мір. Вяртанне Польшчы Гданьскага памор'я.
1473 г. - узнікненне першай друкарні ў Кракаве.
1492-1501 гг. - уладаранне караля Яна Ольбрахта.
(Працяг у наст. нумары.)
"Абрусіцелі" і дзяцінства генерала Кіпрыяна Кандратовіча
Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі
Леанід Лаўрэш
Кiпрыян (Цыпрыян) Антонавiч Кандратовiч нарадзiўся 28 красавiка 1859 г. у маёнтку Зiневiчы (Лiдскi раён, каля в. Ваверка). Паводле сямейнага падання, ён быў народжаны паза шлюбам - сын графа Юрыя Трубяцкога, якi займаў розныя пасады, звязаныя з юрыспрудэнцыяй, на Лiдчыне. Мацi - Зiнаiда Залеская, дачка абшарнiка, трымаўшага маёнтак Мiсевiчы каля Зiневiчаў. Мацi выйшла замуж за шляхцiца Кандратовiча, чыё прозвiшча i iмя па бацьку Кiпрыян атрымаў.
Род Залескiх герба "Любiч" - уладальнiкаў маёнтка Зiневiчы - ёсць у спiсах лiдскай шляхты. У 1834 г. гаспадаром Зiневiчаў быў Маўрысi Залескi - сын Андрэя, меў 55 прыгонных сялянаў мужчынскага полу. У 1844 г. маёнтак (51 душа мужчынская, 52 душы жаночыя, 460 дзесяцiн зямлi) належаў падпалкоўнiку Юзафу Залескаму, сыну Маўрысiя, якi i быў дзедам будучага генерала "па кудзелi".
Кандратовiчы - старажытны род герба - "Сыракомля", што паходзiць ад Кандрата, якому ў XV ст. былi падараваны некалькi маёнткаў. Род Кандратовiчаў падзялiўся на 7 галiн, унесеных у 1ю i 6ю часткі радаводных кнiг Вiленскай, Вiцебскай, Ковенскай, Менскай i Магiлёўскай губерняў. Кандратовiчы ёсць i ў спiсах шляхты Лiдскага павета.
Трубяцкiя - княжацкi род, лiнiя Гедзiмiнавiчаў, паходзяць ад князя Змiцера Альгердавiча, унука Гедзiмiна. Тытулавалiся князямi ад горада Трубчэўска - часткi былога Чарнiгаўскага княства. Трубяцкое княства захоплена ў 1566 г. Вялiкiм Княствам Маскоўскiм, тады ж князi Трубяцкiя падпарадкавалiся маскоўскаму князю Iвану Васiлевiчу. Трубяцкое княства вернутае ў склад ВКЛ паводле Дэўлiнскага перамiр'я 1618 г., страчанае ў вынiку вайны Расіi з Рэччу Паспалiтай 1654-1667 гг. Князь Юры Мiкiтавiч Трубяцкi атрымаў частку Трубчэўска ў 1621 г. (ад яго працягваецца род Трубяцкiх), ягоны ўнук князь Юрый Пятровiч Трубяцкi, выехаў у Расію ў 1657 г. З XVII ст. - гэта магутны i разгалiнаваны дваранскi род Расiйскай iмперыi.
Сямейную гiсторыю аб Юрыi Трубяцкiм як бацьку будучага генерала мне паведамiў унук Кандратовiча - Джон Рэйнi, пажылы чалавек, якi жыве цяпер у Ангельшчыне. Раздрукоўкi ягоных емэйлаў я захоўваю вось ужо шмат гадоў. Джон Рэйнi паведамiў, што бацькам Юрыя Трубяцкога быў Мiкалай Мiкалаевiч Трубяцкi. Гэта i дало мне магчымасць зрабiць спробу прасачыць радавод генерала па лiнii Трубяцкiх.
Памяць аб гэтай гiсторыi захавалi не толькi ўнукi ў Англii. Я чуў гэтую рамантычную гiсторыю пра каханне лiдскай паненкi з рускiм князем i iхняга сына - генерала - ад жанчыны (1929 г. н.), чыя бабуля (прыкладна 1880 г. н.) была з роду Залескiх.
Адзiным Мiкалаем Мiкалаевiчам Трубяцкiм, якi мог быць "дзедам" Кандратовiча, быў Мiкалай Мiкалаевiч Трубяцкi (1804 - 1879), жанаты з Лiзаветай Аляксандраўнай Лапухiной. Князь Трубяцкі меў свецкую мянушку "Эол" якая выдатна характарызавала яго характар (Эол - персанаж старажытнагрэцкай міфалогіі, Зеўс зрабіў яго гаспадаром над вятрамі. Імя "Эол" знаходзіцца ў цеснай сувязі з паняццем рухомасці, якое характарызуе паветраную стыхію). У лісце Надзеі Восіпаўны Пушкінай да дачкі Вольгі Сяргееўны ад 17 красавiка 1833 г. паведамляецца: "... Эол Трубяцкі ажэніцца з дзяўчынай Лапухіной, маладой, прыгожай, ветлівай, за яе даюць 5 соцень сялян, у бацькі яе іх тры тысячы, а ў жаніха, здаецца, амаль што нічога ...".
Расейскі афіцэр Іван Любарскі напісаў пры канцы XIX ст. дастаткова блытаныя мемуары пра службу ў расейскім войску ў Лідзе ў 1861-62 гг., перад самым паўстаннем. Ён прыводзіць размову са сваім знаёмым, якога ён называе "капітан З-скі". Нягледзячы на некаторыя недакладнасці (напрыклад; "капітан" замест "падпалкоўнік"), гэты самы "капітан З-скі" можа быць Юзафам Залескім, дзедам будучага міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратавіча, Любарскі пісаў: "За некалькі вёрстаў ад горада жыў у сваёй сядзібе адстаўны капітан З-скі, ён быў тутэйшым, я аказаў яму некаторыя паслугі і праз гэта зблізіўся з ім. Падчас службы ў адной з унутраных губерняў ён ажаніўся па каханні з рускай дзяўчынай, а па выхадзе ў адстаўку засеў гаспадарыць у маленькім сваім фальварку. Ён не перашкаджаў жонцы выхоўваць дзяцей у духу праваслаўнай веры, у палітыку не ўмешваўся і таму не меў сяброў сярод сваіх "родакаў"" . Калі "капітан З-скі" - гэта Юзаф Залескі, зразумела, чаму маці Кіпрыяна мела праваслаўнае імя і, верагодна, юныя Зінаіда і Юры пазнаёміліся падчас службы Юзафа Залескага ў Расіі. Дарэчы, Любарскі піша, што калі "ўспыхнуў мяцеж, але яшчэ не распаўсюдзіўся на Літву, З-скі … з'ехаў з сямействам да родных жонкі ў Цвярскую губерню".
Пасля задушэння паўстання, у наш край панаехалі рускія чыноўнікі, якія ў вядомым рамане Надзеі Ланской атрымалі трапную мянушку "Абрусіцелі". Адным з іх быў і міравы пасярэднік Юры Трубяцкі, які прыехаў на Лiдчыну ва ўзросце 23 гады пасля заканчэння Маскоўскага ўнiверсiтэта (курс навучання - 4 гады). Як бачна з вышэй напісанага, бацька маладога князя не быў багатым чалавекам.
Па Віленскіх памятных кніжках можна прасачыць службовы шлях Юрыя Трубяцкога на Лідчыне. Цывільную службу губернскі сакратар, князь Юры Мікалаевіч Трубяцкі, пачаў у 1864 г. У 1866 г. ён яшчэ не мае ўзнагародаў, а ў 1867 г. ужо фігуруе з ордэнам св. Станicлава 3й ступені i медным медалём у памяць аб ўцiхамiрваннi "польскага мецяжу" 1863-1864 гг., заўважу, што гэты медаль ён атрымаў праз некалькі год пасля задушэння паўстання.
Вырашальным для Трубяцкога стаў 1869 г. Ён стаў тытулярным дарадцам, атрымаў другі ордэн - св. Станicлава 2й ступені, 9 ліпеня 1869 г. быў прызначаны на пасаду старшыні міравога з'езду. У тым жа 1869 г. Юры Трубяцкі выгадна купляе рэквізаваны ў паўстанца маёнтак Родзевічы на Лідчыне (зараз Шчучынскі р-н, 320 дзесяцін, кошт - 5 412 руб.) і з 1870 г. знікае са спісаў чыноўнікаў Віленскай губерні.
Тое, што сталiчны князь з унiверсiтэцкай адукацыяй прыехаў у чужую i недружалюбную для расійца правiнцыю, можа сведчыць пра сапраўднасць кахання. Але, як бачым, не толькі каханне прывяло яго ў наш край. Юры Трубяцкі за некалькі гадоў стаў абшарнікам, узняўся ў чыне, атрымаў узнагароды, як кажуць - выйшаў у людзі. Нездарма, пасля яго, з 1 сакавіка 1872 г. на пасадзе "товаришча прокурора" ў г. Дзісна мы бачым малодшага брата - князя Дзмітрыя Мікалаевіча Трубяцкога.
Юры Трубяцкі быў аматарам музыкі і нават рэгентам лідскага царкоўнага хору. У "Веснiку Заходняй Расii" за 1867 г. я знайшоў iнфармацыю пра лiдскага міравога пасярэдніка: "Нельга не згадаць… што пры асвячэннi абедзвюх цэркваў (у Дакудаве і Орлі - Л. Л.), на левым клiрасе, да вялiкага суцяшэння бацькоў i знаёмых, спяваў хор сялянскiх хлопчыкаў, арганiзаваны ў Лiдзе i добра навучаны спеву шаноўным "мировым посредником" князем Трубяцкiм, гэты хор стройна спявае царкоўную службу ў лiдскай царкве, яго яснавяльможнасць рэгент лiчыць за… гонар, каб гэты хор спяваў… пры асвячэннi дакудаўскай i арлянскай цэркваў". Магчыма, што i малы Кiпрыян таксама спяваў у царкве. З ніжэй напісанага будзе бачна, што Юры Трубяцкі таксама быў і аматарам тэатра.
Адзін з "абрусіцеляў", брат лідскага вайсковага начальніка Васіля дэ Лазары, і чалавек ўваходзіўшы у кола лідскіх прыяцеляў Юрыя Трубяцкога, Мікалай дэ Лазары, пакінуў цікавыя мемуары, з якіх бачна, чаму бравы пецярбургскі гвардзеец патрапіў служыць у Ліду. Гэтыя мемуары - покуль адзіны знойдзены мной тэкст, які можа даць уяўленне пра побыт царскіх чыноўнікаў у нашым горадзе таго часу. Таму я дазволю сабе вялікія цытаты з успамінаў Мікалая дэ Лазары: "З усіх афіцэраў нашага Фінляндскага палка я быў адзін з самых бедных і не мог існаваць толькі на заробак. Перахопліваючы ў аднаго, ці ў другога з таварышаў па 15, 10 і 5 рублёў, я завінаваціў такім чынам рублёў 200. Па парадзе аднаго таварыша, падпалкоўніка барона Штакельберга, я звярнуўся да ліхвяра, ... і ўзяў у яго 400 руб. на 10% у месяц. Атрымаўшы гэтыя грошы і расплаціўшыся з таварышамі, выправіў сабе мундзірны сурдут і набыў некаторыя неабходныя рэчы. Штомесяц я плаціў адных працэнтаў 40 руб., і можна сказаць, што жалаванне амаль не атрымліваў, таму што ўсё ішло на выплату працэнтаў. Так цягнулася на працягу 6 - 7 месяцаў, і настаў такі сумны для мяне час, што не толькі капітал (400 руб.), але і працэнты плаціць не было з чаго. Заставалася адно: падаць рапарт аб хваробе і сядзець дома, нікуды не выходзіць. Пасля першага ж месяца маёй неплацежаздольнасці ... ліхвяр падаў вэксаль да спагнання. [...]
Пры такім цяжкім матэрыяльным становішчы працягваць службу ў гвардыі я больш не мог і пасля доўгіх разважанняў прыйшоў да высновы, што мне неабходна паехаць да брата ў г. Ліду і шукаць сабе якую-небудзь іншую службу.
Забраўшы ўсе свае нікчэмныя пажыткі, у сакавіку месяцы 1866 г. я выехаў з Пецярбурга ў Ліду і, прыбыўшы да брата Васіля, расказаў яму ўсю сутнасць справы. 27 сакавіка я стаў падпаручнікам. Пражыў у брата дзён 20 і адправіўся ў Вільню да тамтэйшага губернатара С. Ф. Панюціна з просьбай аб прадастаўленні мне якой-небудзь службы. Панюцін прапанаваў мне пасаду кандыдата ў міравыя пасярэднікі ў г. Ліда, ... і я падаў дакладную запіску. ... Нягледзячы на ўсю паспешнасць у атрыманні гэтай пасады, мне прыйшлося пражыць у Вільні і ў брата ў Лідзе 4-ры месяца, 4 чэрвеня я быў залічаны кандыдатам 7-га ўчастка да пасярэдніка паручніка Ўшакова" .
Пасля жабрацкага жыцця ў Пецярбургу, кандыдат у міравыя пасярэднікі разам з жонкай вельмі не дрэнна ўладкаваўся ў Лідзе: "Кватэра наша ў Лідзе складалася з асобнага дома ў 8 пакояў з прыслугай: кухаркай, яе дачкой Анетай - пакаёўкай і лёкаем. Абстаноўка кватэры была набыта ў брата Васіля, які з'яўляўся ваенным начальнікам ў Лідскім павеце ... . Зрабіўшы ўсе чыста і ахайна, пры навізне ўсіх рэчаў, зажылі мы ўдваіх мірным, ціхім і ўтульным жыццём, з'явілася некалькі блізкіх знаёмых, у ліку якіх самымі блізкімі былі Ўшаковы, - муж з жонкай, а самай прывабнай - Кацярына Іванаўна Маўрас, якая любіла нас як родных, а таму яе сяброўства было для нас самым радасным. Недалёка ад Ліды быў маёнтак Маўраса "Тарноўшчына", мы часта ездзілі туды і бавілі там па некалькі дзён у асяроддзі яе сям'і. Але нам дзіўна было бачыць, што яе дзеці былі амаль што ўсе вельмі непрыгожымі, нягледзячы на прыгажосць і прывабнасць самой Кацярыны Іванаўны.
Акрамя згаданых асоб, часта бывалі ў нас Белажэўскія, муж з жонкай, якія пасля вельмі сышліся з намі, ... потым князь Трубяцкі, Грос, Празароўскі і Вінаградаў ...
... сваё жыццё ў маленькім горадзе Ліда, я магу назваць ... падмуркам майго шчаслівага шлюбнага, сямейнага жыцця, і часта я ўспамінаю гэты перыяд. Як добра, як ўтульна і ўцешна жылося нам там! Упіваючыся гэтай асалодай, ні на хвіліну не пакідаў маю дарагую жонку, патураў ёй ..., лічачы шчаслівыя моманты, калі мы былі толькі ўдваіх, не жадалі большага атачэння ... . Усе навакольныя добра ставіліся да нас, і ўсе знаёмыя шукалі нашага сяброўства.
Белажэўскі быў вялікім аматарам сцэны, і па яго ініцыятыве і пры ўдзеле князя Трубяцкога мы ставілі ў нас спектаклі ..." .
Думаю трэба сказаць некалькі слоў пра найбольш уплывовага і багатага "абрусіцеля" на Лідчыне генерала Дзмітрыя Маўраса. Маёнтак Тарнова генерал Маўрас набыў у 1866 г. у паўстанца Канстанціна Кашыца. Прадаць свой маёнтак Кашыц павінен быў па царскім указе хутка і танна. Гэтак жа танна ў паўстанца Маўрас купіў дом у цэнтры Вільні, на Георгіеўскім праспекце (цяпер праспект Гедыміна). Акрамя Тарнова генерал купіў суседнія вёскі Мыто, Дзітву Тарноўскую, Паперню, Нявішу, Ярэмічы, Жукоўшчыну і Лебяду. Уся гаспадарка разам мела 15 000 дзесяцін ці 150 квадратных кіламетраў. У тарноўскім палацы знаходзілася вялікая бібліятэка, каштоўная калекцыя карцін, мастацкіх вырабаў з золата, бронзы, парцаляны, старадаўняя зброя, рэдкія ракавіны, чучалы туземных жывёл. Верагодна, карціны дасталіся Маўрасу ад былых уладальнікаў-паўстанцаў: былі куплены разам з маёнткам і домам у Вільні. Яны не былі вынікам працяглых пошукаў, таму генерала цяжка назваць калекцыянерам, хутчэй, яго можна лічыць выпадковым чалавекам, якому за бясцэнак дасталіся каштоўныя рэчы. Добра што не марадзёрам.
Мікалай дэ Лазары не працяглы час жыў у Лідзе бо "бачачы ўдалую і забяспечаную ў матэрыяльным сэнсе службу брата Васіля ў корпусе жандараў, я праз дапамогу Дзмітрыя Маўраса, які лічыўся тады пры шэфу жандараў, стаў прасіць аб залічэнні мяне на службу ў корпус. Клопаты гэтыя праз непрацяглы тэрмін ўвянчаліся поспехам, і ў жніўні месяцы 1867 г., прадаўшы ўсю сваю маёмасць, я з жонкай пераехаў у Пецярбург і быў прыкамандзіраваны да штаба. ... Хутка і м-м Маўрас з дзецьмі пераехала ў Пецярбург і я адшукаў ім кватэру ў тым жа доме Ліпса і на тым жа паверсе, дзверы ў дзверы. Дзякуючы жонцы Маўраса генерал Мезенцаў выдаў мне грашовую дапамога ў памеры 250 руб. Гэта нам добра дапамагло ..." .
Як тут не ўспомніць А. Цвікевіча: "Панаехала гэтых "дзеячоў" ... надзвычайнае мноства, ... работы для іх у самой Вільні не хапала і шмат каго пасылалі па мясцох проста бяз пэўнага назначэньня ... . Імкненне гэтых паноў да службы было вялізарнае - кожны ехаў сюды ці для таго, каб пралажыць дарогу па службе, ці то для таго, каб паправіць папярэднія памылкі і няўдачы. На правінцыі, расьцярушыўшыся па глухіх кутох Беларусі, уся гэтая чыноўная сіла сапраўды адчувала сябе не надта добра - мусіла жыць у варожым акружэнні і ад нуды ... "піла горкую і гуляла ў карты". Наплыўшы з Расіі адно з мэтай напхаць сабе кішэню і ня маючы нічога стрымліваючага, уся гэтая арава чыноўнікаў, паліцэйскіх, пасярэднікаў, настаўнікаў, а то і проста афіцэраў ... унесла ў край надзвычайны маральны распад, збэсціла і спростытуявала грамадскае жыцьцё ў самых асновах" .
Будучы генерал ад інфантэрыі і міністр абароны БНР Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч пачаў сваю адукацыю ў канцы 1860-х - пачатку 1870-х гг. у Лідскай павятовай вучэльні. Вучань вучэльні Караль Ёдка заўважаў, што мiнiмальнай адукацыяй для атрымання першага дзяржаўнага чыну - калежскага рэгiстратара была якраз двухкласная павятовая школа: "Хто меў пасведчанне аб заканчэннi такой школы, мог смела лiчыць, што носiць у ранцы маршальскую булаву".
З адрас-календара Віленскага генерал-губернатара на 1868 г. мы даведваемся пра настаўнікаў і навукі, якія Кандратовіч вывучаў у Лідзе. Ганаровым наглядчыкам павятовага вучылішча быў граф фон Гутэн-Чапскі. У вучылішчы працавалі наступныя выкладчыкі: штатны наглядчык (дырэктар) і выкладчык рускай мовы Пратасевіч Ілья Усцінавіч (скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, праваслаўнага веравызнання, на пасадзе з 1867 года, жалаванне - 750 рублёў і казённая кватэра); протаіерэй Каяловіч Іосіф Восіпавіч, настаўнік праваслаўнага веравызнання (скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, жалаванне - 225 рублёў); ксёндз Вікенці Раецкі, настаўнік каталіцкага веравызнання (скончыў Рыма-каталіцкую семінарыю, жалаванне - 190 рублёў); настаўнік матэматыкі Голуб Ніканор Данілавіч, калежскі сакратар (скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, жалаванне - 575 рублёў); настаўнік малявання і чыстапісання Пятроў Аляксей Пятровіч (скончыў Строганаўскую школу малявання, жалаванне - 510 рублёў). Менавіта гэтыя людзі былі першымі настаўнікамі юнага Кіпрыяна.
Унук генерала, Джон Рэйнi, паведамiў мне, што менавiта Трубяцкiя дапамагалi выхоўваць малога Кiпрыяна, далi магчымасць атрымаць адукацыю i пачаць вайсковую кар'еру. На вайсковую службу будучы генерал паступiў 7 траўня 1875 г. вольнаапрадзяляюшчымся ў 105-ты пяхотны Арэнбургскі полк, які тады дыслакаваўся ў Вільні. У тым жа 1875 г. паступіў і ў 1878 г. закончыў адну з найлепшых вайсковых вучэльняў Расіi - 2ю вайсковую Канстанцiнаўскую вучэльню ў Пецярбургу. Юнкеры тут атрымоўвалi выдатную адукацыю, грунтоўна вывучаючы дакладныя навукi: матэматыку, аналiтычную геаметрыю, дыферэнцыяльнае i пачатак iнтэгральнага лiчэння, фiзiку, хiмiю, механiку, чарчэнне. Акрамя агульнаадукацыйных i адмысловых вайсковых навук юнкеры навучалiся пешаму i коннаму шыхту, статутам, гiмнастыцы, верхавой яздзе i фехтаванню. У лагерах праходзiлi практычны курс стральбы i тапаграфii з вырашэннем тактычных задач.
16 красавiка 1878 г. Кандратовiч быў выпушчаны падпаручнiкам i прыпiсаны да лейбгвардзейскага Егерскага палка. Затым пераведзены ў лейбгвардзейскi Iзмайлаўскi полк з панiжэннем у чыне - прапаршчыкам (справа ў тым, што чын у армii лiчыўся на ступень меншым за чын у гвардыi) .
Так пачыналася жыццё будучага міністра абароны БНР.
У Германіі пабудавалі самы высокі ў свеце пясочны замак
Навіны Германіі
У нямецкім горадзе Дуйсбургу з'явіўся самы высокі пяшчаны замак у свеце. Яго вышыня складае каля 16,7 метра. 1 верасня рэкорд прызнала камісія Кнігі рэкордаў Гінэса.
Будаўніцтва замка заняло каля трох тыдняў і запатрабавала парадку 3,5 тысячы тон пяску. Самы высокі замак у свеце можна ўбачыць у Дуйсбургу да 24 верасня.
Над замкам у Германіі працавалі скульптары 10 нацыянальнасцяў, таму на ім можна заўважыць архітэктурныя элементы і выбітнасці з усяго свету: Пізанскую вежу, пару, якая танцуе фламенка, гандальера з Венецыі, знакаміты храм Святой Сям'і (Саграда Фамілія) у Барселоне, нават Буду. І, вядома, як можна было абыйсціся без егіпецкіх пірамід і Сфінкса?
Дарэчы, пры будаўніцтве замка не выкарыстоўвалася нічога, акрамя пяску і вады.
Паводле СМІ.
Пешаходная літаратурная экскурсія
Пешаходную літаратурную экскурсію па гістарычным цэнтры Магілёва зладзіла суполка магілёўскага Таварыства беларускай мовы ў панядзелак 21 жніўня. "Нашчадкі Францішка Скарыны" - такая была тэма гістарычнага падарожжа па старых вулачках горада, якое правёў старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва Алег Дзьячкоў.
Акрамя галоўнага экскурсавода, удзельнікі краязнаўчай вандроўкі паслухалі цікавыя расповеды яшчэ некалькіх спікераў, якія падрыхтавалі паведамленні пра розных вядомых дзеячоў і гістарычныя падзеі, так ці інакш звязаныя з Магілёвам, выдавецкімі справамі і літаратурай. Магілёўцы пачулі і даведаліся пра шматлікіх вядомых і малавядомых паэтаў і пісьменнікаў, якія жылі ў нашым горадзе або бывалі тут у гасцях, прысвяцілі Магілёву свае творы.
- Сёлета юбілей - пяцісотгоддзе з часу выдання беларускай бібліі Францішкам Скарыном, і хто, як не ТБМ імя Скарыны павінна ўзгадаць гэтага чалавека і яго дзейнасць. Скарына ў нас не быў у Магілёве, таму мы вырашылі правесці літаратурна-гістарычную экскурсію з акцэнтам на беларускіх пісьменніках, паэтах, публіцыстах, якія жылі ў Магілёве, альбо прысвяцілі свае творы нашаму гораду, якія пакінулі свой след у гісторыі горада, - патлумачыў ідэю акцыі старшыня магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў.
Магілёўскае Таварыства беларускай мовы не ўпершыню праводзіць падобныя вялікія тэматычныя экскурсіі, пад час якіх гідамі становяцца адразу некалькі цікавых людзей. Напрыклад, два гады таму падобная імпрэза была прымеркавана да міжнароднага Дня нацыянальных моў, а ў якасці экскурсаводаў выступалі прадстаўнікі розных нацыянальных дыяспар Магілёва, прычым менавіта на мовах сваіх народаў - украінскай, польскай, габрэйскай і яшчэ некаторых. Рэгулярна праводзяцца і звычайныя краязнаўчыя экскурсіі і падарожжы, на якія запрашаюцца самыя розныя людзі - літаратары, мастакі, навукоўцы і гісторыкі, бо яны заўсёды надзвычай цікава могуць распавесці пра нейкія малавядомыя падзеі ці выбітных дзеячоў, што звязаныя з родам іх дзейнасці. Можна сказаць, што, не ў малой ступені, дзякуючы такім вось намаганням ТБМ, захоўваецца і пашыраецца цікаўнасць людзей да сваёй гісторыі, культуры і мовы.
Алесь Сабалеўскі , Магілёў. Фота аўтара.