Папярэдняя старонка: 2018

№ 20 (1379) 


Дадана: 16-05-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 20 (1379), 16 траўня 2018 г.


Адкрыты помнік Тадэвушу Касцюшку ў Косаве

Сотні людзей з'ехаліся на ўрачыстае адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку на ягонай радзіме ў Косаве. У адрозненне ад штогадовых ушанаванняў Касцюшкі ў дзень яго народзінаў, сёння на ўрачыстасцях было шмат бел-чырвона-белых сцягоў.

На ўрачыстасць прыехалі дыпламаты ЗША, Польшчы, Украіны, Расеі, мясцовыя ўлады, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, стваральнікі помніка і госці з многіх гарадоў.

З гэтай нагоды а 11-й гадзіне ў Косаўскім касцёле пачалася ўрачыстая Імша з удзелам вернікаў розных канфесій, рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх святароў. На Імшы таксама прысутнiчалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. А ў 12 гадзін адбылося само ўрачыстае адкрыццё велічнага помніка Тадэвушу Касцюшку на яго малой радзіме, каля сядзібы-музея Касцюшкаў ва ўрочышчы Мерачоўшчына на ўскраіне Косава.

Кіраўнік Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандар Грыцук падкрэсліў важнасць помніка для розных людзей незалежна ад іхніх перакананняў.

- Сёння мы лічым, што з перажытага мінулага нам трэба браць тое, што можа зрабіць нас лепшымі, што можа быць нам прыкладам. Асоба Касцюшкі - гэта прыклад адданасці сваёй Радзіме, святой любові да роднай зямлі. Ёсць рэчы, якія сваёй сілай і значнасцю могуць аб'яднаць нас усіх - такіх розных у сваіх думках і перакананнях, - сказаў Аляксандар Грыцук.

Помнік быў ахінуты белай тканінай, якую ўрачыста знялі старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандар Грыцук і скульптар Генік Лойка.

Ініцыятар збору сродкаў на помнік Глеб Лабадзенка ў сваёй прамове падкрэсліў, што яго адкрыццё ёсць добрым прыкладам "прыватна-дзяржаўнага супрацоўніцтва".

- Таму, хоць гэты помнік народны, важна разумець, што яго паставіла Рэспубліка Беларусь. Гэты помнік хацелі ўсе, прыйшоў яго час, - сказаў Глеб Лабадзенка.

Лабадзенка распавёў і перадгісторыю стварэння помніка: ідэя ўзнікла пасля таго, як у Швейцарыі беларусы замежжа паставілі помнік там, дзе Касцюшка дажываў свае гады.

- Вакол таго помніка ўзніклі дзіўныя спрэчкі - ці можам мы, беларусы, лічыць Касцюшку сваім земляком і называць "сынам Беларусі". Адказ на гэтае пытанне вельмі просты - цяпер мы з вамі стаім каля роднага дома Тадэвуша Касцюшкі. І гэта - Беларусь! - сказаў Глеб Лабадзенка.

Сродкі на помнік Тадэвушу Касцюшку ў Косаве збіралі ў Інтэрнэце. Праект падтрымалі 690 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Гэта першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку, калі не лічыць бюстаў на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Менску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радзінная сядзіба. Прапановы яго паставіць гучалі ўжо даўно. Напрыклад, у 2016 годзе з такой прапановай да ўладаў звярталася Таварыства беларускай мовы. Аднак да ініцыятывы Глеба Лабадзенкі справа з месца не рушыла.

Тадэвуш Касцюшка - нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстання 1794 года. Нарадзіўся 4 лютага 1746 года, памёр 15 кастрычніка 1817 года. Лічыцца адным з самых вядомых у свеце беларусаў. Помнікі яму стаяць у Варшаве, Кракаве, Лодзі, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце. Усяго па ўсім свеце - болей за 200 вялікіх і малых формаў. У ягоны гонар названыя найвышэйшая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна, політэхнічны ўніверсітэт у Кракаве, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі розных краінаў свету.


35 гадоў з дня нараджэнняЯнкі Маўра

Янка МАЎР, сапр.: Іван Міхайлавіч Фёдараў (10 траўня 1883, Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) - 3 жніўня 1971, г. Менск) - беларускі пісьменнік, аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі.

Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Аўтар кніг для дзяцей, п'ес, перакладаў. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1968). Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968).

Нарадзіўся ў сям'і выхадца з Беларусі, які ў гэтым горадзе апынуўся ў пошуках працы. Бацька рана памёр, і маленькі Іван разам з маці пераехаў на яе радзіму - у вёску Лебянішкі былой Ковенскай губерні. Яны жылі ў беднасці, і толькі дзякуючы намаганням маці, якая ў што бы то ні стала марыла даць адукацыю сыну, у 1895 годзе ён скончыў пачатковую школу, а ў 1899 - Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля вучылішча ён паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. У канцы 1902 г. яго выключылі з апошняга, выпускнога класа - за вальнадумства і "за сумневы ў рэлігіі". Тым не менш, у 1903 годзе ён усё ж атрымаў пасведчанне настаўніка пачатковай школы, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс.

Пасля навучання ў настаўніцкай семінарыі Фёдараў пачаў працаваць у школе пад Панявежам у мястэчку Наўямесціс, а потым яго перавялі ў вёску Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 годзе ён прыняў удзел у нелегальным педагагічным з'ездзе, які адбыўся ў Мікалаеўшчыне. У гэтым жа з'ездзе прыняў удзел і будучы класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі.

У 1909 годзе ўступіў у царкоўны шлюб. Пераехаў у в. Турэц. Толькі ў 1911 г. І. Фёдараў працаўладкаваўся выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Менскую прыватную гандлёвую школу.

З восені 1917 года ён уладкаваўся настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў мінскую чыгуначную гімназію. Пасля рэвалюцыі ён стаў настаўнікам 25-й чыгуначнай школы імя А.Р. Чарвякова. З 1930 на творчай працы.

Падчас вайны пісьменнік вымушана апынуўся далёка ад роднай зямлі - спачатку ў Новасібірску, затым у Алма-Аце. Гэты час ён перанёс як цяжкае выпрабаванне, нават як "псіхічную траўму".

Янка Маўр памёр 3 жніўня 1971 года. Пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.

Дэбютаваў у 1923 у як фельетаніст ў газеце "Советская Белоруссия" і ленінградскім часопісе "Бегемот". У 1925 годзе ў часопісе "Беларускі піянер" надрукаваў першую навукова-фантастычную аповесць на беларускай мове "Чалавек ідзе", якая паклала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры. Аповесць надрукаваў пад псеўданімам "Янка Маўр". Як паказвала даследчыца творчасці Янкі Маўра беларуская літаратуразнаўца Эсфір Гурэвіч, пісьменнік, захаваўшы сваё сапраўднае імя ў першай частцы псеўданіма, недвухсэнсоўна паказваў на тое, што ён - сын беларускай зямлі. Значэнне псеўданіма "Маўр" шырока адкрыецца ў яго наступных аповесцях: "У краіне райскай птушкі" (1926), "Сын вады" (1927). Аўтар найбольш вядомых твораў для дзяцей "Палескія рабінзоны", "ТВТ", рамана "Амок" і інш. ...

Вікіпедыя.


Паважаныя сябры, паплечнікі і аднадумцы!

Была ў акрузе на святкаванні Дня Перамогі і хачу падзяліцца з вамі сваімі развагамі. Не адмаўляю важнасці правядзення такой імпрэзы, відаць, што работнікі аддзелаў культуры шмат працавалі, прыцягнулі да ўдзелу таленавітых людзей розных пакаленняў. Тым не менш, на маю думку, гэты дзень мог бы стаць днём большага гуртавання і кансалідацыі нашага народа, але пакуль не стаў. Што гэтаму замінае? Найперш, яго прасавецкі дух. Бо ўся праграма вядзецца на рускай мове, гучаць песні толькі ваеннага часу (зноў жа на рускай мове). І хоць прысутнічае беларуская атрыбутыка ў выглядзе колераў дзяржаўнага сцяга і арнамента, тым не менш ідэялагічны дух не мае выразнага беларускага напаўнення. Такім чынам, атрымліваецца, што падчас святкавання Дня Перамогі мы фармуем у нашага маладога пакалення ідэялогію неіснуючай дзяржавы.

А між тым, маглі б засяродзіцца на тым, што наш народ бясконца цярпеў страты - і людскія, і матэрыяльныя - выключна таму, што праз нашу тэрыторыю, якая ўваходзіла ў розныя дзяржаўныя ўтварэнні, праходзілі заваёўнікі з сваімі мэтамі. Таму мы станавіліся арэнай чужых інтарэсаў, часам падзяляліся з-за гэтага. І толькі маючы сваю краіну, абазначыўшы свае інтарэсы, працуючы на ўмацаванне сваёй незалежнасці, можна забяспечыць мір свайму народу. І гэта ёсць адзін з урокаў Перамогі 9 мая. Абвешчаны ў пачатку 90-х гадоў статус нейтральнай краіны, варта ўсяляк падтрымліваць і пацвярджаць. У нейкай ступені гэта робіцца, але неабходна думаць і пра ўдзел у рознага роду вайсковых хаўрусах, дбаючы (зноў жа) пра свае нацыянальныя інтарэсы.

Што датычыць святочнай праграмы, то маючы столькі мастацкіх твораў ваеннай тэматыкі, і празаічных, і паэтычных, і музычных, скласці яе на беларускай мове не ўяўляе вялікай складанасці. Была б задача пастаўлена. Вельмі хачу пачуць вашую думку, паважаныя сябры, на гэты конт. Бо сёлетняе свята прайшло, але неўзабаве будзе чарговы юбілей, які па часе супадзе з правядзеннем парламенцкай (?) і (або) прэзідэнцкай кампаніі, і можна было б гэта скарыстаць дзеля пашырэння беларускай мовы.

Акрамя таго, звяртаюся да вас усіх з просьбай. Я хачу падрыхтаваць прапановы ў Праграму па пашырэнні беларускай мовы ў інфармацыйнай сферы і сферы адукацыі, каб яна была прынятая на дзяржаўным узроўні, што я агучыла падчас паслання Кіраўніка краіны ў Палаце прадстаўнікоў. Некаторыя тэзісы ўжо сфармуляваныя, але хацелася б, каб мы правялі свайго роду грамадскае абмеркаванне па гэтай тэме. Таму буду вельмі ўдзячная, калі вы дашліце свае прапановы цягам двух тыдняў наўпрост на любы адрас: у фэйсбуку, на маю асабістую пошту alenaanisim@gmail.com, ці на дэпутацкую anisim@house. gov.by

Мы не можам змяніць гістарычнае мінулае, але маем магчымасць зрабіць з яго высновы і паўплываць на фармаванне сённяшняга і заўтрашняга дня нашай краіны. Давайце зробім гэта разам.

Алена Анісім, старшыня ТБМ.


Ці атрымае ліцэнзію прыватны Універсітэт імя Ніла Гілевіча?

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 7 траўня абмеркавала з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам пытанне атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць прыватным Універсітэтам імя Ніла Гілевіча. Парламентарый паведаміла Бела-ПАН, што ТБМ як заснавальніка гэтага прыватнага ўніверсітэта хвалююць розныя аспекты атрымання ліцэнзіі на навучанне студэнтаў, бо ў гэтым пытанні "вельмі многае зарэгламентаванае і жорстка абстаўленае". Кіраўніцтва ТБМ пісьмова звярнулася ў Міністэрства адукацыі па тлумачэнні тонкасцяў гэтай працэдуры. Было таксама вырашана асабіста абмеркаваць гэтае пытанне з міністрам.

- Не магу сказаць, што Ігар Васільевіч дзвюмя рукамі за нас, ён быў вельмі асцярожны ў сваіх выказваннях, - сказала Анісім. - Міністэрства адукацыі ўспрымае нас як канкурэнтаў. Асабліва гэта тычыцца філалагічных, гістарычных, эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцяў. На думку міністра, гэтых спецыяльнасцяў у ВНУ хапае. На яго рэпліку пра тое, што трэба думаць аб рынку працы, я сказала Ігару Васільевічу, што мы бачым задачу нашага ўніверсітэта ў тым, каб рыхтаваць людзей, якія будуць здольныя самі адаптавацца да ўмоў рынку працы. Тыя падыходы, якія сёння існуюць у сістэме адукацыі, у прыватнасці тое, што мы быццам бы даем веды, а потым гарантуем уладкаванне на працу, мала дзе прымяняюцца ў свеце. Сваю задачу як установы адукацыі мы бачым не ў тым, каб гарантаваць нешта чалавеку, а ў тым, каб прапанаваць яму веды, даць іх неабходны аб'ём і навучыць чалавека быць адказным самому за сваю будучыню. Так гэта працуе ва ўсім свеце, - сказала яна.

Дэпутат паведаміла, што ў выніку сённяшняй сустрэчы яна "зразумела, што трэба быць настойлівымі ў ажыццяўленні сваёй задумкі", нават калі "міністэрства будзе пэўным чынам супраціўляцца або асцярожнічаць".

- Наша задача - давесці гэтую ідэю да канца. Сёння недастаткова беларускамоўных спецыялістаў, каб выкладаць розныя дысцыпліны нават на школьным узроўні, ужо не кажучы пра ВНУ, - падагульніла Анісім.

Стварэнне прыватнай беларускамоўнай ВНУ Таварыства беларускай мовы пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня Мінгарвыканкам зарэгістраваў універсітэт як структурнае падраздзяленне ТБМ і выдзеліў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў прыватную ВНУ зарэгістравалі пад назвай "Універсітэт імя Ніла Гілевіча". Неўзабаве пасля гэтага быў зарэгістраваны статут універсітэта. У канцы траўня стваральнікі ВНУ маюць намер падаць дакументы ў Мінадукацыі для атрымання ліцэнзіі на падрыхтоўку бакалаўраў і магістраў па шэрагу спецыяльнасцяў. Паводле статута ўніверсітэта, навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях, але на першы час яго заснавальнікі паспрабуюць атрымаць ліцэнзію на 6-10 спецыяльнасцяў. Ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ гісторык Алег Трусаў раней паведаміў БелаПАН, што ў канцы траўня будзе запушчаны сайт універсітэта, а да чэрвеня - сфармаваная праграма падрыхтоўчых курсаў, якія плануецца адкрыць з канца верасня - пачатку кастрычніка.

belapan.by.


ЧАРГОВАЕ ПАСЕДЖАННЕ ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ РАДЫ ТБМ

6 траўня ў Віцебску адбылося чарговае паседжанне абласной рады ТБМ. Сябры рады сярод іншага прынялі рашэнне пра правядзенне ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, на малой радзіме Васіля Быкава, традыцыйных Літаратурных сустрэч, прымеркаваных да дня нараджэння знакамітага пісьменніка-земляка. Сёлета правесці іх запланавана 23 чэрвеня.

Акрамя таго, прынята рашэнне пра правядзенне ў чацвёртым квартале гэтага года таксама традыцыйнага агляду-конкурсу рэгіянальнага друку Віцебшчыны па ўжыванні беларускай мовы "З беларускім словам".

Юрась Бабіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


П А С Т А Н О В А

рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад 6 траўня 2018 года аб правядзенні чарговага абласнога агляду-конкурсу ўжывання беларускай мовы мясцовым друкам Віцебшчыны"З беларускім словам".

1. Правесці ў чацвёртым квартале 2018 года агляд-конкурс ужывання беларускай мовы мясцовым друкам (абласныя, гарадскія, раённыя, ведамасныя газеты, недзяржаўныя выданні).

2. Мэта агляду-конкурсу:

- заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет, папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі;

- інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці.

3. Агляд-конкурс праводзіцца па чатытрох катэгорыях:

- абласныя і гарадскія дзяржаўныя газеты;

- раённыя газеты;

- ведамасныя газеты;

- недзяржаўныя выданні.

4. Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу ўлічваецца выкарыстанне беларускай мовы пры падрыхтоўцы матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, асвятленне дзейнасці мясцовых суполак ТБМ (у тых раёнах, дзе суполкі дзейнічаюць), выступленні афіцыйных асоб на старонках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, рэкламы і аб'яў.

5. Віцебская абласная рада ТБМ таксама лічыць мэтазгодным звярнуць ўвагу падчас правядзення конкурсу на моўную палітыку рэдакцый сайтаў і груп у сацыяльных сетках Фэйсбук, УКантакце, Аднакласнікі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Віцебскай вобласці, і на выкарыстанне імі дзяржаўнай беларускай мовы, адлюстраваць пазітыўныя і негатыўныя факты ў плане папу-лярызацыі дзяржаўнай беларускай мовы ў дзейнасці інтэрнэт-рэсурсаў і звярнуцца з адпаведнымі прапановамі да іх рэдакцый паводле вынікаў конкурсу.

6. Зацвердзіць наступны склад журы:

- Бабіч Ю.М. - старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт (старшыня журы);

- Навумчык І.А. - Ганаровы старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ;

- Сакалова А.Г. - філолаг, выкладчык ВДУ імя П. Машэрава;

- Сянькова В.Ф. - філолаг, выкладчык ВДУ імя П. Машэрава;

- Глазман Л.Я. - філолаг, выкладчык ВДУ імя П. Машэрава;

- Севярынец К.П. - журналіст;

- Станкевіч Г.М. - журналіст, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў; сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў;

- Гаравы Л.А. - журналіст, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў;

- Нагорны Ю.А. - педагог;

- Лукашэнка Л.Я. - настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

7. Сярод выданняў другой катэгорыі (раённыя газеты) вызначаюцца тры пераможцы, у астатніх катэгорыях - два.

8. Вызначыць у кожным рэдакцыйным калектыве журналістаў (1-2 чалавекі), якія пішуць традыцыйна па-беларуску, для ўзнагароджання граматамі і сувенірамі.

Вынікі агляду-конкурсу "З беларускім словам" падвесці ў пачатку 2019 года. Узнагароджанне намінантаў прымеркаваць да Міжнароднага дня роднай мовы.

9. Прасіць газету "Наша слова" апублікаваць дадзеную пастанову.

Старшыня рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Ю. Бабіч.


Алена Анісім: "Кодэкс аб адукацыі ўпершыню паступіць у Палату прадстаўнікоў на дзвюх мовах"

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі паступіць у Палату прадстаўнікоў на дзвюх мовах. Пра гэта Свабодзе сказала 7 траўня дэпутат Алена Анісім пасля сённяшняй сустрэчы з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.

- Ён мне пацвердзіў: як толькі законапраект будзе канчаткова падрыхтаваны і ўзгоднены, дакумент паступіць у Палату прадстаўнікоў на дзвюх дзяржаўных мовах. Раней такога не было. Законапраект мусяць перадаць у парламент да 1 ліпеня, - сказала Алена Анісім.

А пачалася гутарка Карпенкі і Анісім з праблемы беларускамоўных дзіцячых садкоў, найперш у Менску. Бацькі дамагаюцца, каб іх дзеткам было забяспечана канстытуцыйнае права адукацыі ў дашкольных установах на адпаведным узроўні.

На мінулым тыдні гэтыя бацькі былі на прыёме ў міністра. А ўжо пасля гэтага да яго звярнулася і дэпутат.

- Што датычыць беларускамоўных садкоў, то міністр цвёрда паабяцаў: гэтае пытанне абавязкова будзе на кантролі. І я буду таксама трымаць гэта на кантролі. Каб быў плённы вынік. Літаральна праз тыдзень-два я зноў вярнуся да гэтага, - запэўніла Алена Анісім.


Хто "замовіў" ТБМ?

Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім накіравала ліст у рэдакцыю Радыё ..., у якім яна выказваецца з нагоды рэпартажу журналістаў Свабоды з сядзібы ТБМ.

"Да сённяшняга дня нашу арганізацыю ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" з "Радыё ..." і яе супрацоўнікамі звязвалі прыязныя, добразычлівыя ўзаемаадносіны, а таксама сумесная праца па арганізацыі некаторых імпрэзаў. Аднак сённяшні мой зварот выкліканы іншай прычынай.

Звяртаюся да Вас з адкрытым лістом і прашу яго апублікаваць на працягу працоўнага дня. Нагодай для майго звароту стала размяшчэнне на сайце "Радыё ..." матэрыялу аўтараў Алеся Пілецкага і Уладзя Грыдзіна (падзагаловак "Рэпартаж зь сядзібы ТБМ"), пасля якога абураныя назвай артыкула і яго агульнай накіраванасцю чытачы тэлефануюць і патрабуюць неадкладнай рэакцыі. Назву артыкула не паўтараю з этычных меркаванняў, не хачу зводзіць размову на такі ўзровень.

Гэтую публікацыю я схільная разглядаць як адзін з заказных матэрыялаў, прызначаных для выканання задання па дыскрэдытацыі як асобы старшыні ТБМ, так і дзейнасці ўсёй арганізацыі. Чаму я так лічу?! Па-першае, такія спробы ўжо былі, дастаткова прыгадаць публікацыю ліста чытачкі з Паставаў у "СБ". Дарэчы, просьбу апублікаваць мой адказ тагачасны рэдактар П. Якубовіч адмовіўся выканаць. Пры знешняй непадобнасці публікацый мэта ў іх праглядваецца адна. Па-другое, ТБМ - арганізацыя валанцёрская, сама шукае сродкі для аплаты памяшкання і разнастайнай дзейнасці. У той жа час журналісты атрымліваюць аплату за сваю працу. Пытанне ў тым, ад каго зыходзіла такое заданне і хто аплаціў яго?

У сваіх стасунках з журналістамі як незалежных, так і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і я, і сябры нашай арганізацыі зыходзім з прынцыпаў адкрытасці, шчырасці, праўдзівасці і павагі да суразмоўцаў. Лічу гэта асабліва важным, прымаючы пад увагу ў тым ліку і агульную атмасферу ў нашай краіне, калі шмат што замоўчваецца па прычыне страху, ці прыхарошваецца дзеля стварэння ідэальнай карцінкі. Таму мы не баімся казаць пра недахопы, абмяркоўваць эфектыўнасць тых ці іншых метадаў сваёй дзейнасці, запачаткоўваем такія справы, якімі ніхто іншы не займаецца і займацца не будзе. Менавіта на канкрэтных нашых справах і іх выніках грунтуецца і аўтарытэт нашай арганізацыі ў грамадстве. Але гэта шмат каму не падабаецца, як у дзяржаўных органах, так і ў іншым асяроддзі, таму і зяўляюцца такія матэрыялы, як вышэй пазначаныя.

Хачу асабліва падкрэсліць: мы сваю дзейнасьць па пашырэнні беларускай мовы як рабілі, так і будзем рабіць, незалежна ад таго, ухваляе гэта нехта ці не. Бо мы яе робім не дзеля грошай, а з усведамленнем таго, што мы грамадзяне сваёй краіны, а значыць адказваем за тое, што і як тут робіцца. Якую пазіцыю займае рэдакцыя і аўтары публікацыі - пытанне.

Шкада, што даводзіцца марнаваць сілы і час на такія лісты, але наша арганізацыя здольная абараніць і сябе, і сваіх сяброў ад нападак зь любога боку.

Напрыканцы хачу запытацца: як Вы лічыце, ці павысіцца аўтарытэт незалежных СМІ, у прыватнасці вашага, у грамадстве пасля такіх публікацый? А калі павысіцца, то ў якой яго частцы?

З павагай да ўсіх журналістаў, хто прафесійна і аб'ектыўна падае інфармацыю,

Старшыня ТБМ Алена Анісім"


Адказвае Аляксандар Лукашук, дырэктар Радыё ...:

Не варта, відаць, казаць, што журналісты Свабоды падзяляюць мэты ТБМ - дастаткова нагадаць хаця б штотыднёвыя адукацыйныя моўныя перадачы, некалькі кніг бібліятэкі Свабоды, прысвечаных пашырэнню мовы, сумесныя імпрэзы, якія на працягу дзесяцігоддзяў мы ладзім з ТБМ.

Таксама добра вядома, што жыццё незалежных недзяржаўных арганізацый у Беларусі загнанае ў гета - палітычнае, юрыдычнае, фінансавае, медыйнае. Выйсце з яго залежыць не толькі ад саміх НДА - галоўная прычына, канешне, у аўтарытарным, рэпрэсіўным характары дзяржавы. Але выйсце таксама немагчымае без новых ідэй, новых ініцыятываў, новых формаў, прафесійнага менеджменту і заўсёды - крытычнага погляду на саміх сябе. Задача незалежнай журналістыкі дапамагаць гэтаму працэсу - такая наша грамадская замова.

Крытычна глядзець трэба як на НДА, гэтак і на СМІ, канешне. Менавіта, маючы гэта на ўвазе, мы і змяшчаем ліст паважанай спадарыні Алены Анісім - з упэўненасцю ў нашым далейшым супрацоўніцтве, ад іранічных рэпартажаў і гарачых інтэрвію да сумесных святочных імпрэзаў. Каб не толькі не ўмерлі, але стваралі, радаваліся, сварыліся, знаходзілі новых сяброў, карацей кажучы - жылі.


Мы - не ў гета

Не спрачаючыся ні па сутнасці рэпартажу Радыё ..., ні па прыведзеных тэкстах, хацеў бы звярнуць увагу толькі на слова "гета" ў тэксце спадара А. Лукашука.

Ах, як хацелася б ворагам беларушчыны загнаць нас у гета, і не толькі ворагам. Адзін вельмі шаноўны беларускі патрыёт на поўным сур'ёзе прапаноўваў стварыць для беларускамоўных рэзервацыю, каб нібыта выратаваць рэшткі нацыі.

Адкажу ненавуковымі, але даволі аб'ектынымі падлікамі. Раз за разам на Лідчыне праходзяць імпрэзы, падчас якіх не чутно ніводнага рускага слова. Я задаўся мэтай палічыць, колькі чалавек удзельнічае ў такіх імпрэзах на Лідчыне за год, г.зн. колькі чалавека-імпрэзаў, на якіх не чутно рускай мовы (урокі беларускай мовы ў 34 школах, службы ў недзе 15 касцёлах, народныя святы, імпрэзы грамадскіх арганізацый і нацыянальных партый і г.д.) адбываецца тут за год. Падлікі даюць каля трох мільёнаў (3 000 000) чалавека-імпрэзаў у адным Лідскім раёне. А ёсць яшчэ значная частка двухмоўных імпрэзаў, дзе беларуская мова займае годнае месца. Канешне, хацелася тры мільярды, але і тры мільёны ў адным раёне: гэта - не гета, выбачайце за каламбур. І гетам мы ніколі не будзем. Побач з Лідскім раёнам стаяць такія ж раёны, якія адрозніваюцца толькі колькасцю насельніцтва, а побач з імі - яшчэ іншыя, і так да самых да ўскраін і да шматлікіх дыяспраў.

Паглядзіце на Дзень волі ў Менску, а яшчэ паглядзіце на Дзень волі ў Лідзе, дзе святкаванне ладзіў райвыканкам. Паглядзіце на адкрыццё помніка Т. Касцюшку 12 траўня, дзе чыноўнікі Івацэвіцкага райвыканкама бадзёра выступалі на фоне масы бел-чырвона-белых сцягоў. Можны і іх назваць якім-небудзь словам, але не доўга вам абзывацца. Нацыя паўстае, і ТБМ у гэтым працэсе займае не апошняе месца.

Станіслаў Суднік.


Слоўнік Гродзенскай вобласці

У Смаленску ў выдавецтве "Інбелкульт" выйшаў "Слоўнік Гродзенскай вобласці" Таццяны Сцяшковіч. Першае выданне было надрукавана ў 1983 годзе накладам 600 асобнікаў.

Ідэя зрабіць слоўнік зручнейшым у выкарыстанні і тым сама даць яму другое жыццё належыць беларускаму мовазнаўцу Змітру Саўку, які, на вялікі жаль, не паспеў падрыхтаваць да друку гэтае працы.

У слоўнік укдючана дыялектная лексіка гаворак Гарадзеншчыны. Апорныя словы падаюцца ў алфавітным парадку ў літаратурным запісе, ілюстрацыйны матэрыял прыводзіцца ў фанетычнай транскрыпцыі, указваюцца населеныя пункты, дзе сабрана лексіка. Пасля загалоўнага слова даюцца граматычныя і стылістычныя паметы, затым прыводзіцца тлумачэнне значэння слова або яго літаратурны адпаведнік. У алфавітным парадку па першым слове падаюцца складаныя назвы.

Фанетычная транскрыпцыя выкарыстана па "Праграме па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы". Галосныя гукі абазначаюцца літарамі і, е, э, а, о, ё, у, ю, ы; літарамі ё, о перадаюцца закрытыя галосныя, якія ўжываюцца пад націскам. Літарай й перадаецца палатальны сярэднеязычны гук: йама, йелка, майо; літара г абазначае заднеязычны фрыкатыўны гук: пагода, гара; адпаведны заднеязычны выбухны гук абазначаецца спецыяльнай літарай. Мяккасць зычных абазначаецца знакам ', які ставіцца справа зверху ад зычнай літары: в'оў, кон', м'ес'ац. Доўтія гукі перадаюцца падвойным іх напісаннем: калос'с'е, суччо.

У цяперашнім выданні перагледжаны назвы паселішчаў ды іх аднесенасць да раёна ў адпаведнасці з нарматыўным даведнікам В. Лемцюговай "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць" (2004 г.). Пры выкарыстанні варыянтнай назвы мясцовасці ў дужках падаецца афіцыйная назва.

Лексіка, змешчаная ў працы, выяўлялася і запісвалася пры даследаванні вуснай мовы асоб, тыповых носьбітаў гаворак Гарадзеншчыны. Пераважную большасць складае прадметная лексіка, другое месца займае дзеяслоўная. Ілюстрацыйныя прыклады ўзяты з розных раёнаў вобласці.

Насельніцтва Гарадзенскай вобласці гаворыць на такой жа мове, як і ўвесь беларускі народ, аднак частка слоў, якімі карыстаюцца жыхары вобласці, уласціва толькі мясцовым гаворкам, таму ў дадзены слоўнік увайшлі словы, якія характарызуюць лексічную спецыфіку гаворак Гарадзеншчыны. За апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з культурным ростам сялянства адбыўся пераход ад сістэмы традыцыйных гаворак да мовы перадавых груп сельскага насельніцтва. Побач са словамі, якія адлюстроўваюць паняцці і прадметы старога жыцця, у слоўнік унесены словы, увайшоўшыя ва ўжыванне пасля ўз'яднання заходніх абласцей Беларусі ў адзінай краіне і пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя словы звязаны з назвамі перадавой тэхнікі, з новымі грамадска-палітычнымі адносінамі, з сучаснай вытворчасцю і культурай.

У слоўніку падаецца пэўная колькасць слоў-паланізмаў. Гэта тлумачыцца непасрэднай блізкасцю вобласці да Польшчы, кантактам з прадстаўнікамі польскіх гаворак. Гэтыя словы не з'яўляюцца агульнанароднымі і разглядаюцца як дыялектызмы, таму што набылі фанетычныя або марфалагічныя рысы мясцовай гаворкі.

Прыведзены ў дадзеным слоўніку матэрыял не вычэрпвае лексіку Гарадзеншчыны, але дае ілюстрацыю пэўнай часткі лексікі гаворак.

Прыводзяцца наступныя граматычныя паметы. Для назоўнікаў указваецца род. Для дзеясловаў указваецца трыванне. Дзеепрыметнікам і дзеепрыслоўям прысвячаюцца самастойныя слоўнікавыя артыкулы. Указваецца назва ўсіх астатніх часцін мовы.

З сэнсавай характарыстыкай слова звязаны паметы, якія азначаюць слова або асобныя яго значэнні ў слоўнікавых артыкулах. Паметай "устарэлае" ўказваецца на архаічны стан слова ў сучаснай лексічнай сістэме гаворак. Некаторыя паметы ўказваюць на наяўнасць у слове ўстойлівай эмацыянальнай афарбоўкі. Так, словы, ужытыя з ласкальнай афарбоўкай, маюць памету ласк. Словы, ужытыя з іранічным адценнем, маюць памету іран. Словы, ужытыя ў пераносным сэнсе, адзначаюцца паметай перан.

Словы-амонімы змяшчаюцца ў асобных артыкулах. Калі адно паняцце або прадмет мае некалькі назваў, гэтыя назвы змяшчаюцца ў адным артыкуле, падаюцца як асобныя загалоўныя словы з лічбавымі паказнікамі.

Гарадзенскія гаворкі ўваходзяць у склад паўднёва-заходняга дыялекта беларускай мовы. Для іх характэрныя наступныя рысы.

Недысімілятыўнае аканне ў першым пераднаціскным складзе пасля цвёрдых зычных: нага, пашла, вада.

Захаванне галоснага ы ў першым пераднаціскным складзе: рыбак, была, дыван.

Недысімілятыўнае яканне ў першым пераднаціскным складзе пасля мяккага зычнага: в'ала, л'агла, дз'ажа, с'астра.

Адрозніванне галосных о і а ў канцавым адкрытым складзе пасля цвёрдых зычных /няпоўнае аканне: сало, лёто, б'ароза, с'йла. У гаворках паўночных раёнаў Гарадзенскай вобласці ў гэтай пазіцыі адсутнічае адрозніванне галосных о і а: сала, с'йла і інш.

У папраўленым варыянце да загалоўнага слова, запісанага ў літаратурнай форме, у дужках падаецца спрошчаная транскрыпцыя мясцовага вымаўлення. Удакладненыя тлумачэнні загалоўнага слова або яго літаратурныя адпаведнікі. Галоўныя змены зазнаў ілюстрацыйны матэрыял: цяпер ён запісаны спрошчанаю фанетычнаю транскрыпцыяй. Стылістычныя паметы, не выкарыстаныя паслядоўна, былі выключаныя.

У канцы падаюцца фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі, характэрныя для Гарадзеншчыны.

Праца разлічана не толькі на мовазнаўцаў.

Яраслаў Грынкевіч.


У Бярозаўцы хочуць усталяваць помнік заснавальніку шклозавода "Нёман"

Шклозаводу "Нёман" у Бярозаўцы, Лідскага раёна, сёлета спаўняецца 135 гадоў. Аднак у горадзе да гэтага часу няма помніка заснавальніку завода - Юліюсу Столе, які адыграў найвялікшую ролю ў станаўленні і развіцці горада. Таму мясцовыя актывісты вырашылі ўзяць справу ў свае рукі і паставіць у горадзе помнік чалавеку, дзякуючы якому горад фактычна і паўстаў. Як расказвае актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, шкляная кампанія Юліюса Столе была вядомая ў свеце:

- Пад яго кіраўніцтвам завод стаў вядомы на ўвесь свет: і ў Еўропе, і, нават, у Амерыцы ды Канадзе. Архіўныя крыніцы сцвярджаюць, што быў падараваны персідскаму шаху крыштальны ложак, выраблены ў Бярозаўцы, да таго ж там была адмыслова створана крыштальная ваза для сэрца Пілсудскага.

На платформе talaka.org адбываецца збор сродкаў, ёсць і першы праект помніка ад ініцыятыўнай групы. Як кажа актывіст Сяргей Пантус, пакуль яшчэ рана казаць пра тое, дзе і кім будзе вырабляцца помнік:

- Наша ініцыятыўная група пойдзе да канца. Помнік будзе ў тым ці іншым выглядзе. У нас вялікія спадзяванні і перспектывы на тое, што будзе менавіта, магчыма з невялікімі змяненнямі, той праект, які зрабілі мы. Хто будзе вырабляць, вырашыцца пазней. Будзем шукаць і глядзець ужо па выніку збору сродкаў.

Актывісты плануюць, што помнік Юліюсу Столе ўсталююць у гарадскім парку Бярозаўкі блізу шклозавода "Нёман". Тым больш, што ў самім парку месціцца музычная школа - гэта былая сядзіба сына Юліюса Столе - Фелікса.

Яна Запольская


36-я кніга Бібліятэкі "Бацькаўшчыны"

Пабачыла свет новая, ужо 36-я кніга выдавецкай серыі "Бібліятэка "Бацькаўшчыны", прысвечаная выбітнаму дзеячу эміграцыі, паэту, празаіку, крытыку, філолагу, кіраўніку беларускай службы радыё "..." з 1968 па 1983 гг. - Масею Сяднёву.

Каментары аўтара-укладальніка Лявона Юрэвіча, сябра Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, гэтым разам падкрэслена мінімалістычныя, бо тэксты змешчаных у выданні лістоў і тэкстаў Масея Сяднёва (1913-2001), а таксама згадкі пра яго асобу ў ліставанні калегаў і паплечнікаў, красамоўна гавораць самі за сябе. Нават назва кнігі як быццам рыхтуе чытачоў да сутыкнення з нейкімі неадназначнасцямі, супярэчнасцямі, з неабходнасцю ўзважваць аргументы "за" і "супраць".

Неадназначнасцяў у жыцці галоўнага героя новай кнігі ставала. Савецкія ўлады ў 1936 годзе звінавацілі маладога беларускага творцу, студэнта Менскага педагагічнага інстытута ў "нацдэмаўшчыне" і выслалі на Калыму. Накіраваны з этапам на Радзіму для перагляду справы, у чэрвені 1941 года Масей Сяднёў вызваліўся з-пад канвою, бо ў Беларусі пачалася вайна. У 1943 годзе з'ехаў у Беласток (дзе зноў пачаў друкавацца), у 1944-м - у Германію (дзе пражываў у зонах акупацыі войскамі саюзнікаў), а ў 1950 годзе - у ЗША, дзе блізу дзесяці гадоў працаваў на металаапрацоўчай фабрыцы, а пасля, да самага ад'езду ў 1968 годзе ў Мюнхен (каб да 1983 года кіраваць беларускай службай радыё "..."), выкладаў расійскую мову ва ўніверсітэце Індыяны і тамсама атрымоўваў ступень магістра філалагічных навук. У канцы 1980-х Масей Сяднёў нават вылучаўся на Нобелеўскую прэмію, а на пачатку 1990-х, яшчэ не рэабілітаваны, змог афіцыйна наведаць незалежную Рэспубліку Беларусь.

Недахопу ў супярэчнасцях Масей Сяднёў не меў таксама - ні ў поглядах, ні ў дачыненнях з калегамі. Для характарыстыкі апошніх, як вынікае з тэкстаў выдання, добра пасуе штамп "творчы канфлікт", а шчодра цытаваныя шчырыя літаратурна-крытычныя тэксты Сяднёва не згубілі сваёй актуальнасці і нават сёння здольныя выклікаць найвострую палеміку.

Выданне ўтрымлівае падрабязныя падрадковыя каментары і іменны паказнік, падрыхтаваныя навукоўцам, намесніцай дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталляй Гардзіенка.

Сайт СБП.


Ірына Багдановіч прэзентавала кнігу перакладаў з Габрыэлі Пузыні

Габрыэля з Гюнтараў нарадзілася 13 жніўня 1815 года ў Вільні і памерла ў 1869 годзе ў Гарадзілаве. У ХIХ стагоддзі яна была прызнанай пісьменніцай. З-пад яе пяра выходзілі апавяданні, вершы, п'есы, успаміны. Яна была малодшай з трох дачок графа Адама Гюнтара і Аляксандры з Тызенгаўзаў. У 1851 годзе Габрыэля пабралася шлюбам з князем Тадэвушам Пузыням і з таго часу месцам яе жыхарства стаў маёнтак мужа Гарадзілава. Там неаднойчы гасцявалі шматлікія прадстаўнікі культурнай эліты, пісьменнікі, мастакі, акторы, з якімі Габрыэлю Пузыню звязвала творчае і чалавечае сяброўства. Сярод іх былі Тамаш Зан, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка. У чатырохрадкоўі, прысвечаным яе шлюбу, Ігнат Ходзька назваў яе "музай нашай зямлі", якая "міртам упрыгожвае свае скроні".

У 1850-тыя гады Габрыэля Пузыня стала знаным драматургам і празаікам. Уся яе творчасць была прасякнута краёвым ліцвінска-беларускім патрыятызмам. Літаратурная вядомасць, арыстакратычнае паходжанне ў яе асобе спалучаліся са сціпласцю і пабожнасцю жанчыны-хрысціянкі.

Госці літаратурна-музычнай імпрэзы да юбілею Адама Міцкевіча ў менскім Чырвоным касцёле з цікавасцю пазнаёміліся з новай кнгай, падрыхтаванай Ірынай Багдановіч, якая прадставіла творчасць Г. Пузыні і распавяла пра ўплыў на яе творчасць Адама Міцкевіча.

Спадарыня Ірына прачытала радкі з верша графіні Габрыэлі Пузыні, якія тая прысвяціла Адаму Міцкевічу. Прыхільніца творчасці вялікага рамантыка, пані Габрыэля аднойчы вырашыла паслаць у Парыж паэту не толькі свой верш, але флакончык вады з Нёмана і букет кветак. Яе даручэнне выканала пані Катажына з Ліпіньскіх, якая наведала Парыж і сустрэлася з вялікім выгнаннікам, які таміўся ад настальгіі па Радзіме. Пазней з дакументаў стала вядома, што вадою з Нёмана быў ахрышчаны малодшы сын паэта, а засохлы букецік кветак застаўся з творцам да яго апошніх дзён.

Э. Дзвінская, фота аўтара.


Вучоба ў германскім ВНУ - выдатны выбар

Навіны Германіі

Вы жадаеце вучыцца ці займацца даследчай дзейнасцю за мяжой? Чаму б не ў Германіі, краіне ідэй! Для цяперашняй сітуацыі ў ВНУ Германіі характэрны шматлікія інавацыі, растучая шматстатнасць і міжнародны характар ды аказанне вялікага садзейнічання ў правядзенні даследаванняў на вышэйшым узроўні. Падчас Балонскага працэсу многія навучальныя праграмы перайшлі на сістэму прызнаных на міжнародным узроўні ступеняў бакалаўра і магістра, і гэты працэс яшчэ не завершаны. Сярод іх - шматлікія сумесныя навучальныя праграмы, створаныя ў супрацоўніцтве з замежнымі ВНУ, а таксама больш за 1000 англамоўных факультэтаў з міжнароднай арыентацыяй, асабліва актуальных для замежных студэнтаў. Вучоба ў ВНУ Германіі мае і іншыя перавагі: добры сэрвіс, суправаджэнне і бясплатнае навучанне.

ВНУ Германіі адрозніваюцца разнастайнасцю

Існуе вельмі шмат выдатных магчымасцяў для вучобы ў ВНУ па ўсёй Германіі, якія ўлічваюць індывідуальныя зацікаўленні студэнтаў і іх запатрабаванні. 423 універсітэты, спецыялізаваныя вышэйшыя навучальныя установы, вышэйшыя мастацкія, педагагічныя, тэалагічныя і адміністрацыйныя вучэльні, якія прапануюць велізарны выбар прадметаў і навучальных праграм. Тут кожны знойдзе навучальную праграму па гусце, ва ўсіх кірунках, ад навучальных праграм замежных моў, медыязнаўства, культуразнаўства і юрыспрудэнцыі, эканомікі, сацыялогіі і аж да навучальных праграм мастацтва, музыкі, акцёрскага майстэрства, дызайну, а таксама медыцыны, аграноміі, лясной гаспадаркі, бюджэтнай эканомікі і дыеталогіі. Для кожнага кірунку існуе адпаведная прапанова.

Шматлікія стыпендыі могуць дапамагчы

Для арганізацыі і фінансавання вучобы ці даследчай дзейнасці за мяжой самым важным адрасам з'яўляецца Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD). DAAD з'яўляецца самай буйной у свеце арганізацыяй, якая аказвае садзейнічанне ажыццяўленню міжнародных абменаў для студэнтаў ці навукоўцаў. У 2013 г. служба DAAD аказала садзейнічанне больш за 50.000 замежных студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў. Прапануецца мноства праграм па аказанні садзейнічання, якія дазваляюць зацікаўленым замежным студэнтам зрабіць знаходжанне ў Германіі мэтавым і індывідуальным. Так, напрыклад, існуе класічная стыпендыя для аспірантаў, даследчыя стыпендыі для кароткачасовага знаходжання ў Германіі, стыпендыі на год, на семестр і на кароткае знаходжанне. Акрамя таго, многія іншыя фонды размяркоўваюць стыпендыі, выбіраючы кандыдатаў па пэўных крытэрах і па вызначаных кірунках іх вучобы.

Для аспірантаў, навукоўцаў і ўсіх тых, хто цікавіцца ўніверсітэцкімі даследаваннямі на самым высокім узроўні, адмысловая цікавасць уяўляюць тыя германскія ўніверсітэты, якія мелі поспех у рамках т.зв. Ініцыятывы па падтрымцы лепшых універсітэтаў: у 2012 г. 45 аспірантур, 43 перадавыя кластары і 11 канцэпцый для будучыні змаглі атрымаць адпаведны бюджэт на пяцігадовы перыяд. Далейшую інфармацыю Вы можаце атрымаць на сайце: https://www.study-in.de/studienfach-hochschule-suchen/

Naviny.by.


Нямецкі дзяржаўны ўніверсітэт - універсітэт прыкладных навук Вюрцбург-Швайнфурт (FHWS i-Campus) запрашае на вучобу па наступных бясплатных англамоўных праграмах

- Бізнэс і інжынерыя (Bachelor of Engineering);

- Лагістыка (Bachelor of Engineering);

- Мехатроніка (Bachelor of Engineering);

- Міжнародны менеджмент (Bachelor of Аrts).

Падача дакументаў адбываецца цалкам анлайн і без Uni Assist у перыяд з 1.05 па 15.07.2018. Пачатак вучобы: 01.10.18 г.

Перавагі навучання ў FHWS i-Campus:

бясплатная вучоба (аплачваецца федэральнай зямлёй Баварыя);

навучанне цалкам на ангельскай мове;

курсы нямецкай мовы пры ўніверсітэце;

магчымасць перайсці на навучанне на нямецкай мове з 4-га семестра;

рускамоўная падтрымка пры паступленні;

адаптацыйная праграма перад пачаткам вучобы;

цеснае супрацоўніцтва з фірмамі падчас вучобы;

навучанне ў міжнародным асяроддзі са студэнтамі з больш за 30 краін;

ступень бакалаўра за 3,5 гады;

дыпломы, прызнаныя ва ўсім свеце;

выдатныя шанцы на працаўладкаванне ў Германіі і за мяжой.

Падрабязная інфармацыя на афіцыйным сайце: www.international.fhws.de даступная на ангельскай, нямецкай і рускай мовах!

На Вашы пытанні адкажа рускамоўны менеджар па Усходняй Еўропе - Наталля Кудзеля: nataliya.kudelya@fhws.de; Тэл. +49 931 3511 8557, Viber: +491742710465;

Група ВК: fhwsicampus;

група FB: studentsFHWS;

Instagram: fhws_international.

Naviny.by.


Пешаходныя пераходы са словам "Вітаем!"

У Слоніме пачалі з'яўляцца вельмі арыгінальныя пешаходныя пераходы. У самым цэнтры горада каля помніка танка з'явіліся "зебры" з малюнкамі тракаў ад танкаў. Каля Цэнтра культуры на Чырвонаармейскай вуліцы прыцягвае ўвагу вельмі прыгожы пешаходны пераход са словам "Вітаем!". Усе гэтыя крэатыўныя пешаходныя пераходы афармляюцца з той мэтай, каб прыцягнуць увагу пешаходаў да выканання правілаў дарожнага руху і кіроўцаў да пешаходнай праблематыкі.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Бубен Кастусь - 5 р, г. Менск

2. Кукавенка Іван - 20 р., г. Менск

3. Асмыковіч Міхась - 5 р., г. Нясвіж

4. Сільнова Людміла - 100 р., г. Менск

5. Панамароў Сяргей - 20 р., г Менск

6. Заяц Мікалай - 0, 50 р., г. Менск

7. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

8. Бушык А.М. - 5 р., г. Менск

9. Жыдаль Дз. - 20 р., г. Менск

10. Томкавіч Максім - 50 р., г. Менск

11. Дабратвор Ілля - 5 р., Менскі р-н

12. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

13. Мухіна Леанарда - 200 р., г. Менск

14. Вяргейчык В.П. - 10 р., г. Барысаў

15. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск

16. Плакса Уладзімір - 20 р., г. Менск

17. Марозаў Валерый - 10 р., г. Менск

18. Рыбачонак А.М. - 30 р., в. Міханавічы

19. Батура Міхаіл - 5 р., г. Бягомль

20. Неабыякавы - 5 р., г. Менск

21. Ермакоў Максім - 10 капеек, г. Менск

22. Шышко І.У. - 5 р., г. Менск

23. Салавей Валянціна - 10 р., г. Менск

24. Кацур Юрый - 5 р., г. Масква

25. Саротнік А.Я. - 20 р., г. Менск

26. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы

27. Спадаровіч Віктар - 1 р., г. Менск

28. Кавалёў Вячаслаў - 100 р., Канада

29. Трусаў Алег - 50 р., г. Менск

30. Кісель Яніна - 2 р., г. Гомель

31. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

32. Калымага - 13,37 р., г. Віцебск

33. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск

34. Лабада С. - 2 р., г. Менск

35. Журок - 2,5 р., г. Менск

36. Бурлевіч - 240 р., г. Барысаў

37. Мухіна Леанарда - 140 р., г. Менск

38. Мірон - 309 р., г. Менск

39. Пастухоў - 10 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


У с п а м і н ы*

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Уступ

Для свайго пакалення аўтарка гэтых запісак была перш за ўсё жонкай Зыгмунта Серакоўскага, удава па павешаным Мураўёвым камандзіры студзеньскага паўстання на Літве. Была "польскай гераіняй" з паштовак, якую, як інфармаваў подпіс пад малюнкам, "у вязніцы Мураўёў прымушае глядзець на смерць свайго мужа Зыгмунта" 1. Паштоўка паказвае Апалонію скутую ланцугамі, якая стаіць з Мураўёвым і жандармам ў закратаваным памяшканні, акно якога выходзіць на пляц экзекуцыі, і звязвае аўтарку гэтых успамінаў з чорнай легендай пра падступства Мураўёва "Вешальніка", а кароткае сямейнае жыццё, так драматычна закончанае, з легендай пра Серакоўскага.

Побач з тым была вядомая - асабліва паміж ліцвінамі - як Далеўская, адна з дзесяці геройскіх чальцоў сям'і, сястра "сібірчыкаў", "пакутнікаў з Літвы", сям'і славутай патрыятызмам, ахвярнасцю і пакутніцтвам 2. Адзін з першых чытачоў успамінаў - Уладзіслаў Загорскі - занатаваў 4 красавіка 1916 г. у сваім дзённіку: "Пры чытанні гэтага рукапісу жудасць сціскае сэрца, такія страшныя лёсы былі ўдзелам сям'і Далеўскіх. Два браты расстраляныя, два іншыя адбылі катаргу. Маці, сёстры і швагры зняволены і высланы ў глыб Расіі. Муж Апалоніі Серакоўскай павешаны ў Вільні. Сама п. Серакоўская пасля страты мужа выслана на выгнанне на ўсход" 3.

Пра жыццё Апалоніі мы не ведаем занадта шмат. Была адной з дзесяцёх дзяцей Дамініка Далеўскага і яго жонкі Дамінікі з Наркевічаў (гл. генеалагічную схему). Метрычныя кнігі занатавалі, што Апалонія Фердынанда Дамініка нарадзілася 19 студзеня 1838 г. у Кункулцы, у Салечніцкай парафіі, ахрышчана была 6 красавіка таго ж года ў Салечніках. Хрышчонымі бацькамі былі Самуэль Лацкі, капітан расійскіх войскаў і Апалонія Ратоўт, начальніца сясцёр міласэрнасці ў Вільні 4.

Далеўскія належалі да незаможнай шляхты, жыўшай на Віленшчыне, якая праўдападобна прыбыла ў Вялікае Княства Літоўскае ў XVII ст. з Люблінскага ваяводства 5. Бацькі Апалоніі валодалі дакладна не акрэсленым, невялікім маёнткам Руднікі і купленым у 1825 г. засценкам Кункулкай у Троцкім павеце Віленскай губерні, размешчаным на поўдзень ад Вільні. У 1848 г., калі памёр Дамінік Далеўскі, удава праўдападобна прадала маёнтак (Апалонія піша пра "невялікую суму, атрыманую пасля пазбаўлення ад гаспадаркі") 6 і з дзецьмі перабралася ў Вільню, каб "быць бліжэй да зняволеных (найстарэйшых сыноў) і для лепшага выхавання дзяцей". Усе сыны і дочкі хадзілі ў школы. Хлопцы аднак аддавалі перавагу канспірацыйнай дзейнасці над навукай. У выніку Аляксандр і Францішак кінулі гімназію перад заканчэннем апошняга класа, а малодшыя - Канстанцін і Цітус - з той самай прычыны не закончылі распачатую ў Маскве вучобу ва ўніверсітэце.

Маці ўдзяляла шмат увагі адукацыі дачок. Пра чатырох з шасці сясцёр вядома, што яны скончылі пансіён. Тэкля і Юлія дапамагалі маці, выкладаючы ў Вільні, для Апалоніі і Ксаверы выкладанне было сродкам утрымання пасля вяртання з высылкі.

Найвялікшай падзеяй у жыцці дзяўчынкі - падлетка было зняволенне і высылка на катаргу двух найстарэйшых братоў - Аляксандра і Францішка, заснавальнікаў Братняга звязу польскай моладзі на Літве 7 (які называлі таксама змовай братоў Далеўскіх). Была гэта ў 40-х гадах найвялікшая канспірацыйная арганізацыя на забраных землях. Серакоўская прысвяціла яе мэтам і дзейнасці шмат увагі ў сваіх запісках.

Калі ссыльныя вярнуліся ў канцы 50-х гадоў, Апалонія была ўжо паннай на выданне. У таварыстве братоў і сясцёр вярцелася ў коле віленскай творчай і чыноўнай інтэлігенцыі. Сярод яе знаёмых былі між іншым Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля і Міхал Андрыёлі.

Летам 1861 г., маючы трохі за дваццаць гадоў, адметная прыгажосцю Апалонія пазнаёмілася з Зыгмунтам Серакоўскім, капітанам расійскай арміі. Ён меў за сабой васьмігадовы побыт у штрафной вайсковай частцы на так званай Арэнбургскай лініі і вучобу ў Акадэміі Генеральнага штаба, перад сабою - ясную гарантаваную чыноўніцка-вайсковую кар'еру ў Пецярбургу. Працаваў у Генеральным штабе над рэформамі дысцыплінарнага права, якое прымянялася ў войску. Адначасова праводзіў менш ці больш канспірацыйную дзейнасць у асяродку польскіх і расійскіх рэвалюцыянераў і прыхільнікаў рэформ. Серакоўскі быў незвычайнай, захопленай жаданнем дасягнення вялікіх чыноў, харызматычнай, нязвыклай, што падкрэслівалі не толькі яго найбліжэйшыя сябры, асобай. Не месца тут, каб прыгадваць біяграфію гэтага выбітнага дзеяча 8. Успаміны Апалоніі дадаюць да яе некалькі дэталяў.

Пасля года знаёмства (што ў іхнім выпадку абазначала тры спатканні) ажаніліся 30 ліпеня/11 жніўня 1862 г. у Кейданах, дзе жылі сястра і швагер Беркманы. Аднак жа ў метрычных кнігах касцёла св. Яна ў Вільні віднеецца запіс пра шлюб Апалоніі з Зыгмунтам, датаваны 11 ліпеня (старога стылю) 1862 г. Як сведкі фігуруюць Аляксандр Аскерка і Францішак Далеўскі 9. Цяжка прыняць, што Апалонія нават ужо сямідзесяцігадовая, калі запісвала ўспаміны - не памятала, дзе выходзіла замуж 10. Таму праўдападобна, што зроблены толькі запіс у касцёле св. Яна як парафіяльным Апалоніі, каб быць у згодзе з касцельным правам, якое загадвала прыняцце сакраманту жаніцьбы ў парафіі маладой.

Зыгмунт Серакоўскі знайшоў у сваёй абранніцы, выхаванай у сям'і ў патрыятычных традыцыях, таварышку, пра якую марыў, на цяжкае жыццё. 5/17 ліпеня 1862 г. ён пісаў маці: "Ваш Зыгмунт і яго багданка Апалонія ўзаемна закаханыя і далі ўжо сабе слова злучыцца вузлом вечным. (...) Апалонія гатовая (у) кожную хвілю ўсё прысвяціць Айчыне - яна дапаможа мне выканаць належны найвялікшы абавязак без выскакаў, але і без вагання!... Я вельмі шчаслівы - не тым ідылічным шчасцем, калі марыш пра кветкі і мураву, але шчасцем чалавека, які мае самаразуменне свайго паклікання і адчувае сілы выканаць яго - і мае каля сябе духа-апекуна, які не дасць яму зрабіць недарэчнасці, не дасць яму заснуць і ярка сніць, які дадасць яму сілы быць заўсёды прыгожым і шляхетным чалавекам. Так я разумею мой шлюбны саюз з Апалоніяй (полькай, вядомай на ўсю Вільню), так яго разумеюць усе мае прыяцелі..." 11

Для жонкі Серакоўскага пачаўся перыяд паскоранай адукацыі. Адразу па шлюбе яна суправаджала мужа ў яго службовым падарожжы ў Заходнюю Еўропу. Быў гэта яе першы выезд па-за Літву. Убачыла сталіцы даўняй Польшчы (Варшава, Кракаў). Была ў Познані, Вене, Ліпску, Ўроцлаве, Берліне і нарэшце ў Нанцы і Парыжы. Аглядала фабрыкі, хадзіла на тэатральныя спектаклі, але найбольшае ўражанне на яе зрабіла паседжанне парламента ў Берліне. Пазнаёмілася з многімі выбітнымі постацямі польскага палітычнага жыцця. Старэйшы на дзесяць гадоў Зыгмунт быў дасведчаным правадніком для маладой і хутчэй павярхоўна адукаванай жанчыны. Імпанаваў ёй шырокімі ведамі. Гэта нямногія хвілі асабістага жыцця, пра якія яна піша ў запісках.

Хвароба 12 зрабіла немагчымым для Серакоўскай далейшае падарожжа з мужам - вярнулася ў Вільню, а муж выехаў у Алжыр.

На пачатку 1863 г. сужонцы пасяліліся ў Пецярбургу. Апалонія ўспамінала гэты побыт, як чаканне на выбух паўстання і выезд мужа, які ўжо раней згадзіўся ўзначаліць паўстанне на Літве. Па выкліку паўстанчых уладаў 6 ці 7 красавіка абое прыбылі ў Вільню. Тым самым капітан Серакоўскі перакрэсліў сваю пецярбургскую кар'еру назаўсёды.

Праз тыдзень (15 красавіка 1863 г.) абое выехалі ў Коўню, адкуль Апалонія падалася да сястры ў Кейданы, а Серакоўскі (пс. Даленга) - у аддзел. Удзел Серакоўскага ў паўстанні трываў не поўны месяц. Кампанія, распачатая арганізацыяй найбольшага паўстанчага згрупавання і першымі ваеннымі поспехамі, закончылася для параненага ў найбольшай бітве ў паўстанні зняволеннем (11 траўня) і выракам смерці.

Не гледзячы на захады сям'і і ўмяшанне дыпламатаў, не ўдалося Серакоўскага ані ўратаваць ад смерці, ані хоць бы адцягнуць выкананне выраку, для чаго фармальнай падставай магла быць цяжарнасць жонкі. Серакоўская старалася ў высокага саноўніка Дзмітрыя Мілюціна пра дапамогу ў атрыманні згоды, на спатканне з мужам. Вайсковы міністр напісаў да тагачаснага генерал-губернатара Назімава: "Прыкладаючы ліст пані Серакоўскай, маю гонар паведаміць пану, што ад Вашага рашэння будзе залежыць допуск да спаткання з мужам, калі не прызнаеце гэтага за немажлівае, але заўсёды не іначай, як пры сведках" 13.

Для Мураўёва, ад 14/26 траўня новага галоўнаначальніка на Літве, смерць Серакоўскага была сродкам для застрашэння грамадства і паказу волі да задушэння паўстання любой цаной. Яшчэ і таму ён павёў справу да па магчымасці найхутчэйшага выканання выраку Серакоўскаму 14.

У паўстанні бралі ўдзел усе Далеўскія. Францішак належаў да кіраўніцтва лагера белых, Цітус і Канстанцін аказаліся на баку чырвоных. Канстанцін змагаўся ў аддзеле. Сястра Юлія з мужам Міхалам Беркманам дзейнічалі На Ковеншчыне, а Ксавера была сакратаркай Францішка ў літоўскім паўстанчым урадзе. Аўтарка запісак у сваю чаргу піша пра сваю ролю як кур'еркі.

Усе чальцы сям'і панеслі кару. Цітус быў расстраляны на пачатку 1864 г. 15, Францішка, сапраўднай ролі якога ў паўстанні расейцы не ведалі, зноў прыгаварылі да катаргі, Апалонію вывезлі. Былі высланы і ўжо ніколі не атрымалі права на вяртанне ў радзімы край: Юлія і Міхал Беркманы, Дамініка Далеўская з дочкамі Зузаннай, Юзэфай і Ксаверыяй 16. Толькі Канстанціну ўдалося ўцячы з Літвы, але загінуў у 1871 г., расстраляны ў Парыжы.

Пасля трох месяцаў хатняга арышту Мураўёў загадаў "неадкладна" вывезці Серакоўскую з Вільні, нягледзячы на цяжарнасць 17. 29 верасня 1863 г. "Серакоўская Апалонія Далеўская, удава па Зыгмунце, за старанне аб мужы перад царыцай (была) сасланая ў Наўгародскую губерню" 18. Падобна, што жаданнем Мураўёва было, каб асела ў мястэчку Кірылаў у ваколіцах Ноўгарада, дзе панавалі вельмі дрэнныя кліматычныя ўмовы. "Моцна хворую, амаль бездапаможную" вывезлі з Вільні чыгункай 24 верасня 1863 г. у таварыстве жандарма і акушэркі Юзэфы Барычэўскай. Наступнага дня была ў Пскове. Паводле Дыбоўскага тамтэйшы губернатар атрымаў распараджэнне, каб яе затрымаць у вязніцы да родаў, "пасля чаго дзіця, калі мужчынскага полу, будзе ў яе адабранае", але дзякуючы дапамозе зычлівых расейцаў і падпісанню асведчання, што здаровая і просіць аб пераездзе ў Ноўгарад, у той самы дзень выехала 19. Дзякуючы захадам пецярбургскага генерал-губернатара Аляксандра Суворава, магла застацца ў Ноўгарадзе, куды прыбыла 26 верасня.

Серакоўская не апісала свайго побыту ў высылцы. Трохі святла на першыя месяцы яе жыцця пасля выезду з Вільні праліваюць лісты маці і сястры Зыгмунта Серакоўскага да яго прыяцеля Браніслава Залескага 21.

Серакоўскія прасілі ехаўшага ў Пецярбург праз Пскоў знаёмага ксендза, каб даведаўся, ці дзіця нарадзілася "калі дзіця ўжо нарадзілася і ўкінута ў дом падкідышаў, каб хто-небудзь узяў яго да сябе, каб трымаў яго там на печы, або зрабілі які-небудзь знак, каб, барані Божа, не памыліцца, забіраючы потым; калі не нарадзілася да Пскова і павезлі хворую далей - каб даведацца, дзе ёсць. Калі ў Пецярбургу - звярнуцца да майго (Марыі) доктара, каб той прасіў Суворава аб дазволе бачыцца з ёй і ці не можна, каб нейкі час пабыла ў Пецярбургу? Калі ўжо і адтуль яе павезлі далей - неадкладна паведаміць Марыі (?) у Маскве - яны пэўна зробяць, што толькі змогуць". У чарговым лісце таксама цікавіліся асабліва лёсам дзіцяці: "як Пан зробіць, каб тое дзіця не загінула; бо каб яна (Апалонія) памерла і злучылася з Зыгмунтам, была б напэўна больш шчаслівая, чым жывучы без яго на свеце, але каб хоць дзіця вырваць - уратаваць і нам аддаць! Была б гэта ўся наша пацеха на свеце і такая вялікая памяць для ўсіх, хто Зыгмунта любіў" 22

У канцы лістапада 1863 г. атрымалі канкрэтную інфармацыю ад пецярбургскага лекара Марыі Серакоўскай. Фрагменты яго ліста Марыя цытавала Залескаму: "Дзякуючы Богу братовая маецца амаль добра - пасля адбылага жудаснага падарожжа - хваробу сваю перанесла шчасліва, хоць з вялікімі цяжкасцямі, даў бог пані пляменніцу, а любімай маме ўнучку, жыве цяпер у Ноўгарадзе, ні ў чым не мае патрэбы, зрэшты калі будзе што патрэбна, сваякі гэта парадзяць - здымае жыллё, якое складаецца з чатырох пакояў досыць выгадных, мае з горада чалавека - таксама і акушэрку, моцна ёй адданую - і ва ўсім дагледжана, калі я даведаўся, што жыве ў Ноўгарадзе, слабая паводле свайго фізіялагічнага стану, хочучы пераканацца, як ёсць у рэчаіснасці, а не могучы сам паехаць, прасіў, каб мяне замяніў Фердынанд, што ён па-братэрску (з гатоўнасцю) выканаў: нованароджаная прыйшла на свет ноччу (21 кастрычніка/2 лістапада) 23. Тамашні акушэр вельмі прыстойны чалавек - ёсць дамашнім лекарам у доме губернатара - абяцаў сваю дапамогу ў любым выпадку, радзіць толькі, каб маці не карміла сама, зважаючы, што мае занадта вычарпаныя сілы, чаго аднак пад ніякім довадам дамагчыся не можа!" 24

(Працяг у наст. нумары.)


* Успаміны Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай друкуюцца паводле кнігі "Wspomnienia / Apolonia z Dalewskich Sierakowska ; oprac.: Jolanta Sikorska-Kulesza, Tamara Bairašauskaitė. Warszawa: Wydawnictwo Neriton : Instytut Historyczny UW. 2010." (выдавецтва Neriton Гістарычнага інстытута Варшаўскага ўніверсітэта, 2010 г.) у перакладзе Станіслава Судніка.

1 Малюнак Канстанціна Працлаўскага, выдадзены ў выглядзе паштоўкі ў серыі "Гераіні Польшчы" Салонам польскіх мастакоў у Кракаве ў 1902 г.; гл. іл.12.

2 Зыгмунт Серакоўскі, інфармуючы сваіх прыяцеляў пра прыезд, так рэкамендаваў жонку: "Прыбыў у Парыж з жонкай - з дому Далеўская з Вільні - сястра сібірчыкаў. Толькі 40 дзён, як пажаніліся"; Бібліятэка Ягелонская (далей БЯ), ркпс 921 1ІІІ, т. 17, ліст Зыгмунта Серакоўскага да Зофіі і Юзафа Багдана Залескіх з VIII або ІХ 1862, к. 147; ibidem, ркпс 6502IV, т. 42, ліст Якуба Гейштара да Юзафа Ігнацыя Крашэўскага ад 4.ХІ.1874, к. 386; Б. Дыбоўскі, Успаміны з паўвекавога мінулага, Львоў 1913, с. 49; Успаміны пра Далеўскіх, "Кур'ер Віленскі" 1929, нр 94: "вельмі патрыятычная сям'я і звыш усякіх слоў нешчаслівая", "сям'я стократ заслужаная, пакутніцкая і шчыра ахвярная".

3 Бібліятэка нацыянальная (далей БН), ркпс 10457, Уладзіслаў Загорскі, Дзённік з часоў еўрапейскай вайны 1914-1919, т. 2, к. 97.

4 Lietuvos Valstrybes Istorijos Archyvas - Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей ЛДГА), збор 604, інв. 20, п. 95. Загорскі падае, як дату нараджэння 1845 год; ЛДГА. збор 1135, інв. 8, п. 38, к. 121. У сваю чаргу Бікуліч піша, што Апалонія мела 20 гадоў у 1861 г., таму нарадзілася ў 1841 г. В.Б. Бікуліч. Успаміны А. Серакоўскай (Далеўскай) і іншыя матэрыялы пра З. Серакоўскага ў ЦГГА Літоўскай ССР, у К столетию героической борьбы "за нашу и вашу свободу". Сборник статей и материалов о восстании 1863 г. Москва, 1964, с. 76.

5 Урускі. Сям'я, гярбоўнік польскай шляхты. Варшава, 1906, т. 3, с. 57; А. Бранецкі. Гярбоўнік польскі, т. 4, Варшава, 1901, с. 65-66. Дакументальна пацвердзілі шляхецтва і ў 1847 г. былі ўпісаны ў кнігі шляхты Віленскай губерні.

6 Станіслаў Ланец піша, не спасылаючыся аднак на крыніцы, што маёнтак Руднікі і фальварак Кункулка былі канфіскаваныя ў сям'і пасля студзеньскага паўстання і перайшлі ў дзяржаўны скарб. С. Ланец. Зыгмунт Серакоўскі (1826-1863). Ольштын. 1999, с. 93.

7 Найбольш падрабязна пра звяз гл. Д. Файнгаўз (Д. Файнгаўц). Канспірацыйны рух на Літве і Беларусі, 1846-1848. Варшава 1965.

8 Самую поўную на гэты час біяграфію гл. А. Смирнов, Сигизмунд Сераковский. Москва, 1959.

9 ЛДГА, збор. 604, інв. 20, п. 95, с. 322. нр 59. Дадзеныя з метрычных кніг, дзякуючы др. Чаславу Малеўскаму.

10 Пра шлюб у Кейданах гл.: Бібліятэка Чартарыйскіх (далей БЧ), ркпс 6938, ліст Юстыны Кярсноўскай з Залескіх да брата Браніслава ад 14.ІІІ.1862; Я. Станкевіч, Успаміны пра Зыгмунта Серакоўскага. галоўнакамандуючага студзеньскага паўстання на Літве і Жмудзі. вытрымкі з запісак Яна Станкевіча, Коўня, 1939.

11 Цыт. за В. Кошчыц, Зыгмунт Серакоўскі галоўнакамандуючы на Жмудзі ў 1863 г., Кракаў, 1906, с. 55-56.

12 Апалонія захварэла ўжо ў Нанцы, дзе лекар прапісаў ёй некалькі дзён ляжання ў ложку; БЯ, ркпс 921 1ІІІ, т. 17, к. 147, ліст Зыгмунта Серакоўскага да Зофіі і Юзафа Багдана Залескіх.

13 ЛДГА, збор 378, PS, 1863. п. 321. Ліст ад 8/20.V.1863.

14 За выкананне выраку праз павешанне, а не расстрэл адказвае Мураўёў. У той жа час няпраўда, як абманваліся ў ХІХ ст., што Мілюцін выпрасіў у цара замену кару смерці на катаргу. Гл. напр. А. Іванскі, Запіскі 1856-1876, Варшава, 1968, с. 142.

15 "(...) нашага Цітуса расстралялі ў Вільні - вестка гэтая моцна мяне ўразіла, здаецца, што кола нашай сям'і выбрана на адны няшчасці", - пісала маці Серакоўскага да Браніслава Залескага; БЧ, ркпс 6956/ІІІ, ліст ад 29.І.1864.

16 ЛДГА, кампл. 421, інв. 1, vol. 1792, к. 1 (Дело о высылке из г. Вильны дворянки Д. Далевской с дочерми девицами Зузанна, Юзэфа и Ксавера и вдовы А. Сераковской;20.ІХ.1863-5.ХІ.1864); ibidem, кампл. 419, інв. 1,vol. 183, к. 115, 116 (дат. вызначэння жандармаў у канвой Далеўскіх і Серакоўскіх на час падарожжа).

17 Праўдападобна была на сёмым месяцы цяжарнасці.

18 ЛДГА, кампл. 1248, інв. 1, vol. 622, к. 24 аб. (Жанчыны, замешаныя ў паўстанні 1863 г. на Літве).

19 Даты прыбыцця ў Пскоў і Ноўгарад на падставе інфармацыі пскоўскага губернатара, перасланай віленскаму цывільнаму губернатару (ЛДГА, кампл. 378, PS? 1863, vol. 999, к. 52); Б. Дыбоўскі, воп. ціт., с. 50.

20 Я. Станевіч, воп. ціт., с. 44,46.

21 БЧ, ркпс 6956/ІІІ, лісты Фартунаты Серакоўскай да Браніслава Залескага, бпаг. Ад 5.ХІ.1863 г. дапытваліся Залескага, "ці няма вестак ад Аполькі". Ведалі "пра ўсё вераломства з братовай", чулі пра вывазку з Вільні і дарогу праз Пскоў.

22 Там жа, ліст ад 15.ХІ.1863.

23 Таму непраўдзівай ёсць інфармацыя Бікуліча, што дзіця нарадзілася ў Пскове 25 верасня. У крыніцах, на якія ён спасылаецца, гэтай інфармацыі няма. В.Б. Бікуліч, воп. ціт.

24 БЧ, ркпс 6956/ІІІ, ліст ад 28.ХІ.1863.


Трошкі пра Кастуся Езавітава

Да 100-годдзя БНР

Як вядома, Ян Пазьняк - рэдактар газеты "Крыніца" і адзін з лідараў Хрысціянскіх дэмакратаў Заходняй Беларусі ў 1930-я гг. жыў у Вільні па адрасе: вуліца Завальная, 1. У гэтым доме, практычна знаходзіўся цэнтр Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі (перад гэтым такі цэнтр хадэкаў месціўся па вуліцы Людвісарскай, 9, дзе знаходзілася рэдакцыя "Крыніцы", друкарня і таксама жыў Пазьняк).

У вялікай зале дома па вуліцы Завальнай, 1, каля сцен стаялі прыгожа зробленыя з дошак тапчаны. На іх падчас розных імпрэзаў, канцэртаў і сходаў сядзелі людзі, а вечарам, прыходзілі бедныя беларускія студэнты, якія не мелі дзе жыць, даставалі з гэтых тапчаноў свае пасцелі, раскладалі і там спалі.

Антон Шукелойць, які сам падчас сваяго студэнцва ў Вільні нейкі час жыў у Яна Пазьняка, узгадваў, што: "Вечарам заўсёды, пасля таго, як мы, студэнты, ужо вярнуліся ў гэтую залу, Ян Пазьняк заканчваў працу ў рэдакцыйным сваім кабінеце, прыходзіў да нас і любіў расказваць цікавыя анекдоты пра палітычных дзеячаў". (Пазняк Зянон. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава, 2003. С. 20-21.).

Ян Пазьняк быў сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і займаў кіруючае становішча ў гэтай партыі, таму ягоныя анекдоты тычыліся пераважна розных дзеячаў сацыялістычнага кірунку. Антон Шукелойць, успамінае адзін з такіх анекдотаў пра тое, як "выдатнага нашага дзеяча, ведамага Канстанціна Езавітава, за адну ноч сацыялістычны ўрад ў Менску паднёс з паручніка да палкоўніка".

Шукелойць успмінае: "Як ведама, Езавітаў прыняў актыўны ўдзел у стварэнні Рады БНР, быў заслужаным афіцэрам. Вельмі прыгожы ягоны нарыс ёсць, як ён выгнаў бальшавікоў з Менска ў 1918 годзе. Ну і паколькі такі высоказаслужаны чалавек, то вось гэты першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі вырашыў яго падняць да генерала. Ноч цэлую сядзелі, згодна з вымогамі ваеннага Статуту, заўсёды падымалі яго на адзін чын вышэй, тады казалі тост і выпівалі. (Як ведама, сацыялісты, асабліва эсэры, любілі выпіць.) Так вялі яго паступова: штабс-капітан, капітан, маёр, падпалкоўнік, палкоўнік. Ужо пачало світаць. Давялі яго да палкоўніка, выпілі. Гарэлкі болей не было - скончылася, і Езавітаў застаўся палкоўнікам. Генералам ужо яго не маглі менаваць: не хапіла гарэлкі. І сонца ўзышло, развіднела". (Гутаркі з Антонам Шукелойцем. С. 21.)


Прызнацца, я ў свой добра пасмяяўся з гэтага анекдота, і таму ён адклаўся ў памяці. І раптам, нават з нейкім здзіўленнем прачытаў у аўтабіяграфіі Езавітава, напісаннай у 1944 г. (таму Ян Пазьняк не мог карыстацца гэтым тэкстам як крыніцай для анекдота) наступныя радкі:

"21.02.1918 г. пастановаю Народнага сакратарыяту Беларусі зацьверджана падвышэньне ў штабс-капітаны, згодна прадстаўленьня ад 25.10.1917 г.

За выслугу чарговых чатырох месяцаў у абставінах бязупыннага змаганьня з бальшавікамі пастановаю Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын капітана.

За падрыхтоўку арганізацыі беларускіх вайсковых фармаваньняў усіх франтоў і за кіраваньне Аддзелам Фармаваньняў Беларускай Вайсковай Цэнтральнай рады пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын падпалкоўніка.

За арганізацыю захопу ўлады ў Менску і ўмелае кіраваньне беларускай камэндатурай пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын палкоўніка". (Езавітаў Канстанцін. Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999. С. 188.)


Такім чынам, з яго аўтабіяграфіі даведваемся, што чын палкоўніка Езавітаў атрымаў 21.02.18 г.

Гістарычны кантэкст лютага 1918 г. наступны: наступленне нямецкіх войск пачалося 16 лютага 1918 г. што прымусіла бальшавікоў ў ноч на 19 лютага эвакуявацца з Менска ў Смаленск. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда выйшаў з падполля, з турмы былі вызвалены дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Выканкам Рады Усебеларускага з'езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лютага абвясціў, што ён "узяў уладу ў свае рукі", а навядзенне парадку ў Менску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская ваенная арганізацыя, усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К. Езавітава. Таму лагічна, што каменданту Менска мэтазгодна было даць чын палкоўніка і, дарэчы, чын генерала Езавітаў яшчэ атрымае потым.

Цікава, што, Ян Пазьняк быў абсалютна дакладны нават ў дэталях, апісваючы падвышэнне Езавітава. Але ці ў той дзень (ці ноч 21.02.1918 г.) падчас "кар'ернага ўзлёту" паручніка Езавітава прысутнічала гарэлка, мы ўжо ніколі не даведаемся.

21 лютага 1918 г. - вельмі важны дзень у гісторыі беларускага народа. Менавіта ў гэты дзень была прынята 1-я Устаўная грамата да народаў Беларусі, у якой адзначалася: "Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы... Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі. Вы павіннны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі". Першая Устаўная грамата заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на "поўнае самавызначэнне". У гэтым дакуменце Выканкам абвясціў пра стварэнне 20 лютага ўрада (часовага выканаўчага органа народнай улады ў краі) - Народнага Cакратарыята Беларусі (старшыня Я. Варонка), які менавіта 21 лютага 1918 г. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Дарэчы ва ўрадзе Варонкі пасаду ўпаўнаважанага па вайсковых справах заняў К. Б. Езавітаў (Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. Вільня-Mенск-Нью-Ёрк-Прага, 1998. С. 46-48.).


Яшчэ, у "Кароткім жыцьцяпісе ..." Езавітава, мяне зацікавілі наступныя радкі:

"Пераведзены на становішча начальніка Плянтава-Шчучынскага павету 10.01. 1919 г.

Па даручэньню вайсковых уладаў разам з двума веставымі накіраваўся конна ў глыбокую вайсковую разьведку ў тыл бальшавіцкага фронту праз Васілішкі й Радунь пад Ліду 20.02.1919 г.

Прыбыў з разьведкі з ваеннымі весткамі 25.02.1919 г.

Загадам ураду БНР за разьведку й за дастаўленьне з маёнтку генэрала-ад-інфантэрыі Кандратовіча ягоных ордэнаў узнагароджаны белым эмалева-залатым афіцэрскім Крыжам Пагоні 4-ае ступені 1.03.1919 г." (Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы. С. 189.)

"Архівы БНР" змяшчаюць "Загад на Плянты-Шчучынскім павеце камісара павета Кастуся Езавітава (Астрына, 06.02.1919 г.)" у якім ён паведамляе насельніцтва павета, што прыступае да спаўнення сваіх абавязкаў і пачынае фармаванне беларускай міліцыі (Архівы БНР, I, 1. С. 359.). Нагадаю што, 10 студзеня 1919 г. бальшавікі занялі г. Ліду і выставілі заставы на гарадзенскім і беластоцкім кірунку. Далей яны не пайшлі - у лютым чырвоным войскам было загадана ўмацавацца на рубяжы Араны - Ліда - Слонім - р. Шчара - канал Агінскага - Пінск - Сарны. Вясной 1919 г. палякі пачалі паспяховы наступ на ўсход.

Зразумела, чаму Езавітаў прывёз генералу Кандратовічу ягоныя ўзнагароды. У той час генерал за свае грошы збіраўся ў Парыж адстойваць беларускую дзяржаўнасць на Версальскай канферэнцыі. І сярод іншых шматлікіх узнагарод (ён быў узнагароджаны практычна ўсімі вышэйшымі ордэнамі імперыі) меў і найвышэйшую ўзнагароду Францыі - Ордэн Ганаровага легіёна, што было вельмі істотна пры перамовах з французамі. Таксама з радкоў Езавітава можна зрабіць выснову, што паміж Кандратовічам і Езавітавым ў 1919 г. захоўваліся добрыя дачыненні і гэта пасля адстаўкі генерала на пачатку 1918 г. з Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады. Адстаўка гэтая адбылася пры актыўным удзеле паручніка (Гл: Езавітаў К. Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада // Крывіч. 1924. №1(7). С. 37-45.). Але, пасля адстаўкі прайшоў амаль што год. Кандратовіч і Езавітаў увесь гэты год актыўна займаліся беларускімі справамі, а год падчас рэвалюцыі можна раўнаваць да дзесяці звычайных.

Як аўтар кнігі пра генерала Кандратовіча, магу толькі паспачуваць самому сябе, што знайшоў гэтыя факты ўжо, калі кніга пра генерала была надрукаваная.

Леанід Лаўрэш, пісьменнік.


Да, мы Юр'е сустракаем!

Да, мы Бога звелічаем!

У аграгарадку Беліца адбыўся прыгожы абрад Юр'е

У аграгарадку Беліца Лідскага раёна 5 траўня адбыўся абрад Юр'е - "Юр'еў карагод". Згодна з павер'ем, Святы Юрай адмыкае зямлю, выпускае расу і распачынае рост усякай расліннасці, тым самым забяспечвае багаты ўраджай на ўвесь год. Вось і жыхары вёскі, а таксама работнікі філіяла "Беліцкі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" сабраліся, каб паўдзельнічаць у гэтым народным свяце. Прыгожы абрад з'яўляецца традыцыйным для аграгарадка Беліца і збірае заўсёды шмат гледачоў, сярод якіх шмат людзей сталага ўзросту. У гэтым годзе фальклорнае свята прымеркавана да Года малой радзімы.

Спяваючы юр'еўскія песні, і ўслаўляючы Бога са словамі:

"Зарадзі, Божа, скацінку,

зарадзі, Божа, ніўку,

ячмень і пшаніцу,

і ўсяку пашніцу," -

удзельнікі абраду прайшлі праз увесь аграгарадок да крыжа, дзе развеслі вянкі з бярозы. Пасля пайшлі ў луг, ладзілі гулянне, вадзілі карагоды і спявалі песні. У гэтым годзе цікавым момантам абраду стала ўшанаванне пастухоў. Удзельнікі абраду адорвалі іх салам, маслам, малаком і яйкамі.

Усім гуртам, калі варочваліся з лугу ў вёску, зайшлі да дому маладзіцы, якая паміж Юр'ямі выйшла замуж, і заспявалі песню:

Маладая, малодачка,

Выйдзі, выйдзі, выйдзі на вулачку,

Вынясь, вынясь, вынясь падарачак,

Падарачак, падарачак, паясочак,

Копу яек, копу яек на паўмісы,

Каўбасою, каўбасою абкружыці

Белым сырам, белым сырам залажыці.

Маладзіца вынесла пачастунак і кінула паясок, які лічыцца абярэгам ад усіх урокаў. Яго разрэзалі на маленькія часткі і раздалі ўсім удзельнікам абраду, каб збярог ад усяго нядобрага і нячыстага. Затым вярнуліся да месца, дзе распачыналі свята, і частаваліся падарункамі ад маладзіцы.

Вось так цікава і па-вясноваму ў аграгарадку Беліца ладзіцца Юр'е.

Вольга Троцкая , вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" .


Фрагменты з цыклу "Паазерскія згадкі"

Віктар Дземеш

Радавод - з вёскі Дземяшы, што пад Літвой. Эканаміст, журналіст. Працаваў старшым эканамістам па працы і зарплаце, выконваючым абавязкі галоўнага эканаміста, вядучым эканамістам на заводах Меншчыны. Знаходзіўся на адказных пасадах у СМІ. Друкаваўся ў раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах, часопісах Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першыя творы заўважылі і ўхвалілі Вольга Іпатава і Уладзімір Някляеў, якія паспрыялі таму, каб яны ўбачылі свет у "Чырвонай змене" і "Знамени юности". Зараз заняты на ўласнай гаспадарцы, у вольны час малюе, займаецца прыкладнымі відамі спорту.

Пры Герастраце

На возеры Чорным

І хвалі, як дзёгаць,

Але рыбакі

Тут сядзяць, ля вады.

Апусціш руку -

І не ўбачыш пазногаць. -

Жахліва - як быццам

Пяць хвіль да бяды.

Сямейныя пары купаюцца,

Толькі

Улезлі і вылезлі -

І ўгрунь дамоў!

Абапал дамы -

Як на скуры той болькі,

Адзіным паверхам -

Да плошчы самой.

Не злосныя хвалі,

Не дзікі ў іх нораў,

А неяк няўтульна

На сэрцы, душы.

І - чорны прасцяг…

Светлай ноччу да зораў;

Ідзі па ім лёгка

І больш не грашы.

Ідзі, не стаміся,

Ў жыцці ўгаманіся,

Спакойным зрабіся,

Вяртайся назад.

Стань мудрым і Богу

Няўзнак памаліся,

З пакутай змірыся,

Жытлу пакланіся,

І спаць адпраўляйся

Ў шалашык, у сад…

Тут многа не зловіш,

А час свой патраціш.

На возеры гэтым

Не любяць бываць.

На возеры Чорным -

Як пры Герастраце -

Падпальваць дум храмы,

Свой дух лупцаваць!

12.07. 2015 г.

Шляхам згадкі

На плошчы Камсамольскай -

"Купалінкі" муры.

Тут вее воляй польскай

Знадворку і знутры.

Прадуктамі застаўлен

Паліцаў рад густы.

Купіць, што зацікаўлен -

Не выйдзеш ты пусты.

Не магазін - а каста! -

Высокая ў ім паства.

Стаміўся, дык прысядзь.

Наведваюся часта

Сюды, каб нешта ўзяць.

І - грэшны - бачу строі,

Гляджу я на дзяўчат,

Зайздрошчу ім парою,

Аж сам сабе не рад.

Тут пекныя паненкі

Мільгаюць прад табой;

Вясёлыя сукенкі -

Расстанешся з журбой.

Не быць ёй анігадкі.

І выйдзеш ты адсюль -

Каб крочыць шляхам згадкі,

Каб - помніць

Пра красунь!

18.10. 2016 г.

ГІМН

На возеры Задзеўскім,

Насупраць сонца, дня,

На возеры гвардзейскім -

Адзін, без Касцяня.

Сягоння ён не прыйдзе,

І заўтра, кагадзе:

Касцень даўно ўжо ў крыўдзе,

Шмат год у злой бядзе.

І ліпень не наскочыць,

Трубач не падбяжыць.

А мне - і ўдзень, і ўночы -

За іх патрэбна жыць.

Сябры мае, паэты,

Без вас мне цяжка тут:

Інтрыгі і наветы -

Асновы ўсіх пакут.

Так сэрца б'ецца ў грудзі,

Трапеча, што вось-вось,

Здаецца, лопне, людзі, -

І выйдзе з яго злосць!..

Ды ведаю,

Ды знаю:

Ўсё пройдзе, нібы дым,

І сцежачка скразная

Пацягне к маладым,

Якія зараджаюць,

Якія рух даюць,

Якія - нараджаюць,

І гімн аб тым

Пяюць!

25.05.2014 г.

Я падару

У Азярках,

Каля возера ценькага,

Есці чарніцы

Люблю, як любіў,

Радасць кароткая,

Шчасце маленькае,

Ды і навошта

Пакутваць

З сявенькаю,

Калі ў казку лясную

Ступіў.

Век, о куды

Свае горычы гоніш ты?

Імі

Разбэрсанасць душ не кранай.

… ягад пажву,

Паныраю

І - сонечны -

Сяду на ровар -

На мерсе не зловіш мяне -

Толькі ўсмешку маю

Ўспамінай.

Пругка нясецца пад колы

І плюшчыцца

Горды асфальт,

Што ад промняў гарыць.

Я падару табе раптам

Калючага

З лесу густога, але

Не дрымучага,

Вожыка смелага

І неўміручага -

Кузем завецца ён -

Кузю рашучага!..

Што табе, пані,

Яшчэ падарыць?

15.06.2017 г.

Боская іскра

Не знойдзеш тут

Задрыпы - пунькі,

Тут новы гарт,

Тут - лёсаў старт! -

"Сталіца Беларусі" -

Юнькі,

Як мне сябры казалі

Ў жарт.

А, можа, й праўда.

Так гавораць.

Так разумеюць

Людцы ўсе:

Калі няма

Крутога гора,

Калі жытоў наўкола -

Мора,

Забудзь аб чорнай паласе.

На працу раніцай

Збірайся

На хлеба - малака -

Завод ,

Ці ў КБА,

Душой не майся,

І языком сваім

Не лайся,

І там уволю

Пастарайся,

Каб жыць

Без страху, без самот.

Два кіламетры

Ад заставаў.

Амаль што горад.

Нават лепш.

Тут можна агарод

Паставіць

З капустай, з бульбаю

На славу,

Не ў мары -

На сапраўднай яве,

Затым аб тым

Зварганіць верш.

Дзябёлы, ладны,

Хоць калгасны,

Аднавяскоўцам

Дагадзіць,

Каб зразумела стала,

Ясна,

Што іскра Боская

Не згасла,

Што ты не змогся

Рэй вадзіць!..

19.08.2014 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX