Папярэдняя старонка: 2018

№ 34 (1393) 


Дадана: 22-08-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 34 (1393), 22 жніўня 2018 г.

Памёр Хведар Нюнька

15 жніўня памёр Хведар Нюнька, сябар Рады і адзін з заснавальнікаў ЗБС "Бацькаўшчына", вядомы беларускі грамадска-культурны дзеяч у Летуве. Яму было 90 гадоў. Смерць сталася наступствам сур'ёзнай траўмы, атрыманай у верасні мінулага года.

Хведар Якубавіч стаяў ля вытокаў Таварыства беларускай культуры ў Літве, якое ўзначальваў дваццаць пяць гадоў, ад моманту заснавання, спрыяючы адраджэнню, захаваню і пашырэнню беларускай прысутнасці ў Літоўскай Рэспубліцы. Дзякуючы дзейнасці спадара Хведара, у Вільні сёння працуе беларуская гімназія, імёнамі славутых беларусаў названыя некаторыя вуліцы горада, на магілах беларускіх дзеячаў усталяваныя помнікі і дзясяткі мемарыяльных дошак, а таксама захаванае месца забойства Кастуся Каліноўскага на Лукішскім пляцы. Пад кіраўніцтвам Хведара Нюнькі Таварыствам беларускай культуры былі праведзеныя пяць Канферэнцый беларусаў Балтыі.

Хведар Нюнька ўражваў сваёй нястомнасцю, энергічнасцю і меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, заўжды браў актыўны ўдзел у грамадскіх акцыях і кампаніях - выступаў у абарону беластоцкай газеты "Ніва", у падтрымку Дома Марыянаў у Лондане, дапамагаў усталёўваць крыжы ў Курапатах... Усяго не пералічыць.

З "Бацькаўшчынай" Хведар Якубавіч быў ад самага пачатку і не пакідаў Згуртаванне без падтрымкі нават у самыя неспрыяльныя для арганізацыі перыяды. Ён быў верным сябрам і паплечнікам нашага Згуртавання. Смерць Хведара Нюнькі для нас - непапраўная страта.

ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае спачуванні родным спадара Хведара, а таксама ўсім, хто яго ведаў. Мы шчыра смуткуем разам з вамі.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

ЗЫХОД У ВЕЧНАСЦЬ

Не жыве больш наш знакаміты грамадска-культурны дзеяч, вядомы ў Віленшчыне і ў Беларусі, спадар Хведар Нюнька. Памёр 15-га жніўня. З 1989 года па 2014 ён кіраваў Таварыствам беларускай культуры ў Летуве (ТБК). Калі ў пачатку 2000-х Масква і яе прыхлябаі ўзяліся нішчыць беларускія арганізацыі ў замежжы, то найперш дзякуючы пазіцыі і энергіі Хведара, ТБК было ўратавана ад расколу і перакупу і па сённяшні дзень стаіць на адраджэнцкіх пазіцыях актаў 25 Сакавіка і 25 Жніўня.

Хведар Нюнька быў энергічны і крэпкі чалавек. На здароўе не скардзіўся. Бацька ягоны пражыў 96 га-доў, працуючы і не хварэючы. І Хведар мусіў бы пражыць не менш, калі б не збег няшчасных выпадкаў. Другога выпадку ягоны арганізм не перажыў. Вельмі шкада. Хоць яму было ўжо 90 гадоў, але смерць сталася заўчаснай. Такі, магчыма, лёс Хведара. Беларускае грамадства панесла страту. Яшчэ шмат што было не зроблена, не ўспомнена, не запісана, не апублікавана.

Мне запомніўся ягоны расповед, як у 1944 годзе ў Вільні, куды ён толькі што пераехаў і жыў у добра мне вядомым доме на Завальнай, аднойчы на світанні пачулася хорам спяваная жаўнерская песня-гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Зірнуў у вакно: па вуліцы калонаю ішлі жаўнеры БКА (гэта былі якраз аддзелы Барыса Рагулі), якія ўступілі ў Вільню і крочылі далей у Прусію на ўзбярэжжа. У вялікім ўзрушэнні малады Хведар і бацька ягоны сталі на калені і пачалі маліцца. Слёзы цяклі з вачэй...

Шкода, што не ўдалося яшчэ дажыць да светлага часу, калі вернуцца жаўнеры БКА, ідучы маршам па бруку, і Сцяг Беларускі, бы вецер, лунаў бы над галовамі. Яны вернуцца...

Бывай, Хведар Якубавіч. Пухам табе Віленская наша зямля.

16 жнівень 2018 г. Зянон Пазьняк.

95 гадоў з дня нараджэння Земавіта Фядэцкага

Земавіт Фядэцкі нарадзіўся 22 жніўня 1923 года ў Лябядзе на Лідчыне. Тут правёў дзяцінства і перажыў вайну. У вёсцы Феліксава ў 1942 годзе сабраў і апрацаваў вялікую колькасць беларускіх народных песень, якія выдаў у 1992 годзе пад назвай "Цёплыя вечары ... ды халодныя ранкі... czyli co spiewano w Feliksowie". З лёгкай рукі аўтара кніга трапіла ў многія краіны свету, аж да Новай Зеландыі. У Італіі зборнік назвалі "песнямі Атлантыды".

У 1948 - 1950 гадах Земавіт Фядэцкі працаваў шэфам рэдакцыі рускай літаратуры ў выдавецтве "Czytelnik" ("Чытач"). У 1950 годзе супрацоўнічаў са штомесячнікам "Tworczosc" ("Творчасць"). У тым жа 1950 годзе стаў аташэ па культуры польскай амбасады ў Расіі. Дзякуючы знаёмству з Барысам Пастарнакам, прывёз у Польшчу асобнік "Доктара Жывага" і надрукаваў у 1957 годзе фрагмент у штоквартальніку "Opinie" ("Водгукі"). Гэта была першая ў свеце публікацыя тэксту Пастарнака. Працаваў таксама карэспандэнтам "Рэчыпаспалітай" у Маскве. Перакладаў на польскую мову творы рускай, беларускай і французскай літаратуры.

У 1954 годзе ў Варшаве ўзнік STS - Студэнцкі тэатр сатырыкаў, для якога Фядэцкі пісаў тэксты кабарэ, песні, у т.л. "Chyba tak", "Piosenka dla konduktora", "Piosenka o koledze". Дзякуючы Фядэцкаму, у STS прайшла сусветная прэм'ера п'есы "Эльжбета Бам" Данііла Хармса.

Земавіт Фядэцкі вельмі моцна любіў Беларусь. Пабываўшы ў розных краінах свету, казаў: "У Беларусі мне найлепей." У 1996 годзе наведаў Ліду і Лідчыну, удзельнічаў у працы 2-га з'езду лідзян, сустрэўся з колішнімі сябрамі ў Феліксаве, Парачанах, Скрыбаўцах, Мажэйкаве і ў Гасцілаўцах, быў прыняты цёпла і сардэчна. Ён глядзеў на свет скрозь прызму беларускай вёскі, дзе ён нарадзіўся і перажыў нямецкую акупацыю.

Памёр 8 студзеня 2009 года ў Варшаве.

Вікіпедыя.


16 верасня ў Мажэйкаве Лідскага раёна пройдзе 2-гі адкрыты фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага. Запрашаем.

Сустрэча ў сядзібе ТБМ

19 жніўня ў сядзібе ТБМ адбылася сустрэча старшыні ТБМ, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім з сябрамі Клуба "Літаратурна-музычная гасцёўня "Крыніца" з Баранавіч: Здановіч Ірынай, Скіпар Рэгінай, Раманчук Раісай, Цымбалавай Інай і Яцук Таццянай.

Падчас спаткання госці (а сярод іх ёсць сябры ТБМ, а таксама сябры абедзвюх пісьменніцкіх арганізацый) больш даведаліся пра дзейнасць ТБМ, пра нашы перыядычныя выданні, а таксама пра мерапрыемствы, якія ладзяць сябры арганізацыі. Для ТБМ былі прэзентаваны некалькі паэтычных зборнікаў, якія можна будзе пабачыць у сядзібе.

Акрамя таго, госці з Баранавіч распавялі пра сябе, свае зацікаўленні, а таксама праспявалі песні, якія яны складаюць самі на свае вершы. Некаторыя з гэтых песень маглі б добра ўпісацца ў рэпертуар як дарослых, так і дзіцячых калектываў. Напрыклад, "Півоні", "У купальскую ноч".

Сустрэча доўжылася больш за гадзіну. Напрыканцы старшыня ТБМ падаравала кнігі А.Усені "Грэх" і С.Шупы "Падарожжа ў БНР", а таксама некалькі нумароў "Нашага слова" для ўдзельнікаў клуба.

Наш кар.

Ці не спадар Быстрыцкі прабраўся ў "Будзьма беларусамі"?

Не паспела Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" абвесціць пра рэальныя крокі па ўвасабленні ідэі ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, як у СМІ пайшла негатыўная хваля з боку розных асоб. Што цікава, пачатак заклала дзяржаўная газета "СБ". Працяг мы ўжо знаходзім у "Лідскай газеце". І вось новая публікацыя: на сайце "Будзьма беларусамі!" Можа, не варта было б звяртаць увагу на такое меркаванне калумніста, якое можа не супадаць з думкай кампаніі (а можа супадаць!), але ж назва сайта…

Пытанне, якое ставіць Багдан Сакалоў, гучыць так (не больш і не менш): Ці настолькі гэта патрэбна беларускаму грамадству? Перад гэтым аўтар сам сцвярджае, што большасць людзей у сацсетках выказалася наконт стварэння ўніверсітэта станоўча. Калі зыходзіць з гэтага факту, то напрошваецца лагічная выснова: Так, грамадству гэта патрэбна. Аднак, Багдан Сакалоў чамусьці ставіць пад сумнеў права грамадства на такую думку. Мала таго, ён лічыць, што ўніверсітэт з беларускай мовай не павінен функцыянаваць у Беларусі. Пакінем паза ўвагай разважанні аўтара пра тое, што і як ён убачыў у канцэпцыі ўніверсітэта, яго гіпатэтычныя меркаванні наконт хібаў у будучай дзейнасці прыватнай установы адукацыі. Задамо адзінае пытанне, дзеля якога вядуцца ўсе гэтыя спрэчкі: Каму і па якой прычыне муляе ідэя ўвасаблення ўніверсітэта з беларускай мовай навучання менавіта ў Беларусі?

І відавочна наступнае. Найперш, гэтаму будуць шкодзіць тыя сілы ў дзяржструктурах, якія на дух не пераносяць беларускую мову, працуюць на ідэю "русского мира", і бачаць у беларусах толькі парабкаў на сваёй уласнай зямлі. Зразумела, што ў такім жа духу мысляць і адпаведна дзейнічаюць прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый, якія фінансуюцца з Усходу менавіта з мэтай раскалоць беларускае грамадства, паставіць пад сумнеў дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі. А ў якой ступені салідарныя з імі ў сваіх думках і дзеяннях Багдан Сакалоў і яго аднадумцы, пытанне рытарычнае.

Можна толькі пашкадаваць, наколькі меркантыльныя інтарэсы асобных людзей (а гэта выразна праступае праз усю публікацыю, нягледзячы на пафасныя разважанні пра Балонскі працэс і дэмакратычнасць ЕГУ), стаяць вышэй за інтарэсы грамадства і краіны. Што ж, уся наша гісторыя гэтаму сведчанне. Мы ж сваю задачу бачым у тым, каб даць магчымасць і перспектыву якаснага сучаснага навучання на беларускай мове ў ВНУ менавіта ў Беларусі. Дзеля гэтага працуем, дзеля гэтага гуртуем аднадумцаў і паплечнікаў унутры краіны і за яе межамі сярод розных сфераў беларускага грамадства, у тым ліку і сярод чынавенства. Бо як паказвае досвед сучаснага развіцця розных краін свету (Польшча, Украіна, Ізраіль і шмат іншых) нацыянальная мова з'яўляецца адным з асноўных фактараў умацавання дзяржаўнасці любой краіны.

Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны

Алена Анісім.

"Яцвяжскі слоўнічак". Што гэта?

Сорак гадоў таму ў беларускай частцы Белавежскай пушчы быў знойдзены "Яцвяжскі слоўнічак". Ён дагэтуль не дачакаўся ўвагі беларускіх навукоўцаў.

Ад безуважнасці да..?

Няўвага беларускай навукі і не дужа здзіўляе - у слоўнічку, які знойдзены за 200 км ад цяперашняй мяжы з Літвой, на дзве траціны балцкая лексіка, вядомая з літоўскай, латышскай, старапрускай моў. Ці маем сярод беларускіх мовазнаўцаў адмыслоўцаў, якія б маглі арыентавацца ў гэтай стыхіі адначасова, - пытанне рытарычнае.

Дзіўна, але ў Беларусі дагэтуль няма ніводнай універсітэцкай кафедры балтыстыкі - нягледзячы ні на багацце балцкіх рачных і азёрных назваў, ні на ўплецены ў беларускія гаворкі багаты балцкі лексічны слой. Напрыклад, толькі з косаўскай гаворкі, што зафіксаваная ў выдадзеным нябожчыкам Зайкам слоўніку, аўтар гэтых радкоў вычапіў пад паўсотню каларытных балтызмаў, публікацыя неўзабаве з'явіцца.

Негатыўнае стаўленне да "балцкай тэмы" ў БССР добра ілюструецца хоць бы забаронай навуковай канферэнцыі "Этнагенез беларусаў", якую рыхтавалі правесці ў Менску ў 1973-м годзе. Тады ігнараванне "Яцвяжскага слоўнічка" было заканамерным, але неразумна ігнараваць яго цяпер. Здаецца, гэтым летам хіба што ў пружанскай раённай газеце "Раённыя будні" адным абзацам згадалі 40-гадовы юбілей знаходкі, і тое дзякуючы мастацкаму фестывалю "Рэха даху", на якім прагучаў выступ пра слоўнічак.

Быў ці не?

Цікава, што акалічнасці агалошвання "Яцвяжскага слоўнічка" чымсьці нагадваюць сітуацыю з "Менскай малельняй", і гэты паралелізм надае таямнічасці і першаму, і другому. Нагадаю, што збіральнік звестак пра народную спадчыну Міхаіл Кацар у сваім дзённіку пад 1940-м годам (тады яму было крыху больш за трыццаць год) запісаў ад жыхароў Менска пра "менскую малельню" на беразе Свіслачы, у складзе якой быў і вялікі камень. Той камень, як вядома, цяпер у Музеі валуноў. Дык вось, Кацараў дзённік згарэў разам з ім самім падчас загадкавага пажару ў яго хаце ў 1995 годзе. Але дзённік быў перапісаны, і ў копіі дайшоў да нас. Больш ніякіх сведчанняў пра "Менскую малельню" ніхто не зафіксаваў і не здабыў.

А паралель з "Яцвяжскім слоўнічкам" тут вось якая. Улетку 1978 года 18-гадовы шукальнік старыны на прозвішча Зінаў падарожнічаў па Белавежскай пушчы, хадзіў ад вёскі да вёскі, пытаючы пра цікавыя старыя рэчы. На хутары ў раёне колішняга балота Вялікі Нікор (у савецкія часы балота было асушанае, і толькі залетась пачалі трохі аднаўляць) у Пружанскім раёне, у старога дзеда выкупіў кніжку з малітвамі на лаціне. А ў канцы малітоўніка былі ўплеценыя некалькі старонак (шэсць ці сем) з рукапісным тэкстам. Тыя старонкі мелі загаловак па-польску "Паганскія гаворкі з Нараву" (Poganskie gwary z Narewu).

Дык вось, потым Зінаў пайшоў у войска, а яго бацькі выкінулі ўсе кніжкі з рэлігійным зместам, у тым ліку і гэты малітоўнік. Але Зінаў заранёў перапісаў слоўнічак, бо не ўсе літары добра чыталіся, а яму, як даследчыку, хацелася большай яснасці. У 1983 годзе Зінаў даслаў копію ў Віленскі ўніверсітэт, там слоўнічкам заняўся нябожчык лінгвіст Зінкявічус, які ў 1984 годзе надрукаваў артыкулы на гэтую тэму ў віленскім і маскоўскім навуковых часопісах. Праз год былі і іншыя мовазнаўчыя публікацыі.

Што вядома

Такім чынам, вызначаючы, ці слоўнічак - праўдзівы, можам абапірацца толькі на аналіз лексікі з "Яцвяжскага слоўнічка". А лексіка там разнастайная. На думку мовазнаўцаў, гэта або істотна літуанізаваная яцвяжская мова, або гэта моцна яцвягізаваная літоўская мова, або, нарэшце, гэта запісаныя разам словы і з яцвяжскай, і з літоўскай мовы (загаловак жа ў слоўнічка "гаворкі", а не "гаворка").

Яшчэ пра слоўнічак вядома, што на хутар той малітоўнік прывезлі з блізкага датуль мястэчка Белавежа. Складальнікам слоўнічка, відаць, быў каталіцкі святар, бо малітоўнік на лаціне, а слоўнічак ён назваў "паганскія гаворкі". Таксама ён, відаць, быў тутэйшым па паходжанні, бо ў "польскай" перакладзенай частцы слоўнічка часам сустракаюцца беларускія словы ("белы", а не "бялы" і інш.) ці крэсовыя (zwyciezywac). З "Яцвяжскага слоўнічка" вядома больш за дзвесце слоў. Усе рукапісы сёння захоўваюцца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.

У віленскім часопісе "Балтыстыка" Зінкявічус апублікаваў водгук знакамітага маскоўскага балтыста Тапарова на "Яцвяжскі слоўнічак" (у маскоўскую публікацыю ў "Балцка-славянскіх даследаваннях" гэты водгук не ўвайшоў): "Сам слоўнічак зрабіў на мяне вельмі глыбокае ўражанне бясспрэчнай сапраўднасці і арыгінальнасці. Больш за тое, ён фіксуе тую стадыю ў развіцці яцвяжскай мовы (і/або тую гаворку), пра якую паводле наяўных рэштак гэтай мовы мы не мелі ніякага ўяўлення. Таксама цікавыя і павучальныя ў слоўнічку як індаеўрапейскія архаізмы, якіх няма ў вядомым балцкім матэрыяле, так і сляды пазнейшых кантактаў (з нямецкай мовай). Дужа нетрывіяльныя некаторыя словаўтваральна-марфалагічныя рысы. Нарэшце, асаблівую цікавасць уяўляюць асобныя факты, што кідаюць святло на пераходныя працэсы ад балцкай стадыі да праславянскай".

Пярун і Пяркус

Хочацца адзначыць хіба што пару слоў "Пяркус - Лаўме", ля якіх польскага перакладу няма, але пазначана "паганскія". Па-першае, гэтыя словы выглядаюць імёнамі боскай пары - нябеснага ўладара і зямной уладаркі. А па-другое, ва ўсіх іншых балцкіх мовах імя бога Грымотніка мае суфікс - Пяркунас, Пэрканс, Перкунс - а тут маем прамы адпаведнік, напрыклад, тракійскага "Пэркас".

Варта нагадаць, што той жа Тапароў бачыў корань, што прысутны ў імёнах балцкага Грымотніка, у назве "дуб Пракурон" з беларускай замовы з Пасожжа - дакладней, з вёскі Лабанаўка пад Чэрыкавам (дарэчы, там жа побач і вёскі Гром і Грамабой). Гэтую назву ён лічыў архаізмам і параўноўваў з індаеўрапейскім абазначэннем дуба perkur /perkun (суфікс у гэтым слове мяняўся ў залежнасці ад склону).

Таму верагодна, што раней за "Перуна" тут, на захадзе і на ўсходзе, мог быць і "Пяркун", а мо і проста "Пяркус". Замарозіўся ж у перанятым імені яшчэ аднаго дахрысціянскага боства "Вялеса" такі ж самы балцкі суфікс -с-

Паляшуцкая і яцвяжская

Нельга не прыгадаць і праекту "Етвызь" філолага Шаляговіча. У канцы 1980-х гадоў "яцвяжскаю" ён узяўся называць заходнепалескую гаворку, у якой, як вядома, багата ўкраінізмаў. Ці чуў ён пра "Яцвяжскі слоўнічак"? Дык пра яго пісалі за некалькі гадоў да таго, не мог не чуць. І тым не менш чамусь паспрабаваў напоўніць зусім іншым зместам слова "яцвяжскі". І на нейкі час яму гэта ж удалося. І ў наш час часам сустрэнеш допіс кшталту "вы кажаце пра страчаныя балцкія гаворкі ў Беларусі, а мы ў нашай вёсцы па сёння размаўляем на старажытнай балцкай яцвяжскай мове".

Шаляговічаву ініцыятыву, відаць, трэба лічыць адзіным водгукам у Беларусі на з'яўленне "Яцвяжскага слоўнічка". Праўда, тая ініцыятыва была не ў тым, каб падсвяціць і даць жыццё, а ў тым, каб схаваць і запхнуць назад пад лаўку.

Але ці можна аднавіць тую "яцвяжскую" мову на грунце тых слоў, што ў "Яцвяжскім слоўнічку"? Аднавілі ж у 1990-х прускую мову, грунтуючыся на матэрыяле трох перакладзеных Катэхізмаў і вызначаных лінгвістам Мажулісам сувязях старапрускай з іншымі балцкімі мовамі. Відаць, можна - вызначыўшы, дзе відавочныя літоўскія запазычанні, дзе нямецкія, а дзе іранскія ці венгерскія.

А калі без аднаўлення, дык дастаткова проста разумець важнасць: "Яцвяжскі слоўнічак" - адзіная захаваная крыніца, па якой можна хоць штось уявіць пра той вялізны масіў страчаных балцкіх гаворак па-за тэрыторыямі ўжытку літоўскай, латышскай і старапрускай моў. Крыніца гэтая ў чымсьці няпэўная, але іншых няма.

Алесь Мікус. (Паволде розных СМІ,)


Дык чаму ж яцвягі нікому не патрэбныя? А таму, што менавіта яцвягі ёсць той загадкавы балцкі субстрат беларускага этнасу, пра які мы сяды-тады кажам, але расшыфраваць не адважваемся. А паколькі беларускай навуцы не трэба нічога, што было да 3 ліпеня 1944 года, то не трэба і нейкія там яцвягі. Хоць менавіта яцвяжскія плямёны літва, дайнава, судава, нальшаны і інш. ёсць ядро беларусаў. І гэта ад іх у нас вечнае імкненне да незалежнасці.

С. Суднік.

Зецельская гаворка

Зецельская гаворка - вымералая гаворка балцкай групы з арэалам на паўночным захадзе Рэспублікі Беларусь.

Адносіцца да дробных гаворак балцкай групы, якія ў арэальным дачыненні ўяўляюць сабою сукупнасць астраўных гаворак гэтай групы, якія аточаны арэалам беларускай мовы ў наваколлі сучаснага горада Дзятлава (Зецела).

У 1886 г. на зецельскай гаворцы размаўлялі 1156 жыхароў пяці вёсак Зецельскай воласці (Норцавічы, Пагіры, Засецце, Яцвезь, Карпяшы). У 1960 г., падчас паездкі А. Відугірыса, па-літоўску разумелі толькі 32 асобы, з якіх добра ведалі мову 15 жыхароў вёскі Засецце. Паводле даследаванняў Т. Суднік станам на 1975 г. захоўвалася каля 30 носьбітаў зецельскай гаворкі, якія пражывалі ў двух населеных пунктах Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці, у вёсках Пагіры і Засецце. Апошні вядомы носьбіт гаворкі памёр у 1988 годзе.

У першую чаргу былі адзначаны архаічнасць гаворкі і шматлікасць славянскіх запазычанняў, што сведчаць аб доўгім і цесным кантакце са славянамі. У генетычным дачыненні зецельская гаворка адносіцца да балцкай групы, спалучаючы ў сабе, між іншага, не толькі ўсходнебалтыйскія, але і заходнебалтыйскія рысы. А. Відугірыс адзначаў асаблівасці зецельскай гаворкі, якія збліжаюць яе з арэалам заходніх аўкштайтаў, продкі якіх (на думку А. Відугірыса - яцвягі-дайнава) у старажытныя часы жылі ў тым ліку на тэрыторыях, заселеных цяпер паўднёвымі аўкштайтамі.

Першы даследчык гаворкі Э. Вальтэр лічыў носьбітаў гаворкі нашчадкамі прусаў, якія былі пасаджаны Трайдзенем у наваколлях Слоніма. У сваіх даследаваннях Вальтэр засноўваўся на тэкстах Іпацьеўскага летапісу, у якіх утрымліваюцца пэўныя заходнебалтыйскія рэлікты. Пазнейшыя даследаванні, як правіла, мадыфікавалі гэтую гіпотэзу або прымалі яе (высоўваліся здагадкі пра тое, што балты Трайдзеня насамрэч з'яўляліся яцвягамі). Гэтай думкі прытрымліваліся перадусім такія гісторыкі, як А. Непакупны, Я. Атрэмбскі, Е. Ахманьскі, У. Свяжынскі і А. Квяткоўская.

На думку А. Кібіня, яцвягі з'явіліся на левабярэжжы Нёмана ў ХІ ст., што па часе супадае з пажарамі і абарончымі працэсамі на многіх славянскіх паселішчах і стварэннем каменных курганоў (пахавальных помнікаў яцвягаў) на левабярэжжы Нёмана, якія, у сваю чаргу, сведчаць пра міграцыю яцвягаў з правага берага Нёмана на левы. Кібінь падсумоўвае, што продкі носьбітаў зецельскай гаворкі (яцвягі) з'явіліся ў раёне сучаснага горада Дзятлава менавіта ў ХІ ст.

Паводле Вікіпедыі.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

1849. Чайкова (Святлана) - вытвор з прыналежным суфіксам -ова ад антрапоніма Чайка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Чайкова. ФП: чайка ('вадаплаўная пералётная птушка з кароткімі нагамі, доўгімі крыламі і густым апярэннем, якая жыве на берагах мераў, рэк, азёр', а таксама 'пласкадонная лодка, пласкадонка') - Чайка (мянушка, потым прозвішча) - Чайкова.

1850. Чарняхоўскі (Іван) - вытвор з фармантам - скі ад тапоніма Чарняхова і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Чарняхоўскі.

1851. Чаропка (Вітаўт) - другасная форма, першасная Чарапок - семантычны вытвор ад апелятыва чарапок 'тое, што і чэрап - косці, якія ўтвараюць цвёрдую аснову галавы ў пазваночных', а таксама 'абломак, асколак разбітай глінянай, фарфоравай, шкляной і пад. пасудзіны'. Другасная форма - вынік замены фінальнага сегмента ок (ак) на ко (ка) дзеля адмежавання ад апелятыва. Пашыраная ў антрапаніі Беларусі: Бажок - Божко, Валок - Валко, Жучок - Жучко, Чарток - Чартко; на ўзор браток - братко (як зваротак).

1852. Чашнік (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва чашнік ('у старажытнасці - прыдворны, які ведаў, распараджаўся віннымі склепамі і адносіў віно і іншыя напіткі да царскага стала', а таксама 'манах, які ведаў манастырскімі віннымі склепамі і раздачай пітва ў час трапезы' (ТСБМ, т. 5 Кніга 2, с. 312)). Або ад рэгінальнага чашнік 'дружок' (адзін з распарадчыкаў у вясельным абрадзе (СНМЗ)), шафер - удзельнік вясельнага абраду, выканаўца, які трымае вянец над галавой жаніха (нявесты) (ТСБМ, т.5, кн. 2, с. 359).

1853. Чудзілоўскі (Сяргей) - вытвор з суфіксам - оўскі ад тапоніма Чудзілы з семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Чудзілоўскі. ФП: чудзіла (рус. чудила 'свавольнік, гарэзнік') - Чудзіла (мянушка, потым прозвішча) - Чудзілы (тапонім) - Чудзілоўскі.

1854. Чыстабаеў (Якаў) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -еў ад антрапоніма Чыстабай і значэннем 'нашчадак названай асоб': Чыстабайеў(эў). ФП: чыстая байка ('сапраўдная байка, пачутая ад баечніка') - чыстабай ('той, хто добра бае') - Чыстабай (мянушка, потым прозвішча) - Чыстабаеў.

1855. Чэкель (Вацлаў) - семантычны вытвор ад апелятыва чэкель 'той, хто чакае, чакальнік'; параўн. польск. czekanie; іншыя ўтварэнні з суфіксам -ель: круцель, вярзель 'пустамеля', раўгель 'плакса', шумель 'неспакойны, шумлівы' ("Беларускае народнае словаўтварэнне").

1856. Чэчат (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва чэчат 'назва птушкі' (Даль).

1857. Шаламіцкі (Дзмітрый) - вытвор з фармантам -іцкі ад тапоніма Шаламы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Шаламіцкі. ФП: шолам ((рэг.) 'шум, крык') - Шолам (мянушка, потым прозвішча) - Шаламы (тапонім - мясцовасць з прозвішчамі Шолам) - Шаламіцкі.

1858. Шаланда (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва шаланда 'невялікая несамаходная з мелкай пасадкай баржа для пагрузкі і разгрузкі караблёў', а таксама 'ветразьная пласкадонная рыбацкая лодка (на Чорным моры)'.

1859. Шандроха (Нона) - мажлівая другасная форма ад Сандроха - якая ад імя Сандра - экспрэсіўны суфікс - ох-а (як лоб - лабоха): Сандроха, з менай С > Ш (параўн. Сіман - Шыман). Імя набыло функцыю прозвішча праз ступень празвання.

1860. Шанскі (Максім) - вытвор з суфіксам -скі ад 1) антрапоніма Шанс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шансскі - Шанскі; 2) тапоніма Шансы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Шансскі. ФП: шанс ('тое, што і шанец' верагодная магчымасць ажыццяўлення чаго-небудзь) - Шанс (мянушка, потым прозвішча) - Шансы ('мясцовасць з прозвішчамі Шанс') - Шанскі.

1861. Шапцябой (Васіль) - магчымы семантычны вытвор ад апелятыва шапцябой 'тое, што і шапавал' ('майстар, які вырабляе валеннем воўны капелюшы і іншыя рэчы (устар.)' ці 'адметны майстар, які вырабляе (толькі) шапці (шапкі)').

1862. Шастаковіч (Дзмітрый) - вытвор з суфіксам -овіч ад антрапоніма Шастак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шастаковіч. ФП: шастак ('сярэбраная манета ў сярэднявечнай Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім вартасцю ў шэсць грошаў') - Шастак (мянушка, потым прозвішча) - Шастаковіч [нараджэнец белар. горада Мядзель].

1863. Шах (Марына) - семантычны вытвор ад апелятыва шах 'тытул манарха ў некаторых краінах Усходу, а таксама асоба, якая носіць гэты тытул' (<персід. shaah mat 'цар памёр').

1864. Шахін (Леанід) - рэканструкцыя назоўніка жаночага роду шахіня ('жонка шаха') у мужчынскі род (адцінанне канчатка ) шахін (з семантыкай 'той, хто належыць да манархічнага чына') у ролі прозвішча (праз антрапанічную семантызацыю).

1865. Шаціла (Ганна) - семантычны вытвор ад апелятыва шаціла (рэг.) 'той, хто шатаецца, ходзіць без справы, бадзяга' (Даль) (укр.) 'ілгун' (Грынч.).

1866. Шваб (Андрэй) - семантычны вытвор ад шваб, мн. швабы 'абласная група нямецкага насельніцтва былога герцагства Швабія' (ТСБМ, т. 5, кн. 2, с. 362).

1867. Швабовіч (Мікалай) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Шваб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Швабовіч. Гл. Шваб.

1868. Швайбовіч (Анастасія) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Швайба і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Швайбавіч - Швайбовіч.

1869. Швайко (Ірына) - другасная форма, першасная Швайка - семантычны вытвор ад апелятыва швайка 'плоскае шыла, якім колюць свіней'. Форма з фінальным для адмежавання ад апелятыва; як і Лапо < Лапа, Дыро < Дыра...

1870. Шляхто (Ян) - зыначаная (на ўзор расейскіх прозвішчаў з фінальным ) форма прозвішча Шляхта, што ад апелятыва шляхта (гіст.) 'прывілеяванае саслоўе - дробнапамеснае дваранства - у Польшчы, Літве, на Беларусі ў 13 - пачатку 20 стст.'.

1871. Шорац (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва шорац. Гл. Шорка.

1872. Шорка (Ніна) - семантычны вытвор ад апелятыва шорка 'жаночы род ад шорцы' - назва цюркскай народнасці (Томская вобласць) (М. Фасмер, т. 4, с. 468).

1873. Шосцік (Наталля) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Шост і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шостік - Шосцік (параўн. Адамік, Лукашык). ФП: шост ('доўгая тонкая палка ці жэрдка') - Шост (мянушка) - Шост (прозвішча) - Шосцік.

1874. Шукевіч (Вандалін) - вытвор з суфіксам -евіч ад антрапоніма Шук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шукевіч. ФП: шукаць ('старацца знайсці або выявіць', 'старацца атрымаць', 'імкнуцца да новага') - шук ('той, хто шукае') - Шук (мянушка, потым прозвішча) - Шукевіч. Або ад татарскага 'балаўнік, свавольнік, гарэза' (ТРС).

1875. Шуневіч (Антон) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -евіч ад антрапоніма Шунь (Шуня) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шуневіч. ФП: шунуць ('раптам паліцца, хлынуць, уварвацца ў што-н.', а таксама 'пайсці масай' (пра людзей), 'паступіць у вялікай колькасці') - шун/шуня ('тое, што хлынула') - Шуня (мянушка) - Шуня (прозвішча) - Шуневіч.

1876. Шчарбінскі (Аляксандр) - вытвор з фармантам -скі/інскі ад тапоніма Шчарбіны / Шчэрбы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Шчарбінскі, Шчэрбінскі - Шчарбінскі. Або вытвор з прэстыжным суфіксам -інскі ад прозвішча Шчэрба (Шчэрбінскі - Шчарбінскі).

1877. Шыёнак (Андрэй) - вытвор з суфіксам -онак (-ёнак) ад антрапоніма Шыя і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шыйонак - Шыёнак. ФП: шыя ('частка цела, якая злучае галаву з тулавам') - Шыя (мянушка, потым прозвішча) - Шыёнак.

1878. Шык (Уладзімір) - семантычны вытвор ад шык (рэг.) 'шыхт', 'шарэнга, парадак', 'шэпт, перашэптванне' (Нас.). Або нульсуфіксавае ўтварэнне ад шыкаць 'шаптацца, перашэптвацца' (Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны).

1879. Шынкарэвіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Шынкар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шынкарэвіч. ФП: шынок ('невялікі пітны дом, месца продажу спіртных напояў') - шынкар ('уладальнік шынка') - Шынкар (мянушка, пазней прозвішча) - Шынкарэвіч.

1880. Шэпель (Алег) - семантычны вытвор ад шэпельшапель) (рэг.) 'шапялявы чалавек' (М. Бірыла "Беларуская антрапанімія", с. 466).

1881. Якутаў (Дзяніс) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Якут і значэннем 'нашчадак названай асобы': Якутаў. ФП: якут, мн. якуты 'народ цюркскай моўнай групы, які складае асноўнае насельніцтва Рэспублікі Саха (Якуціі), што ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі'. Або ад народнай формы Якут канан. Якаў (<яўр. 'які ідзе следам за кім-небудзь; перашкода' ) з суфіксам -аў: Якутаў.

1882. Яленскі (Валерый) - вытвор з фармантам - скі ад тапоніма Ялены і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Яленскі. ФП: Алена (імя <грэц. Helenа 'сонечная' - < hele 'сонечнае святло') - Ялена (народны варыянт) - Ялена (празванне, потым прозвішча) - Ялены ('мясцовасць з прозвішчамі Ялена') - Яленскі. Або ад дыялектнай формы слова яліна (вымаўляецца [jaliэна]), якая набыла ролю тапоніма): Ялена - Яленскі.

1883. Яловік (Павел) - семантычны вытвор ад апелятыва яловік 'маладая, яшчэ мяккая шышка' (Даль) або 'той, хто жыве ў "яловым" лесе - ельніку'. Ці вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Ялавы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ялавік. ФП: яловы ('ялавы, бясплодны') - Ялавы (мянушка, потым прозвішча) - Яловік.

1884. Янчэўскі (Усевалад) - вытвор з фармантам - оўскі (-еўскі) ад антрапоніма Янка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Янкеўскі - Янч(к/ч)эўскі. Або ад тапоніма Янкі / Янакі і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Янчэўскі.

1885. Ярмашук (Людміла) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Ярмаш і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Ярмашук. ФП: Ермалай (імя <грэч. 'які абвяшчае што-небудзь народу') - Ярмош (народны варыянт, 1577 г.) - Ярмош (празванне, потым прозвішча) - Ярмашук.

1886. Яўневіч (Міхаіл, Міхась) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -евіч ад антрапоніма Еўня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Еўневіч - Яўневіч. ФП: еўня ('асець' ('памяшканне пры гумне для сушкі снапоў перад малацьбой') (СПЗБ, т. 2, с.123, ВСБМ, с.300)) - Еўня (мянушка чалавека з частым выкарыстаннем у маўленні слова "еўня") - Еўня (прозвішча) - Яўневіч.

1887. Яхантава (Аліна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Яхант са значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Яхантава. ФП: яхант ('каштоўны камень', 'ювелірны выраб' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1131) - Яхант (мянушка, потым прозвішча) - Яхантава.

1888. Яцкевіч (Аркадзь) - вытвор з суфіксам бацькайменя -евіч ад антрапоніма Яцка, Яцак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Яцкевіч. ФП: Яцка (імя <польск. Яцек <яўр. 'Бог мілуе') - Яцка (Яцэк) (празванне, потым прозвішча) - Яцкевіч.

1889. Яцэвіч (Антон) - вытвор з суфіксам -эвіч ад антрапоніма Як і значэннем 'нашчадак названай асобы' Якевіч, Яцэвіч. ФП: як ('буйная жвачная жывёліна з доўгай поўсцю і рагамі, якая водзіцца ў цэнтральнай Азіі') - Як (мянушка, пазней прозвішча) - Як'евіч - Яц(к/ц)эвіч.

1890. Яцэнка (Вольга) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Яц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Яцэнка. ФП: Яцэк (імя <польск. Jacek) - Яц (народная форма, празванне, потым прозвішча) - Яцэнка.

Змаганне за нацыянальную сімволіку

З архіва Алега Трусава

25 жніўня 1991 года пасля правалу путчу ГКЧП намаганнямі апазіцыі БНФ у Вярхоўным савеце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ад 27 ліпеня 1990 года была нададзена сіла канстытуцыйнага закона. Неўзабаве нацыянальная сімволіка герб "Пагоня", бел-чырвона-белы сцяг і наверш з выявай малога герба (крыж Ефрасінні Полацкай) была прынята ў якасці дзяржаўнай.

Але пад прыкрыццём рэферэндуму 14 траўня 1995 года была адноўлена злёгку папраўленая БССР-аўская дзяржаўная сімволіка. Для абароны нацыянальных сімвалаў у Беларусі паўстаў "Грамадскі камітэт абароны беларускай нацыянальнай гістарычнай сімволікі". Мелі месца спробы юрыдычна аспрэчыць адмену нацыянальнай сімволікі. У архіве Алега Трусава захаваліся дакументы той эпохі, якія мы сёння прапануем нашым чытачам.

ЗАЯВА

Грамадзкага камітэту абароны беларускай нацыянальнай гістарычнай сымболікі

Нашай дзяржаве пагражае небясьпека - страта незалежнасьці. Сёньняшняе кіраўніцтва, няздольнае вывесьці краіну з глыбокага эканамічнага крызісу, імкнецца схаваць сваё бясьсілле ў далучэньні Беларусі да Расеі і ў рэанімацыі былой савецкай імпэрыі - СССР. З гэтай мэтай захоўваюцца на нашай зямлі расейскія вайсковыя аб'екгы, зьліквідаваныя ўсходняя мяжа і мытні, падпісаныя рабаўнічыя эканамічныя пагадненьні.

Адначасна вядзецца франтальны наступ на галоўныя нацыянальна-вызначальныя каштоўнасьці беларускага народу і асноўныя чыньнікі дзяржавы - мову, культуру, гісторыю, нацыянальныя сымбалі. Інтэнсіўна зьнішчаецца беларуская школа і ўся сыстэма выхаваньня і асьветы, беларуская мова выцясьняецца з усіх сфэраў ужытку, перапісваюцца на імпэрскі лад школьныя падручнікі - нішчыцца гістарычная памяць; робіцца ўсё для разбурэньня нацыянальнай самасьвядомасьці народу.

Ганебнаю праяваю гэтага наступу стаў інсьпіраваны антыбеларускімі шавіністычнымі сіламі травеньскі "рэфэрэндум", праведзены зь відавочнымі парушэньнямі Канстытуцыі і законаў дзяржавы, па пытаньнях, па якіх нідзе ў цывілізаваным сьвеце народнае апытаньне немагчымае. Але нават ва ўмовах бессаромнага гвалту над дэмакратыяй, афіцыйнага ўціску, кампаніі хлусьні і падману ў сродках масавай інфармацыі больш за палову выбаршчыкаў выказалася за захаваньне ў якасьці дзяржаўных сымбаляў гістарычнай Пагоні і бел-чырвона-белага сьцягу. Вынікі гэтага "рэфэрэндуму" не зацьверджаныя Вярхоўным Саветам і ня маюць юрыдычнай сілы. Таму герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг адпаведна закону ад 19 верасьня 1991 года зьяўляюцца афіцыйнымі дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі. Гвалтоўнае насаджэньне прэзыдэнцкай сымболікі ў краіне незаконнае.

Гэтая фактычна нязьмененая БССР-аўская сымболіка, абразьлівая і зьневажальная для нашага народу, дае сьвету ілжывае ўяўленьне пра народ і краіну. Створаная насуперак законам геральдыкі і эстэтыкі, яна пазбаўленая ўсялякага сэнсу. Нездарма ж прэзыдэнтам на сьмех усяму сьвету абвешчаны конкурс на патлумачэньне ягоных сымбаляў. Марная справа, марная трата сродкаў.

Нацыянальную сымболіку нельга стварыць штучна, немагчыма і адмяніць яе загадам. Яна - выяўленьне духу народу і мастацкае ўвасабленьне народных эстэтычных і маральных каштоўнасьцяў.

Гісторыя нашай Айчыны асьвечаная спрадвечнымі нацыянальнымі сымбалямі - гербам Пагоня і бел-чырвона-белым сьцягам. Наша Пагоня - адзін з самых старажытных дзяржаўных гербаў у Эўропе і сьвеце. Яго ўзьнікненьне сягае ў глыбокую мінуўшчыну нашага народу. Летапіс зазначыў, што 700 гадоў таму, у канцы ХІІІ ст., ён набывае статус дзяржаўнага. "Рыцар збройны на кані" сымбалізуе абаронцу Бацькаўшчыны, сьведчыць пра неспатольную прагу нашага народу да Волі і Незалежнасьці. На шчыце вершніка разьмешчаны залаты шасьціканцовы крыж - сонечны знак Ярылы, сымбаль веры нябеснай заступніцы Беларусі - Эўфрасіньні Полацкай.

Белы і чырвоны - пракаветна-сакральныя, улюбёныя колеры беларусаў. Чырвоная паласа на бялюткім тле палотнішча сьцягу - гэта суладзьдзе чысьціні і мужнасьці, знак ахвярных Хрыстовых пакутаў, сьлед пралітай за Волю рыцарскай крыві.

Нашыя герб і сьцяг - высокі ўзор эстэтыкі і мастацкай дасканаласьці - яскравае сьведчаньне творчага генію народу.

Пад гэтымі сьвятымі сымбалямі нашыя продкі здабылі найбуйнейшыя свае перамогі: на Сініх Водах і пад Грунвальдам, пад Воршай і на рацэ Вуле, пад Кірхгольмам і Хоцінам. Гэтыя сымбалі луналі над паўстанцамі Якуба Ясінскага, вялі на бой за незалежнасьць Бацькаўшчыны касінераў Кастуся Каліноўскага, пад імі гінулі жаўнеры гераічнага Слуцкага Збройнага Чыну.

Усьведамляючы надзвычайную важнасьць нацыянальных гістарычных сымбаляў для захаваньня і ўмацаваньня незалежнасьці дзяржавы, разьвіцьця самасьвядомасьці нацыі, для гістарычнай будучыні народу, мы, прадстаўнікі патрыятычнай грамадзкасьці Беларусі, аб'ядноўваемся ў Грамадзкі камітэт абароны беларускай нацыянальнай гістарычнай сымболікі.

Камітэт ставіць мэты:

- цывілізаванымі, не супярэчнымі законам краіны сродкамі, дасягнуць аднаўленьня ў якасьці дзяржаўных нацыянальных гістарычных сымбаляў: гербу Пагоня і бел-чырвона-белага сьцягу;

- забясьпечваць пастаянную прысутнасьць нацыянальных гістарычных сымбаляў у жыцьці краіны і народу;

- прапагандаваць нацыянальныя гістарычныя сымбалі, ажыцьцяўляючы асьветную, дасьледчую, выставачную, выдавецкую ды іншую дзейнасьць.

Камітэт абвяшчае 1996 год у Беларусі годам гербу Пагоня і прапануе ўсім патрыятычна-дэмакратычным сілам, грамадзкім і палітычным арганізацыям краіны правесьці ў гэтым годзе сьвяткаваньне 700-х угодкаў яго дзяржаўнасьці.

Камітэт зьвяртаецца да дэпутатаў Вярхоўнага Савету з заклікам не зацьвярджаць вынікаў ганебнага травеньскага рэфэрэндуму, стварыць парламенцкую камісію па разглядзе адпаведнасьці сфармуляваных пытаньняў рэфэрэндуму Канстытуцыі і законам Беларусі, расьсьледаваньня парушэньняў заканадаўства пры правядзеньні рэфэрэндуму.

Камітэт заклікае ўсіх, каму дарагія незалежнасьць Айчыны і яе гістарычныя сымбалі, далучыцца да Камітэту дзеля дасягненьня ягоных мэтаў.

Мы перакананыя, што нашая Бацькаўшчына пераадолее ўсе нягоды і паўстане незалежнай, дэмакратычнай, квітнеючай краінай з вольным, годным, працавітым, заможным народам!

Жыве Беларусь!

Жывуць яе спрадвечныя сымбалі - герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг!

(Правапіс захаваны.)


Заява была падпісана найбольш віднымі дзеячамі беларускага грамадства, сярод якіх Янка Брыль, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Алег Трусаў, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі і многія іншыя.

Нажаль, лепшых людзей краіны ніхто не пачуў тады, як ніхто не чуе і цяпер.

Але справа вяртання нацыянальнай сімволікі ўжо рухаецца па спіралі гісторыі, і, па ўсім відаць, рухаецца ў наш бок.



26 мая 95 г. № 20-5/36

Першаму намесніку Генеральнагапракурора Беларусі сп. Кандрацьеву У. К.

Шаноўны Уладзімір Кандрацьевіч!

Я добра разумею, што зараз беларуская пракуратура (асабліва пасля "добраахвотнай" адстаўкі сп. Шаладонава) перажывае, дарэчы, як і ўся наша дзяржава, не зусім добры час. Тым не менш, ведаючы Ваш высокі прафесіяналізм, я звяртаюся да Вас, бо менавіта зараз ад кожнага з нас залежыць, ці будзе ў нас у рэшце рэшт прававая дзяржава ці дыктатура адной асобы.

Справа ідзе аб знявазе нашай дзяржаўнай сімволікі, якая была ўсталявана ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 1991 года, якія ніхто не адмяняў на сённяшні дзень.

Змаганне з дзяржаўнай сімволікай пачалося яшчэ пад час правядзення агітацыі за рэферэндум. Прывяду толькі некалькі прыкладаў. Гэта сумнавядомы фільм сп. Азаронка і ананімная лістоўка, раздрукаваная шматтысячным тыражом і развезеная на выбарчыя ўчасткі, у якой дзяржаўная сімволіка Беларусі называлася "позорной'" (гл. дадатак). Прычым, у Віцебскай вобласці гэта лістоўка на выбарчых участках раздавалася людзям і ў дзень галасавання. Дарэчы, гэтыя факты знайшлі адлюстраванне ў заяве дзяржаўнага дэпартамента ЗША (гл. дадатак).

Тым не менш, большасць жыхароў Беларусі адмовілася ад змены спрадвечных нацыянальных сімвалаў беларускага народа і пад час рэферэндуму за сімволіку, распрацаваную Прэзідэнтам і яго паплечнікамі, прагаласавала толькі 3 622 851 чалавек, што складае менш паловы ўсіх выбаршчыкаў нашай краіны, што былі ўнесены ў спісы для галасавання.

Такім чынам, у адпаведнасці з артыкулам 146 Канстытуцыі дзейнічаюць законы Беларусі, а не нейкія ананімныя распараджэнні Адміністрацыі Прэзідэнта аб змене дзяржаўнай сімволікі, якія былі зроблены яшчэ да афіцыйнага аб'яўлення вынікаў рэферэндуму.

Асаблівую ўвагу журналісты звярнулі на антызаконную дзейнасць Івана Ціцянкова, які падраў на шматкі дзяржаўны беларускі сцяг.

Прашу Вас разгледзець гэты акт вандалізму на пасяджэнні калегіі Рэспубліканскай пракуратуры Беларусі і спадзяюся, што на будынку Пракуратуры дзяржаўны герб нашай краіны будзе знаходзіцца да таго часу, пакуль дзейнічае адпаведны Закон Рэспублікі Беларусь.



З павагай

Намеснік старшыні Камісіі,

старшыня Камісіі па забеспячэнню

адзінай палітыкі выкарыстання

дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі

Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага

Савета Рэспублікі Беларусь А.А. Трусаў.

Пракуратурай рэспублікі ў сувязі з Вашай заявай пра неабгрунтаваную замену Дзяржаўнага сцяга на сцяг новага ўзору на будынку Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праведзена праверка.

Устаноўлена, што 16.05.95 супрацоўнікі Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у прысутнасці іх начальніка Ціцянкова І.І., у абавязкі якіх уваходзіць забеспячэнне нармальнай эксплуатацыі будынка Рэзідэнцыі Прэзідэнта, у т.л. і замена зношаных палотнаў на новыя, знялі з флагштока прыйшоўшае ў непрыдатны стан для далейшага выкарыстання ў якасці сцяга палатно. Яно было ўтылізавана на даху будынка шляхам парыву на лапікі на падставе дзейнага палажэння па бухгалтарскім уліку малакаштоўных і хутказношвальных прадметаў ад 18.10.79. Замест знятага быў падняты сцяг новай сімволікі з улікам вынікаў прайшоўшага напярэдадні рэферэндуму.

Прааналізаваўшы сабраныя матэрыялы праверкі, пракуратура прыйшла да высновы, што ў працаўнікоў Кіравання справамі не мелася намеру на здзек над дзяржаўным сцягам, у сувязі з чым адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны ст.1862 УК РБ - здзек над дзяржаўнымі знакамі.

У той жа час сцяг новай сімволікі быў падняты над Рэзідэнцыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заўчасна, да ўступлення ў законную сілу вынікаў рэферэндуму, чым парушана патрабаванне арт. 38 Закона "Аб рэферэндуме ў Рэспубліцы Беларусь". Акрамя таго, парушаны быў парадак утылізацыі прыйшоўшага ў непрыдатнасць палатна. Аднак гэтыя парушэнні не ствараюць складу крымінальнага злачынства. У дзеяннях супрацоўнікаў Кіравання справамі праглядваецца склад дысцыплінарнай правіны.

Пра вынікі праверкі паінфармаваны Прэзідэнт Республікі, Беларусь Лукашэнка А.Г.

Намеснік начальніка кіравання агульнага нагляду Г.А. Шостак.

(Пераклад з рускай.)

У Берліне антыфашысты дамагліся, каб неанацысты адмовіліся ад шэсця

Навіны Германіі

Неанацысты адмовіліся ў суботу, 18 жніўня, ад запланаванага маршу ў адміністрацыйнай акрузе Берліна - Шпандаў - у памяць пра паплечніка Адольфа Гітлера, Рудольфа Геса. Пра гэта паведаміла нямецкае выданне Spiegel Online са спасылкай на паліцыю.

Прычынай паслужыла правядзенне антыфашыстамі шматлікай акцыі ў тым жа раёне. Паводле дадзеных арганізатараў мерапрыемства, "Берлінскага саюза супраць правых", каля дзвюх тысяч чалавек сабраліся там на "свята ў падтрымку дэмакратыі".

Многія прынеслі з сабой паветраныя балонікі з надпісамі: "Нацыстам - няма месца". Пенсіянеры выйшлі з транспарантамі: "Бабулі - супраць правых", "У Шпандаў нацыстаў не будзе".

Пасля адмены маршу ў Шпандаў неанацысты паведамілі, што далучацца да сваіх прыхільнікаў у іншым берлінскім раёне - Фрыдрыхсхайне, на ўсходзе нямецкай сталіцы. Там правыя экстрэмісты анансавалі яшчэ адну акцыю з нагоды 31-й гадавіны смерці Рудольфа Геса. Заяўка на яе правядзенне была складзена такім чынам, што ў нямецкіх уладаў не знайшлося законных падстаў для яе забароны.

Рудольф Гес быў бліжэйшым паплечнікам Адольфа Гітлера, намеснікам фюрэра ў партыі, рэйсхміністрам без партфэля. Ён быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне Нюрнбергскім трыбуналам. Скончыў жыццё самагубствам 17 жніўня 1987 года ў турме для ваенных злачынцаў у Шпандаў, дзе ён быў тады адзіным зняволеным. Каб турма не стала аб'ектам культу неанацыстаў, яе знеслі ў тым жа 1987 годзе.

Spiegel Online.

Прэзентацыя ў Лідзе

23 жніўня ў 18.00 у лідскай Ga11ery ( Галерэі 11) па адрасе: Міцкевіча, 31 (Дом паляўнічых і рыбакоў) пройдзе прэзентацыя кніг сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў Леаніда Лаўрэша "Генерал, які дайшоў да Беларусі" і Станіслава Судніка "Пілігрымка дадому".

Прэзентацыя праводзіцца ў рамках Года малой радзімы.

Запрашаем наведаць новую арт-прастору Ліды, пазнаёміццаз яе гасціннымі гаспадарамі.

Уваход вольны.

Гісторыя горада ў даследчых працах, газетах і не толькі

Да 695-годдзя Ліды

Да 695-гадовага юбі-лею горада Ліды прымеркавана выстаўка "У гісторыю слова лідскага", якая адкрылася днямі ў літаратурным аддзеле гістарычна-мастацкага музея (доміку Таўлая). Першымі наведвальнікамі новай выстаўкі сталі сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" (адкрыццё выстаўкі адбылося ў рамках чарговага пасяджэння літаб'яднання). Аснову экспазіцыі выстаўкі склалі арыгіналы і копіі даследчых прац гісторыкаў і краязнаўцаў мінулага і сучаснасці, якія датычацца горада-юбіляра - Ліды.

На бачным месцы ў экспазіцыі змешчаны партрэт Тэадора Нарбута - аднаго з буйнейшых айчынных гісторыкаў XIX стагоддзя, які даследаваў у тым ліку і сваю родную Лідчыну, яе старажытны замак. Ахвотныя могуць азнаёміцца з хронікамі Яна Длугаша, Мацея Стрыйкоўскага, у якіх гісторыя Ліды даследуецца з часоў яе заснавальніка - вялікага князя літоўскага Гедыміна.

Копіі газеты "Ziemia Lidzka" - свайго роду летапіс Ліды 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Тут жа змешчаны партрэты сяброў рэдкалегіі той польскамоўнай газеты, напісаныя лідскім скульптарам Вадзімам Вераб'ёвым. Шмат раскажуць аб Лідзе "польскага часу" і ўспаміны Ежы Путраманта, які ў свой час вучыўся ў лідскай гімназіі імя Караля Хадкевіча.

Увогуле, на выстаўцы прадстаўлены копіі і арыгіналы многіх газет, якія ў розныя часы выходзілі ў Лідзе, у тым ліку копія аднаго з першых нумароў газеты "Уперад" (папярэдніцы "Лідскай газеты"). Знайшлося тут і месца для гістарычна-літаратурнага часопіса "Лідскі летапісец", які выходзіць ужо больш за дваццаць гадоў.

Наведвальнікі выстаўкі таксама маюць магчымасць азнаёміцца з працамі сучасных гісторыкаў і краязнаўцаў Лідчыны: Станіслава Судніка, Анатоля Куляша, Мікалая Дзікевіча, Леаніда Лаўрэша і іншых.

Ёсць у экспазіцыі і асобныя прадметы: друкарская ўстаноўка, друкарская машынка, тэлефон (разам са старымі тэлефоннымі даведнікамі), радыёпрыёмнік, тэлевізар 50-х гадоў і г. д.

- Выстаўка "У гісторыю слова лідскага" будзе цікавай для кожнага, хто неабыякавы да гісторыі Ліды, - гаворыць напрыканцы экскурсіі навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун. - Запрашаем наведаць яе і, дзякуючы копіям і арыгіналам даследчых прац, газет, часопісаў, пагартаць старонкі гісторыі нашага горада.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.



Нясвіжская раённая арганізацыя ТБМ выказвае шчырае спачуванне сябру Гарадзейскай суполкі Леаніду Качановічу з выпадку вялікай страты -- смерці бацькі.

Унікальны "Каляндар Слонімшчыны"

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" свет пабачыла ўнікальная праца Уладзіміра Хільмановіча з Гародні і Сяргея Чыгрына са Слоніма "Каляндар Слонімшчыны". На працягу многіх гадоў аўтары "Календара Слонімшчыны" занатоўвалі славутыя і трагічныя падзеі і з'явы слонімскай зямлі, дні нараджэння і смерці знакамітых і вядомых слонімцаў, а таксама тых асобаў, якія пэўны час тут жылі, вучыліся ці працавалі. Галоўным крытэрыям адбору асобаў служыла прынадлежнасць да беларускага руху ў розных яго праяўленнях (удзел у нацыянальна-вызвольных паўстаннях, падпольных рухах, палітычных, грамадскіх, рэлігійных, культурных арганізацыях, а таксама асветніцкая, душпастырская, навуковая, пісьменніцкая, публіцыстычная, спартыўная дзейнасць і г.д.). Пададзены ў календары і адкрыцці некаторых музеяў, навучальных устаноў, грамадска-культурных і палітычных выданняў, прадпрыемстваў і калектываў, а таксама найбольш масавыя мітынгі і дэманстрацыі, якія адбываліся на Слонімшчыне. Адна з найважнешых задач календара - гэта адлюстраваць і паказаць асноўныя канкрэтныя падзеі і гады жыцця, а таксама дзень і месяц нараджэння і смерці вялікіх і вядомых асобаў Слонімшчыны. Даты ўсе падаюцца паводле новага (грыгарыянскага) стылю. Падобным календаром сёння не можа пахваліцца ні адзін райцэнтр. Таму добра было б, каб у кожным раёне Беларусі выйшлі падобныя календары, і каб іх жыхары памяталі і ўшаноўвалі знакамітых людзей і адзначалі важныя даты і юбілеі. "Каляндар Слонімшчыны" Уладзіміра Хільмановіча і Сяргея Чыгрына адрасаваны перш за ўсё тым, хто цікавіцца гісторыяй сваёй маленькай радзімы, а таксама ўсім зацікаўленым нашай агульнай гісторыяй - бібліятэкарам, настаўнікам, вучням, навукоўцам, гісторыкам, краязнаўцам, сябрам грамадскіх арганізацый і супрацоўнікам райвыканкамаў.

Беларускае Радыё Рацыя, г. Слонім.

Гістарычны "Лекторый #999" пра сярэднявечнае Берасце

У дворыку сядзібы агенцтва рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч" слухалі лекцыі і дыскутавалі на тэму старога горада.

Мерапрыемства пад назвай "Лекторый #999" было прымеркавана да гадавіны надання Берасцю Магдэбурскага права 15 жніўня 1390 года. Кажа прадстаўніца арганізацыі Алена Каховіч:

- Гэта патрэбна рабіць для таго, каб падняць тэму берасцейскай гісторыі. Хутка 1000-годдзе, а пра гэтую гісторыю амаль што не кажуць, максімум пра Другую сусветную вайну, а пра ўсё тое, што было раней - не. На наш погляд дзень, калі Берасце атрымала Магдэбурскае права, павінна быць Днём горада, а не дзень, калі горад вызвалілі падчас Другой сусветнай вайны. Усё гэта дыскутыйнае пытанне і патрэбна гэта падымаць.

Сярод выступоўцаў былі: гісторык Антось Дацкевіч, краязнаўца і калекцыянер Іван Чайчыц, мастацтвазнаўца і архітэктар Ірына Лаўроўская ды іншыя. На сустрэчы таксама прысутнічаў і прадстаўнік газеты "Наша Ніва" Андрэй Дынько з новым часопісам "Наша Гісторыя".

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

З ліста пасля аблогі Парыжа выпісваю толькі тое, што адносіцца да той аблогі 134.

"Пасля сяданскай паразы і пасля абвяшчэння рэспублікі 135 палякі стараліся сфармаваць асобны абарончы аддзел, але гэта ім было рашуча забаронена 136 . З той нагоды мы мусілі параскідацца па розных батальёнах. Да аднаго з такіх, а менавіта да нацыянальнай гвардыі дзейных ці рухомых батальёнаў я запісаўся пад нумарам 115, што мне дало магчымасць браць удзел у вылазках гэтых батальёнаў супраць аблажыўшых горад немцаў. (Наогул нас бераглі). Таму мы прынеслі Францыі меншую карысць, чым хацелі, за прытулак, які яна дала бадзягам.

Абаронныя сілы былі вялізныя і на працягу такога кароткага часу досыць добра арганізаваныя. Пры такіх моцных фатыфікацыйных збудаваннях і пры такім шчырым, гарачым запале здавалася ўсім, што абарона надзейная і мы будзем мець найлепшыя ад той абароны вынікі. А аднак мусілі здацца. Прычына гэтага, як мне здаецца і наколькі сам бачыць мог, былі недалёкасць і няздольнасць камандзіраў. Можа б грамадская думка ім гэта выбачыла, бо не іхняя была віна, што яны аказаліся на неадпаведных пасадах. Але што найгоршае, іх падазравалі ў злой волі.

У тую хвілю, калі да вас пішу, той урад ужо не дзейнічае. Уцёк у Вярсаль 137 . На вуліцах барыкады, стральба, расстрэлы - поўны хаос. Цяжка адгадаць, чаго хочуць, да чаго імкнуцца, адзін час можа гэта праясніць. Але найсмутнейшым, найагіднейшым ёсць выгляд братазабойчай вайны, забойстваў, абвінавачванняў і братняй нянавісці. Як бы я ахвотна кінуў усё і ўцёк ад таго віду.

Дадам яшчэ некалькі слоў пра апошнія часы, а дакладней дні бамбардзіроўкі Парыжа. Не была яна такою страшнай, як можа здавацца. Бомбы не дасягалі нават да маловы горада, у другой частцы Парыжа можна было быць спакойным, што ні адзін снарад не дастане, чаму спрыяла як мясцовасць, так і адлегласць умацаванняў, якія баранілі горад.

Я жыў, аднак, у той частцы, якую наймацней бамбардавалі. Упала пяць бомб на маю вуліцу. Адна з іх сарвала суседні дах; наступныя як найспакайней праляталі над дамамі. Пасля некалькіх дзён мы асвоіліся з бамбардаваннем. Гарсоны 138 навыперадкі ганяліся за асколкамі бомб, за якія плацілі па некалькі су 139 , каб імі аздобіць бюро, камін або схаваць на памяць. У апошнія часы мы адчувалі вялікі недахоп харчавання, а яшчэ больш паліва. За фунт 140 дроў плацілі каля трох грошаў, і то ледзьве можна было дастаць па білетах і ў адпаведнай колькасці. Індык - 200 франкаў, фунт сабачага мяса - 5 франкаў. Не адчуваў найменшай згрызоты сумлення, спажываючы сабаку ці ката; пераконваючы сябе, што гэта прадрассудкі і забабоны людскія. Калі будзеце калі - небудзь у абложаным горадзе, памятайце, што сабакі на малых нагах, з кароткімі пыскамі на шмат смачнейшыя за бульдогаў і п'явак. Спачатку хаваўся, ядучы тыя прысмакі, потым знайшлося больш ахвотнікаў. Запрашаючы на мясны пачастунак, рабілі адзін другому ўзаемныя штукі. Цяпер вялікая рэдкасць у Парыжы сабака, а яшчэ большая кот.

Я меў у той час трохі размешчаных грошай. Цяперашняя хвіля была найбольш адпаведнай для іх спажывання. Аддаў прытым усе свае найлепшыя рэчы ў заклад. Так што ў хвілю аблогі было ў мяне каля 300 франкаў, што на тыя часы была значная сума. Хапіла б багацею на паўтара індыка! Жыццё лагернае, жаўнерскае, злучанае з надзеяй, ажывіла мяне. Адчуваю сябе здаравейшым".


Камуна, пагражаючы смерцю, прымушала палякаў, якія нарадзіліся ў Францыі, уступаць у яе шэрагі. Міцкевіч Уладзіслаў, хочучы пазбегнуць таго прымусу, выехаў у Брусель, абавязаўшы Канстанціна апекавацца кнігарняй і чытальняй, перакананы, што Канстанціну, як нядаўна прыбыламу, з боку камуны не пагражае ніякая небяспека.

Канстанцін праз увесь час аблогі Парыжа служыў у батальёне нацыянальнай гвардыі пад нумарам 115. Быў пільным і сумленным у выкананні сваіх службовых абавязкаў; у вылазках на абложнікаў - адважны і баявы. Генерал Троху прыслаў гэтаму батальёну некалькі вайсковых медалёў, пакідаючы гвардзейцам выбар найбольш заслужаных. Батальён прызнаў, што тая ўзнагарода павінна дастацца палякам, як найсумленнейшым у выкананні службы. Уручылі Канстанціну, той засведчыў, што паколькі батальён не меў шчасця спаткацца ў сур'ёзнай па сутнасці бітве з непрыяцелем, сумленне не дазваляе яму прыняць гэтыя аздобы. Медалі вярнулі генералу.

Ліст прысланы цераз эміграцыю ў рукі Людвіка Еніке, рэдактара "Тыднёвіка ілюстраванага" 141, ужо пасля смерці Канстанціна Далеўскага, сведчыў пра яго вялікія мужнасць і адвагу, паказаныя падчас вылазак гвардзейцаў на асаджаўшых немцаў. Да гэтага ліста далучылі лямпу, захопленую гарэўшай перад вачыма нямецкага каменданта форта. Пасля ўдачнай вылазкі батальён паставіў Канстанціна на сваім чале і, несучы тую запаленую лямпу, вярнуўся ў Парыж, спяваючы Марсельезу.

Пасля заключэння перамір'я 142 Канстанцін пайшоў у адстаўку і вярнуўся на даўняе месца. Падчас грамадзянскай вайны і кіраўніцтва камуны не браў ніякага ўдзелу. Перажываў за тое, што не могучы пакінуць Францыі, мусіць быць сведкам братазабойчай вайны.


Дня 27 траўня 143 пасля ўваходу арміі ў Парыж нейкі чалавек, нядобразычлівы да гаспадара дома, у якім была кнігарня, данёс, што з таго дома быў стрэл. Данясенне было зусім фальшывае, нягледзячы на гэта, улады хутка даведаліся, што там жывуць палякі, загадалі іх забраць.

У той час у Канстанціна жыў Вярніцкі, якому ён у сваім пакойчыку праз літасць даваў паратунак. Забралі абодвух. Прывялі за некалькі дзясяткаў крокаў да Люксембург-скага палаца. Там капітан з арміі выконваў абавязкі цэлага трыбунала. Звычайна пыталіся прозвішча. У тыя часы польскае імя было дастатковым довадам віны 144. Абвінавачаны чуў толькі два выразы, вымаўляныя манатонна, абыякава: "A droite! A gauche!" 145 Тыя, якіх накіроўвалі направа, адходзілі вольныя, а тыя, якія налева, знаходзілі неадкладную смерць у Люксембургскім садзе. 800 чалавек расстралялі за тыя некалькі дзён. Канстанціна Далеўскага накіравалі налева. Раздаўся стрэл. Палёг ад рукі тых, якіх нядаўна засланяў сваімі грудзямі. Эміграцыя, пасылаючы па ім некалькі звестак, дадала словы:

"Быў гэта чалавек справядлівы, шляхетны, нястомны і сумленны працаўнік на кожным полі, куды кідаў яго няўмольны лёс; ціхі. замкнуты ў сабе, скоры і гарачы ў аказанні дапамогі тым, каму яна была патрэбная. Адзін поціск рукі быў вымоўным довадам пачуццяў у таго чалавека. У коле найбліжэйшых, у даверлівай гутарцы з прачуласцю гаварыў пра лёсы сям'і і Бацькаўшчыны".


Музыка Шапэна пасля 1831 года на словы невядомага мне аўтара 146. Апошняя песня, прынесеная мне настаўнікам спеваў у 1862 годзе:


Лісце з дрэва аблятае,

што вырасла на волі.

Над магілаю спявае

птушачка з-над поля:

"Не было, не было,

Польшча, шчасця табе,

Усё, як сон, прайшло,

А дзеці ў труне".


У агні гарады,

папалены сёлы,

жанчын праз гады

сказ невясёлы:

"Усе з дому пайшлі

ў зрэбных світах,

з сабой косы ўзялі,

гіне ў полі жыта".


Калі пад Варшавай

сабралася дзятва,

здалося, што са славай

Польшча ўся прыйшла.

Біліся зіміцу,

біліся вясну,

а восенню ўжо біцца

не было каму.


О, Польшча-краіна,

каб нашыя брацці,

што за цябе гінуць,

узяліся за працу,

каб па жмені зямлі

з Айчыны забраць,

далоньмі б маглі

ўсю Польшчу падняць.


Ды сабраццца з сілай

маем шанец цьмяны,

бо здрайцаў прыбыла,

а люд збыт паслухмяны.


Спяваючы ў той час, не думала, што блізкі час, у якім нам суджана сцвердзіць ахвяраю ўсяго жыцця праўду тых слоў.


Некалькі кароткіх успамінаў пра брата Цітуса і апошнія ўражанні перад пакіданнем Вільні назаўсёды

За жыццё і шчасце аднаго з братоў, жыццё і шчасце ўсіх шасці сясцёр. Мы гаварылі і пачуваліся б шчаслівымі, калі б нам Бог дазволіў тыя словы замяніць на дзеянне. За тую нашую вялікую любоў браты нашыя плацілі нам сардэчнай чуласцю, дабратой і даверам.

У памяці маёй бачу дваіх малодшых: Канстанціна і Цітуса ў часы нашых загарадных вылазак з маці, якія ішлі перад намі. Канстанцін абдымае шыю Цітуса сваёй рукой, які, заглядзеўшыся на прамоўцу, не чуе нашых галасоў, што клічуць пабегаць. А Канстанцін меў што яму распавесці. Ад сёмага года жыцця ён жыў у Вільні пры старэйшых братах Францішку і Аляксандру на Бакшце, у доміку, які належаў некалі сям'і Ходзькаў. Уваходзілі туды праз малую брамку ў тоўстым муры, які акаляў сад і цягнуўся пад гару ў бок Росаў. У найвышэйшым яго пункце ўздымаўся малы двухпавярховы домік. У той час першы паверх стаяў пустым; на другім паверсе ў двух пакоях жылі перад самым зняволеннем браты Далеўскія. З аднаго боку быў від на Росы і далёка расцягнутыя зялёныя лясы; з другога - на разасланы горад з Антоклем, Замкавай гарой, Бекешавай, Трыкрыжскай і берагамі Віліі 147.

У тых то пакойчыках збіралася звязкавая моладзь (Братні звяз моладзі на Літве). Тут малы Костусь быў неаднакратна сведкам таго, што стала галоўнай мэтай жыцця яго двух старэйшых братоў; тут першы раз бачыў уварванне ноччу паліцыі, ператрус і арышт. Апрача тых, атрымаў яшчэ шмат іншых, датуль яму невядомых уражанняў, як від вожаных па вуліцах Вільні палітычных вязняў: Рэнера, Гофмайстра і Багуслаўскага 148. Бачыў праяўленыя на тварах жыхароў пагрозу, абурэнне і жаль, чуў іхнія апавяданні пра катаванні палкамі Рогра. Уражанні тыя зрабілі надвор'е ў душы дзіцяці і былі напэўна нагодай таго, што ў нашым дзяціным коле рабіліся дзіўныя рэчы, напрыклад, у першы раз Цітусік, маючы ледзьве гадоў шэсць, хацеў, каб яму сястрычка праткнула ручку іголкай, распаленай да чырвані. Калі не згадзілася, нярвова плачучы, назваў яе бабай і сам сабе тое зрабіў. Ручка апухла. Цярпеў доўга і балесна. Не дазволіў ёй нават сказаць старэйшым, што было прычынай той раны. Іншым разам дамогся ад малых таварышаў, каб яго павесілі на клямцы (для выпрабавання вытрымкі). Хлопцы пасля зробленага разбегліся, перапужаныя, па садзе. Прыход старэйшага брата Аляксандра ўратаваў жыццё Цітуса.

Апавядала нам маці са слязамі, як, падгавораная губернатарам Бібікавым і прыяцелямі, першы раз у жыцці не слухаючы голасу ўласных перакананняў, вырашыла аддаць малога Цітуса ў школу кадэтаў 149. Угаворвалі: дзіця там заўсёды нечаму навучыцца, увойдзе ў сістэмнае жыццё і навуку, а маці тым часам з погляду на свае інтарэсы будзе магчы забраць яго і памясціць адпаведна са сваімі жаданнямі.

Цітусік не супраціўляўся, не адпрошваўся. Увесь час рыхтаваўся да экзаменаў. вучыўся дасканала, пільна і старанна рабіў свае ўрокі. Праз нейкі час захоплены настаўнік паведаміў маці, што дзіця ўмее ўжо болей і лепей, чым хочуць у школе. Цітусік паехаў, але маці у той жа вечар, уваходзячы ў свой пакой, знайшла на століку каля свайго ложка кніжку для набажэнства, на якой на адваротным баку вокладкі было напісана непастаўленай ручкай, вялікімі літарамі: "О, маці-полька! Кепска сын твой пачуваецца! Двух старэйшых пашча дзікага звера зжэрла, а ты сама трэцяга кідаеш яму на пажыву".

Бедны наш брацік нікому не паскардзіўся. Маўчаў. Але што там у яго малой душцы мусіла рабіцца! Што ён у той час думаў? Што цярпеў? Разлічваў толькі на сябе, выязджаючы, шапнуў плакаўшай сястры: "Не плач - вярнуся!"

Вярнуўся, бо адказваў на экзамене так надзвычай кепска, што яго адаслалі дадому, як зусім няздатнага да навукі. Браты нашыя хадзілі ў школы ў Вільні. З наступленнем вясны бегалі ў ранішні час купацца ў Вілейцы. Часта здараліся спазненні ў школу. Маці і старшая сястра выгаворвалі, хлопцы не апраўдваліся, маўчалі.

(Працяг у наст. нумары.)

134 У перыяд французска-прускай вайны немцы аблажылі Парыж ад 19.ІХ.1870 да траўня 1871, нягледзячы на ранейшае перамір'е.

135 Пад уражаннем прайгранай бітвы пад Сяданам (2.ІХ.1870) і ўзяцця ў няволю Напалеона ІІІ французы аб'явілі дэтранізацыю імператара і абвясцілі рэспубліку (4.ІХ.1870).

136 У жніўні і верасні польская эміграцыя намагалася атрымаць згоду на ўтварэнне польскага аддзела на баку французскай арміі. Французскі ўрад, не хочучы псаваць свае адносіны з Расіяй, згоды не даў.

137 Пасля выбараў 8.ІІ.1871 г. быў утвораны ўрад, які эвакуяваўся з Парыжа пасля 17 сакавіка ў сітуацыі нарастання рэвалюцыйнага напружання ў сталіцы.

138 Гарсоны (з франц. garcon) - хлопцы.

139 Су - манетная адзінка ў тагачаснай Францыі.

140 Фунт - каля 0,4 кг.

141 Папулярны тыднёвік, які выходзіў у Варшаве з 1859 г.

142 29.І.1871 г. (дзень пасля падпісання Парыжскай канвенцыі з прусакамі пра спыненне збройных дзеянняў) Часовая камісія польскай эміграцыі выдала адозву, якая заклікала палякаў, што змагаліся ў французскіх частках, скласці зброю.

143 Французскае ўрадавае войска (вярсальцы) ўвайшло 21 траўня. 27 і 28.V мелі месца масакры камунараў.

144 На баку рэвалюцыянераў змагалася шмат палякаў, таксама сярод камандзіраў, адсюль пераслед палякаў урадам.

145 A droite! A gauche! (франц.) - На права! На лева!

146 Песня Вінцэнта Поля, "Спеў з магілы" з прысвечанага Лістападаўскаму паўстанню цыклу "Песні Януша" (Парыж, 1835); музыка Фрыдарыка Шапэна (воп. 74, но 17).

147 Антокаль, у ХІХ ст. прадмесце, цяпер квартал Вільні; Бекешовая і Трыкрыжская - горы, якія атачаюць Вільню; Вілія (літ. Neris) - рака, якая цячэ цераз горад.

148 Гаворка пра вырак з 1848 г. Прыгавораных везлі цераз горад на адкрытым возе ў суправаджэнні войска, жандармаў і ката. Затым была праведзена публічная экзекуцыя, якая палягала ў даванні прыгавораным аплявух і ламанні над галавой шаблі на знак страчанага шляхецкага тытулу.

149 У заходніх губернях былі два корпусы кадэтаў: у Берасці Літоўскім і ў Полацку.

Фелікс Стацкевіч

Леанід Лаўрэш

Стацкевіч (Стэцкевіч) Фелікс Іванавіч, псеўданім "Аганёк", нарадзіўся 2(14).12.-1879 г. у мястэчку Шчучын Лідскага павета.

Пра сваё паходжанне Фелікс Стацкевіч пісаў: "З сям'і з польскімі патрыятычнымі традыцыямі - з дзіцячых гадоў я выхоўваўся ў польскай нацыянальнай сведамасці. Бацька мой па прафесіі землямер ("каморнік") яшчэ за 1848 год адбыў пяць ці шэсьць год цвердзі ў Вусьць-Каменагорску, a маці займалася навучаннем па-польску дзяцей, што тады было забаронена (нарадзіўся я ў 1879 годзе). Трэба аднак адцеміць да гонару мясцовы уладаў i местачковага (Шчучын Лідскага павету, цяпер павятовы горад) расейскага грамадства - бацюшкі, вучыцеля i іншага чынавенства - што яны глядзелі на гэта скрозь пальцы i з гэтай прычыны асаблівых прыкрасцяў бацькам не рабілі. Першая мова мая была польская, і выхаванне ў бацькоўскім доме было ў духу польскага патрыятызму. У гімназію мяне завезлі аж у Пецярбург, i з таго часу я досьці рэдка бываў у хаце" 1 . Вучоба ў гімназіі ў Пецярбургу прыпала на 1891-1900 гг.

Яшчэ ў гімназіі пачаў займацца грамадскай дзейнасцю, разам з іншымі вучнямі заснаваў бібліятэку і гурток па вывучэнні палітэканоміі. Таксама меў дачыненне да польскага нацыянальнага руху: "Яшчэ ў гімназіі я вучыў па-польску нейкіх дзяцей пецярбургскай беднаты, што ўскладалі на мяне старэйшыя студэнты, сябры польскай асветнай арганізацыі пад назовам, здаецца, "Oswiata Ludowa". У сям'і В., дзе я выхоўваўся ў Пецярбургу, у малодшых класах гімназіі i пазней я спатыкаў правадыроў ППС - Пілсудскага i Сулькевіча, чытаў "Przedswit" i "Robotnika"" 2 .


У 1900 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За ўдзел у студэнцкім руху і дэманстрацыях у лютым і сакавіку 1901 г. выключаны з універсітэта. Арыштаваны і высланы на радзіму пад нагляд паліцыі, тут займаўся прыватнай настаўніцкай працай: "Гэты час, можа, найбольш спрычыніўся да майго беларускага нацыянальнага ўсведамлення. Прыглядаючыся да вясковага народу, я пачаў меркаваць, што народ гэты, які цягнуць у свой бок i расейцы, i палякі, не ёсць ані расейскі, ані польскі, i што я, як сын "каморніка" (землямера), які век працаваў на беларускай вёсцы, узгадаваўся коштам гэтага народа. Усё ж такі, нацыянальна, я не лічыў сябе беларусам" 3 .

У Шчучыне нагляд за маладым "палітычным" меў станавы прыстаў, "па паходжанні остзэйскі барон, які ажаніўся з полькай і дзеці якога вучыліся ў маёй маці па яе праграме. Зразумела, што надзор гэты не сцясняў маіх рухаў, прынамсі, у бліжэйшай ваколіцы. Местачковыя жандармы таксама мелі нагляд за мной. Здарылася так, што я нейкі час пражываў у якасці вучыцеля ў суседнім маёнтку, вёрст за 20 ад мястэчка. Жандарм, доўга не бачыўшы мяне, прыйшоў да прыстава, пытаючыся, дзе я знаходжуся. Прыстаў не захацеў даць яму ніякіх выясненняў" 4.


Ёсць меркаванне, што ўлетку 1901 г. на маёўцы Стацкевіча навярнула на беларускі шлях Алаіза Пашкевіч 5. Сам Стацкевіч пісаў пра знаёмства з Цёткай: "Таго ж лета, быўшы настаўнікам у маёнтку Грабіцкіх, на маёўцы і вечарыне ў маёнтку аднаго татарына я пазнаёміўся з Цёткай Пашкевічанкай, пазней Кейрысовай. Шмат пазней яна казала, што гаварыла са мной у беларускай справе, але я не помню пра гэта. Магчыма, аднак, што гэта гутарка пакінула свой след" 6 . У іншых успамінах: "У гэтым жа годзе летам я пазнаёміўся з Алёізіяй Пашкевічанкай, спаткаўшыся на нейкай маёўцы. Пазней яна казала мне, што вяла са мной гутарку па беларускім нацыянальным пытанні" 7 .

Абшарніку Грабіцкаму Эдуарду Антонавічу належаў маёнтак Сіткаўцы, які знаходзіўся недалёка ад Новага Двара. Грабіцкі меў 600 дзесяцін зямлі (для параўнання, сусед Грабіцкага, бацька Вацлава Іваноўскага - Леанард Іваноўскі з Лябёдкі меў 400 дзесяцін, а бацька Алаізы Пашкевіч - Сцяпан Войцехавіч Пашкевіч - 126 дзесяцін зямлі) 8.


Увосень 1902 г. Фелікс Стацкевіч зноў прыязджае ў Пецярбург, і тут ад "знаёмых студэнтаў палякаў-пэпээсаў я даведаўся аб існаваньні сярод студэнтаў гуртка беларусаў. Гэтая вестка i зрабіла ўва мне пералом у бок беларускай нацыянальнай сведамасці. Тыя ж пэпээсаўцы i навязалі маю лучнасць з гэтым гуртком. З ліку сяброў тагачаснага гуртка я прыпамінаю Вацлава Іваноўскага, братоў Луцкевічаў i Малецкага, апошняга толькі па празвішчы. ... У гэтую ж зіму ці ў наступным годзе сябры гэтага гуртка стварылі арганізацыю пад назовам "Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады"" 9.


У 1902 г. наш герой працаваў у прыватнай натарыяльнай канторы ў Марыупалі.

Антон Луцкевіч успамінаў: "У 1903 годзе восенню ў Пецярбугу стварылася беларускае рэвалюцыйнае ядро, у якім, апрача нашае тройкі, быў рад найвыдатнейшых прадстаўнікоў нашае краёвае моладзі ... у Вільні пад уплывам Вацюка Іваноўскага далучаецца Аліёізія Пашкевічанка, пасля па мужу Кейрысовая, мянушка "Цётка" (з-пад Васілішак, у Лідчыне), Фэлюк Стэцкевіч, мянушка "Аганёк" (са Шчучына, у Лідчыне)" 10.


Вясной 1903 г. Стацкевіч выязджае з Пецярбурга (працаваць на Прыладажскіх каналах) і часова траціць сувязь з беларускім рухам. "Спатыкаўся я з беларусамі толькі пры рэдкіх i кароткіх пабыўках у Пецярбузе". І толькі вясной 1905 г. пасля аднаўлення вучобы ва ўніверсітэце Вацлаў Іваноўскі прапанаваў яму "ўзяцца за друкарскую тэхніку ў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамадзе i з гэтай мэтай паехаць за граніцу ў Кракаў на навуку. Перад выездам у Кракаў я паехаў дахаты. Тут мяне адведаў Бурбіс, з якім я дагэтуль не быў знаёмы. ... У дзень свайго прыезду пад ноч ён здолеў склікаць невялічкую сходку, відаць маючы ўжо навязаную лучнасць з местачковым бундам. Было на гэтай сходцы колькі асоб жыдоўскай моладзі i батракоў з маёнтка ўласніка маётка Шчучына, князя Друцкага-Любэцкага - разам менш дзясятка чалавек. Бурбіс прамаўляў вельмі добра.

I тут, пры пераездзе цераз граніцу, i ў Кракаве, пры паступленні ў друкарню на навуку за наборшчыка, вялікую помач аказалі пэпээсы. Нават перад паваротам дахаты я атрымаў ад Пілсудскага 50 крон на дарогу, бо з тых 80 ці 90 рублёў, якія мне дала Грамада, пасля месячнага пабыту ў Кракаве ў мяне нічога не засталося, a свае сябры грошы не слалі. Вярнуўся я ў Вільню ў жніўні 1905 года зараз жа пасля абвешчання Булыгінскай Думы" 11.


У рэвалюцыю 1905-07 г. Фелікс Стацкевіч вёў рэвалюцыйную прапаганду ў Вільні і Менску, наладзіў выпуск пракламацый. Для гэта было знойдзена паразуменне з ППС, гэта партыя мела ў той час вельмі добрую амерыканскую друкавальную машыну, на якой можна было надрукаваць да 3 000 старонак у дзень: "Час быў гарачы, работа вялася напружаная, часта прыходзілася працаваць i ў начы, прынамсі рабіць набор, a часам i адбіваць на машыне. Па статыстыцы, якую вёў мой сябра пэпээсавец за два месяцы, што існавала друкарня, лістапад-снежань, мы адбілі да ста тысячаў друкаў, шмат з якіх адбівалі на два бакі. Між друкаў беларускіх адбілі рэволюцыйныя вершы Цёткі - "Хрэст на свабоду" i інш. Колькі дзён працаваў у нас i наборшчык габрэй, які набіраў пэпээсаўскія адозвы ў жаргоне. Між іншым, нам цяжка было паразумевацца з гэтым наборшчыкам, бо ён гаварыў толькі на жаргоне" 12.


Пры канцы 1905 г. у Менску быў скліканы партыйны з'езд БРГ. Антон Луцкевіч успамінаў: "На з'ездзе былі: з Менска Іван, я, Уласаў, Каганец, Зелезей, Шабуня, Земенцкі, ды рад сялянскіх дэлегатаў з Ігуменскага, Менскага i Слуцкага паветаў; з Вільні "Цётка", Бурбіс, Стэцкевіч ды Аўген Хлебцэвіч; з Пецярбурга Іваноўскі ды йшчэ нехта, каго не прыпамінаю ... У канцы быў выбраны Цэнтральны Камітэт. Усяго было выбрана 5 асоб (тры сябры i два кандыдаты, толькі не памятаю, хто за каго): Іван, я, Уласаў, Іваноўскі, Бурбіс. Новаму Ц.К. была загадана, паміж іншым, арганізацыя партыйнае падпольнае друкарні, што было падгатавана ўжо раней: Фэлюк Стэцкевіч быў спецыяльна адкамандзіраваны да чужое нелегальнае друкарні ў Вільні, каб навучыўся друкарскае штукі, ды ўжо многа папрацаваў на гэтым грунце, складаючы беларускія адозвы для віленскае арганізацыі" 13.

Антон і Іван Луцкевічы заняліся арганізацыяй партыйнай друкарні ў Менску. Усё патрэбнае было закуплена праз ППС у Вільні. "Прывёз друкарскі станок у Менск я ў навагоднюю ночку, запакаваўшы ў коўдры i ўвязаўшы ў рэмні. На Тарговай вуліцы (каля Нізкага Рынку) знайшлі пакойчык пад друкарню, ды тамака і засеў, прыехаўшы месяцы праз два з Вільні, "Аганёк" (Стэцкевіч)", - пісаў Антон Луцкевіч.

На пачатку траўня 1906 г. Фелікс Стацкевіч пераехаў у Менск і заняўся тут друкарскімі справамі: "Прылады да адбівання прыйшлося рабіць больш прымітыўныя - вал, які хадзіў па рэйках. Памоцнымі ў гэтым нам былі габрэі" 14. Друкарня месцілася ў кватэры каля Нізкага Рынку, па Гандлёвай вуліцы, д. 40. Працаваў ў друкарні адзін Стацкевіч, і ў дзень друкавалася не больш за 400 улётак. На першым паверсе дома, дзе месцілася друкарня месціўся шынок, і друкар, каб прадэманстраваць, што яму няма чаго хаваць, згадзіўся трымаць запас гарэлкі шынкара. Прыходзіў і паліцэйскі прыстаў, але нічога падазронага не заўважыў.

Друкарня пад назвай "Аганёк" (адсюль і псеўданім Стацкевіча) працавала цэлы год (да жніўня 1907 г.), выпусціла цэлы шэраг улётак i пракламацый, ды была зліквідавана ў сувязі з агульнай ліквідацыяй палітычнай працы ў Менску 15.


Восенню 1907 г. Стацкевіч вёў школку ў мястэчку Івянец - групу з дзесяці хлопцаў і дзяўчынак, ён рыхтаваў іх да экзамену ў 4-ты клас гімназіі.


З 1908 г. Фелікс Стацкевіч працаваў сакратаром менскіх адвакатаў Шабуні і Дземідовіча ў Ігумене. Адвакаты прыязджалі туды штомесяц на сесіі павятовага з'езду земскіх начальнікаў і на выязныя сесіі Акруговага суда. Там Стацкевіч разам з былым студэнтам Сяргеем Мальцавым, сынам павятовага лекара, і нейкім настаўнікам яўрэйскай школы пачалі арганізацыю грамадскай рознамоўнай бібліятэкі, прыцягнуўшы да гэтага мясцовую, пераважна чыноўную інтэлігенцыю. У Ігумене пражыў 8 месяцаў і, атрымаўшы пасведчанне аб "благонадежности", паехаў да інжынера Басяцкага ў Ноўгарад працаваць гідратэхнікам, пад кіраўніцтвам якога працаваў на прыладажскіх каналах, " а ўвосень таго ж года, застаючыся на рабоце, запісаўся ў універсітэце на юрыдычны факультэт. На працягу ўсяго ўніверсітэцкага курсу да 1913 г. не толькі ў часе навігацыі, але і ў зімнюю пару працаваў на правінцыі - у Ноўгарадзе і на рэках Волхаве, Пале і Ловаці. Таму, утрымоўваючы з пецярбурскімі беларусамі, я не прымаў значнага ўдзелу ў беларускім руху. Сярод беларусаў значную ролю адыгрываў кусташ універсітэцкай біблятэкі, прафесар каталіцкай Духоўнай Акадэміі Эпімах Шыпіла. Пры ім гуртаваліся беларусы-студэнты, якіх ён падтрымоўваў нат матэрыяльна.

(Працяг у наст. нумары.)

Аўтар удзячны за кансультацыі і дапамогу з матэрыяламі для артыкула выбітному беларускаму гісторыку Анатолю Сідарэвічу.

1 Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 6-7. С. 132-134.

2 Там жа.

3 Там жа.

4 Успаміны Ф. Стацкевіча з асабістага архіву Анатоля Сідарэвіча.

5 Сідарэвіч Анатоль. Жывым на Лубянку не трапіў // https://nn.by/?c=ar&i=119335

6 Там жа

7 Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 6-7. С. 132-134.

8 Списки лиц, имеющих право участвовать в выборах в Государственную Думу 4-го созыва. По Лидскому уезду // Виленские губерские ведомомсти. 1906. № 90. С. 17., 20.

9 Там жа.

10 Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903-1928): Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацыяў: Беларуская рэвалюцыйная грамада. Беларуская сацыялістычная грамада. Вільня, 1928. С. 10.

11 Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 6-7. С. 132-134.

12 Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 8. С. 176-178.

13 Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903-1928) ... С. 23.

14 Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 8. С. 176-178.

15 Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 9. С. 199-201.

Фестываль, які працягвае традыцыі графіні Габрыэлі Пузыні

У пасёлку Беразінскім Маладзечанскага раёна прайшоў ужо трэці па ліку міжканфесійны фестываль хрысціянскай культуры Laudato Si. 10-11 жніўня ён прыняў больш за 120 гасцей.

10 жніўня ў Менскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне адбылася першая частка фестывалю, якая ўключала прагляд дакументальных стужак Юрыя Гарулёва і Сяргея Гараеўскага. Стужкі С. Гараеўскага закраналі сур'ёзную сацыяльную тэматыку: першая была пра аборты, а другая - пра выхад з наркатычнай залежнасці. Адбылося адкрыццё мастацкай выставы "Дабраслаўленне" Лявона Грышука. Дырэктарам фестывалю выступiў Аляксандр Віслаўскі, былы ўдзельнiк ансамбля "Песняры".

11 жнiўня адбыўся канцэрт выканаўцаў хрысціянскай музыкі і спеваў. У ім ўзялі ўдзел: Вадзім Кулік, Лізавета Вішняк, гурты "Пілігрымы", "Рыбы" ,"Laudans", "Spaseniе", "Селах". Імпрэзу вялі Юры Навіцкі і Алена Страшкевіч.

Арганізатар свята, пробашч парафій у Беразінскім i ў Палачанах ксёндз-канонiк Сяргей Бараўнёў распавёў пра гісторыю мясціны, якая прымала фестываль, і пра сваё служэнне:

- Наша парафія невялікая, але яе гісторыя пачыналася ў 1443 годзе. Тады яна называлася Гарадзілава. Пасёлак Беразінскае ўзнік у 50-х гадах мінулага стагоддзя, калі пабудавалі торфабрыкетны завод, і палову населенага пункта Гарадзілава назвалі Беразінскім. У мінулым у гэтай мясцовасці жыла і дзейнічала выдатная асоба, якая мела вялікае значэнне для культуры ў ХIX-м стагоддзі - уладальніца маёнтка графіня Габрыэля Пузыня, паэтка і пісьменніца. Сюды прыязджалі творчыя людзі, яе блізкія сябры: Станіслаў Манюшка, Тамаш Зан, графы Тышкевічы, князі Агінскія, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Уладзіслаў Сыракомля і ладзілі тут салонныя вечары.

Графіня была пахавана пры старым касцёле, але ён пазней быў знішчаны. Засталася старая зарослая сажалка. Каталіцкія могілкі былі перакопаныя і часткова захаваліся, праз могілкі пракладзена новая дарога. Новы касцёл мы адбудавалі ўжо на іншым месцы.

Наш фестываль у Беразінскім - працяг мінулага, таго, што адбывалася раней. Хацелася б, каб літаратары, музыкі, мастакі збіраліся тут, каб праславіць Бога, таму фестываль называецца Laudato Si (Будзь праслаўлены, Госпадзе). Габрыэля Пузыня была вельмі пабожнай, яе пісьменніцкі псеўданім гучаў: у Імя Божае. Зборнік яе вершаў у перакладзе Ірыны Багдановіч выйшаў у 2018 годзе ў найлепшай якасці i ўдзельнiчаў у кнiжным кірмашы ў Варшаве. Графіня Габрыэля старалася не толькі захаваць сваю веру, але памножыць і падзяліцца з іншым. Яе спадчына перадалася новым пакаленням, і цяпер мы адраджаем даўно забытае.

Першы фестываль у 2016 годзе быў цалкам музычным. Новы яго фармат аб'ядноўвае не толькі музыкаў, але i прадстаўнiкоў розных сфер культуры. Сёлета мы запрасілі кінарэжысёраў, якія паказвалі свае стужкі ў Маладзечне. Лявон Грышук разгарнуў выстаўку, якая працягвае дзейнічаць. У Беразінскім адбыўся вялікі канцэрт. Мы абапіраемся на Провід Божы. Усё тое, што робіцца, робіцца нездарма. Ёсць Божае дабраслаўленне на тое, каб Беларусь была прыгожай і дагледжанай!

Гэта залежыць ад усіх нас разам узятых, ад таго, як мы ставімся да сваёй зямлі, да сваёй мовы, культуры, да адносінаў паміж сабой. Усё гэта вельмі шчыльна звязана. Трэба быць даверлівым да канца Богу, і тады ўсё атрымліваецца!

Я нарадзіўся і вырас у Маладзечне. Нiколi не думаў, што буду пробашчам парафii, дзе служыў ксёндз, якi мяне хрысцiў - Ян Такарскi. Ён прайшоў праз сталінскія лагеры. У Беразiнскiм ён служыў у старым касцёле падчас Другой сусветнай вайны. Я вучыўся ў школе, год працаваў на заводзе i рыхтаваўся да паступлення ў Полiтэхнiчную акадэмію.

Правучыўшыся год, я пакiнуў акадэмiю i паступiў у семiнарыю ў Гароднi. У 1997 годзе мяне высвяцiлi на святара, і 25 траўня 1997 года адбылася мая першая iмша. Даводзілася служыць на Магiлёўшчыне, у Бабруйску, Чавусах, Мсціславе, Шклове. З 2005 служу ў Беразiнскім. За апошняе дзесяцігоддзе мы пабудавалі касцёл Божага Цела i касцёл святога Роха ў Палачанах. Першы музычны фестываль прайшоў на нашай зямлі ў 2016 годзе.

Наш фестываль мае шэраг крытэрыяў. Ён праводзiцца без агiтацыi i без палiтыкi, у iм удзельнiчаюць практыкуючыя вернiкi. Яны павiнны мець рэкамендацыю мясцовага святара цi пастара. Гэта будзе гарантыяй таго, што выкананне будзе чыстым.У нас зона свабодная ад алкаголю i тытуню. Мой дэвіз: "Далучайся!" Калi кожны пачне агiтаваць, гэта не будзе свята радасцi і мастацтва.

Эла Дзвінская, фота аўтара і Catholic.by.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX