Папярэдняя старонка: 2019

№ 19 (1430) 


Дадана: 12-05-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 19 (1430), 8 траўня 2019 г.

9 траўня - Дзень Перамогі шматнацыянальнага савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

1100-ты нумар "Нашага слова", выдадзены ў Лідзе

Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый абвясціла 2019 год Міжнародным годам моў карэнных народаў

Гэтае мерапрыемства дае магчымасць павысіць дасведчанасць грамадскасці ў сусветным маштабе аб знікненні моў карэнных народаў і неабходнасці іх захавання, адраджэння і заахвочвання выкарыстання.

27 сакавіка 2019 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне паштовую марку "Міжнародны год моў карэнных народаў", наклад якой склаў 36 тысяч.

На марцы - афіцыйны лагатып Міжнароднага года моў карэнных народаў на англійскай мове. Мастак Ганна Раманоўская. Дызайн маркі, спецштэмпеля і канверта "Першы дзень" Яўгеніі Бядонік.

За асноўны элемент адметнасці беларускай мовы ад іншых мастакі ўзялі ў (у кароткае).

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Менска (крама "Філатэлія", вул. Маскоўская, 16) прайшло спецыяльнае гашэнне на канверце "Першы дзень".

Наш кар.

Старшыня Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Лявон Анацка прабег 1079 км за 10 сутак на 24-м штогадовым 10-дзённым забегу імя Шры Чынмоя ў ЗША і стаў другім сярод 34 удзельнікаў узростам ад 26 да 71 года з самых розных краінаў

Ніколі дагэтуль беларусы не бралі ўдзел у гэтым забегу, тым больш не займалі адно з прызавых месцаў. Першым у марафоне ў гэтым годзе прыбег прадстаўнік Манголіі, а трэцім - тайванец. Другое ж месца заняў беларус!

- Пераможцам я сябе сябе сапраўды трошкі адчуваю. Настрой цудоўны. Мая галоўная мэта была - паўдзельнічаць. Цягам 10-ці дзён я па сто з нечым кіламетраў прабягаў і вельмі задаволены вынікам. Надвор'е складанае было. Вільготнае паветра каля акіяна, вецер змяняўся. Але пабегаўшы па снезе ў Лідзе, было не так страшна. Адзін дзень намёт уначы заліло, але, на шчасце, я ўзяў зімовую вопратку. Тэхнічна я, канешне, не быў падрыхтаваны. Не так, як у майго суперніка з Манголіі, з якім 10 чалавек каманды прыехала. Аднак я ўсім і кажу, што пабыў на курорце, бо бег сабе ў задавальненне. Пакуль бег, глядзеў як распускаюцца дрэвы ў парку, як людзі адпачываюць, - кажа Лявон Анацка.

Звышмарафоны лідскі актывіст пачаў бегаць толькі 4 гады таму, аднак за гэты час ужо паспеў прабегчы больш за 30 тыс. км. Дзякуючы апошняй перамозе, Лявон Анацка будзе дапушчаны да марафону 3100 міль, які адбудзецца ў Нью-Ёрку праз два месяцы ў сярэдзіне ліпеня. Гэта самы складаны ў свеце прабег, які доўжыцца 52 дні і агулам складае амаль 5 тыс. км.

- Учора мяне лекар аглядваў, які дапускае да марафону ў 3100 міль. Сказаў, што ўсё ў норме, таму я вельмі рады. У свеце толькі 12 чалавек яго бегае. Гэта вельмі прэстыжны прабег, і я зноў буду першым з беларусаў. Можа, тады мне будзе прасцей прасоўваць наш беларускі ультрамарафон у міністра. Прыемна, што я магу паказаць на сваім прыкладзе, што весці здаровы лад жыцця можна ў любым узросце. Галоўнае - рабіць гэта з розумам, быць у кантакце з прыродай, атрымліваць радасць ад жыцця, - зазначыў звышмарафонец.

Як распавёў спадар Лявон, на забегу яго падтрымлівалі два нью-ёркскія беларусы, якія забяспечвалі бегуна неабходнай вопраткай, абуткам, ежай і абсталяваннем.

- Я, калі прабягаў сваіх сяброў, стараўся бегчы хутчэй, - распавядае Лявон Анацка. - Іх дапамога - гэта 30 адсоткаў кіламетраў, якія я прабег. Перад тым як называць маё імя, я папрасіў каментатара, каб дадалі, што я з Беларусі. Мне прыемна, што слова "Беларусь" лішнія сто разоў прагучыць у Нью-Ёрку. А зараз у маіх планах што? Паесці, адпачыць. Адзін індус, з якім я пазнаёміўся, запрасіў мяне ў Індыю на марафон у наступным годзе. Трэба рыхтавацца.

Л. Анацка прызнаецца, што яму вельмі патрэбна маральная і фінансавая падтрымка. Хто жадае дапамагчы, можа звяртацца да спадара Лявона праз "Facebook", або па нумары тэлефона +375297896608. Паколькі зараз спартовец знаходзіцца ў ЗША, скантактавацца з ім можна праз "Viber".

Лявон Анацка ўжо каля 20-ці гадоў узначальвае Лідскую раённую арганізацыю "Таварыства беларускай мовы", працаваў у Беларускім хельсінкскім камітэце, у Фондзе Льва Сапегі, каля васьмі год быў дэпутатам гарсавета ў Лідзе. Каб зарабіць на свае першыя марафоны, працаваў на Лідскай абутковай фабрыцы. Сёння яму ўжо 57 гадоў, аднак гэта не спыніла беларуса стаць сусветна вядомым спартоўцам.

ПВ belsat.eu. Фота Васіля Малчанава "Белсат".

Справаздача аб дзейнасці лідскіх арганізацый ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" за 2018 год

Колькасць сяброў, якія стаялі на ўліку ў Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" мянялася ад 50 чалавек да 100. Агульная база сяброў ТБМ на Лідчыне ўключае каля 500 чалавек, Сяргей Чарняк узяў яе ў работу, каб вярнуць да актыўнай дзейнасці хаця б частку сяброў.

У Лідскую арганізацыю ўваходзяць:

- Лідская гарадская арганізацыя;

- Бярозаўская гарадская арганізацыя (незарэгістраваная);

- Ёдкаўская суполка;

- Бердаўская суполка.

У Лідскай гарадской арганізацыі дзейнічалі суполкі:

- Паўднёвая (6 чал.);

- Цэнтральная (30 чал.);

- Слабадская (5 чал.);

- Паўночная (5 чал.);

- Раслякоўская (3 чал.);

- Маладзёжная (3 чал.);

- "Белтэксоптык" (5 чал.);

- Абутковая фабрыка (12 чал.).

Нам не ўдалося аднавіць дзейнасць ТБМ у Лідскім каледжы. Праца з кіраўніцтвам каледжа па арганізацыі далейшай дзейнасці ТБМ у каледжы поспеху не мела. Але ў нас вельмі добрыя адносіны на ўзроўні цыклавых камісій. Зрэшты, у каледжы змянілася адміністрацыя.

Спробы наладзіць больш цесныя адносіны з музычным каледжам былі таксама малаэфектыўнымі.

Мы наладзілі паспяховую супрацу з прафесійнымі ліцэямі (політэхнічны і меліярацыі), асабліва з політэхнічным (каля "Оптыка").

Нечакана на актыўную супрацу выйшаў Бярозаўскі ліцэй.

За межамі Лідскага раёна мы найбольш цесна ўзаемадзейнічалі з цэнтральным офісам ТБМ у Менску, Наваградскай арганізацыяй ТБМ "Узвышша", Нясвіжскай раённай арганізацыяй ТБМ, Валожынскай раённай арганізацыяй ТБМ, Слонімскай раённай арганізацыяй ТБМ, Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У справаздачны перыяд захоўваліся добрыя адносіны з Лідскім цэнтрам культуры і народнай творчасці, Лідскім дабрачыннем Беларускай праваслаўнай царквы, з Лідскім музеем і асабліва з літаратурным філіялам. З грамадскіх арганізацый найбольш цеснае супрацоўніцтва было з літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры "Лідскай газеце", Таварыствам польскай культуры, рухам "За свабоду", ГА БНФ "Адраджэнне".

Па асобных мерапрыемствах адбывалася супрацоўніцтва з іншымі структурамі.

Асноўнай задачай, якую вырашала арганізацыя - гэта забеспячэнне выдання газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец". І хоць фармальна газету і "Лідскі летапісец" выдае Установа інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", гарадская арганізацыя вырашае ў гэтым працэсе свае задачы.

За год выйшла 52 нумары "Нашага слова" і 5 нумароў "Лідскага летапісца". Мы выправілі сітуацыю з "Лідскім летапісцам", ліквідавалі адставанне, якое вісела над часопісам. Зараз фармальнае адставанне адзін нумар.

З нашай дапамогай выйшлі літаратурныя альманахі "Нясвіжскі ўток" (Нясвіж) і "Стольны град" (Наваградак).

У Лідзе падрыхтаваны краязнаўчы каляндар на матэрыяле Гарадзеншчыне на 2019 год па замове Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ. Укладальнік А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік. Падрыхтавана да выдання кніга "Міхал Шымялевіч".

Створаны новы паўнавартасны сайт газеты "Наша слова" nslowa.by ("Наша слова штодзень"), забяспечана яго рэгулярнае абнаўленне. Гэта для нас - вялікі крок наперад.

Актыўна абнаўляўся сайт газеты "Наша слова" naszaslowa. by, дзе размяшчаецца таксама і "Лідскі летапісец".

Лідскія сябры ТБМ працавалі ў вышэйшых структурах ТБМ. Станіслаў Суднік - сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, Лявон Анацка - сябар Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ.

Былі праведзены наступныя мерапрыемствы:

- у пачатку студзеня сябар Ёдкаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ Віталь Карабач за свае грошы купіў каля двух дзясяткаў асобнікаў каляндара "Не маўчы па-беларуску" і раздаў па дзіцячых і проста беларускіх установах горада: у дзіцячую паліклініку, дзіцячую бальніцу, школу мастацтваў, дом рамёслаў, музычную школу, кавярню "Тутака", Цэнтральную кавярню, школы горада;

- 4 лютага 2018 года адбылася творчая паездка сяброў Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ і літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" ў першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага горад Наваградак. У склад лідскаай дэлегацыі ўваходзілі старшыня літаб'яднання "Суквецце", навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея пісьменнік Алесь Хітрун, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, бард Сяржук Чарняк і намеснік старшыні ТБМ, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Станіслаў Суднік;

- 10 лютага сябры Саюза беларускіх пісьменікаў і лідскага ТБМ Станіслаў Суднік і Леанід Лаўрэш здзейснілі краязнаўчую паездку ў вёску Пагародна ў Воранаўскім раёне - пераемніцу двара Гародна, які належаў міністру абароны БНР генералу Кіпрыяну Кандратовічу. Мэтай паездкі было азнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай генералу Кандратовічу, у тутэйшым школьным музеі. Заадно пісьменнікі правялі літаратурна-краязнаўчую сустрэчу з вучнямі школы. Леанід Лаўрэш распавёў пра гісторыю Гародна, пра яго знакамітых уладальнікаў, пра Кіпрыяна Кандратовіча. Станіслаў Суднік прачытаў баладу пра Тодара Нарбута, чый маёнтак быў недалёка.

- арганізацыя паспяхова правяла шэраг мерапрыемстваў да Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага.

У Лідскім раёне 11-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі 34 установы агульнай сярэдняй адукацыі: школы, гімназіі, ліцэй. Пісалі дыктоўку ў 17 населеных пунктах. У цэлым у дыктоўцы ўзялі ўдзел 4957 вучняў, што на 51 чалавека менш, чым летась, але сёлета 21 лютага прыпала на перыяд успышкі захворванняў, таму можна лічыць, што ўзровень актыўнасці захаваўся.

Дыктоўку пісалі многія бібліятэкі клубы, дзве арганізацыі БРСМ, Лідская гарадская і Бярозаўская гарадская арганізацыі ТБМ

Дыктоўку пісалі ў кавярні "Сentral Coffee", у музеі, у Ліцэі меліярацыі.

Прайшлі святочныя канцэрты ў палацах культуры Ліды і Бярозаўкі.

Усяго ў Лідскім раёне дыктоўку пісалі 5,5 тысяч чалавек.

Па прыкладу Ліды масавая дыктоўка прайшла ў Наваградку. Там дыктоўку пісалі 2800 чалавек у 18 школах.

Па прыкладу Ліды дыктоўкі прайшлі ў Нясвіжы, Дзятлаве, Карэлічах.

- 28 лютага ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі прайшла презентацыя кнігі сябра Лідскай арганізацыі ТБМ Леаніда Лаўрэша "Шэпт пажоўклых старонак". Чарговае выданне лідскага пісьменніка, краязнаўца і даследчыка змяшчае каля 500 старонак вялікага фармату. Гэта артыкулы, зацемкі, карэспандэнцыі, рэпартажы і фотаздымкі з інфармацыяй пра Лідчыну ці з Лідчыны, якія друкаваліся ў расейскіх, польскіх і беларускіх газетах і часопісах ад 1900-га да 1939-га года. Па словах аўтара, каб сабраць матэр'ял для гэтай кнігі яму прыйшлося на працягу пяці гадоў перагледзець некалькі дзясяткаў тысяч выданняў тых часоў. Кніга Лявона Лаўрэша "Шэпт пажоўклых старонак" выйшла ў серыі Biblioteka "Ziemi Lidzkiej" і пры падтрымцы Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні.

- 2-4 сакавіка ў Лідзе па ініцыятыве Лідскай арганізацыі ТБМ, пры актыўным удзеле Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ і Ёдкаўскай суполкі ТБМ праходзіў двухсуткавы ультрамарафон пад назваю "Самапераадоленне". Удзельнікі забегу стартавалі ў трох дыстанцыях - на 12, 24 і 48 гадзін. Прычым, менавіта ў забегу на двое сутак зарэгістравался найбольшая колькасць удзельнікаў. Нягледзячы на мароз і снежную завею, на старт выйшлі каля двух дзясяткаў атлетаў з Беларусі, Украіны, Расеі і Малдовы. Заяўлены атлет з Польшчы не стартаваў. Ідэя правядзення першага ў Беларусі ультрамарафону належыць старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявону Анацку.

- 7 сакавіка сябры Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ і Ёдкаўскай суполкі ТБМ наведалі Мінойтаўскую сярэднюю школу Лідскага раёна. Нагодай стала бліскучае выкананне на Лідскім тэлебачанні удзельніцай алімпіяды па беларускай мове Рэнатай Мамедавай верша Анатоля Вярцінскага ну і, вядома, свята 8 сакавіка. Сябры ТБМ падзякавалі Рэнаце за цудоўнае выкананне верша, павіншавалі ўсю прыгожую палову Мінойтаўскай школы з жаночым святам. Была ў віншаванні і мастацкая частка ў выкананні Сяржука Чарняка, была і салодкая частка ад Ёдкаўскай суполкі.

- напярэдадні 25 сакавіка сябры лідскіх арганізацый ТБМ усталявалі памятны камень - "100 год БНР". Актывісты і фундатары адшукалі вялікі валун патрэбнай формы ў вёсцы Дакудава, каля Нёмана. Затым перавезлі яго на прыватны падворак у Ёдкі, што каля Ліды. А майстар з Бярозаўкі вырабіў на камені адпаведны надпіс - "100 год БНР" і "БЕЛАРУСЬ НАВЕЧНА". Такім чынам Лідчына адзначае памятную дату ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

- 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі актывісты ТБМ і іншых грамадскіх арганізацый з Лідчыны, а таксама сябар ТБМ Віталь Куплевіч з Радуні наведалі памятныя мясціны, звязаныя з нацыянальным беларускім адраджэннем. У Лідзе на праваслаўных могілках быў запалены зніч на магіле дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Юльяна Саковіча, Валерыя Маракова і інш. У Воранаве ўсклалі кветкі і запалілі зніч на магіле міністра абароны БНР, генерала ад інфатэрыі Кіпрыяна Кандратовіча. У вёсцы Пагародна наведалі музей у мясцовай школе, дзе ёсць экспазіцыя, прысвечаная генералу Кандратовічу. Генерал Кандратовіч валодаў маёнткам Гародна, тут у мясцовым парку пахавана урна з прахам дачкі генерала. Наступным пунктам стала магіла Алаізы Пашкевіч (Цёткі) ў Старым Двары Шчучынскага раёна. Большасць актывістаў была тут упершыню. Тут таксама былі ўскладзены кветкі і запалены зніч. Адгэтуль пераехалі да магілаў паўстанцаў каля Малога Ольжава ў Лідскім раёне, каб запаліць знічы, а таксама ацаніць аб'ём работ па дабраўпарадкаванні мемарыяла, бо работы, якія вяліся восенню, не закончаны.

- святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка ў Лідзе арганізоўваў Лідскі гістарычна-мастацкі музей сумесна з Лідскай гарадской арганізацыяй ТБМ. Ліда - адзіны горад у краіне, дзе святкаванне юбілею БНР ладзіла выключна дзяржаўная структура, грамадскасць актыўна дапамагала. Вечарыну вялі паэт, сябар ТБМ Алесь Хітрун і дырэктар музея Ганна Драб. Падчас святкавання ў гэты дзень гучалі патрыятычныя песні ў выкананні Сяргея Чарняка і Зміцера Захарэвіча. Артыст Алег Лазоўскі выдатна выканаў вершы лідскіх паэтаў Уладзіміра Васько, Станіслава Судніка, а таксама класікаў Анатоля Бутэвіча і Ніла Гілевіча. Атрымалася свята, якога ў Лідзе даўно не было, што праўда і такой даты не было.

- 7 красавіка ў вёсцы Ёдкі, каля ўсталяванага да стагоддзя БНР памятнага каменя, сябры ТБМ, актывісты з Ліды і Бярозаўкі чыталі вершы Ларысы Геніюш, спявалі песні на яе словы, прагадвалі яе біяграфію, а таксама тых, хто змагаўся за БНР;

- мітрапаліт Менска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 20 красавіка наведаў Ліду з важнай місіяй. Кіраўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі прыняў удзел у прэзентацыі Новага Запавету на беларускай мове. Гэта першы поўны афіцыйны пераклад на беларускую мову, выкананы беларускім рымска-каталіцкім касцёлам. Мерапрыемства адбылося ў сценах гістарычна-мастацкага музея Ліды. Ініцыятар імпрэзы Лідская гарадская арганізацыя ТБМ;

- у канцы красавіка сябры ТБМ з Лідчыны зладзілі азнаямленчую экскурсію па Івейскім і Валожынскім раёнах. Яны наведалі мястэчка Суботнікі, дзе нарадзіўся Зянон Пазьняк, усклалі кветкі да магілы яго маці. Затым завіталі ў мястэчка Вішнева, дзе мясцовая краязнаўца Тарэса Бітэль зладзіла змястоўную экскурсію па музеі ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, разам з мясцовым пробашчам паказалі касцёл, дзе ён служыў і завіталі ў царкву, што стаіць побач. Таксама наведалі музей прэзідэнта Ізраіля і Нобелеўскага лаўрэата Шымона Пераса, пабывалі на падворку, дзе стаяла хата ў якой нарадзіўся палітык. Пасля чаго адведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваны беларускія літаратары - Пятро Бітэль і Канстанцыя Буйло;

- у пачатку траўня Бярозаўская арганізацыя ТБМ выступіла ініцыятарам устаноўкі помніка заснавальніку горада Юліюсу Столе;

- з сярэдзіны траўня на "Лідскім гасцінцы" каля Лідскага замка штотыдзень разгортвалася альтанка "Нашага слова". Сёлета яна прыйшла на змену леташняй альтанцы ТБМ. Але па сутнасці нічога не змянілася. Тыя ж людзі, тая ж задача папулярызацыі беларускай мовы і газеты "Наша слова".

- 2 чэрвеня больш за два дзясяткі прыхільнікаў беларускай мовы з Ліды, Бярозаўкі і Радуні Воранаўскага раёна далучыліся да ініцыятывы "Агульная дыктоўка" ў рамках сацыяльна-культурнага праекта арганізаванага кампаніяй "Лідскае піва" і накіраванага на падтрымку роднай мовы. Дыктоўку пісалі на сядзібе Віталя Карабача "Гасьціна" ў в. Пескі.

- 14 чэрвеня сябры лідскіх арганізацый ТБМ і рэдакцыі газеты "Наша слова" былі запрошаны на свята беларускай мовы ў летнік "Тэхнасіці" пры Лідскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці. Свята беларускай мовы прайшло ў рамках рэспубліканскага марафону "Мая малая радзіма. Лета - дзень за днём". У свяце бралі ўдзел старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, рэдактар "Нашага слова" Станіслаў Суднік, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, бард Сяржук Чарняк, сябар Ёдкаўскай суполкі ТБМ Віталь Карабач.

- у сярэдзіне ліпеня паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы ў Лідскім раёне на месцы пахавання паўстанцаў 1863 года актывісты ТБМ Лідскага раёна ўстанавілі мемарыяльны знак.

- 5 жніўня ў былым фальварку Шчытнікі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы адбылося ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года. Арганізатар імпрэзы Лідская гарадская арганізацыя ТБМ.

- 25 жніўня ў арт-прасторы GA11ERY (Галерэя 11) у Лідзе па Міцкевіча, 31 прайшлі прэзентацыі чарговай кнігі даследчыка, краязнаўца і пісьменніка сябра ТБМ Леаніда Лаўрэша - "Генерал, які дайшоў да Беларусі" і вершаванага аповеда "Пілігрымка дадому" старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслава Судніка.

- 26 жніўня ў горадзе Бярозаўцы, што на Лідчыне, сябры ТБМ пачалі кампанію па зборы подпісаў за ўсталяванне помніка аднаму з заснавальнікаў шкляной вытворчасці ў гэтым месцы - Юліюсу Столе.

- 27 жніўня рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік прэзентаваў у сядзібе ТБМ газету "Наша слова" ў папяровым варыянце і яе новую электронную версію nslowa.by.

- 8 верасня Ліда святкавала 695-годдзе з дня заснавання. Тут праходзіў і 4-ты фестываль Lidbeer. А побач з бібліятэкай рэдакцыя газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец", сябры Таварыства беларускай мовы і Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў правялі вулічную прэзентацыю часопісаў, газет і кніжак. Жыхары Ліды і госці фэсту на імправізаванай выставе маглі пазнаёміцца з беларускамоўнымі краязнаўчымі і літаратурнымі выданнямі, атрымаць аўтографы некаторых аўтараў. Упершыню была прадстаўлена новая кніга "Сімвал веры" пісьменніка Валянціна Дубатоўкі, кіраўніка абласнога аддзялення СБП. Музычнае суправаджэнне выставы беларускага друкаванага слова забяспечвалі лідскі бард Сяргей Чарняк і гарадзенец Уладзімір Хільмановіч. Былі вырашаны вельмі важныя для Ліды, Гарадзеншчыны і нават Беларусі арганізацыйныя пытанні:

1. Валянцін Дубатоўка абвесціў загад ад 3 верасня 2018 года аб прызначэнні Станіслава Судніка намеснікам старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў;

2. Прынята рашэнне аб заснаванні кніжнай серыі "Лідскі кнігазбор". Заснавальнікамі выступяць Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў і Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны";

3. Прынята рашэнне аб заснаванні літаратурнай прэміі імя Тодара Нарбута "Нацыя волі". Прэмія будзе ўручацца за найлепшую мастацкую, краязнаўчую, публіцыстычную ці навуковую кнігу, якая ўзвялічвае беларускую нацыю і беларускі народ;

4. Прынята рашэнне аб выданні "Каляндара Лідчыны" па ўзоры "Каляндара Слонімшчыны".

- 16 верасня ў Мажэйкаўскім доме культуры Лідскага раёна прайшоў другі адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары ...ды халодныя ранкі". Лідская гарадская арганізацыя ТБМ актыўна падтрымлівае гэты фестываль.

- Стагоддзе БНР - падзея, пра якую варта нагадваць і нагадваць. Сябры ТБМ з Лідчыны, Бярозаўкі, Менска, Гародні адправіліся 21 верасня Нёманам у 100-кіламетровае падарожжа на зробленых уласнымі рукамі плытах у гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Плыты "25 сакавіка" (дзень абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі) і "27 ліпеня" (дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР) майстравалі амаль месяц, а само падарожжа па Нёмане заняло каля тыдня.

- 27 верасня ў Лідзе распачаліся курсы "Мова нанова". Яны праводзяцца ў арт-прасторы Ga11ery. Асноўныя арганізатары і ўдзельнікі - сябры ТБМ.

- 28 - 30 верасня ў Лідзе прайшоў другі этап Міжнароднага фестывалю-ультрамарафону "Самапераадоленне". Ідэолагам і асноўным арганізатарам Лідскага ультрамарафону выступае старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ, рэкардсмен Беларусі Лявон Анацка. Актыўны ўдзел бяруць Лідскі спорткамітэт, Лідская дзіцячая спартыўная школа № 2.

- 11 кастрычніка, у офісе ТБМ у Менску адбылася прэзентацыя новага сайта газеты "Наша слова" nslowa.by. Рэдактар газеты і сайта Станіслаў Суднік распавёў пра накіраванасць праекту, пра перспектыву пераходу толькі на электроннае выданне ў будучыні, тэматыку і развіццё, фактычна, новага навінавага партала.

- 13 кастрычніка ў Лідскім замку быў праведзены "круглы стол", прысвечаны гісторыі рэстаўрацыі гэтага выбітнага помніка архітэктуры. Прысутнічалі старшыня ТБМ Алена Анісім, ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, музейшчыкі, грамадскасць, адказныя асобы з мясцовых органаў улады, журналісты мясцовай тэлевізіі і друкаваных СМІ.

- 21 кастрычніка актывісты лідскіх арганізацый ТБМ арганізавалі краязнаўчую экспедыцыю ў раён Станкевічаў і Стрэліцы. Леанід Лаўрэш знайшоў звесткі, што тут на кургане былі пахаваны паўстанцы 1863 года. Згаданы ў запісе курган быў заўважаны са Станкевічаў у раёне былой Стрэліцы за поймай рэчкі Голдаўкі. У раёне кургана, але не на самім кургане, стаіць высокае адзінокае дрэва, якое добра відно з усіх бакоў.

- 22 кастрычніка на агра-сядзібе "Гасьціна" ў в. Пескі Лідскага раёна актывісты лідскіх і бярозаўскіх арганізацый ТБМ адзначылі 100-годдзе ўтварэння першай беларускай арганізацыі ў Лідзе. Арганізацыя была створана 19 кастрычніка 1918 года героем Першай сусветнай вайны генерал-маёрам Я.А. фон Гротэ дэ Буко.

- 2 лістапада з ініцыятывы актывіста ТБМ, гаспадара агра-сядзібы "Гасьціна" Віталя Карабача і яго сяброў былі запалены знічы ў памяць святой асветніцы Беларусі і ўсіх нашых продкаў каля ўсіх ефрасіннеўскіх крыжоў на Лідчыне. У Лідзе іх - шэсць, і два - у раёне.

- у канцы лістапада на Лідчыне прайшлі чарговыя літаратурныя сустрэчы. Сюды завіталі паэт і бард, рэдактар літаратурнага часопіса для маладых "Верасень" Эдуард Акулін і паэт-песеннік, сталы аўтар часопіса "Верасень" Леанід Дранько-Майсюк. Першая сустрэча адбылася ў Мінойтаўскай сярэдняй школе Лідскаага раёна. Другая сустрэча прайшла ў Палацы культуры Лідскага політэхнічнага ліцэя. Арганізатар сустрэчы Лідская гарадская арганізацыя ТБМ.

- 12 снежня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі Лідскія літаратурныя зазімкі, прысвечаныя 220-м угодкам з дня нараджэння Адама Міцкевіча. У імпэзе бралі ўдзел старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік, намеснік старшыні, вядомы бард Сяржук Чарняк. Вяла імпрэзу бібліёграф Галіна Курбыка.

- 12 снежня ў Лідзе на курсах "Мова нанова" адбылася прэзентацыя прыватнай батлейкі. Ініцыятарам яе стварэння стаў мясцовы бізнесовец, сябар ТБМ Віталь Карабач - гаспадар аграсядзібы "Гасьціна", які адразу атрымаў творчы псеўданім "Карабач-Барабач".

- 20 снежня 2018 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы на ўрачыстай цырымоніі падводзілі вынікі і ўзнагароджвалі пераможцаў ІІІ раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям". Гэты конкурс з'яўляецца яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй, ладзіцца ён раз у два гады і ўпершыню прайшоў у 2014 годзе. Арганізуе конкурс дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" пры падтрымцы лідскага ТБМ.

Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" С. Суднік.

Адам Мальдзіс і Мая Кляшторная ўзнагароджаны медалямі да 100-годдзя БНР

4 траўня адбыліся першыя ўручэнні медалёў да 100-годдзя БНР на тэрыторыі Беларусі. За шматгадовыя заслугі ў даследванні і папулярызацыі беларушчыны медалём узнагароджаны прафесар Адам Мальдзіс. За працу па аднаўленні справядлівасці ў беларускім грамадстве праз захаванне памяці пра ахвяры савецкіх рэпрэсіяў, у тым ліку за заслугі ў развіцці мемарыялу Курапаты, узнагароджана Мая Кляшторная. Медалі ўручыў Мікалай Пачкаеў, заступнік Старшыні Рады БНР і сябар Камісіі па ўзнагароджаннях пра Радзе БНР.

Адам Мальдзіс - доктар філалагічных навукаў, літаратуразнаўца і публіцыст, адзін з вядучых даследчыкаў старажытнай і дасавецкай беларускай літаратуры, аўтар шматлікіх кнігаў, складальнік некалькіх літаратурных зборнікаў і перакладчык з польскай і балгарскай моваў.

Мая Кляшторная - архітэктар, былы вязень ГУЛАГ-у і грамадскі актывіст. Будучы дачкой расстралянага беларускага паэта Тодара Кляшторнага, яна з часоў "Перабудовы" ў СССР актыўна займалася асветніцтвам па тэме палітычных рэпрэсіяў і ўшанавання памяці ахвяраў сталінскага тэрору. Яна сталася адным з натхняльнікаў стварэння народнага мемарыялу ў Курапатах і пэўны час была навуковым кіраўніком Курапатаў як гістарычна-культурнай каштоўнасці.

nslowa.by.

Сяргей Чыгрын выдаў "Літаратурную Слонімшчыну"

У гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" пабачыла свет кніга Сяргея Чыгрына "Літаратурная Слонімшчына". Аўтар кнігі згадвае жыццёвыя шляхі і раскрывае творчыя стасункі тых майстроў прыгожага пісьменства, чый лёс быў звязаны са Слонімшчынай. А гэта найперш Гальяш Леўчык, Кандрат Лейка, Сяргей Дарожны, Янка Бялькевіч, Язэп Вількоўшчык, Яўген Хлябцэвіч, Валянцін Таўлай, Мікола Арочка, Анатоль Іверс, Алег Лойка, Васіль Супрун, Уладзімір Сакалоўскі і многія іншыя вядомыя і малавядомыя літаратары.

Выданне найперш вызначаецца літаратурна-краязнаўчай накіраванасцю. Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю і мастацкім словам.

Беларускае Радыё Рацыя.

"Мой тата - палярнік, і я ім ганаруся"

Вучні 23 Менскай гімназіі мелі магчымасць сустрэцца з унікальнай асобай, даследчыкам Антартыды, маладым вучоным, біёлагам Дзмітрыем Лукашанцам. Дзмітрый Аляксандравіч, супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра Акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах прачытаў лекцыю пра прыроду і жывёльны свет лядовага кантынента і распавёў пра дзейнасць беларускай навукова-даследчай станцыі "Гара Вячэрняя".У спадара Дзмітрыя і яго жонкі Кацярыны двое дзяцей - Руслан і Майя. Руслан ганарыцца сваім татам і запрасіў яго выступіць для сваіх сяброў і іх бацькоў у гімназіі. Вучням пашанцавала прагледзець некалькі відэастужак і ўбачыць калекцыю марскіх зорак і іншых жывёл з дна акіяна.

Самы халодны кантынент быў адкрыты рускімі падарожнікамі Фадзеем Белінсгаўзенам і Міхаілам Лазаравым у 1820 годзе, а Паўднёвага полюсу ўпершыню дасягнуў нарвежац Руаль Амундсан амаль стагоддзем пазней.

З 50-тых гадоў мінулага стагоддзя міжнароднай супольнасцю было вырашана захоўваць Антартыду як нейтральную тэрыторыю міра і навукі, самае чыстае месца на зямлі. Яе лядовыя прасторы, раслінны і жывёльны свет вывучаюць спецыялісты з ЗША, Расіі, Кітая, Японіі і іншых краін. Беларуская экспедыцыя ў Антарктыдзе працуе ўжо 11 год. Рэспубліка Беларусь мае багатыя традыцыі вывучэння і асваення Антарктыкі. Наша палярная станцыя працягвае будавацца.

Беларусы прымалі актыўны ўдзел у даследваннях у складзе савецкіх антарктычных экспедыцый. Пачынаючы з 1957, у розныя гады ў палярных экспедыцыях удзельнічалі звыш 100 беларусаў. У асноўным, гэта былі навукоўцы: эколагі, метэаролагі, гідролагі. Першым палярнікам Беларусі быў В. К. Шымановіч, удзельнік другой комплекснай антарктычнай экспедыцыі (1957).

11 траўня 2011 года Урадам Беларусі была зацверджана Дзяржаўная праграма "Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011-2015 гады". З таго часу значна пашырыўся аб'ём навукова-даследчых работ спецыялістамі з Беларусі ў Антарктыдзе, вядзецца будаўніцтва ўласнай станцыі на базе гары Вячэрняй.

Удзельнікі сустрэчы задалі навукоўцу шмат пытанняў.

- Чым унікальны клімат Антарктыды?

- Амаль увесь кантынент пакрыты лядовым покрывам. На узбярэжжы, у раёне будаўніцтва беларускай станцыі тэмпература паветра ўзімку дасягае - 40, а ўлетку можа быць ад -15 да +5. Вельмі суровы клімат у сярэдзіне кантынента, напрыклад, у той частцы, дзе знаходзіцца расійская станцыя "Усход", там тэмпература ўзімку дасягае амаль - 88.

Моцны вецер, які часам дзьме з хуткасцю 30-40 метраў у сякунду і ўздымае снежныя віхуры і завеі. Вецер часам выдувае камяні як соты. Пры ясным надвор'і яркае сонца адлюстроўваецца ад снегу і свеціць асляпляльна. Палярнікі надзяваюць акуляры і маскі, каб зберагчы вочы.

Ледзяны купал над цвёрдай зямлёй у некаторых раёнах Антарктыды можа дасягаць трох кіламетраў. Частка лёду улетку спаўзае ў акіян, так ствараюцца айсбергі. Калі ўлетку растае снег, то можна назіраць мхі і лішайнікі на скалах і камянях. Калоніі імператарскіх пінгвінаў і пінгвінаў Адэлі могуць дасягаць колькасці некалькіх тысячаў асобаў. З пінгвінамі суседнічаюць паморнікі і буравеснікі. Цюлені жывуць на ўзбярэжжы. Антарктычныя воды багатыя планктонам, які з'яўляецца асновай ланцуга харчавання. Асабліва квітнее жыццё на дне акіяна: там жывуць марскія вожыкі, марскія зоркі, малюскі, губкі і іншыя жывёлы.

У прэснаводных азёрах мацерыковых прыбярэжных аазісаў існуюць экасістэмы, населеныя сіне-зялёнымі водарасцямі, круглымі чарвямі, весланогімі рачкамі і дафніямі. У 1994 вучоныя перадалі паведамленне аб хуткім павелічэнні колькасці раслін у Антарктыдзе, што выглядае пацвярджэннем гіпотэзы аб глабальным пацяпленні клімату на планеце.

З-за суровасці клімату ў Антарктыдзе няма пастаяннага насельніцтва. Часовае насельніцтва, якое базуецца на навуковых станцыях, складае ад 5000 чалавек летам да 1000 чалавек зімой. На сёняшні дзень больш за 40 краін маюць у Антарктыдзе навуковыя станцыі. Да ліку пастаянных антарктычных даследчыкаў належаць прадстаўнікі вялікіх і высокаразвітых краін.

- Як трапляюць беларускія палярнікі ў Антарктыду?

- Экспедыцыя адпраўляецца на расійскім караблі "Акадэмік Фёдараў" праз Атлантычны акіян. Карабель робіць прыпынкі ў Германіі і ў Кейптаўне (Паўднёва -Афрыканская рэспубліка), дзе члены экіпажа папаўняюць запасы паліва і харчавання. Каманда, у складзе якой - будаўнікі, вучоныя, медыкі і тэхнічныя спецыялісты, праводзяць на станцыі палярнае лета са снежня па люты. Гэта калі казаць толькі пра нашу станцыю і іншыя сезонныя станцыі; але на большасці расійскіх станцый людзі жывуць круглы год. Улетку карабель курсіруе ўздоўж узбярэжжа Антарктыды і наведвае станцыі розных краін, дастаўляе людзей і грузы, вывозіць смецце ў асобных бочках.

Беларускія палярнікі могуць дабірацца да месца станцыі таксама самалётам. Боінг з экіпажам і грузамі здольны сесці на лядовую паверхню. Па зямлі (дакладней - па снезе і лёдзе) перасоўваюцца ўсюдыходы і снегаходы.

Домікі і асобныя будаўнічыя матэрыялы для стварэння станцыі з карабля на зямлю дастаўляліся верталётам. Зборка модуляў ішла на месцы. На станцыі ёсць даследчыя лабараторыі і дызельныя электрастанцыі. Трымаць сабак зараз не дазваляецца, а раней гэта было магчыма.

- Чым харчуюцца палярнікі?

- Яны ўжываюць мяса, бульбу, шмат гародніны і садавіны (яблыкі, апельсіны). Харчаванне ў экспедыцыі павінна быць якасным. Запасы прадуктаў папаўняюцца падчас заходу ў Германію і Паўднёвую Афрыку з такім разлікам, каб хапіла на ўвесь час антарктычнага лета.

- Як навукоўцы даследуюць дно акіяна?

- Выкарыстоўваецца спецыяльны апарат - робат, які апускаецца ў лунку ў лёдзе. Даследчык кіруе ім, ён паглыбляецца ў ваду, можа браць пробы жывёл (напрыклад, марскіх зорачак) і раслін, здымаць на відэа дно акіяна.

- Як Вам удалося здзейсніць Вашу мару і патрапіць у Антарктыду?

- Я нарадзіўся ў Менску ў 1986 годзе ў сям' і акадэміка Аляксандра Аляксандравіча Лукашанца. У школе цікавіўся біялогіяй, а ў прыватнасці - заалогіяй, пасля заканчэння школы паступіў у БДУ на біялагічны факультэт. У 2008 годзе паступіў у магістратуру, а потым - у аспірантуру. У 2014 годзе абараніў дысертацыю. Яе тэма была звязана з дробнымі мікраскапічнымі арганізмамі - калавароткамі. Старэйшыя калегі ездзілі ў Антарктыду, я даведаўся ад іх пра экспедыцыі, зацікавіўся гэтым. Кіраўнікі навуковых накірункаў па розных галінах выбіраюць самых годных спецыялістаў, якія б маглі адправіцца на лядовы кантынент і праводзіць даследванні. Часцей выбіраюць маладых, у каго ў парадку са здароўем, тых, хто добра валодае метадамі даследванняў. Але ўзрост не самае галоўнае. Кіраўніку біялагічнага накірунку Юрыю Рыгоравічу Гігіняку - 74 гады і ён ужо чатыры разы пабываў у Антарктыдзе. Магчыма, мая далейшая навуковая праца таксама будзе прысвечана Антарктыдзе.

- Раскажыце, калі ласка, пра сабраную калекцыю антарктычных раслін.

- Расліннасць у Антарктыдзе прадстаўлена, ў асноўным, мхамі і лішайнікамі. Збор іх абразцоў абавязкова ўваходзіць у біялагічную праграму экспедыцыі. Цягам папярэдніх экспедыцый мае старэйшыя калегі сабралі многа матэрыялу, я таксама папоўніў калекцыю. Гэты гербарый лічыцца здабыткам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цікава, што адны віды антарктычных лішайнікаў жывуць толькі там, а іншыя - сустракаюцца і ў Паўночным паўшар'і.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Д.А. Лукашанец; 2. Дзеці вывучаюць марскія расліны; 3. Госці сустрэчы.

У Германіі прапануюць штрафаваць бацькоў за адмову ад вакцынацыі дзяцей супраць адру

Навіны Германіі

Міністар аховы здароўя Германіі Енс Шпан прапанаваў штрафаваць бацькоў, якія адмаўляюцца вакцынаваць сваіх дзяцей ад адру. Ён заявіў пра гэта ў каментары выданню Bild.

Па словах Шпана, ён распрацаваў законапраект, у якім прапануе штрафаваць тых, хто не зрабіў прышчэпку, на 2,5 тысячы еўра, а таксама не дапускаць дзяцей, у якіх няма прышчэпкі ад адру, у дзіцячыя сады.

- Мы хочам абараніць усіх дзяцей ад заражэння на адзёр, - сказаў міністр. Ён дадаў, што бацькі, чые дзеці ўжо ходзяць у дзіцячыя сады і школы, а таксама тыя, хто толькі збіраецца туды, павінны будуць падаць сертыфікат аб праходжанні вакцынацыі або дакумент, які сведчыць яе немагчымасць па медычных прычынах.

Паводле ацэнак Інстытута Роберта Коха, ад адру ў Германіі прышчэплены 93% дзяцей. Шпан хоча, каб такіх было як найменей 95%, каб спыніць распаўсюд хваробы. За першыя 10 тыдняў 2019 года ў Германіі паведамілі аб 203 выпадках адру.

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, ва Украіне з пачатку году на адзёр захварэлі больш за 43 000 чалавек. Па дадзеных Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), Украіна ўзначаліла дзясятку краінаў, дзе ў 2018 годзе было зарэгістравана найбольшая колькасць выпадкаў захворвання на адзёр.

Адзёр - вельмі заразная інфекцыйная хвароба, якая перадаецца ад хворага чалавека да здаровага паветрана-кропельным шляхам, гэта значыць падчас чхання, кашлю або размовы хворага. Вірус адру можа жыць у паветры і на паверхнях да двух гадзін пасля таго, як хворы чалавек пакінуў памяшканне.

Дзевяць з дзесяці невакцынаваных людзей, якія кантактуюць з хворым, будуць заражаныя. Захворванне на адзёр можа мець цяжкую форму і прывесці да сур'ёзных ускладненняў - пнеўманіі, вушной інфекцыі, запалення мозгу (энцэфаліту), а таксама да інваліднасці і смерці.

Спецыфічнага лячэння ад адру няма. Адзіны спосаб прадухіліць ускладненні і смерці ад адру - вакцынацыя.

Радыё Свабода.

Беларусаў запрашаюць на "Агульную дыктоўку"

1 чэрвеня ў Беларусі пройдзе масавая "Агульная дыктоўка" па беларускай мове. Напісаць яе можна будзе дома альбо ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Маштабная ініцыятыва прымеркавана да 400-годдзя выхаду "Граматыкі" Мялеція Сматрыцкага - кнігі, якая больш за 200 гадоў была вядучым выданнем па славянскай філалогіі, паведамілі ў кампаніі "Лідскае піва", якая з'яўляецца арганізатарам праекта. Напісаць дыктоўку можа любы ахвочы незалежна ад узросту і роду заняткаў. Пры гэтым арганізатары свядома выбіраюць тэкст павышанай складанасці, каб звярнуць увагу на багацце, самаідэнтычнасць і асаблівасці беларускай мовы. Каб стаць удзельнікам, трэба зарэгістравацца на старонцы праекта і ў пазначаны час далучыцца да сотняў беларусаў, якія будуць пісаць дыктоўку на роднай мове. Сёлета арганізатары забяспечваюць радыётрансляцыю дыктоўкі на хвалях радыёстанцыі "Культура" (102,9 FM у Менску, 88,5 FM у Брэсце, 99,3 FM у Віцебску, 91,5 FM у Гомелі, 95,0 FM у Гародні, 99,1 FM у Магілёве). Прамая трансляцыя пачнецца а 12 гадзіне адначасова са стартам дыктоўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Для праверкі трэба будзе адправіць сваю працу праз форму на сайце lidskae.by. Правяраць усе дыктоўкі будуць прафесійныя філолагі. Арганізатары звяртаюць увагу, што выпраўленні будуць улічвацца на карысць ўдзельніка. Вынікі дыктоўкі стануць вядомыя праз 5-7 рабочых дзён, і кожны ўдзельнік атрымае электронны сертыфікат аб удзеле. Арыгінал тэксту дыктоўкі будзе апублікаваны на старонцы праекта, каб кожны мог праверыць свой вынік. "Праект "Агульная дыктоўка" накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы. Неардынарны фармат дазваляе ўдзельнікам згуртавацца і знайсці аднадумцаў па агульных інтарэсах, - адзначылі ў кампаніі "Лідскае піва".

- Сёлета мы будзем пісаць "Агульную дыктоўку" ўжо ў трэці раз. Калі 2 гады таму да нас далучыліся каля 170 чалавек, то летась іх было ўжо больш за 300. У гэтым годзе разлічваем на яшчэ большую колькасць удзельнікаў.

Папулярызацыя беларускай мовы - важны напрамак карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці "Лідскага піва". Кампанія рэгулярна праводзіць акцыі і фестывалі на беларускай мове і выкарыстоўвае яе ў сваёй камунікацыі. Праект "Агульная дыктоўка" ў 2019 годзе праводзіцца кампаніяй "Лідскае піва" пры падтрымцы канала "Культура" Беларускага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя.

Беларускі сацыялістычны рух і беларуская дзяржаўнасць

26 красавіка у канферэнц-зале гатэля "Менск" адбылася прэзентацыя брашуры "Беларускі сацыялістычны рух і беларуская дзяржаўнасць" вядомага гісторыка, публіцыста, грамадска-палітычнага дзеяча Анатоля Сідарэвіча.

Абавязкі мадэратара сустрэчы ўзяў на сябе, пісьменнік, журналіст Міхась Скобла. З прывітальным словам выступіў прадстаўнік Фонду імя Фрыдрыха Эберта ва Украіне Марсэль Ротынг. Выступалі: Станіслаў Рудовіч, кандыдат гістарычных навук, доктар Майк Войке - кіраўнік рэферату "Publie History", Фонд Эберта, Таццяна Процька, гісторык, кандыдат філасофскіх навук; Павел Знавец, грамадска палітычны дзеяч.

У мерапрыемствы удзельнічалі: Мечыслаў Грыб, Ігар Барысаў, Марыя Аліева, Раіса Радзівановіч, Мікола Лавіцкі, Ірына Вештард і многія іншыя.

З працяглай і вельмі захапляльнай прамовай выступіў сам аўтар: Анатоль Сідарэвіч. Ён адзначыў спачатку, што сціплы фармат брашуры (64 старонкі) не дазваляе змясціць даволі вялікі спіс крыніцаў.

Далей азнаёміў прысутных з гістарычнай і палітычнай сітуацыяй у Беларусі, Еўропе і Расіі пачатку XX стагоддзя, нараджэнне нацыянальнага і сацыял-дэмакратычнага рухаў, яго паразы і поспехі, а таксама перспектывы ў наш час і ў будучым.

Сама кніга надзвычай цікавая і чытаецца на адным дыханні. У выданні адлюстроўваюцца падрабязна падзеі палітычнага жыцця ад 1902 года да сярэдзіны 1920-х гадоў. Кніга аздоблена гістарычнымі фотаздымкамі і падрабязнымі біяграфіямі Алаізы Пашкевіч, Аркадзія Смоліча, братоў Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага і іншых дзеячаў. Кніга адрасавана шырокаму колу чытачоў.

Пасля прэзентацыі адбылася аўтограф-сесія і дыспуты пад каву.

Алесь Рэзнікаў.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Рак П.Ф. - 10 р.

2. Грыбоўскі Васіль - 5 р., в. Чурылавічы

3. gwe - 19 р., г. Менск

4. Саротнік А.Я. - 20 р., г. Менск

5. Панасюк А.П. - 20 р., г. Менск

6. Кукавенка - 45 р., г. Менск

7. Ралько Леанід - 40 р., г. Баранавічы

8. Бубен Кастусь - 30 р., г. Менск

9. Птушка С. - 10 р., в. Хільчыцы

10. Лічык А.А - 2 р., г. Менск

11. Цівунчык Вячас. - 10 р., г. Баранавічы

12. Вяргейчык - 30 р, г. Барысаў

13. Жыдаль - 20 р., г. Менск

14. Шкірманкоў Ф. - 20 р., г. Слаўгарад

15. Крачкоўская - 10 р., г. Магілёў

16. Ляўшун Д. - 16 р., г. Менск

17. ZH.S.U. - 6 р. - г. Менск

18. Крыўко - 5 р., г. Наваполацк

19. Неабыякавы - 10 р., г. Менск

20. Дзед Мароз - 220 р., г. Менск

21. Батура М. - 5 р., г. Бягомль

22. Панасюк А.П. - 100 р., г. Менск

23. Максімовіч - 2 р., г. Менск

24. Забалотны Віталь - 10 р., г. Менск

25. Бойса Іосіф - 25 р., г. Ліда

26. Кудзякін Віталь - 15 р., г. Менск

27. Ляскоўскі Уладзіслаў - 100 р., г.п. Шаркаўшчына

28. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

29. Асташынскі Валянцін - 10 р., г. Менск

30. Сівы Сяргей - 5 р., г. Валожын

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

У с п а м і н ы

Да 156-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

Паводле ўспамінаў кс. Яна Жахоўскага: "У першыя дні Велікодных святаў шырыцца па Ковенскіх пушчах пагалоска аб прызначэнні Ковенскім ваяводам нейкага Даленгі, якога ніхто не ведаў. Жахоўскі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, адзін з першых пакінуў яго і далучыўся да жменькі моладзі, каб распачаць партызанку. Бачыў Серакоўскага ў Пецярбургу ў супольна знаёмых сем'ях. Чуючы вестку аб прыбыцці правадыра ў Коўню, вырашыў там яго шукаць. На трэці дзень святаў на шырокім Ковенскім гасцінцы бачыць экіпаж, а ў ім вайскоўца пры поўнай форме, у таварыстве двух іншых. Калі экіпаж наблізіўся, пазнае са здзіўленнем бачанага ў Пецярбургу палкоўніка Серакоўскага. Кідаецца да яго. Экіпаж затрымліваецца. Серакоўскі пазнае яго, хапае за плечы, абдымае, цалуе, гукаючы: "Жахоўскі! Жахоўскі, ты тут!" (Жахоўскі успамінаў тую хвілю са слязамі.)

Суправаджалі Зыгмунта д-р Траскоўскі, які яго не пакінуў да апошняй хвілі жыцця. У лагеры быў касірам Даленгі. Другім быў Ігнацы Ляскоўскі.

Зыгмунт даручыў Жахоўскаму прывесці свой малы аддзел (16 чалавек) у Шаты да Фларыяна Даноўскага, былога сібірака, калегі Фр[анцішка] Далеўскага. Адтуль рушылі ў Пашумер да Вялічкі (камісара), дзе Зыгмунт затрымаўся, а Жахоўскага выслаў у княжацкі фальварак Кнебе (у Вількамірскім павеце) для заснавання лагера.

Праз тыдзень Серакоўскі налічваў у сваім аддзеле 400 дабраахвотнікаў, прыбылых з універсітэтаў і з-за мяжы. Была гэта моладзь, якая цярпліва чакала закліку Літоўскага аддзела. Пасля пакідання Пашумера Даленга пад Генетамі недалёка ад Рогава правёў першую ўдачную сутычку, сам амаль не панёс стратаў, а пераважныя сілы непрыяцеля прымусіў да адвароту пры вялікай колькасці стратаў. У час гэтай бітвы Колышка дзелавіта ўвёў у зман непрыяцеля, пасля чаго злучыўся з Даленгам, за што атрымаў публічную пахвалу перад усім войскам. Бітва выйграна, а што было найважнейшай рэччу ў смутных умовах нашага войска, забралі лагеры і маскоўскую амуніцыю. Адным з першых прыбыў Колышка з прызнаннем камандавання Даленгі. Паводле слоў Канстанціна Далеўскага, узрушальны быў від спаткання тых двух камандзіраў і жменек моладзі ў глыбокай пушчы, сярод голых яшчэ бязлістых дрэў, на зямлі снегам пакрытай, а месцамі гразкай тванню. Радасць біла з вачэй усіх, калі тыя камандзіры сталі адзін перад адным. Колышка сагнуў калена, кладучы зброю да ног Даленгі, пры абвяшчэнні прысягі ісці з ім на жыццё або смерць за Бацькаўшчыну. (Стрымаў, не пакінуў яго, разам загінулі.) Гарачыя словы Даленгі, іхнія сардэчныя, братэрскія абдымкі наэлектрызавалі моладзь, якая з захапленнем віталася, паціскала рукі адны адным.

Колькасць дабраахвотнікаў хутка павялічвалася. Пасля гэтай бітвы Зыгмунт выслаў Баляслава Гейштара з першым рапартам у Вільню, просячы зброі.

Праз некалькі дзён Даленга быў зноў атакаваны ў Карсакінскіх лясах, дзе прывітаў непрыяцеля трапнымі стрэламі з засады і прымусіў яго адступіць.

Адтуль рушыў у Вількамірскі павет у фальварак Кнебе, дзе яго чакаў Жахоўскі, Малецкі, Касакоўскі і некалькі іншых з меншымі аддзеламі. Правёў тут цэлы тыдзень за навучаннем моладзі вайсковым навыкам, сігналам, адліву куль, асаджэнню кос, чыстцы зброі і г.д.

Не буду апісваць далейшых лёсаў кампаніі, іншыя лепей за мяне абазнаныя гэта зробяць; дадам толькі тое, што мне вядома з лістоў брата Канстанціна Далеўскага. Серакоўскі не прымаў у вачах моладзі позы непераканальнага рыгарыста. Калі шмат поглядаў адрознівала яго ад атачэння і прымушала выконваць яго волю і загады, то адно супольнае вялікае пачуццё аб'ядноўвала іх раўняла, ведучы на верную смерць за малым выключэннем ацалелых. Даленга вымагаў ад падначаленых парадку і дакладнага выканання абавязкаў, але цешыўся, бачачы іхнюю хоць хвілінную радасць і забыццё, баяўся думаць, што ўся гэтая моладзь прыгаворана на непазбежную гібель. Любоў да справы і любоў узаемная іх спаяла. Аддзелы любілі яго, верылі яму, гатовыя былі дзяліць з ім пераможную бітву і смерць. Пасля зняволення Зыгмунта, прыслалі ў Вільню, просячы кавалак кашулі, у якой быў паранены. Хацелі ім падзяліцца, перахоўваючы тыя шматкі, як ім дарагую рэліквію. (Дала шэрую ядвабную ў чоныя клеткі.)

Паводле слоў рапарта паход трох калон пад кіраўніцтвам Даленгі, кс. Мацкевіча і Колышкі на поўнач у бок Бірж (дзе мела быць дастаўлена і схавана W.F. у невядомай мне колькасці зброя). Ф[ранцішак] Дал[еўскі] пры расстанні паведаміў таксама і гэта Зыгмунту.

Паход войска быў сапраўдным трыумфальным маршам. Была гэта вербная нядзеля, перад тыднем пакут і перад уваскрэсеннем. Была вера ў грудзях усіх, калі зброю знойдуць, перамога і ўваскрэсенне блізкія.

А такі быў наплыў моладзі з народу паводле слоў Жахоўскага, што Серакоўскі, не маючы зброі для іх узбраення, вымушаны быў абыходзіць вёскі, бо вясковая моладзь, узброіўшыся цапамі і сякерамі, цягнулася за войскам, упрошваючы прыняць. Люткевіч камандваў аддзелам з 500 чалавек, узброеных толькі цапамі (называлі іх цапавікамі).

Апавядае таксама Жахоўскі, што ў часы, калі іх вёў Даленга, не зналі голаду і занядбання з боку грамадства.

Даленга клапаціўся і апекаваўся моладдзю, як камандзір і дбалы бацька. Сяляне са свайго боку забяспевалі ахвотна тым, чым былі ў стане.

Патрабаваў ад камісараў вялікай акуратнасці. Пасля сыходу Даленгі лёс аддзелаў падлёг вялікім зменам, а пад канец быў роспачлівым. Пасля арышту Зыгмунта і Аддзела першага складу арганізацыя аслабла, страціла веру ў поспех справы, згуба пагражала ўсім. Афіцэры з аддзела Зыгмунта, з якіх некалькіх сустрэла хаваўшыміся пасля ўпадку паўстання, гаварылі, што Зыгмунт імкнуўся на поўнач, каб пасля захопу схаванай там зброі зрушыць эстаў і латышоў, што на іх думку было справай больш, чым праўдападобнай для поспеху пры цудоўным дары ўздзеяння на народ і прыцягненнем да сябе ўсіх тых, якія маглі наблізіцца да яго.

Пярэчылі яны яшчэ непрыязнаму стаўленню латышоў да палякаў.

Курляндскія немцы здраджвалі і наводзілі непрыяцеля. Латышы хаваліся ўлясы не перад набліжаўшымся польскім войскам, а перад маскоўскім, якое залівала Біржанскія ваколіцы. (3 тысячы.) Народ ахвотна звозіў і зносіў паўстанцам са сваіх схованак патрэбныя харчы. А пасля бітвы не курляндскія двары, а мужычок прытуляў і апекаваўся параненымі.

Што ж афіцэры гаварылі яшчэ, пасля таго, як даведаліся пра ненадзейнасць зброі ў Лібаве, пра намеры захопу яе з Дынабургскай фартэцы пры дапамозе...

Аддзел паведаміў Зыгмунту пра згрупаваныя маскоўскія сілы для перарэзвання яму дарогі ў той бок. Свалкень, якому гэта было даручана, заміж таго, каб спяшыць дзень і ноч, затрымаўся на цэлы дзень у Вільні, пасля чаго даручыў некаму перасцярогу для пошуку Даленгі, а сам падаўся ў свой фальварак. З часам знайшлі лагер, уручылі перасцярогу, ўжо не Даленгу, а Ляскоўскаму, які адступаў у Панявежскім павеце пасля біржанскай паразы

Нікчэмнае нядбальства Свалкеня згубіла Зыгмунта.

З усіх амаль людзей, з якімі лёс зблізіў Зыгмунта, мабыць найбліжэйшым быў ксёндз Александровіч ў Дынабургу. Зыгмунт цаніў яго вялікі розум, незламаную нічым энергію, вялікую сумленнасць і любоў да Бацькаўшчыны. Пакідаючы назаўсёды Пецярбург. бачыўся з ім і вядомы пачуццем, якое мусяць засведчыць людзі блізкія да смерці, хацеў пераказаць сваю апошнюю волю, сваё апошняе даручэнне. Пакінуў яго не ў Пецярбургу, а ў кс. Александровіча. У яго, а не ў Пецярбургу пакінуў сваю найкаштоўнейшую працу. Адтуль узялі другі асобнік дадзенага Мілюціну, трэці быў дадзены Нітчалу, сакратару пры ангельскім пасольстве.

Калі Зыгмунт дзейнічаў на Ковеншчыне, кс. Александровіч, працуючы за дзесяцярых, дзелавіта вёў працу ў сябе ў Дынабургу. Не разлічваючы на дакладнасць іншых камісараў, сам адсочваў рух і распараджэнні вайсковых уладаў. Гэта ён дае знаць у Вільню пра тое, што далейшыя планы Зыгмунта некім здраджаны, і пра сабраныя каля Бірж вялікія маскоўскія сілы, для перарэзвання дарогі польскаму войску. Падазрэнне ўпала на Баляслава Сясіцкага (спраўніка ў Н[ова] Аляксандраўску), які меў брата, польскага камісара ў Вількаміры. Баляслаў страціў усе рысы чалавека - паляка - застаўся спраўнік. Мечыслаў, прыяцель Гейштара, лічыўся тым за сумленнага, гарачых пачуццяў паляка. Ці пры такім блізкім кроўным сваяцтве патрафіў захаваць дакладнасць таямніцы? Не ведаю. Ва ўсякім разе рабілі яму з той нагоды закіды - цярпеў іх, але давесці невінаватасць не было спосабу. Баляслаў Сясіцкі пасля біржанскай паразы, баючыся за сваё жыццё, прасіў перавесці яго ў Баравічы, дзе я мела пакуту будучы там на выгнанні, бачыць яго часамі як спраўніка, а ў Самары - Ільдэфонса Касцялкоўскага, чыя жонка выдала Зыгмунта ў рукі маскалёў.

Кс. Александровіч зняволены, пераносіў адно з найгоршых у тыя часы вязненняў. Адказваў так разумна, што акрамя пераканання Камісіі, быццам ён у сваёй асобе спалучаў дзейнасць ваяводскага начальніка і камісара, не магла яму гэтага даказаць, мусіла прыгаварыць толькі на пасяленне, але цяжкае вязненне падкасіла здароўе і сілы. Памёр у турме. Смутна мне, што не мела мажлівасці пазнаёміцца з так цэненым Зыгмунтам чалавекам і прыяцелем.

Апрача ксендза Александровіча колькі ж яшчэ мела Літва дзелавітых, шляхетных капланаў, узорных у жыцці, вялікіх патрыётаў, як: кс. Бышэўскі ў Троках, які рэшту жыцця правёў у Ватыкане, і кс. Пежа ў лагеры Зыгмунта, і кс. Скарупскі ў Н[ова] Аляксандраўску (Сібір), кс. Ішора, павешаны, кс. Зямацкі (павешаны) і шмат, шмат іншых, якія прыступалі да справы Бацькаўшчыны, як да алтара і ад якога не адышлі, не пакінулі, хоць увесь гмах валіўся ў друз і іх ля падножжа алтара пахаваў.

Гінулі на шыбеніцы, у турмах, у вязніцах пакутавалі і цярпелі нястачу на пасяленнях і ў Сібіры. Ім горш было, чым свецкім, няраз у паняверцы мерлі з голаду. Калі расіянам рабілі вымовы, чаму ксяндзам не даюць пасад як свецкім на выгнанні, адказвалі з наіўнасцю: "Да вот видите, неловко, вашего ксендза нельзя ругать" 359

Мураўёў неўзабаве пасля свайго прыбыцця на Літву выдаў камюніке: "Калі паўстанцкая партыя пакажацца на адлегласці 3 або 4 вёрст ад двара, маёнтак будзе падлеглы секвестру за ўдзел у паўстанні - канфіскацыі.

Вёска ў першы раз плаціць штраф, у другі раз раўняецца з зямлёй".

Сяквестр не моцна адрозніваўся ад канфіскацыі. Бывалі такія прыклады. Сын пані Станішэўскай загінуў у паўстанні. Маёнтак падлёг сяквестру, бо ўрад меў яго ў падазрэнні, што загінуў у паўстанні, але на гэта не меў доказаў. Яе самую выслалі ў Расію. Пасля 4 гадоў, калі вярнулася, загадалі ёй заплаціць 5 тысяч за адміністрацыю. (Маёнтак быў добра загаспадараны і прыбытковы да адміністрацыі. У руках ураду страціў сваю даўнюю вартасць.) Пані Станішэўская не мела тых 5 тысяч для аплаты ўрадавага доўгу; урад за той доўг забраў маёнтак, бо не знайшлося нікога, хто б даў болей. Палякам нельга было набываць зямлі.

З прыбыццём Мураўёва следчая Камісія распачынае сваю дзейнасць. Праславіліся ў ёй фальшам, падступствам, абманам, прыдумваннем цэлых доўгіх прызнанняў для ўцягнення лёгкаверных: жандарм Лосеў (які, мабыць толькі раз у жыцці сказаў праўду, калі яму нехта з вязняў вымаўляў крыўдны фальш: "Што ж вы, панове, думаеце пра нас, што мы ў вачах вашага грамадства падымаць і ўшляхетніваць захочам? Не, панове, заданнем нашым ёсць не толькі выдабыць з вас прызнанне, але яшчэ выпусціць вас з рук нашых такімі чорнымі, каб вашыя маці вас не пазналі"). Акрамя Лосева - Гогель, Ратч, Юган, Віселіцкі, Цылаў і шмат іншых да іх падобных.

Вікары Ішора - іхняя першая ахвяра. Пасля прачытання маніфесту пайшоў з партыяй, але на вестку пра зняволенне пробашча вярнуўся [і] здаўся ў рукі ўладаў. Павешаны.

Літ[оўскі] аддзел выдаў адозву, якая заклікала да вытрымкі ў выкананні абавязкаў у інтарэсах краю і не падаць духам з-за той нявіннай ахвяры. У дзень экзекуцыі адозва з'явілася на мурах горада. Гэта падказала Мураўёву, што ёсць Аддзел у Вільні і друкарня.

Праходзяць экзекуцыі кс. Зямацкага - 75-гадовага старога, Лясковіча, Ляснеўскага і іншых.

(Працяг у наст. нумары.)

359 Ды вось бачыце, няёмка, вашага ксендза нельга лаяць.

Наваградскія правінцыі*

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Сцежкамі Марылі Верашчакі

Беняконі - апошняе гміннае мястэчка ў Лідскім павеце, ляжыць на мяжы ваяводстваў: Віленскага і Наваградскага. Тут знаходзіцца ўсім добра вядомая даследчая аграрная станцыя, куды часта прыязджаюць шматлікія вясковыя гаспадары, прыгожы неабарочны касцёл, аточаны невысокім каменным валам, з паўночнага боку касцёла - могілкі, тут знаходзіцца цікавая для нас магіла Марылі Путкамер з Верашчакаў. Вялікі камень пакрыты імхом праз які з цяжкасцю чытаюцца літары надпісу: "S. P. Marya z Wereszczakоw Hr. Puttkamerowa Ur. 1799 r. Grudnia 24. Um. 1863 r. Grudnia 23. Wieczne odpocznienie racz Jej daс Panie".

Пра гэтую магілу ведаюць значна менш, чым пра даследчую аграрную станцыю. І гэта пры тым, што кожны з нас у школьныя гады чытаў Міцкевіча ці слухаў лекцыі выкладчыка пра яго паэзію і, канешне, ведае пра Марылю і адчувае жаль, што была халоднай да паэта, які кахаў яе больш за ўсіх жанчын на свеце. …

Наваградак, Свіцязь, Туганавічы, - заўсёды прамаўляем гэтыя назвы з пачуццём нейкага ўзрушэння, бо ведаем, што тут, у гэтых месцах кшталцілася душа вялікага генія. І наша сэрца мела прагу ўбачыць і адведаць гэтыя мясціны, злучаныя з творчасцю несмяротнага прарока, які сурочыў нас сваімі несамавітымі чарамі, расквеціў краявіды сваімі фарбамі і, калі наведваем гэтую частку Наваградчыны, мы заўсёды аглядаем яго памятныя месцы амаль што з рэлігійным уздымам.

Пачуцці паэта пасля страты Марылі абяссмерчаны ў IV частцы "Дзядоў" якія не шмат маюць агульнага з ваколіцамі Наваградка ці Туганавічаў. Падзеі, перажытыя паэтам, адбыліся ў Вялікіх Салечніках, падчас яго гасцявання ў ксяндза Паўла Грынашкевіча.

Падчас гасціны ў свайго далёкага крэўнага Міцкевіч меў мажлівасць сустрэцца з Марыляй, якая жыла за 1 мілю ад Вялікіх Салечнікаў і за 2 км ад Беняконяў, у маёнтку свайго мужа Ваўжынца Путкамера - Больценікі.

Няслушна ў маладосці шкадавалі яе. Не была яна такой бяздушнай, якой мы яе лічылі. Выйшла замуж за Путкамера, бо гэтакай была воля бацькоў. Такі быў яе лёс, але калі б не гэтая падзея, дык Міцкевіч не меў бы нагоды прыехаць у Вялікія Салечнікі да свайго далёкага сваяка, ксяндза Паўла Грынашкевіча (яго можна лічыць правобразам ксяндза Пятра з "Дзядоў") і наша літаратура напэўна не мела б гэтакіх геніяльных твораў.

Марыля яго кахала і пасля свайго замуства. Менавіта гэтае пачуццё перашкодзіла ёй прыняць удзел у нейкім віленскі балі, бо даведалася, што там мае быць Міцкевіч. Не жадала бачыцца з чалавекам, якога яшчэ кахала ў той час, калі была жонкай іншага 9.

Міцкевіч на шпацыры з ксяндзом Грынашкевічам, каб убачыць яе, даведаўся, якімі дарожкамі ходзіць яго каханая. З цяжкасцю перамог у сабе жаданне паехаць у Больценікі. Аднак спакуса была вялікай, бо Міцкевіч амаль што год не бачыў Марылю. Ужо пяць месяцаў яна была замужам, і бура патроху сціхала ў яго душы. Але яшчэ жыла надзея, што не ўсё страчана, што Марыля, аддаўшы сваю руку Путкамеру, цалкам не выкрасліла яго з свайго сэрца і сваёй памяці. Ірваўся да яе, бо жыла яна гэтак блізка і цешыў сябе надзеяй, што там, сярод сінеючых у далі бароў, якія раслі вакол Больценікаў, чакае і пакутуе самая дарагая на свеце істота.

Сутыкнуўшыся з Путкамерамі ў Вільні, Міцкевіч атрымаў запрашэнне наведаць Больценікі. І скарыстаўся з гэтага. Тым візітам датуюцца самыя рамантычныя спатканні з Марыляй. Не заўсёды падчас яго гасціны яны маглі афіцыйна бачыцца і таму мусілі ўцякаць на патаемныя спатканні. На адно з гэтых спатканняў паэта паклікала цыдулка: "У 12 вечарам, у чацвер, у тым месцы, дзе паламаная галінка, а калі нешта архіважкае перашкодзіць, тады на мяжы, у пятніцу, а пятай гадзіне".

Месцам, вызначаным Марыляй - "дзе была паламаная галінка", трэба лічыць "Гаік", у якім да нашага часу захаваўся вялікі камень з глыбока выбітым крыжам. Як вядома, крыж выбіла сваімі рукамі Марыля, якая пасля таго, як паэт незваротна пакінуў край, улетку, штогод доўгія гадзіны гуляла ў "Гаіку", прыгадваючы кароткія, але незабыўныя да канца жыцця хвіліны рамантычных прыгод з каханым.

Той камень сёння аточаны павагай уладальнікаў Больценікаў, як і ваколічнымі людзьмі. Ён ляжыць на невялікай палянцы, і дрэвы вакол яго памятаюць гарачы шэпт паэта.

Недалёка цячэ срэбная Сольча - мяжа лідскага і віленскага паветаў. …

Жыццё Марылі ў Больценіках не было ідыліяй, было яно напоўненае штодзённымі клопатамі і праблемамі. Рамантычная дама 40 гадоў аддала сваёй сям'і.

Дом, у якім жыла Марыля, зараз не існуе. Уладальнікі Больценікаў пабурылі стары дом і на яго месцы пабудавалі неагатычны палац. Пра Марылю памятаюць сцежкі, якімі яна хадзіла, камень з выбітым крыжам, "Гаік", частку дрэў якога яна сама пасадзіла (з насення, дасланага з Рыму праз Адынца), акацыі, якія буяюць перад палацам. Адсюль разрасліся яны па ўсіх ваколіцах.

Пры канцы задамо сабе пытанне - ці была Марыля прыгажуняй? Падобна, што не была, але і не была брыдкай. Не пакінула пасля сабе партрэта - Путкамер усе жыццё меў матэрыяльныя праблемы, і яму было не да жончынага партрэта. Засталіся толькі дзве мініяцюры, з якіх адна (Міцкевічава) зараз знаходзіцца ў Кракаўскім народным музеі, а другой валодае спадарныя Рыхлевіч - унучка Марылі. Аднак Марыля мела нейкую неакрэсленую абаяльнасць, якой назаўсёды параніла сэрца паэта і здабыла сабе несмяротнасць.

Пройдзе час, і не будуць бачны літары на помніку, але імя Марылі застанецца ў памяці гэтак жа доўга, як доўга будзе існаваць наша культура і зіхацець бляск генія.

Эйшышкі і ваколіцы

На вялікім рынкавым пляцы, да нядаўняга часу ўстаўленага бруднымі шапікамі, штодзень з аўтобусаў выходзіць некалькі прыезджых. Для вандроўніка няшчасцем будзе прыехаць ў гандлёвы дзень. Рынак застаўлены фурманкамі з таварам, стаіць гоман і мітусня вялікай колькасці людзей. У Эйшышках яшчэ захаваліся спецыфічныя гандлёвыя формы і традыцыі нашых правінцыяльных мястэчак.

Па меркаванні Нарбута, сваю назву мястэчка атрымала ад імя аднаго з трох правадыроў - Эйкшыца, які атрымаў гэтую маёмасць пасля перамогі ў бітве XI ст. Мястэчка вельмі старое. У свой час яно нават было цэнтрам павета. Эканамічна і культурна Эйшышкі адчулі ўпадак, калі чыгунка перамагла паштовыя тракты і гаспадарчае жыццё перанеслася ў Ліду. У наш час, дзякуючы шашы Вільня - Гародня і Ліда - Араны, мястэчка пачынае ажываць.

У ваколіцах Эйшышак ад веку жыве засцянковая шляхта, якая з'яўляецца самым кансерватыўным элементам на Лідчыне. Спосаб класіфікацыі людзей тут насамрэч вельмі дзіўны. Чуў, як адзін раз, убачыўшы едучую фурманку, прыезджы запытаў у мясцовага жыхара:

- Што гэта за чалавек паехаў?

- Гэта не чалавек, гэта шляхціц Ільцэвіч - адказаў мясцовы.

Чалавекам тут называюць толькі селяніна, а заможнага гаспадара, уладальніка фальварка, завуць шляхціцам ці дзедзічам. Эйшышская шляхта жыве ў Аранскай, Алькеніцкай і Радуньскай гмінах. Вядома яна сваёй гасціннасцю, дабрадушнасцю і вялікімі амбіцыямі. З нязнаным піетэтам сцеражэ яна свае традыцыі і звычкі. Свой род яна выводзіць ад нейкага рыцара Крупаса, які разам з Вітаўтам Вялікім браў удзел у Грунвальдскай бітве і пасля шчаслівага вяртання з вайны стаўся заснавальнікам роду.

На ўсёй гэтай тэрыторыі шмат гістарычных помнікаў. Тут як найлепей захаваліся сляды паганскай Літвы, заклятыя ў шматлікіх курганах, урочышчах, камянях і выкапнях. Археалагічныя даследаванні з гэтых мясцінах праводзіў Вандалін Шукевіч а Тэадор Нарбут збіраў каменныя начынні для наплаквання слёз падчас хаўтураў у паганскай Літве. Недалёка ад Вязанца да нашага часу ляжыць вялікі камень з паглыбленнем на якім, як казала легенда, ліцвіны складалі ахвяру свайму богу Пяруну.

Прыгожая шаша лучыць Эйшышкі з Радунню, таксама вельмі старым і слаўным мястэчкам. Радунь за мяжой добра вядома яўрэям, бо тут працяглы час жыў іх найвялікшы цадзік Хафец Хаім. Яго талмудычная акадэмія збірала яўрэйскую моладзь з усіх краёў свету, і ў мястэчка цяклі грошы. Акадэмія радуньскага цадзіка падтрымлівала мясцовую гаспадарку. Яго смерць (1935 г.) мясцовыя яўрэі - 90% жыхароў мястэчка адчулі з фінансавага боку, бо акадэмія зараз стаіць пустая.

Ваколіцы Радуні ўсеяны старымі курганамі і могілкамі на якіх мы бачым характэрныя літоўскія народныя крыжы. Намаляваныя яркімі фарбамі сімвалы Панскіх пакутаў - характэрныя для ваколіцаў гэтага мястэчка. Ад прыдарожных бяроз пры заходзе сонца вее нейкі дзіўны смутак. Фігурка Хрыста, выразаная дамарослым мастаком, жаласна нахілілася набок пад дашкам з іржавай бляхі, спарахнела і ўжо ледзь трымаецца на адным цвіку і таму пад ветрам выдае плаксівы гук, як быццам жагнае і дабраслаўляе падарожнікаў.

Мусім яшчэ заехаць у Шаўры - сямейнае гняздо Нарбутаў, дзе жыў і працаваў Тэадор Нарбут, гісторык Літвы, тут ён выхоўваў сына Людвіка - героя паўстання 1863 г., якому ў блізкіх Дубічах, у 1933 г. жыхары Лідчыны фундавалі помнік. Праектаваў помнік Фердынад Рушчыц а выканаў яго прафесар Баляслаў Балзункевіч. У браме маёнтка Шаўры калісьці былі ўмураваны археалагічныя артэфакты, якія знайшоў сам Тэадор Нарбут. Сёння не засталося тут ніякіх слядоў гэтага вялікага роду …

Засталася толькі памяць пра іх. Гісторык пахаваны каля яго парафіяльнага касцёла ў Начы. Таксама ў Начы, на прыгожых пагоркавых могілках пахаваны археолаг Вандалін Шукевіч.

Гэта мясцовасць, якая некалі выпраменьвала культуру, зараз у запусценні. Капліца, у якой спачывае навуковец, адчыненая для ўсіх, сюды заходзіць быдла, а неразумныя зухі нават паадчынялі вечкі трунаў і парушылі спакой памерлых.

(Працяг у наст. нумары.)

* Фрагменты з кнігі: Wladyslaw Abramowicz. Strony Nowogrodzkie. Lida, 1938. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

9 Аўтар рамантызуе адносіны Адама і Марылі. Гл: Лаўрэш Леанід. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5. 2013. С. 302-313.

Выйшла кніга пра беларускую мову ў Латвіі

Дзясятак гадоў палявых даследаванняў, шмат месяцаў, праведзеных за камп'ютарам, і ў выніку свет убачыла новая кніга польскага лінгвіста Міраслава Янкавяка, прысвечаная сучасным беларускім гаворкам Латвіі, - "Wspolczesne gwary bialoruskie na Lotwie. Charakterystyka. Wybor tekstow".

Міраслаў Янкавяк - ураджэнец горада Легіянова, што пад Варшавай. Ён з'яўляецца выпускніком кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Многа гадоў працаваў у Польскай акадэміі навук. А цяпер з'яўляецца супрацоўнікам Чэшскай АН у Празе.

У Варшаве ў 2004 годзе Янкавяк пачынаў, а ў Празе працягвае вывучаць беларускія гаворкі ў Латвіі. На самым усходнім ускрайку Латвіі, у яе гістарычным рэгіёне Латгалія, на граніцы з Беларуссю і Расіяй, у ваколіцах гарадоў Даўгаўпілс, Краслава, Індра, Посыне, Зылупе жывуць яшчэ апошнія носьбіты беларускай мовы.

Першая кніга Янкавяка "Gwary bialoruskie na Lotwie w rejonie kraslawskim. Studium socjolingwistyczne" выйшла яшчэ ў 2009 годзе. Затым яна двойчы ўбачыла свет па-беларуску, дзякуючы чаму тады яшчэ малады вучоны стаў вядомы ў Беларусі.

Міраслаў Янкавяк:

- У манаграфіі "Gwary bialoruskie na Lotwie w rejonie kraslawskim. Studium socjolingwistyczne" былі адлюстраваны такія праблемы, як функцыянаванне беларускіх гаворак ва ўмовах шматмоўя (выкарыстанне паасобных моў і дыялектаў у розных сферах жыцця), характарыстыка фанетыка-граматычных рыс, змешаны, беларуска-расійскі характар лексікі, а таксама пытанне жыццяздольнасці гэтых гаворак.

Цяпер з'явілася праца пра ўсе куткі Латвіі, дзе гучыць беларуская мова. Апісанне мовы з прыкладамі ў выглядзе расказаў тамтэйшых людзей пра сваё жыццё - мінулае і сучаснае. Праца ўбачыла свет у Празе ў 2018 годзе, але тыраж кнігі з'явіўся толькі цяпер. Выданне аздоблена каляровымі фатаграфіямі з мясцін, у якіх пабываў Міраслаў Янкавяк, шукаючы сляды беларускай мовы.

Міраслаў Янкавяк:

- Кніга "Wspolczesne gwary bialoruskie na Lotwie. Charakterystyka. Wybor tekstow" складаецца зь дзьвюх частак - разгляду паходжаньня беларускіх гаворак у Латвіі, стану даследаванняў, характарыстыкі структуры і выбраных дыялектных тэкстаў, запісаных з дапамогай знакаў фанетычнай транскрыпцыі. Цікавым пытаннем з'яўляецца паходжанне беларускіх гаворак, якія функцыянуюць на латвійскіх землях.

Нягледзячы на тое, што першыя кантакты крывічоў з балцкімі плямёнамі зафіксаваны ў глыбокім сярэднявеччы, пра з'яўленне большай колькасьці беларусаў на гэтай тэрыторыі можна казаць толькі ў дачыненні да другой паловы ХІХ ст. Міграцыя была выклікана рознымі фактарамі - адміністрацыйнай прыналежнасцю да адной дзяржавы (Віцебская губерня Расійскай імперыі), адменай прыгоннага права ў 1861 г., будаўніцтвам чыгункі Віцебск-Дынабург і іншымі фактарамі. Найбольшая колькасць беларусаў пасялілася на тэрыторыі былога Інфлянцкага ваяводства Рэчы Паспалітай (цяпер Латгалія) - спачатку ў ваколіцах Пасыэне, а пазней таксама і ў іншых паветах. У 60-я гады ХІХ ст. беларусы складалі ў Люцынскім павеце 20,6% ад колькасці ўсіх жыхароў, у Рэжыцкім павеце - 18,1%, а ў Дзвінскім павеце - 6,9%. Беларусы прыяжджалі таксама і ў Курляндскую губерню (ваколіцы Ілукшты, Фрыдрыхштадскі павет).

Найлепшым часам для развіцця культуры, мовы і ідэнтычнасці беларусаў быў даваенны перыяд, калі ў Латвіі функцыянавала шмат школ, таварыстваў і арганізацый нацменшасцей. Правы нацменшасцей былі абмежаваны пасля 1934 года, калі прэзідэнт Латвіі Карліс Улманіс увёў аўтарытарны рэжым, і цалкам ігнараваліся ў перыяд з'яўлення савецкай улады ў 1940 г. і пасля 1945 г.

Разам з аднаўленнем незалежнасці Латвіі ў 1991 г. пачалося адраджэнне грамадска-культурнага жыцця беларусаў у латвійскіх гарадах і ў Латгаліі.

Згодна з прынятай у беларускай дыялекталёгіі традыцыйнай класіфікацыяй, гаворкі на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Латвіі трэба лічыць працягам паўночнай групы паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы; гістарычна яны складаюць адзін масіў з гаворкамі з беларускага боку мяжы і гаворкамі паўднёвай часткі Пскоўскай вобласці Расіі (раёны Себежа і Невеля). Прыналежнасць гэтай тэрыторыі да трох дзяржаў (Беларуская ССР / Беларусь, Латвійская ССР / Латвія, Расійская СФСР / Расія) прывяло з цягам часу да пэўнага адрознення беларускіх гаворак. Самая моцная русіфікацыя назіраецца на тэрыторыі РФ (у сувязі з адсутнасцю беларускамоўнай адукацыі або адміністрацыйна-грамадкай падтрымкі), а найменшая - на тэрыторыі Беларусі.

Прысутнасць беларусаў на латвійскіх землях была адзначана ўжо Аляксандрам Рыціхам ("Этнаграфічная карта еўрапейскай Расіі", 1875 г.), а пазней Яўхімам Карскім ("Этнаграфічная карта беларускага племені", 1903 г.).

Карскі не толькі вызначыў межы беларускага этнасу на гэтай тэрыторыі, але і першым ахарактарызаваў беларускія гаворкі Латвіі. Прысутнасць беларускіх гаворак на гэтай тэрыторыі была таксама пацверджана даследаваннямі членаў Маскоўскай дыялекталягічнай камісіі ("Дыялекталагічная карта рускай мовы ў Еўропе", 1914 г.).

Вялікія заслугі маюць члены міжнароднай экспедыцыі 1977 г., у якой удзельнічалі даследчыкі з Беларускай і Латвійскай ССР. Даследавалі яны на працягу некалькіх гадоў беларускія гаворкі на беларуска-польска-літоўска-латвійскім памежжы, вынікам чаго стала выданне "Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" (1979-1986 гг.).

Шматгадовыя дыялекталягічныя даследаваньні паказалі, што беларускія гаворкі на тэрыторыі Латвіі таксама не аднародныя. На поўначы (Зылупе, Пасыене) назіраецца больш рыс, характэрных для расейскіх гаворак і расейскай мовы (пераважна лексічных, менш фанетычных і граматычных), а на поўдні гаворкі маюць больш беларускі характар. Некаторыя з рыс, апісаных Я. Карскім у 1903 г., не былі мной зафіксаваны на тэрыторыі, якая знаходзіцца на поўнач ад Шкяўне (там адсутнічае форма займенніка гэты, не адбываецца палаталізацыя (к), (г), (х), няма канструкцый тыпу "пайсьці да бацькі"). Не назіраецца аднароднасць таксама і ў маўленні дзвюх груп насельніцтва - аўтахтонных беларусаў (мова больш русіфікаваная) і прыежджых у Латвійскую ССР пасля Другой сусветнай вайны (у мове захавалася больш беларускіх элементаў). Аднак амаль усе дыялектныя рысы, пра якія пісаў больш за сто гадоў таму Я. Карскі, фіксуюцца ва ўсіх гаворках на тэрыторыі Латвіі.

Сярод найбольш распаўсюджаных рыс беларускіх гаворак можна назваць: звонкі, фрыкатыўны (г) - галава, горад, (у) нескладовае - пайшоў, а таксама формы дзеяслова 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку - знаець, паедзець, робюць. Хутчэй за ўсё, гэтыя моўныя рысы будуць прысутнічаць у мове мясцовых жыхароў яшчэ доўгі час.

Міраслаў Янкавяк збіраецца працягваць пісаць даследаванні пра беларускія гаворкі Латвіі. Паводле яго слоў, гэтыя дыялекты імкліва знікаюць, і неабходна зрабіць, каб захаваць іх хаця б для навукі.

Міраслаў Янкавяк:

- Чарговай публікацыяй будзе манаграфія "Gwary bialoruskie na Lotwie jako przyklad leksykalnego dziedzictwa pogranicza baltycko-slowianskiego" з дадаткам "Slownik gwar bialoruskich na Lotwie". Плануецца таксама выданне невялікага "Atlasu gwar bialoruskich na Lotwie".

Віктар Корбут. Фота: В. Корбут/ radyjo.net.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Інтэлегентнасць

Надарылася мне быць сведкам аднаго выпадку.

Ідзе па вуліцы маленькая жанчына ў акулярах (адметная рыса інтэлегентнага чалавека) і вядзе вялізнага сабаку. Паветрам, значыць, дыхаюць. Павольна ідуць, не спяшаюцца. І сабака культурны. Пры людзях нічога кепскага не робіць. Відаць, у сваёй кватэры патрэбу справіў.

Насустрач ідзе высокая, як слуп, жанчына, уся ў золаце і футры. Вядзе таксама сабаку. Сабака маленькі, але, відаць, пародзісты, бо пастрыжаны неяк дзіўна: на шыі грыва і хвост неяк пэндзлем - акурат маленькі леў.

Сабакі, як тыя людзі, на камуніка-бельнасць хварэюць. Ім пабрахаць, што іншаму чалавеку пагутарыць. А тут адбылося вось што. Маленькі "леў" панюхаў паветра, нешта яму не спадабалася, і замест таго, каб забрахаць, толькі злосна забурчэў.

Жанчына ў акулярах зразумела, што яе сябра крыўдзяць.

- Артур! Не звяртай увагі. Гэтае шчанё сёння не купалі.

Твар высокай, як слуп жанчыны, зрабіўся пунсовы, але яна стрымала злосць і тактоўна зрабіла заўвагу свайму спадарожніку:

- Пусік! Не звязвайся. Гэты кабель не чыстакроўны…

На тым кабеты і разышліся.

Як мала сказана, а колькі можна зразумець!

Інжынер і краля

Аднойчы з сябрамі ідзём на пляж. Па дарозе нам сустракаецца вясковая краля і зухавата пытае, як прайсці ў кантору спажыўгандлю.

- Чаго? - пытае Толік.

- На працу ўладкавацца.

- Кім?.. На якую пасаду? - цікаўлюся.

- Кухаркаю.

- А да мяне кухаркаю на кацер пойдзеш? - кажа Толік і моргае нам.

- А хто вы такі? - у сваю чаргу пытае яна, а сама аж падскоквае ад радасці.

- Інжынер па паглыбленні Нёмана, - па ўсім відаць, кажа першае, што патрапіла на язык.

- Пайду, - адказвае яна і выцягвае з сумачкі нейкія паперкі. - Я вучылішча закончыла. Маю разрад.

- Слухай, - усе мы душымся ад смеху. - Аформлю ўсе неабходныя дакументы пасля абеду, бо цяпер вельмі заняты. Тэрмінова трэба фарватар ракі паглыбляць. У дзве гадзіны знойдзеш нас там, - і паказвае на нейкую іржавую барку, што стаяла ўдалечыні.

Пасля гэтай гамонкі ўжо збіраліся расходзіцца, а тут Толік Капуста кажа:

- Спёка. Надта піва выпіць хочацца. Пазыч. Прыйдзеш - аддамо.

Тут вясковая краля падае бабла на дзве пляшкі гарэлкі.

- Бярыце-бярыце. Дзед расшчодрыўся.

Як пасля гэтага мы паглыбіліся.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX