Папярэдняя старонка: 2019

№ 35 (1446) 


Дадана: 28-08-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1446), 28 жніўня 2019 г.

ЗАПІШЫСЯ БЕЛАРУСАМ!

У Беларусі з 4 па 30 кастрычніка пройдзе перапіс насельніцтва. Адным з пытанняў анкеты будзе пытанне пра нацыянальнасць.

Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя МасМедыі" заклікае тых, каму неабыякавы лёс нашай краіны, запісвацца беларусамі.

Нацыянальнасць - не пытанне крыві, нацыянальнасць - твая самаідэнтыфікацыя. Можна не мець продкаў-беларусаў, можна быць мусульманінам, можна быць цемна-скурым, і адчуваць сябе беларусам. Калі ты ім пачуваешся, ты маеш права запісаць сябе ім.

Пра гэта зняты відэаролік, які можна знайсці на многіх сайтах, у тым ліку і на сайце nslowa.by. Вось што кажуць героі роліка.

Вікторыя Анохава-Жураўлёва, шматдзетная маці:

- Я выхоўваю 13 дзяцей і для мяне вельмі важна, каб мае дзеці ведалі, дзе іх карані, якую яны маюць спадчыну. Я раблю многа, каб яны разумелі, што яны - беларусы. Асабліва важна гэта ва ўмовах, калі суседняя дзяржава вельмі актыўна спрабуе пераканаць нас, што мы не з'яўляемся асобным народам.

Марына Шукюрава (Руся), спявачка:

- Я нарадзілася ў Беларусі, але ў мяне зусім няма беларускіх каранёў. Тым не менш я лічу сябе дзіцем менавіта гэтай культурнай калыскі, вывучаю беларускую мову, беларускія песні. Менавіта таму я, намагаючыся адчуць сябе існую, вывучаю беларускую мову і карыстаюся дзвюма мовамі ў жыцці.

Андрусь Такінданг, мастак, музыкант:

- Калі вы усведамляеце сябе беларусамі, калі вы хочаце даць шанец беларускай мове, то давайце яго: запісвайцеся беларусамі, кажыце, што вы размаўляеце па-беларуску. І, натуральна, размаўляйце па-беларуску!

Ібрагім Цынкевіч, вернік:

- Я мусульманін. З часоў Вялікага Княства Літоўскага іслам жыў поруч з іншымі канфесіямі. І сёння я шчаслівы быць беларусам і свабодна вызнаваць сваю рэлігію. Запісвайся ў беларусы!

Яўген Філенка, праграміст.

- Я нарадзіўся ў Расіі. Але кім я ёсць, калі мае дачка і жонка - беларускі, калі неба і мова любімая - беларускія. Кім я ёсць, калі ўсё, што я люблю - гэта Беларусь?

Адам Глобус, пісьменнік, мастак.

- Я - беларус. Я - не паляк, хоць большасць маёй сям'і ходзіць у касцёлы, я - не ўкраінец, хоць люблю сказаць: "Язык да Кіева давядзе", я - не рускі, хоць бацькі пахрысцілі мяне ў праваслаўнае царкве. Я - беларус. Так думаю, так лічу, і так кажу: я - беларус!

Дар'я Альперн-Каткоўкая, юрыстка, блогерка.

- Я нарадзілася ў Менску, жыла ў некалькіх краінах Еўропы: на Балканах. А цяпер я жыву ў Ізраілі. Я заўсёды памятаю хто я і адкуль. І таму, канешне, я запішуся беларускай.

Ларыса Сапач, настаўніца.

- Я працую ў школе з моладдзю. І імкнуся, каб яны былі беларусамі. Мы з імі спяваем, танчым, чытаем, выступаем па-беларуску. І я хачу бачыць сваіх вучняў беларусамі. Як і вас. Запісвайцеся беларусамі!

Добраўпарадкаванне крыніцы сябрамі ТБМ

Работы па добраўпарадкаванні крыніцы ў вёсцы Рабкавічы Баранавіцкага раёна правялі сябры Баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Перад тым, як пачаць працу непасрэдна каля самой крыніцы, была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа - узгадненне з мясцовымі органамі ўлады, выезд непасрэдна да крыніцы, выкананне эскізу элементаў аздаблення, зварот да кіраўніцтва будаўнічых арганізацый з просьбаю выдзеліць каменне для вырабу аркі і прыступкаў, арганізаваць прывозку жвіру і прыслаць грэйдар для падсыпкі дарогі.

Варта сказаць, што значную частку працы выканаў сябра Саюза мастакоў Беларусі і Міжнароднай акадэміі графікі Алесь Фалей. Ён не толькі зрабіў эскіз кампазіцыі, але і разам з сябрамі і аднадумцамі, а таксама братам, вядомым мастаком Генадзем, ажыццявіў выраб аркі, прыступкаў, шыльды, упрыгожыўшы іх выявамі птушачака і кветак.

14 жніўня 2019 г., нягледзячы на дажджлівае надвор'е, сябры ТБМ Мікалай Падгайскі, Аляксей Белы, Аркадзь Несцярук і Алесь Фалей выехалі ў Рабкавічы і разам з мясцовым старастам Міхасём Руцкім усталявалі кампазіцыю на месцы. Напрыканцы ў чарговы раз набралі з сабой смачнай крынічнай вадзіцы.

Мікола Падгайскі.

Валеру Санько - 80

Санько Валер Аляксеевіч (29 жніўня 1939, в. Вялікая Сліва, Слуцкі р-н, Менская вобл.) - пісьменнік, краязнавец, журналіст, кнігавыдавец, доктар нар. медыцыны, член-кар. Міжнароднай Акадэміі энергаінфармацыйных навук.

Закончыў Вяліка-Сліўскую СШ Слуцкага р-на (1956), з адзнакаю Баранавіцкае медвучылішча (1958), факультэт журналістыкі БДУ (завочна, 1967), аспірантуру ІМЭФ АН БССР (завочна, 1967-1970, тэма "Беларуская чарадзейная казка", кіраўнік праф. К. П. Кабашнікаў), Менскую ВПШ (1976-1978).

Фельчар у Пінскім раёне, Менску, літсупр. газ. "Чырвоная Змена" (1963-1965), "Звязда" (1965-1972), заг. рэд. медыцынскай і фізкультурна-спартыўнай літ. выд. "Беларусь" (1972-1975), нам. гал. рэд. часопіса "Здравоохранение Белоруссии" (1975-1976), нам. гал. рэд. выд. "Народная асвета" (1978-1982).

Арганізоўваў і ўзначальваў упершыню створаную на Беларусі рэдакцыю краязнаўства (выд. "Полымя", 1982-1990). Выходзілі ў ёй таксама кнігі па турызму, спорту. Нам. рэд. міждзяржаўнай чарнобыльскай газеты "Набат" (1990-1991), дырэктар выд. "Хата" (1992-2006).

Яго запісы бел. фальклору друкаваліся ў газетах, часопісах, у трох тамах акадэмічнага пяцідзесяцітомавага выдання бел. фальклору.

Тройчы быў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі (ад Беларускай сялянскай партыі, 1995, 1995, 1996).

Аўтар 21 асабістай кнігі. Найболей значныя: празаічныя - "Жыватворныя крыніцы" (1979), "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве" (1993), "Не плач, маці" (1995), "Дахаты пойдуць усе" (1999), "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах" (2009), "Грэх на іх нязмыўны" (2013), дакументальны раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" (2013), "Сучаснае беларускае літаратурнае жыццё" (2015), "Карыды вогненныя іскры" (2016); аб прыкметах і афарызмах - "Размова з прыродай" (1990), "Гаворыць - старажытны Рым, гавораць - пра старажытны Рым" (2003), "Жыць - прыкметы вучыць" (2017), "Прыкмета і прырода - сябры назаўсёды" (2019). Суаўтар кніг "З вудай і стрэльбай" (1974), "Знаёмства" (1982), "Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму" (1985), па лячэнні травамі (з Н. І. Аляксейчык, 1992, 1994).

Краязнаўства, фальклор, абярэгства, прыкметы гучаць ва ўсіх яго празаічных творах, асабліва ў кнігах "Жыватворныя крыніцы", "Не плач, маці", "Дахаты пойдуць усе", "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах", "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", "Жыць - прыкметы вучыць", у фаталістычнай аповесці пра забойства Янкі Купалы "Грэх на іх нязмыўны".

Вывудзіў у шаптух, ведуноў, з архіваў, дастаў з неба мноства прыкметаў, упершыню ў Беларусі сістэматызаваў народныя прыкметы супраць п'янства, самазабойства, лаянкі, курэння, наркаты, татуіровак, утрымання сабак і кошак у кватэры, захаплення навушнікамі, смартфонамі - кніга "Жыць - прыкметы вучыць" (2017).

Дабраславіў на чытацкія паліцы 1089 (!) аўтарскіх кніг. Мноства краязнаўцаў, гісторыкаў, навукоўцаў удзячныя яму за дапамогу ў друкаванні кніг - Іван Стальмашонак, Рыгор Кручок, Міхаіл Мельнікаў, Аляксандр Хацкевіч, Міхаіл Сідарэнка, Анатоль і Валянцін Грыцкевічы, Генадзь Каханоўскі, Віктар Шомадзі, Анатоль Цітоў, Станіслаў Цярохін, Яўген Сахута, Кастусь Тарасаў, Уладзімір Кісялёў, Вячаслаў Ляховіч, Эдуард Корзун, Сяргей Сергачоў, Іван Аношка, Яўген Сямашка, Феафан Раманоўскі, Вячаслаў Станішэўскі, Генадзь Лыч, Мікалай Прыгодзіч, Аляксей Кур'ян, Іван Плахатнюк, Стэла Іванова (Таразевіч), Лявон Гейштар, Віктар Говар, Мікалай Дзікевіч…

Рэдакцыям газеты "Наша слова" шчыра віншуе свайго сталага аўтара Валера Санько з сур'ёзнай датай, зычыць здароўя і творчага плёну. Не ўсё яшчэ сказаў, не ўсё напісаў Валер Санько.


Новыя палажэнні і статуты ў дзяржавах, таварыствах, навуках і мастацтвах, рэлігіях несупынна змяняюцца, як кара на дрэве, кветкі на кусце. З гадамі непазбежна мяняюцца характар, мэты чалавека. Несумненна растуць запыты грамадства, аднак, калі ідэалы застылі на месцы, людзі дарэмна пэўняцца, што ідуць уверх, паспяхова крочаць. Іхняя мяжа праўды загнілая, адсталая, разшчарбатая.

Недабрасумленнасць кіраўнікоў і палітыкаў спараджае недабрасумленнасць мастацтва, прыстасавальства навукі, маралі, бунтоўнасць маладых, множыць барацьбітоў.

Асобны чалавек можа не асэнсоўвацца паўнацэнным у грамадстве, не ацэньвае яго ідэальна, тым не меней хоча разумець ваколле, гісторыю, людзей, ён пратэстуе, калі доктар навук і міністр, пісьменнік няважна арэ свой кусок поля, а вымэкваецца за пэўны абшар навукі, дзяржаву Трататанія.

Валер Санько.

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Агееў Алесь Рыгоравіч Анацка Лявон Яўгенавіч Анісім Алена Мікалаеўна Анішчанка М.І. Арэх Мікалай Уладзіміравіч Асіпенка Аляксандр Георг. Асіпцова Яніна Аляксандраўна Багдановіч Алена Іванаўна Барада Людміла Барадаўкіна Ірына Сяргееўна Баран Павел Баршчун Валянціна Дзмітр. Баршчэўская Алеся Барысенка Аляксандр Анатол. Барэйка Юры Мікалаевіч Батура Людміла Віктараўна Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Бізгень Людміла Бондар Юлія Сяргееўна Бубновіч Ніна Булатава Зоя Міхайлаўна Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варанец Міхаіл Адамавіч Варановіч Крысціна Васілевіч Дарына Аляксандр. Васілеўскі Валянцін Васільева Вераніка Міхайл. Васільева Галіна Іванаўна Васілючак Міхаіл Вікенцьевіч Вінакурава Кацярына Віняцкі Ягор Змітравіч Войніч Вікторыя Іосіфаўна Волкаў Міхаіл Уладзіміравіч Вочка Ірына Пятроўна Высоцкая Таццяна Валянцін. Вяргей Валянціна Сяргееўна Вярцінская Вольга Уладзімір. Гадзюка Юрась Аляксандр. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Галоцік Ганна Дзмітрыеўна Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Валер'еўна Ганчар Марыя Іосіфаўна Гарбузова Аліна Канстанцін. Гідлеўская Людміла Канстанц. Гнётаў Віталь Мікалаевіч Гойшык Аляксандр Рыгоравіч Грыб Мечыслаў Іванавіч Грынько Вольга Ігараўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Данілюк Алег Іванавіч Даўгашэй Франц Дзежыц Аляксандр Альфрэд. Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Ермал. Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'яненка Ванда Баляслав. Дранец Алена Дробыш Алёна Сяргееўна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Міхайлавіч Дымкоў Сяргей Анатольевіч Дэц Аксана Аляксандраўна Ермаловіч Людміла Іванаўна Еўстратоўскі Уладзімір Парф. Ехілеўская Кацярына Леанід. Жбанкова-Стрыганкова В. Г. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Жук Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі Барыс Жыгалка Уладзіслаў Сяргеевіч Жышкевіч Людміла Завяруга Вольга Яраславаўна Зайка Антаніна Іванаўна Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Збірэнка Алена Зелянкевіч Аляксандра Ігар. Зелянкевіч Павел Ігаравіч Зімін Мікалай Васільевіч Зяльвовіч Алена Аляксандр. Зяновіч Ганна Аляксандраўна Іванова Вольга Аляксандраўна Івашка Ірына Алегаўна Ісаевіч Наталля Анатольеўна Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Кабушка Уладзіслава Уладз. Кавалевіч Алена Сцяпанаўна Казак Мікалай Мікалаевіч Казакевіч Дзяніс Валер'еыіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Калашнікаў Уладзімір Іванавіч Калбасіна Ірына Канабраткіна Таццяна Васіл. Канановіч Алена Канановіч Віталь Антонавіч Кандраценка Артур Сяргеевіч Кануннікаў Дзмітры Сяргеевіч Капусціна Святлана Валянцін. Карпека Андрэй Валер'евіч Карповіч Сямён Іванавіч Карценька Алена Карэнька Зінаіда Іванаўна Касцевіч Ніна Аляксееўна Касцян Кастусь Дзянісавіч Каўшырка Наталля Паўлаўна Качук Уладзіслаў Ігаравіч Кашчэеў Алесь Квандзель Таццяна Уладзім. Кіенка Генадзь Кліменцьева Марыя Андр. Кляўцэвіч Іван Віктаравіч Колас Уладзімір Георгіевіч Корбут Віктар Андрэевіч Котчанка Уладзімір Коўзель Ян Уладзіміравіч Кошчанка Уладзімір Аляксан. Крамко Ганна Іосіфаўна Краснагір Аляксей Рыгоравіч Краўцоў Андрэй Краўцэвіч Аляксандр Канст. Краўчанка Ала Крот Кацярына Міхайлаўна Круглік Юлія Віктараўна Крэнць Максім Кудзелька Віктар Яўхімавіч Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Аляксандр. Купчык Мікола Курган Дзяніс Аляксандравіч Курдзя Антаніна Юр'еўна Курдо Антон Васільевіч Лагун Таццяна Лазко Любоў Іванаўна Лапато Валянціна Уладзімір. Лапухова Часлава Чаславаўна Лапцік Валянціна Лізуноў Андрэй Іванавіч Ліпскі Міхаіл Аляксандравіч Лісай Уладзімір Аляксеевіч Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Васільевіч Ліцьвінчук Алена Лобан Ірына Фёдараўна Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Лунёва Настасся Лызо Дмітры Сяргеевіч Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Майсюк Вольга Мікалаеўна Малец Надзея Генадзеўна Малочка Таццяна Маляўка Андрэй Фёдаравіч Мандрык Канстанцін Алякс. Марзалюк Ігар Аляксандравіч Маркелава Марыя Дзмітр. Маркелаў Валер Анатольевіч Маркушэўскі Ігар Марозаў Валер Уладзіміравіч Марук Мікалай Анатольевіч Марцінкевіч Ганна Масло Марыя Мацкевіч Васіль Васільевіч Мацулёў Мікалай Пракопавіч Мезяк Віктар Віктаравіч Мельнікава Зоя Пятроўна Мельнікаў Мікалай Алякс. Міхайлоўская Вікторыя Люд. Міхалоўская Вольга Міхалькова Алена Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Мурашка Надзея Мусік Святлана Валянцінаўна Мухін Ігар Алегавіч Мухіна Алена Аляксандраўна Мяцельская Наталля Іванаўна Навумік Зінаіда Наздрына Ларыса Паўлаўна Новік Дзіяна Новік Марыя Іванаўна Пабірушка Таццяна Валер. Панкрат Пётр Аляксеевіч Папова Марыя Парфёненка Віктар (Вітаўт) В. Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Юр'еўна Паўлоўская Ганна Генрыхаўна Паўлоўская Марыя Ігараўна Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валер Міхайлавіч Петрычэнка Аніта Аляксанд. Півавар Кацярына Сяргееўна Піваварчык Ірына Вайцехаўна Пінчук Мікалай Фёдаравіч Піткевіч Алесь Пранікава Тамара Прасольная Вольга Анатол. Прывалаў Васіль Уладзімір. Прыстаўка Яніна Ігараўна Птушка Алена Міхайлаўна Пузанкевіч Вікенцій Пянкрат Пётр Аляксеевіч Пяткевіч Тамара Сымонаўна Пятровіч Карней Ізідоравіч Пятроў Дзяніс Валер'евіч Пятроў Іван Сяргеявіч Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Іванавіч Савостава Наталля Юр'еўна Салавей Лія Мацвееўна Саламевіч Кацярына Алякс. Салдатава Аліса Сяргееўна Сармант Надзея Сцяпанаўна Сарока Надзея Саскавец Ала Мікалаеўна Свяколкін Антон Віктаравіч Севярынец Канстанцін Паўл. Севярынец Таццяна Яўгенаўна Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Случак Таццяна Уладзіміраўна Сметаненка Александр Смольнік Вольга Георгіеўна Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Вячаславаўна Суднік Арцём Станіслававіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Сухаверхая Кацярына Мінаўна Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Сцяцэнка Яўгенія Валер'еўна Сяльверстава Святлана Яўг. Таніня Наталля Мікалаеўна Тарасевіч Пётр Пятровіч Таратута Аляксей Мікалаевіч Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Тычына Андрэй Уладзіміравіч Уласюк Юры Уліцкая Ганна Уладзіміраўна Усеня Уладзімір Мікалаевіч Усцімчук Мікалай Мікалаевіч Усціновіч Васіль Віктаравіч Фёдарава Ірына Пятроўна Флярко Сяргей Аляксандравіч Хляба Ігар Вітальевіч Цімохаў Сяргей Цыбулька Аляксандр Георг. Чабатарэўскі Андрэй Барыс. Чайкова Ірына Аляксандраўна Чаркасаў Л.І. Чарнавус Мікалай Дзмітр. Чарноў Павел Фёдаравіч Чырвонцаў Леў Раманавіч Чэчат Лілея Пятроўна Шабар Маргарыта Сяргееўна Шпірыч Раіса Сяргееўна Штанюк Наталля Аляксандр. Шульчанка Вольга Анатол. Шутаў Аляксандр Эдуардавіч Шыбкоўскі Сяргей Георгіевіч Шэметава Вікторыя Якавец Т. Я. Якіменка Кацярына Мікал. Янкоў Дзмітры Уладзіслававіч Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Анатольевіч Яшкін Уладзімір Уладзіміравіч

Збіральнік скарбаў далёкіх эпох

Шаптала мова:

"Мяне не кінь".

І я адказаў: "Цябе не кіну.

Ты - залатая мая латынь.

З табой жыву.

З табой загіну."

( Л. Дайнека.)

21 жніўня адышоў у лепшы свет адзін з найвыдатнейшых гістарычных пісьменнікаў Леанід Дайнека, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Мележа, дзяржаўнай прэміі БССР, сябра Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён ствараў мастацкую гісторыю Бацькаўшчыны, перагортваючы пласт за пластом.

Яго раманы "Меч князя Вячкі", "Жалезныя жалуды", "След Ваўкалака", "Назаві сына Канстанцінам" увасаблялі рэальных гістарычных асобаў, наталялі прагу чытачоў да спазнання беларускай даўніны і сусветнай гісторыі. Кнігі пісьменніка захаплялі дарослых і падлеткаў прыгодніцкімі хадамі, яскравай фантазіяй, закручанымі сюжэтамі, элементамі містыкі.

Леанід Мартынавіч нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Змітроўка 2-ая Клічаўскага раёна. У дзяцінстве, начытаўшыся цікавых кніжак пра Марка Пола, Калумба, Васка да Гама, Міклуху-Маклая, ён марыў стаць падарожнікам. Яшчэ ў школе пачаў ствараць вершы на беларускай мове. Упершыню надрукаваў верш у газеце Уральскай вайсковай акругі, дзе ён служыў. Паступаць на журфак Леанід Дайнека прыехаў у 1963 годзе ў вайсковай форме з блакітнымі пагонамі.

Штуршком да вяртання ў беларускасць для маладога літаратара паслужыў Рэспубліканскі семінар творчай і навуковай моладзі на беразе возера Свіцязь у чэрвені 1968 года, дзе выкладчыкамі былі Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч. Пасля заканчэння БДУ Леанід Дайнека працаваў у Віцебску старшым рэдактарам на абласной тэлестудыі. З тэлебачаннем звязаў свой лёс і тады, калі перабраўся ў Менск. У 1972 годзе ён прыйшоў працаваць у рэдакцыю часопіса "Маладосць", дзе на працягу 17 гадоў быў адказным сакратаром. Пэўны час ён загадваў рэдакцыяй паэзіі выдавецтва "Мастацкая літаратура".

Першы паэтычны зборнік "Галасы" Леанід Дайнека трымаў у руках у 29-гадовым узросце. Свежае дыханне маладога творцы натуральна ўлілося ў шматгалосы хор беларускай паэзіі. Кнігі "Бераг чакання", "Начныя тэлеграмы", "Мая вясна саракавая", "Вечнае імгненне", "Сняжынкі пад агнём" натхнялі чытачоў у 70-80-ых гадах. Л. Дайнека ўпэўнена дэбютаваў як празаік і сцвердзіўся як раманіст у першых сваіх творах "вялікага жанру" - "Людзі і маланкі" ( 1978), і "Запомнім сябе маладымі" (1981), што склалі дылогію. Затым выйшаў ягоны раман "Футбол на замініраваным полі" (1983).

У першым сваім гістарычным творы "Меч князя Вячкі" (1987) празаік заглыбіўся ў нацыянальную даўніну і адлюстраваў гераічную барацьбу гараджан старажытнага Полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі.

У прадмове да кнігі аўтар сведчыў: "Цяжка плыць па рацэ, імя якой - Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да мясцін, дзе ракі, па сутнасці няма, а ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзясяткаў кіламетраў сатчэтца шырокі абрус ракі."

У 2004 годзе ў Чырвоным касцёле ён разам з жонкай Зінаідай быў ахрышчаны кс. Уладыславам Завальнюком у каталіцкую веру. У пісьменніка трое сыноў - Зміцер, Сяргей і Сцяпан. Леанід Дайнека некалькі разоў наведваў Святую зямлю, дзе чэрпаў натхненне для сваіх твораў.

Героямі аднаго з лепшых раманаў пісьменніка "Назаві сына Канстанцінам", які выйшаў у 2008 годзе, былі Канстанцін Вялікі, які спрыяў распаўсюду хрысціянства ў Рымскай імперыі ў IV стагоддзі, Канстанцін Палеалог - абаронца Канстанцінопаля ад нашэсця туркаў-заваёўнікаў, і вялікі гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі, які шырока праславіўся сваімі дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў вядомы як рупліўца праваслаўнай асветы, заснавальнік храмаў і манастыроў.

У захапляльным рамане "Чалавек з брыльянтавым сэрцам", развіваючы жанр нацыянальнай фантастыкі, Леанід Дайнека ўвасобіў мары і акрэсліў праблемы будучага чалавецтва. На 222 годзе Вялікай Эры Плюралізму Беларусь уваходзіць ў Індаеўрапейскую канфедэрацыю. Кожны яе грамадзянін павінен ведаць свой радавод да дзясятага калена. Кожны можа выбіраць сабе і сваім нашчадшкам новае імя і прозвішча: Гай, Пушча, Бярозка і Шыпшына. Героі новай эпохі вітаюць адзін аднаго воклічамі: "Жывуць Сонца і Кісларод!" Далёкі Космас прастрэлены трасамі зоркалётаў. На дне Балтыкі пабудаваны падводны горад Светавід. Але буйны метэарыт, што нечакана для Касмічнай Варты ўпаў з хмарыстага неба, разбіў ядзерны рэактар на поўдні Афрыкі і напалохаў усіх. Асабліва прыгожым быў помнік Плюралізму. На кветцы-пляцоўцы месціліся бюсты знаных асобаў: Платона, Гарыбальдзі, Напалеона, Бісмарка, Леніна, Троцкага, Рузвельта, Леха Валенсы.

Апошнімі творамі празаіка былі "Ілоты" пра старажытную Спарту і аўтабіяграфічны раман "Сын ільва, дачка Зеўса - Леанід і Зінаіда".

Яго радкі ўмацоўвалі дух, служылі крыніцай натхнення і апірышчам волі.

Дарога месячным бляска залітая.

Быў на зямлі нашых продкаў Час.

Вялікае Княства

і Рэч Паспалітая,

Мы помнім пра вас,

не забудзем вас.

Помнім Сапегу, помнім Баторыя,

Чуем з нябёсаў гарматны гром.

Жалезнымі крыламі

звоніць гісторыя,

У сэрца арліным б'е кіпцюром…

Зямля ад гарачай крыві

была коўзкай

І мы ганарымся,

што выраслі тут,

Мы маем Скарыну,

маем Гусоўскага,

Маем "Вялікага

Княства Статут".

Э. Дзвінская, На фота аўтара: Л. Дайнека на вечарыне ў бібліятэцы імя Пушкіна ў Менску.

У 60 гадоў памёр літаратуразнавец і пісьменнік Пятро Васючэнка

Ва ўзросце 60 гадоў памёр беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік, драматург, эсэіст, казачнік і аўтар фэнтэзі Пятро Васючэнка.

Пятро Васючэнка нарадзіўся 15 лютага 1959 года ў Полацку.

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ (1984). Кандыдат філалагічных навук (1983). У 1984-1997 працаваў малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ. З 1997 - загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Выкладаў у Коласаўскім ліцэі. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Актыўны сябар ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Як навуковец займаўся творчасцю Янкі Купалы, даследаваў беларускую драматургію. Аўтар літаратуразнаўчых манаграфій "Драматургія і час" (1991), "Драматургічная спадчына Янкі Купалы" (1994), "Пошукі страчанага дзяцінства" (1995), "Сучасная беларуская драматургія" (2000), "Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм" (2004), "Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён" (разам з Баршчэўскім і Тычынам).

Аўтар кніг прозы "Белы мурашнік" (1993), "Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі" (1997), "Прыгоды аднаго губашлёпа" (1999), "Адлюстраванне першатвора" (2004), экалагічнай казкі "Каляровая затока" (2008), зборніка п'ес "Маленькі збраяносец" (1999), кнігі паэзіі "Піраміда Лінея" (2008). Творы П. Васючэнкі перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны. У 2003 атрымаў прэмію "Гліняны Вялес".

Сакратарыят ТБМ выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім сп. Пятра. Няхай родная зямелька будзе для яго мяккай, а памяць пра яго светлай.

У Германіі прайшла шматтысячная акцыя супраць расізму і дыскрымінацыі

Навіны Германіі

24 жніўня ў Дрэздане каля 35 тысяч чалавек прынялі ўдзел у мітынгу супраць расізму і ксенафобіі, а таксама ў падтрымку інклюзіўнага грамадства, паведамляе dpa.

Арганізатарамі выступіў рух "Unteilbar" (перакладаецца як "Непадзельны"), які ў мінулым годзе сабраў на аналагічную акцыю пратэсту ў сталіцы, Берліне, каля 250 тысяч чалавек.

Сярод прысутных былі міністр фінансаў Германіі Олаф Шольц і лідары крайне левай партыі "Die Linke" Бернд Рыксінгер і Каця Кіпінг.

Дэманстрацыя Unteilbar прайшла за тыдзень да дзяржаўных выбараў у Саксоніі і Брандэнбургу, на якіх чакаецца, што праварадыкальная партыя "Альтэрнатыва для Германіі" (AfD), якая выступае за забарону іміграцыі, даможацца значных поспехаў.

Радыё Свабода.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА МІКАЛАЯ РАДЗІВІЛА (ЧОРНАГА) (4.02.1515-28/29.05.1565)

Вялікае Княства заўсёды з табой,

Ці едзеш на бітву, ці стомлены спіш.

Жыве ў тваім сэрцы шляхетны Нясвіж,

Напоўнены сонцам, нібы залатой

Вадою, што ў кожнай травінцы, як крыж,

І ў кожным лісточку, што ў парку старым.

Гавораць, дарогі вядуць усе ў Рым.

Не ўсе, бо вядзе палавіна ў Нясвіж,

Дзе сёння друкуецца Біблія нам

На нашай тутэйшае мове, якой

Малітвай зайсці, як у сэрца, у Храм

І быць, як у Храме, у сэрцы святой

І вечнай на гэтай зямлі, дзе жывём

І будзем жыць мы, да сябе ідучы.

Любоў да Айчыны - да волі ключы,

Якія ад сэрца да сэрца нясём

І помнім Вялікае Княства, дзе ты

У сэрцы сваім зберагаў свой Нясвіж,

Нібыта ад Храма, што збураны, крыж,

Які і без Храма святога - святы.

І попел ад Бібліі, быццам бы снег,

Ляціць праз стагоддзі над нашай зямлёй,

І ў небе нам бачыцца, нібы ў вакне,

Вялікае сонца краіны былой…

25.01.2009 г.

БАЛАДА БАРБАРЫ РАДЗІВІЛ (6.12.1520-8.05.1551)

…А Кракаў не плакаў, а плакала Вільня.

Карона, як зорка з нябёс, з галавы

Кацілася ў змрок адзіноты магільнай,

І ў хмары ўзляталі з касцёла й царквы

Анёлы, нібыта малітвы святыя,

Але ўсё не тыя, але ўсё не тыя,

Каб імі Барбару ізноў ажывіць.

Атрута, нібыта агонь, у крыві,

І побач каханы, як дым, растае,

Знікае і рукі, як крылы, твае

Цяжэюць, а нехта далёкі смяецца.

Спынілася сэрца, спынілася сэрца

І Кракаў прыціх, але плакала Вільня,

І сонца ўзышло з белавежскіх лясоў,

Як шчыт, над дарогаю роднай і пыльнай,

Якой назаўсёды вярнуца дамоў

Табе маладой і прыгожай, як сон,

Які мог прысніцца анёлам тваім,

Што зараз глядзяць на цябе, як з вакон,

З нябёс, дзе хмурыны,

як вечнасць, як дым…

23.09.2005 г.

БАЛАДА ЯНА КІШКІ (?-26. 07.1592)

У Княстве Вялікім, як сэрца, Айчына

Твая, для якой нарадзіўся, жывеш.

Шуміць ля дарогі старая рабіна,

Карэнні, як косці, у пыльнай траве.


У Лоску табе сняцца Рым і Балонья,

Дзе ты навучаўся Айчыну любіць

Але не за тое, што ўсіх нас бароніць,--

За тое, што можам яе бараніць.


Друкарню тваю пахваліў бы Скарына,

Бо ты, як Скарына, асвету нясеш.

І кнігі твае, як у сценах цагліны

Вялікага замка, што Княствам завеш.


Пра славу не марыш, бо слава - атрута,

Якая, душу раз'ядаючы ўсім,

Прыносіць аднойчы пажары і смутак,

А потым знікае, як з вогнішча дым.


І ты каля вогнішча крок прыпыняеш,

На попел, нібы на былое, глядзіш.

І сёння ты лепшых краёў не шукаеш,

І Лоск не заменіць ніякі Парыж.


Шуміць ля дарогі старая рабіна,

І сыплецца лісце пад колы карэт,

Як сэрцы людскія пад ногі Айчыны,

Каб ведаў Айчыну тваю белы свет.

29.04.2010 г.

БАЛАДА СЫМОНА БУДНАГА (1530-13.01.1593)

1.

…І ён у Варшаве, і ён у Парыжы

Мог замкаў, маёнткаў сабе накупляць,

Але ён друкарню будуе ў Нясвіжы,

Каб кніжкі на мове сваёй друкаваць.

І нехта смяецца і злосна пытае:

"Навошта ён грошы на школы дае?"

І восень ідзе, як арда, залатая,

Што ў дыме стагоддзяў, як дым, растае,

Бо ўжо не вярнуцца і не паўтарыцца

Таму, што было тут на нашай зямлі.

У Храм ён ідзе, каб за бедных маліцца,

Каб людзі, як людзі, на свеце жылі.

І словы малітвы ўзлятаюць высока

Да зор, як да свечак, што Бог запаліў.

І робіцца сэрцу трывожна і горка

І ў небе, як кнігі, лятуць жураўлі,

Знікаюць, як радасць, знікаюць, як лета,

Якое было, як ёсць сёння Нясвіж.

І, пыл падымаючы, мчыцца карэта,

Але не яго - у далёкі Парыж,

Бо ён зімаваць застаецца ў Айчыне,

Дзе вецер, дзе хмары, дзе будуць снягі,

Дзе ў кнізе, нібы на маленькай ільдзіне,

Нам плыць і праз святаць

і плыць праз грахі

Ад княства далей, тут якога не будзе,

Але застанецца зямля і на ёй

Прыгожыя, вольныя, светлыя людзі,

Як Княства Вялікае з нашай крывёй.

2.

Не адшукаць у Вішневе тваёй магілы.

Магілаю тваёю стала ўся зямля,

Па-над якой бялюткія бусловы крылы,

Як ветразі вандруючага карабля,

Дзе нашых слаўных продкаў

душы і малітвы

Над намі з вечнасці да вечнасці плывуць

Па той крыві, што ўжо за Беларусь праліта

Была і стала небам, дзе буслы лятуць

Да родных ніў, да Лоска, да Нясвіжа,

Дзе ты друкарні заснаваў, каб кнігі нам

Век асвятлялі шлях у беларускі Храм,

У Храм бялюткі

пад адзіным боскім крыжам…


…І ты стаіш на белай роднае зямлі,

На снезе, як на белым-белым караблі,

Які спусціўся, каб цябе забраць з сабою

І вечна плыць над белаю, як снег, зямлёю,

Каб бачыў ты, што Беларусь жыве, і нам

Прыйсці з табою ў беларускі Храм…

26.09.2005 г.; 30.11.2008 г.

БАЛАДА ВАСІЛЯ ЦЯПІНСКАГА (1530-я-1599 або 1600)

Евангелле на мове роднай у руках

Трымаеш, як цагліну,

што ў падмурак ляжа

Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках

І беларусам, як ты жыў, раскажа.

І чуе свет, што роднае любіць - не грэх,

Бо толькі роднае не здрадзіць нам ніколі.

Зноў на Айчыну сыплецца,

як попел, снег,

Ды не схавае да друкарні сцежку ў полі

Ні снег, ні травы, што аднойчы аплятуць

І нашыя сляды, і замкі, і магілы.


І ты да нас ідзеш і за табой ідуць

Усе, каму наш родны край заўсёды мілы

І ў час завей, і ў час грымоты і дажджоў,

І ў здраднай цішыні, і ў час змагання,

Калі, нібы вада, ільецца наша кроў,

Што аніколі мёртваю вадой не стане,

Бо гэта наша кроў і ў ёй агонь жыве,

Які нам сцежкі да Айчыны асвятляе,

Як - і крыжы, што на касцёле і царкве.

Чужых крыжоў

на Храмах нашых не бывае.


Евангелле на роднай мове мы ў руках

Трымаем, як цагліну, што ў званіцу ляжа

Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках

І заўтра ўсім пра час,

дзе мы жылі, раскажа.

24.01.2009 г.

БАЛАДА МІКАЛАЯ КРЫШТОФА РАДЗІВІЛА (СІРОТКІ) (2.08.1549 - 28.02.1616)

Абсягі Вялікага Княства з табою,

Як продкаў тваіх у табе жыве кроў.

Каменне і травы й тваёю крывёю

Акроплены ў бітвах на векі вякоў,

Дзе будзе краіна, якую не мроіш,

Бо Княства навокал жыве, як жыло,

А ў Княства паэты свае і героі

І велічы княскай, як срэбра, святло…


Цяпер апякуеш ты кляштары, Храмы,

І ў сэрцы Еўропы і Мір, і Нясвіж

Квітнеюць, як зоры,

што выйшлі з-за хмары.

На зоры ў нябёсах спакойна глядзіш,

І думаеш думу, і шэпчаш малітву

За гэту зямлю, на якой ты жывеш

І тут, як спатрэбіцца, пойдзеш на бітву

За родны прастор, што не ведае меж,

Бо ведаць не хочаш душою і сэрцам

Ты межаў, якія няволяць душу…


І сыплецца снег, быццам неба ірвецца,

Дзе вечнасць рыхтуецца слухаць імшу

Па Княстве Вялікім, што ўсё-ткі знікае

І знікне, але застанешся ў ім ты,

Самотны, як свечка твая залатая,

Што свеціцца разам з табой праз гады…

30.07.2009 г.

(Працяг у наст. нумары.)

Зноў пра апошняга беларускага базыльяніна а. Кірыла Летаўта

Леанід Лаўрэш

Пасля двух публікацый ў НС, добрыя людзі падказалі мне, што ў 1935 г. Уладзіслаў Талочка надрукаваў пра а. Кірыла Летаўта дастаткова грунтоўны артыкул у 6-м томе ўкраінскіх "Записак чина св. Василія Великого". Уладзіслаў Талочка паведаміў, што гэта менавіта ён дазволіў Яну Пазняку надрукаваць у "Пшэглёндзе Віленскім" невялікую частку інфармацыі пра апошняга беларускага базыльяніна але, на жаль у артыкуле Пазняка меліся невялікія памылкі. Гэта прымусіла Талочку надрукаваць свой артыкул у грэка-каталіцкім выданні. Таму трэба яшчэ раз вярнуцца да гэтай тэмы і яшчэ раз расказаць пра а. Летаўта.


Уладзіслаў Талочка асабіста размаўляў з львоўскімі базыльянамі пра беларускага манаха, але ў яго часы ўжо не было тых, хто мог нешта змястоўнае расказаць пра а. Кірыла. Толькі адзін з найвышэйшых іерархаў Украінскай грэка-каталіцкай царквы (прозвішча Талочка не называе) даслаў яму свае невялікія ўспаміны пра апошняга беларускага базыльяніна, вось яны: "А. Летаўта я знаў вельмі добра. Мы былі з ім разам, хоць і не ў адным манастыры, амаль што чатыры гады, часта сустракаліся і размаўлялі. У апошнія гады а. Летаўт здзяцінеў. Аднак ва ўсіх яго размовах была бачна яго шчырая прывязанасць да св. Уніі. Характэрна, што а. Летаўт, ведаючы ўсіх базыльянак 1830 - 38 гг. не ведаў Макрыны Мечыслаўскай 1, і цвердзіў, што такой чарніцы наогул не было. Доўгі час а. Летаўт быў інтэрнаваны ў Смаленску, калі а. Дзянісевіч быў там пробашчам. Гэтыя ўспаміны нас злучалі, бо перад паступленнем у манастыр у 1887 г. я быў у Смаленску, наведваў а. Дзянісевіча і потым з ім перапісваўся" 2.

Некалькі драбінак інфармацыі Талочка атрымаў ад спадарства Рэнігераў і Мілераў, бо старэйшая генерацыя гэтых сямей была ў цесным кантакце з а. Кірылам. Крыніцай інфармацыі пра а. Летаўта з'яўлялася і ўнучка Казіміра Максевіча, з яе дзедам, Казімірам Максевічам, а. Кірыл пазнаёміўся на Антоклі ў Рэнігераў. Але ўсё гэта датычыла толькі канца незвычайна працяглага жыцця манаха 3.

Уладзіслаў Талочка надрукаваў некалькі цікавых фрагментаў з лістоў а. Летаўта, якія не ўзгадваў Ян Пазняк. Прывяду гэтыя лісты апошняга беларускага базыльяніна.

У лісце да Казіміра Максевіча з Дабрамылі ад 23 сакавіка 1887 г. а. Кірыл просіць трымаць пакінутае ім ў Вільні футра "ў сябе гэтак доўга, ажно пакуль не прыйдзе пакупнік і не пазбавіць вас ад гэтага цяжару". Пішучы пра футра, ён выказвае засцярогу, каб яно не апынулася " ў руках ворага". Засцярогу пра "ворага" выклікала прапанова Мамерта Рэнігера аддаць футра нейкаму сваяку, якому стары базыльянін не верыў. Паясняючы свой стан здароўя, а. Летаўт піша: "... На жаль, не пэўны". Тым не менш, у канцы ліста ў чаканні блізкага Вялікадня, базыльянін узгадвае літоўскія "смачныя шынкі і бабкі".

У лісце а. Летаўта ад 26.05. 1887 г. з Дабрамылі згадваецца яго ўдзел у рэкалекцыях, а потым стары манах піша пра няспадзяваную на пачатку траўня добрую "маёўку", якая адбылася за 1,5 мілі ад месца дзе ён жыў, у а. езуітаў у Хырыве. Праз некалькі радкоў манах паведамляе: "Падчас маёўкі ў Хырыве, даведаўся, што біскуп Грынявецкі вярнуўся (sic) у Вільню. Я жадаў бы падрабязна ведаць ці гэта праўда ці не. А дай Божа, каб гэта была праўда! Ці ў Вільні, ці дзе яшчэ, няхай епіскап будзе жывы, здаровы і вясёлы. З нецярпення чакаю адказу. Я здаровы, і да мяне добра ставяцца" 4. Перапіска Летаўта паказвае вялікую прывязанасць базыльяніна да Вільні і пашану да біскупа Грынявецкага. Вядома, што Караль Грынявецкі (1841-1929) у 1883 г. быў прызначаны папам Львом XIII віленскім біскупам, а ў 1885 г. сасланы ў Яраслаў за супраціў русіфікацыі. Таксама біскуп Грынявецкі быў вядомы тым, што ён, як мог, дапамагаў упартым уніятам, гэта, акрамя іншых яго "правінаў", паскорыла ссылку ў Яраслаў.

У чарговым лісце да Казіміра Максевіча ад 09.01.1888 г. базыльянін піша: "Сто разоў дзякую за продаж футра і за вашы клопаты". Потым горача запэўнівае, што не забывае сваіх дабрадзеяў і сяброў у Літве, жадае ім вясёлых святаў Новага года і дадае: "Тут я спакойна жыву і пачуваюся здаровым, хоць мае гады моцна пасунуліся наперад. Зіма ў нас таксама лютуе, але не так моцна, як у вас, бо мы заслонены гарамі. Божае Нараджэнне мы мелі вельмі вясёлае".

З наступнага ліста а. Летаўта ад 28.07.1888 г. даведваемся, што з 11 чэрвеня ён знаходзіўся ў базыльянскім манастыры ў Лаўрове (зараз вёска ў Старасамборскім р-не Львоўскай вобласці). Жыццё на новым месцы базыльянін апісвае наступным чынам: "З ласкі Найвышэйшага я здаровы, бо новае жыллё, свежае паветра і цудоўнае жыццё ... мне вельмі карысна, уласнымі нагамі ... хаджу па горах і лясах і з вялікай колькасцю базыльянаў адбыў маёўку, падчас вялікіх вакацый тут перабывалі ўсе схаласты". А. Летаўт заўсёды цікавіўся Вільняй і ў гэтым лісце ён піша: "Я прашу навінаў з Вільні, а таксама пра Высокапраасвяшчэннага а. епіскапа віленскага, ці ўсё добра ў яго". Пра сябе паведамляе толькі, што "Жывы і здаровы і буду жыць да смерці. Новае маё месца жыхарства аддалена ад Дабрамылі на 5 міль. Навакольныя мясціны вельмі прыемныя, здаровае паветра, і я паехаў сюды толькі з-за парады лекара, бо ў нас ёсць і свой манастыр". У тым жа лісце а. Кірыл згадвае, што мае сваяка-кузіна Урублеўскага, зяця свайго брата-нябожчыка, уладальніка хутара пад Тургелямі. Гэты другі яго сваяк, якога ён узгадвае. Раней ён пісаў пра сястру, але да яе манах не меў даверу.

Дзякуючы за дасланую з Вільні аплатку, у лісце ад 14.01.1889 г. а. Летаўт дасылае Максевічу абразкі і навагоднія віншаванні. Ліст падпісаны толькі ініцыяламі "K. L.", пасля гэтага ліста гэтак будуць падпісаны ўсе наступныя, бо стары страчваў зрок. Аднак здароўя яшчэ хапала, каб пешшу, няспешна прагульвацца вакол кляштара. Да гэтага часу яго лісты пад дыктоўку пісаў а. Ерамія Ламніцкі, але з гэтага ліста ў яго з'явілася новая давераная асоба - а. Дыянісі Ткачук (у 1930-я гг. ён быў архімандрытам і служыў у Рыме).

14 траўня 1889 г. а. Кірыл дыктуе з Лаўрова ліст да сям'і Максевічаў, з якога даведваемся, што манах аплаквае смерць у Вільні свайго сябра Казіміра Максевіча. Гэта ліст мае каштоўны допіс брата Д. Ткачука: "Як на свае 90 гадоў, а. Летаўт цалкам здаровы. Праўда, слых і зрок кожны год пагаршаюцца, і часам страўнік падводзіць, але ён рэдка скардзіцца. У рэшце-рэшт, пачуваецца не дрэнна, бо кажа, што яго страўнік сёння значна здаравейшы, чым быў у мінулыя гады. Можна ўпэўнена сказаць, што да стану яго здароўя мае дачыненне свежае навакольнае горнае паветра. Твар яго ўсё яшчэ даволі румяны а ў руках кіпіць сіла, якую і мы, маладыя, часам не маем - ён любіць жартам сціснуць нам руку. Праўда, калі-нікалі адчувае слабасць у нагах, яны ў яго часам апухаюць, але што рабіць! Старасць не ў радасць ....

У нядзелю і на святы прыступае да Святога Прычасця і штодня слухае Божую службу ў (хатняй) капліцы ці ў царкве. Мяне вельмі ўражвае, што ён не хоча дазволіць, каб яго абслугоўвалі, падмяталі яго памяшканне, альбо палілі печ і выконвалі іншыя паслугі, і ён сам усё гэта робіць. Зімой заўсёды сядзіць дома, а летам ходзіць і нават адзін, у лес, купаецца ў ставе і вудай ловіць рыбу. Гэтыя яго паводзіны мяне вельмі цешаць, бо ён мае занятак у нуднай і бяздзейнай старасці.

Няхай Бог дазволіць яму цярпліва пераносіць усе пакуты свайго веку і скончыць шчасліва сваё поўнае заслугаў жыццё!"

Пасля смерці Казіміра Максевіча а. Летаўт піша лісты ў Вільню да яго сына Дамініка. Гэтак, у лісце ад 22.08.1889 г. з Львова стары базыльянін скардзіцца на "незвычайныя болі ў шыі і галаве", але хутка пра іх забывае і сардэчна суцяшае Дамініка, які быў моцна засмучаны смерцю бацькі, бо "бацька павінен прысвяціць сынам сваё жыццё". Пры канцы ён успамінае "добрыя літоўскія яблыкі і грушы, хоць яны і растуць на поўначы ... а ў нас нічога няма ... Ты пісаў мне, што рэстаўруюць касцёл св. Яна, але я пахвалюся тым, што сяджу ў Львове, які ... велізарны горад! Праўду я пішу, што ваша Вільня - цень супраць гэтага льва".

У лісце ад 30.12.1889 г. да Дамініка Максевіча чытаем: "Што тычыцца мяне, Бог па-ранейшаму мяне трымае ў гэтай даліне слёз ... і з дапамогай добрых людзей я магу яшчэ сам пераступіць цераз парог".

З ліста ад 18.04.1890 г. бачна што здароўе манаха пахіснулася, але ён віншуе Дамініка Максевіча са святамі і просіць пабываць ў Вільні на Антоклі, дзе раней стары базыльянін кватараваў у Рэнігера, і даведацца, як называецца маёнтак яго брата. Таксама просіць даслаць яму адрас гадзіншчыка сп. Русецкага, які пільнуе гадзіннік на віленскім касцёле св. Яна, калі той яшчэ не памёр 5.

У папярэдніх артыкулах я пісаў, што а. Кірыл спадзяваўся атрымаць ад царскага ўрада прызначаную яму раней дапамогу, але, ці пачаў атрымліваць гэтыя грошы стары базыльянін, невядома. З іншых крыніц мы ведаем, што для ўтрымання ўніятаў-пакутнікаў у праваслаўных манастырах урад прызначаў грошы, ад 50 да 100 рублёў у год, з якіх большую частку забіраў за харчаванне манастыр. Верагодна гэтыя грошы і жадаў атрымаць а. Кірыл.


Трэба сказаць некалькі слоў пра малодшага сябра а. Кірыла Летаўта а. Ерамію Ламніцкага. А. Ерамія Ламніцкі, іераманах-базыльяін, з'яўляўся выдатным дзеячам ўкраінскай асветы і нацыянальнага адраджэння, місіянерам, прапаведнікам, хрысціянскім філосафам і пісьменнікам, ён прымаў вялікі ўдзел у рэлігійным і грамадска-палітычным жыцці сваёй радзімы. А. Ламніцкі з'яўляўся адным з галоўных дзеячаў так званай Добрамыльскай рэформы 1882 г., якая зноў зрабіла ордэн базыльянаў важнай сілай у рэлігійным і грамадскім жыцці Заходняй Украіны. Гэты цікавы чалавек на мяжы XIX-XX стст. неаднаразова наведваў Расійскую Імперыю, бываў у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Смаленску, Сімбірску і Саратаве, Менску. Ён быў членам Пецярбургскага філасофскага таварыства, падтрымліваў адносіны і вёў перапіску з многімі вядомымі рэлігійнымі і культурнымі дзеячамі, сябраваў з беларускім філосафам Уладзімірам Самойлам 6.

Эдвард Вайніловіч успамінаў, як да яго ў маёнтак Савічы ў цывільнай вопратцы прыязджаў базыльянін а. Ламніцкі. Манах хацеў ведаць меркаванне ўплывовай асобы пра перспектыву уніі ў нашым краі і прапанаваць Вайніловічу заняцца яе распаўсюджваннем. Вайніловіч пісаў, што потым, у Менску, ён яшчэ раз сустракаўся з базыльянінам Ламніцкім, мітрапалітам Шаптыцкім і Луцкевічам 7. Антон Луцкевіч пісаў: "Асабіста з Вайніловічам на грамадскім грунце я ніколі не сустракаўся. Адносіны з ім у перадваенныя часы падтрымліваў мой с. п. брат Ян Луцкевіч, і, відавочна, што яго меў на ўвазе мемуарыст (Вайніловіч - Л.Л.), апавядаючы пра візіт мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага ў суправаджэнні Луцкевіча" 8. Такім чынам, а. Ламніцкі супрацоўнічаў таксама і з Іванам Луцкевічам, які быў вялікім прыхільнікам адраджэння уніі ў нашым краі.


У канцы трэба дадаць, што пра а. Кірыла Летаўта пісаў украінскі базыльянін а. Ю. Дацый. У яго успамінах "Із моїх спогадів" 9 маецца раздзел "Дзядзька" ("Дзядзьо"), прысвечаная апошняму беларускаму базыльяніну XIX ст. Але я пакуль не змог знайсці гэтага выдання.

1 Макрына Мечыслаўская, базыльянская манашка. Не існуе адзінага меркавання наконт яе дзейнасці і нават невядома, ці існавала манашка з такім прозвішчам на самой справе. Гэта інфармацыя а. Летаўта вельмі цікавая.

2 Толочко Вл. Останній василіянин з Литви // Записки чина св. Василія Великого. Том VI. Вып. 1-2. Львів, 1935. С. 318.

3 Там жа. С. 318-319.

4 Там жа. С. 320.

5 Там жа. С. 321.

6 Там жа. С. 317.

7 Войнилович Эдвард. Воспоминания. Мінск, 2007. С. 256-257.

8 Luckiewicz Antoni. Niezbedne poprawki // Preglad Wilenski. № 9, 12 maja 1935. S. 3.

9 о. Ю. Дацій. Із моїх спогадів // Альманах василіянських богословів. Річник І. Кристинопіль 1933. Друкарня оо. Василіян у Жовкві. С. 48-70.

Літаратурная сустрэча да 30-годдзя ТБМ

У сядзібе ТБМ прайходзяць літаратурныя сустрэчы да 30-годдзя Таварыства.

Сустрэча з Ганнай Севярынец прайшла 24 ліпеня на адным дыханні пры перапоўненай зале. На сустрэчу прыйшло звыш 50 чалавек. Ганна распавяла, як пачала пісаць, чаму абірае менавіта такія тэмы і такіх герояў. Напрыканцы ахвотныя маглі набыць кнігу з аўтографам.

Перад гэтым была вечарына з Эдуардам Акуліным.

У верасні плануецца сустрэча са Станіславам Суднікам.

Сачыце за абвесткамі.

Наш кар.

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль марафону Mighty Mosquito ў ЗША

Недалёка ад канадскай мяжы, на поўначы штата Нью-Ёрк, поблізу ад Ніягарскага вадаспаду, марафонец, а таксама старшыня Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Лявон Анацка прыняў удзел у марафоне на 100 міль (160 км) (none-stop) без перадыху.

Арганізатар марафону - некамерцыйная дабрачынная арганізацыя Bluefoundation, місія якой заключаецца ў дапамозе і падтрымцы мясцовых сем'яў, у якіх ёсць хворыя на рак, і адначасова, каб павысіць дасведчанасць пра мужчынскае здароўе. Арганізацыя збірае сродкі арганізоўваючы спартыўныя мерапрыемствы, такія як 100-мільны (160-кіламетровы) марафон Mighty Mosquito (Магутны Маскіт).

Распачаўся марафон 3-га жніўня а 6-ай раніцы. Па ўмовах марафону на дыстанцыю ў 100 міль адводзілася 30 гадзін часу. Маршрут складаўся з бегу па лясных сцежках, праз камяні і бярвенні, з перападамі ў пад'ёме больш за 1300 метраў. Бег без перапынку на сон. Ва ўмовах ночы спартоўцы асвятлялі сабе шлях аўтаномнымі ліхтарыкамі, якія замацоўваліся на галаве.

Галоўны прынцып марафону - "Перамога тут - не галоўнае, галоўнае - удзел".

У падтрымку сп. Лявона самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі самой паездкі на марафон Mighty Mosquito прымаў Кафедральны сабор Святога Кірылы Тураўскага БАПЦ (Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы) у Нью-Ёрку. Сп. Зянон Пазьняк, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ, тэлефанаваў увесь час са словамі падтрымкі, цікавіўся і клапаціўся аб самаадчуванні Лявона…

На жаль марафонец Лявон не дабег 9 міль, сударга звяла ногі…

Як распавёў стараста Кафедральнага сабора Святога Кірылы Тураўскага сп. Аляксандр Хомчанка, які быў на самым маршруце ў групе падтрымкі разам са сваёю жонкаю Людмілай:

- Дыстанцыя сапраўды выдалася вельмі складаная. На працягу ўсёй дыстанцыі дзяжурылі медыкі. Арганізатары прыгатавалі таксама ўсё неабходнае: ежа, вада, гарбата, кава, сокі, садавіна, гародніна. Спартоўцы беглі па цяжкім маршруце. Тое што прадэманстраваў Лявон на марафоне, гэта быў сапраўдны подзвіг. Ён мог бегчы і далей, заставаўся толькі адзін круг у 9 кіламетраў, але вырашылі проста не рызыкаваць, бо гэта сапраўды не было прынцыповым.

У якасці эмацыйнага падарунка, каб падтрымаць спартовы дух сп. Лаявона, пасля марафону была арганізавана экскурсія на знакаміты цуд свету Ніягарскі вадаспад.

21 спартовец узяў старт у марафоне Mighty Mosquito на 100 міль, але здолелі дабрацца да фінішу 11.

Лідзянін Лявон Анацка ў ЗША быў адзіны ўдзельнік марафону Mighty Mosquito, як замежнік і які ўпершыню прадставіў на ім нашу краіну Беларусь.

Алег Лазоўскі.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

ВЫКАЗВАННІ

Выкараскаўся на гасцінец жыцця, як жук з гною.

Уціхамірвальную кашулю сам сабе сшыў - пабраўся шлюбам.

Па лясах лезці не лясы тачыць.

Яснабачанне будучай цемры відавочна.

Плойма прыстасаванцаў апанавала свет.

Лёкай ад нараджэння.

Недасведчанаму лягчэй жывецца, бо ён лічыць сябе свядомым.

Збуцвелы з маладога веку.

Начорна апаленая галавешка тлее марудна.

Хмары гоніць вятрыска ў несамавіты час.

Правадзейная асоба - чыноўнік ці дурань, а ўрэшце адно і тое ж.

Неспатольная прага справядлівасці была задаволена адпіскаю.

Праўдзівасць сваю сведчыў сам сабе.

Нараніцу планаў плойма, увечары лёхі невыкананага.

Рэч, калі не сёння, то некалі можа прыдацца.

Бездань усё пустых думак.

Чужы праснак за так - смакалыкі.

Змрочны абсяг душы чалавечай.

Каб ты з'еў тое, аб чым думаеш.

Навошта казаць непрыемнае, навошта казаць прыемнае, кажы праўду, там усё гэта ёсць.

Калгас "Світанне", дырэктар Цёмны.

Як-небудзь да смерці дажыць, а там усё ўладкуецца.

Лянота - рухавік прагрэсу.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX