Папярэдняя старонка: 2020

№ 08 (1471) 


Дадана: 19-02-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 8 (1471), 19 лютага 2020 г.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

13-я Агульнацыянальная дыктоўка стартавала на Лідчыне

Дыктоўка ў Мінойтах

15 лютага ў 11.00 13-ю Агульнанацыянальную дыктоўку післі ў бібліятэцы в. Мінойты Лідскага раёна. Дыктоўку тут пісалі недзе ў шосты раз. У дыктоўцы сёлета бралі ўдзел жыхары вёскі Мінойты, а таксама старшыня і намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк. Быў выбраны тэкст з аповесці А. Карпюка "Данута". Тэкст чытала настаўніца мовы і літаратуры Мінойтаўскай СШ Алена Іосіфаўна Скерсь.

На 10 балаў дыктоўку напісала Галіна Іванаўна Сідарэвіч. Дзявяткі атрымалі Валянціна Уладзіміраўна Станюкевіч, Валянціна Сяргееўна Някрасава і Станіслаў Вацлававіч Суднік. Вельмі добра напісалі і астатнія.

Пакуль ішла дасканалая праверка дыктовак перад прысутнымі з невялікім канцэртам выступіў бард Сяргей Чарняк.

На завяршэнне пераможцы дыктоўкі, а таксама і ўсе прысутныя атрымалі падарункі ад Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ - кнігі і асобнікі часопіса "Лідскі летапісец".

Яраслаў Грынкевіч.

Дыктоўка ў Бярозаўцы

15 лютага ў 13.00 пачалася 13-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Бярозаўскім доме культуры. Дыктоўку па тэксце Васіля Быкава "На Чорных лядах" пісалі ў гэты дзень сябры Бярозаўскай арганізацыі ТБМ. Чытаў дыктоўку намеснік старшыні ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік. У дыктоўцы браў удзел намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Чарняк, які завяршыў імпрэзу нізкай патрыятычных песень.

Найлепш напісаў старшыня Бярозаўскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Дычок, на другім і трэцім месцы адпаведна - Сяргей Пантус і Вітотльд Ашурак. Пераможцы, ды і ўсе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад ТБМ.

З дыктоўкі ТБМ пачаўся Тыдзень роднай мовы ў Бярозаўцы, які прадугледжвае цэлы шэраг самых розных мерапрыемстваў

Яраслаў Грынкевіч.

У Доме Таўлая з іх кожны бывае, бо нават дыктоўку яны пішуць лоўка

Ужо не першы год у Доме Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея стала традыцыяй пісаць беларускія дыктоўкі, прысвечаныя да Міжнароднага дня роднай мовы. На гэты раз, 19 лютага, зноў з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у гэтым значным мерапрыемстве ўдзельнікі праекта - гістарычнай гасцёўні "Памяць за сабою пакліч". Паколькі ўдзельнікі - людзі сталага ўзросту, людзі, якія пабачылі на сваіх вачах страх, голад, холад у гады ваеннага ліхалецця, то і тэкст быў падобраны па іх тэме - урывак з аповесці Аляксея Карпюка "Данута". Тым больш, што ў гэтым годзе творчая інтэлігенцыя будзе адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння Аляксея Нічыпаравіча Карпюка. Тэкст чытаў навуковы супрацоўнік Дома Таўлая Алесь Хітрун.

Трэба зазначыць, што нягледзячы на сталы ўзрост удзельнікаў, дыктоўка напісана нядрэнна. Адчуваецца ў іх граматны падыход да мерапрыемства, бы ведаюць, што ў Доме Таўлая павінна гучаць беларуская мова, хоць бы нават у такі значны дзень. Пасля яго напісання прайшла праверка, у выніку чаго былі падведзены вынікі. І так, І месца занялі Букоўская Таццяна Георгіеўна і куратар праекта - гістарычнай гасцёўні "Памяць за сабою пакліч" Каладзяжная Анастасія Аляксандраўна, ІІ месца падзялілі паміж Хейфец Наталляй Яўхімаўнай і Малахавай Зінаідай Васільеўнай, а трэцяе адпаведна атрымалі ўсе астатнія ўдзельнікі - Хейфец Лазар Лейвікавіч і Кобец Ніна Ягораўна.

Наш кар, г. Ліда

Яўгену Сахуту - 75

Яўген Міхайлавіч Сахута нарадзіўся 15 лютага 1945 г. у вёсцы Вечатарова Залужскага сельскага савета Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці БССР. Скончыў пачатковую школу ў сваёй вёсцы, а сярэднюю - у вёсцы Залужжа Стаўбцоўскага раёна. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута (1972). Пасля паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР.

Да аспірантуры некаторы час працаваў настаўнікам у сярэдняй школе вёскі Залужжа Стаўбцоўскага раёна.

Пасля аспірантуры пачаў працаваць у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, дзе працуе ўжо больш за 25 год і з'яўляецца вядучым навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Адначасова з 1985 па 1991 г. быў галоўным рэдактарам часопіса "Мастацтва Беларусі".

Яўген Сахута з'яўляецца аўтарам звыш 20 манаграфій, а таксама шматлікіх публікацый у калектыўных працах, энцыклапедычных выданнях, зборніках, перыёдыцы. З'яўляецца аўтарам артыкулаў і адказнай асобай у рэдагаванні фундаментальнай энцыклапедыі "Этнаграфія Беларусі" (1989), шасцітомнай энцыклапедыі "Культура Беларусі" (2014).

Кнігі (манаграфіі, супольныя даследаванні):

Сахута, Я. Старонкай роднаю / Яўген Сахута. - Мінск : Рэдакцыя газеты "Голас Радзімы", 1975. - 67 с.

Сахута, Я.М. Народная разьба па дрэву / Я.М. Сахута. - Мінск : Вышэйшая школа, 1978. - 92 с.

Сахута, Я.М. Беларускае народнае мастацтва / Я.М. Сахута. - Мінск : Беларусь, 1980. - 156 с.

Сахута, Я.М. Народнае мастацкае кавальства / Я.М. Сахута ; Міністэрства культуры БССР, Рэспубліканскі навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. - Мінск : Полымя, 1981. - 15 с.

Сахута, Я.М. Беларуская народная скульптура / Я.М. Сахута. - Мінск : Полымя, 1981. - 8 с.

Сахута, Е.М. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии / Е.М. Сахута. - Минск : Полымя, 1982. - 96 с.

Сахута, Я.М. Беларуская народная гліняная цацка / Я.М. Сахута ; Рэспубл.навук.-метадычны цэнтр нар.творчасці і культурна-асветнай работы. - Мінск : Полымя, 1982. - 14 с.

Сахута, Е.М. Народное искусство Белоруссии : Традиции и современность / Е.М. Сахута. - Минск : Полымя, 1982. - 24 с.

Сахута, Я.М. Беларускае народнае мастацтва / Я.М. Сахута. - Мінск : Полымя, 1982. - 24 с.

Сахута, Я.М. Фарбы роднай зямлі: Нарысы пра нар. мастацтва Беларусі. Кн. для вучняў / Я.М. Сахута. - Мінск : Нар. асвета, 1985. - 191 с. і інш.

Вікіпедыя.

Я збіраю кнігі, а кнігі "збіраюць" мяне

У год свайго першага юбілею - 10-годдзя - літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея (дом паэта Валянціна Таўлая) запланаваў шэраг цікавых сустрэч у сваіх сценах. Днямі адбылася першая такая сустрэча - з госцем з Менска, калекцыянерам кніг, кампазітарам-песеннікам, куратарам музычных і мастацкіх праектаў Яўгенам Ксяневічам. У рамках сустрэчы ў доме Таўлая адбыліся адкрыццё выстаўкі мініяцюрных (кішэнных) кніг з прыватнай калекцыі Яўгена Антонавіча "Кніга на далоні" і прэзентацыя яго зборніка песень на словы вядомых беларускіх паэтаў "Краіна мая, песня мая…". На мерапрыемства былі запрошаны навучэнцы Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Сімвалічна, што адкрыццё выстаўкі мініяцюрных кніг у Лідзе праходзіла на другі дзень пасля адкрыцця XXVII міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Менску, ва ўнісон гэтай падзеі.

Спачатку куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун правёў для моладзевай аўдыторыі кароткі экскурс у гісторыю кніжак-малютак. Цікава было даведацца, напрыклад, аб тым, што прыхільнікам такіх кніг быў і Напалеон Банапарт, які, будучы ў ваенных паходах, насіў з сабой так званую партатыўную бібліятэку - каля паўсотні мініяцюрных кніг у скураным футляры. Застаюцца запатрабаванымі кнігі кішэннага фармату і ў наш час - дзякуючы перш за ўсё таму, што іх зручна насіць з сабой, яны не займаюць шмат месца. Выдаюцца падобныя кнігі і ў Лідзе (свежы прыклад - зборнік вершаў лідскага паэта Міхася Мельніка "З табою", які выйшаў у мінулым годзе). Дарэчы, Лідскі гістарычна-мастацкі музей таксама збірае сваю калекцыю міні-кніг.

- Я рос і выхоўваўся ў сям'і настаўнікаў-філолагаў, літаратараў, кнігалюбаў, у нас дома было вельмі шмат кніг, - расказвае Яўген Ксяневіч аб перадумовах свайго захаплення калекцыяніраваннем друкаваных выданняў і аб самім гэтым захапленні. - Да таго ж я з юных год хадзіў на літаратурныя вечары, дзе знаёміўся з вядомымі беларускімі паэтамі. У тыя гады (прыкладна канец 60-х - пачатак 70-х) мініяцюрных кніг у Беларусі выдавалася шмат, і я захапіўся імі, пачаў калекцыяніраваць. Збіраю таксама рэдкія выданні. Мая калекцыя маленькіх кніжак - адна з найцікавейшых у Беларусі. Самыя старыя кнігі з гэтай калекцыі выдадзены ў XIX стагоддзі. Тэматыка кніг самая разнастайная: ад твораў класікаў беларускай, рускай, сусветнай паэзіі (кнігі паэзіі ў маёй калекцыі складаюць большую частку) да міні-даведнікаў і энцыклапедый, ад выданняў па кулінарыі і шахматах да кніг Бібліі і хрысціянскай літаратуры. Мініяцюрную кнігу я лічу вяршыняй паліграфічнага мастацтва, візітнай карткай паліграфіі краіны. Каля пяцідзесяці гадоў я збіраю кнігі, і столькі ж часу кнігі "збіраюць" мяне - фарміруюць мой светапогляд, вучаць, выхоўваюць. Маленькія кніжкі часта нашу з сабой, размясціўшы па розных кішэнях (усміхаецца). Усяго іх у маёй калекцыі на сённяшні дзень больш за тысячу, а кніг увогуле - больш за дваццаць тысяч.

Выставы мініяцюрнай кнігі Яўген Антонавіч праводзіць апошнія гадоў дзесяць. Ладзяцца яны галоўным чынам у Менску. Сваю багатую калекцыю ён раздзяліў на некалькі, і зараз яны падарожнічаюць па Беларусі. У Лідзе выстаўка мініяцюрных кніг з калекцыі Яўгена Ксяневіча ладзіцца ўпершыню. У памяшканні дома Таўлая прадстаўлена больш за 180 кніг з гэтай калекцыі на розныя тэмы.

- Дадзенай выстаўкай я імкнуся абудзіць перш за ўсё ў моладзі цікавасць і любоў да друкаванай кнігі ў век засілля інтэрнэту, - гаворыць калекцыянер. - Чалавек збірае кнігі, а кнігі, у сваю чаргу, "збіраюць" чалавека. Выстаўка, якая будзе праходзіць у вашым горадзе да канца сакавіка, заклікае хаця б на некаторы час закрыць планшэты і смартфоны і адкрыць кнігу.

А яшчэ прысутныя больш даведаліся пра Яўгена Ксяневіча як пра кампазітара, аўтара шматлікіх песень на вершы знакамітых беларускіх і рускіх паэтаў, класікаў і сучаснікаў. Дарэчы, ёсць у яго і песні на словы Валянціна Таўлая, у чыім доме-музеі праходзіла сустрэча. З 2017 года Яўген Антонавіч вядзе рубрыку "Песню бярыце з сабою" ў газеце "Звязда", дзе на дадзены момант апублікавана больш за 40 песень на вершы беларускіх паэтаў. Кампазітар з'яўляецца аўтарам зборніка песень на вершы беларускіх паэтаў для аматарскіх калектываў мастацкай творчасці "Краіна мая, песня мая…" (2019). У зборніку змешчана 25 песень на словы 19 аўтараў.

Яўген Ксяневіч расказаў навучэнцам музычнага каледжа, як у яго нараджаюцца песні, якія патрабаванні прад'яўляюцца да вершаванага тэксту, каб ён стаў песняй. Аўдыязапісы некаторых песень кампазітара была магчымасць паслухаць. Расказаў госць з Менска таксама аб сваім творчым супрацоўніцтве і сяброўстве з бярозаўскімі "Шклярамі", што таксама звязвае яго з нашай Лідчынай.

Наш кар.

"Іван Хруцкі: драма з салодкімі нацюрмортамі": да 210-годдзя з дня нараджэння

26 студзеня ў нядзелю 2020 г. у Магілёўскай абласной бібліятэцы адбылася імпрэза "Дзівосны пэндзаль акадэміка Хруцкага" да 210-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага мастака.

Хруцкі Іван Фаміч увайшоў у гісторыю сусветнага жывапісу як заснавальнік класічнага нацюрморта і як аўтар шматлікіх партрэтаў, пейзажаў, інтэр'ераў. Нарадзіўся будучы мастак у мястэчку Ула на Лепельшчыне (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) у сям'і ўніяцкага святара. Першапачатковую мастацкую адукацыю І. Хруцкі атрымаў у Полацкім калегіюме, пасля заканчэння якога ў 1827 г. паехаў у Пецярбург. Малады мастак удасканальваў сваё майстэрства, працуючы ў Эрмітажы, дзе рабіў копіі твораў вядомых еўрапейскіх жывапісцаў.

Мастак-беларус Іван Хруцкі праславіўся перш за ўсё як майстар нацюрморта. З яго імем звязаны прыгожыя дэкаратыўныя кампазіцыі, напісаныя рупліва, падрабязна. Большасць нацюрмортаў выканана ў час вучобы ў Пецярбургу. Першы поспех прыйшоў у 1836 годзе, калі Савет Акадэміі мастацтваў адзначыў яго работу-нацюрморт "Кветкі і плады" вялікім сярэбраным медалём, а ў 1838 г. - малым залатым медалём за нацюрморты "Кветкі і плады" і "Старая, якая вяжа панчоху". У 1839 г. І. Хруцкаму было прысвоена званне акадэміка за выдатныя працы ў партрэтным і пейзажным жывапісе.

Што называецца, патрапіў у тэму: ягоныя нацюрморты цудоўна адпавядалі густам, сфарміраваным, з аднаго боку, жорсткай мікалаеўскай цэнзурай, а з другога - пашырэннем моды на імпартныя даброты. Кожны, хто імкнуўся не адстаць ад моды, жадаў мець у інтэр'еры нацюрморт ці хаця б пейзаж Хруцкага. Літаральна са студэнцкай лавы наш зямляк трапіў у "брэнды". У сваіх нацюрмортах мастак адкрывае гледачу прыгажосць паўсядзённасці: немагчыма не залюбавацца цвёрдай, толькі што памытай, з бліскучай паверхняй морквай, сакавітымі яблыкамі або грыбамі, толькі што прынесенымі з лесу, і, вядома ж, гарбузом, важкасць і аб'ём якога падкрэслены святлаценню.

І. Хруцкі стварыў шмат партрэтаў, і нярэдка гэта выявы землякоў мастака. Парадныя партрэты ўніяцкіх мітрапалітаў І. Булгака і І. Сямашкі (1838) вылучаюцца пратакольнасцю паказу, засяроджаннем увагі на выпісванні ордэнаў і розных аксесуараў касцюмаў.

У гэты перыяд, калі паспяхова складвалася творчае жыццё мастака, памёр яго бацька. І. Хруцкі вымушаны быў пакінуць Пецярбург. У сакавіку 1840 года Іван Хруцкі едзе на радзіму ўладжваць справы сям'і, у якой становіцца старэйшым. Трэба падумаць, куды і як уладкаваць малодшых братоў (яны пойдуць па яго слядах: паступяць у Акадэмію мастацтваў), дзе пасяліцца асірацелай сям'і, дый пра жаніцьбу час падумаць. Піша ён у гэтыя гады не вельмі шмат, больш партрэты і значна радзей - нацюрморты.

У 1844 годзе мастак купляе маёнтак Захарнічы, што недалёка ад Полацка. Тут ён будуе класічны сядзібны дом, а потым 35-гадовы Хруцкі ажаніўся з 23-гадовай суседкай Ганнай Адравуж-Бубноўскай. Ён становіцца тут амаль пустэльнікам. Жыве сціпла, піша даволі мала, усё больш для сябе: інтэр'еры сядзібы, сямейныя партрэты.

Паспрабаваў сябе І. Хруцкі і ў сакральным жывапісе. Ён напісаў абразы для царквы Трох віленскіх пакутнікаў у Вільні, абразы для іканастасаў сабора Аляксандра Неўскага ў Коўне, царквы Святога Іосіфа ў Трынопалі, партрэты царкоўных дзеячаў для архіерэйскага дома ў Вільні.

Так мінае 30 гадоў. Адна з апошніх работ - напісаны ў 1884 годзе, за год да смерці, аўтапартрэт. Як і ў многіх партрэтах Хруцкага, тут ужыты прыём кантрастнага асвятлення - найбольш асветленыя твар і правая, "працоўная", рука. У аўтапартрэце адчуваецца годнасць, пачуццё ўласнай значнасці і нейкая затоеная горыч…

Памёр Іван Хруцкі 13 студзеня 1885 года, не дажыўшы два тыдні да 75-годдзя. Жонка перажыла яго толькі на некалькі гадоў. Пасля рэвалюцыі нашчадкі паспелі ўцячы ў Польшчу. А маляўнічыя Захарнічы спачатку абрабавалі, а потым і зруйнавалі.

Вось прыкладна такую гісторыю пра таленавітага беларускага мастака распавяла прысутным загадчыца Аддзела мастацтва абласной бібліятэкі Таццяна Куранкова. Пры гэтым на экране дэманстраваліся здымкі работ Івана Хруцкага.

Значна ажывіла імпрэзу даўні сябар ТБМ Святлана Строгіна, дырэктар магілёўскага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, якая прафесійна і яскрава дадала яшчэ некалькі цікавых фактаў пра нашага вядомага і пры гэтым невядомага для большасці беларусаў мастака.

Шамянкова Наталля, Магілёў. Фота Надзеі Бацілавай і Марыны Храмцовай.

ТБМ ідзе ў каледжы

23 студзеня 2020 г. ад ТБМ імя Ф. Скарыны я прачытаў лекцыю па гісторыі Магілёва ў Магілёўскім дзяржаўным машынабудаўнічым прафесійна-тэхнічным каледжы. Настаўнікі сабралі амаль поўную залу студэнтаў, і мне давялося дужа пастарацца, каб атрымалася данесці веліч і непаўторнасць гісторыі нашага краю. Сам каледж таксама размяшчаецца ў старажытным будынку, пабудаваным у пачатку 20 стагоддзя. Распавядаючы моладзі пра прыгожыя храмы, адмысловыя брамы і велічныя постаці, я заўсёды спадзяюся, што нешта ды застанецца ў памяці маладых магілёўцаў. Дамовіліся, што абавязкова спаткаемся яшчэ і я падрыхтую новы выступ па гісторыі Магілёўскай вобласці.

Алег Дзьячкоў.

ТБМ ідзе ў школы

7 лютага 2020 г. у Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі ад ТБМ імя Ф. Скарыны я прачытаў лекцыю па гісторыі Магілёва і Магілёўшчыны. Былі дужа разумныя шкаляры з усёй вобласці. Паколькі школьнікі-філолагі былі з розных гарадоў і мястэчак, я пачаў сваю лекцыю з таго, што запытаў кожнага, адкуль яны родам, адкуль прыехалі да нас на курсы ў Магілёў, і што ў іх гарадах і мястэчках ёсць цікавага? Многія, на жаль, казалі, што на іх малой Радзіме нічога цікавага няма.... Быхаўчанам распавёў пра славуты Быхаўскі замак 17-18 ст., Яна Караля Хадкевіча і сінагогу 17 ст. Клімавічы слаўныя тым, што класік літаратуры Уладзімір Дубоўка пра Усходнюю Магілёўшчыну 90 год таму напісаў цэлую паэму "Калініншчына". У Слаўгарадзе - Прапошаску ёсць прыгожая царква 18 ст., і жыве наш вядомы паэт і грамадскі дзеяч Фелікс Шкірманкоў ...У другой палове лекцыі з дапамогай фотапрэзентацыі распавёў пра гісторыю роднага Магілёва. Дзеці былі вельмі разумныя, з філалагічным ухілам, і з імі было вельмі цікава і проста працаваць. Вялікі дзякуй за запрашэнне настаўніцы - спадарыні Новікавай Таццяне!

Алег Дзьячкоў. Магілёў.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве

23 лютага 2020 года ў дзяржаўнай установе культуры "Палац культуры вобласці" адбудзецца "Беларуская дыктоўка - 2020 у Магілёве", прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Пачатак дыктоўкі ў 13.00.

Ад настальгіі да спраў

Наступіў 2020-ты - трэці і апошні Год малой радзімы. У папярэднія два гады, дзякуючы ініцыятыве нашых грамадзян і грамадскіх аб'яднанняў, у Асіповіцкім раёне зроблена нямала.

Не засталося ўбаку і грамадскае аб'яднанне ТБМ імя Ф. Скарыны, у статуце якога, акрамя абароны роднай мовы, адна з галоўных задач - садзейнічанне зберажэнню і развіццю нацыянальнай культуры, гістарычнай памяці. Што тычыцца роднай мовы, то наша аб'яднанне звярталася да кіраўнікоў асіповіцкіх прадпрыемстваў з прапановай маркіраваць выпусканую імі прадукцыю па-беларуску, але падтрымкі не атрымала. Аргументавалі тым, што многія грамадзяне ў нас не чытаюць па-беларуску і што на этыкетках тавараў не хапае месца. Не ўвасобілася пакуль ў жыццё і наша прапанова агучваць у грамадскім транспарце прыпынкі па-беларуску.

Тады мы вырашылі на мясцовым узроўні ад моўных праблем перайсці да звязаных з непасрэдным жыццём землякоў, нашай культурай, гістарычнай памяццю. Усе, хто хоць раз наведваў Дараганава, ведаюць, як цяжка ў такім невялікім, але раскіданым паселішчы, дзе налічваецца 14 вуліц і 2 завулкі, адшукаць патрэбны адрас розным службам: медыкам, газавікам, камунальнікам і інш. Дзякуючы нашай ініцыятыве і істотнай дапамозе мясцовага жыхара Цалуйкі В.М. была выраблена і ўстаноўлена неабходная колькасць указальнікаў вуліц, некаторых устаноў.

Ужо больш за 120 гадоў праз наш пасёлак праходзіць чыгунка, пабудаваная ад Асіповічаў да Старых Дарог (40 вёрст) за 8 месяцаў сямействам Дараганаў. Іх нашчадкі неаднойчы наведвалі Асіповіччыну. Сёлета ў жніўні з прыватнай паездкай завітала да нас аж 17 прадстаўнікоў роду Дараганаў з Масквы, Тулы, Пецярбурга, Швецыі. Гэты візіт падштурхнуў да ідэі неяк адзначыць, што мы памятаем, чыё імя носіць наша паселішча і чыгуначная станцыя. Ідэя была агучана перад кіраўніцтвам школьнага краязнаўчага музея, школы і сельсавета. Яна была ўхвалена, з'явіліся цікавыя праекты памятнага знака. Усе разам мы звярнуліся да кіраўніцтва Магілёўскага аддзялення беларускай чыгункі, і яно таксама нас падтрымала і паабяцала матэрыяльную дапамогу. Справа закруцілася. Мясцовы жыхар - Дунайка А. вырабіў памятны знак з металу. Урачыстае адкрыццё знака адбылося 28 снежня 2019 года. Зараз пасажыры праз вокны цягнікоў з задавальненнем разглядаюць цікавостку на дараганаўскім пероне.

Безумоўна, ажыццяўленне ініцыятыў лёгкім не бывае. Акрамя матэрыльных сродкаў, патрабуецца нямала маральных намаганняў, пераадоленне шматлікіх, як аб'ектыўных, так і суб'ектыўных, перашкод.

Наперадзе яшчэ адзін год, прысвечаны малой радзіме, за які можна паспець рэалізаваць многае. А прыкласці намаганні, мяркую, ёсць да чаго ў кожным населеным пункце. Было б жаданне, а не спадзяванне, што нехта штосьці выканае за нас. Бо скардзіцца і дзяліцца настальгічнымі пачуццямі пры наведванні мясцін свайго дзяцінства і юнацтва - што бывае вельмі часта - недастаткова. Трэба рабіць нешта канкрэтнае.

Улічваючы, што гэты год у нашым раёне - перыяд падрыхтоўкі да абласных дажынак, мяркуем прапанаваць усім зацікаўленым і датычным да гэтага мерапрыемства зрабіць знешняе афармленне вуліц, устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый нашага горада, дзе гэта неабходна, па-беларуску, каб райцэнтр набыў усё ж такі беларускі твар.

Сямён Бародзіч, старшыня Асіповіцкага ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Памяці Барыса Луцэнкі

Мінула сорак дзён, як 5 студзеня 2020 года памёр беларускі рэжысёр Барыс Луцэнка, які нарадзіўся 16 верасня 1937 года. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1967) Акадэмік міжнароднай акадэміі тэатра (2002). Прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў... Працаваў рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (1967-1973, 1981-1982) Сярод пастановак "Зацюканы апостал" А. Макаёнка (1971), "Раскіданае гняздо" Янкі Купалы (1972)

Узначальваў Дзяржаўны рускі Драматычны тэатр БССР імя Максіма Горкага (1973-1982, 1991-2008).

Стварыў тры спектаклі, якія сталі класікай беларускага тэатральнага мастацтва: "Макбет" паводле У. Шэкспіра (атрымаў Гран-пры на фестывалі ў Штутгарце, Нямеччына), "Трохграшовая опера" паводле Б. Брэхта (1976) і "Трагедыя чалавека " па п'есе І. Мадача (1979) атрымаў Гран-пры на фестывалі венгерскай драматургіі (тэатр быў запрошаны ў Будапешт.

Узначальваў мінскі тэатр-студыю кінаакцёра. Паставіў у Берліне спектакль "Рэвізор" паводле М. Гогаля (1980) і "Тры сястры ў Чарнобылі" паводле А. Чэхава і С. Аляксеевіч.

Як рэжысёр-пастаноўшчык зняў фільм па п'есе Янкі Купалы "Раскіданае гняздо" (1992), паставіў оперны спектакль "Кавалер руж" паводле Р. Штраўса на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1975) Народны артыст Беларусі (1995).

Творчасці сп. Луцэнкі ўласцівы да сцэнічнай метафарычнасці ў характарыстыках персанажаў, пошукі пластычных вырашэнняў.

Развітацца з Барысам Луцэнкам прыйшлі Я. Паплаўская, Н. Гайда, М. Захарэвіч, З. Зубкова, В. Мазынскі, Г. Аўсяннікаў, В. Анісеенка, В. Салееў і многія іншыя вядомая асобы...

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

"Шпацыры па старой Лідзе" Леаніда Лаўрэша

Лаўрэш Леанід. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. 342 с.

Кніга "Шпацыры па старой Лідзе" - плён шматгадовай працы лідскага літаратара і краязнаўца Леаніда Лаўрэша, працы архіўнай, гістарыяграфічнай, але таксама і даследчыцка-палявой, менавіта, апытання сталых жыхароў горада пра падзеі XX ст.

Строга падыходзячы да справы, тут не зусім пасуе слова "краязнаўства" як да кнігі, так і да яе аўтара, бо яно асацыіруецца з аматарствам. Больш дакладным будзе акрэсленне "рэгіянальная гісторыя", бо мы маем выкладзенае ў папулярнай форме навуковае даследаванне.

Кніга Лаўрэша - як вяршыня айсберга, менавіта яго частка, найбольш відочная і даступная для людскога ўспрыймання. Па-за полем зроку застаецца "падводная" частка - нашмат большая як па працягласці, так і па аб'ёму праробленай працы.

Каштоўнасць кнігі менавіта ў тым, што яна ўяўляе сабой прадукт гістарычнага даследавання, даведзены да канцавой мэты - масавага чытача. Але яна - не прадукт масавай культуры. Напісаная добрай выразнай мовай ў апоры на грунтоўным крыніцазнаўчым і гістарыяграфічным падмурку - кніга прэзентуе культуру прафесійную.

Лічу гэтую працу выдатным дапаможнікам для ўсіх, хто хоць нейкім чынам судакранецца з гісторыяй старажытнага горада Ліда. Для экскурсаводаў, каб мелі да дыспазыцыі большы аб'ём дакладнай гістарычнай інфармацыі і менш запаўнялі час выцечкі ўласнымі фантазіямі. Для гісторыкаў, якія пішуць гісторыю рэгіёна і ўсёй краіны. Урэшце для турыстаў-індывідуалістаў, якія могуць з кнігай у руках прайсціся па ўсіх апісаных у ёй мясцінах, каб усё спраўдзіць на ўласныя вочы.

Аляксандар Краўцэвіч, доктар гістарычных навук.

"У пошуках ісціны, або анатомія хлусні" Алеся Самца

Набліжаецца 75-годдзе перамогі ў Другой сусветнай вайне. Беларускія краязнаўцы праліваюць святло на суворую праўду вайны. Ставяць кропкі над "і" ў трагедыях, якія хаваліся доўгія гады. Праўду пра партызанскую вайну на тэрыторыі Заходняй Беларусі распавядае краязнавец і аўтар кнігі "У пошуках ісціны, або анатомія хлусні" Алесь Самец:

- Я паказваю гэтую неадэкватную дзейнасць камандзіра партызанскага атрада Дзенісенкі і асобных удзельнікаў гэтага партызанскага атрада ў цэлым і паасобку. На фактах, дакументах ваеннай пракуратуры Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, успамінах партызан яго атрада і сведак. Я знайшоў у архіве такі дакумент, дзе расказваецца пра тое, што камісар атрада Філімонаў са сваім узводам паліў хутары. Пад відэазапіс мы сабралі сведчанні людзей старога ўзросту, якія памятаюць пра гэта, а хто не памятае, тым расказвалі бацькі. Мы склалі спіс - прозвішчы 25-ці гаспадароў хутароў, якія спалілі партызаны Міцькі Дзенісенкі. Канешне сёння гэтых партызан ужо няма, іх не запытаеш, за што. Версію высоўвалі такую, што калі яны ішлі з лесу, там Налібоцкая пушча за гэтай вёскай, калі яны ішлі на свае гаспадарчыя аперацыі сюды, паліцыя зрабіла засады, і зрабілі засады нібыта на гэтых хутарах. Таму яны і спалілі 25-ць хутароў, прычым два хутары спалілі разам з людзьмі. Тут жылі гаспадары Шэўка і Ракач. Старэйшых сыноў з гэтых сем'яў Міцька забраў да сябе ў атрад. Не пабыўшы ў гэтым атрадзе і месяца, паглядзеўшы, якія там парадкі, чым яны займаюцца, гэтыя хлопцы ўзялі ды ўцяклі з гэтага атрада. Адзін пайшоў вучыцца ў Наваградак, там і гімназія, там і настаўніцкая семінарыя была. Другі пайшоў у іншы партызанскі атрад, які дыслакаваўся каля Свіцязі. Міцька ў якасці помсты забіў іх сем'і.

Радыё Рацыя.

13-я Агульнанацыянальная дыктоўка

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця пройдзе традыцыйная беларуская дыктоўка. Пра яе сёлетнія адметнасці распавядае кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка:

- Да нашай вечаровай праграмы далучаюцца прадстаўнікі "Саюза беларускіх пісьменнікаў", якія на пачатку імпрэзы павінны ўручыць ганаровы дыплом першаму рэгіянальнаму лаўрэату ў пісьменніцкім беларускім асяроддзі рэгіёна - Антаніне Хатэнка, якая прыедзе з Менска. Таксама мы папросім яе як лаўрэата прачытаць дыктоўку. Сёлета мы выбралі сярод вялікай колькасці вартых людзей такога творцу як Аляксей Карпюк, якому спаўняецца 100 год. Будзе зачытаны ў якасці тэкста для дыктоўкі фрагмент ягонага вядомага твора "Данута".

На думку Віктара Парфёненкі, апроч самой дыктоўкі на імпрэзе чакаюцца і іншыя культурніцкія сюрпрызы:

- Будзе яшчэ і музычная частка. Мы ўпэўненыя, што будзе ў нечым па-хатняму прыемна ўбачыць знаёмых людзей, але ў іншым амплуа. Створаны гурт NZ, у які ўваходзяць гарадзенскія літаратары, выканае некаторыя свае творы, якія ён адмыслова для гэтай дыктоўкі рыхтаваў. Вянцом нашага мерапрыемства стане выступ Алеся Дзянісава. Паабяцаў выканаць некалькі сваіх уласных песень і з вершаў Уладзіміра Караткевіча, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў.

Гэтая гарадзенская дыктоўка стане ўжо 13-й па ліку, што ладзіцца недзяржаўнымі арганізацыямі. Таксама плануецца, што дыктоўкі, у якіх актыўны ўдзел прымуць сябры ТБМ, пройдуць і ў іншых гарадах і вёсках Гарадзеншчыны.

Беларускае Радыё Рацыя.

22 лютага ў 12.00 на 3-м бібліятэчным філіяле, у мікрараёне Маладзёжны г. Ліды пройдзе 13-я Агульнанацыянальная дыктоўка для сяброў лідскіх арганізацый і суполак ТБМ і для ўсіх грамадзян, хто пажадае далучыцца.

Лідская гарадская рада ТБМ.

"Тыдзень роднай мовы" ў Пінску

У Пінску пачаліся мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які штогод адзначаецца 21-га лютага. Гарадская бібліятэка падрыхтавала вялікую выставу "Мова - крыніца чалавечага жыцця". У экспазіцыі творы айчынных літаратараў мінуўшчыны і сучаснасці. "Наша літаратура насычана годнымі імёнамі", - кажа выкладчыца беларускай мовы Ніна Стэльмах, якая завітала на адкрыццё выставы:

- Калі ўзяць нашую літаратуру, беларускую літаратуру, то і ў больш старажытнай літаратуры, і ў сучаснай беларускай літаратуры можна назваць вельмі многа годных імёнаў пісьменнікаў, паэтаў, людзей, якія на самой справе любяць сваю мову, якія стараюцца бараніць яе, стараюцца паставіць яе на належную вышыню. І, канешне, усё гэта мы стараемся данесці да сваіх дзяцей, каб дзеці гэта ведалі, разумелі.

Ужо з панядзелка ў Пінску пачаўся "Тыдзень роднай мовы", які ладзіць гарадская бібліятэка. У межах тыдня запланаваны літаратурны вечар, адкрыццё гукавой выставы "Слову беларускаму гучаць!", а таксама сустрэчы моладзі з мясцовымі літаратарамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск. Фота libpost.of.by.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА АДАМА БАБАРЭКІ (14.10.1899 - 10.10.1938)

Пісаць у стол - для светлых дзён пісаць,

Якім не быць, магчыма, тут ніколі.

У белым полі мёртвыя ляжаць

За сотню крокаў да спадманнай волі.


Няма сапраўднай волі там і тут.

Яна прыдумана паэтамі ў бяссонні.

І ўспамінаеш ты свой родны кут,

І верыш, што цябе і ён успомніць,


Дастане ўсё схаванае ў сталах

І дзякуй скажа за любоў, цярпенне.

Дзве зоркі ад палякаў на плячах

І ад саветаў у вашах адзенне.


І падаеш, ляціш у родны свет,

Дзе ўсё было - і вершы, і каханне,

І дзе ўладарыць чорны пісталет

І сыплецца пясок з цямна да рання…


Пісаў у стол - для светлых дзён пісаў,

Якія прыбліжаюцца паволі.

У родным краі кнігамі ты стаў,

Што птушкамі лятуць да лепшай долі.

27.10.2018 г.

БАЛАДА КНЯЗЁЎНЫ КРЫСЦІНЫ ДРУЦКАЙ-ЛЮБЕЦКАЙ (23.01.1900 - 6.05.1921)

Бялее каплічка твая сярод сосен

На Ракаўскіх могілках, дзе я іду,

Самотны, як гэта плаксівая восень,

Якая мяняе лісцё на ваду,


Што з шэрага неба цячэ і знікае,

Як час той, калі нас дзяліла мяжа,

Як смерць, што людзей без пары забірае.

Забрала, не даўшы ўзамен ні граша


Нікому, а потым забойцаў забрала,

Якія ў твой родны маёнтак прыйшлі,

Куды, нібы з выраю птушка, спяшала,

Каб тут жа застацца навечна ў зямлі


Пад белай каплічкай, якая між сосен

Плыве адзінокім лясным караблём,

Праз вечнасць плыве

і праз жоўтую восень -

Мяжы тут няма больш ні ноччу, ні днём.

І болей мяжы тут не будзе ніколі,

А будзе сцяжына праз травы і лес

З табой маладзенькаю ў Новае Поле

Спяшаць, каб вяртання свайго паланэз

Ты грала і слёз не хавала ад болю…

7.10.2018 г.

БАЛАДА АДОЛЬФА КЛІМОВІЧА (20.04.1900 - 24.11.1970)

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня…

Максім Багдановіч.

У Вільні арган у касцёле іграе,

І музыка, нібы малітва, жывая

У душы людскія плыве, не знікае,

Цябе ж ад журботы штодзённай вяртае

У Прагу, дзе ўсе яшчэ ўсё маладыя,

Дзе мары, і справы, і сны залатыя

Аб той Беларусі, якая святая,

Якая дзяцей сваіх аберагае,

Каб сцежкі былі і гасцінцы старыя,

Бярозы і замкі, капліцы з крыжамі,

Бо воўк у піліпаўку нема там вые,

А ў весну нябёсы бялеюць бусламі…

Арган не сціхае, з табою ўздыхае…

Зноў камера смертніка - нібы магіла,

З якой ты выходзіш ссівелы, чужая.

Але Беларусь яшчэ за небасхілам,

І ў сэрцы тваім не памерла, і будзе

З табою і ў святы святыя, і ў будзень,

Бо з роду крывіцкага ты - назаўсёды,

Бо рунь зноў праб'ецца

з-пад снегу і лёду…


Арган не сціхае, з табою ўзлятае

Над Вільняй, над тлумнай вялікай краінай,

Дзе ёсць Беларусь, што сягоння не знае,

Якога яна мае слаўнага сына,

Які сёння зноўку журботны, як тыя

І нашы героі, і нашы святыя,

Што верылі: нават калі іх не будзе,

Не знікне Айчына - ёсць крыўскія людзі…


Арган не сціхае, ён душы яднае

Па-над Беларуссю, што сонца чакае…

9.03.2008 г.

БАЛАДА МІКОЛЫ КАСПЯРОВІЧА (9.05.1900 - 26.12.1937)

…Зноў на шэрай вуліцы зіма

Белая, нібы самлелая.

І ў табе твайго жыцця няма,

І душа сняжынкай белаю

Узлятае і ляціць, ляціць

Па-над нашым краем, у якім

Не дазволена свой край любіць,

Як і нельга нам краям чужым

Аніколькі добрых слоў сказаць…

У нябёсах поўня, як сляза,

Што над Беларуссю Бог згубіў,

Гледзячы на белую зямлю,

Белую, якую ты любіў,

І якую сёння я люблю

За бярозы белыя і лён

Сіні, як бязмежнасць у вышы,

За царкоўны і касцельны звон

І найбольш за тое, што ты жыў,

Веручы, што прыдзе светлы час,

У якім ёсць Беларусь для нас…


І глядзіш на свет з нябёсаў ты,

І ляціш сняжынкай на зямлю,

Каб у Беларусі белаты

Больш было, як шчырых слоў: "Люблю

Родную бялюткую зямлю…"

14.09.2008 г.

БАЛАДА УЛАДЗІМІРА ЖЫЛКІ (27.05.1900 - 1.03.1933)

"Не плач, не плач па сыну, маці…"-

Твой першы верш і ўздых апошні.

Ёсць Беларусь, а значыць шчасце

Таксама ёсць, хоць і не кожны

Іх адчувае ў часе гэтым,

Дзе небяспечна быць паэтам,

Тым больш паэтам Беларусі,

Якога здрадзіць не прымусіць

Ніхто, калі паэт ад Бога…

Зноў прад табой, як смерць, дарога,

І родны край усё далей,

І чым далей, тым ён мілей.

І сняцца Вільня, Менск і Прага,

І не сціхае ветру звяга

І ў снег, і ў дождж, і ў сухавей.

І ты вярнуцца спадзяешся,

І ў думках над сабой смяешся

Так, як паэт смяяцца можа.

А на чужыне ўсё прыгожа

І нат свая на снезе кроў.

Сваёй паэзіяй дамоў

Ты вернешся, але не скора,

Бо снег навокал, нібы мора,

Дзе ўсё патоне і загіне…

І будзеш ты ў сваёй краіне

Казаць: "Не плач па сыну маці.

Ёсць Беларусь, і гэта - шчасце!"

3.09.2008 г.

БАЛАДА КУЗЬМЫ ЧОРНАГА (24.06.1900 - 22.11.1944)

Зноў турэмная камера сніцца,

Як труна, у якой ты жывы.

А на вуліцы не навальніца,

А вайна каля самай Масквы.

І не можаш ніяк ты прачнуцца,

Каб, як кокан матыль пакідае,

Так пакінуць турму і вярнуцца

У дзяцінства, дзе мрой залатая

Павуціна плыве над табою

І, знікаючы ў менскай турме,

Рассыпаецца чорнай журбою

Па Айчыне, нібы па зіме,

У якой ты не можаш ні ўспомніць

Непрыгожыя кветкі крыві

І штыкоў зледзянелыя промні

За вакном, дзе шчэ шэпча: "Жыві…"

Адзінокая шэрая ліпа.

І жывеш ты, і знаеш - не сніш

Гэты лёс, што табе, як снег, выпаў,

Дзе ў табе твой хрыбет, нібы крыж…

30.10.2007 г.

(Працяг у наступным нумары.)

З падзей 2019 года

Склаў Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

12 красавіка. У Курапатах па перыметры па распараджэнні ўладаў зноў знішчылі 50 металічных крыжоў.

13 красавіка. Члены БРСМ і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на суботніку садзілі дрэвы там, у Курапатах, дзе ўчора было знесена 50 ці 60 крыжоў. Прэс-сакратар Беларускага экзархата РПЦ Сяргей Лепін выказаўся супраць такога зносу крыжоў, пастаўленых на народныя грошы.

13 красавіка. Пад Лідай усталявалі 5-метровы крыж у гонар паўстанцаў К. Каліноўскага.

14 красавіка. У Берасці зноў мітынг-пратэст супроць будаўніцтва акумулятарнага завода.

15 красавіка. Увечары да будынка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі выйшлі некалькі чалавек на малебен у сувязі са зносам крыжоў у Курапатах.

15 красавіка. У Парыжы гарэў Сабор Парыжскай Богамацеры. Абрынуліся шпіль і дах сабора.

16 красавіка. У Анкары (Турцыя) адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Турцыі А. Лукашэнкі і Эрдагана.

16 красавіка ў Менскім епархіяльным упраўленні пад старшынствам мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбылося пасяджэнне Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы.

18 красавіка. У судзе Менскага раёна судзілі 6 чалавек, за ўдзел у пратэстах у Курапатах 4 красавіка. Усіх аштафавалі на некалькі базавых велічынь.

19 красавіка. А. Лукашэнка выступіў у Нацыянальным сходзе Беларусі са зваротам да беларускага народа.

У Берасці праходзіў чэмпіянат Беларусі па плаванні (басейн 50 метраў). У заплыве на 50 метраў брасам Ілля Шымановіч устанавіў нацыянальны рэкорд - 26,57. Гэта пакуль другі вынік сусветнага сезона 2019 года (ў брытанца Адама Піці - 26,49).

Увечары 19 красавіка канцэрн "Белнафтахім" запатрабаваў афіцыйнай сустрэчы з прадстаўнікамі расейскай "Транснафты" з нагоды значнага пагаршэння якасці нафты Urals, якая паступае праз нафтаправод "Дружба" ў апошнія дні. У сувязі з бруднай нафтай на Мазырскім нафтаперагонным заводзе сапсавалася абсталяванне. Шкода склала 30 млн долараў.

19 красавіка памёр настаўнік Мар'ян Мікалаевіч Дукса, паэт, празаік, які жыў у Солах Смаргонскага раёна. Нарадзіўся ў Каракулічах Мядзельскага раёна 5 красавіка 1943 г.

21 красавіка. Каталікі святкуюць Вялікдзень, а ў праваслаўных - Вербніца.

Грамадзяне Украіны ў другім туры выбараў прэзідэнта Украіны выбралі артыста Уладзіміра Зяленскага, які набраў больш за 70 працэнтаў галасоў.

У Берасці былі пратэсты супроць будаўніцтва акумулятарнага завода.

У Гомелі адбыўся Эка-марафонны бег. Піяніст, кампазітар Юрый Бліноў памёр за 5 м да фінішу на дыстанцыю 4200 метраў. Нарадзіўся ён у Драгічыне ў 1976 годзе.

22 красавіка. Супрацоўнікі КДБ затрымалі за хабар (каля 150 тысяч долараў) Андрэя Уцюрына. Нарадзіўся Уцюрын у 1971 у Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 - Акадэмію МУС Беларусі. З 1995 - у службе аховы Лукашэнкі. Узнагароджаны ордэнамі "За бездакорную службу" і "За службу Радзіме". Кіраўнік службы аховы з 2007 года. З 2014 года - намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. У 2011 г. атрымаў зямельны ўчастак (15 араў) у Драздах і пабудаваў на ім двухпавярховы асабняк. Яго бацька служыў у Менску ў войсках МУС.

23 красавіка. У Гародні пачаўся суд над Анжалікай Борыс (старшыня неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі) за фэст на Казюкі ў Гародні. Суд Ленінскага раёна Гародні 23 красавіка спыніў адміністрацыйную справу супраць Анжалікі Борыс. У мінулыя гады праводзіўся фэст, і ўсё было добра, а сёлета трэба было браць дазвол. Анжаліка заявіла ў судзе, што гэта не суд, а камедыя па замове КДБ.

23 - 26 красавіка. Буйны пажар на плошчы 200 га лесу на Століншчыне.

У Гародні пясчаная бура днём накрыла горад і бачнасць у Альхоўцы была нулявая.

У Менску заквітнеў сад. Тэмпература дасягнула +20 градусаў.

25 красавіка. Пажар на Альманскіх балотах Століншчыны ўжо ахапіў 400 га лесу.

25 красавіка. Рада Украіны прыняла закон № 5670-д аб забеспячэнні функцыявання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай: "за" прагаласавала 278 дэпутатаў. Украінская мова будзе абавязковая ў органах дзяржаўнай улады і іншых публічных сферах. Веды дзяржаўнай мовы неабходны для атрымання ўкраінскага грамадзянства. Мову абавязаны ведаць усе грамадзяне, а дзяржава павінна забяспечыць грамадзянам магчымасць вывучаць яе. 15 траўня Прэзідэнт Украіны П. Парашэнка гэты закон падпісаў.

26 красавіка. У Менску не праводзілася дэманстрацыя ў сувязі з 33-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС, бо УУС Менскага гарвыканкама запатрабавала аплаты аховы грамадскага парадку недзе звыш 5 тысячы ў рублёў.

25 - 27 красавіка. У Кітаі сустрэча кіраўнікоў дзяржаў Еўропы і Азіі на 2-м форуме "Пояс і шляхі". Прэзідэнт А. Лукашэнка 25 красавіка ў Пекіне сустрэўся з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіеевым. Кітай падарыў Менску макет Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна. Гэтыя аб'екты будуць пабудаваны за кітайскія сродкі.

26 красавіка. Сустрэча А. Лукашэнкі з прэзідэнтам Сербіі ў Пекіне. Лукашэнка не дабыў да канца нарады і на суткі раней вылецеў у Менск.

У Берасці тэмпература паветра была +27,8 °С, і пабіты тэмпературны рэкорд на гэты дзень у Беларусі, які быў Гародні ў 1993 годзе.

27 красавіка. У Беларусі тэмпература вышэй за + 24 градусы цяпла.

30 красавіка. Прэзідэнт РФ У. Пуцін вызваліў ад пасады пасла РФ ў Беларусі Міхаіла Бабіча і прызначыў Паўномоцным і Надзвычайным паслом РФ у Беларусі Дзмітрыя Мезенцава.

1 траўня. Свята працы.

4 траўня. На спаборніцтвах у дзесяцідзённым бегу ў Нью-Ёрку 57-гадовы беларус Леанід Анацка заняў другое месца. Ён пераадолеў 1078 км 875 м.

Пачатак траўня. Узровень вады ракі Прыпяць каля Мазыра на 3 метры ніжэй, чым летась. Разліву ракі Прыпяць сёлета не было

15 траўня. Юрыст Ала Бодак стала членам Канстытуцыйнага суда Беларусі. Яна паадпісала Прысягу суддзі Канстыцыйнага суда.

16 траўня. У Магілёве 22-гадовы лейтэнант міліцыі Яўген Патаповіч быў знойдзены застрэленым у лясным масіве. Першапачаткова меркавалася, што інспектара маглі выкрасці невядомыя на чорнай "Волзе", калі ён прыехаў на афармленне ДТЗ. Былі канфіскаваныя і прааналізаваны запісы з відэакамер, устаноўленыя па меркаваным маршруце руху зламыснікаў. Камеры чорную "Волгу" не зафіксавалі. У гэты ж вечар міліцыянеры з аўтаматамі зрабілі аблаву ў Магілёве на цыганоў, захоплівалі іх масава (мужчын, жанчын і нават падлеткаў) і трымалі некалькі гадзін. Праводзілі іх допыт. Праз некальк дзён супрацоўнікі СК заявілі, што гэта было самазабойства. Гэта падзея праз 3 тыдні вымусіла міністра Ігара Шуневіча падаць у адстаўку.

Праз некалькі дзён кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава паехала ў Магілёў прасіць даравання за грубыя паводзіны міліцыі, але міністр МУС Ігар Шуневіч палічыў, што яго міліцыя дзейнічала правільна, па закону.

17 траўня суд Менскага раёна прыгаварыў арганізатара бардэля ў Бараўлянах Вячаслава Казанава да 14 гадоў пазбаўлення волі і выплаты штрафу 400 базавых велічынь. Гэты падпольны бардэль пад Мінскам ліквідавалі ноччу на 28 ліпеня 2018 года.

22 траўня. У судзе Савецкага раёна Менска збіраліся судзіць актывістку рэжысёра Вольгу Нікалайчык за тое, што яна 8 траўня сёлета ўскладала кветкі да брацкай магілы загінулых воінаў пры вызвалденні Менска.

22 траўня. У Берасці, на Паўночных могілках, за 6 кіламетраў ад горада, адбылося ўрачыстае перапахаванне парэшткаў 1214 чалавек, знойдзеных на месцы былога габрэйскага гета ў студзені - сакавіку пры будаўніцтве элітнага квартала ў цэнтры горада.

24 траўня, пятніца. Прем'ер-міністры Расіі і Беларусі Мядзведзеў і Румас сустрэліся ў Маскве і абмеркавалі шэраг эканамічных пытанняў, пра пастаўку нафты і інтэграцыю.

24 траўня. Хмары прыйшлі з Балтыкі, і выпаў вялікі дождж.У Маладзечне вуліца Вялікі Гасцінец ператварылася ў раку. Відавочцы кажуць, што месцамі машыны былі напалову ў вадзе. Плавалі нумары. Многія аўто глухлі. Размыла дарогі ў Валожыне і Рагачове.

25 траўня. Пісьменніца Святлана Алексіевіч выступіла ў Варшаве на цырымоніі ўручэння ёй прэміі імя Рышарда Капусцінскага.

26 траўня. У Дзітвянскім Доме культуры Лідскага раёна адбыўся ІІ абласны фестываль - свята побытавых танцаў. У ім прымалі удзел ад школьнікаў да старых пенсіянераў, якія пазалі маладым свае традыцыйныя танцы.

27-31 траўня. У Столінскім раёне разлілася рака Гарынь, бо 19-20 траўня ў Сарнах прайшлі вялікія дажджы, і паднялася вада ў рацэ Случ (прыток Гарыні). У Бялушы, Манькавічах, Беражным вада на 127 сядзібах. Агароды аказаліся пад вадой.

28 траўня. У Берасці адкрыўся новы аўтавакзал на вул. Арджанікідзе.

28 траўня. У сталіцы Казахстана Нур-Султане (Астана) падчас сустрэчы Нурсултан Назарбаеў уручыў Аляксандру Лукашэнку ордэн "Першы Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан - Лідар Нацыі Нурсултан Назарбаеў", які з'яўляецца дзяржаўнай узнагародай Казахстана і заснаваны ў траўні 2001 года. Ордэн уручаны ў азнаменаванне 25-годдзя ідэі аб еўразійскай інтэграцыі і 5-годдзя падпісання Дамовы аб ЕАЭС, а таксама за асабісты ўнёсак у паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва з Казахстанам.

30 траўня. Беларуская спартсменка Алена Дубіцкая на этапе Брыліянтавай лігі ў Стакгольме (Швецыя) заняла першае месца, штурхануўшы ядро на 18 м 49 см.

30-31 траўня. У Менску адбылася міжнародная канферэнцыя "Сучаснае канстытуцыйнае развіццё: роля канстытуцыйнага кантролю ў канстытулізацыі права".

Травень. У Бабруйску, у рацэ Беразіна, знайшлі шлем ХІ ст., які мог належаць полацкаму князю. Гэта 20-ы шлем таго часу, які знойдзены ў Еўропе.

Травень. Перамогу ў Менскім гарадскім конкурсе "Лепшая шматдзетная сям'я 2019 года" атрымала сям'я Бычкоўскіх - маці Вольга, бацька Змітро, а таксама 3 сыны і 5 дачок: Ягор, Ангеліна, Прохар, Кіра, Ціхан, Міхаліна, Лія і Света. Старэйшаму сыну 21 год, ён жанаты і ўжо паспеў парадаваць бацькоў унукам, якому зусім хутка споўніцца год.

1 чэрвеня. У Менску, каля старога будынка пажарнага дэпо, адкрылі скульптуру пажарнага пачатку ХХ стагоддзя.

1 чэрвеня. У Менску прайшоў VІІІ Кангрэс Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі. Удзельнічалі 131 дэлегат. У Асамблею цяпер уваходзяць 330 арганізацый і ініцыятыў.

2 чэрвеня. У Менску адбылася велічная эўхрыстычная працэсія са Святымі дарамі па плошчах і вуліцах сталіцы ад касцёла Св. Роха на Залатой Горцы да Архікатэдральнага касцёла. Яна прымяркаваная да свята Божага Цела і Крыві.

З 4 па 9 чэрвеня 2019 года ў аграгарадку Шчомысліца ў Менскім раёне прайшла Міжнародная спецыялізаваная выстава "Белагра-2019", у якой прынялі ўдзел 550 кампаній з 29 краін свету.

8 чэрвеня. У Менску адбыўся ХХ з'езд Беларускай партыі левых "Справядлівы свет. На новы тэрмін кіраўніком партыі выбраны Сяргей Калякін, за якога прагаласавала 79 з 137 дэлегатаў. Калякіну 66 гадоў. Кіруе гэтай партыяй з 1994 года (ужо 25 гадоў).

9 чэрвеня. У Берасці пратэстоўцы (каля 200 чалавек) прыйшлі на сустрэчу са старшынём гарвыканкама і патрабавалі спыніць работу акумулятарнага завода. Сустрэча была ў зале гарадскога выканкама.

7-9 чэрвеня. У Паставах адбыўся ХХХ Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік". Ён тут праводзіцца штогод. Адначасова Паставы адзначылі свой чарговы юбілей - 610 гадоў горада. Горад займеў 13 гарадоў-пабрацімаў у выніку сваіх фестываляў.

10 чэрвеня. А. Лукашэнка адправіў у адстаўку міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які займаў гэтую пасаду 7 гадоў.

11 чэрвеня. А. Лукашэнка прызначыў Уладзіміра Караніка (галоўны ўрач Менскага анкалагічнага дыспансера) міністрам аховы здароўя, а Юрыя Караева (былы намеснік міністра МУС, камандуючы ўнутранымі войскамі) - міністрам унутраных спраў Беларусі.

11 чэрвеня. Паветра ў Менску і Берасці прагрэлася да +32,2°С (раней максім быў +30,1 °С). Пастаўлены новы рэкорд і ў Жлобіне + 32,8 °С (31,9 °С у 2010 г.). Абнавілся рэкорды ў Гародні +30,8 °С і Магілёве +31,7 °С. У Менску скасаваўся рэкорд дня 82-гадовай даўніны (32,2 супраць 30,1 градуса 11 чэрвеня 1937 года).

12 чэрвеня. На аэрадроме ў Варшаве прызямліўся электрасамалёт, зроблены ў Славеніі. Двухмесны Pipistrel Alpha Electro - гэта першы ў свеце ўльтралёгкі самалёт серыйнай вытворчасці (яго вага 472, 5 кг) з электрарухавікамі. Зарадка ў аэрапорце доўжыцца адну гадзіну.

12 чэрвеня. У Жлобіне (Гомельская вобласць) паветра прагрэлася да 34,7 градуса вышэй за нуль, што на 0,3 градуса перавышае абсалютны максімум, зафіксаваны ў 2010 годзе ў Лельчыцах (Гомельская вобласці). У самым Жлобіне ранейшы рэкорд дня складаў 32,4 градуса (таксама з 2010 года).

Абнавіліся тэмпературныя рэкорды ў сталіцы і ўсіх абласных цэнтрах. У Магілёве было 34,6 градуса (31,1 у 2000 годзе), у Гомелі - 33,4 (32,6 у 2010-м), Берасці і Віцебску - 33,2 (адпаведна 32,8 у 1957 годзе і 31, 5 у 1937-м), Менску - 32,7 (30,9 у 2000-м), Гародні - 32,4 (31,3 у 1999-м).

Тэмпературныя рэкорды фіксуюцца дзявяты дзень запар. 12 чэрвеня стала самым гарачым днём у гэтым годзе і першым за гэтыя дзевяць дзён, калі абнавіўся максімум для ўсёй краіны з пачатку метэаназіранняў. Да гэтага фіксаваліся рэкорды для асобных населеных пунктаў.

13 чэрвеня, чацвер. У сувязі з сухім надвор'ем забаронена хадзіць у лес у 53 раёнах Беларусі. Парушальнікаў будуць штрафаваць.

Стала вядома, што пакараны смерцю ў Менску забойцы Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка, а заказчыца забойства Аліна Шульганова атрымала 12 гадоў калоніі. Забойцы былі арыштаваны ў 2015 годзе. Ім паставілі ў віну смерць трох чалавек.

13 чэрвеня. Самая высокая тэмпература зафіксавана ў Васілевічах (Гомельская вобласць) +34,4 градуса. У Менску пабіты тэмпературны рэкорд 1912 года: слупок тэрмометра падняўся да 34 градусаў (у 1912-м было 30 градусаў).

14-15 чэрвеня. У Бішкеку нарада краўнікоў дзяржаў ШОС, Беларусь удзельнічае ў ёй у якасці назіральніка.

У Беларусі забаронена наведваць лес у 72 раёнах.

(Працяг у наступным нумары.)

У Беліцкім Доме культуры правялі раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні"

Вось ужо ў шосты раз у мінулую нядзелю - 16 лютага - аграгарадок Беліца Лідскага раёна прымаў раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні". На гэты раз установы культуры Лідскага раёна прэзентавалі стравы з дароў прыроды. Тэма вельмі актуальная ў наш час, бо дары прыроды спрадвеку служаць на карысць здароўю чалавецтва і ўсё больш людзей імкнецца весці здаровы лад жыцця і надае вялікую ўвагу свайму харчаванню. Работнікі ўстаноў рыхтавалі стравы па рэцэптах продкаў, таму атрымаліся сапраўдныя экалагічныя шэдэўры, і ўвачавідкі, што нашы продкі мелі рацыю.

Карп па-царску і карп па-беліцку, галкі рыбныя і грыбныя па-тарноўску, пірагі рыбныя, камы грыбныя і рыбныя, юшка па-пескаўску, блінны пірог з сушанай садавіной, яблыкі печаныя з мёдам і яблыкі мочаныя, збіцень і розныя напоі з ягад. Усё проста немагчыма пералічыць.

Фактычна асноўнымі элементамі дзікай прыроды, якія былі задзейнічаны кухарамі, сталі грыбы, ягады, арэхі, рыба (лешч, карасі). Спрэчка, ці лічыць карпа, выгадаванага ў сажалцы, і яблыкі, выгадаваныя ў садзе, дарамі прыроды, развязкі не мела. Кожны застаўся пры сваім.

Удала ўпісаліся ў свята традыцыйнай кухні і міфалагічныя беларускія персанажы, якія рыхтавалі касцюміраванае дэфіле. Кожная клубная ўстанова паказвала свайго персанажа, які быў ім бліжэй: русалак паказвала прынёманская Беліца, а паўночнае Дворышча паказвала Зюзю. Паказвалі і Хатніка, і Вадзеніка, і Жыценя, і Цёцю, і Лёлю, і Ладу, і Оха, і Белуна ці Белабога. А вось Перуна не было, хай спіць сабе недзе да вясны, не яго пара.

Пескаўцы прадставілі сваю мясцовую істоту - Пачастунка, які жыве ў каморы з прыпасамі і спрыяе іх папаўненню, калі гаспадар шчодры і гасцінны. А калі гаспадар сквапны, то Пачастунак не дбае, каб прыпасы папаўняліся, а наадварот насылае на іх то плесень, то гніль, то цвіль. За гэтага Пачастунка журы вывела Пескаўцы на трэцяе месца.

У журы ўваходзілі спецыялісты з Гародні і Ліды. Узначальваў журы ўжо не першы раз старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, рэдактар "Нашага слова" і "Лідскага летапісца" Станіслаў Суднік, які падчас узнагароджання сказаў, што Лідчына стаіць на парозе стварэння Музея беларускай міфалогіі, але калі і як гэта рэалізуецца, ведае, мабыць, толькі яго будучы Хатнік, які пакуль на людзі не паказваецца.

У выніку пераможцамі раённага конкурсу "Спазнай смак сваёй кухні" сталі Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр - I месца, Першамайскі Дом культуры - II месца, Пескаўскі і Ваверскі Дамы культуры падзялілі III месца. Астатнія клубныя ўстановы таксама атрымалі дыпломы і падарункі.

Трэба адзначыць вялікі ўклад і клопат, якія праявіла пры арганізацыі свята метадыст Цэнтра народнай творчасці Ганна Некраш, бо падобныя конкурсы фінансуюцца вельмі слаба, а часцей - ніяк. Патрэбны велізарны досвед і аўтарытэт, каб арганізаваць нешта падобнае.

Традыцыйна і бліскуча вяла ўсю імпрэзу Тамара Зенюкевіч.

Вялікі дзякуй усім, хто спрычыніўся да гэтай цудоўнай, выключна беларускай дзеі.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX