НАША СЛОВА № 9 (1472), 26 лютага 2020 г.
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы
У Дзень роднай мовы Ліда ўрачыста стала культурнай сталіцай Беларусі
Урачысты канцэрт на сцэне Палаца культуры ў Лідзе даў старт рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі - 2020". У час канцэрта былі прадстаўлены розныя эпізоды гісторыі горада. Урачыстай праграме папярэднічала выстаўка культурных асаблівасцей і дасягненняў Ліды. Яна аб'яднала мінулае і сучаснае горада, прапанаваўшы гасцям інтэрактыўнае падарожжа па адной з яго найстарэйшых вуліц. Таксама да свята быў выпушчаны канверт з арыгінальнай маркай "Ліда - культурная сталіца Беларусі - 2020", на якім паказаны выдатныя мясціны горада. Сёння адбылося памятнае гашэнне маркі спецыяльным тэматычным штэмпелем. Ліда стала 11-м горадам, які атрымаў прэстыжны статус.
- Было некалькі прэтэндэнтаў на званне культурнай сталіцы. Але Ліда прэзентавала найбольш цікавую праграму, высокая была зацікаўленасць у тым, каб правесці акцыю, з боку мясцовых і абласных улад, - адзначыла ў час цырымоніі адкрыцця акцыі першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская. - Ліда сёння ўваходзіць у бязвізавую зону, але вельмі важна, каб культурная сталіца стала прывабнай і для айчынных турыстаў.
Наталля Карчэўская ўручыла старшыні Лідскага райвыканкама Сяргею Ложачніку сімвал акцыі і сертыфікат "Ліда - культурная сталіца Беларусі - 2020".
- Гэта ганаровы і вельмі адказны статус. Каляндар культурных падзей на гэты год насычаны. Мы імкнуліся, каб кожнае мерапрыемства было перш за ўсё цікавае гараджанам і гасцям горада, - расказаў на добрай беларускай мове Сяргей Ложачнік.
Ён падкрэсліў: у гэтым годзе ў Лідзе запланавана больш за 3 тыс. мерапрыемстваў міжнароднага, рэспубліканскага і мясцовага маштабаў. Графік вялікіх сцэн Ліды распісаны да лістапада. Канцэрты, выстаўкі, майстар-класы, пленэры асабліва ў цёплы час года будуць праходзіць практычна пастаянна. Сярод самых яркіх падзей - фінальны тур нацыянальнага адбору на міжнародныя конкурсы "Славянскага базару ў Віцебску", а таксама традыцыйныя спаборніцтвы юных выканаўцаў, якія сталі адным з культурных брэндаў раёна. З траўня па верасень будзе працаваць культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец". Кожную суботу і нядзелю тэрыторыя вакол Лідскага замка будзе ператварацца ў святочную пляцоўку з рамеснымі радамі, майстар-класамі, канцэртамі, гульнямі, тэатральнымі выступленнямі. Дарэчы, у гэтым годзе плануецца адкрыццё абноўленай паўднёва-заходняй вежы замка, дзе з'явіцца і новая музейная экспазіцыя. Вежа названа імем Гедыміна. У верасні традыцыйна Ліда збярэ дзясяткі тысяч гасцей на Дзень горада, фестываль хмелю, соладу і вады з маштабным опэн-эйрам, а таксама відовішчны рыцарскі турнір. У гэтым годзе акрамя байк-злёту Ліда прыме і незвычайны аўтафестываль. Запланавана і міжнародная выстаўка "Арт-Экспа" з удзелам прадстаўнікоў краін СНД.
Тэма Дня роднай мовы загучала на імпрэзе ад самага пачатку, ад перадачы эстафеты Пінскам. Далей уся праграма ішла ў асноўным па-беларуску. Асобныя расейскамоўныя нумары ў выглядзе выступленняў некаторых чыноўнікаў і рэдкіх песень успрымаліся прысутнымі як дзікія і чужынскія.
belta.by. Радыё Рацыя.
Свята роднай мовы ў Гародні
І асадка - для нас вінтоўка!
Падымайма душу з руінаў!
Беларусы пішуць дыктоўку -
Пішуць заўтра сваёй Краіны!
Эдуард Акулін.
Пры аншлагу прайшла вечарына, прысвечаная Дню роднай мовы, якую зладзілі Таварыства беларускай мовы і суполка Саюза беларускіх пісьменнікаў Гародні. Ва ўтульным памяшканні "Цэнтра гарадскога жыцця" выступіў новы музычны гурт NZ, які прысутныя гарадзенцы сустрэлі авацыямі. Гурт малады, але ўдзельнікі - сталыя літаратары і журналісты. Кажа Валянцін Дубатоўка, удзельнік гурта:
- Невялічкі альбом з чатырох песень для гэтага дня роднай мовы. Выступіў наш гурт, прафесійным яго назваць вельмі складана, тут больш пісьменікі ды журналісты, але ўсё ж такі, калі працуеш разам, то гэта вельмі прыемна, гэта вельмі добра. Песні, якія мы тут прадставілі, яны нідзе больш не гучалі. Яны нарадзіліся ў нашым калектыве. Я думаю, гэта вельмі файна. Тут узгадка ідзе і пра пісьменнікаў, якія пісалі тэксты, як, напрыклад, Віктар Сазонаў, альбо музыку, якую пісаў Янка Трацяк. Так атрымалася. І атрымаўся ў нас гурт NZ.
Назва гурта перакладаецца, як "Новы Замак". Менавіта так называецца літаратурны альманах суполкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
А пасля прайшла ўласна 13-ая гарадзенская дыктоўка. Напісалі яе гарадзенцы па тэксце з аповесці "Данута" Аляксея Карпюка. Нягледзячы на доўгі тэкст дыктоўкі, удзельнікі патрабавалі не скарачаць яго ад чытальніка, якім быў музыка Алесь Дзянісаў. І вось што кажа Людміла Шаўчэнка, удзельніца ўсіх транаццаці дыктовак у Гародні:
- Што такое для мяне родная мова? Хачу ў дзень роднай мовы сказаць так: мая родная мова - патрэба душы, паветра, антэна з космасам, сусветам.
Апошняй часткай імпрэзы стаў міні-канцэрт Алеся Дзянісава. Сябры Таварыства беларускай мовы вельмі ўдзячныя фундатарам - гарадзенцам, якія дапамаглі ў набыцці падарункаў школьнікам-выдатнікам, дашкольнікам, якія выхоўваюцца па-беларуску, а таксама тым, хто фінансава дапамог правесці свята для гарадзенцаў: Сяргею Зылькову, гаспадарам "Цэнтра гарадскога жыцця", крамам: "Кубік", "Цудоўня", "Адметнасць", выдавецтву "Літара", Змітру Захарку, Міколу Маркевічу, Галіне Парфёненка, парталу "Hrodna.life".
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя.
Час і Бог ведаюць, хто ў іх геній
"Ні ў радасці, ні ў бядзе,
Ні на Страшным Судзе
Не адракуся ад Беларусі"
Рыгор Барадулін.
19 лютага ў Менску ў малой зале Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт "Барадулін - назаўжды", прысвечаны 85-тым угодкам з дня народзінаў народнага паэта Рыгора Іванавіча Барадуліна. На вечарыне прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, грамадскія дзеячы.
Лідарам творчага пакалення назваў Рыгора Барадуліна паэт Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк. Вершы яго адрозніваюцца яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, пранікнёным лірызмам, сакавітым гумарам, багаццем мовы і недасяжнай глыбінёй і духоўнасцю. Скарбы вушацкай зямлі, на якіх выспяваў яго літаратурны талент - вусная народная творчасць, спевы і мудрасць маці Акуліны, вострыя на словы вушацкія жарты і адначасова прыродная глыбіня чалавечай мудрасці, а таксама прыгажосць роднай вушацкай вясковай прасторы - вось тое, што дапамагала шліфаваць талент, дадзены яму ад нараджэння.
Геніяльнымі і энергетычна ёмкімі ахарактарызаваў яго двух- і трохрадкоўі Рыгор Сітніца. Абодва паэты і сябры выканалі лепшыя творы Рыгора Барадуліна са зборнікаў "Нагбом", "Амплітуда смеласці", "Трэба дома бываць часцей", "Евангелле ад мамы".
- Ён быў поўным цікаўнасці, з ім побач заўсёды было ўтульна і камфортна, ён дзяліўся мілатой і лагодай і заўсёды ўмеў слухаць суразмоўцу, - узгадаў Рыгор Сітніца. - У канцы жыцця паэт узняўся да Біблейскай вышыні. Асноўнымі тэмамі ў апошнія гады яго жыцця былі: "Мама - Бог - Вушаччына". Найвышэйшым дасягненнем паэта з'яўляецца тое, што яго вершы гучаць у касцёле, яны настолькі чыстыя і шчырыя, што імі можна маліцца!
У канцэрце прынялі ўдзел ансамбль "Класік-Авангард" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава, а таксама хор "Голас душы" каталіцкай парафіі касцёла св. Сымона і Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай.
Вядоўцы канцэрта выказалі падзяку прысутным на вечарыне даследчыкам творчасці народнага паэта Сяргею Шапрану і Наталлі Давыдзенка, якая ўклала і выдала 6 тамоў "Дзённікаў і запісаў", адкуль можна лепш даведацца пра жыццёвы і творчы шлях геніяльнага творцы.
Прысутныя выказалі шкадаванне, што вечарына адбываецца не ў Палацы Рэспублікі, і што дзяржаўнае тэлебачанне і радыё не транслююць шырока вершы найлепшага паэта Беларусі, але магчыма, што такі час надыдзе.
Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Леанід Дранько-Майсюк чытае вершы Р.І. Барадуліна; 2. Выступае Рыгор Сітніца; 3. Грае ансамбль "Класік-Авангард".
20-годдзю творчага звання
Я - з барадой лясны вярблюд -
Народным стаў паэтам.
Рыгор Барадулін.
І не крынічную ваду,
Насілі - у народ - бяду
І нагаворную жуду…
А я не сам сябе вяду:
Трымаюся за бараду,
З Народным у народ іду.
Яго цвялілкі падвяду
Да хуткамовак пры сустрэчы,
Дзе й прыбабунечка дарэчы,
Зычэнні, показкі - на вечы!
У снуйцы мовы чалавечай
Язык гаворку не скалечыць:
Замова пойдзе ў грамаду.
Іду з Народным у народ, -
І скача слова з рота ў рот…
Вунь - афарызмаў агарод,
Дражнілка прабівае плот,
А пажаданкі - шротам - дот…
Здзіўляецца Кот Абармот:
- У вас, я думаў, моўны зброд…
У нас выслоўі гаваркія
У прымаўках заместа кія.
І абзываначкі такія:
Дрыжаць дуронікі ліхія.
О, вёскі ў нас не ўсе глухія.
Гулёк, і ты ў народ ідзі,
Ідзі з Паэтам, з яго Словам.
З разумным досціпам - разлогам
Ідзі і слухай, і глядзі,
Бубнілкай сэрцы маладзі!
Хай за праспектамі і сцежкі
Гагочуць з прыказкі-пацешкі.
Хай і чыноўніцкія куры
Дзяўбуць намёкі-каламбуры.
Не стане ахламонам той,
Хто вып'е водзыўкі настой.
Гарэзных, словалюбна-мудрых
Рыгор не азаве: "Лахудры…".
Народны пэўніць: "Мова - Страж.
Не вымрам, мымры. Горад - наш!"
Паэт-Будзіцель
З нагоды ўсталявання бронзавай шыльды на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін, у падзяку яе стваральнікам: Р. Сітніцу, І Засімовічу, Г. Лабадзенку
Ля кладкі Памяці
быў поціск рук.
Застаўся ў замяці
улады грук…
Тут незаснежныя
сляды гудуць:
"Паэты грэшныя…
Іх не прыгнуць?
Ах, не ў дагодзе быў,
чупрыў Рыгор…"
Ён зноў у сподзеве.
Час - метэор, -
і прысаромяцца
мазгі з лузгі…
Айчына - творыцца!
У берагі
Так зачарована
Рыгор глядзіць, -
каб і ўмурованых
усіх будзіць.
…Зімы задуміну
не астудзіць.
Тут Барадуліну
высока жыць!
P.S.
Паэт-Будзіцель! Наш Рыгор!
І той зачэп знік, той багор, -
каб не ўздымаўся Ты да гор…
Глеб кажа: "Гонару хапіла.
Народ з Народным гэта - сіла!"
Снежань 2017 г. Сяргей Панізьнік.
Спадчына Францішка Багушэвіча захоўваецца і вывучаецца
19 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя электроннага праекта "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай", прысвечанага 180-тай гадавіне з дня народзінаў Францішка Багушэвіча.
Словы Ф. Багушэвіча напярэдадні Дня роднай мовы гучаць асабліва актуальна. Да яго спадчыны звярталіся Янка Купала, Максім Багдановіч, Цётка, паэты, пісьменнікі і выдаўцы пачатку ХХ стагоддзя, яго спадчыну вывучалі беларусы эміграцыі. Не была яна забытай і за савецкім часам. Зараз словы паэта і прарока знаёмыя многім са школьных гадоў. Яму прысвячаюцца выдавецкія праекты і кніжныя выстаўкі. Новы электронны рэсурс дапаўняе і абагульняе ўсё, што было зроблена раней.
У ім сабраны вялікі пласт матэрыялаў, фотаздымкі, рэпрадукцыі твораў беларускіх мастакоў, прысвечаныя Багушэвічу. Тут сабраны адлічбаваныя копіі прыжыццёвых выданняў паэта, ёсць бібліяграфічны паказальнік, які ўключае выданні Ф. Багушэвіча ад 1909 года да нашых дзён. У другім раздзеле сабраныя публікацыі, якія прысвечаны жыццю і творчасці Францішка Багушэвіча. Сярод іх прадстаўлены кнігі вядомага літаратуразнаўцы Уладзіміра Ілліча Содаля, які шчыра, грунтоўна і дасканала даследваў жыццёвы лёс і творчую спадчыну Багушэвіча. Электроннае выданне Нацыянальная бібліятэка пачынала ствараць яшчэ пры жыцці Уладзімір Ілліча, у 2009 годзе.
На прэзентацыі новага праекта прысутнічалі родныя даследчыка - Клара Барысаўна Содаль, яго дзеці Аксана Уладзіміраўна і Марат Уладзіміравіч, і мастак Мікола Купава.
- Я вельмі задаволена, што за чатыры гады, якія прайшлі пасля адыходу Уладзіміра Ілліча, - распавяла Клара Барысаўна - мы паставілі яму помнік і выдалі кнігу ўспамінаў пра яго, якая таксама з'яўляецца яму помнікам і падарункам ад нас. Я вельмі ўдзячна Міхасю Скоблу, які разам з маёй дачушкай Аксанай прыклаў шмат намаганняў, каб апрацаваць і ўкласці ўсе тэксты. На прэзентацыю кнігі ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прыйшлі яго сябры і паплечнікі і вельмі шмат моладзі.
Сям'я Содаляў перадала асобнікі новай кнігі " Буйніцы і драбніцы" і ранейшыя выданні пісьменніка ў залу беларускай літаратуры.
- Улетку ў нашым філіяле ў Кушлянах адбудзецца фэст, прысвечаны Ф. Багушэвічу, і мы будзем рады сустрэць усіх, хто захоча наведаць гэтае мерапрыемства, - паведаміў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Удзельнікі тэатра "Жывое слова" Алесь Мойскі і Алеся Сівохіна выразна па-мастацку прадэкламавалі творы Францішка Багушэвіча.
У Менску будзе адчынена станцыя метро імя Ф. Багушэвіча.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы
Заява Сакратарыята ТБМ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы
Дарагія сябры!
21 лютага міжнародная супольнасць штогод адзначае Дзень роднай мовы. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў Беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.
Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, трох Устаўных грамат БНР, сучаснай літаратурнай мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча і Васіля Быкава.
Мы вітаем усіх, хто адзначае гэтае свята ў сваіх установах, і прапануем прыняць удзел у сёлетняй Агульнанацыянальнай дыктоўцы. Заклікаем вас хораша, з усмешкай на вуснах прамаўляць па-беларуску ў сям'і, на працы, у дзяржаўным транспарце, у крамах і навучальных установах. Запаўняйце па-беларуску розныя бланкі, квіткі, афіцыйныя паперы, анкеты і апытальныя лісты. Дашліце знаёмым і сваякам напісаныя па-беларуску ліст, паштоўку, тэлеграму, СМС ці паведамленне па электроннай пошце.
Любіце родную мову - яна дасканалая і прыгожая!
Прынята на паседжанні Сакратарыята ТБМ 19 лютага 2020 года.
Дыктоўка ў Фрунзенскай арганізацыі ТБМ г. Менска
19 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, беларуская дыктоўка прайшла ў бібліятэцы №14 г. Менска. Дыктоўку арганізавала Фрунзенская арганізацыя ТБМ г. Менска супольна з бібліятэкай №14 імя Францішка Багушэвіча. У сувязі з тым, што сёлета 21 сакавіка спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, тэкстам дыктоўкі была яго прадмова да кніжкі "Дудка беларуская". Загадчыца бібліятэкі Наталля Стрыгельская шчыра прывітала ўсіх ўдзельнікаў і пажадала ім поспехаў у напісанні дыктоўкі. У дыктоўцы ўзялі ўдзел навучэнцы першага курса лінг-вагуманітарнага каледжа, сябры ТБМ і супрацоўнікі бібліятэкі. Тэкст дыктаваў дасведчаны выкладчык Алесь Віктаравіч Чэчат. Пісалася дыктоўка на адмысловых аркушах. Пасля яе заканчэння адбылася калектыўная праверка прац, і ахвочыя атрымалі адзнаку за свае веды.
Павел Чайкоўскі, г. Менск.
У Полацку напісалі дыктоўку да Дня роднай мовы
Напярэдадні міжнароднага Дня роднай мовы ў Полацку напісалі дыктоўку. Акрамя ўласна дыктоўкі адбыўся і музычны выступ лідара полацкага рок-гурта "Версія" Паўла Сляпцова. Кажа кіраўніца інфармацыйна-культурнага цэнтра "Ініцы-Арт" і арганізатарка моўных курсаў "Жывая мова" Вольга Дамаскіна:
- Раней ніколі не праводзіла дыктоўкі. Гэта наша ініцыятыва, ініцыятыва інфармацыйна-культурнага цэнтра "ІніцыАрт". Мы працягваем сустрэчы "Жывая мова". І ў межах гэтых сустрэч і ў працяг іх - гэтая дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы.
У якасці тэкста для дыктоўкі полацкі пісьменнік Алесь Аркуш выкарыстаў урывак са свайго рамана "Захоп Беларусі марсіянамі". А Павел Сляпцоў выканаў песні на вершы наваполацкага паэта Юрася Касцюка.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя.
Дыктоўка ў Гарадзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце
Напярэдадні Дня роднай мовы ў Гарадзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прайшлі дні беларускай мовы. Адбыліся студэнцкія чытанні, сустрэчы з паэтамі і празаікамі літаратурнага клуба "Катарсіс", наведалі студэнты музей беларускай этнаграфіі ГрДМУ. А закончылася святочная імпрэза 21 лютага напісаннем дыктоўкі па рамане гарадзенскага празаіка Аляксея Карпюка "Вершалінскі рай", у якой прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта.
Віктар Варанец.
У Глыбокім дыктоўку пісалі ў раённай бібліятэцы
XIII Агульнацыянальную дыктоўку напісалі глыбачане ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы. Сёлета Глыбоцкаму раёну споўнілася 80 год, таму вырашана было ў Дзень роднай мовы абраць адпаведную тэму дыктоўкі. Тэкстам дыктоўкі стала адна з легендаў пра назву горада Глыбокага і яго заснавальнікаў Зіновіча і Корсака. Дыктоўку чытала былая настаўніца беларускай мовы, а цяпер ужо пенсіянерка, Ала Буцько. Яна мае вялікі стаж працы ў Глыбоцкай раённай гімназіі. Як кажа Ала Буцько, дыктоўку пішуць людзі рознага ўзросту як вучні, ліцэісты, так і глыбачане больш сталага ўзросту. Двойкі за дыктоўку ніхто ніколі не атрымліваў, а вось 9 і 10 былі.
- Яшчэ не дрэнна, калі прыйсці хаця б раз у год і напісаць дыктоўку. Сабрацца разам. Праверыць свае веды. Я два гады назад таксама дыктавала. І людзі старэйшага ўзросту былі. Яны не ведаюць нават тых правіл. Правілы ж змяніліся. Ну і даволі паспяхова яны справіліся.
Дыктоўка была ананімнай. Але кожны, хто яе пісаў, можа даведацца пра вынікі на сайце Глыбоцкай раённай бібліятэкі паводле парадкавага нумару. Сёлета з 17 чалавек 9 балаў атрымаў толькі адзін. Сярод тых, хто пісаў дыктоўку, быў і журналіст Зміцер Лупач:
- Мы рашылі далучыцца да мерапрыемства, якое праводзіла нашая бібліятэка. Ну і схадзіць на агульную дыктоўку. На гэты раз яны ўзялі тэкст, які менавіта тычыўся легенды пра наш горад. Я з гэтай легендай не зусім згодны, ну але раз нейкі чалавек яе прыдумаў, то напісалі дыктоўку па гэтай легендзе. Гэта добра, што менавіта па мясцовай тэме, таму што людзей заўсёды цікавіць менавіта тое, што тычыцца лакальнай гісторыі або геаграфіі.
У Дзень роднай мовы ў Глыбоцкай бібліятэцы таксама адбылася сустрэча з пісьменнікам Францам Сіўко, і была арганізавана выстава кніг, прысвечаная роднай беларускай зямлі.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя.
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ У ВЕРХНЯДЗВІНСКУ
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы
Дзень роднай мовы, які ў такім грунтоўным фармаце адзначаўся ў Верхнядзвінску ў трэці раз, быў вельмі насычаным і змястоўным. Нават, калі лічыць толькі па працягласці свята: яно доўжылася з 10.00 гадзін раніцы і скончылася амаль у 17.00 гадзін вечара.
Раённая арганізацыя "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" разам са сваімі актывістамі і памочнікам - Цэнтрам дзяцей і моладзі - загадзя распрацавалі праграму аж на цэлы дзень, які распачаўся творчай імпрэзай з удзелам пісьменніцы Ірыны Жарнасек і мясцовых аўтараў - Антона Бубалы, Вячаслава Якімава, Алены Карасёвай і мастака творчай суполкі "Пагоня" Валерыя Шчаснага, які да гэтага дня прымеркаваў выставу сваіх карцін, што адлюстроўваюць гістарычныя падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі і задаюць пытанні да роздуму. Бо тое, што робіць мастак, прымушае шукаць адказы на зусім няпростыя пытанні. Адна з тэм, якая заняла не адно палатно - Расіцкая трагедыя далёкага 1943 года, калі разам з жыхарамі Расіцы ў полымя вайны пайшлі святары - Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Адноўлены Расіцкі храм, што стаў месцам паломніцтва, як помнік нашай памяці, мужнасці і самаахвярнасці.
Магчыма таму, што абодва святары беатыфікаваны, на мой погляд, паспрыяла і тое, што гэта трагедыя знайшла сваё ўвасабленне і ў літаратурным творы Ірыны Жарнасек "Будзь воля Твая". Дзелячыся ўспамінамі пра тое, што падштурхнула аўтарку да напісання рамана, яна сказала:
- Падштурхнула сустрэча з адной жанчынай, у якой я брала інтэрв'ю, і тая распавяла, што цудам ёй удалося застацца жывой.
- Але, - як кажа пісьменніца, -- цяжкасць напаткала ў тым, як выкласці багаты матэрыял успамінаў, якія я сабрала падчас сустрэч са сведкамі Расіцкай трагедыі. Не адзін раз бралася за кнігу, але адчувала: не тое, і зноў шукала форму, якая б змагла адлюстраваць тое, што адбылося ў той час. Сёння, мне падаецца, я б змяніла нешта ў кнізе, але, што напісана, тое напісана. Дарэчы, гэта мая адзіная кніга пра вайну. Пра яе мне было цяжка пісаць, бо ніхто так праўдзіва не зрабіў гэта, як Быкаў, а я ж - дзіця пасляваеннага часу.
Чаму пісьменніцу так прыцягвае Расіца?
- Расіца сталася ўжо часткай майго жыцця. І не толькі таму, што напісала я пра трагедыю Расіцы кнігу. Не, немагчыма вытлумачыць, чым яна так прыцягвае да сябе. Не хочацца казаць пафасных словаў…. Расіца - гэта праўда пра нас і нашу зямлю. Пра яе трагічнае мінулае і пра такую супярэчлівую нашу сучаснасць.
І ў чарговы раз Ірына Францаўна едзе ў Расіцу на жалобныя мерапрыемствы, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя.
У СШ № 2, куды мы завіталі ў гэты дзень на чарговую сустрэчу з настаўнікамі і вучнямі школы, гаспадыня якога - настаўніца Ларыса Дзевяковіч, запрасіла пісьменніцу, кніга І. Жарнасек - у школьным краязнаўчым музеі.
Кніга запатрабавана чытачамі, пра што сведчаць допісы ў сеціве, але для пісьменніка - гэта вялікія фінансавыя выдаткі. На мой розум, то мясцовым уладам, магчыма, трэба было б парупіцца пра тое, каб перавыдаць кнігу, якая сёння захоўваецца нават у Ватыкане. Калі пісьменніца даведалася пра такі факт, то была вельмі здзіўлена такой нечаканасцю.
У Ірыны Жарнасек каля дзясятка кніг, сярод якіх і "Ліст да сына", твор напісаны тады, калі сын яшчэ пад стол пехам хадзіў, кажа яна. Героямі аповесці з'яўляюцца наша маладыя людзі, якіх хвалююць праблемы сучаснага жыцця, дзе б яны ні жылі, - у горадзе ці ў вёсцы: сяброўства i каханне, вернасць чалавечаму i грамадзянскаму абавязку, адказнасць за лёс роднай зямлі. І, як лічыць пісьменніца, актуальнасць гэтых праблем у сённяшнім грамадстве толькі ўзрастае, пра што яна і гаварыла на сустрэчы з вучнямі ў СШ № 2.
Ірына Францаўна займаецца і перакладчыцкай працай, піша апавяданні для дзяцей і некалькі сваіх кніг яна прывезла для ўручэння пераможцам раённага конкурсу чытальнікаў і асабіста іх уручыла.
Вячаслаў Якімаў, экс-старшыня раённага суда, узяўся за пяро, калі з'явілася больш вольнага часу і дзве першя кнігі - гэта, як падзяка роднаму куточку, дзе нарадзіўся. У першай - успаміны жыхароў Езярышча, яго роднай вёскі, аб падзеях ваеннага часу, у другой - багатая гісторыя мястэчка Езярышча. Заўважна, што абедзве кнігі - на беларускай мове, на якой цудоўна размаўляе і сам аўтар, што для мяне стала некалькі нечаканым. Але варта прачытаць уступ да адной з кніг, і атрымаеш грунтоўны адказ.
Выступаючы на сустрэчы перад прысутнымі, Вячаслаў Васільевіч правёў такі "гістарычны ўрок" для настаўнікаў і вучняў, што ўкладальнікі падручнікаў па гісторыі Беларусі проста не знайшлі б аргументаў супраць.
- Наша дзяржава, - казаў Вячаслаў Якімаў, - яшчэ ў 16 ст. мела такі Статут, па якім пісаліся Статуты ўсёй Еўропы на працягу 200 год! А мова - гэта той складнік, без якога не можа быць дзяржавы. І наша мова - адна са старэйшых моваў сусвету.
Алена Карасёва, самая маладая ўдзельніца імпрэзы, прысвечанай Дню роднай мовы, выдала пакуль яшчэ толькі адну кнігу, якая атрымала цёплы водгук старэйшых калег. Але ў яе - шмат гумарыстычных матэрыялаў, якія не раз друкаваліся на старонках "Вожыка".
Антон Бубала, мясцовы краязнавец, настаўнік, аўтар дзвюх кніг, шматлікіх публікацый у раённай, абласной і рэспубліканскай прэсе, узгадаў на вечарыне імёны тых нашых землякоў - паэтаў і пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Верхнядзвіншчыне.
Акрамя дзвюх сустрэч - у Цэнтры дзяцей і моладзі і СШ № 2, Ірыну Францаўну Жарнасек чакалі і чытачы раённай бібліятэкі імя Т. Хадкевіча. Шчыра, нязмушана ішла цёплая гаворка пра творчасць пісьменніцы, яе карані і продкаў, дзіцячыя гады, журналісцкую працу, цікавыя гісторыі з рэдакцыйнага жыцця.
Музыка, вершы і проза, карціны - гэта тыя галіны чалавечай творчасці, якія не паддаюцца лагічнаму асэнсаванню, бо, напрыклад, каб вырабіць дэталь, распрацоўваюць чарцяжы, дзе дакладна ўсё вымерана-вызначана. Творчасць жа не паддаецца ніякім лагічным схемам і чарцяжам. Як нараджаюцца радкі вершаў ці сюжэты раманаў і карцін? Гэта ўсё - з вобласці непазнаных і не вывучаных таямніц, і тым цікавей нам будуць іх носьбіты - паэты і пісьменнікі, музыкі і мастакі!
Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.
Курсы "Мова Нанова" ў Лідзе далучыліся да 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі
19-га лютага да Міжнароднага дня роднай мовы, курсы беларускай мовы "Мова Нанова" ў Лідзе на сваіх занятках у банкетнай зале кавярні "Тутака" далучыліся да 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі.
Для напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны былі прапанаваныя на выбар чатыры тэксты. Выбар курсаў "Мова Нанова" ў Лідзе выпаў на тэкст Васіля Быкава "На Чорных лядах".
А распачалі дыктоўку вершам Уладзіміра Караткевіча "Дзе мой край", які цудоўна прачытала выкладчыца курсаў Марыя Ганчар.
Пасля напісання дыктоўкі адбылася прэзентацыя цудоўнай песні Людмілы Краснадубскай "Беларусь" у выкананні самой аўтаркі.
Дыктоўку напісалі ўсе на выдатна!
Алег Лазоўскі.
У Гомелі да Дня роднай мовы прайшло сямейнае свята
22 лютага ў Гомелі слухачы курсаў "Мова Нанова" зладзілі сямейнае свята, прымеркаванае да Дня роднай мовы. На свяце былі рыцары-рэканструктары, батлейка, спектакль, майстар-класы, конкурсы і спевы.
Адзін з кіраўнікоў курсаў "Мова Нанова" Мікола Бянько зазначыў, што адметнасць сёлетняга святкавання Дня роднай мовы ў тым, што:
- мерапрыемства было скіравана на дзіцячую аўдыторыю;
- цалкам было зладжана за сродкі і з ініцыятывы слухачоў курсаў
- слухачы курсаў самі паставілі і паказалі пастаноўку
Кампанія "Будзьма!" зладзіла для дзетак рыцарскую рэканструкцыю, правяла шэраг конкурсаў з падарункамі. Рэканструктар Юры Усціновіч прадэманстраваў дзецям валоданне "лепшай сяброўкай" рыцара - шабляй. Свята скончылася сумесным выкананнем песні "Простыя рэчы".
- Мова - не толькі інструмент камунікацый, хоць гэта яе галоўная функцыя. Гэта каштоўнасць, якая нас аб'ядноўвае. У паўмільённым горадзе Гомелі няма беларускамоўнай адукацыі. Сённяшняя цікаўнасць да мерапрыемства з боку бацькоў і дзяцей паказвае, што ёсць попыт на мову, адукацыю на роднай мове, - зазначыў Мікола Бянько.
Радыё Свабода.
Старшыні асацыяцыі беларусістаў Санкт-Пецярбурга Мікалаю Нікалаеву - 65 год
21 лютага споўнілася 65 гадоў Мікалаю Віктаравічу Нікалаеву - аўтару кнігі "Беларускі Пецярбург", ураджэнцу Наваградчыны, доктару філалагічных навук, старшыні асацыяцыі беларусістаў Санкт-Пецярбурга. Мікалай Нікалаеў даўно жыве ў паўночнай сталіцы Расеі, але ўвесь час дбае пра Беларушчыну і не забывае пра родную мову і традыцыі.
- Большасць кантактаў у Пецярбургу па-руску, але мы трымаемся вельмі моцна за гэта. Бо гэта важна. І пастарэўшы, і жывучы ў іншым моўным асяроддзі, у іншай краіне, мы гэта разумеем больш востра. Беларусы гэта не адчуваюць, паколькі яны натоўпам таўкуцца на сваёй тэрыторыі, а мы гэта тут адчуваем, і цэнім. І часам плачам, калі бачам, што гэта не цэняць. Бо страціш - не вернеш. А каб не страціць - трэба шанаваць.
У дзіцячыя і юнацкія гады Мікалай Нікалаеў жыў на Наваградчыне. Унёс значны ўклад у вывучэнне гісторыі Беларусі, вывучэнне і захаванне гістарычна-культурнай спадчыны Наваградчыны. Мікалай Віктаравіч Мікалаеў занесены ў Кнігу Славы Наваградскага раёна. Ён з'яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых прац па гісторыі Беларусі, Расеі, Польшчы і Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя.
Актуальная кніга
У Сталічнай краме "Акадэмкніга" днямі набыў навуковае выданне "Зміцер Жылуновіч: Чырвоны адраджэнец". Аўтар Аляксей Елісееў. У кнізе на падставе рознабаковых крыніц асвятляецца грамадска-палітычная дзейнасць Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага 1887-1937 гг. ). Дарэвалюцыйны сацыял-дэмакрат, нашанівец, адзін з лідараў БСГ у 1917-1918 гг., актыўны дзеяч Белнацкама і беларускіх секцый РКП(б), першы старшыня ўрада Савецкай Беларусі, актыўны ўдзельнік беларусізацыі, адзін са стваральнікаў легендарнага Інбелкульта, заснавальнік часопіса "Полымя", арганізатар архіўнай і выдавецкай справы БССР, асветнік, палітычны публіцыст, арыгінальны гісторык беларускага нацыянальнага руху, Зміцер Жылуновіч уяўляе сабой выдатную, але і супярэчлівую асобу ў гісторыі Беларусі.
У кнізе выкарыстаны фотадакументы з фондаў Беларускага Дзяржаўнага архіва - музея літаратуры і мастацтва, Беларускага Дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў, а таксама Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Кніга рэкамендавана да выдання Вучоным саветам менскага філіяла РЭУ імя Г.В. Пляханава. Навуковым рэдактарам твора з'яўляецца доктар гістарычных навук, прафесар Эмануіл Іофе.
Рэцэнзентамі кнігі з'яўляюцца: доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Гужалоўскі, а таксама кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валянцін Мазец.
Наклад навуковага выдання 200 асобнікаў. Кніга разлічана на выкладчыкаў, студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, настаўнікаў, а таксама на аматараў айчыннай гісторыі.
Кошт кнігі 25 рублёў. Трэба адзначыць, што высокую ацэнку кнізе даў класік беларускай літаратуры (які шмат зрабіў для вывучэння асоба сп. Жылуновіча) Эрнэст Ялугін, аўтар рамана пра Цішку Гартнага "Без эпітафіі".
Спадзяюся, што літаратар Аляксей Елісееў наладзіць прэзентацыю кнігі ў якой небудзь навучальнай установе альбо бібліятэцы.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Цікавая сустрэча з беларускім пісьменнікам
Беларускага пісьменніка і краязнаўца Леаніда Лаўрэша, даследчыка гісторыі нашай радзімы запрасіла да нас, студэнтаў-гісторыкаў першага курса Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, на сваю лекцыю па крыніцазнаўстве прафесар, доктар гістарычных навук С.В. Марозава. Крыніцазнаўства - новая для нас дысцыпліна. Гэта была адна з першых лекцый, на якіх Святлана Валянцінаўна знаёміла нас са значэннем гістарычных крыніц для даследавання мінуўшчыны і шляхамі іх пошуку: у бібліятэках, архівах, інтэрнэце. Леанід Лаўрэш быў прадстаўлены нам, студэнтам, як краязнавец, які свае навуковыя і навукова-папулярныя працы будуе выключна на гістарычны крыніцах, чым яны і ўяўляюць вялікую цікавасць для гістарычнай навукі. А таксама як стваральнік і адміністратар гістарычнага сайта pawet.net, дзе ім назапашаны вялізныя рэсурсы крыніц і літаратуры аб гарадзенскай і беларускай даўніне.
Да нашай сустрэчы была падрыхтавана выстава кніг, аўтарам якіх з'яўляецца Леанід Лаўрэш. Больш за гадзіну ён цікава расказваў нам пра свае кнігі і адказваў на пытанні, якіх студэнты накідалі яму шмат.
Сустрэча з пісьменнікам пакінула прыемныя ўражанні. Вельмі ўразіла тое, што ён, інжынер па адукацыі, займаецца не толькі любімай працай у сферы энергетыкі, але і з'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Дзякуючы яму, я даведалася пра яго сайт, які змяшчае інфармацыю па гісторыі і культуры Беларусі. Гэтым сайтам я абавязкова буду карыстацца. Мне захацелася прачытаць кнігі Леаніда Лаўрэша, а найперш - кнігу "Маламажэйкаўская царква", у якой, дарэчы, пісьменнік-даследчык аднавіў імёны ўсіх настаяцеляў храма.
Я ўсвядоміла, што даследчая праца, якой ён займаецца, - гэта цяжкая праца, якая патрабуе шмат часу, а кнігі і наогул пішуцца гадамі. Я хацела б яшчэ калісьці сустрэцца з гэтым чалавекам, бо ён ведае шмат цікавага і новага для мяне. Гэтая сустрэча і мяне натхніла паспрабаваць напісаць штосьці незвычайнае.
Вольга Канановіч, студэнтка І курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Рымша Алесь - 20 р.
2. Кунцэвіч Уладзімір - 30 р.
3. Гацкі Уладзімір - 31 р.
4. Кулік Анатоль - 10 р.
5. Паўловіч Віктар - 10 р.
6. Шэвяка Аляксандр - 10 р.
7. Мудроў Алег - 10 р.
8. Гняткоў Валеры - 10 р.
9. Пісарэнка Алесь - 15 р.
10. Фарнэль Кастусь - 5 р.
11. Мельнікаў Юрась - 10 р.
12. Мельнікаў Алесь - 10 р.
13. Жукаў Вітаўт - 5 р.
14. Рындзевіч Вячаслаў - 10 р.
Усе Наваполацк.
З іх сяброўскія складкі за 2020 г. - 60 р.
1. Фед. Веп. Свядом. - 5 р., г. Менск
2. Фурс Антон - 50 р., г. Паставы
3. Шкірманкоў Фелікс - 40 р., г. Слаўгарад
4. Вяргейчык - 30 р., г. Барысаў
5. Ляўшун Д. - 33 р., г. Менск
6. Крачкоўская В.А. - 15 р., г. Магілёў
7. Крыўко - 10 р., г. Наваполацк
8. Вайдзялевіч - 15 р., г. Менск
9. Рабека Мікалай - 40 р., г. Менск
10. Птушка С. - 5 р., в. Хільчыцы
11. Патрыётка Беларусі - 1000 дол. ЗША, г. Менск
12. Вяргей В. - 10 р., г. Менск
13. Багданкевіч - 10 р., г. Менск
14. Чыгір Яўген - 20 р., г. Менск
15. Мотуз Сяргей - 20 р., г. Менск
16. Рылько Леанід - 20 р., г. Баранавічы
17. Кукавенка - 25 р., г. Менск
18. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск
19. Лічык - 1 р.
20. Грыдзюшка Сяргей - 20 р., г. Менск
21. Бойса Іосіф - 30 р., г. Ліда
22. Саротнік А. - 20 р., г. Менск
23. Забалотны Віталь - 15 р., г. Менск
24. Джэгайла Уладзімір - 30 р., г. Менск
25. Стадуб Іван - 10 р., г. Менск
26. Дзегцярова К. - 10 р., г. Менск
27. Шкут Яўген - 1 р., г. Менск
28. Кунцэвіч Уладзімір - 15 р., г. Менск
29. Рабчонак Аляксандр - 20 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові
Віктар Шніп
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
БАЛАДА МІХАЛА ЗАБЭЙДЫ-СУМІЦКАГА (14.06.1900 - 21.12.1981)
Спяваючы ў Празе, спяваў для Айчыны
І ў сэрцы Айчыну, як песню, бярог.
Самотна шумелі бярозы, рабіны
Над пылам і брукам радзімых дарог,
Якімі табе не прыехаць дахаты
І ў вочы вяскоўцаў,
бы ў вечнасць, зірнуць
І ўбачыць народ працавіты й багаты,
Які беларускім у свеце завуць
За мову, за годнасць, за мужнасць і веліч,
Якія спрадвеку, якія навек.
І страшна,
што ў цэрквы сцяжыны ўтравелі,
Але жыве Бог у душы, бы ў царкве.
І ты зноў спяваеш, і чуе Еўропа,
І хоча, каб ты беларусам сябе
Больш не называў і пражыў у журбе
На дне залатога ад гільзаў акопа,
З якога не кожны бароніць Айчыну,
Каб сонца было па-над ёй і каб ты
Усё да астатку Айчыне пакінуў
І быў для Айчыны, як кропля вады
Жывой... І ты не адрокся ад долі
Сябе называць беларусам, каб мы
Адвечнае наша імкненне да волі
Не пазагублялі на сцежках зімы,
Калі ты пайшоў...
3.08.2008 г.
БАЛАДА ПЁТРЫ СЕРГІЕВІЧА (10.07.1900 - 1.11.1984)
Мастак - нявольнік вечнай прыгажосці,
Якому аж да смерці без спачыну
Не маляваць партрэты для кагосьці,
А ратаваць славутую Айчыну
Ад той самоты, што людзям не сніцца,
А не дае табе спакойна жыць,
І век табе на родны край маліцца,
Які даўно распяты на крыжы
Дарог Еўропы, па якіх агнёва
Хадзілі заваёўнікі не раз,
Ды Беларусь жыве, жыве і мова,
Яна, як наша кроў, заўсёды ў нас.
І да цябе, да віленскай майстэрні,
Прыходзяць, як да Храма, мастакі
І прыгажосці беларускай зерне
Ты ў сэрцы рассяваеш на вякі,
І прыгажосць у людзях прарастае,
Якія любяць не сябе, Айчыну.
Айчына непрыгожай не бывае.
Яе любіць да смерці без спачыну.
І ты малюеш, што душа жадае,
За што табе не плацяць ні граша.
Малюеш, і душа твая спявае,
І плача беларуская душа.
4.10.2008 г.
БАЛАДА УЛАДЗІМІРА ДУБОЎКІ (15.07.1900 - 20.03.1976)
Дваццаць сем гадоў, як груганоў,
Чорна прашумелі праз душу.
Словы на паперы, нібы кроў,
Бы трава вясной пасля дажджу
На магілах, дзе сябры ляжаць,
На пажарышчах, дзе родны свет,
У які штодня ляціць душа
І вяртаецца ў чужы санет,
Нібы ў клетку, у якой жыццё
Існуе настолькі, колькі ты
Любіш гэтай клеткі свет святы
Запаўняць душой, як сад лісцём
Восенню сцяжыны запаўняць
Любіць вецер, што заўжды з табой
Пасмяяцца і пасумаваць
Можа ў волі горкай і чужой,
Вырвацца з якой няма ўжо сіл,
Бо ў аблоках сонца, як касцёр
У снягах, дзе чорны небасхіл,
Нібы воран крылле распасцёр
І крыляе за табой услед
Праз гады, праз вершы, праз любоў,
Праз пажарышчы, дзе родны свет,
Дзе шыпшына ў снезе, нібы кроў...
1-2.02.2005 г.
БАЛАДА МІХАСЯ ЗАРЭЦКАГА (20.11.1901 - 29.10.1937)
...А ты быў рамантык, вясёлы, прыгожы
І верыў, што здзейсняцца мары твае
У гэтай краіне, якая ўсё ж зможа
Асіліць цямрэчу, што жыць не дае.
Цябе ж расстралялі, а творы спалілі,
І чорны кастрычнік зрабіўся чарней.
Тваей аніколі не знойдзем магілы,
Айчына магілаю стала тваей.
І людзі баяцца заплакаць, бо слёзы
Прыцягваюць чорны расстрэльны свінец,
Таму адзінокія плачуць бярозы
У шэрані ранняй, нібы ў сівізне.
І попел змяцецца ад спаленых твораў,
І змыецца кроў, і пральецца зноў кроў,
І гэта яшчэ сотні раз тут паўтораць
Злыднюгі, якім не патрэбна любоў
Да роднай зямлі і да роднае мовы.
З нябёс на зямлю ты спакойна глядзіш,
Бо знаеш, што прыйдзе час лепшы і новы,
З травы прарасце беларускі наш крыж,
Той крыж, за які тут стралялі, душылі
Усіх, хто не траціў пачуццяў людскіх,
І мы іх не знойдзем ніколі магілаў,
Айчына магілаю стала для іх.
10.06.2010 г.
БАЛАДА ЯЗЭПА ПУШЧЫ (7.05.1902 - 14. 09.1964)
Прыходзіў Пушча да мяне, не плакаў,
А штосьці мне таемнае шаптаў
Пра чорнага вялікага сабаку,
Якому ён лісты ўначы пісаў.
І ноч была на вуліцы і ў свеце
Стаяла восень, як на ўзмежку слуп,
Дзе часцяком вашывы цёрся вецер,
Здалёку новы нюхаючы клуб.
Я з Пушчам піў халодную гарбату
І вусны апякаў, нібы агнём,
І вершамі, як матылямі, хату
Мы напаўнялі, каб спаліць іх днём
І разыйсціся па сваіх стагоддзях,
Нібы ваўкі па пушчах і палях,
Кроў пакідаючы на першым лёдзе,
На снезе, як на белых валасах
Абстрыжаных нажніцамі тупымі.
І ты маліўся на сабачы след,
Каб мы з табой засталіся жывымі
Пакуль ні родзіцца яшчэ паэт,
Які не будзе без прычыны плакаць,
А вершы звар'яцелыя шаптаць
І чорнаму вялікаму сабаку
Лісты, як сябру невясёламу, пісаць.
7.10.2018 г.
БАЛАДА ВІКТАРА ВАЛЬТАРА (28.07.1902 - 17.04.1931)
Пад Сатурнам нараджаюцца паэты
І ў нябыт сыходзяць, як вада ў пясок.
Ты, гаротны, добра ведаеш пра гэта,
Бо жыццё тваё як на вятрах лісток
На бярозавай галінцы Беларусі,
Для якой ты на чужыне не чужы.
З Прагі, нібы з выраю, дамоў вярнуўся,
Каб любіць людзей прыгожых і дажджы,
Што ніколі не размыюць сцежак вузкіх
Да крыжоў, да курганоў, дзе чуйна спіць
Гнеў і плач, як наша вечнасць, беларускі,
За якія нельга нас не палюбіць
І сказаць, што ёсць мы тут
і тут мы будзем,
Хоць народжаныя пад Сатурнам мы.
Грымне весні гром,
і гром жыццё разбудзіць,
І той Слова скажа, што век жыў нямым,
І народзішся ты зноў у Беларусі,
У якой ёсць слава, веліч і свой шлях,
Над якой крыляе, як анёлак, бусел,
За якую ўмерці - гонар, а не страх.
20.07.2009 г.
БАЛАДА НЕВЯДОМАГА ПАЭТА (… - 1937)
Сонца ў хвалях гарыць-дагарае,
І плыве па-над возерам дым,
У якім белы ветразь знікае,
Быццам лебедзь у небе начным.
І глядзіш ты на сонца, якое,
Нібы кроў, на счарнелай вадзе
Расцяклося і ўсё залатое
Павуглела і ўноч прападзе,
Як прапаў белы ветразь у дыме,
Што ад вогнішча ў хвалі спаўзаў,
Як ты вершы паліў аб Радзіме,
Каб ніхто іх нідзе не таптаў.
17.02.2019 г.
БАЛАДА АНАТОЛЯ ВОЛЬНАГА (19.11.1902 - 29.10.1937)
Твой апошні верш ператварыўся ў Храм
І ў яго маліцца прылятае вецер
З поля, што не перайсці ніколі нам,
Поля вольнага няма ўжо больш у свеце,
Што прыдумаў Бог, калі ляпіў Паэта,
Сумнага, як думкі пра той свет,
У які, як цень, цячэ спакойна Лета,
Чорная, як чорны, чорны пісталет.
І ты ўпаў, і ў небе сонца знікла ўміг,
Быццам не было ніколі сонца ў свеце.
З поля вецер, як расстрэлены, заціх
І з табой на волю паляцеў зноў вецер.
8.04.2017 г.
(Працяг у наступным нумары.)
З падзей 2019 года
Склаў Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
16 чэрвеня. У Пінску новы тэмпературны максімум - паветра нагрэлася да +32,6°С (у 2007 г. было +31,7°С).
16 чэрвеня, нядзеля. Праваслаўныя і католікі святкуюць пер-шы дзень Св. Троіцы. У католікаў гэта 57 дзень пасля Вялікадня. За апошні тыдзень у Беларусі патанулі 46 чалавек, многія з іх былі п'яныя.
17 чэрвеня. У Менску, на вул. Дзянісаўская, закрыўся буйнейшы гіпермаркет "Еўраопт".
У Менск прыляцеў прэзідэнт Егіпта Абдул-Фатах Халіл Ас-Сісі. Тут будзе гасціць 3 дні. Прыляцеў ён на самым дарагім самалёце Airbus A340-200.
21 чэрвеня. У Менску, на стадыёне "Дынама", адкрыліся ІІ Еўрапейскія гульні. На іх адкрыцці быў толькі прэзідэнт А. Лукашэнка і прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч на афіцыйнае адкрыццё не пайшоў, бо там была дэлегацыя Косава (незалежнсць Косава не прызнае Сербія, Беларусь, Расія). На II Еўрапейскія гульні у 2017-2019 гадах патрачана каля 840 мільёнаў рублёў (гэта 403 млн. долараў) - пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын на тэлеканале "Беларусь 1". Які яны прынеслі прыбытак, пра гэта нават не паведамлялася.
21 чэрвеня. Тэрмометр у Магілёве паказаў плюс 34,1 градуса, ранейшы максімум складаў плюс 32,5 і быў у 2002 годзе.
23 чэрвеня. У Рэчыцы выпаў такі вялікі дождж, што затапіла рынак. Вады было да калена.
Стала вядома, што на ЦТ па беларускай мове 42 абітурэнты атрымалі па 100 балаў.
28-29 чэрвеня. У г. Осака (Японія) праведзена нарада 20-і па пытаннях клімату і бяспекі. Вяліся паўтары гадзіны перамовы паміж У. Пуціным і Трампам. Пуцін піў чай са свайго тэрмаса.
28 чэрвеня. У мястэчку Карпентрас, поўдзень Францыі, а 14.00 гадзін, паводле мясцовага часу тэмпература дасягнула 44,3 градуса Цэльсія. Адзначаецца, што спякота пабіла гістарычны рэкорд.
29 чэрвеня. 10-ы дзень пратэстаў (мітынг і ішэсці) у Тбілісі (Грузія). Пачаліся тыдзень таму назад з-за таго, што ў крэсла старшыні парламента пасадзілі часова і ганарова дэпутата Дзярждумы Расіі Гаўрылава.
30 чэрвеня. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прыляцеў у Менск з г. Брацка і правёў нефармальную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у ягонай рэзідэнцыі "Заслаўе" (пад Менскам). Пазней да іх далучыўся прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон.
30 чэрвеня. У Менску ўрачыстае закрыццё ІІ Еўрапейскіх гульняў. Удзельнічалі каля 4 тысяч спартсменаў. Пераможцы атрымалі 213 медалёў. Беларускія спартсмены заваявалі 69 медалёў, сярод іх - 24 залатыя, 16 сярэбраных і 29 бронзавых. Расійскія спартсмены атрымалі 109 медалёў (з іх - 44 залатыя). На трэцім месцы па колькасці медалёў (51) - Украіна.
Беларусь выдаткавала на Еўрапейскія гульні 540 мільёнаў рублёў, у тым ліку з бюджэту - 266 мільёнаў. ЕАК узяў на сябе выдаткі за перавоз спартсменаў на гульні.
Чэрвень. Сенсацыйную знаходку выявіла археалагічная экспедыцыя падчас раскопак недалёка ад вёскі Верабкі Лепельскага раёна. Парэшткі чалавека, які жыў, як мяркуецца, на мяжы каменнага і бронзавага веку, выкапалі на стаянцы Берашча-1. Раскопкі праводзіў Максім Чарняўскі (сын пісьменніка Міхася Чарняўскага).
1 ліпеня. У Менску беларускія хірургі трохгадоваму хлопчыку Яну са Смаргоні зрабілі 14-гадзінную ўнікальную аперацыю на сэрцы (замена клапана), пры гэтым спынілі работу сэрца на 3 гадз. 20 хв.
У Берасці супрацоўнікі КДБ узялі пад варту кіраўніцтва акумулятарнага завода (5 чалавек).
Навальніца і моцны вецер ўвечары на Палессі паваліў дрэвы і абарваў лініі электраперадач.
2 ліпеня. КДБ РБ узбудзіў крымінальную справу супраць уладальніка і кіраўнікоў Берасцейскага акумулятарнага завода - Віктара Лемяшэўскага і іншых асоб за парушэнні экалагічнага законадаўства.
3 ліпеня. У Беларусі святкавалі Дзень незалежнасці. У Менску ўвечары правялі парад беларускіх і расійскіх войск. Затым быў фейерверк. Адбыліся 3 выбухі з 6 месц правядзення салюта. На беразе Свіслачы параніла 10 чалавек, з іх жанчына Наталля Максімчук (1955 г. нар.) адразу памерла. (А 3 ліпеня 2008 г. на канцэрце ўзарваўся самаробны пакет з гайкамі і былі паранены 54 чалавекі.)
5-6 ліпеня. Адбыўся фэст у Будславе, на якім прысутнічалі ўсе беларускія біскупы.
10 ліпеня. Памёр народны мастак Віктар Грамыка, які нарадзіўся ў 1923 годзе на Магілёўшчыне.
11 ліпеня. Адкрыццё фестывалю "Славянскі базар" у Віцебску, які закрыўся 15 ліпеня 2019 года.
17 ліпеня. Прэзідэнты Аляксандар Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прыплылі ў манастыр, што на востраве Вааламе ў Ладажскім возеры. Кіраўнікі Беларусі і Расеі агледзелі Спаса-Праабражэнскі сабор, прысутнічалі на службе ў гэтым храме, а таксама пабывалі на тэрыторыі скіта ў імя Усіх Святых, у царкве Смаленскай іконы Божай Маці і капліцы Царскіх пакутнікаў. З А. Лукашэнкам быў і яго малодшы сын Мікола.
18 ліпеня. У Магілёўскім раёне бура сарвала стрэхі з сямі жылых дамоў, дзесяці дачных домікаў, сямі гаспадарчых будынкаў, вырваны некалькі дрэваў з карэннем.
20 ліпеня. У сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў падпісаны Закон аб амністыі. На волю выйдуць з турмы каля 2000 зняволеных, а ўсяго амністыя датычыцца каля 6 тысяч зняволеных.
20 ліпеня. У Маскве адбыўся масавы мітынг (па колькасці такога не было ад 2012 г.), на якім прынята рэзалюцыя, каб былі зарэгістраваныя ўсе 18 незалежныя кандыдату ў Думу горада Масквы. Мэру Масквы Сабяніну выстаўлены нават ультыматум.
20 ліпеня. У в. Трошчыцы Карэліцкага раёна памёр 26-гадовы Міхаіл Куневіч, які служыў у беларускай арміі, будычы хворым на рак страўніка. Праслужыў 11 месяцаў, часта хварэў, але яму не верылі.
23 ліпеня. Прэзідэнт падпісаў Закон аб зменах у Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь. У ім тэрміновыя кантракты ўзаконены, і работнік не мае права звольніцца па ўласным жаданні да канца дзеяння кантракту.
24 ліпеня. На перагоне Орша - Віцебск сышлі з рэек 15 цыстэрнаў з прапанам. Пацярпелых людзей няма.
25 ліпеня. У сярэдзіне дня ў Будславе і некаторых вёсках Мядзельскага раёна была навальніца. Выпаў снег і град. Льдзіны граду мелі памер курынага яйка. Пабіты вокны ў хатах і шкло цяпліц.
27 ліпеня 2019 года беларус Віталь Гуркоў стаў першым двухразовым чэмпіёнам свету паводле версіі Kunlun Fight. Ён перамог тайскага спаборніка Саіёка Пумпанмуанга.
27 ліпеня. У Маскве каля мэрыі прайшлі несанкцыяваныя мітынгі. Паліцыя і Расгвардыя затрымалі каля тысячы чвлавек. Масквічы пратэставалі супраць таго, што не зарэгістраваны незалежныя кандыдаты ў дэпутаты Маскоўскай гарадской думы.
29 ліпеня. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў на пасаду старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Міхайлавіч Салаўя (нар. 1963, Наваградскі р-н).
Пасаду старшыні Гомельскага аблвыканкама да красавіка 2019 года займаў Уладзімір Дворнік, аднак пазней ён перайшоў на пасаду віцэ-прэм'ера.
1 жніўня. Павялічаны памер пенсіі на 6,6 % . Цяпер сярэдні памер прызначаных пенсій складае 432,27 рубля, пенсій па ўзросце - 446,84 рубля. Сярэдні месячны заробак 925,77 рубля.
1 жніўня. Золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнулі рэкорднай лічбы. Як інфармуе прэс-служба Нацбанка, на 1 жніўня яны складалі 8,6 млрд даляраў (у эквіваленце, гэта новы гістарычны максімум. Папярэдні быў усталяваны 1 ліпеня 2012-га, але тады было амаль на 300 мільёнаў долараў менш.
3 жніўня. У Маскве мітынгі з патрабаваннем "Вернем сабе права на выбары". Затрымана больш за 1 300 чалавек. Адміністрацыйныя арышты і штрафы прысуджаны многім.
3 жніўня. Пагранічнікі і вайскоўцы транспартных войск адкрылі новы мост, пабудаваны на Віліі ў Астравецкім раёне.
У Лунінцы Тамара Нагорная на дачным участку вырасціла тамат вагой 1 кг.
Ноччу, з 3 на 4 жніўня, устаноўлены рэкорд па мінімальным паказчыку тэмпературы ў Клічаве - тут зафіксавана + 4,8 °C. Да гэтага часу самым нізкім паказчыкам былі дадзеныя 1999 года - +6 °C.
5-6 жніўня. У Беларусі адбыліся Міжнародныя армейскія гульні.
Ноччу з 5 на 6 жніўня. У Клічаве паветра астыла да 3,1 градуса. Ранейшы мінімум на гэты час складаў 5,3 градуса (6 жніўня 1976 года ў Горках).
9 жніўня. Спартовец Дзмітры Белайц, старшыня Беларускай федэрацыі сілавога шматбор'я, сумеў у Менску, каля Менскага аўтазавода, працягнуць працягнуць калону з 15 грузавікоў агульнай масай 145 тон на 7 метраў. Гэтым ён усталяваў сусветны рэкорд.
9 жніўня. У Сан-Францыска (ЗША) Генадзь Караткевіч (беларус) шосты раз запар атрымаў першы прыз на міжнародным турніры па праміраванні.
10 жніўня. Масавы мітынг пратэсту ў Маскве на пр. Сахарава. Гэтая дазволенае маскоўскімі ўладамі мерапрыемства. Нягледзячы на дождж выйшлі на мітынг каля 50 тысяч чалавек. Выступленні супроць таго, што не зарэгістраваныя незалежныя ад улады кандыдаты.
12 жніўня. У Лідзе, на рагу вуліц Грунвальдскай і Замкавай, устанавілі помнік Гедыміну (скульптары Сяргей Ваганаў і Вольга Нячай). Адкрыццё адбылося 7 верасня.
13 жніўня. Лукашэнка прыняў старшыню Следчага камітэта Наскевіча і выказаў незадавалненне, што Галавач прасядзеў у ізалятары гады і аказаўся невінаваты. Двойчы апраўданы судом. 8 лютага 2018 году суд апраўдвае Андрэя Галавача, аднак тут жа ў судовай зале яго рашэннем следства зноў арыштоўваюць па новай крымінальнай справе. Больш за тое, супраць ягонага адваката Ірыны Рэўт былі распачаты дзве крымінальныя справы (цяпер спыненыя). 19 ліпеня суд апраўдвае Андрэя Галавача другім разам. Аднак пракуратура абскардзіла прысуд, галоўнага інжынера МЗКЦ чакае новы судовы разбор. Відавочна, бакі пайшлі на прынцып, і толькі ўмяшанне Лукашэнкі можа спыніць гэты канфлікт.
15 жніўня. Падчас наведвання Старадарожскага раёна памочнік Лукашэнкі Аляксандр Косінец паведаміў, што летась толькі ў адной Менскай вобласці загінулі 19,6 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, 102,8 тысячы свіней. А за першае паўгоддзе 2019-га года падзёж буйной рагатай жывёлы ў рэгіёне склаў 10,4 тысячы галоў, свіней - 59,6 тысячы. "Гэта значыць, рост на 17% смертнасці буйной рагатай жывёлы, на 24% - свіней", - адзначыў ён.
16 жніўня. Менскі гарадскі суд апраўдаў былога галоўнага інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача, які правёў у няволі 50 месяцаў (1500 сутак) за хабар. Яго арыштавалі вясной 2015 года. Гэты чалавек аддаў 35 гадоў працы на Менскім заводзе колавых цягачоў.
17 жніўня. Ва ўкраінскім горадзе Чарнігаў пачаўся форум беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі ў падтрымку стварэння незалежнай праваслаўнай царквы ў Беларусі. У форуме бяруць удзел больш за 100 дэлегатаў з Беларусі і Украіны.
21 жніўня. У Менску памёр Леанід Мартынавіч Дайнека, сябар СБП. (Нарадзіўся 28 студзеня 1940, в. Змітраўка 2-я, Клічаўскі раён.
22 жніўня. У Слоніме ўстанавілі помнік Льву Сапегу. Вышыня бронзавай статуі разам з гранітным пастаментам вышэй за 4 м. Аўтары помніка скульптары Іван Міско, Уладзімір, Піпін і Сяргей Логвін.
25 жніўня. Памёр літаратуразнавец, пісьменнік Пётр Васючэнка, які нарадзіўся ў Полацку ў 1959 г.
29 жніўня. Памочнік Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан, які прыляцеў у Менск учора, быў сёння на прыёме ў А.Р. Лукашэнкі. Гутарка ішла аб правах чалавека і нераспаўсюджванні зброі.
31 жніўня. У Ружанах адбыліся "Дажынкі" хлебаробаў Берасцейскай вобласці.
1 верасня. У Слоніме праводзілася рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства. На плошчы Леніна аддкрылі помнік Льву Сапегу (скульптар Іван Міско). Грошы на помнік зарабілі гараджане Слоніма ў часе суботнікаў.
6 верасня. Адкрыты рух аўтатранспарту па Заходніму абводзе г. Берасця, які будавалі 7 гадоў. У 2014 г. пабудавалі для гэтага мост цераз Мухавец.
6-8 верасня. Берасце святкуе 1000-гадовую гісторыю горада. Берасцю перададзена у якасці падарунка факсімільнае выданне ўзноўленай Берасцейскай Бібліі (вагой 15 кг ў 1,5 тысячы старонак). Тое першае выданне пабачыла свет 4 верасня 1563 г. Яно выходзіла на сродкі берасцейскага старасты, канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага.
7 верасня. Кіеў і Масква абмяняліся палоннымі: 35 на 35.
7 верасня. У Лідзе адкрылі конны помнік заснавальніку горада і тутэйшага замка Гедыміну. Арганізацыя "Еўрапейская Беларусь" правяла ўрачыстасці з чырвонымі сцягамі з Пагоняй і бел-чырвона-белымі сцягамі.
12 верасня. Па ўсёй Расіі ў рэгінальных штабах Навальнага (у Фондах барацьбы з карупцыяй) пачаліся ператрусы супрацоўнікамі СК і Расгвардыі (сучаная жандармерыя). А гэта каля 30 гарадоў Расіі. Праводзяцца і арышты.
12 верасня. Супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы затрымалі галоўнага інжынера Менскага лікёра-гарэлачнага завода "Крышталь" Аляксандра Жарына пры атрыманні 3 тысяч долараў ЗША. Ён сам - член Каміссі па барацьбе з карупцыяй на гэтым заводзе.
17 верасня. Намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША правёў перамовы з А. Лукашэнкам, дамовіліся пра вартанне паслоў пасля 11 гадоў іх адсутнасці. Наведаў ён Курапаты і ўсклаў кветкі. Увечары ён сустрэўся з апазіцыйнымі палітыкамі. На сустрэчы прысутнічалі лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прадстаўнікі БХД Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідары Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч, старшыня "Справядлівага свету" Сяргей Калякін, дэпутат "Палаты прадстаўнікоў" Алена Анісім, праваабаронец Алесь Бяляцкі.
19 верасня. У менскіх школах не дапускаюць вучняў на ўрокі з тэлефонамі і фотаапаратамі. Гэта звязана са скандалам у гомельскай СШ № 15, калі настаўніца Людміла Іванаўна Чацвярткова вылаялася матам і пагражала вучню. Яе звольнілі, бо бацька вучня 4-га класа выклаў гэта ў Інтэрнэт, А. Лукашэнка 19 верасня аднавіў настаўніцу на рабоце, а дырэктара школы № 15 звольніў. Звольнены таксама начальнікі ўпраўленняў адукацыі Гомельскага аблвыканкама і гарвыканкама, начальнік аддзела адукацыі Навабеліцкага раёна г. Гомеля. Вымовы атрымалі многія педагагічныя кіраўнікі, а міністру адукацыі камуністу Ігару Карпенку ўказана аб яго неадпаведнасці пасадзе.
24 верасня. Каля 6 гадзін раніцы тэрмометры ў Менску паказвалі мінус 3 градусы. Па дадзеных за 112 гадоў, так холадна ў Менску не было ўжо больш за паўстагоддзя. Ранейшы рэкорд гэтага дня быў зафіксаваны аж у 1956 годзе - мінус 1,4 градуса.
24 верасня. Пайшлі першыя цягнікі па чыгуначным масце цераз Керчанскі праліў, які быў пабудаваны ў апошнія гады, пасля далучэння Крыма да Расеі. Такім чынам, паўвостраў Крым злучаны чыгункай з Расеяй, мінуючы Украіну.
(Працяг у наступным нумары.)
"ДАРОСЛЫЯ - ДЗЕЦЯМ"
19 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця IV адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям".
Дадзены конкурс стаў яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй - ладзіцца ён раз у два гады. Арганізатарам конкурсу выступае дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".
Вера Сяргееўна Навіцкая - аўтар некалькіх дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак-гімназістак. Яна ўзначальвала з 1910 года "Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф.Л. і В.С. Навіцкіх". Творчая спадчына Навіцкай - яскравы прыклад плённай працы на ніве выхавання і адукацыі юнага пакалення.
Конкурс арганізаваны з мэтай выяўлення, падтрымкі і заахвочвання лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей. У 2020 годзе конкурс праходзіць з 3 лютага па 5 снежня ў дзвюх намінацыях: "Паэзія" і "Проза".
Якасна арганізаваная праграма мерапрыемства не пакінула абыякавымі нікога з прысутных. Удзельнікамі імпрэзы сталі сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". З уступным словам выступіў лідскі краязнавец, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Вацлававіч Суднік, пазнавальным аказаўся яго кароткі агляд жыццёвага і творчага шляху лідскай пісьменніцы.
Перад прысутнымі літаратарамі выступіла таксама Велясевіч Таццяна Пятроўна, загадчык бібліятэкі ДУА "Сярэдняя школа № 16 г. Ліды", кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра. Сумеснымі намаганнямі бібліятэкі і школы былі раздрукаваны сем кніг Веры Навіцкай: тэтралогія пра жыццё Марусі Старабельскай "Добра жыць на свеце", "Вясёлыя будні", "Ціхамірныя гады", "Першыя мроі"; аповесці для юнацтва. Таксама была створана віртуальная кніжная выстава-дасье "Ліда, падзеленая на гады", у якой змешчаны біяграфія аўтара, вокладкі кніг, бібліяграфічнае апісанне прыжыццёвых выданняў, а таксама Qr-коды, спампаваўшы якія, можна прачытаць усе кнігі аўтара.
Удзельнікі мерапрыемства з дапамогай вядоўцаў Курбыкі Галіны і Мацулевіча Аляксандра ўспомнілі гісторыю конкурсу, якая пачынаецца з 2014 года, і пазнаёміліся з асноўнымі патрабаваннямі, якія прад'яўляюцца да літаратурных работ намінантаў. Таксама вядоўцы далі магчымасць кожнаму з удзельнікаў выказацца, прачытаць некалькі асабістых твораў. Упрыгожаннем мерапрыемства стала выступленне навучэнцаў ДУА "Лідская дзіцячая школа мастацтваў".
Наш кар.
Жывы выток зямлі беларускай
Музычна-паэтычная вечарына "Жывы выток зямлі беларускай", прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы прайшла ў малой зале Лідскага палаца культуры 19 лютага. Вечарына планавалася на 21 лютага, але ўзніклі непераадольныя абставіны ў выглядзе ўрачыстага адкрыцця культурнай сталіцы Беларусі, і імпрэза, якая ладзіцца ўжо пяты год падрад, прайшла на два дні раней.
Вечарыну арганізоўвалі сіламі творчага аб'яднання "Музальянс", Лідскага музычнага каледжа, літаб'яднання "Суквецце". Рэжысёр праграмы - Горгуль Васіль Канстанцінавіч.
Гучалі песні ў выкананні Аліцыі Казак ("Спеў дубраў", Славаміра Шклёніка (Мой родны кут...", "Мой край"), Людмілы Краснадубскай ("Беларусь"), Вікторыі Кузьмы ("А ў садзе рэчанька"), Анастасіі Круповіч ("А ў Марусі хата на памосце", "Лён, ляночак", "Вішня"), Лізаветы Капцевіч ("Месяц і вішанька"), беларуская народная песня "Дровы" ў выканні Народнага ансамбля "Вербіца", саліст Іван Мярэўца, песня "Больш табе я не пазваню" ў выкананні музычнага эстраднага калектыва "Талісман", кіраўнік Дзяніс Варановіч.
Лідскія паэты на сцэне заўважаны не былі, а вось паэтэс сабралася цэлае "Суквецце". Са сваімі вершамі, прысвечанымі роднай мове, малой і вялікай радзіме выступалі: Людміла Краснадубская, Вольга Бічэль-Ашмяна, Ганна Рэлікоўская, Станіслава Белагаловая, Ірына Маркевіч, Ала Юшко, Ірына Вашкевіч, Яна Марцэвіч.
Шчырая беларуская атмасфера, разняволеныя і ўпэўненыя ў сабе людзі, што на сцэне, што ў зале. Кавалачак сапраўднай Беларусі. І гэта толькі Палац культуры горада Ліды. А акрамя таго святочныя імпрэзы прайшлі ў Бярозаўцы, у многіх вясковых дамах культуры і бібліятэках. Усяго ж мерапрыемствы да Дня роднай мовы ахапілі на Лідчыне каля 20 населеных пунктаў. Свята роднай мовы на Лідчыне стала добрай традыцыяй.
Яраслаў Грынкевіч.