НАША СЛОВА № 11 (1474), 11 сакавіка 2020 г.
Вынікі 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Гарадзеншчыне
Сёлета Агульнанацыянальная дыктоўка на Гарадзеншчыне праходзіла пры падтрымцы Гарадзенскага аблвыканкама, супрацоўнікі якога і самі прынялі чынны ўдзел у дыктоўцы. Дыктоўка праходзіла ў асноўным у рамках акцыі "Беларусь помніць", і тэксты былі прысвечаны 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Хаця, напрыклад, Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт паведаміў наступнае:
"21 лютага 2020 года на ўсіх факультэтах і ў чатырох каледжах, а таксама ў Цэнтры беларускай мовы, літаратуры і культуры (г. Масква), заснаваным сумесна Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В. Ламаносава, будзе ў чарговы раз праведзена Купалаўская дыктоўка "Знайдзі сябе з намі". У сувязі з тым, што ў гэты час універсітэт адзначае 80-годдзе з дня заснавання, тэкст дыктоўкі прымеркаваны да гісторыі і сучаснасці ўніверсітэта. У напісанні дыктоўкі прымуць удзел студэнты, выкладчыкі, навучэнцы каледжаў, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў ( каля тысячы асоб).
Універсітэт плануе таксама арганізаваць напісанне дыктоўкі, прысвечанай 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, з выкарыстаннем тэкстаў, прапанаваных ТБМ, у красавіку - маі 2020 года".
Тэксты, прапанаваныя ТБМ, былі прысвечаны 75-годдзю Перамогі, 100-годдзю Слуцкага збройнага чыну, 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча і 550-годдзю з дня нараджэння Міколы Гусоўскага.
У грамадскіх арганізацыях найбольш папулярнымі аказаліся тэксты з аповесці "Данута" Аляксея Карпюка і "На Чорных лядах" Васіля Быкава.
Дыктоўку пісалі ва ўсіх школах вобласці, у бібліятэках, музеях, каледжах, ліцэях, ва ўсіх універсітэтах, на курсах "Мова нанова", у арганізацыях ТБМ і іншых грамадскіх арганізацыях. У Воранаве дыктоўку пісала ў поўным складзе рэдакцыя "Воранаўскай газеты". Масава ўдзельнічалі ў дыктоўцы арганізацыі БРСМ.
Усяго 13-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі недзе ў 227 населеных пунктах вобласці, на 380 пляцоўках (калі пляцоўкай лічыць школу, бібліятэку).
Усяго дыктоўку ў вобласці пісалі каля 15 тысяч чалавек, з іх звыш 9000 - Лідскі раён, каля 1000 - Слонімскі раён.
Нажаль, палічыць вельмі дакладна не ўяўляецца магчымым. Не ўсюды такія звесткі збіраюцца, не ўсюды выдаюцца.
Былі, што праўда, і пэўныя абмежаванні, але трэба спадзявацца, што на наступны год яны будуць знятыя і дыктоўка ў Гарадзенскай вобласці стане яшчэ больш масавай.
Яраслаў Грынкевіч.
Журналісты "Воранаўскай газеты" разам з рэдактарам выдання Таццянай Дудко скарысталіся магчымасцю праверыць свае веды па роднай мове. На гадзіну змянілі рэдакцыйныя кабінеты на вучнёўскі клас Воранаўскай школы. Пакуль настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Войшніс дыктавала тэкст, напэўна, многія прыгадалі, як у дзяцінстве старанна выводзілі літары, не раз сумняваліся ў правільнасці пастаноўкі знакаў прыпынку і правапісу. Не абышлося без хвалявання і цяпер. Аднак з дыктантам усе справіліся няблага. Амаль усе журналісты - выдатнікі! І ўжо з цудоўным настроем і сакавітай мовай на вуснах вярнуліся да сваіх творчых спраў.
Далучайцеся да нас: пішыце і размаўляйце па-беларуску!
Менскі абласны Дзень роднай мовы
Прыхільнікі беларускай мовы, сярод якіх удзельнікі літаратурна-песенных і чытацкіх конкурсаў, сакратары раённых камітэтаў БРСМ, школьнікі - усе, хто з павагай і пашанай ставіцца да нацыянальнай культуры і спадчыны, - прыехалі ў Смалявічы на абласное свята "Дзень роднай мовы".
- Пішам з чырвонага радка, з вялікай літары… - калі пачула гэтыя словы, міжволі страпянулася: "Няўжо зноў школа?".
Першы сакратар Менскага абкама БРСМ Кірыл Шык патлумачыў:
- Калі прыехалі на Дзень роднай мовы, трэба праверыць вашы веды: напішам невялікую дыктоўку. Заданне нескладанае, так што не хвалюйцеся. Мы выбралі публіцыстычны твор Янкі Купалы "Ці маем мы права выракацца роднай мовы". Напісаны ён быў у 1914 годзе.
Удзельнікам свята раздалі аркушы - і дыктоўка пачалася. Супакоеная Кірылам Шыкам, я таксама вырашыла праверыць веданне роднай мовы. Шчыра кажучы, некалькі памылак усё ж зрабіла: як-ніяк, школу больш за дзесяць год таму скончыла. А вось сярод "вучняў" знайшліся і тыя, хто напісаў дыктоўку на выдатна. Сярод іх - выканавец абавязкаў першага сакратара Крупскага райкама БРСМ Алена Дубава:
- Люблю сваю краіну і люблю мову, - кажа дзяўчына. - Мова не толькі самая прыгожая, але і багатая. Калі ў літаратурнай налічваецца каля 500 тысяч слоў, дык у дыялектнай - дзесьці два мільёны!
Першы сакратар Слуцкага райкама БРСМ Кацярына Барысевіч беларускую мову чула з дзяцінства - у сям'і ўсе на ёй размаўлялі. А вось сапраўдная любоў да матчынага слова ёй перадалася ад настаўніцы. Кацярына ўдзельнічала ў алімпіядах, а пазней і сама стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
- У нас дзве дзяржаўныя мовы, але ж мы - беларусы, і для мяне асноўная мова менавіта беларуская, - кажа першы сакратар. - Мы свядома яе папулярызуем, пэўны час пісалі навіны і посты, звязаныя з дзейнасцю маладзёжнай арганізацыі, толькі па-беларуску.
Дарэчы, адзнак за пісьмовы іспыт на гэты раз нікому не ставілі: як патлумачыў Кірыл Шык, сэнс дыктоўкі не ў тым, каб праверыць свае веды, а каб яшчэ раз усвядоміць, што мы - беларусы і павінны ганарыцца гэтым.
- Я штодзённа размаўляю па-беларуску з дзецьмі, бацькамі, калегамі - і яны падтрымліваюць мяне ў гэтым. Нам пашчасціла, што ў нас ёсць не толькі дзяржава, але і мова. Таму мы вельмі багатая і шчаслівая нацыя.
Мілагучная, сакавітая, цёплая беларуская мова… Тое ж самае можна сказаць і пра абласное свята. Панаваў пазітыўны настрой, выступалі ўдзельнікі конкурсаў на найлепшае выкананне вершаў і песень.
Затым удзельнікам свята прапанавалі адказаць на некалькі пытанняў кшталту "З якой камандай гуляла БАТЭ 2 кастрычніка 2012 года?". У барацьбу-гульню "Мая радзіма - Беларусь", што прайшла ў фармаце пабквіза, уступілі 8 аб'яднаных каманд, па 6-8 чалавек у кожнай. Вядовец - галоўны спецыяліст абкама БРСМ Вячаслаў Клімковіч не шкадаваў - сыпаў пытаннямі, як з рога. Далёка не ўсе каманды ведалі адказы…
Першае месца занялі "Зубры" (удзельнікі з Бярэзінскага, Чэрвеньскага і Пухавіцкага раёнаў).
На другім месцы - "Кропка" (Стаўбцоўскі, Нясвіжскі, Валожынскі і Любанскі раёны).
Трэцімі сталі "Светлякі" (Уздзенскі, Смалявіцкі, Менскі і Любанскі раёны).
Пераможцы атрымалі зборнікі твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.
- Спецыяльна не рыхтаваўся, проста выдатна ведаю родную мову і гісторыю сваёй краіны, - кажа Алег Якушаў, педагог-арганізатар Мар'інагорскай гімназіі, валанцёр саюза моладзі, удзельнік каманды-пераможцы. - Беларуская мова - гэта крыніца нацыянальнай культуры, ментальнасці, светапогляду. Я ўпэўнены, што родная мова злучае нас з папярэднімі пакаленнямі, іх духоўнымі набыткамі, з'яўляецца падмуркам этнічнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Скончылася абласное свята роднай мовы праглядам кінастужкі "Адзін дома" па-беларуску.
Галіна Наркевіч. Фота: Святланы Курэйчык. лын.by.
Сітуацыя практычна не мяняецца
29 студзеня 2029 г. № 2
С.М. Румасу,
Прэм'ер-Міністру
Рэспублікі Беларусь
вул. Савецкая, д.9, г. Мінск
Паважаны Сяргей Мікалаевіч!
26 студзеня 2020 г. прайшло паседжанне Рады Таварыства беларускай мовы. Падчас абмеркавання сябры Рады з розных раёнаў Беларусі паднялі пытанне аб нездавальняючым стане з выкладаннем беларускай мовы ў школах нашай краіны. Аднолькавая колькасць гадзін на выкладанне беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры на самай справе не перакрывае тую колькасць гадзін, якія прыпадаюць на выкладанне іншых прадметаў на рускай мове. Нашы настойлівыя прапановы па выкладанні гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове ў школах з рознымі мовамі навучання, якія ў некаторай ступені выроўнівалі б сітуацыю, былі праігнараваны Міністэрствам адукацыі. Трэба таксама зазначыць, што практычна ўся выхаваўчая праца ў школах і садках адбываецца выключна на рускай мове.
Усё гэта прыводзіць да таго, што выгадаваныя ў такой сістэме адукацыі спецыялісты, якія працуюць пасля і ў дзяржаўнай сістэме кіравання, не ведаюць і не паважаюць дзяржаўную беларускую мову. Гэта часта з'яўляецца прычынай канфліктных сітуацый у абыходжанні з грамадзянамі. Між тым, беларуская мова з'яўляецца асноўным чыннікам нацыянальнай бяспекі нашай краіны.
Мы ведаем, што Вы асабіста ведаеце беларускую мову і карыстаецеся ёю ў розных сітуацыях.
Просім Вас у сувязі з нездавальняючым станам выкладання беларускай мовы ў сістэме адукацыі Беларусі прыняць меры для выпраўлення сітуацыі, прыняць адпаведную Пастанову па пашырэнні яе выкарыстання ў адукацыі, а таксама ў дзяржаўнай сістэме кіравання. Мы гатовы як грамадская арганізацыя ўсялякім чынам спрыяць гэтаму.
З павагай
Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Алена Анісім.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Анісім А.М.
Паважаная Алена Мікалаеўна!
У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш зварот па пытанні вывучэння гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове, які паступіў у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.
Аб вывучэнні беларускай мовы ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
Згодна з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.
Сістэме адукацыі належыць важная роля ў фарміраванні ў навучэнцаў каштоўнасных адносін да беларускай мовы як нацыянальнай мовы нашага народа.
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы фарміруюць групы ва ўстановах дашкольнай адукацыі (далей - УДА) і класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (далей - УАСА) на падставе сацыяльнага заказу, жаданняў бацькоў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх), у заявах якіх вызначаецца мова навучання. У залежнасці ад рашэння бацькоў ствараюцца групы (класы) і ўстановы адукацыі з той ці іншай мовай навучання. Аднак канчатковае рашэнне аб стварэнні груп (класаў) прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
Адукацыйны працэс у групах з беларускай мовай навучання, у тым ліку святы, забавы і іншыя мерапрыемствы ва УДА, арганізуецца на беларускай мове. Выключэннем з'яўляюцца гадзіны, адведзеныя на вывучэнне адукацыйнай галіны "Развитие речи и культура речевого общення" (вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, зацверджаная пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 15.08.2019 № 138, далей - вучэбная праграма дашкольнай адукацыі).
У адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі з мэтай развіцця моўных навыкаў, падтрымкі беларускамоўнага асяроддзя. далучэння выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры выкарыстоўваюцца розныя формы спецыяльна арганізаванай (гульні, заняткі) і нерэгламентаванай дзейнасці (гульні, экскурсіі, назіранні, азнаямленне з мастацкай літаратурай, у тым ліку з фальклорам, тэматычныя святы, вечарыны, гутаркі і іншае).
У 2019/2020 навучальным годзе ў сістэме Міністэрства адукацыі функцыянуе 2 798 УАСА. Адукацыйны працэс на беларускай мове здзяйсняецца ў 1 272 УАСА (45,5 працэнта ад агульнай колькасці УАСА).
Пры залічэнні ў I клас УАСА для бацькоў прадугледжана кансультацыйнае тлумачэнне заканадаўства аб магчымасці выбару мовы навучання. Ва ўсіх УАСА беларуская мова вывучаецца як вучэбны прадмет, а з VIII па XI класы - на двух узроўнях (базавым і павышаным). Усе вучэбныя дапаможнікі для УАСА выдаюцца на беларускай і рускай мовах. Вучням прадастаўлена магчымасць вывучаць беларускую мову на факультатыўных занятках, а таксама праз правядзенне ва УАСА пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейным датам, знакавым падзеям, рэспубліканскім і міжнародным святам (канферэнцыі, метадычныя семінары, літаратурныя гасцёўні, вечарыны, прэзентацыі кніг і інш.). Да ўдзелу ў мерапрыемствах запрашаюцца таксама і бацькі вучняў, што спрыяе далучэнню іх да каштоўнасцей нацыянальнай беларускай культуры і гісторыі, фарміраванню павагі да мовы, традыцый беларускага народа, разумення неабходнасці нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Штогод для вучняў УАСА па вучэбных прадметах "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" праводзяцца інтэлектуальныя рэспубліканскія спаборніцтвы: рэспубліканскі конкурс вучнёўскіх работ даследчага характару (канферэнцыя) і рэспубліканская алімпіяда. Удзельнікам інтэлектуальных спаборніцтваў з'яўляюцца больш за 600 тысяч вучняў нашай краіны.
У мэтах шырокага інфармавання грамадскасці аб навучанні на беларускай мове УДА і УАСА праводзяць тлумачальную работу на бацькоўскіх сходах, пасяджэннях педагагічных саветаў устаноў адукацыі, у межах культурна-масавых і асветніцкіх мерапрыемстваў і інш.
Пачынаючы з 2017 года Міністэрствам адукацыі ў абласных цэнтрах арганізуюцца рэспубліканскія семінары па пытаннях падтрымкі пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ва УАСА. Матэрыялы рэспубліканскіх семінараў друкуюцца ў навукова-метадычных часопісах.
Такім чынам, Міністэрствам адукацыі, мясцовымі выканаўчымі распарадчымі органамі як з навучэнцамі, так і з іх бацькамі вядзецца сістэмная работа, якая накіравана на вывучэнне беларускай мовы і яе папулярызацыю ва УАСА.
Аб выкладанні вучэбных прадметаў "Гісторыя Беларусі", "Геаграфія Беларусі".
Ва УАСА з беларускай мовай навучання вучэбныя прадметы "Гісторыя Беларусі", "Геаграфія Беларусі" выкладаюцца на беларускай мове, ва УАСА з рускай мовай навучання - на рускай мове. Вучэбныя дапаможнікі па гэтых вучэбных прадметах выдаюцца на дзвюх дзяржаўных мовах - рускай і беларускай.
У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі з 2012 года пры наяўнасці запытаў ад вучняў і іх законных прадстаўнікоў УАСА з рускай мовай навучання могуць камплектавацца вучэбнымі выданнямі па гісторыі Беларусі, геаграфіі Беларусі на беларускай мове. Заснавальнік УАСА з рускай мовай навучання мае права прыняць рашэнне аб выкладанні вучэбных прадметаў "Гісторыя Беларусі", "Геаграфія Беларусі" на беларускай мове.
Так, напрыклад, у 2019/2020 навучальным годзе ва УАСА з рускай мовай навучання на беларускай мове гісторыю Беларусі пажадалі вывучаць 16 288 вучняў (у 2018/2019 навучальным годзе - 14 802 вучні).
Такім чынам, Міністэрствам адукацыі вядзецца мэтанакіраваная работа па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ва УАСА краіны, у тым ліку і па вывучэнні вучэбных прадметаў "Гісторыя Беларусі" і "Геаграфія Беларусі" на беларускай мове. Работа ў гэтым накірунку будзе працягнута і надалей.
Дадаткова паведамляем, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 г. "О государственной службе в Республике Беларусь" валоданне дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца абавязковым патрабаваннем пры паступленні на дзяржаўную службу. У сваёй прафесійнай дзейнасці дзяржаўныя служачыя Міністэрства адукацыі пастаянна ўжываюць беларускую мову пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў, дакладаў, аналітычнай інфармацыі, адказаў на звароты грамадзян і інш.
У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" адказ Міністэрства адукацыі можа быць абскарджаны ў суд у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Намеснік Міністра А.У. Кадлубай.
Паўлу Сцяцко - 90
"Цікавы, добры, разумны, інтэлігентны". Такія эпітэты даў аднаму са стваральнікаў першага факультэта беларускай філалогіі, першаму старшыні Гарадзенскай абласной рады ТБМ, прафесару, доктару філалагічных навук Паўлу Сцяцко ягоны ў мінулым калега па Таварыстве беларускай мовы Аляксей Пяткевіч. 5-га сакавіка Паўлу Сцяцко споўнілася 90 год. "Ён - сапраўдны беларускі патрыёт, - прадаўжае Аляксей Пяткевіч. - Гэта вельмі важная заслуга чалавечая. Ён такім выгадаваны быў. Такая сям'я была, такім ён вырас, такім я яго ведаў".
Радзіма прафесара Паўла Сцяцко - Зэльвенскі раён, вёска Грабава. У пяць гадоў ён пачаў вучыцца ў Грабаўскай пачатковай польскай школе. Быў вельмі начытаным, за год скончыў два класы. Акрамя сваіх падручнікаў, прачытываў навучальныя кніжкі сваіх старэйшых братоў. Пасля заканчэння трэцяга класа яго адміністрацыя школы перавяла адразу ў пяты, пасля - пераскочыў у сёмы. На выдатна скончыў Дзярэчынскую сямігодку, Ваўкавыскую педагагічную вучэльню. Гэта дало яму магчымасць паступіць без экзаменаў у Гарадзенскі педагагічны інстытут.
- З самага пачатку яго жыцця лёс звязаў яго з Гародняй, калі ён скончыў педінстытут, быў пакінуты працаваць на кафедры мовы. Ён быў здольным студэнтам, і вось яго пакінулі працаваць, - згадвае прафесар Аляксей Пяткевіч. - Я яго ведаў у гэтым плане, як спецыяліста, як вучонага, прычым, саліднага вучонага. У гэтым кірунку, у яго вельмі вялікая заслуга - гэта яго аспіранты. Ён многа выпусціў, цяжка нават знайсці ў Беларусі мовазнаўца, які б выпусціў такую колькасць аспірантаў! Знаю, што ў Гомелі, дзе ён працаваў, таксама выйшла з-пад яго крыла шмат. І асабліва ў Гародні, дзе ён працаваў з 1990 года. Кіраўніцтва аспірантамі ў яго вельмі добра атрымлівалася. Неяк так склалася, што ён умеў вытрымаць стандарт падрыхтоўкі. І выпускаў добрых знаўцаў беларускай мовы. Дарэчы, у гарадзенскім унівэрсітэце, па патрэбе кафедраў замежных моваў, рыхтаваў людзей, у якіх дысертацыі былі на гэтым сумежжы. У Гародні няма яму роўных.
Прафесар Павел Сцяцко ўзначальваў тэрміналагічную камісію Гарадзенскай вобласці, рэдагуе мовазнаўчыя часопісы, піша манаграфіі, падручнікі. Удасканальвае свае веды чэшскай і польскай моваў. Тое, што ягоныя інтарэсы ў мовазнаўстве былі вельмі шырокімі, паказвае шырыня ягоных даследчыцкіх і навукова-папулярных публікацый. У 1999 годзе выйшаў з друку ягоны "Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны".
У 2002 годзе выйшла ягоная фундаментальная кніжка для шырокага кола аматараў беларускай мовы пад назвай "Культура мовы", якая скіравана да развязання праблемаў і спраставання шляхоў удасканальвання беларускага правапісу, пазбаўлення тыповых парушэнняў сістэмы беларускай мовы.
- Гэта і словаўтварэнне, гэта і лексіка, у тым ліку і рэгіянальная лексіка, і культура мовы. У гэтам кірунку ён даволі такую настойлівую пазіцыю трымаў: вычышчаць сучасную мову ад русізмаў, што насаджалася ў савецкі час. Ды не толькі ў савецкі. Тут таксама шмат зрабіў, многа друкаваўся. І выпусціў многа кніг, якія не стаяць на паліцах, а якімі карыстаюцца.
Усякі сапраўдны даследчык не можа не папулярызаваць свой прадмет. Тым больш мова, гэта такая рэч, якая патрэбна ўсім. І Павел Сцяцко гэта выдатна разумеў у часе працы ва ўніверсітэце. І кніжкі яго навукова-папулярныя, а то і проста друкаваў тэксты ў газетах. У "Нашым слове" да апошняга часу друкаваліся цыклы яго артыкулаў пра паходжанне беларускіх прозвішчаў. Гэта вельмі цікавае назіранне і папулярная праца. Кожны, канешне, зацікаўлены, каб ведаць, адкуль жа яго прозвішча пайшло. Ён дапамагаў, такому самаўсведамленню, і нацыянальнаму і агульнакультурнаму. Тут, бясспрэчна, ягоная вялікая заслуга, - кажа Аляксей Пяткевіч.
Павел Сцяцко быў першым старшынём Гарадзенскай абласной рады Таварыства беларускай мовы. Ягоная асоба, як аўтарытэта ў беларускім мовазнаўстве, узняла прэстыж Гарадзенскай абласной арганізацыі ў агульнанацыянальным маштабе.
Круглую дату сваіх народзінаў прафесар Павел Сцяцко адзначае ў сястрынскім прытулку ў мястэчку Азёры Гарадзенскага раёна.
Віктар Парфёненка, старшыня Гарадзенскай абласной Рады ТБМ імя Скарыны.
Дыктоўка "Праўда-памяць"
Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца ў свеце з 21 лютага 2000 года з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці. Сёння ў свеце больш за 6 тысяч моў, палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля захавання тых моў, што знікаюць, ЮНЕСКА і аб'явіла дзень роднай мовы. Беларуская мова набыла статус дзяржаўнай 26 студзеня 1990 года ў адпаведнасці з Законам "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".
21 лютага ў чытальнай зале Наваградскай раённай бібліятэкі ў Міжнародны дзень роднай мовы чытачы і яе супрацоўнікі прынялі ўдзел у беларускай дыктоўцы і віктарыне на веданне беларускай літаратуры і фальклору "Крыніца духоўнасці". Дыктоўку чытала выкладчык Наваградскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя Таўлуй Галіна Эдуардаўна. Дыктоўка была па тэме "Праўда-памяць", яна стала цудоўнай магчымасцю праверыць сваю пісьменнасць, а таксама адчуць прыналежнасць да нашай беларускай мовы. Тэматычна яна была звязана з датай, якую мы будзем адзначаць у траўні 2020 года - 75-годдзем Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пазнавальнай была і віктарына, якая ўключыла заданні на вызначэнне аўтараў і твораў беларускай літаратуры. А падказкай да яе стала кніжная выстава з творамі беларускай літаратуры. Прыгадалі мы імёны тых пісьменнікаў, хто зрабіў усё, каб беларускае слова жыло ў вяках. Кнігі У. Караткевіча, М. Гусоўскага, Я. Коласа, К. Крапівы, В. Карамазава, К. Чорнага, В. Быкава, М. Лынькова занялі там сваё пачэснае месца. Цікавым было і вызначэнне рэчаў з загадкавай скрыні, якія трэба было пазнаць па апісаным сказам з раманаў, аповесцей і казак. Напрыклад, у адной з беларускіх народных казак герой увесь час нешта шукаў, звяртаючыся да розных жывёл. Казка, дарэчы, вучыць таму, што нішто ў жыцці не даецца дарам, а патрабуе працы. А такой знаходкай у скрыні быў акраец хлеба, які ілюстраваў вядомую беларускую казку "Лёгкі хлеб". Адно з пытанняў датычылася самага смачнага беларускага прадукта - сала. На мерапрыемстве таксама гучалі песні і вершы ў выкананні мясцовых паэтаў Святланы Абдулаевай і Алеся Гоцкі, у якіх адчувалася вялікая любоў і павага да роднага слова.
Наш кар.
Дыктоўка ў Слонімскім раёне
Слонімскі раён сёлета пісаў беларускую Агульнанацыянальную дыктоўку найбольш масава ў параўнанні з усімі мінулымі гадамі. Дыктоўку пісалі:
Слонімскія гарадскія школы:
СШ № 2 - 28 чалавек
СШ № 3 - 74 чал.
СШ № 4 - 17 чал.
СШ № 5 - 122 чал.
СШ № 7 - 60 чал.
СШ № 8 - 150 чал.
СШ № 9 - 50 чал.
СШ № 10 - 12 чал.
Гімназія - 27 чал.
Сельскія школы:
Жыровіцкая школа - 79 чал.
Міжэвіцкая школа - 40 чал.
Новадзявяткавіцкая школа - 54 чал.
Навасёлкаўская школа - 18 чал.
Азярніцкая школа - 24 чал.
Рахавіцкая школа - 20 чал.
Парэцкая школа - 22 чал.
Сянькоўшчынская школа - 72 чал.
Дзераўноўская школа - 48 чал.
Шылавіцкая школа - 15 чал.
Сялявіцкая школа - 28 чал.
РАЗАМ - 960 чалавек.
Дыктоўкі пісалі не толькі вучні, але і настаўнікі, тэхработнікі.
Акрамя ўсяго, у школах Слонімскага раёна адбыліся дзясяткі розных мерапрыемстваў з нагоды Дня роднай мовы. Усе мерапрыемствы адлюстраваны на сайтах школ раёна.
Пісалі дыктоўку і сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Пісалі верш Ларысы Геніюш "Жыровічы" ў сувязі з 550-годдзем Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзем Жыровіцкага манастыра. Дыктоўку чытаў мастак-іканапісец з Жыровічаў, намеснік старшыні Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ Уладзімір Кавальчук.
У дыктоўцы прынялі ўдзел - 18 чалавек.
Наш кар.
Дыктоўка ў Дзятлаве
У 2018 годзе дзятлаўчане пісалі дыктоўку ў музеі і некалькіх школах. Тым, хто іх праводзіў, былі зроблены папярэджанні. Чаму не папрасілі дазволу ва ўлады? Таму ў 2019 годзе дыктоўка пісалася толькі ў некалькіх сем'ях на кватэрах. Сёлета, пасля афіцыйнай паперы, прысланай з аблвыканкама, мясцовыя ўлады парупіліся, каб гэтая акцыя стала больш масавай. У Дзятлаве дыктоўку пісалі ў музеі, раённай бібліятэцы, ва ўсіх гарадскіх школах, а таксама ў адной сям'і, якая святкавала ўваходзіны ў новы дом. Звыш дзесяці гасцей перад тым, як сесці за святочны стол, узялі лісты паперы і напісалі дыктоўку.
Акцыя доўжылася на працягу тыдня. За гэты час ў ёй прынялі ўдзел звыш 500 чалавек.
Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе гэта лічба вырасце, і значна.
Валерый Петрыкевіч, старшыня Дзятлаўскай раённай філіі ТБМ.
Гучы, родная мова!
21 лютага ў краіне адзначаюць Дзень роднай мовы. Дзень, калі варта пацвердзіць вядомае: чытаць, пісаць і думаць па - беларуску здольны кожны. Бо мова - тое, што нас аб'ядноўвае і робіць унікальнымі. Гэта цэлы свет, люстэрка жыцця чалавека, народа.
У кожным куточку краіны, дзе б'ецца беларускае сэрца, жыве наша мова: у школьных падручніках і творах літаратуры, казках і навуковых даследаваннях, нарэшце, у генах людзей, якія праз дзесяцігоддзі перададуць яе сваім дзецям і ўнукам.
Менавіта ў гэты дзень у ДУА "Нясвіжская гімназія" прайшло мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел вучні 8-9 класаў гарадскіх школ, якія прадэманстравалі свае здольнасці, прыняўшы ўдзел у інтэлектуальнай гульні "Гучы, родная мова". У ходзе мерапрыемства ўсе прысутныя змаглі пачуць мілагучнасць роднай мовы, цудоўныя песні і вершы. Гульня прайшла цікава і захапляльна. Падчас гульні вучні праявілі кемлівасць, уважлівасць, а таксама пашырылі свой кругагляд і паглыбілі свае веды.
Нягледзячы на тое, што ў гульні былі і пераможцы, і пераможаныя, усе засталіся задаволены імпрэзай.
Была вызначана каманда "Лепшыя знаўцы роднай мовы". Гэта пачэснае званне атрымала каманда дзяржаўнай установы адукацыі "Нясвіжская гімназія". Дыпломам II ступені была ўзнагароджана каманда сярэдняй школы № 4 г. Нясвіжа, 3 месца раздзялілі паміж сабой каманды сярэдняй школы № 3 г. Нясвіжа і сярэдняй школы № 1 г. Нясвіжа.
Старшыня журы Дылеўская Вольга Вікенцьеўна ўручыла камандам дыпломы.
Пасля заканчэння гульні была праведзена акцыя "Пажаданні роднай мове", у якой дзеці пісалі свае пажаданні беларускай мове.
На мерапрыемства была запрошана Зоя Кулік, сябра раённага літаратурнага - музычнага аб'яднання "Валошкі", сябра міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Яна расказала пра сваю творчасць, прачытала свае вершы.
Гэта свята заклікана павялічваць прэстыж мовы як асновы шматвяковай культуры, узмацняць яе ролю і значэнне ў духоўным жыцці грамадства, краіны, а таксама аддаць даніну глыбокай пашаны вялікім беларускім асветнікам.
Наш кар.
НЯСВІЖСКІ ПАЎМАРАФОН
Сёлета на Нясвіжчыне Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі чацвёрты раз. За гэтыя гады намаганнямі сяброў ТБМ да агульнапрынятых методык і практык напісання дададзены свае, выпрацаваны свой стыль, свае традыцыі. Пісаліся цягам году і юбілейныя дыктоўкі на ўшанаванне памяці Уладзіслава Сыракомлі, Паўлюка Пранузы.
У гэтым годзе першымі стартавалі выпускнікі (9 і 11 кл.) Лысіцкай школы. Яшчэ напярэдадні свята яны пад кіраўніцтвам настаўніцы роднай мовы Ірыны Вацлаваўны Мышкавец напісалі дыктоўкі пад агульнай назвай "Беларусь помніць".
А непасрэдна ў Дзень роднай мовы згодна і роўна бег радок (хіба што крыху падскокваючы на ў нескладовым) у сшытках вучняў школы № 1 г. Нясвіжа, Ланскай, Карцэвіцкай, Грыцкавіцкай, Аношкаўскай, Пагарэльцаўскай школ. У большасці з іх пісалі дыктоўку і супрацоўнікі ўстаноў.
Як у папярэднія гады, у Нясвіжскім педкаледжы імя Якуба Коласа - пры ўсёй насычанасці святочнага дня - дыктоўка з'яўлялася неад'емнай часткай урачыстай дзеі.
- Да гэтага абавязвае імя нашага вялікага песняра і настаўніка, - кажа Марыя Фабіянаўна Енчык, якая штогод бярэ на сябе адказнасць арганізацыі дыктовак ва ўстанове. - Кожны год распрацоўваем мастацкія лісты-бланкі з нашым лагатыпам. Нібыта і дробязь, а стараннасці і адказнасці большае. Нашы навучэнцы склалі асноўную калькасць тых, хто пісаў дыктоўку і ў Нясвіжскай раённай бібліятэцы".
Не абмінула дыктоўка дзіцячыя садкі (№ 4 у Нясвіжы і в. Саская Ліпка), якія працуюць па ажыццяўленні нацыянальных выхаваўчых праектаў. "Малітву за беларускі народ", напісаную супрацоўнікамі гэтых устаноў, маглі прачытаць, панесці дамоў бацькі выхаванцаў, якім на працы, па службовых абавязках зусім не часта выпадае сустрэча з родным словам, тым болей, словам хрысціянскай малітвы.
Станіслава Вальчык, старшыня Карцэвіцкай суполкі, паспела правесці дыктоўку і ў садку, і ў раённым аддзяленні з дзённым перабываннем для людзей сталага ўзросту і інвалідаў.
- Пісалі тут упершыню. Мясцовы краязнаўчы тэкст, выбраны для дыктоўкі, не мог не крануць сваімі шчымлівымі нотамі кожнага, а тым больш - людзей з лёсам за плячыма, багатым вопытам і глыбокім разуменнем жыцця, - кажа Станіслава Георгіеўна пра атмасферу дыктоўкі.
Самі ж сябры ТБМ змаглі сабрацца разам 22 лютага. 2020 год, аб'яўлены імі Годам Жылкі, падказаў тэму. Дыктоўка складзена паводле Альгерда Бахарэвіча, які ўзнёс паэта, ураджэнца і гадаванца нясвіжскіх Макашоў, на самы высокі літаратурны алімп. Не абмежаваліся чыста пісаннем, абмяркоўвалі, уносілі прапановы: у траўні ж юбілейная дата.
Фінішныя дарожкі-радкі Дыктоўкі-2020 беглі-пісаліся 24 лютага на курсах "Мова нанова".
Моўны паўмарафон праз Нясвіжчыну сабраў сёлета больш за паўтысячу сяброў роднага слова. Марафоны і супермарафоны патрабуюць цвёрдага патрыятызму і нацыянальнай загартаванасці.
Наталля Плакса, Нясвіж.
"Я - сын зямлі"
Так называлася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Адбылася імпрэза 24 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы, якраз у дзень народзінаў паэта.
Вечарыну распачала Ларыса Рагачова - загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, якая распавяла пра цікавыя факты з біяграфіі Рыгора Барадуліна, а затым прапанавала прысутным паглядзець відэаролік пра народнага паэта. Успамінамі пра жыццёвыя і творчыя адносіны са славутым паэтам і земляком падзяліліся віцебскія пісьменнікі Сяргей Рублеўскі і Людміла Сіманёнак. Таксама празаік Сяргей Рублеўскі адзначыў, што народны паэт быў вельмі сціплым чалавекам і яшчэ паказаў свае фотаздымкі з Рыгорам Іванавічам.
У мерапрыемстве бралі ўдзел Ірына Вацлаваўна Саматой - былая выкладчыцца ВДУ - і Людміла Нікіціна - дырэктар музея "Гісторыя Заронаўскага краю". Яны падзяліліся ўспамінамі пра тое, як творчасць Рыгора Барадуліна паўплывала на іх светабачанне і ўспрыманне літаратуры. Ірына Вацлаваўна яшчэ распавяла пра сваю вучобу ў БДУ, падчас якой была знаёмая з дачкой паэта Ілонай Барадулінай, а пасля распавяла пра цікавыя сустрэчы з Рыгорам Іванавічам у ВДУ імя Машэрава, якія ладзіліся на філалагічным факультэце.
Пад гітару прагучалі песні, напісаныя на вядомыя вершы Рыгора Барадуліна, у тым ліку і духоўнай тэматыкі, у выкананні выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў Міхаіла Рубіна і Аляксандра Славяна. У зале была арганізаваная выстава твораў Рыгора Барадуліна з фондаў галоўнага кнігасховішча вобласці.
Кожны з прысутных, бадай, добра ўсведамляў, што народны паэт быў вельмі адчувальны да беларускага трапнага слова, якое прысутнічае ў кожным ягоным вершы. Рыгора Іванавіч - гэта чалавек легенда, якога вельмі цяжка паўтарыць. Няхай яго няма ўжо з намі, але напісаныя ім вершы, поўныя пяшчоты, закаханасці, веры ў людзей, поўныя любові да сваёй матулі і малой радзімы - Вушаччыны, будуць жыць з намі вечна.
Наталля Ермакова, сябра ТБМ, студэнтка 3 курса ВДУ імя Машэрава.
Дэкада роднай мовы ў лідскіх школах
З 13 па 23 лютага на Лідчыне ішла Дэкада роднай мовы. Прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага, яна была напоўнена масай самых розных мерапрыемстваў, ключавым з якіх была 13-я Агульнанацыянальная дыктоўка.
Як і летась, асноўнай ударнай сілай дыктоўкі сталі лідскія школьнікі. Дыктоўку пісалі ўсе 34 установы агульнай сярэдняй адукацыі Лідскага раёна.
Сёлета ў лідскіх школах пісалі дзве дыктоўкі: вучні пісалі лідскую дыктоўку, прапанаваную Лідскім райвыканкамам, а настаўнікі, бацькі і іншыя прадстаўнікі грамадскасці пісалі гарадзенскую дыктоўку, прапанаванрую Гарадзенскім абласным упраўленнем адукацыі. Абедзве дыктоўкі былі прымеркаваны да 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Дыктоўку пісалі 7926 вучняў, што некалькі менш, чым летась. З-за гэтага памяняліся лідары сярод школ:
СШ № 12 - 723 чал.
СШ № 15 - 663 чал.
СШ № 1 - 561 чал.
СШ № 8 - 522 чал.
СШ № 9 - 499 чал.
СШ № 6 - 457 чал...
Бярозаўская СШ № 3 - 342 чал. і г.д. на памяншэнне.
Сярод сельскіх школ:
Першамайская СШ - 145 чал.
Дзітвянская СШ - 115 чал.
Ёдкаўская СШ - 105 чал. і г.д.
Гарадзенскую дыктоўку пісалі:
настаўнікі - 425 чал.
бацькі - 180 чал.
іншыя прадстаўнікі грамадскасці - 47 чал.
Разам - 652 чалавекі.
Усяго ўдзельнікаў 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў лідскіх школах - 8578 чалавек.
Безумоўным станоўчым момантам сёлетняй дыктоўкі стаў масавы ўдзел у ёй настаўнікаў, тэхнічных работнікаў школ і бацькоў.
Яраслаў Грынкевіч. Здымкі ўзяты з сайтаў Гімназіі № 1 і Ліцэя № 1 г. Ліды.
Дзень роднай мовы ва ўстановах дашкольнага выхавання Лідскага раёна
Міжнародны дзень роднай мовы традыцыйна адзначаецца ва ўсіх установах дашкольнага выхавання Лідскага раёна. Сёлета ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх 50 дзіцячых садках (з улікам і тых, якія ўваходзяць у школьныя комплексы).
Палічыць удзельнікаў тут вельмі праблематычна, але гэта недзе 1500 - 2000 чалавек.
Па здымках, узятых з сайта д/с № 24, відно, што дашкольныя ўстановы Лідчыны рыхтуюцца да Дня роднай мовы грунтоўна, нават нацыянальныя строі маюць.
Наш кар.
Дзень роднай мовы ў Лідскім політэхнічным ліцэі
У рамках акцыі "Беларусь помніць" 20 лютага 2020 года ў Лідскім політэхнічным ліцэі праведзена Гарадзенская абласная дыктоўка па тэксце, прысвечаным 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
75 навучэнцаў удзельнічалі ў напісанні дыктоўкі. Абсалютны пераможца - Бранцэвіч Аляксандр, гр. 376. Хочацца адзначыць дыктоўкі Сыманюка Максіма, гр. 375; Мікуця Дзяніса, гр. 376; Куліковай Аляксандры, гр. 377; Волахава Ільі, гр. 372; Пыпеця Віталія, гр. 373.
Пасля дыктоўкі адбылася сустрэча з намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ бардам С. Чарняком "А мова гучыць…".
Наш кар.
Да Дня роднай мовы
У Лідскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы добрай традыцыяй стала святкаванне Дня роднай мовы. Сёлета да гэтай даты быў падрыхтаваны шэраг мерапрыемстваў.
21 лютага пачаўся яскрава - відэапрэзентацыяй і фотавернісажам, арганізаваным у педагагічным корпусе каледжа. Шмат цікаўных сабрала гульня сярод першых курсаў гуманітарнага аддзялення "Размаўляем па-беларуску". Багата ўражанняў пакінула экскурсія навучэнцаў у Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе яны змаглі дакрануцца да скарбаў народнай творчасці і стаць удзельнікам майстра-класа па ткацтве. А вось бадай самай масавай і папулярнай па традыцыі стала акцыя "Гавары са мной па-беларуску" і ўсеагульная дыктоўка, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі, якую пісалі 233 навучэнцы каледжа 1- 4 курсаў усіх спецыяльнасцей.
Сёлета свой 80-гадовы юбілей адзначае Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. З нагоды слаўнай даты навучэнцы і выкладчыкі прынялі ўдзел у акцыі "Знайдзі сябе з намі": 25 чалавек пісалі дыктоўку "Пад зоркай Купалы".
Дзень роднай мовы праходзіць у каледжы ўжо не першы год і нязменна ахоплівае нямала цікаўных і неабыякавых да роднага слова навучэнцаў і выкладчыкаў. Далучэнне да роднага слова, літаратуры, культуры гарантавана стварае святочны настрой і пакідае шмат прыемных уражанняў, а самае галоўнае - папулярызуе наша роднае слова.
Падрыхтавала Яхантава Аліна, навучэнка 4 курса Лідскага каледжа.
Дыктоўка ў Лідскім музкаледжы
Сёлета да Агульнанацыяальнай дыктоўкі далучыўся Лідскі музычны каледж. Пісалі 104 чалавекі.
Лідскі музычны каледж таксама прыняў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні канцэрту да Дня роднай мовы ў Лідскім палацы культуры.
Наш кар.
Дыктоўка ў Лідскім меліярацыйным ліцэі
13-я Агульнанацыянальная дыктоўка прайшла ў Лідскім дзяржаўным прафесійным ліцэі меліярацыйнага будаўніцтва.
Пісалі дыктоўку 24 чалавекі спецыяльнасці "Грамадскае харчаванне". Чытала выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Вольга Мар'янаўна Вашкевіч.
Па выніках дыктоўкі:
10 балаў - 1 чалавек;
9 балаў - 1;
8 балаў - 3;
7 балаў - 2;
6 балаў - 6.
Трэба думаць, што закончыўшы ліцэй, гэтыя маладыя спецыялісты, якія так паспяхова пішуць дыктоўкі, не будуць упадаць у ступар, калі ў іх папросяць рамонкавую гарбату ці якую іншую звыклую беларускую страву.
Наш кар.
Дзень роднай мовы ў Нёманскім ДПЛ
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. У Нёманскім дзяржаўным прафесійным ліцэі г. Бярозаўкі Лідскага раёна таксама адзначылі гэтае свята.
Беларусам многія народы могуць пайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова. Таму мы не маглі застацца ўбаку і правялі мерапрыемства "Гучы, наша родная мова, часцей". Удзел у мерапрыемстве прынялі ўсе навучэнцы ліцэя.
У ходзе мерапрыемства:
- была выпушчана насценгазета "Родная мова";
- складалі вершы, прысвечаныя роднай мове;
- пісалі сачыненні - разважанні "Што нам неабходна зрабіць, каб мова гучала часцей".
Наш кар.
120 першасных суполак БРСМ Лідскага раёна прынялі ўдзел у 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы
Абсалютная большасць кіраўнікоў першасных суполак БРСМ Лідскага раёна далажыла аб правядзенні або ўдзеле ў 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы. У навучальных установах суполкі БРСМ пісалі дыктоўкі ў агульнай плыні, а вось на прадпрыемствах арганізоўвалі мерапрыемства самастойна.
Сёлета мы маем абсалютна іншую пастаноўку справы. Калі пазалетась і летась у Лідзе дыктоўкі пісалі па 2-3 суполкі БРСМ, то зараз 120. І гэта вялікая падтрымка для справы беларускай мовы.
Наш кар.
Агульныя вынікі 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі і Дня роднай мовы на Лідчыне
У пяты раз Лідчына масава пісала Агульнанацыянальную дыктоўку. Сёлета яна складалася як бы з чатырох частак:
- дыктоўка Гарадзенскага аблвыканкама;
- дыктоўка Лідскага райвыканкама;
- дыктоўка Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы;
- дыктоўка ТБМ.
Але ўсё гэта - тое самае.
Лідскія школы далі 8578 удзельнікаў дыктоўкі.
Два лідскія каледжы далі 362 удзельнікі.
Два прафесійныя ліцэі далі 99 чалавек.
Клубы - 22 чалавекі.
Бібліятэкі - 70 чалавек.
Музей - 6 чалавек.
"Мова нанова" - 15 чалавек.
Бярозаўскае ТБМ - 8 чалавек.
Разам атрымалася 9160 чалавек.
Сюды трэба дадаць удзельнікаў дык-товак з прадпрыемстваў. Такім чынам можам гаварыць недзе пра 9200 удзельнікаў 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне. У прынцыпе Лідчына захавала пазіцыі.
Што тычыцца Дня роднай мовы наогул, то тут таксама пазіцыі не страчаны. Свята адзначалася ў 50 дзіцячых садках, быў канцэрт у Палацы культуры, быў квэст, прайшлі мерапрыемствы ў Бярозаўцы і на вёсках.
Сёлета 21 лютага Ліда акрамя ўсяго ўрачыста прыняла тытул культурнай сталіцы Беларусі.
Сёлета пад Дзень роднай мовы ўрачыста быў абвешчаны 4-ты конкурс "Дарослыя дзецям" імя Веры Навіцкай.
Дзень роднай мовы прайшоў. Для многіх ён адразу забыўся, але для сяброў ТБМ павінен быць у памяці, бо гэты дзень ёсць індыкатар, што нічога не страчана, што мы ўсё адродзім і вернем.
Станіслаў Суднік.
З падзей 2019 года
Склаў Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
27 верасня. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання Берасцейскай Бібліі, якая была надрукавана ў 1563 г.
27 - 29 верасня. Восьмы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбыўся ў Вільні. Ён доўжыўся 3 дні. На яго сабралася каля 520 навукоўцаў. Урачыстае адкрыццё і пленарнае пасяджэнне адбылося ў касцёле Святой Кацярыны.
30 верасня. 137 770 беларусаў аформілі карту паляка і яшчэ 1,5 тысячы заявак зараз знаходзяцца на разглядзе, паведамілі з МЗС Польшчы. Беларусы атрымоўваюць карту паляка часцей, чым жыхары іншых краін, а на другім месцы за імі ўкраінцы.
Верасень. 150 тарпанаў завезлі ў мінулым месяцы ў Налібоцкі заказнік з Нідэрландаў. Яны да канца кастрычніка на каранціне, а пасля іх выпусцяць на волю. Тут ужо нарадзілася адно жарабё. Тарпанаў нам падарылі ахоўнікі прыроды Нідэрландаў. Так што нам яны дасталіся бясплатна. У Беларусі дзікія коні зніклі 400 гадоў таму. А ў 1409 г. вялікі князь Вітаўт вылаўліваў іх тут перад Грунвальдскай бітвай.
Верасень. Выйшла з друку Энцыклапедыя Берасця, прысвечаная 1000-годдзю горада.
1 кастрычніка. У Ерэване (Арменія) адбылося пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага савета, у якім удзельнічалі прэзідэнты ЕАЭС.
3-4 кастрычніка. У Жытоміры (Украіна) адбыўся ІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. На другі дзень адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага.
4 кастрычніка. У Беларусі пачаўся перапіс насельніцтва.
4 кастрычніка. У Менску праходзіў II міжнародны кангрэс "Навука, харчаванне і здороўе", на які сабраліся вядучыя вучоныя, медыкі і прадстаўнікі міністэрстваў перапрацоўчай прамысловасці. Яны абмеркавалі вынікі даследаванняў у галіне праблем харчавання і здароўя чалавека, шляхі павышэння якасці харчовай прадукцыі.
6 кастрычніка. Партыя "Народная Грамада" ў рамках кампаніі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў правяла ў Менску, на пл. Свабода, каля ратушы, мітынг у абарону незалежнасці Беларусі.
Жыхары Берасця прайшлі маршам па цэнтры горада з патрабаваннем закрыцця завода і адмены смяротнага пакарання.
10 кастрычніка. У нямецкім горадзе Бокенем былі затрыманы 4 беларусы з Аршанскага раёна, калі яны кралі тэлевізары з аўтафуры. Кіраўніка гэтай зладзейскай шайкі затрымалі ў Беларусі яшчэ 1 кастрычніка.
11 кастрычніка. У Ашхабадзе праходзіла пасяджэнне Савета кіраўнікоў краін-удзельніц СНД. Удзельнічаў і беларускі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
У сваёй прамове Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць умацавання СНД як самадастатковага і эфектыўнага аб'яднання. Прэзідэнты Азербайджана і Арменіі крытыкавалі адзін аднаго (гэта ўсё з-за Карабаха).
15 кастрычніка. Пасля халоднага тыдня сёння ў Гародні было 20 градусаў цяпла. На двух вуліцах заквітнелі каштаны, дзьмухаўцы і незабудкі.
20 кастрычніка. У Драгічыне тэмпература паветра дасягнула +22,6 градусаў цяпла. Гэта рэкорд для гэтага дня.
21 кастрычніка. Савет Міністраў Беларусі звольніў старшыню канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандра Забэлу, а 22 кастрычніка - гендырэктара ААТ "Мінск Крышталь" - кіраўнічая кампанія холдынга "Мінск Крышталь Груп" Станіслава Ёдзіса. Як стала вядома, за хабарніцтва ў гэтых арганізацыях.
21 кастрычніка. Пры рэстаўрацыі манумента Плошча Перамогі ў абеліску знайшлі бутэльку з-пад шампанскага, а ў ёй - пасланне да нашчадкаў ад будаўнічай брыгады 13 чалавек са спісам прозвішчаў. Заклалі бутэльку пад пліту пад цэмент 5 лістапада 1987 года. Напісалі на паперы: "Здесь надрывала свои спины ударная бригада Емельянова стройтреста... Работали мы три с половиной месяца по 13 рублей за смену". Да запіскі яшчэ прыклалі дзве савецкія капейкі. Журналісты адшукалі пару чалавек тых будаўнікоў. З іх жывых засталося толькі 10. Уладзімір Шынкевіч (цяпер яму 55 гадоў) кажа, што яны тады баставалі цэлы тыдзень і прасілі надбаўку за цяжкую працу, але нічога не дамагліся.
22 кастрычніка. Зварот гомельскага актывіста ад АГП Уладзіміра Непомняшчых, які ідзе кандыдатам у Палату прадстаўнікоў па Гомельскай Цэнтральнай акрузе № 33, знялі з тэлеэфіру канала "Беларусь 3", бо ён заклікаў да імпічменту А. Лукашэнку і абмежавання яго аховы да двух чалавек.
25 кастрычніка. Візіт А. Р. Лукашэнкі ў сталіцу Казахстана. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў правёў перамовы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Дамовіліся аб пастаўках нафты з Казхстана ў Беларусь. Першы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў атрымаў кошык з беларускімі прадуктамі і ўручыў Лукашэнку ханскі пояс, кінжал і кнігу казахскага асветніка XIX стагоддзя Абая Кунанбаева "Слова назидания" ("Словы настаўлення").
24 кастрычніка. У в. Ручаёўка Лоеўскага раёна ваўчыца пакусала мужчыну (1962 г. нар.). Пацярпелы звярнуўся ў тутэйшую бальніцу. Міліцыянеры з паляўнічымі ваўчыцу забілі.
Ноччу 25 кастрычніка, прыкладна ў 3:12 на поўдзень ад горада Браслава асколак атмасфернага цела (метэарыт) праляцеў над возерам Дрывяты і пры гэтым інтэнсіўна свяціўся.
29 кастрычніка. Увечары ў Курапатах прайшла ноч расстраляных паэтаў. Сабралася каля 400 чалавек, каб памянуць 100 расстраляных літаратараў ноччу з 29 на 30 кастрычніка 1937 г.
30 кастрычніка. На поўначы Менскай вобл., на Нарачы, раніцай ляжаў першы снег.
4 - 30 кастрычніка. У Беларусі праводзіўся перапіс насельніцтва на планшэтах або самастойна ў Інтэрнэт. У апытальным лісце было аж 49 пытанняў.
У верасні тэмпературныя рэкорды адзначаліся 2-га, 3-га, а таксама з 9 - га па 12 - ты дзень, антырэкорды - 20-га, 21-га, 23-га і 24-га.
У кастрычніку рэкорды цяпла абнаўляліся з 13-га па 16-ты, а таксама з 19-га па 27-мы дзень. А ў ноч на 31 кастрычніка ўпершыню ў цяперашнім асенне-зімовым сезоне тэмпература апусцілася да 10 градусаў марозу. У Бабруйску і Васілевічах былі адзначаныя новыя рэкорды холаду - мінус 10,3 і мінус 10 градусаў адпаведна. Паводле інфармацыі Белгідрамета, сярэднямесячная тэмпература паветра склала ад + 8 да + 11 градусаў, што ў асноўным на 2-3 градусы вышэй за кліматычную норму. Такі цёплы кастрычнік - другі раз за апошнія 75 гадоў.
1 - 8 лістапада. Праводзіўся XXVI Менскі міжнародны кінафестываль "Лiстапад". За тыдзень гледачы паглядзелі 154 кінакарціны з 50 краін. Гран-пры "Золата Лiстапада" ўручылі ўкраінскаму режысёру Валянціну Васяновічу за фільм "Атлантыда".
2 лістапада. На сцэне Менск-Арэна выступала спявачка Ала Пугачова. З вялікім сольным канцэртам пасля амаль 10-гадовага перапынку Пугачова вяртаецца ў беларускую сталіцу. На яе менскае выступленне самы дарагі квіток каштаваў 304 рублі, самы даступны - 64 рублі. Калі параўнаць мінімальны кошт квітка на менскі канцэрт і максімальны - на маскоўскі, рэальна атрымліваем розніцу ў 100 разоў. На канцэрце было каля 10 тыс. чалавек. Кіраўнік Адміністрацыі Н.І. Качанава ад імя А.Р. Лукашэнкі ўручыла Пугачовай кветкі і цукеркі.
3 лістапада. КХП-БНФ арганізавала шэсце і мітынг у Курапатах. На гэты раз удзельнічалі толькі каля 250 чалавек. Тыя гады было болей моладзі і пенсіянераў.
4 лістапада. У Менску слупок тэрмометра паказваў +15,2 °C. Тым самым пабіты былы рэкорд гэтага дня, устаноўлены ў 1996 г. Тады ў беларускай сталіцы было +13,8 °C.
1 - 10 лістапада. Прэзідэнт А Лукашэнка знаходзіўся з афіцыйным візітам у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.
4 лістапада ў Беларусі таксама быў пабіты рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў. У Жыткавічах паветра прагрэлася да +18,5 градуса цяпла. Ранейшы максімум складаў 17,8 градуса (4 лістапада 1968 года ў Берасці). Абнавіліся экстрэмум дня на 36 метэастанцыях ва ўсіх абласцях. Самым старым быў рэкорд, зафіксаваны ў 1899 годзе ў Мар'інай Горцы, + 14,6 градуса (цяпер +16,7).
5 лістапада адзначаны новыя максімумы дня на 10 метэастанцыях на тэрыторыі Віцебскай, Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, у тым ліку на самай паўночнай ("Езярышча") і самай паўднёвай ("Брагін") станцыях.
5 лістапада. Сёння А. Лукашэнка з сынамі былі на сустрэчы з шэйхам аль-Махтумам, кіраўніком эмірата Дубай і прэм'ерам ААЭ.
6 лістапада. Нарвежская караблебуданічая компанія Ulstein пабудавала марскі карабель, які не ўгойдвае падчас шторму і плаўна ідзе.
6 лістапада. Перспектывы двухбаковых адносін абмеркавалі ў час сустрэчы А. Лукашэнка і спадчынны прынц Абу-Дабі, намеснік Вярхоўнага галоўнамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ.
6 лістапада ў Слоніме ўрачыста адкрылі помнік дзяржаўнаму дзеячу ВКЛ і Рэчы Паспалітай Міхалу Казіміру Агінскаму. На свае сродкі яго вырабіла мясцовая прыватная фірма "Гранві" Уладзіміра Вількіцкага, а ініцыятарам было грамадскае аб'яднанне "Слонімканалагінскага". У імпрэзе прыняло ўдзел кіраўніцтва горада.
8 лістапада. У Рэчыцы праводзіўся фестываль "Дажынкі" Гомельскай вобласці.
8 лістапада. Сустрэча свабодных людзей з кандыдатам у дэпутаты Аленай Талстой на плошчы Свабоды ў Менску.
9 лістапада. У Глушы Бабруйскага раёна ўстаноўлены першы помнік Алесю Адамовічу. Помнік каштаваў 13 тысяч рублёў, якія былі сабраныя па ініцыятыве жыхара Бабруйска Андрэя Архіпенкі. Яго аўтары - скульптары Генік Лойка і Яўген Білей.
У Доме культуры Глушы будзе створаны музейная экспазіцыя прысвечаная пісьменніку Алесю Адамовічу.
9 лістапада ўрачыста адзначылі 30 гадоў з часу, калі адбылося першае пасля доўгага перапынку набажэнства з удзелам грэка-каталіцкай моладзі. Тады да мясцовага святара, светлай памяці Яна Матусевіча прыехала інтэлігенцыя з Менска. Быў пакладзены пачатак адраджэнню ўніяцкай канфесіі ў Беларусі. Урачыстую Імшу вёў візітатар грэка-католікаў Сяргей Гаек. Былі прадстаўнікі з Гародні, Маладзечна, Менска і Івацэвічаў.
9 лістапада. У Пінску паветра прагрэлася да +16,5 градусаў.
10 лістапада захоўваецца цёплае надвор'е. У Менску + 11-13 градусаў. Рэкорд дня для сталіцы - +13,5, зафіксаваны 92 гады таму.
11 - 13 лістапада. Афіцыйны візіт А. Лукашэнкі ў Аўстрыю.
13 лістапада. У Пінску паветра прагрэлася да 16,5 градуса вышэй за нуль, што на 1 градус больш ранейшага максімуму, зафіксаванага ў 1996 годзе ў Берасці. У самім Пінску папярэдні экстрэмум дня складаў +14,6 градуса (у 2010 годзе).
Абнавіліся максімумы на ўсіх метэастанцыях Менскай вобласці, на большасці - Берасцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай, амаль на палове станцый Гомельскай вобласці.
У сталіцы пабіты рэкорд дня 50-гадовы даўнасці: +13,2 градуса супраць +11,1. Сярод абласных цэнтраў новы максімум зафіксаваны ў Магілёве - +11,3 супраць +10,2 у 1977 годзе.
Самыя старыя загінулыя рэкорды датаваныя 1950 годам - у Слуцку (+14,4 супраць +12 градусаў) і Жыткавічах (+15,5 супраць +14,1).
13 лістапада стала пятым днём гэтага месяца з рэкордамі цяпла. 10 лістапада абнавіліся максімумы дня на дзесяці паўночных метэастанцыях краіны: у Віцебскай, Менскай і Гарадзенскай абласцях. Усе ранейшыя рэкорды ставіліся да 2010 года. 4 і 9 лістапада зафіксаваны тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў. 5 лістапада адзначаны новыя максімумы дня на дзесяці метэастанцыях на тэрыторыі Віцебскай, Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей.
13 лістапада. Міністэрства абароны Беларусі закупіла ў Расіі для беларускай авіяцыі 12 баявых самалётаў Су-30 СМ на суму 600 млн. долараў (па 50 млн. за 1 самалёт). Расія згаджалася паставіць іх у Беларусь бясплатна, калі б яна у Беларусі размясціла сваю авіябазу.
(Працяг у наст. нумары.)
I Рэспубліканскі краязнаўчы форум Беларусі
ПРЭС-РЭЛІЗ
12 сакавіка а 11-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца I Рэспубліканскі краязнаўчы форум Беларусі ў рамках Года малой радзімы.
А 10-й гадзіне адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам арганізатараў форуму.
Арганізатарамі форуму з'яўляюцца Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі фонд культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Партнёры форуму - Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкі дом "Звязда".
У форуме прымуць удзел каля 230 чалавек: краязнаўцы, супрацоўнікі ўстаноў культуры, адукацыі, навукі і інфармацыі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцы ўстаноў агульнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, наведвальнікі ўстаноў дадатковай адукацыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і інш.
Задачы форуму: вывучэнне стану спраў у галіне краязнаўства; папулярызацыя гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны беларускіх гарадоў і вёсак; пашырэнне ведаў аб краязнаўчых праектах Беларусі; стварэнне ўмоў для дыялогу паміж краязнаўцамі; пашырэнне магчымасцяў творчай самарэалізацыі асобы і садзейнічанне яе прафесійнаму станаўленню; далучэнне моладзі да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Беларусі; грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі праз іх далучэнне да даследавання гісторыі, культуры і прыроды роднага краю; садзейнічанне выхаванню грамадзяніна Беларусі - патрыёта малой радзімы, дасведчанай асобы, што любіць і шануе свой край, яго традыцыі, помнікі гісторыі, культуры і прыроды; патрыятычнае выхаванне моладзі, развіццё ў іх грамадзянскіх якасцяў, пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, гонару да нацыянальнага багацця мінулага і сучаснасці Беларусі; фарміраванне актыўнай, самастойнай, высокаадукаванай, творчай асобы; трансляцыя дасягненняў і вопыту паміж краязнаўцамі.
У межах форуму будуць падведзены вынікі конкурсу на лепшае краязнаўчае выданне за 2017 - 2019 гг., у якім удзельнічаюць больш за 200 кніг, праведзена прэзентацыі найбольш цікавых краязнаўчых праектаў і выстава гісторыка-краязнаўчай літаратуры з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выданняў краязнаўцаў.
Кантактная асоба:
загадчык навукова-метадычнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Юшкевіч Юлія Валер'еўна (+375 17 328-63-72).
"Высь нацыі - МОВА"
Да Свята роднай мовы наш зямляк, Сяргей Сцяпанавіч Панізнік, даслаў мне такія словы, якія прагучалі падчас раённага конкурсу чытальнікаў:
А "Тыдню Роднай Мовы"
кліч "- На дабрыдзень!" - ловы:
салдаціку, міністру,
таксісту, журналісту
і ўсім, хто зняў аковы,
чаўпню паклаў у сховы,--
р а д н ю с е н ь к і м і быць
і нам, як альпіністам,
Высь Нацыі любіць !
Трэці год запар на Верхнядзвіншчыне Дзень роднай мовы праходзіць так шырока. Раённай арганізацыі "Тварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" давялося шмат пашчыраваць, каб гэты дзень прайшоў годна і заўважна. І, канешне, свята не абышлося без чарговай дапамогі з боку абласнога грамадскага аб'яднання "Самакіраванне і грамадства" на чале з Хрыстафорам Жаляпавым, арганізацыі, з якой мы зладзілі не адну творчую сустрэчу з вядомымі людзьмі на Верхнядзвіншчыне.
Варта сказаць крыху пра гісторыю таго, як свята стала так адзначацца на Верхнядзвіншчыне. Першае мерапрыемства, а гэта конкурс чытальнікаў, прайшоў у СШ № 2 г. Верхнядзвінска ў 2018 годзе, і тады нам, актывістам ТБМ-эмаўцам, вялікую дапамогу аказала намеснік дырэктара школы па выхаваўчай працы Алена Мікалаеўна Слямнёва, якая і ў гэтым годзе не засталася ўбаку: у школе прайшла сустрэча вучняў і настаўнікаў з пісьменніцай Ірынай Жарнасек, а Алена Мікалаеўна ўвайшла ў склад журы раённага конкурсу чытальнікаў, у якім ў гэтым годзе ўдзельнічалі ўсе школы раёна.
З мінулага года свята роднай мовы было ўключана ў план мерапрыемстваў аддзела адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама: першы крок быў зроблены ў 2018 годзе ў СШ № 2, а затым, па прапанове Таварыства беларускай мовы, да святкавання Дня роднай мовы ў 2019 годзе далучыўся Цэнтр дзяцей і моладзі, і на гэтым свяце гучалі ўжо не толькі вершы беларускіх паэтаў, але і песні беларускіх кампазітараў. Госцем свята быў знакаміты ў нашай вобласці краязнавец з Мёраў Вітаўт Антонавіч Ермалёнак, які прэзентаваў падчас сустрэчы і свае дзве новыя кнігі. Менавіта тады, у 2019 годзе, і было прынята рашэнне аб ўключэнні святкавання Дня роднай мовы ў план раённых мерапрыемстваў аддзела адукацыі. Гэтым годам Цэнтрам дзяцей і моладзі было распрацавана адмысловае Палажэнне, на падставе якога конкурс праходзіў у трох групах: малодшай - 1-4 клас, сярэдняй - 5-8клас, і ў старэйшай узроставай катэгорыі ўдзел прымалі вучні 9-10 класаў. Трыццаць два ўдзельнікі конкурсу ў гэты дзень чыталі вершы А. Вярцінскага, Н. Гілевіча, П. Панчанкі, П. Броўкі, Г. Бураўкіна, Я. Янішчыц, А. Куляшова і іншых беларускіх паэтаў. Літаральна напачатку конкурсу да арганізатараў падыйшла дзяўчынка з СШ № 2 Таццяна Лаўрыновіч і папрасіла, каб яе таксама ўключылі ў праграму. А яшчэ яна адкрывала свята выкананнем песні пра Беларусь.
У складзе незалежнага журы - Ірына Жарнасек, якая для ўзнагароджання пераможцаў прывезла свае кнігі, экс-суддзя нашага раёна Вячаслаў Якімаў, які выдаў дзве кнігі пра гісторыю свайго краю, краязнавец і паэт Антон Бубала, намеснік дырэктара СШ № 2 Алена Слямнёва, мастак Валеры Шчасны, дырэктар раённай бібліятэкі Люд міла Куўшынава.
Як прызнаўся, падводзячы вынікі конкурсу, Антон Бубала, якому ад імя жу ры было дадзена права агучыць імёны пераможцаў, жарсці сярод сябраў журы былі вострыя. Сапраўды, было відаць, што і дзеці, і настаўнікі, якія выкладаюць родную мову, старанна падрыхтаваліся да мерапрыемства: дзеці падрыхтаавалі да конкурсу творы вядомых беларускіх паэтаў, адпаведныя строі чытальнікаў, паўнюткая зала і шчырыя апладысменты заахвочвалі канкурсантаў.
Арганізатары паклапаціліся і аб ўзнагародах не толькі пераможцаў, але і заахвочвання ўсіх удзельнікаў Свята роднай мовы. Пераможцы ў першай узроставай, малодшай групе атрымалі мяккія цацкі, кнігі П. Севярынца, У. Папковіча, І. Жарнасек і дыпломы, пра якія хочацца сказаць асобна: дыпломы ўяўлялі сабой разгорнутую кнігу з партрэтамі Н. Гілевіча, Я. Янішчыц і Н. Арсенневай з іх вершамі пра родную мову. Іх атрымалі ўсе ўдзельнікі конкурсу. Другая ўзроставая група ў падарунак атрымала кнігі Ірыны Жарнасек, а больш старэйшыя вучні - кнігі Франца Сіўко, якія ён перадаў спецыяльна для Свята роднай мовы.
У лік пераможцаў у старэйшай узроставай групе - Масальскі Ягор з Верхнядзвінскай гімназіі, Родзік Насця з Шайцераўскай школы і Казак Вераніка з Бігосаўскай СШ.
У сярэдняй узроставай групе першыя тры месцы журы аддало Макеенка Ксеніі з Верхнядзінскай гімназіі, Маслоўскаму Дзянісу з Прыдзвінска-Бароўскай СШ і Літвінавай Вікторыі з Асвейскай СШ.
Сярод самых маленькіх удзельнікаў пераможцамі прызнаны Янкоўская Ірына з Сар'янскай школы, Шалонька Дзмітры з СШ № 2 і Рубін Дзіяна з Боркавіцкай школы.
Напрыканцы усіх чакалі салодкія пачастункі і фотасесіі з настаўнікамі і пераможцамі конкурсу.
У гэты раз мы, як арганізатары, падрыхтавалі спецыяльныя запрашэнні на Свята роднай мовы. Але засмуціла тое, што калі ўжо нават абласныя кіраўнікі ў Віцебску пісалі беларускамоўную дыктоўку, мясцовае начальства было занята сваімі справамі і не прыйшло на свята.
Узгадаем словы Яўгеніі Янішчыц:
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш
што свет даўно не вузкі!
Ды калі ты не бязродны сын -
Гавары са мной па-беларуску!
Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.