НАША СЛОВА № 12 (1475), 18 сакавіка 2020 г.
"Нашаму слову" - 30 гадоў
17 сакавіка споўнілася 30 гадоў з моманту выхаду першага нумара тады яшчэ бюлетэня "Наша слова". Што праўда, дата выхаду пазначана як "сакавік 1990 года", але неяк у якасці дня выхаду прыжылося менавіта 17 сакавіка.
30 гадоў - цэлая эпоха, палова свядомага жыцця чалавека, імгненне ў жыцці народа. Сёлетні нумар - 1475-ты ў агульнай нумарацыі. Колькі надрукавана палос, якім накладам - гэтага так проста і не палічыш. Былі ў газеты і лепшыя, і горшыя часы, але нягледзячы на ўвесь Інтэрнэт, на ўсё тэлебачанне і іншыя электронныя СМІ дажыла такі газета да 30-годдзя. Хоць паменшаным наклада, хоць 1500 кожны тыдзень, а выходзіць. І многае з таго, што сёння ўдаецца ТБМ, не ўдалося б, не атрымалася б без "Нашага слова".
Газета з нумара ў нумар піша пра дзейнасць арганізацый ТБМ, пра праблемы беларускай мовы, якіх не становіцца менш, тым не менш "Наша слова" не траціць аптымізму. Мы бачым змены ў грамадстве, як яно, беларускае грамадства, становіцца больш адукаваным, мы чуем, як людзі на прамілы Бог просяць адзінай дзяржаўнай беларускай мовы. Беларускае грамадства гатова развярнуцца да беларускай мовы сёння, як гэта было ў пачатку 90-х мінулага стагоддзя. Патрэбна воля кіраўніцтва Беларусі, магчыма, заўтра ці паслязаўтра і нашая стойкасць сёння, заўтра, паслязаўтра і заўсёды. І мы выстаім, бо мы - беларусы.
Станіслаў Суднік.
З 30-годдзем, "Наша слова"!
Заснаваная ТБМ газета адзначае свой трыццацігадовы юбілей.
За гэты час зроблена столькі, што ў адным артыкуле гэта немагчыма пералічыць. Былі зорныя часы, калі працавала прафесійная рэдакцыя, якую ўзначальваў пісьменнік Эрнест Ялугін. Газета мела значную чытацкую аўдыторыю, вялікую падпіску, прадавалася ў шапіках. "Наша слова" публікавала вострыя матэрыялы, датычныя нашай гісторыі і сучаснасці. Нягледзячы на тое, што ў тыя часы было шмат незалежнай дэмакратычнай прэсы, "Наша слова" займела сваё адметнае аблічча і заняло сваё месца сярод іншых перыядычных друкаваных выданняў. На старонках газеты друкаваліся творы прызнаных майстроў слова, а таксама спробы маладых. Сярод артыкулаў розных часоў мы можам знайсці цікавыя творы па гісторыі, культуры, філалогіі. І ўсё ж асноўная мэта нашай газеты - распавядаць пра справы ТБМ. Таму вялікае месца на старонках газеты адводзіцца публікацыям пра дзейнасць ТБМ-скіх структур у Баранавічах, Магілёве, Лідзе, Віцебску, Оршы і многіх іншых. Без перабольшання - "Наша слова" з'яўляецца архівістам і люстэркам жыцця нашай беларускай інтэлігенцыі ад 1990 года і па сённяшні дзень.
30 гадоў! За гэты час сышлі ў нябыт многія газеты, у тым ліку друкаваныя органы палітычных партый. "Наша слова" выстаяла. Выстаяла, нягледзячы на неспрыяльныя палітычныя працэсы. "Наша слова" жыве. Яно прабіваецца да чытача, адольваючы матэрыяльныя перашкоды, падзенне чытацкай аўдыторыі, ціск на беларускае слова ва ўсіх сферах нашага жыцця. Жыве, дзякуючы найперш баявітасці яе сённяшняга рэдактара Станіслава Судніка. Менавіта ён узяў на сябе адказнасць за выданне газеты ў цяжкі час і фактычна адзін выпускае яе ў свет не ў сталіцы, а ў звычайным раённым гарадку Лідзе.
Жыве, дзякуючы тым сапраўдным сябрам арганізацыі, хто пастаянна выпісвае газету сам, хто раздае яе сярод сяброў і знаёмых, заахвочваючы да чытання нашага роднага слова.
Жыве, дзякуючы падтрымцы ФПБ, якая на працягу дзясятка гадоў выдзяляе спонсарскую дапамогу для падпіскі на газету шматлікіх школьных і раённых бібліятэк Беларусі.
Жыве, дзякуючы ахвяраванням многіх людзей.
Дарагія сябры ТБМ!
Шаноўныя чытачы "Нашага слова"! 30-гадовы юбілей "Нашага слова" - выдатная падзея для нас усіх. Мы маем поўнае права ганарыцца нашай газетай, нашай арганізацыяй і нашай супольнай дзейнасцю. Але для таго, каб "Наша слова" працягвала сваю хаду, нам трэба пашыраць кола падпісчыкаў, чытачоў і прыхільнікаў газеты. Віншую вас усіх з юбілеем!
Віншую шаноўнага рэдактара Станіслава Судніка і яго памочнікаў і жадаю моцы, упэўненасці, добрага настрою і лепшых умоў для працы з "Нашым словам".
Старшыня ТБМ Алена Анісім.
"Наша слова": 30 год разам са шчырымі беларусамі
Адно са старэйшых недзяржаўных выданняў у сярэдзіне сакавіка адзначае свой 30-ці гадовы юбілей. Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя МасМедыя", сябрам якога з'яўляецца "Наша слова", з задавальненнем дасылае свае шчырыя віншаванні штатным супрацоўнікам і ўсім прыхільнікам, якія клапоцяцца і прыкладваюць намаганні, каб родная мова поўнавартасна гаспадарыла на Бацькаўшчыне, каб яна яднала нашых грамадзян і дапамагла зрабіць жыццё заможным і прыстойным!
Выданне ўзнікла ў адносна далёкім 1990 годзе напярэдадні Дня Волі. За ўсе мінулыя гады яно не здрадзіла сваёй мэце - быць вольным, шчырым са сваімі чытачамі і карысным для ўсіх, хто добра разумее, што нельга разменьваць родную мову на якія б ні было матэрыяльныя каштоўнасці. Больш за 23 гады выданне ўзначальвае і забяспечвае яго крэатыўнымі ідэямі, падымае на новыя вышыні шаноўны спадар Станіслаў Суднік. Вялікая падзяка і павага гэтаму энтузіязму і адданасці!
Жыве "Наша слова"!
З найлепшымі віншаваннямі і пажаданнямі, сябры Асацыяцыі.
Да 180-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча
19 сакавіка 2020 года а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі "Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча".
21 сакавіка адзначаецца 180-годдзе з дня нараджэння знакамітага паэта-дэмакрата, публіцыста, грамадскага дзеяча і народнага адваката Францішка Багушэвіча. Сваё 30-годдзе святкуе сёлета і ўнікальны для краіны музей - "Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча "Кушляны". Цэнтральнай кропкай экспазіцыі з'яўляецца мастацкі вобраз родных мясцін творцы. Сядзіба Багушэвічаў у Кушлянах непарыўна звязана з лёсам пісьменніка: ад першых крокаў і да апошняга ўздыху. Сам Францішак Багушэвіч у вершы "Мая хата" падкрэслівае:
"Не буду мяняцца
хоць бы і на замкі, -
Калок свой мілейшы,
як чужыя клямкі…"
Блізкія сэрцу Францішка Багушэвіча мясціны, уцалелыя будынкі з усёй прылеглай тэрыторыяй, самі краявіды, дарогі, з якімі было звязана яго жыццё, маюць вялікае значэнне для вывучэння і асэнсавання творчасці пісьменніка. Сярод прадстаўленых на экспазіцыі матэрыялаў - рэдкія фотакарткі і рэчы сям'і пісьменніка, радавод Багушэвічаў, рарытэтныя выданні твораў і бясконцыя краявіды кушлянскага кутка ў фатаграфіях майстроў. Экспазіцыя дае адказ на пытанне, як захавалася і паўплывала на творчасць пісьменніка ўнікальная сядзіба ХІХ ст. На адкрыццё запрошаны літаратуразнаўцы, даследчыкі - Язэп Янушкевіч, Кастусь Цвірка; краязнавец, складальнік радаводу Багушэвічаў Васіль Юрша; архівіст-гісторык Зміцер Юркевіч і інш. Падчас адкрыцця выставы будуць агучаны ўмовы сумеснай з Бібліятэкай № 14 імя Фр. Багушэвіча акцыі "Дудка грае". Запрашаем убачыць "Бласлаўлёныя Кушляны" аўтара першага літаратурнага маніфеста і легендарных слоў "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!".
Уваход на адкрыццё вольны (у астатнія дні згодна прэйскуранту).
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13).
Радыё Рацыя.
Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску
І.В. Карпенку,
Міністру адукацыі
Рэспублікі Беларусь,
вул. Савецкая, 9,
220010, Мінск
Аб выкарыстанні дзяржаўнай беларускай мовы
ў дакументах сістэмы адукацыі
Паважаны Ігар Васільевіч!
У нашу арганізацыю звяртаюцца выкладчыкі са скаргамі на тое, што ўся дакументацыя (праграмы, вучэбныя планы і г.д) вядзецца на рускай мове. У сувязі з гэтым, яны не маюць права запаўняць залікоўкі на дзяржаўнай беларускай мове, бо гэта нібыта супярэчыць палажэнням Кодэкса аб адукацыі.
Прашу патлумачыць, чаму ў навучальных установах нашай краіны забаронена запаўняць залікоўкі на дзяржаўнай беларускай мове. Таксама прапаную ўнесці адпаведныя праўкі ў Кодэкс аб адукацыі, якія б ліквідавалі гэты дыскрымінацыйны падыход да беларускай мовы ў дакументазвароце сістэмы адукацыі.
З павагай,
Старшыня ТБМ А. Анісім.
Старшыні
грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
А.М. Анісім
Паважаная Алена Мікалаеўна!
Міністэрствам адукацыі разгледжана Ваша пісьмо ад 29.01.2020 № 1. Паведамляем наступнае.
У адпаведнасці з артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. № 3094-ХІ "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у Рэспубліцы Беларусь мовамі справаводства і дакументацыі, а таксама мовамі ўзаемаадносін дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з'яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.
У адпаведнасці з пунктам 69 Инструкции по делопроизводству в государственных органах, иных организациях, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыці Рэспублікі Беларусь ад 19.01.2009 № 4, мовамі справаводства і дакументацыі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская.
У адпаведнасці з пунктам 15 артыкула 98 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дакументы аб адукацыі афармляюцца на беларускай і рускай мовах.
У адпаведнасці з падпунктам 2.1. пункта 2 пастановы Міністэрства адукацыі ад 10 лістапада 2010 г. № 111 "Аб устанаўленні ўзору заліковай кніжкі" запаўненне бланка заліковай кніжкі ажыццяўляецца на беларускай або рускай мове.
Такім чынам, заканадаўства не ўтрымлівае забароны на запаўненне дакументаў, у прыватнасці заліковай кніжкі, на беларускай мове.
Першы намеснік Міністра І.А. Старавойтава.
Справаздача Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы за 2019 год
2019 год быў даволі насычаным мерапрыемствамі і справамі.
1. 28 снежня на сядзібе ў Русінах - Навагодні творчы вечар з танцамі, песнямі, вершамі і святочным сталом. Танцы вялі нашы менскія сябры - Цімох Акудовіч і Аляксей Крукоўскі.
2. 12 студзеня 2019 г. на сядзібе ў Русінах - Дзень здароўя з гульнямі і забавамі, 2 лютага - зімовы лыжны Дзень здароўя.
3. Калядаванне - 13 студзеня 2019 г.
4. 19 студзеня, гісторык, краязнавец, дырэктар Цешаўлянскай сярэдняй школы Васіль Міхайлавіч Дубейка прэзентуе сваю новую кнігу "Багрымаў Крашын". Прэзентацыя адбывалася ў Крашынскім Доме культуры.
5. З 25 студзеня 2019 г. - школа беларускіх танцаў у СШ № 13.
6. 4 лютага - дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне ля Косава.
7. 4 лютага - адкрыццё выставы сусветна вядомага мастака Алеся Фалея ў памяшканні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі.
8. У суботу, 23 сакавіка 2019 г. у Вільні - Дзень памяці Кастуся Каліноўскага.
9. 16 лютага на сядзібе ТБМ - спаборніцтвы па дарце і гарадках.
10. 25 сакавіка на Дзень Волі ў 15-00 - наведванне магіл нашых барацьбітоў за беларускасць.
11. 30 сакавіка на сядзібе ў Русінах - святкаванне 101 гадавіны БНР. Інфармацыйная падтрымка. Дадалі ў агульны спіс: https://symbal.by/bnr101-dzien-voli/, на bnr.by
12. Камісіі па беларускай мове і адукацыі прапанавала адправіць ліст на мэйл аутапарка buspark@brest.by у падтрымку беларускамоўнай інфармацыі на транспарце.
13. 18 траўня - краязнаўчая вандроўка са старшынём Таварыства аховы помнікаў Антонам Астаповічам.
14. 8 чэрвеня - святкаванне 156 й гадавіны Мілавідскай бітвы: ўскладанне кветак да капліцы і памятных знакаў ля вёскі Мілавіды і вечарына з лідскім бардам Сяргеем Чарняком.
15. 29 чэрвеня 2019 г. - мастацкі пленэр сумесна з дзіцячай мастацкай школай у в. Вольна, прысвечаны 215-годдзю Рафала Ратшы Слізня.
16. Прынялі ўдзел у канферэнцыі і свяце кавальства ў в. Крошын.
17. Майстар-клас па вырабе традыцыйных пісанак ад Вольгі Пілецкай з Клецка, якая займаецца вывучэннем, зборам і захаваннем традыцыяў беларускага мастацтва і розных тэхнік іх выканання. У калекцыі Вольгі - пісанкі, маляванкі, крашанкі, выцінанкі, абрусы, ручнікі, дываны, шлюбныя фотаздымкі ваеннага і пасляваеннага часу.
18. Добраўпарадкаванне крыніцы ў в. Рабкавічы Баранвіцкага р-на. Дзякуючы мастаку Алесю Фалею, які прадумаў усю канцэпцыю, і з дапамогай сяброў ТБМ крыніца пераўтварылася арт-аб'ект.
19. 25 жніўня - вандроўка ў Слонім, Альберцін і ваколіцы, Сынкавічы. Гідам быў краязнавец і пісьменнік Сяргей Чыгрын.
20. Дапамога і інфармацыйная падтрымка адкрыцця беларускамоўнага 1-га класа ў СШ № 9.
21. В. Задзвея. З мэтай захавання гістарычнай памяці пра месца нараджэння першага старшыні Рады БНР Янкі Серады ў вёсцы Задзвея Баранавіцкага раёна быў знойдзены ў кар'еры вёскі Пастарынне адпаведны камень. Гэты камень тэрмінова быў перавезены ў вёску Задзвея, бо кар'ер ліквідаваўся. Пасля гісторык Васіль Дубейка знайшоў месца, дзе была царква, у якой служыў святаром Мікіта Серада - бацька Янкі. Там цяпер сквер, у якім захавалася ў агароджы магіла Мікіты Серады. Сябры таварыства восенню расчысцілі кустоўе і дрэвы ў гэтай агароджы. Пачаў часткова чытацца надпіс на помніку, але праца пакуль не даведзена да канца, бо помнік моцна ўрос у цвёрдае дрэва. Архітэкар Тумашчык распрацаваў праект мемарыялізацыі гэтага месца. Камплект дакументаў у стадыі накіравання ў Мінкультры.
22. 21 верасня на сядзібе ТБМ у Русінах адбыўся прагляд выставы "Праўда пра Курапаты", сустрэча з журналістам, гісторыкам, даследчыкам Маратам Гаравым і прэзентацыя яго кнігі "НКВД забіваў у Курапатах".
23. 19 кастрычніка краязнаўчая вандроўка па маршруце: Баранавічы, Ляхавічы, Савейкі, Нача Брынзаўская, Грушаўка, Мядзведзічы, Крывоўшын, Ліпск, Баранавічы. Экскурсавод - старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.
24. 28 кастрычніка, а 18:00 у памяшканні "Бізнэс-цэнтра" - прэзентацыя адукацыйнай сістэмы Даніі.
25. 3 лістапада а 15 гадзіне - ускладанне кветак і знічак да крыжа "Ахвярам гвалту".
26. 9 лістапада 2019 г. - сустрэча з пісьменнікам і грамадскім дзеячам Паўлам Севярынцам (расповед пра апошнія падзеі, прэзентацыя новага зборніка эсэ "Каменнае сэрца" і інш.).
27. 22 лістапада 2019 г. - перапахаванне парэшткаў паўстанцаў у Вільні.
28. 8 снежня на сядзібе ТБМ у Русінах - святкаванне 30-х угодкаў Баранавіцкай арганізацыі.
Старшыня Баранавіцкай рады ТБМ Т. Кісель.
Зміцер Санько
ЗАМАК НА ПЯСКУ
або У лабірынце суфіксаў і канчаткаў
20 лютага на сайце "Радыё Свабода" быў змешчаны адказ Вінцука Вячоркі і Сяргея Шупы на пытанне чытача, дзе яны настойваюць на неправамернасці ўжывання тэрмінаў "Летува", "летувіс" і "летувіскі". Зміцер Санько адгукнуўся на гэты адказ грунтоўным артыкулам "І ўсё ж - Літва ці Летува?" З увагі на цікавасць нашых чытачоў да гэтай тэмы мы перадрукоўваем артыкул з невялікімі аўтарскімі зменамі і дапаўненнямі.
Пошукі згоды
Я цалкам згодны з Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Шупам: галоўнае, на што нам усім трэба звярнуць пільную ўвагу, - гістарычная адукацыя. Я таксама за тое, каб з суседзямі жыць мірна, абмяркоўваць вострыя пытанні, прыходзіць да паразумення, да пагаднення, але, падкрэслю, да гэтага мусяць імкнуцца абодва бакі. Сёння ўжо мала хто ўспамінае пра спробу такога пагаднення ў Гярвятах чвэрць стагоддзя таму. Коратка нагадаю. Там сабраліся беларускія і летувіскія гісторыкі і дамовіліся лічыць Вялікае Княства Літоўскае агульнай спадчынай: вы, маўляў, можаце называць гэтую дзяржаву "літоўска-беларускай", а мы будзем называць "беларуска-літоўскай". Гэткае джэнтльменскае пагадненне. І што з гэтага выйшла? Беларускія навукоўцы цвёрда трымаліся дамоўленасці, і гэта знайшло сваё ўвасабленне ў падручніках і энцыклапедыях. А вось летувісы зрабілі выгляд, што ні пра што ні з кім не дамаўляліся.
Былі і іншыя сустрэчы - круглыя сталы, канферэнцыі пад умоўным назовам "Рым", у якіх бралі ўдзел навукоўцы з тых краін, што калісьці складалі абшар Рэчы Паспалітай, - Беларусі, Летувы, Польшчы і Украіны. Арганізатары іх ставілі за мэту дасягненне ўзаемаразумення і збліжэнне пазіцый у асвятленні гісторыі. Але насуперак гэтаму летувіска-беларускія рознагалоссі ўсё больш і больш паглыбляліся. Урэшце падчас канферэнцыі ў Троках дайшло да скандалу. Летувісы - з трыбуны і ў друку - абвінавацілі беларусаў, што тыя прэтэндуюць на "іхнія" летапісы і статуты. На гэтым праект "Рым" скончыў сваё існаванне, далей проста не было сэнсу збірацца.
Хто спадкаемцы?
Дык чыё Вялікае Княства? Калісьці ў 1991 годзе, яшчэ за саветамі, як я рыхтаваў да выдання кнігу Івана Саверчанкі "Канцлер Вялікага Княства", сустрэліся мы ў выдавецтве "Навука і тэхніка" з яе навуковым рэдактарам Анатолем Грыцкевічам. Акрамя заўваг і пажаданняў, выкладзеных пісьмова ў водгуку на рукапіс, было адно пажаданне, выказанае вусна: "Думаю, не варта пісаць, што Вялікае Княства Літоўскае - беларускае гаспадарства". - "Чаму?" - "Не пара яшчэ", - адказаў спадар Анатоль.
Калі ў 1993 годзе выйшла з друку кніга "100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі", мой старэйшы сябар Арсень Ліс, вельмі заслужаны для нашай навукі і культуры чалавек, павіншаваўшы з гэтай падзеяй, мякка заўважыў: "Толькі вось з Вялікім Княствам вы, здаецца, трохі перабралі меру. Ці варта было так?" На гэты сумнеў я адказаў пытаннем: "А калі б Сталін не аддаў Вільню, калі б яна засталася ў складзе Беларусі, як бы тады трактавалася Вялікае Княства? Як вы думаеце?" - "Бясспрэчна як беларуская дзяржава! Тут і сумнявацца не даводзіцца". - "Дык што ж выходзіць, палітычныя маніпуляцыі дыктатараў дваццатага стагоддзя перайначваюць даўнейшую гісторыю? Яна ж ужо адбылася!" - "Так, маеце рацыю", - пагадзіўся калега.
Атрымаўшы Віленскі край, нашы суседзі распачалі татальную летувізацыю. Перайначвалі на свой лад усё: старадаўнія найменні вёсак, мястэчак, гарадоў, вуліц, імёны і прозвішчы жыхароў. Не грэбавалі ніякімі сродкамі і метадамі. Вельмі паказальны такі прыклад. У 1963 годзе маладыя беларускія навукоўцы Арсень Ліс і Іван Цішчанка агледзелі ў Дзяржаўным гістарычным архіве Летувы рукапіс Яна Карловіча пра фальклор Віленшчыны. Былі ўражаныя высокім навуковым роўнем падрыхтоўкі і багаццем песеннага матэрыялу. Там былі не якія-небудзь прыпеўкі новага часу, а наш традыцыйны фальклор, вытокі якога - у сівой старажытнасці. Праз пару тыдняў вярнуліся з фатографам, каб зрабіць копію. Але гэтым разам ім у архіве нічога не далі! Няма - і ўсё тут. Нашыя фалькларысты зразумелі, чаму ад іх хаваюць той рукапіс: з яго добра відаць, што Віленшчына - беларуская.
Пра парадкаванне тэрміналогіі
Гістарыяграфія, як і кожная навука, павінна мець дакладна вывераны тэрміналагічна-паняццевы апарат. Неадназначнасць, недастатковая акрэсленасць, двухсэнсоўнасць ствараюць глебу для непаразуменняў і спекуляцый. Неспарадкаваная тэрміналогія - "кульгавая" навука. Беларускім гісторыкам яшчэ шмат трэба зрабіць на гэтым абсягу, бо даўно ўжо пара адмовіцца ад звычкі глядзець на сваю гісторыю праз чужыя акуляры. На жаль, дасюль яшчэ следам за палякамі нашы даследнікі называюць, напрыклад, міжваенную Польшчу "Другой Рэччу Паспалітай" (хоць даўнейшая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў не была польскай дзяржавай), Жыгімонта Старога ці якога іншага манарха завуць нашым "каралём" (хоць мы мелі толькі аднаго караля - Міндоўга), а зусім нядаўна, следам за расейцамі, бяздумна ўжывалі, а зрэдзьчас і цяпер ужываюць, тэрміны "дамангольскі перыяд" і "старажытнаруская народнасць".
Тое самае і з Літвою. Добра, калі яшчэ ўдакладняюць: "летапісная Літва", "Літва (у этнаграфічным значэнні слова)", "гістарычная Літва" або "Літва ў сучасным разуменні". Але, бывае, і гэта не ратуе, бо не будзеш жа кожнага разу тлумачыць, якое паняцце ўкладваецца ў слова, і часам атрымоўваецца проста блытаніна. За саветамі, калі нашым гісторыкам нельга было пісаць пра Вялікае Княства Літоўскае, гэтай праблемы, зразумела, не існавала. Цяпер жа развязанне яе стала дужа актуальным. Так што тэрміналагічнае размежаванне Літвы гістарычнай і сучаснай (Летувы) - настойлівае патрабаванне часу. Менавіта гэта, на мой погляд, і дасць шанец паразумецца беларускім і летувіскім гісторыкам. Хацелася б, каб нашыя суседзі зразумелі, што так, як было, ужо не будзе. Чым хутчэй яны гэта ўсвядомяць, тым лепей для ўсіх.
Ці недарэчная канструкцыя?
Нашы летувіскія апаненты, як і аўтары нататкі, смяюцца з нібыта недарэчнай канструкцыі слова "летувіскі", дзе канчатак становіцца суфіксам. А між тым вось ужо больш за тры чвэрці стагоддзя ў Беларусі пішуць "Вільнюс" і вытворнае ад яго "вільнюскі". Я ніколі не чуў, каб у Летуве смяяліся з гэтага. Выпадак жа абсалютна аналагічны: Вільнюс - вільнюскі, летувіс - летувіскі. Усё як там: і слова ўзятае жыўцом з чужой мовы, і прыметнік утвораны паводле той самай мадэлі, і канчатак зрабіўся суфіксам. Дык чаму ж не чуваць пратэстаў, адкуль такая непаслядоўнасць? Адказ відавочны: у першым выпадку слова лашчыць іхні слых, а ў другім стварае для іх праблемы.
Дарэчы будзе адзначыць, што захаванне канчаткаў у пазычаных словах - звычайная з'ява. Згадайма, напрыклад, лексіку, што прыйшла ў нашую мову з грэцкай ( апакаліпсіс, базіс, крызіс, тэзіс, Ахілес, Геркулес, Ісус) або з лаціны ( кансэнсус, полюс, статус, узус, калегіюм, кворум, форум). Скланяючы гэтыя словы, мы да чужых "закансерваваных" канчаткаў дадаём яшчэ свае. І такой лексікі ў нас даволі багата.
Урэшце, усе мы разумеем, што ў кожнай мове - свае асаблівасці, у кожнага народа - свае традыцыі. Жонка майго калегі Саткаўскаса, беларуска, запісаная ў тутэйшым ЗАГСе на прозвішча Саткаўскас. Гэты казус выклікае вясёлы смех у ягонай радні: "Як гэта - жанчына, а прозвішча мужчынскае?!" А ў Беларусі ніхто з гэтага не смяецца. Гэтаксама і нам дзіўна чуць пра жанчыну ў Нямеччыне з прозвішчам, напрыклад, "Камінскі". А немцы гэта ўспрымаюць як належнае.
Што да націскаў. Тут і праўда ёсць разбежнасць. Але ўсё ж нашмат часцей у нас гавораць не Летува, а Летува. Такое вымаўленне знаходзіць сваё пацверджанне ў перакладзе афіцыйнага гімна Летувы на расейскую мову, зробленым яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя: "Летува, отчизна наша, ты - земля героев..." А словы "летув іс" і "летувіскі" зафіксаваныя менавіта ў такім выглядзе "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Фёдара Піскунова (2012), які абапіраўся на практыку маўлення.
Для падмацавання сваёй пазіцыі аўтары паклікаюцца на "Ангельска-беларускі слоўнік" Валянціны Пашкевіч, выдадзены ў 2005 годзе пад рэдакцыяй С. Шупы. Адзначаюць пры гэтым, што мовазнаўцы, якія зберагалі міжваенную класічную традыцыю, не сумняваліся, як завецца суседняя дзяржава. Мушу сказаць, што В. Вячорка і С. Шупа паспяшаліся з такім абагульненнем: у рукапісным "Беларуска-французскім слоўніку" Льва Гарошкі, які ён укладаў з канца 40-х гадоў, ёсць і "Летува", і "летувіс", і "летувіскі".
Аўтары, відаць, мяркуюць, што зняважлівыя выразы, закліканыя паказаць невуцтва ды інфантыльнасць апанентаў ("некампетэнтная імправізацыя", "словы-калекі", "словы-монстрыкі", "дзіцячыя комплексы", "лінгвістычныя выбрыкі"), разам з прыдуманай імі мянушкай "летувісты" пераканаюць публіку лепей за аргументы. Дарэмна. Гэта сведчыць толькі пра іх слабую пазіцыю. "Летува" і "летувіс" - не беларуская выдумка. Гэта саманазоў краіны і народа, а "летувіскі" - прыметнік, утвораны паводле законаў нашай мовы.
Літва = Летува
Але справа, зразумела, не ў канчатках і суфіксах. Справа ў тым, што летувісы хочуць захаваць знак роўнасці паміж гістарычнай Літвой і сённяшняй Летувой, а нам у той Літве пакінуць ролю падсуседзяў-кватарантаў, пра якіх можна і не згадваць. То бок, пакінуць усё так, як было дасюль.
У гэтым ім надта спрыялі і спрыяюць расейцы. Масква зрабіла Летуве два вельмі дарагія падарункі: першы - у 1939 годзе, калі аддала, забраўшы ў нас, Вільню; другі - у 1995 годзе, калі арганізавала праз сваю агентуру ў Беларусі рэферэндум дзеля замены сімволікі. Такога шчасця нашыя суседзі не чакалі. І калі ў нас зрынанне Пагоні выклікала душэўны боль, дык там з нагоды гэтай неспадзяванкі шмат у якіх сябрынах звінелі келіхі.
Не сумняваюся, што ў Летуве нямала нашых сімпатыкаў. Ёсць і сярод летувіскіх навукоўцаў людзі з цвярозым поглядам на гісторыю, якія бачаць, куды, у які тупік, завяла міфатворчасць. Але не яны вызначаюць, як цяпер модна казаць, мэйнстрым іхняй гістарыяграфіі.
Усіх нешта "напружвае". Летувісаў, як пішуць В. Вячорка і С. Шупа, нямала напружваюць "недарэчныя" тэрміны ў беларускай мове. Шмат каго з палякаў дагэтуль напружвае тое, што "kresy wschodnie" належаць не ім. Ну а расейцаў увогуле напружвае тое, што мы - асобная краіна. Дык што, пад усіх будзем падладжвацца? Не! Лічацца з тым, хто голасна заяўляе пра свае законныя правы, а не з тым, хто, утуліўшы галаву ў плечы, азіраецца на суседзяў: "Ці тое сказаў я?", "Ці не пакрыўдзіў каго?", "Ці не глядзіць хто коса на мяне?" Дыпламатыя патрэбная, але не коштам нацыянальных інтарэсаў.
Даўняя гісторыя Летувы - велічны замак, які захапляе чужаземцаў сваім хараством. Падумаць толькі: маленькі народ, які да сярэдзіны шаснаццатага стагоддзя не меў пісьменнасці, здолеў стварыць багатую культуру і магутную дзяржаву ад мора да мора! Сапраўды, ёсць чым захапляцца… Ды вось закаклюка: замак гэты пабудаваны на пяску. Можна, вядома, спадзявацца, што пясок злежыцца, сцэментуецца і з часам стане трывалым падмуркам. Але можа і не злежацца, калі яго падмые шчыры струмень крынічнай вады, схаваны пад напластаваннямі міфаў, паўпраўды і замоўчвання.
У СТЫХІІ БЕЛАРУСКАСЦІ
Зміцер Захарэвіч. Паэт, бард. Нарадзіўся 20 сакавіка 1980 г. у Менску. Скончыў гістарычны факультэт і вайсковую кафедру БДУ. З 2002 г. да 2012 г. праходзіў вайсковую службу ў органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
Вершы неаднаразова друкаваліся ў беларускай перыёдыцы (часопісах "Дзеяслоў", "Маладосць", "Полымя", газетах "Літаратура і мастацтва", "Літаратурная Беларусь", "Наша ніва" і інш.), а таксама ва Украіне (паэтычны альманах "Тerra poetica'2016", выданне "Літературний форум"). Вершы перакладаліся на ўкраінскую мову. Лаўрэат "Фэсту аднаго верша" (2015) і грамадскага творчага конкурсу "Курапаты - Народны Мемарыял" (2017). Неаднаразова ўдзельнічаў у бардаўскіх і паэтычных фэстах і літаратурных форумах як у Беларусі, так і ў Украіне.
РЭФЛЕКСІЎНЫ АБРАЗОК
Праімчалі коні Феба стрымгаловыя,
След пакінулі -
блішчыць скрозь ноч ліловую
Маладзік
у скачцы згубленай падковаю.
Можа, знак на шчасце?
Ды не возьмеш - высака.
А з яго злятае снег, бы месяц дыхае,
Цішыня ж наўкол -
не напісаць, не выказаць.
Дзень мінуў,
нічым не горшы між суседзямі -
Не апёк адчаем,
памяць развярэдзіўшы,
Завітаў на час
і прэч пайшоў, адведаўшы.
На стале па ім закрэмзаныя аркушы,
На якіх ламаны рытм
і рыфма не гучыць,
Толькі тузін словаў вартых
знойдзеш да душы:
"Закацілася за гмахі сонца грошыкам.
Сноў салодкіх! Засынай, мая харошая.
Заўтра зноўку будзе
неблагі дзень збольшага…"
14.03.2016 г.
ВІНО ПЕРАМОГІ
Паўстанцам 1863-64 гг.
Хай віно перамогі не выпіта
І ў касцёлах нас не адпяюць,
Пад бізун самаўладнага скіпетра
Нас нікому ўжо не вярнуць.
Больш ніколі не будзем "падданымі",
Хай шалеюць праз тое віжы -
Птушкі вольна звіняць над палянамі,
Дзе па нас паўсталі крыжы.
Душы нашы з малечаю цешацца,
Бо не здольны ніхто пакараць
Нас, пайшоўшых
бацькоўскімі сцежкамі,
Каб Айчыну сваю адзыскаць.
Па начох яшчэ ззяюць полыскі
Інсургенцкіх паходных агнёў,
А тых, хто ўпадзе сцятым коласам,
Зямля прыме, як годных сыноў.
Бо Яе мы не косткамі спрахлымі
Пасвянцалі, а верай сваёй.
У імя Жыцця пад штандарамі нашымі
Спадкаемцы пойдуць на бой.
28.06.2016 г.
ПРА ДОЖДЖ ET CETERA
Сустрэлі порсткія дажджы
Цень лістападу
Ля невідочнае мяжы
Пары без ладу.
Зламаўшы мерны ход хвілін,
Плюскочуць золлю,
Як за ўспамінам успамін
На рану соллю.
Наўмысна, пэўна, каб мяне
Лацвей расцвеліць,
Бо хочацца, дзе спакайней -
У бездань белі.
Дзе тумановы сон глыбей -
У заваконне,
Дзе вогкім воблакам плыве
Сівы сасоннік.
Дзе кроплям станісты касцёл
Падставіў плечы.
А дождж дзяўбе аднак усё,
Што час не лечыць.
І б'е да ачмурэння ў звон,
Як марнаслоўе.
Ды коціцца свет пад адхон
З "зямной любоўю".
Не трапь пад колы - не скуголь
Пра дзень пануры.
На ране соль? Хай будзе соль -
Прадубіць скуру.
Пакуль агмень не прагарэў
Ёсць шанц сугрэцца.
Хай дождж гнюсавіць на дварэ -
І ён мінецца.
10.11.2016 г.
КУРАПАТЫ. ГАЛГОФА
Міжволі прыцішваю крок
У храме васковых хвояў,
Дзе гронкі рабінаў - кроў
Пакутнікаў, не герояў.
На безыменных кладох
Западзіны - не магілы.
Мы ж гэтае самі, дальбог,
Найлітасцівы, нарабілі!..
Данос, абгавор і паклёп -
Ці знойдзеш каго без правіны?
Паэта здаваў вершаплёт,
За бацькам хапалі сына.
Хіба да дзіцячай слязы,
Калі ў рай маршуюць адважна?
Ды ў цемры палаюць сляды -
Катынь, Курапаты, Дражна.
Хто ўперад кім быў - драбяза.
Не разбіраючы масці,
Пахмельны канвойны вязаў
Іржавым дротам запясці.
Па спінах скразіў халадок,
Малітвы шапталі таропка,
Але абрываў кат радок,
З "Нагана" ставячы кропку.
Пасля яны, змыўшы мазгі
З фарсістых юхтавых ботаў,
Спірт да ачмурэння пілі,
Прапахлыя смерцю і потам…
Каб ім не спалося штоноч
І сэрцы іх кроіла памяць,
Да цішы Галгофы прыходзь,
Дзе хвоі, як свечкі ў храме.
11.02.2017 г.
АБАРОНЦА
Здалёку шпаркай ластаўкай ляцела,
Спяшалася, не шкадавала крыл,
Калі ў баі расшкуматаным целам
Ён ад бяды зямлю сваю закрыў.
Вады жывільнай кроплю
ў дзюбцы несла,
Каб яе ўліць у вусны ваяра,
А ён - такі ж,
як і ў дзяцінстве, неслух -
З усмешкаю на захад пазіраў,
Які палаў над збаўленай Радзімай,
Напоенай з крыві і слёз дажджом,
Дзе ён да неўміручых пабрацімаў,
Глынуўшы сонца, ў неба адышоў.
23.05.2018 г.
ГРОНКА
Ціша цемрадзі лістком трапечыцца,
Верасень на плечы церусіць.
Я імя тваё пакіну ўвечары,
Выйду сэрца золлю астудзіць.
Годзе сцерагчыся непазбежнага
Зоркай у калодзежы старым:
Возьме восень уначы належнае -
Зрынуць далавах лісток вятры.
Золак дзень распаліць арабінаю -
Іншага не будзе й не было.
Гронкай з арабіны той пакінуў я
Золі ўчорашняй імя тваё.
…Ціша зноўку запануе ўвечары,
Верасень над светам заімжыць.
Я імя тваё пакіну вечнасці,
З золі прэч пайшоўшы назаўджы.
21.09.2017 г.
БЕЛАРУСІ
"З чорнаю павязкаю на вуснах…"
Ул. Караткевіч.
Зрабілася маім праклёнам -
Нібыта непазбыўны крыж,
Насупар кніжнаму канону
Я ўзяў твой грэх. Чаму ж маўчыш?
Маўчыш нявольніцай нямою,
Як служыш пану пры стале
Ці як нахабнік у апоі
Уночы грудзі твае рве.
Маўчыш, калі паміж сабою
За шэлег чубяцца сыны,
Чые парэшткі пасля бою
Знясуць на сметнік груганы.
Маўчыш, як ля дзядоўскай прошчы
Убачыш цені чужаніц,
Як крэсліць на нябёсах прочырк
Агонь пякельны бліскавіц.
Маўчацьмеш з прыкраю ахвотай,
Бо ўжо не будзе, што сказаць,
Як павядуць да эшафота,
Каб за маўчанне пакараць.
Радзіма, Летаю барвянай
Святыя ў вырай адплылі.
Я ўзяў твой грэх.
Я ўкрыжаваны.
І крыж згінае да зямлі.
Нясу яго, нібы паклоны
Табе ў малітве кладучы:
- Пазбаўся згубнага праклёну.
Стань роўнай іншым!
Не маўчы!!!
26.11.2017 г.
* * *
Рыззё з плячэй, цвікі ў далоні.
І ўвечненага на крыжы
"Памазалі" крывёй на скронях
Вянца цярновага шыпы.
І не было, бадай, нікога
У чалавечае гайні,
Хто б не крычаў: "Імем народа,
Распні яго! Яго распні!"
Без ліку згінула імперый,
Мячы й кайданы з'ела ржа,
Аднак нязменны сімвал веры -
Той крык для плебса й буржуа.
Лагво бяспечнае - бажніцай,
Дзе сон і стол - алтар сям'і.
І хай сабе ваюе рыцар
За прымхі на краі зямлі.
28.04.2018 г.
СТЫХІІ
І. АГОНЬ
Шугае полымя, нібыта танчыць стэп
У ім для нас з табою Саламандра,
І сэрцы жарсна б'юцца, бо суладна
Шугае полымя, нібыта танчыць стэп.
Хай той агонь не прагарыць намарна,
А, паскараючы зачаравальны тэмп,
Шугае полымя, нібыта танчыць стэп
У ім для нас з табою Саламандра.
ІІ. ПАВЕТРА
Навыперадкі з ветрам па цябе
Пусціцца, маючы каханне сцягам,
У нетры пазахмарнага прасцягу
Навыперадкі з ветрам па цябе.
Туды, дзе не ахопіш вокасягам
Сінечу, дзе ўсцяж зоравей мяце,
Навыперадкі з ветрам па цябе
Пусціцца, маючы каханне сцягам.
ІІІ. ЗЯМЛЯ
Усё жывое
мусіць мець надзейны грунт,
Карэнне моцнае,
каб вытрываць навалу;
Калі знішчае сівер кволае без жалю,
Усё жывое
мусіць мець надзейны грунт.
Таму праз негадзь
па зямлі, што ўзгадавала
Не зломкаў нас,
на конях скачам смела ўгрунь -
Усё жывое
мусіць мець надзейны грунт,
Карэнне моцнае,
каб вытрываць навалу.
ІV. ВАДА
Цячэ ўздоўж часу самавітая рака,
Народжаная з дзёрзкае крыніцы;
За далягляд пад сонцам залаціцца,
Цячэ ўздоўж часу самавітая рака.
Заўжды паводкай пачуцця разліцца
Напагатове, не ждучы красавіка,
Цячэ ўздоўж часу самавітая рака,
Народжаная з дзёрзкае крыніцы.
15-16.11.2019 г.
* * *
Памерлай зоркі зыркае святло,
Працяўшы нарасты
з эпохаў і парсекаў,
Ані сагрэць ці ўзрушыць не змагло -
Адно кранулася апушчаных павекаў
Насупраць дробкі дрогкае агню,
Які адсюль
да іншых светаў не памкнецца,
А пацеры ўзрушаюць цішыню,
Бо сэрца стылае спрабуе адагрэцца
Сярод шурпатай шэрані зямлі,
Дзе між халодных
"прамяністых" заўжды цесна
І веры ні на хвілю не дасі
Даўно няісным светачам нябесным.
21.12.2019 г.
СЛОВЫ НА РОЗВІТ
Даланя на шчацэ,
пацалунак кароткі дый годзе -
Без вільготных вачэй
і пустых абяцанняў чакаць,
Бо на кулі зямной
ісці поруч ды ўрэшце сыходзіць
Гэтаксама нянова,
рыхтык жыць альбо паміраць.
У кастрычніку лісце
пад ногі апала з галінаў,
Але з поля па Масленцы
знікнуць дазвання снягі,
Калі з выраю птушкі
прыляцяць гурмою ўспамінаў,
Непазбыўным дакорам
за ўсіх развітанняў грахі.
Невялікі цяжар -
не намуляе плечы ў дарозе.
Безліч будзе яшчэ
пацалункаў і словаў "Бывай!"
Не сумуй аб мінулым -
наважся забыць пры нагодзе
І вандроўцу самотнаму
ветла здалёк памахай.
20.02.2020 г.
НА ВОЛЮ
Я стрымгалоў лячу адведаць,
Махнуўшы клопатам крылом,
Дзяцінства край, дзе хата дзеда
Плыве цераз гады чаўном,
Дзе Маткі Боскай Вастрабрамскай,
Што ацалела ў час вайны,
Пагляд заззяе з-за фіранкі,
Пачуўшы крокі ў цішыні
Двара, які дабраслаўлёны
Узнёслай музыкай званіц
Дзвюх частак свету, але сёння
Часцей у самаце маўчыць;
З яго штолета выпраўляўся,
Набраўшы выспелых пладоў,
З гурмою сваякоў на Спаса
На могілкі да прабацькоў,
Каб незлічоны раз засведчыць,
Што б недавяркі ні вярзлі,
Крыві і душаў нашых еднасць
І ў памяці, і на зямлі -
Пра гэтае крый Бог забыцца,
Таму імчуся стрымгалоў
У неўміручы край дзяцінства
На волю з нежывых муроў.
27.02.2020 г.
Слонімскаму ТБМ - 30 гадоў
Слонімскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы 14 сакавіка споўнілася 30 гадоў. Менавіта 30 гадоў таму ў Слоніме адбыўся ўстаноўчы сход ТБМ. Сход праходзіў у раённым Доме культуры. Да гэтай падзеі быў падрыхтаваны і выпушчаны ў мясцовай друкарні спецыяльны запрашальны білет накладам 250 асобнікаў. Білет афармляў слонімскі мастак Рыгор Жук. Першым кіраўніком Слонімскага ТБМ была абрана сакратар мясцовага гаркама КПБ Лідзія Мукасей. А праз месяц Слонімская арганізацыя ТБМ арганізавала і правяла ў Слоніме першае мерапрыемства - навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную 500-годдзю Францішка Скарыны. Канферэнцыю адкрыла Лідзія Мукасей. А потым слонімцы выступалі з дакладамі на самыя розныя тэмы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Францішка Скарыны. Васіль Супрун, напрыклад, распавёў пра Францішка Скарыну і яго час, настаўніца Алена Барадзіна - пра беларускую мастацкую Скарыніяну, пра сувязі Францішка Скарыны і Слонімшчыны казаў Сяргей Чыгрын, прафесар Алег Лойка цікава прыгадваў сваю працу над кнігай "Францыск Скарына або Сонца маладзіковае", паэт Анатоль Іверс выказаў свае адносіны да Скарыны, а Рыма Міско казала пра стан сучаснай беларускай кнігі. У той дзень адбылася віктарына, экскурсія ў друкарню і адкрыццё пакоя-музея Францішка Скарыны пры цэнтральнай бібліятэцы. Цяпер тут знаходзіцца музей "Літаратурная Слонімшчына". Да гэтай канферэнцыі 30 гадоў таму таксама былі выпушчаны запрашэнне і праграма канферэнцыі ў афармленні мастака Рыгора Жука.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. Фота з архіва аўтара.
ХІІ НЯФЁДАЎСКІЯ ЧЫТАННІ
28 лютага 2020 года ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбыліся ХІІ Няфёдаўскія чытанні "Беларускае мастацтва: гісторыя і сучаснасць". З уступным словам выступала першы прарэктар навучальнай установы, доктар філасофскіх навук, прафесар Вінакурава Святлана Пятроўна. Далей з цікавым дакладам "Уладзімір Няфёд і ранняя творчасць Андрэя Макаёнка" выступіў член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Сцяпан Сцяпанавіч Лашук.
У канферэнцыі прынялі ўдзел: Рычард Смольскі, Якаў Ленсу, Валеры Жук, Вадзім Салееў, Яўген Шунейка, Рыгор Баравік і іншыя навукоўцы. У канферэнцыі ўдзельнічалі 86 чалавек (у тым ліку і навукоўцы з Кітайскай Народнай Рэспублікі).
Асабіста мне вельмі спадабаўся даклад Элы Клакоўскай "Сібірскі перыяд творчасці Яна Дамеля". Было цікава. Матэрыялы чытання будуць выдадзены асобным зборнікам.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх
Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Інфармацыйнае паведамленне 18 чэрвеня 2020 года
запрашаем Вас прыняць удзел у
ХХVІІІ Міжнародных Гарэцкіх чытаннях
"Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць",
прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага
і 100-годдзю першага выдання
"Гісторыі беларускае літаратуры" Максіма Гарэцкага.
Чытанні адбудуцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (г. Менск, Траецкае прадмесце, вул. М. Багдановіча, 13).
Праблемнае поле канферэнцыі:
- Жыццёвыя і творчыя шляхі прадстаўнікоў роду Гарэцкіх;
- Імя Гаўрылы Гарэцкага ў гісторыі беларускай навукі;
- "Гісторыя беларускае літаратуры" ў літаратурным і культурным кантэксце;
- 1920 год у жыцці і творчасці Гарэцкіх;
- Віленскі перыяд жыцця Гарэцкіх;
- Педагагічная дзейнасць братоў Гарэцкіх;
- Публіцыстычная дзейнасць Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх;
- Лексікаграфічная спадчына братоў Гарэцкіх;
- Максім Гарэцкі і станаўленне жанравай сістэмы беларускай літаратуры;
- Максім Гарэцкі і сучасны літаратурны працэс;
- Творы Максіма Гарэцкага ў сучасным адукацыйным працэсе
Адкрыццё канферэнцыі - 10.00. Пачатак рэгістрацыі ўдзельнікаў - 9.30.
Унёсак для ўдзелу ў канферэнцыі - 25,00 рублёў.
Заяўкі на ўдзел у чытаннях просім дасылаць да 5 чэрвеня 2020 г. на электронную пошту: bellitmuseum@tut.by. Даведкі па тэл. 335 44 47.
Рабочыя мовы - беларуская і руская.
Патрабаванні да афармлення матэрыялаў:
Аб'ём даклада - да 7 старонак, набраных у рэдактары Microsoft Word, захаваных у фармаце RTF праз адзінарны інтэрвал шрыфтам Times New Roman, 14 пт. Першы радок справа - ініцыялы і прозвішча аўтара, горад. Наступны радок - назва матэрыялу (вялікімі літарамі). Праз радок друкуецца тэкст матэрыялу са стандартнымі адступленнямі. Спасылкі даюцца ў тэксце ў квадратных дужках. Першая лічба - нумар са спісу літаратуры, наступныя лічбы - старонкі. Напрыклад: [7, с. 132]. Спіс літаратуры (калі ён ёсць) даецца пасля асноўнага тэксту ў алфавітным парадку. Пасля тэксту даклада таксама падаюцца звесткі пра аўтара (прозвішча і ініцыялы поўнасцю, вучоная ступень, вучонае званне, месца працы, горад, краіна).
Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору матэрыялаў для публікацыі.
Віктар Шніп
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
БАЛАДА ТОДАРА КЛЯШТОРНАГА (11.03.1903 - 30.10.1937)
Трамваі зноў разбудзяць горад шэры,
Засвецяцца, нібыта ліхтары,
Лістотай трапяткою клёны ў скверы
Жаўцюткія і чорныя ўнутры.
І ўсё абудзіцца, і дзень пачнецца,
І засмяецца сумнае дзіця,
Але тваё не страпянецца сэрца,
Бо куля ў ім, і ў ім няма жыцця,
Якое ты любіў пад родным небам,
З якога часта дождж і снег ішоў,
Ды неба іншага было не трэба,
Бо ў свеце лепшых снегу і дажджоў
Няма, і не было, і больш не будзе,
І ў вершах застануцца назаўжды
Яны і новы дзень сабой абудзяць,
Нібы трамвай ад сонца залаты,
Што празвініць і знікне за дамамі
Старымі, як і гэты свет стары,
І будзе плакаць дзень дажджом-слязамі
Чарнюткімі і светлымі ўнутры.
29.09.2008 г.
БАЛАДА ПЛАТОНА ГАЛАВАЧА (18.04.1903 - 29.10.1937)
За пятнаццаць хвілін прысудзілі да згубы.
Ты сябе вінаватым, пабіты, прызнаў.
І крывёю тваёю прамыліся трубы
Вадасцёка ў турме, што вады мала знаў.
І турэмная мыш, што карміў ты бывала,
Ля цябе пастаяла, пабегла ў цямрэч,
Нібы доля твая, што ўначы мышшу стала,
Шэра-мокрай, нібы акрываўлены фрэнч.
І чупрына бялявая стала чырвонай,
І анёл твой нясмелы ў блакіце вачэй
Стаў вялікім, як неба,
стаў чорнай варонай,
Для якой чалавек - гэта груда касцей.
І гады пралятуць. І гады праляцелі.
І цябе яшчэ помняць, Платон Галавач,
Хто на волі застаўся, як кулі ляцелі
Праз маўчанне,
праз крыкі,
праз просьбы,
праз плач…
29.10.2017 г.
БАЛАДА МІКОЛЫ АБРАМЧЫКА (16.08.1903 - 25.05.1970)
Перад табой, як вогнішча, начны Парыж
І ў небе Млечны Шлях,
як беларускі крыж,
Які ляжыць, які падняць патрэбна, несці,
Не просячы, каб Бог даў піць і смачна есці
За шлях нялёгкі,
як жыццё, бясконцы шлях.
Далёка Беларусь і слёзы на вачах
Матулі
помняцца, калі ты ад'язджаў,
Калі зямлю і дрэвы ў полі цалаваў
І верыў, што зноў хутка вернешся дамоў,
І Домам будзе Беларусь, дзе ёсць любоў
І вера, на якіх трымаецца жыццё…
На дрэвах з'явіцца зноў новае лісцё
І праз асфальт праб'ецца зноў трава.
У памяці Дуброўскія касцёл, царква
Яднаюцца ў адзін вялікі белы Храм,
Куды ідзеш, але туды не йсці ўжо нам,
Бо Храмы разбураюцца, нібы масты
Да Бога й Беларусі. Паміраеш ты,
Ды Беларусь жыве, і бачыцца прасцяг,
Дзе сонца ранкам уздымаецца, як сцяг…
14.12.2012 г.
БАЛАДА НАТАЛЛІ АРСЕНЬЕВАЙ (20.09.1903 - 25.07.1997)
Далёка, нібыта ад сонца, ад маці-краіны
З Малітвай у сэрцы
за родны самотны народ,
Глядзела ў чужыя нябёсы яна, і ўспаміны,
Нібыта вуголле, нібы акрываўлены лёд,
Душу праціналі наскрозь
і ў былое вярталі,
У голад, у холад,
у дым непраглядны вайны,
Дзе словы, як кулі,
і кулі, як словы, траплялі
І ў сэрцы людскія,
і ў крылы жаданай вясны.
А неба было,
як было па-над ціхаю Вільняй,
Глыбокім і сумным, як тыя азёры, з якіх
Глядзяць нашы продкі
сівыя спакойна і пільна,
Хоць, часам, у нас
і не бачаць нашчадкаў сваіх.
Ёй сонца з-за хмараў
здалёку, як маці-краіна,
Душу асвяціла на міг, а хапіла - на век,
Каб дрэнныя думкі расталі,
нібыта ільдзіны,
А сонца застыла ў вачах,
нібы крыж на царкве.
…Гады праляцелі, як травы сухія згарэлі,
Але засталіся Малітва і родны абсяг,
З якімі да зорак ляцім і ляцім, як ляцелі,
І слёзы, як зоркі,
як вершы, кіпяць у вачах…
17.09.2003 г.
БАЛАДА ЯНКІ ШУТОВІЧА (24.01.1904 - 9.12.1973)
У Віленскай карціннай галерэі
Ты сціплы беларускі вартаўнік.
І сэрца, і душу мастацтвам грэеш,
Не забываеш маладыя дні,
Дзе ты з паэтамі аб волі мроіш
Краіны, у якой жыве народ
Не цёмны і сляпы, нібыта крот,
А мудры, у якога ёсць героі
І замкі, храмы і дзяржаўнасць мовы…
Ды многае з жыцця забыць гатовы,
Дзе быў ты, вольны, за калючым дротам
І ў думках толькі Беларуссю жыў,
Што, нібы кветка папараць пад лёдам,
Была схавана ад людской душы
Пад пылам, як пад золатам, чужога,
Не лепшага, не горшага, чужога.
І наша ты ад згубы ратаваў,
Не просячы сабе ратунку ў Бога,
І потым зноў з-за кратаў уцякаў
У думках у музей, які ствараў,
З якога ты не зберажэш нічога
Амаль, але не знікне шлях адвечны,
Шлях беларускі, па якім і ты
Прайшоў па-беларуску чалавечна,
Пакінуўшы неўпыльныя сляды…
1.08.2008 г.
БАЛАДА ПАЎЛЮКА ТРУСА (6.05.1904 - 30.08.1929)
"Падаюць сняжынкі-дыяменты-росы",
Падаюць бялюткі за тваім вакном.
І бяжыць юнак па першым снезе босы
Да труны з жытнёвым
просценькім вянком.
Ён бяжыць і плача, а труна - пустая,
Не труна, а яма вырыта яму,
І яна ў Сібіры, як жана, чакае
І чакаць шчэ будзе не адну зіму.
Раптам снег знікае, быццам бы згарае,
І ў табе агнёва закіпае кроў.
За вакном лістота ціха ападае -
Засцілае жнівень сцежку да кладоў,
Па якой у лепшы свет адыдзеш скора,
Не спазнаўшы цалкам шчасця і бяды,
А сябры твае ў Сібіры, як у моры,
Застануцца без магілаў назаўжды.
І бяжыць юнак ізноў па снезе босы
Да сваёй магілы, дзе даўно ў журбе
Падаюць сняжынкі - дыяменты-росы,
Падаюць бялюткі на яго й цябе...
11.02.2005 г.
БАЛАДА АЛЕСЯ ДУДАРА (24.12.1904 - 29.10.1937)
Пасечаны край папалам,
Як стол, на якім танцаваць
Узбіўся з сякераю хам,
Каб потым цябе расстраляць
За тое, што свой любіш край,
Як кожны павінен любіць,
За тое, што свой каравай
Умееш спячы і цаніць.
Праз восень ідзеш і дажджы
Змываюць лісцё, нібы кроў,
Якой хоць карціны пішы
Пра Веру, Надзею, Любоў,
Якія з табою заўжды
І будуць заўжды тут з табой,
Як кроплі жывое вады.
Ты кропляю станеш жывой,
Якая не знікне ў траве
І ў полымі век не згарыць,
Бо ў кожнай малітве жыве,
Каб кожны змог болей пражыць,
Чым ты на зямлі, па якой
Цябе на расстрэл прывялі.
Ты ўпаў на зямлю і крывёй
З'яднаў два кавалкі зямлі…
2.08.2016 г.
(Працяг у наступным нумары.)
З падзей 2019 года
Склаў Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
14 лістапада. Ансамблю праспекта Незалежнасці ў Менску Міністэрствам культуры Беларусі прысвоена першая катэгорыя. Гэта азначае, што аб'ект мае не толькі нацыянальную, але і сусветную каштоўнасць. Рашэнне прынята Рэспубліканскім навукова-метадычным саветам па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Гэты этап неабходны для складання намінацыйнага дасье і прысваення праспекту Незалежнасці статусу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дарэчы, размова аб уключэнні ў спіс каштоўнасці планетарнага маштабу вядзецца больш за 10 гадоў. Шэдэўр даўжынёй 15 кіламетраў - дзясяткі будынкаў у стылі сталінскага ампіру - пасляваенная забудова беларускай сталіцы. У свой час майстры спраектавалі ўсё ў адзіным стылі: ад будынкаў да ліхтароў.
15 лістапада. У Магілёве адбыўся абласны фестываль-кірмаш "Дажынкі" для працаўнікоў вёсак Магілёскай вобласці.
17 лістапада. Вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Выбары пачаліся датэрмінова з 12 лістапада. Датэрмінова прагаласавалі сёлета 35,77 % выбарнікаў. На мінулых парламенцкіх выбарах датэрмінова прагаласавалі 31,29 %. Выбрана ў першым туры 110 дэпутатаў. 77,22% - пра такую яўку выбарнікаў у асноўны дзень галасаваньня паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. У новай Палаце прадстаўнікоў будзе 1 прадстаўнік ад ЛДПБ - гэта Алег Гайдукевіч. У парламенце апазіцыянераў не будзе.
20 лістапада. У Хельсінскай камісіі Кангрэса ЗША абмяркавалі ўплыў СМІ Расіі на Беларусь.
22 лістапада. У Вільні, у капліцы на могілках Росы, адбылося перазахаванне рэшткаў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага. У гэты ж час усяго быў перапахаваны 21 паўстанец, пераважна моладзь (ад 19 да 36 гадоў). Мерапрыемствы ў Вільні праводзіліся 22-24 лістапада з удзелам дэлегацыі ад Ураду Рэспублікі Беларусь і Рады БНР. На ўрачыстасці з гэтай даты прыехалі прадстаўнікі беларускай дыяспары амаль з усяго свету. Тут былі С. Шушкевіч, І. Сурвіла, А. Анісім, М. Статкевіч, У. Някляеў, У. Арлоў, А. Марачкін, А. Януковіч, А. Бяляцкі, Я. Афнагель, П. Севярынец, Т. Кандрусевіч і шмат іншых. На Кафедральнай плошчы ў першы дзень было некалькі тысяч беларусаў з бела-чырвона-белымі сцягамі. Ад беларускага ўраду выступаў Ігар Петрышэнка.
22 лістапада, калі ў Вільні прайшло перапахаванне Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, віцебскі актывіст Барыс Хамайда выйшаў з бел-чырвона-белым сьцягам у цэнтр Віцебска.
25 лістапада. Ноччу ў расійскім Екацярынбургу невядомыя разбілі акно ў мясцовым аддзяленні пасольства Беларусі і спалілі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
27 лістапада, у дзень пачатку Слуцкага збройнага чыну, гарадзенскі грамадскі актывіст, краязнавец Дзяніс Жыгавец звярнуўся да гарадзенцаў з прапановай узгадваць Слуцкіх паўстанцаў і на Гарадзеншчыне, перадае "Радыё Рацыя".
"Мы, гарадзенцы, маем мажлівасць і маем права ўшанаваць памяць Андрэя Якубецкага, так як гэтая асоба паходзіла з Гарадзеншчыны, з вёскі Сухмяні, прымала актыўны ўдзел у Слуцкім Збройным чыне. У той час Рада БНР яго прызначыла галоўнакамандуючым войскамі".
27 лістапада. У сталіцы Кыргызстана Бішкеку завяршылася пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, у якой прыняла ўдзел дэлегацыя УС Беларусі на чале з міністрам абароны генерал-лейтэнантам Андрэем Раўковым. Лідары краін падрабязна абмеркавалі розныя аспекты праблем міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, прынялі шэраг рашэнняў, накіраваных на далейшае ўдасканаленне і павышэнне эфектыўнасці ў працы арганізацыі. У мерапрыемствах саміту з беларускага боку прымаў удзел і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, які з 1 студзеня 2020 года зойме пасаду генеральнага сакратара АДКБ. На гэтай пасадзе ён будзе знаходзіцца тры гады.
Лістапад. Праваахоўнікі канфіскавалі ў Менску 550 кілаграмаў гераіну. У лістападзе 2019 года работнікі сілавых структур затрымалі чацвярых грамадзян міжземнаморскай краіны. Яны хацелі збыць яго ў ЕС, а прывезлі з Афганістана.
1 снежня. Сябры КХП-БНФ і іншыя патрыёты ўшанавалі памяць герояў Слуцкага збройнага чыну ў Слуцку, Грозаве, Вызне (Чырвоная Слабада), Семежаве.
1 снежня. У Беларусі з 1 снежня змяніліся межы Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай абласцей. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта ад 15 сакавіка 2019 года № 104.
2 снежня. Былога намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына абвінавачваюць у атрыманні хабару ў суме не менш за 190 000 долараў ЗША і падбухторванні да дачы хабару. Следчым упраўленнем КДБ завершана папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога намесніка Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Андрэя Уцюрына. У КДБ завершана расследаванне справы па хабарах у дачыненні да 16 чалавек, канфіскавана больш за 1,65 млн. долараў. Усяго, паводле крымінальнай справы, толькі ў хабарнікаў канфіскавана больш за 1 650 000 даляраў ЗША (у тым ліку ў аблігацыях), 62 000 еўраў, больш за 1 кг золата.
2 снежня. Прэзідэнт Францыі Эмунуэль Макрон прысвоіў званне Героя Францыі 13 воінам, якія загінулі ў Малі. Сярод іх быў беларус, старэйшы сяржант Андрэй Жук (1976 г. нар.). 11 гадоў таму паступіў на службу ў Замежны легіён сапёрам дэсанту, ён прайшоў узорны вайсковы шлях да горнастралковага спецназу.
2 снежня. Памёр Анатоль Дзялендзік, пісьменнікі драматург. Нарадзіўся 4 сакавіка 1934 года ў вёсцы Кулакі Салігорскага раёна.
3 снежня. Выступленне А. Р. Лукашэнкі ў парламенце Сербіі ў Бялградзе.
3 снежня. Сёння сапраўдны зімовы дзень. Ляжыць снег і тэмпература паветра - 1 градус марозу.
4 снежня. "Россельхознадзор" ("Рассельгаснагляд") здымае забарону на пастаўкі малочнай прадукцыі з 32 беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта паведаміла прэс-служба ведамства. Прадукцыю дазволяць увозіць пры ўмове ўзяцця спецыялістамі "Рассельгаснагляду" не менш за 10 спроб.
4 снежня. На сваім пасяджэнні Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняў адстаўку Міхаіла Мясніковіча з паста Старшыні Савета Рэспублікі.
5 снежня Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў сход з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў. Ён запэўніў, што ніхто ў Беларусі не збіраецца здаваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.
5 снежня. Удзень да амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Менску дзве дзяўчыны ў нацыянальных строях, якім дапамагаў хлопец, прынеслі гарбуз, які паклалі ля брамы. Пэрформанс зладзілі актывісты кампаніі "Свежы вецер". Хацелі перадаць зварот у амбасаду, але ніхто не выйшаў яго браць.
5 снежня. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава вызвалена ад пасады, на якой была 3 гады. На яе месца Лукашэнка прызначыў генерал-маёра Ігара Сергіенку (былы намеснік старшыні КДБ), а намеснікам кіраўніка Адміністрацыі стала доктар юрыдычных навук Вольга Чупрыс (была прарэктарам БДУ).
6 снежня. Наталлю Качанаву выбралі Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Удзень 6 снежня каля будынка Еўрапейскай камісіі ў Брусэлі беларусы і ўкраінцы правялі пікет супраць "паглыблення інтэграцыі" Беларусі і Расеі. Падчас пікету яны раздавалі бюлетэнь, у якім пісалі, што толькі NATO можа быць гарантам бяспекі Еўропы.
7 снежня. Адбылася сустрэча А. Лукашэнкі і У. Пуціна ў Сочы. Перамовы вяліся 5 гадзін 30 хвілін.
7 снежня. У Менску Павел Севярынец арганізаваў масавую дэманстрацыю супроць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Ад цырка да пл. Незалежнасці ўздоўж праспекта па адзін бок і другі стаялі ланцугом людзі, узяўшыся адзін з другім за рукі. Акцыя пачалася ў 12.00 і доўжылася 5 гадзін. У ёй прынялі ўдзел больш за 2 тысячы чалавек. Пасля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы калона прайшла па праспекце на Плошчу Незалежнасці, а затым рушыла на плошчу Свабоды. Пасля мітынгу на плошчы Свабоды людзі вярнуліся на Кастрычніцкую. Пасля другога мітынгу на Кастрычніцкай плошчы калона рушыла на плошчу Якуба Коласа.
7 снежня. "Не аншлюсу": у Нью-Ёрку пікетавалі расейскае генеральнае консульства.
8 снежня. У Менску зноў былі мітынг і дэманстрацыя з Кастрычніцкай плошчы да пасольства РФ у Менску. Адтуль праз пл. Свабоды дэманстранты зноў вярнуліся на пл. Кастрычніцкую (ці Каліноўскага). У пасольства аднеслі петыцыю аб тым, што народ супроць інтэграцыі з Расеяй. Удзелінічалі ў маніфестацыі некалькі тысяч чалавек і акцыя доўжылася, як і ўчора, 5 гадзін. Кіравалі гэтай акцыяй Павел Севярынец і Сіўчыкаў.
8 снежня, нядзеля. У Стоўбцах воўк напаў на мужчыну Уладзіслава Ламаку. У выніку барацьбы ён пакусаў мужчыну, якога выратаваў праезджы шафёр з сякерай. Мужчыну паклалі ў бальніцу для лячэння. Воўк забіты.
10 снежня. Стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны 99 маладым навукоўцам. На гэтыя мэты выдаткоўваецца 157 тысяч рублёў. Адпаведнае распараджэнне падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Стыпендыятамі сталі прадстаўнікі фізіка-матэматычных, тэхнічных, хімічных, біялагічных, медыцынскіх, аграрных, сацыяльных і гуманітарных навук. У іх ліку 8 дактароў навук, 60 кандыдатаў навук і 31 малады навуковец без ступені.
11 снежня. У рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Менску беларускаму праваабаронцу, старшыні цэнтра "Вясна" Алесю Бяляцкаму ўручылі французска-нямецкую прэмію "За правы чалавека і вяршэнства закону".
Бяляцкі - адзін з 15 сёлетніх ляўрэатаў прэстыжнай прэміі. У 2016 годзе яе атрымліваў старшыня Беларускага Хельсынскага камітэту Алег Гулак.
11 снежня. Старажытны беларускі народны абрад "Юраўскі карагод" трапіў у Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Яго штогод праводзяць жыхары вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці на пачатку траўня і прымяркоўваюць да вясновага свята Юр'я. Рашэнне прынята 11 снежня міжурадавым камітэтам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА на 14-й сесіі ў Багаце (Калумба). Статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці Беларусі ён атрымаў у 2005 г.
12 снежня. Заяву супроць інтэграцыі з Расіяй падпісалі дэпутаты 12-га склікання. У ёй гаворыцца аб парушэнні Канстытуцыі Прэзідэнтам і спыненні далейшых перамоў з Расіяй. Заяву падпісалі дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання Зянон Пазняк, Юрась Беленькі, Сяргей Антончык, Сяргей Папкоў, Пётр Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі, Анатоль Лябедзька, а таксама актывісты і кіраўнікі апазіцыйных партый і рухаў.
12 снежня на пленарным пасяджэнні Кіеўскай гарадской рады было вырашана назваць сквер у цэнтры горада ў гонар Паўла Шарамета. Імя журналіста будзе насіць зялёная зона на скрыжаваньні вуліц Рэйтарская і Стралецкая. Адпаведны зямельны ўчастак у Шаўчэнкаўскім раёне быў абраны паводле папярэдняй дамоўленасці з яго сваякамі.
13 снежня. Такую пастанову сёння прыняў Савет Міністраў. У Беларусі павялічылі базавую велічыню да 27 рублёў. Гэта на 1,5 рубля больш, чым цяпер. Змены прадугледжаныя пастановай Савет Міністраў №861 ад 13 снежня. Павелічэнне базавай велічыні адбудзецца з 1 студзеня 2020 года.У апошні раз яе падвышалі з 1 студзеня 2019 года (з 24,5 да 25,5 рубля), а да гэтага - з 1 студзеня 2018 га (з 23 да 24,5 рубля).
15 снежня. Навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа заявілі ў пракуратуру на сваю выкладчыцу Людмілу Качанаву, якая брала з іх незаконныя паборы.
17 снежня. У менскім Палацы мастацтваў адбыўся ХХІІІ зезд Саюза мастакоў Беларусі, на якім старшынём СМБ выбраны 35-гадовы Глеб Отчык. Да гэтага старшынёй СБМ быў Рыгор Сітніца.
19 снежня. У Маскве чалавек са зброі абстралялў прыёмную ФСБ на Лубянскай плошчы, калі ў Крамлёўскім палацы ішоў канцэрт у гонар Дня ФСБ, на якім бы У. Пуцін Загінулі 2 афіцэры ФСБ, некалькі салавек паранена, а снайпер забіў нападніка Яўгенія Манюрава.
20 снежня. Дзень чэкіста. У Санкт-Пецярбургу Пуцін і Лукашэнка вялі перамовы аб інтэграцыі Саюзнай дзяржавы. У Менску адбыўся мітынг і дэманстрацыя на плошчах Кастрычніцкай і Незалежнасці, у якой удзельнічалі 1600 чалавек. Мерапрыемства доўжылася 3 гадзіны.
21 снежня. У Менску зноў адбыўся мітынг, які доўжыўся дзве гадзіны.
22 снежня. У Лідзе ўвечары каля 10 школьнікаў прыйшлі да помніка Гедзіміна з бела-чырвона-белым сцягамі на плячах і транспартам "Беларусь не Расія" (на англійскай мове). Так школьнікі абаранялі незалежнасць сваёй дзяржавы.
23 снежня. Пачаўся рух цягнікоў па новым чыгуначным Крымскім мосце праз Керчанскі праліў па маршруце Керч - Тамань. У кабінеце машыніста быў У. У. Пуцін, які і адкрыў рух цягнікоў.
25, 26 снежня. Каляды. Ідзе дождж. Тэмпература 7-8 градусаў цяпла. На вуліцах гарадоў лужыны.
26 снежня ў Менску падаражаў праезд па горадзе на дзяржаўным транспарце на 5 капеек.
27 снежня. Сёння зімовы дзень са снегам. Тэмпература каля 0.
27, 28 снежня. За два дні ў Менску судамі пакараны каля 20-ці чалавек, актывістаў, якія правялі мітынгі і дэманстрацыі супроць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Шмат каго аштрафавалі, а некага пасадзілі на некалькі сутак, каб правялі Новы год у турме. Сярод арыштаваных на 15 сутак Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Алесь Чахольскі.
28 снежня. У Палацы Незалежнасці аўстрыйцы і беларусы правялі Венскі навагодні баль.
29 снежня. У Менску прайшла акцыя супроць інтэграцыі Расіі і Беларусі і з патрабаваннем абнародаваць дарожныя карты. Арганізатар яе Павел Севярынец быў арыштаваны. На дэманстацыі і мітынгу былі Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Казлоў, Віталь Рамашэўскі, Юрый Губарэвіч. Сабралася каля пўсотні чалавек, яны прайшлі з пл. Кастрычніцкая да пл. Незалежнасці. Каля Галоўпаштамта быў жывы ланцуг. Патрабавалі свабоду Паўлу Севярынцу.
30 снежня. Суд над У. Някляевым не адбыўся, Някляеў аб'явіў суддзі адвод.
30 снежня. Адбыўся суд паэта Леніда Пранчака супраць спявачкі Ірыны Дарафеевай за тое, што яна выпусціла дыск песень "Талака" без яго дазволу, бо тэксты песень яго. Ёй пагражае штраф.
31 снежня Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2019 год прысуджана Паліне Шарэнда-Панасюк, Ганне Толчыкавай, журналістам "Нямецкай хвалі" Наталлі Макушынай і Уладзіміру Дорахаву.
31 снежня. Кіраўнікі Беларусі і Расіі не дамовіліся аб цэнах на расійскую нафту на 2020 год, а на газ дамовіліся па старой цане на 2 месяцы па 127 долараў за 1 тысячу кубаметраў газу. З 1 студзеня 2020 г. Беларусь спыніла пакупку нафты ў Расіі на 10 дзён.
(Заканчэнне ў наст. нумары.)
"Беларус"
З успамінаў рэдактара
Бадай, яшчэ ў 1905 г. тагачасны віленскі біскуп Эдвард Роп меў думку пра стварэнне народнай беларускай каталіцкай газеты, але адмовіўся ад гэтага праекту, бо былі супраць яго дарадцы. Тым не менш, адзінкавыя асобы з больш шырокімі поглядамі заўсёды лічылі, што для беларусаў-католікаў патрэбна газета на іх роднай мове. Гэтыя людзі не маглі рэалізаваць свае думкі, бо мелася шмат перашкод, а галоўнае, не было грошай.
Але з'явілася беларуская газета "Наша Доля". Пасля яе закрыцця рускімі ўладамі, пачала выходзіць "Наша Ніва", якая не кранала рэлігійных спраў, але яе чыталі і беларусы-католікі. Таму на нейкі час планы выдання асобнай каталіцкай газеты былі адкладзены. Аднак, не на заўсёды. Бо на пачатку нейтральная "Наша Ніва" праз нейкі час магла памяняць свой накірунак, тым больш, што ніхто не ведаў выдаўцоў гэтай газеты і іх намераў. Рускія нацыяналісты з "Виленского Вестника" пісалі пра "Нашу Ніву", што гэта польская інтрыга і польскія панічы выдаюць беларускую газету, а польскія нацыяналісты абвінавачвалі "нашаніўцаў" у атрыманні дапамогі ў Пецярбургу і лічылі іх працу рускай інтрыгай. Той хто жадаў зблізіцца з рэдакцыяй "Нашай Нівы" каб самому разабрацца з мэтамі выдання, сыходзіў з нічым - хіба толькі з перакананнем, што ні рускія, ні польскія нацыяналісты не маюць рацыі і галоўная мэта газеты застаецца таямніцай. Нічога не заставалася, як толькі верыць таму, што пра сябе пісала сама газета на сваіх старонках і казалі яе рэдактары: мэта "Нашай Нівы" - гэта пад'ём культуры беларускага народа і нічога болей.
Аднак людзі, якія ўмелі адчуць небяспеку нават там, дзе яе няма, заўсёды лічылі, што "Наша Ніва" мае нейкія схаваныя мэты. І таму не дзіва, што з-за таго, што гэта газета была не ў каталіцкіх руках, у каталіцкіх сферах з'явілася разуменне неабходнасці выдання выразна каталіцкай газеты. Тым болей, калі "Наша Ніва", слушна ці не, не ўмешвалася ў касцельныя справы, а тым больш пасля таго, як яна пачала выходзіць толькі на гражданцы (кірыліцай - Л. Л.). З гэтага моманту выданне каталіцкай газеты лацінкай стала неабходнай справай. Дзіўная рэч, але нават тыя, хто падазраваўся ў тым, што мае антыкаталіцкія намеры, таксама вельмі жадалі, каб паўстала каталіцкая газета на беларускай мове. Гатовы былі гэтаму дапамагаць, але яны маглі толькі пісаць артыкулы, бо і сваю газету рэдагавалі на сабраныя грошы і часта на галодны страўнік, у падраных ботах і пацёртай вопратцы (маецца на ўвазе рэдакцыя "Нашай Нівы" - Л. Л.).
У 1912 г. Антон Бычкоўскі, работнік страхавой канторы, які меў вялікае жаданне рабіць газетную справу, атрымаў канцэсію на выданне "Беларуса". Але дазвол ляжаў нерухома і можа ніколі б і не быў ужыты, калі б не знайшоўся смяльчак - Ян Пазняк, які, абуджаны "нашаніўцамі", прыйшоў да Бычкоўскага і сказаў яму, што нейкі час будзе выдаваць газету за свае сродкі, і гэтак газета пачала выходзіць.
Антон Бычкоўскі пасля пэўных ваганняў згадзіўся на выданне, і 13 студзеня 1913 г. выйшаў першы нумар "Беларуса". У газеце без грошай працавалі Ян Пазняк, Антон Лявіцкі, сам Антон Бычкоўскі і аўтар гэтага артыкула.
Пасля выхаду першага нумара, пайшла дапамога ад сяброў (ксяндзоў-беларусаў), і было вырашана плаціць Пазняку і Лявіцкапу ажно па 20 рублёў заробку. Але, здаецца, Пазняк толькі адзін раз атрымаў гэтыя грошы, бо хутка каса пачала свяціць пусткамі, і ён, каб жыць, знайшоў працу ў іншым месцы, а ў газеце працаваў задарма і ў вольны час. Лявіцкаму заробак хутка панізілі да 15, а потым да 10 рублёў. У канцы не стала і тых 10 рублёў, і Лявіцкі выйшаў з рэдакцыі, але для гэтага меліся і іншыя прычыны. Тады ўвесь цяжар рэдагавання, адміністравання, карэктавання і экспедыцый я ўзяў на сябе і цалкам прысвяціў сябе "Беларусу". Было гэта ў канцы 1913 г., дакладней - у 3-цім квартале.
Змены ў рэдакцыі не адбіліся на выданні газеты, і падпіска патроху, але стала павялічвалася, тым не менш яна не магла пакрыць кошт выдання, і гэта прымушала шукаць дапамогі ў сімпатыкаў газеты.
Да кола сімпатыкаў належала некалькі ксяндзоў і свецкіх асоб, была сярод іх і адна магнатка (княгіня Магдалена Радзівіл - Л. Л.) Уласна, каб не магнатка, дык "Беларус" мусіў бы хутка зачыніцца. Але дзякуючы ёй, не толькі не зачыніўся, але і змог нават выдаваць кніжкі рэлігійна-маральнага зместу: "Алкаголь", "Некалькі слоў аб пакуце", "З жаднаго закону", "Батлейка", "На што беларусу газеты", "Чалавек на вышыні сваёй годнасці", "Выясненне абрадаў р.-к. касцёла", кніжачкі да набажэнства "Бог з намі" і "Жыццё папежа Піюса Х". Апрача гэтага былі прыгатаваны да друку: "Жыццё святых божых", "Гісторыя касцёла", "Набажэнства маёвае" і іншыя. Але наляцела ваенная бура, і "Беларус" патрапіў у летаргію, з якой можа калісьці паўстане з новымі сіламі.
Кажучы пра сяброў "Беларуса" нельга не ўспомніць сённяшняга адміністратара віленскай дыяцезіі, які не раз і парадай і ахвярай падтрымліваў гэту каталіцкую газету (маецца на ўвазе біскуп Юры Матулевіч - Л. Л.) Мог бы яшчэ назваць прозвішчы шэрагу вядомых ксяндзоў, якія будучы палякамі, як сапраўдныя каталіцкія святары, лічылі неабходным дапамагаць каталіцкай справе, хай нават і на беларускай мове. Успомню тут с. п. ксяндза-пралата Курчэўскага, ксяндза Міхала Руткоўскага, які добра размаўляў і пісаў па-беларуску і быў гарачым прыхільнікам ужытку беларускай мовы ў касцёле для справы навучання людзей і іншых (да ІІ Ватыканскага сабора, касцельная служба ішла на латыні. Таму беларуская, як і польская мова магла выкарыстоўвацца толькі ў казаннях і навучанні вернікаў - Л. Л.) Пра некаторых трэба прамаўчаць бо згадванне іх сёння будзе "мядзведжай паслугай". Добра памятаем усіх, хто мог даць нам хоць пару грошаў на якую-небудзь справу ці сказаць некалькі слоў у нашу абарону і такім чынам заслужыў сабе абразу ад патэнтованых патрыётаў. Асобнай групай стаяць тыя, якія ў свой час лічылі сябе беларусамі, а сёння з'яўляюцца стопрацэнтовымі палякамі. Увогуле, чым мудрэй былі ксяндзы, тым лепш яны ставіліся да газеты, нягледзячы на тое, якой яны былі нацыянальнасці. Папа Пій Х перад Вялікаднем 1914 года, па просьбе аднаго з супрацоўнікаў "Беларуса", які ў той час быў у Рыме, дабраславіў рэдактара, супрацоўнікаў і чытачоў нашай газеты.
Сардэчную прыхільнасць да газеты меў жмудскі біскуп Карэвіч. Падчас ганаровага ўезду ў Коўню яго па-беларуску вітаў с. п. ксёндз Міхаіл Далецкі.
Каталіцкі актыў усіх народаў прыхільна ставіўся да "Беларуса", а віленскі "Dwutygodnik Diecezjalny", які практычна рэдагаваўся ксяндзом Л. Жаброўскім, надру-каваў вельмі прыемны артыкул пра з'яўлен-не нашай газеты, а потым вельмі прыхіль-ную і падрабязную рэцэнзію на белару-скую кніжку "Бог з намі".
Нават "Виленски Вестник" пісаў, што лепей наўпрост каталіцкі "Беларус", які падтрымлівае унію, чым замаскаваная "Наша Ніва". Толькі "Белоруская жизнь" заўсёды дрэнна пра нас адклікалася, і стасункі з "Нашай Нівай" не былі заўсёды добрымі, абодва бакі мелі адзін супраць другога розныя папрокі.
Супрацоўнікамі былі часткова акадэмікі з Пецярбурга - зараз ужо ксяндзы (маецца на ўвазе навучэнцы каталіцкай духоўнай акадэміі - Л. Л.), часткова самі чытачы, але ўсе яны пісалі не за грошы. Аўтараў было многа, і калі б не фінансавыя праблемы, можна было бы павялічыць колькасць палос газеты і выдаць больш кніжак.
Мушу дадаць, што А. Бычкоўскі не мог асабіста працаваць у рэдакцыі і праз нейкі час уступіў пасаду рэдактара аўтару гэтых радкоў.
Пасля вайны шматкроць рабіліся спробы ўваскрэсення "Беларуса", аднак заўсёды аказвалася, што пад нагамі няма моцнага грунту, ці, калі казаць шырэй, няма патрэбных грошай. Але ,здаецца, што такая газета як "Беларус" вельмі патрэбна была б у сучасных варунках.
Пачобка Б.
Poczopko B. "Biełarus" // Pregląd Wileński. 1925. № 16. S. 3.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Не ад Эзопа, а ад Язэпа
Выказванні
Маладосць - прадвеснік старасці.
Дурань ёсць дурань, а стары закаханы - шматкрот дурней.
Махлярства дае выгаду, але шчасця не прыносіць
"Дурань", - сказала жанчына, а прагучала, як "каханы".
Твая нянавісць сцверджвае каханне.
Жыццё абмежавана рамкамі нараджэння і смерці. Той прамежак зместам напаўняе кожны з нас сам, як умее.
Якія змрочныя часы насталі: віно, а не бензін падаражала.
Вызначыць цяпер, хто дурань, хто разумны проста немагчыма: усе мы прыкідваемся тымі і тымі.
Шкада гісторыкаў, якія будуць разбірацца апасля ў нашым часе.
"Сістэмны філосаф" гучыць як "дурань".
Каханне справа маладая, на потым адкладваць нельга.
Адсутнасць грошай прыносіць клопат, як і іх прысутнасць.
У КПСС заганялі, але па блату не прымалі.
Не толькі пісаць трэба натхненне, яшчэ большае - чытаць тое напісанае.
- Ты ведаеш беларускую мову?
- Ага!
- Яна табе даспадобы?
- Ага!
- Сапраўды мілагучная, прыемная на слых…
- Ага!
- Што ты ўсё "ага" ды "ага", баццам ніводнага слова беларускага не ведаеш?
- Ага!
Сядзяць за столікам два нацыянальныя мастакі і гутараць:
- Чаму ты малюеш беларусаў у іх нацыянальных касцюмах? Чаму не апранеш у сучасны модны гарнітур?
- Тады яны будуць сябе лічыць якой заўгодна нацыянальнасці, толькі не беларусамі.
- Дзе быў?
- На базары.
- Што прадаў?
- Бычка.
- Што купіў?
- На базары - нічога, а ў шынку - свінню.
Язэп Палубятка.