Папярэдняя старонка: 2020

№ 16 (1479) 


Дадана: 15-04-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 16 (1479), 15 красавіка 2020 г.

З Вялікаднем, мужныя і стойкія беларусы!

Вялікдзень

Янка Купала

Два святы на свеце - ад нівы да нівы:

Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!

Глянь смела, глянь вольна,

шчасліў, нешчаслівы.

І далей к жыццю з паніжэння і сна!


Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаў

Спяшыце супольна, хто ў путах не згніў!

Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты

У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!


Вялікдзень! Вялікдзень! - ад нівы да нівы.

Забыў не адзін з нас нядыўныя дні,

А ўспомні-прыпомні, шчасліў, нешчаслівы,

Аб тых, што ў світанні на век адышлі, -

Усе костачкі тыя на гонях папарных, -

Жывых, што ў бяспуцці акуццем звіняць…

Прыпомні, дай слова не шчэзнуці марна,

Пачатую справу шырыць, расшыраць!


Вялікдзень! Вялікдзень! - ад нівы да нівы

Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.

Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.

І заўтра на поле ад сох як адзін!


Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,

Адвечных не можам пазбыціся слёз…

Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,

Вясна ўжо на свеце, - Хрыстос уваскрос!

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

Свята Вялікадня, якое адзначаецца хрысціянамі свету, азмрочана пандэміяй каранавіруса. Ардынары Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі біскуп Аляксандар Кашкевіч віншуе са святам Вялікадня і суцяшае ў сваім пасланні вернікаў.

"Страх і няпэўнасць зыйдуць, а надзея застанецца, хаця, нібы свет супыніўся ў час пандэміі, - кажа рыма-каталіцкі ўладыка. - Няма такога вялікага посту, пасля якога не прыйшоў бы Вялікдзень, і такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя. І паколькі мы чакалі з надзеяй Велікоднага ранку, што прыйдзе для свету паратунак, што настане ўрэшце жаданы спакой і бяспека. Уваскрасенне Хрыста - гэта заўсёды свята жыцця".

Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў вернікам, каб уваскрослы Хрыстос напоўніў, для некаторых, пустапарожняе жыццё глыбокім сэнсам і даў ім радасць, спакой і надзею.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

Вялікая субота ў Менску

У Вялікую суботу, звычайна вернікі ідуць да касцёлаў асвячаць булкі і фарбаваныя яйкі. Цяпер многія засталіся дома, але некаторыя ўсё ж прыйшлі да храмаў. TUT.BY паглядзеў, як асвячалі ежу ля касцёла Святога Роха на Залатой Горцы і ля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці падчас пандэміі.

Нагадаем, святары папярэджвалі, што велікодныя імшы максімальна будуць вынесены за сцены касцёлаў.

У 10 раніцы суботы перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы - з дзясятак людзей. Сталоў на вуліцы некалькі, на іх ужо стаяць кошыкі, торбы і пакеты са святочнай ежай. Вернікі чакаюць, калі ежу высвянцяць.

Верніца Анастасія - у масцы, стандартны велікодны набор ужо выставіла на стол, сама ў чаканні святара стаіць трохі ўбаку ад людзей. Яна адзначае, што прыйшоўшых сёння мала.

- Звычайна сталы стаяць у касцёле, там збіраюцца людзі, шматлікім нават месца бракуе ўсярэдзіне. Сёння ўсё адбываецца знадворку. Чаму я прыйшла? Для мяне важна, што і сама рэлігія, і велікодныя традыцыі мне дасталіся ад бабулі. Яна памерла чатыры гады назад, але я кожны год раблю тое, што мы рабілі з ёй заўсёды. Але я ў масцы: маё дзіця дома, хваравітае, таму мне страшна за яго здароўе. Я і традыцыю жадаю выканаць, і хоць бы мінімальныя меры бяспекі забяспечыць.

Спачатку планавалася, што галоўныя менскія касцёлы будуць аб'язджаць архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юры Касабуцкі, аднак дабраславенне велікодных страў біскупамі сёлета адмянілі. Так імкнуцца пазбегнуць вялікай скупнасці людзей.

Ля касцёла святых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці ўсё трохі больш маштабна. Доўгіх чэрг, якія назіраліся тут тыдзень назад у Пальмавую нядзелю, няма. Сталы кароткія, нагадваюць школьныя парты і стаяць на аддаленні адзін ад аднаго. Вернікі выставілі кошыкі па 1-2 на стол. Для Аксаны такое асвячэнне - сямейная традыцыя.

- З сямі гадоў мяне гэтаму вучыла бабуля, - кажа суразмоўніца. - Для мяне важна, што б ні здарылася, наведваць гэтае месца. Цяпер ля касцёла зусім мала людзей, але важна, што ўсё арганізавана так, што можна хоць так падысці.

TUT.by.

Дзецюкі! Катастрофа!!!

А - у! Шаноўныя чытачы нашага "Нашага слова"! Звярнуцца да Вас і да свядомых, патрыятычных беларусаў у нязвыклай форме звароту паклікаў мяне 15 (1478) нумар газеты за 8 красавіка 2020 г. Упершыню, калі не памыляюся, справаздача для чытачоў аб выніках падпіскі змешчана на першай старонцы ў якасці "перадавіцы" з самым кароткім суправаджэннем. На другі квартал падпісаліся ўсяго аж на 543 асобнікі. На апошнім з'ездзе ТБМ, а таксама ў СМІ ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў неаднойчы агучваў лічбу шэсцьсем тысяч сяброў Таварыства беларускай мовы. Значыць адзін асобнік падпісаны для 13 сяброў. У двухмільённай сталіцы - ("Дык сейце ж, дзецюкі!" К. Каліноўскі) - 1 асобнік на 12 тысяч жыхароў. У 26-ці раёнах Беларусі няма аніводнага падпісчыка-чытача няма з першага студзеня 2020 года, а ў другім квартале - у 28-мі раёнах, у 36-ці - па адным падпісчыку.

Газета "Наша слова" ёсць інтэграваны паказчык сённяшняга катастрафічнага стану такой жыццёважнай і гістарычна ганаровай грамадскай арганізацыі. Гэта адбылося з-за моўнай палітыкі ўладай вертыкалі, а таксама памылковай стратэгіі і тактыкі ва ўмовах канстытуцыйнага двухмоўя.

Галоўны рэдактар у гэтым жа нумары змясціў вельмі трывожны пасыл: "…газета працягвае выходзіць …". Спыненне папяровага выдання газеты "Наша слова" будзе трагічным сігналам-набатам беларусам аб спыненні дзейнасці-бяздзейнасці гістарычнага Таварыства беларускай мовы. Схамянёмся, прачнёмся, сумленны народ! Для паўторнага выратавання "Нашага слова" сярод нас можа не знайсціся другога беларуса афіцэра-патрыёта.

Не верыцца, што Сакратарыят ТБМ (глядзіце старонку 2 газеты) не абмеркаваў антыканстытуцыйнае 4-х хвіліннае відэа "Беларуская мова робіць нашых дзетак тупейшымі" на youtube Іны Кардабнёвай. І гэта педагог з вышэйшай універсітэцкай адукацыяй, маці з нечалавечай знявагай і абразай бэсціць беларускую мову, а значыць і беларускі народ. Ужо трэці тыдзень відэа пацяшае прыхільнікаў "русского мира". 24 сакавіка я даслаў на адрас кіраўніцтва ТБМ скарочаны тэкст відэа. Ад старшыні ТБМ А. Анісім атрымаў прапанову на маю прапанову: "Падзяляем (кажу ад імя ўсіх кіраўнікоў ТБМ) Вашу пазіцыю па абароне дзяржаўнай беларускай мовы. Вы як неабыякавы грамадзянін маеце права накіраваць свой асабісты зварот у любую дзяржаўную ўстанову".

Паведамляю, што я даслаў тэкст відэазапісу наступным адрасатам: міністру адукацыі, камісіі па адукацыі, культуры і навуцы НС ПП, адміністрацыі Прэзідэнта, міністру інфармацыі. Але ж я - толькі добра спелы пенсіянер, я для высокай улады хто?

Маё пытанне да "амалоджанай" Рады ТБМ на апошнім з'ездзе: не саромцеся, не хавайце свой асабісты інтэлект у гэты гістарычна адказны час. На нашых вачах і пры нашым бяздзеянні беларуская мова перайшла са статусу канстытуцыйна адзінай дзяржаўнай у статус выміраючай мовы. Толькі грамадзяне нашай Бацькаўшчыны, для якіх беларуская мова не ёсць роднай (этнічнай), могуць быць індыферэнтнымі да лінгвацыду і этнацыду беларусаў.

Дзіўлюся і цешуся таму, што толькі адзін нумар "Нашага слова" выклікаў ў мяне столькі разваг. Выбачаюся. Не магу не адзначыць цікавыя адукацыйна-выхаваўчыя матэрыялы А. Грудзіны пра Я. Хадкевіча і Л. Лаўрэша пра беларускае школьніцтва ў пачатку стагоддзя і, безумоўна, паэта Віктара Шніпа з яго цудоўным беларускім пантэонам.

Сябры! І гэта пры такім узроўні змешчанага матэрыялу мы - сямітысячная тэбээмаўская армада - маем толькі 543 падпісчыкі!?

Сябры Рады! А - у! Дзе Вы? Годныя ж Вы, мудрыя Вы, каб захаваць і "Наша слова", і неўміручае Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і адказна падыйсці да выпраўлення склаўшайся катастрафічнай сітуацыі, за якую я адказны разам з Вамі і без Вас.

Прафесар Мікола Савіцкі.

Калі мы дойдзем да Беларусі?

Наш шлях да Беларусі заўсёды быў нялёгккім. Часамі трагічным. На нашым шляху да Беларусі была паланізацыя і русіфікацыя, саветанізацыя і камунізацыя...

Мой жыццёвы шлях пачаўся напрыканцы трыццатых гадоў мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі, якая тады была пад Польшчай. Вядома, двухгадовым хлапчуком я не мог адчуваць уплыву польскай мовы на маё выхаванне, на выхаванне дзяцей, што жылі пад Польшчай. Мала цяміў у гэтай праблеме і пасляваенным падросткам, які вучыўся у савецкай школе, і якая на маю думку была болей беларуская, чым яна ёсць сёння. Бо беларускай школы практычна зусім няма. Адукацыя і выхаванне будучага пакалення ў Беларусі ідзе ў чужой мове, у мове суседняй дзяржавы. Мы фактычна ідзём не да Беларусі, а зусім у адваротным напрамку. Незалежная і суверэнная Беларусь сама сябе знішчае. У гэтым трагедыя нацыі. Шлях, па якім мы сёння ідзём, а лепш сказаць, нас вядуць, ён знішчальны для беларускай нацыі.

Пісьменнік Анатоль Зэкаў у "Народнай волі" змясціў артыкул "Калі мы станем беларусамі?", у якім разам з чытачамі "Народнай волі" шукае шлях беларусаў да Беларусі.

Хто і што замінае нам быць беларусамі? Якая сіла стаіць на шляху беларусаў да Беларусі? Вось аб гэтым давайце пагутарым, паразважаем, памяркуем падрабязней.

Мы - вялікі народ

"Беларусы! Мы - вялікі народ... Шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. I ўсе размаўляем па-нашаму. Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў, свайго кроўнага, спрадвечнага беларускага. Не адракомся, не забудзем, не кінем на глум, будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запавядаць"... - Так казаў Максім Багдановіч, - класік беларускай літаратуры. Вялікі беларус! Беларус з беларусаў! Чыё сэрца аб роднай старонцы балела. Балела аб Беларусі, аб беларусах.

Ці чуем мы голас паэта? Ці выконваем запавет паэта - грамадзяніна, паэта - патрыёта, сапраўднага беларуса?

Каб адказаць на гэтыя пытанні неабходна заглянуць не толькі ў гістарычнае мінулае нашай старонкі, але прайсціся сцежкамі - дарожкамі дня сёняшняга і задумацца над лёсам беларускай нацыі ў будучыні.

Мова і нацыянальная свядомасць

Мова ляжыць у аснове нацыянальнай свядомасці кожнага чалавека паасобку і народа ў цэлым. Мова - гэта не проста сродак зносін паміж людзьмі. Мова - адзін з паказчыкаў (галоўных) ідэнтыфікацыі народа, нацыі. Гэта тое, што дазваляе захоўваць незалежнасць краіны, яе суверэнітэт, яе культурную разнастайнасць. Мова з'яўляецца падмуркам нацыянальнай свядомасці.

Як ужо паведмляла "Наша слова" напрыканцы верасня адзначаўся "Еўрапейскі дзень моў". Як гэты дзень адзначыла Беларусь? Аніяк. Беларусь яго проста не заўважыла.

У сёняшнім свеце налічваюцца сотні моў, якія абслугоўваюць народы розных краін. I адметнасцю гэтых народаў з'яўляюцца не толькі тэрыторыя (зямля), на якой жывуць гэтыя народы, але і іхнія мовы, якія ляжаць у аснове нацыянальнай культуры, народных традыцый і абрадаў, а таксама гісторыі краіны. I ўсё гэта ўплывае на фарміраванне нацыянальнай свядомасці. Вось тут ёсць неабходнасць разабрацца ў тым, што абазначае само слова "свядомасць". Свядомасць - гэта здольнасць чалавека мысліць, разважаць і вызначаць свае адносіны да навакольнага жыцця, здольнасць кантраляваць свае ўчынкі, пачуцці... Свядомасць - гэта характар, натура, стан чалавека, грамадзяніна, які здольны разумець сваё месца, ролю і адказнасць за жыццё народа, нацыі, краіны.

Як вядома, жыццё чалавецтва трымаецца на разнастайнасці моў, культур, традыцый, гісторыі. I перш-наперш народ пазнаецца па мове. Мова - гэта душа народа, кроў нацыі. I як чалавек адносіцца да роднай, нацыянальнай мовы, можна пазнаць стан душы яго, яго нацыянальную свядомасць. Нацыянальная свядомасць народа фармуецца грамадскім жыццём краіны, адносінамі ўлады да нацыянальных каштоўнасцей дзяржавы, адносінамі творчай эліты да мовы, станам адукацыі ў дзяржаве, культурай грамадскага жыцця, дзяржаўнай ідыялогіяй і г.д.

Нацыянальная свядомасць нараджаецца ў сям'і. З малаком маці дзіця пазнае навакольны свет. Зразумела: дзіця загаворыць на той мове, якую чуе ад бацькоў. Якая мова ў сёняшніх бацькоў? Пераважна руская. Далей дзеці ідуць у садок, школу. Якая мова там? Амаль на сто адсоткаў - расійская. У вышэйшыя навучальныя установы, якія працуюць па-расійску, юныя дараванні ўжо прыходзяць з вопытам гаварыць на чужой мове, на мове суседняй дзяржавы. З раніцы і да вечара радыё і тэлебачанне нясе ў дзіцячыя голавы і душы расійскую гаворку. Дык, якая свядомасць выхоўваецца ў людзей у такіх умовах? Здагадацца няцяжка. Сям'я, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы, ліцэі, ВНУ павінны выхоўваць нацыянальную свядомасць. А каб яны маглі гэта рабіць, яны павінны быць беларускамоўнымі. Але дзяржава, мабыць, не зацікаўлена ў тым, каб будучае пакаленне нашай краіны выхоўвалася ў беларускай сям'і, беларускамоўных навучальных установах, слухала беларускае радыё, бачыла беларускае кіно і тэлебачанне, чытала беларускія кніжкі, газеты і часопісы. Усяго гэтага практычна ў дзяржаве няма. I каб пазбавіць усяго гэтага людзей, дзяржава прыдумала "двухмоўе", якога практычна няма, бо воляй дзяржавы ўсё працуе толькі на расійскай мове.

Янка Брыль казаў:"Каб беларуса прымусіў быць беларусам, то гэта быў бы сапраўдны беларус". Ці трэба прымушаць беларуса быць беларусамі? Канешне, не! Але ж нас прымушаюць быць небеларусамі. Хто гэта робіць? Здагадацца не цяжка.

Яшчэ даўным-даўно расійская імператрыца Кацярына II сказала: "Пакарыць гэты народ (зн.беларусаў) зброяй немагчыма...Гэта зробіць расійскія школа, чыноўнік і царква". I зрабілі. Школы беларускай няма, чыноўнікі рускамоўныя, царква таксама рускамоўная. Практычна нацыянальна свядомага беларуса няма каму выхоўваць. Ды ў гэтым дзяржава і не мае інтарэсу.

Трэба канкрэтныя факты, прыклады? Калі ласка! Аб чым гавораць вуліцы вёсак і гарадоў? Гарады перапоўнены, а прасцей сказаць, патанаюць ў назвах: Камсамольская і Камуністычная, Пралетарская і Інтэрнацыянальная, Сацыялістычная і Індустрыяльная, Суворава і Чапаева, Кірава і Калініна, Куйбышава і Свярдлова... А вуліцы і плошчы Леніна складаюць цэнтры ўсіх гарадоў краіны. Якую свядомасць могуць выхоўваць назвы гэтых вуліц?

А зараз звернем увагу, на якой мове аформлены шыльды з назвамі вуліц. Пераважна на рускай мове. Шыльды з беларускімі назвамі з'явіліся толькі пасля майго паходу ў гарвыканкам, дзе прышлося паваяваць за іх з гарвыканкамаўскімі чыноўнікамі. Праўда, тут я сустрэў жанчыну з прагрэсіўнымі нацыянальнымі поглядамі, якая на той час ведала ідэалагічнай работай. З'явіліся шыльды ў беларускім афармленні, хоць і меншых памераў, і з меншымі літарамі, і ў меншай колькасці. Неяк спецыяльна пералічыў шыльды з назвамі вуліц. У выніку атрымалася: на малых (кароткіх) вуліцах шыльды беларуска/рускія - 1/3; на вялікіх - 1/8-10. Паражэнне церпіць родная мова беларусаў.

ІІІто тычыцца рэкламнай прадукцыі, то тут абсалютны лідар - мова суседняй дзяржавы. Вось вам і роўнасць моў!

У Пінску, які здаўна лічыцца горадам студэнтаў, сталіцай беларускага Палесся, а мінулы год насіў гордую назву "Культурная сталіца Рэспублікі Беларусь", усе каледжы і Палескі ўніверсітэт маюць рускамоўныя назвы. I, думаеце, знойдзеце групы, плыні, курсы, якія навучаюцца і выхоўваюцца па-беларуску? Як бы ні так!

Няма беларускіх школ і гімназій. Газеты толькі рускамоўныя. Дык адкуль возьмецца нацыянальныя гонар і свядомасць?

Наведаў некалькі бібліятэк. I што я там убачыў? На паліцы беларускай літаратуры ўсяго некалькі дзесяткаў кніг. А дзе ж яны: Янка Купала і Якуб Колас, Багушэвіч і Багдановіч, Танк і Броўка, Брыль і Караткевіч, Быкаў і Мележ, Шамякін і Навуменка, Гілевіч і Бураўкін? У кнігасховішчы! Так мне растлумачылі гаспадары. Вось вам, людцы добрыя, і нацыянальная свядомасць.

У межах праграмы культурнай сталіцы ў горад завіталі паэты з Менска. Як я зразумеў, каб паказаць, якія паэты-пісьменнікі ў пашане. Прывезлі двух паэтаў з "правільнага" саюза. Мерапрыемства вялося на расійскай мове, расійскамоўная паэтка хвалілася ўзнагародамі, якія атрымала з рук прэзідэнта РФ У.У. Пуціна. За што ўзнагароды? Паспрабуйце здагадацца з аднаго разу. Мясцовы паэт (таксама рускамоўны) Кулеш, які кляўся , што ён любіць родную мову, але піша па руску. Вось гэта любоў! Тут уручылі рускамоўнаму паэту з Пінска медаль М. Багдановіча. Вядома ж, не за выхаванне нацыянальнай свядомасці. Парадокс. Гэта інакш не назавеш. Але ж з такіх трагічных парадоксаў складаецца рэчаіснасць нашага жыцця. А вось яшчэ адзін негатыўны прыклад адносін да беларускай мовы, з дапамогай якой павінна фарміравацца нацыянальная свядомасць. Гляжу рэгулярна праграму на трэцім беларускім "Навіны культуры", якую вядзе Ганна Панцялеева. Усё ідзе добра, прыгожа, прыстойна. Але, як толькі пачынаецца гутарка Ганны з прадстаўнікамі творчай эліты, то твар вядоўцы мяняецца. Яна лісліва мяняе тон і пераходзіць на рускую мову. Так сталася і ў апошняй перадачы, калі Ганна гутарыла з новым старшынём саюза мастакоў Беларусі, які вёў гутарку па-руску. Вось ранейшы старшыня заўсёды гаварыў па-беларуску. Дык хто ж новы старшыня? Якую ж свядомасць будуць выхоўваць мастакі?

Нельга абыйсці той факт, што ў бібліятэках нельга знайсці беларускамоўныя часопісы "Дзеяслоў", "Верасень". Чаму? Бо яны выдаюцца "неправільным" саюзам пісьменнікаў. Мне здаецца, што Саюз беларускіх пісьменнікаў спецыяльна раскалолі на два саюзы, каб знішчыць беларускасць. I што мы маем ў выніку? Таксама здагадацца не цяжка. Беларуская мова, культура, нацыя знішчаецца. I знішчаецца мэтанакіравана. I як гэта не парадаксальна, знішчаецца ўладай, дзяржавай з маўклівай згоды і пры абыякавасці народа. Сёння пакуль яны жывуць толькі энтузіазмам асобных груп беларусаў, якім лёс будучыні нашай краіны яшчэ баліць.

Уладзімір Гук, старшыня Пінскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.

Героямі дня сталі медыкі

"ДЗЯКУЙ ВАМ МЕДЫКІ!", - абвяшчае на ўсіх мовах вялізнае светлавое табло на будынку гандлёвага цэнтра ў Гародні.

На прадстаўнікоў самай гуманнай прафесіі зараз ускладзены самы вялікі цяжар па пераадоленні пандэміі.

Цягам месяца мне давялося назіраць за энергічнымі і рашучымі дзеяннямі дактароў у эпіцэнтры падзей - адным з аддзяленняў пульманалогіі профільнага шпіталя ў прыгарадзе Менска.

Туды патрапілi каля 60 жанчын і мужчын, (а сярод іх былі і асобы стага веку) з пнеўманіямі, якія сталі, відавочна, вынікам ускладнення беларускага грыпу невысветленага штаму, пра распаўсюд якога не паведамлялася, але такі факт меў месца па ўсёй Беларусі.

У першыя дні жанчынкі моцна кашлялі, адчувалі слабасць, былі ўсхваляваныя сваім станам. Уначы маладая матуля кашляла праз кожную хвіліну, палохаючы суседак. Але праз некаторы час добра падабраныя антыбіётыкі, кропельніцы, добрае харчаванне, чыстая бялізна ачысцілі іх лёгкія, і дзяўчаты адужалі.

З пяшчотай да кожнай з іх падходзіла і выслухоўвала загадчыца аддзялення Ала Мікалаеўна Мартынюк, не менш рупілася маладзенькая, стройная і прыгожая тэрапеўт Дар'я Дмітрыеўна Чыстая. А гучны і бадзёры голас і своечасовы жарт Мікалая Савельевіча Пальчука падбадзёрваў і адганяў дрэнныя думкі. Акуратна, рэгулярна і ўважліва ставілі кропельніцы медсёстры Жанна і Ірына.

Моцна грукала ў дзверы і гучна прамаўляла працаўніца кухні: "Дзяўчаты, малако!" Кожныя чатыры гадзіны яна везла з грукатам кашу, супы і катлеты, запяканкі, кампот і гарбату, што таксама спрыяла выздараўленню пацыентаў.

З раніцы дзяўчыты заклапочана чыталі навіны на тэлефонах і планшэтах, а потым адкідалі электронныя сродкі, адказвалі на тэлефанаванні родных, і каб не хвалявацца, браліся за любімыя кніжкі. А ўвечары ўсе дружна праглядалі кінастужкі з пазітыўным і жыццясцвярждальным зместам.

Сонейка пачало прыпякаць усё мацней, пад вакном цінькалі сінічкі, на галінкі дрэваў сядалі сойкі і дзятлікі. І нарэшце з'явіліся маладзенькія шпачкі, адметныя бліскучымі чыстымі пёркамі з залатымі кропелькамі. У канцы сакавіка дзяўчаты заўважылі ў небе клін журавоў і ўзрадаваліся!

Мужчыны адчулі прыліў энергіі, пачалі займацца фізічнымі практыкаваннямі ў бальнічным калідоры. Некаторыя з іх пачалі выходзіць прагуляцца пад хвоямі бараўлянскага лесу.

Многія пацыенты ўжо пачалі рыхтавацца да адпраўкі дадому. І раптам у апошні дзень перад выпіскай узняўся незвычайны вэрхал! Медсёстры і дактары, апрануўшы спецыялізаваную вопратку, пачалі ў заклапочанасці бегаць па аддзяленні. Высветлілася, што ў адной з пацыентак быў выяўлены каранавірус. Жанчына не паведаміла лекарам, што яе муж два дні таму прыехаў з Італіі. Імгненна пацыентку і яе суседку па палаце перавялі ў менскі інфекцыйны шпіталь. Усё аддзяленне разам з пацыентамі на 14 дзён зачынілі на каранцін. Усхваляваліся не толькі пацыенты, але і працэдурныя медсёстры, якія непасрэдна кантактавалі з хворай.

Дактары, медсёстры, нянечкі і раздатчыцы ежы засталіся начаваць у палатах. Удзень медперсанал працягваў лячыць хворых, пераадольваючы стомленасць і стрэс. Усю ноч гарэлі ў калідоры сінія кварцавыя лямпы, днямі старанна драілі падлогу санітаркі.

Медыкі вымушаны былі працягваць лекаваць пацыентаў і жыць у клініцы ў каранціне разам з імі да таго часу, пакуль не будуць паўторна ўзятыя пробы на каранавірус.

Нарэшце, 14 дзён прамінулі, і дзякаваць Богу, і медперсаналу, ні ў кога каранавірус не быў знойдзены, усе выйшлі чыстымі і здаровымі!

Жанчынкі і дзяўчаты адправіліся дадому шчаслівыя і бадзёрыя!

А дактароў чакае новае прыбыццё пацыентаў, новыя клопаты пра іх, нечаканыя павароты падзей у барацьбе за іх выздараўленне. Можна з усёй упэўненасцю засведчыць, што беларускія медыкі лечаць вельмі якасна і добрасумленна! Яны перамогуць усе хваробы пры пазітыўным настроі пацыентаў.

Эла Дзвінская, Фота TUT.by, БелТА.

ПРАВА НА ПАЭЗІЮ ЗАСТАЕЦЦА

Чарговая сустрэча з беларускай паэзіяй адбылася ў Нясвіжскім аддзяленні дзённага наведвання інвалідаў і людзей пажылога ўзросту і была прысвечана Сусветнаму дню паэзіі. Зладзіла сустрэчу сябра раённага ТБМ Вальчык Станіслава Георгіеўна. Хоць па зразумелых па цяперашнім часе прычынах аўдыторыя была нешматлікай, але ўражанні ад сустрэчы былі надзвычай прыемнымі. Аматары беларускага рыфмаванага слова перагарнулі старонкі з кнігі жыцця Сяргея Новіка-Пеюна - паэта, кампазітара, перакладчыка, мастака, выдаўца, рэжысёра, акцёра, музейшчыка, вялікага пакутніка за права беларусаў на сваю паэзію і песню, які сядзеў у турмах пры ўсіх рэжымах.

Мясцовыя жыхары памятаюць паэта, бо нарадзіўся ён у вёсцы Лявонавічы, вучыўся ў Нясвіжы, арганізаваў вядомы на Нясвіжчыне (ды і не толькі) Лявонавіцкі хор. Тыя, хто пасяліўся ў гэтым краі напрыканцы мінулага стагоддзя, пра Новіка-Пеюна не чулі. Ды і для несвіжан асобныя моманты з жыцця Сяргея Міхайлавіча, як высветлілася падчас размовы, былі адкрыццём.

Вось напрыклад тое, як была напісана вядомая шматлікай аўдыторыі песня "На выгнанні". Дарэчы, гэта першапачатковая назва песні, але народ змяніў назву твора на "Зорачкі".

А створана песня "Зорачкі" падчас першай высылкі паэта ў Паморскае ваяводства ў мястэчка Света над Віслай у 1929 годзе. Вось як аб гэтым успамінае сам паэт: "…Шпацыравалі мы аднойчы па Свеце… паляк Фелікс Балінскі, сам скрыпач, і ўкраінка Галя Парадкіўна, піяністка. Яны былі закаханыя, таму, вядома, я ніякавата адчуваў сябе сярод іх. Даў зразумець, што трэці - лішні, ды і дадому, маўляў, трэба ісці. А Галя пытаецца:

- А шчо Вы будэтэ робыты вдома?

- Ліст пісаць дахаты.

- А можа, і віршы?

- А можа, і вершы, - падладжваўся я пад яе настрой.

- А про шчо?

Ноч была надзіва зорная. Я паглядзеў на неба і жартам адказаў:

- А хаця б пра зорачкі…

І цуд стварэння адбыўся яшчэ ў дарозе. За паўкіламетра адзінокага вяртання да хаты кватаравання. "Пакуль я ішоў, - прыгадваў паэт, - мяне ўсё больш і больш паланіла музыка, якую вы зараз ведаеце як музыку песні "Зорачкі". Адначасова з музыкай прыдумаліся і вершы".

Невялікі пакой, у якім адбывалася сустрэча, як і сэрцы слухачоў запаланіў цудоўны лірычны тэнар выканаўца песні "Зорачкі" Данчыка (Багдана Андрусішына).

Падчас сустрэчы гучалі вершы паэта, напісаныя ў гады яго зняволення ў Слоніме, лагеры смерці Калдычэве, Якуціі. Аднак слова "напісаныя" не зусім адпавядае ў дачыненні да Сяргея Міхайлавіча, бо вершы, якія ён ствараў у турмах, не запісваліся на паперы (папера і аловак былі там пад забаронай), а завучваліся на памяць. Такім чынам, як гаварыў паэт, усе свае вершы з 1921 года ён ведае на памяць.

Удзельнікаў сустрэчы зацікавіў фотаздымак Сяргея Міхайлавіча ў медыцынскім халаце. Як высветлілася, у Якуціі, дзе адбываў турэмнае зняволенне паэт, прыйшлося працаваць яшчэ і фельчарам. Цікава было даведацца, што Сяргей Міхайлавіч выдатна іграў на скрыпцы і мандаліне. Адну са сваіх песень ён прысвяціў любімаму інструменту:

Ішоў я горкаю,

Ішоў далінаю,

Усцяж па свеце шчасця я шукаў.

І долю горкую

Я з мандалінаю

У супольнай песні часта забываў.

Аднак лагерныя ахоўнікі зломяць Новіку-Пеюну пальцы на руках, пасля чаго падыгрываць сваім спевам ён ужо аніколі не здолее.

Напрыканцы сустрэчы Таісія Сямёнаўна Жучкевіч, адна з удзельніц сустрэчы, нагадала, што яе сын, падчас вучобы ў СШ № 3 горада Нясвіжа, у складзе групы школьнікаў, якую ўзначальвала настаўніца музыкі К.Я. Шышыгіна, сустракаўся з паэтам у яго менскай кватэры. Сустрэчы былі шчырымі, сяброўскімі (вядома, што апошнія гады Сяргей Міхайлавіч любіў сустракацца з маладымі людзьмі, якія цікавіліся беларускай культурай). На развітанне паэт дарыў юным сябрам свае зборнікі вершаў і песень. Такі зборнік з аўтографам яе сын захоўвае і да сёння.

Вось так, на адным дыханні, здаецца, за некалькі хвілін (а прайшло дзве гадзіны) праляцела гэта цікавая сустрэча. Словы падзякі гучалі Станіславе Георгіеўне Вальчык, яе арганізатарцы, а з імі і спадзяванні, што гэта не апошняя сустрэча з сапраўднай паэзіяй, з лёсамі выбітных людзей Нясвіжчыны.

Анюта Юрэвіч. Нясвіж.

Універсітэт імя Ніла Гілевіч

Нягледзячы на рэальную небяспеку, што навісла зараз над усім светам і над нашай Беларуссю, рэктарат Універсітэта імя Ніла Гілевіча працуе. Запатрабаваны Міністэрствам адукацыі чарговы пакет дакументаў на тым тыдні перадалі ў прыёмную. Чакаем нарэшце станоўчага выніку, каб пачаць працэс набору студэнтаў.

Алена Анісім.

У Гомелі з'явіліся беларускамоўныя аўтобусныя квіткі, на чарзе гарады Магілёўскай вобласці

Пасажыры гомельскіх аўтобусаў з нядаўняга часу пачалі атрымліваць беларускамоўныя квіткі на праезд. Прадстаўніца ініцыятывы "Ўмовы для мовы" Аліна Нагорная згадвае, што "беларусізаваць" квіткі ёй абяцалі ў Гомельскім аблвыканкаме мінулай восенню.

У верасні 2019 года старшыня абласнога камітэта архітэктуры і будаўніцтва Дзмітры Гайкевіч адказаў на зварот Нагорнай, што "ў мэтах пашырэння выкарыстаньня беларускай мовы" "лічыць магчымым" перавесці друк квіткоў на беларускую мову, як скончацца запасы ўжо надрукаваных па-расейску. Чыноўнік адзначаў, што рабіць па-беларуску квіткі, якія выдаюцца кампутарнымі сістэмамі ў тэрміналах і ў кіроўцаў, не могуць без рашэння на рэспубліканскім узроўні.

Нядаўна Нагорная атрымала таксама адказ пра беларускую мову на квітках у транспарце Магілёўскай вобласці - намеснік старшыні аблвыканкама паведаміў, што цяпер у філіях "Аблаўтатрансу" замяняюць квіткі на беларускамоўныя, а цалкам пяройдуць на іх да 1 чэрвеня, калі скончацца расейскамоўныя.

Адзінага падыходу да мовы квіткоў у Беларусі няма. У гомельскіх тралейбусах квіткі ўжо працяглы час беларускамоўныя. У Менску квіткі на грамадскі транспарт друкуюцца па-беларуску. Квіткі на тралейбус і трамвай у Віцебску, на аўтобусы і тралейбусы ў Гародні і Берасці цяпер робяцца па-беларуску, але на аўтобусы ў Берасцейскай і Віцебскай абласцях - па-расейску.

У канцы мінулага года стала магчымым атрымаць квіткі па-беларуску на некаторыя цягнікі Беларускай чыгункі. На думку Нагорнай, з'яўленне квіткоў па-беларуску стала магчымым дзякуючы "ўсім, хто пісаў звароты".

Радыё Свабода.

Старшакласніца з Гомеля прыдумала, як зацікавіць аднагодкаў беларускай мовай

Напрыканцы навучальнага года, 23 траўня, дзесяць школьнікаў з усёй краіны прадставяць свае ідэі на моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Кожная з прапаноў - адказ сучасных падлеткаў на пытанне, як змяніць да лепшага навакольны свет. Дзесяцікласніца з Гомеля Ангеліна Себік прапануе пачаць з вывучэння беларускай мовы.

Ангеліна Себік - вучаніца гомельскай гімназіі № 10. Школьніца цікавіцца беларускай культурай, папулярызуе родную мову, а таксама вывучае замежныя - англійскую і кітайскую.

- Я карыстаюся беларускай мовай штодзень ужо больш за паўгода - дома, у горадзе і нават у школе, хаця там гэта не заўсёды проста. Часта наведваю Цэнтр беларускай мовы і курсы "Мова Нанова", - расказвае дзяўчына. - Родныя ў мяне рускамоўныя, але мне гэта не надта замінае.

У маім класе беларускамоўных людзей таксама няма, але ў гімназіі, натуральна, ёсць людзі, якія часта адказваюць па-беларуску, калі да іх звярнуцца. І хаця, па маіх назіраннях, стаўленне да роднай мовы збольшага станоўчае, я ўсё адно лічу, што яе бракуе ў самых розных сферах жыцця. Асабіста мне хацелася б чуць яе часцей сярод сваіх аднагодкаў.

Ангеліна ўпэўнена, што цяпер, калі большасць людзей праводзіць шмат часу ў сеціве, менавіта там варта рабіць штосьці для папулярызацыі беларускай мовы. Напрыклад, адукацыйныя майстар-класы ад беларускамоўных блогераў у Гомелі, але з трансляцыяй у прамым эфіры на ўсю краіну.

Відэапрэзентацыю сваёй ідэі яна адправіла на конкурс "Першыя", абвешчаны для школьнікаў кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. У выніку Ангеліна трапіла ў дзясятку фіналістаў і дапрацоўвае сваю задуму, каб прэзентаваць яе на вялікую аўдыторыю.

- Самы час паказаць, што беларуская мова - такая ж, як і іншыя, таму па-беларуску можна гаварыць пра ўсё. Блогінг - выдатная магчымасць гэта давесці, бо маем і стрымераў, і блогераў, і ўрбаністаў, і проста актыўных людзей, што асвятляюць актуальныя навіны ў сваіх сацсетках, - кажа старшакласніца.

Дзяўчына плануе арганізаваць першую імпрэзу ў Гомелі з удзелам 2-3 спікераў і жывой трансляцыяй на некалькі сацсетак. Яе мэта - паказаць з дапамогай вядомых у медыяпрасторы людзей, якія публічна карыстаюцца роднай мовай і за дзейнасцю якіх сочаць сучасныя падлеткі, што гаварыць па-беларуску - гэта сучасна і прыгожа.

У якасці выступоўцаў Ангеліна бачыць блогераў Рэйні, Тутэйшага шляхціца, Яўгена Меркіса, ТВАР ТВАР (YouTube), Ягора Тубялевіча (Instagram) ды іншых. На яе думку, нават некалькі майстар-класаў на тэмы кшталту "Як раскруціць уласны Instagram", "Колькі часу трэба выдаткоўваць на блог", "Разынкі блогу па-беларуску" могуць заахвоціць многіх падлеткаў зрабіць хаця б першы крок да таго, каб адчуць сябе беларусам і гаварыць на роднай мове.

- Я хачу, каб дзякуючы майму праекту людзі зразумелі, што стан і ўспрыманне беларускай мовы залежыць толькі ад нас саміх. І нават проста падпіска на беларускамоўны Tik-Tok ці адзін пост можа паўплы-ваць з часам на агульную сітуацыю, - лічыць Ангеліна.

NN.by.

ГІСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА ЛІДЧЫНЫ

Інстытут гісторыі НАН Беларусі і

Лідскі гістарычна-мастацкі музей

запрашаюць прыняць удзел у навукова-практычнай канферэнцыі

"ГІСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА ЛІДЧЫНЫ",

ПРЫМЕРКАВАНАЙ ДА 430-ГОДДЗЯ НАДАННЯ Г. ЛІДЗЕ МАГДЭБУРГСКАГА ПРАВА

Праблемнае поле канферэнцыі:

- Лідчына ў святле археалагічных крыніц;

- Ліда і Лідскі павет у складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай;

- Лідчына ў канцы XVІІІ - пачатку ХХ стст.;

- Лідчына ў міжваенны перыяд 1921-1939 гг.;

- Ліда і Лідскі раён у перыяд Другой сусветнай вайны і пасляваеннага аднаў-лення;

- Ліда ў другой палове ХХ-пачатку ХХІ стст.;

- Гістарыяграфія і крыніцазнаўства гісторыі Лідчыны;

- Матэрыяльная і духоўная культура рэгіёна;

- Выбітныя ўраджэнцы Лідчыны.

Час правядзення канферэнцыі: 18 верасня 2020 г.

Планаванае месца правядзення канферэнцыі: г. Ліда Гарадзенскай вобласці, Лідскі гістарычна-мастацкі музей.

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі ў фарматах .dос, .dосх прымаюцца да 25 жніўня 2020 г. па электроннай пошце: arhivnan@gmail.com. У заяўцы паведамляецца імя; імя па бацьку; прозвішча дакладчыка; яго вучоная ступень і званне (пры наяўнасці); назва даклада; назва ўстановы, якую прадстаўляе дакладчык; кантактны тэлефон; е-mail; форма ўдзелу (вочная\завочная). Аргкамітэт адказвае на дасланы ліст кароткім паведамленнем аб атрыманні. Калі адказу няма цягам трох дзён - звяжыцеся, калі ласка, з арганізатарамі канферэнцыі па тэлефоне.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору дакладаў для выступлення і публікацыі. Пацвярджэнне аб удзеле ў канферэнцыі будзе даслана да 5 верасня 2020 г.

Матэрыялы канферэнцыі плануецца апублікаваць. Тэксты дакладаў у фарматах .dос, .dосх прымаюцца па электроннай пошце arhivnan@gmail.com да 18 кастрычніка 2020 г.

Патрабаванні да тэкстаў: аб'ём не болей за 20 000 знакаў, спасылкі афармляюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі ВАК у квадратных дужках, напрыклад: [1, с. 392]. Спіс выкарыстаных крыніц афармляецца ў алфавітным парадку пасля асноўнага тэксту. Узоры афармлення: https://vak.gov.by/be/bibliographicDescription

Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская, польская, руская.

Кантакты: 220072, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1, Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Тэл. +375 44 541 549 1 (Сыцько Кірыл Валер'евіч).

Дарога за кошт камандзіруючага боку. Разглядаецца магчымасць бясплатнага трансферу Мінск-Ліда-Мінск. Харчаванне і пражыванне за кошт камандзіруючага боку.

Аргкамітэт канферэнцыі.

Сяргей Богдан: Беларусі ў барацьбе з пандэміяй рызыкоўна малпаваць навакольны свет

Навіны Германіі

"Свабода" задае вядомым інтэлектуалам пытанні пра антрапалагічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо змяніла і яшчэ зменіць Беларусь, свет і чалавека.

Сёння прапануем вашай увазе адказы доктара палітычных навук, навуковага супрацоўніка Свабоднага ўніверсітэта Берліна Сяргея Богдана.

- Беларусь - адна з нешматлікіх краінаў у свеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія - гэта "псіхоз", маўляў, на трактары ніякі каранавірус не страшны, краіна адзіная ў Еўропе распачала футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш-менш вядомых краін - здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?

- Мне давялося назіраць барацьбу з пандэміяй у Германіі, Іране і Расеі. Замест адраснага ратавання самых уразлівых ды імклівай лакалізацыі агмянёў, бачыў збольшага размазаныя па ўсім грамадстве, дарагія захады, часам амаль рытуальныя. Таму выснова ў мяне старая. Сённяшняе змаганне з немаччу ізноў паказала, што сучасная палітыка часцяком мала звязана з навукова абгрунтаванымі падыходамі, арыентаванымі на дзейснае вырашэнне пытанняў.

Захады, прынятыя заходнімі палітыкамі, ужо не кажучы пра постсавецкія краіны, наўрад ці больш рацыянальныя за тое, што робіць Менск. Зрэшты, вінаваціць толькі палітыкаў таксама цяжка - у грамадстве няма адпаведнага попыту. Цікавая сітуацыя была, калі профільны Інстытут Роберта Коха ў Германіі цвёрда заявіў, што няма навуковых падстаў для абавязковага нашэння масак, а іх усё адно пачалі прапагандаваць і нават уводзіць - прычым у Ене дайшлі да абсурду, вымагаючы проста ўвогуле любыя маскі або неяк захінуць шалікам ці хусткай рот (што бессэнсоўна), калі жадаеш зайсці ў краму. Праз нейкі час Інстытут Коха вымушаны быў ухваліць маскі, толькі збянтэжана дадаўшы кароткі сказ, маўляў, навуковых падстаў няма, але... Што гэта, калі не маніпуляцыя грамадствам, ахопленым страхам перад хваробай?

Затое прыляцеўшы 21 сакавіка ў Германію, ужо калі пачаліся каранцінныя захады, я здзіўлена адцеміў, што ў берлінскім аэрапорце ані тэмпературы не правяралі, ані пыталіся, скуль лячу. Ці яшчэ - мая сям'я якраз-такі захварэла, але спачатку яны фізічна не маглі паехаць на тэст у клініку праз высокую тэмпературу, а калі ачунялі і паехалі - тэст ім праводзіць адмовіліся, бо, маўляў, у вас тэмпературы няма. А бальнічны запытаеце ў лекара па тэлефоне! Гэта было ў Берліне, паўтаруся. Ці можна тут гаварыць пра эфэктыўнае прадухіленьне распаўсюду віруса? І што там кажуць пра схаваную кітайцамі ці іранцамі статыстыку?

Карацей, калегі Лукашэнкі ў іншых краінах рэагуюць хутчэй не ўласна на вірус, а на масавую скрайнюю занепакоенасць, якая пагражае палітычнымі наступствамі. Апошняя не была распазнаная, як штосьці анамальнае, бо гэтым разам яе прырода звязана і з зусім навачаснымі тэхналагічнымі змяненнямі (якія зрабілі магчымым некантраляваны распаўсюд часта сумнеўнай інфармацыі, здатнай выклікаць паніку), і з перакшталтаваннем грамадства ў плане каштоўнасных арыентацыяў.

Я маю на ўвазе з'яўленне ўсё большага пласта людзей, чый экзыстэнцыйны досвед мізэрны, умоўна кажучы, смерць і пакуты для іх не настолькі знаёмыя, як яшчэ пару пакаленняў таму, і таму цяперашняя навала выглядае нейкім канцом свету.

Таксама варта адзначыць заняпад навуковай галіны і месца навукі (нават у заможнай Германіі - апошнія гады назіраў зблізу, як рыхтуецца скасаваць дзеля ашчаджэння сродкаў цэлыя дэпартаменты ўсходнеберлінскі ўніверсітэт Гумбальта, а заходнеберлінскі Вольны ўніверсітэт распрадаваў нерухомасць - абодва не апошнія ВНУ ў свеце).

Некалі быў такі жарт, што радыкальныя ісламісты мяркуюць - навошта нам кампутары, калі ў нас ёсць вярблюды. Дык вось, у сучасным грамадстве мусіць дэвіз падобны - навошта нам ВНУ і фундаментальная навука, калі ў нас ёсць Ілан Маск, Гугл і Ютуб.

- Цяперашняя пандэмія на думку некаторых спараджае суровую дылему паміж выжываннем людзей, уратаваннем іх ад хваробы, і выжываннем эканомікі, якая таксама ёсць умова выжывання людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ды і палітыкі - прыхільнікі каранціну і лакдаўну - таксама пра гэта гавораць. Ці ёсць рашэнне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэнне ў той ці іншай краіне?

- Цяперашнія захады па барацьбе з вірусам здатныя прычыніць больш стратаў, чым сам вірус. Нават калі браць толькі чалавечыя ахвяры. Але замераць вынікі ўздзеяння такога кшталту структурных чыннікаў цяжэй, чым падлічыць колькасць памерлых ад віруса. Ясна, што свет зараз бадзёра шыбуе да эканамічнага калапсу. І нават калі пакінуць у баку апакаліптычныя варыянты, то проста рэзкі эканамічны спад і інфляцыя (нават на Захадзе - глядзім на аб'ёмы надрукаваных грошай) здатныя загнаць у труну тысячы і тысячы людзей. Каб даведацца, што нас чакае, варта прыгадаць сусветны эканамічны крызіс 1929 года.

- Ці не мяняе разуменне гуманнасці гэтая дылема? Ці не мяняюць разуменне гуманнасці пікавыя перагрузкі шпіталёў хворымі, недахоп неабходнага медычнага абсталявання - калі даводзіцца рабіць выбар - каго лячыць?

- Разуменне гуманнасці мяняецца ўвесь час. Але апісаны выбар - нешта экстраардынарнае і ў навіну выключна для заможных заходніх краінаў. У рэшце свету як-раз наяўнасць грошай і іншыя меркантыльныя меркаванні і вызначаюць, каго ратаваць, а каго - не.

- На ваш погляд, ці магчымыя ў Беларусі кардынальныя палітычныя змены, калі, насуперак перакананням прэзідэнта Лукашэнкі, эпідэмія ў краіне набудзе значныя маштабы?

- Калі гістэрыя набярэ значныя маштабы, многія ўрады могуць ляснуцца. Бо давядзецца выдаткоўваць апошнія грошы на тле эканамічнага калапсу нават на відавочна непатрэбныя ці неэфектыўныя захады, абы пазбегнуць "вірусных бунтаў".

Гэта добра відаць зараз па Іране, дзе праблема не ў памерлых, а ў тым, як гэта ўспрымаецца грамадствам. А яно там па каштоўнасных спажывецкіх арыентацыях на геданістычны лад жыцця не асабліва адрозніваецца ад заходняга. Таму ўрад і выграбае апошнія грошы з недатыкальных запасаў і раздае сродкі, эфектыўнасць якіх незразумелая, бо захворваемасць расце. Анягож людзі там ня тое што ў масках ходзяць, але нават і ў пальчатках, паранаідальна мыюць і спецсродкамі, і простай вадой спрэс усё (расходы вады такія, што ўстановы перасцерагаюць, што Тэгерану можа не застацца вады на лета!) - а колькасць выпадкаў павялічваецца.

Эканамічныя наступствы захадаў па барацьбе з эпідэміяй велізарныя - у Германіі эканамічны спад за 1 квартал амаль 10%, а было толькі пару тыдняў каранціну. Цэлыя галіны эканомікі ляглі і не ўстануць без мільярдных датацый. І на мікраўзроўні тэндэнцыі адпаведныя: прыватны бізнес тут жа пасля пачатку каранціну пачаў падвышаць цэны на самыя неабходныя харчовыя тавары.

СМІ ж вяшчаюць толькі пра страхі эпідэміі і якія б яшчэ абмежаванні ўвесці - амаль не закранаючы праблемы таго, што на тле страты многімі даходаў, росту цэнаў і друкавання новых грошай менш заможныя грамадзяне могуць збяднець дашчэнту. У такой сітуацыі глеба пад небяспечны папулізм пасля таго, як пачнуць адчувацца наступствы сённяшняй палітыкі - ідэальная.

І тое ў заможнай краіне, дзе ёсць запасы і дзе ёсць механізмы стрымлівання папулізму і экстрэмізму. Беларусь жа не мае такіх запасаў трываласці і грошай, таму для яе пагатоў рызыкоўна малпаваць навакольны свет. Але калі гістэрыю раскруціць, то можна і Менск прымусіць да такіх самых дзеянняў сумнеўнай эфектыўнасці, што могуць дэстабілізаваць існую палітычную сістэму.

- Ужо зараз эканамічныя эксперты фіксуюць падзенне ўсясветнай эканомікі, і прагназуецца далейшае падзенне - спрэчкі толькі пра тое, наколькі глыбокім ён будзе. Хто з гэтага віру выйдзе пераможцам ці хаця б хто прайграе менш за іншых - ЗША, Кітай, ЕС, Расея?

- Усе пералічаныя краіны - па вушы глабалізаваныя ва ўсіх сэнсах. Таму пацерпяць ад сённяшняй сітуацыі ўсе. Але вынікам будзе не вяртанне да больш суверэнных дзяржаў - але да расхіствання дзяржаваў далей, яны аслабнуць. Бо за ўсе сённяшнія захады плацяць дзяржавы - і нават заможная Германія здымае абмежаванні па ўзроўні дапушчальнай запазычанасці.

Аслаблыя дзяржавы найперш скінуць сацыяльныя функцыі, адукацыю, ахову здароўя (як ні парадаксальна!) - бо інтарэсы слабейшых сацыяльных слаёў у апошнія гады няма каму адстойваць. Частка гэтых функцыяў будзе прыватызавана і камерцыялізавана. Паўстане і новая эканоміка - з большым кантролем эканомікі ды і грамадства з боку новых карпарацый, пераразмеркаваннем багацця з экспрапрыяцыяй грошай дробнага бізнесу і шараговых грамадзян, новай канфігурацыяй глабальнай эканомікі, міжнароднай супрацы і эканамічнага ўзаемадзеяння ды інш.

- Ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясветнай вайны?

- Вялікай - не (няма каму!), але новых гарачых кропак - так. Нават не такія вялікія прыродныя катастрофы канца 2000-х ладна паспрыялі "Арабскай вясне" 2011 года. А тут маштаб куды большы. Напрыклад, на Блізкім Усходзе ўжо відаць значныя зрухі - крышыцца "Шыіцкі паўмесяц", ушчэнт развальваецца палестынскі праект - а новая пошасць "штурхане таго, хто падае".

- Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе свет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалогіі, вераванні набудуць большую папулярнасць, як свет сам сабе будзе тлумачыць, што з ім адбываецца?

- Архаізацыя мыслення грамадзян і грамадскага дыскурсу парадаксальным чынам будзе накладацца на рост сацыяльнага кантролю з боку непадлеглых дэмакратычнаму кантролю структураў. Расце роля сродкаў камунікацыі і інфармавання праз інтэрнэт, але мяняюцца і паводзіны дзяржаўных структураў. Ужо зараз відаць, як нават у даволі высокаадукаваным нямецкім грамадстве рытуальным чынам выконваюцца нават бессэнсоўныя загады, прычым з энтузіязмам і гатовасцю пайсці і на новыя абмежаванні (толькі тэхнічныя дэталі замінаюць увядзенню адсочвання па сотавым - вядома, выключна ў інтарэсах тых, за кім сочаць).

Пра Усходнюю Еўропу і гаварыць няма чаго - карцінкі з Масквы неўзабаве можна будзе выкарыстоўваць для ілюстравання Оруэлавага "1984". Прычым абмяжоўваюцца базавыя рэчы, якія абыходзяць кожнага грамадзяніна і часта наўпрост шкодзяць яго здароўю - забарона індывідуальнага вольнага перасоўваньня нават у ваколіцах рацыянальна барацьбой супраць вірусу не абгрунтуеш. Але калі можна абмежаваць такое - пагатоў можна і больш абстрактныя правы.

- Пандэмія спараджае ў свеце і прыклады салідарнасці, узаемадапамогі, ахвярнасці і прыклады эгаізму, прама паводле гулагаўскага закону - памры ты сёння, а я - заўтра. А чаго больш? І чаго будзе больш далей?

- Пандэмія паглыбіць ранейшыя тэндэнцыі - на атамізацыю грамадства, спажывецкую веру ў вырашэнне праблемаў матэрыяльнымі сродкамі, аслабленне дзяржавы і буйных грамадскіх структураў, архаізацыю і прымітывізацыю мыслення, грамадскага дыскурсу і палітыкі пад уздзеяннем новых камунікацыйных магчымасцяў, распад цэласных ідэалогій. На змену ідуць больш прымітыўныя і абмежаваныя альтэрнатывы.

Тыя ж валанцёры - гэта дабрачыннасць, якая не можа ўстойліва вырашыць аніводнай сур'ёзнай праблемы. Для таго патрэбныя грамадскія рухі з цэласнымі ідэйнымі платформамі і дзяржавы, здатныя ажыццяўляць структурныя рэформы. Але зараз тэндэнцыі дакладна не ў гэты бок развіваюцца. Прыклад Бэрні Сандэрса ілюструе гэта як найлепш - нават пандэмія не змусіла людзей зацікавіцца развіццём грамадскай сістэмы аховы здароўя.

Радыё Свабода.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ЗЯМЫ ПІВАВАРАВА (24.05.1910 - 29.10.1937)

Ізноў салдат паэта расстраляў,

І нат не здрыганулася рука.

І ў яму ты, яшчэ жывы, упаў,

І неба над табой, нібы рака,

Абледзянела і спыніла бег,

І ў жоўтых зорках праступіла кроў.

І не заціхлі музыка і смех

У горадзе, дзе шмат тваіх сяброў

Не адракліся ўчора ад цябе,

І ўжо не адракуцца, бо яны

Таксама ў ямах з кулямі ў ілбе

Пра Беларусь-матулю бачаць сны…


І засынаеш ты, і дождж, і кроў

Цякуць, не ведаюць канца, і свет

Бяднейшым стаў у тысячу разоў, -

Яшчэ адзін расстрэлены паэт.

25.11.2018 г.

БАЛАДА ГЕНАДЗЯ ЦІТОВІЧА (7.08.1910 - 20.06.1986)

Вецер іграе на струнах бяроз.

Сонца на снезе, апошні мароз,

І ўжо вясна недзе там за лясамі,

Быццам за чорнымі ў снезе гарамі,

Дзе жаваронкі маўкліва зімуюць,

Па каласістых палетках сумуюць,

Па курганах і празрыстых азёрах,

Па валунах заімшэлых і зорах,

Што па начах у туман ападаюць,

Кветкамі ўранні з травы прарастаюць...


Сцежка дадому цябе сагравае,

Быццам бы песня, што маці спявае

Ціха і ўзнёсла, як моляцца Богу.

Светла ўплятаецца сцежка ў дарогу,

Дзе, нібы золата, промні саломы,

Нібы ў нябёсы, умерзлыя ў снег.

Тут табе роднае ўсё і знаёма

Кожная хата, іх бачыў у сне

Будучы ў Вільні, што нам не чужая.

Сонечны снег пад нагамі спявае

І з твайго сэрца, як птах, вылятае:

"Жавароначкі, прыляціце.

Вясну-красну прынясіце!.."

28.04.2010 г.

БАЛАДА ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ (9.08.1910 - 7.04.1983)

Воля на чужыне,

На Радзіме краты.

Выбар - невялікі,

Толькі выбар ёсць.

Вецер сумна вые,

Воўчы цень ля хаты

У зубах трымае,

Згаладалы, косць.


Зойдзе цень на ганак -

Не кажы нічога.

Добра што на свеце

Ёсць яшчэ сябры.

Свечка асвятляе

І крыжы, і Бога.

Свечка светла плача,

Свечка не гарыць.


А навокал цёмна,

Нібы ў дамавіне.

А навокал цені,

А навокал - сон.

Толькі вецер вые.

Вецер у Айчыне

З могілак узняты

Крыламі варон.


І пачата споведзь

Прад людзьмі і Богам.

І пачуты словы,

І пачуты крык.

Толькі на Айчыну

Помніцца дарога,

Дзе ў руцэ Айчыны

З дыяменту цвік.

1.12.1993 г.

БАЛАДА ЮЛЬЯНА СЕРГІЕВІЧА (23.09.1910 - 7.10.1976)

Мастак, настаўнік беларускі і паэт,

Каму патрэбны ты

ў глухой чужой Сібіры?

У сонным небе зорка, як ад кулі след,

Крывавіцца на дрэў бялёткія паціры.

Наўкол калючы снег і, як іржавы, лёд,

І чорных варанкоў, і варання багата.

І, нібы вечнасць, цягнецца тут год,

Але ты не адзін, з табой твая Агата.

Яна праз чорны свет прыехала сама,

Каб разам у няволі жыць, або загінуць.

Праз дзесяць зім для вас закончыцца зіма

І вам дваім вярнуцца ў мілую Айчыну,

У вашу Ленкаўшчыну, дзе святлом бяроз

Пазначаны дарогі і сцяжыны ў полі,

Дзе людзі не саромеюцца шчырых слёз,

Нікому век не плачуцца аб кепскай долі…


На ўзгорку сонечным у засені дубоў,

Дзе салаўі спяваюць,

плачуць над крыжамі,

Вы, землякам пакінуўшы сваю любоў,

Спакойна глядзіцё бясхмарнымі вачамі

На далягляды і на свой квяцісты сад.

І помнім мы, як вы,

свой лёс аддаўшы Богу,

Змагаліся за волю нашых родных хат

Амаль без спадзяванняў

зведаць перамогу.

1.06.2019 г.

БАЛАДА ЗМІТРАКА АСТАПЕНКІ (27.11.1910 - 1944(?))

За мову беларускую - турма,

Без мовы роднай чалавек слабы.

Нібы агонь, сібірская зіма

Выпальвае ў людзях таўро "Рабы".

А ты - не раб, не будзеш ім ніколі,

Хоць катам і прызнаешся, што ты

Змагар за беларускасць і ў падполлі

Быў не адзін, і з вамі дух святы

Таксама быў, і ён цяпер таксама

З табой па снезе сунецца, як цень.

Заходзіць сонца - гэта ў хату мама

Пускае нанач спрацаваны дзень.

Яна адна, як і адна Радзіма,

Была, і ёсць, і будзе назаўжды,

І аніякія ніколі зімы

Не знішчаць ні людзей, ні іх сады,

Дзе мова беларуская жывая,

Бо з мовай роднай чалавек, як Бог,

Які штохвілі белы свет стварае

І Беларусь, што ў сэрцы ты бярог…

15.07.2011 г.

БАЛАДА ВАСІЛЯ ВІТКІ (16.05.1911 - 05.07.1996)

Жыццё - не казка. Казка - як жыццё,

І ў кожнай казцы Беларусь жыве,

Самотная, як восенню лісцё,

Як срэбра павуціны на траве,

І мудрая, як мудрая сава,

І мужная, багатая святлом

І мовай роднай, што ты шанаваў,

Бо ведаў, што без мовы мы памром

І Беларусь памрэ, і толькі ў казках

Жыць застанецца на кароткі час,

І будзе гай шумець, і будуць краскі

Цвісці, але ўжо толькі не для нас…


І ты ішоў штодзённа да дзяцей,

Каб Беларусь у іх заўжды была

Не толькі ў казках, а ў душы жыла,

Была душой і вечнасцю людзей,

Якім наш родны край заўсёды мілы

Усім, што ёсць, што будзе і было.

І родны край не стане нам магілай,

Бо родны край - Жыццё, Любоў, Святло…

26.05.2011 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Св. Язафат у Вільні

Пяць гарадоў і мястэчак, розным спосабам, сцісла злучаны з жыццём Святога Язафата: Уладзімір Валынскі, Вільня, Жыровічы, Полацк і Віцебск. Значная частка жыцця св. Язафата прайшла не дзе-небудзь, а ў нашай Вільні, і менавіта ў гэты час з Яна Кунцэвіча сфармаваўся eximius vir Dei (Вялікі божы чалавек - Л. Л.)

У кнізе акафістаў да св. Язафата, выдадзенай у Супраслі ў 1729 г., акрамя гадзінаў, літаній і малітваў да святога, падаюцца песні, з якіх адна перадае, чым быў да яго наш край.

Русь мяне на свет радзіла,

Літва выхавала,

У Полацку мітру дала,

У Віцебску крывёй заліла

*

У Вялікім Княстве Літоўскім

Ляжу, паграбёны,

Ад Урбана восьмага дабраславёны.

Гэтая ладная і сентыментальная песня дакладна падзяляе несумненна русінскае паходжанне св. Язафата, які нарадзіўся ў 1580 г. у Уладзіміры Валынскім і яго дзяржаўную прыналежнасць да тагачаснага ВКЛ, бо быў шляхціцам (хоць занядбаным, бо яго бацька мусіў займацца гандлем) і меў белую ружу на пячатцы. Каля 1600 г. малады Ян Кунцэвіч прыехаў у Вільню каб пражыць тут некалькі гадоў. Практыкуючыся ў віленскага купца Яцынта Паповіча, адначасова шукаў свой шлях у жыцці, выпрацоўваў характар і значна палепшыў сваю адукацыю. Калі зразумеў, што яго шлях у жыцці - быць святаром, пачаў у Вільні вывучаць тэалогію ў а. Фабрыцыюса, русіна, прафесара тагачаснай езуіцкай акадэміі. Выкладанне адбывалася па-славянску (на старабеларускай мове - Л. Л.), што сведчыць пра дух, які панаваў сярод студэнтаў тагачаснага нашага першага ўніверсітэта. Паміж прафесарам і вучнем адбылося сардэчнае збліжэнне, і калі праз нейкі час св. Язафат стаў полацкім архіепіскапам, ён знайшоў прафесару пасаду. Хто ведае, можа быць будучыя даследчыкі ўніверсітэта яшчэ знойдуць новыя факты стасункаў пакутніка з прафесарам.

У 1604 г. св. Язафат стаў законнікам і пасяліўся ў манастыры Св. Тройцы ў Вільні, які зараз называецца базыльянскім. У гэтай царкве, у якой ён рупліва маліўся яшчэ да манаства і дзе не раз ахвотна выконваў нават абавязкі званара, з рук уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея атрымаў манаскае адзенне і прыняў імя Язафат. Гэтая нязначна пераробленая царква і прылеглыя базыльянскія муры, з'яўляюцца сведкамі яго барацьбы "са свецкім жыццём, целам і чортам".

Манастыр Св. Тройцы калі яго парог пераступіў св. Язафат, быў яшчэ драўляны і толькі стараннем архімандрыта Іосіфа Руцкога ў 1608 г. стаў мураваным. Муры, якія памяталі св. пакутніка, у 1760 г. пацярпелі ад страшнага пажару і ў наступным годзе было пачата будаўніцтва новага манастыра. Але будзе слушным дапусціць, што тое новае будаўніцтва з'яўлялася толькі адбудовай і аднаўленнем старога манастыра ў той меры, у якой дазвалялі сродкі. Таму сучасныя базыльянскія муры ў Вільні можна лічыць манументальным напамінам пра часы св. Язафата. Засталася некранутай з часоў уніі старая званіца ў стылі італьянскай кампанілі1, якая можа добра памятаць часы, калі жыў тут святы, але уваходная брама ў стылі барока пабудавана ўжо пасля яго.

"Панлацінізм", які зараз гэтак моцна прапагандуецца эндэкамі, бадай ёсць адзінай прычынай, чаму ў вольнай Вільні ў каталіцкіх сферах ніхто ніводным словам не кажа пра тое, каб у базыльянскіх мурах паўстала хаця бы малая капліца ў гонар св. Язафата бо ўжо немагчыма даведацца, дзе была келья пакутніка. Вось зрабілі келлю Кондрада2, якая адбудавана ў цалкам знішчаным і неіснуючым будынку і тым не менш для аматараў Міцкевіча і энтузіястаў традыцый філарэтаў з'яўляецца цалкам натуральнай з'явай. Таму для тых, хто не глядзіць на рэлігію вачыма эндэкаў, якія, практычна забаранілі капліцу, яна з'яўляецца цалкам натуральнай справай, і такія людзі не могуць абыякава ставіцца да памяці св. Язафата. Бо менавіта тут, у гэтых келлях і пад гэтымі скляпеннямі шмат разоў гучалі словы пакутніка: "Госпадзі Ісусе Хрысце, Сыне Божы, памілуй мя грэшнага!" 3. Старыя, самотныя могілкі за царквой Св. Тройцы (сёння ад іх не засталося і следу) не раз для святога ўначы былі месцам змярцвення плоці. Пра гэта маглі расказаць, хіба толькі тыя, хто глядзеў на яго з зорак. Менавіта тут знаходзіў св. Язафат для сябе ўкрыцце, якое не магла даць яму яго келля, бо яна знаходзілася ў такім месцы, дзе цікаўныя - і свае, і чужыя (а нават і схізматыкі), падглядвалі за ім.

Таямніча гучыць вестка пра "пакінутую каплічку Св. Лазара, якая прылягае да самой царквы" - самотным месцы, дзе святы аддаваўся навуковым заняткам. Вынікам тых прац былі некалькі тэкстаў, напісаных Св. Язафатам падчас жыцця ў базыльянскіх мурах. […]

Толькі частка яго прац была надрукавана, а большая частка яшчэ не выдадзена. Гэтак, сем тэкстаў захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Акадэміі Навук у Пецярбурзе. Такіх рукапісаў святога Публічная бібліятэка ў Вільні мела дзве тэчкі, прытым на адной з іх было напісана: "B. Josaphatae manuscripta" і, акрамя іншых, там знаходзілася шэраг казанняў па-беларуску, а астатнія, падобна, па-царкоўна-славянску. Сучасныя пошукі гэтых тэчак вынікаў не далі (размова ідзе пра пачатак 1920-х гг. - Л. Л.)

Сучасны Ратушная плошча - стары Рынак і іншыя пункты раней часта былі сведкамі публічных выступаў руплівага лаўца чалавечых душ, тут жа ён навучаў дзятву і сярод дарослых прыводзіў да уніі новых вернікаў.

Як чалавек і як законнік, св. Язафат выхаваўся і стаў тым, кім быў менавіта ў Вільні, дзе вясной 1609 г. мітрапалітам Пацеем быў высвечаны ў святары. Гэта сталася пачаткам яго прапаведніцкай дзейнасці з амбона і цяжкай працы ў канфесіянале (месцы, дзе прымаецца споведзь - Л. Л.), немагчыма адказаць, якая праца для яго была больш важкай. Язафат працаваў дзеля царкоўнага адзінства ў Літве і Беларусі. Таму арэол святасці ўжо атачыў галаву пакутніка яшчэ пры жыцці і калі падчас літургіі з пацірам у руцэ ён звяртаўся да людзей і казаў: "Всегда и ныне и присно и во веки веков", пабожны святар у вачах вернікаў ужо бачыўся боскай з'явай.

Кароткі побыт св. Язафата ў Быцені і даўжэйшы з Жыровічах (гэтым літоўскім Чанстахове), мястэчках у Слонімскім павеце, на час спынілі яго сувязь з Вільняй. Аднак праз нейкі час, у 1614 г. св. Язафат вярнуўся ў Вільню каб пасля Руцкога заняць пасаду архімандрыта ў манастыры Св. Тройцы. З іншых месцаў Літвы, св. Язафат наведаў Наваградак і Руту, родныя мясціны свайго вялікага сябра, мітрапаліта Руцкога. Далейшы яго шлях вёў у Кіеў, асяродак схізмы, дзе ён выказаў найвышэйшую ступень адвагі. Калі ён вярнуўся ў Вільню, увесь горад выйшаў яго сустракаць бо гараджане хваляваліся за жыццё і здароўе слугі Божага. На гэты час прыпадае навяртанне аднаго з літоўскіх магнатаў - Тэадора Тышкевіча.

Не было нікога больш годнага на намінацыю епіскапа, і мітрапаліт Руцкі, карыстаючыся прывілеям нададзеным яму Апостальскай сталіцай, высвеціў яго ў полацкага дапаможнага епіскапа. 12 лістапада 1617 г. у саборы Прачыстай над Вілейкай, адбылася ўрачыстая хіратонія, якую правёў мітрапаліт разам з іншымі ўладыкамі. Гэтак, насупраць уласнага жадання, але паслушны волі старэйшых, св. Язафат стаў дапаможным полацкім епіскапам і фактычным пачаў кіраваць епархіяй, бо полацкі ўладыка Бральніцкі быў ужо стары. Калі нарэшце надышла хвіліна развітання з Вільняй, увесь горад выйшаў каб праводзіць яго ажно за муры. Тут на Полацкім тракце святы епіскап апошні раз дабраславіў Вільню і вільнян, якіх вельмі любіў, пасля чаго карэта епіскапа паехала на ўсход. Жывым яго тут больш не ўбачылі …

Полем дзейнасці для епіскапа сталі беларускія гарады Полацк, Орша, Віцебск, Мсціслаў. Аднак вернемся ў Вільню, каб расказаць аб памяці пра св. Язафата.

Віленская катэдра мае добры реліквіяр (ёмішча для захоўвання каштоўных рэліквій, якія маюць сакральнае значэнне - Л. Л.) у выглядзе невялікага саркафага аўсбургскай работы XVII ст. Гэты рэліквіяр-саркафаг выносіцца на плячах дыяканаў падчас службы4. Вільня таксама мела самы лепшы з існых партрэт святога, які часта рэпрадукуецца. Гэты партрэт быў у зборы партрэтаў уніяцкіх уладыкаў у палацы праваслаўнага архіепіскапа пры саборы. Збор знік з Вільні летам 1919 г. і невядома, дзе знаходзіцца зараз.

Аўтарам літургіі ў гонар св. Язафата мае быць, па меркаванню епіскапа Бацяна, нейкі беларус, што бачна з мовы літургіі ( Дзвіна і інш.) У Вільні былі напісаны некаторыя песні ў гонар мучаніка (напр. "Златы трубы"), розныя малітвы, прыгожыя казанні - беларускія і польскія, поўныя пафасу панегірыкі ў вершах і прозе. Шырока вядомымі сталі такія творы як "Josephatidos", "Rosa Kunceviana", "Cruces Kuncevianae", "Залатая карона" і іншыя. Сучасніцай св. Язафата з'яўляецца друкарня базыльянаў у Вільні, спадчынніца друкарні братоў Мамонічаў, у якіх была набытая. Падобна, што частка гэтай друкарні ўвайшла з склад і сёння існай друкарні Дворжаца.

З лёсам Вялікага Княства Св. Язафат яшчэ раз злучыў сваё імя калі рыцарства ВКЛ у 1660 г. у колькасці 8 000 чалавек, пад камандаваннем вялікага гетмана Паўла Сапегі і кіеўскага ваяводы (потым рускага) Стэфана Чарнецкага, перамагла ў тры разы большае маскоўскае войска пад клічам "Блаславёны Язафат!". Пра вялікае шанаванне ў Вільні св. Язафата кажа "Acta Venerabilis Capituli Vilnensis v. X i XI", дзе надрукаваны расказ сведкаў падчас кананізацыі пра цуды, якія яны самі бачылі (канонікі Шчыт і Сялява), просьба капітулы ў Рым аб беатыфікацыі пакутніка, аб удзеле капітулы ў ганаровай службе падчас прыбыцця мошчаў святога ў Вільню ў 1667 г. і г. д.

Віленская дыяцэзія мае два касцёлы пад тытулам св. Язафата - у Заневічах і Тараканях (абодва на Гарадзеншчыне) і вельмі цікавы, адрозны сваёй кампазіцыяй ад іншых абраз св. Язафата (на ім апрануты часткова грэцкія а часткова лацінскія шаты) у гарадзенскай фары. У XVIII ст. літоўская правінцыя базыльянаў мела назву св. Язафата.

* * *

Заслугоўваюць асаблівай увагі ўспаміны пра братэрства лацінскага і славянскага (уніяцкага) абрадаў якое асабліва моцна выявілася ў Вільні ў XVII і наступных стагоддзях. Найчасцей такія адносіны мелі месца ў царкве Св. Тройцы. Іканастас, усталяваны ў ёй, быў дастаткова сціплы і мог быць хутка разабраны падчас лацінскіх службаў, якія маглі адбывацца ў дні св. Язафата ці ўрачыстасцяў па св. Базылі Вялікім і інш. Гэты іканастас дажыў да сярэдзіны XIX ст., калі саступіў месца сучаснаму. Пабудаваўшы з боку Вастрабрамскай вуліцы вялікую прыгожую барочную браму, базыльяне зрабілі ў ёй невялікі балкон які дасканала пасуе да багатага дэкору брамы. Раней аркестр базыльянаў на гэтым балконе граў, вітаючы вернікаў, у дні фэстаў і працэсій. Гэта звычка да сумеснага святкавання дайшла да таго, што ніводзін касцельны ці царкоўны фэст не абыходзіўся без узаемных працэсій. Дыярыюш манастыра Св. Тройцы змяшчае шмат апісанняў гэтакіх сумесных святаў.

З гэтых святаў вылучаўся дзень святога Язафата ў 1642 г., праз 19 гадоў пасля яго пакутніцкай смерці. Урачыстасць пачаў ваенны парад па-за межамі горада. Пасля параду народ і жаўнеры разам прыйшлі ў касцёл Св. Станіслава, дзе іх чакаў біскуп з духавенствам. Адтуль працэсія рушыла да Св. Тройцы. Апусцім для кароткасці ўсе прыпынкі працэсіі на шляху па вуліцам Замкавай, Вялікай і Вострабрамскай, на кожным прыпынку граўся "тэатр" які адпавядаў паняццям і густам эпохі. На палове шляху, каля трыумфальнай брамы, базыльяне сустрэлі працэсію і павялі яе да свайго манастыра. Вялікі рэктар акадэміі пад спевы і музыку адправіў урачыстую св. імшу перад алтаром св. Язафата. Былі сказаны два казанні пра пакутніка.

У 1777 г. урачыстасць прайшла наступным чынам. 25 верасня, базыльяне, усе разам адправілі ўрачыстую вячэрню з казаннем і працэсіяй да алтара св. Язафата, падчас якой спявалі песні ў гонар пакутніка. Гэта былі ці беларуская "Злату трубу, словес губу" ці польская "Nowa Jutrzenko w Zachodzie wshodząca". Урачыстасці закончыліся акафістам ці літаніяй да св. Язафата. На раніцы 26 верасня ўсё лацінскае духавенства як белае, гэтак і чорнае, сабралася каля замка (хіба, у замкавым касцёле-катэдры), і каля 9-й гадзіны раніцы адтуль выйшла працэсія: першымі ішлі бернардыны, за імі аўгустыны, потым кармеліты босыя, за кармелітамі крочылі клірыкі, за імі вікарыі, потым канонікі і за канонікамі віленскі біскуп Тамаш Зянковіч. За працэсіяй ішлі тлумы народу. Базыльяне віталі працэсію каля сваёй ўваходнай брамы. Архімандрыт і біскуп разам прачыталі на лаціне прывітальную прамову і ўсе разам увайшлі ў царкву Св. Тройцы.

Пасярэдзіне царквы на ўзвышэнні стаялі мошчы св. Язафата (відочна, іх частка) і тыя, хто прыйшоў, занялі месца вакол іх. Распачалася ўніяцкая чытаная св. імша, а пасля яе яшчэ лацінская імша, якую адпраўляў канонік Чапскі. Божае Слова распавёў Ваўрэцкі. Пасля службы ўсіх чакалі ў вялікай гасцёўні манастыра. А 16-й гадзіне духавенства і народ абодвух абрадаў зноў запоўнілі царкву Св. Тройцы. Усе разам адспявалі вячэрню, пасля якой выступіў а. Мейшнер. Працэсія да алтара св. Язафата і літанія каля яго адбылася гэтак жа, як і ў папярэдні дзень. Гімнам "Спаси люди твоя, Госпади!" закончылася літургічная частка фэсту і пасля яе брат-сакрыстыян падаваў прысутным у царкве мошчы св. Язафата для цалавання.

Дыярыюш манастыра Св. Тройцы апісвае падобныя ўрачыстасці, якія з удзелам базыльнаў адбываліся ў касцёлах, напрыклад, у дзень св. Тамаша Аквіната (у дамініканаў) ці св. Бенядыкта (у бенядыктынаў), 23 сакавіка, у гадавіну заснавання ў 1582 г. папам Рыгорам XIII Віленскага папскага алюміната і інш.

Шырокая публіка не надта ведае пра здабыццё ў свой час мошчаў св. Язафата у Бялай Сядлецкай і іх стан, апісаны папскай камісіяй у Вене. Замураваныя ў 1873 г. рускімі ў глыбокім і вільготным склепе базыльянскай царквы ў Белай, гэтыя мошчы ў 1918 г. былі базыльянінам а. Дзямчуком выняты з цемры пад сонца і вывезеныя па-за межы ваенных дзеянняў, у Вену. Тут, 30 жніўня 1918 г. ва ўніяцкай царкве Св. Барбары, папская камісія, якую ўзначальваў мітрапаліт Шаптыцкі, каб пацвердзіць аўтэнтычнасць, падвергла мошчы кананічнаму агляду. Апрача ўніяцкага духавенства ў справе прымалі ўдзел прадстаўнікі венскага ардынату, адмыслоўцы па кансервацыі і паважаныя медыкі, як, напрыклад, др. Клейнманд (кіраўнік хірургічнага аддзела ў венскім шпіталі Міласэрных братоў), др. Беразніцкі і іншыя. Камісія пацвердзіла поўную аўтэнтычнасць рэліквіі. Добра захавалася галава Святога, тулава, правая рука (левая была даўно аднятая), ногі … З агляду галавы, лекары ўстанавілі, што смерць наступіла ад удару сякерай (бердышом), а не ад выстралу агнястрэльнай зброі, бо слядоў уваходу кулі няма. У каленных суставах яшчэ бачны сляды чырвонай крыві, што надта зацікавіла членаў камісіі. Украінскія эмігранты ў Канадзе ахвяравалі ладную бронзавую (рэнесансную) труну са шклянымі сценамі, праз якія добра бачны мошчы, якія былі апрануты ў новы базыльянскі хабіт і новыя шаты епіскапа, якія як і залататканы амафор, ахвяраваў мітрапаліт Шаптыцкі. Залаты епіскапскі крыж для св. Язафата быў зняты з ордэна Залатога Руна, які як воты ахвяраваў украінафіл архіксёндз Базыль Вышываны. На правіцы епіскапа-пакутніка захаваўся добрай работы стары персцень з вялікім смагардам. Старыя епіскапскія шаты, часткова са слядамі крыві, у цэлым добра захаваліся.

Зараз апячатаная труна стаіць у вялікім алтары царквы Св. Барбары ў Вене і чакае урачыстай хвіліны пераносу яе ва Усходнюю Галіцыю5.

Еrka (псеўданім Уладзіслава Талочкі).

Św. Józafat w Wilnie // Pregląd Wileński. № 21, 16 grudnia 1923. S. 3-10.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 Кампанілі - стромкая званіца-вежа якая адзінока стаіць каля царквы, характэрна для італьянскай архітэктуры - Л. Л.

2 Напачатку XIX стагоддзя ў паўднёвым крыле манастыра была створана турма. Тут у 1823-1824 гг. утрымліваліся арыштаваныя па справе філаматаў, сярод якіх былі Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Аляксандр Ходзька. Падкупіўшы вартаўнікоў, зняволеныя па начах сустракаліся ў келлі, у якой сядзеў Міцкевіч. Гэта келля атрымала назву «келлі Конрада»: у III частцы драматычнай паэмы Міцкевіча «Дзяды» яе галоўны герой, які носіць аўтабіяграфічныя рысы, у такой келлі вядзе спрэчку з Богам і сатаной і перажывае духоўнае перараджэння, ператвараючыся з Густава ў Конрада. Пазней у памяшканнях былога манастыра ўтрымліваліся таксама ўдзельнікі паўстання 1831 г., яшчэ пазней у 1838-1839 гг. тут знаходзіўся ў зняволенні да свойго пакарання Шыман Канарскі.

У 1920-х гг. месца келлі Конрада ва ўсходнім канцы паўднёвага корпуса ўсталяваў гісторык архітэктуры Юліюш Клос. Гэта памяшканне не захавала свайго ранейшага выгляду: сцяна келлі Конрада ў 1867 г. была разабрана і злучана з суседнім памяшканнем, дзе ў савецкі час размяшчалася бібліятэка Вільнюскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Пасля пераходу будынка базыльянскага манастыра ў 1927 г. ва ўласнасць дзяржавы з той часткі будынка, дзе знаходзілася келля Конрада, былі выселена праваслаўная духоўная семінарыя. У 1929 г. быў праведзены неабходны рамонт, які вярнуў келлям ранейшы выгляд. У яе сцяну была ўмуравана мемарыяльная мармуровая табліца з тэкстам на лацінскай мове. - Л. Л.

3 У той час, служба ў беларускай грэка-каталіцкай царкве вялася на царкоўна-славянскай мове - Л. Л.

4 Гл: Наша Вера. 2006. № 2 (36).

5 Сёння мошчы беларускага святапакутніка Язафата Кунцэвіча захоўваюцца ў саборы св. Пятра ў Рыме, каля алтара св. Васіля Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма. - Л. Л.

Фарфоравы клоўн

Памяці артыста Ігара Вяпшкоўскага (16 студзеня 1985 - 31 сакавіка 2020)

Мы не былі блізка знаёмыя ... Гэты інтэлігентны, тонкі, вытрыманы і безадмоўны чалавек часам здаваўся адзінокім і нелюдзімым. Але з Гарыкам мяне звязвала творчасць у самым пачатку майго тэатральнага жыцця: ён сыграў Белага клоўна ў двух версіях музычнай казкі "Папялушка" па п'есе ўкраінскага драматурга Яўгена Жураўкіна ў пастаноўцы Таццяны Аксёнкінай, дзе гучаць песні на мае вершы - у 2011 г. прэм'ера адбылася ў Сучасным мастацкім тэатры, а ў 2019 г. - у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. У СМТ Ігар Вяпшкоўскі таксама выступіў харэографам-пастаноўшчыкам спектакля "Папялушка", а дзеля спектакля "Час па парах!" ("Пора по парам!") па ранніх вадэвіляў А. Чэхава запісаў іранічныя куплеты на мае вершы, якія, паводле задумы рэжысёра Т. Аксёнкінай, злучылі жарты "Мядзведзь" і "Прапанова" ў адну гісторыю.

Берасцеец Гарык Вяпшкоўскі скончыў Дзяржаўны музычны каледж імя Р. Шырмы ў родным горадзе па спецыяльнасці "Тэатральнае мастацтва. Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно" (майстар курса - Цімафей Зіноўевіч Ільеўскі). Гледачам Берасцейскага акадэмічнага тэатра драмы, дзе артыст служыў пасля заканчэння каледжа, ён запомніўся ў ролях Ліса ў спектаклі "Маленькі прынц" паводле А. дэ Сэнт-Экзюперы і Раскольнікава ў спектаклі "Злачынства і пакаранне" паводле Ф. Дастаеўскага.

З 2005 г. Ігар з поспехам здымаўся ў беларускім кіно і расійскіх тэлесерыялах. Сярод яго прац - "Брэсцкая крэпасць" (2010), "Зваротны бок Месяца" (2012), "Старэйшая сятра" (2013), "Натура, якая сыходзіць" (2013), "Непадкупны" (2015), "Вакальна-крымінальны ансамбль" (2018) і інш. У 2014 г. як рэжысёр, сцэнарыст, аператар і прадзюсер зняў незалежны караткаметражны мастацкі фільм "Падарунак", у якім галоўныя ролі сыгралі акцёры Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Сяргей Шымко, Зміцер Давідовіч, Гражына Быкава і Наталля Халадовіч. Акрамя таго, І. Вяпшкоўскі выступіў аператарам праектнага мастацкага фільма "Выпрабаванне" (рэжысёр - С. Філатаў, 2014).

У Менску Ігар з 2010 г. служыў у РТБД, а з 2018 г. - у Маладзёжным тэатры. Іграючы нават у спектаклях, першапачаткова пастаўленых не для яго, артыст стварыў асобныя, характарныя (часам камічныя, часам абвостраныя), ды заўсёды непаўторныя вобразы ў тэатральнай класіцы і сучаснай драме. Сапраўды, немагчыма ўявіць больш выразнага, праўдзівага і пранікнёнага выканання галоўнай ролі ў спектаклі "Чалавек з Падольска" Дзмітрыя Данілава ў пастаноўцы Дзмітрыя Багаслаўскага. Сярод іншых акцёрскіх прац І. Вяпшкоўскага на сцэне Маладзёжнага - Юрый ("Шкілеты" А. Шутава), Яўген Шумільчык ("Трыксцер клуб" В. Альхоўскай), Настаўнік ("Дурнічка" Лопэ дэ Вега), Знайдыш ("І не намі тое прыдумана…" Д. Багаслаўскага).

Шматгранны талент Гарыка праявіўся і ў яго захапленні відэа-артам. Ён выступіў рэжысёрам і аператарам відэакантэнту да спектакляў па творах сучаснай беларускай драматургіі: "Сучылішча" ("С училища") А. Іванова (рэжысёр - А. Марчанка, прадзюсерскі цэнтр "Art Corporation"), "Ляцелі арэлі" К. Сцешыка (рэжысёр - Д. Паршын, Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр), "Гэта ўсё яна" А. Іванова (рэжысёр - М. Дабраўлянскі, РТБД).

Напрыканцы сакавіка Гарык прыехаў у Берасце да бацькоў. Раптоўна ў яго падняўся ціск, бо з дзяцінства былі праблемы з сэрцам. Артыст наведаў лякарню, яму збілі ціск, але пасля яму зноў стала кепска. Гарыка завезлі ў прыватны медцэнтр, дзе параілі папіць лекі і адправілі дахаты. Уначы ён заснуў, але ўжо не прачнуўся. Акцёр быў пахаваны на могілках у вёсцы Вістычы, што пад Берасцем. З нагоды сітуацыі, выкліканай распаўсюджваннем каронавіруса COVID-19, пахаванне прайшло ў вузкім коле самых блізкіх людзей. На вялікі жаль, большасць сталічных калег не змагла развітацца з Гарыкам.

У гэтыя дні ўспамінаецца гульня, якую прыдумаў на Фэйсбуку Ігар: цацачны зайчык па мянушцы Ягорыч падарожнічаў па свеце са сваім сябрам Гарыкам і "пазіраваў" на фота з розных куткоў зямнога шара. Толькі чалавек з душой дзіцяці мог прыдумаць і ўвасобіць такую чароўную гульню!.. Несправядліва рана пайшоў мой аднагодак і мастак з, мабыць, самага незапатрабаванага культурнага пакалення.

Зміцер

Ермаловіч-Дашчынскі , паэт, тэатразнавец.

Фота з асабістага архіва І. Вяпшкоўскага і архіва Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра.

1. Артыст Ігар (Гарык) Вяпшкоўскі. Партрэт 2019 г.

2. Сучасны мастацкі тэатр. Сцэна са спектакля "Папялушка" Я. Жураўкіна. Справа - І. Вяпшкоўскі (Белы клоўн). Здымак 2012 г.

3. Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр. Сцэна са спектакля "Чалавек з Падольска" Д. Данілава. Справа - І. Вяпшкоўскі (Чалавек з Падольска). Здымак 2018 г.

4. Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр. Сцэна са спектакля "Трыксцер клуб" В. Альхоўскай. У цэнтры - І. Вяпшкоўскі (Шумільчык). Здымак 2019 г.

5. Ягорыч у Бабруйску. Здымак 2019 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX