НАША СЛОВА № 19 (1482), 6 траўня 2020 г.
75-годдзе Перамогі шматнацыянальнага савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
Дарагія сябры!
Сёлета мы адзначаем 75-ю гадавіну Перамогі над фашысцкай навалай.
Для многіх пакаленняў беларусаў гэта было, ёсць і будзе Днём гонару за наш свабодны, нескароны народ, Днём гонару за нашых бацькоў і дзядоў, што не скарыліся ворагу, у цяжкіх умовах выстаялі і абаранілі свабоду для сябе і для нас, нашых дзяцей і ўнукаў.
Будзем вартыя іх учынку! Зберажом нашу незалежную Беларусь! Моцы, упэўненасці і добрага здароўя вам і ўсім вашым родным.
Сакратарыят ТБМ.
Абаронцам Радзімы
Куды не паедзеш па роднай старонцы,
Зямлі нашай любай стаяць абаронцы.
На плошчах, у скверах і нават у полі
Сумуюць аб нечым заступнікі волі.
Шмат гора спазнаў ты, народ Беларусі!
Галовы схіляеш у сцішанай скрусе.
Той жудасны час па-над памяццю вісне,
Сэрца баліць, душу цяжарам цісне.
У бронзе, цэменце ўсё крочаць салдаты,
Не дасягнуць ніяк да радзімае хаты.
Айчыну закрылі жыццямі сваімі,
І родным ніколі не ўбачыцца з імі.
Не пакланіцца ім роднай матулі,
Пяшчоты ад дзетак яны не адчулі.
Слёзы-дажджынкі сцякаюць па тварах…
Няўжо ж хто забудзе аб іхніх ахвярах?!
Абаронцамі праўды вы сталі ў сусвеце.
Ці чуеце нас Вы? - у снах, адкажэце.
Мо кліча Вас зноўку жорсткая бітва?
Бітва за праўду, за волю, за памяць?
За Вас і да Вас гэта наша малітва.
Мар'ян Даргель.
Салёныя падушачкі
- Мам, а сёння кіно - пра вайну!..
Пяць капеек таксама каштуе...
- Пяць капеек, сынок?.. Я знайду,
ну няўжо ж я табе пашкадую?!.
- Мам, а колькі падушачкі з мёдам?
- Ці пакінуў што бацька з палучкі?
- Мам, а што ён зашыў там, пад сподам?
- Мам, а хопіць на сцёрку і ручку?
- Бацьку ты пра кіно не кажы:
ў клубе зноў з яго будуць смяяцца...
- А чаму ён крычыць там, скажы,
чаго крыку яго так баяцца?..
Мама вочы адводзіць у бок
і глядзіць праз вакно на суседку:
- Наш вярнуўся, памог, пэўна, Бог,
а Матрунін вось знікнуў без вестак.
Васямнаццаць, як бацьку, было...
Пяць капеек, гаворыш, каштуе?..
Кнот у лямпе губляе святло,
і па хаце зноў цемра пануе.
Я навобмацак бачу цукеркі,
пазліпаліся - ледзь адарваць...
- Мам, чаму яны ў чыстай талерцы,
а так моцна язык саланяць?
- Мам, ну як мне цябе супакоіць,
што і як мне табе гаварыць?..
Ля вакна нас ізноў непакоіць -
бацька плача ў тым клубе й крычыць...
Уладзімір Барысенка.
Стварыць мемарыял дзецям вайны
6 траўня адзначае 80-годдзе Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі.
Уладзімір Ліпскі - аўтар больш як сямідзесяці кніг прозы, публіцыстыкі, казак для дзяцей, нязменны рэдактар часопіса "Вясёлка". Ён падзяліўся ўспамінамі свайго ваеннага дзяцінства і прапановай, з якой звярнуўся ў Менгарвыканкам.
- Калі пачалася вайна, мне быў адзін год і адзін месяц. Пра падзеі мне пазней распавядала маці. Партызанскі разведчык уляцеў у вёску на кані і скамандаваў: "Хутчэй ратуйцеся, ідзе нямецкі карны атрад!" Мама загарнула мяне ў посцілку, а астатнім загадала: "Чапляйцеся за мяне", - і пабеглі! Бацька зняў са сцяны абразак, узяў з печы чыгунок бульбы і ўхапіў даёнку, каб падаіць карову, якая пасвілася паблізу. Усё астатняе кінулі. Нашы Шоўкавічы згарэлі датла. Усё лета, восень, зіму мы жылі ў лесе ў зямлянках, куранях і толькі вясной вярнуліся на папялішча. Я плакаў, і мне, малому, было не шкада ні хаты, ні хлява, а было шкада цацак, якія згарэлі. (Калі я распавядаю пра гэты выпадак дзецям, вочкі ў іх набрыньваюць слязьмі.)
Потым бацька збудаваў маленькую хатку, дзе месціліся дарослыя і дзеці. Карова нарадзіла цялятка, і мы ўзялі яе ў хатку на некаторы час, грэліся ля кароўкі і пілі малачко.
У мяне застаўся шрам на назе, і бацька нагадаў мне пра іншы выпадак. Калі ў мяне распухла нага, ён непрыкметна ляснымі сцяжынамі адвёў мяне ў партызанскі атрад. (Ён моцна рызыкаваў: пры неасцярожным кроку і малейшым шолаху галінкі ў нас маглі стрэліць вартавыя.) Там мне зрабілі аперацыю, і рана загаілася.
Потым шмат думаў і разважаў, што мог быць забітым пры любым выпадку, бо ў вёску неаднаразова прыходзілі немцы. Размова ў іх часам была вельмі кароткая…
Усё менш застаецца сведкаў тых трагічных і гераічных часоў.
Таму ў мяне нарадзілася ідэя стварыць помнік-мемарыял дзецям вайны ва ўшанаванне подзвіга маленькіх пакутнікаў і памочнікаў дарослых, хто перанёс увесь цяжар вайны.
Мемарыяльны комплекс я прапаную стварыць у скверы каля Опернага тэатра, недалёка ад помніка Марату Казею. Туды маглі б прыходзіць школьнікі з настаўнікамі, вывучаць адпаведныя тэмы па гісторыі, ускладаць кветкі.
Варта было б абвесціць конкурс, запрасіўшы студэнтаў, будучых архітэктараў і скульптараў. З лістом я звярнуўся ў Менгарвыканкам. Магчыма, разам мы дагрукаемся з такой прапановай да тых, хто прымае адпаведныя рашэнні.
Я быў ініцыятарам выдання кнігі "Я помню ўсё". Мы рабілі яе з Міколам Чарняўскім. Туды ўвайшлі ўспаміны Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна і іншых пра ваеннае дзяцінства. Асобнікі кнігі я ўручаў дзецям у Музеі Вялікай Айчыннай вайны.
У апошнім нумары "Вясёлкі" я надрукаваў апавяданне "Салдацкае пісьмо". Пакуль мама пайшла ў краму, хлопчык апрануў пілотку, загарнуўся ў плашч-палатку, напісаў матулі ліст: "Мама, я пайшоў на фронт! Не хвалюйся, вярнуся з Перамогай!", - і залез у шафу, як у свой танк. Матуля прыйшла дадому, прысела на канапу, прачытала ліст і заплакала. Хлопчык не ведаў, што мама не гуляе ў вайну, а бачыла на свае вочы пакуты людзей…
Да майго юбілею дзіцячыя бібліятэкі краіны абвесцілі конкурс. Дзеці, з якімі я сябрую ўсё жыццё, малявалі малюнкі, пісалі вершы. Прыдзецца мне застацца маладзейшым, чым у пашпарце, да таго моманту, як скончыцца эпідэмія, калі я змагу запрасіць усіх на сапраўдную юбілейную вечарыну!
Запісала Эла Оліна, Фота аўтара.
Прэзідэнт: "Мы не можам адмяніць парад. Проста не можам"
3 траўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях мерапрыемстваў да Дня Перамогі і эпідэміялагічнай сітуацыі, перадае прэс-служба Прэзідэнта.
... Гаворачы аб мерапрыемствах у гонар 75-годдзя Перамогі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў глыбокае ідэалагічнае і эмацыянальнае значэнне параду.
- Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба памятаць, што тыя людзі (удзельнікі вайны. - Заўвага.) паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэта не адчувалі часам і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, - скажуць, што спужаліся, - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў арганізатараў, што калі будзе прынята гэтая прапанова, то "нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба".
- Не хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе - мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння жадаючых - тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло, - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што сярод жадаючых наведаць парад ёсць і ветэраны ўзброеных сіл.
- Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы. Хоць яны і першымі запатрабавалі, каб іх прывезлі на гэтае мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як з імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі - старых трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфекцыі перш за ўсё чапляюцца за старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэта масавае мерапрыемства цягнуць не трэба, - сказаў Прэзідэнт.
- Мяне вельмі хвалюе, што людзі не ўхваляць, калі мы, спалохаўшыся, разыйдземся па норах. І наогул, Беларусь - гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў, - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што асобныя расійскія дэпутаты і сенатары таксама выказалі жаданне наведаць парад у Менску.
- Мы вітаем гэта. Няхай прыязджаюць. Калі трэба для гэтага выдзеліць сродкі сувязі, мы забяспечым. У нас аэрапорт адкрыты. Думаю, мы з кіраўніцтвам Расіі дамовімся пра пералёт жадаючых пабываць у нас. Мы ад нашых сяброў і братоў не закрываем дзверы, - запэўніў кіраўнік дзяржавы.
У цэлым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што парад - гэта не самае небяспечнае з пункту гледжання эпідэміёлагаў і вірусолагаў мерапрыемства.
- Таму што яно будзе арганізавана як мае быць. Пра гэта мы пазней скажам. Можа быць, і з трыбуны гэтага параду, - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ні ў мінулыя, ні ў наступныя святы і выхадныя дні абмежаванняў у краіне не ўводзілася, і людзі самі вырашалі, дзе ім быць...
zviazda.by.
Нацыянальны імунітэт - не метафара, а рэальны сродак
У гісторыі Беларусі не раз здараліся эпідэміі чумы, халеры, "гішпанкі" іншых пошасцяў. У тыя часы медыцына была значна слабей развіта. Але людзі звярталіся да Вышэйшых сілаў з просьбай аб дапамозе, аб выбаўленні ад хваробы. Прыкладам можа служыць касцёл св. Роха на Залатой горцы ў Менску, сродкі на які складалі на знак падзякі святому Роху за выбаўленне ад халеры, насыпаўшы цэлую горку залатых манет.
Сёння мы маем высокатэхналагічную развітую медыцыну і спадзяёмся, што яна дапаможа. Але ці не павінны мы павышаць сваю духоўнасць, умацоўваць веру, падымаць дух, звяртаючыся да прыкладаў у беларускай гісторыі і літаратуры? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да вядомага гісторыка, пісьменніка і паэта, аўтара больш 30 кніг прозы, вершаў, эсэ і гістарычных нарысаў, спадара Уладзіміра Арлова.
- Эпіграфам да гэтага адказу я ўзяў бы нядаўнія словы мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пра тое, што трэба маліцца так, нібы ўсё залежыць толькі ад Бога і рабіць так, нібы ўсё залежыць толькі ад нас.
Узгадайма найперш нашага знакамітага доктара Францішка Скарыну. Ён бліскуча здае экзамен у Падуанскім універсітэце, першым з усходніх славян атрымлівае навуковую ступень доктара медыцыны і неўзабаве, не адракаючыся ад лекарскай практыкі, бярэцца за пераклад Бібліі, каб даць свайму народу "броні духоўныя".
- Як Вы лічыце, ці можам мы ўмацаваць наш імунітэт, звяртаючыся да беларускай мовы, літаратуры? Бо нездарма сказаў наш класік: " Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!" Магчыма, беларускасць, закладзеная ў падсвядомасці, абароніць нас, як ген нашай нацыі, ген жыцця?
- Я пагаджаюся з тымі, хто лічыць, што паняцце "нацыянальны імунітэт" - не метафара, а рэальны, магутны (калі гэты імунітэт сапраўды выпрацаваны) сродак супрацьстаяння як эпідэміі духоўнай кшталту ўсюдыіснай заразы "русского мира", так і эпідэміі віруснай. Калі мы ўсведамляем сябе нацыяй, а нашу краіну - сваім домам, які мусім пакінуць дзецям і ўнукам, мы, безумоўна, адчуваем нязмерна большую адказнасць за сябе і бліжняга, чым адчувае атамізаванае насельніцтва.
Мове разам з агульнанацыянальнай гістарычнай памяццю тут належыць неацэнная роля. Так, гістарычна Беларусь ніколі не была, а значыць, і не будзе монамоўнай, як не была і монаканфесійнай або монанацыянальнай, аднак менавіта беларуская мова ёсць тым "цэментам", які змацоўвае нас у нацыю. Не было б яе - не існавала б і нашай дзяржаўнасці. Улюбёныя апанентамі гэтай думкі прыклады некаторых іншых еўрапейскіх дзяржаваў або Лацінскай Амерыкі, тут не спрацоўваюць, але гэта ўжо тэма для іншай размовы.
Карацей кажучы, калі б не існавала беларускай мовы, не існавала б і нашых расейскамоўных, хоць і беларускацэнтрычных суайчыннікаў. Адкуль бы ўзялася тады гэтая іхняя "цэнтрычнасць"?
- Якія творы ў сусветнай і беларускай літаратуры для Вас з'яўляюцца жыццясцвярджальнымі? Што Вы перачытваеце ў гэты час?
- Пералік можа атрымацца фантастычна доўгі. У мяне вялікая бібліятэка з некалькіх тысяч тамоў. Як на цяперашні час, калі мноства кніг нескладана знайсці ў інтэрнэце, такі кнігазбор выглядае празмерным і прымушае мяне раз-пораз шчодра дзяліцца з публічнымі і школьнымі бібліятэкамі. Але аснову бібліятэкі захоўваю, бо гэта якраз тыя самыя жыццясцвярджальныя творы, пра якія вы пытаецеся. Мне шкада з імі развітвацца, бо некалі яны фармавалі мае светабачанне, светаразуменне і светаўяўленне. Зрэшты, працягваць уплываць на гэтую трыяду і цяпер. Напрыклад, у дні эпідэміі я ўпершыню і з асалодаю прачытаў раман Мілана Кундэры "Неўміручасць".
Паколькі я ўжо пачынаю адказваць на частку Вашага наступнага пытання, працягну. Перачытваю цяпер "Досведы" французскага філосафа XVI стагоддзя Мішэля Мантэня, дарэчы, стваральніка шанаванага мною жанру эсэ. Перагортваю старонкі Бібліі ў перакладзе Васіля Сёмухі. Перад гэтым заглыбляўся ў выбраныя мясціны чытанага раней выдатнага рамана сучаснага літоўскага пісьменніка Рычарда Гавяліса "Віленскі покер". Па-беларуску кніга шматфарбна загучала, дзякуючы Паўліне Вітушчанцы, дачцэ Сержука Вітушкі, колішняга старшыні легендарнай менскай "Талакі". Рэкамендую гэты раман кожнаму, хто любіць Вільню і добрую літаратуру з глыбокай рэфлексіяй.
Раю таксама звярнуцца да "Чарнобыльскай малітвы" Святланы Алексіевіч. У час эпідэміі гэтая кніга нагадвае кожнаму, што чалавецтва зноў памылілася (будзьма спадзявацца, не фатальна), лічачы сябе валадаром прыроды.
Жыццясцвярджальна гучыць увогуле кожная таленавітая кніга. Некаторыя мае знаёмыя карыстаюцца вольным часам, каб перачытваць улюбёныя рэчы Уладзіміра Караткевіча. Тым, хто яшчэ не ведае, хачу сказаць, што нядаўна выйшаў новы, 18-ты том цяперашняга 25-томніка Караткевіча. Кніга неверагодна жыццясцвярджальная і абсалютна нечаканая! Яе склалі 600 малюнкаў нашага класіка, дзе вы знойдзеце і біблійныя сюжэты, і адметную велікодную паштоўку, і партрэты калегаў ды сяброў, і галерэю герояў пісьменніка. Сярод гэтых герояў знайшлося месца славутаму зайцу, што варыць піва. Хай бы дасціпны малюнак з апетым Караткевічам чатырохлапым піваварам натхніў айчынных півавараў на заснаванне піўнога фэсту. Такая імпрэза магла б стаць часткаю будучага вялікага фэсту, што рыхтуецца да сёлетняга 90-годдзя пісьменніка і павінен стаць традыцыйным. Гэты ж каранцін-самаізаляцыя некалі, мабыць, скончыцца.
- Над чым Вы працуеце ў перыяд самаізаляцыі, чым падтрымліваеце сябе і сваіх родных?
- А працую я цяпер найбольш над падрыхтоўкай да друку новага, ужо чацвёртага выдання маіх "Імёнаў Свабоды". Гэта надзвычай важная для мяне кніга. Цяпер у ёй будзе 366 герояў. Будзеце чытаць з яе штодня па кароткім аповедзе - хопіць акурат на цэлы год, нават на высакосны. Сярод маіх герояў і гераіняў - асобы знакамітыя і тыя, чыіх імёнаў вы не знойдзеце ў энцыклапедыях. Але ўсіх аб'ядноўвае змаганне за свабоду ў самых розных яе вымярэннях, а таксама - імкненне жыць у вольнай незалежнай Айчыне. З кімсьці мне выпала быць добра знаёмым, хтосьці жыў у іншую эпоху, ды кожны нечым паўплываў на мой характар, на мой светапогляд, урэшце на тое, што я стаў пісьменнікам. Зямныя шляхі гэтых людзей завяршыліся, аднак доўжацца ў маёй памяці.
У новым выданні семдзесят новых герояў, пачынаючы ад Міхала Клеафаса Агінскага і Уладзіслава Сыракомлі і сканчваючы нашымі сучаснікамі: Васілём Сёмухам, Юрыем Хадыкам, Міхалам Анемпадыставым, Наталяй Санько…
Новыя старонкі прысвечаны паўстанцам і паўстанкам 1863 года - Зыгмунту Серакоўскаму і ягонай жонцы Апалоніі з роду Далеўскіх (яе найцікавейшыя мемуары ў перакладзе Станіслава Судніка друкаваліся ў "Нашым слове"), Людвіку Звяждоўскаму, нарачонай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, Зыгмунту Мінейку, які пазней стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі. Самі за сябе гавораць беларускаму чытачу імёны Барыса Кіта, Ніла Гілевіча, Валерыя Маракова, Алены Кіш.
Калі ўжо згадаў гэтую народную мастачку, дадам, што новымі героямі кнігі сталі яе прафесійныя калегі Віктар Маркавец, Гаўрыла Вашчанка, Людміла Русава. Мяне вельмі ўразілі лёсы іншадумцаў, а затым савецкіх палітвязняў Браніслава Ржэўскага і Сяргея Ханжанкова. У ліку новых герояў літаратары Уладзімір Жылка і Мойшэ Кульбак, Алесь Ліпай і Таццяна Зіненка, Пятро Васючэнка і Уладзіслаў Ахроменка, педагог і краязнавец Алесь Белакоз, мовазнаўцы Зміцер Саўка і Марыя Лукашук, гісторык і грамадскі лідар з Баранавічаў Віктар Сырыца.
Назваць усіх ў гэтым невялікім інтэрв'ю я проста не магу, але ўспомню яшчэ адно імя - мастак, шматгадовы выкладчык маладзечанскай мастацкай школы Васіль Лазоўскі. Мне пашчасціла высветліць, што менавіта ён прывёз на векапомныя менскія Дзяды 1988 года бел-чырвона-белы сцяг, які тады быў публічна ўзняты ў Беларусі ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў забароны.
У кнізе шмат трагічных лёсаў, але для мяне яна гучыць аптымістычна. Яна гаюча сведчыць: нас - нязмерна болей, чым здаецца ў хвіліны паняверкі і роспачы. Няхай мае "Імёны", якія павінны выйсці ў Бібліятэцы Радыё Свабода, стануць аптымістычнымі і для вас!
Гутарыла Эла Дзвінская.
Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Такую ж ацэнку неабходна даць адказам апытваных на трэцяе пытанне анкеты: "Назавіце, калі ласка, тры найвялікшыя палітычныя, культурныя ці гістарычныя дасягненні сваёй гісторыі". Названы былі садраўды вялікія падзеі з гісторыі і культуры Беларусі: утварэнне Вялікага Княства Літоўскага, кнігадрукаванне, Статут 1588 г., утварэнне Рэспублікі Беларусь (1991 г.).
Станоўчую ацэнку трэба даць і адказам апытваных на шостае пытанне анкеты: "Назавіце, калі ласка, тры падзеі ці ідэалогіі, якія прычынілі найбольш шкоды Вашай краіне". Усе апытваныя такімі падзеямі, ідэалогіямі назвалі перш за ўсё камунізм, балышавізм, Вялікую Айчынную вайну, русіфікацыю. Усё гэта настолькі ўжо сёння стала вядомым, што яго не назваць проста немагчыма.
Зроблены вышэй аналіз адказаў студэнтаў і выкладчыкаў гістарычнага факультэта БДУ на пытанне праведзенай анкеты дазваляе зрабіць наступныя прапановы:
1. Трэба як найхутчэй зняць з выкарыстання ў сярэдняй і вышэйшай школе савецкія камуністычныя падручнікі. Яны і сёння робяць з беларускай моладзі манкуртаў. Сваім ідэалагічным зместам, матэрыялам яны прапагандуюць "развіты сацыялізм", "савецкую рэчаіснасць", "дасягненні савецкай улады і камуністычнай партыі", фальсіфікуючы гісторыю Беларусі, максімальна замоўчваючы "залаты век" Беларусі, яе вялікіх палітычных і культурных дзеячоў часоў Вялікага Княства Літоўскага. Лепш пакінуць школу без падручнікаў, чым прымушаць моладзь карыстацца гэтай ідэалагічнай атрутай.
2. Настаў час выкарыстаць усе магчымасці, каб вызваліць сярэднюю і вышэйшую школу ад старых выкладчыкаў, загартаваных савецкай камуністычнай ідэалогіяй. Для гэтага трэба выкарыстаць у першую чаргу Закон аб пенсіянерах, які дазваляе ўсіх пенсіянераў звальняць з працы. А сярод выкладчыкаў школы, асабліва вышэйшай, яшчэ вельмі шмат пенсіянераў. Гэтыя выкладчыкі праводзяць урокі, чытаюць лекцыі з тым самым зместам, які быў у іх 10-20 гадоў назад. Максімальнае вызваленне школы ад гэтых выкладчыкаў - гэта вельмі важная ўмова новага выхавання моладзі ў духу беларускасці, нацыянальнай культуры, традацый, звычаяў.
3. Неабходна максімальна хутчэй забяспечыць сярэднюю і вышэйшую школу падручнікамі, напісанымі і надрукаванымі на беларускай мове з новым гістарычным, палітычным, эканамічным, культурным зместам, які адлюстроўвае сапраўдную гісторыю Беларусі - гэтай стрэйшай, а ў свой час і найвяліішай еўрапейскай дзяржавы. У сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі штогод паступае 15 млн. падручнікаў. На вялікі жаль, нават выдадзеныя на беларускай мове, яны маюць стары змест, старыя прыклады, узятыя з былой Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Такому напрамку падрыхтоўкі новых падручнікаў трэба паставіць заслон і друкаваць падручнікі асабліва па гуманітарных навуках з новым зместам. Гэта адна з важнейшых умоў фарміравання нацыянальнай свядомасці ў вучнёўскай моладзі.
4. Для выхавання моладзі ў нацыянальным духу, павышэння інтарэсу да нацыянальнай культуры і прапаганды апошняй маюць вялікае значэнне і старыя нацыянальныя музеі. Трэба выпрацаваць агульнабеларускую праграму адбудовы, рэстаўрацыі музеяў, бібліятэк у цэнтрах былых беларускіх княстваў, асабліва "забытых", "запушчаных", такіх як Тураў, Друцк, Крэва, Свіслач і інш.
§ 2. Гісторыя Беларусі ў адказах гомельскіх студэнтаў і выкладчыкаў
Сгудэнты-гісторыкі, як і іх выкладчыкі, уяўляюць з сябе не толькі шараговых носьбітаў-спажыўцоў гістарычных ведаў, але перш за ўсё актыўных прафесійных вытворцаў і распаўсюджвальнікаў гэтых ведаў у грамадстве. Таму сістэма гістарычных каштоўнасцей, уласцівая адказаўшым на пытанні анкеты, не толькі прадстаўляе ўзровень і змястоўнасць іх светапогяяцу, але і дэманструе рэальнае становішча гістарычнай навукі на шляху да стварэння нацыянальнай канцэпцыі гісторыі.
Стварэнне пэўнай сістэмы каштоўнасцей здзяйсняецца звычайна на падставе валодання інфармацыяй аб ацэньваным аб'екце. Таму падаецца цікавым, што большасць апытаных студэнтаў і выкладчыкаў выяўляе цікавасць да гісторыі Беларусі. Так, 79,1% першакурснікаў, 50,9% пяцікурснікаў і 85,7% выкладчыкаў упэўненыя ў сваім веданні айчыннай гісторыі, а 60% студэнтаў і 57,1% выкладчыкаў мае вялікую прафесійную зацікаўленасць у ёй.
Цікава, як рэспандэнты ацэньваюць свае веда гісторыі краін, у кантэкст якіх геапалітычна ўключана Беларусь. Гісторыю Расіі добра ведаюць 74,4% апытаных першакурснікаў, 82,6% пяцікурснікаў і 85,7% выкладчыкаў, гісторыю Польшчы - 34,9% першакурснікаў, 50% пяцікурснікаў і 71,4% выкладчыкаў. Толькі 32,6% студэнтаў 1-га курса і 34,8% - 5-га заявілі аб добрым веданні гісторыі Украіны, толькі 18,6% першакурснікаў і 17,4% пяцікурснікаў адзначаюць гэта ў дачыненні да гісторыі Літвы. (Адпаведныя лічбы для Латвіі - 4,6% і 13%). Дрэнныя веды па гісторыі суседніх краін (апрача Расіі і ў пэўнай ступені Польшчы) тлумачыцца ў беларускіх студэнтаў найперш карыстаннем неарганічнай для Беларусі расійска-савецкай канцэпцыяй гісторыі. У межах яе суседнія з Беларуссю краіны (як і сама Беларусь) не разглядаліся ў якасці гістарычных суб'ектаў, а толькі як пэўныя тэрыторыі падпарадкавання. Гэтае сцвярджэнне ўскосна падмацоўваецца тым, што гісторыю палітычных супернікаў Расіі - СССР: Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі большасць пяцікурснікаў і выкладчыкаў добра ведае. Згодна з той жа канцэпцыяй гістарычных суб'ектаў у студэнтаў фарміруецца і шэраг найбольш цікавых аб'ектаў вывучэння: Расія (48,3% усіх студэнтаў), ЗША (23,6%), Францыя (12,1%), Ангяія (15,7%), Германія (13,5%).
Важнай падставай для ўтварэння нацыянальна-гістарычнага мыслення з'яўляецца фарміраванне ўстойлівай сістэмы геапалітычных прыярытэтаў існавання дзяржавы і нацыі. Такія прыярытэты былі вызначаны рэспандэнтамі ў выглядзе пераліку краін, з якімі Беларусі варта найперш падтрымліваць прыяцельскія адносіны; Расія - 63% апытаных студэнтаў, ЗША - 51,7%, Германія - 48,3%, Украіна - 32,6%, Польшча - 25,8%, Францыя і Японія - па 14%. Такім чынам, геапалітыка Беларусі ва ўяўленні гомельскіх студэнтаў мусіць мець характар сінтэзу "рэальнай" геапалітыкі ("Не шукай сяброў далёка, а ворагаў блізка") з арыентацыяй на сусветныя палітычна-эканамічныя цэнтры. Цікава, што прыярытэт Расіі ў зносінах з Беларуссю асабліва падкрэслены ў адказах пятага курса і выкладчыкаў (адпаведна 76,1% і 100% апытаных), у той час, як першакурснікі выказалі перавагу адносінам з ЗША (55,8%) і Польшчай (41,9%). Можна меркаваць, што геапалітычнае зацікаўленне рэспандэнтаў ужо толькі часткова вызначаецца пануючай у мінулым савецкай канцэпцыяй гісторыі, а таксама агульным ідэалагічным кантэкстам. Зацікаўленасць у кантактах з Расіяй, Украінай і Польшчай грунтуецца пэўным чынам на гістарычнай прыязнасці да народаў гэтых краін за дапамогу Беларусі ў XIX-XX стагоддзях, што адбілася ў адказах студэнтаў і выкладчыкаў (57,3% студэнтаў прызнаюць рэальнай такую дапамогу з боку рускіх, 41,6% - з боку ўкраінцаў, 12,4% - з боку палякаў).
Культурна-пазнаваўчы інтарэс рэспандэнтаў выяўляецца пры адказе на пытанне аб жаданні наведаць тую ці іншую краіну. Найбольшую цікавасць для студэнтаў і выкладчыкаў у гэтым аспекце ўяўляюць: Францыя (61,8% студэнтаў), Італія (56% студэнтаў, 42,9% выкяадчыкаў), ЗША (48,3% студэнтаў). Мяркуем, што такі змест інтарэсу вынікае з цікавасці да культурных і ўвогуле гуманітарных здабыткаў пададзеных краін, і толькі часткова - з іх палітычнай вагі.
Гістарычны інтарэс як складовая частка нацыянальна-гістарычнай свядомасці можа быць выкліканы літаратурнай зацікаўленасцю. Аб гэтым сведчыць і нашае даследаванне: пісьменнікі, называныя часцей за іншых у ліку любімых - гэта гістарычныя пісьменнікі. Так, 22,5% апытаных студэнтаў назвалі Ул. Караткевіча (і ягоныя раманы "Каласы пад сярпом тваім", "Чорны замак Альшанскі"), 16,9% - В. Быкава, 14,6% - А. Салжаніцына ("Архіпелаг Гулаг"), М. Булгакава ("Майстар і Маргарыта") і Г. Сянкевіча ("Крыжакі") назвалі па 10,1% студэнтаў. Відавочны ўплыў гістарычнай прозы на гістарычную свядомасць студэнтаў пачынаецца яшчэ па-за межамі ВНУ (аб гэтым сведчаць адказы першакурснікаў) і не спыняецца на яго заканчэнні (57,1% выкладчыкаў прызнаюць уплыў Ул. Караткевіча, 42,9% - В. Быкава). Немалаважным падаецца і тое, што В. Быкаў, як і Ул. Караткевіч - пісьменнікі з выдатна праяўленай нацыянальна-гістарычнай беларускай самасвядомасцю. Адпаведна 100% і 95,4% першакурснікаў чыталі іх кнігі.
Нацыянальная канцэпцыя гісторыі - гэта не толькі новае бачанне гісторыі Беларусі, але перш за ўсё сінхранізацыя сусветнага гістарычнага працэсу і сістэмы нацыянальных культурных каштоўнасцей такім чынам, што гісторыя Радзімы будзе адначасова і мадэллю сусветных заканамернасцей, і прызмай для іх разглячу, і гуманістычнай сэнсастваральнай сукупнасцю для кожнага носьбіта нацыянальнага светапогляду.
Прыкметы гуманізацыі навуковай метадалогіі можна заўважыць у адказах гісторыкаў на пытанне аб важнасці пэўных грамадскіх працэсаў. Так, важнасць рэлігій для гісторыі свету адзначаюць 72,1% першакурснікаў, 93,5% пяцікурснікаў і 85,7% выкладчыкаў. Гэтак жа высока ацэнена і дзейнасць вялікіх людзей: 81,4% першакурснікаў, 89,1% пяцікурснікаў, 100% выкладчыкаў. 78,3% студэнтаў пятага курса пазначылі ў адказах важнасць развіцця школ і барацьбы за правы чалавека. Значна менш рэспандэнтаў падкрэсліла традыцыйную для марксісцкай гісторыяграфіі барацьбу класаў: 55,8% студэнтаў першага курса, 58,7% - пятага, 57,1% выкладчыкаў. Гэта найбольш нізкія паказчыкі ва ўсёй шкале адказаў. Аднак насцярожвае той факт, што толькі 41,9% першакурснікаў разумеюць важнасць утварэння нацыянальных дзяржаў. Пры агульнай тэндэнцыі да прыярытэту гуманістычных каштоўнасцей такая пазіцыя можа разглядацца як неразуменне гуманістычнай накіраванасці дзяржаўнага будаўніцтва. (Магчыма, факт выкліканы рэакцыяй на міжнацыянальныя ўзброеныя канфлікты ў Новай Еўропе.)
Сучасная беларуская гісторыяграфія паставіла пад сумненне абгрунтаванасць ужывання тэрміна "Кіеўская Русь", які дэфармаваў і значна звужаў прасцяг айчыннай гісторыі. Аднак адказы гомельскіх студэнтаў і выкладчыкаў сведчаць аб яшчэ моцнай укаранёнасці ў гістарычнай свядомасці міфа аб адзіным дзяржаўным утварэнні трох усходнеславянскіх народаў. Так, 44,2% першакурснікаў і 85,7% выкладчыкаў лічаць Кіеўскую Русь пачаткам гісторыі Беларусі. У той жа час 45,7% пяцікурснікаў не згодныя з такім меркаваннем. Большасць апытаных прызнае Кіеўскую Русь пачаткам гісторыі Расіі і Украіны. Такім чынам, міф аб дзяржаўным адзінстве рускіх, украінцаў і беларусаў не пераадолены гісторыкамі Гомельскага ўніверсітэта.
Наступны гістарычны міф, з якім сутыкаецца разняволеная беларуская свядомасць - ідэя аб безумоўна станоўчым выніку далучэння Беларусі да Расіі, і як яго найноўшы варыянт, далучэння да СССР. У нашым выпадку адмаўляюць станоўчыя вынікі, сцвярджаючы затрымку развіцця Беларусі пры першым "уз'яднанні" ўсяго 20,1% першакурснікаў і 37% студэнтаў-выпускнікоў, пры другім "уз'яднанні" - усяго 20,1% першакурснікаў і 30,4% выпускнікоў. Кансерватызм студэнцкай свядомасці, што выступае тут вынікам трацыцыйнага прарасейскага прыярытэту (магчыма, і рэгіянальнага гомельскага паходжання), можа стаць сур'ёзнай перашкодай на шляху пабудовы недагматызаванай гісторыі Радзімы.
Новая, гуманістычная парадыгма гістарычнага разумення ўключае ў разгляд грамадскія фактары і культурныя дамінанты, наяўнасць якіх у развіцці народаў ці ігнаравалася, ці дагматычна вызначалася як негатыўны факт марксісцкім грамадазнаўствам. Перш за ўсё гэта тычыцца ўздзеяння рэлігій на гісторыю народаў. Раней мы засведчылі цікавасць рэспандэнтаў да рэлігій як да важнейшых чыннікаў гісторыі. Удакладняючы гэтую тэзу, студэнты і выкладчыкі абсалютнай большасцю вызначаюць хрысціянства за безумоўна станоўчую каштоўнасць беларускай гісторыі (адпаведна 95,4% для 1 курса, 100% для 5-га, 85,7% для выкладчыкаў). Інакш ацэньваюць апытаныя гістарычныя ролі асобных хрысціянскіх плыняў, існаваўшых на Беларусі. Большасць апытаных адназначна станоўча ацэньвае ролю праваслаўнай царквы (79% - 1 курс, 71,7% - 5). Такая ацэнка карэлюецца з аднясеннем рэспандэнтаў да праваслаўнага веравызнання (83,7%) і фіксуе традыцыйную каштоўнасць большасці насельніцтва Беларусі, каштоўнасць, якую пэўным тэндэцыйным чынам выкарыстоўвала і марксісцкая гісторыяграфія. Рэспандэнты вызначаюць таксама вялікую ролю праваслаўя ў развіцці культуры Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны ХVII стагоддзя (83,7% і 76,1%).
(Працяг у наст. нумары.)
Дзе і як вы сустрэлі Дзень Перамогі?
Старэйшыя жыхары Менска, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні канцлагераў і дзеці вайны, якія ў гэтым годзе не могуць наведваць святочных вечарын і канцэртаў, падзяліліся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі па тэлефоне.
Антон Іванавіч Быстрык, 1928 г.н.
- Я сустрэў Дзень Перамогі ва Усходняй Прусіі, недалёка ад Кёнігсберга. Быў паранены і знаходзіўся ў шпіталі. Але хутка выздаравеў і вярнуўся на радзіму. Вайну я прайшоў сувязістам. Нарадзіўся ў вёсцы Лекараўка Заслаўскага раёна Менскай вобласці. Трыццаць гадоў працаваў у Менску на велазаводзе, завод мяне не забывае. А з маёй жонкай Зінаідай Васільеўнай я пражыў разам каля 70 гадоў!
Аляксандр Дзмітрыевіч Дзянісаў, 1928 г.н.
- Ваенныя гады мы правялі на акупаванай тэрыторыі. Фашысты адчынілі канцэнтрацыйны лагер на тэрыторыі аэрадрома паблізу ад Магілёва.
Добра памятаю, як войскі вызвалялі нашу вёскі Палыкавічы 26 чэрвеня 1944 года!
23 чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя "Багратыён" па вызваленні Беларусі. Пасля цяжкіх баёў на рэках Проня і Бася войскі 2-га Беларускага фронта выйшлі да Магілёва. У раёне нашай вёскі нямецкія войскі аказвалі моцны супраціў, ішлі гарачыя баі.
У час абстрэлаў нас, хлапцоў, засыпала зверху зямлёй, і мы засталіся ў жывых. Вёска была ўжо напалову спаленай. Раніцай 27 чэрвеня савецкія войскі вызвалілі яе ад фашыстаў.
27 чэрвеня па ўсім фронце ад Шклова да Быхава ішло фарсіраванне Дняпра. Магілёў нашы войскі занялі 28 чэрвеня 1944 года…
У мірны час я быў спецыялістам па электроніцы, працаваў на прадпрыемстве радыёэлектроннай прамысловасці "Белвар".
Антаніна Васільеўна Грыгор'ева, 1930 г.н.
- Выдатна памятаю дзень у красавіку, калі нас вызвалялі нашы войскі з канцлагера, які знаходзіўся недалёка ад Вены ў Аўстрыі. Мы радаваліся, падкідвалі адзін аднаго ў паветра!
9 мая мы сустрэлі ўжо ў дарозе, цягніком нас адправілі дадому. А вярнуліся мы з матуляй на папялішча! Ні кала, ні двара, выжывай, як можаш. Нашу вёску Міхалькі Гомельскай вобласці фашысты спалілі да шчэнту. Але ж мы выжылі! Я пераехала ў Менск да сястры, вучылася ў школе, адпрацавала ўсё жыццё на заводзе імя Леніна. А потым, на пенсіі, яшчэ 25 гадоў - у першым клінічным шпіталі. Выгадавала трох дачок, дапамагла ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Упэўнена, што мы перажывем каронавірус, бо перажывалі і больш цяжкія часы. Жадаю ўсім здароўя!
Марк Васільевіч Маслакоў, 1927 г.н.
- Мы жылі ў Магілёўскай вобласці ў Краснаполлі. Нас вызвалілі ў верасні 1943 года. Да гэтага мне давялося пазмагацца ў партызанах з лета 1943 года. Моладзь і падлеткі сышлі ў лясы. У адной з партызанскіх аперацый я здабыў вінтоўку, якая паслужыла мне яшчэ доўгі час, калі я ахоўваў калгасных коней на стайні. Пасля вызвалення я працаваў у прамысловым камбінаце, навучыўся сталярнай справе, вырабляў мэблю. Пайшоў у войска і там асвоіў спецыяльнасць радыёмеханіка.
Юліян Юліянавіч Ступакевіч, 1937 г.н.
- Наша вёска Навасёлкі знаходзілася ў Шчучынскі раёне Гарадзенскай вобласці недалёка ад Нёмана. Памятаю, як ішлі баі на другім баку Нёмана, як выганялі немцаў, вызвалялі нашу мясцовасць.
Пасля вызвалення ў вёсцы адкрылі школу, і я пайшоў у першы клас. Даводзілася шмат працаваць, нарыхтоўваць кармы, даглядаць жывёлу. У хуткім часе моладзь заахвоцілі паехаць на будоўлю сталіцы.
Пасля службы ў войску я адбудоўваў Менск. 43 гады адпрацаваў у будаўнічым трэсце № 1. Наш трэст будаваў дамы на Камароўцы, у Чыжоўцы, і ў іншых раёнах сталіцы. Двойчы я атрымоўваў званне лепшага будаўніка трэста. Будавалі мы 1-шы і 5 клінічныя шпіталі ў Менску. У пазнейшыя гады давялося папрацаваць ў Лівіі на будаўніцтве вайсковых гарадкоў.
Усё жыццё жыву з Богам, чытаю Біблію, не выхожу на вуліцу без малітвы, бо я нарадзіўся ў сям'і праваслаўнага святара, мой малодшы брат - святар.
З жонкай Нінай Аляксееўнай мы пражылі больш за 60 гадоў, выгадавалі сына і дачку. Жадаем усім добрага здароўя, берагчыся і быць уважлівымі!
- Валянціна Іванаўна Салавей, 1939 г.н.
- Некалькі гадоў запар я выходжу 9 мая на плошчу Перамогі з партрэтамі родных. Дзень Перамогі быў для іх найвялікшым святам!
Мае бацькі Іван Трафімавіч Салавей і Вольга Аляксееўна Міхайлоўская былі медыкамі. Да вайны мы жылі ў вёсцы Урэчча Слуцкага раёна. Мама і тата працавалі ў мясцовай бальніцы, з пачаткам вайны сталі членамі падпольнай арганізацыі, перадавалі медыкаменты ў партызанскі атрад, і потым сышлі ў любанскія лясы. Маленькай дзяўчынкай я знаходзілася разам з імі ў партызанскім атрадзе № 5 імя Лазо брыгады № 64 імя Чкалава, зведала голад і холад. Нават у часы вайны тата быў вельмі прынцыповым і патрабавальным да пытанняў гігіены, у яго ў атрадзе ніхто не захварэў на тыф, ён вельмі дбайна даглядаў параненых, аказваў дапамогу мясцовым жыхарам.
У чэрвені 1944 года атрад злучыўся з 64 партызанскай брыгадай пад кіраўніцтвам М.М. Розава і 100 брыгадай пад кіраўніцтвам А. І. Шубы.
Гэтыя падраздзяленні разам з вайсковымі часткамі 30 чэрвеня вызвалілі Слуцк. Тата вызваляў горад, а мама засталася ў лесе даглядаць параненых. Яна моцна хвалявалася за іх і за сябе, бо была цяжарнай. Праз тры месяцы нарадзіўся мой брат Валодзя. Мой тата і доктар Аляксей Іванавіч Шуба надоўга засталіся добрымі сябрамі.
У мірны час я скончыла медыцынскі інстытут у Пяцігорску і ўсё жыццё працавала фармацэўтам у розных аптэках Менска. Усім жадаю моцы і здароўя!
Гутарыла Эла Дзвінская. На здымку: Антаніна Васільеўна Грыгорьева. Фота аўтара.
Ідзе канцэнтрацыя творчых высілкаў
Як уплывае крызіс, звязаны з каронавірусам, на творчых асобаў?
Гэта пытанне мы задалі мастаку, пісьменнікам, даследчыцы, артысту.
Рыгор Сітніца:
- На мяне крызіс ніяк не ўплывае! Я ўпэўнены, што мы яго пераадолеем, бо Беларусь пераадольвала і не такія выпрабаванні, і яна ЖЫВЕ!
Пасля майго вызвалення з пасады старшыні Беларускага саюза мастакоў, у мяне з'явілася шмат часу на творчую дзейнасць. З раніцы я пехатой іду ў майстэрню, шмат малюю, пішу. З'явіліся новыя графічныя працы.
Рыхтую да выдання дзве кнігі: кнігу паэзіі і вялікую па аб'ёме кнігу прозы. У кнігу прозы ўвойдуць дзве аповесці і раман. Аповесць будзе мець назву "Спаліць Эрмітаж", яна прысвечана гісторыі мастацтва. Гэта будзе свайго роду лекцыя пра сучасных мастакоў. У п'есе дзейнічае лектар, ультрасучасныя мастакі, узгадваюцца Пабла Пікаса, Казімір Малевіч, Язэп Драздовіч.
Крызіс адмяніў дзве мае персанальныя выставы ў Эстоніі і Славакіі і пяць маіх сур'ёзных паэтычных вечарын, якія мелі адбыцца ў Купалаўскім музеі ў Менску, Гомелі і ў Оршы, а таксама ў Маскве і ў Зорным гарадку. Між іншым, у Зорным гарадку цікавяцца беларускай паэзіяй! Там працуе шмат беларусаў, тэхнічныя супрацоўнікі, жонкі касманаўтаў, персанал, які абслугоўвае запуск касмічных караблёў.
Веру, што ўсе сустрэчы адбудуцца пазней. Купалаўскі тэатр перанёс паэтычную вечарыну на восень.
Віктар Карамазаў:
- Каронавірус не перашкаджае мне думаць і працаваць. Працую дома за друкарскай машынкай. Нарадзіліся новыя старонкі, прысвечаныя Міхасю Стральцову. Будзем рыхтавацца да юбілею Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.
Мастацтва мацнейшае да вірус!
Наталля Давыдзенка:
- Працягваю апрацоўваць нататнікі Рыгора Іванавіча Барадуліна. Працую нам 8-ым томам "Дзённікаў і запісаў". Сёмы том выйшаў у выдавецтве "Кнігазбор" накладам ў 60 асобнікаў, паступіў у бібліятэкі краіны і быў падораны мной асобам, якія цэняць творчасць народнага паэта. Том ахапіў падзеі 1996-97 гадоў. Дамаглася па-ціхаму патрапіць у бібліятэку і здабыць неабходныя мне кнігі праз абанемент.
Зміцер Вайцюшкевіч:
- Працую над новым дыскам для дзяцей на вершы Аляксея Пысіна. Музыканты па-асобку займаюцца сваімі праектамі. Знаходзімся ўвесь час на прыродзе, каб уцячы ад дрэнных думак. На Нёмане вельмі добра, у лесе спяваюць салаўі, цінькаюць сінічкі, скачуць зайчыкі і бегаюць казулі. Я ўжо не аднойчы купаўся ў Нёмане. Людзі прыязджаюць да нас, каб некуды схавацца ад горада. Месяц жылі і адпачывалі ў нас у асобным дамку ўдзельнікі Еўрабачання Naviband Ксенія і Арцём Лук'яненкі з маленькім сынам.
Гутарыла Эла Дзвінская.
Нямецкія клінікі прастойваюць у чаканні пацыентаў з COVID-19. Парадокс?
Навіны Германіі
Сотні нямецкіх бальніц стварылі рэзервовыя магутнасці для прыёму і лячэння хворых, інфікаваных каронавірусам, і адмянілі ўсе нетэрміновыя аперацыі. Цяпер ім востра не хапае пацыентаў.
Пандэмія COVID-19 заспела Італію знянацку. Многіх тады шакавалі тэлекадрамі з італьянскіх лякарняў: пацыенты ў калідорах, аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі перапоўненыя, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх катастрафічна не хапае, медперсанал гераічна выбіваецца з сіл. Каб прадухіліць такое развіццё падзей, у Германіі з самага пачатку наладзілі ўсю сістэму аховы здароўя на адпор каронавірусу SARS-CoV-2 і масавае лячэнне інфікаваных ім пацыентаў.
Але цяпер у нямецкіх клініках склалася парадаксальная сітуацыя: усе планавыя аперацыі адменены, колькасць ложкаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі павялічана, а масавага наплыву пацыентаў з COVID-19 усё няма. У выніку бальніцы пустуюць, нясуць фінансавыя страты, лекары і медсёстры ад няма чаго рабіць сядзяць па хатах, назапашваючы "адмоўныя" гадзіны, якія ім калі-небудзь давядзецца адпрацоўваць.
40% ложкаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі пустуюць
Вось дадзеныя на раніцу 28 красавіка, якія са спасылкай на адзіны рэгістр усіх нямецкіх бальніц (DIVI-Intensivregister) прыводзіць анлайн-выданне Zeit.de. Агульная колькасць ложкаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі ва ўсіх 1160 нямецкіх бальніцах - 32 394. Занятыя пацыентамі з COVID-19 - 19337. Пустуюць - 13 057, то-бок 40%. Ёсць, праўда, рэгіянальныя адрозненні. Але толькі ў двух нямецкіх гарадах - Шаўмбург у Ніжняй Саксоніі і Зонеберг у Цюрынгіі - у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі бальніц няма свабодных месцаў. Затое яны ёсць у суседніх гарадах, да якіх не больш за 20 кіламетраў.
Колькасць "звычайных" пацыентаў ва ўсіх нямецкіх шпіталях рэзка скарацілася, у некаторых - у два разы. А пацыенты, за лячэнне якіх плацяць бальнічныя касы, - гэта эканамічная аснова ўсёй сістэмы страхавой медыцыны ў Германіі. Каб клінікі не пайшлі па свеце, урад ФРГ стварыў для іх адмысловы фонд дапамогі і аплачвае кожны, што прастойвае ў рэзерве - а значыць, не прыносіць даход - бальнічны ложак у памеры 560 еўра ў суткі.
Невялікім бальніцам гэтых грошай хапае, каб зводзіць канцы з канцамі, заявіў старшыня Нямецкага бальнічнага таварыства (Deutsche Krankenhausgesellschaft, DKG) Геральд Гас (Gerald Gass), але не буйным клінікам, якія абсталяваны самай сучаснай дарагой тэхнікай і аказваюць ўвесь спектр медыцынскіх паслуг.
Бальнічнае лобі патрабуе вяртання да звычайнага рэжыму працы
DKG патрабуе знізіць каронавірусную гатоўнасць і пачаць паэтапнае вяртанне клінік да звычайнага рэжыму працы. У якасці першай меры прапануецца рэзерваваць для пацыентаў з COVID-19 у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі толькі 20% ложкаў, абсталяваных апаратамі ШВЛ.
Пры гэтым, аднак, клінікі павінны быць гатовыя да таго, каб у выпадку рэзкага ўсплёску эпідэміі на працягу максімум 72 гадзін зноў нарасціць колькасць месцаў для каронавірусных хворых. Тое, што нямецкія бальніцы здольныя рэагаваць так хутка, яны ўжо даказалі, заўважыў Геральд Гас, маючы на ўвазе аператыўнае нарошчванне патэнцыялу аддзяленняў інтэнсіўнай тэрапіі, калі на працягу некалькіх дзён пасля пачатку эпідэміі ў Германіі колькасць ложкаў у такіх аддзяленнях была павялічана ў паўтара разы.
Заадно DKG, якое выказвае інтарэсы нямецкіх клінік, настойвае на адмене нялюбай імі тарыфнай сістэмы, пры якой бальнічныя касы аплачваюць клінікам лячэнне пацыента ў залежнасці ад дыягназу, а не ўсіх аказаных яму медыцынскіх паслуг паасобку. Бо, напрыклад, нават выдаленне апендыцыту можа быць у адным выпадку простай і таннай аперацыяй, а ў іншым - запатрабаваць працяглага і дарагога пасляаперацыйнага лячэння.
Міністэрства аховы здароўя ФРГ гатова зніжаць каронавірусную гатоўнасць
Міністр аховы здароўя ФРГ Енс Шпан (Jens Spahn) яшчэ ў сярэдзіне красавіка казаў, што ў траўні - пры ўдалым развіцці эпідэміялагічнай сітуацыі - дапушчальна крок за крокам вяртаць клінікі да нармальнага рэжыму працы. Цяпер ён, відавочна, вырашыў, што пара дзейнічаць. У аўторак, 28 красавіка, стала вядома, што міністр канкрэтызаваў свой план і напярэдадні разаслаў рэкамендацыі на гэты конт сваім калегам у федэральныя землі, у падпарадкаванні якіх у Германіі і знаходзяцца мясцовыя сістэмы аховы здароўя.
Нямецкая сетка СМІ Redaktionsnetzwerk Deutschland (RND) паведамляе, што Шпан лічыць неабходным паменшыць долю зарэзерваваных для пацыентаў з COVID-19 ложкаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі з сённяшніх 50% да 25%. Акрамя таго, міністр выступае за аднаўленне планавых аперацый і выкарыстанне для іх 70% магчымасцяў, якімі валодаюць аперацыйныя ў клініках. У далейшым - у залежнасці ад дынамікі развіцця эпідэміі каронавіруса ў Германіі - гэтую долю, на думку Шпана, можна будзе кожныя два тыдні павышаць на 10% і апераваць, у першую чаргу, ракавых хворых.
Вяртанне бальніц да нармальнага рэжыму працы, цытуе RND міністра аховы здароўя, "важна, паколькі адтэрміноўка вельмі неабходных хірургічных умяшанняў, у прыватнасці, для выдалення пухлін або пратэзавання тазасцегнавага сустава прыводзіць да фізічных і душэўных пакутаў пацыентаў, якія маюць у іх патрэбу". Ведае Енс Шпан і аб выпадках, калі людзі нават у экстраных сітуацыях - пры інфаркце міякарда або інсульце - нагледзеўшыся тэлепраграм аб цяперашняй пандэміі, не звяртаюцца па медыцынскую дапамогу.
Эпідэміялагічная сітуацыя ў Германіі
Але ўсе планы, якія прадугледжваюць аднаўленне ранейшага рэжыму працы нямецкіх бальніц, залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі ў Германіі. А яна ў апошнія дні стала горшай. Калі яшчэ тыдзень таму адзін носьбіт інфекцыі заражаў ў сярэднім 0,7 чалавека, то зараз, па дадзеных Інстытута імя Роберта Коха (RKI), суадносіны сталі 1 да 0,9.
Ва ўрадзе ж Германіі нязменна падкрэсліваюць, што далейшае змякчэнне антыэпідэміялагічных мер магчыма толькі ў тым выпадку, калі на працягу досыць доўгага часу адзін інфікаваны будзе заражаць у сярэднім менш аднаго здаровага чалавека.
dw.com.
Заяўку на "Міжнародную парламенцкую стыпендыю Германскага Бундэстага на 2021 г." можна падаць да 31 ліпеня
Навіны Германіі
Германскі Бундэстаг штогод прадастаўляе стыпендыі маладым выпускнікам ВНУ, якія цікавяцца палітыкай і намерваюцца займацца актыўным прасоўваннем асноўных прынцыпаў дэмакратыі ў сваіх краінах.
У рамках праграмы, якая пройдзе з 1 сакавіка па 31 ліпеня 2021 г. у Берліне, стыпендыяты будуць актыўна ўдзельнічаць у працы бюро аднаго з дэпутатаў германскага Бундэстага. Яны будуць суправаджаць "сваіх" дэпутатаў на пасяджэнні камітэтаў, фракцый і іншых органаў і такім чынам змогуць атрымаць уяўленне аб задачах і парадку парламенцкіх працэсаў. Акрамя таго, яны будуць рэгулярна наведваць інфармацыйныя мерапрыемствы і семінары, якія арганізуюцца Бундэстагам і палітычнымі фондамі.
Падчас летняга семестра стыпендыяты будуць залічаны ў Берлінскі ўніверсітэт імя Гумбальдта і змогуць наведваць заняткі і лекцыі Свабоднага і Тэхнічнага ўніверсітэтаў.
З дэталямі Міжнароднай парламенцкай стыпендыі, умовамі і працэдурай падачы заяўкі Вы можаце азнаёміцца ў інфармацыйным праспекце Германскага Бундэстага на сайце www.minsk.diplo.de.
Паводле прэс-рэліза.
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові
Віктар Шніп
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
БАЛАДА ЛЕСІ БЕЛАРУСКІ (1920 - 1948)
Ты ўсё стрывала, і ты ўсё змагла,
Прайшла жыццё і ўпэўненна, і прама.
Апекавала Ефрасіння Храмы,
Ты ж душы, нібы Храмы, берагла,
Таму і снег, нібы анёл, ляціць,
Цябе, заледзянелую, цалуе
За Беларусь далёкую, жывую,
Якую не клялася ты любіць,
А ўсё жыццё яе любіла ты,
Хаця і ненавідзець права мела...
Паэзія- зняможанае цела,
Якое не пакінуў дух святы -
Была з табой і жыць натхняла ўсіх
І верыць, што і гэта ўзвея пройдзе
І застанецца кветкамі на лёдзе
Калючы дрот з крывёй сяброў тваіх,
Бо ты стрывала ўсё і ўсё змагла,
Прайшла жыццё і ўпэўненна, і прама.
Апекавала Ефрасіння Храмы,
Ты ж душы, нібы Храмы, берагла...
1.07.2008 г.
БАЛАДА МІКОЛЫ АЎРАМЧЫКА (14.01.1920 - 8.05.2017)
Знаёмыя постаці побач з табою
Ідуць па жыцці покуль сам ты ідзеш
Па свеце, дзе ў снезе сцяжыны зімою,
Вясной - у вірлівай сцюдзёнай вадзе,
Якая змывае сляды і лістоту,
Што восенню ўпала пад ногі твае.
Навокал снягі, як сівая самота,
Па снезе ідзеш і сцяжына пяе
Аб тым, што даўно ўжо было перажыта,
І што засталося, і будзе ў людзях.
І вершаў радкі, як паспелае жыта
У полі, пасеены ў чарнавіках,
І мо прарастуць яны некалі ў душы,
Дзе сонца адно - Беларусь, і для ўсіх
Святое яно і яго не патушыць
Ні сотня вятроў, што ў разлогах чужых
Па-воўчаму выюць і доўжаць самоту,
Ні мёртвых аблок дажджавая вада.
Зачнецца вясна, затрапеча лістота
І будуць далёка-далёка відаць
Знаёмыя постаці побач з табою,
З якімі ішоў ты, ідзеш па жыцці,
Па свеце, дзе ў кветках сцяжыны вясною
І ў вершах, якія мы зможам знайсці…
3.02.2010 - 9.05.2017 гг.
БАЛАДА ПЯТРА ПРЫХОДЗЬКІ (25.02.1920 - 30.11.2006)
Голас сэрца Айчынай пачуты,
І калінавых зорак святло
Над зямлёю ў заснежаным лютым
Да людзей назаўжды прарасло,
Каб і ранак над Эльбай адбыўся,
Дзе з салдатамі міру паэт,
Нібы з вечнасці, з рэчкі напіўся,
Прад сабою пабачыўшы свет,
У якім будзе водгулле грому
І апаленых вёрстаў прасцяг,
Дзе святая дарога дадому
Не знікае, не знікне ў снягах.
І паспець да вячэрняй малітвы
Зможа кожны і зможа павек,
Каб акопаў крывавыя рытвы
Не дыміліся ў роднай траве.
Парог памяці будзе заўсёды,
І вішнёвы агонь, каравай
Будзе цёплы, як радасці подых,
Як той памятны велічны май,
Бо паэты жывуць, не знікаюць,
Як нябёсы, як зоры, як свет,
І няма прыгажэй таго краю,
Дзе Айчынай пачуты паэт...
23.10.2006 г.
БАЛАДА ПАПЫ РЫМСКАГА ЯНА ПАЎЛА ІІ (18.05.1920 - 2.04.2005)
І
... Пачаты шлях, нібы пачуты голас Бога,
Пачуты голас Бога, як спазнаны свет,
Дзе ёсць касцёл, царква, мячэць і сінагога,
Дзе слёзы ёсць, нібыта росы на траве,
Дзе спіць спакуса,
як агонь, дзе мы згараем
І дзе, нібыта крыж адвечны, вера і любоў
Нябёсы над зямлёй, як Божы Дух, трымае,
Каб кожны шлях адведзены яму прайшоў,
Каб дараваць і папрасіць, каб даравалі,
І зразумець,
што гэты свет для нас - не дым,
І мы яго, як Храм, стваралі і ствараем,
І ў гэтым Храме, як адна цаглінка, Рым...
ІІ
Пражыў жыццё, нібы малітву прачытаў,
І адышоў у лепшы свет, нібы заснуў,
Нібы раса, згубіўся ў ціхім шуме траў,
Якія, як Хрыста, сустрэлі зноў вясну
У гэтым свеце, дзе даўно дабро і зло,
Нібыта крыж на Храме, у якім святло
Святое, нібы Боскае жыццё, дзе шлях,
Якім прайсці,
каб лепшы свет спазнаць, і тло,
І слёзы, і агонь, і кроў, каб у вяках
Нам светла і самотна, як цяпер, было...
3.04.2005 г.
БАЛАДА ІВАНА ШАМЯКІНА (30.01.1921 - 14.10.2004)
Жыццё пражыта, нібы зжата жыта,
Дзе жніўнае святло, нібы сляза,
І поўня ў небе, як свінцовы злітак...
Жыццё пражыта, ды яшчэ сказаць
Хапае што, і ёсць каму паслухаць,
І гэта ноч, як вечная рака,
Якую п'еш, а ў роце суха-суха,
І, як крыло зламанае, рука
Не можа адагнаць туман, што блізка
Плыве з тых дзён, якія адыйшлі,
Дзе мама маладая над калыскай,
Дзе ў небе, як анёлы, жураўлі,
Што клічуць за сабой і горка плачуць,
Бо ведаюць - пражыта ўжо жыццё,
І хто ты ёсць, яны з нябёсаў бачаць,
І падае, нібы агонь, лісцё
Пад ногі нам, бо мы яшчэ жывыя,
Бо верылі і верым, што сляза
Душу, што ў Шлях сабралася, абмые,
А на Шляху даўно стаіць Марыя,
Празрыстая, як на крыжы раса...
Жыццё пражыта, бы пасеяў жыта
Азімае, дзе хутка ляжа снег,
Як россып белых-белых маргарытак,
І выйдзем мы, самотныя, з-пад стрэх
У новы дзень, дзе сонца маладое
Асвеціць нам дарогу да вясны...
15.10.2004 г.
БАЛАДА ЯЗЭПА ЮХО (19.03.1921 - 29.07.2004)
Ты знайшоў залатую жылу -
Гэта наш беларускі шлях,
На якім у траве магілы
І вуголле ў крыві й слязах.
Значыць тут мы жылі спрадвеку,
Значыць тут нам і далей жыць
І цячы ў акіяны рэкам,
Нашым рэкам не знаць мяжы.
І Еўропа ні недзе ў далі,
А яна ёсць і будзе тут.
Мы стагоддзі яе шукалі
Ледзь не трацячы родны кут.
І мінулася ўсё, не зніклі
Нашы мова, палацы, кроў.
"Адкажы каго любіш?!"- крыкні
І пачуеш нязменна зноў:
"Я люблю Беларусь!" І ў сэрцах
Словам гэтым заўсёды жыць,
Бо аб іх, як аб сцены, б'ецца
І вятрыска, і меч чужы.
І табе болей тут не трэба
Анічога, чым родны край,
Над якім залатое неба,
Дзе шлях Млечны, як шлях у рай.
Ты аддаў залатую жылу
Беларусам, што будуць жыць
У краіне, дзе ў кветках магілы
І стаяць на магілах крыжы…
25.27.10.2008 г.
(Працяг у наступным нумары.)
Імі ганарыцца старажытны Мсціслаў
Старажытнаму Мсціславу шанцуе на краязнаўцаў, якія рупліва вывучаюць яго гісторыю. Сярод іх варта згадаць выбітных даследчыкаў, дактароў гістарычных навук, археолагаў Міхася Ткачова і Леаніда Аляксеева.
Прафесар Міхась Ткачоў, карэнны жыхар г. Мсціслава, дзе ён нарадзіўся 10 сакавіка 1942 г. у сям'і настаўнікаў. Яго бацька загінуў на фронце і гадавала яго маці Дамініка Сямёнаўна. Ужо ў школьныя гады М. Ткачоў пачаў цікавіцца гісторыяй роднага горада, асабліва XIX - першай паловы XX ст. Маючы цікавасць да гісторыі, ён у 1959 г. паступае на гістфак БДУ, але ў адпаведнасці з тагачаснымі правіламі мусіў першы год вучыцца завочна і працаваць паляводам у мясцовым калгасе ў гарадскіх ваколіцах. Але ў 1960 г. ён вяртаецца ў Менск, на дзённае аддзяленне і трапляе ў асяроддзе беларускіх патрыётаў, а таксама знаёміцца з выдатным беларускім гісторыкам, як мусіў жыць у Маскве Мікалаем Улашчыкам. Менавіта яму Ткачоў прысвяціў сваю апошнюю кнігу "Замкі і людзі". Так сталася, што маці М. Ткачова і мая бабуля Ганна Васільеўна Мяжэвіч сябравалі, таму я добра ведаў як самаго Міхася, так і яго малодшых братоў ад другога шлюбу яго маці. Адзін з іх, Алесь Каралёў, таксама стаў гісторыкам і краязнаўцам і жыў у Жодзіна, а другі, Віктар, мой аднакласнік, трагічна загінуў, калі вучыўся ў чацвёртым класе. Будучы яшчэ студэнтам М. Ткачоў сабраў цікавыя матэрыялы пра гісторыю роднага горада, якія былі надрукаваны ў нашай сумеснай кнізе.
У раздзеле "Мсціслаў - не аднаго сціснуў" вышэйзгаданай кнігі М. Ткачоў на аснове пісьмовых крыніц расказаў пра гісторыю горада ў XIV- ХVІІІ стст.
У гэтыя часы Мсціслаў з 1528 г. стаў уладаннем вялікага князя ВКЛ і цэнтрам староства, потым цэнтрам ваяводства і ў 1634 г. атрымаў Магдэбургскае права. Асаблівы ўдар па горадзе быў нанесены падчас вайны 1654-1667 гг. Калі да вайны тут жыло ад 20 да 30 тысяч чалавек, то пасля - толькі некалькі сотняў.
Наступны раздзел кнігі напісаны М. Ткачовым мае назву "У складзе Расійскай імперыі". Па-водле дадзеных за 1776-1777 гг. у горадзе жыло 6137 чалавек, Мсціслаў моцна пацярпеў у 1812 г. ад ваенных дзеянняў, а ў 1853 г. лепшая частка горада згарэла. Далёка ад Мсціслава прайшла і чыгунка, што правяло да эканамічнага заняпаду горада. М. Ткачоў паведамляе, што ў 1880 г. з 1060 жылых дамоў толькі 12 былі мураваныя.
Потым ідзе раздзел "Напярэдадні новай эпохі", дзе даследчык апавядае пра жыццё горада ў пачатку XX ст. і рэвалюцыю 1905-1907 гг. Перад Першай сусветнай вайной у горадзе было 11093 жыхары, з іх больш за тысячу рамеснікаў. У раздзеле "У віхуры грамадзянскай вайны" ідзе гаворка пра падзеі 1917-1920 гг., а пра жыццё горада ў складзе БССР гаворыцца ў раздзеле "Мсціслаўшчына ў 20-30-я гады". У лістападзе 1925 г. у горадзе адкрылі педтэхнікум, дзе рыхтавалі настаўнікаў для беларускіх школаў. Першы набор студэнтаў склаў 142 чалавекі. З 1926 г. заняткі тут пачалі праводзіць на беларускай мове, а сама ўстанова атрымала назву Белпедтэхнікум. Тут вучыліся вядомыя беларускія пісьменнікі Юлій Таўбін, Змітрок Астапенка, Ганна Сапрыка і Аркадзь Куляшоў. У снежні 1925 г. горад наведаў Якуб Колас.
Пра лёс горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны М. Ткачоў распавядае ў раздзеле "Змаганне з фашызмам". У ліпені 1941 г. горад занялі фашысты, тут дзейнічала падполле, а ў вёсцы Пячкавічы ўзнік першы партызанскі атрад. 28 верасня 1943 г. горад быў вызвалены ад ворага.
У сваіх навуковых працах Міхась Ткачоў таксама пісаў пра гісторыю Мсціслава і Мсціслаўшчыны.
Да 60-годдзя М. Ткачова (памёр 31 кастрычніка 1992 г.) яго сябры і ўдзячныя вучні выдалі навуковы зборнік. У г. Мсціславе ёсць вуліца, названая ў гонар Міхася Ткачова, а на будынку былой школы, дзе ён вучыўся, ёсць мемарыяльная дошка ў яго гонар.
Другі знакаміты даследчык мсціслаўскай гісторыі - вядомы савецкі і рускі археолаг Леанід Аляксееў (15.01.1921 - 22.03.2008 г.). Нарадзіўся ў Растове-на-Доне. У 1948 г. скончыў Маскоўскі ўніверсітэт і быў накіраваны па размеркаванні ў г. Гародню, дзе працаваў у абласным музеі і апрацоўваў археалагічныя калекцыі з даваенных раскопак Язэпа Ядкоўскага і Зыгмунта Дурчэўскага. У 1950 г. Л. Аляксееў стаў першым аспірантам па спецыяльнасці "Археалогія" ў Інстытуце гісторыі АН БССР. Потым ён вяртаецца ў Маскву, дзе з 1953 г. працуе ў Інстытуце археалогіі АН СССР і ў 1955 г. абараняе кандыдацкую дысертацыю "Полацкая зямля ў ХІ-ХІІІ стст."
У 1959 г. Л. Аляксееў пачаў шматгадовыя раскопкі на тэрыторыі былога мсціслаўскага замка, дзе знайшоў шмат унікальных знаходак, у тым ліку і берасцяную грамату XIII ст., якую датаваў 1219 г. У Мсціславе Л. Аляксееў пазнаёміўся з мясцовым краязнаўцам Пятром Урублеўскім, выхавацелем мсціслаўскай школы глухіх дзяцей. Выкладчыкі і навучэнцы гэтай школы працавалі на раскопках пад кіраўніцтвам Л. Аляксеева, ад якога ў знак удзячнасці атрымалі некаторыя экспанаты для свайго школьнага музея, які ў 1967 г. атрымаў назву Народнага.
Л. Аляксееў сябраваў з М. Ткачовым і пасля яго заўчаснай смерці прысвяціў яму сваю кнігу з эпіграфам: " Светлай памяці даследчыка беларускага мінулага і яго помнікаў, натхнёнага змагара за Новую Беларусь Міхася Аляксандравіча Ткачова прысвячаю". Добра ведаў ён і знакамітага беларускага гісторыка Мікалая Улашчыка, сябра Міхася Ткачова, які жыў і працаваў у Маскве. Яму ён прысвяціў сваю кнігу па гісторыі беларускага краязнаўства
У гэтай кнізе Л. Аляксееў напісаў пра дзейнасць Уладзіміра Краснянскага, які ўпершыню надрукаваў манаграфію пра гісторыю Мсціслава ў 1912
У 1982 г. Л. Аляксееў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму "Смаленская зямля ў XI-XIII стст." У 2006 г. выйшла апошняя фундаментальная праца Л. Аляксеева, у якой ён падрабязна апісаў свае раскопкі ў Мсціславе.
Ён адносіў Мсціслаў да даменнага горада смаленскіх князёў і асобны параграф прысвяціў царкве-данжону старажытнага Мсціслава.
Маю спадзеў, што памяць Леаніда Аляксеева ў г. Мсціславе ўшануюць і назавуць адну з гарадскіх вуліц у яго гонар.
Алег Трусаў.
САМАІРОНІЯ І РОЗДУМ
У сваіх знакамітых "Словах пігмея" Акутагава цытуе кітайскага тэарэтыка мастацтва Ван Шанчжэня: "Удзеянне карціны доўжыцца трыста гадоў, уздзеянне пісьма - пяцьсот гадоў, уздзеянне літаратурнага твора - бясконцае…".
Падсвядома разумеючы гэта, шмат хто з творцаў не абмяжоўваецца чымсьці адным, плённа праяўляючы сябе і ў іншых культурных сферах. Такі сінкрэтызм знайшоў адлюстраванне ў творчасці пісьменніка, мастака, выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава.
Кожная ягоная новая кніга - унікальны праект, экс-перымент па пошуку аптымальнай формулы ўзаемадзеяння з чытачом. Ён вывучае і аналізуе сучаснасць, фіксуе норавы суайчыннікаў, занатоўвае дыялогі, распавядае пра разнастайныя кур'ёзныя і трагікамічныя выпадкі з жыцця. Абраная Сіўчыкавым класічная форма фацэцыі, вядомая яшчэ з часоў італьянскага Адраджэння, надзвычай арганічна прыжылася на беларускай глебе. Па-мастацку, мазкамі накідваючы фарбы, аўтар стварае "лапікавую коўдру", адметнае палатно эпохі, дзе паяднаны лёсы, характары, сюжэты і ідэі.
Сёлета пісьменнік зноў усцешыў аматараў сваёй творчасці новым зборнікам "Пацалаваць Фідэля", які сам жа і аздобіў уласнымі фотаработамі. Чаму такая назва - чытач дазнаецца, прачытаўшы аднайменны аповед. У кнізе змешчаны вядомыя "Уладзевы гісторыі", нататкі пра падарожжы як па Беларусі, так і па далёкім замежжы, а таксама краязнаўчыя нарысы.
Займальныя, часцяком фрывольныя фацэцыі, што ўвайшлі ў зборнік - своеасаблівая хроніка жыцця сучаснай літаратурнай і мастацкай багемы, прычым за сатырай тут хаваецца мараль, а за самаіроніяй - глыбокі роздум. Часам прарываецца ў яго развагах смутак: у прыватнасці, ён шкадуе, што ў сталіцы сёння "…куды часцей пачуеш не беларускую, а кітайскую ці арабскую мовы".
Варта адзначыць, што гумар Сіўчыкава хоць і дасціпны, але не з'едлівы, і тым болей не абразлівы. Пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, выдаўцы ў ягоных аповедах - звычайныя жывыя людзі, разам з якімі ён жартуе, радуецца, смуткуе, і над імі ж, здараецца, раз-пораз нязлосна пакеплівае.
Шмат каго з персанажаў аўтар зашыфроўвае, пакідаючы ад прозвішчаў толькі першыя літары. Але дапытлівы чытач, безумоўна, пазнае ў кнізе Янку Сіпакова, Генадзя Бураўкіна, Зміцера Коласа, Анатоля Клышку ды іншых… Сустрэнуцца на старонках кнігі і Янка Купала, і Уладзімір Караткевіч з Адамам Мальдзісам, а таксама Янка Брыль, Іван Міско - пра кожнага з іх у аўтара ёсць што распавесці.
Alter ego пісьменніка, Уладзя (альбо Уладзімір С.) - інтэлігент, інтэлектуал, чалавек, які жыве літаратурай і мастацтвам. Ён увесь час здзіўляецца праявам жыцця, імкнецца па-філасофску асэнсаваць рэчаіснасць, не баючыся памыляцца, спазнаваць штосьці новае - няважна, ці то падчас прыгатавання дранікаў для грузінскіх сяброў, альбо лётаючы на паветраным шары, ці вандруючы за акіян (раздзел "Аднойчы вясною ў Амерыцы").
Нягледзячы на своеасаблівы касмапалітызм, якім прасякнуты зборнік, відавочна, што галоўная крыніца натхнення для пісьменніка - менавіта Беларусь. Гэта ў першую чаргу горад Жодзіна, дзе ён нарадзіўся, лысагорскія краявіды і, вядома ж, Менск, які зрабіўся родным аўтару, і дзе на кожным кроку можна сустрэць знаёмага літаратара ці мастака. Заключная частка выдання пад назвай "Магічныя мапы" - якраз прысвечана мясцінам, блізкім сэрцу аўтара - Парку Горкага, Вайсковым могілкам, Музею валуноў ва Уруччы, жодзінскім, лепельскім, ракаўскім краявідам.
"Невызнаныя шляхі Божыя!" - паўтарае Уладзімір Сіўчыкаў вядомае выслоўе, аналізуючы творчасць беларускіх аўтараў у кантэксце сусветнай літаратуры. Напрыклад, вось да якой высновы ён прыходзіць, разважаючы пра Алеся Якімовіча: "Але наўрад ці мог ён уявіць, што самымі запатрабаваным з ягонай творчай спадчыны, надрукаванымі мільённымі тыражамі акажуцца… апрацоўкі беларусіх народных казак".
На першы погляд адрасаваная аматарам мастацтва і калегам-пісьменнікам, кніга тым не менш выйшла далёка за рамкі зборніка падарожных запісаў, показак і калялітаратурных анекдотаў. Гэта ў першую чаргу інтрыгоўны летапіс-дакумент, каштоўны артэфакт, сведчанне трываласці і неўміручасці мастацкага слова, увасобленага ў адметную і цікавую форму.
Янка Лайкоў.
СВЯТЛО МАГІЛЁЎСКАЙ "СВЯТЛІЦЫ"
Пабачыла свет восьмая кніжка "Святло "Святліцы"" гарадскога літаратурнага клуба Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Агат" г. Магілёва. На жаль, з-за пандэміі каранавіруса прэзентацыю мы правесці не змаглі. Мы раз'яднаны тэрытарыяльна, але духоўна разам.
Кожны сябар клуба мае сваю творчую індывідуальнасць і выказвае свае думкі ў адпаведнай літаратурнай форме. Таму ў кнізе ёсць творы на любы густ: вершы, замалёўкі, публіцыстыка.
Некаторыя сябры клуба ўжо маюць свае кнігі. Ната Солтан - аўтар кнігі вершаў "Ощущение". Аліна Мірная разам з Дар'яй Літвінавай напісалі кнігу фэнтэзі "Мой друг - мой враг", якая размешчана на сайце Wattpad. Апрача твораў, у зборніку ёсць невялікая інфармацыя аб аўтарах і фотаздымкі.
На пытанне, чаму кніжка называецца "Святло "Святліцы"", кіраўнік клуба Тамара Аўсяннікава адказала: "Пад такой назвай была першая публікацыя аб клубе ў лістападзе 2012 года ў літаратурна-мастацкім бюлетэні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў "Дняпроўская строма". Мне і сябрам клуба спадабалася назва, якой мы абавязаны Мікалаю Яцкову, старшыні Магілёўскага аддзялення СБП".
- Тамара Пятроўна, чым адрозніваецца восьмая кніжка ад папярэдніх сямі?
- Адрозніваецца новымі прозвішчамі і творамі. Дарэчы, творы некаторых аўтараў прысутнічаюць у некалькіх зборніках, таму што многія сябры клуба займаюцца па тры-чатыры гады і нават больш. Структура ўсіх кніжак прыблізна аднолькавая. Назва кнігі, прадмова, верш для ўзору, а таксама творы, што адкрываюць кнігу і завяршаюць яе, прадстаўлены па-беларуску. На жаль, большасць аўтараў - рускамоўная. Вокладкі ўсіх кніг, апрача трэцяй, аформлены таксама аднолькава, адрозніваюцца толькі колерам і новым фотаздымкам. Ідэя вокладкі належыць мастаку Максіму Камарову. Восьмую аформілі Таццяна Архіпава і Давід Вэнцэк.
- Скажыце, калі ласка, вершы якіх аўтараў увашлі ў кнігі як узоры, і па якім прынцыпе Вы іх выбіралі?
- Выбірала на свой густ тыя вершы і тых аўтараў, якія мне блізкія. Хацелася, каб творы былі рознапланавымі. У першую кнігу ўключаны верш Максіма Багдановіча "Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы". Выдатны ўзор верлібра:
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?"
Тым больш, што сённяшняя моладзь да класічных рыфмаваных вершаў звяртаецца рэдка.
У другую кнігу ўвайшоў верш Ніла Гілевіча "Санет":
Паэт - круху вар'ят. Абавязкова!
Без гэтага паэзіі няма.
І не бярыся за пяро дарма,
Калі не здольны
ашалець ад слова…
Тут і форма, тут і тэма паэта і паэзіі.
Тэму паэта і паэзіі па-свойму працягвае верш Яўгеніі Янішчыц "Падставіць голасу лісток…" Палічыла неабходным уключыць творы паэтаў з Магілёўшчыны: Алексея Пысіна "Пяць патронаў", Міхася Стральцова "Пад шоргат кропель дажджавых…", Аркадзя Куляшова "Бывай…".
У шостай кнізе - цудоўны верш Р.М. Рыльке "Баюся людскіх я дакладных слоў…" у перакладзе з нямецкай Васіля Сёмухі. У восьмую кнігу ўвайшоў лірычны верш Петруся Броўкі "Пахне чабор…"
- Тамара Пятроўна, за восем гадоў ці многа было беларускамоўных аўтараў? Каго Вы можаце назваць сёння.
- Не так многа. Беларускамоўным аўтарам у "Святліцу" прыйшоў толькі Аляксей Карпенка, паэт перспектыўны. Ён друкаваўся ў часопісах "Дзеяслоў", "Верасень", альманаху "Брама" і ў газетах. Настасся Падрабінкіна - двухмоўная. Але перавагу аддае беларускай мове. Друкавалася ў часопісах "Верасень" і "Маладосць".
Многім я прапаноўвала праверыць свае здольнасці на роднай мове. Не ва ўсіх атрымалася. У якасці паэтаў паспяхова выступілі Алена Быкава, Крысціна Башарымава, Ната Драздова. Лізавета Дзеручэнка. Яны друкаваліся ў часопісе "Верасень" і ў альманаху "Брама". У восьмай кнізе з вершамі на беларускай мове прадстаўлены Мілада Паўлава і Вольга Шпакоўская, дзяўчаты прынялі ўдзел у конкурсе "Сакавіцкае рэха - ІІІ". Мілада Паўлава стала пераможцам. Я не называю ўсіх - у кожнай кнізе ёсць творы на беларускай мове.
Што тычыцца сяброў клуба, якія выбралі журналістыку, тут значна лягчэй. Кожны разумее, што журналіст у Беларусі абавязаны ведаць дзве мовы, таму нататкі пісалі і па-беларуску і па-руску. У трох апошніх кнігах пададзены бібліяграфічны паказальнік друкаваных работ. І трэба сказаць, ён значны.
- Тамара Пятроўна, ці задаволены Вы вынікам сваёй працы?
- Творчы чалавек заўсёды чым-небудзь незадаволены. Я рабіла ўсё, што ад мяне залежала, працавала з тымі, хто прыходзіў. Магчымасці не ва ўсіх аднолькавыя. Я не рыхтавала паэтаў. Проста дапамагала зразумець паэзію. Праца была скіравана на развіццё здольнасцей, на самапазнанне, на эмацыянальны стан падлеткаў. Былі тыя, хто мяне не пачуў, не захацеў ці не змог пачуць. У цэлым - задаволена. І кніжка - вынік маёй працы і працы сяброў клуба. Яе можна хваліць, можна крытыкаваць, бо ёсць за што, калі прад'яўляць патрабаванні, як да мастацкіх твораў.
- А што для Вас было самым складаным у працы?
- У цэлым, складанасцей не было. Калі гаварыць аб асобных сітуацыях, то яны заўсёды ёсць. Напрыклад, маці двух цудоўных дзяўчынак трэцяга класа і пятага, якая называла сябе верніцай, прад'явіла мне прэтэнзію ў сувязі з разглядам на занятках верша Якуба Коласа "Савось-распуснік" і забараніла дзецям вучыць яго на памяць. Верш зняважыў яе рэлігійныя пачуцці і выяўляў, на яе думку, жорсткасць.
Верш "Савось-распуснік" я вучыла ў чацвёртым класе, помню яго, люблю. Ён цікавы ў плане мастацкага чытання, а таксама з выхаваўчага боку. Дарэчы, яго мы падрыхтавалі з Міладай Паўлавай. Яна ў мінулым навучальным годзе прыняла з ім удзел у гарадскім конкурсе чытальнікаў "Магілёўскія зорачкі" і заняла першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі.
- Тамара Пятроўна, у папярэдніх кнігах былі яшчэ водгукі, а ў восьмай - няма. Чаму? І якія водгукі Вас радуюць?
- Водгукі пісалі тыя, хто хацеў, я не прымушала, толькі прапаноўвала. У восьмай кнізе няма спецыяльна выдзеленай старонкі, таму што новых сяброў клуба ў гэтым навучальным годзе трое. Іх адносіны да клуба выказаны ў інфармацыі аб аўтарах.
Якія радуюць? Усе. Калі чалавеку былі цікавымі і карыснымі заняткі ў клубе, - гэта не можа не радаваць.
З Вашага дазволу прывяду некалькі водгукаў з кніг розных гадоў:
Алена Быкава: "У "Святліцы" творчая атмасфера. Кожны яе ўдзельнік унікальны. Для мяне - гэта тое месца, дзе я адчуваю сябе ўтульна. Я вельмі рада, што скарыстала свой шанец. Заняткі ў клубе сталі добрым штуршком для маёй творчасці і самаўдасканалення, значным крокам наперад".
Ганна Папікян: "Для мяне "Святліца" - гэта знаёмства з невядомым і радасць адчування новага ў сабе".
Алена Воінава: "Заняткі ў "Святліцы" дапамаглі мне перш за ўсё перасіліць сваю прыродную сарамлівасць, пашырылі мой кругагляд і мелі карысць пры напісанні водгуку і вусным выказванні на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры".
Ната Драздова: "Я люблю наш клуб, таму што ён дапамог мне раскрыцца і зразумець, чаго я хачу ад сябе ў гэтым жыцці".
Аліна Шынялёва: "Святліца" змяніла маё жыццё… Цяпер я ведаю, што буду паступаць на факультэт журналістыкі".
У "Святліцы" я першы год. Кнігу чакала з нецярпеннем, бо гэта першая кніга, у якой апублікаваны мае творы, і яна будзе мне нагадваць пра шчаслівы час, калі я з цікавасцю і карысцю для сябе займалася ў літаратурным клубе .
Сябры клуба і я разам з імі выказваем удзячнасць Тамары Пятроўне за магчымасць быць яе вучнямі, за вынік нашай працы - кнігу "Святло "Святліцы"".
Кацярына ШЭЙНІКАВА, сябра літаратурнага клуба "Святліца".