Папярэдняя старонка: 2020

№ 24 (1487) 


Дадана: 10-06-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 24 (1487), 10 чэрвеня 2020 г.

Эдуард Акулін дзеліцца з чытачамі Поўнямі…

Ад біблейскіх часін найважнейшым у жыцці кожнага чалавека было і застаецца тое, каб блізкія людзі дзяліліся з ім не толькі хлебам, а і небам… Аб тым, што натхняе на творчасць Таццяну Беланогую, Алеся Камоцкага, Кастуся Герашчанку, Андруся Такінданга, Таццяну Матафонаву і Алесю Сівохіну; ад чаго мацней б'ецца сэрца Кацярыны Ваданосавай, Насты Кудасавай, Валярыны Куставай, Людмілы Шчэрбы і Аксаны Данільчык; што з'яўляецца галоўным у жыцці Алеся Бяляцкага, Паўла Падкарытава, Алега Трусава, Глеба Лабадзенкі і Васіля Дранько-Майсюка; якія Музы насяляюць творчыя майстэрні Рыгора Сітніцы, Алеся Квяткоўскага і Эдварда Галустава; з чаго пачынаюцца песні гуртоў Naviband і "Тутэйшыя"; дзеля чаго жылі і тварылі Леанід Дайнека і Ніл Гілевіч - новая кніга Эдуарда Акуліна "Падзяліцца поўняй ".

Інтрыгоўная па змесце і яркая па форме кніга гутарак з велізарнай колькасцю ўнікальных фотаздымкаў, якая нараджалася на старонках часопіса "Верасень" цягам апошніх 10 гадоў, ужо з'явілася на паліцах сталічнай Акадэмкнігі. Або тэлефануйце аўтару (8-025-60-60-891, каб атрымаць кнігу з аўтографам…). Вас чакае 280 старонак якаснага, захапляльнага чытва! Ілюстрацыі да вокладкі і тытулу кнігі выканаў выбітны віцебскі мастак Эдвард Галустаў. Ідэю вокладкі ўвасобіла таленавітая дызайнерка Яўгіння Багдановіч. Спяшайцеся набыць! Не пашкадуеце!

А гутарку з мастаком Эдвардам Галуставым чытайце проста цяпер на ст. 7-8.

Наш кар.

Падпіска працягваецца

Ідзе падпіска на 2-е паўгоддзе. Сёння ў каталогу падпіскі "Наша слова" знаходзіцца на ст. 60.

Кошт падпіскі:

на месяц - 2,65 руб.

на 3 месяцы - 7,95 руб.

на 6 месяцаў - 15,90 руб.

Рэдакцыя сама можа арганізаваць падпіску для школ і бібліятэк любога раёна Беларусі. Для гэтага трэба знайсці дабрадзея, які мог бы ахвяраваць нейкую суму на высакародную справу падтрымкі беларускага слова. Грошы неабходнаа пералічыць на рахунак Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ з наступнымі рэквізітамі:

Банк-атрымальнік: г. Мінск, ААТ "Белаграпрамбанк".

Код банка: BAPBBY2X.

Беніфіцыяр: Лідская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Рахунак № BY94 BAPB 3015 2806 0001 4000 0000

Прызначэнне плацяжа: За падпіску на газету "Наша слова" на 2-е паўгоддзе 2020 года.

УНП беніфіцыяра: 500016944.

Тэрмін праплаты не абмяжоўваецца.

На Верхнядзвіншчыне падведзены вынікі конкурсу чытальнікаў "Зямля талентаў"

І сапраўды, багатая наша зямля не толькі на прыгожыя мясціны і гісторыю, але і на таленавітых людзей. Для журы праца была няпростай, але вельмі цікавай і захапляльнай.

У супрацоўніцтве з раённай арганізацыяй грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" сябры журы тры дні глядзелі і абмяркоўвалі відэавыступы ўдзельнікаў раённага конкурсу чытальнікаў "Зямля талентаў".

Журы конкурсу пры праглядзе конкурсных работ і вызначэнні адзнак кіравалася наступнымі крытэрыямі: выбар твора, абавязкова беларускамоўны; адпаведнасць твора ўзросту выканаўцы; характар, арыгінальнасць, аб'ём твора, веданне тэксту на памяць, акцёрскае майстэрства выканаўцы, культура сцэнічнай мовы, узровень эмацыянальнага ўздзеяння на гледачоў, выкарыстанне невербальных сродкаў выразнасці, праца над знешнім выглядам, выкарыстанне рэквізіту і прыёмаў тэатралізацыі, што пацвярджае сур'ёзны ўзровень патрабаванняў для канкурсантаў. У кожнай падгрупе, а іх было чатыры, былі свае лідары, якія творча падыйшлі да сваіх прэзентацый: падрыхтавалі цудоўныя відэаролікі і нават самі напісалі вершы, а вершы пераўтвораны ў маленькія спекталі. Гучалі вершы М. Чарняўскага, М. Пазнякова, П. Броўкі, А. Куляшова, П. Панчанкі, С. Законнікава, А. Ставера, У. Караткевіча, а таксама мясцовых паэтаў: Э. Зубрыцкага, А. Бубалы. А ўзрост удзельнікаў вагаўся ад 5 год і далей за 40.

Не ўтойваем, што некаторыя ўдзельнікі здзівілі журы настолькі, што журы выдзеліла іх у спецыяльныя намінацыі.

Сустракайце!

ПЕРАМОЖЦЫ АСОБНЫХ НАМІНАЦЫЙ:

Намінацыя "Майстар слова і прафесіянал справы" - Вайніловіч Эдуард (філіял № 6 "Боркавіцкі СДК").

Намінацыя "Лепшае выкананне аўтарскага твора" - Самуйла Міхаіл. Аўтарскі верш "Балада пра льва"(філіял № 3 "Бігосаўскі СДК").

Намінацыя "Лепшае мастацкае аздабленне твора" - Сакалоўская Дар'я. Аўтарскі верш "Мая Асвейшчына".

І, канешне, улюбёнец гледачоў, і, па меркаванні журы, лепшы чытальнік малодшай дзіцячай катэгорыі (да 6 гадоў) - Чарнабрысаў Аляксандр (Каханавіцкая дзіцячы сад - базавая школа Верхнядзвінскага раёна).

Не менш шыкоўнымі "воплескамі" вітаем

ЧЫТАЛЬНІКАЎ-ПЕРАМОЖЦАЎ ВА ЎЗРОСТАВЫХ КАТЭГОРЫЯХ:

"Дзіцячая катэгорыя"

1 МЕСЦА - Зярнова Маргарыта.

2 МЕСЦА - Рубін Дзіяна (Боркавіцкая дзіцячы сад - сярэдняя школа Верхнядзвінскага раёна).

3 МЕСЦА - Шалонька Дзіма (сярэдняя школа № 2 г. Верхнядзвінска).

"Юнацкая катэгорыя"

1 МЕСЦА - Казак Вераніка (філіял № 3 "Бігосаўскі СДК").

2 МЕСЦА - Уліновіч Ганна (сярэдняя школа № 2 г. Верхнядзвінска).

3 МЕСЦА - Захарыч Віктар (філіял № 4 "Валынецкі СДК").

"Моладзевая катэгорыя"

2 МЕСЦА - Лаўдзер Вераніка (філіял № 5 "Антонаўскі СДК").

"Дарослая катэгорыя"

1 МЕСЦА - Новікава Алена (філіял № 3 "Бігосаўскі СДК").

2 МЕСЦА - Новікаў Ігар (Бігосаўская ДМШ).

3 МЕСЦА - Ягадка Людміла (філіял 8 "Каханавіцкі СДК").

3 МЕСЦА - Невяроўская Ніна (сярэдняя школа № 2 г. Верхнядзвінска).

Мы сардэчна дзякуем удзельнікам конкурсу за ўдзел і свае шчырыя эмоцыі, любоў да беларускай паэзіі, імкненне падзяліцца сваім талентам з іншымі.

Пераможцы асобных намінацый конкурсу і пераможцы ва ўзроставых катэгорыях узнагароджаны дыпломамі і прызамі. Усе ўдзельнікі конкурсу, і нават тыя, хто застаўся па-за групай пераможцаў, установы адукацыі і культуры, якія прадставілі сваіх удзельнікаў да конкурсу, узнагароджаны дыпломамі, кнігамі вядомых паэтаў пісьменнікаў Віцебшчыны: Франца Сіўко, Уладзіміра Папковіча, Канстанціна Севярынца, а таксама падарункамі, якія набываліся за кошт тых арганізацый, якія падтрымалі конкурс: раённай арганізацыі ТБМ, абласнога грамадскага аб'яднання "Самакіраванне і грамадства", ГА "Рух"За свабоду",

Амаль у кожнай намінацыі ўдзельнікамі конкурсу былі вучні з розных школ раёна, якія не першы год удзельнічаюць у раённым Свяце роднай мовы, што праводзілася ўжо тройчы, а з гэтага года ўключана ў план раённых мерапрыемстваў аддзела адукацыі райвыканкама.

Асаблівая падзяка Наталлі Пацянкоўскай, мастацкаму кіраўніку Цэнтра, крэаытыўнай аўтарцы многіх цікавых мерапрыемстваў, якія годна аздабляюць афішу Верхнядзвінскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Нават ў такі няпросты час, калі кантактаваць людзі змушаны абмежавана і значная частка працы перайшла ў анлайн-рэжым.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск; Наталля Пацянкоўская, мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці.

З 2010 года ў пашпарты грамадзян Беларусі не ставяцца тыпавыя штампы па-беларуску

Ліст Міхася Варанца міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву

19 траўня 2020 года

Спадар міністр!

З 2010 года ў пашпарты грамадзян Беларусі не ставіцца тыпавы штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства на беларускай мове. Штампа па-беларуску няма. Міністэрства ўнутраных спраў не зацвердзіла.

30 кастрычніка 2018 года Алена Анісім - старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і тагачасны дэпутат Палаты прадстаўнікоў - звярнулася да прэм'ер-міністра Сяргея Румаса з лістом "Аб забеспячэнні моўных правоў грамадзян Беларусі". У лісце Анісім, у тым ліку, паведаміла старшыні ўрада: "Іншыя грамадзяне скардзяцца на тое, што адсутнічаюць… штампы аб рэгістрацыі па месцы жыхарства на дзяржаўнай беларускай мове". Я, Міхаіл Варанец, быў сярод гэтых іншых грамадзян, на якіх спаслалася Алена Анісім.

Праз месяц Алена Анісім і я ў ліку іншых грамадзян атрымалі адказ, падрыхтаваны Міністэрствам юстыцыі сумесна з Міністэрствам унутраных спраў, за подпісам міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага: "У мэтах выканання даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 2018 г. № 05/149-37/12693р Міністэрства юстыцыі сумесна з зацікаўленымі разгледзела Ваш зварот ад 30 кастрычніка 2018 г. № 45, які датычыцца выкарыстання ў заканадаўстве беларускай мовы, і паведамляе наступнае. З улікам роўнасці прававога статуса моў, у заканадаўстве не ўтрымліваецца норм аб абавязковасці прыняцця нарматыўных прававых актаў на адной ці другой з дзвюх дзяржаўных моў. Абавязкаў прымаць усе нарматыўныя прававыя акты на абедзвюх дзяржаўных мовах у заканадаўстве таксама не існуе. Згодна з часткай другой артыкула 54 Закона ад 10 студзеня 2000 года "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) ўпаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і ( або) (выдзелена мною - М.В.) рускай мовах".

У перакладзе з канцылярскай мовы сумесны адказ двух міністраў трэба разумець так: "У тэксце закона ёсць злучнік "або", узяты ў дужкі - "(або)", таму штамп у пашпарт можа быць: па-беларуску; па-беларуску і па-руску; па-руску. Міністэрства ўнутраных спраў за Міхаіла Варанца рашыла - у пашпарце Міхаіла Варанца мусіць стаяць штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства па-руску".

Тагачасны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які па даручэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 2018 года № 05/149/37/12693р разгледзеў зварот Алены Анісім і падрыхтаваў гэты сумесны адказ, не мае рацыі. У Канстытуцыі Беларусі няма злучніка "або", узятага ў дужкі - "(або)", а ёсць артыкул 50 ( "Кожны мае права карыстацца роднай мовай") і ёсць артыкул 137 ( "Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя").

Названая ў сумесным адказе двух міністраў норма закона - частка другая артыкула 54 Закона ад 10 студзеня 2000 года "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" - разыходзіцца з Канстытуцыяй, бо ўтрымлівае ў сабе злучнік "(або)", таму ў дадзеным выпадку дзейнічае Канстытуцыя і Міністэрства ўнутраных спраў абавязана зацвердзіць штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і па-беларуску.

Зыходзячы з вышэйвыкладзенага і згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі, артыкулам 50 Канстытуцыі, часткай другой артыкула 59 Канстытуцыі, часткай першай і часткай другой артыкула 137 Канстытуцыі ПАТРАБУЮ: Зацвердзіць штамп у пашпарт аб рэгістрацыі па месцы жыхарства па-беларуску.

Міхаіл Варанец.

МІНІСТЭРСТВА ЎНУТРАНЫХ СПРАЎ

РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

ДЭПАРТАМЕНТ ПА ГРАМАДЗЯНСТВЕ І МІГРАЦЫІ

вул. Гарадскі Вал, 4, 220030, г. Мінск

тэл/факс (017) 218 72 36, 218 76 02

27.05.2020 № 40/21В-2719

Варанцу М.А

вул. Косаўскі тракт, 118-56

231792, г. Слонім

Гродзенская вобласць

Ваш зварот па пытанні прастаўлення ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь штампа аб рэгістрацыі па месцы жыхарства разгледжаны ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.

Згодна з артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1990 "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у Рэспубліцы Беларусь мовамі справаводства і дакументацыі, а таксама мовамі ўзаемаадносін дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з'яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.

Аналагічны парадак прыняцця і апублікавання нарматыўных прававых актаў на беларускай і (або) рускай мовах прадугледжаны артыкулам 54 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10.01.2000 "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь".

Тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных органаў і іншых арганізацый выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

Згодна з пунктам 18 Інструкцыі аб парадку арганізацыі работы падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў па выдачы, уліку, абмену, прызнанню несапраўдным, канфіскацыі, захоўванню і знішчэнню пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай МУС Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2010 г. № 200, запісы і адзнакі ў пашпарце робяцца на беларускай або рускай мовах фіялетавым або чорным чарніламі (пастай).

Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

У Рэспубліцы Беларусь на канстытуцыйным узроўні замацаваны роўны юрыдычны статус дзвюх дзяржаўных моў, і ніякіх прэферэнцый на заканадаўчым узроўні беларускай або рускай мове не даецца.

Штамп аб рэгістрацыі па месцы жыхарства (у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, - аб зняцці з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства) уносіцца ў пашпарт падраздзяленнямі па грамадзянстве і міграцыі органа ўнутраных спраў або сельскім (пасялковым) выканаўчым камітэтам. Узор гэтага штампа зацверджаны пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 15.11.2010 № 364 "Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку вядзення рэгістрацыйнага ўліку грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання" (далей - пастанова МУС № 364).

Зыходзячы з вышэйсказанага, супрацоўнікі падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў або сельскіх (пасялковых) выканаўчых камітэтаў пры ўнясенні штампаў і запісаў аб рэгістрацыі па месцы жыхарства дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У сувязі з укараненнем у наступным годзе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь біяметрычных дакументаў, пластыкавай ідэнтыфікацыйнай карткі ў якасці дакумента, які сведчыць асобу, у шэраг нарматыўных прававых актаў будуць унесены адпаведныя карэкціроўкі, у тым ліку і ў пастанову МУС № 364.

Разумеючы ўсю важнасць закранутых Вамі праблем, Міністэрства ўнутраных спраў плануе прапрацаваць пытанне аб вырабе дадатковых (дубліруючых) штампаў на беларускай мове і ўнясенне ў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь адзнак як на рускай, так і на беларускай мовах.

У выпадку нязгоды з адказам Вы маеце права абскардзіць яго ў судзе ў адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".

Намеснік начальніка Дэпартамента

П.А. Хрышчановіч.

Каментар Міхася Варанца да адказу з Міністэрства ўнутраных спраў

1. Адказ з МУС паказвае, што новы міністр Караеў Юрый Хаджымуратавіч у стаўленні да беларускай мовы нічым не лепшы за свайго папярэдніка. У лістападзе 2015 года выканавец абавязкаў начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі М. Грыб пісьмова абяцаў жыхарцы Гродна: "Разумеючы ўсю важнасць закранутых Вамі праблем, МУС гатова сумесна з Міністэрствам юстыцыі прапрацаваць пытанне ўнясення ў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь адзнак як на рускай мове, так і на беларускай". Чатыры гады МУС было "гатова" прапрацаваць пытанне, цяпер "плануе" прапрацаваць пытанне…

2. 4 чэрвеня я напісаў ліст на імя новага прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, у якім абскардзіў рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў ад 27 траўня 2020 года.

Папярэдні старшыня ўрада Сяргей Румас "вызначыўся" тым, што так і не падпісаў пастанову аб зацверджанні тыпавых дамоўных бланкаў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі па-беларуску. Адно, што Мінжылкамгас тры месяцы таму накіравала даручэнне аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму аб падрыхтоўцы дагавораў прадпрыемствамі ЖКГ на беларускай мове і іх заключэнні па патрабаванні спажыўцоў. Але! Такая саматужная беларусізацыя па патрабаванні, такі спосаб забеспячэння спажыўцам жыллёва-камунальных паслуг магчымасці рэалізаваць сваё права карыстацца беларускай мовай - няшчырыя, з душком. Адным ужо на парозе разлікова-даведкавага цэнтра жыллёва-камунальнай гаспадаркі прапаноўваюцца зацверджаныя Саветам Міністраў тыпавыя дамовы на іх роднай рускай мове, другім - па патрабаванні... саматужныя! Беларус мусіць гаўкнуць, і тады, можа быць, яму кінуць костку... абгрызеную.

Пабачым, што адкажа новы старшыня ўрада і наконт штампа ў пашпарт і наконт саматужнай беларусізацыі ў Міністэрстве ЖКГ.

3. Нават сярод нерусіфікаванай, неасіміляванай катэгорыі нашых грамадзян некаторыя недаацэньваюць моўны аспект, маўляў, не так важна, што, напрыклад, тыпавыя штампы ў пашпарт і тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі зацверджаны толькі па-руску. Затое, як бачым, міністры беларускага ўрада лічаць інакш. Прызнаюся, сам не чакаў, што Савет Міністраў Беларусі так люта будзе адбівацца ад тыпавых дамоў па-беларуску, нібыта тыпавыя дамовы - апошні, не засмечаны беларускай мовай бастыён і кіраўнік апошніх герояў апошняга бастыёну Сяргей Румас звяртаецца да знясіленых беларускамоўнай аблогай абаронцаў-міністраў са словамі: "Вялікая руская мова, а адступаць няма куды - ззаду Масква!"

4. Што рабіць у такіх умовах ці нічога не рабіць, кожны вырашае сам за сябе.

Вацлаў Гавел, дысідэнт у сацыялістычнай Чэхаславаччыне, у сваім эсэ "Сіла бяссільных" (1978 г.), заклікаў імкнуцца жыць у праўдзе, жыць у ладзе са сваім сумленнем. Паводле Гавела, спроба чалавека "жыць у праўдзе" спачатку можа абмежавацца толькі тым, што "пэўныя рэчы ён проста не робіць: ...не ходзіць на выбары, якія не лічыць выбарамі; не хавае перад начальствам сваіх поглядаў. Такім чынам, ягоная адвага можа абмежавацца "толькі" адмовай выконваць некаторыя патрабаванні сістэмы (і гэта зусім не мала!)".

Хай кожны чытач "Нашага слова" адмовіцца выканаць патрабаванне сістэмы падпісаць тыпавыя дамовы па-руску! Хай кожны чытач "Нашага слова" адмовіцца выканаць патрабаванне сістэмы мець у пашпарце штамп па-руску! Лічу, гэта зусім не мала!

5 чэрвеня 2020 года.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

На пытанне "Прадстаўнікі якіх груп інгэлігенцыі, на ваш погляд, найбольш актыўна сёння ўдзельнічаюць у адраджэнні беларускай мовы?" 91,16% студэнтаў беларускага аддзялення і 86,82% студэнтаў расейскага аддзялення адказалі: "Пісьменнікі і паэты". На апошнім месцы аказаліся кампазітары, дзеячы кіно. Іх назвалі толькі 2% студэнтаў у адказе на гэтае пытанне. Тут студэнты адлюстравалі сапраўднае становішча. Апроч пісьменнікаў, паэтаў іншыя атрады беларускай інтэлігенцыі пакуль што вельмі слаба ўдзельнічаюць у адраджэнні беларускай мовы. Гэты папрок можна зрабіць выкладчыкам ВНУ (30-40% іх назвалі), вучоным (11-17% студэнтаў іх адзначылі), тэатральных дзеячаў (17-23% студэнтаў прызналі іх удзел у гэтай справе). Галоўная маса беларускай інтэлігенцыі пакуль што знаходзіцца ў летаргічным сне, іх мысленне моцна звязана расейскай мовай. Матчына мова знаходзіцца ў замкнутых глыбокіх падвалах іх чалавечай памяці. Патрабуецца нейкі час, каб яна выйшла на паверхнасць памяці і выцесніла адсюль чужую мову, і стала ў першым шэрагу штодзённага выкарыстання.

Аднабаковыя веды паказалі студэнты ў галіне сучаснага беларускага мастацтва. На пытанне "Назавіце, калі ласка, імёны сучасных беларускіх мастакоў, рэжысёраў, акцёраў" яны назвалі артыстаў беларускага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы С. Станюту, В. Манаева, З. Белахвосцік, Г. Макараву, а таксама мастака М. Савіцкага. Але ў Беларусі ёсць таленавітыя артысты ў другіх тэатрах, асабліва ў Вялікім тэатры оперы і балета, ёсць усяму свету вядомы рэжысёр-балетмайстар Елізар'еў, ёсць маладыя вялікія мастакі, такія як браты Кашкурэвічы, С. Гумілеўскі, Марачкін, Малевіч і іншыя.

Слабыя веды студэнтаў у гэтай галіне культуры гавораць аб тым, што студэнты-філолагі рэдка ходзяць у тэтры, не наведваюць мастацкія выставы, мастацкія музеі, якія сёння часта абнаўляюць экспазіцыі, выстаўляюць карціны тых мастакоў, пра якіх раней было забаронена гаварыць. Вельмі багатую інфармацыю аб мастацтве Беларусі даюць сёння мастацкія музеі іх наведвальнікам.

Больш глыбокія і шырокія веды студэнты паказалі ў разуменні сродкаў і носьбітаў нацыянальнай самасвядомасці. Перш за ўсё яны правільна назвалі сённяшняга носьбіта беларускай нацыянальнай самасвядомасці. На пытанне "Хто, на ваш погляд, з'яўляецца перш за ўсё носьбітам нацыянальнай самасвядомасці" яны напісалі: "Мастацкая інтэлігенцыя, выкладчыкі ВНУ, навуковая інтэлігенцыя, сяляне". Пры гэтым 77,52% студэнтаў абодвух аддзяленняў такім носьбітам назвалі мастацкую інтэлігенцыю, 58,50% студэнтаў беларускага аддзялення; 41,86% студэнтаў расейскага аддзялення назвалі выкладчыкаў ВНУ; толькі адпаведна 33,33% і 40,31% студэнтаў назвалі сялян. Сёння сапраўды творчая інтэлігенцыя, асабліва пісьменнікі, з'яўляюцца носьбітам і прапагандыстам нацыянальнай самасвядомасці. Але ж у гаротнай Беларусі, перанёсшай 400-гадовае ярмо акупантаў, першыя 200 гадоў польскіх, а апошнія 200 гадоў - расейскіх, галоўным носьбітам нацыянальнай свядомасці заўсёды заставаліся сяляне: тут ва ўсе часы захоўвалася беларуская мова, адкуль і пайшоў у сучасных партакратаў і іх слуг выраз "беларуская мова - гэта мужыцкая мова", тут заусёды і сёння таксама захоўваюцца нацыянальныя беларускія традыцыі, звычаі, песні, танцы, наогул кажучы - нацыянальны быт і культура.

Правільна студэнты назвалі і тыя сродкі, якія найбольш садзейнічаюць росту нацыянальнай самасвядомасці. З гамы 8 прапанаваных анкетай адказаў на пытанне "Што, на ваш погляд, вельмі садзейнічае росту нацыянальнай свядомасці 82,31% студэнтаў беларускага аддзялення назвалі "Веды гісторыі свайго народа" і 76,19% з іх - "Веды нацыянальнай мовы". Адпаведна студэнты расейскага аддзялення - 75,19% і 48,84%. У якасці іншых сродкаў, якія назвала амаль палова студэнтаў, былі палітычны суверэнітэт Рэспублікі (беларусы) і вольнае развіццё культуры свайго народа (расейцы). Як бачым, спецыфіку рэспублікі больш адчуваюць і разумеюць студэнты-беларусы. Яны больш прыдаюць значэнне такім фактарам у справе беларускага адраджэння, як мова і палітычны суверэнітэт.

Добрае веданне праблемы нацыі выявілі студэнты ў сваіх адказах на пытанне "Якія прыкметы, на вашу думку, з'яўляюцца галоўнымі пры вызначэнні той ці іншай нацыі" яны адышлі ад традыцыйных сталінскіх прыкмет нацыі і назвалі тыя прыкметы, якія сапраўды мае нацыя, незалежна ад таго, дзе яна жыве, прыкметы, якія выкарыстоўваюцца вучонымі ўсяго свету пры азначэнні нацыі. На першае месца яны паставілі такія прыкметы як агульная мова (65% студэнтаў беларускага аддзялення і 41,6% рускага аддзялення) гэта назвалі: "наяўнасць нацыянальнай свядомасці (64% студэнтаў беларускага аддзялення, 55% рускага аддзялення гэта адзначылі) "агульная культура" (60% беларускага адцзялення, 65,9% рускага аддзялення), "агульная гісторыя" (44% і 51,9%). Названы былі і прыкметы нацыі вядомыя студэнтам са школьнай лаўкі: "агульная тэрыторыя", "агульная эканоміка", "нацыянальная дзяржаўнасць". Але гэтыя прыкметы адзначылі ў анкеце 8-16% студэнтаў. Усё гэта паказвае, што студэнты паступова выблытваюцца з духоўнай павуціны, якая ахутала іх свядомасць у школе, дзе ў час іх вучобы панавала марксісцкая ідэалогія.

Вельмі смела ацанілі студэнты ўзровень ведаў беларускай культуры сваіх выкладчыкаў. На пытанне анкеты "Ацаніце, калі ласка, узровень ведаў беларускай культуры вашых выкладчыкаў" 42,18% студэнтаў беларускага аддзялення і 35,66% студэнтаў расейскага аддзялення напісалі "сярэдні" толькі 38,78% беларусістаў і 28,68% русістаў адзначылі "высокі". А паколькі значная колькасць адмовілася ад ацэнкі, то можна рабіць вывад, што сітуацыя сапраўды дрэнная: на факультэце беларускай філалогіі выкладчыкі дрэнна ведаюць беларускую культуру. Ёсць над чым задумацца не толькі кіраўніцтву факультэта, але і кіраўніцтву ўніверсітэта.

Усё вышэйпададзенае дае права зрабіць выснову, што фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці ў студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ адбываецца, аднак тэмпы гэтага працэсу марудныя, а сама гэтая самасвядомасць пакуль што нізкая. Больш высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці ў студэнтаў беларускага аддзялення (у параўнанні са студэнтамі расейскага аддзялення, а на апошнім аддзяленні на першым курсе многа вышэй нацыянальная самасвядомасць, чым на чацвёртым курсе.

Пададзены вышэй матэрыял дазваляе зрабіць наступныя практычныя рэкамендацыі:

1. Максімальна вызваліць факультэт ад выкладчыкаў, якія не адпавядаюць сучасным патрабаванням, вынікаючым з законаў аб рэфарміраванні вышэйшай школы Беларусі.

2. Для ўсіх выкладчыкаў факультэта арганізаваць на факультэце курсы па вывучэнні культуры і гісторыі Беларусі перыяцу Вялікага Княства Літоўскага (ХІV-ХVІІІ стагоддзі), г.зн. да захопу Беларусі расейскім імперыялізмам.

3. Павялічыць у вучэбным плане факультэта колькасць гадзін па прадметах "Гісторыя Беларусі", "Культура Беларусі", асабліва перыяду ХІV-ХVIII стагоддзяў.

4. Увесці на факультэце парадак планавых паходаў студэнтаў усіх курсаў на спектаклі беларускіх тэатраў, у музеі, на ўсе выставы беларускіх мастакоў.

§ 2. Нацыянальна-культурнае адраджэнне і студэнцкая моладзь (Вынікі даследавання на філалагічных факультэтах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта)

Своеасаблівым індыкатарам нацыянальнай самасвядомасці з'яўляюцца сапраўды глыбокія веды мовы, гісторыі і культуры свайго народа. Якія ж веды беларускай мовы ў студэнтаў БДПУ? 87,8% рэспандэнтаў факультэта беларускай філалогіі і 42,1% - рускай філалогіі лічаць, што добра валодаюць беларускай мовай. Прычым прыкметна, што на факультэце беларускай філалогіі і культуры чым вышэй курс, тым лепшыя веды беларускай мовы. На факультэце рускай філалогіі назіраецца такая тэндэнцыя: чым вышэй курс, тым больш слабыя веды беларускай мовы.

На кантрольнае пытанне анкеты "Якой мовай Вы валодаеце сёння вельмі добра?" 79,3% студэнтаў факультэта беларускай філалогіі адказалі, што і беларускай, і рускай, а большасць (58,9%) студэнтаў факультэта рускай філалогіі лічаць, што толькі рускай. Прычым на факультэце рускай філалогіі як беларускай, так і рускай мовай лепш валодаюць студэнты беларускай нацыянальнасці.

Якое ж жаданне сёння ў рэспандэнтаў вывучаць беларускую мову? Нягледзячы на тое, што на факультэце беларускай філалогіі добрыя веды беларускай мовы, там і вельмі высокі працэнт (87,8%) жадаючых удасканальваць гэтыя веды, прычым гэтае жаданне вышэй на старэйшых курсах. На нашу думку, гэта звязана з тым, што разам з грамадзянскай свядомасцю да будучага спецыяліста-філолага прыходзіць і ўсведамленне таго, як мала ён ведае аб сваім родным краі, яго мове, гісторыі, культуры. На факультэце рускай філалогіі назіраецца такая тэндэнцыя: чым вышэй курс, тым меншы працэнт жадаючых вывучаць беларускую мову (79,2% - 1 курс, 48% - 3 курс). Прычым большасць рэспандэнтаў гэтага факультэта, рускіх па нацыянальнасці, адказалі, што яны будуць вывучаць беларускую мову толькі ў тым выпадку, калі гэтага будзе патрабаваць іх будучая прафесія. Безумоўна, сёння многім студэнтам факультэта рускай філалогіі ўяўляецца, што веданне беларускай мовы ім не патрэбна, паколькі ёй няма прымянення. I для гэтага ёсць усе падставы. Па-першае, на факультэце рускай філалогіі такія дысцыпліны, як "сучасная беларуская мова" і "гісторыя беларускай культуры" чытаюцца толькі на першых курсах. Па-другое, Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь многімі дзяржаўнымі ўстановамі ці зусім не выконваецца, ці выконваецца фармальна. Дадатковае сведчанне таго - наша даследаванне. Большасць рэспандэнтаў факультэта беларускай філалогіі лічыць, што дзейнасць беларускага ўрада і Вярхоўнага Савета больш не спрыяе, чым спрыяе выкананню Закона аб мовах (51,2% - дзейнасць урада, 48,8% - дзейнасць ВС). Прычым, больш нізка ацанілі дзейнасць урада і Вярхоўнага Савета старшакурснікі.

Многія студэнты факультэта рускай філалогіі таксама адмоўна ацанілі дзейнасць урада і Вярхоўнага Савета ў гэтым накірунку.

Але ж значная колькасць студэнтаў (33,5% - дзейнасць урада, 32,7% - дзейнасць Вярхоўнага Савета) выбрала нейтральную пазіцыю "Не магу адказаць". Тлумачэнне, на наш погляд, гэтаму наступнае: будучыя настаўнікі і выкладчыкі рускай мовы і літаратуры добра ўсведамляюць, што сённяшняя дзейнасць многіх дзяржаўных структур, асабліва ўрада, больш спрыяе фарміраванню рускай нацыянальнай самасвядомасці, чым беларускай. Менавіта па-гэтаму большасць з іх (82,2%) лічыць, што ў Рэспубліцы Беларусь павінна быць дзве дзяржаўныя мовы. Прычым крыўдна, што і перважная большасць беларусаў гэтага факультэта таксама за двухмоўе.

Зусім іншыя адказы на факультэце беларускай філалогіі. 81,7% рэспандэнтаў сцвярджакць, што ў Рэспубліцы Беларусь павінна быць адна дзяржаўная мова - беларуская, 7,3% - за двухмоўе.

Кожнае пытанне анкеты прадугледжвала і асабістыя, вольныя адказы і разважанні рэспандэнтаў. Дык вось, на факультэце беларускай філалогіі былі наступныя адказы па праблеме двухмоўя: "Калі дзяржава Беларусь, то і мова беларуская", "Беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай без усялякіх там гістарычных абставін", "Трэба паступова ад двухмоўя пераходзіць да беларускай дзяржаўнай мовы".

Цікавыя адказы, на нашу думку, атрыманы на пытанне анкеты "Што для Вас азначае паняцце "родная мова"? На факультэце беларускай філалогіі былі, у асноўным, наступныя адказы:

- родная мова - гэта мова маёй нацыянальнасці - 67,1%;

- гэта мова, з якой я звязваю будучыню сваёй дзяржавы - 63,4%;

- гэта мова, на якой стваралася культура маёй Радзімы - 47,6%;

- гэта дзяржаўная мова - 36,6%;

- гэта мова, на якой гавораць у маёй сям'і - 19,5%. Прычым прыкметна, што чым вышэй курс, тым большая колькасць студэнтаў усведамляе, што родная мова - гэта дзяржаўная мова.

На пастаўленае пытанне анкеты аб роднай мове былі і вольныя адказы студэнтаў, такія як:

"Родная мова - гэта сродак аб'яднання нацыі";

"Родная мова - гэта мова, на якой я размаўляю ўсё свядомае жыццё";

"Родная мова - гэта мая любімая мова";

"Родная мова - гэта будучая самастойнасць і працвітанне".

На факультэце рускай філалогіі на пытанне аб "роднай мове" атрыманы наштупныя адказы:

- родная мова - гэта мова маёй нацыянальнасці"- 59,8% ;

- гэта мова, на якой стваралася культура маёй Радзімы - 33,6%;

- гэта дзяржаўная мова - 26,2%;

- гэта мова, на якой гавораць у маёй сям'і - 21,5%;

- гэта мова, з якой я звязваю будучыню сваёй дзяржавы - 14,0%.

(Працяг у наст. нумары.)

Успамін пра выбітных асобаў, звязаных з Жыровічамі і Слонімшчынай

Сярод новых выданняў, прысвечаных 500-годдзю Жыровіцкага манастыра, чытач упадабае кнігу гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына "Цяпло Жыровіцкай святыні".

У нарысах аўтара адлюстравана не толькі гісторыя старажытнага манастыра, цудатворнага абраза і святых крыніц, што выцякаюць з-пад алтара Успенскага сабора, але аповед ідзе пра славутых жыхароў Слонімскага краю, духоўна звязаных з Жыровічамі.

Аўтар распавядае ў кнізе пра лёс беларускага святара Серафіма Жыровіцкага, удзяляе старонкі педагогу, бібліёграфу і бібліятэказнаўцу Яўгену Хлябцэвічу і яго брату Уладзіміру, распавядае пра славутых ураджэнцаў Слонімшчыны - Кандрата Лейку, Гальяша Леўчыка, Рыгора Акулевіча, Валянціна Таўлая і іншых, з павагай і любоўю ўзгадвае свайго настаўніка па БДУ, доктара філалагічных навук, прафесара Алега Лойку, які нарадзіўся і жыў у Слоніме.

Падзвіжнік бібліятэчнай справы

Яўген Хлябцэвіч нарадзіўся 6 жніўня 1884 года ў вёсцы Жыровічы Слонімскага павета. Бацька яго Іван Андрэевіч быў адукаваным чалавекам, выкладаў грэцкую мову і латынь, потым арыфметыку і геаграфію ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Але яго галоўным клопатам была бібліятэка, дзе зберагаліся беларускія старажытныя кнігі з прыгожымі ілюстрацыямі і летапісы ў скураных вокладках. Іван Андрэевіч Хлябцэвіч складаў падрабязны каталог і ашчадна захоўваў гэтыя скарбы. У бібліятэцы часта бываў яго сын Яўген. Ён усё гэта бачыў на свае вочы і вучыўся ў бацькі, як трэба ведаць і шанаваць кнігі, даследваць гісторыю свайго краю.

У 1897 годзе сям'я Хлябцэвічаў пераехала ў вёску Кленікі Бельскага павета, дзе Іван Хлябцэвіч пачаў служыць святаром. Тут ён арганізаваў некалькі пачатковых школ, быў загадчыкам бясплатнай народнай бібліятэкі. А ягоны сын Яўген Хлябцэвіч у 1900 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, а пасля - Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю. Жывучы ў Вільні Яўген Хлябцэвіч пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй, падтрымліваў цесныя сувязі з рэдакцыямі беларускі газет "Наша доля" і "Наша Ніва", дасылаў розныя допісы.

У 1906 годзе Яўген Хлябцэвіч стаў студэнтам Юр'еўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Пецярбурскі ўніверсітэт. Тут ён рэдагаваў " Кніжны і бібліятэчны лісток" пецярбурскай газеты "Новая Русь", дзе дапамог на яе старонках друкавацца Янку Купалу. У 1919 годзе Яўген Хлябцэвіч узначаліў бібліятэчнае аддзяленне Палітычнага ўпраўлення Рэўваенсавета РСФСР, а пасля перайшоў у народны камісарыят асветы. З 1943 года Яўген Хлябцэвіч працаваў у Маскоўскім бібліятэчным інстытуце, шмат пісаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Маскве ён пражыў свае апошнія гады. Яго не стала ў кастрычніку 1953 года. Яўген Хлябцэвіч пакінуў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў і палітыкаў, з якімі сябраваў.

Максім Бурсевіч вучыўся ў Жыровіцкай семінарыі

Знакаміты беларускі дзеяч, педагог і публіцыст Максім Бурсевіч нарадзіўся ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета 9 жніўня 1890 года ў сялянскай сям'і беларусаў Тараса і Марыі. Яму і яго старэйшаму брату ўдалося атрымаць адукацыю ў духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Пасля заканчэння семінарыі Максім паехаў у Ваўкавыскі павет пераняць педагагічны вопыт і знайсці працу. Там ён ажаніўся з Апалінарыяй Мацвеевай, якая стала яго верным сябрам у нялёгкім жыцці. У 1925 годзе Максім Бурсевіч адкрыў у вёсцы прыватную школу. У пачатку 1920-тых гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. Ён пісаў артыкулы, фельетоны, гумарэскі, байкі, друкаваўся ў "Беларускай долі", "Змаганні", "Сялянскай праўдзе", "Савецкай Беларусі".

А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у Першы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і выбраны кіраўніком Цэнтральнага сакратарыята. Потым, як былы пасол, слонімец адбываў пакаранне ў турмах у Лукішках, Вронках, Каранова.

У 1931 годзе ў выніку абмену палітычнымі зняволенымі ён патрапіў у БССР. Максім Бурсевіч жыў у Менску і выконваў абавязкі кіраўніка аддзела культуры і навукі Дзяржплана БССР. Ён удзельнічаў у рабоце камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. У другой палове 1933 года Максім Бурсевіч быў беспадстаўна абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме, а 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена 10 гадамі зняволення. Пакаранне Максім Бурсевіч адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламора-Балтыйскага канала. 9 кастрычніка 1937 года тройкай НКУС па Ленінградскай вобласці Максім Бурсевіч быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання, яго расстралялі 3 лістапада 1937 года, і толькі ў 1956 годзе ён быў пасмяротна рэабілітаваны па абодвух прысудах.

Лёс аўтара нарысаў пра Жыровічы

Аляксандр Асіпчык нарадзіўся 1 красавіка 1909 года ў вёсцы Пляшкі Слонімскага павета ў сялянскай сям'і Восіпа і Паўліны Асіпчыкаў. У лістападзе 1915 года сям'я Асіпчыкаў была адпраўлена ў Астрахань. У бежанстве жылося няпроста. Аляксандр хадзіў у школу, скончыў там чатыры класы. Па сканчэнні Першай сусветнай вайны Асіпчыкі вярнуліся на радзіму.

У Слонім Аляксандр Асіпчык з сястрой вярнуўся ў сакавіку 1922 года. Іх забраў Чырвоны Крыж у прытулак Жыровіцкага манастыра. Адтуль дзяцей перавялі ў Варшаву, а потым - у Чанстахова. У вёсцы Дварэц Аляксандр навучыўся сталярству і пайшоў самастойна зарабляць на хлеб. Хутка яго паклікалі ў войска і накіравалі ў чацвёрты полк лётчыкаў у Торунь на вайсковую службу. Пасля праходжання службы А. Асіпчык жыў у Вільні, а потым - у Лідзе. У 1940 годзе ён вярнуўся на родную Слонімшчыну і працаваў настаўнікам у вёсцы Акунінава.

Застаўшыся пасля Другой сусветнай вайны на эміграцыі, у 1947 годзе Аляксандр Асіпчык у Германіі арганізаваў Беларускае Жыровіцкае праваслаўнае брацтва, галоўнай задачай якога было захаванне праваслаўнай веры і традыцый хрысціянскай дабрадзейнасці. Суполка аказвала дапамогу сваім суродзічам на чужыне, апекавалася царкоўным жыццём, выдавала рэлігійную літаратуру на беларускай мове. У 1947 годзе ў Баварыі Аляксандр Асіпчык выдаў сваю кніжку "Цудатворны абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі манастыр" і сам яе аформіў.

У 1950 годзе спадар Асіпчык выехаў у ЗША, жыў у Нью-Ёрку, потым - у Таронта ў Канадзе, затым жыў і працаваў у Чыкага, Кліўлендзе, выдаваў на чужыне часопіс "Сіла веры" (1949-1965), друкаваўся пад псеўданімам Асіповіч-Асіпчык, Слонімскі А., пад крыптанімам А-віч у эміграцыйных газетах "Бацькаўшчына", "Беларус" і іншых. Апошнія гады Аляксандр Асіпчык правёў у г. Джэксан у ЗША.

Кнігу Сяргея Чыгрына можна набыць у "Акадэмкнізе" ў Менску.

Падрыхтавала Эла Дзвінская.

У шклоўскага краязнаўца Аляксандра Грудзіны творчы юбілей

Першые паведамленне на краязнаўчую тэму ў Аляксандра Грудзіны з'явілася 16 лютага 1980 года ў раённай газеце "Ударны фронт" пад назвай "Ветэран ў страі". З таго часу прайшло 40 гадоў.

На мінулым тыдні на кватэру да Аляксандра Грудзіны завіталі яго бліжэйшыя сябры. Нагода візіту - 40-годдзе краязнаўча-даследчай дзейнасці па вывучэнні мясцовай гістарычнай спадчыны. Безумоўна, першае пытанне, на якое прыйшлося адказваць Аляксандру Пятровічу гэта: "Калі пачалася такая пільная ўвага да родных мясцін?". Адказ на гэтае пытанне суразмоўца пачаў з часоў вучобы ў сярэдняй школе. У пачатку 60-х гадоў школа, дзе давялося вучыцца будучаму даследчыку, была адзіная двухпавярховая школа ў горадзе Шклове. Побач знаходзіўся былы будынак гарадской ратушы, які меў мясцовую назву "каланча". Кожны дзень, знаходзячыся на школьным двары, у навучэнцаў погляд міжволі сустракаўся з гэтым старажытным, паўразбураным будынкам з вежай. Унутраныя пакоі са скляпеннямі, высокая вежа і цагляная муроўка падзямелляў заўсёды вабіла і прыцягвала. Будынак, у асноўным, з'яўляўся нічыйчым, таму была магчымасць вольна наведаць яго і "па-свойму" вывучаць. Аляксандр Пятровіч успамінаў: "У дзіцячай свядомасці мроіліся неверагодныя падзеі, якія нібыта тут павінны былі адбывацца ў мінулым. Сярод бітай цэглы і смецця вельмі хацелася "нешта" знайсці і даведацца аб якой - небудзь цікавай падзеі".

Потым была вучоба ў сельскагаспадарчай акадэміі. На той час (1972 - 1977 гг.) у акадэміі вучыліся студэнты з розных куткоў Беларусі, іншых рэспублік былога СССР, а таксама шмат студэнтаў з замежных краін. Безумоўна, за гады вучобы сярод студэнтаў неаднойчы ўзнікалі самыя разнастайныя спрэчкі, дыспуты, або проста пачыналася гаворка, дзе заўсёды можна была пачуць: "А вось у нашым горадзе", або "А вось у нашым раёне..." і потым суразмоўца паведамляў нешта цікавае са сваіх родных мясцін. Каб падтрымліваць размову, трэба было добра ведаць усё, што звязвала з тваім родным кутом. Аляксандр Пятровіч успамінаў "Іншы раз нават даводзілася ісці ў бібліятэку і шукаць звесткі "пра Шклоў".

Пасля заканчэння акадэміі пачалася праца ў Шклове. Шклоўская раённая газета "Ударны фронт" заўсёды друкавала інфармацыю па гісторыі Шклоўшчыны. Асабліва цікавыя паведамленні рабілі ўжо сталыя мясцовыя краязнаўцы Лявон Анціпенка, Міхаіл Ільюшэнка, Іван Кулікаў, Іван Маісеяў. Знаёмства бліжэй з гэтымі цікавымі людзьмі міжволі паспрыяла захапленню, і Аляксандр Грудзіна таксама становіцца даследчыкам Шклоўшчыны. З цягам часу з'явілася жаданне паспрабаваць сябе ў якасці аўтара. І вось 16 лютага 1980 года з'явіўся ў раённай газеце першы артыкул "Ветэран у страі". У сваю чаргу праз краязнаўства пачалося вывучэнне гісторыі, культуры, веравызнанняў беларускага народа. Гэта, таксама, дапамагло і палюбіць родную мову.

На пытанне: "Хто з'яўляецца Вашымі настаўнікамі?" прагучаў наступны адказ: "Сваімі настаўнікамі ў даследчыцкай працы лічу былога рэдактара раённай газеты "Ударны фронт" Лявона Анціпенку і навукоўца, былога рэдактара альманаха "Магілёўская даўніна" Аляксандра Агеева".

Былі шматлікія іншыя пытанні, успаміны з гісторыі Шклоўшчыны і з асабістага жыцця. Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі ў галіне турыстычна-краязнаўчай работы.

Гістарычная даведка: Аляксандр Пятровіч Грудзіна нарадзіўся 23 траўня 1954 года ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. У 1977 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер-механік. Працаваў у Шклоўскай райаграпрамтэхніцы, вучэбным камбінаце, Шклоўскім райкаме КПБ. З 1991 года, выкладчык Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12.

Вынікам шматгадовай даследчыцкай працы з'явілася аўтарскія кнігі:

"І родныя сэрцу мясціны…" (некалькі нарысаў па гісторыі горада Шклова), якая пабачыла свет у 2007 годзе;

"Мой радавод, мая сям'я", якая пабачыла свет у 2011 годзе.

Асобныя звесткі па гісторыі Шклоўшчыны ўвайшлі ў іншыя кнігі, краязнаўчыя зборнікі, альманахі, часопісы і іншыя перыядычныя выданні. Аўтарская праграмма "Шклоў - гісторыя і сучаснасць", разлічаная на вучняў старэйшых класаў, зацвержана Магілёўскім абласным інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў адукацыі 6.06.2002 года. Удзельнік стварэння пакоя баявой і працоўнай Славы Шклоўскай райаграпрамтэхнікі і гістарычна - краязнаўчага музея Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12. Неаднаразовы ўдзельнік міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных навукова - практычных і краязнаўчых канферэнцый. Удзельнік Першага з'езду беларусаў свету (Менск, 1993 год). Сябар ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і ГА "Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошуковы клуб "ВІККРУ". Прозвішча згадваецца ў кнізе "Кто есть кто в Республике Беларусь". Том 1 (Наука и образование), Энциклопедикс, Минск, 2001 год, С.186. Адзначаны падзякай Інстытута гісторыі Нацыянальнай акалэміі навук Беларусі за захаванне і развіццё культурнай спадчыны Шклоўскага краю (2018 год).

Рыгор Кастусёў, сябар Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ.

Магчымасць для беларусаў: жадаеш вучыцца ў ВНУ ФРГ - удзельнічай у конкурсе

Навіны Германіі

У беларускіх студэнтаў з'явілася магчымасць прайсці навучанне ў ВНУ Германіі. Для гэтага неабходна быць актыўным і добра ведаць нямецкую мову.

Таварыства студэнцкіх абменаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай (GFPS) праводзіць чарговы конкурс, пра рэалізацыю якога распавёў DW Дзяніс Фрыдрых, прэс-сакратар адборачнай камісіі GFPS.

Стыпендыя на адзін семестр

Стыпендыяльную праграму для студэнтаў з Беларусі GFPS рэалізуе ўжо 15 гадоў. За гэты час навучэнцам беларускіх ВНУ было прадстаўлена каля 60 стыпендый. Цяпер праводзіцца адборачны конкурс кандыдатаў на зімовы семестр 2020/2021. Праўда, з-за пандэміі зімовы семестр сёлета пачнецца не 1 кастрычніка, як раней, а 1 лістапада.

- Стыпендыя GFPS падаецца на адзін семестр. У якасці нашых фундатараў выступаюць розныя нямецкія фонды і арганізацыі, і колькасць стыпендый залежыць ад таго, колькі GFPS атрымоўваецца сабраць сродкаў. Сёлета, напрыклад, на летні семестр стыпендыю атрымала толькі адна студэнтка з Беларусі, але з-за пандэміі каронавіруса мы яе вучобу перанеслі на зімовы семестр, - распавядае Дзяніс Фрыдрых.

Пры ўсебаковай падтрымцы

Як тлумачыць прэс-сакратар, па сваім памеры стыпендыя GFPS адпавядае максімальнай стаўцы дзяржаўнай стыпендыі-пазыкі BAfоG. Гэта каля 800 еўра ў месяц. GFPS так-сама бярэ на сябе аплату медыцынскай страхоўкі, гасіць збор, які кожны студэнт абавязаны аплачваць перад пачаткам новага семестра, і пакрывае выдаткі на дарогу з Беларусі ў Германію і назад. Але за арэнду жылля студэнт павінен плаціць сам.

- За стыпендыятам з Беларусі загадзя замацоўваецца т'ютар. Ён сустракае свайго падапечнага ўжо па прыбыцці таго ў Германію - на вакзале ці ў аэрапорце - і на працягу першых тыдняў апякуе прыбылага ўвесь час, няхай гэта будзе дапамога ў пошуку жылля, паходы па інстанцыях, адкрыццё рахунку ў банку, візіт у прыёмную камісію ці паход да лекара, - падкрэслівае суразмоўца.

Па яго словах, пераможца конкурсу сам выбірае нямецкую ВНУ і факультэт, дзе яму хацелася б вучыцца. Як адзначае Фрыдрых, большасць стыпендыятаў з Беларусі аддаюць перавагу такім кірункам, як нямецкая мова і германская філалогія, лінгвістыка, эканоміка, культуралогія. Другая па колькасці група - гэта тыя, хто жадае вывучаць інжынерныя навукі, архітэктуру, фізіку, хімію, а таксама мастацтва.

Патрабаванні да кандыдатаў

Прэтэндэнтам на стыпендыю GFPS неабходна выканаць цэлы шэраг умоў. Так, спашукальнік павінен быць студэнтам адной з беларускіх ВНУ і мець грамадзянства Беларусі. Пры гэтым студэнтам выпускных курсаў GFPS стыпендый не падае. Ад кандыдата таксама патрабуюць прадставіць сертыфікат, які пацвярджае яго добрыя веды нямецкай мовы.

Наступная ўмова - беларускі студэнт павінен пераканаць адборачную камісію ў тым, што ён сур'ёзна цікавіцца Германіяй: яе грамадскім жыццём, культурай, палітыкай, эканомікай, а таксама палітычнымі працэсамі ў Еўрасаюзе. А яшчэ спашукальнік павінен даказаць добрую паспяховасць: для гэтага яму неабходна паказаць выпіс з заліковай кніжкі.

- Прэтэндэнту на нашу стыпендыю трэба паказаць, што ён актыўна ўдзельнічае ў грамадскім, сацыяльным і культурным жыцці сваёй краіны. Так што апроч іншых дакументаў, да рэзюмэ трэба прыкласці рэкамендацыю якой-небудзь грамадскай арганізацыі ці грамадзянскай ініцыятывы або спасылкі на публікацыі, дзе распавядаецца пра яго грамадскую дзейнасць. Ад спашукальнікаў, пра якія нам ужо вядома з СМІ, мы гэтага не патрабуем. Дарэчы, той, хто не прайшоў конкурс, можа паспрабаваць свае сілы ў наступны раз, - удакладняе Дзяніс Фрыдрых.

Ва ўмовах пандэміі каронавіруса

Пандэмія каронавіруса не магла не адбіцца на нямецкіх ВНУ. У перыяд летняга семестра, які доўжыцца ў Германіі з красавіка па верасень, ВНУ перайшлі на дыстанцыйнае навучанне.

- Мы спадзяёмся, што падчас зімовага семестра студэнтам не прыйдзецца вучыцца дыстанцыйна, што ўсе лекцыі і семінары будуць праходзіць у аўдыторыях. Мы надаём вялікае значэнне таму, каб нашы стыпендыяты наведвалі ўніверсітэцкія бібліятэкі, бралі ўдзел у калоквіюмах, былі задзейнічаны ў працы ў камандзе, каб пры выкананні хатніх заданняў і кантрольных работ яны маглі без праблем звярнуцца па параду і тлумачэнні па тых ці іншых пытаннях да аднакурснікаў і выкладчыкаў - ужывую, а не анлайн. Гэта вельмі важна, - падкрэслівае Дзяніс Фрыдрых.

Па яго словах, першарадная задача стыпендыяльнай праграмы GFPS - заахвоціць студэнтаў да таго, каб яны актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, абменьваліся з іншымі студэнтамі культурным досведам, не баяліся весці дыскусіі па самых розных пытаннях, каб як мага лепш пазналі Германію, а таксама распавядалі іншым пра сваю краіну.

Імпульс на ўсё жыццё

Амаль у кожным буйным горадзе Германіі, няхай гэта будзе Берлін, Гамбург, Мюнхен, Кёльн, Бон, Лейпцыг, Дрэздан, у GFPS ёсць свае прадстаўнікі - групы куратараў-настаўнікаў, якія аказваюць падтрымку стыпендыятам. На працягу семестра яны арганізуюць са стыпендыятамі, сярод якіх, апроч беларусаў, прадстаўнікі Украіны, Польшчы і Чэхіі, а таксама немцы, якія вырашылі прайсці навучанне ва ўсходнееўрапейскіх ВНУ, некалькі сустрэч - як правіла, напачатку, у сярэдзіне і ў канцы навучання.

Па словах Дзяніса Фрыдрыха, падчас гэтых сустрэч завязваюцца новыя знаёмствы, якія нярэдка перацякаюць у моцнае сяброўства.

DW.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА БАРЫСА САЧАНКІ (15.05.1936 - 5.07.1995)

У кнігах, што сабраў ты, Беларусь жыве,

Змагаецца, святкуе, плача і пяе,

І мае Бога і ў касцёле, і ў царкве,

І шмат хто любіць, як жыццё,

найбольш яе,


Чым тую Беларусь, дзе ты даўно жывеш

І любіш, і кахаеш, быццам першы раз,

І кнігу прад сабой, нібы абраз, нясеш,

Нібыта праз агонь, праз ветравейны час.


У кнігу ты глядзіш, глядзіш, нібы ў вакно

Стагоддзяў, што прайшлі і што ідуць яшчэ.

І клічаш нас глядзець. А мы ўсё п'ем віно,

Яно, нібы агонь, але, як кроў, цячэ.


І ліпы ўжо цвітуць, і пчолы носяць мёд,

І ўжо, здаецца, гэтак будзе тут заўжды.

Але ў крыві ёсць лёд, ідзе да сэрца лёд,

Каб сэрца стала кропляй мёртвае вады.


І раптам за тваім вакном густы туман,

Ён светла з неба апусціўся на зямлю

Забраць тваё жыццё-прыпынены раман

На словах беларускіх:

"Беларусь люблю…"


Не толькі ў нашых кнігах Беларусь жыве,

Змагаецца, святкуе, плача і пяе,

І мае Бога і ў касцёле, і ў царкве,

І шмат хто любіць, як жыццё,

найбольш яе.


І ліпы зноў цвітуць, і пчолы носяць мёд,

І ўжо так будзе тут і заўтра, і заўжды.

І ў нашых сэрцах парастане мёртвы лёд,

І ў сэрцах будзе возера жывой вады.

11.10.2008 г.

БАЛАДА ГЕНАДЗЯ БУРАЎКІНА (28.08.1936 - 30.05.2014)

Ізноў пачаўся дзень з малітвы за Айчыну,

Якая ёсць у нас, была і будзе вечна,

Дзе першы снег, нібыта маладая гліна,

А снег апошні, быццам попел недарэчны,

Што на траву зялёную з нябёс злятае

І ўміг знікае ў травах, дзе лятае тая

Пчала, якая быццам кропка залатая

З балады пра паэта, што не памірае,

Калі й памрэ, бо тут нам паміраць не нова

За Беларусь, якая снілася Купалу,

За вольнае, як Каліноўскі, наша Слова,

Што нашаю адвечнаю малітвай стала.

І ты паміж малітваю і калыханкай

Сябе распяў, каб Беларусь жыла, квітнела

І не была ніколі болей паланянкай,

Не раздзіралі груганы душу і цела

Людзей жывых

зямной часінай нелюдзімай.

І каб больш роднае ўжо не ішло на злом,

Ты молішся прад Богам і яго святлом:

"Магутны Божа, захіні маю Радзіму

Мудрасцю,

Спакоем,

I цяплом…"

30.05.2014 г.

БАЛАДА ВІКТАРА ТУРАВА (25.10.1936 - 31.10.1996)

З экрана, нібыта з нябёсаў,

Сыходзіць балотны народ.

І нельга глядзець без слёзаў

На гэты біблейскі сыход.

І слёзы твае асвятляюць

Дарогу, якая вядзе

Туды, дзе ўжо не паміраюць,

Дзе ў вечнасці, нібы ў вадзе,

Жывуць і ўжо знаюць да скону,

Што гэта Еўропа - для нас.

І хай над крыжамі вароны

Лятаюць, як згублены час,

Дзе можна было ўжо адбыцца,

Даўно пра блуканні забыць,

Істужка, нібы бліскавіца,

Якую ўдалося злавіць,

Табе для Айчыны, народа,

А гэта вялікі народ,

Які ўчора выйшаў з балота,

Але не адрокся балот…

25.10.2008 г.

БАЛАДА МІХАСЯ СТРАЛЬЦОВА (14.02.1937 - 23.08.1987)

Як сонца ў ранні напаўняе неба,

Ты ў вершы кроў пераліваў сваю.

Але каму сягоння гэта трэба?

Не ведаў ты, і я не ведаю.

І я стаю каля тваёй магілы,

Як ля ўзарванае стаю царквы.

Шапчу:

"Мой родны кут, як ты мне мілы…"

І шэпат чуецца палын-травы,

З якой не ўстаць ніколі і нікому,

Бо свет, як інквізіцыі касцёр,

Дзе ўсё згарае, як лісцё ля дома,

Дзе ты не жыў, дзе ты ляцеў да зор…

Тваё сягоння ў вершах б'ецца сэрца.

Я свечку, як жыццё сваё, палю,

І мы жывём, як дым у неба ўецца,

Як зоры ападаюць на зямлю.

5 - 7.04.2004 г.

БАЛАДА МІКОЛЫ КУПРЭЕВА (25.05.1937 - 20.09.2004)

...Імчыць цягнік праз вецер і туман,

З асенніх дрэў зрываючы лісцё,

Нібы агонь, якога больш няма

У сэрцы, што апалена жыццём

Не менш, чым ты самотаю віна

У цягніку, з якога не сыйсці

Жывым, бо ноч наперадзе - сцяна,

І неба ў зорках, быццам бы ў лісці

Апалым поле, дзе прайшоў цягнік,

А следам твой праз вецер і туман

Імчыць, і верш з душы, нібыта крык,

Ірвецца, а ў адказ плыве зіма

На хмарах, быццам сена на вазах

Там, у дзяцінстве, дзе агонь з вадой,

Дзе сонца нараджалася ў слязах

І падала слязою залатой

У травы, у якіх было жыццё

Самотнае, як на стале віно,

Як па-над цягніком тваім лісцё,

Дзе сёння ты і дзе няма даўно

Цябе...

20.09.2004 г.

БАЛАДА ПЯТРА ДРАЧОВА (6.07.1937 - 8.05.2005)

Калючы дрот у нашае крыві,

Ён нам усім застаўся ад гадоў трыццатых.

І ты, як можаш, з ім так і жыві

Ці ты паэт, ці ты мастак, ці ты араты.

І ты малюеш, нібы рвеш драты,

Якімі нашы замкі, Храмы і курганне,

І час наш еўрапейскі залаты

Ад нас былі аддзелены, нібы світанне,

З якога пачынаецца жыццё

І дзень наш беларускі, як і мы, прыгожы…

З бяроз на сцежкі падае лісцё

І засыпае снег яго, як след варожы.

І пройдзе восень, і зіма міне,

І нашая вясна не задрамае ў лёдзе.

І дрот калючы мы парвём не ў сне,

І Беларусь у нашу кроў навечна зойдзе,

Дзе ты малюеш, нібы рвеш драты…

14.10.2008 г.

БАЛАДА МІКОЛЫ КАПЫЛОВІЧА (10.07.1937 - 24.02.2000)

"А што дасі ты Беларусі,

Каб вечнай Беларусь была?"

"Усё аддам! А перш нап'юся

З нябёсаў зорнага святла…" -

Гаворыш ты зусім цвяроза

І ў неба зорнае глядзіш:

"Жыццё маё - зямная проза,

Дзе то буран, то раптам ціш…"


І падае ў траву цыгарка,

Нібыта знічка з вышыні

Тваіх нябёс, дзе поўняй чарка,

І ўсё, нібы на далані,

Асветлена: "Бяры, сябрына,

З табой багаты я даўно!"


…І можна адабраць віно,

Ды застанецца нам Айчына,

Якую любіш ты, як маці,

І плачаш, і смяешся ў шчасці,

І слёз шчаслівых не хаваеш,

Як срэбра, што з душы ўсплывае…


Душа баліць, душа спявае,

Твая душа - жывая…

9.09.2008 г.

(Працяг у наступным нумары.)

"Няўжо гэта я намаляваў?!"

Пра Віцебск, як творчую Меку… Пра творчы і жыццёвы радавод… Пра вандроўны дух Драздовіча і мастацкі свет Міколы Селешчука… Пра неба Шагала… Пра ўлюбёныя колеры і ўлюбёныя гарады… Пра вечнае і чалавечнае… Пра мастацтва любіць - наша гутарка з таленавітым віцебскім мастаком Эдвардам Галуставым…

Гутарыць Эдуард Акулін, рэдактар часопіса "Верасень".

Эдуард Акулін:

- Спадар Эдвард, для многіх прыхільнікаў беларускага выяўленчага мастацтва, у тым ліку і для мяне, вы з'яўляецеся, кажучы метафарычна, - tabula rasa… І я патлумачу чаму… Па запыце ў Гугле "Эдвард Галустаў" выскоквае спасылка на варонежскага бізнесоўца, які гандлюе сельскагаспадарчай тэхнікай… Вы - не гандляр… Вы - вядомы мастак. У самым што ні на ёсць сапраўдным сэнсе гэтага слова. Але, як гэта часта здараецца, - вы добра вядомы ў мастацкім свеце за межамі Беларусі, а на Радзіме пра вас амаль ніхто не ведае… Ці згодны вы са старажытным выслоўем - "Няма прарока ў сваёй Айчыне"?..

Эдвард Галустаў:

- Так, уласна… Я паспрабаваў таксама ўпісаць сваё імя і прозвішча па-расейску ў Google - выскачыла шмат інфармацыі, але не пра мяне… Чаму так? Бо ўжо шмат гадоў я дзейнічаю як мастак па-за Беларуссю ў Польшчы. Наконт "Прарока ў сваёй Айчыне…" - гэта хіба што моцна сказана… Проста ў Беларусі даўно не выстаўляўся. А яшчэ дастаткова ўпісаць маё імя і прозвішча лацінскімі літарамі - будзе значна больш інфармацыі пра мяне.

Э. А.

- Распавядзіце крыху пра сябе… Адкуль вы родам? Хто вашыя бацькі? Дзе вучыліся? Дзе працавалі?

Э. Г.

- Нарадзіўся я ў горадзе Кіравакане (зараз Ванадзор) у Арменіі. Калі мне было 6 гадоў, мы з сям'ёй пераехалі ў Баку. Потым ужо ў сярэдзіне 70-х гг. пераехалі на гістарычную Радзіму маёй матулі ў Пінск. Тата мой быў вайсковым інжынерам-будаўніком, што праўда ў Беларусі ён працаваў будаўніком (не вайсковым). Мама працавала амаль усё жыццё на пошце, на тэлеграфе. Вучыўся я ў Віцебску на мастацка-графічным факультэце. Скончыў у 1987 г. Працаваў 20 гадоў у школе, як настаўнік выяўленчага мастацтва, чарчэння і апошнія гады, як выкладчык Сусветнай мастацкай культуры. У 90-я гг. вучыўся ў Кракаўскай педагагічнай акадэміі і яшчэ ў Сілезскім універсітэце.

Э. А.

- Вам падабалася працаваць у школе? Як вы лічыце, на колькі сёння аўтарытэтнай з'яўляецца праца настаўніка ў Беларусі?

Э. Г.

- Складанае пытанне… Першыя гады вельмі было няпроста. З аднаго боку мне падабалася працаваць з дзецьмі і моладдзю, але кожны верасень я шукаў сабе іншую (непедагагічную працу). Добра, што ў тыя часы можна было працаваць дадаткова (напр. у камбінаце "Мастацтва"). Чым ганаруся, што меў вельмі добры кантакт з моладдзю. Асабліва падабалася працаваць у гады "беларусізацыі", калі мае прадметы выкладаліся па-беларуску. Складалася ўражанне, што робіш нешта незвычайнае, гістарычнае… На жаль, праца ў школе ані ў тыя часы, ані, тым больш, зараз, не з'яўляецца, ані прэстыжнай, ані аўтарытэтнай. Уласна, у Польшчы іначай… Калі я скончыў інстытут, то лічылася, што той, хто пайшоў працаваць у школу - чалавек, у якога нешта не атрымалася, а ў Польшчы людзі пасля Акадэміі мастацтваў ахвотна ідуць працаваць у школу і вельмі гэтым ганарацца.

Э. А.

- Каго вы лічыце сваім творчым настаўнікам?

Э. Г.

- Таксама складанае пытанне… Назваць некага канкрэтна цяжка, бо ясна, што ўплыў мастакоў на маю творчасць безумоўна быў, але няма такой адзінай асобы. Вельмі люблю творчасць Andrew Wyeth, Edward Hopper, мастацтва Паўночнага Рэнесансу. А настаўнікі з інстытута… Хіба што ад кожнага нешта добрае ўзяў.

Э. А.

- Ёсць меркаванне, што Віцебск - гэта сталіца беларускага мастацтва… Нешта ў гэтым горадзе ёсць такое, што стымулюе творчую натуру да працы… Пэн, Малевіч, Шагал, Азгур, Бембель, Багатыроў, Быкаў - вось толькі самыя зорныя імёны, якія заззялі на небасхіле айчыннай культуры, дзякуючы свайму непасрэднаму дачыненню да гэтага старажытнага горада… Вы падзяляеце гэтую думку? Чым асабіста для вас стаў Віцебск?

Э. Г.

- Для мяне Віцебск - гэта горад майго студэнцтва, сапраўды мастацкі горад з творчай атмасферай, хаця я доўга не мог да яго прызвычаіцца, настолькі гэты горад непадобны да Пінска, у якім прайшлі гады майго перадінстытуцкага юнацтва. Горад са сваёй школай мастацтва, і, нават, я б сказаў, школамі, бо выпускнікі МГФ абсалютна інакш працавалі, чым выпускнікі мастацкіх факультэтаў тэхналагічнага інстытута… Але ў 80-я гг. Віцебск выглядаў, мякка кажучы, не вельмі прыгожа… Толькі на пачатку 90-х гг. горад пачаў прыгажэць, адбудаваны старажытныя святыні. І нядаўна я зразумеў, што нарэшце ў Віцебску ёсць, што паказаць турыстам.

Э. А.

- Я з'яўляюся шчырым прыхільнікам вашай творчасці… І даўно сачу за вамі як творцам у сацыяльным сеціве… Калі б з'явілася магчымасць, то з вялікім задавальненнем схадзіў бы на вашу творчую выставу… А ці выстаўляліся вашы працы ў Беларусі? Калі так, то дзе? І ці можна чакаць у бліжэйшы час вашага мастацкага вернісажу?

Э. Г.

- Выстаўляўся, але вельмі даўно. Час ад часу ўдзельнічаю ў калектыўных выставах (апошні раз мая выкладчыца, вядомая беларуская мастачка сп. Вялянціна Антонаўна Ляховіч запрасіла ўдзельнічаць у выставе "Ляховічы", дзе выстаўлялася яна і яе былыя студэнты). А персанальная выстава была хіба што ў 2003 г. у Браслаўскім музеі. Хацеў бы зрабіць выставу ў Беларусі, але неяк не атрымліваецца пакуль. Спадзяюся, што калісьці зраблю.

Э. А.

- А за межамі Беларусі? Як успрымаецца ваша творчасць замежнымі аматарамі выяўленчага мастацтва? Ці пазіцыяніруеце вы сябе як беларускага мастака?

Э. Г.

- За межамі Беларусі я маю штогод некалькі выставаў. Але гэта ў асноўным у Польшчы. Напрыклад, хіба што ў 2016 г. меў ажно сем індывідуальных выставаў у розных манерах і тэхніках. Шмат людзей любіць маю творчасць, хаця некаторым падабаюцца мае "казачныя" абразы, некаторыя любяць мае так званыя "дэкаратыўныя" абстракцыі, шмат людзей любіць мае пейзажы, а некаторым падабаюцца мае графічныя творы…


Эдвард Галустаў, мастак, музыка. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта (1987 г.). Сябар Асацыяцыі польскіх мастакоў Варшаўскай акругі. Удзельнік шматлікіх міжнародных мастацкіх сімпозіюмаў, конкурсаў, біенале і трыенале ў Польшчы, Італіі, Венгрыі, Грузіі і Беларусі. Сябар Мастацкага Таварыства Еўрапейскай Інтэграцыі SAIE ў Шчэціне. Карціны экспанаваліся ў Венгрыі, Германіі, Італіі, Галандыі, Славакіі, Аўстрыі, а таксама ў Расеі, Украіне, Грузіі, Польшчы і Беларусі. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Кіравакане (Арменія). Жыве і працуе ў Віцебску і Варшаве.

Э. Г.

... Ці пазіцыянірую сябе як беларускага мастака? Хутчэй не. Бо належу да Польскага саюза мастакоў Варшаўскага аддзялення, выстаўляюся больш у Польшчы. Ды і хіба тое, што раблю, лепей прымаецца ў Польшчы, а не ў Беларусі. Але для польскага гледача я ўсяроўна - беларускі мастак, бо і школа іншая, і тэматыка. Крыху смешна, як знаходзяць падабенства з Шагалам, і злуюся, калі ў маіх працах знаходзяць уплыў расейскай казкі, тады адказваю даволі востра. Акрамя гэтага, ужо ў некалькіх альбомах пра польскае мастацтва (апошнія: "100 lat Niepodlelosci Polski", "Malarstwo Polskie, 2019") ёсць рэпрадукцыі маіх твораў як польскага мастака. Маю ўзнагароду - срэбны медаль "Labor omnia Vincit" за ўзмацненне культурных сувязяў паміж Польшчай і Беларуссю.

Э. А.

- Вашыя творы, асабліва апошняга часу, нагадваюць мне творчую манеру заўчасна сышоўшага беларускага мастака Міколы Селешчука… Яны гэткія ж маляўнічыя, насычаныя яркімі колерамі, і што вельмі істотна , яны прымушаюць думаць… Ці былі вы асабіста знаёмыя з Міколам Селешчуком? Ці, магчыма, я памыляюся? І выток вашага творчага натхнення палягае ў іншых геаграфічных месцах і іншых часавых вымярэннях?

Э. Г.

- З Міколам Селешчуком, на жаль, не быў знаёмы, але ягоная творчасць мела на мяне вялікі ўплыў. У ягоных працах упершыню ўбачыў арнамент, як вельмі важны элемент кампазіцыі. Акрамя таго, у сваіх працах, так званых "казачных", я натхняюся пазнейшым сярэднявеччам і Паўночным Рэнесансам. Гэты перыяд у гісторыі мастацтва найбольш мне блізкі, тым больш, што дзясятак гадоў я спяваў у Віцебску ў Ансамблі старажытнай музыкі. Мы спявалі найбольш песень часоў Рэнесансу, між іншым, некалькі твораў з "Полацкага сшытка" і псалмаў Саламонавых у перакладзе Яна Каханоўскага і Сімяёна Полацкага…

Э. А.

- Да якой мастацкай школы вы сябе адносіце? Ваша ўлюбёная тэхніка… Не ў сельскагаспадарчым, а ў мастацкім сэнсе? З чым вам найбольш падабаецца працаваць? З алоўкам, тушшу, алеем, нейкімі іншымі выяўленчымі сродкамі?

Э. Г.

- Цяжка сказаць да якой школы… Што датычыцца накірунку маёй творчасці, то я гэта акрэсліў бы як "метамарфозы арнаменту" (ад арнаменту, як упрыгожвання архітэктуры, вопраткі, прадметаў побыту, да арнаменту ў чыстай абстракцыйнай форме). Тэхніка - акрылавая фарба, палатно. Але таксама працую каляровай тушшу на паперы.

Э. А.

- Што прымусіла вас пакінуць Радзіму? Дзе вы цяпер жывяце? Чым займаецеся, так бы мовіць, каб зарабляць на хлеб штодзённы?

Э. Г.

- Ды нічога не прымусіла, не пакідаў, проста часта запрашаюць на розныя пленэры ў Польшчы. Дарэчы, у Польшчы вялікая колькасць самых розных пленэраў і арганізаваных рознымі інстытуцыямі, і прыватных. А яшчэ ў Польшчы кожны мастак можа знайсці сваю нішу ў мастацтве, вельмі шмат магчымасцяў для выставаў. Езджу па ўсёй Польшчы (і не толькі) па пленэрах, сімпозіюмах, яшчэ час ад часу канцэртую з песнямі польскімі, беларускімі, украінскімі. Так званы "folk modern".

Э. А.

- Ці маеце вы творчых пераемнікаў? Магчыма нехта з вашых віцебскіх вучняў пайшоў па вашых слядах?

Э. Г.

- Так, маю даволі шмат, нават цяжка пералічыць. Але найбольш ганаруся сваёй былой вучаніцай, акторкай і рэжысёрам Аленай Ганум, якая пайшла па гэтай сцежцы дзякуючы таму, што ўдзельнічала ў школьным фальклорным гуртку, у якім я загадваў музычнай часткай. Зараз яна знаны рэжысёр у тэатры Янкі Купалы ў Менску.

Э. А.

- Ці ёсць у вас дзеці? Чым, калі не сакрэт, яны займаюцца па жыцці? У некага з іх ёсць цікавасць да мастацтва?

Э. Г.

- Так, я маю дачку Марысю, вельмі здольную творча. Яна выкладае, валодае некалькімі еўрапейскімі мовамі, і што датычыць творчасці, яна пайшла па мамінай сцежцы. Мая жонка Аліцыя - таксама выпускніца МГФ, але яна працавала і працуе ў дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве (ткацтва, гафт і г.д.). Дарэчы, яны - мае галоўныя дарадцы і крытыкі.

Э. А.

- Для мяне ўзорам сапраўднага беларускага мастака, у існым сэнсе гэтага слова, з'яўляецца Язэп Драздовіч… Мастак - пілігрым, мастак-рамантык, мастак-фантаст… Адным словам, - творца не ад гэтага свету… Як вы ставіцеся да творчасці Язэпа Драздовіча? Ці любіце, як калісьці Драздовіч, вандраваць па Беларусі ў пошуках мастацкіх вобразаў? Ці геаграфія вашых падарожжаў значна шырэйшая за драздоўскую і не абмяжоўваецца толькі Беларуссю?

Э. Г.

- Вельмі люблю і шаную Язэпа Драздовіча і ягоную творчасць. Пашчасціла ўдзельнічаць у пленэры імя Я. Драздовіча ў вёсцы Германавічы. У пленэры ўдзельнічалі вядомыя беларускія мастакі: Алесь Марачкін, Часлаў Шамшур, Яўген Шатохін, Георгій Скрыпнічэнка і г. д. Дарэчы, пра гэты пленэр і яго арганізатарку Аду Райчонак быў зняты фільм "Галерэя Ады" (рэж. Уладзімір Колас). Геаграфія маіх падарожжаў хіба што шырэйшая. На жаль, менш ведаю Беларусь, больш аб'ездзіў Польшчу. Акрамя гэтага Нямеччына, Францыя, Чэхія, Славаччына, Венгрыя, Грузія, Грэцыя, Партугалія, Украіна. Усё гэта дзякуючы мастацкім пленэрам.

Э. А.

- Дзе вам лепш працуецца дома ці за межамі Беларусі?

Э. Г.

- Цяжка сказаць. Я б сказаў не лепш, а інакш. Інакш у Беларусі, інакш у Польшчы. Як ужо і казаў раней, мая творчасць лепей прымаецца ў Польшчы, а не ў Беларусі.

Э. А.

- А жывецца?

Э. Г.

- Жывецца інакш усюды. Але не наракаю. Нармалёва жывецца.

Э. А.

- Што асабіста для вас азначае паняцце "творчае шчасце"? Чаго вам не стае ў жыцці для поўнага шчасця?

Э. Г.

- Творчае шчасце? Скажу так. Вельмі люблю сваю працу. Калі малюю - усё для мяне становіцца на сваё месца, падчас працы я вельмі шчаслівы. А якое гэта шчасце, калі доўга не бачыш сваю працу ў арыгінале, а потым на яе глядзіш і думаеш: "Няўжо гэта я намаляваў?!". Гэта неверагоднае пачуццё, для гэтага варта жыць і маляваць. Хацелася, каб Пан Бог дазволіў яшчэ папрацаваць і стварыць шмат абразоў на радасць


Выйшаў "Верасень" № 22!

Дарагія сябры, шаноўныя аўтары і чытачы! Рады паведаміць!

Выйшаў з друку чарговы, 22 па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень".

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Мілады Паўлавай, Вікторыі Смолкі, Кацярыны Массэ, Кацярыны Ваданосавай, Міколы Кандратава, Тамары Аўсяннікавай і Эдуарда Акуліна. Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Уладзіміра Шыпілы, Сяргея Белаяра, Зміцера Дзядзенкі, Лявона Валасюка, Паўла Ляхновіча і Вінцэся Мудрова.

У раздзеле "Пераклады" друкуюцца вершы ўкраінскіх паэтаў Русланы Мельнічук і Міхайлы Сідаржэўскага. Раздзел "Крытыка" пачынаецца артыкулам Сяргея Панізьніка "Хамутоў не зналі коні продкаў", прысвечаным 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Аб волі і нядолі, аб шчасці і горы, аб палітыцы і літаратуры - гутарка Эдуарда Акуліна з пяціразовым намінантам на Нобелеўскую прэмію міру Алесем Бяляцкім. Пра жыццёвыя перапетыі землякоў - нататкі з новай кнігі "Антанёва" друкуе Ала Петрушкевіч. Пра вытокі беларускай народнай і бардаўскай песні разважае ў гутарцы з "Вераснем" вядомы бард, кіраўнік Народнага гурта "Пліса" Кастусь Герашчанка. "Пра лёс беларуса, які нікога не баяўся" - аднайменны артыкул Сяргея Чыгрына. "Пра неба Шагала… Пра ўлюбёныя колеры і ўлюбёныя гарады… Пра вечнае і чалавечнае" дзеліцца сваімі думкамі выбітны віцебскі мастак Эдвард Галустаў. Працягвае знаёміць чытачоў з народнымі шэдэўрамі Веткаўшчыны паэт і фалькларыст Генадзь Лапацін. Аналізуе літаратурныя і фізіялагічныя адметнасці новай кнігі Уладзіміра Сіўчыкава "Пацалаваць Фідэля" Васіль Жуковіч. Памяці Эдуарда Дубянецкага прысвечана публікацыя "Беларускі паэтычны акіян". Заканчваецца часопіс рэцэнзіяй Анатоля Трафімчыка на кнігу Людмілы Шчэрбы "Я пакідаю сонца тут…"

Мастацкае афармленне і вокладку нумара падрыхтавала Валерыя Праслава. Ілюстрацыі Эдварда Галустава.

Пытайце "Верасень" № 22 на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13). Чытайце "Верасень" на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas@ gmail.com.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX