НАША СЛОВА № 26 (1489), 24 чэрвеня 2020 г.
Заява Сакратарыяту Таварыства беларускай мовы ў сувязі з правядзеннем кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Шаноўныя грамадзяне Беларусі!
Поўным ходам ідзе выбарчая кампанія. Таварыства беларускай мовы выступае за справядлівыя выбары, на якіх грамадзяне Беларусі змогуць аддаць галасы за кандыдата, якога яны палічаць найбольш годным для пасады кіраўніка краіны, і асуджае любыя спробы парушэння правілаў сумленнай канкурэнцыі паміж кандыдатамі, у тым ліку выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і рэпрэсій. У прыватнасці, нас абурае факт чарговага зняволення актыўнага сябра ТБМ Паўла Севярынца, сапраўднага патрыёта, які заўсёды паслядоўна і прынцыпова выступае ў абарону незалежнасці Беларусі. Наша грамадства патрабуе зменаў. Сёлетняя выбарчая кампанія вызначаецца з'яўленнем новых яскравых постацей, якія вылучылі свае кандыдатуры, каб пазмагацца за самую высокую пасаду.
Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той прыкры факт, што шэраг асобаў, з якімі вялікая колькасць грамадзян краіны звязвае надзеі на доўгачаканыя перамены ў сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці, не валодае дзяржаўнай беларускай мовай і не выкарыстоўвае яе падчас збору подпісаў за сваё вылучэнне. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці здольныя гэтыя людзі належным чынам выконваць абавязкі першай асобы ў краіне, калі яны не адпавядаюць кваліфікацыйнаму патрабаванню, абавязковаму для службовай асобы любога ўзроўню? Дэманстратыўнае ігнараванне некаторымі кандыдатамі беларускай мовы падчас кампаніі збору подпісаў выглядае як абраза ўсім грамадзянам, якія разумеюць значэнне гэтай каштоўнасці для існавання Беларусі як суверэннай незалежнай дзяржавы. Прэзідэнт, які не валодае роднай мовай свайго народа, дыскрэдытуе сябе, а разам і краіну, якую ён прадстаўляе. Таварыства беларускай мовы заяўляе аб тым, што не будзе падтрымліваць тых, хто парушае Канстытуцыю і ігнаруе моўныя правы грамадзян, і раіць усім выбаршчыкам задумацца, ці варта галасаваць за такіх прэтэндэнтаў, якія не паважаюць свой народ.
16 чэрвеня 2020 г.
Менск. Беларускае Радыё Рацыя.
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава возьме да ўвагі законапраект "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы"
22 чэрвеня ў Лідзе прайшла сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай з сябрамі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у Прэзідэнты.
Сярод іншых пытанняў да высокай госці было пытанне сябра ТБМ, старшыні Лідскай раённай арганізацыі БНФ "Адраджэнне" Сяргея Пантуса, які паведаміў, што ТБМ распрацавала законапраект "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", два разы спрабавала вынесці яго на разгляд Палаты прадстаўнікоў, але абодва разы праект заварочвалі на дальніх подступах.
Сп. Качанава адказала, што возьме агучаную праблему пад увагу, перамовіцца па гэтым пытанні са старшынём Палаты прадстаўнікоў, са старшынёй ТБМ Аленай Анісім, а таксама з Алегам Трусавым.
Некалькі раней у Баранавічах на аналагічнай сустрэчы было зададзена пытанне пра прычыны нявыдачы ліцэнзіі Універсітэту імя Ніла Гілевіча, якім таксама займаецца ТБМ.
Будзем спадзявацца, што абяцанне не застанецца толькі словамі, што сябрам ТБМ удасца данесці да вярхоўнай улады журботны стан беларускай мовы і што гэтая вярхоўная ўлада не толькі зразумее праблему, а пачне нешта рабіць.
Наш кар.
Хто ўратуе беларускі этнас ад вымірання ў 21-м стагоддзі!?
Слова да кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта.
Чарговая кампанія выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праходзіць у гістарычны лёсавызначальны час: "стремительно созревает время неоокупации Беларуси" па сцэнарыі "Крым-2".
Шаноўныя кандыдаты ў Прэзідэнты, беларусы, як самабытны этнас, і суверэнная Рэспубліка Беларусь шпарка (у гістарычным вымярэнні) рухаюцца да вымірання, знікнення беларускага этнасу і страты сваёй дзяржаўнасці, суверэннасці, сваёй адметнай культурна-дзяржаўнай ідэнтычнасці.
Беларуская нацыя знаходзіцца на мяжы этнічнага вымірання. Навука і гісторыя сведчаць: са знікненнем роднай мовы - знікае і нацыя. Страшна казаць: сёння дзеці беларусаў не разумеюць беларускую мову, цэлае пакаленне беларусаў без роднай мовы, роднай песні, беларускай гістарычнай памяці. Вяртанне гістарычнай памяці беларусам - адна з галоўных функцый дзяржавы. Сёння ж дзяржаўная сістэма выхавання і навучання ў нас амаль цалкам рускамоўная.
Канстытуцыйнае двухмоўе фактычна з'явілася лінгвацыдам беларускай мовы. За гэты час яна са статусу адзінай дзяржаўнай перайшла ў статус выміраючай мовы. Сярод суверэнных дзяржаў на прасторы гістарычнага СССР толькі ў нас канстытуцыйнае двухмоўе. Дык, мы разумнейшыя ці дурнейшыя за ўсе былыя паняволеныя народы!?
Мова - душа народа. Для вяртання беларусам іх роднай мовы ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства трэба на дзяржаўным узроўні карэнным чынам выправіць моўную сітуацыю ў Беларусі.
У ідэале ўсім прэтэндэнтам на пасаду Прэзідэнта трэба выпрацаваць праграмы выратавання Беларусі ад сістэмнай катастрофы. Кожны прэтэндэнт, (у тым ліку і А.Г. Лукашэнка) аб'ектыўна вымушаны выбраць новы шлях, які выведзе Рэспубліку Беларусь да нацыянальнай Беларусі ў суквецці моў і культур усіх народаў, якія абралі для жыцця нашу беларускую зямлю! Па законах міжнароднага права мы сябруем з усімі нашымі суседзямі на роўных узаемавыгадных нацыянальных умовах.
Кандыдаты ў прэзідэнты аб'ектыўна не маюць права не акрэсліць сваю пазіцыю па спыненні беларускамоўнага лінгвацыду і этнацыду. Прапаную ўключыць у свае адукацыйна-агітацыйныя матэрыялы лозунг: "За адзіную дзяржаўную беларускую мову!" Родная мова - найвялікшая каштоўнасць для кожнага чалавека.
Нацыянальна свядомы Прэзідэнт, як гарант Канстытуцыі, абавязаны давесці да кожнага беларуса і грамадзяніна рэспублікі, што не па іх волі памірае родная беларуская мова. Кожны беларус на генным, родавым узроўні разумее, што для беларуса яна найвялікшая каштоўнасць. Прэзідэнт павінен спыніць беларускамоўны лінгвацыд і этнацыд.
Для гэтага дастаткова вярнуць да жыцця гістарычныя здабыткі, амаль цалкам камуністычнага Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12 склікання. А менавіта адным з першых Указаў абранаму Прэзідэнту:
а) аднавіць дзейнасць гістарычных па сваім значэнні законаў аб мовах: "Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі "Аб мовах у Беларускай ССР" (26 студзеня 1990 г.), "Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР "Аб парадку ўвядзення ў дзеянне закона Беларускай СССР "Аб мовах у Беларускай ССР" (26 студзеня 1990 г.) , "Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР", пастанова Савета міністраў № 240 ад 20.09.1990 г.
б) або прыняць новы Закон аб статусе адзінай дзяржаўнай мовы - беларускай.
Рэкамендую ўсім прэтэндэнтам (уключна і дзейнаму Прэзідэнту) уключыць гэтыя прапановы ў свае перадвыбарчыя праграмы на пасаду Прэзідэнта. Гэта патрабаванне бягучага крызіснага моманту. Гістарычная місія новага Прэзідэнта: паставіць наш беларускі лакаматыў - у лёсавы-значальны час - на рэйкі далейшага цывілізаванага развіцця і не дапусціць смерці самабытнага, старажытнага беларускага этнасу і знікнення з карты свету рэальна суверэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь.
Паважаныя кандыдаты ў Прэзідэнты! Паважайце найвышэйшую дзяржаўную пасаду ў Рэспубліцы Беларусь, сваю асобу і беларускі этнас і пры выкананні канстытуцыйных функцый у публічнай дзейнасці карыстайцеся беларускай мовай. Веру: пад Вашым мудрым і адказным кіраўніцтвам ёй (беларускай мове) будзе вернуты статус адзінай дзяржаўнай.
Прэзідэнт узору 2020! Дзяржава Рэспубліка Беларусь у Вашых далонях на наступныя 5 год. Не ўпусціце свой шанец, вядзіце яе адказна не проста да квітнеючай, а беларускай Беларусі. Гэтага вымагае аб'ектыўны гістарычны момант, у якім мы апынуліся.
Вельмі складанай і важнай для захавання суверэнітэту ёсць таксама праблема дэнансацыі дамовы аб так званай саюзнай дзяржаве. Дзяржаўныя памылкі трэба выпраўляць. Прадоўжыць у 2020 годзе дэмаркацыю дзяржаўнай мяжы па ўсім перыметры з усімі суседнімі краінамі.
Мікола Савіцкі, прафесар.
Да ўлады і народа - адкрыты ліст
Кіраўніку адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі сп. Ігару Сергяенку;
Прэм'ер - міністру Рэспублікі Беларусь сп. Раману Гвалоўчанку;
Старшыні Менгарвыканкама сп. Анатолю Сіваку;
Міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь сп. Ігару Луцкаму;
Дырэктару Нацыянальнага інстытута адукацыі сп. Валянціне Гінчук;
Старшыні Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі сп. Івану Эйсманту;
Старшыні ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" сп. Алене Анісім;
шырокай грамадскасці Беларусі.
Каронавірус бяспамяцтва
У № 15 за г.г. "Новага Часу" мы прачыталі артыкул Тамары Мацкевіч "Тэст адукацыі на каронавірус", у якім аўтарка з разуменннем і трывогай канстатуе сумныя факты з галіны нацыянальнай адукацыі і, галоўнае, ставіць пытанне як зберагчы здароўе навучэнцаў ды студэнтаў і ўсё ж працягваць працэс навучання. Галоўная думка аўтаркі: трэба рыхтаваць настаўнікаў да дыстанцыйнага навучання. І гэта сапраўды было б вырашэннем праблемы ў галіне навучання. Гэтая практыка дала б і іншы плюс. Дзеці і многія студэнты ўжо залежныя ад гаджэтаў. Многія глядзяць усё запар і гуляюць у розныя віртуальныя гульні. Навучанне з дапамогай кампутараў і іншых прыладаў дапамагло б адарваць навучэнцаў ад пустога марнатраўства і пераарыентаваць іх на навучальныя праграмы.
Аднак міністр адукацыі, відаць, спазніўся перайсці з дваццатага стагоддзя ў дваццаць першае, з яго рэвалюцыйна новымі і віртуальнымі тэхналогіямі. Дыстанцыйнае віртуальнае навучанне ў нашых заходніх суседзяў, у іншых краінах даўно не навіна, ды толькі не ў сістэме беларускай дзяржаўнай адукацыі. Вось з такімі "пераспектыўнымі" кіраўнікамі Беларусь зноў адстае ад сусветнага досведу. Факт ёсць факт: калі іншыя краіны ва ўмовах пандэміі каронавіруса аператыўна змаглі пераключыцца з вочнага навучання на дыстанцыйна-віртуальнае, беларускія дзяржаўныя навучальныя ўстановы не змаглі. Вось таму ў гэты час школьнікі цэлымі днямі гулялі па падворках, кантактуючы з дарослымі і пашыраючы небяспеку распаўсюду заразы...
Хаця нам вядомыя факты дыстанцыйнага навучання ў нашай краіне, у некаторых каледжах і школах. Зразумела, гэта прыклады з уласнай ініцыятывы адміністрацыяў навучальных устаноў, а не дзяржаўныя захады. Пандэмія і яе наступствы вызначацца пазней. А ўвесь духоўны каронавірус, вірус бяспамяцтва, невуцтва раз'ядае наша грамадства ўжо 25 гадоў! Усе міністры адукацыі з 1995 года прыклалі намаганні на ліквідацыю нацыянальнай беларускай школы так заўзята, што таварышу І. Карпенку ўжо нічога не засталося зачыняць, ліквідаваць, пераводзіць. Мы кожны год бываем сведкамі, як адчыняюць новыя рускія школы ў нашай краіне. А вось адкрыццё беларускай школы, з удзелам высокай дзяржаўнай асобы, якая б і прамаўляла яшчэ на роднай мове нашай краіны, нават і ўявіць немагчыма. Таму задача ратунку школьніцтва, нацыянальнай адукацыі ад каронавіруса бяспамяцтва павінна стаць штодзённым клопатам усяго беларускага грамадства.
Культура і жыццё напракат
Апошнія 25 гадоў кіраўніцтва Беларусі прымала самыя энергічныя захады на замену беларускіх асноваў жыцця на формы прышлыя, не нашыя, на чужыя для нашай краіны. Пры развітай нацыянальнай культуры і дасканалай сістэме нацыянальнай асветы наш народ быў бы нацыянальна і духоўна на вышыні культуры. Беларуская школа, як важнейшы сегмент асветы і культуры народа - вялікая перашкода на шляху русіфікацыі, таму выхаванае на камуністычных стэрэатыпах кіраўніцтва пачало знішчаць беларускія нацыянальныя сімвалы і беларускія школы, касуючы некаторыя беларускія выдавецтвы і перыядычныя выданні, не дапускаючы беларусізацыі ўніверсітэта.
Ужо ў 1995 г. наша родная мова была на вышыні Адраджэння - блізу 80% вучняў вучыліся па-беларуску. І гэты паказнік інтэнсіўна рос у сістэме беларускай школьнай адукацыі. Тэлебачанне і радыё былі фактычна беларускімі. Адраджэнне паступова ахоплівала многія сферы жыцця: садок, школа, радыё, тэлебачанне, тэатр, музеі, войска, міліцыя і да т.п. Беларускія радыё і тэлебачанне, візуальная рэклама і этыкеткі харчовых прадуктаў і іншых тавараў былі для многіх жыхароў школай роднай мовы.
І вось узнікла недарэчная думка: увесці ў Беларусі другую дзяржаўную мову - рускую. Для чаго гэта рабілася, зразумела, - для хутчэйшай русіфікацыі беларусаў. Вынікі мы зараз і спажываем, цяпер у нашай дзяржаве фактычна пануе мова адна - чужая, навязаная мова суседняй дзяржавы. Няма дэклараванай Канстытуцыяй роўнасці дзяржаўных моў - беларускай і рускай. Родная беларуская мова дзяржаўнымі чыноўнікамі не паважаецца, не ўжываецца, не лічыцца за неабходную. І на агульнадзяржаўным узроўні стаўленне да беларускай мовы, як да другаснай, яе не пускаюць у шырокі свет, ва ўсе сферы ўжытку. У шапіках "Белсаюздруку", нават не ва ўсіх, прадаецца самы абмежаваны асартымент беларускай перыёдыкі. Нават афіцыйныя выданні ("Полымя", "Маладосць", "ЛіМ" і іншыя) не купіць. А ў кніжных аддзелах супермаркетаў прадаецца толькі маскоўская і піцерская прадукцыя, а беларускай газеты, часопіса ці кнігі са свечкаю не знойдзеш. І, фактычна, напракат узята ўсё чужое: мова, песні, канцэрты, пераважная колькасць перадач на радыё і тэлебачанні, і г.д. і да т.п. Рыхтуюць дзяцей да ўдзелу ў розных канцэртах і конкурсах спяваць песні рускамоўныя. Беларуская мова замоўшчыкамі і аўтарамі тых канцэртных праграмаў ігнаруецца. Маладыя выканаўцы спяваюць свае песні, ці іншых аўтараў, па-руску, па-ангельску. Такім чынам яны самі сябе выключаюць з кантэксту беларускай культуры. І вярнуцца ў яе без асноваў той самай культуры будзе цяжка...
Журналісты, якія працуюць на 1-м радыёканале і радыёканале "Культура", асабліва ў рубрыках "Дыялогі пра культуру" і ў дзіцячай перадачы "ДНК", часта толькі аб'яўляюць па-беларуску тых, хто прымае ўдзел у перадачы, а далей ідзе: "Здравствуйте!" і г.д. У дадзеным выпадку дэманструецца ўпэўненасць, што гаварыць пра культуру на беларускай мове нязручна, неактуальна, па-просту не варта. Пра ўсё можна гаварыць на роднай мове, і пра культуру ў першую чаргу - грунтоўна, пераканаўча, праўдзіва і ўпэўнена. Гэта добры прыклад і школа - гаварыць і з дзецьмі, і з дарослымі на роднай мове. А ў нас, аказваецца, незлічоная колькасць дзеячоў культуры, нават тых, якія ведаюць мову, каторыя лічаць, што гаварыць на беларускай мове зусім неабавязкова. Радуюць іншыя, станоўчыя, факты, калі, напрыклад, на канале "Культура" дзеці, і нават зусім малыя, са сваёй шаноўнай выхавацелькай, а ў апошні час з журналісткай канала спадарыняй Наталляй, вядуць цікавыя перадачы і паказваюць выдатныя веды роднай мовы, прымаюць удзел у цікавых перадачах, звязаных і з моваю, і з фальклорам, і з навыкамі маўлення. І на 1-м канале радыё шмат цікавых перадач на літаратурныя тэмы, па гісторыі, беларусазнаўству наогул.
Яшчэ прыкрыя факты. На квітках у Вялікім тэатры оперы і балету напісана лацінкаю "Bolschoy teatr"... А да 200-гадовага юбілею вялікага кампазітара С. Манюшкі на партрэце класіка было напісана "200 лет". Дык што нейкія квіткі?... У тэатры ўсе спектаклі ідуць на мове арыгіналу, а пусціць цітры па-беларуску ў дырэкцыі не хапае волі і жадання. І галоўнае, у тэатры фактычна адсутнічае беларускі рэпертуар! А ў дзяржаўным лялечным тэатры ўжо з год як не ідуць беларускія ці беларускамоўныя спектаклі, хаця і ў лепшыя часы існавання тэатра ў яго рэпертуары былі адзін-два спектаклі беларускія. Ці не падстава гэта для непакою Міністэрству культуры, ды і грамадству? І раптам галоўны рэжысёр тэатра ўзнагароджваецца ордэнам Ф. Скарыны. За русіфікацыю тэатра?!
Вялікіх артыстаў, якія прысвяцілі сваё жыццё беларускай песні, такіх, як Міхась Забэйда-Суміцкі, Пётр Конюх, зусім не пачуеш на хвалях беларускага радыё, а на тэлебачанні - тым больш. Няма нават такой практыкі, каб даць песні ў эфір, ці зрабіць перадачы пра выдатных выканаўцаў беларускай песні, як гэта было на пачатку 90-х гадоў. Праўда, на радыёканале "Культура" адзін раз давялося паслухаць перадачу і кароткі канцэрт М. Забэйды-Суміцкага. Нарэшце! Не пачуеш ні на тэлебачанні, ні на радыё цяперашніх выдатных выканаўцаў - Данчыка, Сокалава-Воюша, В. Пархоменкі, дзесяткі іншых песняроў і гуртоў з Беларусі, якія ў спісе непажаданых для афіцыйнага эфіру - з падачы кантралёраў ад культуры і прыўладных сродкаў масавай інфармацыі. Замест сваіх артыстаў тут часта гасцююць заезджыя, кшталту Пугачовай, Галкіна, Кіркорава, Баскава ды шэрагу іншых выканаўцаў, якія да спадобы кіраўнікам Беларускай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Да спадобы ім і такі "шэдэўр" - "Ленін такой молодой...", які выцягнулі з нафталінавай скрыні.
Мультфільмы для дзяцей круцяць дзень і ноч, значная палова з іх - духоўнае смецце і перашкода для развіцця дзяцей. Круцяць тады, калі дзецям ужо трэба спаць і многія ўжо спяць. Усе мульцікі ідуць спрэс на рускай мове. Шмат у якіх мульціках мы бачым страшыдлаў, монстраў, пачварных стварэнняў. Выбухі, грукат, страляніна... А якія імёны ў гэтых "герояў" мультфільмаў: Арыстоцель, Леанарда, Данатэла, зялёная жаба Мона Ліза. І дзеці не разумеюць, чаму Мона Ліза - гераіня партрэта-шэдэўра выдатнага сусьветна-вядомага мастака і творцы Леанарда да Вінчы - не можа быць жабаю... Дзіця ж першы раз сустракаецца з гэтым імем, і менавіта ў вобразе жабы. Навошта і каму патрэбна з такою "пашанаю" прадстаўляць дзецям прозвішчы невядомых ім яшчэ славутых дзеячоў, якімі ганарыцца чалавецтва?! Ці не лепш аберагчы нашых дзяцей ад гэткіх "шэдэўраў" мультыплікацыі? Многія мультфільмы самі па сабе ўяўляюць жудасны набор карыкатурных вобразаў. Памеры іх расцягнуты да велічыні кінасерыялаў, і так жа ідуць: бясконца, на некалькіх каналах. Гэта можна назваць мульцяшным нашэсцем, у якім няма ніякага сэнсу і прасвету. Дзеці прывязваюцца да гэтых паказаў, да тэлевізара, да любога гаджэта, і ўжо залежныя ад іх. Гэта перашкаджае дзецям нармальна развівацца, а часам спараджае канфліктную сітуацыю са старэйшымі людзьмі ў сям'і, якія не могуць пераносіць такога антымастацтва. Вось, напрыклад, цытата з аднаго мульціка ў сцэне з пачварамі: "Отложим на завтра продолжение рода, а то у меня развяжутся яйца"...(?!)
Апрача гуманістычнага пачатку, мультфільм, як любы твор мастацтва, павінен мець у аснове ясную, прыгожую фабулу і, не менш важна - нацыянальную аснову, родныя вобразы, такія ж свойскія імёны герояў. Інакш, што дзеці вынясуць у сваё жыццё? Чужыя гісторыі, чужое наваколле, чужыя імёны!
Створана ўражанне, што ў Беларусі ў гэтай галіне - тундра, нічога няма. Нават пасля беларускай, усімі любімай "Калыханкі" і кароткай беларускай інтэрмедыі, абавязковы дадатак - мульцік па-руску. А дзе ж беларускія мультфільмы, пра якія часта пачуеш размовы на розных кінафорумах і на тым жа канале "Культура"? А для кіраўнікоў Белтэлекампаніі прасцей браць напракат тое, што ляжыць побач, або нават за далёкай мяжой, чым ствараць сваё. Вось такія яны інтэрнацыяналісты! Але хопіць нам ужо такога інтэрнацыяналізму! Хопіць калечыць беларускіх дзяцей! Ёсць у Беларусі энтузіясты-патрыёты, якія ў гэтай галіне дзейнасці прадублявалі каля 30 кінафільмаў і мультфільмаў. Ёсць у нашай культуры мультыплікацыі і свае шэдэўры, створаныя ўжо ў наш час. Гэта, напрыклад, мультфільм "Будзьма Беларусамі!", у якім за 10 хвілін можна ўбачыць шмат цікавых старонак з гісторыі Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, з гісторыі БНР і сённяшняга часу. Ёсць серыя пазнавальных мультфільмаў пра нацыянальныя гербы, замоўленыя Міністэрствам культуры ў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". У гэтых фільмах галоўныя якасці - мова і выкананне. Хаця пераважны матэрыял - пра гербы, якія прыдуманы ў ХХ - пач. ХХІ ст. Але кіраўнікам БТ, відаць, і гэта зусім не да спадобы, бо нават фільм пра гербы не дапушчаны ў пракат.
На Беларускім тэлебачанні ўжо колькі гадоў функцыянуе такая ж самая праграма, як і ў Маскве: "Времечко". З дабаўкаю - "Белоруское" (?!). Навошта шукаць беларускім журналістам і кіраўнікам тэлекампаніі штосьці сваё, арыгінальнае і нечаканае? Калі за іх іншыя ўжо прыдумалі! Зразумела, што маскоўскія калегі не будуць спаганяць з беларускіх за маральныя страты ад плагіяту (што відавочна). Яны ж яшчэ могуць сказаць: "Отлично! Они же такие самые, как и мы!".
І, нарэшце, самае прыкрае, што існуе ў практыцы прыўладных начальнікаў, гэта замоўчванне ў праграмах радыё, тэлебачання і СМІ лепшых нацыянальных творцаў: пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, музыкаў і спевакоў, іншых дзеячоў, якія прафесійна ведаюць беларускую культуру і з'яўляюцца носьбітамі яе, людзей абазнаных і кампетэнтных. І набярэцца такіх людзей у краіне каля мільёна, калі ж улічыць іх родных, сем'і, сваякоў, то будзе ўжо каля 3 мільёнаў. Яны ўсе непажаданыя людзі для чыноўнікаў-русіфікатараў.
Кіно, як з'ява і прадукт беларускай нацыянальнай культуры, адсутнічае амаль цалкам. Ці можна з валу ўсёй прадукцыі амаль 100-гадовага творчага набытку набраць хаця б з пару дзясяткаў сапраўды нацыянальных карцін? Тут заўважым, што мова ў кіно, як наогул у мастацтве, важны элемент твора. Але мы глядзім армянскія, грузінскія, італьянскія, кіргізскія, французскія, японскія фільмы, дубляваныя, - і мы іх пазнаём і ўспрымаем як аўтэнтык! Тут усё на месцы: і вобразная сістэма, і мянтальнасць, і характары, і паводзіны герояў, і іншыя складнікі твора кінамастацтва. А нам толькі даводзіцца шкадаваць, што з нашай багатай гісторыяй і культурай не знайшлося такіх майстроў кіно (або не былі запатрабаваныя), якія маглі б паставіць класны фільм пра Беларусь, пра нас. Варта прыгадаць, што на "Беларусьфільме" здымалі фільм пра расейскага цара... Каментары залішнія! Толькі пытанне ўзнікла: для чаго?! Для чаго гэта спатрэбілася пастаноўшчыкам?! Ёсць і мастацкія ўспышкі - гэта калі над фільмамі працавалі ці У. Корш-Саблін, ці В. Тураў, ці В. Коўтун, ці У. Караткевіч, ці А. Адамовіч, ці Л. Шапіцька, ці мастацкі фільм "Чужая Бацькаўшчына" паводле В. Адамчыка. А так, з большага, арсенал беларускай кінематаграфіі вельмі слабы, як прафесійна, так і з-за слабой прывязкі да беларушчыны, або зусім з-за адсутнасці гэтага важнага мастацкага кампанента. Рэпертуар пракатных расейскіх кінастужак, якім запалонены ўсе тэлеканалы, - як правіла, гэта фільмы з крымінальным сюжэтам, дзе пануюць гвалт, страляніна, атручанне, забойствы, крадзеж і г.д. І гэта шматсерыйнае "кінамастацтва" пануе на нашых экранах, разбураючы беларускую культуру і свядомасць народа.
А вось творчасць ужо Урада Беларусі. На ўсіх заправачных пунктах краіны красуецца такі лагатып - "Белоруснефть". Гэта ж каланіяльная назва! А чаму не "Беларусьнафта"? Нацыянальным парламентам нашай краіны зацверджана яе назва Рэспубліка Беларусь, і менавіта напісанне па-беларуску - Беларусь - абавязковае для ўжывання на афіцыйным узроўні і на іншых мовах свету. А гэты лагатып "красуецца" ужо 29 гадоў, калі не больш! Прыклады ігнаравання роднай мовы падаюць і іншыя дзяржаўныя манапалісты. За імі не адстаюць і прыватныя камерцыйныя аб'яднанні. Напрыклад, беларуская мова на ўпакоўцы малочных і іншых прадуктаў - рэдкае выключэнне. Можна было б ганарыцца Брэст-Літоўскай малочнай прадукцыяй, калі б кампанія не ігнаравала беларускую мову. Вытворцаў малочных прадуктаў, якія падаюць сваю прадукцыю на беларускай мове, можна палічыць на пальцах рукі. Сярод іх гарадзенскі "Малочны мір" (па сапраўднаму трэба "Малочны свет"), менскі малочны завод (марка "Стары Менск"). І гэта выдатна! Гэта добры прыклад для ўсіх. У краіне вы не ўбачыце, бадай, ні адной крамы, дзе на прылаўках прапанаваліся б прадукты (тавары) па-беларуску (морква, бульба, цыбуля, алей, вяршкі і г.д.). А далей - больш: менавіта Саўмін Рэспублікі Беларусь у свой час выдаў Указ, згодна з якім беларускай мове не знайшлося месца на таварных этыкетках. Ды і назвы крамаў, устаноў грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання і іншых, у Менску, за Менскам, і паўсюль па Беларусі з большага рускамоўныя.
А цяпер увага!: у Менску асвойваецца новая, "сіндікатская", мова, і першыя яе крокі ўжо відавочныя. Для тых, хто не разумее, пра што ідзе размова, інфармуем - на вуліцах Гарадскі вал і Харужай з'явіўся "Сіндікатъ". Сіндыкатчыкі стрыгуць, голяць і робяць прычоскі мужчынам. Напісана на рускай дарэформеннай мове, якая існавала да 1918 г. Наколькі трэба быць далёкім ад беларускіх праблем, як можна не паважаць Беларусь, даючы чыноўніцкі дазвол на выкарыстанне такой бязглуздзіцы, на вяртанне імперскіх сімвалаў?! У Верхнім горадзе, дзе гістарычная забудова, і ў Віленчуках (так называюцца тут гандлёвыя рады), у візуальнай інфармацыі таксама ўжываецца руская мова, ды яшчэ дарэформеннага часу. Тут уся архітэктура носіць беларускую адметнасць, беларускі нацыянальны характар, а мова, чужая гэтай архітэктуры, разбурае вобраз горада, знішчае беларускі характар Высокага Рынку.
Значную ролю ў духоўнасці народа адыгрывае царква. Каталіцкі касцёл пайшоў на беларусізацыю сваёй дзейнасці, і гэта станоўча ўспрымаецца беларускім грамадствам і садзейнічае пашырэнню колькасці каталікоў. Уніяцкая царква духоўную службу вядзе традыцыйна па-беларуску. Некаторыя рэфармацкія цэрквы не цураюцца беларускай мовы. А вось праваслаўная царква, дэкларатыўна беларуская, а па факту пад кантролем Маскоўскага патрыярхату падкрэслена вядзе неабмежаваную шавіністычную дзейнасць. Паглядзіце толькі на прадукцыю крамаў, у якіх прадаюцца рэлігійныя выданні з Масквы, царкоўная літаратура, сувеніры, абразы... Татальна тут усё на патрэбу не столькі хрысціянскай, колькі рускацэнтрычнай душы. На беларускай мове вы не знойдзеце нават кішэннага праваслаўнага каляндарыка, не гаворачы ўжо пра нешта большае. Сярод усяго, што прадаецца, кідаецца ў вочы малітоўнік для праваслаўнага жаўнера пад трыкалорам расейскага сцяга і прапагандысцкімі клішэ "Моя Родина Россия" и г.д. (прызначаны для беларускага маладога воіна?!..). Зразумела, гэтая царква, як пухліна на беларускім целе, патрабуе аператыўнага ўмяшальніцтва. Яна застаецца аўтарытэтам для ўсяго састарэлага і аджыўшага. У яе няма ніякай будучыні на нашай, беларускай зямлі. Апафеозам пракатных праектаў з'яўляецца парад у Менску 3 ліпеня. Тут цалкам скапіявана дзейства з Краснай плошчы. Тут роднай мовы і ў зародку няма. Гучаць пахвальныя словы пра ваеныя часткі, пра навучальныя ўстановы, ці пра ўзнагароды імя Кутузава, Суворава, барабаняць навучэнцы Сувораўскай вучэльні і г.д. Вось такая беларуская незалежнасць з Суворавым! Без роднай мовы, без нацыянальных герояў! Дзе ўжо тут быць Усяславу Полацкаму, Вітаўту Вялікаму, Канстанціну Астрожскаму, Радзівілам, Кастусю Каліноўскаму і іншым?! А больш чым 1000-гадовая ваярская слава нашых продкаў замоўчваецца цалкам!
Незалежнасць - гэта якраз родная мова, у тым ліку і ў войску, у беларускіх ВНУ, у беларускай школе; гэта беларуская культура ва ўсіх яе праявах, якія робяць людзей Народам.
Калі ж канцэрты ладзяць на тэму апошняй вайны, то тут нізкапаклонства зашкальвае: песні пра вайну і перамогу ўсе напракат. У чарговы раз ствараюць уражанне пра беднасць беларускага рэпертуару, і наогул нібыта Беларусь не суверэнная краіна, а Северо-Западный край. Але беларускі рэпертуар і на ваенную тэму зусім не бедны і бярэ пачатак яшчэ з ваеннага часу: Янка Купала ўжо ў 1941 г. напісаў свой геніяльны верш "Беларускім партызанам", а народны артыст Анатоль Багатыроў на гэтыя словы напісаў кантату; Якуб Колас, Аляксей Пысін, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк ды іншыя літаратары напісалі шмат выдатных твораў на тэму вайны. Толькі Адам Русак разам з кампазітарамі напісаў звыш 300 песень, сярод якіх нямала і пра вайну. Анатоль Астрэйка ў партызанскім атрадзе ў лесе выдаў кнігу паэзіі "Слуцкі пояс", а песні, хоры, кантаты Семянякі, Багатырова, Алоўнікава, Лучанка, Мулявіна і іншых аўтараў - гэта наша духоўнае багацце, наша стратэгічная здабыча! Нашыя выканаўцы іх ведаюць, але не выконваюць - такая замова!
Пасля 25 гадоў чакання мы павінны зразумець, што пытанні адраджэння беларускай школы, беларускага тэлебачання, радыё, тэатра (у некаторых гарадах - рускамоўныя тэатры) і культуры цалкам залежаць ад нас саміх. Ні ў воднай краіне Еўропы такога няма, каб маладыя людзі - выпускнікі школ, вышэйшых навучальных устаноў - не валодалі роднай моваю. А вось у нас гэта "нармальны" стан грамадства. У Беларусі нібыта можна выбіраць мову. А выбар магчымы пасля таго, як чалавек атрымаў сярэднюю адукацыю на чужой мове. Вось і выбар! Выбар не беларусаў, а ворагаў беларушчыны! Сённяшні стан беларускай мовы не можа не хваляваць здаровае беларускае грамадства, якое дбае пра развіццё чыннікаў, якія завязаны на мове, а ў выніку - на паступовае яе развіццё.
Дзеля паступовага адраджэння роднай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а найперш у школе, неабходныя захады давайце зробім у галоўным:
v Беларускі Буквар прывесці да нормы, у адпаведнасці з беларускімі асаблівасцямі і часам (ХХІ ст.). Звярнуць асаблівую ўвагу на мастацкае аздабленне першага падручніка беларускіх шкаляроў. Буквар павінен адпавядаць вышыні беларускага кніжнага мастацтва;
v Беларускі Буквар павінен вывучацца ва ўсіх школах краіны, у тым ліку ў рускамоўных, у польскіх і літоўскіх;
v запабегчы знішчэнню беларускіх школ там, дзе яны яшчэ фармальна існуюць. Ускласці адпаведныя абавязкі на мясцовыя ворганы ўлады і грамадскія структуры;
v прапануем аператарам мабільнай і тэлефоннай сувязі ўключыць у рэпертуар сваіх вяшчальных праграмаў лепшыя беларускія калыханкі, беларускія народныя казкі, дзіцячыя лічылкі, вершы, показкі, іншы дзіцячы фальклор, песні для дзяцей беларускіх аўтараў, мультфільмы, беларускую і сусветную музычную класіку, лепшыя беларускія песні. Гэты матэрыял часткова знаходзіцца ў архіве Беларускага радыё і тэлекампаніі;
v прапануем беларускім камерсантам прыняць удзел у выданні гэтых матэрыялаў у выглядзе кніг, дыскаў, на іншых носьбітах інфармацыі;
v разам з тым аператарам тэлефоннай сувязі прапануем крытычна паставіцца да вяшчальнага рэпертуару і прывесці яго ў адпаведнасць з мастацкімі крытэрамі і задачай развіцця беларускай мовы, пазбавіцца ад антымастацкіх праяў у галіне музыкі і слова - творы на беларускай мове павінны стаць галоўным зместам вяшчання;
v вяшчальны рэпертуар усіх тэлефонных аператараў (A1-Velcom, MTC, Life) прывесці да высокіх узораў музычнай класікі, даваць у эфір самыя лепшыя музычныя творы класікі, эстрады, беларускага фальклору, народнай музыкі;
v усю візуальную інфармацыю ў Беларусі прывесці ў адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь ад 16.11.2010 №190-З "О наименованиях географических объектов" (на рус. мове) - назвы вуліц, праспектаў, плошчаў, іншых геаграфічных аб'ектаў у першую чаргу пісаць абавязкова па-беларуску.
Мы заклікаем усіх патрыётаў краіны, якія не абыякавыя да лёсу сваёй Бацькашчыны, зрабіць важны крок па стварэнні новых беларускіх групаў у садках, першых класаў у школах, а то і школ - цалкам беларускіх. Важнай задачай таксама ёсць захаванне тых беларускіх школ і класаў, якія знаходзяцца ў вашым раёне ці мясцовасці. Усе навучэнцы 9-11 класаў прынцыпова павінны здаваць экзамен па беларускай мове, а значыць, імкнуцца да ведання роднай мовы. Студэнтаў заклікаем ствараць беларускамоўныя групы, курсы і плыні, скарыстоўваць любую магчымасць вучыцца на роднай мове. Гэта будуць крокі да стварэння нацыянальнай сістэмы адукацыі.
У сучасным грамадстве радыё і тэлебачанне маюць вялікае значэнне як у сэнсе распаўсюду інфармацыі, камунікатыўным, так і ў сэнсе культурным, адукацыйным і асветным. Як ёсць у розных краінах свету, так і ў рэспубліцы Беларусь павінны быць нацыянальныя радыё і тэлебачанне - па сутнасці і па мове, а не толькі па назве. Гэта нам дазваляе стварыць Беларуская дзяржава, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і, урэшце, воля народа. Мы бачым развязанне гэтай праблемы наступным чынам: Нацыянальная тэлерадыёкампанія стварае напачатку беларускі нацыянальны тэлеканал, а прадстаўнікі грамадства ад Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, ад Таварыства беларускай школы і іншых грамадскіх арганізацый ствараюць Грамадскую Назіральную Раду, якая і будзе ажыццяўляць кантроль над зместам і якасцю праграм тэлеканала. А затым, у бліжэйшы час, будзе створаны першы дзіцячы тэлеканал "АБВ", на якім мы будзем весці культурную, моўную, гістарычную асвету, на якім будуць ісці кінафільмы пра беларуска-вялікалітоўскую гісторыю, культуру, мастацтва. Тут можна будзе паглядзець мультыплікацыйныя, мастацкія і дакументальныя фільмы для дзяцей і моладзі на роднай мове. Сваё пачэснае месца зойме на канале і беларуская анімацыя. Гэтыя ініцыятывы дапамогуць нашай краіне ўзняцца з балота, у якое нас апусціла кіраўніцтва краіны, і пачаць развіваць нашую адукацыю і культуру. Цяпер жа Беларускае тэлебачанне за нашыя сродкі праводзіць русіфікацыю беларусаў. Дык няхай жа нашыя падаткі паслужаць аднаўленню беларускай культуры. Мы спадзяёмся, што гэтая тэма знойдзе падтрымку ў высокіх чыноўнікаў нашай краіны.
Дзеля аб'ектыўнага бачання сітуацыі мы павінны канстатаваць, з гонарам, і пра станоўчыя тэндэнцыі пашырэння роднай мовы ў нашым жыцці. Прыемна адначыць, што дакументальнае беларускае кіно кінастудыі "Летапіс" - рэальна існы факт. Яно мае відавочныя поспехі. У гэтай галіне кінамастацтва існуюць вялікія традыцыі і не менш вялікія дасягненні. Але сёння, ва ўгоду існаму рэжыму, не ўсё паказваецца, і новыя фільмы здымаюцца ўжо на рускай мове, што парушае прынцып пераемнасці і закладзеныя традыцыі.
Дабратворная рэчаіснасць і адносна правільная моўная практыка склаліся за апошнія гадоў 10-ць у Менскім метрапалітэне. Візуальная інфармацыя падаецца на беларускай мове як кірыліцаю, так і беларускай лацінкаю, дзякуючы светлай памяці выдатнай мовазнаўцы, прафесару Валянціне Лемцюговай - што ў свой час абяцаў зруйнаваць былы намеснік старшыні Менгарвыканкама Карпенка. На вялікае шчасце, захоўваецца практыка напісання населеных пунктаў па беларуску па ўсёй краіне. На жаль, не ўсе назвы адпавядаюць рэальным беларускім найменням, таму што не выконваецца, а часта байкатуецца мясцовымі ўладамі Закон Рэспублікі Беларусь ад 16.11.2010 № 190-З "О наименованиях географических объектов" (на рус. мове), які патрабуе назвы геаграфічных аб'ектаў, у тым ліку іх частак - вуліц, завулкаў, плошчаў і т.п. - абазначаць на беларускай мове з транслітарацыяй (а не ў перакладзе!) на рускую мову. Але гэта ў Менску... А за межамі Менска гэтая практыка не пашыраецца, нават новыя шыльды з назвамі вуліц, плошчаў, як і раней, падаюцца на рускай мове. Варта толькі пераступіць гарадскую мяжу і трапіць у Менскі раён: Паперня, Сёмкаў Гарадок, Тарасава, у многія іншыя вёскі і мястэчкі, то мы нібыта трапляем у Тамбоўскую або Калужскую губерню - усё па-руску: назвы вуліц, шыльды на крамах, установах, аб'ектах сэрвісу і г.д. Як гэта тлумачыцца - няведаннем Закона мясцовым чынавенствам, ці нежаданнем яго выконваць?! І пад прымусам закона вертыкальнае чынавенства не хоча шанаваць беларускую мову.
У дадзеным пытанні Менгарвыканкам трымаецца артыкулаў згаданага Закона. Аб'явы назваў прыпынкаў у гарадскім транспарце прамаўляюцца па беларуску. І, нарэшце, апошнім часам, назвы станцыяў пачалі абазначаць як кірыліцаю, так і беларускай лацінкаю, на чыгуначных станцыях у межах горада Менска. На вакзалах беларускіх гарадоў існуе сучасная тэхналогія падачы інфармацыі, дзе знойдзена месца і для роднай мовы, як мовы-гаспадыні ў нашай краіне.
Дык памножым гэты станоўчы досвед, даб'ёмся сапраўднага адраджэння беларускай мовы. Без удзелу народа гэтая праблема не зрушыцца з месца.
За працу - усе разам! А галоўнае ў гэтай працы - стварэнне беларускіх садкоў, беларускіх школ, беларускамоўнага канала на Беларускім тэлебачанні, беларускага ўніверсітэта.
Акаловіч Леанід, святар, педагог, журналіст;
Купала Мікола, сябар Беларускага саюза мастакоў;
Лагвінец Аляксандр, палітолаг;
Крымоўскі Зміцер Леанідавіч, філолаг;
Жлутка Алесь Анатолевіч, вяд. нав. супрацоўнік інстта гісторыі НАНБ;
Барвенава Ганна Аляксандраўна, кандыдат мастацтвазнаўства;
Качаноўская Наталля, лінгвіст, сябра ТБМ;
Малаковіч Надзея, настаўнца беларускай мовы, сябра ТБМ;
Грынкевіч Ігар Уладзіміравіч, вайсковы пенсіянер, фінансіст, дзед чатырох унукаў;
Жыбуль Віктар, літаратар;
Зайкоўскі Эдвард Міхайлавіч, кандыдат гістарычных навук;
Азёма Уладзімір Пятровіч, сябар ТБМ;
Кароткая Тамара Мікалаеўна, філолаг;
Латушка Кацярына Яўгенаўна, архітэктар;
Чайкоўскі Павел, філолаг, сябар ТБМ;
Міцкевіч Тамара Іванаўна, інжынер;
Міцкевіч Сяргей Міхайлавіч, інжынер.
Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Адным з асноўных падмуркаў нацыянальна-культурнага Адраджэння з'яўляецца сярэдняя і вышэйшая школа. У сваю чаргу, нельга вырашыць задачы нацыянальнага Адраджэння без фарміравання нацыянальнай самасвядомасці.
Эфектыўнасць фарміравання нацыянальнай самасвядомасці праяўляецца ў дзвюх формах: тэарэтычнай і практычнай. Дзвюм формам, на наш погляд, адпавядаюць і дзве групы крытэрыяў эфектыўнасці.
Першая група: гэта веды нацыянальнай мовы, гісторыі і культуры, веды аб сутнасці нацыі і нацыянальных адносін.
Другая група: гэта выкарыстанне атрыманых ведаў, іх прапаганда, што праяўляецца ва ўчынках, дзеяннях і паводзінах асобы.
Вядомы рускі педагог К.Д. Ушынскі сцвярджаў, "што толькі тое выхаванне добратворнае, якое абапіраецца на нацыянальныя карані". Па-гэтаму, пакуль сярэдняя і вышэйшая школа не стануць па-сапраўднаму нацыянальнымі, разлічваць на поспех у падрыхтоўцы нацыянальна-свядомых спецыялістаў немагчыма.
Сёння трэба не толькі гаварыць, але і рабіць рашучыя крокі па стварэнні беларускай нацыянальнай педагогікі, найпершым абавязкам якой будзе пошук і выкарыстанне формаў, метадаў, сродкаў фарміравання нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі.
Беларуская культура шмат страціла за вякі сваёй трагічнай гісторыі. Тым не менш на Беларусі яшчэ існуе многа мясцін, якія захавалі сваю этнаграфічную самабытнасць і непаўторнасць. Менавіта праз веды прыгажосці і непаўторнасці вось такіх мясцін выхоўваецца любоў да роднага краю, Радзімы ў моладзі. Па-гэтаму, на нашу думку, сёння трэба на ўсіх факультэтах універсітэтаў і педагагічных інстытутаў чытаць у дастатковым аб'ёме дысцыпліны "Краязнаўства", "Беларусазнаўства".
Мова - гэта не толькі сродак зносін, мыслення, захавання культуры, але яна і кансалідуе нацыю. Многія выкладчыкі не ўспрымаюць дзяржаўную мову і тым самым з'яўляюцца асноўным тормазам у фарміраванні самасвядомасці ў студэнтаў. Па-гэтаму сёння пры камплектаванні кафедр трэба адцаваць перавагу маладым выкладчыкам з добрымі ведамі беларускай мовы.
Што сёння засвоіць студэнт, заўтра аддасць сваім выхаванцам (навучэнцам). Па-гэтаму адной з асноўных задач вышэйшай школы павінна быць задача выхавання нацыянальных педагагічных кадраў з высокім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай годнасці.
Падводзячы вынікі сацыялагічнага даследавання, праведвенага на аддзяленнях беларускай і рускай філалогіі двух дзяржаўных універсітэтаў (Беларускага і педагагічнага), хацелася б адзначыць, што пры аналізе атрыманай інфармацыі, на нашу думку, трэба ўлічваць тое, што ў даследаванні прыняла ўдзел амаль 100-працэнтная жаночая аўдыторыя. На філалагічных факультэтах студэнтаў-мужчын практычна няма. Па-гэтаму, зыходзячы з сацыялагічнай практыкі, можна засведчыць, што ў адказах рэспандэнтах прысутнічае завышаная самаацэнка, менш крытычныя адносіны да сваіх ведаў, да сябе, як да асобы, чым, напрыклад, у рэспандэнтаў-мужчын.
Параўноўваючы вынікі сацыялагічнага даследавання сярод студантаў філалагічных факультэтаў з першапачатковымі вынікамі даследавання сярод студэнтаў гістарычных дысцыплін, можна зрабіць выснову: першыя лепш ведаюць беларускую мову, другія - гісторыю Беларусі.
Гэта і заканамерна, зыходзячы з асноўных праграм і методык вучэбна-выхаваўчага працэсу кожнага факультэта. Але ж хацелася б адзначыць наступнае: амаль палавіна студэнтаў-гісторыкаў лічыць, што далучэнне зямель Беларусі да Расіі затрымала яе эканамічнае і культурнае развіццё. Студэнты-філолагі амаль усе лічаць гэтае далучэнне адной з важнейшых гістарычных падзей Беларусі XI-XIX стагоддзя. Прычым студэнты факультэта рускай філалогіі нават пісалі не "далучэнне", а "аб'яднанне", "уз'яднанне", мяркуючы, што гэта быў быццам бы добраахвотны саюз.
Вынікі даследавання сведчаць, што як і ў студэнтаў беларускай філалогіі, так і рускай, адны і тыя ж любімыя беларускія пісьменнікі, паэты, акцёры, рэжысёры. А гэта значыць, што яшчэ не ўсё знішчана, што не канчаткова яшчэ знішчана любоў да ўсяго беларускага, да свайго краю нават у студэнтаў рускай філалогіі. Трэба толькі падмацоўваць гэтую любоў усімі магчымымі сродкамі: лекцыямі ў ВНУ, сродкамі масавай інфармацыі, сямейным выхаваннем і цесным кантактам сям'і і вышэйшай школы, правільным падборам педагагічных кадраў і г.д.
Вяртанне моцна асіміляванага беларускага народа да сваіх каранёў - працэс вельмі цяжкі і складаны. I сёння ўсяму беларускаму народу, і ў першую чаргу моладзі, трэба зразумець, што ўвайсці як у еўрапейскую, так і ў сусветную цывілізацыю можна толькі з высокім узроўнем нацыяльнай самасвядомасці, з цвёрдым уяўленнем аб сабе як аб самастойным'' народзе.
АНАЛІТЫЧНАЯ ЗАПІСКА ПА ТЭМЕ "ФАРМІРАВАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ ВУЧНЁУСКАЙ МОЛАДЗІ"
Заказчык: Камісія Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны.
Выканаўца: Навукова-даследчы калектыў кафедры сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Адказны выканаўца тэмы: вядучы навуковы супрацоўнік К. Лапіч.
Навуковы кіраўнік: прафесар Г. Давідзюк.
З м е с т
Уступ.
§ 1. Нацыянальная самасвядомасць студэнтаў-юрыстаў (вынікі даследавання ў Беларускім інстытуце правазнаўства).
§ 2. Нацыянальная самасвядомасць і студэнцкая моладзь (вынікі даследавання на юрыдычным факультэце БДУ) .
Заключэнне.
Аўтарскі калектыў:
§ 1. Давідзюк Г.П.
§ 2. Лапіч К.Г. (уступ, заключэнне).
Уступ
Згодна з праграмай даследавання, навукова-даследчай групай пры кафедры сацыялогіі Белдзяржуніверсітэта ў 1994 г. працягвалася вывучэнне ўмоў фарміравання нацыянальнай самасвядомасці студэнцкай моладзі.
Пацверджаннем актуальнасці распрацоўкі праблем фарміравання нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі з'яўляецца артыкул 4 Закона аб адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991 г., дзе падкрэсліваецца, што "адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца для фарміравання і ўмацавання нацыянальнай самасвядомасці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь..."
Сярэдняя і вышэйшая школы павінны сёння рыхтаваць спецыялістаў не толькі з высокім узроўнем агульнай і прафесійнай адукацыі, але і з высокім пачуццём нацыянальнай самасвядомасці, здольных актыўна садзейнічаць нацыянальна-культурнаму Адраджэнню.
Сацыялагічнае даследаванне праводзілася сярод студэнтаў-юрыстаў двух вышэйшых навучальных устаноў: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага інстытута правазнаўства па метадзе 25%-най квотнай выбаркі. Усяго ў анкетным апытанні прынялі ўдзел: 200 чал. (1- 4 курсы) - інстытут правазнаўства; 300 чал. (1- 5 курсы) - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Акрамя анкетнага апытання ў працэсе даследавання былі прыменены метады: вывучэння дакументаў і нестандартызаванае інтэрв'ю.
§ 1. Нацыянальная самасвядомасць студэнтаў-юрыстаў
Аналіз матэрыялаў сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў кастрычніку - лістападзе 1994 г. на правазнаўчым факультэце Беларускага інстытута правазнаўства дазваляе зрабіць некаторыя высновы аб становішчы фарміравання нацыянальнай самасвядомасці ў студэнтаў гэтага інстытута.
Першае, пры гутарцы і адказах на пытанні студэнты праяўлялі вялікую стрыманасць, скованасць, больш таго, можна сказаць, запалоханасць. Хаця апытанне праводзіла студэнтка сацыялагічнага аддзялення БДУ, г.зн. па ўзросце і сацыяльным становішчы такая ж, як і апытваныя, цікавай гутаркі, дыскусіі па пастаўленых пытаннях не атрымалася, рэспандэнты стараліся адмаўчацца, а калі адказвалі на пытанні, то вельмі стрымана, з аглядкай, з выяўленнем страху. Пры гэтым праз кароткія, вылучаныя адказы свяцілася псіхалогія мазахізму, канфармізму. Самастойнасці, шырокага кругагляду, інтэлігентнасці, высокай свядомасці рэспандэнты не праявілі.
Другое, свядомасць студэнтаў вельмі засмечана камуністычнай ідэалогіяй. Амаль на ўсе пытанні яны давалі адказы, якія выцякаюць з камуністычных дагматаў, прынцыпаў, ідэй, шырока прапагандаваных сёння камуністычнымі газетамі, часопісамі. Так, 69% апытаных студэнтаў лічаць, што ў Рэспубліцы Беларусь павінна быць дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская. На пытанне "З якога гістарычнага перыяду, на ваш погляд, можна весці размову аб беларусах як самастойным народзе?" толькі 27% апытаных адзначылі: з часоў узнікнення Полацкага княства. Астатнія паказалі абсалютнае няведанне пытання. Некаторыя напісалі: з часоў аб'яднання Беларусі з Расеяй, іншыя - з часоў аб'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі (1939 г.), а каля 23 % апытаных такім перыядам назвалі ўтварэнне Рэспублікі Беларусь, г.зн. назвалі тое, што 70 гадоў прапагандавалася ўсёй ідэалагічнай сістэмай КПСС. Такі накірунак свядомасці даследваных студэнтаў становіцца яшчэ больш зразумелым, калі нагадаць, што 66% апытаных студэнтаў назвалі сваімі любімымі рэспубліканскімі газетамі "Советскую Белоруссию" (23%) і "7 дней" (43%), газеты, якія прытрымліваюцца па-ранейшаму камуністычных прынцыпаў, адабраюць дзейнасць пракамуністычных партый, прапагандуюць іх лозунгі: "Далой Віскулі", "Вярнуць СССР", "Вярнуць планава-камандную сістэму гаспадарання" і інш.
Мала чаго добрага атрымаюць тыя дзяржаўныя, гаспадарчыя ўстановы, куды прыйдуць на працу гэтыя сённяшнія студэнты. "Новага струменя" ў дэмакратызацыю нашай дзяржавы, тым больш у працэс нацыянальнага адраджэння яны з такой самасвядомасцю не прынясуць.
Трэцяе, студэнты паказалі слабыя веды па тэорыі дзяржавы і права, гісторыі беларускага права. Хаця ў анкетах прамых пытанняў па гэтых прадметах не было, але праз адказы на ўскосныя пытанні адлюстраваліся веды студэнтаў па гэтых дысцыплінах. На жаль, яны аказаліся не такімі, як хацелася б. Добра вядома, што дзяржава з'яўляецца крыніцай, сродкам і носьбітам нацыянальнай свядомасці. Яна не толькі садзейнічае, але ўсімі сваімі сродкамі выхоўвае нацыянальную самасвядомасць. У французаў, англічан, італьянцаў высокая нацыянальная самасвядомасць таму, што тысячагоддзямі дзяржава там прывівала нацыянальны гонар, патрыятызм, павагу да ўсяго нацыянальнага, перш за ўсё гонар за сваю мову, дзяржаву.
Даследаваныя студэнты не разумеюць гэтай вялікай ролі дзяржавы. На пытанне "Што, на ваш погляд, вельмі садзейнічае росту нацыянальнай самасвядомасці?" толькі 33% апытаных назвалі палітычны суверэнітэт рэспублікі, 64% з іх такім фактарам назвалі веды гісторыі свайго народа, 32% - эканамічную самастойнасць рэспублікі. Некаторыя такім фактарам назвалі нейкія тэрміновыя ўмовы. Напрыклад, 52% апытаных назвалі фактарам вельмі садзейнічаючым росту нацыянальнай свядомасці гонар за сваю дзяржаву, калі для гэтага ёсць эканамічныя і палітычныя падставы. Атрымліваецца, што паколькі сёння ў нас дрэннае эканамічнае, палітычнае становішча, то мы ўжо і не павінны ганарыцца нашай роднай Беларуссю, як бы яна вінавата ў тым, што яе да гэтага прывяла русіфікацыя, антыгуманная камандна-адміністратыўная камуністычная сістэма. Як бачым, прычына тут падмяняецца вынікам, пастаяннае - часовым.
(Працяг у наступным нумары.)
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк - нястомны арганізатар пілігрымак у Будслаў
У гэтым годзе ён прывёў у здзіўленне і захапленне парафіянаў і многіх людзей тым, што вырашыў здзейсніць незвычайную посную пілігрымку на монаколе з 29 чэрвеня па 2 ліпеня да абраза Маці Божай Будслаўскай.
Ксяндза Уладзіслава па праву можна лічыць ініцыятарам і нястомным захавальнікам традыцыі ўшанавання цудадзейнага Абраза Маці Божай Будслаўскай.
Яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя манаграфія пра гісторыю Будслаўскай базылікі была тэмай яго кандыдацкай дысертацыі. Настаяцель Чырвонага касцёла ў свой час прыкладаў шмат намаганняў па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол санктуарыя, апякуецца і цяпер гэтым святым месцам. Дзякуючы ініцыятыве і непасрэднаму ўдзелу ксяндза-каноніка, копія цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, - як сімвал адзінства хрысціян свету, - прысутнічае ў святых мясцінах іншых краін: Ізраілі, Францыі.
Вялікая заслуга, як ініцыятара, ксяндза-каноніка Уладзіслава мае месца ва ўключэнні "Урачыстасці ў гонар ушанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" у нематэрыяльную культурную спадчыну агульнанацыянальнага значэння і ўключэння гэтых урачыстасцей у лістападзе 2018 года ў Рэпрэзентатыўны спіс сусветнай спадчыны UNESCO.
Падчас штогадовага святкавання ўшанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай ксёндз-канонік Уладзіслаў шмат гадоў узначальвае посную пешую пілігрымку з Менска да Будслава (каля 80 чалавек). Людзі з розных куткоў Беларусі запісваюцца ў посную пілігрымку. Дзякуючы пробашчу Чырвонага касцёла былі арганізаваны пілігрымкі на лодках з Вільні ў Будслаў (2007 г., 308 км.), на роварах. Ксёндз Уладзіслаў заахвочваў людзей не толькі аўтобуснымі, але і новымі формамі і шляхамі пілігрымавання да Будслаўскай святыні. Па ініцыятыве святара-лётчыка Уладзіслава Завальнюка ў апошнія гады з'явілася паветраная пілігрымка на верталёце з Менска ў санктуарый Будслава.
Нягледзячы на тое, што ў гэтым, 2020 годзе, з-за каронавіруснай пандэміі адменены ўсе пілігрымкі, а дазволена толькі прыватна наведваць санктуарый, няўрымслівы актыўны пілігрым з Чырвонага касцёла - ксёндз-канонік Уладзіслаў асвоіў "новы напрамак і від" пілігрымавання - на монаколе.
29 чэрвеня ўсіх ахвочых, хто любіць гэтую язду, чакае Чырвоны касцёл на Святой Імшы ў 9 гадзін раніцы. Потым адбудзецца дабраслаўленне Мітрапаліта, Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і праезд па вуліцах Менска з ускладаннем кветак да помніка Перамогі.
А пасля гэтага мерапрыемства ксёндз-канонік Уладзіслаў будзе здзяйсняць чатырохдзённую посную пілігрымку на монаколе па прычыне сённяшняй аб'ектыўнай рэальнасці адзін.
Галіна Бельская.
Старшыні дырэкцыі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Іаганеса Рау Віктару Балакіраву ўручаны Крыж за заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія на стужцы
Навіны Германіі
4 чэрвеня 2020 года Пасол Манфрэд Хутарэр у рамках урачыстай цырымоніі ўручыў старшыні дырэкцыі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Іаганеса Рау Віктару Балакіраву Крыж за заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія на стужцы.
У сваёй прамове Пасол адзначыў шматгадовую працу Віктара Балакірава, якая накіравана на прымірэнне паміж немцамі і беларусамі, і яго дзейнасць у якасці дырэктара ММАЦ, які з'яўляецца найважнейшай двухбаковай платформай для грамадскага супрацоўніцтва.
Асабліва Пасол Хутарэр адзначыў унёсак Віктара Балакірава ў стварэнне ме-марыяльнага комплексу на месцы былого нацыянал-сацыялістычнага лагера смерці "Малы Трасцянец".
Сайт амбасады ФРГ.
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові
Віктар Шніп
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
БАЛАДА ВІКТАРА БАРАЎКО (1940 - 1988)
Твой светлы плашч, як восеньскае лісце,
Зноў на табе ахоплены агнём,
З якога аніколі тут не выйсці
І не згубіцца пад начным дажджом.
Твой плашч, як крылы, на якіх лятаеш
Над горадам, дзе раніца ідзе,
Дзе фарба дзьмухаўцова-залатая,
Нібыта мёд, разліта па вадзе
На Свіслачы, дзе човен адзінока
Няспешна ля Траецкага плыве.
І ты малюеш птушак на аблоках
І дым-туман на маладой траве,
І сцежку, што вужакаю віецца,
Знікаючы між камянёў з расой.
І матылёк аб шыбу разаб'ецца,
Нібы аб неба, лятучы з табой,
Згараючы, як восеньскае лісце…
Ды застануцца вучні, для якіх
Ты ёсць і будзеш, як ты быў калісьці,
На век у фарбах супыніўшы міг…
29.04.2019 г.
БАЛАДА КАСТУСЯ ТАРАСАВА (10.10.1940 - 20.03.2010)
З-пад снегу праразаюцца дарогі,
Як праз туман віднеюцца крыжы.
Крыжоў, нібыта лесу, густа, многа,
Але шчэ болей без крыжоў ляжыць
Тых, хто любіў няшчасную Айчыну,
Як сонца, што за хмарамі плыло.
Ты мог спакойна родны край пакінуць
І жыць чужым, нібы палын, святлом,
Не ўспамінаючы легенды, песні
Пра беларускіх волатаў, князёў.
На рэчках лёд, нібыта сцены, трэснуў,
І хлынула вада, нібыта кроў.
А кроў жа наша - не вада рудая,
Яна агонь: і ў слове, і ў зямлі,
Што нас, нібы грахі ў душу, прымае,
Каб мы яе пясчынкамі былі.
І пішаш ты пра нашы замкі, храмы,
І ў кожным сказе Беларусь жыве,
І Беларусь на карце - больш не пляма,
Не бруд дарожны на гнілой траве,
Калі з-пад снегу свецяцца дарогі,
Як праз туман віднеюцца крыжы,
З якімі ўсе ідзём, ідзём да Бога
Не паміраць, а ў Беларусі жыць...
23.03.2010 г.
БАЛАДА ВЯЧАСЛАВА МІХАСЁНКА (9.01.1941 - 12.11.2002)
"Ветрам паўночным
не шэрую гуску адбіла
Люта ад выраю - шызую хмару ўзняло
Сіверам свежым…", -
чытаеш і ў хаце астылай
Ты, нібы прывід,
ляціш над Заходняй былой.
Спяць пад табой адзінока пустыя хаціны
Тых хутароў,
што яшчэ не зраўняны з зямлёй.
Дворышч аціхлых платы,
як сівыя плаціны,
Толькі самоту адну ўжо трымаюць сабой.
На курганах палыны і дзядоўнік высокі
І ўжо сцяжыны да іх патанулі ў траве.
Крыж прыдарожны ў тумане,
на дрэве сарокі,
Быццам анёлы ў вандроўніка на галаве.
Курыш цыгарку,
па хаце няспешліва крочыш
З покуця ў покуць,
як з года пражытага ў год,
Быццам прамову сказаць
ты вялікую хочаш
Нам, землякам,
як прыдзем да цябе мы на сход.
Верш зноў складаеш
і ў цьмянай маркотнае ночы
З рамак няхітрых
удумна глядзяць са сцяны
Вочы дзядоў-хутаранцаў, разумныя вочы,
Тых, што стаялі за долю сваёй стараны.
6.05.2019 г.
БАЛАДА УЛАДЗІМІРА МУЛЯВІНА (12.01.1941 - 26.01.2003)
Чужое становіцца родным,
І песня спакойна плыве,
Нібыта па рэчцы палотны,
Нібыта буслы ў сіняве,
Праз душы людскія і сэрцы,
Праз вецер, снягі і гады
І нёманскай хваляю б'ецца
У бераг, дзе ў квеце сады...
Жывым будзе слова жывое,
Яно, як нябёсы, вада,
Люструе святло незямное,
Якое не ўсім тут відаць
У тым, што ў агні не згарае,
Не губіцца ў пыле гадоў,
А верыць усіх прымушае
У тое, што наша любоў,
Як замка высокага вежы,
Як зоры, як сонца, як Храм...
І раптам дарога, як снежань,
І раптам жыццё - напалам,
Нібыта гітара разбіта,
І струны парваны, і кроў,
Як сонца расплаўлены злітак,
Як наша да песні любоў...
4.06.2004 г.
БАЛАДА МІХАСЯ ТКАЧОВА (10.03.1942 - 31.10.1992)
Нішто не страчана і не забыта.
Калі ёсць крона, ёсць і карані.
Кальчуга воева кап'ём прабіта,
І холад праз кальчугу ў нашы дні
З варонамі ссівелымі ўлятае.
І ты ў зямлі шукаеш продкаў шчыт.
І шчыт знаходзіш ты, і адступае
Ад нашых дзён, як азіят, нябыт.
І ты штодня вяртаеш славу воям,
Агучваеш імёны на крыжах,
Хоць ты не Бог і не герой... Героем
Табе не стаць, ты іншы выбраў шлях,
І гэты шлях - нібы ўначы маланка,
Як лёт стралы, што ў ворага ляціць.
І Беларусь не плача паланянкай, -
Князёўнай на дзяцей сваіх глядзіць...
29.06.2008 г.
БАЛАДА НІНЫ МАЦЯШ (20.09.1943 - 19.12.2008)
Хавацца ад людзей - не для паэта,
Якому родны край - зусім не рай,
Якога і не будзе - знаеш гэта,
Бо гэта наш, як перад прорвай, край,
Якому ты сваё люблю сказала
У кожным вершы, што ў душы кіпеў
І слова кожнае кроў апякала,
Як сонца, у якім любоў і гнеў
Жывуць і жыць даюць, калі жадаеш
Ты ў свеце жыць, дзе ўсім нялёгка жыць,
Дзе Млечны Шлях - не рэчка залатая,
А - у хрыстовае крыві глыжы.
І ты жыла, нібы малітва ў сэрцы
Манашкі, для якой яе жыццё,
Як матылёк, які аб неба б'ецца,
Самотнае, дзе зоркі, як лісцё
На шкле, па-за якім дажджы і восень,
І дзень, дзе ты з'явілася для нас,
Каб слова беларускае вялося
І нас вяло праз ветравейны час,
Дзе ты сваё люблю жыццю сказала
У кожным вершы, што ў душы кіпеў,
І слова кожнае кроў апякала,
Як сонца, у якім любоў і гнеў…
25.12.2008 г.
БАЛАДА МІХАСЯ РАМАНЮКА (3.01.1944 - 4.09.1997)
Твой саламяны капялюш, нібыта німб,
Над беларускімі дарогамі плыве
Туды, дзе хат гасціннае святло, агні
Кастроў, крыжы,
што на касцёле, на царкве
І на магілах беларусаў, што ў траве
Не зніклі без пары, бо Беларусь жыве.
І кожны крок твой, як да прадзедаў зварот,
У душах светла адклікаецца людскіх.
Ёсць Беларусь,
а значыць быў і ёсць народ
І будзе тут, тут на зямлі, зямлі для ўсіх
Хто любіць беларускае жыццё, як мы,
Чыёй крывёй напоены лясы, трава
І сонца адзінокае, нібыта Бог,
Якому сінагога і касцёл, царква -
Адна дарога вечная з усіх дарог
Да Бога, у якога наша Беларусь жыве
І будзе вечна жыць, як валуны ў траве,
З якіх збудуецца вялікі белы Храм,
Дзе будзе Бог,
дзе будзеш ты і месца - нам…
5.10.2008 г.
(Працяг у наступным нумары.)
ЧАС І ПАМЯЦЬ УЛАДЗІМІРА БАРЫСЕНКІ
(Водгук-роздум на кнігу аўтара "Перамовы з жыццём")
"Я думаю пра апошні прытулак, апошнюю надзею і страчаных людзей.
І чамусьці здаецца, што дабро канчаткова страціла ўладу над чалавекам. Чаму іншы чалавек ніколі не вяртаецца ў асяроддзе тых, хто жыве здаровым жыццём? Чаму ён нікому не патрэбны, згублены для зямлі і неба?" - піша ў сваёй новай кнізе, што днямі пабачыла свет, беларускі паэт і публіцыст Уладзімір Барысенка. На маю думку, яе назва "Перамовы з жыццём" удала, перадае філасофскую танальнасць гэтага мастацка-дакументальнага зборніка, а пададзеныя вышэй словы з'яўляюцца лейтматывам таго, што спяшаўся нам данесці аўтар.
Так, спяшаўся, зважаючы на свой узрост і стан здароўя, асабліва ў сённяшніх беспрэцэдэнтных умовах існавання, - спяшаўся распавесці пра галоўнае і важнае ў асабістым жыццёвым вымярэнні, а найперш перамовіцца з роднымі і блізкімі.
Цэнтральнае месца зборніка (па словах аўтара, дзеля чаго ён і рыхтаваўся) займае ўпершыню апублікаванае эсэ "Эхо эпохи", якое складаецца з эпісталярнага цыкла: лістоўпасланняў да памерлага ў 1987-м бацькі-франтавіка Уладзіміра Лукіча. Усе яны анатаваныя разгорнутымі назвамі з рэфрэнавым пачаткам: "На этой странице ты узнаешь не только о том…". І Барысенка-старэйшы праз палкія словы сына "дазнаецца" пра новае і ў зямны час яму невядомае: як паступова памірае на Аршаншчыне родны Фабрычны - калісьці немалы пасёлак, што яшчэ ў 1980-я меў сваю бальніцу, аптэку, краму і лазню, бязлюднее, як і бліжэйшыя вёскі Лешча, Люціны, Раманоўка і Якаўлевічы, дзе ўжо няма 90-гадовай школы, у якую ён хадзіў; як змагаўся ў Першую сусветную з "немчурой" родны дзядзька Захар Паўлавіч Барысенка, падпрапаршчык 103-га пяхотнага Петразаводскага палка, за што і атрымаў Георгіеўскія крыжы чатырох ступеняў; як у 1921-м чэкісты расстралялі барона Корфа - заснавальніка вядомай у Беларусі суконнай фабрыкі (якая і нарадзіла напачатку ХХ стагоддзя Фабрычны), дзе разам з аднавяскоўцамі працавалі бацькі Куліна Сямёнаўна і Лука Паўлавіч - у 1920-х сакратар партыйнай ячэйкі прадпрыемства; як склаўся лёс землякоў, сяброў, сямейнікаў… Апафеозам гучаць апошнія кранальныя словы сынавага паслання: "Повторяя маму, говорю тебе с Ирой и Любой (сёстры. - Ю. К.): "Мы тоже никогда не думали, что так сильно будем любить тебя после смерти"".
У спрадвечнай беларускай традыцыі ўшаноўваць памяць продкаў. З імі мы вядзём сакральную размову на памінальныя святы - Дзяды і Радаўніцу.
А вось каб у айчыннай літаратуры існавалі празаічныя творы ў форме падобных эпісталярных пасланняў да памерлых родных, нешта не прыгадваю.
У кнізе У. Барысенкі яны, як і частка іншых эсэ і нарысаў, напісаны па-расейску. Зроблена гэта свядома. "На вялікі жаль, - падкрэсліў у гутарцы са мной спадар Уладзімір, - мы давялі нашу мову да такога ганебнага стану, што простыя радкі, ужо не кажучы пра "філасафічныя", многія суайчыннікі не могуць нармальна ні прачытаць, ні зразумець нават у вёсках, з якіх жывая, не падпраўленая мова выйшла. Гэта вялікая бяда, з якой усё цяжэй і цяжэй змагацца. У такім становішчы, каб ахапіць як мага большую аўдыторыю, вырашыў (гэтак, дарэчы, даводзіцца рабіць не толькі мне) частку твораў падаць на расейскай мове". На ёй, упэўнены ён, усе, "каму трэба", прачытаюць. Спадар Уладзімір шчыра прызнаецца, што на карысць расейскай мовы пытанне канчаткова вырашылася пасля гутарак з блізкімі і дарагімі яму людзьмі, пра якіх гэтаксама распавядаецца ў выданні.
Асабіста я - за няўхільнае ўкараненне, прасоўванне беларускай мовы ва ўсе сферы грамадскага жыцця, найперш культуры, якая фарміруе і вызначае нацыю. Разам з тым не магу не пагадзіцца са словамі шаноўнага аўтара пра ганебны (дадаў бы - зняволены) стан роднай мовы ў роднай краіне. А вось пра ўнёсак Уладзіміра Барысенкі ў беларускасць скажу асобна напрыканцы артыкула.
Зараз хачу звярнуць увагу яшчэ на два рускамоўныя эсэ з кнігі - "Нескорая помощь: рассказ о битве клятвы и кодекса" і "Розовые пионы: рассказ о воле и поступках".
Першым з іх распачынаюцца "Перамовы з жыццём". Гэта пра прафесіяналізм у працы, адказнасць і гуманізм у жыцці. Галоўны герой нарыса Леанід Ларыёнаў, колішні аршанскі лекар хуткай медыцынскай дапамогі, які адпрацаваў на ёй амаль 45 гадоў, і сябра аўтара з дзяцінства. Лічу, такіх, як ён, здольных нас лекаваць і справай і словам, варта называць сапраўднымі дактарамі і эскулапамі, а астатніх, хто прымаў клятву Гіпакрата, - проста людзьмі ў белых халатах. Але, каб не раскрываць сюжэт, падагрэю цікавасць да асобы Леаніда Ларыёнава колькімі словамі пра яго дачку Наталлю, якой ён можа па праву ганарыцца. Менавіта Наталля Ларыёнава, урач лабараторнай дыягностыкі бальніцы хуткай меддапамогі ў Віцебску, не ў прыклад сваім шматлікім канфармісцкім і баязлівым калегам, у канцы сакавіка ўпершыню шырока і адкрыта праз сацыяльныя сеткі як спецыяліст забіла трывогу, ацаніўшы сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй у горадзе, якая пачала выходзіць з-пад кантролю. І сваім учынкам, што атрымаў грамадскі розгалас, паспрыяла захадам, скіраваным на прадухіленне далейшага масавага захворвання.
"Розовые пионы" - шчымлівая гісторыя пра землякоў Фёдара і Фядорку - унука і яго дзеда па маці, працавітага беларускага селяніна, іранічную мянушку якому далі калісьці ў калгасе "из-за его детского телосложения, невысокого росточка, душевной простоты, непосредственности, хитроватой наивности и фанатической любви ко всему живому". Але названы ў гонар дзеда "разумный" і "вушлый" унучак, урэшце не ўпадабаў духоўны свет яго цёплых казак і мудрых павучанняў, якіх ён шмат пачуў у маленстве. А ўпадабаў хіба што "мінскі" матацыкл, які падараваў яму дзед на чатырнаццацігодзе, ды яшчэ… чарку-другую.
Слушна і ў кантэксце рэалій дзяржаўнай школы У. Барысенка піша: "…дети воспитываются той семейной жизнью, какая складывается. Жизнь семьи тем и отличительна, что впечатления её постоянны, обыденны, что она действует на характер незаметно, укрепляет или отравляет дух ребенка, как воздух, которым мы дышим. …А что же школа? Кто-то из великих сказал, что её цель - воспитание и только воспитание. И надо как можно больше заботиться о том, чтобы искусство внедрять настоящим образом нравственность было поставлено в ней надлежащим образом, чтобы она действительно стала "мастерской людей". …в своей школе он (Фёдар. - Ю.К.) получил за девять лет однобокое, искусственное воспитание. Его цели были временными и прикладными. И это воспитание вступило в разлад с натуральной жизнью. Жизнью, которая потребовала вдруг полноты и всестороннего развития. Дед Федорка свое дело сделал, а вот отец и мать его не продолжили".
Як рэха светлых, далёкіх успамінаў застаўся ў памяці Фёдара дзедаў кветнік з любімымі ружовымі півонямі, якія ён нечакана ўбачыў ля ўваходу ў калонію адкрытага тыпу, куды патрапіў падлеткам за групавое разам з п'янымі сябрукамі "Матыльком" і "Серым" збіванне і рабаванне, але выслухаць усё, што хацелі сказаць яму памятныя з дзяцінства кветкі, проста пабаяўся.
А Фядорка так і не дазнаўся: шкадуючы старога, дачка штораз тлумачыла адсутнасць сына яго занятасцю "навукай" у каледжы…
У. Барысенку ўдалося па-мастацку рэалістычна перадаць у гэтыя хвіліны складаны эмацыянальна-псіхалагічны стан свайго героя: "По телу Федорки пробегает дрожь: невесело, неубедительно как-то говорит дочка. Он, опять же неспеша, выходит и направляется в палисадник. Пристально, со слезою смотрит на розовые пионы и каким-то непонятным для всей природы чувством догадывается - внуку надо лечить душу. …А было бы всё нормально - внук непременно заскочил бы". Постскрыптум аўтара: "Ни деда, ни внука я больше не видел, а очень хотелось бы… В деревне говорили, перед своей смертью Федорка прошептал: "Федька, де Федька…"".
На маю думку, "Розовые пионы" - драматычны і балючы аповед пра нацыянальную праблему - пра пакаленне беларусаў, атручаных глабальным вірусам спажывецтва і слепатой інтэлекту, пра нашых шматлікіх і паўсюдных "Матылькоў" і "Серых" з бутэлькамі "Баброва" ці "Хмяльнога" і прымітыўным "бум-бум-бум" з навушнікаў. Для гэтых маладзёнаў камертон хараства - не ў мілагучнасці роднага слова і, безумоўна, не ў вершах Янкі Сіпакова і Ніла Гілевіча, якім у кнізе з любоўю і пашанаю прысвечаны наступны твор - нарыс "Спадчына класікаў: расповед пра волатаў духу". Аўтар асабіста ведаў славутых творцаў і неаднаразова пісаў пра іх у розных выданнях.
Заўважу, адна з самых грунтоўных размоў з Народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам у перыёдыцы - юбілейнае інтэрв'ю з ім Уладзіміра Барысенкі "Я прысягнуў на вернасць Беларусі", надрукаванае 28 верасня 1996 года ў "Белорусской ниве". Дарэчы, там у кантэксце ўжо закранутага вышэй нацыянальнага нігілізму Ніл Сымонавіч адзначыў: "Агульны стан любой нацыянальнай культуры вызначаецца агульным станам нацыянальнай мовы, якая ёсць першааснова і для літаратуры, і для тэатра, і для кіно, і для песеннай творчасці, і для эстрады, і наогул адыгрывае першаступенную ролю ў фарміраванні духоўнага аблічча нацыі. Ну, а па становішчы нашай мовы на нашай роднай зямлі Беларусь параўнаць няма з кім - нідзе да такой ганьбы грамадзяне краіны не апусціліся. …Пакуль карэнным чынам не зменіцца ў нас - і на дзяржаўным, і на бытавых узроўнях - адносіны да беларускай мовы, - пра паляпшэнне стану беларускай нацыянальнай культуры, тым больш пра яе ўздым, гаворкі не можа быць".
З лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, пісьменнікам і перакладчыкам Янкам Сіпаковым - славутым земляком - Уладзіміра Барысенку звязвалі даўнія цёплыя таварыскія стасункі. Калі рыхтаваў артыкул, я адмыслова папрасіў спадара Уладзіміра ўзгадаць незабыўнае ў іх сустрэчах. І вось што ён адказаў: "Часцей звычайнага мы сустракаліся з Іванам Данілавічам увосень 1996-га, падчас напісання ім прадмовы да маёй другой кніжкі вершаў "Запаленне душы". Размаўляць з майстрам было вельмі цікава. Адным з галоўных умоў паспяховай творчасці пісьменніка ён лічыў... цярпенне. Сёння я хачу гэта ў чарговы раз пацвердзіць, а гэтаксама ўспомніць геніяльны наказ-навуку майстра. Ён казаў, што ніколі не трэба слухацца іншых паэтаў, хай сабе і "майстроў жанру". Бо кожны хваліць цябе часцяком за тое, што падабаецца ў цябе менавіта яму. А яму даспадобы якраз тое, што ты робіш у ягонай манеры, што кладзецца на ягоную асабістую душу, што сугучна ягоным думкам і настроям. Вось гэта табе меней за ўсё і трэба, калі хочаш застацца самім сабой, а не тым, кім з'яўляецца твой дарадца і кумір. Таму адкрывай і пішы толькі тое, што табе падабаецца самому ў табе самім. Я прытрымліваўся гэтага ў кніжках, што пабачылі свет пасля той, прадмову для якой рабіў старэйшы сябра-зямляк, прытрымліваўся і ў "Перамовах…"".
На ўсё жыццё запомніў аўтар і наступныя праўдзіва-вострыя словы свайго старэйшага сябра-зямляка, якія якраз прыводзіць у іншым нарысе "Аварыя сумлення: расповед пра пасады і прынцыпы". Неяк у траўні 1988-га загадчык аддзела навін "Сельской газеты" Барысенка забег у "Маладосць" да Сіпакова. Далей працытую з кнігі: "…Іван Данілавіч узначальваў аддзел мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі, потым працаваў адказным сакратаром вядомага часопіса. Ён узяў у рукі апошні нумар маёй газеты: "Чытай, што вы друкуеце… Мне сорамна, а табе?". Тыкнуў пальцам у вялікі водгук беларускага начальніка на чарговую саюзную пастанову і вымавіў: "З нашага ўгодлівага, ліслівага, падлізлівага запалу з нас смяюцца ўжо ва ўсім свеце. Зноў будзем першымі ў Саюзе нешта перавыконваць, як з разбурэннем храмаў, атручваннем зямлі, асушэннем балот, здзекам над нашымі рэчкамі, не кажу ўжо пра мову… Амаральна гэта, разумееш, тым больш амаральна, калі выкарыстоўваеш для гэтага і чарговы падман..."".
Нарыс "Аварыя сумлення" пра Чарнобыльскую катастрофу, а дакладней - пра яе палітычнае вымярэнне і подзвіг ліквідатараў. А словы Я. Сіпакова пададзены ў кантэксце неадказных і злачынных дзеянняў у той трагічны час партыйнага чынавенства рэспублікі, для якіх узнагароды, службовае становішча, кар'ера сталі галоўнымі.
Аўтар згадвае рэакцыю тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ М. Слюнькова на настойлівыя парады адразу пасля аварыі дырэктара Інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР Васіля Несцярэнкі пра неадкладную ёдавую прафілактыку насельніцтва і адсяленне бліжэйшай да станцыі яго часткі. Кіраўнік Беларусі раіў не панікаваць і не хваляваць народ - маўляў, на станцыі разбіраюцца, - і казаў: "Нельга забываць: ідзе халодная вайна. Мы абкружаныя ворагамі…". А потым яшчэ, у процівагу ўкраінцам, якія дамагаліся ў Крамлі фінансаў, медыкаментаў, дазіметрычнай апаратуры, за 15 хвілін адрапартаваўся "старэйшаму брату", што ў нас усё нармальна, справімся сваімі сіламі. Як вядома, у той горкі 1986-ы жыхароў Беларусі разам з дзецьмі паўсюдна вывелі на першамайскую дэманстрацыю… І як ні сумна і ні драматычна, адразу ўзнікае паралель з вясной 2020-га…
Слушна і актуальна У. Барысенка падсумоўвае: "Наступствы тэхнагеннай аварыі, хоць і не да астатку, ліківідаваць можна. Каб ліквідаваць аварыю сумлення - сродкаў на зямлі яшчэ і не прыдумалі, дый ніколі іх не знойдуць".
Героі нарыса - ліквідатары-міліцыянеры, былыя супрацоўнікі падраздзяленняў аховы МУС. Чаму менавіта яны? Па-першае, міліцыя з'яўлялася адным з найбуйнейшых фарміраванняў ліквідатараў. Яе супрацоўнікі забяспечвалі эвакуацыю насельніцтва з забруджаных тэрыторый, потым неслі службу па ахове грамадскага парадку ў радыяцыйнай зоне. Па-другое, У. Барысенка мае непасрэднае дачыненне да праваахоўнікаў, бо больш за 15 гадоў адпрацаваў на журналісцкай ніве спачатку ў міліцэйскай шматтыражцы "На страже", а потым у цэнтры культурна-выхаваўчай работы Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
Заўважу: на старонках "На страже" за ўсю гісторыю газеты, пачынаючы з выхаду яе першага нумара ў 1931 годзе, ніколі не друкавалася такіх аб'ёмістых па фармаце і змястоўных беларускамоўных матэрыялаў на розныя тэмы, найперш пра нацыянальную культуру, як тыя, што належалі аўтару "Перамоў з жыццём" у ХХІ стагоддзі. Кажу гэта адказна, бо сам вывучаў усю шматгадовую падшыўку газеты. У. Барысенка пісаў пра Я. Брыля, З. Бядулю, М. Гарэцкага, Я. Коласа, К. Крапіву, А. Куляшова, Я. Купалу, Я. Маўра, П. Труса, Цётку… - пісаў цікава і прыгожа, пісаў, каб пазнаёміць зрусіфікаваных праваахоўнікаў з багатай спадчынай свайго народа і данесці да іх слова беларускае. Ён таксама з'яўляецца аўтарам першай кнігі на роднай мове па гісторыі стварэння, станаўлення і развіцця службы аховы МУС - "На варце грамадскага спакою" (2018). Гэта ўсё пра ўнёсак аўтара ў беларускасць.
Акрамя вышэйпералічаных беларускамоўную частку кнігі таксама складаюць эсэ "Белыя ночы: расповед пра земляцкі трохкутнік" і два нарысы - "Друкарскі хлеб: расповед пра роднае выдавецтва" і "Паэтычная гісторыя: расповед пра Семашкевіча і Мяснікова". Спынюся на апошнім.
Мяркую, галоўны герой у ім усё-такі Міхась Чарот, стаўленне да асобы якога, паводле аповеду, па-рознаму выявілі нашы шаноўныя літаратары і навукоўцы - Рыгор Семашкевіч (1945 - 1982) і Анатоль Мяснікоў (1950 - 2011).
Зноў жа, дзеля цікавасці не буду пераказваць змест, але нагадаю пра малавядомую сёння публікацыю, на якую робіцца акцэнт у нарысе. Гэта артыкул А. Мяснікова (дарэчы, блізкага сябра аўтара) "Паэт-трыбун. Чалавек часу. Ахвяра рэжыму", надрукаваны ў 1996 годзе ў "Звяздзе". Ён апавядае пра выкрывальніцкі верш М. Чарота "Суровы прыгавор падпісваю першым". Рэдакцыя атрымала на артыкул адзіны (!) водгук, але які! Быў ён ад вядомага літаратуразнаўца, прафесара Берасцейскага ўніверсітэта Цімоха Ліякумовіча.
"Такі ўрок, - пісаў прафесар, - трэба выкарыстоўваць дзеля таго, каб не паўтарыліся абставіны, якія прымушаюць чалавека забывацца аб сваім прызначэнні, аб тым лепшым, чым адаравала яго прырода. Кожнаму чалавеку ў любы момант наканавана праходзіць выпрабаванне на чэснасць і подласць. Вера ў перамогу гістарычнай праўды дапамагае зрабіць маральны выбар на карысць дабра. Толькі трэба глыбока ўнікаць у трагедыю эпохі, у трагедыю асабістых лёсаў".
Магу пашкадаваць, што ў кнігу не ўвайшло болей падобных твораў. Упэўнены, Уладзімір Барысенка можа яшчэ шмат цікавага распавесці пра знаных пісьменнікаў і паэтаў. За 45 гадоў журналісцкай дзейнасці яму давялося папрацаваць у розных рэспубліканскіх выданнях - "Знамя юности", "Сельской газете", "Белорусской ниве", "На страже", часопісе "Беларуская думка". Ягонымі калегамі ў гэтых калектывах былі Марыя Вайцяшонак, Уладзімір Глушакоў, Васіль Жуковіч, Браніслаў Спрынчан (1928 - 2008), Віктар Супрунчук, Мікола Федзюковіч (1943 - 1997), Васіль Шырко, Яўгенія Янішчыц (1948 - 1988), першы айчынны Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.
Падсумаваць водгук-роздум на кнігу аўтара хацелася б яго ўласнымі словамі: "Складальнікамі прапанаванай кнігі сталі жыццё і абставіны, час і памяць, якія вымушаюць кожнага з нас заглянуць у свой унутраны свет і яшчэ раз задумацца пра мэту і сэнс не толькі свайго асабістага існавання. Аўтар падкрэслівае, што змагчы і паспець зрабіць радасць і задавальненне, задуму і прызначэнне больш рэальнымі, адчувальными і поўнымі, прыцягнуць да жыццёвага імгнення водблеск вечнага, нецямнеючага святла, быць першапачаткова і даастатку застацца чалавекам - прэрагатыва выключна самой разумнай істоты".
Юры Кур'яновіч.