Папярэдняя старонка: 2020

№ 28 (1491) 


Дадана: 08-07-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 28 (1491), 8 ліпеня 2020 г.

Ганаруся маёй Беларуссю

Калі дзень Перамогі - свята са слязамі на вачах, то Дзень Незалежнасці - урачыстасць, якая надае неймаверны прыліў сіл і гонару за сваю краіну.

Таму дзень 2 ліпеня напярэдадні свята ў летнім аздараўленчым лагеры "ЛІДАТУР" СШ № 11 г. Ліды прайшоў пад дэвізам "Ганаруся маёй Беларуссю". Святочны настрой панаваў з самай раніцы, паўсюль можна было пачуць радасныя мелодыі пра родную краіну, шчаслівае мірнае жыццё, каханне. Увесь дзень дзейнічала акцыя "Гавары са мной па-беларуску". У кожным атрадзе прайшлі цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы, накіраваныя на тое, каб дзеці яшчэ больш даведаліся пра культуру і гісторыю нашай краіны. Спачатку выхаванцы з натхненнем выконвалі заданні, размешчаныя на тэрыторыі лагера, у квэст-гульні "Я нарадзіўся беларусам". Кожнае з іх было вясёлым, эмацыйным і напоўненым сэнсам. Дзецям прапаноўвалася скласці мазаіку з выявай карты Беларусі, успомніць славутасці нашай краіны, зрабіць бусліка сваімі рукамі, прадэкламаваць вершы беларускіх класікаў. Затым з вуснаў дзяцей загучалі "Купалінка", "Рэчанька", "Бывайце здаровы" ў караоке-шоу "Вянок беларускіх песень". Вельмі стараліся і спявалі ад душы нават самыя маленькія спевакі. Яркай падзеяй стала тэматычная дыскатэка "Беларускі карагод".

Хлопчыкі і дзяўчынкі расказалі, што дзень у лагеры прайшоў хутка і быў вельмі насычаным. Галоўнае, што ён прайшоў недарма. Таму што захоўваючы спадчыну, мы закладваем новыя традыцыі.

Намеснік дырэктара лагера Ларыса Барэйша.

Дарагія сябры "Нашага слова"!

У ліпені мы захавалі колькасць падпісчыкаў, але падзенне красавіка - катастрофа, якая не перадолена, хаця многія арганізацыі імкнуліся паправіць сітуацыю. Па факту гэта ўдалося толькі Магілёву, дзе колькасць падпісчыкаў падвоілася. І што рабіць? Першы крок - зніжаем наклад, што далей - пакуль абсалютна не ясна.

Красавік Ліпень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 13 19

Бяроза р.в. 8 9

Белаазёрск р.в. - -

Бярэсце гор. 7 5

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в - -

Івацэвічы р. в. 2 3

Камянец р.в. 1 2

Кобрын гор. 1 1

Лунінец гор. 2 1

Ляхавічы р.в. - -

Маларыта р.в. - -

Пінск гор. 5 6

Пружаны р.в. 3 5

Столін р.в. - -

Усяго: 43 52

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 18 16

Верхнедзвінск р.в. 5 4

Глыбокае р.в. 5 4

Гарадок р.в. 2 1

Докшыцы р.в. 3 3

Дуброўна р.в. - -

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 18 17

Орша гор. 3 3

Полацк гор. 3 3

Паставы р.в. 2 3

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. - 1

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 3 3

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 6 6

Шуміліна р.в. - 1

Усяго: 76 73

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 4 3

Вілейка гор. 1 1

Валожын гор. 7 6

Дзяржынск р.в. 6 6

Клецк р.в. - -

Крупкі р.в. 1 2

Капыль р.в. 1 2

Лагойск 7 5

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 163 147

Менск РВПС 9 9

Маладзечна гор. 6 9

Мядзель р.в. 2 2

Пухавічы РВПС 4 3

Нясвіж р.в. 6 8

Смалявічы р.в. 5 3

Слуцк гор. 6 4

Салігорск гор. 3 1

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 4 4

Узда р.в. 1 1

Чэрвень р.в. 1 1

Усяго: 241 221

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 1

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. - -

Гомель гор. 15 20

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 13 12

Жлобін гор. - 1

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. 2 2

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 1 1

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 2 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. - -

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. - -

Усяго: 44 46

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 2 2

Ваўкавыск гор. 3 3

Воранава р.в. 2 2

Гародня гор. 25 24

Гародня РВПС 13 14

Дзятлава р.в. 5 7

Зэльва р.в. 1 1

Іўе р.в. 3 4

Карэлічы р.в. 2 2

Масты р.в. 1 1

Наваградак гор. 8 3

Астравец р.в. 2 2

Ашмяны р.в. 3 3

Смаргонь гор. 6 5

Слонім гор. 8 8

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 1 1

Ліда 10 9

Усяго: 99 95

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 1 1

Бялынічы р.в. - -

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. 1 1

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. - -

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 1 1

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 18 36

Асіповічы гор. 9 7

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 1 1

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 2 1

Усяго 40 55

Усяго на краіне: 543 542

Адчыніла дзверы паўднёва-заходняя вежа Лідскага замка

Пасля завяршэння комплексу рэстаўрацыйных работ ва ўрачыстай абстаноўцы адчыніла дзверы вежа Гедыміна. Сімвалічна, але значная падзея адбылася ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дакрануцца да сярэднявечнай гісторыі змаглі не толькі жыхары горада, але і шматлікія яго госці.

На працягу многіх гадоў не спыняліся работы па аднаўленні замка. Унікальны помнік абарончага дойлідства прайшоў доўгі шлях да адраджэння. У 2001 годзе на рэспубліканскім узроўні было прынята рашэнне пра распрацоўку праекта па правядзенні першачарговых супрацьаварыйных работ. А ўжо ў 2005 годзе ўпершыню на тэрыторыі замка было праведзена маштабнае мерапрыемства - рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка". У наступныя гады яно не аднойчы збірала ўдзячных гледачоў, рыцарскія клубы, гасцей з іншых краін. Падзеяй канца 2017 года для горада стала адкрыццё вежы Вітаўта. А сёння даступная для наведвання вежа Гедыміна.

- Паралельна з будаўнічымі работамі (унутраным аздабленнем, правядзеннем цепла-, электра-, вентыляцыйных, супрацьпажарных і іншых сістэм) праводзілася праца і па музеяфікацыі вежы, - распавядае дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея Вольга Піліпчук. - Як вынік: падрыхтавана выставачная экспазіцыя, канцэпцыя якой выклікае пэўную цікавасць. Першы ярус паўднёва-заходняй вежы цалкам прысвечаны князю Гедыміну. Экскурсія пачынаецца з агляду ўсталяванай тут скульптурнай кампазіцыі скульптара Вадзіма Вераб'ёва (варта адзначыць, што ідэя пра ўсталяванне помніка заснавальніку горада лунала яшчэ трыццаць гадоў назад). Тут жа змешчана скульптура Гедыміна, аўтарам якой з'яўляецца Аляксандр Лышчык. І ўжо вядуцца перамовы з уладальнікамі праектных дакументаў, якія падаваліся на конкурс "Заснавальнік замка - князь Гедымін" два гады назад. Магчыма, яны таксама зоймуць ганаровае месца ў гэтай экспазіцыі.

Як вядома, для абароны земляў Вялікага Княства Літоўскага ад ворагаў (а ў XIV стагоддзі беларускія тэрыторыі падвяргаліся масаваму нашэсцю крыжакоў) і будаваліся замкі. Экспазіцыя другога паверха цалкам прысвечана гэтаму перыяду гісторыі. Наведвальнікі змаглі даведацца, як зараджалася Вялікае Княства Літоўскае ў кантэксце Еўропы, развівалася, пашырала свае межы. У зале размясціліся макеты замкаў, прыведзены цікавыя факты пра будаўніцтва магутных сярэднявечных сцен. Тут жа ўсталявана інтэрактыўная панэль, на якой дэманструюцца ўсе этапы станаўлення дзяржавы ад яе вытокаў.

На трэцім паверсе вежы можна ўбачыць аўтэнтычныя прадметы, якія былі знойдзены на тэрыторыі аб'екта падчас археалагічных раскопак. Напрыклад, прадстаўлена цэгла-пальчатка. Захаваўся да нашых дзён і сам раствор - фрагмент застылага вапнавага раствору той пары. Тут жа працуе інтэрактыўная зона, дзе дзеці змогуць паспрабаваць зляпіць цагліну, даведацца тэхналогію вытворчасці цэглы.

- Некаму можа здацца, што ў вежы шмат вольнай прасторы, - заўважыла Вольга Піліпчук. - Гэта звязана з тым, што мы і ў далейшым намераны вывучаць гэты аб'ект, аб'яднаўшы высілкі не толькі з беларускімі музеямі, але і з калегамі з іншых краін. Запланавана, што абавязкова будзем весці абмен выставамі і аўтэнтычнымі прадметамі, таму што не можам пахваліцца велізарнымі калекцыямі. У розныя часы, не толькі айчынныя навукоўцы вывучалі Лідскі замак і вялі тут раскопкі. Гэта былі і польскія навукоўцы, і Пецярбургская акадэмія навук. Таму шмат унікальных артэфактаў знаходзіцца сёння ў Літве, Польшчы, Расіі.

Далей - больш. Чацвёрты паверх вежы па праве займаюць пакоі князя. Галоўная задача, якую ставілі перад сабой музейшчыкі, - узнаўленне тых інтэр'ераў, якія былі, а значыць, і духу збудавання. Як ужо гаварылася вышэй, замак выконваў абарончую функцыю. Таўшчыня яго сцен - ад двух да паўтара метраў. Натуральна, абагрэць такія сцены стандартным камінам было нерэальна. У пакоях увесь час трымалася высокая вільготнасць і падтрымліваць камфортную тэмпературу паветра для пражывання было вельмі складана. У экспазіцыі можна ўбачыць ложак з полагам, стол, лаўкі, куфар, шкуры жывёл на сценах, якія служылі для ўцяплення. Гэта ўся абстаноўка? Сапраўды, уся! Князь спыняўся ў замку на некалькі дзён. Па гэтых прычынах убранне яго пакояў не ўражвала багаццем. Ніякіх вычурнасцяў, пампезнасці наведвальнік не ўбачыць. Уся мэбля лічылася паходнай: яе можна было разабраць і павезці.

І на закуску - выстава менскага выдаўца, блогера і фотамастака Сяргея Плыткевіча, які таксама прысутнічаў на адкрыцці вежы. Аўтар праекта "Планета Беларусь" ажыццявіў больш за сто авіяпалётаў над самымі маляўнічымі куткамі краіны. У фотаработах прадстаўлены ўнікальныя, найпрыгажэйшыя месцы нашай краіны - помнікі архітэктуры, культуры, прыродныя запаведнікі. Пазнаёміўшыся з Лідскім замкам, госць горада абавязкова зможа скласці сваю асабістую карту падарожжа, пазначыўшы на ёй свой далейшы шлях. Яшчэ адна разыначка верхніх ярусаў - гэта тое, што яны з'яўляюцца ўнікальнай назіральнай пляцоўкай, з якой можна ўбачыць замкавы двор, горад, помнікі архітэктуры, размешчаныя ў непасрэднай блізкасці да вежы Гедыміна з 25-мятровай вышыні. Магу запэўніць: дух займае.

- Гэтая экспазіцыя - не канчатковы вынік працы калектыва. У перспектыве будзем рабіць усё магчымае, каб любімы ўсімі жыхарамі горада аб'ект маглі наведаць як мага больш людзей. Ну і, вядома, прагназуем значнае павелічэнне ліку гасцей, у тым ліку замежных, - заўважыла Вольга Піліпчук.

Вольга Капцэвіч, lidanews.by.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Пятае, у свядомасці студэнтаў пануе дух апалітычнасці. Крах палітычных ідэалаў, ідэалагічныя мукі бацькоў, неразуменне ролі ў ратаванні Радзімы прывялі да таго, што беларускае студэнцтва аказалася маўклівай масай у час цяжкага крызісу сваёй Айчыны. Ні ў якіх палітычных акцыях студэнты не ўдзельнічаюць, не хочуць быць членамі тых ці іншых палітычных партый. Толькі 11% даследваных студэнтаў з'яўляюцца членамі 11 беларускіх палітычных партый, прычым палавіна з іх - гэта члены партыі Беларускага народнага фронта "Адраджэнне". Усё гэта зусім не ўпрыгожвае палітычны твар маладога юрыдычна адукаванага беларуса. Памяць аб прававой расправе над нашымі дзядамі, прадзедамі за ўдзел у палітычнай дзейнасці вісіць дамоклавым мячом над беларускім студэнцтвам.

Шостае, даследваныя студэнты знаходзяцца ў абдымках літаратуры, выданай у часы камуністычнага кіравання. Яны яе чытаюць у першую чаргу, веды атрымліваюць з гэтых крыніц. Не чытаюць нацыянальную прагрэсіўную дэмакратычную літаратуру, раней забароненую, а зараз ужо выданую масавым тыражом. Так, на пытанне "Назавіце, калі ласка, асноўныя крыніцы вашых ведаў па гісторыі і культуры Беларусі" 50% апытаных студэнтаў назвалі школьныя падручнікі і толькі 26% з іх адзначылі - спецыяльная літаратура. У адказ на пытанне "Назавіце, калі ласка, імёны вашых любімых сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў" былі названы імёны Быкава (42% апытаных), У. Караткевіча (35 %), Я. Купалы, Я. Коласа (11%), Н. Гілевіча (10%), І. Шамякіна і І. Мележа (17%). Але ніхто не назваў ні адно імя з вялікіх беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, замучаных камуністамі, ці выехаўшых у эміграцыю. За апошнія тры гады выдадзены творы такіх вялікіх нацыянальных беларускіх паэтаў як Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Алесь Гарун, Уладзіслаў Галубок, Сяргей Грахоўскі, пісьменнікаў - Маскім Гарэцкі, Цішка Гартны, Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот, Андрэй Мрый, Лявон Пястрак і інш. Не ведаюць і сучасных маладых пісьменнікаў, такіх як Леанід Дайнека, Уладзімір Арлоў, Вітаўт Чаропка. Зместам, формай, майстэрствам напісання іх творы на галаву вышэй, чым творы пісьменнікаў, чые імёны ўпісаны ў школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі. Уся прагрэсіўная беларуская моладзь зачытваецца нядаўна выдадзенымі кніжкамі гэтых аўтараў. А апытаныя студэнты нічога не ведаюць аб гэтых паэтах, пісьменніках.

Сёмае, апісаны вышэй узровень нацыянальнай самасвядомасці даследаваных студэнтаў тлумачыцца ў нейкай меры ўзроўнем агульнай спецыяльнай культуры выкладчыкаў інстытута. Па ацэнцы саміх студэнтаў гэты ўзровень далёкі ад жаданага. На пытанне анкеты "Назавіце, калі ласка, узровень ведаў беларускай гісторыі і культуры вашых выкладчыкаў" атрыманы наступныя адказы студэнтаў: па гісторыі далі высокую ацэнку выкладчыкам 40% апытаных, сярэднюю - 36%, нізкую - 33%; па культуры адпаведна - 24, 35, 13 і 21% напісалі "не магу сказаць". Працэнт гэты, хутчэй за ўсё, завышаны, бо студэнту не вельмі хочацца дрэнна пісаць аб выкладчыках. Тым не менш, гэтыя лічбы прымушаюць задумацца і паставіць пытанне: ці ўсё зроблена для таго, каб у недзяржаўнай вышэйшай установе працавалі найлепшыя выкладчыкі?

Вышэйвыкладзенае дазваляе зрабіць некаторыя практычныя прапановы:

Першае, рэктарату інстытута неабходна звярнуць увагу на тое, што амаль 80% студэнтаў інстытута - беларусы. Годнасцю прафесараў і студэнтаў беларускай вышэйшай навучальнай установы з'яўляецца дапамагчы гэтым маладым людзям вырвацца з абдымкаў манкурцтва і больш даведацца аб тым, што іх Радзіма мае вялікую і багатую гісторыю, культуру, што гэта адна з першых еўрапейскіх дзяржаў.

На вырашэнне гэтай вялікай задачы павінен быць складзены план выхавання ў студэнтаў нацыянальнай самасвядомасці.

Другое, паколькі студэнты паказалі слабыя веды па гісторыі і культуры Беларусі, вельмі неабходна павялічыць колькасць гадзін па гэтых прадметах. Пры гэтым трэба дабавіць колькасць навучальных гадзін па курсах гісторыі і культуры Беларусі менавіта па перыяду "Залатога века" Беларусі, бо гісторыя рэспублікі часоў расейскай акупацыі і камуністычнага ўладарання ў савецкіх падручніках апісана, хоць і з пазіцый "расейскай ідэі", але апісана. А вось перыяд "Залатога века" Беларусі ў гэтых падручніках і не ўпамінаецца, а калі і гаворыцца ў некаторых з іх аб Вялікім Літоўска-Беларуска-Жамойцкім княстве, то матэрыял падаецца пад ідэяй "заняволення Беларусі Літвою", чаго сапраўды ніколі не было.

Трэцяе, з мэтай ачышчэння свядомасці студэнтаў ад камуністычнага засмечання трэба было б сур'ёзна змяніць структуру курсаў філасофіі і паліталогіі. У гэтых курсах галоўную частку павінны складаць заходняеўрапейская, амерыканская філасофія і паліталогія ў першую чаргу. Курсы аб сучасных філасофскіх і паліталагічных школах. Менавіта тэорыі гэтых школ складаюць метадалагічную аснову сучасных прававых навук заходніх краін, без ведаў чаго няма юрыста дзяржавы з рыначнай эканомікай. А Беларусь імкнецца быць краінай з такой эканомікай.

Чаацвёртае, практыка ўдзелу нашых студэнтаў у міжнародных канферэнцыях, паводзіны студэнтаў Беларускага інстытута празнаўства ў час нашага даследавання паказваюць, што нашы студэнты не ўмеюць дыскутаваць, аргументаваць пазіцыю. Для юрыста майстэрства весці дыскусію - адна з важнейшых прыкмет высокай кваліфікацыі. Па-гэтаму патрэбна ўвесці ў навучальны план навучальныя семінары па навучанні вопыту вядзення дыскусіі.

Пятае, выпускнікі даследванага інстытута мараць працаваць у пракуратуры і іншых юрыдычных установах рэспублікі. А ў гэтых установах дзяржаўная мова - беларуская. Калі не сёння, то заўтра так будзе. Ад гэтага нікуды не ўцячы. Як бы там не пярэчылі сабатажам прадстаўнікі пракамуністычных і фашысцкіх партый беларусізацыя ідзе і набірае тэмпы. Сучасным студэнтам давядзецца весці юрыдычныя справы на беларускай мове. Па-гэтаму студэнтам даследванага інстытута трэба мець асяроддзе, дзе яны праходзілі б практыку беларускай мовы. Лепшым такім асяроддзем для іх былі б службы інстытута, выкладчыкі. Кіраўніцтва інстытута вельмі дамагло б студэнтам у гэтай справе, калі б на беларускую мову перавяло працу ўсіх службаў інстытута і вядзенне заняткаў са студэнтамі на беларускай мове. Гэта і было б выкананнем Закона аб адукацыі ў Беларусі.

§ 2. Нацыянальная самасвядомасць і студэнцкая моладзь (Вынікі даследавання на юрыдычным факультэце БДУ)

На развіццё і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ўплываюць як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя фактары. Гэта сацыяльна-эканамічная і палітычная сітуацыі ў грамадстве, канкрэтныя ўмовы жыцця чалавека і яго светаўспрыманне, галоўныя арыентацыі.

Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання, росту нацыянальнай самасвядомасці найбольш садзейнічаюць наступныя фактары: "веды гісторыі свайго народа" (63,5%), "гонар за сваю дзяржаву, калі для гэтага ёсць эканамічныя і палітычныя падставы" (59,0%), "эканамічная самастойнасць" (32,8%), "палітычны суверэнітэт" (31,9%), "веды нацыянальнай мовы" (29%), "вольнае развіццё культуры свайго народа" (27,9%).

Аналізуючы дадзеныя табл. № 1, мы бачым, што такі фактар росту нацыянальнай самасвядомасці як "эканамічная самастойнасць рэспублікі" больш значны для студэнтаў-юрыстаў старэйшых курсаў, а "веды нацыянальнай мовы" больш значныя для студэнтаў малодшых курсаў. Такі фактар росту нацыянальнай самасвядомасці, як "вольнае развіццё культуры свайго народа" найбольш значны для студэнтаў 1-га курса.

Нам здаецца, што на адказы рэспандэнтаў у першую чаргу паўплывала сама сістэма прафесійнай адукацыі на юрыдычным факультэце, звязаная з законатворчай дзейнасцю, з усімі структурнымі і функцыянальнымі зменамі ў дзяржаўным кіраванні.

Нацыянальная самасвядомасць не існуе абстрактна, без свайго носьбіта і выразніка. Ім выступае ўся нацыянальная супольнасць, прадстаўленая рознымі сацыяльнымі суб'ектамі. Але гэтыя сацыяльныя суб'екты ў рознай ступені выяўляюць тую ж нацыянальную самасвядомасць. Па меркаванні большасці рэспандэнтаў галоўнымі носьбітамі нацыянальнай самасвядомасці з'яўляюца: мастацкая інтэлігенцыя (49,5%), сяляне (36,8%), выкладчыкі ВНУ (33,6%), настаўнікі сярэдніх школ, ВТУ (21,8%).

Носьбітам нацыянальнай самасвядомасці з'яўляецца і студэнцкая моладзь. На ўзровень яе нацыянальнай самасвядомасці, згодна з вынікамі нашых сацыялагічных даследаванняў, уплываюць такія фактары, як веды мовы, гісторыі, культуры свайго народа. Якія ж гэтыя веды ў нашых рэспандэнтаў? Добра валодаюць беларускай мовай 46,6%, рускай - 61,2%, і той і другой - 37,1%.

Пры карэляцыі ведаў рускай і беларускай моў з курсам назіраецца такая тэндэнцыя: з ростам курса зніжаюцца веды беларускай мовы, а таксама зніжаюцца веды абедзвюх моў: беларускай і рускай. Прычым прыкметна, што абедзвюма мовамі лепей валодаюць беларусы (40,5%) (рускія - 18,4%). Якое ж жаданне ў рэспандэнтаў вывучаць беларускую мову? Большасць апытаных (43,7%) будуць вывучаць беларускую мову толькі ў тым выпадку, калі гэтага запатрабуе будучая прафесія, а 37,8% - хацелі б яе вывучаць.

Вельмі цікавымі, на наш погляд, атрымаліся адказы на пытанне анкеты "Што для вас азначае паняцце "родная мова?" і карэляцыя гэтага прызнака з нацыянальнасцю. Для беларусаў "родная мова":

- гэта мова маёй нацыянальнасці - 59,4%;

- гэта мова, на якой стваралася культура маёй Радзімы - 37,7%;

- гэта дзяржаўная мова - 34,4%;

- гэта мова, з якой я звязваю будучыню сваёй дзяржавы - 28,3%.

Для рускіх "родная мова":

- гэта мова маёй нацыянальнасці - 41,7%;

- гэта мова, на якой гавораць у маёй сям'і - 41,7%;

- гэта мова, якой я валодаю лепш за іншыя мовы - 30,5%;

гэта мова, на якой стваралася культура маёй Радзімы - 30,6%.

Такім чынам, мы бачым, што большасць рэспандэнтаў не атаясамляе родную мову з дзяржаўнай мовай. I, як вынік, большасць рэспандэнтаў - за дзве дзяржаўныя мовы (64,5%). Прычым, назіраецца такая тэндэнцыя, чым вышэй курс, тым большасць студэнтаў за двухмоўе.

(Працяг у наст. нумары.)

Рэгіянальныя музеі - захавальнікі гісторыі і традыцый

Не толькі цэнтральныя сталічныя музеі адчынілі свае дзверы пасля доўгага перапынку для наведвальнікаў, але і маленькія рэгіянальныя.

Гасцінна сустрэў аматараў падарожжаў па родным краі Карэліцкі краязнаўчы музей.

Установа была створана 23 траўня 1969 года як раённы музей народнай славы. У 1972 годзе быў выдзелены будынак для гістарычна-краязнаўчага музея. Цяперашняя экспазіцыя была адкрыта 4 чэрвеня 1995 года да 600-годдзя з дня першага згадвання пра Карэлічы ў пісьмовых крыніцах.

Петр Мікалаевіч Капура, у мінулым - выкладчык гісторыі, ахвотна распавёў пра цікавосткі Карэлічаў і Міра.

Упершыню Карэлічы ўзгадваліся ў Хроніцы Ліндэнблата ў 1395 годзе у сувязі з нападам войскаў Тэўтонскага ордэна на Мір. Іншая дата звязана з 1434 годам, калі Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч падараваў Мір і навакольныя землі, у тым ліку Карэлічы, свайму паплечніку віленскаму кашталяну Сеньку Гедыгольдавічу. У ХVI cтагоддзі Карэлічы былі сядзібай вялікіх князёў ВКЛ, а з другой паловы ХVII cтагоддзя мястэчка належала Радзівілам. Карэлічы мелі магдэбурскае права, у гарадку існаваў будынак ратушы.

У 1736 годзе тут пачала працаваць мануфактура ткацкіх габеленаў. Карэліцкія шпалеры не адно дзесяцігоддзе ўпрыгожвалі інтэр'еры замка ў Нясвіжы.

Экспазіцыя музея знаёміць наведвальнікаў з помнікамі археалогіі на тэрыторыі раёна (сярод экспанатаў ёсць матэрыялы раскопак з неалітычнай стаянкі ля в. Ярэмічы і гарадзішча жалезнага веку ля в. Варонча), з гісторыяй края ў перыяд сярэднявечча (змешчаны археалагічныя знаходкі з раскопак ў г. п. Мір і Мірскім замку, скарб медных манет солідаў XVIII ст., рукапісныя кнігі XVIII - XIX ст. і інш.), з земляробчымі каляндарнымі абрадамі беларусаў.

Карэліцкі музей багаты на этнаграфічныя экспанаты, гаспадарчыя прылады - бароны, плугі, ступы, жорны, якія адлюстроўваюць фізічную моц, з якой жыхары гэтых мясцін працавалі на зямлі. Экскурсавод таксама прадэманстраваў узбраенне рыцара, якое важыла 60 кілаграмаў.

Вялізны куфар, дзе захоўваліся ручнікі і строі, тканыя і вышываныя ў пасаг, сведчыць пра адвечныя жаночыя клопаты і ўмельства мясцовых майстрыц.

У музея захоўваюцца і экспануюцца шматлікія матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё, навуковую і творчую дзейнасць славутых людзей Карэліччыны (Я. Чачота, І. Дамейку, А. Мілюця, А. Бажко, Я. Брыля, А. Дзеркача, В. Іпатаву, Р. Тармолу, У. Калесніка, П. Конюха, А. Ільінскага, П. Ламана і інш.). Значны раздзел экспазіцыі музея прысвечаны падзеям, якія адбываліся на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі могуць убачыць дакументы акупацыйнага перыяду, фотаздымкі загінуўшых жыхароў раёна, даведацца пра трагедыю спаленых на Карэліччыне вёсак.

У музеі праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі вайны і мерапрыемствы, прысвечаныя нашым славутым землякам. Кожны год супрацоўнікі рыхтуюць перасоўныя выставы, з якімі жыхары Карэліччыны знаёмяцца на раённых святах, у школах і іншых установах. Для школьнікаў і дарослага насельніцтва чытаюцца лекцыі на краязнаўчую тэматыку. Кожнае летняе падарожжа нават у маленькі гарадок можа стаць крыніцай вывучэння гісторыі роднага краю.

Па дарозе давялося наведаць вёсачку Любанічы ў Карэліцкім раёне на рацэ Сэрвач. На ўзгорку між ліпаў знаходзіцца невялікі храм Успення Прасвятой Багародзіцы.

Эла Дзвінская, фота аўтара і з сайта http://korelichi-museum.by.

Лістапад. Першае паляванне

Юрка Нагорны

1.

- Сёння пстрангоў

лавіць пойдзем, -

бацька паведаміў гучна.

Быццам на свята збірацца

знак быў пададзены ў хаце.

Мама клубок старых нітак,

што не саткала ў кроснах,

недзе з-за печы дастала.

Ніткі буцвець пачалі -

моль іх крыху папсавала.

Газы наліўшы ў банку,

тата клубок апусціў той:

- Хай набрыняе, гарэў каб

пару гадзінаў - не меней.

Сам жа, узяўшы напільнік,

восці падточваць пачаў ён,

пальцам спрабуючы джала.

Я паглядаў з захапленнем

і прадчуваў ужо свята.

Той лістападаўскі вечар

помню ў дэталях да сёння…

Нёўда звівалася ўнізе,

метраў, мо, трыста ад хаты.

Ўперадзе бацька з васцямі,

як той Няптун на малюнку,

з торбай, дзе будзе здабыча.

2.

Я ж паспяваю ледзь ззаду

з банкай, клубок дзе шархоча.

Вось і рака ўжо струменіць,

плынь пясок донны шліфуе,

і ў карчах заціхае…

- Тут, з-пад карчоў

яны выйдуць

церціся пузам на плыні, -

бацька прамовіў нягучна.

Выняўшы з торбы сякерку,

высек з алешыны жэрдку,

газай клубок набрынялы

ён насадзіў на жардзіну,

дротам яшчэ абкруціўшы,

каб не зваліўся з дзяржання.

Сам закурыў цыгарэту,

вочы ў раку ўтаропіў.

- Што ж, пачынаем, - прамовіў.

І, запаліўшы паходню,

даў у руку мне, сказаўшы:

- Тут вось ты стой і свяці,

плёс каб пясчаны быў відзен.

Сам хутка ўбачыш, як выйдзе

з тых вунь карчоў дуплаватых,

моцна ўляпіўшыхся ў жэрдку,

купка пстрангоў

серабрыстых.

3.

Тую паходню трымаў я

і на плёс жоўты ўзіраўся…

І, сапраўды, неўзабаве

дзве серабрыстыя стронгі

выйшлі нясмела.

Бацька, хвіліну счакаўшы,

восці трымаючы крэпка,

ціха падкраўшыся к плыні,

рэзка васцямі ўдарыў,

жоўтую муць ўскалаціўшы.

- Пацэліў, - усклікнуў ён гучна

і на васцях, ўверх паднятых,

цела пстранга затрымцела.

Зняўшы з зазубрын яго,

у торбу з травою ўкінуў.

- Добры пачатак:

два фунты, не меней, -

бацька лагодна прамовіў.

Тры яшчэ плёсы прайшлі мы,

покуль паходня гарэла.

І серабрыстую стронгу

бацька яшчэ раз уцэліў…

Пэўна, той восеньскі вечар

старт даў таму, што завецца

жарсцю рыбацкай таемнай,

што нас да сёння трымае,

быццам кручком падчапіўшы.

У Селішча да дзедавай хаты

Сцяжынка бяжыць ля рачулкі,

абыходзіць кусты, камяніскі -

спяшаецца ў Селішча,

да дзедавай хаткі.

Іду ля сяліб хутаранскіх,

слухаю: ці не забрэша сабака,

а мо да мяне кінецца…

Рука моцна трымае кіёк

з цвіком у канчары.

Вось і ўзгорак віднеецца -

дзве бярозкі растуць за ім.

Тут сяліба была

Зосі - бабулі і Костуся - дзеда,

яе ўжо няма

гадоў шэсцьдзясят.

Вывезлі хату на дровы…

Арэшнік вакол пассякалі.

Ажыннік, асіннік, кустоўе

запаланілі пагорак.

І знаку ні-ні ад сялібы…

Толькі стаіліся ў цёплай зямлі

цагліны ад коміна

і слухаюць крокі мае…

Тамары Краўчанка

Зборнік вершаў чытаю

Былой аднакурсніцы.

Колькі ж часу прайшло?

Бадай, паўстагоддзя.

З нейкай трывогай шукаю

партрэт на старонцы:

ці пазнаю Тамару?

Помню яе маладой,

чарнабровай, агністай,

з паглядам гарэзлівым.


… Глядзіць на мяне жанчына

зусім незнаёмая,

каб сустрэў дзе на вуліцы -

нізашто не пазнаў бы.

Як гады нас мяняюць…

Стаў чытаць яе вершы -

і голас здалёку наблізіўся,

і міла ўсміхнулася мне

Тамара-Кармэн аднакурсніца.

70-гадовы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк даехаў на фэст у Будслаў на монаколе

Пробашч менскага Чырвонага касцёла, 70-гадовы ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк завершыў 4-дзённую адзіночную пілігрымку з Менска ў Будслаў.

Там 2 ліпеня фэстам адзначаюць свята Будслаўскага абраза Божай Маці. Праз пандэмію пілігрымкі вялікімі групамі адменены, таму ксёндз выправіўся туды самастойна. У якасці транспартнага сродку выбраў монакола, ездзіць на якім навучыўся не так даўно, паведамляе агенцтва "Минск-новости".

29 чэрвеня ў Чырвоным касцёле прайшла імша. Праводзіць ксяндза прыехалі тры дзясяткі чалавек з монаколамі. Пасля гэтага ён выправіўся ў 132-кіламятровую вандроўку. За гарадской рысай святара суправаджаў легкавы аўтамабіль.

Загадчыца гаспадаркі Чырвонага касьцёла Алена Кабяк расказала агенцтву:

- Зрабілі прыпынак у Даўгінаве, пробашч адпачывае, - сказала яна. - У першы дзень, як выправіліся з Менска, праехалі ад МКАД адрэзак 31 км. Цяжкім выдаўся аўторак 30 чэрвеня, калі ліў моцны дождж. У нашай машыне залівае лабавое шкло, а ксёндз Уладзіслаў едзе на монаколе. Ягоны жоўты плашч хоць лічыцца непрамакальным, але ўсё ж... 1 ліпеня прайшлі 22 км. Надвор'е было нядрэннае, свяціла сонца.

Па словах спадарыні Алены, пробашч рухаўся з хуткасцю прыкладна 25 км/г, праз 5-7 км рабіў прыпынак, адпачываў 15-20 хвілін і ехаў далей. У дарозе праводзіў імшу і абрад адарацыі.

Ехаць на монаколе вялікую дыстанцыю няпроста: моцна стамляюцца спіна, бо трэба трымаць раўнавагу, і ногі, якія знаходзяцца бяз руху ў адным становішчы. І ўсё гэта чалавеку ва ўзросце.

Да таго ж паломнік трымаўся посту, на працягу 9 дзён нічога не еў, піў толькі ваду. Дзе б ён ні спыніўся, усюды яго гасцінна сустракалі.

2 ліпеня ксёндз Уладзіслаў працягнуў свой маршрут, заключны адрэзак крыху перавышаў 20 км. У першай палове дня ён дасягнуў фінішу.

2 ліпеня ў Будславе прайшла імша з удзелам айца Уладзіслава Звальнюка і мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Радыё Свабода.

У Германіі ідуць акцыі за вольныя выбары ў Беларусі

Навіны Германіі

Каля 170 чалавек прынялі ўдзел у акцыі салідарнасці з Беларуссю, якая прайшла ў Берліне 27 чэрвеня.

Удзельнікі акцыі сабраліся ў цэнтры нямецкай сталіцы на Бернаўэрштрасэ перад захаваным фрагментам Берлінскай сцяны.

У акцыі, па інфармацыі яе арганізатараў, апроч прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Берліне таксама прынялі ўдзел былы міністр замежных спраў ГДР Маркус Мекель, дэпутат бундэстага Сандра Бубендорфер-Ліхт, а таксама іншыя прадстаўнікі нямецкай палітыкі.

Акцыя была ўзгоднена з гарадскімі ўладамі.

Аналагічныя мерапрыемствы 27 чэрвеня таксама прайшлі ў Брэмене і Гамбургу.

У горадзе Дзюсельдорф на паўночным захадзе Германіі некалькі дзясяткаў беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі 3 ліпеня другі раз за тыдзень выйшлі на акцыю салідарнасці, піша "Радыё Свабода".

Яны пратэставалі супраць рэпрэсій у Беларусі.

Яшчэ адна акцыя салідарнасці з Беларуссю запланавана ў Берліне на 18 ліпеня.

Паводле СМІ.

Гадавіна перамогі Рэчы Паспалітай над Маскоўскай дзяржавай

Баранавіцкія актывісты адзначылі 360-ую гадавіну перамогі Рэчы Паспалітай над Маскоўскай дзяржавай пад Палонкай. З Палонкаўскай бітвы пачаўся фактычна пералом у цяжкай для Рэчы Паспалітай 13-гадовай вайне. Ушанаванне нашых продкаў-ваяроў стала даўняй традыцыяй у баранавіцкіх актывістаў-патрыётаў, кажа арганізатар паездкі Уладзімір Гундар:

- Вось з гэтай палонкаўскай перамогі фактычна пачаўся пералом па ўсёй вайне. Пачалося вызваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага ад маскоўскага захопніка.

Актывісты прыбралі тэрыторыю ля помніка, усклалі кветкі, паставілі прыгожы кошык са стужкамі колеру польскага сцяга і нашага нацыянальнага вялікалітоўскага, бел-чырвона-белага, запалілі знічы, памаліліся, паспявалі песні і пачыталі вершы. Святочны настрой быў крыху сапсаваны старшынёй Палонкаўскага сельвыканкама, якая пад'ехала на правах гаспадыні да святкуючых і грозна дапытала, хто такія, ці ёсць у іх дазвол на мерапрыемства і прыгразіла выклікаць міліцыю. Кажа ўдзельнік акцыі Юрый Казакевіч:

- Самае страшнае тое, што гэтыя людзі лічаць, быццам маюць права дыктаваць нам умовы жыцця, дыктаваць нам, як сябе паводзіць, каго нам ушаноўваць, каго нам памятаць. Яны, па сутнасці, як ланцуговыя сабакі існага рэжыму.

Паводле баранавіцкай спявачкі Галіны Ярашэвіч, ушанавалі не толькі памяць продкаў-ваяроў, але і тых, хто працягнуў іх справу ў барацьбе за свабоду і волю - баранавіцкага паэта, які памёр нядаўна ў Расеі ад каронавіруса, Яўгена Савельева і былога кіраўніка Баранавіцкага ТБМ, якога ўжо 5 гадоў няма з намі, Віктара Сырыцу.

Беларускае Радыё Рацыя. Баранавічы.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА МІКОЛЫ ТРУХАНА (18.08.1947 - 20.03.1999)

На сцэну выйсці і на ёй застацца,

Як застаюцца зоры над зямлёй,

Каб разам з намі плакаць і смяяцца,

І падаць на дарогу прад сабой,

Нібы на вогнішча, якое гіне

У цемры, дзе вятры, снягі, дажджы…

Жывём - пакуль патрэбныя Айчыне,

Айчына ж вечная, як і глыжы

На тых грудах, дзе нашы спяць героі

Забытыя, якія ўсё ж былі,

Як - на абрыве залатыя хвоі,

Што падалі ў раку і ў свет плылі,

Каб расказаць аб Беларусі далям…

І ты на сцэну выйшаў, каб сказаць,

Што Беларусь - не край балот і жалю,

А край любові светлай, як сляза

Каханай над магілай інсургента,

З крыві якога пачаліся мы

Не для таго, каб век па свеце швэндаць,

А берагчы бацькоўскія дамы

І слова роднае, што тут спрадвеку

Было і будзе тут, пакуль жывём

І зоры адлюстроўваюцца ў рэках,

Бо зоры нашым поўняцца святлом,

Як вочы беларускія анёлаў,

Што ў нашы душы праз вякі глядзяць

І бачаць наша маладое Ўчора

І наша Заўтра, дзе не сумаваць…

5,7.01.2009 г.

БАЛАДА СВЯТАРА ЯНА МАТУСЕВІЧА (21.06.1948 - 2.09.1998)

На Кальварыйскіх могілках спакой

І чуюцца малітвы ў жоўтым лісці

Высокіх дрэў, якія над табой

Самотныя цяпер, як і калісьці

Былі самотныя, бо гэты свет

Не самы лепшы, лепшага й не трэба,

Бо ўсё тут з намі і без нас жыве,

Яднаючы сабой зямлю і неба,

І нашы сэрцы, для якіх і ты

Дарогу асвятляў і быў дарогай

Да роднай мовы з рабскай нематы,

Каб з роднай мовай мы ішлі да Бога,

Бо толькі гэтак зразумее Бог,

Што хочам мы, нядаўна шчэ сляпыя.

І мы ідзём, і не расце быльнёг

На сцежках, над якімі залатыя

Лісты кляновыя, як ліхтары

У замках, што разбураны дазвання.

І першымі прыходзяць святары

Да Бога, каб прасіць нам даравання

За ўсё, што мы не збераглі, святое.

На Кальварыйскіх могілках спакой.

І чуецца ў лістоце трапяткое

Твая малітва над маёй слязой…

16.09.2011 г.

БАЛАДА ЯЎГЕНІІ ЯНІШЧЫЦ (20.11.1948 - 25.11.1988)

Жыццё кароткае, як ноч, што забівае,

І вечнае, як верш, які з душы ўсплывае,

Як з неба зорка, да якой ісці

Па вострых травах, залатым лісці

І быць сабой, як ластаўцы ў палёце,

Як водсвету агню на тонкім лёдзе,

Што ў лістападзе, як лязо нажа

Блішчыць і, як матыль, імкне душа

Ягонай наталіцца адзінотай,

Нібы агонь - апалаю лістотай…

Жыццё, нібыта геніяльны верш,

Кароткае, і ў вершы ты жывеш,

Які ты нам, самотным, прысвячала,

Нібыта з неба зорку даставала,

Каб без цябе застаўшыся адны

Праз ноч змаглі дайсці мы да вясны,

Дзе зразумець, што ластаўка ў палёце,

Як водсветы агню ў анёльскім лёдзе…

23.10.2003 г.

БАЛАДА МАР'ЯНА ВІЖА (23.02.1949 - 1.04.1999)

Ля інсургентаў Каліноўскага сядзіш

Прад зорным вогнішчам,

што цепліцца ўначы.

Ты не віжуеш, хоць даўно завешся Віж.

З табой твой крыж

і шлях - ад вечнасці ключы.


Ты лабірынт стварыў і сам яго прайшоў

І гарадскія кветкі ты пакінуў нам,

А ў кветках мёд - твая да горада любоў,

Дзе нарадзіўся ты,

дзе ёсць твой белы Храм.


Ля інсургентаў Каліноўскага сядзіш

І сам, як інсургент, у пыле тых дарог,

Што нас да волі прывядуць, а не ў Парыж,

Не для Парыжа разбураўся тут астрог.

З трывогаю глядзіш на родны мілы кут,

Дзе мала помніць хто не толькі пра цябе,

А пра герояў тых, што гінулі, каб тут

Была краіна, не прастор зямны ў журбе.


Ля інсургентаў Каліноўскага сядзіш,

Запісваеш дыханне і сэрцабіццё.

Ты не віжуеш, хоць даўно завешся Віж.

З табой наш свет, што вечны,

як само жыццё.

6.05.2019 г.

БАЛАДА УЛАДЗІМІРА БУДНІКА (28.04.1949 - 8.08.2007)

Сваю душу напоўніўшы вятрамі,

А музыкай, нібы душою, Храм,

Трымаць ты ўзяўся неба па-над намі

Сваім крыжом, каб пажылося нам

Яшчэ пад гэтым небам, дзе з бусламі

Анёлы нашы ткуць для нас святло,

Якое нам не бачыцца вачамі,

А сэрцам адчуваецца…

Было

І ты не верыў, што далёка тыя

Вясёлыя дзянькі і залатыя,

Калі і музыка, і слова наша

У нас пачуюцца не толькі намі…

Нябёсы чорныя, нібыта сажа

Ад свечак, што без нас згарэлі ў Храме

У час малітвы за цябе й мяне,

Бо ты, душу напоўніўшы вятрамі,

А музыкай, нібы малітвай, час,

Трымаць узяўся неба па-над намі

Сваім крыжом, не запытаўшы нас…

10.08.2007 г.

БАЛАДА АЛЕСЯ ЕМЕЛЬЯНАВА (20.03.1952 - 6.10.2005)

У пачку цыгарэты, як патроны,

Якімі забіваеш сам сябе,

Бо немагчыма жыць і быць штодзённа

Спакойным у краіне, дзе ў журбе

Далёкіх продкаў курганы сівыя

І рэшткі замкаў у палын-траве,

Дзе вецер, нібы воўк галодны, вые…


І тое, што ўсё ж Беларусь жыве

На пляцах чутна, на якіх збірацца

Няма дазволу, ды народ прыйшоў,

Які не будзе пра дазвол пытацца

На веру, на надзею, на любоў…


І любіш ты глядзець, як бусел кружыць

Над хатамі, дзе Беларусь жыве

І сонца ў небе залатою ружай

У будучынь з мінулага плыве

І не знікае, бо яно ад Бога,

Як Беларусь ад Бога, дзе ёсць нам

Для кожнага, як для цябе, дарога

У беларускі самы белы Храм…

30.06.2011 г.

(Працяг у наступным нумары.)

МАСАВАЯ МІГРАЦЫЯ РУСКІХ У ЛІТВУ І БЕЛАРУСЬ У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XVIII СТАГОДДЗЯ ЯК ФОРМА КЛАСАВАЙ БАРАЦЬБЫ СУПРАЦЬ УЗМАЦНЕННЯ ПРЫГОННІЦКАГА ПРЫГНЁТУ (ПА АПУБЛІКАВАНЫХ РУСКІХ КРЫНІЦАХ)

В. Грыцкевіч

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Увесну і ўлетку 1723 г. ваенная калегія ўладкавала заставы для лоўлі ўцекачоў па лініі Рыга-Вялікія Лукі-Смаленск і далей. Толькі ў Смаленскай губерні і Вяліка-лукскай правінцыі былі створаны 109 застаў, якія абслугоўвалі 304 салдаты і афіцэры.

У наступныя гады колькасць дваранскіх скаргаў на сялянскія ўцёкі і хваляванні павялічылася. 1 лютага 1725 г. генерал-пракурор сената П. І. Ягужынскі, абагульняючы патрабаванні, якія ўтрымоўваліся ў дваранскіх чалабітных, падаў Кацярыне I запіску пра неабходнасць зніжэння падушнага абкладу для сялян, спасылаючыся на тое, што "мноства (іх) уцякае за рубеж польскі і ў Башкіры, чаму і заставы не дапамагаюць".

Улады былі змушаны пайсці на некаторыя саступкі сялянам. Кацярына I падпісала праз тыдзень указ пра паніжэнне падушнага падатку з 74 да 70 копеек, але гэта не дапамагала, і сенат прапанаваў зменшыць гэты падатак на 1726 г. да 60 капеек з душы. Такія часовыя меры не давалі жаданых вынікаў, і ўраду давялося прыняць указ ад 5 сакавіка 1728 г. пра ўмацаванне збудаванай у 1723 г. лініі на заходняй мяжы для лову ўцекачоў.

Мясцовыя ўлады, спрабуючы спыніць уцёкі, каралі бізуном не толькі злоўленых уцекачоў, але і добраахвотна вяртаўшыхся з уцёкаў асоб. Гэта вымусіла сенат выдаць 5 ліпеня 1728 г. указ пра непрымяненне ў адносінах да добраахвотных, "вяртанцаў" падобных мер, паколькі "якога дзеля пакарання, з уцёкаў на ранейшае жыллё (ўцекачы) прыходзіць асцерагаюцца".

П. К. Алефірэнка прыводзіць дадзеныя вопісаў канцылярыі канфіскацыі (1730-х гг.), якія сведчаць пра абязлюдзенне шэрагу вёсак Смаленскай губерні ў выніку ўцёкаў іх жыхароў у Беларусь. У некаторых паселішчах пры вопісе не аказвалася жыхароў, бо "яны ўцяклі за польскую мяжу". Пра масавыя ўцёкі абшарніцкіх сялян і дваровых людзей з Смаленскай і Наўгародскай губерній сведчаць і некаторыя ўрадавыя акты таго часу. 15 верасня 1732 г. сенат выдаў указ "Пра пастаноўку войскаў на польскай мяжы для знішчэння перабежчыкаў; пра падачу ведамасцяў жыхарам памежных губерняў пра прычыняныя ім крыўды з польскага боку памежным камісарам, губернатарам і ваяводам (...)". Пры гэтым прадугледжвалася даслаць у ваенную калегію ўказ пра пастаноўку неабходных вайсковых кантынгентаў на заставы, а ў губерні, якія мяжуюць з Рэччу Паспалітай, паведаміць, каб тамашнія абшарнікі паведамлялі памежным камісарам, а таксама вялікалукскаму ваяводзе і кіеўскаму губернатару "пра сыходзячых ад іх за мяжу польскую расійскіх людзей, і сялян, калі, у каго што ўкраўшы, знясуць". Гэта патрабавалася, каб згаданыя чыноўнікі "маглі ў задавальненне прызначаным ад польскага боку камісарам прадставіць і з імі пра тыя справы без затрымкі ў камісію ўступіць".

Выданне гэтага ўказу супадае па часе з распачаўшымся ў 1732 г. у Смаленскай губерні недародам, які ў наступныя гады распаўсюдзіўся па ўсёй Расіі. Колькасць уцекачоў і жабракоў пры гэтым, па дадзеных С. М. Троіцкага, дасягнула некалькіх сот тысяч человек.

Улады выдавалі ў 1733 і 1734 гг. маніфесты з заклікамі да ўцекачоў вярнуцца ў Расію і абяцаннем за гэта даравання. Аднак, як сведчыць высачайша зацверджаны даклад: кабінет-міністраў ад 31 ліпеня 1734 г., па гэтых закліках "малая колькасць такіх з'явілася". Гэты даклад прадугледжваў адтэрміноўку плацяжоў да 1735 г. сялянам памежных паветаў, паколькі з пацярпелых ад недароду Смаленскай і Наўгародскай губерняў узмацніліся масавыя ўцёкі жыхароў. Добраахвотным "вяртанцам" ізноў былі абяцаны палёгкі.

Больш надзей ускладалася, аднак, на іх гвалтоўнае вяртанне рускімі войскамі, якія знаходзіліся ў Літве і Беларусі ў сувязі з вайной за польскую спадчыну, у якой Расія і Аўстрыя выступалі супраць выбару соймам Рэчы Паспалітай караля Станіслава Ляшчынскага.

Паводле высачайша зацверджанага даклада кабінет-міністраў "Пра ўтрыманне ў Смаленскай губерні сялян ад уцёкаў і пра забранні ў Польшчы расійскіх уцекачоў размешчанымі там расійскімі войскамі" ад 31 ліпеня 1734 г. камандзіры вяртаўшыхся войскаў павінны былі выведваць "пра тых уцекачоў (...) дзе і ў якіх месцах і ў каго больш знаходзяцца", прычым рабіць гэта асцярожна, каб уцекачы "пра тое не маглі даведацца і ў іншыя месцы разысціся". Войскам прапаноўвалася ісці тымі трактамі, "дзе найбольш па іх разведанні тыя ўцекачы знаходзяцца, лавіць іх і весці з Літвы і Беларусі ў Рыгу, Смаленск і іншыя памежныя гарады". На Ветку ж па гэтым дакладзе было вырашана накіраваць "асаблівую каманду ад генерала Вейсбаха" з тым, каб яна раптам акружыла тамтэйшыя слабоды і вывела ў Расію іх жыхароў, "а жыллё іх разарыць, каб надалей прытулку для пасялення ў іх не было".

Да пытання пра ўцекачоў у Літву і Беларусь ізноў вярнуліся ў кабінеце напачатку 1735 г. На паседжанні кабінета сенатар М. Г. Галоўкін ізноў прапанаваў паслаць у Літву і Беларусь "значнае войска і загадаць не толькі ўцекачоў вярнуць, але і польскіх падданых, забраўшы, перавесці на Царыцынскую Лінію".

1 красавіка 1735 г. пяць рускіх палкоў пад камандай драгунскага палкоўніка Я. Г. Сыціна перайшлі мяжу ў лютым і зрабілі "першую веткаўскую выгнанку": у траўні 1735 г. Сыцін дакладваў, што вывеў у Расію з Веткі і суседніх слабод 10662 чалавекі.

Акрамя вышэйзгаданых каманд ва ўсходнебеларускія паветы са Смаленска былі накіраваны адмысловыя каманды для пошуку ўцекачоў. Іх прысутнасць там падбадзёрыла некаторых смаленскіх і велікалукскіх дваран, якія пачалі выязджаць у гэтыя паветы на пошукі сваіх беглых прыгонных. Такая прыватная ініцыятыва выклікала незадаволенасць мсціслаўскай і полацкай шляхты, прадстаўнікі якой звярнуліся да смаленскага губернатара А. Б. Бутурліна і сталічных уладаў са скаргамі на сваволле рускіх дваран, якія збівалі шляхціцаў і забіралі з сабой наўзамен сваіх уцекачоў мясцовых беларускіх сялян, а таксама "шляхочых коней, і пажыткі" са спасылкай на тое, "быццам людзі і сяляне, якія ўцяклі ад іх, звезлі ў Літву вялікія зносы з іх пажыткаў". Вайсковыя ж каманды, па сведчанні скаржнікаў, "на гарады, мястэчкі і вёскі наезды чыняць і мужыкоў ловяць, вяжуць, бізунамі б'юць і, хто дасць выкуп, тых ужо вызваляюць". Аналагічныя звесткі паступілі ў сенат і ад гвардыі падпаручніка Дубровіна, накіраванага ў Паўночную Беларусь "для вышуку ўцекачоў расійскіх".

Паколькі ў чэрвені 1736 г. меўся сабрацца сойм, на якім павінны былі абраць на пасад Рэчы Паспалітай расійскага кандыдата Аўгуста III Саксонскага, у планы царскай дыпламатыі не ўваходзіла раздражняць тамтэйшую шляхту. Таму сенат выдаў 4 чэрвеня 1736 г, указ аб строгім наглядзе над тым, каб памежныя дваране не ездзілі ў беларускія паветы на пошукі сваіх збеглых падданых.

Для пазбягання "скарг, пратэстацый і нараканняў да расійскага боку" на сойме А. Б. Бутурліну было прадпісана адклікаць і пасланыя ім каманды, "паколькі хоць некаторыя звыш адабраных і засталіся, яны без сумнення ад стараннага розных каманд вышуку ў далеч разбегліся".

З прычыны таго, што масавыя ўцёкі ў Літву і Беларусь не спыняліся, 16 траўня, 1739 г. быў выпушчаны імянны ўказ "Аб адпраўленні Смаленскага гарнізоннага палка на Вялікія Лукі для размеркавання па фарпостах да самай ліфляндскай мяжы і аб ўтрыманні сялян ад уцёкаў у Польшчу". І хоць ва ўказе было адзначана, што сяляне пакідаюць пераважна Наўгародскую, Пскоўскую і Вялікалукскую правінцыі, пяццю гадамі раней, 16 сакавіка 1734 г. генерал фон Вейсбах, які разглядаў просьбы асобных старавераў пра вяртанне ў Расію, дакладваў у кабінет (міністраў), што "некаторыя са з'явіўшыся такіх раскольнікаў аб'яўляюць, што яны ранейшае сваё жыллё маюць" не толькі ў Наўгародскім павеце, але "і ў іншых вельмі аддаленых месцах".

Ні заклікі да ўцекачоў вярнуцца ў Расію, ні фарпосты на мяжы, ні накіроўваныя ў Беларусь і Літву каманды не дапамагалі. Па ўказах царыцы да 1 чэрвеня 1740 г. вярнулася толькі 275 чалавек, у той час як у слабодах паўднёва-ўсходняй Беларусі, на адлегласці 50-100 вёрст ад рускай мяжы, нават пасля "першай выгнанкі" (па звестках бургамістра раскольніцкіх слабод Старадубскага і Чарнігаўскага палкоў Гаўрылы Карпава) заставалася 402 двары збеглых рускіх у маёнтках 14-ці беларускіх абшарнікаў. А. П. Ігнаценка прыводзіць паведамленне расійскай калегіі замежных спраў ваеннай калегіі ад 14 снежня 1749 г. пра яўку "чалабітчыка ад расійскіх збеглых людзей, якія жывуць у Польшчы і якіх лікам больш за дваццаць тысяч душ".

Перасяленне за мяжу цягнула за сабой змяншэнне насельніцтва і наносіла шкоду гаспадарцы краіны. Так, паміж I і II рэвізіямі, з 1719 па 1744 г., у Смаленскай губерні адзначаўся прырост мужчынскага насельніцтва на 24,4% з сярэднегадовым прыростам 0,72%, у той час як па ўсёй Расіі гэтыя лічбы складалі толькі 16,88% і 0,62%. Тым часам, менавіта з гэтай губерні, больш станоўчай па дэмаграфічных паказчыках, па дадзеных сената, адзначаліся масавыя ўцёкі сялян. У сваім дакладзе "Аб учыненні новай рэвізіі" ад 17 верасня 1742 г. сенат прама адзначае, што ўцёкі менавіта са Смаленскай губерні ў Беларусь і Літву прынялі пагрозлівыя памеры. Колькасна выразіць іх пры ўліку змяншэння народана-сельніцтва напярэдадні 2-й рэвізіі не ўяўлялася магчымым, паколькі са "Смаленскай губерні вялікая колькасць за мяжу ў Польшчу выйшла і вывезена не толькі вялікая колькасць людзей, але і цэлыя вёскі".

Можна ўявіць сабе, якім мог быць сапраўдны прырост насельніцтва ў губерні, калі б не ўцёкі, раз, нават пры адтоку насельніцтва ў Беларусь і Літву, ён быў вышэй ад сярэдняга.

Прычыны масавых уцёкаў у Літву і Беларусь былі разнастайнымі, але першым чынам тлумачыліся ростам абшарніцкай эксплуатацыі і цяжарам дзяржаўных падаткаў". П. К. Алефірэнка адзначае, што прычыны ўцёкаў "караніліся ў існых прыгонніцкіх адносінах, якія тармазілі гаспадарчую дзейнасць прыгонных". Сялянства ўцякала ў мясцовасці, дзе было больш магчымасцяў для яго гаспадарчай дзейнасці як дробнага вытворцы. Гэтым і тлумачыцца, што нароўні з беднымі ўцякалі і маёмасныя, ці дастатковыя сяляне, хоць апошнія мелі большую магчымасць сысці на заробкі і займацца прадпрымальніцтвам, набываючы за хабар у стараст і прыказчыкаў пакармёжные лісты і пашпарты. Аднак сыход у горад і на мануфактуру для абшарніцкіх сялян быў значна абцяжараны. Крыніцы пацвярджаюць факты ўцёкаў у Ветку заможных людзей.

Нельга не пагадзіцца з А. Н. Сахаравым, калі ён падкрэслівае, што ўцёкі сялян трэба, разглядаць, не толькі з пазіцый "узмацнення прыгону і барацьбы сялян супраць гэтага ўзмацнення"; але і з пункту гледжання шырокага руху насельніцтва ў гарады, у асвойваныя раёны, на заработкі.

"Што да ўцёкаў, - піша гэты даследчык, - то на гэты конт рознагалоссяў няма; сяляне ўцякалі галоўным чынам ад феадальных уласнікаў туды, дзе феадальная залежнасць была слабейшая".

Як вядома, у Літве і Беларусі ў выніку эпідэмій і войн напачатку XVIII ст. скарацілася колькасць сельскага насельніцтвы, а вытворчыя сілы сельскай гаспадаркі былі падарваны. Таму беларускія прыгоннікі не ўпускалі магмасці выкарыстоўваць рускіх сялян для працы ў сваіх маёнтках (так жа, як іх рускія субрацці рабілі гэта адносна беларусскіх сялян у аналагічных умовах у другой палове XVII ст.).

Рускія сяляне і гараджане, якія перасяліліся ў Літву і Беларусь (так жа, як і беларускія ды літоўскія сяляне і гараджане, што перасяліліся ў другой палове XVII ст. у Расію) карысталіся адпаведнымі палёгкамі.

У апошняй траціне XVII і асабліва ў другой чвэрці XVIII ст. значныя памеры набыло засяленне пустуючых земляў збеглымі сялянамі, якія вярталіся да ранейшых уладальнікаў, а таксама перасяленцамі з Падляшша, з Украіны і з Расіі. Феадалы вызвалялі іх на некалькі гадоў ад усіх ці большасці павіннасцяў.

(Заканчэнне ў наст нумары.)

У СУЗОР'І ПАГОНІ

Выстава мастакоў, сяброў суполкі "Пагоня", юбіляраў 2020 года

Групавая выстава сямі сяброў суполкі "Пагоня" - ПЁТРЫ БАГДАНАВА, ВОЛЬГІ БЫЧКО, АНАТОЛЯ ВОЛКАВА, АЛЕГА І АЛЕНЫ КАРПОВІЧАЎ, ВІКТАРА МІКІТЫ І ЮРЫЯ ПІСКУНА адкрыецца ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва" Беларускага саюза мастакоў 8 ліпеня 2020 года.

Выстава прысвечана 30-гадоваму юбілею суполкі "Пагоня". Сем творцаў маладзейшай і сярэдняй генерацыі суполкі таксама адзначаюць у 2020 годдзе свае юбілейныя даты. Насамрэч іх сумесная экспазіцыя - гэта сем самастойных персанальных выставак, якія аб'яднаны адзінай для ўсіх "пагоняўцаў" любоўю да Беларусі. Кожны з мастакоў у сваёй адметнай творчай манеры апявае сваю Радзіму, услаўляе беларускую ідэю.

Самая маладая з удзельнікаў - ВОЛЬГА БЫЧКО. Для яе гэта першая юбілейная персанальная выстава. На ёй прадстаўлены творы апошніх гадоў: сімволіка-рамантычныя жывапісныя кампазіцыі, стрыжнёвая тэма якіх - сувязь гісторыі і сучаснасці. Галоўнымі героямі палотнаў часта выступаюць дзеці мастачкі.

Рэтраспекцыя жывапісу ПЁТРЫ БАГДАНАВА складзена з найбольш значных твораў мастака - адухоўленых жаночых вобразаў анёльскай прыгажосці.

У АНАТОЛЯ ВОЛКАВА асноўная тэма творчасці - беларуская гісторыя, апяванне часоў славы Вялікага Княства Літоўскага. Вельмі цікавая і разнастайная экспазіцыя яго работ уключае і жывапісныя пано, і зброю, і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і інсталяцыі. Шэраг новых твораў мастак выканаў спецыяльна для гэтай выставы.

Муж і жонка АЛЕГ і АЛЕНА КАРПОВІЧЫ дэманструюць у сваіх экспазіцыях творы графікі. У Алены - гэта тонкія, паэтычныя акварэлі і кніжныя ілюстрацыі. У Алега Карповіча - малюнкі, сяброўскія шаржы і карыкатуры, якія карыстаюцца нязменным поспехам на яго шматлікіх персанальных выставах.

ВІКТАР МІКІТА - мастак, які выдатна працуе як у галіне графікі, кніжнай ілюстрацыі, так і жывапісу. На выставе ў "Палацы мастацтва" можна пабачыць найбольш знакамітыя графічныя серыі і жывапісныя творы ў аўтарскай тэхніцы.

Мастак-жывапісец і вядомы ў краіне майстар-дызайнер сцэнічнага касцюма і мастацтвазнаўца ЮРЫЙ ПІСКУН дэманструе свае жывапісныя творы розных гадоў. Найперш гэта партрэты блізкіх яму людзей.

Усе сем экспазіцый выставы "У сузор'і Пагоні" даюць магчымасць гледачу больш блізка пазнаёміцца з разнастайнасцю творчых пошукоў сябраў суполкі "Пагоня", з іх адданасцю высакароднай місіі служэння Беларусі.

"Мастакі Бабруйска"

8 ліпеня 2020 года а 17-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва" Беларускага саюза мастакоў (Мінск, вул. Казлова, 3) адкрыецца выстава твораў "Мастакі Бабруйска", прысвечаная 30-годдзю Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА "БСМ". Арганізатары выставы - Бабруйская гарадская арганізацыя ГА "БСМ" і Бабруйскі мастацкі музей.

"Шаноўны, спадзяюся, невыпадковы наведвальнік выставы!

Калі ласка, прыйшоўшы на выставу, уважліва, удумліва прачытайце анатацыю да яе і нетаропка прайдзіцеся па экспазіцыі ад працы да працы. І пастарайцеся ўявіць сабе трыццацігадовы жыццёвы і творчы шлях невялікай першаснай структуры БСМ у правінцыйным горадзе Бабруйску. Гэта шлях няпросты, поўны дасягненняў, расчараванняў, праблем і, у чымсьці, драматызму.

У цяперашні час Бабруйская гарадская арганізацыя самая невялікая, налічвае ў сваіх шэрагах усяго 10 чалавек і стваралася ў тыя часы, калі па Статуту СМ СССР гэтая магчымасць існавала пры наяўнасці 10-ці сяброў. Трыццаць гадоў - для чалавечага жыцця з дня нараджэння - гэта перыяд пачатку, пошуку і фарміравання жыццёвай пазіцыі, а для арганізацыі, на жаль, пэўная, не вельмі радасная пара падвядзення вынікаў.

90-я гады мінулага стагоддзя - гэта наша актыўная маладосць у творчасці, поўная сіл, жаданняў, энтузіязму, ілюзій, шчасця барацьбы і стварэння, рэальнага адчування сваёй значнасці ў культурным жыцці горада. Гэты час сур'ёзных перамен у краіне, вялікіх, часта непасільных у вырашэнні, праблем эканамічнага і фінансавага характару. Падобныя, у той ці іншай меры, крытычныя сітуацыі тады перажылі ўсе абласныя арганізацыі. І перажываюць да гэтага часу. Да чаго мы прыйшлі ў сваіх жыццёвых перыпетыях ў 20-м годзе гэтага стагоддзя - выстава вельмі паказальная.

Мы вырашылі паказаць сучаснаму гледачу ўвесь творчы патэнцыял, які існаваў у маладой гарадской арганізацыі з 1990 па 2020 гады. Страта яго адчувальная і незаменная.

З 1998 г. па 2012 г. з жыцця і творчасці сышлі адзін за адным вядучыя бабруйскія мастакі, якія працавалі актыўна і сур'ёзна: Э. Белагураў, Ю. Нікіфараў, У. Дамарад, У. Рубцоў, А. Ясюкайць.

З 2003 года па ініцыятыве арганізацыі ў Бабруйску рэгулярна праводзяцца міжнародныя пленэры па кераміцы "Арт-Жыжаль". Але гэта ўжо асобная тэма для размовы, пра творчасць у кераміцы.

Такім чынам, у мінулыя 30 гадоў."

Валерый Калтыгін, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА "БСМ".

Выстава працуе да 19 ліпеня 2020 года.

ВЫСТАВА ВАСІЛЯ БАРАНАВА

8 ліпеня 2020 года а 17-й гадзінев ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва" (Казлова, 3) адкрываецца выстава графікі і жывапісу сябра суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў Васіля Баранава.

"Васіль Баранаў не шукае новых тэхнічных сродкаў, не здзіўляе і новымі тэмамі, аднак яго графічныя аркушы прыцягваюць увагу аматараў прыгожага. Яго мастацтва спакойнае, нібы свабоднае цячэнне глыбокай раўніннай ракі. Рэальныя пейзажы ён доводзіць да высокага абагульнення, як быццам "выпадкова губляе" нязначныя дэталі і пакідае на паперы толькі самае важнае, амаль сімвал. З "маленькай" рэчы нечакана нараджаецца вялікі эпічны вобраз і трэба сказаць, што гэта не канкрэтны пейзаж, не канкрэтная вёска, гэта часцінка нейкі таямніцы, якую глыбока перажыў сам мастак пры назіранні за навакольным светам. Вёска сярод палёў і пералескаў устае як вялікі вобраз усёй роднай зямлі.

Натхнёны ідэяй хрысціянскага адзінства, ён шукае адэкватныя манументальныя формы для яго выяўлення. Такія працы як літаграфіі "Архангел Міхаіл", "Архангел Гаўрыіл", гравюры на дрэве "Ян Хрысціцель" і "Анёл-ахоўнік" гавораць пра яго, што ён знаходзіць уласную інтанацыю ў выразе тэмы і дамагаецца самастойнасці як мастак...

Не пазбягае ён і фальклорных тэм. Яны арганічна ўваходзяць у графічныя кампазіцыі, такія як "Калядная зорка вёскі Лялечы", "Птушкі Барбары Арэф'еўны", "Чорная кераміка Такарэўскага".

На змену акадэмічнай школе прыходзіць пошук новых форм. І тады з'яўляюцца "нечаканыя" вялікія кампазіцыі графітнымі алоўкамі... Мастак нібыта раскрывае перад гледачом заслону сталых паняццяў і шчодра дзеліцца адкрытым ім светам, поўным стыхійных жыццёвых сіл.

Прыпомніліся словы вядомага чэшскага мастака Мілаша Іранэка: "Добрая акварэль або малюнак могуць размясціць на некалькіх квадратных сантыметрах свайго фармату такую ж дозу мастацтва як і вялікае палатно". Графіка Васіля Баранава цалкам адпавядае гэтым мудрым словам."

Мікалай Паграноўскі, мастацтвазнавец. Выстава працуе да 19 ліпеня 2020 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, "Палац мастацтва".

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX