Папярэдняя старонка: 2020

№ 31 (1494) 


Дадана: 05-08-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 31 (1494), 5 жніўня 2020 г.

30 гадоў без свята

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет 12-га склікання прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР

Сяргей Навумчык згадвае той час:

- Гэты дзень тады ж, у 90-м, быў абвешчаны Днём Незалежнасці, хаця Дэкларацыя незалежнасць не абвяшчала. Строга кажучы, яна толькі пацвярджала тое, што было ўжо запісана ў Канстытуцыі БССР 1978 года - што Беларусь з'яўляецца суверэннай рэспублікай. Незалежнасць будзе абвешчаная толькі праз год, 25 жніўня 91-га.

У 1990-м галасаваць за поўную самастойнасць сакратары райкамаў, старшыні калгасаў, генералы і дырэктары заводаў былі яшчэ не гатовыя, і "Дэкларацыю аб Незалежнасці", якую мы ім прапанавалі, яны адрынулі. Тое, за што яны прагаласавалі, было палавінчатым дакументам, і не ішло ў параўнанне з тым, што было прынята ў Літве ці Латвіі.

Сапраўды, у Беларусі не было так, як у Літве ці Латвіі. Але і ўмовы, у якіх жыў беларускі народ у ХХ стагоддзі, былі іншымі - два стагоддзі пад Расейскай імперыяй і сем дзесяцігоддзяў пад імперыяй камуністычнай. У 1990-м латыш мог сказаць сыну: "Калі мы жылі ў незалежнай Латвіі...". У Беларусі ніхто не мог распавесці сыну ці нават унуку пра досвед жыцця ў незалежнай краіне; у заходніх рэгіёнах маглі толькі распавесці, як "было пры Польшчы".

Дэкларацыя прымалася, хаця і "на нервах", але неяк не вельмі заўважна па-за межамі Авальнай залы. 27-га ліпеня мне давялося застацца ў Авальнай зале, калі большасць дэпутатаў БНФ яе пакінула. Парламенцкая большасць спачатку адхіліла падрыхтаваны Фронтам праект, за кожны радок давялося змагацца, потым уключыла палажэнне пра "новы Саюз", а потым увогуле некаторыя паставілі пад сумнеў неабходнасьць Дэкларацыі; пасля выхаду з залы фронтаўцаў дэпутаты пад настроем - "А, дык БНФ не хоча галасаваць? Дык тады прагаласуем!" - націснулі кнопкі, на гэта і быў разлік.

Але за наступныя месяцы яны прызвычаіліся, што перад гэтым на сесіях, калі прымалі законы, апазіцыя апелявала да Дэкларацыі. Слова "суверэнітэт" не выклікала ў іх страху. 25 жніўня 91-га яны прагаласавалі за незалежнасць. Так, на іх рашэнне паўплываў выступ Зянона Пазьняка, націск дэпутатаў БНФ, якіх падтрымалі іншыя дэмакратычныя дэпутаты, і канешне - тысячы чалавек на Плошчы. Усё гэта так.

Але, калі я задумваюся над тым, ці магла б дэпутацкая большасць гэтак прагаласаваць у 91-м, калі б не было прынятай годам раней Дэкларацыі аб суверэнітэце - прыходжу да высновы, што - наўрад ці.

Яно так. Беларусы дома і за мяжой выдатна разумелі, што ў рамках Саюза Дэкларацыя 27 ліпеня - гэта яшчэ не незалежнасць, але велізарны крок да незалежнасці. У Менску памкнуліся былі святкаваць 27 ліпеня як Дзень Незалежнасці, пра што сведчаць расцяжкі па горадзе, але са святам не задалося. Неўзабаве здарылася 25 жніўня 91-га, потым 8 снежня. Паралельна святкавалі 25 сакавіка, ну а затым яшчэ 3 ліпеня. Святаў незалежнасці было больш, чым самой незалежнасці, і ўсім стала не да 27 ліпеня.

Аднак, не ўсюды забылі пра гэты дзень. З 1995 года 27 ліпеня святкуецца грамадскасцю Ліды, як асноўнае летняе свята. 19 гадоў святкаванне ішло безперапынна, потым пачаліся праблемы з дазволамі, мяняліся формы, але свята адзначалася. Партыя БНФ прымала рашэнне па аднаўленні святкавання 27 ліпеня. Рашэнне засталося на паперы, дата застаецца паўзабытай, але незаслужана, а таму не навечна.

Паводле Радыё Свабода.

Свабоду Севярынцу!

Як бы ні так

Р.А. Галоўчанку,

Прэм'ер-Міністру

Рэспублікі Беларусь,

вул. Савецкая, д. 9,

220010, г. Мінск

Аб вызваленні П. Севярынца,

сябра ТБМ

Паважаны Раман Аляксандравіч!

Падчас сёлетняй кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў затрыманы і чарговы раз зняволены актыўны сябра ТБМ Павел Севярынец. Як вынікае з матэрыялаў у СМІ і па інфармацыі праваабарончых арганізацый, умовы яго зняволення не адпавядаюць міжнародным стандартам.

У сувязі з гэтым, звяртаемся да Вас з просьбай узяць пад асабісты кантроль прычыны і ўмовы ўтрымання пад вартай Паўла Севярынца.

З павагай,

Старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" А. Анісім.


Старшыні ГА ТБМ Анісім А.М.

У Генеральнай пракуратуры вывучаны Ваш зварот, які паступіў з Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, па пытанні абгрунтаванасці затрымання і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці П. Севярынца.

У адпаведнасці з арт. 7.1 ПВКаАП адміністрацыйнае затрыманне, іншыя працэсуальныя дзеянні могуць быць абскарджаны непасрэдна ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу, а іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі - толькі калі працэсуальныя дзеянні, якія праводзяцца, і рашэнні закранаюць іх правы і законныя інтарэсы.

Пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання на падставе арт. 12.11 ПВКаАП можа быць абскарджана асобай, у адносінах да якой яна вынесена, пацярпелым, а таксама іх прадстаўнікамі і абаронцамі.

Абскарджанне працэсуальных дзеянняў і вынесеных у рамках адміністрацыйнага працэсу працэсуальных рашэнняў іншымі асобамі, якія не адзначаны ў арт. 7.1, 12.11 ПВКаАП, у тым ліку прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў, нормамі ПВКаАП не прадугледжана.

Затрыманыя асобы маюць права самастойна звярнуцца за абаронай сваіх інтарэсаў і ва ўстаноўленым ПВКаАП парадку абскардзіць прынятыя ў адносінах да іх працэсуальныя рашэнні ў тэрытарыяльныя органы пракуратуры і суд.

З улікам таго што Вы не з'яўляецеся асобай, якой ва ўстаноўленым законам парадку могуць быць абскарджаны вынесеныя ў адносінах да вышэйназванага грамадзяніна судовыя пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, дастатковых прававых падстаў для разгляду Вашага звароту па сутнасці не маецца.

Дадатак: на 2 л.

Начальнік аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М.В. Папова.


Пружанская раённая арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

Пружанскі раённы

выканаўчы камітэт,

Пружанскі раённы аддзел унутраных спраў,

Суд Пружанскага раёна,

Пракуратура Пружанскага раёна

ЗВАРОТ

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, жыхары Пружаншчыны, сябры Пружанскай раённай арганізацыі "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаемся да вас, дзяржслужбоўцы, супрацоўнікі МУС, работнікі судовай сістэмы і пракуратуры.

Мы вас усіх ведаем, жывём побач з вамі: вы - нашы суседзі, знаёмыя, знаёмыя знаёмых і іх родныя. Вы займаеце адказныя пасады, выконваеце свае абавязкі перад народам, за што мы вам шчыра ўдзячныя. У гэты лёсавызначальны год для нашай Рэспублікі - год выбараў Прэзідэнта Беларусі - кожны беларус павінен зрабіць свой сумленны выбар.

Сёння для кожнага зразумела, што краіна патрабуе перамен, і перш за ўсё - змен ва ўладзе. 26 гадоў - шмат для любога менеджара. Мы разам з вамі бачым, як народ, а галоўнае - наша моладзь, хоча новай краіны, хоча развіваць нашу Беларусь, жыць і працаваць на гэтай зямлі. Давайце зробім правільны выбар - на карысць змены ўлады, за будучыню моладзі, каб наступіў новы дзень у свабоднай Беларусі, без страху ды прыгнёту. Мы не прападзём: у Беларусі шмат разумных і моцных людзей, кожнаму знойдзецца праца ў новай краіне.

Вы прымаеце вызначальныя рашэнні - няхай гэтыя рашэнні будуць чалавечныя і па сумленні. Як сказаў Гельвецый, "Згрызоты сумлення пачынаюцца там, дзе канчаецца беспакаранасць". А канец яе будзе. I мы не хочам, каб гэтая доля закранула вас.

Мы кажам "Не!" незаконным затрыманням і супрацьпраўным дзеянням у дачыненні да пружанцаў і грамадзян Беларусі.

Мы кажам "Не!" палітычнаму пераследу і ціску на грамадзян.

Мы кажам "Не!" загонам на датэрміновае галасаванне.

Заставайцеся сумленнымі! Заставайцеся беларусамі!

Раённая Рада "ТБМ імя Ф.Скарыны ", г. Пружаны, 22 ліпеня 2020 г.

Беларусь прэзідэнцкая ў этнакультурным адлюстраванні

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар

У ліпені 1994 года ў гісторыі Беларусі адбылася падзея, якая асабліва тры-чатыры гады нікому не прыходзіла ў галаву. Краіна стала прэзідэнцкай рэспублікай. Да гэтага часу некалькі гадоў праіснавала таксама ў новым для яе фармаце парламенцкай рэспублікі. Хоць такое зараз дзяржаўнае ўтварэнне было і навізной, неяк палітыкам удавалася з яго дапамогай дамагацца пэўных поспехаў. Асабліва вялікую радасць зведвалі нацыянальна свядомыя станы грамадства ад дасягненняў у правядзенні, прычым на высокім дзяржаўным узроўні, страшэнна запозненай палітыкі беларусізацыі. Была яна другой па ліку, бо першая, як вядома, прыпала на міжваенны перыяд і на радасць многім дала добры плён. Такое можна сказаць і пра Гарбачоўскую (заўсёды пішу з вялікай літары) перабудову, галоўным, адзіным правадніком якой была Кампартыя Беларусі. Заўважце: такое піша чалавек, які ніколі не належаў да яе, маючы ад гэтага нямала бар'ераў для свайго прафесійнага росту на ніве гістарычнай навукі.

Ініцыятыва з боку нізоў па выратаванні беларускай мовы ад поўнага заняпаду (завяла ж яе туды заганная бальшавіцкая нацыянальная палітыка Маскоўскага Крамля) была надзвычай магутнай. Аднак, галоўная роля ў прыняцці 26 студзеня 1990 года Закона аб мовах у Беларускай СССР належала Камуністычнай партыі Беларусі, якой ужо ў гэтым не перашкаджаў Крэмль часоў Міхаіла Гарбачова, а іншым разам нават і падштурхоўваў партыйнае кіраўніцтва рэспублікі да правядзення такіх захадаў. Згаданым Законам па ўсёй справядлівасці статусам адзінай дзяржаўнай у Рэспубліцы надзялялася толькі мова яе карэннага жыхарства. У цывілізаваных, незалежных краінах не дапускаецца, каб у такіх выпадках ёй у сапернікі навязвалі яшчэ якую-небудзь мову. Такі "гасцінец" могуць прапанаваць толькі каланіяльнай краіне.

Не будучы камуністам, вельмі шкадаваў пра роспуск Кампартыі Беларусі, бо верыў і ў яе шчырае жаданне, і ў бясспрэчную здольнасць вярнуць беларускую мову да жыцця. На вялікае шчасце, у той час, як ніколі раней, у рэспубліканскім апараце ЦК КПБ, абкамах, райкамах, гаркамах працавала шмат сапраўдных беларускіх нацыянальных патрыётаў, да таго ж яшчэ і высокага інтэлекту, якія шчыра жадалі, многа рабілі па пашырэнні сацыяльнай сферы ўжывання беларускай мовы. Затым нямала іх перайшло на працу ў розныя структуры парламенцкай сістэмы кіравання.

Праблем, у тым ліку і вельмі складаных, тэрміновых у яе хапала, што, аднак, адмоўна не адбівалася на ходзе нацыянальна-культурнага адраджэння. Яно ўпэўнена набірала размах, знаходзіла так неабходную падтрымку ў шырокіх колах грамадства. Што беларускую мову ўдасца выратаваць ад прычыненага ёй русіфікатарамі заняпаду, зрабіць, як таго яна заслугоўвала, адзінай дзяржаўнай у краіне, мала хто сумняваўся. Людзі ахвотна браліся за гэтую патрыятычную, нацыястваральную справу.

У адначассе з паспяховым, упэўненым ходам нацыянальна-культурніцкага адраджэння актыўна вялася прапаганда пра неабходнасць замены парламенцкай сістэмы на прэзідэнцкую, як нібыта больш прагрэсіўную і асабліва актуальную для Беларусі ў такі нялёгкі час. На дзіва, з'явілася нямала напалеончыкаў, гатовых узяць у свае рукі ўсю паўнату ўлады.

Я знаходзіўся сярод праціўнікаў, прычым зацятых, увядзення пасады прэзідэнта, бо ведаў, колькі гора прыносіла народам такая палітычная сістэма, асабліва ў краінах Лацінскай Амерыкі, дзе прэзідэнты вельмі хутка трансфармоўваліся ў дыктатараў, якія дзеля асабістых інтарэсаў не спыняліся нават перад жорсткім пакараннем і тых, з дапамогай каго дарываліся да ўлады.

Абставіны склаліся так, што першым на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узышоў Аляксандр Лукашэнка. Падстаў у яго хапала: дзве вышэйшыя адукацыі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, поўны фізічных сіл, у час выступу добра валодаў аўдыторыяй. Аднак заўважым, у такім буйным палітычным поспеху А. Лукашэнкі немалая заслуга кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, якое ў яго прамовах, дзеяннях нічога не заўважыла з беларускага нацыяналізму (у найлепшым разуменні гэтага слова), а хутчэй наадварот. Ён карыстаўся толькі рускай мовай.

На час заняцця А. Лукашэнкам прэзідэнцкага крэсла краіна задыхалася ад мноства сур'ёзных праблем, пераважна эканамічнага характару. Займаўся імі і Прэзідэнт, не забываючыся і на духоўную сферу. І гэта цалкам лагічна, абгрунтавана. Першая палітычная асоба не можа быць абыякавай да таго, у якім стане знаходзіцца такая важная сфера жыцця дзяржаўнага народа, наколькі забяспечваецца яго этнакультурная самабытнасць, ці не расхістваюцца ўстоі нацыянальнай ідэнтычнасці. Бо калі з усім гэтым ёсць праблемы, дык народ нават матэрыяльна забяспечаны, добра адукаваны можа страціць сваё нацыянальнае аблічча, стаць бесструктурнай этнічнай масай, гноем для колькаснага павелічэння іншых нацый, разбегчыся па чужых краінах.

Так сталася, што з духоўнай сферы А. Лукашэнка вылушчыў для сябе толькі моўны аспект. Вядома, апошні самы важны, асяродкавы ў ёй, і таму без грунтоўнай прафесійнай падрыхтоўкі цяжка пазбегнуць сур'ёзных памылак, асабліва пры вызначэнні сацыяльнай ролі мовы ў грамадстве. Так яно і здарылася. Ужо ў першыя месяцы прэзідэнцтва А. Лукашэнка паспеў выказаць нямала негатыву на родную мову дзяржаўнага народа, у тым ліку і перад навукоўцамі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. На той сустрэчы прысутнічалі і прадстаўнікі самой красы беларускай інтэлігенцыі філалагічнага профілю. Прамаўчалі! У даваенных беларускіх акадэмікаў, ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Усевалада Ігнатоўскага, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка хапіла б смеласці, рашучасці паправіць першую палітычную асобу БССР.

Пасіўнасць акадэмікаў, членкораў лінгвістычнага профілю на сустрэчы з першым Прэзідэнтам не пайшла на карысць ні яму, ні краіне, пра што сведчаць "набыткі" майскага 1995, лістападаўскага 1996 гадоў рэферэндумаў, у выніку іх, як і прадказвалі многія эрудыты, родная мова дзяржаўнага народа выйшла з афіцыйнага ўжывання, што не робіць гонару і палітыку № 1. Яго найгалоўны абавязак забяспечыць сваёй краіне ўсе ўмовы для развіцця на ўласнай нацыянальна-культурніцкай аснове, а не замяняць яе суседскай.

Прашу звярнуць увагу: лістападаўскі рэферэндум, згодна з якім у Рэспубліцы Беларусь і рускую мову надзялілі статусам дзяржаўнай (афіцыйнае двухмоўе), цвёрда ведаючы, што ў выніку гэтага беларуская непазбежна апынецца на задворку, стане лішняй, правялі ў год, калі спаўнялася 300-годдзе, як прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай забаранілі выкарыстоўваць яе ў службовым справаводстве (1696 г.), чым наканавалі апошняй паступовае адміранне. А. Лукашэнка, як гісторык, не мог не ведаць пра такое дзікае моваедства. Паўтарэнне ганебнай польскай практыкі, відаць, толькі надавала яму моцы ў арганізацыі рэферэндуму. Польскія забойцы беларускай мовы асабліва не афішавалі сваю расправу над ёй. Нашыя ж гора-палітыкі вынікі лістападаўскага рэферэндуму давялі народу, як вялікае дасягненне ў правядзенні нацыянальнай палітыкі, хаця самі выдатна разумелі, што забілі асінавы кол у сэрца беларускай мовы. Ад людзей жа гэтую горкую праўду ўтойвалі.

Лістападаўскі рэферэндум стаў сапраўдным святам для многіх расіян, бо яны ніколькі не сумняваліся: на дзесяцігоддзе закінутай на сметнік беларускай мове не вытрымаць канкурэнцыі з рускай па абслугоўванні афіцыйнага жыцця. Радаваліся, што хоць у адной са створаных на постсавецкай прасторы дзяржаў руская мова будзе выступаць у ролі гаспадыні. За забеспячэнне ёй такога прэстыжнага, панавальнага становічша ўлады Беларусі мелі ад Расіі пэўныя прэферэнцыі.

Прадвызначыўшы беларускай мове паступовы адыход у нябыт, А. Лукашэнка не толькі не карыстаўся ёю пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, але і стараўся пры любым зручным выпадку сказаць штосьці абразлівае на яе адрас. Балазе, і ў часы Расійскай імперыі, і ў міжваеннай Польшчы хапала ў беларускай мовы зацятых ворагаў. За гэта ім добра плацілі, забяспечвалі хуткае прасоўванне па службовай лесвіцы. І ўжо самае агіднае: спрадвеку беларускую мову хаялі Руская праваслаўная царква і Польскі каталіцкі касцёл, на што маем права глядзець, як на вялікае злачынства гэтых канфесій перад самім Богам. Беларусы могуць толькі пазайзросціць здзейсненаму імі ўкладу ў фармаванне, развіццё, кансалідацыю рускай і польскай нацый.

Палітыкі міжваеннай Польшчы, імкнучыся хутчэй пераўтварыць беларускі абшар - "усходнія крэсы" ў тыповы польскі нацыянальны рэгіён накшталт таго, як сёння прэзідэнцкая вертыкаль падганяе - на няшчасце, даволі вынікова - нашую краіну пад рускія культурна-моўныя стандарты. У сваім інтэрв'ю карэспандэнту адной з французскіх газет польскі міністр замежных спраў Бэк сказаў (думаецца, з вялікім задавальненнем) наступнае: "Мы закрываем у Заходняй Беларусі школы і замяняем іх польскімі (якое падабенства з тым, што адбывалася з другой паловы 1990-х гадоў з беларускімі і рускімі школамі ў Рэспубліцы Беларусь!) таму, што беларусы - народ адсталы, беларуская мова неразвітая (а калі б і сапраўды было так, дык ці ж не мелі тут віны польскія асімілятары! - Л.Л.) і мала карысці прыносіць яна тым, хто ёю валодае і хто на ёй вучыцца". Як падобна да поглядаў на беларускую мову палітыкаў сучаснай Рэспублікі Беларусь! Такога роду ахінею нёс на беларусаў "усходніх крэсаў", іх родую мову і другі добра вядомы ў міжваеннай Польшчы палітык Уладзіслаў Студніцкі. Яму належаць такія абразлівыя словы: "Этнаграфічная беларуская мова павінна быць безумоўна асімілявана, і беларусы павінны пакінуць мары аб нацыянальным існаванні. Ні аб якім беларускім народзе не можа быць і размовы, таму што беларусы не маюць уласных традыцый".

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Крыху больш васямнаццаці працэнтаў, прааналізаваных у "Літаратуры і мастацтве" матэрыялаў, прысвечаны гістарычным падзеям. Найбольшую цікавасць аўтары гэтых матэрыялаў праявілі да нядаўняга мінулага (да перыяду пасля 1991 года, пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь) - 27,8% артыкулаў, затым ідзе перыяд рэпрэсій (1928-1938 гг.) - 14,8%, на трэцім месцы перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.) - 13,0% матэрыялаў. А што тычыцца тэм у артыкулах па гісторыі, то тут першае месца займаюць матэрыялы, якія асвятляюць сучасныя мерапрыемствы з нагоды гістарычных падзей - 33,3%, затым ідуць рэпрэсіі і ганенні беларусаў у розныя часы - 24,1%, і дзейнасць у мінулым культутрна-асветніцкіх арганізацый беларусаў - 18,5%.

У працэсе аналізу "Народнай газеты" высветлілася, што большая частка прааналізаваных матэрыялаў (71,4%), як і ў "Літаратуры і мастацтве", таксама прысвечана пытанням культуры. Гэта, у асноўным, - (63,7%) каменціраваныя матэрыялы, у 32,6% выпадкаў невялікія нататкі без каментарыяў, сустракаюцца таксама архіўныя матэрыялы і афіцыйныя дакументы. Сярод матэрыялаў "Народнай газеты" больш дыскусійных артыкулаў, чым у "Літаратуры і мастацтве": у 21,7% матэрыялаў выказваецца некалькі кантрастных пунктаў гледжання на апісваную праблему, у "Літаратуры і мастацтве" такіх матэрыялаў набралася толькі 3,0%. З матэрыялаў, што тычацца культуры, большая колькасць асвятляе праблемы беларускай мовы - 24,4%, адукацыі - 13,0%, музыкі - 11,4%. Сярод тэм па культуры асноўнае месца займаюць сучасныя мерапрыемствы ў гэтай сферы - 38,7%, 33,5% - прысвечаны дзяржаўнаму кіраўніцтву культурай і 13,0% - матэрыяльнаму боку культуры.

Крыху больш, чым у "Літаратуры і мастацтве", 28,6% прааналізаваных у "Народнай газеце" матэрыялаў прысвечаны гістарычным падзеям. Найбольшую цікавасць аўтары гэтых матэрыялаў, як і ў "Літаратуры і мастацтве", праявілі да перыяду пасля 1991 года (пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь) -- 44,3% артыкулаў, на другім месцы перыяд ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў - 20,5% і на трэцім так званы Літоўска-Беларускі перыяд (канец XV - пачатак XVI ст.) - 7,7% матэрыялаў. А што тычыцца тэм у гістарычных матэрыялах, то найбольшую цікавасць аўтары праявілі да дзяржаўна-палітычнай пабудовы - 66,7%, потым ідуць сучасныя мерапрыемствы з нагоды гістарычных падзей - 35,9%, а затым войны, заваёвы - 30,8% матэрыялаў.

Як бачым, большая частка прааналізаваных у абедзвюх газетах матэрыялаў прысвечана сучасным мерапрыемствам у сферы культуры ці з нагоды гістарычных падзей. Гэта сведчыць аб тым, што іх чытачы заўсёды будуць у курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў гэтых сферах і могуць самі выяўляць жаданне прыняць удзел у якім-небудзь з мерапрыемстваў. Такая інфармацыя, на наш погляд, станоўча можа адбіцца на свядомасці чытачоў.

Пры аналізе асвятлення прэсай праблем культуры асаблівую цікавасць уяўляе пытанне аб тым, якія ж суб'екты ў мінулым спрыялі развіццю беларускай нацыянальнай культуры і фарміраванню самасвядомасці насельніцтва, а таксама, хто гэтаму спрыяе сёння і на каго аўтары артыкулаў ускладаюць надзею ў гэтай справе ў будучым. Такая інфармацыя прадстаўлена ў табліцах I, II, III.

Гледзячы на вынікі даследавання, прадстаўленыя ў табліцах I, II III, мы бачым, што ў мінулым, па меркаванні аўтараў прааналізаваных газет, развіццю беларускай нацыянальнай культуры і самасвядомасці беларусаў спрыялі дзеячы культуры, інтэлігенцыя, Урад, Вярхоўны Савет. "Просты народ" (рабочыя, сяляне, рамеснікі і г.д.) амаль што ніякага дачынення да гэтага не меў ні ў мінулым, ні сёння. Не надаецца яму вялікай ролі ў гэтай справе і ў будучым. "Народная газета" (як орган Вярхоўнага Савета) вялікую ролю ў справе нацыянальнага адраджэння ўскладае на Урад і Вярхоўны Савет, а "Літаратура і мастацтва" (як орган Міністэрства культуры) - на дзеячаў культуры. Вось, напрыклад, адно з тыповых меркаванняў аўтара "Літаратуры і мастацтва": "Давайце, нарэшце, скажам хоць і горкую для ўсяго народа, але праўду - толькі дзякуючы пісьменнікам наша мова, культура, а, калі на тое пайшло, і сама нацыя пакуль што не загінулі... асноўную місію па зберажэнні, стварэнні і развіцці моўнай, а дакладней нацыянальнай аўры ў нашым грамадстве заўсёды выконвала літаратура і пісьменнікі".

Мы не будзем аспрэчваць, так гэта было ў гісторыі ці не. Але, відавочна, не трэба нікому тлумачыць, што для развіцця і існавання культуры акрамя культурнай эліты (пісьменнікаў, артыстаў і г.д.) патрэбна і адпаведнае культурнае асяроддзе, да якога, акрамя інтэлігенцыі і прадстаўнікоў улады, адносіцца і "просты народ" - рабочыя, сяляне, службоўцы. Менавіта, гэтае культурнае асяроддзе зможа захаваць і перадаць культурныя здабыткі будучым пакаленням, і зрабіць саму дзейнасць у галіне культуры прэстыжнай.

Што тычыцца студэнцкай моладзі, то яна (як бачым у табліцах I, II, III) займала, займае і будзе займаць пэўнае месца ў справе нацыянальнага адраджэння, і гэта знайшло сваё адлюстраванне ў прэсе. Надзея на студэнтаў (выказаная ў прэсе) як на адзін з суб'ектаў ў развіцці культуры не дазволіць студэнтам думаць, што ад іх нічога не залежыць. Да таго ж яны ў бліжэйшы час папоўняць шэрагі беларускай інтэлігенцыі, якой надаецца адна з галоўных роляў у гзтай справе. Гэта ўстаноўка станоўча можа паўплываць на свядомасць студэнтаў, на іх актыўнасць. Але тое, як мы ўжо падкрэслівалі, што аўтары большасці матэрыялаў памяншаюць ролю "простага народа" можа адмоўна паўплываць на свядомасць і яны не даацэняць таго культурнага асяроддзя, на якое яны змогуць абаперціся ў справе адраджэння беларускай культуры. Асаблівую цікавасць пры аналізе прэсы ўяўляе пытанне аб тым, хто з'яўляецца "героем" матэрыялаў, каму ў асноўным прысвечаны матэрыялы. Вынікі даследавання па гэтым пытанні прыведзены ў табліцы IV.

Імя і сутнасць яго, нажаль, пакуль амаль нязменныя...

Яўген Гучок

(Аб рабстве паэма-эсэ)

(Працяг. Пачатак у папяр. нум.)

***

Рабы адзін аднаго не слухаюць,

А калі і слухаюць,

Дык тут жа пярэчаць адзін аднаму.

***

А хто людзей расстрэльваў

у Курапатах?

Вядома, мангола-крамлёўска-

камуністычныя

Рабы.

***

Нашчадкі забойцаў у Курапатах

Сёння з гонарам цвердзяць,

Што Сталін загартаваў іх народ.

***

Людзей забіваць

Могуць толькі

Рабы.

***

Рука раба,

Працягнутая ўперад,

Рабоў у рабства новае кіруе.

***

Раб сумуе аб Сталіне,

Як той сумаваў

Аб Чынгізхане.

***

Вучоныя рабы

Канструявалі бомбы

І ўручалі неачынгізханам.

***

Аб бомбе амаль што атамнай

Падумваў, не выключана,

І Чынгізхан.

***

Вучыць раба не трэба,

Што трэба рабіць,

Ён ведае, як умацоўваць рабства.

***

Рабу палон не страшны:

Ён у палоне

Ад нараджэння.

***

Дзе трэба заплакаць,

Рабы заўсёды:

- Га-га, гі-гі.

***

Рабоў гаворка,

Як і мысленне, -

Пазадухоўная.

***

Для раба светлафор асаблівы:

На дабро - святло чырвонае,

А на зло - зялёнае.

***

Пыл на вушах -

Вось музыка раба;

Душа яго не ўспрымае гукаў неба.

***

Рабы сваім дыханнем

Усяму жывому

Атручваюць-паганяць атмасферу.

***

На прапанову адвярнуцца

ад рабства

Раб адказвае:

"А як жа далей жыць?"

***

Сярод трох рабоў змоўшчыкаў

Кожны трэці -

Стукач.

***

У рабскім грамадстве

Не прыхавана мірная вайна

Усіх супроць усіх.

***

Не менш, шчэ больш,

Чым грошы,

Рабы ўладу адмываюць.

***

Раб-карупцыянер

Процьма грошай нагроб...

Цяпер яму дзяўчат

і ўладу падавай.

***

Афшоры..., укладчыкі

і прымальнікі

Сведчаць аб рабскіх

Зацікаўленнях узаемных.

***

Раб-пацук трымае венік,

А пад ім -

Мышэй-рабоў.

***

Чым больш рабоў,

Рабу тым лепш:

Ёсць за каго хавацца.

***

Яшчэ тым лепш рабу:

Ёсць на каго спіхнуць

Свае правіны.

***

Не згодныя з маскоўскім рабствам

Венгры, чэхі ды іншыя

Былі задушаны савецкімі рабамі.

***

Тое самае робіць Масква

З Украінай,

І да Беларусі яно недалёка.

***

Сярод пісьменнікаў

рабоў нямала...

Адпіскі, прыпіскі,

Даносы.

***

Няма каго,

Няма чаго,

Дзе б раб не быў і падабцаснікам.

***

Твае хваробы раба не цікавяць;

Зацікаўленні яго -

Каб паслугаваў ты яму.

***

Раб лашчыць тулава на сонцы,

А сонца праўды -

Не для яго.

***

Раб-уладар

Да таго давядзе грамадства,

Што падапечныя

і жалудам будуць рады.

***

Заганы і звышзаганы -

Звышпланы

Рабоў.

***

Рабу абяцаюць,

І ён абяцае,

А ўрэшце - цацанкі-нулі.

***

У рабоў адна навука -

Навука свабоду

Прыдушваць.

***

Не прызнаваць сваіх памылак -

Таксама патыхае

Рабствам.

***

Раб, што доўга жыве,

Зусім

Не жыве.

***

Раб не здольны

Перастаць

Баяцца.

***

Калі што путнае рабу гаворыш,

Падножкі-словы ён ўстаўляе,

Каб перабіць цябе.

***

Падгледзець, падслухаць,

А потым перавярнуць

І распаўсюдзіць -

таксама занятак раба.

***

Маёмасць, улада, вядомасць

Заўжды былі ветразямі

Для рабоў.

***

Пошук у раба адзін, -

Каб дзе і як свабоднаму

Нашкодзіць-напаскудзіць.

***

Ціхутка, з-пад цішка

Раб свае брудныя дзеі

Здзяйсняе.

***

Праўда і воля -

Палон не для

Раба.

***

Калі рабы ўсіх краін

Аб'яднаюцца,

Зямлі канец настане.

***

Займайся сабой,

Не хадзі на зборышчы

Рабоў.

***

Падчас вайны

Мяне не забілі немцы,

А сёння свае рабы забіваюць.

***

А гэты раб духоўны перакананы,

Што Бога рука -

На яго плячуку.

***

Устрымлівайся набліжацца

Да саманабліжаных да Бога,

Штосьці рабскае дрэмле ў іх.

***

Пакуль праз новае неба

Не перародзіцца раб-homo crectus,

Рабства зямлю не пакіне.

І І І

І ў раба ёсць сёмае неба...

Няма нічога больш жудаснага,

больш прыніжальнага,

чым быць рабом раба.

Карл Маркс.


Люди холопского звания -

Сущие псы иногда;

Чем тяжелей наказание -

Тем им милей господа.

Мікалай Някрасаў.

***

Хто супляменнікаў сваіх

Ператварыць імкнецца ў рабоў,

Сам - першы раб.

***

Да "светлай будучыні"

Заўжды вялі рабоў

Духоўныя рабы.

***

Каб дагадзіць рабу-гаспадару,

Адзін аднаго рабы знішчаць

Гатовы.

***

На карысць рабам-уладальнікам

Рабы шараговыя

Адзін аднаго кантралююць.

***

Не праміне ў размове раб

Свайго гаспадара

Ўславіць-ухваліць.

***

Рабы - адна сям'я,

Найбліжшая радня,

А як яны паміж сабою варагуюць.

***

Раб-шараговец прыхварэў

І ў гэтым вінаваты

Перад рабаўладальнікам-рабом.

***

І ў паўсядзённым рабстве

Ого, якія ліхачы

Вярхоўныя рабы.

***

Службовае становішча раба -

Ёсць старт і шлях

У разбэшчанае царства.

***

Пакорліва служыць гаспадару -

Удасканальванне становішча

Абодвух.

***

І рабам свеціць сонца сапраўднае,

Ды не ўдзячны яны

Яму.

***

Вогнішча,

што нішчыла Лышчынскага,

Было ярчэй сонца

Для Яна Бжоскі-раба.

***

Рабамі пасланы Горст-раб

Давыда Гарадзенсага

Жыцця пазбавіў.


***

Сярод двух начальнікаў-рабоў

Адзін заўжды -

Галоўнейшы.

***

Даўней раба на сабаку мянялі,

Сёння пасада замест

Сабак.

***

Галава раба, бы барабан,

Па якім гуляюць палкі

Гаспадарскія.

***

Шчокі раба яшчэ

І для таго,

Каб па іх гуляла

далонь гаспадарчая.

***

І ў раба ёсць сёмае неба...

Яно - начальнік на вялікай

Пасадзе.

***

Шукае раб вышэйшага раба,

Каб больш яшчэ сябе

Прынізіць.

***

Шукае раб вышэйшага раба,

Каб на яго замах не здзейсніць,

А каб на дольш сябе прынізіць.

***

У рабоў-гаспадароў

Шматбаковыя інтарэсы

У кірунку рабства захавання.

***

Ад зайздрасці адзін аднаму

Пухнуць і той, і гэты -

Вось сведчанне рабскага стану.

***

Інфляцыя...

Інфляцыя...

Але не для інстытута рабоў.

***

Рабоў муштраваць не трэба,

Самі яны

Самамуштруюцца.

(Працяг у наст. нумары.)

Жыццёвыя шляхі Івана Навуменкі і асаблівасці яго прозы

Сёлета 15 лютага адзначалася 95-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі.

Паліцы кнігарняў і бібліятэк папоўніла новае змястоўнае выданне "Кулуарамі творчай майстэрні Івана Навуменкі". Манаграфія з'явілася вынікам працы аўтарскага калектыву над падрыхтоўкай да выдання Збору твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах.

"У беларускай літаратуразнаўчай і эдыцыйнай практыцы падрыхтоўка дзесяцітомнага навукова каментаванага Збору твораў народнага пісьменніка Беларусі, выдатнага празаіка, драматурга, крытыка і публіцыста, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, акадэміка НАН Беларусі, доктара філалагічных навук Івана Навуменкі ажыццяўлялася ўпершыню, - пазначыла ў прадмове да кнігі Алена Манкевіч. - Упершыню была праведзена пошукавая работа ў фондах спецыялізаваных архіваў, музеяў, бібліятэк, прыватным архіве нашчадкаў І. Навуменкі, у выніку чаго былі выяўлены, сабраны, сістэматызаваны і прааналізаваны практычна ўсе мастацкія творы класіка, распрацавана канцэпцыя выдання з размеркаваннем твораў па тамах."

У манаграфіі, якую калектыў аўтараў прапанаваў зацікаўленаму чытачу, дадзена агульная характарыстыка творчасці І. Навуменкі, раскрыта змястоўна-праблемнае багацце яго твораў, іх жанравая разнастайнасць, вызначана месца пісьменніка ў беларускай літаратуры. Адкрывае манаграфію раздзел, аўтарам якога з'яўляецца С.С. Лашук, зямляк Івана Навуменкі, галоўны каардынатар працы па падрыхтоўцы да выдання Збору твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах.

С.С. Лашук у сваім раздзеле ўзгадаў яркія моманты жыцця Івана Навуменкі. Не забыты ўдзел юнака ў дзейнасці падпольнай арганізацыі ў Васілевічах, допыты ў засценках жандармерыі, з якой, па шчаслівых абставінах удалося вызваліцца, дзейнасць у партызанскім атрадзе. Веданне нямецкай мовы і вопыт работы ў партызанскай разведцы прадвызначылі франтавы лёс Івана Навуменкі. Дзякуючы яго радыёперахопам ўдалося выйграць некалькі наступальных аперацый, пазбегнуць страт у жывой сіле і тэхніцы.

Вяртанне ардэнаноснага вайскоўца ў родныя Васілевічы ў 1945-тым, праца карэспандэнтам раённай газеты і паступленне на завочнае аддзяленне філфака БДУ сталі важнымі прыступкамі для ажыццяўлення мары будучага пісьменніка.Чырвоны дыплом выдатніка і паступленне ў аспірантуру, праца ў штаце рэспубліканскай газеты "Звязда" і ўдзел у выданні часопіса "Маладосць" вызначылі далейшыя вехі творчасці пісьменніка.

Майстэрству празаіка і раманіста прысвяціў свае раздзелы даследчык Алесь Лапата-Загорскі.

"Паступова Іван Навуменка авалодаў таямніцамі прафесіі, і ўжо самыя першыя апавяданні празаіка, напісаныя ў 1954-56 гадах вызначаліся арыгінальнасцю, мастацкай свежасцю, добрай адшліфаванасцю, выверанай на мілагучнасць фразай і ўвогулле прыкметнай прафесійнай культурай, за якой адчуваўся вопыт дасведчанага журналіста, а галоўнае - беспамылкова ўгадвалася глыбокае разуменне жыцця, уласная навуменская інтэрпрэтацыя, - піша даследчык. - Першыя апавяданні пісьменніка былі надзелены многімі мастацкімі якасцямі, якія будуць характэрнымі для творчасці пісьменніка і ў наступныя гады." Тэма ваеннага юнацтва ўсебакова даследвалася Іванам Навуменкам у раманах "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах" і "Сорак трэці".

Жыццёвая праўдзівасць, у нечым нават факталагічная празрыстасць мастацкага аповеду ў раманах І. Навуменкі дае выразную арыенціроўку ў пошуку і знаходжанні прататыпаў герояў раманаў, у распазнанні апісанай геаграфічнай мясцовасці, а таксама ў вызначэнні жыццёвага ці гістарычнага факта, які лёг у аснову той ці іншай сюжэтна-мастацкай карціны жыцця. Разам з аўтабіяграфізмам у мастацкай прасторы І. Навуменкі блізка судакранаецца прыём дакументалізму. Даследчыкі творчасці пісьменніка У.П. Каваленка, З. В. Жалезка, В.А. Сяргеева паспрабавалі вывесці пэўную адпаведнасць падзей і герояў рамана з рэальнымі падзеямі, якія адбываліся ў родных пісьменніку Васілевічах. У сваім даследванні мясцовы краязнавец, настаўніца гісторыі Васілевіцкай школы В.Сяргеева змагла даволі пераканаўча суаднесці біяграфіі герояў твораў з рэальнымі прататыпамі жыхароў Васілевіч.

Шмат цікавых назіранняў і вывадаў пра асаблівасці творчай манеры І. Навуменкі зрабіла ў сваім артыкуле Інэса Баўтрэль. Уладзімір Чарота прааналізаваў плён больш, чым пяцідзеясяцігадовай працы І.Я. Навуменкі на ніве крытыкі і літаратуразнаўства.

Новая кніга "Кулуарамі творчай майстэрні Івана Навуменкі" будзе цікавая літаратуразнаўцам, выкладчыкам, аспірантам, студэнтам ВНУ гуманітарнага профілю і ўсім, каму блізкая творчасць Івана Якаўлевіча Навуменкі.

Падрыхтавала Эла Дзвінская.

Германія выступіла супраць вяртання Расіі ў G7

Навіны Германіі

Нямецкі бок лічыць, што вяртанне Расіі ў Вялікую сямёрку немагчыма без вырашэння канфлікту ва Украіне, бо нельга "проста так пагадзіцца з тым, што ў ХХІ стагоддзі межы ў Еўропе змяняюцца".

Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас паведаміў, што яго краіна выступіла супраць прапановы лідара ЗША Дональда Трампа вярнуць Расію ў Вялікую сямёрку (G7), паведамляе korrespondent.net.

Выключэнне Расіі з G7 было звязана з анексіяй Крыма і сітуацыяй на ўсходзе Украіны, адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Германіі: "Пакуль гэтае пытанне не вырашана, я не бачу магчымасцяў для запрашэння Расіі".

Маас заявіў, што Германія захоўвае пазіцыю ў тым, што Крым з'яўляецца часткай Украіны. "Мы не можам проста так пагадзіцца з тым, што ў ХХІ стагоддзі межы ў Еўропе змяняюцца", - сказаў Маас, і дадаў, што Расіі неабходна, "шмат зрабіць, каб зноў адчыніліся дзверы".

Хайка Маас заявіў, што таксама не згодны з прапановай запрасіць іншыя краіны на саміт G7. "Мы лічым нармальным фармат G7 або G20, але супраць G11 або G12", - падкрэсліў кіраўнік МЗС Германіі.

Саміт Вялікай сямёркі ў бягучым годзе быў запланаваны на чэрвень, аднак пазней амерыканскі прэзідэнт адклаў яго як мінімум да верасня і заявіў, што хацеў бы правесці гэты саміт у пашыраным фармаце - пры ўдзеле не толькі Расіі, але і Паўднёвай Карэі, Аўстраліі і Індыі.

У свой час Дональд Трамп пракаментаваў сваю ініцыятыву вярнуць Расію ў G7. На ягоную думку, запрашэнне Расіі на саміт G7 дапамагло б спрасціць вырашэнне многіх праблем.

nn.by

Ахвяраванні на ТБМ

1. Чаркасаў Сяргей - 20 р., г. Менск

2. Бандаровіч - 2 р., г. Менск

3. Аглушэвіч - 10 р., г. Менск

4. Жамойдзін Яўген - 3 р., г. Менск

5. Ляўшун Д. - 10 р., г. Менск

6. Багач Уладзімір - 3 р., г. Гомель

7. Ланкевіч Юры - 3 р., а/г Налібокі

8. Пляхневіч М. - 3 р., Самахвалавічы

9. Вяргейчык В.П. - 15 р., г. Барысаў

10. Пранік Пётр - 3 р., г. Смалявічы

11. Касцюкевіч Яўген - 3 р., г. Менск

12. Кізевіч Яўген - 3 р., г. Менск

13. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

14. Карпук А.Л. - 100 р., г. Берасце

15. Паленік Сяргей - 10 р., г. Кобрын

16. Любін Мікалай - 20 р., г. Менск

17. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы

18. Фурс Антон - 60 р., г. Паставы

19. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск

20. Тарасаў Мікіта - 20 р., г. Менск

21. Сямічова - 30 р., г. Менск

22. Пушкароў Анатоль - 50 р., г. Менск

23. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

24. Дубовік С.В. - 10 р., г. Менск

25. Панасюк А.П. - 100 р., г. Менск

26. Урублеўская Н.В. - 20 р., г. Баранавічы

27. Шкут Яўген - 2 р., г. Менск

28. Тарайновіч Уладзімір - 20 р., г. Менск

29. Вяргейчык Валянціна - 200 р., г. Менск

30. Чэчат Алесь - 50 р., г. Менск

31. Прылішч Ірына - 20 р.

32. Рак П.Ф. - 15 р., Балашыно

33. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

34. Ралько Леанід - 30 р., г. Баранавічы

35. Сакалоўскі Віктар - 30 р., г. Ваўкавыск

36. Бакіноўскі В.К. - 50 р., г. Дзяржынск

37. Жыдаль Дзяніс - 50 р., г. Менск

38. Бушык А.М. - 20 р., г. Менск

39. Кукавенка - 25 р., г. Менск

40. Оліна Эла - 10 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Віктар Шніп

Балады крыві і любові

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА МІХАЛА АНЕМПАДЫСТАВА (16.03.1964 - 24.01.2018)

Мы ў цямрэчы з табою чакалі Калядаў

У Краіне, якая была пад снягамі.

І прыходзіў да нашых

прыгорбленых хатаў,

Каб пагрэцца лясун з маладымі ваўкамі.

У пабеленай печы ў агніску чырвоным

Пахка бульба пяклася, варылася кава.

Ля вакон праляталі, як вершы, вароны,

І кароткай была для гасцей тваіх лава.

І гарачыя струны гарачай гітары

Напаўнялі цяплом нашы душы і сэрцы.

І сплывалі халодныя чорныя хмары,

Дзе на поўні ляжалі, нібы на талерцы,

Залатыя ключы ад бясконцага шчасця.

Толькі мы не глядзелі на іх, бо не трэба

Нам было залатое - яно не багацце,

Бо ёсць хлеб на стале і хапае да хлеба,

І ёсць простыя словы, і простыя рэчы,

І Краіна, якая з-пад снегу паўстала,

І мы выйшлі з табою з адвечнай цямрэчы,

Але гэтага мала, табе было мала.

І пайшоў ты адзін у сваё падарожжа,

Каб мы проста жылі, а пасля паміралі

Не за грошы і чын, і, каб верылі-зналі,

Што да светлых Калядаў

дажыць усе зможам.

24.01.2018 г.

БАЛАДА СЯРЖУКА ВІТУШКІ (10.04.1965 - 2.07.2012)

Na paszparcie zolatam - VKL,

I viza z minuuszczyny u novi.

Czytajcie, zajzdroscie - ja hramadzianin

Vialikaha Kniastva Lubovі.

Сяржук Вітушка.


У Вялікае Княства Любові дарога

Для цябе і сяброў, як дарога да Бога,

Як дарога да роднае хаты, да маці…

Ты ідзеш па дарозе нябачнай і шчасце

Матыльком над табою крыляе спакойна

І ад гэтага светла, ад гэтага гойна

На душы і на сэрцы тваёй талакі,

Дзе ў сяброў на пытанне жыцця:

"Хто такі?"

Ёсць адказ: "Беларус! І тут наша зямля

Ёсць, была і тут будзе заўсёды пасля!

І касцямі мы ляжам у нашу зямлю,

Для якой не крычалі: "Да скону люблю!",

А маўкліва любілі, з нябыту ўздымалі

Беларусь, за якую сцяною стаялі

Нашы продкі на замкавых сценах і ў полі,

І не здраджвалі ёй ні за што і ніколі!"

Ты ідзеш па дарозе нябачнай, шчаслівы,

І ты рыцар, якому радзімыя нівы

Гояць раны на сэрцы, дзе ўся твая кроў

Ператворана ў Веру, Надзею, Любоў…

І ляціць матылёк над табой і ляціць,

І нікому яго не злавіць, не забіць,

Бо ён вечны, як ты, бо ты вечны, як свет,

Праз які ты ідзеш, як змагар, як паэт,

У якога нічога няма акрамя

Беларусі і продкаў імя…

3.07.2012 г.

БАЛАДА ЗМІТРА СІДАРОВІЧА (2.10.1965 - 17.05.2014)

Пра што спяваць? Няма ў цябе пытання.

Калі спяваць - пра Беларусь спяваць,

Пра волю вольную і пра каханне,

Якія ў сэрцы, як страла, сядзяць

І забіваюць нас штодзённа і штохвілі

За тое, што жывём, што палюбілі

Нялёгкі шлях да сонца і крыжоў.

Іграеш на дудзе, як сто вятроў

З сівых вякоў праходзяць праз цябе

У гэты свет, дзе ты сказаў журбе:

"Ты не мая, і мне тваім не стаць!"

Не стаў і ўжо не станеш аніколі,

Бо ты сябе змог музыцы аддаць,

Што павуцінкаю плыве над полем,

Над беларускім полем, дзе ляжаць

Героі нашы, пра якіх забыцца -

Бязлітасна забіць іх яшчэ раз.

Ты музыкаю стаў, што б'е з крыніцаў,

Святых крыніцаў, што цякуць праз нас,

Каб мы жылі і не было пытання,

Што нам спяваць. Пра Беларусь спяваць,

Пра волю вольную і пра каханне,

Якія ў сэрцы, як страла, сядзяць…

20.05.2014 г.

БАЛАДА АЛЕСЯ ЛІПАЯ (9.04.1966 - 23.08.2018)

У нябёсах высокіх тваіх аблачыны

У нябыт не плывуць, як паперы, гараць,

На якіх быў напісаны верш для Айчыны,

Ды Айчына твой верш

не змагла прачытаць,

Бо патрапілі ў верш твой гадзюкі-маланкі

І агнём ахапіліся неба і ты,

І звуглеліся ўміг вечары твае, ранкі,

І табе не знайшлося жывое вады...


Ды нябёсы твае засталіся над намі,

І сцяжыны твае не зацягне травой,

І твой верш прачытае Айчына з гадамі

І пабачыць,

што верш быў прысвечаны ёй…

25.08.2018 г.

БАЛАДА ЛАРЫСЫ ЗАСІМОВІЧ (1967 - 1992)

Згараюць дні пражытыя і ночы…

Згараюць фарбы ў незямным агні…

І неба ў хмарах, як у дыме плошча,

Дзе пад асфальтам спрасаваны дні

Забытыя, няздзейсненыя мроі,

Дзе ўсё было, як росная трава,

Дзе ў вечным сне тутэйшыя героі

Самотныя, як белая царква,

Што чорнай стала, бо гараць дні й ночы,

Дзе мы былі і дзе не будзем мы,

Дзе час і дым цякуць крывава з плошчы

Ў неба, як праз пальцы, праз дамы

І ў вечнасці губляюцца над намі

І застаюцца ў попеле карцін,

Што чорнымі ўзлятае матылямі

Па-над агнём, што, як душа, адзін…

26.02.2008 г.

БАЛАДА ЮРЫЯ БЛІНОВА (3.08.1975 - 21.04.2019)

За музыку - анёльскую Айчыну -

Трымалася натхнёная душа,

Якая век не ведала спачыну.

Жыццё без музыкі - як без граша,

Як без дарогі, што вядзе на волю,

Як без надзеі, што міне зіма…

Нам шчасця вечнага не мець ніколі,

І ўжо чаго няма, таго няма

І век не будзе ў гэтым мройным свеце,

Дзе мы не любім забарон і меж…

Нам на раялі чорным свечка свеціць,

Як зорка ў небе, па якім ідзеш,

Нябачны, нібы музыка, якою

Ты жыў, не думаў, што так блізка час,

Калі ўзляціш за музыкай сваёю,

Каб шчасця ў Бога папрасіць для нас…

22.04.2019 г.

Мы ўжо збіраліся развітацца з фундаментальным творам Віктара Шніпа, аж не. Пакуль мы з нумара ў нумар друкавалі балады, паэт не спаў у шапку і напісаў вялікі дадатак, ён ізноў прайшоўся па стагоддзях і згадаў асобаў, прапушчаных у першай серыі. І гэта не дзіўна, што ёсць асобы, якія ён прапусціў. Я не здзіўлюся, калі будзе і трэцяя серыя, бо беларуская гісторыя настолькі багатая, што ахапіць яе ні аднаму чалавеку, ні інстытуту гісторыі, ні акадэміі навук не пад сілу. Мы за тысячу з лішнім гадоў натварылі на гэтым свеце столькі, што трэба тысячу гадоў апісваць. Але падымаючы постаць за постаццю, падзею за падзеяй, мы робім гэтую гісторыю ўсё больш маналітнай, моцнай усё больш грунтоўнай, раскопваем падмуркі нашай дзяржаўнасці, каб на ім паверх за паверхам будаваць гмах новай Беларусь, такой жа велічнай ў будучыні, якой яна была ў мінулым.

Чакайце працяг.

Упершыню на беларускай мове, артыкулы Антона Луцкевіча

Ці зразумеюць?

Рух адраджэння кожнага народа звычайна абапіраецца на два галоўныя чыннікі: абуджэнне нацыянальнай свядомасці ў шырокіх народных масах і стварэнне вартаснай нацыянальнай культуры. У беларускім руху першы чыннік праявіўся на пачатку гэтага стагоддзя, калі народныя масы пачалі актывізавацца ў сувязі з рэвалюцыйным рухам у Расіі. Калі пад тэрмінам "культурных вартасцей" у шырокім сэнсе будзем разумець стварэнне новай, собскай нацыянальнай літаратуры, дык другі чыннік у нас зараз значна апярэдзіў першы. У даваенныя часы амаль што ўся культурная творчасць беларусаў абмяжоўвалася літаратурай і прэсай. Тэатр і музыка толькі пачыналіся. Яшчэ слабейшай была беларуская праца на навуковай ніве, гэтакую працу прэзентавалі толькі адзінкі ў галіне археалогіі, этнаграфіі і гісторыі. А навукоўцы-беларусы ў асноўным карысталіся чужымі мовамі.

Можам цвердзіць, што тэмп развіцця нацыянальнай свядомасці ў беларускіх масах перад вайной быў вышэйшым чым тэмп развіцця творчай культурнай працы. Але гэтак не магло доўга трымацца: піянеры адраджэння якія будзілі свой народ з летаргіі, мусілі даваць яму нешта большае чым сабраны этнографамі ўласны культурны здабытак гэтага ж народа, ці прымітыўнага тэатра, папулярных брашурак і г. д. Трэба, каб адначасова з нацыянальным прабуджэннем беларусаў ўздымаўся і іх культурны ўзровень, каб наша нацыянальная інтэлігенцыя мела магчымасць задавальняць свае духоўныя патрэбы ва ўласным асяроддзі на сваёй роднай мове, а не сярод палякаў ці расейцаў. Для гэтага былі патрэбны вялізныя творчыя высілкі па стварэнні ўласных вышэйшых культурных вартасцяў. Праца ў гэтым кірунку пачала хутка развівацца пасля Сусветнай вайны.

Зразумела, што гэтакая праца можа развівацца толькі ва ўласнай дзяржаве. У беларусаў развіццё навукі і мастацтва пачалося і хутка пайшло наперад пасля стварэння БССР у лоне СССР. Пры ўсёй ілюзорнасці і несамастойнасці гэтага цалкам залежнага ад Масквы дзяржаўнага ўтварэння, савецкая ўлада дала беларусам рэальную магчымасць культурнай працы. З пачатку 20-х гадоў нашага стагоддзя і да канца гэтага дзесяцігоддзя мы былі сведкамі хуткага развіцця беларускай паэзіі, прыгожага мастацтва (тэатр, музыка, жывапіс і г.д.) і навукі. Сотні маладых паэтаў - сялян і рабочых, дэбютавалі ў Саветах на старонках беларускіх часопісаў, і сярод гэтых сотняў, дзясяткі аказаліся па-сапраўднаму таленавітымі. Беларускі дзяржаўны тэатр дасягнуў вышынь і стаў на адзін узровень са слаўным тэатрам Станіслаўскага у Маскве. На тэрыторыі БССР стала працуюць тры драматычныя трупы - у Менску, Віцебску і выязны тэатр. Хары і балет - першакласныя. Над апрацоўкай беларускіх матываў працуе шэраг выбітных рускіх кампазітараў (Грачанінаў, Аладаў і г. д.), яны ствараюць музычныя творы на грунце беларускай мелодыкі. За імі падрастае пакаленне кампазітараў, якія нарадзіліся ў Беларусі.

У беларускай навуцы дамінуючую ролю адыграў Інстытут беларускай культуры, які ў 1927 г. стаў Беларускай акадэміяй навук (Менск, Віцебск, Горы-Горкі) з Беларускім універсітэтам на чале. У тым жа Менску паўстае мільённы кнігазбор - Беларуская дзяржаўная бібліятэка, а таксама Беларускі дзяржаўны музей і дзясяткі іншых, агульных і спецыяльных навуковых пляцовак. Адзін з польскіх прафесараў, выбітны гісторык, пасля наведвання гэтых пляцовак у Менску са шчырым энтузіязмам апавядаў пра іх надзвычай каштоўныя навуковыя здабыткі, пра іх багатыя калекцыі, пра навуковыя выданні, пра будынкі і арганізацыю працы.

І калі з вышыні птушынага палёту паглядзім на ўсю беларускую культурную працу, мусім сказаць, што тэмпы развіцця другога чынніка нацыянальнага адраджэння не толькі не адстаюць ад тэмпаў развіцця свядомасці, але і, магчыма, апераджаюць яго.

Так. Але ўсе культурныя здабыткі ў БССР трэба браць cum grano salis (лац., з недаверам - Л. Л.) Вось ужо 5 - 6 гадоў як яны перанасычаныя дзяржаўнай камуністычнай дактрынай. Культурна-творчая праца беларусаў у Саветах перажывае цяжкі крызіс: больш за 500 навукоўцаў, якія працавалі не толькі дзеля камуністычнай справы, але дзеля навукі, дэпартаваны з Беларусі ў адлеглыя куты Савецкага Саюза, а некаторыя і на слынныя Салаўкі. І ў беларускія вышэйшыя навучальныя установы, беларускія навукова-даследчыя пляцоўкі, музеі і г. д. прыйшлі "стопрацэнтовыя камуністы" якія лічаць навуковую працу адным з спосабаў службы дзеля камунізму. Вось так, усё, як у "цёмным сярэднявеччы", калі лічылася, што "Philosophia est ancilla theologiae" (лац., "Філасофія служыць тэалогі", ад сябе хачу дадаць, што Антон Луцкевіч, пэўна, не чытаў Шпенглера, а каб чытаў, дык ведаў бы думку гэтага мысляра, што тэалогія насамрэч з'яўляецца вышэйшай з навук. - Л. Л.)

Калі зараз паглядзім на Заходнюю Беларусь, якая ўвайшла ў склад польскай дзяржавы, з двума мільёнамі беларусаў1, дык мусім сказаць, што адсутнасць нават самага сціплага самакіравання ці аўтаноміі, брак падтрымкі ці хоць спрыяння з польскага боку да беларускіх культурных пачынанняў на ніве навукі ці мастацтва, пакінулі нам вельмі вузкую браму. Культурных асяродкаў, якія сваёй працай маглі б канкураваць з чырвоным Менскам мы цалкам не маем2. Адсутнічаюць літаратурна-мастацкія звязы. У Вільні адсутнічае нават пастаянны беларускі хор, і гэта нягледзячы на высілкі арганізатара шэрагу харавых выступаў сп. Шырмы. Адзіная навуковая пляцоўка публікуе свае працы на беларускай мове, гэта Беларускае навуковае таварыства. Адзіная рэпрэзентацыйная ўстанова дзе можна ўбачыць узоры старой беларускай культуры, гэта Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў па-базыльянскіх мурах. Іншыя таварыствы і культурныя інстытуцыі, пераважна пашыраюць сярод беларускага народа адукацыю і да даследчыцкай працы дачынення не маюць.

Тое, што Вільня не можа ў гэтай справе супрацьстаяць Менску, наогул вінаватыя кіруючыя палітычныя чыннікі ў Польшчы. Тут да нашага часу жыве погляд пана Скульскага, які, калі быў прэм'ерам, сказаў, што праз 50 гадоў у Польшчы нават з ліхтарыкам немагчыма будзе знайсці беларуса. І дзяржаўныя мужы не могуць зразумець, што нягледзячы на наяўнасць мяжы паміж Савецкай і Заходняй Беларуссю, у агульнай беларускай культуры ўнёсак Менска дамінуе і будзе дамінаваць да таго часу, пакуль у Вільні не паўстане шырокі беларускі культурна-творчы рух, які абапіраецца на моцны фундамент і нясе заходнія каштоўнасці. На гэтым павінны былі б засяродзіцца польскія палітыкі, якія да гэтага часу бачаць усе ў святле ліхтарыка Скульскага.

Але і беларускае грамадства павінна зразумець вартасць культурнай творчасці ў беларускім жыцці3. З кожным годам прыбываюць маладыя інтэлігентныя сілы, якія мусяць мець для сябе духоўную ежу не толькі з камуністычнага Менска. З чым жа пойдуць яны на свайго народа, чым будуць узмацняць яго адпорнасць супраць пакушэнняў больш багатых і культурных суседзяў, якія імкнуцца да дэнацыяналізацыі беларусаў?

Інтэлігентная моладзь пачынае гэта разумець. Студэнцтва Віленскага ўніверсітэта спрабуе ўласнымі сіламі займацца навукова-даследчай працай (Таварыства сяброў беларусазнаўства). Што-раз часцей чутны сярод моладзі галасы аб неабходнасці аб'яднання ўсіх беларускіх сіл у Польшчы для паскарэння павольнага тэмпу працы над стварэннем культурных каштоўнасцяў - праяў несмяротнага і незнішчальнага народнага духу. Ці знойдуць гэтыя галасы разуменне ў собскім грамадстве, ці ацэніць яно належным чынам значэнне развіцця асяродка заходне-беларускай культуры, вось у чым пытанне4. Ад гэтага ў вялікай меры будзе залежыць развіццё Беларусі, як духоўнай цэласнасці.

S-wicz [Антон Луцкевіч]. Czy zrozumieje // Preglad Wilenski. 1935. № 1. S. 3-4.

Пераклад Л. Лаўрэша.

1 Згодна з апошнім перапісам - 1 600 000.

2 Трэба адзначыць, што ў апошнія часы вядомы і паважаны беларускі артыст і драматург Ф. Аляхновіч працуе над тым, каб запоўніць гэту пустку ў Вільні.

3 Адзін з вядомых у Вільні беларускіх дзеячаў, у прысутнасці аўтара засведчыў, што напісанне беларускай оперы, над якой працуе вядомы ў ва ўсім сусвеце кампазітар Грачанінаў, "для беларусаў - празмерная раскоша", а дастаткова толькі "добрага народнага спеўніка".

4 Статут праектаванага Беларускага звязу выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, які мае за мэту спрыяць культурна-творчай працы, два года ляжыць у ваяводскай управе і не можа дачакацца зацвярджэння.

Ліквідацыя беларускай гімназіі ў Наваградку

Кураторыюм Школьнай акругі ў Вільні вырашыў зачыніць Беларускую гімназію ў Наваградку. Гэты крок Кураторыюм матывуе недахопам вучняў у той час як кіраўніцтва гімназіі інфармуе, што ў гэтым годзе было пададзена 38 заяў у першы клас.

Нават згодніцкі "Родны Край" лічыць матывы закрыцця не слушнымі і з свайго боку падае іншыя прычыны ліквідацыі гімназіі, а менавіта: 1) пашырэнне камуністычных уплываў сярод вучняў; 2) правакаванне моладзі падазронымі асобамі з "другога боку мяжы"; 3) поўнае збядненне беларускай вёскі; 4) значнае падвышэнне аплаты за навучанне пасля таго як гімназія стала дзяржаўнай.

Першы з пададзеных вышэй пунктаў сёння можна лічыць неактуальным. Сапраўды ў беларускіх гімназіях выкрываліся камуністычныя "ячэйкі", але гэта было раней, моднае сярод беларусаў прыхільнае ці паблажлівае стаўленне да савецкага ладу з'яўлялася прыкметай апазіцыйнасці да пануючай у нас сістэмы. Для вялікай колькасці беларусаў бальшавізм быў сімвалам пратэсту і барацьбы за вызваленне. Зараз сітуацыя дастаткова памянялася, каб сур'ёзна ставіцца да гэтага пункта. Іншыя тры пункты і асабліва тое, што гімназія стала дзяржаўнай, насамрэч мелі несумненны уплыў на лёс беларускай суполкі ў Наваградку.

Як вядома, адзяржаўленню беларускай гімназіі папярэднічала барацьба беларускага грамадства за захаванне сваёй вучэльні ў сваіх руках. Праз некалькі гадоў стала зразумела, што беларускае грамадства мела рацыю. Пераход школ пад дзяржаву аказаўся толькі этапам на дарозе канчатковай ліквідацыі беларускага школьніцтва. Таксама і закрыццё гімназіі ў Навагрудку, а калі казаць дакладна, дык закрыццё беларускай філіі пры польскай гімназіі імя Міцкевіча, ні для каго не было нечаканасцю, як не можа быць нечаканасцю смерць схуднелага і хворага чалавека, які згасае на руках у чужых сядзелак.

Беларуская гімназія ў Наваградку была закладзена ў 1921 г. як прыватная школа стараннем мясцовых беларускіх колаў. Нягледзячы на сталыя матэрыяльныя цяжкасці, да 1927/28 школьнага года яе закончыла 136 асоб. У тым годзе гімназія налічвала 140 вучняў. У часы кіравання ваяводы Бачковіча гімназія наогул мела тэндэнцыю да развіцця. Яна атрымала некалькі настаўніцкіх ставак, узняўся навуковы ўзровень і Міністэрства веравызнанняў і асветы надало гімназіі тыя ж правы, якія мелі дзяржаўныя гімназіі. У 1929 г., дзякуючы старанням беларускіх паслоў, Сейм падчас бюджэтнай сесіі ухваліў 200 000 злотых на пабудовы інтэрната пры гімназіі. З гэтай сумы ўрад ледзь выплаціў 70 000 зл, аднак сам факт дапамогі узняў энтузіязм сярод мясцовага люду. Быў арганізаваны камітэт пабудовы, і пабудаваны мураваны гмах. Беларускія людзі бясплатна прывозілі неабходныя будаўнічыя матэрыялы, а вучні гімназіі сваімі рукамі дапамагалі будаўнікам. Пасля гэтага, нягледзячы на цяжкую эканамічную сітуацыю, каб закончыць будаўніцтва інтэрната, людзі збіралі грошы гатоўкай. На жаль для заканчэння будаўніцтва не хапіла народных грошай, а сумы, прызначаныя праз Сейм, не былі цалкам выплачаны. З прыездам новага ваяводы сітуацыя пачала псавацца. Новыя чыннікі пагоршылі становішча гімназіі. Пачалі казаць пра яе адзяржаўленне.

"Нарэшце, дзякуючы працы куратара Шэлангоўскага, у гэтым годзе беларуская гімназія ў Наваградку стала дзяржаўнай. Такім чынам пакладзены трывалы падмурак пад нармальнае развіццё школы". Так выказаўся Севярын Віславух на старонках "Валацугі" (Wloczegi) ў красавіку мінулага года. Старанне аб захаванні "статус кво" ў Наваградскай і Віленскай гімназіях былі беспаспяховымі і, на жаль, беларускае грамадства не было адзіным.

Больш-менш у адзін час з рэарганізацыяй гімназіі, паўстала думка пераназваць інтэрнат, які будаваўся, у інтэрнат імя Галоўкі і прымаць на вучобу вучняў-палякаў. Цалкам было забыта тое, што Сейм выдаў грошы на беларускі інтэрнат для беларусаў. У рэалізацыі гэтага праекту самым горшым аказаўся пасол у Сейм ад Беспартыйнага Блоку Супрацы з Урадам Шыманоўскі, які здаецца, у гэтым выпадку быў адзіным, хто мог весці перамовы ад імя беларусаў. Аднак, да рэалізацыі гэтага праекту не дайшло, і незакончаныя муры гмаха сёння, як быццам, пытаюць - што далей?

Працяг будаўніцтва інтэрната быў лепшым доказам, што лёс гімназіі быў вырашаны даўно. Праверкі гімназіі і арышты сярод вучняў а таксама дапамога фактам у кляўзе, якія рэхам адбіліся ў запыце пасла Ярэміча - усё гэта стварала атмасферу, якая спрыяла ліквідацыі непажаданай пляцоўкі. Нарэшце клямка ўпала.

Настаўніцкі персанал, праўдападобна, часткова застанецца без працы, а часткова, пасля шматгадовай працы ў сярэдняй школе будзе пераведзены выкладаць у пачатковыя школы. Што самае дрэннае - школьная моладзь з Наваградскай гімназіі не ў стане далей вучыцца ў далёкай беларускай гімназіі ў Вільні, бо не мае грошай на пражыванне і дарогу. Маем надзею, што частка гэтай моладзі працягне навучанне ў польскай гімназіі ў Наваградку, што, без сумнення, было часткай плана ліквідатараў.

Такім чынам гісторыя беларускага школьніцтва ў межах Польскай дзяржавы стала гісторыяй ліквідацыі гэтага школьніцтва, ліквідацыі крок за крокам, але паступова на працягу ўсяго часу. Засталася адзіная гімназія ў Вільні, а калі казаць дакладна - дык філія польскай гімназіі імя Славацкага. Ужо сама назва гэтай гімназіі рыхтуе віленскіх беларусаў да поўнага злучэння "з маці". Неспадзяваным гэта ні для кога не будзе.

S-wicz [Антон Луцкевіч]. Likwidacja Bialoruskiego Gimnazjum w Nowogrodku // Preglad Wilenski. № 14, wrzesnia 1934. S. 4-5.

Пераклад Л. Лаўрэша.

Перакладчык з рыцарскімі заслугамі

Дзмітро Чараднічэнка нарадзіўся 30 лістапада 1935 года ў сяле Межырыч (Канеўскі р-н Чаркаскай вобл.). Пасля заканчэння Кіеўскага педагагічнага інстытута (1957) працаваў настаўнікам, журналістам, выдаўцом. З 1992 года ўзначальваў створанае ім літаб'яднанне "Радосынь".

Паэт, педагог, рэдактар, мастацтвазнаўца ў 1979 г. стаў сябрам Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны. Дзмітро Чараднічэнка - аўтар зборнікаў вершаў, аповесцяў, казак, прыпавесцяў… Сумесна з жонкай Галінай Кірпой быў укладальнікам некалькіх выданняў, сярод іх і Буквар, і чытанкі… Такім чынам, ён - не толькі выдавец разнастайных зборнікаў, але і аўтар даследаванняў літаратурных стасункаў.

Яго творчай увагай уганаравана і Беларусь. Вось толькі пералік паэтаў, чые творы выйшлі ў пераспеве Д. Чараднічэнкі: Максім Багдановіч, Якуб Колас, Васіль Вітка, Янка Сіпакоў, Іван Калеснік, Алесь Разанаў, Сяргей Панізьнік, Васіль Сідарэнка…

Я магу пахваліцца, што сябрую з Дзмітром больш як паўсотні гадоў.

У прадмове да перакладаў нізкі маіх вершаў ("Украінська літературна газета", 22.Х.2015 г.) Дзмітро Чараднічэнка пазначыў, што пазнаёміліся мы з ім у 1968 г. у Мікалаеве на фестывалі маладых паэтаў. Усесаюзная сустрэча праходзіла ў чэрвені-ліпені, а вось 29 верасня таго ж года пры маім наведванні Кіева Дзмітро правёў мяне ў неверагодна цікавы музей Ганчара Івана Макаравіча. Потым музей народнага мастака Украіны стаў Нацыянальным цэнтрам народнай культуры.

А ў жніўні 1985 г. Дзмітро адгукнуўся на маё запрашэнне наведаць Беларусь. То "варагі", то "грэкі" прычальвалі ў заснаваны мной музей "Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі". Літаратурна-этнаграфічнаму музею-сядзібе быў ад Дзмітра ў падарунак верш, які ў маім перакладзе гучыць так:

Дзякую брату за хлеб і за хату

і за тую Дзвіну,

у якой я пабачыў

беларускіх нябёс сінізну.

Я й Слову падзяку нясу:

адчуў яго сілу, красу…

Дзякую і прыхіляю

да Вашага дома я зноў

душу сваю і любоў.

(16.08.1985 г.)

Пасля мы наведалі левы, мой родны бераг Дзвіны з палацам графа Лапацінскага, з многімі прыгоствамі мястэчка Лявонпаль Мёрскага р-на, дзе я вучыўся ў школе. А пазней - зноў Верхнядзвінскі р-н, вёска Расіца, дзе сустрэліся з ацалелымі пасля Асвейскай трагедыі саласпілскімі вязнямі. Пра іх я складаў свае кнігі Памяці. Засталіся на здымках старажытная Дрыса, дарога на Полацак…

Ох, нашы пуцявіны-гасцінцы….Недалёка ад Бягомля спыніліся каля помніка. З прыдарожжа проста ўтыкаеццца ў вочы выява бронзавай фігуры жанчыны з узнятымі ў пракляцці рукамі. Тут у 1943 годзе разам з жыхарамі, затопленымі ў студні дзецьмі, была знішчана карнікамі вёска Шунеўка - каб не было партызанам прытулку. Некаторы час паўглядаліся ў мемарыял "Праклён фашызму". Архітэктурны комплекс у памяць людскіх стратаў уразіў Дзмітра. У 1987 г. у Кіеве выйшла трылогія Д. Чараднічэнкі "Неопалима колиска" з яго паэмамі пра трагічную долю літоўскага сяла Аблінга, беларускай вёскі Шунеўка, чарнігаўскіх Пяскоў. Асаблівую ўвагу аўтар звяртаў на трагедыю Беларусі ў той пакутнай вайне. Яго паэма "Крыніца" прысвечана закатаваным шаснаццаці дзецям Шунеўкі. Вось урывак з паэмы ў маім перакладзе:

- А наша крыніца

поўна агню…

Яшчэ немаўляты,

а голас мы свой падаём:

"Ніколі не будзем друзам.

І нас не заліць

тым крывавым агнём -

мы беларусы.

Нас выкрадалі ў народа:

на крылах гусіных

вярталіся казачным грузам.

Нішчылі нас,

ды мы заставаліся

сілай;

род свой вялі -

беларусы.

Мы ў завязі кветкі,

ў пупышцы лістка,

ў карэньчыку

і парастку белавусым;

у кроплі дажджу,

у ядры каласка -

беларусы.

Шчабеча дзятва

ручаямі зямлі:

вочы - сінюткі лён,

а чубчыкі - лён русы…

Гэй! Наўздагон!

Узняліся,

пайшлі -

беларусы.

Помніца наша сустрэча ў Кіеве 22 снежня 1986 года - у пакоях Саюза пісьменнікаў. Захаваўся пераднавагодні мой здымак удзельнікаў Секцыі мастацкага перакладу: Таццяны Кабржыцкай, Вячаслава Рагойшы і Дзмітра Чараднічэнкі. Яшчэ адна кіеўская сустрэча з ім - 16.05.1990 года. Творчыя справы патрабалі папаўненняў. Вось як "прытуляў" мяне Дзмітро разам з жонкай Галінай у 2007 годзе: надрукавалі пераклад майго верша ў хрэстаматыі сусветнай літаратуры "Світ від А до Я". А ў 2011 годзе я пераслаў у Кіеў свой зборнік для дзяцей "Літары ў расе". І атрымаў такі, нібы з рук у рукі, водгук, які ў перакладзе гучыць так:

" Шчыра дзякую за дзівосную кніжку для дзяцей. У мяне пакуль што толькі ад "Буквара" Клышкі было такое неймавернае ўзнясенне.

Гэта прыўкрасная, дасціпная, глыбокапатрыятычная чытанка для юных чытачоў…

…Вітаю Цябе з высокамастацкім выданнем. Дзмітро Чараднічэнка. 28.ХІ.2011. Кіеў".

З дзесяткаў эх-спромтаў на адрас ардэнаноснага лыцара выскачылі такія радкі:

З Літвою меў ён творчы шлюб,

аздобіўшы бурштынам чуб.

Ў Паланзе зладзіў творчы зруб:

там Данелайціс гладзіў чуб…

А Данелайціс узгадаўся таму, што Дзмітро Чараднічэнка пераклаў яго паэму "Лета". Асаблівая творчая цяга яго да повязяў такога прасторавага былога дзяржаўнага ўтварэння як ВКЛ для мяне зразумелая. Вычытаў, што маці Дзмітра нарадзілася на Чарнігаўшчыне і пачувала сябе ліцвінкай, бо летуцелі там яшчэ ліцвінскія згадкі. У вершы-прысвячэнні майму сябру "На чаранку радні" нездарма былі такія радкі:

Жыцця твайго калінка

ўквеціць Абалонь.

І жытняя скарынка

матулечкі-ліцвінкі

ўзляжа на далонь…

Падлічыў, што па-ўкраінску з-пад пяра шыкоўнага паліглота Дзмітра праявіліся вершы пяці латышскіх паэтаў. І вершы ажно сямідзесяці аўтараў з Літвы. Я ж абавязкова павінен адзначыць, што Дзмітро перакладае з чэшскай, славацкай, мангольскай моваў. А друкаваўся ён не толькі ў Літве, Беларусі, Латвіі, а і ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Азербайджане, Манголіі, ЗША, Канадзе. Такі ўсюдыісны творца не мог быць не ўганараваны не толькі прэміямі роднай Украіны - як імя Максіма Рыльскага, Лэсі Украінкі… Усяго прэміяў, медалёў, граматаў на яго п'едэстале налічваецца добры дзесятак. І землякі Данелайціса былі таксама шчодрымі. Дзмітро Чараднічэнка стаў кавалерам Ордэна Вялікага князя Літоўскага Гедзімінаса 3-й ст. у 1996 г. А Рыцарскі крыж "За заслугі перад Літвой" атрымаў у 2003 годзе.

Уяўляю: 2020 год прыпыніўся ў Кіеве на вуліцы Герояў Дняпра і вядзе перазовы:

- Галіна Кірпа нарадзілася 1 студзеня 1950 года! Віншую!

Юбілярка ўстрапянулася:

- Я - тут!

- Дзмітро Чараднічэнка нарадзіўся 30 лістапада 1935 года! Віншую загадзя!

Юбіляр засяродзіўся:

- Я - тутака!

- Оляна Рута, дачушка іх, нарадзілася 6 жніўня 1977 года…

Оляна Рута - паэтэса, перакладчыца, мастачка стала на дыбкі:

- Я! Я! Я! Юбілей - гульба мая!

Прытуліўшыся да весніцаў Новага Года, мне застанецца толькі прамовіць вуснамі Дзмітра:

- Новы Год! Мне вушы тры,

кожны юбілей круты!

Хай танцуе далягляд

і лагодзіцца пагляд, -

каб з Дняпра свярдзёлкі-вочы

адпраўлялі ўдалеч ночы…

Іх Галіна не прымне.

- Мне русалачка ў Дзвіне

спраўдзіць: "Ведаю Дняпро:

гладзіла Дзмітра рабро…"

Новы Год між намі верціцца…

- Хай Оляна Рута сцерпіцца:

муж і татка не кудзеліцца, -

ён да ўсіх у чарадзе…

…Бачу: вунь Дзмітро ідзе!

Вільня з ім у грамадзе.

Сяргей Панізьнік. Снежань 2019 г.

А ЧЫЙ ТЫ СЫН ?

Дзмітро Чараднічэнка (Кіеў)

Ты поўны дабрыні,

Адкрыты і лагодны,

Ты - ласкаю -

І мора зморыш.

І ўсё ж дазволь хоць раз пачуць,

А як з матуляю гаворыш.


Памкненні гордыя ў цябе,

І мэта ў цябе ёсць:

Ты ёю шлях свой зорыш…

І ўсё ж дазволь хоць раз пачуць,

А як з матуляю гаворыш.


Ты ў пахвальбе герой:

Захочаш - спыніш плынь,

А скалам сінь падорыш…

Але адно пачуць дазволь, -

Як з роднай мамачкай гаворыш.

Пераклаў з украінскай Сяргей Панізьнік.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX