Папярэдняя старонка: 2020

№ 32 (1495) 


Дадана: 13-08-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 32 (1495), 12 жніўня 2020 г.

6 жніўня 1517 года - пачатак беларускага кнігадрукавання

Малітва Скарыны

Во гэтаксама, як дзічына:

на дальні выбегла лужок,

а прызнае сваё лаўжо;


як птушачка: з-пад аблачыны

палі, разлогі аглядае,

а ведае сваё гняздо

ў траве высокай і густой;


як рыба: ў касяку гуляе;

плыве да берага чужога,

а чуе схоўныя віры;


як пчолы: ў полі да пары,

а ворага ля іх парога,

вулей баронячы, зваююць, -


таксама й людзі: да зямлі,

дзе ўзгадаваныя былі,

дзе Бог ім сэрцы акрыліў, -


любоў вялікую мілуюць.

Вяртальны шлях Скарыны

Шлях нашых продкаў -

над ноччу маёй вартоўнай.

Слухаю вейкамі, вуснамі.

Час пазнаю навобмацак…

Прага раскошная

ўчора збірала гатоўна

дзіўнага госця ў дарогу

далёкую - у Полацак.

Дбайна рыпелі вазы,

угінаючы землі Еўропы.

І падпадалі пад колы

вячэрнія цені і золакі.

Хутка я з Прагі

вярнуся дадому таропка

з кладам, каштоўней

купецкага срэбра і золата.

Кнігі пачнуць перапісваць,

а дзесьці - панішчаць.

Мяне ўзнагародзяць чужыя,

ганьбіць пачнуць суродзічы.

На Старамесцкія шпілі

мой Ветах стагоддзі наніжа:

з герба на неба

крывіцкае сонца выводзячы.

Сціхла рыпенне.

Не чуюцца шоргаты кніжак.

З ночы вартоўнай

ціхутка вярнуся да хаты я.

Вільню і Полацак

бачу з-пад промняў увішных…

Бібліі шлях - даўні шлях

нашых продкаў нагадвае.

Сяргей Панізьнік

У КОЖНАГА СВАЯ КНІГА

Дзень беларускага кнігадрукавання ці беларускага першадруку, Дзень беларускай Бібліі… Па-рознаму называюць шосты дзень жніўня 1517 года, калі ў чэшскай Празе запрацаваў друкарскі станок Францішка Скарыны. Назвы не мяняюць сутнасць найвялікшай падзеі ў культурным лёсе нашага народа.

Вядома, ёсць штогадовае Свята беларускага пісьменства і друку, але і гэты, шосты жнівеньскі дзень, павінен мець свае святочныя акцэнты. Прынамсі, так лічаць сябры ТБМ з Нясвіжчыны. Трэці год запар па іх ініцыятыве ля помніка прадаўжальніку скарынаўскай справы Сымону Буднаму збіраецца зацікаўленая грамада. Сёлета кожны прыйшоў сюды са сваёй, самай неабходнай, самай цікавай, самай любімай кнігай. Шчыры хрысціянін, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Бруй нікога не здзівіў сваім выбарам: кожны, хто яго ведае, разумеў, што спадар Уладзімір прынясе Біблію - кнігу кнігаў, якую "праз жыццё дзень у дзень належыць чытаць, перачытваць, спасцігаць, каб набірацца духоўнай моцы". Развагі пра Біблію, варыянты яе перакладаў прадоўжыў арганіст касцёла Божага цела, арганізатар мясцовых курсаў "Мова нанова" Дзяніс Каўшар. Кнігі свайго мужа прынесла Ніла Бруй. " У іх таксама біблейныя ісціны, - кажа яна, - толькі сцвярджаюцца яны праз мясцовыя выпадкі і здарэнні, жыццёвыя лёсы землякоў, родных, сяброў".

Самую вялікую кніжку прынёс самы маленькі ўдзельнік сяброўскай сустрэчы ля Буднага. Яраслаў Еўдакімаў, як сапраўдны асветнік, распавёў грамадзе пра тое, што напісана ў энцыклапедыі(!) пра Месяц, пра сілу прыцягнення на спадарожніку Зямлі ды тыя дзівосы, якія чакаюць там касмічнага вандроўніка. У Станіславы Вальчык, бабулі Яраслава, старшыні Карцэвіцкай суполкі, іншыя прыцягненні. Яе клопат, каб не згубілася ніводнае роднае слоўка. Таму з пашанай прынесла яна змагарную кнігу Валерыя Дранчука "Гавязна". Гэтым выданнем аўтар працягвае шматгадовую барацьбу за вяртанне на карту Беларусі і ў паўсядзённае жыццё землякоў пракаветнага тапоніма.

Не змагла прыехаць на сустрэчу Валянціна Холадава, старшыня Новасвержанскай суполкі, але зборнічак паэзіі ад яе ўсё ж лёг на п'едэстал як удзячнасць пачынальнікам друкарскай справы. Спадарыня Валянціна перадала кніжачку паэзіі яе добрых знаёмцаў - Міколы, Генрыха і Галіны Кутас "У храме дзён". Ёсць жа такія, з творчым імпэтам сем'і! Нялёгкія жыццёвыя дарогі прывялі на пэўны час у наш горад Міколу Кутаса. Нясвіжу прысвяціў ён нямала ўдзячных радкоў. Напісаў нават верш-гімн у гонар яго. Але працытаваць хочацца радкі яго сына:

Так, мы з палёў

забытай Атлантыды,

Жывыя, антырозуму назло.

Паўсталі мы,

зламаўшы лёсу дзіды,

Каб запаліць сваё святло.

І ўжо цяпер

трывогай незабыўнай

Расфарбаваўшы

гэты белы свет,

Паўсталі ў думках велічных,

парыўных,

Каб не згубіць свой

спаконвечны след.

Наталля Плакса прынесла дзве актуальныя на яе пагляд кнігі - краязнаўчы сказ Станіслава Судніка "Пілігрымка дадому" і зборнік вершаў паэта-земляка Уладзіміра Жылкі, нагадаўшы, што гэты год сябры ТБМ з Нясвіжчыны аб'явілі Годам Жылкі.

Завяршыў кніжны парад Міхась Асмыковіч. "На сёння гэта самая свежая мая кніга, нядаўна з выдавецтва, а таму і самая цікавая для мяне, " - сказаў спадар Міхась пра кнігу Алеся Краўцэвіча "Дзяржава волатаў. Альгерд і Кейстут".

- Мяне заўсёды цікавілі гістарычныя кнігі, новыя даследаванні пра велічныя постаці з нашай мінуўшчыны. Таму і паўдзельнічаў у кніжнай талацэ ды маю вось такі, шчодра ілюстраваны і вельмі цікавы фаліянт".

…А поруч на гранітным пастаменце з годнасцю і ўцехай узнімаў сваю першую кнігу Сымон Будны.

Вольга Карчэўская. Нясвіж.

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя Менскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Справаздача старшыні Менскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" за перыяд з 24.09.2017-28.07.2020

Увесь справаздачны перыяд:

1. Выдаецца газета "Новы час".

2. Удзел у кіруючых органах Рэспубліканскай арганізацыі ТБМ (сакратарыят, рада, з'езд).

3. Цягам 9 гадоў, што сераду (акрамя летніх месцаў), праводзіліся сустрэчы клуба "ПраМова".

4. Выставы мастакоў у сядзібе ТБМ.

5. Адзначаліся Дні роднай мовы 21 лютага і ладзіліся агульнанацыянальныя дыктоўкі.

У 2020 годзе:

6. Накіраваны 650 назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі г. Менска 2020 г.

7. Наведвалі 12 сакавіка 2020 Музей гісторыі беларускага кіно дзе глядзелі фільм "Кастусь Каліноўскі" 1927 г. і дакументальныя нарысы пра яго лёс.

8. Вечарына памяці публіцыста, эколага, празаіка, грамадскага дзеяча Васіля Цімафеевіча Якавенкі 29 студзеня 2020.

У 2019 годзе:

9. Удзел у выбарчай кампаніі 2019 г.

10. Сустрэча з паэткай і этнакультуролагам Антанінай Хатэнка і яе сябрамі, 11 снежня 2019 г.

11. Сустрэча з паэтам і бардам Валерыям Пазнякевічам, 20 лістапада 2019 г.

12. Сустрэча з пісьменнікам Віктарам Карамазавым, 9 кастрычніка 2019 г.

13. Удзел у праграме Глеба Лабадзенкі на канале "Белсат", прысвечанай перапісу насельніцтва.

14. Святкаванне 30-годдзя ТБМ экскурсіяй "Да 200-годдзя С. Манюшкі" з Аляксеем Фраловым, 20 ліпеня 2019 г.

15. Святкаванне 30-годдзя ТБМ, чэрвень 2019 г.

16. Удзел у VIII Кангрэсе Асамблеі НДА і Форуму няўрадавых арганізацый Беларусі, 1 кастрычніка 2019 г.

17. Наведванне выставы ў гонар Івана Луцкевіча, жнівень 2019 г.

18. Сустрэча з паэтэсай і мастачкай Святланы Раманавай, 15 траўня 2019 г.

19. Сустрэча з паэтам, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Святланай Багданкевіч, 27 сакавіка 2019 г.

20. Сустрэча з Віктарам Шалкевічам, 22 лютага 2019 г.

21. "Беларуская мова 1918-2018: на прыкладзе друку і адукацыі". Аўтар і выступоўца: культуразнаўца Андрэй Расінскі.

Даследаванне выканана ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (BISS), дырэктар - Пётр Рудкоўскі, 13 лютага 2019 г.

22. Сустрэча з паэтам і празаікам Уладзімірам Някляевым, 6 лютага 2019 г.

У 2018 годзе:

23. Удзел у семінары-кансультацыі "Як зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне, установу, фонд: выбар арганізацыйнай формы і алгарытм дзеянняў", 22 снежня 2018 г.

24. Лекцыя "Мікраарганізмы ўнутры чалавека: добрыя суседзі ці галоўныя жыхары?" навуковага супрацоўніка Інстытута мікрабіялогіі НАНБ Ганны Барэйкі, 12 снежня 2018 г.

25. Сустрэча з паэтам, празаікам і перакладчыкам Віктарам Шніпам, 21 лістапада 2018 г.

26. Прэзентацыя кнігі "Гісторыя Расіі", 7 лістапада 2018 г.

27. Сустрэча з Францішкам Жылкам, фундатар, сябар Беларускага геаграфічнага таварыства, дырэктар стаматалагічнай лякарні з беларускай мовай абслугоўвання, 17 кастрычніка 2018 г.

28. Прэзентацыя 2-ой часткі кнігі "Словы і вобразы" з удзелам Лявона Баршчэўскага, Зміцера Коласа і Пятра Васючэнкі, 3 кастрычніка 2018 г.

29. Прэзентацыя першага глянцавага нумара часопіса ARCHE, 19 верасня 2018 г.

30. Прагляд хронікі-экскурсіі пісьменніка Сяргея Грахоўскага па Вайсковых могілках у Менску (запіс 1992 года) з выступам Таццяны Грахоўскай, 26 ліпеня 2018 г.

31. Збор сродкаў на рамонт сядзібы ТБМ, 2018 г.

32. Вандроўка на радзіму братоў Гарэцкіх: Княжыцы - Магілёў - Малая Багацькаўка - Мсціслаў з Алегам Дзячковым, чэрвень 2018 г.

33. Экскурсія па г. Менску "Таямніцы Аляксандраўскага скверу", 16 траўня 2018 з Паўлам Мезаўцовым.

34. Удзел ў трэнінгу "Распрацоўка праектных заявак і асноўныя аспекты праектнага менеджменту", які праходзіў у красавіку-траўні 2018, у Беларускім доме правоў чалавека імя Б. Звозскава.

35. Сустрэча з паэтам Яўгенам Гучком, 25 красавіка 2018 г.

36. Сустрэча з паэтэсай, пісьменніцай і літаратурным крытыкам Людмілай Рублеўскай, 28 сакавіка 2018 г.

37. Святкаванне 100-годдзя БНР, 25 сакавіка 2018 г.

38. Экскурсія да 100-годдя БНР па г. Менску з Паўлам Мезаўцовым, 24 сакавіка 2018 г.

39. Сустрэча з доктарам гістарычных навук Л.М. Лычом "Слова гісторыка пра 100-годдзе БНР", 21 сакавіка 2018 г.

40. Створана маладзёвая суполка ТБМ "Маладняк", старшыня - Данііл Каролька, 17 сакавіка 2018 г.

41. Сустрэча з паэтэсай Аляксанрай Грыцкевіч, 28 лютага 2018 г.

42. Прэзентацыя кнігі Васіля Герасімчыка "Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда", 14 лютага 2018 г.

43. Прэзентацыя найлепшых з 33-х кніг серыі "Паэты планеты" з удзелам выдаўца Зміцера Коласа і перакладчыкаў Андрэя Хадановіча і Лявона Баршчэўскага, 7 лютага 2018 г.

У 2017 годзе:

44. Сустрэча з бардам, паэтам і перакладчыкам Аляксеем Жбанавым "Песні філаматаў і філарэтаў", 29 лістапада 2017 г.

45. Экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, 25 лістапада 2017 г.

46. Экскурсія ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на выставу да 210 гадоў Напалеона Орды "Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны", 17 лістапада 2017 г.

47. Сустрэча з паэтам, эсэістам, крытыкам, перакладчыкам, даследчыкам жыцця і творчасці Ларысы Геніюш - Міхасём Скоблам. Прэзентацыя кніг "Гісторыя Сапегаў" і "Высьпятак ад Скарыны", 18 кастрычніка 2017 г.

48. Экскурсія ў музей Янкі Купалы, 28 верасня 2017 г.

Абвесткі пра вышэй згаданыя мерапрыемствы размяшчаліся на:

1. www.tbm-mova.by - сайт ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны";

2. www.afisha.tut.by - партал навін;

3. www.afisha.nn.by - партал навін;

4. У суполках клуба "ПраМова" на facebook.com і vk.com;

5. Праз паштовыя рассылкі партала groups.google.com;

6. У газетах "Наша слова" і "Новы Час".

У справаздачны перыяд сваю дзейнасць праводзілі раённыя арганізацыі Менскай гарадской арганізацыі ТБМ:

1. Фрунзенская, старшыня - Чайкоўскі Павел;

2. Кастрычніцкая, старшыня - Зміцер Марчук;

3. Савецкая, старшыня - Галіч Аляксей;

4. Цэнтральная, старшыня - Мухіна Леанарда;

5. Партызанская, старшыня - Цыркуноў Алесь;

6. Ленінская, старшыня - Мудрачэнка Сяргей.

Старшыня Менскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" А.А. Давідовіч.

Новае кіраўніцтва Менскай гарадской арганізацыі

На справаздачна-выбарчай канферэнцыі Менскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", якая ладзілася 28 лістапада 2020 г., было абрана новае кіраўніцтва:

Старшыня Менскай гарадской арганізацыі - Дзмітрый Марчук.

Намеснікі старшыні Менскай гарадской арганізацыі - Оліна Эла і Чэчат Алесь.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Крыху больш васямнаццаці працэнтаў, прааналізаваных у "Літаратуры і мастацтве" матэрыялаў, прысвечаны гістарычным падзеям. Найбольшую цікавасць аўтары гэтых матэрыялаў праявілі да нядаўняга мінулага (да перыяду пасля 1991 года, пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь) - 27,8% артыкулаў, затым ідзе перыяд рэпрэсій (1928-1938 гг.) - 14,8%, на трэцім месцы перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.) - 13,0% матэрыялаў. А што тычыцца тэм у артыкулах па гісторыі, то тут першае месца займаюць матэрыялы, якія асвятляюць сучасныя мерапрыемствы з нагоды гістарычных падзей - 33,3%, затым ідуць рэпрэсіі і ганенні беларусаў у розныя часы - 24,1%, і дзейнасць у мінулым культутрна-асветніцкіх арганізацый беларусаў - 18,5%.

У працэсе аналізу "Народнай газеты" высветлілася, што большая частка прааналізаваных матэрыялаў (71,4%), як і ў "Літаратуры і мастацтве", таксама прысвечана пытанням культуры. Гэта, у асноўным, - (63,7%) каменціраваныя матэрыялы, у 32,6% выпадкаў невялікія нататкі без каментарыяў, сустракаюцца таксама архіўныя матэрыялы і афіцыйныя дакументы. Сярод матэрыялаў "Народнай газеты" больш дыскусійных артыкулаў, чым у "Літаратуры і мастацтве": у 21,7% матэрыялаў выказваецца некалькі кантрастных пунктаў гледжання на апісваную праблему, у "Літаратуры і мастацтве" такіх матэрыялаў набралася толькі 3,0%. З матэрыялаў, што тычацца культуры, большая колькасць асвятляе праблемы беларускай мовы - 24,4%, адукацыі - 13,0%, музыкі - 11,4%. Сярод тэм па культуры асноўнае месца займаюць сучасныя мерапрыемствы ў гэтай сферы - 38,7%, 33,5% прысвечаны дзяржаўнаму кіраўніцтву культурай і 13,0% - матэрыяльнаму боку культуры.

Крыху больш, чым у "Літаратуры і мастацтве", 28,6% прааналізаваных у "Народнай газеце" матэрыялаў прысвечаны гістарычным падзеям. Найбольшую цікавасць аўтары гэтых матэрыялаў, як і ў "Літаратуры і мастацтве", праявілі да перыяду пасля 1991 года (пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь) -- 44,3% артыкулаў, на другім месцы перыяд ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў - 20,5% і на трэцім так званы Літоўска-Беларускі перыяд (канец XV - пачатак XVI ст.) - 7,7% матэрыялаў. А што тычыцца тэм у гістарычных матэрыялах, то найбольшую цікавасць аўтары праявілі да дзяржаўна-палітычнай пабудовы - 66,7%, потым ідуць сучасныя мерапрыемствы з нагоды гістарычных падзей - 35,9%, а затым войны, заваёвы - 30,8% матэрыялаў.

Як бачым, большая частка прааналізаваных у абедзвюх газетах матэрыялаў прысвечана сучасным мерапрыемствам у сферы культуры ці з нагоды гістарычных падзей. Гэта сведчыць аб тым, што іх чытачы заўсёды будуць у курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў гэтых сферах і могуць самі выяўляць жаданне прыняць удзел у якім-небудзь з мерапрыемстваў. Такая інфармацыя, на наш погляд, станоўча можа адбіцца на свядомасці чытачоў.

Пры аналізе асвятлення прэсай праблем культуры асаблівую цікавасць уяўляе пытанне аб тым, якія ж суб'екты ў мінулым спрыялі развіццю беларускай нацыянальнай культуры і фарміраванню самасвядомасці насельніцтва, а таксама, хто гэтаму спрыяе сёння і на каго аўтары артыкулаў ускладаюць надзею ў гэтай справе ў будучым. Такая інфармацыя прадстаўлена ў табліцах I, II, III.

Гледзячы на вынікі даследавання, прадстаўленыя ў табліцах I, II III, мы бачым, што ў мінулым, па меркаванні аўтараў прааналізаваных газет, развіццю беларускай нацыянальнай культуры і самасвядомасці беларусаў спрыялі дзеячы культуры, інтэлігенцыя, Урад, Вярхоўны Савет. "Просты народ" (рабочыя, сяляне, рамеснікі і г.д.) амаль што ніякага дачынення да гэтага не меў ні ў мінулым, ні сёння. Не надаецца яму вялікай ролі ў гэтай справе і ў будучым. "Народная газета" (як орган Вярхоўнага Савета) вялікую ролю ў справе нацыянальнага адраджэння ўскладае на Урад і Вярхоўны Савет, а "Літаратура і мастацтва" (як орган Міністэрства культуры) - на дзеячаў культуры. Вось, напрыклад, адно з тыповых меркаванняў аўтара "Літаратуры і мастацтва": "Давайце, нарэшце, скажам хоць і горкую для ўсяго народа, але праўду - толькі дзякуючы пісьменнікам наша мова, культура, а, калі на тое пайшло, і сама нацыя пакуль што не загінулі... асноўную місію па зберажэнні, стварэнні і развіцці моўнай, а дакладней нацыянальнай аўры ў нашым грамадстве заўсёды выконвала літаратура і пісьменнікі".

Мы не будзем аспрэчваць, так гэта было ў гісторыі ці не. Але, відавочна, не трэба нікому тлумачыць, што для развіцця і існавання культуры акрамя культурнай эліты (пісьменнікаў, артыстаў і г.д.) патрэбна і адпаведнае культурнае асяроддзе, да якога, акрамя інтэлігенцыі і прадстаўнікоў улады, адносіцца і "просты народ" - рабочыя, сяляне, службоўцы. Менавіта, гэтае культурнае асяроддзе зможа захаваць і перадаць культурныя здабыткі будучым пакаленням, і зрабіць саму дзейнасць у галіне культуры прэстыжнай.

Што тычыцца студэнцкай моладзі, то яна (як бачым у табліцах I, II, III) займала, займае і будзе займаць пэўнае месца ў справе нацыянальнага адраджэння, і гэта знайшло сваё адлюстраванне ў прэсе. Надзея на студэнтаў (выказаная ў прэсе), як на адзін з суб'ектаў ў развіцці культуры, не дазволіць студэнтам думаць, што ад іх нічога не залежыць. Да таго ж яны ў бліжэйшы час папоўняць шэрагі беларускай інтэлігенцыі, якой надаецца адна з галоўных роляў у гзтай справе. Гэта ўстаноўка станоўча можа паўплываць на свядомасць студэнтаў, на іх актыўнасць. Але тое, як мы ўжо падкрэслівалі, што аўтары большасці матэрыялаў памяншаюць ролю "простага народа", можа адмоўна паўплываць на свядомасць, і яны не даацэняць таго культурнага асяроддзя, на якое яны змогуць абаперціся ў справе адраджэння беларускай культуры. Асаблівую цікавасць пры аналізе прэсы ўяўляе пытанне аб тым, хто з'яўляецца "героем" матэрыялаў, каму ў асноўным прысвечаны матэрыялы. Вынікі даследавання па гэтым пытанні прыведзены ў табліцы IV.

(Працяг у наст. нумары.)

Імя і сутнасць яго, нажаль, пакуль амаль нязменныя...

Яўген Гучок

(Аб рабстве паэма-эсэ)

(Працяг. Пач. у папяр. нумары.)

***

Хто нібы "адкасіў" ад рабства,

Але ўсёроўна

Рабом застаецца.

***

З рабоў выходзяць добрыя

Вартавыя псы

Таталітарнага грамадства.

***

У кожнага раба

свае ёсць незвычайныя рабы,

Да якіх яны надта жорсткія...

Імя ім - сумленне і годнасць.

***

Рабу безвынікова

Слоў аб свабодзе многа гаварыць,

Яму дастаткова

і аднаго слова аб рабстве.

***

І нават калі ты умоўна свабодны,

То ва ўмовах дыктатуры

Ўсяроўна ты - раб.

***

Нацягалі рабы галінак

І ў венік звязалі іх,

І самі пад той венік залезлі.

***

Рабы рабоў

Свабоду ад сябе

Падалей адганяюць.

***

Хто арганізаваў і паспяшаўся

На Хадынку, былую Балванаўку?

Вядома, рабы!

***

Лепей бяздомным сабакам

бадзяцца,

Чымся шыкаваць

У залатой будцы,

што стаіць на слязах.

***

Раб хутчэй не прыме

Свабоду

Чымся ад рабства адмовіцца.

***

Раб не ўпусціць мажлівасць

Міжвольна засведчыць,

Што ён - усё-такі раб.

***

Рабы з нянавісцю

Адзін ў аднаго ўглядаюцца

Замест таго,

каб для свабоды аб'яднацца.

***

Рабства не трэба прапагандаваць,

Яно само сябе

Прапагандычыць.

***

І ідэёлагі рабства

Спаборнічаюць,

Хто каго перахлусіць.

***

На слова праўды

Амаль што вушы затыкае раб,

А то й даносам пагражае.

***

Другі нібыта і не раб,

А часам "косіць" пад

Класічнага раба.

***

Ёсць не проста рабы,

А рабы, нібы нарыхтоўкі

Адчаканеныя.

***

І пазначаны яны

Сваім знакам

Якасці.

IV

Выжываюць рабы, выжываюць...

Тыя, што носяць шоры,

хай памятаюць,

што ў камплект уваходзяць

яшчэ і аброць, і бізун.

Станіслаў Ежы Ленц.


Калі конь склаў панегірык

у гонар аброці,

прыгледзься як мага лепей:

ці конь гэта.

Уладзімеж Стыслоўскі.


Вялікаму каню - вялікі хамут.

Беларускі народны афарызм.

***

Свабода слова

Для раба -

Хлусіць - брахаць -

брахаць - пляткарыць.

***

Раб хай сабе і галасуе,

Але голасу ў яго

Няма.

***

Подла-ціхуткая хітрасць -

Адвечная спадарожніца

Рабства.

***

Рабы-буйніцы

І гавораць, і робяць усё,

Каб множыць рабоў-драбніц.

***

У сем'ях рабоў

І тэлевізар -

Сям'і галава.

***

Напаўраба

Не бывае,

Раб поўны і цэльны заўжды.

***

На полі футбольным рабы,

Рабамі трыбуны запоўнены,

І мяч там галоўны раб.

***

Два рабы ў машыне едуць:

Начальнік - адзін,

А другі - вадзіла.

***

На каго б і на што б

Ні глянуў раб,

Позірк яго юдзін.

***

Калі сябруюць два рабы,

Яны сябруюць супраць

Трэцяга раба.

***

Рабства не памірае,

Яно пераўвасабляецца

З фізічнага ў духоўнае і наадварот.

***

Свабодны чалавек - не раб

Не стане красці, дзе б там ні было,

Тым болей на Радзіме ў сябе.

***

"Заўжды гатовы!", -

Раб - падначалены

Рабу - начальніку.

***

Рабы, як правіла,

Адзін аднаго замбіруюць

І манкурціруюць.

***

Адзін аднаму пярэчаць,

А потым абменьваюцца

тымі пярэчаннямі...

І так да бясконца.

***

П'янства - таксама

Спадарожнік надзейны

Рабства.

***

Мэта раба -

Усіх наўкол

Ператварыць у да сябе падобных.

***

Урачыстыя падзеі ў рабоў

Перарастаюць у глыбейшае

Падзенне.

(Працяг у наст. нумары.)


Мае віншаванні Алегу Трусаву з днём народзінаў.

Сяргей Панізьнік.

ПАЖЫТАК

"Усялякае Слова, Богам натхнёнае, - карысна!

Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае!".

З прадмовы Францішка

Скарыны да "Псалтыры".


Пайду, падумаю... Паеду...

На час няўродны адлучуся.

Хай Беларусь - Каханка-Веда -

паверыць, што і я вучуся


у Празе, Кракаве, у Львове,

радню шукаю ля Таронта...

...Крутыя ў нас шляхі любові,

ліхія думаў гарызонты.


Была спагада для Майсея:

маца, разлом вады, скрыжалі...

...Мой продак то араў, то сеяў...

Пажытак свой мы паважалі.

А сталі з кнігамі вітрыны

падкрылкамі для Беларусі?


Пайду, падумаю... Вярнуся,

Адкрыю Біблію Скарыны.

Пакуль у Слова не ўвапруся,

Не нажыву сваёй краіны.

Сяргей Панізьнік.

Сустрэчы з гісторыкамі і літаратарамі працягваюцца

Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч прэзентаваў свае кнігі "Дзяржава волатаў" і "Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага" ў менскай краме "Мой модны кут". На сустрэчу прыйшлі ўсе, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй, сочыць за новымі навуковымі публікацыямі і мастацкімі творамі, якія выходзяць з друку.

Чытачы былі рады сустрэцца з шаноўным гісторыкам. Удзельнікі сустрэчы падзякавалі Алесю Краўцэвічу за змястоўныя лекцыі і відэафільмы з цыкла "Загадкі беларускай гісторыі", якія можна было праглядаць падчас самаізаляцыі. Студэнтка 1 курс гістфака БДУ Алена Афанасенка глыбока вывучае навуковыя працы Алеся Краўцэвіча, які даследуе беларускае Сярэднявечча і палітычную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Пад уплывам навукоўца дзяўчына абрала кірунак студый і падрыхтавала рэферат пра яго дзейнасць і даследванні. Алесь Канстанцінавіч распавёў пра новыя выданні, падзяліўся думкамі пра менталітэт і традыцыі беларусаў і ўспамінамі свайго юнацтва.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Кніга пра Ларысу Геніюш

У гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" свет пабачыла новая кніга даследчыка нашай літаратуры са Слоніма Сяргея Чыгрына "Вяртанне да Ларысы Геніюш". Кніга складаецца з літаратурна-краязнаўчых артыкулаў, прысвечаных жыццю і творчасці вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910-1983), якая прайшла сталінскія лагеры, вярнулася на Бацькаўшчыну і жыла ў Зэльве. У кнізе аўтар прыгадвае знаёмых і сяброў Ларысы і Янкі Геніюшаў, з якімі паэтка знаходзілася ў выгнанні, а потым падтрымлівала сувязі на волі. Сярод знаёмых Ларысы Геніюш аўтар распавядае пра Васіля Супруна, Яўгенію Урублеўскую, Віталя Губарэвіча, Міколу Канаша, Андрэя Вайтовіча і іншых. Даведаюцца чытачы з кнігі пра настаўніка Пятра Марціноўскага, які выдаў некалі кніжачку-згадку "Наша Лорка", пра Вячаслава Берастоўскага, які са Слоніма вазіў у Зэльву ў 1960-1970-х гадах ёй дапамогу, якую перадавалі з Польшчы яе сябры, і пра іншых асобаў. У кнігу аўтар ўключыў свае артыкулы-рэцэнзіі пра кнігі, прысвечаныя Ларысе Геніюш і яе сына Юркі Геніюша. Распавядае Сяргей Чыгрын і пра прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Васіля Захарку і яго сваякоў з вёскі Дабрасельцы Зэльвенскага раёна, з якімі сябравала і была знаёмая Ларыса Геніюш… Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў суботу 15 жніўня ў Зэльве ў царкоўным доме каля Свята-Троіцкай царквы, падчас ушанавання 110-годдзя Ларысы Геніюш.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя.

Нямецкія хрысціянскія дэмакраты: 75 гадоў гісторыі

Навіны Германіі

Сёлета нямецкі Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) адзначае 75-гадовы юбілей. Партыя за 71 год існавання ФРГ сумарна знаходзілася пры ўладзе больш за паўстагоддзя.

Варта было чакаць, што падчас цяперашніх урачыстасцяў шмат хто жартам будзе праводзіць паралелі паміж CDU і КПСС, без якой уявіць той жа СССР немагчыма. Нейкая глеба для параўнанняў сапраўды існуе. Вельмі шмат элементаў цяперашняй мадэлі непадзельныя ад CDU: сацыяльная рынкавая гаспадарка, еўрапейская інтэграцыя, нямецкае адзінства і гэтак далей. Таму адзін з мясцовых гісторыкаў дазволіў сабе ахарактарызаваць юбіляра як "неафіцыйную федэральную дзяржаўную партыю".

Дыфірамбы сапраўды дарэчныя, калі ўзгадаць, што сабой уяўляла партыя 75 гадоў таму. Гэта быў кангламерат гурткоў, як правіла, ветэранаў каталіцкай партыі "Цэнтр", што існавала ў часы Веймару. Яны марылі пра адраджэнне старога партыйнага праекту, аднак заходнія саюзнікі, якія курыравалі мясцовы палітычны працэс, глядзелі на рэчы больш маштабна. Яшчэ ў сакавіку 1945-га амерыканскія аналітыкі задумаліся пра стварэнне ў пасляваеннай Германіі моцнай цэнтрысцкай партыі, актыў якой складаўся б як з каталікоў, так і з пратэстантаў.

Так ці інакш, партыйнае будаўніцтва стартавала, і на працягу лета 1945 года, нягледзячы на татальны пасляваенны хаос, фундамент новай арганізацыі фактычна быў закладзены. Няма сумневаў, што гэта была няпростая працэдура. Напрыклад, таму, што амаль усе немцы мелі нацысцкае мінулае. Напэўна таму першым старшынём стаў Андрэс Гермес - удзельнік замаху на Гітлера ў ліпені 1944-га. Ад смяротнага пакарання яго выратаваў толькі нечаканы ўваход савецкіх войскаў у Берлін.

Увогуле, саюзнікі ў сваіх акупаваных зонах паступова дазволілі дзейнасць шматлікіх арганізацый, аднак у выніку самым паспяховым аказаўся праект Конрада Адэнаўэра - лідара Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і першага канцлера ФРГ. Пад яго кіраўніцтвам партыя дзяжурна перамагала з 1950-га да 1966-га года, а яе правадыр у якасці выбарчай праграмы нават абяцаў не дапусціць любых эксперыментаў.

Безумоўна, фурор хрысціянскіх дэмакратаў тлумачыцца так званым "нямецкім эканамічным цудам", калі ФРГ ужо ў 1953-м вярнулася на даваенны ўзровень жыцця. Такім поспехам краіны спрыяў і шырокі спектр дыскусій унутры CDU. Кансерватыўнага аксакала Адэнаўэра не палохала прысутнасць у складзе кабінету больш ліберальнага міністра эканомікі Людвіга Эгхарда, які лічыцца бацькам "цуду".

Пасля сыходу Адэнаўэра партыі спатрэбілася больш за дзесяць гадоў, каб атрымаць наступнага харызматычнага лідара ў асобе Гельмута Коля. Ён не толькі зрабіў Хрысціянска-дэмакратычны саюз урадавай партыяй, аднак і дамогся адзінства краіны. Важна адзначыць, што Гельмут Коль моцна мадэрнізаваў партыю і абнавіў яе імідж, пазбавіўшы анахранізмаў пачатку "халоднай вайны". Нагадаем, што вельмі доўга хрысціянскія дэмакраты не прызнавалі пасляваенную ўсходнюю мяжу Германіі, патрабуючы вярнуць Гданьск, Уроцлаў, Калінінград і іншыя тэрыторыі.

Яшчэ будучы канцлерам, Гельмут Коль выступіў негалосным пратэжэ Ангелы Меркель, якая хутка ператварылася з усходненямецкай грамадскай актывісткі ў выбітнага партыйнага функцыянера, а з часам - і ў добрага канцлера. Прынамсі, ёю быў пабіты рэкорд знаходжання ў крэсле кіраўніка ўраду ФРГ: Меркель не пакідае яго аж з 2005 года.

Цяпер партыя ўпэўнена крочыць у чарговы этап сваёй гісторыі. Прынамсі, так пішуць афіляваныя з ёй медыя і каментатары са спасылкай на розныя лічбы. Напрыклад, кіраўніком кожнай трэцяй адміністрацыі ў краіне з'яўляецца хрысціянскі дэмакрат.

У апазіцыйных выданнях левай арыентацыі вы знойдзеце іншы, больш мінорны погляд на перспектывы CDU. Сцвярджаецца, што партыю Адэнаўэра-Коля-Меркель чакае непазбежны калапс. Такі палітычны суб'ект, як буйная "народная партыя", не адпавядае, маўляў, духу нашага часу, якому ўласцівая сегментацыя і сінгулярнасць. Як вынік, неўзабаве мусіць паўтарыцца феномен канца 1960-х, калі на фоне культурнай моладзевай рэвалюцыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз прайграў дзве выбарчыя кампаніі запар.

Для выяўлення пераможцы ў спрэчцы, ці выжыве Хрысціянска-дэмакратычны саюз, вельмі шмат будзе залежаць ад фігуры, якая прыйдзе на змену "Матулі" (мянушка Ангелы Меркель). У тым ліку таму, што за яе часы партыя пасунулася ў ідэалагічных каардынатах да цэнтра. Некаторым аднапартыйцам такі трэнд не падабаецца - гучаць заклікі вярнуць партыю ў звыклую кансерватыўную нішу або нават стварыць партыю больш правую за CDU. Ці будзе здольная партыя з сыходам Меркель захаваць рэпутацыю і сімпатыі розных сацыяльных груп, якія сёння галасуюць за яе кандыдатаў?

У любым выпадку, пасля 15 гадоў кіравання Меркель для партыі скончыўся асобны этап. Сёння Хрысціянска-дэмакратычны саюз распачынае новы раўнд сваёй партыйнай гісторыі.

Алег Новікаў.

Васіль Сухамлінскі: стварэнне чалавека

(Да 50-й гадавіны памяці пра Настаўніка)

Летам 1979 года я, на той час малады настаўнік маленькай васьмігодкі, слухаў у падвальным памяшканні Данецкай школы № 89 лекцыю настаўніка рускай славеснасці Міхаіла Урына пра Васіля Сухамлінскага. Хто такі В. Сухамлінскі, сёння, мабыць, тлумачыць не трэба, хаця вялікія педагогі не так знакамітыя, як вялікія спевакі, акторы ці пісьменнікі. Сухамлінскі быў камуністам і, натуральна, пісаў пра камуністычнае выхаванне дзяцей. Але яго камуністычнае выхаванне ніяк не ўкладвалася ў "Тэорыю камуністычнага выхавання", распрацаваную апалагетамі партыйнай вярхушкі. В. Сухамлінскі казаў пра выхаванне ЧАЛАВЕКА, а яму казалі, што трэба выхоўваць не абстрактнага чалавека, а камуніста, класавага змагара. Тыя спрэчкі і нападкі дорага каштавалі Настаўніку, у грудзях якога засталіся асколкі з часоў вайны. Ён не дажыў некалькі дзён да сваёй 52-й гадавіны. Сёння, праз 50 гадоў пасля яго смерці, відавочна, што ідэі В. Сухамлінскага перамаглі вычварэнствы партыйных чыноўнікаў. Выдадзены яго кнігі, якія можна чытаць і наталяцца вялікай чалавечай мудрасцю аўтара, яго настаўніцкім досведам, набытым за час працы ў Паўлышскай сярэдняй школе, дзе ён з 1948 года і да канца жыцця быў дырэктарам.

На той час мы, настаўнікі, мала што ведалі пра гэтага Настаўніка. І вось - сустрэча з чалавекам, які паклаў жыццё на папулярызацыю творчасці В. Сухамлінскага. Лекцыя праходзіла ў памяшканні музея В. Сухамлінскага, створанага ў школьным лёху намаганнямі М. Урына і яго вучняў. Калі запланаваныя на лекцыю дзве гадзіны скончыліся, прысутныя папрасілі працягваць далей. Дзякаваць Богу, са мной быў магнітафон, на стужцы якога засталіся тыя чатыры гадзіны голасу М. Урына. Я спісаў іх на паперу.

Калі Міхаіла Барысавіча Урына не стала, музей у школе знік. Пра яго (і пра чалавека, і пра музей) нават няма звестак у інтэрнэце. І мы блізкія да таго, каб страціць разуменне ідэяў В. Сухамлінскага, якое набыў М. Урын цягам многіх гадоў свайго далучэння да гэтай постаці, свайго паглыблення ў яго творчасць.

Мяркую, што перакладзены мною тэкст той лекцыі стане цікавым і карысным не толькі настаўнікам. Пераклад зрабіў адмыслова для "Нашага слова".

Міхась Булавацкі.

Некалькі год я прапагандую творчасць Васіля Сухамлінскага, спрабуючы даказаць, што Сухамлінскі - гэта лепшае, найсумленнейшае, што ёсць у нас, настаўніках.

Чым жа гэты чалавек прыцягнуў маю настаўніцкую ўвагу? Напачатку я адчуў у ім журналіста, пісьменніка-педагога. Які ні адкрыеш орган друку, там яго артыкул. Шмат. Часта. Тое, што закранаецца ў артыкулах, блізка. Пра гэта і я думаў, думала мая сям'я, мае знаёмыя. Далей - болей. Неяк сустрэўся з былой рэдактаркай часопіса "Смена" Любоўю Івановай. Праз яе рукі часта праходзілі рукапісы Сухамлінскага - і ў газетах, і ў часопісах. Яна казала: "Нас не здзіўляла колькасць; графаманаў заўсёды хапала. Нас здзіўляла энергія думкі. Новая бандэроль - новая праблема, новыя думкі, новыя задачы. Нібыта вядомыя, але паказаныя з іншага боку, яркага, выразнага. І ў цэнтры ўсіх праблем - дзіця, чалавек."

Дзеці, школа, сям'я - гэтыя тры кіты сцэментаваныя ў яго педагагічную сістэму, народжаную з улікам досведу лепшай педагогікі, як айчыннай, так і ўсясветнай. Сухамлінскі вельмі любіў Януша Корчака, шанаваў яго, любіў, пакланяўся яму. Вельмі любіў паўтараць такую яго думку: "Некаторыя лічаць, што педагогіка - гэта навука пра дзяцей. Гэта не так. Педагогіка - навука пра чалавека." Шырэй трэба глядзець на гэтую навуку. І бачыць у дзіцяці не будучага грамадзяніна, не будучую асобу, а асобу сённяшнюю ў дыялектычным развіцці.

Сухамлінскі быў практыкам, які ўвайшоў у навуку. Як настаўнік ён быў надзелены шматлікімі ўзнагародамі. Але гэты навуковец, пісьменнік, аўтар дзясяткаў кніг, надрукаваных і ненадрукаваных, яшчэ незавершаных, ад практыкі не адарваўся. У гэтым, магчыма, і заключаецца яго феномен. Таму што ні адзін вялікі педагог мінуўшчыны не мог сказаць пра сябе, што ён даў столькі ўрокаў, што ён столькі кантактаваў з дзецьмі, колькі Сухамлінскі. Адпрацаваўшы ў школе больш за 30 год, ён выкладаў практычна ўсе школьныя дысцыпліны, акрамя фізкультуры і чарчэння. Выкладаў не па патрэбе матэрыяльнай, а па патрэбе метадычнай. Яго "Сто практычных парад настаўніку" нарадзіліся на ўроках, у жывой практыцы. І калі б нічога не напісаў, акрамя гэтай кніжкі, ён і тады ўвайшоў бы ў гісторыю педагогікі.

Можна казаць пра такія яго адкрыцці, як урокі мыслення ў прыродзе. Можна казаць пра цэлую сістэму разумовага выхавання. Можна казаць пра новы падыход да асветніцтва бацькоў, якое робіць бацькоў надзейнымі саюзнікамі, партнёрамі школы ў працы з вучнямі.

Сярод шматлікай педагагічнай спадчыны Сухамлінскага асобнае месца займае яго "Хрэстаматыя па этыцы". Ён працаваў над яе стварэннем практычна ўсё свядомае жыццё. Закончанага выгляду хрэстаматыя не мае. У мемарыяльным педагагічным музеі В. Сухамлінскага наведвальнікам прапануюць пяць тамоў. У тамах маюцца паўторы. Гэтыя тамы змяшчаюць больш за дзвесце старонак, на якіх змешчаны расповяды, выпадкі, легенды, прыпавесці, эпізоды з жыцця. І кожная старонка нясе ў сабе этычную, маральнасную задачу, развязак якой амаль ніколі не ляжыць на паверхні. Усяго ж такіх старонак у Сухамлінскага больш за тысячу, чытачам вядомыя пакуль каля сотні, яны надрукаваныя ў беларускіх, украінскіх, расійскіх дзіцячых газетах, часопісах, кніжках для дзяцей. [ Частку апавяданняў і казак В. Сухамлінскага пераклаў на беларускую мову Васіль Вітка, яны змешчаны ў кнізе "Блакітныя жураўлі" - М.Б.]

Мяне, настаўніка мовы і літаратуры, у тых старонках спачатку зацікавіў матэрыял для развіцця маўлення. Ёмістыя маленькія тэксты, гучаць паўтары-дзве хвіліны. Я магу напрыканцы ўрока расказаць вучням з заданнем: раскажаш дома маме, тату, дзядулю, бабулі, цётцы, дзядзьку, суседу; а потым раскажаш мне, што яны сказалі наконт таго ці іншага выпадку. Я праз Сухамлінскага звязваў дзяцей з бацькамі, з дарослымі, я пасылаў іх да мудрасці дарослых. І дзеці прыносілі мне тое, што пачулі ў сваёй сям'і.

Аднойчы мяне папракнулі: маўляў, дзеці бяруць напракат бацькоўскія думкі і выдаюць за свае. Але ж гэта лепш, чым калі б яны бралі напракат брудныя словы. Ёсць жа такія сем'і, дзе зусім няма духоўнага яднання. Не таму, што кепскія бацькі, а таму, што бацькі так выхаваныя, яны не ўсвядомілі сваёй місіі; яны добрыя, сумленныя, але духоўна не багатыя і не лічаць свае духоўныя кантакты з дзецьмі істотнымі.

І мы тут можам гэта крыху паправіць. Праз сістэму настаўніцкіх семінараў, праз сістэму асветніцтва бацькоў мы перадаем гэтыя старонкі бацькам ці дзецям для завязвання размовы. Дарэчы, размовы атрымліваюцца вельмі і вельмі цікавымі.

І дзеці тут болей размаўляюць сваімі словамі (не тое, што прачытаў і пераказаў), і тут не будзе ніякага спісвання ці падглядвання. А паколькі гэта літаратура, то і адназначнага чагосьці быць не можа; у літаратуры ўсё залежыць ад таго, як я да гэтага стаўлюся. Скажам, сцэна дуэлі Анегіна з Ленскім у аднаго выклікае глыбокі роздум аб сэнсе жыцця, яго гэта хвалюе, другога гэта ніяк не зачэпіць, а трэці кіне рэпліку: падумаеш, адзін раз не патанцавала з ім - і з-за гэтага страляцца.

За некалькі год напрацаваныя некаторыя правілы падачы такіх старонак. Напрыклад, загалоўкі мы дзецям не паведамляем, таму што загалоўкі часта апераджаюць ідэю. З'яўляецца дадатковае заданне: дзеці самі прыдумваюць загалоўкі, калі-нікалі ўгадваючы аўтарскія.

Я не хацеў бы, каб вы падумалі, быццам такія ўрокі (яны атрымалі назву: сямейныя ўрокі) можна выкарыстоўваць толькі на ўроках літаратуры. Гэта можа рабіць кожны настаўнік, кожны класны кіраўнік.

Вось, да прыкладу, змест адной старонкі.

Восем хлопчыкаў, выхавальнікаў школы-інтэрната толькі што атрымалі новую форму і пайшлі пагуляць. Адзенне і фуражкі ўва ўсіх аднолькавыя, нават пазнакі не паспелі нашыць, і памеры аднолькавыя. Вышлі на бераг Дняпра, склалі фуражкі на беразе і вырашылі пабегаць. А адзін з іх, Віця, сеў чытаць кнігу. Наляцеў віхор, завярцеў, закруціў, раскідаў фуражкі, а адну падхапіў і занёс у Днепр, яна паплыла па цячэнні. Усё гэта адбылося на вачах дзяцей, і ўсе сямёра кінуліся па фуражкі, разумеючы, што адной фуражкі камусьці не хопіць. Дабеглі, пахапалі, напялілі, глядзяць: Віця сядзіць і чытае кнігу. Падышлі яны да яго і…

Я прапаную вучням дамаляваць, што адбылося далей. Якія размовы маглі ўзнікнуць, якія падзеі адбыцца. І з такім заданнем адсылаю дадому. І яны прыносяць канцоўкі гісторыі. У тых канцоўках праяўляецца бачанне чалавека. Гэта дае настаўніку магчымасць разглядзець узровень маральнаснага ўспрыняцця вучня.

… Дзеці падышлі да Віці і спыталі: "А ты чаму не пабег па шапку?" Віця сказаў: "Я ўсё адно вас не перагнаў бы."

… Хлопцы спыталі: "А дзе твая шапка?" - "Там, дзе ўсе," - сказаў Віця. "Ну, ідзі вазьмі," - засмяяліся яны.

… падышлі да Віці і адзін сказаў: "Чытака які!" І павярнуліся сыйсці…

… і сказалі: "Ты, Віця, не перажывай. Мы скажам выхавацельніцы, як было, каб табе не папала."

Бацька аднаго з пяцікласнікаў, калі сын перадаў яму гэтую гісторыю, сказаў: "Мне здаецца, што апавяданне павінна заканчвацца так: хлопчыкі падышлі да Віці, паглядзелі на яго і кожны адчуў, што ў яго на галаве Віціна фуражка."

Я бясконца ўдзячны гэтаму мудраму бацьку, аб чым і сказаў на бацькоўскім сходзе.

Гэтую размову можна перанесці ў іншае рэчышча. Заканчваецца ўрок. Клас ідзе ў сталоўку паснедаць. Прыбеглі: відэльцаў на стале няма. Адзін пабег і ўзяў сабе відэлец. Сабе! Хлеб скончыўся - пайшоў, узяў сабе лустачку. І мы атрымліваем магчымасць дапамагчы дзецям практычна ўсвядоміць: здарылася такое - вазьмі для ўсіх відэльцы, усім прынясі хлеб. Умей бачыць людзей вакол сябе!

Маленькая старонка паварочваецца да дзяцей практычным бокам. "Этыка - гэта практычная педагогіка," - любіў паўтараць В. Сухамлінскі. А мы нярэдка разумеем этыку як свайго роду маралізатарства, чытанне натацый.

У Сухамлінскага гэтая гісторыя мае такую канцоўку: "… Падышлі хлопчыкі да Віці і ўбачылі, што ён сядзіць і ўсміхаецца, захоплены чытаннем. Дзеці моўчкі спыніліся каля яго, і ўсім стала сорамна. І тое добра."

Я не магу сказаць, для якога ўзросту прыгодная тая ці іншая старонка. Іх можна выкарыстоўваць у розных класах. Некаторыя з іх я расказваў і абмяркоўваў у лячэбна-працоўным прафілакторыі для алкаголікаў. Застаўся запіс аднаго такога дзіўнага абмеркавання. Калі-нікалі на семінарах я пракручваю яго, не кажучы, дзе запісана, а потым раскрываю сакрэт. Бо там мы чуем разважлівыя галасы. Гэтыя людзі - нашы людзі. Цяпер яны, магчыма, ізгоі, але ж яны вернуцца да нас. Дык вось, можна ў іх абуджаць чалавечае і такім спосабам.

А вось яшчэ старонка.

Мама пасылае сваіх сямігадовых блізняткаў Алега і Рамана наведаць дзядулю ў суседняй вёсцы. Дзеці абрадаваліся. У дзядулі заўсёды шмат цікавага, смачныя яблыкі, мёд. Панеслі яны дзядулю кашулю, адмыслова вышытую мамай. Дзядуля іх ветліва сустрэў, пусціў у сад, ядуць - не наядуцца, на кожнай яблыні яблыкі ўсё смачнейшыя. Потым пачаставаў мёдам. З'елі адну-другую лыжачку, больш не хочуць. "А вось гэты слоік мёду занясіце маме," - сказаў дзед. Пайшлі дзеці дадому. Па дарозе захацелася мёду. Спыніліся, з'елі трошкі і пайшлі далей. Потым яшчэ некалькі разоў спыняліся. Здаецца, і патрошку елі, а мёду засталося на донцы. Яшчэ раз спыніліся - і той даелі. Прышлі дадому, селі на ганку і плачуць. Выйшла маці, пытаецца: "Чаму вы плачаце, дзеці?" Яны распавялі, як усё было. Маці засмяялася. "Чаму вы радуецеся, мама?" - спыталі дзеці…

І тут спыняюся, вучні павінны прыдумаць адказ маці. Вось што ў іх атрымалася:

… "Я смяюся таму, што вы такія брудныя, у мёдзе вымазаныя," - сказала мама.

… "Я радуюся таму, што мёд з'елі вы, а не хто іншы," - адказала мама.

… "Я рада, што вы ў мяне такія сумленныя, прызналіся," - сказала мама.

… "Для мяне галоўнае, каб вы былі наетыя, а мёд у нас дома ёсць," - сказала мама.

Адна дзяўчынка нават пракаментавала: "Мама не магла сказаць інакш, таму што ўсе мамы нічога для сваіх дзяцей не шкадуюць, усё ім аддаюць."

Тады я вырашыў пажартаваць. "Выбачайце, дзеці, я памыліўся. У апавяданні ўсё не так. Не дзеці хадзілі да дзядулі, а маці пайшла да свайго бацькі. Там яна яблыкаў і мёду наелася, і ён даў ёй слоік мёду, каб яна прынесла ўнукам. А па дарозе яна захацела мёду, адкрыла слоік…". І тут пачаўся такі рогат! Крычаць: "Не можа такога быць! Не бывае так!" - "Як жа, - кажу, - не бывае? Яны маглі, а яна не?.." І вось вам завязка сур'ёзнай размовы.

Былі ўсё ж і адказы, блізкія да аўтарскага: "Я радуюся таму, што вы плачаце", - адказала маці.

(Працяг у наст. нумары.)

Погляд на Магілёў з вышыні ратушы

Любіць і добра ведае свой горад старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьякоў. Пастаянна ён ладзіць пешыя і роварныя беларускамоўныя экскурсіі па горадзе для сяброў арганізацыі і ўсіх ахвотных.

У перыяд, калі вандроўкі часова спынены, папулярызатар гісторыі, роднай мовы і культуры пагадзіўся правесці экскурсію для карэспандэнта "Нашага слова".

За некалькі гадзін мы прайшліся па старажытных вуліцах Магілёва Першамайскай (Вялікай Шклоўскай) і Ленінскай ( Вялікай Садовай), наведалі касцёл св. Станіслава і будынак ратушы, завіталі ў музей вядомага пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

- А ведаеце, які твор прысвяціў Магілёву Максім Багдановіч? -запытаўся гід. - Гэта верш "Летапісец".

"Душой стаміўшыся

ў жыццёвых цяжкіх бурах,

Свой век канчаю я

ў манастырскіх мурах

І пільна летапіс

другі ўжо год пішу:

Старанна літары

малыя вываджу

І спісваю ўсё ад слова і да слова

З даўнейшых граматак

пра долю Магілёва…"

Цярністым і шматпакутным быў больш, чым 750-гадовы шлях старажытнага паселішча над Дняпром. Гордымі і свабодалюбівымі былі яго жыхары, якім было ўласціва даўгацярпенне, самааданасць, таленавітасць, пачуццё здаровага аптымізму ў спалучэнні з міласэрнасцю, кансерватызмам і наіўнасцю. Гасціннасць, гумар, народная сметлівасць, вера і надзея заўсёды дапамагалі ім з гонарам выйсці са складаных сітуацый. Магілёў заўсёды славіўся сваімі майстрамі - збраярамі, ювелірамі, ганчарамі, цагельнікамі, ткачамі.

Некалі заможны і самастойны горад з замкавымі ўмацаваннямі і валамі, размяшчаўся вышэй навакольнай мясцовасці. З аднаго боку яго акружаў Днепр, а з другога - Дубровенка. А якія цудоўныя перазвоны ладзіліся на вежах цэркваў: Спаса, Іллі, Успення, Міколы, Тройцы, Раства Багародзіцы, Узнясення Гасподняга, Казьмы і Дзям'яна! Чым толькі не гандляваў Магілёў, які меў прывілеі ад каралёў! Кіеў, Канеў і Чаркасы, Торунь, Гданьск і Кёнігсберг атрымлівалі выдатны мёд, воск, сала, алей і іншыя рэчы з Магілёва.

Адкуль пайшла назва горада? Згодна з легендай, на Дняпроўскіх кручах жыў некалі разбойнік Машэка, моцны, як леў, які рабаваў багатых, але абараняў бедных і прыгнечаных. Ён быў пахаваны над Дняпром, над яго магілай быў насыпаны курган. Гэта месца назвалі Магілай Льва. Цяпер ў горадзе існуе стылізаваны помнік Машэку.

- Помнік разбойніку? - разважае экскурсавод. - Калі мы прызнаём брытанскага Робін Гуда, героя балад, то можам прызнаць і свайго Машэку!". Янка Купала напісаў паводле легенды паэму "Магіла Льва", а Уладзімір Караткевіч прысвяціў Магілёву верш "Машэка". Іншая версія назвы горада звязана з імем галіцкага князя Льва Данілавіча Могія. Магілёўскі замак упершыню ўзгадваецца ў летапісе ў 1267 годзе.

Самым цікавым пунктам нашай экскурсіі была ратуша і яе музей. Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый выдаў Магілёву прывілей на Магдэбурскае права 28 студзеня 1577 года. Горад займеў герб і дазвол на пабудову ратушы. Першы будынак яе быў драўляным. Ратуша не аднойчы гарэла, месцазнаходжанне яе мянялася. (Падчас Паўночнай вайны Пётр I загадаў спаліць горад, каб ён не дастаўся шведам.)

- Мураваная ратуша стала цэнтрам гарадскога жыцця, - распавёў Алег Дзьячкоў. - У ёй публічна агалошвалі дзяржаўныя ўказы, зачытвалі прывілеі і судовыя выракі. Тут існавала вялікая зала для прыёму гасцей, засядаў магістрат, праходзілі выбары гарадской рады, сустрэчы важных персон.

- Ратушу знеслі ў 1957 годзе, - пракаментаваў экскурсавод. У 1979 годзе кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў даследваў яе падмуркі. (Дарэчы, менавіта ён выдаў ў 2008 годзе сумесна з А.А. Агеевым цікавую кнігу "Магілёўская ратуша"). У 2008 годзе будынак ратушы аднавілі па фота і архіўных дакументах.

Зараз адноўленую залу для пасяджэнняў, якая ўражвае сваёй ўрачыстасцю, упрыгожваюць партрэты выбітных магілёўцаў, якія праявілі сябе ў гісторыі горада. Тут знаходзіцца партрэт магілёўскага храніста і сябра магістрата Трафіма Сурты, выява Спірыдона Собаля, які працаваў у Багаяўленскім манастыры, і выдаў "Буквар". Упрыгожваюць залу партрэты праваслаўнага епіскапа Георгія Каніскага і першага каталіцкага мітрапаліта Богуш-Сестранцевіча, які пражыў 95 гадоў, ведаў 20 замежных моваў.

Пад патранажам праваслаўнага епіскапа Г. Каніскага, асветніка і навукоўца, які ачольваў Магілёўскую епархію, у горадзе быў пабудаваны помнік позняга барока - Спаская царква і адчынена праваслаўная семінарыя, у якой вучыліся Іван Насовіч, Іван Грыгаровіч, Усевалад Ігнатоўкі і іншыя…

- Інтэр'ер ратушы выдатна дапаўняе карціна "Наданне Магілёву Магдэбурскага права". "За апошнія некалькі гадоў тут выступалі ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, вядоўца тэлепраграм Юры Жыгамонт, - нагадвае Алег Дзьячкоў. - Тут адбывалася сустрэча прэм'ер-міністраў Андрэя Кабякова і Дзмітрыя Мядзведзева.

А ў суседняй зале дэманструюцца васковыя фігуры войта горада і яго памочнікаў.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Магілёў увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў губернскім горадам. У 1775 годзе горад быў пазбаўлены Магдэбургскага права, для кіравання гаспадарчым жыццём пачала абірацца гарадская дума. На гандлёвай плошчы быў пабудаваны палац губернатара.

- У траўні 1780 года ў Магілёве праходзіла сустрэча Кацярыны II і аўстрыйскага імператара Франца Іосіфа, - працягнуў аповед Алег Дзьячкоў.- Імператар прыбыў у Расію пад іменем графа Фалкенштэйна. 27 траўня 1780 года Кацярына II у суправаджэнні графа аглядала Губернатарскую плошчу і ратушу, наведвала касцёл святога Станіслава, пабудаваны ў стылі барока.

Аглядалі горад і любаваліся ратушай у іншыя часы розныя расійскія імператары: Павел I, Аляксандр I, Мікалай I, Аляксандр II, Мікалай II. Наведвалі горад расійскія і ўкраінскія пісьменнікі Гаўрыла Дзяржавін, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль.

Пра што цікавае яшчэ давялося даведацца падчас экскурсіі па горадзе? Што тут існаваў губернскі сад Дамбавецкага, які ў савецкія часы пачаў насіць назву парка імя Максіма Горкага.

- Найвялікшы росквіт горада прыпаў на час кіравання Магілёўскай губерніяй Аляксандра Дамбавецкага, - піша ў кнізе гісторык Аляксандр Агееў, суаўтар Алега Трусава. - За 21 год дзейнасці губернатара (1872 - 1893) горад атрымаў Магілёўскую фельчарскую школу ( 1875 ) і Магілёўскае рэальнае вучылішча (1885), адметныя будынкі гарадскога тэатра (1888) і жаночай гімназіі, вадаправод і першыя тэлефоны. Ён спрыяў правядзенню археалагічных даследванняў і станаўленню першага музея. Пры ім з 1883 года пачаў выходзіць часопіс "Магілёўскія гарадскія ведамасці".

Пра знакамітых магілёўцаў давялося пачуць з вуснаў Алега Дзьячкова ля будынка былой мужчынскай гімназіі. Яна была адчынена 15 верасня 1809 года. З яе сцен выйшлі такія выбітныя асобы, як Кандрат Грум-Гржымайла, лекар, выдавец медыцынскай газеты "Сябар здароўя", выдаўцы энцыклапедычнага слоўніка ў 58 тамоў браты Аляксандр і Ігнат Гранаты, географ, даследчык Поўначы Ота Шмідт. Тут вучыўся Мікалай Судзілоўскі, навуковец, энтнограф і географ, які стаў першым прэзідэнтам сената Тэрыторыі Гаваяў.

Вялікі пажар ахапіў горад у 1910 годзе, у ім згарэлі 624 жылыя дамы. А праз чатыры гады разгарэўся іншы пажар - Першая сусветная вайна. За год да вайны ў Магілёве адбылося пампезнае святкаванне 300-годдзя дынастыі Раманавых. Мала хто мог уявіць, што адна з самых моцных у свеце манархій праіснуе менш, чым чатыры гады. Летам, па ўступленні ў Першую сусветную вайну Магілёў апынуўся ў самым цэнтры падзей планетарнага маштабу. З 1915 па 1918 год у горадзе знаходзілася стаўка Галоўнага камандуючага расійскай арміі.

З 23 жніўня 2015 года абавязкі галоўнакамандуючага прыняў на сябе імператар Мікалай II, і губернскі горад ператварыўся ў царскую рэзідэнцыю і ваенную сталіцу імперыі. У пазнейшы час у горадзе жылі альбо бывалі з візітамі кіраўнік часовага ўраду А. Керанскі, генералы Л. Карнілаў, А. Дзянікін. Лічыцца, што антыбальшавіцкі "белы рух" задумваўся і пачынаўся ў Магілёве. А ў гасцініцы "Метраполь" генералы склалі план узброенага змагання з рэвалюцыяй.

- Мая прабабуля бачыла цара Мікалая II, які спакойна прагульваўся па горадзе, - распавёў Алег Дзьячкоў.

Славіцца сваёй гісторыяй драматычны тэатр Магілёва, які існуе з 1888 года. У будынку Магілёўскага драмтэатра выступаў Сяргей Рахманінаў, Вера Камісаржэўская, жонка А. Блока - Любоў Мендзялеева-Блок. На пастаноўкі тэатра прыязджалі Я. Купала і Я. Колас. Рэжысёр Валерый Маслюк у 80-я гады паставіў тут "Тутэйшых".

А яшчэ ў Магілёве нарадзіўся савецкі кампазітар Эдуард Калманоўскі, аўтар музыкі песень: "Я люблю тебя жизнь", "Алёша", "Люди в белых халатах".

З 90-тых гадоў ХХ стагоддзя ў касцёле святога Станіслава ладзіўся кожныя два гады міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа". У рэстаўрацыі касцёла ўдзельнічалі Фелікс Янушкевіч, Алесь Пушкін, Рыгор Таболіч. Тут вянчаўся Зянок Пазняк у 1995 годзе.

А ў савецкія часы, перад Другой сусветнай вайной, калі ў Магілёў планавалася перанесці сталіцу БССР, у горадзе быў пабудаваны Дом ураду па праекце архітэктара Іосіфа Лангбарда, з'явіліся дом Леніна, дом Сталіна, дом Будзёнага, працаваў кінатэатр "Чырвоная зорка".

Падзяліўся экскурсавод гісторыяй сваёй сям'і. Бабулі Алега Дзьячкова Яўгеніі Фёдараўне - 93 гады. Яна паходзіць па маці з каталіцкага шляхецкага роду Савіцкіх, а па бацьку - з праваслаўнага дваранскага роду Хлусовічаў. Яўгенія Фёдараўна перажыла акупацыю Магілёва, працавала санітаркай у шпіталі і там сустрэла будучага мужа. У сужанцаў нарадзілася чацвёра дзяцей (3 дачкі і сын). Калі муж памёр, Яўгенія Фёдараўна пайшла працаваць на завод, трымала гаспадарку. Жанчына здолела адна выхаваць дзяцей, усе яны выраслі і сталі годнымі і добрымі людзьмі, сёння яна мае 8 унукаў. Вось такі яскравы прыклад стойкасці, аптымізму і даўгажыхарства, які сведчыць пра характар магілёўцаў. Вельмі хацелася сустрэцца з ёй, але сям'я засцерагаецца карана-вірусу.

Магілёў стаў для мяне яшчэ больш цікавым, а магілёўскія ТБМ-аўцы - роднымі! Прыйдзе час, і вандроўкі па краіне Магілёўскай філіі ТБМ з яе нястомным экскурсаводам працягнуцца!

Паглыбіць свае веды пра горад давялося ўжо ў Менску, зазіраючы ў матэрыялы ХІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць", якая праходзіла ў 2019 годзе.

"За мінулыя два гады ў горадзе адбыўся шэраг грамадскіх і культурніцкіх падзей, якія, застануцца ў гісторыі Магілёва. Да іх варта аднесці святкаванні 300-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага і 100-годдзе з пачатку дзейнасці Магілёўскага гарадскога савета дэпутатаў.

У горадзе з'явіліся памятная дошка ў гонар вучонага-краязнаўцы П. Лярскага, а таксама памятныя знакі "Магілёўскі замак" (парк М. Горкага) і прысвечаны знаходжанню ў Магілёве Стаўкі галоўнага камандуючага пад час Першай сусветнай вайны.

Магілёўскія медыкі ўпершыню зрабілі перасадку ныркі, работнікі харчавання парадавалі магілёўцаў і гасцей горада першым беларускім марозівам чорнага колеру, будаўнікі завяршылі доўгачаканае будаўніцтва корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, адбылося адкрыццё пасля пяцігадовай рэканструкцыі музея В. К. Бялыніцкага-Бірулі.

У магілёўскім касцёле Успення Маці Божай і Святога Станіслава ўпершыню за 60 год загучаў электрапнеўматычны арган, ён з'явіўся замест электрычнага, які амаль трыццаць год замяняў арган, знішчаны савецкаю ўладаю. Былі рэалізаваны грамадскія праекты "Вершы на сценах" і стварэнне "лесвіцы-вышыванкі". Актыўна ўключыўся ў мастацкі і творчы працэс калектыў музея гісторыі Магілёва, узяўшы на сябе функцыі арганізатара Міжнароднага арт-праекта "Магілёў вачыма гасцей", а таксама ажыццявіўшы мастацкія роспісы на гістарычную тэматыку на розных будынках горада - на будынку музея па вул. Ленінскай, 5а і на будынку музея этнаграфіі па вул. Першамайскай. Вялікую цікавасць у гараджан выклікалі выставы музея, і ў першую чаргу - серыя "Невядомы Магілёў".

Эла Дзвінская, фота аўтара.

1. Алег Дзьячкоў у касцёле св. Станіслава; 2. Будынак Магілёўскага драматычнага тэатра; 3. Старшыня магілёўскага ТБМ ля будынка ратушы.

Невядомыя падрабязнасці

Нядаўна памёр адзін з самых папулярных прадстаўнікоў старой перадваеннай Вільні - др. Юлій (Юліўш) Сумарок.

За яго труной ішла невялікая купка асоб, якія да гэтага часу яшчэ былі жывыя, якія ў часы рускага панавання працавалі разам з памерлым дзеля лепшай будучыні краю і яго сталіцы. Але ў натоўпе тых, хто прыйшоў на хаўтуры, былі і новыя людзі, якія аддавалі даніну павагі памёршаму за яго пасляваенную дзейнасць.

Пра гэты, апошні перыяд жыцця др. Сумарока гаварыць не будзем, бо паміж ім і нашым бокам існаваў тады сталы падзел. Але яго перадваенная дзейнасць амаль што невядома ў Вільні. Вось пра яе і прагнем напісаць.

Сярод той часткі рознамоўнай грамадскасці Вільні, якая мела вызвольныя імкненні, а шырэй - прытрымлівалася дэмакратычнай ідэі, перад Сусветнай вайной пачалася супольная праца па стварэнні супольных грамадскіх пляцовак для дапамогі кааперацыі, развіццю народных рамёстваў і мастацтваў і г. д. - усё гэта на грунце пашырэння краёвай ідэалогіі і дэмакратыі.

У пэўныя моманты мела месца цеснае супольнае польска-беларускае супрацоўніцтва. І менавіта гэтай супольнай працы (для большасці сучасных віленцаў гэта будзе дзівам!) аддаваў сябе нябожчык др. Юлій Сумарок.

Восенню 1912 г. за гістарычным столікам ў Зялёным Штралі, дзе кожны дзень збіраліся дэмакраты ўсіх народаў краю, паўстала думка стварэння польскай газеты, якая пашырала бы ідэі дэмакратыі і краёвасці. На гэтым паразумеліся палякі і беларусы. З польскага боку ў рэалізацыі гэтай думкі чынны ўдзел прымалі др. Юлій Сумарок, Юзаф Букоўскі і папулярны мастак Каміл Мацкевіч (Camillus). З беларускага - Іван і Антон Луцкевічы. Быў арганізаваны камітэт, які пачаў шукаць прыхільнікаў будучай газеты, гатовых дапамагчы грашыма. Хутка сабралі неабходную суму грошай, якіх ужо хапала, каб пачаць выдаваць газету з назвай "Краёвы Кур'ер" (Kurjer Krajowy). Скарбнікам абралі др. Юлія Сумарока, які праз пэўны час пачаў падпісваць газету як рэдактар і выдавец. Галоўным рэдактарам стаў Юзаф Манкоўскі, яму дапамагалі супрацоўнікі ў Вільні і правінцыі, якія часцей за ўсё, працавалі не за грошы. Палітычныя артыкулы пераважна пісаў Антон Луцкевіч. Хронікай займаўся Францішак Аляхновіч. Каміл Мацкевіч маляваў цікавыя карыкатуры на віленскіх дзеячаў, яго карыкатуры значна падвышалі папулярнасць газеты.

Др. Сумарок для сябе зарэзерваваў тэму гарадскіх спраў. Як гарадскі радны, ён бачыў гэтыя справы зблізку і сваім пяром кранаўся самых істотных балячак горада, выцягваў на свет усё, на што павінна была рэагаваць грамадскасць. З-за гэтага меў нямала прыкрасцяў і нарэшце мусіў зняць свой подпіс пад газетай. Гэтак бараніўся ад тых, хто жадаў схаваць свае справы ад гараджан

Газета адразу займела вялікую папулярнасць. Але падпіскі на пакрыццё выдаткаў не хапала. Таму мусілі прасіць дапамогі ў выдавецкай групы, а галоўным чынам у др. Сумарока. У самыя крытычныя моманты справу ратавалі векселі, якія падпісваў др. Сумарок, гэтыя паперы без праблем прымалі віленскія банкі.

Для характарыстыкі "Краёвага Кур'ера" і ідэйнага твару яго выдаўцоў, прывядзём крэда газеты, якое было надрукаванае ў першым нумары ад 8 (21) лістапада 1912 г.: "Чытачам. Мы перажываем хвіліны, якія могуць выклікаць глыбокі пералом ў жыцці нашага краю. Хмары, горшыя за ваенныя, збіраюцца над нашым гарызонтам: на зямлі, дзе жыве столькі народаў, з кожным днём пашыраюцца спрэчкі і бойкі.

У гарады і мястэчкі, у двары і сялянскія хаты ідзе найгоршы вораг народа - нацыяналізм. Ён нясе з сабой узаемную нянавісць і бойкі паміж сабой, пагражае стратай устойлівасці краю ад пасягальніцтва людзей, якія мараць пра тое, каб адкінуць усялякае пачуцце нашай асобнасці. […]

Супольная доля, супольныя патрэбы і жаданні, злучаюць розныя народы. Вызваленне з адвечнай беднасці - матэрыяльнай і духоўнай, гэтага цяжкага ярма на плячах народа - патрабуе дэмакратыі. Праца для народа і праз народ, творчая праца ў згодзе - вось дарога да вызвалення.

У краі, дзе разам з летувісам жыве паляк, каля беларуса - яўрэй, у краі, лёсам пазбаўленым вольнага развіцця, няма месца на ўнутраны разлад. …"

Вышэйзгаданых мэтаў трымаўся "Краёвы Кур'ер" увесь час свайго існавання, якое закончылася з пачаткам вайны. У складзе рэдакцыі адбываліся пэўныя змены. Пасля Манкоўскага, у 1914 г., кіраўніцтва газеты ўзяў Ежы Янкоўскі (Ежы Шум). Яго праца закончылася з-за цяжкай, невылечнай хваробы. Але накірунак не змяніўся: дэмакратызм, шанаванне усіх народаў і адраджэнне іх культур, адносіны на тэрыторыі ВКЛ, як да сваёй бацькаўшчыны - мэты гэтыя на працягу некалькіх гадоў існавання газеты былі галоўнымі ў артыкулах розных аўтараў - як польскіх гэтак і беларускіх.

На гэтым жа грунце цвёрда стаяў адзін з чынных заснавальнікаў і кіраўнікоў газеты - др. Юлій Сумарок, які прычыніўся да развіцця "сваёй газеты" як пяром, гэтак і грашыма.

Af [Антон Луцкевіч]. Nieznany szczegol // Preglad Wilenski. 1938, № 4-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX