Папярэдняя старонка: 2020

№ 35 (1498) 


Дадана: 02-09-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1498), 2 верасня 2020 г.

Кардынацыйная рада: пытанне пра статус рускай мовы ў павестцы не стаіць

Апазіцыю цікавяць толькі два важныя пункты з Канстытуцыі 1994-га - абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта і колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.

Магчымае вяртанне да беларускай канстытуцыі 1994 года не мае на ўвазе аўтаматычнае пазбаўленне рускай мовы статусу дзяржаўнай, пра гэта заявіла член прэзідыума Кардынацыйнай рады апазіцыі Марыя Калеснікава.

Вяртанне да Канстытуцыі 1994 года было адным з лозунгаў экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі. У той жа час руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай у выніку ўнясення ў дакумент паправак у 1995 годзе.

Па словах Колеснікавай, апазіцыю цікавяць толькі два важныя пункты з Канстытуцыі - абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта і колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.

"Адна з ініцыятыў Віктара Дзмітрыевіча Бабарыкі - з нагоды рэферэндуму, на якім у тым ліку павінна было задавацца пытанне пра Канстытуцыю. Там ёсць пэўныя два пункты, на якія мы зважаем: абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў да двух, падзел уладаў, дзе павялічваецца роля парламента ў параўнанні з тым, як гэта ёсць цяпер. Гэта два пункты, якія для нас маюць цяпер значэнне. Гэта пункты, якія былі зменены на рэферэндуме, які ініцыяваў дзейсны прэзідэнт. Толькі гэтыя пункты могуць забяспечыць законнасць і дэмакратычныя змены ў Беларусі", - цытуюць Калеснікаву РІА Навіны.

Яна таксама запэўніла, што "пытанне мовы не стаіць ў павестцы і не з'яўляецца ні для кога праблемай".

Нагадаем, прадстаўнікі апазіцыі Беларусі, не згодныя з вынікамі выбараў прэзідэнта, абвясцілі пра стварэнне Кардынацыйнай рады па транзіце ўлады. Генпракуратура ў сувязі з гэтым узбудзіла крымінальную справу за заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, санкцыя якой мяркуе пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі. Чальцоў прэзідыума рады выклікаюць на допыты ў СК у якасці сведак.

Крыніца: Sputnik.by.

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"

22 жніўня ў Нясвіжы прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцы Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

На павестку дня паседжння былі вынесены наступныя пытанні:

1. Справаздача старшыні арганізацыі;

2. Справаздача рэвізора;

3. Выбары старшыні;

4. Выбары рады;

5. Выбары рэвізора;

6. Зацверджанне старшынь суполак;

7. Выбары дэлегата на з'езд ТБМ 18 кастрычніка;

8. Выбары дэлегатаў на Менскую абласную канферэнцыю ТБМ;

5. Рознае.

Быў заслуханы справаздачны даклад старшыні Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталлі Плаксы і даклад рэвізора Станіславы Вальчык.

Праца Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА ТБМ прызнана здавальняльнай.

Даклад рэвізора прыняты да ведама.

Канферэнцыя абрала старшынёй Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Наталлю Плаксу. Акрамя старшыні ў раённую раду абраны:

1. Асмыковіч Міхась - намеснік старшыні;

2. Вальчык Станіслава;

3. Дранчук Валер;

4. Качановіч Леанід.

Рэвізорам абрана Бруй Ніла.

Кіраўнікамі суполак ТБМ зацверджаны:

Нясвіжская гарадская - Асмыковіч Міхась;

Гарадзейская - Гунько Алег;

Карцэвіцкая - Вальчык Станіслава;

Свержанская - Холадава Валянціна.

Дэлегатам на 14-ты з'езд ТБМ абрана старшыня арганізацыі Наталля Плакса.

Дэлегатамі на Менскую абласную канферэнцыю ТБМ абраны:

1. Плакса Наталля;

2. Вальчык Станіслава.

У розным была разгледжана сітуацыя з выданнем электроннага часопіса "Нясвіжскія каеты".

У працы канферэнцыі бралі ўдзел намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік і старшы спецыяліст аддзела ідэалогіі і культуры Нясвіжскага райвыканкама Вераніка Цвірка, якая, дарэчы, выступіла на цудоўнай беларускай мове.

Даклад старшыні Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталлі Плаксы чытайце на ст. 2.

Наш кар.

Справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Лідскіх арганізацый ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"

29 жніўня ў Лідзе прайшлі справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Лідскіх раённай і гарадской арганізацый ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

На павестку дня паседжння былі вынесены наступныя пытанні:

1. Справаздача старшынь арганізацый;

2. Справаздача рэвізійных камісій;

3. Выбары старшынь;

4. Выбары раённай і гарадской радаў;

5. Выбары рэвізійных камісій;

6. Зацверджанне старшынь суполак;

7. Выбары дэлегатаў на з'езд ТБМ 18 кастрычніка;

8. Выбары дэлегатаў на Гарадзенскую абласную канферэнцыю ТБМ 20 верасня;

5. Рознае.

Канферэнцыі прайшлі адным паседжаннем.

Былі заслуханы справаздачныя даклады старшыні Лідскай раённай арганізацыі ГА ТБМ Станіслава Судніка і намесніка старшыні Лідскай (раённай) арганізацыі Сяргея Трафімчыка. Праца Лідскай гарадской і раённай арганізацый ТБМ прызнана здавальняльнай.

Даклад старшыні рэвізійнай камісіі Лідскай гарадской арганізацыі Міхася Бурачэўскага і рэвізора Лідскай раённай арганізацыі Юрася Дзяшука прыняты да ведама.

Старшынём Лідскай гарадской арганізацыі абраны Станіслаў Суднік. У Лідскую гарадскую раду ўвайшлі акрамя старшыні:

1. Сяргей Чарняк, намеснік старшыні;

2. Алег Лазоўскі;

3. Марыя Ганчар;

4. Міхась Мельнік;

5. Ганна Янкоўская.

Рэвізійная камісія Лідскай гарадской арганізацыі абрана ў складзе:

1. Міхась Бурачэўскі, старшыня;

2. Уладзімір Круцікаў;

3. Алесь Юшкевіч.

Старшынём Лідскай (раённай) арганізацыі абраны Лявон Анацка. У Лідскую (раённую) раду ўвайшлі акрамя старшыні:

1. Сяргей Трафімчык, намеснік старшыні;

2. Станіслаў Суднік;

3. Сяргей Дычок;

4. Віталь Карабач.

Рэвізорам Лідскай арганізацыі абраны Юрась Дзяшук.

Зацверджаны новыя старшыні суполак:

Лідскай Слабадской - Наталля Шарлан;

Ёдкаўскай - Віталь Карабач.

Астатнія старшыні шасці гарадскіх суполак засталіся на месцах.

Абраны пяць дэлегатаў на 14 з'езд ТБМ і пяць дэлегатаў на Гарадзенскую абласную канферэнцыю ТБМ.

Даклад старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслава Судніка чытайце ў наступным нумары.

Наш кар.

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

(Фрагменты даклада старшыні і выступленняў падчас абмеркавання)

Напрыканцы 2017 года адбылася прэзентацыя чарговага календара аўтарскай серыі В. Дранчука "Маляўнічая Бацькаўшчына". На гэтым грамадскім сходзе талакоўцамі-спонсарамі выдання было аднагалосна вырашана аднавіць на Нясвіжчыне дзейнасць раённай арганізацыі ТБМ. Што на гэта скіравала? Каляндар "Ідыліі" быў прысвечаны мастаку, беларускамоўнаму настаўніку з Малева Хведару Вініцкаму, а таксама яго брату, стваральніку першай беларускамоўнай гімназіі на тэрыторыі пасляваеннай Нямеччыны Алесю Вініцкаму - людзям, якія ні пры якіх умовах не выракаліся роднай мовы.

Справа ТБМ - найвысакароднейшая грамадская і, галоўнае, грамадзянская справа, бо гэта мірная абарона, абарона шляхам "культурна-асветніцкай дзейнасці" роднай мовы. Нагадваючы радкі Статута аб мэтах і задачах нашага аб'яднання, працытую старшыню Карцэвіцкай суполкі Станіславу Вальчык. Яна вельмі коратка, адным слова выказала нашы дзеянні ў дачыненні да роднай мовы - "р а т а в а ц ь!".

Пытанне роднай мовы - балючае, надзвычай актуальнае пытанне як для ўсёй Беларусі, так і для Нясвіжа і Нясвіжчыны. Для Нясвіжа асабліва яшчэ і таму, што часта пазіцыянуем яго культурнай сталіцай Беларусі, горадам-помнікам, горадам гістарычным і турыстычным. Сюды людзі едуць па глыбінную беларушчыну, а мы прапануем ім (у моўным плане) чужы свет. Разумеем, што "грамадскія моўныя ініцыятывы сітуацыі з мовай не ўратуюць - патрэбны палітыка-прававыя рашэнні дзяржаўнага ўзроўню". Але без грамадскіх інцыятыў не дачакаемся тых дзяржаўных захадаў.

СВЯТОЕ ДАЛУЧЭННЕ ДА РОДНАГА СЛОВА

Нясвіжчына далучылася да Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў 2017 годзе, на другім дзясятку ад пачатку яе правядзення. Першай справай адноўленай арганізацыі сталася дыктоўка-2018 у Дзень роднай мовы. Пісалі яе ў раённай бібліятэцы і на іншых пляцоўках 360 чалавек. У наступным годзе выйшлі без малога на тысячу - гэта найлепшы наш вынік: пісалі ў бібліятэках, установах культуры, школах і садках, гімназіі і каледжы, офісе музея-запаведніка "Нясвіж", Доме польскім. Добра арганізавалася ў той год Гарадзея: там дзве школы аб'ядналіся для супольнай дыктоўкі. У гэтым годзе таксама больш паўтысячы.

За гэтыя 3 гады выпрацавалі свае падыходы, метадычныя прыёмы, зыходзячы з таго, што дыктоўка найперш не для адукацыіі ці праверкі ведаў, а для выхавання, святога далучэння да беларускага слова.

- Бралі тэксты, якія прапаноўвала "Наша слова", але заўсёды распрацоўвалі яшчэ і свае, каб быў большы выбар. Напрыклад, "Ад Скарыны да Разанава". Абавязковым быў тэкст на краязнаўчым матэрыяле.

- Клапаціліся пра псіхалагічны камфорт удзельнікаў: не ператваралі іх у вучняў, не правяралі тэксты. Кожны меў магчымасць сам сябе праверыць (ці праз мультымедыя выводзіўся на завяршэнне тэкст, ці раздаваліся лісткі з тэкстам) і задаць пытанні наконт памылак, цяжкіх арфаграм і пунктаграм.

- Сціпла, але густоўна афармлялі лісты для напісання - крыху дызайну, крыху інфармацыі.

- Дыктоўка ў хату (для тых, хто не можа прыйсці ) ці тэкст у хату (для тых, хто па пэўных прычынах не можа пісаць).

- Дыктоўка "ў тры рукі" апрабавана ў дзіцячых садках: спачатку дзеткі на падрыхтаваных для дыктоўкі лістах малююць вядомыя ім літаркі і слоўкі, "і" ды "ў", да іх - асацыятыўныя вобразы роднай зямлі - кветкі, птушкі, хмаркі. Пасля супрацоўнікі садка пішуць на тых упрыгожаных лістах дыктоўку. І ўжо вечарам бацькі, забіраючы дзетак, бяруць дадому тыя дыктоўкі, каб пачытаць, а то і напісаць у сям'і.

- Дыктоўкі не толькі да Дня роднай мовы, але і з іншых нагодаў, напр. юбілеяў (або элементы дыктоўкі) .

НАШЫ КАНТАКТЫ

Надзвычай спрыялі кантактам з грамадскасцю, установамі і арганізацыямі раёна прэзентацыі календароў "Ідыліі Фёдара Вініцкага", "Невядомая Нясвіжчына", "Маляванкі" з аўтарскай серыі Валера Дранчука "Маляўнічая Бацькаўшчына". Ладзіліся яны не толькі ў раённай бібліятэцы, раённым краязнаўчым музеі, але і ў бібліятэках, што ў Рудаўцы, у Снове, у Высокай Ліпе, школе № 4 г. Нясвіжа, дзіцячым садку № 4, сацыяльным цэнтры для пажылых людзей… Збор матэрыялу для календароў, кантакты з талакоўцамі - гэта так-сама наша паўсядзённая праца, мо яшчэ больш эфектыўная, чым падчас вялікіх сходаў і прэзентацый; гэта своеасаблівыя прэзентацыі на доме, толькі ў вузкім коле, для 1-3 чалавек.

Самыя цесныя стасункі маем з дзіцячым садком "Караблік дзяцінства", дзякуючы Станіславе Вальчык (там выхоўваліся і выхоўваюцца яе ўнукі). На працягу 3 гадоў яна штотыднёва праводзіла там з дзеткамі заняткі "Роднае слоўка", была рэгулярным грамадскім беларускамоўным выхавацелем. Справа, на якую не кожны адважыцца і пагодзіцца . Як на працу! За так! Дзеля роднай мовы! Далучалася сп. Станіслава і да метадычнай работы калектыва, удзельнічала ў семінарах-практыкумах гэтай установы.

Адчувалася шчырае жаданне і загадчыцы садка ўнесці сваю долю ў адраджэнне роднай мовы. Неаднойчы мелі мы слова перад вялікай грамадой бацькоў, супрацоўнікаў установы і выхаванцаў. Дапамагалі шмат ў афармленні беларускай хаткі-альтанкі і музейчыка ткацтва. Неаднаразова ўдзельнічалі ў экскурсіях і занятках гэтага музея. Ахвотна прымалі ў садку і нашы прапановы. Так, напрыклад, з маленькімі выхаванцамі запісана некалькі краязнаўчых выпускаў для раённага радыё (пра беларускія прыказкі, пра печ, непасрэдна пра беларускую хатку-альтанку). Набывалі ў садку на кожную групу каляндар "Маляўнічая Бацькаўшчына" і праводзілі раз у месяц заняткі па адпаведнай яго старонцы. Па добрым прыкладзе "Карабліка дзяцінства" завязаліся стасункі яшчэ з Саскаліпкаўскім садком.

Паразуменне маем са школай-гімназіяй г. Нясвіжа, школай № 4 г. Нясвіжа, педкаледжам імя Якуба Коласа. Ахвотна і масава падтрымліваюць тут Агульнанацыянальную дыктоўку. Яшчэ да каранавіруса паспелі зладзіць ў гімназіі і каледжы сустрэчы з беларускім бардам Віктарам Шалкевічам і Яраславам Іванюком - заснавальнікам і трымальнікам электроннай беларускамоўнай бібліятэкі "Камунікат".

Амаль рэгулярныя стасункі ўсталяваліся з адзелам для дзённага знаходжання пажылых людзей Нясвіжскага сацыяльнага цэнтра. Станіслава Вальчык праводзіць там сустрэчы рознай тэматыкі, найперш, "Сустрэчы з паэзіяй". Сябрамі ТБМ праведзена некалькі аўтобусных краязнаўчых экскурсій для знаёмства з невядомай Нясвіжчынай. Такі вопыт ёсць: яшчэ раней практыкавалі падобныя аўтобусныя экскурсіі для маладых людзей з Менска.

Яшчэ адзін аб'ект нашых кантактаў - гэта курсы "Мова нанова" ў Нясвіжы, якія запрацавалі нядаўна. Шчыра радуемся гэтаму новаму беларускамоўнапму асяродку, радуемся, што тут больш маладое пакаленне, падтрымліваем, гатовы спрыяць. Ды і ўжо гэта рабілі, у прыватнасці, Валер Дранчук, які падрыхтаваў тры тэматычныя сустрэчы для наведвальнікаў курсаў. Адна з іх прысвечана памяці нясвіжскага мастака Міхала Сеўрука.

ВЫДАВЕЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ, ШАНАВАННЕ МАЙСТРОЎ БЕЛАРУСКАГА СЛОВА, напаўзабытых імёнаў, асобаў, якіх незаслужана абышлі і абыходзяць увагай - важны накірунак нашых старанняў

Калектыўны зборнік "Нясвіжскі ўток-1" (2018 г.) сабраў творы розных літаратурных жанраў амаль 50 аўтараў.

У 2019 годзе распачата выданне электроннага часопіса "Нясвіжскія каеты". Гэта краязнаўчы, гістарычна-літаратурны квартальнік. Выйшлі першыя яго нумары. Рыхтуецца пяты. Радуе, што прадстаўлены ў ім краязнаўчыя, літаратурныя напрацоўкі, публіцыстычныя артыкулы нашых сяброў, дакументальныя пераклады з кнігі Вікторыі Жукевіч-Дзівоты "Даніна памяці". Прапанавалі свае гістарычныя даследаванні навуковыя супрацоўнікі музея-запаведніка "Нясвіж", а таксама Алесь Краўцэвіч старонкі з неапублікаванай кнігі. Імкнуўся надаць часопісу жывой нясвіжскай надзённасці, дыскусійнайсці па вострых пытаннях мовы, выхавання, захавання культурнай спадчыны Валер Дранчук.

Далучыліся мы да шматгадовага (амаль 2 дзесяцігоддзі доўжыцца) праекта журналіста, літаратара, выдаўца і эколага Валера Дранчука "Маляўнічая Бацькаўшчына." Тры апошнія календары - "Ідыліі", "Невядомая Нясвіжчына" і "Маляванкі" - гэта не толькі набытак стваральніка і аўтара каляндарнай серыі, але і наш тэбээмаўскі набытак, тым больш, што аўтар - актывіст ТБМ. Старонкі гэтых календароў насычаны беларускім водарам - наша мова, нашы падзеі і даты, святы і традыцыі , нашы людзі, наша зямля - лясы і кветкі - усё, што трэба ахоўваць і захоўваць, што абавязаны помніць, чым абавязаны ганарыцца, калі мы людзі, калі жыць тут наканавана нам лёсам і Богам.

Гэткія ж словы, амаль адзін ў адзін, датычаць і краязнаўчага сказа Станіслава Судніка "Пілігрымка дадому", заснаванага на нясвіжскім краязнаўчым матэрыяле. Наша грамада мае дачыненне да шырокай папулярызацыі твора. Падрыхтаваны па "Пілігрымцы" два краязнаўчыя выпускі "Хвілінак нясвіжазнаўства" на раённым радыё; праведзена паэтычная сустрэча ў сацыяльным цэнтры. Падчас экскурсіі ў Сейлавічы і Кунасу зноў жа вярталіся да гутаркі пра гэты твор; па сутнасці то і ехалі, каб пабачыць тое, аб чым прачыталі ў "Пілігрымцы." І непасрэдна ў Сейлаўскім касцёле з нагоды юбілею сп. Станіслава (мінулай восенню)разам з землякамі цёпла віталі і яго самога, і абмяркоўвалі ды цытавалі яго твор.

Яшчэ адно выданне справаздачнага перыяду - змагарная кніга Валера Дранчука "Гавязна". Гэта ўзор кнігі сябра ТБМ. Бо кніга распавядае пра шматгадовае змаганне за вяртанне на карту Беларусі і ў паўсядзённае жыццё землякоў аднаго толькі слова, адной назвы - Гавязна - надзвычай даўняй, адзінкавай у сваім родзе. Сустрэча зацікаўленай грамады з нагоды выдання кнігі была наладжана ў Вішнявецкай бібліятэцы (Гавязна - цяпер Вішнявец).

У асобе сябра ТБМ і сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Бруя гарманічна паядналіся абаронца роднай мовы, таленавіты пісьменнік і шчыры вернік. Пра выданне кніг сп. Уладзімір рупіцца сам, хоць нямнога ў нас такой краязнаўча-духоўнай, надзённа-рэлігійнай мастацкай літаратуры.

За справаздачны перыяд зладзілі літаратурна-асветніцкія імпрэзы з нагоды юбілеяў Паўлюка Пранузы, Уладзіслава Сыракомлі, Валянціны Аксак, а таксама ўшанавальную сустрэчу ў памяць паэта са стаўпецкага Вязаўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Івана Івашкі. Да таго ж усталявалі памятную шыльду "Іванаў парк. Явар і каліна" ля яго сядзібы, дзе паэт праз гады садзіў-падсаджваў розныя дрэўцы ды кусты каліны, шыпшыны, ядлоўцу.

Прадумана спланавалі святкаванне юбілею Жылкі. Абвясцілі гэты 2020 год Годам Жылкі. Ды яшчэ і ў папярэдні год было шмат зроблена - пасадка дубровы "Сто дубоў для Жылкі" на беразе Ушы, працоўная акцыя "Чысты чацвер у Макашах", выдадзены каляндар з прысвячэннем песняру красы і яго вершамі. А сёлета было ўрачыстае адкрыццё Каменя Жылкі непасрэдна ў дзень юбілею паэта. Ёсць упэўненасць, што з ініцыятывы сяброў арганізацыі з'явіцца ў Нясвіжы першая на Беларусі вуліца імя Уладзіміра Жылкі.

ПРАЕКТЫ СТАЛЫЯ - УДЗЕЛЬНІКІ НОВЫЯ

Заснавалі і маемся прадаўжаць сталыя праекты. Адзін з іх "Клумба памяці ад ТБМ". У рамках праекта добраўпарадкавалі магілу краязнаўцы Клаўдзіі Шышыгінай. Успаміналі добрым словам годную несвіжанку. Праз некаторы час былі дзве мініяцюрныя клумбачкі ля мемарыяла гарадзейскім яўрэям скульптара Леаніда Левіна. Нямнога патрацілі часу, каб пасадзіць каля камянёў чырвоныя кветачкі-кропелькі. Больш слухалі мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў Леаніда Качановіча і Аляксандра Абрамовіча.

Валянцін і Марыся Гладкія, Валер Дранчук ладзілі сваю клумбу, ля напаўразбуранага касцёла ў Навасёлках. Тут хутчэй ужо выхаваўчая акцыя, папрок людзям, грамадству: нельга бяздзейсна сузіраць руйнаванне храма, брыдка вымалёўваць свае плоцікі, выштукоўваць свае кветнічкі, калі поруч зарастае асотам святыня.

Праз 2 гады ладзілі сустрэчы памяці каля помніка спаленым Агароднікам. Жывуць яшчэ тыя, хто перажыў жудасную Купальскую ноч 1944 года. А працы рукам у садовых пальчатках тут заўсёды хопіць.

Другі сталы праект мае назву "Сустрэнемся каля Буднага". Праз тры гады 6 жніўня, у Дзень беларускага кнігадрукавання, ладзілі асветніцкія акцыі з выхаванцамі садка, з гасцямі горада, аматарамі прыгожага пісьменства. Кожны год да сяброў ТБМ далучаліся новыя ўдзельнікі.

ЗА МОВУ БЕЗ МЕЖАЎ

(імпрэзы па-за межамі раёна)

1. Прэзентацыя кнігі В. Дранчука "Гавязна " ў в. Вішнявец (Стаўпецкі р-н).

2. Сустрэча з паэзіяй "Тут Купальскае агніска палае" (памяці паэта Івана Івашкі) у в. Вязавец (Стаўпецкі р-н).

3. Краязнаўчая паездка суполак Новы Свержань і Карцэвічы ў в. Калодзезнае (Капыльскі р-н). Арг. - В. Холадава, Г. Ярашэвіч.

4. Прэзентацыя кнігі З. Кулік "Капыльская містэрыя" ў Капылі.

5. Іванаў парк "Явар і каліна" ў в. Вязавец (Стаўпецкі р-н).

6. Вечар беларускай паэзіі для супрацоўнікаў ААТ "Адкрыты кантакт" (г. Менск).

7. Прэзентацыя кнігі У. Бруя "Нябесны банк" (Польшча).

СУСТРЭЧЫ СУПОЛАК

Каб мацаваць стасункі, паразуменне і адзінадушша паміж сябрамі арганізацыі, праводзім сустрэчы суполак. Гэта самыя прыемныя моманты ў нашай рабоце. Нясвіжская суполка гасцявала ў Свержанскай. Валянціна Холадава (кіраўнік) прапанавала сябрам паездку да знакамітай "Прыстанькі", дзе адбыўся ў 1906 годзе нелегальны з'езд перадавых настаўнікаў Меншчыны. Сп. Валянціна бліскуча справілася з абавязкамі экскурсавода па мясцінах Коласа. Гасцявалі і свержанцы ў сяброў Карцэвіцкай суполкі. Іх чакала сустрэча са знакамітым паркам Альба ды прыемны час пад кронай дуба Якуба - зялёнага патрыярха нясвіжскай зямлі. Слухалі пошум мудрага дрэва, чыталі вершы, спявалі песні…

ПЕРСПЕКТЫВЫ РОСТУ

Па колькасным складзе на сёння нас 30. Колькаснае павелічэнне арганізацыі - пытанне. Чаму? 1. Вакол рускамоўнае насельніцтва. 2. Хто і ўсведамляе трагічны стан роднай мовы, то не бачыць паспяховай, станоўчай перспектывы і сэнсу ў нашай рабоце. Некаторыя яшчэ і не маюць грамадскага імпэту; патэнцыялу і вопыту грамадскай работы. Наша раённая арганізацыя не надта маладая. Старэйшыя людзі засталі яшчэ час па-сапраўднаму беларускамоўных школ, гадаваліся ў беларускамоўных сем'ях ці чулі беларускамоўных бабулю з дзедам. А што сённяшні 17-гадовы? Ён з калыскі ад бацькоў чуў толькі мову суседняга народа. Таму малады беларускамоўны чалавек - вялікая рэдкасць, але гэта прыкмета культуры, духоўнасці, патрыятызму (часам, канешне, і даніна модзе). Няма іх ў нашай арганізацыі. Усе ў БРСМ, а БРСМ гаворыць выключна на другой дзяржаўнай мове, не на мове свайго народа. Найбольшая перспектыва новых суполак - Вязавец.

Заява кіраўнікоў грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў Беларусі

У нашай краіне адбываюцца драматычныя, трагічныя падзеі, прычынай якіх паслужыла кампанія па выбарах Прэзідэнта. Шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства падчас агітацыйнай кампаніі і фальсіфікацыі пры падліку галасоў не дазваляюць лічыць, што гэтыя выбары адбыліся. Дзеянні сілавых структур пры задушэнні справядлівых пратэстаў мірных грамадзян па ўзроўні нялюдскасці і жорсткасці нагадваюць зверствы сталінскіх катаў у перыяд рэпрэсій 1930-х гадоў і фашысцкіх акупантаў у часы Другой сусветнай вайны.

Афіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі развязана кампанія істэрыі, нагнятання чутак пра пагрозы звонку і захоп краіны, шальмавання тых, хто настойвае на выкананні ўладамі закона і справядлівасці, выступае за еднасць нацыі. Як і ў сталінскія часы, простых людзей спрабуюць увесці ў зман, прыпісваючы лідарам пратэсту злачынствы, якія яны не здзяйснялі. Удзельнікі мірных і законных пратэстаў падвяргаюцца ціску на працы і судовым пераследам. Для арганізацыі акцый у апраўданне сфальсіфікаваных вынікаў выбараў выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс і бюджэтныя сродкі.

Галоўная адказнасць за маштабны крызіс, які разрастаецца ў Беларусі, ляжыць персанальна на Аляксандры Лукашэнку, які для захавання свайго становішча пайшоў не толькі на перавышэнне ўлады, але і ўзняў зброю на свой народ.

У мэтах стабілізацыі становішча ў краіне, аднаўлення законнасці і выканання народнага волевыяўлення, мы патрабуем ад дзяржаўных органаў:

Неадкладна выкарыстаць існы законны шлях выхаду з палітычнага крызісу, правесці паўторныя выбары ў вызначаны Канстытуцыяй тэрмін, з новым складам выбарчых камісій усіх узроўняў, сфармаваных па дэмакратычных прынцыпах;

Неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных і ўсіх затрыманых падчас акцый пратэсту, спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, не перашкаджаць ім свабодна збірацца і выказваць сваё меркаванне;

Спыніць пераслед чальцоў Каардынацыйнай рады і стварыць умовы для агульнанацыянальнага дыялогу пад эгідай АБСЕ;

Пачаць расследванне фактаў парушэння выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і фактаў масавага гвалту і забойстваў грамадзян падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў;

Прадаставіць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі свабодную трыбуну для прадстаўнікоў усіх пунктаў гледжання, арганізаваць дыскусію аб становішчы ў краіне з удзелам прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў;

Правесці круглы стол аб сітуацыі ў Беларусі і шляхах выхаду з крызісу з удзелам прадстаўнікоў уладных структур і грамадскасці, у тым ліку Каардынацыйнай рады.

Мы падпісваем гэтую заяву індывідуальна, бо лічым, што ў такой сітуацыі кожны павінен выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. У бліжэйшы час мы маем намер звярнуцца да сяброў нашых арганізацый з прапановай яе падтрымаць.

Заклікаем кіраўнікоў усіх іншых грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў далучыцца да гэтай заявы. Жадаючых далучыцца просім паведамляць на адрас: kruhlystol@gmail.com

Алена Анісім, старшыня Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы";

Ігар Агурцоў, каардынатар прававой ініцыятывы "Вяршынства закону";

Васіль Астроўскі, старшыня Менскай абласной грамадскай арганізацыі "Таварыства абароны спажыўцоў";

Таццяна Бярнацкая, кіраўнік Цэнтру дасуга дарослых і дзяцей "Эка Жыццё";

Алег Волчак, старшыня ПЦ "Прававая дапамога насельніцтву";

Яніна Ганчарова, старшыня Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі "Палата моды";

Таццяна Зялко, старшыня Беларускага рэспубліканскага Саюза пенсіянераў "Нашае пакаленне";

Сяргей Драздоўскі, старшыня Грамадскай арганізацыі "Офіс па правах людзей з інваліднасцю";

Уладзімір Колас, старшыня Грамадзянскай ініцыятывы "Рада беларускай інтэлігенцыі";

Алесь Лозка, старшыня Грамадскай арганізацыі "Таварыства беларускай школы";

Алена Макоўская, кіраўнік Задзіночання беларусаў свету "Бацькаўшчына";

Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі неўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі;

Сяргей Міхаленка, старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў;

Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага хельсінскага камітэту;

Барыс Пятровіч (Сачанка), Старшыня рады Грамадскай арганізацыі "Саюз беларускіх пісьменнікаў";

Юрась Піскун, старшыня суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў;

Ігар Раханскі, сябар рады Грамадскага аб'яднання "Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і гістарычных мясцінах "IKAMOC";

Таццяна Сініца, заснавальніца Iнфармацыйнай сацыяльна-дабрачыннай установы дапамогi дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і членам іх сем'яў "ФрыМОВА";

Тадэуш Стружэцкі, старшыня Грамадскай арганізацыі "Беларускі фонд культуры";

Дзмітры Сурскі, старшыня Грамадскай арганізацыі "Беларускі саюз дызайнераў";

Ніна Шыдлоўская, старшыня рады Грамадскай арганізацыі "Задзіночанне беларусаў свету "Бацькаўшчына";

Генадзь Фядыніч, кіраўнік Рэспубліканскага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці;

Таццяна Яворская, старшыня Асветніцка-сацыяльнага грамадскага аб'яднання "Звяно";

Святлана Алексіевіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра;

Таццяна Нядбай, намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра;

Уладзімір Арлоў, сябра Рады Беларускага ПЭН-цэнтра;

Марыя Мартысевіч, сябра Рады Беларускага ПЭН-цэнтра;

Сяргей Дубавец, сябра Рады Беларускага ПЭН-цэнтра;

Андрэй Хадановіч, сябра Рады Беларускага ПЭН-цэнтра.

Заява прынята на паседжанні Аргкамітэта Усебеларускага круглага стала 27.08.2020 г.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Уяўляе цікавасць размеркаванне публікацый, што тычацца нацыяльнай праблематыкі, па тэмах і вызначэнне іх значнасці ў гэтых публікацый па гадах, што можа сведчыць аб рэальнай дынаміцы розных фактараў, якія ўплываюць на нацыянальную свядомасць студэнтаў. Так, больш за палову (55,6%) публікацый па дадзенай праблеме, што з'явіліся ў 1990 годзе, прысвечана тэме нацыянальнай традыцыйнай і прафесійнай культуры. Публікацыі змяшчалі ў сабе паведамленні, рэпартажы, інтэрв'ю аб падзеях, звязаных з адраджэннем нацыянальнай абрадавасці, святаў, рамёстваў і з новымі творчымі з'явамі ў сферы прафесійнай культуры (выяўленчае мастацтва, музыка, літаратура). Цікава, што ўжо ў наступным годзе аб'ём матэрыялаў па гэтай тэматыцы змяншаецца да 9,1%, а ў далейшым (1992-1993 гг.) не перавышае 30% ад усяго нацыянальна арыентаванага друкаванага матэрыялу. Падобную тэндэнцыю да змяншэння цікавасці падае і вывучэнне матэрыялаў па гістарычнай тэматыцы (асвятленне падзеяў беларускай гісторыі, інфармацыя аб пэўных гістарычных святах і юбілеях ацэнкі сучаснага стану гістарычнай навукі ў БДУ і ў краіне наогул: аб'ём публікацый змяншаецца да 22,2% у 1990 г., да 12,5% у 1993 г. У той жа час можна заўважыць істотнае павышэнне цікавасці газеты да праблемаў, звязаных з станаўленнем нацыянальнай сістэмы адукацыі і дзейнасцю грамадска-палітычных арганізацый і рухаў, арыентаванай на нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва краіны. Так, публікацыі, што тычацца пытанняў рэформы адукацыі, складаюць у 1993 г. 43,8% усіх даследаваных матэрыялаў за гэты год (у 1990 г. - толькі 16,7%), а аб'ём публікацый пра дзейнасць патрыятычных арганізацый узрастае ад 5,6% у 1990 г. да 12,55% у 1993 г. Вызначаныя тэндэнцыі падаюцца нам невыпадковымі, указваюць на пэўныя зрухі ў грамадскай свядомасці, зафіксаваныя газетай. Падставаю для гэтых зрухаў сталі сацыяльна-палітычныя падзеі, што адбываліся ў Рэспубліцы Беларусь на працягу 1991-1993 гг. Перш за ўсё, гэта абвяшчэнне краінаю дзяржаўнай незалежнасці і станаўленне разнастайных інстытутаў суверэнітэту: дзяржаўнай улады, палітычнай сістэмы ў цэлым, грамадзянскіх структураў і г.д. Адным з такіх інстытутаў з'яўляецца нацыянальная сістэма адукацыі, утварэнне і пабудова якой сталі магчымымі толькі ў незалежнай дзяржаве. Невыпадкова, што актуальныя праблемы рэфармавання гэтай сістэмы падаюцца сёння ўдзельнікам адукацыйных працэсаў (студэнтам, выкладчыкам, адміністрацыі) найбольш значнымі. Пытанні ж далучэння да нацыянальнай культуры і гістарычных ведаў становяцца, улічваючы гэта, унутранымі змястоўнымі накірункамі адукацыйных праграм. Узвышэнне цікавасці ўніверсітэцкіх аўтараў да праблемаў патрыятычнага выхавання, палітычнага выбару студэнцтва тлумачыцца найперш рэальнай палітызацыяй універсітэцкага жыцця.

Арыентацыя аўтараў газетных матэрыялаў на больш істотнае асвятленне ўнутрыўніверсітэцкага жыцця пацвярджаецца лічбова: колькасць матэрыялаў, прысвечаных падзеям нацыянальна-культурнага працэсу ў межах БДУ, павышаецца ад 22,2% у даследаваных выданнях 1990 г. да 31,3% у 1993 г. У той жа час цікавасць да агульнанацыяльнай праблематыкі некалькі зніжаецца, складаючы 18,8% аб'ёму публікацый за 1993 г. Каля чвэрці публікацый за 1990, 1992 і 1993 гг. маюць сваім аб'ектам асобу або калектыў асобаў, занятых у нацыянальна-культурнай вытворчасці, што можа сведчыць аб даволі высокай ацэнцы індывідуальных магчымасцяў стварэння культурных каштоўнасцяў, якая склалася ў грамадскай свядомасці. Варта вызначыць больш дакладна, хто на думку аўтараў публікацый, найбольш адпавядае грамадскаму статусу носьбіта нацыянальнай самасвядомасці. У выпадку нашага гэта асоба, якая найбольш часта выступае ў якасці суб'екта публікацый: героя рэпартажу, суразмоўцы ў інтэрв'ю, дзейнай ў асобы ў замалёўцы.

Найбольш папулярнай фігурай нацыянальна-культурнага працэсу, як вынікае з матэрыялаў газеты, з'яўляецца прафесійны дзеяч, літаратар, артыст, мастак, музыкант. Публікацыі менавіта аб іх каля 20% ад матэрыялаў за 1990-1993 гг. (у 1993 г. - 31,3%). Можна меркаваць, што на такое ўспрыняцце постаці нацыянальна актыўнай асобы паўплывалі традыцыйныя свядомасныя стэарэатыпы, што фарміраваліся на працягу многіх дзесяткаў гадоў і падавалі грамадству ў якасці агульнапрынятага вобраза носьбіта беларускасці выключна пісьменніка ці мастака. Аднак, трэба заўважыць, што станаўленне суверэнітэту і паўнавартаснай палітычнай сістэмы Беларусі істотным чынам уплываюць на зрухі ў грамадскіх стэрэатыпах. Так, у 1992 г. матэрыялы газеты "Беларускі ўніверсітэт" былі прысвечаныя, перш за ўсё, кіраўнікам дзяржавы (19,1%) і выкладчыкам універсітэта (14,3%), што гаворыць аб разуменні палітычнай і прафесійнай ролі гэтых сацыяльных фігур у нацыяальным працэсе. На жаль, аўтары публікацый вельмі нячаста звяртаюцца ў сваіх матэрыялах да праблемы студэнта як нацыянальна свядомай асобы і вытворцы культурных каштоўнасцей: у якасці суб'ектаў яны выступаюць не больш як у 16,7% матэрыялаў (1990 г.), і гэтая лічба зніжаецца да 0% у 1993 г.

Цікава падаецца ацэнка размеркавання статусных характарыстык аўтарства ў газеце. Нягледзячы на тое, што каля 40% усіх публікацый належыць прафесійным журналістам, размеркаванне іх па гадах выдання неаднолькавае. Так, у 1991 годзе журналістам газеты належыць толькі 27,3% матэрыялаў, што непасрэдна звязана з аўтарскай актыўнасцю студэнтаў і выкладчыкаў БДУ. Можна сказаць, што 1991 год быў своеасаблівым "пікам" гэтай актыўнасці, якая з'яўляецца дэманстрацыяй актыўнасці сацыяльна-палітычнай: у гэтым годзе 22,7% публікацый належыць студэнтам БДУ, 33,3% - выкладчыкам (кіраўнікі адукацыйных структур універсітэта таксама выяўляюць сваю актыўнасць - 9,1% публікацый у параўнанні з 0% у 1990 г.). Аднак у 1991 г. зацікаўленасць у выказванні свайго меркавання па нацыянальна-культурных пытаннях даволі рэзка зніжаецца: у студэнтаў - да 12,5% у 1993 г. (гэта ўзровень 1990 г.), у выкладчыкаў - да 0% у 1993 г. Можна меркаваць, што азначная тэндэнцыя звязана з агульнасацыяльным крызісам палітычнага дзеяння і ў сувязі з пагаршэннем эканамічнага становішча ў краіне, фіксуе зніжэнне значымасці ў грамадскай свядомасці фактараў нацыянальна-культурнага развіцця грамадства.

Трэба зазначыць, што большасць аналізаваных матэрыялаў не змяшчае думкі аўтара ў адназначна ацэньванай форме і носіць, такім чынам інфарматыўна-паведамляльны характар. Цікава, што найбольш крытычны накірунак, у дачыненні да працэсаў станаўлення нацыянальна паўнавартаснай грамадскай свядомасці, маюць матэрыялы, што з'явіліся ў 1991 годзе (31,8% ад аб'ёму публікацый гэтага года), а тэндэнцыя да пазітыўнай ацэнкі тых ці іншых нацыянальных здабыткаў або новых стратэгіяў развіцця грамадства вызначаецца ў наступным годзе (38,1% матэрыялаў прапагандысцкага характару).

Даволі істотны аспект у дынаміцы нацыянальнай самасвядомасці грамадста можа выявіць рэальнае размеркаванне сацыяльных пазіцый у дачыненні да праграмы беларусізацыі: гэта можа быць чынны і пастаянны ўдзел у яе ажыццяўленні або проста грамадзянская лаяльнасць у адносінах да яе, пазітыўная крытыка розных напрамкаў ці адназначна негатыўная рэакцыя. Матэрыялы аналізу паказваюць, што пазіцыя актыўнага ўдзелу ў беларусізацыйных працэсах пераважае сярод выкладчыкаў і студэнтаў іншыя ва ўсіх гадах выдання газеты (27,8% у 1990 г., 37,5% у 1993 г.). Аднак, разам з з тым з цягам часу нарастае і крытычная ацэнка праблемаў і перспектыў рэалізацыі праграмы (5,6% у 1990 г. - 18,8% у 1993 г.), а адназначна станоўчае прыняцце змяншаецца (16,7% у 1990 г. - 6,3% у 1993 г.). Значная колькасць удзельнікаў працэсу адукацыі яшчэ не здольныя вызначыць сваю пазіцыю ў дачыненні да задачаў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва (каля 30%).

Прадаецца Радзіма

(усё як па легендзе)

Прадаецца Радзіма... Яна прадаецца з беднай сваёй зямлёю, са старажытнымі пушчамі, з блакітнымі азёрамі і рэкамі, з квітнеючымі лугамі, з небам і вадою, з замкамі і сялянскімі хатамі, з гарадскімі камяніцамі, з гісторыяй народа, з яго сучасным і будучым, з яго воляй і свабодай, з незалежнасцю і суверынітэтам.

Прадаецца Радзіма... Яна прадаецца цалкам і па частках. За грошы і напавер. Даражэй прадаецца права на ўладу, танней - вера і надзея, воля і свабода... I зусім танна - чыстая, як дзіцячая сляза, як золата, беларуская мова...

Стала зусім кепска. Паміраюць фабрыкі і заводы, вёскі і мястэчкі. Мялеюць і знікаюць рэкі і азёры.

I горш за ўсё - людзі жывуць у страху. Страх паралізаваў волю і свабоду. Людзі баяцца нават слова сказаць...

Наш край - куток нематы?

Не даруюць нам продкі, як мова наша знікне. Зберагчы мову родную - наш абавязак. Абавязак нашага пакалення, пакалення, што жыве ў сённяшні цяжкі і складаны час для роднай мовы, для беларускай нацыі.

Жыццё выпрабоўвала наш народ доўгімі стагоддзямі на цяжкіх шляхах беларускай гісторыі. I нашы продкі знайшлі сілу і моц, каб зберагчы сваю мову і перадаць нам.

Дык няўжо ж мы станем тым пакаленнем, пры якім наша мова знікне. А разам з ёю знікне і беларускі народ, нацыя? Няўжо ж наша пакаленне стане забойцамі і мовы, і народа?

Я гэтага не хачу. Спадзяюся, што гэтага не хочаце і вы. Таму і раблю ўсё, каб мова родная жыла, каб жыў беларускі народ.

Канец XX стагоддзя паклаў пачатак нацыянальнаму аняменню, слепаце і глухаце. На беларускай зямлі, у незалежнай дзяржаве запанавала руская мова, мова суседняй дзяржавы. З нашай мовы сёння здзекуюцца ўсе і ўсюды: у чыноўніцкім апараце, у адукацыі і культуры, ахове здароўя і сілавых структурах, сельскай і лясной гаспадарках, у прамысловасці і транспарце... I на ўсіх узроўнях: ад Прэзідэнта да самага маленькага чыноўніка, на радыё і тэлебачанні, у друкаваных СМІ. Заўважце! Калі ў сілавых структурах: войску, міліцыі, КДБ, пракуратуры і г.д. ёсць на эмблемах беларускія назвы, то ў доблесных ратавальнікаў на ўсю спіну "красуецца" - МЧС. Хіба ж гэта не здзек над нацыяй?

У сельскай і лясной гаспадарках не знойдзеце ніводнай шыльды па-беларуску. Народзец (па-прэзідэнту) анямеў.

Без роднай мовы ўсе мы - толькі жыхары

Пра драматычны лёс беларускай мовы столькі пісана-перапісана, гаворана-перагаворана, казана і пераказана, што, здаецца, павінна дайсці ўсім да розуму. Але ж на дзяржаўным узроўні ўсё робіцца для таго, каб знішчыць мову беларусаў. З гібеллю мовы - гіне народ. А няма мовы - няма народа. А калі верыць Аляксандру Лукашэнка, то ў нас ужо ёсць толькі "народзец". Ды і той падзелены на "чэсных" і "нячэсных", "свядомых" і "несвядомых'', "правільных" і "няправільных"...

Канец мінулага стагоддзя адзначыўся тым, што быў прыняты Закон аб мове, дзе беларуская мова займела статус адзінай дзяржаўнай мовы. Па-беларуску загаварылі ў вышэйшых эшалонах улады. Мова запанавала ў школах і дашкольных дзіцячых установах, мова вярнулася ў культуру і ВНУ. Беларусь станавілася беларускай. Усё ішло добра. Але па ініцыятыве прэзідэнта быў праведзены сумнавядомы майскі рэферэндум 1995 года. I гэтым самым кіраўнік дзяржавы занёс над мовай Купалы і Коласа, Багдановіча і Гарэцкага, Танка і Куляшова, Мележа і Караткевіча, Брыля і Быкава, Панчанкі і Броўкі сякеру знішчэння беларускай мовы. У выніку беларускую мову выкінулі са школы. Пачалася эпоха нацыянальнага анямення.

Толькі з роднай мовай мы будзем народам

У падмацаванне гэтай думкі варта прывесці словы расійскага філосафа І. Ільіна: "Ёсць закон годнасці, прыроды і культуры, у адпаведнасці з якім усё вартае можа быць сказана чалавекам альбо народам толькі па-свойму і ўсё геніяльнае нараджаецца менавіта ў рэчышчы нацыянальнага вопыту, духу, і стану рэчаў"... Адсюль вынікае: "Толькі з мовай роднай мы будзем звацца народам, мы будзем жыць як нацыя".

Нацыянальная сімволіка выкарыстоўваецца ў найбольш урачыстыя і святочныя моманты

Беларускае грамадства сталее і структурызуецца на вачах. Людзі патрабуюць праўды і магчымасці рэальна ўплываць на жыццё сваёй краіны. Людзі збіраюцца на мітынгі і шэсці, выстройваюць ланцугі свабоды і робяць гэта не па загадзе ўладаў, не ў адказ на заклік нейкіх партый ці лідараў, а паводле ўласнага жадання. У выніку на вуліцах з'яўляецца Народ, Нацыя.

Кожны народ мае свае гістарычныя сімвалы, якія звычайна называюць нацыянальнымі. Нацыянальная сімволіка прысутнічае ў штодзённым жыцці людзей, найперш у вопратцы. Яна выкарыстоўваецца людзьмі як у найбольш урачыстыя і святочныя моманты, так і ў час, калі само жыццё патрабуе згуртаванасці нацыі, найперш у пераломныя моманты змагання за незалежнасць сваёй дзяржавы.

Так было ў 1917-1918 гады, калі ўзнікла першая беларуская нацыянальная дзяржава - Беларуская Народная Рэспубліка, дзяржаўным сімвалам якой стаў бела-чырвона-белы сцяг. Сцяг, які адразу быў прыняты народам і амаль усімі палітычнымі партыямі.

Так было ў 1990-1991 гады, калі ўтварылася суверэнная Рэспубліка Беларусь і яе сімваламі сталі герб "Пагоня" і бела-чырвона-белы сцяг. 19 верасня 1991 года Вярхоўным Саветам былі прыняты законы "Аб назве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўнясенні зменаў у Дэкларацыю Вярхоўнага Савета Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Канстытуцыю (Асноўны Закон) Беларускай ССР", "Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь" і "Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь". За гэтыя законы прагаласавала большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі.

Так адбываецца і цяпер, калі народ Беларусі змагаецца за правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў, за захаванне правоў і свабод чалавека, за незалежнасць краіны. Аб'яднаўчым сімвалам ізноў стаў нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг. Паказальна, што яго вынеслі на вуліцы не палітыкі, а Народ, які стаў галоўным палітыкам.

Бела-чырвона-белы сцяг як сімвал Беларусі жыве ў душах людскіх, у чалавечай свядомасці, гэта нашыя беларускія колеры. Колькасць сцягоў на вуліцах проста ўражвае, выклікае пачуццё гонару.

Я - гісторык і дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, таго Вярхоўнага Савета, які прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР і вышэйзгаданыя законы ад 19 верасня 1991 года аб назве краіны і дзяржаўнай сімволіцы. Не сакрэт, што Вярхоўны Савет ХІІ склікання быў палітычна разнаполюсным і пераважала ў ім камуністычная большасць, сімваламі якой былі чырвоны сцяг і серп з молатам. Не сакрэт і тое, што пра нацыянальную сімволіку ў пачатку 1990-х гадоў мала хто ўвогуле ведаў. Рэпрэсіі савецкай улады супраць іншадумцаў, замоўчванне нацыянальнай гісторыі зрабілі сваю справу. Але, як аказалася, сцяг жыў і ў сэрцах, і ў свядомасці беларусаў.

Інакш было ў парламенце. Дэпутатам трэба было навуковае сведчанне, што гэта наш, беларускі нацыянальны сімвал. І такое сведчанне зрабіў Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР на пашыраным пасяджэнні Вучонага савета 12 верасня 1991 года. На ім прысутнічалі члены Вучонага савета, выбітныя беларускія гісторыкі: дактары і кандыдаты гістарычных навук М.П. Касцюк, М.В. Біч, М.К. Кошалеў, У.А. Палуян, Г.В. Штыхаў, Г.Я. Галенчанка, І.Я. Марчанка, П.Ф. Лысенка, А.М. Сарокін, В.І. Шадыра, М.М. Чарняўскі, В.С. Вяргей, Л.М. Лыч, А.М. Літвін, П.К. Бажко, Г.Г. Сяргеева, У.І. Вышынскі, П.А. Лойка, Г.Д. Кнацько і супрацоўнікі Інстытута - усяго 47 чалавек. Парадак дня, як адзначана ў Пратаколе №10 пасяджэння Вучонага савета Інстытута гісторыі, наступная: "Аб назве, Дзяржаўным гербе, Дзяржаўным сцягу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі".

Вучонымі таксама была падрыхтавана гістарычная даведка аб Дзяржаўным гербе і Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь, якая разам з Пастановай Вучонага савета Інстытута гісторыі была перададзена ў Вярхоўны Савет БССР і раздадзена дэпутатам перад галасаваннем.

Вось за што прагаласавалі вучоныя Інстытута гісторыі 12 верасня 1991 года:

"Зыходзячы з таго, што герб "Пагоня" мае шматвяковую гісторыю і адлюстроўвае сумесную гераічную барацьбу беларускага і літоўскага народаў за сваю незалежнасць;

- што ён у канцы XIV стагоддзя стаў сімвалам іх дзяржаўнага саюза ў форме Вялікага Княства Літоўскага;

- што ў слаўнай бітве пад Грунвальдам у 1410 годзе, якая паклала канец нямецкай агрэсіі на ўсход, беларускія палкі выступалі з "Пагоняй" на баявых сцягах;

- што ў XV-XVI стагоддзях выява "Пагоні" была на харугвах Берасцейскага, Віцебскага, Полацкага, Мсціслаўскага, Менскага, Віленскага, Наваградскага ваяводстваў і шэрагу паветаў Беларусі;

- што ў гербе "Пагоня" адлюстраваны нацыянальныя колеры беларускага народа - белы і чырвоны;

- што герб "Пагоня" і геральдычна звязаны з ім бел-чырвона-белы сцяг у 1918 годзе зацверджаны Сакратарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасці дзяржаўных сімвалаў Беларусі;

- што герб і сцяг БССР, зацверджаныя ў 1951 годзе, не адлюстроўваюць шматвяковую гераічную гісторыю і нацыянальныя колеры беларускага народа і сталі сімваламі адміністрацыйнага рэжыму;

- што пад сімваламі "Пагоня" і бел-чырвона-белым сцягам развіваўся і развіваецца беларускі адраджэнцкі рух,

Вучоны савет Інстытута гісторыі АН БССР прапануе:

1. Зацвердзіць у якасці Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь герб з выявай "Пагоні" і бел-чырвона-белы сцяг.

2. Лічыць мэтазгодным надаць суверэннай Беларускай дзяржаве назву: "Рэспубліка Беларусь".

3. Вырашэнне пытання аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь даручыць кампетэнтнай камісіі.

4. Сталіцы Рэспублікі Беларусь вярнуць старажытную назву - горад Менск.

Старшыня Вучонага савета М.П. Касцюк.

Вучоны сакратар савета М.К. Кошалеў."

Гэтае навукова абгрунтаванае заключэнне беларускіх гісторыкаў стала важкім аргументам для Вярхоўнага Савета падчас галасавання за новую назву дзяржавы і яе сімвалы.

Сімвалы аб'ядноўваюць, напаўняюць дзеянні сэнсам. Гісторыя дае шмат прыкладаў, калі падчас сацыяльна-палітычнага процістаяння апаненты імкнуцца знішчыць ці прынізіць сімвалы, якія яднаюць людзей - што б гэта ні было: чалавек, сцяг альбо белая ці чырвоная стужачка. Таму не дзіўна, што і ў Беларусі распачаліся спробы чарговай дыскрэдытацыі нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга. Хачу прыгадаць, што такое ўжо было падчас агоніі камуністычнага рэжыму, але ў выніку бела-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным. Менавіта пад гэтым сцягам прайшлі першыя гады станаўлення суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Валянцін Голубеў, доктар гістарычных навук, прафесар, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання.

Станіслаў Шушкевіч растлумачыў сваю ідэю пазбавіць рускую мову статусу дзяржаўнай у Беларусі

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіславаў Шушкевіч распавёў "Газеце.Ru", што заўсёды выступаў за тое, каб статус дзяржаўнай мовы ў краіне быў толькі ў беларускай. Пры гэтым, па яго словах, змена статусу рускай мовы не азначала б забароны на яе выкарыстанне ў дакументах ці для зносін.

- Я ніколі не прытрымліваўся іншага пункту гледжання. Руская мова можа ўжывацца і для дакументаў, і для зносін, і для ўсяго, але дзяржаўнай павінна быць беларуская мова. І абумоўлена гэта тым, што ў нас на працягу многіх гадоў адбываецца гвалтоўная русіфікацыя, праз такіх вернападданых асобаў, як, дапусцім, Лукашэнка. Гэта яшчэ абумоўлена тым, што Беларусь - еўрапейская краіна, а ў Еўропе толькі ў Швейцарыі, у сілу адмысловага яе становішча, ёсць увогуле некалькі моў. Усюды адна мова, няма другой, - сказаў Шушкевіч.

Экс-кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі лічыць, што цяпер "фактычна пазбаўлена статусу дзяржаўнай" менавіта беларуская мова.

- Няма большасці дакументаў на беларускай мове. І дзяржава не праводзіць такую палітыку, каб адрадзіць гэтую мову. У нас увесь час была гвалтоўная русіфікацыя. У чатыры разы канцэнтрацыя вайсковых пенсіянераў была ў нас большая, чым у сярэднім па Саюзе. Таму што ім тут падабалася. І яны лічылі гэта, увогуле, рускамоўным краем. Звярнулі на гэта ўвагу толькі беларускія патрыёты. Яны сказалі: "Давайце аднаўляць справядлівасць. Мы на 50 гадоў раней надрукавалі кнігу, чым рускія. Чаму мы павінны зневажаць нашу родную беларускую мову?". І гэта не значыць, што ў нас ёсць якія-небудзь супярэчнасці з расейцамі, з рускімі. Калі ласка, гаварыце тут па-руску, - заявіў палітык.

Шушкевіч таксама нагадаў, што ў Беларускай ССР былі чатыры дзяржаўных мовы - руская, беларуская, польская і ідыш да 1934 года, калі фактычна дзяржаўнай мовай засталася толькі беларуская.

- Але яна вельмі хутка была выжыта стараннямі маскоўскіх стаўленікаў, - завяршыў Станіслаў Шушкевіч.

Крыніца: РІА "Навіны".

Кіраўнік МЗС Германіі пра сітуацыю ў Беларусі

Навіны Германіі

Міністр замежных спраў Хайка Маас 26 жніўня выступіў з заявай у сувязі з цяперашнімі падзеямі ў Беларусі.

- Ва ўмовах штодзённага ўзмацнення рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў кіраўніцтва Менска становіцца ўсё больш маргінальным. Гэтыя смелыя грамадзяне выходзяць на вуліцы сваёй краіны супраць фальсіфікацыі выбараў і за сваё права на свабоду і дэмакратычны ўдзел. Яны просяць не больш, але і не менш, чым адкрыты дыялог са сваім урадам, - адзначыў Маас.

Як падкрэсліў кіраўнік МЗС ФРГ, зусім недапушчальна, каб члены Каардынацыйнай рады зведвалі арышты, допыты і запалохванні.

- Каардынацыйная рада неаднаразова заяўляла пра сваю мэту - працаваць у кірунку мірнага ўрэгулявання цяперашняга крызісу на аснове дзейнай Канстытуцыі з улікам інтарэсаў грамадзянскай супольнасці і цесных адносін паміж Беларуссю і Расеяй, - падкрэсліў кіраўнік нямецкай дыпламатыі.

- Спадар Лукашэнка не зможа пазбегнуць прызнання рэальнасці на вуліцах сваёй краіны і ў свядомасці сваіх суграмадзян, - дапоўніў ён.

- На працягу наступных некалькіх дзён на сустрэчы міністраў замежных спраў Еўразвяза ў Берліне будзем абмяркоўваць, як ЕЗ адрэагуе на сітуацыю ў Беларусі. Мы не пакінем без адказу сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і фундаментальных дэмакратычных прынцыпаў, - падкрэсліў міністр замежных спраў Германіі.

belapan.by.

Памятны дзень 25 жніўня ў Менску

25 жніўня ў 29-тую гадавіну прыняцця Канстытуцыйнага закона аб Незалежнасці нашай краіны тысячы людзей сабраліся ля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці. Да грамады звярнуліся дэпутаты Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Антончык, Лявонці Зданевіч. Яны распавялі пра гістарычны дзень 25 жніўня 1991 года.

З 24 па 25 жніўня 1991 года адбывалася пятая нечарговая сесія Вярхоўнага Савета Беларусі XII cклікання, якая атрымала назву "Сесія незалежнасці". Менавіта падчас гэтай сесіі беларускі парламент прыняў шэраг найважнейшых для краіны рашэнняў, якія засведчылі тое, што Беларусь стала незалежнай.

Станаўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь адбывалася паступова. З гэтым працэсам звязаны цэлы шэраг пераломных дат. Нягледзячы на тое, што Савецкі Саюз быў ліквідаваны толькі 8 снежня 1991 года, а суверэнітэт Беларусь абвясціла яшчэ 27 ліпеня 1990-га, менавіта з 25 жніўня 1991 года беларусы ўзялі лёс сваёй краіны ва ўласныя рукі.

Яшчэ 27 ліпеня 1990 года - падчас знакамітага параду суверэнітэтаў савецкіх рэспублік - Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў Дэкларацыю "Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". Але, нягледзячы на тое, што дэкларацыя аб'яўляла нашу краіну суверэннай дзяржавай, на самой справе гэты дакумент не меў рэальнага юрыдычнага значэння і ў параўнанні з іншымі прававымі актамі насіў рэкамендацыйны характар.

У Беларусі працягвалі дзейнічаць старыя савецкія законы, якія нярэдка супярэчылі Дэкларацыі. І толькі пасля правалу жнівеньскага путчу ГКЧП, які спрабаваў спыніць працэсы дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі ў СССР, нашай краіне ўдалося выйсці на новы, незалежніцкі этап пабудовы сваёй дзяржаўнасці.

На нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета, якая была склікана ў хуткім часе пасля паражэння жнівеньскага путчу, у 20 гадзін 12 хвілін 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. За гэта прагаласавала 256 дэпутатаў дзеючага тады Парламента, супраць - 0, устрымалася - 0, не галасавала 9 народных выбраннікаў. У выніку гэтага Дэкларацыя станавілася рэальна дзейным законам, па сваёй юрыдычнай сіле нават вышэйшым за старую савецкую канстытуцыю. У дапаўненне да гэтага рашэння быў прыняты яшчэ цэлы шэраг законаў і пастаноў, які забяспечылі Беларусі палітычную і эканамічную самастойнасць.

Выступаючы перад грамадой, дэпутаты Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі і Сяргей Антончык выказалі ўпэўненасць, што цяпер, аб'яднаўшыся з прадстаўнікамі маладога пакалення ўдасцца дасягнуць перамогі, адстаяць свабодны выбар грамадзян і незалежнасць краіны. У памятны дзень на плошчы прамаўлялі таксама працоўныя МТЗ.

Са спевамі выступілі Андрусь Такінданг, Таццяна Матафонава, Сяргей Башлыкевіч і іншыя. Сотні ліхтарыкаў асвяцілі плошчу.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Васіль Сухамлінскі: стварэнне чалавека

(Да 50-й гадавіны памяці пра Настаўніка)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Я да гэтага часу, сябры, не ведаю, што гэта - аповед ці… Гэта наша крывавае жыццё.

У мяне адзін хлопчык з сёмага класа, апісваючы сваё ўспрыняцце гэтага выпадку, напісаў сачыненне пра паштальёна. Адзінае такое бачанне на паўтары сотні дзяцей. Ён пісаў аб тым, як цяжка было старому паштальёну разносіць такія паведамленні. Як чакалі яго людзі і як баяліся. І ён, паштальён, гэта ведаў. Якім лёгкім крокам падыходзіў ён да той хаты ці той зямлянкі, куды нёс ліст іншага колеру. Хлопчык піша, што будзь яму гадоў на сорак менш, ён сам, хутчэй, пайшоў бы ваяваць. А зараз, магчыма, сярод сініх трохкутнікаў ён знойдзе паведамленне і пра свайго сына ці ўнука. "Я не хачу сказаць, - піша хлопчык, - што паштальён здзяйсняў подзвіг. Ён выконваў звычайную працу, якую нехта павінен рабіць. І, магчыма, сваім маўчаннем ён дапамагаў перажываць гора людзям". "Мне здаецца, - піша далей хлопчык, - што дзеці ў той час станавіліся дарослымі раней, чым мы".

Гэта падказаў яму Сухамлінскі.

Усе яго старонкі даюць багатае на эмоцыі сілкаванне розуму, свядомасці школьніка. І выкарыстаныя ў комплексе (я хачу гэта асобна падкрэсліць: выкарыстаныя ў комплексе) даюць цудоўны матэрыял для размоваў у сям'і, размоваў, ад якіх выйграюць усе, калі школа і сям'я працуюць у адным кірунку.

Вядома, што дырэктар Сухамлінскі наведваў цэлыя сістэмы ўрокаў сваіх настаўнікаў, да чатырохсот за год. І ў гутарках з настаўнікамі нярэдка прапаноўваў: "Прыходзьце да мяне на ўрок. Я пакажу, як гэта робіцца." Адна настаўніца нават крыўдзілася: "Васіль Аляксандравіч! Год заканчваецца, а вы ў мяне ні разу не былі на ўроку. Што, хіба ў мяне няма чаго глядзець?" А я ведаю школы, дзе настаўнікі радуюцца, калі да іх на ўрокі ніхто не ходзіць. Гэта непрафесійная радасць. Гэта той ціхі жах, які не дае настаўніку расці прафесійна. І ў многіх школах наведаць урок дырэктара цяжэй, чым выйграць у латарэю.

Дырэктар Сухамлінскі даў нам сумленнейшы прыклад прафесійнага падыходу да кіраўніцтва школай. Ён пакінуў сабе тыднёвую нагрузку ў чатыры гадзіны і клапаціўся галоўным чынам пра зацікаўленасць настаўніка (у тым ліку і матэрыяльную). Калі ў яго пыталіся: "Пра што вы думаеце, калі ідзеце да кагосьці на ўрок?", ён адказваў: "Я думаю аб тым, каб гэтаму настаўніку і заўтра спакойна працавалася". Ён ніколі не прыходзіў на ўрок так: адкрыў дзверы і моўчкі сеў. Ён заўсёды папярэджваў, запытваў, якая тэма вывучаецца, колькі ўрокаў на яе адводзіцца. І наведваў усе ўрокі па тэме. "Прыметы падзельнасці" ў настаўніка матэматыкі - тры ўрокі, і ён наведвае ўсе тры ўрокі. "Леў Талстой" у настаўніка літаратуры - 24 урокі, і ён прыходзіць на 24 урокі. І толькі па іх заканчэнні з'яўляюцца заўвагі, абагульненні, высновы, прапановы, парады. Калі чытаеш тыя дакументы, здзіўляешся яго прафесійнай учэпістасці, ужо там бачны зародкі яго будучых кніг, артыкулаў.

Ён быў чалавекам незвычайнай эрудыцыі і незвычайнай сціпласці. Ніколі нікому не навязваў сваіх меркаванняў, не ціснуў сваім аўтарытэтам. Ва ўкраінскай мове ёсць слова, якім яго характарызавалі літаральна ўсе - і тыя, хто яго славіць, хто яму пакланяецца, і тыя, хто, мякка кажучы, стрыманы. Гэтае слова, мабыць, вельмі дакладна вызначае яго як асобу: лагідны [у беларускай мове: лагодны - М.Б.]. У рускай мове дакладнай замены гэтаму слову няма. Некаторыя маглі здалёк успрымаць яго як добранькага. Нічога падобнага. Гэта быў чалавек, які добра ведаў сваю справу, быў патрабавальным і вельмі працаздольным, быў дырэктарам, ад увагі якога нішто не магло схавацца.

Дык вось старонка настаўніцкага быту.

Завуч, вяртаючы настаўніцы прагледжаныя сшыткі, сказаў: "Паглядзеў я працы вашых навучэнцаў. Нейкія яны ў вас някемлівыя, інертныя, нічым не цікавяцца…" А настаўніцы падалося, што стала нечым дыхаць. Яна адышла да акна, і па яе шчаках пакаціліся слёзы. А на школьным двары бегалі дзеці. Двое з яе класа, тыя, якіх лічаць вечнымі парушальнікамі, убачылі яе і пачалі паказваць пальцамі. Яна адышла за штору.

Празвінеў званок, і яна пайшла ў клас. Падышла да дзвярэй, спынілася, уздыхнула, прымусіла сябе ўсміхнуцца і з гэтай усмешкай зайшла ў клас. У класе была цішыня. Гэтая цішыня падалася ёй нейкай насцярожанай.

"Сёння, дзеці, мы будзем развязваць задачы каля дошкі," - сказала яна. "Ай, Марыя Пятроўна, так хочацца развязваць самім. Дайце нам задачы для самастойнага развязвання," - пракрычалі "матэматыкі", якія паказвалі на яе пальцам з двара. І тут клас загаманіў: "Дайце! Дайце нам задачы… Самі хочам развязваць." Здзіўленая Марыя Пятроўна не паспявала перадаваць дзецям раздатачны матэрыял. У класе запанавала працоўная цішыня. На душы настаўніцы стала лёгка-лёгка.

Расказваючы гэтую старонку перад дырэктарамі, завучамі, я кажу: "Дырэктар і завуч - гэта не спецыяльнасць, а пасада. Сёння вы дырэктар, а заўтра можаце стаць зноў настаўнікам. Не забывайце сябе ў тым стане. Думайце пра тое, што робіцца ў душы настаўніка". Тут жа ланцуговая рэакцыя. Калі настаўнік бачыць, што дырэктар абярэжліва ставіцца да яго, ён становіцца больш уважлівым да сваіх вучняў. Дзеці ж таксама з розным настроем у школу прыходзяць. І калі настаўнік не бачыць, што дзіця сядзіць задумлівае, з пасінелымі вачыма, калі настаўнік глядзіць на вучня толькі як на змесціва інфармацыі, то, натуральна, ніякага кантакту з маленькім чалавекам яму ўсталяваць не ўдасца.

"Трэба паважаць дзіцячае няведанне", - вучыў Януш Корчак.

У Сухамлінскага калі-нікалі пыталіся: "Ці праўда, што ў вашай школе не ставяць вучням "двоек"?" - "Справа не ў тым, каб ставіць ці не ставіць "двойкі", - адказваў ён. - Галоўнае, не лавіць вучня на няведанні. Калі я, настаўнік, ведаю, што ён сёння не падрыхтаваўся да ўрока, і ўсё ж спытаю яго, то гэта прывядзе да канфлікту…"

Апошні раз я пісаў пра такі падыход Сухамлінскага да навучальнага працэсу ў газеце "Пионерская правда". Артыкул называўся "Честное слово, учил!" Я хацеў бы, каб вы яго прачыталі, таму што з гэтага і пачынаецца Сухамлінскі: з павагі да няведання. Там расказваецца аб тым, калі дзіця ідзе ў школу і думае: "Хаця б мяне не выклікалі сёння…". Сядзіць на ўроку, дрыжыць: "Хаця б не мяне…". Дзесяць год сядзіць-дрыжыць, а потым на выпускным дзякуе нам за шчаслівае дзяцінства.

Вось яшчэ адна старонка школьнага жыцця, якая прымушае нас іначай паглядзець на сваю працу.

Настаўніца першага класа на пачатку года заносіць звесткі ў класны журнал. Вопытны настаўнік спачатку раздае дзецям анкеты, якія трэба запоўніць, потым перапісвае звесткі ў журнал. А тут дзеці яшчэ пісаць не ўмеюць, таму на слых. "Александраў Саша. Дзе мама працуе? А тата?.. Баразенка Сеня…" Як пачуў Петрык Ягада, пра што запытвае Марыя Іванаўна, пахаладзеў. У спісе ён апошні. Дойдзе чарга да яго, а як ён скажа, што ў яго таты няма. А на перапынку ўсе будуць пытацца: а дзе твой тата? а чаму ў цябе таты няма? Як яму будзе няёмка. Абліваецца цела яго потам. Як ён хацеў бы зараз быць каля мамы! А настаўніца ўсё запытвае, запытвае, павольна, няспешна… У спісе Петрык Ягада апошні. Ад болю сціскаецца сэрца.

Гэтая настаўніца павінна была адчуць, што яна робіць. Не хапіла ў яе педагагічнай мудрасці, тактоўнасці.

Важатая прыходзіць у першы клас. У яе руках трыццаць маленькіх букецікаў. "Дзеці, вы ведаеце, які заўтра дзень?" - "Ведаем. Заўтра восьмага сакавіка." - "Правільна, дзеці, заўтра дзень вашых мам. Вось гэтыя кветкі выгадаваныя ў школьнай аранжарэі, вы іх таксама будзеце вырошчваць. А пакуль я дам кожнаму па букеціку. Прыдзеце дадому і скажаце: "Мама, віншую цябе з Міжнародным днём восьмага сакавіка. Зычу моцнага здароўя і шчасця". Не забудзеце так сказаць?" - "Не забудзем." - "Ну вось ты, хлопчык, як скажаш?" - звярнулася яна да чарнявага хлопчыка, які сядзеў на апошняй парце. Хлопчык збянтэжыўся і апусціў галаву. "Устань, калі ласка." Хлопчык устаў і заплакаў. "Чаму ж ты плачаш?" - "У мяне няма мамы," - прашаптаў ён.

Магчыма, гэтай важатай нехта з настаўнікаў падказаў такую дзею.

Ці яшчэ. У некаторых класах праводзяць канферэнцыі асобна для татаў. Дык вось, як настаўніку зайсці ў клас і сказаць "Дзеці, заўтра вашы таты павінны прысці ў школу", калі трэцяя частка класа без татаў? Калі б я зрабіў такую абвестку, я адкусіў бы сабе язык. І ўвогуле праз дзяцей такую аб'яву перадаваць нельга ні ў якой форме.

Наступная старонка паварочвае нас да праблемы чалавечых стасункаў.

Мама паслала Сярожу да суседзяў па соль, бо свая скончылася. Пайшоў і няма. Ужо й боршч закіпеў, а яго ўсё няма. Нарэшце прыйшоў, прынёс соль. "Дзе ты быў?" - "А я снедаў." - "Як снедаў?" - "Ну, мяне запрасілі, і я паснедаў." - "Які ж ты вахлак, Сярожа! Трэ было сказаць: дзякую, я не галодны." - "Як жа сказаць не галодны, калі я насамрэч хацеў есці. Сказаць няпраўду - гэта ж кепска." - "Ведаеш, - сказала мама, - праўда бывае горшай за няпраўду." Сярожа доўга сядзеў задумлівы.

Вось парадокс: праўда горшая за няпраўду. Але ж так бывае. Ёсць панятак святой хлусні. Сказаць невылечна хвораму чалавеку, што ён хутка памрэ, забаронена этыкай урача. У Грыбаедава ў "Горы ад розуму" ёсць такая рэпліка: "Я праўду пра цябе распавяду такую, што горай за хлусню."

Размаўляючы з падлеткамі на гэтую тэму, раскрываючы механізм, дынаміку чалавечых стасункаў, трэба даць ацэнку мамінай пазіцыі. У чым віна Сярожы? З-за яго ж людзі не садзяцца есці, солі чакаюць. Трэ было так і сказаць: выбачайце, я спяшаюся, мяне чакаюць, дзякую. Іншы бок сітуацыі: а можа, на цябе не нагатовілі, прапанавалі проста з ветлівасці, не хочаш і няхай, за гэта не пакрыўдзяцца. І не папракнуць за такую хлусню.

Неяк мне давялося дапамагаць кінааператарам расшукваць у архівах Савецкай Арміі дадзеныя на 18 салдат, што загінулі каля нашага горада. Перабіраў дакументы і натыкнуўся: прычына выбыцця з вайсковай часткі - дэзерцір, расстраляны там, закапаны там. Падумалася: а як сям'і паведамілі пра гэта? Ці ведае сын, унук? Дзеці ж не вінаватыя, дзеці не нясуць адказнасці за сваіх бацькоў. Пэўна, трэ было схлусіць, каб не знявечыць, не скруціць жыццё нашчадкам гэтага салдата, не зрабіць іх ворагамі.

Наступная старонка для мяне даражэйшая за іншыя, таму што з яе пачалося маё знаёмства з усімі гэтымі старонкамі.

Жыў у чалавека верны сябра - сабака. Шмат гадоў ён вартаваў гаспадарку. Але з цягам часу сабака састарыўся, пачаў кепска бачыць, кепска чуць. Аднойчы ў ясны сонечны дзень, калі гаспадар вяртаўся з поля, сабака не пазнаў яго і загаўкаў, як на чужога. "Ты ўжо не пазнаеш мяне?" - спытаў гаспадар. Сабака вінавата завіляў хвастом, заенчыў і ўсім сваім выглядам нібыта казаў: "Ты, гаспадар, даруй мне, калі ласка. Я сам не ведаю, як гэта атрымалася, што не пазнаў цябе." Чалавек уздыхнуў і пайшоў. Праз колькі дзён ён прынёс маленькага шчанюка, змайстраваў побач з будкай старога сабакі маленькую будку і сказаў шчаняці: "Жыві тут." Стары сабака запытаўся: "Навошта табе яшчэ адзін сабака?.."

Заўсёды, калі расказваю гэта, чую такую цішыню, як тут. І такая ж цішыня была ў чацвёртым класе, дзе я расказваў гэта ўпершыню. Мой чалавечы досвед падказаў: зараз трэба спыніцца, таму што гэткая цішыня і ў мяне выклікала спазмы. Кажу: "Дзеці, у каго дома ёсць нехта жывы?" Такіх выявілася шмат. У каго хамячок, у каго чарапаха, марская свінка, вавёрка, кот, сабака… "А куды ўсё гэта дзяваецца, калі становіцца нямоглым, сляпым, хворым?" Так стала ціха, што я падумаў: да такой цішыні я не гатовы. Ціха-ціха. І адна дзяўчынка, не паднімаючы рукі, неяк адчужана, нават вусны задрыжэлі, сказала: "А нашага Цімку дзядзя Віця выкінуў з восьмага паверха". Я нават не спытаў, хто гэты Цімка. Дзяўчынка як бы падштурхнула іншых. Дзеці пачалі напорам распавядаць аб уроках жорсткасці, якія яны атрымалі не дзе-небудзь, а дома, ад самых блізкіх людзей, ад таты і мамы. І вось, калі мы нахваляваліся, я працягваў расповяд.

А ўжо потым, праз год-два знайшоў іншае рашэнне: прыдумаць адказ чалавека на пытанне сабакі. І дзеці прыдумвалі.

… Чалавек сказаў: "Ты ўжо сляпы, глухі, ты нават мяне, гаспадара, не пазнаеш. Як жа ты пазнаеш злодзея? Я не магу болей давяраць табе вартаваць гаспадарку. Таму завёў другога сабаку".

Шмат было падобных адказаў. Не толькі ў мяне, у іншых настаўнікаў… Нядаўна адна настаўніца расказала мне: яе сын, пачуўшы гэтую гісторыю, закончыў яе гэтак жа. Яна кажа яму: "Няўжо, Вася, ты так і сказаў бы на месцы таго чалавека? Значыць, ты гэтак жа скажаш мне, маме, калі я стану нямоглай, хворай, не змагу працаваць і пенсія ў мяне будзе маленькая, не змагу табе падарункаў купляць?" - "Мамачка, ды што ты! Хіба я змагу пра цябе сказаць так!" - "А гэта хіба не так?"

Вось і тут Сухамлінскі дапамог вызначыць узровень маральнаснай разбуджанасці.

А вось як заканчвае гэты расповед аўтар.

… Стары сабака запытаўся: "Навошта табе яшчэ адзін сабака?" Чалавек усміхнуўся: "Каб табе не было сумна," - сказаў ён і ласкава паляпаў старога сабаку па спіне. Потым доўга пяшчотна гладзіў яго па шэрсці, уздыхнуў, выпраміўся і пайшоў прэч, не аглядваючыся. Стары сабака не мог уздыхаць. Ён заенчыў, і з аднаго яго вока на зямлю ціха скацілася сляза. А побач на траве куляўся і гуляў шчанюк.

Нарадзіліся першыя сямейныя сачыненні. Я, калі працаваў над артыкулам для "Правды", прапанаваў рэдакцыі на выбар некалькі такіх сачыненняў. Вось тое, што яны выбралі. Чацвяракласніца Ларыса напісала: "Чалавек зрабіў правільна, высакародна. Ён нават не паказаў свайму вернаму сябру, што яму пара на сабачую пенсію. Але сабака зразумеў, што ён сваё адслужыў. Хочацца верыць, што шчанюк будзе істотай удзячнай. І за тое, што сабака будзе вучыць яго вартаваць, ён кожны раз будзе штурхаць яго, каб той не гаўкаў, калі ідзе гаспадар."

На помніку Пушкіну ў Маскве змешчаны знамянальныя радкі: "И долго буду тем любезен я народу, что чувства добрые я лирой пробуждал". Абуджаць добрыя пачуцці дапамагаюць нам і старонкі В. Сухамлінскага, абуджаць як у нашых дзяцей, так і ў нас саміх. На адным семінары прагучала, як адкрыццё, і мы пачалі пра гэта думаць: павышаюцца маральнасныя крытэрыі настаўнікаў. І гэта цудоўна. Таму што іншага такога інстытута няма. Маральнасныя крытэрыі настаўнікаў, як і іншых людзей, фарміруюцца стыхійна.

Вельмі шкада, што пра гэты жанр (старонкі этыкі) доўгі час ніхто не ведаў і карысталіся ім толькі ў Паўлышы, дзе жыве некалькі тысяч чалавек. А гэта - наша нацыянальнае багацце, якое павінна быць аддадзеным народу.

Часта пытаюцца: "Ці маецца след?" Маецца. Ён выражаны ў лічбах, у лёсах дзяцей, у шмат чым іншым. В. Сухамлінскі ўкараняў культ кнігі. Зараз кожная другая сям'я ў Паўлышы мае асабістую бібліятэчку, якая налічвае каля тысячы кніг. Гэты след нельга не заўважыць. Запаветнай марай В. Сухамлінскага была мара аб тым, каб кніга выцесніла бутэльку гарэлкі. Пра тое наступная старонка.

Сямігадовы Мішка, вяртаючыся са школы, убачыў каля чайной бацьку. Яго, п'янага, выштурхнулі з чайной. Нахіліўшыся на плот, ён глядзеў асалавелымі вачыма на дарогу і нешта мармытаў пад нос. "Тата, хадзем дадому," - сказаў Мішка, узяў бацьку пад руку і павёў яго ад чайной. Бацька паслухмяна ішоў за сынам. Перайшлі дарогу, дайшлі да сцежкі. Тут бацька ўпаў. Упаў і ляжыць. Мішка стаіць над ім і плача. Ідуць людзі. Глядзяць на бацьку, глядзяць на Мішку. Хто паківае галавой, хто падыйдзе, уздыхне і пойдзе моўчкі, а хто з такім жалем паглядзіць на Мішку, што ў хлопчыка яшчэ часцей закапаюць слёзы.

У полі гудзе трактар. На ферме дояць кароў - чутна, як малако тоненькімі струменьчыкамі звініць па падойніках. Свеціць сонца, у сінім небе пяе жаваронак. Аднекуль чуецца вясёлая дзявочая песня. У дзіцячым садку гуляюць і смяюцца дзеці. Здаецца свет шчаслівым і спакойным. Але так толькі здаецца. Бо не можа быць у свеце шчаслівым ніводзін чалавек, пакуль Мішка стаіць, плачучы над п'яным бацькам, які ляжыць у гразішчы.

Слова Сухамлінскага нікога не пакідае абыякавым. Былі выпадкі, калі пасля бацькоўскага сходу, на якім прагучала гэтая старонка, прыходзілі да настаўніка мацяркі, што не былі на сходзе, і прасілі: "Мне казалі, вы чыталі нейкую гісторыю. Дайце, я прачытаю яе свайму, гэта пра яго напісана".

Яшчэ пра сляды. Я цягам двух дзён зносіўся з дзецьмі, якіх Васіль Аляксандравіч падрыхтаваў для школы. Ён збіраўся правесці іх ад першага па дзясяты клас, але не адбылося, другога верасня ён памёр. Я размаўляў з гэтымі дзецьмі, калі яны былі ўжо ў трэцім класе. Яны на другі дзень напісалі для мяне ўспаміны пра свайго першага настаўніка. Адзін хлопчык пісаў: "Наш настаўнік ніколі нас не абманваў. Ён заўсёды выконваў тое, што абяцаў. Праўда, адзін раз паабяцаў і не выканаў. Казаў, што пакатае нас восенню на кацеры па Дняпры, але памёр." Дзевяць гадоў аўтару.

А вось другі ўспамінае: "Мы йшлі ля труны, дзе ляжаў настаўнік. Гэта быў наш настаўнік і не наш, бо наш настаўнік ніколі не ляжаў".

Успаміны гэтыя ўсхвалявалі мяне яшчэ і таму, што я ведаў частку тастаманту В. Сухамлінскага. Адзін радок тастаманту апёк мяне, і я напачатку яго не ўсвядоміў. Выразным прыгожым почыркам напісана: "Прашу маё пахаванне выкарыстаць у выхаваўчых мэтах." Ён ішоў на аперацыю, мабыць, ужо не верачы ў яе поспех, і вось напісаў. Асэнсаваць гэты радок дапамаглі мне ўспаміны дзяцей. Дзяцей, да якіх дакранулася рука скульптара, які ўжо да таго часу ўклаў у іх душы шмат з таго, чым валодае далёка не кожны дарослы.

Пасля першага наведвання Паўлышскай школы ў мяне ўзнікла такое адчуванне, быццам я пабываў ля піраміды, высачэзнай піраміды. Але гэтая піраміда не цісне, не прыніжае, а, наадварот, узвышае, ачышчае. І гэтае адчуванне засталося ў мяне дагэтуль, хаця я быў у Паўлышы ўжо сем разоў. Нешта падобнае адчувае кожны з тых, хто прыязджае ў Паўлышскую школу, прынамсі кожны з тых удзельнікаў нашых семінараў, якіх я туды прывозіў.

Краязнаўства - ключ да гісторыі помнікаў культавай архітэктуры

Бясспрэчна, краязнаўцы робяць неацэнную працу па зборы, апрацоўцы і папулярызацыі гістарычных матэрыялаў з самых розных куточкаў нашай краіны, іх руплівая і апантаная праца адкрывае для нас Беларусь, яе карані ў рэчышчы самых розных аспектаў, у тым ліку - у рэчышчы аспекту гісторыі помнікаў культавай архітэктуры. На тэрыторыі Беларусі на працягу стагоддзяў у мірным суседстве жылі хрысціяне, юдэі ды мусульмане, як жывуць і цяпер. Плыняй жыцця рэлігійных грамад будаваліся шматлікія храмы, частка з якіх захавалася па наш час, частка знікла або зруйнавалася, пакінуўшы аб сабе толькі архіўныя памяткі. Вывучэнне гісторыі храмаў, ацалелых і незахаваных, гісторыі жыцця супольнасці іх вернікаў з'яўляецца важнай працай на ніве захавання і пашырэння ведаў пра Беларусь. Гэта тысячы і тысячы помнікаў, распрацоўка наратыву па кожным з якіх дапамагае нам збіраць цаглінкі рэлігійнай гісторыі нашай краіны. Рэлігія вельмі моцна ўплывала на жыццё чалавека ў традыцыйным грамадстве, повязі якога асабліва доўга захоўваліся ў параўнальна дробных населеных пунктах - вёсках і мястэчках. Рэлігія фармавала светапогляд чалавека, яго маральныя якасці як асобы і грамадзяніна. Менавіта таму гісторыя храмаў і іх грамад, якія жылі згодна з прынцыпамі сваёй веры, з'яўляецца для нас вельмі важнай і цікавай, яна раскрывае старонкі рэлігійнай гісторыі Беларусі. Часта, па прычыне вузкай спецыялізаванасці і значнай загружанасці прафесійных навукоўцаў, дыстанцыйным вывучэнні помнікаў (па дакументах, без непасрэднага наведвання і даследавання мясцовасці), звярнуць на гэта ўвагу могуць толькі краязнаўцы - людзі, якія вельмі любяць сваю ваколіцу, маюць непасрэдны кантакт з прадстаўнікамі мясцовай супольнасці, давер і магчымасць збору разнастайнага кшталту арыгінальных матэрыялаў і сведчанняў пра мінулае і сучаснасць. Менавіта таму краязнаўства і выступае ў якасці неацэннага ключа да гісторыі помнікаў культавай архітэктуры нашай краіны. І гэта праца ідзе, паступова, але не без поспехаў. Прыкладам плёну на гэтай ніве можа служыць кніга краязнаўца Вітольда Антонавіча Ермалёнка "Святыня над возерам".

Гэтая кніга выступае першым за ўсе часы грунтоўна сістэматызаваным духоўна-асветным выданнем, прысвечаным Мёрскаму касцёлу, названаму ў імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і св. біскупа-мучаніка Язафата Кунцэвіча. Выданне ўвабрала ў сябе звесткі не толькі пра мураваны касцёл пачатку ХХ ст. з чырвонай цэглы, звыклы для вока жыхароў Мёршчыны і турыстаў, але і пра яго папярэдніка - драўляны касцёл, пабудаваны яшчэ ў XVII ст. Пра старадаўні храм, які, на жаль, не захаваўся да нашага часу, маюцца вельмі сціплыя звесткі, але і яны, рупліва сабраныя з розных архіўных крыніц, маюць для нас вялікае значэнне, як і рэчавыя памяткі з яго інтэр'ераў, сярод якіх - турэцкая літаўра XVII ст., якая нагадвае пра слаўную перамогу нашых продкаў у бітве пад Венай, дзе хрысціянскі свет быў уратаваны ад турэцкай навалы. Асноўная частка кнігі прысвечана гісторыі сучаснай святыні, збудаванай у неагатычным стылі, асвятленню біяграфій яго святароў, жыцця парафіі. Хоць аўтар і не прэтэндуе на поўную завершанасць тэмы і ўсеахопнасць, але, пры гэтым, ім зроблены неацэнны ўнёсак у супольную скарбонку ведаў пра Мёрскі касцёл, яго святароў і парафію, якія надалей будуць пашырацца і папаўняцца новымі матэрыяламі і рэчавымі сведчаннямі - архіўнымі дадзенымі, прадметамі, якія належалі касцёлу ў розныя часы, і могуць быць выпадкова знойдзеныя, фотаздымкамі і іншым. У сваю чаргу, гэты ўнёсак узбагачае і агульнабеларускую скарбонку гісторыі помнікаў культавай архітэктуры, гісторыі рэлігіі на Беларусі.

Выданне мае мяккую вокладку. На галоўным яе баку змешчаны сучасны фотаздымак Мёрскага касцёла. Непаўторны каларыт гэтага фотаздымка складаецца ў тым, што вежы касцёла адбіваюцца ў люстры возера, над якім ён стаіць - нездарма ж кніга мае назву "Святыня над возерам". Фонам вокладкі з'яўляецца выява азёрнай паверхні, над якою плывуць прасвечаныя сонейкам аблокі. Гэты фон цалкам запаўняе адваротны бок вокладкі і паядноўваецца з выявай на галоўным яе баку. Кніга выйшла сёлета з менскай друкарні ТАА "Капітал Прынт" у колькасці 100 асобнікаў. Выданне налічвае 262 старонкі і вельмі багата ілюстраванае. Сярод ілюстрацый - выявы Мёрскага касцёла, яго інтэр'ераў, арыгінальных літургічных прадметаў, дакументаў і кніг, фотаздымкі святароў і парафіян і іншыя. Сярод выяў сустракаецца і згаданая вышэй турэцкая літаўра, якая была набыта на ўласныя сродкі В.А. Ермалёнкам у прыватнай асобы і цяпер захоўваецца ў музейным аб'яднанні Мёрскай СШ № 3. Змест кнігі ўключае ў сябе 34 складовыя элементы, знітаваныя адзінай ідэяй аўтара. Сярод усяго чытач можа даведацца пра гісторыю будаўніцтва мураванага храма, гісторыю яго званоў і аргана - галасоў святыні, што заўжды суправаджалі і працягваюць суправаджаць усе важныя падзеі ў жыцці парафіі, ды пра іншыя важныя акалічнасці. Праз біяграфіі ксяндзоў, змешчаныя у кнізе, адкрываецца жыццё касцёла, іх прыклад служэння і працы выступае прыкладам для кожнага хрысціяніна. Магчыма, камусьці гэта стане натхненнем на душпастарскае служэнне, дапаможа пачуць Божае пакліканне.

Гэтае выданне будзе карысным для вернікаў Мёрскага касцёла, католікоў іншых парафій, навукоўцаў, краязнаўцаў, вандроўнікаў і ўсіх, хто цікавіцца мінуўшчынай Мёршчыны і Беларусі агулам, яе духоўным жыццём у сучаснасці і гісторыі. Парафія - гэта не проста супольнасць вернікаў касцёла, але адзінства духу і малітвы, адзінства жыцця і лёсу, дзе кожны мае прыкласці намаганні да агульнага дабрабыту і дасягнення ідэала пабожнага жыцця. Мёрская парафія шмат зрабіла і зараз працягвае рабіць на гэты ідэал, але вынік залежыць ад несупыннай працы і штодзённага памоцнага ўдзелу кожнага.

Багаты спіс крыніц і літаратуры сведчыць пра аб'ём працы, здзейсненай аўтарам, і яе грунтоўнасць. Выданне "Святыня над возерам" было надрукавана на асабістыя сродкі В.А. Ермалёнка і прысвечана святой памяці яго маці Барбары Адамаўны (1925-2019). Гэта добры напамін аб шчырым і сціплым чалавеку, які захаваў і перадаў традыцыі продкаў нашчадкам. Хай душа яе спачывае на небе... А аўтару зычым жыць Божай ласкай, заўжды захоўваць моц веры і натхненне, а таксама выпусціць другі наклад гэтай выдатнай кнігі, якая стала добрым арыентырам і дапаможнікам у працягу працы па стварэнні як найбольш поўнай гісторыі Мёрскага касцёла, а таксама прыкладам для стварэння падобных прац па іншых храмах Беларусі. Чытайма і адкрывайма невядомыя старонкі гісторыі Радзімы разам!

Бібліяграфічная спасылка: Ермалёнак, В.А. Святыня над возерам: гісторыя Мёрскага рымска-каталіцкага касцёла ў імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і св. біскупа-пакутніка Язафата Кунцэвіча ад старажытнасці да сучаснасці / В.А. Ермалёнак. - Мінск: Капитал Принт, 2020.-262 с.

Ігар Кандратовіч, жыхар г. Мёры.

Улюбёнец у Айчыну

Пераклады вершаў Яніса Райніса (11.09.1865 -12.09.1929) з нагоды 165-годдзя з дня яго нараджэння

Яніс Райніс - латышскі паэт, драматург, крытык, перакладчык, дзяржаўны дзяч. Узнагароджаны Ордэнам Трох Зорак І-й ст. у 1925 г. Званне народнага паэта Латвіі было нададзена ў 1940 г.

Дзякуючы падтрымцы Яніса Райніса быў створаны Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі для кіраўніцтва школьнымі ўстановамі (1921). Ганаровы сябар беларускага культурна-асветнага таварыства "Бацькаўшчына" (1922). Арганізатар і старшыня Таварыства па культурных сувязях з народамі Савецкага Саюза (1929).

Зерне між камянямі

Выдуманыя ідэалы,

Вывераныя прынцыпы, нярушная любоў -

Скрышыцца ўсё абыдзенасцю,

Быццам зерне жарнавікамі.

(між 1879 і 1886)

Дабрачынец

Ён багаты, ён чуллівы:

Як пачуе плач бядотны,

У кішэнь рукой слізгае

І выцягвае - насоўку.

(між1881 і 1895)

Песіміст

Больш мне даспадобы песіміст,

Хто скрыгоча, хоць дарма, зубамі:

А філісцёр той, хай і аптыміст, -

Пустазвон, якому для забавы

Хочацца вузлы ўсе развязаць…

Толькі дзе кумекалку прыдбаць?

(1891 - 1895)

Чалавек і боль

Бедная, нікнеш, душа чалавечая,

Дзе тваё месца ў акольнай бязмежнасці?

Сточана боллю, змаганнем, сумненнямі,

Ты ўся ў пакутах, душа чалавечая.

Не паспрыяе прырода глумлівая;

Што ёй парывы, надрывы і болесці?!

Вечна прыгожая, вечна халодная,

Раўня замагільнаму царству настыламу.

(1893)

Прыцемак

У бледным прысмерку плывуць нябёсы,

Цячэ з-пад сонца залаты туман,

На мураве чуць-чуць бліскочуць росы

І стыне цеплыня ад зольных ран…

А краска лугавая ў безгалосы

Правальваецца ачмурэлы стан.

І як мячы - аглухлыя пракосы…

Без формы, меры, без жыцця… З заган

Глядзіць пустымі зрэнкамі падман.

(1897)

Улюбёнец у Айчыну

Хто любіць Айчыну, той мае свой кут -

І дах над сабой і апошні прытулак;

Такому тут хлеб і любоў - паратунак,

Такому разумныя існасці - тут.

Ды не! Ёсць яшчэ закаваныя сэрцы,--

З іх молат не выкрасе іскры пакут.

Айчыне не будуць яны аднаверцы.

Іх лёс бесталанны вось з гэтай прычыны

Ў падмурак не ляжа каханай Айчыны.

(1897)

Работа для галавы

Хопіць крычаць, што згінаюць у крук.

Маеце толькі работу для рук.

Лепш мо мазгамі паварушыць,

Перш чым, спяваючы, крушні крышыць?

(1897)

Блудны сын

З дажджом і ветрам дзень завечарэў.

А ён у лахманах і басаногі.

Вы думаеце, блудны сын скарэў,

Аціхлым павяртаецца з дарогі?

Не бачыце, які ў вачах сугрэў?

У позірку няма віны, трывогі,

І вобліск, хоць бадзяжны, не схмурэў.

Ён не рабом ідзе, а горда, прама, -

Ідзе ён правіць суд, вас гнаць далей ад храма.

(1900)

Чэрствае сэрца

Укоптур тваё сэрца поўна слёз,

Як лугавіна восенню дажджлівай;

З гадоў дзіцячых, ад юнацкіх кроз

Расіначкі збіраюцца маўкліва.

Хто плача, можа сэрцам акрыяць,

Той добры, лёзны, той жыве жукліва:

"Чужому гору ўмее паспрыяць!"

Ты чэрствы, хоць гатовы на паклон, -

Лі слёзы і ў натоўп - яны праб'юць заслон!

(1901)

Дзюравая пасудзіна

Ты век свой доўгі дзень у дзень

У муках круцішся, што сцень:

Ваду ты носіш рэдкім сітам -

Напоўніць з дзюркамі карыта.

Хоць ты пяклуеш, непаседа, -

Цячэ вада ўся да суседа.

За сіта мо пазычаны гарбыль

І ў сваім доме ты яго бабыль.

(1903)

Так не будзе

Не можа быць так, каб крыгаход

Суняў напор свой, пайшоў на звод;

Дарма надзеі: трухлявы лад

Плынь не паверне цяпер назад.

Хай страшыць крыгаў зубасты злом,

Дзеля свабоды мы ўсе жывём.

Не можа быць так, каб крыгаход

Не змёў дашчэнту стары аплот!

(1905)

Мемарандум

Доўга чакалі мы, доўга.

Мо цэлую вечнасць чакалі;

Зрэдзь штосьці прасілі сабе -

Марылі вымаліць лёс.

Хоць у надзеі жыць можна,

С паслушнымі мольбамі прыйдзе:

Лепш не чакаць, што дадуць,

Трэба адважыцца - ўзяць.

(1905)

Вялікая загадка

Люд латышскі хоча мець разгадку,

Патаему прышласці дазнацца.

Родзічы, каб разгадаць загадку,

Не мінайце песні майго сэрца;

Вы мілуйце дзённыя турботы,

Міласціну не шкадуйце ў скрусе,

Мілату.

Забудзьце самалюбства.

Лёс ваш - у абдымках той загадкі.

А разгадваць трэба дома, ў лузе;

Ці арэце, ці жніце ў хаўрусе, -

Хай вядзе клубок у таямніцу:

З калаўрота ў кросны, на вадзіцу,

Дзе ўжо песня вымасціла кладку,

Спадкі ахвяруйце на разгадку;

Будзе думаць - вымкнецца народзе,

Сонечнаму веку дзверы знойдзе.

Крэўныя, загадцы ёсць разгадка:

Кволенькі душой, або ты ў сіле,

Каб скрануць уласнага народа

Гістарычны воз яго планіды, -

Не спыняйся ў роспачы і блудзе,

Выясняй вялікую задачу

І разгадвай смела, без астатку

Мудрую народную загадку.

Толькі сам народ і вырашае:

Быць або не быць у супраціве;

Крылы зложа - выпарыцца, знікне

З ім выратавальная загадка:

ВОЛЬНАЯ ЛАТВІЯ.

(1906)

Пераклаў з латышскай мовы Сяргей Панізьнік паводле падрадкоўнікаў сястры Ніны Янсанэ.

Спеўны сход дзейнічае

Штодня ў апошні тыдзень лета на знак салідарнасці з калектывам Купалаўскага тэатра праходзілі спеўныя сходы на ганку тэатра ў Менску.

Пад кіраўніцтвам Сяржука Доўгушава менчукі спяваюць народныя жніўныя песні з сэнсам і духам. Да імправізаванага калектыву далучыліся оперная спявачка Маргарыта Ляўчук і актор Купалаўскага тэатра Юры Хілавец. Вакол артыстаў гуртуецца вялікае кола моладзі, студэнтаў, маладых матуль з дзецьмі.

У супольным выкананні гучаць народныя песні: "Талака", "Дунаю-Дунаю", "Ішлі хлопцы", "Купалінка". Асабліва спадабалася ўдзельнікам і слухачам жніўная песня, запісаная ў Драгічынскім раёне:

Вэлітай, вэлытай, пэперэпылко!

Поглянь у нас жыта кілько!

Нэ, нэ буду вэлітаты,

Бо нам жыто зажынаты.

А ў нас сэрпікі золотыі,

А нашы жэнчынкі молодыі!

Вэлітай, вэлытай, пэперэпылко!

У гарачыя дні пачатку месяца спеўныя сходы з мностваў удзельнікаў праходзілі ля будынка Белдзяржфілармоніі і Тэатра беларускай драматургіі. На сходах гучалі пераважна духоўныя гімны беларускага народа "Магутны Божа", "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", "Пагоня".

Эла Дзвінская, фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX