Папярэдняя старонка: 2020

№ 36 (1499) 


Дадана: 09-09-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 36 (1499), 9 верасня 2020 г.

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах пачаўся з падарункаў гораду. Ранкам 6 верасня адбылося адкрыццё скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Бялыніцкаму абразу Божай Маці. Гранітны анёл упрыгожыў плошчу каля царквы ў гонар абраза. Памер каменнага анёла, які выкананы з пакастоўскага граніту - 3 х 2 м. Аўтарам скульптуры выступіў магілёўскі майстар Аляксандр Мінькоў.

- Скульптура прысвечана Бялыніцкай Божай маці, якая з'явілася людзям цудоўным чынам. І хацелася неяк перадаць гэты цуд. Былі ідэі зрабіць манаха, але вырашылі ўвасобіць нейтральны вобраз анёла з беларускай выцінанкай. І гэта ўсім спадабалася. Задача была цяжкай, але вынік перасягнуў усе чаканні, - адзначыў майстар.

Адкрывалі новую славутасць намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр культуры Юры Бондар, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, прадстаўнікі духавенства і мясцовай улады.

Урачыста расчыніў свае дзверы і Бялыніцкі мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. У новым музеі ўсе жадаючыя могуць пазнаёміцца з карцінамі знакамітага земляка, гісторыяй Бялыніцкага краю. Упершыню ў музеі з'явілася зала "Духоўнасць". Цэнтральным экспанатам стала фрэска "Узыходжанне на Галгофу".

- Я хачу павіншаваць усіх жыхароў нашай краіны з гэтым цудоўным святам, якое мы штогод адзначаем у першыя выходныя верасня. Я жадаю ўсім нам здароўя, дабрабыту, шчасця. А пісьменнікам - натхнення на новыя творы, якія будуць чытаць розныя пакаленні.

Новы выдатны музей Бялыніцкага-Бірулі абсталяваны ўсімі сучаснымі тэхналогіямі. Ён будзе радаваць не толькі жыхароў Бялыніцкага раёна, але і ўсю нашу краіну. Сюды будзе прыязджаць шмат экскурсій. Плануюцца адпаведныя ўрокі для дзяцей, каб яны ведалі і шанавалі гісторыю нашай краіны і ведалі, якія выдатныя людзі ў нас ёсць. Магілёўшчына - вельмі маляўнічы край і ўсё гэта відаць у пейзажах Бялыніцкага-Бірулі.

Падчас падрыхтоўкі свята праведзена вялікая арганізацыйная работа з боку Магілёўскага аблвыканкама, Бялыніцкага райвыканкама. Мы ўсе бачым, як змяніўся горад. Мы рады праводзіць такое адметнае свята ў прыгожых, цікавых Бялынічах, - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Свята беларускага пісьменства працягвалася ў Бялынічах увесь дзень. Фестывалі кнігі, беларускай кухні, літаратурныя імпрэзы, канферэнцыі, выставы і тэматычныя пляцоўкі - арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, дзе кожны знойдзе мерапрыемства па душы.

Валерыя СЦЯЦКО. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

У гэты дзень у райцэнтры адбылася не менш важная падзея - адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай.

Удзел ва ўрачыстасці прынялі вернікі з розных куткоў Беларусі, прычым гэта былі не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій. Усяго сабралася больш за дзвесце чалавек.

Урачыстасць адбылася з удзелам Генеральнага вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

- Я адмыслова прыехаў на Адпустовую ўрачыстасць, каб не толькі ўшанаваць Маці Божую Бялыніцкую, а і выказаць падтрымку вернікам. Бо беларускія ўлады да гэтай пары безпадстаўна не ўпускаюць у краіну грамадзяніна Беларусі Арцыбіскупа, Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча - кіраўніка каталіцкай царквы.

Мне з задавальненнем і прыемнасцю ўдалося сустрэцца і паразмаўляць на адпустовай урачыстасці са шматлікімі вернікамі і каталіцкімі святарамі з самых розных гарадоў і мястэчак Беларусі.

У якасці гаспадара гасцей сустракаў пробашч Бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка.

Непасрэдна перад фэстам у Бялынічах прайшло Саракагадзіннае набажэнства, удзел у якім, акрамя бялыніцкіх вернікаў, прынялі духоўныя валанцёры з іншых куткоў Беларусі.

- Бялынічы - гэта старадаўняе месца марыйнага культу, дзе калісьці знаходзіўся адзін з самых шанаваных цудадзейных абразоў на нашай зямлі - абраз Маці Божай Бялыніцкай. Малітва мае вялікую моц, асабліва тут, на гэтым месцы, - адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Сярод удзельнікаў быў заўважаны шэраг знакавых асобаў, - апроч старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, таксама старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў з сябрамі...

"Магілёўскі рэгіён".

Падрыхтоўка да святкавання Хацінскай перамогі

У сувязі з набліжаючайся чатырохсотай гадавінай лёсавызначальнай перамогі над сіламі Асманскай імперыі ля Хацінкай фартэцыі Баранавіцкія краязнаўцы наведалі памятнае месца ў Ляхавіцкім раёне.

Пры ўездзе з боку Ляхавіч у вёску Патапавічы ля самай дарогі стаяць дзесяць камянёў з сімваламі і датай, якія свечаць аб удзеле мясцовых харугваў у гэтай вайне.

Жыхары навакольных вёсак здаўна твораць там малітвы. Месца лічыцца вельмі намоленым. Апошнім часам раённыя ўлады паставілі паміж камянёў памятную шыльду. Але з навуковых пазіцый тэкст на ёй часткова падлягае сумніву. Патрэбна больш глыбокае вывучэнне як датычнай гісторыі, так і сімвалаў на камянях.

Мікалай Падгайскі.

Справаздача аб дзейнасці Лідскіх арганізацый ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" за 2017-2020 гг.

Папярэдняя канферэнцыя адбылася 2 верасня 2017 года.

Колькасць сяброў, якія стаялі на ўліку ў Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" мянялася ад 50 чалавек да 100. Агульная база сяброў ТБМ па Лідзе ўключае каля 500 чалавек.

У гарадской арганізацыі дзейнічалі суполкі:

- Паўднёвая (5 чал., старшыня Рыта Крупкіна);

- Цэнтральная (30 чал., старшыня Уладзімір Круцікаў);

- Слабадская (5 чал., старшыня Сяргей Сідарэнка);

- Паўночная (5 чал., старшыня Ганна Мальцава);

- Раслякоўская (3 чал., старшыня Яніна Гузоўская);

- Маладзёжная (3 чал., старшыня Міхась Мельнік);

- "Белтэксоптык" (5 чал., старшыня Яніна Гузоўская);

- Абуткотвая фабрыка (12 чал., старшыня Генадзь Краўцоў);

1 чал. - у Індустрыяльным або 4-ты ў Маладзёжную па месцы працы.

Фактычна мы маем суполку з 2 чалавек у Цэнтры тэхнічнай творчасці моладзі.

Нам не ўдалося аднавіць дзейнасць ТБМ у Лідскім каледжы. Праца з кіраўніцтвам каледжа па арганізацыі далейшай дзейнасці ТБМ у каледжы поспеху не мела. Але ў нас вельмі добрыя адносіны на ўзроўні цыклавых камісій.

Спробы наладзіць больш цесныя адносіны з музычным каледжам далі плён. Музычны каледж актыўна ўключыўся ў мерапрыемствы ТБМ.

Мы наладзілі паспяховую супрацу з прафесійнымі ліцэямі (політэхнічны і меліярацыі), асабліва з політэхнічным (каля "Оптыка").

Нечакана на актыўную супрацу выйшаў Бярозаўскі ліцэй.

У 2017-2020 гадах Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўзаемадзейнічала з Лідскай арганізацыяй ТБМ (старшыня Лявон Анацка, намеснік старшыні Сяргей Трафімчык), Бярозаўскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" (старшыня Сяргей Дычок), Ёдкаўскай суполкай ТБМ (старшыня Валер Мінец, цяпер выконвае абавязкі Віталь Карабач).

У справаздачны перыяд дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ ішла ва ўмовах, калі старшыня арганізацыі Станіслаў Суднік з'яўляўся адначасова намеснікам старшыні ТБМ і дзейнасць арганізацыі выходзіла за межы Лідскага раёна. Мы найбольш цесна ўзаемадзейнічалі з цэнтральным офісам ТБМ у Менску, Гарадзенскай абласной арганізацыяй ТБМ, Гарадзенскай гарадской арганізацыяй ТБМ, Наваградскай арганізацыяй ТБМ "Узвышша", Нясвіжскай раённай арганізацыяй ТБМ, Валожынскай раённай арганізацыяй ТБМ, Слонімскай раённай арганізацыяй ТБМ, Дзятлаўскай раённай арганізацыяй ТБМ, Слуцкай раённай арганізацыяй ТБМ, Баранавіцкай раённай арганізацыяй ТБМ, Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Арганізацыя знайходзілася ў рэжыме дыялогу з органамі ўлады, у першую чаргу з аддзелам ідэалогіі, аддзелам культуры, аддзелам адукацыі, а таксама з іншымі ўладнымі структурамі.

У справаздачны перыяд захоўваліся добрыя адносіны з Лідскім цэнтрам культуры і народнай творчасці, Лідскім дабрачыннем Беларускай праваслаўнай царквы, з Лідскім музеем і асабліва з літаратурным філіялам. З грамадскіх арганізацый найбольш цеснае супрацоўніцтва было з літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры "Лідскай газеце", Таварыствам польскай культуры, рухам "За свабоду", ГА БНФ "Адраджэнне". Некалькі аслабла супрацоўніцтва з Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы, але мы гэта практычна перадолелі і зноў актыўна супрацоўнічаем.

Па асобных мерапрыемствах адбывалася супрацоўніцтва з іншымі структурамі.

Асноўнай задачай, якую вырашала арганізацыя - гэта забеспячэнне выдання газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец". І хоць фармальна газету і "Лідскі летапісец" выдае Установа інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", гарадская арганізацыя вырашае ў гэтым працэсе свае задачы, а менавіта, вырашае некаторыя пытанні фінансавання.

За гэты перыяд выйшла 155 нумароў "Нашага слова". Праз тры тыдні выйдзе 1500-ты нумар "Нашага слова". Выйшла 12 нумароў "Лідскага летапісца".

Створаны новы сайт газеты "Наша слова" nslowa.by, дзе размяшчаюцца газета "Наша слова" і часопіс "Лідскі летапісец" у фармаце ПДФ.

Актыўна абнаўляўся і стары сайт газеты "Наша слова" naszaslowa.by.

Выйшаў 9-ты нумар літаратурна-мастацкага альманаха "Ад лідскіх муроў".

З дапамогай Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ выйшлі літаратурныя альманахі "Нясвіжскі ўток", "Стольны град" (Наваградак), "Паланэз" (Слонім). Заснаваны электронны часопіс "Нясвіжскія каеты" (рыхтуецца да друку 5-ты нумар).

Акрамя таго сябры арганізацыі выдалі шэраг кніг.

22 траўня 2019 года на сходзе лідскіх літаратараў у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы была прадстаўлена першая кніга з серыі "Лідскі кнігазбор", заснаванай Лідскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" і Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта "Збор твораў" найслыннейшага лідскага гісторыка Міхала Шымялевіча, выдадзены ў гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт".

У Лідзе рыхтаваліся краязнаўчыя календары на матэрыяле Гарадзеншчыне на 2018, 2019 і на 2020 гады. Укладальнік А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік. Будзе рыхтавацца каляндар на 2021 год.

Па замове цэнтральнай сядзібы ТБМ у Лідзе быў выдадзены "Летапіс дзейнасці грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", 2014 - 2019";

Важным партнёрам Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны была Лідская бібліятэчная сістэма: Лідская раённая бібліятэка і філіялы.

17 верасня 2017 года да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і да Дня бібліятэк быў прымеркаваны фестываль лідскай кнігі і друку "Зоркі лідскіх небасхілаў".

У справаздачны перыяд ішлі Лідскія чытанні:

У красавіку 2018 года ў "VI Лідскіх чытаннях. Лідчына: учора, сёння і заўтра", прымеркаваных да Года малой радзімы і 695-годдзя горада Ліды прыняў удзел намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік з дакладам "Этнічная тапаніміка Лідчыны".

25 красавіка 2019 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі "VII Лідскія чытанні. Гарадзеншчына: летапіс працягваецца", прымеркаваныя да 75-годдзя ўтварэння Гарадзенскай вобласці.

Прайшоў наступны этап літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя дзецям".

20 снежня 2018 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы на ўрачыстай цырымоніі падводзілі вынікі і ўзнагароджвалі пераможцаў ІІІ раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям".

Па-за конкурсам была прадстаўлена кніжачка дзіцячых вершаў Марыі Канапніцкай (23 траўня 1842 - 8 кастрычніка 1910) "Ад вясны да зімы". Кніжачка ўтрымоўвае 19 дзіцячых вершаў у перакладзе з польскай мовы Станіслава Судніка і ў адным асобніку знаходзіцца ў Лідскай бібліятэцы.

Развіваліся адносіны з Лідскім цэнтрам культуры і народнай творчасці. "Наша слова" вельмі актыўна асвятляе працу гэтай установы.

24 верасня 2017 года у філіяле "Мажэйкаўскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прайшоў адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі…", які быў заснаваны па ініцыятыве Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

16 верасня 2018 года ў Мажэйкаўскім доме культуры Лідскага раёна прайшоў другі адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары ...ды халодныя ранкі". Сёлетні склад удзельнікаў уражвае - 20 канкурсантаў з чатырох раёнаў Гарадзенскай вобласці.

Працягвалася ўзаемадзеянне з Аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Асабліва нас хвалявалі беларускія класы. Што-небудзь зрабіць ТБМ не магло. У 2017 і 2018 годзе набіраліся беларускія першыя класы ў СШ № 16. У 2019 годзе - і тут правал.

На лідскія школы сістэматычна арганізоўваецца падпіска газеты "Наша слова". Газета падпісваецца і на абодва каледжы.

Арганізацыя актыўна супрацоўнічала з курсамі "Мова нанова". Мы ўсімі спосабамі падтрымлівалі адкрыццё курсаў. Фактычна нашая немалая заслуга, што пасля адкрыцця курсаў, да іх не было прэтэнзій з боку ўладаў.

Актыўна супрацоўнічаў з курсамі сябар рады Алег Лазоўскі, і я думаю, што Марыя Іосіфаўна, кіраўнік курсаў, таксама павінна стаць сябрам рады.

20 сакавіка 2019 года па запрашэнні лідскіх курсаў "Мова нанова" Ліду наведалі старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і ганаровы старшыня ТБМ, выканавец абавязкаў рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў. Гаворка ішла пра лёсы беларускай мовы, беларускай адукацыі і Універсітэта імя Ніла Гілевіча ў прыватнасці.

Новай з'явай стала дзейнасць на карысць беларускай мовы Лідскага піўзавода.

9 верасня 2017 года 120 тысяч чалавек прынялі ўдзел у піўным фестывалі LIDBEER у Лідзе, які праводзіўся тут ужо трэці раз і анансаваўся як беларускамоўны.

2 чэрвеня 2018 года больш за два дзясяткі прыхільнікаў беларускай мовы з Ліды, Бярозаўкі і Радуні Воранаўскага раёна далучыліся да ініцыятывы "Агульная дыктоўка" ў рамках сацыяльна-культурнага праекта арганізаванага кампаніяй "Лідскае піва" і накіраванага на падтрымку роднай мовы. Дыктоўку пісалі на сядзібе Віталя Карабача "Гасьціна" ў в. Пескі.

8 верасня 2018 года Ліда святкавала 695-годдзе з дня заснавання. Тут праходзіў і 4-ты фестываль Lidbeer. А побач з бібліятэкай рэдакцыя газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец", сябры Таварыства беларускай мовы і Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў правялі вулічную прэзентацыю часопісаў, газет і кніжак. Жыхары Ліды і госці фэсту на імправізаванай выставе маглі пазнаёміцца з беларускамоўнымі краязнаўчымі і літаратурнымі выданнямі, атрымаць аўтографы некаторых аўтараў.

1 чэрвеня2019 года кампанія "Лідскае піва"правяла ў Менску масавую дыктоўку па беларускай мове. Заяўкі на ўдзел у "Агульнай дыктоўцы" падалі каля тысячы чалавек. Упершыню ў гісторыі праекту заяўкі на ўдзел паступілі з Амерыкі, Расіі, Украіны і Польшчы. "Агульная дыктоўка" стартавала ў 12 гадзін па менскім часе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Прамую трансляцыю вёў партнёр праекту - канал "Культура" Беларускага радыё.

Сотні людзей сабраліся 7 верасня 2019 года ля помніка князю Гедыміну ў Лідзе, каб папрысутнічаць на яго афіцыйным адкрыцці. Падчас прамоваў афіцыйных асобаў і спонсараў яго ўстаноўкі, над лідзянамі і гасцямі горада побач з дзяржаўнымі сцягамі луналі і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Усё прайшло ў святочнай атмасферы традыцыйнага фестывалю LIDBEER і Дня горада Ліда, якія адзначаліся акурат 7 верасня. Трэба адзначыць, што ўсё афармленне фэсту было зроблена па-беларуску. Раздаваліся толькі беларускамоўныя праграмы. Сёлета без праблем была выдзелена пляцоўка для Лідскага ТБМ і Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У Ліду прыехалі Валянцін Дубатоўка, Міхась Зізюк, Міхась Скобла, Ала Петрушкевіч, Янка Траццяк, Уладзімір Хільмановіч, Ала Нікіпорчык, Мечыслаў Курыловіч ды іншыя. Ад Ліды бралі ўдзел Міхась Мельнік, Уладзімір Васько, Станіслаў Суднік і, канешне, бард Сяргей Чарняк. Каля пісьменніцкага міні-хутара пабывала ці не ўся беларускамоўная Ліда. Канешне, не ўся, але шмат кніг купілі, і ўвесь дзень гучала беларуская мова.

13 чэрвеня 2020 года прайшла Агульная дыктоўка ад "Лідскага піва"Тэмай дыктоўкі 2020-га сталі традыцыі і карані.

Арганізацыя працягвала супрацу з Таварыствам польскай культуры на Лідчыне і Украінскім таварыствам.

Уласныя фестывалі і акцыі ТБМ

8 верасня 2017 г. на аграсядзібе "Гасьціна" ў в. Пескі пад Лідай прайшоў 2-гі фестываль патрыятычнай песні і паэзіі да Дня беларускай вайсковай славы "1514". Фэст арганізоўваўся арганізацыямі ТБМ Лідскага раёна і рэдакцыяй газеты "Наша слова" з улікам леташняга такога ж фестывалю.

У студзені 2018 года сябар Ёдкаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ Віталь Карабач за свае грошы купіў каля двух дзясяткаў асобнікаў календара "Не маўчы па-беларуску" і раздаў па дзіцячых і проста беларускіх установах горада: у дзіцячую паліклініку, дзіцячаую бальніцу, школу мастацтваў, дом рамёслаў, музычную школу, кавярню "Тутака", Цэнтральную кавярню, школы горада.

7 сакавіка 2018 года сябры Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ і Ёдкаўскай суполкі ТБМ наведалі Мінойтаўскую сярэднюю школу Лідскага раёна. Нагодай стала бліскучае выкананне на Лідскім тэлебачанні удзельніцай алімпіяды па беларускай мове Рэнатай Мамедавай верша Анатоля Вярцінскага, ну і, вядома, свята 8 сакавіка.

2-4 сакавіка 2018 года ў Лідзе па ініцыятыве Лідскай арганізацыі ТБМ, пры актыўным удзеле Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ і Ёдкаўскай суполкі ТБМ праходзіў двухсуткавы ультрамарафон пад назваю "Самапераадоленне". Ідэя правядзення першага ў Беларусі ультрамарафону належыць старшыші Лідскай арганізацыі ТБМ Лявону Анацку.

20 красавіка 2018 года мітрапаліт Менска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Ліду з важнай місіяй. Кіраўнік Каталіцкага касцёла ў Беларусі прыняў удзел у прэзентацыі Новага Запавету на беларускай мове. Гэта першы поўны афіцыйны пераклад на беларускую мову, выкананы беларускім рымска-каталіцкім касцёлам. Мерапрыемства адбылося ў сценах гістарычна-мастацкага музея Ліды. Ініцыятар імпрэзы - Лідская гарадская арганізацыя ТБМ;

З сярэдзіны траўня 2018 года на "Лідскім гасцінцы" каля Лідскага замка штотыдзень разгортвалася альтанка "Нашага слова".

27 жніўня 2018 года рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік прэзентаваў у сядзібе ТБМ газету "Наша слова" ў папяровым варыянце і яе новую электронную версію nslowa.by;

28 - 30 верасня 2018 года ў Лідзе прайшоў другі этап Міжнароднага фестывалю-ультрамарафону "Самапераадоленне". Ідэолагам і асноўным арганізатарам Лідскага ультрамарафону выступаў старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ, рэкардсмен Беларусі Лявон Анацка.

11 кастрычніка 2018 года ў офісе ТБМ у Менску адбылася прэзентацыя новага сайта газеты "Наша слова" nslowa.by. Рэдактар газеты і сайта Станіслаў Суднік распавёў пра накіраванасць праекту, пра перспектыву пераходу толькі на электроннае выданне ў будучыні, тэматыку і развіццё, фактычна, новага навінавага партала.

У красавіку 2019 года старшыня Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Лявон Анацка прабег 1079 км за 10 сутак на 24-м штогадовым 10-дзённым забегу імя Шры Чынмоя ў ЗША і стаў другім сярод 34 удзельнікаў узростам ад 26 да 71 года з самых розных краінаў.

2 чэрвеня 2019 года ў беларускім цэнтры пры саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася сустрэча з гасцямі з Беларусі - Уладзімірам Сіўчыкавым і старшынём Лідскай арганізацыі ТБМ Лявонам Анацкам.

11 чэрвеня 2019 года ў дзіцячым летніку "Тэхнасіці" на базе Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці прайшло свята беларускай мовы, гісторыі і культуры. Гасцямі свята былі запрошаны рыцарскі клуб гістарычнай рэканструкцыі "Залаты леў" і сябры Лідскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

22 чэрвеня 2019 года аграсядзіба "Гасьціна" і Ёдкаўская суполка ТБМ Лідскай арганізацыі прымалі ахвочых адсвяткаваць Купалле пад жывую музыку.

24 ліпеня 2019 года намаганнямі Лідскай арганізацыі ТБМ на Нёмане было адкрыта праваслаўнае беларускамоўнае паселішча "Шляхам Ефрасінні Полацкай".

27 ліпеня 2019 года на Лідчыне традыцыйна прайшло пад знакам ушанавання памяці паўстанцаў 1863 года. Урачыстасці пачаліся з імшы ў паўстанцкай капліцы ў былым засценку Станкевічы. Служыў імшу ксёндз Андрэй з касцёла Спаслання Святога Духа г. Бярозаўкі. Пасля імшы быў асвечаны крыж на магіле паўстанцаў 1863 года, адноўлены вясной гэтага года ў былым фальварку Стрэліца. Пасля Стрэліцы сябры розных груп грамадскасці наведалі мемарыял у Шчытніках паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі. Сюды таксама прывезлі зямлю з віленскіх магіл.

І апошнім пунктам стаў млын у Дворышчы, дзе была адкрыта першая ў Беларусі арт-выстава, прысве-чаная паўстанню 1863 горда на Лідчыне. Арт-выстава - гэта шэсць вялікіх пластыкавых планшэтаў на стойках. Тут дзясяткі партрэтаў, да сотні імёнаў і вялікі аб'ём інфармацыі.

У ліпені 2019 года старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Лявон Анацка правёў касметычны рамонт св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне і расчыстку тэрыторыі ля помніка Беларускім Змагарам у Саўт Рывары ў штаце Нью Джэрсі.

У жніўні 2019 года недалёка ад канадскай мяжы, на поўначы штата Нью-Ёрк, поблізу ад Ніягарскага вадаспаду Лявон Анацка прыняў удзел у марафоне на 100 міль (160 км) (none-stop) без перадыху.

Юбілеі:

23 сакавіка 2018 года на Лідчыне сябры ТБМ і БНФ усталявалі памятны камень - "100 год БНР".

24 сакавіка 2018 года, напярэдадні Дня Волі актывісты ТБМ і іншых грамадскіх арганізацый з Лідчыны, а таксама сябар ТБМ Віталь Куплевіч з Радуні наведалі памятныя мясціны, звязаныя з нацыянальным беларускім адраджэннем.

Святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2018 года ў Лідзе арганізоўваў Лідскі гістарычна-мастацкі музей сумесна з Лідскай гарадской арганізацыяй ТБМ. Ліда - адзіны горад у краіне, дзе святкаванне юбілею БНР ладзіла выключна дзяржаўная структура, грамадскасць актыўна дапамагала.

Стагоддзе БНР - падзея, пра якую варта нагадваць і нагадваць. Сябры ТБМ з Лідчыны, Бярозаўкі, Менска, Гародні адправіліся 21 верасня 2018 года Нёманам у 100-кіламетровае падарожжа на зробленых уласнымі рукамі плытах у гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Плыты «25 сакавіка» (дзень абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі) і «27 ліпеня» (дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР) майстравалі амаль месяц, а само падарожжа па Нёмане заняло каля тыдня.

22 кастрычніка 2018 года на аграсядзібе "Гасьціна" ў в. Пескі Лідскага раёна актывісты лідскіх і бярозаўскіх арганізацый ТБМ адзначылі 100-годдзе ўтварэння першай беларускай арганізацыі ў Лідзе. Арганізацыя была створана 19 кастрычніка 1918 года героем Першай сусветнай вайны генерал-маёрам Я.А. фон Гротэ дэ Буко.

17 снежня 2019 года Лідскія арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны амаль на агульнабеларускім роўні адзначылі 30-годдзе дзейнасці ТБМ у Лідзе.

Юбілейная вечарына адбылася на сцэне Лідскай дзіцячай школы мастацтваў. Дзве гадзіны гледачоў, якія завіталі на юбілейнае мерапрыемства, радавалі мясцовыя калектывы: знакамітая "Лідчанка" з Палаца культуры - прызёр конкурсу "Песні маёй краіны" , "Вербіца" - калектыў Лідскага музычнага каледжа, у складзе якога на сцэну выйшла і "Міс Лідчыны - 2019" Настасся Дамуць, украінскі народны гурт "Смірычка" і найлепшы фальклорны калектыў рэгіёна "Талер" Лідскага Дома рамёстваў. Песні, прысвечаныя роднай мове і Беларусі, спявалі Сяржук Чарняк, Уладзімір Хільмановіч, Алесь Мацкевіч. Найвыдатнейшы дэкламатар паэтычных твораў, сапраўдны артыст Алег Лазоўскі чытаў творы Багушэвіча і Купалы.

Ад ветэранаў Лідскага ТБМ слова мела Марыя Іосіфаўна Ганчар, першы адказны сакратар Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ у тыя далёкія гады. Ад сучаснага кіраўніцтва Лідскага ТБМ прамаўляў Станіслаў Суднік.

Шчырыя словы ў адрас Лідскай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны казалі шматлікія госці: намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела Лідскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Кенць, дырэктар Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Вольга Раманаўна Троцкая, старшыня рэспубліканскай арганізацыі ТБМ Алена Анісім, намеснік старшыні Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ Сяргей Чыгрын, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ Валерый Петрыкевіч, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ Зінаіда Цімошык, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ, прафесар Аляксей Пяткевіч.

Віталі лідскіх ТБМ-аўцаў таксама прадстаўніца Таварыства польскай культуры на Лідчыне Ганна Комінч і кіраўнік Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка. Было зачытана віншаванне ад вялікіх патрыётаў Беларусі прафесараў Леаніда Лыча і Міколы Савіцкага з Менска.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы разгарнула перасоўную выставу ТБМ-аўскай тэматыкі, а Слонімская раённая арганізацыя ТБМ узнагародзіла ветэранаў Лідскага ТБМ юбілейнымі керамічнымі медалямі.

17 сакавіка 2020 года споўнілася 30 гадоў з моманту выхаду першага нумара тады яшчэ бюлетэня "Наша слова".

У ліпені 2020 года споўнілася 25 гадоў гуртку "ЭЛЕКТРОНІКА" пры Лідскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці - РЦТТ. Гэта гурток тэхнічнай накіраванасці і ў той жа час беларускамоўны.. Уся дакументaцыя, запісы ў журналах, рэклама, аб'явы выконваюцца на беларускай мове. Калектыў цэнтра таксама напалову беларускамоўны, і ёсць пастаянная падтрымка адміністрацыі.

Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага і напісанне Агульнанацыянальных дыктовак набылі на Лідчыне непараўнальны ні з чым размах.

2018 год.

У Лідскім раёне 11-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі 34 установы агульнай сярэдняй адукацыі: школы, гімназіі, ліцэй. Пісалі дыктоўку ў 17 населеных пунктах. У цэлым у дыктоўцы ўзялі ўдзел 4957 вучняў, што на 51 чалавека менш, чым летась, але сёлета 21 лютага прыпала на перыяд успышкі захворванняў, таму можна лічыць, што ўзровень актыўнасці захаваўся.

Дыктоўку пісалі многія бібліятэкі клубы, дзве арганізацыі БРСМ, Лідская гарадская і Бярозаўская гарадская арганізацыі ТБМ

Дыктоўку пісалі ў кавярні "Сentral Coffee", у музеі, у Ліцэі меліярацыі.

Прайшлі святочныя канцэрты ў палацах культуры Ліды і Бярозаўкі.

Усяго ў Лідскім раёне дыктоўку пісалі 5,5 тысяч чалавек.

2019 год.

На Лідчыне 12-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі каля 9700 чалавек, у мерапрыемствах да Міжнароднага дня роднай мовы ўдзел бралі каля 12000 чалавек.

У выніку мы маем дзяржаўную, узважаную пазіцыю лідскіх уладаў у пытанні стаўлення да беларускай мовы. Тут не паўтараюць абсалютна правільную мантру: "Калі мы страцім беларускую мову, мы перастанем быць беларусамі". Тут хоць нешта робяць, каб гэтага не адбылося.

Канешне, нічога экстаардынарнага, але на Лідчыне ўжо ёсць гэты дзень і гэтыя 12 тысяч. Ён ёсць ужо чатыры гады. Там было 5000, 6000, 5500 удзельнікаў дыктоўкі, сёння маем 9700. І ёсць ужо іншыя раёны, якія рухаюцца ў тым жа кірунку. І ёсць вакол "песні жальбы", што ўсё прапала.

2020 год.

У пяты раз Лідчына масава пісала Агульнанацыянальную дыктоўку. Сёлета яна складалася як бы з чатырох частак:

- дыктоўка Гарадзенскага аблвыканкама;

- дыктоўка Лідскага райвыканкама;

- дыктоўка Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы;

- дыктоўка ТБМ.

Але ўсё гэта - тое самае.

Лідскія школы далі 8578 удзельнікаў дыктоўкі.

Два лідскія каледжы далі 362 удзельнікі.

Два прафесійныя ліцэі далі 99 чалавек.

Клубы - 22 чалавекі.

Бібліятэкі - 70 чалавек.

Музей - 6 чалавек.

"Мова нанова" - 15 чалавек.

Бярозаўскае ТБМ - 8 чалавек.

Разам атрымалася 9160 чалавек.

Сюды трэба дадаць удзельнікаў дыктовак з прадпрыемстваў, а таксама 120 арганізацый БРСМ, якія далажылі ў раённы камітэт пра ўдзел у дыктоўцы. Такім чынам можам гаварыць недзе пра 9200 удзельнікаў 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне. У прынцыпе Лідчына захавала пазіцыі.

Што тычыцца Дня роднай мовы наогул, то тут таксама пазіцыі не страчаны. Свята зноў адзначалася ва ўсіх 50 дзіцячых садках, быў канцэрт у Палацы культуры, быў квэст, прайшлі мерапрыемствы ў Бярозаўцы і на вёсках.

Сёлета Лідская гарадская арганізацыя актыўна далучылася да арганізацыі Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Гарадзенскай вобласці. На Гарадзеншчыне дыктоўка праходзіла пры падтрымцы Гарадзенскага аблвыканкама, супрацоўнікі якога і самі прынялі чынны ўдзел у дыктоўцы.

Дыктоўка праходзіла ў асноўным у рамках акцыі "Беларусь помніць", і тэксты былі прысвечаны 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Усяго 13-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі недзе ў 227 населеных пунктах вобласці, на 380 пляцоўках (калі пляцоўкай лічыць школу, бібліятэку). Усяго дыктоўку ў вобласці пісалі каля 20 тысяч чалавек, з іх звыш 9000 - Лідскі раён, каля 1000 - Слонімскі раён. На жаль, палічыць вельмі дакладна не ўяўляецца магчымым.

У справаздачны перыяд Лідская гарадская арганізацыя ТБМ мэтанакіравана займалася пытаннямі захавання гістарычнай спадчыны і гістарычнай памяці.

7 і 14 кастрычніка 2017 года на Лідчыне прайшлі талокі па ўпарадкаванні мемарыялу "Крыжы" ў былой асадзе Шчытнікі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы. У талоках бралі ўдзел сябры БНФ і ТБМ з Лідскага раёна (Ліда, Шырокае, Бярозаўка, Беліца) пад кіраўніцтвам новага старшыні БНФ Лідскага раёна Сяргея Пантуса.

2 лістапада 2017 года сябры ТБМ і БНФ з Ліды ды Бярозаўкі адзначылі Дзень герояў. Актывісты вырашылі наведаць памятныя мясціны, якія ёсць у Лідзе, што так ці іначай звязаны са змагарамі за незалежнасць Бацькаўшчыны.

У канцы красавіка 2018 года сябры ТБМ з Лідчыны зладзілі азнаямленчую экскурсію па Івейскім і Валожынскім раёнах.

У пачтку траўня 2018 года Бярозаўская арганізацыя ТБМ выступіла ініцыятарвам устаноўкі помніка заснавальніку горада Юліюсу Столе;

У сярэдзіне ліпеня 2018 года паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы ў Лідскім раёне на месцы пахавання паўстанцаў 1863 года актывісты ТБМ Лідскага раёна ўстанавілі мемарыяльны знак.

5 жніўня 2018 года ў былым фальварку Шчытнікі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы адбылося ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года. Арганізатар імпрэзы Лідская гарадская арганізацыя ТБМ.

26 жніўня 2018 года ў горадзе Бярозаўка, што на Лідчыне, сябры ТБМ пачалі кампанію па зборы подпісаў за ўсталяванне помніка аднаму з заснавальнікаў шкляной вытворчасці ў гэтым месцы - Юліюсу Столе.

13 кастрычніка 2018 года ў Лідскім замку быў праведзены "круглы стол", прысвечаны гісторыі рэстаўрацыі гэтага легендарнага помніка архітэктуры. Прысутнічалі старшыня ТБМ Алена Анісім, ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, музейшчыкі, грамадскасць, адказныя асобы з мясцовых органаў улады, журналісты мясцовай тэлевізіі і друкаваных СМІ.

21 кастрычніка 2018 года актывісты лідскіх арганізацый ТБМ арганізавалі краязнаўчую экспедыцыю ў раён Станкевічаў і Стрэліцы. Леанід Лаўрэш знайшоў звесткі, што тут на кургане былі пахаваны паўстанцы 1863 года. Згаданы ў запісе курган быў заўважаны са Станкевічаў у раёне былой Стрэліцы за поймай рэчкі Голдаўкі. У раёне кургана, але не на самім кургане, стаіць высокае адзінокае дрэва, якое добра відно з усіх бакоў.

2 лістапада 2018 года з ініцыятывы актывіста ТБМ, гаспадара аграсядзібы "Гасьціна" Віталя Карабача і яго сяброў былі запалены знічы ў памяць святой асветніцы Беларусі і ўсіх нашых продкаў каля ўсіх ефрасіннеўскіх крыжоў на Лідчыне. У Лідзе іх - шэсць, і два - у раёне.

14 красавіка 2019 года гарадзенскія, лідскія і бярозаўскія актывісты, у асноўным усе сябры ТБМ, усталявалі крыж на магіле паўстанцаў 1863 года на кургане былога фальварка Стрэліца на Лідчыне.

20 красавіка 2019 года сябры ТБМ Лідчыны здзейснілі працоўна-пазнавальную выправу і ў вёску Суботнікі Івейскага раёна на радзіму вядомага палітыка, слыннага беларуса і нацыянальнага лідара Беларусі - Зянона Станіслававіча Пазьняка.

У першыя дні лістапада 2019 года грамадскія актывісты з Ліды і Бярозаўкі наведалі ў памятныя дні першых дзён лістапада месцы пахавання ўдзельнікаў паўстання 1863 года і дзеячаў беларускіх патрыятычных арганізацый.

22 лістапада грамадскія актывісты з Лідчыны, сябры ТБМ, як і збіраліся, прывезлі ў Вільню на перапахаване Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў таксама і зямлю з магілаў паўстанцаў на Лідчыне.

25 сакавіка 2020 года грамадскія актывісты, сябры БНФ і ТБМ, наведалі памятныя месцы і месцы пахавання змагароў за беларускую волю розных часоў - ад паўстання 1863 года да падзей Другой сусветнай вайны. Абавязковай часткай праграмы адзначэння Дня Волі было наведванне месца пахвання Міністра абароны Беларускай Народный Рэспублікі - генерала Кіпрыяна Кандратовіча.

Дзейнасць у літаратурным асяроддзі і праца з літаратарамі была значнай дзялянкай у дзейнасці арганізацыі.

У 2017-2018 гг. літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце" ўзначальваў сябар ТБМ Алесь Хітрун.

Разам з тым ТБМ вяло сваю самастойную працу на гэтым участку.

2017 год.

8 верасня ў Дзень беларускай вайсковай славы ў Лідскай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя ўнікальнага выдання - энцыклапедыі "Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы, маёнткі, фундацыі". Укладальік энцыклапедыі Яўстах Сапега. Кніга выйшла ў Менску ў выдавецтве Віктара Хурсіка.

17 верасня ў Беліцкай СШ Лідскага раёна адбылася літаратурная сустрэча, прымеркаваная да Еўрапейскага дня моваў.

20 кастрычніка гасцямі вучняў Бердаўскай і Першамайскіх школаў Лідскага раёна сталі паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч.

11 лістапада ў Лідскім політэхнічным ліцэі прайшла літаратурная імпрэза да 135-годдзя з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа.

2018 год.

4 лютага адбылася творчая паездка сяброў ТБМ і літаратурнага аб'яднання "Суквецце" ў горад Наваградак.

7 лютага "Наша слова" надрукавала сцэнар урачыстага святкавання ў школе 100 гадоў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (100 гадоў БНР) "БЕЛАРУСЬ ЖЫВЕ ВЕЧНА!" Аўтар Алег Лазоўскі, г. Ліда.

10 лютага сябры Саюза беларускіх пісьменікаў і лідскага ТБМ Станіслаў Суднік і Леанід Лаўрэш здзейснілі краязнаўчую паездку ў вёску Пагародна ў Воранаўскім раёне. Пісьменнікі правялі літаратурна-краязнаўчую сустрэчу з вучнямі школы.

28 лютага ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі прайшла прэзентацыя кнігі сябра ТБМ Леаніда Лаўрэша "Шэпт пажоўклых старонак".

7 красавіка ў вёсцы Ёдкі, каля ўсталяванага да стагоддзя БНР памятнага каменя, сябры ТБМ, актывісты з Ліды і Бярозаўкі чыталі вершы Ларысы Геніюш, спявалі песні на яе словы, прагадвалі яе біяграфію, а таксама тых, хто змагаўся за БНР;

14 чэрвеня сябры лідскіх арганізацый ТБМ і рэдакцыі газеты "Наша слова" былі запрошаны на свята беларускай мовы ў летнік "Тэхнасіці" пры Лідскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці.

25 жніўня ў арт-прасторы GA11ERY (Галерэя 11) у Лідзе па Міцкевіча, 31 прайшлі прэзентацыі чарговай кнігі даследчыка, краязнаўца і пісьменніка сябра ТБМ Леаніда Лаўрэша - "Генерал, які дайшоў да Беларусі" і вершаванага аповеда "Пілігрымка дадому" старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслава Судніка.

У канцы лістапада на Лідчыне прайшлі чарговыя літаратурныя сустрэчы. Сюды завіталі паэт і бард, рэдактар літаратурнага часопіса для маладых "Верасень" Эдуард Акулін і паэт-песеннік, сталы аўтар часопіса "Верасень" Леанід Дранько-Майсюк.

12 снежня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі Лідскія літаратурныя зазімкі, прысвечаныя 220-м угодкам з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

2019 год.

16 і 17 студзеня выдатная беларуская спявачка, папулярызатарка беларускай літаратуры Таццяна Грыневіч-Матафонава наведвала Лідчыну Адбыліся адразу тры імпрэзы.

17 красавіка ў рамках чарговага паседжання літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" адбылася прэзентацыя кнігі вершаў лідскага паэта, сябра Лідскай гарадской рады ТБМ Міхася Іванавіча Мельніка "З табою".

6 ліпеня ў канферэнц-зале Лідскага замка прайшла прэзентацыя Збору твораў Міхала Шымялевіча, якая распачала серыю "Лідскі кнігазбор".

17 жніўня сябры Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ узялі ўдзел у Гарадзенскім абласным свяце паэзіі ў Зачэпічах.

24 верасня ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 прайшла творчая сустрэча з рэдактарам газеты ТБМ "Наша слова" Станіславам Суднікам з нагоды 30-годдзя ТБМ.

29 верасня сябры ТБМ, і не толькі, у асноўным з Нясвіжскага раёна (Нясвіж, Карцэвічы, Гарадзея, Навасёлкі), а і з Менска (старшыня ТБМ Алена Анісім) наведалі вёску Сейлавічы Нясвіжскага раёна, дзе ўзялі ўдзел у прэзентацыі кніжкі Станіслава Судніка "Пілігрымка дадому".

15 кастрычніка адбылася першая сустрэча ў літаратурна-музычным салоне "Над Лідзейкай". Сустрэча прайшла ў канферэнц-зале Лідскага замка. Праграму "Беларускім шляхам" прадстаўлялі паэт Станіслаў Суднік і бард Сяржук Чарняк.

22 кастрычніка Лідчыну наведалі адзін з найлепшых паэтаў Беларусі Міхась Скобла і знакамітая спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава. На гэты раз госці наведалі школу в. Дворышча. Тут да іх далучыўся тутэйшы краязнавец 78-гадовы Віктар Іванавіч Кудла. Другая сустрэча адбылася ў Лідскім політэхнічным ліцэі.

22 кастрычніка прайшла другая сустрэча ў літаратурна-музычным салоне "Над Лідзейкай". Сустрэча ізноў адбывалася ў канферэнц-зале Лідскага замка і мела назву "Сцежкі малой радзімы". Гасцямі салона на гэты раз былі выдатны беларускі паэт Міхась Скобла і слынная спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава.

12 лістапада слонімскія літаратары Сяргей Чыгрын, Мікола Канановіч, Святлана Адамовіч і Надзея Салейка наведалі Лідчыну. Іх запрасілі на сустрэчу з чытачамі ў Беліцкую сярэднюю школу і ў літаратурна-музычны салон "Над Лідзейкай" Лідскага замка.

26 лістапада на Лідчыне прайшоў чарговы цыкл літаратурна-музычных сустрэч. На гэты раз імпрэзы пад агульным тытлам "З-пад гары Міндоўга" прайшлі ў Бярозаўскай СШ № 2, у Мінойтаўскай СШ і ў канферэнц-зале Лідскага замка.

23 снежня ў Слуцкім таварыстве беларускай мовы выступіў бард з Ліды, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Чарняк.

2020 год.

18 сакавіка ў 11-й школе горада Ліда адбылася чарговая сустрэча вучняў з выпускніком 1980-га года гэтай школы, пісьменнікам Леанідам Лаўрэшам.

Дзейнасць у вышэйшых органах ТБМ

На працягу справаздачнага перыяду старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік быў сябрам рэспубліканскай Рады ТБМ і намеснікам старшыні ТБМ.

Старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка быў сябрам Гарадзенскай аб-ласной рады ТБМ.

Палітыка.

Сябры ТБМ Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Сябры ТБМ рэгулярна займаюцца назіраннем на выбарах, у тым ліку і на апошніх.

ЗАДАЧЫ НА НАСТУПНЫ ПЕРЫЯД:

- захаваць "Наша слова";

- беларусізацыя адукацыі, задачы пастаянныя;

- маркіроўка і рэклама тавараў;

- захаванне нацыянальнай памяці;

- ініцыяцыя і падтрымка гарадскіх і раённых праектаў (ратуша, помнік Ю. Столе ў Бярозаўцы, сядзібы);

- асаблівая ўвага на аднаўленне арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа - гэта нашая будучыня;

- ініцыятыва па перайманні Лідскім каледжам спадчыны Лідскага піярскага калегіюма і ўстаноўкі помніка Ігнату Дамейку і Тодару Нарбуту.

- арганізацыйная дзейнасць па замацаванні ў традыцыйных нашых асяродках (музвучэльня, тэхнічныя ліцэі, школы);

- замацаваць традыцыю адзначэння Еўрапейскага дня моваў.

- заставацца ў прававым полі, бо кожны выхад за межы мае негатыўныя наступствы.

Бліжэйшая задача - устаноўка крыжа ў Беліцы.

(Скарочана. Поўны тэкст будзе апублікаваны на nslowa.by.)

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя Слонімскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы"

3 верасня ў Слоніме адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Слонімскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

На павестку дня паседжання былі вынесены наступныя пытанні:

1. Справаздача старшыні арганізацыі.

2. Справаздача рэвізора.

3. Выбары старшыні.

4. Выбары рады.

5. Выбары дэлегата на Гарадзенскую абласную канферэнцыю ТБМ 20 верасня.

6. Рознае.

Быў заслуханы справаздачны даклад старшыні Слонімскай раённай арганізацыі ГА ТБМ Святланы Бушчык.

Праца Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ прызнана здавальняючай.

Даклад рэвізора Уладзіміра Літвіна прыняты да ведама.

Старшынём Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ абраны Сяргей Чыгрын. Намеснікамі - Святлана Бушчык і Уладзімір Кавальчук.

У Слонімскую раённую раду ўвайшлі акрамя старшыні:

1. Святлана Бушчык

2. Іван Бедка

3. Уладзімір Кавальчук

4. Мікалай Барысік

На Гарадзенскую абласную канферэнцыю абраны Сяргей Чыгрын.

Справаздача аб дзейнасці сяброў Слонімскай арганізацыі ТБМ

2019 год

Сябар ТБМ Сяргей Чыгрын сустракаўся з літаратурным аб'яднаннем "Купальскія зоры" (Баранавічы).

Сябры Слонімскага ТБМ прымалі ўдзел у фестывалі "Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку".

Сябры ТБМ арганізавалі імпрэзу і памянулі Міхала Валовіча ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна, аднаго з кіраўнікоў паўстання на Беларусі ў 1830-1831 гадах.

Сябры ТБМ прымалі ўдзел у Ганненскім кірмашы ў Зэльве і наладзілі там гандаль беларускімі кнігамі.

Сяргей Чыгрын прымаў удзел у "круглым стале" да Дня беларускага пісьменства.

Сябры ТБМ наладзілі творчую вечарыну Міколы Канановіча ў вёсцы Вострава Слонімскага раёна. Вядоўцай вечарыны была кіраўнік Слонімскага ТБМ Святлана Бушчык.

Выйшаў літаратурны альманах слонімскіх літаратараў "Паланэз", дзякуючы ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны".

Сябры ТБМ наладзілі прэзентацыю кнігі берасцейскай паэткі Святланы Варонік "Пацеркі даверу" ў слонімскай кніжнай краме "Санет".

Сябры ТБМ прынялі ўдзел ва ўшанаванні Ларысы Геніюш у Зэльве.

Сябар ТБМ Сяргей Чыгрын выдаў набор паштовак "Пісьменнікі слонімскай зямлі".

Усе сябры Слонімскай суполкі ТБМ прымалі актыўны ўдзел у Дні беларускага пісьменства і друку, які адбыўся ў Слоніме на пачатку верасня.

Сябры ТБМ упарадкавалі магілу доктара філалагічных навук пісьменніка Міколы Арочкі ў вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна.

Сябры ТБМ прынялі ўдзел у Коласаўскіх чытаннях, якія адбыліся ў Слоніме.

Сяргей Чыгрын падрыхтаваў серыю кішэнных каляндарыкаў з выявамі слонімскіх літаратараў.

Сябры ТБМ прынялі ўдзел у Гародні ва ўшанаванні забытых літаратараў.

Сябры ТБМ Надзея Салейка, Святлана Бушчык, Мікола Канановіч і Сяргей Чыгрын прэзентавалі альманах "Паланэз" у Дзятлаве.

Сябры ТБМ прымалі ўдзел у вечарыне з нагоды 80-годдзя паэта Зьніча.

Сябры ТБМ прымалі ўдзел у вечарыне, прысвечанай 30-годдзю Лідскай арганізацыі ТБМ.

Сябар ТБМ Іван Бедка выдаў у Менску кнігу-хроніку пра дэмакратычны рух на Слонімшчыне.

2020 год

Сябры ТБМ разам са слонімцамі шырока адзначылі Дзень роднай мовы дыктоўкамі і сустрэчамі.

Кіраўнік Слонімскай суполкі ТБМ Святлана Бушчык падрыхтавала і выдала кніжку вершаў "Душа роднай мовы", куды ўвайшлі вершы слонімскіх паэтаў пра родную мову.

Сябры ТБМ наведалі магілу паэта, вязня сталінскіх лагераў, былога кіраўніка падпольнай "Чайкі" Васіля Супруна і ўсклалі кветкі.

Праца сябра ТБМ Сяргея Чыгрына ў двух кнігах "Гістарычная мазаіка Слонімшчыны" названа лепшай краязнаўчай кнігай апошніх гадоў.

Сябра ТБМ Сяргей Чыгрын выдаў дзве паштоўкі, прысвечаныя Аляксею Карпюку і Васілю Быкаву.

Сябры ТБМ ушанавалі ў вёсцы Парэчча памяць Міхала Валовіча.

У вёсцы Азярніца Слонімскага раёна ўшаноўвалі паэта Гальяша Леўчыка. У вечарыне прымаў удзел і Сяргей Чыгрын.

Сябры ТБМ прынялі ўдзел у паэтычнай сустрэчы каля фантана ў слонімскім парку.

Усе сябры ТБМ прынялі ўдзел у сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланай Ціханоўскай.

Сябра ТБМ Сяргей Чыгрын выдаў кнігу "Вяртанне да Ларысы Геніюш" і прэзентаваў яе ў Зэльве 15 жніўня.

Сябры ТБМ прынялі ўдзел у Гарадзенскім абласным свяце паэзіі ў Зачэпічах Дзятлаўскага раёна.

САРАМЯЖЛІВЫ ІНТЭЛЕКТУАЛ

Да 75-годдзя з дня нараджэння Рыгора Семашкевіча

ВІЗІТНАЯ КАРТКА. Рыгор Міхайлавіч Семашкевіч. Нарадзіўся 12 верасня 1945 года ў вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям'і. Беларускі пісьменнік, літаратуразнавец і крытык. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў дырэктарам Малінаўскай васьмігодкі Смаргонскага раёна. Пасля аспірантуры выкладаў у БДУ беларускую літаратуру. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Член Саюза пісьменнікаў СССР.

Дэбютаваў вершамі ў 1960-м. Аўтар зборнікаў паэзіі "Леснічоўка" (1968), "Субота" (1973), аповесці "Бацька ў калаўроце" (1976), кнігі "Лічыла дні зязюля" (1987), зборніка прозы "Выпрабаванне любоўю" ( 1982).

Памёр 11 чэрвеня 1982 года.

АДКАЗАЦЬ АДНАЗНАЧНА, калі я ўпершыню пачуў імя Міхася Чарота - не бяруся. А вось з ягонай цікавай творчасцю падрабязна пазнаёміўся ў 1970-м, падчас другога семестра першага курса любімага журфака.

Беларускую літаратуру ў нас выкладаў сутулы, хударлявы, занадта сціплы і сарамлівы малады дацэнт Рыгор Семашкевіч. Я тады даведаўся, што ў свае 27 на ягоным творчым рахунку былі ўжо вершаваны зборнік "Леснічоўка" і дзве даследчыя працы: "Браніслаў Эпімах-Шыпіла" ды "Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу". Толькі больш за гэта нас тады цікавіла тое, што ён - зяць самога Янкі Брыля!

Звычайна без асаблівага ўздыму і захаплення, спакойна і сцішана вядомы пісьменнік і літаратуразнавец распавядаў пра чарговага літаратара ці ягоны твор. Калі ж чарга дайшла да Чарота, ён імгненна ператварыўся. Спіна заўважна выпрамілася, плечы нібы сталі на сваё месца, словы атрымліваліся куды больш чутнымі, выразнымі і пераканаўчымі. Раней гэтак уважліва мы яго не слухалі. Рыгор Міхайлавіч часцей папраўляў свае ўжо не першыя акуляры, ускідваў у іх вочы пад столь і скідваў адтуль на нашыя галовы тое, што цяжка забыць: і "шчырасць пачуццяў", і "высокі грамадзянскі дух", і "ўсёпераможны аптымізм", і "ўсход надзеі", і "зорны небасхіл"… Карацей, словы і сімвалы, якія "ўвасаблялі запаведную мару рэвалюцыйнага народа". Асабліва зацікавіў расповед пра два вершы Чарота. Першым быў "Суровы прыгавор падпісваю першым". Твор, які не друкаваўся нідзе з 1930 года, калі ад яго трапяталі старонкі "Полымя" і "Маладосці":

Чаго хацелі вы? Якое мелі права

Крывёю гандляваць

працоўных Беларусі?

Прыйшла на вас суровая расправа,

Перад судом віну

прызнаць прымусім.

Вы прытаіліся пад венікам, як мышы,

Каб зноў паўзці на вольныя загоны,

Вы марылі ўзабрацца на ўзвышша

І дыктаваць драпежныя законы.

Наш смелы крок -

узвышша зараслося,

Законы піша дыктатура працы.

Выкрывальны верш адрасаваўся, уражваў нас Семашкевіч, выдатнаму пісьменніку, крытыку, публіцысту і вучонаму Вацлаву Ластоўскаму, аднаму з прызнаных творцаў у гісторыі нашай культуры Максіму Гарэцкаму, заснавальнікам літаб'яднанняў "Маладняк" і "Узвышша" Язэпу Пушчу і Алесю Дудару. Апошняга, дарэчы, за ненадрукаваны верш "Пасеклі край наш папалам…" выслалі ў 1928-м на тры гады ў Смаленск, а праз дзесяць гадоў расстралялі. Іх ды іншых Чарот асуджаў за нацдэмаўшчыну. Яны былі арыштаваны вясной і летам 1930 года ў ліку дзеячаў беларускай навукі і культуры па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Многіх рсстралялі, іншыя згінулі ў розных лагерах.

І другі верш, напісаны ўжо ў турме, стаў, падкрэсліваў Рыгор Міхайлавіч, споведдзю не толькі перад сабой, але і перад усім сваім народам, якому зычыў працвітання і шчасця. Тым, хто гэтага не чуў, немагчыма нават уявіць твар Семашкевіча, калі ён чытаў нам радкі Чарота:

Я вам не здрадзіў,

Не зманіў,

Бо славіў наш савецкі будзень,

Свой верш сардэчнай чысціні

Ахвяраваў я родным людзям.

Я не чакаў

І не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, -

Кажу вам: я не вінаваты!

Паверце - я не вінаваты!

НЕ МОГ настаўнік не распавесці, вядома ж, і пра "Босых на вогнішчы"… Трохкроп'е тут таму, што менавіта гэтая паэма трапіла мне на будучым экзамене. Увогуле падрыхтаваўся нядрэнна. Уважліва прачытаў-перачытаў твор - пра пажар на Усходзе, пра агонь, у якім марнее ўсё, што збіралі вякамі. Асабліва ўрэзалася пра знішчэнне таварышамі з дымам памяці мінулага - цэркваў, палацаў і харомаў, пра што некаторыя мараць і сёння. Дарэчы, прыхапіў з сабой сшытак з лекцыямі, сярод якіх была і Семашкевічава. Ведаў, што яму падабаецца, калі за ім запісваюць і на яго спасылаюцца.

І вось, адказваючы на білет, пасля таго, як дайшоў да тых пабудоў, што разбураюцца і гараць у агні, - не змог далей гаварыць. Мне стала натуральна дрэнна (і сёння дрыжыкі па целе) не толькі маральна, але і фізічна. Аднагрупнік, з якім мы падчас вучобы моцна сябравалі (павінен быў адказваць за мной), так перапужаўся, што кінуў рыхтавацца, падбег да графіна і наліў мне вады. Разгубіўся і Семашкевіч, пачаў нярвова і хуценька праціраць шкельцы акуляраў.

Я ўсё ж узяў сябе ў рукі і працягнуў адказваць. Мае дзяды і бабулі былі вернікамі. У якаўлевіцкай і анікавіцкай хатах на мяне глядзелі з дзяцінства божыя абразы, перад якімі, асабліва бабулі Акуліна і Марыя, заўсёды ўтрапёна маліліся. Ды і расказы дзядоў Ільі, які сябраваў з Янкам Купалам, і Лукі добра памятаў. Да таго ж, для добрай адзнакі вырашыў "здзівіць" Семашкевіча тым, што сам пішу вершы, што яны друкаваліся ў вайсковай і раённай газетах. Але падобнае на тое, што напісаў Чарот, не напісаў бы ніколі - ні тады, ні сёння…

- У якім сэнсе? - інтэлегентна-рашуча ўскінуў вочы пад дах аўдыторыі Рыгор Міхайлавіч.

- Шкада ж усяго, што гіне, людзі ж будавалі, верылі, спрачаліся, спадзяваліся… Вы ж самі казалі, вось я занатаваў у сшытку (паказаў, дазвалялася прыносіць, але не карыстацца падчас адказу), што ў творчасці павінны быць стваральныя матывы.

Цяпер ужо ваду піў выкладчык. Хлапец, не буду называць яго прозвішча, які сядзеў за маім сябрам, схапіўся за галаву, ён пазней працаваў зусім не ў журналістыцы, тым больш, не ў літаратуры. Семашкевіч задаў гэткае дадатковае пытанне, на якое я адказу не знайшоў і ўбачыў у залікоўцы тлустую, першую і апошнюю за ўсю вучобу, "тройку"… Пазней мы сустракаліся, нібы нічога "дрэннага" не здарылася...

ЧАСТА ЎСПАМІНАЮ я пра тую адзнаку. Перадусім яна нагадвае мне незабыўнак знаёмства з удумлівым і дасціпным (прачытаў, акрамя ўсяго, амаль усе ягоныя творы) літаратарам, якога Рыгор Барадулін называў самым сарамяжлівым інтэлектуалам. Па словах Рыгора Іванавіча, дакладнага на радок і водгульнага ў часе на думку паэта, артыстычнага эсэіста, празаіка, тонкага гумарыста і ўедлівага сатырыка, Семашкевіча паважалі і "непрыхавана пабойваліся намнога старэйшыя за яго ўзростам, і, калі можна так сказаць, стажам у літаратуры. Думка ягоная была пільная, прадбачлівая, руплівая, вынашаная пад сэрцам і ўзважаная розумам, а таму і непахісная, вогнетрывалая".

Застаецца пагадзіцца з дзядзькам Рыгорам, што Рыгор Семашкевіч - адна з апостальскіх фігур у нашай літаратуры.

Уладзімір Барысенка.

Меркель перасцерагла Пуціна ад сілавога ўмяшання ў канфлікт у Беларусі

Навіны Германіі

Канцлер ФРГ Ангела Меркель, выступаючы на штогадовай летняй прэс-канферэнцыі, заявіла, што абмяркоўвала з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным сітуацыю ў Беларусі.

Па яе словах, перадае DW, было падкрэслена неабходнасць паважаць суверэнітэт Беларусі і што людзі павінны мець магчымасць ісці сваім шляхам.

Меркель таксама перасцерагла Расію ад сілавога ўмяшання ў сітуацыю ў Беларусі, бо ўдзельнікі мірных пратэстаў павінны мець магчымасць выступаць за свае "правы і свабоды без умяшання звонку".

Меркель раскрытыкавала і зробленую напярэдадні заяву расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пра стварэнне рэзерву з ліку расійскіх сілавікоў, якія могуць быць скарыстаны для задушэння пратэстаў у Беларусі.

- Я спадзяюся, што такія сілы не будуць задзейнічаны, - падкрэсліла канцлер.

"КАСТРАВІЦКІЯ"

да 140-годдзя Гіёма Апалінэра

10 верасня 2020 г. у 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё літаратурна-дакументальнай экспазіцыі "КАСТРАВІЦКІЯ", прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Гіёма Апалінэра.

Шляхецкі род Кастравіцкіх у ХІХ ст. даў дзве знакавыя асобы, творчасць якіх паўплывала на далейшае развіццё беларускай і еўрапейскай літаратуры і культуры ХХ ст.

Гіём Апалінэр (сапр. Гіём-Альберт-Уладзімір-Аляксандр-Апалінарый Кастравіцкі; 26.08.1880 - 9.11.1918) - паэт, мастацтвазнавец, графік, удзельнік суполкі "Манпарнас" (Montparnasse) разам з Пабла Пікаса, Андрэ Брэтонам, Андрэ Дарэнам, П'ерам Рэвердзі, Жанам Както, Маркам Шагалам, Анры Русо і інш., аўтар тэрміна "сюррэалізм", адзін з самых вядомых эксперыментатараў у літаратуры ХХ стагоддзя.

Карусь Каганец (Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі (29.01 (10.02).1868 - 20.05.1918) - паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ ст.

І сёння род Кастравіцкіх працягваецца ў сям'і Мачарскіх, падданых Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. На адкрыцці выставы "КАСТРАВІЦКІЯ" да прысутных звернецца нашчадак роду па матчынай лініі Джэрэмі Мачарскі - аўтар кніг "A Man of Power and a Goblin on a Fork" ("Асілак і гарэза") і "The Flight of Eagles" ("Палёт арлоў"), якія распавядаюць пра гісторыю яго сям'і, знакамітых продкаў. Кнігу "Паэзія ў крыві" ("The Poetry in the Blood") Джэрэмі ўклаў не толькі з твораў Гіёма Апалінэра і Каруся Каганца, а і іх нашчадкаў, таксама не абдзеленых літаратурным талентам.

Побач з прадметамі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і рэчамі сям'і Мачарскіх у экспазіцыі "КАСТРАВІЦКІЯ" будуць прадстаўлены матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прыватных калекцый.

Мерапрыемства адбудзецца пад патранатам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Для наведвальнікаў экспазіцыя будзе дзейнічаць з 11 верасня 2020 г.

Запрашаем у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры па адрасе: г. Менск, вул. М. Багдановіча, 13.

Тэлефон для даведак: (017) 334-56-21.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові.Частка ІІ

Віктар Шніп

Шаноўныя чытачы. Пакуль мы друкавалі, а вы чыталі велічныя балады Віктара Шніпа, паэт вырашыў запоўніць некаторыя прабелы ў сваім "Пантэоне...". Вельмі хацелася б думаць, што менавіта друк "Пантэона..." ў "Нашым слове" зрушыў Віктара Шніпа да працягу творчага вычыну.

БАЛАДА ЛАЗАРА БОГШЫ (12 стагоддзе)

Ты думаеш, ты молішся і мала спіш,

Для Ефрасінні Полацкай ствараеш крыж.

Хрыстова кроў і золата з'яднаны ў ім,

Святыя мошчы, ніткі срэбра, што як дым

Ад ладана, каменьчыкі каштоўныя

І таямнічыя, і непаўторныя…

І будзе ў крыжа моцны назаўжды заклён -

Хто гэты крыж скрадзе,

няшчасным стане ён.

І крыж скрадуць, але не заўтра, праз вякі,

Як прыдзе час бязбожны, цёмны і цяжкі.

Але і скрадзены ахоўным будзе ён

Для той зямлі, дзе, як агонь блакітны, лён,

Дзе курганы сівыя, да нябёс дубы

І дзе народ жыве цярплівы, не сляпы…

Ты думаеш, ты молішся і мала спіш,

Для Ефрасінні Полацкай ствараеш крыж -

Для Беларусі будучай ахоўны крыж.

29.05.2020 г.

БАЛАДА ЯНА ВІСЛІЦКАГА (1485 - 1520)

Не кожны здольны крыжакоў перамагчы,

І слаўнай перамозе ўжо не першы год.

Кружляюць

па-над полем бітвы крумкачы,

І не расце ні лес на полі, ні асот.


І ты да Грунвальда прыехаў, каб пачаць

Вялікую паэму "Пруская вайна".

І чуеш ты як коп'і ломяцца, трашчаць,

І бачыш рыцараў жалезная сцяна


Крывавіцца, знікаючы ў агонь-траве,

А ў водах Віслы тонуць людзі, коні, кроў

Па хвалях пеністых у небыццё плыве.

З'ядналіся харугвы з крыламі вятроў.


Нябёсы зачарнеліся ад лёту стрэл,

Мігцяць маланкамі халоднымі мячы.

І ўжо ідуць у наступ воі ВКЛ,

Ім сёння крыжакоў навек перамагчы.


Уноч з-пад Грунвальда вяртаешся дамоў,

Паэму пачынаеш і глядзіш у свет,

І бачыш там - на языках сівых ваўкоў

Іскрацца зоры, як былое бітвы след.

14-15.07.2020 г.

БАЛАДА АСТАФІЯ ВАЛОВІЧА (каля 1520 - 20.11.1587)

Друкарня ў Нясвіжы, што ты фундаваў,

Друкуе на мове тутэйшае кнігі.

І шэпча пра гэта з вятрамі трава,

Нядаўна шаптаўшы пра тронаў інтрыгі.

З Сапегам Статут рыхтавалі, і ён

Надоўга Статутам найлепшым тут будзе.

Ды светлаю явай не стане твой сон,

Які табе сніцца, які сніцца людзям.

І ты ў свой тастамэнт ужо запісаў,

Каб волю далі ўсім нявольным, якія

Яе заслужылі ў цябе. І сляза

Па сэрцы бяжыць і на травы сухія

Спадае. Ізноў зелянее трава.

І ты на гаючыя травы ступаеш.

Над Княствам Вялікім яшчэ сінява

І сонца пакуль што яшчэ не знікае.

І ты адыходзіш да продкаў сваіх,

І продкі цябе сустракаюць і зоры

Спыняюць размовы, але ўсё ж праз міг

Ізноў пра цябе і Айчыну гавораць.

19.04.2020 г.

БАЛАДА ФЁДАРА ЕЎЛАШОЎСКАГА (7.02.1546-1616)

На беларускай мове пішаш успаміны,

І ёсць што ўспомніць,

ёсць пра што сказаць.

І ты жывеш у часе залатым Айчыны,

Якую анікому тут не зваяваць.

Яна вялікая - ад мора і да мора,

І любіш ты яе такую за князёў,

А болей за людзей, за рэкі і азёры,

Лясы і храмы, замкі, спевы салаўёў.

І ўжо ў былым цяпер усе твае пасады,

Жаданні-мроі маладыя - вандраваць,

Але шчаслівы ты, бо сёння маеш радасць

З сям'ёй быць дома і пісаць,

пісаць, пісаць.

Няхай не ўсё, што ты напішаш,

застанецца,

Ды застануцца дзённікі твае, дзе ты

З любоўю кажаш пра лясы, азерцы,

Пра непаўторны час Айчыны залаты…

Па-над тваім сталом гараць

спакойна свечкі,

А за вакном вятры і мокры лістапад,

І ноч глыбокая ўпадае ў вечнасць рэчкай,

Ты не самотны, што не вернецца назад.

2.05.2020 г.

БАЛАДА АНДРЭЯ РЫМШЫ (каля 1550 - пасля 1595)

Еўропу раздзіраюць войны, звады

І не паэты цэняцца - салдаты.

І не сядзіш ты за сталом, самотны,

І не рыфмуеш пра народ гаротны.

Ты пішаш пра князёў, пра Радзівілаў,

Пра рыцараў, якім Айчына міла.

Друкуешся ў Мамонічаў, па Вільні

Ідзеш няспешна ты без справаў пільных,

Бо ты сваё адваяваў, і вецер

Перад табою раздзімае вечар,

І зоркі па-над Вільняй залатыя,

Далёкія, ды толькі не чужыя,

Бо для паэта-рыцара нябёсы -

Паэзія - не адзіноты слёзы.

І прыдзе час, калі паэтаў словы

Каштоўней будуць, чым салдат галовы.

Ты думаеш пра гэта і ты верыш,

Што будзе так, бо нельга жыць без веры.

28.04.2020 г.

БАЛАДА ЛАЎРЭНЦІЯ ЗІЗАНІЯ (каля 1560 - каля 1634)

Ты сёння шчаслівы, ты - Слоў уладар,

Жывеш і працуеш у славу Айчыны.

Друкуецца ў Вільні наш першы буквар

З малюнкамі ў тэксце

з выданняў Скарыны.

Буквар беларусам, каб ведалі ўсе,

Што ёсць беларусы, і мова жывая

Не толькі ў Статуце, не толькі ў слязе,

Якую тутэйшы з крывёй пралівае

За Княства, якое ты любіш, і ты

Любоў не хаваеш, любоў не маркота.

У Вільні цяпер лістапад залаты,

І восень твой шлях асыпае лістотай.

І молішся ты, каб наш першы буквар

Меў добры працяг праз гады і стагоддзі,

Каб кожны, нібыта Скарына, друкар

Ішоў па жыцці і ў нябыт не сыходзіў.

І вецер спрабуе цябе зваліць з ног,

Але ён бяссілы, каб біцца з табою.

З табою Айчына, і воля, і Бог,

І кнігі з любоўю тваёй і душою.

26.05.2020 г.

БАЛАДА "ДОМА МАМОНІЧАЎ" (1574 - 1623)

У Княстве Вялікім вялікая дзея -

Мамонічы ў Вільні друкуюць Статут.

І неба над Княствам вышэе, святлее

І робіцца мілым для ўсіх родны кут.

З друкарні Мамонічаў кнігі чытае

Еўропа, і мы - еўрапейскі народ

Хоць гэта не кожны тутэйшы тут знае

І любіць аднолькава захад і ўсход

Тутэйшага сонца, якое ім свеціць

Пакуль яшчэ болей, чым кнігі, Статут.

Ля "Дома Мамонічаў" гойсае вецер

І часам злуецца: "Што ж творыцца тут?"

Мамонічам вецер не перашкаджае.

Скарынаву справу ўздымаюць яны,

Як сцяг, што аднойчы ўвышы залунае

Над краем, дзе здзейсняцца лепшыя сны

Людзей, што жылі і тварылі Айчыну,

Як з гліны нас Бог сатварыў, каб і мы

Любілі, цанілі слоў вечную гліну,

Якою мацуюцца нашы дамы.

8.04.2020 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Per aspera ad astra……..Праз церні - да зорак!

Сяргей Панізьнік

У 1925 годзе паэту, грамадскаму, культурна-асветнаму дзеячу Янісу Райнісу была ўручана вышэйшая ўзнагарода дзяржавы - ордэн Трох Зорак (Triju Zvaigznu ordenis). Дэвіз ордэна быў пазначаны так: "Per aspera ad astra"("Праз церні да зорак").

155 зорак-імгненняў зіхцяць з дня нараджэння народнага паэта Латвіі Яніса Райніса (11.09.1865-12.09.1929). Паспрабуем угледзецца ў некаторыя з іх на планідзе Творцы.

Чуйны дзень любоўю лечыць.

Прыпыняе бег на тое,

Каб сустрэчы ўвекавечыць,

Слова выдаць залатое

На прызнанні, на зычэнні….

Супыняюцца Імгненні:

Яніс Райніс - п р ы с в я ч э н н і !

(1) - Вы ў маёй асобе заўсёды знойдзеце ў добрых справах добрага абаронцу. (Яніс Райніс праўленню культурна-асветнага таварыства беларусаў у Латгаліі "Бацькаўшчына". 18.08.1921 г.).

(2) - У гісторыі беларусы вядомыя як "крывічы", пра гэта сведчыць хроніка. У гэтых крывічоў, пазнейшых беларусаў, вялікая гісторыя. (З прадмовы Райніса-Пліекшана на сейме 27.06.1922 г.)

(3) - Не забудзем, што заснавальнікамі і культурнымі ўтрымальнікамі вялікай і славутай Літоўска-Беларускай дзяржавы былі беларусы. Іх мова была дзяржаўнай мовай Літвы. Беларускі народ - гэта народ старажытнай культуры і цяпер адраджаецца на новае культурнае жыццё. (З артыкула "Госці Рыгі" ў газ. "Сацыял-дэмакрат", № 58, 9.03.1924 г.)

(4) - Я сам паходжу з Латгаліі, з тых мясцін, дзе жыве многа беларусаў. З беларусамі мяне звязвае сяброўства, я ім глыбока спачуваў яшчэ ў тыя часы, калі іх прыгнятаў царскі рэжым, вось таму і зразумела, што цяпер я магу глыбока садейнічаць культурнаму ўздыму беларусаў, якія далучаюцца да сусветнай культуры народаў і імкнуцца ўкласці сваю часціну ў культуру ўсяго чалавецтва. (З прамовы на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск. 14 лістапада 1926 г.)

(5) - Жадаю поспехаў на пятыя ўгодкі і ў далейшай працы вядзення свайго народу па шляхах культуры да святлейшай будучыні. (З віншавання на адрас Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. 29.05.1927 г.)

( 6 ) - З гэтага дня мы пачынаем збліжэнне з Усходам, з народамі Усходу, з якімі мы хочам збліжаць нашу культуру, гэта беларусы і велікарусы. Асабліва сімпатычныя нам беларусы, гістарычна блізкія літоўцам. (З прамовы на сходзе па абвяшчэнні "Таварыства культурнага зблііжэння з народамі СССР." 2.06.1929 г.)

З пакалення ў пакаленне і святло расце, і роднасць

Вельміпаважаннаму песняру Латвіі - шчырапрыязны…

Яніс Райніс пасля наведвання ў лістападзе 1926 г. Менска і Віцебска вяртаўся ў Рыгу з багатымі падарункамі. Сярод іх кнігі з дарчымі надпісамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Андрэя Аляксандровіча, Цішкі Гартнага, Юркі Гаўрука, Міхася Чарота, Кузьмы Чорнага, а таксама дарункамі артыстаў з тэатраў у Менску і Віцебску.

Аўтограф Янкі Купалы на адвароце фотаздымка з Янісам Райнісам і сябрамі літаратурна-мастацкага згуртавання ""Узвышша":

(7) - Welmipawazanamu piesniaru Latwii J. Rajnisu szrzyrapryjazny.

Janko Kupala.

Miensk 10/XI-26 h.

(8) - Вы былі першымі, хто пайшоў насустрач беларусам, каб яны займелі сваю культурна-нацыянальную аўтаномію. (Прызнанне Янісу Райнісу Сяргея Сахарава, з 1925 г. дырэктара Люцынскай беларускай гімназіі. 20.05.1927 г.)

( 9 ) - Упершыню імя Купалы я пачуў ад Райніса. 31 снежня 1928 г. рабочая моладзь сустракала з Янісам Райнісам Новы Год. Тады Райніс маладым пісьменнікам прамовіў: "Добра, што вы цікавіцеся савецкай літаратурай. Але, акрамя рускіх, ёсць у СССР і іншыя пісьменнікі, якімі таксама варта было б зацікавіцца, -- і сярод іх вядомы беларус Янка Купала".

Давідс Волтс першым з нас пачаў перакладаць вершы Янкі Купалы. (Яніс Ніедрэ, пісьменнік, грамадскі дзеяч).

(10)

Ламіся, варожая сіла, грымі,

Мы дойдзем да даляў, дзе шчасце,

Ламі нас, тапі, аб скалу расчапі -

Мы выйдзем да сонца з нянасця!

(Урывак з верша Я. Райніса "Зламаныя сосны" ў перакладзе інспектара Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі Кастуся Езавітава. У зб. "Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі", 2003 г.)

(11)

Разбудзіў нашы спячыя душы

І стаючую кроў узбурліў, -

Зацвярдзелыя сэрцы узрушыў,

Розум светлаю думкай наліў.

(Урывак з верша Веры Вайцюлевіч "Яну Райнісу". 1932 г.)

(12)

Я добра помню

дваццаць шосты год у Мінску,

Калі Ян Райніс Беларусь абняў аберуч.

(З верша Язэпа Пушчы "Яну Райнісу". 5.ХІ.1957 г. Чаадаева.)

( 13 ) - А паэзія Яна Райніса ў самым галоўным яе вызначэнні сугучна паэзіі Янкі Купалы. І я ў сваіх адносінах да Янкі Купалы і Яна Райніса - стаўлю іх побач… (Аляксей Пысін. 1982 г.)

(14)

Калісьці зеляней была трава,

Блакітней неба і лагодней сонца.

Тут беларусам памагаў трываць

Сам Райніс -

наш дарадчык, абаронца.

(З верша Станіслава Валодзькі "Яніс Райніс і беларусы" у зб. "Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі", 2003 г.)

(15) - Маці Яніса Райніса - Дарта Пліекшанэ - мела беларускія родавыя карані, паходзіла з роду Грыкоўскіх. Ад маці ён увабраў у сваю душу беларускія народныя песні і пазней перакладаў іх на латышскую мову. Памерла Дарта Пліекшанэ ў 1899 г. у Віцебску і была пахавана на Стара-Сямёнаўскіх могілках. У 1991 г. пры ўваходзе на могілкі быў устаноўлены ў гонар маці Райніса памятны знак. (З артыкула Вольгі Шыдлоўскай "Роля беларускіх пісьменнікаў у захаванні беларускай культуры ў Латвіі ў 20-30-я гг. ХХ ст." Віцебск.)

(16) P.S. Панізьніка Сяргея:

О, птушка ў Янісавых соснах

і маці Дарты песні-кросны…

Тут зык: "Ён беларусаў хросны!" -

вятрам ніколі не суняць.

(З верша "Нязломныя сосны Райніса".)

Згадалася цераз гады,

як Райніс сонечныя словы

вязаў у гонкія плыты

Сонечны век

"Яркага, сонечнага веку табе, беларускі працоўны народ!"

(З прамовы Яніса Райніса на Акадэмічнай канферэнцыі.

Менск, 14.ХІ.1926 г.)


Зноў звініць зара на гронцы.

Сокам цёплы дзень напоўню…

"Сонца - першае, што помню,

і апошнім будзе сонца…"

Бачу - свецяцца азёры,

чую - звоняць сенажаці:

веру ў промні, промні-ўзоры,

промні дзіўных песень маці…

На Купалле йду да броду:

крылы Ліга - наталенне.

З пакалення ў пакаленне

і святло расце, і роднасць…

Знаю - Даўгаву да донца

працінае след ад поўні…

Наша дружба - наша сонца:

мы - яго жывыя промні.

(Язэпс Османіс пераклаў гэты верш на латышскую мову.)

Сваякі

120-му дню нараджэння

Яніса Райніса.


Ішлі разведчыкі плямёнаў,

спыняліся каля ракі.

На "Свэйкі!" - покліч утрапёны -

паролем кліч быў: "Сваякі!"

Страла не выпускала джала,

цішэла з дзідаю крывой.

Сваяцкая мяжа ляжала

не спырсканая крывёй.

Мы вырасталі, урасталі

у немяжоўныя вякі…

Па сёння чую:

- Свэйкі!

Далі

мне паўтараюць:

- С в а я к і !

Мы - сваякі. Няма прагалаў

у нашай роднасці зямной.

Край крывічоў і край латгалаў

з'яднаны крэўнаю Дзвіной.

Як вока поўная. Тугая

мая світальная рака.

Ласкава Даўгава прымае

вітальны покліч сваяка.

Штогод буйней калоссе нівы

над райнісаўскім "Ave Sol!"

…Здаўна так: нашай дружбы жнівень

не меч падносіць, а хлеб-соль.

--------------------------------------

"Свэйкі!" - латышскае вітанне.

"Аve Sol!" /"Няхай жыве сонца!" - назва паэмы Райніса. 1985 г.

Стырно

Жывіца капала і стыла.

Не пойдзе бервяно на дно:

на Рыгу зрушана стырно.

Бывайце, румы залатыя!

Ужо чырвоныя кашулі

напяў наддзвінскі ветравей.

Ад бронзавых плытоў пажухлі

рамонкі воглыя ў траве.

Трымала песня, абдымала

і раздымала берагі.

Плылі ганкі - і ночы мала

запеў закончыць дарагі.

А ля стырна ганкоў - казулі*

сцюдзёнку ў Даўгаве пілі.

Нібыта ветразі, кашулі

у песні новыя плылі.

Ганкі чакаў сівы Нядзвецкі**,

пакінуўшы вартоўны двор,

ішоў да стырнавых пагрэцца…

Звінеў у песнях родны бор.

Не патануў той гул сасновы.

…Згадалася цераз гады,

як Райніс сонечныя словы

вязаў у гонкія плыты.

Між беларускіх плытагонаў

Андрэя Упіта радня***:

набраў ён творчага разгону

са стырнавога караня!

Ці сёння мы не заадно?

Ці румы спадчыны пустыя?

Майструю вернае стырно,

плыву - у песні маладыя.

--------------------------------------

*Гульня слоў: стырна (лат.) - казуля.

**Нядзвецкі - начны вартаў-нік сядзібы Пліекшанаў, выхавацель (дзядзька) Жаныня, будучага Яніса Райніса.

***Дзед А. Упіта - Грышка паходзіў з беларускіх плытагонаў.

Верш змешчаны у зб. "Сты-рно", 1989 г.

Станцыя Бігосава

У 1926 годзе на станцыі Бігосава двойчы спыняўся

народны паэт Латвіі Яніс Райніс.


Пусты перон зажураны..

Дзе край латгальскі? Знік?

З Бігосава ў Манчжурыю

заскрыгатаў цягнік.

Узрушаным насельнікам

праменьчык на суку.

Да Віцебска пасцелена…

Менск падае руку!

У Райніса з Бігосавам

сваяцтва да пары…

Сібірскімі пагостамі

сплывуць яго сябры:

паміж глухімі межамі,

дзе рэйкі не гудуць,

балткрэваў рэбры свежыя

пад шпалы падкладуць.

…Але яшчэ не змецены

ўсе лісты з дубоў.

І ў Латвіі - нявесціна

да Райніса любоў.

Калі цягнік з Манчжурыі

ўвойдзе ў разгон -

пад аркамі ажурнымі

замрэ ў Рызе ён.

І высылка паспешная

Бігосава праткне…

Ох, станцыя памежная

з дубамі ў вакне,

з паглядам Яна Райніса

у рыскім цягніку…

За ім і я, і раніца -

з-пад промня на суку.

Нікому сонца босае

не засланяў паэт.

…Вяртай мяне, Бігосава,

у райнісаўскі свет!

Нязломныя сосны Райніса

Натхненне ў Юрмале - ад сцежак,

ад аблачынак, ад усмешак,

прыбою дужага, дажджынак,

зажынак песень і дажынак.

Натхненне ў Юрмале - як свята:

душа над буднямі прыўзнята,

а з ёю - горад баравы.

І кружаць вершы-журавы:

Нібыта з Тадэнаўскай зыбкі

ўздымаліся… Іх пераняць

хачу я. Стаў на бераг сыпкі…

Падняцца б мне цяпер на дыбкі

і сосны Райніса абняць.

О, ткуцца ў Янісавых соснах

і маці Дарты песні-кросны…

Тут зык: "Ён беларусаў хросны!" -

вятрам ніколі не суняць.

--------------------------------------

Мае вершы "Станцыя Бігосава" і "Нязломныя сосны Райніса" надрукаваны ў зборніку "Пры сьвячэньні…". Вільня. "Наша Будучыня", 2004 г.

--------------------------------------

Аўтары вершаў-прысвячэнняў Янісу Райнісу: Эдзі Агняцвет, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Вера Вайцюлевіч, Станіслаў Валодзька, Васіль Вітка, Віталь Вольскі, Сяргей Грахоўскі, Кастусь Езавітаў, Васіль Зуёнак, Аўгіння Кавалюк, Уладзімір Мазго, Сяргей Панізьнік, Пятро Прыходзька, Аляксей Пысін, Юрась Свірка, Максім Танк, Станіслаў Шушкевіч…

Супыняюцца імгненні

нашым позіркам прыўкрасным,

каб натхнёныя памкненні

прыўзняліся на страмёны

ў аблачынным аблачэнні;

каб жылі мы ў пасвячэнні,

што і нашыя імёны

узгадаюць п р ы с в я ч э н н і.

Сяргей Панізьнік.

Старажытныя могілкі Магілёва пад пагрозай

Частка нашай нацыянальнай гістарычнай спадчыны - гэта старажытныя могілкі. Наш родны Магілёў мае шэраг старажытных пахаванняў, якія плённа вывучаюць гісторыкі і краязнаўцы горада. У траўні 2020 года мною было выяўлена знікненне надмагільнай пліты Рыгора Грум-Гржымайлы на Мышакоўскіх могілках. А ў хуткім часе стала вядома, што знікла і яшчэ некалькі помнікаў з гэтых могілак. Паколькі помнікі былі металічныя, то ўзнікла версія, што марадзёры вырашылі зарабіць на металаломе. Я адразу падаў заяву ў міліцыю. Самым каштоўным страчаным гістарычным артэфактам з'яўлялася чыгунная пліта 19 стагоддзя Рыгора Грум-Гржымайлы. Грум-Гржымайлы - старажытны магілёўскі шляхецкі род, уплывовы і вядомы як на тэрыторыі Беларусі, так і далёка за яе межамі. Рыгор Іванавіч (1773-1846) займаў важныя і адказныя пасады ў нашым горадзе. Яго бацька, Іван Іванавіч, служыў у гарадскім магістраце. Сам Рыгор скончыў народнае вучылішча і працаваў на дзяржаўнай службе. Абіраўся ў склад совеснага суда ад магілёўскага купецтва. Суд разглядаў некаторыя грамадзянскія справы. З 1830 по 1846 год займаў пасаду гарадскога галавы, што па сённяшнім часе раўназначна старшыні гарадскога выканаўчага камітэта. На надмагільнай пліце была выява герба роду Грум-Гржымайлаў і надпіс: "Здесь покоится Григорий Иванович Грум Гржимайло, родился 30 сентября 1773, скончался 29 октября 1846 года". Герб вельмі падобны на герб горада Магілёва: цвердзевая сцяна з трымя вежамі і адчыненай брамай. У браме рыцар у даспехах з узнятым мячом, падрыхтаваным для ўдару. Рыгор Іванавіч жыў у Магілёве на вуліцы Зялёнай, гэта сучасная вуліца К. Маркса. Нейкім дзіўным чынам яго дом захаваўся да нашых дзён. І некалькі год таму краязнаўцу Наталлі Куляшковай паказаў гэты драўляны будынак дальні іх сваяк і сябар Тэадор Штанге, які прыязжаў у госці з Польшчы. Сучасны адрас дома Рыгора Іванавіча Грум-Гржымайлы - завулак Буянава, 19 і зараз тут месціцца "Камбінат супрацьпажарных мерапрыемстваў". Увогуле, калі нехта цікавіцца родам Грумаў і гісторыяй магілёўскай мужчынскай гімназіі, то лепшага знаўцу, чым Наталля Фёдараўна Куляшкова, у нас на Магілёўшчыне не знайсці. Наталля Куляшкова працуе настаўнікам фізкультуры ў гімназіі № 3 і вялікую частку свайго жыцця прысвяціла вывучэнню яскравых старонак сваёй навучальнай установы.

Род Грум-Гржымайлаў вядомы многімі сваімі прадстаўнікамі ў грамадскай і навуковай сферы. Першым вядомым навукоўцам лічыцца родны брат Рыгора Іванавіча Кандрацій Іванавіч Грум-Гржымайла (1794-1874) - доктар медыцыны, адзін з першых рускіх лекараў-пісьменнікаў. Нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў мужчынскай гімназіі. Затым навучаўся на лекара ў Віленскім універсітэце. Служыў у Магілёве вайсковым хірургам. Выдаваў на дзяржаўныя сродкі першую ў Расіі медыцынскую газету "Друг здравия". Напісаў некалькі навуковых і папулярных кніг па гігіене.

У Рыгора Іванавіча было чацвёра дзяцей: дочкі Дар'я, Алена, Ганна і сын Яфім. Яфім Рыгоравіч скончыў мужчынскую гімназію ў Магілёве і Пецярбургскі ўніверсітэт. Працаваў у Рызе і Пецярбургу, дзе на Неўскім праспекце адкрыў уласную натарыяльную кантору. Унукі Рыгора Іванавіча - Рыгор, Міхаіл і Уладзімір - таксама праславілі свой род далёка за межамі нашай краіны на абшарах Еўропы і Азіі.

Старэйшы быў Рыгор Яфімавіч Грум-Гржымайла (1860-1936) - географ, падарожнік, заолаг. Даследчык Заходняга Кітая, Паміра, Цянь-Шаня, Манголіі, Тувы і Дальняга Усходу. З'яўляўся віца-старшынём Рускага геаграфічнага таварыства. Пісаў артыкулы для Вялікай савецкай энцыклапедыі. У гонар навукоўца названы горны хрыбет і ледавік. У Санкт-Пецярбургу, дзе жыў Рыгор Яфімавіч, усталявана памятная дошка.

Міхаіл Яфімавіч Грум-Гржымайла (1861-1921) - расійскі вайсковы дзеяч, вынаходнік, падарожнік. Разам з братам Рыгорам прымаў удзел у экспедыцыях. Даслужыўся да чыну генерал-маёра. З'яўляецца выбітным вынаходнікам свайго часу ў ваеннай сферы. Распрацаваў аптычную прыладу для артылерыстаў і некалькі прыстасаванняў для конных войскаў. Аўтар кніг і артыкулаў па вайсковых пытаннях, напрыклад такіх: "Снаряжение офицеров в походе", "Описание контрольного прибора для наводчиков". Пасля кастрычніцкага перавароту патрапіў у Бутырскую турму ў Маскве, дзе і памёр.

Уладзімір Яфімавіч Грум-Гржымайла (1864-1928) - вынаходнік, інжынер, металург, педагог і арганізатар вытворчасці, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР. Скончыў Горны інстытут у Пецярбургу. Працаваў на Урале, дзе займаўся металургічнымі печамі і пячнымі канструкцыямі. Па яго ініцыятыве быў створаны ў 1924 годзе Інстытут "Стальпраект", які і дагэтуль існуе ў Маскве на вуліцы Ціміразеўскай. Гэта быў чалавек энцыклапедычных ведаў, якія перадаваў маладому пакаленню на педагагічнай працы у Пецярбургу ў Політэхнічным інстытуце і ў Екацерынбургу ва Уральскім універсітэце. Пасля кастрычніцкага перавароту адносіны з бальшавікамі былі складанымі. Уваходзіў у склад ураду Калчака. Абараняў сваіх калег ад палітычных рэпрэсій. Адкрыта крытыкаваў тэорыю марксізму. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках. Некалькі год таму ў Свярдлоўскай вобласці ў горадзе Верхняя Пышма Уладзіміру Яфімавічу быў усталяваны помнік.

Нашчадкі слаўнага роду Грум-Гржымайлаў, з якімі краязнавец Наталля Куляшкова падтрымлівае сяброўскія сувязі, жывуць зараз у Менску і Маскве.

На вялікі жаль, сумная гісторыя з кражай надмагільнай пліты Р. Грум-Гржымайлы мела свой працяг… У ліпені была выяўлена разрабаванне цаглянага склепа Янчэўскіх марадзёрамі, а таксама на габрэйскіх могілках знік вялікі прыгожы металічны помнік пачатку 20 стагоддзя прадстаўніка вядомага роду Лур'е… Магілёўская міліцыя ўжо затрымала двух чалавек, якія падазраюцца ў знішчэнні помнікаў на могілках, але верагодна, што злодзеяў у нашым горадзе, якія зарабляюць марадзёрствам, значна больш!

Варта надалей вывучаць і прымаць меры для захавання старажытнага некропаля на Мышакоўскіх могілках і іншых старажытных пахаваннях нашага славутага горада Магілёва.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. Жнівень 2020.Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX