НАША СЛОВА № 37 (1500), 16 верасня 2020 г.
"НАША СЛОВА" № 1500
Вынікі перапісу: вырасла доля тых, для каго беларуская мова - родная
Белстат апублікаваў звесткі па выніках перапісу насельніцтва, праведзенага ў кастрычніку 2019 года.
Беларускую мову ў якасці роднай пазначылі 54% чалавек (у тым ліку 61,2% беларусаў, 54,5% палякаў, 11,5% яўрэяў, 8,2% рускіх). У 2009-м - 53,2% (прычым 60% беларусаў).
Дома па-беларуску размаўляюць 26% апытаных (у 1999-м - 44,9%, у 2009-м - 30,0%). Прычым беларусаў з іх 28,5%, палякаў - 46,0%, украінцаў - 6,5%, рускіх - 2,5%, яўрэяў - 2,1%).
NN.by.
(Больш падрабязна вынікі перапісу па моўных пытаннях глядзіце на ст.3.)
У Менску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар Васіля Быкава
У чэрвені гэтага года стала вядома, што ў Беларусі нарэшце ўвекавечаць у бронзе памяць Васіля Быкава. Гаворка ішла пра прыгожую мемарыяльную дошку, якую планавалі ўсталяваць на фасадзе дома па вуліцы Максіма Танка, 10, дзе жыў і дзеяў пісьменнік з 1978 па 2003 год. І вось гэты дзень надышоў - мемарыяльная дошка памерам 1,83 м у вышыню і 0,5 м у шырыню заняла сваё месца.
Нагадаем, ініцыятарам усталёўкі выступілі дабрачынны фонд Марыі Магдалены Радзівіл і Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі пры падтрымцы МЗС, Міністэрства культуры і Менгарвыканкама. Сродкі на рэалізацыю ідэі былі сабраны яшчэ ў 2018 годзе.
- У студзені 2020-га пачалася праца над праектам і вырабам мемарыяльнай дошкі Быкаву. Працавалі разам з архітэктарам Віктарам Каракам. Было вырашана зрабіць вертыкальную кампазіцыю. Памер абумоўлены месцам усталёўкі - на выпуклым пілоне дома, - распавёў адзін з аўтараў кампазіцыі скульптар Ігар Засімовіч. - Выяву Быкава ствараў па фатаграфіях і відэаматэрыялах. Асабіста ўжывую бачыў яго толькі аднойчы на адлегласці 20 м - у 1995 годзе каля опернага тэатра на нейкім мерапрыемстве.
Таксама вядома, што абодва сыны пісьменніка бачылі скульптурную кампазіцыю да яе апублікавання і ўхвалілі адлітую ў бронзе выяву.
Аўтар: Аксана Красоўская. Фота: Максім Маліноўскі. onliner.by.
Дзеля здароўя цялеснага і духоўнага нашага народа
Знакавая падзея адбылася 12 верасня на Лідчыне. Тут, у вёсцы Беліца, устаноўлены і асвечаны крыж-абярэг. Крыж устаноўлены для падзякі Богу за не надта цяжкія наступствы ад першай хвалі пандэміі і з просьбай на Божую ласку перад наступнымі хвалямі, а таксама дзеля абароны нашага краю ад іншых пошасцяў, навалаў і нашэсцяў. Як гучала падчас урачыстасці асвячэння, крыж пастаўлены дзеля здароўя цялеснага і духоўнага нашага народа, а таксама дзеля адзінства гэтага народа.
Сам чын устаноўкі і асвячэння крыжа сведчыць, што мы пераадолеем усе расколы і вернем гэтае адзінства. Крыж ставілі грамадскія арганізацыі і ў першую чаргу Ёдкаўская суполка ТБМ (старшыня Віталь Карабач). Крыж ставілі з дазволу Лідскага райвыканкама.
На асвячэнні прысутнічалі католікі і праваслаўныя з Ліды, Гародні, Пескаў і мясцовыя жыхары з Беліцы. Асвячалі крыж ксёндз Віктар Савіцкі з Няцечы і бацюшка Уладзімір Камінскі з Ліды. Воляй лёсу ксёндз Віктар і айцец Уладзімір - аднакласнікі, з лідскай школы № 5. Не бачыліся гадоў 15 і вось сустрэліся на асвячэнні крыжа ў Беліцы. Таму асвячэнне ішло з экуменічным адценнем. Малітвы на асвячэнне чытаў ксёндз Савіцкі, а крапіў крыж святой вадой бацюшка Камінскі.
Акрамя крыжа мелася быць пастаўлена фігурка арханёла Рафаіла (Рафала), чыё імя пераклададаецца, як "Бог лечыць". Фігуркі арханёла Рафаіла часта ставіліся ў нас з нагоды мору ці эпідэмій. У лідскіх Жырмунах да гэтага часу стаіць калона арханёла Рафала, пастаўленая у 18-м стагоддзі, што праўда, усе забылі, з якой нагоды яна пастаўлена, але па дакументах - гэта менавіта калона арханёла Рафала. Фігурку для Беліцы падчас суматохі апошняга часу зрабіць не справіліся, але задача не здымаецца.
Крыж пастаўлены на тым самым месцы, дзе ў 2002 годзе ставіўся крыж у гонар герояў 1569 года.
На завяршэнне набажэнства прагучаў духоўны гімн усіх беларусаў "Магутны Божа". І яшчэ адна дэталь - на крыжы завязаны беларускі нацыянальны ручнік, вытканы ў Воршы.
Яраслаў Грынкевіч.
Гарадзенская абласная канферэнцыя ТБМ
Гарадзенская абласная справаздачна-выбарчая канферэнцыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" адбудзецца 20 верасня (нядзеля) ў 12.00 па адрасе: г. Гародня, вул. Кірава, 3, "Цэнтр гарадскога жыцця".
Дзень беларускага пісьменства папулярызуе традыцыі нацыянальнай культуры
Багатае на таленты шчырае свята беларускага пісьменства разгарнулася сёлета ў Бялынічах 6 верасня і было прысвечана памяці творцаў, якія паходзілі з Магілёўшчыны: Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Альгерда Абуховіча, Максіма Гарэцкага, Аркадзя Куляшова, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віктара Турава і іншых.
Дабраславенне ўсім служыцелям слова на шляху праўды перадаў ад імя мітрапаліта Веньяміна архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Ён узгадаў пра традыцыі айчыннага прыгожага пісьменства, якія мелі вытокі ў дзейнасці святых Кірылы і Мяфодзія, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага і іншых.
6 верасня на галоўнай сцэне ў Бялынічах адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў некалькіх намінацыях. У галіне паэзіі прэмію атрымаў Валеры Грышкавец за зборнік вершаў "Застаюся назаўсёды", лепшым дасягненнем у прозе прызнаны зборнік апавяданняў "Хвалі" Уладзіміра Сцяпана. Сярод твораў публіцыстыкі прэміяй быў адзначаны зборнік "Пастаўшчына" Ігара Пракаповіча. Лепшай ў галіне літаратурнай крытыкі прызнана кніга Івана Васільевіча Саверчанкі "Магія слова". Лепшым творам для дзяцей была названа кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісоўскай "Ключ ад вялікай каштоўнасці", а паспяховым дэбютам - зборнік вершаў "Сузор'е птушкі" Вольгі Нікіценка.
Іван Саверчанка адзначыў, што мастацкая літаратура спрыяе інтэлектуальнаму станаўленню асобы, развівае творчыя здольнасці, кансалідуе грамадства на нацыянальных каштоўнасцях.
Падчас канцэрту ўдзельнікі конкурсу "Жывая класіка" чыталі ўрыўкі з твораў Уладзіміра Караткевіча да яго 90-годдзя. Майстры мастацтваў і творчыя калектывы выступілі з разнастайнай музычнай праграмай. У яе былі ўключаны ўрыўкі з драматычных твораў. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, якую ўзнялі выступоўцы, падкрэсліла важнасць захавання міру ў краіне.
У цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурса буктрэлераў (відэаролікаў, якія папулярызаюць лепшыя мастацкія творы) "Кніга з экрана" ўзяў удзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай і выдавецкай дзейнасці А. А. Суша. Былі ўзнагароджаны буктрэлеры па творах Васіля Быкава і Барыса Васільева.
На пляцоўцы Бялыніцкага раённага цэнтра культуры была разгорнута кніжна-ілюстратыўная выстава "Скарбы зямлі беларускай". У экспазіцыі можна было азнаёміцца з цікавымі і багата ілюстраванымі выданнямі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, кнігамі, прысвечанымі праваслаўным і каталіцкім храмам краіны, помнікам сакральнага жывапісу і станаўленню іканапіснай школы на беларускіх землях. Асобны раздзел выставы "Жыровіцкая святыня" быў прысвечаны Жыровіцкаму манастыру. У рамках свята беларускага пісьменства Нацыянальная бібліятэка перадала з фонда дзяржаўнай установе культуры "Бялыніцкая цэнтральная бібліятэчная сетка" 70 выданняў навукова-папулярнай, мастацкай, і энцыклапедычнай літаратуры.
На цэнтральнай плошчы працавалі павільёны "Друкарскі двор", "Слова пісьменніка" і іншыя, дзе ўдзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства знаёміліся з кніжнымі навінкамі і сустракаліся з пісьменнікамі. Таксама былі прадстаўлены экспазіцыі перыядычных выданняў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі і аўтограф-сесіі праходзілі на пляцоўцы "Слова пісьменніка".
Вельмі разнастайнай была праграма свята. Цікавыя экспанаты, архіўныя дакументы, альбомныя выданні, карціны прадставілі на прагляд Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава і Магілёўскі музей гісторыі горада. Госці свята агледзелі адноўленую экспазіцыю мастацкага музея майстра пейзажнага жывапісу Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.
На свяце былі шырока прадстаўлены народныя рамёствы: разьбярства, ткацтва, кераміка. Працаўнікі кампаніі ААТ " Дамачай" частавалі гасцей караваямі свежай выпечкі, самымі рознымі гатункамі хлеба і кандытарскіх вырабаў.
Ганаровыя госці свята заклалі алею гарадоў-сталіц урачыстасці беларускага пісьменства, высадзіўшы 20 клёнаў у гарадскім парку. Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праходзіць з 1994 года ў гарадах з багатай гісторыка-культурнай спадчынай, у даўніх цэнтрах культуры і асветы. Сталіцамі Дня беларускага пісьменства тройчы станавіўся Полацк, двойчы Тураў і Заслаўе, свята прымалі на сваёй зямлі Нясвіж, Мір, Орша, Пінск, Камянец, Шчучын і Рагачоў. На Магілёўшчыне, якая ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё кнігадрукавання, Дзень беларускага пісьменства адзначаўся ўжо тройчы - у Мсціславе, Шклове і Быхаве.
Падрыхтавала Э. Дзвінская, фота аўтара.
СЛОВА ЗА "НАША СЛОВА"
Нядаўна патэлефанавала мне старшыня Новасвержанскай суполкі ТБМ Валянціна Холадава і запрасіла: "Прыязджайце калі да мяне, разбярэм архіў "Нашага слова". Столькі цікавага знойдзеце. Што спадабаецца - возьмеце сабе".
Валянціна Іванаўна - даўняя падпісчыца газеты. Спачатку выпісвала яе разам з мужам (Генадзь Сцяпанавіч - былы гулагавец, сябра Янкі Брыля - быў стваральнікам на Стаўпеччыне першай суполкі, затым арганізацыі ТБМ). Пасля смерці мужа на працягу 16 гадоў сп. Валянціна застаецца вернай "Нашаму слову". Вось некалькі яе рэплік наконт газеты:
- Выпісваю "НС", бо імпануе змест газеты. У ёй я знаходжу поўную адпаведнасць сваім думкам і перакананням.
- Перачытваю усё, што змяшчае газета. Нічога не абмінаю. Хоць, зразумела, адны матэрыялы больш цікавяць, іншыя менш. Гэта натуральна. Памятаю, як захапілі мяне пераклады ўспамінаў Эдварда Вайніловіча - не магла дачакацца чарговага нумара.
- Газета арыентуе на тыя падзеі, што адбываюцца ў свеце беларускай культуры. Часам вельмі лакальныя, мясцовыя, пра якія не напіша ніякая іншая газета (крыж ў гонар паўстанцаў Каліноўскага на Лідчыне… магілёўскія велавандроўкі… адкрыццё мемарыяльнага каменя ў в. Погіры, радзіме Ігната Дварчаніна…). Між тым, гэтыя падзеі вельмі знакавыя, важныя. З іх ствараецца выразная карціна нашай зямлі, з адметнымі падзеямі, велічнымі постацямі, таленавітымі творцамі; карціна паўсядзённай грамадскай руплівасці дзеля нашай Беларусі.
Дадам ад сябе, што газета з'яўляецца своеасаблівым метадычным дапаможнікам для сяброў ТБМ. У прыватнасці, мы, з Нясвіжчыны, аднаўляючы дзейнасць раённай арганізацыі, учытваліся ў старонкі "НС" - што дзе праводзіцца, як арганізуецца - вучыліся і пераймалі, дадавалі свайго і вялі разам з тэбээмаўскім светам справу роднага слова.
І яшчэ адно пажаданне ад Валянціны Іванаўны:
- Дай Бог стваральнікам, аўтарам і падпісчыкам газеты надалей імпэту і ахвярнасці, каб выдаваць яе, выпісваць, распаўсюджваць, чытаць - служыць нашаму слову.
Наталля Плакса. Нясвіж
Падтрымаем беларускамоўныя выданні
Сябры Слонімскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы прынялі зварот да ўсіх жыхароў Беларусі. У звароце сябры ТБМ просяць падтрымаць беларускамоўныя газеты "Наша слова" і "Краязнаўчую газету". І падпісацца на чацвёрты квартал на гэтыя выданні. Падпіска вельмі танная. Таму просьба падпісаць на гэтыя выданні і бібліятэкі, школы, клубы, медыцынскія ўстановы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама райгарвыканкамы. На сённяшні дзень наклад "Нашага слова" складае ўсяго 1200 асобнікаў, а "Краязнаўчай газеты" - 423 асобнікі. Калі наклад застанецца такім ці зменшыцца, то ў наступным годзе гэтыя беларускамоўныя выданні зусім не будуць выдавацца. Таму сябры ТБМ са Слоніма просяць жыхароў Беларусі падтрымаць гэтыя выданні, бо кожны падпісчык - гэта новы голас у падтрымку нашага краязнаўства і роднай мовы. Дарэчы, у Беларусі па-беларуску, акрамя "Нашага слова" і "Краязнаўчай газеты", выдаюцца яшчэ газеты "Звязда", "ЛіМ" і "Культура". За 26 гадоў нахабным чынам знішчылася ўсё беларускае, у тым ліку і многія папяровыя выданні.
Беларускае Радыё Рацыя.
Справаздачна-выбарчы сход Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Прысуінічалі 8 сяброў з 11.
На павестку дня былі вынесены наступныя пытанні:
1. Справаздача старшыні арганізацыі;
2. Выбары старшыні;
3. Выбары рады;
4. Выбары рэвізора;
5. Выбары дэлегата на абласную канферэнцыю (20 верасня 2020 г.)
6. Выбары дэлегата на з'езд ТБМ (18 кастрычніка 2020 г.)
7. Рознае.
Быў заслуханы справаздачны даклад старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ Валерыя Петрыкевіча.
Праца Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА ТБМ прызнана здавальняючай.
Сход абраў старшынём Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Валерыя Петрыкевіча. Акрамя старшыні, у раённую раду абраны Ляўкевіч Наталля і Абрамчык Алена. Рэвізорам абраны Красюк Фёдар. Дэлегатам на Гарадзенскую абласную канферэнцыю і на 14 з'езд ТБМ абраны старшыня арганізацыі Валеры Петрыкевіч.
У Розным былі разгледжаны пытанні падпіскі на газету "Наша слова", пашырэнне шэрагаў сяброў арганізацыі, перспектывы стварэння суполак у Наваельні, Казлоўшчыне і Дварцы.
На працягу апошніх гадоў Дзятлаўская раённая філія ТБМ значна ажывіла сваю працу, вырас яе колькасны склад. Зараз на ўліку 11 сяброў, прыкладна столькі ж асобаў рыхтуецца папоўніць шэрагі ТБМ. Пачынаючы з 2016 года (год быў аб'яўлены Годам культуры) мы ўзялі пад апеку магілы заходнебеларускіх сялянскіх паэтаў у вёсцы Зачэпічы. У цэнтры вёскі, дзе калісьці стаяў будынак пачатковай школы, пад цяністымі клёнамі, пасаджанымі былымі вучнямі і іх настаўнікам, усталявалі мемарыяльны камень П. Граніту, Г. Праменю, В. Струменю, а ў вёсцы Труханавічы хату, дзе жыў іх сябар, аднадумец, самабытны вясковы паэт Н. Жальба, адзначылі мемарыяльнай гранітнай шыльдай. Арганізавалі і правялі сумесна з раённымі і мясцовымі ўладамі ўрачыстасці па іх адкрыцці, якія выклікалі вялікую цікавасць у жыхароў гэтых неперспектыўных па сённяшніх мерках вёсак.
Менавіта дзякуючы прапановам і просьбам жыхароў вёскі Зачэпічы, пры падтрымцы абласной філіі СБП і асабіста яго старшыні В. Дубатоўкі штогод у канцы лета - пачатку восені праводзім каля гэтага мемарыяльнага каменя абласное свята беларускай паэзіі, з цяжкасцямі, але ўдалося ўключыць яго ў план працы Дзятлаўскай раённай і сельскай Жукоўшчынскай бібліятэк. І, як вынік, у 2019 і 2020 гадах праводзім гэтае свята сумесна, з падтрымкай аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, Жукоўшчынскага сельскага савета і мясцовага СПК "Жукоўшчына", старасты вёскі Зачэпічы М. Калодкі. Вызначыліся з канкрэтнай датай правядзення. У будучым гэта будзе трэцяя субота жніўня. На гэтае свята збіраецца практычна ўся вёска, ад старога да малога, прыязджаюць былыя жыхары, якія ўжо сталі гараджанамі, унукі і праўнукі тых, каго ўганароўваем, далёкія і блізкія сваякі. Усе яны адзначаюць, што цікавасць да мерапрыемства вялікая, але найважнейшае яшчэ і тое, што тут гучыць наша родная, мілагучная беларуская мова. Ды і не дзіва. Сюды прыязджаюць вядомыя літаратары, паэты, барды, спевакі. Напрыклад, заўсёды радуе прысутных прамовамі старэйшы мовазнавец, навуковец, прафесар, пісьменнік А.М. Пяткевіч, старшыня абласной філіі СБП В. Дубатоўка, даследчык літаратуры, краязнавец, пісьменнік са Слоніма, адзін з ініцыятараў правядзення гэтага свята С. Чыгрын, паэт-журналіст М. Скобла, паэты і галоўныя рэдактары газет "Наша слова" і "Газета слонімская" С.Суднік і М. Канановіч, паэтэса і пісьменнік з Наваградка С. Абдулаева і паэт-бард М. Зізюк, гарадзенскія пісьменнікі А. Петрушкевіч і Я. Трацяк, В. Сазонаў і У. Хільмановіч і дзясяткі іншых. Дэкламуюць вершы мясцовых паэтаў вучні і жыхары вёскі, землякі.
А як задушэўна спяваў на ўсіх без выключэння святах Сяргей Чарняк з Ліды. Брэндам стала яго песня на словы С. Чыгрына "Зачэпічы". Нават не брэндам, а гімнам, які падпяваюць усе прысутныя. Не раз радавалі прысутных барды з Менска Зміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў, Міхась Зізюк з Наваградка, Уладзімір Хільмановіч з Гародні. Зачаравалі сваімі галасамі спявачкі Таццяна Грыневіч-Матафонава з Менска і масквічка Міла Ражкова, якая спявала на беларускай мове многія вядомыя песні ў перакладзе Алы Петрушкевіч.
Пасля такіх святаў паэзіі людзі доўга не разыходзяцца, шчыра дзякуюць, просяць часцей прыязджаць, не забываць іх Зачэпічы.
Па ініцыятыве раённай арганізацыі сумесна з гісторыка-краязнаўчым музеем і раённай бібліятэкай на працягу апошніх гадоў арганізаваны і праведзены дзясяткі сустрэч школьнікаў раёна з беларускімі пісьменнікамі, паэтамі і бардамі. Такія сустрэчы прымяркоўваліся, як правіла, да юбілеяў ці якіх іншых знакавых датаў. Напрыклад, да 500-годдзя першай надрукаванай Бібліі Францішка Скарыны на беларускай мове ці да юбілеяў з дня нараджэння нашых вядомых паэтаў і пісьменнікаў В. Адамчыка і В. Шымука ці першага старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ, настаўніка-паэта М. Грышана і г.д. Так, перад вучнямі практычна ўсіх школ раёна выступалі С. Чыгрын, М. Скобла, спявалі З. Бартосік, Т. Грыневіч-Матафонава, А. Мельнікаў, С. Чарняк.
Перад вучнямі ў школах і аматарамі паэзіі і літаратуры ў бібліятэках, музеі ладзіліся выступленні А. Пяткевіча і А. Петрушкевіч, В. Дубатоўкі і У. Хільмановіча, Я. Трацяка і В. Сазонава, М. Зізюка і М. Канановіча. Пабывалі на такіх сустрэчах Л. Дранько-Майсюк і Э. Акулін з Менска, Н. Салейка са Слоніма і іншыя.
Практыкуем мы і імпрэзы па прэзентацыі кніг, найчасцей на Дзятлаўшчыне гэта робіць С. Чыгрын. Цікава прэзентавалі "500 аўтографаў разам" А. Пяткевіча і "Шчонаўскія абразкі" А. Петрушкевіч. Але набольш запамінальнымі вялікай колькасцю прысутных прайшлі прэзентацыі кнігі "Гісторыя Сапегаў", укладальнікам якой быў адзін з апошніх прадстаўнікоў аднаго з самых багатых і ўплывовых родаў ВКЛ, які валодаў працяглы час і нашым Дзятлавам і пакінуў нашчадкам самы старажытны і прыгожы будынак горада, яркі помнік архітэктуры, узор віленскага барока, касцёл Найсвяцейшай панны Марыі, Яўстах Сапега.
На прэзентацыі прысутнічалі перакладчыкі з польскай мовы Міхась Скобла і Валянцін Дубатоўка, якія цікава распавядалі пра свае сустрэчы з апошнім прадстаўніком знакамітага роду - Яўстахам Сапегам, які радаваўся, прыехаўшы ў Дзярэчын, расчуліўся да слёз, пакідаючы роднае месца, чуючы гукі на вежы касцёла, і вымавіў: "Ён пазнаў мяне". Тады і папрасіў запісаць тыя гукі на магнітафон, каб узяць іх у далёкую Афрыку, куды лёс закінуў яго ад родных мясцін. Пасля той прэзентацыі асабістыя бібліятэкі многіх дзятлаўчан папоўніліся прыгожым змястоўным выданнем.
Запамінальна прайшла і прэзентацыя слонімскага літаратурнага альманаха "Паланэз". Пасля яе мясцовыя аматары літаратуры і паэзіі загарэліся ідэяй выдаць і свой дзятлаўскі альманах. Ужо вызначыліся з назваю - "Ятранка" (так называецца адзін з прытокаў ракі Моўчадзь, на беразе якой нарадзіўся, правёў дзіцячыя і юнацкія гады В. Адамчык), сабрана дастаткова твораў нашых землякоў, але пакуль не ўдалося вырашыць праблему фінансавання.
Сярод сяброў ТБМ ёсць шмат краязнаўцаў, якія займаюцца вывучэннем роднай Дзятлаўшчыны. Сёлета жыхарам раёна і горада былі прэзентаваны дзве новыя кнігі: кніга Алены Абрамчык, старшага навуковага супрацоўніка Дзятлаўскага краязнаўчага музея пад назвай "Дзятлаўскі край: вядомыя і невядомыя старонкі" і кніга былога настаўніка гісторыі Міхася Лук'янчыка пад назвай "Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі". Абодва выданні папоўнілі скарбонкі многіх школьных і прыватных бібліятэк, пашырылі веды дзятлаўчан пра родны край і яго старажытную і сучасную гісторыю, пра знакамітых землякоў.
На працягу апошніх трох гадоў узнавіла працу літаратурнае аб'яднанне "Пралескі", якое збірае пад сваім крылом мясцовых паэтаў і пісьменнікаў. Паседжанні праходзяць у Дзятлаўскім краязнаўчым музеі пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка музея Алены Абрамчык, таксама мясцовай паэткі.
Сябрамі ТБМ робяцца і пэўныя захады па ўвекавечванні памяці нашых знакамітых землякоў - у першую чаргу пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Дзятлаўшчыне. Так, высілкамі энтузіяста, настаўніка гісторыі і геаграфіі Дварэцкай школы Сяргея Каско пры матэрыяльнай падтрымцы галоўнага інжынера А. Падліпскага і старшыні сельгаспрадпрыемства Граніт-Агра С. Мазура ў кастрычніку 2018 года на радзіме В. Адамчыка ў вёсцы Варакомшчына быў усталяваны вялікі, прыгожы камень-валун з мемарыяльнай шыльдай гэтаму знакамітаму пісьменніку.
Мемарыяльнымі шыльдамі нам удалося адзначыць стваральніка і першага дырэктара Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея, заслужанага настаўніка БССР, краязнаўца М.Ф. Петрыкевіча, нашага аднадумца, прыхільніка ТБМ, будаўніка, пад чыім кіраўніцтвам пабудаваны самыя вялікія і значныя будынкі нашага горада - П. Гроса.
Меркавалася да 85-годдзя В. Шымука, паэта, пісьменніка, нашага земляка, які вучыўся ў СШ № 2 і пасля вайны працаваў у рэдакцыі раённай газеты, на будынку рэдакцыі замацаваць мемарыяльную шыльду. Але не знайшлі паразумення з тагачасным галоўным рэдактарам. Час бяжыць, усё мяняецца. Спадзяёмся, што да 90-годдзя Віктара Шымука мемарыяльная дошка ўсё ж з'явіцца. В. Шымук знайшоў вечны супакой на дзятлаўскіх могілках, вучні гімназіі даглядаюць магілу. Жонка Марыя і дачка Таццяна не забываюць радзіму свайго дарагога чалавека. Зусім нядаўна, падчас святкавання 125-годдзя з дня нараджэння нашага слыннага земляка, ураджэнца вёскі Погіры, палітычнага і грамадскага дзеяча, доктара філасофіі, педагога, паэта І. Дварчаніна, яны падарылі ўсім школам і бібліятэкам раёна выдадзены за асабістыя сродкі, прыгожы, змястоўны збор лепшых вершаў В. Шымука "Чалавечая душа - праменьчык сонца".
Дарэчы, адсвяткаваць 125-годдзе І. Дварчаніна - таксама нашая задума. Планавалася гэтую дату адзначыць грунтоўна, але пандэмія не дазволіла зрабіць так, як хацелася. Гэта мерапрыемства адкладвалася, пераносілася, але 22 жніўня ўсё ж адбылося. У Дзятлаве, каля помніка І. Дварчаніну, сабралася не менш за сотню чалавек. Госці з Менска, Гародні, Баранавічаў, Ліды, Слоніма, Наваградка, Нясвіжа, паэты, пісьменнікі, барды, спевакі, супрацоўнікі аддзела культуры РВК, бібліятэкі, музея, школьнікі, мінакі на працягу гадзіны слухалі выступленні, песні, знаёміліся з выставай твораў І. Дварчаніна. Затым святкаванне працягнулася ў вёсцы Погіры, каля роднай хаты юбіляра. Тут высілкамі нашых сяброў пры падтрымцы кампаніі "Зробім лепш-2020" быў усталяваны мемарыяльны камень, пасаджаны туі і кветкі, зроблена прыгожая лава для наведвальнікаў, а на дарозе Слонім-Ліда замацавана шыльда-ўказальнік "Радзіма Ігната Дварчаніна". Гасцей чакалі з паўсотні вяскоўцаў і народны фальклорны гурт "Пагіранка", які сустрэў прыезджых задушэўнымі песнямі. Гучалі прамовы Л. Дзіцэвіч і старэйшай жыхаркі вёскі, сваячкі І. Дварчаніна М. Дзядовіч. Спявалі барды С. Чарняк і М. Зізюк. Адбылося ўганараванне ўдзельнікаў і пераможцаў аб'яўленага конкурса мастакоў на лепшы малюнак, прысвечаны 125-гадоваму юбілею.
Раённай арганізацыяй, як толькі 2018 год быў аб'яўлены Годам малой радзімы, была ініцыявана ідэя стварэння ў Дзятлаве манументальнага помніка слыннаму ваяру, гетману найвышэйшаму ВКЛ, чалавеку, які заклаў першую цагліну ў падмурак горада, фундаваў пабудову праваслаўнай царквы, першаму ўладару гэтых земляў К.І. Астрожскаму.
Гэтую ініцыятыву замацавалі 250 подпісамі гараджан. На сённяшні дзень ужо пройдзены і завершаны ўсе папярэднія юрыдычныя этапы стварэння манумента: праведзены грамадскія слуханні, выбрана і зацверджана месца, адбыўся конкурс макетаў помніка, ЖКГ замовіла праект на пабудову пастамента, у банку адкрыты рахунак на збор сродкаў. Спадзяёмся, што сябры ТБМ і на гэтым этапе, згодна са сваімі кашалькамі, праявяць сябе з лепшага боку.
У параўнанні з іншымі раёнамі вобласці адносна добра наладжана падпіска на "Наша слова". Праўда, 6-9 экзэмпляраў - вельмі мала. Быў жа час, калі ў раён прыходзіла і 15-16 газет. Будзем праводзіць агітацыйную працу, каб падпіска стала шырэйшай.
Слаба наладжана ў нас праца па правядзенні беларускіх дыктовак. Праўда, асноўная прычына ў тым, што гэта не вельмі падабалася ўладам, менавіта яны забаранялі настаўнікам школ праводзіць дыктоўкі. Выключэннем стаў люты бягучага года, але мы не паспелі падрыхтавацца як след. Удзел у дыктоўцы прынялі менш за тысячу школьнікаў і жыхароў раёна.
Слаба пакуль наладжана ў нас і праца па агітацыі бацькоў за стварэнне беларускамоўных груп у садках і першых класаў у школах, за навучанне на беларускай мове ў сярэднім і старэйшым звяне. Але на гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны. Вырашаць іх трэба ў першую чаргу на дзяржаўным узроўні.
У планах нашай філіі на бліжэйшы час прадаўжаць працу па ўшанаванні знакамітых землякоў, на галоўных вуліцах горада павесіць шыльды з назвай на дзвюх мовах, адна з якіх беларуская, а магчыма пазначыць і назвы, якія вуліцы мелі да 1939 года, што, на нашу думку, павялічыць турыстычную прывабнасць горада Дзятлава.
Валеры Петрыкевіч, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.
Cправаздачна-выбарчы сход Валожынскай гарадской суполкі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
28 жніўня ў Валожыне прайшоў справаздачна-выбарчы сход Валожынскай гарадской суполкі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".
На павестку дня паседжання былі вынесены наступныя пытанні:
1. Справаздача старшыні суполкі Таўгень Людвікі аб рабоце суполкі за апошнія тры гады.
2. Выбары старшыні суполкі.
3. Вылучэнне дэлегатаў на 14 з'езд ТБМ і на Менскую абласную канферэнцыю.
4. Рознае.
Быў заслуханы справаздачны даклад старшыні суполкі Таўгень Людвікі.
Старшынёй Валожынскай гарадской суполкі сход абраў Таўгень Людвіку.
Дэлегатамі на з'езд ТБМ вылучаны Сівы Сяргей, а на Менскую абласную канферэнцыю - Гражынская Галіна і Пятроўская Лізавета.
Сярод тэм, якія падымаліся ў "розным", разглядалася пытанне аб узнагароджанні сябра суполкі Сівага Сяргея за актыўную працу. Было вырашана чарговы раз нагадаць сакратарыяту ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", каб звярнулі ўвагу на вырашэнне гэтага пытання.
Пятровіч Аксана, сябра Валожынскай суполкі.
Выбітныя асобы атрымалі ўзнагароды да 100-годдзя БНР
9 верасня на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны ў Менску адбылося ўрачыстае ўручэнне медалёў да 100-годдзя БНР за ўнёсак у развіццё дэмакратычных каштоўнасцяў і спрыянне росквіту нацынальнай культуры. Іх уручыў выбітным асобам - Зінаідзе Бандарэнка, Ніне Багінскай, Іосіфу Сярэдзічу, Міколу Купаву, Міхасю Скоблу старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, сябар Рады БНР Мікола Пачкаеў.
У працэсе ўрачыстай цырымоніі спадар М. Пачкаеў узгадаў пра гісторыю архіва і пячаткі БНР, распавёў пра сённяшнюю дзейнасць Рады БНР.
Медаль да 100-годдзя БНР згодна са сваім статутам, уручаецца за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Узнагарода ўручаецца асобам, якія адзначыліся на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі, выбітным грамадскім і культурніцкім дзеячам на Беларусі і ў замежжы, а таксама замежнікам, якія спрычыніліся да даследаванняў і папулярызацыі Беларусі ў свеце, ці іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Сярод узнагароджаных - першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц і амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан; палітыкі і грамадскія дзеячы; ветэраны беларускага незалежніцкага руху, даследчыкі Джым Дынглі, Арнольд Макмілін, Адам Мальдзіс; акадэмік Радзім Гарэцкі; пісьменнік Уладзімір Арлоў; стваральнікі эталону дзяржаўнага герба "Пагоня" Аляксей Марачкін і Леў Талбузін; праваабаронца Алесь Бяляцкі інішыя. Агулам узнагароджаныя ўжо больш за 130 асобаў на Беларусі і ў замежжы.
У жніўні 2020 года Рада БНР рашуча асудзіла фальсіфікацыі вынікаў выбараў у Беларусі і гвалт супраць мірных дэманстрантаў, якія выйшлі пратэставаць супраць парушэнняў.
"Ганаруся кожным і кожнаю з вас! - адзначыла ў сваім звароце Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла . - Вашая прысутнасьць на вуліцах беларускіх гарадоў, забастоўкі, усе вашыя высілкі, каб дамагчыся зменаў без гвалту, паказваюць усяму свету, які спелы, годны і цывілізаваны беларускі народ! Беларусы заслугоўваюць павагу і падтрымку не менш, як іншыя народы Еўропы.
Я жадаю ўсім нам сілаў, трываласці і веры ў лепшую будучыню. Гэтая будучыня ў руках кожнага беларуса, кожнага і кожнай з нас.
Будзьце смелыя, будзьце годныя, будзьце моцныя духам, каб дачакацца перамогі і наблізіць яе. Праўда на нашым баку, і перамога будзе нашай".
Эла Дзвінская, фота аўтара.
А. Меркель: "Наша сэрца б'ецца ў такт з мірнымі дэманстрантамі ў Беларусі"
Навіны Германіі
Канцлер Германіі Ангела Меркель выказала захапленне пратэстантамі Беларусі.
- Наша сэрца б'ецца ў такт з мірнымі дэманстрантамі. Варта захаплення тое, з якой мужнасцю і рашучасцю яны выходзяць на вуліцы за волю і вяршэнства права, - заявіла яна ў відэазвароце па выпадку Міжнароднага дня дэмакратыі, які адзначаюць 15 верасня, паведамляюць Naviny.by.
- Мы ў Германіі шчаслівыя, што дэмакратыя і свабода, прававая дзяржава і агульная палітычная адказнасць трывала ўкараніліся ў нас, - сказала канцлер Германіі і падкрэсліла, што сітуацыя ў іншых дзяржавах паказвае, "што гэта не само - сабой зразумела".
Аб работу ў імя дэмакратыі ў Беларусі ў літаральным сэнсе выціраюць ногі, - адзначыла Ангела Меркель.
Яна адзначыла, што аўтарытарныя дзяржавы могуць быць эканамічна паспяховымі і могуць кідаць выклік дэмакратычным краінам, аднак, робяць гэта за кошт правоў грамадзян. Але гэта не еўрапейскі шлях.
- Таму ў Германіі і Еўропе тым больш важна кожны дзень нагадваць сабе, якой вялікай заваёвай з'яўляецца дэмакратыя, - пераканана Меркель. - Дэмакратычныя каштоўнасці варта абараняць усімі сіламі. Гэта становіцца яшчэ больш відавочным цяпер, калі мы з вялікай заклапочанасцю назіраем за развіццём падзей у Беларусі.
Крыніца: Камсамольская праўда.
МЗС ФРГ: "Калі Лукашэнка не адрэагуе, будуць новыя санкцыі"
Лукашэнка павінен нарэшце праявіць гатоўнасць да дыялогу, заявіў міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас у інтэрв'ю газеце Bild am Sonntag.
- Я заклікаю Лукашэнку весці перамовы з апазіцыяй, арганізаваць новыя выбары, спыніць блакаванне і разгон мірных дэманстрацый, паважаць правы чалавека і свабоду СМІ, - сказаў Маас.
Ён нагадаў, што ЕС не прызнаў афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і прыняў рашэнне аб санкцыях.
- Цяпер мы ўводзім іх. Калі Лукашэнка не адрэагуе, будуць новыя санкцыі, - папярэдзіў міністр. Раней Маас заявіў, што Лукашэнка павінен "прызнаць рэальнасць на вуліцах сваёй краіны, гэтак жа як і рэальнасць у галовах людзей у гэтай краіне".
19 жніўня на пазачарговай сустрэчы Еўрапейскага савета аб сітуацыі ў Беларусі кіраўнікі краін ЕС дамовіліся аб увядзенні санкцый супраць тых, хто адказны за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, а таксама за фальсіфікацыю выбараў. 6 верасня міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак паведаміў, што санкцыі будуць уведзеныя не пазней за 21 верасня.
- Першапачаткова ў санкцыйны спіс уваходзіла 20 асоб, адказных за маніпуляцыі падчас выбараў і прымяненне сілы супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Мы зноў назіраем жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі, так што гэты спіс найбліжэйшымі днямі мы можам пашырыць, - сказаў Петржычак.
belapan.by.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Чайкоўскі Павел - 25 р., г. Менск
2. Камінская Аліна - 20 р., г. Менск
3. Шкірманкоў Фелікс - 40 р., г. Слаўгарад
4. Крачкоўская В.А. - 20 р., г. Магілёў
5. g6vf - 30 р., г. Менск
6. Малаковіч Надзея - 25 р., г. Менск
7. Бубен Кастусь 30 р., г. Менск
8. Вяргейчык В.П. - 15 р., г. Менск
9. Ляўшун Д. - 15 р., г. Менск
10. Унучак М. І. - 100 р., г. Менск
11. Крыўко - 20 р., г. Наваполацк
12. Чарняеў Аляксей - 25 р., г. Менск
13. Райчонак Ада - 20 р., г. Шаркоўшчына
14. Ляскоўскі Уладзіслаў - 27 р., г. Шаркоўшчына
15. Місевіч Мар'ян - 50 р., п. Падсвілле
16. Кароль Галіна - 5 р., г. Менск
17. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск
18. Птушка С. - 5 р., в. Хільчыцы
19. Розін Дзмітры - 50 р., г. Менск
20. Качаноўская Наталля - 10 р., г. Менск
21. Багінская Ніна - 21 р., г. Менск
22. Руткевіч Вераніка - 10 р., г. Менск
23. Марчук Зміцер - 50 р., г. Менск
24. Місюк Дзмітры - 15 р., г. Менск
25. Саротнік Андрэй - 10 р., г. Менск
26. Панасюк А.П. - 50 р., г. Менск
27. Ралько Л.М. - 30 р., г. Баранавічы
28. Жыдаль Дзяніс - 100 р., г. Менск
29. Кукавенка Іван - 25 р., г. Менск
30. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск
31. Нікіціна Вольга - 15 р.
32. Глухава С. - 30 р., г. Менск
33. Ранецкая - 5 р., г. Менск
34. Рыбачонак - 50 р., г. Менск
35. Ляўшун - 17 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэа-льнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові. Частка ІІ
Віктар Шніп
(Працяг у наступным нумары.)
БАЛАДА СПІРЫДОНА СОБАЛЯ (каля 1580-1590 - 1645)
Па свеце можна вандраваць бясконца,
Шукаючы няведама чаго,
І хай цяплей там недзе свеціць сонца,
Чым тут ля васільковых берагоў
Палёў жытнёвых, дзе крыжы сівыя
Стаяць каля дарог, але ўсё ж тут
Мы самыя шчаслівыя, жывыя,
Бо гэта наш спрадвек бацькоўскі кут.
Куцейна. Манастыр. У ім друкарня.
І ты "Псалтыр" трымаеш у руках,
Як птушку. Ты жывеш не марна.
Не думаеш пра памяць у вяках,
Бо для цябе асвета - шлях да Бога,
І толькі з Богам будзе плённым шлях.
І хоць ты надрукуеш кніг нямнога,
Ды кожная не згубіцца ў пясках
Часоў, што ўсё прыходзяць і сыходзяць
Так, як вада на берагі плыве.
Ты застанешся з кнігамі ў народзе.
Народ без кніг знікае, не жыве.
8.05.2020 г.
БАЛАДА СІМЯОНА ПОЛАЦКАГА (12.12.1629 - 25.08.1680)
Ты мог купцом быць, як бацькі былі,
І жыць не бедна на сваёй зямлі,
Па свеце ездзіць і свой край любіць
Здалёку і казаць: "Душа баліць
За ўвесь народ…". Ты выбраў іншы шлях-
Пісьменнік - ты, і полацкі манах.
Ты молішся. Ты пішаш. Ты жывеш
Для Слова Божага, якому меж
Няма і быць не можа, бо жыве
Яно не толькі ў светлай галаве,
А ў сэрцах чалавечых, для якіх
Усё, што маеш, што знікае ўміг -
Ад Бога ўсё, і вырашае Бог,
Якой уладзе быць, якіх дарог
Асядзе пыл табе на галаву.
Ты заўтра ад'язджаеш у Маскву.
Але і там, у залатой Маскве,
Ты будзеш думаць: "Як жа там жыве
Мой Полацак і мой народ?"
На вуліцы зіма, на сцежцы лёд,
І ты ідзеш, і не баішся ўпасці.
Ты ведаеш, што ёсць на свеце шчасце,
І гэта - край, дзе нарадзіўся ты,
І не бяда, што ён не залаты.
29.04.2020 г.
БАЛАДА КРЫШТАФА ЗАВІШЫ (20.04.1660 - 15.08.1721)
Касцёл Найсвяцейшае Дзевы Марыі
Будуецца ў Менску на грошы, што ты
Сабе мог схаваць бы, як часам старыя
Хаваюць, каб потым пажыць без бяды
У свеце, дзе ўсё прадаецца бязбожна.
Глядзіш на касцёл, што расце да нябёс.
І радасць на сэрцы,
бо здзейсніць тут можна
Усё, што з сабою з юнацтва прынёс,
Калі былі самыя светлыя мары.
На лютні іграеш і любіш дзяцей,
І пішаш начамі ў цішы мемуары,
Якія не знікнуць, а будуць святлей
Твой час асвятляць, у якім назаўсёды
Ты жыць застаешся, бо ў тым, што зрабіў,
Любоў твая ёсць і твая асалода,
З якой ты пісаў, будаваў і любіў.
17.04.2020 г.
БАЛАДА МАРЦІНА ПАЧОБУТ-АДЛЯНІЦКАГА (30.09.1728 - 20.02.1810)
Ты не паэт, але глядзець на зоры
І на планеты, што лятуць між іх,
Ты любіш і пра іх штодня гаворыш.
Ты - астраном і мала ёсць такіх
У свеце. Ну а ў Вільні больш нікога.
І дзівакі пытаюцца падчас:
"Мо праз трубу сваю ты бачыў Бога?
Пабачыш, шчасця папрасі для нас!"
А сёння ты сяброў паклікаў смелых
Зацменне сонца паглядзець праз шкло,
Якое задыміў, што аж счарнела,
Нібы ніколі чыстым не было.
І вось прапала сонца, цёмна стала,
Нібы ўначы, у Вільні, над якой,
Як попел, вараннё ўміг паўзлятала,
Нібыта сонца залілі вадой.
Ты не паэт, але глядзець у неба
Табе штодня, і ты штодня глядзіш,
Ды іншага жыцця табе не трэба,
Дзе тэлескоп - твой пажыццёвы крыж.
13.05.2020 г.
БАЛАДА ЖАНА ЖЫЛІБЕРА (21.06.1741 - 2.09.1814)
Да Францыі далёка, як да неба.
Гародня для цябе, як родны дом.
І для вясны нічога больш не трэба,
Чым гэты сад, што ў кветках за вакном,
Дзе салаўі спяваюць, бы ў Парыжы,
І, часам, падаецца, нават лепш.
І на касцёле крыж, нібыта крыжык,
З твайго дзяцінства, дзе душой жывеш,
Калі самотна робіцца бывае.
Гародня - не Парыж! Але і тут
Людзей страчаеш, у якіх жывая
Душа баліць штодня за родны кут.
Твая ўжо акадэмія працуе,
І можна хутка ад'язджаць дамоў.
І сад твой у Гародні засумуе,
І застанецца памяць пра сяброў,
З якімі ты гербарыі збіраеш
І лекуеш людзей, каб заўтра край,
Які ты палюбіў, быў светлым краем,
Як гэты за вакном бялюткі май.
16.04.2020 г.
БАЛАДА СТАНІСЛАВА ЮНДЗІЛА (6.05.1761 - 18.04.1847)
Твой сад вялікі, нібы рай пчаліны.
Сюды прыходзіш ты не мёд збіраць,
А назіраць, як дрэвы і расліны
Растуць, каб потым кнігу напісаць.
І хоць гербарый маеш ты багаты,
Ды радасць не хаваецца ў табе,
Калі траў розных нарасце ля хаты,
Калі наробяць гнёздаў на вярбе
Вароны, што абрыдзелі суседзям…
Ты ў Вільні - дома, і няма цяпер
Ахвоты вандраваць па белым свеце,
Дзе ёсць сябры, дзе ведаюць цябе,
Батаніка, што не баіцца стомы,
Працуючы, каб і бацькоўскі край
Быў для Еўропы, як Парыж, вядомы…
У садзе зноў стаіць птушыны грай,
Якім лякуешся, нібыта ў Вене
Ты на канцэрце музыкі без слоў.
Не бачыш сонца, прад табою цемень,
Ды любіш свет, бо ў ім жыве любоў.
5 - 6.05.2020 г.
БАЛАДА ІОСІФА АЛЯШКЕВІЧА (1777 - 5.10.1830)
У Пецярбургу восень, і ў цябе
Натхненне ёсць і час пісаць партрэты…
Апошнюю лістоту дождж дзяўбе
І мокрыя чарнеюць парапеты
Каля Нявы, дзе ты ідзеш адзін
І ўспамінаеш лета маладое,
І ў Радашковічах сярод рабін
Бацькоўскі дом, дзе ўсё табе святое.
Ізноўку чуеш музыку ў вятрах,
Якую бацька для цябе іграе.
І бачыш лёну хвалі на палях,
Над імі белы матылёк лятае.
І ты бяжыш, каб матылька дагнаць,
На міг спыняешся, па Вільні крочыш,
Дзе ты, юнак, вучыўся маляваць,
З паэтамі глядзеў каханню ў вочы.
Займець партрэт свой хоча Радзівіл.
І ты цяпер малюеш Радзівіла,
І родны край жыве ў тваёй крыві,
Твой родны край - натхненне і магіла.
7.05.2020 г.
(Працяг у наступным нумары.)
Жывіць сэрцы паэзія Ларысы Генюш
Восеньскі цыкл сустрэч на менскай сядзібе ТБМ 9 верасня распачаўся літаратурнай імпрэзай, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Сёлета гэта памятная дата 9 жніўня супала з днём выбараў.
- Паэзія Ларысы Геніюш з'яўляецца сёння вельмі актуальнай і жыццёва неабходнай, - адзначыла, адкрываючы імпрэзу старшыня ТБМ Алена Анісім.
З прамовай да прысутных выступіў публіцыст і паэт Міхась Скобла, даследчык творчасці Ларысы Геніюш, укладальнік кніг эпісталярнай спадчыны паэткі "Каб ведалі", "Лісты з Зэльвы", ўспамінаў пра яе "Духу магутныя чары" і іншых. Адзін з чытачоў ва ўспамінах напісаў: "Ларыса Геніюш - наша Жанна д'Арк. Яна патрабавала ад нас, сваіх сяброў, быць свабоднымі. Яна жывіла нас энэргетыкай супраціву, каб мы супрацьстаялі цемры, падману і здрадніцтву."
- Я падрыхтаваў да выдання 8 кніг, звязаных з дзейнасцю Генеральнага сакратара БНР Ларысы Геніюш. Пачынаючы даследчыцкую дзейнасць, я быў уражаны вершам паэткі, напісаным ў 1942 годзе "Наш сцяг". Гэты сцяг быў у душы Ларысы Геніюш нават у ГУЛАГу. Сёння мы ўсхваляваныя і ўзрушаныя морам бел-чырвона-белых сцягоў на вуліцах і праспектах Менска.
Пра руплівасць Ларысы Геніюш па ўпарадкаванні і захаванні архіва БНР распавёў сябра Рады БНР, старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Мікола Пачкаеў. Пра асабістую сустрэчу з паэткай нагадаў вядомы графік Мікола Купава.
Не забыты грамадзянскі чын мужнай паэткі, дзяячкі нацыянальнагу руху, хрысціянкі, вернай дачкі свайго народа. У гонар яе на Гарадзеншчыне ў 2016 годзе названа бібліятэка. У Зэльвенскай Спаса-Троіцкай царкве створаны мемарыяльны куток Ларысы Геніюш, а на падворку царквы ўсталяваны помнік. У 2000 годзе былі перавыдадзены зборнікі паэзіі "Гасціна" і " Выбраныя творы".
У 2006 годзе была запісана музычная складанка на вершы выбітнай паэткі. Польскі пераклад кнігі ўспамінаў "Споведзь" быў апублікаваны ў 2012 годзе над назвай "Ptaki bez gniazd" у перакладзе Чэслава Сенюха.
Госці імпрэзы актывістка БХД і турыстычны менеджар Валерыя Чарнаморцава, архівіст і даследчык Зміцер Дрозд і іншыя прынялі ўдзел у супольным чытанні вершаў паэткі. Напрыканцы імпрэзы прагучалі гімны "Магутны Божа" і "Пагоня" ў выкананні Таццяны Грыневіч.
Ня быць начы!
Няма жыцця без сонца.
Узыдзе сонца, азарыць акно.
Хлусня хлуслівых
страціць абаронцаў
І волавам апусціцца на дно.
А праўда - то не кліч,
штыком падперты,
Прыгодны злыдням
для нячыстых спраў.
А праўда - з лёсаў,
з душ, з народных нетраў
З цярпення,
што народ ператрываў.
Ліхой хлусні бяссільны
крык варожы.
Да дзён прыгону
страшны паварот.
А праўда ўсё ж жыве
і пераможа!
Мы вам не слугаў племя -
мы народ!
Ларыса Геніюш. Э. Дзвінская, фота аўтара.
Фэст патрыятычнай песні на Лідчыне
12 верасня на аграсядзібе "Гасьціна" ў в. Пескі Лідскага раёна прайшоў 4-ты Фэст патрыятычнай песні, прымеркаваны да Дня беларускай вайсковай славы 8 верасня. Свята арганізоўвалі Лідская арганізацыя і Ёдкаўская суполка ТБМ пры падтрымцы іншых структур ТБМ.
Імпрэзу распачаў лідскі акцёр Алег Лазоўскі вершам Станіслава Судніка "Бог. Гонар. Айчына".
І пайшлі выступленні слынных беларускіх музыкаў, бардаў, паэтаў.
Лідчына, мабыць, упершыню пачула беларускія гуслі, мастацкае гранне і класічныя песні па-беларуску ў выкананні Алеся Чумакова.
Ці не на ўсіх лідскіх фэстах выступаў Зміцер Захарэвіч. І сёння для прысутных, а іх сабралася за сотню чалавек, гучалі выдатныя патрыятычныя песні.
Упершыню, а можа і не, але ўпершыню на фэсце слынны, бескампрамісны паэт Славамір Адамовіч чытаў патрыятычныя і гумарыстычныя вершы, праўда гумар у Адамовіча - не зусім для смеху.
Час выступленняў не абмяжоўваўся, і фэст зацягнуўся да глыбокай ночы, а для некаторых і да раніцы.
Выступалі зноў Алег Лазоўскі з праграмай, прысвечанай беларускай мове.
Сяргей Чарняк з Ліды выконваў песні на словы Станіслава Судніка, Сяргея Чыгрына, Наталлі Арсенневай і іншых аўтараў.
Алег Лазоўскі прачытаў свежую гавэнду Станіслава Судніка "Мазалеўскія", а завяршыў афіцыйную сцэнічную частку Зміцер Бартосік з дачкой Юстынай. Далей жа пачалася "вольная сцэна", хто хацеў чытаў вершы, хто хацеў спяваў песні. Ды і на пачастунак гаспадары не паскупіліся.
Лідскія фэсты патрыятычнай песні і паэзіі ўжо сталі прыкметнай з'явай на літаратурна-музычнай мапе Беларусі. Побач з геніюшаўскімі святамі ў Зэльве, абласным святам паэзіі на Дзятлаўшчыне яны ствараюць нацыянальную творчую атмасферу Гарадзеншчыны.
Я. Грынкевіч.
Магілёўцы на Крапівенскім полі
Штогод у верасні сябры ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва едуць на Крапівенскае поле, дзе ў 1514 годзе адбылася легендарная Аршанская бітва.
12 верасня ТБМ-аўцы рушылі ў вандроўку па Аршаншчыне. Усяго за адзін дзень мы наведалі восем мястэчак і некаторыя з іх пабачылі ў першы раз! Спачатку мы завіталі ў Балбасава, якое знаходзіцца пад самай Воршай. Гэты маленькі гарадок стаў вядомы яшчэ ў савецкія часы дзякуючы свайму вайсковаму аэрадрому, які да вайны лічыўся адным з лепшых на Беларусі. Да нашага часу захаваўся шэраг будынкаў ваеннага гарадка 1930-х гадоў, пабудаваных у стылі канструктывізму. У мясцовым доме культуры, дзе раней месціўся дом афіцэраў нас гасцінна сустрэлі супрацоўнікі ўстановы і паказалі цікавую краязнаўчую выставу, калекцыю карцін савецкага часу і нават завялі ў "штаб" мясцовага рыцарскага клуба!!! Каля дома культуры мы падыйшлі да магілы легендарнага лётчыка, першага двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца, які трагічна загінуў у Балбасаве ў 1939 годзе. А ў цэнтры Балбасава мы сфатаграфаваліся з вялікім ваенным самалётам, які даўно пераўтварыўся з грознай зброі ў цікавы турыстычны аб'ект.
У Воршы адразу завіталі ў касцёл Святога Язэпа 19 стагоддзя, дзе пабачылі копію карціны 16 стагоддзя "Аршанская бітва". А потым накіраваліся ў Куцеінскі манастыр 17 стагоддзя, які калісьці заснавалі магілёўцы, і першы ігумен Іаіль Труцэвіч быў таксама з Магілёва. Тут у 1631 годзе выдаў свой вядомы "Буквар" магілёвец Спірыдон Собаль. Да нашага часу ў Куцейне захаваліся два будынкі 17 стагоддзя - будынак друкарні і царква Святога Духа, пабудаваная ў стылі магілёўскай школы дойлідства (некаторыя даследчыкі называюць, яе аршанска-магілёўскай школай дойлідства). Вельмі сумна, што будынак друкарні знаходзіцца ў занядбаным стане, і нават частка яго ў апошні час была "аздоблена" сайдынгам. Калі справы і надалей так будуць працягвацца, то мы страцім гэты ўнікальны будынак! Ужо надыходзіў час абеду, і пасля Воршы мы накіраваліся да майго добрага сябра спадара Генадзя Шэпелева, які ласкава запрасіў нашу грамаду на сваё лецішча на беразе Дняпра ў мястэчка Берасценава. Гасціннасць і харызма спадара Генадзя адразу апанавала нашымі сябрамі, і мы пасля смачнага пачастунку ледзь выправіліся далей у наша падарожжа.... Спадар Генадзь вядомы не толькі, як анёл-ахоўнік свята на Крапівенскім полі, але і як краязнавец. І настапныя тры гістарычныя мястэчкі нашага маршруту мы наведалі пад яго пільным патранатам. У самім Берасценаве да нашага часу захаваліся парэшткі панскага маёнтка 19-пачатку 20 стагоддзя. На вялікі жаль, сам панскі дом прыйшоў у поўны заняпад, і ў ім нават правалілася столь. Засталося некалькі гаспадарчых будынкаў, у якіх дагэтуль пражываюць мясцовыя жыхары, і рэшткі панскага парку. Праз пару кіламетраў у вёсцы Кудаева ў мясцовым кар'еры мы пабачылі сапраўдны помнік прыроды, які не характэрны для нашых мясцінаў - гэта велізарны валун памеры якога 2,5 на 8 метраў. Мы ўсёй грамадой з задавальненнем на гэты гіганцкі валун залезлі, а потым, праўда некаторыя думалі, а як жа з яго злезці!?
Мястэчка Міцькаўшчына перадусім вядома сваім замчышчам і землянымі валамі, якія па форме чатырохкутніка ахопліваюць досыць вялікую прастору. Але зараз вялікая трава, і нам не ўдалося прайсці па ўсім перыметры замчышча. Па некаторых крыніцах, менавіта тут у 16 стагоддзі была заснаваная драўляная цвердзь. Суседняя вёска Солаўе калісьці мела прыгожую царкву святой Троіцы 19 стагоддзя, якая зараз знаходзіцца ў руінах. Цікава адзначыць, што некаторыя архітэктурныя элементы праваслаўнага храма былі выкананы з рысамі неаготыкі. Далей мы ўжо рушылі самастойна і паехалі на Крапівенскае поле, што па шляху з Воршы на Дуброўна. Мемарыял Крапівенскага поля, створаны пры ўпадзенні рачулкі Крапівенкі ў Дняпро. Мы грамадою падышлі да памятнага знака, да гістарычных медальёнаў з выявай вядомых беларускіх ваяроў Аршанскай бітвы 1514 года. Вялікі дзякуй нашым мастакам і гісторыкам, грамадскім актывістам, якія здолелі стварыць і захаваць гэты ўнікальны народны мемарыял! У самім мястэчку Крапіўна захавалася да нашага часу праваслаўная царква 19 стагоддзя ў гонар Аляксандра Неўскага. І апошнім нашым прыпынкам была крыніца Святога Панцеляймона, якая знаходзіцца па магілёўскай трасе за вёскай Бабінічы. Шлях да крыніцы аказаўся не простым і прышлося шпацыраваць пехатой з стромкай гары досыць далёка. Але мы набралі вады, акунацца ў купелі ніхто чамусці не пажадаў, і мы з пачуццём выкананага абавязку рушылі да сябе ў Магілёў. Уражанні ад вандроўкі былі вельмі прыемныя і ад добрай кампаніі, і ад сустрэчы з шаноўным Генадзем Шэпелевым. Адно нас дужа засмуціла, што вельмі шмат нашых помнікаў даўніны знаходзіцца ў поўным занядбанні. Пра многія гістарычныя мясціны і старажытныя будынкі немагчыма знайсці ніякай інфармацыі ў адкрытым доступе. Калі і надалей такімі тэмпамі будзе працягвацца "ахова" помнікаў архітэктуры, то нашым дзецям і ўнукам у хуткім часе не будзе чаго паказаць з нашай тысячагадовай даўніны.
Алег Дзьячкоў. Магілёў. Верасень 2020 г.