НАША СЛОВА № 40 (1503), 7 кастрычніка 2020 г.
XII справаздачна-выбарная канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
У Віцебскай абласной бібліятэцы 27 верасня адбылася XII справаздачна-выбарная канферэнцыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Са справаздачным дакладам выступіў старшыня Віцебскай абласной рады Ю.М. Бабіч. Напачатку Юрый Міхайлавіч зазначыў, што згодна з планам гэтая канферэнцыя планавалася яшчэ ў сакавіку, аднак эпідэміялагічная сітуацыя не дазволіла тады яе правесці.
Потым усе прысутныя ўшанавалі памяць сяброў ТБМ з розных рэгіёнаў, якія адышлі з гэтага свету. На жаль, у апошні час з жыцця пайшлі такія вядомыя сябры арганізацыі, як Юрый Нагорны, Мікалай Карніенка, Алёна Канапацкая.
Затым старшыня абласной рады спыніўся на асноўных момантах працы арганізацыі за апошнія два гады. Ён распавёў пра шэраг імпрэзаў і сустрэчаў, якія ладзіліся за гэты перыяд. Таксама адзначыў, што вядзецца актыўная праца з аддзеламі адукацыі па адкрыцці беларускіх класаў, школ і гімназій. Асаблівую ўвагу Юрый Міхайлавіч акцэнтаваў на тым, што кіраўніцтва абласной рады рэгулярна сустракаецца з высокімі прадстаўнічымі асобамі вобласці і горада, дзе вырашаюцца важныя пытанні аб пашырэнні, папулярызацыі мовы, афармленні шыльдаў, абвестак, назваў прыпынкаў у горадзе па-беларуску.
Важным вынікам працы ТБМ з'яўляецца афіцыйнае аднаўленне дзейнасці Ушацкай раённай арганізацыі. У справаздачы была адзначана вялікая праца рэгіянальных структур, якія праводзяць дастаткова шмат мерапрыемстваў, каторыя спрыяюць пашырэнню беларускасці. Асаблівую падзяку за супрацоўніцтва Юрась Бабіч выказаў ВДУ імя Машэрава і асабіста дэкану факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый прафесару Сяргею Нікалаенку, а таксама Віцебскаму адзяленню "Руху за свабоду", Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла, кіраўніцтву Віцебскай абласной бібліятэкі і іншым.
У спрэчках па дакладзе выступілі яшчэ некалькі прадстаўнікоў арганізацыі. У прыватнасці, Галіна Варатынская (Ушацкая раённая арганізацыя), Кастусь Севярынец (Віцебская гарадская арганізацыя), Георгій Станкевіч (Бешанковіцкая раённая арганізацыя), Людміла Нікіціна (Віцебская раённая арганізацыя) і іншыя. Так, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Георгій Станкевіч падкрэсліў значнасць рэдагаванай ім газеты "Крынка", якая выдаецца на беларускай мове і ў якой закранаюцца надзённыя пытанні беларускасці. Людміла Нікіціна - кіраўнік Заронаўскай суполкі Віцебскага раёна - канстатавала плённую працу "Народнага музея гісторыі Заронаўскага краю", жаданне школьнікаў, моладзі ўдзельнічаць менавіта ў беларускамоўных імпрэзах. Моцным папулярызатарам роднай мовы выступае і Беларускі тэатр "Лялька", дзе традыцыйна гучыць сакавітае беларускае слова. Пра гэта гаварыла сп-ня Людміла Сіманёнак.
Згодна са статутам, быў абраны новы склад абласной рады і рэвізійнай камісіі, вылучаны дэлегаты на з'езд ТБМ ад раённых і гарадскіх суполак, прыняты план дзейнасці абласной арганізацыі на наступныя два гады. Потым адбыліся выбары старшыні і намеснікаў. Старшынёй Віцебскай абласной рады была абрана Марына Міхайлаўна Белахвостава - магістр філалогіі, настаўнік гісторыі, чалавек з нацыянальна-накіраванымі поглядамі і крэатыўнымі падыходамі да беларушчаны. Абраная старшыня адзначыла, што мова для яе - гэта не пусты гук. Мова - гэта тое, што нясе ў сабе гісторыю беларускага народа і непарыўна звязана з ім. Намеснікам старшыні абласной рады абрана Алена Сакалова - выкладчыца англійскай мовы.
Больш за дзве гадзіны працягваўся зацікаўлены абмен думкамі, абмяркоўваліся надзённыя праблемы з жыцця абласной арганізацыі. Кожны з прысутных мог у нязмушанай, але разам з тым дзелавой атмасферы падзяліцца ўражаннямі, абмеркаваць планы і ідэі.
Канферэнцыя засведчыла, без сумневу, пазітыўны настрой і дэлегатаў, і гасцей. І гэта натхняе на далейшую стваральную працу!
Наталля Ермакова, сябра ТБМ, студэнтка ВДУ імя Машэрава.
Справаздачна-выбарная канферэнцыя Менскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
3 кастрычніка ў Менску на сядзібе ТБМ па Румянцава, 13 прайшла Менская абласная канферэнцыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".
Дэлегатаў на канферэнцыю вылучылі Нясвіжская, Слуцкая, Валожынская і Заслаўская арганізацыі. Прысутнічалі дэлегаты ад Нясвіжскай, Слуцкай і Заслаўская арганізацый, а таксама старшыня Менскай абласной арганізацыі Мікола Курыльчык, які стаіць на ўліку ў Салігорскай арганізацыі ТБМ.
На канферэнцыі прысутнічалі старшыня ТБМ Алена Анісім і намеснік старшыні Станіслаў Суднік.
Канферэнцыя заслухала справаздачу старшыні Менскай абласной арганізацыі М. Курыльчыка і прыняла яе да ведама.
У выступленнях дэлегатаў утрымоўвалася інфармацыя пра дзейнасць раённых структураў, а таксама крытыка ў адрас абласнога кіраўніцтва. Асабліва крытычна выказвалася старшыня Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ Зінаіда Цімошак.
На канферэнцыі была абрана рада Менскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". У раду ўвайшлі: Наталля Плакса - старшыня Нясвіжскай арганізацыі, Людвіка Таўгень - старшыня Валожынскай арганізацыі, Зінаіда Цімошак - старшыня Слуцкай арганізацыі, Вольга Шарэйка - старшыня Заслаўскай арганізацыі. Старшыня рады, а таксама рэвізор будуць абраныя на паседжанні рады, якое пройдзе 18 кастрычніка ў Менску пасля з'езда ТБМ.
На канферэнцыі абраны дэлегаты на з'езд ТБМ ад абласной арганізацыі: Мікола Курыльчык (Салігорск) і Вольга Шарэйка (Заслаўе).
Канферэнцыя рэкамендавала чарговаму з'езду ТБМ для разгляду на пасаду старшыні ТБМ Алену Анісім. Канферэнцыя рэкамендавала ў рэспубліканскую Раду ТБМ Людвіку Таўгень і Наталлю Плаксу.
Яраслаў Грынкевіч.
СПРАВАЗДАЧА ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ РАДЫ ТБМ ПА ВЫНІКАХ ПРАЦЫ Ў 2018 - 2020 гг.
На ўліку ў Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ знаходзіцца 344 чалавекі. Віцебская абласная рада ТБМ у справаздачны перыяд працавала згодна з зацверджаным на папярэдняй канферэнцыі планам і з улікам сітуацыі, якая складваецца ў грамадстве ў канкрэтны часавы прамежак. Кіраўніцтвам і сябрамі рады зроблена значная праца па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы, праведзены сустрэчы з кіраўнікамі розных дзяржаўных структур абласнога ўзроўню, арганізаваны шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў. Паспрабуем сцісла падаць вынікі працы абласной рады ў храналагічным парадку. Нагадаем, што папярэдняя наша справаздачна-выбарная канферэнцыя праходзіла 18 сакавіка 2018 года.
У сакавіку 2018 года згодна з прапановамі, што прагучалі на папярэдняй справаздачна-выбарнай канферэнцыі, радай былі разасланы звароты ў раённыя і гарадскія аддзелы адукацыі Віцебскай вобласці з пытаннем адносна планаў па адкрыцці ў блізкай перспектыве беларускамоўных школ ці гімназій. Практычна ва ўсіх адказах канстатавалася, што мову навучання выбіраюць бацькі вучняў і яны аддаюць перавагу рускай мове.
У траўні 2018 г. адбылася сустрэча старшыні рады з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама сп. П.У. Гнуценкам па пытанні магчымых шляхоў супрацоўніцтва ТБМ і дзяржаўных органаў па ўшанаванні памяці Васіля Быкава ў Віцебску і вобласці. Было выяўлена разуменне праблемы і намечаны папярэднія шляхі яе вырашэння. На жаль, істотных зрухаў у гэтым кірунку не адбылося, але рада працягвае кантакты з органамі дзяржаўнай улады па названым пытанні.
У траўні таго ж года Ганаровы старшыня абласной рады І.А. Навумчык і сябар рады Л.А. Гаравы наведалі па даручэнні рады Ушацкі райвыканкам для абмеркавання магчымасці сумеснага правядзення Быкаўскіх урачыстасцяў на малой радзіме пісьменніка. Таксама было знойдзена разуменне неабходнасці сумеснай працы ў гэтым кірунку.
У чэрвені 2018 года па традыцыі абласной радай сумесна з ГА "Рух "За свабоду" ў Бычках былі арганізаваны Літаратурныя чытанні, прысвечаныя Васілю Быкаву. Удзел у імпрэзе прынялі сябры абласной рады, чальцы гарадской арганізацыі, якія падрыхтавалі літаратурна-мастацкую частку, правялі віктарыну паводле жыццёвага і творчага шляху нашага славутага земляка.
У снежні 2018 года на філалагічным факультэце ВДУ імя Машэрава прайшоў чарговы Фестываль беларускага слова. Самы непасрэдны ўдзел у яго арганізацыі і правядзенні прынялі кіраўнікі абласной рады (Ю. Бабіч, В. Сянькова), а таксама студэнты - сябры ТБМ. Асабліва хацелася б адзначыць папулярнасць сярод студэнтаў свята пад назвай "З гітарай па-беларуску", дзе звычайна мы маем шмат ахвотных прадэманстраваць свой талент у выкананні беларускамоўных песняў.
У снежні 2018 года сябрам абласной рады сп. Юрыем Нагорным была накіравана заява ў адрас кіраўніцтва ААТ "Віцебскаблаўтатранс" па пытанні мовы абвестак у грамадскім транспарце Оршы. У горадзе ўся аўдыяінфармацыя, не кажучы ўжо пра візуальную, падаецца толькі на рускай мове. Адказ атрымалі, на жаль, стандартны, пра дзве дзяржаўныя мовы ў Канстытуцыі і г.д.
У канцы 2018 года быў праведзены традыцыйны агляд-конкурс рэгіянальнага друку Віцебшчыны "З беларускім словам". Радай быў зацверджаны склад журы, куды ўвайшлі прафесійныя журналісты, лінгвісты, настаўнікі-беларусазнаўцы. Мы праводзім згаданы конкурс рэгулярна, і гэта дазваляе ацаніць узровень выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы раённымі і гарадскімі выданнямі, а таксама недзяржаўнай прэсай. У выніку першае месца сярод раённых выданняў было прысуджана адразу тром выданням: шумілінскай раёнцы "Герой працы" (галоўны рэдактар - Сяргей Ермалаеў), ушацкаму "Патрыёту" (галоўны рэдактар - Дзмітрый Раманоўскі) і докшыцкім "Родным вытокам" (галоўны рэдактар - Аляксандр Варанковіч). Другое месца сярод раённых газет журы прысудзіла "Міёрскім навінам" (галоўны рэдактар - Наталля Станкевіч) і "Пастаўскаму краю" (галоўны рэдактар - Людміла Зелянкевіч). Паводле рашэння журы трэцяе месца сярод раённых газет прысуджана "Лепельскаму краю" (галоўны рэдактар - Святлана Вазняк). Прыгадаем, што падчас правядзення папярэдняга агляду-конкурсу лепельская раёнка не ўваходзіла ў лік пераможцаў. Значыць, прагрэс у плане выкарыстання беларускай мовы ёсць, ён відавочны. У намінацыі "Абласныя і гарадскія газеты" журы, як і падчас правядзення папярэдніх аглядаў-конкурсаў, не знайшло падстаў для вызначэння пераможцы.
У намінацыі "Недзяржаўныя выданні" журы прысудзіла перамогу, як і папярэдні раз, адразу дзвюм газетам: "Каталіцкаму весніку" (галоўны рэдактар - Віктар Місевіч) і "Вольнаму Глыбокаму" - (галоўны рэдактар - Уладзімір Скрабатун). Рада павіншавала кожны рэдакцыйны калектыў-пераможцу. Падрабязны аналіз тыповых недахопаў быў разасланы ў кожнае выданне, а таксама на адрас галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама. Паводле водгукаў, якія мы атрымліваем ад рэдакцый, асобных журналістаў, згаданы агляд-конкурс мае дастаткова важнае значэнне ў плане павышэння прафесійнага ўзроўню выданняў, стымулюе супрацоўнікаў больш сур'ёзна клапаціцца пра якасць публікацый, пра культуру беларускай мовы.
22 студзеня 2019 года перад пачаткам новага футбольнага сезону рада накіравала афіцыйны ліст кіраўніцтву ФК "Віцебск" з прапановай у новым сезоне падаваць прозвішчы гульцоў на майках па-беларуску. Мы канстатавалі факт, што ФК "Віцебск" - адзін з нямногіх клубаў у Чэмпіянаце Беларусі, які прозвішчы футбалістаў падае па-руску. У адказе кіраўніцтва ФК "Віцебск", на жаль, канстатавала, што і надалей будзе выкарыстоўваць у сваёй працы рускую мову.
21 лютага 2019 года абласная рада ТБМ разам з Віцебскай абласной бібліятэкай арганізавала агульнагарадскую дыктоўку да Міжнароднага дня роднай мовы, у якой прыняло ўдзел больш за 50 чалавек. Да Міжнароднага дня роднай мовы быў прымеркаваны цэлы шэраг імпрэзаў ва ўніверсітэце імя Машэрава, зладжаных абласной арганізацыяй ТБМ разам з філалагічным факультэтэтам і Цэнтрам славянскіх моў і культур. Дарэчы, абласная арганізацыя ТБМ цесна супрацоўнічае з названым Цэнтрам, ладзячы рэгулярна імпрэзы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы. У прыватнасці, для студэнтаў правёў майстар-клас па мастацтве перакладу вядомы беларускі навуковец, лінгвіст, літаратуразнавец і сябар ТБМ Лявон Баршчэўскі.
У чэрвені 2019 года ў межах Форума няўрадавых арганізацыяў Беларусі адбыўся VIII Кангрэс Асамблеі НДА, у якім прыняў удзел сябар абласной рады сп. Анатоль Родзік. Сп. Анатоль закрануў падчас свайго выступу пытанні пашырэння беларускай мовы ў працы недзяржаўных арганізацый, распавёў пра дзейнасць нашай абласной структуры.
19 чэрвеня 2019 года Віцебская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны сумесна з Віцебскай абласной бібліятэкай правялі творчы вечар, прысвечаны 95-ай гадавіне з дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча Быкава. Імпрэза атрымалася сапраўды цікавай, у ёй прынялі ўдзел каля 60 чалавек.
Надзвычай важным вынікам працы абласной арганізацыі ў 2019 годзе з'яўляецца, на наш погляд, афіцыйнае аднаўленне дзейнасці Ушацкай раённай арганізацыі. Яна зноў пастаўлена на ўлік ва ўстаноўленым парадку, праводзіць актыўную працу. Хацелася б выказаць асаблівую падзяку кіраўніку Ушацкай раённай арганізацыі ТБМ сп-ні Галіне Варатынскай за праведзеную вялікую працу па ўзнаўленні дзейнасці структуры, а таксама падзякаваць сябру абласной рады сп. Міхасю Мірановічу, які шмат зрабіў для аднаўлення арганізацыі на Ушаччыне. Дарэчы, сп. Мірановіч за апошнія два гады меў больш за сорак творчых выступаў у розных рэгіёнах Віцебскай вобласці, падчас якіх як сябра абласной рады інфармаваў пра яе дзейнасць і планы.
31 кастрычніка ў кавярні "Торвальд" адбылася арганізаваная Таварыствам беларускай мовы і Універсітэтам імя Ніла Гілевіча прэзентацыя відэарэпартажаў "Універсітэты свету" пра адукацыйную сістэму Даніі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Уладзімір Колас - першы прарэктар Універсітэта імя Ніла Гілевіча, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны; Павел Церашковіч - прарэктар па навучальнай працы Універсітэта імя Ніла Гілевіча, эксперт Грамадскага Балонскага камітэта ў Беларусі.
У цыкле праграм распавядаецца пра Капенгагенскі ўніверсітэт - найстарэйшую вышэйшую навучальную ўстанову Еўропы, пра сучасны ўніверсітэт з аўтарскай сістэмай навучання ў Роскільдзе і Дацкую нацыянальную кінашколу, пра агенцтва Міністэрства адукацыі, якое каардынуе працу ўніверсітэтаў, пра ўмовы жыцця і працы дацкіх выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама Карстэн Фледэліўс - прафесар кафедры кіно і медыязнаўства Капенгагенскага ўніверсітэта, пісьменнік, і Карл Эрык Фаверскаў - прафесар Дацкага тэхнічнага ўніверсітэта, даследчык, журналіст. Карыстаючыся нагодай, мы выказваем шчырую падзяку адміністрацыі кавярні "Торвальд" і асабіста сп. Віталю Броўку.
Міжнародны дзень роднай мовы ў 2020 годзе, як заўсёды, маштабна прайшоў на філалагічным факультэце ВДУ імя Машэрава. Менавіта ў сценах універсітэта 21 лютага 2020 года адбылася сустрэча прадстаўнікоў абласной рады ТБМ з кіраўніцтвам вобласці, якое прадстаўлялі старшыня абласнога савета дэпутатаў сп. Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама сп. Генадзь Ягораў, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама сп. Пётр Падгурскі і іншыя адказныя асобы. На сустрэчы прысутнічала рэктар універсітэта праф. Валянціна Багатырова. Адбылася нефармальная размова, меў месца канструктыўны абмен думкамі паміж кіраўніцтвам абласной рады і дзяржчыноўнікамі. Намі было пастаўлена пытанне пра неабходнасць стварэння ў горадзе беларускамоўных класаў, у блізкай перспектыве - адкрыццё ў Віцебску і іншых гарадах вобласці беларускамоўных гімназій. Абмеркаваныя праблемы, якія маюць ужо каторы год у сваёй дзейнасці нашы полацкія актывісты, дзе ўлады ўсімі магчымымі спосабамі замінаюць дзейнасці нашай арганізацыі. Дасягнутая папярэдняя дамоўленасць пра сумеснае правядзенне ў блізкай перспектыве абласной радай ТБМ і дзяржавай імпрэзы ў Бычках, прысвечанай Васілю Быкаву. Намі таксама была звернута ўвага органаў дзяржаўнай улады на выпадкі пераводу назваў прыпынкаў у Віцебску на рускую мову. Сустрэча прайшла ў сапраўды дзелавой атмасферы, што дазваляе спадзявацца на рэалізацыю дамоўленасцяў у блізкай перспектыве. Мы выказваем шчырую падзяку дэпутату Віцебскага абласнога савета дэпутатаў, дэкану абноўленага факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый праф. Сяргею Нікалаенку за спрыянне і за падтрымку дзейнасці нашай арганізацыі. Паступова названы факультэт ВДУ імя Машэрава становіцца цэнтрам беларускасці ў рэгіёне.
Дарэчы, на наступны дзень пасля згаданай сустрэчы, 22 лютага, у абласной бібліятэцы было арганізавана напісанне традыцыйнай агульнагарадской дыктоўкі да Дня роднай мовы. Упершыню ў гэтай акцыі прынялі ўдзел і высокія абласныя чыноўнікі: начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення сп. Генадзь Ягораў і начальнік упраўлення культуры аблвыканкама сп. Пётр Падгурскі. Спадзяёмся, што гэта стане добрай традыцыяй.
Хацелася б адзначыць працу нашых рэгіянальных структур. Надзвычай плённа апрацуе Верхнядзвінская раённая арганізацыя ТБМ пад кіраўніцтвам сп-ні Валянціны Болбат. Там фактычна штотыдзень ладзяцца розныя імпрэзы, пра якія рэгулярна паведамляе газета "Наша слова". Вялікая праца праводзілася Аршанскай раённай арганізацыяй пад кіраўніцтвам сп. Юрыя Нагорнага, Ушацкай раённай арганізацыяй пад кіраўніцтвам сп-ні Галіны Варатынскай. Рэгулярна ладзяцца розныя імпрэзы Гарадоцкай раённай арганізацыяй (кіраўнік - сп. Леанід Гаравы). Добра працуюць Шаркаўшчынская і Пастаўская раённыя арганізацыі (кіраўнікі - сп-ня Ада Райчонак і сп. Ігар Пракаповіч адпаведна). Нягледзячы на вялікія цяжкасці, працуе Полацкая арганізацыя, якая фармальна не мае пакуль кіраўніка. Але за зробленае, за праведзеныя імпрэзы мы дзякуем сп-ні Валянціне Крук. Узнавіла сваю дзейнасць Віцебская гарадская арганізацыя (кіраўнік - сп-ня Алена Шабуня), ад якой мы чакаем таксама эфектыўнай працы. У шэрагі ТБМ уступаюць новыя людзі, пераважна студэнты. І гэта добры знак. Дзякуй усім сябрам таварыства, якія нястомна шчыруюць на ніве Беларушчыны!
Разам з пэўнымі дасягненнямі перад абласной арганізацыяй стаіць шэраг праблемных пытанняў. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы, пакуль не ўдаецца аднавіць дзейнасць нашых структур у Мёрах, Браславе, Докшыцах. Паводле нашага глыбокага пераканання, абласная рада патрабуе абнаўлення. Хацелася б бачыць, у тым ліку і ў кіраўніцтве рады, новых людзей з новымі ідэямі, актывістаў, якія б мелі не толькі жаданне, але і магчымасць рэалізаваць задуманае. Таму мы адкрытыя для прапаноў і пажаданняў.
Юрась Бабіч, старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ.
Баранавіцкае ТБМ правяло справаздачна-выбарчы сход
27 верасня баранавіцкае Таварыства беларускай мовы правяло справаздачна-выбарчы сход за два апошнія гады. Старшыня Таварыства Таццяна Кісель расказала пра зробленую працу, адсправаздачылася кантрольна-рэвізійная камісія.
Зроблена сапраўды шмат спраў, азначыла старшыня рады рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, якая прысутнічала на сходзе:
- Баранавіцкая арганізацыя, як заўсёды, вызначаецца тым, што сябры арганізацыі займаюць, па-першае, вельмі актыўную жыццёвую, грамадзянскую пазіцыю. І па-другое, яны актыўна прасоўваюць беларускую мову, змагаюцца за кожны помнік, за кожную вуліцу, гуртуюцца. І таму плён, вынік дзейнасці арганізацыі вельмі добры.
Звыш 30 сяброў Баранавіцкага ТБМ абралі старшыню - кіраўніком суполкі засталася Таццяна Кісель, абралі новую раду і кантрольна-рэвізійную камісію.
Беларускае Радыё Рацыя.
Новая кніга Сяргея Чыгрына
У Баранавічах у выдавецтве А.Г. Хахол выйшла з друку новая кніга пісьменніка і краязнаўца са Слоніма Сяргея Чыгрына "Ад Слоніма да Жыровіч". Гэта прыгожае, яркае, альбомнага памеру выданне, з чорна-белымі і каляровымі фотаздымкамі, прысвечана гісторыі вёскі Жыровічы і Свята-Успенскаму Жыровіцкаму манастыру, якія знаходзяцца на тэрыторыі Слонімскага раёна. У кнізе распавядаецца таксама пра вядомых і мала вядомых творчых людзей, якія мелі непасрэднае дачыненне да Жыровіч, да Слонімшчыны і да Беларусі наогул. З цікавасцю чытачы прачытаюць пра Ларысу Геніюш і Жыровічы, пра братоў Хлябцэвічаў, Серафіма Жыровіцкага, Максіма Бурсевіча, Валянціна Таўлая, Гальяша Леўчыка, Антона Валынчыка, Алега Лойку і іншых асобаў, звязаных з беларускай культурай, літаратурай і царквой. Кніга з густам аздоблена фотаздымкамі, сярод якіх шмат рэдкіх і цікавых. Выданне ўжо паступае ў кнігарні Беларусі.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя.
У Лідзе адбылася прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша
Кніга "Шпацыры па старой Лідзе" ў Гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" выйшла з друку ў лютым 2020 года і сабрала добрую прэсу (tut.by, svaboda.org, budzma.by, "Наша слова" і іншыя). Наклад кнігі ўжо практычна разышоўся, але з-за пандэміі каронавіруса прэзентацыю стала магчымым правесці толькі зараз. Новая кніга пісьменніка Леаніда Лаўрэша пісалася каля 20 гадоў. Яна прысвечаная гісторыі вуліц і будынкаў горада Ліды. Пачынаючы ад сэрца горада - Лідскага замка, старонка за старонкай кніга вядзе чытача па старых вуліцах горада, паслядоўна расказваючы гісторыю кожнага дома. Прэзентацыя кнігі адбылася ў Лідзе 30 верасня на курсах "Мова Нанова". Новы сезон курсаў быў адкрыты сёлета 23 верасня прэзентацыяй кнігі прафесара Алеся Краўцэвіча "Дзяржава волатаў". Цікава, што прафесар Алесь Краўцэвіч з'яўляецца аўтарам прадмовы да сённяшняй кнігі, між іншым прафесар напісаў: "Кніга "Шпацыры па старой Лідзе" - плён шматгадовай працы лідскага літаратара Леаніда Лаўрэша, працы архіўнай, гістарыяграфічнай, але таксама даследчыцка-палявой, менавіта апытання сталых жыхароў горада пра падзеі XX ст. Строга падыходзячы да справы, тут не зусім пасуе слова "краязнаўства" як да кнігі, так і да яе аўтара, бо яно асацыіруецца з аматарствам. Больш дакладным будзе акрэсленне "рэгіянальная гісторыя", бо мы маем выкладзенае ў папулярнай форме навуковае даследаванне. Кніга - як вяршыня айсберга, менавіта яго частка, найбольш відочная і даступная для людскога ўспрымання. Па-за полем зроку застаецца "падводная" частка - нашмат большая як па працягласці, так і па аб'ёму праробленай працы. Каштоўнасць кнігі менавіта ў тым, што яна ўяўляе сабой прадукт гістарычнага даследавання, даведзены да канцавой мэты - масавага чытача … [Чытачы кнігі] могуць з кнігай у руках прайсціся па ўсіх апісаных у ёй мясцінах, каб усё спраўдзіць на ўласныя вочы. Прызнаюся, што сам я менавіта так і зраблю …".
На прэзентацыю кнігі сабраліся людзі, якія цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай. Моўныя курсы вяла дасведчаная і вопытная вядоўца "Мовы нанова" Наталля Тананушка. Заняткі яна пачала з апытанкі пра гістарычныя месцы горада Ліда. Таксама выступіў рэдактар газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік. Дарэчы, ён з'яўляецца аўтарам прыгожага вершаванага эпіграфа кнігі:
Пад парасонам часу
па вулках старажытных
Прайдуся я няспешна,
а дзе і пастаю,
І з Лідаю сам-насам
у рысах непазбыўных
Згадаю яе вечнасць
і маладосць сваю.
На прэзентацыі кнігі Станіславаў Суднік вельмі высока ацаніў кнігу і, як вядомы і дасведчаны краязнавец, расказаў пра брандмуры ў лідскіх дамах. У сваю чаргу аўтар кнігі распавёў пра старажытную лідскую рынкавую плошчу, на якой у свой час, як сімвал еўрапейскай свабоды і гарадскога самакіравання, стаяла лідская ратуша. Дарэчы, зусім нядаўна, 17 верасня, горад адсвяткаваў 430-я ўгодкі надання Лідзе Магдэбургскага права. Слухачы моўных курсаў выявілі высокую цікаўнасць да кнігі. Таму аўтару кнігі яшчэ догі час прыйшлося адказваць на шматлікія пытанні зацікаўленых людзей.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда. Фота аўтара.
Новыя старонкі гісторыі Лідчыны - у друкаваную скарбонку
Годам заснавання Ліды лічыцца 1323 год, калі былі закладзены муры замка. А 430 год таму, у 1590 годзе, акурат 17 верасня, горад атрымаў Магдэбургскае права. Менавіта да гэтай падзеі і гэтай даты была прымеркавана навукова-практычная канферэнцыя, якая прайшла 18 верасня ў сценах пярліны рэгіёна - старажытнага замка - і запрасіла да плённай шматгадзіннай размовы зацікаўленых аматараў гісторыі з усёй Беларусі.
- Самае страшнае, што можа пачуць гуманітарый: "У вас 10 хвілін на выступленне". Гэты жарт прагучаў ад аднаго са шматлікіх навукоўцаў з нагоды шчырага жадання ў максімальным аб'ёме падзяліцца наяўнай інфармацыяй па гісторыі Лідчыны, якая па крупінках збіралася дзесяцігоддзямі, а таму ў асобных выпадках носіць эксклюзіўны характар. На працягу цэлага дня невядомыя старонкі нашага краю раскрывалі ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі "Гісторыка-культурная спадчына Лідчыны".
Падзея насамрэч вельмі знакавая, актуальная, накшталт гістарычнай. Мерапрыемства такога сур'ёзнага маштабу мясцовыя ўлады і гістарычна-мастацкі музей ладзілі ўпершыню, хаця размова, жаданне, неабходнасць яго правесці луналі ў паветры даўно. Прынамсі, на падобнага роду сустрэчу спрабавалі сабрацца яшчэ ў 2015 годзе, але не атрымалася,
- Толькі праз пазнанне рэгіянальнай гісторыі можна зразумець гісторыю Беларусі ў цэлым, - апавядала галоўны захавальнік фондаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Хацяновіч. - Гэтая думка не новая, але праўдзівасць яе, актуальнасць не выклікаюць сумненняў і сёння. Мы рады, што канферэнцыя ўсё ж такі адбылася. Нягледзячы на тое, што размова падчас сустрэчы ішла выключна пра мінулае, для нас, лідзян, гэта вялікі крок наперад, бо адкрыліся новыя, дагэтуль невядомыя старонкі нашага краю.
Навукова-практычная канферэнцыя "Гісторыка-культурная спадчына Лідчыны" сабрала аднадумцаў з усёй краіны. Сярод іх - вядомыя гісторыкі, краязнаўцы, навукоўцы: прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і іншыя. Усяго некалькі дзясяткаў чалавек, якіх аб'ядноўвала адно - дасканалае вывучэнне нашага краю (толькі ўявіце сабе!). Спектр тэм быў даволі шырокі, часавыя рамкі - ад старажытнасці да сучаснасці. Тэксты дакладаў падымалі грамадска-палітычныя, культурныя, фальклорныя, рэлігійныя пытанні, ішла размова і пра гістарычна-культурныя каштоўнасці рэгіёна.
У праграме канферэнцыі былі даклады:
Лакізы Вадзіма Леанідавіча, намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта "З гісторыі археалагічнага вывучэння першабытных помнікаў Лідчыны";
Пазднякова Валерыя Сямёнавіча, загадчыка аддзела археаграфіі Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, кандыдата гістарычных навук "Барацьба за захаванне Магдэбургскага права ў Лідзе ў канцы XVI- пачатку XVII ст. (ліст Жыгімонта ІІІ ад 7 жніўня 1602 г.)";
Доўнара Аляксандра Барысавіча, загадчыка аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук "Нарысы з гісторыі гарадскога самакіравання Ліды другой паловы 80-х - пачатку 90-х гадоў XVIII ст.";
Сергачова Сяргея Аляксеевіч, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, доктара архітэктуры, прафесара "Планіроўка Беліцы XVII стагоддзя - гародабудаўнічыя рашэнні будучыні";
Семянчук Альбіны Аляксандраўны, Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, кандыдата гістарычных навук, дацэнта "Ліда і ваколіцы на старонках "Аналаў" Яна Длугаша";
Трусава Алега Анатольевіча, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, кандыдата гістарычных навук, дацэнта "Параўнаўчы аналіз будаўнічай тэхнікі Лідскага і Крэўскага замкаў";
Любай Алёны Аляксандраўны, Рэспубліканскі інстытут Вышэйшай школы, кандыдата гістарычных навук, дацэнта "Татарскае асадніцтва ў Лідскім павеце паводле рэвізіі, татарскіх маёнткаў, праведзенай у 1631 годзе";
Дзярновіча Алега Іванавіча, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта "Праблема ўзнікнення мураванага абарончага дойлідства ў ВКЛ: Лідскі, Крэўскі і Медніцкія замкі";
Аніпяркова Вадзіма Вадзімавіча, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта "Акт утварэння Лідскай канфедэрацыі 1792 г.";
Матвейчыка Дзмітрыя Часлававіча, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, кандыдата гістарычных навук "Паўстанне 1863-1864 гг. у Лідскім павеце: гістарыяграфічны аспект";
Заблоцкай Таццяны Міхайлаўны, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, аспіранта "Лёс лідскіх піяраў у 1830-1840-х гг. XIX ст.";
Унучака Андрэя Уладзіміравіча, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта "Ліда на старонках газеты "Наша Ніва" ў пачатку ХХ ст.";
Даўгач Таццяны Валянцінаўны, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук "Крыніцы па гісторыі горадабудаўніцтва Ліды ў часы Расійскай імперыі";
Ерашэвіча Аляксандра Уладзіміравіча, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, кандыдата гістарычных навук, дацэнта "Падаткі і падаткаабкладанне ў Лідскім павеце ў першай палове XIX ст.";
Урублеўскага Вадзіма Валер'евіча, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, кандыдата гістарычных навук "Ураджэнцы Лідскага павета ў матэрыялах Мінскага акруговага суда канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя (па матэрыялах НГАБ);
Лаўрыненкі Кацярыны Віктараўны, Люблінскі Каталіцкі ўніверсітэт Яна Паўла II, дактаранта, кандыдата гістарычных навук "Ксяндзы, звязаныя з Касцёлам на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзі - ахвяры нацысцкага тэрору ў Лідзе";
Грыневіч Яніны Ігараўны, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, кандыдата мовазнаўства "Фальклорная спадчына Лідчыны ў архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы";
Сацукевіча Івана Іванавіча, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, магістра гісторыі "Назвы вуліц і прадмесцяў Ліды як гісторыка-культурная спадчына";
Юрэцкага Станіслава Сцяпанавіча, Апарат Прэзідыума НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук "В. Шукевіч - даследчык старажытнасцей Лідскага павета" і іншых,
а таксама лідскіх даследчыкаў:
Лаўрэша Леаніда Лявонцьевіча, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў "Гісторыя маёнтка Востраў на Лідчыне";
Судніка Станіслава Вацлававіча, галоўнага рэдактара часопіса "Лідскі летапісец" "Да пытання аднаўлення Лідскай ратушы";
Хітруна Аляксандра Часлававіча, навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастац-кага музея "Пакінуў спадчыну тугі і веры, або Чарговыя разгадкі жыццёвай і творчай дзейнасці Валянціна Таўлая ў Лідзе".
Адным з ініцыятараў і арганізатараў канферэнцыі выступіў наш зямляк, старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук кандыдат гістарычных навук Кірыл Сыцько. Ён расказаў пра парафіяльныя хронікі касцёлаў дэканата Лідчыны як гістарычныя крыніцы (даклад ""Хронікі" парафій Лідскага дэканата 1849 г. як гістарычная крыніца"):
- Вывучэннем гэтай тэмы я займаюся даўно - з 2006 года, - патлумачыў навуковец. - У 30-я гады мінулага сгагоддзя, па сутнасці, знішчылі ўсю навуковую праслойку, якая займалася палявой археаграфіяй. З таго часу, уласна кажучы, да гэтай тэмы ніхто не вяртаўся, гістарычныя крыніцы, якія захоўваліся ў парафіях, не выкарыстоўваліся, ляжалі там мёртвым грузам. Я вырашыў запоўніць гэты прабел, таму што гэта таксама наша гістарычвая спадчына, якую нельга страціць.
... У апошнія гады, якія праходзяць пад знакам шанавання малой радзімы, паўсюдна вялікая ўвага ўдзяляецца гісторыі рэгіёнаў. Бо з яе, як з мазаікі, складваецца гісторыя ўсёй краіны. Адным з пазлаў, якія яшчэ адсутнічаюць у гэтай шырокамаштабнай карці не, і стала навукова-практычная канферэнцыя "Гісторыка-культурная спадчына Лідчыны". Другім павінна стаць асобнае выданне, куды ўвойдуць каля 50 артыкулаў (у тым ліку тыя, якія прагучалі падчас мінулай сустрэчы), прысвечанай нашаму рэгіёну ў гістарычным разрэзе - ад старажытных часоў да сучаснасці. Выхад кнігі запланаваны на наступны год.
Пасля Ліды падобныя канферэнцыі плануюцца ў Ашмянах і Глыбокім.
Прыемным момантам канферэнцыі стала ўзнагароджанне выкладчыкаў і вучняў Лідчыны, якія актыўна займаюцца краязнаўчай дзейнасцю і займалі прызавыя месцы на міжнародных і іншых даследчых конкурсах.
Паводле Вікторыі ПАЗНЯК (ЛГ). Фота Лідскага музея.
Пасля размовы - за справу
Раніцай, раніцай…
Рана-раненька. Ледзь сонца ўзыдзе…
Я збіраўся надзець ( бо інакш саграшу я)
Белавымытую, як на свята кашулю,
Як на свята, скаромна паснедаць з сям'ёй,
І паехаць ў поле з лубянай-сяўнёй.
Але раніцы не было.
Але сонца ў той дзень для мяне не ўзышло.
Не сыпнуў я зярнят у раллю -
не даждаўся я свята:
Вораг кулямі густа сыпнуў з аўтамата…
Ніл Гілевіч "Але раніцы не было".
Чарговая краязнаўчая сустрэча адбылася ў аддзяленні забеспячэння дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту. Нагадаю, што нашы наведвальнікі неаднойчы адпраўляліся ў вандроўкі па Нясвіжчыне, каб на свае вочы пабачыць помнікі прыроды, гістарычныя мясціны, хрысціянскія храмы і даўнія сядзібы, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі - адным словам, пашырыць веды пра свой край.
На гэты раз тэмай сустрэчы была трагічная падзея ва ўрочышчы Гайкі, што датуецца 8 жніўня 1942 года. Сваімі краязнаўчымі напрацоўкамі дзялілася аўтар радыёвыпускаў "Хвілінкі нясвіжазнаўства", старшыня раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса. А збіраліся яны на працягу больш як трыццаці гадоў. Яшчэ ў 1989 годзе са сваімі вучнямі ажыццявіла яна краязнаўчую экспедыцыю ў вёску Еськавічы, што бліз тых, сумна ўзгаданых Гайкоў. Вынікам пошуку стаў унікальны фоназапіс успамінаў жыхара гэтай вёскі, які на свае вочы ад пачатку да канца бачыў тую трагедыю - расстрэл фашыстамі больш васьмідзесяці мірных жыхароў Нясвіжчыны. Праз некалькі гадоў тыя запісы дапоўніліся новымі, ад Ядвігі Саенкі, муж якой прыняў у Гайках пакутную смерць. На мітынгу да 50-годдзя трагедыі - новыя звесткі, ад Тадэвуша Грыгеля і Яніны Ялтыковай. Для пана Тадэвуша брацкая магіла ў Гайках - гэта магіла яго бацькі, а для пані Яніны - гарадзейскага ксяндза Юзафа Гагалінскага, што быў для яе як другі бацька. Як адзначыла Наталля Плакса, гэтыя матэрыялы напаўнялі школьны гістарычна-краязнаўчы музей, створаны з ініцыятывы і стараннямі Нілы Бруй. Да пошуку, экскурсійнай і дабрачыннай дзейнасці далучыліся вучні і настаўнікі, найперш Станіслава Вальчык і Лілея Гаціла.
Удзельнікі сустрэчы дзяліліся сваім досведам пра Гайкі. У прыватнасці, успомнілі добрым словам колішняга старшыню мясцовага калгаса. Менавіта ён першапачаткова парупіўся пра агароджу і крыж на гайкоўскай магіле.
Наталля Васільеўна прапанавала наведвальнікам нашага аддзялення далучыцца да пошуку: калі не адкрываць новыя імёны, то болей даведацца пра людзей, імёны якіх ёсць у кнізе "Памяць" ды выгравіраваны на помніку. Хто яны? За што трапілі ў чорны фашысцкі спіс? І тады верагодная яшчэ адна сустрэча, калі кожны падзеліцца вынікамі сваіх пошукаў-роспытаў. Бо не ўсё сцёрта часам: перадаецца, жыве памяць і пра подзвіг народа, і пра злачынствы перад народам.
Дамовіліся яшчэ абавязкова паехаць ў Гайкі, каб пад Дзяды прыбраць святую мясціну, далучыцца да гайкоўскіх валанцёраў-дабрачынцаў.
Задуманае здзейснілі, далёка не адкладваючы, 22 верасня. Дзень выдаўся ціхі і сонечны. Ён як найлепш наводзіў на думкі пра тое, як важна берагчы мір на сваёй зямлі.
Наталля Дзігмунтовіч. Нясвіж.
30 гадоў назад адбылося ўз'яднанне Германіі
Навіны Германіі
Трэцяга кастрычніка 1990 года адбылося ўз'яднанне Германіі. З моманту эпахальнага для аб'яднанай Еўропы ды і для ўсяго свету падзеі прайшло 30 гадоў. Па гэтым выпадку ў многіх рэгіёнах краіны сёння праходзяць святочныя мерапрыемствы. Галоўнае з іх - урачысты акт - адбылося ў Патсдаме ў павільёне Metropolishalle ў замку Бабельсберг, дзе сабраліся высокія дзяржаўныя асобы і дэлегацыі грамадзян ад федэральных земляў, паведамляе Deutsche Welle.
На цырымоніі выступіў прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтар Штайнмайер (на фота). Ён прапанаваў стварыць мемарыяльны комплекс у памяць пра мірную рэвалюцыю ў ГДР.
- Калі мірная рэвалюцыя павінна заставацца крыніцай натхнення і сёння, то давайце ж створым мемарыял, які будзе нагадваць пра гэтую мужнасць, - сказаў кіраўнік германскай дзяржавы.
Раней у цэрквы Святых Пятра і Паўла адбылося экуменічнае набажэнства, на якім з-за пандэміі прысутнічалі толькі 130 гасцей, у тым ліку Франк-Вальтар Штайнмайер, канцлер ФРГ Ангела Меркель і старшыня бундэстага Вольфганг Шойбле.
З 1990 года ўсходнія і заходнія землі Германіі ў многіх адносінах сталі вельмі падобныя, адзначае ўпаўнаважаны ФРГ па справах усходніх земляў Марка Вандэрвіц. Гэта датычыцца і планавання сям'і, і арганізацыі вольнага часу, і грамадскага жыцця. Паміж захадам і ўсходам Германіі выяўляецца больш падабенства, чым адрозненняў, сцвярджае спецыяліст, аднак ёсць і істотныя адрозненні: эканамічныя паказчыкі пяці ўсходніх федэральных земляў складаюць толькі 73 адсоткі ад сярэдняга паказчыка па краіне. З 1990 года ўсходнія землі ў чатыры разы павялічылі сваю эканамічную моц, але, нягледзячы на гэта, ніводная ўсходнегерманская зямля пакуль яшчэ не дацягвае па ўзроўні развіцця да самай слабаразвітай заходнегерманскай зямлі. Акрамя таго, сярэдні ўзровень прыбыткаў сем'яў ва ўсходніх землях ФРГ складае толькі каля 89 адсоткаў ад адпаведнага паказчыка ў заходніх землях.
Deutsche Welle. На здымку: Франк-Вальтар Штайн-майер Фота: faz.net.
Песні і гімны свабоды
Увечары 26 верасня на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве (Stadion Narodowy, Warszawa), самай маштабнай пляцоўцы ў краіне - адбыўся канцэрт у падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасці "Салідарныя з Беларуссю" ("Solidarni z Bialorusia").
На сцэну выйшлі NIZKIZ, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, "Петля Пристрастия", а таксама сапраўдныя зоркі польскай музычнай эстрады. Канцэрт трансляваў тэлеканал "Белсат".
Музычныя сустрэчы адбываюцца штодня ў розных раёнах Менска. І ўжо традыцыйна на сустрэчы завітваюць розныя музыкі, такія як Аляксандар Памідораў, Ігар Варашкевіч, Павел Аракелян ды іншыя. Гэта сапраўды надае народным сходам каларыту ды ўмацоўвае сяброўства паміж людзьмі, якія яшчэ колькі тыдняў таму былі проста суседзямі і мала ведалі адзін аднаго.
Вечарам 29 верасня ў адным з жылых кварталаў адбылася творчая сустрэча с вядомай спявачкай Святланай Бень, якую шмат хто ведае па працы ў кабарэ-бэндзе "Серебряная Свадьба".
29 верасня спеўны сход выканаў гімн "Магутны Божа" ў холе Опернага тэатра ў Менску.
Іспанская паэтка Анхела Эспіноса запісала песню "Час касінераў" на вершы Алеся Чобата з рэпертуару "Дзецюкоў" і перадала музычнае прывітанне беларускаму народу праз Фэйсбук.
Э. Дзвінская.
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові. Частка ІІ
Віктар Шніп
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
БАЛАДА УЛАДЗІМІРА САМОЙЛЫ (29.01.1878 - 1941)
У ціхім фальварку
пад Менскам зноў летам
Табе не сядзіцца, на хутар Мачаны ідзеш,
Знаёмішся з хлопцам,
што стане вялікім паэтам.
Цябе, як настаўніка, ён не забудзе нідзе.
А зараз вы разам чытаеце прозу і вершы,
І марыце,
што Беларусь будзе вольнай, і свет
Нарэшце аднойчы ўсё ж зробіцца
крышачку лепшым.
Як лепшым не стане,
дык хай хоць не ў войнах жыве.
Якія ў вас добрыя светлыя вечныя мары!
Якія ў вас лёсы?
Ніхто вам не скажа цяпер.
Ты ў неба глядзіш.
Там драбнюткіх аблокаў атары.
За імі цікуе вятрыла ў кустах, нібы звер,
Якога ты чуеш, які табе сніцца бывае,
Які ўрэшце прыдзе
і многіх загубіць людзей.
Купала табе свае новыя вершы чытае,
І робіцца дома зноў жыць
і тварыць весялей.
10.04.2020 г.
БАЛАДА ЕЎСЦІГНЕЯ МІРОВІЧА (10.08.1878 - 16.02.1952)
Ляталі над тэатрам матылі,
Як феерверку іскры залатыя.
З тэатра гледачы дамоў ішлі,
І ажывалі вуліцы начныя.
А ты на лаўцы ў скверыку сядзеў,
Паліў цыгарку і глядзеў на зоры,
Што плавалі ў фантанавай вадзе,
Нібы ў маленькім беларускім моры.
І ты шчаслівым быў, бо здолеў ты
Душою зразумець, што хочуць людзі,
Калі няблізка дзедавы сады
У кветках мёдных і ў пчаліным гудзе.
Тэатар менскі, быццам родны дом,
Табе чужога Тут няма нічога.
І не крычыш: "Усё гары агнём!
Вярнуся ў Піцер, там тэатраў многа!"
Нядаўна гэта ўсё было й даўно.
Цяпер ты гледачом стаіш ля сцэны.
І прад вачыма час той, як кіно,
Дзе ты найверны служка Мельпамены.
Апошні раз "Паўлінку" ты глядзеў.
Дамоў вяртаешся, глядзіш на зоры,
Што плаваюць на Свіслачы ў вадзе,
Якая ўсё цячэ й цячэ да мора.
9.07.2020 г.
БАЛАДА ГАЛЬЯША ЛЕЎЧЫКА (20.07.1880 - 09.1944)
Вяртаешся з Варшавы зноў у Слонім,
У дом стары, дзе родны дух жыве.
З кавальні бацькавай падковы ў коней
Не губяцца ні ў пыле, ні ў траве.
З табою едзе "Чыжык беларускі",
Але ўсяроўна ты глядзіш з журбой
На колеры зямных палосак вузкіх,
Дзе да пары трымаецца спакой.
І толькі тут, дзе траў густыя грывы,
Дзе да нябёс шумлівыя лясы,
Ты, як ніхто, багаты і шчаслівы,
І разумееш птушак галасы.
Ля прыдарожнага крыжа сыходзіш
І молішся, цалуючы зямлю,
Што ў восеньскім агні, і ў зімнім лёдзе
Жыве, бо чуе нашае: "Люблю".
Рамізнік дрэмле, ды не дрэмлюць коні.
І родны дом бліжэй, ты не ў журбе…
І ты прад смерцю шлях дамоў успомніш,
І чыжык беларускі сядзе ля цябе.
24.07.2020 г.
БАЛАДА ІГНАТА КРАЧКОЎСКАГА (4.03.1883 - 24.01.1951)
На Літаратарскіх мастках вясна пануе.
Сярод філосафаў, паэтаў, мастакоў,
Што ў Пецярбургу засталіся, не сумуеш,
Бо беларусы помняць да сябе любоў,
З якой ты жыў, калі шчэ не ставала сонца
Над беларускім краем, што шукаў святла,
Каб сонца заглянула ў кожнае ваконца,
Каб Беларусь краінаю для ўсіх была.
І ты заўсёды ведаў, дзе твае крыніцы
З жывой спрадвек вадой, якую бацька піў,
І за цябе маліўся, каб ты змог адбыцца
У гэтым свеце чалавекам і любіў,
І верыў, не губляў надзею, волю.
І век не золата, а кнігі ты збіраў,
Якія нам не здраджваюць нідзе, ніколі,
Яны, як вечнасць, пра якую ты пісаў…
На Літаратарскіх мастках вясна пануе.
Мы да цябе праз дождж прыйшлі,
каб ведаў ты,
Што Беларусь жыве,
твой шчыры голас чуе
І будзе чуць праз далеч і гады.
27.02.2020 г.
БАЛАДА СЦЯПАНА НЕКРАШЭВІЧА (8.05.1883 - 20.12.1937)
Ты мог зрабіцца
нашым беларускім Далем…
Ды сонца, што свяціла для цябе заўжды
І асвятляла дзень цяперашні і далеч,
Закратавана на крыжовыя гады.
Цябе ў Сібір саслалі, дзе жывуць удмурты
Сваім зусім нялёгкім, ды сваім жыццём.
Як вежы замкаў, у снягах бялеюць юрты,
Няспешна ліжуць соль нябёсную агнём.
І ты глядзіш на поўню,
што люстэркам жоўтым
На захадзе вісіць, дзе твой бацькоўскі дом
І дзе сябры, і не заснеш сягоння зноў ты,
Напоўнены ўспамінамі, радні цяплом,
Якое жыць табе ў снягах дапамагае.
І верыш ты,
што ўсё ж надыдзе добры дзень
І край краінай стане і над чорным краем
Стаяць не будзем мы, трымаючы агмень
У сэрцах,
што ад продкаў перадаўся з мовай,
Якая ёсць, была і будзе з намі век.
І ты не спіш, і, як малітву, шэпчаш словы:
"Айчына, маці, воля,
вечнасць, чалавек…"
11.04.2020 г.
БАЛАДА МІХАЙЛЫ ГРАМЫКІ (12.11.1885 - 30.06.1969)
Выходзіш на сцэну, нібыта ўзлятаеш
У неба да птушак, і вершы чытаеш,
Нібыта агонь і ваду разбіваеш
Аб вецер вясновы, што лётае ў полі,
Які не суцішыць ніхто і ніколі.
І слухае моладзь цябе, маладога,
І так, як цябе, не вітаюць нікога
У зале, якая, як цесная клетка.
Сыходзіш са сцэны, як з неба, па кветках,
Каб п'есу пасля напісаць пра Скарыну,
Каб потым у снезе ў тайзе не загінуць,
Каб нафту шукаць у балотным Палессі
І жыць без паэзіі, ды ў паднябессі,
Дзе месца паэтам заўсёды хапае.
Сыходзіш са сцэны, і сцэна знікае,
Губляюцца творы, губляюцца мары.
Дамоў не вярнуцца, самотныя хмары
На захад плывуць, і ляціш ты за імі
Да хат, да бяроз, што не сталі чужымі.
22.05.2020 г.
БАЛАДА ВІНЦУКА АДВАЖНАГА (4.03.1890 - 26.12.1978)
Да Гальшан ад Гальшан
божым шляхам ідзеш
І малітву з сабой, як Айчыну, нясеш
У сабе, як у Храме, дзе вольна заўжды,
Дзе хапае для ўсіх і агню, і вады.
Не спыняюць цябе ні вятры, ні мароз,
Нараджаюцца вершы ў табе замест слёз
І ў душы закіпаюць, калі бачыш ты,
Як руйнуюцца Храмы, вышэюць платы
Між людзей і знікае святое святло
З тых дарог,
па якіх божым шляхам прайшло
Не адно пакаленне найлепшых сыноў,
Каб у вершах і песнях вярнуцца дамоў.
Ты святар, і табе цэлы свет - Божы шлях,
На якім Беларусь - родны крыж на плячах,
Што нясеш ад Гальшан да Гальшан
па жыцці,
Хоць па свеце з Айчынай няпроста ісці…
6.03.2020 г.
(Працяг у наступным нумары.)
Культура Беларусі на фоне сусветнай у ХVІІ - ХХІ стагоддзях
Матэрыяльная і духоўная культура беларускага народа - адметная прыкмета беларускай нацыі. У развіцці сваёй самабытнай культуры беларусы маюць пэўныя дасягненні. Яны, можа, і не такія значныя, каб здзівіць увесь свет, але наша культура таксама папаўняе сусветную скарбніцу. А некаторыя нашы дасягненні занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Такім чынам, яны ўжо прызнаныя ў свеце. У склад Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўвайшлі Белавежская пушча, Нясвіжскі і Мірскі замкі, Геадэзічная дуга Струве. У Спіс нематэрыльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА трапілі народныя абрады: "Калядныя цары" з вёскі Семяжава Капыльскага раёна , "Юраўскі карагод" з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна і ўрачыстасць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай (фэст з вёскі Будслаў Мядзельскага раёна). Беларуская культура займела пэўныя ўплывы ад сваіх суседніх народаў і ў той жа час сама ўплывала на культуру суседніх народаў. Ёсць нашы прозвішчы і на сусветных мапах.
Пры вывучэнні культуры ў школе вельмі важна параўнаць дасягнені свайго народа з дасягненнямі іншых народаў. Тут мы паказалі коратка самае галоўнае ў калонках табліцы. Такая табліца, як апорны канспект, мае вельмі важнае значэнне для паўтарэння гістарычнага матэрыялу, асабліва пры падрыхтоўцы да экзамену. Яна спатрэбіцца і вучням, і настаўнікам. Чытайце пра нашы дасягненні і дсягненні іншых народаў Еўропы і Амерыкі.
Еўрапейская і амерыканская культура ў ХVІІ - ХХІ стст.
Навука. Фрэнсіс Бэкан "Вопыты, ці Настаўленні", Рэнэ Дэкарт "Геаметрыя". Філосаф Бенядзікт Спіноза атаясамліваў прыроду з Богам. Мастацтва і архітэктура - барока, класіцызм. Петэр Паўэл Рубенс, карціна "Саюз Зямлі і Вады". Карціна "Даная" галандскага жывапісца Харменса ван Рэйна Рэбрандта. Карціны італьянскага мастака Мікеладжэлы да Караваджо "Вакх", "Пакутніцтва апостала Матвея" і іх дэмакратызм.
Літаратура. Французскія камедыі "Тарцюф", "Дон Жуан" Жан-Батыста Мальера. Трагедыя "Сід" П'ера Карнэля. "Горад Сонца" Тамазы Кампанелы.
Музыка. Оперы "Арфей", "Вяртанне Уліса на радзіму" італьянскага кампазітара Клаўдзія Мантэвердзі.
Архітэктура. Версальскі палац у стылі класіцызму. Архітэктар Франсуа Мансар (палац Мезан-Лафіт каля Парыжа).
Побыт. Прымяненне аконнага шкла, выкарыстанне відэльца, абцасаў у жаночым абутку, ужыванне кавы і чаю.
Беларусь
Навука. "Вялікае мастацтва артылерыі" Казіміра Семяновіча. Ілья Капіевіч - кнігавыдавец. Грамадзянскі шрыфт. Філосаф Казімір Лышчынскі. Мацей Сарбеўскі - тэарэтык барока. Мялецій Сматрыцкі, Пётра Скарга, Іпацій Пацей, Іасафат Кунцэвіч.
Літаратура. "Прамова Мялешкі" , "Ліст да Абуховіча". Сімяён Полацкі і яго зборнікі "Вертаград многацветны", "Рыфмалагіён, ці Вершаслоў".
Адукацыя. Езуіцкая акадэмія ў Вільні. Рэформа школ С. Канарскага. Піярскія школы.
Музыка. Прыгонныя аркестровыя капэлы ў магнатаў (Слуцк, Нясвіж, Гародня, Дзярэчын, Слонім). Зборнік свецкай кантавай музыкі "Полацкі сшытак".
Жывапіс. Іканапісная школа (стыль). Абраз "Нараджэенне Багародзіцы" Пятра Яўсеевіча. Жывапісныя школы (стылі). Фрэскавы роспіс касцёлаў (манументальны жывапіс). Абразы: "Багародзіца Адзігітрыя Неўвядальны цвет", "Маці Божая Наваградская" (1673 г.), "Маці Божая Баркалабаўская" (1750-я гг.), "Маці Божая Барунская" (1691 г.).
Архітэктура. Свята-Успенскі сабор у Жыровічах, Свята-Пятра-Паўлаўская (Кацярынінская) царква ў Менску. Лямус у Гародні.
Расія
Адукацыя і навука. У 1634 г. з'явіўся буквар Васіля Бурцава. "Граматыка" Мялеція Сматрыцкага. Падручнік па гісторыі "Сінопсіс", напісаны манахам Інакенціем Гізелем. Экспедыцыя Сямёна Дяжнёва.
Літаратура. "Казанне Келара Троіца-Сергіевай Лаўры Абрагама Паліцына", "Калязінская чалабітная" ( аповесць аб жыцці святароў).
Жывапіс. Карціна Сямёна Ушакова "Спас Нерукатворны".
Народны тэатр. Папулярным персанажам тэатра быў блазан - Пятрушка. Упершыню быў створаны тэатр для цара, у якім ставіліся п'есы на біблейскія сюжэты. Ствараліся харавыя школы.
Архітэктура. Маскоўскае барока. Церамны палац у Крамлі. Падобнымі па выглядзе былі царква Іллі Прарока ў Яраслаўлі, храм Іаана Златавуста ў Кароўніках і храм Іаана Прадцечы ў Талчкове. Драўляны Палац цара Аляксея Міхайлавіча ў сяле Каломенскае. Унутры было 270 пакояў і незлічоная колькасць разьбяных вокнаў.
ХVІІІ Асветніцтва
Навука. Філосафы Вальтэр і Жан Жак Русо, Дэні Дзідро і Шарль Мантэск'ё. "Энцыклапедыя, ці Тлумачальны слоўнік навукаў, мастацтваў і рамёстваў (1751-1780, 35 тамоў). Аповесць "Кандыт" і "Філасофскі слоўнік" Вальтэра. Творы Ж. Русо: "Аб грамадскім дагаворы" (1762) і "Роздум аб пачатку і асновах няроўнасці" (1755), раман "Эміль, ці Аб выхаванні". "Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна" (1789).
Літаратура. Англійскія раманы: Даніэля Дэфо "Прыгоды Рабінзона Крузо" і " Падарожжа Гулівера" Джонатана Свіфта. Нямецкія творы: драма "Злодзей" Фрыдрыха Шылера, раман "Пакуты юнага Вертэра" і трагедыя "Фаўст" Іагана Вольфганга Гётэ.
Тэатр. Венецыя - цэнтр тэатральнага мастацтва. Французскія п'есы "Севільскі цырульнік", "Жаніцьба Фігаро" П'ера Агюстэна Бамаршэ.
Музыка. Нямецкі кампазітар Іаган Себасцьян Бах. Вольфганг Амадэй Моцарт - аўстрыйскі кампазітар і яго оперы "Жаніцьба Фігаро", "Дон Жуан", "Чароўная флейта". Італьянскі кампазітар Антоні Вівальдзі ("Поры года").
Выяўленчае мастацтва. Францускі мастак Жан-Луі Давід - заснавальнік "рэвалюцыйнага класіцызму" (карціны "Смерць Сакрата", "Клятва Гарацыяў"). Франсуа Бушэ - мастак стылю ракако (карціны "Пастушская сцэна", "Купанне Дзіяны", "Трыумф Венеры").
У архітэктуры - барока і ракако. Храм Віскірхе (Германія). Вюрцбургская рэзідэнцыя нямецкага архіепіскапа Іагана. Плошча Людовіка ХV у Парыжы. Сады і паркі.
Побыт. Абутак на высокіх і шырокіх абсцасах. Вельмі шырокія жаночыя спадніцы, доўгія шлейфы (ад 2-х да 13-і м). У жанчын - сукенкі з глыбокім дэкальтэ (выразы на грудзях), панчохі і падвязкі на нагах. Вееры, маскі і мушкі ў жанчын. Масонскія ложы.
Беларусь
Навука. Філосафы Казімір Нарбут, Міхаіл Карповіч, астраномы Марцін Пачобут-Адляніцкі, Тамаш Жаброўскі. "План, які не з'яўляецца нормай" эканаміста Сцяпана Міхаіла Аскеркі.
Адукацыйная камісія. Парафіяльныя, паўакруговы і акруговыя школы. Галоўная Віленская школа. Антоній Тызенгаўз, Жан Эмануэль Жылібер. Медыцынская школа ў Гародні. Батанічны сад.
Мастацтва. Вядомы мастак Рыгор Мядзведзкі размалёўваў цэрквы, пісаў абразы ("Спас Уседзяржыцель" і інш.) для іканастаса царквы ў в. Папова Гара, у 1783 г. стварыў іканастас Ільінскай царквы ў в. Журавічы (Рагачоўскі р-н). Абраз Маці Божай Жыровіцкай. Веткаўская стараабрадчая іканапісная школа.
Прыгонныя тэатры. Нясвіжскі і Слуцкі Радзівілаў, Гарадзенскі Тызенгаўза, Слонімскі Міхала Казіміра Агінскага. Драматург Францішка Уршуля Радзівіл.
Ткацтва. Слуцкія паясы. Майстар Ян Маджарскі.
Архітэктура. ІІ пал. ст. - пераход ад барока да класіцызму. Палацава-паркавыя ансамблі. Палацы Ружанскі Сапегаў (арх. Я.С. Бекер) і Свяцкі Валовічаў (арх. Дж. Сака). "Віленскае барока" (1730-я -1780-я гг.) - арх. Я.К. Глаўбіца. Архітэктары Ю. Фантана, Л. Грынцэвіч, А. Асікевіч, Т. Жаброўскі , Г. Лінкевіч, А. Парак. Сафійскі сабор у Полацку. Касцёл кармелітаў у Глыбокім. Палац Пацёмкіна ў Крычаве (1778 - 1787 гг.) - арх. І. Я. Стараў.
Расія
Навука. Адкрыццё ў 1725 г. Акадэміі навук. Знакамітыя гісторыкі: В. М. Тацішчаў, М. Ю. Ламаносаў, І. М. Болцін, М. М. Шчарбатаў.
Адукацыя. У пачатку стагоддзя ў пачала сваю працу Маскоўская школа матэматычных і навігацыйных навук, заснавана Марская акадэмія ў Пецярбургу. Пазней былі адкрыты Інжынерная, Артылерыйская, Медыцынская і іншыя школы. У 1708 г. - пераход да простага, грамадзянскага шрыфту і арабскіх лічбаў. У 1757 г. адкрыта Імператарская Акадэмія мастацтваў у Санкт-Пецярбургу.
Літаратура. Класіцызм са сваім культам розуму і сентыменталізм. Н. М. Карамзін, Д. І. Фанвізін, Г. Р. Дзяржавін, І. А. Крылоў. Славуты вучоны і пісьменнік М. В. Ламаносаў. Першым рускім рэвалюцыянерам прынята лічыць А. М. Радзішчава.
Вусная народная драма (драмы "Цар Максіміліян", "Уяўны пан", "Лодка"). Рускі тэатр стварыў вялікі акцёр Ф. Г. Волкаў.
Жывапіс і скульптура. Мастакі А. П. Антроп'еў, В. Л. Баравікоўскі, Д. Г. Лявіцкі, І. П. Аргуноў. Антон Паўлавіч Ласенка напісаў гістарычныя карціны: " Уладзімір і Рагнеда"(1770 г.),"Развітанне Гектара зАндрамахай". Скульптуры: бюст А. В. Суворава, выкананы М. І. Казлоўскім, "Медны вершнік" - Э. М. Фалькане.
Архітэктура. І пал ст. - барока. Будуюцца Каменны і Кузнецкі масты, суконны, а таксама Манетны двары. Па праекце Ст. Ст. Растрэллі былі пастаўлены: Андрэеўская царква, Зімовы палац, Смольны манастыр, Марыінскі палац.
ІІ пал. ст. - класіцызм. Дойліды: І. Я. Стараў стварыў Троіцкі сабор Аляксандра-Неўскай лаўры і Таўрычны палац у Санкт-Пецярбургу, В. І. Бажэнаў - Дом Пашкова (1784-1786 гг.) у Маскве, М. Ф. Казакоў - Вялікі Царыцынскі палац у Маскве, Д. Кварэнгі - Александраўскі палац у Царскім Сяле, Акадэмію навук, Екацерынінскі і Смольны інстытуты ў Санкт-Пецярбургу, А. Рынальдзі - Мармуровы палац (1768-1785 гг.) у Санкт-Пецярбургу.
(Працяг у наступным нумары.)
Людвік Нарбут
Успаміны, якія распавяла сп. Тэадора Манчунская, родная сястра Людвіка, а запісала Гелена Салтысова 1
Сын гісторыка Літвы Тэадора Нарбута і Крыстыны з Садоўскіх (дачкі жаўнера Касцюшкі), нарадзіўся ў памятным для нас 1831 г. 2 калі адбыліся нязвыклыя падзеі. На дзядзінец Нарбутаў прыйшла значная колькасць жаўнераў з аддзела Гелгуда і маладая маці, убачыўшы іх праз акно, радасна запляскала ў далоні і закрычала: "Якія яны прыгожыя! Якія ўсе маладыя!" У гэты момант яна як раз карміла немаўлятка і, можа, гэтак яму перадаўся геройскі дух паўстанцаў.
Падрастаючы хлопец меў адкуль чэрпаць любоў да Бацькаўшчыны. Яго стары бацька быў замілаваны ў гісторыю гэтай зямлі, і менавіта ён раздзьмуў прыгожы агонь у маладых грудзях. Ён быў жаўнерам Касцюшкі 3 і з вялікай павагай прамаўляў пры дзецях імя свайго камандзіра, са слязамі ў вачах цалаваў свой мундзір, і тады навокал яго станавілася ціха, як у касцёле. Калі ў 1849 г., пасля заканчэння школы ў Лідзе Людвік працягнуў адукацыю ў Вільні, думкі і пачуцці яго ўжо былі сфармаваны дамашнім выхаваннем. У Вільні ён адразу патрапіў у вір гарачай моладзі, якая ірвалася да вольнасці, стварала тайныя таварыствы, спявала патрыятычныя песні і малявала Арлы ды Пагоні. Ён быў першым сярод іх.
Але надышла цёмная ноч, у якой малады чалавек быў схоплены і пасаджаны ў гнілую вязніцу, а потым асуджаны. Меў ледзь 18 гадоў і таму атрымаў толькі 50 розгаў і быў навечна сасланы ў жаўнеры арыштанцкіх рот.
Бацькоў прывезлі быць сведкамі гэтага пакарання, а яго калегі ў парадных мундзірах былі прымушаны глядзець на ўсё гэта. Пасля кары Людвік упаў у ногі сваім бацькам і прасіў аб апошнім дабраслаўленні. Ніжэй схілілася спіна старога бацькі, а маці, якая да гэтага была прыгожай брунеткай, вярнулася дадому сівой старой.
Людвік быў высланы на Каўказ і каля дзесяці гадоў ваяваў з тамтэйшымі плямёнамі, якія баранілі сваю зямлю ад царскай акупацыі. Браў удзел у 90 баях, быў 4 разы паранены, з-за чаго да канца жыцця хадзіў, нахіліўшыся наперад. Там ён вызначыўся сваёй незвычайнай мужнасцю, асабістай адвагай і халаднакроўем, чым заслужыў найвышэйшую павагу ад маскалёў. Праз 10 гадоў, пасля ўступлення на трон цара Аляксандра ІІ, неспадзявана вярнуўся на радзіму ў чыне афіцэра. Але адпачываў нядоўга. Прыйшоў 1863 год, год вялікай надзеі, найвялікшых ахвяр і незмарнелай веры.
Як вайсковы начальнік Лідскага павета, адным з першых у Літве, Людвік Нарбут пайшоў у бой. Першымі яго байцамі былі таварышы і прыяцелі маладых гадоў і сяляне роднай вёскі. Хутка, са сваімі людзьмі, да яго далучыўся ксёндз-патрыёт Гарбачэўскі, а з Вільні байцоў прывёў Андрыёлі, які стаў потым вядомым мастаком. Ад'ютантам у Людвіка быў яго малодшы брат Баляслаў, які, нягледзячы на маладыя гады, адзначыўся вялікай адвагай у баях. Колькасць аддзела даходзіла да 1000 чалавек. Яны былі апрануты ў шэрыя світкі, на плячах мелі палатняныя торбы - у лютым 1863 г. менавіта гэтак апранутая гарачая моладзь ішла ў цёмныя літоўскія бары.
Літоўскія пушчы напоўніліся галасамі. Здавалася, што ў лясах пасяліліся духі: у адным месцы ішлі калоны войск, у другім адбілі палонных, у трэцім здабылі зброю і амуніцыю ў маскалёў. І пачалі складацца легенды: маскалі з забабоннай трывогай расказвалі, што кулі не бяруць Нарбута, але ў адказ яго кожная куля забівае. З неахвотай і страхам ішлі яны супраць аддзелаў Нарбута, бо бачылі, што гэта не прагулка, і таму прызначылі высокую цану за яго галаву.
І тое, што не зрабіла шматтысячнае маскоўскае войска, якое нават ўжывала супраць паўстанцаў гарматы, тое зрабіла здрада. Імя здрадніка невядома бо ён, падобна, і не павінен быў мець імя 4. У Лідскім павеце ёсць рэчка Котра, каля возера ў Дубічах стары касцёлік, за возерам непралазныя лясы і ў лясах руіны старога замка. У гэтай пушчы стаў на пастой Нарбут каб атрымаць правіянт з Дубічаў. Стаянка была адносна бяспечнай - за ёй рассцілалася непралазная пушча, перад ёй - возера, вакол - дрыгва, прайсці можна толькі адной дарогай цераз кладку на рэчцы. Менавіта па гэтай дарозе павінны былі прывезці хлеб. Чакаючы хлеб, камандзір стаяў у атачэнні свайго брата Баляслава, Андрыёлі і некалькіх блізкіх сяброў. Андрыёлі сказаў: "Нешта, зашмат сялян ідзе". "Заняць пазіцыю!" - загадаў камандзір на ўсялякі выпадак, але ён не адчуваў яшчэ здрады, бо наперадзе ішоў знаёмы чалавек.
Кладку перайшлі хутка, а некаторыя нават і ўброд. Той, хто ішоў наперадзе, як Юда наблізіўся да камандзіра, паказаў на яго пальцам і сказаў: "Гэта Нарбут!" Жаўнеры выхапілі карабіны, і паранены ў грудзі і твар Людвік упаў на зямлю. Таварышы падхапілі яго і панеслі ў небяспечнае месца, але кожны з іх таксама атрымаў смяротныя раны і застаўся ляжаць. Людвік казаў ім: "З годнасцю, панове!" - але хутка быў яшчэ раз паранены, пасля чаго быў пакладзены на лясны мох. Памёр ён са словамі: "Як соладка памерці за Радзіму!" Цяжка паранены малодшы брат патрапіў у палон і доўгія гады правёў у Сібіры.
За паўгадзіны да бітвы лагер пакінула сястра Нарбута Тэадора, якая прывозіла лісты Народнага жонда. Была ўжо на адлегласці, калі пачула за сабой стрэлы, але яна мела ад брата загад ісці наперад. Па дарозе, у доме лесніка сустрэла цяжка параненага брата Баляслава які вітаў яе словамі: "Людвік забіты!" Маладая кабета не страціла прытомнасць ад гэтай весткі бо ведала, што павінна сама сказаць пра гэта сваім сівым бацькам.
Аднак жалобная вестка сама знайшла сабе дарогу, і калі Тэадора прыйшла да бацькоў, маці ўжо ведала, што яе перашароднага сына ўжо няма, і думала, што разам з ім страціла і дачку. Таму, калі маладая жанчына з'явілася на яе парозе, забітая горам маці выцягнула перад сабой рукі і з крыкам пачала адпіхваць ад сябе дачку, бо вырашыла, што гэта здань з таго свету.
Маскалі дазволілі пахаваць палеглых каля касцёла ў Дубічах. Перад тым з забітых яны абадралі ўсю вопратку. Сялянкі абмылі голыя целы і апранулі іх у кашулі, простыя труны былі пастаўлены адна каля другой і засыпаны ў высокай магіле. Зямля пакрыла целы пакутнікаў, душы іх адляцелі ў іншы сусвет, і з гэтага моманту пачала стварацца легенда.
Пайшлі чуткі, што Нарбут не загінуў, і людзі са зброяй пакідалі свае хаты і шукалі камандзіра. Па загаду Мураўёва жаўнеры крукамі парушылі касцёл 5 і зраўнялі магілу з зямлёй.
На тым месцы ў вышыню старога касцёла выраслі бярозы, і мясцовыя людзі лічаць гэта цудам, які адбыўся над магілай пакутнікаў.
Бацьку Людвіка Мураўёў загадаў вывезці ў Сібір. "Хіба што яго труну пакладзём у кібітку", - адказалі яму тыя, хто бачыў старца.
Мураўёў загадў выклікаць старога патрыярха да сябе і сказаў яму:
- Ведаеш, стары, твой сын ужо не жыве.
- Маю яшчэ сыноў, - адказаў нязломны стары.
- Вон адсюль, стары сабака! - закрычаў вешальнік.
Пад помсту ўладаў патрапіла маці Людвіка. Забраная з ложка, без неабходнай вопраткі, пад пагрозай нагаек была прывезена на няправедны суд, у судзе трымалася горда, але страціла прытомнасць, пасля суда была вывезена ў Сібір, адкуль вярнулася амаль што стагадовай старой і памерла на радзіме.
На сваім надмагіллі загадала дзецям выбіць кароткі надпіс: "Маці Сыноў" 6.
Вялікі бацька памёр праз год пасля гібелі сына Людвіка, і жонка пасля вяртання з Сібіры паклала на яго магілу сціплы камень з надпісам: "Тут ляжыць Тэадор Нарбут, гісторык Літвы".
Сястра (Тэадора Манчунская - Л. Л.) уцякла з аточанага жаўнерамі двара і доўгія, доўгія гады туляецца за мяжой.
Вось гісторыя адной з паўстанцкіх сямей. Усё тое, што было народам лягло, як сжатыя каласы ў полі, пасля чаго ўсталявалася ціша, як на пахаванні. А калі дажджы змылі крывавыя сляды з нашай зямлі, вецер асушыў салёныя слёзы і прыглушыў енкі, нам не стала лягчэй ад гэтага тузання ланцуга няволі […]
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
1 Soltysowa H. Ludwik Narbutt // W 40 rocznica powstania styczniowego. Lwow, 1903. S. 433-437.
2 Насамрэч, у 1832 г. - Л.Л.
3 Аўтарка памыляецца, Тэадор Нарбут не быў "жаўнерам Касцюшкі. - Л.Л.
4 Здраднікам быў селянін Адам Карповiч. - Л.Л.
5 Касцёл у Дубічах існаваў да 1869 г. і быў зачынены, бо, як быццам, мог паваліцца ад старасці. Яго можна было адрамантаваць, але зрабіць гэтага не дазволілі ўлады. Замест рамонту, касцёл быў зачынены і разабраны, а касцельную зямлю, "урад аддаў папам у Лідзе", - пісаў Вандалін Шукевіч. - Л.Л.
6 Улады забаранілі хаваць яе разам з мужам каля касцёла ў Начы - Л.Л.