НАША СЛОВА № 42 (1505), 21 кастрычніка 2020 г.
ХІV з'езд ТБМ адбыўся ў Менску 18 кастрычніка 2020 г.
18 кастрычніка ў Менску прайшоў 14-ты з'езд Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". З'еду папярэднічала шырокая ўсебеларуская справаздачна-выбарная кампанія і на рэпубліканскі форум з'ехаліся дэлегаты з усіх абласцей Беларусі. Папраўкі ў прыезд дэлегатаў унеслі хваробы, сёлета гэта вельмі актуальна, але 72 дэлегаты са 116 абраных забяспечылі кворум.
Акрамя дэлегатаў на з'езд прыйшлі і выступілі з прывітальнымі словамі намесніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард і намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Наведала з'езд гарачая змагарка за беларускасць Ніна Багінская.
Пасля выбараў мандатнай, падліковай і рэдакцыйнай камісій з'езд разгледзеў наступныя пытанні:
1. Справаздача старшыні.
2. Даклад рэвізійнай камісіі.
3. Даклады намеснікаў старшыні ТБМ.
4. Выбары старшыні ТБМ.
5. Выбары намеснікаў старшыні ТБМ.
6. Выбары Рэвізійнай камісіі ТБМ.
6. Выбары Рады ТБМ.
7. Зацверджанне рэдактара газеты "Наша слова".
На пачатку паседжання падзякамі ТБМ был ўзнагароджаны Сяргей Сівы з Валожына і карэспандэнтка "Нашага слова" Эла Оліна.
Па першым пытанні заслухалі справаздачны даклад XIV з'езду ТБМ старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алены Анісім аб дзейнасці арганізацыі за перыяд з лістапада 2017 па верасень 2020 года.
Па другім пытанні заслухалі даклад старшыні Рэвізійнай камісіі Міколы Бамбізы.
Былі заслуханы даклады першага намесніка старшыні ТБМ У. Коласа і намеснікаў Дз. Тушынскага, С. Судніка, А. Давідовіча.
Адбыліся спрэчкі і крытычныя выступленні дэлегатаў, якія прадэманстравалі розныя погляды на падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Выступоўцы выказалі думку, што сённяшні ўздым грамадскай актыўнасці на вуліцах павінен надаць належнае месца ў дзяржаве беларускай мове. "Калі людзі высока ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі як нацыянальныя сімвалы, то яны ўздымуць і мову!" - упэўненыя дэлегаты з'езда.
Па выніках дыскусіі дзейнасць арганізацыі была прызнана здавальняльнай, зрабілі ўсё, што маглі.
Выбары старшыні ТБМ прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове. Менская і Віцебская абласныя канферэнцыі ў свой час прапанавалі на пасаду старшыні Алену Анісім. Дэлегаты падтрымалі гэтую прапановы. Старшынёй ТБМ на другі тэрмін абрана Алена Анісім.
З'езд абраў першым намеснікам старшыні ТБМ Уладзіміра Коласа, а намеснікамі Станіслава Судніка (г. Ліда), Дзяніса Тушынскага (г. Менск), Алега Дзьячкова (г. Магілёў) і Зміцера Солтана (г. Наваградака).
Была абрана Рэвізійная камісія ТБМ і яе старшыня Мікола Бамбіза.
Была абрана новая Рада ТБМ.
Рэдактарам газеты "Наша слова" на чарговы тэрмін зацверджаны Станіслаў Суднік.
Улічваючы складаную палітычную сітуацыю, супрацьстаянне ў грамадстве, анансаваную канстытуцыйную рэформу, з'езд прыняў усяго адну заяву, сутнасць якой прапанаваў Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў:
Заява ХІV з'езда ТБМ
З'езд ТБМ выступае за вяртанне Канстытуцыі 1994 г., у якой статус беларускай мовы быў абвешчаны як адзінай дзяржаўнай мовы ў нашай краіне.
Статус рускай і іншых моў, на якіх размаўляюць грамадзяне Беларусі, можа быць вызначаны ў новым Законе аб мовах.
18.10.2020 г.
Такім чынам прапановы прафесараў Леаніда Лыча і Міколы Савіцкага, якія выказваліся на папярэдніх з'ездах, практычна прынятыя. З'езд ТБМ, як і належыць, выказаўся за адзіную дзяржаўную беларускую мову, хаця некаторыя ізноў хацелі адкласці гэтае пытанне "на потым", "каб не адпіхнуць людзей" і г.д.
На бліжайшыя тры гады пазіцыя ТБМ ясная, а наступны год па прапанове Баранавіцкай арганізацыі вырашана правесці пад знакам 30-годдзя незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Наш кар.
Паседжанне рэспубліканскай Рады ТБМ
18 кастрычніка ў Менску адбылося паседжанне новаабранай Рады ТБМ.
Рада абрала новы склад Сакратарыяту ТБМ.
Рада вывела са складу рэдкалегіі газеты "Наша слова" Юлю Бажок. Рада ўвяла ў склад рэдкалегіі газеты "Наша слова" Эдуарда Акуліна і Алесю Аўласевіч.
Рада прызначыла сваё наступнае паседжанне для зацвярджэння плана работы Таварыства на 2021 год на 24 студзеня 2021 года.
Наш кар.
Паседжанне Менскай абласной рады ТБМ
18 кастрычніка ў Менску адбылося пашыранае паседжнне Менскай абласной рады ТБМ, у якім акрамя сяброў рады ўдзельнічалі дэлегаты 18-га з'езда ТБМ ад Менскай вобласці.
На паседжанні ў склад Менскай абласной рады быў уведзены Сяргей Сівы з Валожына.
Сяргей Сівы быў абраны старшынём Менскай абласной рады ТБМ імя Ф. Скарыны.
Наш кар.
Справаздачна-выбарная канферэнцыя Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ
16 кастрычніка 2020 г. у грамадскім цэнтры "Кола" г. Магілёва адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Магілёўскай гарадской арганізацыі "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".
Канферэнцыя выбрала кіраўніцтва арганізацыі і дэлегатаў на 14-ты з'езд ТБМ.
Наш кар. Фота Надзеі Бацілавай.
Паважаныя сябры!
У нядзелю, 25 кастрычніка, у 17 гадзін, адбудзецца пашыраны сход Рады Баранавіцкай арганізацыі ТБМ. Асноўныя пытанні:
1. Аб з'ездзе ТБМ.
2. Удакладненне размеркавання абавязкаў паміж сябрамі Рады.
3. Фарміраванне плана работы на 2021 год.
На сход запрашаем не толькі сябраў Рады, але і ўсіх ахвочых, у каго ёсць прапановы для ўключэння ў план работы, пры ўмове, што аўтар прапановы гатовы прымаць удзел у яе рэалізацыі.
Сход адбудзецца па вул. Курчатава.
Справаздачны даклад XIV з'езду ТБМ
старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алены Анісім аб дзейнасці арганізацыі за перыяд з лістапада 2017 па верасень 2020 года
29 кастрычніка 2017 г. я была абраная на пасаду старшыні Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Час у сацыяльна-палітычным плане быў, як звычайна ў апошнія 26 гадоў, не вельмі спрыяльным для нашай беларускай справы. Тым не менш, паколькі я з'яўлялася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, сёе-тое зрабіць удалося. Нагадаю некаторыя мерапрыемствы, якія праходзілі непасрэдна ў сядзібе ТБМ. Пра іншыя дапоўняць намеснікі і кіраўнікі арганізацый.
2017 год
16 лістапада ў бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі правялі прэзентацыю кнігі "Ліцвіны ў гвардыі Напалеона", хачу адзначыць, што падчас выставы ў Варшаве гэтае выданне выклікала значную цікавасць у наведнікаў, паколькі ў ім закранаюцца пытанні гісторыі, агульнай для беларускага, французскага і польскага народаў.
25-26 лістапада адбылася канферэнцыя "Нацыянальны ўніверсітэт: місія і выклікі", арганізаваная ТБМ і аргкамітэтам па стварэнні ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.
27-28 лістапада мы з Паўлам Церашковічам (сябрам аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта з беларускай мовай навучання) удзельнічалі ў Міжнароднай канферэнцыі ў Варшаве, дзе абмяркоўваліся пытанні, датычныя развіцця вышэйшых навучальных устаноў Польшчы. Досвед гэты вельмі карысны для нашай працы над стварэннем універсітэта. Наш удзел атрымаўся ў такой прадстаўнічай канферэнцыі, дзе былі рэктары ўсіх ВНУ Польшчы, стаў магчымым дзякуючы падтрымцы польскай амбасады ў Беларусі.
5 снежня ў нашай сядзібе прайшла прэзентацыя кнігі, прысвечанай 100-годдзю Усебеларускага з'езда, аўтары С. Рудовіч і В. Герасімаў. Выданне падрыхтаваў аргкамітэт па святкаванні сотых угодкаў БНР на чале з Радзімам Гарэцкім, сябрам Рады ТБМ, камітэт быў запачаткаваны ў Вільні ў 2015 г.
Напрыканцы года дзякуючы дапамозе чэшскай амбасады мы абнавілі мэблю ў нашай сядзібе.
2018 год
На традыцыйным паседжанні Рады ТБМ у пачатку 2018 года мы прынялі план нашай дзейнасці. Нагадаю, што 2018 год у нас праходзіў пад знакам 100-годдзя БНР. Традыцыйныя Агульнанацыянальныя дыктоўкі прайшлі ў многіх школах, музеях, бібліятэках нашай краіны, а таксама ў сядзібе ТБМ.
Да Дня волі наша арганізацыя выпусціла адмысловую паштоўку з выявай дома, у якім была абвешчана БНР.
У сакавіку была склікана нечарговая Рада ТБМ, на якой было прынята рашэнне аб заснаванні Універсітэта імя Ніла Гілевіча, прыватнай установы адукацыі з беларускай мовай навучання. 15 сакавіка наш Універсітэт быў зарэгістраваны.
З нагоды 100-годдзя БНР старшыня ТБМ была запрошана ў Лондан для ўдзелу ў святкаваннях, арганізаваных беларускай дыяспарай на чале з Міколам Пачкаевым. Адна з урачыстасцяў адбывалася ў памяшканні англійскага парламента з удзелам англійскіх дэпутатаў, прадстаўніка беларускага пасольства, старшыні БНР Івонкі Сурвілы, Станіслава Шушкевіча.
25 сакавіка па запрашэнні аргкамітэта я выступіла з кароткім вітальным словам на святкаванні 100-годдзя БНР у Менску. Урачыстасці да 100-годдзя БНР адбываліся ў многіх кутках нашай краіны, і сябры ТБМ як правіла былі сярод галоўных арганізатараў.
25 красавіка 2018 г. я выступіла ў Страсбургу на паседжанні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы. Мой выступ быў прысвечаны гісторыі ўзаемаадносін еўрапейскіх краін і беларускай дзяржавы, у прыватнасці, БНР.
12 траўня я прымала ўдзел у святочным адкрыцці помніка Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне на ўскраіне Косава.
У чэрвені сябры нашай арганізацыі (Аляксандр Давідовіч і Алег Дзьячкоў) зладзілі экскурсію па Магілёўшчыне з наведваннем радзімы братоў Гарэцкіх.
Летам аднавіліся заняткі "Гістарычнай школы", якую праводзіў Алег Трусаў, яны працягваліся і ўвосень. Акрамя таго, Універсітэт імя Ніла Гілевіча распачаў сваю дзейнасць у выглядзе падрыхтоўчых курсаў па дзевяці дысцыплінах, якія праводзілі выкладчыкі беларускіх ВНУ, а таксама навукоўцы з НАН Беларусі.
Трэба адзначыць, што нягледзячы на заўсёдныя фінансавыя складанасці, нам удалося памяняць уваходныя дзверы і адно акно ў нашай сядзібе. Гэта, безумоўна, палепшыла наш імідж і было прыхільна ўспрынята наведнікамі.
У кастрычніку 2018 г. запрацаваў новы сайт газеты "Наша слова" nslowa.by.
13 кастрычніка я, як старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, разам з рэктаратам Універсітэта імя Ніла Гілевіч прыняла ўдзел у паседжанні круглага стала ў Лідскім замку.
20 кастрычніка кіраўніцтва ТБМ і рэктарат Універсітэта імя Ніла Гілевіча наведалі школу з беларускай мовай навучання ў Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці, дзе распавялі навучэнцам і настаўнікам пра ТБМ і Універсітэт. У гэтым жа месяцы адбылася паездка ў Баранавічы ў сядзібу Баранавіцкага ТБМ.
3 лістапада кіраўніцтва ТБМ і рэктарат Універсітэта наведалі Гомель.
У лістападзе адбылося чарговае паседжанне Рады, на якім было прынята рашэнне пачаць шырокае грамадскае абмеркаванне праекта закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь". Як і меркавалася, у далейшым прасоўванні гэтага законапраекта мы наткнуліся на неразуменне. Былі атрыманы некалькі адмоўных адказаў.
Напрыканцы года былі выдадзены календары рознага фармату з выявамі ўсіх старшыняў ТБМ, прысвечаныя 30-годдзю арганізацыі.
2019 год
У студзені 2019 г. Асамблея НДА ўручыла ўзнагароду "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" ганароваму старшыні ТБМ Алегу Трусаву за ініцыятыву "Універсітэт імя Ніла Гілевіча".
23 студзеня кіраўніцтва ТБМ наведала курсы "Мова нанова" ў Барысаве.
27 студзеня 2019 г. адбылося чарговае паседжанне Рады ТБМ, на якім сярод іншага была падтрымана прапанова партыі БНФ правесці 2019 год як Год беларускай мовы. У працяг гэтай ініцыятывы ў Маладзечне ў рэдакцыі "Рэгіянальнай газеты" прайшоў круглы стол "Мова - канстытуцыйнае права", у якім ўдзельнічала я, як старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
10 лютага адбылася паездка ў Магілёў, у цэнтр Кола, дзе праходзілі разнастайныя імпрэзы да Дня роднай мовы.
22 лютага я прымала ўдзел у мерапрыемствах да Дня роднай мовы, у прыватнасці на правядзенні Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Гарадзейскай СШ № 2.
20 сакавіка разам з Алегам Трусавым прынялі запрашэнне кіраўніцтва курсаў "Мова нанова" і наведалі Ліду.
25 сакавіка па прапанове аргкамітэта выступілі на ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня Волі - 101-й гадавіны БНР.
У пачатку красавіка як старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў прыняла ўдзел у акцыі "100 дубоў для Жылкі", якая ладзілася на радзіме паэта.
15 красавіка па запрашэнні курсаў Мова нанова разам з Алегам Трусавым наведалі Рэчыцу. Тэма размовы: "Беларуская мова - гарант гуманітарнай бяспекі краіны".
8 чэрвеня я прыняла ўдзел у ўшанаванні памяці паўстанцаў-удзельнікаў Мілавідскай бітвы 1863 г. пад Мілавідамі разам з сябрамі Баранавіцкага ТБМ.
27 чэрвеня ў сядзібе ТБМ прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная 30-годдзю ТБМ. У гэты ж дзень распачаўся новы сезон "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым.
6 верасня адбылася канферэнцыя "Нашы вякі - наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту ў галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны", арганізаваная намеснікам старшыні ТБМ Дзянісам Тушынскім, якая была прымеркавана да 30-годдзя ТБМ. Пасля канферэнцыі адбыўся ўрачысты прыём, у якім бралі ўдзел сябры арганізацыі, удзельнікі канферэнцыі, прадстаўнікі палітычных партый, а таксама амбасадары еўрапейскіх краін.
22 лістапада ў Вільні адбылося ўрачыстае перапахаванне герояў паўстання 1863 г. на чале з Кастусём Каліноўскім. У дэлегацыі з Беларусі былі многія сябры Рады ТБМ, нашых раённых і абласных арганізацый. Трэба адзначыць, што спрыянне ў аказанні візавай падтрымкі аказаў сябар Рады ТБМ Алесь Лагвінец, які звяртаўся ў Амбасаду Францыі і атрымаў там дапамогу.
5 снежня 2019 г. былі спынены мае паўнамоцтвы як дэпутата Палаты прадстаўнікоў у сувязі з абвяшчэннем новых выбараў. Ужо падчас вядзення выбарнай кампаніі стала зразумела, што ў дэпутацкі корпус не патрапіць ніхто з апазіцыйнымі поглядамі. Таму зразумела, што маю кандыдатуру не дапусцілі да ўдзелу ў выбарнай кампаніі. Гэта, безумоўна, зменшыла нашы магчымасці ў прасоўванні беларускай мовы. Тым не менш, справа, якая была запачаткаваная, напрыклад, у беларусізацыі нашага заканадаўства, працягваецца. Перакладзена ўжо некалькі кодэксаў на беларускую мову. Спадзяюся, што так будзе і надалей.
Зразумела, што ў дакладзе немагчыма ахапіць усю дзейнасць, якую праводзіла наша арганізацыя. Таму я спадзяюся, што мяне дапоўняць намеснікі, а таксама нашы сябры з розных абласных, раённых арганізацый, кіраўнікі суполак.
За кадрам засталіся многія выступы на тэлебачанні, радыё, інтэрв'ю ў розных СМІ. У іх заўсёды выказваю нашу непахісную прынцыповую пазіцыю: беларуская мова ў Беларусі павінна выконваць усе функцыі дзяржаўнай мовы - гучаць з вуснаў дзяржаўных дзеячаў, палітыкаў, розных іншых чыноўнікаў. Беларуская мова павінна стаць мовай навучання для большасці школьнікаў, студэнтаў, навучэнцаў каледжаў і іншых ССУ. Наша нацыянальная мова павінна нязмушана, прыгожа і прыстойна ліцца з экранаў тэлевізараў, гучаць у радыёэфіры. Нашы творчыя асобы не павінны мець перашкодаў у выступах на роднай беларускай мове. Для таго, каб настойваць на гэтым, мы маем вынікі апошняга перапісу, згодна з якім колькасць людзей, якія назвалі сваёй роднай мовай беларускую мову вырасла ў параўнанні з папярэднім. Гэта самае пераканаўчае сведчанне сапраўднага выбару народа.
Падводзячы рысу пад вынікамі нашай дзейнасці ў справаздачны перыяд, хачу адначыць наступнае. Наша арганізацыя строга выконвае статутныя палажэнні. Паседжанні Сакратарыята і Рады ТБМ праходзілі рэгулярна. У выпадку неабходнасці склікалася нечарговая Рада, як гэта было неабходна для заснавання Універсітэта імя Ніла Гілевіча.
Я хачу падзякаваць маім намеснікам: Коласу Уладзіміру, Давідовічу Аляксандру, Тушынскаму Дзянісу і Судніку Станіславу за іх падтрымку і актыўную дапамогу. Асобна хачу выказаць падзяку ганароваму старшыні ТБМ Алегу Трусаву, які нягледзячы на сваю занятасць у навуковай дзейнасці, даў згоду выконваць абавязкі рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча і робіць гэта самааддана.
Я ўдзячна ўсім кіраўнікам арганізацый і суполак, усім сябрам ТБМ за актыўную пазіцыю і нястомную дзейнасць у справе абароны беларускай мовы як дзяржаўнай мовы ў нашай краіне. Падзеі апошніх месяцаў паказваюць, што проста нам не будзе, але я веру: дзякуючы згуртаванасці і выразна акрэсленай цвёрдай пазіцыі мы зможам змяніць сітуацыю ў лепшы бок.
СПРАВАЗДАЧА XIV З'ЕЗДУ ТБМ
намесніка старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Станіслава Судніка аб працы за перыяд з лістапада 2017 па кастрычнік 2020 года
Пасля абрання мяне намеснікам старшыні ні на першым паседжанні Рады, ні на другім ніякіх асаблівых даручэнняў я не атрымаў ні ад старшыні, ні ад Рады.
З'езд даручыў мне выдаць "Летапіс ТБМ" за апошнія 5 гадоў, што паспяхова было зроблена, і "Летапіс..." выдадзены. Да слова, толькі некалькі арганізацый прыслалі матэрыялы ў "Летапіс...", таму ён складаўся на аснове публікацый у "Нашым слове", а паколькі многія арганізацыі "Наша слова" ігнаруюць і пра свае мерапрыемствы пішуць хто ў "Новы час", хто ў "Радыё Рацыю", то ў "Летапісе..." яны прадстаўлены слабей, а тыя, што не пішуць нікуды, не прадстаўлены ніяк.
На працягу гэтых трох гадоў я атрымліваў ад старшыні шэраг персанальных даручэнняў, з якімі, як мне падаецца, справіўся паспяхова.
Але ад пачатку такіх даручэнняў не было, і я сам усклаў на сябе абавязкі "палявога камандзіра" па Заходняй Беларусі і трохі па Цэнтральнай. Пажаданне некаторых сяброў, каб Суднік персанальна ездзіў па Гомельскай і Магілёўскай абласцях ды агітаваў за падпіску на "Наша слова", я вырашыў не выконваць.
Што тычыцца Заходняй Беларусі, то і тут з усімі задачамі, якія я для сябе намеціў, нажаль, справіцца не змог.
Асноўная задача, якая ставілася: актывізацыя існых структур ТБМ і адраджэнне былых, але заснуўшых, не хочацца ўжываць слова "памерлых".
Былі адроджаны тры арганізацыі:
Нясвіжская раённая (4 суполкі: Нясвіжская гарадская, Карцэвіцкая, Гарадзейская, Новасвержанская) - старшыня Наталля Плакса;
Дзятлаўская раённая - старшыня спачатку Алена Абрамчык, потым Валер Петрыкевіч;
Слонімская раённая (незарэгістраваная) - старшыня спачатку Святлана Бушчык, потым Сяргей Чыгрын.
Нармальна адпрацавалі Гарадзенскія гарадская і абласная арганізацыі. З іх дапамогай актывізавалася Скідзельская арганізацыя.
Старшыня ТБМ Алена Анісім зрабіла шэраг намаганняў, каб актывізаваць Стаўпецкую арганізацыю.
Актыўна працавалі Слуцкая і Валожынская арганізацыі, дзейнічала Заслаўская ў Менскай вобласці, чатыры Лідскія і Наваградская арганізацыі ў Гарадзенскай вобласці, Баранавіцкая ў Берасцейскай вобласці. Можа не так актыўна, але дзейнічалі Пружанская і Пінская арганізацыі Берасцейскай вобласці.
Падчас справаздачна-выбарчай кампаніі ўдалося актывізаваць Менскую абласную арганізацыю, дзе з усяго кіраўніцтва застаўся адзін старшыня. Была абрана Менская абласная рада ТБМ.
Не падавалі прызнакаў жыцця: Свіслацкая, Ваўкавыская, Бераставіцкая, Смаргонская і Шчучынская арганізацыі Гарадзенскай вобласці, Берасцейская гарадская арганізацыя, Клецкая, Салігорская, Маладзечанская, Мядзельская і Пухавіцкая арганізацыі Менскай вобласці.
Рабіліся захады па стварэнні Берасцейскай абласной, Капыльскай раённай, Воранаўскай раённай, Мастоўскай раённай і Івейскай раённай арганізацый, а таксама Радуньскай і Гавязнянскай (Вішнявецкай) местачковых суполак. Пакуль безвынікова.
Такім чынам кадравая работа ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі патрабуе далейшых і актыўных намаганняў.
Праца ў шырокіх колах грамадства.
Праца ў шырокіх колах грамадства з'яўляецца крайне важнай і неабходнай для прасоўвання нашых праграмных палажэнняў, ідэй і прынцыпаў. Дайсці да шырокіх масаў грамадства не так проста. Адна з форм працы, якая дае такую магчымасць, - напісанне Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Большасць актыўных арганізацый ТБМ ужо многія годы займаюцца гэтым пытаннем. На справаздачны перыяд прыпалі 11-я, 12-я і 13- дыктоўкі. Мы падымалі на дыктоўкі арганізацыю за арганізацыяй, раён за раёнам. Лідскія арганізацыі нарошчвалі колькасць удзельнікаў і давялі лічбу да 9700 і 9200 на 12-й і 13-й дыктоўках. Вельмі актыўна ўсе тры гады адпрацавала Нясвіжская арганізацыя, якая імкнулася выходзіць на шырокія масы. Нясвіж, Наваградак, Дзятлава і Слонім раз ад разу выходзілі на тысячныя паказчыкі.
Кульмінацыяй гэтай дзейнасці быў 2020 год. У Гарадзенскай вобласці дыктоўку падтрымаў аблвыканкам. На адной з Радаў я абяцаў падняць на дыктоўку 100 тысяч у Гарадзенскай вобласці. Не ўдалося. Умяшаўся асабіста міністр адукацыі, які не рэкамедаваў прыцягваць да дыктоўкі вучняў школ. Таму ў Гарадзенскай вобласці дыктоўку пісалі ўсяго каля 20 тысяч чалавек, але ў 227 населеных пунктах. Пры гэтым былі такія факты. Дыктоўку пісалі супрацоўнікі Гарадзенскага аблвыканкама, пісала рэдакцыя дзяржаўнай "Воранаўскай газеты", у Карэлічах, дзе ў нас нікога няма, рэй павяла раённая бібліятэка, і дыктоўку пісалі 5 бібліятэк. БРСМ. У Лідзе дыктоўку пісалі 120 арганізацый БРСМ, па вобласці удзел бралі каля 1500 арганізацый.
Улады падтрымалі дыктоўку ў Нясвіжы, хаця, што праўда, паспрабавалі адсунуць ТБМ, але гэта паправіцца. Нясвіж фактычна адзіны раён, дзе па запрашэнні ТБМ на справаздачна-выбарчы сход прыйшла прадстаўніца райвыканкама, ды яшчэ і выступіла на цудоўнай беларускай мове.
У Менскай вобласці абласны камітэт БРСМ сабраў на дыктоўку актывістаў з усіх раёнаў вобласці.
На наступны год знізу дыктоўку абяцалі падтрымаць Стаўпецкі аддзел адукацыі і Капыльская раённая бібліятэка.
Падтрымліваюць дыктоўку ўлады ў Віцебску і некаторых іншых месцах, але сёлета ў нас рэвалюцыя і каронавірус, таму цвёрда нешта гарантаваць не выпадае.
Як сіраце жаніцца, то і ноч кароткая. Як у нас справы трошкі пайшлі, на табе - рэвалюцыя з каронавірусам напару.
Другі кірунак выхаду на масы - літаратурна-мастацкія мерапрыемствы.
У Гарадзенскай вобласці ўстанавілася цеснае супрацоўніцтва паміж ТБМ і Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў. Воляй лёсу я стаў намеснікам старшыні гэтага аддзялення. Праведзены многія дзясяткі мерапрыемстваў у асноўным у школах, ліцэях, каледжах. Нажаль, гэта ў асноўным ізноў усё тыя ж Лідскі, Дзятлаўскі, Слонімскі раёны. Трохі Наваградскі і Нясвіжскі.
Праводзяцца тры абласныя літаратурныя акцыі.
1. Дзень народзінаў Ларысы Геніюш стаў штогадовым літаратурным фэстам у Зэльве. Тут задзейнічаны ў асноўным Гарадзенская і Слонімская арганізацыі з удзелам Дзятлава і Ліды. З 2020 года тут уручаецца прэмія імя Анатоля Іверса. Першым лаўрэатам стала Антаніна Хатэнка.
2. Абласное свята паэзіі праводзіцца на Дзятлаўшчыне з канцавым пунктам у гняздзе паэтаў Зачэпічах. Тут да гарадзенцаў, дзятлаўцаў, слонімцаў і лідзян традыцыйна далучаюцца наваградцы.
3. Фестываль патрыятычнай песні і паэзіі на Лідчыне. Сёлета прайшоў у 4-ты раз. І ад сёлета набывае статус абласнога фестывалю. У фестывалі ўдзельнікі з усёй Беларусі. Так што абласны статус праз некаторы час можа быць заменены на нацыянальны.
Гэта праводзяць грамадскія арганізацыі.
Непасрэдна з удзелам Лідскага ТБМ Лідская ЦРБ імя Янкі Купалы раз на два гады праводзіць конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя дзецям" на лепшы літаратурны твор для дзяцей. Сёлета - 5-ты конкурс. Падвядзенне вынікаў у снежні.
На верасень быў спланаваны 3-ці міжрэгіянальны фестываль песеннага фальклору імя Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі", які заснаваны па ініцыятыве Лідскага ТБМ, а праводзіць яго Лідскі цэнтр народнай творчасці. З-за каронавіруса фестываль пройдзе летам 2021 года.
На травень 2020 года было спланавана Менскае абласное свята паэзіі на радзіме Уладзіміра Жылкі ў в. Макашы Нясвіжскага раёна. Акрамя Нясвіжскага ТБМ падключалася Гарадзеншчына і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Усё сарвалася з-за віруса.
Сёння мы маем магчымасць правесці дзясяткі мерапрыемстваш па школах Лідскага і Дзятлаўскага раёнаў. Але школы Лідскага раёна пакуль закрыты для наведвання. Дзятлаўскі раён прыкрылі не так шчыльна і непасрэдна перад з'ездам там прайшлі два мерапрыемствы з удзелам гарадзенскіх літаратараў, якія групуюцца вакол часопіса "Новы замак", а таксама дзятлаўскіх і лідскіх сяброў ТБМ.
У рамкі гэтага кірунку дзейнасці ўкладваюцца выданні літаратурных зборнікаў:
"Ад лідскіх муроў" - выйшаў 9-ты выпуск. Гэта кніга на 464 старонкі. Прэзентацыя доўга адкладвалася з-за віруса, нарэшце 13 кастрычніка прайшла ў Лідскім літаратурным музеі.
"Нясвіжскі ўток"- № 1;
"Стольны град" - Наваградак, № 1;
"Паланэз" - Слонім, № 1.
Зімой выйдзе "Ятранка" - Дзятлаўскі раён.
Рэдактар абласнога часопіса "Новы замак" Янка Трацяк увайшоў у Гарадзенскую абласную раду ТБМ.
Яшчэ ёсць краязнаўства, турызм, спорт, дзе арганізацыі ТБМ бяруць удзел. Візуальнае афармленне вуліц, абвесткі ў транспарце і г.д. Тут арганізацыі працуюць самастойна, хто як можа. І ёсць пэўныя поспехі. У выніку актывізазацыі нясвіжскім ТБМ тутэйшага грамадства пад 120-я ўгодкі Уладзіміра Жылкі ў верасні гэтага года тут з'явілася вуліца Жылкі.
Арганізацыі змагаюцца за беларускія першыя класы. Актыўна працуюць гарадзенцы. У Лідзе сіуацыя такая: калі ёсць 7-8 заяў, то ёсць і клас. Сёлета адзін клас у Лідзе ў СШ № 12 і адзін клас у Бярозаўцы ў СШ № 3.
Нашы арганізацыі актыўна супрацоўнічалі з курсамі "Мова нанова". Так кіраўнікі курсаў уваходзяць у мясцовыя рады ТБМ у Лідзе і Нясвіжы.
Як мне падаецца, непасрэдная праца намесніка старшыні ТБМ у рэгіёне мае пэўны сэнс. Таму, магчыма, на новы тэрмін намеснікам трэба выбраць, скажам, Алега Дзьячкова з Магілёва, каб прыпадняць усход Беларусі.
Гарадзенскія пісьменнікі прэзентавалі на Дзятлаўшчыне "Новы замак"
Гарадзенскія пісьменнікі прэзентавалі апошні нумар свайго альманаха "Новы замак" на Дзятлаўшчыне. Сустрэчы, якія прайшлі ў бібліятэках Гезгалаў і раённага цэнтра, арганізавала Дзятлаўская суполка Таварыства беларускай мовы на чале з Валерыем Петрыкевічам супольна з культурнымі ўстановамі рэгіёна пры падтрымцы Лідскай арганізацыі ТБМ. У Гезгалах на творчай сустрэчы прысутнічалі дзеці і дарослыя, у Дзятлаве сабраліся дарослыя прыхільнікі беларускага слова. Перад дзятлаўскімі чытачамі выступілі прафесар Аляксей Пяткевіч, рэдактар альманаха Янка Трацяк, пісьменніца Леанарда Юргілевіча, свой твор прачытаў Віктар Зубкоў. У другой - спеўнай частцы праграмы - выступіў літаратурна-музычны гурт NZ-Harodnia. Гурт, у складзе якога граюць і спяваюць Віктар Сазонаў, Валянцін Дубатоўка (музычны кіраўнік), Янка Трацяк і Уладзімір Хільмановіч, прадставіў свае ўласныя кампазіцыі. Сустрэчы прайшлі ў цёплай прыязнай атмасферы.
Беларускае Радыё Рацыя.
Ёсць на Лідчыне і свой эпас
Значная падзея ў літаратурным жыцці Лідчыны адбылася 13 кастрычніка: у рамках цыклу мерапрыемстваў літаратурна-музычнага салона "Над Лідзейкай" у Доме Валянціна Таўлая прайшла прэзентацыя літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" № 9. Прэзентацыя зборніка была прымеркавана да 10-годдзя з дня адкрыцця літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея, больш вядомага як Дом Валянціна Таўлая. На мерапрыемства былі запрошаны аўтары, чые творы змешчаны ў альманаху.
Гісторыю літаратурнага аддзела нагадаў прысутным навуковы супрацоўнік музея, куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун. За дзесяць гадоў у сценах Дома Таўлая было арганізавана каля 40 выстаў. Пастаянныя экспазіцыі, якія тут дзейнічаюць, - "З мастацкім словам па жыцці" (прысвечаная літаратурнай Лідчыне) і мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая. Абедзве экспазіцыі папаўняюцца. Зацікаўлены літаратурны аддзел і ў эскспанатах і матэрыялах, звязаных з жыццём і дзейнасцю сяброў Валянціна Таўлая, сярод якіх - паэты Васіль Струмень, Пятро Граніт, Герасім Прамень. А яшчэ дзесяцігадовая гісторыя Дома Таўлая - гэта каля сотні культурна-масавых мерапрыемстваў, сустрэчы з паэтамі ў рамках цыкла "Перад тым як на Парнас, завітай, паэт, да нас" (які ў мінулым годзе трансфармаваўся ў літаратурна-музычны салон "Над Лідзейкай"), заняткі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта "У школу да Цёткі". Нельга таксама не згадаць, што на працягу васьмі гадоў тут праводзіліся пасяджэнні літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Зборнік "Ад лідскіх муроў" - таксама вынік плённай дзейнасці Дома Таўлая. Дарэчы, у хуткім часе кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у анлайн-экскурсіі ў гісторыю гэтай установы.
Старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Валынец ад імя дырэктара музея Вольгі Піліпчук павіншавала супрацоўнікаў літаратурнага аддзела з юбілеем, пажадала, каб гэты ўтульны дом па вуліцы Замкавай і далей заставаўся месцам, дзе збіраюцца неабыякавыя да літаратуры людзі, каб тут адкрываліся новыя літаратурныя імёны, праводзіліся новыя цікавыя сустрэчы і выстаўкі. А яшчэ Наталля Міхайлаўна перадала даўняму сябру музея - лідскаму краязнаўцу, паэту, галоўнаму рэдактару часопіса "Лідскі летапісец" і зборніка "Ад лідскіх муроў" Станіславу Судніку - грамату Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за актыўную дзейнасць па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Лідчыны.
Далей слова ўзяў Станіслаў Вацлававіч. Ён нагадаў аб гісторыі альманаха "Ад лідскіх муроў", які выдаецца з 1998 года, расказаў аб яго новым - дзявятым - нумары. У гэты нумар увайшлі творы лідзян і ўраджэнцаў Лідчыны, напісаныя або апублікаваныя галоўным чынам у 2016-2019 гадах, а таксама матэрыялы, якія датычацца літаратурнага жыцця Лідчыны ў гэты перыяд. Зборнік выйшаў вельмі аб'ёмны (464 старонкі), у ім дзесяць раздзелаў ("Эпас", "Паэзія", "Пераклады", "Проза", "Драматургія", "Успаміны" і інш.). Гэта першы альманах "Ад лідскіх муроў", які выйшаў у цвёрдай вокладцы. Тут упершыню прадстаўлены раздзел "Эпас", які заняў каля 130 старонак.
У гэты раздзел увайшлі: навуковы артыкул даследчыка беларускай літаратуры Юрыя Пацюпы аб "паляўнічай" паэме лідскага паэта XIX стагоддзя Вільгельма Пратасэвіча "Суседчык гавейскі" і сама паэма; паэма Вітольда Пілецкага "Сукурчы", "энцыклапедыя аднаго саду і аднаго дома на лапіку беларускай зямлі", напісаная ў 30-я гады мінулага стагоддзя і перкаладзеная з польскай мовы Станіславам Суднікам; паэма Васіля Струменя "Забастоўка" (аб забастоўцы ў 1936 годзе на шклозаводзе "Нёман"), напісаная ў 50-60-я гады і ўпершыню поўнасцю апублікаваная ў 2020 годзе, у 9-м нумары альманаха "Ад лідскіх муроў", артыкул аб гэтай паэме і аб яе аўтары, напісаны Алесем Хітруном; паэма Генаэфы Міхаловіч, сваячкі Дануты Бічэль, "Святая праўда пра ўсё жыццё…", у якой захаваны дыялектныя асаблівасці мовы жыхароў вёскі Біскупцы.
Можна падрабязней расказаць і пра іншыя раздзелы зборніка, але рамкі газетнага артыкула гэтага не дазваляюць - лепш зборнік узяць і пачытаць.
Як адзначыў Станіслаў Суднік, у апошнія тры-чатыры гады свае літаратурна-мастацкія зборнікі пачалі выдавацца і ў Наваградку, Слоніме, Нясвіжы. "Падняўся цэлы літаратурны рэгіён, - піша галоўны рэдактар "Ад лідскіх муроў" у прадмове да зборніка. - Вось яго не было, і вось ён ёсць. Недзе там - у Менску, Гародні - элітная літаратура, элітныя выданні, а тут масавы пад'ём літаратурнай глыбінкі". І далей падкрэсліваецца, што без гэтай рэгіянальнай літаратуры беларуская літаратура была б няпоўнай, няцэльнай: "А калі-небудзь, праз шмат гадоў, нейкі даследчык зразумее, што менская элітная літаратура і гэтыя рэгіянальныя выданні разам і ёсць яе вялікасць цэльная беларуская літаратура. Даследчык напіша дысертацыю, а мы напісалі чарговы лідскі альманах і прапануем яго чытачам".
У заканчэнне імпрэзы некаторыя з паэтаў, чые творы ўвайшлі ў зборнік, прачыталі свае вершы перад аўдыторыяй.
Выхад наступнага - 10-га - нумара альманаха "Ад лідскіх муроў" запланаваны на канец 2021 года. Часткова - на паўтары сотні старонак - матэрыял для яго ўжо сабраны. Работа па падрыхтоўцы літаратурнага выдання Лідчыны будзе працягвацца.
Аляксей МІХАЛОВІЧ.
Адбылася прэзентацыя кніг Эдуарда Акуліна
27 творчых лёсаў пад адной вокладкай з рэдкімі фотаздымкамі (Ніл Гілевіч, Леанід Дайнека, Таццяна Беланогая, Алесь Камоцкі, Рыгор Сітніца, Алесь Бяляцкі, Наста Кудасава ды іншыя) - у новай кнізе паэта, барда, галоўнага рэдактара часопіса "Верасень" Эдуарда Акуліна " Падзяліцца поўняй" знайшлі сваіх чытачоў на III фестывалі інтэлектуальнай кнігі "Прадмова" падчас прэзентацыі 16 кастрычніка ў менскім Палацы Мастацтваў.
На сустрэчы выступіў адзін з герояў выдання - вядомы беларускі бард, кіраўнік Народнага гурта "Пліса" Кастусь Герашчанка. Ён праспяваў сваю даўнюю песню "Фея восень", а таксама выканаў новы твор - песню" Краіна мая" на словы Эдуарда Акуліна.
Адначасова была прадстаўлена і яшчэ адна кніга паэзіі "Плашчаніца", змест якой склалі вершы духоўнага гучання. Адметнасць гэтага выдання ў тым, што - гэта кніга-білінгва, якая сталася вынікам міжнароднага мастацкага праекта пад аўтарствам бялградскага мастака Міколы Шындзіка. 12 вершаў Эдуарда Акуліна ў перакладзе прафесара славістыкі Міадрага Сібіновіча на сербскую мову ілюстраваны карцінамі і інсталяцыямі 12 сербскіх мастакоў. Кніга па праву лічыцца ўнікальнай, бо такога мастацкага праекта яшчэ не было ў гісторыі беларускай літаратуры. Выдавец кніг Уладзімір Сіўчыкаў падтрымаў выступам свайго калегу і аўтара.
Эла Оліна.
Адышоў у вечнасць ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц
Курыя Гарадзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 13 кастрычніка адышоў па ўзнагароду да Пана кс. канонік Юзаф Ганьчыц, пробашч парафіі Святой Сям'і ў Лідзе.
Развітальныя абрады адбываліся 15-16 кастрычніка ў касцёле Святой Сям'і ў Лідзе. У касцёле, пабудаваным намаганнямі душпастыра, развітацца з ім 16 кастрычніка сабраліся шматлікія святары, манахіні і вернікі. Узначаліў развітальныя абрады і пахавальную святую імшу Генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, які вучыўся са спачылым на адным курсе ў духоўнай семінарыі, разам з ім прыняў святарскае пасвячэнне i ведаў яго на працягу 30 гадоў.
Таксама на развітанне прыбылі генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. У пахаванні ўзялі ўдзел каля сарака каталіцкіх святароў, прадстаўнікі праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў з Ліды.
Пахавалі спачылага святара каля касцёла, які ён сам і пабудаваў ад пачатку да канца. Магіла была заткана жывымі кветкамі ў бел-чырвона-белай гаме, але пасля паверх чырвонай паласы былі расстаўлены белыя ружы.
Па паведамленні супрацоўнікаў Лідскай ЦРБ, ксёндз Юзаф Ганьчыц паступіў у пульманалагічнае аддзяленне з пнеўманіяй, пасля атрымання станоўчага тэсту на COVID-19 быў пераведзены ў каронавіруснае аддзяленне, дзе яго адчуванне стала цяжкім.
Ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц нарадзіўся 3 ліпеня 1960 г. Паходзіў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне.
Атрымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гарадзенскага Аляксандра Кашкевіча ў кафедры св. Францішка Ксаверыя ў Гародні. Стаў разам з сённяшнім дапаможным біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім адным з першых выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні.
Пасля пасвячэння быў прызначаны вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. З 10 ліпеня 1996 г. да смерці быў пробашчам новаўтворанай парафіі Святой Сям'і ў Лідзе. Дзякуючы яго старанням была пабудавана новая парафіяльная святыня.
За час яго служэння ў лідскай парафіі было створана шмат малітоўных груп. Шмат увагі і часу ён прысвячаў выхаванню дзяцей і моладзі, фармацыі сем'яў. Таксама пры парафіі актыўна дзейнічае каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць "Gloriosa Trinita", духоўным правадніком якой быў кс. Юзаф Ганьчыц.
У 2003 г. ён скончыў вывучэнне тэалогіі сужэнства ва ўніверсітэце кардынала Стэфана Вышынскага, а ў 2007 г. - катэхетычна-пастаральнае паслядыпломнае навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы.
Ад часу яго прыезду ў Ліду ксёндз Юзаф меў цесныя стасункі з самымі рознымі грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку з БНФ і ТБМ.
Гэта ён служыў імшу на месцы пахавання паўстанцаў 1863 г. у былым фальварку Шчытнікі ў 1996 годзе, калі мерапрыемства было забаронена ўладамі.
Гэта ён асвячаў крыж, які быў устаноўлены ў 1998 г. на месцы расстрэлу героя паўстання 1863 г. ксяндза Адама Фалькоўскага ў Лідзе.
Гэта яму прысвечана кніжка Станіслава Судніка "Пілігрымка дадому" (2018 г.). На тытульнай старонцы кніжкі напісана:
"Гэты аповед пісаўся з пачуццём глыбокай падзякі да ксендза Юзафа, пробашча парафіі Святой Сям'і ў горадзе Лідзе, чыя святая малітва цудоўным чынам засланіла аўтара ад вялікай бяды".
Малітва гэтая мела месца гадоў 10 назад і сапраўды мела вялікую сілу. І не толькі гэтая. Пра сілу малітвы ксяндза Юзафа ведала ўся Ліда.
Сёлета кс. Ганьчыц адзначыў 60-годдзе і 25-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.
Вечны супакой дай яму, Пане...
Палітолаг з ФРГ прапанавала выйсце з тупіка ў Беларусі
Навіны Германіі
Канстытуцыйная рэформа магла б дапамагчы выйсці з крызісу ў Беларусі, лічыць палітолаг Астрыд Зам з Берліна. Калі бакі зыходзяць з інтарэсаў краіны, яны павінны пачаць дыялог, упэўнена яна.
Астрыд Зам (Astrid Sahm) раней жыла і працавала ў Беларусі. Цяпер яна з'яўляецца экспертам фонду "Навука і палітыка" (SWP) у Берліне. Палітолаг спецыялізуецца ў тым ліку на такіх тэмах, як трансфармацыйныя працэсы і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Deutsche Welle:
- Вы доўгія гады сочыце за падзеямі ў Беларусі. Ці маглі вы сабе ўявіць, што пратэсты ў краіне будуць гэтак масавымі і працяглымі?
Астрыд Зам:
- У красавіку я пісала артыкул пра распаўсюд каронавіруса ў Беларусі. Там была такая фіналь, што жыццё ў Беларусі пасля 9 жніўня можа моцна змяніцца. Ужо тады назіраўся глыбокі крызіс даверу, самаарганізацыя грамадства і неадэкватная рэакцыя ўладаў на пандэмію, у першую чаргу, у тым, што датычыцца камунікацыі з насельніцтвам. Гэтыя тры складнікі прывялі да таго, што мы сёння назіраем.
- Што вас здзівіла больш - рашучасць пратэстантаў ці цвёрдая рэакцыя ўладаў?
- Мне здаецца, мы назіраем якасныя змены ў адносінах грамадства і дзяржавы ў Беларусі. Першым чынам, з боку грамадства. У папярэднія гады грамадства жыло сваім жыццём, і калі дзяржава не занадта моцна яму замінала, то яно і не спрабавала ўплываць на тое, як дзяржава развіваецца. Не было веры ва ўласныя сілы, у тое, што можна штосьці памяняць.
Але грамадства змянілася. Гэта стала прыкметна на прыкладзе самаарганізацыі падчас пандэміі. І гэта надало грамадзянам упэўненасці ў тым, што яны могуць уплываць на сітуацыю. Гэта адбылося яшчэ да выбараў. Многія людзі пераадолелі страх, яны больш не баяцца наступстваў, якія можа пацягнуць за сабой удзел у мітынгах. З-за пандэміі COVID-19 межы былі закрыты, нельга было проста з'ехаць у іншыя краіны, каб адцягнуцца і адчуць палягчэнне. Актыўная частка насельніцтва зразумела, што яны могуць апынуцца ў замкнёнай прасторы сам-насам з гэтай дзяржавай. Гэта таксама стала адным з мабілізоўных фактараў для рашучых пратэстаў.
- Рэакцыя ўладаў на гэтыя пратэсты вельмі цвёрдая. У МУС Беларусі нават заявілі, што могуць ужыць баявую зброю супраць удзельнікаў мітынгаў.
- Ніхто не чакаў, што адзінай рэакцыяй дзяржавы на масавыя мітынгі будуць спробы загасіць пратэст. Калі ўспомніць, як улады рэагавалі, напрыклад, падчас пратэстаў супраць закона пра дармаедаў, то можна адзначыць, што тады яны выяўлялі адпаведную гнуткасць. Яны прыслухоўваліся да настрояў у грамадстве, спрабавалі зняць напружанасць і не давесці сітуацыю да шырокіх пратэстаў. Але з пачатку пандэміі мы не бачым ніякіх крокаў насустрач грамадству з боку ўлады.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся ў СІЗА з палітвязнямі. Гэта не крок насустрач?
- Пакуль яшчэ складана сказаць, навошта ён зрабіў гэта. Ці хацеў ён нешта прадэманстраваць ці нешта для сябе высветліць. Але, напэўна, з гэтага можна зрабіць выснову, што ўсярэдзіне ўлады расце разуменне таго, што толькі гвалтам вулічныя пратэсты не здушыць, патрэбныя іншыя хады. Але калі гэты крок адзіны - то гэта крок у нікуды.
- У публікацыі для фонду "Навука і палітыка" ад 16 верасня вы выказалі меркаванне, што пачаткам урэгулявання канфлікту ў Беларусі можа стаць канстытуцыйная рэформа. Вы па-ранейшаму так лічыце?
- Я думаю, што канстытуцыйная рэформа магла б пры адпаведных умовах дапамагчы выйсці з крызісу. Хоць пратэстны рух патрабуе, у першую чаргу, правядзення вольных выбараў, але ў сённяшнім тупіку трэба знайсці нейкі кампраміс. У пратэстнага руху няма інстытуцыйных прылад, каб дамагчыся сваіх мэтаў. А ўлада не можа загасіць пратэстны рух, яна павінна яго прызнаць і па-іншаму рэагаваць. Круглы стол не можа праходзіць у турме. Ён павінен адбыцца на волі. Калі ўлады жадаюць, каб канстытуцыйная рэформа стала выйсцем з крызісу, які склаўся, то павінны прагучаць іншыя прапановы, якія дазволілі б у нейкай ступені аднавіць згублены давер.
Калі гульцы зыходзяць з інтарэсаў краіны і яе эканамічнага развіцця як суверэннай дзяржавы, яны павінны пачаць дыялог, а канстытуцыйная рэформа магла б стаць прадметам такога дыялогу. Тады можна было б казаць пра ўмовы, пры якіх яна магла б служыць выйсцем з крызісу.
- Якія гэта ўмовы?
- З аднаго боку, улады павінны адпусціць усіх палітвязняў. Гэта павінна быць пачаткам, без гэтай гутаркі з пратэстным рухам проста не атрымаецца. Яны таксама павінны гарантаваць, што свабода сходаў будзе выконвацца і гвалт супраць мірных дэманстрантаў спыніцца.
З іншага боку, Кардынацыйная рада павінна прапанаваць адпаведныя гарантыі для дзейснай улады. Святлана Ціханоўская агучыла гарантыі для Лукашэнкі, але я думаю, што яны павінны быць не толькі для Лукашэнкі, але і для ўсяго дзяржапарата і іх сем'яў. Бо важна, каб службоўцы былі зацікаўлены ў дыялогу (…) Пры гэтым важна, каб усе факты ўжывання гвалту дакументаваліся. Гэта дасць магчымасць вярнуцца да пытання юрыдычнай адказнасці, калі дыялог сарвецца і гарантыі страцяць актуальнасць.
- У Еўрасаюзе 12 кастрычніка дамовіліся ўключыць Аляксандра Лукашэнку ў санкцыйны спіс. Як вы ацэньваеце гэтае рашэнне?
- Важна, што на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС таксама прагучала, што Еўрасаюз прапануе Беларусі пакет дапамогі ў выпадку правядзення рэформаў. Гэта можа стварыць дадатковы стымул, каб улады ў Менску пайшлі на дыялог. На мой погляд, адрасатам павінен быць не Лукашэнка, а дзяржапарат у цэлым. Зацыкленасць на Лукашэнку ні да чаго не прывядзе. Патавая сітуацыя не вырашыцца, калі ў дзяржапараце ні знойдуцца сілы, якія памяняюць тактыку, убачаць неабходнасць у дыялогу і пераадолеюць страх.
Тое, што Лукашэнку цяпер плануюць уключыць у гэты спіс, гэтак жа лагічна, як і прапанова даць гарантыі службоўцам, калі яны пойдуць на дыялог з пратэстным рухам. Інакшы падыход атрымліваецца несправядлівым.
- Ці можаце вы зрабіць прагноз пра развіццё сітуацыі ў Беларусі?
- Не, гэта вельмі складана. Але факт: сітуацыя ў Беларусі ўжо сапраўды не будзе такой, як да выбараў 9 жніўня.
Deutsche Welle.
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові. Частка ІІ
Віктар Шніп
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
БАЛАДА МІХАСЯ ЛЫНЬКОВА (30.11.1899 - 21.09.1975)
Нарачанскія сосны трымаюць нябёсы
І плюскочыцца Нарач у летняй начы.
Ты ля вогнішча ў садзе сядзіш сёння босы
І глядзіш, як смалою сцякаюць карчы
У агні, што віруе, на момант сціхае
І, страляючы іскрамі, злёгку дыміць.
Ты прыехаў адзін, ты сяброў не чакаеш,
Ёсць жаданне ў цябе ў адзіноце пабыць
І ўзгадаць тыя дні, калі ты быў шчаслівы
Не таму, што пісаў і чыталі цябе,
А таму,
што ты чуў жаўрукоў па-над нівай,
Мог за ветрам сачыць,
што прысеў на вярбе.
А цяпер ты вядомы, цяпер ты заняты
І няма ў цябе часу на зоры глядзець.
Каля Нарачы маеш чырвоную хату,
Ты сюды прыязджаеш душой маладзець.
І цяпер ты стаіш каля вогнішча ціха,
І яно асвятляе цябе і твой сад,
І глядзіш як з вадой
Млечны Шлях п'е ласіха
І губамі збірае з травы зоркапад.
Ноч, як дым,
праляціць і пачнецца світанне,
І ў вуголлі чарнюткім агонь прападзе.
Зноў паедзеш у горад,
пісаць там зноў станеш,
Ды не так, як шаптаў нарачанскай вадзе.
26.06.2020 г.
БАЛАДА СЯРГЕЯ ПЯСЕЦКАГА (1.06.1901 - 12.09.1964)
Над Ракавам Вялікая Мядзведзіца
І ты цяпер яе каханак назаўжды.
У лесе ўсё пазамяла мяцеліца,
І толькі зеўрацца ваўчыныя сляды.
Па іх ідзеш, як воўк, што лесу гаспадар,
Якому вечна да хваста дзяржаўнасць меж.
Сава ляціць услед, як модніцкі ліхтар,
Ты ліхтары й ліхтарыкі праз ноч нясеш.
Кантрабандыст! Цябе чакае слаўны лёс.
Але, калі там будзе што? А сёння ты,
Нібы малітву шэпчаш пра снягі, мароз
І пра свае даўно басяцкія гады.
Пад раніцу ацішыцца мяцеліца.
І замятуцца ўсе ваўчыныя сляды.
Над Ракавам Вялікая Мядзведзіца,
Як ланцужок парваны залаты…
15.04.2020 г.
БАЛАДА АДАМА РУСАКА (24.05.1904 - 21.03.1987)
Бацька на скрыпцы старэнькай іграе.
З мамаю слухаеш музыку ты,
І паміж хатаў завея сівая
Шэрыя снегам руйнуе платы.
Вольна агніску танцуецца ў печы.
Дрэвы трашчаць на мароз у садах.
Поўню ўздымае над вёскаю вечар,
Зорку шукаюць лісіцы ў палях.
Заўтра Каляды. Ты ж сёння вясёлы,
Будучых песень ты чуеш радкі.
Скрыпка іграе, бы лётаюць пчолы,
З жытам шапочуць-пяюць васількі.
Дні праляцелі, і скрыпка старая
Дзесьці вандруе адна без бацькоў.
І паміж хатаў завея сівая
Сумна іграе на струнах платоў.
Музыку чуеш, мацнееш душою,
І па-над краем зноў песня ляціць:
"Толькі з табою мне хочацца быць,
Толькі з табою,
Радасць і шчасце з табою дзяліць,
Толькі з табою…"
17.07.2020 г.
БАЛАДА ЮРКІ ГАЎРУКА (6.05.1905 - 18.02.1979)
На вуліцы завея і мароз,
І гул машын, і лязганне трамваяў,
І маладзік над горадам прарос
Праз воблакі і свеціць па-над краем,
Куды з Сібіры ўсё ж вярнуўся ты
Хоць дваццаць год чакаў свайго вяртання.
Цяпер тэатр - твой бераг залаты,
Якім жывеш, які надоўга стане
Тваім. І ты па горадзе дамоў
Вяртаешся адзін, і ў думках сцэна,
І вершы пра каханне і любоў
Перакладаеш - разбіваеш сцены
Паміж людзьмі, якіх не знаеш ты,
Але табе яны ўжо не чужыя
У свеце тлумным, дзе няма святых…
За ноч завея ўсё сваё адвые,
І лютаўскі прыцішыцца мроз,
Зноў будзе чутна лязганне трамваяў,
Нібы засоваў, прад якімі рос
Ты не адзін за плотам небакраяў.
24.05.2020 г.
БАЛАДА ПЯТРУСЯ БРОЎКІ (25.06.1905 - 24.03.1980)
Хіба на вечар той мог ты забыцца?
…Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,
Штосьці спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор, о як пахне чабор…
Ты не забыўся, бо як тут забыцца.
Цёплы туман над ракою дыміцца.
Ты малады, першы раз пакахаў.
Думаў прызнацца, але прамаўчаў…
Сёння сядзіш у сваім кабінеце.
Бачыш партрэт свой у новай газеце.
Радасці толькі чамусьці няма.
Дымам задушлівым пахне зіма…
Штосьці падпішаш, а штось пачытаеш.
Потым адвезці дамоў загадаеш.
Будзеш з машыны на горад глядзець.
Верш у табе будзе спаць, як мядзведзь…
Ціха ў кватэры, і ты ў кабінеце
Зноў сябе бачыш у нейкай газеце.
Толькі натхнення чамусьці няма.
Зоркі з нябёс асыпае зіма…
Шэпчаш: "Нічога не мог я забыцца…
…Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,
Штосьці спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор, о як пахне чабор…"
20.06.2020 г.
БАЛАДА ПЯТРА ГЛЕБКІ (6.07.1905 - 18.12.1969)
"З табою добра нават памаўчаць…" -
Сябры гавораць і жывуць маўкліва.
І па-над вамі ўсё вятры ляцяць,
І дым, і сонца ў іх халодных грывах.
І пішаш вершы ты пра родны край,
На сцэнах, за сталамі засядаеш.
Ды хочаш слухаць ты птушыны грай,
Але маўчыш, бо, дзе жывеш ты, знаеш.
Кахаеш жонку, і яна ў цябе
Найлепшая, спагадная жанчына.
І без яе марнуешся ў журбе
І шэпчаш, як малітву: "Ніка… Ніна…"
З чужыны зноў ты вернешся дамоў
І будзеш піць гарбату і ўсміхацца,
Карміць каля пад'езда галубоў,
З суседзямі, як з роднымі, вітацца.
І, пакідаючы навечна свет,
Хвіліну ўсё ж падумаеш ты смела:
"Які ўва мне загублены паэт…"
І прамаўчыш. Душа ўжо адбалела…
10.07.2020 г.
(Працяг у наступным нумары.)
Культура Беларусі на фоне сусветнай у ХVІІ - ХХІ стагоддзях
Другая навукова-тэхнічная рэвалюцыя
Навука і тэхніка. Самалёт братоў Райт. Камп'ютар у Англіі (1948). Інтэрнэт. Астранаўт Ніл Армстронг высадзіўся на Месяц (1969 г.).
Літаратура. Пісьменнікі: французскія: Анатоль Франс ("Багі хочуць", Паўстанне анёлаў"), Рамэн Ралан (раманы "Жан Крыстаф", "Зачарованая душа"), англійскія: Джон Галсуорсі ("Сага аб Фарсайтах"), Самерсет Маэм (раманы "Цяжар жарсцяў чалавечых" і "Вастрыё брытвы", "Месяц і грош", "Пірагі і піва","Тэатр"), Рычард Олдзінгтон ("Смерть героя", "Усе людзі - ворагі"), амерыканскія: Джон Стэйбек ("Гронкі гневу"), Эрнэст Хеменгуэй ("Бывай, зброя" , "Па кім звоніць звон"), Уільям Фолкнер ("Шум і ярасць", "Прытча", "Выкрадальнікі"), нямецкія: Томас Ман ("Прызнанне авантурыста Фелікса Круля"), Эрых Марыя Рэмарк ("На Заходнім фронце без параменаў"), Ліон Фейтвангер (раманы "Зала чакання", "Мудрасць дзівака").
Музыка. Амерыканскі джаз Луі Армстранга. Італьянскі спявак Энрыка Каруза. Амерыканскі кампазітар Джордж Гершвін. Амерыканская оперная спявачка Марыя Калас. Балет "Дафніс і Хлоя" (1912) французскага кампазітара Марыса Равеля. Оперы італьянскага кампазітара Джакома Пучыні "Дзеўка з Захаду", "Ластаўка", "Трыпціх". "Бітлы".
Жывапіс.Сюррэалізм. Карціны іспанскага мастака Сальвадора Далі "Атамная Леда", "Тайная вячэра", "Сон Хрыстафора Калумба".
Тэатр. Англійскі рэжысёр Пітэр Брук (яго спектакль "Чароўная флейта Моцарта", 2010). Бацькі Брука прыехалі ў Лондан з Дзвінска Віцебскай губерні . "Бедны тэатр" (аднаго акцёра) польскага рэжысёра Ежы Гратоўскага.
Кінамастацтва. Акцёры Макс Ліндэр, Чарлі Чаплін, Мэрылін Манро.
Архітэктура. Фунцыяналізм. (архітэктары Шарль Эдуар Жэнэрэ, Ле Карбюз'е). Канструктывізм. Мадэрнізм. "Арганічная архітэктура" амерыканца Фрэнка Лойда Райта.
Побыт. Радыё, тэлевізар, газеты, магнітафоны, халадзільнікі.
Беларусь
Навука. Браты лётчыкі-аматары Баляслаў і Юзаф Адамовічы на ўласным самалёце пераляцелі цераз Атлантычны акіян з Нью-Ёрка ў Варшаву (1934 г.). Лётчык Ілля Мазурук першым пасадзіў самалёт АН-2 у Антарктыдзе (1956 г.). Касманаўты Пётр Клімук (1973 г.), Уладзімір Кавалёнак (1977 г.). Нобелеўскі лаўрэат фізік Жарэс Алфёраў (2000 г.). Хімікі Апанас Ахрэм, Валянцін Капцюг, Анатоль Кунцэвіч. Геолагі Яўген Казлоўкі, Гаўрыла і Радзім Гарэцкія, Георгій Ількевіч. Біяфізік Аляксандр Чыжэўскі. Канструктар Павел Сухі. Вучоныя: Яўхім Карскі, Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Вацлаў Іваноўскі. Біялогія.Садоўнікі Язэп Мароз, Іван Сікора, Іван Шаўчук. Славуты аграном Баляслаў Лапыр.
Беларуская энцыклапедыя ў18-ці тамах (19-ці кнігах, 1996 - 2004).
Медыцына. Таццяна Бірыч, Мікалай Маліноўскі, Мікалай Саўчанка, Аляксандр Руцкі, Ігнат Антонаў.
Права. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994 г.).
Літаратура. Выдавецтвы "Наша хата", "Загляне сонца і ў наша ваконца". Газета "Наша Ніва". Выдавецтвы: "Полымя", "Беларусь", "Навука і тэхніка", "Беларуская Энцыклапедыя", "Беларускі кнігазбор". Часопісы: "Полымя", "Маладосць", "Роднае слова", Беларускі гістарычны часопіс", "Спадчына", "Беларуская мінуўшчына". Паэткі Цётка, Н. Арсеннева, З. Верас, Л. Геніюш, Е. Лось, В. Іпатава. Празаікі Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Святлана Алексіевіч. Народныя паэты: Я. Купала, Я. Колас, М. Танк, П. Панчанка, П. Броўка, Р. Барадулін. Народныя пісьменнікі К. Крапіва, М. Лынькоў, Іван Мележ, Іван Шамякін, Я. Брыль, В. Быкаў. Раман "Людзі на балоце" І. Мележа, "Мёртвым не баліць", "Трэцяя ракета" В. Быкава, аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха" і раман "Каласы пад сярпом тваім" У. Караткевіча. П'есы "Лявоніха на арбіце", "Тыбунал" Андрэя Макаёнка. "У капцюрох ГПУ" Францішка Аляхновіча (1937). Раман у вершах "Родныя дзеці" Ніла Гілевіча (1985). Эсэ Уладзіміра Арлова "Незалежнасць" (1990 г.), П'есы Аляксея Дударава "Палачанка", "Князь Вітаўт", "Ядвіга", "Чорная панна Нясвіжа".
Музыка: кампазітары Р. Шырма, У. Тэраўскі, М. Равенскі, Н. Сакалоўскі, У. Алоўнікаў, Ю. Семяняка, А. Туранкоў, А. Багатыроў, Я. Цікоцкі, Г. Цітовіч, У. Буднік. Опера "Браніслава" М. Равенскага (лібрэта У. Дубоўкі, 1930 г.). У Вялікім тэатры оперы і балета - опера Дз. Смольскага "Сівая легенда" (паводле аповесці У. Караткевіча, 1978 г.), опера "Дзікае паляванне караля Стаха" кампазітара У. Солтана (1989 г.). Балет М. Крошнера "Салавей", па аповесці З. Бядулі, 1939 г.) - першы беларускі балет. Балет "Страсці" ("Рагнеда") А. Мдзівані і В. Елізар'ева, які ў 1996 г. атрымаў Міжнародную прэмію ЮНЕСКА. Гімны: "Пагоня", "Ваяцкі марш", "Магутны Божа", "Мы - беларусы".
Жывапіс. Пётр Сергіевіч, Язэп Драздовіч, Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Аляксандр Кішчанка, Георгій Паплаўскі, Гаўрыла Вашчанка, Іван Ахрэмчык.
Скульптары: Заір Азгур, Анатоль Анікейчык, Язэп Драздовіч, Сяргей Вакар, Леў Гумілеўскі, Андрэй Бембель. "Крыж Св. Ефрасінні Полацкай" (адноўлены Мікалаем Кузьмічом у 1997 г.).
Мастацтва.Тэатральныя дзеячы: Ігнат Буйніцкі, Уладзіслаў Галубок, Валеры Мазынскі, Аляксандр Гарцуеў. Артысты Ларыса Александроўская, Міхаіл Забэйда -Суміцкі, Пётра Конюх, Стэфанія Станюта, Расціслаў Янкоўскі.
Кінамастацтва. "Лясная быль" - першы беларускі мастацкі фільм, зняты па аповесці Міхася Чарота "Сьвінапас" (рэжыс. Юрый Тарыч, 1926 г.). Фільм Элема Клімава "Ідзі і глядзі" (1985 г.), Міхаіла Жданоўскага "Дарога на Курапаты"(1990 г.).
Архітэктура. Касцёл Св. Сымона і Алены. Савецкія дойліды: Іосіф Лангбард (Дом Урада, Акруговы Дом афіцэраў, Дзярж. тэатр оперы і балета Беларусі, Галоўны корпус АН БССР), Іван Жалтоўскі (Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання), Уладзімір Кароль (Менскі паштамт), Георгій Заборскі (пл. Перамогі, Кастрычнікая), Барыс Рубаненка ("Вароты Менска"), Леанід Левін (мемар. компл. "Хатынь", "Яма"). Аўтавакзал "Маскоўскі" (арх. Мікалай Навумаў, 1999 г.), Чыгуначны вакзал у Менску (2000 г.)
Побыт. Гараджане атрымалі летнія дачы. Пральныя машыны. Газавыя і электычныя пліты на кухнях.
Расія
Навука. Палёт першага касманаўта Юрыя Гагарына у космас (1961 г.). Вучоныя: А. Аляксандраў, М. Келдыш, І. Курчатаў, Ю. Харытон, П. Капіца, А. Сахараў, М. Духаў, К. Шчолкін. Хімікі А. Фаворскі, М. Зялінскі. Авіяканструктары А. Тупалеў, С. Ільюшын. Садавод, біёлаг Іван Мічурын. Экспедыцыя О. Шмідта ў Артыку (1932 г.). Першая АЭС у Обнінску Калужскай вобл. (1954 г.).
Фізікі Нобелеўскай прэміі: А. Абрыкосаў, В. Гінзбург. Акадэмік А. Якаўлеў.
Права. Канстытуцыя СССР (1936 г.).
Літаратура. Сяргей Ясенін, Аляксандр Блок, Іван Бунін, Аляксандар Купрын, Максім Горкі, Міхаіл Ісакоўскі, Аляксандр Твардоўскі. "Тихий Дон" М. Шолахава, "Хождение по мукам" А. Талстога, "Як гартавалася сталь" М. Астроўскага, "Живые и мёртвые" К. Сіманава, "Доктар Жывага" Б. Пастэрнака, "Архипелаг ГУЛАГ" А. Салжыніцына, "Просуществует ли Советский Союз до 1984 года" (1969 г.) А. Амальрыка, "Жизнь и необычайные приключения солдата Ивана Чонкина" У. Вайновіча. Кніга нарысаў Васіля Пяскова "Шаги по росе" (1963, 1982) - Ленінская прэмія па літаратуры ў 1964 г.
Музыка. У класічным жанры працавалі: Сяргей Рахманінаў, Сяргей Пракоф'еў, Георгій Свірыдаў, Арам Хачатуран, Дзмітрый Кабалеўскі, Дзмітрый Шастаковіч. Ісаак Дунаеўскі, Аляксандр Аляксандраў, Уладзімір Захараў, Марк Фрадкін.
Паэты, барды Уладзімір Высоцкі, Андрэй Макарэвіч.
Дзяржаўны гімн Савецкага Саюза (1944 г.). Дзяржаўны гімн Расійскай Федэрацыі (муз. А. Аляксандрава, сл. С. Міхалкова, 2000 г.)
Жывапіс. Мастакі: І. Грабар, Б. Кустадзіеў, К. Пятроў-Водкін, К. Юон, М. Грэкаў, І. Глазуноў, А. Дзейнека, І. Кабакоў, І. Бродскі, У.. Васільеў, В. Шылаў, М. Рэрых .
Скульптуры: "Вінаградарка" Ю. Кун, "Рабочы і калгасніца" В. Мухінай, "Дрэва жыцця", "Маскі смутку" ў Магадане, "Сэрца Хрыста", "Мёртвы салдат" Э. Неізвеснага.
Дзеячы тэатра: Саламон Міхоэлс, Усевалад Мейерхольд і Яўгеній Вахтангаў. Кінарэжысёры: Сяргей Эйзенштэйн, Міхаіл Ром, Рыгор Аляксандраў і інш. Кінафільмы "Весёлые ребята", "Чапаев".
Артысты: Канстанцін Станіслаўскі, Сяргей Лемешаў, Васілій Качалаў, Галіна Уланава, Іван Казлоўскі, Мсціслаў Растраповіч і Галіна Вішнеўская, Клаўдзія Шульжэнка, Фаіна Ранеўская, Алег Янкоўскі, Ала Пугачова.
Архітэктура. Маўзалей У. Леніна (архітэктар А. Шчусева). Галоўны будынак МДУ (выш. 183,2 м, а са шілем - 240 м), 32 (36) паверхаў, выш. над узроўнем мора - 194 м, пабудаваны ў 1949-1953 гг., Маскоўская Астанкінская вежа (1960-1967 гг., выш. 540 м). Краснаярская, Брацкая, Саратаўская ГЭС. Байкала-Амурская магісталь (БАМ, 1938-1989 гг.).
(Працяг у наступным нумары.)
Магілёўцы наведалі "Быхаўскае графства"
На Магілёўшчыне нямала цікавых гістарычных мясцін. Але адзінае мястэчка, дзе захаваўся мураваны замак часоў Вялікага Княства Літоўскага - гэта наш невялікі гарадок Быхаў.
27 верасня ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва на мікра-аўтобусе рушыла ў падарожжа ў "Быхаўскае графства" па маршруце: Магілёў - Дашкаўка - Баркалабава - Сапяжынка - Быхаў - Лудчыцы - Грудзінаўка - Сідаравічы. Спачатку завіталі ў Дашкаўку. Двухпавярховы палац князёў Жукоўскіх 19-га стагоддзя, дзе месціцца сельсавет, некалькі год таму быў адрэстаўраваны, і зараз зноў у памяшканні праводзіцца рэканструкцыя. Бо ёсць добрая ідэя - адкрыць у старажытным будынку музей гісторыі Магілёўскага раёна. Маёнтак быў пабудаваны на ўскрайку парку, на самай кручы Дняпра, адкуль раней адкрываліся выдатныя краявіды поймы ракі. Да рэвалюцыі паміж палацам і Дняпром дрэвы не саджалі і таму з балкона палаца адкрываліся шырокія далягляды. Гэтыя старажытныя мясціны ў 19 стагоддзі наведаў нават сам Напалеон Орда - выбітны беларускі мастак і кампазітар. А ў часы Першай сусветнай вайны, калі ў Магілёве знаходзілася стаўка Мікалая II, жонка імператара Аляксандра Фёдараўна хацела набыць у Жукоўскіх гэты маёнтак у сваю ўласнасць. Але князі адмовілі ёй у гэтай просьбе… За палацам пры спуску да ракі на тэрасе захаваўся сціплы надмагільны помнік любімаму сабаку князя Жукоўскага - гэта звычайны валун з незвычайным надпісам... У мясцовай сярэдняй школе, дзякуючы перадусім намаганням гісторыка, дырэктара ўстановы Сяргея Ягорыча Лугавога, створаны выдатны краязнаўчы музей, які складаецца з некалькіх пакояў. Але, на вялікі жаль, у сувязі з эпідэміяй, мы ў гэтым падарожжы вырашылі не наведваць музеяў.
Баркалабава - вялікае мястэчка, якое складаецца ўласна з вёскі і праваслаўнага Узнясенскага манастыра 17 - 21 стагоддзяў. У цэнтры мястэчка захавалася царква Казанскай Божай маці 1904 года, пабудаваная ў неарускім стылі. А побач месціцца невялікі двухпавярховы будынак былой царкоўна-прыхадской школы. Храм у савецкія часы быў зачынены, і тут знаходзіўся спартзал мясцовай школы. А калі вярнулі царкву вернікам, то аднавілі велічную званіцу, якая здалёк прываблівае паломнікаў і турыстаў. За некалькі кіламетраў ад самога мястэчка знаходзіцца Свята-Узнясенскі праваслаўны манастыр, які заснаваў у 1641 годзе Багдан Статкевіч. Да рэвалюцыі было некалькі цэркваў і гаспадарчыя будынкі. У апошнія гады на тэрыторыі манастыра былі праведзены раскопкі і даследаваны парэшткі мураванага храма 17-га стагоддзя. Да самага манастыра падыходзіць затока Дняпра і ўтвараецца непаўторны краявід, які можна назіраць з агляднай пляцоўкі. У савецкія часы, калі манастыр быў зачынены, тут месціўся піянерскі лагер, які зачынілі пасля Чарнобыльскай катастрофы. Але перадусім гэтая святыня вядомая сваім Баркалабаўскім летапісам і цудадзейным абразом Баркалабаўскай Божай Маці. Раней, у савецкія часы, калі манастыр быў зачынены, абраз хавалі вернікі па хатах, затым ён знаходзіўся ў Траецкай царкве ў Быхаве. А пару год таму, калі ў Баркалабаве пабудавалі новы храм, то святыню вярнулі ў адноўлены манастыр. Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што абраз належыць беларускай школе жывапісу і быў створаны ў 16-17 стагоддзі ў цэнтральнай Беларусі, магчыма, у Слуцку. У вандроўку з сабой я ўзяў факсімільнае выданне Баркалабаўскага летапісу, якое выйшла ў 2013 годзе пры падтрымцы нашага земляка і сябра ТБМ спадара Валерыя Казакова. І кожны ўдзельнік падарожжа змог пагартаць старонкі грунтоўнага сучаснага выдання, якое яскрава і цікава распавядае пра гісторыю старажытнага беларускага пісьменства. Каля самага Быхава на беразе невялічкай рачулкі Макранкі мы завіталі ў мястэчка Сапяжынка. На ўзгорку, ля самай шашы, знаходзіцца невялікі памятны знак ахвярам халакосту, які быў усталяваны некалькі год таму за грошы з фонду сям'і Лазарус. На помніку лаканічны надпіс: "Ахвярам нацызму. Тут увосень 1941 года былі па-зверску закатаваны 70 яўрэяў вёскі Сапяжынка." Далей мы прайшлі ў самы цэнтр мястэчка, дзе захавалася да нашага часу драўляная яўрэйская малітоўная школа хедэр і помнік, прысвечаны падзеям 1812 года. У ліпені 1812 года ў Сапяжынцы пэўны час знаходзіўся штаб камандуючага другой расійскай арміі генерала Баграціёна. Помнік быў усталяваны яшчэ ў савецкія часы.
Быхаў - невялікі старажытны гарадок, калісьці, у часы ВКЛ, цэнтр Быхаўскага графства. У самім мястэчку захавалася сінагога і замак 17 стагоддзя. Сінагога будавалася ў абарончым стылі, і ў інтэр'еры ёсць біма з ляпным дэкорам. На вялікі жаль сінагога руйнуецца і прыходзіць у заняпад. Замак, які будавалі Хадкевічы і Сапегі ў часы ВКЛ, быў адным з самых магутных абарончых збудаванняў на усходзе Беларусі. Помнік таксама знаходзіцца ў аварыйным стане, і калі раней можна было зайсці ўнутр велічных муроў, то зараз гэта вельмі небяспечна. Недалёка ад замка праз абарончы роў захаваўся будынак пачатку 19-га стагоддзя былога каталіцкага кляштара рэгулярных канонікаў латэранскіх. Менавіта ў гэтым будынку ўвосень 1917 года знаходзіліся пад арыштам удзельнікі Карнілаўскага мецяжу. У тым ліку генералы Карнілаў, Дзянікін, Маркаў, Лукомскі і іншыя. Напрыканцы шпацыру па Быхаве мы паехалі паглядзець былы вайсковы аэрадром з наведваннем двух бункераў, у якіх у савецкія часы захоўвалася ядзерная зброя. Гэтыя "сакрэтныя" аб'екты нам з задавальненнем паказаў мясцовы жыхар, які займаецца ваеннай рэканструкцыяй, Віктар Пузанаў. Бункеры паступова прыходзяць у заняпад, хаця з'яўляюцца ўнікальнымі абарончымі збудаваннямі савецкай эпохі. Па шляху з Быхава на Рагачоў у 1984 годзе быў створаны мемарыял "Лудчыцкая вышыня", прысвечаны вызваленню Быхаўшчыны летам 1944 года.
Грудзінаўка - адно з нешматлікіх мястэчак на Магілёўшчыне, дзе захаваўся старажытны парк з палацам 19 стагоддзя. Калісьці тут быў маёнтак графа Дзмітрыя Талстога, які ў 1812 - 1820 гадах быў Магілёўскім губернатарам. У парку ёсць унікальная алея з туі, якая была пасаджана яшчэ ў 19 стагоддзі!
Сідаравічы. На трасе Магілёў - Гомель мы наведалі паштовую станцыю 19 стагоддзя, якая зараз зачынена на рэканструкцыю. У цэнтры самой вёскі знаходзіцца занядбаная невялікая праваслаўная царква з фрэскавымі роспісамі. За савецкім часам у храме знаходзіўся млын. А ў апошнія гады святыня прыйшла ў поўны заняпад, фрэскі напалову асыпаліся…
Наша падарожжа па "Быхаўскім графстве" для многіх удзельнікаў было сапраўдным адкрыццём. І вялікае засмучэнне засталося ад таго, што многія гістарычныя помнікі застаюцца па-за ўвагай нашых уладаў і грамадскасці. А калі ў аднаўленне старажытнага Быхава ўкласці з розумам грошы, то гэта будзе выдатны турыстычны аб'ект на ўзроўні Міра і Нясвіжа.
Алег Дзьячкоў. Магілёў. На здымках: 1. Быхаўскі замак; 2. Каля бункера з Віктарам Пузанавым; 3. Грудзінаўка. Палац 19 ст. графа Талстога; 4. Сідаравічы. Занядбаная царква 19 ст.