Папярэдняя старонка: 2020

№ 43 (1506) 


Дадана: 28-10-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 43 (1506), 28 кастрычніка 2020 г.

ІІІ фестываль інтэлектуальнай кнігі

З 15 па 18 кастрычніка ў Менску ў Палацы мастацтваў праходзіў ІІІ фестываль інтэлектуальнай кнігі "Прадмова". У межах мерапрыемства адбываліся сустрэчы з аўтарамі новых выданняў і іх выдаўцамі. У продажы былі новыя кнігі Ганны Севярынец, Альгерда Бахарэвіча, Сяргея Дубаўца, Алеся Краўцэвіча і іншых аўтараў, каляровыя і займальныя дзіцячыя кніжкі, календары.

16 кастрычніка прайшла прэзентацыя новай кнігі паэта, перакладчыка і галоўнага рэдактара часопіса "Верасень" Эдуарда Акуліна "Падзяліцца поўняй". 27 біяграфій творчых асобаў пад адной вокладкай з выразнымі фотаздымкамі (Ніл Гілевіч, Рыгор Сітніца, Алесь Камоцкі і іншыя) праз кнігу "Падзяліцца поўняй" знайшлі сваіх чытачоў.

На сустрэчы выступіў адзін з герояў кнігі - Кастусь Герашчанка. Ён заспяваў песню, у аснову якой пакладзены самыя апошнія, актульныя і гарачыя вершы Эдуарда Акуліна.

Вершы Э. Акуліна раней перакладаліся на англійскую, польскую, украінскую, італьянскую, сербскую, харвацкую і іншыя мовы. Эдуард Акулін з'яўляецца лаўрэатам літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес" (2014) і літаратурнай прэміі "Срэбнае лятучае пяро" ( 2016).

Адначасова была прадстаўлена новая кніга паэзіі "Плашчаніца". Дэманстравалася і ранейшае выданне Алеся Бяляцкага, прысвечанае творчасці Эдуарда Акуліна "Бой з сабой". Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў падтрымаў свайго калегу і аўтара.

16 кастрычніка таксама прайшла прэзентацыя кнігі доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча "Дзяржава волатаў. Альгерд і Кейстут - гаспадары Вялікага Княства Літоўскага (1345 - 1377 г.)".

- Файны фестываль інтэлектуальнай кнігі "Прадмова"! Выступы, дыскусіі, мора беларускіх кніжак, - адазваўся пра падзею слынны гісторык.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці

21-22 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў VII Міжнародны кангрэс "Бібліятэка як феномен культуры".

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У гэтым годзе мерапрыемствы кангрэса праходзілі як у будынку Нацыянальнай бібліятэкі, так і анлайн.

Удзельнікамі сталі прадстаўнікі з Беларусі, Германіі, Расіі, Францыі і Украіны. Гэта вядучыя спецыялісты бібліятэк, навукова-даследчых арганізацый, устаноў адукацыі, распрацоўшчыкі і вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі, літаратуразнаўцы і пісьменнікі. Цэнтральнай тэмай ў гэтым годзе была тэма краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці.

Двухдзённая праграма мерапрыемства была насычанай: у бібліятэцы прайшлі пленарнае і секцыйныя паседжанні, круглыя сталы, семінары, віртуальная прэзентацыйная пляцоўка і майстар-клас.

Асноўнымі тэмамі для абмеркавання сталі гісторыя і культура краін, рэгіёнаў, мясцовасцей як напрамкаў для сучасных даследаванняў; арганізацыя краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, яе нарматыўнае і метадычнае забеспячэнне; краязнаўчыя бібліяграфічныя рэсурсы па краязнаўстве, краіназнаўстве; папулярызацыя краязнаўчых і краіназнаўчых ведаў, музеяў, архіваў; краязнаўчы кантэнт у інтэрнэт-прасторы; сучасная выдавецкая прадукцыя ў захаванні і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны краін, рэгіёнаў.

Змястоўнай была праграма секцыі "Развіццё краязнаўчай дзейнасці: этапы, людзі, супольнасці, дакументальная спадчына". З прамоцыяй сваіх даследаванняў выступілі: кандыдат гістарычных навук Вольга Шутава, галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Галіна Кірэева, загадчык сектарам НББ Таццяна Сапега і іншыя. Магістр гуманітарных навук Вікторыя Дудзінская акрэсліла краязнаўчы аспект творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ў кантэксце фарміравання нацыянальнага кода культуры. Магістр палітычных навук Юлія Ярмак распавяла пра малавядомыя старонкі жыцця габрэяў у Гародні: пра дзейнасць жанчын у сферы кніжнага гандлю. Вераніка Бабарыка-Амельчанка пазнаёміла са старонкамі гісторыі менскага раёна - Курасоўшчыны, яго навуковых цэнтраў і прамысловых аб'ектаў.

У межах форуму працавала выстава выдавецкай прадукцыі, да ўдзелу ў якой былі запрошаны вытворцы літаратуры і электронных рэсурсаў. Адбылося пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па анлайн-энцыклапедыі "Беларусь у асобах і падзеях". Разам з выдавецкім домам "Звязда" прайшоў круглы стол пісьменнікаў і літаратараў "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго", удзельнікам якога сталі спецыялісты з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны.

На закрыцці кангрэса ўдзельнікі падвялі вынікі двухдзённай працы форуму, абмеркавалі ўзнятыя на секцыйных паседжаннях пытанні, значную ўвагу надалі перспектывам развіцця карпаратыўнага і інфармацыйнага ўзаемадзеяння, захаванню дакументальнай спадчыны.

Вынікі працы VII Міжнароднага кангрэса "Бібліятэка як феномен культуры" будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва паміж установамі культуры, адукацыі і навукі, развіццю краязнаўчай дзейнасці, фарміраванню інфармацыйнай культуры і стануць значным унёскам у развіццё інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк.

Падрыхтавала Э. Дзвінская. (Працяг тэмы на ст. 3.)

Спіс сяброў Рады ТБМ, абранай на XIV з'ездзе

1. Азёма Уладзімір

2. Акулін Эдуард

3. Анісім Алена

4. Арлоў Уладзімір

5. Аўласевіч Алеся

6. Белахвостава Марына

7. Булавацкі Міхась

8. Гарэцкі Радзім

9. Дзьячкоў Алег

10. Завальнюк Уладзіслаў

11. Запрудскі Сяргей

12. Колас Уладзімір

13. Крачкоўскі Сяргей

14. Крой Аляксандр

15. Крук Валянціна

16. Кручкоў Сяргей

17. Лагвінец Аляксандр

18. Марачкін Аляксей

19. Марчук Зміцер

20. Мухіна Леанарда

21. Навумчык Іосіф

22. Несцярук Аркадзь

23. Парфененка Віктар

24. Плакса Наталля

25. Раманцэвіч Валянціна

26. Рымша Алесь

27. Родзік Анатоль

28. Сакалова Алена

29. Санько Зміцер

30. Суднік Станіслаў

31. Таўгень Людвіка

32. Трайцяк Марыя

33. Трусаў Алег

34. Тушынскі Дзяніс

35. Цыхун Генадзь

36. Чыгрын Сяргей

37. Чэчат Алесь

38. Шык Кірыл

Сакратарыят ТБМ, абраны на XIV з'ездзе

1. Анісім Алена

2. Азёма Уладзімір

3. Колас Уладзімір

4. Кручкоў Сяргей

5. Мухіна Леанарда

6. Трусаў Алег

7. Тушынскі Дзяніс

8. Чэчат Алесь

Гаючая сіла спеваў

Арганізатар шматлікіх спеўных сходаў, папулярызатар беларускай песні і традыцыйнай народнай культуры Сяржук Доўгушаў стварае пазітыўную шчырую атмасферу і ўносіць аптымістычную настроенасць у пратэстныя будні.

Больш за 200 слухачоў сабрала прэзентацыя "Народнага спеўніка" ў Галерэі "Ў" на вул. Кастрычніцкай, 19 у Менску. У цяжкі час супольныя спевы напаўнюць душы радасцю і ўпэўненасцю ў моцы і еднасці, таленавітасці нашага народа.

Артыст прадставіў укладальнікаў спеўніка: Яніну Грыневіч, Насту Някрасаву і Аляксандра Ясінскага, і рэдактараў - Элу Кулеш і Насту Карпенка. Спеўнік выйшаў накладам у 2000 асобнікаў у выдавецтве "Мінск-Медыял". Госці вечарыны заспявалі разам з Сяржуком Доўгушавым народныя песні: "Туман ярам", "Вэлітай", "Дарожка", "Ой, да ішлі хлопцы".

На прэзентацыі выступілі: гурт "Астроўна", Патрыцыя Свіціна, Ларыса Сімаковіч, Іван Кірчук, гурт "РАДА" і акторы Купалаўскага тэатра на чале з Юліяй Шпілеўскай і Міхасём Зуем. Іван Кірчук, кіраўнік этна-трыа "Троіца", выканаў песні з праекта "Спадчына забытых вёсак", які быў выпушчаны сольнай праграмай студыяй PAN-Records у 2000 г.

Горача прывітала зала актораў-купалаўцаў, з вуснаў якіх прагучаў урывак з паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка".

Мы звярнуліся з пытаннем да артыста:

- Спадар Сяржук, многія адчуваць, што народныя песні падбадзёрваюць, падымаюць дух, можна сказаць, што яны ўмацоўваюць наш імунітэт. Што Вы адчуваеце, калі праводзіце спеўныя сходы і ладзіце спеўныя практыкі?

- Па-першае, само гучанне нашага голаса - сувязь са сваім целам. Даказана, што спевы лечаць, пра гэта напісана шмат прац. Нашы галасавыя вібрацыі ўплываюць на нас. Калі мы спяваем песні нашай зямлі, нашага краю, яны падсвядома дзейнічаць на нас! Каля я спяваю, мне робіцца цяплей на душы, у мяне з'яўляецца адчуванне зямлі пад нагамі, што я - частка гэтага свету. Прыходзіць душэўная, духоўная і фізічная моц. Хочацца лятаць пасля спеваў! Я даю практыкі па дыханні, па гучанні, па пошуку свайго тэмбру, заўважаю, як голас дзейнічае. Песнямі можна вылячыцца ад унутранай дысгармонii, калі ў душы чагосьцi не хапае, перарвалася пупавiна роду. Беларусам патрэбна песенная тэрапiя. Пасля супольных спеваў настрой змяняецца і на тварах расцвiтаюць усмешкi! Песня яднае людзей, дорыць ім хвiлiны радасцi.

Слухаеш артыстаў і думаеш: "Як можна не любіць такіх прыгожых, таленавітых, паэтычных, пяючых беларусаў!"

Сяржук Доўгушаў стаў адным з герояў новай кнігі "Лініі святла", якая летам 2020 года выйшла ў выдавецтве "Кнігазбор".

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Справаздача XIV з'езду ТБМ рэдактара газеты "Наша слова" Станіслава Судніка

У справаздачны перыяд газета "Наша слова" выходзіла стабільна: кожны тыдзень, на 8 старонках фармату А-3. Па 52 выхады кожны год.

Падпіска на газету пастаянна падала, таму наклад вымушана паменшыўся да 1200 асобнікаў.

Сітуацыя з падпіскай рэгулярна даводзілася да кіраўніцтва ТБМ і кіраўнікоў мясцовых арганізацый шляхам публікацый вынікаў кожны квартал.

Акрамя падпіскі 15 асобнікаў "Нашага слова" паступае ў шапікі Гародні і 30 асобнікаў - у шапікі Ліды. Нас выпіхнулі з Берасця і Віцебска ў выніку чарговай рэформы Саюздруку. Абласным аддзяленням цяпер дазволена заключаць дамовы толькі з выданнямі сваёй вобласці. Нам неабходна было заключаць дамову з Менскам. Гэта цяжка было зрабіць, а паколькі прыбытку не было ніякага, то і сышлі з гэтых гарадоў. А былі часы, калі "Наша слова" прадавалася ў шапіках кожнага раённага цэнтра.

Газета не мела штатных карэспандэнтаў, таму змест яе вызначаўся матэрыяламі, якія паступалі ад няштатных карэспандэнтаў і чытачоў газеты. Пастаянна працавалі ў Менску Эла Оліна і Аляксей Шалахоўскі, пастаянна ішлі матэрыялы з Магілёва і Нясвіжа, сяды-тады паступалі з Гародні, Дзятлава, Баранавіч, Слуцка, Верхнядзвінска. Я хачу выказаць падзяку ўсім карэспандэнтам "Нашага слова" і, канешне, у першую чаргу спадарыні Эле Олінай, без якой я не ведаў бы, што рабіць.

Газета, колькі б мяне ні крытыкавалі, давала магчымасць выказацца кожнаму сябру ТБМ, у тым ліку і з крытыкай у адрас кіраўніцтва. Выразалася лаянка і экстрэмізм. Калі матэрыял не ставіўся, то былі для гэтага грунтоўныя прычыны, за кожны выпадак магу адказаць. У нас усе ведаюць пра свабоду слова і правы аўтара, карэспандэнта. Але ніхто і адным вухам не чуў пра правы і абавязкі рэдактара, адзін з якіх - не падставіць газету на пустым месцы.

У нас пастаянныя фінансавыя праблемы. Сёлета я пісаў ліст у Сакратарыят пра гэтыя праблемы. Мы былі на грані закрыцця. Дзе маглі зменшылі выдаткі. Закрылі сайт naszaslowa.by і рыхтаваліся перайсці ў электронны фармат. Сёння газету ў рэжыме ПДФ можна чытаць на сайце belkiosk.by на дзень-два раней, чым папяровы варыянт. Гэта я лічу апраўданым. На belkiosk.by газета "Наша слова" прадаецца па 40 капеек. Па падпісцы цана рэдакцыі - 39 капеек. Тое, што газета прадаецца на belkiosk.by, добра. Дрэнна, што і там купляецца яна вельмі дрэнна. Праз тыдзень пасля выхаду папяровага нумара газета ў ПДФ-фармаце з'яўляецца на сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org. На сайце nslowa.by выстаўляецца большасць матэрыялаў газеты ў фармаце артыкулаў, прыдатных для спампоўвання. Сайт носіць назву "Наша слова - штодзень". Мы не захацелі ўжываць нейкае англійскае слова тыпу online.

Стварэнне паўнавартаснага сайта nslowa.by было дэкляравана на мінулым з'ездзе. Ранейшы сайт naszaslowa.by ужо маральна састарэў і, як было сказана, закрыты, бо не было грошай трымаць далей фактычна слабенькі дубль новага сайта.

У сайта былі два адміністратары, якія паўтара гады працавалі за невялікую плату. Астатні час працуюць, калі захочацца. Таму зараз задача абнаўлення сайта цалкам лягла на рэдактара. Неяк спраўляемся.

"Наша слова - штодзень" прадстаўлена ў адной сацыяльнай сетцы facebook.

Створана вольная суполка "Наша слова - форум". Мадэратар суполкі - сябар Лідскай гарадской рады ТБМ Алег Лазоўскі.

Што будзе далей. Рэальна цяжка сказаць. Прынамсі я падаў дакументы на ўключэнне газеты "Наша слова" ў каталог падпіскі на 2021 год. Няхай зараз шаноўны з'езд і вырашае, што далей.

Як і раней выдае газету "Наша слова" ўстанова інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ".

Але УІ "Выдавецкі дом ТБМ" - гэта не толькі газета "Наша слова".

Гэта яшчэ краязнаўчы літаратурна-мастацкі часопіс "Лідскі летапісец". У рабоце 90-ты нумар. Часопіс выходзіць 1 раз на тры месяцы. Гэта брэд Ліды. Калі быў унутраны канфлікт і паўставала пытанне закрыцця ці перайменавання часопіса, у Міністэрстве інфармацыі сказалі: "Мы зробім усё, каб гэтага не дапусціць".

На часопіс можна падпісацца. Пададзены дакументы на ўключэнне часопіса ў каталог падпіскі на 2021 год.

Часопіс прадаецца ў шапіках г. Ліды.

ПДФ-версію часопіса "Лідскі летапісец" можна купіць на сайце belkiosk.by за 1 рубель. На сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org можна знайсці бясплатна.

Гэта таксама літаратурна-мастацкі альманах "Ад лідскіх муроў", які выходзіць адзін раз на тры гады. Выйшаў 9-ты выпуск. Сёлета гэта кніжка на 464 старонкі.

У справаздачны перыяд выйшлі літаратурныя зборнікі "Нясвіжскі ўток", "Стольны град" (Наваградак), "Паланэз" (Слонім). Пакуль толькі першыя нумары, але спадзяёмся на працяг.

ПДФ-версіі часопісаў можна знайсці на сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org.

Пад павевамі часу заснаваны ўжо не папяровы, а толькі электронны краязнаўчы, літаратурна-мастацкі часопіс "Нясвіжскія каеты". Планавалася выдаваць яго адзін раз на квартал, але па факту мы гэтага не пацягнулі. У 2019 годзе выйшла 4 нумары (3 выпускі, 3-ці і 4-ты нумар здвоены). У 2020-м годзе практычна гатовы да публікацыі (вычытаны карэктарам) 5-ты нумар. І па ўсім відаць, што перыядычнасць гэтага часопіса будзе 1 раз на паўгода. Часопіс цяжка ідзе. Нясвіжскія ўлады яшчэ ні разу не дазволілі прэзентацыю "Каетаў...". Яны і "Нясвіжскі ўток" не далі спрэзентаваць. 40 асобнікаў наогул арыштавалі, але і гэта пераадолеем. Праўда, ізноў праблема: каронавірус і рэвалюцыя.

"Нясвіжскія каеты" можна знайсці на тых жа сайтах. На belkiosk.by за грошы па 40 капеек. На сайтах nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org можна знайсці бясплатна.

Так выглядае перыядычны друк ТБМ, які абапіраецца на Ліду.

У Менску выходзіць часопіс ТБМ "Верасень", які выдае сябар Рады ТБМ Эдуард Акулін.

Выходзіць газета, заснаваная Менскай гарадской аргапнізацыяй ТБМ "Новы час".

У Слоніме выходзіць краязнаўчы электронны часопіс "Слонімскі край", адзін з выдаўцоў яго - Сяргей Чыгрын, старшыня Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ.

Беларуская мова - у інфармацыйных тэхналогіях

21-22 кастрычніка ў Менску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіў VII Міжнародны кангрэс "Бібліятэка як феномен культуры".

Мы пагутарылі з адным з удзельнікаў Кангрэса, загадчыкам лабараторыі Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдатам тэхнічных навук Юрыем Станіслававічам Гяцэвічам, які выступіў з дакладам на метадычным семінары.

- Спадар Юрась, Вы - вядомы беларускамоўны спецыяліст, які карыстаецца роднай мовай у навуковай дзейнасці і паўсядзённым жыцці. Якой тэме было прысвечана Ваша выступленне на Кангрэсе?

- 22 кастрычніка адбыўся наш выступ па прымяненні і развіцці Універсальнай дзесятковай класіфікацыі (УДК) на беларускай мове. Гэта праца працягваецца ўжо дзевяць год з моманту, калі была атрымана ліцэнзія перакладу УДК на беларускую мову з англійскай ад Цэнтральнага кансорцыюма УДК у Нідэрландах.

Першая версія УДК была апублікавана ў 2012 годзе на сайце, другая версія была надрукавана ў 2016 годзе у выглядзе 90 асобнікаў, якія былі распаўсюджаны па ўсіх асноўных бібліятэках Беларусі. З 2017 па 2020 год было выканана некалькі навуковых прац, удакладненні былі прысвечаны гуманітарным накірункам. Перавыданне УДК адбудзецца ў 2021 годзе. Наш аддзел займаецца перакладам і распрацоўкай тэхнічных сродкаў.

Спадзяюся, што ў 2021 годзе Беларусь атрымае электронную версію УДК, якой змогуць карыстацца ўсе бібліятэкі Беларусі і замежжа, і ўстановы культуры.

- Патлумачце, калі ласка, падрабязней, чым з'яўляецца УДК і як яна выкарыстоўваецца ў дзейнасці бібліятэк краіны?

- Універсальная дзесятковая класіфікацыя (УДК) - адна з самых выкарыстальных класіфікацыйных схем. Яна шырока прымяняецца ў бібліятэчных каталогах, картатэках, у сістэмах дакументавання і інфармацыйнай падтрымкі ў больш чым 130 краінах свету на 40 мовах.

Універсальная дзесятковая класіфікацыя - гэта мова індэксавання і пошуку інфармацыі, якая ахоплівае ўвесь універсум ведаў.

УДК з'яўляецца ёмкай і падрабязнай класіфікацыяй з добра вызначанымі назвамі раздзелаў і падраздзелаў, якія пастаянна пашыраюцца і ўдакладняюцца сусветнай супольнасцю навукоўцаў.

Паводле яе прынцыпаў дакладна індэксуюцца розныя віды дакументаў, распрацоўваецца тэрміналагічная база прадметных абласцей, ствараюцца слоўнікі. Дзякуючы УДК, любы карыстальнік можа пабачыць зафіксаваную ў выданнях панараму ведаў чалавека пра Творцу і Сусвет.

Арыгінальнай мовай УДК на дадзены момант з'яўляецца англійская.

Пераклад УДК на іншыя мовы рэгулюе некамерцыйная арганізацыя - Кансорцыюм УДК, які знаходзіцца ў г. Гаага (Нідэрланды).

Міжнародны Кансорцыюм УДК у асобе галоўнага рэдактара Аіды Славік даў станоўчы адказ на запыт супрацоўнікаў Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пра дазвол перакласці няпоўную версію скарочанага выдання УДК (UDC Summary) на беларускую мову. У выніку ў канцы 2011 г. стала даступнай афіцыйная няпоўная анлайн версія скарочанага выдання УДК (UDC Summary) на беларускай мове, якая ўтрымлівае 2600 класаў (даступна ў Інтэрнэце па спасылцы http :// www. udcsummary. info / php / index. php ? lang =be).

Такім чынам, у структуру УДК на беларускай мове ўваходзяць дапаможныя табліцы, асноўная табліца і алфавітна-прадметны паказальнік.

Варта адзначыць з вялікай падзякай і ўганараваннем філолагаў, лінгвістаў, праграмістаў, супрацоўнікаў бібліятэк і навуковых устаноў Беларусі і іншых людзей добрай волі, якія спрычыніліся да падрыхтоўкі выдання Універсальнай дзесятковай класіфікацыі на беларускай мове.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі, рэспубліканскія і навукова-тэхнічныя бібліятэкі краіны на працягу многіх гадоў выкарыстоўваюць Універсальную дзесятковую класіфікацыю (УДК) для сістэматызацыі дакументаў і арганізацыі тэматычнага пошуку. УДК дазваляе з дастатковай глыбінёй і дэталёвасцю адлюстраваць змест дакументаў, якія паступаюць у бібліятэкі краіны.

Яе магчымасцей дастаткова для паўнавартаснага прадстаўлення нацыянальных дакументаў, а таксама адлюстравання шматграннасці дакументаў краязнаўчага зместу.

Выкарыстанне адзінай класіфікацыйнай сістэмы зробіць магчымым здзяйсняць яе метадычнае і тэхналагічнае суправаджэнне на карпаратыўнай аснове, а таксама плённа ўдзельнічаць у рабоце міжнароднага прафесійнага супольніцтва.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.

Эксперт з Францыі па скарыназнаўстве наведала Беларусь

У VII Міжнародным кангрэсе "Бібліятэка як феномен культуры" ў Менску прыняла ўдзел гісторык і пісьменніца, кандыдат гістарычных навук Вольга Шутава, дырэктар Лабараторыі скарыназнаўства і валарызацыі даследаванняў гісторыі і культуры Беларусі ў Парыжы. Спадарыня Вольга распавяла пра сваю навуковую супольнасць і цікавасць да спадчыны Францішка Скарыны.

- Наша лабараторыя ўзнікла як адказ на сітуацыю, якая склалася ў французскай гісторыяграфіі і звязана з недахопам ведаў па гісторыі і культуры Беларусі. Даследаванні, якія развіваліся ў Францыі, большай часткай былі звязаны з Другой сусветнай вайной, партызанскім рухам, гісторыяй габрэяў, а таксама накіраваны на сучаснасць і сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне.

Нам хацелася звярнуць увагу французскіх гісторыкаў на беларускае Сярэднявечча, Рэнесанс, Новы час. Мы заахвочваем да супрацоўніцтва беларускіх гісторыкаў, якія могуць размяшчаць свае артыкулы на нашым сайце на англійскай і французскай мовах і пашыраць веды пра Беларусь.

Мы падтрымліваем кантакты з акадэмічнымі цэнтрамі, з Вышэйшай школай сацыяльных даследаванняў у Францыі, спрыяем міжнароднаму абмену і камунікацыі, якая нам вельмі патрэбна. Чатыры гады таму мы сабралі аднадумцаў, якія цікавяцца гістарычнымі даследаваннямі, стварылі сайт www.skaryna.com, а зарэгістравана наша арганізацыі зусім нядаўна.

Вельмі важныя нашы сумесныя намаганні, каб навуковыя працы беларускіх вучоных сталі вядомымі ў Францыі.

У апошнія гады я актыўна займаюся спадчынай Францішка Скарыны. Я шчаслівая, што Нацыянальная бібліятэка Францыі аказала мне гонар запрасіць мяне да ўдзелу ў VII Міжнародным Кангрэсе "Бібліятэка як феномен культуры" ў Менску і ўзяць удзел у круглым стале па скарынаўскай тэматыцы. Гэта надзвычай важна для беларускіх навукоўцаў, якія жывуць у замежжы! Навуковы абмен - частка нашых праектаў.

Гутарыла Э. Дзвінская, фота аўтара.

Партызанская барацьба ў дакументах

7 кастрычніка ў Нацыянальным архіве Беларусі адбылася прэзентацыя электроннага зборніка дакументаў, выпушчанага сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Пра змест зборніка распавёў загадчык аддзела публікацый кандыдат гістарычных навук Святаслаў Валянцінавіч Кулінок. На дыску сабраны дакументы, датычныя перыяду развіцця партызанскага руху ў Беларусі ў 1942 годзе, якія сведчаць пра тое, як партызанскі рух станавіўся магутнай сілай разгрому гітлераўскай Германіі.

У электроннае выданне ўвайшлі лічбавыя копіі аператыўных зводак Паўночна-Заходняй групы пры ЦК КП (б)Б і СНК БССР, інфармацыі зводак ЦК КП(б)Б, аператыўна-разведвальныя дадзеныя. Яны адлюстроўваюць кірункі партызанскай барацьбы (баявую, дыверсійную, разведвальную дзейнасць).

Матэрыялы, прадстаўленыя на дыску, важныя для навукоўцаў, даследчыкаў ваеннай гісторыі, краязнаўцаў, студэнтаў. Большая частка іх датычыцца Віцебскай воблаці. Першы аналагічны электронны зборнік быў прысвечаны падзеям 1944 года. Выданне суправаджаецца ілюстратыўным навукова-даведачным апаратам і ілюстратыўным блокам.

Складальнікамі зборніка дакументаў выступілі кандыдат гістарычных навук С. В. Кулінок, М.Н. Скамарошчанка (Нацыянальны архіў Беларусі), і А.А. Суша (Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Электронны дыск можна набыць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

6 кастрычніка ў краіне адзначаўся Дзень архівіста. Да прафесійнага свята ў Нацыянальным архіве Беларусі разгорнута выстава, якая знаёміць з гісторыяй дзейнасці розных аддзелаў архіва і з яго супрацоўнікамі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Нямецкі правапіс (die Rechtschreibung)

А як у Германіі?

Стары і новы правапіс у нямецкай мове - у чым адрозненне? Што за рэформа адбылася ў Германіі, што яна прынесла ў нямецкую мову, а ад чаго пазбавіла яе? Якія важныя пункты гэтай моўнай рэформы неабходна вывучыць? Чытайце ў нашым артыкуле!

Нямецкі правапіс - не самая простая тэма ў нямецкай мове, і многія імкнуцца адкласці яго вывучэнне ў доўгую скрыню. Але ўсё не так страшна, як здаецца! У дадзеным артыкуле мы з вамі ўсё ж паспрабуем разабрацца, якія важныя пункты гэтай моўнай рэформы неабходна вывучыць, каб гаварыць і пісаць на нямецкай правільна.

Пра што наогул гаворка?

У 1996 годзе адбылася падзея, якая закранула ўсіх людзей, хто так ці інакш звязаны з нямецкай мовай.

1 ліпеня 1996 года ў Вене прадстаўнікамі ўрадаў нямецкамоўных краін (Аўстрыі, Германіі, Ліхтэнштэйна і г.д.), была падпісана сумесная Заява пра намеры, на падставе якой з 1 жніўня 1998 г. набылі моц новыя правілы нямецкай арфаграфіі.

Рэформа нямецкага правапісу (ням. Reform der deutschen Rechtschreibung), якая ў наш час прынята большасцю федэральных земляў Германіі, а таксама размешчаных побач абласцей Аўстрыі і Швейцарыі, ставіла за мэту спрасціць нямецкую арфаграфію і пунктуацыю, таму ўжо з 1996 года ствараліся новыя правілы, перапрацоўваліся слоўнікі і падручнікі.

Варта адзначыць, што рэформа першапачаткова не была падтрымана насельніцтвам, больш паловы апытаных выступалі супраць яе, а на момант яе ўвядзення ў многіх школах дзеялася поўная блытаніна.

Літаратурны крытык Марсэль Райх-Раніцкі (Marcel Reich-Ranicki) назваў арфаграфічную рэформу "нацыянальнай катастрофай".

Але пратэсты не дапамаглі, і ў канчатковым выніку жыхарам усёй нямецкамоўнай прасторы, а гэта, дарэчы, не толькі Германія ці Аўстрыя, але і Швейцарыя, Ліхтэнштэйн, а таксама нямецкамоўная супольнасць Бельгіі, давялося нанава вучыць правілы правапісу ў нямецкай мове.

На Франкфурцкім кніжным кірмашы 1996 года сотні пісьменнікаў і філолагаў выступілі за прыпыненне рэформы і вяртанне да ранейшых правілаў.

Вядома, адбывалася ўсё павольна. Сам перыяд пераходу да новага правапісу доўжыўся даволі доўга - аж да 2005 года.

А больш дакладна?

Давайце ж разгледзім больш падрабязна змены, якія набылі моц паводле рэформы пра новую арфаграфію (neue Rechtschreibung):

Паасобнае напісанне замест злучнага

Як жа правільна: разам ці паасобна? Гэта пытанне вось ужо 20 гадоў мучыць нямецкамоўную супольнасць, асабліва гэта датычыцца нямецкіх дзеясловаў. Некаторыя складаныя дзеясловы, якія раней пісаліся злучна, зараз пішуцца паасобна:

- kennen lernen - знаёміцца - замест kennenlernen;

- Halt machen - рабіць прыпынак - замест haltmachen;

- verloren gehen - знікаць - замест verlorengehen;

- arbeiten gehen - ісці на працу - замест arbeitengehen.

Але змены закранулі не толькі дзеясловы, звярніце ўвагу на наступныя словы:

- soviel - гэтулькі - зараз пішацца so viel;

- wieviel - колькі - зараз wie viel;

Напісанне Es-zet (В) і -ss

Вакол гэтых змен, мабыць, было больш за ўсё шуміхі! Па новых правілах замест літары (Es-zet) пасля кароткага галоснага зараз пішацца ss (Doppel-s).

Носьбіт мовы без цяжкасці вызначаць даўгату ці сцісласць галоснай літары, а вось тым, хто вывучае нямецкую мову як замежную, давядзецца запамінаць найболей ужытныя словы, якія па правілах новай арфаграфіі пішуцца з падвоенай літарай s.

Schlu В - канец, зняволенне, зараз пішацца як Schluss, па аналогіі з ім змены зведалі і такія словы як:

- FluВ - рака - Fluss;

- NuВ - арэх - Nuss;

- KuВ - пацалунак - Kuss;

- HaВ - нянавісць - Hass;

- GenuВ - асалода - Genuss;

- daВ - што, каб - dass;

- RuВland - Расія - Russland.

Таксама форма 3-й асобы адзіночнага ліку ( er, sie, es) у дзеясловаў lassen ( пакідаць, дазваляць), mussen ( быць павінным), па новых правілах будзе пісацца так:

- muss;

- lasst.

Аднак не варта лічыць новыя правілы адменай літары Es-zet (эс-цэт). Яна захоўвае сваё першапачатковае напісанне пасля дыфтонгаў і доўгіх галосных. Напрыклад:

- FuВ ( ступня),

- heiВen ( звацца, клікаць),

- StraВe ( вуліца).

Вялікая літара

Таксама зведалі змены і правілы напісання з вялікай літары. У двух словах пра гэта не распавядзеш, але паспрабуем разабрацца ў ёй і мы.

Зараз любое слова, якое фармальна з'яўляецца назоўнікам (ці мела якія-небудзь сувязі з гэтай часцінай мовы), напрыклад, субстанцываваныя прыметнікі і некаторыя дзеепрыметнікі (галоўным чынам ва ўстаялых выразах) пішацца з вялікай літары:

- heute abend - cёння ўвечар - зараз пішацца heute Abend;

- таксама etwas Ahnliches - штосьці падобнае;

- ins Schwarze treffen - патрапіць у самую кропку.

Так жа будуць пісацца прыслоўі, якія пазначаюць час (дарэчы, мы падрыхтавалі цікавы і незвычайны артыкул пра нямецкі час), такія як morgen, gestern + час сутак, напрыклад:

- morgen Mittag - заўтра ў абед,

- gestern Nacht - учора ўначы, і гэтак далей.

Акрамя гэтага ёсць і іншыя прыклады:

- der beste - самы лепшы - зараз пішам як der Beste;

- auf englisch - па - ангельску - auf Englisch;

- radfahren - ездзіць на ровары - Rad fahren;

- rechthaben - мець рацыю - Recht haben.

Запазычаныя словы

Наступны пункт - спрашчэнне арфаграфіі ў запазычаннях. Хоць рэформа прапанавала спрашчаць напісанне запазычаных слоў, на практыцы часцей дапускаюцца абодва варыянты напісання. Напрыклад, раней пісалася Joghurt, гэта стары варыянт напісання. Зараз жа дапушчальныя абодва варыянты: Joghurt і Jogurt (новае напісанне).

Новыя правілы пацягнулі за сабой і лёгкія, калі так можна выказацца, "касметычныя" змены асобных замежных слоў:

- Mayonnaise - замест Majonase;

- Ketchup - замест Ketschup;

- Grizzlybar - замест Grislibar.

У любым выпадку, за вамі захоўваецца права выкарыстоўваць той варыянт, які вам бліжэй і больш зразумелы - як у замежнай транскрыпцыі, так і ў нямецкай!

Што ж датычыцца слоў грэцкага паходжання, спалучэнне літар ph можна замяняць на літару f. Напрыклад,

- Geographie - пішам Geografie.

Пунктуацыя

Пасля прыняцця рэформы замест 52 правілаў пунктуацыі ў нямецкай мове засталося толькі 12! Зараз кожны вольны ставіць коску, грунтуючыся на асабістым нюху, а не на правілах. З асноўных пунктаў у рамках пунктуацыі можна адзначыць наступнае:

- у складаназлучаным сказе са злучнікамі und ці oder коска зараз не ставіцца

- у канструкцыі Infinitiv + zu коска таксама не ставіцца.

Як шмат нямецкіх школьнікаў уздыхнула з аблягчэннем пасля гэтага - бо зараз ім можна наогул не ставіць коскі ў большасць выпадкаў, і гэта не будзе лічыцца памылкай! Але і гэта яшчэ не ўсё!

Рэформа 2006 года

У 2002 годзе пасля правядзення першай рэформы лік незадаволеных немцаў трохі зменшыўся, але больш за 50 адсоткаў насельніцтва ўсё яшчэ выступала супраць новаўвядзенняў у нямецкай арфаграфіі. Да 2005 года сярод іх былі вядомыя нямецкія дзеячы культуры і мастацтва, палітыкі і г.д.

Справа дайшла да таго, што многія аўтарытэтныя нямецкія выдавецтвы, напрыклад, Axel-Springer-Verlag, Der Spiegel, Suddeutsche Zeitung адмовіліся ад выкарыстання новых правілаў у сваіх публікацыях. Не раўнуючы, як у Беларусі з тарашкевіцай і наркамаўкай.

Урэшце, палітыкам прыйшлося пайсці на повадзе за раззлаванымі бюргерамі. Яны стварылі адмысловы камітэт, які ў 2006 годзе, у сваю чаргу, правёў рэформу рэформы правапісу і вярнуў усё такі старыя правілы напісання для некаторых словазлучэнняў і слоў. Але асабліва моцных змен старая рэформа не зведала.

Да прыкладу, нямецкае leidtun - выклікаць шкадаванне, да рэформы 1998 года пісалася вылучна з маленькай літары, пасля першай рэформы - стала пісацца з вялікай ( Leid tun), ну а пасля другой рэформы - ізноў з маленькай літары.

Такая ж сітуацыя склалася і з дзеясловам eislaufen - коўзацца на каньках: да 2006 года ён пісаўся як Eis laufen, а пазней ізноў вярнуўся да варыянту eislaufen.

Мэтай рэформы першапачаткова было спрашчэнне вывучэння нямецкай, а таксама жаданне зрабіць мову больш гнуткай. Наколькі гэта атрымалася, некаторыя філолагі спрачаюцца дагэтуль, але факт застаецца фактам - рэформа адмяніла 87 правілаў нямецкай арфаграфіі з 212 існых! Такім чынам, насамрэч спрасціла вывучэнне мовы.

Слоўнікі Duden пачынаюць выкарыстоўваць новыя правілы з 1996 года, гэта значыць з 21-га выдання. У 2006 годзе ўсе папраўкі былі ўлічаны ў выданні 24-м.

У наш час новы спрошчаны правапіс шчыльна ўвайшоў у паўсядзённае жыццё немцаў, і можна сказаць, што рэформа атрымала ўсеагульнае прызнанне. З часам выявілася мноства дадатных бакоў рэформы, у першую чаргу, і мабыць гэта самае важнае - аўтарам ўдалося ўдасканаліць нямецкую арфаграфію і выключыць мноства наяўных раней праблем. Таму мы, хто вывучае нямецкую мову як замежную, павінны быць ім за гэта ўдзячныя!

Пра нямецкі правапіс распавядала Лілея Дыльдзяева, каманда Deutsch Online.

У Лідзе адбыўся круглы стол "Лідскі дыялог-2020"

21 кастрычніка Лідскі гістарычна-мастацкі музей стаў пляцоўкай для правядзення круглага стала "Лідскі дыялог - 2020". Мерапрыемства праходзіла ў адкрытым фармаце. Адбылося яно пры ўдзеле прадстаўнікоў мясцовай улады, дэпутатаў Гарадзенскага абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, старшыняў гарадскога, сельскіх выканаўчых камітэтаў і раённых структур грамадскіх аб'яднанняў. Была магчымасць уступіць у дыялог і ў прадстаўнікоў апазіцыі. Але прынялі ўдзел у дыскусіі адзінкі.

Адно з ключавых пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас мерапрыемства, - павышэнне ролі мясцовага кіравання і самакіравання з праекцыяй на развіццё рэгіёна. Мадэратарам сустрэчы выступіла старшыня Лідскага раённага Саветаў дэпутатаў Інэса Белуш.

Падчас працы пляцоўкі былі закрануты і іншыя пытанні. Датычыліся яны магчымых змен у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, тэрміна паўнамоцтваў абіраных органаў, формы ўладкавання Парламента, удасканалення мясцовага кіравання і самакіравання, у тым ліку змены выбарчай сістэмы і многія іншыя. Свае прапановы агучылі ўдзельнікі сустрэчы. Ніводная з іх не засталася без увагі. Пасля ўсе ідэі і прапановы будуць прааналізаваны, а з іх сфармаваны пэўныя тэмы для далейшага абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе.

У завяршэнне "Лідскага дыялогу-2020" яго ўдзельнікі адзначылі: падобны фармат сустрэч сёння актуальны. І ў першую чаргу, як выдатная пляцоўка для абмену меркаваннямі, абмеркавання важных для грамадства тэм і пытанняў.

Тэкст: Вольгі Капцэвіч.

У складзе кіраўнікоў грамадскіх арганізацый у Круглым стале "Лідскі дыялог - 2020" браў удзел старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Станіслаў Суднік. Ён унёс наступныя прапановы па зменах у Канстытуцыю:

1. У выніку канстытуцыйнай рэформы вертыкаль улады павінна быць узмоцнена, а не аслаблена.

2. Ад Прэзідэнта іншым галінам улады павінны быць перададзены толькі малазначныя і дэкаратыўныя функцыі. Усе іншыя павінны застацца ў руках кіраўніка дзяржавы.

3. Пераход да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі ў бліжэйшыя 10 год немагчымы.

Каб забяспечыць гэта, трэба за гэтыя гады:

- стымуляваць дзейнасць палітычных партый;

- увесці прапарцыйна-мажаратарную выбарчую сістэму, паводле якой палова дэпутатаў будзе абірацца па партыйных спісах; пераход да поўных выбараў па партыйных спісах магчымы будзе на другім этапе праз гадоў 20;

- увесці явачны прынцып фармавання выбарчых камісій.

4. Канстытуцыйна падтрымаць нацыянальна-патрыятычныя структуры:

- вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай;

- прыняць Закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы";

- увесці тэрмін "Тытульная мова Рэспублікі Беларусь". Прыблізная фармулёўка артыкула Канстытуцыі можа гучаць так:

"Тытульнай мовай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца беларуская мова".

5. Навесці парадак у дзейнасці СМІ.

Прапановы па самакіраванні:

1. Правесці адміністратыўную рэформу:

- на першым этапе - узбуйніць раёны. У прыватнасці ў Гарадзенскай вобласці ліквідаваць Воранаўскі, Бераставіцкі, Свіслацкі, Зэльвенскі раёны, далучыўшы іх тэрыторыі адпаведна да Лідскага, Гарадзенскага, Ваўкавыскага і Слонімскага раёнаў.

- на другім этапе ліквідаваць вобласці і ўтварыць зручныя для кіравання паветы.

- заміж каравага тэрміну "аграгарадок" вярнуць на карту Беларусі тэрмін "мястэчка".

2. Увесці паўнавартасныя муніцыпальныя выбары.

3. Увесці выбарнасць суддзяў гаспадарчых судоў (міравыя суды).

Станіслаў Суднік патлумачыў прысутным сутнасць прапановаў, але, што праўда, вялікага паразумення не атрымалася. Тым не менш пазіцыі акрэслены. Пунктаў прапаноў магло быць значна больш, але гэта раённы ўзровень, па вялікім рахунку раённыя прапановы, хоць ад улады, хоць ад грамадскасці патрэбны хутчэй для статыстыкі, чым для выкарыстання ў Канстытуцыйнай камісіі. Але калі б яны масава ішлі з усіх раёнаў, то нешта, можа, і ўлічылася б.

Яраслаў Грынкевіч.

Нясвіжцы за адзіную дзяржаўную беларускую мову

22 кастрычніка "гарачую лінію", у тым ліку і па зменах у Канстытуцыі правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Стаўпецкай выбарчай акрузе № 70, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Мамайка Іван Андрэевіч.

Сярод іншых да дэпутата звярнуліся актывісты ТБМ з Нясвіжа: сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса і сябар Нясвіжскай раённай рады ТБМ, старшыня Карцэвіцкай суполкі ТБМ Станіслава Вальчык.

Актывісты ТБМ прапанавалі:

- унесці ў новую Канстытуцыю палажэнне аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове;

- прыняць Закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

Дэпутат паабяцаў унікнуць у пытанне пра лёс законапраекта "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", які спрабавала ўнесці на разгляд парламента папярэдні дэпутат па гэтай акрузе Алена Анісім.

Размова з дэпутатам ішла на добрай беларускай мове.

Наш кар.

Бюджэтнікі ў Германіі дамагліся павышэння зарплат

Навіны Германіі

Зарплаты дзяржслужбоўцаў федэральнага і муніцыпальнага ўзроўняў у ФРГ вырастуць на 1,4 адсотка з красавіка 2021 года, а праз год - яшчэ на 1,8 адсотка. Бюджэтнікаў чакае "каронавірусная прэмія" ад 300 да 600 еўра.

У Патсдаме ў нядзелю, 25 кастрычніка, завяршыліся чатырохдзённыя перамовы прафсаюза працаўнікоў сферы абслугоўвання Ver.di і Аб'яднання камунальных саюзаў працадаўцаў Германіі (VKA) пра павышэнне зарплат дзяржслужбоўцаў федэральнага і муніцыпальнага ўзроўняў у Германіі. З красавіка 2021 года іх зарплата вырасце на 1,4 адсотка (мінімум на 50 еўра), а з красавіка 2022 года - яшчэ на 1,8 адсотка. Акрамя таго, усе бюджэтнікі да канца бягучага года атрымаюць так званую "каронавірусную прэмію" ў памеры ад 300 да 600 еўра.

Для медыцынскага персаналу ўзгоднены адмысловыя ўмовы. Тыя, хто заняты доглядам за пацыентамі, з сакавіка 2021 года будуць атрымліваць на 70 еўра больш і яшчэ на 50 еўра - з сакавіка 2022-га. Штомесячныя даплаты супрацоўнікам аддзяленняў інтэнсіўнай тэрапіі вырастуць удвая - да 100 еўра.

Для тых дзяржслужбоўцаў, чыя праца аплачваецца па ніжнім разрадзе тарыфнай сеткі, агульнае павышэнне складзе 4,5 адсотка, заявіў кіраўнік Ver.di Франк Вернеке (Frank Werneke). Акрамя таго, тыя, хто праходзіць прафадукацыю на прадпрыемствах, будуць атрымліваць на 25 еўра больш. Паступовае павышэнне прыбытку закране каля 2,3 млн чалавек.

Прафсаюз патрабаваў на працягу 12 месяцаў павялічыць зарплату бюджэтнікам на 4,8 адсотка, ці мінімум на 150 еўра, а аплату стажораў і тых, хто праходзіць прафесійнае навучанне - на 100 еўра. Акрамя таго, Ver.di настойваў на паляпшэнні ўмоў працы ў перадпенсійны перыяд і звядзення да мінімуму розніцы ў працягласці працоўнага часу дзяржслужбоўцаў у "новых" і "старых" землях. У сваю чаргу, VKA прапанаваў трохэтапнае павелічэнне зарплат на 3,5 адсотка, расцягнутае да сакавіка 2023 года.

У сакавіку 2019 года бюджэтнікі дамовіліся пра павышэнне зарплат, якое павінна было распаўсюдзіцца прыкладна на 1 млн чалавек. Аб'яднанне дзяржслужбоўцаў Германіі (DBB) тады патрабавала павялічыць аплату на 6 адсоткаў, ці мінімум на 200 еўра, і на 100 еўра - выплаты практыкантам і тым, хто праходзіць прафадукацыю ў дзяржорганах, а таксама павялічыць даплату за працу па суботах супрацоўнікам лякарань да 20 адсоткаў.

Ver.di.

НАТА абвясціла пра стварэнне касмічнага цэнтра на авіябазе Рамштайн

У НАТА афіцыйна абвясцілі пра рашэнне стварыць новы касмічны цэнтр на авіябазе Рамштайн у Германіі. Пра гэта паведаміў генсак Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтанберг па выніках першага дня віртуальнай нарады міністраў абароны краін-чальцоў арганізацыі.

Некалькі дзён назад уцечкі пра гэтыя планы апублікавала нямецкая газета Sueddeutsche Zeitung. Цяпер інфармацыя з'явілася на сайце НАТА. Як сцвярджаюць у Бруселі, на першым этапе цэнтр зоймецца зборам і аналізам дадзеных пра патэнцыйныя пагрозы спадарожнікам і, у першую чаргу, маніторынгам касмічнага смецця. Па словах Столтанберга, дзеянні саюзнікаў па заходнім ваенна-палітычнага блоку павінны быць больш скаардынаванымі.

Нагадаем, што авіябаза Рамштайн у нямецкай федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц дзейнічае з сярэдзіны пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Яна з'яўляецца апорным пунктам ВПС ЗША ў Еўропе, тут таксама дыслакавана аб'яднанае камандаванне ваенна-паветраных сіл НАТА. Некалькі месяцаў назад база патрапіла ў загалоўкі еўрапейскіх СМІ ў сувязі з планамі адміністрацыі Трампа скараціць ваенную прысутнасць ЗША ў ФРГ. У якой ступені частковы вывад амерыканскіх войскаў кране менавіта аб'екты Рамштайна, не паведамляецца.

Кацярына Забродзіна.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові. Частка ІІ

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

БАЛАДА ЯНА СКРЫГАНА (16.11.1905 - 18.09.1992)

З Сібіры не вяртаешся дамоў,

Бо забаронена табе там жыць.

І, каб бліжэй быць да магіл дзядоў,

Ты едзеш у Эстонію, і дождж імжыць,

Агні каля дарогі мільгацяць,

І тэлеграфныя слупы, крыжы

У змроку, нібы прывіды, стаяць.

І гэта ноч бясконцая, і шлях

Праз ноч бясконцы для цябе, і ты

Яшчэ сібірскі холад на плячах

Не можаш скінуць і забыць сляды

Ваўчыныя і дрот калючы той

З іржою, з чалавечаю крывёй,

Якая не змываецца вадой,

Не зарастае лесам і травой…

Глядзіш, глядзіш у цемру праз вакно,

З якога ўбачыць хочаш хоць на міг

Не тое, што было з табой даўно,

А новы светлы дзень сярод сваіх

Сяброў і родных, і пісьмовы стол,

І стос паперы, дзе напішаш ты,

Што твой народ не голы, як сакол,

Змагарны, працавіты, залаты.

І праз гады ты вернешся дамоў

І будзеш зноў пісаць і край любіць,

Дзе часта так не цэніцца Любоў,

Як трэба ўсё ж заўжды Любоў цаніць.

19.06.2020 г.

БАЛАДА ВЫДАВЕЦКАЙ СУПОЛКІ "ЗАГЛЯНЕ СОНЦА І Ў НАША ВАКОНЦА" (1906 - 1914)

Працуе, жыве беларусаў суполка

У Санкт-Пецярбургу - не ў стозе іголка -

Вас многа, і ўсе вы яшчэ маладыя,

І вашы для працы гады залатыя.

Цэнзура не спіць, бо цэнзура чытае,

І забараняе, і забараняе.

Ды кнігі выходзяць, як сонца ўзыходзіць

Над краем, дзе мова жывая ў народзе,

А значыць народ ёсць і будзе заўсёды,

Калі будзе мова крывёю народа.

І кніжнае сонца прыходзіць у хаты,

І робіцца светла на сэрцах, і свята

У хатах пануе, дзе кнігу чытаюць.

І ўжо беларусы пісьменнікаў маюць,

І гонар свой маюць, і ведаюць многа,

І лёс іх залежыць ад іх, і ад Бога,

І болей ад іх і ад мовы, якая

Як родных усіх нас сабою яднае.

Няхай папракаюць, што кніжак замала.

Але іх хапіла, каб сонца заззяла

Па-над Беларуссю, што шлях свой шукала.

20.04.2020 г.

БАЛАДА АНДРЭЯ АЛЕКСАНДРОВІЧА (9.01.1906 - 6.01.1963)

Высокія сосны ў цябе пад вакном

І снегу навала, нібыта ў Сібіры.

Ды тут санаторый. Тут ноччу і днём

Бялеюць халаты. Ваўчэлі мундзіры.


Ізноў засынаеш і сніш "Маладняк",

І вершы чытаеш з высокае сцэны.

А потым грукоча праз ноч таварняк

І лёдам пакрытыя свецяцца сцены.


І музыку чуеш, і чуеш - агонь

Душу напаўняе, і сэрца згарае.

І хтосьці цукерку кладзе на далонь,

І кліча дадому, і ў неба гукае.


Дадому не хочаш. Далёка твой дом.

І ўжо не растуць і не вырастуць крылы.

Высокія сосны маўчаць пад вакном.

Стукочуць сякеры і шоргаюць пілы.


Ізноў засынаеш і ў неба ляціш.

І твой санаторый у снезе знікае.

Марозна. І падае птушка, як крыж,

У вершы твае і ўжо больш не ўзлятае.

10.07.2020 г.

БАЛАДА ЗІНАІДЫ БАНДАРЫНАЙ (11.10.1909 - 16.04.1959)

Вайна прайшла. І Край наш абгарэлы,

Але жывы жыве, не памірае.

Над Вязынкай лятае бусел белы,

Нібы душа Купалава лятае.


І ты прыйшла ў музей, ты не сумуеш

І пішаш вершы, бо душа баліць.

Ты не адна Паэзіі слугуеш,

Ты беражэш яе святую ніць.


У Вязынцы Купалле і вяночак

Сплятаеш ты і на ваду пускаеш.

І ён плыве туды, куды захоча,

А ты шчаслівай быць даўно жадаеш.


Ты чуеш галасы сяброў, якія

Да гэтых лепшых дзён не дажылі.

І прад вятрамі травы трапяткія

Схіляюцца да роднае зямлі.


Плыве вяночак твой і ўміг знікае.

Але не плачаш ты, бо над табою

Высока бусел ля аблок лятае.

І дождж пайшоў. І стала ўсё вадою.

11.07.2020 г.

БАЛАДА КСЯНДЗА ЛЬВА ГАРОШКІ (11.03.1911 - 28.07.1977)

Зноў у Лондане дождж і туман,

А да Храма дарога ў святле,

Быццам бы і туману няма,

І ты дома ў Трашчычах, але


Толькі ў думках прыходзіш дамоў.

Не цураешся думак сваіх,

І жыве ў табе толькі Любоў,

І людзей не баішся ты злых.


Божым шляхам па свеце ідзеш.

Беларусь для цябе- той абраз,

Што ніколі тут не прападзе,

Бо ён створаны Богам для нас.


І ты молішся на Беларусь.

І святлеюць нябёсы, і дзень

Не хавае ў аблоках зару,

Да цябе, як анёлак, ідзе.


І губляецца дзень у журбе…

Адлятаеш да божых агнёў.

І твой сябар сказаў пра цябе:

"Жыў, як леў, а памёр, як ягнё…"

22.04.2020 г.

БАЛАДА МАСЕЯ СЯДНЁВА (1.09.1913 - 5.02.2001)

Паўвека мінула, і

ты зноў па Мінску ідзеш.

Баяўся вандроўкі, бо думаў,

што зноў прападзеш

З-за вершаў і будзеш сядзець

аж да смерці ў турме,

І будзе зноў вецер

ля кратаў іграць на сурме

Табе твае сумныя творы, і будзе заўжды

Пытацца:

"Чаго ты з Амерыкі ехаў сюды?"

Па Мінску ідзеш, і ніхто не спыняе цябе.

Варона ля сметні скарынку сухую дзяўбе,

І побач на ганку сядзяць вераб'і і глядзяць,

Калі ім пара прыдзе

крошкі з асфальту збіраць.

Ля птушак тутэйшых стаіш

і ўсміхаешся ты,

Бо ўсё, як было,

хоць прыйшлі, праляцелі гады.

І заўтра ты вершы

для моладзі будзеш чытаць

І слухаць іх творы няціхія, слёз не хаваць

Ад радасці гойнае, што напаўняе душу,

Як сонца нябёсы

пасля зацяжнога дажджу.

23.04.2020 г.

БАЛАДА МІКОЛЫ СУРНАЧОВА (снежань 1917 - 20.04.1945)

Ніколі не ехаць табе маладому

Да роднага гаю, да блізкага дому,

Дзе маці выходзіць у двор і чакае,

На захад глядзіць і слязу не хавае.


Ты сотні сцяжынак прайшоў

праз пажары,

І нёс ты з сабою найсветлыя мары.

А сёння з табою сустрэліся кулі,

І боль твой у небе анёлы адчулі.


Больш вершаў табе не пісаць аніколі.

Ляжыш ты, як віцязь, у стоптаным полі.

Растуць над табою берлінскія краскі,

Засохлы палын прыхіліўся да каскі.


Сваё адстраляюць вінтоўкі, гарматы,

І будуць дадому вяртацца салдаты.

І будзе глядзець і глядзець на іх маці,

І будзе баяцца пра сына спытаці…

7.05.2020 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Культура Беларусі на фоне сусветнай у ХVІІ - ХХІ стагоддзях

Заходняя Еўропа і ЗША

Навука. Фізікі Нобелеўскай прэміі: Энтоні Джэймс Легет, Джон Хол, Джон Мазер, Джордж Смут, Бары Бэрыш, Джым Пілбс.

Эканамісты Нобелеўскай прэміі: Жан Ціроль, Энгус Сцюарт Дзітон.

Літаратура. Літаратары Нобелеўскай прэміі: Гао Сінцзян, Відзіадхар Найпал, Імрэ Керцес, Патрык Медзіано, Эліс Манро, Дорыс Лесінг і інш.

Музыка. Італьянскія кампазітары: Людовіка Эйнаўдзі, Джавані Мародзі, Роберта Качапалля. Музыка Эніа Марыконэ да кінафільма "Агідная васьмёрка" (2016 г.). Італьянская спявачка Джузі Ферэра.

Французскія кампазітары: Рэжыс Кампо, Ніколя Бакры, Ян Робен, Рафаэль Сендо, Франк Бедрасян.

Амерыканскія кампазітары: Філіп Глас, Дасцін О' Хэларон.

Нямецкі кампазітар Ханс Цымер і брытанскі Макс Рыхтэр.

Украінскія артысты: Соф'я Ратару, Руслана Лыжачка, Ірына Білык, кампазітары: Макс Барскіх (Мікалай Бортнік), Алег Віннік, Арсэн Якавенка, Уладзімір Мельнікаў.

Архітэктура. Эпоха хмарачосаў. Самы высокі будынак у свеце Бурдж-Халіфа ў Дубаі. Хмарачос вышынёй 828 метраў, 163 паверхі, пабудаваны ў Эміратах ў 2010 г. Самая высокая назіральная пляцоўка ў свеце знаходзіцца на 148 паверсе гэтай вежы на вышыні 555 м.

Франкфурт - еўрапейскі і нямецкі горад хмарачосаў. Хмарачосы "Хваёвая шышка", "Калейдаскоп", "Змяя", "Дзяцел" і яшчэ 9 культавых будынкаў Нью-Ёрка XXI ст. Самы высокі з іх - 90-павярховы "Дзяцел", куды трапляюць непасрэдна з Хайлайна - падвеснага парку. Птушыную мянушку хмарачос атрымаў за адкрытую назіральную пляцоўку, якая нагадвае дзюбу дзятла і падвешана над горадам на рэкорднай 300-мятровай вышыні.

Беларусь

Навука. Касманаўты Алег Навіцкі і Алег Арцем'еў. Спадарожнік "БелКА" (2012 г.). Экспедыцыя "Палярнае кальцо" (2001 г., кір. У. Драбо). Палярная станцыя "Гара вячэрняя" ў Антарктыдзе (2008-2019 гг.). Палярнік Аляксей Гайдашаў.

Медыцына. Аляксандр Мрочак, Юрый Астроўскі, Алег Румо.

Новыя расліны: кукуруза, трыцыкале, абрыкосы, вінаград, грэцкі арэх.

Літаратура. Літаратары: Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч (2015 г.). Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Міхась Скобла, Вітаўт Чаропка, Уладзімір Ліпскі, Людміла Рублеўская, Уладзімір Сцяпан, Юрка Голуб. Кнігі: "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы" (2001), "Лісты да Волі") У. Някляева (2011), "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі" (У. Арлоў, П. Татарнікаў, 2017), "Каляндар гісторыі Беларусі" (2018), "Гонар і слава Беларусі" (С. Барыс, 2020).

Літаратуразнавец Іван Саверчанка.

Новыя творы: "Малітвы" У . Ліпскага (2020), "Беларускі пантэон. Балады крыві і любові" Віктара Шніпа. П'есы Андрэя Курэйчыка "Трое", "Вышэй за неба", "Вупыры".

Журналістыка. Часопісы: "Полымя", "Маладосць", "Роднае слова", "Беларускі гістарычны часопіс", "Дзеяслоў", "Верасень". Газеты: "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Народная воля", "Новы Час", "Наша слова".

Музыка. Кампазітары: Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Алесь Рашчынскі, Васіль Раінчык, Змітра Даўгалёў. Балеты "Вітаўт" кампазітара Вячаслава Кузняцова (2013 г.), "Анастасія" ў пастаноўцы Юрыя Траяна (2018 г.).

Тэатр і кіно. Артысты: Уладзімір Навуменка, Ядвіга Паплаўская, Аксана Волкава, Надзея Кучар, Віктар Манаеў, Анатоль Ярмоленка, Зоя Белахвосцік, Святлана Зелянкоўская. Рэжысёр тэатра Аляксандр Гарцуеў. Баяніст Уладзіслаў Плігаўка.

Кінафільмы "Жоўты пясочак" (рэжыс. АляксейТуровіч, 2017 г.), "Купала" (рэжыс. Уладзімір Янкоўскі, 2020 г.).

Мастацтва. Мастакі: Алесь Мара (Аляксей Марачкін), Мікола Купава, Рыгор Сітніца, Уладзімір Савіч, Міхаіл і Уладзімір Басалыгі. Суполка "Пагоня" (кір. А. Марачкін). Карціна "Вільня. 22 лістапада 2019 года" А. Мары.

Старадарожскі мастацкі музей Анатоля Белага (1999 г.) Карпаратыўная мастацкая калекцыя "Белгазпрамбанк", створаная Віктарам Бабарыкам.

Скульптура. Помнік 1000-годдзю Берасця (2009 г. ). Помнікі вялікаму князю Гедыміну ў Лідзе (2019 г.), св. Губерту ў Гародні (2020 г.).

Архітэктура. Палац Рэспублікі (2001 г.). Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (арх. Віктар Крамарэнка, 2006 г.). Сабор Усіх Святых у Мінску. Палац Незалежнасці (2013 г.). Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны (2014 г.). Мост на Прыпяці (каля Жыткавічаў, 2018 г.).

Архітэктары: А. Лакотка, А. Сардараў, М. Лук'янчык.

Побыт. Мабільнікі, нотбукі. смартфоны, камп'ютары, флэшкі. Пластыкавыя вокны і дзверы. Стальныя дзверы з дамафонам. Разрастанне гарадоў і аграгарадкоў. Знікненне малых вёсак. Вёскі абязлюдзелі.

Расія

Навука. Вучоныя Нобелеўскай прэміі: фізікі Аляксей Абрыкосаў і Віталій Гінзбург, Андрэй Гейм і Канстанцін Навасёлаў.

Літаратура. Пісьменнікі: Дар'я Данцова, Таццяна Усцінава, Юлія Шылава, Барыс Акунін, Віктар Пялевін, Павел Санаеў, Аляксандр Чудакоў і інш. Драматург Зоя Багуслаўская. Сатырыкі Міхаіл Жванецкі, Міхаіл Задорнаў. Кнігі: Барыса Акуніна (Рыгор Шалвавіч Чхарцішвілі) " Гісторыя Расійскай дзяржавы", "Любоў да трох цукербрынаў" Віктара Пялевіна, гістарычны раман "Жытло" Захара Прылепіна, раман "Кладзецца імгла на старыя прыступкі " Аляксандра Чудакова.

Музыка. Кампазітары: Марк Пякарскі, Віктар Якімоўскі, Таццяна Сяргеева, Наталля Пракапенка.

Эстрада. Артысты: Іосіф Кабзон, Міхаіл Шуфцінскі, Міхаіл Задорнаў, Надзея Бабкіна, Алена Бабенка, Яўгеній Петрасян.

Мастацтва. Мастакі: браты Сяргей і Аляксей Ткачовы, Анатоль Асмалоўскі, Віктар Шылаў, Станіслаў Плуценка. Нікас Сафронаў, Сайда Афоніна, Мікалай Блахін, Дзмітрый Аненкаў, Канстанцін Лупанаў.

Помнік князю Уладзіміру Вялікаму ў Маскве (2016 г., арх. Ігар Васрасенскі).

Архітэктура. Хмарачос "Еўразія" ў Маскве, вышынёй 309 м (43 паверхі; 2008-2013 гг., арх. Мікалай Волкаў). Крымскі (аўтамабільны) мост цераз Керчанскі праліў (2018 г.).

Табліцу падрыхтаваў Сымон Барыс.

Аддаць сваю моц на карысць Беларусі

100 год Слуцкаму збройнаму чыну

Шмат хто лічыць, што Слуцк - гэта не горад для турызму. Старажытных архітэктурных помнікаў у горадзе сапрўды няма. Але апрача архітэктурна-скульптурных помнікаў існуюць яшчэ помнікі нацыянальнай свядомасці. І тут Слуцк выходзіць, бадай, на першае месца.

Слуцкі збройны чын, слуцкая самаарганізацыя насельніцтва падчас яго падрыхтоўкі, слуцкае культурна-асветніцкае таварыства "Папараць-кветка" з цягам часу зоймуць важнае месца ў сэрцах і памяці неабыякавых беларусаў. 17 кастрычніка Слуцкае таварыства беларускай мовы ажыццявіла чарговую вандроўку ў пошуках слуцкіх каранёў беларушчыны і незалежніцкіх настрояў. Прысвечана гэта вандроўка 100-годдзю Слуцкага збройнага чыну.

Далёка шукаць карані нацыянальнай свядомасці не патрэбна, бо яны месцяцца амаль ў цэнтры Слуцка - на вуліцы Камсамольскай, былой вуліцы "Шырокай". На гэтым гістарычным месцы, зараз знаходзіцца слуцкая рускамоўная гімназія № 1. У далёкім 1917 годзе тут была якраз беларускамоўная гімназія. Восенню 1917 года некалькі гімназістаў, якія шчыра любілі беларускую мову, вырашылі паспрыяць яе распаўсюджванню ў Слуцку і стварылі культурна-асветніцкае таварыства "Папараць-кветка".

- Случакі-гімназісты і праз 100 гадоў даюць нам ўрок беларускай нацыянальнай свядомасці - асабліва для тых, хто адкладвае беларускасць на потым, - расказала Ніна Стужынская, якая была запрошана ў якасці настаўніка-эксперта для "гадзіны беларускай мовы і гісторыі" ў сувязі са стагоддзем Слуцкага збройнага чыну. - У наш час можна чуць, што патрэбна змагацца за народаўладдзе, вяртанне Канстытуцыі 1994 года, а беларуская мова і свядомасць могуць пачакаць.

Слуцкая моладзь на сваім вопыце паказала, што трэба цвёрда акрэсліць праграму дзеянняў і мэтанакіравана яе ажыццяўляць. У праграмаме Статута культурна-асветніцкага гуртка найпершым заданнем было "працаваць дзеля адраджэння культуры Бацькаўшчыны і падрыхтаваць сваіх сяброў на свядомых грамадзян, якія б у будучыні маглі аддаць сваю моц на карысць Беларусі". Статут патрабаваў, каб гутарка паміж сябрамі вялася толькі на беларускай мове.

Слуцкая "Папараць-кветка" здолела абудзіць патрыятызм у сэрцах случчан - спачатку ў маладых, а пасля і ў сталых. Як грыбы, раслі і множыліся філіялы гурткоў у вёсках Случчыны. Літаратурныя і краязнаўчыя гурткі як форма нацыянальнай працы існавалі амаль у кожнай вёсцы, дзе былі школы: у Гулевічах, Старыцы, Слабада-Кучынцы, Вясеі, у прадмесці Слуцка "Востраў", Ліпніках…

Заснавальніку слуцкага гуртка "Папараць-кветка" Сяргею Буслу ў 1917 годзе было ўсяго 16 гадоў. Удзельнік гуртка, змагар за беларускія школы на Случчыне, ўдзельнік збройнага чыну, Юрка Лістапад успамінаў, што ў першыя часы Сяргею прыходзілася цяжка. Вучні старэйшых класаў не хацелі ўступаць, "дык Сяргей Бусел прымусіў вучняў ніжэйшых класаў прыйсці на першы сход, каб выбраць праўленне гуртка. Бальшавікі дазволу на сход не далі, тады гэта куча дзяцей рэвалюцыйным парадкам адчыніла сход і выбрала праўленне".

Юрка Лістапад ва ўспамінах "Узбіліся на свой шлях" піша, што сталыя людзі спярша не спачувалі беларускуму руху, і калі сябры гуртка ўздумалі зрабіць першае йгрышча, дык слуцкія музыканты адмовіліся там іграць. Выратаваў становішча вядомы беларускі дзеяч Васіль Русак з вёскі Ячава. Ён як раз быў звольнены з войска, любіў спяваць. Ён і дапамог вучням арганізаваць першае мерапрыемства.

А пасля іх ужо было не злічыць. У 1920-м годзе колькасць сябраў арганізацыі налічвала больш за 300 чалавек. Тэатральныя беларускамоўныя пастаноўкі, арганізацыя свайго хору, краяўзнаўчая праца, курсы беларусазнаўства, адкрыццё беларускіх школ, сельскагаспадарчых кааператывў, тысячы розных вечароў, выданне свайго часопіса "Наша каляіна" - дзейнасць была шматгранная. Настолькі шматгранная, што яе заўважылі ў сталіцы. Драматург - актор Уладзіслаў Галубок ставіў у Слуцку свае спектаклі, знакаміты "хор Тэраўскага" не адмаўляўся выступіць у Слуцкім кафедральным саборы і даў яшчэ адзін вечар-канцэрт.

Паступова Слуцк станавіўся цэнтрам беларускага руху і нават цэнтрам беларускай культуры, а случчане прывыклі да бел-чырвона-белых сцягоў.

Зразумела, што случчане-асветнікі не маглі застацца ў баку ад Слуцкага збройнага чыну, паколькі пытанне ішло аб далейшым існаванні беларускай Бацькаўшчыны. Усе трыста сябраў "Папараць-кветкі" ўступілі ў шэрагі жаўнераў Слуцкай брыгады. Перад гэтым актывісты таварыства прынялі ўдзел у арганізацыі і рабоце Беларускага з'езда Случчыны, які адбыўся ў доме Эдварда Вайніловіча.

Сімвалічна, што гэты дом знаходзіўся літаральна насупраць гімназіі, цераз дарогу. Два будынкі як быццам сведчылі пра той шлях, якім прайшла слуцкая моладзь: ад беларускага асветніцкага гуртка - да збройнага змагання за інтарэсы беларускага краю.

Яны сумленна выканалі артыкулы свайго Статута: спачатку сталі нацыянальна-свядомымі беларусамі, а пасля аддалі ўсю сваю моц Беларусі. І не толькі моц, але і жыцці.

Дом Вайніловіча пасля быў зруйнаваны бальшавікамі. На гэтым месцы зараз месціцца Слуцкая цэнтральная кацельня, над якой узвышаецца стандартны комін, пафарбаваны ў бел-чырвоны колер. Колер, які сёння так не любяць нашы ўлады і міліцыянты нават на вопратцы беларусаў.

Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, аўтарка кнігі "Беларусь мяцежная" валодае тэмай дасканала і магла б гадзінамі распавядаць пра падзеі тых часоў, якія закранулі не толькі Случчыну, але і многія іншыя паветы і воласці.

Удзельнікі тэматычнай вандроўкі схілілі галовы падчас хвіліны маўчання перад светлай памяццю асветнікаў і барацьбітоў.

Сяргей Бусел, Юрка Лістапад, Янка Ракуцька, Васіль Русак, Павел Жаўрыд, Пётр Зянюк, Марыя і Людміла Стагановічы, Андрэй Бараноўскі, Улас Дубіна, Марк Асвяцімскі, Алесь Каўпак, Адам Бабарэка, Янка Урбановіч, Люба Зянковіч і многія, многія іншыя…

Розныя лёсы, адна любоў на ўсіх: беларуская, незалежная, дэмакратычная і культурная Бацькаўшчына.

Зінаіда Цімошак, старшыня Слуцкай арганізацыі ТБМ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX