Папярэдняя старонка: 2020

№ 44 (1507) 


Дадана: 04-11-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 44 (1507), 4 лістапада 2020 г.

ДЗЯДЫ

Дождж падае вонку прыцішаным звонам,

дождж льецца, дождж плача на шыбах аконных,

балючы стогн ветру даносіцца з даляў,

і зоркі на небе нам ноч не запаліць.


У святынях сціх гоман малітваў нядзельных,

на могілках свечкі даўно дагаралі.

А ў краі, дзе думы маі безупынна,

чакаюць у хатах дзядоў на гасціну.


Да нас не забудзьце, прыходзьце, дзяды;

хопіць малітваў у мяне і яды

з сёлаў забытых, з лагчын і бароў,

і з наднямонскіх старых цвінтароў


У дом мой плывеце на святло агню,

вокны шырокія Вам адчыню;

гэдак прыходзьце як колісьць жылі,

весткі прыносьце із роднай зямлі.


Душу Вам вышлю насустрач сваю,

палкай малітваю Вас напаю,

сэрца маё каля Вашых магіл,

там, гдзе сумуе мой край дарагі.


У вечар таемны, у поўначы час

з Божае волі чакаю на Вас;

разам мы просьбаў гарачы наш жар

слаць будзем шчыра прад Божы алтар.


Сумна і пуста ў вокнах маіх,

ніхто не прыдзе сюды з жывых;

кругом пустыня, навокал цьма

над горнай прорвай стаю сама.


Будзем прасіць за тых, хто не забыў

ні роднай мовы, ні родных ніў.

Хто мёртвых уваскрошваў святою рукой,

той нас не пакіне ў хвіліне цяжкой.

Ларыса Геніюш

У католікаў - тыдзень Успамінаў усіх памерлых

Урачыстасць Усіх Святых адзначылі 1 лістапада каталіцкія вернікі Глыбокага. У гэты дзень яны прыйшлі на службу ў касцёл Святой Тройцы, падзякавалі Богу за дар святасці і ў аддалі пашану ўсім святым, якія дасягнулі вечнай хвалы і знаходзяцца з Богам у небе. Як кажа ксёндз-пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалай Ціхановіч, 1 лістапада Касцёл нагадвае, што наша Айчына ў небе, а не на зямлі, і мы ўсе рыхтуемся да вечнасці:

- Гэта пераход з зямнога жыцця ў вечнае, таму мы ўзіраемся ў прыклад святых, якія годна прайшлі гэты шлях. Прайшлі яго цалкам даверыўшы Богу сваё жыццё і кіраваліся абсалютна хрысціянскімі, духоўнымі каштоўнасцямі, яны давалі прыярытэт душы. Яны верылі ў жыццё вечнае і таму жылі так, праведна. І мы ўглядаемся ў іх прыклад і молімся іх заступніцтва.

Паводле Мікалая Ціхановіча, 2 лістапада каталіцкія вернікі моляцца за церпячы касцёл і душы людзей, якія адышлі. У гэты дзень людзі працэсіяй і паасобку наведваюць могілкі сваіх родных і блізкіх. Глыбачане пачынаюць гэта рабіць 1 лістапада, молячыся за родных на могілках "Копцеўка":

- Гэта традыцыя сямейная. У нас тут пахаваны дзядуля з бабуляй, цёці, дзядзі, шэсць магілак у нас тут. Штогод мы тут бываем з сяcтрой, з братам і бацькамі. Мы прыносім кветкі, свечкі і сваю малітву.

- Маці тут пахаваная, бабуля. Я хачу кожны дзень у гэтым тыдні хадзіць і маліцца за іх. А дома молім ружанец, каб ім там было светла і ўсяго добрага было.

Каталіцкія вернікі на працягу ўсёй актавы Успаміну ўсіх памерлых, з 1 па 8 лістапада, асаблівым чынам моляцца за памерлых і наведваюць месцы пахаванняў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя.

Ва ўкраінскай Вялікай Севярынцы адкрылі мемарыяльную дошку Васілю Быкаву

Менавіта ў баях за гэтую вёску будучы пісьменнік быў цяжка паранены і нават лічыўся загінулым

У мерапрыемстве ўзяў удзел пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал, кіраўнік Вялікасевярынаўскай аб'яднанай тэрытарыяльнай грамады Сяргей Леўчанка, старшыня Кіраваградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Васіль Бондар, ініцыятар адкрыцця мемарыяльнай дошкі Мікалай Сергіенка, загадчык Музея імя Васіля Быкава Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школы Галіна Губенка, кіраўніцтва школы і вучні, паведамляецца на сайце пасольства Беларусі ва Украіне.

Ігар Сокал уручыў ганаровыя граматы пасольства прадстаўнікам вёскі. У Вялікай Севярынцы глыбока шануюць памяць пра Васіля Быкава.

Падчас Кіраваградскай аперацыі лейтэнант Васіль Быкаў камандаваў звязам 339-га стралковага палка і ўдзельнічаў у кровапралітных студзеньскіх баях 1944 года пад Кіраваградам, дзе, як адзначаў ён сам, "загінуў амаль увесь яго батальён, магчыма, нават і ўвесь полк". У баях за Вялікую Севярынку Васіль Быкаў быў цяжка паранены.

Памылкова ён быў запісаны як загінулы і значыўся пахаваным у брацкай магіле ў вёсцы. Пра гэта тады паведамілі яго родным. Праз 20 гадоў пасля вайны Васіль Быкаў прыехаў на месца баёў. Падзеі пасля ранення паслужылі асновай яго аповесці "Мёртвым не баліць".

У Вялікай Севярынцы ёсць вуліца імя Васіля Быкава, музей яго імя ў Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школе, куток Васіля Быкава ў сельскай бібліятэцы. А цяпер з'явілася мемарыяльная дошка.

NN.by. Фота Пасольства Беларусі ва Украіне.

Як Алегу Дзьячкову з Магілёва "з'явіліся новыя лідары"

У артыкуле "Святлана Ціханоўская шануе беларускую мову і нацыянальную сімволіку" ("Наша слова", № 41, 14.10.2020 г.) старшыня магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў называе Віктара Бабарыку і Святлану Ціханоўскую альтэрнатыўнымі палітыкамі, папракае кіраўнікоў ТБМ Алену Анісім і Алега Трусава за "крытыканства" новых палітычных лідараў і за няўдзел старых лідараў у прэзідэнцкіх выбарах: "Дзе наш ТБМ-аўскі кандыдат? Дзе беларускамоўны кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі? Няма… А раз так, то з'явіліся новыя лідары. І гэта вельмі добра. Асабіста я збіраўся галасаваць за В. Бабарыку, а паколькі яго адразу пасадзілі па палітычных матывах, то я галасаваў за С. Ціханоўскую. А так званая "старая гвардыя" маргіналізавалася і дэградавала. Яны так і не навучыліся працаваць з народам, і людзі за імі не пойдуць. Вельмі шкада, што і кіраўніцтва ТБМ засталося на ўскраўку грамадскага жыцця нашай краіны".

Паводле Дзьячкова, у неспрыяльных, жорсткіх умовах дыктатарскага рэжыму старая гвардыя маргіналізавалася і дэградавала, а будучыя новыя лідары Бабарыка і Ціханоўская ў гэты самы час вучыліся працаваць з народам.

Давайце пільна прыгледзімся, дзе навучаліся і чаму навучыліся новыя лідары Алега Дзьячкова!

БАБАРЫКАВА НАВУКА

З ліпеня 2000 года па 12 траўня 2020 года Віктар Бабарыка вучыўся "працаваць з народам" на пасадзе кіраўніка Белгазпрамбанка. 0,097% акцый банка належыць Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці Рэспублікі Беларусь, астатняе - расійскім акцыянерам: 0,267% - ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь", 49,818% - ААТ "Газпрамбанк", 49,818% - ПАТ "Газпрам".

"Газпрамбанк" - уваходзіць у тройку найбуйнейшых банкаў Расіі па ўсіх асноўных паказчыках і займае трэцяе месца ў спісе банкаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы па памеры ўласнага капіталу. Даччыныя банкі: "Кредит Урал Банк" (г. Магнітагорск, Расія), "Белгазпрамбанк" (г. Менск, Беларусь), Bank GPB International S.A. (Люксембург), Gazprombank (Switzerland) Ltd (г. Цюрых, Швейцарыя).

"Газпрам" - найбуйнейшая газавая кампанія свету і найбуйнейшая прамыслова-фінансавая кампанія Расіі. Газпрам эксплуатуе прыродныя рэсурсы, якія належаць усім расіянам. Ільвіная доля даходаў кампаніі асядае ў кішэнях акцыянераў Газпрама і сярод іх Бабарыка далёка не шараговы паразіт на целе расійскага народа. Газпрам - станавы хрыбет эканомікі Расіі, станавы хрыбет рэжыма Пуціна, станавы хрыбет "рускага свету" на ўсёй зямной кулі, а Белгазпрамбанк якраз прадстаўляе ў Беларусі фінансавыя інтарэсы Газпрама, інтарэсы пуцінскага рэжыма, інтарэсы "рускага свету".

Вось дзе навучаўся працаваць з народам дзьячкоўскі лідар Віктар Бабарыка!

Сёлета Расія як ніколі актыўна ўключылася ў беларускія выбары не для таго, каб замест дыктатуры ўсталяваць у нас дэмакратыю. У тым ліку па-гэтаму расійскія лялькаводы не парупіліся, каб іхнія лялькі ўмелі гаварыць па-беларуску. Бо навошта, калі нічога не памяняецца, адно ў кабінетах беларускіх чыноўнікаў замест партрэта Лукашэнкі будзе партрэт нейкага іншага маскоўскага намесніка з ліку "новых палітыкаў". Болей за тое, маскоўскія паліттэхнолагі і іхні галоўны кандыдат-калабарант Бабарыка былі ўпэўнены, што ўжо няма аніякай беларускай Беларусі, а толькі тэрыторыя і насельніцтва, якое спіць і бачыць сябе ў складзе адзінай і недзялімай імперскай Расіі: "Беларусь як самастойная краіна ўсяроўна прайграе - альбо ў палітычнай сферы, альбо ў эканамічнай. Як яна можа выйграць? Я не бачу перспектыў. А людзі выйграюць адназначна. Мне здаецца, стаўшы часткай Расіі, большасць з іх скажа радасна: "Нарэшце!". Скажуць, паверце!" (В. Бабарыка).

Топавы расійскі банкір Бабарыка 20 гадоў смактаў кроў расійскага народа, 20 гадоў абіраў расіян, 20 гадоў прадстаўляў у Беларусі фінансавыя інтарэсы пуцінскага рэжыма. Таму не дзіўна, што Бабарыка 26 гадоў абыякава сузіраў, як маскоўскі стаўленік Лукашэнка і ягоныя сатрапы Цапкала, Латушка і ім падобныя шэйманы і макеі глумяцца з беларускага народа, як яны будуюць краіну для свайго ўласнага жыцця. Таму не дзіўна, што Бабарыка "радасна" пагадзіўся выканаць даручэнне маскоўскіх заказчыкаў сцерці з геаграфічнай карты свету дзяржаву з назвай Беларусь.

Вось чаму навучыўся ў Газпраме новы дзьячкоўскі лідар Віктар Бабарыка!

НАВУКА ХЛУСНІ І КРЫВАДУШША

С. Ціханоўская - перакладчыца англійскай мовы, хатняя гаспадыня. У адрозненні ад Бабарыкі, Ціханоўскай банальна не хапае грошай. Шуру Балаганаву, герою булгакаўскага рамана "Залатое цяля", для поўнага шчасця патрабавалася 6400 савецкіх рублёў, а сям'і Ціханоўскіх - 900 тысяч даляраў ЗША: "Калі б былі такія грошы - у сям'і ці ў Сяргея - дык напэўна ён бы не змагаўся за нейкія правы простага народа" (7.06.2020 г. Расійскі тэлеканал "Дождж". Ціханоўская пра знойдзеныя ў мужа, ці падкінутыя яму, 900 тысяч даляраў). Такіх грошай сям'я Ціханоўскіх, напэўна, і па сёння не мае, затое Алег Дзьячкоў з горада Магілёва ў дадатак да Бабарыкі мае яшчэ аднаго "новага лідара".

Спачатку сям'я Ціханоўскіх агітавала за сумленныя выбары без Лукашэнкі. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай (яе муж Сяргей) у апошні свой дзень на свабоде заявіў: "На выбары, у якіх будзе ўдзельнічаць Лукашэнка і якія будзе лічыць Ярмошына, я адназначна людзей клікаць не буду. Таму што як у такіх (выдзелена мною. - М.В.) выбарах можна выйграць?... А тыя патэнцыйныя кандыдаты, якія клічуць на выбары і кажуць, што там можна сумленна выйграць і сфальсіфікуюць толькі маленькі працэнт - яны або хлусы, або падлы" (29.05.2020, г. Гродна). Потым, не зважаючы на гэта, Святлана Ціханоўская і людзей клікала на "такія" выбары, і сама ў іх удзельнічала ў якасці хлуслівага кандыдата!

Спачатку сям'я Ціханоўскіх агітавала за "краіну для жыцця" простых людзей. Блогер Ціханоўскі ганіў і высмейваў крывапіўцаў кшталту Бабарыкі і Цапкалы, якія на людскіх слёзах і горы пабудавалі краіну для свайго ўласнага жыцця. Потым, не зважаючы на гэта, Святлана Ціханоўская аб'ядналася з бабарыкамі і цапкаламі!

Відавочна, што, насамрэч, Святлана Ціханоўская ніколі не змагалася і не змагаецца за "нейкія" правы простага народа. Відавочна, што ў неспрыяльных, жорсткіх умовах дыктатарскага рэжыму Святлана Ціханоўская навучылася адно хлусіць і крывадушнічаць.

НОВЫЯ ЛІДАРЫ З'ЯВІЛІСЯ НЕ РАЗАМ…

З цытаты Алега Дзьячкова (гл. пачатак артыкула) вынікае, што новыя палітычныя лідары "з'явіліся" перад ім не разам, не адначасова. Спачатку з'явіўся Бабарыка. Адзін. Без Святланы. Самотнага Бабарыку 18 чэрвеня пасадзілі па палітычных матывах, а 14 ліпеня па гэтых жа палітычных матывах Бабарыку не зарэгістравалі кандыдытам у прэзідэнты. А вось Святлану Ціханоўскую 14 ліпеня па тых самых, вышэйназваных, палітычных матывах - увага! - зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты і, такім чынам, дазволілі Ціханоўскай змагацца за "нейкія" правы простага народа, а простаму хлопцу з Магілёва дазволілі за яе галасаваць! Менавіта 14 ліпеня Святлана і з'явілася перад Дзьячковым.

Калі б простаму хлопцу з простага народа замест Бабарыкі і Ціханоўскай падсунулі нейкіх іншых "новых лідараў", дык, бясспрэчна, вынік для Алега Дзьячкова быў бы гэтакім жа.

ГАЗПРАМ БЛЫТАЕ КОЛЕРЫ

Паводзінам "простага народа" (тэрміналогія С. Ціханоўскай) ёсць навуковае тлумачэнне. Мы ведаем, што неба - блакітнае, а трава - зялёная. Калі хтосьці бачыць неба і траву ў іншых колерах, дык зноў жа мы ведаем, што гэты чалавек - дальтонік. Але, здараецца, блытаюць колеры і людзі са здаровым зрокам. Падчас науковых доследаў група адпаведна паінфармаваных людзей адзін за адным называе штосьці іншым колерам, напрыклад, чырвонае - жоўтым. Адзін чалавек з групы не азнаёмлены з умовамі доследу і наогул не ведае, што гэта менавіта дослед. І! Хто-ніхто з такіх не паінфармаваных паддаецца на хітрыкі даследчыкаў і следам за ўсімі называе чырвонае жоўтым, мяркуючы, што "ўсе" не могуць зблытаць колер.

На маю думку, у грамадскім жыцці нашай краіны праводзіцца падобны дослед і зусім не з навуковымі мэтамі. Адпаведна паінфармаваныя недзяржаўныя так званыя "дэмакратычныя СМІ" яшчэ за колькі год таму спакваля пачалі "раскручваць" Бабарыку як беларускага мецэната. Мецэнат - асоба, якая добраахвотна і на безвыплатнай аснове траціць свае ўласныя грошы на развіццё навукі і мастацтва. Бабарыка выдаткоўваў на культурніцкія праекты ў Беларусі не свае, а газпрамаўскія грошы. Такім чынам, "дэмСМІ" хлусілі пра "мецэната" Бабарыку, хлусілі свядома і, зразумела, хлусілі не на безвыплатнай аснове, не за дарма. Бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пачаўся ўжо маштабны дослед над беларусамі.

МАШТАБНЫ ДОСЛЕД

Спачатку блогер Сяргей Ціханоўскі праехаў па гарадах і мястэчках Беларусі, намацаў самыя болевыя кропкі беларусаў, потым "даследчыкі" падключылі галоўных гульцоў - Валерыя Цапкалу і Віктара Бабарыку, якія адпаведна 8 і 12 траўня заявілі пра сумесны з Аляксандрам Лукашэнкам удзел у прэзідэнцкіх "выбарах", пра ўдзел у "свяце беларускай дэмакратыі" (пазней да іх далучылі і Святлану Ціханоўскую).

У інтэрв'ю "Беларускаму Радыё Рацыя" апазіцыйны палітык (так ён названы гэтым СМІ), кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад аб'яднаных дэмакратычных сіл на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што Цапкала і Бабарыка асобы "з біяграфіяй, з дасягненнямі" (21.05.2020) і што "Самыя вялікія шанцы быць сур'ёзным супернікам для Лукашэнкі мае Бабарыка" (22.05.2020). Неба - блакітнае, трава - зялёная. Памочнікі, топавыя дыпламаты і топавыя банкіры Пуціна для ўсіх сумленных людзей - рускаміраўцы. Для Мілінкевіча яны - асобы з дасягненнямі.

Следам за Мілінкевічам вялікая група адпаведна паінфармаваных беларускіх грамадскіх дзеячоў і журналістаў праз такія ж самыя "дэмСМІ" (газеты, сайты, тэлеграм-каналы) пачалі блытаць колеры - пачалі называць Бабарыку альтэрнатыўным палітыкам і новым лідарам беларускага народа, дэмакратам і апазіцыянерам. Да апошняга дня выбараў, да 9 жніўня, яны замоўчвалі фактар Расіі. Самыя-самыя з гэтай групы, кшталту палітычнага эксперта беларускай рэдакцыі "Радыё Свабода" Валерыя Карбалевіча, пераконвалі беларусаў, што "лялькаводы ад Газпрама, а можа быць і вышэй" - гэта выдумка лукашэнкаўскай прапагандысцкай машыны, што сёлета пуцінская Расія ўпершыню не ўмешваецца ў беларускія выбары і дае нам магчымасць самім рашаць свой лёс.

Яшчэ ў траўні кумірам многіх беларусаў быў блогер Сяргей Ціханоўскі, а праз месяц паддоследныя сваім выратавальнікам і месіяй бачылі Бабарыку, не ўспрымалі крытыку на адрас Бабарыкі, не ўспрымалі ніякія рацыянальныя довады і, болей за тое, бэсцілі "старую гвардыю", кшталту, "а што Пазняк зрабіў за 26 гадоў?!". Опа! Аказваецца, мала быць у вымушанай шматгадовай эміграцыі, мала быць самаахвярным, мала нястачы і нядолі, мала зведаць рэпрэсіі і турмы, мала быць забітым рэжымам. Каб заваяваць павагу, давер і пашану некаторых беларусаў, трэба дваццаць гадоў павучыцца "працаваць з народам" у газпрамаўскім банку ці ўмець смажыць катлеты для мужа-крымнашыста! Пасля зняволення Бабарыкі на кароткі час успыхнула "зорка" Валерыя Цапкалы. Лукашэнка таксама "не спаў у шапку" і дапусціў да ўдзелу ў "выбарах" самае слабае звяно гэтага новага расійскага ланцуга на шыю беларусаў - Святлану Ціханоўскую. Потым, па "пстрычцы" расійскіх паліттэхнолагаў, шэранае качаня Ціханоўская пераўтварылася ў белую лебядзь у атачэнні "пераможніцы" Веранікі Цапкалы і бабарыкінскай "неверагоднай" Марыі Калеснікавай, а 9 жніўня хлопец з Магілёва (не хлус і не падла) Алег Дзьячкоў следам за "новымі лідарамі" пашыбаваў на фальшывыя выбары з фальшывымі кандыдатамі… каб не застацца "на ўскрайку…". Але…

ЗА НОВУЮ БЕЛАРУСЬ

Маскоўскія імперцы і іх тутэйшыя памагатыя - так званыя "новыя лідары" - усё ж пралічыліся! Хцівым "даследчыкам" не дапамаглі іхнія хітрыкі. Беларусы не хочуць быць часткай крымінальнай пуцінскай Расіі, не хочуць быць часткай хоць якой іншай дзяржавы. Амаль трохмесяцовы пратэст паказвае, што беларусы выступаюць за новую, дэмакратычную, вольную і незалежную Беларусь, а не за "прэзідэнта Светку". Жыве Беларусь!

Міхась Варанец, г. Слонім.

Пра апазіцыю - "традыцыйную" і "нетрадыцыйную"

На з'ездзе абодвум старшыням (дзейнай і ганароваму) некалькі дэлегатаў прад'явілі прэтэнзіі наконт іх патрабаванняў аб тым, што кандыдат у прэзідэнты павінен быць беларускамоўным. Як на мой погляд, тыя патрабаванні выказаны занадта павучальна (я абраў бы крыху іншую форму), але па сутнасці былі правільнымі. Трэба штурхаць людзей, якія імкнуцца кіраваць краінай, да важнейшых складнікаў існавання дзяржавы. Штурхаць далікатна, але настойліва. Без такіх штуршкоў яны пра тое не думаюць і, мабыць, не сталі б думаць.

Успомнім, як пачыналіся сустрэчы жаночай тройцы з народам. Сімволіка - белыя стужачкі, лозунгі - толькі рускамоўныя: "Вперёд, белорусы!", "Страна для жизни", "Любим, можем, победим!" ды інш. І гэта ўсё не гукнулася б такой узнёслай магутнай хваляй, каб да мітынгаў не далучыліся людзі з бела-чырвона-бе-лымі сцягамі і беларускай мовай.

Знайшоў адзін цікавы водгук у інтэрнэце: "Какие же молодцы беларускамоўныя! Восхищаюсь вами! Только не называйте нас больше москалями и кацапами." Хацелася напісаць гэтай жанчыне, што "маскалі" і "кацапы" - гэта не да яе, а да тых, хто грэбліва называе нас "малодшымі братамі" ды "бульбашамі".

С. Ціханоўская казала, што беларускай мовай валодае, але ёю не карысталася і па асобных яе словах было відавочна, што гэтая мова для яе другасная. Зараз яна, дарэчы, пачала інтэнсіўна выпраўляць гэтую хібу сваёй адукацыі, што ўхвальна. Не з-за папрокаў А. Трусава, якіх яна хутчэй не пачула, а па нейкіх іншых прычынах, пра якія няцяжка здагадацца.

І ўсё ж дзве жанчыны на з'ездзе выказалі незадавальнне ганароваму старшыні за яго моўную агрэсію ў бок Святланы. Іх вырашыў падтрымаць малады і актыўны. Ён энергічна выйшаў да трыбуны і накінуўся на А.Трусава павышаным тонам: "Ціханоўская і Бабарыка - гэта новыя лідары! Іх падтрымлівае народ! А дзе традыцыйная апазіцыя?! Зганьбіла сябе!"

Што ж, трэба распавесці яму, дзе тая "традыцыйная" апазіцыя, калі ён не ведае. Севярынец у турме, там жа Статкевіч, Пазьняк з-за пагрозы жыццю з'ехаў за мяжу, туды ж вымушана з'ехаў Саннікаў з сям'ёй. А хто не помніць скрываўленага твару Някляева? Хто не чытаў яго вершаў, напісаных у турэмнай камеры?..

Можа, не пра іх казаў чалавек? Ці названых ён не адносіць да "традыцыйнай апазіцыі"? Тады трэба называць канкрэтныя прозвішчы, а не мазаць лайном усіх пагалоўна. Як гэта лёгка: збэсціць усіх, хто быў да цябе, маўляў, нічога не рабілі, толькі грантасосілі, а вось мы зараз возьмемся і… Здзіўляйцеся, людзі! Але пачакаем здзіўляцца, прыгледзімся да справы.

Задумаўся аб цікавым выразе "традыцыйная апазіцыя". Гэта значыць, апазіцыя з традыцыямі. А традыцыі з'яўляюцца на працягу пэўнага некароткага часу. Тады гаворка пра апазіцыю, якая існуе здаўна. Азірнуўся на сябе: мабыць, і мяне можна аднесці да "традыцыйнай апазіцыі", бо мая апазіцыйнасць пачалася з 1978 года (менавіта тады з'явілася мая першая "апазіцыйная" публікацыя), калі маладога крытыка яшчэ не было на свеце. Аглядваючы гэты саракагадовы свой шлях, спрабую зразумець: дзе і чым я сябе зганьбіў?

Дзіўная рэч: тая моладзь, якая сёння выходзіць на пратэсты, у большасці лічыць, што яны першыя, што раней нічога падобнага не было, што людзі толькі сядзелі на кухнях і цярпелі. І разумею выплеск крыўды сталай жанчыны Раісы Катляровай, якая паказала маладзёнам два ўзнятыя ўверх пальцы, знак перамогі, і тыя паляпалі яе па плячы: малайчына, бабуля, і ты з намі. Не яна з імі, а яны з ёю, бо тое, што яны робяць зараз (дараслі нарэшце!), яна рабіла трыццаць год таму - зарабляючы і тумакі, і здзекі, і штрафы. А яны, цёмныя, нічога пра тое не ведаюць. І вынаходзяць свой ровар, лічаць сябе першапраходцамі.

Ну і няхай будуць першапраходцамі. Толькі б дайшлі… Толькі б дайшлі да Беларусі, да якой шлях няпросты і ляжыць у тым ліку праз мову. З чужой мовай, калі верыць Скарыну і Каліноўскаму, да яе не дайсці.

Не магу не ўзгадаць праграму яшчэ аднаго кандыдата ў прэзідэнты. Распісаў усё цудоўна - і пра палітычны лад, і пра эканоміку, і пра асноўныя свабоды чалавека, якія трэба абараняць. "А теперь о языке. Пользуемся русским, учим английский, поддерживаем белорусский." Формула з шасці слоў, з якой вынікае, што беларускай мовай не карыстаемся, а толькі падтрымліваем. На табе, мова, мыліцы, пакавыляй яшчэ! Сам не ў тэме наконт мовы, дык знайдзі сабе спічрайтэра, які дапаможа сфармуляваць выразна і дакладна. Калі б звярнуўся, напрыклад, да мяне, я перарабіў бы формулу так: "Карыстаемся беларускай і рускай мовамі. Імкнемся валодаць англійскай, кітайскай, нямецкай ды іншымі мовамі свету." Слоў болей, але і сэнсу болей.

Хочацца сказаць "нетрадыцыйнай апазіцыі": "Не варта кідаць камяні ў людзей, што пражылі значна большы век. Зарабляйце свой імідж іншымі сродкамі. Бо "калі стрэліш у мінулае з пісталета, тады будучыня стрэліць у цябе з гарматы".

А мову прэтэндэнты ўсё ж няхай вучаць. Нам хапіла аднаго старшыні, які мовы не ведае. Выявілася, што ён і Беларусі не ведае.

Міхась Булавацкі.

Прыйшоў час беларускай сімволікі, прыйдзе час і беларускай мовы

У Беларусі цяпер усё неадназначна. Як гэта не парадаксальна гучыць, але яе далёкую будучыню прадказаць значна прасцей, чым блізкую. Цяжка сказаць, што будзе праз дзень, ці тыдзень, ці нават месяц. Але лёгка прадбачыць, што і як будзе праз год, тым больш, - праз некалькі гадоў.

Аўтазакі, міліцэйскія машыны, спецтэхніка… Цэнтральныя плошчы агароджаны турнікетамі. Людзі ў камуфляжах. І сінія чалавечкі ў міліцэйскіх мундзірах, і зялёныя, і пераапранутыя ў цывільнае, але не цывільныя, а найбольш гэтай сілавой публікі ў чорным… Яны самыя актыўныя, тыя чорныя людзі, з чорнымі дубінамі ў чорных балаклавах на галовах, пад якімі хаваюць свой твар і сумленне.

Людзі ў чорным хапаюць і валакуць у аўтазак дзіця, якое на асфальце крэйдай напісала "Жыве Беларусь!!!", пырскаюць газам у мірных дэманстрантаў, б'юць дубінай, цягнуць па асфальце, затрымліваюць…

Жыхароў Беларусі масава выклікаюць у кабінеты сілавікі. Тут і пракуратура, і міліцыя, і следчы камітэт… Іх так многа, аказваецца, панастворана, што рана ці позна аніякі бюджэт не змог бы пракарміць. Толькі працалюбівыя беларусы маглі выцягваць так доўга на сабе такую плойму…

З'ява янычарства не новая і добра вывучаная. Заўсёды і ва ўсіх народаў знаходзяцца тыя, хто за добры заробак, або за перспектывы ў кар'еры, або проста за маніякальнае адчуванне сваёй уседазволенасці і набыцця гвалтоўнай перавагі над іншымі гатовы быў на самыя жорсткія дзеянні ў дачыненні да сваіх суайчыннікаў.

А Беларусь выходзіць з нацыянальнымі сімваламі і становіцца насупраць узброеных у чорным… Жанчына адчыняе дзверы сваёй кватэры і хавае ад сілавікоў з дубінамі зусім невядомых ёй людзей, рызыкуючы, што за гэта ў тыя дзверы пагрукаюць няпрошаныя госці. Супрацоўнік МНС, якога прывезлі адмыслова, каб ён зняў бела-чырвона-белы сцяг з вышыні, не здымае яго, а, наадварот, разварочвае, каб той залунаў яшчэ мацней, - і губляе працу. Уладальнік бара зачыняе дзверы перад сілавікамі, якія гоняцца за пратэстоўцамі, рызыкуючы сваім бізнесам. Аўтамайстры задарма рамантуюць транспарт зусім невядомых ім людзей, якіх пабілі сілавікі за тое, што шафёр гудком падтрымліваў дэманстрантаў. Бацюшка б'е ў званы Храма, каб спыніўся гвалт. Шахцёр прыкоўвае сябе ланцугамі ў шахце, каб улада пачула патрабаванні рабочых. Апазіцыянерка дзярэ ў лахманы на мяжы свой пашпарт, каб яе не выкінулі за межы Радзімы і свядома ідзе за краты. Студэнты выганяюць з універсітэтаў сілавікоў і ўступаюць у спрэчкі з кіраўніцтвам і ідэолагамі сваіх навучальных устаноў, рызыкуючы быць выгнанымі з вучобы. Выкладчыкі заступаюцца за студэнтаў рызыкуючы быць выгнанымі з навучальнай установы. Рабочыя аб'яўляюць страйк, ведаючы, што іх павыганяюць з працы. Работнікі культурных устаноў, інтэлегенцыя, журналісты, заяўляюць сваю пазіцыю і… губляюць працу… Незнаёмыя нясуць дэманстрантам ежу і цяпло, і ўсе разам аб'ядноўваюцца любоўю. Любоўю да Беларусі.

Моладзь і сталыя, рабочыя і інтэлігенты, жанчыны і мужчыны ідуць адстойваць праўду, нягледзячы на рызыку. І нават тыя жорсткасці, якія ім давялося зведаць з боку сілавых структур падчас арышту і ўтрымлівання ў няволі не змаглі іх зламаць. Яны выходзяць, рызыкуючы ўсім, нават здароўем і жыццём. І ўсе, паўсюдна, вывешваюць, падымаюць, носяць нацыянальную, бела-чырвона-белую сімволіку, хоць менавіта за яе на іх і накідваюцца… Але людзі носяць, каб паказаць, што мы - Народ! Што мы - Беларускі Народ! Каб паказаць уладзе, усяму свету, а найперш самім сабе, якім ён ёсць насамрэч, той Беларускі Народ! Цуды добразычлівасці, узаемападтрымкі, самаахвярнасці і іншых найвышэйшых якасцяў велічы чалавечай натуры паказваюць беларусы. Паказваюць, якія яны ёсць сапраўдныя ў сваёй душы.

І яшчэ на адну найважнейшую рэч варта звярнуць увагу. Лідар вядомай групы "J:Морс" Уладзімір Пугач папрасіў прабачэння ў сваім новым кліпе "Даруй" у тых, хто ўсе мінулыя гады змагаўся з рэжымам, нават тады змагаўся, калі ў іх яшчэ не было такой масавай падтрымкі, як цяпер. І падабраў вельмі цёплыя словы. "Нізкі паклон тым, - сказаў ён, - хто ўжо дзесяць, пятнаццаць і дваццаць гадоў таму знаходзіў у сабе сілы, перамагаючы страх, рызыкуючы і ахвяруючы сабой, адстойваць нашы правы. Дзякуй вам і прабачце, што так доўга вас даганялі".

Гэта насамрэч сапраўдны ўчынак сапраўднага грамадзяніна, разам з іншымі праявамі чалавечнасці якія цяпер у Беларусі праяўляюцца паўсюдна і завяршаюць разгадку беларускай душы. Гэтыя словы ўдзячнасці былі звернутыя да тых, хто ўсе гэтыя гады з такімі ж самымі словамі на ўсіх сваіх імпрэзах гэтак жа шчыра дзякаваў мінулым пакаленням, якія змагаліся за беларускую свабоду, за чалавечую справядлівасць, за праўду. Цяпер падзякавалі і ім. Падзякавалі тым, большасць з якіх нават у новай Беларусі будзе незапатрабаванай. Бо яны ўсё жыццё змагаліся з рэжымам, а не рабілі кар'еру, не нажылі багацця, не стварылі імя, не заснавалі бізнес… Бо менавіта пастаяннае змаганне з рэжымам, які ў іх разуменні атаясамліваўся са злом і антыбеларускасцю, менавіта гэта і быў іх прафесійны ўзровень, які яны ўвесь час павышалі.

Адзін з найвялікшых палітыкаў найноўшай гісторыі прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган неяк сказаў, што Свабода знаходзіцца на адлегласці ўсяго аднаго пакалення ад свайго знікнення, калі за яе не змагацца. Таму нельга было дапусціць, каб у змаганні за Беларускую Свабоду выпала тое пакаленне. Большасць старой апазіцыі цяпер не так разбіраецца ў кампутарах, як таго патрабуе час, і ў бізнесе, які апярэдзіў іх мажлівасці даўно, і нават у палітыцы, якая стала зусім іншая і значна больш фальшывая, чым тады, калі яны ў яе прыйшлі. Большасць з іх не ведае ангельскай мовы, бо ўвесь час, калі іншыя вывучалі ангельскую, вучылася гаварыць праўду па-беларуску. І гаварылі. Гаварылі праўду. І гэтую праўду цяпер пачуў увесь народ.

Зрэшты, для іх, хіба, няма большай узнагароды, чым тая ўдзячнасць, тая падзяка, і бела-чырвона-белая сімволіка ў руках суайчыннікаў. Тысячы і тысячы нацыянальных сцягоў і гербаў "Пагоня" ў тысячах і тысячах рук беларусаў… Што яшчэ трэба, каб зразумець, што ўсё было не дарэмна?!

Шлях гаварыць праўду па-беларуску і ёсць шляхам беларускай перамогі. Вось і атрымліваецца, што беларуская мова сёння стала самай праўдзівай мовай свету. Бо за апошнія даволі фальшывыя часы на ёй хлусілі менш за ўсё. І не таму, што на ёй гаварыла не так шмат народу. А таму, што тыя, хто ёй карыстаўся, гаварылі праўду. Нездарма ўлада ў Беларусі перайшла на іншую мову, але не на сваю нацыянальную. Затое свая, нацыянальная, засталася не заплямленая, як і нацыянальная беларуская сімволіка.

У Беларусі цяпер усё неадназначна. Як гэта не парадаксальна гучыць, але яе далёкую будучыню прадказаць значна прасцей, чым блізкую. Цяжка сказаць, што будзе праз дзень, ці тыдзень, ці нават месяц. Але лёгка прадбачыць, што і як будзе праз год, тым больш, - праз некалькі гадоў. Бо Беларускае Адраджэнне працягваецца і спыняцца не збіраецца.

Прыйшоў час Беларускай Сімволікі, прыйдзе і час Беларускай Мовы.

Віктар Сазонаў. НЧ.

Даследаванне эвалюцыі будаўнічай тэхнікі і матэрыялаў

Адным з галоўных прызнакаў той ці іншай цывілізацыі з'яўляецца мураванае будаўніцтва. Толькі маючы моцную дзяржаву і значныя фінансавыя сродкі можна будаваць велічныя храмы і замкі, гарадскія ўмацаванні, палацы, ратушы, жылыя дамы і загарадныя рэзідэнцыі. Нашы продкі ўмелі будаваць і пакінулі вялікую спадчыну, якую трэба вывучаць і захоўваць. На жаль, значная частка ўнікальных будынкаў была знішчана, і ў зямлі захаваліся толькі іх сутарэнні і падмуркі. Тыя пабудовы, якія ацалелі на зямной паверхні, патрабуюць кансервацыі і рэстаўрацыі.

Пачынаючы з XVIII ст. беларускія помнікі мураванага дойлідства вывучаюць археолагі.

Архітэктурная археалогія - адзін з напрамкаў даследаванняў, які ў наш час набывае надзвычай важнае значэнне ў сувязі з развіццём рэстаўрацыі, музеефікацыі і прыстасавання помнікаў архітэктуры да патрэбаў айчыннага і замежнага турызму.

Гэты накірунак гістарычнай навукі атрымаў трывалае заканадаўчае абгрунтаванне ў сувязі з прынятым у 2016 г. Кодэксам аб культуры.

Праблема тэхналагічных аспектаў узнікнення і развіцця беларускага мураванага дойлідства, якая грунтуецца на гісторыі будаўнічай тэхнікі і розных будаўнічых матэрыятаў, дазваляе вызначыць месца беларускай архітэктуры ў кантэксце еўрапейскага дойлідства ХІ-ХVІІІ стст. як складовай часткі еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі перыяду Сярэднявечча і Новага часу.

Мэта новага даследавання кандыдата гістарычных навук Алега Трусава "Эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі манументальнага дойлідства Беларусі ХІ - ХVІІІ стст." - распрацаваць функцыянальную і архітэктурную тыпалогію і храналогію, архітэктурна-археалагічную класіфікацыю беларускага мураванага дойлідства XI-XVIII стст., якая грунтуецца на падрабязным аналізе будаўнічай тэхнікі.

У гэтай кнізе аўтар паставіў перад сабой наступныя задачы:

- даследаваць уплыў візантыйскай архітэктурна-будаўнічай культуры ў беларускім культавым дойлідстве ХІ-ХІІ стст.;

- распрацаваць і прасачыць на аснове сацыяльнага і рэлігійнага статусу тэхнічныя асаблівасці і функцыянальную тыпалогію гатычнай абарончай і сакральнай беларускай архітэктуры ХІІІ-ХV стст.;

- вызначыць ролю фартыфікацыйнага, палацавага і сакральнага дошіідства Беларусі ў сувязі з уплывам рэнесансавай будаўнічай тэхнікі і з'яўлення новых будаўнічых прыёмаў і матэрыялаў у XVI ст.;

- прасачыць барокавыя ўплывы ў грамадзянскім, абарончым і культавым дойлідстве Беларусі ХVІІ-ХVІІІ стст. праз дэталёвае вывучэнне асноўных будаўнічых канструкцый.

Аб'ектам даследавання з'яўляюцца помнікі беларускага манументальнага дойлідства ХІ-ХVІІІ стст. Прадмет даследавання складае працэс эвалюцыі будаўнічай тэхнікі будынкаў культавага, абарончага, грамадзянскага і жылога дойлідства, якія былі даследаваны археолагамі на працягу XVIII - пачатку XXI ст., іх асноўныя канструкцыі і будаўнічыя матэрыялы, а таксама рыштунак беларускіх дойлідаў.

Упершыню ў гістарычна-археалагічнай навуцы Беларусі і суседніх краін у кнізе поўна і сістэмна разглядаецца беларускае мураванае дойлідства ХІ-ХVІІІ стст. як цэласная гістарычна-культурная з'ява ў сукупнасці яе фармальных і змястоўных характарыстык.

Правядзенне архітэктурна-археалагічнага вывучэння беларускага манументальнага дойлідства ХІ-ХVІІІ стст. дазваляе ахарактарызаваць беларускую архітэктуру як еўрапейскі гістарычна-культурны феномен.

Гэтая тэма набывае пэўную цікавасць не толькі для айчыннай навукі, але і для даследчыкаў сумежных краін, якія маюць агульныя з нашай краінай перыяды супольных гістарычных дзяржаўных утварэнняў.

На тэрыторыі Беларусі захавалася значная колькасць архітэктурных помнікаў ХІ-ХVІІІ стст. Шмат з іх вывучаў непасрэдна аўтар кнігі. Найперш гэта замкі ў Лідзе, Крэве, Міры, Стары замак і Каложская царква ў Гародні, Барысаглебская царква ў Наваградку, Дабравешчанская царква ў Віцебску, ратуша ў Магілёве і іншыя.

Тэхналагічныя і тэхнічныя аспекты беларускага мураванага дойлідства А. Трусаў вывучае з 1976 года. Аўтар кнігі з'яўляецца першым даследчыкам гісторыі будаўнічых матэрыялаў і асноўных архітэктурных канструкцый, знойдзеных падчас археалагічных даследаванняў у Беларусі. Ён мае некалькі аўтарскіх і калектыўных манаграфій па тэме кнігі, у якіх даецца падрабязная характарыстыка відаў цэглы, дахоўкі і плітак падлогі, кафлі, розных тыпаў каменных і цагляных муровак ды іншых будаўнічых матэрыялаў. А. Трусаў падрыхтаваў да друку і выдаў унікальныя працы І. Хозерава па полацкім і смаленскім дойлідсгве XI-XIII стст., прааналізаваў дзейнасць П. Рапапорта, М. Ткачова, Л. Аляксеева і іншых даследчыкаў беларускага дойлідства, а таксама выдаў брашуру і альбом (у суаўтарстве), прысвечаныя гісторыі беларускага кафлярства. Увёў у навуковы ўжытак існаванне ў Беларусі віцебскай архітэктурнай школы XII ст. Аўтар мае адпаведныя публікацыі ў літоўскіх, украінскіх, польскіх і расійскіх выданнях.

Нягледзячы на тое, што беларускія даследчыкі не раз адзначалі важнасць даследавання будаўніча-тэхнічных аспектаў мураванага беларускага дойлідства, распрацоўка гэтай праблемы на абагульняльным і параўнальным узроўні ў нашай краіне пакуль не праводзілася, таму гэтая манаграфія зможа запоўніць вышэйпазначаную лакуну. Манаграфія дапаможа арганізаваць рэстаўрацыйныя работы на розных помніках беларускага дойлідства на высокім еўрапейскім узроўні. У ёй аўтар сістэматызуе і выкладае канкрэтныя веды не толькі для рэстаўрацыі, але і для музеефікацыі шэдэўраў беларускага дойлідства ХІ-ХVІІІ стст., а таксама для будучага рэспубліканскага музея гісторыі будаўнічай тэхнікі.

З 1995 г. аўтар манаграфіі - дацэнт у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, выкладаў і выкладае такія дысцыпліны, як "Археалогія", "Асновы кансервацыі і рэстаўрацыі", "Гістарычнае краязнаўства", "Гісторыя архітэктуры", "Музейная архітэктура" і "Тэорыя і практыка рэстаўрацыйнай дзейнасці". Некаторыя матэрыялы кнігі былі раней апублікаваныя ў выглядзе асобных артыкулаў.

Кніга выдадзена ў выдавецтве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў накладам у 100 асобнікаў. Фармат А-4. У кнізе - 195 старонак тэксту і 110 стронак каляровых ілюстрацый.

Набыць кнігу можна ў "Акадэмкнізе" ў Менску. Там жа, у "Акадэмкнізе", у лістападзе пройдзе яе прэзентацыя. Сачыце за абвесткамі.

Яраслаў Грынкевіч.

Яўгену Гучку - 80

4-га лicтапада выдатнаму беларускаму паэту Яўгену Гучку споўнiлася 80 гадоў. Ганаровы ўзрост, ганаровы юбiлей.

Хачу цераз "Наша слова" павiншаваць юбiляра, Яўгена Сяргеевiча Гучка, з 80-годдзем, пажадаць яму моцнага здароўя, добрага настрою, новых творчых поспехаў у лiтаратурнай дзейнасцi. Хаця адчуваецца, што Яўген Гучок зараз знаходзiцца на творчым уздыме.З-пад яго пяра ў апошнi час вышлi i выходзяць новыя кнiгi. Чытачы "Нашага слова", магчыма, яшчэ i зараз знаходзяцца пад уражаннем яго паэмы-эсэ "Аб рабстве", якая друкавалася ў газеце ў лiпенi - жнiўнi бягучага года.

"Гвалт, бiзун, збiццё, забiццё -

Нязменныя атрыбуты

Рабства."

Гэта трапна напicaна пра тое, што зараз адбываецца на вулiцах гарадоў i мястэчак нашай краiны. Магчыма, шмат людзей далучылаcя да тых соцень тысяч на Маршах пратэсту на заклiк Святланы Цixaноўскай, прачытаўшы гэты трагiчна-трывожны твор Яўгена Гучка.

"Раб не здольны

Перастаць

Баяцца".

Тут Яўген Гучок памыляецца, спадзяюся, што ён i сам гэтаму абрадваўся. Сотнi тысяч людзей выходзяць на вулiцу на Маршы пратэсту, таму што яны пераадолелi cтрах. Яны змагаюцца, каб у краiну вярнуць законнасць.

Але вернемся непасрэдна да юбiляра. Яўген Гучок нарадзiўcя 4-га лicтапада 1940 года ў горадзе Слуцку. Яго маленства супала з ваенным лixaлеццем, а потым яшчэ некалькi пасляваенных галодных гадоў. Хутчэй за ўсё яму было не да цацак, не да дзiцячых гульняў. Потым былi сярэдняя школа, праца ў геалагiчным атрадзе, потым служба ў Савецкай Армii (1960 - 1963).

Мяркую, што праца ў геалагiчным атрадзе пайшла Яўгену на карысць, змянiла яго стаўленне да прыроды - пераезды з аднаго месца на другое, змена прыродных ландшафтаў, прыгажосць беларускай прыроды - усё гэта ўзбагацiла яго духоўна. Калi ты разумееш прыроду, тады i нараджаюцца ў сэрцы, у думках паэтычныя радкi. Ён пачаў друкавацца ў мясцовай газеце ў 1959 годзе, а пачаў вершы складаць яшчэ ў школьныя годы. Пасля службы ў армii паступiў y БДУ, якi скончыў у 1968 годзе.

З-пад пяра Яўгена Гучка выйшаў шэраг кнiг. Я пералiчу тут толькi тыя кнiгi, якiя ёсць на маёй кнiжнай палiцы. Гэта: "Формула травы" (2002), "На патрэбу душы" (2004), "Чаму мы страцiлi этнонiм Лiтва" (2007), "Nekropolis" (2009), "Ах, Родчанка!" (2011), "Беларусь у Магдэбургскiм праве" (2013), "Альгерд Абуховiч" (2014), "У родным краi" (2017), "Тэрыторыя душы" (2019), "Голы кароль" (2019), "Maё пяцiкнiжжа" (2017). Для мяне вялiкi гонар, што ўсе гэтыя кнiгi з аўтографамi аўтара.

Да паэзii Яўген Гучок ставiцца вельмi кранальна, ён - паэт ад Бога:

"Ёсць дама, якой я не здраджу нiкoлi,

Якой не хлусiў, за якую гарою стаяў,

З якой пачуваў сябе ветрам у полi

I нават рукою нябёсы кранаў.

Той дамы iмя - не з тутэйшых -

Паэзiя …"

Яўген Сяргеевiч - адданы патрыёт Беларусi. абаронца роднай мовы:

"На гэтай мове уркi не гавораць,

На гэтай мове Мурку не пяюць,

На ёй баевiкoў

не падбухторваюць,

Каманду тэрарыстам не даюць.

Таму яна ў нямiласцi падонкаў ..."

З юбiлеем, Яўген Сяргеевiч!!!

Iлля Копыл, чытач i сталы падпicчык "Нашага слова".

Віншуем Яўгена Гучка з 80-годдзем!

4-га лістапада паэту Яўгену Гучку, чые творы часта друкуюцца на старонках газеты "Наша слова", сябру Фрунзенскай раённай арганізацыі ТБМ г. Менска, спаўняецца 80 гадоў.

Яўген Сяргеевіч Гучок нарадзіўся ў 1940 годзе ў Слуцку ў сям'і будаўнікоў. Пасля школы працаваў у геалагічным атрадзе, на мэблевай фабрыцы. Тры гады служыў у войску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і аспірантуру пры ім. Вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце. Працаваў настаўнікам, з 1971 па 2001 гг. быў на пасадзе спачатку рэдактара, а пасля вядучага рэдактара ў выдавецтве "Народная асвета".

Друкавацца пачаў з 1959 г. Першыя вершы былі змешчаны ў 1959 ў слуцкай раённай газеце "За сацыялістычную Радзіму". З'яўляецца аўтарам наступных кніг паэзіі, прозы і публіцыстыкі: "Белое чудо" (1976, выдавецтва "Мастацкая літаратура); "Блакітныя чмялі" (1983, выдавецтва "Юнацтва"); "Сэрцам і думкай"(1994, выдавецтва "Мастацкая літаратура); "Формула травы" (два выданні, 1997, выд. "Спадчына", 2002, выд. "Полымя"); "На патрэбу душы" (2004, выд. "Тэхналогія"); "Ах, Родчанка!" (2011); "Беларусь у Магдэбурскім праве" (2013, выд. "Рыф-Тур"); "Альгерд Абуховіч" (выд. "Харвест"), і некаторых іншых.

Мае публікацыі ў зборніках, альманахах, перыёдыцы. Перакладае з розных моў на беларускую. Даследуе пытанні роднай гісторыі і культуры. Яго творы друкаваліся ў Расіі, Польшчы, Чэхіі, ЗША, Індыі.

Жыве ў Менску.

Зараз Яўген Сяргеевіч Гучок, не зважаючы на праблемы са здароўем, працягвае працу над новымі кнігамі.

Зычым шаноўнаму творцу плёну ў творчай працы, здароўя і аптымізму!

Віншуем Вас, дарагі Яўген Сяргеевіч з 80-годдзем!

Павел Чайкоўскі. Менск.

90 ГАДОЎ СКУЛЬПТАРУ ЛЬВУ ГУМІЛЕЎСКАМУ, НАРОДНАМУ МАСТАКУ БЕЛАРУСІ

Шаноўны Леў Мікалаевіч!

Напоўніцу ўсведамляючы Ваш каштоўны ўнёсак у беларускую культуру, шчыра і сардэчна віншуем Вас з юбілеем.

Зычым здароўя, душэўнай моцы, а таксама творчай нязгаснасці, якая крэпіць-мацуе руку і зрок, квеціць душу, лагодзіць настрой.

Мы, жыхары Нясвіжчыны, глыбока ўдзячныя Вам за творчае шанаванне вялікіх людзей нашага нясвіжскага краю. Па-за ўсякімі пратаколамі і рашэннямі лічым Вас ГАНАРОВЫМ ЖЫХАРОМ Нясвіжа.

Асаблівая ўдзячнасць за высакародны чын у гонар і памяць маякоў нашай нацыі - Кірылы Тураўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча.

Вы з годнасцю пранеслі праз жыццё культурны ген Вашага нясвіжскага настаўніка Міхала Сеўрука, высокія якасці сапраўднага беларускага інтэлігента і творцы, перадалі іх праз сына і вучняў у нашу нацыянальную будучыню.

Святкуем разам з Вамі !

Сябры Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Кастрычнік 2020 г.

Колькі каштуе памяць пра ахвяраў слуцкага гета?

Каля помніка ахвярам слуцкага гета ўскладзены, напэўна, найдаражэйшы букет у свеце. І яго кошт, імаверна, працягне расці. Як дорага абыдуцца случчанам ускладзеныя кветкі каля гета?

Некаторыя случчане ўсур'ёз абмяркоўваюць, што хутка назва правінцыйнага Слуцка з'явіцца ў кнізе рэкордаў Гінэса. Бо занадта дорага каштуе тут ускладанне кветак каля помніка ахвярам Халакосту.

Палічым разам. За 8 хвілін ускладання кветак каля помніка ахвярам Слуцкага гета без дазволу райвыканкама 21 кастрычніка судом Слуцкага раёна 26-27 кастрычніка пакараны шасцёра чалавек.

Я адсядзела перад судом трое сутак у слуцкім ізалятары. Адны суткі адсідкі ў слуцкім ізалятары каштуюць 13 рублёў. За трое сутак вымалёўваюцца 39 рублёў. Атрымала штраф у 40 базавых велічынь - 1080 рублёў.

Яўген Азёрны сядзіць у слуцкім ізалятары. Гуманны слуцкі суд не пашкадаваў адпусціць яму 10 сутак адпачынку. Кошт адсідкі абыйдзецца ў 117 рублёў.

Андрэй Крот заплаціць кошт ізалятара памерам у 26 рублёў, да гэтай сумы дададзім велічыню штрафу ў 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Ірыне Крот 8 хвілін ускладання кветак абыйдуцца ў 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Юрый Гароднік: 13 рублёў за ізалятар, 25 базавых велічынь (675 рублёў).

Насця Шуба - 25 базавых велічынь (675 рублёў).

Такім чынам, агульны кошт штрафаў і адсідак складзе 3995 рублёў. Прысутнічалі пры ўскладанні кветак прыкладна 12 чалавек, і кожны з іх таксама заплаціў грошы кветкавай краме. У кагосьці быў сціпленькі букецік коштам да 10 рублёў, хтосьці раскашэліўся на больш. Калі нават браць сярэдні памер кошту букецікаў у 8-10 рублёў, да агульнай сумы можна ўпэўнена дадаць каля 100 рублёў.

Перадачы ў СІЗА, страчаны заробак у Яўгена Азёрнага і ў некаторых іншых таксама каштуюць нямала грошай, якія цяжка палічыць. Дадамо яшчэ сюды кошт юрыдычных паслуг прысутнасці адваката ў судзе ў двух чалавек, далейшыя юрыдычныя паслугі пры абскарджванні прысуду ў Менскім абласным судзе для шасцярых чалавек, магчыма, і ў Вярхоўным судзе - можна смела дадаць яшчэ каля тысячы рублёў - калі не больш.

Атрымліваецца, агульная сума кошту ўскладання кветак - каля 6000 рублёў, што складае 2336 амерыканскіх долараў па сённяшнім курсе. В-е-е-е-льмі дарагі букецік паклалі ахвярам гета случчане!

Дык каб жа ахвярам… А калі гэтыя грошы пойдуць на ўзбраенне і амуніцыю тых, хто плодзіць новых ахвяр?

Адно можна дадаць: заробак на ўскладанні кветак і падобных гуманітарных культурных мерапрыемстваў - вельмі нядрэнны від бізнесу для дзяржавы ў перыяд адсутнасці інвестыцый звонку. Падобны на сярэднявечны гандаль індульгенцыямі на адпушчэнне грахоў, але з непамернымі сумамі штрафаў і адсідкамі на турэмных шконках.

Зінаіда Цімошак.

Улады Германіі маюць намер прыбраць паняцце расы з Асноўнага закона

Навіны Германіі

Ва ўрадзе Германіі ўсе адзіныя ў меркаванні, што розных чалавечых рас не існуе, заявіла міністр юстыцыі. Канстытуцыя ФРГ павінна абараняць ад расізму і без згадвання расы, падкрэсліла яна.

Урад Германіі мае намер выключыць паняцце расы з Асноўнага закона. Чальцы кабінета міністраў сыходзяцца ў меркаванні, што ў чалавецтва няма рас, якія адрозніваюцца адна ад другой, прыводзіць выданне Augsburger Allgemeine словы міністра юстыцыі ФРГ Крысціны Ламбрэхт (Christine Lambrecht) у панядзелак, 2 лістапада. Тэрмін будзе выключаны і будзе знойдзена новая фармулёўка для абароны ад расізму, падкрэсліла Ламбрэхт. Асноўны закон павінен абараняць ад расізму без згадвання расы, пры гэтым пацярпелыя ад дыскрымінацыі не павінны ўспрымаць гэтую змену як пагаршэнне сітуацыі, адзначыла міністр.

Паняцце расы ўвайшло ў Асноўны закон 1949 года, паколькі яго складальнікі мелі на мэце выразна дыстанцавацца ад расавай ідэалогіі нацыстаў, адзначыла кіраўнік Мінюста ФРГ. Аднак з сучаснага пункта гледжання выкарыстанне гэтага тэрміна можа прывесці да непаразумення і таму справядліва падвяргаецца крытыцы, дадала яна. Па словах міністра, сёння там, дзе кажуць пра розныя расы, адраджаюцца першым чынам "забабоны і расісцкая прапаганда".

Трэці артыкул Асноўнага закона ФРГ у дзейснай рэдакцыі, сярод іншага, сцвярджае: "Нікому не можа быць прычынена шкода ці аказана перавага па прыкметах полу, паходжання, расы, мовы, айчыны і месцы нараджэння, веравызнання, рэлігійных ці палітычных поглядаў".

Ініцыятыва партыі "Саюз-90"/"зялёныя" прыбраць слова "раса" з канстытуцыі ўвесну выклікала дыскусіі ва ўрадавых колах. Так, міністр унутраных спраў Хорст Зеехофер (Horst Seehofer) паставіўся да прапановы скептычна, а міністр Ламбрэхт падтрымала ідэю.

Навіны Германіі.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Бусел Мікола - 30 р., в. Пружынішча

2. Янучок М.І - 100 р., г. Менск

3. Шык К.І. - 20 р., г. Менск

4. Суполка польскай мовы - 350 р., г. Менск

5. Тыгрыцкая Аляксандра - 80 р., г. Менск

6. Кіевіцкая Н. - 20 р., г. Менск

7. Кукавенка - 45 р., г. Менск

8. Чыгір Яўген - 20 р., г. Менск

9. Ралько Леанід - 50 р., г. Баранавічы

10. Супіталёў Андрэй - 10 р., г. Менск

11. ТБМ г. Магілёва - 130 р.

12. Шкут Яўген - 5 р., г. Менск

13. Лук'янава Надзея - 10 р., г. Магілёў

14. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск

15. Бойса Іосіф - 60 р., г. Ліда

16. Юнчыц Сяргей - 100 р., г. Менск

17. Чайкоўскі Павел - 55 р., г. Менск

18. Крачкоўская В. - 10 р., г. Магілёў

19. Жыдаль Дзяніс - 200 р., г. Менск

20. Баранавіцкая суполка - 260 р.

21. Забалотны - 70 р., г. Менск

22. Кароль Галіна - 5 р., г. Менск

23. Птушка - 5 р., в. Хільчыцы

24. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

25. Буднік - 30 р., г. Менск

26. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

27. Надзея Якаўлеўна - 20 р., г. Менск

28. Чэчат Алесь - 35 р., г. Менск

29. Сямашка Уладзімір - 20 р., г. Бярэсце

30. Фурс Антон - 20 р., г. Паставы

31. Панасюк А.П. - 50 р., г. Менск

32. Нікановіч Васіль - 5 р., г. Жыткавічы

33. Гушча Мікалай - 1 р., Трасцянец

34. Грэская Браніслава - 10 р., г. Менск

35. Калесніка Т.А. - 10 р., г. Менск

36. Лічык - 2 р.

Наваполацкая арганізацыя ТБМ

1. Рымша Алесь - 20 р.

2. Пісарэнка Алесь - 20 р.

3. Кунцэвіч Уладзімір - 30 р.

4. Гацкі Уладзімір - 32 р.

5. Кунцэвіч Святлана - 35 р.

6. Гняткоў Валеры - 10 р.

7. Паўловіч Віктар - 15 р.

8. Шэвяка Аляксандр - 10 р.

9. Мельнікаў Юрась - 10 р.

10. Мельнікаў Алесь - 20 р.

11. Форнэль Кастусь - 10 р.

12. Рындзевіч Вячаслаў - 10 р.

13. Пожанька Ігар - 10 р.

14. Жукаў Вітаўт - 5 р.

15. Мудроў Алег - 20 р.

16. Рымша Ангяліна - 10 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэа-льнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові. Частка ІІ

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

БАЛАДА ФЁДАРА ЯНКОЎСКАГА (21.09.1918 - 13.11.1989)

"Без роднай мовы зніклі ўсе народы,

Без роднай знікнем мы…" - гаворыш ты.

А за вакном апалую лістоту

Змятае дворнік, каб спаліць лісты,

Каб белы дым на міг запоўніў шэры

І мокры двор, дзе шчэ нядаўна ў ім

Твае студэнты марылі нясмела

З табою палюбіць Айчыны дым

І ўсё багацце нашай роднай мовы,

Якая для цябе - жыцця святло.

І ты ў нататнік свой збіраеш Словы,

Як пчолы мёд збіраюць і цяпло

Ад родных ніў, дзе ты хадзіў, шчаслівы,

Вярнуўшыся дамоў з сівых дарог,

Каб тут любоў да мовы, роднай нівы

Квітнела так, каб аж зайздросіў Бог…


Не ўсё паспеў зрабіць, не ўсё сказана

Было табой, калі ішоў праз цень бяды

У лепшы свет, дзе не трывожаць раны.

І мове роднай шчыра, як заўжды,

Нат за гарою пакланіўся ты.

6.06.2020 г.

БАЛАДА ВАСІЛЯ НАЛЕЦКАГА (21.04.1919 - 5.12.1997)

Ідзеш па Ракаве, і ўсе вітаюцца з табой.

Са школы ты вяртаешся, і юны лістабой

Ідзе з табой,

душу святлом ягоным напаўняеш.


І сонца ўжо хаваецца за Храмам,

за валамі,

Дзе чуйна спяць стагоддзі нашы

з дымнымі вятрамі,

І ўсё пра іх ты ведаеш і ўсім распавядаеш.


А на душы пражытага табой жыцця

аблокі,

Дзе гром вайны мінулае не быў табе

далёкі,

І ён не абмінуў цябе і ўсю тваю радзіну.


І ты сваю не праклінаў нялёгкую дарогу,

Дзе маці дзякаваць магла,

і то таемна, Богу,

Які цябе, бязбожнага,

без шчасця не пакінуў.


Дадому вернешся

і доўга ўночы не заснеш.

Пачнеш пісаць, закрэсліш думку,

зноў пісаць пачнеш

І ўжо напішаш тое,

што табе дыктуе сэрца.


Зноў раніца. Ідзеш, і ўсе вітаюцца з табой.

Настаўнік ты, і гэта нават болей,

чым герой.

Тут праз вякі настаўнікам

настаўнік застаецца.


Як вецер, пралятуць твае астатнія гады.

Лісты з бярозаў ападуць,

зноў вырастуць лісты,

Прыціхне школа,

без якой не мог жыць ты…

7 - 13. 06.2020 г.

БАЛАДА АЛЯКСЕЯ ПЫСІНА (22.03.1920 - 27.08.1981)

Ёсць на свеце твой алень,

Ёсць і гэткае маленне:

Будзь заўсёды для аленя,

Цёмны мох і светлы дзень!


У сталіцу мог зляцець,

Ды жывеш у Магілёве,

Бо і тут пісаць на мове

Можна, талент толькі б мець.


Ты сядзіш каля Дняпра,

У якім жывуць аблокі,

Чаўнакі і час далёкі,

Дзе агнём вайны зара.


Зноў на лузе твой алень

Спелую расу збірае.

Чутна недзе хтось страляе,

З коршака спадае цень.

І ў табе крывавіць верш.

І Дняпро, нібы дарога,

Што вяла й вядзе да Бога,

А да вечнасці найперш.


І ты вернешся дамоў.

І заснеш, каб не прачнуцца.

І алені сабяруцца

Ля цябе з усіх лясоў.


І заплача твой алень.

У яго сваё маленне:

Не пакінь людзей, натхненне,

Ні ўначы, ні ў светлы дзень!

7.07.2020 г.

БАЛАДА АНДРЭЯ МАКАЁНКА (12.11.1920 - 16.11.1982)

Апусцела сцэна, апусцела зала,

Ды яшчэ гарыць над крэсламі святло,

Дзе людзям нядаўна месцаў не хапала,

Дзе табе таксама роздумна было.


Ты ідзеш да сцэны, як да эшафота,

На які ліліся слёзы, смех і кроў

Не артыстаў знаных, а твайго народа,

Пра які ты пішаш і сваю любоў


Не хаваеш, бо яна жыве заўсёды

Толькі ў справах, а не ў крыку:

"Я люблю!"

І ад дзюбачкі пяра твая любоў-гаркота,

Павуцінкаю, пакінуўшы зямлю,


Пралятае над тэатрам, па-над краем,

Па арбіце, дзе Лявоніха была.

Ты ўзыйшоў на сцэну, і святло згасае,

Быццам тут ніколі не было святла.


Уначы дадому ты ідзеш няспешна,

Думаеш ізноў: "Пра што цяпер пісаць,

Каб было не проста

толькі вельмі смешна?"

І ў нябёсах зоркі з вечнасцю маўчаць.

29 - 30.06.2020 г.

БАЛАДА КАСТУСЯ РАГОЙШЫ (2.01.1921 - 15.10.1964 ?)

Табе ўсё сняцца вершы і Айчына,

Дзе не далі табе паэтам стаць,

Зрабілі ворагам, які павінны

Ад родных ніў на край зямлі ўцякаць.

І ты паехаў у снягі, у вецер,

Дзе гэткія ж, як ты, жылі, жывуць.

Ды не забыць табе, як сонца свеціць

Над Ракаўшчынаю і як плывуць

Аблокі белыя, як мары-мроі

Пра вольны Край, якому век вякоў,

Дзе нашы продкі воі і героі

І ўсе партрэты іх ля абразоў.

Яшчэ ты помніш Пугачы і школу,

Рачулку і Юстынаву гару.

І сэрца аж трапечыцца ад болю,

Што ўсё прайшло і канула ў зару,

З якой нам сонца не ўзыйшло, і вецер

Па шэрым свеце раскідаў сяброў.

Чытаеш пісьмы і чакаеш вечар,

Каб Беларусь прыснілася ізноў.

І Беларусь прысніцца, як ты мроіў,

І будзеш ты па Ракаве ісці

І спынішся прад школаю старою,

Дзе бэз цвіце і век яму цвісці…

12.06.2020 г.

БАЛАДА ІВАНА МЕЛЕЖА (8.02.1921 - 9.08.1976)

Балота ёсць, ды людзі на балоце

Не горш за тых, што на пяску жывуць,

Бо ўсё ствараецца з крыві і ў поце,

І ўсё пасля сыходзіць у траву,

Што вечнасцю завецца ў нашым свеце,

Дзе ты прайшоў праклятую вайну.

Ідзеш па Глінішчы, халодны вецер

Зрывае з дрэў апошнюю вясну,

Тваю вясну, дзе чуеш песні маці,

Што для цябе спявала, каб ты рос

У шчасці і людзям прыносіў шчасце,

І не саромеўся ніякіх слёз.

Вяскоўцы шапкі прад табой здымаюць

Не з-за таго - прад імі лаўрэат -

Пра лаўрэацтва многія й не знаюць,

Галоўнае - прыйшоў да іх, як брат.

І назаўжды з людзямі на балоце

Ты развітаўся і, сказаўшы ім,

Каб не здаваліся ў палон самоце,

Пайшоў у свет, дзе месца ёсць усім -

І Васілю, і Ганне, і Яўхіму,

І кожнаму, хто нарадзіўся Тут

І ў працы моўчкі век любіў Радзіму

І быў багаты, бо меў родны кут.

21.06.2020 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Купалаўцы - наш гонар і сумленне!

21 кастрычніка ва ўтульнай менскай сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны гледачы сустрэліся з любімымі акторамі Купалаўскага тэатра - народнай артысткай Беларусі Зояй Белахвосцік, Юліяй Шпілеўскай, Юрыем Хілаўцом, Андрэем Сенажэнскім і іншымі, заспявалі разам "Купалінку", "Пераменаў", узгадалі больш за 100-гадовую гісторыю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, сімвала нацыянальнай культуры.

Будынак губернскага тэатра быў пабудаваны ў Менску ў 1890 годзе па праекце Караля Казлоўскага і Канстанціна Увядзенскага. На сцэне тэатра выступалі лепшыя пецярбургскія і маскоўскія трупы і цэлае сузор'е славутых артыстаў: В. Камісаржэўская, М. Савіна, У. Давыдаў, А. Южын і інш. Усевалад Меерхольд ставіў на сцэне губернскага тэатра п'есу Аляксандра Блока " Балаганчык". Урачыстае адкрыццё Беларускага Дзяржаўнага Тэатра (БДТ) адбылося 14 верасня 1920 года. Аснову маладога тэатра склалі акцёры "Першага беларускага таварыства драмы і камедыі" пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча: Ірына Ждановіч, Еўсцігней Міровіч, Стэфанія Станюта, Канстанцін Саннікаў і інш. У 1921 годзе ўрад надаў маладому тэатру званне "Акадэмічнага".

Да 1927 г. у склад тэатра ўваходзілі: хор пад кіраўніцтвам Тэраўскага, балетная трупа пад кіраўніцтвам Алексютовіч і сімфанічны аркестр. Усе яны вялі паралельна самастойную канцэртную дзейнасць. На сцэне той пары гледачы бачылі фрагменты з опер "Князь Ігар" Барадзіна, "Зачараваны лес" Дрыго, "Фея лялек" Байера. У хуткім часе аматары опернага мастацтва змаглі атрымаць асалоду слухаць "Русалку" Даргамыжскага ў выкананні салістаў хору. Першай спробай да ўвасаблення арыгінальнай беларускай камічнай оперы з'явіўся твор Аладава "Тарас на Парнасе".

У 1944 г. рэжысёр Леў Літвінаў паставіў славутую "Паўлінку" (прэм`ера адбылася ў горадзе Томску). У гэтым жа годзе тэатру было нададзена імя беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы, а ў 1955 г. - званне "Акадэмічнага".

Знакамітая "адліга" 1960-х гадоў, якая адгукнулася ўздымам у грамадстве і культуры, прыўнесла ў Купалаўскі тэатр новы подых. Пастаноўкі маладых і яркіх рэжысёраў новай хвалі: Барыса Луцэнкі і Валерыя Раеўскага, аб'ядноўвалі лепшыя традыцыі тэатра і наватарства.

На вечарыне разам з Зояй Валянцінаўнай Белахвосцік госці ўзгадалі вядомых мастацкіх кіраўнікоў і рэжысёраў тэатра: Глеба Глебава, Барыса Платонава, Барыса Эрына, Валерыя Раеўскага, Мікалая Пінігіна. Не забылі гледачы старэйшых пакаленняў грамадзянскага тэмпераменту Лілеі Давідовіч і Валянціна Белахвосціка, невычарпальнага жыццялюбства Генадзя Аўсяннікава, філасофскай глыбіні Віктара Тарасава, унутранай энергіі і чалавечай трываласці Галіны Макаравай, жаноцкасці і мудрасці Марыі Захарэвіч.

З пакалення ў пакаленне перадаецца ў Купалаўцаў любоў да беларускай літаратуры, да паэтычнага слова, народнай песні. Таленавіты, з пачуццём уласнага гонару, стойкі і паслядоўны на абраным шляху калектыў купалаўцаў застаўся верным нацыянальнай ідэі, людскасці, гуманнасці.

У 1993 г. за высокія дасягненні ў галіне развіцця беларускай тэатральнай культуры Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь тэатру імя Янкі Купалы быў прысвоены статус "Нацыянальны". У 2009 г. мастацкім кіраўніком тэатра стаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікалай Пінігін.

Госці вечарыны на чале са старшынёй ТБМ Аленай Анісім сардэчна падзякавалі акторам за іх грамадзянскую мужнасць, за ўсе выдатныя спектаклі, у тым ліку, за апошнюю пастаноўку "Тутэйшых", якую на канале YOUTube ўжо прагледзелі тысячы гледачоў. Цудоўная душэўная сустрэча на сядзібе ТБМ абагрэла гасцей і выступоўцаў. Акторы падзяліліся сваімі пачуццямі і перажываннямі двух апошніх месяцаў. Прысутныя запэўнілі: "Народ не пакіне сваіх артыстаў!" і склалі сваім прыгажуням і музыкам пачастункі, самыя прыгожыя восеньскія кветкі, паштоўкі, ахвяраванні.

Свой выразны верш, прысвечаны Купалаўскаму тэатру, прачытала на заканчэнне Святлана Багданкевіч.

Санет Стэфаніі Станюце

Яна нам свеціць зоркаю з экрана,

Ды ўжо яе не ўбачым маладой

Ні той галоўкі з пышнаю касой,

Ні гнуткага, як у танцоркі стана.


Усё было занадта рана -

Яна прыйшла ў кіно

на роль старой,

Што з роднай паяднаная зямлёй,

Каб людзям і дабру

служыць аддана.

Прыйшла,

каб увасобіць тып народны

У прастаце сваёй высокародны.


І ў постаці, і ў гэтым твары ёсць

Усім жыццём набытая, святая,

Такой высокай

пробы прыгажосць,

Што пазайздросціць ёй і маладая!

Э. Дзвінская, фота аўтара.

ПЕРАЧЫТВАЮЧЫ ЖЫЛКУ: ПРЫСВЯЧЭННЕ МАЦІ

Не кожнае жанчыне Бог дае

Свайму народу нарадзіць Паэта...

Віктар Шніп. "Беларускі пантэон".

Кажуць, пра маці можна гаварыць бясконца. І гэта несумненна так! Што датычыць паэтычных твораў, то будзе праўдзівым адзначыць, што амаль кожны паэт прысвяціў гэтаму светламу вобразу самыя шчырыя і цёплыя радкі. Думаю, пагодзіцеся і з такім назіраннем, што вершаў пра маці ў творчай спадчыне нашых паэтаў няшмат, адзін-два. Яны падобныя да слова "люблю". Калі яго паўтараць на кожным кроку, з дня ў дзень - яно здрабнее, абясцэніцца, страціць сваю значнасць і велічнасць. Паэтычнае прызнанне маці - своеасаблівы момант шчырасці, момант ісціны; да яго трэба саспець душой, дарасці сыноўняй ці даччыной удзячнасцю. І ў кожнага на тое свой час, свае жыццёвыя абставіны.

Для Уладзіміра Жылкі, паэта-земляка, чый юбілей адзначаем сёлета, гэта быў 1925 год. Верш-прысвячэнне "Маёй маці" ён напісаў у Чэхіі, калі вучыўся там ва ўніверсітэце, гуртаваў пражскіх беларусаў вакол часопіса "Перавясла", змагаўся з цяжкай хваробай, што адольвала мацней і мацней. Ростань высвечвала галоўнае, абвастрала пачуцці.

Маё сэрца поўна любасці

Да радзімае мае.

Паміж тлумам у загубнасці

Песні помняцца твае.

Таццяна Ануфрыеўна, маці паэта, па ўспамінах Івана Ільіча Абрамовіча, ураджэнца Макашоў, з якім пашчасціла гутарыць яшчэ ў 1996 годзе, была жанчынай вельмі прыгожай, далікатнага абыходжання, мела пяшчотны голас, прыгожа спявала. Вытанчанасць, далікатнасць матулі Уладзімір Жылка падкрэсліў, параўнаўшы яе з "бярозкай з тонкім веццейкам". Не прамінуў паэт успомніць і паўсядзённую працу ў полі на жніве, за прасніцай у завейны зімовы вечар. Але ён не абмяжоўваецца гэтымі, прывычнымі для вершаў пра маці дэталямі побыту і жаночай працы. Маці - першая настаўніца, што з калыскі дае свайму дзіцяці ўрокі роднай мовы, роднай песні. Яна тая яркая зорка, што пазначае шлях з чужбіны дадому. А калі праводзіць у далёкую дарогу, дае наказ:

Не запамятай ніколі,

Будзеш бедны ці багат,

Нашай долі і нядолі,

Нашых пожняў, нашых хат.

Давялося жанчыне разам з нашай краінай многа зведаць-перажыць: жыццёвую неўладкаванасць, шматлікія пераезды з месца на месца, бежанства, рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх сыноў, заўчасную смерць самага таленавітага з іх, клопат пра асірацелую ўнучку.

Верш "Маёй маці" напоўнены матывамі ростані і чакання, бо яны як найлепш нагадваюць нам аб спрадвечнай мацярынскай долі - гадаваць і праводзіць, чакаць і спадзявацца. Таму такі сугучны ён думкам і пачуццям многіх з нас, асабліва ў гэтыя дні, калі ўшаноўваем мы жанчыну-маці, калі чытаем светлыя вершы ў Ноч расстраляных паэтаў, калі запальваем свечкі на Дзяды, калі столькі трывогі бачым ў вачах сённяшніх матуль.

Наталля Плакса. Нясвіж. На здымках: 1. Маці паэта (фота з краязнаўчага архіва аўтара); 2. У познія гады жыцця: Таццяна Ануфрыеўна з роднымі (фота з архіва краязнаўца Аляксандра Абрамовіча).

Вандруем па Магілёўшчыне. Завіталі ў Хоцімск-Радзівілаў

Ці шмат хто з беларусаў бываў у самым усходнім раённым цэнтры нашай краіны, у мястэчку Хоцімск?! 23 кастрычніка 2020 года мне пашчасціла павандраваць па гэтым старажытным невялікім гарадку. Першае ўпамінанне адносіцца да 1430 года. Пэўны час мястэчка называлася Хоцімск, а за часамі Рэчы Паспалітай насіла назву Радзівілаў. Адразу варта адзначыць, што візітоўкай сучаснага Хоцімску з'яўляецца кола агляду, або, як кажуць у народзе, "Чортава кола". Нават у Магілёве ўжо даўно няма такога атракцыёну, а ў Хоцімску захавалася! Кола знаходзіцца ў самым цэнтры гарадка ў парку адпачынку. Калі завітаеце ў Хоцімск, то заўважыце, што ўнікальнасць мястэчка яшчэ і ў тым, што гэта пэўны запаведнік СССР. Многія грамадскія будынкі савецкага часу так і засталіся неперабудаваныя: гарадская лазня, гум, аўтавакзал… У цэнтры парку адпачынку ўзвышаецца скульптура жанчыны, якая трымае малое дзіця і …. серп. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што да іх часам прыязжаюць здымаць фільмы пра савецкую эпоху. Напрыклад, расійскі фільм пра Чарнобыль. З гістарычных будынкаў уражвае велічны мураваны Траецкі храм 19-га стагоддзя. Царкву адрэстаўравалі і яна зараз з'яўляецца сапраўдным упрыгожваннем Хоцімска. Па вуліцы Першамайскай знаходзяцца могілкі з старажытнай драўлянай Пакроўскай царквой 1892 года. Завітаў я і ў раённы краязнаўчы музей, які месціцца ў дарэвалюцыйным двухпавярховым дыхтоўным будынку. Экспазіцыя музейная, па шчырасці, слабаватая, але затое ўсяго за 50 капеек набыў кнігу "Памяць. Хоцімскі раён." Прыйшлося браць гістарычнай літаратуры оптам на сябе і паплечнікаў-краязнаўцаў. Яшчэ адзін музей знаходзіцца ў СШ № 1 у самым цэнтры каля Траецкай царквы па вуліцы Ленінскай. Школьны краязнаўчы музей вельмі цікавы і мае ўнікальныя археалагічныя і этнаграфічныя экспанаты. У экспазіцыі таксама маюцца асабістыя рэчы выбітнага астранома і астрафізіка Сяргея Мікалаевіча Блажко (1870-1956). Сяргей Блажко нарадзіўся ў Хоцімску. Стаў вядомым астраномам, напісаў некалькі падручнікаў па астраноміі. Нейкім дзівам да нашага часу на вуліцы Камсамольскай недалёка ад школы захавалася драўляная хата, дзе калісьці нарадзіўся навуковец. На гэтай жа вуліцы знаходзіцца дом, дзе некалькі год жыў Народны паэт Аркадзь Куляшоў, пра што паведамляе невялікая мемарыяльная шыльда. Калі пахадзіць па гарадку, то можна пабачыць яшчэ некалькі прыгожых мураваных дарэвалюцыйных будынкаў. Ну а драўляных адмысловых хатак проста безліч… Так што, у Хоцімск-Радзівілаў варта завітаць! Не пашкадуеце.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. Фота Арцёма Яроменкі.

Лідскі замак - гонар культурнай сталіцы Беларусі-2020

Візітнай карткай Лідскай зямлі на працягу сямі стагоддзяў з'яўляецца сярэднявечны замак. Выдатным помнікам абарончага дойлідства XIV стагоддзя, які ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, ганарацца і дарослыя, і дзеці.

Вучні 8 "Б" класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды, на базе якога рэалізуецца інавацыйны праекты "Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэалізацыі сацыякультурнага кластара", не выключэнне. Кожны вучань, наведваючы замак, упэўнены: што сёння ён зноў прыадкрые для сябе заслону гісторыі, даведаецца аб цікавых фактах і падзеях, якія адбываліся каля яго сцен і вежаў.

Па загадзе князя Гедыміна будаўніцтва замка пачалося ў 1323 годзе. Пастаўлены з камення і цэглы ў форме няправільнага чатырохкутніка з дзвюма кутнімі вежамі ён уваходзіў ў лінію абароны супраць крыжакоў Наваградак - Крэва - Меднікі - Трокі. Пабудаваны сярод балоцістых берагоў рэк Лідзейкі і Каменкі, Лідскі замак стаў надзейным сховішчам для сярэднявечных князёў і іх палітычных саюзнікаў. Калісьці у Паўднёвай вежы знаходзілася першая праваслаўная царква (у 1533 годзе яна была перанесена ў горад), а яшчэ на тэрыторыі замка існавалі жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у розныя часы месціліся суд, архіў і астрог...

Аб гэтых і іншых цікавых фактах вучні не проста даведаліся падчас экскурсіі, а, як ім здалося, нават сталі ўдзельнікамі і сведкамі падзей мінулых часоў. Падымаючыся ўпершыню па лесвіцах вежы Гедыміна, якая была адкрыта для турыстаў у гэтым годзе, вучні наведалі выставачныя залы, дзе размешчаны сярэднявечная зброя, рыцарскія даспехі, паляўнічыя трафеі, аўтэнтычныя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак на замкавай тэрыторыі. А апынуўшыся ў пакоях князя Гедыміна, вучні нават паспрабавалі ўявіць на імгненне, што вось-вось з'явіцца сам князь і прывітае іх.

Пасля знаёмства з Паўднёвай вежай школьнікі апынуліся на галерэях і ўжо тут змаглі ўявіць сябе сярэднявечнымі рыцарамі, якія абараняюць Лідскі замак ад ворагаў.

Паўночная вежа, якая была дабудавана ў часы кіравання ўнука Гедыміна князя Вітаўта, так і называецца - вежа Вітаўта. Знаёмячыся з яе экспазіцыямі, вучні апынуліся ў выставачнай зале, дзе прадстаўлены рыцарскіх шлемы розных часоў і краін. На другім з паверхаў школьнікі не толькі змаглі папрысутнічаць на самым вядомым вяселлі, якое цягнулася амаль на працягу месяца ў сценах Лідскага замка, вяселлі караля Рэчы Паспалітай Ягайлы і юнай князёўны Соф'і Гальшанскай, а нават увасобіцца ў іх вобразы.

Незвычайнай і запамінальнай для вучняў стала часова размешчаная на першым паверсе вежы Вітаўта выстава "Паляванне на ведзьмаў" вядомага прыватнага калекцыянера Сяргея Нурматава. На ёй прадстаўлены розныя прыстасаванні для самых страшных катаванняў над людзьмі ў разныя часы і ў розных краінах свету.

Безумоўна, маўклівы сведка гістарычных падзей і захавальнік таямніц - Лідскі замак - сёння выклікае цікавасць у школьнікаў сваёй самабытнасцю і прагажосцю. Як зазначылі вучні 8 "Б" класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды, падчас удзелу ў гістарычнай вандроўцы яны змаглі ўласна адкрыць для сябе заслону гісторыі самага значнага аб'екта культурнай сталіцы Беларусі - 2020 года і раяць усім з ім пазнаёміцца.

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8 "Б" класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX