НАША СЛОВА № 47 (1510), 25 лістапада 2020 г.
100-годдзе Андрэя Макаёнка
12 лістапада спаўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга, сцэнарыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча Андрэя Макаёнка.
Нарадзіўся Андрэй Ягоравіч у в. Бopxaў Рaгaчoўcкaгa paёнa. Скoнчыў Жypaвiцкyю cяpэднюю шкoлy. Удзeльнiчaў y Bялiкaй Айчыннaй вaйнe, быў цяжка паранены.
Пачаў друкавацца з 1946 года. Аўтар аднаактовых п'ес "Перад сустрэчай" (1950), "Жыццё патрабуе" (1950), "Аксеніна цялушка" (1951), "Крымінальная справа" (1951), "Першае пытанне" (1952). Напісаў шмат сатырычных камедый. Сярод іх - "Выбачайце, калі ласка", якая ўбачыла свет у 1953 годзе і мела неверагодны поспех. Пасля трыумфу Макаёнак пакінуў журналістыку і цалкам прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці. Толькі ў 1966-1978 гадах ён згадзіўся на пасаду галоўнага рэдактара часопіса "Нёман", таму што яна дазваляла спрыяць папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры.
У розныя гады драматургам былі напісаны сатырычныя камедыі "Каб людзі не журыліся" (1957), "Лявоніха на арбіце" (1961), "Таблетку пад язык" (1972), "Святая прастата" (1974), сентыментальны фельетон "Верачка", трагікамедыі "Зацюканы апостал" (1969), "Трыбунал" (1970), "Пагарэльцы" (1980), "Дыхайце эканомна" (1982). Выйшлі зборнікі п'ес "Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе" (1951), "Камедыі" (1961), "П'есы" (1974), "Кінасцэнарыі" (1989) і інш. Андрэй Макаёнак - аўтар кінааповесці "Твой хлеб" (1956), кінасцэнарыяў мастацкіх фільмаў "Шчасце трэба берагчы" (па матывах аповесці А. Кулакоўскага "Нявестка", 1958), "Рагаты бастыён" (па п'есе "Лявоніха на арбіце", 1964), "Пасля кірмашу" (па матывах п'есы Янкі Купалы "Паўлінка", 1972), дакументальных фільмаў "У адзінай сям'і" (1957), "Кандрат Крапіва" (1961).
А. Я. Макаёнак узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны", Кастрычніцкай Рэвалюцыі і шматлікімі медалямі, а таксама званнем "Народны пісьменнік БССР". Макаёнак з'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.
Беларускае грамадства, занятае больш пільнымі справамі, фактычна замаўчала 100-годдзе пісьменніка, адазваліся толькі некаторыя СМІ. Але вось Белпошта выпусціла марку і канверт першага дня. Дызайн маркі распрацавала Алена Мядзведзь. Мастак - Таццяна Дольская. У аддзяленні паштовай сувязі № 1 г. Менска (магазін "Філатэлія") прайшло спецгашенне штемпелем "Першы дзень" з фіксаванай датай на канверце "Першы дзень". Мастак канверта "Першы дзень" Т. Дольская, дызайн конверта і штэмпеля А. Мядзведзь.
Наш кар.
Геніяльны рамантык беларускай літаратуры ХХ стагоддзя
90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
Селёта ў краіне творчымі конкурсамі і мастацкімі выставамі шырока адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.
Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы.
Ён з'яўляецца адной з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. "Асаблівая заслуга Уладзіміра Караткевіча - у распрацоўцы гістарычнай тэматыкі. Ён узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаў дух мінулых эпох, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам народным. Для Беларусі ён выканаў тую гістарычную місію, што Вальтэр Скот у Англіі, Генрых Сянкевіч у Польшчы, Алоіс Ірасек у Чэхіі", - адзначыў даследчык творчай спадчыны пісьменніка, літаратуразнавец Анатоль Верабей.
Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам.
Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха", "Сівая легенда", раманы "Каласы пад сярпом тваім", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Чорны замак Альшанскі", нарыс "Зямля пад белымі крыламі".
Продкі Караткевіча былі шляхецкага саслоўя і паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва і іншых гарадоў. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі, паводле сямейнай легенды - Тамаш Грынкевіч, браў удзел у паўстанні 1863-1864 гадоў. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а яго самога расстралялі ў Рагачове. Гэтую гісторыю Караткевіч апісаў у эпілогу рускамоўнай аповесці "Предистория" (бел.: "Перадгісторыя"), і ў пралогу рамана "Нельга забыць" ("Леаніды не вернуцца да Зямлі").
Уладзімір Караткевіч нарадзіўся ў сям'і інтэлігентаў. Бацька - Сямён Цімафеевіч (1887-1959), паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому раней належаў засценак Караткевічы. Сямён Цімафеевіч закончыў гарадское вучылішча ў Оршы, яшчэ падлеткам сам зарабляў сабе на жыццё, працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці - Надзея Васільеўна (1893-1977), якая паходзіла з роду Грынкевічаў, пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам, пасля выхаду замуж занялася хатняй гаспадаркай. Маці добра ведала сусветную літаратуру, бацька цудоўна спяваў. Аднойчы, адказваючы на пытанне анкеты, пісьменнік адзначыў, што яго сваякі былі людзі спявучыя, вельмі музыкальныя, многія - з добрымі галасамі, з апавядальным талентам. У сям'і Караткевічаў было трое дзяцей - Уладзімір, яго старэйшы брат Валерый (1918 - загінуў у 1941 годзе), старэйшая сястра Наталля (у шлюбе - Кучкоўская; 1922-2003)
У дзіцячыя гады сваяцкае асяроддзе шмат у чым уздзейнічала на Уладзіміра. Вялікі ўплыў аказаў дзед па лініі маці Васіль Юльянавіч Грынкевіч (1861-1945), чалавек з багатым жыццёвым вопытам, у свой час даслужыўся да губернскага казначэя. Васіль Грынкевіч быў дасціпным апавядальнікам, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды.
Пазней дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане "Каласы пад сярпом тваім". Ад свайго дзеда Уладзімір пачуў легенду "Маці Ветру" пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў. Многія расповеды дзеда сталі крыніцай для будучых твораў Уладзіміра.
Уладзімір навучыўся чытаць вельмі рана, у тры з паловай гады. У дзяцінстве не толькі любіў слухаць казкі і розныя гісторыі, якія яму чыталі старэйшыя, але імкнуўся дадумваць развіццё сюжэтаў. З самага ранняга дзяцінства цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусі. У дзіцячыя гады разнастайнасць яго талентаў выявілася і ў схільнасці да малявання, якая захавалася на ўсё жыццё. Таксама ён меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школе. Моцна любіў прыроду; у дзяцінстве адной з яго любімых кніг была кніга Альфрэда Брэма "Жыццё жывёл".
У доме Караткевічаў было шмат кніг - і дзядулі, і кнігі бацькоў, і яго. У шэсць гадоў ім былі напісаныя першыя вершы. Трохі пазней паспрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа і ілюстраваў. Яшчэ ў даваенныя гады ён адправіў ліст Карнею Чукоўскаму, на які атрымаў адказ.
Малады Караткевіч таксама цікавіўся тэатрам, разумеў мову ідыш, пра што сведчаць успаміны яго старэйшай сястры Наталлі Кучкоўскай: "Зрэдку ў наш горад прыязджаў яўрэйскі тэатр. Паколькі яўрэйская мова гучала на аршанскіх вуліцах штодня, мы без перакладчыка спакойна глядзелі ўвесь рэпертуар, які складаўся паводле вядомых твораў Шолам-Алейхема:"Блукаючыя зоркі", "Тэўе-малочнік", "Хлопчык Мотл", - і атрымоўвалі вялікую асалоду".
У 1938 годзе Уладзімір пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны ён паспеў скончыць 3 класы. У час вайны Уладзімір знаходзіўся ў эвакуацыі ў Разанскай, а потым - у Пермскай вобласці. Летам 1944 года пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехалі ў гэты горад да сваякоў. Восенню 1944 года сям'я вярнулася ў Оршу.
У другой палове 1940-х гадоў Уладзімір працягваў навучанне ў школе. Яго школьны сябар, Леанід Крыгман, успамінаў, што Уладзімір у свае 14 гадоў валодаў энцыклапедычнымі ведамі па літаратуры і гісторыі.
У час вучобы ў старэйшых класах сярэдняй школы Уладзімір Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасці - пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы. У пасляваенныя гады Уладзімір, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса "Званочак" некалькі сваіх вершаў, а таксама першую сваю прыгодніцкую аповесць "Загадка Неферціці". Акрамя таго, ім быў напісаны шэраг апавяданняў і артыкулаў. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п'есы "Млын на Сініх Вірах".
У 1949 годзе Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 годзе. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру. За гады вучобы ён выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў - у кола яго чытацкіх зацікаўленняў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, расійскіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу - Беларусі. Пазнаёміўся са шматлікімі выданнямі, прысвечанымі нацыянальна-вызвольнаму паўстанню 1863-1864 гадоў.
У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. У яго студэнцкіх рэфератах былі грунтоўна распрацаваныя некалькі літаратуразнаўчых тэм: творчасць Пушкіна, Багдановіча і іншых.
У гэты час ён задумаў вялікі гістарычны твор, дзе планаваў падаць усе акалічнасці паўстання 1863-1864 гадоў. Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха".
На радзіме ў аршанскай раённай газеце "Ленінскі прызыў" у 1951 годзе былі надрукаваныя два вершы Уладзіміра Караткевіча: "Тут будет канал" і "Якубу Коласу". Летам 1952 года пад уражаннем паездкі ў Вязынку - родныя мясціны Янкі Купалы - быў напісаны нарыс "Вязынка", які разам з суправаджальным пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч. У гэты ж час ён накіраваў шэраг сваіх ранніх твораў (казкі, вершы, апавяданні) для ацэнкі Якубу Коласу.
Адзін з аднакурснікаў і сяброў Караткевіча, Фларыян Няўважны, казаў, што Уладзімір быў душой кампаніі, і што студэнты ставіліся з павагай да яго мужнасці і прынцыповасці. Пра свае студэнцкія гады і пра Украіну, якую Караткевіч вельмі любіў, ён напісаў у аповесці "У снягах драмае вясна" (1957), у эсэ "Абраная" (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку "I будуць людзі на зямлі" (1964), пра Лесю Украінку "Saxifraga" (1971), у нарысе пра Кіеў "Мой се градок!" (1982).
У 1954 годзе Уладзімір Караткевіч скончыў універсітэт. Яго дыпломная праца на тэму "Казка. Легенда. Паданне" выклікала неадназначную рэакцыю, і толькі дзякуючы намаганням акадэміка А. Бялецкага і выкладчыка А. Назароўскага, ён атрымаў вышэйшую адзнаку. Увесну 1955 года ён здаў экзамены кандыдацкага мінімуму і прыступіў да напісання дысертацыі пра паўстанне 1863 года, але так яе і не скончыў. У той жа час прыйшла і ідэя пра напісанне рамана на гэтую ж тэму.
Яшчэ ў пачатку творчага шляху У. Караткевіч звярнуўся да беларускай гісторыі і фальклору, пра што сведчаць яго творы "Казкі і легенды маёй Радзімы", "Лебядзіны скіт", казка "Вужыная каралева". Фантазія пісьменніка раскрываецца ў казцы "Надзвычайная котка", якую ён пазней дапрацаваў і назваў "Чортаў скарб".
У другой палове 1950-х гадоў ён выношваў ідэю стварэння нацыянальнай эпапеі - планаваў напісаць каля 100 тамоў, у якіх павінны былі быць "Казкі і літаратура для дзяцей у стылі Ганса Крысціяна Андэрсена" і "Запісы фальклору".
Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1954-1956 гадах Уладзімір Караткевіч працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе, у вёсцы Лісавычы ў Кіеўскай вобласці Украіны. У 1956-1958 гадах ён быў настаўнікам у Оршы. Пазней - вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958-1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава) і стаў прафесійным пісьменнікам.
У 1950-60-ыя гады Уладзімір Караткевіч стаў вядомы як аўтар паэтычных зборнікаў "Матчына душа" (1958), "Вячэрнія ветразі" (1960), "Мая Іліяда" (1969).
Ён плённа выкарыстоўваў у сваёй творчасці здабыткі сусветнай культуры і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да фальклору і гістарычных сюжэтаў.
Тэма абуджэння беларускага народа ў 1880-х гадах была раскрыта Караткевічам у апавяданні "Кніганошы" (1962), у якім паказаны бессмяротны дух народа, імкненне простага люду да праўды і асветы. Таксама яго прозе ўласцівая рамантычная паэтыка. Радасцю жыцця напоўнена апавяданне "Дрэва вечнасці", асабліва месцы, прысвечаныя Палессю і палешукам. У апавяданні пісьменнік выказаў зачараванне палескімі краявідамі і веліччу палескіх песень. Вобразы прыроды былі раскрытыя ім у рамане "Каласы пад сярпом тваім", у аповесці "Чазенія", нарысах "Званы ў прадоннях азёр", "Абдуванчык на кромцы вады". Як пісьменнік-анімаліст ён паказаў сябе ў апавяданні "Былі ў мяне мядзведзі".
У пачатку 1963 года Уладзімір Караткевіч атрымаў у Менску аднапакаёвую кватэру па адрасе вул. Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Праз некаторы час з Оршы ў Менск да яго пераехала маці. Увесну 1967 года яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай, д. 48, кв. 26. У тым жа 1967 годзе, увосень, у часе чытацкай канферэнцыі па рамане "Каласы пад сярпом тваім" у Берасці, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Берасцейскага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай (у дзявоцтве - Ватковіч, 1934-1983 гг.), з якой 19 лютага 1971 года ён ажаніўся. Вясной 1973 года сужанцы пераехалі ў трохпакаёвую кватэру на вуліцы Карла Маркса, 36, дзе далей і жылі разам з маці Уладзіміра Караткевіча.
Уладзімір Караткевіч прысвяціў жонцы Валянціне Браніславаўне верш "Таўры" і раман "Чорны замак Альшанскі" (1979). Яна стала высокакваліфікаваным гісторыкам, працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Уладзімір Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863-1864 гадоў. Гэта паслужыла асновай для апавяданняў "Паляшук", "Сіняя-сіняя", рамана "Каласы пад сярпом тваім" (1965), драмы "Кастусь Каліноўскі" (1965) і іншых паэтычных твораў і публіцыстычных артыкулаў.
У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. У гэтай аповесці аўтар імкнуўся паказаць грамадства таго часу, з яго нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі асаблівасцямі, з яго патрыятычнымі ідэямі. Прыёмы дэтэктыўнага жанру былі выкарыстаны ім ў напісаным пазней сацыяльна-псіхалагічным і філасофскім рамане "Чорны замак Альшанскі" (1979). У рамантычнай аповесці "Сівая легенда" (1960) праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII стагоддзяў аўтар асэнсоўваў лёс Айчыны.
Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў стаў раман "Каласы пад сярпом тваім". У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, ім была ўзноўлена шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання.
У 1966 годзе Караткевіч напісаў раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", сюжэт якога заснаваны на рэальных падзеях.. Штуршком для напісання паслужыў запіс з "Хронікі…" Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI ст., напачатку княжання Жыгімонта I, з'явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом. Раман уяўляе сабой прытчу, філасофскія роздумы пра пакліканне чалавека.
У другой палове 1970-х гадоў Караткевіч пачаў працаваць на Беларускім тэлебачанні, дзе ён вёў праграму "Спадчына", прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі.
Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць - з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат мясцін у Беларусі, таксама наведваў іншыя краіны: двойчы быў у Польшчы (1971, 1977), тройчы ў Чэхаславакіі (1973, 1975, 1979).
У 1972 годзе У. Караткевіч напісаў аповесць "Лісце каштанаў", якая стала адным з самых аўтабіяграфічных з яго твораў. Аповесць уяўляе сабой хвалюючыя і сумныя ўспаміны пра некалькі месяцаў, праведзеных ім у вызваленым ад нацыстаў Кіеве, роздумы пра лёс пакалення, чыё дзяцінства і юнацтва прыйшліся на час вайны.
Па-мастацку прыгожа і натхнёна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў нарысе "Зямля пад белымі крыламі". У гэтым нарысе ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў.
У. Караткевіч таксама стварыў шэраг п'ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі былі ім асэнсаваныя ў п'есах "Кастусь Каліноўскі" (1963), "Званы Віцебска" (1974), "Калыска чатырох чараўніц" (1982), "Маці ветру" (1985).
Уладзімірам Караткевічам былі перакладзены на беларускую мову творы Гая Валерыя Катула, Джорджа Байрана, Адама Міцкевіча, Івана Франко, Махтумкулі, Мустая Карыма, Элеаноры Гашпаравай.
Апошнія дні лютага 1983 года былі вельмі трагічнымі для пісьменніка - у адзін дзень, 28 лютага, памерлі яго жонка і родная цётка па матчынай лініі - Яўгенія Васілеўна, у якой ён жыў у вызваленым у 1944 годзе Кіеве. Паводле слоў пісьменніка, ён у тыя дні "адчуваў сябе на мяжы нярвовага надлому". У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай ён пражыў 12 гадоў, але дзяцей у іх не было.
У пачатку чэрвеня 1983 года Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы і вярнуўся ў Менск ў пачатку снежня. У пачатку лютага 1984 года ім былі напісаны некалькі вершаў, аднак у канцы лютага Уладзімір Караткевіч моцна захварэў і каля месяца праляжаў у рэанімацыі.
Вясной ён пачаў адчуваць сябе лепш. І незадоўга да смерці пісьменнік наведаў дарагія яму мясціны. Ён з'ездзіў у Рагачоў, у Кіеў на юбілейную сустрэчу выпускнікоў Кіеўскага ўніверсітэта. 12 ліпеня 1984 года з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, ён адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Менск.
Памёр Уладзімір Караткевіч 25 ліпеня 1984 года і быў пахаваны на Усходніх могілках у Менску.
Усё жыццё Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю беларускага народа, пра яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды, і аказаў вялікі ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё народа.
Літаратуразнавец Анатоль Верабей назваў У. Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы..
Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль ахарактарызаваў Караткевіча як нястомнага працаўніка, літаратара, які пастаянна і грунтоўна працаваў над сабой. Ён таксама гаварыў, што многія ведалі Уладзіміра Караткевіча як чалавека невычарпальнага светлага настрою, які ўмеў смяяцца як дзіцё, усёй душой любіў родных людзей і родную зямлю.
Беларуская пісьменніца і літаратурны крытык Людміла Рублеўская кажа, што цэлае пакаленне беларускіх літаратараў, да якога належыць і яна сама, "выйшла з творчасці Уладзіміра Караткевіча, прыняўшы сэрцам яго гістарычны рамантызм, яго трагічны і прыгожы міф пра Беларусь".
Караткевіч стаў адной з найбольш яскравых фігур беларускай літаратуры XX стагоддзя. Асаблівая яго заслуга - распрацоўка гістарычнай тэматыкі. Ён падняў у сваіх творах шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаўшы дух мінуўшчыны.
Казкам Караткевіча ўласцівыя натуральнасць гучання, займальны сюжэт, багацце фантазіі і пазнавальнасць. У іх спалучаюцца фальклор і фантастычнасць, таямнічасць і рэальнасць. Яму ўдалося абнавіць казачныя сюжэты, паэтычна і ўзнёсла перадаць народную мараль і этыку, закрануць філасофскія праблемы..
Яго паэзіі ўласцівыя патрыятычны пафас, асацыятыўнасць мыслення, праніклівы лірызм і філасафічнасць. Таксама паэзіі Караткевіча ўласцівыя падвышаная экспрэсіўнасць, эмацыйнасць, напружанасць дзеяння, яркасць вобразаў. Яго вершы напоўнены радасцю і святлом, і, разам з тым, яны элегічна-лірычныя, поўныя драматызму і трагізму.
У сваёй прозе Уладзімір Караткевіч падняў шырокія пласты беларускай гісторыі, стварыў пазнавальныя характары, раскрыў багаты духоўны свет персанажаў беларускай гісторыі..
Творы У.С. Караткевіча былі перакладзены на 18 моваў свету. Творчы партрэт легендарнага беларускага рамантыка, які апярэджваў свой час, узняўся над канфармізмам, паўсядзённасцю і бездухоўнасцю да вышыняў, з якіх добра відаць шляхі, што лучаць мінулае з будучыняй, стварыў ў сваёй кнізе "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" Адам Восіпавіч Мальдзіс. У літаратуразнаўчым эсэ даследчык спрабаваў разгадаць многія загадкі празорлівасці паэта і празаіка, гісторыка і мысляра.
Падрыхтавала Э. Дзвінская.
ФУНДАМЕНТАЛЬНАЯ ПРАЦА ПА ФРАЗЕАЛОГІІ
Даніловіч, М. А. Фразеалагічны слоўнік гаворак Гродзеншчыны / М. А. Даніловіч. - Гродна : ГрДУ, 2020. - 607 с.
У выдавецтве Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы апублікавана фундаментальная праца доктара філалагічных навук прафесара Даніловіча Мікалая Аляксандравіча "Фразеалагічны слоўнік гаворак Гродзеншчыны". Як адзначаецца ў прадмове, праца над слоўнікам вялася на працягу сарака апошніх гадоў. У слоўнік уключана каля васьмі тысяч фразеалагізмаў беларускай дыялектнай мовы, запісаных у другой палове ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя ў розных раёнах Гарадзенскай вобласці, а таксама ў некаторых памежных раёнах іншых абласцей (Брэсцкай, Мінскай, Віцебскай). Асновай, пераважнай часткай слоўніка выступаюць фразеалагізмы, сабраныя непасрэдна аўтарам з жывога маўлення жыхароў шматлікіх рэгіёнаў. М.А. Даніловіч адзначае, што ў працэсе збірання фразеалагізмаў "за сорак гадоў збіральніцкай працы давялося сустрэцца і пагутарыць з сотнямі людзей рознага ўзросту. Найлепшыя вынікі давалі гутаркі з людзьмі пажылымі - бабулямі і дзядулямі, якія з малаком маці ўвабралі родную гаворку і пранеслі яе ў чыстым выглядзе на працягу ўсяго жыцця" (с. 3). Выкарыстаны таксама фразеалагізмы з Гарадзеншчыны, апублікаваныя ў розных дыялекталагічных крыніцах іншымі аўтарамі. Тып слоўніка - тлумачальны, недыферэнцыйны, зводны. Даецца семантычная, граматычная, стылістычная, а часам і этымалагічная характарыстыка фразеалагізмаў. Ужыванне фразеалагізмаў паказваецца на багатым ілюстрацыйным матэрыяле з жывога народнага маўлення. Слоўнік пабудаваны паводле новых, упершыню распрацаваных аўтарам прынцыпаў складання, скіраваных на тое, каб ён быў не толькі цікавым для чытання, але і зручным для карыстання даведнікам, у якім фразеалагізм можна адшукаць хутка, у адным вызначаным месцы без адсылак. Слоўнік М.А. Даніловіча, які адлюстроўвае афарыстычную мову Гарадзеншчыны пераважна другой паловы ХХ ст., - важкі ўклад у беларускую лінгвістыку. Ён можа стаць прыкладам і ўзорам складання такога тыпу слоўнікаў гаворак іншых абласцей Беларусі і зводнага фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы. Ён цікавы не толкі для навукоўцаў-філолагаў, але і для настаўнікаў, гісторыкаў, этнографаў, пісьменнікаў, журналістаў, усіх, каму дорага беларускае слова.
Ірына Яўгенідзэ, біблітэкар 2 катэгорыі аддзела бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Беларускамоўны лекар не спыніцца ў працы на карысць дабра, праўды і справядлівасці
Беларускі дзіцячы рэаніматолаг-анестэзіёлаг, які вядомы сваёй грамадзянскай пазіцыяй, Андрэй Мікалаевіч Вітушка знаходзіўся ў жніўні ў ІЧУ на Акрэсціна. Ён прышоў у міліцыю разам з жонкай, каб вызваліць свайго непаўнагадовага сына Мірона, і быў затрыманы.
Калегі-медыкі на наступны дзень арганізавалі акцыю салідарнасці з Андрэем Вітушкам і з іншымі ля будынка медуніверсітэта.
Спадар Андрэй заўсёды быў упэўнены, што, спалучаючы высокі прафесіяналізм, дбайнае і ўважлівае стаўленне пацыентаў з агульным культурным узроўнем, заснаваным на падмурку нацыянальных каштоўнасцяў, беларускія лекары дасягнуць лепшых вынікаў.
Але на гэтым тыдні лекар даведаўся пра непадаўжэнне кантракту з боку РНПЦ "Маці і дзіця". Андрэй Вітушка з'яўляецца адным з лепшых спецыялістаў у сваёй галіне, ён - кандыдат медыцынскіх навук і сваю дысертацыю абараняў па-беларуску. Доктар Вітушка стаў адным з герояў зборніка артыкулаў пра медыкаў "Дабру вечна перамагаць!", выдадзенага ў 2014 годзе ў выдавецтве " Кнігазбор". І сёння ён варты падзякі і падтрымкі.
- Андрэй Мікалаевіч, Вы шмат гадоў прысвяцілі працы ў клініцы "Маці і дзіця". Вы патрапілі туды зусім маладым?
- Гісторыя пачалася ў 1999 годзе, калі я, студэнт 4 курса медуніверсітэта, прыйшоў у аддзел кадраў 7-ай гарадской клінічнай бальніцы ўладкоўвацца на пасаду медбрата ў вольны ад вучобы час (на начныя дзяжурствы). Хацелася быць бліжэй да клінічнай медыцыны, адчуваць яе атмасферу. Мне адразу сказалі: "Схадзі ў рэанімацыю нованароджаных - там заўжды патрэбны людзі!" Я мала ведаў пра нованароджаных, вучыўся на лячэбным факультэце (у гэты перыяд не было педыятрычнага) і рыхтаваўся быць нейрахірургам. Тады я яшчэ не здагадваўся, што прыйшоў у тое месца, дзе знайду сябе.
Сястрынская праца ў рэанімацыі складаная. Заўжды вялікая нагрузка, выдатная трэніроўка ўвагі, хуткасці рэакцыі і мультызадачнасці. Многія доўга не вытрымліваюць, таму мне сказалі, што вельмі патрэбны работнікі.
Паступова я зразумеў, у якое незвычайнае месца патрапіў - туды, дзе людзі ў літаральным сэнсе аддаюць свае сілы і энэргію для жыцця іншых - меншых і слабейшых. І палюбіў гэтую працу і людзей!
У 2001 годзе я атрымаў дыплом і стаў лекарам ў рэанімацыі нованароджаных. Неўзабаве шпіталь пераўтварыўся ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця". Я вельмі ўдзячны сваім настаўнікам: найперш, загадчыцы аддзялення Аксане Якаўлеўне Свірскай. Гэта мая мама ў прафесіі. Яна дапамагла мне і многім вырасці з учарашніх студэнтаў у спецыялістаў. А таксама ўдзячны іншым старэйшым калегам - іх шмат, я баюся каго-небудзь не назваць.
Паступова я зразумеў, што трапіў у самую дынамічную галіну педыятрыі. Сапраўднае шчасце - назіраць і ўдзельнічаць у яе прагрэсе ў свеце і Беларусі. Быць часткай каманды, якая ўпарта працуе над тым, каб больш дзяцей выжывалі і раслі здаровымі. Бачыць поспехі і няўдачы гэтай каманды, ганарыцца дасягненнямі і працаваць над памылкамі, каб рабіць лепшымі вынікі нашай дзейнасці.
Неверагоднае адчуванне - з радасцю ісці на працу і радасна вяртацца дадому! Я скончыў аспірантуру для таго, каб адказаць на пытанне, як мы лепш можам папярэдзіць цяжкія кровазліцці галаўнога мозга ў глыбоканеданошаных дзяцей - паталогіі, якая за хвіліны мяняе жыццё самога дзіцяці, робячы яго інвалідам, і мяняе жыццё ягонай сям'і. Таксама імкнуўся пастаянна вучыцца ў сваіх калег сусветнага ўзроўню, каб быць не горш за іх, бо нашыя дзеці гэтага вартыя, а мы на гэта здольныя.
- Вы не аднойчы ўдзельнічалі ў стажыроўках за мяжой, павышалі сваю кваліфікацыю ў ЗША, дзе знаёміліся з сістэмай аховы здароўя жанчын і немаўлят, бралі ўдзел у семінары па перынаталогіі ў Аўстрыі, сустракаліся з замежнымі калегамі.
- Наша паездка ў ЗША ажыццяўлялася дзякуючы праграмме "Сommunity connection" Агенцтва ЗША па Міжнародным развіцці. Праграма называлася "Здароўе мацярок і дзяцей у ЗША" і ахоплівавала тры тыдні.
Тады мы пабывалі ў гарадзе Шарлот у штаце Паўднёвая Караліна. Наведалі клініку сусветна вядомага ўніверсітэта Дзюка, дзве клінікі ў невялікіх гарадах, а таксама медыцынскі цэнтр "Carolines" і прыватны прэсвітарыянскі шпіталь. Важным было знаёмства з грамадскімі арганізацыямі, якія працуюць у накірунку змяншэння колькасці абортаў і клапоцяцца пра цяжарных і маладых матуль, якія трапілі ў цяжкае жыццёвае становішча.
У Зальцбургу праходзіў семінар па перынатальной медыцыне, арганізаваны ўстановай "Адкрыты медыцынскі інстытут" пры садзейнічанні медыцынскага ўніверсітэта г. Граца. Вядомыя амерыканскія і аўстрыйскія аўтарытэты ў неанаталогіі і перынаталогіі дзяліліся сваім досведам са спецыалістамі з 21 краіны свету. Усе лекцыі былі цікавымі, іх чыталі бліскучыя выкладчыкі, інфармацыя была карыснай для практычнай працы. Такія семінары арганізоўвала праграма "Адкрыты медыцынскі інстытут", якая дзейнічае з 1993 года пад патранажам Аўстрыйскага федэральнага міністэрства адукацыі, навукі і культуры, а таксама Амерыкана-аўстрыйскага фонду. У іх бяруць удзел медыкі з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
- У сваёй паўсядзённай практыцы і побыце Вы карыстаецеся беларускай мовай. Як склалася ў Вас такая патрэба і перакананне?
- Да вытокаў прыгожай беларускай літаратурнай мовы я далучыўся праз маю бабулю Яўгенню Сцяпанаўну, якая паходзіла з Вязынкі. Яна была звычайнай даяркай, вельмі добрым і мудрым чалавекам. Я заўсёды ездзіў да яе ўлетку, не аднойчы хадзіў пешшу па тых мясцінах.
З 16-ці гадоў я шукаў кола сяброў, паплечнікаў і знайшоў іх у "Задзіночанні беларускіх студэнтаў". Там жа сустрэў і сваю будучую жонку Крысціну. Наш сын Мірон мае аднолькавыя з намі каштоўнасці, ён вучыўся ў 23-яй менскай беларускамоўнай гімназіі, а зараз займаецца ў ліцэйскім гістарычным класе пры БДУ.
Беларуская мова дае нам сілы і энергію для жыцця. Для мяне, як для лекара, усё зразумела: калі чалавек валодае роднай мовай, абапіраецца на гісторыю, ведае свае карані, ён адчувае сябе больш упэўненым, і гэта надае яму душэўную раўнавагу і спакой. А значыць, змяншае стрэс і прадаўжае жыццё!
У 2001 годзе была створана і дзейнічала Асацыяцыя беларускіх медыкаў. Яе дзейнасць пачыналася з суполкі Задзіночання беларускіх студэнтаў у БДМУ. Мы неаднаразова ладзілі канферэнцыі па беларускай медычнай адукацыі, у дзельнічалі ў міжнародных сустрэчах. З таго моманту мне стала зразумела, што медыцынская тэрміналогія на беларускай мове ўжо распрацавана і слушна ўжываць яе ў паўсядзённай працы.
- Вы шмат часу праводзіце на дзяжурствах у клініцы, напэўна, Вам хацелася б больш часу быць з сям'ёй?
- Больш за ўсё ад майго жыццёвага выбару дасталося маёй сям'і - заробкі лекара-рэаніматолага заўжды былі сціплымі. У жыцці я меў некалькі развілак, каб выбраць больш прыбытковы занятак, не звязаны з медыцынай. Але я ўпарта вяртаўся назад - у рэанімацыю нованароджаных РНПЦ "Маці і дзіця". Бо там мой быў дом, маё пакліканне.
Цяпер я даведаўся, што праз месяц мяне там не будзе. Начальнік аддзела кадраў прыйшла сама а 7-ай раніцы да мяне на дзяжурства, каб самастойна ўручыць мне "уведомление".
Зараз я адкрыты для прапановаў працы. Хачу толькі спакойна сустрэць Каляды з роднымі. Упершыню за шмат год без недасыпу пасля дзяжурстваў. Шмат чаго ўмею. Добра разбіраюся ў медыцыне, умею, зразумела, тлумачыць розныя яе аспекты. Пішу добрыя прафесійныя тэксты. Валодаю ангельскай, польскай і крыху нямецкай.
Не збіраюся спыняцца ў працы на карысць святла, дабра, праўды і справядлівасці! Таму што гэта мой абавязак. Як доктара і чалавека.
- Як зараз адчувае сябе Ваша жонка?
- Яна яшчэ не пераадолела наступствы моцнага стрэсу, які перажыла за двое сутак на Акрэсціна. Там яна знаходзілася ў значна горшых умовах, чым я, на жаль. І траўмуючая сітуацыя ў краіне пакуль не змянілася да лепшага…
Гутарыла Эла Дзвінская. Фота аўтара і з архіва Андрэя Вітушкі.
Нобелеўскія лаўрэаты Германіі па літаратуры
А як у Германіі?
Нобелеўская прэмія па літаратуры (швед. Nobelpriset i litteratur) - прэстыжная ўзнагарода, якая штогод уручаецца Нобелеўскім фондам за дасягненні ў вобласці літаратуры. Адна з пяці Нобелеўскіх прэмій, заснаваных Альфрэдам Нобелем у яго тастаманце, напісаным 27 лістапада 1895 года ў Парыжы.
Нобелеўская прэмія па літаратуры прысуджаецца штогод з 1901 года. Па стане на 2020 год было прысуджана 117 прэмій, з іх 16 - жанчынам. Усяго 8 раз узнагароджанне не праводзілася: у 1914, 1918, 1935, 1940-1943 гадах, 2018. Першым лаўрэатам у 1901 годзе стаў французскі паэт і эсэіст Сюлі-Прудом.
Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымалі (паводле нашых звестак) 10 германскіх пісьменнікаў. У некаторых з іх двайное грамадзянства, але ўсе яны - нямецкамоўныя.
1902 год
Тэадор Мамзен (1817-1903)
"Аднаму з выдатных гістарычных пісьменнікаў, пяру якога належыць такая манументальная праца, як "Рымская гісторыя"
Крысціян Маціяс Тэаодор Мамзен (ням. Theodor Mommsen; 30 лістапада 1817, Гардынг, Шлезвіг-Гальштэйн - 1 лістапада 1903, Берлін) - нямецкі гісторык, філолаг-класік, юрыст і палітык фрызскага паходжання. Нарадзіўся ў сям'і лютаранскага пастара Енса Мамзена. Рос у горадзе Бад-Альдэсла, у прыходзе якога служыў яго бацька. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, але затым наведваў чатыры гады гімназію Крысціяніюм у Альтоне...
1908 год
Рудольф Эйкен (1846-1926)
"За сур'ёзныя пошукі праўды, усепранікальную сілу думкі, шырокі далягляд, жвавасць і пераканаўчасць, з якімі ён адстойваў і развіваў ідэалістычную філасофію"
Рудольф Хрыстаф Эйкен (ням. Rudolf Christoph Eucken; 5 студзеня 1846, Аўрых, Прусія - 15 верасня 1926, Ена, Веймарская рэспубліка) - нямецкі філосаф. Нарадзіўся ў сям'і рана памерлага паштовага працаўніка і дачкі святара. Дзякуючы клопатам маці, атрымаў добрую адукацыю ў гімназіі і Гетынгентскім універсітэце, дзе вывучаў класічную філасофію і старажытную гісторыю, затым у Берлінскім універсітэце...
1910 год
Паўль Гейзе (1830-1914)
"За мастацкасць, ідэалізм, якія ён дэманстраваў на працягу свайго шматгадовага і прадуктыўнага творчага шляху як лірычны паэт, драматург, раманіст, аўтар сусветна вядомых навэл"
Паўль Ёган Людвіг фон Гейзе (ням. Paul Johann Ludwig von Heyse, 15 сакавіка 1830, Берлін, Прусія - 2 красавіка 1914, Мюнхен, Баварыя), паэт, драматург, перакладчык, раманіст, пісьменнік, мастак. Яго бацька, Карл Вільгельм Людвіг Гейзе, быў прафесарам класічнай філалогіі, а маці, Юлія Гейзе - дачка прыдворнага прускага ювеліра Якоба Саламона. Хейзе быў студэнтам гімназіі Фрыдрыха-Вільгельма да 1847 года...
1912 год
Герхарт Гаўптман (1862-1946)
"Першым чынам у знак прызнання плённай, разнастайнай і бліскучай дзейнасці ў вобласці драматычнага мастацтва"
Герхарт Ёган Роберт Гаўптман (ням. Gerhart Johann Robert Hauptmann; 15 лістапада 1862, Обер-зальцбрун - 6 чэрвеня 1946, Агнетэндорф) - нямецкі драматург. Нарадзіўся ў Ніжняй Сілезіі ў сям'і ўладальніка гасцініцы Роберта Гаўптмана і яго жонкі Марыі. У дзяцінстве Герхарт праславіўся вялікім фантазёрам. Спачатку вучыўся ў вясковай школе, затым з вялікай цяжкасцю паступіў у рэальную вучэльню ў Брэслаў. Пазней паступіў у Енскі ўніверсітэт...
1929 год
Томас Ман (1875-1955)
"Першым чынам за вялікі раман "Будэнброкі", які стаў класікай сучаснай літаратуры, і папулярнасць якога няўхільна расце"
Паўль Томас Ман (ням. Paul Thomas Mann, 6 чэрвеня 1875, Любек - 12 жніўня 1955, Цурых) - нямецкі пісьменнік, эсэіст, майстар эпічнага рамана. Самы знакаміты прадстаўнік свайго сямейства, багатага вядомымі пісьменнікамі, нарадзіўся ў сям'і заможнага любекскага купца Томаса Ёгана Генрыха Мана (1840-1891), які займаў пасаду гарадскога сенатара. Маці Томаса, Юлія Ман (народжаная дэ Сільва-Брунс) (1851-1923) паходзіла з сям'і з бразільскімі каранямі...
1946 год
Герман Гесе (1877-1962)
"За натхнёную творчасць, у якой выяўляюцца класічныя ідэалы гуманізму, а таксама за бліскучы стыль"
Герман Гесе (ням. Hermann Hesse; 2 ліпеня 1877, Кальв, Германская імперыя - 9 жніўня 1962, Мантаньёла, Швейцарыя) - нямецкі пісьменнік і мастак. Нарадзіўся ў сям'і нямецкіх місіянераў. Яго маці Марыя Гундарт (1842-1902) была дачкой тэолага Германа Гундарта. Бацька, Ёганес Гесе (1847-1916), быў балтыйскім немцам з эстляндскага горада Пайдэ, служыў некаторы час місіянерам у Індыі, затым працаваў у выдавецтве Гундарта ў Кальве, дзе і пазнаёміўся з Марыяй. З ранніх гадоў дзяцей выхоўвалі ў духу піетызму, які панаваў у доме Гесе...
1966 год
Нэлі Захс (1891-1970)
"За выдатныя лірычныя і драматычныя творы, якія даследуюць лёс габрэйскага народа"
Нэлі Захс (ням. Nelly Sachs; 10 снежня 1891, Шэнеберг (Берлін) - 12 траўня 1970, Стакгольм) - нямецкая паэтка, празаік і драматург. Нарадзілася ў габрэйскай сям'і. У 1940 годзе эмігравала ў Швецыю. Яе першая паэтычная складанка выйшла ў 1947 годзе ва Усходнім Берліне пад назвай "У жыллі смерці" ("In den Wohnungen des Todes"). У гэтых вершах, як і ў п'есе "Элі" ("Eli", 1943), заяўлены ўсе асноўныя тэмы, развітыя затым у складанках "Зорнае зацьменне" ("Sternverdunkelung", 1949), "І ніхто не ведае, як далей" ("Und niemand weiss weiter", 1957) і інш...
1972 год
Генрых Бёль (1917-1985)
"За творчасць, у якой спалучаецца шырокі ахоп рэчаіснасці з высокім мастацтвам стварэння характараў і якая стала важкім унёскам у адраджэнне нямецкай літаратуры"
Генрых Тэадор Бёль (ням. Heinrich Theodor Bоll, 21 снежня 1917, Кёльн - 16 ліпеня 1985, Лангенбройх) - нямецкі пісьменнік, перакладчык і сцэнарыст. Ганаровы грамадзянін Кёльна (1983). Нарадзіўся ў шматдзетнай каталіцкай сям'і чырвонадрэўшчыка Віктара Бёля і Мары Бёль (Герман). З 1924 па 1928 год вучыўся ў каталіцкай школе, затым - у кёльнскай гімназіі кайзера Вільгельма. Улетку 1939 года Бёль паступіў у Кёльнскі ўніверсітэт, але ўжо ўвосень яго прызвалі ў Вермахт...
1999 год
Гюнтар Грас (1927-2015)
"За тое, што яго гуллівыя і змрочныя прыпавесці асвятляюць забытую выяву гісторыі"
Гюнтар Вільгельм Грас (ням. Gunter Wilhelm Grass; 16 кастрычніка 1927, Вольны горад Данцыг (цяпер Гданьск) - 13 красавіка 2015, Любек, Германія) - нямецкі пісьменнік, скульптар, мастак і графік. Грасс быў чальцом аб'яднання нямецкамоўных аўтараў "Група 47" (ням. Gruppe 47). Дзякуючы дэбютнаму раману "Бляшаны барабан" (ням. Die Blechtrommel, 1959 год) атрымаў міжнароднае прызнанне як выдатны нямецкі пісьменнік паваеннага перыяду. Дзякуючы сваёй вядомасці і папулярнасці, ён публічна каментаваў палітычныя і грамадскія падзеі...
2009 год
Герта Мюлер (1953)
"За творчасць, якая з засяроджанасцю ў паэзіі і шчырасцю ў прозе апісвае жыццё бяздольных"
Герта Мюлер (ням. Herta Muller; нар. 17 жніўня 1953, Ніцкідорф, Банат, Румынія) - нямецкая паэтка і пісьменніца, грамадскі дзеяч, мастак. Нарадзілася ў сям'і, якая належала да адной з груп нямецкамоўнай меншасці Румыніі (так званыя банатскія швабы). Яе дзед быў фермерам і гандляром, бацька падчас вайны служыў у войсках СС. Маці пасля заняцця Румыніі савецкімі войскамі была як немка дэпартавана ў лагер на тэрыторыі Украіны, вызвалена ў 1950 годзе. У 1987 годзе Герта разам з мужам, пісьменнікам Рыхардам Вагнерам, пераехала ў ФРГ і пасялілася ў Заходнім Берліне...
100 гадоў Слуцкаму Збройнаму Чыну
Заява Партыі БНФ да Дня Герояў 2020
7 лістапада 2020 г.
Сто гадоў таму, 27 лістапада 1920 году, распачаўся Слуцкі Збройны Чын. У гэты дзень нашыя продкі выступілі на змаганне за сваю дзяржаву - Беларускую Народную Рэспубліку.
У бой рушылі Слуцкі і Грозаўскі палкі Першай Слуцкай брыгады стральцоў БНР.
"Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына" - з гэтымі словамі, вышытымі на бела-чырвона-белых штандарах, простыя хлопцы са Случчыны пайшлі ў бой супраць добра ўзброеных акупантаў. Гэты гераічны збройны чын случчакоў тады засведчыў і расейскім бальшавікам, і ўсяму астатняму свету:
беларусы гатовыя змагацца за сваю незалежнасць!
Паўстанцы на працягу месяца давалі адпор бальшавіцкай навале з Усходу. Апошнія атрады случчакоў сышлі з поля бітвы толькі ў студзені 1921 года. Партызанскія атрады працягвалі змаганне яшчэ некалькі гадоў.
Яны змагаліся за свабоду сваю і Айчыны! Яны не чакалі ні ад каго дапамогі!
Яны самі вырашалі свой лёс! Яны паклалі свае жыцці за Беларусь, за нас, за цябе!
Беларуская дзяржава нараджалася ў крывавых пакутах, і наш беларускі вольны дух, які тады ажыў, не згасаў больш аніколі. На поле барацьбы за случчакамі выходзілі і выходзяць наступныя пакаленні змагароў за Беларусь.
Героі назаўсёды застануцца ў нашай памяці. Слуцкія паўстанцы ішлі змагацца з верай у сваю праўду, бо ведалі, што няма большай каштоўнасці ў чалавека за волю сваю і свайго народа.
Узгадайма сёння гераізм нашых продкаў і выкажам ім з глыбіні сэрца ўдзячнасць беларускага народа за іхні яскравы чын.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ ГЕРОЯМ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ!
Пара купляць "Родны край"
Беларускамоўны каляндар "Родны край" выйшаў сёлета накладам 4500 асобнікаў. Летась было столькі ж. Наклад не зменшыўся, значыць, летась каляндар раскупілі. Трэба пастарацца і цяпер, а дзе не хопіць, пісаць заяўкі на дадатковую пастаўку. Гэтыя заяўкі дадуць падставу павялічыць наклад на наступны год.
Наш кар.
Улады Германіі дамовіліся пра квоты для жанчын у кіраўніцтве кампаній
Навіны Германіі
Партыі, якія ўваходзяць ва ўрад Германіі, дамовіліся ўвесці абавязковыя квоты на прысутнасць жанчын у вышэйшым кіраўніцтве нямецкіх кампаній. Пра гэта паведамляе Financial Times.
Кіраўнічы блок ХДС/ХСС, які ўзначальваецца канцлерам Ангелай Меркель, прыйшоў да дамовы з сацыял-дэмакратамі, што ў складзе кіраўніцтва кампаніі, у якое ўваходзяць тры і больш чалавекі, павінна быць мінімум адна жанчына. Як піша выданне, ініцыятыву ўспрынялі як "вялікі крок на шляху да палавой роўнасці".
Ініцыятыва таксама мяркуе, што ў кампаніях, кантрольны пакет акцый якіх належыць ураду, не меней за 30% месцаў у наглядальных радах дастануцца жанчынам. Жаночыя квоты ўсталявалі і для дзяржорганаў у сферах аховы здароўя, пенсійнага забеспячэння, страхаванні. Па дадзеных Мінюста, рашэнне будзе прынята кабмінам ФРГ у найбліжэйшыя месяцы.
Міністр па справах сям'і, пажылых грамадзян, жанчын і моладзі Германіі Францыска Гіфай назвала гэта рашэнне гістарычным прарывам. "Мы ставім крыж на вольных ад жанчын кіраўніцтвах буйных кампаній", - заявіла яна. Гіфай адзначыла, што дзейніўшая з 2015 года добраахвотная квота на прысутнасць жанчын у шэрагах дырэктараў не прынесла эфекту.
FT піша, што рашэнне ўрада ўстрывожыла буйны нямецкі бізнес. Па меркаванні прадстаўнікоў кампаній, усталяванне абавязковай квоты на жанчын у кіраванні з'яўляецца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы арганізацыі. Акрамя таго, існуе дэфіцыт жанчын-спецыялістаў, якія б падыходзілі для кіраўнічых пасад.
Па дадзеных шведска-германскага фонду AllBright, доля жанчын у кіраванні кампаній у Германіі складае 12,8%, што ніжэй за аналагічны паказчык у іншых краінах. Да прыкладу, у ЗША жанчыны займаюць 28,6% кіраўнічых пасад, у Вялікабрытаніі - 24,5%, у Швецыі - 24,9%.
У 2019 годзе часопіс Organization Science прыйшоў да высновы, што фундатары звязваюць знаходжанне ў кіраўніцтве кампаніі жанчыны са зніжэннем прыбытку.
Даследчыкі прааналізавалі дадзеныя пра 1889 кампаній і іх прыбытковасці на працягу 14 гадоў. Высветлілася, што калі ў раду дырэктараў траплялі жанчыны, то акцыі кампаній часта гублялі ў кошце, у сярэднім падзенне доўжылася два гады. Са з'яўленнем кожнай новай жанчыны ў радзе дырэктараў рынкавы кошт кампаній памяншаўся на 2,3%.
Нягледзячы на тое што кіраўніцтва кампаній часта вітае гендарную разнастайнасць, пасля прыходу жанчын да кіравання акцыянеры часта спяшаюцца прадаць свае долі ў фірме.
Tut.by. Фота ілюстрацыйнае.
Выдатны археолаг Васіль Тарасенка
Гісторыя Магілёўшчыны
Старажытную Магілёўшчыну вывучала нямала вядомых археолагаў. Гэта З. Даленга-Хадакоўскі, Е. Раманаў, С. Дубінскі, М. Ткачоў і шэраг іншых даследчыкаў. У гэтым ганаровым шэрагу знаходзіцца выдатны гісторык і выкладчык Васіль Тарасенка.
Тарасенка Васіль Радзівонавіч (1899 - 1972), беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся 7 лістапада ў горадзе Петракове ў Польшчы ў сям'і памочніка акцызнага назіральніка Радзівона Васільевіча Тарасенкі. Маці, Яўгенія Андрэеўна, была дачкой вясковага настаўніка. Пачатак Першай сусветнай вайны прымусіў сям'ю эвакуявацца з Лодзі ў Смаленск. Навучаўся ў мясцовай мужчынскай гімназіі. У часы грамадзянскай вайны служыў у 16-й арміі. Скончыў Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, а затым - Смаленскі ўніверсітэт па гістарычным цыкле славесна-гістарычнага аддзялення педфака. Яшчэ будучы студэнтам, прымаў удзел у археалагічных даследаваннях Смаленшчыны. А потым лёс В. Тарасенкі павярнуўся так, што ўсё астатняе жыццё ён жыў і працаваў непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. Паколькі гістарычнай кафедры пры Смаленскім універсітэце не было, то па запрашэнні дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага гістарычнага музея Васіль Радзівонавіч пераязджае ў Магілёў і займае ў музеі пасаду старшага навуковага супрацоўніка са снежня 1929 па чэрвень 1941 года. З лістапада 1932 года адначасова з працай у музеі пачаў чытаць курс "Гісторыя старажытнага свету" ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. У той жа час яму было прысвоена навуковае званне дацэнта. У перыяд жыцця ў нашым горадзе В. Тарасенка займаўся плённай навуковай, педагагічнай і грамадскай дзейнасцю, праводзіў археалагічныя раскопкі ў нашым рэгіёне. У 1928 і 1930 гг. сумесна з Аляксандрам Ляўданскім абследаваў гарадзішча Змяёўка (Пелагееўскае), якое адносіцца да эпохі жалезнага веку. У Шклоўскім раёне на Крывельскім гарадзішчы выявіў рэшткі глінабітнай печы-домніцы. Побач з Магілёвам у Палыкавічах у 1937 годзе на значнай плошчы праведзены раскопкі на гарадзішчы Барсукова горка. У час доследаў археолаг упершыню ў беларускай археалогіі выявіў жытлы слупавой канструкцыі. У жытлах было выяўлена 7 агнішчаў дыяметрам 1-1,5 і 3 метры. Нядаўна ў архіве ІГ НАН Беларусі ўдалося знайсці фотаздымкі з раскопак гарадзішча Барсукова горка ў тыя часы. Таксама былі даследаваны помнікі археалогіі ў мястэчках Бароўка, Агееўшчына, Гарадок, Хацімное, Ржаўцы, Вендараж і іншых. В. Тарасенка таксама чытае лекцыі, выступае ў калектывах, прымае ўдзел у экспедыцях, піша артыкулы ў газеты і часопісы. Падчас экспедыцыі ў 1930-м годзе ў Чавускім раёне ў вёсцы Доўгі Мох быў выяўлены цікавы каменны надмагільны помнік у выглядзе грыба. Апісанне гэтага ўнікальнага гістарычнага артэфакта ў 1930-м годзе гучала наступным чынам:
"Беларуская акадэмія навук навукова-дасьледчы інстытут гісторыі секцыя археолёгіі. Назва - Надмагільны помнік у відзе грыба (фалас?). Мясцовасць - В. Доўгі Мох, Чауск. Р. Калі зафіксаваны - 1930 г. Кім зафіксавана - Тарасенка. Экспэдыцыяй 1930 г. у складзе Тарасенкі, А.К. Супінскага і А.Я. Дуісбург быў знойдзены на старадаўнім кладбішчы в. Доўгі Мох (каля шляху на г. Ст. Быхаў), гэты гранітны камень, у выглядзе грыба ў 1/2 узроста чалавека. На камені выцарапан від крыжа (пазнейшы). Зарас камень скарыстован у якасці надгробнага помніка. Даннай экспедыцыяй прынят за старажытны фаллос. Тарасенка".
Навуковец таксама чытае лекцыі ад "Сэкцыі Навуковых Працаўнікоў Беларусі". Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці мае некалькі цікавых дакументаў, якія тычацца жыцця і дзейнасці В.Р. Тарасенкі. Варта прывесці змест усёй анкеты, якая вельмі добра перадае атмасферу той няпростай эпохі. Анкета ад 25 кастрычніка 1930 года. Запоўнена ад рукі на друкаваным бланку на дарэформеннай беларускай мове:
"Сэкцыя Навуковых Працаўнікоў Беларусі.
Анкета.
1. Прозьвішча, імя і імя па бацьку. Тарасенка, Васіль Радзівонаў.
2. Узрост. 30 г.
3. Нацыянальнасць. Расеец.
4. Сацыяльнае палажэньне. Бацька - служачы з сялян (б. Курскай губэрніі).
5. Партыйнасць. Б/п.
6. Склад сям'і. Маць і яе сястра на ўтрыманьні, толькі памагаю ім.
7. Лік пакояў і кв. плошча кватэры. Адзін пакой, плошчай 3*3,25 с.
8. Хатні адрас. г. Магілёў, 2-й Кастрычнікавы завулак, дом №18.
9. Спэцыяльнасць. Палеоэтнолёгія, гісторыя першабытнай культуры, археолёгія мясц. край.
10. Займаемая пасада. Навуковы супрацоўнік.
11. Дзе працуе. Магілёўскі Дзяржаўны Музэй.
12. Кароткі жыцьцёпіс. Адукацыя - скончыў курс Унівэрсытэту і Маск. Археолёгічнага Інстытуту. Працаваў: у Чырвонай Арміі, РСІ, Губ. Архіве і фунд. Бібліотэце Смал. ДзяржУніверсітэта. Апрача гэтага бясплатна працаваў 4 гады ў ліку Сакратара і Кіраўніка Археолёгічнай часткі Смал. Т-ва Краязнаўства, а таксама прымаў удзел у працы раённага музею Т-ва і Бібліографічнай Камісіі. Зараз з'яўляюсь Сябрам праўленьня Маг. Т-ва Краязнаўства і Сакратаром Гіст-Культ Сэкцыі яго. Навуковая праца: досьледы археолёгічных помнікаў, галоўным чынам гарадзішч і неолітычных стаянак Смаленшчыны ў колькасьці больш 100, таксама і курганаў.
13. Ці вядзе навуковую працу і якую. Апрацоўка матар'ялаў апошніх гадоў і новыя досьледы на тэрыторыі б. Магілеўскай Акругі.
14. Пералік друкаваных прац (падрабязна). У часопісе "Эхо связи" за 1923 г. № 5 артыкул "Археология, её Значение и ценность как науки" у № 6-7 за той жа год "Японская катастрофа с научной точкі зренія" і ў Научных Известиях Смоленского Государственного Университета т. IV, вып. 3 "Следы неолітіческой стоянкі бліз д. Верхніх Немыкарей Смоленского у-з", у т. II "Прац Археолёгічнай Камісіі БАН" 2 артыкула:"Археолёгічныя досьледы гарадзішч на Смаленшчыне" і "Археолёгічныя абсьледваньні на Смаленшчыне ў 1929 г.". Адослан ў рэдакцыю "Наш край" артыкул "Этнолёгічная экспэдыцыя па ўсходняй частцы Магілёўшчыны ўлетку 1930 г.". Рыхтую да друку працу "Сляды культуры неоліту і эпохі гарадзішч у вышнявінах Дняпра". Шмат звестак аб маёй працы ў артыкулах ….? у часопісах і газэтах мясцовых і цэнтральных.
15. Зьвесткі аб культпрацы: а) Ці вядзе культпрацу, апрача навучальных устаноў, і якую. Апрача працы ў т-ве краязнаўства рабіў лэкцыі і справаздачы: ў Зоатэхнікуме і ў вайсковай часьці.
б) Калі не, дык якую працу можа весьці (у рабочых клюбах, лекцыі, у акруговых гарадох і інш). Магу праводзіць культпрацу па сваёй спэцыяльнасці.
16. У якіх профэсыянальных і грамадзянскіх організацыях прымае ўдзел. Апрача краязнаўчай арганізацыі быў па выбарам: "нар. засядацелем" ў Судзе, дэлегатам з'ездаў і інш.
17. Заробак, аснаўная пэнсыя, пабочныя даходы, заробак членаў сям'і . Стаўка па Музэю - 110 р. у м-ц, пабочных даходаў не маю.
18. Стан здароўя. Больш-менш здароў, але маю нэўроз сэрца і малакроўнасць.
19. У якіх профсаюзах быў раней, да ўступленьня ў Саюз Белпрацасьветы. Адзін год, пасьля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі - 1922 г.- ў Саюзе Саўслужачых; з 1923 г.- у Саюзе Асьветы.
20. З якога часу у Саюзе БЕЛПРАЦАСЬВЕТЫ і № сябр. білету. З 20.XII.- 1929 г. № 4243 і пасьведчаньне Сэкцыі Навуковых Работнікаў БССР № 350 ад 20.II.30 г.
Подпіс Тарасенка.
Дата запаўненьня 25.X.1930 г.".
Пачатак вайны застаў В. Тарасенку ў Магілёве і 29 чэрвеня 1941 года ён, як камандзір запасу быў мабілізаваны на фронт. Ваяваў. Быў паранены. Пасля шпіталя зноў на фронце. У снежні 1941 года адкамандзіраваны спачатку ў галоўны рэзерв начскладу ў горад Куйбышаў, а затым у Сібірскую вайсковую акругу. Па стане здароўя пайшоў у запас. У 1942-43 гадах працуе настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе ў Кемераўскай вобласці. А ў жніўні 1943 года пераведзены ў 3-ю маскоўскую спецартшколу, з якой быў рээвакуяваны ў Маскву.
Пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў 1 ліпеня 1944 года быў пераведзены на працу старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР, дзе прыступіў да археалагічнага вывучэння Менскага Замчышча. Паколькі ў пасляваенны цяжкі перыяд адчуваўся вялікі недахоп у працоўнай сіле, то ў першыя гады раскопак у якасці рабочых выкарыстоўваліся нямецкія ваеннапалонныя. У 1945 годзе праводзіў даследаванні Замчышча разам з вядомымі польска-беларускімі археолагамі Уладзімірам Галубовічам і Геленай Цэгак-Галубовіч. У 1945-1957 гадах у час раскопак былі выяўлены рэшткі гарадской драўлянай забудовы, вулічныя насцілы, падмурак мураванай царквы 11-12 стагоддзя. Зараз гэта плошча 8 Сакавіка ў Менску (раён Нямігі), дзе некалькі год таму быў усталяваны невялікі памятны знак на месцы першага менскага мураванага храма. Па выніках гэтых раскопак Васіль Тарасенка выступіў з прапановай па музеефікацыі Менскага Замчышча. Вось урывак з дакладной запіскі, якая захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа АН Беларусі, на імя дырэктара Інстытута гісторыі ад 26 кастрычніка 1957 года:
"…. У працэсе археалагічных раскопак 1957 года на Мінскім замчышчы на плошчы каля 700 квадратных метраў было ўскрыта 6 ярусаў драўляных вулічных маставых і 3-4 будаўнічыя ярусы парэшткаў зрубных жылых і гаспадарчых пабудоў, якія датуюцца часам, пачынаючы з ХVII - XVI ст. і да сярэдзіны XII. У перыяд правядзення раскопак іх наведаў прадстаўнік Міністэрства Культуры СССР т. Паўлаў, а пазней - цэлая група кіраўнічых работнікаў Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР на чале з т. Каралём і Гусевым, а таксама галоўным гарадскім архітэктарам т. Мацкевічам. Яшчэ да пачатку раскопак 1957 г. па ініцыятыве Інстытута гісторыі АН БССР быў распрацаваны архітэктарам т. Пагарэлавым і зацверджаны міжведамственнай камісіяй, на чале з прадстаўніком Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР т. Электрухам, архітэктурны праект пастаяннага перакрыцця над руінамі каменнага храма ХІІ, ускрытага пры раскопках, якія адбываліся на Мінскім Замчышчы ў 1949-1951 гг. Аднак спачатку т. Паўлавым , а затым і прадстаўнікамі Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР т. т. Карадзём і Гусевым быў вылучаны, падтрыманы галоўным гарадскім архітэктарам т. Мацкевічам праект пашырэння перакрыццяў над руінамі храма з мэтай захавання прымыкаючай да храма часткі драўлянага горада і пераўтварэння ўсяго гэтага комплексу ў філіял будучага рэспубліканскага гістарычнага музея… Разам з тым, неабходна адзначыць, што здзяйсненне гэтага праекту вымагае вялікіх матэрыяльных і вялікіх тэхнічных цяжкасцяў. Перадусім, варта падкрэсліць, што захаванне з дапамогай кансервацыі такога значнага комплексу драўляных канструкцый, калі б яно было у прынцыпе вырашана станоўча, стала б першым і пакуль адзіным прыкладам у СССР. Як вядома, такая кансервацыя вялікіх драўляных будаўнічых комплексаў была здзейснена да гэтага часу на адным з археалагічных помнікаў Швецыі, але помнік аднаслойны, у той час, як Мінскае Замчышча - помнік шматслойны…"
На вялікі жаль, гэтая прапанова па нейкіх прычынах не была здзейснена. Па звестках гісторыка А. Трусава, у 1948 годзе на Менскім замчышчы В. Тарасенка знайшоў каменныя вапняковыя пліткі са слядамі апрацоўкі. Яны мелі жаўтавата-шэры колер і розныя памеры, але былі падобныя да цаглін. Знойдзена і яма для гашэння вапны памерам 5 на 5 метраў. У 1949 годзе выйшлі на рэшткі мураванага храма. Былі адкрыты падмуркі, складзеныя з вялікіх і сярэдніх бутавых камянёў на вапне. Падмуркі праразалі старажытны культурны слой і глыбока ўваходзілі ў мацярык. Былі прасочаны сляды апалубкі, зробленай з тонкіх дошак. Памер асноўнага аб'ёму храма 12 на 12 метраў разам са сценамі таўшчынёй 1,5 метра. Агульная даўжыня з апсідай 16 метраў.
У наступныя гады археолаг вёў раскопкі таксама ў Полацку і Ваўкавыску. Васіль Тарасенка быў вельмі адукаваным чалавекам для свайго часу і археолагам высокай кваліфікацыі. Валодаў у рознай ступені некалькімі мовамі: польскай, рускай, беларускай, нямецкай, французскай, лацінскай і ўкраінскай.
Працаваў з многімі цікавымі навукоўцамі і даследчыкамі. Восенню 2019 г. мне ўдалося ўзяць інтэрв'ю ў археолага, які некалькі год поплеч працаваў з В.Р. Тарасенкам. Вось што расказаў пра свайго настаўніка вядомы беларускі гісторык, галоўны навуковы супрацоўнік "Аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу" ІГ НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Фёдаравіч Лысенка: "Васіль Радзівонавіч Тарасенка варты памяці і пашаны. Перш за ўсё, можна падкрэсліць яго сціпласць і добразычлівасць. Ён ніколі не выхваляўся, ніколі не падкрэсліваў сваіх асабістых заслуг, яго вылучалі інтэлігентнасць у паводзінах, стрыманасць, цудоўныя чалавечыя якасці. Росту быў сярэдняга. Шчуплага целаскладу. Ахвотна падтрымліваў сувязі з калектывам. Удзельнічаў у агульных мерапрыемствах, што праводзіліся ў рамках аддзела".
Васіль Радзівонавіч Тарасенка ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню і папулярызацыі нашай мінуўшчыны. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у вывучэнне гісторыі Магілёўшчыны і Беларусі ў цэлым. Гэты навуковец варты нашай памяці і ўшанавання. Даследаваннем біяграфіі навукоўца ўжо займаліся такія вядомыя гісторыкі, як В. Мядзведзева, А. Трусаў, С. Тарасаў, А. Седзін. Але ў нашых архівах яшчэ захоўваецца шэраг нявывучаных дакументальных крыніц, звязаных з жыццём выдатнага дзеяча. У будучым варта ў Магілёве на старым корпусе педінстытута па вул. Ленінскай, 35, дзе працаваў, і ў Менску, дзе жыў археолаг па адрасе: вул. К. Маркса, дом 8, усталяваць памятныя дошкі ў яго гонар. А ў новым мікрараёне трэба назваць адну з вуліц у гонар Васіля Тарасенкі.
Алег Дзьячкоў. Магілёў.
Упершыню на беларускай мове артыкулы пра спробу адраджэння уніяцкай царквы ў 1920-х гг.
У першую гадавіну ўваскрэшання уніі ў Вільні
Летам ціха і незаўважна мінула першая гадавіна ўваскрэсення уніі ў Вільні. Яна зноў з'явілася ў нас у тую хвіліну, калі год таму ў капліцы біскупскага дома рэктар праваслаўнай семінарыі ў Вільні, архімандрыт а. Піліп Марозаў прысягнуў біскупу Матулевічу ў вызнанні каталіцкай веры. Хутка наступіла намінацыя гэтага змяніўшага веравызнанне іерарха на пасаду рэктара па-аўгустынскага касцёла, які ў Вільні вызначаны для набажэнстваў па ўсходне-каталіцкім абрадзе. Гэта не значыць што раней адзінкавыя асобы, як напрыклад, кс. Леан Жаброўскі, сп. Зоф'я Луніна, сп. Баляслаў Пачобка, а. Трафім Сямяцкі і іншыя не спрабавалі ў Вільні зрабіць нешта ў гэтым накірунку. Але гэта былі адзінкавыя высілкі, забароненыя царызмам, а потым безвыніковыя падчас нямецкай акупацыі і бясплодныя ў першыя гады польскай улады. Таму мы зараз кажам толькі пра першую гадавіну аднаўлення (у 1926 г. - Л. Л.).
Для паўнаты ўяўлення трэба дадаць, што біскупу Матулевічу хапала дарадцаў, якія ралі яму, каб а. Марозаў перайшоў на … небяспечны для іх лацінскі абрад і адрокся ад … барады! Натуральна, гэтыя парады не былі прынятыя, але яны добра характарызуюць адносіны да справы.
Гэта была адна з апошніх спраў у дзейнасці біскупа Матулевіча якая моцна злучыла яго імя з справай уваскрашэння уніі ў нашым краі. Але і тут мы не можам абысціся без дыскусій: ці зрабіў біскуп Матулевіч тое, што павінен быў зрабіць, ці мог ён надаць гэтай справе патрэбны накірунак? Цалкам яго рашэннем было пасадзіць у царкву ў Тараканях (Кобрынскі павет) базыльяніна а. Паўла Дэмчыка. Аднак склалася так, што тое, што давала надзею на лепшае, трымалася нядоўга.
Пераход у каталікі а. Марозава паставіў у вельмі складаную сітуацыю біскупа-суфрагана - часовага пераемніка біскупа Матулевіча. За год да гэтага, падчас візітацыі лідскага павета біскуп Міхалкевіч у інтэрв'ю карэспандэнту "Кур'ера Варшаўскага" назваў лацінскі абрад "чыстым (!) каталіцызмам" і вучыў, што ніякая унія нам не патрэбна. Але хутка, ён фактычна адмовіўся ад сваіх слоў. Біскуп-суфраган прысутнічаў на ўсходне-каталіцкім набажэнстве і ў сваёй прамове ўжо выказаўся пра яго 100% вартасць і неабходнасць падтрымкі.
Пасля гэтых уступных заўваг, трэба паставіць пытанні, чым была ўваскрэшаная унія ў Вільні а значыць і ва ўсім краі і ці павінна яна існаваць? Першы чым адкажам на гэтае пытанне, уцямім сабе, на каго яна адразу абаперлася. Унія абаперлася, ні больш, ні менш, на энергічных у нас эндэках, якія да гэта часу - о, іронія - кажуць пра шкоднасць уніі для польскай справы і каталіцызму. Па-просту найбліжэйшыя партыйныя сябры сп. Обста (Ян Конрад Обст, 1876-1954, публіцыст, выдавец, гісторык, у часы напісання дадзенага артыкула - рэдактар "Дзённіка Віленскага". - Л. Л.) сталі заўзятымі абаронцамі і патронамі уніі і на працягу цэлага года неаднаразова давалі грошы на гэтую справу. Нават можа памылкова падацца, што трэба цешыцца навяртаннем эндэкаў і быць удзячным ім за гэта, але добра іх ведаючы, будзем пазбягаць ілюзій. Іх стаўленне да уніі не памянялася, але тая унія, якую прэзентуюць заўзятыя паланафілы, здаецца ім цалкам безшкоднай. У іх магла абудзіцца надзея, што гэты маленькі струменьчык усходняга каталіцызму, абавязкова прывядзе ў агульнае лацінскае мора і таму нават унія можа для нечага прыдацца. Толькі адзінкі сярод іх мелі да уніі глыбокія сантыменты.
Так сталася, што тыя, хто больш за ўсіх крычаў аб абароне каталіцкага касцёла ад расейшчыны, хто абвяшчаў анафему беларускай мове ў касцёле, тыя, хто дэмагагічна, як "Дзённік Віленскі", падсоўваў парафіянам думку аб неабходнасці з камянямі ў руках выступаць супраць беларускіх ксяндзоў, хто гучна галасіў, што польскасць і каталіцызм - адно і тое самае, - яны ўсе хуценька сталі нязвыкла талерантнымі да мовы свайго паўтаравекавога прыгнятальніка! Назіраючы гэтую з'яву, нехта слушна заўважыў: "Хто ж некалі мог спадзявацца, што так моцна аблаяны "Залаты Алтарык" (назва зборніка ў якім у 1756 г. былі надрукаваныя малітвы да Маці Божай Вострабрамскай, малітоўнік з гэтакай назвай таксама выйшаў на летувіскай мове ў 1864 г. лацінкай і 1866 г. кірыліцай, апошні за дзяржаўныя грошы, але тут, магчыма, маецца на ўвазе зборнік малітваў на рускай мове, выдадзены для каталікоў падчас знаходжання ў Расійскай імперыі. - Л. Л.) і "Трэбнік" (маецца на ўвазе трэбнік выдадзены на рускай мове для каталікоў падчас знаходжання ў Расійскай імперыі. - Л. Л.) фактычна сталі актуальнымі кнігамі, вартымі перавыдання ў сучаснай Вільні ?! …"
А самае адметнае ва ўсім гэтым тое, што руская мова прагучала ў віленскім каталіцкім касцёле з вуснаў прыбаша з … Волагды! І гэта ў той час, калі самы крэўны католік-беларус не можа ані пачуць ані адазвацца ў касцёле на сваёй роднай для нашага краю мове. Параўнайце: там - замежнік, крэўны расіец-эмігрант, тут - сапраўдны аўтахтон, сын гэтай зямлі, які ўрос у яе ўсёй сваёй істотай. На яго мове размаўляе, пэўна, 75% лаціннікаў, якіх лічаць палякамі - яго мова мае тут вялікую і бачную аўдыторыю. Але з супрацьлеглага боку маем persona grata для рэдакцыі "Дзённіка Віленскага", гэтую персону падтрымліваюць эндэкі, гэта ж не нейкі там беларус, г. зн. партыя якая патрэбна толькі як пушачнае мяса ці ў якасці падаткаплацельшчыка, асобы, якая не мае правоў!
Хай жа а. Марозаў і надалей цешыцца ласкамі эндэцыі, калі не ўмее ці не жадае знайсці для сябе лепшай апоры, але пры гэтым хай не забывае, што пасля навяртання ў каталікі а. Навуменкі і псаломшчыка Шведкі, сп. Обст бесцырымонна біў сваімі маралямі ім у плечы ў рэдагаваным ім "Дзённіку…". І адначасова яго самы дарагі сябар сп. Пётр Каўнацкі ў "Глосе Нарадовым" кляйміў увесь унійны рух як надзвычай шкадлівы для польскай нацыянальнай справы. Крохкую апору мае айцец-архімандрыт у эндэкаў, і трэба пачакаць моманту, калі яны яго пакінуць. Альянс з эндэкамі можа толькі кампраметаваць унію. Не можа быць агульнай дарогі з імі для тых, хто жадаў бы шчыра зрабіць нешта карыснае для уніі.
Аднак, можа, расійскае грамадства ў Вільні выкажа а. Марозаву моцную падтрымку ва унійнай справе? Толькі ў мінімальнай ступені! Рускія, якія выраслі ў Вільні і сцісла злучаны з горадам, разам са шматлікімі эмігрантамі, далі самы мінімальны працэнт яго прыхільнікаў. Пры тым няма розніцы - левых яны перакананняў ці манархісты. А. Марозаў моцна выйграў бы, каб яго прыхільнікамі ў Вільні былі папулярная ў рускім грамадстве асобы. Але не бачым сёння мы сярод віленскіх рускіх ні Чаадаевых, ні Адоеўскіх ні Валконскіх, не кажучы ўжо пра Салаўёвых, Гагарыных ці Перлінгаў (аўтар пералічвае папулярных у свой час прыхільнікаў рускага каталіцызму. - Л. Л.). Іх тут няма, затое пэўна знойдуцца тэасофы, метадысты і іншыя. Распачатая год таму унія прыйшла на свет cum beneficio inventarii (у сэнсе, умоўна, з агаворкамі. - Л. Л.), надта абцяжараная праблемамі і таму вымагае грунтоўнай санацыі. Інакш атрымае мянушку "казённая", "филиповская", "морозовская" і інш.
У царскіх варотах нашай віленскай уніяцкай цэркаўкі павінен стаяць ціхі і пакорлівы святар-багамолец, якому на пачатку трэба задаволіцца малой колькасцю вернікаў, быць шчырым і пачаць сваю цяжкую працу з падмуркаў. Ён павінен быць кроў ад крыві, костка ад косткі тутэйшага беларускага люду і не саромецца мовы свайго народа, карыстацца ёй у горадзе разам з расійскай а ў вёсцы - ужываць выключна беларускую мову. Унія ў нашым краі мае абапірацца толькі на беларусаў так, як на Валыні і ў Галіцыі толькі на украінцаў. Гэтага вымагае натура і логіка. А ў Вільні нічога не зроблена ў гэтым накірунку. Сапраўднае эндэцкае грэбаванне а. Марозава краёвымі мовамі нават звярнула на сабе ўвагу бенедыктынскага манаха а. Андрэя Стаелена (фламандца), які падчас знаходжання ў Вільні, дапамагаў яму падчас велікоднай літургіі. Бенедыктынец дарэмна чакаў хоць якой краёвай мовы, напрыклад летувіскай, падчас чытання на розных мовах пачатку Евангелля паводле св. Яна.
Калі ўваскрэшаная унія жадае ў нас зацвердзіцца, павінна яна перад усім шукаць падтрымкі сярод мясцовага люду, што цалкам зразумела, бо няма большага ворага для любых дактрын нацыянальнай выключнасці, чым краёвасць, якая бурыць усялякія межы і вядзе да нацыянальнай гармоніі.
Ёсць пэўныя адзнакі таго, што нават Марозаў пачынае павольна разумець вялікую памылку сваёй арыентацыі на эндэкаў і шукаць для унійнай працы сапраўдную падтрымку сярод крэўнага народу нашага края.
Latovicus [Міхал Ромер]. W pierwszą rocznicę wskreszenia Uniji w Wilnie // Pregląd Wileński. 1926. № 17. S. 2-3.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Конкурс імя Веры Навіцкай плануе пашырыць сваю геаграфію
На літаратурнай хвалі
У мінулую пятніцу ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў ІV адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям". Конкурс праводзіцца адзін раз на два гады Лідскай бібліятэкай пры падтрымцы газеты"Наша слова", пачынаючы з 2014.
Арганізатары конкурсу імя Веры Навіцкай імкнуцца вярнуць у беларускую літаратуру згаданае імя і заахвоціць лідскіх паэтаў і пісьменнікаў да напісання твораў для дзяцей.
Некалькі слоў пра дзіцячую пісьменніцу Веру Сяргееўну Навіцкую, чыё імя носіць конкурс. Вядома, што яна некалькі гадоў - з 1908 па 1915 год - жыла ў Лідзе, з'яўлялася начальніцай мясцовай прыватнай жаночай гімназіі. Аўтар кніг "Добра жыць на свеце", "Вясёлыя будні", "Ціхамірныя гады", "Першыя мроі" (тэтралогія аб жыцці Марусі Старабельскай), "Галя", "Наташа Славіна" (аповесці для юнацтва, у якіх дамінуе любоўная лінія), "Басурманка" (аб жыцці прыёмнай сіраты-францужанкі ў рускай сям'і). Апошнія пяць кніг напісаны ў Лідзе, і, магчыма, апісаныя ў іх падзеі звязаны з нашай лідскай зямлёй.
Сёлетні літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" праходзіў у дзвюх намінацыях - "Паэзія" і "Проза". Удзел у ім прынялі 11 лідскіх літаратараў, сярод якіх як вопытныя аўтары, якія маюць свае зборнікі, так і тыя, хто займаецца літаратурнай творчасцю з нядаўняга часу. Асабліва шмат было даслана на конкурс вершаў - каля 200. Празаічных твораў значна меней - 9 апавяданняў. Тэматыка дасланых твораў самая разнастайная.
Журы нялёгка было вызначыць трох пераможцаў конкурсу. У выніку дыпломам ІІІ ступені (у намінацыі "Паэзія") узнагароджана Людміла Русь, дыпломам ІІ ступені (у гэтай жа намінацыі) - Міхась Мельнік, дыпломам І ступені (у намінацыі "Проза") - Таццяна Сямёнава, найстарэйшая з удзельнікаў конкурсу. Пераможцы таксама атрымалі грашовыя ўзнагароды. Усе астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымалі заахвочвальныя прызы. Пералічым і іх імёны - гэта Уладзімір Васько, Станіслаў Суднік, Наталля Хейфец, Ларыса Кавалеўская, Людміла Краснадубская, Станіслава Белагаловая, Ганна Лазоўская, Канстанцін Якубчык.
Усе дасланыя на конкурс творы ўвайшлі ў падрыхтаваны бібліятэкай зборнік "Дарослыя - дзецям-2020".
Была захавана традыцыя прадстаўляць на гэтым мерапрыемстве рэдкую кнігу. У 2016 годзе гэта была 1-я кніга тэтралогіі Веры Навіцкай на беларускай мове "Добра жыць на свеце", у 2018 годзе - дзіцячая кніга Марыі Канапніцкай "Ад зімы да лета", сёлета гэта "Я сумавала па вучобе. Дзіцячыя і школьныя гады Альжбеты Табенскай з-пад Васілішак. Успаміны". Тут змешчаны першыя два раздзелы кнігі "З долі і няволі. Успаміны выгнанкі", выдадзенай у Кракаве ў 1897 годзе.
Прадстаўляючы кніжачку рэдактар "Нашага слова" Станіслаў Суднік звярнуў увагу прысутных на адну фразу: "... Шануйце час, як рэч найдаражэйшую, бо за кожную хвілю маем здаць справаздачу перад Богам, і з кожнай хвіляй жыццё наша праходзіць, а чалавек ёсць панам толькі гэтай хвілі. Хвіля, якая прыйдзе, - няпэўная, а якая прайшла - не вернецца". Што зроблена сёння, тое і зроблена. Дарэчы, на 32 старонках кніжачкі шмат цікавай інфармацыі. Да прыкладу, згадана кніга Камілы Нарбут "Мечыслаў і Стэфанія". Кнігі гэтай няма ў Інтэрнеце, нават згадкі пра яе няма. А гэта твор беларускай польскамоўнай літаратуры часоў Міцкевіча. Сама Альжбета Табенская - удзельніца паўстання 1863 года, старэйшая сястра знакамітай Антаніны Табенскай.
На заканчэнне імпрэзы быў абвешчаны чарговы пяты конкурс, на які ўсіх і запрашаем. Конкурс жа міжрэгіянальны.
Наш кар.
Канцэрт памяці Валерыя Скакуна ў Дружным
Пачынаючы з 2017 года, літаратурны клуб "Экватар" штогод праводзіць у пасёлку Дружны, што зусім блізка ад Менска, канцэрт памяці пісьменніка і барда Валерыя Скакуна. Месца абрана не выпадкова. Валерый правёў там апошнія гады свайго жыцця, там недалёка і пахаваны. У Дружным дагэтуль жывуць ягоная апошняя жонка Іна і сын Валодзя.
Для Валерыя Скакуна быў вельмі важным літаратурны клуб "Экватар", ягонае літаратурнае і канцэртнае жыццё - усё, што звязана з суполкай. Валерый стаяў ля вытокаў заснавання клуба, ён вельмі шмат зрабіў для развіцця "Экватара". З кіраўніком суполкі Вячаславам Корбутам Валерый Скакун прасябраваў дваццаць пяць год, а з шэф-рэдактарам клуба Інгай Вінарскай - звыш дзесяці.
2020-ты не стаў выключэннем са склаўшайся ўжо традыцыі - штогод праводзіць канцэрт памяці Валерыя Скакуна ў Дружным. Імпрэзу вырашылі ўсё ж такі зрабіць, нягледзячы на эпідэмічную і палітычную сітуацыю ў краіне.
Арганізатарам канцэрту, як і ў мінулыя гады, выступіла загадчыца Дружненскай дзіцячай бібліятэкі Святлана Ефіменка. Імпрэза была замоўлена ў актавай зале Дружнескай школы мастацтваў.
Калі артысты ўжо прыехалі на выступленне, спадарыня Святлана вельмі выбачалася за тое, што людзей на мерапрыемства сабраць не ўдасца, бо ў Дружным ужо пачаўся каранцін з-за другой хвалі каронавіруса, і арганізавана школьнікі ды студэнты не прыйдуць, а неарганізавана пабаяцца. Але шэф-рэдактар "Літаратурнага экватара" Інга Вінарская зазначыла, што канцэрт усё роўна будзе праведзены дзеля ўшанавання памяці Валерыя Скакуна.
У зале сабраліся бібліятэчныя супрацоўнікі, сваякі Валерыя Скакуна, нешматлікія зацікаўленыя слухачы. Імпрэза пачалася.
Нечакана прысутныя пачулі… званы. Так, менавіта прыгожым звонам распачаўся канцэрт. На мініяцюрных, але сапраўдных званах сыграў для слухачоў Аляксандр Койпіш, які, дарэчы, як потым высветлілася, спецыяльна вучыўся на іх граць, і нават працуе званаром у некалькіх сталічных цэрквах. Потым Аляксандр распавёў прысутным пра лячэбныя ўласцівасці гукаў, якія даюць званы пра гранні на іх. Але на гэтым выступленне спадара Койпіша не скончылася. У нейкі момант ён дастаў зборнік сваіх вершаў і прачытаў некаторыя з іх.
Спявачка, акторка, мастачка Міліта Сібрыкава на гэты раз падрыхтавала камерны рэпертуар для канцэрту. Яна нават апранулася ў чорны касцюм для імпрэзы. Міліта двойчы выходзіла да публікі - выступала яна з губным гармонікам і без, а дапамагаў ёй, як звычайна, "чароўны" караоке-мікрафон.
Паэтка Лера Лявонцьева прачытала прысутным свае новыя, нядаўна створаныя вершы. А потым яна, як звычайна, дастала свае ўлюбёныя карткі-падказкі, на якіх шмат чаго напісана, і чытала кароткія вершаваныя творы з іх.
Шэф-рэдактар "Літаратурнага экватара", паэтка і пісьменніца Інга Вінарская выступала доўга. Яна падрабязна распавяла пра жыццё літаратурна клуба "Экватар", пра ўсе навіны, знакавыя падзеі і нават - пра праблемы клуба, пра ворагаў і здрайцаў. І гэта ўсё было расказана нават не прысутным, а сябру-нябожчыку Валерыю Скакуну, чый партрэт стаяў на сцэне і чый дух (выступоўца была ў гэтым упэўнена) нябачна прысутнічаў на канцэрце.
Потым Інга шмат распавядала пра свайго сябра Валерыя Скакуна, пра тое, якім ён быў чалавекам, як усё ўмеў рабіць: і электрыку, і сантэхніку, і газапровады, і будаўнічыя работы самай рознай ступені складанасці. Спадарыня Вінарская зазначыла, што была рэдактарам, дызайнерам і тэхнічным рэдактарам амаль усіх кніг Валерыя Скакуна - і паэзіі, і прозы.
Напрыканцы свайго выступлення Інга Вінарская сказала, што Скакун быў чалавекам моцным і нават часамі жорсткім, а потым прачытала шэраг вельмі складаных, нават рэвалюцыйных вершаў з другой рэдакцыі сваёй кнігі "Солнце поэтов".
Завяршыўся канцэрт выніковай агульнай фотасесіяй выступоўцаў і слухачоў.
Дружненскай дзіцячай бібліятэцы былі падараваны альманах "Літаратурны экватар" № 8 (10), а таксама кнігі некаторых сяброў суполкі.
Паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская.