Папярэдняя старонка: 2022

№ 2 (2) 


Дадана: 12-01-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 2, 12 студзеня 2022 г.

Успомнім усё ад Палямона

2022 год беларускія ўлады абвясцілі Годам гістарычнай памяці і самі, магчыма, таго не разумеючы далі вялікія магчымасці грамадству па рэалізацыі самых розных праектаў у вобласці гэтай самай гістарычнай памяці.

Па-першае, гэты год павінен стаць годам адраджэння беларускага краязнаўства. Сёння краязнаўчыя агменьчыкі цепляцца ў розных рэгіёнах Беларусі і зусім не шчыльна пакрываюць яе мапу. Трэба раздуць гэтыя агменьчыкі і стварыць нарэшце агульнанацыянальнае краязнаўчае таварыства. Мабыць: або сёлета, або ўжо ніколі.

Беларусы зрабілі ўнікальную работу - выдалі Біблію Ф. Скарыны, выдалі Берасцейскую Біблію, але так і не падышлі да выдання на беларускай мове "Гісторыі літоўскага народа" Тодара Нарбута. Толькі што Прэзідэнт сказаў: "Што ў Вялікім Княстве Літоўскім было літоўскае? Кнігі пісалі на нашай мове, той жа Статут. Землі ў асноўным былі беларускія, украінскія, трохі расейскія. Насельніцтва на 80 працэнтаў было нашае, славянскае". Тое ж можна спытаць адносна працы Нарбута: "Што там літоўскае?" Гэта наша беларуская гісторыя, якую мы не можам нават пачытаць.

Толькі што прызначылі новага дырэктара Вялікага тэатра Беларусі. Можа, з пяць разоў грамадскасць ужо ставіла перад гэтым тэатрам пытанне пра пастаноўку оперы Канстанціна Горскага "Маргер". Калі, як не сёлета, зрушыць гэтае пытанне з месца?

У свой час на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці было далёка больш за дзясятак ратушаў. Сёння няма ніводнай. І сёння ж ёсць усё, каб аднавіць ратушу ў Лідзе. Дык чаму ў Год гістарычнай памяці не пачаць гэтае пытанне вырашаць?

І не толькі ад чыноўнікаў, а ад усяго грамадства залежыць - адбудзе кожны рэгіён Беларусі гэты год толькі падмалёўкай свежай фарбай некалькіх помнікаў часоў апошняй вайны ці будзе зроблена нешта важкае і значнае для пазначэння вехаў на ўсім нашым гістарычным шляху ад таго самага Палямона да нашага часу.

Станіслаў Суднік.

Ён адкрыў многія імёны і невядомыя старонкі гісторыі

У Менску ў Чырвоным касцёле 5 студзеня развітваліся з доктарам філалагічных навук, прафесарам Адамам Мальзісам.

Святую імшу па спачылым шаноўным прафесары Адаме Мальдзісе служыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На святой імшы прысутнічалі вядомыя літаратары, гісторыкі, культуролагі, грамадскія дзеячы, вернікі розных канфесій.

- Адам Мальдзіс самааддана служыў беларускай культуры, пашыраў веды пра гісторыю нашай Бацькаўшчыны і яе слынных дзеячаў, - прамовіў падчас святой імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.- Ён быў католікам, і як свецкі вернік імкнуўся пашырыць веды пра першаасветніка Францішка Скарыну, пра фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча, назапашваючы інфармацыю пра іх.

- З жыцця пайшоў чалавек, які назаўсёды застанецца ў памяці нашай нацыі і нашага народа, - прамовіў на развітанні былы калега Адама Мальдзіса Уладзімір Георгіевіч Кароткі. - Ён стварыў свой духоўны манумент. Ён адкрыў многія імёны, многія старонкі гісторыі, якія былі недаступныя іншым у сілу чалавечай слабасці, недахопу таленту і працавітасці. Светлая яму памяць!

- Наш брат, шаноўны прафесар Адам Мальдзіс падтрымліваў святароў, ён сябраваў з айцамі Янам Матусевічам і Аляксандрам Надсанам, дапамагаў Чырвонаму касцёлу ў падрыхтоўцы гістарычнай і культурнай інфармацыі, - прамовіў айцец Сергій Гаек.

- Я ведала Адама Іосіфавіча некалькі дзясяткаў гадоў, - падзялілася ўспамінамі куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Фёдараўна Івуць. - Спачатку я працавала з ім у Навукова-асветніцкім цэнтры Ф. Скарыны, потым мы працавалі разам у адным кабінеце ў Інстытуце культуры Беларусі ў аддзеле міжнароднай і соцыякультурнай дзейнасці. Для яго гэта было вельмі важна, бо гэта быў працяг працы ў Скарынаўскім цэнтры.

Адам Іосіфавіч быў вельмі руплівым чалавекам, які скардзіўся толькі на адно, што ў сутках толькі 24 гадзіны. Яму не хапала часу. Ён хацеў напісаць свае кнігі, успаміны.

Да яго было шмат хадакоў: прыходзілі людзі па рэцэнзіі, кансультацыі. Гэта быў унікальны чалавек у Беларусі, якога ведаў увесь сусвет. У яго была вельмі добрая памяць, ён памятаў, хто ўзначальвае беларускія суполкі ў Амерыцы, у Вялікабрытаніі, Канадзе і іншых краінах. Ён не гнаўся за зямнымі багаццямі, а ўсё жыццё збіраў багацце духоўнае."

Адам Мальдзіс пахаваны на сваёй малой радзіме, на Астравеччыне.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Беларускі народны каляндар на 2022 год

Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта - фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым досведам.

У народным календары на 2022 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.

Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і заходу сонца падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашай кнізе "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 2002).

Студзень

1. сб. Новы год . ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г. Святой Багародзіцы Марыі.

6. ч. Першая, Посная куцця . Перадкалядная вячэра. "Які дзень, такі і год".

"Снег на куццю - грыбы на лета,

Такая матчына прымета". Якуб Колас..

Аб'яўленне Божае. Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".

7. п. Нараджэнне Хрыстова . Пачатак Каляд . "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…" . Калядавалі. Насілі "зорку". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

9. н. Сцяпан. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана" . Хрышчэнне Божае.

13. ч. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. "Мароз, хадзі куццю есці".

14. пт. Абразанне Гасподняе. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".

18. а. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд . "Каляда ад'язджае" .

19. с. Вадохрышча (Кшчэнне) . "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама" .

20. ч. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд . Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. пт. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце" . Фядос . "На Фядоса цёпла" .

25. сб. Таццяна . Свята студэнтаў. Павел . "Вее вецер - будзе вайна".

31. пн. Апанас. Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз" .

Люты

1. а . Ігнат. "На святога Ігната зіма багата" .

2. с. Грамніцы, Стрэчанне. Ахвяраванне Божае. "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца..." .

5. сб. Агата . Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты" .

6. н . Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце" . Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".

11. пт. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".

14. пн. Трыфан . "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін . Свята закаханых.

15. а. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася...", "На Грамніцы палавіна зіміцы".

18. пт. Агата. Каровіна свята.

24 . ч. Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас" . "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі". Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз".

26. сб. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

Сакавік

2. с. *Папяльцовая серада.

4. пт. Казімір. "Святы Казімір дровы сякець".

6. н. * Першая нядзеля вялікага посту.

9. с. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

12. сб. Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора ".

13. н. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. пн. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны . "На Аўдокі голы бокі". (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).

15. а. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе".

17. ч. Вясновае раўнадзенства. Усход 7.17, захад 19.18. Герасім Гракоўнік . "Герасім гракоў прыгнаў".

18. пт. *Дзедава пятніца.

19. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі". Святога Юзафа.

20. н. *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" нежанатым хлопцам.

23. с. *Лысая серада. Праталіны-залысіны. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

24. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень . *Крывы, Тлусты чацвер.

19 . сб. *Зборава субота . Абрад "споведзі дзежкі". Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".

20. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага летазлічэння. Пачатак збору ў поле. "А святы Ізбор - бяжыць вада з гор" .

22. а. Саракі . Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Прыска. "На святога Прыску праб'е лёд і пліска".

25. пт. Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора". Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не ўе" . Прылёт буслоў. Гуканне вясны.

26. сб. Міждабравешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.

30. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень

Аляксей Цёплы . Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".

Красавік

1. пт. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

4. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна".

5. а. Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".

6. с. *Серадапосце. Выпякалі "храстцы". Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабравеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы".

7. ч. Дабравешчанне. "Дабравешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "Страла".

8. пт. Благуста. "На Благусту сей капусту".

9. сб. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".

10. н. Пачатак *Вербнага тыдня. *Вербніца, Пальмовая нядзеля. "Не я б'ю, вярба б'е".

11. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца".

14. ч. Прабуджэнне хатніка. Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

16. сб. *Пахвальная субота . Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".

17. н. *Вербніца. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў).

18. п . Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак . Бялілі і мылі ў хаце.

19. а. * Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць.

20. с. *Дравяная жарсць. Мыюць усё дравяное.

21. ч. *Чысты чацвер . Лазня. Абрад мыцця дзежкі. Пуд. "Пуд снег пужне". Руф. Руф рушыць снягі.

22. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца . Сеялі гарох. Арына. "На Арыну сей капусту".

23. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва. Юры. (Новы год па задыяку). "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла" . Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".

24. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!" Анціп - ахоўнік зубоў. Свята Божай Міласэрнасці.

25. п.. Працяг *Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць" . Свята сена (Тураўшчына). Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як шкварка".

Травень

1. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла" . Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".

2. п. *Радаўнічныя Дзяды.

3. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць" .

4. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула".

5. ч. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.

6. пт. Юр'е . Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня" . Абрад "Страла".

7. сб. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей". Бабскія розбрыкі . Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. н. Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як шкварка" . Станіслаў. "Сей лён на Станіслава - вырасце як лава". "Сей гуркі на Станіслава, калі сонейка ласкава"

10. а. Ярылавіца. Свята Ярылы.

13. пт. Якуб. "На Якуба грэе люба".

14. сб. Макарэй. Абрады ля вады.

15. н. *Міраносцы . "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця". Барыс . Апякун поля і жывёлы.

18. с. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

20. пт. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца".

21. сб . Іван Веснавы . Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок" .

22. н. Мікола Веснавы . Свята пастухоў. "Сей гуркі па Міколе,будзе ўсім даволі" . Алёна . "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".

23 . п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня . Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота".

24. а . Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод . Калі дзень мокры - і лета будзе мокрае.

25. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".

26. ч *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. .

27. пт. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".

28. сб. Пахом . "Святы Пахом павее цяплом". "Садзі капусту на Пахом - будзеш насіць мяхом".

29. н. Магдалена. Зязюльку прысылае.

31. а. Шэсць дзеў. "Лён сей позні" . Канапелька Матруна. "У зямлю махнула ". Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота аўсу поўна кадушка".

Чэрвень

2. ч. *Ушэсце. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".

3 . пт. *Градабойны, Ледавіты дзень. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. сб. Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".

5. н. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі пакланіцца і абракацца. *Сёмуха, Зыход Св. Духа. Свята зелені.

7. а. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр панам".

8. с. *Градавая серада.

9. ч. Езуса Хрыста, Найсвяцейшага і Вечнага Святара. Абрад "Страла".

11. с. *Сёмушныя Дзяды. Духавая субота, Зялёная субота. Перавод уніятаў у праваслаўе.

12. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...".

13. п. *Святы дух. " На Духа будзе цёпла і суха" . Ерамей. Антоні . "Антоні, аддай коні".

14. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".

16. ч. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых. *Божае цела, Дзявятнік .

20. п. Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі..." . Летняе сонцастаянне (з 17.06 да 23). Даўжыня дня - 17.07. Усход - 4.38, захад - 21.45.

21. а. Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа".

22. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. ч. *Дзявятнік . "Дзеўяць ягодзін на ветцы" . Абліваха. Нараджэнне Св. Яна Хрысціцеля, Купала. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне". "Сонца грае". У старажытн. - Новы год/лета.

24. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы. Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.

25. сб . Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".

26. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

27. п. *Пятроўка да 11 ліп. Пятроўскі пост. Пятроўка-галадоўка.

28. а. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".

29. с. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Святых апосталаў Пятра і Паўла, Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці". "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".

30. ч. *Дзясятнік. "Дзесятнік гнаі возіць" .

Ліпень

1. пт. *Дзясятка. "Косы точыць". "Жыта паспявае".

6. с. Купалле. Свята Сонца і кахання.

7. ч. Нараджэнне Івана Прадцечы. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".

10. н. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж" . Сем братоў . "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".

12. а. Святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. с. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".

14. ч. Кузьма і Дзям'ян . Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".

17. н. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".

18. п. Свята Месяца. "Месяц гуляе".

21. ч. Казанская. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк" . Данат. "Святы Данат коскі точыць".

25. п. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа".

26. а. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. "Снапы кладзе".

29. пт. Афінаген . Заціхаюць птушкі.

31 . н. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў.

Жнівень

1. п. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".

2. а. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у ваду кавал ільду".

4. ч. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".

6. сб. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб". Перамяненне Божае.

7. н. Ганны. "Святы Ганны бабкі стаўляюць".

9. а. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. ч. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына".

12. пт. Сіла. Жыта сей.

14. н. Макавей, Першы Спас . Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. п. Базыль . "Базыль авечкам воўну дае". Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі. Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".

16. а. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак".

17. с. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. пт. Прэабражэнне Гасподняе. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. а. Лаўрэн - свята млынара.

24. с. Баўтрамей . "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

27. сб. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. н. Успенне Прасвятой Багародзіцы. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. п. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".

30. а. Міроны Ветрагоны . "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".

31. с. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч . "Сухая" навальніца, дождж.

Верасень

5. п. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".

7. с. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".

8. ч. Нараджэнне Найсваяцейшай Панны Марыі. Другая Прачыстая. Багач. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".

10. сб. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. н. Калінавік, Усячэнне галавы Івана Прадцечы. Іван Крываўнік.

13. а. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. с. Сымон . Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвышэнне Святога Крыжа. Узвіжанне.

19. п. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".

21. с. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. сб. Асенняе раўнадзенства. Усход - 7.00, заход - 19.02. Тадора . "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".

26. п. Стаўроўскія Дзяды.

27. а. Узвіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі - у кучу.

29. ч. Святых Арханёлаў. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі" . Сіцыян. "Святы Сацыян да ляны пасцілаў" .

Кастрычнік

1. Пакровы. "Пакровы - зарыкалі дадому каровы ".

2. н. Зосім . Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.

3. п. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветру.

4. а. Пранцішак, Францішак . "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".

8. сб. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. н. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. пт. Пакроў прасвятой Багародзіцы. Пакровы, Трэцяя Прачыстая . Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - заганяй у хлеў каровы ". Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.

21. пт. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее". Зміцер.

25. а. Марцін - свята млынароў.

28. пт. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. сб. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. н. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. п. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі" . Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. а. Усе святыя . Памінальны дзень.

2. с. Задушны дзень. Дзяды. Памінальны дзень. "Святыя дзяды, завём вас..." .

4. пт. Казанская. Дождж ці снег.

5. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды.

8. п. Зміцер. " Да Змітра дзеўка хітра" . Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. а. Тодар . "На Тадора поўна камора".

10. с. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. ч. Настуся. "Настуся стрыжэ авечкі" . Марцін . "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".

12. пт. Артошка. Пачатак прадзення.

14. н. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. пн. Міхайлаў дзень . Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22 . а . Матрона . "З Матроны становіцца зіма".

24. ч. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".

25. пт. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. "Кацярына забрала лета".

27. н. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Першая нядзеля Адвэнту. Пачатак перадкаляднага посту. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. п. Піліпаўка - перадкалядны пост.

29. а. Мацей. "На Мацея зіма пацее".

30. с. Андрэй. Дзявочае свята.

Снежань

4. н. Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы. Водзяцца ваўкі. Барбара.

5. п. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".

6. а. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. "Хвалі зіму па Міколе".

7. с. Кацярыны.

9. пт. Юр'я Зімовы. "Юра мосціць" . Ганны . "Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні".

13. а. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14 . с. Навум . "Наставіць на вум".

17. сб. Варвары . " Мікола і Варвара ноч урвалі". "Варвара ноч урвала, а дзень надтачыла".

18. н. Сава, Міколін бацька . "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".

19. п. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць" . Зімовае сонцастаянне з 19.12 да 22.12. Усход 9.25, заход 16.49.

22. ч. Ганны. "Ганкі - сядайце на санкі".

24. сб. Посная куцця. Вігілія. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. н. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне.

26. п. Сцяпан. "Кожны сабе пан".

30. пт. Святой Сям'і.

31. сб. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка". Багатая куцця. Шчадрэц. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Паводле Алеся ЛОЗКІ.

НЕМАЎЛЯ І ТРЫ КАРАЛІ (ЧАТЫРЫ СВЕЧКІ)

Каторы вечар на дварэ

Слата й бязладнасць -

Зіма заўчасна растае,

Але панадна

Чатыры свечкі на стале -

Вянок калядны -

Гараць, і мне ўваччу ўстае

Сюжэт спагадны.


Як з далечных краёў зямлі

Скрозь навальніцы

Імкнуліся тры каралі

На чаломбіцце

Да немаўляці, а калі

Паспелі быццам,

Яму пакорна аддалі

Свае сталіцы.


І зорка іх штогод вядзе

У хлеў авечы,

Дзе светла пасміхнуўся ў сне

Сын Чалавечы.

Яснеюць душы ў тым святле -

Прад Збаўцам вечным,

Таму чатыры на стале

Зіхцяцца свечкі.

Зміцер Захарэвіч.

Верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Ф. Скарыны застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў

Беларуская культура панесла вялікую страту. На 90-тым годзе жыцця скончыў свой зямны шлях вядомы літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Іосіфавіч Мальдзіс.

"Адораны ад Бога вясковы хлапчук змог вырасці ў энцыклапедычна падрыхтаванага, шырока прызнанага ў свеце навукоўца, рознабакова раскрыць свой талент літаратара, публіцыста, асветніка, культурнага дзеяча нашай краіны, - пісаў пра шаноўнага прафесара Генадзь Кісялёў. - Творчая актыўнасць стала выяўляцца ў будучага літаратуразнаўца яшчэ са школьных гадоў, калі юнак з вёскі Расолы ў Астравецкім раёне, дзе ён нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў сям'і земляроба, пачаў дасылаць свае вершы і допісы ў мясцовыя газеты. У 1951 годзе, пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы, Адам Мальдзіс паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Пасля вучобы ў БДУ Адам Мальдзіс тры гады працаваў адказным сакратаром раённай газеты ў Радашковічах.

У 1959 годзе ён паступіў у аспірантуру пры Інстытуце імя Янкі Купалы АН Беларусі і засяродзіўся на вывучэнні беларуска-польскіх літаратурных узаемасувязяў ХIХ стагоддзя. На гэтую тэму ён паспяхова абараніў у 1963 годзе кандыдацкую дысертацыю. З інстытутам літаратуры звязана больш трыццаці гадоў напружанай працы А. Мальдзіса як літаратуразнаўца, даследчыка і папулярызатара, навуковага кіраўніка-арганізатара, а пазней стваральніка і перашага дырэктара Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, заснавальніка і ганаровага старшыні Грамадскага аб'яднання "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў".

Адам Мальдзіс прымаў чынны ўдзел як у напісанні акадэмічных гісторый беларускай літаратуры (за што ў 1980-тым годзе быў заслужана ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі), так і ў выкананні Скарынаўскай праграмы, распрацаванай напярэдадні 500-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара і асветніка. Надзвычай грунтоўнае даследаванне "На скрыжаванні славянскіх традыцый" 1980 г. атрымала міжнароднае прызнанне і заслужана прынесла аўтару высокую ступень доктара філалогіі.

А. Мальдзіс пачынаў свае пошукі як захоплены і апантаны даследчык літаратуры ХIХ стагоддзя. Яго кніга "Творчае пабрацімства" (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі была па-сапраўднаму наватарскай, адкрывальніцкай. У ёй было мноства фактаў, здабытых у айчынных і польскіх архівах. Кніжка "Падарожжа ў ХIХ стагоддзе" ( 1969) стала настольнай для ўсіх, хто цікавіцца культурнай спадчынай. У ёй былі пададзены яскравыя партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызвольнага руху.

Адам Іосіфавіч паходзіў са збеларушчаных у даўнія часы літоўцаў Астравеччыны. Адам Мальдзіс спрабаваў сябе і ў белетрыстыцы. Яго аповесць "Восень пасярод вясны" (1984) была пастаўлена як п'еса ў Барысаўскім тэатры.

Бліскучай і арыгінальнай у жанравых адносінах стала яго кніга "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" - сплаў мемуарыстыкі, эсэістыкі і літаратуразнаўства.

У кнізе "Як жылі нашы продкі ў ХVIII стагоддзі" (2001) Адам Мальдіс стварыў партрэты магнацтва, шляхты, мяшчанства і сялянства, расказваў пра грамадскае і сямейнае жыццё, матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі ХVIII стагоддзя.

Яшчэ адно шчырае захапленне Адама Мальдзіса - краязнаўства - рэалізавалася ў кнізе "Астравеччына - край дарагі…" і шматлікіх артыкулах па краязнаўстве. Блізкія па духу, па імкненні глыбей спазнаць родны край кнігі "Шляхі вялі праз Беларусь" ( 1980, сумесна з гісторыкам Валянцінам Грыцкевічам) і "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIII cтагоддзя" ( 1982), якая ў 2001 годзе была перавыдадзена ў абноўленым выглядзе.

Тытанічным навуковым подзвігам Адама Мальдзіса з'явіліся падрыхтоўка і выданне шасцітомнага біябібліяграфічнага слоўніка "Беларускія пісьменнікі", выдадзенага " Беларускай энцыклапедыяй" ў 1992-1995 гадах. Гэта была даўняя маразадума Адама Мальдзіса. Дзякуючы яго намаганням, была створана рэтраспектыўная картатэка па беларускай літаратуры (каля мільёна картак). Яна лягла ў аснову ўнікальнага энцыклапедычнага даведніка, які змяшчае неацэнную інфармацыю пра амаль 1200 пісьменнікаў Беларусі ХII-ХХ стагоддзяў.

Далёка ў свеце ведалі Адама Мальдзіса як прызнанага паўпрэда беларускай культуры. Ён удзельнічаў у рабоце шматлікіх міжнародных форумаў навукоўцаў, з'ездах славістаў, канферэнцыях, сімпозіюмах, "круглых сталах". Яго змястоўныя даклады і выступленні гучалі ў Вільні і Варшаве, Лондане і Сафіі, Рыме і Венецыі, Берліне і Парыжы, Празе і Браціславе, Нью-Ёрку і Токіа. Агульнапрызнана і прамоўніцкае майстэрства Адама Мальдзіса, выдатнага лектара-прапагандыста беларускай літаратуры, нацыянальнай культурнай спадчыны.

Яго шматгранная дзейнасць і творчасць мела энцыклапедычны характар. Шмат каму ён дапамагаў: кансультаваў, рэцэнзаваў, рэдагаваў, выступаў апанентам на абароне дысертацый і г.д. Без дапамогі Адама Мальдзіса не абышлося стварэнне Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку.

Яго ініцыятывы і намаганні дапамаглі стварыць унікальную бібліятэку Скарынаўскага цэнтра (самавітыя тамы "Альбарутэнікі", "Вяртання"), штомесячны бюлетэнь "Кантакты і дыялогі". У апошняе дзесяцігоддзе Адам Іосіфавіч працаваў у рэдакцыі газеты "Голас Радзімы", даследаваў жыццёвыя шляхі нашых суайчыннікаў у замежжы. У сталым веку шмат працаваў ён і дома.

Чынны ўдзел браў слынны літаратуразнавец у падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе.

Пісьменніца Людміла Рублеўская назвала Адама Мальдзіса Чалавекам Адраджэння.

"Кнігі доктара філалогіі даўно выйшлі за межы літаратуразнаўчых пошукаў , - напісаў у прадмове да кнігі "Ад Скарыны і Фёдарава - у ХХI стагоддзе" Алесь Карлюкевіч. - Жаданне вучонага разгледзець мінуўшчыну праз літаратурныя помнікі, праз артэфакты прыгожага пісьменства, што ў розны час ствараліся на тэрыторыі Беларусі, прывяло да будаўніцтва сістэмнага ведання пра ўплывы на далейшае літаратурнае і культурнае развіццё народа і нацыі, краіны".

Ва ўдзячнай памяці нашчадкаў застанецца навечна верны рыцар навукі і пісьменства, паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Ф. Скарыны, сапраўдны энцыклапедыст Адам Іосіфавіч Мальдзіс.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Вялікі беларус Адам Мальдзіс

Страта

Не стала вялікага беларуса Адама Мальдзіса. Пісьменніка, літаратуразнаўца, гісторыка, краязнаўца, перакладчыка, доктара філалагічных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа.

Не стала нашага архівіста, настаўніка, энтузіяста. Для беларускай культуры і літаратуры ён адзін зрабіў безліч адкрыццяў і даследаванняў, напісаў тысячы артыкулаў пра дзеячаў беларускай літаратуры, мастацтва і культуры XIX-XX стагоддзяў.

Дзякуючы Адаму Восіпавічу, мы шмат цікавага і новага даведаліся пра жыццё і творчасць Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Сыракомлі, Станіслава Манюшкі, Аляксандра Ельскага, Ігната Дамейкі, Адама Плуга, Агінскіх і многіх-многіх іншых асобаў нашай Бацькаўшчыны. У 1969 годзе з друку выходзіць яго ўнікальная кніга нарысаў "Падарожжа ў XIX стагоддзе", якая адразу стала рарытэтным выданнем.

Потым былі новыя даследаванні і новыя кнігі: "Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя", "На скрыжаванні славянскіх традыцый", "З літаратуразнаўчых вандраванняў", "Астравеччына, край дарагі", "Восень пасярод вясны", "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" і многія іншыя.

Дзякуючы Адаму Мальдзісу, свет пабачылі кнігі асобных твораў Адама Міцкевіча і Язэпа Дылы, былі выдадзены "Біблія" Францішка Скарыны і "Статут Вялікага Княства Літоўскага". Ён пабываў у Ватыкане, сустракаўся з Папам Рымскім і гутарыў з ім. І самае галоўнае - дзякуючы намаганням Адама Мальдзіса, быў створаны ў Менску Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францішка Скарыны, пра які прафесар шмат гадоў марыў.

Кіраўніцтва цэнтрам дало Адаму Мальдзісу магчымасць разгарнуць дзейнасць па вывучэнні беларускай літаратуры ў цеснай лучнасці з сумежнымі навукамі і навуковымі галінамі: этнаграфіяй, фалькларыстыкай, мовазнаўствам, тэксталогіяй, краязнаўствам. Доктар філалагічных навук заснаваў часопіс "Кантакты і дыялогі", у якім пачалі друкавацца матэрыялы даследаванняў Цэнтра, тэзісы дакладаў на тых міжнародных навуковых канферэнцыях, якія праводзіліся па ініцыятыве Цэнтра.

У рамках Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францішка Скарыны вялася дзейнасць па наладжванні сувязей з беларусамі за мяжой. Адам Мальдзіс узняў пытанне і пра вяртанне Беларусі вывезеных за яе межы культурных каштоўнасцей. Узначальваючы гэтую справу, Адам Восіпавіч стаў прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшынём мемарыяльнай камісіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, старшынём камісіі "Вяртанне" Беларускага фонду культуры і г.д.

У Адама Мальдзіса вучыліся літаратуразнаўству маладыя даследчыкі нашай літаратуры. Адам Восіпавіч і сам шчыра ўсім дапамагаў, раіў, падказваў. Ён даваў адказы ўсім тым, хто да яго звяртаўся з пытаннем ці просьбай па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. У маім хатнім архіве захоўваецца шмат яго лістоў і паштовак. А ў 2012 годзе да маёй кнігі "Слонімскія падмуркі" Адам Восіпавіч напісаў добрую, шчырую прадмову, якую так і назваў "Слонімшчыне пашанцавала".

На вялікі жаль, пры жыцці яго праца не была належным чынам ацэнена, заўважана вялікімі чыноўнікамі, ды і ў поўнай меры не скарыстана. Хаця Адам Восіпавіч узнагароджваўся медалём і ордэнам Францыска Скарыны, медалём "100 гадоў БНР", польскімі ганаровымі адзнакамі, меў званне заслужанага дзеяча польскай культуры.

Смерць Адама Восіпавіча - вялікая страта для ўсёй беларускай творчай інтэлігенцыі, для нашай культуры і гісторыі. Вялікі беларус застанецца ў памяці ўсіх нас, хто яго ведаў, сябраваў і чытаў яго даследаванні.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Выйшла з друку студэнцкая "Альтанка"

У Менску свет пабачыў другі выпуск паэтычнага альманаха "Альтанка". Альманах знаёміць чытачоў з паэтычнай творчасцю студэнтаў філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, якіх аб'ядноўвае літаратурны гурток "Альтанка". Вершы маладых аўтараў прасякнуты рамантычнасцю і лірызмам, пачуццямі любові да беларускага краю, роднай мовы, хараства свету, перадаюць непасрэдныя ўражанні і назіранні, увасабляюць жыццёва важныя сэнсы і ідэалы. Сярод аўтараў - маладыя паэты Алеся Адамовіч, Мікіта Варанцоў, Дар'я Вячэрка, Ксенія Вярынская, Аліна Данілава, Настасся Макоўчык, Яўгенія Пракапчук, Марыя Пятрэнка, Вікторыя Чарнуха, Марыя Шкляр і іншыя. Прадмову да выдання напісаў доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі. Выхад "Альтанкі" прымеркаваны да 100-годдзя БДУ і 90-годдзя з дня нараджэння былога дэкана філалагічнага факультэта БДУ, прафесара Алега Лойкі. Дарэчы, першы выпуск "Альтанкі" быў надрукаваны ў 2011 годзе.

Барыс Баль.

Фоталетапіс жыцця народнага паэта

Альбом, які выдадзены ў межах працы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, складаецца са здымкаў, якія знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурнага музея Петруся Броўкі, а таксама прыватных архіваў Уладзіміра Крука, Юрыя Іванова, Анатоля Каляды, Генадзя Жынкова, Ніла Гілевіча. Глядзіш на вывявы і адкрываеш свет, які выпеставаў класіка нацыянальнай паэзіі - бацькі Танка Іван Хведаравіч і Домна Іванаўна Скурко, хата, у якой нарадзіўся паэт (здымак 1945 года), сям'я Скурко на здымку 1916 года, Жэня Скурко з сястрой Верачкай, Максім Танк з Рыгорам Шырмам і яго пляменнікам у Вільні ў 1937 годзе, здымкі часін Вялікай Айчыннай вайны…

zviazda.by.

Калядная выстава створаных дзецьмі абразоў адкрылася ў Свята-Пакроўскім саборы ў Гародні

У Гародні адкрылася калядная выстава намаляваных дзецьмі абразоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстава працуе ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, дзе прадстаўлена больш за 50 абразоў. Усе яны створаны выхаванцамі дзіцячай іканапіснай студыі. Цяпер у студыі займаюцца 28 дзяцей, самаму малодшаму з іх 8 гадоў.

- Дзецям падабаецца гэтым займацца, хоць работа і вельмі карпатлівая. На напісанне аднаго абраза ідзе нямала часу, можа быць і месяц, і год. Важна захоўваць усе неабходныя патрабаванні, паколькі кожная дэталь на абразе нешта сімвалізуе. Калі дзеці малююць абразы, то ведаюць, што і для чаго выкарыстоўваецца, гэта значыць на занятках яны атрымліваюць і шмат інфармацыі, пра якую наўрад ці дзе-небудзь змаглі б даведацца, - расказала выкладчык студыі Дар'я Пестунова.

Ствараюць абразы на розных матэрыялах - ад дрэва і тканіны да каменю. Важна строга выконваць пэўныя правілы, вытрымліваць паслядоўнасць этапаў.

- Гэта карпатлівая работа, якая патрабуе ўвагі, стараннасці, спакою ў душы, увагі да дэталей, а таксама глыбокіх ведаў. Але мне гэта падабаецца. Займаюся іканапісам ужо больш за 7 гадоў. Напісала каля 35 абразоў, - расказала адна з выхаванак студыі Маргарыта Пятрова. Частка яе абразоў захоўваецца дома, частка ў якасці падарункаў перададзена сваякам і сябрам. Цяпер дзяўчына ў асноўным піша імянныя абразы з выявай апекуна або заступніка таго ці іншага чалавека.

Больш за тры гады займаецца ў студыі 11-гадовая Марыя Аляшук.

- Гэта вельмі цікавы занятак, хоць і няпросты. Трэба шмат ведаць, трэба ўмець працаваць з фарбамі, быць вельмі ўважлівай, - падзялілася яна.

Дар'я Пестунова адзначыла, што заняткі ў студыі садзейнічаюць творчаму развіццю дзяцей, развіваюць маторыку і ўважлівасць. Для многіх шлях у мастацкую школу пачынаўся менавіта праз іканапісную студыю.

Усе работы можна ўбачыць у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы да 14 студзеня.

Кар. БЕЛТА.

Германія спыніла пастаўкі ўзбраенняў Казахстану, пішуць СМІ, dpa : Германія спыніла пастаўкі ўзбраенняў Казахстану з-за канфлікту ў краіне

Навіны Германіі

БЕРЛІН, 8 студзеня - РІА Навіны. Федэральны ўрад Германіі з-за канфлікту ў Казахстане спыняе пастаўкі ўзбраенняў у былую савецкую рэспубліку. Па інфармацыі нямецкага агенцтва dpa, прыняты неабходныя меры для прадухілення экспарту такіх тавараў у Казахстан.

Летась было выдадзена 25 ліцэнзій на экспарт узбраенняў у Казахстан на агульную суму каля 2,2 мільёна еўра. Гэта параўнальна невялікія лічбы, тым не менш, улічваючы бягучую сітуацыю, "замарожванне экспарту мэтазгодна", прыводзіць dpa словы крыніцы ў кабміне ФРГ.

Раней кіраўнік Мінюста ФРГ Марка Бушман асудзіў улады Казахстана за загад адкрываць агонь пры задушэнні беспарадкаў. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у сувязі з сітуацыяй у краіне аддаў праваахоўным органам і войскі загад адкрываць агонь на паражэнне без папярэджання. Заяву Такаева трансляваў тэлеканал "Хабар 24".

Масавыя пратэсты ў Казахстане пачаліся ў першыя дні 2022 года - жыхары гарадоў Жанапзен і Актаў на захадзе краіны выступілі супраць двухразовага росту цэнаў на звадкаваны газ. Пазней пратэсты распаўсюдзіліся на іншыя гарады, у тым ліку на Алмааты, старую сталіцу і найбуйнейшы горад рэспублікі: там пачалося марадзёрства, баявікі нападалі на дзяржустановы, забіралі зброю. У адказ улады ўвялі надзвычайнае становішча па ўсёй краіне да 19 студзеня і пачалі контртэрарыстычную аперацыю. Па дадзеных ААН, падчас пратэстаў у Казахстане атрымалі раненні каля 1 тысячы чалавек. Па дадзеных МУС рэспублікі, загінулі 18 сілавікоў.

Раніцай 5 студзеня прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў адправіў у адстаўку ўрад і ўзначаліў Савет бяспекі. На першым паседжанні Савета бяспекі пад сваім кіраўніцтвам Такаеў ахарактарызаваў сітуацыю ў Казахстане як падрыў цэласнасці дзяржавы і паведаміў, што звярнуўся па дапамогу ў АДКБ "у пераадоленні тэрарыстычнай пагрозы". Рада калектыўнай бяспекі АДКБ прыняла рашэнне накіраваць у Казахстан калектыўныя міратворчыя сілы для нармалізацыі становішча ў краіне. Сёмага студзеня Такаеў заявіў, што тэрарысты, у тым ліку прыбылыя з-за мяжы, працягваюць супраціў, і паабяцаў знішчыць тых, хто не складзе зброю. Акрамя таго, прэзідэнт адзначыў, што ўсе патрабаванні грамадзян, якія выказваліся ў мірных формах, былі пачуты.

Немцы-перасяленцы, якія жывуць у Германіі - пра сітуацыю ў Казахстане

Этнічныя немцы з Казахстана, якія сёння пражываюць у Германіі, занепакоены сітуацыяй на радзіме. Асабліва трывожна тым, у каго засталіся там сваякі і сябры, але з імі няма сувязі ні па тэлефоне, ні праз інтэрнэт. Ніхто з перасяленцаў, з якімі ўдалося звязацца, не жадаў, каб у публікацыі былі названы іх імёны і прозвішчы: настолькі моцны страх за тых, хто застаўся на радзіме. Перасяленцы з Казахстана не жадаюць нашкодзіць блізкім сваімі выказваннямі.

Ружа М. не магла схаваць хваляванні і нават слёзы, распавядаючы, што не можа датэлефанавацца сваякам у Алмааты, не можа звязацца па інтэрнэце са сваёй школьнай сяброўкай, з якой яны маюць зносіны ўвесь час.

"Калі я ўбачыла, што людзей абезгаловілі і што ў іх стралялі, мяне ўсю ноч трасло, я не магла знайсці супакою. У нямецкіх СМІ ў самым пачатку падзей было вельмі мала інфармацыі, затое расійскія тэлеканалы, якія многія рускамоўныя жыхары Германіі глядзяць, поўныя страшылак, ад якіх галава ідзе кругам. Мяне не дзівіць тое, што ўрад Казахстана адключыў інтэрнэт і тэлефонную сувязь, значыць яму ёсць што хаваць ад навакольнага свету. На відэароліках, якія нам удаецца знаходзіць у інтэрнэце, бачныя і чутныя пагрозы ў адрас тых, хто іх здымае. Людзі баяцца, што іх заб'юць за тое, што яны сваімі відэаматэрыяламі жадаюць данесці праўду пра сітуацыю ў Казахстане", - мяркуе Ружа М.

Кацярына Ф. з Дзюсельдорфа: "Я не разумею, чаму людзей, якія выйшлі на мірныя пратэсты, раптам пачалі зваць баевікамі, бандытамі і тэрарыстамі. Людзі згалелі, народ стаміўся ад кланаў Назарбаева. Ён сам сышоў з палітыкі, а яго сваякі і набліжаныя працягваюць рабаваць уласны народ".

"Цэны растуць, усё даражэе, а добра жывецца толькі тым, хто ва ўладзе ці працуе на яе. Не ў адмыслова навучаных баявіках справа, як сцвярджае прэзідэнт Такаеў у рэпартажах па расійскім тэлебачанні. Гэта канфлікт паміж карумпаванай уладай і згалелым народам", - лічыць Кацярына Ф. з Дзюсельдорфа.

Андрэй П . з Білефэльда распавядае: "Нам удалося сцісла перамовіцца па тэлефоне са сваяком па лініі жонкі, ён кажа, што ў Паўладары па вуліцах едуць танкі. Народ стаіць на галоўным пляцы і патрабуе, каб да яго выйшаў акім, але ніхто з акімата так і не з'явіўся і ніхто не жадае размаўляць з людзьмі. На мірных людзей наводзяць рулі аўтаматаў. Нам удалося літаральна пару хвілін пагаварыць са сваяком - і сувязь тут жа абарвалася. Зараз мы нервуемся: ці не арыштаваны наш сваяк за тое, што спрабаваў перадаць праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў яго горадзе? Я асабіста бачыў фатаграфіі ў інтэрнэце, як людзі, а сярод іх шмат жанчын, стаяць з плакатамі, на якіх па-казахску напісана, што яны - мірныя жыхары і пратэстуюць супраць падвышэння цэнаў і згалення народа".

"Так, існуюць дамовы паміж Казахстанам і іншымі былымі савецкімі рэспублікамі пра падтрымку адзін аднаго і абароне, але, наколькі я разумею, гаворка пры гэтым ідзе пра вонкавыя ворагаў, а не пра права ўмешвацца ва ўнутраныя праблемы краіны. У выніку атрымліваецца, што адзін аўтарытарны рэжым падтрымлівае іншы, што ж цяпер народам былога СССР не наканавана жыць ва ўмовах дэмакратыі і сумленнай эканамічнай канкурэнцыі, пакуль ва ўладзе дзесяцігоддзямі знаходзяцца адны і тыя ж лідары?" - дзеліцца сумневамі Андрэй П. з Білефэльда.

Таццяна С. з Баварыі лічыць, што сітуацыя ў Казахстане падобная да той, што была ва Украіне. "Мы, акрамя таго, што паказваюць па расійскім тэлебачанні, нічога не ведаем. Няма ні інтэрнэту, ні тэлефоннай сувязі з Казахстанам - ні мабільнай, ні стацыянарнай. Нашы паведамленні па WhаtsАpp застаюцца непрачытанымі, пад паведамленнямі стаяць толькі галачкі, што яны дасланы, але не прачытаны, а значыць - не дашлі. Цяпер да нас даходзіць інфармацыя пра тое, што ў Казахстан прыбылі расійскія і беларускія вайскоўцы. Мы не ведаем, як да гэтага паставіцца, бо нямецкія СМІ не любяць Пуціна і лічаць, што ён падтрымлівае ў Казахстане цяперашнюю ўладу, а не народ. Вось і цяпер у Казахстане ўладу спрабуюць захапіць правакатары, а пакутуе ад гэтага народ", - упэўнена Таццяна С.

Уладзімір В. з Берліна: "Па расійскіх тэлеканалах паказваюць і распавядаюць, што пад шумок пратэстаў бандыты з кланаў паўднёвага Казахстана пранікаюць у шэрагі дэманстрантаў і падбухторваюць да гвалтоўных дзеянняў. Мне запомніліся кадры захопу алмаацінскага аэрапорта. Людзі ўзброены бітамі і ідуць наперадзе, але як толькі з'яўляецца паліцыя, хаваюцца ў натоўпе за спінамі бяззбройных мірных людзей. Па ўсім відаць, што гэта - добра арганізаваныя атрады баевікоў, якія выкарыстоўваюць мірныя дэманстрацыі ў сваіх мэтах. А іх мэта - зрынуць кланы былога прэзідэнта Назарбаева, якія надоўга абкапаліся ва ўладзе".

"Нашы знаёмыя і мая сям'я ўпэўнены, што людзі стаміліся ад назарбаеўшчыны. У людзей няма грошай, усё падаражэла. Супернікі Назарбаева жадаюць разваліць дзяржаву. Сама дзяржава - моцная і дужая, але яна абараняе інтарэсы ўлады заможных. Украіну развалілі, Малдову развалілі знутры, спрабавалі гэта зрабіць у Арменіі і ў Азербайджане, зараз на чэрзе апынуўся Казахстан. Мы ўсе знаходзімся, што завецца, з боку, а што насамрэч адбываецца ў Казахстане, нам невядома. Пра гэта могуць казаць толькі відавочнікі падзей, з якімі ў нас няма ніякай сувязі", - лічыць Уладзімір В. з Берліна.

Аляксандр Д. з Кёльна кажа, што "падвышэнне цэнаў на звадкаваны газ - зручная нагода для масавых хваляванняў". "Насамрэч людзі выходзяць на вуліцы, каб выказаць незадаволенасць уладай, якую яны гадамі ў сабе выношвалі. Людзям распавядаюць, што ў Казахстана вялікія багацці, нафта і газ, але народ нічога ад гэтых багаццяў не мае. Хто займаецца здабычай газу ў Казахстане? Увесь рынак звадкаванага газу знаходзіцца ў руках кампаніі, якая належыць зяцю Назарбаева, Цімуру Кулібаеву. Гэтая кампанія адпраўляе казахстанскі газ у Расію на перапрацоўку, таму што Пуцін і Назарбаеў пра гэта дамовіліся. Затым перапрацаваны газ вяртаецца ў Казахстан па высокіх цэнах", - тлумачыць Аляксандр.

"У мяне - устойлівае адчуванне, што зараз улады Казахстана, спалохаўшыся пратэстаў, для дыскрэдытацыі мірных дэманстрантаў выкарыстоўвалі правакатараў, якіх укаранялі ў іх шэрагі. Дзесьці я нават чытаў, што былі выпушчаны зняволеныя з турмаў - каб справакаваць пагромы і марадзёрства. А ў казахстанскай улады такім чынам з'явілася нагода звярнуцца да Пуціна для ўводу ў краіну расійскіх войскаў", - мяркуе Аляксандр Д.

Пры гэтым ён нагадвае, што "ні Расія, ні Беларусь не могуць служыць прыкладам урэгулявання падобных сітуацый мірным шляхам". У Казахстане, па меркаванні суразмоўцы, будзе яшчэ шмат ахвяр сярод мірнага насельніцтва, а пратэстуючых людзей прылічаць да баевікоў і тэрарыстаў: "Сцэнар у рэспубліках былога СССР - заўсёды адзін і той жа: ворага знайсці вельмі проста, як і задушыць яго рукамі сілавікоў, якія выступаюць у абарону існай улады". "Атрымліваецца замкнёны круг: народ пакутуе, але нічога змяніць да лепшага не можа", - рэзюмуе Аляксандр Д. з Кёльна.

Паводле СМІ.

"Эх, каб радкі мае ляталі, як тыя ластаўкі ўгары!"

Нашы юбіляры

Адзначыць юбілей самага старэйшага пісьменніка горада Ліды Уладзіміра Васько сабраліся вучні 8 класа СШ № 1. Уладзіміру Гаўрылавічу Васько 2 студзеня споўнілася 85 гадоў. Імпрэза пад назвай "Эх, каб радкі мае ляталі, як тыя ластаўкі ўгары!" прайшла ў цёплай абстаноўцы, па-хатняму. Бо мерапрыемства было арганізавана таксама ў Доме, дзе жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай. Такія сустрэчы, дарэчы, адбываліся часта і пры жыцці В. Таўлая ў гэтым жа, на той час драўляным, доме (хаце). Сёлетні юбіляр расказаў вучням пра сутнасць паняцця "паэзія", пра пачуцці, якія павінны быць закладзены ў душы чалавека, пра майстэрства ў напісанні вершаў. З задавальненнем зачытаў свае вершы, якія ім былі нядаўна напісаны.

Уладзімір Васько нарадзіўся 2 студзеня 1937 года ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Працаваў у рэдакцыях шчучынскай (1959-1960), дзятлаўскай (1967-1972) і лідскай (1972-2000) раённых газет. Уладзімір Гаўрылавіч - асоба даволі вядомая на літаратурнай Лідчыне (ды і не толькі Лідчыне). Амаль трыццаць гадоў ён аддаў працы ў "Лідскай газеце" (раней "Уперад"), у тыя ж гады быў кіраўніком літаратурнага аб'яднання пры ёй (дарэчы, ён жа даў літаб'яднанню назву - "Суквецце"). Як пісьменнік друкуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Пераможца конкурсу рэдакцыі газеты "Звязда" і Саюза пісьменнікаў Беларусі на найлепшае апавяданне. Выдаў кнігі паэзіі "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругазварот жыцця" (2011), кнігі прозы "Лясная рапсодыя" (2013), "Зігзагі лёсу" (2017, аўтабіяграфічная кніга), кнігі паэзіі і прозы "Энергія душы" (2018), "На перавалах часу" (2021).

Трэба зазначыць, што, нягледзячы на сталы ўзрост, У. Васько - паэт з маладой душой. Яго творы добра ўспрымаюцца юнымі слухачамі. І гэта было заўважана на імпрэзе. Ад супрацоўнікаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея юбіляру была падаравана кніга Уладзіміра Ліхадзедава "Ліда. Падарожжа ў часе".

Але ж на сустрэчу быў запрошаны і сённяшні кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце", што пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Аляксандр Мацулевіч. Шаноўны паэт, вядучы карэспандэнт раённай газеты звярнуўся да аўдыторыі з просьбай, калі хто піша вершы, то каб звярталіся да яго, з задавальненнем падтрымае, выслухае і змесціць на літаратурнай старонцы творы. Гэта шанец для маладых асоб, хто спрабуе сябе ў паэзіі і такім чынам можа патрапіць у друк. А. Мацулевіч таксама зачытаў свае вершы, напісаныя паводле гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Лідчыны.

У сваю чаргу куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун падзяліўся гісторыяй дома, у якім жыў В. Таўлай, расказаў пра свой асноўны накірунак у працы - пра навукова-даследчую дзейнасць, якую праводзіць у Доме-музеі паэта Валянціна Таўлая. Зачытаў свае вершы і гумарынкі.

Для знаёмства з творчасцю Уладзіміра Васько і Аляксандра Мацулевіча былі прадстаўлены зборнікі і іншыя архіўныя матэрыялы.

Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

На перавалах

Уладзімір ВАСЬКО

На перавалах часу і прасторы

Задумацца над пройдзеным хачу,

Бы стужку фільма,

шлях свой раскручу,

Які распачынаў малым з каморы.


На ім хапала радасці і бед.

Насіў і абіванікі, і чуні.

Каровы голас мой спрасоння чулі,

Іх гнаць у поле давяраў мне дзед.


Заядлы быў да ўражанняў заўжды,

Як малако, я піў іх на прасторы.

А зараз мы дзяцей у кватэрах морым

Без рос і без крынічнае вады.


Матуля-школа, ты маё святло,

Што далятае з тых пяцідзясятых.

У вобліках, над партамі прыўзнятых,

Маё юнацтва весела цвіло.


Настаўнікаў забыць не ў сілах я.

Яны стаяць і зараз перад мною.

Іх словы ранняй, сонечнай вясною

Жывуць ва мне і цепляцца штодня.


Салдатам стаў у дзевятнаццаць год,

Вучыўся поўзаць, бегаць і не гнуцца.

Дзе наша рота, дзе наш першы ўзвод?

Эх, хоць бы раз туды

ў свой строй вярнуцца.


Была вучоба, быў педінстытут

І ў сценах школы дух былой сістэмы,

Дзе мне ўдавалася за сорак пяць мінут

Апытваць вучняў і тлумачыць тэмы.


Пасля паклікаў журналісцкі шлях -

І я адчуў, што ў ім мая стыхія.

Любіў бываць на фермах і ў палях,

Пісаў і пра часы вайны ліхія.


А зараз завіхаюся на дачы,

Кашу, капаю, сею і пішу.

Мне салавей ва ўсім жадае ўдачы.

Я тут жыву, пацею, не тужу.

Мой шлях

Не, не знікне майго роду дрэва,

Бо нікога не кіну ў бядзе.

Я не з Ліпнішак, я не з Крэва,

Я адтуль, дзе гняздо на гняздзе.

Шлях праклаў з Ліпічанскае пушчы

Да лідзян і да лідскіх муроў.

З паэтычнай падсоленай гушчы

Браў энергію ў палкую кроў.


Абміналі мяне чарадзеі.

Лёс кідаў ад мяжы да мяжы,

Ды ніколі не траціў надзеі,

Што пачну больш упэўнена жыць.


Палюбіўся мне лідскі затулак

З феерверкам квітнеючых ліп.

Тут мой дом, мой трывалы падмурак,

Мой Парнас, мой славуты Алімп.

Дуброўня

Стаілася над возерам Дуброўня.

Калісьці тут Вайдыла з Маняй жыў -

Дачкой Альгерда,

стройнай і чароўнай,

І піраваў, і правіў - не тужыў.


А зараз я ў Дуброўню прыязджаю,

Лаўлю бліз дамбы спрытных акунёў,

Якія на нажыўку нападаюць

З-пад маладых альховых каранёў.


Гляджу, як хаты, яблыні і грушы

Прыгожа адлюстроўвае вада.

Ніякая спякота не засушыць

Ні душ людскіх, ні дрэваў, ні атаў.


А як музычна плюскаюцца хвалі

І дражняцца з прыгнутаю лазой!

У вёсцы шчасце кавалі кавалі,

Ну, і мячы ўсім ворагам на зло.


Праедуся па вуліцы памалу,

Пастаўлю каля плоту дрындулет

І папрашу ў дзяўчыны яркіх мальваў.

Яна ўсміхнецца: "Ты, відаць, паэт?"


Гісторыяй багата вёска гэта.

Тут пабываў славуты князь Міндоўг.

Выхоўвай трактарыстаў і паэтаў,

Жыві, Дуброўня, тысячы гадоў.

На змярканні

Асенні сутунак, задумліва-ціхі.

А птушкам утульна

пад цёплай страхой.

Стары верабей з маладой вераб'іхай

Схаваліся дзесьці на крокве старой.

Шпакі адляцелі, шпакоўні пустуюць.

Апошняй лістотаю плача вярба.

Каровы разжоўваюць сечку тугую,

Слюнявячы корм на шурпатых зубах.


Сутунак… Я помню, як некалі ў хаце

Сядзелі на лавах старыя дзядзькі.

Былі ў іх шапкі - лата на лаце,

А на нагах ва ўсіх - хадакі.


Расказвалі былі, часцей - небыліцы

Альбо ўспаміналі бабуль і дзядоў,

Ці коньмі, бывала, любілі хваліцца,

Ці гаманілі пра нораў катоў.


Такая карцінка запала ў памяць.

Тады мне было мо чатыры гадкі,

Ды я ўжо ведаў кульбачку і лямяць,

Вучыўся ў мамы размотваць маткі.

Так проста

Так ярка росы зіхацяць,

так шпарка дзядзька з вудай крочыць,

так смела новы дзень прарочыць,

што шчасце будзем з неба браць.


Так здатна яблыні цвітуць,

так спрытна мёд збіраюць пчолы,

так шчыра моляцца анёлы,

каб нас ніхто не здолеў здзьмуць.


Так ціха рыбакі стаяць

на сонным беразе Лідзейкі,

так хораша смяюцца дзеўкі,

што бляск вачэй іх не суняць.


Так проста ўвесь сусвет абняць,

так мірна круцяцца планеты,

так звыкла сноўдаюць паэты,

каб дзе хоць што надрукаваць.


Так гучна коціцца цягнік

па мосце - вунь! - на Маладзечна.

Няхай так будзе ў свеце вечна,

каб подых радасці не знік.


Так хораша ступаеш ты

у скверыку па тратуары

і рассяваеш шчодра чары

на хлопцаў бравых, маладых.


Не проста мне цябе абняць:

баюся моцнай аплявухі.

Хто я? Паэцік аблавухі.

Табе ж раўні не падабраць.

Чым запомніўся лідскім школьнікам год народнага адзінства

Завяршыўся 2021 год, а разам з ім і Год народнага адзінства ў Беларусі. Гэты год стаў для кожнага жыхара нашай краіны сімвалам павагі да нашых продкаў, сімвалам гонару за нашу багатую на падзеі і асобы гісторыю, сімвалам сяброўства шматнацыянальнай дзяржавы.

Навучэнцы 11 лідскай школы на працягу ўсяго каляндарнага года прымалі актыўны ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года народнага адзінства. Вучні сустракаліся з цікавымі людзьмі, здзяйснялі незабыўныя экскурсіі па Беларусі, знаёміліся з аб'ектамі гістарычна-культурнай спадчыны, спазнавалі народныя промыслы і рамёствы.

Падводзячы вынікі Года народнага адзінства, дзелячыся ўспамінамі пра самыя запамінальныя падзеі адыходзячага года, вучні 9Б класа вызначылі "Топ-5" самых яркіх мерапрыемстваў.

Першае месца было аддадзена "Алеі адзінства", якая была закладзена ў двары ўстановы адукацыі. Навучэнцы старэйшых класаў і педагогі дружна 17 верасня ў Дзень народнага адзінства ў двары школы высадзілі саджанцы туй.

На другім месцы - прэзентацыя кнігі У. Ліхадзедава "17 верасня. Дзень народнага адзінства". Кніга ўразіла ўсіх сваім каларытам, падборкай фотаздымкаў тых гадоў, калі фарміравалася беларуская дзяржаўнасць.

На трэцім месцы - знаёмства з перыядычнымі факсімільнымі выданнямі Беларусі 20-30 гадоў ХХ стагоддзя, а таксама з гісторыяй раённага выдання "Лідская газета", якая за сваю 80-гадовую гісторыю змяніла некалькі назваў "Сцяг працы", "Уперад". Пагартаць старонкі газет, прачытаць, аб чым друкавалі шмат гадоў таму - гэта стала ўнікальнай магчымасцю для сучасных дзяцей. Сёння не ў кожным доме можна знайсці такія рарытэтныя экспанаты.

На чацвёртай пазіцыі размясцілася акцыя "За любімую Беларусь". Кожны ўдзельнік акцыі, якую правялі дзевяцікласнікі, атрымаў у падарунак жаданыя сімвалы Рэспублікі Беларусь.

Замыкае "Топ-5" удзел школьнікаў у рэспубліканскім спартыўна-культурным фестывалі "Вытокі. Крок да Алімпу", які праходзіў вясной, і ўсе ахвочыя прынялі ў ім актыўны ўдзел.

Вучні і педагогі 11 лідскай школы ўпэўнены ў адным: нягледзячы на тое, што Год народнага адзінства падводзіць вынікі, адзінства народа застанецца той асновай, на якой па-ранейшаму будзе грунтавацца суверэннасць нашай дзяржавы.

Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 9Б класса сярэдняй школы № 11 Ліды

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX